Наша слова.pdf № 27 (183), 2 ліпеня 2025.
Беларускія біскупы сустрэліся з новапрызначаным нунцыем Ін'яцыё Чэфалія
26 чэрвеня ў сядзібе Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі адбылася сустрэча прадстаўнікоў беларускага епіскапату з новапрызначаным Апостальскім нунцыем у Беларусі арцыбіскупам Ін'яцыё Чэфалія, які нядаўна прыбыў у Беларусь.
Старшыня ККББ арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ад імя беларускіх біскупаў прывітаў прадстаўніка Папы Льва XIV. Арцыпастыр расказаў пра Касцёл у Беларусі "з яго радасцямі і турботамі, аднак заўсёды верны Евангеллю і Традыцыі Касцёла ў лучнасці з Рымам і Пантыфікам".
- Маем надзею, што разам з нунцыем мы будзем адважнымі "пілігрымамі надзеі" і, згодна з заклікам папы Льва XIV, хоць і такія розныя, усе мы ў Хрысце будзем будаваць адзінства, - сказаў іерарх.
Арцыбіскуп Чэфалія прадставіў ліст аб прызначэнні яго нунцыем у Беларусі ад Дзяржаўнага Сакратара Апостальскага Пасада кардынала П'етра Параліна, адрасаваны Старшыні ККББ.
У гэтым лісце, між іншым, выражалася вялікая павага Апостальскага Пасада да беларускага народа і выражалася надзея, што арцыбіскуп Ін'яцыё Чэфалія як прадстаўнік Папы яшчэ больш паспрыяе наладжванню братэрскіх сувязей з Беларуссю, яе народам і Касцёлам.
Падчас размовы прысутныя біскупы расказалі аб сваіх дыяцэзіях і мерапрыемствах, якія ў іх будуць праводзіцца.
Тэкст: арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Фота: кс. канонік Юрый Ясевіч . Catholic.by.
УШАНАВАЛІ ПАМЯЦЬ ПАЭТА
Прыхільнікі творчасці заходнебеларускага паэта Міхася Явара з Мастоўшчыны наведалі яго пахаванне на кладах ля вёскі Навасёлкі Луненскага сельсавета. Была акультурана тэрыторыя вакол магілы, аздоблена агарожа, ускладзены кветкі і запалены зьнічы.
Тут жа было прачытана некалькі яго вершаў.
Надалей хочацца распавесці пра гэтага паэта.
Нарадзіўся Міхась Карась у вёсцы Мінявічы цяперашняга Мастоўскага раёна ў 1903 годзе. З пачаткам Першай сусветнай вайны ў 1915 годзе быў у прымусовым бежанстве. Усё ж родныя месцы паклікалі назад. Сям'я вярнулася з бежанства, а тут, перад адступленнем расійскіх войскаў казакі спалілі ўсё, каб немцам не дасталося. Па дарозе дамоў напачатку абрабавалі бальшавіцкія памежнікі, а потым польскія. На полі беразнячок пачаў падымацца. Рук не было за што зачапіць. Зямлі мала, а сям'я вялікая: маці, малодшы брат Васіль і сёстры Люба ды Вольга. Міхась пачаў рыбачыць на Нёмне. Ён ведаў рыбныя месцы, вывучыў сакрэты жыравання рыбы ў розныя поры года і пры ўсякім надвор'і. Лавіў рыбы шмат і прадаваў яе гандлярам і службоўцам у мястэчку Луна.
Хоць ён меў трохкласную адукацыю, але лічыўся інтэлегента, не толькі з-за таго, што акуратна апранаўся. Ён вёў вялікую асветніцкую працу, пісаў вершы, якія друкаваліся ў часопісе "Шлях моладзі", у беларускіх газетах, арганізоўваў вечары п'ес, з песнямі і танцамі, сам цудоўна спяваў.
За рыбу купіў радыёпрыёмнік. У яго збіралася моладзь і слухала перадачы з Менска.
Найбольшую актыўнасць ён выявіў у дваццатыя гады: быў актыўным дзеячам Беларускай Рабоча-Сялянскай Грамады. Ён, выдатны прапагандыст, спявак, паэт, карыстаўся вялікай папулярнасцю ў навакольных вёсак.
Ён кахаў дзяўчыну Анісю, але яе бацькі не жадалі гэтага шлюбу, не хацелі, каб яна рана стала ўдавой, бо Міхась хварэў на сухоты, невылечную ў той час хваробу.
Усе сплялося ў адзін клубок: хвароба і каханне. Магчыма, гэта і стала прычынай трагедыі.
Ён страляўся на беразе Нёмана 24 чэрвеня 1933 года. Сястра намагалася перашкодзіць таму, і куля не патрапіла ў сэрца. Памёр Міхась Явар 27 чэрвеня ў Гарадзенскім шпіталі.
Вярнуць імя забытага паэта ўзяўся заснавальнік будучага Гудзевіцкага дзяржаўнага музея Алесь Мікалаевіч Белакоз.
За ўласныя сродкі ў скульптара Станіслава Быка замовіў бюст паэта і ўстанавіў яго ў музеі. Гэта выклікала гнеў раённага начальства: праверкі, пакаранні.
Толькі пры дапамозе беларускіх пісьменнікаў давялося захаваць бюст у музеі.
У свой час лёсам Міхася Ярава зацікавілася старшыня Луненскага сельсавета Валянціна Мікалаеўна Карповіч. Яе намаганнямі на магіле паэта быў пастаўлены помнік.
Што датычыць літаратурнай спадчыны паэта, то яна амаль уся загінула. Перад смерцю Явар аднёс куфар з вершамі і паэмамі свайму сябру.
Пад час апошняй вайны яго жонка, баючыся, каб немцы не знайшлі тых вершаў, знішчыла ўвесь архіў. Засталося толькі тое, што друкавалася ў заходнебеласускіх часопісах і газетах.
Усю шырыню і глыбіню творчасці Міхася Явара можна ацаніць хаця б з гэтых радкоў:
Гукі далёкія, гукі чароўныя,
Ціха-салодкія, мілыя, роднныя
Песняў тых, з цудоўных, дзіцячых гадоў!
Вас у адзіноцтве я чую ізноў.
Цуднай мелёдыяў мне ў сэрцы граеце,
Час, і гора, і сум праганяеце
Гымнам святым вы пяеце ізноў
З цуднай краіны дзіцячых гадоў!
Віхры халодныя, віхры жыццёвыя,
Зьнішчыць няздольныя гукі вас родныя,
А песні чужынцаў на нашай зямлі
Вас замяніць ніяк не маглі.
Гукі далёкія, мілыя, родныя,
Грайце ж, магутныя, грайце ж, чароўныя
Дзіўнай мелёдыяў у сэрцы маім,
Пакуль яшчэ струны трымаюцца ў ім.
Падрыхтаваў Язэп Палубятка.
НЕВЯДОМЫ ПАЭТА
Памяці Міхася Явара
Там, у вёсцы здавён невялічкай,
Па-над Нёмна струной гаманлівай,
Недалёка ад шэрай каплічкі -
Невысокім пагоркам магіла.
Там спачыў пад блакітам высокім
Невядомы нікому паэта,
Як яму, як яму адзінока,
Ды сягоння наш сказ не пра гэта.
I
Быў калісьці ён хлопцам удалым,
Песні пеў, як ніхто тут ніколі,
I прасторы яму не ставала,
Не ставала свабоды і волі.
Не хапала паэце кахання,
Не ставала сінечы нябёсаў,
Думкі рваліся ў далеч блукання,
Крокі стылі ў сярэбраных росах.
Невядомы ў далёкім Сусвеце,
Меў ён дар не падлеглы нікому,
Быў славуты і слынны паэце
Ўсё ж на многія вёрсты ад дому.
Тут любілі яго шанавалі,
Тут патрэбны ён быў для народа,
Тут яго ў грамадзе паважалі
За тых песень яго асалоду.
Ды не стала аднойчы паэты,
Сціхлі песні яго назаўсёды,
I магільным пяском разам з гэтым
Верш паэты засыпалі годы.
Шчэ засыпалі мару, і веру,
I да высяў нябесных імкненне,
Стаў паэта нязнаным жаўнерам
Векавечнае бітвы натхненняў.
ІІ
Ён пахованы быў і адпеты,
I, здаецца, што болей сказаць,
Ды ўся сутнасць у тым, што паэты
I па смерці не могуць маўчаць.
Іх магілы па ўсёй Беларусі,
А іх песні ў народа ў душы,
I, напэўна, таму толькі мусіць,
Колькі нас хто ні біў, ні душыў,
Колькі нас не зжывалі са свету
Праз вякі, што ні дзень, што ні год,
Мы таму, што раджалі паэтаў,
Засталіся ў жывых, як народ.
8.07.93 г.
Станіслаў Суднік.
Звініць каса - жыве вёска
21 чэрвеня 2025 года ў аграгарадку Ганчары адбыўся конкурс ручной касьбы "Звініць каса - жыве вёска". Папулярнае брэндавае мерапрыемства адбываецца ўжо дзевяць год запар на Лідчыне. Падчас касьбы ацэньвалася хуткасць і якасць пракоса, наяўнасць традыцыйнага строю і ўпрыгожванне касы. Пераможцамі конкурсу сталі Ждонец Станіслаў - 1 месца (в. Верх-Ліда), Загдай Сяргей - 2 месца (ам. Ганчары), Рудзевіч Анатоль - 3 месца (ам. Беліца).
На працягу ўсяго мерапрыемства настрой удзельнікам конкурсу, членам журы і гасцям стваралі творчыя калектывы Лідчыны: народны ансамбль бытавых інструментаў "Каханачка" філіяла "Мажэйкаўскі Дом культуры" і народны фальклорны гурт "Талер" Аддзела рамёстваў і традыцыыйнай культуры. Госцем брэндавага мерапрыемства стаў калектыў з Ваўкавыскага раённага цэнтра культуры, народны сямейны ансамбль "Сваякі". Пад беларускія песні і мастар-клас па побытавых танцах майстры з Лідскага аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры плялі раслінны габелен, а творчыя супрацоўнікі Ваверскага Дома культуры запрашалі пачаставацца смачнай гарбатай з духмяных беларускіх траў.
Конкурс касцоў "Звініць каса - жыве вёска", які спрыяе захаванню традыцыйнага рамяства, надоўга запомніцца арганізатарам, удзельнікам і гасцям! Ужо зараз калектыў Ганчарскага Дома культуры плануе, чым будзе здзіўляць праз год. Тым больш, што наступны год юбілейны! Прыязджайце - і ўсё ўбачыце на свае вочы!
Наш кар.
Гісторыя канцэртаў музыкі Ф. Шапэна ў Каралеўскіх Лазенках у Варшаве
Шмат беларусаў наведваюць кожную нядзелю Шапэнаўскія канцэрты, каб атрымаць асалоду ад глыбокай і рамантычнай музыкі польскага генія фартэпіяна.
Канцэрты Ф. Шапэна, арганізаваныя сумесна з Каралеўскімі Лазенкамі і Таварыствам Фрыдэрыка Шапэна, з'яўляюцца адным з найстарэйшых музычных мерапрыемстваў Варшавы.
Першыя канцэрты ля помніка Ф. Шапэну адбыліся ў 1959 годзе, неўзабаве пасля рэканструкцыі помніка выдатнаму польскаму кампазітару.
Сам помнік перажыў бурную гісторыю.
Ідэя яго стварэння нарадзілася ў 1889 годзе, у 40-ю гадавіну смерці Фрыдэрыка Шапэна. Аднак Польшча тады знаходзілася пад падзелам, і расійскія ўлады фактычна заблакавалі гэтую ініцыятыву. Толькі праз дзесяць гадоў мастацкая супольнасць Варшавы здолела арганізаваць конкурс на праект помніка.
Міжнароднае журы палічыла найбольш цікавай інавацыйную працу выдатнага польскага скульптара Вацлава Шыманоўскага. Гэты вердыкт выклікаў шматлікія пярэчанні і дыскусіі. Нягледзячы на гэта, конкурсны праект быў паспяхова рэалізаваны, і 14 лістапада 1926 года помнік быў урачыста адкрыты - манументальная выява натхнёнага Шапэна, які сядзіць пад зламанай вярбой.
У 1939 годзе, калі Варшава трапіла пад нацысцкую акупацыю, выкананне музыкі Шапэна было забаронена, а ў наступным годзе (1940) помнік быў узарваны. Толькі пасля заканчэння вайны ў руінах Вроцлаўскага вагона-будаўнічага завода была знойдзена галава Шапэна са скульптуры ў Лазенках, і твор Шыманоўскага быў рэканструяваны па захаванай гіпсавай мадэлі. Помнік Фрыдэрыку Шапэну быў усталяваны на яго былым месцы ў 1958 годзе, і праз год адтуль загучала музыка польскага кампазітара.
На працягу многіх гадоў канцэрты ў Лазенках зведалі розныя змены.
У рэшце рэшт была прынята формула класічных канцэртаў, якія праводзяцца кожную нядзелю з сярэдзіны траўня да канца верасня. Гэты выбар быў прадыктаваны вялікай цікавасцю да канцэртаў у Лазенках. На гэтую папулярнасць таксама паўплываў адбор артыстаў, якія лічылі за гонар выступаць пад помнікам Шапэну, нягледзячы на пэўныя нязручнасці, такія як надвор'е. Фартэпіяна звычайна ўсталёўваецца пад тэнтам ля помніка.
У канцэртах прымаюць удзел выбітныя піяністы з усяго свету. У чэрвені публіка мела магчымасць слухаць маладых польскіх піяністаў - Кшыштафа Вярцінскага, Зюзанны Войдак, Мікалая Брастовіча, а таксама - Філіпа Джузіяна з Францыі, Мішэля Кандоці і Альберта Носе з Італіі, Хао Рао з Кітая, Л. Ангелава з Балгарыі.
А 2-23 лістапада 2025 года ў Варшаве адбудзецца ХІХ Міжнародны конкурс піяністаў імя Ф. Шапэна.
Э. Дзвінская, фота аўтара.
Навіны Германіі
Прэмія Кёрбера для першапраходцы ва ўжыванні квантавага інтэрнэту з Германіі
Стэфані Венер атрымала адну з самых вялікіх навуковых прэмій у свеце
Нямецкі інфарматык і квантавы фізік Стэфані Венер стала лаўрэатам прэміі Кёрбера, якая ўручаецца за навуковыя праекты, рэалізаваныя ў Еўропе, і ў грашовым выразе складае адзін мільён еўра. Па заяве Фонду Кёрбера, былая хакерка адзначана ўзнагародай за "наватарскую працу па стварэнні квантавага інтэрнэту". Квантавы інтэрнэт - гэта звышхуткая і вельмі бяспечная кампутарная сетка, якая дазваляе выкарыстоўваць абсалютна новыя дадаткі і вылічальныя магутнасці.
Венер займаецца даследаваннямі і працуе ў Нідэрландах. Там яна з'яўляецца дырэктарам еўрапейскага кансорцыюма Quantum Internet Alliance (QIA) і прафесарам інстытута QuTech пры Дэлфцкім тэхнічным універсітэце. Зусім нядаўна яна і яе каманда распрацавалі першую ў свеце аперацыйную сістэму для квантавых кампутарных сетак.
- У будучыні гэта дазволіць перадаваць дадзеныя па абароненых ад перахопу каналах сувязі і ў рэкордныя тэрміны аб'ядноўваць карыстальнікаў для сумеснага рашэння праблем, якія выходзяць далёка за межы цяперашняга Інтэрнэту, - растлумачылі ў Фондзе Кёрбера.
Венер была "этычным хакерам"
Стефані Венер нарадзілася ў Вюрцбургу ў 1977 годзе. Да пачатку сваёй навуковай кар'еры яна працавала "этычным хакерам" і тэставала кампутарныя сістэмы на прадмет уразлівасці, каб палепшыць іх абарону. Прэміяльныя грошы яна мае намер выдаткаваць на даследаванне новых дадаткаў для квантавых сетак. Прэмія будзе ўручана 19 верасня ў ратушы Гамбурга. Гэтая ўзнагарода лічыцца адной з самых буйных у грашовым выразе навуковых прэмій у свеце.
Гамбург (dpa). На фота: квантавы фізік Стефани Венер© Marcus Gloger/Kоrber-Stiftung.
Паштовы блок, прысвечаны жаночаму манастыру ў Полацку
Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпусціла ў абарачэнне паштовы блок "900-годдзе Спаса-Еўфрасіннеўскага жаночага манастыра ў Полацку". Дызайн маркі ажыццявіла Яўгенія Бядонік.
Спаса-Еўфрасіннеўскі жаночы манастыр у г. Полацку заснаваны ў 1125 годзе прападобнай Еўфрасінняй, ігуменняй і князёўнай Полацкай. Яе нятленныя мошчы знаходзяцца ў самым вялікім храме манастыра - Крыжаўзвіжанскім саборы, пабудаваным у 1987 годзе.
Паводле СМІ.
Пісьменніца, якая верыла ў лепшае
Гутарка
Любіў і люблю гутарыць са старэйшымі беларускімі літаратарамі. Яны шмат пражылі, перажылі, бачылі і чулі. Гэта вельмі шчырыя людзі, сардэчныя, добрыя, цікавыя. Многіх, на вялі жаль, ужо няма на гэтым свеце.
З пісьменніцай, кандыдатам філалагічных навук Лідзіяй Арабей (1925-2015) я сябраваў, перапісваўся, маю яе кнігі з аўтографамі. 27 чэрвеня ёй споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння. І 10 гадоў як яе няма сярод нас.
Да пачатку Другой сусветнай вайны Лідзія Арабей скончыла восем класаў школы. У 1942-1944 гадах яна жыла ў Шчучыне. Пасля вызвалення Беларусі працавала ў рэдакцыі шчучынскай раённай газеты "Чырвоны сцяг". Закончыла філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта, аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі Навук Беларусі.
Родам Лідзія Львоўна была з вёскі Нізок Уздзенскага раёна. Літаратурную працу пачала ў 1945 годзе. У 1956 годзе выдала даследаванне "Цётка (Алаіза Пашкевіч)", а ў 1959 - "Фядос Шынклер: жыццё і творчасць", аўтар зборнікаў аповесцяў і апавяданняў "Калібры" (апавяданні для дзяцей), "Кватэра № 3" (кніга сатыры і гумару), "Мера часу", "Экзамен", "Ларыса", "На полымі любві" (даследаванне, прысвечанае Алаізе Пашкевіч (Цётцы), "Белае поле" (апавяданні, ўспаміны) і многія іншыя.
У 2013 годзе Лідзія Львоўна пагадзілася адказаць на некалькі маіх пытанняў. Атрымалася невялікая гутарка. Нават і не памятаю, ці друкавалася яна дзе, ці проста я зрабіў інтэрв'ю для сябе. Нядаўна гэту гутарку адшукаў у сваім асабістым архіве. Ды і нагода ёсць - 100-годдзе з дня нараджэння пісьменніцы. Давайце пачытаем разам яе адказы на мае пытанні дванаццацігадовай даўніны.
- Лідзія Львоўна, Вы адна са старэйшых літаратараў Беларусі, шмат каго бачылі, сустракалі, ведалі, сябравалі. Каго з беларускіх літаратараў часцей за ўсё сёння прыгадваеце, а каго і не хочацца згадваць?
- На вялікі жаль, тых, з кім я сябравала, ужо няма побач з намі. А ўспамінаю я добрым словам Івана Мележа, Янку Брыля, з вялікай павагаю прыгадваецца Васіль Быкаў. А тых, каго не хацелася б мне ўспамінаць, проста не хачу называць іх прозвішчы. Вышэй названыя пісьменнікі прыгадваю часта, пішу пра іх. Напрыклад, у выдавецтве "Беларусь", дзе я ў свой час працавала рэдактарам, трапіў мне на рэдагаванне раман Янкі Брыля "Птушкі і гнёзды". Тагачасны загадчык рэдакцыі, якога паставілі замест Міколы Татура, напісаў на раман Брыля заключэнне на васямнаццаці старонках. У чым ён толькі не абвінавачваў аўтара, ледзьве не ў тым, што Брыль спагадае фашыстам. I трэба было змагацца за раман, пераконваць начальства, што заключэнне загадчыка непраўдзівае. Раман выйшаў у свет, і цяпер у мяне на паліцы стаіць экземпляр з аўтографам Брыля: "Лідзіі Арабей, майму мужнаму рэдактару, якой давялося ад гэтай кнігі... З сяброўскай удзячнасцю. Янка Брыль. 10. 01. 65". Прыемна такое ўспамінаць.
- Калі і ў які час Вам пісалася лепш?
- Пісалася лягчэй тады, калі была маладая.
- Вы напісалі і выдалі два добрыя даследаванні - пра Цётку і Хвядоса Шынклера. Чаму, менавіта, спыніліся на гэтых асобах, а не іншых?
- Пра Цётку (Алаізу Пашкевіч) у тыя гады было мала вядома, толькi некалькi вершаў у зборнiчку ды блытаныя звесткi з бiяграфii. Але i з тых вершаў, з бiяграфiчных дадзеных узнiкаў яркi вобраз самаахвярнай, самаадданай дачкi беларускага народа, вобраз мужнай жанчыны, якая стаяла ля вытокаў беларускага адраджэння. Таму я пра Цётку напісала і выдала некалькі кніг: першую ў 1956 годзе, апошнюю - у 2006 годзе. Вобраз гэтай жанчыны не пакідаў мяне ўсё жыццё, яна захапляла мяне сваёй мужнасцю, адданасцю беларускай справе, яна змагалася за незалежнасць Беларусі, яе творы - багаты ўзнёсак у гісторыю беларускай літаратуры. Таму я і ўзялася даследаваць яе жыццёвы і творчы шлях. Пра Хвядоса Шынклера пісала проста, як пра беларускага пісьменніка, які загінуў у гады Другой сусветнай вайны.
- Лідзія Львоўна, што Вы чытаеце сёння, з кім сябруеце, каму тэлефануеце?
- Сёння я стараюся чытаць класікаў. А з беларускай літаратуры найбольш мяне цікавяць успаміны пра пісьменнікаў - Якуба Коласа, Івана Мележа і г.д. І яшчэ - люблю чытаць дакументальныя творы. Засталося мала людзей, каму хочацца патэлефанаваць. Часцей за ўсё тэлефон мой маўчыць - на той свет няма праводкі. Перазвоньваемся часам з крытыкам Лідзіяй Савік і з пісьменніцай Аленай Васілевіч.
- Што Вас сёння хвалюе? Які лёс чакае нашу літаратуру, мову, Беларусь?
- Хвалюе мяне сёння лёс беларускай літаратуры, беларускай мовы. Некалі нашая славутая Цётка пісала: "Добра ведаць замежную мову, але найперш трэба ведаць сваю, родную". А сёння ў Беларусі тушацца нават тыя невялікія агеньчыкі, дзе яшчэ тлее беларуская мова. Але не хочацца верыць у горшае. Хочацца спадзявацца, што мова, як і народ - неўміручыя. Бо ўсё ж радуюць маладыя беларускія пісьменнікі, якія пішуць творы на беларускай мове. Хаця стан беларускай мовы, паўтаруся, трагічны. У беларускай сталіцы сёння рэдка чуваць родная мова. Я ўжо пісала, таму паўтаруся яшчэ раз, што ідзе нейкі дзіўны працэс - беларуская літаратура ствараецца на рускай мове. Нават назву прыдумалі такому ўнікуму: рускамоўныя беларускія пісьменнікі. Якіх толькі анекдотаў не ствараюць жыццё і людзі.
Сяргей ЧЫГРЫН.
Ён стаяў на баку чалавечнасці
24 чэрвеня споўнілася 125 гадоў з дня нараджэння таленавітага беларускага пісьменніка, перакладчыка, публіцыста Кузьмы Чорнага (1900-1944).
Сапраўднае імя Кузьмы Чорнага - Мікалай Карлавіч Раманоўскі. Ён нарадзіўся на Случчыне, у вёсцы Боркі (цяпер - Борка-Бялевічы), дзе правёў першыя 7 гадоў свайго жыцця. У 1907 яго сям'я пераехала ў фальварак Вінцэтава, дзе яны працавалі парабкамі. Школ паблізу фальварка не было, а бацька будучага пісьменніка вельмі хацеў, каб старэйшы сын атрымаў добрую адукацыю, таму ўжо праз год яны з'язджаюць і селяцца ў мястэчку Цімкавічы, дзе знаходзілася народнае вучылішча. Мікалай паказаў сябе здольным вучнем, але паступіць у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю ў яго атрымалася толькі праз два гады пасля заканчэння вучылішча - у 1915 годзе, а да гэтага юнак разам з бацькам працаваў на гаспадарцы. Да часу вучобы ў семінарыі належаць і першыя літаратурныя спробы Мікалая.
У 1920 годзе Мікалай Раманоўскі скончыў вучобу, а ў 1922 годзе ўжо выкладаў у Цімкаўскай сямігадовай школе, але ўжо праз год з'ехаў у Менск, каб паступіць там у толькі што адкрыты Беларускі ўніверсітэт. У гэты ж час у газеце "Савецкая Беларусь" выходзяць апавяданні Мікалая Раманоўскага, падпісаныя псеўданімам Кузьма Чорны. Чорным калісьці празвалі яго дзеда, вядомага ў сваёй акрузе майстра-сурвэтніка.
У снежні 1923 года пісьменнік становіцца сябрам толькі што створанага аб'яднання "Маладняк", шмат займаецца літаратурнай дзейнасцю. Першыя яго зборнікі - "Апавяданні" і "Срэбра жыцця" - выходзяць у 1925 годзе. На некаторы час Кузьма Чорны вымушаны быў пакінуць вучобу і з'ехаць у Крым праз хваробу лёгкіх, а вярнуўшыся - ён пачынае працаваць у газеце "Беларуская вёска".
З гэтага часу Кузьма Чорны публікуецца амаль кожны год: у 1926 годзе ён становіцца старшынём літаратурнага аб'яднання "Узвышша". З друку выходзяць адразу тры яго зборнікі твораў "Па дарозе", "Пачуцці" і "Хвоі гавораць". Праз год Кузьма Чорны пачынае пісаць свой першы раман "Сястра", а ў 1928 годзе выдаецца другі раман пісьменніка "Зямля".
Калі ў 1930 годзе пачаліся рэпрэсіі, Кузьма Чорны хутчэй выпадкова не страціў працу разам са шматлікімі сваімі сябрамі, якіх гэтыя падзеі закранулі. Яму давялося шмат у чым перагледзець свой творчы падыход, і ў 1931 годзе з'яўляецца раман "Бацькаўшчына", па якому да саракавых гадоў Кузьма Чорны напісаў некалькі п'ес. А ў 1934 годзе - застаўся так і не скончаны раман "Трыццаць год". Кузьма Чорны быў адным з арганізатараў Саюза пісьменнікаў, шмат дапамагаў маладым аўтарам.
Рэпрэсіі захліснулі Чорнага толькі ў 1938 годзе: ён быў арыштаваны, але ўжо праз год яго выпусцілі з турмы, калі да ўлады прыйшоў Берыя. Зняволенне падарвала здароўе пісьменніка, жахі засценкаў паўплывалі і на яго псіхалагічны стан. Але Кузьма Чорны спяшаецца працягнуць сваю літаратурную працу. Да пачатку Другой сусветнай вайны ён напісаў тры раманы. А калі пачаліся баявыя дзеянні, ён пайшоў у армію, але быў перанакіраваны ў групу журналістаў, працаваў у газеце "Раздавім фашысцкую гадзіну".
У 1942 годзе Кузьма Чорны разам з сям'ёй апынуўся ў Маскве. Ён працаваў у часопісе "Беларусь", дзе публікуецца пад псеўданімамі: Максім Алешнік, Арцём Чамярыца, Ігнат Булава з-пад Турава і іншымі. У гэты ж год асобнай кніжкай выходзяць яго сатырычныя фельетоны.
У 1943-1944 гадах выходзяць, напэўна, самыя вядомыя раманы Кузьмы Чорнага: "Пошукі будучыні", "Млечны шлях" і "Вялікі дзень", над якім пісьменнік пачаў працаваць яшчэ напачатку вайны.
Калі ў 1944 годзе быў вызвалены Менск, Кузьма Чорны вярнуўся на радзіму, але жыць яму засталося ўсяго два месяцы. 22 лістапада 1944 года пісьменнік памёр ад інсульту і быў пахаваны на Вайсковых могілках. Шмат раманаў і аповесцяў яго засталіся незавершанымі.
Кузьму Чорнага часта называюць пачынальнікам беларускай філасофскай і псіхалагічнай прозы. Героі Чорнага, асабліва ў сталай яго творчасці, схільныя да самааналізу і рэфлексіі. Увага аўтара засяроджана на характарах і прычынах чалавечых паводзінаў. Кузьма Чорны імкнецца даць сваім героям не толькі вонкавую, але і глыбокую ўнутраную характарыстыку. Ён заўсёды стаіць на баку маральнасці і чалавечнасці, закранае праблемы выхавання, паводзінаў людзей у цяжкі час войнаў і рэпрэсій.
Імя Кузьмы Чорнага ўшанавана ў Беларусі. Імем яго названа школа ў Цімкавічах Капыльскага раёна. У Цімкавічах існуе літаратурны музей славутага земляка. Яго імем названы вуліцы ў Бабруйску, Менску, Нясвіжы, Слуцку. У 2000 годзе на Капыльшчыне адкрыты два мемарыяльныя знакі.
Паводле СМІ.
Аўтару верша "Пахне чабор" - 120 гадоў з дня нараджэння
25 чэрвеня спаўнілася 120 гадоў з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Петруся Броўкі (1905-1980).
Сярод беларускіх пісьменнікаў, якія пакінулі нашчадкам багатую творчую спадчыну і ўнеслі вялікі ўклад у развіццё нацыянальнай культуры, пачэснае месца займае Пятрусь Броўка. Ён доўгі час знаходзіўся ў эпіцэнтры літаратурнага жыцця краіны, актыўна ўплываў на яго не толькі як творца, але і як сапраўдны летапісец-мастак свайго часу.
Нарадзіўся Пятрусь Броўка ў вёсцы Пуцілкавічы на Ушаччыне ў сялянскай сям'і. Вучыўся ў царкоўнапрыходскай школе і вышэйшым пачатковым вучылішчы ў Лепелі. На працягу некалькіх гадоў працаваў перапісчыкам у Вялікадолецкім валасным ваенным камісарыяце, справаводам у валвыканкаме, рахункаводам у саўгасе, старшынём Маладолецкага сельсавета. У 1925 годзе ён быў накіраваны на працу ў Полацкі акруговы камітэт ЛКСМБ, з'яўляўся адказным сакратаром газеты "Чырвоная Полаччына".
У 1931 годзе Пятрусь Броўка скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. А ў 1940 годзе быў прызначаны галоўным рэдактарам часопіса "Полымя". А калі пачалася вайна, працаваў інструктарам-літаратарам франтавой газеты "За Савецкую Беларусь", публікаваўся ў партызанскім друку. А з 1943 года ён быў адказным сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, потым зноў стаў галоўным рэдактарам часопіса "Полымя". У 1948-1967 гадах Петруся Броўку прызначылі старшынём праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, а з 1967 па 1980 год ён узначальваў выдавецтва "Беларуская савецкая энцыклапедыя", якое цяпер носіць яго імя.
Першыя вершы Петруся Броўкі былі надрукаваны 1926 годзе пад псеўданімам Юрка Баравы ў газеце "Чырвоная Полаччына" і альманаху "Наддзвінне". З друку пачалі выходзіць яго зборнікі паэзіі "Прамова фактамі", "Гады як шторм" (абодва 1930), "Цэхавыя будні" (1931), "Прыход героя" (1935) і іншыя. Пятрусь Броўка пісаў пра сяброўства, каханне, радасць працы, узаемаадносіны людзей і іх пачуцці. Паэта цікавілі падзеі не толькі сучаснага яму жыцця, але і грамадзянскай і Першай сусветнай войнаў. Гэта знайшло адлюстраванне ў паэмах "Праз горы і стэп" (1932) і "1914" (1935). У зборніках "Вясна Радзімы" (1937), "Шляхамі баравымі" (1940) побач з грамадскімі праблемамі значнае месца займае інтымная і пейзажная лірыка.
Наш кар.
Некалькі гадоў маёй маладосці ў Вільні* (1818-1825)
Станіслаў Мараўскі
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Але самым горшым, што прыносіла гэтаму няшчаснаму краю тысячы няшчасцяў, было тое, што яго галоўная асоба, вялікі князь Мікалай - будучы імператар (у 1829 г. быў каранаваны "царом Польскім". - Л. Л.), вынес дрэнныя ўспаміны адсюль. Да прычын, якія абурылі тады вялікага князя і за якія было нескладана апраўдацца, далучалася яшчэ і яго асабістая незадаволенасць усёй нашай моладдзю. Моладзь адмовілася выказваць яму належную пашану, тыя павярхоўныя знакі пашаны, на якія ён, бясспрэчна, меў права як па нараджэнні, гэтак і па становішчы. Гэта недаравальная недалікатнасць і грубасць былі настолькі вялікімі, што калі вялікі князь Мікалай, тады брат імператара, ехаў ці ішоў, яму амаль што не сустракаліся маладыя людзі, якія б знялі шапку і прыстойна пакланіліся. Нічога не мянялі намаганні, просьбы і ўгаворы больш разумных людзей. Пры сустрэчы, заўсёды паводзілі сябе як пні. І ўсё ж, калі паставіцца да справы сур'ёзна, гэта не было вынікам нядобразычлівасці, злосці ці нянавісці. Бо, наогул, в. князя Мікалая любілі, любілі за яго сур'ёзнасць, суровае жыццё, строгую справядлівасць, за яго тон, які ён прымаў у адносінах да сваіх афіцэраў, якія баяліся яго, як агню. Любілі яго як раз за тое, за што баяліся афіцэры, якіх уся моладзь не любіла. Усе хутка зразумелі, што толькі ён мог утрымаць гэтую шматлікую ваенную моладзь у прыстойнай дысцыпліне і што без яго было б яшчэ горш. Акрамя Пельскага, якому не трэба было называць сваё імя, бо афіцэраў Ізмайлаўскага палка было столькі, што ніхто з мінакоў, якія стаялі далёка ад месца бойкі, напэўна, не ведаў з кім адбылася гэта прыгода. Акрамя інцыдэнту з панам Дзюкло, за некалькі месяцаў адсутнасці вялікага князя, адбыўся яшчэ не адзін падобны выпадак. Вядома, што пасля вяртання ён зусім не ўхваліў паводзіны сваіх афіцэраў, удзельнікаў скандалаў. А за тое, што яны як афіцэры не біліся на дуэлі, в. князь зрабіў ім вымову.
Яшчэ ў адной справе ён за сваю справядлівасць атрымаў агульную павагу. Самыя свавольныя з жаўнераў гвардыі, пераапрануўшыся ў жаночую ці нейкую іншую вопратку, бадзяліся па горадзе і па начах рабавалі мінакоў. Калі, нягледзячы на строгую дысцыпліну, гэтыя здарэнні пачалі множыцца, многія мірныя жыхары ўначы пачалі насіць палкі ці шпагі. Не памятаю ўжо на каго, але, здаецца, на Бронскага, жаўнер напаў у Бернардынскім завулку. Бронскі бараніўся палкай. Жаўнер вырваў палку. У цемры ён не бачыў, што ў Бронскага ў руках маецца яшчэ і шпага, люта напаў на яго, сам наткнуўся на клінок і адразу загінуў. Шпагі здаўна ўжо былі забаронены. Тым не менш міжвольны забойца сам паведаміў у паліцыю і ўсё расказаў. Улічваючы тагачасную незадаволенасць і раздражненне, чакаліся жахлівыя наступствы. Але в. князь даведаўся пра сутнасць справы і загадаў спыніць следства.
А вялікага князя Міхаіла любілі яшчэ за прыгажосць і свежасць, бо в. князь Мікалай да трона быў худы і набраў вагу толькі, калі ўзышоў на пасад, пасля чаго стаў самым прыгожым чалавекам у сваёй краіне. А яшчэ вялікага князя Міхаіла любілі на гумар, пра яго хадзілі тысячы анекдотаў. Жыў ён тады ў Відзах і Вільню наведваў рэдка. У Відзах, у амаль што вёсцы, натуральна, рознагалосся было менш, чым у горадзе. Таму ён не злаваўся на Літву, але Вільню ненавідзеў. У той час яшчэ нежанаты, калі б нават быў апрануты ў сярмягу, ён усё роўна закруціў бы галаву любой жанчыне. Можна ўявіць, чаго дасягнуў у гэтай справе вялікі князь Міхаіл, калі атрымаў адпаведны свецкі стан і ўвайшоў ва ўзрост. У гэтым яму дапамагаў фаварыт Міхал Ваўжэцкі38, свянцянскі маршалак, вясёлы і слаўны гуляка, усенародна любімы жыхарамі края. Каб не сумаваць, не нудзіцца, яны разам выдумлялі свавольныя забавы. Часта спрачаліся, хто каго пераможа ў гульнях кахання, хто больш з'есць, хто вып'е, хто каго пераспіць. Загартаваны і добра старэйшы за князя Ваўжэцкі, тоўсты, дужы і шыракаплечы асілак, ва ўсіх гульнях рашуча перамагаў зусім яшчэ маладога в. князя. Але князь быў рады і з таго, што можа пераспаць Ваўжэцкага.
Вось я і кажу, што любілі абодвух братоў, але абодва яны мелі прадузятасць да Вільні і лічылі яе сметніцай літоўскага палітычнага бруду. Пасля ўступлення на трон, цар Мікалай І ніколі не таіў сваіх адносін да Вільні. Потым доўга казалі, што ў 1831 г. Мікалай І, знуджаны выбрыкамі віленскай моладзі, якія, як звычайна, улады лічылі змовай, жадаў змяніць назвы нашых гарадоў на расійскі капыл і назваць Вільню "Чортовгород", верагодна нехта яму давёў што слова "Вільня" падобна на летувіскае слова "д'ябал" (д'ябал па-летувіску не "Wіlnіus" а "Welnіs").
Дык што было прычынай неапраўданай і несправядлівай жорсткасці віленскай моладзі? Грубіянства паліцыі, якую не любяць і цкуюць ва ўсім свеце, паліцыі, якая зараз мае вайсковую сілу і можа адпомсціць за былое. За тое, што маладыя людзі павінны рабіць добраахвотна, а не калі ім загадвае квартальны: "Эй ты, слышишь, шляпу долой! Скорей же, говорят тебе, шляпу долой, а не то, я тебе …", з-за ўпартасці і супраціву, з-за незразумелага самалюбства, якое перайшло ў дрэннае стаўленне да таго, каго трэба шанаваць. Хацелі адпомсціць тым, хто размаўляў з імі такім тонам, але ж ведалі, што ім адкруцяць вушы за тое, што не здымаюць капялюш ці шапку, калі трэба. І не было нікога, ніводнай жывой асобы, якая б мела смеласць ўсё гэта растлумачыць моладзі.
Да якой ступені віленская паліцыя дазваляла сабе абражаць усіх без выключэння, бачна з прыкладу, які ў свой час вельмі рассмяшыў в. князя Міхаіла, бо гэта адбылося за пяць крокаў ад яго.
Падчас параду пры змене варты прысутнічаў в. князь Міхаіл, які тады як раз прыехаў у Вільню. За ім стаяў яго штаб. Цяжка было ўціснуцца туды фраку. Але ў Вільню прыехаў былы кавалерыйскі палкоўнік Антоні Тышкевіч, некалі кумір свайго палка, рашучы чалавек рэдкай адвагі, уся армія лічыла яго сапраўдным львом.
На працягу ўсёй вайны з Напалеонам ён праяўляў цуды адвагі, быў узнагароджаны усімі магчымымі ўзнагародамі не толькі свайго, але і саюзных манархаў, і калі б насіў усе крыжы, дык выглядаў бы як алтар Найяснейшай Панны Марыі. Адразу пасля вайны выйшаў у адстаўку і не маючы маёнтка пасяліўся ў велятыцкага старасты, багача Тышкевіча, у Чорнай, што за некалькі міляў пад Вільняй39. Як кожны, па-сапраўднаму адважны чалавек, быў лагодны, як ягнё ці як дзеці, але пры ўсёй сваёй лагоднасці, нікому не дазваляў сябе пакрыўдзіць.
І неяк Тышкевіч вырашыў яшчэ раз убачыць тыя палкі, з якімі калісьці разам ваяваў. Стары ваяка апрануў мундзір, без якога не мог бы заняць годнае месца на парадзе. Так ён і стаяў у мундзіры праз некалькі крокаў за вялікім князем Міхаілам. Падчас параду вялікі князь выпадкова павярнуў галаву і здзівіўся вялікай колькасці крыжоў на мундзіры графа Тышкевіча, якога асабіста не ведаў. Таму пачаў распытваць, хто гэты заслужаны і адносна малады афіцэр, які мае столькі ўзнагарод. Жаўнеры праходзілі перад в. князем і пазнавалі графа Тышкевіча, але ў свіце яго ніхто не ведаў, і в. князь некалькі разоў паўтарыў сваё пытанне. Каля в. князя стаяў віленскі паліцмайстар Шлыкаў - паліцэйскі-перла, якраз ён і ўвасабляў сабой усю паліцэйскую ветлівасць. Паліцмайстар пачуў словы в. князя і, каб быць карысным, падышоў да Тышкевіча, якраз калі той размаўляў па-польку. Шлыкаў запытаў па-польску, хто ён такі? Тышкевіч адказаў з найвялікшай ветлівасцю. В. князь зноў чуў іх размову. Тады Шлыкаў, каб яшчэ больш выслужыцца, спытаў у графа: "Ці магу я вас спытаць, адкуль у вас, не старога яшчэ чалавека, столькі ўзнагарод?". Тышкевіч імгненна пачырванеў, як вішня, тупнуў нагой і закрычаў: "А табе якая справа?". Вялікі князь пырснуў ад смеху, Шлыкаў схаваўся ў натоўпе, і на гэтым усё скончылася. А ці можна афіцэра, палкоўніка публічна распытваць адкуль у яго столькі ордэнаў? На вачах у в. князя зрабіў гэта сам віленскі паліцмайстар, сам Шлыкаў! Няцяжка здагадацца, што рабіў увесь гэты іншы зброд, што рабілі з горадам усе гэтыя малаадукаваныя чыноўнікі?
Да яшчэ свежых, яшчэ цёплых падзей 1822 г., трэба дадаць і сапраўдныя правапарушэнні, і вось на такім тле ў 1823 г. пачалося вышэйапісанае следства па справе філаматаў.
Якія б не былі плюсы і мінусы законаў, існых у краіне, іх выкананне неабходна для парадку, спакою, шчасця, развіцця мастацтваў, навук, прамысловасці і ў канечным выніку - для багацця края. Нават патаемнае ўхіленне ад гэтага заўсёды з'яўляецца парушэннем закону, а часам нават і злачынствам. З гэтага боку гледжання, калі нейкае раней дазволенае таварыства справядліва ці несправядліва зачынена, у нашым выпадку гэта таварыства Прамяністых, яно павінна было разысціся. Як быццам было так і зроблена. Калі раней скасавалі вольнае мулярства (масонаў), кожны быў абавязаны падпарадкавацца волі манарха і напісаць распіску, што больш не будзе належаць да тайных таварыстваў. Таму кожны, хто падпісаў такую распіску, але падмануў урад, з'яўляецца злачынцам. З гэтай кропкі гледзішча таварыства філарэтаў, якое паўстала з нявіннымі і нават пахвальнымі мэтамі, зрабіла сваіх членаў злачынцамі, бо нейкі час існавала пасля скасавання. Штодзённы досвед і навука былых часоў вучыць нас, што падобныя выракі праз нейкі час могуць адмяняцца, як напрыклад строга забаронены ў 1818 г. партрэт Напалеона, валоданне якім каралася арыштам ці нават і больш суровай карай, у 1823 г. не толькі ўжо аздабляў у нас амаль што ўсе салоны, але італьянцы беспакарана насілі яго па вуліцах сваіх гарадоў. Таму, сёння нешта жорстка забароненае, праз год страчвае ўсялякую цікаўнасць з боку ўладаў і тое, што сёння было злачынствам, заўтра стане цнотай. Але аплакваючы гэтую сумную зменлівасць чалавечых прыярытэтаў, трэба адзначыць, што суд у гэтых справах належыць не падначаленым, а выключна ўладам. Інакш нічога добрага не будзе, а будзе несумненная пагібель.
Да гэтай жа катэгорыі злачынстваў трэба аднесці і друк праграмы статыстыкі без дазволу цэнзуры. Калі ўлады лічаць, што нават друк брашуры ці нават і пацераў, не можа адбыцца без дазволу цэнзуры, то кожны, хто не прымае гэтага, хай нават з самымі лепшымі намерамі, парушае закон.
Разам з гэтымі двума закідамі, ёсць і трэці - цвёрдае і ўпартае адмаўленне існавання тайнага таварыства, пры тым, што яно закрылася толькі праз год пасля скасавання яўнага таварыства. Сваечасовае закрыццё таварыства значна зменшыла б віну, і ў выніку ўся гэтая справа перастала б быць злачынствам і сталася б толькі правапарушэннем.
Раздзел 6. Візіт Мюлера да аўтара і яго прапанова схаваць кампраметуючыя паперы. Паведамленне аўтару, што яго шукае паліцыя. Стасункі аўтара з домам Мюлераў. Апавяданні пані Мюлер. Яе бацькі. Анекдоты строга Закрэўскага. Яго сыны. Апавяданні пані Мюлер пра сястру Марыю і пра каханне Пятруліна.
Я сядзеў, упёршы галаву ў рукі, пакладзеныя на стол, прыгнечаны навіной, якую прынёс Петрашкевіч, пагрузіўшыся ў глыбокі роздум, калі нехта ззаду мяне сардэчна абняў і прыціснуў. Гэта быў Мюлер, які на дыбачках, моўчкі, падышоў да мяне. Пра мой прыезд Мюлер даведаўся ад нейкага мінака, сустрэтага ім у горадзе, а пра кватэру ўжо ведаў ад Караля. Таму ён адмовіўся ад ужо прывычнага, па гадзінніку, пасляабедзеннага сну і кінуўся сюды абняць свайго маладога сябра. Я ніколі і нічога не мог схаваць, бо мая душа адразу кладзе адпаведную пячатку на мой твар. Вось такое няшчаснае і невылечнае маё калецтва. Ах, зручней было б апынуцца на іншай планеце, што, магчыма, хутка і будзе, магчыма.
Ранейшыя, балючыя думкі разам з рашэннем расстацца з Мюлерам, імгненна адлюстраваліся на маім твары, і Мюлер, чалавек вялікага розуму і вострага вока, хоць, здаецца, і не меў нагоды прыняць гэта на свой лік, сказаў мне: "Я ведаю, што адбылося ў тую ноч. Ведаю, чаму ты смуткуеш. Ведаю, што ўся выбітная моладзь належала да гэта таварыства, якое цяпер так моцна пераследуецца. Усе гэта дазваляе мне здагадацца і пра цябе. Ты быў членам? Значыць, і ты таксама ў небяспецы, і я не магу даць ніякіх парад. Але калі маеш паперы, кнігі ці нешта, што трэба схаваць, неадкладна апячатай іх і зараз жа, бо мінае час, давер іх мне. Я вярну іх цэлымі і захаванымі. Мюлер нікому ў жыцці не здрадзіў, і ў маім доме не будзе ператрусу".
Як ад такіх слоў сэрцу не растаць? Са слязамі на вачах я расказаў яму праўду і падзякаваў за паслугу, якой не мог скарыстацца, бо нічога падобнага не меў. І дадаў, што ён памыляецца адносна прычын майго смутку, бо смутак выкліканы развітаннем з мачыхай і, здаецца, апошняй стадыяй яе хваробы. Каб паказацца зухам, я еў пры ім свой горкі абед, але кавалкі не лезлі ў горла. Ах, маладосць! Слова за словам, і размова паступова перайшла ў жарты, балбатню і смех, а скончылася тым, што я ўстаў з-за стала і пайшоў на каву да Мюлераў. Вярнуўся ад іх апоўначы. Вось так ператварыліся ў нішто ўсе мае зарокі пра іх.
Наступнай раніцай каля восьмай гадзіны я ўсё яшчэ моцна спаў. А калі расплюшчыў вочы, пачуў нейкі шум і ўбачыў свайго сябра Мюлера, які сядзеў на краі ложка. Ён пачаў жартаваць з майго сібарыцтва, раскідваючы смех і жарты прыгаршчамі. Але як толькі падалі гарбату і мой лакей вярнуўся да сваёй ранішняй працы, Мюлер раптоўна змяніўся ў твары і з відавочнай трывогай сказаў: "Веру, тое, што ты сказаў мне ўчора, праўда. Але, магчыма, ты мусіў так сказаць. Аднак мне, як сябру, трэба папярэдзіць, што цябе шукаюць! Учора дзяжурны паліцыянт вельмі ветліва распытваў майго бургграфа пра некалькі чалавек - ці жывуць яны ў гэтым доме, ці ходзяць яны ў гэты дом, сярод іншых, спытаў і пра цябе. На шчасце, мой бургграф працуе толькі некалькі тыдняў і таму нічога пра цябе не сказаў. Інакш, небарака, усё расказаў бы, ён стары жаўнер. Паліцыянт таемна пакінуў яму паперу з імёнамі і загадам паведаміць, калі яны прыйдуць. Сёння на раніцы бургграф паказаў мне гэты спіс, вось ён. Я забараніў яму ўвязвацца ў справу і прыбег да цябе".
У гэтай паперы, напэўна, каб задурыць людзей, значылася: рускі генерал Крапаў, якога ніколі не існавала на свеце, Ксаверы Агінскі, Сліжаноўскі, багаты яўрэй, юрбарскі купец Адэльсон, Макавецкія, Абранпальскі і я.
Ад такога чалавека больш не мела сэнсу хавацца. Згодна з даволі гнуткімі інструкцыямі, дадзенымі мне братамі, я расказаў яму ўсю праўду і стан рэчаў. Паведаміў, што мяне вось-вось арыштуюць. Пасля гэтага ў мяне палягчэла на душы, і мы зноў пачалі жартаваць. Прынамсі, я меў з кім грызці гэты горкі арэх і абмяркоўваць маю вялікую бяду.
На пачатку будучая небяспека можа засмуціць і збянтэжыць маладую галаву, але потым дадае энергіі і напружвае духоўныя спружыны. Жыццё становіцца больш насычаным і хуткім. Не памятаю, каб раней я быў такім гожым і вясёлым, як у час, калі дамоклаў меч вісеў над маёй галавой. Але гэтак было толькі, калі я знаходзіўся сярод людзей. Калі заставаўся адзін, нічога не лезла ў галаву, мог толькі ўспамінаць і думаць пра лёс маіх бедных сяброў. Зан, Міцкевіч, Кавалеўскі, Кулакоўскі, Чачот, Уратноўскі, Лукашэўскі, Лазінскі і колькі яшчэ іншых, самых адукаваных, здольных асоб, якія вылучаліся сярод іншых.
Каб адцягнуць ад сябе падазрэнні, я заўсёды хадзіў адкрыта і смела. Паліцыянты, як вужы, сунуліся міма мяне па вуліцах, але не чапалі. Пан Бог зрабіў іх сляпымі. З Крукоўскім мы штодзень ледзь не краналіся локцямі. Часам сустракаў вязняў, якіх вялі пад аховай. Я спыняўся, але яны адварочваліся ад мяне або глядзелі на мяне халоднымі і абыякавымі вачамі, нібы і не ведалі. І адразу пасля гэтага паведамлялі камісіі, што шукаць мяне трэба ў Берліне, Вене, Эдынбургу, Парыжы - адным словам, па ўсім свеце. Апісвалі мяне з чорнымі, як жук, валасамі, смуглай скурай, вялізнымі бакенбардамі, каржакаватага і малога. Паўсюдна рассылаліся такія расшуковая лісты з цалкам недакладнай інфармацыяй пра мяне, а я штодзень вольна хадзіў сярод шпегаўскага хаосу, нябачны як вавёрка. Карысным з'яўлялася і тое, што мая кватэра была запісана ў паліцыі хоць і на Мараўскага, але на Караля!
Мае візіты ў вышэйшы свет Вільні сталі прыемнымі і частымі. Многія ў той час ратавалі крэўных і мой філарэтызм ні для каго не быў сакрэтам. Агульная сіла тады злучала ўсе думкі, і ніхто не расказаў пра мяне ненадзейнаму чалавеку. Нават яўрэйскія рамеснікі, калі іх распытвалі, адмаўляліся мяне ведаць, як быццам я д'яблам хрышчаны, і заўсёды адказалі "не". А потым са смехам прыбягалі да мяне з дакладам. Раскажыце гэта каму-небудзь сёння! А ці шмат прайшло часу? Які тэрмін патрэбны, каб пачала дамінаваць подласць, каб нават карэнні згнілі? Акурат сёння чвэрць стагоддзя! А што будзе яшчэ праз дваццаць гадоў?
Адкуль бы я не вяртаўся, заўсёды трапляў у дом Мюлера. Мелася тут для мяне жыццядайная крыніца, і яна цалкам супакойвала маё сэрца. Мае размовы з пані Мюлер увесь час вяліся пра рэлігію, гонар, цноты і, незалежна ад высноў, хадзілі па замкнутым коле, мне было непрыемна, бо мой антаганіст у спадніцы не вельмі добра разумеў рэчы, якія імкнуўся абмеркаваць.
Куды больш цікавымі былі апавяданні пра старыя, прыгожыя часы, пра жыццё Вільні 1805 г., калі гэты горад мог супернічаць з якой заўгодна сталіцай40, неверагодныя прыгоды Яраслава Патоцкага41, флірт і самыя дзіўныя прыгоды красуні Шуазель42, сястры Яраслава, досціп і перамогі старога шасцідзесяцігадовага галанта Севярына Жавускага43, балі і прыёмы Кутузава, любоўныя прыгоды некаторых з нашых дам, якія тады былі прыгажунямі, а цяпер толькі пацеры чытаюць, дам, якія праз патрыятызм прагнуць дадаць сэнсу свайму жыццю, але яшчэ хаваюць у сваім будуары аксельбант рускага афіцэра часоў імператара Паўла. Усё гэта, прыпраўленае перчыкам і досціпамі, было вельмі цікавым. Гэта на мяне моцна ўплывала, бо ад бацькі я меў вялікую схільнасць да анекдотаў. Пані Мюлер, тады яшчэ панна, знаходзілася ў блізкіх і штодзённых стасунках з Шуазелевай. Яе, слаўную грацыяй і майстэрствам у танцах запрашалі на ўсё балі, а Вільня была тады бясконцым пікніком і балем. Так было ў тыя дні.
Па вечарах, як толькі гадзіннік біў палову сёмай, да Мюлераў прыходзіў стары Закрэўскі. Я ўжо казаў, што гэта быў прыгожы, моцны, сухі і стрыманы стары. Я так і не даведаўся, адкуль ён узяўся ў Літве. Даўні слуга і прыяцель Радзівілаў, ён мог мець у той час каля сямідзесяці васьмі гадоў, але выглядаў не старэйшым за пяцьдзесят. Быў шэфам восьмага батальёна радзівілаўскага палка і, калі меркаваць па акцэнту, паходзіў ці з Беластока ці Нурскай зямлі (на Мазоўшы - Л. Л.). Па ўсім было бачна, што ў сваім жыцці ён меў шмат розных авантур, але не пра ўсе расказваў. Калі ж расказваў, рабіў гэта стрымана, з вялікай колькасцю падрабязнасцей, сам пры гэтым ніколі не смяяўся, але шмат смяяўся з чужых расказаў. Меў асаблівую, павольную гаворку, спыняўся і адпачываў пасля кожнага сказу, меў ідэальную памяць і непараўнальны спакой. Добра ведаў Нясвіж і Слуцк і ўсё, што там было. Усё гэта рабіла яго, нават і ў Вільні, дзе спакон вякоў на бруку раслі арыгіналы, адным з самых арыгінальных і мілых старых. Неяк ён сам сказаў мне, што быў яшчэ і акцёрам. У той час ужо перажыў усіх сваіх сучаснікаў, і таму ніхто не ведаў пра яго маладосць. Быў фаварытам князя Караля Радзівіла "Пане Каханку", і таму потым яго любіў і князь Дамінік. З-за незвычайна прыгожай постаці і твару ў яго закахалася сястра ці пляменніца "Пане Каханку", не памятаю ўжо дакладна, хто, - ён так ёй падабаўся, што яна вырашыла выкрасці яго з Нясвіжа і выйсці за яго замуж. Калі ўжо паставіў нагу ў запрэжаную і падрыхтаваную карэту, яго схапілі пахолкі і вартаўнікі князя Караля, нягледзячы на адчай і крыкі княжны, якая ўжо сядзела ў карэце. Кінулі ў падзямелле Нясвіжскага замка. Аднак перад тым, як упіхнулі ў камеру, правялі праз асветленыя сутарэнні, у якіх на зямлі ляжаў каберац (дыванок пад ногі - Л. Л.). Для большай пацехі і помпы, па вуглах стаялі чатыры вялізныя запаленыя свечкі і чатыры вялізных гайдукі з доўгімі бізунамі. На гэтым каберацы гайдукі меліся адлічыць яму роўна сто бізуноў. Але ад кары Закрэўскага патаемна вызваліў даўні сябар і прыхільнік - камендант Нясвіжа.
Па пратэкцыі розных паноў, якія бавілі свой час у Нясвіжы і асабліва Севярына Жавускага, ён быў вызвалены з турмы і вярнуў сабе ласку і месца пры княжскім двары. З таго часу і засталося ў яго добрае сяброўства з графам Жавускім, якое доўжылася да самай магілы.
(Працяг у наступным нумары.)
* Morawski Stanislaw. Kilka lat mlodosci mojej w Wilnie (1818-1825). Warszawa, 1924. Пераклад Леаніда Лаўрэша.
38 Міхал Ваўжэцкі, сын Станіслава Якуба і Ганны з Сяліцкіх, дзедзіч Відзаў. У 1809 г. быў старшынём браслаўскага земскага суда, потым падкаморым і маршалкам браслаўскім. Памёр у 1844 г., быў жанаты з Канстанцыяй з Лапацінскіх. Пакінуў дачку Эмілію, жонку Тамаша Мінейкі, віленскага маршалка.
39 Цікава, што стараста велятыцкі Тышкевіч Міхал (1761 - 1839) ваяваў на баку Напалеона, быў палкоўнікам 17-га палка Літоўскай кавалерыі і кавалерам Ордэна Ганаровага легіёна. Лічыўся самым багатым панам у Літве, як пісаў пра яго Мараўскі вышэй. - Л. Л.
40 Пра віленскія забавы 1805 г. пісаў Юзаф Франк: "Абеды, вечары, балі, якія ладзілі сумеснымі намаганнямі, дадавалі Вільні бляску. У доме Мюлера адчынілася казіно, дзе ладзіліся маскарады і іншыя забавы. Нягледзячы на тое, што прыехаў з Вены, я быў уражаны той раскошай, якая панавала на гэтых вечарынах. Шампанскае і партвейн ліліся як звычайнае пітво, а за абед плацілі па 3 - 5 дукатаў".
41 Яраслаў Патоцкі (1784-1838), сын Шчэнснага і Юзэфы з Мнішкаў, рускі генерал-маёр, дзедзіч Сіткаўцоў (на Падоллі), Магілёва і інш. Ён адзіны працягнуў лінію нашчадкаў Шчэнснага Патоцкага.
42 Вікторыя Шуазель з Патоцкіх (1780-1827), дачка Шчэнснага і Юзэфы з Мнішкаў, жонка Актавіяна (Антонія Людвігавіча) графа дэ Шуазель-Гуф'е (1773-1840), пэра Францыі, афіцэра рускай гвардыі, шамбеляна рускага двара, уладальніка маёнтка Плацелі, сына былога французскага амбасадара ў Канстанцінопалі. Вікторыя развялася з Шуазелем і выйшла замуж за губернатара Бесарабіі Бахмеццева. Актавіян (Антоні Людвігавіч) граф дэ Шуазель-Гуф'е другім шлюбам пабраўся з Сафіяй з Тызенгаўзаў (1790-1878), якая нарадзілася ў Жалудку і ў свой час была вядомай пісьменніцай.
43 Севярын Жавускі, сын Станіслава Фрэдэрыка, генерал-лейтэнанта, харунжага ВКЛ і Кацярыны з Радзівілаў, віленскай ваяводзіны, сястры Караля Пане Каханку. Брат Адама Ваўжынца і стрый пісьменніка Генрыка Жавускага. Яго безмаёнткавы сын Фларыян у 1848 г. быў віленскім паліцыянтам.
Беларусы сустракаюцца з індзейцамі
Навука не забіваць, а дараваць (даецца не ўсім): Гаўронская, Петрусевіч, Раманоўскі, Рэнейскі, Юрэвіч; адказвае пан Амільяновіч, або Як пасварыліся пан і спадар з ліку нашых карэспандэнтаў
(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-52 (105-156) (2024); № 1-26 (157-182) за 2025 г.)
Адзін з нярэдкіх у нашай перапісцы надзвычай арыгінальных карэспандэнтаў або "толькі адрасатаў" - Аляксандр Амільяновіч (1923-2006). Мы даслалі яму 5 лістоў і атрымалі 4 адказы: выходныя 1989-09-05 № 110, 1989-10-06 № 134, 1989-12-14, 1990-02-27, 1990-05-21, уваходныя 1989-09-12, 1989-10-29, 1990-01-21, 1990-04-08. На апошні наш ліст, даволі маралістычны, адказу не было - відаць, ідэалагічная нагрузка яго зместу была ўжо празмернай.
Ён не адзін з нашых адрасатаў, хто памёр у зняволенні (за яго ролю ў службе бяспекі Польшчы да змянення ладу ў краіне). Яго выпусцілі з турмы для лячэння анкалагічнага захворвання, але потым вярнулі, і там ён памёр.
Цяпер мы змяшчаем тры лісты, у якіх закранаюцца як індзеяністыка, так і іншыя пытанні, уключаючы яго адносіны з Сакратам Яновічам. Хто быў лепшы па характары - Аляксандр або Сакрат - пытанне адкрытае.
"На чыім мы баку" з пункту гледжання высвятлення гістарычнай праўды - пытанне няпростае. У адрозненне ад Яновіча, Амільяновіч не адказаў на наш "умоўны" апошні ліст. У выніку лічыцца, што ён адказваў і тлумачыў, не выказаўшы раздражнення, а Яновіч ахвотна і вельмі цікава адказваў, але пасля некаторых нашых разважанняў (навошта?! навошта нам трэба было так часта выказвацца недыпламатычна?) дайшоў да стану раздражнення, дэманстрацыі павышанай самаўпэўненасці і ўвогуле выказаў (на не прамаўчаў пра) нежаданне працягваць перапіску. Нягледзячы на гэта, мы любім Яновіча як лепшага, нястомнага творчага працаўніка ў беларускай грамадзе Польшчы, які ўнёс велізарны ўклад у публіцыстычную індзеяністыку і напісаў асобнае дасціпнае апавяданне пра індзейцаў. На самаўпэўнены тон ён, бадай, меў права, будучы пісьменнікам. Мы "ўвогуле не разумеем", для чаго патрэбна мастацкая літаратура, але з такім тыпам дзейнасці трэба мірыцца. Лепш, аднак, усе таленты накіроўваць на дакументалістыку (няхай і з прагнозамі, рэтрапрагнозамі і іншымі метадамі рэканструкцыі).
Пераклад з рускай, хаця, вядома, пан Аляксандр мог прачытаць і па-беларуску - ён адзін з "легенд" газеты "Ніва":
"БІТ - Амільяновічу А., Беласток, Польшча, 6.10.1989, № 134, Гомель.
Шаноўны пан Амільяновіч!
Вельмі ўдзячныя Вам за адказ, добрае да нас стаўленне, усе тлумачэнні і рэкамендацыі. Радасна адчуваць, што людзі розных краін і розных сацыяльных становішчаў [положений] - я маю на ўвазе ступень заслуг перад грамадствам - могуць падтрымліваць прыязныя кантакты, садзейнічаць адзін аднаму.
Радасць гэтая азмрочваецца становішчам у Вашай краіне (у нас, у Беларусі, хоць і не рай, але дастаткова стабільнае становішча). Апошнія паведамленні ўвогуле здаюцца неверагоднымі. Напрыклад, тое, што ПАРП пагражае распад. Бо гэтая партыя была вядучай у краіне больш за 40 гадоў. Мы выдатна разумеем, што ва ўсіх кампартыях шмат нявартых павагі [недостойных] людзей, якія ў канчатковым рахунку дыскрэдытуюць сацыялізм. Мы спачуваем свядомым членам ПАРП, лічачы іх абаронцамі народных інтарэсаў. Вядома, гэта "тэарэтычнае" перакананне, бо нам не даводзілася мець зносіны з ПАРП-аўцамі. Нам важна было б ведаць Ваша стаўленне да ПАРП. Як Вы адчуваеце яе перспектыву? Не маглі б Вы рэкамендаваць нам членаў партыі ў Беластоцкім ваяводстве для перапіскі?
У сувязі з вастрынёй гэтай праблемы адпраўляем гэты ліст, даўшы толькі некаторыя звесткі аб БІТ па Вашай просьбе. У наступных лістах мы пастараемся пашырыць Ваша ўяўленне.
Такім чынам, арганізацыйная група дзейнічала два гады - 87-88, са студзеня гэтага каля 30 зарэгістраваных членаў і "група падтрымкі" робяць спробы наладзіць кантакты з індзейцамі - чылійскімі, канадскімі, з ЗША. Вядзём перапіску, абменьваемся з імі матэрыяламі. Зрабілі некалькі публікацый у беларускім друку. Збіраемся на "ўсебеларускія" сустрэчы, нашы індзеяністы ездзяць у госці да аднадумцаў у Расію і на Украіну. Асабіста я актыўна збіраю інфармацыю па беларуска-індзейскіх кантактах (у сувязі з гэтым, дарэчы, у "Ніве" з'явілася не зусім удала пракаментаваная згадка пра Лаўрэнція Багуна - верагодна, беластоцкага Яна з Кёльна; ці ведаеце Вы пра гэтага чалавека?). Толькі двое ці трое з нас праяўляюць выяўленую цікавасць [проявляют выраженный интерес] і да індзейцаў Лацінскай Амерыкі. Раней была група "ўзаемнага членства" БІТ і клуба салідарнасці з народамі Лацінскай Амерыкі. У Гомелі жывуць даволі кампетэнтныя па індзейцах Паўднёвай Амерыкі людзі. Адзін з іх - Аляксандр Снітко - асабліва цікавіцца араўканамі, мае вельмі вялікую бібліятэку - практычна ўся [крыху перабольшана, але сапраўды адна з самых вялікіх сярод прыватных калекцыянераў СССР па колькасці адзінак менавіта па Лацінскай Амерыцы] пасляваенная рускамоўная літаратура. Выпісак і выразак, у адрозненне ад мяне, не робіць. Па карэнных жыхарах Бразіліі ў нас ёсць, напрыклад, кнігі Л. А. Файнберга "Індзейцы Бразіліі" (М., 1975, навуковая манаграфія) і "Зманлівы рай. Чалавек у тропіках Паўднёвай Амерыкі" (М., 1986, з акцэнтам на экалогію), І. Фесуненкі "Пост Леанарда" (М., 1975, асабісты досвед савецкага карэспандэнта - Шынгу [Xingu], браты Вільяс-Боас [Вілас-Боас, Villas-Boas]...).
У заключэнне - яшчэ адно няпростае пытанне. Я баюся закрануць непрыемную Вам тэму, але нам не зусім зразумелая сутнасць Вашых з Сакратам Яновічам рознагалоссяў. Вы найбольш вядомыя беластоцкія - і абменьваецеся крытычнымі заўвагамі (Вашы выступленні С. Яновіч нават называе "публічным даносам"). Да Яновіча мы звярталіся з прыкладна тымі ж "індзейскімі" пытаннямі, што і да Вас (у сувязі з яго паездкай у Канаду). Адносіны да індзейцаў і ўвогуле праблем "індзейскага" круга служыць для нас найлепшым вызначальнікам чалавечых якасцей - гэта непазбежна выяўляецца ў нюансах разваг... Паверце, нам вельмі важна ведаць сапраўдныя прычыны "непаразуменняў" паміж Вамі і Яновічам. Калі гэта не з'яўляецца пытаннем "асабістага ўзроўню"...
Выбачыце, дзеля Бога, калі я быў не зусім тактоўны, я імкнуўся быць цалкам шчырым з Вамі. Вельмі спадзяюся на поўную ўзаемнасць. Прыміце нашы самыя найлепшыя, самыя сардэчныя пажаданні.
Алесь Сімакоў, БІТ"
Літ.:
9762 Omiljanowicz A. Azyl w dzungli. Warszawa, 1989.
5760 Яновіч С. Сцяна: раман, апавяданні. Мн., 1997.
8018 Яновіч С. Запісы веку. Беласток, 1999.
9847 Яновіч С. Дзённікі (1987-1995). Беласток, 1997.
8048 Яновіч С. Усе мы патроху жыды // Arche. 2000. № 3. С. 135-139.
8019 Яновіч С. Доўгая сьмерць Крынак. Беласток, 1993.
8021 Тычка Г. Журботны самотнік пад зоркай каляднай // Яновіч С. Запісы веку. Беласток, 1999. С. 86-95
8070 Чыквін А. Тоеснасць праваслаўна-беларускай меншасці ў суадносінах з польска-каталіцкай большасцю ў Польшчы / пер. з пол. А. Чобат // Annus Albaruthenicus = Год беларускі / рэд. С. Яновіч. Krynki, 2003. [Т. 4]: 2003. С. 83-112.
ГАЎРОНСКАЯ Бланш - (Blanche Gawronski, Blanche T. Gawronski, Blanche T. (Lisaj) Gawronski) - 1923-1995 - айцец-езуіт Рэйманд Гаўронскі нарадзіўся ў 1950 г. Брукліне ў сям'і Стэнлі і Бланш Гаўронскіх (Stanley and Blanche Gawronski). Дзявочым прозвішчам Бланш (гэтае французскае імя значыць "белая") было Лісай. Сам а. Рэйманд 2.04.2014 г., за два гады да смерці (памёр 14.04.2016 г. ва ўзросце 65 гадоў ад раку), змясціў такое паведамленне на вэб-старонцы, прысвечанай вёсцы Вялікія Баяры Шчучынскага раёна (https://www.radzima.net/be/miejsce/bojary_wielkie.html): My grandfather, Antoni Lisaj, and the Lisaj family lived in this village. My grandmothers' [grandmother's] maiden name was Elzbieta Sienko (Sienka). Other families related would be Rouba and Rusc [Мой дзед, Антоній Лісай, і сям'я Лісай жылі ў гэтай вёсцы. Дзявочае прозвішча маёй бабулі было Эльжбета Сянько (Сенька). Іншыя сваяцкія сем'і былі Роўба і Русць].
Ён пісаў нам з рэзідэнцыі езуітаў (Marquette University) у Мілуокі (Вісконсін) 13.11.1997 г.:
"Fr. Chevedden correctly told you that I had Byelorussian ancestry, and relatives. My mother's parents were both born in the area around Szczucin, in the Grodnenskaya Oblast. My grandmother's family name was Sienko, and they were originally of the Eastern Christian Church, and so considered themselves Byelorussian. My grandfather's people were originally Lithuanian, and being Roman Catholic, considered themselves Poles.
My mother was raised in that area between the Wars, and so her schooling was primarily in Polish, until 1939, when it was in Russian. In the village from which she came, Byelorussian is the common language, though as my mother married a man of Polish ancestry, we spoke Polish at home and I never really learned Byelorussian, although I can understand it. I have visited there many times and have greatly loved the Byelorussian country and people".
[А. Шэведэн правільна паведаміў вам, што ў мяне беларускае паходжанне і сваякі. Бацькі маёй маці нарадзіліся ў раёне вакол Шчучына, у Гродзенскай вобласці. Прозвішча маёй бабулі было Сянько, і яны першапачаткова належалі да Усходняй хрысціянскай царквы, і таму лічылі сябе беларусамі. Народ дзеда першапачаткова быў літоўскім і рымска-каталіцкім, лічылі сябе палякамі.
Мая маці расла ў тым раёне паміж войнамі, і яе школьнае навучанне было пераважна на польскай мове, да 1939 г., калі яно было рускім. У вёсцы, адкуль яна родам, - беларуская звычайная мова, хаця маці выйшла замуж за чалавека польскага паходжання, мы дома размаўлялі па-польску, і я так і не авалодаў беларускай, хаця я разумею яе. Я пабываў там шмат разоў і вельмі палюбіў краіну і людзей Беларусі.]
Індзейцы Паўночнага Захаду ЗША, якія ўбачылі яе ў час наведвання іх з Рэймандам, знайшлі яе падобнай да сябе: "As to American Indians - that is an interesting question. My mother had a strong affinity for American Indians. Once, visiting a reservation in the Pacific Northwest, the people seemed to think she was one of them! I myself have had some experience working on a reservation in the state of Oregon among the Cayuse/Umatilla/Walla Walla tribes".
Літ .:
3777 Mickevicius A. Konradas Valenrodas / vert. V. Mykolaitis-Putinas. [Brooklyn, NY], 1953.
ПЕТРУСЕВІЧ Францішак (Franciszek Petrusewicz, Petrussewicz) - у мексіканска-амерыканскім супрацьстаянні пры абароне форта Голіяд у Тэхасе (у адной з версій апісання яго смерці: "The artillery commander killed at Coleto was Francis Petrussewicz" - бітва пры Калета, The Battle of Coleto, Battle of Coleto Creek, Battle of the Prairie, Batalla del Encinal del Perdido) быў цяжка паранены гэты камандзір артылерыі - памёр 19.03.1836 г. У імянным спісе Таварыства Братэрскага Аб'яднання (Towarzystwo Zjednaczenia sie Braterskiego), якое было заcнавана ў Францыі ў 1832 г. выхадцамі з былога ВКЛ, пад № 55 запісаны "Petrusewicz Franciszek / Петрусевіч Францішак" (гл. спіс у кнізе Д. Матвейчыка 2011 г. "Выгнаныя з роднага краю: Паслялістападаўская эміграцыя з Беларусі і Літвы (1830-1870-я гады)"). Выглядае відавочным, што Петрусевічаў вельмі шмат у Беларусі (варта высветліць, як шмат Петрусявічусаў і якія іх карані - літоўцаў з такім прозвішчам інтэрнэт дае), і яны больш падобныя на славян па каранях.
Мы не высветлілі, адкуль - з Беларусі або Літвы - былі Францішак і яго брат Адольф, якога 27.03.1836 г. расстралялі мексіканцы разам з больш за чатырохсот ("about 425 to 445") падначаленых палкоўніка тэхасцаў Джэймса Фаніна (James W. Fannin; яго расстралялі апошнім - такія правілы вайны былі ў мексіканцаў, якімі камандаваў сам іх прэзідэнт; расправа па-англійску называецца Goliad Massacre), але спяшаемся ўключыць іх абодвух у нашу гераічную серыю БСІ. Як бы кепска ні было гінуць за пачварныя ідэі экспансіянізму, гэта нашы людзі, і да іх трэба ставіцца максімальна гуманна - да іх няправільнага гераізму, неадэкватнай ахвярнасці.
Інтэрпрэтацыя ідэйнага значэння тэхаскіх падзей для нас простая - можна звесці яе да забойстваў адзін аднаго (нават калі ў мексіканскіх фарміраваннях было шмат індзейцаў і метысаў) узброенымі атрадамі каланізатараў. Амерыканцы ў Тэхасе хацелі адстаяць сваё права трымаць рабоў (Мексіка была больш прагрэсіўнай краінай па крытэрыях рабаўладальніцтва) і іншыя цалкам эгаістычныя інтарэсы.
Мексіка і так страціла б Тэхас, але мексіканцы не маглі стрымацца ад сваёй "патрыятычнай" жорсткасці, якая перавышала амерыканскую. З другога боку, магчыма, калі б не супраціўлялася захопу, то страціла б і іншыя свае паўночныя штаты (але цяпер значная колькасць іх жыхароў, верагодна, усё ж жадаюць апынуцца ў Тэхасе і іншых былых штатах Мексікі - да спрэчкі, хто лепшы або горшы захопнік...).
Іншымі палякамі, якія загінулі ў час згаданых падзей, былі Напалеон Дэмбіцкі (Napoleon Debicki) і Ян Карніцкі (Jan Kornicki). Усе чацвёра былі артылерыйскімі афіцэрамі, ветэранамі лістападаўскага паўстання.
"Цікавая" логіка ў гэтых "нашых людзей" - на радзіме змагаюцца супраць далучэння да Расіі, а на паўночных "крэсах" Мексікі, якія хацелі забраць у гэтай "амерыканскай Польшчы", ваююць на баку амерыканцаў.
Літ.:
7320 Калаткоў У. Я. Тэхаская вайна 1835-36 // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 16. Мн., 2003. C. 147-148.
5265 Cinema ("Сэм Хьюстон - легенда Техаса": БТ, 5 дек., 22.10) (Теленеделя) // Советская Белоруссия. 1996. 30 нояб. С. 4.
11920 Сімакоў А. Недалёка ад апачаў і ў вайне з семіноламі: выхадзец з Наваградчыны францысканец Антоні Расадоўскі ў штатах Фларыда, Тэхас і Нью-Ёрк // Наша слова. 2021. 14 кастр. С. 7.
РАМАНОЎСКІ Уладзімір (Uladzimir Ramanouski) - слонімскі ўраджэнец, удзельнік алімпіяды ў Манрэалі 1976 г. ад Слоніма і СССР (веславанне на байдарцы). Каноэ, у якім мелі надзвычай высокія дасягненні некалькі беларускіх спартсменаў, уключаючы Віктара Рэнейскага, - адзін з найбольш "індзейскіх" відаў спорту, але і каяк (г.зн. байдарка), які найбольш асацыіруецца з эскімосамі, адзін беларускі аўтар умудрыўся назваць індзейскім.
На сайце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры (Белорусский государственный университет физической культуры, Belarusian State University of Physical Culture, але на англійскай галоўнай старонцы (унізе) таксама Belarusian State University of Physical Education) ёсць пра цырымонію закрыцця гульняў:
"У Манрэалі сабраліся шчаслівыя, вясёлыя маладыя людзі, спартыўны цвет планеты. Адчуванне адзінства стала яшчэ вастрэйшым з-за яркага і самабытнага мастацкага рашэння свята закрыцця.
Помняцца стракатыя вігвамы на зялёным полі, карагоды вакол іх і жывыя алімпійскія кольцы. Бачацца бронзавыя гордыя профілі індзейскіх правадыроў, якія крочаць на чале алімпійскіх калон. Чуецца велічная і трыумфальная мелодыя Алімпійскага маршу Андрэ Мацце. І ззяюць з вялізнага табло экрана над стадыёнам рубінавыя зоркі Крамля".
На той жа старонцы чытаем:
"Талісманам XXI Летніх Алімпійскіх гульняў стаў Бабёр Амік [Amik, mascot of the 1976 Summer Olympics, Montreal]. Канадскі бабёр - нацыянальны сімвал Канады. Ён адыграў важную ролю ў гісторыі краіны. Доўгі час бабровае футра было адным з найважнейшых промыслаў у Паўночнай Амерыцы. Бабрамі называюць і канадскіх лесарубаў. Акрамя таго, бабёр лічыцца сімвалам працавітасці. Яму ўласцівыя якасці, якія адрозніваюць сапраўднага спартсмена: цярпенне, сіла волі, упартасць. Імя Амік на мове карэннага насельніцтва Канады таксама азначае "бабёр"".
Жывёла, малодшы брат чалавека, бабёр, адыграла важную ролю ў гісторыі краіны.
Літ.:
6164 Пірога // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 12. Мн., 1996. С. 382.
РЭНЕЙСКІ Віктар - ураджэнец Бабруйска, "беларускі і малдаўскі вясляр на каноэ, трэнер". Будучы ўжо двухразовым чэмпіёнам свету сярод юніёраў, у 1986 г. заваяваў серабро на чэмпіянаце свету ў Манрэалі на каноэ-двойцы на дыстанцыі 500 м. На Алімпійскіх гульнях у Сеуле (1988) перамог на каноэ-двойцы ў пары з Мікалаем Жураўскім на дыстанцыях 500 і 1000 м. У атланце (1996) - срэбра. У 1989-1991 гг. 8 разоў быў чэмпіёнам на чэмпіянатах свету.
Было дастаткова магчымасцей для таго, каб і спартсмены, і гледачы індзейскага паходжання захапляліся яго хуткасцю на вадзе.
Але сапраўды "зорны" "індзейскі" момант" для Рэнейскага наступіў, калі ў СМІ з'явіліся матэрыялы пра біятлон амерыканскіх індзейцаў.
Біятлон амерыканскіх індзейцаў як новы від двухборства прыдумаў лаўрэат конкурсу навукова-даследчых работ у галіне спорту Валерый Крылоў. На яго думку, "ні веславанню, ні стральбе з лука не хапае спартыўнай інтрыгі [...] у гэтых двух відах спорту амаль поўная біямеханічная сумяшчальнасць". Спаборніцтвы павінны праводзіцца на дыстанцыі 3 км з удзелам каноэ-адзіночкі, двойкі і чацвёркі. За промахі штраф - дадатковыя метры дыстанцыі. Усё адбываецца на вачах у гледачоў. У першых трэніроўках, якую правялі члены зборнай СССР па веславанні, удзельнічалі Мікалай Жураўскі і Віктар Рэнейскі. Тое, як яны асвойваюць БАІ, адлюстравана на здымках, распаўсюджаных праз Фотаагляд ІАН. Цікавасць да паказальных выступленняў "савецкіх індзейцаў" была праяўленая, у прыватнасці, на чэмпіянатах свету ў Парыжы (1991 г.). Бізнесмены з шэрагу краін былі гатовыя ўкладаць сродкі ў развіццё новага віду спорту, але пры ўмове яго афіцыйнага статусу.
У 1999-2002 гг. Рэнейскі працаваў трэнерам у Харватыі, пасля стаў начальнікам нацыянальнай каманды Беларусі. У 2015 г. ён стаў галоўным трэнерам нацыянальнай зборнай Малдовы па веславанні на байдарках і каноэ.
Літ.:
4798 Каноэ // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 7. Мн., 1998. С. 590.
1742 Падарожжа на каноэ // Звязда. 1987. 19 сак.
1963 Скубкова М. "Индейское двоеборье" // Знамя юности. 1988. 27 июля.
ЮРЭВІЧ Валянцін (9) - у гэтым урыўку ён згадвае рабаўнікоў, якія прадавалі артэфакты прыватным калекцыянерам. Гэта нагадвае пра лёс Юрыя Абадзенкі (як і прозвішча Алега Макушнікава, яго прозвішча (Ободенко) - небеларускага паходжання (мяркуючы па паходжанні іх бацькоў), таму больш правільна было б пісаць яго Абадэнка).
У 1985 г. у Менску, у інтэрнаце АН БССР, Алег Макушнікаў сказаў нам, што яго калега, гомельскі археолаг Абадэнка, цікавіцца індзейцамі, і напісаў адрас. Ён растлумачыў, што той скраў царкоўныя каштоўнасці. Чаму мы не напісалі Юрыю? Не з-за таго, што гэта быў адрас папраўчай установы, хутчэй стрымліваў характар яго злачынства. І пазней, заняўшы рабочае месца па спецыяльнасці ў Паляўнічым доміку (цяпер Музей горада Гомеля) і, відавочна, ведаючы пра існаванне ў горадзе індзеяністаў, у т.л. "краязнаўца-індзеяніста", "трайбаліста", ён не выказаў сустрэчнай цікавасці, не звязаўся з намі.
Юрый памёр восенню 2009 г., верагодна, з-за тромба, калі ўжо ляжаў пасля інсульту.
Макушнікаў памёр ад COVID-19 у 2021 г. - страта цяжкая і спецыфічна для індзеяністаў. Ён быў блізкі нам настолькі, наколькі блізкія радзімічы, якімі ён займаўся.
Валянцін ЮРЭВІЧ
ТОЙ, ХТО ІДЗЕ ЗА МЕСЯЦАМ
Дык вось, мы паехалі. Збудаванне аказалася каменным кругам каля 13 метраў у дыяметры, размешчаным на паверхні глебы, дакладней, некалькі ніжэй, бо было расчышчана ад пласта пяску, што яго пакрываў. Недалёка ад круга знаходзіцца яр, звычайнай для Анд формы - вузкі і глыбокі, са стромымі сценамі. Ён меў назву - Каляровы (Каларада). Будзем так называць і наш круг. На фоне яго каменнай платформы ясна вылучаліся чатыры дыяметры, складзеныя з больш буйных і больш чырвоных камянёў. З першага погляду было ясна, што кірункі на крузе наўрад ці могуць быць астранамічнымі, усе вуглы [углы] паміж адзначанымі радыусамі былі па 45О. Тым не менш, у бліжэйшую ясную ноч я ўсталяваў у цэнтры круга тэадаліт і вызначыў па зорках азімуты ўсіх кірункаў. Аказалася, што адзін з адзначаных дыяметраў сваім усходнім канцом паказваў на кропку крайняга паўднёвага ўсходу Месяца. Розніца склала менш за 1О.
Усё ж было б занадта смела сцвярджаць па адным напрамку [направлению], што платформа Каляровага яра - месца астранамічных назіранняў у старажытнасці, натуральна палічыць выпадковасцю выяўленае супадзенне. Але ёсць некаторыя довады, якія як быццам гавораць на карысць такога заключэння. Дыяметр месяцовага напрамку - адзіны на крузе, які мае паралельную хорду на адлегласці каля метра збоку. Ён накіраваны на вяршыню суседняй гары Катэкія [Monte Catequilla; у Юрэвіча - Катекийя, набліжэнне да вымаўлення; перадаецца таксама як Катекилла, Катэкіла,]. А гэтае слова азначае на кечуа "Той, хто ідзе за Месяцам". На гэта звярнуў увагу ў свой час эквадорскі гісторык Андрадэ Марын [Luciano Andrade Marin], які захапляўся астраноміяй і стварыў у Сан Антоніо [Сан-Антоніа] краязнаўчы музей. Яго музей размешчаны сапраўды на экватары. З аднаго боку будынка макет белага мядзведзя, з другога - пінгвіна. Важкім довадам на карысць астранамічнага прызначэння платформы паслужыў іншы каменны круг, на вяршыні гары Катэкія.
Але спачатку мы адправіліся да археолагаў. У гэтым жа раёне, на поўнач ад Сан Антоніа, знаходзіцца ахоўная археалагічная зона Румікуча [Rumicucho]. Такую назву носіць даволі шырокая раўніна паміж гарамі, і на адной з вяршыняў на краі раўніны, прыкладна за адзін кіламетр ад платформы Каляровага яра знаходзіцца старажытная індзейская цвердзь Пукара Румікуча [Pucara (de) Rumicucho], от кечуа Pukara. (Пукара на мове кечуа і азначае цвердзь). Калісьці яе збудавалі мясцовыя індзейцы для абароны ад уварвання інкаў. Цяпер гэта цвердзь часткова адноўлена і з'яўляецца часткай археалагічнага музея. Наведаць яе цікава, але сам гэты будынак, на погляд еўрапейца, знаёмага з сярэднявечнымі замкамі-цвердзямі Еўропы, уражанні цвердзі не робіць. Хутчэй яна нагадвае палявое ўмацаванне часоў Першай сусветнай вайны з трыма радамі кальцавых каменных сцен каля паўтара метра вышынёй, а ўнутры гэтых агароджаў сустракаюцца лабірынты з такіх жа сцен.
Цэнтральны банк Эквадора мае тут археалагічны музей і лабараторыі, размешчаныя ў часткова адрэстаўраванай старой гасіендзе [асьендзе] (сядзібе), калісьці пабудаванай адным з першых іспанскіх пасяленцаў.
Дырэктар музея, Эдуарда Альмейда [Eduardo Almeida], зацікавіўся нашымі вынікамі. Ён паведаміў, што ў наваколлях ёсць яшчэ некалькі каменных кругоў. Падобны круг існаваў раней і ўнутры самой цвердзі. Як і іншыя археалагічныя помнікі Амерыкі, ды і ўсяго свету, цвердзь падвяргалася нашэсцям рабаўнікоў, якія збывалі знойдзеныя прадметы прыватным калекцыянерам.
Літ.:
7359 Макушников О. А. Гомель с древнейших времен до конца XVIII века: историко-краеведческий очерк. Гомель, 2002. ("История сохранила примеры поразительных боевых качеств оружия первобытных охотников. Так, испанские конкистадоры - покорители Флориды - пообещали пленному индейцу свободу, если на расстоянии 150 шагов тот пробьёт железную кольчугу. Индеец воспользовался своим луком и стрелой с каменным наконечником, которая и пробила металлическую защиту испанца. Потрясённые европейцы тут же сменили кольчуги на более совершенную защиту от индейских стрел - жилеты, подбитые слоем войлока".)
13191 Макушников О. А. Гомель с древнейших времен до конца XVIII века: историко-краеведческий очерк. Гомель, 2010.
13192 Макушников О. А. Гомель с древнейших времен до конца XVIII века: историко-краеведческий очерк. Изд. 3-е, испр. и доп. Гомель, 2013.
13193 Макушников О. А. Гомель с древнейших времен до конца XVIII века: историко-краеведческий очерк. Гомель, 2018.
13194 Макушников О. А. Гомель с древнейших времен до конца XVIII века: историко-краеведческий очерк. Изд. 5-е изд., испр. и доп. Гомель, 2022.
13195 Макушников О. А. Гомель: ранние этапы становления // Деснинские древности: материалы VIII межгосударственной научной конференции "История и археология Подесенья", посвященной памяти Ф.М. Заверняева. Брянск, 2016. С. 91-101. ("Почти всегда города вырастали из предшествующих им "негородских" поселений естественно-историческим путем. Исключения из правила есть там, где на "догородском" уровне не было сколь-нибудь интенсивной жизни в ее социально-экономических, культурных и иных проявлениях (примеры: заложение Санкт-Петербурга в почти безлюдной болотистой низине Невы, основание главнейших городов Северной Америки, - где индейцы до прихода европейцев не знали государственности)".)
Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.
Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.
Індзейцы , индейцы , Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Belarus; Belarusians Meet Indians. Алесь Симаков. Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 156].
А на "Замкавым гасцінцы"...
28 чэрвеня 2025 года Лідскі замак стаў эпіцэнтрам культурнай падзеі, які з'яднаў у сабе мастацтва, гісторыю і забаўкі. У рамках культурна-турыстычнага праекта "Замкавы гасцінец" тэатр танца FlaminGo прадставіў гледачам заварожвальную праграму, у якой грацыя і экспрэсія рухаў перапляталіся з яркімі касцюмамі і захапляльнай музыкай. Ансамбль цымбалістаў DASK'EDY, у сваю чаргу, зачараваў публіку віртуозным выкананнем народных мелодый і сучасных кампазіцый.
Лідскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі падрыхтаваў канцэртную праграму "Натхненне", прадэманстраваўшы талент і творчы патэнцыял падрастаючага пакалення.
Адмысловую цікавасць выклікала тэматычная пляцоўка "Гульні і забавы Сярэднявечча", арганізаваная ў двары замка. Усе ахвотнікі змаглі прыняць удзел у гульнях, адчуць дух сярэднявечнай эпохі.
А 29 чэрвеня ў рамках культурна-турыстычнага праекта "Замкавы гасцінец" працягваліся выступленні лідскіх паэтаў. На пляцоўцы каля Дома Валянціна Таўлая на гэты раз для прысутных і прыхільнікаў мастацкага слова зачыталі свае творы Ірына Маркевіч і Лілея Каранеўская-Радзевіч.
ТК "Культура Лідчыны".