Наша слова.pdf № 20 (176), 14 траўня 2025.
80-годдзе Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне
Беларусь велічна адзначыла 80-годдзе Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне
Да 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне ў Беларусі прайшоў цэлы шэраг важных, знакавых і грандыёзных мерапрыемстваў.
Адно з іх адкрыццё Менскага міжнароднага выставачнага цэнтра.
У сувязі з тым, што Прэзідэнт Беларусі днём 9-га траўня прымаў удзел ва ўрачыстасцях у Маскве, парад у Менску праходзіў вечарам. І гэта была вельмі прыгожая і велічная дзея. Па зразумелых прычынах паветраная частка параду была намнога больш прадстаўнічай, чым у Маскве. У астатнім Менск ніколькі не ўступіў Маскве, а плац-парад быў, як заўсёды, унікальным.
Парад - вельмі нялёгкая справа. Для ўсіх. Ад салдата, які ідзе ў шарэнзе, да міністра абароны, які за ўсё адказвае. Тут відзён кожны промах, і калі іх не было ніводнага, то гэта вынік беларускай працавітасці і высокага ўзроўню падрыхтоўкі.
Паводле СМІ. Фота БелТА.
У нас ёсць Папа
Новым Папам абвясцілі амерыкана-перуанскага кардынала Роберта Прэва.
Роберту Фрэнсісу Прэва 69 гадоў, і ён прыняў імя Леў XIV. Большую частку жыцця ён правёў у Перу і мае рэпутацыю рэфарміста, як і нябожчык Папа Францішак.
Роберт Фрэнсіс Прэва нарадзіўся 14 верасня 1955 года ў Чыкага (ЗША). Ён уступіў у ордэн святога Аўгустына ў 1977 годзе і прыняў святарскае пасвячэнне ў 1982-м. Атрымаў ступені магістра багаслоўя і доктара кананічнага права ў Рыме. З 1985 года служыў у Перу, дзе займаў розныя пасады: выкладчык, суддзя, кіраўнік семінарыі. У 1998 годзе стаў правінцыялам аўгустынцаў у Чыкага, а ў 2001-м - генеральным настаяцелем усяго ордэна Святога Аўгустына, займаў гэтую пасаду да 2013 года.
У 2014 годзе Папа Францішак прызначыў яго біскупам Чыклая (Перу), дзе ён служыў да 2023 года. Таксама часова ўзначальваў дыяцэзію Кальяа.
30 студзеня 2023 года стаў прэфектам Дыкастэрыі па справах біскупаў і атрымаў тытул арцыбіскупа. 30 верасня 2023 года быў прызначаны кардыналам-дыяканам, а 6 лютага 2025 года - кардыналам-біскупам з тытулам субурбіканскай дыяцэзіі Альбана.
9 траўня ў Лідзе
У Лідзе, як і ва ўсіх раённых цэнтрах краіны, На самым высокім узроўні прайшоў шэраг мерапрыемстваў з нагоды 80-х угодкаў Перамогі.
Паводле СМІ.
БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Станіслаў Суднік
Мост. Мястэчка. Мастак. Масла
Марна шукаць слова мост у глыбокай старажытнасці. Будаваць масты пачалі значна пазней, чым гаварыць, і, навогул, даволі позна, асабліва на Беларусі. Абыходзіліся бродам. Разам з тым гняздо словаў утворанных вокол маста даволі вялікае: мост, масціць, маставая, масток, мястэчка ці месца, мастак, масніца і г.д. I словы гэтыя даволі разнастайныя. Тым не менш павінна быць нейкае першае слова, нейкая першааснова.
Бліжнія славянскія мовы, як звычайна, нічога новага дадаць не могуць. Таму мы мусім ізноў ісці ў глыбіню стагоддзяў і звяртацца да амаль роднага ўжо сансрыту. Тут мы маем: масту - кіслыя вяршкі, мастака - галава, чэрап, верх, вяршыня; масцічка - мазгі, розум. Галава з розумам да нашага моста - ні злева, ні справа. А вось вяршкі ды яшчэ кіслыя. Дык яны - самі па сабе ўжо мост - шчыльнае ўтварэнне над вадкім малаком. Вяршкі заўсёды зверху. У першым сэнсе ўсё, што зверху - вяршкі. Такое масту - масткі можна было масціць паверх балота і прабірацца праз дрыгву. Пасля машчэння атрымоўваўся мост, а дакладней маставая, у сёняшнім разуменні. А драўляныя маставыя ў беларускіх гарадах - гэта ўжо з недалёкага мінулага, у Сібіры можна сустрэць і сёння. Такім чынам вяршкі на малацэ далі нам маставую - тратуар. Спосаб пабудовы маставой, якая рабілася часта на даволі высокіх апорах, зрушыў думку на пабудову вялікай маставой - моста цераз рэчку.
Ну добра, ад вяршкоў да моста мы дайшлі, а як жа з местам і мястэчкам. Пачнём з польскай мовы. Там мяста - горад, а мястэчка - гарадок. З мястэчкам пагодзімся, што яно ад мяста. А адкуль само мяста. Даволі цяжка прывязаць па сэнсу горад да вяршкоў, але вось тут і мусім згадаць, што мастака - гэта акрамя ўсяго іншага і вяршыня. А ў адным з папярэдніх раздзелаў разглядаючы паходжанне слова горад мы вывелі яго ад гары ( нагара). А калі горад мог утварыцца ад гары, то мяста ( места) у значэнні горад магло з такім жа поспехам утварыцца ад вяршыні - мастакі. Такім чынам мы не толькі разабраліся з местам, а і пацвердзілі папярэднюю выснову, што слова горад паходзіць ад слова гара.
Словы месца ( мейсца), мясцовы, мясцовасць, мясціна аналагічна прывязваюцца да слова мастака.
Мешчанін - жыхар места (горада), гараджанін. Беларускае слова месца, а таксама словы мясціцца, прымясціцца выходзяць ад словаў масціць, масціцца, масціць сухое месца. I цераз словы мясцовы, мясцовасць зліваюцца з гняздом словаў места, мястэчка, мешчанін. Мясцовасць можа з такім жа поспехам абазначаць прастору вокол нейкага месца і вакол места - горада.
Наступнае слова з гэтага гняздоўя - слова мастак. Мастак - той, хто умее масціць: маставую, мост і г.д. Майстар. У расейскай мове слову мастацтва адпавядае слова искусство. Искусный мастер. Беларуская мова аддзяліла ад тэрміна мастацтва тэрмін майстэрства. Але яшчэ гадоў шэсцьсот-пятьсот назад такога дзялення не было і слова мастак, чалавек які ўмее масціць, ужывалася ў значэнні проста майстар, добры майстар. На добрага майстра, што б ён ні рабіў, і зараз кажуць мастак.
З усіх прафесій маляванне, размалёўванне палацаў, цэркваў было адной з самых складаных. Гэтая прафесія давалася толькі абраным. Той, хто акрамя іншай работы яшчэ ўмеў і маляваць, быў сапраўдны мастак. Так слова мастак аддзялілася ад пласту майстроў і стала назвай невялікай праслойкі малявальшчыкаў. А астатнія пазычылі ў немцаў слова майстар ( Меіstеr).
А што ж у неславянскіх мовах. Па-нямецку мост - dіе Вruсkе. Згадаем беларускі брук, які на расейскую мову перакладваецца, як мoстoвая. Ад слова брук мы ўтварылі словы брукаваць, брукаванка, брукаваны. Дарэчы, расейскае слова брусчатка, якое спрабуюць ужываць як аналаг беларускаму бруку паходзіць ад слова брус, бо там дарогі масцілі драўляным брусам.
Але ў саміх немцаў няма слова bruсkеn у значэнні брукаваць. Масцiць па-нямецку - рflastern.
Беларусы ж, прыхапіўшы ў немцаў мост - dіе Вruсkе, пачалі брукаваць у сэнсе масціць, яшчэ раз пацвердзіўшы першаасноўнасць слова масціць і больш позняе з'яўленне самога моста.
I яшчэ раз вярнуўшыся да санскрыцкага слова масту мы не можам прайсці міма слова масла, якое робіцца (б'ецца) менавіта з гэтых кіслых вяршкоў, якое лягчэй за маслёнку, а таму таксама заўсёды зверху.
Луг. Поплаў
Разгледзеўшы такія прыродныя сістэмы, як лес і поле, а таксама рукатворныя, як горад і мястэчка нельга прайсці міма словаў луг і поплаў.
Слова луг аднаскладовае, больш агульнае, чым слова поплаў, і больш старажытнае.
Па азначэнні, луг у шырокім сэнсе - тып занальнай і інтразанальнай расліннасці, які характарызуецца панаваннем шматгадовых травяністых раслін, галоўным чынам злакаў і асокаў, ва ўмовах дастатковага ці залішняга ўвільгатнення. Агульная для ўсіх лугоў уласцівасць заключаецца ў наяўнасці травастою і дзёрну, дзякуючы якім верхні пласт лугавой глебы шчыльна працяты каранямі і карэнішчамі травяністай расліннасці.
Хаця залішняе ўвільгатненне не абавязковая ўмова, каб нейкую мясцовасць назваць лугам. Так горад Луганск не можа пахваліцца лішняй вільготнасцю, а назва яго паходзіць ад слова луг. Лугам часцяком называўся звычайны стэп.
Не ведаю, як з вадой у лужыцкіх сербаў (сорбаў), але ў назву таксама ўмяшалася слова луг.
Слова луг не з'яўляецца агульнаславянскім. Паўднёвыя славяне запазычылі для такой мясцовасці назву ў грэкаў. Па-грэцку: луг - livadi. Па-балгарску - лівада, па-сербску - лівада, па-баснійску - лівада, па-македонску - лівада, па-харвацку - livada, і толькі па-славенску - travnik.
У заходніх славян: па-славацку - luka, па-сілезску - luk, па-чэшску - louka, па-польску - la,ka (лонка). Заўважым, што польскае а, сёння часта стаіць на месцы раннепольскага u.
Ва ўсходніх славян канцавое к замянілася на г. Але гэта не істотна, і мы можам сказаць пра славянскае пахо-джанне слова.
Пра тое што луг часта бывае мокрым сведчаць словы лужа, лужына, калюга, калюжына. Традыцыйныя беларускія пераходы г у ж і наадварот для нас прывычныя.
А вось што тычыцца заліўнога лугу, то па азначэнні гэта - луг, які размешчаны ў пойме ракі і заліваецца вадой у паводку. У беларускай мове для такога лугу ёсць слова поплаў. Ва ўсіх мовах, дзе мы знайшлі слова луг (luk-a), тэрмін падаецца толькі праз два словы. Спалучэнне высокай прадуктыўнасці і невысокіх працоўных выдаткаў на падтрыманне гістарычна рабіла паплавы рэсурсам, які высока цаніўся. А таму беларуская мова забяспечыла гэты рэсурс спецыяльным словам. У аснове слова поплаў ляжыць дзеяслоў плаваць. Поплаў - месца, дзе можна было плаваць. Некалі. Поплаў - пасля плавання.
Блізкім да слова луг з'яўляюцца словы лугавіна і лагчына. Гэта таксама нізіны, часта мокрыя нізіны.
Балота, дрыгва, твань, гразь
Ну і балота.
Балота, залішне ўвільготнены ўчастак зямной паверхні, укрыты пластом торфу глыбінёй не менш як 30 см у неасушаным стане (менш як 30 см - забалочаныя землі). Найбольш балот у лясной зоне Паўночнага паўшар'я (поўнач Еўрапейскай часткі, Канада, Палессе, Заходняя Сібір, Камчатка і інш. раёны), а таксама ў вільготных раёнах Афрыкі, Азіі і Паўднёвай Амерыкі. Агульная плошча балот у свеце каля 350 млн. га. У выніку гаспадарчай дзейнасці балоты трансфармуюцца ў акультураныя сельскагаспадарчыя, лясныя і паляўнічыя добры, распрацоўваюцца прамысловасцю, часткова займаюцца пад гарадскія і прамысловыя забудовы У прыродным стане выконваюць шматлікія біясферныя функцыі: месцажыхарства спецыфічных відаў балотнай флоры і фаўны, бездакорныя геахімічныя бар'еры і прыродныя фільтры на шляхах руху водаў, рэгулятары клімату, газавага складу атмасферы, захавальнікі інфармацыі аб змене расліннасці і клімату на працягу многіх тысячагоддзяў. Балоты вывучае навука балотазнаўства. На Беларусі балоты займаюць 2,5 млн. га (плошча асушаных 1,2 млн. га) з запасам торфу-сырцу 4,4 млрд. т. Тарфяных радовішчаў 9192, сярэдняя глыбіня адкладаў торфу 1,87 м, найбольшая магутнасць тарфянога пласта 10,5 м.
Утвараліся балоты пераважна ў розныя перыяды з пачатку галацэну (10-12 тыс. г. назад) і да нашага часу ад забалочвання мінеральнай глебы або затарфавання вадаёмаў.
Балоты падзяляюцца на нізінныя (эўтрофныя) з багатым грунтавым і паверхнева-сцёкавым жыўленнем, вярховыя (алігатрофныя) з бедным атмасферным жыўленнем і пераходныя (мезатрофныя), якія жывяцца атмасфернымі ападкамі і часткова паверхнева-сцёкавымі і грунтавымі водамі. Паводле характару расліннасці бываюць лясныя, кустовыя, травяныя, мохавыя, паводле мак-рарэльефу - далінныя, поймавыя, схілавыя, водападзельныя. Нізінныя балоты ўтвараюцца ў далінах рэк, па берагах азёраў, у месцах выхаду крыніц. На Беларусі пашыраны на поўдні і паўднёвым захадзе, асабліва на Палессі і Цэнтральнабярэзінскай раўніне. Складаюць 82,7% плошчы ўсіх балотаў. Найбольшыя балоты - Аброўскае, Выганашчанскае балота, Вялікі Лес, Грычын, Паганянскае балота, Хольча, Старобінскае і інш. Сярэдняя частка гэтых балот ляжыць на адным узроўні з ускраінамі або ніжэй за іх, зрэдку паверхня нахіленая. Для нізінных балот характэрны эўтрофныя расліны, патрабавальныя да мінеральных элементаў. Ва ўмераным клімаце гэта лясныя балоты з вольхай, бярозай, вярбой, хвояй, елкай, лазой або травяныя ці мохавыя балоты з асокамі, трыснягом, чаротам, рагозамі, разнатраўем, гіпнавымі і сфагнавымі імхамі. Фаўна разнастайная вадзяныя пацукі, палёўкі, выдры, зрэдку бабры і андатры, асабліва шмат птушак - кулікі, пагонічы, драчы, гусі, качкі, вялікі вераценнік, лугавы конік, бакас, балотная сава. Вярховыя балоты знаходзяцца звычайна на водападзелах. Найбольш пашыраны ў паўночнай частцы Беларусі (масівы Даўбенішкі, Весялоўскае, Стрэчна, Обаль-1 і інш.). Складаюць 13,1% плошчы ўсіх балот Беларусі. Паверхня іх у сярэдзіне пукатая, таму што торф у цэнтры балота назапашваецца больш інтэнсіўна, чым на перыферыі. Для вярховых балот характэрны алігатрофныя расліны, непатрабавальныя да зольных элементаў. Флора бедная: дрэвы - хвоя, лістоўніца; кусцікі - верас балотны, мірт, багун, багноўка, журавіны, імшарніца, буякі; травы - шэйхцэрыя, падвей похвенны, марошка, чаротнік, расіца круглалістая; сфагнавыя імхі. Фаўна таксама бедная: воўк (летам), лось, глушэц, курапатка белая, журавель. На Беларусі пераходныя балоты складаюць 4,2% плошчы ўсіх балот. Буйныя масівы - Паддубічы, Асовіны, Смалярня і інш. Для іх характэрны мезатрофныя расліны: звычайныя бяроза пушыстая, хвоя, асокі, буякі, багун, журавіны, сфагнавыя і гіпнавыя імхі. Фаўна мяшаная ад нізінных і вярховых балот. На Беларусі вялікія масівы балот ахоўваюцца ў Бярэзінскім біясферным запаведніку, Прыпяцкім ландшафтна-гідралагічным запаведніку і Прыпяцкім радыяцыйна-экалагічным запаведніку, у нац. парку "Белавежская пушча". На балотах існуюць 8 гідралагічных заказнікаў (на масівах Выганашчанскае балота, Дзікае балота, Ельня, Заазер'е і інш ), 21 біялагічны заказнік (напр., Амяльнянскі, Бабінец, Букчанскі, Борскі, Вялікае Балота, Дзянісавіцкі, Дубатоўскае, Запольскі і інш.) На самых вялікіх і перспектыўных тарфяных радовішчах створаны 12 рэзерватаў бітумінознай сыравіны для атрымання тарфянога воску (Арэхаўскі Мох, масіў Скачальскага возера, Тажылаўскі Мох і інш.), 4 рэзерваты гідролізнай сыравіны для атрымання кармавых дражджэй і інш. прадукцыі (Даўбенішкі, Слаўнае, Сэрвач, Эсьмонскі Мох і інш.) і 113 радовішчаў тарфяных лекавых гразяў. Балота з'яўляецца месцам палявання, збірання ягад, грыбоў, лекавых траў.
Гэтую інфармацыю нам дае Беларуская энцыклапедыя. Але чамусьці апускае той момант, што любое балота - гэта перш за ўсё гразь, а ўсё астатняе апасля. Таму, пераходзячы да разгляду паходжання слова балота, будзем весці гэты разгляд паралельна са словам гразь.
Слова балота мае старажытнае паходжнне, але ў санскрыце гучанне зусім іншае. Значыць, слова больш позняе.
Першая мова, куды звернемся, гэта польская. Балота па-польску - bagno. Але і мы маем слова багна ў значэнні балота, праўда, з адценнем вельмі глыбокага балота. А вось bloto па-польску - гразь. Металічны шчыток над коламі ровара называўся блотнікам і ў такім гучанні перайшоў у беларускую мову. На нейкі гразёвец народ замяняць слова не стаў.
Па-балгарску балота - блато.
Па-чэшску - bazina, вельмі блізка да багны.
У многіх іншых славянскіх мовах словы, якія абазначаюць балота, абапіраюцца на дзеяслоў мачыць.
Па-славацку - mociar.
Па-славенску - mocvirje.
Па-сербску - мочвара.
Па-македонску - мочуриште, але і блато.
Па-харвацку - mocvara.
Па-баснійску - mocvara.
А вось па-гэльску - boglach, падобна на багну.
У сваю чаргу па-харвацку blato - гэта гразь.
Па-баснійску blato - гразь.
Па-славацку blato - гразь.
Па-славенску blato - гразь.
Па-сербску блато - гразь.
Такім чынам мы не маем ніякай неабходнасці нешта прывязваць да прыбалтыйскіх моваў. Там іншыя словы. Словы балота, блато праходзяць па ўсіх славянскіх мовах і маюць значэнне ці балота, ці гразь, якая ёсць неад'емнай часткай балота. Цэлая група назваў балота ідзе ад караня мач, г.зн. ад дзеяслова мачыць. І нарэшце багну мы можам разглядаць як гэльскую спадчыну. Засталіся беларускія словы дрыгва і твань.
Дрыгва паходзіць ад дзеяслова дрыжаць, як і яго рускі адпаведнік трясина ад дзеяслова трястись.
Ну а словам твань мы можам ганарыцца. Пакуль што яго не разумее ні адзін электронны перакладчык (можа кепска шукаў).
У выніку мы атрымалі пацверджанне старажытнасці і агульнаславянскасці слова балота.
Навіны Германіі
Фрыдрых Мерц - новы федэральны канцлер
6 траўня лідар ХДС Фрыдрых Мерц быў абраны канцлерам Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў другім туры галасавання ў Бундэстазе. Падчас таемнага галасавання ён атрымаў 325 галасоў "за", што на 9 больш, чым неабходная большасць у 316 галасоў. Кааліцыйныя фракцыі ХДС/ХСС і СДПГ разам маюць 328 месцаў у парламенце, у галасаванні прынялі ўдзел 618 з 630 дэпутатаў.
У першым туры галасавання Мерцу нечакана не хапіла шасці галасоў у парламенце, хоць чальцы кіравальнай кааліцыі ХДС/ХСС і СДПГ у Бундэстазе маюць на дванаццаць месцаў больш, чым трэба.
Кабінет Мерца складаецца з дзесяці мужчын і васьмі жанчын. ХДС і СДПГ прызначылі па сем міністраў, ХСС - тры. Віцэ-канцлерам і, такім чынам, другім па ўплыве чалавекам ва ўрадзе пасля канцлера Мерца стаў міністр фінансаў Ларс Клінгбайль (СДПГ).
Пасля выбараў Мерц атрымаў даверчую грамату ад федэральнага прэзідэнта Франка-Вальтара Штайнмайера ў палацы Бельвю, а затым быў прыведзены да прысягі ў Бундэстазе. Пазней адбылося прызначэнне і прывядзенне да прысягі міністраў яго кабінета. Новым міністрам замежных спраў стаў Ёхан Вадэфуль (ХДС).
Берлін (dpa). На здымку: Фрыдрых Мерц пасля выбараў у Бундэстазе© dpa.
Кабінет міністраў прыступіў да працы
7 траўня новы ўрад Германіі прыступіў да працы адразу пасля абрання канцлера. У якасці аднаго са сваіх першых афіцыйных дзеянняў новы федэральны канцлер Фрыдрых Мерц на паседжанні кабінета міністраў позна ўвечар так званай арганізацыйнай пастановай рэгламентаваў размеркаванне задач унутры ўрада.
Мерц хоча праяўляць больш актыўнасці ў знешняй палітыцы, чым яго папярэднік Шольц.
- Свет знаходзіцца ў такім хаосе, што канцлер Германіі павінен надаваць знешняй і еўрапейскай палітыцы больш увагі, чым раней, значна больш, чым у папярэднія дзесяцігоддзі, - сказаў ён у эфіры тэлеканала ARD.
Берлін (d.de/dpa).
70 гадоў Віктару Праўдзіну
11 траўня споўнілася 70 год беларускаму пісьменніку, члену Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэату Нацыянальнай літаратурнай прэміі Віктару Праўдзіну. Віктар Аляксандравіч нарадзіўся ў горадзе Лідзе. Ён аўтар кніг прозы "Візіцёр з Поўначы", "Боль", "Эксгумацыя", "Вяртанне з апраметнай", "Шлях на Галгофу", "Танцевальный марафон", "Нелюбімыя гінуць", "Парыж, Эйфелева вежа і...", "Непераможны злом" і інш. Ён майстар дэтэктываў, раманаў, апавяданняў. У яго творах прасочваюцца рэальныя падзеі, якія былі ўзяты з жыцця, падгледжаны падчас службы ў Міністэрстве ўнутраных спраў СССР. Віктар Аляксандравіч працаваў намеснікам галоўнага рэдактара часопісаў "Нёман", "Полымя", галоўным рэдактарам выдавецтва "Мастацкая літаратура". Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.
Наведвае Віктар Аляксандравіч і горад Ліду. У Доме Валянціна Таўлая і ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы праходзілі сустрэчы. Ліда - гэта малая радзіма беларускага пісьменніка.
На экспазіцыі "Час прывёў на Парнас" у Доме Таўлая была арганізавана выстава аднаго дня "Дэтэктыўны зямляк", якая, безумоўна, прысвечана земляку-юбіляру.
Выставу наведалі прыхільнікі беларускага пісьменства, прадстаўнікі з гістарычнай гасцёўні "Память за собою позови". Яны пабачылі фотаздымкі з сямейнага архіва Віктара Праўдзіна, кнігі з яго дарчымі надпісамі.
Трэба адзначыць, што гэтыя дакументы і матэрыялы прыхільнікі творчасці пісьменніка-юбіляра могуць пабачыць і пазней. Асобна для інфармавання пра такіх вядомых дзеячаў беларускай культуры і мастацкай літаратуры на экспазіцыі размяшчаецца стэлаж з архіўнымі папкамі і стэнды.
Наперадзе ў Лідзе маштабнае свята - Дзень беларускага пісьменства. Сюды, на сваю малую радзіму прыедзе і зямляк Віктар Праўдзін, каб удыхнуць паветра і, магчыма, натхніцца на напісанне новага твора.
Застаецца павіншаваць пісьменніка і пажадаць яму моцнага здароўя, творчых поспехаў, нязгаснага натхнення, шчаслівых момантаў у жыцці, верных сяброў і добрых людзей на яго шляху.
Алесь Хітрун.
Патрыятычны марафон "Мы - нашчадкі Вялікай Перамогі"
У Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы бібліятэкары ладзілі патрыятычны марафон "Мы - нашчадкі Вялікай Перамогі". На мерапрыемстве прысутнічалі студэнты дашкольнага аддзялення Лідскага каледжа і члены літаратурнага аб'яднання "Суквецце". Гучалі вершы і апавяданні пра Вялікую Айчынную вайну, напісаныя літаратарамі Лідчыны. Студэнты зачыталі вершы паэта Віктара Бачарова "Эдэльвейсы" і "Неизвестный". Затым Людміла Краснадубская прачытала баладу "Бяссмертны полк". Паэты і пісьменнікі Лідчына дзяліліся сваімі творчымі працамі: Тарэса Смольская чытала верш са зборніка "Пусть новые песни о Лиде слагают", Ірына Маркевіч напісала верш пра ўспаміны бабулі аб суровых ваенных часах "Я спытала ў бабулі", Людміла Русь - баладу аб сваіх бацьках "Я не была на той вайне", Ала Юшко ў сваёй творчасці закранула тэму дзяцінства, апаленага вайною і прачытала верш "Девочка с синими глазами". Таксама чыталі свае вершы М. Каранеўская, А. Родзевіч і Г. Рэлікоўская.
Наш кар.
С А Н Е Т Ы
Язэп Палубятка
47
Ты - здань! Навошта снішся мне штоноч?
Не гнаў цябе я ад сябе. Сама пайшла ты ў прочкі.
З таго растання - занямог,
Жыццё - не толькі есьці піражочкі.
Пах улетку - духмяны, непаўторны!
Губы ў губы - атрутны дурман!
Улетку ўсе ночы кароткія,
Бывае кароткім кахання раман.
Было ў нас усё тое, ды толькі сплыло,
Знікла, як ранкам туман.
І думаў я па жыцці: каб светла было,
Ды я памыліўся, быў гэта зман.
Як не ўпэўнены - не спадзявайся,
А як кахаеш - прызнайся.
48
Здрада і каханне - сяброўкі навекі.
Адна палкасцю свет усцілае,
Другая паціху нас даганяе, спусціўшы павекі.
Баль свой кожная, як умее, спраўляе.
Ловіш ты позірк чыйсьці,
Утаропіўся нехта ў дзявочыя грудзі.
Хоць у іншым выпадку нічога не выйдзе,
І мроіцца, мроіцца, што нешта будзе.
Каханне і здрада - два бакі аднаго медаля,
Золату іх нішто не пашкодзіць,
Шчырасць кахання - заўжды любата,
Кожнаму яна прыходзіць.
Жывеш і паняволі
Шукаеш лепшае долі.
49
Пацалункі твае: ці атрута, ці лекі? - скажы.
У чымсьці разгублены я па жыцці.
Для мяне гэта шчасце, ці міражы? -
Не магу ад цябе я так проста сысці.
Жаўрук у небе нешта шчабеча,
Радуецца прыходу вясны.
Толькі мы ўжо з табою старэчы,
Не хавай галавы сівізны.
А якою прыгожаю любасць была!
І адкуль у цябе недаверу столькі?
Ах, якая мілота сплыла!
Смак мінулага, гэткі ты горкі.
Жыццё, як у рэчцы цячэ вада,
Каму яно ў радасць, каму бяда.
50
Кажы, колькі можаш, колкіх слоў
Ды толькі трымай у іх цноту.
На свеце не злічана колькасць аслоў,
Ды не толькі яны пруць дурноту.
Палкасць пачуццяў ды прысак кахання -
Чаго нам яшчэ не стае?
Будзь мужным, бывае ўсё - сустрэчы, растанні.
Помняцца палкія губы твае.
Усё, што мы мелі, заўчасна згубілі.
Спалены між намі масты.
Нявернымі словамі ўсё атруцілі.
Ва ўсім вінаваты аслы.
Шлях ты жыццёвы свой пройдзеш.
Як згубіў - не спадзявайся, што знойдзеш.
51
Ты сыходзіш няўцям і прыходзіш знянацку
У парожнюю душу маю.
То маўчыш, то крычыш так знянацку -
Цябе зразумець я ніяк не магу.
Можа, ты незямное стварэнне,
І богі ў цябе адабралі душу?
З'явішся ты - я чакаю здарэння,
Якога - сказаць не магу.
Ты - анёл ці ты - д'ябал? - скажы мне нарэшце
Пунсовымі гэтымі вуснамі.
Гімн кахання магу праспяваць на бярэсце,
Толькі тваім зыркім позіркам мае губы прыдушаны.
Не зразумець, што такое каханне
І да чаго нас прыводзіць растанне.
52
Ніколі не бывае сарамлівай ружа,
Хоць пах яе не ўводзіць у зман,
А краскі, што цвітуць у лузе,
І бэз, чаромха маюць свой дурман.
Дзяўчыны пенкнасць усіх чаруе,
Яе какетства многіх забаўляе,
Ад прыгажосці той шмат хто гаруе,
І вочкамі яна па ўсіх страляе.
Суквецце маладосці з прыгажосцю -
Неапісаныя дзівосы!
Але гібее ўсё са старасцю,
На шчоках застаюцца слёзы.
Кароткі дзень, кароткі век.
Змірыся з гэтым, чалавек.
53
Час немагчыма вярнуць, колькі ты не маліся,
Ён спракавечна імкнецца ўпярод.
Сустрэўся з каханаю - прытуліся,
І душа памкнецца на ўзлёт.
Сустрэнеш ворага: не бойся,
Хай ён баіцца цябе.
Ты яму ў вочы проста смейся,
Не век табе жыць у галыцьбе.
Бі ў каршэль прайдзіхвоста,
Нікчэмнасці спуску не дай.
Калі каханая сыходзіць так проста,
Скажы ёй: "Бывай".
Як напамін, табе магу сказаць:
Сабою быць, дарэмна не стагнаць.
54
Чыноўнікі да царскага карыта пруць нагбом,
Камусь у калейцы вуха адгрызуць,
А сябра лягнуць капытом,
Дык халуі найперш сваіх ядуць.
Яны брыдота, як не паглядзі,
Перад царом з дакорам верна служаць,
Як толькі цар сышоў туды -
Яго палошчуць ў бруднай лужы.
З'явіўся новы цар - б'юць ілбы паклонамі,
І пошчак салаўіны з вуснаў тхне,
А спіны іх заўжды сагнёныя,
Брыдоты пах ад іх ідзе.
Прыходзяць і сыходзяць каралі,
А халуі заўжды былі.
55
У цноты ёсць Евы аблічча
Да першай спакусы яе.
Нехта пазнаць невядомае кліча
Ў радасці і ў бядзе.
Фарбаў мноства на свеце,
Адценняў болей яшчэ.
Май дорыць нам мора суквеццяў
І водарам тхне.
Радасць сустрэчы, размовы без меры
Пра шчасце, пра годнасць, пра думак палёт.
Толькі б душу не схапілі хімеры
І не скаваў яе лёд.
Мілосці час і час жалобы
У тым жыццё нам даспадобы.
56
Махлярства поўны свет
І хцівасці не мерана штодня,
Прыгожы ў тваіх руках букет -
З ачышчанае бульбы - шалупня.
Цвярдыню цвердзі час ператворыць у пясок,
А прысак астывае спакваля.
Каханне палкае ўмірае незнарок.
На хвоях зацвярдзелая смала.
Мяняюць рэкі берагі,
Дарогі свой змяняюць шлях.
Ты быў камусьці дарагі,
Ды час прайшоў, імпэнт прыязнасці ачах.
Будзь разважлівым па дарозе ў нябыт
І ведай, што сёння ты быў, а заўтра - забыт.
Некалькі гадоў маёй маладосці ў Вільні (1818-1825) 1
Станіслаў Мараўскі
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Сцвярджаюць, што род Абрамовічаў паўстаў з ніадкуль і ў канцы мінулага стагоддзя меў ужо значную маёмасць, а разам з ім значэнне і павагу. Пасля смерці бацькоў засталіся два маладзенькіх сыны: Мікалай, і калі не памыляюся, Ігнацы - багатыя і, як анёлы, прыгожыя - яны ад нараджэння належалі да вышэйшых колаў132.
Старэйшаму Мікалаю, магчыма, было наканавана быць шпегам. У 1812 г. яго з арміі Напалеона накіравалі шпегаваць за рускім войскам. Патрапіўшы туды, ён пераапрануўся прыгожай жанчынай і выканаў загад. Пасля падзення Напалеона, Мікалай Абрамовіч сышоўся з развядзёнкай і авантурысткай, былой жонкай роднага сына Станіслава Аўгуста, генералавай Ціхоцкай, жанчынай значна за яго старэйшай. Бог ведае, чаму ён з ёй ажаніўся. І нягледзячы на пасаду маршалка, нягледзячы на фундуш, які ўвесь час павялічвалі яго прыгожыя маёнткі і з густам аздобленыя палацы, нягледзячы на манерны і прыгожы дом у Вільні, нягледзячы на выдатнага кухара, ён пачаў заўчасна старэць, сівець і стамляцца. Пра яго я ведаў толькі тое, што амаль на кожнай вуліцы за вялікія грошы ён трымаў каханку. І маладыя студэнты ўніверсітэта бясплатна мелі з гэтага значную карысць. Раптам, у момант найбольшага пераследу Навасільцава133, Пелікана134 і іншых вядомых у Літве асоб, наш Абрамовіч ажыў. Пачаў падлашчвацца, падстройвацца, ліслівіць гэтым людзям, пачаў даносіць раз'юшаным уладам розныя чуткі, змешваючы праўду з няпраўдай, і такім чынам выклікаў шмат няслушных арыштаў, ссылак у жаўнеры ці ў Сібір. Атрымаў агульную пагарду, але доўга яшчэ рабіў тое самае і пры Даўгарукім135, покуль раптоўна яму ў вочы не паглядзела сумленне. Калі зразумеў, што робіць і што зрабіў, яго ахапіў адчай. І нарэшце, калі гэтага ніхто не мог і чакаць, яго знайшлі на гачку з пятлёй на шыі ў сваім уласным прыгожым кабінеце. Радавалася ўся Вільня.
Другі брат, Ігнацы, сёння расійскі генерал і начальнік варшаўскай паліцыі. Як толькі ён стаў правамоцным, прайграў усю сваю маёмасць да ніткі і пайшоў у войска. Добра ваяваў у апошніх бітвах арміі Напалеона і пасля заканчэння вайны застаўся ў Францыі. Там ажаніўся, узяў у пасаг вінаграднік у Шампані і пачаў гандляваць віном. Але страціў жонку і вярнуўся ў Вільню, каб зноў уступіць у польскае ці расійскае войска ў чыне падпалкоўніка, які ўжо меў. Покуль чакаў адказ ад вялікага князя Канстанціна, інкогніта жыў у свайго брата. Аднак увесь горад казаў пра яго ранейшае марнатраўства і цяперашні лёс.
Неяк у тракціры Бітнера, лепшым у тагачаснай Вільні, сярод шматлікіх гуляк, якія тут сабраліся, за талеркай супу сядзеў наш прафесар Шыдлоўскі і па сваёй звычцы, голасна разважаў услых. Гучна на ўвесь зал, каб яго мог пачуць увесь свет, гаварыў пра розныя рэчы і нейкім чынам даходзіў да высновы, што людзі марна растрачваюць свае маёнткі і грошы, назапашаныя цяжкай працай бацькоў. "Напрыклад, - кажа ён, - пан Абрамовіч прыехаў сюды з Парыжа, ён марнатраўца, карцёжнік, валацуга, покуль бадзяўся па свеце ўсё з'еў і страціў, і сёння зноў голы прыехаў на Айчыну". Калі ён сказаў ужо шмат падобных слоў, з кута выйшаў прыгожы, зусім малады, вусаты мужчына, які да гэтага сціпла сядзеў за невялікім столікам, з найвялікшай ветлівасцю падышоў да Шыдлоўскага і пачціва спытаў яго, ці ведае ён таго Абрамовіча, пра якога кажа? Шыдлоўскі ў запале і не звяртаючы на яго ўвагі, адказаў: "Хто ж можа ведаць усіх гэтых блазнаў?" Увесь тракцір слухаў размову, усе прыціхлі. І тады незнаёмец прамовіў: "Ну, дык я рэкамендую сябе вам. Я ёсць той няшчасны Абрамовіч, пра якога вы, не ведаючы мяне, сказалі так многа прыгожага". Шыдлоўскі струхнуў, збялеў і выпусціў з рук лыжку. Але праз хвіліну сказаў: "Я біцца на дуэлі не буду". На што Абрамовіч флегматычна адказаў: "Шаноўны пане, выбірай - пасля ўсяго гэтага, ці будзеш біцца ці будзеш біты". Дрэнна! Літаратара працяла да пят. Аднак ветлівы Абрамовіч, які ўжо і так трыумфаваў, прыняў публічныя прабачэнні, і на гэтым урок, дадзену паэту, скончыўся. Пра далейшы жыццёвы шлях гэтага Абрамовіча хай раскажа нехта іншы, бо вось ужо васямнаццаць гадоў за ім сочыць уся Варшава.
Вялікім патрыётам, гарачым прыхільнікам навукі, захопленым рэформамі масонам, лічыўся Казімір Контрым136 - бібліятэкар, ад'юнкт універсітэта і цалкам непасціжны чалавек, вялікі знаўца нашай мовы. Маленькі, невысокі, з нейкім авальным, падобным на яйка, контурам усяго цела. Зверху вузкі, знізу вузкі, а пасярэдзіне дужа шырокі, у занядбанай, пацёртай вопратцы, з нязначным тварам, з сівой галавой і коратка падстрыжанымі вожыкам валасамі зачэсанымі ўгару і назад. Рукі са сплеценымі пальцамі ён заўсёды трымаў на жываце, вакол чацвёртага пальца правай рукі была завязана чорная стужка накшталт пярсцёнка - мне ён заўсёды нагадваў тлустага пацука. Звычайна лётаў з кута ў кут, ад аднаго сябра да другога і ўдаваў з сябе вельмі занятага чалавека. З ім нельга было гучна размаўляць, бо не адказваў, моршчыўся і траціў да цябе цікавасць. Трэба было ціха казаць яму на вуха. Але тое што ён казаў мне на вуха - я быў у яго ў фаворы, не было вартае нават жмені гароху і пра гэта можна было крычаць усім з вежы касцёла св. Яна. Але такую ён меў натуру. Калі б хто яму сказаў: "Пане Казіміру, даруйце, але мне неадкладна трэба ў туалет", ён бы сцярпеў, бо пра гэта яму сказалі па-сакрэту. Гэты тыповы езуітызм, калі гэта езуітызм, надаваў яму нейкі арэол, нейкае значэнне і славу. Па-мойму, ён быў зусім не кепскім, але цалкам марным чалавекам і штукаром. Урад памылкова палічыў яго небяспечным, пераводзіў з месца на месца і такім чынам павялічваў яго каштоўнасць. Гэтым дазволіў яму са славай і павагай памерці пад пераследам.
Аднак трэба дадаць, што яго кваліфікаваныя парады і дапамога не былі марнымі. Ён адкапаў, натхніў і пазней намаганнямі масонаў выправіў за мяжу, няўдзячнага да свайго края і да сваіх суайчыннікаў, але геніяльнага вучонага арыенталіста Восіпа Сянкоўскага137. Ён выхаваў яшчэ некалькі знакамітых вучоных мужоў, напрыклад, сумленнага і працавітага складальніка Вольфганга ці хітрага і злоснага нягодніка, але таленавітага акушэра і чалавека красамоўнага пяра, дэкана медыцынскага факультэта Мікалая Мяноўскага.
А зараз, як пух з кветкі, які нясе лёгкі ветрык, ты пакідаеш месца, дзе жывуць анёлы і сядаеш на маё пяро - зычлівы, верны, высакародны, сябар нашага дому да самой сваёй смерці, мой верны прыяцель, рэдкі і бясцэнны чалавек - Ігнацы Эмануэль Ляхніцкі!138 Ляхніцкі, якога ў Завадскага мы заўсёды называлі: "Жэгота139, Бог з намі!". Ён быў адным з самых годных, лепшых, сумленных, унікальных і самых вучоных людзей, якіх я калі-небудзь бачыў. Пачцівы, шляхетны, далікатны, паслужлівы, пабожны, дасціпны, прыгожага роду - старшы з трох сыноў маршалка Ляхніцкага (Д 16), паважанага чалавека, брата палкоўніка, пра якога я пісаў вышэй.
Да таго часу, калі прыехаў у Вільню, яго бацька ўжо памёр. Але маці жыла да глыбокай старасці і была для мяне прыкладам рэдкай сярод жанчын дзявочай свежасці і прыгажосці твару, шыі, грудзей. Я пакрыўдзіў бы Бога, каб сказаў нешта іншае пра гэтую высакародную і дзіўную прыгажосць.
Наш Ляхніцкі, чалавек вялікай вучонасці і яшчэ лепшай памяці, быў сапраўднай хадзячай энцыклапедыяй. На першы погляд выглядаў рассеяным і не сабраным, але калі б спытаць ў яго пра ўсё, што заўгодна: пра літаратуру, гісторыю, права, хімію ці фізіку - ён адказаў бы так дакладна, што калі праверыць па кнізе, дык не ўбачыў бы аніводнай памылкі. Пабожны, ён не навязваў іншым сваіх перакананняў, не меў найменшай зайздрасці і сэрцам быў адданы людзям. Кожны, хто меў з ім справу, адыходзіў ад яго з усмешкай на твары. Калі б вы дзе-небудзь яго сустрэлі - вырашылі б, што чалавек добры але невук, бо выглядаў ён своеасабліва. Не таму, што непрыгожы (пры тым што меў чырвоны нос, але заўсёды быў вельмі акуратны і чысты ў вопратцы і бялізне), а таму, што звычайна галіў толькі палову барады і палову вусоў а астатняе пакідаў на некалькі дзён. Не таму, што яго кароткая, чорная і калючая чупрына нагадвала нейкага маладога мядзведзя, а таму, што ўсё яго цела выразна складалася з двух цалкам асобных, нібы незалежных, адна ад другой палавінак. Ад галавы да сцёгнаў гэта было цела, як ва ўсіх іншых - спакойнае, прадстаўнічае, прамое, стройнае і больш нічога. Аднак рукі і ногі, як жывое срэбра, знаходзіліся ў пастаянным руху. Рукі не супакойваліся ні на хвіліну. Ён то рухаў іх з боку ў бок, то пляскаў у далоні, то цягаў за палец, то стукаў рукамі аб сцяну ці печ, бубніў пальцамі па акне, чужых плячах ці спіне. І з нагамі рабіў тое самае. А ногі меў рэдкай і прыгожай формы. Ніколі не заставаўся на месцы, то перавальваўся з нагі на нагу, то адбіваў такт, то скакаў, то рабіў танцавальныя крокі. Быў выдатным танцорам. Тады яшчэ танчылі, ці калі жадаеце - скакалі, а не хадзілі ў танцы, як сёння. Тое, што сёння робяць салісты балета, тады было звычайнай навукай пакаёвага танца. Меліся нават сольныя пакаёвыя танцы. І кожны іх больш-менш ведаў і павінен быў імі валодаць. Калі падчас танца на балі 1812 г. яго ўбачыў імператар Аляксандр, дык адразу ж прызначыў камер-юнкерам. Але тут працавалі толькі яго ногі. Яго цела падчас танца заўсёды выглядала спакойным і паважным, выраз твару быў, як падчас філасофскага дыспуту, а ўсё тулава быццам належала камусьці іншаму. Клянуся, што ў гэтыя моманты ён думаў пра нешта важнае, можа пра артыкул для часопіса, а ногі яго танчылі самі па сябе. У Пецярбургу ён пазнаёміўся і зблізіўся са знакамітым містыкам Пошманам, які даўно належаў да розекрэйцараў. Хутка стаў ілюмінатам і мартыністам140, зацікавіўся жывым магнетызмам, прывёз веды ў Літву і Польшчу і пасвяціў сябе гэтаму феномену. У гэтай справе ён атрымаў вялікую сілу і майстэрства, шмат зрабіў і шмат напісаў. Здаецца, застанецца ў гісторыі гэтай з'явы. Віленскія лекары на чале з упартым, як казёл, Андрэем Снядэцкім, ленаваліся даследаваць такія рэчы і, каб маглі, прызналі б яго вар'ятам. Але баяліся яго вучонасці, розуму, досціпу і ўплыву ў свеце. Таму вырашылі змагацца з ім насмешкамі, і гэта стала адным з повадаў, які даў пачатак "Бруковым ведамасцям". А ён займаўся сваёй справай.
Потым, дзеля сваёй сям'і супраць сваёй волі і жадання, быў вымушаны жаніцца са сваячкай Транбіцкай. Гэта стала неабходнай ўмовай, без якой яго дзядзька-палкоўнік, упарты і ганарысты стары, пазбавіў бы яго спадчыны і перадаў бы ўсю маёмасць сваякам па лініі сваёй жонкі. Таму пад ціскам маці і братоў Ляхніцкі ахвяраваў сабой. Яго бацька-маршалак страціў амаль што ўсё багацце з-за свайго шчодрага грамадскага і панскага жыцця на розных высокіх пасадах. Гэта адрозніваецца ад сучаснага жыцця, калі кожны, хто мае пасаду, дык наадварот нажывае багацце. Таму яму трэба было думаць пра будучыню сваёй фаміліі. І ён ажаніўся. Але было бачна, да якой ступені гэта было яму не па сэрцы. Тым не менш, меў ён яшчэ і сваю лебядзіную песню. Думаў пра лекавыя, салёныя біржанскія, стоклішскія, друскенінскія і іншыя воды і падаў мемарыял вялікаму князю Канстанціну, у якім даводзіў, што ўся гэтая тэрыторыя можа мець багатыя залежы солі. Таму сюды мэтазгодна накіраваць вучоных геолагаў. Каб падтрымаць гэты праект, Ляхніцкі з адным толькі слугой паехаў у Варшаву, там прастудзіўся, дастаў гарачку і пазбаўлены прыязнай рукі, якая закрыла б яго святыя вочы, скончыў сваё дабрадзейнае і карыснае жыццё. Вестка пра яго смерць выклікала жалобу ва ўсім краі. Да пабачэння, высакародны чалавек, напэўна, неўзабаве мы сустрэнемся там! ..
Пра многіх іншых людзей, якія ўвесь час наведвалі кнігарню Завадскага, не маю што сказаць, бо я іх не надта добра ведаў альбо не хацеў з імі знаёміцца. Ведаю толькі, што ў той час кнігарні, бібліятэкі, універсітэцкія залы, тэатры, вінярні, цукерні, трыкціры, більярды заўсёды былі запоўненыя самымі рознымі людзьмі, якія кожны ў сваім коле, прыстойна бавіліся. Не было ні вышэйшых ні ніжэйшых і ніхто не зможа сказаць, што ўсё гэта было не жывым! А пра шпіёнаў ніхто і не ведаў.
Гледзячы на сучасную, змрочную і амаль увесь час заплаканую Вільню, ніхто нават не здагадаецца пра тую весялосць, якая панавала ў наш час, і тую ўсмешку, якая ажыўляла тады ўсе твары. Увесь час і адусюль сыпаліся дасціпныя жарты. Як тут не напісаць пра двух-трох асоб, пра якіх я зараз успомніў?
Нейкаму маляру Ленсы, які ўмеў чорнай крэйдай маляваць галовы, чамусьці стала нядобра ў Вільні. Ён даведаўся пра вакантнае месца настаўніка малявання ў Коўні і рознымі намаганнямі здолеў атрымаць гэтую працу. Аднак Ленсы не змог разумна стрымаць сваю радасць. Ён адразу вырас на два сажні, задраў нос, справіў багата вышыты золатам мундзір і пачаў усё больш, бязмерна надзімацца і надзімацца. Пасля некалькіх месяцаў побыту ў Коўні, выпрасіў сабе адпачынак, прыехаў у Вільню і пры поўным парадзе пайшоў прадстаўляцца рэктару. Ад рэктара вяртаўся пешшу ў тым самым мундзіры пры шпазе і ў капелюшы, вяртаўся самай доўгай дарогай, размаўляў з усімі сустрэтымі знаёмымі, затрымліваўся, дзе толькі мог, каб яго бачылі і захапляліся.
Першы віленскі карэтнік Костра, годны і заможны чалавек са сваім прыгожым домам у Вільні і ў сто разоў прыгажэйшымі дочкамі, выпадкова праходзіў тады каля Ленсы, якога даўно ведаў. Ленсы, аточаны сябрамі, спыніў яго і паблажлівым тонам спытаў: "Як маешся, мосан141 Костра? Як ідзе гандаль?".
Костра вельмі ветліва пакланіўся і, не задумваючыся, адказаў: "Ах, прафесар, з таго часу, як вы перасталі у мяне фарбаваць колы, я стаў такім няшчасным, што ажно сэрца баліць".
Быў у Вільні адвакат Лапата, чалавек досыць горды, высокі, значны і дужы. Ён ажаніўся з багатай удавой Кульвінскай і таму не вельмі клапаціўся пра кліентаў і пра сваю практыку. Але, як і кожны адвакат, умеў добра прамаўляць і ўсім, каго сустракаў, выкладаў свае ідэі. Здарылася так, што аднойчы на вуліцы ён убачыў чыноўніка кансісторскай канцылярыі, вельмі ветлівага, сціплага і прыемнага чалавека. Каб памучыць і збіць яго з панталыку, груба спытаў: "Ну, што там у вашых … кансісторскіх робіцца?". Чыноўнік, кланяючыся, як мага ніжэй, ветліва адказаў яму: "Мосць дабрадзей, нічога не робіцца без лапаты!".
Нейкі Міхалоўскі, жыхар Віленскага павета, вельмі подлы і зласлівы чалавек, які хаваўся пад маскай ветлівасці і пакорлівасці, ажаніўся з падчарыцай чалавека рэдкага сумлення, доктара Нэймана, немца, які ўсёй душой любіў нас і які нядаўна памёр у шпіталі Дабрачыннасці не з-за ўзросту, а з-за гора, бо даведаўся, што ўніверсітэт пераводзяць з Вільні ў Кіеў. Дык вось, Міхалоўскі у свой час так здолеў задурыць галаву Нэйману, што гэты годны і бяздзетны чалавек, перапісаў зяцю сваю і падчарыцы маёмасць памерам да двухсот тысяч злотых. Любімы зяць зрабіў прыгожа, па-сучаснаму і па-мясцоваму: выгнаў з хаты, з торбай па свеце, сваю жонку і старога Нэймана. Гэта ўсіх абурыла. Усе лічылі Міхалоўскага нягоднікам, але ніхто не смеў ці не жадаў сказаць яму гэтага ў вочы.
Міхалоўскі добра адчуваў, што страціў рэпутацыю, але калі адзін раз пазычыў у сабакі вочы, дык будзеш глядзець на ўсё як сабака. Аднойчы ў вінярні, якіх у той час мелася ў нас без ліку, а сёння амаль што і няма, нейкі ўжо добра падбадзёраны трункамі Ягамосць, убачыў Міхалоўскага, які таксама прыйшоў сюды па шклянку віна, і перад усімі звярнуўся да яго: "Пане суддзя, чаму вы так бязлітасна абышліся са сваёй жонкай і цесцем?". На што Міхалоўскі, дыхаючы гневам, але з самым лагодным тварам, бо прыдумаў ужо план помсты, адказаў: "Дазволь, пан дабрадзей, адказаць табе анекдотам?" Усе прысутныя навастрылі вушы: "Некалькі гадоў таму, - распавядаў ён, - нейкі бернардын на сваёй вуліцы прыставіў драбіну да муроў. Гэта зацікавіла мінака, і той спытаў: "Чаму ты гэтак робіш?" На што бернардын адказаў: "А табе, дурню, якая справа?"
Паколькі я ўжо згадваў Нэймана, мушу дадаць яшчэ адну смешную гісторыю якая, аднак не ёсць досціп. Я ўжо казаў, што Нэйман быў самым сумленным чалавекам з анёльскім сэрцам. Вельмі высокі, худы, з доўгім і прыветлівым тварам, сівой галавой, ён заўсёды апранаўся па-нямецку, г. зн. у кароценькія порткі, панчохі і пантофлі з крагамі. Меў вялікую ступню, яго пяткі тырчалі, а лытак амаль што не было, і калі ён ішоў, халявы ботаў літаральна лёталі па яго нагах, лыткі выглядалі як пісталеты ў кабурах і выглядаў ён, як смешная карыкатура. Быў добрым і трапным лекарам хоць і прытрымліваўся метадаў мінулага стагоддзя і выпісаў шмат лекаў, часам па некалькі дзясяткаў у адным рэцэпце. Але людзей лячыў, хоць прадстаўнікі новай фанабэрыстай школы і здзекаваліся з яго.
Нэйман заўсёды размаўляў па-польску, ці дакладней, ён лічыў, што размаўляе па-польску. Але ён гэтак калечыў мову, што яго выказванні як жарты хадзілі па горадзе. Страшэнна пакрыўджаны Міхалоўскім і даведзены да галечы, ён быў вымушаны падаць на зяця ў суд, хоць і не меў ніякага ўяўлення пра суды. Але пра гэта ўжо паклапаціліся юрысты, і калі дайшло да справы, перад судом выступіў адвакат Нэймана. Адказ Міхалоўскага адклалі на заўтра. Як праведны, сумленны і нявінна пакрыўджаны чалавек, Нэйман злаваўся, плакаў і кідаўся да людзей. Прыяцелям, якія яго супакойвалі, ён казаў, што заўтра выступіць сам! Гэта разнеслася па ўсім горадзе, і хто толькі мог, паспяшаўся паслухаць яго выступ - назаўтра зал суда быў поўны. Усе хацелі пачуць, як Нэйман будзе калечыць мову. Паколькі Нэйман першы раз апынуўся ў судзе, дык заўважыў, што яго і супрацьлеглага боку адвакаты, закончыўшы выступаць, казалі: "Я скончыў". Пасля выступу супрацьлеглага боку, Нэйман пайшоў да кратаў, выцягнуў доўгую і сухую руку і папрасіў слова. Суд яму гэта дазволіў. Зал сціх, быццам анёл праляцеў. Нэйман з роспачным тварам устаў і сказаў самым патэтычным тонам: "Пачцівы жонд. Міхалоўскі лайдак! Скончыў!" 142. Нягледзячы на ўсю сімпатыю, якую гэты годны і няшчасны чалавек выклікаў, зарагаталі ўсе.
(Працяг у наступным нумары.)
1 Morawski Stanislaw. Kilka lat mlodosci mojej w Wilnie (1818-1825). Warszawa, 1924. Пераклад Леаніда Лаўрэша .
132 Род Абрамовічаў герба Абрамовіч ці Ястржэмбец, стары шляхецкі род, які паходзіў з Мазоўша. Мікалай і Ігнацы былі сынамі Андрэя, губскага і цітаўскага старасты. Мікалай Абрамовіч у 1812 г. быў падпаручнікам, віленскім маршалкам шамбелянам рускага двара. Павесіўся ў 1836 г. Абставіны жаніцьбы з Ціхоцкай (у дзявоцтве Бахмінскай) падае Я. Франк у сваіх успамінах (Вільня, 1903 г.). Мараўскі памыляецца, калі піша пра яго, як пра шпега Напалеона. Ігнацы Абрамовіч потым працаваў варшаўскім паліцмайстрам.
133 Навасільцаў М. М. (1761-1836) - расійскі дзяржаўны дзеяч, член Негалоснага камітэта пры Аляксандры I; расійскі камісар пры ўрадзе Царства Польскага ў 1815-1831 гг., сенатар, апякун Віленскай вучэбнай акругі ў 1824-1832 гг., давераная асоба вялікага князя Канстанціна Паўлавiча, старшыня Дзяржаўнага савета і Камітэта міністраў. - Л . Л .
134 Пелікан Вацлаў (1790-1873) - хірург, прафесар (з 1816 г.) i рэктар (фактычна з кастрычніка 1824 г., выступаючы намеснікам адстаўленага Ю. Твардоўскага, фармальна - у 1826-1831 гг.) Віленскага ўніверсітэта. Пры падтрымцы М.М. Навасільцава быў зацверджаны на пасадзе рэктара Віленскага ўніверсітэта пажыццёва. Пасля закрыцця ўнiверсiтэта ў 1832 годзе - галоўны ўрач Маскоўскага ваеннага шпіталя, дырэктар Медыцынскага дэпартамента Ваеннага міністэрства, затым - прэзідэнт Медыцынскага савета Расійскай імперыі. - Л . Л .
135 Н. А. Даўгарукаў, літоўскі генерал-губернатар з 1831 г.
136 Казімір Контрым сын Юзафа, нарадзіўся ў 1776 г. у фальварку Багданаў Вілейскага павета, вучыўся ў Вільні. Дырэктар бібліятэкі Віленскага універсітэта.
137 Восіп (Юльян) Іванавіч Сянкоўскі (1800-1858) - вучоны-усходазнавец, дыпламат, пісьменнік, адзін з заснавальнікаў жанру навукова-фантастычнай аповесці ў расійскай літаратуры, мовазнавец, журналіст, член-карэспандэнт Пецярбургскай АН, псеўданім: Барон Брамбеўс. - Л. Л.
138 Ігнацы Эмануэль Ляхніцкі (1793-1826), пляменнік Ігнацыя, публіцыст і выдавец, даследчык гіпнозу, парапсіхолаг. Заснавальнік квартальніка "Pamiеtnik Magnetyczny Wilenski", у якім шмат месца займала тэорыя і практыка біяэнергетыкі. Вучыўся ў Віленскім універсітэце, дзе абараніў 11 чэрвеня 1812 г. доктарскую працу на тэму аб хімічным растварэнні. Быў адэптам магнетызму, займаўся статыстыкай, пошукам залежаў солі ў Літве і Беларусі. У 1815-1817 г. збіраў статыстычныя звесткі на літоўскіх і беларускіх землях. Выбраны членам-карэспандэнтам Камітэта па вучонай частцы імператарскага Чалавекалюбівага таварыства і ганаровым сябрам Мінералагічнага Дрэзданскага таварыства (1818). У 1820 зацверджаны літоўскім генерал-губернатарам дзейным сябрам камітэта па вучонай частцы ў прадметах дабрачыннасці. З 1820 г. - сябар камісіі па разглядзе радзівілаўскіх спраў. Кантактаваў з філаматамі і філарэтамі, дапамагаў выдаць і распаўсюджваць 2-гі том "Паэзіі А. Міцкевіча". Пад час следства ў 1823 г. хадайнічаў аб адданні Міцкевіча з-пад арышту яму на парукі. У 1825 праводзіў геалагічныя даследаванні па лініі ад Гародні ўздоўж Нёмана да межаў Курляндыі і Прусіі. Адкрыў горныя скалы юрскага перыяду. Пад час прац захварэў і памёр. Заснавальнік і член масонскай ложы "Сябры чалавецтва" ў Гародні, масон 4-й ст. у 1821. - Л. Л.
139 Жэгота - старая версія лацінскага імя Ігнацы. - Л. Л.
140 Розекрэйцэры (Ордэн ружы і крыжа) - тэалагічнае і патаемнае містычнае таварыства, па легендзе заснаванае ў перыяд позняга Сярэднявечча ў Нямеччыне нейкім Хрысціянам Розенкрэйцам. Ставіць перад сабой задачы ўдасканальвання дзяржаў і асоб.
Ілюмінаты (ад лац. illuminati), або асвечаныя, у розны час - назва розных аб'яднанняў (ордэнаў, брацтваў, сект, грамадстваў) містычнага характару, у рознай ступені дазволеных або сакрэтных, звычайна ў апазіцыі палітычным і рэлігійным (клерыкальным) уладам.
Марцінізм (фр. Martinism) - накірунак містычнага і эзатэрычнага хрысціянства, чыя дактрына апісвае падзенне першага чалавека з Боскага ў матэрыяльнае, а таксама спосаб яго вяртання да святла пры сардэчнай малітве. - Л. Л.
141 Скарот ад "Мосць пан". - Л. Л.
142 Нэйман сказаў наступнае: "Przeswetny dza,dzie!... Michaloski jest lajdak! Skonczylem". У польскай мове няма слова "dza,dzie" і магчыма ён хацеў сказаць "Przeswetny rza,d" ці "Przeswetny sa,d". - Л. Л.
Беларусы сустракаюцца з індзейцамі
Які боль: Беларусь разграміла Гватэмалу: Арлоў, Брыштэль, Семірадскі, Юрэвіч
(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-52 (105-156) (2024); № 1-19 (157-175) за 2025 г.)
АРЛОЎ Уладзімір (Uladzimir Arlou) - полацкі ўраджэнец, адзін з самых значных беларускіх літаратараў сучаснасці, пацвердзіў нам у электронным паведамленні ад 20.04.2025 г.: "Індзейцаў на свае вочы бачыў, калі быў у ЗША".
Індзейская тэматыка ў яго "космасе" сустракаецца асобнымі "зорачкамі" нярэдка - і мы спадзяёмся, што з'явіцца і асобны яго тэкст пра індзейцаў. У яго кнізе "Божая кароўка з Пятай авеню" (Божая кароўка зь Пятай авэню, 1998) мы знайшлі тры "індзейскія" месцы - у тым ліку пра індзейскую калекцыю, індзейскую творчасць Галіны Русак, у якой ён гасцяваў. Яшчэ адзін амерыканскі гасцінны гаспадар - Леў Высоцкі, з ім звязаны другі эпізод з "Божай кароўкі…" (уласна гэтае эсэ з кнігі датуецца чэрвенем-ліпенем 1995 г.). Пераведзена з тарашкевіцы:
Уладзімір Арлоў
ДОМ ПРАВАДЫРА ГРОМУ
"26.06.
Прачынаюся ў кватэры спадара Лёвы Высоцкага. Лёву далёка за 80.
Сёння ў вакно да спадара Лёвы зноў заляцеў вецер вандраванняў, а таму мне засвяціла паездка на беларускі курорт "Менск". "Нейкія дзве-тры гадзіны, затое якая дарога: горы, а ўнiзе - рака", - спакушае аматар рулеткі. Рака завецца знаёма - Дэлавэр.
Высокія горы пачынаюцца не адразу. Пакуль тое, справа й злева застаюцца: штаб [так] кватэра фірмы "Джонсан i Джонсан"; перакуплены ў святых айцоў кляштар, дзе цяпер спыняецца з гарэмам кароль Марока; былая рэзідэнцыя місіс Анасіс-Кенэдзі і лес, дзе мільянеры палююць на гаротных лісіц.
Нарэшце на даляглядзе з'яўляюцца горы. Пры дарозе, на беразе возера, стаіць дом індзейскага правадыра, якога завуць Гром. Каб ніхто з бледнатварых братоў, крый Божа, не памыліўся, аб гэтым нагадвае жоўты шчыт памерам з бульдозер.
Беларускі курорт падобны да нашых саўмінаўскiх пансіянатаў. Ёсць усяго парачка неістотных адрозненняў - тутэйшым паспалітым людзям пакуль што не прыйшло ў голаў заасфальтаваць лясныя сцежкі і зладзіць побач з бабрынымі хаткамі пляж.
"Belair-Miensk" - "a little place in Glen Spey, NY", а Грен-Спэй - "hamlet in the town of Lumberland, Sullivan County, New York", Кэтскілскія горы, знаёмыя з чытання Купера. Графства (акруга) Саліван мяжуе з Пенсільваніяй на рацэ Дэлавэр.
Трэці індзейскі "эпізод" з гэтай кнігі эсэ Арлова - пра музей у Берліне (Музейны цэнтр Берлін-Далем (Museumszentrum Berlin-Dahlem) уключае славуты Этналагічны музей (Ethnologisches Museum), які да 1999 г. называўся Museum fur Volkerkunde):
"У берлінскім Далемскім музеі найцікавейшымі для мяне нязменна застаюцца ацтэкі ды інкі. Няхай іх цывілізацыі не ведалі каня, кола i алфавіту - усе недахопы кампенсуе змрачнавата-вытанчаная эратычная кераміка і скульптура".
Літ.:
6499 Арлоў У. Берлінская фантазія // Крыніца. 1995. № 4. С. 24-26.
5615 Арлоў У. Божая кароўка зь Пятай авэню: зялёны нататнік // Арлоў У. Божая кароўка зь Пятай авэню. Мн., 1998. С. 73-107.
6169 Арлоў У. Бывай, Бэрлін... // Наша ніва. 1992. № 8. C. 14-15.
3617 Арлоў У. Гран Эдукадор / паласу падрыхт. У. Арлоў // Свободные новости плюс. 1996. Февр. № 5. С. 12.
4624 Арлоў У. За бугром, за рэчкай: вугорскі дыярыюш // Арлоў У. Мой радавод да пятага калена: эсэ. Мн., 1993. С. 66-76.
910 Арлоў У. За бугром, за рэчкай: вугорскі дыярыюш // Наша ніва. 1991. № 1 (май). С. 14-15.
8287 Арлоў У. Імёны Свабоды. [б. м.], Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2007
10858 Арлоў У. Пакуль ляціць страла. [б. м.], Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2012.
4626 Арлоў У. Тунэль зь Серабранкі ў Бэрлін // Арлоў У. Мой радавод да пятага калена: эсэ. Мн., 1993. С. 97-106.
2566 Арлоў У. Час чумы // Арлоў У. Міласць князя Гераніма: аповесці, апавяданні / маст. П. М. Драчоў. Мн., 1993. С. 38-93.
545 Арлоў У. Час чумы: аповесць // Арлоў У. Дзень, калі ўпала страла: аповесці і апавяданні. Мн., 1988. С. 61-127.
3837 Арлоў У. Час чумы: аповесць // Арлоў У. Пяць мужчын у леснічоўцы: аповесці, апавяданні, эсэ. Мн., 1994. С. 68-122.
546 Арлоў У. Час чумы: аповесць // Маладосць. 1988. № 5. С. 11-50.
5616 Арлоў У. Экспэдыцыя № 4 // Арлоў У. Божая кароўка зь Пятай авэню. Мн., 1998. С. 126-136.
2647 Орлов В. Время чумы / пер. В. Щедриной // Орлов В. А. Пока не погасла свеча: повести и рассказы: пер. с бел. / предисл. А. Семеновой. М., 1990. С. 61-117.
3879 Орлов В. Сибирская повесть: с бел. / пер. автора // Неман. 1995. № 10-11. С. 6-42.
БРЫШТЭЛЬ Ігар (Ihar Brishtel, Igar Bryshtel) - нарадзіўся ў аграгарадку Арэхаўскі Кобрынскага раёна.
На чэмпіянаце свету па пляжным футболе на Сейшэлах 5 траўня 2025 г. каманда Беларусі перамагла зборную Гватэмалы. Гэта быў заключны матч групавога этапу, Беларусь выйшла ў плэй-оф.
Лік - 12:3. Ігар Брыштэль забіў чатыры мячы. Галы фіксаваліся наступным чынам: 1:0 - Алег Гапон (6), 2:0 - Анатоль Рабко (12), 3:0 - Брыштэль (14), 4:0 - Рабко (16), 5:0 - Уладзімір Усціновіч (варатар) (20), 6:0 - Вадзім Бокач (22), 7:0 - Брыштэль (24), 8:0 - Бокач (26), 9:0 - Брыштэль (27), 9:1 - Пабла Крокер (Pablo Crocker) (27), 9:2 - Мантэпеке (Erick Montepeque, Erick Francisco Montepeque Avila) (28), 9:3 - Берні Маракін (Berny Marroquin) (30), 10:3 - Брыштэль (31), 11:3 - Рабко (32), 12:3 - Рабко (33).
Адмоўна ставячыся да спорту, акрамя, магчыма, шахмат і шашак, аўтар БСІ, калі нельга не зрабіць выбар, падтрымаў бы спартсменаў, каманды Гватэмалы, Балівіі, Перу і Эквадора ў іх індывідуальным або калектыўным супрацьстаянні з прадстаўнікамі Беларусі. Хаця ў індзеяністыку ён "трапіў" непасрэдна з захаплення футбольнай тэмай у "Физкультурнике Беларуси" і іншых газетах.
Мезаамерыка - адзін рэгіёнаў, з якога выводзяць "вынаходства" мяча і гульняў у яго.
Літ.:
1877 Родоначальники футбола // Рекламное приложение. Гомельская правда. 1985. 29 июня.
938 Барсук О. Л., Кудрейко А. И. Страницы футбольной летописи. Мн., 1987.
3604 Щербаков Б. Футбол изобрели индейцы? // Советская Белоруссия. 1998. 11 апр. С. 20.
3605 Щербаков Б. Футбол изобрели индейцы? // Экспресс-новости. 1998. 24-30 апр. С. 15.
12314 Пунтус Ю. "Смолевичи" будут в высшей лиге!: / беседовал Г. Солонец // Мінcкая праўда. 2011. 5 лістап. ("[беседа с тренером футбольной команды "Вигвам"]".)
5982 Юбрини М. Пророк из Лас-Рохаса: Нестор Комбен // Мир футбола. Гомельская еженедельная спортивная газета. 2001. 22 марта. С. 12-13. ("Индеец среди богачей…", французскі футбаліст, ураджэнец Аргенціны, на фота з інтэрнэту сапраўды падобны да індзейца.)
СЕМІРАДСКІ Юзаф (12) - вучоны паўторна піша пра "разбойніцкія" плямёны - сумняваемся, аднак, што ён мог пераканацца ў гэтым асабіста.
Юзаф Семірадскі
АБ ІНДЗЕЙЦАХ ПАЎДНЁВАЙ АМЕРЫКІ (12)
Увядзенне еўрапейцамі каня, які размножыўся ў незлічоных дзікіх статках, цалкам змяніла першабытны лад жыцця патагонцаў, як і іншых стэпавых плямён, якія сталі коннымі качэўнікамі і разбойнікамі [rabusiow].
Першабытныя паляўнічыя народы ператварыліся ў жывёлагадоўчыя плямёны [plemiona pasterskie]. Старажытная зброя; лукі і стрэлы з крэмніевымі наканечнікамі замянілі нажы, набытыя ў белых. Засталася толькі старадаўняя народная зброя - шырокавядомыя "болас" [bolas] - тры каменныя шары на доўгіх раменьчыках, якія распаўсюдзіліся па ўсёй стэпавай прасторы.
Сталых сядзіб у патагонцаў няма, а ёсць толькі пераносныя чатырохкутныя палаткі са скур гуанака, нацягнутых на бамбукавыя дубцы [prety]. Часта такія хаціны цалкам адкрытыя з аднаго боку і абароненыя толькі ад ветру (падобныя хаціны таксама ёсць у караадас [Koroados] на поўдні Бразіліі). Патагонцы не ведаюць ні земляробства, ні ткацтва. Іх адзіны промысел - вытворчасць футравых коўдраў са шкур гуанака, выдраў і іншых жывёл, апрацаваных [wyprawianych] на эскімоскі манер шляхам націрання іх тлушчам і размінаннем у руках. Шкуры сшываюцца страусавымі сухажыллямі. Патагонцы таксама майстры [Patagonczycy sa, rowniez mistrzami] у пляценні розных дробных вырабаў са скуры. Аднак цяпер гэтае майстэрства [sztuka] шырока распаўсюджана па ўсёй Паўднёвай Амерыцы як сярод індзейцаў, так і сярод белага насельніцтва.
Літ.:
13094 Нушыч Б. Аўтабіяграфія / [пер. сербскахарв. і прадм. І. Чароты]. Мн., 1985. ("Што пісаць, нам было зразумела не болей, чым тады, калі б ён сказаў: "Дзеці, праз тыдзень вы павінны прынесці сачыненне на тэму: "Біфуркацыя патагонцаў у паралелі да асцыляцыі эскімосаў"".)
ЮРЭВІЧ Валянцін (Valentin Yurevich) - нарадзіўся ў Калінкавічах у 1938 г.; памёр у 2008 г. - рак. Кандыдат фізіка-матэматычных навук, адзін з вядучых спецыялістаў у галіне астраметрыі і археаастраноміі, папулярызатар навукі.
Яго кніга пра індзейскую астраномію 2004 г. трапіла ў бібліяграфію да артыкула "Інкаў рэлігія" ў "Православной энциклопедии" (дзе яго прозвішча пададзенае як "Юрьевич" - так мы гэта і выпісалі на картку 31.03.2011 г.).
Ён здолеў стварыць даволі цэльнае апісанне яго жыцця, пачынаючы з беларускага дзяцінства, - "Астрономические мемуары (Записки несостоявшегося астронома)" (http://www.sai.msu.su/EAAS/rus/doc/MEM-12.htm). У мемуарах 8 глаў, з якіх дзве прысвечаны лацінаамерыканскім краінам: 5-ая - Куба, 7-ая - Эквадор.
У главе пра Кубу, куды ён адправіўся ў красавіку 1972 г. на два гады, ёсць пра яе абарыгенаў, але гэта не зусім "заграніца", а сучасныя індзейцы лагічна прысутнічаюць у эквадорскіх уражаннях. У главе пра Эквадор паўтараецца практычна ў літаральным сэнсе напісанае раней ва ўспамінах: "Паўтараю, што гады з 1974 па 1994, відаць, будуць самымі цяжкімі для пісання [писания]. Пасля Кубы я шмат разоў пабываў за мяжой. Калі захоўваць храналогію, атрымліваецца нейкая дзікая сумесь апісанняў жыцця і падзей дома і за мяжой. Каб не збіцца, паспрабую пачаць са спіса". Гэты спіс паказвае, як іншыя замежныя эпізоды сціпла упісаліся паміж часткамі яго грунтоўнага эквадорскага вопыту: 1976-1977 - Эквадор, 1978 - Балгарыя, 1978 - КНДР, 1979 - Эквадор, 1980 - Балгарыя, 1981 - Эквадор, 1983 - Японія, 1984 - Эквадор, 1985-1986 - Эквадор, 1987-1988 - Эквадор, 1990-1994 - Эквадор. Гэта даволі фенаменальна. "У цэлым атрымліваецца, што з гэтых 17 гадоў я правёў 7 гадоў за мяжой, і амаль усе гэтыя гады ў Рэспубліцы Эквадор. Прыйдзецца пакінуць храналогію і расказваць па краінах, а потым ужо зноў пра новае жыццё на радзіме. Пачну з Эквадора. Або, паводле БСЭ, з Экуадора".
"У гэтай краіне знаходзіцца самая старая абсерваторыя ў Амерыцы, калі не лічыць "абсерваторый" індзейцаў дакалумбавай Амерыкі. Заснавана яна была ў 1873 г. пры кіраванні прэзідэнта Гарсія Марэна, дыктатара і клерыкала, як яго пазначалі ў нашых падручніках гісторыі, і ў той жа час аматара астраноміі і прыродазнаўчых навук, які шмат зрабіў для развіцця навукі і адукацыі ў сваёй краіне. Пра гэта і многае іншае, звязанае з Эквадорам, можна прачытаць у маёй кнізе "Астраномія дакалумбавай Амерыкі", якая выйшла на рускай і іспанскай мовах у выдавецтве УРСС у 2004 і 2005 гг."
Мы плануем даваць тэксты з яго ўспамінаў не ў парадку іх апублікавання, а ў пэўным "тэматычным" парадку.
Валянцін Юрэвіч
ТАКІЯ РОЗНЫЯ ГУАЯСАМІНЫ
Я ўжо пісаў, што да мяне вымушаныя былі звяртацца ўсе, каму была патрэбная кансультацыя па астраноміі. Так я пазнаёміўся з Густава Гуаясамінам [Gustavo Guayasamin, Гуаясамин, варыянт у Юрэвіча - з "й", Гуайясамин), чалавекам, які ствараў этнаграфічныя фільмы пра жыццё індзейцаў Эквадора. Працаваў ён у адзіночку, сумяшчаючы ў сваёй асобе рэжысёра, аператара і ўвесь астатні здымачны калектыў. Несумненная заслуга яго ў тым, што ў яго фільмах застаецца "Амерыка, якая сыходзіць" - пад ціскам сучаснай цывілізацыі сыходзіць у мінулае лад жыцця абарыгенаў Эквадора, паступова забываюцца старадаўнія вераванні і звычаі. Праўда, гэты працэс сустракае і супраціўленне, адраджаецца нацыянальная самасвядомасць індзейцаў. Што цікава, тыя індзейцы Эквадора, якія атрымалі поспех у рамках капіталістычных адносін і сталі багатымі прамыслоўцамі, не імкнуцца пераймаць еўрапейцаў ці паўночна-амерыканцаў, а спрабуюць жыць па сваіх старажытных звычаях, у прыватнасці прынцыпова апранаюцца заўсёды ў нацыянальнае адзенне, хоць і не адмаўляюцца ад выгод цывілізацыі.
Трэба сказаць, што Г. Гуаясамін - бескарыслівы энтузіяст сваёй справы; ніводны з яго фільмаў не прынёс яму прыбытку, хоць у свой час ён нават атрымаў прэмію на Ташкенцкім кінафестывалі. У гэтых адносінах цікава параўнаць яго з сусветна вядомым мастаком Асвальда Гуаясамінам [Oswaldo Guayasamin]. На адной з першых сустрэч з Густава я спытаўся, кім яму даводзіцца мастак. І атрымаў адказ, што той - брат яго бацькі. Густава растлумачыў, што не хоча называць яго дзядзькам і амаль не падтрымлівае з ім адносін. Справа ў тым, што вялікі мастак Асвальда Гуаясамін вельмі меркантыльны чалавек, які намагаецца здабываць максімальны прыбытак са свайго бясспрэчнага таленту. Так і "левізна" палітычных поглядаў Освальда Гуаясаміна, на думку яго пляменніка, была толькі падставай для скандальнай вядомасці, якая спрыяе продажу карцін. Камерцыйны талент Асвальда адбіўся [сказался] ў стварэнні ў Кіта т.зв. Фонду Гуаясаміна, які сумяшчае ў сабе музей мастака, рэкламнае бюро і краму па продажы яго твораў. Фонд вельмі паспяхова функцыянуе і сярод іншага аказвае вялікую дапамогу маладым мастакам, музей цудоўны. Але ў доме брата мастака, бацькі Густава, ёсць усяго адна карціна Асвальда, ды і тая атрыманая ў абмен на старажытны сямейны абраз. З іншага боку, Асвальда перадаў у дар эквадорскай дзяржаве сотні твораў мастацтва коштам дзясяткі мільёнаў долараў. Не бяруся аналізаваць супярэчнасці гэтай сітуацыі, можна толькі сказаць, што дзве творчыя асобы, Густава і Освальда - людзі розныя.
Літ.:
13085 Юревич В. А. Астрономическая ориентация американских археологических памятников // Археоастрономия: проблемы становления: тезисы докладов международной конференции (Москва, 15-18 октября 1996 г.). М., 1996. С. 142-146. (Институт археологии РАН.)
13086 Юревич В. А. Астрономия доколумбовой Америки. М., 2004.
13087 Потемкина Т. М., Юревич В. А. Из опыта археоастрономического исследования археологических памятников (методический аспект). М., 1998.
13092 Davila H., Espin L., Yurevich, V. Posible significacion astronomica de las piramides de Cochasqui // Boletin del Observatorio Astronomico de Quito. 1986. P. 5-16. (Quito.)
13088 Orientacion astronomica de algunos monumentos arqueologicos del Ecuador (Cochasqui, Rumicacho, Puntiachil) / V. Yurevich, E. Almeida Reyes, L. Espin L., G. Guayasamin // Revista Geografica. 1995. № 35. P. 181-206. (Instituto Geografico Militar, Quito.)
13093 Yurevich V. A. Astronomia en la America precolombina. Moscu, 2005.
13089 Yurevich V., Davila H., Espin L. Investigaciones arqueoastronomicas de las piramides de Cochasqui // Revista del Centro Nacional de Inves-tigaciones Genealogicas y Antropologicas. 1992. № 10. P. 29-46. (Quito.)
Алесь Сімакоў , даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.
Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.
Індзейцы, индейцы , Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Belarus; Belarusians Meet Indians. Алесь Симаков. Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 149].
Беларусы ўпершыню заваявалі серабро чэмпіянату свету па пляжным футболе
Безумоўнымі фаварытамі сёлетняга фіналу лічыліся бразільцы, і ў самым пачатку сустрэчы Лукаш Лукаа вывеў іх наперад. Беларусы не збіраліся саступаць, і ў сярэдзіне першага перыяду Яўген Новікаў аднавіў парытэт. Адразу пасля перапынку Радрыга і Дыяга Катарына двойчы запар паразілі вароты Міхаіла Аўгустова. У апошняй трэці лепшы бамбардзір гэтага сусветнага першынства Ігар Брыштэль забіў два мячы - 3:3. І ўсё ж у канцы гульні бразільцы здолелі вырваць перамогу пасля ўдару Радрыга. Ігар Брыштэль другі раз запар стаў лепшым снайперам чэмпіянату свету, забіўшы 11 мячоў. Год таму ў Дубаі ён 12 разоў паразіў вароты супернікаў.
На шляху да фінальнага матча беларускія падапечныя іспанскага спецыяліста Нікаласа Альварада сталі лепшымі ў папярэдняй групе А, калі выйгралі ў каманд Сейшэльскіх астравоў (6:3), Японіі (6:3) і Гватэмалы (12:3). У чвэрцьфінале былі абыграны іранцы (4:3), а ў паўфінале беларусы ўзялі верх над сенегальцамі - 5:2.
Зборная Беларусі чацвёрты раз гуляла ў фінальных стадыях сусветных чэмпіянатаў: у 2024 годзе беларусы занялі чацвёртае месца, у 2019-м і 2021-м не змаглі прабіцца ў плей-оф.
Чэмпіянаты свету па пляжным футболе пачалі праводзіцца з 1995 года, з 2005 года яны праходзяць пад эгідай ФІФА. Зборная Бразіліі 16 разоў выйгравала золата, па тры чэмпіёнскія тытулы ў каманд Партугаліі і Расіі, адзін раз першынствавалі французы. У фінальным матчы ЧС-2024 у Дубаі бразільцы перамаглі італьянцаў з лікам 6:4, а ў гульні за бронзу іранцы аказаліся мацнейшымі за беларусаў - 6:1.
Паводле СМІ.
Перадсвяточны выезд бібліобуса
Перад 9-м траўнем адбыўся перадсвяточны выезд бібліобуса Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы па маршруце Дакудава-1, прысвечаны 80-годдзю Вялікай Перамогі.
Падчас выезду бібліятэкары правялі акцыю-віншаванне "Мы помнім свет уратаваны". Адзетыя ў салдацкую форму супрацоўнікі павіншавалі жыхароў вёскі з надыходзячым святам, расказалі аб значнасці ўспамінаў жудасных ваенных часоў. Гэтая акцыя нікога не пакінула абыякавым, чытачы выказалі ўдзячнасць і падзяку за святочную атмасферу напярэдадні самага дарагога свята - Дня Перамогі.
ТК "Культура Лідчыны".
Сустрэча з паэтам
У рамках мерапрыемстваў да Дня пісьменнасці ў Дзіцячым садку № 7 г. Ліды прайшла сустрэча з таленавітым дзіцячым пісьменнікам Кастусём Якубчыкам.
Кастусь Іосіфавіч распавёў дзецям пра гісторыю стварэння сваіх вершаў, пра ўдзел у розных конкурсах, у якіх часопісах, зборніках друкаваліся яго творы. Прачытаў дзецям свае любімыя вершы. Дзеці ўважліва слухалі, задавалі пытанні пісьменніку пра яго жыццё і творчасць.
ТК "Культура Лідчыны".