Папярэдняя старонка: 2025

Наша слова.pdf № 21 (177) 


Дадана: 20-05-2025,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 21 (177), 21 траўня 2025.

У Ватыкане прайшла ўрачыстая інаўгурацыя пантыфікату Льва XIV

18 траўня Папа Леў XIV афіцыйна заняў пасаду Пантыфіка і абвясціў сваю першую пропаведзь, якая заклікае да "любові і адзінства",

На інаўгурацыйнай імшы прысутнічала больш за чатыры тысячы саслужачых. Імша інтранізацыі Папы прагучала на іспанскай і англійскай мовах - самых распаўсюджаных мовах у свеце і мовах новага Папы.

Пасля агучвання Евангелля (на лацінскай і грэчаскай мовах) адбыліся асаблівыя абрады пачатку Пантыфікату: ускладанне паліўма і ўручэнне пярсцёнка рыбака.

Кардынал-дыякан Дамінік Мамберці ўсклаў на плечы Папы Льва белы ваўняны паліўм - сімвал пастырскай місіі і зносін з Сусветнай Царквой.

Кардынал Луіс Антоніа Тагле з Філіпін надзеў на палец новага Папы пярсцёнак рыбака, сімвал улады. Пярсцёнак таксама адзначае Льва XIV як пераемніка Святога Пятра, апостала-рыбака і першага Папы.

Беларускую дэлегацыю на інаўгурацыі ўзначальваў старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка. У час урачыстай цырымоніі ён сустрэўся з Папам Львом XIV.

Ігар Сергяенка перадаў Папу Льву XIV віншаванне ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, а таксама падарунак ад кіраўніка беларускай дзяржавы - копію абраза Маці Божай Жыровіцкай. Арыгінал знаходзіцца ў Жыровічах.

Паднесены ў падарунак Папу Льву XIV абраз зроблены майстрамі менскага Свята-Лісавецінскага манастыра ў тэхніцы ручнога ціснення, серабрэння і залачэння. 20 траўня 2025 года ў Беларусі святкуецца 555-годдзе з дня знаходкі гэтага цудатворнага абраза.

БелТА.

"Багародзіца, Дзявіца, Богам славёна Марыя"1

(150-годдзе лідскай копіі Вастрабрамскага абраза Божае Маці)

У 2025 годзе святкаванне найурачысцейшага хрысціянскага свята - Вялікадня - атрымалася асаблівым, бо яго спраўлялі ў адзін дзень праваслаўныя і католікі. Гэтая падвоеная ўрачыстасць асабліва адчуваецца на Лідчыне, дзе большасць дружынаў (так у нашай гаворцы называюцца сем'і2) перамяшаныя ў канфесійным стасаванні. А ў наступную пасля Вялікадня (Паскі3) нядзелю - Антыпаску (знаўцы даўняй беларускай літаратуры адразу ўспомняць Слова на Антыпаску Кірылы Тураўскага), 27 красавіка4, у праваслаўным календары адзначаецца святочная памяць Божае Маці ў гонар яе цудадзейнага Віленскага Вастрабрамскага абраза. Гэтая дата абрана дзеля памяці ў гэты самы дзень трох віленскіх мучанікаў Антонія, Яна і Яўстахія. Другой датай святочнага шанавання Вастрабрамскага абраза пазначаны наступны дзень пасля Божага Нараджэння - 8 студзеня5. У каталіцкім набажэнстве віленскаму абразу аддаецца літургічная пашана 16 лістапада. Святкаванне віленскай святыні таксама паказальна для Лідчыны, бо Вастрабрамскі абраз Багамаці аднолькава шануецца і католікамі, і праваслаўнымі. Лідчына - частка гістарычнай Віленшчыны, і дагэтуль ледзь не ў кожнай хаце лідзяніна-тубыльца вісіць абразік з выявай іконы з Вострай брамы. Лідзяне-католікі маюць пабожны звычай замест фота на помніку памерлай жанчыны змяшчаць выяву менавіта Вастрабрамскага абраза Божай Маці.

У лідскай цэркве ("цэрква" ў нашай гаворцы) святога Юрага, якая ў 2025 г. адзначыць 150-годдзе з дня свайго заснавання, увесь час знаходзілася копія Вастрабрамскага абраза, намаляваная6 на вялікай дошцы. Такім чынам, гэтая копія - аднагодніца цэрквы, а, можа, і старэйшая за яе. Праз доўгі час абраз сцямнеў, але ўсё адно захаваў прыгожае аблічча Багародзіцы. Ад віленскага арыгіналу ён адрозніваецца меншым памерам і надпісам на царкоўнаславянскай мове фрагменту літургічнага спеву: "Честнъйшоую хероувім и славнъйшоую безъ сравнения серафимъ" [ "Больш годную пашаны за херувімаў і без параўнання больш слаўную за серафімаў]7. Гэты надпіс зроблены пад уплывам містыфікацыі гісторыка-аматара, нараджэнца Лідскага павету Тэадора Нарбута (1784-1864; пра яго выйшла выдатная кніга лідскага даследніка Л. Лаўрэша8), які ў сваіх "Дзеях народу літоўскага" выклаў выдуманы аповед пра існаванне гэтага надпісу на вывезеным вялікім князем Альгердам цудадзейным абразе з крымскага Корсуня (сёння гэта ўскраіна Севастопаля) ў Вільню ў 1369 г. Нарбут спасылаўся на выдуманую крыніцу - рукапіс 1649-1669 гг. святара Даніеля Ладзяты, што нібыта захоўваўся ў кляштары босых кармелітаў. Толькі ў XX ст. даследаванні спецыялістаў зняпраўдзілі гэты прыгожы падман.

Пачынаючы з 1927 г. святыня пільна вывучалася адмыслоўцамі, якія ўсталявалі, што Вастрабрамскі абраз Божай Маці намаляваны невядомым майстрам у 1620-х-1630-х гадах на велічэзнай дубовай дошцы. Мастака натхнілі гравюры Гіранімуса Вірыкса, зробленыя па малюнках вялікага фламандскага маляра Марціна дэ Воса (1532-1603), якія выяўлялі парныя фігуры Хрыста ў калючым вянцы і Багародзіцу са скрыжаванымі рукамі на грудзях. Вастрабрамскі абраз таксама першапачаткова быў парным, і разам з ім на браме месціўся абраз Хрыста. У канцы XVIII ст. гэты абраз вынеслі ў касцёл у места, і зараз ён захоўваецца ў Музеі царкоўнай спадчыны.

У 1671 г. быў зафіксаваны цудоўны выпадак: пасля малітвы да Божай Маці аджыло дзіцё, якое звалілася з даху. У 1702 г. у час Паўночнай вайны ля Вострай брамы адбылася сутычка са шведамі, але ніхто з абаронцаў места не загінуў дзякуючы, як яны лічылі, Божай Маці. Некалькі гадоў пасля, ужо расейскі жаўнер спрабаваў скрасці каштоўную рызу з абраза, але, згодна з апісаннем цудаў, забіўся, будучы адкінутым на цагляную сцяну. У час пажару 1711 г., які знішчыў драўляную капліцу, вялікі, цяжкі абраз, што не па сілах падняць аднаму чалавеку, вынес з агню малады манах, і гэта таксама было ўспрынята за цуд. У людской памяці захаваліся выпадкі ацалення ад хваробаў, дапамогі ў цяжкіх абставінах, ратавання ад смерці і небяспекі пасля малітваў аб дапамозе да Божай Маці. У 1849 г. унізе абраза змясцілі вялікую сярэбраную ахвяру-воту ў выглядзе месяца.

Хоць святына ўвесь час месцілася ў католікаў, але праваслаўныя шанавалі яе таксама здаўна. У XVIII ст. у Расеі пачалі распаўсюджвацца абразы, блізкія па кампазіцыі да Вастрабрамскага. Падобны абраз знаходзіўся ў келлі вядомага святога Серафіма Сароўскага (+ 1833), які ласкава называў яго "Радасць усіх радасцяў". Зараз ён мае назоў Серафіма-Дзівееўскага "Замілаванне". Нездарма ў позні жыццяпіс гэтага святога быў перанесены з апісання цудаў перад Вастрабрамскім абразом сюжэт падзення з даху дзіцяці. Агіёграф атаясаміў дзіцё з маленькім Серафімам, а саму падзею перанёс на званіцу ў Курску. Сярод падобных копіяў вядомыя Града-Якуцкая ікона, якую прывёз у Якуцк дзекабрыст А. Бястужаў і абраз з Янавай слабады Войска Донскага.

Некрытычнае ўспрыманне легендарнай версіі Нарбута пра старажытнае паходжанне абраза ўтварыла кароткачасовае напружанне паміж вернікамі дзвюх канфесій у Вільні, калі адна з іх безпаспяхова імкнулася "вярнуць" абраз сабе. Такія спробы з 1840 г. рабіў Язэп (Сямашка), архіепіскап Літоўскі і Віленскі Праваслаўнай расейскай царквы9.

Ліда ў царкоўным дачыненні юрысдыкцыйна ўваходзіла ў Кіеўскую мітрапаліцкую архіепархію, а пасля далучэння да Праваслаўнай расійскай царквы ўвайшла ў Літоўскую і Віленскую, якую ў 1913-1917 гг. ачольваў Ціхан (Бялавін), пасля эвакуацыі ў Расею абраны маскоўскім патрыярхам. 3-4 траўня 1914 г. Ціхан наведваў Ліду, начаваў у нашым горадзе, адпраўляў набажэнства. Ён таксама наведаў цэркву св. Юрага на праваслаўных могілках (зараз арыенцірам цэрквы служыць завод электравырабаў), дзе захоўваецца копія шанаванага Ціханам Вастрабрамскага цудадзейнага абраза Багародзіцы.

У 2025 г. споўнілася 100 гадоў з дня спачыну патрыярха Ціхана, і 2-4 траўня ў Ліду прывозілі часцінку яго мошчаў.

У сувязі з усімі вызначальнымі і юбілейнымі датамі копія цудадзейнага Вастрабрамскага абраза Божае Маці з цэрквы св. Юрага ў Лідзе з 27 красавіка (дня памяці) па 4 траўня перабывала ў цэркве св. Матруны ў в. Няцеч (пасёлак Першамайскі) Лідскага раёна, у якой адбываўся парафіяльны фэст.

Пасля фэсту абраз быў вернуты ў Ліду і зараз вісіць на сваім месцы - усходняй сцяне, на тым самым месцы, дзе звонку ўсталяваны памятны медальён з выявай князя Канстанціна Іванавіча Астрожскага. Князь вядомы шанаваннем Багародзіцы. Дзякуючы ягонаму фундаванню быў адноўлены Прачысценскі сабор у Вільні. Прачыстая - эпітэт Багародзіцы, цэрквы з назвай Прачысценская асвечаны ў гонар галоўнага багародзіцкага свята - Успення (15/28 жніўня).

Хай Божая Маці - заступніца хрысціянаў перад Сваім Сынам - бароніць жыхароў нашай краіны і захоўвае іх у міры і здароўі.

Уладзімер Камінскі.

1 Пачатковыя словы "Багародзіцы" - гімну Вялікага Княства Літоўскага.

2 Згодна са сведчаннем выбітнага філолага Юра (так ён сам сябе называе) Пацюпы, які выхоўваўся і ўбіраў жывую беларускую мову ў вёсцы Дамейкі на Лідчыне, сям'я - "дружына", сваякі - "радзіна", больш шырокі круг - "фаміля", а адзін заступнік (прадстаўнік) фамілі - "фамільят".

3 Грэцкае слова "пасха" з-за фанетычнай нязручнасці яго ўжывання ў давальным і месным склонах было адаптавана ў нашай мове і прыняло форму "паска". "Пасха" вымагае немажлівага чаргавання - аб "пассе". Таму ў нашай мове ўтварылася натуральная форма "паска" з натуральным чаргаваннем - аб "пасцы".

4 Па грыгарыянскім календары (новым стылі), якому зараз адпавядае 14 красавіка па юліянскім календары (старым стылі). Пад апошняй датай святочная памяць і існуе насамрэч.

5 26 снежняя па юліянскім календары. Шараговы абываталь забываецца, а можа і не ведае, што Раство 7 студзеня ніхто ў свеце не святкуе. Раство Хрыстова ўсімі хрысціянамі, апроч армянскіх, адзначаецца толькі 25 снежня, але па розных календарных сістэмах. Пры канвертаванні гэтых сістэм і з'яўляецца дата 7 студзеня. Розніцца паміж сістэмамі ўвесь час расце. Калі ў нашым краі ў 1582 г. быў уведзены грыгарыянскі каляндар (новы стыль), то канвертацыя давала дату Раства Хрыстовага 4 студзеня, а ў XIX ст. ужо 6 студзеня. Праз 75 гадоў Калядам будзе адпавядаць 8 студзеня. У будучым юліянскі каляндар (стары стыль) будзе вымушаны канчаткова зысці ў гісторыю, бо інакш давядзецца некалі Божае Нараджэнне святкаваць улетку.

6 У беларускай мове абразы "малююць" "маляры", як і ўсё астатняе, што трэба пакрываць фарбай альбо мазаць. Насычэнне колерам тканіны, валасоў і яёк называецца "фарбаваннем", а дзеяслоў "пісаць" мае выключна графічны сэнс - пішуць лісты і г. д. "Пісаць" у сэнсе маляваць абразы ці карціны, і негатыўны сэнс слова "маляваць" прыйшлі да нас з расейскай мовы.

7 Херувімы і серафімы - віды анёлаў. Дыграфам "оу" з-за тэхнічнай немажлівасці ўставіць у тэкст адзінкавую графему я перадаю фанему "ук", якая мае абодва варыянты абазначэння на пісьме.

8 Лаўрэш Леанід. Тэадор Нарбут: Навуковая і літаратурная дзейнасць, сям'я і сядзіба, яго час. Издательские решения, 2025. - 172 с.

9 Комашко Н. Н. Остробрамская икона Божией Матери // Православная энциклопедия / под ред. патр. Кирилла. - М, 2019. - Т. 53. - С. 458-461.

Хрышчэнне перад абразом Маці Божай Вастрабрамскай

У Першамайскай царкве пасля фэсту адбылося хрышчэнне немаўляці перад абразом Маці Божай Вастрабрамскай. Абрад здзейсніў а. Уладзімір Камиіскі.

Фота Маргарыты Снапко.

Шнаркевічы

Жылі ў ХХ стагоддзі на нашай зямлі цудоўныя людзі - Язэп і Надзея Шнаркевічы. Пра іх і хачу сёння згадаць. Пачну з Язэпа Шнаркевіча (1888-1974).

Язэп Шнаркевіч быў таленавітым настаўнікам, стваральнікам Нясвіжскай, а пасля Клецкай беларускіх гімназій у першай палове ХХ стагоддзя.

Напачатку 1920-х гадоў у Нясвіжы існавалі дзве прыватныя гімназіі - жаночая і мужчынская. Канцэсію на расійскую жаночую гімназію ў той час меў грамадзянін Георгій Жаўняркевіч. На базе гэтай гімназіі спачатку былі створаны асобныя беларускамоўныя класы, а потым, дзякуючы Язэпу Шнаркевічу, у 1921 годзе ў Нясвіжы на базе першых класаў жаночай гімназіі з'явілася прыватная Нясвіжскай беларуская гімназія. Заняткі праводзілі ў хатах жыхароў Нясвіжа. Настаўнік выкладаў беларускую мову і агульнаадукацыйныя прадметы. Колькасць вучняў у гімназіі павялічвалася, і гэта спалохала мясцовую польскую ўладу. А потым, з-за адсутнасці памяшкання, прыгоднага для гімназіі, настаўнікам і вучням гэтай установы было няпроста. Але выкладчыца нямецкай мовы Нясвіжскай беларускай гімназіі яўрэйка Рыта Эпштэйн прадставіла два пакоі ў сваёй прыватнай кватэры. Так пратрымалася гімназія адзін год. А потым дапамаглі жыхары Нясвіжа Апанас Вітушка, Нікадзім Дылеўскі, Міхал Кулакоўскі, якія вырашылі пытанне з памяшканнямі. І гімназія праіснавала ў Нясвіжы яшчэ два гады - разам тры гады. А потым пераехала ў Клецк.

Праз пэўны час Язэпа Шнаркевіча выклікалі ў Нясвіжскае павятовае староства, дзе яму забаранілі ўтрымліваць гімназію і выкладаць у школе. Але гімназію ўтрымаць змаглі бацькі дзяцей і настаўнікі, якія працавалі побач з Язэпам Шнаркевічам. Таму ў 1924 годзе мясцовая ўлада ўсё ж дазволіла адкрыць у Клецку гіназію 1-4 класаў з правам вучыцца да 8-га класа. Але сам Язэп Шнаркевіч пад пагрозай арышту вымушаны быў пакінуць Клецк і Нясвіж і з'ехаць у Вільню. Тым не менш, Клецкая беларуская гімназія пачала працаваць і была беларускай не толькі па назве, але і па духу.

Пакінуўшы Нясвіж і Клецк Язэп Шнаркевіч прыехаў у Вільню. У 1925-1926 і 1928-1933 гадах ён працаваў выкладчыкам Віленскай беларускай гімназіі. Быў адным з арганізатараў Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ). У 1925 годзе Язэпа Шнаркевіча арыштавалі польскія ўлады па справе БСРГ, і амаль год ён правёў у турме.

Пасля турмы беларускі настаўнік і палітык працаваў у віленскіх школах, захапіўся пчалярствам, супрацоўнічаў з віленскім часопісам "Беларуская борць", сябраваў з Зоськай Верас (1892-1991), якая была рэдактарам месячніка "Беларуская борць" і якім карысталіся пчаляры па ўсёй Заходняй Беларусі. Жыў ён у Вільні на вуліцы Карльсбадскай, 33, любіў агарод, прадаваў саджанцы вінаграду. Але ў 1933 годзе па палітычных матывах быў звольнены з працы і ў верасні 1939 года зноў арыштаваны польскамі ўладамі і інтэрнаваны ў канцлагер Картуз-Бяроза. З прыходам савецкай ўлады ў Заходнюю Беларусь Язэпа Шнаркевіча вызвалілі, і ён пачаў працаваць у беларускай школе ў Вільні, а падчас вайны - у Віленскай беларускай настаўніцкай семінарыі. Пра яго Янка Багдановіч у сваёй кнізе "На жыццёвым шляху" (Мінск, 1992. С.84) сказаў: "Язэп Шнаркевіч - чалавек спакойны, зраўнаважаны, з мяккім і гуманным характарам. Дапамагаў вучням, чым мог: шыў чаравікі і прыносіў у прытулак гімназіі. Зараз жыве, мае ўжо 87 гадоў…".

Вучнем Язэпа Шнаркевіча быў і гісторык Мікалай Улашчык (1906-1986). У пісьме да Янкі Брыля 14 снежня 1985 года Мікалай Улашчык пісаў: "Ці ведалі Вы Язэпа Шнаркевіча? У 1919 годзе дзве вышэйшыя пачатковыя школы былі зроблены беларускімі, у адной вучыўся я, а настаўнікам беларускай мовы і літаратуры стаў Шнаркевіч. У 1966 годзе я спаткаўся з ім у Вільні, і колькі-небудзь моцнага ўражання ён не зрабіў і наогул, пэўна, не быў выдатным дзеячам, але як школьны прапагандыст ён быў выдатны. Ва ўсякім разе, нас малых (13-14 гадоў), якіх усё жыццё вучылі зневажаць усё сваё, ён за некалькі месяцаў зусім "перарабіў"… Як дэталь хачу Вам сказаць, як я ўпершыню пачуў, што беларуская літаратура - гэта свая…" (Мікалай Улашчык. Выбранае. Мн., 2001. С.513-514).

Жонкай Язэпа Шнаркевіча была Надзея Калядзянка (1897-1974) - беларуская грамадска-культурная дзеячка, педагог і краязнавец.

Надзея Калядзянка нарадзілася 30 верасня 1897 года ў Берасці. Калі ёй было 7 гадоў, памёр бацька. Пераехала з маці ў вёску Вострава Кобрынскага павета, а пасля ў Пружаны. Скончыла Пружанскую прыватную жаночую гімназію і пачатковую педагагічную школу. Паўгады працавала ў царкоўна-прыходской школе, а пасля ў дзяржаўнай школе. А калі пачалася Першая сусветная вайна, яна з маці выехала ў бежанства ў расійскі горад Сызрань. Там працавала ў школе, а потым у аддзеле народнай асветы.

Далёка ад Бацькаўшчына Надзея прабыла чатыры гады і ў 1919 годзе вярнулася дамоў у Пружаны. Скончыла настаўніцкія курсы і зноў пачала працаваць настаўніцай у сямігадовай польскай школе ў Пружанах. Але восенню 1924 года яна была звольнена. Дзякуючы знаёмым і сябрам Надзея прыехала ў Вільню. Там у пошуках працы яна звярнулася да тагачаснага старшыні Беларускага пасольскага клуба ў польскім сойме Браніслава Тарашкевіча. І ён дапамог Надзеі з працай. Спачатку уладкавалася загадчыцай дзіцячага прытулка-інтэрната пры Віленскай беларускай гімназіі. Потым прымала самы актыўны ўдзел ва ўсіх справах Таварыства беларускай школы (ТБШ). Яна становіцца супрацоўніцай сакратарыята ТБШ.

20 лістапада 1924 года з Нясвіжа у Вільню прыязджае настаўнік Язэп Шнаркевіч. Палескі школьны куратар Вольбэк, стараючыся давесці да ліквідацыі беларускую гімназію, рознымі сродкамі перашкаджаў і ўскладняў працу ў гімназіі. Ён пазбавіў Язэпа Шнаркевіча канцэсіі і забараніў яму выкладаць у школе. Беларускі настаўнік змушаны быў пакінуць Нясвіж. Ён прыехаў у Вільню і стаў сакратаром Цэнтральнай школьнай рады. Там Надзея Калядзянка і Язэп Шнаркевіч пазнаёміліся і пабраліся шлюбам у 1926 годзе.

Напачатку 1930-х гадоў Надзея Шнаркевіч уваходзіць у Віленскую беларускую жаночую арганізацыю імя Алаізы Пашкевіч (Цёткі). Гэта арганізацыя ў 1931 годзе пачала выдаваць свой грамадска-палітычны часопіс "Жаноцкая справа". Рэдактарам часопіса стала Надзея Шнаркевіч.

"Жаноцкая справа" выдавалася з сакавіка 1931 да верасня 1931 года ў Вільні. Выйшлі чатыры нумары. Галоўнай мэтай часопіса было пашырэнне нацыянальнай свядомасці сярод беларускіх жанчын, аб'яднанне іх на грунце грамадскай працы, а таксама агульнаасветніцкія задачы. Часопіс узнімаў актуальныя пытанні жыцця, побыту, грамадскага становішча жанчын Заходняй Беларусі. Пра гэта распавядалі артыкулы "Да працы", "Да беларускіх матак", рубрыка "Да нас пішуць" і іншыя. Перадавыя артыкулы пісала сама Надзея Шнаркевіч.

Гістарычна асэнсоўвалася ў часопісе абвяшчэнне незалежнасці Беларусі 25 сакавіка 1918 года. Інфармавала выданне пра палітычныя і грамадскія падзеі ў Заходняй Беларусі і Польшчы: аб звальненні педагогаў з Віленскай беларускай гімназіі з-за палітычнай ненадзейнасці, аб арышце Браніслава Тарашкевіча, увядзенні надзвычайных судоў і новага турэмнага рэжыму ў Польшчы, дзейнасці Беларускага дабрадзейнага таварыства і іншыя.

Знаёміў часопіс са становішчам жанчын і жаночымі рухамі розных краін у свеце (рубрыка "З жаноцкага свету"). Праводзіў агітацыю часопіс супраць алкагалізму. Даваў канкрэтныя парады, як адкрыць беларускую бібліятэку-чытальню. Змяшчаў літаратурныя матэрыялы (артыкулы пра жыццё і творчасць Цёткі; эцюд пра паэтак Савецкай Беларусі Зінаіду Бандарыну, Наталлю Вішнеўскую, Яўгенію Пфляўмбаўм, а таксама іх вершы; лірычна-інтымную мініяцюру Наталлі Арсенневай; пераклады замалёвак з чэшскай мовы). Інфармаваў чытачоў часопіс пра новыя беларускія выданні, асабліва пра кніжкі для дзяцей. Змяшчаў парады для хатняй гаспадыні (рубрыка "Парады маці" Людвікі Войцік, артыкулы аб гігіене, аб шыцці і вышыванні, парады "Бабулькі" (верагодна, Зоські Верас). Меў рубрыкі часопіс "Пытанні і адказы", "Рознае", "Наша пошта" і іншыя. Поўнасцю нумары часопіса рыхтавала Надзея Шнаркевіч.

Другую сусветную вайну Надзея і Язэп Шнаркевічы перажылі ў Вільні. А пасля вайны жанчына цяжка захварэла, але была не спаралізавана, як піша "Энцыклапедыя гісторыі Беларусі" (Мінск, 2003. Т. 6. С. 225). Яшчэ да вайны ў яе адкрылася язва страўніка з камплікацыямі. Больш пра стан здароўя Надзеі згадвае Зоська Верас у кнізе "Я помню ўсё" (Гародня-Уроцлаў, 2013. С.104, 108). Вось некалькі прыкладаў. У лісце да настаўніка Алеся Белакоза з Гудзевіч Мастоўскага раёна Зоська Верас пісала ў чэрвені 1970 года: "Была я ў Надзеі Маркаўны Шнаркевіч. Яна як быццам крыху ажывілася, прынамсі, рукі перасталі балець. Але наагул - мучаніца яна". А ў лістападзе 1970 года ў лісце да Адама Мальдзіса Зоська Верас паведамляла: "Марыцца мне, каб пазнаёміць Вас з Надзеяй Маркаўнай Шнаркевіч. Гэта чалавек вялікай сілы духу. Былая кіраўніца ТБШ, паміма 73 гадоў жыцця, з чаго больш за 30 прыкаваная да ложка (але не спараліжаваная), дасюль поўная энергіі, ініцыятывы, волі да грамадскай працы".

Надзея Шнаркевіч сябравала з многімі вядомымі людзьмі Беларусі, шмат гадоў перапісвалася. Яна збірала фотаальбомы па гісторыі Нясвіжска-Клецкай, Наваградскай, Радашковіцкай і Віленскай беларускіх гімназій. Краязнавец з Маладзечна Міхась Казлоўскі неяк сказаў мне, што некалькі альбомаў ён сам трымаў у руках. Гэта былі даволі вялікія альбомы са здымкамі беларускіх гімназій, найбольш трапіла ў альбомы здымкаў-арыгіналаў. Некалькі альбомаў магчыма захоўваюцца ў Алесі Луцкевіч у Вільні. Сярод фотаальбомаў беларускіх гімназій, быў і альбом, прысвечаны беларускаму спеваку Міхасю Забэйду-Суміцкаму. А яшчэ Надзея Маркаўна запісвала народныя песні, музычны фальклор. " Пару гадоў таму запісала цэлае беларускае вяселле (песні) - ад запоінаў да канца. Ноты напісаў П. Каруза. Цяжка ёй было над гэтым працаваць, але цешыла сябе, што мо з гэтага будзе карысць. Літоўцы зрабілі такое "Вяселле" для тэлебачанння… Але не ў нас. Узяла Г. Барташэвіч, нічога не зрабіла…", - пісала Зоська Верас Адаму Мальдзісу ў студзені 1975 года.

Пісала Надзея Шнаркевіч і артыкулы ў газеты і часопісы. Напрыклад, у 1969 годзе яна даслала ў газету "Літаратура і мастацтва" артыкул "Аб народным мастацтве", але яго доўга не друкавалі. Па словах усё той жа Зоські Верас, ён быў добра напісаны. І яна прасіла паэта Сяргея Панізька, каб той пацікавіўся лёсам артыкула. Звярнуўся нядаўна да Сяргея Сцяпанавіча і я, запытаў наконт таго артыкула, але ён не памятае.

Шчыра сябравала Надзея Маркаўна Шнаркевіч з настаўнікам, заслужаным работнікам культуры Беларусі, заснавальнікам Гудзевіцкага літаратурна-краязнаўчага музея Алесем Мікалаевічам Белакозам (1928-2016). Жанчына дасылала з Вільні для музея этнаграфічныя экспанаты і рэчы сялянскага побыту, збірала для іх музычны фальклор. Аднойчы Надзея Маркаўна прыслала ў музей вялікую пасылку ў якой ляжаў беларускамоўны глобус з Віленскай беларускай гімназіі. Гэты глобус Надзеі Шнаркевіч прынёс Янка Багдановіч, а яна падаравала Гудзевіцкаму музею. Дарэчы, гэты глобус у музеі захоўваецца і сёння. Ён адзіны беларускамоўны глобус у свеце. Глобус, хутчэй за ўсё, з'явіўся на свет па заказу Віленскай беларускай гімназіі ў 1939 годзе, але ўжо пры савецкай уладзе, бо на ім пазначана "Камітэт картаграфіі".

Дзякуючы супрацоўнікам Гудзевіцкага літаратурна-краязнаўчага музея адшукаў у фондах музея некалькі лістоў ад Надзеі Маркаўны Шнаркевіч. У адным лісце ад 8 сакавіка 1970 года яна пісала: "Паважаны Алесь Мікалаевіч! Пасылаю Вам глобус, якім карысталася Віленская беларуская гімназія ў апошнія дні яе існавання. Апрача гэтага дадаю некалькі ўзораў нашага арнаменту. Выткаў іх Ян Тулейка. А што ў Вас добрага чуваць? Надыходзіць вясна. Не забудзьце пра вінаград. Пашукайце яму добрае сонечнае месца - паўднёвую сцяну. А вось яшчэ што. Можа б вашыя дзяўчаткі павучыліся ад старых бабулек, якім напэўна вядомы такі від нашага мастацтва, ткаць паясы. Маем шмат узораў на паперы, ахвотна падзелімся. Калі там у Вас будзе трудна дастаць нітак, то можна было б выслаць адсюль. Тут выбар вялікі: і шоўку, і рысу. Падумайце пра гэта.

Паштоўкі з беларускім арнаментам выдаў Уладыслаў Паўлюкоўскі. Вільня. Друкарня імя Ф. Скарыны, 1938 год.

Пакуль усяго найлепшага. Поспехаў Вам у Вашай святой справе.

Шчыра прызнаная - Надзея Маркаўна Шнаркевіч".

Напачатку 1973 года Надзея Шнаркевіч на паштоўцы напісала ліст усім супрацоўнікам Гудзевіцкага музея: "Даражэнькія! Дзякуй за віншаванні і за добрыя пажаданні. Няхай жа Новы год і Вам усім прынясе як найбольш радасці, удачы і поспехаў у Вашай пачэснай працы на карысць Маці-Радзімы. Фотаздымкі маю толькі далёкіх мінулых часінаў. Цяперашніх не маю, як зраблю - прышлю. Н.М. Шнаркевіч".

У добрых адносінах з Надзеяй Шнаркевіч быў беларускі грамадска-культурны дзеяч з Вільні Янка Багдановіч (1906-1990). У 1992 годзе Арсень Ліс падрыхтаваў і выдаў кніжку ўспамінаў Янкі Багдановіча "На жыццёвым шляху". У ёй аўтар светла і шчыра прыгадвае і пра Надзею Маркаўну: "Прыпамінаецца, што вельмі коратка жыла ў нашым будынку п. Шнаркевічыха, не памятаю яе дзявочага прозвішча. Жыла яна ў нас нядоўга, але пакінула па сабе добрую, шчырую, гуманную памяць. Памятаю, з польскай мовы была ў мяне слабая ацэнка, і яна мне многа памагала падрыхтавацца да экзамену, давала бясплатныя лекцыі-ўрокі не толькі мне, але і іншым маім таварышам, якія знаходзіліся ў прытулку. Жыла вельмі скромна, апрача стала і нейкага тапчанчыка, нічога больш не было. Кожны з вучняў адчуваў яе сціпласць і апеку над дзецьмі. Часта прыходзіцца ўспамінаць добрымі, шчырымі словамі. Сёння ўжо вельмі старэнькая, але вельмі цікавіцца ўсім і ўсімі. Чытае многа літаратуры і добра ва ўсім арыентуецца, мае вельмі добрую памяць, памятае ўсіх тых, каторыя вучыліся ў віленскай беларускай гімназіі, а таксама тых, каторыя знаходзіліся ў прытулку. Многія наведваюць, многія забыліся, а частка дзяцей рассыпалася па свеце і не мае магчымасці наведаць".

У 1964 годзе Надзея Маркаўна напісала невялікія ўспаміны з працы ў Таварыстве беларускай школы ў 1924-1930 гадах у Вільні. Гэтыя ўспаміны мне нядаўна даслаў паэт Алег Мінкін. У апошнім абзацы ўспамінаў Надзея Маркаўна занатавала: "Я з усёй упэўненасцю кажу, што як народ беларускі, так і ягоная мова жылі, жывуць і будуць жыць, развівацца і квітнець. І выйдзе яшчэ з гушчару майго народа шмат-шмат самародкаў, каторыя праславяць нашу мову ў стагоддзях! А нашчадкі няхай ведаюць, як беларускі народ змагаўся за мову сваіх дзядоў і прадзедаў, за школу ў роднай мове, за сваю нацыянальную культуру". І працягвае змагацца ўжо 60 гадоў пасля слоў Надзеі Шнаркевіч.

Памерлі Надзея і Язэп Шнаркевічы ў адзін год - у 1974-м. Пахаваны ў Вільні на праваслаўных Свята-Ефрасіннеўскіх могілках.

Сяргей ЧЫГРЫН.

Міжнародны дзень музеяў

Міжнародны дзень музеяў (англ.: International Museum Day) - прафесійнае свята работнікаў музеяў свету, якое паводле рашэння ХІІ Генеральнай асамблеі Міжнароднай рады музеяў адзначаецца з 1977 года штогод 18 траўня і прысвечана пэўнай тэме, якая вызначаецца Кансультацыйным камітэтам рады.

У 2013 годзе больш за 100 музеяў Беларусі далучыліся да еўрапейскай акцыі, прысвечанай святкаванню дня музеяў і ночы музеяў. Калектыў кожнага з музеяў падрыхтаваў сваю арыгінальную праграму, якая адпавядала міжнароднаму дэвізу "Музей, памяць і крэатыў - сацыяльныя змены". У актыўную працу ўключыліся не толькі сталічныя музеі, але і рэгіянальныя.

Сёлета ў Лідскім музеі імпрэзы ішлі на ўсіх пляцоўках.

Удзел прыняў і яго аб'ект - Дом Валянціна Таўлая. Лакацыя мела назву "У гасцях у Таўлая". На ёй былі прадстаўлены тры прадметы: "Партрэт Валянціна Таўлая" лідскага мастака Уладзіміра Мельнікава (2004 г.); сцізорык, які быў падараны Валянцінам Таўлаем камісару партызанскага атрада імя Катоўскага брыгады імя Дзяржынскага ў 1943-1944 годзе; зборнік вершаў Валянціна Таўлая "Выбранае" за 1947 год (першая кніга вершаў паэта).

Прыхільнікі творчасці беларускага паэта даведаліся пра гісторыю прадстаўленых прадметаў і пра яго жыццёвы шлях у горадзе Ліда. Акунуліся ў маленства. Дзеці маглі прымераць доўгую кашулю навыпуск, у падобнай да якой вучань лідскай усеагульнай школы № 1 імя Тадэвуша Касцюшкі Валя Таўлай напісаў першы свой верш "Верабейкі". Разам з тым, з дапамогай паперы (тэхніка арыгамі) малодшыя і старэйшыя наведвальнікі змаглі зрабіць вераб'я, скласці з прапанаваных слоў гэты легендарны верш, замацаваць усё сваё дзеянне штампам "Верабей". І што адметна, завітаў і аўтар самога штампа - дзіцячы паэт Кастусь Якубчык.

Алесь Хітрун.

Лідзянкі ў Крэве

У 2025 годзе адзначаецца 640-годдзе з дня падпісання Крэўскай уніі. Гэтай гістарычнай падзеі і была прысвечана Ноч музеяў у Крэўскім замку.

У імпрэзе ўзяла ўдзел Народная студыя гісторыі і мастацтваў эпохі Сярэднявечча і ранняга Рэнесансу "Domina cordis" з Ліды.

ТК "Культура Лідчыны".

Навіны Германіі

DAAD адзначыла сваё 100-годдзе

Федэральны прэзідэнт Франк-Вальтар Штайнмайер у сувязі са 100-гадовым юбілеем з моманту заснавання Германскай службы акадэмічных абменаў (DAAD) падкрэсліў важнасць незалежнасці навукі і навуковых даследаванняў.

- У той час, калі мы перажываем новае захапленне аўтарытарызмам, калі ў Еўропе зноў разгараецца нацыяналізм і ўзнікаюць новыя пагрозы акадэмічнай волі, незалежнае мысленне, якое не ведае меж, служба DAAD і яе праца важныя як ніколі, - сказаў Штайнмайер у відэа-звароце на святкаванні юбілею DAAD у Берліне.

- Змены праз абмен - вось місія DAAD, - заявіў прэзідэнт Джойбрато Мукерджы (на фота). Сёння праграмы і глабальныя сеткі арганізацыі як ніколі неабходны ва ўмовах нарастаючай геапалітычнай напружанасці, сістэмнай канкурэнцыі і глабальных выклікаў.

На цырымонію былі запрошаны каля 500 гасцей, у тым ліку амбасадар Ізраіля Рон Прасор і амбасадары іншых краін, а таксама прадстаўнікі найбуйнейшых навуковых арганізацый, такіх як Аб'яднанне імя Гельмгольца.

За сваю 100-гадовую гісторыю служба DAAD падтрымала ў акадэмічнай кар'еры каля трох мільёнаў студэнтаў і навукоўцаў з Германіі, Еўропы і іншых кантынентаў, напрыклад, шляхам выдачы стыпендый, а таксама ў рамках міжнародных праектаў у нямецкіх універсітэтах па ўсім свеце.

Асноўнае фінансаванне DAAD ажыццяўляецца Федэральным міністэрствам замежных спраў. Іншымі фундатарамі з'яўляюцца Міністэрства навукі, Міністэрства развіцця і ЕС.

Joybrato Mukherjee© dpa.

Экспертная рада: "Германія можа дасягнуць пастаўленыя кліматычныя мэты"

У перыяд да 2030 года Германія, верагодна, выканае свае абавязацельствы па аб'ёмах выкідаў шкодных парніковых газаў. Пра гэта заявіла экспертная рада федэральнага ўрада. Закон пра абарону клімату ўстанаўлівае максімальную колькасць парніковых газаў, якую Германія можа выкідваць у год у перыяд з 2020 па 2030 год - усе гадавыя аб'ёмы разам складаюць бюджэт выкідаў. Экспертная рада - гэта незалежны орган, які складаецца з пяці чальцоў і аналізуе эфектыўнасць нямецкай палітыкі ў вобласці абароны клімату і ўносіць прапановы для палітыкаў. Яго задачы вызначаны законам. У прадстаўленым дакладзе экспертная рада, па сутнасці, пацвярджае лічбы, прадстаўленыя Федэральным кіраваннем па ахове навакольнага асяроддзя ў сакавіку.

Новы міністр навакольнага асяроддзя Карстан Шнайдар паабяцаў: "Увесь федэральны ўрад выразна прытрымліваецца нацыянальных і еўрапейскіх кліматычных мэт і імкнецца да дасягнення кліматычнай нейтральнасці да 2045 года". Неабходна ўмацоўваць пакліматычнаму бяспечныя тэхналогіі, асабліва ў сферы транспарту, будынкаў і землекарыстання.

- Па гэтай прычыне ўрад Германіі прадставіць новую амбіцыйную праграму па абароне клімату, - сказаў ён.

© dpa, Берлін (dpa).

Некалькі гадоў маёй маладосці ў Вільні (1818-1825)1

Станіслаў Мараўскі

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

А зараз вернемся да майго маўклівага незнаёмца.

Аднойчы ў кнігарні Завадскага, я спытаўся ў некага, хто гэта такі стаіць, прыхіліўшыся да шафы, і заўсёды маўчыць. Мне адказалі на вуха: "Гэта Мюлер". З дзесяці немцаў як найменей пяць будуць Шмітамі, а астатнія Мюлерамі. Я забыўся пра яго, бо больш не меў нагоды пацікавіцца. Трэба сказаць, што падчас майго кароткага знаёмства з пані Эльжбетай Мюлер я не мог не даведацца, што яна мае значна маладзейшую сястру, якая выйшла замуж за роднага брата яе мужа, маёра расійскай кавалерыі. Што муж пані Эльжбеты Мюлер ёсць вельмі цывілізаваны, таленавіты, светлы і шляхетны чалавек, але надзвычай імпульсіўны, зухаваты і што самае горшае для яе душэўнага спакою - ён невыносна раўнівы і часта несправядліва шукае, як пасварыцца з ёй. "Нецікава", - адразу падумаў я, бо не мог успрымаць гэта як накіраванае мне папярэджанне, мне, які ў той час меў толькі дваццаць гадоў і які не бачыў у ёй жанчыну. Хаця размовы гэтай жанчыны, яе саркастычныя і арыгінальныя жарты, магчыма, і маглі быць цікавымі, але яе размовы патрабавалі мужчынскага розуму, і яна заўсёды чамусьці хацела абмяркоўваць менавіта гэтыя тэмы, што рабіла яе ў маіх вачах мужчынам у спадніцы. Узрост знішчыў усе чары і прыкметы жанчыны, якая яшчэ магла б падабацца. Увогуле, на працягу ўсяго жыцця, мне здавалася, што ўсе мужчыны, як і я, не могуць закахацца ў жанчыну, якая добраахвотна хоча перастаць быць жанчынай, якая сваю жаночую душу затлуміла мужчынскім розумам. У кожнай такой даме, я бачу толькі педанта без штаноў і нічога больш. "Няма пра што казаць", - падумаў я, але хай кожны робіць, што хоча.

Дадаткі:

14. а) Гэтыя некалькі гадоў, відочна, былі асаблівымі для Вільні. Час, калі весялосць, гумар, эпіграмы, кпіны, навіны з бруку, вершыкі і жарты, сыпаліся, як з рукава! Эпідэмія гэтая заразіла не толькі выкладчыкаў, але і студэнтаў, і ўсіх, хто ў Бога верыў! І кожнаму хапала запалу! У хвіліну, у імгненне вока пісаліся вершыкі і разляталіся па ўсім горадзе.

Раскажу некалькі анекдотаў з тых тысяч.

Кс.-канонік Зянковіч асвяжыў сваю камяніцу, прыгожа пафарбаваў яе звонку і для яшчэ большай прыгажосці, загадаў намаляваць на блясе надпіс "Дом К. Зянковіча". Маляр зрабіў справу, прыбіў яе над брамай і пайшоў да пралата па грошы.

- Ці ўжо гатова? - спытаў пралат, - Гатова, ЯВ пане.

- Пойдзем, паглядзім.

Прыходзіць і знаходзіць прыклеены на бляху аркуш паперы з наступным вершам:

Што гэта К. значыць?

Кодэкс ці канонік?

Належыць спытаць чытача,

Хай сам сабе патлумачыць.143


Гэты багаты і магутны пан, пралат Зянковіч, быў, як я ўжо здаецца пісаў, моцна згорблены і спераду, і ззаду. Брыдкі, маленькі, але шырокі, размаўляў нясцерпным шэптам. Аднак па розных прычынах, але ў асноўным з-за яго набажэнстваў і шчодрасці, карыстаўся вялікай павагай сярод арыстакратак і асабліва сярод жонак чыноўнікаў.

Малы, з-за чыста псіхалагічнага комплексу, які часта сустракаецца ў такога кшталту асоб, ён трымаў вялізных коней, меў надзвычай высокую карэту, займаў агромністую кватэру, хоць і меў свой уласны дом, а для службы трымаў вялізных гайдукоў. Калі ехаў у карэце, яго немагчыма было ўбачыць, але гайдукі кідаліся ў вочы як вежа Святаянскага касцёла. А яшчэ ён быў імпульсіўны і зласлівы. Калі гайдук рабіў яму што дрэннае, адразу яго хацеў пабіць, але не даставаў. Бо быў гайдуку па калена, як тут дастаць да лба? Таму прыкідваўся добрым і шаптаў па-свойму: "Баніфацый, брацішка, бачу, што фіранка над акном дрэнна вісіць. Пастаў там крэсла на стол, я залезу і папраўлю. Гайдук ні аб чым не здагадваўся і выконваў загад. І як толькі пралацік залазіў на крэсла, пастаўленае на стол, адразу хапаў гайдука за валасы і біў, і біў яго, покуль той не выказваў свайго раскаяння.

б) Не ведаю, ці было гэта насамрэч, бо меў тры гады, калі пачуў ад сваёй нянькі.

Здаецца, губернатарам тады быў Рыкман, а паліцмайстрам Траскін. Пэўна, яны абодва хацелі прыбраць з віленскі вуліц кароў і свіней, якія, як і дагэтуль у Коўне, бадзяліся тут дзень і ноч. Таму абодва гэтыя чыноўнікі выклікалі вялікае раздражненне ў гараджан, іх абодвух Вільня па-сапраўднаму зненавідзела.

Траскіна, здаецца, звольнілі з пасады за крадзёж. Рыкман хутка памёр, і яго хавалі ў Вільні. Да пахавальнай працэсіі аднекуль выбегла свіння з прывязаным да яе шалікам з надпісам:


Рыкман - рыкнуў,

Траскін - строс.

Хто ж нам будзе свінапас? 144


с) Гэта таксама адна з плётак часоў майго дзяцінства з рэпертуару маёй няні.

Нейкі Цольнер, выхрыст з яўрэяў, вёў даволі вялікі гандаль у Вільні і шмат разоў займаў розныя гарадскія пасады. Пры гэтым усіх абдзіраў і асабліва даставалася яўрэям. Пісаў розныя гнюсныя даносы, і ўсе яго ненавідзелі. З нейкай прычыны, можа, з-за шкадавання па страчанай веры, ці з-за страт у гандлі, але гэты чалавек нарэшце пакончыў з сабой. У тую ж ноч на ўсіх рагах вуліц наклеены, а на дзядзінцы, дзе жыў Цольнер, былі раскіданы лісты з наступным вершам, быццам напісаным ад імя яўрэяў:


Мось пане Цольнер,

Не быў жаўнер,

А купцом быў.

Забіў сябе,

Выбачаем цябе,

Бо дурніцаю слыў.


І сваю старую,

Кінуў веру,

У міг.

А ў кожнай веры

Хто чужое бярэ -

Нягоднік.145


15. Шал таемных таварыстваў стаў сапраўднай эпідэміяй па ўсёй Еўропе, а таксама і ў нас. Ён захапіў не толькі маладых і ветраных, але сталых і старых. Магчыма, нехта іншы апіша гісторыю расколу літоўскіх масонскіх ложаў, г. з. іх рэформы, на чале якой стаялі Мяноўскі і Контрым146. Нехта апіша наступствы гэтага масонства, якое потым так балюча далося Літве ў знакі, што памяць пра яго жыве і сёння, нехта напіша пра пачатак і ўздым гэтага руху і вялікі маральны ўплыў тагачаснага клубу шубраўцаў, аўтараў "Бруковых ведамасцяў", якія былі галоўнымі знакамітасцямі ў краю?

Я тады быў занадта малады, каб ведаць, як нарадзілася таварыства і знайшоў яго ўжо гатовым. А сёння я жыву занадта далёка ад свету і людзей, каб мог напісаць пра гэта. Аднак ведаю ці дакладней, прыпамінаю, што дробныя літаратурныя сваркі і дасціпныя друкаваныя кпіны, розныя шматлікія выпадкі, пераказаныя і выпушчаныя ў свет вар'ятам Шурлоўскім, пра якога пісаў вышэй, падказалі дасціпным людзям ідэю стварыць таварыства шубраўцаў, якое пасярод няспыннага смеху і весялосці Вільні, пачало выдаваць сатырычны часопіс, каб высмейваць заганы Літвы і грашкі нашых мастадонтаў для іх жа ўласнага дабра. Шматлікая карэспандэнцыя з усіх куткоў Літвы спрыяла багатаму ўраджаю гумару.

Падрабязнасці з'яўлення шубраўцаў, якія дзяліліся на "гарадскіх" і "вясковых", былі такія.

Нейкі Копш, выгнаннік з распушчаных у Варшаве масонаў, добра начытаны, вельмі дасціпны, але злосны і з'едлівы, прывёз з сабой ў Вільню прыгожую жонку. Не меў чым заняцца і заснаваў галантарэйную краму, з разлікам, што прыгажосць яго жонкі зацікавіць публіку147. Абражаны прыдзіркамі пакупнікоў з-за гэтага, упэўнены ў сваёй вялікай адукаванасці, ён распаўсюдзіў па горадзе некалькі ананімных пасквіляў. І яму адказаў вядомы і дасціпны доктар Касоўскі. Пасля Касоўскага ў падобныя жарцікі кінуўся Ляхніцкі, якога крытыкавалі за яго "жывы магнетызм". Ім адказаў жамойцкі канонік, былы езуіт Чэрскі, добры прафесар лаціны ў віленскай гімназіі, які на сваю бяду ведаў і нават вучыў іншых таму, як рымляне называлі "шапкі набок", "конскую вупраж", "кунтуш з вылетамі" і г. д. Адным словам, паволі-паціху ў моду ўвайшла друкаваная палеміка, з якой і нарадзіліся "Бруковыя ведамасці".

Гэтае выданне, якое сваімі досціпамі лепш разумелася толькі ў адной Літве, атрымала ў нас нечуваны поспех. Газету рвалі з рук у цэлым краі. Яе можна было знайсці і ў палацах, і ў шынках. Газета пранікала паўсюдна - і ў горад, і ў вёску, распускала чуткі і без усякай літасці здзекавалася з людзей. Панічны страх знайсці там сябе, падштурхоўваў цікаўнасць. І не дзіва! Старшынём шубрацаў быў чалавек арыгінальнага розуму і вядомы вучоны Андрэй Снядэцкі. Згодна са статутам таварыства, кожны з яго сяброў павінен быў прыняць летувіскае паганскае прозвішча і падпісваць ім свае артыкулы. Наша міфалогія ў той была ўжо даволі багатай. Снядэцкага звалі Сотварасам, слынны досціпамі доктар Шымкевіч стаў Аўшлавісам, Шыдлоўскі называўся Гульбі і гэтак далей. Паўтараю, усе дасціпнікі, усе вучоныя ў Літве належалі да шубраўцаў. Лянота мне згадваць і пералічваць гэтых людзей, але дастаткова назваць Міхала Балінскага, Ігнцы Ляхніцкага, Казіміра Контрыма, Леана Бароўскага, Касоўскага, Мяноўскага, графа Гюнтара, каб зразумець, што гэта было за таварыства.

Аднак, нягледзячы на багацце матэрыялаў, супрацоўнікаў і чытачоў, на лёс выдання паўплывала палітыка. Газету давялося закрыць, і аб гэтым шкадавалі ўсе, хто ўмеў чытаць і меў розум. Нарэшце смех спыніўся, і з'явіліся слёзы. […]


16. Маршалак Ляхніцікі, бацька слаўнага Ігнацы Эмануэля, быў высакародным, сумленным, таленавітым чалавекам з добрым характарам, якога ўсе паважалі і любілі. Лічылася гонарам ведаць і быць прыяцелем такога годнага чалавека.

Нейкі дзівак, парвеню, імя якога я не буду называць, разбагацеўшы дзякуючы касцюшкаўскай рэвалюцыі, задраў нос і без запрашэнняў, і без павагі да сябе пачаў уцірацца ў лепшае грамадства, бессаромна збліжацца са знакамітымі асобамі і дэманстраваць гэтыя знаёмствы, каб дадаць да сабе павагі.

Неяк на абедзе ў біскупа Страйноўскага148, дзе знаходзіўся цвет віленскага грамадства, наш штукар, расказваючы пра нейкі выпадак, які меў месца ў ранейшага рускага губернатара Фрэзеля, голасна звярнуўся да нашага маршалка, які сядзеў насупраць:

- Ляхніцкі! Ляхніцкі! Ты мусіш гэта памятаць! Быў разам са мной на тым абедзе.

- Як жа, - адказаў Ляхніцкі дабрадушна, - Добра памятаю! А памятаеш яшчэ, як на тым абедзе, не ведаючы што з ёй рабіць, ты пачаў есці спаржу з супрацьлеглага канца!".

Раздзел 10 Знаёмства са Станіславам Мюлерам. Кватэра аўтара ў калегіюме піяраў. "Дурненькі" Заблоцкі. Прыслоўі, звязаныя са шляхецкімі фаміліямі. Дактарацыя аўтара. Характарыстыка пані Эльжбеты Мюлер. Фартунат Юрэвіч. Віленская і крамянецкая моладзь

Супакоіўшы Караля, я вярнуўся да сваіх штодзённых заняткаў. На працягу двух тыдняў я нікога не бачыў і на гэты час прыпыніў свае візіты. Аддаўся навуцы з поўным напружаннем думкі і волі, якія абуджаюцца ў амбіцыйным маладзёне ў вырашальны момант, калі яму трэба паказаць свой узровень перад вялікай колькасцю людзей. Я ведаў дзень маёй дактарацыі. Палова горада была гатовая прысутнічаць і глядзець мне ў вочы. Трэба было ўзброіцца добрым запасам думак і аргументаў. Я не клапаціўся пра словы і выразы бо ўжо з досведу ведаў, што не маю праблем з выказваннем думак і заўсёды хутка гавару па-латыні, як рэпу грызу.


Я быў паглыблены ў нейкую кнігу і нават не пачуў, як адчыніліся дзверы ў першы пакой. Прабудзіў мяне чужы голас - нехта пытаўся пра мяне. Выбег з пакоя і ўбачыў перад сабой майго зуха.

- Што патрэбна пану?

- Я - Станіслаў Мюлер. Учора вярнуўся з Пецярбурга. Пан быў ласкавы наведваць маю жонку падчас маёй адсутнасці.

- Вось, д'ябал, - падумаў я, - гэта той самы Мюлер, пра якога я даўно забыў! Стары раўнівец зараз палезе біцца. Яму рукі свярбяць і мусіць, ужо навастрыў шаблю.

- Усё, што мне пра вас расказала жонка, - казаў ён далей, - усё, што я раней чуў - высакародная дапамога нашаму агульнаму сябру падчас яго няшчасця, калі вы самі знаходзіцеся ў выключнай сітуацыі, бо, вядома, вельмі заняты вучобай - усё гэта прымушае мяне, чалавека, які ўжо шмат гадоў ні з кім не знаёміўся, мець прыемны абавязак зрабіць візіт і пазнаёміцца з вамі.

Усё гэта было прамоўлена так зграбна, такім добрым і ветлівым голасам, з такой павагай, столькі на гэтым брыдкім твары было прыемнасці, што я ўпаў з аблокаў на зямлю, і, як мог, ветліва адказаў на яго ліслівы камплімент. Я адразу здагадаўся, што той, хто раней мог так маўчаць (у кнігарні Завадскага - Л. Л.), умее і прыгожа гаварыць, калі ёсць у гэтым патрэба.

Размова працягвалася. З цікавасцю свецкага чалавека, без ніякага напружання, ён агледзеў маю кватэру. Гэта былі дзве простыя манаскія келлі, знятыя ў калегіюме кс.кс. піяраў. Мой слуга жыў унізе. Але гэтыя келлі былі незвычайным месцам для жыцця. Тут не мелася ні паркету, ні акварэляў, ні маляваных алеем карцін у пазалочаных рамах, якія паўсюдна меліся ў кватэры Мюлера. Але было нешта іншае, што рабіла маё жыллё незвычайным. Па ўсіх кутах у найвялікшым беспарадку былі раскіданы кнігі. Уздоўж сцен мелася некалькі чалавечых шкілетаў. Чатыры, выкрадзеныя з старадаўняга склепа францішканскага касцёла149, высахлыя муміі, пакрытыя лакам, стаялі каля майго ложка. Адна з іх, як у нішы, стаяла ў аконнай фрамузе, яна так скурчылася і нахілілася, што рукамі абапіралася на столік маёй мядніцы. Каля тузіна чалавечых чарапоў, белых, як слановая костка, з усімі абазначанымі па сістэме Гала часткамі. Мноства чалавечых костак пад старасвецкімі вокнамі. На фартэпіяна некалькі слоікаў з жывымі вужамі і рэптыліямі, адзін з дзіўнай рагатай жабай, знойдзенай у доме Шпіцнагля150. Плецены кошык з дзвюма жывымі птушанятамі ў гняздочку з ваты. Чучала пінскага дзятла на печы і абок яго дзве дужыя васковыя табліцы з высушанымі казуркамі. Тут і там некалькіх слоікаў з чыстай вадой, у якой плавалі лічынкі, уласнаручна вылаўленыя ў балотах Закрэту151. Лічынкі хаваліся ў малюсенькіх хатках, падобных на пучкі дроў, ці ў гнёздах, падобных на сасновыя шышкі, так бараніліся яны ад іншых водных лічынак і жукоў, якія маглі іх зжэрці. Дзве жывыя чарапахі, адзін вожык і некалькі яшчарак, якія смела бегалі па няроўнай піярскай падлозе, надавалі маёй кватэры такі арыгінальны і страшны выгляд жытла чарнакніжніка, што мне нават не трэба было замыкаць пакой на ключ. Кожны жабрак, кожны чужы чалавек, кожны нягоднік ці рабаўнік, які адчыніў бы мае дзверы і ўбачыў бы гэты кут жахаў і смерці, гэты шкілет, са старым французскім незараджаным пісталетам без курка ў руцэ, старанна нацэленым на дзверы - згубіў бы прытомнасць ад страху ці зачыніў бы дзверы і ў халодным поце уцёк з келляў.

Не крыўдуйце на мяне, мае сябры, але я перарву хаду падзеі і раскажу вам, хто яшчэ жыў тады ў піяраў - гэта мне цяпер прыйшло ў галаву.

У той час тут жыла, як вы самі хутка пераканаецеся, амаль што гістарычная асоба. Месціўся тут сам пан Заблоцкі, якога звалі "Дурненькі".

У сярэдзіне мінулага стагоддзя жылі тры браты Заблоцкія. Усе яны былі багатымі львамі тагачаснай Літвы. Кожны з іх, з дапушчэння Божага, меў сваю нададзеную грамадствам мянушку ці дражнілку. Адзін з іх назаўсёды атрымаў мянушку "Разумненькі", другі - "Прыгожанькі", а трэці - "Дурненькі". Гэты апошні ўкладаў грошы ў розныя суполкі і грашовыя спекуляцыі і заўсёды на гэтым страчваў, як, напрыклад, на мыле, якое за значную суму перакупіў у свайго партнёра - збанкрутаванага даўжніка - і страціў на гэтым вялікія грошы. Менавіта гэтая здзелка і спарадзіла вядомую ад веку прымаўку: "Зарабіў, як Заблоцкі на мыле" 152. Гэтая прымаўка так укаранілася ў Літве, што, здаецца, доўга яшчэ будзе жыць (жыве і сёння, праз 200 гадоў - Л. Л.). Пасля той здзелкі "Дурненькаму", раней сапраўднаму багацею, свет стаў абрыдлым, ён страціў веру ў людзей, уклаў апошнія грошы пад працэнт віленскім кс.кс. піярам і з даўняга часу і да самой смерці, на гэтыя працэнт жыў у піяраў. У піярскіх мурах ён меў на доле вызначаную келлю, аддаленую і адасобленую ад іншых рознымі гаспадарчымі памяшканнямі кляштара. У гэтай келлі была вялікая ніша, якую Заблоцкі шмат гадоў закрываў пунсовай адамашкавай фіранкай, і ніхто, нават слугі піяраў, якія яго даглядалі, не мелі права зазірнуць у гэты алькоў. Акрамя жытла піяры давалі яму стол, абагрэў, паслугі, абмывалі і сумленна выконвалі іншыя свае абавязкі. Нават згаданы вышэй доктар Нэйман, па іх жаданні, штотыдзень наведваў Заблоцкага, хоць у гэтым і не было патрэбы. Калегіюм піяраў у той час знаходзіўся насупраць касцёла дамініканаў па вуліцы Дамініканскай, там, дзе сёння месціцца Шляхецкі інстытут.

У мае часы ніхто ў Літве нават і падумаць не мог, што "Дурненькі" яшчэ жыве. Стагадоваму старому ледзь хапала сіл і імпэту выйсці на двор калегіюма падыхаць свежым паветрам і ўбачыць сонца. Калі-нікалі выходзіў і ў горад, але ўжо нікому не быў цікавы.

У 1819 г., я - студэнт універсітэта - наняў келлю і пазнаёміўся з ім. Гэта быў прыгожы, хударлявы і паважаны стары. Меў надзвычай жывыя вочы, якія ўвесь час бегалі, толькі напалову сівыя валасы, заўсёды падголены лоб, вялікія, абвіслыя ўніз вусы. Сам сябе называў "Дурненькім" і расказваў пра сябе ад трэцяй асобы. Пры тым заўсёды і бесперапынна размаўляў выключна вершамі. Ці з кс.-рэктарам, ці з клірыкамі, ці са мной, ці калі загадваў кляшторным служкам нешта згатаваць сабе на кухні - рыфма была абавязковай умовай яго прамовы. Адказы суразмоўцу таксама рыфмаваў і самае дзіўнае, што гэтых рыфмаў яму ніколі не бракавала. Не было ніводнага выпадку, калі б ён затрымаўся з адказам. Нуднага старога ўжо ніхто не надведваў, хіба які піяр з міласці да бліжняга. Увесь час еў у сваёй келлі, акрамя Вігіліі Божага нараджэння, калі прыходзіў у рэфектарый (сталовую кляштара. - Л. Л.). Трункаў, акрамя піва і мёду не піў, але і гэта рабіў вельмі сціпла. Апранаўся па стараліцвінску, на жупан замест кунтуша клаў доўгую, да лытак, суконную фярэзію (шырокі сурдут. - Л. Л.), цынамова-пунсовага колеру, а бакавыя і тыльныя кішэні і манжэты фярэзіі аблямоўвалі досыць доўгія, грубыя ваўняныя фрэндзлі (махры. - Л.Л.). Ад каўняра да паса на грудзях звісалі дзве залатыя ніткі з такімі ж кутасамі. Усе гузікі, ці дакладней, гузічкі, былі шмуклерскай работы (шмуклер - той, хто вырабляе махры - Л. Л.), зробленыя з залатых ніцей. Меў высокі кій з залатым наканечнікам. Паміж гузічкаў фярэзіі заўсёды выстаўляў залаты ланцужок ад гадзінніка, на канцах якога мелася мноства залатых сыгнетаў з крывавымі каменьчыкамі, і амаль на кожным з іх былі выгравіраваны гербы. Срэбны гадзіннік, пукаты, як літоўскі вясельны каравай, меў мала без з чаго дыяметр у палову талеркі. Але ішоў без аніводнага рамонту на працягу трыццаці гадоў, што дзівіла ўсіх піяраў.

"Дурненькі" памёр ці, дакладней, заснуў, здаецца ў канцы 1820 ці на пачатку 1821 г. Пасля смерці ў яго таямнічым алькове знайшлі 10 ці 12 мяшкоў. У большасці з іх ляжалі кавалкі старанна высушанага мяса, якое заставалася пасля багатых піярскіх абедаў. У рэшце мяшкоў захоўваўся сушаны хлеб - сухары - таго ж самага паходжання. Здзяцінеўшы стары заўсёды быў адданы нашай краёвай ідэі - да апошняга чакаў маскоўскую вайну і голад, які з ёй прыйдзе. Гэтыя запасы рыхтаваў для сябе і сваіх сяброў на выпадак такога бедства.

Як я ўжо казаў, Заблоцкі быў цалкам забыты грамадствам і жыў толькі ў народнай прымаўцы. Нікому і ў галаву не магло прыйсці, што ён яшчэ жывы і жыве ў Вільні. І сапраўды, нават мой бацька, які памятаў процьму падобных гісторый і нават калісьці ведаў ужо старога "Дурненькага", здзіўлена перахрысціўся, калі я, прыехаўшы на адпачынак, расказаў яму, што Заблоцкі толькі што памёр і я быў на яго пахаванні.

Усё гэта добра. Але калі падумаць крыху глыбей, сэрца шляхціца, г. з. нашага шляхетнага земляка, павінна разарвацца на дробныя кавалачкі ад думкі, што душа нашага народа ўвекавечвае ў сваёй памяці толькі такія нікчэмныя імёны, а тыя, хто па-сапраўднаму прадэманстраваў грамадству свае цноты і справы, як узнагароду, атрымлівае поўнае забыццё.

І сапраўды, маем "Заблоцкага з мылам", "Гаўрылу з Полацка" 152, "Піліпа з канапель" 153, "апошняга з дому Сякержынскіх" 154. Маем прыслоўе: "Шукшта, Пукшта, Луцята, Пуцята - кпяць з ўсяго свету".

(Працяг у наступным нумары.)

1 Morawski Stanislaw. Kilka lat mlodosci mojej w Wilnie (1818-1825). Warszawa, 1924. Пераклад Леаніда Лаўрэша .

143 Co to K. znaczy? ...

Czy kpa, czy kanonika?

Nalezy do czytelnika,

Niech sobie wytlumaczy. - Л . Л .

144 Rykman - ryknal,

Trzaskin - trzasl.

Ktoz nam swinie bedzie pasl. - Л . Л .

145 Mospanie Colner,

Wac nie byl zolner,

A kupiec.

Zabiles siebie -

Przepraszam ciebie,

Bos glupiec!

I nasza stara

Rzuciles wiare,

A zaco?

Wszak w kazdej wierze,

Kto cudze bierze -

Ladaco! - Л . Л .

146 Пра масонаў і рэформу гл: Дабранскі С. Нарысы з гісторыі масонства ў Літве // Спадчына. 1997. № 3. С. 42-72. - Л. Л.

147 Копш і яго жонка. Згодна з успамінам доктара Франка, Юзаф Копш раней жыў у Маскве, дзе ажаніўся з англічанкай Каралінай Дарэ, вельмі прыгожай і выкшталцонай жанчынай. У 1812 г. французы прызначылі яго членам маскоўскага муніцыпалітэта, потым з жонкай ён уцёк у Вільню, дзе адкрыў краму. Прыгажосць жонкі прыцягвала кліентаў, але і пастаянна прыніжала яе. Пакупнікі, якім кошт падаваўся завышаным, звычайна пыталіся: "Ці ўваходзіць у кошт прыгажосць пані?". А дамы, гледзячы на яе праз ларнеты, заўважалі: "Наогул, яна прыгожая, шкада толькі, што мае фігуру англічанкі". Копш быў членам масонскай ложы "Руплівы ліцвін".

148 Геранім Страйноўскі (1752-1815), з 1783 г. прафесар Галоўнай школы (Віленскага ўніверсітэта), у 1799-1806 гг. рэктара ўніверсітэта, з 1803 г. - луцкі каад'ютар, з 1806 г. біскуп інфлянцкі, пасля Касакоўскага быў адміністратарам Віленскай дыяцэзіі.

149 Касцёл францішканаў разам з вялікім кляштаром месціцца па вуліцы Троцкай. Адзін са старэйшых віленскіх касцёлаў. Разам з кляштаром пабудаваны ў XIV ст. Неаднаразова знішчаўся.

150 Віленскі мемуарыст, доктар Юльян Цітыюс пісаў: "Паміж прафесарамі, якія прыехалі з-за мяжы, у канцы мінулага стагоддзя быў вучоны доктар Шпіцнагель. Выкладаў на лаціне і па-польску. Лета праводзіў у сваім маёнтку на Ашмяншчыне ў суседстве з маладым паэтам А. Э. Адынцом. Меў двух сыноў. Старэйшы, вельмі здольны, закончыў жыццё самазабойствам, малодшы, бязглузды фанфарон, худы брунет і рэзанёр, якога ніхто не любіў". - Гл: Віленскія ўспаміны доктара Юльяна Цітыюса ... . С. 45. - Л. Л.

151 Закрэт ці Закрэнт, лясістая мясцовасць каля Віліі. Маршалак ВКЛ Станіслаў Радзівіл падараваў яе езуітам, якія пабудавалі тут палац і капліцу. Пасля скасавання закону езуітаў мясцовасць набыў біскуп Масальскі, ад яго ўспадкавала пляменніца Хэлена (у першым шлюбе - Лігне, у другім - Патоцкая). Потым Закрэт купіў Бенігсен, у яго - Аляксандр І. У 1812 г. тут месціўся шпіталь, які згарэў разам з хворымі.

Гэтае прыслоўе вядома ўсяму краю. Пра адну з версій яго паходжання, гл. Wojcicki. Przyslowia narodowe. Warszawa. 1830. III. 177.

У нашым краі таксама вядомы вершык:

Зарабіў як Заблоцкі на мыдле,

Сварацкі на быдле,

Куранеўскі на гуце,

Рымша на рэдуце.

152 "Не адзін Гаўрыла ў Полацку" - папулярная прымаўка - г. з., "не адзін ты такі ёсць на свеце". - Л. Л.

153 Г. з., выказацца нечакана і недарэчна. Прымаўка вядомая ў многіх славянскіх мовах. Упершыню запісана ў польскай і датуецца 1562 г. у зборніку эпіґрамаў "Звярынец" Мікалая Рэя.

Пісьменнік і філолаг Саламон Рысінскі, родам з полацкай шляхты, той самы, які першым у пісьмовым дакуменце назваў сябе беларусам, у 1618 г. зафіксаваў выраз у польскамоўнай версіі свайго зборніка фраземаў і прыказак, выдадзенага ў Любчы.

У беларускай школьнай інтэрмедыі "Літарат, Селянін i Самахвальскі", запісанай у пачатку XVIII ст., а ўзніклай, відаць, яшчэ раней, Літарат кпіць з Селяніна, які збіраецца весці з ім дыспут: маўляў, вырваўся Піліп з канапель. А Селянін яму: "...Хоць ты, Вашэць, мудрэц, не Піліп я, да Гаўрыло".

Першым патлумачыў выраз ксёндз Бенедыкт Хмялёўскі ў модным у той час зборніку "Новыя Атэны, альбо Акадэмія ўсялякай сцыенцыі поўная і г.д." (Львоў, 1745): маўляў, недалёкі шляхціц Піліп за Аўгуста І быў паслом на сойме ў Петракове і праславіўся тым, што выступаў у парламенце не па тэме. Пазней высветлілася, што Хмялёўскі ўсё выдумаў.

У 1854 г. Уладзіслаў Сыракомля ў "Фрагментах пра Піліпа з Канапель, спісаных рытмам" лакалізуе яго радзіму на Падоллі, пад Астрогам - герой паэмы шляхціц Піліп меў вельмі шляхетнае сэрца і таму вечна рабіў нешта неўпапад і насуперак чаканням наваколля. Яго сватаюць да каханай дзяўчыны, а ён ладзіць ёй заручыны з хлопцам, у якога яна закаханая. Павятовая шляхта выбірае яго на агульнадзяржаўны сойм, а ён патрабуе правоў для сялян. У выніку з яго смяюцца і зневажаюць нават пасля смерці.

Аляксандр Вярыга-Дарэўскі ў 1874 г. вылучыў "паляўнічую" версію - маўляў, словам піліп (або filip) завуць зайца. Ён хаваецца ў пахучых каноплях ад сабак, якія там не могуць узяць след.

Беларускі мовазнаўца У. Коваль даказаў, што зайца піліпам нідзе не завуць і каноплі вырошчвалі на ўгноеных землях побач з чалавечым жытлом, дзе заяц, як правіла, ня жыве. - Л. Л.

154 Гл: Kraszewski Jоzef. Ostatni z Siekierzynskich : historja szlachecka. Petersburg. 1851. / У кнізе расказваецца пра жыццё і спрэчкі паміж дзвюмя шляхетнымі сем'ямі. - Л . Л .

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

Духоўнасць і развіццё: Курашова, Семірадскі, Шарахаў, Юрэвіч

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-52 (105-156) (2024); № 1-20 (157-176) за 2025 г.)

КУРАШОВА Наталля (Natallia Kurashova) - спачатку пра яе паведаміў 10.03.1999 г. па тэлефоне наш актыўны А. Снітко. У сваю чаргу яму пра яе расказала яго жонка Марына Кімель, якая карысталася прасторай гомельскага Палаца культуры Упраўлення бытавога абслугоўвання насельніцтва, як і Наталля з яе калегамі з "Духоўнасці". Іх цэнтр, адпаведна з нашым запісам у дзённіку (мае "грыф" "Гомельскі індзеянізм", "прысвоены" яму Снітко, - факты-"індзеянізмы", якія звязваюць Гомель з індзейцамі, якія мы з асаблівым задавальненнем збіралі), называўся "Духоўнасць і развіццё" і працаваў на ахвяраванні. Увагу Марыны прыцягнулі фатаграфіі на сцяне. На адной з іх індыянка абдымала ламу. Але на пытанне, чаму такое фота тут, Наталля адказала, што гэта Гватэмала. Яна пабывала ў Цэнтральнай Амерыцы ў 1998 г. па запрашэнні амерыканца ("грамадзяніна ЗША"), з "сям'і місіянераў". Тут жа ідзе назва, верагодна, місіі - "Слова веры". Гандурас і Сальвадор яны вывучалі ў працэсе роварных пераездаў. Фатаграфаваліся на фоне помнікаў - можна зразумець так, што дакалумбавых.

Потым аўтар БСІ асабіста размаўляў з Наталляй. У прыватнасці, у тэхнічным дзённіку ёсць запісы пра званок да яе 20.08.1999 г. і сустрэча з ёй 23.08.1999 г. (сустракаліся ў Палацы).

Літ.:

4799 Капан // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 8. Мн., 1999. С. 20. ("(Copan), старажытны горад індзейцаў майя на тэр. сучаснага Гандураса".)

СЕМІРАДСКІ Юзаф (13) - назва "расы" нуаруак або аруакну ў нашы часы гучыць незвычайна, нязвыкла, але ў беларускамоўным падручніку геаграфіі 1925 г. А. Смоліч і М. Азбукіна, сучаснікаў Семірадскага, гэты этнонім успрымаецца натуральна. Слова "бугрэс" у Бразіліі цяпер разглядаецца як архаічнае - для абазначэння індзейцаў каінганг (Kaingang, caingangue), але застацца ва ўжытку як прыніжальны выраз, у значэнні "дзікун" (у Рыу-Грандзі-ду-Сул у адносінах да індзейцаў "можа быць прыніжальным", а можна і не).

Юзаф Семірадскі

АБ ІНДЗЕЙЦАХ ПАЎДНЁВАЙ АМЕРЫКІ (13)

У мове патагонцаў можна заўважыць значную аналогію з дыялектамі расы аруакну, пра што сведчаць наступныя некалькі прыкладаў: oien (рыба) - one. Une (вада на мове аравакаў [Arowakow]), yeike (агонь) - yaki, hioke ickio, heghue, jixs, ikii, hikkihi - у розных аравакскіх плямён [arowackch - памылка друку, arowackich].

Сістэма злічэння дзесятковая, як і ў араўканаў, але ў іх няма ўласнага слова для 100, толькі "патака" [pataca], запазычанае з дыялекту гуарані; лічба тысяча мае таксама чужую назву: "уаранка" [huaranca], запазычаную з мовы кічуа [Kiczua, кечуа].

Другое племя таго самага роду [Drugim plemieniem tego samego szczepu] - гэта часткова т. зв. лясныя караадас [Koroados] (бугрэс [Bugres]) з паўднёвай Бразіліі. Паводле Марціуса [Martius], іх мова належыць да лінгвістычнай групы крэнаў (батакудаў), антрапалагічна яны блізкія да патагонцаў. У якасці важнага выразу мовы караадаў хацелася б адзначыць слова "goio" (вада), напр. Goioen, р. Уругвай (вялікая вада), нагадвае патагонскае Koon (рака) і незлічоныя назвы месцаў і індзейскіх [indyjskich] плямён па ўсёй Паўднёвай Амерыцы, якія ўтрымліваюць слова "гоя" [goio] або "гуая" [guaya], што, здавалася б, указвае на распаўсюджванне гэтай расы ў старажытнасці па ўсім паўднёваамерыканскага мацерыку [ladu]. На эквадорскім узбярэжжы я бачыў танканогіх, высокіх індзейцаў з плоскімі мангольскімі тварамі, зусім не падобных да суседніх плямён, але маючых усе антрапалагічныя прыкметы [znamiona] расы "гес" [Ges], "крэнс" [Krens] і г. д., звычайна званых "батакудамі" з-за звычкі насіць круглы камень (па-партугальску botoque) у ніжняй губе".

Літ.:

412 Ильф И., Петров Е. Двенадцать стульев; Золотой теленок: романы. Мн., 1981. (Беларусь.)

413 Ильф И., Петров Е. Двенадцать стульев; Золотой теленок: романы. Мн., 1981. (Юнацтва.) (Ільф і Пятроў не прайшлі міма вобразаў каманчаў і батакудаў.)

ШАРАХАЎ Дзмітрый (Dzmitry Sharakhau) - мастак, мінскі індзеяніст, які быў каля госця-наваха Уільяма Язі (William Yazzie) у кастрычніку 1996 г. Тады ж аўтар БСІ асабіста назіраў узоры яго творчасці прама на сцяне яго пакоя, індзейскія матэрыялы на паліцы… Наш абмен карэспандэнцыяй адбыўся ў сакавіку 1999 г. (адпраўлена адначасова яму і Алегу Жылінскаму 16-га).

Міхаіл Іванчанка

ІНДЗЕЕЦ НАВАХА Ў МІНСКУ (7)

- Я хацеў бы падзякаваць вам за тое, што вы сёння тут, і за тое, што я тут. Я вельмі рады, што прыехаў да вас. Калі калі-небудзь вы будзеце ў Амерыцы, спыніцеся ненадоўга ў народа наваха. Вы пачуеце песні, музыку і пазнаёміцеся з культурай гэтага народа. Апошняй песняй, якую я выканаю перад вамі, будзе Грамадская песня наваха [Общественная песня навахо]. Адкуль бы вы не пайшлі, няхай вас блаславяць бацька-Неба і маці-Зямля, няхай яны клапоцяцца пра вас усё жыццё. Тое, што я паказаў вам сёння ўвечары - гэта ўсяго толькі маленькая часцінка культуры амерыканскіх індзейцаў. Гэта наш спосаб выказаць сваю падзяку Зямлі. І калі мы зможам распаўсюдзіць гэтую павагу па ўсім свеце, то, магчыма, нам удасца паменшыць "эфект сусветнага пацяплення" і раставанне палярных ільдоў, рабіць менш дзірак у азонавым слоі і аднавіць трапічныя лясы, знайсці лекі ад СНІД-у...

(Заканчэнне артыкула Міхаіла Бізона з альманаха "Первые американцы", № 2 (1997) - з усяго тэксту прапушчаны толькі пералік асоб у падзяцы Уільяма пры выступленні ў Доме дружбы.)

Літ.:

3070 Багадзяж М. "Індзейцы" у Мінску! // Цэнтральная газета. 1996. 18-24 кастр. (Індзеец і "індзейцы", г.зн. індзеяністы.)

11142 Крэпак Б. Вяртанне імёнаў: нарысы пра мастакоў: у 2 кн. Мн., 2013-2014.

ЮРЭВІЧ Валянцін (2) - не нудны расказчык.

Валянцін Юрэвіч

1992: ВАС БЫ ПАБІЛІ

Своеасабліва адзначалася 500-годдзе плавання Калумба. Помнікі Калумбу ў большасці краін Паўднёвай і Цэнтральнай Амерыкі былі разбураныя, у тым ліку і ў Эквадоры. Там ён быў толькі адзін, у Кіта, на плошчы Італіі. А помнікаў галоўным заваёўнікам у Лацінскай Амерыцы і не было. Выключэнне рабілася для заснавальнікаў гарадоў. Калі б Вы [так у анлайн-публікацыі - аўтар паважае вас, Вас, чытач або чытачы, але папярэджвае, каб вас не пабілі] сказалі ў гэты час пры народзе [во всеуслышание] "адкрыццё Амерыкі", Вас бы пабілі на вуліцах краін з пераважным індзейска-метысным насельніцтвам. Афіцыйным быў нейтральны тэрмін "Сустрэча дзвюх культур", вынайдзены спецыяльна да гэтага выпадку. І мерапрыемствы да гэтай сустрэчы былі адпаведныя - лекцыі этнографаў, гісторыкаў, актывістаў вывучэння індзейскіх культур і адраджэння старажытных індзейскіх звычаяў. Я ў той час чытаў лекцыі пра старажытную індзейскую астраномію і пра археаастрана-мічныя помнікі.

Расказ аб маіх працах у камандзіроўках і аб педагагічнай дзейнасці атрымліваецца даволі нудны, асабліва ў параўнанні з першымі раздзеламі ўспамінаў. Таму пакінем яго і звернемся да некаторых тэм, якімі я займаўся звыш плана.

Літ .:

13102 Chapa Carreon J. Bolon Tiku: matematicas y astronomia en la America precolombina. Mexico, 2012. ("Yurevich, Almeida, Espin y Guayasamin (1995)".)

1283 Занимательная география / сост. Г. Н. Якуш. Мн., 1967. (Варыянтнасць апісання - на загаловак або на аўтара.)

2202 Якуш Г. Н. Занимательная география / сост. Г. Н. Якуш. Изд. 2-е, доп. Мн., 1974. (Варыянтнасць апісання - на аўтара або на загаловак.)

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.

Індзейцы, индейцы, Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Belarus; Belarusians Meet Indians. Алесь Симаков. Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 150].

І будзем спяваць, і будзем жыць

Аддзел нестацыянарнага абслугоўвання дзяржаўнай установы "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" з аматарскім аб'яднаннем "Сяброўкі" наведаў вёскі Траццякоўцы і Біскупцы з канцэртнай праграмай "І будзем спяваць, і будзем жыць".

ТК "Культура Лідчыны".

Злёт юных эколагаў

17 траўня ў Лідскім РЦЭТІК адбыўся злёт юных эколагаў, прысвечаны актуальным пытанням змены клімату, прысвечаны Міжнароднаму дню клімату (адзначаецца 15 траўня).

Каманды актывістаў з устаноў адукацыі г. Ліды і Лідскага раёна сабраліся, каб абмеркаваць найважнейшыя праблемы, звязааныя са зменамі ў нашай кліматычнай сістэме.

Халоднае і дажджлівае надвор'е ў гэты дзень не дазволіла нам выйсці на прыроду, але мы ж эколагі!

Натхняльныя "зялёныя" ініцыятывы, практычныя заданні "палявых лабараторый", а таксама камандная квэст-гульня пацвердзілі: менавіта маладое пакаленне зможа зрабіць свет больш экалагічным і бяспечным для нашай планеты!

Дзякуем усім удзельнікам за неверагодную атмасферу і актыўны ўдзел.

РЦЭТІК.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX