Наша слова.pdf № 23 (179), 4 чэрвеня 2025.
У Менску прайшоў VI Нацыянальны форум "Музеі Беларусі"
На мінулым тыдні ў Менску прайшоў VI Нацыянальны форум "Музеі Беларусі". Работа пачалася ў сценах Беларускага дзяржаўнага музея Вялікай Айчыннай вайны, а працягнулася ў Менскім міжнародным выставачным цэнтры, дзе размясцілася выстаўка да 80-годдзя Перамогі. Гэтая дата шмат што вызначае для культурнай галіны, і асабліва для прадстаўнікоў музейнай сферы. За апошнія гады ў Беларусі адкрыліся новыя музеі і экспазіцыі, пераважна прысвечаныя падзеям Вялікай Айчыннай вайны: музей у мемарыяльным комплексе "Хатынь", экспазіцыя ў мемарыяльным комплексе "Ала" Светлагорскага гісторыка-краязнаўчага музея, пастаянная экспазіцыя ў філіяле музея "Дзецям вайны" Жлобінскага гісторыка-краязнаўчага музейнага комплексу. Вядзецца работа па стварэнні мемарыяльнага комплексу "Буйніцкае поле"… Агульная тэма форуму - "Музей - тэрыторыя памяці", і кожны рэспубліканскі ды нават рэгіянальны музей імкнуўся адлюстраваць яе ў сваіх экспазіцыях. Але сёлета дадалася агульная для ўсіх задача, звязаная з ажыццяўленнем праекта па стварэнні новага будынка і экспазіцыі Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі.
- Мы сабраліся ў музеі, які ў свой час быў адным з найважнейшых праектаў у гісторыі сучаснай Беларусі. А цяпер працуем над другім архіважным нацыянальным праектам - стварэннем новага будынка Нацыянальнага гістарычнага музея і яго пастаяннай экспазіцыі. Задача для нас зразумелая, але гаворка ідзе пра больш, чым 12000 квадратных метраў - гэта будзе самая вялікая музейная экспазіцыя ў сучаснай Беларусі, адна з найбуйнейшых не толькі ва Усходняй Еўропе, а нават у свеце. З тымі падыходамі, якія нам трэба рэалізаваць, гэта павінна быць і адна з самых тэхналагічных экспазіцый (чаго ад нас чакае дзяржава). Пэўныя напрацоўкі ўжо ёсць, многія музейшчыкі нашай краіны будуць прыцягнуты да гэтай працы дзеля кансультацый, вырашэння метадалагічных пытанняў. Гэта праект не толькі Нацыянальнага гістарычнага музея, а менавіта ўсёй музейнай супольнасці Беларусі. Таму што мы павінны адлюстраваць 1000-гадовую гісторыю нашай краіны і зрабіць гэта якасна, - акцэнтаваў першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Шляхцін.
- ...Мы стараемся быць у межах міжнародных тэндэнцый музейнай справы, што ёсць у цяперашні час. Яшчэ адзін істотны момант, на які трэба звярнуць увагу: пытанні камплектавання сучаснага перыяду. З імі мы ўпершыню сутыкнуліся пры стварэнні Музея сучаснай беларускай дзяржаўнасці, але яны былі вырашаны. Як аказалася, ужо тады патэнцыялу Нацыянальнага гістарычнага музея не хапала, спатрэбіліся дадатковыя меры, каб укамплектаваць новы музей. А галоўная адметнасць сучаснага перыяду - у яго дынамічнасці. Да гэтага перыяду варта ставіцца з большай увагай, таму што трэба пастаянна рэагаваць на зменлівасць сітуацыі. У перыяд Кіеўскай Русі, Сярэднявечча, Новага часу мала што мяняецца па прадметнай базе. Па сучаснасці - амаль кожны дзень. Кожны краязнаўчы музей - абласны ці раённы - павінен мець у сваёй экспазіцыі раздзел, прысвечаны сучаснаму перыяду. Таму што ў кожным рэгіёне за апошнія больш, чым 30 гадоў, шмат змянілася. Гэта трэба паказаць: мы жылі за кошт спадчыны, якая засталася ад папярэдніх эпох, але прыраслі за час Незалежнасці, - дадаў намеснік міністра.
Адзначалася, што ў музейнай рабоце ў наш час вельмі неабходны баланс паміж класічнымі падыходамі і сучаснымі тэхналогіямі, якія развіваюцца імкліва. І гэта таксама адна з тэм для абмеркавання паміж супрацоўнікамі музейнай галіны, навукоўцамі... Падчас форуму розныя музеі прадстаўляюць свае прэзентацыі і знаёмяць з адметнымі калекцыямі. Адна з актуальных тэм для музейшчыкаў Беларусі - пытанні выяўлення і ўвядзення ў навуковы і культурны абарот каштоўнасцей, якія ў розныя часы былі вывезены з нашай краіны. І не толькі для спецыялістаў, але і для патэнцыяльных падарожнікаў будуць карыснымі вынікі абмеркавання тэндэнцый развіцця гісторыка-культурнага турызму ў нашай краіне: новыя музеі чакаюць наведвальнікаў.
Ларыса ЦІМОШЫК, "Звязда".
Лідскі гісторыка-мастацкі музей таксама прымаў ўдзел у VI Нацыянальным форуме "Музеі Беларусі". Ад літаратурнага аддзела Лідскага музея - Дома Валянціна Таўлая - на дэманстрацыйнай пляцоўцы быў арганізаваны невялічкі інсцэніраваны аповед "У Таўлая пабываем - у Ліду разам завітаем". Гледачы акунуліся ў гістарычнае мінулае горада Ліда, знітаванае з лёсам дзеяча нацыянальна-вызвольнага руху Валянціна Таўлая.
30 траўня былі падведзены вынікі VI Нацыянальнага форума "Музеі Беларусі".
У рамках цырымоніі закрыцця таксама адбылося ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу прафесійнага майстэрства. Узнагароды лепшым музейщикам краіны былі ўручаны па чатырох намінацыях: "За лепшую культурна-адукацыйную праграму", "За навацыі ў музейнай дзейнасці", "За лепшае музейнае выданне" і "За лепшы экспазіцыйна-выстаўны праект".
Узнагароды пераможцам уручыў намеснік Міністра культуры Рэспублікі Беларусь Сяргей Саракач.
У намінацыі "За лепшую культурна-адукацыйную праграму" дыпломам І ступені ўзнагароджаны Лідскі гісторыка-мастацкі музей за культурна-адукацыйную праграму "Рэха продкаў"!
Урачыстае закрыццё форума адбылося ў Менскім міжнародным выстаўным цэнтры BELEXPO.
Віншуем нашых!
ТК "Культура Лідчыны".
Гарадзенскі літфэст
Пачатак летніх вакацый асацыюецца з важным днём - Днём абароны дзяцей.
1 чэрвеня юных гасцей фэсту кнігі "Гарадзенскі літфэст" (г. Гародня) сустракаў калектыў ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Я. Купалы" з шырокай святочнай гульнявой праграмай.
Віктарыны, рухомыя і інтэлектуальныя гульні, інтэрактыў для розных узростаў - гэта тое, што дарыла радасць гэтым летнім днём кожнаму госцю парку Жылібера.
ТК "Культура Лідчыны".
Прэзентацыя кнігі Таццяны Сямёнавай "Паэзія маёй душы"
28 траўня ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы прайшла прэзентацыя кнігі Таццяны Сямёнавай "Паэзія маёй душы".
Таццяна Іванаўна Сямёнава - дзіця вайны. У гэтым годзе яна адзначыла 90-гадовы юбілей, 80-годдзе Вялікай Перамогі - таксама важная дата ў яе жыцці, таму што менавіта яе пакаленне чакала гэтую Перамогу і менавіта яе пакаленне адчула ўсю гаркату страт той вайны і ўсю радасць вызвалення. Таксама гэты год праходзіць пад знакам "Ліда - сталіца беларускага пісьменства", і вельмі выдатна, што мы падтрымліваем, апраўдваем гэты статус. На літаратурнай сустрэчы прагучалі аўтарскія вершы на розную тэматыку, у тым ліку прысвечаныя Радзіме, сям'і, прыродзе, сябрам. Асоба гучалі вершы пра вайну. Уклаўшы ў кожнае слова частку сваёй душы, Таццяна Іванаўна змагла перадаць не толькі ўвесь жах вайны, але і веліч Перамогі, увесь гонар за гераізм і мужнасць нашага народа. Салісты эстраднай студыі ДУА "Дзіцячая школа мастацтваў г. Ліды" выканалі музычныя кампазіцыі на вершы Таццяны Сямёнавай. А навучэнцы ўстановы павіншавалі паэтку музычнымі нумарамі. "Сустрэча з Таццянай Іванаўнай Сямёнавай, з яе паэзіяй, з яе песнямі - гэта цудоўна, гэта запала ў сэрца на ўсё жыццё. Светлы свет паэзіі Таццяны Іванаўны пакарыў гледачоў. Давялося не раз заплакаць - так душэўна, шчыра гучалі вершы і песні", - такія водгукі пакінулі гледачы пасля сустрэчы. А кніжны фонд Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы папоўніўся новай кнігай Т. Сямёнавай "Паэзія маёй душы".
Бібліятэкар АБМ, СКД і МР
Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы
К. Сандакова.
І вершы недапісаныя, і жыццейка недажатае
"Пройма" Алеся Давыдава станоўча была сустрэта чытачамі. Мікола Віч у "ЛіМе" у 1997 годзе напісаў цікавую рэцэнзію пад назвай "Прыказы - гэта… або Вандроўка па дарозе, якой няма".
У 1996 годзе ў тэматычны план выдавецтва "Мастацкая літаратура" ў серыі "Першая кніга празаіка" была ўключана кніга "Пустэльня адзіноты" (аповесць, апавяданні) Алеся Давыдава, якая, на жаль, так і не пабачыла свет.
Пісаў паэт і вершы для дзяцей, друкаваў іх у газеце "Сям'я". Вось як гучыць адзін з іх:
Не бяжы на вуліцу:
Там завея дзьме,
Кот да печы туліцца,
Час прыспеў зіме.
І крынічка ўжо не плача,
Сціхла пакрысе,
У сумётах снежных скача
Зюзя ў кажусе.
Па рэкамендацыі Алеся Разанава Алеся Давыдава прынялі ў Саюз беларускіх пісьменнікаў. Але 20 траўня 2020 года Алеся Давыдава не стала. Яго пахавалі ў роднай вёсцы Крысін. Надмагільны верш напісаў загадзя сам Алесь:
Спакваля чахнуць вуглікі,
Быццам мары мае нязбытныя.
Гэта вершыкі мае недапісаныя,
Гэта жыццейка маё недажытае.
Ёсць у паэта Янкі Сіпакова артыкул пра аўтографы, ён называецца "Мая бібліятэка". У ім аўтар прыгадвае Алеся Давыдава і яго аўтограф на зборніку "Пройма": "Паважанаму сп. Янку Сіпакову - заўсягдышняму маладосцеўцу - у знак выхаду першай кнігі. З удзячнасцю за Настаўніцтва з зычэннем усяго найлепшага. 23.08.96. Маладосць". "Не ведаю, дзе падзеўся гэты таленавіты паэт, які зрабіў такую цудоўную заяўку…".
Сёння таленавітага паэта Алеся Давыдава амаль ніхто не прыгадвае, акрамя жонкі Галіны, сына Максіма і дачкі Веранікі, а таксама блізкія сябры ў вузкім коле. Гэта ён пра сябе сказаў у адной сваёй прыказе:
Любіць і ненавідзіць,
Радуецца і смуткуе,
Памірае і нараджаецца зноў -
Той, хто нясе паходню…
Сяргей ЧЫГРЫН.
БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Станіслаў Суднік
Рож і жыта. Ураджай і плён
Сярод анамалій беларускай мовы мае месца і такая. У нашай мове ёсць словы іржышча (ржышча), аржаны (ржаны), але няма слова рож. Ёсць слова сураж, як назва горада Сураж і як сумесь збожжавых. Сураж утворана аналагічна слову супесь, як сумесі розных пяскоў. Ёсць горад Орша, які ў старажытнасці называўся Рша, або Рьша, што ад той жа ржы.
Ёсць слова ражон, ражончык, якімі абзываецца ўсё, што тырчаць стырчма, як ржышча.
Таму па ўсім відаць: слова рож у беларускай мове было і мела вельмі старажытнае паходжанне. Слова гэтае аднаскладовае і адназначна даведыйскае. У санскрыце рож - радж (рай). Пацвяржаецца гэта і з нямецкай мовы, там яно гучыць dіе Rоggеn таксама мае невялікае лексічнае развіццё. Таму мы маглі слова рож проста захаваць з часоў індаеўрапейскай еднасці народаў. Але паміж гэтай еднасцю і тым часам, калі мы пачалі зноў сеяць збожжа прайшло дзве тысячы гадоў. Магло забыцца не толькі слова, а і само паняцце "сеяць".
Таму і адбылося так, што гэтае слова выключнай важнасці так слаба развілося лексічна і замянілася іншым. Захаваўшыся ў балгарскай мове, як рьж яно адтуль трапіла ў расейскую, але ў большасці славянскіх моваў замянілася на слова жыта. Разам з тым і жыта не дало багатага лексічнага гнязда: жытні, жытніца вось амаль і ўсё. Чаму? I тут адказ просты. Значыць жыта не першаасноўнае слова. Значыць і яно мае пэўнае паходжанне.
Першым у гняздо слова жыта просіцца дзеяслоў жыць. I ён тут становіцца асноўным. Ад яго ідуць словы жыццё (жытка, жытуха), жывот (старабеларускае слова са значэннем жыццё), жывёла (бо жывая), жывы, жыўнасць. Жыта як аснова жыцця зусім верагодна магло пайсці ад слова жыць. У старажытнасці слова жыць сумнявацца не выпадае. На санскрыце жывы гучыць як джыва. Яшчэ раз згадаем. штоў санскрыце няма гука ж, а ёсць толькі дж.
Усе гэтыя разважанні ляжаць на паверхні. А зараз глянем крыху глыбей. Вельмі блізка да дзеяслова жыць падыходзіць дзеяслоў жаць. Дзеяслоў жаць выводзіцца лінгвістамі ад дзеяслова яць - браць. З'яць - сабраць. Але ізноў жа згадаем, у санскрыце не было і гука з. У дадзеным выпадку на дапамогу прыходзяць гукі с, ц, дж. Атрымоўваем сцяць - зрэзаць , уцяць - адрэзаць. Трэба меркаваць, што дзеяслоў незакончанага дзеяння цяць абазначаў рэзаць.
Так і дзеяслоў джаць абазначаў тое самае. Пераход дж ў ж і даў слова жаць. Зжаць - зрэзаць, сабраць. Жаць, жне, жнуць, жніво, жатва, жняярка, жнец, жняя. Тут гняздо словаў непараўнальна багацей.
Такім чынам рож жалі На полі заставалася ржышча. А зжатае ці не магло стаць зжытам, жытам і ўжо з-за блізкасці гучання і важнасці для жыцця зліцца з гняздом дзеяслова жыць.
Так то яно так, але яшчэ раз вернемся да слова рож. У старажытнасці, пры адсутнасці ў мове гука ж гэтае слова так гучаць не магло. Яно магло гучаць толькі як родж. А потым ужо дж ў розных мовах трансфармаалася ў розныя гукі. У нас - у ж, у немцаў у г (g, dіе Rоggеn). Але як толькі мы вымавілі: "Родж", дык адразу згадваем і яшчэ адно вельмі важнае слова з гэтага гнязда - ураджай. Ураджайнасць, урадзіць, радзіць, род. Вось мы і выйшлі на першаслова. Родж (рож) - гэта тая расліна, якая родзіць, дае ўраджай. I зараз становіцца абсалютна зразумелай замена слова рож на слова жыта. Радзіць і жыць - словы аднаго ўзроўню, блізкія побытава. Нарадзіўся чалавек і жыве. Урадзіла поле і жывуць усе. Вялікі ўраджай жыта. Вось вам у адным сказе і рож, і жыта, і радзіны, і жыццё.
Беларуская мова мае для значэння ўраджй слова плён. Слова зафіксавана ў беларускіх народных песнях. Так Бірута (Амелія Даравінская), настаўніца ў Лідзе запісала ў Лідскім павеце ў 19-м стагоддзі дажыначную песню, якая пачынаецца словамі:
Дажалі жыта да аблогу
І падзякавалі Пану Богу.
Плён жыта, плён
Ды з усіх старон.
З усіх славянскіх моваў мы знаходзім гэтае слова толькі ў польскай мове. А ў беларускай слова плён аддзялілася ад слова ўраджай і займела больш шырокае значэнне: поспех, прыбытак.
Навіны Германіі
ЕКА: паляпшэнне абароны ад кібератак
Еўрапейскае касмічнае агенцтва ЕКА мае намер абараняць сваю інфраструктуру ад усё больш сур'ёзных пагроз з дапамогай новага цэнтра кібербяспекі.
Еўрапейскае касмічнае агенцтва ЕКА мае намер палепшыць абарону сваёй крытычнай інфраструктуры ад кібератак.
- Спаборніцтва з кіберзлачынцамі падобна на гонку ўзбраенняў, - заявіў аперацыйны дырэктар ЕКА Рольф Дэнсінг на прэзентацыі цэнтра кібербяспекі коштам у некалькі мільёнаў еўра ў Еўрапейскім цэнтры кіравання палётамі ў Дармштадце.
Кібератакі становяцца ўсё больш удасканаленымі, і касмічныя агенцтвы з іх спадарожнікамі і наземнымі станцыямі таксама вымушаны абараняцца. Новы цэнтр закліканы забяспечыць абарону 28 спадарожнікаў, наземных станцый і сістэм кіравання ад вонкавага ўздзеяння.
- Калі б хтосьці несанкцыянавана ўзяў пад кантроль нашы спадарожнікі, гэта быў бы кашмар, - падзяліўся Дэнсінг.
Па словах менеджара праекта Маркуса Рукерта, распрацоўка і будаўніцтва аперацыйнага цэнтра кібербяспекі ў Дармштадце і Бельгіі доўжыліся на працягу пяці гадоў. Да канца 2026 года кошт работ складзе ў агульнай суме прыкладна 26 млн еўра.
У ЕКА лічаць, што напады могуць быць накіраваны супраць кампаній, энергетычных сетак, фінансавых рынкаў ці ланцугоў забеспячэння, якія ўсё больш залежаць ад спадарожнікаў і касмічных паслуг.
Дармштадт (dpa). На фота: Новы цэнтр кібербяспекі ЕКА ў Дармштадце© pa/dpa.
Германія больш актыўна імпартуе беларускія азотныя ўгнаенні
З пачатку года Германія імпартавала 3.168,9 тонн азотных угнаенняў з Беларусі на 1,3 млн еўра - столькі ж, колькі за ўвесь мінулы год. Пра гэта сведчаць дадзеныя Федэральнага міністэрства харчавання і сельскай гаспадаркі. Пры гэтым з 2022 года пастаўкі азотных угнаенняў з Беларусі ў Германію павялічыліся ў 120 разоў.
Нагадаем, раней у Еўрасаюзе адобрылі ўвядзенне 6,5-працэнтных пошлін на ўгнаенні з Расеі і Беларусі, плюс дадатковыя зборы па 40-45 еўра за тону на працягу 2025-2026 гадоў. Да 2028 года гэтыя пошліны маюць скласці 430 еўра за тону. Паводле інфармацыі, галасаванне па гэтым пытанні ў Радзе ЕС адбудзецца ў чэрвені, а з 1 ліпеня новыя пошліны могуць уступіць у сілу.
Паводле СМІ.
Некалькі гадоў маёй маладосці ў Вільні* (1818-1825)
Станіслаў Мараўскі
Другая частка
Раздзел 1. Навасільцаў і яго задумы. Рэктар універсітэта Твардоўскі і яго стасункі з генерал-губернатарам Літвы Корсакавым. Віленская гімназія. Справа Міхала Плятэра. Арышт Твардоўскага. Выезд аўтара на вакацыі да бацькі. Пачатак справы філаматаў. Неспакой аўтара. Дарадца Лаўрыновіч і яго брат, ковенскі прэфект Шымон. Выезд аўтара ў Вільню. Разарэнне жыхароў Літвы. Развітанне аўтара з бацькам.
Тым часам маланка, якая павінна была грымнуць над Літвой, нечакана аказалася ў руках брата імператара. Жывучы далёка ад часу, які Тацыт называў шчаслівым, я далей буду пісаць сцісла і рахмана.
Як сёння шал камунізму, сацыялізму і бунтаў, так і ў той час шал тайных таварыстваў агарнуў усе голавы. Пачалі карбанарыі. Пераслед падняў іх вартасць і жаданне пераймаць. Моладзь пачала гуртавацца ў звязы. Урады ўжылі свае сродкі супраць гэтага, і таму паўсюдна, і тым больш у нас, вочы былі звернуты на моладзь і адукацыю.
Дробны чалавек кепскага жыцця [Навасільцаў], хітрая, вычварная, але высокапастаўленыя асоба, даўні банкрут, бачыў свой паратунак толькі ў захаванні ўвагі манарха да нашага края, бо толькі так ён мог спадзявацца захаваць сваёй багацці і ўладу. Ён моцна хваляваўся пра працяг арэнды слонімскага староства1, але працяг арэнды трэба было яшчэ зарабіць! Таму яшчэ калі быў расійскім камісарам ці пасланнікам у Варшаве, пачаў праз павелічальнае шкло разглядаць Літву, і яна яму спадабалася!
Царскі брат, вялікі князь Канстанцін, высакародны, адкрыты, сумленны, але гарачы чалавек, кіраваў усім каралеўствам Польскім і Літвой. Навасільцаў2 лёгка і спрытна падкінуў яму некаторыя падазрэнні адносна нораваў і духу літоўскай моладзі. Адвечны вораг князя Адама Чартарыскага (а князь зрабіў яму шмат добрага), які быў куратарам Віленскага ўніверсітэта, Навасільцаў так умела уздзейнічаў на розум Канстанціна і цара Аляксандра, які ужо ў той час падазраваў усіх, што гэта паўплывала на тое, што цар пачаў сумнявацца ў сваім даўнім і правераным сябры князі Адаме і пачаў глядзець на яго скоса.
У той час слова "канстытуцыя" была ва ўсіх на вуснах, але мала хто разумеў яе значэнне. Сёння ніхто не аддасць за яе нават жменю бобу. Але ў той час, і гэта праўда, гэтае слова выклікала спазмы нават у аўстрыйскага імператара Франца. Паўсюдна казалі, што неяк, калі ён пакутаваў ад хваробы, лекар ужыў словы: "Канстытуцыя вашага цела вымагае пэўных сродкаў", - імператар з жахам усклікнуў: "Um Gottes Wііlen! іmmer, іmmer, und uberall dіese verfluchte Consііtutіon!" (ням. "Пабойцеся Бога, заўсёды, заўсёды і паўсюдна гэта праклятая канстытуцыя!" - Л. Л.). Такім быў дзіўны дух таго часу, які з нічога ствараў нешта. І каб толькі адно дабро ствараў!
Чартарыскі ўжо вісеў на валаску, і яго апошнім спевам было жаданне стварыць і ўмацаваць пахіснуўшыйся аўтарытэт універсітэта. Для гэтага князь паспрыяў таму, каб пінскі маршалак Твардоўскі3, чалавек навукі, вядомы сваімі маёнткамі і, прытым, як і трэба, доктар філасофіі, быў абраны рэктарам універсітэта. Твардоўскі быў змушаны да актыўнага палітычнага жыцця і пры гэтым не разумеў ці не хацеў разумець свайго становішча, асабліва ў вачах царскай улады, у якой галоўную ролю грала субардынацыя! Генерал-губернатарам у Вільні ў той час быў сумленны чалавек Рымскі-Корсакаў, слаўны сваёй паразай пад Цурыхам. Гэта быў, мабыць, адзін з самых знатных расейцаў, чалавек непадкупны, але стары і хворы, адданы распусным жанчынам і вядомы сваімі неверагоднымі дзівацтвамі4. Ён ніколі не перашкаджаў універсітэту, але добра ведаў, што ўсё ў краі належыць толькі яму. Гэтага Твардоўскі ведаць не хацеў ці з-за саманадзейнасці, ці, што больш верагодна, жадаў мець статус апазіцыянера і разам з ім аўтарытэт і славу. І таму ставіўся да Корсакава, як роўны да роўнага. Стары Корсакаў на пачатку не разумеў гэтага і толькі смяяўся, але потым надзьмуўся. У горадзе, з двума ці больш тысячамі студэнцкай моладзі, абавязкова здараліся калізіі з паліцыяй. Свавольнікі білі вокны, ліхтары, біліся на вуліцах, у тракцірах ці яшчэ ў больш горшых месцах. Даносілі пра гэта Корсакаву і рэктару. Стары Малеўскі, які быў рэктарам да Твардоўскага, як толькі даведваўся пра такія рэчы, адразу бег да Корсакава, размаўляў і прасіў яго, абяцаў сам прызначыць кару і выконваў свае абяцанні, таму справа заўсёды заканчвалася дамовай. Але трэба прызнаць, у нас не любілі яго пакоры. Некалькі разоў Твардоўскі так не зрабіў, але сам, сваім аўтарытэтам і ўладай прызначаў следства і пакаранне. Корсакаву гэта не спадабалася.
На няшчасце, малы хлопец з трэцяга класа гімназіі Міхал Плятэр5, сын Тадэвуша графа Плятара, як на бяду народжаны яшчэ ад маці з роду Касцюшкі, перад тым, як выйсці з класа, свавольна напісаў крэйдай на школьнай дошцы: "Віват канстытуцыя" 6, нават не ведаючы, які сэнс мае гэтае слова. Пасля гэтага на ўрок прыйшоў настаўнік рускай мовы, расіянін Астроўскі, які ведаў пра дрэннае стаўленне да Твардоўскага і папярэдне быў ужо кімсьці ўзлаваны. Астроўскі паляцеў да Корсакава і данёс. Корсакаў звярнуўся да рэктара. Калі б той адразу прыйшоў да губернатара і паразмаўляў з ім, справа скончылася б нічым. Але Твардоўскі адпісаў, што сам ведае, што яму трэба рабіць і будзе дзейнічаць у межах сваёй законнай кампетэнцыі. Корсакаў убачыў у гэтым незаслужанаю, цяжкую абразу і непаслушэнства, як ніколі раней раз'юшыўся і адразу, эстафетай, паслаў вялікаму князю данясенне, што ў Вільні выбухнуў бунт якому спрыяў рэктар7.
Да таго часу Вільня ўжо цэлы год знаходзілася ў чорным спісе з-за розных непаразуменняў паміж універсітэцкай моладдзю і маладымі афіцэрамі гвардыі. Сама гвардыя была адпраўлена сюды з Пецярбурга за свае глупствы. Выпадак адзін за другім - гэта павінна было выклікаць падазрэнне ў бунце. Вялікі князь, атрымаўшы эстафету Корсакава, неадкладна паслаў свайго ад'ютанта графа Несельродэ з шырокімі паўнамоцтвамі і загадам арыштаваць рэктара. Пераапрануты Несельродэ пешшу ўвайшоў у Вільню і знайшоў тут усё ў поўным спакоі і цішы і адразу здагадаўся, што ўся гэта справа - байка. Як сумленны чалавек ён у тую ж хвіліну выслаў пра гэта рапарт вялікаму князю, але не мог не выканаць яго загад. Твардоўскага забралі на гаўптвахту.
Калі па-сапраўднаму, тут была вялікая памылка з абодвух бакоў. Крыху разумення і лагоднасці прадухіліла б няшчасці, а потым і кроў! Бо менавіта ў гэтыя няшчасныя хвіліны было кінутае зерне ўсяго таго, што адбылося ў 1830-1831 гг. Вы можаце ўявіць сабе абурэнне і лютасць людзей, усю іх нянавісць, якую выклікала гэтая падзея. Рэктар універсітэта! Рэктар, пасада якога некалькі пакаленняў уважалася за нешта асаблівае, вялікае і велічнае. Сівога, сур'ёзнага чалавека, зняважліва пасадзілі ў ганебны палон за тое, што дзесяцігадовае ці крыху больш дарослае дзіця напісала крэйдай у школе нейкае глупства і бессэнсоўнасць. Але карты былі ўжо раздадзены.
Між тым, у гэты час расіяне яшчэ не разумелі годнасці навукі і асветы і не маглі нават здагадвацца, што арышт рэктара можа быць важнай падзеяй для нашага края. У іх рэктара ўніверсітэта выбіралі з прафесараў на год, ну можа самае большае на тры гады, выбіраўся ён толькі для формы, бо гэта пасада была ў штаце, і меў ён не большае значэнне і павагі, чым павятовы страпчы ці асэсар паліцыі. У нас было ўсё інакш! Што край, то звычай! Трэба пільна вывучаць звычаі кожнага края, кожнага кутка зямлі, калі толькі маеш нейкае дачыненне да яго.
І вось, непасрэдна падчас гэтай бяды і яе наступстваў, падчас найцікавейшых і нечаканых падзей, мне і давялося пакінуць Вільню. Прыслалі коней. І цікавасць, якую выклікалі такія незвычайныя абставіны, трэба было адкласці на больш позні час.
Калі я развітваўся з сябрамі ў доме пані Мюлеравай, упершыню сустрэў тут двух новых асоб. Старую жанчыну, сівую і белую, акуратную, чыстую, з дзіўна добрым і ветлівым тварам і старога, з рысамі паважанай прыгажосці на твары, чыстага, дагледжанага, напудранага, якога я часта бачыў падчас яго шпацыраў па горадзе ў канфедэратцы набакер і часам пры шпорах. Пані Мюлер пазнаёміла мяне сасваім бацькам і маці. Гэта быў Юзаф Закрэўскі і яго жонка, пра якіх, можа, потым раскажу што-небудзь.
Я прыехаў дадому і адразу ж, паводле адвечнага і неадменнага звычаю, пахваліўся бацьку, што цяпер сябрую з Мюлерамі. Быў упэўнены, што ён будзе рады. Афіцэр коннай артылерыі - заможны, усыпаны крыжамі, з шматлікімі сябрамі і вялікім уплывам у сталіцы, вучоны, таленавіты, адважны - нават самы суровы бацька як можа не парадавацца? Але на ўсе мае пахвальбы, ён наставіў такую міну, што ў мяне мурашкі пабеглі па скуры. Выслухаўшы мой панегірык, сказаў: "Ведаю яго", - і праз хвіліну дадаў: "Мой дарагі, запомні на ўсё жыццё, заўсёды сцеражыся кожнага маўклівага чалавека, які пра сябе ніколі не расказвае, а з іншых хоча выцягнуць усё, што толькі магчыма".
Навальніца, якая покуль кідала толькі першыя маланкі, вось-вось павінна была са страшнай сілай грымнуць над Вільняй! Падчас майго знаходжання ў вёсцы пачалі распаўсюджвацца глухія чуткі. Аднекуль з'явіліся плёткі пра адкрыццё ў Літве нейкіх таемных таварыстваў і аб прызначэнні з-за гэтага строгага следства. Як звычайна чуткі прынеслі яўрэі. Неўзабаве мне патаемна напісалі некалькі сяброў. З іх лістоў я даведаўся, што прызначана следчая камісія і суд па справе Плятэра і яго паплечнікаў. Што Чартарыскі звольнены. Што новы куратар Навасільцаў прыехаў у Вільню. Што нейкі Янкоўскі наўмысна дазволіў адабраць у сябе нейкія палітычная паперы і вершы, нейкія вельмі кампраметуючыя акты і выступіў як фармальны даносчык. У сваім даносе ён ахапіў усю акадэміцкую моладзь, выкрыў яе тайныя таварыствы і назваў лідэраў. Што справа ідзе не пра што меншае, як пра само існаванне манархіі і самога манарха! Валасы на галаве ўсталі! Хаця я думаў, што гэта толькі чуткі, але верыў, што існаваў, можа і не вялікі, але нейкі замах існаваў несумненна. Як апісаць здзіўленне, калі мяне патаемна і неадкладна выклікалі ў Вільню каб я заставаўся ў горадзе. Што з мухі зрабілі слана. Што ўся справа ў даўно закрытых "Звязе прамяністых" і "Таварыстве філарэтаў", членам якіх я быў. Мяне ў свой аднагалосна абралі ваяводам Прамяністых, а ў Філарэтах я быў кіраўніком сіняга грона!8
Я толькі пырснуў са смеху, бо быў тады такі дурны, што не мог паверыць у тое, што з пяску можа зрабіць бізун і байку пра "Ваўка і ягнё" лічыў яшчэ толькі байкай. Але не трэба было смяяцца. Увесь свет ведае пра гэта, і напісаны ўжо тысячы кніжак, як злачынная смеласць двух чалавек наважылася распускаць ілжывыя чуткі і як фальшывую справу ўзнялі да самога трона. Проста з нічога была зроблена вялікая і страшная справа! Даруй ім, Пане, калі можаш ім дараваць!
Што праўда, мой бацька ці па-сапраўднаму ці прытворна, увесь час скардзіўся на глупства моладзі і наракаў на яе сваволю. Яму было шкада бацькоў, якія павінны пакутаваць за правіны сваіх дзяцей. Але ў сябе ён гэткіх праблем не чакаў і таму ў вус не дзьмуў. Ні на хвіліну не мог уявіць сябе, што яго сын, выхаваны пад пагрозай бізуна, мае нейкую таямніцу ад бацькі. Яго спакой, калі праблемы выклікалі канвульсіўныя сутаргі ў мяне, яшчэ больш рваў душу! Я добра разумеў, што пра мяне мусіць ўсё адкрыцца. Янкоўскі мог не ведаць усіх сяброў гронаў, але ён дакладна ведаў іх кіраўнікоў. Бо звычайна дэпутацыі адных грон з таварыскімі мэтамі наведвалі пасяджэнні другіх і мелі ўсебаковую інфармацыю.
Не надта я баяўся няволі, хоць толькі што выйшаў у свабоднае і самастойнае жыццё, не думаў пра катаванні і боль, якую прычынялі бязлітасныя Навасільцаў і Байкоў. Мяне не турбаваў сорам, які гэтыя людзі імкнуліся накінуць на маладых і знатных асоб, каб абудзіць у іх адчай. Не страшылі мяне гэтыя гідкія селядцы, якімі па некалькі дзён запар кармілі вязняў і адмыслова пакідалі без вады. Не баяўся я падвешвання на круку, не баяўся воску, які гарыць і капае мне пад пазногці. Я баяўся толькі смутку майго бацькі, калі ён даведаецца ці ўбачыць мяне сярод абвінавачаных. Баяўся за здароўе маёй мачыхі, другой маёй маці, якая ўвесь час хварэла. Яна не мела сваіх дзяцей і прызнавала сваім дзіцём мяне, мяне, увесь час змучанага пастаяннай строгасцю бацькі. Гэта быў катастрафічны, пакутлівы стан, які атручваў спакой і раздражняў яшчэ больш, бо ў душы я адчуваў, што не заслугоўваю гэтага. Але рука Провіду бараніла мяне!
У следчую камісію ўваходзіў адзін з вышэйшых віленскіх чыноўнікаў, радца, ці як кажуць советник Лаўрыновіч, які з усёй стараннасцю і руплівасцю ўзяўся за пошук доказаў злачынства і быў адным, па-сапраўднаму здольным чалавекам у камісіі. Гэты Лаўрыновіч меў вялікую сям'ю і ўсю надзею на паляпшэнне сваёй долі, хоць і быў ужо немалады, ускладаў на свайго брата, прэфекта ковенскай школы, у якой я раней вучыўся. Гэтая надзея часткова не апраўдалася, бо ён сам памёр раней за прэфекта, але ў той момант быў яму ва ўсім абавязаны і слухаўся, як бацьку. Прэфект у час канікул жыў у Вільні і спыніўся ў свайго брата. Калі паміж сабой яны абмяркоўвалі самую балючую на той час тэму тайных таварыстваў моладзі, прэфект ранамі Хрыста прасіў брата ўзяць мяне пад сваю апеку, бо любіў мяне, як свайго вучня. Ён выратаваў мяне! Даведаўся я пра гэта толькі праз некалькі месяцаў.
Як жа мне не расказаць пра майго прэфекта? Шымон Лаўрыновіч! Дзіўны быў чалавек. Калі і нараджаюцца на зямлі школьныя прэфекты, якія талентамі адпавядаюць свайму пакліканню, дык гэта пэўна быў ён. Былы езуіт з імпазантнай, па-сапраўднаму прыгожай постаццю, з грэчаскім і шляхетным выразам твару, сівы, як голуб, з рыцарскім голасам і пабожным жыццём - ён па імені ведаў кожнага вучня і іх сем'і. Праз дзверы, вокны і шчыліны, як нячысцік, лез ва ўсе нашы кватэры, каб арліным вокам сачыць за ўсімі, і здавалася, што ён адначасова знаходзіўся ў некалькіх месцах, чым даводзіў свавольнікаў і распуснікаў да адчаю. Пад сваім акном вучні выкапалі ваўчыную яму - а ён, як быццам ведаў пра гэта, і ўсунуў галаву праз дзверы. Зачынілі вокны і дзверы - ён як прывід вылез з запечка. Трывога і страх, якія такім чынам распаўсюджваў гэты непаўторны ў сваім родзе чалавек, перадаваліся з класа ў клас, яны раслі і ўкараняліся з пакалення ў пакаленне вучняў і служылі ім сталым і выратавальным тормазам супраць зла. Кожны з іх, вялікі і малы, а тады шмат вучняў было ўжо пад вусам, былі ўпэўненыя, што прэфект ведае ўсё, здагадваецца пра ўсё, і баяліся яго. Ці ж цяжка працаваць з моладдзю? Яго агульнавядомая суровасць уражвала. Калі гукаў - здыхалі ўсе блохі! Адзін Бог ведае, як ён гэта рабіў, але толькі што на свае ўласныя вочы бачыш яго тут, але вось ён ужо стаіць за табой і ўсё чуе, усё бачыць як раз у момант, калі ты менш за ўсё гэтага чакаеш. Ён меў рэдкі талент кіраваць маладымі людзьмі. Праз дваццаць гадоў, па старой памяці я ўсе яшчэ баяўся Лаўрыновіча. І можна ўявіць маё здзіўленне, калі ўбачыў у Коўні, у той самай Коўні, сучаснага прэфекта. Прэфект, сам тытул якога выклікаў у нас вялікую павагу, рабіў лёгкія крокі французскай кадрылі, адным словам як быццам танцаваў, але дрэнна тое, што танцаваў вельмі нязграбна! Гэтага новага прэфекта звалі пан Пятроўскі. Не магу гарантаваць, што наш стары Лаўрыновіч не перавярнуўся б магіле, каб такое ўбачыў. Схадзіце на яго магілу і прачытайце некалькі малітваў за душу гэтага шляхетнага чалавека.
Вяртаемся да нашай тэмы. Мне трэба было знайсці прычыну і апраўданне, каб паехаць у Вільню і пасяліцца ў ёй. Гэта было цяжка, бо бацька ўжо вырашыў адвезці мяне ў Варшаву, каб пазнаёміць з княгіняй Дамінікавай Радзівілавай з дому Мараўскіх9 (жонка нясвіжскага Радзівіла), і праз яе вырабіць для мяне пашпарт за мяжу. Другі раз гэтаму намеру перашкодзіла спусташэнне яго багацця, якое тады ўжо пачалося.
(Там жыла і сёння жыве іншая княгіня Дамінікава Радзівілава10, маці графіні Бніньскай і Атаназавай Рачынскай. Пабожная, добрая, міласэрная жанчына анёльскіх цнотаў. Я ведаў і яе. Дочкі пайшлі не ў маці, хоць яна і зведала шмат цяжкіх пакут, калі мусіла бараніць іх фундуш ад сквапнасці небароўскага Радзівіла, распусніка і бацькі князёў Антонія, жанатага з прускай прынцэсай ці княжной, Валенты, клецкага ардыната, Людвіка і Міхала, які зусім непрацяглы час быў галоўнакамандуючым польскага войска ў 1831 г.).
Бацька даў мне неабходныя, для ўжо не студэнта, грошы, каб жыць ў Вільні. Ён адчуваў, што можа не мець сродкаў на маё вяртанне, чаго ён вельмі жадаў. Гэтыя праблемы наспявалі не па віне маіх бацькоў. Гэта быў вынік агульнага банкруцтва Літвы і Каралеўства Польскага, якое дасягнула ў той час сваёй кульмінацыі.
У Каралеўстве геній князя Любецкага стрымліваў гэты працэс, а ў нас не было галавы, а можа рабілася гэта і наўмысна, бо конь без аўсу не так брыкаецца. Як бы там не было, але самыя багатыя паны, магнаты, адзін за другім клаліся як жыта пад ветрам, і падаваліся на эксдывізію! Банкаўскіх устаноў у той час не ведалі. А хоць бы яны і былі, дык трэба было б плаціць працэнты. Уладальнікам капіталаў здавалася, што той хто паедзе ў Пецярбург, напэўна, ужо ніколі не вернецца, і аддавалі грошы пад працэнт сваім суграмадзянам. Мае бацькі жадалі ад вёскі, каб яна толькі прыносіла радасць і суцяшэнне для душы. Не жадалі мець турботы з вялікай гаспадаркай і таму ўсе свае грошы перавялі ў капітал і аддалі пад працэнты ў розныя рукі. Аднак наступілі войны, кантрыбуцыі, прыгнёт, голад і страты, а потым зноў тысячы розных бед. Заенчыла наша зямля! Тое, што раней яна з прыбыткам вырабляла, без ваганняў і за бясцэнак з'ела прамысловасць, якая тады нараджалася ў больш шчаслівых замежных краінах. Кожны даўжнік адчуваў, што гіне. Тры нашых даўжніка ўжо заявілі аб неплацежаздольнасці і эксдывізіі сваёй маёмасці. Тады ў нас раптам ляснулі некалькі сотняў тысяч! Бывалі выпадкі, калі за сто тысяч злотых атрымлівалі па эксдывізіі ліхтар ці зламаны дышаль ад воза. А суддзі, нашы суграмадзяне, разбіраючы справу, разам з сваімі жонкамі, дзецьмі, сабакарнямі, коньмі і прыслугай, за якіх дзесяць гадоў з'ядалі аддадзены за падаткі маёнтак і бралі вялізную ўзнагароду ад абодвух бакоў як свой заробак. Пасля чаго, загубіўшы абодва бакі, з багатай здабычай як татары ці запарожцы, вярталіся ў сваю Сеч. Трое нашых даўжнікоў ужо аддалі сваю маёмасць гэтым запарожцам, і іншыя пагражалі зрабіць тое самае - адны з іх сумленна, але другія, толькі каб вытаргаваць сабе нейкія палёгкі. Гэта пагражала ўсім трымальнікам капіталаў, здадзеных пад працэнты (аўтар называе іх "капіталістамі". - Л. Л.). Майму бацьку гэта пагражала больш чым іншым, бо аддаючы грошы пад працэнты, ён заўсёды кіраваўся больш сэрцам, не шукаў самых надзейных месцаў, а раздаваў свой капітал сябрам. І ў нас застаўся толькі па-сапраўднаму невялікі маёнтак, карысны больш для прыемнага жыцця, чым для прыбытку, прыгожы як цацка, як маленькі рай, але няздольны даць дастатковы прыбытак людзям, якія прызвычаіліся да вялікіх выдаткаў. Што будзе далей? Якая будзе старасць без грошай? Мой стары ўсё добра разумеў, гэта яго турбавала і грызла. Ён быў перакананы, што яго абавязак бацькі - даць дзецям адукацыю, заканчваецца, яны становяцца самадастатковымі і могуць здабыць багацце сваёй галавой. Увесь час прытрымліваўся гэтай веры і ні ў чым сябе не абвінавачваў, увесь час думаў пра тое, каб адправіць мяне за мяжу і разлічваў на які-небудзь выгодны шлюб.
Чаму паўстала пытанне аб пераездзе ў Вільню?
Сам час падганяў рухацца! Трэба было апрануцца лісам. Я пераканаў яго, што яшчэ не зусім гатовы да карыснага падарожжа па Еўропе. Што мне спатрэбіцца яшчэ год. Што калі сумясціць выдаткі на паездку ў Варшаву са знаходжаннем у ёй (а пашпарт часцей за ўсё не давалі), дык я толькі змарную грошы і час і таму лепш застацца ў Вільні, каб паспяхова вырашыць нашы справы і цяжкасці. Зноў жа, мой сябар Караль Мараўскі, нічога пра гэта не ведаючы, падштурхоўваў мяне прыехаць у Вільню каб жыць разам. Нават зняў добрую і зручную для нас абодвух кватэру. Пасля смерці маці не мог жыць у сваім доме і здаў у яго арэнду, а частку лепшай мэблі, як напрыклад, жырандолі, абразы, статуі і бюсты, перавёз ў нашу кватэру. Гэта нібыта пазбавіла мяне неабходнасці купляць мэблю. Новы довад. У выніку мой бацька пагадзіўся. Выправіў мяне ў Вільню, а сам з маці паехаў у Варшаву.
Аднак перш, чым ехаць, ён паклікаў мяне ў кабінет і, чаго ніколі раней не здаралася, зачыніў за сабой дзверы.
- Ты ўжо дарослы і адукаваны, - сказаў ён сур'ёзна, - І табе можна сказаць шчырую праўду, бо ты зразумееш. Бо што такое навука без розуму? Без розуму ты заўсёды будзеш вучоным дурнем, як наш пан Марцін Залескі! О, я ведаю, табе здаецца, што ты ўжо ўсё разумееш! Ах, доктар, дапамажы сябе сам … Але, па-мойму, ты яшчэ дурны, як дубовы стол. Я з сумам кажу, што ты ніколі і нічога не дасягнеш, нягледзячы на таленты. Успомніш калі-небудзь мае словы. У свеце трэба быць гнуткім, а ты ні на грош, ні на шэляг гэтага не маеш. Маеш толькі фанабэрыю маладога веку і як кожны блазан, які нешта ведае, маеш ідэі аб свабодзе і роўнасці, у якіх мы не нарадзіліся, марыш і гаворыш пра іх. Ігнараванне багатых і магутных людзей - таксама глупства, хоць гэта сёння і модна. Я ведаю пра гэта, шмат рэзанёраў сёння кажа гэта, шмат хто падбадзёрвае вас словамі, але прыглядзіся ўважліва - гавораць адно, а робяць зусім іншае! Ты дурнейшы за авечку, бо робіш тое, што думаеш. Верыш ў кніжныя словы, але хіба знойдзеш у кніжках сяброў і абаронцаў? Я не кажу: "Еt haec facіenda, et haec non omіtenda" (лац. "Гэта трэба, а гэта не трэба рабіць". - Л. Л.), усё ж я даў табе адукацыю, бо хацеў, каб ты не быў дурнем! Калі не атрымалася, дык гэта ўжо не мая віна. Але павер, кніга і свет - гэта дзве розныя рэчы, як кулак і вока!.. Усе твае ранейшыя стасункі, сяброўства, адносіны, якімі б яны не былі бездакорнымі, ні на ёту не прывядуць цябе да таго стану, які маю я і ў якім я, як бачыш, застаюся, і пры гэтым ніхто не зможа знайсці ў маім воку нават пясчынку. Часам трэба нешта ўладкаваць, пагаварыць, папрасіць, бо рука руку мые! Калі гэтага не рабіць, вас будуць любіць і хваліць але заўсёды вы застанеце ў канцы чаргі. Я стары і адчуваю, што мяне да зямлі прыціскае гэты няшчасны час і нечаканыя праблемы. Бачу, як знікаюць старыя сябры, людзі, якім я даверыў свой лёс і свае сродкі, гэтыя сумленныя душы цягнуць мяне за сабой у бездань, выкапаную рукой часу. Гэта разам з пераследам, які напаткаў наш край і які, убачыш, ніколі не скончыцца, усё гэта цягне мяне ў магілу. З тастаманта даведаешся, што будзе пасля мяне, але пасля мяне ты не будзеш багатым, як ты, магчыма, думаў… Шануй маці пасля маёй смерці! Бо мая хворая жонка ведае пра бедствы, якія пагражаюць нашым грошам, хвалюецца і з далікатнасці маўчыць. І ад гэтага мне яшчэ горш! За цябе не хвалююся. Калі будзеш мець розум, з тым, што застанецца, не давядзецца ні перад кім поўзаць, а калі не дурань, дык і сам нешта заробіш. Парады, якія я табе зараз даю, могуць быць апошнімі. Можаш прыняць іх ад чалавека, які, хоць і ненаўмысна, але нарадзіў цябе - я заўсёды казаў, што ніколі не жадаў мець дзяцей, а калі і мець, дык дачку. На маё няшчасце, вось такая была Боская воля! Падараваў мне сына … Што рабіць? Адзінае маё суцяшэнне ў тым, што ты не ўцягнуты ў сучасныя акалічнасці і таму я магу быць спакойны. Зараз я тут непатрэбны і магу ехаць у Варшаву, каб трошкі асвяжыцца і забыць смутныя думкі.
Гм, гм, гм … калі хочаш, час зараз такі … але праз такіх та і такіх та маіх знаёмых і двух маіх прыяцеляў, ты зможаш пасябраваць з Навасільцавым і заваяваць яго ласку. Гм, гм, гм … гэты выведзе цябе ў свет, і калі будзеш разумным, дык і сумленнасці не страціш! Маеш свой розум. Я не буду цябе ні папракаць, ні хваліць. Аднак, павінен прызнацца, што паколькі не бачу для цябе нічога лепшага, я хацеў бы, каб ты дагадзіў, якой прыгожай і багатай панне і падараваў мне нявестку. Ведаю тваю цалкам блазенскую адданасць Мюлерам. Іх дом мне добра вядомы.
Трохі пахадзіўшы па пакоі, нібы ўзважваючы, ці варта гаварыць далей, ён сказаў:
- Яго маці праглынула шмат багаццяў маіх родных і блізкіх! Яна трымала дом для гульні ў карты. Але ж і свавольная была кабета! Не, не будзе там божага дабраслаўлення! Бацька, некалі сумленны кравец, а потым віленскі бургамістр, сядзеў у яе пад абцасам, пры ёй трымаўся заўсёды ля печкі, калі не за печкай і не адважваўся адкрыць рот. Сын, які зараз у Вільні, буркун і пустэльнік. Ведаю, што ў іх хаце ты маеш шмат прыемных момантаў, і адмовішся нават ад больш важных і карысных свецкіх сувязяў … бо іх там ніколі не будзе. Знаёмства гэта ўхваляю. А дружбы і блізкасці не зычу. Паўтараю - не зычу! Кантраляваць кожны твой крок не магу і не жадаю - рабі што хочаш. Але не злуйся на мяне. Бо калі б ты меў не адну, а тры доктарскія ступені і зрабіў мне балюча, я б усяроўна ставіўся да цябе, як да трохгодка. Будзь здароў.
Выставіў мне руку для пацалунку, адчыніў дзверы і сеў у карэту.
І зараз я слова ў слова памятаю гэтыя бацькавы пажаданні.
(Працяг у наступным нумары.)
* Morawski Stanislaw. Kilka lat mlodosci mojej w Wilnie (1818-1825). Warszawa, 1924. Пераклад Леаніда Лаўрэша .
1 Буйны чыноўнік Расійскай імперыі Восіп Пшацлаўскі (нарадзіўся ў Ружанах), мемуарыст, публіцыст і выдавец пісаў пра Слонімскае староства: " У 1819 ці 1820 годзе (насамрэч у 1816 г. - Л . Л .) падаравана яму [Новасільцаву] была ў 12- гадовую арэнду ( прадоўжаную па заканчэнні гэтага тэрміна яшчэ на 12 гадоў ) так званая Слонімская эканомія , вялікі казённы маёнтак , які складаўся з павятовага гарады Слоніма , шматлікіх ферм і вёсак і якое прыносіла да 125 000 руб . асігнацыямі гадавога даходу . Яно некалі належала польскаму магнату вялікаму літоўскаму гетману князю Міхаілу Агінскаму , які ў апошнія гады караля Станіслава Аўгуста і сам пасяліўся ў гэтым павятовым горадзе . Гэта была рэзідэнцыя сапраўды царская па сваёй пышнасці , раскошы і вытанчанасці . Даволі сказаць , што Агінскі меў уласную італьянскую оперу і ўласны балет ; і яны , па паданні старажылаў , былі з лепшых у Еўропе , бо магнат марнаваў на іх велізарныя грошы . Асобы , якія складалі шматлікую дворню вяльможы ( большай часткай чэхі ), якія нажыліся ў яго службе , пабудавалі сабе дамы ў Слоніме і пасяліліся ў ім з сямействамі назаўжды . Некаторыя іх нашчадкі зрабілі кар ' еру ў дзяржаўнай службе , і зараз адзін з іх лічыцца знакамітасцю ў сваёй спецыяльнасці ( медыцыне )",- гл: Пшацлаўскі Восіп. Калейдаскоп успамінаў. Т. 1. Мінск, 2012. С. 93. - Л . Л .
2 Пра М.М. Новасільцава гл: Пшацлаўскі Восіп. Калейдаскоп успамінаў. Т. 1. Мінск, 2012. С. 92-142. - Л . Л .
3 Юзаф Твардоўскі (1786-1840), рэктар Віленскага ўніверсітэта ў 1823-1824 гг. У 1807 г. скончыў фізіка-матэматычны факультэта свайго ўніверсітэта са ступенню доктара філасофіі. Сваімі непаспалітымі здольнасцямі звярнуў на сябе ўвагу Чартарыскага.
4 А. М. Рымскi-Корсакаў (1753-1840) - князь, расійскi ваенны і дзяржаўны дзеяч. У 1806-1808 і ў 1812-1830 гадах - віленскi генерал-губернатар, з 1830 года - член Дзяржаўнага савета Расійскай імперыі.
5 Міхал Плятэр (1807-1835), сын Тадэвуша Броель-Плятэра, віленскага маршалка і Рачэлі Касцюшкоўны.
6 Насамрэч: "Вiват канстытуцыя 3 мая!". - Л. Л.
7 Пра справу філаматаў, гл: Вильна 1823-1824: Перекрестки памяти. Минск, 2008; Borowczyk Jerzy. Rekonstrukcja procesu filomatоw i filaretоw 1823-1824: historia sledztwa przeciw uczestnikom konspiracji studenckich i mlodziezowych w Wilnie oraz w Wilenskim Okregu Naukowym. Poznan, 2003. - Л. Л.
8 Станіслаў Мараўскі ў чэрвені 1821 г. быў членам адукацыйнага камітэта таварыства.
9 Дамінікава Радзівілава з дому Мараўскіх, жонка Дамініка, сына Гераніма, апошняга ардыната Нясвіжа і Алыкі па старэйшай лініі, падкаморага ВКЛ.
10 Жонка Дамініка Радзівіла (1747-1803), у дзявоцтве Чахніцкая. Дамінік Радзівіл - родны брат Міхала, апошняга віленскага ваяводы. Дамінік і Міхал былі сынамі Марціна Радзівіла, крайчага ВКЛ, які займаўся прыродазнаўствам і медыцынай, пад уплывам гэтага акружыў сябе яўрэямі і меў намер прыняць іўдаізм. Адна з дачок Дамініка, Ганна Эльжбета, была замужам за Атаназам Рачынскім, заснавальнікам знакамітай карціннай галерэі ў Берліне і галерэі ардынатаў у Абжыцы.
Беларусы сустракаюцца з індзейцамі
Важнасць вузкіх спецыялістаў (найбольшая дзяржаўная каштоўнасць): Амельчанка, Вашкевіч, Семірадскі, Юрэвіч; страшнае курарэ
(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-52 (105-156) (2024); № 1-22 (157-178) за 2025 г.)
Дзве гісторыі з курарэ. Адна больш або менш верагодная за іншую, але дачытайце да канца абедзве і даведайцеся пра меркаванне знаўцаў і судоў.
"ЛЕНІНСКАЕ" КУРАРЭ
Пасля другога замаху 1918 г. на Леніна (Масква) распаўсюдзілася меркаванне, што кулі, якімі тэрарыстка параніла яго, былі атручаныя. Гэтую версію падхапілі і беларускія аўтары, напрыклад, Э. Скобелеў, - тым больш, што першы сведка - шафер Леніна С. К. Гіль - таксама быў родам з Беларусі. У п'есе для чытання Э. Скобелева "Спатканне з сумленнем" Гіль сведчыць: "Пасля мітынгу, калі Ленін вяртаўся да аўтамабіля, зразумела, без усякай аховы, тэрарыстка Фані Каплан тройчы выстраліла ў яго ва ўпор разрыўнымі кулямі, атручанымі жудасным ядам курарэ". Непасрэдных сведчанняў пра натуральныя асацыяцыі паміж курарэ і індзейцамі ў арганізатараў і выканаўцаў замаху, сведак і следчых мы не маем, але В. Хомчанка, які апісаў падзеі ў апавяданні "Чатыры стрэлы на заводскім двары", растлумачыў, што курарэ - гэта "яд, якім індзейцы пры паляванні на звяроў абмазваюць канцы стрэл". Яго напярэдадні замаху Канаплёва ўзяла ў Рыхтэра, а "Сямёнаў узяў патроны, нарэзаў нажом галоўкі куляў, абмазаў". "Яд не падзейнічаў, відаць, таму, што страціў свае атрутныя асаблівасці ад высокай тэмпературы, якая ўтварылася пры стрэлах", - такое меркаванне выказаў апошні Мікалаю Крыленку на допыце. Тым не менш, нягледзячы на гэтыя ўпэўненыя сцверджанні аб выкарыстанні курарэ, "ні аб якіх атручаных кулях гаворкі не магло быць", - напісаў акадэмік Б. В. Пятроўскі ў "Правде". "Не было і атручэння, якое быццам бы неслі з сабой "атручаныя" кулі. Хацелася б, дарэчы, заўважыць, што кулі ў той час не начынялі ядам".
"Не начынялі", але версія ўзнікла. Хто, такім чынам, запусціў яе? Усё ж не ясна, ці можна абвінавачванне ў выкарыстанні або намеры выкарыстаць тэрарыстамі курарэ можна зняць?
Версія пра перадачу яда курарэ гучыць і ў рускамоўнай версіі белетрызацыі злачынства В. Хомчанкам пад загалоўкам "Они целились в сердце народа" ў зборніку "Неотвратимое возмездие" (Воениздат, 1979). Верагодна, інфармацыю, якая выклікае сумненні, асабліва ў творах вядомых літаратараў, трэба адпаведным чынам каментаваць, каб наступныя пакаленні не "атручваліся" дэзінфармацыяй. Гэта тычыцца і творчасці ўжо нябожчыка Скобелева з яго своеасаблівым "сумленнем".
*
Дзякуючы кнізе "Нью-Ёркская сірэна" А. Вярцінскага (1987) у многіх у Беларусі ўмацаваўся стэрэатып амерыканскага ўрача-забойцы.
Анатоль Вярцінскі
УРАЧ З КУРАРЭ
З газетнай паласы дзіўна ўсміхаецца герой дзіўнай гісторыі. Яго імя - Марыё Яскалевіч. Узрост - пяцьдзесят з нечым год. Прафесія - урач, хірург. Працаваў галоўным хірургам шпіталя ў Нью-Джэрсі. Некалькі год назад быў прыцягнуты да судовай адказнасці. Яму было прад'яўлена абвінавачанне ў тым, што ён рабіў сваім пацыентам уколы яду курарэ і забіў такім чынам чатырох чалавек. Даваў на судзе паказанні адзін з саслужыўцаў Яскалевіча па шпіталі. Ён сведчыў, што, заўважыўшы нешта падазронае ў дзейнасці галоўнага хірурга, стаў за ім сачыць і знайшоў у яго шафцы некалькі ампул з курарэ. Марыё Яскалевіч адмаўляў прад'яўленае яму абвінавачанне, гаварыў, што выпрабоўвае яд на сабаках, што падазраваюць яго з-за прафесійнай рэўнасці і г. д. З-за недахопу доказаў вынясенне прысуду было адкладзена, падазроны ўнёс залог у суме 150 тысяч долараў і быў выпушчаны на волю. І вось праз нейкі час адбываецца другі акт дзіўнай гісторыі з курарэ. Газета "Нью-Йорк таймс" ["Нью-Ёрк таймс"] сама правяла расследаванне. Былі эксгуміраваны трупы былых пацыентаў Яскалевіча, і ў іх быў знойдзены яд. Зараз, піша газета, урач-забойца можа спадзявацца толькі на адно - па тое, што яму ўдасца пазбегнуць судовага пакарання за даўнасцю часу.
Дзіўная, пагадзіцеся, ва ўсіх адносінах гісторыя. Для чаго, з якой мэтай сучасны цывілізаваны ўрач атручваў сваіх пацыентаў тым ядам, якім некалі дзікія індзейцы атручвалі свае стрэлы? Якім матывам ён тут кіраваўся? Дзіўным выглядае і сам судовы разбор справы, і тое, што праз некалькі год газета сама займаецца расследаваннем... Без Конан Дойла ці Агаты Крысці тут наўрад ці разбярэшся.
Ураджэнца Буэнас-Айрэса Марыа Яскалевіча (Mario Enrique Jascalevich, 1927-1984) у 1976 г. прызналі вінаватым, але ў 1978 г. - невінаватым. Да Вярцінскага, верагодна, не дайшла інфармацыя пра гэта, бо інакш ён бы мусіў згадаць пра гэта або выключыць эпізод з Яскалевічам са сваёй амерыканскай хронікі.
Яскалевіч не выкарыстоўваў курарэ для наўмыснага забойства - гэта канчаткова? Але ў любым выпадку кнігі і іншыя публікацыі пастфактум варта каментаваць у спецыяльных, няхай паўафіцыйных, зборніках. Гэта дапамагае вырашыць этычныя праблемы, праблемы дыфамацыі.
Рэпутацыя Riverdell Hospital (on Kinderkamack Road in Oradell, New Jersey) пацярпела, пацыенты і персанал ішлі ў яго менш ахвотна. У 1979 г. шпіталь быў перайменаваны ў Northern Community Hospital (праіснаваў толькі да 1981 г., а ў 1984 г. быў разбураны і будынак - на яго месцы пабудаваны Care One's Oradell Health Care Center).
Рэпутацыя індзейцаў, як вынаходнікаў курарэ, засталася ранейшай.
Літ.: (курарэ)
6035 Курарэ // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 9. Мн., 1999. С. 42.
13148 Машковский М. Д. Лекарственные средства. Изд. 16-е, перераб., испр. и доп. М., 2012. (Автор - уроженец Пинска; выд. Новая волна, 1216 с., с. 236: кураре, яд для стрел.)
11305 Гулезова Т. Знакомые незнакомцы: очерки. Мн., 2010.
11717 Данилевич Т. А., Минаева В. М., Шарапова И. А. Основы начального миропознания: курс лекций. Витебск, 2017.
7411 Ачарэтні А. Яд? Яд. Яд! // Звязда. 2002. 13 сак.
748 Хомчанка В. Чатыры стрэлы на заводскім двары // Хомчанка В. Чэкістам стала вядома: аповесць, апавяданні. Мн., 1985. С. 199-227.
АМЕЛЬЧАНКА Святлана (Sviatlana Amelchanka, у дакументах ГЛАЦ - Светлана Омельченко) - адзін з двух адказных ад медыцынскага вучылішча Гомеля за выступленні кіеўскай групы ў Гомелі ў 1988 г. (другі - Святлана Вашкевіч, гл.).
Пералічым беларускія версіі назваў ВНУ Кіева, адкуль былі лацінаамерыканскія артысты-актывісты, што выступалі ў Гомелі, і іх прозвішчы па-беларуску.
"Спіс удзельнікаў агіттворчай групы кіеўскага Цэнтра Салідарнасці з народамі краін Лацінскай Амерыкі для выступленняў у г. Гомелі. [Указана] месца вучобы [:] 1. Тарас Бябешка (кіраўнік) [Taras Bebeshko] КІНГ 2. Алег Ясінскі [Oleg Yasinsky] КДПІ 3. Святлана Картахена [Svetlana Cartagena] - [не вучыцца] 4. Хасэ Кастаньеда (Нікарагуа) [Jose Castaneda] КІНГ 5. Альвара Торэс (Нікарагуа) [Alvaro Torres] КІНХ 6. Альвара Маралес (Чылі) [Alvaro Morales] КІНГ 7. Луіс Марцінес (Нікарагуа) 8. Таццяна Міранда (Нікарагуа) [Tatiana Miranda] КТІ 9. Алехандра Эспіноса (Чылі) [Alejandro Espinosa] КТІ 10. Хасэ Каліндрэс (Сальвадор) [Jose Colindres] КТІ 11. Рамон Галеас (Сальвадор) [Ramon Galeas?] КТІ 12. Уладзімір Картахена (Сальвадор) [Vladimir Cartagena] КІІГА
КІНГ - Кіеўскі Інстытут Народнай Гаспадаркі. КТІ - Кіеўскі Тэхналагічны Інстытут. КДПІ - Кіеўскі Дзяржаўны Педагагічны Інстытут. Святлана Картахена працуе ў дзіцячым садку. [КІІГА - Кіеўскі інстытут інжынераў грамадзянскай авіяцыі]".
У адной версіі спіса Таццяна Міранда і Алехандра Эспіноса выкрасленыя, а перад Хасэ Кастаньеда і абодвума Альвара - пытальнікі.
Літ.:
4507 Грицкевич В. П. С факелом Гиппократа: из истории белорусской медицины. Мн., 1987.
ВАШКЕВІЧ Ірына (Iryna Vashkevich, Ирина Вашкевич) - прадстаўніца Гомельскага медыцынскага вучылішча, якая ўказаная ў адной версіі "Спіса адказных" як дадаткова адказная за выступленні лацінаамерыканскай творчай групы з Кіева ў Гомелі ў 1988 г. (асноўны адказны - Святлана Амельчанка, гл.)
"Гомельское медицинское училище" было перайменаванае ў "государственное" (Гомельскае дзяржаўнае медыцынскае вучылішча) у 2004 г.), з 2005 г. - "Гомельский государственный медицинский колледж" (Гомельскі дзяржаўны медыцынскі каледж).
Літ.:
6998 Бондарина З. Ой, рано на Йвана...; Александрович С. Від рідної землі. К., 1982.
8728 Доленга-Мостович Т. Кар'єра Никодима Дизми: повість / [пер. з пол. О. Федосенка]. К., 1968.
4566 Караткевич У. Земля під білими крилами: (Моя Білорусь). К., 1972.
3891 Кинжалов Р., Бэлов А. Падіння Теночтітлана. К., 1959. (А. Бялоў - ураджэнец Беларусі (Гомель).)
4745 Короткевич B. Творi: в 2 т. К., 1991. (Т. 1: Христос приземлився в Городнi; Чорний замок Ольшанский: романы / пер. К. Скрипченко. Т. 2: Колосся під серпом твоїм: роман / пер. Б. Чайковський, К. Скрипченко.)
4747 Короткевич B. Чозенія: повість та оповідання / пер. О. Лук'янчук, К. Скрипченко. К., 1972.
4748 Короткевич B. Чорний замок Ольшанський: роман; Діке полювання короля Стаха: повість / пер. К. Скрипченко. К., 1984.
4743 Короткевич В. Ковчег / пер. М. Шудря // Білоруське радянське оповідання. К., 1979.
8237 Мироненко В. (Товарищ У) Poposfera: массовая культура, которую я знал и любил. К., 2007. (аўтар У. Міроненка - жыхар Гомеля.)
СЕМІРАДСКІ Юзаф (15) - 15-ым урыўкам заканчваецца наша поўнае цытаванне ў перакладзе, падрыхтаваных Марыяй Парадоўскай для зборніка "Па слядах індзейцаў" (1979) матэрыялаў, якія дэманструюць уклад Юзафа Семірадскага ў індзеяністыку. Але нават у нашых уласных польскіх кнігах мы маем іншыя тэксты, у якіх ён піша пра індзейцаў - у тым ліку як вынік сустрэч з імі. У тым ліку ў Эквадоры.
Юзаф Семірадскі
АБ ІНДЗЕЙЦАХ ПАЎДНЁВАЙ АМЕРЫКІ (15)
У этнаграфічным плане выкарыстанне духавой трубкі і атручаных стрэл характэрнае для карыбаў, але выкарыстанне гэтай зброі распаўсюдзілася ад іх таксама сярод іншых плямёнаў верхняй Амазонкі і нават дасягнула Эквадорскага плато. Аднак сакрэт вырабу яду для стрэл з пэўнай расліны (Solanum Cayapense), важнага прадмета гандлю на Амазонцы, з'яўляецца выключнай уласнасцю карыбаў і іх шаманаў.
Карыбы - ваяўнічы, храбры народ [Karibowie sе ludem wojowniczym, bitnym], які займаецца сельскай гаспадаркай (кукуруза, маніёк, бавоўна), умее прасці бавоўну, але не ўмее ткаць. Зброя карыбаў у паўночных плямёнаў складаецца з сарбакана [духавой трубкі (стрэльбы); тут у Семірадскага - два разы swistula; называецца па-польску таксама dmuchawka, pokuna] і атручаных стрэлаў, у той час як у паўднёвых яны складаюцца з вялікіх лукаў і стрэлаў, падобных да тых, што ў батакудаў. Характэрнымі для гэтай расы з'яўляюцца баявыя сякеры з паліраванага каменю, якія адносяцца да некалькіх тыпаў".
"4. Фізічныя характарыстыкі пароды тупі-гуарані наступныя: целасклад каржакаваты, кампактны [budowa ciala krepa, zwiezla], невысокага, радзей сярэдняга росту, шырокія плечы, кароткая шыя, моцна развітая грудная клетка, мускулістыя канечнасці, маленькія ступні і рукі. Чэрап буйны, чатырохкутны або круглы, выразна кароткагаловы (індэкс 82-86, вышыня чэрапа 20-22), лоб высокі, шырокі, выпуклы, не звужаны спераду, шчокі ўмерана выступаюць, нос кароткі, прамы, не западаючы ў асновы, з шырокімі ноздрамі (сустракаюцца арліныя і кірпатыя, рэдка сустракаюцца мангалоідныя). Вочы размешчаныя гарызантальна, але вонкавыя куты часта злёгку прыпаднятыя. Тупі часта маюць густыя валасы на твары. Семіцкія тыпы, як акрэсленыя ў Штэйнэна маніцаўа [Manitzaua, таксама Maritsaua, Maritsawa Manitzula], павінны быць зведзеныя да скрыжавання з араўканамі; яны ніколі не сустракаюцца сярод чыстых тыпаў. Колер скуры светлы, толькі крыху цямней, чым у жыхароў поўдня Еўропы. Увесь знешні выгляд цела і твару найбольш нагадвае туранска-татарскія плямёны паўночнай Азіі і Еўропы, падобныя тыпы можна сустрэць часта, асабліва ў Венгрыі".
Літ.:
7876 Багадзяж М. Сыны зямлі беларускай. Мн., 2002. ("Ельскаму давялося асвойваць новы від зброі - сарбакан (духавую трубку), прывезены яму знаёмымі індзейцамі аднекуль з глыбінь Гвіяны".)
ЮРЭВІЧ Валянцін (4) - некаторыя тэхнічныя недапрацоўкі (уключаючы "варыябельнасць" назваў) яго ўспамінаў могуць тлумачыцца і тым, што праца над імі была часткай падрыхтоўкі вучонага да смерці (рак).
Валянцін Юрэвіч
ПАГАНСКАЯ АСТРАНОМІЯ
Мяркую, што маем дастаткова доказаў, каб прыйсці да высновы, што піраміда Пунтыячыль [Пунтиачиль, Puntiachil] была сонечнай абсерваторыяй для вызначэння [определения] сонечнага календара. Зусім магчыма, што адначасова яна служыла і рытуальным цэнтрам.
Тут цікавы такі эпізод. Для здымак фільма "Інці Пача" [Inti Pacha] Гуаясамін пабудаваў на вяршыні піраміды Пунтыячыль паменшаную копію храма Сонца старажытных інкаў. Малюнак гэтага храма пакінуў Антоніа дэ Ульёа [Antonio de Ulloa], адзін з удзельнікаў франка-іспанскай геадэзічнай экспедыцыі 1736-45 гг. Храм цыліндрычнай формы размяшчаўся паблізу экватара. Памеры яго ўражваюць: дыяметр 16 м, вышыня больш за 4 м, таўшчыня сцен каля паўтара метра. Пры гэтым унутр цыліндра вёў усяго адзін маленькі ўваход. Але ўражанне ўзмоцніцца, калі даведаецеся, што падчас першага паходу іспанцаў у Кіта ён быў пакрыты залатымі і срэбнымі пласцінамі.
Побач з копіяй храма Густава паставіў гноман на расчышчанай пляцоўцы і размеціў на ёй становішча ценю ў розныя дні года. Аднойчы ён прывёў сюды шамана, таго звалі Ячак ([ячак, yachak] на кечуа вядзьмак, знахар) Тайтачура [ў тэксце па-руску Тайтачуро, ёсць тэрмін і імя кечуанскага паходжання Taitacura, тайтакура, тайта-кура]. Шаман адразу сказаў, што ён ведае, што такое гноман і для чаго служыць, хоць ніколі яго не бачыў раней, сказаў, што гноманам карысталіся яго продкі, і ён ведае рытуалы асвячэння гномана, а таксама рытуалы лячэння хворых з дапамогай гномана. Гэтае апошняе прызначэнне гномана ўжо не астранамічнае, хоць усё роўна цікавае; думаю, што ні адзін астраном да гэтага часу не падазраваў пра такое яго выкарыстанне. Паганскі рытуал асвячэння гномана захаваны ў фільме. (Дарэчы, слова "шаман" узята з мовы эвенкаў, і гэта, здаецца, адзінае тунгускае слова, якое стала міжнародным.)
Коратка згадаю пра яшчэ адзін цікавы помнік. У наваколлях возера Маханда [Mojanda], на поўнач ад Кіта, я звярнуў увагу на скалу з раздвоенай вяршыняй, якая нагадвае прыцэл на канцы ружэйнага ствала. Скала знаходзілася на ўсходзе ад возера, на грэбені кальцавога горнага цырка, які акружае возера. Ці не служыла яна далёкім візірам пры назіраннях усходу Сонца ў раўнадзенствах? Разам з археолагам я падняўся да скалы. Ён пацвердзіў, што расколіна ў скале была зробленая (або пашыраная) штучна, і гэта рабілася з выкарыстаннем агню і каменных молатаў. Падножжа скалы, пад расколінай, было прысыпанае грудай адшчэпаў. Потым я адшукаў і магчымы пункт назіранняў - каля вялікага каменя на супрацьлеглым баку возера.
У заключэнне хачу сказаць, што створаныя ў апошнія дзесяцігоддзі індзейскія арганізацыі прыкладаюць намаганні па адраджэнні старажытных індзейскіх звычаяў, рамёстваў, нацыянальных строяў і да т.п. Створана некалькі рытуальных цэнтраў у месцах, адметных для гісторыі Эквадора, у кожным з якіх зроблены ўпор на правядзенне аднаго з сонечных свят. Усё большая колькасць удзельнікаў і проста турыстаў наведвае іх. Пару разоў святкаванні арганізоўвалі ў Качасках, але потым спынілі: гэтыя падзеі відавочна не спрыялі захаванасці помніка. Я магу быць задаволены, што сваімі археаастранамічнымі даследаваннямі ў Эквадоры і садзейнічаннем у стварэнні фільма "Інці Пача" садзейнічаў вывучэнню і адраджэнню старажытных індзейскіх культур.
Літ.:
13146 Юревич В. А. Астрономические направления археоастрономии // Археоастрономия: проблемы становления: тезисы докладов международной конференции (Москва, 15-18 октября 1996 г.). М., 1996. С. 146-150.
Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.
Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.
Індзейцы , индейцы , Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Belarus; Belarusians Meet Indians. Алесь Симаков. Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 152].
Перамога ў сэрца кожнага жыве
З наступам выходных аддзел нестацыянарнага абслугоўвання ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" зноў рушыў у дарогу па Лідскім раёне.
Аматарскае аб'яднанне "АЛЬТАНКА" з праграмай "Перамога ў сэрца кожнага жыве" наведала: в. Дзмітраўцы і в. Радзівонішкі.
ТК "Культура Лідчыны".
Замкавы гасцінец
1 чэрвеня на пешаходнай вуліцы горада Ліды прайшло адкрыццё культурна-турыстычнага праекта «Замкавы гасцінец".
Актывісты БРСМ Лідскага каледжа правялі гульнявую пляцоўку з гасцямі і жыхарамі нашага горада.
ТК БРСМ Ліды.
І будзем пець, і будзем жыць
Аддзел нестацыянарнага абслугоўвання ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" і група"СЯБРОЎКІ" заехалі ў в. Істакі з праграмай "І будзем пець, і будзем жыць".
ТК "Культура Лідчыны".