Наша слова.pdf № 26 (182), 25 чэрвеня 2025.
Раённы злёт юных краязнаўцаў Лідчыны
18 чэрвеня 2025 года прайшоў раённы злёт юных краязнаўцаў устаноў адукацыі Лідскага раёна. 40 юных краязнаўцаў "зляцеліся" ў Лідскі РЦЭТіК, каб падзяліцца музейнымі знаходкамі і адкрыццямі, прадэманстраваць свае веды, распавесці пра свае каманды і вынікі працы за год.
"Знаходкі года - 2025" дзівілі эксклюзівам, веды ў змаганнях квэст-гульні - дакладнасцю, а выступ госці з гістарычна-мастацкага музея А.А. Каладяжнай крануў усіх да глыбіні душы.
З 10 каманд ніводная не засталася без узнагароды! Кожная станавілася лепшай у розных намінацыях, а абсалютным пераможцам па набраных балах сталі прадстаўнікі народнага музея Бердаўскай БШ Лідскага раёна.
ТК "Адукацыя Лідчыны".
ВЯЛІКАЯ СТРАТА. ПАМЁР РАДЗІМ ГАРЭЦКІ
22 чэрвеня памёр вялікі Беларус - Радзім Гарэцкі.
Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі (7 снежня 1928, Менск - 22 чэрвеня 2025, Менск) - беларускі геолаг, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1977, член-карэспандэнт з 1972), доктар геолага-мінералагічных навук; грамадскі дзеяч.
Нарадзіўся 7 снежня 1928 года ў Менску, у сям'і Гаўрылы Гарэцкага, аднаго з заснавальнікаў і першых правадзейных членаў Беларускай акадэміі навук і Ларысы Гарэцкай (у дзявоцтве Парфяновіч). Пляменнік Максіма Гарэцкага, беларускага пісьменніка.
У 1930-я гады Гарэцкія патрапілі пад палітычныя рэпрэсіі. Радзім Гарэцкі быў у высылцы, жыў і вучыўся ў Коле, Туломе, Мядзведжагорску, Рыбінску, Запарожжы, Салікамску, Чусавым, Чкалаўску і інш.
Вучобу ў Маскоўскім нафтавым інстытуце Радзім Гарэцкі сумяшчаў з работай геолагам. Пасля яго заканчэння ў 1952 годзе прыняты ў Геалагічны інстытут Акадэміі навук СССР, дзе працаваў да 1971 года, з 1977 года дырэктар гэтага інстытута, старшыня камісіі па тэктоніцы Беларусі і Прыбалтыкі.
Першыя навуковыя працы прысвяціў тэрыторыі Казахстана і Сярэдняй Азіі. З пачатку 1960-х асаблівую ўвагу надае вывучэнню маладых платформ. Па гэтай праблеме ён надрукаваў шэраг прац, сярод якіх выдзяляецца манаграфія "Тэктоніка маладых платформ Еўразіі" (1972). Даследаванні дазволілі высветліць тэктанічныя заканамернасці размяшчэння многіх карысных выкапняў. У выніку даследаванняў Радзіма Гарэцкага і яго калег у 1965 годзе ў Прыараллі быў адкрыты новы газаносны раён.
Важнае месца ў даследаваннях Гарэцкага займае стварэнне тэктанічных карт. Ён актыўна ўдзельнічаў у складанні Міжнароднай тэктанічнай карты Еўропы, Тэктанічнай карты Еўразіі і манаграфій да іх. За ўдзел у стварэнні Тэктанічнай карты Еўразіі Радзім Гарэцкі разам з шэрагам вучоных уганараваны ў 1969 годзе Дзяржаўнай прэміяй СССР.
У 1971 годзе пачаўся этап у навуковай дзейнасці Радзіма Гарэцкага, звязаны з Беларуссю. У снежні ён вярнуўся ў Менск і стварыў у Інстытуце геахіміі і геафізікі АН БССР аддзел агульнай і рэгіянальнай тэктонікі. У кола яго навуковых зацікаўленняў уваходзілі праблемы тэктонікі старажытных платформ, рэгіянальнай геалогіі, карысных выкапняў Беларусі. У 1972 годзе Гарэцкі быў абраны членам-карэспандэнтам АН БССР. У 1976 годзе калектыў спецыялістаў пад яго кіраўніцтвам стварыў Тэктанічную карту Беларусі і сумежных тэрыторый маштабу 1:500 000 і манаграфію "Тэктоніка Беларусі". У 1977 годзе абраны правадзейным членам АН БССР і прызначаны дырэктарам Інстытута геахіміі і геафізікі АН БССР.
Важнае месца ў дзейнасці Радзіма Гарэцкага мелі сумесныя працы з замежнымі геолагамі. Радзім Гарэцкі адкрыў Базайскае радовішча ў Заходнім Казахстане.
Аўтар 515 навуковых прац і больш за 300 навукова-папулярных выданняў, у тым ліку 46 манаграфій, 41 карты геалагічнага зместу, 5 вынаходстваў.
З 1992 па 1997 год Радзім Гарэцкі быў віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук Беларусі. Замежны член Расійскай акадэміі навук (1994).
Член Савета заснавальнікаў Грамадскага навукова-аналітычнага цэнтра «Беларуская перспектыва».
Актыўны прыхільнік незалежнасці Беларусі.
З 1990 года Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі - член Рады, а з 1993 года прэзідэнт Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына». На Першым з'ездзе беларусаў свету (Менск, 1993) выступіў з агульным дакладам «Нацыянальная ідэя і адбудова беларускай дзяржаўнасці».
Актыўна працаваў з беларускай дыяспарай, быў адным з арганізатараў з'ездаў беларусаў свету.
Член рады Таварыства беларускай мовы, Беларускага фонду культуры і інш. У сваіх шматлікіх выступленнях, публікацыях у газетах і часопісах, многія з якіх сабраны ў асобнай кнізе «Шляхам адраджэння» (1997), Радзім Гарэцкі выступае за дэмакратыю і дзяржаўную незалежнасць Беларусі, адраджэнне беларускай мовы і культуры.
У 2000 годзе, сумесна з Генадзем Бураўкіным і Рыгорам Барадуліным, ініцыятар і арганізатар Усебеларускага з'езда за незалежнасць.
Бібліяграфія:
Тектонический анализ мощностей. М., 1960 (совм. с А. Л. Яншиным (руск.) бел.).
Тектоника молодых платформ Евразии. М.: Наука, 1972.
Тектоника Белоруссии. Мн.: Наука и техника, 1976 (в соавт.).
Калиеносные бассейны мира. Мн.: Наука и техника, 1988 (в соавт.).
Проблемы нефтегазоносности верхнепротеро-зойских и палеозойских комплексов Беларуси и Сибири. Мн.: БЕЛГЕО, 2003 (в соавт.).
У кнізе "Ахвярую сваім "Я"… (Максім і Гаўрыла Гарэцкія)" (1998) апісаў трагічны лёс сваіх блізкіх.
У 2013 выйшла кніга публіцыстычных артыкулаў, лірычных замалёвак, мініяцюр і эсэ "Жыццёвы меланж".
Узнагароды:
Дзяржаўная прэмія СССР 1969 года за тэктанічную карту Еўразіі і манаграфію "Тэктоніка Еўразіі" (Масква, 1966, у суаўтарстве).
Дзяржаўная прэмія БССР 1978 года за распрацоўку тэктанічнай карты Беларусі і манаграфію "Тэктоніка Беларусі" (Мінск, 1976, у суаўтарстве).
Заслужаны дзеяч навукі БССР (1978).
Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга (1982), медалі.
Прэмія Расійскай АН 1986 г. імя акадэміка Н. С. Шацкага.
Прэмія НАН Беларусі і Сібірскага аддзялення РАН імя акадэміка В. А. Капцюга 2004 г. за цыкл сумесных прац "Верхнепратэразойскія і палеазойскія комплексы Беларусі і Сібіры: геалогія, нафтагазаноснасць, праблемы асваення рэсурсаў вуглевадародаў" (у суаўтарстве).
Медаль 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (2019).
Памёр 22 чэрвеня 2025 года ў Менску.
22 чэрвеня ў Гайках было ціха
Мясціна Гайкі каля вёскі Еськавічы Нясвіжскага раёна - месца расстрэлу фашыстамі 80 чалавек нясвіжскай інтэлегенцыі (58 мужчын, 18 жанчын, 4 ксяндзы) у ноч з 4 на 5 жніўня 1942 года. На брацкай магіле паступова аформіўся грунтоўны мемарыял, які падтрымліваецца ва ўзорным парадку. І хоць 22 чэрвеня тут было ціха, але жывыя кветкі, якія не паспелі завянуць, цвердзілі, што за дзень ці два людзі тут былі.
Мемарыял засаджаны папараццю - сімвалічнай раслінай Беларусі. І тут гэтая папараць безумоўна цвіце - цвіце людской памяццю.
Яраслаў Грынкевіч.
Поспех лідскай адукацыі - 2025
28 стобальных вынікаў атрымана лідскімі выпускнікамі па выніках удзелу ў цэнтралізаваных іспытах у 2025 годзе!
Гэта на 9 больш, чым у 2024 годзе! 13 максімальных балаў у нашых дзяцей па рускай мове, 5 - па матэматыцы, 4 - па біялогіі, 3 - па беларускай мове, 2 - па грамадазнаўстве, 1 - па ангельскай мове.
Лідарам па колькасці абсалютных вынікаў сёлета стаў ліцэй: 7. 5 максімальных балаў у скарбонцы ў лідскіх гімназістаў, 4 - у выпускнікоў СШ 9 г. Ліды імя А.В. Нічыпорчыка, 3 - у навучэнцаў СШ 8 г. Ліды імя В.Ф. Казакова, па 2 абсалютныя вынікі - у навучэнцаў СШ 15 г. Ліды і Бярозаўскай СШ 3, па адным - у выпускнікоў СШ 1 г. Ліды, СШ 10 г. Ліды імя А.А. Клімко, СШ 16 г. Ліды імя П.М. Машэрава, СШ 17 г. Ліды, а таксама ў выпускнікоў Ганчарскай сярэдняй школы Лідскага раёна.
Два выпускнікі сталі ўладальнікамі стобальных сертыфікатаў адразу па двух прадметах ЦЭ! Сярод іх: Янель Зміцер, выпускнік СШ 8 г. Ліды імя В.Ф.Казакова; Забела Паліна, выпускніца СШ 9 г. Ліды імя А.В. Нічыпорчыка.
Дзве лідскія выпускніцы набралі 400 балаў з 400 магчымых - па тры стобальныя сертыфікаты на ЦЭ і ЦТ плюс 100 балаў за атэстат.
Такога выніку змагла дамагчыся выпускніца гімназіі 1 г. Ліды Парфенчык Ульяна! Нагадаем, на ЦЭ Ульянай атрыманы абсалютныя вынікі па грамадазнаўстве і рускай мове. І яшчэ адна радасная навіна: навучэнка стала ўладальнікам стобальнага сертыфіката і па ангельскай мове.
Другі максімальны вынік па ЦЭ і ЦТ атрымала ліцэістка Шлемпа Эла. Сто балаў на ЦЭ - па матэматыцы і рускай мове, на ЦТ - па ангельскай мове!
Такім чынам Лідскае ўпраўленне адукацыі пацвердзіла статус лепшага ў краіне.
Усяго ў Гарадзенскай вобласці чатыры 400-бальнікі. Акрамя лідзянак гэта выпускнікі з Гародні і Ашмянаў.
Кацярына Акушка скончыла сярэднюю школу №3 у Ашмянах. На пытанне, у чым сакрэт такога поспеху, дзяўчына, не губляючыся, адказвае: "соткі" атрымала дзякуючы сталай сур'ёзнай падрыхтоўцы - стопкі выкананых тэстаў і дзясяткі канспектаў, якія былі пад рукой на працягу некалькіх апошніх гадоў вучобы ў школе.
Яшчэ адзін максімальны вынік - 400 балаў - у выпускніка інжынернага класа Гарадзенскай гарадской гімназіі імя А.І. Дубко Станіслава Герасімчыка. Па выніках ЦЭ і ЦТ малады чалавек атрымаў вышэйшы бал па беларускай, ангельскай мовах і матэматыцы.
ТК "Адукайя Лідчыны".
С А Н Е Т Ы
Язэп Палубятка
68
Як хтосьці стаў чыноўнікам - дык пан,
Бо каля яго можна пажывіцца.
А быў калісьці хам, і зараз хам.
Ты на калені падай перад ім, а то ён можа разгнявіцца.
Дурнота-вош аж да нябёс ўзнясла,
Цяпер яны з народа смокчуць кроў.
Яшчэ б яму каб два крылы,
То крумкачом адразу б стаў.
Мярзотнікаў было і ёсць спрадвеку на зямлі,
Не меркне панаванне іх заўжды.
Бывае кажам: "Не хлусі!", -
А хлусім, бо душой рабы.
За ўцехай нас спаткае сумны час:
Усё для іх, нам - кіслы квас.
69
Будзь за свае ўчынкі ў адказе,
Перад сабой не грашы ніколі,
Нават, калі застанешся ў накладзе,
Цяжка бывае ў стадолі.
Стадола - цяжкае слова. Так навукоўцы кажуць.
Толькі маці мая яго ўжывала заўжды,
Нават, калі ёй абразліва скажуць.
Сказаў, дык жыві з тым ты.
Вякі вякамі, а дні бягуць пабытова.
Ты, салавей, як не свішчы,
Лета настане - дзе твая спеўная мова,
Дзе твая радасць душы?
Траскоча ў траўні салавей неўгамонна,
А ты, паэт, імкнешся пісаць модна.
70
Са сталасцю прыходзіць вопыт,
Знікае маладосці шал, дурнота.
Не ведаеш парой, што будзе потым,
У жыцці дзявочым не бывае вечнай цнота.
Хай вір падзеяў кіне цябе ў бруд,
Не апускайся ты на дно.
Вужака ў небяспецы падае ў спрут,
Ты, чалавек, вер, усяму прыходзіць тло.
То пошчак салаўя, то подых ветру ў скронях елкі -
Усё было, але прайшло,
Усмешкі шчырыя, несмешкі едкія,
І за вадою нешта паплыло.
Усімі агнямі пылае вясёлка,
З табою ў нас бывае то соладка, то горка.
71
Тваё апошняе каханне лепш за папярэдняе.
І зноў у галаве духмяны тлум.
Стаўся да былога абярэжліва,
А то ўсё млееш ты ад розных дум.
Дык хтось бубніць гады - ваду скрозь пальцы.
Хачу сказаць я недаверкам так:
Людзі, вы не паяцы,
І чалавек жа не прастак!
Сціскаю пальцы аж да болю
І п'ю з далоняў бытнасці ваду
Ды ведаю, што ўжо ніколі
Я тут не ўпаду ў роспач і нуду.
Жыву любоўю да Радзімы,
Мы не разлучны з ёю, мы адзіны.
72
Я ляжаў у труне і не слухаў
Скавытанне кабеты, посныя словы наймітак.
І не кажы, што ў каханні няма спакусаў,
Кожны з нас п'е яго слодыч і горкі напітак.
Не сумуй, як нагамі ўперад цябе панеслі -
Шлях звычайны кожнага з нас.
Успомні з юнацтва дзявочыя песні,
Прыгожа спявалі, як гналі кароў на папас.
І зорку ты бачыў, што з неба ўпала,
Паспеў загадаць жаданне.
Момант - зоркі не стала,
Сумна, што ўмерла тваё каханне.
Там, у вечнай цішыні,
Не рухайся, спакойна спі.
73
Немагчыма прадбачыць, што будзе:
Ці ўпадзе планіда, ці струхлее дуб?
Толькі добры ўчынак ніхто не забудзе,
Нават помняць дыктатара труп.
Калясніцы калісьці наводзілі жах,
Амазонкі мужчын забівалі.
Крыллямі неба бяздоннае мерае птах.
І ў бязвінных не раз стралялі.
Узарана ралля, і пасеена збожжа,
Хутка ўзыдзе зялёная рунь.
Краю мой! Хай спакою твайго ніхто не трывожа,
А нядоля хай згіне паўсюль.
Кахання сапраўднага не бывае,
А як па праўдзе, то хто яго знае.
74
У плоймы беларусаў у галаве толькі чарка і шкварка -
Так нейкі празорца калісьці сказаў.
Стыне гарбата, сядае заварка,
Ды пра бел-чырвона-белы з Пагоняй нехта згадаў.
Тлуму не маю я ў галаве
Ды разумею тых, каму шкварка ў радасць.
Чарвяк дажджавы на асфальце пад колы машыны паўзе,
Толькі не варта казаць, што ўсё на зямлі - гадасць.
Усё на зямлі мяняецца:
Каханка сыходзіць, сябра здраджвае.
Не веру я, што між намі ўсё збываецца:
Нешта так, а штось абрываецца.
Не спадзявайся, што ты вернешся зноў,
Скончыўся час мілавання, прайшла любоў.
75
Калі ты валацугаю век змарнаваў,
Абцасы сцёр ушчэнт,
Аб чым ты толькі не гараваў,
Быў час і за пасам мулеў багнет.
Сумна, як Бацькаўшчына гоніць прэч,
Не сама, а яе каралі.
Вер у прышласць новых з ёю сустрэч,
Паўстануць, як колісь былі.
Жорны даюць нам муку,
Вецер гамоніць ў паддашку,
Мы прачынаемся ў поўнач ад стуку
І рукою бярэмся за пляшку.
Варункі побыту такія:
Ці то трухля, ці то гнілыя.
76
Сыходзячы на той свет,
Не думай пра рай для душы,
Помні свой запавет
І ў астатак жыцця не грышы.
Што будзе, як вочы заплюшчыш,
І згасне святло назаўжды?
Як зніч свой патушыш,
Ды ціш запануе ў душы?
Паўстане пустэльня з табою ў згодзе.
Як нарадзіўся - на свет галасіў.
Рады былі таму енку людзі,
То не сумуй, што свой век аджыў.
Як годна пражыў, ніхто не забудзе,
І са стрэхаў сцякае вада ў брудзе.
77
Гады, што дарожныя слупы, паўсталі прад намі.
Мы нешта згубілі, мы нешта знайшлі,
Ды толькі не з вамі,
І мары дзяцінства побач прайшлі
Ды зніклі, як здані.
Дзесьці кагосьці мы абышлі,
А хтосьці пакінуў нас у нязнанні,
Як быццам мы продкі якойсьці там тлі.
Трывожна гуляе вецер у лесе,
То зломіць асіну, то елку сагне.
Ты не сумуй аб мінулым леце,
Вера да шчасця нас прывядзе.
Гудок - і цягнік адыходзіць,
Бывае і ён з рэек сыходзіць.
78
Як ты на праўдзівым шляху,
Не збівайся ніколі з тропу.
Як кепска, сагніся ў дугу,
Але не кланейся трону.
Хай боты дужа збіты твае,
І дождж у твар хлышча.
Рэчка мае свае берагі,
За нораў яе сто грамаў хлысні.
Ведаю, нада мною крумкачы будуць нядоўга кружыцца,
Рынуцца ўніз, раздзяўбуць тло,
Ды будуць з таго весяліцца,
А акупанты знішчаць маё жытло.
Я жыў і жыву для Беларусі,
У змаганні загіну, але не здаюся.
Яшчэ раз пра старыя лідскія вайсковыя могілкі
Лаўрэш Леанід
Восенню 1915 года ваеннае міністэрства Германіі (Kriegsministerium) пачало працу, накіраваную на распрацоўку правілаў ушанавання памяці загінуўшых жаўнераў. Зыходным пунктам яе было накіраванне на ўсходні фронт інспекцыйных камісій, якія складаліся з архітэктараў, мастакоў, садаводаў, фатографаў і г.д., задачай якіх было азнаёміцца з мясцовымі ўмовамі і стварыць агульную канцэпцыю і дэталёвыя правілы ўладкавання ваенных могілак і іншых мемарыяльных аб'ектаў. Задачай фатографаў была фотадакументацыя ўсіх наведаных магілаў і могілак, на жаль, большасць зробленых у той час фотаздымкаў была знішчана падчас Другой сусветнай вайны.
Першая паездка камісіі Ваеннага міністэрства мела за мэту ацэнку колькасці, месцазнаходжання і стану магіл загінуўшых на Усходзе жаўнераў, а таксама выпрацоўку правіл іх ушанавання. Другая паездка адбылася паміж 15 студзеня і 13 лютага 1916 г.
У абедзвюх інспекцыях, праведзеных па даручэнні ваеннага міністэрства, удзельнічалі розныя спецыялісты, членам другой экспедыцыі стаў скульптар Ульферт Генрых Янсен (Ulfert Heinrich Jassen) прафесар Вышэйшай тэхнічнай школы (Hochschule fur Technik) у Штутгарце. Хутчэй за ўсё, гэта была яго першая паездка ва ўсходнюю Еўропу, але далейшы лёс яго звязаны з гэтымі абшарамі.
Пры пошуках пахаванняў загінуўшых жаўнераў асаблівае значэнне надавалася дакладнаму вызначэнню месца пахавання канкрэтнага жаўнера, што матывавалася ў тым ліку і клопатам пра сваякоў, якія, захочуць наведаць магілу ў будучыні. Гэтым абгрунтоўвалася выкарыстанне жаўнерамі персанальных бірак, інфармацыя з якіх была ідэнтычнай з жаўнерскімі кніжкамі.
Цяжка вызначыць і ацаніць маштабы эксгумацыі парэшткаў з палявых магіл і пераносу іх на новаствораныя могілкі. Лічыцца, што 50-60 % парэшткаў загінуўшых былі эксгуміраваны і перавезены на вайсковыя могілкі, якія ствараліся адмыслова для гэтага. Пры тым, калі могілкі размяшчаліся на некаторай адлегласці ад будынкаў і былі акружаныя землянымі валамі, яны лічыліся месцам канчатковага спачыну парэшткаў эксгумаваных з палявых магіл. Неабходнасць землянога вала, як аднаго лепшых рашэнняў для абазначэння межаў могілак, вясной 1916 г., падчас Берлінскай канферэнцыі (17-18 сакавіка 1916 г.) прысвечанай гэтай праблеме, была ўнесена ў інструкцыю, датычную праектаў вайсковых могілак.
Пры перамяшчэнні парэшткаў з часовых магіл праводзілася праверка і спроба ўстанаўлення асобы загінуўшага. Пахавальным аддзелам было даручана фіксаваць фізічныя характарыстыкі перададзеных парэшткаў: памер цела, колер валасоў, наяўнасць барады і татуіровак, стан зубоў і тып пашкоджанняў, якія прывялі да смерці. Збіраліся пагоны, біркі, нашыўкі на вопратцы і бялізне, асабістыя рэчы: гадзіннікі, ланцужкі, пячаткі, заручальныя пярсцёнкі, кашалькі, партсігары, кнігі, нататнікі, фатаграфіі, пашпарты і іншыя дакументы. Для нямецкага ўсходняга фронту былі характэрны знаходкі лістоў у бутэльках або баваўняных мяшочках, пахаваных разам з загінуўшымі, у якіх баявыя таварышы запісвалі інфармацыю пра іх. Запіскі і ўсе знойдзеныя прадметы адпраўляліся назад у Галоўную ўправу могілак ваеннага міністэрства для перадачы сем'ям. У выпадку эксгумацыі парэшткаў жаўнераў царскай арміі існаваў абавязак прачытаць надпісы на медальёнах і іншых асабістых рэчах з дапамогай перакладчыка, а калі гэта было немагчыма, дык старанна перапісаць ці перамаляваць надпіс кірыліцай1.
Галоўная ўправа могілак дзялілася на дэпартаменты. 5-ты Мастацкі дэпартамент у галіне будаўніцтва і ўтрымання ваенных могілак у Беластоку меў пад апекай прыкладна 15 - 170000 магіл на, каля 30 буйных могілках, і пастаянную каманду з сарака жаўнераў у сваім распараджэнні, якія мелі вопыт работы, звязанай перазахаваннем і будаўніцтвам ваенных могілак2. Менавіта гэты дэпартамент займаўся Лідчынай.
У 1916 г. вайсковыя могілкі былі заснаваны ў Лідзе недалёка ад Паўночнага вайсковага гарадка (зараз - каля СШ № 6). Могілкі агарадзілі невысокім мурам. Па правым баку знаходзіліся магілы нямецкіх і аўстрыйскіх жаўнераў, па левым - расійскіх, парэшткі якіх сабралі па палях пасля заканчэння баёў вакол Ліды. На магілах расійскіх жаўнераў меліся надпісы: "Невядомы жаўнер расійскай арміі" ці проста "Невядомы". Цікава, што асобна былі пахаваны чэхі - жаўнеры аўстра-венгерскай арміі і палякі - жаўнеры нямецкай ці аўстра-венгерскай арміі. У канцы могілак з паўднёвага боку недалёка ад выязной брамы ўсталявалі прыгожы помнік у форме піраміды, якая, як пісаў ў 1936 г. лідскі краязнавец Аляксандр Снежка, ".. пабудавана з пэўным мастацкім густам з вялікіх груба абчасаных камянёў. Ля падножжа піраміды ляжыць паміраючы жаўнер, адліты з жалеза, пад ім выразаны надпіс "Fur das Vaterland" ("За Бацькаўшчыну")3.
Скульптура паміраючага рымскага воіна для лідскіх могілак была выраблены ў 1917 г. прафесарам Ульфертам Янсенам у беластоцкай майстэрні мастацкага дэпартамента. Бронзавая статуя з'яўлялася часткай помніка загінуўшым на вайсковых могілках у Лідзе. У 5-тым Мастацкім дэпартаменце ствараліся макеты помнікаў загінуўшым жаўнерам для патрэб шматлікіх могілак на падпарадкаванай тэрыторыі. Аднак падчас візіту ў канцы 1917 г. члены міністэрскай камісіі асабліва зацікавіліся скульптурай паміраючага воіна. Гэтая створаная ў Беластоку бронзавая статуя, была перавезена і размешчана на могілках жаўнераў нямецкай, рускай і аўстра-венгерскай армій у Лідзе.
Падчас Першай сусветнай вайны прафесар Янсен служыў шарагоўцам у Мастацкім аддзеле Беластоцкага дэпартамента, быў прызваны ў войска ў 1916 годзе4. Лічылася, што лідскі помнік аддаваў даніну павагі ўсім, хто незалежна ад свайго паходжання, кожны за сваю радзіму, загінуў у баях. Могілкі былі спраектаваны па ўзору могілак у Звежынецкім лесе, што ў Беластоку.
Трэба сказаць некалькі слоў пра прафесара, скульптара Ульферта Янсена5. (11.12.1878-19.02.1956). Янсен з 1899 па 1902 г. вучыўся у Браўншвайгскім тэхнічным універсітэце і ў Мюнхенскай мастацкай акадэміі. У 1911 г. стаў прафесарам мадэлявання і натурнага малюнка на кафедры архітэктуры Штутгарцкага тэхнічнага ўніверсітэта. У 1909 г. атрымаў залаты медаль на Міжнароднай выставе ў Мюнхене, у 1911-1945 гг. - прафесар Тэхнічнай школе мастацтваў Штутгарта, спецыялізацыя - малюнак з натуры і лепка. У 1950-х гг. удзельнічаў у выставах. Працы парфесара захоўваюцца ў музеях Мюнхена, Штутгарта, Дармштадта, Нюрнберга, Дзюсельдорфа, Ульма, Аўгсбурга, Берліна і Рыма. Амаль усё сваё прафесійнае жыццё мастак правеў у Штутгарце.
Аўтар выказвае падзяку гісторыку Юрыю Тамковічу.
1 Malgorzata Karczewska, Sto lat bede trwac bez opieki niczyjej... Cmentarze wojenne z czasow I wojny swiatowej w Bialymstoku i powiecie bialostockim, Osrodek Badan Europy Srodkowo-Wschodniej, seria Archeologia Pamieci, t. II, Bialystok 2017. S. 43-44.
2 Там жа. S. 46, 49.
3 Гл: Лаўрэш Л., Лаўрэш Г. Там, дзе спыніўся час… . Лідскія гістарычныя некропалі. 2024. С. 32-38.
4 Maдgorzata Karczewska, Sto lat bуdу trwaс bez opieki niczyjej... S. 46-49.
5 Там жа. S. 48-49.
Некалькі гадоў маёй маладосці ў Вільні* (1818-1825)
Станіслаў Мараўскі
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Мікалай Навасільцаў, невядома ці законны сын бедных бацькоў, праз падтрымку магнатаў дайшоў у Расіі на найвышэйшай улады. Пра яго пісалі і яшчэ будуць пісаць кнігі. Ён быў лепш адукаваны за большасць тагачасных расейцаў, шчасліва і лёгка пераняў манеры французскіх эмігрантаў, якія тады на поўначы служылі ўзорам, меў добрае вымаўленне на некалькіх мовах, быў хоць і павярхоўна, але нядрэнна начытаны і ўсё гэта разам дало яму шырокія магчымасці. Прыстойны твар, хоць і потым, калі ён прайшоў ужо свой зеніт, пан Бог, скасіў яму адно вока і пад гэтым вокам з'явілася вялікая, чорная шышка ці нараст, які рухаўся. Меў вялікую схільнасць да жанчын (і адсутнасць сумлення ў адносінах з імі), яскравы досціп, пратэкцыю моцных гэтага свету і асабліва князя Чартарыскага - усё гэта ставіла яго ў цэнтры ўвагі ў той час, калі падобных рускіх было вельмі мала, калі немцы і іншыя чужынцы захапілі галоўны ўплыў пры двары. А трэба было і рускага паказаць! У лёгкіх размовах гэты чалавек дасціпна і з беспамылковым тактам знаходзіў сябе сяброў, здзіўляў вялікай колькасцю звестак і рабіў вялікае ўражанне. На самай справе гэта было толькі такое асаблівае мастацтва, здольнасць паказаць тое, што ведаеш і схаваць тое, чаго не ведаеш. У справах ён рабіў усё добра, толькі калі гэта былі дрэнныя справы. У іншых выпадках, усе свае высновы грунтаваў на вельмі кволых падмурках і не цярпеў халодных, аналітычных разваг. Таму і ў Варшаве, і ў Пецярбургу ён не мог вытрымаць дыскусіі па важных грамадскіх пытаннях з фармальна неадукаваным, але геніяльным і поўным логікі князем Ксаверыем Любецкім. У часы імператара Паўла яго пераследавалі. Потым тым, хто яго ратаваў у нядолі і даваў прытулак, ён адплаціў чорнай няўдзячнасцю. Надзвычай развязны, распусны, збэшчаны, бессаромна прадажны (толькі тое, што ён скраў у нашым краі, хапіла б каб адліць з тузін такіх, як ён, залатых ідалаў). Але як дзіравая бочка, Навасільцаў заўсёды быў голы і ў пошуках пазык, дамоўленасцяў, праектаў, спекуляцый, рабаваў усіх хто меў хоць які грош. Сумлення, цноты, маралі, сораму - ні на шэляг! Бачыў яго на ўласныя вочы, калі ён ўжо быў старшынёй Дзяржаўнай рады, а значыць найвышэйшай пасля манарха і яго сям'і асобай, як ён пасярод белага дня, пасярэдзіне алеі публічнага Летняга сада ў Пецярбургу, бессаромна абдымаў абадраную, п'яную, агідную, загарэлую на сонцы блудніцу без панчох, і нягледзячы на тое, што шмат мужчын і жанчын праходзіла міма, нягледзячы на прысутнасць нянек з дзецьмі, якія звычайна бавілі тут свой час, працягваў сваю агідную сваволю.
Доўгія гады з усімі гэтымі заганамі спалучалася нястрыманая цяга да алкаголю. Мадэйра, чысты ром, пунш, портэр, англійскае і сваё дубальтовае слонімскае піва, моцнае як спірт, выпіваў ён адразу па некалькі бутэлек і, гэта не жарт, гадоў з дваццаці ніколі не быў цвярозы ні днём, ні ноччу.
Аднойчы ў такім стане, а трэцяй пасля апоўначы, яго знайшоў ксёндз Вільбік з катэдры, мажны і прыгожы мужчына з моцным басам, вялікі піяк. П'яны ксёндз вяртаўся дадому з застолля і памылкова ўлез да яго бо ўбачыў святло ў акне і вырашыў, што гэта шынок. Слугі спалі, і ён пайшоў прама, покуль нарэшце не ўбачыў п'янага Навасільцава. Навасільцаў сядзеў у крэсле за сталом, застаўленым, як у шынку, пустымі бутэлькамі і пры некалькіх свечках нібы чытаў паперы перад вялікім жырандолем. Раптам падняў галаву і расплюшчыўшы вочы ўбачыў за сабой у люстэрку геркулесаву постаць ксяндза. Сэрца яго ўстрапянулася, ускочыў, бо вырашыў, што бачыць забойцу. Але калі піяк, хістаючыся, паляпаў яго па плячы і дурнавата засмяяўшыся, сказаў: "Пане Яне, падай мне шклянку пуншу", абрадаваны Навасільцаў, ледзь трымаючыся на нагах, пацалаваў яго, як дарагога сябра ў абедзве шчакі, і выпер ксяндза з хаты. На другі дзень, перш чым зноў напіцца, Вільбік успомніў, што ён нарабіў і з-за гэтага нават захварэў. Аднак Навасільцаў прамаўчаў і не стаў пераследаваць свайго сабрата па бутэльцы, толькі спусціў скуру са сваіх лакеяў.
Навасільцава, які павінен быў служыць мадэратарам і дарадцам князю Канстанціну, князь не любіў і не паважаў, але быў вымушаны цярпець. На пачатку Навасільцава цікавіў толькі Слонім, але потым ён разрабаваў Літву, разрабаваў універсітэт і яго фонды, абрабаваў бацькоў і адправіў іх дзяцей у Сібір ці жаўнерамі ў войска і так сваімі рукамі падрыхтаваў рэвалюцыю 1830-1831 гг.34 Ён стаяў першым у спісе тых, хто павінен быў сваім жыццём заплаціць за злачынствы, але ці з-за чуйнасці паліцыі ці з-за свайго інстынкту, першым уцёк з Варшавы. Здаецца мне, што адразу пасля смерці князя Качубея, ён стаў графам і быў прызначаны старшынёй Дзяржаўнай рады, у якой увесь час хабарнічаў. За дазвол шматгадовай манаполіі на паравую навігацыю па Волзе ўзяў сто тысяч рублёў асігнацыямі, але не давёў праект да выніку. Так было, покуль яго не паваліла слабасць. Тады ён звярнуўся па кансультацыі да свайго старога прыяцеля і калегі па злачынствах Пелікана, а з другім прыяцелем, даверанай асобай і каханкам пані Пелікан, Платонам Кукальнікам, пачаў ганебны працэс аб крадзяжах. Ён пачаў расказваць навакольным такое, што вушы сохлі, абвінавачваў сябе і гэтых сваіх двух сяброў у жудасных злачынствах, і хадзілі чуткі, што калі канаў, адмовіўся ад паслуг лекара, пасля чаго, нарэшце, развітаўся са светам.
Байкоў быў прыгожым маладзёнам з вялікай чупрынай. Яго добра прымалі ў салонах, ён пачынаў кар'еру бессаромнага распусніка ў маладой, вядомай сваімі распуствамі кампаніі вялікага князя Канстанціна. У варшаўскім двары карыстаўся даверам князя. Той, хто служыць такому вялікаму пану, мусіць ісці ўгару. На жаль, сунуць угару Байкова не было за што, бо ён нічога не ўмеў і патрэбны быў, як пятае кола ў возе. А вялікі князь Канстанцін быў чалавек справядлівы і больш чым скупы на ўзнагароды. Аднак да Байкова прывык і садзіў яго на розныя пасады, хоць і ведаў, што той сам нічога не зробіць, аднак нуль ператварае адзінку ў дзясятку, так і ён пад чужой поўсцю будзе ўдаваць з сябе льва і прынясе нейкую карысць. У следчую камісію, пра якую я пісаў вышэй, Байкова пасадзіў вялікі князь, бо здаўна ведаў Навасільцава, і ржалі яны адзін з аднаго ўвесь час, як коні. Было б толькі паўбяды, каб Байкоў быў толькі пустым балёнікам. А ж ён хацеў надаць сабе важнасці! Аднак гэтага распусніка людзі не маглі лічыць чалавекам сур'ёзным. Яго думку пра людзей я чуў разам з рускім генералам Кахоўскім - таму, хто не дайшоў да рангу сапраўднага стацкага дарадцы, дапамагаць у жыцці не трэба, бо ён асоба іn anіma vіlі (лац. "нізкай душы". - Л. Л.). Што можна да гэтага яшчэ дадаць? Але ў душы ён не быў дрэнным чалавекам і стаў прыкладам, як дурная мірская марнасць і жывёльная распуста знішчаюць ўсё лепшае ў асобе. У Вільні гэты распуснік па даўняй звычцы выкарыстоўваў кожны шанец з жанчынамі і, як вынік, быў прымушаны патрапіць у рукі хірурга Пелікана. Яго боль, як бальзам, загойвала чалавечыя раны вільнян. Усе цешыліся! Тым не менш, ачуняўшы, ён смяротна закахаўся ў Польшчы ў Зоф'ю Хлапіцкую. З тым, што ў яго яшчэ засталося ад мужчынскага сцяга, папрасіў яе рукі, і гэта прыгожая, як багіня дзяўчына, пагадзілася на такую сапраўдную для сябе крыўду. Аднак, калі ён заязджаў да Хлапіцкай, каляску падкінула на парозе брамы яе дома, не вытрымалі сасуды яго сэрца, якое было абцяжарана шматлікімі злачынствамі. Закончыў жыццё ў яе сенях, чым бязмерна ўсіх абрадаваў.
Віленскі губернскі пракурор Батвінка, сын магілёўскага млынара, у якога хуткая вясновая рэчка зламала млын, чалавек нягодны, подлы і не варты, каб яго згадваць. Дастаткова было сустрэць Батвінку і ўбачыць гэтае рыла, каб зразумець, якая гэта птушка! Потым за іншыя грахі ён быў вызвалены ад пасады, але да таго часу добра ўжо паламаў нашу долю, разбагацеў і купіў значны маёнтак у Вількаміркім павеце. Уцёк ад вяроўкі ў 1831 г. і, падобна, жыве да гэтага часу.
Не ведаю як да нас патрапіў віленскі паліцмайстар Шлыкаў, прыгожы і моцны мужчына. Сваёй постаццю і веданнем мовы адразу прывабіў жаночыя сэрцы, і Горская, адна з самых багатых дзедзічак, выйшла за яго замуж з пасагам у мільён гатоўкай. Неўзабаве яна памерла і пакінула яму сваё багацце. Працяглы час здаваўся ветлівым і добрым чалавекам, прыкідваўся спагадлівым да вязняў, але насамрэч палаў да іх руплівай нянавісцю і быў такі ж шкодны, як і іншыя. Але нікога асабіста ў твар не пакрыўдзіў і не абразіў. Ён лепш за іншых ведаў віленскую моладзь, аднак неўзабаве быў аддалены ад следства і прайграў у карты усе грошы першай жонкі. Жыў толькі з хабарніцтва і кантрабанды, якая ў той час квітнела ў Вільні. Другі раз ажаніўся з Энгельгардаўнай, і тады пры моцнай пратэкцыі, атрымаў месца суддзі ў нямецкіх калоніях у глыбіні Расіі, дзе, падобна, памёр з нэндзы. Я сам бачыў яго ў Пецярбургу вельмі бедным. Хто ведае, можа зноў уздымецца. Мне ручаліся, што ён памёр, але ў смерць паліцыянтаў я не веру!
Пра Лаўрыновіча я ўжо казаў. Няма нічога больш страшнага (можа толькі перахрыст), чым зрусіфікаваны паляк. Ён заўсёды з перабольшваннем бярэ на сабе ўсе недахопы рускага чалавека і адмаўляецца ад яго вартасцяў. Таму пра Лаўрыновіча дадам толькі, што ён памёр ад гарачкі, калі не атрымаў ніякай узнагароды. На яго пахаванні нікога не было, за труной бег толькі абшыты ў жалобу сабака з таблічкай на шыі, якая і стала яго эпітафіяй. Хацелі сабаку злапаць! Уцёк! Толькі сабака праводзіў гэтага чалавека ў яго апошні шлях. Усе казалі, што перад смерцю Лаўрыновіч страшэнна дакараў сябе.
У маёй калекцыі ёсць добрыя партрэты ўсіх гэтых людзей. Варта захаваць іх для памяці.
Маем сярод сябе па сапраўднаму шкодных для края, для грамадства, для манарха асоб. Я сумленна выказаў свае меркаванні, без жоўці і перадузятасці. Праз дваццаць пяць гадоў, якія прайшлі з таго часу, жоўць і не магла захавацца ў маім сэрцы. Але шмат акалічнасцяў да гэтага часу перашкаджаюць майму пяру апісаць іншыя вядомыя мне злачынствы гэтых людзей.
Раздзел 5. Прычыны віленскіх падзеяў. Жаданне Літвы да зліцця з Польскім каралеўствам. Віленская моладзь. Уплыў на яе Таварыства прамяністых. Рускія чыноўнікі. Побыт гвардыі ў Вільні. Адносіны віленскай моладзі да гвардзейскіх афіцэраў. Значэнне афіцэрства ў расійскім грамадстве. Бойка Пуляноўскага з Пельскім. Бойка Вузлоўскага з Дзюкло. Знаходжанне в. кн. Мікалая ў Вільні. і в. кн. Міхаіла ў Відзах. Грубіянства расійскай паліцыі. Паліцмайстра Шлыкаў і палкоўнік Антоні Тышкевіч.
Цяпер узнікае другое пытанне - ці зрабілі мы з нашага боку нешта недарэчнае, што стала прычынай усяго таго, што адбылося? Справядлівасць на гэта патрабуе адказаць: "Так". Як усё гэта было, немагчыма расказаць коратка, і я адчуваю, што не магу быць тут аб'ектыўным. Каб нешта растлумачыць, давайце зазірнём у мінулае.
Але перад тым, як закрануць дробныя дэталі, пачнём з галоўнага, з адкрытага і сумленнага тлумачэння тагачаснай агульнай грамадскай думкі і самога духу Літвы. У той час і тыя, хто ведаў, што хоча, і тыя, хто ведаў толькі, чаго ён не хоча, жадалі і прагнулі злучэння Літвы з Польскім Каралеўствам, каб мець усе тыя дабрадзействы, якія мела ў той час Каралеўства. Сам Аляксандр даваў падставу для гэтай надзеі, бо шмат разоў у 1817-1818 гг. заяўляў перад шматлікімі асобамі абодвух палоў і казаў свайму фаварыту, сенатару-ваяводзе Тамашу Ваўжэцкаму, што хоча аб'яднаць Літву з Польскім Каралеўствам (ці па іншаму - Царствам Польскім - Л. Л.). Падобна, на пачатку ў яго і сапраўды была гэтая ідэя, і ён рабіў розныя крокі ў гэтым кірунку. У той час яго абагаўлялі народы ўсёй Еўропы, кожнае яго падарожжа па розных краінах было для іх сапраўдным святам і ўрачыстасцю. Як чалавек, ён спадзяваўся знайсці суцяшэнне для сваёй душы ў Польскім Каралеўстве, якому надаў ліберальныя інстытуты і свабоду друку. Але калі, не зважаючы на гэта, наша балбатня і малпаванне французаў у чаканні апладысментаў, пачала ў прысутнасці імператара ганіць яго ўказы, калі публічная прэса пачала ліць непажаданую ваду, імператар расчараваўся і згідзіўся з сваё працы. Трэба дадаць, што не дасведчаныя ў таямніцах гэтай формы кіравання польскія міністры не ведалі, як згладзіць такія прыніжэнні і вынікова замкнуць зласлівыя языкі. Самадзяржаўны манарх, пан які прызвычаіўся рухамі аднаго пальца кіраваць паловай свету, пачаў шкадаваць, што уклаў меч у рукі вар'ятаў. Таму, ён не толькі больш не думаў пра пашырэнне сваёй дзіцячай мары, але наадварот, хацеў звузіць яе.
Літва гэтага не разумела. Мала хто ў Літве мог гэта разумець. Сярод тых, хто разумеў, скажу з гонарам, быў і мой бацька, даўні сябар Ваўжэцкага. Але шырокія масы, не бачачы выканання сваіх спадзяванняў і абяцанняў, пачалі страчваць надзею. Галоўнай думкай стала - па-сяброўску, без бунтаў і ўзрушэнняў, упрошваць манарха аб'яднаць Літву з Польскім Каралеўствам. На жаль жадалі таго, што па вышэйапісаных прычынах, было ўжо немагчыма. Хто вінаваты ў гэтым? Паслы на соймы і рэдактары газет. Няхай іх імёны згадае гісторыя.
Пяройдзем зараз да нашых універсітэцкіх фрашак, якія мелі вялікі і відавочны ўплыў у той час. Калі заканчваў апошні, шосты клас сваёй школы, я пакінуў у школе нейкіх Сароку, Календу, Цвікліча, якія былі ўжо не толькі "пад вусам", але добра ўжо і сівыя. Зважай - у школе! А ва ўніверсітэце студэнты мелі ўжо вялізныя вусы, маршчыністы твар і сівыя валасы. Нас, дзяцей, смаркачоў, якія яшчэ не галілі барады, на паўтары тысячы студэнтаў было пятнаццаць - дваццаць чалавек, і ўсе дзівіліся, як мы такія маладыя, а ўжо скончылі школу. Відочна, што ў такім тлуме моцных, бадзёрых і дасведчаных людзей, павінна было быць многа званых, але мала выбраных. Асабліва калі студэнцтвам нярэдка засланялася ад вачэй паліцыі свавольнае і заганнае жыццё. Калі было дастаткова 15 верасня з'явіцца да рэктара і дэкана, каб атрымаць ад першага законнае пацверджанае яўкі ў прызначаны дзень, а ад другога пасведчанне студэнта і потым не хадзіць на заняткі. Таму, пад прыкрыццём статусу студэнта мелася столькі дэбашыраў, нягоднікаў, распуснікаў і піякаў, што ўніверсітэцкае начальства вырашыла - яму не хапае моцы, каб трымаць усіх пад кантролем.
Больш за тое, у вуснах кожнага гульца, ашуканца і забойцы, калі ён быў не зусім стары, пры кожнай непрыемнай нагодзе, мелася сакральная фраза: "Я студэнт", - хоць ён ніколі ім не быў. Гэтае слова засцерагала яго ад неадкладнага арышту і следства. Яго імя дакладвалі рэктару, і часцей за ўсё, гэта было няпраўдай. А тым часам гэтая ягамосць шчасліва і беспакарана ўцякала з горада35. Але, хоць большасць свавольстваў рабілі людзі, якія не належалі да ўніверсітэта, трэба прызнаць, што і сярод нас не бракавала вялікіх нягоднікаў і распуснікаў. Такі стан рэчаў, які ўсё больш аддаляў студэнтаў ад мэт навучання, стаў галоўнай прычынай аб'яднання маральных людзей, якія жадалі дабра свайму краю. Таму і паўсталі аб'яднанні пад назвамі філаматаў (прамяністых) і філарэтаў (аматараў дабрачыннасці). Яны былі тым больш карыснымі, чым больш ўніверсітэцкае начальства не магло ўсіх кантраляваць і стрымліваць. Таму прадбачлівы стары, рэктар Малеўскі даў дазвол на заснаванне публічнага таварыства філаматаў, зборы якога былі не таемнымі, і адклікаў свой дазвол толькі, калі ўлады, якія інакш разумелі справы, пачалі ілжыва грувасціць падазрэнні - па іх меркаванні, падобныя таварыствы ў Германіі давялі да бяды. Малеўскі неахвотна і з жалем адклікаў свой дазвол, бо бачыў, што пасля стварэння таварыства, паводзіны моладзі раптоўна пачалі змяняцца да лепшага.
Генрык Жавускі ў адным са сваіх твораў пісаў, што гэтае шкодніцкае таварыства жыло ў гнілым грамадстве. Напісаў, бо не ведаў нічога пра таварыства і таму ўжыў агідныя фарбы. Ах, пан граф! Выюць і брэшуць на Месяц нават больш высакародныя істоты, але Месяцу ад гэтага ні лепш, ні горш!
Ніколі нельга патрабаваць ад людзей дасканаласці. Нават белыя, як снег, рэчы, маюць, калі не чорны дык хоць шэры бок. Замест духу гладыятараў, які раней мелі сівавусыя студэнты, сярод моладзі пачаў расці дух дысцыпліны і навуковага падыходу, што, напэўна, больш карысна для грамадства, але ў заваяваным краі заўсёды прыцягвае ўвагу ўраду. Урад уявіў сабе, што тая дубіна, якая яшчэ нядаўна адкрыта дэбашырыла, сёння пачала ўпотай пільнаваць прыхадня. Гэтая перадузятасць увесь час падагравалася і распальвалася менавіта чыноўнікамі, якія прыехалі з Расіі, бо тыя не змаглі знайсці сабе там месца і ўсімі сродкамі рабавалі забраныя правінцыі, каб як мага хутчэй забяспечыць сябе трывалае багацце і адначасова атрымаць усе магчымыя ўзнагароды за верную службу манарху. Як п'явак ці камароў, гэтых людзей немагчыма было насыціць, бо яны ўвесь час, як пералётныя птушкі, змяняліся, пры гэтым утваралі свой асобны гурток і не любілі край, які іх усіх так добра карміў. Яны выдатна разумелі стаўленне да сябе і таму лічылі за лепшае, першымі наракаць і скардзіцца на край.
Больш жвавыя і чуллівыя маладыя людзі маюць яшчэ зялёную галаву і замест таго каб спакойна пераносіць такіх асоб, яны на кожным кроку выказвалі сваё стаўленне да іх. Аднак, несумненна, каб Пецярбург рабіў лепшы адбор сваіх людзей, усё склалася б інакш. Бо кожнага расейца, каб толькі быў ён чэсным чыноўнікам, нават толькі з-за кантрасту, насілі б на руках. Дагэтуль, вось ужо гадоў пяцьдзесяць, у грамадскай памяці захоўваецца імя віленскага губернатара Нячаева, які за ўвесь час свайго кіравання ні ад каго не ўзяў ні аднаго граша і еў ячменную кашу, замест таго, каб, як іншыя, лупіць скуру з чужой маёмасці, даваць балі за чужы кошт, тысячы прайграваць ў карты і купляць сабе маёмасць за гвалтам выдраныя чужыя грошы.
Яшчэ больш прыкра, што чыноўнікі зусім не ведалі сваю справу і рэдка маглі рабіць што-небудзь карыснае, але ўсе хадзілі з растапыранымі пальцамі і расстаўленымі рукамі, каб з каго заўгодна злупіць грошы. Уся іх праца была ў подпісе. Таму ўсе справы рыхтавалі нашы юрысты, потым трэба было знайсці перакладчыка на рускую мову і толькі тады пакласці гэтым панам іх гатовую працу. Адвакат браў сваё, перакладчык - сваё, чыноўнік - сваё, і ў выніку, зрабіўшы справу, чалавек станавіўся больш бедным, чым быў. Сорамна сказаць, але справа дайшла да таго, што, напрыклад, выраз "советник губернской управы", "губернский прокурор" ці "падаткавая палата" сталі сінонімамі слова "злодзей". "Інспектар лекарскай палаты" і словы "невук" і "асёл" значылі адно і тое самае. І гэтак далей, і гэтак далей. Гэтую агіду да ганебных чыноўнікаў - служак цара прымалі за нянавісць да ўраду.
Другой прычынай дрэнных адносін было тое, што адбываецца амаль паўсюдна ў свеце. Вайскоўцы заўсёды бяруць верх над цывільнай моладдзю з-за сваіх бразготак, мундзіраў, грубасці, а можа з-за інстынктыўнага адчування жанчынамі небяспекі іх прафесіі. У нас нават маецца прыслоўе: "За мундурам - панны шнурам" (Прымаўка мае працяг: "За мундурам - панны шнурам, за сутанай - цэлай бандай". - Л. Л.).
Як толькі, апрача літоўскага корпуса, у якім служылі мясцовыя людзі, з'яўлялася новае войска, усе жанчыны таго слоя, перад якім афіцэры маглі сябе паказаць, кідалі сваіх ранейшых цывільных каханкаў і чапляліся за мундзіры. І таму паміж ваеннай і акадэміцкай моладдзю ці паміж афіцэрамі і адвакатамі, адбываліся пастаянныя звады, свары, дуэлі і бойкі36. Аднак гэта ўсё неяк згладжвалася нашай памяркоўнасцю, і таму з большага, было ціха.
Але ў 1822 г. прыйшла гвардыя! Твар расійскай моладзі. Усе маладыя, прыгожыя, смелыя, па-пецярбургску, а не па нашаму багатыя, экстравагантныя, з вялікім знешнім лоскам, у шмат разоў больш шыкоўных мундзірах, чым у лінейных войскаў, яны адразу патрапілі ў вышэйшы правінцыйны свет. Першы віленскі леў адчуў сябе мышшу перад такім героем. І што яшчэ горш, ён нават здаваўся смешным, бо Вільня - вучоны горад, што рабіла адбітак на характары яго мужчын. Жанчыны, якія мала клапаціліся пра вучонасць, перайшлі на бок гвардыі. Нібы не жадаючы "маскалёў", яны насамрэч публічна вешаліся ім на шыю. І прадстаўніцы прыгожага полу не толькі як след умелі выкарыстоўваць свае прыгожыя парывы, але лічылі іх настолькі натуральнымі, што не хавалі сваёй прыхільнасці. Адсюль і зайздрасць, і злосць, і скрыгат зубоў. З'явілася нянавісць паміж пакрыўджанымі каханкамі і іх рывалямі. А калі афіцэры гвардыі пачалі праяўляць пагарду да нашай моладзі, дык мясцовая моладзь да іх ставілася так, як патрабуюць традыцыі нашай старадаўняй варожасці, і пры кожным выпадку ішла на кулакі. На кулакі! Афіцэры гвардыі гэтага не разумелі, і я зараз раскажу вам, чаму.
І дагэтуль ніхто з нас не разумее, якое магічнае ўражанне робіць слова "гвардыя" ў Пецярбургу ці ў Маскве. Самы багаты гараджанін, купец, цывільны чыноўнік, з найвялікшым шанаваннем, удзячнасцю і радасцю аддасць сваю дачку з мільённым пасагам за самага ўбогага чалавека, калі ён мае самы малы чын афіцэра гвардыі. Перад афіцэрам гвардыі расступаецца вуліца, бо ўсе, хто носіць фракі, павінны ўступаюць ім дарогу па звычаі ці па інстынкце. Натуральна, гэта мясцовая звычка. І вось расійская гвардыя, цалкам прызвычаеная да такога гонару з часоў іх продкаў, нечакана апынулася ў Вільні пасярод людзей, якія не мелі ні найменшага ўяўлення пра яе ўяўныя перавагі і ведалі, што няма ніякага пісанага закона аб перавагах гвардыі, не разумелі, што адбываецца, і хацелі захаваць свае правы. Адваротны бок жадаў таго самага, да чаго прызвычаіўся ў Расіі, таго, што ў падобных акалічнасцях ён меў у сябе дома, і таму адразу дыскрэдытаваў сябе ў нас.
Вось якім быў першы інцыдэнт, які моцна раздражніў абодва бакі.
Нейкі Пуляноўскі, дужы і высокі хлопец, малады чалавек спакойнага і ціхага нораву, шпацыраваў па Антокалі разам з некалькімі сябрамі, гуляў шыкоўнымі тагачаснымі віленскімі бульварамі, знішчанымі сёння для будаўніцтва фартэцы, і размаўляў са сваімі спадарожнікамі. Ён не заўважыў, што насустрач ідзе гвардзейскі афіцэр, і яны выпадкова дакрануліся адзін да аднаго локцямі. Не прывыкшы да гэткага абыходжання афіцэр пакрыўдзіўся і штурхнуў Пуляноўскага кулаком у бок са словамі: "Как ты смеешь меня тронуть!". Пуляноўскі хутка абярнуўся і пальнуў яму ў храпу! ( "jak go palnіe po chrapach", - я імкнуўся як мага дакладней перадаць аўтарскі тэкст - Л. Л.). Ківер і ўсё, што там разам з ім было, паляцела на зямлю, а сам афіцэр ледзь утрымаўся на нагах. Збіты з панталыку, бо нават і падумаць не мог пра такое, ён толькі і змог прамовіць: "Я капітан гвардыі Пельскі". На што Пуляноўскі спакойна адказаў: "А я шавец Арлоўскі". Яны разышліся, і Пуляноўскі адразу знік37.
Але на бульварах гуляла шмат людзей, і таму праз чвэрць гадзіны ўвесь горад поўніўся пагалоскамі. Праз гадзіну, у выніку дакладу Пельскага, чаго для яго самога было лепш не рабіць, усе асобы з прозвішчам Арлоўскі і ўсе, хто жыў у дамах Арлоўскіх, былі арыштаваны і дапытаны. Нават дом нябожчыка Арлоўскага атачылі вартай. Але шукалі дарэмна. Увесь люд ад малых да дарослых, ведаў, што Пуляноўскі бараніўся ад грубіяна, быў пакрыўджаны бязвінна і адпомсціў за сябе па нашым старасвецкім звычаі. Нягледзячы на сем прызначаных адно за другім строгіх следстваў, нягледзячы на тое, што Пуляноўскі сам хацеў, каб яго адкрылі, ніхто не выдаў яго прозвішча і не назваў яго асобу. Магчыма, мы маем тут самы рэдкі выпадак у свеце, калі некалькі тысяч людзей ведалі нейкую карысную для сябе рэч, гэтыя веды маглі б прынесці ім грошы, і тым не менш, здрадніка сярод іх не знайшлося! А для ўладаў такі ўпарты сакрэт з'яўляўся сапраўднай крыўдай, бо заставалася яшчэ памяць пра ранейшы адпор. Аднак сёння князь навыперадкі перад графам, граф навыперадкі перад шляхціцам, шляхціц навыперадкі перад цыганом, цыган навыперадкі перад яўрэем, кінуліся б, каб данесці першым.
Неўзабаве, Францішка Узлоўскага, галоўнага флегматыка ўніверсітэта, на маіх вачах абразліва зачапіў нейкі Дзюкло, таксама капітан гвардыі, Францішак выклікаў капітана на дуэль бо не паспеў ударыць у твар - ужо ўзнятую для ўдару руку перахапіў падскочыўшы ў той момант дырэктар казіно Ян Ходзька. Генерал, якому падпарадкоўваўся Дзюкло, прыслаў свайго ад'ютанта, які перадаў, што будзе страляцца толькі з дыстанцыі ў пяць крокаў. Каб уразіць ад'ютанта, Узлоўскі спакойна і, ні з кім не параіўшыся, на вачах у сведкаў дастаў з кішэні насоўку і сказаў: "Будзем страляцца нават яшчэ бліжэй - абодва будзем трымаць канцы гэтай хусткі". Ад'ютант, напалоханы такой рашучасцю і спакоем, далажыў пра перамовы. Вайсковае начальства паведаміла рэктару, і рэктар загадаў неадкладна арыштаваць Узлоўскага. Але той ужо меў гатовую просьбу аб адлічэнні яго са студэнтаў і перадаў яе бэдалю, які прыйшоў яго арыштоўваць, такім чынам выйшаў з-пад улады рэктара і патрапіў пад уладу паліцыі. Паліцыя павінна была яго арыштаваць, чым нарабіла б яшчэ больш сораму і розгаласу. Дзюкло не з'явіўся на дуэль, бо чакаў прыезду вялікага князя, ад якога мог залежаць вырак па гэтай справе. Справа зацягнулася і потым заціхла. Дуэль не адбылася.
Тым часам Пельскі, не маючы магчымасці знішчыць крыўдзіцеля і сцерці з сябе ганьбу, дайшоў да адчаю і вымушаны быў пакінуць службу як публічна зганьбаваны афіцэр. Наша моладзь стала яшчэ больш амбітнай.
Як бачыце, гэта не магло абудзіць сяброўства, а наадварот раздзьмувала нянавісць. І ўсё толькі з-за ўзаемнага непаразумення. Equіvoque maudіte (фр. "Праклятая недарэчнасць". - Л. Л.) як казаў Вальтэр. Пагарда рускіх афіцэраў да фракаў, як яны называлі цывільных, была самай нявіннай з іх звычак. У Расіі кожны дваранін павінен быў служыць у войску і нават самыя высокія і важныя дзяржаўныя чыноўнікі пачыналі сваю службу з вайсковай і служылі хаця б некалькі гадоў, да першага чыну. А ў нас засталася толькі памяць пра паспалітае рушэнне, якое ўжо неахвотна збіралася у канцы нашага палітычнага жыцця, і нашыя вайскоўцы, хоць і лічыліся важнымі, высакароднымі і паважанымі асобамі, усё ж не абавязаны былі насіць мундзір, які ў Расіі быў галоўнай прыкметай высакароднасці і мужнасці. Таму, калі б мы маглі паразумецца з імі, зразумець што справа не ў мундзіры ці ў яго адсутнасці, адносіны склаліся б па-іншаму. А паразумецца было патрэбна! Але як? Трэба было нашым бацькам, забыўшы старыя крыўды часоў саксонскіх Аўгустаў і Станіслава, з маладосці напраўляць нас у Пецярбург ці Маскву - адным словам, у Расію, знаёміцца там з ідэямі народа, які пануе над намі, як некалі Батый панаваў над імі. Каб не думалі, што Расія недзе за морам і нам усё гэта непатрэбна, бо "Тадэвуш Касцюшка ёсць залаты яблык" і што "Polska nіe zgіnela, pokі my zyjemy". Гісторыя вучыць, што народныя песні могуць мяняцца. Здаровы сэнс і зразумелая асабістая зацікаўленасць падказваюць, што "на чыім возе едзеш, таму і песеньку пяеш", і няхай на ўсё будзе Божая воля.
Наколькі прадузятасць да цывільнага адзення ўкаранілася і, магчыма, яшчэ захоўваецца ў рускім войску, паказвае наступны анекдот. Праз шмат гадоў, у 1831 г., я быў у Маскве на абедзе ў генерала, графа Закрэўскага, у той час міністра ўнутраных спраў, калісьці чалавека недаступнага, бо блізкага да цара Аляксандра І ад'ютанта. Я распытваў яго пра падрабязнасці знаходжання і паводзіны імператара ў Парыжы, Парыж у той час насіў яго на руках. Гр. Закрэўскі паведаміў мне, між іншым, што імператар і ўся яго світа былі там у фраках. Таму малады ад'ютант, граф Кутайсаў, самы добры і ветлівы хлопчык, з вялікім здзіўленнем усклікнуў: "Як гэта ў фраках? Гэтак мы можам падвергнуць сябе найвялікшай абразе!". Закрэўскі, чалавек дасведчаны і мудры, толькі іранічна зірнуў на яго і засмяяўся. У той час ён, малады і гарачы, быў з Кутайсавым, як з братам, і сказаў яму: "Слухай, Кутайсаў, скажу табе толькі адно - глядзі, вось я ёсць у фраку, але паспрабуй мяне пакрыўдзіць, зразумееш тады, ці бароніць цябе мундзір". Закрэўскі ў той час тлумачыў маладым афіцэрам, розніцу паміж мундзірам у Расіі і ў Еўропе. Але досыць пра гэта.
Тое, што я сказаў вышэй, мела яшчэ адзін вынік. Старасвецкія дамы, а такіх было яшчэ многа, не жадалі сваіх дачок выстаўляць на баламуцтвы і плёткі, дамы, дзе хацелі, каб іх дочкі выйшлі замуж у сваёй ваколіцы, дамы, якія не жадалі ўразіць сваіх знаёмых, крэўных і сяброў непазбежнымі сваркамі з вайскоўцамі, наадрэз адмаўляліся іх прымаць і зачынілі перад імі дзверы. Натуральна, што ў гэтых дамах было шмат маладых і прыгожых жанчын і дзяўчат. Салодкая прынада для афіцэраў! Больш хітрыя пачалі хваліць і ліслівіць афіцэрам, каб з імі пасябравалі сыны ці браты, але ўбачылі, што гэта нічога не дае і кінулі справу. Зноў пачаліся крыўды. Аднак, у дужках скажу, што прынамсі тыя, хто ў сваіх дамах не хацеў сябраваць з вайскоўцамі, больш за іншых аказаліся прадбачлівымі і разумнымі. Ніводная панна з тых, якія закахаліся ў афіцэра, не выйшла ні за аднаго з іх замуж, наадварот, было шмат скампраметаваных і нікому больш не патрэбных.
З-за гэтага віленскае грамадства было падзелена на дзве цалкам размежаваныя паловы. У адной палове былі толькі мундзіры, а ў другой толькі фракі. Як толькі адбыўся гэты падзел, паміж палавінамі знікла зайздрасць. Ці, прынамсі, так здавалася. Аднак вышэйшая вайсковая ўлада не цікавілася матывамі і трымалася свайго, яна бачыла гэты падзел і ўсю віну за яго няслушна прыпісала фракам, яна паверыла ў гэта, як і ў нянавісць усяго краю да ўраду.
(Працяг у наступным нумары.)
* Morawski Stanislaw. Kilka lat mlodosci mojej w Wilnie (1818-1825). Warszawa, 1924. Пераклад Леаніда Лаўрэша.
34 Падзеі першай паловы XIX ст. назаўсёды засталіся ў народнай свядомасці, працытую тут урывак з артыкула вядомага даследчыка гісторыі таго стагоддзя: "У фільме выбітнага польскага кінарэжысёра Юліюша Махульскага "Ва банк" ёсць выдатная, хоць далёка не ўсім гледачам зразумелая сцэна. Да банкіра прыходзіць ашуканы ўкладчык, каб з пісталетам у руках прымусіць яго вярнуць свае грошы. Але банкір прымяняе выключна псіхалагічную абарону - ён раптам упэўнена крычыць на наведвальніка на добрай рускай мове: "Poszol won!". Той дранцвее ад жаху і губляецца, у выніку варта абяззбройвае і выводзіць яго.
Як правіла, польскія гледачы ў гэты момант смяюцца і апладзіруюць. Гледачы постсавецкай прасторы, якія глядзяць фільм у перакладзе на рускую мову, не разумеюць сапраўднага сэнсу таго, што адбываецца на экране: там усе гавораць на рускай мове. Чаго ж так спалохаўся гэты вусаты пан?
Дзеянне адбываецца ў невялікім польскім мястэчку міжваеннага дваццацігоддзя (ХХ ст.). Польшча толькі што набыла незалежнасць пасля шматгадовага знаходжання ў складзе Расійскай імперыі. Руская гаворка ўсё яшчэ ўспрымаецца як апошні аргумент у спрэчцы - як абавязковы атрыбут начальніка, пана, які самаўладна распараджаецца лёсамі людзей. … ёсць пэўныя гістарычныя фігуры, да якіх нават праз дзвесце гадоў польская свядомасць не можа ставіцца гумарыстычна. Адной з іх, несумненна з'яўляецца М. М. Навасільцаў які перманентна актуалізуецца ў гісторыі польска-расійскіх адносін.
Як заўважыў адзін з сучаснікаў усемагутнага камісара расійскага ўрада пры ўрадзе Царства Польскага, паэт-класіцыст Каэтан Кажмян, "палякам згадаць імя Навасільцава пры іх цяперашнім настроі думак - тое самае, што сумленным і набожным католікам уявіць сабе сатану". - гл. Н. Н. Новосильцов в польской литературе 1820-1830-х гг. // Федута А.И. Письма прошедшего времени. Материалы к истории литературы и литературного быта Российской Империи. Минск: Лимариус, 2009. С. 198-206.
33 Маецца на ўвазе спрадвечнае права аўтаноміі ўніверсітэтаў, згодна з якім паліцыя не толькі не магла арыштоўваць кагосьці з універсітэцкай карпарацыі, але і заходзіць на тэрыторыю ўніверсітэта. - Л. Л.
36 Пра знаходжанне гвардыі, в. кн. Мікалая і в. кн. Міхаіла ў Вільні і Літве Тамаш Масальскі пісаў ў сваім рукапісным дзённіку: "Гэты год (1822 г.) быў адзначаны прысутнасцю ў Вільні гвардыі, высланай з Пецярбурга ў Літву, як казалі, у якасці пакарання, відаць, за нейкую дэманстрацыю ці пагрозу камусьці падчас тагачаснай смуты ў Італіі ці ў Іспаніі. На ўсіх сустрэчах у Вільні афіцэры імкнуліся весці рэй, і таму часта здараліся прыкрыя інцыдэнты са студэнтамі. Вялікі князь Мікалай, у той час камандзір брыгады, якая стаяла ў Вільні, быў пакрыўджаны гэтымі падзеямі, злаваўся на нас і Вільню за тое, што ніхто яго не шанаваў (асабліва студэнты) і не здымаў перад ім шапкі. Сам заўсёды быў пануры, ссохлы і зусім не падобны на самога сябе, калі стаў імператарам. Калі з'яўляўся на вуліцы, дык хадзіў апусціўшы галаву, кіслы і нібы не задаволены сабой і ўсім светам. Нічым іншым не займаўся як толькі цэлымі днямі муштраваў сваіх жаўнераў у зале, гэта мы бачылі праз вокны. Яго таксама ніхто не любіў, і ніхто не прадчуваў, што ён хутка стане нашым царом, але, магчыма, адчувалі якім ён будзе, калі зойме трон. Міхаіл, таксама камандзір брыгады, стаяў у Свянцянах. Гэты толькі гуляў, але гуляў своеасабліва. Напрыклад, у якасці адпачынку катаўся вярхом на яўрэях. Калі пайшоў дождж і ў незабрукаваным мястэчку стала гразка, ён паклікаў яўрэяў, загадаў ім стаць на карачкі, сеў на самога рослага з іх як на каня, на іншых яўрэяў села світа яго афіцэраў, і ён загадаў вазіць іх па вуліцах. Па-праўдзе, добра за гэта заплаціў".
37 Бойка Пуляноўскага з Пельскім адбылася 4 сакавіка 1822 г. Сямнаццацігадовы гімназіст Эдвард Пуляноўскі паходзіў са Слуцкага павета і быў вучнем Тамаша Зана. Потым стаў вайскоўцам і, нарэшце, працаваў на сельскай гаспадарцы і стаў бацькам вялікай сям'і. Усімі быў любімы за высакароднасць і дабрыню сэрца. - гл: Filareci i filomaci: list Ignacego Domejki. Poznan, 1872. S. 32-33. - Л. Л.
Беларусы сустракаюцца з індзейцамі
Клопат пра творцаў: Вір, Мядзведзь, Сіняк, Юрэвіч; клопат пра канверты
(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-52 (105-156) (2024); № 1-25 (157-181) за 2025 г.)
Хаця мы забяспечылі доступ праз інтэрнэт да значнай часткі нашай карэспандэнцыі, уключаючы канверты, мы пакуль не выкарыстоўвалі іх як факсіміле ў друкаваных выданнях, хаця і мелі такую магчымасць (змясціўшы ўзоры выяў уласна лістоў у артыкуле, заснаваным у асноўным на карэспандэнцыі). Тым не менш, указанні на канверты ёсць у нашых публікацыях, у прыватнасці, у спасылках на лісты без дат, дзе замест іх даюцца даты са штэмпеляў (напрыклад, выпадкі з лістамі ад М. Танка, Н. Гілевіча, А. Якімовіча).
Больш за дзве тысячы (бліжэй да дзвюх з паловай) уваходных канвертаў (як і выходныя, узоры якіх маем з групы вернутых юнацкіх лістоў да Ю. Бялова, не адпраўленых, вернутых як недастаўленыя, а лёс астатніх можна толькі прагназаваць) з'яўляюцца важнай часткай архіва БІТ, сотні знаходзяцца ў калекцыі "Лацінаамерыканскага цэнтра". Гэта своеасаблівая форма дэманстрацыі камунікацыйных практык даследчыкаў і іншых асоб, уцягнутых у беларуска-амерыканскія сувязі, амерыканістыку, і аперацый, выкананых паштовымі работнікамі. Пры гэтым прадстаўнікі розных краін, што адгукаюцца на індзеянісцкія ініцыятывы з Беларусі і распаўсюджваюць іх назвы, даюць пэўную інфармацыю пра сябе адкрытага і схаванага характару, паказваюць свае стандарты афармлення карэспандэнцыі. Гэта асабліва цікава для пакаленняў, якія перайшлі да выкарыстання электроннай пошты і месенджараў.
Статыстыка
Краіны, з якіх прыйшлі канверты, - алфавітны спіс з кодамі: АМЕРЫКА: Аргенціна (AR), Бразілія (BR), ЗША (US), Канада (CA), Куба (CU), Мексіка (MX), Перу (PE), Чылі (CL), Ямайка (JM); АЎСТРАЛІЯ І АКІЯНІЯ: Аўстралія (AU); ЕЎРОПА: Аўстрыя (AT), Балгарыя (BG), Беларусь (BY), Бельгія (BE), Венгрыя (HU), Вялікабрытанія (UK), Германія (DE), Данія (DK), Іспанія (ES), Італія (IT), Латвія (LV), Літва (LT), Нідэрланды (NL), Партугалія (PT), Польшча (PL), Расія (RU), Украіна (UA), Фінляндыя (FI), Францыя (FR), Чэхія (CZ), Швейцарыя (CH), Швецыя (SE); АЗІЯ: Індыя (IN), Казахстан (KZ), Таджыкістан (TJ), Узбекістан (UZ), Японія (JP). Усяго - 37 краін (лісты ў рэспублікі часоў СССР размеркаваныя па сучасных краінах), у т.л. Амерыкі - 9, Аўстраліі і Акіяніі -1, Еўропы - 22, Азіі - 5.
Не ўлічваюцца вернутыя лісты, якія маюць штэмпелі паштовых службаў адпаведных краін, як, напрыклад, у выпадках з Панамай (г. Панама, 1996) і Ірландыяй (Дублін, 1998) (яны могуць быць аднесеныя да ўваходнай карэспандэнцыі (канвертаў) у шырокім сэнсе і ўключаюцца ў рэгістратар уваходных адпраўленняў, у адрозненне ад вернутых з-за няпоўнай аплаты і іншых "мясцовых" тэхнічных прычын).
Малая колькасць краін / лістоў з Лацінскай Амерыкі ў Гомелі тлумачыцца спецыялізацыяй, звычкамі і лёсам трох асноўных актывістаў, якія паўплывалі на дыспрапорцыю на карысць ЗША і Канады. Уваходная карэспандэнцыя двух калег у Гомелі ў адным выпадку (А. Снітко) уяўляе сабой пераважна масіў лістоў з рэспублік СССР пры амаль поўнай адсутнасці лістоў з-за мяжы (выключэнне - інфармацыйныя рассылкі з Вялікабрытаніі), у другім (В. Рудэнка) уключала шматлікія адпраўленні з многіх краін свету ў рамках інтэрнацыяналісцкіх кампаній, якія амаль цалкам страчаныя. Выключэнне складаюць лісты В. Рудэнкі з Масквы ў Гомель. Яны - унікальны прыклад эксперыментаў з канвертамі, якія ўключалі мадыфікацыю бланкавых канвертаў маскоўскіх арганізацый, знойдзеных у макулатуры, наклейкамі і надпісамі, якія не ўпісваюцца ў строгія правілы афармлення паштовых адпраўленняў. Трэці калега (С. Барысенка) таксама ўклаў свае творчыя здольнасці ў афармленне, як у выпадку з лістом у Лорэнс (Канзас), на які адказ быў.
Наш вернуты з Сан-Паўлу ліст
Uniao das Nacoes Indigenas, Praca Ennio Barbata, s/n-Caxingui, Sao Paulo SP 05517, Brazil
May 16, 1997
Dear Friends:
We become aware of some current (and urgent) Indigenous issues in Brazil only by the courtesy of Survival, based in London. The Portuguese language is not an unsolvable problem, but if you have un update on your organization in English or Spanish, we would be obliged to you. Do you have a concise biography of Mario Juruna? Many here are very much interested in the life of this prominent man.
Sincerely yours, […]
Літ.:
7899 Монастырский Н. Бледнолицый вождь краснокожих // Секретные материалы. 2004. № 12 (июнь). С. 28-29. (Рубр.: Человек-легенда; Минский театральный институт, клич индейский победный, Гойко Митич в Минске; экз. А. Снітко, частка экз. (БІТ) 2011-09-11 - дар В. Рудэнкі, па пошце.)
ВІР Васіль (Vasil Vir) - родам з Піншчыны, і антыпольскі, і антыфашысцкі, і антысавецкі дзеяч, падпольшчык у сваім разуменні. У Германію перабраўся не дабраахвотна: адпраўлены туды на прымусовую працу пасля таго, як быў арыштаваны СД у Пінску. Быў членам рэдкалегіі таронцкага "Беларускага голасу", членам літаб'яднання "Баявая Ускалось" (Літаратурная сустань "Баявая Ускалось", якая ўяўляе сабой аднаўленне нелегальнага заходнебеларускага літаратурнага згуртавання "Маладая Ускалось"), друкаваўся ў аднайменным часопісе.
Да яго мае адносіны падзея з хронікі "БУ", пра якую нам паведаміў А. Баркоўскі (выпісаўшы з "Беларускага голасу" ў лісце ад 9.02.1990).
Высвятляецца, што літаратурная "сустань" "Баявая Ускалось" не пакідае без увагі пэўныя мерапрыемствы з удзелам індзейскіх пісьменнікаў. 14.11.1990 г. яе прадстаўнікі прысутнічалі на "падабедку" ў гарадской "управе" Таронта з нагоды "індыянскіх дзён" (Indian Days), на якім з "гумарыстычнымі апавяданнямі з Аджубвэйскай мовы" выступіў лектар этналагічнага дэпартамента Антарыйскага Каралеўскага музея аджыбвей Базыль (Бэйзіл) Джонстан (у Баркоўскага напісана Джонсан; Basil H. Johnston) і з уласнымі творамі - аджыбвейская паэтэса Лянора Кешыг-Тобіяс (Lenore Keeshig-Tobias).
Лянора, бадай Лянор, Кішыг, а не Кешыг, і Джонстан, а не Джонсан (таксама і ў перакладах апошняга Ірынай Варабей ён падаецца і так, і так).
Лянор Кішыг-Тобіяс (з-за цікавасці яе маці да паэзіі асабістае імя Лянор узятае з паэмы По "Крумкач") - апавядальніца, паэтка, навуковец і журналістка анішынаабэ (належыць да нанавашскіх чыпева, Chippewas of Nawash Unceded First Nation). Яна актыўная ва ўмацаванні пазіцый сваіх калег, карэнных пісьменнікаў Канады. Доўга жыла ў Таронта, вярнулася на паўвостраў Брус (Bruce Peninsula) у пачатку 1990-х гг. З 2001 г. працавала ў Парках Канады натуралістам, культурным інтэрпрэтатарам і даследчыцай вуснай гісторыі, у міжсезонне выкладаючы ў каледжы Джорджа Браўна ў Таронта.
Бэйзіл (Бэзіл, Бэсіл) Джонстан - адзін з самых значных карэнных пісьменнікаў Канады (https:// www.thecanadianencyclopedia.ca/en/article/basil-h-johnston), нават калі вы пра гэта не ведалі аж да гэтага моманту. Нічога дзіўнага. Што казаць пра Канаду, калі ў Польшчы нават філолагі не ведаюць ніводнага з класікаў - Купалу, Коласа і Багдановіча, добра яшчэ, што з "беларускіх пісьменнікаў" ведаюць Адама Міцкевіча, блытаючы яго па знешнасці з Пушкіным (рэальны выпадак са зносін аўтара БСІ з адной выпускніцай Варшаўскага ўніверсітэта).
Яго "Прароцтва" ў перакладзе І. Варабей у альманаху "Беларус" (2010), якраз перад "Як злавіць белага чалавека…" Кішыг-Тобіяс, падпісанае Джонсан, хаця правільна Джонстан (Basil H. Johnston) - як у падборцы на яе сайце.
Джонстан нарадзіўся ў рэзервацыі Пэры-Айленд (Parry Island Indian Reserve). Як і Кішыг-Тобіяс, ён быў чыпева з Навашскага народа, раней Кейп-Крокер (Нея-ашыінігміінг; Cape Croker, Neyaashiinigmiing) на паўвостраве Брус.
Важна, што пісаў ён і на сваёй роднай мове.
Літ.:
3840 Вір В. Загаўкалі і аб нашай Народнай Грамадзе // Беларускі голас (Таронта). 1991. № 365 (кастр.). С. 9.
13190 З нагоды індыянскіх дзён // Беларускі голас. 1991. № 359 (снеж. - студз.).
9147 Кішыг-Тобіас Т. Як злавіць белага чалавека, (ой!) то бок, хлуса / пер. з анг. І. Варабей // Беларус: літаратурны альманах беларускіх пісьменнікаў замежжа. Нью-Ёрк, 2010. С. 43-45.
МЯДЗВЕДЗЬ Аляксандр (Aliaksandr Miadzvedz, Aleksandr Medved) - ураджэнец Белай Царквы (Кіеўская вобласць), памёр у 2024 г.
Мядзведзь назіраў індзейцаў і метысаў у Мексіцы, на Алімпіядзе 1968 г., дзе стаў алімпійскім чэмпіёнам. Але ўжо на папярэдняй, 1964 г. у Токіа, у яго была магчымасць убачыць індзейца - алімпійскага чэмпіёна, як і ён, упершыню тады. Гэта быў сіў.
Па легендарнасці Мядзведзя можна параўнаць з Мілсам - прозвішча ад апелятыва надавала дадатковы шарм гэтаму барцу руска-ўкраінскага, верагодна, паходжання ("Па словах Мядзведзя, яго дзед з бабуляй прыехалі ва Украіну з Расіі. Бабулю звалі Мядзведзіхай (мянушка атрыманая яшчэ ў Расіі), яе рост быў 192 см. Дзед быў яшчэ вышэйшы").
"Білі Мілс (англ.: Billy Mills, імя пры нараджэнні - лакота: Makata Taka Hela; нар. 30 чэрвеня 1938, Пайн-Рыдж, Паўднёвая Дакота, ЗША) - амерыканскі стаер, алімпійскі чэмпіён у бегу на 10 000 метраў. Адзіны амерыканскі алімпійскі чэмпіён на гэтай дыстанцыі і другі ў гісторыі ЗША алімпійскі чэмпіён - прадстаўнік карэнных народаў Амерыкі" - такі цяпер артыкул у беларускай Вікіпедыі.
Найбольш блізкімі да яго з беларускіх спартсменаў у Токіа былі лёгкаатлеты (з Менска і Віцебска): Імант Кукліч, бег 400 м з бар'ерамі; Марыя Іткіна, 400 м; Барыс Храловіч, хадзьба 20 км; Рамуальд Клім (Віцебск), молат. Іншыя з 10 удзельнікаў Алімпіяды з Беларусі былі: Алена Валчэцкая з Гродна, гімнастыка; Ігар Бакалаў, стральба - хуткасная з малакалібернага пісталета; Юрый Смалякоў, фехтаванне, шпага; Аляксей Ніканчыкаў, таксама шпага; Таццяна Самусенка, 26 гадоў, рапіра (усе мінчане).
Пра Мілса ёсць мастацкі фільм, які ішоў і ў беларускім пракаце, - "Бягучы смяльчак" (1983, Running Brave, магчыма, воін?). Ролю яго ў фільме выконвае Робі Бенсан (Robby Benson, кінематаграфіст, спявак і г.д., які ад нараджэння быў Робінам Дэвідам Сегалам з дзядулямі і бабулямі з "Румыніі, Расіі і Польшчы").
У серыі БСІ мы змяшчалі фота з нашым яшчэ не завостраным (дагэтуль) алоўкам з надпісам Running Strong for American Indian Youth (арганізацыя пад эгідай Christian Relief Services), якая была створаная Мілсам разам Юджынам Крызекам (Eugene "Gene" Krizek).
Літ.:
1296 Запрашаюць кінатэатры // Звязда. 1987. 6 мая. ("Бягучы смяльчак".)
1294 Запрашаюць кінатэатры // Звязда. 1987. 7 мая. ("Бягучы смяльчак".)
2911 Бейкер М. Тропою духов: роман / [пер. с англ.; ред. текста пер. Е. В. Павлова]. Мн., 1995. (Лакота, сиуксы.)
1661 На катастрафічнае становішча індзейцаў, якія жывуць у рэзервацыях амерыканскага штата Паўднёвая Дакота, указалі прадстаўнікі аднаго з індзейскіх плямён // Звязда. 1985. 7 снеж.
2858 Овчаренко В. И. Психоаналитический глоссарий. Мн., 1994. (Сиу.)
12440 Каспяровіч П. Майстар спорту // Новы замак. Гродна, 2020. С. 117-122. (Аўтар - святар гродзенскага Пакроўскага сабора; рэзервацыя Пайн-Рыдж, Pine Ridge.)
СІНЯК Мэдлін (4) - даволі блізка знаёмая з выдатным індзейскім лідарам са сквамішаў па сумеснай працы ў Рабочай групе Канадскай асацыяцыі вяшчальнікаў па пытаннях культурнай разнастайнасці на тэлебачанні (Canadian Association of Broadcasters' Task Force for Cultural Diversity on Television).
"Стэфані Маціяс - спадчынны Правадыр племені сквамішаў [Squamish, British Columbia]. Таму яна ўдзельнічае ў многіх культурных мерапрыемствах, цырымоніях і грамадскіх мерапрыемствах, прысвечаных народу сквамішаў і іншым карэнным канадцам [Native Canadians], і яе часта просяць выступіць на маладзёжных, жаночых канферэнцыях і розных палітычных мерапрыемствах.
Стэфані - сцэнарыстка і акцёрка тэлебачання і мастацкіх фільмаў. У цяперашні час яна працуе над сцэнарыем мастацкага фільма пад назвай "Карэнная зямля" ["Родная зямля", Native Land] (рабочая назва) і з'яўляецца ў серыяле "Да Вінчы: Расследаванне" [Da Vinci's Inquest] у ролі Брэнды Эберхарт [Brenda Eberhart]".
У рабочай групе - па чатыры прадстаўнікі ад "індустрыі" і ад асоб па-за ёй:
CANADIAN ASSOCIATION OF BROADCASTERS' TASK FORCE FOR CULTURAL DIVERSITY ON TELEVISION MEMBERSHIP
(excerpts)
Non-Industry Representatives
Beverley J. Oda (Co-Chair) served as a full-time Commissioner of the CRTC for a seven-year term beginning in 1987.
Stefany Mathias is a hereditary Chief of the Squamish Nation.
Marie Anna Murat is a journalist with RDI.
Raj Rasalingam is President of the Pearson-Shoyama Institute (PSI), a national public policy think tank, dedicated to reflecting the multicultural, multiracial and multiethnic reality of Canada in public policy dialogue.
Industry Representatives
Madeline Ziniak (Co-Chair) is Vice-President and Station Manager for Omni Television and is the executive in charge of Multilingual Television for Eastern Canada with Rogers Media. Madeline has over 20 years experience in ethnic broadcasting during which she has developed close ties with a variety of ethnic and cultural communities in To-ronto and across Canada. Madeline has served on a number of Boards and is a member of several industry organizations and committees including the Ontario Advisory Council on Multiculturalism and Citizenship; Canadian Ethnic Journalists' and Writers' Club; Race Relations Advisory Council on Advertising - Canadian Advertising Foundation; the CAB's Joint Societal Issues Committee; Canadian Broad-cast Standards Council; and Canadian Scene Foundation, third language news service. In addition, Madeline has re-ceived a number of awards for her commitment to ethnic broadcasting and her community including the Order of Ontario; Lieutenant Governor's Gold Medal for Print and Electronic Media, Human Rights and Race Relations Centre; and the Sierhey Khmara Ziniak Award for unswerving dedication to multiculturalism and its affirmative expression through the medium of television.
Elaine Ali, Senior Vice-President, CTV Stations Group has overall responsibility for all of CTV's 27 owned-and-operated local stations and is the executive responsible for the development and implementation of CTV's corporate diversity plan.
Sarah Crawford, Vice-President Public Affairs - CHUM Television is a champion of diversity both within CHUM and within the industry.
Rita Cugini, Vice President, Regulatory Affairs and Business Development for Alliance Atlantis Commu-nications, is one of the key executives responsible for the development and implementation of Alliance Atlantis's Cultural Diversity Plan and Best Practices.
Philippe Lapointe, Vice-president Information et Affaires publiques, TVA et LCN, is a veteran in the broad-casting industry having worked as a journalist, director, producer and news director at various times throughout his career.
Літ.:
5204 Індыянская нагарода Хмаранцы // Беларускі голас. 1988 № 346 (лістап.). (Гл. тэкст у лісце А. Баркоўскага ад 1991-06-22 як іл. у арт. "Вір".)
ЮРЭВІЧ Валянцін (8) - працягвае расказваць Густава Гуаясаміна і помнікі Эквадора.
Валянцін Юрэвіч
СОНЕЧНЫЯ КІРУНКІ ПІЧЫНЧА
Чарговы фільм Густава - пра індзейскія святы, звязаныя з сонечнымі з'явамі - сонцастаяннямі і раўнадзенствамі. Хронікі XVI ст. сведчаць, што ў дзяржаве інкаў, Таўантынсую (у перакладзе з кечуа - чатыры бакі свету), цырымоніі, прымеркаваныя да гэтых падзей, былі важнай дзяржаўнай справай. Да нядаўніх часоў святы Сонца захоўваліся ў нямногіх індзейскіх грамадах, найменш схільных да ўплыву сучаснай цывілізацыі, якая ўраўноўвае. Але памяць пра іх захоўвалася паўсюдна, і гэта дапамагло іх адраджэнню намаганнямі энтузіястаў вывучэння старажытнай індзейскай культуры.
Г. Гуаясамін лічыў, што я вельмі дапамог яму ў стварэнні фільма. Наўрад ці мой уклад быў вельмі вялікім, але, вядома, я адгукаўся на ўсе яго просьбы аб дапамозе. Аднойчы, гэта было летам 1992 г., ён прыйшоў вельмі ўсхваляваны і сказаў, што я тут жа павінен адправіцца з ім у Сан Антоніа дэ Пічынча [Сан-Антоніа-дэ-Пічынча, San Antonio de Pichincha], там знойдзены нейкі індзейскі будынак, дзе адзначаны сонечныя кірункі.
Сан Антоніа дэ Пічынча - паселішча на поўнач ад Кіта, размешчанае на лініі экватара. У 1936 г., да 200-годдзя франка-іспанскай экспедыцыі па вымярэнні дугі мерыдыяна, у ім быў збудаваны помнік у форме вузкай усечанай піраміды, увянчанай шарам. Праз 50 гадоў помнік быў заменены на новы, які захаваў тую ж форму, але значна большы па памерах, а на шары з'явіліся абрысы мацерыкоў. Унутры піраміды размяшчаецца этнаграфічны музей. Вакол помніка створаны турыстычны комплекс, які атрымаў назву Мітад дэль Мунда [Мітад-дэль-Мунда, Mitad del Mundo], па-руску - сярэдзіна свету, вельмі прыдатная назва для месца, размешчанага сапраўды на экватары. Помнік намаляваны на сведчанні, якое пры жаданні можна набыць тут, у ім гаворыцца, што сам Інці (бог Сонца) пацвярджае знаходжанне вось такога сеньёра ў Мітад дэль Мунда і што ўказаны сеньёр паставіў свае ступні сапраўды на максімальную лінію планеты Зямля.
Літ.:
8724 Таўантынсую // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 15. Мн., 2002. С. 458.
*НЕКРАЛОГ: Букчын Сямён (1941-2025) - літаратуразнаўца, пісьменнік, публіцыст.
Адна з тэм, якая нас цікавіла ў сувязі з Сямёнам Букчыным, - паходжанне Уласа Дарашэвіча. Сямён шмат займаўся ім, выдаваў яго творы ў арыгінале. Падарожжа яго ў Амерыку і яго нібыта беларускае прозвішча ў свой час былі "ўводнымі". А тут усплыла "Індыя".
30.08.2006 ён напісаў:
"Неяк не магу ўспомніць Вашы дачыненні да Індыі? Між іншым тут ёсць глеба для супрацоўніцтва. Я зацікаўлены ў выданні ў Індыі індыйскіх казак і легендаў Уласа Дарашэвіча".
2.09.2006 ён пісаў:
"Паважаны Алесь.
Трохі разгубіўся ад Вашага апошняга мэйла. З аднаго боку вітаеце выданне ў Індыі індыйскіх казак і легенд Дарашэвіча. З другога - пытаецеся пра ягоныя беларускія карані ў сувязі з нейкай амерыканскай тэмай у ягонай творчасці. Не, я разумею, што беларускія дачыненні пісьменніка для Вашага таварыства істотныя, але не магу ўцяміць апошні момант - з Амерыкай...
Тым не менш паведамляю, што маці ягоная, вядомая ў свае часы расейская [расійская] газетна-бульварная пісьменніца, дэтэктыўшчыца дарэчы, Аляксандра Сакалова, з расейскіх арыстакратаў, бацька Сяргей Сакалоў быў "нізкага паходжання", належаў да маскоўскай багемы 70-х гадоў, рана памёр. Дзіця, кінутае маці, узяў у свой дом і выхоўваў дробны служачы маскоўскай гарадской паліцыі Міхаіл Радзівонавіч Дарашэвіч. Можна толькі меркаваць па прозвішчы, што ён меў беларускія карані, але ніякіх дакумэнтаў [дакументаў] на гэты конт не захавалася. Ну і вядома, што ад прыемнага бацькі славуты фельетаніст меў прозвішча і імя па бацьку.
Наконт "індыйскага праекту", калі гэта сур'ёзна, пішыце дакладней. Можам пачаць абмеркаванне.
Дарэчы, я нічога ня [не] ведаю пра Ваша таварыства і яго магчымасці.
Дзякуй за адрас Кана [Sergei Kan], я меў на ўвазе паведаміць яго свайму сахалінскаму сябру-гісторыку [У. Латышаву], які займаецца Штэрнбергам, але высветлілася, што пра Кана ён ведае.
Усяго найлепшага.
С.Б."
3.09.2006:
"Паважаны Сямён Уладзіміравіч!
Мы можам пэўным (але пакуль даволі абмежаваным) чынам падтрымаць ваш індыйскі праект, хаця мы і амерыканісты. Працуючы з індзейскім матэрыялам, мы часта выходзім на Індыю (не толькі з-за памылкі Калумба і блытаніны, якая працягваецца, але і маючы справу з індыйцамі, індолагамі). Давайце паспрабуем зацікавіць каго-небудзь з славістаў індыйскага паходжання. Пра адну амерыканскую даследчыцу-русіста нам пісалі, што яна менавіта такога паходжання.
Можна сказаць, што "біялагічныя" бацькі Уласа Дарашэвіча былі рускімі?
Што ён сам пісаў пра сваю "нацыянальную самасвядомасць"? Ці лічыў ён сябе хоць крыху беларусам на падставе такога свайго прозвішча (як лічыў сябе апачам доктар Карлас Мантэсума, хаця паходзіў не з паўднёвых атапаскаў). :) Ёсць шмат прыкладаў, калі прыёмныя бацькі выхоўвалі ў "іншанацыянальных" дзецях "сваю" "этнічнасць".
Літ.:
8615 Букчин С. Пить или не пить?: нет такого "гамлетовского" вопроса у белорусского человека // Свабода. 1997. 17 чэрв. С. 5.
10335 Белорусов А. Согласно индейскому закону // Европейское время. 1993. № 6 (июль). С. 15. [З паказальніка нацыяльнальнай бібліяграфіі: "О проекте Закона Респ. Беларусь "О печати и др. средствах массовой информ.")
10337 Букчин С. Хроника суверенного болота: Беларусь в эпоху независимости, или Плоды интеллигентской рефлексии: статьи, заметки, фельетоны. Мн., 1996. (Тут: Букчин С. Согласно индейскому закону.)
8345 Лойка Г. Ліст да спадара Сямёна Букчына // Arche. 2005. № 2. С. 178. ("Здаўна я прыглядаўся да Вашай публіцыстыкі. ... Калі мне трапіў у рукі "ARCHE" № 5 (34), я прагна вышукаваў Ваша прозьвішча ў адказах на анкету. Але, на жаль, пасьля пары адказаў Вы зьбіліся на прыкрую лаянку. Вас абурае, што гэтыя, здавалася б, інтэлігентныя нацыяналісты не разумеюць элемэнтарнай схемы: сьпярша трэба "стварыць нармальнае жыцьцё, у якім годнае месца - не экзатычнае, а нармальнае - зойме нацыянальная мова". [...] У разумным, годным, сытным жыцьці Амэрыкі ацалелыя мовы індыянаў займаюць "натуральнае" (прыроднае) месца рэзэрвацыі. Дарэчы, хачу яшчэ спыніцца на слове "натуральнае", якое Вы ўжываеце. Яно занадта шматсэнсавае, каб ім штосьці тлумачыць. [...]".)
5681 Свитязь: альманах библиофилов Белоруссии / сост. Л. А. Казыро; редкол.: С. В. Букчин (гл. ред.) и др. Мн., 1989.
Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.
Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.
Індзейцы , индейцы , Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Belarus; Belarusians Meet Indians. Алесь Симаков. Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 155].
Навіны з Летняй школы традыцыйнага ткацтва!
20-21 чэрвеня ў аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры кіпела творчая праца! Народныя майстры Валянціна Сільвановіч і Марыя Шылкоўская навучалі семярых таленавітых дзяўчат з Гародні, Менска і Шчучына старажытным майстэрствам ткацтва.
План школы:
Складанне станка;
Навіванне асновы;
Запраўка станка;
Асваенне рэгіянальных тэхнік.
Дзяўчаты працавалі з захапленнем і стараннасцю, асвойваючы новыя веды на асабістых кроснах!
Зберагаем нашу спадчыну разам!
ТК "Культура Лідчыны".
"Замкавы гасцінец" у Лідзе запрашае музыкаў і паэтаў
22 чэрвеня 2025 года стала днём яркіх уражанняў у рамках культурна-турыстычнага праекта "Замкавы гасцінец".
Выступіў народны ансамбль габрэйскай музыкі "Шалом", чые меладычныя кампазіцыі кранулі сэрцы слухачоў.
Працягнулі праграму таленавітыя паэты - Рэлікоўская Ганна Леанардаўна і Несцерава Алена Мікалаеўна. Іх творы адрозніваліся шчырасцю і эмацыйнасцю.
Не меней яркім стаў выступ творчага калектыва "Скудрынка", парадаваўшага гледачоў арыгінальнымі нумарамі.
Ваенна-патрыятычны лагер "Патрыёт" паказаў танцавальную праграму.
ТК "Культура Лідчыны".