Наша слова.pdf № 24 (180), 11 чэрвеня 2025.
900 гадоў Спаса-Ефрасіннеўскаму манастыру ў Полацку
5 чэрвеня ў Полацку прайшлі ўрачыстасці, прымеркаваныя да 900-годдзя з дня заснавання Спаса-Ефрасіннеўскага жаночага манастыра. Ва ўрачыстасцях у Полацку прынялі ўдзел тысячы паломнікаў, святароў, ігуменняў манастыроў Беларусі і Расіі, прадстаўнікі дзяржаўнай улады, грамадскіх аб'яднанняў.
Урачыстасці пачаліся раніцай з Боскай літургіі ў Сафійскім саборы. Пасля яе адбылася традыцыйны хрэсны ход па вуліцах Полацка, які нядаўна адзначыў 1163 гады з дня заснавання. Калона паломнікаў і прыхаджан прайшла да сцен манастыра і далучылася да святочнага богаслужэння.
У Крыжаўзвіжанскім саборы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл узначаліў Боскую літургію ў саслужэнні Мітрапаліта Менскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, архіпастыраў і духавенства.
Перад сустрэчай прадстаяцеля РПЦ Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі падзяліўся з журналістамі, што полацкі манастыр з'яўляецца важнай часткай гісторыі і сучаснасці Беларусі.
- Ён стаў некаторым арыенцірам і ўзорам. На яго спрадвеку арыентаваліся іншыя манастыры, - адзначыў мітрапаліт Веніямін. - Прыклад прападобнай Ефрасінні натхняльны, гэта ўзор жыцця манаскіх грамад, ігуменскага служэння, духоўнага жыцця. Гэта прыклад на ўсе часы і для ўсіх народаў.
Ён таксама падкрэсліў, што рэстаўрацыйныя работы ў Свята-Праабражэнскім храме манастыра, дзе былі знойдзены фрэскі XII стагоддзя, з'яўляюцца вынікам сумеснай карпатлівай работы беларускіх і расійскіх экспертаў у галіне аднаўлення ўзораў старажытнага манументальнага жывапісу.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў суайчыннікаў з 900-годдзем заснавання Спаса-Ефрасіннеўскага мітрапаліцкага жаночага манастыра. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
"Святы манастыр па праву з'яўляецца духоўным цэнтрам Беларусі, месцам прыцягнення ўсіх хрысціян. Каля мошчаў прападобнай Ефрасінні Полацкай моляцца аб вылечванні і суцяшэнні, з любоўю ў сэрцы дзякуюць за дапамогу", - гаворыцца ў віншаванні.
Кіраўнік дзяржавы пажадаў усім шчасця, добрага здароўя, міру і згоды.
БелТА.
Насустрач Дню беларускага пісьменства
У горад Ліда прыбліжаецца Дзень беларускага пісьменства. А лідскія пісьменнікі ўжо пачалі адзначаць падзею. 4 чэрвеня адбылася прэзентацыя літаратурна-мастацкага зборніка "Ад лідскіх муроў" № 11 за 2022-2025 гады. На гэты раз № 11 будзе падвойны. Цяпер выйшла толькі 1-я кніга, пад вокладкай якой знайшла месца яе вялікасць Паэзія. Пазней, бліжэй да Дня беларускага пісьменства ў друк запланаваны выхад 2-й кнігі, на старонках якой будуць змешчаны празаічныя творы.
Прэзентацыя 1-й кнігі прайшла ў Лідскім замку. І гэта сімвалічна. Бо "ад лідскіх муроў пачынаем мы крок..."
Зборнік змяшчае раздзел "Спадчына" з творамі Тэадора Остык Нарбута і Камілы Юрэвіч з Нарбутаў. Гэтыя творы падрыхтаваны і перакладзены на беларускую мову Леанідам Лаўрэшам і Станіславам Суднікам. Раней Тэадора Нарбута лічылі толькі гісторыкам, а тут, як бачым, ён пісаў яшчэ вершы і не толькі... Неабходна зазначыць, што гэтыя творы былі знойдзены ў архівах, і цяпер ім далі дарогу ў свет там, дзе і пачынаўся іх крок...
Другі раздзел - "Паэзія". У ім змешчаны творы Ірыны Багдановіч, Уладзіміра Васько, Ганны Гайдукевіч, Міхася Мельніка, Сяргея Герасімовіча, Алы Юшко, Валеры Мацулевіча, Ганны Рэлікоўскай, Ірыны Маркевіч, Алеся Сымановіча, Аляксея Сымановіча, Кацярыны Гоман, Кастуся Якубчыка, Кацярыны Янчэўскай, Людмілы Краснадубскай, Станіславы Белагаловай, Ларысы Лайкевіч, Вольгі Ашмяна-Бічэль, Станіслава Судніка, Сяргея Чыгрына і Марыі Завалы.
Некаторыя з гэтых асобаў патрапілі ўпершыню на старонкі зборніка, іншыя - ужо пастаянныя аўтары. Марыя Завала - гэта надзея для лідскай літаратуры. Дзяўчынцы ўсяго 12 гадоў, а ўжо спрабуе сябе ў паэзіі. Значыць, мясцовая літаратура не пагасне!
У трэцім раздзеле "Пераклады" месца знайшлося для твораў у перакладзе з рускай на беларускую мову. Вершы Алены Несцеравай пераклаў Валера Мацулевіч, Смарагда Сліўко - Станіслаў Суднік і Ірына Сліўко, а Алесь Хітрун змясціў пераклады яшчэ са студэнцкіх гадоў вершаў Віктара Бачарова, Смарагда Сліўко, нямецкага паэта Ёгана Гётэ (у ранейшым перакладзе ўжо з рускай мовы), класікаў рускай літаратуры Івана Крылова, Аляксандра Пушкіна, Міхаіла Лермантава, Сяргея Ясеніна, Адама Міцкевіча (з рускамоўнага перакладу Мікалая Асеева), Афанасія Фета, Міхаіла Ісакоўскага, Івана Нікіціна, Аляксея Пляшчэева.
Увесь кніжны блок складаецца з 296 старонак. Выдавец - ПУП "Пружмень".
Другая кніга зборніка будзе мець яшчэ больш старонак - каля 450.
Гэта значыць, што лідская літаратура пашыраецца, квітнее, узбагачаецца і папаўняецца новымі імёнамі. Але ж хочацца верыць, што папоўняць яе шэрагі і маладыя творцы...
Падчас прэзентацыі можна было пабачыць папярэднія зборнікі "Ад лідскіх муроў" - пачынаючы з 1998 года, што дало магчымасць заўважыць эвалюцыю развіцця лідскай літаратуры. Ад танюсенькіх у колькасці 65 старонак да таўшчэзных пакуль што ў 750 старонак.
Алесь Хітрун.
Малавядомыя вершы Ігната Дварчаніна
З літаратурнай спадчыны
Дзеяч беларускага нацыянальнага руху, педагог, паэт, літаратуразнавец, вязень сталінскіх лагераў Ігнат Дварчанін (1895-1937) быў родам з вёскі Погіры Слонімскага павета (цяпер гэта Дзятлаўскі раён). 7 чэрвеня яму споўнілася 130 гадоў з дня нараджэння.
У свой час Ігнат Дварчанін скончыў гістарычна-філалагічны факультэт Пражскага ўніверсітэта са ступенню доктара філасофіі. Пражскі перыяд жыцця беларуса характарызуецца актыўнай грамадскай дзейнасцю. Ён быў старшынём Аб'яднання прагрэсіўных беларускіх студэнтаў, сябрам Беларускай Рады, якая аб'ядноўвала беларускую эміграцыю ў Чэхаславакіі.
З 1926 года Ігнат Дварчанін у Вільні ўступіў у Беларускую сялянска-работніцкую Грамаду (БСРГ), быў цесна звязаны з яе кіраўніцтвам, выконваў даручэнні Цэнтральнага сакратарыята БСРГ, вёў лекцыі ў Віленскім гуртку Грамады. Ён працаваў сакратаром Беларускага выдавецкага таварыства, настаўнікам Віленскай беларускай гімназіі.
У 1928 годзе ад Наваградскай выбарчай акругі Дварчанін быў абраны ў польскі сойм, удзельнічаў у беларускім рабоча-сялянскім пасольскім клубе "Змаганне", які фактычна працягваў дзейнасць Грамады. У 1930 годзе беларускі дзеяч быў арыштаваны польскімі ўладамі і асуджаны на 8 гадоў турмы. Праз два гады яго вызвалілі ў выніку абмену палітзняволенымі паміж СССР і Польшчай. Ігнат Дварчанін пераехаў у БССР.
3 лістапада 1932 года беларускі дзеяч працаваў у АН БССР у камісіі па вывучэнні Заходняй Беларусі, выконваў абавязкі дырэктара Інстытута мовазнаўства. А16 жніўня 1933 года яго беспадстаўна арыштоўваюць органы НКУС па справе "Беларускага нацыянальнага цэнтра". Пастановай судовай калегіі ад 9 студзеня1934 года ён быў прыгавораны да вышэйшай меры пакарання, якую замянілі на 10 гадоў пазбаўлення волі.
Пакаранне Ігнат Дварчані адбываў на Салавецкіх астравах і будаўніцтве Беламорска-Балтыйскага канала. Але 25 лістапада 1937 года, паводле прыгавору "тройкі", яго расстралялі…
Ігнат Дварчанін пачаў друкавацца з 1917 года. Тады быў апублікаваны яго першы верш "Да беларусаў-інтэлігентаў" у "Беларускай радзе" і верш "Покліч" у "Вольнай Беларусі". Вершы паэта змяшчаліся таксама ў газеце "Дзянніца", часопісах "Родныя гоні", "Маланка", "Наш шлях", "Маладое жыццё", "Беларуская школа ў Латвіі" і ў іншых. Тэматыка яго твораў гэтага перыяду была прысвечана барацьбе за адраджэнне беларускай культуры, узняцце яе на больш якасны ўзровень, усведамленне беларускім народам сваёй гістарычнай і палітычнай значнасці, роўнасці з іншымі народамі.
Падчас вучобы ў Пражскім універсітэце змяшчаў вершы рэвалюцыйна-рамантычнай накіраванасці ў студэнцкіх выданнях "Прамень", "Студэнцкая думка", "Перавясла".
Асобныя вершы Ігната Дварчаніна друкаваліся ў беластоцкім "Беларускім календары", у часопісе "Беларусь", у зборніку "Ростані волі" (Мн., 1990), які склаў Уладзімір Калеснік, у альманаху "Ятранка" (2021) і ў іншых выданнях.
У 1995 годзе ў Гародні выйшла з друку кніга "І.С. Дварчанін. Гісторыка-біяграфічны нарыс", над якой парупіліся Яўген Місарэвіч і Мікалай Каралёў. Гэтае выданне складаецца з чатырох раздзелаў. У адзін з іх увайшлі вершы Ігната Дварчаніна і пераклад паэмы "Дванаццаць" Аляксандра Блока на беларускую мову. Усяго былі апублікаваны 22 вершы Ігната Дварчаніна. Адзін з іх - "З чужой стараны" апублікаваны нават у скарочаным варыянце - толькі дзве страфы. Гэтыя надрукаваныя вершы - далёка не ўся паэтычная спадчына заходнебеларускага паэта. Дзесяткі вершаў Ігната Дварчаніна раскіданы па многіх беларускіх выданнях 1920-х гадоў. Даўно іх пара сабраць пад адну вокладку і выдаць асобным выданнем.
Чытачам "Нашага слова.pdf" прапаную малавядомыя вершы Ігната Дварчаніна. Яны былі напісаны напачатку 1920-х гадоў.
Сяргей ЧЫГРЫН.
Ігнат Дварчанін
З чужой стараны
О, Беларусь, о, край мой мілы,
Старонка родная мая.
Тут расказаць не маю сілы,
Што адчуваю ў сэрцы я.
Цябе я бачу ў блеску сонца,
У срэбных пацерках расы,
Што красяць усё ў табе бясконца
І луг, і поле, і лясы.
Цябе, убраную ў шаты,
Ў зялёны, свежы, як бы жар.
Пакроў цудоўны і багаты,
Што робіць вобраз поўны чар.
Народ я бачу веры поўны,
Няволі выжыўшы кашмар.
Усім народам свету вольны
У роднай хаце гаспадар.
Люблю цябе, о край мой родны!
За што? Сказаць бы я не мог…
Што мушу мо, як пёс нягодны,
Туляцца па чужых кутох.
А можа быць сваю нядолю
Ў тваім я твары палюбіў,
Сваю аддаўшы ветру волю
Сабе чужую налажыў.
Што мне там месца не знайшлося,
Паміж улюбленых сяліб,
Дзе гнецца і шуміць калоссе,
Паміж галлістых груш і ліп.
Што з дому выгнаны злым рокам,
Табою запаўняюць сны.
Як птушка ў выраі далёкім
Чакаю светлых дзён вясны.
Прывет
Прывет вам з залатое Прагі,
Пад гоман светлае вясны.
Што паднялі штандар адвагі
Між бруду, здзеку і маны.
Балююць хай ўчарашнія героі
І стогне хай прыгнечаны народ,
Хай злыдні цешацца ва ўпоі -
Ды хай уступяць свой чарод.
Штандар дзяржыце горда, смела
І верце - праўда пабядзіць.
На правае, святое дзела
Хай сэрца ў страху не дрыжыць.
Вясна! З чароўнаю вясною
Прыйдзе жаданае святло.
І кінем крыўду за сабою,
Як бы яе і не было.
Вецер
Вее вецер, завывае,
Грае, свішча на прасторы.
Хмары чорныя ганяе,
Ломіць дрэвы, крышыць горы.
І ў мяне на сэрцы бура,
Каб няволі, крык адняла,
Між людзей адзін панура,
Як ачмураны блукала.
Свет вялікі, свет шырокі,
Для мяне на свеце цесна.
Рвусь, імкнуся ў розны бокі -
Духу ж скалы ўсе адвесны.
Вецер буйны, дух адвагі,
Мы так родныя з табою,
Як бяздомныя брадзягі
З цэлым зместам мы у бою.
Не знаходзім мы спакою
У прыгожым людзям свеце,
Ўсё жыццё для нас маною
Пра нужду мы мусім пеці.
Зробім сполку, брат, з табою,
Двох палецім на прасторы.
Мо распрасцімся з нудою,
Мо разгонім разам гора.
Мінор
Аб чым пяяць магу?
Дзе тоны падбяру?
О, не звініць струна,
Спакойна ліра спіць.
Там на двары вясна,
Жыццё ідзе, жыццё,
А холад на душы,
А сэрца, як бы лёд.
А крыллі дзе мае?
Апалі да зямлі
Не рвецца сэрца ўвысь,
Маўчыць зусім душа…
Надзея зарасла
Пякучай крапівой.
І свет, як бы не свет,
Жыццё, як не жыццё,
Збаўленне дзе найду?
Няўжо яго няма?
Няўжо патух агонь,
Няўжо зацміўся свет?
Гэй, стой, маўчы душа.
Не муч сябе, не муч, -
Зярняты у зямлі.
І будзе, будзе ўсход,
Надыйдзе красны май.
Надыйдзе блеску час,
І краскі зацвітуць
На полі дзіўна так.
Прыйдзе, прыйдзе яно,
Прыйдзе, прыйдзе святло.
І струны зазвіняць,
І сэрца запяе.
Адраджэнне
Касцёр гарыць, агонь палае,
Нясе усюды блеск і свет,
Кругом дружына маладая,
Прыймае дзедаўскі завет.
Не дождж ідзе, шапочуць ветры,
Праснулісь полі і лясы
Дрыжаць, трасуцца багны, нетры,
Страчаюць новыя часы.
Усе, усё ўстае на ногі,
Зганяе прошлае як дым…
Імкнецца, рвецца да дарогі,
Куды? Чаго? На што? За чым?
Агонь шыбае вышай, вышай,
На небе свеціць, як зара.
Ўсё прыцягае, ўсё калыша,
Пара прышла, прышла пара.
І словы дзедаў раздаюцца,
Ўсяляюць моц, пышаць красой.
І слёзы радасці ліюцца
На землю срэбнаю расой.
Прага, 1 лістапада 1921 г.
У тумане
Мы брыдзем ў тумане да адвечнай далі,
Сколькі ўжо ззаду, сколькі напярод.
Чэрцім жыццёвыя мудрыя скрыжалі
І падаем, уступаем для другіх чарод.
Там дзесь прамень свету задрыжыць і згасне,
Рукі працягаем, каб яго злавіць.
Але то міражы, як бы сон ці басня,
Зноў страшная цемра ўвакол стаіць.
А туман суровы косьці раз'ядае
І марозіць сэрца й душу ледзяніць.
І краса спадае з шчокаў маладая,
Валімся, каб болей ні аб чым не сніць.
Дзе ж канец імкненняў, чалавецтва мэта,
Дзе збаўлення прыстань, не відна яе -
Схована у далі, ў цемры без прасвета,
Там дзесь у нязнана-незямным краю.
Да якогась пункту ўсё брыдзем ў тумане,
А яго не бачым, схованы за вал.
І балота месім, бродзім на дзірване
Ідэал шукаем, смешны ідэал.
Вежы адбудуем і глядзім у гору,
Ці не там схаваны дзіўны талісман.
Але сумна страшна ў незямным прасторы:
Увакола цемра, увакол туман.
Хтось незразумелы, ўсемагутны вечны
Пасадзіў на землю між балот і гор.
І смяецца дзіка, і глядзіць бяспечна,
Як там мітусіцца бедны, жалкі твар.
Уладыслаў Чаржынскі і Ігнат Дварчанін былі сябрамі
Лёсы
У фондах Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея захоўваецца "Хрэстаматыя новай беларускай літаратуры (ад 1905 года)" Ігната Дварчаніна (1995-1937), якая была выдзена Беларускім выдавецкім таварыствам у 1927 годзе. Выданне даволі рэдкае і каштоўнае. Але яно яшчэ больш дарагое тым, што на "Хрэстаматыі…" захаваўся аўтограф Ігната Дварчаніна. Сваю кнігу аўтар у 1929 годзе падараваў беларускаму літаратуразнаўцу, крытыку, перакладчыку, педагогу Уладыславу Чаржынскаму (1997-1974). На кнізе захаваўся аўтограф: "Старому сябру У.Чаржынскаму на добрую памятку. Ігнат. 31.VII. 29. Вільня".
Як трапіла кніга ў Дзятлаўскі музей - застаецца загадкай. Найхутчэй, заснавальніку Дзятлаўскага музея Міхасю Петрыкевічу (1913-1999) нехта падараваў з бібліяфілаў. Тым больш, што Ігнат Дварчанін быў родам з вёскі Погіры Дзятлаўскага раёна. А Міхась Петрыкевіч у 1968 годзе адкрыў у Дзятлаве музей, таму для музея ён збіраў экспанаты. Яму дапамагалі сябры - пісьменнікі Уладзімір Калеснік, Янка Брыль, Уладзімір Караткевіч, Фёдар Янкоўскі, Янка Скрыган і іншыя.
Сяргей ЧЫГРЫН.
С А Н Е Т Ы
Язэп Палубятка
68
Як хтосьці стаў чыноўнікам - дык пан,
Бо каля яго можна пажывіцца.
А быў калісьці хам, і зараз хам.
Ты на калені падай перад ім, а то ён можа разгнявіцца.
Дурнота-вош аж да нябёс узнясла,
Цяпер яны з народа смокчуць кроў.
Яшчэ б яму каб два крыла,
То крумкачом адразу б стаў.
Мярзотнікаў было і ёсць спрадвеку на зямлі,
Не меркне панаванне іх заўжды.
Бывае кажам: "Не хлусі!", -
А хлусім, бо душой рабы.
За ўцехай нас спаткае сумны час:
Усё для іх, нам - кіслы квас.
69
Будзь за свае ўчынкі ў адказе,
Перад сабой не грашы ніколі,
Нават, калі застанешся ў накладзе,
Цяжка бывае ў стадолі.
Стадола - цяжкае слова. Так навукоўцы кажуць.
Толькі маці мая яго ўжывала заўжды,
Нават, калі ёй абразліва скажуць.
Сказаў, дык жыві з тым ты.
Вякі вякамі, а дні бягуць пабытова.
Ты, салавей, як не свішчы,
Лета настане - дзе твая спеўная мова,
Дзе твая радасць душы?
Траскоча ў траўні салавей неўгамонна,
А ты, паэт, імкнешся пісаць модна.
70
Са сталасцю прыходзіць вопыт,
Знікае маладосці шал, дурнота.
Не ведаеш парой, што будзе потым,
У жыцці дзявочым не бывае вечнай цнота.
Хай вір падзеяў кіне цябе ў бруд,
Не апускайся ты на дно.
Вужака ў небяспецы падае ў спрут,
Ты, чалавек, вер, усяму прыходзіць тло.
То пошчак салаўя, то подых ветру ў скронях елкі -
Усё было, але прайшло,
Усмешкі шчырыя, насмешкі едкі,
І за вадою нешта паплыло.
Усімі агнямі пылае вясёлка,
З табою ў нас бывае то соладка, то горка.
71
Тваё апошняе каханне лепш за папярэдняе.
І зноў у галаве духмяны тлум.
Стаўся да былога абярэжліва,
А то ўсё млееш ты ад розных дум.
Дык хтось бубніць гады - ваду скрозь пальцы.
Хачу сказаць я недаверкам так:
Людзі, вы - не паяцы,
І чалавек жа - не прастак!
Сціскаю пальцы аж да болю
І п'ю з далоней бытнасці ваду
Ды ведаю, што ўжо ніколі
Я тут не ўпаду ў роспач і нуду.
Жыву любоўю да Радзімы,
Мы не разлучны з ёю, мы адзіны.
72
Я ляжаў у труне і не слухаў
Скавытанне кабеты, посныя словы наймітак.
І не кажы, што ў каханні няма спакусаў,
Кожны з нас п'е яго солад і горкі напітак.
Не сумуй, як нагамі ўперад цябе панеслі -
Шлях звычайны кожнага з нас.
Успомні з юнацтва дзявочыя песні,
Прыгожа спявалі, як гналі кароў на папас.
І зорку ты бачыў, што з неба ўпала,
Паспеў загадаць жаданне.
Момант - зоркі не стала,
Сумна, што ўмерла тваё каханне.
Там, у вечнай цішыні,
Не рухайся, спакойна спі.
73
Немагчыма прадбачыць, што будзе:
Ці ўпадзе планіда, ці струхлее дуб?
Толькі добры ўчынак ніхто не забудзе,
Нават помняць дыктатара труп.
Калясніцы калісьці наводзілі жах,
Амазонкі мужчын забівалі.
Крыллямі неба бяздоннае мерае птах.
І ў бязвінных не раз стралялі.
Узарана ралля і пасеена збожжа,
Хутка ўзыдзе зялёная рунь.
Краю мой! Хай спакою твайго ніхто не трывожа,
А нядоля хай згіне паўсюль.
Кахання сапраўднага не бывае,
А як па праўдзе, то хто яго знае.
74
У плоймы беларусаў у галаве толькі чарка і шкварка -
Так нейкі празорца калісьці сказаў.
Стыне гарбата, сядае заварка,
Ды пра сімвалы нацыі нехта згадаў.
Тлуму не маю я ў галаве
Ды разумею тых, каму шкварка ў радасць.
Чарвяк дажджавы на асфальце пад колы машыны паўзе,
Толькі не варта казаць, што ўсё на зямлі гадасць.
Усё на зямлі мяняецца:
Каханка сыходзіць, сябра здраджвае.
Не веру я, што між намі ўсё збываецца:
Нешта так, а штось абрываецца..
Не спадзявайся, што ты вернешся зноў,
Скончыўся час мілавання, прайшла любоў.
75
Калі ты валацугаю век змарнаваў,
Абцасы сцёр ушчэнт,
Аб чым ты толькі не гараваў,
Быў час і за пасам муляў багнет.
Сумна, як Бацькаўшчына гоніць прэч,
Не сама, а яе каралі.
Вер у прышласць новых з ёю сустрэч,
Паўстануць, як колісь былі.
Жорны даюць нам муку,
Вецер гамоніць у паддашку,
Мы прачынаемся ў поўнач ад стуку
І рукою бярэмся за пляшку.
Варункі побыту такія:
Ці то трухля, ці то гнілыя.
76
Сыходзячы на той свет,
Не думай пра рай для душы,
Помні свой запавет
І ў астатак жыцця не грашы.
Што будзе, як вочы заплюшчыш,
І згасне святло назаўжды?
Як зніч свой патушыш,
Ды ціш запануе ў душы?
Паўстане пустэльня з табою ў згодзе.
Як нарадзіўся - на свет галасіў.
Рады былі таму енку людзі,
То не сумуй, што свой век аджыў.
Як годна пражыў, ніхто не забудзе,
І са стрэхаў сцякае вада ў брудзе.
77
Гады, што дарожныя слупы, паўсталі прад намі.
Мы нешта згубілі, мы нешта знайшлі,
Ды толькі не з вамі,
І мары дзяцінства побач прайшлі
Ды зніклі, як здані.
Дзесьці кагосьці мы абышлі,
А хтосьці пакінуў нас у нязнанні,
Як быццам мы продкі якойсьці там тлі.
Трывожна гуляе вецер у лесе,
То зломіць асіну, то елку сагне.
Ты не сумуй аб мінулым леце,
Вера да шчасця нас прывядзе.
Гудок - і цягнік адыходзіць,
Бывае і ён з рэек сыходзіць.
78
Як ты на праўдзівым шляху,
Не збівайся ніколі з тропу.
Як кепска, сагніся ў дугу,
Але не кланяйся трону.
Хай боты дужа збіты твае,
І дождж у твар хлышча.
Рэчка мае свае берагі,
За нораў яе сто грамаў хлысні.
Ведаю, нада мною крумкачы
будуць нядоўга кружыцца,
Рынуцца ўніз, раздзяўбуць тло
Ды будуць з таго весяліцца,
А акупанты знішчаць маё жытло.
Я жыў і жыву для Беларусі,
У змаганні загіну, але не здаюся.
Навіны Германіі
Biontech : кааперацыя ў вобласці навуковых даследаванняў з амерыканскай кампаніяй BMS
Bristol Myers Squibb (BMS) інвестуе некалькі мільярдаў даляраў у даследаванне раку
Фармацэўтычная кампанія Biontech з Майнца і амерыканскі фармацэўтычны канцэрн Bristol Myers Squibb (BMS) плануюць разам вывесці на рынак новы супрацьракавы прэпарат, паведамляе Deutschlandfunk. У панядзелак абедзве фірмы заявілі, што яны маюць намер сумесна працягваць распрацоўку антыцела BNT327 ад Biontech, якое здольна "ўсталяваць новы стандарт лячэння" розных відаў пухлін. BNT327 ужо праходзіць клінічныя даследаванні з удзелам больш, чым тысячы пацыентаў. Прэпарат будзе выкарыстоўвацца для лячэння раку лёгкіх і малочных залоз.
Кампанія BMS выплаціць Biontech авансавы плацёж у памеры 1,5 млрд даляраў і яшчэ два мільярды даляраў да канца 2028 года. Акрамя таго, пры дасягненні адпаведных вынікаў Biontech можа атрымаць да 7,6 млрд даляраў за распрацоўку, рэгістрацыю і камерцыялізацыю ў рамках прамежкавых плацяжоў. Кампаніі маюць намер падзяліць выдаткі на распрацоўку і вытворчасць, а таксама глабальныя прыбыткі і страты пароўну. Кіраўнік і заснавальнік Biontech Угур Шахін, які кіруе кампаніяй разам са сваёй жонкай Озлем Тюрэджы, заявіў, што супрацоўніцтва з BMS накіравана на тое, каб "паскорыць распрацоўку BNT327".
Франкфурт (d.de/DLF).На фота: Праца ў лабараторыі № 3 кампаніі Biontech у Майнце© biontech.
Канферэнцыя па ўстойлівым развіцці ў Гамбургу
1600 міжнародных адмыслоўцаў на Гамбургскай канферэнцыі па ўстойлівым развіцці
Каля 1600 удзельнікаў з больш за 110 краін сустрэліся ў Гамбургу 2 і 3 чэрвеня для заключэння альянсаў, закліканых спрыяць устойліваму развіццю, і для садзейнічання ажыццяўленню павесткі дня ААН на перыяд да 2030 года. На Гамбургскай канферэнцыі па ўстойлівым развіцці (ангел. Hamburg Sustainability Conference, HSC) высокапастаўленыя прадстаўнікі палітыкі, навукі, бізнэсу, грамадзянскай супольнасці і міжнародных арганізацый шукалі шляхі рашэння самых надзённых глабальных праблем. Міністр эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця Германіі Рым Алабалі-Радаван заявіла перад пачаткам канферэнцыі:
- Міжнародныя праблемы цяпер як ніколі вялікія, таму міжнароднае супрацоўніцтва павінна быць як ніколі цесным.
Сёлета абмеркаванне было засяроджана на трох тэматычных абласцях: рэформа міжнароднай фінансавай архітэктуры, новыя інвестыцыі ў рэалізацыю глабальных мэт у вобласці ўстойлівага развіцця (ЦУР), а таксама трансфармацыйныя працэсы ў ключавых сектарах, сярод якіх мабільнасць і лагістыка, глабальная ахова здароўя, біяразнастайнасць і лічбалізацыя. Канферэнцыя праводзіцца па сумеснай ініцыятыве Федэральнага міністэрства эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця Германіі, Праграмы развіцця ААН (ПРААН), Вольнага і ганзейскага горада Гамбурга і Фонду Міхаэля Ота.
Гамбург (d.de). На фота: Бургамістр Гамбурга Петер Ченчер на HSC 2024© dpa.
Некалькі гадоў маёй маладосці ў Вільні* (1818-1825)
Станіслаў Мараўскі
(Працяг. Пачатак у наступнім нумары.)
Раздзел 2. Разважанні аўтара пра стасункі з бацькам. Прыезд у Вільню. Сустрэча філарэтаў у капліцы св. Казіміра. Арышт Зана, Міцкевіча і іншых. Квартальны Крукоўскі і агент паліцыі Кралікоўскі. Намаганні аўтара абараніць Юзафа Яжоўскага ад арышту. Пелікан, яго справы і характарыстыка. Візіты аўтара да Твардоўскага, Баянуса і Пелікана. Тамаш Зан
Сеў у сваю карэту, загадаў вазніцы як мага хутчэй даехаць да Вільні і пачаў разважаць над тым, што пачуў чвэрць гадзіны таму. Тое што пачуў, падзяліў на дзве катэгорыі.
Да бацькоўскага выраку, што я зусім дурны, я прызвычаіўся, маё вуха чула гэта ледзь не кожны дзень. Аднак, мне здавалася, што і сам бацька не вельмі верыў у гэта. Але ягоны даўні сябра заўсёды казаў гэта свайму сыну і меў з гэтага добры, дыгнітарскі, вынік. Тое, што я супраць яго волі і жадання нарадзіўся хлопчыкам, чуў з дзяцінства. Аплакваў ужо не раз гэтую няшчасную для нас абодвух падзею, але паратунку ад гэтага не было! Што добры і карысны шлюб, як казацкая нагайка, заахвочвае рухацца па шляху матэрыяльнага багацця, таксама чуў пры розных выпадках. Даваць руку для пацалунку пры вітанні і развітанні было звычайным этыкетам, да якога я прызвычаіўся з самых маладых гадоў. Гэта пазбаўляла мяне ад клопату браць татаву руку самому. Бацька душой верыў, што сын яго ўласнасць, яго рэч. Ён таксама заўсёды ставіўся да мяне, як да рэчы, а не як да чалавека. Душыў, мясіў, круціў і фармаваў сваімі пальцамі гэты воск, як хацеў, і ўвесь час здзіўляўся і злаваўся, чаму воск не такі гнуткі, як яму б хацелася. Хто ж песціць сваю цацку? Мой бацька ні разу ў жыцці не пацалаваў мяне, сваё адзінае дзіця, у твар, не купіў ніколі ні цацкі, ні забаўкі, ні разу не зрабіў мне падарунка. Да трыццаці гадоў мне не дазвалялася сядзець побач з ім ні дома, ні ў якой чужой кампаніі. Мог стаяць побач з ім хоць дзесяць гадзін, і нават абаперціся на што-небудзь - не дараваны грэх! Гэта стала такой звычкай, што я да сённяшняга дня ні на што не абапіраюся. Толькі ў трыццаць гадоў я адважыўся аднойчы пасядзець пры ім. Ён жахнуўся ад маёй самавольнай эмансіпацыі, але змаўчаў, і з таго часу я ўжо сядзеў смела. Не маючы іншай магчымасці, ён глядзеў на гэты выпадак як на здзейснены факт, але жадаў, каб я працягваў выконваць іншыя яго старасвецкія фантазіі. Але і потым, калі я сядзеў у крэсле, ён цяжка гэта пераносіў.
Мае сэрца і душа хіліліся да пяшчоты, але вось так прайшло дзяцінства і маладосць, і вось так паводзіў сябе са мной мой бацька. Вы хоць раз у жыцці сядзелі на каленях у таты? Вы, якіх тата цалаваў не менш, чым два разы на дзень, вы, якіх тата гладзіў па галаве і песціў далонню па твары, вы, якія, магчыма, не цанілі гэтага - уявіце сябе, што я ніколі ў жыцці не ведаў нічога падобнага! Толькі падумайце аб гэтым! Ацаніце мой душэўны боль, бо і сёння яшчэ не маю сілы ўспомніць гэта вялікае няшчасце! Казалі, што гэта старая манера выхавання сыноў… Магчыма, але ва ўсім павінна быць мера. Une enfance heureuse est comme une belle aurore: elle etend son і nfluence jusqu'au so і r. Le front qu'on a charg е de nuages ne s'ecla і rs і t jama і s!!!11 (А 19)
Абдумаўшы ўсё гэта і ачысціўшы зерне ад мякіны, у мяне засталося толькі чыстае зерне, чысты прадукт варты свірана - засталіся чатыры моманты. Па-першае, больш за ўсё цешыла тое, што нягледзячы на ўсю яго жорсткасць, халоднасць, неразуменне і рэзкасць у адносінах да мяне, яму неабыякавы мой лёс. Па-другое, ён сумленны і шляхетны чалавек і не жадае далей распальваць і так ужо гарачую галаву, і хоць, пэўна, сам не думае так, як думае сучасная моладзь, але не ідзе шукаць нейкія лекі на пакутлівую хваробу, хоць і мае значныя сувязі. Па-трэцяе, ён абсалютна перакананы, што я, як і ён, нічога не ведаю пра філарэтаў. І, нарэшце, маё сяброўства з Мюлерам, раней ці пазней, прынясе нейкі - горкі ці кіслы - плён. Маю прызнацца ў гэтай слабасці майго розуму і сэрца. Нягледзячы на прывязанасць да яго, з усяго пачутага мяне больш за ўсё кранула кароткая гісторыя продкаў Мюлера. Пакідаю ў баку краўца і бурмістра, але гэты дом публічнага, можна сказаць, разбою, гэты маёнтак, куплены слязамі столькіх людзей і столькіх сем'яў, вострай шпількай калоў мае сэрца! І хаця сын не вінаваты ў грахах маці, я вырашыў гвалтоўна разарваць усе адносіны з Мюлерам і яго жонкай. І з гэты цвёрдым намерам ехаў у Вільню.
Было каля поўдня. Выкінуў свае манаткі і, каб не марнаваць час, пабег да старых сяброў, бо жадаў даведацца пра апошнія падзеі. Не застаў іх дома. Па сакрэце сказалі, што знайду іх у катэдры.
Наша духавенства шматгадзіннай малітвай аддавала тады астатнія паслугі памяці айца касцёла, нядаўна памерлага Пія XІІ12. Катэдра і ўсе яе капліцы былі адчынены. Прабег праз усе куткі і толькі ў капліцы святога Казіміра, ля падножжа алтара нашага патрона, знайшоў Зана, Міцкевіча, Петрашкевіча, Чачота і ўсіх іншых, гатовых уціснуць свае рукі ва ўжо падрыхтаваныя для іх кайданы. Узрадаваліся, калі мяне ўбачылі. Ад іх я даведаўся, што з-за дзіўнай іроніі лёсу, у той час як многіх ужо арыштавалі, шмат больш старэйшыя, як Зан, яшчэ на волі. Моладзь дала слова не называць яго імя і, па магчымасці, нікога не дыскрэдытаваць. Расказалі мне, што каля іх дамоў чакае паліцыя і паводле дакладных вестак, яшчэ сёння, іх несумненна арыштуюць, як толькі яны вернуцца дахаты13. Таму на цэлы дзень месцам прытулку выбралі капліцу ў касцёле. Усе разумелі - следства вядуць людзі без сумлення, бо было відавочна, што яны добра разумеюць нікчэмнасць справы і тым не менш, прадстаўляюць яе ў жудасных фарбах. Толькі для ўласнай карысці жадаюць усё прадставіць па-свойму, а гэта абавязкова пацягне за сабой шмат жахаў і пакут. Тыя ж з нас, хто застанецца на волі, дзейнічаючы свабодна, змогуць стаць карыснымі для астатніх зняволеных пакутнікаў. Той жа Янкоўскі сам ужо так заблытаўся, што веры ніякай яму няма14. Але ва ўсе бакі ўжо разаслалі ганцоў, каб вярнуць пад канвоем тых з нас, хто ўжо некалькі гадоў як служыў на вайсковай ці цывільнай службе і таму былі раскіданыя па розных месцах Расіі, а таксама і тых, хто знаходзіўся за мяжой. Людзі, збітыя з панталыку і задураныя нечаканым следствам, могуць са страху сказаць тое, чаго не было! Дарэчы, неўзабаве гэтак і сталася, першымі фельд'егеры прывезлі Бабінскага15 і Юзафа Шаткевіча16 з Пецярбурга, а сына рэктара Малеўскага і Мар'яна Пясецкага з Берліна. Перад маім прыездам Зан загадаў усім сказаць, што я таксама выехаў за мяжу і цалкам непраўдзіва апісваць маю знешнасць.
Мы столькі размаўлялі і радзіліся! Але трэба было разыходзіцца. Здзіўленыя пераследам, які не меў ніякай лагічнай падставы, мы ў апошні раз сардэчна абняліся ў гэтай святой капліцы, як калісьці хрысціяне ў рымскіх пячорах, калі ішлі на смерць! Бо, калі дзяцей судзяць, як дарослых, няцяжка было здагадацца, што яны зробяць з дарослымі людзьмі!
На наступную раніцу Ануфры Петрашкевіч17 паведаміў мне, што ўначы былі арыштаваныя Тамаш Зан, Міцкевіч, Казімір Пясецкі, Чачот. Што Зан сядзіць у астрозе ў кайданах, а яго самога павінны забраць у адзінаццаць гадзін раніцы, і зараз яны шукаюць Юзафа Яжоўскага18.
Мой Караль у той час быў у сваіх Дзялінах. Я не хацеў сустракацца з Мюлерам. Новамейскага не было, але каб і быў, дык быў бы апошнім, хто б мне дапамог. Я быў адзін сярод тысяч знаёмых. На волі заставаўся толькі Юрэвіч, але маглі абвінаваціць і яго. Заняткі ва ўніверсітэце яшчэ не пачаліся, і яго не арыштавалі, ён так добра хаваўся, што нават пані В., прыгожая і вясёлая кабетка, якая першай навучыла яго слодычам жыцця, нічога пра яго не ведала. Трэба сказаць, што агульнае пачуццё, якое ўзнікае ў масах пры ўсялякай вялікай несправядлівасці, схіліла ўсіх віленцаў, як аднаго чалавека, на наш бок. Як заўсёды рэй вялі жанчыны. Натуральна, няма такога мужа, які б не сядзеў пад абцасам у жонкі. І толькі рускія мужы, і толькі тады, калі маюць мясцовых жонак і калі справа ідзе пра палітыку, не паддаюцца жончынаму ўплыву і могуць высунуць свой нос з-пад абцаса. У той час мала было рускіх мужоў. Але ў самой паліцыі, якая нас высочвала, было шмат былых сяброў таварыства. Таму, калі справа ішла пра іх саміх, яны "гублялі" ўсе дакументы. Іх жонкі аплаквалі ўжо ўвязнёных і хваляваліся за тых, каго павінны былі арыштаваць. Таму паліцыя трымала адносна нейтральную лінію паводзін. Толькі квартальны Крукоўскі і выхрыст Крулікоўскі былі нашымі бязлітаснымі і нястомнымі ворагамі.
У крывавым паўстанні 1831 г. Крукоўскі скончыў сваё жыцці на суку, а выхрыст Крулікоўскі, змяніўшы некалькі прозвішчаў, заўсёды меў вялікую знявагу сярод сумленных людзей. Гэты чалавек, цалкам пазбаўлены ўсялякіх пачуццяў, усялякіх слядоў сумлення, душы, сэрца і гонару, быў вельмі патрэбным і карысным у любой паліцыі. Бо пры сваёй сутнасці, у гэтай галіне публічнай дзейнасці, начальнікі для вынікаў службы хоць пагарджаюць у сваёй душы такімі асобамі але мусяць выкарыстоўваць іх таленты і здольнасці на карысць сваёй кар'еры. Гэты Крулікоўскі меў не брыдкі, але агідны твар у воспінах, быў касы і лысы, больш доўгі, чым высокі і з'яўляўся сапраўдным паліцэйскім чортам, сапраўдным паліцэйскім геніем! Тое, што нават пры самых вялікіх намаганнях ніхто не мог высачыць і вышпегаваць, Крулікоўскі рабіў жартуючы. Гэта быў вельмі небяспечны вораг. На наша шчасце, са сталіцы эстафетай прыйшоў загад выкрыць фальшываманетчыкаў у Жмудзі, якіх працяглы час не маглі знайсці, і туды выпхнулі Крулікоўскага. Вільня на нейкі час вызвалілася ад князя мярзотнікаў. Я чуў, што ён хутка знайшоў нейкія спісы, кінутыя ў глыбокае возера, і паўгода "даіў" людзей, браў у іх золата і рабіў выгляд, што нічога не ведае. І калі бедакі ўжо не мелі больш грошай, у кайданах пасадзіў іх у вязніцу.
Смерць Крулікоўскага была вечнай загадкай, гульнёй, жартам! Гэты нягоднік столькі разоў паміраў на паперы, але заставаўся жыць, што калі праз добры дзясятак гадоў я праязджаў праз Вільню, успомніў д'ябальскі геній гэтага чалавека і спытаў пра яго лёс. Мне адказалі, што падчас рэвалюцыі (1831 г. - Л. Л.) ён закончыў сваё жыццё на суку. Ніхто на зямлі больш за яго не заслужыў такога скону. Але калі пасля смерці таты я пераехаў са сталіцы на вёску, быў вельмі здзіўлены, калі даведаўся, што ён зноў жывы і нават арандуе два казённыя маёнткі па-суседстве са мной. Гэта было ўжо занадта. Аднак хутка непавага суседзяў, немагчымасць плаціць арэнду (бо тое, што раней было лёгкім, з-за розных сабачых свавольстваў, сталася цяжкім), а потым цяжкая хвароба - параліч скурчыў ўсё яго цела і твар і як быццам бы давёў да канца. Яго і сапраўды бачылі мёртвым. Але я не буду клясціся і яшчэ не зусім у гэта веру, бо можа ён зноў дзе-небудзь уваскрэсне! Зрэшты, у нас гэта не такі ўжо і вялікі цуд. У двух тысячах сажняў ад мяне жыве чалавек, які, як усе кажуць, ужо дваццаць гадоў як афіцыйна памёр, а ўсё яшчэ здаровы, як трынаццаць быкоў. У нас усё магчыма. А людзі кажуць, што не маем свабоды, аднак насамрэч, можам рабіць, што хочам, нават і на галаве хадзіць!
Уся наша моладзь прагнула, каб Юзаф Яжоўскі быў вызвалены з-пад арышту. Усе яго любілі. Далікатны, лагодны, мілы ў стасунках, глыбокі навуковец, лепшы літаратар, перла нашых педантаў, хоць сам ім і не быў. Знаўца грэчаскай, лаціны, этрускай, санскрыту, іерогліфаў, а можа нават і дапатопных моў, Яжоўскі быў першым сярод першых. Такім ён быў19. Але неяк я ўгледзеўся ў яго, на яго шкарлупку ці ракавіну і, Божа мой! Цела маленькае, слабое, кволае. Павуцінка на ветры! Жыў толькі на вяршках і кашцы. Што зрабіў з ім, бедаком, чэрствы хлеб ці кавалак сухара, ці, як на свята, жаўнерскія буракі, капуста, рэпа. А селядцы?! Здавалася, што яго, нявіннага, у вязніцы адразу чакала смерць! Але як можна было яго бараніць? Корсакаў, адзіны чалавек з чэснай душой, як намеснік манарха, як расеец, як сумленны чалавек, мог за нас заступіцца. Угневаны і прымушаны сваім гонарам данесці пра бунт, ён потым добра зразумеў, што атрымае бяду на сваю галаву, калі пачне нас бараніць. Гэта яго рука першай падпаліла вогнішча, вядомае усёй Еўропе!20 Нават усемагутная пані Рагоўская, жанчына з добрым сэрцам, не магла нічога ад яго атрымаць пры ўсёй сваёй вопытнасці і штуках, якім навучылася ў разбэшчаным Рыме. Твардоўскі быў ужо нулём. Баянус, вядомы сваёй навукай, высакароднасцю і асабістым знаёмствам з братам цара Аляксандра І (а зараз імператарам Мікалаем), ляжаў у цяжкіх пакутах. Але ў любым выпадку, яго голас, голас чужога ў нашым краі немца, гучаў бы, як у пустыні.
Заставаўся Пелікан, які ў дні арышту Твардоўскага, покуль часова заняў пасаду рэктара і адразу жа ўсталяваў цесныя стасункі як з Навасільцавым, так і са сваімі прыхільнікамі, якім адразу паабяцаў абарону і дапамогу. Ён ахвотна выступаў перад грамадскасцю як абаронца моладзі.
Вацлаў Пелікан21, сын бурграфа (кіраўніка - Л. Л.) аднаго з дамоў, спачатку на вуліцы Біскупскай, а потым на Бернардынскай у Вільні, паходзіў з заходніх венграў - так у нас заўсёды называлі чэхаў. Меў старэйшага брата, вядомага мастака, які вучыўся ў Смуглевіча, Пешкі і Рустэма22. Навучыўшыся ўсяму, чаму мог навучыцца ў Вільні, паехаў на Валынь шукаць лепшай долі. Але на жаль, здаецца, там захапіўся моцнымі трункамі і хутка памёр. Пакінуў пасля сябе шмат цікавых твораў мастацтва, яго ведалі ў Літве. Малы Вацлавак дапамагаў брату, расціраў фарбы і чысціў палітру і ў ботах ці босы, здабыў у Вільні першую адукацыю ў народнай школе, пасля чаго задумаў вывучаць медыцыну. А паколькі Пецярбургская акадэмія тады шукала студэнтаў нават на кошт скарбу, дык ён палічыў, што лепш ехаць туды, чым шукаць грошы ў Вільні, тым больш, што ў нас заўсёды быў вялікі натоўп з жадаючых вучыцца і прабіцца было цяжка.
Праз шмат гадоў, пасля смерці чалавека рэдкіх здольнасцяў, прафесара Нішкоўскага23, бацькі бедных і сапраўднага суцяшальніка тых, хто церпіць, вызвалілася хірургічная кафедра, быў аб'яўлены конкурс, і Пелікан, які ўжо перайшоў у праваслаўе, пры дапамозе значных людзей у Пецярбургу і Лабенвейна24 ў Вільні, надрукаваўшы некалькі брашурак і маючы вопыт у хірургіі, без асаблівых намаганняў атрымаў верх і стаў прафесарам хірургіі ў Вільні.
За ім хутка прыбегла нейкая пані Пратапопава, якая ўжо мела з ім працяглую сувязь. Бо хоць і даўно ўжо была ўдавой, але мела каля сябе шмат маленькіх пратапопчыкаў. Казалі, што яна чакала яго ў сталіцы, і калі лёс Пелікана вырашыўся, прыехала ў Вільню. Гэта была высокая, белая, паўнаватая бландзінка з прыемным тварам, з заўсёды прыжмуранымі і дзіўна пажадлівымі вачамі. Больш пра яе сказаць няма чаго. За выключэннем, магчыма таго факту, што яна і Пелікан неўзабаве злучыліся ў сакраманце шлюбу. А калі ён трошкі стаміўся, яна выбрала іншых суцяшальнікаў, сярод якіх першае месца займаў стройны і доўгі, як быццам яго праз вушка іголкі праціснулі, серб Платон Кукальнік25. Каму цікава, скажу, што гэтая жанчына неўзабаве пачала задаваць тон усёй Вільні. І трэба прызнацца, што ўся Вільня была шчаслівая, бо магла параўнаць яе з тагачаснай жонкай губернатара Горна26, якую знялі з гарматы 1812 г., хоць, па-праўдзе, была яна прыгожай.
(Працяг у наступным нумары.)
* Morawski Stanislaw. Kilka lat mlodosci mojej w Wilnie (1818-1825). Warszawa, 1924. Пераклад Леаніда Лаўрэша .
11 Фр. "Шчаслівае дзяцінства падобнае на прыгожы світанак - яно працягвае свой уплыў да вечара. Але гарызонт, закрыты хмарамі, ніколі не праясніцца!". - Л. Л.
12 Жалобныя набажэнствы па папе Пію VII, які памёр 20 жніўня 1823 г., пачаліся ў Вільні 8 кастрычніка 1823 г. і працягваліся да 16 кастрычніка. Удзел у ім брала рыма- і грэка-каталіцкае духавенства на чале з біскупамі Касакоўскім і Галаўнёй.
13 Міцкевіча з сябрамі арыштавалі ў ноч з 23 на 24 кастрычніка 1823 г.
14 Мікалай Маліноўскі пісаў: "… Ян Янкоўскi, вучань універсітэта, стрыечны брат Джона оф Дыкалпа (Плацыда Янкоўскага - Л. Л.). Было загадана яго адшукаць, але ў Вільні яго не было - выехаў на канікулы, - у яго кватэры на Скапоўцы ў былым доме Свянцiцкага, у яго пакоіку быў знойдзены куфэрак з кнігамі i паперамі. Пры іх разглядзе камісія знайшла спіс філарэтаў i некалькі перапісаных песенек гэтага таварыства, і, апрача таго, Ян Янкоўскі і сам пісаў вершы, хоць здольнасцей да паэзіі не меў; камісія натрапіла на ўласны яго пераклад ганебных любоўных вершаў Баркова. Ужо гэтага хапіла для прыцягнення Янкоўскага да суровай кары. Былі арганізаваныя яго пошукі - у доме бацькоў яго не было, бо выправіўся наведаць сваю радню, якая жыла за Бугам, у Каралеўстве Польскім. Новы праступак - перайшоў мяжу без пашпарта. Тым часам па загадзе вялікага князя Канстанціна было разаслана ва ўсе дзевяць польскіх губерняў распараджэнне арыштоўваць і прывозіць у Вільню філарэтаў, якія былі ў спісе Янкоўскага. Спіс той быў не поўны, і больш як палова яго была адарваная, але ўжо ў ліпені турмы пачалі напаўняцца. Тамаш Зан першым быў прывезены i пасаджаны ў астрог. З таго часу не мінала і дня, каб некалькіх або нават дзясятак не схапілі. Невядома, чым растлумачыць, што хоць вялікая колькасць філарэтаў заставалася на час канікулаў у Вільні, ніводнага з іх не турбавалі. <…> Янкоўскi, запалоханы строгасцю кары за блюзнерства - быццам за нападкі на імператрыцу, - і цешачы сябе надзеяй на прабачэнне і на прыхільнасць уладаў, калі прызнаецца ва ўсім, што ведае пра таварыства філарэтаў, пачаў даваць або пацвярджаць абвінавачанні, якія яму навязвалі, або сам прыдумляць палітычныя намеры, якіх ніколі падчас дзейнасці таварыства не было. Чым больш прыбывала вязняў, тым большыя і разнастайнейшыя былі абвінавачванні, бо шмат у каго з маладых былі знойдзены вершы з подыхам нянавісці да ўрада, забароненыя кнігі, лісты, змест якіх даваў падставу для падазрэнняў, і да таго падобнае. Быў дапоўнены таксама спіс філарэтаў, а пасля дастаўкі ўсіх, якія былі раз'ехаліся па розных паветах, у Вільню, пачалі саджаць тых, якія стала пражывалі ў Вільні. Адам Міцкевіч пасля перанесенай у Коўне цяжкай хваробы займеў ад універсітэта дазвол пасяліцца ў Вільні, дзе лягчэй мог атрымаць медыцынскую дапамогу. Універсітэт з бацькоўскім разуменнем пакінуў яму настаўніцкую зарплату, якую ён атрымліваў у Коўне, і прызначыў для яго пасля выздараўлення вышэйшую пасаду ў сваім коле. Але, паколькі камісія, прызначаная Навасільцавым, адшукала яго ў спісе філарэтаў, ён тут жа, як і іншыя, замест турэмнага зняволення быў зачынены ў кляштары базыльянаў". - цыт па: Маліноўскі Мікалай. Кніга ўспамінаў. Мінск, 2014. С. 49-50.
15 Вінцэнты Бабінскі, з Кобрынскага павету, кандыдат права, 1798 г. н., філарэт, член ліловага (праўнага) грона, у 1824 г. чыноўнік канцылярыі пецярбургскага генерал-губернатара. - Л. Л.
16 Юзаф Шаткевіч, з Расіенскага павета, студэнт праўнага факультэта, 1795 г. н., філарэт, член ліловага (праўнага) грона.
17 Ануфры Петрашкевіч (1794-1863), адзін з самых чынных філаматаў. Пра яго гл: Лаўрэш Леанід. Філамат Ануфры Петрашкевіч // Лідскі Летапісец. 2018. № 3 (83). С. 11-16. - Л. Л.
18 Юзаф Яжоўскі, філолаг-антычнiк. Сябра таварыства філаматаў і яго нязменны прэзідэнт. У 1824 г. высланы ва ўнутраныя губерні Расіі, дзе выкладаў у розных універсітэтах.
19 Восіп Пшацлаўскi пісаў: "У ліку студэнтаў былога Віленскага ўніверсітэта, разасланых у 1823 годзе ў розныя ўнутраныя губерні за складанне таемных таварыстваў, быў Яжоўскі, вядомы лацініст, высланы на службу ў Маскву. Ён там распачаў шырокую філалагічную працу: каментары на сачыненні Гарацыя, на польскай мове, у двух тамах. Першы том быў ужо надрукаваны ў Вільні, калі Ф. Б. Булгарын, які меў ледзь элементарныя паняцці аб лацінскай мове, захацеў скарыстацца чужой працай. Разлічваючы на дасканалую амаль невядомасць польскай літаратуры ў рускім грамадстве, ён пераклаў з польскай на рускую мову першы том каментароў Яжоўскага і, надрукаваў яго пад сваім імем як уласнае сачыненне. Калі Яжоўскі памёр, не пакінуўшы пасля сябе другога тома, Булгарын патрапіў у складаную сітуацыю ...". Гл: Пшацлаўскi Восіп. Калейдаскоп успамінаў. Т. 2. Мінск, 2012 С. 228. - Л. Л.
20 У Рымскага-Корсакава была рэпутацыя добрага чалавека. Чуткі пра яго супрацьстаянне з Навасільцавым дайшлі да Варшавы, дзе Ю. У. Нямцэвіч запісаў у сваім дзённіку наступную гісторыю: "Вільня стала месцам плачу і жалобы. Крануты імі, стары губернатар віленскі, Корсакаў, пайшоў да Навасiльцава. "Я, - сказаў ён, - кіраўнік, а значыць, адначасова бацька і апякун губерні, якую вы напоўнілі смуткам і сумам. Калі ўбачу я канец следству вашаму? Пакажыце вінаватых, калі яны ёсць; вызваліце невінаватых, інакш напішу імператару, што, марнуючы час свой тут з ягонай літасці, забываецеся на хваробы і пакуты тысяч бацькоў і дзяцей іх". "Дзіўлюся я вашай смеласці, - адказаў Навасільцаў, - бо ўлазіце вы ў справу, Яго Вялікасцю мне аднаму даручаную, і я не ўнікну ад выканання таго, што мне даручана"" - цыт па: Маліноўскі Мікалай. Кніга ўспамінаў. Мінск, 2014. С. 173-174. - Л. Л.
21 Вацлаў Пелікан 1790 г. н., нарадзіўся ў Слоніме, сын прыдворнага музыканта ў аркестры гетмана Агінскага. З 1807 г. вучыўся ў Вільні, потым у Пецярбургскай медыцынска-хірургічнай акадэміі.
22 Францішак Пелікан, мастак, на пачатку мініятурыст, а потым партрэтыст. Памёр каля 1817 г.
23 Ян Фрыдэрык Нішкоўскі (1774-1816), выдатны хірург, прафесар універсітэта.
24 Ян Ланвейн (1758-1820), з Вены, з 1783 па 1785 г. выкладаў хірургію ў Пецярбургу. З 1787 г. пераехаў у Вільню на пасаду прафесара анатоміі і фізіялогіі.
25 Платон Васільевіч Кукальнік (каля 1804-1848) - рускі выкладчык, брат Паўла і Нестара Кукальнікаў. Нарадзіўся ў г. Замосце, зараз - Люблінскае ваяводства. - Л. Л.
26 Жонка Пятра Горна, з 1824 г. цывільнага губернатара. Юзаф Франк пісаў пра яе: "Караліна, венецыянка, вылавілі яе калісьці жаўнеры ў Бярэзіне", "Караліна, злая, скупая і нявыхаваная кабета".
Беларусы сустракаюцца з індзейцамі
Эквадор, Эквадор…: Семірадскі, Юрэвіч; Хрушчоў - вярхоўны жрэц кукурузы. А бульбы?
(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-52 (105-156) (2024); № 1-23 (157-179) за 2025 г.)
Прасочванне ранніх этапаў ведання і вырошчвання ў Беларусі і ў цэлым успрымання культурных раслін з Амерыкі як індзейскіх перастала быць прыярытэтным для нас ужо дзесяцігоддзі таму, але тэксты для зборак па асобных раслінах застаюцца неапублікаванымі. Сярод іх - і пра "каралеву палёў" кукурузу.
Мастацтвазнавец Аляксандр Васільеў у "Эцюдах пра моду і стыль", адзначыў, што "Амерыка падарыла Еўропе вялізную колькасць этнічнага ў еўрапейскай кухні. Але так даўно гэта было, што многія нашы суайчыннікі, напрыклад, з гонарам называюць радзімай бульбы Беларусь, а не Балівію, кукурузы і сланечнікаў - Украіну, а не Мексіку, памідораў - Іспанію, а не Калумбію, тытуню - Турцыю, а не Гватэмалу. Але насамрэч і бульба, і памідоры, і сланечнік, і кукуруза, і тытунь былі прывезеныя канкістадорамі з Амерыкі. Гэтак жа, між іншым, і "калядная" птушка індычка завезена іспанцамі з Паўднёвай Амерыкі".
Кукуруза, сланечнік і фасоля сталі вядомыя ў Польшчы і Беларусі досыць рана. Кукурузу, на думку Я. Тазбіра, ведалі ўжо ў 16 ст. ("індыйскае проса" або "індыйская пшаніца"), але ў 18 ст. былі толькі асобныя спробы яе вырошчвання. Гаспадарчае значэнне яе, як і бульбы, сланечніку і фасолі недаацэньвалася; вырошчваліся ў агародах выбраных асоб як дэкаратыўныя расліны.
Л. Сазанава ў сваёй кнізе "Гісторыя распаўсюджвання кукурузы ў нашай краіне" (Мн., 1964) падрабязна прасочвае з'яўленне і асваенне кукурузы спачатку ў Закаўказзі, Бесарабіі і Сярэдняй Азіі (17-18 стст.), а потым у "паўднёвай і сярэдняй паласе" і "нечарназёмнай частцы" Расійскай імперыі, уключаючы Украіну і Беларусь. Найранейшы з прыведзеных фактаў вырошчвання кукурузы на тэрыторыі Беларусі - доследы 1876 г. члена Вольна-эканамічнага таварыства І. Д. Грыневіча ў Ваўкавыскім павеце Гарадзенскай губерні. Аўтару 1964 г. яшчэ яўна бракуе беларусазнаўчага матэрыялу - больш раннія прыклады з'яўляюцца ў больш позніх кнігах, ужо беларускіх не толькі па месцы выдання, а і па аўтарстве. Але скажам ёй дзякуй. Лідзія Васільеўна Сазанава (1908-1993) была аспіранткай Усесаюзнага інстытута раслінаводства, які ўзначальваў М. Вавілаў. Супрацоўніца Сектара гісторыі біялогіі ў створаным у 1953 г. Інстытуце гісторыі прыродазнаўства і тэхнікі, яна стала членам Праблемнай групы па гісторыі сельскагаспадарчых навук пры сектары. Яшчэ ў 1956 г. у № 8 часопіса "Кукуруза" з'явіўся яе артыкул "З'яўленне кукурузы ў нашай краіне" ("Появление кукурузы в нашей стране").
Зрэшты, роля самой Беларусі ў бібліяграфаванні кукурузы бачнае і па наступных выданнях: Кукуруза: указ. лит. (1917-1955) / Акад. наук Белорус. ССР, Фундам. б-ка им. В. Г. Белинского; [сост. С. И. Богодин]. Минск: ФБАН БССР, 1955. 373 с.; Библиография литературы о кукурузе применительно к условиям Белорусской ССР: в 2 ч. / Акад. наук Белорус. ССР, Фундам, б-ка. Минск: [б. и.], 1958. Ч. 1: Общие вопросы. Научная и научно-производственная литература о кукурузе. 494 с.; Библиография литературы о кукурузе применительно к условиям Белорусской ССР: в 2 ч. / Акад. наук Белорус. ССР, Фундам, б-ка. - Минск : [б. и.], 1958. Ч. 2: Опыт возделывания кукурузы в новых районах СССР. 400 с.
Фундаментальна.
У навуковай кнізе па гісторыі сельскай гаспадаркі Беларусі першай паловы 19 ст. (1966) чытаем: "Цікавыя доследы апрацоўкі кукурузы праводзіў у 1842-1843 гадах магілёўскі памешчык Войніч. Атрымаўшы з Кішынёва катах кукурузы добрага гатунку, ён засеяў дзве грады, адну з гноем, іншую без гною. Выявілася, што кукуруза ўзышла толькі на няўгноенай [неунавоженной] зямлі. Войніч меркаваў, што кукурузу трэба сеяць толькі на зямлі, угноенай за год да пасеву. З 300 пасеяных зерняў Войніч атрымаў больш за чацвярык [более четверика] зерняў, адзначыўшы вялікую ўраджайнасць".
Да больш шырокай публікі дайшоў факт вырошчвання кукурузы на асушаных землях Гомельшчыны ў гэты перыяд, які засведчыў віленскі генерал-губернатар (1840-1850) Ф. Я. Мірковіч, наведаўшы маёнтак Лапы паблізу ад Азарычаў.
І толькі праз больш, чым сто гадоў, у 1954 г., кукурузу пачалі сеяць у Беларусі на значных плошчах.
"Рашучы паварот да шырокага асваення гэтай важнай культуры адбыўся пасля вераснёўскага (1953 г.) Пленума ЦК КПСС", і яно "праходзіла вельмі хуткімі тэмпамі", што тлумачылася "асабістай увагай да гэтай справы М. С. Хрушчова". Важная роля кукурузы для павелічэння вытворчасці зерня, а таксама кармоў для жывёлы была адзначаная студзеньскім (1955 г.) Пленумам ЦК КПСС, на якім Хрушчоў даў шэраг агранамічных рэкамендацый. "Пытанні вырошчвання і шырокага ўкаранення кукурузы ў сельскагаспадарчую вытворчасць СССР з гэтага часу занялі трывалае месца ў рабоце партыйных і савецкіх органаў па сельскай гаспадарцы".
Хрушчоў у 1959 г., у суправаджэнні ў тым ліку і А. Грамыкі, ажыццявіў першую паездку па ЗША і наведаў рэгіён, дзе кукуруза - брэндавая культура. З таго часу адбылося духоўнае братанне савецкіх людзей з кукурузаводамі Аявы.
Мы сведкі, як у кнізе пра індзейцаў, калі гаворка ішла пра маіс, хтосьці дапісаў ад сябе фразу, што Хрушчоў - "вярхоўны жрэц кукурузы".
Беларусь па сваіх прыродных умовах і характары традыцыйнай сельскагаспадарчай вытворчасці не магла стаць "кукурузнай" рэспублікай. Але пэўную лірыку, асабліва на Гомельшчыне, кукуруза ўнесла. Узнікла "культавая літаратура", у якой часам нават не знаходзілі іншых версій паходжання культуры, акрамя як касмічнага.
Сазанава коратка закранула пытанне паходжання кукурузы, з трох гіпотэз - мексіканскай, перуанска-чылійскай і азіяцкай - найбольш верагоднай палічыла першую, спаслаўшыся і на індзейскую назву "маіс" ("зерне жыцця"), якая паходзіць з мовы майя (Мексіка - Гватэмала).
Яна і многія іншыя, мабілізаваныя на кукурузацыю адзначалі, што ў Еўропу, менавіта Іспанію, маіс прывёз Калумб, але рабіліся заўвагі наконт магчымых сувязей паміж Еўропай і Амерыкай "і ў больш старажытныя часы. Аднак колькі-небудзь верагодных звестак аб з'яўленні кукурузы ў Еўропе да Калумба нам не сустракалася".
Паходжанне "хлеба з Новага Свету", як мяркуецца, "самай старажытнай расліны планеты", лічаць нашы аўтары, "застаецца загадкавым". Аўтар дае разнастайныя звесткі, якія адлюстроўваюць шлях кукурузы ад пачаткаў, вырашчаных у VІІІ стагоддзі да н.э., да з'яўлення ў Расіі ў ХVІІ ст., развіццё як агароднай да 2-ой паловы ХІХ ст. і потым палявой расліны. Прыводзілася цытата з Ф. Энгельса пра "толькі адзіны, але затое найлепшы" культурны злак, які дала Амерыка.
Генадзь Аўласенка ў часопісе пра падарожжы "Рюкзачок": "А ў кукурузы ніякіх продкаў да гэтага часу так і не знайшлі, што не дзіўна, бо "жыць" у дзікай прыродзе кукуруза проста не ў стане. Ствараецца ўражанне, што далёкія продкі сучасных індзейцаў атрымалі калісьці гэтую культуру ў "гатовым", так сказаць, выглядзе.
Ад каго ж, у такім разе, яны маглі яе атрымаць?
Згодна з легендамі і міфамі індзейцаў - вядома ж, ад саміх багоў. Але міфы - міфамі, а ці ж няма ў іх нейкага рацыянальнага зерня? Ці не маглі быць гэтымі міфічнымі багамі… іншапланецяне? Ці жыхары легендарнай Атлантыды, калі яна і сапраўды некалі існавала?"
"Рэдкае па прыгажосці паэтычнае апісанне кукурузы дадзена знакамітым амерыканскім паэтам Лангфелам", "літаратурны пераклад" "Спеву аб Гаяваце" якога цытуе К. Шуін, пераказваючы легендарную гісторыю ўзнікнення гэтай культуры, у выніку таго, што Гаявата "вытрымаў цяжкае выпрабаванне ў барацьбе з сябрам людзей Мандамінам і перамог яго", потым пахаваў. "Каб падкрэсліць выключна важнае значэнне кукурузы для ўсіх народаў, паходжанне кукурузы ў легендах цесна ўвязваецца з добрымі намерамі і справамі легендарнага героя паўночнаамерыканскіх індзейцаў".
Наш кароткі агляд заклікае да абагаўлення кукурузы, як і іншых індзейскіх культурных раслін, а абагаўленне можа весці да большага клопату пра найлепшую аграномію і рацыянальнае выкарыстанне дару багоў.
Літ.:
4809 Пярэднеў У. П. Кукуруза // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 8. Мн., 1999. С. 569-570.
12555 Зяляр. Какорыца, або Чаму б і нам не ладзіць танец Маіса // Наша слова. 1996. 26 верас. С. 5.
2162 Шуин К. А. 70 видов овощей на огороде. Мн., 1978.
7104 Шуин К. А. 70 видов овощей на огороде. Изд. 2-е, перераб. и доп. Мн., 1985. (Нярэдка ўказваецца 1986.)
13155 Танк М. Каралева палёў // Танк М. Збор твораў: у 13 т. Т. 3: Вершы (1954-1964) / [рэд. тома В. П. Рагойша]. Мн., 2007. С. 198.
("На горным плато Гватэмалы спрадвеку
У народнасці мая легенда жыве,
Што бог з кукурузы стварыў чалавека.
І хай дзіваком мяне хто назаве,
Збіраючы слаўны ўраджай у калгасе,
Я ўпэўніўся, што Каралева палёў
Сама нарадзіць можа волатаў часам,
Што нат не пад сілу - ўсёй плойме багоў".)
673 Новогрудский Г. С. Индейское зерно: [рассказ; илл. Ю. Зальцман. М]., 1962. (Аўтар - ураджэнец Беларусі (Ваўкавыск).)
5132 Симовский С. Л. Новогрудский, Герцель Самойлович // Краткая литературная энциклопедия. Т. 5. М., 1968. Стб. 315-316.
СЕМІРАДСКІ Юзаф (16) - у анталогіі тэкстаў палякаў пра Лацінскую Амерыку, складзенай М. Кулям і выдадзенай у 1982 г., ёсць вялікі фрагмент з кнігі Семірадскага "Ад Варшавы да экватара. Успаміны пра падарожжа па Паўднёвай Амерыцы, што адбылося ў 1882-1883 гадах" (с. 78-97), з загалоўкам, дадзеным складальнікам, - "Гуаякіль". Матэрыял гэты "юбілейны" з пункту гледжання супадзення дзвюх апошніх літар у гадах - апісанне ў фрагменце пачынаецца з дня 21.7.1882 г., калі Семірадскі і яго спадарожнік Ян Штольцман апынуліся ў Гуаякілі.
У пачатку ўклеек паміж с. 176 і 177 - 3 старонкі з ілюстрацыямі, якія адносяцца да расказу пра Гуаякіль: фатаграфія, на якой Семірадскі са Штольцманам і сабакам апошняга, Джокам, і 6 малюнкаў Ю. Рышкевіча паводле эскізаў Семірадскага.
Са "спіса ілюстрацый" у канцы кнігі можна даведацца, што фатаграфія - са збораў Інстытута заалогіі ПАН:
30. Siemiradzki (z lewej), Sztolcman i pies Sztolcmana D?ok w Guayaquil w 1882 r. Fotografia w zbiorach Instytutu Zoologii PAN.
31. Kapitan Izquierda w Guayaquil. Wed?ug szkicu Siemiradzkiego rys. J. Ryszkiewicz. J. Siemiradzki, Z Warszawy do rownika, Warszawa, 1886.
32. Majtek kapitana portu w Guayaquil. Wedlug szkicu Siemiradzkiego rys. J. Ryszkiewicz. J. Siemiradzki, Z Warszawy do rownika, Warszawa, 1886.
Капітан Іскіерда - па-іспанску "левы"; прозвішча сустракаецца ў крыніцах па гісторыі Эквадора з напісаннем на "o" ў канцы, а ў тэксце фрагмента лацінскія літары ў прозвішчы перастаўленыя. Па іроніі тыя, хто працаваў над анталогіяй, указалі ў спісе ілюстрацый, што на фота Семірадскі злева (z lewej). Выгляд чалавека, які вышэй і справа, калі глядзець ад нас, адпавядае таму, які з'яўляецца ў інтэрнэце для Семірадскага, а чалавек, які сядзіць ніжэй і бліжэй да сабакі, - падобны на таго, якім ілюструецца Штольцман. Гэтае фота даволі хрэстаматыйнае - для паказу як Семірадскага, так і Штольцмана.
Для Беларусі Штольцман важны найперш як ініцыятар у траўні 1923 г. на кангрэсе ў Парыжы стварэння міжнароднага таварыства захавання (або выратавання, па захаванні) зубра (European bison), польскага і міжнароднага праекта па ўзоры амерыканскага таварыства (лігі) аховы бізона (bison).
Юзаф Семірадскі
ІНДЗЕЙЦЫ СУСТРАКАЮЦЬ У ПОРЦЕ ГУАЯКІЛЯ
А 1-й гадзіне дня мы кідаем якар у Гуаякілі, найважнейшым порце Эквадорскай Рэспублікі, дзе я павінен высадзіцца, а Штольцман яшчэ на некалькі тыдняў едзе ў Ліму, дзе ў яго ёсць справы. Паколькі сёння нядзеля, мы не можам выгрузіць багаж, таму цярпліва чакаем заўтрашняга дня.
Першым прадстаўніком горада, якога мы ўбачылі на караблі разам з мытнікамі, быў капітан порта, чыя фізіяномія і форма назаўжды застануцца ў маёй памяці: уявіце сабе тоўстага, каржакаватага індзейца з двума пучкамі вельмі мудрагеліста завітых - як іклы дзіка або зубы якара [zeby kotwicy] - валасоў пад носам, якія выглядаюць як два чорныя кручкі або матылькі, размешчаныя каля ноздраў, у доўгім цёмна-сінім мундзіры з залатымі гузікамі і бясконцай колькасцю кос, гэтак жа багата заплеценай высокай шапцы кшталту мацяёўкі [мацеюўка, maciejowka], гераічна надзетай на вуха; вяршыняй дасканаласці, нарэшце, стаў белы атласны каўнер мундзіра, шырынёй у паўлокця, з вялікімі залатымі якарамі - усё гэта стварала ўражанне швейцарскай ліўрэі, а непахісная сур'ёзнасць [powaga], з якой ён зрабіў нам ласку ківаць галавой, мела ў сабе столькі недарэчнасці, што капітан Мануэль Іскіерда (надрукавана Manuel Izquireda, хоць правільна, як у апісанні ілюстрацый, - Izquierda або Izquierdo] неўзабаве апынуўся ў маім альбоме разам з адным з матросаў, якія яго суправаджалі, - чыстакроўным індзейцам - я дадаю рэпрадукцыю абодвух на папярэдняй старонцы.
Літ .:
13150 Siemiradzki J. Guayaquil // Ameryka Lacinska w relacjach Polakow: antologia / wybor, wstep, kom. i przyp. M. Kuli. Warszawa, 1982. S. 170-180. (Уласна тэкст фрагмента кнігі да с. 176. Przypisy, s. 179-180.)
ЮРЭВІЧ Валянцін (5) - сапраўды ўражвае, як вучоны родам з Калінкавічаў маленькімі дзеяннямі ўплывае на культуру ў глыбінцы Эквадора, тым больш такой у асноўным індзейскай, як Атавала.
Валянцін Юрэвіч
КАЛЕКЦЫЯ Ў АТАВАЛА
Наведваў адзін ці з сям'ёй іншыя гарады. Справа ў тым, што некаторыя гарады маюць сваю, ярка выяўленую [выраженную] спецыфіку. Атавала [Otavalo] славіцца сваім ткацтвам і тэкстыльнымі вырабамі. Традыцыя ідзе яшчэ з даінкскіх часоў. Там ёсць вялікі рынак понча і розных трыкатажных і палатняных вырабаў. Шмат насценных дыванкоў з выявамі індзейскіх бажкоў або мясцовых жывёл. Недалёка, у іншым мястэчку, Катакачы [Cotacachi] на схіле аднайменнай гары, прадаюцца вырабы са скуры. У Атавала пазнаёміўся з адным цікавым чалавекам, сеньёрам Васкесам [Vasquez]. Спачатку ён прыйшоў у абсерваторыю з кансультацыяй наконт астранамічнага сэнсу знойдзеных ім петрогліфаў. Потым я бываў у яго некалькі разоў. У яго быў свайго роду прыватны музей у адным пакоі. Ён сабраў вялікую калекцыю, больш за 7000 экспанатаў, старажытных індзейскіх вырабаў. Шмат разнастайных каменных сякер рознага прызначэння, баявых паліц, керамікі. Былі ў яго вырабы з метэарытнага жалеза, каралі з паліраваных цыліндрычных пацерак даволі вялікага памеру. Галоўным цвіком [гвоздем] сваёй калекцыі керамікі ён лічыў малюнак жанчыны, якая нараджае - з якой ужо амаль цалкам выйшла дзіця. Васкес быў ужо стары, турбаваўся пра лёс калекцыі, і я дамовіўся, што ён перадасць яе ў абсерваторыю. Але калі пра гэта даведаліся ў муніцыпалітэце Атавала, то выкупілі ў яго калекцыю.
Літ.:
12766 Бярэйшык Л. У., Гужалоўскі А. А. Музеі замежных краін: вучэбны дапаможнік: у 2 ч. Мн., 2004 (ч. 1), 2008 (ч. 2).
Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.
Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.
Індзейцы , индейцы , Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Belarus; Belarusians Meet Indians. Алесь Симаков. Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 153].
На "Замкавым гасцінцы" паэты і музыкі
Лідскі культурна-турыстычны праект "Замкавы гасцінец" працягваецца! У яго рамках праходзяць выступленні музыкаў і паэтаў. На гэты раз, 8 чэрвеня на пляцоўцы каля Дома Валянціна Таўлая выступілі лідскія паэты Кастусь Якубчык і Людміла Русь. Яны красамоўна і пранікнёна зачыталі свае вершы, прысвечаныя роднаму краю, сваёй радзіме, а таксама гучалі творы на дзіцячую тэматыку.
Філіял "Мажэйкаўскі клуб-бібліятэка" Дзяржаўнай установы "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" прыслаў на "Замкавы" гасцінец" Уладзіміра Бачылу, кіраўніка народнага сямейнага ансамбля акардэоннай музыкі "КРУІЗ".
Хто будзе наступным? Сачыце за афішай "Замкавага гасцінца"...
ТК "Культура Лідчыны".