Папярэдняя старонка: 2025

Наша слова.pdf № 29 (185) 


Дадана: 15-07-2025,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 29 (185), 16 ліпеня 2025.

XXXIV Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску"

Гран-пры XXXIV Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2025" адправіцца ў Казахстан, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Галоўная інтрыга гэтага "Славянскага базару" раскрыта. Гран-пры заваявала казахстанская спявачка Алмагуль Баталіева.

Уладальнікам першай прэміі стала беларуская спявачка Валерыя Бернатовіч. Другую падзялілі армянін Давід Кіракасян і італьянец Даменіка Барбера. Аналагічным было рашэнне журы адносна трэцяй прэміі: яе прысудзілі расіяніну Эрыку Ахметаву і Рыскельдзі Старбекаву з Кыргызстана.

Дыпламантамі конкурсу сталі прадстаўнікі Азербайджана, Нігерыі, Румыніі, Балгарыі, Латвіі, Мальты. Уладальнікам спецыяльнай прэміі імя Уладзіміра Мулявіна за лепшае ўвасабленне нацыянальнай тэмы і высокае выканальніцкае майстэрства стаў спявак Міхаіл Назарой з Малдовы. Спецпрызамі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі ўганараваны расіянін Эрык Ахметаў і беларуска Валерыя Бернатовіч.

Спецыяльнай узнагароды "Песня - шлях да садружнасці" міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі "Мір" за высокае майстэрства ў захаванні нацыянальных традыцый удастоена прадстаўніца Азербайджана Сабіна Асім.

Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" з'яўляецца не толькі маштабнай творчай пляцоўкай, але і важнай часткай культурнай ідэнтычнасці. Такое меркаванне выказала беларуская ўдзельніца XXXIV Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск", спявачка Валерыя Бернатовіч.

Паводле слоў артысткі, удзел у конкурсе стаў для яе незабыўнай падзеяй: "Гэта вельмі значнае мерапрыемства ў маім жыцці. Я яго запомню 100 працэнтаў надоўга. Цяпер ува мне змяшаліся эмоцыі: хочацца і паплакаць, і пасмяяцца. Усё нібыта закончылася, але дагэтуль не адпускае".

Спявачка прызналася, што выступленне ў другі дзень конкурсу далося больш складана, перш за ўсё ў эмацыянальным плане. "Пасля першага конкурснага дня хваляванне засталося, і адпусціць сябе немагчыма - наперадзе было яшчэ адно важнае выступленне. Мы позна клаліся, рана ўставалі на рэпетыцыю. Гэта фізічна і маральна няпроста", - адзначыла яна.

Асаблівае значэнне Валерыя Бернатовіч надае самому фестывалю як з'яве. "Я лічу, што "Славянскі базар" - гэта, напэўна, самая лепшая славутасць, якая ёсць у нас у краіне. Тут неверагодныя эмоцыі, людзі, атмасфера", - падкрэсліла спявачка.

Паводле яе слоў, прадстаўляць на конкурсе Беларусь - гэта не толькі гонар, але і вялікая адказнасць. "Прымаючая краіна - гэта адразу высокі ўзровень чаканняў", - рэзюмавала Валерыя Бернатовіч.

Разам з тым Беларусь атрымала і гран-пры. 10 ліпеня адбылася цырымонія ўзнагароджання пераможцаў XXІІІ Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу "Віцебск", у якім сёлета ўдзельнічалі вакалісты з 14 краін.

Гран-пры конкурсу атрымала беларуска Амалія Сухан. Галоўны прыз ёй уручыў Прэзідэнт на ўрачыстым адкрыцці фестывалю. Першая прэмія дасталася ўдзельніку з Казахстана Мірасу Нагашыбаю. Другое месца падзялілі паміж сабой Мірэйль Макей з Мальты і Заур Барагунаў з Расіі. Трэцюю прэмію журы прысудзіла Мацею Бешанджыеву з Балгарыі і Льву Смерціну з Малдовы. А спецыяльны прыз Выканаўчага камітэта СНД "Крыштальная нотка Садружнасці" - у Міланы Ардакян з Арменіі.

Паводле слоў першага намесніка Генеральнага сакратара СНД Ігара Петрышэнкі, фестываль "Славянскі базар" - самае знакавае мерапрыемства ў рамках супрацоўніцтва Садружнасці Незалежных Дзяржаў у сферы культуры.

Незабыўнае шоў з удзелам узыходзячых і тытулаваных зорак на цырымоніі закрыцця XXXIV Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" стала яркай кульмінацыяй маштабнага мерапрыемства.

Выступленні артыстаў суправаджаў Нацыянальны Прэзідэнцкі аркестр Рэспублікі Беларусь, і дзякуючы майстэрству музыкантаў выкананне было асабліва жывым, душэўным і лірычным.

У госці да фестывалю прыехалі многія зоркі эстрады з Беларусі і Расіі. Самыя тонкія струны душы гледачоў закранула выступленне музыканта ДзіДзюЛі. Нягледзячы на тое, што канцэрт праходзіў ужо прыцемкам, Іван Мальцаў і Лі Ён Сон нагадалі, што ўвесь фестываль азараў "Прамень сонца залатога". Так, былі дажджы, ліўні і навальніцы, але хіба сапраўдных паклоннікаў "Славянскага базару" гэта калісьці палохала?

Любімая спявачка і даўні сябар фестывалю Ларыса Доліна падарыла публіцы некалькі нумароў, у тым ліку з уладальніцай Гран-пры конкурсу выканаўцаў у 2022 годзе Ганнай Трубяцкой. Дарэчы, Ганна тады ў фінале выканала песню Ларысы Далінай "Сцяна", а цяпер выйшла з вялікай артысткай на адну сцэну.

Расіянін Сяргей Любавін і беларуска Ганна Благава праспявалі аб "Грэшным каханні", група Reflex нагадала, што "Танцы" - гэта не толькі прыгожа, але і карысна для здароўя, а Вольга Бузава правяла першакласны "Гамбіт". Чароўны голас Пятра Ялфімава добра знаёмы кожнаму яго паклонніку ў многіх краінах, але яго "Погляд любові" заўсёды накіраваны ў бок роднай сінявокай Беларусі.

Старшыня журы гэтага ж конкурсу Таісія Павалій сваёй канцэртнай кампазіцыяй сказала зале Летняга амфітэатра - "Ты самы лепшы". І публіка вітала артыстку бурнымі авацыямі.

Удзельнікі канцэрта ўсе разам развіталіся са "Славянскім базарам" да наступнага года, праспяваўшы "Да пабачэння, фестываль!".

БелТА. Фота Аляксандра Хітрова.

НАШЫ АЛІМПІЙСКІЯ КІЛАМЕТРЫ

Старонкі гісторыі

Сёлета спаўняецца 45 гадоў з часу правядзення ў СССР XXII летніх Алімпійскіх гульняў

ТАКОЕ не забываецца… Гартаю арыгінальны альбом з 80 старонак памерам 40 на 45 сантыметраў… Ён прысвечаны найбуйнейшым міжнародным спартыўным спаборніцтвам пад эгідай Міжнароднага алімпійскага камітэта, якія праходзілі з 19 ліпеня па 3 жніўня 1980 года ў Маскве, Ленінградзе, Кіеве, Менску і Таліне. У ліку акрэдытаваных на свята сусветнага спорту беларускіх журналістаў былі і мы з Рыгорам Кадзетам - выбітным фотамайстрам, лаўрэатам прэміі Ленінскага камсамола, супрацоўнікам аддзела навін, які я ў той час узначальваў. Па выніках асвятлення ў друку рэдкай гістарычнай падзеі ў жыцці былога Саюза, прадстаўляючы далёка не профільную газету, выйшлі, на дзіва астатнім, пераможцамі спецыяльнага рэспубліканскага конкурсу "Алімпійскае пяро".

ПЕРАД пачаткам гульняў, талісманам якіх стала ўсмешлівае ласкавае медзведзянё на задніх лапах Мішка, наш тандэм упершыню ў гісторыі беларускай журналістыкі здзейсніў доўгае па часе творчае падарожжа па вядомай трасе Брэст - Масква даўжынёй 1060 кіламетраў. У матэрыялах самых розных жанраў мы паказалі чытачам незвычайную прыгажосць роднай прыроды, распавялі пра памятныя і гістарычныя мясціны, знакавыя падзеі ў жыцці краіны, тагачасны стан яе гарадоў, пасёлкаў і вёсак. Актывізавалі, па водгуках, сваёй карыснай ва ўсіх сэнсах акцыяй спартыўны рух у самых розных працоўных калектывах, здачу нормаў ГТА, у прыватнасці, па плаванні. У Брэсцкім раёне яно стала ў алімпійскім годзе адным з самых папулярных відаў спорту. Дарэчы, удзельнікі заплываў спаборнічалі ў лепшым басейне абласнога цэнтра "Няптун".

ПРАДСТАЎЛЕНЫЯ на суд чытачоў публікацыі склалі вялікі рознажанравы цыкл матэрыялаў пад агульнай назвай "Па дарозе ў Маскву". Паслядоўны шэраг, да прыкладу, рэпартажаў адкрывала паведамленне пра мясцовыя падзеі з Брэста пад назовам "Мой родны дом, мая зямля". За ім усім зацікаўленым, а іх, як сведчылі тэлефонныя, пісьмовыя ды іншыя водгукі, было шмат, прапанаваліся жанравыя мясцовыя падзеі з Кобрына, Бярозы, Івацэвічаў, Нясвіжа, Карэлічаў, Стоўбцаў, Дзяржынска, Менска, Смалявічаў, Барысава, Крупак, Талачына, Круглага, Воршы, Дуброўна, дзе адбылася перадача алімпійскай эстафеты расійскаму Краснянскаму раёну, з Гагарына і ўрэшце з Масквы.

У спецыяльных трыццаці суботніх спецвыпусках ды іншых газетных формах падачы інфармацыі было задзейнічана каля 20 загалоўкаў раздзелаў. У іх ліку - "Прынята па тэлефоне", "Тэлеграма", "Сустрэлася ў дарозе", "Учора на Алімпіядзе"…

Па меры прасоўвання па трасе мы наведвалі ў раёнах шматлікія сельскія групы фізічнай культуры, старанна і дасканала вывучалі і адлюстроўвавалі на газетных старонках, як рыхтаваліся і сустракалі вялікае агульнае свята сельскія фізкультурнікі і спартоўцы, з якімі праблемамі ім даводзілася ў той ці іншы момант сутыкацца і з дапамогай чаго іх паспяхова вырашаць.

Пад рубрыкай "Алімпійскі год - не толькі для алімпійцаў" выступілі сакратары і загадчыкі аддзеламі райкамаў партыі, старшыні і намеснікі старшынь райвыканкамаў, адказныя на месцах за спартыўна-масавую работу спецыялісты, кіраўнікі райсаветаў і супрацоўнікі ДССТ "Ураджай", прадствўнікі рэспубліканскага аргкамітэта "Алімпіяда-80" . Характэрна, што пад згаданай рубрыкай рэгулярна з'яўляліся і дадатковыя да надрукаваных у спецвыпусках рэпартажы, інтэрв'ю, замалёўкі і заметкі.

У невялікіх нататках дад рубрыкай " Прашу слова" чытачоў пазнаёмілі са сваімі думкамі пра чарговы сусветны спартыўны форум і асабістымі намерамі чэмпіён XVIII (1964) і сярэбраны прызёр XIX (1968) Алімпійскіх гульняў Рамуальд Клім, кандыдаты ў алімпійскую зборную краіны Віктар Угрумаў, які стаў, дарэчы, чэмпіёнам Маскоўскай алімпіяды, сярэбраны прызёр чэмпіяната Еўропы Ірына Карачова, чэмпіён Алімпійскіх гульняў у Барселоне (1972) і будучы ўладальнік залатога медаля ў Маскве Леанід Тараненка, сярэбраны медаліст чэмпіянату Еўропы Мікалай Грабнёў ды іншыя вядомыя спартоўцы. Пра асобных майстроў сваёй справы распавядалася ў матэрыялах пад рубрыкамі "Алімпійскія надзеі рэспублікі" і "Правафланговыя сельскага спорту". Сваё месца знайшлі ў спецвыпусках і матэрыялы пра стан і падрыхтоў да знакавай падзеі спартыўных аб'ектаў і гарадоў рэспублікі.

Увогуле з пачатку 1980-га свет пабачылі шэсць крытычных рэйдаў, тры фотаабвінавачванні, пяць вострых сігналаў, шэсць крытычных артыкулаў і рэагаванняў на іх службовых асобаў. Як і ў некаторых станоўчых, у гэтых матэрыялах слушна ўзнімаліся праблемы развіцця фізкультуры і спорту ў сельскай мясцовасці. Пасля выступленняў газеты прымаліся адпаведныя рашэнні на бюро райкамаў партыі.

ПРЫ ЎСІМ гэтым пяць месяцаў доўжылася віктарына "Алімпіяда-80". Яе шматлікія ўдзельнікі, якія працягвалі зносіны між сабой і пасля алімпіяды, зрабілі экскурс у гісторыю буйнейшых міжнародных комплексных спартовых баталій сучаснасці (яны праводзяцца з 1896 года), узгадалі герояў папярэдніх гульняў, іх лепшыя дасягненні, паспрабавалі свае сілы ў прагнозах. З падзякай за "патрэбную, цікавую і карысную" гульню ў адказы на пытанні ў газеце выступіў настаўнік з Астравецкага раёна С. Ярашэвіч. "Віктарына, напісаў ён у прыватнасці, - адправіла ў далёкую вандроўку па дзіўнай краіне Алімпіядзе, дзе жывуць побач радасць і сяброўства, сіла і мужнасць, талент і майстэрства, упартасць і натхненне. Яна заўважна пашырыла мой спартыўны кругагляд, прыцягнула да актыўных заняткаў фізкультурай. Гэта я і лічу самым галоўным прызам за ўдзел!".

Адначасова праходзіў і прысвечаны прывабным мерапрыемствам фотаконкурс. Адметныя дасланыя на адрас журналістаў-падарожнікаў працы адлюстроўвалі спартыўнае жыццё ўсёй рэспублікі, дзеянні лепшых спартсменаў-землякоў, распавядалі пра мясцовыя новабудоўлі, тыя ці іншыя спаборніцтвы розных узроўняў. Напрыклад, інструктар-метадыст кобрынскага калгаса "Новы шлях" Анатоль Лук'янюк адным з першых даслаў варты ўвагі здымак, зроблены падчас гульні ягоных валейбалістаў на першынстве раёна. Шмат работ прысвячалася алімпійскім аб'ектам і навядзенню на зямлі парадку. Пераможцамі завочнага мастацкага спаборніцтва выйшлі В. Зянько (здымкі "Фініш блізка" і "Гімнастка", А. Глінскі ("Грацыя і "Схватка" і Г. Краснова ("Вырашальны кідок" і "Трыумфатар").

АДНОЙ са значных падзей, з якімі мы рэгулярна, даходліва і падрабязна знаёмілі сваіх чытачоў, стаў кваліфікацыйны футбольны турнір, які праходзіў з 20 ліпеня па 2 жніўня на стадыёне "Дынама" ў Мінску, дзе напярэдадні з'явіліся вядомая Камароўка і не менш вядомая "Планета". Яшчэ два адборы адбываліся ў Кіеве і Ленінградзе. Менскі гэтаксама знайшоў сваё адлюстраванне ў спецыяльных выпусках праекта.

Пад цэнтральнай трыбунай стварылі шыкоўнейшы на той час прэс-цэнтр, куды сцякалася і адкуль выцякала разнастайная аператыўная інфармацыя, якая неўзабаве з'яўлялася ў газетах, на радыё і тэлебачанні. Супрацоўнікі гарачай кропкі футбольнага дзейства рыхтавалі яе так адказна, поўна, дакладна і хутка, што заставалася толькі здзіўляцца, пляскаць у далоні ды шчыра дзячыць за неабходную, вялікую і тэрміновую дапамогу. Пра ўсё, што адбывалася не толькі на полі, журналісты даведваліся ў самы кароткі тэрмін. Тым больш, у прасторным і ўтульным фае ўсталявалі дзесяць тэлевізараў, і можна было глядзець сустрэчы ўжывую. Асабліва шчыравалі калегі з "Физкультурника Белоруссии" Аляксандр Майскі, Дзмітрый Беленькі і Яўген Вяснін пад кіраўніцтвам Эдуарда Сушкевіча, які, як рэдактар галоўнага спартыўнага выдання рэспублікі, і ўзначальваў на перыяд адборачных матчаў важную інфармацыйную і арганізацыйную структуру.

Беларускія майстры спартыўнага пяра звярталіся за дапамогай радзей, чым замежнікі. Прадстаўнікам Алжыра, Сірыі, Югаславіі, Фінляндыі, Іспаніі, Ірака і Коста -Рыкі было складаней: ім трэба было тэрмінова перадаваць матэрыялы за мяжу, у свае рэдакцыйныя службы. Але гаспадары ўсё ў гэтым сэнсе прадугледзелі. Начальніца сувязістак Нона Мешчаракова на вышэйшым, як кажуць, узроўні арганізавала працу сваіх чароўных падначаленых Лідмілы Зайцавай, Аліны Пугацэвіч і Наталі Сенінай. Міраслаў Рэдэ, Уладан Стайканавіч, Радыслаў Гвазданавіч і іх таварышы хутка і добра чулі Бялград, Заграб і Нові-Сад. Разам з імі і карэспандэнт фінскага радыё і тэлебачання Маці Ламі, і рэдактар алжырскага часопіса "Эль Джэр" Абуд Хітам, і прадстаўнік Нацыянальнай сістэмы тэлебачання і радыёвяшчання Коста-Рыкі Хасэ Луіс Артыс, і іншыя замежныя калегі вельмі высока ацанілі і саму сістэму сувязі, і выдатную працу беларусак.

ЗРАНКУ да позняга вечара прэс-цэнтр знаходзіўся ў пастаянным руху. Рэдактары, перакладчыкі, машыністкі, размнажальнікі тэкстаў рыхтавалі кожны новы дзень больш за дзесяць інфармацыйных бюлетэняў на рускай, англійскай, французскай, іспанскай ды іншых мовах. Гэтыя кароткія, але вельмі каштоўныя інфармацыйныя паведамленні былі ў руках журналістаў у самыя неабходныя працоўныя моманты: напярэдадні матча, пасля яго першага тайма і ў канцы сустрэчы. Бягучыю інфармацыю мы і футбольныя спецыялісты маглі атрымаць і на цэнтральнай трыбуне, не спускаючыся па прыступках глыбока ў прэс-цэнтр, дзе працаваў бар.

Асабліва шматлюдна было па вечарах, пасля заканчэння чарговага матча. І гэта зразумела: ладзілася прэс-канферэнцыя для савецкіх і замежных аглядальнікаў, трэнераў і гульцоў футбольных каманд, якія толькі што між сабой сустракаліся.

Пасля афіцыйнай часткі журналісты доўга яшчэ не разыходзіліся. Гаварыць было і з кім, і пра што. Заўсёды, добра памятаю, у добрым настроі знаходзіліся нашы югаслаўскія госці. Іхняя зборная гуляла моцна, упэўнена і прыгожа. На першым этапе яна з лікам 3:2 выйграла ў Коста-Рыкі, згуляла ўнічыю (1:1) з Іранам, пепамагла (2:0) Фінляндыю і выйшла ў чвэрцьфінал, дзе была мацней (3:0) за Алжыр. На вялікі жаль яе шматлікіх беларускіх заўзятараў, у паўфінале (ужо ў Маскве) югаслаўскія футбалісты саступілі будучым чэмпіёнам - чэхам (0:2), якія ў фінале забілі адзіны пепаможны гол у вароты каманды ГДР, якая з лікам 1:0 перамагла ў паўфінале зборную СССР. Не дасталося югаславам і бронзы: у гульні за трэцяе месца мацней (2:0) былі савецкія майстры скуранога мяча.

НАЙБОЛЬШ ахвотна ішлі на кантакты, цікавіліся беларускім футболам, увогуле айчынным спортам і жыццём-быццём гульцоў і журналістаў, дзяліліся говымі і новымі ўражаннямі прадстаўнікі Югаславіі. Добра запомніліся добрыя словы загадчыка аддзела футболу штотыднёвіка "Спартыўныя навіны" Міраслава Рэдэ:

- Мне давялося рыхтаваць і перадаваць матэрыялы з самых розных турніраў, якія адбываліся ў самых розных краінах свету. Але нідзе я не бачыў такой выдатнай, высокапрафесійнай, прыемнай, душэўнай арганізацыі спаборніцтваў, якую прадэманстравала вашая прыгожая і гасцінная рэспубліка. Мяне вельмі прыемна ўразілі дабрадушнасць, павага і адкрытасць як простых людзей, так і спартыўных функцыянераў, не кажу ўжо пра калег-журналістаў. Умовы, створаныя і футбалістам, якія кватаравалі ў Стайках, і прадстаўнікам каманд, і аглядальнікам я магу назваць ідэальнымі. І гэта - агульнае, шчыра заўважу вам, меркаванне!

ЗАСТАЕЦЦА дадаць, што наш альбом-пераможца конкурсу "Алімпійскае пяро" захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва.

Уладзімір Барысенка. Фота аўтара.

Лідзяне на "Славянскім базары"

ДЫПЛОМ II ступені у конкурсе майстроў выцінанкі "Ажурныя мары - 2025" у рамках ХХХIV Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" атрымала Дар'я Шафак.

Шафак Дар я Станіславаўна - выдатны прафесійны майстар па выцінанцы аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Дзяржаўнай установы "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці".

Выразае выцінанкі больш за 15 гадоў. Мае шмат асабістых калекцый, дыпламант і лаўрэат шматлікіх конкурсаў і фестываляў. Асабісты стыль, тонкі і прыгожы густ, цікавыя сюжэты, прафесійныя кампазіцыі - вялікае майстэрства лідскай выцінаншчыцы Шафак Дар'і.

ТК "Культура Лідчыны".

Навіны Германіі

Германія - універсітэт без турнікетаў

Германія перажывае адукацыйную рэвалюцыю: некалі непрыступныя дзверы Numerus Clausus (NC) пачынаюць адкрывацца, даючы сотням тысяч студэнтаў больш свабоды выбару. Але гэты прарыў - не проста нагода для радасці, а пачатак складанай барацьбы за якасць, роўнасць і будучыню ўсёй сістэмы.

Хто зможа скарыстацца новай свабодай, а хто застанецца за бортам? Гэта гісторыя пра новыя магчымасці і старыя абмежаванняі, якія, нарэшце, даюць расколіну.

Сігнал змен: NC растае на вачах

Усяго дзесяць гадоў назад амаль кожны другі абітурыент у Германіі натыкаўся на таблічку "Zulassungs-beschrаnkt": 42% праграм мелі цвёрдыя абмежаванні па балах ці ўступных выпрабаваннях. Сёння такіх праграм засталося толькі 32,5% - на 10 адсоткавых пунктаў менш (*CHE-справаздача 2025/26*). Нават у традыцыйна зачыненых кірунках, такіх як медыцына і фармацэўтыка, конкурс паступова змяншаецца, адзначае эксперт Корд-Дзяніс Хахмайстар.

Два рухавікі свабоды

1. Менш першакурснікаў

Лік новых студэнтаў скараціўся да 488 тыс. у 2024 годзе (Destatis). Калі ўлічыць магістраў і тых, хто атрымлівае другую вышэйшую, агульная плынь трымаецца на ўзроўні 800 тыс. - нагрузка на ВНУ пачала размяркоўвацца больш раўнамерна.

2. Больш праграм

Колькасць навучальных курсаў вырасла да 22 000. Універсітэты актыўна развіваюць англамоўныя, дуальныя і анлайн-праграмы, ствараючы новыя нішы для абітурыентаў.

Карты няроўнасці: дзе бар'еры ўсё яшчэ высокія

Свабода доступу размяркоўваецца нераўнамерна. У Берліне 54,4% праграм застаюцца абмежаванымі, у Бадэн-Вюртэмбергу - 50,2%. Тут высокі попыт падаграваюць прэстыж ВНУ і іх канцэнтрацыя.

На другім полюсе - Цюрынгія (18%), Рэйнлянд-Пфальц (17,7%) і Брандэнбург (17,4%): тут універсітэты хутчэй чакаюць студэнтаў, чым адбіраюць лепшых. Паказальны прыклад Гамбурга: некалі лідар па ліку абмежаванняў, цяпер ён зменшыў долю NC-праграм да 49,2%, пашырыўшы квоты ў IT і лагістыцы.

Факультэтнае скрыжаванне

1. Інжынерныя навукі: 75% праграм адкрыты для ўсіх - прамысловасць востра мае патрэбу ў спецыялістах STEM.

2. Сацыяльныя і эканамічныя навукі: 40% курсаў захоўваюць уступныя бар'еры. Празмерная колькасць ахвотнікаў вывучаць юрыспрудэнцыю і псіхалогію змушае ВНУ ўзмацняць жорсткасць адбору.

3. Магістратура: 33,8% праграм маюць абмежаванні, тады як сярод бакалаўрскіх - толькі 30,6%. Чым вузейшая спецыялізацыя, тым больш строгі адбор.

Свабода - гэта таксама выклік

Адмена NC не гарантуе поспеху:

- Перагрузка інфраструктуры: масавы прыток студэнтаў можа прывесці да недахопу выкладчыкаў і лабараторый.

- Розны ўзровень падрыхтоўкі: без уступнага фільтра ў аўдыторыях апынуцца студэнты з рознай базай, што запатрабуе ад выкладчыкаў больш індывідуальнай працы.

- Рэгіянальны дысбаланс: землі з нізкім NC рызыкуюць застацца без абітурыентаў, калі не прапануюць стыпендыі і перспектывы працаўладкавання.

Гарызонты 2030-х

Міністэрства адукацыі прагназуе, што класічны NC саступіць месца адаптыўным анлайн-тэстам, якія ацэньваюць не толькі веды, але і матывацыю (*BMBF-стратэгія "Campus Digital 2025"*). Паралельна расце папулярнасць дуальных праграм, дзе вучоба сумяшчаецца з працай, змяншаючы нагрузку на бюджэт і дапамагаючы студэнтам замацавацца ў прафесіі.

Ці ёсць перспектывы?

Нямецкія ВНУ рухаюцца ад сістэмы цвёрдага адбору да мадэлі адкрытага доступу. Статыстыка паказвае: сёння большасць абітурыентаў могуць выбіраць ВНУ, а не змагацца за студэнцкае месца. Але падзенне бар'ераў ставіць новыя пытанні - пра якасць адукацыі, фінансаванне і рэгіянальныя няроўнасці. Наступны этап рэформаў пакажа, ці стане даступная адукацыя сацыяльным ліфтам, ці ператворыцца ў перапоўнены вагон без выразнага маршруту.

@ FREEPIK.

Кароткая гісторыя Лідскага замка

Леанід Лаўрэш

Горад Ліда і Лідчына заўсёды займалі важкае становішча ў гісторыі і культуры Беларусі. Зараз старажытны беларускі горад Ліда месціцца ў Гарадзенскай вобласці і з'яўляецца цэнтрам Лідскага раёна. Знаходзіцца за 112 км на ўсход ад Гародні і 96 км на поўдзень ад Вільні. Горад з'яўляецца чыгуначным вузлом, ад станцыі Ліды адыходзяць чыгуначныя лініі на Гародню, Вільню, Маладзечна, Баранавічы. Плошча Ліды каля за 25 км2, у горадзе жыве103 262 чалавекі (на 1 студзеня 2025 года), на самым пачатку XX ст. - каля 10 000.

У горадзе працуе шэраг буйных прадпрыемстваў, маецца 14 агульнаадукацыйных сярэдніх школ, ліцэй, гімназія, каледж, музычны каледж, 2 прафесійныя каледжы, школа алімпійскага рэзерву, 53 дашкольныя ўстановы. Працуюць 5 паліклінік, цэнтральная раённая бальніца і міжабласная псіханеўралагічная бальніца "Астроўля".

Як і ўсе беларускія гарады, Ліда мае сваю працяглую і слаўную гісторыю. Коратка расказаць пра замак горада Ліда, дзе я нарадзіўся і з'яўляецца мэтай майго нарыса.

Лідскі замак

Покуль замак стаяць будзе Лідскі,

Нашай мове тут вечна гучаць

Ад маленькай, дзіцячай калыскі,

Да апошняга сова: "Бывай"...


... Ты красуйся пад ліпеньскім сонцам,

І хай вечнасць цябе не бярэ,

Бо ты краю майго абаронца,

Бо ты мовы маёй абярэг.

Станіслаў Суднік.


Лідзяне не могуць уявіць свой горад без замка, іх заўсёды будзе цікавіць яго гісторыя і хваляваць яго лёс.

Дом маіх бацькоў стаяў зусім недалёка ад замка, і гэты помнік беларускай гісторыі з'яўляецца часткай майго дзяцінства і я напішу пра замак, бо замак - сэрца і пачатак горада, наш гонар і галоўная архітэктурна-гістарычная каштоўнасць.


Гэты тэкст - толькі невялікі нарыс, у якім я, як аўтар, не напішу нешта новае ці раней невядомае. Мэтай яго з'яўляецца коратка расказаць пра гісторыю замка ад пачаткаў да нашага часу, каб зацікаўлены чытач мог хутка атрымаць усю неабходную інфармацыю. У гэтым сэнсе я іду па шляху невялікай, але вельмі важнай у свой час кнігі наша выбітнага гісторыка і даследчыка Лідскага замка Алега Трусава "Старадаўніх муроў адраджэнне. Мінулае і сучаснасць лідскага замка" (Мінск, 1990.), якая пэўна была першай кнігай, што цалкам была прысвечана гісторыі замка, але пачаткам лідскага краязнаўства, бясспрэчна, стала кніга лепшага знаўцы гісторыі Лідчыны Міхала Шымялевіча ("Город Лида и Лидский замок: исторический очерк". Вильна, 1905.)

Лідскі замак даследваў Тэадор Нарбут, яго ўсебакова вывучалі Вандалін Шукевіч, кс. Казіцкі, Вацлаў Студніцкі, Пётр Пакрышкін, др. Лорэнц. Яўстах Тышкевіч першым вызначыў, што замкі ў Лідзе, Крэве, Гальшанах, Міры па сваім тыпажы блізкія да заходнееўрапейскіх. Галоўную працу па вывучэнні замка зрабілі даследчыкі ў ХХ ст., прозвішчы якіх я ўзгадаю ў гэтым тэксце.

Пачаткі Ліды

У канцы 1933 г. у Лідзе на Выгане (тэрыторыя сучаснага гарадскога парка, пошты, школы № 1 і педагагічнага каледжа) падчас земляных работ на зямлі, якая належала настаўніку М. Міхальчыку, была знойдзена вялікая колькасць чарапкоў, раскіданых на значнай тэрыторыі. Таўшчыня чарапкоў была характэрнай для вырабаў з керамікі старадаўніх часоў. Інжынер, які кіраваў работамі, пераслаў чарапкі ва Управу па кансервацыі (управа, якая займалася аховай помнікаў) у Вільні і прыпыніў работы.

Аналагічная кераміка была знойдзена таксама і ў трошкі іншай частцы Выгана. Абодва месцы знаходзіліся па краях ўчастка Міхальчыка. Была высунута ідэя, што на гэтым месцы знаходзілася гарадзішча ці паселішча. Пасля чаго лідскі стараста Багаткоўскі выклікаў у Ліду асістэнтку кафедры археалогіі Віленскага ўніверсітэта др. Хелену Цэгак (якая хутка стане вельмі вядомым і аўтарытэтным археолагам). З прыездам навукоўцаў плошча раскопак была пашырана і знойдзены новыя керамічныя чарапкі. Чарапкі мелі "славянскі стужкавы арнамент, які адносілі да племянных груп, што ішлі з усходу", і так стала вядома, што ў XI па XIII ст. тут магло існаваць славянскае паселішча. У Лідзе др. Хелена Цэгак знаходзілася разам са сваім будучым мужам і вядомым археолагам Уладзімірам Галубовічам, які і напісаў два газетныя артыкулы пра паселішча: "Знаходка старажытных слядоў чалавека ў Лідзе" і "Падарожжа ў невядомае".

У сваім другім артыкуле др. Галубовіч канстатаваў: "Можна ўжо рабіць высновы. Некалі ў акрэсе часу ад ХІ да ХІІІ ст. існавала на гэтым узвышшы славянскае паселішча. Сляды яго сёння цалкам знішчаны. Чаму славянскае? Чарапы посуду маюць славянскі палоскавы (пасьмавы) арнамент, характэрны для племянных груп, якія ішлі з усходу. Лідскі стараста Багаткоўскі зрабіў вялікую паслугу навуцы. На археалагічнай карце ... з'явіцца новы знак, які паказвае, што на тэрыторыі Выгана знойдзены сляды побыту славян у раннегістарычную эпоху ў нашым краі" 1.

З гэтага можна зрабіць выснову, што знойдзенае на Выгане паселішча - гэта і ёсць Ліда, пра якую пісаў Нарбут, Ліда, заснаваная ў 1180 г.

Істотным з'яўляецца тое, што і брат-блізнюк нашага замка - замак у Крэве, быў таксама пабудаваны недалёка ад старога славянскага гарадзішча. Працытую фрагмент з тэксту даследчыка Крэўскага замка, гісторыка Алега Дзярновіча: "Cтаражытнае ўмацаванае паселішча Крэва выяўлена за 2 км ад замка, па Смаргонскаму шляху, у межах сённяшняга разлеглага мястэчка Крэва. ... Стала неспадзяваным, што выяўленыя крэўскія матэрыялы цалкам адпавядаюць матэрыяльнай культуры гарадоў Усходняй Еўропы, ці, інакшымі словамі - Старажытнай Русі.

Паводле гэтага комплексу артэфактаў ... можна сцвярджаць аб прысутнасці на Крэўскім гарадзішчы ўсходнеславянскага насельніцтва ў ХІ-ХІІІ стст.".

Вядома, што і другі сваяк нашага замка - замак ў Медніках (Мядзінінкаі), таксама быў пабудаваны недалёка ад шчыльнай драўлянай забудовы старога паселішча, культурныя слаі якога выявілі археолагі. Заўважу, што ў "Списке русских городов дальних и ближних" (канец XIV ст.) разам з мноствам несумненна страбеларускіх гарадоў, такіх, як Полацак, Менск, Слуцак, Віцебск і г. д., прысутнічаюць таксама і Меднікі. Аўтарытэтны беларускі археолаг Эдвард Зайкоўскі лічыць, што гэты спіс складзены ў часы яшчэ Гедыміна.

Магчыма таму даследчык гісторыі ВКЛ Стэфан К. Роўэл пісаў, што "... медніцкі, лідскі і крэўскія замкі былі перабудаваныя на мураваныя", гэта кажа аб тым, што Роўэл лічыў верагодным існаванне папярэднікаў у мураваных замкаў, якія стаяць і сёння.

Грунтуючыся на гэтых фактах, можна высунуць гіпотэзу, што гэтыя замкі адмыслова будаваліся каля славянскіх гарадзішчаў на мяжы з балцкім насельніцтвам.


Працяглы час лічылася, што старая Ліда знаходзіцца пад нашым замкам. І толькі, калі да меркаванага юбілею горада ў 1980 г. археолагі не знайшлі старой Ліды ні пад замкам, ні каля яго, было прынята дзіўнае і нічым не абгрунтаванае рашэнне значна амаладзіць Ліду (цікава, што сярод вялікай колькасці пляцовак у нашым горадзе, дзе праводзіліся раскопкі і бурэнні, беларускія археолагі праводзілі раскопкі на дзвюх пляцоўках, якія знаходзяцца прыкладна за 100 м ад старой Ліды, але ў той час лёс быў супраць адшукання старой Ліды ...).

І "Мар'ян Міхальчык" знайшоўся ў маіх базах дадзеных! Неабходная і вельмі важная інфармацыя знайшлася ў тэлефонным даведніку 1939 г., у якім маецца наступны радок: "[тэлефон №] 171 - Міхальчык Мар'ян, 11-га Лістапада, 2." ("171 - Michalczyk Marian, 11 listapada, 2. "). Тагачасная вуліца 11-га лістапада сёння мае назву 7-га лістапада. Дом № 2 выходзіў проста на вуліцу Міцкевіча, якая ў сучасным выглядзе з'явілася толькі пасля адкрыцця пошты. Улічваючы, што ўчастак дома № 2 Міхальчыка, магчыма, зараз часткова знаходзіцца пад вуліцай Міцкевіча і на тэрыторыі сучаснага парку, а таксама тое, што археолагамі "была знойдзена вялікая колькасць чарапкоў, раскіданых на значнай тэрыторыі ... чарапкі таксама былі знойдзены ў іншай частцы Выгана", і "з прыездам археолага плошча раскопак была пашырана" ў бок Выгана, дык старая Ліда, павінна займаць тэрыторыю сучаснага дома № 2 па вуліцы 7-га Лістапада і паўдзённую частку парку насупраць гэтага дома.

Як па мне, дык гэта і сёння самая прыгожая частка нашага горада.

Некалькі словаў, пра тое што такое Выган. Практычна любы беларускі горад у старыя часы меў так званую "Ферму" - месца дзе гараджане мелі свае гароды, і "Выган" - месца дзе гараджане пасвілі сваю жывёлу. На аэрафотаздымку 1944 г., я прамаляваў водную сістэму нашага горада, добра бачна, што наш замак Гедыміна стаіць на зліцці рэк Лідзейкі і Каменкі, а старая Ліда месцілася сярод двух рукавоў рэчкі Каменкі - у абодвух выпадках паселішча і замак добра засланяліся ад нападнікаў рэкамі і дрыгвой. Пэўна, замак быў перанесены прыкладна на 1 км на поўдзень (у такое ж самае балоцістае месца зліцця Лідзейкі і Каменкі) з-за адсутнасці адпаведнага па памерах пляца, неабходнага для будаўніцтва вялікага мураванага замка ў старой Лідзе паміж рукавамі Каменкі.

Вядома, што ў нашым рэгіёне пераважаюць балцкія назвы рэк, аднак рэчка Каменка мае цалкам славянскую назву, якая паходзіць ад слова "камень". Магчыма, з-за наяўнасці тут камянёў і была выбрана пляцоўка для Лідскага замка. Бо цяжка сабе ўявіць, каб у той час мелася магчымасць перавозіць такую колькасць камянёў на вялікую адлегласць. Калі гэта так - дык у сценах нашага замка мы бачым камяні з берагоў рэчкі Каменкі. Але гэта толькі гіпотэза.

Каардынаты меркаванага цэнтра гэтага старажытнага паселішча: 53.89506085696649, 25.293034591800847.

Было б цудам, каб у глыбіні зямлі на вызначанай тэрыторыі "Ліды Нарбута" яшчэ заставаліся нейкія археалагічныя артэфакты, але пасля знаходкі дакладнага месца старога беларускага паселішча, тут трэба было б усталяваць памятны знак, ролю якога зараз выконвае вядомы ўсім лідзянам знак "Я люблю Ліду", які стаіць прыкладна на паўночнай мяжы былога гістарычнага паселішча.

Пачаткі Лідскага замка

Такім чынам, к моманту пачатку будаўніцтва Лідскага замка, недалёка ад яго на рэчцы Каменцы ўжо існаваў населены пункт.

Лідскі замак - помнік абарончага дойлідства XIV стагоддзя, пачатак яго будаўніцтва адносяць да 1323 года. Уваходзіў у лінію ўмацаванняў Наваградак - Крэва - Меднiкi - Трокi. З пункту гледжання архітэктуры ён спалучае рысы раманскага стылю i ранняй готыкі. Пабудаваны на пясчаным узгорку (вышэй 5-6 м) і раней быў абкружаны балоцістымі берагамі рэк Лiдзеi і Каменкі, а таксама ровам шырынёй каля 20 м, які злучаў абедзве рэчкі i аддзяляў замак ад горада з поўначы. Вышэй я ўжо пісаў, што Лідскі і аднатыпныя яму замкі ў Крэве і Медніках з'явіліся каля старажытных беларускіх паселішчаў, верагодна на мяжы славяна-балцкага падзелу.

Выбітны беларускі гісторык Алесь Краўцэвіч пісаў, што ў студзені 1323 года Гедымін распачаў шырока спланаваную дыпламатычна-прапагандысцкую акцыю. У рыжскай канцылярыі рыхтаваліся на лаціне - тагачаснай афіцыйнай мове Заходняй Еўропы - знакамітыя лісты Гедыміна. Рыжане дапамаглі не толькі напісаць пасланні ліцвінскага гаспадара, але і даставіць іх адрасатам. Лісты былі скіраваныя да папы рымскага, буйных паўночна-нямецкіх гарадоў (усе, як і Рыга, сябры магутнай Ганзы, якая дамінавала на Паўночным і Балтыйскім морах), а таксама да манаскага ордэна дамініканаў. З лістоў бачна, што Гедымін намерваўся адкрыць сваю краіну для заходнееўрапейцаў. З ліста да рымскага першасвятара, напісанага ў студзені 1323 года, акрамя іншага Гедымін піша, што ён не з'яўляецца ворагам каталіцкай веры, і як і яго папярэднікі прыняў у сябе манахаў францішканаў і дамініканаў, даў ім поўную свабоду пропаведзі і хрышчэння. Для гэтага пабудаваў два касцёлы ў Вільні і аднавіў спалены крыжакамі касцёл у Наваградку. У канцы паслання вялікі князь заявіў пра свой намер хрысціцца.

Атрымаўшы станоўчы адказ ад папы, Гедымін напісаў чарговы ліст (25 студзеня 1323 года) да жыхароў нямецкіх гарадоў, у якім паведаміў пра перапіску з папам рымскім, пра сваё жаданне хрысціцца, пра станоўчы адказ папы і, галоўнае, запрасіў на сталае жыхарства ў сваю краіну прадстаўнікоў розных грамадскіх станаў: святароў, рыцараў, збраяносцаў, купцоў, лекараў, рамеснікаў. Пералічваў нават рамесныя спецыяльнасці: кавалёў, вознікаў, шаўцоў, гарбароў, млынароў, пекараў, лавачнікаў ды іншых адмыслоўцаў. Запрашаліся таксама сяляне, якім гаспадар гарантаваў зямельны надзел і вызваленне ад падаткаў на дзесяць гадоў. Гедымін працягваў дасылаць лісты, прычым тытулаваў сябе "каралём літоўцаў і рускіх", або "каралём літоўцаў і многіх рускіх".

Гедымін разумеў - каб дасягнуць мэты, трэба самому стаць часткай той цывілізацыі і найперш прыняць хрысціянства, і Гедымін рабіў паслядоўныя крокі ў набліжэнні да Еўропы.


Вядома, што трывалы мір можна забяспечыць толькі з пазіцыі сілы. І Гедымін распачаў вялізарнае замкавае будаўніцтва пры заходніх рубяжах краіны: у Лідзе, Крэве, Медніках, Троках, Вільні, Коўне. Мяркуецца, што будаўніцтва вышэйзгаданых замкаў цесна спалучана з прыездам замежных майстроў, бо ўсе яны з'яўляюцца кастэлямі2 - дастаткова тыповымі еўрапейскімі замкамі рэгулярнай формы. Першапачаткова замкі-кастэлі ВКЛ будаваліся на ўзор крыжацкіх лагербургаў - лагераў-замкаў. Прастакутная пляцоўка абносілася адным шэрагам мураваных сцен з баявымі галярэямі, як у Лідзе, ці двайнымі шэрагам мураваных сцен з пярэдняй нізкай мураванай сцяной на ўзор нямецкага цвінгэра (першы Ковенскі замак). Вуглы ўмацоўваюцца вежамі прастакутнай формы, якія будаваліся з унутранага боку.

Прафесар Краўцэвіч лічыць, што разам з гарадскімі ўмацаванымі цэнтрамі ў Гародні, Ваўкавыску, Слоніме, Наваградку новыя замкі стварылі абарончую лінію пры заходняй мяжы дзяржавы - магутную заслону ад ордэнскіх нападаў, стваралі "заходні шчыт Гедыміна". У гэтым месцы я планаваў даць невялікі нарыс пра князя Гедыміна, але лепш спашлюся на кнігу пра гэтага князя Алеся Краўцэвіча (кніга ёсць у інтэрнеце) 3.


Будаўніцтва Лідскага замка, аднаго з самых вялікіх на тэрыторыі Беларусі (памеры двара складаюць прыблізна 80 х 80 метраў), прыпадае на 1320-я гады. Для пабудовы замка была абрана невялікая пясчаная выспа (дзюна) у балоцістай сутоцы дзвюх рэк - Лідзейкі і Каменкі. Выспу пераўтварылі ў штучную прамавугольную пляцоўку і месцамі яе дасыпалі жвірам, камянямі, буйной рачной галькай да вышыні 5-6 метраў. З поўначы, на адлегласці 7 метраў ад яе праходзіў шырокі (каля 20 метраў) роў, які злучаў дзве ракі і аддзяляў умацаванне ад горада.

Прафесар Міхась Ткачоў у свой час падлічыў, што для будаўніцтва Лідскіх муроў спатрэбілася каля 23 тысяч кубічных метраў каменю, каля 1,5 мільёна цаглін, вялікая колькасць вапны і пяску. Розныя пісьмовыя крыніцы сведчаць, што работы на замку вяліся 5-7 гадоў. Падчас раскопак на тэрыторыі Лідскага замка ў пяску былі знойдзены фрагменты прыладаў працы і зброі людзей каменнага веку. Пясок на замчышча вазілі з найбліжэйшых радовішчаў. Лідскі замак пабудаваны з палявога каменю і цэглы. Таўшчыня сцен унізе - 2 метры, уверсе яны звужаюцца да 1,5 метра і пераходзяць у баявую галерэю. Парапет галерэі, таўшчынёй у 70 сантыметраў, складзены з цэглы, мае адзін рад байніц трох тыпаў. Насціл галерэі апіраўся на драўляныя бэлькі сячэннем 20 х 20 сантыметраў. На паўднёвай, усходняй і паўночнай сценах знаходзіліся тры цагляныя данскеры (туалеты) на каменных фігурных кансолях.

(Працяг у наступным нумары.)

1 Holubowicz Wlod. Wyprawa po nieznane // Kurіer Wilenski. № 292 (2833). 30 pazdziernika 1933.

2 Слова "кастэль" паходзіць ад лацінскага слова castellum - замак.

3 Гл: Краўцэвіч, А. К. Гедымін (1316-1341). Каралеўства Літвы i Русі = Hiedymin. (1316-1341). Kingdom of Lithuania and Rutenia. Мінск, 2012. 152 с.

Некалькі гадоў маёй маладосці ў Вільні* (1818-1825)

Станіслаў Мараўскі

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Адным з аблічваў рэўнасці была яго гарачая прывязанасць да сваёй адзінай дачкі, ён абдымаў яе, як мог песціў, шкадаваў, што не можа прыціснуць яе да свайго сэрца так моцна, як хацеў бы, бо "пэўна паламаў бы яе костачкі". Але не меў ад гэтага дзіцяці ніякага адказу, бо дачка ўвесь час была занятая толькі гульнёй сваіх пальцаў, і ён збягаў на сваю палову. Невядома, што было на яго сэрцы, ці хацеў Мюлер, каб гэтыя ручкі абхапілі і моцна сціснулі, не баючыся паламаць яго мамантавыя косці?! А, можа, яму хапала сваіх інтарэсаў, і ён нічога большага і не жадаў ад дзіцяці? Але мне часта хацелася задушыць гэтую малую брыдоту, гэты эгаізм, ужо ўвасоблены ў такім маленькім целе. Можа з-за таго, што я ніколі не меў бацькоўскай ласкі і таму так высока цаніў яе? Я ясна бачыў, што нават гумар Мюлера з намі і гумар Мюлера з жонкай - гэта два розныя гумары. І я лічыў, што справай гонару пані Мюлер было успадкаваць спакой свайго бацькі, у жанчыне ён павінен быў выяўляцца праз лагоднасць і дабрыню сэрца.

Я ўсе больш прывязваўся да Мюлера, а яго жонку лічыў толькі дадаткам да нашага сяброўства. З-за таго, што заўсёды лічыў яе мужчынам у спадніцы, я верыў, што сяброўства захаваецца назаўжды.

Раздзел 7. Заляцанкі віленскіх паннаў да аўтара. Каханне баранесы Веранікі Остэн-Сакен. Інстыгатарава Храпавіцкая з Радзівілаў і яе сястра Юдыцкая. Князь Платон Зубаў і яго жаніцьба з Тэкляй Валентыновіч. Гісторыя іх шлюбу. Прыезд аўдавелай княжны Зубавай ў Вільню. Доктар Саўван. Прэзідэнт Ян Ходзька. Каханне Зубавай і Саўвана, палкоўнік Шабека. Партрэты над Волгай. Доктар Бэркман. Адносіны Навасільцава і Зубавай. Гісторыя лістоў Зубавай і яе сястры Пісанкі да Саўвана. Жыццё Зубавай. Расказ доктара Арэнта пра яе хваробу. Адносіны Зубавай да маці арыштаваных. Далейшая гісторыя Зубавай. Яе шлюб з гр. Шувалавым. Песенька пра Навасільцава і Зубаву.

Набліжалася восень, і ў горад пачалі вяртацца яго жыхары. Тады не было сям'і, якую б не абвінаваціла следчая камісія. Горад гуў, як вулей. Велізарны дом Мюлераў поўніўся, як соты. У гэтым доме, акрамя маіх іншых сяброў, у розны час таксама жылі баранеса фон дэр Остэн Сакен, маладая графіня Путкамер і літоўская інстыгатарава з дому Радзівілаў, мачаха маёй мачахі Храпавіцкая.

У баранесы Сакен была малодшая дачка цудоўнай, анёльскай прыгажосці - Вераніка (Вэрця)50. У 1820 г. яе забралі з пансіёна, пасля чаго баранеса жыла з ёй за Вострай Брамай у доме Мінінавай. Другую палову дома займалі мае бацькі, якія прыехалі на зіму ў Вільню. У маіх бацькоў было столькі знаёмых, што яны не мелі патрэбы сустракацца з суседзямі па доме, тым больш, што мая мачыха ўвесь час хварэла.

Паводле арганічнага статута, які прызначыў мне мой бацька, я быў абвязаны, нягледзячы на дождж ці мароз, два разы ў дзень даваць яму асабістую справаздачу.

Паміж Вострай Брамай і домам Мініных маецца даволі вялікі пляцык. Праз гэты пляцык я, задуменны, з апушчанай галавой, не маючы ахвоты і звычкі глядзець у вокны, праходзіў два разы на дзень на працягу ўсяго часу знаходжання тут маіх бацькоў. Аднак калі-нікалі мне ў галаву прыходзіла вясёлая думка - вось бы мой бацька сёння сам выйшаў у горад! Тады б абстаноўка цалкам змянілася і прыгожая, пульхная і светлая панна Журакоўская, пакаёўка маёй маці, прыняла б мяне значна гжэчней, чым мой бацька.

Раз ці два маці мне расказвала, што да іх прыязджалі яе суседзі Сакены. Але гэта мяне не зацікавіла, пакуль аднойчы мой добры сябар Ляхніцкі, не сустрэў мяне на вуліцы і адразу не накінуўся за тое, што я збаламуціў яго кузыну! Я глядзеў яму ў вочы і імкнуўся зразумець чаго ён хоча - ці не звар'яцеў ён? Толькі, калі, пачаўшы смяяцца, Ляхніцкі сказаў мне, што панна Вераніка самым рамантычным чынам на свеце, бачачы толькі праз акно, калі я ішоў па пляцыку, закахалася ў мяне, і яе бацькі, якія любяць дачку больш за ўсё на свеце, не могуць даць сабе рады. Таму яны, як сваяку і як сябру абодвух дамоў, даверылі гэта яму і папрасілі сасватаць мяне з Веранікай. Я быў тады дзевятнаццацігадовым блазнам і папрасіў яго некаторы час нічога не расказваць пра гэта маім бацькам, а потым, пачырванеўшы, прызнаўся яму, што ніколі ў жыцці не бачыў панну Сакен і нават не ведаю, ці наогул яна існуе на свеце. Я абавязаў сябра хаця б здалёк паказаць яе мне, таму што, калі я пачну глядзець ў іх вокны і ўбачу яе, я зраблюся дурнем і пачырванею, як вішня. Ён зрабіў гэта. Але, як той дурань, Ляхніцікі ўсё гэта "патаемна" разнёс па горадзе, так што праз некалькі дзён справа дайшла і да майго бацькі.

Убачыўшы панну, узрадавалася душа мая! Сапраўды, было тут ува што закахацца! І я таксама імгненна закахаўся ў яе. Але маё каханне было ад удзячнасці, а, можа, і каб проста дагадзіць сапраўднай багіні. Я палюбіў яе, але, на жаль без жарсці і пакут ад пачуццяў! Тады ж паспеў завесці з ёй самае жывое і палкае сяброўства. Я хутка даведаўся, што яна прызначана для кагосьці іншага! Яе пачалі выводзіць у свет, і ўсе размовы там былі толькі пра яе. Мой бацька таксама быў вельмі ўсцешаны яе прыгажосцю, да таго ж яна мела добры пасаг і чакала яшчэ большага пасагу пасля сваёй гарбатай і старой сястры. Што таксама ў вачах маіх старых зусім не псавала ўсю справу. Дайшло да таго, што мой бацька нават пачаў віць нам гняздо. Але калі даведаўся, што яна пратэстантка, дык ашчацініўся, як певень, і не хацеў больш нічога пра яе чуць. Не таму, што быў фанатык, а таму, што, на яго думку, у жыцці столькі прычын, якія ўвесь час працуюць на раскол шлюбу, што не трэба яшчэ цягнуць сюды рэлігію, якая па сваім уплыве, калі яе шчыра несці ў сэрцы, адзіная здольная злучыць новымі вузламі нават тое, што раз'яднана.

Вядома, Вэрця, як мы яе звалі, нічога пра гэта не ведала і з поўным даверам маладой дзяўчыны яшчэ доўга ў марах будавала ружовыя замкі на лёдзе. Ва ўсіх жанчын паўсюдна ёсць свае шпіёны, каханкі маюць іх па два, тры ці чатыры ў кожным горадзе. Таму ўвосень, як толькі Сакены даведаліся, што я ўсё яшчэ бываю ў Мюлераў, яны знялі ў іх доме кватэру і адразу пачалі да іх наведвацца. На бяду, мая бабуля Храпавіцкая, таксама палюбіла мяне, палюбіла і раздражнілася па-свойму - як кабыла ўвесну. Жанчына яна была вельмі ўпартая! Мушу сказаць пра яе некалькі слоў.


Жырмунскі Радзівіл меў чатырох сыноў, пра якіх я пісаў вышэй, і дзвюх дачок. Бачыў у дочках Везувій жарсцяў і трымаў іх пад замком. Таму абедзве і выйшлі замуж праз акно. Адна ўцякла з Нарбутам, другая з Юдыцкім. Неўзабаве абедзве, як гэта звычайна і бывае пасля ўцёкаў, пакінулі сваіх мужоў і развяліся з імі. Іх пасагі адразу зніклі. Нарбутава праз інтрыгі Гоўвальтавай сама ўбілася ў жонкі да старога распусніка і багацея Юзафа Храпавіцкага, бацьку маёй мачахі. Храпавіцкі, калі жаніўся з ёй, быў хворы і здавалася, што яму ўжо мала засталося жыць. З-за таго, што яго жонка была гожай, утульнай, рамантычнай і ў ложку ведала мастацтва ў стылі "a la du Barry" 51, у старога закружылася галава. Ён ажаніўся і запавядаў ёй трыста тысяч злотых, дзве тысячы душ пажыццёва ў Беларусі і ўсё срэбра. У дадатак яна мела яшчэ і крыўду ад яго дзяцей, хоць і яны атрымалі не мала. Яшчэ да смерці хворага мужа яна ўвязалася ў розныя любоўныя інтрыгі, якім потым не было канца. І той, хто вырываўся з яе рук, яшчэ доўга як прывід блукаў па свеце, покуль не знаходзіў дарогу назад!

Мая мачаха, дзеля формы, каб ушанаваць памяць пра бацьку, бывала ў яе толькі адзін раз у год. Мой бацька, стары аматар жанчын, любіў паводзіць сябе свабодна і заглядаў да яе часцей за сваю жонку. І хоць яна была вялікай пані і мела шырокія сувязі, ён ніколі не раіў мне бываць у яе і нават не прадстаўляў мяне ёй, яна магла мець тады 42 гады. Але калі нейкі мужчына кружыў ёй галаву, тады - бывай здароў - гатовая была ўпасці яму ў ногі і растаяць як масла. Аднак, я не чуў, каб для каго-небудзь з іх расчыняла свой гаманец. Мела розум дурніцы, але сваю кішэню заўсёды бараніла, як яўрэйка, і была скупая, як стары ліхвяр. Пра яе скупасць ведалі тысячы баек, а пра яе раманы хадзіў мільён анекдотаў.

Для тых, хто да яе заляцаўся, Храпавіцкая трымала свой панскі дом адкрытым. У яе заўсёды бывала шмат мужчын і жанчын. Акрамя таго, часта ладзіла вечарыны, на якія яе лёгка намаўлялі палюбоўнікі, бо і сама яна любіла павесяліцца і, як і ўсе кумачкі, сасватаць каго-небудзь, арганізаваць шлюб і пасля вяселля распытваць пра ўсё ў нявесты і вучыць яе адмысловым рэчам. Не мела яна злога сэрца, але з-за сваёй дурноты, якая, здаецца была адзнакай усіх жанчыны з роду Радзівілаў і якую, па паданні, у Пана Бога выпрасіў князь Радзівіл Сіротка, яна шмат каму часта рабіла зло, нават не задумваючыся аб гэтым. Была жанчынай, і гэта было галоўным у ёй - тым, у чым сканцэнтраваны ўсе элементы існавання. Дык вось, калі яна пазнаёмілася са мной і пачала лічыць унукам, я адразу спалохаўся і паказаў сябе агрэсіўным і наравістым канём. Але яна зацікавілася яшчэ больш, і лётаючы за мной па горадзе як падсмалены кот, нарэшце забегла ў дом Мюлераў. За ёй тое самае зрабілі яе сяброўкі - Касцялкоўская з дому Мейраў і генералава Пангоўская52. У абедзвюх меліся прыгожыя дочкі на выданне і шмат сябровак.

Раптам пані Мюлер замест ранейшага пустога салона атрымала вясёлую і шматлюдную кампанію. І адказваючы на візіты, ушанаваная, распешчаная, напханая цукеркамі, з трыумфам вярталася дадому з мяшкамі слодычаў. Спачатку яна не здагадвалася аб сапраўднай прычыне гэтага і мела ілюзію сваёй значнасці, тлумачыла ўсю гэтую фалангу гасцей сваім незвычайным розумам і талентам у філасофскіх размовах. І доўга гэтым хвалілася перада мной. Не ведала яна, якія "філосафы" да яе прыходзілі. Але ж увогуле, была яна разумнай і спрытнай і заўважыла, што як толькі я прыязджаў у госці, следам за мной адразу зляталіся птушкі, бо з вокнаў навакольных дамоў можна было бачыць, хто ідзе да Мюлераў. І наадварот, калі я прастудзіўся і некалькі дзён не выходзіў з дому, да яе ніхто не заходзіў. А калі ёй адусюль адкрыта пачалі спяваць пра сватаўство мяне, яна сама аб усім здагадалася, але тактыкі не памяняла. Бо для яе ўсё складвалася як найлепей і, калі не магла атрымаць большага, дык хаця б перастала сумаваць у адзіноце.

Сястра Храпавіцкай, у першым шлюбе графіня Юдыцкая, у другім бердычаўская Радзівіл - жонка свайго стрыя, пасля таго як аўдавела, з вялікай помпай пераехала ў Вільню. І тут мой бацька моцна ў яе закахаўся. Яна не магла не адказаць узаемнасцю, бо мела па-сапраўднаму чуллівую душу. Потым, калі паехала ў пецярбургскі суд, выйшла замуж ледзь не свайго сына па ўзросту, за маладога князя Аляксандра Любамірскага53, які толькі для віду насіў галаву на карку. І каб памяняць яго галаву на разумную, яму вельмі прыдаўся б хірург Наксары.

Я добра ведаў сястру Храпавіцкай у Пецярбургу і часта яе тут бачыў. Пасля некалькіх гадоў бясплоддзя яна разышлася з Любамірскім, але па парадзе адвакатаў, покуль жыў яе муж, не пагаджалася на развод. Сёння ўжо немаладая Любамірская, калісьці была прыгожай жанчынай. Белая, высокая, чуллівая, толькі касіла трошкі адным вокам, але ў маладосці, гэта зусім яе не псавала. Мела добрае, як у дзіцяці, сэрца. І калі блудзіла, дык рабіла гэта, бо з-за свайго добрага сэрца, што не магла адмовіць мужчынскім просьбам54.

Калі Вільня сумавала, весялілася, плакала, танчыла, інтрыгавала, трызніла і глядзела на кайданы нашых вязняў, вочы і размовы ўсіх звярнуліся на новую камету з вялікім, як мятла, хвастом55 і на толькі што аўдавелую княгіню Зубаву, былую прыгожую жонку вядомага Зубава, якая ззяла маладосцю і вялізнасцю свайго багацця. Гэта пані моцна паўплывала на лёс Літвы - як тым, пра што я раскажу, гэтак і тым, пра што я прамаўчу. Яна заслугоўвае, каб я коратка расказаў пра яе тое, што праз шмат гадоў засталося ў маёй памяці.

У Вільні жыла бедная ўдава Валентыновіч з маленькага фальварка Плікішкі, задаўленая даўгамі і вялікай колькасцю дзяцей. Усе яе дзеці і асабліва дочкі, мелі рэдкую прыгажосць. І ўсе яе дзеці, якія выраслі ў беднай, немудрагелістай і сціплай сям'і, мелі рэпутацыю людзей з прыгожым целам, але слабой галавой. Старэйшая з прыгожых сясцёр выйшла замуж за Фелікса Касакоўскага з Вількамірскага павета, аднафамільца графаў. Другая спадабалася беднаму, малому, рабому і вельмі несумленнаму віленскаму земскаму суддзі Пісанцы і мела вялікае шчасце стаць жонкай такога чалавека. Трэцяя панна рвала вока ўсёй нашай моладзі. У яе закахаўся вельмі прыгожы, шыракаплечы і дужы брунет Выжыцкі і папрасіў яе руку. Ахвотна пагадзіліся. Будучы зяць часта бываў у доме нявесты і быў, хоць і чалавекам небагатым, але калі-нікалі даваў грошы ў доўг ці як прэзент.

Менавіта тады ў Вільню з вёскі прыехаў агульнавядомы вялікі бабнік князь Зубаў56. Блукаючы па вуліцах горада, ён заўважыў гэтую дзяўчыну і па сваёй звычцы накіраваў да яе фактараў. Гатовы быў плаціць за яе ўсё большыя і большыя грошы, але дарэмна! Тады асабіста прадставіўся пані Валентыновіч, пасля чаго стары вар'ят закахаўся ў панну. Ужыў усе хітрыкі - і ўсе яны сышлі на нішто! Тады ён так раззлаваўся, што папрасіў яе руку57. Яму не паверылі і таму адмовілі. Спаслаліся на тое, што панна ўжо мае статус нарачонай Выжыцкага. Зубаў убачыў Выжыцкага і запанікаваў. Немагчыма было параўнаць гэтых двух мужчын, бо нарачоны быў малады, моцны і прыгожы. Але ж Зубаў меў імя, тытулы, славу і самае галоўнае - незлічонае багацце. Зубаў мог грашамі толькі з аднаго з сваіх гаманцоў ўзбагаціць усю сям'ю і купіць тысячу Плікішак, чаго Выжыцкі, нават калі б працаваў дзень і ноч, нават калі б цалкам у зямлю зарыўся, ніколі б не мог зрабіць.

Князь Платон Зубаў, пра якога іншыя раскажуць лепш, чым я магу гэта зрабіць, быў немаладым, але нябрыдкім мужчынам з чорнымі і трохі сівымі валасамі і смуглявым тварам, трошкі папсаваным воспай. Меў чорныя, прыгожыя вочы. Здавалася, яны свідруюць глыбіню тваёй душы. І яго магнетычнае ўздзеянне было такім моцным, што калі ён глядзеў на вас, вы міжвольна адчувалі раздражненне, што ён гэта робіць! У яго вачах была сканцэнтравана ўся яго асоба. Да таго часу ён ужо трошкі згорбіўся і меў неахайную паходку. Ніколі б не здагадаўся, што менавіта гэты страшны чалавек быў фаварытам царыцы, трос усю Расію і потым падняў злачынную руку на карону, якая ззяла магутнасцю і моцай (маецца на ўвазе роля Зубава ў забойстве імператара Паўла - Л. Л.). У звычайным жыцці паводзіў сябе як уважлівы і прыемны чалавек, гжэчны і ветлівы - вы не адчувалі яго гонар. Мог пасадзіць вас разам з сабой і з ахвотай размаўляць на цудоўнай польскай мове. Яго можна было прыняць за нейкага жмудскага шляхціца. Але калі ў дзвярах з'яўляўся рускі генерал ці чыноўнік самага высокага рангу, ён сілком утрымліваў вас на канапе і раптам пачынаў раздувацца, ашчаціньвацца, каб кожная з гэтым асоб не адважвалася адысці ад дзвярэй і стоячы, дрыготка адказвала на яго пытанні. Меў за правіла: з ніжэйшым за сябе і асабліва з мясцовымі, быць, як брат з братам, як з роўным, а вышэйшым даваць у скуру!

Апранаўся Зубаў нядбайна, нават больш чым нядбайна, бо брудна. І калі закахаўся, не змяніў сваіх паводзін, нават побач з сваім элегантным сапернікам. Цёмна-сіні фрак з зашмальцованым каўняром і бруднымі, жоўтымі гузікамі, штаны да чаравікаў - такая ў той час была мода, бялізны не ведаў, а меў досыць бруднае трыко, звычайныя венгерскія чаравікі, без упрыгожвання ці толькі з адным кутасом на кожным з чаравікаў. Круглы, пакамечаны, руды і непрыгожы капялюш з заламанымі над каўняром брылямі, заўсёды запэцканымі потам і тлушчам, а можа і памадай. Цёмна-сіняе, бруднае і паношанае паліто almavіva, г. з. шырокае і без рукавоў (названае ў гонар графа Альмавівы, героя камедыі "Сявільскі цырульнік", было ў модзе ў першай чвэрці XІX ст. - Л.Л.), з закінутымі на плечы поламі, з цёмна-амарантавым аксамітным каўняром і падкладкай такога ж колеру. Заношаны аксамітны каўнер і выглядаў, "як з сабачага горла".

У размовах ён быў прыемны, вучоны, дасціпны, меў серабрысты голас, расказваў шмат вельмі важных і цікавых рэчаў. Зусім не быў невукам, як лічылі і лічаць многія.

І хворы на каханне Зубаў, не зважаючы на Выжыцкага, сватаўся і сватаўся да панны Валентынавічоўны. А Выжыцкі, прытворна ці не, роў як вол з перарэзаным горлам. І ад прыроды дэспатычны, жорсткі і нахабны Зубаў памякчэў да непазнавальнасці! Сам ставіў прадмет свайго кахання вышэй за ўсё і памылкова думаў, што Выжыцкі ў адчаі паспрабуе яго забіць. Таму пачаў старанна пазбягаць суперніка і, калі бачыў яго дзе-небудзь на вуліцы, разварочваўся і ўцякаў. Але ўсё ж свой план рэалізоўваў. Маці панны і яе сям'я душой і целам стаялі за Зубава і гатовы былі ўсе разам выйсці за яго замуж. Панна, аднак, не была такой хуткай. Усе тады лічылі яе добрым, але вельмі абмежаваным дзіцём, якое не так проста спакусіць на веліч і багацце. Але і гэта прайшло.

Неяк шаленец Выжыцкі з вялікім жалем сказаў камусьці, што ўжо шмат грошай страціў на панну. Хітры Зубаў ведаў людзей і адразу пасля гэтых слоў прапанаваў разам з ім падлічыць кошт кахання, моц пачуццяў і страты на панну ў суму не меншую за тысячу дукатаў. Выжыцкі пагадзіўся, і Зубаў адразу ажаніўся з паннай. Пасля шлюбу, як быццам схапіўшы Бога за ногі, кінуўся з ёй у свой Рухенталь58.

Падчас заляцанняў да панны, Зубаў не мог не заўважыць вялікіх недахопаў у яе выхаванні і адукацыі. Сям'я Валентыновічаў не была свецкай. І Зубаў пачаў усяляк ціснуць на жонку, бо яна мела магчымасць заняць першае месца пры расійскім двары. Ён набраў гувернёраў і гувернантак і сам стаў яе галоўным настаўнікам. Але нічога не дапамагала. Кацянё напачатку, яна хутка цвёрда стала на ногі і адразу паказала свае кіпцюры. Зубаў спадзяваўся здзівіць яе ў ложку сваёй агульнавядомай мужчынскай сілай, але яго чакала расчараванне! Жонка прыняла яго легендарную мужчынскую сілу як нешта звычайнае! І былы магутны дзяржаўны дзеяч з вялікім прыніжэннем і разгубленасцю ўсвядоміў, што для гэтай жанчыны яе звычайны шляхецкі герб гарыць мацней за яго княскую карону. Так усё і ішло, але з кожным днём усё павялічваліся і раслі яе нясцерпныя і вульгарныя фантазіі, яе пустаслоўе і капрызы! Гэты незвычайны чалавек хутка зразумеў, што зрабіў дурную памылку і так жа раптоўна, як закахаўся, пачаў губляць сваё вялікае і моцнае пачуццё. Але яна зацяжарыла. Надзея на законнага нашчадка, бо пазашлюбных ён меў, як гароху, крыху ажывіла князя. Ён пачаў турбавацца аб здароўі начыння, якое мела ў сябе такі дарагі для яго плод. І што? І тут перашкаджала незалежнасць, упартасць, рэзкія рухі, скокі, конная язда і ўсялякія выбрыкі свавольнай маладой кабеціны, якая пачала з ім вайну. Ён назіраў за гэтым і толькі ўздыхаў, бо быў глыбока паранены ў сэрца. Нарэшце, абапіраючыся на некаторыя звесткі, прыпісаў ўсе гэтыя паводзіны вялікаму тэмпераменту сваёй жонкі, якога і не чакаў у такім маленькім целе, ці лепш сказаць, у далікатна пабудаваным целе. Таму пачаў штучна падтрымліваць сваю ўласную мужчынскую сілу і гэта катастрафічна адбілася на яго здароўі. Стаў слабым, сумным і задуменным. Цяжарнасць ужо заканчвалася, калі Зубаў убачыў гарачую прыхільнасць сваёй жонкі да вялікай малпы ў палацы, ды такую, што яна пачала ўвесь свой час бавіцца з ёй. Тады Зубаў вельмі лагодна, як аб ласцы, пачаў прасіць жонку ў такім стане не трымаць каля сябе агідную жывёлу, бо гэта можа мець шкодны ўплыў на плод ва ўлонні маці. Аднак заўсёды незадаволеная і капрызная княгіня, не доўга думаючы, з жоўцю пракрычала яму:

- Лепш на гэту малпу буду глядзець, чым на цябе!

- З такімі думкамі, калі ласка, прэч у Плікішкі! - пракрычаў Зубаў.

Выйшаў, і першы раз за ім затрэсліся дзверы. Невядома, што з гэтага ўсяго атрымалася б. Можна выказаць здагадку, што ён і сапраўды адаслаў бы яе да маці. Але праз гадзіну злёг і хутка памёр.

Да самага скону Зубаў за любыя грошы імкнуўся выпісаць з Вільні вядомага лекара. Усе вядомыя лекары былі адначасова і выкладчыкамі факультэта і не маглі пакінуць горад. Тым часам у Вільню прыехаў нейкі Саўван59, яшчэ недактарызаваны віленскі лекар, які тым не менш закончыў, курс навучання. Гэты лекар дапамагаў у паездцы Скірмунту60, які потым ажаніўся з Сулістроўскай і заснаваў каля Пінска розныя фабрыкі. Скірмунт разам з Саўванам быў у Парыжы ў доктара Дзюпюйтрэна і пасля заканчэння курса лячэння вярнуўся назад. Саўван, быццам сын нейкага беднага француза, тварам быў падобна на яўрэя. Не буду спрачацца, але калі б хто адкапаў яго бацьку, дык знайшоў бы на ім ярмолку. Быў ён шарлатанам, у якога можна было вучыцца шарлатанству і фанфаронам, якога свет яшчэ не бачыў! Пыл у вочы людзям кідаў жменямі. Самахвал, другі Наксары. Дасціпны і вельмі гаваркі чалавек. Вялікі элегант. Моладзь ведала яго любоўныя прыгоды з дачкой ўніверсітэцкага касіра, прыгожай паннай Шаставіцкай, якая раней дамаўлялася са студэнтамі на самыя нявінныя спатканні ў калідорах св. Яна і потым выйшла замуж за знакамітага пракурора радзівілаўскай камісіі, подлага мярзотніка Салмановіча61.

Калі Саўван быў закаханы ў Шаставіцкую, ён даведаўся, што яна не любіць чорнай барады. А Саўван акурат меў такую чорную бараду, што нават, калі галіўся, твар яго заставаўся сінім. Што рабіць? Аднекуль за вялікія грошы ён дастаў татарскую масціку, якой гэтыя паганцы ў лазнях ці яшчэ дзе, робяць эпіляцыю, і намазаў бараду. Але не ведаў як ёй карыстацца, і таму з яго твару, калі выціраўся ручніком, як з рака, зліняла ўся скура. На працягу некалькі месяцаў, покуль не загаіўся струп, нікому не мог паказацца. А чорная барада ўсяроўна засталася!

Вось гэтага Саўвана і паслалі да Зубавай. Там на вёсцы, ён лекаваў і весяліў княгіню і хутка стаў яе каханкам. Тым часам нарадзілася дачка. Калі разнеслася вестка пра смерць аднаго з першых багачоў Расіі, пачала з'язджацца вялікая сям'я князя Зубава. Лёс маленькай княжны і ўсёй галоты Валентыновічаў вісеў на валаску. Адразу пасля смерці мужа, па парадах зычлівых асоб, сваім пракурорам княгіня Зубава абрала прэзідэнта Ходзьку, вядомага сваёй галавой і рухавасцю. Падзел маёмасці павінен быў стаць складаным.

Княгіня пераехала ў Вільню. Дзіцё хутка памерла.

Ян Ходзька, быў перавернутым на выварат, як пальчатка, Казімірам Контрымам. Контрым ціхі - гэты галасісты, той аматар сакрэтаў і таямніц - у гэтага ўсё на далоні. Малы, тоўсты і брухаты чалавек з прыгожым тварам, добры і здольны пісьменнік, пісаў ён шмат, але яшчэ больш гаварыў зычным голасам, ад якога дрыжэлі сцены. Займаў высокія пасады, але з-за скандалаў страціў значны маёнтак, ці дакладней, разарыў яго, таму шчыра жадаў вярнуць ранейшае і актыўна ішоў да гэтай мэты. У той час ва ўніверсітэце вучыліся два яго таленавітыя сыны. Юзаф - вялікі матэматык і потым знакаміты інжынер, а сёння, падобна - генерал, і Аляксандр - знакаміты арыенталіст і натхнёны паэт, які быў расійскім консулам у персідскага шаха Мухамеда Агі ў Тэгеране. Што сказаць - як Ходзька, дык талент. Ніколі не ведаў дурнога чалавека з такім прозвішчам. Стары прэзідэнт сам узняў сваё імя і сам сабе праклаў дарогу, а яго сыны працягнулі сямейную справу.

Нягледзячы на вялікую колькасць камедый, артыкулаў, раманаў, брашур і часопісаў, якія друкаваліся ў штодзённых газетах, прыходзіць мне ў галаву вядомы ў той час твор Ходзькі, які, магчыма, памятаюць і сёння: "Пан Ян са Свіслачы" 62. Такі твор для простага люду напісаць не так проста, як хтосьці можа падумаць.

(Працяг у наступным нумары.)

* Morawski Stanislaw. Kilka lat mlodosci mojej w Wilnie (1818-1825). Warszawa, 1924. Пераклад Леаніда Лаўрэша.

50 Гл: Лаўрэш Леанід. Маёнтак Падварышкі і суседнія Гайцюнішкі // Лідскі Летапісец. 2023. № 4(104). С. 76-85. - Л. Л.

51 Мары Жанна Бекю, у замустве графіня Дзюбары (1746-1793) фаварытка французскага караля Людовіка XV. У маладосці была прастытуткай, мадысткай, потым пасялілася ў графа Дзюбары, пасля чаго яе наблізіў да сябе французскі кароль. - Л. Л.

52 Тарэза Касцялкоўская, жонка Міхала, струбіцкага старасты. Апалонія Пангоўская, жонка генерала касцюшкаўскіх войскаў. Абедзве вядомыя ў Вільні сваім патрыятызмам і ахвярнасцю ў адносінах да увязнёных філарэтаў.

53 Аляксандр Любамірскі (1802-1893), сын кіеўскага ваяводы і генерала рускай арміі Францішка Ксаверыя і Марыі Нарышкінай, родны брат Канстанціна.

54 Юлія з Радзівілаў, 1-шы шлюб з Юдыцкім, 2-гі з Мацеем Радзівілам, 3-ці з Аляксандрам Любамірскім, з трэцім мужам разышлася.

55 У 1822 г. толькі ў тэлескоп можна было бачыць кароткаперыядычную камету Энке. Таму Мараўскі мае на ўвазе яркую камету 1823 г., т. з. камету дэ Брэота-Понса. - Л. Л.

56 Князь Платон Зубаў, 1767 г. н., былы фаварыт імператрыцы Кацярыны ІІ.

57 Пра Валентыновічаў, Г. Пузыня пісала наступнае: "Маці, поўная такту, умела так паразумецца з вялікім панам, што той меў магчымасць наблізіцца да прыгожай дзяўчыны толькі ў ролі прэтэндэнта, але не спыняўся перад пустым баламутствам. Маці дзяўчыны акрамя трох замужніх дачок мела яшчэ і чацвёртую на выданне (усе адна другой прыгажэйшыя). Таму яшчэ раней, яна пасялілася ў Вільні і паціху, не спяшаючыся, але і не губляючы магчымасцей і часу, добра ўсіх выдала замуж. Малодшых дачок выхоўвала старанней за старэйшых. Пра будучую княгіню Зубаву казалі, што ўпэўненая ў сваіх чарах, яна зусім не хацела вучыцца, хоць муж і патрабаваў гэтага. Казалі пра яе смешныя паводзіны, у тым ліку, як яна, ужо ўдава князя Зубава, размаўляючы з імператарам Аляксандрам пакланілася яму, укленчыўшы на крэсле. Навука так палохала яе, што не наведвала адукаваных асоб, бо казала, што яны, шэльмы, будуць экзаменаваць яе па гісторыі. Яе бацька памёр у 1808 г.".

58 Зараз - Рундальскі палац у Латвіі, самы вядомы барочны палац гэтай краіны. Спраектаваны і пабудаваны ў 1730-я гг. італьянскім архітэктарам Барталамеа Франчэска Растрэлі як летняя рэзідэнцыя герцага Курляндыі Эрнста Іагана Бірона, які неўзабаве страціў тытул, і палац з тых часоў стаяў пусты, пакуль Растрэлі не завяршыў яго інтэр'ер у 1760-х гг. У 1795 г. палац быў падораны фаварыту імператрыцы Кацярыны II Платону Зубаву, які ў 1820 г. ажаніўся з дачкой віленскага шляхціца Тэкляй Валентыновіч. Пасля смерці мужа княгіня, Зубава выйшла замуж за графа Шувалава, і Шувалавы валодалі палацам да 1920 г. - Л. Л.

59 Людвік Саўван (1798-1845), сын французскага эмігранта.

60 Аляксандр Скірмунт з Моладава, сын Шымона і Эльжбеты з Арэшкаў, у 1818 г. закончыў Віленскі ўніверсітэт са ступенню магістра фіз.-мат. навук. Пасля шматлікіх падарожжаў за мяжу, у 1830 г. заснаваў у Моладава адну з першых у Літве цукраварняў, у 1836 г. = фабрыку сукна ў маёнтку Парэчча пад Піскам. Выбітны абшарнік і грамадскі дзеяч. Памёр 22 ліпеня 1870 г.

61 Салмановіч, адна з давераных асоб радзівілаўскай камісіі, сучаснікі пісалі пра яго парушэнні і называлі "выхрыстам".

62 Ян Барэйка Ходзька (1777-1851). Закончыў школу ў Вільні, потым гаспадарыў у Крывічах і займаў розныя пасады ў Менскай губерні. Масон і магістр ложаў у Менску і Вільні, шубравец. Падчас паўстання 1831 г. высланы ў Пермь. Гарачы тэатрал, драматург і раманіст. Яго "Пан Ян са Свіслачы" выдадзены ў Вільні ў 1821 г. Збор твораў выйшаў у 1837-1842 гг. Сыны: Юзаф, генерал-маёр - інжынер. Аляксандр - паэт, арыенталіст, Станіслаў - прафесар хіміі у Фрыбургу. Сыны Фелікс і Міхал эмігравалі ў 1831 г.

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

Урокі гісторыі, этнаграфіі, зоагеаграфіі і экалогіі, псіхалогіі: Барадулін, Гальчанюк, Леўшуноў, Петрусевіч, Талочка, Шляхцінскі; езуіцкая мазаіка

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-52 (105-156) (2024); № 1-28 (157-184) за 2025 г.)


Даволі працаёмка арганізаваць матэрыял пра езуітаў - тое, што адносіцца да беларуска-індзейскіх сувязей (БІС). Езуіцкія матывы пранікаюць у многія сферы.

Гэта мазаіка, езуіцкая мазаіка…

Экспансіянізм

Ордэн езуітаў, створаны ці то ў 1534 г., ці то ў 1540 г., у Новым Свеце пачаў дзейнічаць у 1549 г. (Бразілія), у 1568 г. з'явіўся ў Перу, паслаў свае перадавыя атрады ў віцэ-каралеўства Новая Іспанія ў 1572 г.; лічыцца, што ў Рэчы Паспалітай яны з'явіліся ў 1565 г. і неўзабаве стваралі свае навучальныя ўстановы ў Вільні і Полацку.

"І тут і там члены таго самага ордэна дзейнічалі пад лозунгам абароны каталіцызму", і стваралася ўражанне, што ўсе езуіты свету працуюць на карысць караля Іспаніі, які хоча заваяваць усю планету. "Палітычная дыверсія на карысць іспанскага манарха" была толькі адным кампанентам усеагульнай і "выключнай" нянавісці, якая панавала ў Еўропе.

Запазычаныя часткова ад іспанцаў, часткова ад сваіх уласных незалежных "ідэолагаў", ідэі экспансіянізму і "маніі велічы" квітнелі ў Рэчы Паспалітай.

Польская мегаламанія адлюстравалася і ў вершы "Іспанцы" Мацея Казіміра Сарбеўскага, змешчаным у "Апісанні народаў", які пераклаў з лацінскай на польскую мову Данііл Набароўскі. Езуіт Сарбеўскі высока ацэньваў іспанцаў і тое, што яны "самі адны стаяць на чале ўсяго свету", але палякі, калі б яны пачалі рабіць тое, пра што толькі разважаюць, маглі б "адабраць у іспанцаў панаванне над светам".

Езуіты мелі нават "празмерны" поспех, што прывяло да часовай забароны ордэна самім жа кіраўніцтвам каталіцкай царквы. У гэтым былі зацікаўлены тыя, чый уплыў быў закрануты - свецкія і рэлігійныя ўлады, іншыя каталіцкія ордэны.

Як у Амерыцы, так і ў Беларусі канкурэнцыю езуітам складалі прадстаўнікі досыць шматлікіх ордэнаў. Ролю сваіх сабратаў у адкрыцці, каланізацыі, хрысціянізацыі Амерыкі адзначаў, у прыватнасці, дамініканец П. Рушаль у "жыцці" св. Яцэка Адравонжа, выдадзеным у Вільні ў 1641 г. Пры гэтым ён звяртаў увагу на тое, што яго ордэн з'явіўся ў Амерыцы раней за езуіцкі, а самі атрыбуты хрысціянства, такія як касцёлы і надмагільныя помнікі з крыжам, - "за часоў апостальскіх збудаваныя".

Шырокая вядомасць дзякуючы частым згадкам у сучасных даследаваннях набылі выказванні караля Стэфана Баторыя і кіраўніка Пятра Скаргі, якія арганізоўвалі і накіроўвалі каталіцкую экспансію ў Беларусі і Літве. Скарга ў такім ключы напісаў 17.07.1573 г. з Вільні правінцыялу ордэна, а Баторый "з гетманам Замойскім" - у лісце Скаргу ад 30.09.1579 г. з Полацка, раячы: "Не зайздросце вашым партугальцам і іспанцам чужых у Азіі і Амерыцы светаў, каб іх да Бога павярнуць; ёсць тут паблізу Індыі і Японіі ў народзе рускім полацкім, месцы несвядомыя боскіх рэчаў". А. Сапуноў перадаў гэту цытату па-руску ў "Нататцы аб калегіі і акадэміі езуітаў у Полацку".

Лідар езуітаў на ўсходзе Рэчы Паспалітай Пётр Скарга, аказваецца, "пагардліва ставіўся да мас". Ён нібыта казаў: "Народ дурны, ён кіруецца неразумнай парадай. Наогул, у народзе няма розуму". Паводле савецкіх рэлігіязнаўцаў, езуіты ставіліся да сваіх падапечных зусім "не з пакорлівасцю, а з высакамернасцю", часам - нават "з адкрытай расісцкай нянавісцю". Напрыклад, езуіт Марцін Дабрыцхофер, які меў адносіны да стварэння парагвайскіх рэдукцый, пісаў, што індзейцы адрозніваюцца нізкімі інтэлектуальнымі якасцямі і злосцю.

І таму была падстава наварочваць іх, калі яны не згаджаліся, заваёўваць і прымушаць сілай да акультурацыі.

Але нават каталіцкія аўтары задумваліся над правамоцнасцю ваеннага забеспячэння хрышчэння індзейцаў. Як адзначае Януш Тазбір, да крытыкі метадаў місіянераў у Амерыцы схіляе іх і памяць пра мірнае хрышчэнне Літвы (1386). Супраць віленскага казання Скаргі 1601 г. выступіў польска-нямецкі кальвінісцкі палеміст Даніэль Крамер, які пераказаў абвінавачанні парыжскага адваката Арнольда ў адрас амерыканскіх езуітаў.

Спавядальнік вялікага князя ВКЛ і караля Польшчы Зыгмунта ІІІ Вазы Фрыдэрык Баршч, абвяргаючы абвінавачанні супраць езуітаў, паставіў пад сумненне лічбу ахвяр сярод індзейцаў, якую давалі Арнольд і Крамер: колькі часу трэба, каб забіць 20 мільёнаў, і ці можа быць столькі індзейцаў, калі ў Польшчы, Літве, Швецыі і Маскве толькі ад 5 да 6 мільёнаў жыхароў?

Матыў прымусу і злоўжыванняў пры хрысціянізацыі быў падхоплены як добрая нагода для крытыкі праваслаўным бокам, што прывяло да стварэння цэлага пласта палемічнай літаратуры.

Чужынцы давалі галоўным чынам станоўчыя ацэнкі нашых продкаў, здзіўляючыся і тады "памяркоўнасці" ў параўнанні са сваімі буйнымі суайчыннікамі, і "контрпрапаганда" супраць уяўнай "нецывілізаванасці" і "нехрысціянізаванасці" ліцвінаў не мае вялікага распаўсюджання. Тым не менш, у сувязі з выказанымі некаторымі заходнееўрапейскімі аўтарамі думкамі пра схільнасць жыхароў Рэчы Паспалітай да "гвалтаў і сваволі" і распусты ў шлюбе, у прыватнасці, афіцыйнай згоды, паводле нейкага Sabellіcus, мужоў на тое, каб "літоўскія кабеты" мелі каханкаў, Тазбір прыводзіць пратэст абуранага С. Старавольскага: "Не варта пісаць пра Літву, як пра Індыю, якая дагэтуль не ведае Хрыста і замыкаецца ў вельмі далёкіх краінах Амерыкі" ("Quasі de Іndіa, quae Chrіstum ad huc nescіat, et remotіssіmus Amerіcae fіnіbus claudatur"). Я. Парэцкі звязваў гэта выказванне з настроямі езуітаў, якія вуснамі Скаргі параўноўвалі Індыю і Літву, маючы на ўвазе іх хрысціянізацыю (ліст да аўтара БСІ ад 7.1.1990).

Антыезуіцкія матывы ў палеміцы

Першая каляіндзейская цытата ў друку Беларусі адносіцца да палемічнай спадчыны Сымона Буднага (Аб асноўных артыкулах хрысціянскай веры, 1576): "Я бачу, надышлі такія часы, якія сам сын божы прадракаў, што з'явіліся фальшывыя прарокі і фальшывыя хрысты. ...Хіба цяпер не адбываецца менавіта гэта; ці мала прарокаў у антыхрыста; не задавольваючыся мноствам дамініканцаў, францысканцам, бенедыктынцаў, аўгусцінаў, кармелітаў, ерэмітаў, ён нядаўна напладзіў езуітаў, якіх разаслаў па ўсёй зямлі і нават у Новы Свет. Яны, прыкрываючыся крывадушнымі святошамі і выхваляючыся язычаскай філасофіяй, толькі прыводзяць душы да вялікіх памылак".

Праз некалькі месяцаў Скарга, абураны зневажан-нем езуітаў і абяцаючы пераслаць ерэтычную кнігу Буднага кардыналу Гозію, так цытаваў Буднага ў адным з лістоў: "Былі ў антыхрыста ордэны яго слуг, пры дапамозе якіх ён ваяваў з ісцінай: дамініканцы, францысканцы, кармеліты, аўгусцінцы, а цяпер ён нарэшце нарадзіў езуітаў, якія запрудзілі і Новы Свет і Індыю, а па-ханжанску прымаюць выгляд святош і спакушаюць многіх ілжывай філасофіяй".

Ордэн езуітаў, у эйфарыі ад уласных поспехаў і ў раздражненні ад крытыкі з боку прадстаўнікоў іншых канфесій, вёў актыўную (контр)прапагандысцкую кампанію, выдаючы, між іншым, і так званыя "місійныя лісты", чым забяспечваў шырокага еўрапейскага чытача звесткамі па геаграфіі і этнаграфіі Амерыкі. "Місійныя (або Індыйскія) лісты" дасягнулі, вядома, і Літвы-Беларусі; з'яўленне тут іх досыць рэгулярных выпускаў адзначае Рамуальд Урублеўскі. Тазбір піша, што паўсюль, у т. л. у Літве, іх чыталі ахвотна.

Рудніцкі

Езуіт Дамінік Рудніцкі, верагодна, адзін з "трох аўтараў ХVІІІ стагоддзя, якія пісалі на беларускай мове", меў яўную цікаваць да адкрыццяў на "антыподах".

(Прыкладная перадача яго тэксту:)

"Гэта Калумб свет паказаў новы на захадзе.

У няведаючых следу водах высачыў народы,

Так Калумб чорныя, як груганы, згоніў антыподы,

Доўга вяслом капаў воды, пакуль капаючых золата

індыянаў лузітанскім высачыў флотам.

Тут багатую Амерыку бачыў у афект залаты

І ў няслаўны час квітнеючай Фларыды ахвоты".

Часовы езуіцкі кампраміс у Беларусі: Карыцкі


Пасля далучэння тэрыторый Рэчы Паспалітай да Расіі езуіты занялі своеасаблівую пазіцыю, што адпавядала іх манеры прыстасоўвацца і дагаджаць. Радуючыся таму, што ордэн "шчасліва ўстаяў на рускіх землях", яны пяром выдатнага паэта езуіта Міхала Карыцкага на лацінскай мове віталі "вышэйшага губернатара зямель, далучаных да Расіі", Захара Чарнышова, і "губернатара Полацка" генерала Крачэтнікава, выказвалі падзяку царыцы Кацярыне, нават матэрыялізуючы яе, наступнымі пытаннямі:

Выказаць як жа ўдзячнасць табе?

Ці прадаўжаць падарункі?

Алеі нясуць еўрапейцы табе, а з Турцыі лаўры,

Дарунак падносяць іншыя краі, каштоўныя скарбы.

Нетры разрыўшы сваіх гор, перуанцы скарбы дораць,

Таксама Эрытра багацці прыносіць з Чырвонага мора.

Мы аддаем табе сэрца, не патрабуеш паднашэнняў

Нашага дару даражэй, ні золата ўсялякага зліткаў,

Ні ахоўваных у віры Ганга перлін бліскучых.

Ты ж багатая назбіраным

скарбам багаццяў каштоўных,

Дабрабыту нашага маці клопат песціш.

Гэты славуты паэт-лацініст у сваіх творах, якія, "пасля смерці рассеяныя па Беларусі, сабраны былі айцамі ордэна адусюль і перададзены ў друк" (1817), неаднаразова спасылаецца на "індыйскія" рэаліі, піша пра перуанскія скарбы, якія дасягаюць Расіі; адзначаючы важнасць геаграфіі, ён згадвае карты, на якіх пазначана і "раней, на працягу многіх вякоў невядомая Амерыка, куды першым дабраўся Калумб".

Беларускія езуіты ў Амерыцы

Паколькі ордэн быў забаронены ва ўсім свеце, і толькі ў Беларусі заставаліся спрыяльныя ўмовы для працягу яго дзейнасці, то, як пісаў А. Сапуноў, "пачынаецца моцны прыліў езуітаў з-за мяжы ў Полацк, а адтуль яны навадняюць і ўсю Беларусь". Гэты неверагодны феномен, гэтае "адраджэнне" - усё гэтае скончылася праз паўстагоддзя. Але паслужыла асноўнай прычынай таго, што, пазнаёміўшыся ў Полацкай правінцыі з ветэранамі-езуітамі з краін Амерыкі, некаторыя з мясцовых езуітаў перабраліся ў Амерыку. Сапраўдным "скарбам" для беларускіх індзеяністаў стаў Францішак Дзеражынскі (Дзеружынскі), які пэўны час узначальваў езуітаў у ЗША.

Місіянерства ў Амерыцы рыхтавалася выказваннямі як саміх "беларускіх езуітаў", так і пазнейшых аўтараў, што закраналі езуіцкую гісторыю паміж 1767-1820 гг. І крытыкі, і апалагеты, і нейтральныя аўтары, указваючы на відавочны намер адрадзіць ордэн на ўсіх кантынентах, не абміналі ў пераліку зямель і Амерыкі.

"Карыстаючыся заступніцтвам Вялікай імперыя-трыцы, езуіты дасягнулі вышэйшай ступені свайго дабрабыту і ўплыву на туземнае насельніцтва", у якога, аднак, з'явілася прымаўка: "Пасей іізавіта - узыйдзець чорт".

Асветніцтва і насмешка над асветай

З самага пачатку абсалютна станоўчай у дзейнасці езуітаў была, хоць і тэндэнцыйная, але шчодрая інфармацыя пра іншыя кантыненты і іх насельніцтва. З папулярных і "Жыццяў святых" П. Скаргі, якія неаднаразова перавыдаваліся і ў Літве, беларусы даведваліся пра аналагічны свайму лёс індзейцаў і пра асобныя краіны (напрыклад, Бразілію, Мексіку, Перу).

"Жыцці святых", у якіх адлюстраваліся і жыццяпісы амерыканскіх місіянераў, упершыню ўбачылі свет у 1579 г. Твор вядучага езуіцкага прапаведніка шырока распаўсюдзіўся, дзякуючы больш, чым 10 перавыданням, на "каланізуемых" землях і беларускім перакладам, найбольш поўны з якіх ажыццёўлены мясцовымі праваслаўнымі на ўсходзе Беларусі (Магілёў).

У вялікай літаратуры пра Ордэн, створанай на працягу стагоддзяў, амаль абавязкова згадваюцца езуіцкія дасягненні і ахвяры на іншых кантынентах.

Езуіты нярэдка вывучалі мовы, і адукоўвалі індзейцаў не толькі на еўрапейскіх, але і на іх уласных мовах.

З другога боку, актыўныя намаганні па паланізацыі праз дзейнасць езуітаў, заключэнне Брэсцкай уніі 1596 г., аб'яднанне Княства з Каронай і "закон аб мове" 1696 г. прывялі да таго, што на беларускай мове не з'явілася ніводнай кнігі не толькі геаграфічнага або гістарычнага зместу, але і любой, у якой бы пісалася пра Амерыку і індзейцаў. Беларусы вымушаны былі знаёміцца са светам чытаючы падручнікі і іншую даступную літаратуру на польскай, рускай і іншых мовах.

Медыцына

Езуіты праніклі і ў медыцыну, аптэчную справу, і, як заўсёды, і тут усё ў іх было неадназначна.

Сярод лячэбных сродкаў найбольш вядомым (як pulvus jesuіtіcas, езуіцкі парашок, бо ўжо ў 17 ст. дастаўлены з Амерыкі членамі ордэна) была хіна, якой лячылі ліхаманку і малярыю. Як лекавыя выкарыстоўваліся таксама такія сродкі расліннага паходжання, як капайскі бальзам і шакалад. Напітак з пладоў какавы стаў прысмакам толькі пазней. Пра эфектыўнае лячэнне бальзамам "капайба" ў час яе практыкі ў Стамбуле пісала ў 1760 г. Саламея Пільштынова (Русецкая).

У 1737 г. у Беларусь прыехаў урач Іаган Фрыдэрык Бакстрам (1686-1742). На той момант ён ужо быў аўтарам дысертацыі "Аб каўтуне", меў дасведчанне ў вывучэнні сіфілісу. Ён рэкамендаваў прыстасаванне для выратавання пацярпеўшых караблекрушэнне, распрацаваў "сродак ад цынгі", які выкарыстоўвалі "англійскія і галандскія ост-індскія кампаніі". Магчыма, ён выкарыстаў веды, набытыя ў выніку сваіх даследаванняў і распрацовак, у час лячэння Іераніма Радзівіла; у яго заставаўся час на філасофію і ёсць сведчанне, што ён задумваўся нават пра дзяленне чалавецтва на расы і пра ідалапаклонства. Жыццё гэтага ўрача, якога пераследавалі езуіты і розныя пратэстанты, а потым неўзлюбілі і Радзівілы, скончылася турмой, катаваннямі і самазабойствам.

Цяжкая спадчына злоўжыванняў

У сучаснай Амерыцы самы цяжкі выпадак з асобай беларуска паходжання, які сам быў езуітам, адбыўся ў Каліфорніі, - езуіты вымушаныя былі выплаціць велізарную кампенсацыю за дзеянні тых сваіх жа (або аднаго з тых), хто знаходзіўся побач, калі яму ўжо прыйшлося карыстацца інваліднай каляскай.

Літ.:

Парэцкі Я. І. Жыццё і творчасць Міхала Карыцкага // Лідскі летапісец. 2014. № 3. С. 11-21.

БАРАДУЛІН Рыгор (Rygor Baradulin) - ураджэнец Ушацкага раёна і наш адрасат. Ліст да яго ад 27.06.1989 г. быў канцэптуальны, затое паэт быў "хаатычнымі людзьмі", як сказаў бы Сакрат Яновіч, і адсутнасць яго адказу - "фундаментальная", менавіта такі адказ і можна ў асноўным чакаць ад еўрацэнтрычнага члена БНФ (але адказ (ад 10.04.1991) на бланку БНФ (Камісія па замежных сувязях) В. Трыгубовіч быў). Чамусьці гэты рух выбраў ідэалогію не індыхенізму, а банальнага паўтарэння вопыту нацыянальнага будаўніцтва па еўрапейскай мадэлі - хоць яна і не здавалася ўжо той згодніцкай або фашысцкай, прафашысцкай і даволі расісцкай, якая прывяла Еўропу да Другой сусветнай вайны.

З аднаго боку, Барадулін адзін са слупоў беларускай літаратуры, з другога, і яго творы, і яго чалавечыя якасці выклікаюць вялікія сумненні - можа, было б лепш, калі б тое ж самае, але лепш, чым ён, больш кампактна і канкрэтна, без паўтораў, зрабіў хто-небудзь іншы?

Публіцыстыка Барадуліна ў многім слушная і цікавая, але квяцістая і яе цяжка класіфікаваць.

У яго запісах з Генеральнай асамблеі ААН (39-я сесія) і ў цэлым са знаходжання ў ЗША ў 1984 г. ёсць пра некаторых з блізкіх ад нашай тэмы афіцыйных асоб і пра некаторыя з месцаў, якія добра асацыіруюцца з індзейцамі.

25.09.1984 г.:

Хайме Рамон Лусінчы (Jaime Ramon Lusinchi).

"Прэзідэнта Венесуэлы [саджаюць. - удакл. у выд.] ў крэсла і просяць выступіць. На адпаведных месцах двое генералаў, як пеўні распісаныя, з цэлай калекцыяй ордэнскіх калодачак, на дзвюх руках бранзалеткі. Паўднёвыя генералы таксама любяць бразголкі. Вялікія даўгі. Дзясяткі млн долараў з Лацінскай Амерыкі [кладуцца. - удакл. у выд.] ў банкі развітых краін. Жахліва наркоцікі [наркотыкі] паралізуюць краіны".

A certain Canadian.

"Канадзец. Атава, ад індзейцаў слова месца сустрэчы. Атава - месца сустрэчы травы перад тым, як яна знікае да вясны. Спачатку па-англійску, потым па-французску, гэта адзіная краіна, якая дэманструе роўнасць моў. Заўсёды. І тэкст, які раздалі, на 2-х моваў [мовах] аддрукаваны".

One Columbian.

"Калумбіец. Даўгі. Наркотыкі. "Сёлета быў забіты міністр юстыцыі, бо барацьба з наркотыкамі [прэтэндуе. - удакл. у выд.] на сваю долю ў асваенні космасу. Геастацыянарная арбіта служыцьме інтарэсам усяго чалавецтва"".

28.09.1984 г.:

Фернанда Белаундэ Тэры (Fernando Belaunde Terry).

"Перу (прэзідэнт). Адпаведна крэсла. Ад'ютант з аксельбантамі. Жонка Генсека ў новым уборы. Еўрадолары - зноў крэдыты, даўгі. "Рэжым жорсткай эканоміі паралізуе ініцыятыву людзей, можа выклікаць выбухі; імкнемся да зліцця традыцый індзейскай і еўрапейскай. Тэрарызм. Шмат загінула ахоўцаў параду мірных людзей, гандляроў. Удар па электраэнергетыцы, што балюча для народа. Карані тэрарызму не дома, таксама жах - наркотыкі". Каля ложы, дзе жонка і дама, негрыцянка з бяспекі ахоўвае дам.

Выступаў першы пакуль што без даклада". Генеральны сакратар Перэс дэ Куэльяр (Javier Perez de Cuellar y de la Guerra; сярод іншага, быў паслом у СССР, 1969-1971) і "старшыня [Лусака. - удакл. у выд.]" "праводзяць прэзідэнта".

13.10.1984 г.:

"Сёння першы дзень не засядаю. Аж не хапае нечага. Займаюся англійскай. Нешта спрабую загнаць у рыфму, якую - па Пушкіну - гады гоняць".

"На Вашынгтон. Індзейскае лета - бабіна лета. Plus toll [платная дарога. - удакл. у выд.] праз кожныя 20-30 міль.

Вашынгтон. Пасольства".

Акрамя вашынгтонскіх уражанняў, у Барадуліна ёсць згадкі пра наведванне Філадэльфіі, Ніягары.

14.11.1984 г.:

"Агляд Time. Нагнятанне нервознасці ў Цэнтральнай Амерыцы. Нікарагуа. Карэспандэнт амерыканскі [паведамляе. - удакл. у выд.], што нікарагуанцы рыхтуюцца [ўвайсці. - удакл. у выд.] ў Сальвадор і Гандурас, амерыканскія караблі ля Нікарагуа".

"Па тэле апошнія навіны. Бяжыць з індычкай. Гэта будзе ў Дзень падзякавання. Бо калі галадалі каланісты, індзейцы параілі есці індыкоў. І індзейцаў з'елі, і індыкоў, і цяпер ядуць.

У гэтым жа томе дзённікаў, як запіс 15.01.1987 г., "па слядах" індзейцаў з'яўляецца кароткі верш "Бюракратычны бумеранг". Барадулін думаў, што бумеранг - індзейская зброя? Як інакш інтэрпрэтаваць гэтыя яго паэтычныя радкі?

Рыгор Барадулін

БЮРАКРАТЫЧНЫ БУМЕРАНГ

Па гарах, па марах,

А без пеленга, без лейцаў

Скача ўзлётна бумеранг,

Думка хітрая індзейцаў.

Што адгор'е, што скала,

Ты размах бяры крытычны,

Лепш лунае за арла

Бумеранг бюракратычны

Ад стала і да стала.

Літ.:

13021 Барадулін Р. Дзённікі і запісы. Вып. 4: 1983-1988 / уклад., прадм. Н. Давыдзенка. Выд. 2-е. Мн., 2020. (Бібліятэка Бацькаўшчыны. Людзі Беларусі: кн. 3.)

554 Барадулін Р. Індзейскае лета. Алесю Барушку // Барадулін Р. Маўчанне перуна. Мн., 1986. С. 260-261.

5752 Барадулін Р. "Праз пакаленняў колькі..." // Барадулін Р. Трэба дома бываць часцей...: выбраныя старонкі лірыкі / прадм. В. Быкава. Мн., 1993. С. 219.

8791 Барадулін Р. Выбраныя творы / уклад., прадм., камент. М. Скоблы. Мн., 2008.

9154 Барадулін Р. Рунець, красаваць, налівацца!: лірыка. Мн., 1961.

9204 Барадулін Р. Мёртвая зямля - мёртвая нацыя / мал. А. Александровіча // Беларусь. 1990. № 10. С. 6-7.

9736 Барадулін Р. Тастамент Рыгора Барадуліна / інтэрв'ю С. Шапрана // Новы час. 2014. 4 крас. С. 14-15.

ГАЛЬЧАНЮК Алекс (Alex Galchaniuk, Alex Galchenyuk) - гэты Алекс, сын іншага Алекса, Аляксандра, таксама хакеіста, рабіў кар'еру ў арызонскіх "каётах", пакуль яна, амерыканская частка, не спынілася. Як Алекс трапіў з арызонскага раю ў пецярбургскі "ўжо не зусім", "страчаны" рай - гэта ведаюць усё. Калі б не алкаголь, гэтага, магчыма, не здарылася б, але чалавек, які не грубы на язык, не будзе лаяцца і паказваць сябе вербальным хамам (і, скажам, цынікам з ужываннем няхай і літаратурнай лексікі) нават у стане ап'янення. Паведамлялі, што ў час затрымання з яго боку ў адрас аднаго з паліцэйскіх прагучалі неаднаразовыя расісцкія абразы. Пры гэтым яго бацька сведчыў, што ніколі не бачыў такіх, у цэлым, паводзін Алекса-малодшага.

Пра нашага сябра па перапісцы (назавём яго так, хоць абменаў лістамі было толькі некалькі - па тры з кожнага боку; ён больш цікавіўся нашымі дзяўчатамі, і мы паспрабавалі выканаць яго просьбу даслаць адной з іх дадзены ліст тэарэтычнай адрасатцы), апача Сайнана з ваколіц Уайтрывера (ён сам у сваім адрасе піша White River (Уайт-Рывер), нешта, што нагадвае White Russia), можна было пазней знайсці ў інтэрнэце - афіцыйная інфармацыя, таксама звязаная з правапарушэннямі. Што ж, гэта не смяротна, калі ён нікога не забіў і не знішчыў культурныя каштоўнасці. Гэта не фатальна.

Алекс Гальчанюку як арызонскаму хакеісту прысвечана спартыўная калекцыйная картка O-Pee-Chee ("Малінаўка", аджыбвейскае слова, якое прысутнічае ў "Спеве аб Гаяваце" і было ўзятае як назва для кандытарскай кампаніі ў Лондане (Антарыа) - яна праславілася менавіта гэтымі карткамі). Магчыма, не адна картка прысвечаная яму, і яе можна купіць праз інтэрнэт.

Літ.:

11492 Кулон А. Сіняя кніга беларускага алкаголіка. Мн., 2012.

2195 Ягодинский В. Н. Школьнику о вреде никотина и алкоголя: книга для учащихся. Мн., 1986.

7795 Погибнем, как индейцы в Америке // Газета Слонімская. 1998. 3 дек.

10251 Индейцы против пива // Мінская праўда. 2012. 11 лют. С. 7. (Поўны тэкст: "Индейское племя оглаласиу, живущее в резервации в Южной Дакоте, подало в суд на продавцов и производителей пива. Представители племени утверждают, что ответчики умышленно усугубляют проблемы с алкоголем, которые существуют у местных индейцев. Иск был подан в окружной суд Небраски. Истцы требуют 500 миллионов долларов в качестве компенсации расходов на лечение и реабилитацию. Ответчиками выступают четыре магазина, а также ряд пивоваренных компаний".)

ЛЕЎШУНОЎ Арцём (Artyom Levshunov, Artsiom Leushunou) - ураджэнец Жлобіна, які там падлеткам пачынаў гуляць у хакей; пераехаў у Менск, стаў самым маладым у гісторыі беларускім гульцом НХЛ - 19 гадоў. Пры драфце "Чыкага блэкхокс" у 2024 г. ён стаў другім, што таксама было беларускім рэкордам.

Спачатку (прыехаў на зборы 16-гадовым без ве-дання англійскай мовы і ў суправаджэнні маці) ён паказаў сябе у "Грын-Бэй гэмблерс" ("college hockey", 2022-2023), "Мічыган стэйт спартанс" (Хакейная ліга ЗША, United States Hockey League, USHL), 2023-2024).

11.03.2025 г. згуляў свой першы матч у НХЛ - з "Каларада эвэланш", а 27.03.2025 г. адзін з карыстальнікаў Facebook выклаў пяць фота пра "чорных ястрабаў"з індзейцам. На ім яўна не pretendian у традыцыйным адзенні ў раздзявальні, на стадыёне, на лёдзе, прычым на лёдзе - і з лукам, і на кані. Подпіс пад здымкамі "Native American coaching Chicago Blackhawks" (Карэнны амерыканец трэніруе "Чыкага блэкхокс").

Перад матчам пра Леўшунова пісалі: "Первый матч в составе "индейцев" уроженец Жлобина может провести уже 11 марта" ("Першы матч у складзе "індзейцаў" ураджэнец Жлобіна можа правесці ўжо 11 сакавіка"), даючы фота з адпаведнай клубнай сімволікай у яго на грудзях. Хаця некаторыя вядомыя клубы вырашылі не раздражняць індзейцаў і іх гарачых прыхільнікаў адлюстраваннямі і імёнамі, якія ўказваюць на абарыгенаў, чыкагскі клуб вырашыў трымацца сваіх традыцый у сімволіцы. Якая, на іх думку, папулярызуе лідара сокаў і фоксаў.

Літ.:

2536 Геллер Е. М. Спортландия. Мн., 1969.

ПЕТРУСЕВІЧ Казімір (Kazimierz Petrusewicz) - артыкул пра гэтага ўраджэнца Менска ёсць у БелЭн, а наша задача падаць падрабязнасці пра яго працу ў ЗША, Венесуэле і іншае, што з'яўляецца падставай для ўключэння яго ў Беларуска-індзейскую энцыклапедыю.

Ён быў сынам Казіміра - ураджэнца Слуцкага павета (Капыльскі раён), адваката, удзельніка Першага з'езда РСДРП у Менску і г.д.

Казімір-малодшы працаваў у сферы школьнай педагогікі пасля ўз'яднання Заходняй і Савецкай Беларусі, быў савецкім партызанам. Гэта спрыяла яго росту ў Народнай Польшчы, акрамя відавочных прыродных здольнасцей.

У 1956 годзе прафесар Петрусевіч стаў кіраўніком Інстытута экалогіі ПАН (Head of the Institute of Ecology of PAS). Сфера яго інтарэсаў пашырылася і ўключыла даследаванні структуры лабараторных папуляцый беспазваночных (мучныя жукі Tribolium castaneum і Tribolium confusum). Ён працягнуў гэтыя даследаванні падчас знаходжання ў ЗША і ў 1961 г. апублікаваў вынікі сумесна з амерыканскімі эколагамі Т. Паркам (T. Park) і Д. Морцам (D. Mortz). Пасля вяртання з ЗША ў Інстытут экалогіі прафесар Петрусевіч пачаў цікавіцца папуляцыйнай структурай мышэй, іншых грызуноў.

Яго калегам-"камуністам", як здаецца, штосьці не спадабалася ў ім - у 1973 г. ён быў звольнены з кіраўнічай пасады "і ў 1974 г. адправіўся ў Каракас, Венесуэла, дзе дапамагаў арганізоўваць даследаванні ў нядаўна створаным там Інстытуце экалогіі".

А. Дэмбіч (Dembicz) у зводцы дасягненняў польскай лацінаамерыканістыкі адзначыў, што венесуэльскі напрамак "біялагічных даследаванняў вельмі шырокі", што ў 1974-1979 гг. Інстытут экалогіі ПАН і Інстытут трапічнай заалогіі Цэнтральнага ўніверсітэта (Instituto de Zoologia Tropical de la Universidad Central) вялі сумесныя працы па праекце "Патэнцыйныя наступствы пастаяннай паводкі ракі Льянас-дэ-Апурэ [Llanos de Apure]" (паўднёва-ўсходняя Венесуэла) - кіраўніком з польскага боку быў праф. Петрусевіч, супрацоўнікамі - праф. Казімеж Дабравольскі, доктар Эва Новак, праф. Ян Піноўскі, доктар Барбара Піноўская, праф. Анджэй Прэйс, доктар Крысціна Прэйс ("prof. Kazimierz Dobrowolski, dr Ewa Nowak, prof. Jan Pinowski, dr Barbara Pinowska, prof Andrzej Prejs, dr Krystyna Prejs"). Акрамя гэтых фундаментальных даследаванняў, у Польшчы адбылося атрыманне доктарскіх ступеняў некалькімі венесуэльскімі біёлагамі.

Літ.:

6257 Шалаеў В. Ф., Рыкаў Н. А. Заалогія для 6-7 класаў сярэдняй школы / пер. з першага рус. выд. Мн., 1949. (Зацверджан Міністэрствам асветы РСФСР.)

2285 Лопатин И. К. Основы зоогеографии: [учебное пособие для биологических специальностей вузов]. Мн., 1980.

395 Лопатин И. К. Зоогеография: учебник для университетов. Изд. 2-е, перераб. и доп. Мн., 1989.

11167 Антология экологической мысли: западноевропейская цивилизация. Мн., 2003.

ТАЛОЧКА Ежы (Jerzy Tolloczko) (2) - пераклад рускамоўнай часткі нашага ліста ад 19.02.1988 г. да тагачаснага лідара беластоцкіх і польскіх індзеяністаў:

"Дарагі Ежы!

Былі вельмі рады Вашаму лісту! Адначасова з ім прыйшоў і адказ Сакрата Яновіча з "Нівы". У ім ён паведамляе пра размову з Вамі і раіць нам пісаць па-беларуску, папярэджваючы, што Ваш ліст будзе, верагодна, па-польску і што беларускую мову Вы зразумееце "хутчэй", чым рускую. Зыходзячы з гэтага, другую частку ліста напішам на роднай мове, хоць не ўпэўненыя, што Ваша разуменне будзе поўным. Прабачце, калі мы робім гэта заўчасна, да Вашай прамой згоды.

Найперш пра самае галоўнае: пра нашу магчымую сустрэчу. З вялікай радасцю прымем Вас і Вашых сяброў! У любы час і на столькі, колькі вам неабходна будзе прабыць у Беларусі, зручней за ўсё было б скарыстацца гасціннасцю такога ж шчаслівага навасёла, як і Вы, - нашага таварыша ў Менску, лідара Менскага аддзялення нашай групы па імені Жалезнае Вока. У час нядаўняй сустрэчы мы абмеркавалі гэтае пытанне, і Алег прасіў мяне перадаць Вам яго згоду даслаць запрашэнне. Застаецца толькі ўдакладніць тэрміны і даведацца пра Вашы пажаданні ў сувязі з хуткім знаходжаннем у нас, якое чакаецца.

Што тычыцца ўсепольскага паўваў, то Вашае запрашэнне - велізарны гонар для беларускіх індзеяністаў, і яно жаданае [желанно]. Мы пакуль не ведаем усіх тонкасцей цяперашняга рэжыму на мяжы, але вельмі спадзяёмся пабываць на вашым свяце, тым больш, што яно будзе праводзіцца на Беласточчыне, такой блізкай нам, хацелася б даведацца пра час яго правядзення і, вядома, атрымаць некаторыя найважнейшыя звесткі, якія цікавяць гасцей з-за мяжы.

Мы разумеем Вашу занятасць і фізічную немагчымасць аднаму задаволіць нашы патрэбы ў інфармацыі, таму хацелі б спытаць; магчыма, у перапіску з намі мог бы ўступіць яшчэ хто-небудзь з вашай групы (сярод іх, відавочна, павінны быць і беларусы).

Наш погляд на супрацоўніцтва з вамі, зразумела, самы аптымістычны, поўны надзеі. Нічога дзіўнага: мы вашы малодшыя браты, у вас у шмат разоў больш магчымасцей і рэальных дасягненняў. Але нам не хацелася б быць толькі спажыўцамі.

Асноўныя мэты і напрамкі супрацоўніцтва ўяўляюцца [представляются] нам такімі:

1. Збліжэнне рухаў у Польшчы і Беларусі праз прамыя абмены.

2. Забеспячэнне адзін аднаго цяжкадаступнай у кожнай з нашых краін інфармацыяй (у тым ліку той, якая тычыцца так званай "краязнаўчай індзеяністыкі").

3. Каардынацыя нашых сумесных дзеянняў у праіндзейскіх кампаніях еўрапейскага і сусветнага маштабу.

4. Наша пасярэдніцкая роля ў кантактах паміж польскімі і савецкімі (акрамя беларускіх) індзеяністамі; ваша дапамога ў стварэнні групы падтрымкі беларускай індзеяністыкі ў Польшчы (у тым ліку аб'яднанне польскіх індзеяністаў беларускага паходжання).

5. Абмеркаванне пытанняў гісторыі і сучаснага становішча індзейцаў з розных пунктаў гледжання, з улікам нацыянальных і сацыяльна-палітычных асаблівасцей нашых краін.

Усё гэта мы ў рабочым парадку называем беларуска-польскімі індзеянісцкімі сувязямі. Пералічаныя пазіцыі самыя агульныя, яны не дэталізаваныя, больш падрабязна нашы магчымыя кантакты мы прааналізуем пры сустрэчы.

Невялікая тэрміналагічная даведка. Думаем, Вашу ўвагу прыцягнула назва нашага аб'яднання. Мы сапраўды збіраемся стварыць "нармальнае" таварыства, але назва яго, вядомая ўжо Вам, не канчаткова. Нам бы хацелася вярнуцца да першапачатковага варыянта і быць вядомымі ў сябе ў краіне і за мяжой як Беларуска-індзейскае таварыства (англ. Byelorussian - American Indian Society).

Пішам пра гэта таму, што не хацелі б стаць вядомымі як "індзеянісцкае" аб'яднанне: індзейцы, як мы ведаем, не ў захапленні ад слова "індзеяніст", але мы вымушаныя ўжываць яго, выкарыстоўваючы выразнае [выразительное] гучанне для мэт фарміравання супольнасці [общности] сяброў індзейцаў (найлепшае азначэнне [наилучшее определение]). Адзін з сяброў нашай групы, разам з тым, апраўдвае цяперашнюю назву тым, што ў Лацінскай Амерыцы, якую таксама ахоплівае сваёй цікавасцю таварыства, ёсць асацыяцыі індзеяністаў (індыхеністаў), якія часта вітаюцца індзейцамі і якія складаюцца ў значнай частцы з індзейцаў. Тут можна спаслацца і на факт традыцыйнага ўжывання (польскі тэрмін indianista, наколькі нам вядома, упершыню з'явіўся ў слоўніках з 1861 г. пры ўдзеле выхадцаў з Беларусі - "Слоўнік польскай мовы", Вільня, 1861). Хацелася б ведаць Вашу думку па гэтым пытанні.

А цяпер дазвольце перайсці на беларускую мову [...]" (беларускі фрагмент не цытуем).

Літ.:

8054 Referaty Seminariow Antropologicznych 1990-2000 / red.: K. Baliszewska i A. Wala. Atlantic City, NJ; Wielichowo, 2001.

9226 Odrebna rzeczywistosc: referaty z sesji "Indianie i indianisci" poswieconej pamieci Indianskiej Babci, Stefanii Antoniewicz / pod red. A. J. Kilanowskiego. Wielichowo, 2004. (Biblioteka "Tawacinu" № 30.)

9317 Fron A. W strone innych swiatow // Warto zapytac o kulture. T. 3: Obcy, inny, swoj / red. K. Czyzewski. Bialystok; Sejny, 2008. S. 259-278.

ШЛЯХЦІНСКІ Андрэй (Andrei, Andrey Shlyakhtinsky, Szlachcinski) - Шляхцінскія - шляхецкі род Смаленскай губерні, але пад такім прозвішчам яны з'яўляліся і ў розных месцах уласна Беларусі, хоць, здацца, носьбітаў прозвішча мала.

АНДРЭЙ ШЛЯХЦІНСКІ.

БІЯГРАФІЯ

Пра аўтара: нарадзіўся 20 лістапада 1980 года.

... даследчык і падарожнік.

... арганізатар прыгодніцкіх, паляўнічых і навукова-даследчых экспедыцый у краінах Паўднёвай і Цэнтральнай Амерыкі, а таксама Паўднёвай і Паўднёва-Усходняй Азіі.

... апошнія восем гадоў распрацоўвае і ўвасабляе ў жыццё незвычайныя падарожжы ў цяжкадаступныя раёны Калумбіі, Эквадора, Перу, Балівіі, Гватэмалы, Нікарагуа і Гандураса.

... фатограф і перакладчык з іспанскай мовы і мовы кечуа.

... спецыялізуецца ў галіне этнапсіхалогіі плямёнаў басейна Амазонкі (шаманізм) і на пытаннях выжывання ў джунглях.

... доўгі час жыў сярод лясных кечуа, а таксама індзейцаў чаяўіта [Chayahuita], пай [Pai], "паляўнічых за галовамі" шуар [Shuar, Jivaro, хівара] і ачуар [Achuar]. Усыноўлены адным з плямёнаў.

У 2006 г. выйшла першая кніга аўтара - "Палацы Амасангі".

Крыніца: ЖЖ аўтара.

(Дадзеныя пра згаданую кнігу:

Шляхтинский, Андрей. Чертоги Амасанги: путешествие по лесам Северо-Западной Амазонки: этнографичеcкие очерки / Андрей Шляхтинский. Москва: Лабиринт Пресс, 2006 (М.: Тип. "Гельветика-М"). 207 с.: ил.; 21 см. ISBN 5-9287-1281-2.)

Літ.:

13218 Мифы народов мира: энциклопедия: в 2 т. / гл. ред. С. А. Токарев. М.; Мн.; Смоленск, 1994.

НЕКРАЛОГ: Мэдсан Майкл (1957-2025) акцёр (Michael Madsen).

Шмат дзе, у т.л. у беларускім друку, сцвярджаецца, што ў яго, ураджэнца Чыкага, былі індзейскія продкі. І ён сам казаў: "А бацька маёй мамы - амерыканскі індзеец". Ён актыўна запрашаўся ў расійскія фільмы. Таму можна знайсці беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі, якія сустракаліся з ім непасрэдна або працавалі з ім над аднымі тымі ж фільмамі. Напрыклад, гэта "Шлях" (прэм'ера ў Расіі - 21.05.2009). У ім ураджэнец Менска расійскі акцёр Аляксандр Яцко - палкоўнік Хомчык, а Майкл Мэдсан - камандзір амерыканскага авіяносца. Вытворчасць кінакампаніі Way Film. Баявік, паджанр і сюжэт якога можна нават не ўказваць. Зняты паводле рамана "Судны дзень" Аляксандра Чарваненка (Чарвоненка (?), Чэрваненка (?), Червоненко), які быў суаўтарам сцэнарыя. У расійскім фільме 2005 г. "Адзін з многіх" ("Один из многих") Яцко ўжо "сустракаўся" з Мэдсанам: роля Яцко - Мэдсан.

Літ.:

5263 Cinema ("Буффало Билл и индейцы, или Спящий (ТАК!) бык дает уроки истории", НТВ, 30 нояб., 21.35 (Теленеделя)) // Советская Белоруссия. 1996. 23 нояб. С. 4. (Buffalo Bill and the Indians or Sitting Bull's History Lesson, 1976.)

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.

Індзейцы, индейцы, Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Bielorrusia, Belarus; Алесь Симаков. Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 158].

На "Замкавым гасцінцы" віруе жыццё

12 і 13 ліпеня ў рамках культурна-турыстычнага праекта "Замкавы гасцінец" былі прадстаўлены наступныя пляцоўкі:

Буккроссінг "Кнігаварот: прачытаў, аддай іншаму";

Выступ ансамбля цымбалістаў "DASK'EDY";

Тэатралізаваная праграма "Тэатр для ўсіх";

Народны ансамбль скрыпачоў "Славяночка";

Майстар-клас па вырабе антистрессовой цацкі "Капитошка";

Майстар-клас студыі сучаснага танца ENERGY FLOW: фитнес кірунак ZUMBA.

У культурна-турыстычным праекце "Замкавы гасцінец" працягваюць прымаць удзел і лідскія паэты. На гэты раз перад прысутнымі каля Дома Валянціна Таўлая, які размяшчаецца непадалёку ад Лідскага замка, выступілі Тарэза Чаславаўна Смольская і Людміла Мікалаеўна Краснадубская.

ТК "Культура Лідчыны".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX