Наша слова.pdf № 25 (181), 18 чэрвеня 2025.
ХХІV Нацыянальны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне
Светлай радасцю, лірычным настроем і атмасферай сапраўднага адзінства быў насычаны апошні тыдзень маладзечанцаў. Штогадовы нацыянальны фестываль песні і паэзіі зноў аб'яднаў сотні людзей, якія неабыякавыя да мілагучнага беларускага слова. З мінулага года, дзякуючы перадфестывальным дням, у кожнага беларуса ёсць магчымасць дакрануцца да гэтай маштабнай культурнай падзеі і пазнаёміцца з сучасным айчынным мастацтвам.
Культурная праграма ХХІV Нацыянальнага фестывалю песні і паэзіі парадавала насычанасцю і разнастайнасцю. Для дзяцей і дарослых быў распрацаваны шэраг мерапрыемстваў - ад майстар-класаў па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, цікавых гульняў і вясёлых імпрэз да пазнавальных выставачных праектаў, лірычных канцэртаў і цёплых сустрэч.
- Ужо другі год мы практыкуем перадфестывальныя тыдні, якія дазваляюць ахапіць больш шырокую масу людзей. Сёлета ўжо 10 чэрвеня стартавалі перадфестывальныя мерапрыемствы, самым запамінальным з якіх можна назваць "Майскі вальс" з удзелам як прафесійных духавых аркестраў, так і народных, аматарскіх калектываў. У музыкальнай частцы фестывалю ўпершыню прынялі ўдзел творчыя калектывы Смаленскай і Бранскай абласцей. Лейтматывам мерапрыемства стала тэма 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Адкрыццё і закрыццё фестывалю былі прысвечаны памяці выбітных беларускіх культурных дзеячаў - паэту-песенніку Алегу Елісеенкаву і мастацкаму кіраўніку ансамбля "Песняры" Уладзіміру Мулявіну, - расказала галоўны спецыяліст аддзела культуры Маладзечанскага раённага выканаўчага камітэта Аксана Курчына.
Алег Елісеенкаў многа ўвагі надаваў фестывалю ў Маладзечне і ўсяму беларускаму музычнаму мастацтву. Са сцэны амфітэатра прагучалі вядомыя творы аўтара ў выкананні салістаў Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі імя М. Ф. Фінберга. У канцэртнай праграме "Незабыўнае...", прысвечанай творчасці Уладзіміра Мулявіна і ансамбля "Песняры", прынялі ўдзел лаўрэат міжнародных конкурсаў, уладальнік медаля Францыска Скарыны Пётр Елфімаў і Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь імя І.І. Жыновіча.
Будучыня за маладымі
Самай напружанай і багатай на інтрыгу часткай фестывалю стаў Нацыянальны конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. Рэпертуар удзельнікаў сёлета вылучыўся разнастайнасцю. Гледачы і журы пачулі кампазіцыі сучасных беларускіх аўтараў і даўно забытыя матывы мінулага. Нагадаем, што ў абласным этапе прынялі ўдзел 145 творцаў. Самымі актыўнымі канкурсантамі сталі прадстаўнікі Гарадзенскай і Менскай абласцей. У заключным этапе ў Маладзечне выступілі 20 выканаўцаў.
Па словах старшыні журы конкурсу, мастацкага кіраўніка і галоўнага дырыжора Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі імя М. Я. Фінберга Максіма Рассохі, удзельнікі сёлетняга музычнага спаборніцтва парадавалі разнастайнасцю твораў. Аднак выбраць пераможцу было складана.
- Самы сладаны тур гэта трэці - ён і вызначыў пераможцу. Зусім іншы выбар твораў, зусім іншая тэхніка выканання, бо патрэбна спяваць у суправаджэнні аркестра. Для кагосьці гэта добрая магчымасць раскрыць свой талент, а для некаторых апошні раўнд аказаўся няўдалым. Сёлета многія зрабілі акцэнт на свой вакал ці на экстраваганты касцюм. На першы погляд, усе малайцы і ў гэтым журы абсалютна згодны, а з другога боку было вельмі цяжка выдзеліць пераможцу. На другім этапе не знайшлося лідара, які б задаў планку для астатніх. Да апошняга захоўвалася інтрыга як сярод гледачоў, так і сярод журы: ці будзе ў гэтым годзе прэтэндэнт на гран-пры, - расказаў старшыня журы Максім Рассоха.
Аднак сумненні не апраўдаліся і гран-пры, а таксама галоўны прыз Уладзіміра Мулявіна - крыштальную гітару, атрымала ўдзельніца з Менскай вобласці Ганна Варанко. Першае месца прысуджана канкурсантцы з Гомельскай вобласці Лізавеце Свірыдавай, другое падзялілі Наталля Ігнатава і Віталь Дроб з Менска, трэцяе месца занялі Ангеліна Самалётава (Гомельская вобласць) і Сяргей Ганак (Віцебская вобласць).
"Прыгожыя вершы павінны стаць песнямі"
Як адзначыў міністр культуры Беларусі Руслан Чарнецкі, няма добрых песняў без добрай паэзіі, а ў Беларусі вялікая колькасць выбітных аўтараў, якія пішуць на роднай беларускай мове. Па яго словах, прыгожыя вершы павінны стаць песнямі і ісці ў народ, каб людзі слухалі і падпявалі.
Літаратурная частка фестывалю таксама не расчаравала аматараў прыгожага беларускага слова. Праграма была насычана цёплымі сустрэчамі, паэтычнымі чытаннямі і пераемнасцю традыцый былых пакаленняў. У Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя М. Багдановіча адбылася імпрэза "Паэтычнае сугучча Беларусі", дзе першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах і старшыня Менскага гарадскога аддзялення СПБ Міхась Пазнякоў урачыста павіншавалі пераможцаў конкурсу імя Міколы Мятліцкага. З творамі маладых талентаў можна пазнаёміцца ў газеце "Літаратура і мастацтва" (№ 22 за 13.06.2025).
- Бібліятэка з'яўляецца важным удзельнікам фестывалю. Штогод мы ладзім сустрэчы з выбітнмі беларускімі пісьменнікамі, а галоўная мэта нашай дзейнасці - папулірызаваць сучасную беларускую кнігу, давесці яе да ўважлівага чытача. Дзякуючы перадфестывальным дням, значна пашырыўся шэраг літаратурных мерапрыемстваў - ад майстар-класаў да сустрэч з пісьменнікамі. Мы стараемся ахапіць розную аўдыторыю: і дзяцей, і дарослых.
Сумесны праект Саюза пісьменнікаў Беларусі і Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі "Літаратурны алімп Беларусі" таксама наведаў фестываль Нацыянальнай песні і паэзіі. Маладзечанцы атрымалі ўнікальную магчымасць пазнаёміцца з асабістым і творчым жыццём паэтэсы Людмілы Кебіч і пачуць песні на яе вершы ў выкананні аўтара. Лёс даўно звязаў пісьменніцу з фестывальным горадам - яна скончыла аддзяленне тэорыі музыкі Маладзечанскага музычнага вучылішча. Атмасфера настальгіі і цёплых успамінаў аб'яднала паэтэсу і слухачоў у шчырым душэўным дыялогу, дзе кожнае слова і кожная нота былі прасякнуты любоўю да роднага краю і багатай культурнай спадчыны Беларусі.
Лізавета КРУПЯНЬКОВА, "Звязда". Фота БелТА.
Гармонія творчасці аб'ядноўвае!
Творчы калектыў Палаца культуры горада Ліды "Талісман" і народная студыя эстраднай песні "Акцэнт" бралі ўдзел у Нацыянальным фестывалі беларускай песні і паэзіі "Маладзечна 2025".
Фестываль песні і паэзіі - унікальная магчымасць прадэманстраваць творчае майстэрства і абмяняцца досведам.
Мы ганарымся нашымі таленавітымі артыстамі і жаданем ім далейшых поспехаў і яркіх выступленняў! Хай музыка і паэзія працягваюць аб'ядноўваць сэрцы і дарыць радасць кожнаму дню!
Наш кар.
Раённы вечар ушанавання выпускнікоў адбыўся ў Лідзе
Сёлета на Лідчыне са школай развіталіся 763 адзінаццацікласнікі, у Лідскага філіяла Гарадзенскай дзяржаўнай вучэльні алімпійскага рэзерву 21 выпускнік. Дасягненнямі маладых людзей па праву можна ганарыцца: 75 навучэнцаў атрымалі атэстаты пра агульную сярэднюю адукацыю адмысловага ўзору з узнагароджаннем залатым медалём, 3 - срэбным. 218 выпускнікоў узнагароджаны пахвальнымі лістамі. Па выніках цэнтралізаванага іспыту навучэнцамі атрымана 28 стобальных вынікаў. Пра гэта паведаміла начальнік кіравання адукацыі Лідскага раённага выканаўчага камітэта Вольга Тарасюк.
14 чэрвеня выпускны вечар быў напоўнены радаснымі эмоцыямі і пазітывам. Урачыстым шэсцем прайшлі выпускнікі па імправізаванай алеі дзяцінства. Уручаны залатыя і срэбныя медалі. Самыя актыўныя адзначаны памятнымі сувенірамі. Бацькі медалістаў адзначаны падзякай старшыні Лідскага райвыканкама Аляксандра Вярсоцкага. Дажыначная плошча была напоўнена яркімі музычнымі нумарамі, сучаснай драйвовой харэаграфіяй.
Выпускнікамі ўскладзены кветкі да Кургана Неўміручасці ў знак падзякі за мірнае шчаслівае дзяцінства. Развітальны школьны вальс, шары, якія ўзнімаюцца ў неба - усё гэта было.
А ў тым, што галоўны вечар юнацтва - выпускны, не ўсумніўся ніводны ўдзельнік сацыяльна-культурнай праграмы ў САК "Алімпія". Не было сумных і "нетанцуючых" - хіба што хтосьці прысеў на хвіліначку адпачыць, каб з падвоенай энергіяй вярнуцца на танцпляц. Плэйліст выпускнога адклікаўся яркімі эмоцыямі саміх выпускнікоў. "Запальвалі" разам з топавым кіроўнымі, хедлайнерам вечара Алегам Маямі, папулярнымі групамі і дыджэямі. Ярка, гучна, пазітыўна!
Пад залпы святочнага салюту развіталіся з дзяцінствам і загадалі тысячы жаданняў нашы выпускнікі. Хай усё спраўдзіцца, усё атрымаецца! Ва ўсіх, у кожнага! Лідчына ганарыцца сваімі выпускнікамі. Можна быць упэўненымі, выпуск - 2025 яшчэ ўнясе свой уклал у росквіт малой радзімы і нашай краіны!
ТК "Адукацыя Лідчыны".
У Менску адбылася ўрачыстасць пасвячэння новазбудаванага касцёла Божага Цела
7 чэрвеня ў парафіі Божага Цела і манаскай супольнасці кармелітаў босых у Менску адбылася "вельмі цудоўная і доўгачаканая ўрачыстасць" - пасвячэнне новазбудаванага касцёла Божага Цела. Гэты касцёл быў пабудаваны як вотум беларускага народа за дар сакраманту Эўхарыстыі. Душпастыры і вернікі вельмі доўга і рупліва рыхтаваліся да гэтай падзеі.
Апоўдні ў менскі Кармэль прыбыў галоўны цэлебрант Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Таксама з дастойных іерархаў на ўрачыстасці прысутнічалі арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, які ў свой час дабраславіў вуглавы камень пад будову гэтага касцёла, і Генеральны вікарый Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. Грэка-каталіцкую Царкву прадстаўляў Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. Быў прысутны таксама Правінцыял Варшаўскай правінцыі кармелітаў босых айцец Лукаш Кансы OCD і Рэгіянальны вікарый кармелітаў босых у Беларусі айцец Пётр Фроштэга OCD. Да ўдзелу ў знакавай рэлігійнай падзеі прыбылі кармеліты босыя з усіх супольнасцяў у Беларусі, а таксама шматлікія святары з Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі, з іншых дыяцэзій і з-за мяжы, а таксама законныя сёстры. У святкаванні прыняў таксама ўдзел прадстаўнік дзяржаўнай улады - намеснік упраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі адміністрацыі Заводскага раёна горада Менска Урублеўскі Дзмітрый Часлававіч, і архітэктар праекта касцёла Аляксей Яроменка. Ва ўрачыстасці ўдзельнічалі дабрадзеі, будаўнікі, прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу, а таксама госці з Мядзела, Нарачы, Дарава і іншых парафій і шматлікія вернікі парафіі Божага Цела ў Менску.
Перад уваходам у касцёл арцыбіскупа Юзафа Станеўскага прывіталі парафіяне з традыцыйным караваем. Пасля пробашч парафіі айцец Юрый Кулай OCD уручыў арцыпастыру сімвалічны ключ, якім ён тройчы пастукаў у дзверы касцёла. Затым пробашч адчыніў дзверы касцёла і запрасіў усіх увайсці на цэлебрацыю літургіі пасвячэння. Спеў падчас літургіі ў гэты дзень узначаліў хор "Голас душы" з парафіі святых Сымона і Алены ў Менску.
У пачатку цэлебрацыі Мітрапаліт павіншаваў усіх прысутных з "наваселлем" і заахвоціў да радасці і ўдзячнасці Богу. Пазней усіх прывітаў настаяцель супольнасці кармэлітаў босых у Мінску айцец Сяргей Трысцень OCD. Пасля гэтага адбыўся абрад дабраслаўлення вады, акрапленне вернікаў, сценаў касцёла і алтара, які здзейсніў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Гамілію прамовіў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, засяроджваючы ўвагу на тым, каб вернікі не забывалі дарогу да касцёла дзеля атрымання Божых ласкаў, адпушчэння грахоў і сілкавання Найсвяцейшым Сакрамантам. Іерарх заахвоціў таксама, каб яны самі былі жывымі камянямі і на зямлі ўтваралі Божую будоўлю дабра, спакою і адзінства.
Праспяваўшы супольна літанію да Усіх Святых, галоўны цэлебрант арцыбіскуп Юзаф Станеўскі прачытаў малітву пасвячэння касцёла і намасціў алтар алеем хрызма. Біскуп Аляксандр Яшэўскі ў гэты час намасціў сцены новага касцёла і здзейсніў акаджэнне.
Затым ва ўрачыстай працэсіі прадстаўнікі розных парафіяльных малітоўных супольнасцей прынеслі абрус на алтар, аздобілі яго свечкамі, а супольнасць сясцёр шарытак упрыгожыла прэзбітэрый кветкамі. Пасля гэтага новапасвечаны касцёл раз'ясніўся святлом і агнём запаленых свечак. У працэсіі з дарамі вернікі прынеслі дары для цэлебрацыі Эўхарыстыі. Пасля Святой Камуніі Найсвяцейшы Сакрамант быў змешчаны ў табэрнакулюме.
Наступным пунктам літургіі стаў спеў гімна "Цябе, Бога праслаўляем", як знак радасці і праслаўлення Бога за дар новай святыні. На заканчэнне ўрачыстасці пробашч парафіі айцец Юрый Кулай OCD выказаў усім словы ўдзячнасці. Таксама былі ўручаны падзякі заслужаным дабрадзеям і парафіянам. Арцыбіскуп Станеўскі дабраславіў памятную дошку, якая будзе ўсталявана ў касцёле дзеля захавання памяці пра гэтую падзею.
Вечарам на прыкасцельнай тэрыторыі быў арганізаваны парафіяльны святочны сямейны пікнік, дзе ў радаснай і сямейнай атмасферы парафіяне і госці са сваімі душпастырамі адзначылі радасную падзею пасвячэння доўгачаканай святыні.
Тэкст: а. Юрый Кулай OCD. Фота: Віктар Ведзень. Catholic.by.
Па Менску прайшла працэсія з некалькіх тысяч чалавек
У Менску прайшла каталіцкая працэсія, прысвечаная святу Цела і Крыві Хрыстовых. Яго адзначаюць у чацвер пасля Пяцідзесятніцы. Аднак паколькі свята выпадае на працоўны дзень, у сталіцы працэсію часцей за ўсё праводзяць у нядзелю - напярэдадні альбо пасля яго.
У Менску працэсія праходзіць штогод. Яна традыцыйна пачынаецца з Набажэнства ля касцёла Святой Тройцы на Залатой Горцы і заканчваецца ля Архікафедральнага сабора Дзевы Марыі. У шэсці прымаюць удзел біскупы, святары, манахі і манашкі, дзеці і дарослыя, якія нясуць найсвяцейшыя дары, харонгвы і сцягі. На працягу ўсяго шляху ўдзельнікі моляцца, падыходзяць да чатырох алтароў, у якіх зачытваюць урыўкі Евангелля.
Як расказаў прэс-сакратар Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксёндз Юрый Санько, у шэсці маглі прыняць удзел больш за 5 тысяч чалавек.
Невялікая плошча ля Архікатэдральнага касцёла не змагла змясціць усіх ахвотных, таму многія размясціліся на супрацьлеглым баку - ля будынка ратушы і на аўтобуснага прыпынку.
Паводле СМІ.
Старшыня ККББ арцыбіскуп Станеўскі павіншаваў біскупа Гарадзенскага Уладзіміра Гуляя з 50-годдзем з дня нараджэння
14 чэрвеня біскуп Гарадзенскі Уладзімір Гуляй адзначыў 50-годдзе з дня нараджэння. З гэтай нагоды Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Менска-Магілёўскі, павіншаваў іерарха з юбілеем.
"Ваша Эксцэленцыя, найдастойнешы біскуп Уладзімір!
З нагоды 50-годдзя з дня Вашага нараджэння ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, духавенства і вернікаў прыміце самыя шчырыя словы пажаданняў.
Кожны юбілей - гэта добрая нагода для таго, каб выказаць перад Богам і людзьмі словы ўдзячнасці і ўзнесці малітву за дар жыцця і паклікання, за дар служэння і ахвяры.
Дзякуем Богу за жыццё Вашай Эксцэленцыі, якое Вы атрымалі праз любоў вашых бацькоў, калі прыйшлі на свет 50 гадоў таму, 14 чэрвеня 1975 года, у старадаўнім, маляўнічым Ваўкавыску ў сям'і Юрыя і Марыі Гуляй. Разам з Вамі дзякуем за дар святога хросту, які Вы прынялі ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Росі, і за дар Вашага паклікання.
Скончыўшы Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне, Вы 26 чэрвеня 1999 г. прынялі прэзбітарскае пасвячэнне, удзеленае ў гродзенскай катэдры біскупам Аляксандрам Кашкевічам, дастойным Вашым папярэднікам на Гродзенскай катэдры. Атрымаўшы ў Люблінскім каталіцкім універсітэце ступень магістра тэалогіі, вы працягвалі спалучаць душпастыркую працу з навуковай, згодна з выказваннем святога Яна Паўла II: "Вера і навука як два крылы птушкі, што дазваляюць чалавеку ўзняцца высока над прасторамі". Тым самым, абараніўшы дактарат у 2011 г., Вы заахвоцілі семінарыстаў і студэнтаў да больш пільнага вывучэння святых навук Касцёла, будучы прэфектам і выкладчыкам дагматычнай тэалогіі Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, выкладчыкам тэалогіі ў Тэалагічным каледжы імя св. Казіміра, а таксама на "Курсах сямейнага жыцця" пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі.
Спазнаўшы адказнасць за лакальны Касцёл падчас Вашага служэння біскупскім вікарыем па справах агульнага душпастырства Лідскага рэгіёна, будучы членам святарскай рады і калегіі кансультантаў Гродзенскай дыяцэзіі, выконваючы функцыю дыяцэзіяльнага цэнзара, удзельнічаючы ў працах Сінадальнай камісіі па справах экуменізму і міжрэлігійнага дыялогу Гродзенскай дыяцэзіі як яе старшыня, Вы падрыхтаваліся да яшчэ большай адказнасці за Касцёл. Гэта заўважыў Божы народ і папа Францішак, які 5 красавіка 2024 года прызначыў Вас, ксяндза, доктара, каноніка Уладзіміра Гуляя, біскупам каад'ютарам Гродзенскай дыяцэзіі. Затым, 30 верасня 2024 года, Вы змянілі біскупа Аляксандра Кашкевіча на пасадзе дыяцэзіяльнага біскупа Гродзенскай дыяцэзіі.
Дэвізам біскупскага служэння Вы абралі словы Sufficit tibi gratia Mea ("Хопіць табе Маёй ласкі"), з якімі Езус Хрыстус звяртаецца да апостала Паўла: "Хопіць табе Маёй ласкі, бо моц удасканальваецца ў слабасці" (2 Кар 12, 9).
Ваша Эксцэленцыя, дастойны юбіляр! Жадаем, каб і надалей Вы вялі дыялог з Хрыстом, які няспынна яго з намі падтрымлівае.
Няхай наступныя гады вашага жыцця і пастырскага служэння будуць знаходзіцца пад чулай апекай Маці Божай Кангрэгацкай. Святы Казімір Каралевіч і святы Максімільян Кольбэ няхай дапамагаюць Вам у пераадоленні ўсіх цяжкасцяў, якія сустракаюцца на Вашым пастырскім шляху.
Plurimos annos!
З пашанай, Ваш брат у пастырскім служэнні
Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі,
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў
Беларусі.
Мінск, 14 чэрвеня 2025 г."
Самая праўдзівая мова - народная
Маіх землякоў, якіх сёння хачу прыгадаць, даўно ўжо няма на гэтым свеце. Іх часта ўспамінаю, бачу ўсмешкі на тварах, чую словы, жыццёвыя былі і анекдоты. Яны ўмелі іх распавядаць да бясконцасці, і любілі свой народ і Беларусь.
Жыў некалі ў Слоніме на вуліцы Багушэвіча Міхась Барысавіч Літвінчык. У свой час ён скончыў польскую школу, пасля вучыўся ў Сянькоўшчынскай сярэдняй школе. Калі пачалася Другая сусветная вайна, пайшоў на фронт. Быў двойчы паранены, з баямі дайшоў да Кенігсберга.
Пасля вайны Міхась Літвінчык прыехаў у родны Слонім і да самай пенсіі адпрацаваў шафёрам. На грузавых машынах аб'ездзіў Беларусь уздоўж і ўпоперак. Але захапленнем яго была не толькі тэхніка. Слонімец яшчэ цікавіўся прыказкамі і прымаўкамі. Спачатку іх усюды збіраў, запісваў ад людзей. А потым іх сам пачаў пісаць. Пра яго талент да прыказак і прымавак нават распавядалі рэспубліканскія газеты і часопісы, а ў канцы 1980-х гадоў Міхася Літвінчыка запрасілі на Беларускае тэлебачанне ў перадачу "Роднае слова", дзе ён вельмі шчыра расказваў пра прымаўкі і прыказкі. На вялікі жаль, такой перадачы на Беларускім тэлебачанні даўно не існуе, а яна была вельмі папулярнай тады. Рэдакцыя і аўтары перадачы атрымлівалі сотні пісем, прапаноў, водгукаў.
Міхась Літвінчык часта заходзіў да мяне ў рэдакцыю "Газеты Слонімскай", дзе я тады працаваў. Мы з ім гутарылі пра Беларусь, пра мову, пра наш багаты фальклор. Аднойчы Міхась Барысавіч пакінуў мне агульны сшытак сваіх прыказак і прымавак. "Няхай у цябе будзе адзін з маіх спісаных сшыткаў, можа калі табе прыдасцца", - сказаў зямляк і паклаў на стол сшытак сваіх народных твораў. Нядаўна я гэты сшытак адшукаў у сваім хатнім архіве. Уважліва прачытаў. І мне спадабаліся прыказкі і прымаўкі Міхася Літвінчыка. Вось некаторыя з іх: "Запісаныя думкі, як віно - яны павінны адстаяцца"; "Не можа быць адукаваным той, хто не ведае роднае мовы"; "Можна жыць па-братэрску, але не па-сяброўску"; "Не трэба здзіўляцца з нас - такія былі і да нас"; "Каб не было памяці, дык не было б і слёз"; "І золата дурня не зробіць разумным"; "Хто ходзіць, той можа падаць"; "Пазяхаць - не спяваць, голасу не трэба"; "Дурань смяецца не са смешнага, а з разумнага"; "Самая праўдзівая мова - народная"; "Калі добра працуеш - гаспадарку мацуеш"; "Вучыць не толькі сябар, але і вораг"; "Жонка дрэнна маецца, якая ўсім мужчынам падабаецца"; "Бывае, і барон ловіць варон"; "Хлеб свежы добры для ежы"; "Дай Бог усё умець і не старэць" і г. д.
Міхась Літвінчык напісаў дзесяткі такіх сшыткаў прымавак і пагаворак. Але дзе яны цяпер - ніхто не ведае. А гэта ж наш народны скарб, скарб духоўнай культуры. Даўно яго трэба было б сабраць і выдаць асобнай кніжкай, але ж каму гэта сёння патрэбна. Хаця яшчэ 24 снежня 2004 года Беларусь далучылася да міжнароднай канвенцыі ЮНЕСКА 2003 года "Аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны". Гэтым самым Беларусь узяла абавязкі перад міжнароднай супольнасцю захоўваць і пашыраць аб'екты нематэрыяльнай культурнай спадчыны (НКС), да ліку якіх адносяцца і творы фальклору.
Часта сустракаў на вуліцах Слоніма настаўніка-пенсіянера Мікалая Іванавіча Ракевіча (1931-2023). "Добра, што я цябе сустрэў, - сказаў аднойчы пры сустрэчы старэйшы слонімец. - Хачу даць табе некалькі прыказак пра сям'ю, нявестку, свякроў. Ты раней такіх не чытаў. Я іх запісаў ад Валянціны Самусевіч, якая родам з вёскі Азярніца Слонімскага раёна. Пачытай!..".
Я ўзяў ліст з прыгожым почыркам і пачаў чытаць: "Нявестка свякрыві дзярэ да крыві"; "Калі добрая свякроў, то вып'е кроў, калі ліхая, то косці пааб'ядае"; "Калі зяць на дачцэ, то для цешчы, што сто даляраў у руцэ, калі сын на нявестцы, то што гаўно на трэсцы (для свякрыві)"; "Мае адно вока, і тое спаць хоча"; "Глядзіць левым вокам у правую кішэнь"; "Бывае найгорш, калі баішся: і ліха не мінеш, і надрыжышся".
Але найлепш ведаў фальклор, і ў прыватнасці беларускія прымаўкі і прыказкі, мой зямляк са Слонімшчыны, вядомы беларускі энцыклапедыст, бібліёграф, літаратуразнавец Янка Саламевіч (1938-2012). На вялікі жаль, яго ўжо няма на гэтым свеце. Сустракацца і гутарыць з Янкам Саламевічам - гэта была вялікая асалода, сапраўднае свята, нейкі сваеасаблівы ўніверсітэт. Усё жыццё ён любіў лавіць яркія, гаваркія словы, фразеалагізмы - асаблівасці роднай і іншых моў. Іван Уладзіміравіч гаварыў мне: "Ну скажы, у каго ты сустракаў слова "аб'ясніць"? Ён у рукапісе Янкі Купалы ў яго музеі трапіў на такі радок: "Няхай цябе аб'ясніць розум ясны". Здорава, праўда! Бацька яму некалі казаў: "Мёрзлая зямля заскалела" (стала цвёрдаю, як скала). Неяк расказаў ён мне пра аднаго жыхара яго роднай вёскі Кракоткі, які еў блінцы: "Сем мазаных, сем німазаных, сем сухама - збольшага перакусіў".
Любіў распавядаць Янка Саламевіч пра сваіх аднавяскоўцаў. Казаў, што ў яго вёсцы мовяць: "Сучка маленька, нізенька, як слончык на чатырох ножках". Ці так: "Ідзе нага за нагу, як назаўтра"; "Е што гаварыць, ды німа чаго слухаць"; "З носа кап, ды ў рот хап"; "Ужэ суп у сватэ збіраецца" (пачаў кіснуць) і г.д.
Сёння мне часта прыгадваецца мой дарагі і паважаны спадар Янка Саламевіч. Ён мне казаў: "Не называй мяне Іван Уладзіміравіч, не трэба, кажы спадар Янка". Я так яго ў апошнія гады і клікаў. Прымаўкі і прыказкі спадар Янка называў выслоўямі. Ён мог іх нагаварыць кучу і горбу, мех і торбу: "Не ўсё тое падбірай, што па вадзе плыве"; "Не кожны хворы, хто стогне"; "Языком бервяна не ачэшаш"; "Біты сабака здалёк бачыць кіёк"; "Двор, як пані сесці"; "Харошая, хоць малюй"…
Прыгадваецца мне яшчэ адна прымаўка ад Янкі Саламевіча: "Паедзем, бабка, у чужое сяло, то будзем ведаць, што робіцца ў нашым". Нам сёння не трэба ехаць у чужое сяло, у чужыя краіны. Нам добра дома, дзе ўсё такое блізкае нам і зразумелае. Дык, давайце шанаваць роднае!
Сяргей ЧЫГРЫН.
Памёр Антон Піліпчык
14 чэрвеня ў Бярозаўцы Лідскага раёна памёр сябар лідскага літаб'яднання "Суквецце" Антон Піліпчык
Антон Сямёнавіч Піліпчык нарадзіўся ў 1948 годзе ў вёсцы Сухары Шчучынскага раёна. Скончыў журфак БДУ і аддзяленне друку, радыё і тэлебачання МВПШ. Працаваў у рэдакцыях шчучынскай, астравецкай раённых газет, а з кастрычніка 1979 года па лістапад 2014-га - у іўеўскай раёнцы. Вершы друкаваліся ў раённым друку і абласной газеце "Гродзенская праўда", штогодніку "Галасы", у рэспубліканскіх выданнях: "Чырвоная змена" і "Беларуская ніва", часопісе "Беларусь", у зборніку "Ад лідскіх муроў". У перыядычным друку змяшчаліся таксама гумарэскі і апавяданні. У прыватнасці, у газеце "Звязда" былі надрукаваны такія творы, як "Кампенсацыя" і "Амністыя", у газеце "Рэспубліка" - "Патрапаны "Масквіч", у альманаху "Вожык" - "Хведараў бізнес". У 2015 годзе Антон Сямёнавіч Піліпчык стаў фіналістам другога абласнога конкурсу рукапісаў імя Цёткі (А. Пашкевіч). Адзін з суаўтараў калектыўных зборнікаў "Іўеўшчына літаратурная" (2014) і "У прыгаршчах Айчыны" (2015).У апошні час жыў у г. Бярозаўцы Лідскага раёна Гарадзенскай вобласці. Пісаў на беларускай мове. Аўтар зборнікаў вершаў "Лятуць восені, зімы, як і вёсны, і леты…" (2018), "Безбярэжжа" (2020), кнігі прозы "Пакуль сонейка ззяе…" (2019).
Пахаваюць паэта на Шчучыншчыне.
Светлая памяць.
Навіны Германіі
Мільён балконных электрастанцый у Германіі
Колькасць сонечных панэляў, усталяваных на балконах у Германіі, за год падвоілася
Колькасць балконных электрастанцый у Германіі за год павялічылася прыкладна ўдвая і ў наш час складае каля мільёна. Гэта вынікае з дадзеных Цэнтральнага рэестру дадзеных рынка электраэнергіі (MaStR) і ацэнак Федэральнага аб'яднання прадпрыемстваў сонечнай энергетыкі (BSW).
- Зараз, калі дахі з сонечнымі панэлямі ўжо даўно сталі стандартам для жылых комплексаў, назіраецца сонечны бум на балконах, які адбіваецца ў тым ліку і на вонкавым абліччы ўнутрыгарадскіх раёнаў. Усё шырэйшыя пласты насельніцтва карыстаюцца перавагамі пераходу на сонечную энергію, - кажа генеральны дырэктар BSW Карстэн Керніг.
Балконныя электрастанцыі - гэта кампактныя сонечныя сістэмы, якія часта ўсталёўваюцца на балконах, але гэта неабавязкова. Іх далучаная магутнасць не перавышае 800 Вт. У сонечнае надвор'е яны падаюць энергію ў хатнюю сетку ўладальніка, які можа купляць менш электрычнасці ў свайго пастаўшчыка. У гэтай эканоміі і складаецца фінансавы прыбытак сістэмы. Калі яна выпрацоўвае больш, чым вы спажываеце, лішкі бясплатна падаюцца ў сетку. Пакупка балконнай электрастанцыі звычайна акупляецца ўжо праз некалькі гадоў.
Іх доля ў агульным аб'ёме электраэнергіі, вырабленай у краіне, дагэтуль даволі малая. Агульная магутнасць балконных электрастанцый, зарэгістраваных на дадзены момант, складае каля 0,9 Гвт.
Бон/Берлін (dpa/d.de).Фота:© Erdark/iStock.
Кабінет: зніжэнне падаткаў для бізнэсу
Новы ўрад мае намер падтрымаць эканоміку з дапамогай шматмільярдных падатковых палёгак
Урад Германіі распрацаваў пакет законаў пра шматмільярдныя падатковыя палёгкі, каб падтрымаць эканоміку краіны. Сярод іншага законапраекты прадугледжваюць, што кампаніі змогуць спісваць да 30 % падаткаў на інвестыцыі ў рухомыя актывы, такія як станкі і іншае абсталяванне, сёлета і ў наступныя два гады. Таксама плануюцца больш сходныя варыянты амартызацыі для электрамабіляў, якія выкарыстоўваюцца ў камерцыйных мэтах.
Акрамя таго, з 2028 года чакаецца зніжэнне стаўкі карпаратыўнага падатку. Агульная падатковая нагрузка на бізнэс павінна скараціцца з трохі менш, чым 30 %, дзейсных на дадзены момант, да крыху менш за 25 % у 2032 годзе. Больш таго, кааліцыя жадае пашырыць меры па стымуляванні інвестыцый у навукова-даследчыя распрацоўкі і зменшыць стаўку падатку на прыбытак, які не размяркоўваецца. Зніжэнне падатковай нагрузкі на бізнэс з'яўляецца галоўнай мэтай новага ўрада Германіі.
Берлін (dpa). Фота: © dpa.
Некалькі гадоў маёй маладосці ў Вільні* (1818-1825)
Станіслаў Мараўскі
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Пасля віленскага губернскага маршалка Міхала Ромера27, ні ў Літве, ні ў Польшчы, у сваім жыцці я не бачыў больш свецкага чалавека - а ведаў я шмат людзей, падобных на Пелікана, людзей, якія выклікалі да сябе сімпатыю. Нягледзячы на яго адмоўныя вартасці, было ў ім нешта такое прывабнае, нешта такое, што адразу захапляла - яго можна было па-студэнцку назваць "вырвідушкай". Малады, з прыгожым тварам, з чорнымі, у кудзерках, валасамі, чорнымі вачыма, стройнай і лёгкай постаццю, каралавымі вуснамі. На яго твары заўсёды мелася дзіўна прыемная, але заўсёды толькі на палову губы ўсмешка, што з'яўлялася вынікам наўмыснага жадання схаваць свае сапсаваныя зубы і дзёсны. Дасціпны, не педант, ён меў чароўны голас, размаўляў лёгка і прыгожа. Быў даступны кожнаму, міласэрны, лагодны, добра адукаваны. Меў незвычайны спрыт у сваіх маленькіх і зграбных руках, незвычайна халаднакроўны падчас сваіх дзіўных хірургічных аперацый.
Пелікан стаў кумірам усёй Вільні. Людзі, духавенства, чыноўнікі, паны, яўрэі, дробная шляхта - усе хто тут жыў, гатовы былі на ўсё дзеля яго. Дамы, зразумела, па ім шалелі. Меў некалькі ўсім вядомых раманаў, і раптоўна нейкая хірургічная трывога апанавала ўсіх віленскіх дам. Жанчына знаходзіла, што мае надта цвёрдыя грудзі, якія да таго ж занадта выступаюць наперад і палохалася - ці няма ў яе скурнага захворвання ці раку, і адразу, каб агледзеў, загадвала паслаць па Пелікана. Іншая, сядаючы ў карэту, па віне нязграбнага лакея, стукнулася сцягном - паслаць па Пелікана. Ці недзе зрабіўся малюткі прышчык, ці не дай Бог карбункул! І муж сам бег па Пелікана. Адным словам, ён, а не севільскі цырульнік, павінен быў спяваць тую знакамітую арыю Расіні: "Фігара тут, Фігара там!". Гэтак працягвалася каля трох гадоў. Усе былі задаволены, і ніхто не меў прычын дрэнна ставіцца да гэтага чалавека.
Праз некалькі гадоў пасля скасавання ўніверсітэта, я ўбачыў у Пецярбургу гэтага чалавека, ужо заплямленага недапушчальнымі, смяротнымі грахамі, чалавека, які выказаў чорную няўдзячнасць да Вільні, дзе яго так любілі. Убачыў яго заўчасна пасівелым, з жудаснай праказай на твары, са смуродам з рота, які адчуваўся за сажань ад яго. Аднак Пелікан хадзіў сярод людзей і, як студэнт, шукаў медыцынскай практыкі, нягледзячы на чын і ордэны. Я толькі і паспеў падумаць - о, мой вялікі Божа!
Цяпер, я чуў, што дзякуючы новым метадам лячэння, ён зноў пайшоў уверх … Дай жа Божа!
Як толькі я прыехаў у Вільню, першым з кіраўнікоў універсітэта наведаў Твардоўскага, які толькі што выйшаў з вязніцы. Ён прыняў мяне ветліва, скардзіўся, што адкупляе грахі свайго папярэдніка, што было няпраўдай. Што жадае як мага хутчэй падаць у адстаўку са сваёй пасады, якую ён прыняў толькі з павагі да волі князя Чартарыскага. Што яму балюча бачыць, як дробязь ломіць лёс края, але ўрад яму не давярае і ён нічым не можа дапамагчы. На гэтым і закончылі.
Баянус бледны, хворы, зморшчаны сядзеў у шлафроку над вялікім атласам чарапах да сваёй манаграфіі. Яго душа балела за ўпадак універсітэта. Ён заявіў, што не можа і не мае патрэбы працягваць сваю працу тут. Смеючыся, расказаў, як Гродэк28, наш добры Гродэк, кінуў на зямлю свайго любімага Гарацыя і ўвесь час люта крычаў: "O tempora, o mores!" (лац. "О час, о норавы!". - Л. Л.). Аднак, абмяжоўваўся агульнымі словамі і ні з якога боку не каментаваў дзеянні асоб.
Не тое, што Пелікан! Той выбег мне насустрач у пярэдні пакой, горача, як брата, абняў, і, здаецца, не мог нарадавацца. Зразумела, у той момант мы абодва хітравалі. Ён быццам бы мне сваю душу на далоні паказваў. Я адказваў яму той жа манетай, бо анёл-ахоўнік шаптаў мне на вуха: "Сцеражыся і прыкідвайся абыякавым". Ён сам кінуўся ў размовы. Я слухаў. Ён плакаў над доляй моладзі. Дзівіўся, як нявінная і даўно забытая рэч, з-за неміласэрнага лёсу і інтрыгі злых людзей выйшла на верх ў такім брудным і жудасным выглядзе! Аднак праўда павінна нарэшце дайсці да трона, запэўніў ён. Скончыў так: у сённяшніх абставінах найлепей зробіць той, хто не чакаючы позвы, сам і добраахвотна заявіць пра сваю віну перад камісіяй, або сумленна і шчыра прызнаецца ў тым, што яму вядома. Бо ён не бачыць больш ніякай іншай магчымасці бараніць моладзь. І парадзіў мне, як маладому чалавеку, распаўсюджваць гэтую думку сярод маіх калег. Я ўспрымаў яго словы як нешта зусім чужое для мяне. Але як быццам пагаджаўся з ім. Потым спытаў пра Зана. Пелікан адказаў, што ў яго ледзь не разарвалася сэрца, калі пачуў пра яго арышт. "Што да Зана, то ён зусім страчаны чалавек і ніхто, хіба сама Бог, не зможа вызваліць і ўратаваць яго лёс".
Я нагадаў яму пра Яжоўскага, давёў, што ад яго засталася толькі цень чалавека, я яго нават не пазнаю. Дадаў, што ўсе маюць надзею - пасля таго як Пелікан зрабіў для Вільні столькі ўжо дабрадзействаў, можа ён як лекар, заступіцца за Яжоўскага і абароніць ад вернай смерці ў вязніцы? Яго можна было б трымаць у сакрэтнай клініцы, ізаляваць як у вязніцы, але з лепшымі выгодамі і лячыць там. Пелікан адказаў, што першы раз чуе пра Яжоўскага, але калі пра яго кажу, то ён зробіць усё, каб яго выратаваць. Нарэшце, папрасіў, каб я папярэдзіў кожнага не мець стасункаў з арыштаваным Занам.
Тамаш Зан, біяграфіі і партрэты якога апошнія дваццаць з нечым гадоў хадзілі па ўсёй Еўропе, паходзіў з беднай наваградскай шляхты і, як гэта было прынята ва ўніверсітэце, шмат гадоў наглядаў і выхоўваў больш заможных і маладых студэнтаў, чые бацькі баяліся ў гэтым вулкане пакідаць іх без нагляду. Грунтоўна ведаў усе галіны навукі, але ні ў адной з іх не быў геніем. Яго рэдкі і непаўторны геній заключаўся ў светлым ладзе душы, у ім самім. Не прыгожы, але з вельмі прыемным і па-сапраўднаму значным тварам. Чорныя, цёплыя вочы. Высокі рост. Высокі лоб, на якім валасы выступалі пасярэдзіне кутом. Валасы густыя і чорныя, як у негра, смуглявы, трохі з воспінамі твар з дзіўна прыемнай усмешкай. Зан меў здольнасць без найменшай падрыхтоўкі, прыгожа і працягла выступаць на публіцы і пры гэтым быў яшчэ музыкай і спеваком. Уся яго постаць мела выраз анёльскага спакою і разумення. Не ведаю, ці злаваўся калі-небудзь у сваім жыцці гэты чалавек. Здаецца, што не. Калі раней казалі, што галубы не маюць злосці, дык яны памыляліся, але гэтак можна сказаць пра Зана, і гэта не будзе памылкай!
Калі шал таварыстваў, якія ставілі перад сабой найвышэйшыя мэты, авалодаў усімі ў Еўропе, калі ў той час з'явілася патрэба скіраваць нашу моладзь да мэт, вышэйшых за карты і каханне, калі для падтрымкі навукі, маральнасці і сапраўднай адукацыі29 трэба было выбраць добрага кіраўніка як кропку апоры для розуму, апору аб якую разбіваліся б самыя рознакірункавыя хвалі і паварочваліся б да разумных мэтаў. Для гэтага быў патрэбны чалавек з мяккім сэрцам але з загартаванай душой, які б з павагай, толькі і магчымай тут, з лагоднасцю, разуменнем і дабрынёй, стрымліваў бы рознакірункавыя страсці, якія тут бушавалі. Не было нікога больш здольнага на гэта, чым Зан, і з гэтым аднадушна пагадзілася ўся моладзь. Як вялікі магістр Прамяністых, ён называўся арцы-прамяністы ці, скарочана, проста "арцы", гэта мянушка выклікала мноства розных смешных жартаў і стала шырока вядомай сярод моладзі.
Я не буду далей казаць пра яго лёс і таму толькі дадам, што пасля дзесятка-другога гадоў ссылкі, ён прайшоў праз вельмі цяжкія ганенні і ўціск, знайшоў золата ў многіх месцах Заходняй Сібіры, і нарэшце яму вярнулі свабоду. Зан стаў захавальнікам карт і планаў у горным кабінеце Пецярбурга. І калі пасля пастаянных няшчасцяў, якія яго душылі і якія ён заўсёды пераносіў як спартанец, нарэшце ўбачыў сябе вольным, і сонца пачало свяціць яму, тады зламаліся фібры яго раней моцнага, але раздушанага паразамі розуму30. Зан, Тамаш Зан!
[у экземпляры перакладчыка адсутнічаюць старонкі 210-211.]
Дадаткі
19. Былая строгасць і рэзкасць бацькоў, якую я сам, хоць і нарадзіўся ў крыху іншую эпоху, па волі Творцы, павінен быў у поўнай меры адчуць, выклікала сляпую і пасіўную паслухмянасць, у якой не было сардэчнасці, але была рэлігійная любоў і вялікая пашана. А даверу не было.
У наступным стагоддзі (маецца на ўвазе XIX ст. - Л. Л.) мы нахіліліся ў другі бок, і ўсё стала яшчэ горш, бо бязвольныя бацькі за ўсё расплачваліся сваімі слязьмі.
Аднак не думайце, што тая ранейшая строгасць, падчас якой праз слова сыноў пужалі батагамі, толькі батагамі і падтрымлівалася. О, не! Сапраўды былі айцы-тыраны. Але рэдка. Такія бацькі ёсць і сёння, але часцей, усё ж гэта рэдкасць. Раней строгасць была больш на словах, чым у дзеяннях. Было больш шуму, чым фізічнай расправы.
Раней бацька ў нас быў, як кітайскі імператар ці кароль Сіяма, на якога не смееш падняць вачэй. Які тым, што падаваў табе руку для пацалунку, рабіў табе такія маральныя дабрадзействы, якія ты не варты быў акупіць удзячнасцю на працягу ўсяго жыцця. Які, калі тупнуў нагой, адразу здыхалі ўсе блохі, нават калі табе і было ўжо трыццаць гадоў.
Сапраўды бывалі часам дзіўныя бацькоўскія фантазіі, якія анекдотамі разыходзіліся па свеце чым падтрымлівалі патрыярхальную павагу ў адносінах з дзецьмі. Гэта была дыпламатычная хітрасць бацькоў, каб праз страх спыніць магчымасць вызвалення сваіх сыноў.
Так, напрыклад, бацька магната Антонія Прозара31, які меў ужо тады зорку св. Станіслава, калі ўбачыў, што яго сын мае адвагу сесці разам ім на касцельную лаву ў яго прысутнасці, пачаў з таго, што вярнуўшыся дадому, уласнаручна адлічыў яму сто бізуноў! Гэта было вядома ўсяму свету. І нават сам стары Прозар выхваляўся гэтым: "Бо бацькоўская рука - дабраславенства", - казаў ён.
Той жа самы бацька казаў сыну: "Збірайся ў дарогу, мы паедзем у Магілёў. Вазьмі з сабой самую прыгожую, якую маеш, вопратку, і не забудзь быць паслухмяным". Сын выканаў загад. Паехалі.
У магілёўскім павеце жыла вельмі багатая і паважаная ўдава пані Незабытоўская. Заехалі да яе. Бацька кажа сыну: "Сведчу табе, што прызначаю гэтую высакародную белагаловую (у той час так называлі жанчын - Л. Л.) быць тваёй жонкай да канца жыцця. Але гэта будзе залежаць ад жадання гэтай белагаловай, бо яна ўжо сама сабе радзіць. Калі не спадабаешся ёй - пасля вяртання дахаты атрымаеш сто бізуноў. Папраў сваю зорку на грудзях, нешта яна крыва вісіць". Слова бацькі, вядома, было жалезным. Ён заўсёды яго трымаў.
Гаспадыня выходзіць да гасцей. Яна была вядомай на ўвесь край адсутнасцю абаяння і прыгажосці. Але была надзвычай багатай. Антоні Прозар добра ведаў наколькі моцны вырак яго бацькі. Стары пры спатканні пацалаваў ручкі, нахмурыў бровы, пасля чаго, паклаўшы канфедэратку пад паху, сказаў ёй камплімент і дадаў: "Маю гонар прадставіць васпані-дабрадзейцы майго сына". Антоні Прозар паглядзеў на бабу і зразумеў, які лёс чакае яго ў шлюбе з такой кабетай. У свае сорак гадоў, з зоркай на грудзях, самлеў і як сноп упаў на падлогу. Трэба быць прыгожай!
Гэта сапраўдная гісторыя. Для цікавасці дадам, што па незалежных ад сына прычынах шлюб не адбыўся і бізун застаўся вісець на калку.
"Браты-шляхта".
Раздзел 3. Статыстычнае апісанне, якое рыхтавалі філарэты. Ксаверы Котвіч. Навасільцаў і бацькі арыштаваных. Арганізацыя ў Коўне. Малесан. Справа Альшэўскага
… статыстычны апытальнік, быў надрукаваны без цэнзуры ў базыльянскай ці місіянерскай друкарнях, дакладна ўжо не памятаю32. Статыстыка - дзяржаўнае злачынства! Вось, мой дарагі, такія былі часы, такія фантазіі паважанай улады! Шкада гэтых людзей, бо Бог іх не забудзе.
Што ж, насамрэч, гэта было за злачынства? Было вось так. Навуковая супольнасць, створаная для развіцця навукі, добра ведала тое ўжо дваццаць з лішнім гадоў, ведала тое, што сёння не ведаюць нашыя чыноўнікі, якія нідзе не вучыліся. Гэта значыць, што навука пад назвай статыстыка - галоўная патрэба, першая аснова адміністрацыі цывілізаванай краіны. Таму маладыя вучоныя хацелі мець статыстку хаця б толькі сваёй Літвы, як тады казалі, ці вернутых ад Польшчы губерняў, як сёння кажуць. Як атрымаць такую статыстыку? Толькі маладыя маглі гэта зрабіць. Сабраць неабходныя матэрыялы мог бы кожны дурань. Але трэба было сфармуляваць настолькі простыя пытанні, каб іх маглі зразумець і жук, і жаба. Каб кожны ў сваёй парафіі, калі наведае маці на святы, мог лёгка запісаць адказы. І каб палегчыць працу тых, хто жадаў выдаць гэты твор і пазбавіць іх неабходнасці капацца ў адвольных і часта дурных адказах, трэба было прадугледзець адзіную для ўсіх форму. Склалі такую форму. Цяпер трэба было падзяліцца ёю, раздаць тысячам удзельнікаў. Таму трэба было яе надрукаваць. Але як аддаць яе цэнзару, які спытае: а на што вам гэта? Каб унікнуць чужога вока, падкупілі наборшчыка друкарні, і тысяча асобнікаў была гатова за адну ноч.
Аднак праект цалкам праваліўся. Падчас адпачынку маладзёны ганяліся за Рузяй і Фрузяй, і мала хто сабраў адказы на гэтыя пытанні падчас вакацый. Таму ідэя выніку не дала. Можна было зрабіць гэта на наступны год. Але тым часам Таварыства забаранілі, паперы і нават праграму спалілі. Дзесьці ледзь захаваўся адзін асобнік, але і яго канфіскавалі. Бяда! Адсюль і цяжкія абвінавачванні невінаватых! Такія абвінавачванні сёння выклікалі б усеагульны смех. І форма апытальніка, якая была старанна і разумна распрацавана, сёння абавязкова ўвайшла б у акты статыстычнага ведамства. Таму меў рацыю наш добры і вельмі разумны Гродэк, які хапаўся за галаву і крычаў: "O tempora, o mores!".
"Хто хоча ўдарыць сабаку, заўсёды знойдзе палку", - але я цяпер ні ў якія прымаўкі не веру, наадварот, веру, што пугу можна зрабіць і з пяску. Напрыклад, бачу на парозе касцёла чалавека, які горача моліцца. Калі я буду моцны, упэўнены ў сябе і злы ў душы, буду мець нюх ганчака, дык хто мне забароніць напасці на бедака, збіць яго ў горкі яблык і голасна крычаць: "Ты бязбожны, злы, нахабны злачынец, ты як быццам молішся Богу, а насамрэч д'яблу!". Дакажыце мне, што гэты небарака маліўся Богу!
Памятаю толькі знешне, на шчасце, толькі знешне, аднаго знаёмага, нейкага адвакаціка Ксаверыя Котвіча, брата вядомага ў Вільні адваката Яна Котвіча. Ён не мог зарабіць добрыя грошы ў Літве і паехаў у сталіцу паўнамоцным прадстаўніком. Там за тры гады цалкам абрабаваў сваіх літоўскіх кліентаў, і натуральна, нікому і нічога не аддаў, пры гэтым прайграў усе справы. Усе глядзелі на яго з агідай, і яго твар быў гэтага варты. Бо фізіяномія чалавека знаходзіцца ў прамой залежнасці ад яго духоўнага складу і фармуецца яго сумленнем. А што гэты нягоднік? Замучаны падазрэннямі, ён праз акно ўбачыў, як яго лакей размаўляе з невядомай асобай, спужаўся і пачаў казаць кожнаму: "Выбачайце, але гэты мярзотнік, мой лакей, пэўна ўжо нешта замышляе і хоча мяне забіць!". Чым жа гэта гісторыя можа закончыцца для беднага лакея? Божа, мой Божа, колькі можна казаць: "Баран, ты муціш ваду!".
А тут справа ідзе пра таварыства, якое даўно распусцілі, пра статыстычны фармуляр, якіх выпадкова засталося можа адзін-два асобніка, бо пры закрыцці таварыства ўсе асобнікі можа не згарэлі разам з іншымі. Адным словам, з вялікай жорсткасцю яны змагаліся з дымам і мыльнымі бурбалкамі! Сапраўды і сёння шкада гэтых папер і знішчаных агнём напрацовак бо яны поўніліся жыццём, шляхетнымі думкамі і цяпер, у другой чвэрці стагоддзя, вельмі прыдаліся б нам. А спальванне ўсяго гэтага толькі дало новыя падставы для новых падазрэнняў33.
Не трэба здзіўляцца. Калі вы добра ведаеце гісторыю, вы разумееце, што ўсё і павінна адбывацца менавіта так. Такі лёс калісьці мелі і слаўныя этрускі, якія пасля працяглага і бурлівага грамадскага і інтэлектуальнага жыцця страцілі свой нацыянальны дух і пайшлі пад ярмо ваяўнічых і жорсткіх рымлян, якія не ведалі яшчэ грэцкай навукі, але хутка развіваліся.
Калі Навасільцаў, Байкоў, Лаўрыновіч, Шлыкаў і інш. зразумелі, што гара нарадзіла мыш, яны пачалі рабіць па-іншаму. Напачатку ў горадзе, а потым па ўсёй Літве пайшлі чуткі пра раскрыццё самага страшнага злачынства і быццам маюцца ўсё доказы гэтага. Таму падчас допытаў, абразамі, крыўдамі, біццём па твару, бруднай лаянкай, выбівалі яны з маладых, чуллівых, непрызвычаеных да такога абыходжання вязняў патрэбныя ім ілжывыя сведчанні. Многія з вязняў зайздросцілі адзін аднаму. Многія раней біліся паміж сабой. І новыя доказы! Новае следства! Новы суд! Вязняў наўмысна на пасяджэнні следчай камісіі вадзілі праз горад пад аховай жаўнераў з зараджанай зброяй і настаўленымі штыкамі, чаго ніколі раней не было. І самі людзі ўжо пачалі сумнявацца і казаць: "Ого, мусіць, і сапраўды тут нешта важнае".
Зан сядзеў у астрозе ў кайданах. Некаторыя з вязняў не маглі стрываць штодзённых і наўмысных крывавых здзекаў, нудзіліся доўгім зняволеннем, самотнасцю, адарванасцю ад усялякага чалавечага суцяшэння і ў роспачы спакушаліся пакончыць з жыццём. Новае злачынства, новы доказ таго, што было нешта жудаснае, калі яны вырашылі памерці, а не чакаць канца справы. І каб усе прызвычаіліся з магчымасцю злачынства, мярзотнікі ўвесь час распаўсюджвалі думку, што злачынцы планавалі напад на сям'ю манарха,.
Навошта ўсё апісваць? Дастаткова даць кароткае, агульнае ўяўленне пра стан рэчаў каб зразумець, як няпраўда можа разрасціся і набываць выгляд ісціны, калі нялюдскасць, пякельнае вычварэнства і бязбожная няцнота чыноўнікаў прыкладаюць для гэтага свае намаганні.
Тым часам Навасільцаў без распісак "пазычаў" і "пазычаў" грошы у бацькоў якія прыехалі ў Вільню ратаваць сваіх дзяцей. Сумы былі вялікія, аграмадныя! Апрача гэтага, меў ён яшчэ некалькі вядомых дзялкоў-фактараў як хрысціян, так і слонімскіх яўрэяў ці выхрыстаў, якія за пэўную квоту дабіваліся ад яго свабоды або лепшага ўтрымання ў вязніцы. Нават прагулка па калідоры манастыра каштавала немалых грошай, хоць і рабілася пад пільным вокам жаўнера. Адзін стары з Магілёўскай губерні, багаты абшарнік з дзвюма тысячамі душ, які бярог сваіх сыноў больш за зрэнку вока і любіў іх больш за жыццё, цалкам аддаў увесь свой капітал! Нягоднікі, няверныя слугі свайго манарха, азалаціліся і адразу выкідвалі гэта золата на карты і розныя вычварэнствы. Таму кожны сваім розумам ведае, што такі стан рэчаў, несумненна павінен быў выклікаць новую хмару. І хмара гэта была чорнай!..
Гутаркі, чуткі, выдумкі, размовы і плёткі, як лясны пажар разышліся па краі. Нідзе не было сям'і ў бяспецы. Гэтага наслухаліся дзеці, якія прыязджалі дадому на канікулы ці на святы. З гэтымі ведамі вярнуліся ў школы. І кожны з іх хацеў сыграць ролю маленькага Брута. Мэты віленскіх мярзотнікаў цалкам дасягнуты!
Раптоўна ў многіх школах былі выкрыты фатальныя, не бывалыя раней задумы. Задумы дзіцячыя, дарэмныя. Злачынныя, ясна сфармуляваныя намеры і спартанская адвага гэтых дзесяцігадовых вучняў перад следствам. Шал, энтузіязм, манія, трызненні, жаданне адпомсціць за абуральную несправядлівасць, апанавалі гэтыя малыя галовы. А з іншага боку было жаданне зачапіцца за любую чутку, за любы цень заганы!
Але дзеці нічога не маглі зрабіць. Кожны сёння паклянецца, што гэтыя праекты, хоць і мелі злачынныя мэты, але насамрэч з'яўляліся марнай гульнёй, дзіцячай фанфаранадай, бо насамрэч смаркачы не маглі і муху забіць, каб не заплакаць. Чыстыя душы. Гасконскае самахвальства - вось галоўны элементы гэтага жудаснага шторму. Але віленскім мярзотнікам гэтага і трэба.
Пачалося з Кейданаў. Малесан, малы сын кальвінісцкага пастара і прэфекта школы, якога называлі рэктарам, сабраў сваіх малых сяброў і расказаў ім, што чуў і ведаў пра бедствы, якія напаткалі край, і ўсё паставіў у віну вялікаму князю Канстанціну - галоўнаму воку над намі. Паведаміў ім, што князь з рэвізіяй будзе хутка праязжаць праз край і прапанаваў зладзіць засаду, каб забіць вялікага князя. Вялікі князь Канстанцін ніколі туды не ехаў і не павінен быў ехаць, хоць яго палкі і стаялі ў Жмудзі. Аднак праз гадзіну пра змову ўжо ведала паліцыя, а яшчэ праз некалькі гадзін і следчая камісія ў Вільні, якая ўжо не мела што рабіць і такім чынам атрымала новую, прыемную справу.
Пляскалі ў далоні! Перамога! Што ўжо казаць пра сродкі следства, розныя катаванні, на гэты раз як быццам прыкрытыя ценем справядлівасці? Што казаць пра пакаранне, калі не браць пад увагу ўзрост? Такой кары, такой пакутніцкай смерці можа і заслугоўвае толькі дарослы чалавек. Усё гэта больш-менш дакладна напісана ў кнігах. Але тут рука жывога Бога за грахі бацькоў пакарала праведнікаў нашай зямлі. Падобныя выпадкі множыліся і множыліся кожны дзень, і не было ім канца. І ніякая сіла не магла іх спыніць, Усеагульная роспач ахапіла добрых людзей, якія бачылі што адбываецца!..
Калі па намове Аўстрыі на нейкай дарозе меліся забіць прускага караля Фрыдрыха Вялікага, але па шчаслівай выпадковасці ён даведаўся пра гэта, дык кароль, каб нягоднікі не памянялі свае планы, тайна паехаў па іншай дарозе. І больш размовы пра гэта не было, Фрыдрых Вялікі памёр у сваім ложку. Здаецца, і Навасільцаў зрабіў бы тое самае, калі б толькі быў упэўнены, што вялікаму князю і сапраўды пагражае хоць нейкая небяспека.
Наколькі могуць узбудзіцца маладыя і зялёныя розумы, якія думкі могуць нарадзіцца ў гэтых розумах, пакажу на наступным прыкладзе.
Потым у Коўні, галоўным горадзе падчас замежных падарожжаў сям'і манарха, пачаліся хваляванні ў школе. Прэфектам у той час быў Станіслаў Дабравольскі, чалавек варты добрай памяці ў нашым краі, але пасля Лаўрыновіча з яго такі ж прэфект, як з мяне біскуп. І пад яго наглядам, з яго бацькоўскімі настаўленнямі і парадамі, вучні пачалі рабіць жахлівыя глупствы. Па начам на кожным рагу горада пачалі з'яўляцца плакаты са страшнымі пасквілямі на манаршы дом. Паліцыя ніяк не рэагавала. Віленская камісія атрымала рапарт ад Платона Кукальніка, худога і тонкага, як уюн, расцягнуты на нейкай адмысловай машыне, серба ці карпатаруса з жорсткім сэрцам. Шукалі доўга і нават пасля даносу гэтага Платона, ўсяроўна кожную ноч з'яўляліся плакаты. Пасля некалькіх нязначных, але вартых увагі зачэпак, пэўнае падазрэнне пала на вучня, падлетка Альшэўскага. Выкліканы прэфектам і па-бацькоўску настаўлены адкрыць праўду, Альшэўскі прызнаў сваю віну. Пра гэта прэфект неадкладна паведаміў мясцовай камісіі і яе старшыні Платону. Камісія пачала шукаць паплечнікаў Альшэўскага. Былі і розгі і пакуты, але ён усё вытрымаў і паўтараў толькі, што сам усё прыдумаў і сам вырабляў плакаты.
У такім выглядзе падзеі былі пададзеная манарху. Кукальніка і членаў камісіі ўзнагародзілі грашыма, чынамі і ордэнамі, усіх акрамя прэфекта Дабравольскага, пра якога камісія нават не ўзгадала, хоць ён і зрабіў усю справу. Альшэўскі быў асуджаны ў жаўнеры і накіраваны ў Бабруйскую фартэцу цягаць тачку, праз нейкі час скончыў жыццё самагубствам. І толькі пасля гэтага, хвала Богу, здаецца, усё сціхла …
Аднак ў Коўні зноў пачалі з'яўляцца плакаты напісаныя той самай рукой! Новае расследаванне толькі праз год знайшло вінаватых. Што выявілі? Тое, што Альшэўскі ні ў чым не вінаваты! Ніколі ні да чаго не належаў! Яго прызнанне моцна здзівіла вінаватых, бо ён узяў на сябе чужы грэх. А як быць з ордэнамі, чынамі і іншымі ўзнагародамі, якія Платон з калегамі з манаршай рукі атрымаў за хлусню і падман? Як быць з Альшэўскім, простым жаўнерам у фартэцы, рабочым тачкі, які церпіць страшныя пакуты невядома за што, ці толькі за свой грэх блазна, за фальшывае прызнанне, за паклёп на самога сябе? Што думаеце? Няўжо манарху расказалі пра гэтую памылку ў адносінах да дзіцяці? Не было гэтага. Бо, чым бы тады абярнуліся атрыманыя даброты? І ўсё схавалі, Альшэўскі застаўся ў Бабруйску і быў знойдзены новы выдатны форцель - за новае расследаванне яны атрымалі новыя ўзнагароды!
Раздзел 4. Новасільцаў, яго дзейнасць і характарыстыка. Байкоў. Пракурор Батвінка. Паліцмайстар Шлыкаў. Смерць і пахаванне радцы Лаўрыновіча
Думаю, слушным тут будзе падаць гісторыю жыцця некаторых асоб, якія так бязбожна трымалі ў сваіх руках лёсы мільёнаў людзей і накрылі іх крывавым саванам. Але маю мала часу і няма пад рукой матэрыялаў, бо жыву на вёсцы. І па праўдзе кажучы, дрыжыць пяро ў руцэ! Таму скажу толькі некалькі слоў пра самых вядомых з іх і толькі падрабязнасці, якія мне запомніліся.
(Працяг у наступным нумары.)
* Morawski Stanislaw. Kilka lat mlodosci mojej w Wilnie (1818-1825). Warszawa, 1924. Пераклад Леаніда Лаўрэша.
27 Міхал Ромер, вядомы грамадскі дзеяч, з 1822 г. губернскі маршалак, старшыня Галоўнага суда і вялікі магістр ложы "Руплівы ліцвін". За ўдзел у патрыятычным таварыстве патрапіў у вязніцу, а потым у ссылку ў Варонеж.
28 Годфрыд Эрнест Гродэк (1762-1825). Паходзіў са Шлёнска, Закончыў гімназію ў Гданьску і ўніверсітэт у Гётынгене. З 1804 г. - прафесар у Вільні, з 1805 г. - дэкан факультэта філалогіі і вольных мастацтваў.
29 Мікалай Маліноўскі ўспамінаў: "Пасля кароткага перапынку выкладання навук ва ўніверсітэце з прычыны вайны 1812 г. усё, здавалася, вяртаецца да адпаведнага ладу; заможнейшая памешчыцкая моладзь пачала масава з'язджацца ў Вільню, але, на жаль, любоў да навукі за вельмі рэдкім выключэннем яшчэ не стала ўсеагульнай; такім чынам, гультайства, шуканне прыгод і лёгкіх забаў непакоілі кіраўнікоў універсітэта і час ад часу выклікалі абурэнне вельмі паважных людзей. Менавіта тады некалькі сталых вучняў, на чале якіх былі Тамаш Зан і Юзаф Яжоўскі, што лічылі мэтаю жыцця высакародныя памкненні, перажывалі за гэты ўхіл малодшых братоў і пачалі абдумваць спосабы, як іх вярнуць на праведны шлях. Паводле перакананняў гэтых высакародных прыхільнікаў цноты і навукі яны бачылі патрэбу ўзняць годнасць універсітэцкіх вучняў да такой ступені, каб тыя не толькі навуковай адукацыяй, але прыстойнымі паводзінамі і звычаямі былі прыкладам для ўсяго маладога пакалення. Гаворка галоўным чынам ішла пра тое, каб прывіць малодшым навучэнцам любоў да ведаў і пры гэтым выклікаць агіду да ўсяго вульгарнага і банальнага". - цыт па: Маліноўскі Мікалай. Кніга ўспамінаў. Мінск, 2014. С. 42-43. - Л. Л.
30 Тамаш Зан быў сасланы ў Арэнбург і набыў там прыхільнасць да сябе тагачаснага генерал-губернатара Пяроўскага. З яго дазволу Зан зладзіў музей мінералагічных і іншых твораў краю. Па хадайніцтве Пяроўскага яму было дазволена ў 1830-х гадах прыехаць у Пецярбург. Зан быў прызначаны бібліятэкарам Горнага корпуса, але неўзабаве потым захварэў на вар'яцтва, пасля чаго было дазволена вывезці яго на радзіму. Памёр у 1855 г. - гл: Пшацлаўскi Восіп. Калейдаскоп успамінаў: Т. 1. Мінск, 2012. С. 141. - Л. Л.
31 Антоні Прозар сын віцебскага ваяводы Юзафа (ваявода з 1780 па 1787 г., памёр у 1789 г.). Родны брат абознага ВКЛ Караля Прозара, выбітнага патрыёта і дзеяча 1794 г.
32 Статыстычны апытальнік пад назвай "Геаграфічнае апісанне", падрыхтаваны Т. Занам і Фр. Малеўскім у 1821 г., надрукаваны ў 200 ас. у базыльянскай друкарні.
33 Насамрэч, кіраўнікі філарэтаў схавалі свае архівы. Верагодна, гэты крок быў зроблены адразу пасля арышту Янкоўскага. Вядома, што Ануфрый Петрашкевіч схаваў паперы філарэтаў на вёсцы і даверыў апеку над імі свайму брату Міхалу. - гл: Borowczyk Jerzy. Rekonstrukcja procesu filomatow i filaretow 1823-1824: historia sledztwa przeciw uczestnikom konspiracji studenckich i mlodziezowych w Wilnie oraz w Wilenskim Okregu Naukowym. Poznan, 2003. S. 32. - Л. Л.
Беларусы сустракаюцца з індзейцамі
Тайны таіна: Сахар, Смаль, Юрэвіч; з гісторыі рэлігіязнаўства ў Беларусі: культ жывёльна-расліннага свету
(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-52 (105-156) (2024); № 1-24 (157-180) за 2025 г.)
Гісторыю сусветных рэлігій як такіх, у сфарміраваным выглядзе, а не іх вытокаў, мы аддзяляем ад тэмы першабытных рэлігійных вераванняў або іх адсутнасці на самых ранніх этапах фарміравання чалавека сучаснага тыпу.
Даволі шмат індзеянісцкай інфармацыі ўтрымлівалі шматлікія атэістычныя выданні. Большасць з іх была разлічана на прапагандысцкі эфект, але беларускія атэісты напісалі і шэраг арыгінальных даследаванняў, у якіх аднымі з першых у СССР узнялі асобныя праблемы паходжання рэлігіі і яе першабытных форм.
М. Нікольскі, Р. Выдра, Б. Быхоўскі, Д. Хайтун, С. Вальфсон у Менску, Р. Гураў у Гомелі закранулі вялікае кола праблем.
Прарэктар БДУ С. З. Кацэнбоген у 1924 г. заклікаў вывучаць "тайны першабытнай Беларусі", выкарыстоўваючы параўнаўчы метад Э. Тэйлара (Тайлара).
Вядомы этнограф і рэлігіязнаўца акадэмік М. М. Нікольскі на прамове на ўрачыстым сходзе БДУ 30.10.1922 г. (гэты даклад апублікаваны пад назвай "Рэлігія, як прадмет навукі" і "Рэлігія як прадмет навукі" ў 1923 і 1974 гг.) закрануў пытанне вывучэння рэлігіі "дзікіх плямёнаў" Амерыкі і іншых кантынентаў, якое "набывае пад сабой трывалую глебу толькі к канцу ХІХ стагоддзя". Яму належаць кнігі "Дахрысціянскія вераванні і культы дняпроўскіх славян" (М., 1929) і "Жывёлы ў звычаях, абрадах і вераваннях беларускага сялянства" (Мн., 1933).
Яго вывучэнне беларускага матэрыялу, які дапаўняўся сусветным, "дазволіла яму аднаму з першых у краіне сцвярджаць аб наяўнасці безрэлігійнага перыяду ў гісторыі грамадства і тым самым абвергнуць меркаванне шэрагу буржуазных рэлігіязнаўцаў і такіх вядомых савецкіх вучоных, як Л. Я. Штэрнберг і інш., якія нават у больш позні час усе яшчэ адмаўлялі магчымасць такога перыяду".
На думку А. Круглова, "М. М. Нікольскаму належыць прыярытэт і ў тым, што ён адным з першых сярод савецкіх навукоўцаў (насуперак анімістычнай тэорыі паходжання рэлігіі, што замацавалася ў 30-я гады) зразумеў татэмізм як найбольш раннюю форму рэлігійных вераванняў (лічачы "пакланенне жывёлам, або культ жывёл ... першай формай рэлігіі")". Разуменне М. Нікольскім, а таксама С. Вальфсонам, татэмізму як культу толькі жывёл, а не ўсяго жывёльна-расліннага свету, не прыніжае ўклад беларускай рэлігіязнаўчай школы.
Д. Хайтун, які пазней, пасля ад'езду з БССР, стаў "адным з найбуйнейшых спецыялістаў у даследаванні татэмізму", "як рэлігіязнаўца ... сфарміраваўся ў Беларусі, і яго правамерна называюць беларускім атэістам" (нарадзіўся на "ст. Крынкі Смаленскай губ.", станцыя з такой назвай ёсць толькі ў Лёзненскім раёне).
У пасляваенны перыяд розныя аспекты рэлігійных вераванняў індзейцаў і ролі хрысціянскай канфесіі ў заваяванні і каланізацыі індзейскіх зямель закраналі ў сваіх працах П. Кірушын, Г. Ліўшыц, Р. Нікольская, К. Платонаў, К. Пракошына. Р. Гураў (1891-1978), кнігі і артыкулы якога друкаваліся ў 1923-1926 гг. у Гомелі, далей трымаўся цэнтральных саюзных выдавецтваў. Ураджэнец Слуцка М. Шэйнман "сфарміраваўся" ў Маскве, але яго друкавалі ў перакладзе і ў Менску (па-беларуску і па-польску).
Літ.:
836 Кузьмічэнка З. П. Татэмізм // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. Т. 10. Мн., 1974. С. 249.
1772 Піліпенка М. Ф. Татэмізм // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. Т. 5. Мн., 1987. С. 249.
1773 Піліпенка М. Ф. Татэмізм // Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя. Мн., 1989. С. 492-493.
8140 Дубянецкі Э. С. Татэмізм // Рэлігія і царква на Беларусі: энцыклапедычны даведнік. Мн., 2001. С. 324-325.
2093 Хайтун Д. Е. Тотемизм, его сущность и происхождение. Сталинабад, 1958. (Апісаваецца таксама як "Тотемизм. Его сущность и происхождение" і нават "Тотемизм; Его сущность и происхождение".)
11295 Ліцьвінка В. Святы і абрады беларусаў. Мн., 1998. ("Паняцце "татэм" увайшло ў нашу мову з лексікону амерыканскіх індзейцаў. Літаральна яно азначае "яго род", у даным выпадку маецца на ўвазе сукупнасць вераванняў, абрадаў, звычаяў, фальклорных твораў, у якіх чуюцца водгукі, заснаваныя на ўяўленні аб кроўнай роднасці людзей з жывёлай-продкам, ад якой, быццам, паходзяць людзі гэтага роду".)
13095 Адзіночанка В. А. Рэлі-гіязнаўства: вучэбны дапаможнік для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў. Мн., 2001. (Паходжанне слова "татэм" - ураджэнец Рэчыцы, гомельскі рэлігіязнавец, выкладчык ГДУ, прыха-джанін касцёла Адзіночанка Віктар Аляксандравіч (1962-2025).)
13096 Адзіночанка В. А. Рэлігія-знаўства: вучэбны дапаможнік. Выд. 2-е, перапрац. і дап. Гомель, 2012.
5113 Плісецкі М. С. Паходжанне чалавека / пад рэд. праф. В. К. Нікольскага. Мн., 1945.
1697 Никольский Н. М. Религия, как предмет науки. Мн., 1923.
2645 Никольский Н. М. Религия как предмет на-уки: речь, произнесенная на торжественном собрании Белорусского государственного университета 30 октября 1922 г. // Никольский Н. М. Избранные произ-ведения по истории религии. М., 1974. С. 16-37.
11447 Никольский Н. М. Дохристианские верования и культы днепровских славян. М., 1929.
2644 Никольский Н. М. Избранные произведения по истории религии. М., 1974.
8156 Никольский Н. М. История русской церкви. Изд. 2-е, пересмотр. и доп. М.; Л., 1931.
8157 Никольский Н. М. История русской церкви / предисл. А. А. Круглова. Мн., 1990.
8595 Никольский Н. М. История русской церкви. М., 1930.
10317 Нікольскі М. М. Устаноўкі і мэтады беларускай нацдэмаўскай этнаграфіі. Мн., 1933.
11209 Кирюшин П. М. Ватикан на службе реакции. Мн., 1950.
2816 Лившиц Г. М. Критика идеализма и религии в трудах Г. В. Плеханова. Мн., 1981.
2817 Лившиц Г. М. Критика идеализма и религии соратниками К. Маркса и Ф. Энгельса. Мн., 1984.
2723 Лившиц Г. М. Очерки по истории атеизма в СССР: 1920-30 гг. Мн., 1985.
2818 Лившиц Г. М. Свободомыслие и материалистическая философия в Западной Европе. Мн., 1975.
959 Беседы о природе и обществе. Изд 2-е, дораб. и доп. / под общ. ред. Е. М. Бабосова, Г. П. Давидюка, Е. С. Прокошиной. Мн., 1971.
5973 Неокульты: "новые религии" века? / Е. С. Прокошина, Т. П. Короткая, И. Ф. Рекуц, А. А. Титовец и др.; под ред. А. С. Майхровича. Изд. 3-е, доп. Мн., 2000.
410 Платонов К. К. Человек и религия. Мн., 1984.
11354 Шейнман М. Огнем и кровью во имя бога / под ред. М. Горева; с предисл. Ем. Ярославского. Изд. 3-е. М.; Л., 1925.
2777 Шэйнман М. Агнём і крывёю ў імя Бога / пер. з рас. Ал. Салагуб. Мн., 1931.
11195 Szejnman M. Krwia i ogniem w imie Boga: przekl. z ros. Minsk, 1932.
8159 Кабо В., Говор Е. "Закурите трубку мира!" // Наука и религия. 1987. № 6. С. 62-64. (Алена Говар - ураджэнка Беларусі (Мінск).)
САХАР Аляксандра (Aliaksandra, Sasha Sakhar, "Цукар") - cпачатку побыт у ЗША без намеру застацца, затым пераезд па грын-карце; родам з Нясвіжа - паспя-ховы менеджар, але ў выніку даўншыфтар і прыхільніца-прамоўтар "культу" какавы.
Панічная атака ў Нью-Ёрку, кансультацыя ў псіхі-ятра... Крыху пагрузімся ў прадгісторыю паездкі ў Гватэмалу, але гэтым разам не пойдзем далей моманту вяртання ў Беларусь.
Матэрыял - гутарка з Алісай Ксяневіч, фрагмент з якога ніжэй, - апублікаваны ў кастрычніку 2019 г.
Аляксандра Сахар
З БРУДНА-ПРЫГОЖАГА ЖЫЦЦЯ - У ЧЫСТАЕ І СВЕТЛАЕ Ў КОЛЕРЫ КАКАВЫ
Тут можна ўбачыць рознае жыццё: смярдзючае, бруднае, цудоўнае, прыгожае. Гэтым Нью-Ёрк нагадвае Індыю. Каб забяспечыць сабе існаванне ў Нью-Ёрку, я сумяшчала вучобу ў магістратуры з трыма працамі: у краме сувеніраў Hard Rock Cafe, асістэнтам выкладчыка і ў камітэце па арганізацыі студэнцкага кірмашу вакансій. Праз два гады я атрымала ступень магістра навукі ў медыя-менеджменце (Master of Science in Media Management). Уладкавалася на працу ў вялікае рэкламнае агенцтва ў аддзел лічбавай аналітыкі рэкламных дадзеных. У наступныя гады я змяніла два месцы працы і дарасла да пасады менеджара аддзела па працы з кліентамі ў буйным медыя-агенцтве. У мяне быў добры, нават па мерках Нью-Ёрка даход і перспектывы росту. Крэдыт у 50 тысяч долараў, які я ўзяла на навучанне, мне ўдалося выплаціць за 3 гады. Здавалася б, жыві і радуйся, але я не адчувала сябе шчаслівай.
Крызіс
Справа ў тым, што мяне зусім не захапляла тое, чым я займалася восем гадзін у дзень. Я рабіла тое, што ад мяне патрабавалася, але не імкнулася стаць лепшай у сваёй сферы. Гуманіста і сацыёлага ў душы, мяне значна больш, чым рэкламныя дадзеныя, цікавілі дынаміка адносін у калектыве, хто як сябе паводзіць на сходзе, хто як выяўляе сябе славесна. Мне вельмі не хапала творчага выплеску [выплеска], і я спрадзюсіравала ўласнае радыёшоў на інтэрнэт-радыёстанцыі ў Брукліне Radio Free Brooklyn, якое назвала "Пра каханне".
Грошай за гэта не плацілі, але я гатова была працаваць бясплатна, бо нарэшце займалася тым, што мне цікава! Тое, што першапачаткова задумвалася як радыё-шоў аб рамантычных адносінах, трансфармавалася ў падкаст аб самапазнанні і разуменні касмічнага, безумоўнага кахання. Я запрашала ў студыю астролагаў, выкладчыкаў кундаліні-ёгі, майстроў рэйкі. Захапілася чытаннем літаратуры па метафізіцы, самапазнанні і рознымі духоўнымі практыкамі - ад медытацыі аж да паездак у амазонскія джунглі.
Чым глыбей я зазірала ў сябе, тым выразней разумела: маё сапраўднае прызначэнне не ў тым, каб працаваць у рэкламным бізнесе і дапамагаць карпарацыям максімізаваць прыбытак. Але ў чым? Неабходнасць прысвячаць большую частку свайго жыцця нелюбімай справе ціснула, нездаволенасць сабой расла, што ўрэшце прывяло да нервовага зрыву.
Гэта здарылася мінулай восенню, у разгар працоўнага дня, за 20 хвілін да важнай тэлефоннай размовы з кліентам. Я перажыла страшную панічную атаку: здавалася, разбураецца ўвесь свет, ты не можаш ні за што ўчапіцца, падаеш у бездань, усё губляе сэнс, цела кідае ў жар, бескантрольна льюцца слёзы, ты не ведаеш, што адбываецца і што рабіць. Мой бос паставілася да сітуацыі з разуменнем. Яна выйшла за мной з пакоя, распытала аб тым, што адбылося, адправіла дадому, сказаўшы, што пра ўсё паклапоціцца, каб я не перажывала аб працы і тэрмінова пракансультавалася з урачом. Як пасля аказалася, гэта быў мой апошні дзень у офісе. Больш я там не з'яўлялася.
Прыём у псіхіятра мне нічым не дапамог. Доктар трымаўся абыякава, задаў стандартны набор пытанняў, выпісаў рэцэпт на антыдэпрэсанты. Я перакананая, што антыдэпрэсанты не дапамагаюць ліквідаваць [устранить] сапраўдную прычыну дэпрэсіі. Адбываецца здранцвенне пачуццяў, чалавек вяртаецца да штодзённасці, перастае задаваць сабе пытанні, але кліч душы нельга задушыць цалкам. Ён усё роўна будзе даваць аб сабе знаць, і не заўсёды ў прыемных і кантраляваных формах. Калі я выказала гэтыя меркаванні доктару, ён абыякава паціснуў плячыма: "Тады што вы робіце ў маім офісе?"
Гватэмала
Я разумела, што прычына майго зрыву не ў нейкім хімічным дысбалансе, а ў тым, што я займалася не тым, да чаго душа ляжыць. Адкладваць далей гэтае пытанне не было сіл і сэнсу. Мне толькі-толькі споўніўся 31 год. Я разумела, што Нью-Ёрк - занадта стымулюючы горад і не самае прыдатнае месца для таго, каб разбірацца са сваімі псіхічнымі і душэўнымі праблемамі.
Трэба ехаць у больш спакойнае, цёплае месца. Выкладчык па ёзе расказала пра Гватэмалу, вёску Сан-Маркас ля возера Атытлан, размешчаную сярод узгоркаў і вулканаў. Гэта месца лічылася старажытнымі майя святым, яны лічылі яго адной з крыніц жыцця. Я купіла білет у адзін канец і з'ехала. Канешне, было страшна. Я разумела, што з'язджаю не ў адпачынак, не на вакацыі, а ў вялікае вандраванне, якое вызначыць наступны важны адрэзак майго жыцця. На працы на той момант у мяне ўжо быў аформлены бальнічны - тры месяцы аплатнага водпуску. У Амерыцы няма стыгмы ментальных разладаў, тут з разуменнем ставяцца да таго, што ў людзей здараюцца нервовыя зрывы. І на тое, каб ад іх акрыяць, патрабуецца час. У мяне былі сякія-такія назапашванні, так што ў фінансавым плане я была абароненая.
Сан-Маркас - гэта дзіўнае месца, дзе я сустрэла шмат аднадумцаў. Людзі з усяго свету прыязджаюць да святога возера, каб у працэсе глыбокай працы над сабой, медытацый, духоўных практык убачыць сваё сапраўднае "Я".
У медытацыйных цэнтрах і ёга-студыях Сан-Мар-каса праводзяць майстар-класы, медытацыі, танцы і какава-цырымоніі, што вызваляюць. Я пачала вучыцца ўсяму, што мне было цікава: узяла курсы па метафізіцы, астралогіі, кабале, рэйкі, масажу жывата, атрымала сертыфікат выкладчыка ёгі. У агульнай складанасці навучанне заняло паўгода, было насычаным. Само знаходжанне ў Сан-Маркасе было інтэнсіўным: гэта свайго роду духоўны інкубатар, у якім усе фасады адпадаюць, а нутро выходзіць вонкі. Для многіх людзей такая сумленнасць з самім сабой уяўляе невыносныя мукі.
Мясцовая какава, прыгатаваная ў традыцыях старажытных майя, - гэта выдатны памочнік на трансфармацыйным шляху. Я ўлюбілася ў гэты гаючы эліксір з першай цырымоніі, праведзенай дачкой мясцовага шамана. Здольнасць какавы мякка "сказаць" аб галоўным дапамагла мне ўбачыць маё новае пакліканне [призвание] - дапамагаць іншым убачыць самае важнае пра сябе, сваю сутнасць. У сваёй практыцы я сумясціла ёгу, карты Таро, рэйкі, гаючую сілу гватэмальскай какавы і элементы шаманізму. Пачала выкладаць у мясцовых гатэлях і хостэлах.
Мне падабалася маё новае жыццё, і калі б нехта сказаў тады, што не пройдзе і паўгода, як я буду праводзіць какава-цырымоніі ў Беларусі, я б не паверыла. Але, як кажуць, хочаш рассмяшыць Бога - раскажы яму пра свае планы.
"Было адчуванне, што апусцілася неба"
У нейкі момант мне пачалі сніцца сны пра Беларусь. Я не разумела, чаму Беларусь, а не Нью-Ёрк, не Амерыка? Кліч роднай зямлі быў настолькі моцным, што я вырашыла яго паслухацца. З сабой у Беларусь узяла два чамаданы. У адным - самае неабходнае (нажытае за 9 гадоў у ЗША я раздарыла сябрам, ахвяравала тым, хто жыве ў нястачы), у другім - шаманскі бубен і брыкеты гватэмальскай какавы.
Літ.:
7983 Напиток богов // Минский курьер. 2003. 28 нояб.
6829 Самый древний безалкогольный напиток в мире // Народная воля. 2002. 19 июля. С. 3. ( Майя.)
6288 Мурох В. И., Стекольников Л. И. Целебные напитки. Изд 2-е. Мн., 1986.
СМАЛЬ Кацярына (Katsiaryna Smal, Ekaterina Smal) - наша важная крыніца цытат пра афіцыйныя каляіндзейскія кантакты Рэспублікі Беларусь - "Звязда" - паведаміла 3.06.2025 г.:
БЕЛАРУСЬ МАЕ НАМЕР ПАШЫРАЦЬ СУПРАЦОЎНІЦТВА З КРАІНАМІ АСАЦЫЯЦЫІ КАРЫБСКІХ ДЗЯРЖАЎ
Часовы павераны ў справах Беларусі ў Калумбіі Кацярына Смаль прыняла ўдзел у ХХХ пасяджэнні Савета міністраў Асацыяцыі карыбскіх дзяржаў (АКД [ACS, Association of Caribbean States (ACS; Spanish: Asociacion de Estados del Caribe; French: Association des Etats de la Caraibe]) і Х саміце кіраўнікоў дзяржаў АКД, якія адбыліся ў Картахене [Cartagena, Cartagena de Indias] і Мантэрыі [Monteria] адпаведна. Аб гэтым паведамляе БелТА са спасылкай на прэс-службу МЗС.
У Асацыяцыі карыбскіх дзяржаў Беларусь удзе-льнічае ў якасці краіны-назіральніка.
На палях самітаў прайшлі сустрэчы дыпламата з кіраўнікамі дэлегацый шэрагу дзяржаў-удзельніц і дзяр-жаў - наглядальнікаў асацыяцыі.
"Беларусь настроена на далейшае пашырэнне супрацоўніцтва з краінамі АКД", - падкрэслілі ў МЗС.
Дзяржавамі-членамі АКД (member states), паводле цяперашняга артыкула для яе ў англійскай Вікіпедыі, з'яўляюцца: Antigua and Barbuda, Bahamas, Barbados, Belize, Colombia, Costa Rica, Cuba, Dominica, Dominican Republic, El Salvador, Grenada, Guatemala, Guyana, Haiti, Honduras, Jamaica, Mexico, Nicaragua, Panama, Saint Kitts and Nevis, Saint Lucia, Saint Vincent and the Grenadines, Suriname, Trinidad and Tobago, Venezuela.
Дзяржавы - асацыіраваныя члены (associate member states): Aruba; British Virgin Islands; Curacao; France on behalf of: French Guiana, Saint Barthelemy; Guadeloupe; Martinique; Saint Martin; Netherlands on behalf of: Bonaire, Saba, Sint Eustatius; Sint Maarten.
Акрамя Беларусі, краінамі-назіральнікамі (obser-ver states) АКД з'яўляюцца Расія і Украіна, але не з'яўля-юцца Польшча і ЗША з іх Амеры-канскім залівам; краіны-назіральнікі са значным індзейскім і метысным насель-ніцтвам сярод назіральнікаў - Bolivia, Chile, Ecuador, Peru.
Таксама ёсць катэгорыя арганізацый-назіральнікаў (observer organisations), сярод іх, напрыклад, Bolivarian Alliance for the Peoples of Our America - People's Trade Treaty,Arab League, European Union, International Organization for Migration, Organisation for Economic Cooperation and Development, Pacific Islands Forum, Caribbean Medical Association, Caribbean Shipping Association, Association of Caribbean Universities and Research Institutes, The Antilles-French Guiana Regional Centre of the National Institute of Agronomical Research.
Сярод мэт удзелу Беларусі ў дзейнасці АКД можа быць місія пакаяння за ўдзел выхадцаў з яе (хаця і пераважна з польскай самасвядомасцю) у карных ваенных аперацыях, інтэрвенцыях у краінах, якія адносяцца да карыбскага і калякарыбскага рэгіёна. Эпіграфам могуць служыць радкі з "Пана Тадэвуша" - месцамі Міцкевіч яўна не ўхваляў трэнд "за нашу свабоду і супраць вашай свабоды". Добрым крокам Беларусі была б падтрымка ідэі стварэння рэзервацый для ўзнаўлення індзейскіх папуляцый на астравах Карыбскага басейна - высакародны жэст. У падобных інавацыях зацікаўлены (турызм, актывізацыя індзеяністыкі) і самі карыбскія дзяржавы.
"Астравы Новага Свету" ў "Дзядах" могуць адносіцца менавіта да Карыбскага рэгіёна - але тут павінны выказацца тыя, хто кампетэнтны ў геаграфіі рэлігійных культаў у Амерыцы.
Літ.:
4801 Картахена // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 8. Мн., 1999. С. 104. ("(Cartagena) горад на Пн Калумбіі"; "Засн. ў 1533 г. ісп. канкістадорам Педра дэ Эрэдыя на месцы індзейскага паселішча".)
6444 Тайна карибских морей // Секретные исследования. 2002. № 2. С. 3.
ЮРЭВІЧ Валянцін (7) - наш зямляк жыў і працаваў на былой этнічнай тэрыторыі сібанеяў (Ciboney або Siboney) на Кубе, а таксама коратка бываў на Ямайцы і Гаіці - куды яна распаўсюджвалася.
Валянцін Юрэвіч
СТАНЦЫЯ Ў СІБАНЕЙ
Два гады, праведзеныя на Кубе, сталі найлепшай [лучшей] часткай майго жыцця. Але пачнем па парадку. Выправіўся я туды 11 красавіка 1972 г. на два гады. На гэты раз гэта было зроблена ў парадку абмену спецыялістамі, г.зн. заробак мне плаціла Кубінская Акадэмія Навук, а ўзамен нехта з кубінцаў атрымліваў той жа эквівалент у СССР. Афармляўся я разам з жонкай і малодшай дачкой Святланай. Старэйшую не пускалі, паколькі ў Сант'яга дэ Куба [Сантьяго-де-Куба, Santiago de Cuba], дзе знаходзілася станцыя назіранняў ШCP [штучныя спадарожнікі Зямлі, ИСЗ, искусственные спутники Земли], не было адпаведнай школы. Але і выезд жонкі з малодшай дачкой затрымаўся, трэба было неяк уладкаваць старэйшую.
Савецка-кубінская станцыя назіранняў ШCP знаходзілася ў месцы, званым Сібаней. Так некалі называлася адно з мясцовых індзейскіх плямён. Дакладней, станцыя была каля дарогі, якая злучае горад з пляжам Сібаней, і ўсе характэрныя месцы на ёй мелі тую ж назву. Самым галоўным была невялікая ферма, дзе сабраліся прыхільнікі Фідэля Кастра перад тым, як рушыць адсюль на штурм казарм Манкада раніцай 26 ліпеня 1953 г.
Артыкул пра сібанеяў у беларускай Вікіпедыі значна большы, чым у рускай. У беларускім артыкуле ёсць раздзел пра паходжанне гэтага народа, у якім гаворыцца пра дзве версіі.
У англійскай Вікіпедыі мову сібаней называюць дыялектам мовы таіна, аравакскай, народ у цэлым катэгарычна адносіцца да таіна, г.зн. аравакаў. Ён жыў на Кубе, Ямайцы і на гаіцянскім паўвостраве Цібурон (Tiburon).
Frantishak і іншыя
СІБАНЕІ: ПАХОДЖАННЕ
У наш час існуе дзве асноўныя версіі паходжання сібанеяў. Большасць вучоных адносіць іх да нашчадкаў казіміроідаў (названы па найменню мястэчка Казіміра на поўдні Дамініканы, каля якога была знойдзена археалагічная культура), якія мігрыравалі на Вялікія Антыльскія астравы меркавана з паўвострава Юкатан у 4 - 1 тысячагоддзях да н.э.
Даследчыкі вылучаюць 3 асноўныя хвалі міграцыі казіміроідаў:
- Прадстаўнікі непасрэдна казіміроіднай культуры (на востраве Гаіці датуецца 3620 - 2165 гг. да н.э.)
- Курыянцы (на востраве Гаіці датуецца 2630 г. да н.э. - 240 г. н.э.)
- Культура Рэдонда (на Кубе датуецца 2050 г. да н.э. - 1300 г. н.э.)
Прадстаўнікі ўсіх трох хваль міграцыі займаліся рыбалоўствам, збіральніцтвам і паляваннем, апрацоўвалі прыродны камень і ракавіны малюскаў. Культура Рэдонда знакаміта сваімі пячорнымі роспісамі. Аднак яны не ведалі земляробства і керамікі. Раней лічылася, што казіміроіды не прасоўваліся далей за востраў Гаіці, аднак у апошнія дзесяцігоддзі знойдзены стаянкі казіміроідаў на востраве Мона і ў Пуэрта-Рыка, да культур казіміроідаў некаторыя даследчыкі адносяць пячорныя роспісы на востраве Антыгуа.
У 1 тысячагоддзі н.э. з Паўднёвай Амерыкі праз Малыя Антыльскія астравы на Гаіці прыйшлі земляробы-протатаіна (гл. Таіна). Мяркуюць, што яны асімілявалі частку казіміроідаў і такім чынам далі пачатак культуры таіна. Тыя казіміроіды, якія не змяшаліся з прышэльцамі атрымалі ад апошніх назву сібанеяў.
Аднак частка амерыканскіх археолагаў лічыць сібанеяў аравакскім народам, суродзічамі таіна, а не нашчадкамі казіміроідаў.
Валянцін Юрэвіч
ВЯЛІКІ НУНЬЕС ХІМЕНЕС
Першыя часы я жыў у так званай "Каса дэ візіта", дом, дзе жылі супрацоўнікі Акадэміі, якія прыязджаюць на кароткі тэрмін. Там пазнаёміўся з прэзідэнтам Акадэміі, навукоўцам і рэвалюцыянерам, капітанам Антоніа Нуньесам Хіменесам [Antonio Nunez Jimenez]. Потым ён падарыў мне сваю кнігу "Геаграфія Кубы" [2 выд.: Geografia de Cuba. Havana: Editorial Lex, 1959; рус. пер.: География Кубы. М.: Иностранная литература, 1960], дакладней, падпісаў яе дарчым надпісам. Нашмат пазней я яго сустрэў яшчэ раз у Перу, дзе ён быў паслом Кубы, але не адважыўся падысці.
Л іт.: (сібанеі)
1093 Воропаев А. К тайне таино // Знамя юности. 1987. 9 окт.
2882 Востраў скарбаў / малюнкі М. Драко // Бярозка. 1994. № 8. С. 8-13.
807 Куба // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. Т. 6. Мн., 1972. С. 164-168. (Г. Я. Рылюк (прырода, нар. гасп.), М. Р. Лабаценка (гістар. нарыс), Дз. П. Бяляцкі (ахова здароўя), Н. А. Ясінская (навук. ўстановы), А. К. Саннікаў (архітэктура, выяўл. мастацтва, музыка, тэатр, кіно). Мінск; У. З. Клепікаў (асвета), Л. С. Аспават (літаратура). Масква.)
Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.
Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.
Індзейцы, индейцы, Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Belarus; Belarusians Meet Indians. Алесь Симаков. Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 154].
Свята ручніка ў Ваверцы
Філіял "Ваверскі Дом культуры" ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" правёў 15 чэрвеня фальклорнае свята "Па ручніку, што з роднай хаты, мы пазнаём маленькую радзіму"
У праграме свята былі прадугледжаны:
- выстаўка белых фактурных ручнікоў і майстар-клас ад народнага майстра Валянціны Сільвановіч (традыцыйнае белаўзорыстае ткацтва Панямоння як элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь);
- прэзентацыйны стол са стравамі з таркаванай бульбы (элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь);
- юшка па-беліцку;
- канцэртная праграма з удзелам народнага ансамбля народнай музыкі "Гудскі гармонік" і народнага фальклорнага калектыву "Ульяніца".
І свята ўдалося.
Наш кар.