Наша слова.pdf № 30 (186), 23 ліпеня 2025.
Тракельскі санктуарый наведаў новапрызначаны Апостальскі нунцый
11 па 12 ліпеня ў Тракелях (Гарадзенская дыяцэзія, Радунскі дэканат) праходзілі дыяцэзіяльныя адпустовыя ўрачыстасці. Сюды прыйшлі пілігрымкі з многіх парафій дыяцэзіі.
12 ліпеня дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай Каралевы нашых сем'яў у Тракелях наведаў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Ін'яцыё Чэфалія, які быў прызначаны на гэтую пасаду ў сакавіку і нядаўна прыбыў у нашу краіну.
Разам з арцыбіскупам санктуарый наведаў сакратар Апостальскай нунцыятуры ў Беларусі мансеньёр Крыштаф Сэрока.
Гасцей прывіталі перад уваходам у санктуарый біскуп Гарадзенскі Уладзімір Гуляй і іншыя беларускія іерархі. У святыні нунцый памаліўся перад цудадзейным абразом Маці Божай, якая ўшаноўваецца ў Тракелях пад тытулам Каралевы нашых сем'яў.
Як падае партал Гарадзенскай дыяцэзіі Grodnensis.by, нунцый узяў удзел у галоўнай Імшы, на якой звярнуўся з гаміліяй да шматлікіх прысутных.
Прэс-служба Гарадзенскай дыяцэзіі.
Гарадзенскі тэалагічны каледж імя святога Казіміра распачаў набор навучэнцаў на 2025-2026 навучальны год
У Гародні распачаўся набор навучэнцаў у Тэалагічны каледж імя святога Казіміра на новы, 2025-2026 навучальны год.
Інфармацыя для абітурыентаў:
Сярод галоўных мэтаў тэалагічнага каледжа:
- умацаванне веры,
- паглыбленне ведаў аб вучэнні Каталіцкага Касцёла, аб сучасных пагрозах для сям'і, дзяцей і моладзі, аб музычным упрыгожванні літургіі і інш.,
- падрыхтоўка спецыялістаў для рэлігійнай дзейнасці.
Навучэнцы каледжа маюць магчымасць атрымаць веды па тэалогіі (дагматычнай, маральнай, духоўнасці), Святым Пісанні, гісторыі Касцёла, літургіі, кананічным праве, патралогіі, сямейнай этыцы, сацыяльным вучэнні Касцёла, філасофскіх навуках (гісторыі філасофіі, тэадыцэі), касцельным спеве, псіхалогіі, педагогіцы, катэхетыцы і іншых дысцыплінах згодна з нормамі і вучэннем Каталіцкага Касцёла.
- Навучанне ў каледжы бясплатнае, працягваецца чатыры гады (з верасня па чэрвень).
- Форма навучання - завочная.
- Заняткі праводзяцца ў 1-ю і 3-ю суботу і нядзелю месяца.
- Пасля заканчэння каледжа выпускнікі атрымліваюць адпаведны дыплом.
Дакументы для паступлення:
- заява (напісаная ўласнаручна, запаўняецца пры падачы дакументаў);
- аўтабіяграфія (напісаная ўласнаручна);
- рэкамендацыйны лiст ад пробашча парафii;
- копiі пасведчанняў аб сакрамантах хросту і канфірмацыі;
- копiя атэстата аб агульнай сярэдняй адукацыі або iншыя дакументы аб адукацыi;
- ксеракопiя пашпарта (с. 31-33);
- 4 фотаздымкi (3х4);
- медыцынская даведка;
- анкета (запаўняецца пры падачы дакументаў).
Уступныя іспыты:
- тэст на агульнае веданне Катэхізіса;
- кваліфікацыйная размова.
Кваліфікацыйная размова і тэст на агульнае веданне Катэхізіса адбудзецца 16 жніўня ў 11.00.
Дакументы прымаюцца пасля папярэдняга запісу з 2 чэрвеня па 15 жніўня кожны аўторак з 10.00 да 12.00 у Гарадзенскай дыяцэзіяльнай курыі па адрасе: г. Гародня, вул. К. Маркса, 4.
Дакументы падаюцца асабіста.
Папярэдні запіс і падрабязная інфармацыя па тэл.:
+375 (29) 887-71-05
або па электроннай пошце на адрас:
kaledz.tealagiczny@gmail.com.
На фота: Падчас урачыстага завяршэння 2024-2025 навучальнага года ў касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі ў Гародні. Фота: з архіва Гарадзенскага тэалагічнага каледжа / Catholic.by.
Катэхетычны каледж імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах абвяшчае набор студэнтаў на 2025-2026 навучальны год
Пачынаючы з ліпеня, Катэхетычны каледж імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах (Пінская дыяцэзія) абвяшчае набор навучэнцаў на 2025-2026 навучальны год. Уступныя экзамены пройдуць у жніўні і верасні.
Мэтай каледжа з'яўляецца паглыбленне рэлігійных ведаў, умацаванне веры, развіццё хрысціянскай культуры і падрыхтоўка спецыялістаў для працы ў парафіях у якасці катэхетаў і сямейных кансультантаў. Навучэнцы каледжа атрымліваюць веды па разнастайных прадметах: філасофскіх, тэалагічных, педагагічных і псіхалагічных, вывучаюць Святое Пісанне і гісторыю Касцёла.
Акрамя ведаў, навучэнцы здабудуць новых сяброў-аднадумцаў, змогуць прайсці духоўную фармацыю, развіць свае асабістыя таленты і атрымаюць шанец праявіць іх у служэнні людзям і Богу.
Навучанне ў каледжы працягваецца тры гады (з верасня па чэрвень). Форма навучання - завочная. Заняткі праводзяцца ў суботу і нядзелю 2 разы ў месяц.
Навучанне бясплатнае. Іншагароднія студэнты забяспечваюцца начлегам і сілкаваннем.
Прымаюцца асобы ад 18 гадоў.
Каб стаць студэнтам Катэхетычнага каледжа, неабходна:
1. Вызначыцца са спецыялізацыяй:
- Катэхетыка - прадугледжана для асобаў, якія жадаюць пасля заканчэння ўстановы працаваць у парафіях у якасці катэхета (выкладчыка катэхізіса).
Дадаткова на гэтай спецыялізацыі можна атрымаць наступныя кваліфікацыі:
- арганізатар літургіі;
- арганізатар рэлігійнага турызму і адпачынку;
- супрацоўнік каталіцкіх СМІ.
- Агульная тэалогія (без права выкладання катэхізіса) - прадугледжана для асобаў, якія жадаюць паглыбіць сваю веру і веды, вывучаючы каталіцкую тэалогію;
- "Сямейнае кансультаванне і кансультаванне ў галіне залежнасцяў" - прадугледжана для асобаў, якія жадаюць на прафесійным узроўні дапамагаць душпастырам у вырашэнні разнастайных духоўных і маральных пытанняў, звязаных з сужэнскім і сямейным жыццём вернікаў, а таксама з разнастайнымі залежнасцямі і сузалежнасцю.
2. Прадставіць наступныя дакументы:
- біяграфія (напісаная ўласнаручна);
- рэкамендацыйны ліст ад пробашча парафіі;
- копіі пасведчанняў аб сакрамантах хросту і канфірмацыі;
- 2 фотаздымкі 3х4;
- копія атэстата аб агульнай сярэдняй адукацыі або іншыя дакументы аб адукацыі;
- копія пашпарта;
- медыцынская даведка.
3. Здаць экзамен па катэхізісе і прайсці вусную кваліфікацыйную размову.
Дакументы можна падаць раней альбо непасрэдна ў дзень здачы экзаменаў.
Уступны экзамен для абітурыентаў на выбар:
- 30 жніўня ў 11.00;
- 6 верасня ў 11.00.
Адрас каледжа:
вул. Тараса Шаўчэнкі, 6,
225411, г. Баранавічы.
Падрабязная інфармацыя і запіс па тэлефонах:
тэл/факс: +375 (163) 67-64-19
МТС: +375 (29) 513-57-92
А1: +375 (29) 644-26-05
e-mail: callegge@gmail.com
сайт: www.catcollege.by.
Тэкст і фота: бр. Корнэль Консэк SVD / Catholic.by.
Выйшла кніга Ігната Ходзькі "Баруны"
У выдавецтве "Издательские решения" выйшла кніга Ігната Ходзькі "Баруны", 90 с. Перакладчык Леанід Лаўрэш. 2025 г. ISBN 978-5-0067-5909-1
У кнізе - напісаныя 200 гадоў таму мемуары выпускніка Барунскай базыльянскай школы Ігната Ходзькі пра навучанне ў ёй у 1804-1810 г. Пераклад мемуараў на беларускую мову і каментаванне - Леаніда Лаўрэша. Выданне прысвечана каранацыі цудадзейнага абраза Божай Маці Барунскай, Суцяшальніцы Засмучаных.
У дадатку - навуковыя артыкулы Святланы Марозавай пра Барунскую базыльянскую школу і яе выхаванцаў і Сяргея Марозава пра Баруны як знакавае "месца памяці" беларускага народа.
Перакладчык Леанід Лаўрэш коратка распавядае пра кнігу:
Баруны - гэта старажытнае магдэбургскае мястэчка ў Ашмянскім раёне Гарадзенскай вобласці. Сваім развіццём яно абавязана абразу Маці Божай, які ўжо 330 гадоў шануецца як цудатворны, заснаванню базыльянскага манастыра і пабудове ўніяцкага храма. Сённяшнія Баруны - вёска з насельніцтвам 434 чалавекі (на 2019 год) і прыгожым будынкам касцёла ў цэнтры. Пастаўлены ў сярэдзіне XVIII ст. як уніяцкая царква, храм з'яўляецца шэдэўрам архітэктуры віленскага барока. Невялікае і звычайнае, на першы погляд, вясковае паселішча Баруны, якіх шмат у Беларусі. Але яно мае высокі гістарычны статус як значны культурна-рэлігійны асяродак з 400-гадовай адукацыйнай традыцыяй.
У Барунах - самая старажытная дзейная школа краіны. Яе заснавалі ў 1617 г. манахі-базыльяне. У эпоху Асветніцтва гэта была адна з найлепшых школ на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. У ХІХ ст. яна праславілася сваімі выпускнікамі, якія пакінулі выдатны след у навуцы, культуры і грамадскім жыцці Беларусі, Літвы, Польшчы; займалі высокія пасады ў органах улады і царкоўнай іерархіі.
Вобраз Баруноў у 1879 г. увекавечыў мастак Напалеон Орда.
Барунам і яго навучальнай установе прысвяцілі свае літаратурныя творы (мемуары, паэма) яе выпускнікі розных эпох - пісьменнікі і паэты Ігнат Ходзька, Антон Адынец (ХІХ ст.), Пятро Бітэль (ХХ ст.). З пачатку ХХІ ст. незвычайную цікавасць да гісторыі і спадчыны мястэчка праяўляюць даследчыкі.
Прапаноўваем вашай увазе беларускамоўны пераклад белетрызаваных успамінаў беларускага і польскага пісьменніка Ігната (Ігнацыя) Ходзькі (1794-1861), выпускніка Барунскай базыльянскай школы пра сваё навучанне ў ёй у 1804-1810 г. Яго мемуары так і называюцца "Баруны".
Пераклад твораў аўтараў першай паловы XIX ст. мае свае асаблівасці. Нашы папярэднікі пісалі складанай, мудрагелістай мовай з доўгімі сказамі. Магчыма, яны нават і думалі трошкі інакш, чым мы сёння. Той, хто чытаў іх тэксты ў арыгінале, уяўляе гэтую спецыфіку. Мой досвед перакладу найкаштоўнейшых тэкстаў той эпохі заключаецца ў імкненні захаваць залатую сярэдзіну - зрабіць тэкст блізкім для сучаснага чытача і адначасова перадаць аўтэнтычны аўтарскі стыль.
Пераклад успамінаў Ігната Ходзькі "Баруны" ажыццяўляецца на аснове вывучэння двух выданняў: 1908 і 1925 гадоў, якія маюць некаторыя розначытанні. Выданне 1925 года дапоўнена вялікай колькасцю тлумачэнняў слоў, ужо незразумелых чытачу XX стагоддзя.
Паколькі Ігнат Ходзька вучыўся ў базыльянскай школе і пісаў пра Барунскую ўніяцкую (грэка-каталіцкую) царкву, то я палічыў, што сэнс і дух яго цудоўнай працы лепш і больш дакладна перадасць пераклад слова "ксёндз", якое ўжывае аўтар, як "святар", а слова "касцёл" - як "царква". Пераклад выкананы з нагоды каранацыі цудадзейнага абраза Божай Маці Барунскай, Суцяшальніцы Засмучаных.
Выданне мемуараў Ігната Ходзькі ажыццяўляецца ў двухсотую гадавіну іх першай публікацыі ў 1825 г. ...
Леанід Лаўрэш, пісьменнік.
О, Беларусь, мая шыпшына!
Уладзіміру Дубоўку (1900 -1976) - беларускаму паэту, празаіку, перакладчыку, крытыку, сябру літаратурных аб'яднанняў "Маладняк" і "Узвышша", вязню сталінскіх лагераў 15 ліпеня споўнілася 125 гадоў з дня нараджэння.
Гэта яму належаць выдатныя паэтычныя строфы:
Пачаў - хай канчаюць другія,
Шляхі - адшукаю сабе я.
Загіну - няхай загіну,
Мне гімнам будуць завеі.
***
О, Беларусь, мая шыпшына,
Зялёны ліст, чырвоны цвет!
У ветры дзікім не загінеш,
Чарнобылем не зарасцеш…
***
Не трэба мне пяяць на Беларусі?
Нас кліча рух, пякнюткае жыццё!
У песнях я - на Беларусь малюся,
Як моліцца ля возера трысцё…
Радзімай Уладзіміра Дубоўкі з'яўляецца вёска Агароднікі на Пастаўшчыне. У сям'і было шэсць сыноў і адна дачка. Будучы паэт з маленства прывык да працы. Пачатковую адукацыю ён атрымаў у Манькаўскай школе, пазней вучыўся ў Мядзельскім двухкласным вучылішчы. У 1918 годзе Уладзімір скончыў Нова-Вілейскую настаўніцкую семінарыю, настаўнічаў на Тульшчыне (1918-1920). У 1920-1921 гадах служыў у Чырвонай Арміі. Пасля дэмабілізацыі працаваў метадыстам і інспектарам беларускіх школ Наркамата асветы РСФСР і вучыўся ў Вышэйшым літаратурна-мастацкім інстытуце імя В. Брусава, які скончыў у 1924 годзе.
Уладзімір Дубоўка быў рэдактарам беларускага тэксту "Весніка ЦВК, СНК і СПА Саюза ССР" (1922-1925), адказным сакратаром пастпрэдства БССР пры ўрадзе СССР (1923-1924), выкладчыкам беларускай літаратуры Камуністычнага ўніверсітэта народаў Захаду (1924-1927), рэдактарам "Збору законаў і загадаў рабоча-сялянскага ўраду Саюза ССР" (1926-1930).
У 1927 годзе ажаніўся з Марыяй Кляўс, а праз год у іх нарадзіўся сын Альгерд.
Хоць Уладзімір Дубоўка пастаянна жыў у Маскве, але прымаў актыўны ўдзел у беларускім літаратурным руху. Сябрам літаратурнай арганізацыі "Маладняк" з'яўляўся ад часу яе ўзнікнення, быў адказным сакратаром Цэнтральнага Бюро, рэдактарам некалькіх нумароў часопіса "Маладняк", старшынём маскоўскай філіі "Маладняка" Таксама стаў першым рэдактарам часопіса "Беларускі піянер" (цяпер часопіс "Бярозка"). Вясной жа 1926 года разам з Адамам Бабарэкам, Кузьмой Чорным, Кандратам Крапівой, Змітраком Бядулем, Язэпам Пушчам стварыў новае літаратурнае аб'яднанне - "Узвышша".
Праца не замінала Уладзіміру Дубоўку ў творчасці. У гэты час паэт выдаў свае лепшыя кнігі "Строма", "Трысцё", "Credo", "Наля".
У 1930 годзе Уладзімір Дубоўка быў арыштаваны і асуджаны на 5 гадоў высылкі (у 1935 годзе тэрмін высылкі быў падоўжаны на 2 гады), а ў 1937 годзе - на 10 гадоў пазбаўлення волі. Пакаранне паэт адбываў у Кіраўскай вобласці, у Чувашыі, на Далёкім Усходзе. У 1947 годзе, вызваліўшыся з лагера і не маючы права вярнуцца ні ў Беларусь, ні ў Маскву, выбраў месцам жыхарства Грузію, дзе пасяліўся з жонкай Марыяй (іх адзіны сын загінуў у 1941 годзе). Зноў быў арыштаваны ў 1949 годзе і асуджаны на 25 гадоў…
Трыццаць гадоў Уладзімір Дубоўка не займаўся літаратурнай працай. Працаваў тынкавальшчыкам, мулярам, сталяром, юрысконсультам, эканамістам, бухгалтарам. Вярнуўся з высылкі толькі ў 1958 годзе і жыў у Маскве. Анатоль Вялюгін успамінаў, як яны, беларускія пісьменнікі, падчас нейкага пленума ці дэкады вырашылі адведаць свайго старэйшага калегу. Пасля чаркі паэт паклікаў іх на балкон і паказаў прыхаваны там чамаданчык са сталярскім рыштункам, які дапамагаў паэту зарабляць на кавалак хлеба на Далёкім Усходзе і ў Краснаярскім краі. Не выкідваў і не збываў - думаў, што яшчэ спатрэбіцца… На допытах паэта так і не прымусілі даць паказанні супраць сваіх сяброў, ён так і застаўся, паводле ўласнага выказвання, з "неадпрасаванай душой".
Паводле СМІ.
Аўтар "Чыжыка беларускага"
Браце, беларусе, не бядуй, што хмары
Сонейка закрылі - час прыдзе, настане,
Што засвеціць сонца ў нашыя папары,
Залатым праменням ў вокны нам загляне!..
Гэтыя радкі сто гадоў таму напісаў беларускі паэт, грамадска-культурны дзеяч, калекцыянер, мастак і перакладчык Гальяш Леўчык (Ілья Ляўковіч,1880-1944), якому 20 ліпеня споўнілася 145 гадоў з дня нараджэння.
Нарадзіўся Ілья Ляўковіч у Слоніме, дзе скончыў мясцовае гарадское вучылішча і пэўны час служыў пісарчуком у каморніка, а затым - у канцылярыі суддзі. Тут, у родным горадзе, ён прайшоў спецыяльныя курсы і набыў прафесію чарцёжніка. А ў 1904 годзе паехаў у Варшаву, дзе ўладкаваўся працаваць чарцёжнікам у будаўнічы аддзел Варшаўскага магістрата. У пачатку 1920-х гадоў Ілья Ляўковіч спрабуе перабрацца ў Вільню, але ўрэшце рэшт зноў вяртаецца назад у Варшаву і жыве там на становішчы то дробнага службоўца, то беспрацоўнага.
З 1907 года беларус супрацоўнічае з газетай "Наша ніва", дасылае з Варшавы туды свае вершы, якія падпісвае псеўданімам Гальяш Леўчык. "Наша ніва" моцна прывязвае варшаўскага інтэлегента да беларускай справы, уводзіць у свой актыў. У Варшаве ён збірае сродкі на пасмяротнае выданне зборніка твораў беларускага паэта Сяргея Палуяна, шукае платную рэкламу для "Беларускага календара", выпытвае і выманьвае ў збяднелых арыстакратаў Польшчы старыя граматы, пячаткі, беларускія выданні. Дапамагае Луцкевічам у Вільні ствараць беларускі музей.
Адзінай беларускай арганізацыяй, якая тады існавала ў Варшаве, было зямляцтва студэнтаў-беларусаў Варшаўскага Імператарскага ўніверсітэта, якім апекаваўся вядомы беларускі вучоны Яўхім Карскі. Студэнтам дапамагалі беларусы - жыхары Варшавы, якія мелі сяброўскае згуртаванне. Самым актыўным удзельнікам быў і Гальяш Леўчык. Па словах гісторыка Юры Туронка, у ліпені 1925 года Леўчык быў выбраны сакратаром праўлення Беларускага камітэта ў Варшаве. Памяшканне гэтага камітэта знаходзілася на вуліцы Макатоўскай у доме метадыстаў (дарэчы, у сярэдзіне 1920-х гадоў Гальяш Леўчык захапіўся метадысцкай дзейнасцю). Ён таксама перакладаў на беларускую мову рэлігійныя творы і друкаваў іх у выданнях "Арфа Сыёну", "Новае жыццё" і "Дух праўды".
У Варшаве Гальяш Леўчык аб'ядноўваў вакол сябе ўсіх беларусаў, ён заўсёды знаходзіў ім часовую кватэру, запрашаў да сябе ў госці, дапамагаў тым, чым мог. А таксама аказваў бясконцыя таварыскія паслугі новым сябрам і знаёмым: апякаваўся прыезджымі, гуртаваў у зямляцтва, каб не прапалі ў вялікім горадзе і не забыліся роднай мовы.
У чэрвені 1926 года Гальяша Леўчыка выбіраюць сакратаром створанага ў Варшаве цэнтральнага праўлення Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. У 1930-я гады Гальяш Леўчык быў службоўцам у Найвышэйшым судзе ў Варшаве. Шмат пісаў вершаў і займаўся перакладчыцкай дзейнасцю. А таксама актыўна выступаў на розных мерапрыемствах з вершамі і прамовамі.
Летам Гальяш Леўчык жыў у Слоніме. Да яго ў Слонім прыязджалі многія беларускія дзеячы. Гасцявалі ў яго хатцы мастак Язэп Драздовіч, пісьменніца і дзеячка Зоська Верас, фалькларыст і кампазітар Антон Грыневіч, Міхась Лынькоў, Адам Станкевіч і нават заязджаў Янка Купала. А было гэта 14 лістапада 1939 года. Пясняр вяртаўся з Беластока з Народнага сходу Заходняй Беларусі. Па дарозе на Менск ён заехаў у Слонім, бо ведаў, што тут жыве Гальяш Леўчык. На сваім "Шэўрале" Янка Купала пад'ехаў да хаткі паэта, дзе яны сустрэліся. Пасля гутаркі, Янка Купала запрасіў Гальяша ў "Першы беларускі рэстаран", які знаходзіўся ў цэнтры Слоніма. Яны паабедалі разам і развіталіся. Больш у жыцці паэтам сустрэцца не давялося.
Напярэдадні Другой сусветнай вайны паэт знаходзіўся ў Слоніме. А падчас вайны ў 1942 годзе ён вырашыў падацца ў Варшаву, каб выратаваць свой хатні архіў і кватэру. Прыбыўшы туды, Гальяш Леўчык дабраўся да свайго дома. Але ў ягонай кватэры жыла іншая сям'я, якая нічога не ведала пра папярэдніх кватарантаў. Так слонімец застаўся без свайго жылля і каштоўнага архіву. У акупаванай немцамі Варшаве ён галадаў, а ў пачатку 1944 года Гальяша Леўчыка не стала.
Пры жыцці паэт выдаў у Вільні ў 1912 годзе свой адзіны паэтычны зборнік "Чыжык беларускі", а таксама кнігу перакладаў "Песні духоўныя з Гары Сіонскай" на беларускай мове (Вільня, 1925-1927). Да ягонага 100-годдзя Янка Саламевіч падрыхтаваў кнігу выбраных твораў паэта "Доля і хлеб" (Мн., 1980). А ў 2024 годзе выйшла з друку яго вялікая літаратурная спадчына пад назвай "Божая ліра".
Паводле СМІ.
Навіны Германіі
Абавязковая кіберабарона для кампаній з 2026 года
Абарона важных сістэм і прадпрыемстваў ад кібератак павінна быць замацавана на заканадаўчым узроўні
Урад Германіі мае намер да пачатку 2026 года замацаваць еўрапейскую дырэктыву пра абавязковую абарону важных сістэм і прадпрыемстваў ад кібератак у Германіі на заканадаўчым узроўні.
- Міністэрства ўнутраных спраў ФРГ у наш час узмоцнена прасоўвае гэтую тэму, - паведаміла прэзідэнт Федэральнага кіравання па інфармацыйнай бяспецы (BSI) Клаўдзія Плятнер нямецкаму інфармацыйнаму агенцтву DPA. - Я спадзяюся, што мы зможам зрабіць усё неабходнае для таго, каб напачатку 2026 года адпаведны закон набыў сілу.
Па дадзеных МУС, напачатку ліпеня свае меркаванні з нагоды праекта, які сярод іншага прадугледжвае абавязкі аналізаваць рызыкі і паведамляць пра інцыдэнты ў сферы бяспекі, выказалі федэральныя землі і зацікаўленыя аб'яднанні.
Укараненне еўрапейскай дырэктывы NIS-2 заклікана павялічыць узровень кібербяспекі прадпрыемстваў і арганізацый. Важнымі ўстановамі ў разуменні закона лічацца сярод іншага буйныя прадпрыемствы, якія працуюць у сферы энергазабеспячэння, транспарту, забеспячэнні пітнай вадой, вытворчасці прадуктаў сілкавання, падрыхтоўкі сцёкавых вод і тэлекамунікацый. Бо калі б яны перасталі працаваць, напрыклад, з-за таго, што хакер зашыфраваў іх дадзеныя ці заблакаваў доступ да іх, гэта мела б істотныя наступствы для насельніцтва. Абавязкі па ўкараненні адпаведных мер бяспекі для абароны ад кібератак і барацьбы з імі ў будучыні закране каля 29 тысяч прадпрыемстваў, гэта значыць нашмат больш, чым гэта было раней.
Берлін (dpa). На фота: Кампаніі павінны быць гатовыя да кібератак.© iStock.
Ініцыятыва Made for Germany плануе вялікія інвестыцыі
Альянс з больш за 60 кампаній прадставіў у Ведамстве федэральнага канцлера шматмільярдныя планы па развіцці Германі як месцы для вядзення бізнэсу
Буйныя нямецкія кампаніі маюць намер павялічыць статус Германіі як месца для вядзення бізнэсу за кошт шматмільярдных інвестыцый. Перад сустрэчай канцлера Фрыдрыха Мерца з прадстаўнікамі канцэрнаў у ведамстве канцлера федэральны ўрад абвясціў, што кампаніі гатовыя інвеставаць некалькі сотняў мільярдаў еўра. "Мы вітаем веру бізнэсу ў інвестыцыі ў Германію і яе працоўныя месцы", - сказаў Мерц.
Да раніцы панядзелка да ініцыятывы Made for Germany далучыліся больш за 60 кампаній і фундатараў. Яны паабяцалі на працягу наступных трох гадоў інвеставаць у Германію 631 млрд еўра. Гэтая сума ўключае як ужо запланаваныя, так і новыя капіталаўкладанні, выдаткі на даследаванні і распрацоўкі, а таксама абавязкі міжнародных фундатараў.
Берлін (dpa).На фота: Завод па вытворчасці аўтамабільных акумулятараў у Саксоніі© pa/dpa.
Невядомы здымак Валянціна Таўлая
Пошукі і знаходкі
Паэт Валянцін Таўлай (1914-1947) з бацькам прыехалі ў вёску Рудаўка Слонімскага павета ў 1924 годзе з Ліды, бо там бацьку звольнілі з працы. У Рудаўцы жыла бабуля - маці бацькі Валянціна. Яна разам з мачахай Сцепанідай Паўлаўнай і дапамагала гадаваць Валянціна і яго брата Аляксандра.
Вёска Рудаўка налічвала ў той час крыху больш за 70 жыхароў. А вось суседняя з Рудаўкай вёска - Вялікая Кракотка - па колькасці насельніцтва была ў тры разы большая. Там працавала польская школа, куды і аддаў бацька Валянціна. Вучыўся хлопчык добра, таму ў чэрвені 1925 года ён паступіў у Слонімскую польскую дзяржаўную настаўніцкую семінарыю. Пра вучобу ў семінарыі Валянцін Таўлай напісаў у сваёй аўтабіяграфіі "Аб сабе", якая ўпершыню была апублікавана ў чэрвенскім нумары часопіса "Полымя" за 1948 год. Нагадаю толькі, што Валянцін у семінарыі вучыўся вельмі паспяхова, атрымліваў стыпендыю. Але за тое, што пры перапісе насельніцтва адмовіўся запісацца палякам, стыпендыю знялі - таму давялося з-за крыўды і беднасці пакінуць вучобу і вярнуцца ў Рудаўку. "Прыходжу дамоў. Расказваю бацьку, што і як. Бацька спахмурнеў. Пакруціў галавой, але за сарваную вучобу не журыў: "Што ж, пасядзі ў хаце, павучыся дома, а на другі год пабачым" - згадвае ў сваіх успамінах Валянцін Таўлай.
У Рудаўцы хлопчык рыхтаваўся да паступлення ў Віленскую беларускую гімназію, дзе ўжо вучыліся знаёмыя хлопцы з Кракоткі, Вострава, Чамяроў, Азярніцы, Мяльканавіч і з іншых слонімскіх вёсак. Шмат дапамагала яму ў гэтым мачаха Сцепаніда Паўлаўна.
У верасні 1927 года Валянцін Таўлай пачаў вучыцца ў Віленскай беларускай гімназіі. Тут сустрэўся са сваімі сябрамі-землякамі, пазнаёміўся з тымі, пра каго раней толькі чуў. Яго сябрам стаў і зямляк Мікалай Бурсевіч з вёскі Чамяры Слонімскага павета.
Мікалай Бурсевіч (1912-1996) у 1926 годзе паступіў у Віленскую беларускую гімназію. Разам з Валянцінам Таўлаем ён удзельнічаў у вулічных дэманстрацыях, распаўсюджваў улёткі на вуліцах Вільні. З Валянцінам ён шчыра сябраваў. Пэўны час нават сядзелі за адной партай. Але за ўдзел у палітычных хваляваннях Мікалай Бурсевіч быў выключаны з гімназіі. Ён перавёўся ў Клецкую беларускую гімназію. Але таксама за камуністычную дзейнасць юнака выключылі і адтуль.
У 1933 годзе Мікалай Бурсевіч працаваў інструктарам Берасцейскага аддзела КПЗБ. У верасні яго арыштавала польская паліцыя. А калі ён спрабаваў уцячы, то па ім паліцыянты стралялі і паранілі правую нагу. Юнака асудзілі на два гады і на дзесяць гадоў пазбаўлення правоў. Арышт адбываў у Баранавіцкай, Гарадзенскай і Лукішкай турмах. Вызвалілі Мікалая Бурсевіча восенню 1935 года. Але і пасля вызвалення ён зноў пачаў займацца палітыкай. Таму польская паліцыя паўторна беларуса арыштавала і пасадзіла за краты ўжо на 6 гадоў. І толькі ў верасні 1939 года юнак выйшаў на волю.
У гады Другой сусветнай вайны Мікалай Бурсевіч уступіў у Слонімскую антыфашысцкую падпольную арганізацыю. Хутка яго прызначылі рэдактарам падпольнай газеты "Вольная праца". У партызанскім атрадзе імя Дзяржынскага брыгады імя Ракасоўскага былі створаны друкарня і рэдакцыя газеты. А ў канцы верасня 1943 года выйшаў першы нумар падпольнай раённай газеты. Газету выпускалі адзін раз у тыдзень.
Пасля вайны Мікалай Бурсевіч жыў у Слоніме, 34 гады адпрацаваў журналістам у мясцовай раёнцы. Ён з'яўляўся персанальным пенсіянерам рэспубліканскага значэння, быў узнагароджаны ордэнамі і медалямі. Усё жыццё слонімец сябраваў з былымі заходнебеларускімі дзеячамі, а таксама з пісьменнікамі Максімам Танкам, Уладзімірам Калеснікам, Анатолем Іверсам і іншымі. Але самым дарагім сябрам у Мікалая Бурсевіча быў зямляк Валянцін Таўлай.
У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва нядаўна адшукаў рэдкі фотаздымак. На ім сфатаграфаваны Валянцін Таўлай і Мікалай Бурсевіч у Вільні ў 1927 годзе, калі вучыліся ў Віленскай беларускай гімназіі. Фота сёння друкуецца ўпершыню.
Сяргей ЧЫГРЫН.
Кароткая гісторыя Лідскага замка
Леанід Лаўрэш
(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)
Лідскі замак у плане - няправільны чатырохвугольнік (бакі каля 80 м) з дзвюма вуглавымі вежамі. Сцены на невысокім падмурку (70-80 см) маюць таўшчыню: унізе - 2 м, уверсе - 1,5 м. Паўночныя сцены больш тоўстыя, бо толькі з гэтага боку можна было штурмаваць замак, які стаяў практычна пасярод балота. Верхняя частка сцен з баявой галерэяй i байніцамі вымуравана з цэглы. Вонкавыя паверхні сцен пабудаваны з вялікіх валуноў, прамежкі паміж імі запоўнены каменнымі клінамі і забутоўкай з дробных камянёў.
У першай палове XIV стагоддзя пабудавана першая квадратная ў плане (9 х 9 м) паўднёва-заходняя вежа (якую лідзяне завуць "вежа Гедыміна"). Другая, паўночна-ўсходняя, вежа была пабудавана ў канцы XIV - пачатку XV стагоддзя (так званая "вежа Вітаўта"). У замак вялi тры ўваходы - 2 ва ўсходняй сцяне i адзін у паўднёвай.
У XVII стагоддзі замак атрымаў дадатковае ўмацаванне - штучнае возера (стаў), якое прыкрывала яго з усходу. Гэтае возера ёсць на планах і малюнках XVIII-XIX стагоддзяў.
На працягу XIV-XVIII стагоддзяў у выніку шматлікіх аблог часткова былі разбураны вежы i ўнутраныя пабудовы замка, захаваліся толькі рэшткі абарончых сцен i веж.
Воіны, якіх ахоўвалі замак, жылі ў драўляных казармах, прыбудаваных да каменных замкавых муроў з паўночнага боку. Жылыя будынкі мелі форму выцягнутых прамавугольнікаў, падзеленых перагародкамі на асобныя памяшканні. У кожным пакоі стаяла кафляная печ.
Падчас шматлікіх аблог замка і пажараў драўляныя пабудовы гарэлі, а печы разбураліся. Але насельнікі замка хутка зноў аднаўлялі сваё жыллё на старых каменных падмурках, а разбітыя кафлі ішлі на адбудову новых печаў. Таму археолагі знайшлі ў замку вялікую колькасць кафлі, кухоннага і сталовага керамічнага посуду, вырабаў з металу, каменю і косці. Асабліва ўражвае пячная кафля, якой тут знойдзена некалькі тысяч фрагментаў.
Пасля з'яўлення замка, Ліда, якая існавала да гэта як малазначнае паселішча на рацэ Каменцы, пачала расці каля замка, і таму, Гедымін можа лічыцца заснавальнікам нашага горада, яму цалкам заслужана пастаўлены помнік. Горад як "падзамча" першы раз згадваецца ў 1366 г. у 5-тым томе "Гісторыя літоўскага народа" ў сувязі з забойствам манахаў-францішканаў. Верагодна, адначасова з замкам, з'явілася і вуліца Замкавая, якая вяла да гістарычнага цэнтра горада - Рынка (на поўнач ад замка, сёння плошча Леніна). Ад Рынкавай плошчы адыходзілі вуліцы Вiленская - да Вiльнi, Каменская - да ракi Каменкi i далей да Гародні, Крывая - злучала Каменскую вуліцу з рынкам, яе працяг ад Каменскай да замка ў пачатку XIX ст. насіў назву Нова - Кармелiцкай.
Далейшы лёс замка і горада
Незадоўга да сваёй смерці Гедымін размеркаваў удзелы паміж сваімі сынамі, і Лідскі замак з яго воласцю аддаў сыну Кейстуту. У 1346 годзе Лідская воласць была саступлена Кейстутам яго брату Альгерду, які каля 1370 года аддаў яе на трыманне свайму ўлюбёнцу, чалавеку простага паходжання Вайдылу. Кейстут нядоўга сядзеў на вялікакняскім пасадзе. У 1382 годзе Ягайла запрасіў свайго дзядзьку да сабе і адправіў у Крэўскі замак, у падзямеллі якога стары князь быў задушаны. Такая ж доля пагражала і сыну Кейстута Вітаўту, але ён паспеў збегчы да нямецкіх рыцараў, з якімі на працягу некалькіх гадоў трывожыў Літву. Са смерцю Вайдылы Лідская воласць перайшла ў валоданне Ягайлы, які ў граматах тытулаваў сябе князем віцебскім, крэўскім, лідскім.
10 студзеня 1389 годзе Ягайла у Лідзе, з вялікай доляй верагоднасці - у замку, асабістай пячаткай зацвердзіў два прывілеі каталіцкаму касцёлу ў ВКЛ.
У 1391 годзе Ягайла аддаў Ліду свайму брату Зміцеру Карыбуту, а ў студзені наступнага года моцны аддзел нямецкіх рыцараў, у шэрагах якога знаходзіўся і стрыечны брат Ягайлы Вітаўт, перайшоў па лёдзе каля Аліты (зараз - Алітус) Нёман, нечакана з'явіўся ля сцен Лідскага замка, спаліў прылеглую да яго частку горада і запатрабаваў здачы яго Вітаўту. Застрашаны з'яўленнем рыцараў, Зміцер Карыбут пакінуў замак Вітаўту і без бою, у глухую поўнач спешна выступіў з замка з усім сваім аддзелам і накіраваўся ў Наваградак. Пішуць, што крыжакі вывезлі тады адгэтуль вялікія запасы зброі, правіянту і г. д. Атрымаўшы такім чынам у сваё валоданне Лідскі замак, Вітаўт у хуткім часе зноўку перабудаваў яго і зрабіў з адным з наймацнейшых умацаванняў.
4 жніўня 1392 годзе ў маёнтку Востраў каля Ліды паміж Вітаўтам і Ягайлам былі падпісаны ўмовы вечнага міру, прычым Лідская воласць засталася ў валоданні Вітаўта. Гэтая апошняя акалічнасць паслужыла нагодай для новай міжусобнай вайны. Карыбут запатрабаваў у Вітаўта вяртання Ліды, але атрымаў адмову. Таму на пачатку восені 1392 годзе сабраў значнае наёмнае войска і выступіў з ім супраць Вітаўта. Вітаўт не дапусціў Карыбута да сцен Лідскага замка і сустрэў яго на беразе Нёмана. Ля вёскі Дакудава адбылася кароткая, але гарачая бітва. Карыбут не выстаяў і адступіў да Наваградка, але і тут не сумеў абараніцца, быў разбіты, захоплены ў палон і са ўсім сваім сямействам адасланы да Ягайлы ў Польшчу.
Крыжакі неаднаразова з'яўляліся пад мурамі Лідскага замка. Зараз я раскажу пра сусветна вядомых людзей, якія ў складзе рыцарскіх аддзелаў наведвалі Ліду ці былі недалёка ад яе ў канцы XIV стагоддзя.
Калі вывучаеш войны Вялікага Княства Літоўскага з Тэўтонскім ордэнам, сустракаеш прозвішчы замежных і, у тым ліку, брытанскіх рыцараў, якія ваявалі супраць нашых продкаў на баку Тэўтонскага і Лівонскага ордэнаў. Сярод іх былі асобы, вядомыя па творах славутага Вільяма Шэкспіра.
Якім жа чынам яны патрапілі на беларускую зямлю?
У тагачаснай Прусіі пабывалі практычна ўсе арыстакраты Еўропы, яна, як магніт, вабіла шараговых ваяроў - усе яны жадалі стаць рыцарамі. Аднак у канцы XIII стагоддзя Тэўтонскі ордэн усё радзей і радзей мог прапанаваць замежным рыцарам удзел у баявых дзеяннях. Часцей за ўсё прыезджыя ваяры маглі разлічваць на сумную залогавую службу альбо небяспечную і нецікавую партызанскую вайну. У 1330-х гадах вялікі магістр Тэўтонскага ордэна Лютар фон Браўншвейг (Luther von Braunschweig) прапанаваў план прыцягнення новых рыцараў. Сам Лютар быў адораным паэтам і заахвочваў аўтараў рэлігійных і гістарычных прац пісаць пра Тэўтонскі ордэн. Ён стварыў традыцыю, у якой паходы супраць Літвы сталі неабходным складнікам рыцарскай галантнасці. Важнае значэнне мела колькасць пасвечаных у рыцары па заканчэнні паходаў. Таму пасвячэнне адбывалася, як толькі хтосьці з кандыдатаў здзяйсняў годны ўчынак. Тады вялікі магістр запрашаў самых адважных ваяроў за стол, падобны да Круглага стала караля Артура, і ўзнагароджваў іх. Французскі гісторык Эрнест Лавіс так апісаў гэтае мерапрыемства: "У пышным шатры накрываўся круглы стол, пад гукі труб і цымбал вакол яго сядалі дзесяць прызнаных найадважнейшых рыцараў, і імёны іх услаўляліся потым паэтамі ва ўсім хрысціянскім свеце. Такія рыфмаваныя аповеды таксама запальвалі мужнасць, як у мінулы час казань Пятра Пустэльніка або Святога Бернара, і, дзякуючы … гэтаму, існаванне Ордэна працягвала падавацца патрэбным".
У адрозненне ад рыцараў, якія ўдзельнічалі тады ў Стогадовай вайне на тэрыторыі Францыі, матэрыяльная зацікаўленасць крыжакоў не была для іх галоўнай. Калі параўноўваць з астатняй Еўропай, гэта ў значнай ступені тлумачылася беднасцю мясцовага насельніцтва. Адзіным багаццем тут былі коні. Дарэчы, вялікі князь літоўскі Вітаўт меў 20 000 коней. Тэўтонскіх жа рыцараў вабіла зямля, а на рухомую маёмасць яны мала звярталі ўвагу. Таму ордэн прыцягваў ваяроў не грашыма, а рыцарскімі забавамі, банкетамі і адмысловымі знакамі шляхецкага гонару. Э. Лавіс пісаў, што замежнікам карцела паглядзець зблізку на гэты ордэн, адчуць гонар рыцарства, але больш за ўсё вабіла пагоня за цікавымі прыгодамі, ну і гісторыямі, пры дапамозе якіх можна было б потым рабіць уражанне на паненак.
Не дзіўна, што шматлікія нямецкія песні пачынаюцца словамі: "Жыў аднойчы рыцар, які паехаў у Прусію", а французскія казкі часам згадваюць пра гаротнае становішча рыцара, які браў удзел "у святым паходзе ў Прусію" і апынуўся ў незайздросным становішчы ашуканага мужа. Прыклад адносін рыцарства Еўропы да крыжовага паходу ў Прусію адлюстроўвае раман Антуана дэ ла Саль "Маленькі Жан дэ Сэнтрэ", ён уяўляе сабою амаль што падручнік для тых, хто прагнуў пасвячэння ў рыцары. Па аналогіі з сучасным спортам, у той час існавалі "прафесійныя" рыцары, іх асноўным заняткам быў выклік на бой супернікаў у чужых краях і бадзянне ад аднаго манаршага двара да іншага ў пошуках праціўнікаў, якія прынялі б іх умовы. Дзеля гэтага Жан дэ Сэнтрэ з Францыі накіраваўся ў Арагонскае каралеўства, дзе гаспадар шчодра адарыў яго. Пазней герой рамана пабываў пры двары імператара і выступаў супраць нямецкіх рыцараў, прычым імператар асабіста прысутнічаў на двубоях. Нарэшце ён перайшоў ад рыцарскіх гульняў да рэальнай вайны і адправіўся ў "крыжовы паход" на Прусію, дзе і здабыў сабе славу.
Але ж падарожжа ў Прусію было занадта дарагім для бедных рыцараў, і таму Тэўтонскі ордэн выплачваў грашовыя субсідыі. Практыка выплаты грашовых сум на дарогу стала настолькі шырока распаўсюджанай, што нават герцаг Баварскі, адзін з найбагацейшых людзей у Святой Рымскай Імперыі, прыняў грошы ад ордэна за службу ў 1322 годзе.
Зацішша ў Стогадовай вайне выклікала прыток французскіх, бургундскіх і брытанскіх рыцараў. Маршал Францыі Жан Бусіко (Jean Boucicaut) асабіста ўдзельнічаў у чатырох кампаніях на баку ордэна і, пакуль мужчыны ваявалі ў Прусіі, арганізаваў абарону сем'яў крыжакоў у Францыі ад разбойнікаў. З 1329 годзе ангельскія рыцары сталі рэгулярна ўдзельнічаць у зімовых або летніх наездах на Літву. Кульмінацыя актыўнасці адбылася паміж лістападам 1367 годзе і лютым 1368 года, калі каралеўскія ліцэнзіі на ўдзел у вайне ў Прусіі былі прадстаўлены чатырнаццаці рыцарам і іх атрадам, што ў суме склала дзевяноста сем ваяроў.
Для некаторых экспедыцыя ў Прусію стала звычкай. У 1360-х гадах там пабывалі рыцары ўсіх рэгіёнаў Англіі і розных сацыяльных узроўняў дваранства. Увогуле, у балтыйскіх крыжовых паходах удзельнічала мноства высакародных сем'яў Англіі: Warwicks, Herefords, Beauchamps, Uffords, Bohuns, Percies, Despensers, Fitz Walters, Beauchamps, Scropes, Courtenays, Montagues, Counenay. Генры Персі (Henry Percy), знакаміты Хотспур (Hotspur), сын першага графа Нартумберленда (first earl of Northumberland), пра якога падрабязней я распавяду далей, быў у Балтыйскіх крыжовых паходах у 1383 годзе і, верагодна, пад Лідай у 1392 годзе.
Кароль Генрых IV (граф Дэрбі). Самы вядомы ваяр, які стаў прататыпам рыцара з "Кентэрберыйскіх аповедаў", напісаных выдатным англійскім паэтам Сярэднявечча Джэфры Чосерам (1344-1400), а таксама прататыпам героя трагедый Вільяма Шэкспіра "Рычард II" і "Генрых IV", быў граф Дэрбі, будучы кароль Англіі Генрых IV. Крыніцай сюжэта для Шэкспіра з'явіліся некалькі ананімных п'ес і летапісы Холіншэда, з якімі, аднак, Шэкспір абышоўся вельмі вольна. П'еса пра валадаранне Генрыха IV складае сярэднюю частку тэтралогіі, пачаткам якой з'яўляецца "Рычард II", а канцом - "Генрых V". Усе яны звязаны паслядоўнасцю гістарычных падзей і супольнасцю некаторых персанажаў. Дзеянне п'есы разгортваецца ў Англіі на пачатку XV стагоддзя, калі каралеўская ўлада сцвярджала сябе ў барацьбе з феадаламі.
Генрых IV Балінгброк (Henry IV Bolingbroke), вядомы таксама як Генрых Ланкастар, кароль, заснавальнік Ланкастарскай галіны дынастыі Плантагенетаў. Генрых нарадзіўся ў замку Балінгброк за 20 км на поўнач ад Бостана ў 1367 годзе. Калі яму было дзесяць гадоў, яму быў нададзены тытул графа Дэрбі і самая ганаровая ўзнагарода ў каралеўстве - ордэн Падвязкі. У 1380 годзе ён ажаніўся з адной са спадчынніц графа Хэрафорда Марыяй Багун і ў 1384 годзе пераняў і гэты графскі тытул, з 1397 годзе Генрых стаў першым герцагам Хэрафордам. Прысвяціўшы сябе рыцарскім подзвігам, 1390-1393 гады Генрых правёў у крыжовых паходах, вандраваў па Цэнтральнай Еўропе, дабраўся да Венецыі, пабываў на Кіпры і ў Палесціне.
У 1390 годзе Генрых вырашыў далучыцца да крыжовага паходу ў Літву, у якім удзельнічалі французскія рыцары. Бацька, Джон Гонт, даў яму 3533 фунты на выдаткі. Былі наняты караблі з Данцыга, каб перавезці тры сотні англійскіх ваяроў. Дэрбі 16 жніўня прыбыў у Кёнігсберг. Прускія гісторыкі прызнаюць добрую службу графа і яго паплечнікаў.
Тым часам магістр Энгельгард Рабэ, сумесна з Вітаўтам і лівонскімі рыцарамі, рыхтаваўся да вайсковага паходу. Тут трэба заўважыць, што Вітаўт змагаўся за спадчынны вялікакняскі пасад і выкарыстоўваў рыцараў як часовых паплечнікаў. У жніўні, пасля прыбыцця добраахвотнікаў з Англіі і Францыі, падрыхтоўка да вайны ў Прусіі была скончана. Войска выступіла пад камандаваннем магістра Энгельгарда Рабэ (Engelhard Rabe), бо вялікі магістр Конрад Цольнер (Konrad Zolner) быў цяжка хворы. Французамі камандаваў рыцар Бусіко, сын маршала Францыі. Пад Коўняй (зараз - Каўнас) злучыўся з галоўнымі сіламі магістр інфлянцкі са сваімі рыцарамі. Мэтай паходу быў захоп Вільні і ўзвядзенне на вялікакняскі пасад Вітаўта. Пад замкам Вісельвальдэ (Wissewalde), недалёка ад старой Коўні, са сваім войскам чакаў Скіргайла. Было вырашана бараніць пераправы. Але магістр з атрадам адборных рыцараў абышоў Скіргайлу з поўначы, пераправіўся праз раку ўброд, раптоўна напаў на ліцвінскае войска і разграміў яго. Гэтая бітва адбылася каля мястэчка Віжуны. Скіргайла страціў сто чалавек. Рыцары ўзялі ў палон трох князёў: Сымона - сына Яўнута, Глеба Святаслававіча Смаленскага і Глеба Канстанцінавіча Чартарыскага (па версіі Стрыйкоўскага, гэтыя князі былі забітыя), а таксама адзінаццаць баяраў. Перамогу крыжакі адсвяткавалі шумным баляваннем. Скіргайла з часткай свайго войска схаваўся ў замку Вісельвальдэ, другая частка войска адступіла да Вільні. Недалёка ад Вільні, пад Веркамі, адбылася іншая бітва, у якой ліцвіны зноў атрымалі паражэнне і адступілі.
4 верасня 1390 года аб'яднаныя сілы крыжакоў і Вітаўта аблажылі Вільню. Адначасова па рэках Нёмане і Віліі былі дастаўлены харчовыя прыпасы і ваенны рыштунак. Усе вайсковыя кідальныя машыны праціўніка пачалі абстрэльваць Вільню з мэтай запаліць горад.
6 верасня пачаўся агульны штурм падпаленага горада. Верагодна, прыхільнікі Вітаўта адчынілі браму горада, і непрыяцель уварваўся ў яго, забіваючы ўсіх. Ян Длугаш (1415-1480), польскі гісторык, лічыў, што галоўнай прычынай падзення добра ўмацаванага горада была здрада. Длугаш пісаў: "…полымя з-за варожага прыступу нельга было спыніць, князь Казімір, інакш Карыгайла, родны брат польскага караля Уладзіслава, кідаецца ўцякаць з агню, але трапляе жывым у рукі ворагаў, якія ў вялікім мностве атачалі падпалены замак, і адразу ж падае абезгалоўлены; насадзіўшы галаву забітага на доўгую дзіду, ворагі паказваюць яе для застрашвання абаронцаў Верхняга замка, пераконваючы іх здацца і здаць замак...".
У лісце комтура ордэна пра вынікі штурму напісана: "...пасля першага штурму войска крыжакоў апанавала драўляны замак, у якім былі забіты тысячы людзей і згарэла шмат ваяроў пешых і конных з некалькімі русінскімі князямі, а менавіта адзін з братоў польскага караля, Карыгайла, у тым замку ўзята ў палон некалькі тысяч людзей рознага веку".
Длугаш піша пра 14 000 забітых, Георг Фойгт (1827-1891), нямецкі гісторык, спасылаючыся на хроніку Віганда, гаворыць пра 7000 забітых. Крыжакі разышліся па ўсім краі. Дзе быў у гэты час граф Дэрбі, невядома. У лістападзе з Польшчы падышоў Ягайла з польскім войскам, але да гэтага часу крыжакі адступілі, і ўзімку 1391 года Ягайла вярнуўся ў Польшчу.
20 кастрычніка Дэрбі вярнуўся ў Кёнігсберг, дзе заставаўся да 9 лютага 1391 года, там граф зладзіў вялікі банкет паміж Калядамі і Трыма Каралямі на ангельскі манер. Затым ён вярнуўся ў Данцыг і застаўся там да канца Вялікадня 1391 года, пры гэтым атрымаў падарункі ад новага магістра, Конрада фон Валенрода, і вёў перамовы з Польшчай пра абмен двух палонных ангельскіх рыцараў. Граф Дэрбі выкупіў палонных, атрымаў ад папы Баніфацыя IX вызваленне ад крыжацкага зароку і ў канцы сакавіка прыплыў у Англію.
Генры Персі Хотспур. Нартумберленды (Northumberland), лінія графаў, а пасля герцагаў з сямейства Персі, якая пакінула прыкметны след у гісторыі Англіі. Персі мелі значныя ўладанні ў Паўночнай Англіі. Першыя свае маёнткі, якія знаходзіліся ў Ёркшыры, яны атрымалі яшчэ з рук Вільгельма Заваёўніка.
Сэр Генры Персі (1364(?) - 1403), таксама вядомы па мянушцы Гары Хотспур (Harry Hotspur, Гарачая Шпора - Падшыванец), быў старэйшым сынам Генры Персі, 1-га графа Нартумберленда, пасвечаны ў рыцары каралём у Віндзары 23 красавіка 1377 года. Ужо ў 1383 годзе Гары Хотспур першы раз бярэ ўдзел у крыжовым паходзе ў Літву.
Войскі 11 верасня сабралася каля Трокаў. У Трокскім замку была моцная залога з ваяроў Скіргайлы, якія мелі ўсё неабходнае для абароны. Крыжакі ўжылі аблогавыя прыстасаванні. Ім удалося праламаць мур. Залога дамовілася з крыжакамі аб бесперашкодным выхадзе і пакінула замак, пасля чаго ён быў прыведзены ў належны стан.
Па Літве пайшла пагалоска аб узяцці Вітаўтам Трокаў, і шляхта, якая служыла яшчэ яго бацьку, пачала сцякацца пад сцягі князя. Аб канкрэтных дзеяннях Хотспура ў гэты час нічога не вядома, але ж ёсць звесткі, што толькі напрыканцы 1383 года. Гары Хотспур вярнуўся на радзіму, але, па сведчаннях гісторыкаў, мог браць удзел у выправе пад Ліду ў пачатку 1392 года. З ліста караля Кіпра каралю Англіі Рычарду ІІ ад 15 ліпеня 1393 года вядома, што Генры Персі ўвесну быў на Кіпры і, магчыма, сустрэўся з графам Дэрбі, што ўскосна можа сведчыць пра яго ўдзел у выправе 1392 года. Неабходна дадаць, што дзядзька Хотспура Томас Персі, граф Вусцер (Thomas Percy Worcester) таксама значны персанаж трагедый Вільяма Шэкспіра "Рычард II" і "Генрых IV".
Хотспур - адзін з галоўных герояў драмы "Генрых IV" Вільяма Шэкспіра. Шэкспір паказвае Хотспура выбітнай асобай, роўнай якой у атачэнні караля няма. Аднак пры ўсёй сваёй доблесці Хотспур - бунтаўшчык, якому не можа быць месца пры цэнтралізаваным дзяржаўным парадку. У Шэкспіра ён смелы і палкі, хуткі ў думках і дзеяннях, сваю рыцарскую волю ён ставіць вышэй за ўсё. Можна сказаць, што Хотспур - краса і гонар сыходзячага сярэднявечча. Хотспуру жыццё ўяўляецца арэнай бесперапынных рыцарскіх сутычак. Па ягоных словах: "Як жыць, дык каралёў зрынаць; як смерць, дык слаўная, каб прынцы гінулі з намі!" (частка I, V, 2).
Уладанні сям'і Персі знаходзіліся ў прыгарадзе Лондана - Татэнхеме. Таму футбольны клуб прэм'ер-лігі, штаб-кватэра і стадыён якога знаходзяцца ў паўночнай частцы брытанскай сталіцы, мае назву Татэнхем Хотспур. За сваю больш чым стагадовую гісторыю клуб стаў адным з самых тытулаваных на Туманным Альбіёне. Дэвіз клуба - "Адважыцца - значыць зрабіць".
З верасня 1933 года па кастрычнік 1959 года ў Англіі друкаваўся самы папулярны дзіцячы часопіс "Хотспур" (The Hotspur). Усяго было выпушчана 1197 нумароў. З канца кастрычніка 1959 года пачаў выдавацца часопіс-комікс для дзяцей "Новы Хотспур" (New Hotspur). На іх вырасла некалькі пакаленняў брытанцаў. А ў сучаснай англійскай мове слэнгавае слова "хотспур" абазначае халерыка са слабым кантролем над сваімі паводзінамі.
Джон Бафорт. Джон Бафорт (Johann Beaufort) - асоба ў гісторыі вядомая. Удзел яго ў паходзе 1394 года на Літву пацвярджаецца гістарычнымі крыніцамі, напрыклад, англійскі гісторык пачатку ХХ стагоддзя А. Полард у сваім "Нацыянальным біяграфічным слоўніку" пісаў, што Бафорт у 1394 годзе ваяваў на баку Тэўтонскага ордэна ў Літве. Тое ж самае пішуць і іншыя гісторыкі.
Джон Бафорт, першы граф Самерсэта (1371 (?) - 1410) быў першым з чатырох пазашлюбных дзяцей Джона Гонта, герцага Ланкастара, і яго палюбоўніцы Кэтрын Свайнфорд (пазней яна стала яго жонкай). Бафорт нарадзіўся прыблізна ў 1371 годзе, і прозвішча было яму нададзена з-за феода Бафорт ягонага бацькі ў правінцыі Шампань у Францыі. Такім чынам, будучы кароль Генрых IV (граф Дэрбі) быў яго зводным братам.
Паводле А. Поларда, вайсковую службу Джон Бафорт пачаў у 1390 годзе у крыжовым паходзе ў Паўночную Афрыку. Пасля законнага шлюбу свайго бацькі і маці ў 1397 годзе атрымаў тытул графа Самерсэта і месца ў парламенце побач з графам Уорвікам. Праз некалькі месяцаў атрымаў тытул герцага Глостэра і маркіза Дарсэта, ордэн Падвязкі і месца намесніка Аквітаніі. У 1398 годзе стаў адміралам флоту Ірландыі, канстэблем замка Дуўр і лордам-намеснікам Пяці партоў. Пасля таго, як кароль Рычард II быў зрынуты ў 1399 годзе, новы кароль Генрых IV адмяніў тытулы, якія даваліся прыхільнікам старога караля, і Джон Бафорт стаў проста графам Самерсэтам. Аднак ён быў лаяльным да новага караля і служыў яму на розных вайсковых і дыпламатычных пасадах. У 1404 годзе ён стаў канстэблем Англіі. Cамерсэт памёр пасля доўгай хваробы 16 сакавіка 1410 годзе у шпіталі Св. Кацярыны недалёка ад лонданскага Таўэра і быў пахаваны ў Кентэрберы.
Джон Бафорт, граф Самерсэт, - персанаж першай часткі драмы "Генрых IV" Уільяма Шэкспіра.
Магчыма, звесткі пра сляды "нацыянальных герояў" Англіі на тэрыторыі нашай старажытнай дзяржавы паспрыяюць развіццю сучаснага міжнароднага турызму на Беларусі.
Хан Тахтамыш. У выніку міжусобнай барацьбы гэты хан быў вымушаны ў 1370-я г. шукаць прыстанішча ў сярэднеазіяцкага эміра Тамерлана (Цімура), але прыз нейкі час выступіў супраць Тамерлана, у вайне 1389-1395 гадоў быў разбіты і ўцёк ВКЛ. Вялікі князь Вітаўт з разуменнем сустрэў Тахтамыша, прыняў яго ветліва, як ганаровага госця, бо бачыў ў перабежчыку сілу, якую збіраўся выкарыстаць у сваіх мэтах. У 1396 г. Тахтамыш разам з іншымі татарскімі эмігрантамі трывала асеў у ВКЛ. У 1396 годзе Вітаўт пасяліў хана ў Лідзе, дзе той жыў два з паловай гады, валодаючы Лідскай воласцю, па сведчанні "Хронікі літоўскай i жамойцкай", "мешкал в Литве зо всеми уланы и мурзы своими на Лиде". Хан жыў у асобным доме, і раён за лідскім фарным касцёлам, дзе стаяў дом Тахтамыша, надоўга захаваў назву Тахтамышавага двара.
(Працяг у наступным нумары.)
Некалькі гадоў маёй маладосці ў Вільні* (1818-1825)
Станіслаў Мараўскі
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Хоць і кажуць, што карова якая шмат рыкае, мала малака дае, Ходзька патрапіў пад падазрэнне. Пасля паўстання 1831 г. менскі губернатар Строганаў выслаў яго, тады ўжо старога чалавека, з Менска ў Вятку. Строганаў - анёл чуйнасці, дабрыні і ўважлівасці, трымаў яго ў сваіх маёнтках і сваёй воляй потым вярнуў на радзіму.
Не ведаю, ці жывы Ходзька сёння, бо даўно пра яго не чуў і, ужо з чвэрць стагоддзя не бачыў. Асоба ва ўсіх адносінах незвычайная, сваім існаваннем ён рабіў гонар нашаму народу і быў адным з апошніх узораў па-сапраўднаму сумленнага чалавека, не збаламучанага замежным духам. Гэта быў шляхціц!
Княгіня Зубава ўсклала на Ходзьку ўвесь цяжар сваіх спраў, якія яна не ў стане была зразумець з-за свайго ўзросту, малой адукацыі і свайго полу, а сама ўладкавалася ў Вільні, каб карыстацца сваім вялікім багаццем. Яна ведала, што калі б яе справы пайшлі дрэнна і кожнае незаконнае дзіця Зубава, хай і народжанае самымі лепшымі жанчынамі пры жыцці князя, атрымала б па мільёну, дык яна, яго законная жонка, атрымала б у тысячу разоў болей і гэта было б у мільён разоў болей за тое, што яна мела ад нараджэння, бо нарадзілася, як мы ведаем, у Плікішках.
І супакоілася.
Княгіня ведала, што ўсе знакамітыя віленскія дамы, можа і не такія заможныя, як яна, атрымалі самае лепшае выхаванне, жылі за мяжой, былі прадстаўлены прускаму ці саксонскаму двару і асабіста ведалі цара Аляксандра. І адчувала, што якой бы маладой, прыгожай і багатай яна не была, сярод нашых дам будзе толькі мішэнню для крытыкі, плётак, сварак і жартаў. Таму палічыла за лепшае прыкінуцца ганарліўкай і не бываць у свеце, з вышыні глядзець на ўсіх віленскіх дам, наведаць толькі Корсакава, каб аддаць сябе пад яго апеку, пасля чаго зачыніцца ў сваім доме. Я ўпэўнены, што яна зрабіла гэтак толькі таму, што не ўмела паводзіць сябе ў свеце. Саўван кіраваў ёй і днём, і ўначы, бо быў адзіным, хто адначасова з'яўляўся і ў свеце, і бываў ў яе доме. Проста для кампаніі і нейкіх сямейных стасункаў, яна прывезла з вёскі сваю сястру, суддзёвую пані Пісанкову. Аднак, гэтая, невядомая ў свецкіх колах замужняя жанчына і гаспадыня дому, не дадавала ёй бляску.
Быць багатым, мець жмені грошай і не карыстацца імі?! Гэта грэх, гэта пагроза! Але як іх ужываць? О, мая княгіня, вось гэта сапраўднае мастацтва! Яшчэ пры жывым мужы яна прызвычаілася да багатых карэт, прыгожых коней, залатых ліўрэяў, забылася пра плікішскую гразь, але ўсё гэта ўжо не радавала княгіню. Даруй Божа, а як жа скарыстацца багаццем?
Пачала па-свойму, па-просту, па-сялянскі. Зачынілася з сям'ёй і загадала цэбрамі рабіць марозіва, бочкамі купляць самую дарагую садавіну, лыжкамі есці канфіцюры! Але праз некалькі дзён гэта знудзіла. Вось і грошы ёсць, але скарыстаць іх няма як! Ах, пан Саўван, як іх скарыстаць?
Аднак адначасова з гэтым кулак бессардэчнага швейцара адганяў бедных і ўбогіх ад брамы дома Агінскага на Біскупскай вуліцы, дзе жыла княгіня - калекі і галота не мелі ад яе дапамогі, і гэтак яна зачыніла для сябе шлях да дабрадзейнага жыцця.
На тым шляху, які яна абрала і які несумненна ёй падказаў сатана, добрае ад нараджэння дзявочае сэрца акамянела. Яна стала ганарыстай, фанабэрыстай, грубай і скупой. Падзяліла нават членаў сваёй сям'і. Як вядома, сярод дурняў мужчыны заўсёды дурнейшыя за жанчын, таму сапраўдны ёлупень, яе брат Казя - пан дэпутат ад віленскай шляхты Казімір Валентыновіч, хоць заўсёды і хваліў яе і заўсёды перад людзьмі ганарыўся сястрой-княгіняй, меў права прыходзіць да яе толькі праз чорны ход і толькі зранку, покуль нікога не было. Праз пратэкцыю магутных сяброў яна ўладкавала малодшага брата, яшчэ ладнага хлопчыка, у полк гусараў. Яе княжая ягамосць адасобілася ад жанчын, але ўвесь час яе казытала кампанія мужчын, якія з-за яе маладосці і прыгажосці, даравалі ёй ўсё дрэннае, і на гэтай кампаніі яна вымушана была спыніцца.
Генерал-губернатар Корсакаў з нейкімі пытаннямі пасылаў да яе свайго ад'ютанта, палкоўніка Шыбеку, добрага, высакароднага чалавека але сапсаванага каханнем жанчын. Палкоўнік адразу закахаўся ў княгіню. Іх адносіны развіваліся, як па чыгуначнай каляі, ад'ютант ўздыхаў не доўга і хутка стаў яе шчаслівым палюбоўнікам. Саўван ужо не толькі не раўнаваў, але нават і радаваўся гэтаму, бо цяжар, які ён нёс адзін, падзяліўся на дваіх. Справа ў тым, што і сястра княгіні пані Пісанка, адлучаная ад свету і мужа, таксама была прыгожай і маладой жанчынай. Яна вырашыла, што лекар Саўван - добры варыянт і знайшла ў яго паратунак і дапамогу. З-за таго, што такога паратунку ўвесь час прасілі абедзве сястры, а гэты паратунак не быў малітвай на ружанцы, мой бедны Саўван стаў худым як бервяно і ўжо ледзь цягаў ногі. Добра, што ў гэты невыносны для лекара час, яшчэ і іншыя дабрадзеі дапамагалі яму несці гэты цяжар. Кожны з сям'і Зубава, пасля прыезду ў Вільню, марыў закахаць у сябе гэтую багатую і прыгожую жанчыну, каб разам з ёй атрымаць вялікі пасаг Зубава. У гэтай справе вызначыўся пляменнік Зубава, генерал Жарабцоў. У надзеі адпудзіць іншых і пазбавіць іх усялякай надзеі, ён не саромеўся па вечарах прыходзіць да ўдавы і знарок пакідаць на падаконні прыхілены да шкла белы капялюш, каб і ўначы, і на ранку ўсе бачылі, што гэты госць зноў каштуе райскі яблык.
З Жарабцовым мне на розум прыходзіць зусім іншы ўспамін, які не ведаю, ці згадаю калі потым, і таму, хоць і не вельмі дарэчы, запішу яго тут, бо і так увесь час змешваю гарох з капустай. У 1830 г. падчас эпідэміі, па загадзе яго імператарскай вялікасці, разам з міністрам унутраных спраў, я выехаў на поўдзень Расіі. Едучы з Саратава ў Сімбірск і Казань, мы заехалі ў горад Волжск, што над Волгай. Багаты астраханскі купец Сапожнікаў пачаставаў нас цудоўным сняданкам. Былі тут ўсе вынаходніцтвы татарска-руска-еўрапейскай кухні. Дрофы, ікра з толькі што злоўленых асятроў, сцерлядзь, фазаны, кулебяка, усё гэта цалкам запоўніла гасцінныя сталы. Халеры тут ужо не было, і таму вярталіся мы з нашага непрыемнага падарожжа вясёлымі і здаровымі. Заўсёды смачна елі але ў той раз я страціў апетыт, бо спакусілі мяне прыгожыя Рэмбранты, у мностве развешаныя па сценах. Але яшчэ больш было польскіх партрэтаў. Польскія партрэты і багатая калекцыя Рэмбранта ў пусташы, побач з качэўем калмыкаў. Хто б пры гэтым змог цешыць свой страўнік?
Ветлівы Сапожнікаў увесь час падбягаў да мяне і рабіў вымову, што не ем. Пасля чарговай вымовы, я адказаў яму: "Буду есці і нават з'ем усё, што ёсць на стале, калі распавядзеш мне, адкуль маеш гэтыя карціны?". І ён расказаў, што гэтыя карціны былі нарабаваныя ў 1794 г. у панскіх дамах Польшчы, Нясвіжа і ў іншых месцах. Рускія генералы ахвяравалі іх Зубаву, а той, у сваю чаргу, падараваў жывапіс сваёй сястры Жарабцовай і яе мужу. Калі Жарабцовым спатрэбіліся грошы, Сапожнікаў купіў усю іх галерэю і павесіў у сваім доме. Такім чынам, можа самая багатая ў свеце калекцыя партрэтаў нашых продкаў і карціны пэндзля Рэмбранта, знаходзяцца ў дзікіх стэпах над берагамі Волгі! 63
Вяртаемся зараз да нашай княгіні. Няцяжка здагадацца, што яе "нявінныя" забавы і жарты не маглі застацца бясплоднымі. Але так ці інакш, пасля некалькіх дзён "хваробы", калі ягамосць княгіня ляжала прыкутая да ложка, яна пазбаўлялася ад цяжарнасці і зноў станавілася вольнай. І гэтак з ёй здаралася па некалькі разоў на год. Да знатнай пані быў выкліканы нейкі доктар Ян Бэркман64, сын вельмі паважанага віленскага гадзінні кавага майстра, даўні зводнік і падхалім, які дапамагаў даехаць да Карлсбада жанчынам, якім рабіў аборт. Адным словам "Бэркманця", як яго ўсе называлі, быў подлы, нікчэмны інтрыган без здольнасцяў, раней неабходны жанчынам, а сёння адстаўлены ад гэтай справы і ўладкаваўся хатнім доктарам інстрыгатаравай Храпавіцкай, пра якую я ўжо казаў. Характар гэтага чалавека намаляваны на яго подлым твары. Худы, змардаваны, са зморшчаным тварам, ён заўсёды глядзеў на людзей так, як мы глядзім на сонца - прыжмуранымі і трапяткімі вачыма з адпаведным выразам на твары. Як быццам прасіў, каб яго ўдарылі па храпе. У свой час праз ашуканства вывез з Пецярбурга жонку якая паходзіла з добрай, але заняпалай сям'і Хітрова. Жанчына зусім не брыдкая, але каля яго была падобна на сабачку. Пасяліўся ў Вільні і пусціў чутку, што ведае шмат практычных сакрэтаў. Адразу па Вільні пайшла пагалоска, што доктар з Пецярбургу ведае сакрэты для старых распуснікаў і можа адрадзіць іх заняпалую мужчынскую сілу. У той час яшчэ можна было лавіць рыбку ў мутнай вадзе. Шабека і некалькі іншых адразу пайшлі да Беркмана і праз іх ён стаўся кансультантам-гінеколагам у Зубавай - умеў уціснуцца і ўлезці ўсюды.
Неўзабаве прыйшоў адказ імператара Аляксандра на ліст княгіні пра смерць мужа. Імператар выказаў шкадаванне з гэтай нагоды, пагадзіўся з яе просьбай і прызначыў яе апекуном сенатара Навасільцава, куратара ўніверсітэта, старшыню следчай камісіі, які тады жыў у Вільні.
Стары распуснік і дамскі ўгоднік Навасільцаў рады быў мець у гэтым панскім і ўтульным доме ўсе уцехі, якімі ўзнагароджваюць толькі французскія актрысы. Напачатку ён жартаваў і фліртаваў, а праз некалькі дзён па-сапраўднаму закахаўся ў Зубаву ці, прынамсі, добра прыкідваўся закаханым, бо паўсюдна з'яўляўся разам з ёй і не саромеўся розных яе глупстваў. Між тым Саўван, нягледзячы на спрыяльны (як кажуць у палітэканоміі), падзел працы, не мог зрабіць для яе болей. Сутыкнуўшыся са скупасцю княгіні і маючы ад яе толькі мужчынскае знясіленне, ён параўнаваў вынікі з высілкамі і пачаў задумвацца аб адступленні. А калі пачалася справа пра дарагі і каштоўны пярсцёнак, які ў прыступе ўдзячнасці княгіня сама надзела яму на палец, а потым пачала прасіць вярнуць, бо, быццам, яна толькі пажартавала, Саўван, узяты за жывое, ледзь не ў вочы кінуў Зубавай гэты сыгнет і падзякаваў за месца службы. Пры звальненні ён з цяжкасцю спагнаў з яе толькі тое, што яму належала па дамове. Насуплены і раз'юшаны, меў ад такіх магнолій толькі чатырыста дукатаў. Ведаў, што кар'еры ў Вільні ён ужо не зробіць і таму, не звяртаючы ўвагі на слёзы сваёй пяшчотнай пані Пісанкі, для якой прыдумаў гісторыю пра невыносны сверб ад уяўнай хваробы, вырашыў паехаць дурыць варшавян, якія хутка самі пусцілі яго ў сваю кішэню. Але перад тым, як з'ехаць, голасна расказваў усім, што яго пакрыўдзілі, што ён страціў здароўе з княгіняй, што калі яго заб'юць, гэта будзе помста і што ў Варшаве ён надрукуе лісты, якія яму пісалі абедзве сёстры. У гэтых лістах і запісках, поўных наіўнай адкрытасці, частку з якіх ён і нам паказваў, меліся вельмі лаканічныя просьбы абодвух сясцёр: "О, мой самы дарагі, прыходзь, чакаю, я не магу без цябе!". Зразумела, ўсё гэта было напісана з памылкамі, як пры моцным запале.
Саўван з'ехаў.
Навасільцаў і Зубава даведаліся пра пагрозы нашага Саўвана ад сталых віленскіх пляткароў. Стары ліс, пан сенатар, удаючы рэўнасць, даведаўся пра гэта першы. Зубава, абняўшы яго за шыю, са слязьмі ва ўсім прызналася. Яшчэ больш разбіла яго чулае сэрца нявернасць няўдзячнай сястры. Аднак бывалы чалавек, пан сенатар, не вінаваціў мінулае і дэманстраваў толькі вялікую занепакоенасць аб будучыні.
Склалася так, што княгіня Зубава хутка прыехала па-справах у Варшаву і ў вобразе гнанай і прыгнечанай удавы з'явілася перад вялікім князем і яго марганатычнай жонкай, высакароднай княгіняй Ловіч. Яна ўдавала з сябе гнаную удаву, у якой выклікала дрыжыкі толькі думка аб публікацыі гэтых пяшчотных лістоў новай Элаізы. Навасільцаў таксама збіраўся ў Варшаву, злітаваўся над ёй і яе нядоляй і даў слова гонару, што ў бліжэйшы час усё будзе вырашана. І стрымаў слова. Вось як ён развязаў гэтую справу.
Саўван ужо жыў у Варшаве і дурыў мазураў цёплай, халоднай, магнетычнай і гарчычнай вадой. Прыехаў Навасільцаў і адразу арыштаваў і абшукаў Саўвана. Яго адвезлі ў вязніцу, а дакументы і ўсё, што меў, апячаталі ўрадавай пячаткай. Саўван моцна напалохаўся, але назаўтра яго прывезлі да Навасільцава, той абняў лекара і папрасіў прабачэння, прызнаў сваю віну, бо быццам бы паверыў важнаму, але як аказалася, фальшываму даносу. Адпусціў дадому і дазволіў сарваць пячаткі. Шчаслівы Саўван вярнуўся дахаты і праглядзеў свае паперы. На месцы было ўсё, акрамя лістоў Зубавай і Пісанкі!
У тую ж раніцу фельд'егер павёз усе лісты да княгіні і Пісанкі, якую Навасільцаў жартам называў: "Madame pіsse en cul" (фр. "Мадам, якая мочыцца на азадак" - Л.Л.), павёз двума пакетамі, каб сёстры з рэўнасці не пабіліся. Вільня была пэўная, што фельд'егер прывёз важныя пасланні, што справа ішла пра лёс нашага краю. Ніхто нават і падумаць не мог, што фельд'егер прывёз падрапаныя білеты да сэрцаў нашых прыгажунь, да якіх і іншыя мелі свае кантрамаркі.
Першыя крокі да злога - няпэўныя, нерашучыя, нясмелыя, як крокі ў багне. Але як толькі запэцкаў боты, больш цябе нічога не хвалюе. Так здарылася і з княгіняй Зубавай. Няўжо я зганьбую сваё пяро далейшымі апісаннямі ўчынкаў гэтай распуснай і юрлівай, як малпа, жанчыны з каменнай душой? Не! З-за любові да чалавецтва пакрыем усё гэта саванам тайны! Уявіце сабе спалучаныя з дурнотай бессаромныя дзеянні, якія не хаваюцца ад вачэй, але адкрыта бравіруць перад усім горадам. Уявіце сабе распусную, жорсткую жанчыну ў кампаніі самых разбэшчаных мужчын, прыгожую, маладую і багатую Месаліну, акружаную мноствам атлетаў, якія ляжаць каля яе ног.
Я ніколі не ведаў яе асабіста. Палічыў бы за крыўду, каб мяне ёй прадставілі. Я ведаў Пісанку, але тады яна ўжо развялася з мужам і выйшла замуж за гарадзенскага губернатара Бабацянскага. Я таксама ведаў Амелію, жонку майго сябра Астрамецкага, найменш прыгожую, але самую дабрадзейную з усіх гэтых сёстраў.
Таму пойдзем далей і не будзем удавацца ў скандальныя падрабязнасці, але з хуткасцю лакаматыва пройдзем апошнюю частку гэтай абуральнай біяграфіі, каб раз і назаўжды пазбавіцца бруднай бялізны. Заважу аднак, што менавіта з таго часу, раптоўна, як эпідэмія халеры, па ўсёй Літве пачала пашырацца дэмаралізацыя сярод таго полу, які адчыняе нам дарогу ў жыццё і таму павінен захоўваць цноту. Прыклад ганарлівай і дзёрзкай бессаромнасці, якая зазірае кожнаму ў твар, больш заразны за чуму.
Але я не магу ўтрымацца ад таго, каб раней часу не абагнаць гэты лакаматыў. Праз некалькі гадоў пасля віленскіх падзей, мой сябар, добры, сумленны, высакародны і міласэрны імператарскі лекар Арэндт65, сустрэў мяне на вуліцы Пецярбурга, спыніў і пачаў расчулена скардзіцца, што лечыць хворую графіню Шувалаву, якая не мае ніякай надзеі на выздараўленне. Што яна хварэе рэдкай, але жудаснай хваробай mіserere ("mіserere" - непраходнасць кішэчніка, ранейшая назва хваробы паходзіць ад пачатковых слоў перадсмяротнай малітвы "Mіserere Meі" - "Прымі мяне Пан" - Л. Л.), ад якой няхай Бог уратуе нашых ворагаў. Што апрача смяротнага болю і пякельных пакут, гэтая маладая і прыгожая жанчына нявечыць каралавыя вусны сваім уласным калам, бо такі шлях выбірае прырода для дэфекацыі падчас гэтай страшнай хваробы. Я выслухаў гэты расказ сумленнага чалавека, паціснуў яму руку і сказаў "Бог справядлівы". Мусіў прамовіць гэта з нейтральным выразам твару, бо Арэндт нічога не ведаў і мала ўвагі звяртаў на людзей. Аднак ён давёў мяне да маёй карэты і, затрымаўшы за полы, папрасіў растлумачыць мае словы. Княжна Зубава да таго моманту стала ўжо графіняй Шувалай! Пакаранне ніколі не пройдзе міма. Паверце майму досведу.
Міязмы палітычнай заразы з хуткасцю метэора распаўсюджваліся па школах праз нікчэмныя душы, якія прадаліся Навасільцаву. Амаль што не было павятовай школы, дзе б не знайшлі некалькі дзесяцігадовых злачынцаў. Ставіліся да іх, як да дарослых людзей. Як статак перапёлак у роспачы зляталіся ў Вільню маці. Гэты быў крывавы час. На кожным кроку я сустракаў багатую, прыгожую, добра, але занядбана апранутую, альбо бедную, у лахманах і без абутку жанчыну ў слязах - кожная з іх ішла ратаваць сваё дзіця. Ідал, чарнакніжнік, волат - той хто адным словам, адным кіўком галавы мог ператварыць горкія слёзы ў радасныя ці ўдзячныя, называўся "Навасільцаў". Але цяжка было яго ўбачыць, бо з раніцы да вечара ён раскашаваў у княгіні Зубавай. Маці цешыліся, што іх зямлячка, былая бедная шляхцянка, а зараз маладая і прыгожая жанчына з Божай ласкі знаходзіцца ў цэнтры моцы і спадзяваліся на яе шляхетнае сэрца. Яны імкнуліся да яе, цалавалі рукі і ногі, падалі перад ёй ніцма. Але першыя ж спробы пераканалі няшчасных маці, што яны размаўляюць з фінскай гранітнай скалой! Калі два гады таму яе Плікішкі падалі на эксдывізію, яна сама не саромелася падаць у ногі яўрэю, фактару-пасярэдніку чыноўніка Грамадзянскай палаты а, цяпер зласліва і пагардліва, нагой выцірала шчырыя слёзы маці, якія цяклі па яе паркеце. Слёзы цнатлівых маці! Слёзы роспачы! Звонам золата заглушала стогны мацярынскага сэрца гэтая прыгожая пачвара! Здзекавалася са злыбяды мацярок! Спачатку не хацелі верыць у гэта. Як паверыць у такое зацятае адмаўленне дабрыні, у такую бяздушную, брутальную, татарскую, паганскую злосць? Бо ж, і адмовіць можна ласкава. Але праўда хутка адкрылася. Каб уратаваць дзіця, маці кідаліся ў бярлогу да раз'юшанай тыгрыцы ці мядзведзіцы. Кідаліся ў будку да шалёнай сукі, раз за разам кідаліся да ног Зубавай …
Пасярод оргій, якія доўжыліся з раніцы да вечара і з вечара да канца ночы, расчырванеўшыся ад шампанскага, з распушчанымі ад абдымкаў валасамі, бессаромна апырсканая віном, на хвіліну яна ўставала з-за заўсёды поўнага стала і з пагардай прымала бедных маці. Выходзіла да іх з прыжмуранымі вачыма, папраўляючы сям-там пакамечаную сукенку, перавальвалася з нагі на нагу, бо хтосьці з распуснікаў запэўніў яе, што прыжмураныя вочы і паходка дзіўна пасуюць да яе твару, а гэтыя хістанні, надаюць ёй выгляд нейкай нябеснай, паветранай істоты, нейкай русалкі. Яна ніколі і нікому з жанчын не прапанавала прысесці, не кінула ніводнага слова суцяшэння, але заўсёды з пагардай аглядала знямелых ад гора маці з ног да галавы, адмаўляла ім у дапамозе і развітвалася кіўком галавы. А ў гэты час з суседняга пакоя чуўся шум размоваў, гоман, спевы, нязменны смех - усё гэта, як указальнік на слупе, накіроўвала яе на шлях у пекла! Ох, вы ўсе, колькі вас тут было - "lascіate ognі speranza!" (італ. "пакінь надзею", цалкам: "Lascіate ogne speranza, voі ch'entrate", "Пакінь надзею, хто сюды ўваходзіць" - тэкст над брамай у пекла ў "Боскай камедыі" Дантэ Аліг'еры - Л. Л.).
З капальняў філарэтызму немагчыма было ўжо выкопваць палітычныя справы і, вычарпаўшы з іх ўсё золата, яны большую карысць мелі са школ. Навасільцаў жыў добра. Еў, піў і ўпіваўся за кошт сваёй каханкі і жыў за чужы кошт. А тым часам золата бацькоў па нябачных трубах цякло да яго. І чым далей ён сядзеў у Вільні дзеля сваёй bellі (лац. "вайны" - Л. Л.), чым больш мы мелі злыбедаў, тым большую карысць меў ён.
Кожны дзень Навасільцаў радасна прачынаўся і як толькі яму ветліва падавалі пантофлі, адразу пачынаў знаходзіць новыя змовы і бунты. І таму неабходна яму заставацца ў Вільні! На пачатку ён меў толькі адну трывогу - вялікія выдаткі ўраду на ўтрыманне і працягнення да суду такой вялікай колькасці нявінных абвінавачаных. Але яго паслужлівы таварыш хутка вызваліў Навасільцава ад гэтых клопатаў, ён прыдумаў, што невінаватых трэба ў нечым вінаваціць і тады ўсё выдаткі будуць аплачваць самі ахвяры і, больш за тое, яны прынясуць яшчэ і карысць слугам манарха. І таму: "Гуляй душа без кунтуша, шукай пана без жупана!" (прымаўка ў тэксце Мараўскага пададзена на беларускай мове - Л. Л.).
І гулялі, дык гулялі!
А наша пані разам з імі ўсё больш упадала ў распусту і бессаромнасць. Ах, які ж гэта боль майго сэрца! Бо як толькі пачынаеш апісваць чужое жыццё з жаданнем сказаць праўду - адразу ж атрымліваеш рэнамэ грэшніка, які піша пасквіль. Але што зробіш? Даўно напісана pereat mundus, fіat justіtіa (лац. "Хай загіне свет, але пераможа праўда". - Л. Л.).
У той год, калі Зубава пераехала ў дом Мюлераў, я і шмат яшчэ хто на свае вочы бачыў, бо жыў насупраць яе вокнаў, як п'яныя Навасільцаў і Байкоў хацелі нібыта жартам выкінуць яе праз акно, і, узяўшы пад рукі, выставілі на вуліцу. Вецер падымаў сукенку, а ў той час не насілі шмат спадніц. Яна крычала ад жаху і жыхары дому, як мінімум з дваццаці вокнаў глядзелі на яе чары, адкрытыя для публікі.
Увесь час бавячыся, ці дакладней, гуляючы, яна пераехала ў Варшаву, але і там пакінула пра сябе дрэннае ўражанне. Потым паехала на воды. Нарэшце, крыху стаміўшыся, наважылася паказаць сябе ў сталіцы. Як я ўжо згадваў, удава такога мужа мелася стаць першай прыдворнай дамай. Ці з-за прадузятасці да яе з-за яе паводзін, ці з-за таго, што яна была полькай, ці з-за яе асабістай нязграбнасці і адсутнасці выхавання, якое ўласціва толькі сапраўдным арыстакраткам, а выскачкі могуць толькі малпаваць, скончылася гэта не вельмі ласкавым прыёмам Зубавай. Між тым, калі б яна карысталася сваім становішчам у адпаведнасці з парадамі Навасільцава, дык сярод шматлікіх старых прыдворных кабет, яна маладая і прыгожая жанчына, заўсёды выклікала б вялікую цікаўнасць. Але д'ябал не спаў і падзьмуў ёй у … . Неўзабаве з'явіўся малады камер-юнкер двара, граф Шувалаў. І яна падманула поўнага надзеі старога ліса Навасільцава, чым і даказала, што самая дурная жанчына заўсёды больш хітрая і спрытная, чым самы разумны мужчына. Вялікай пацехай ўсяго двара сталася яе замуства з Шувалавым, пасля чаго, адразу, як котка, яна разлюбіла Навасільцава.
Чаму? Дзеля чаго? Але гэта яшчэ раз даказвае нашу старую ісціну, што "ў жанчыны валасы доўгія, а розум кароткі". Маючы ў Вільні дзесяткі палюбоўнікаў, у Пецярбургу яна магла мець іх у два разы болей і ніхто б не звярнуў ўвагі. Можа, гэта быў пакаянны ўчынак ваўчыцы? Дай Божа! Але не, толькі з-за капрызу яна памяняла першае імя і першае месца ў Расіі, якое атрымала ад Зубава, на апошняе, якое мела ад новаспечанага маладога мужа. Што яшчэ горш, напачатку сціплы і пакорлівы муж, адразу ж пасля вяселля, як фурман у адной французскай камедыі сказаў: "Ah. Comme c'est ca!". (фр. "Ах. Дык вось як!" - Л. Л.), і зараз жа узяўся за палку66. Мяне там не было але я з вялікай агідай чуў пра гэта. Звычайна казалі, што муж прымушаў яе да паслушэнства, пакорлівасці і дабрыні матэрыяльнымі сродкамі і гэты падыход быў дастаткова паспяховым. Дай Бог яму здароўя і дапамагай на гэтым шляху!
Злосць і распуснасць гэтых істот, ажывілі заўсёды схільны да эпіграм віленскі дух, які спарадзіў мноства вершыкаў, пасквіляў, балад, песенек, адна за другую больш дасціпных. Мець іх дома было палітычным, смяротным грахом. Гэта лічылася абразай трона і каралася адпаведна. Можа, нехта яшчэ і знойдзе ў сябе гэтую лухту. У мяне яе няма, бо не хацеў мець непрыемнасці. Памятаю толькі пачатак адной вельмі вясёлай песні, якая потым стала народнай і спявалася паўсюдна:
Віват Байкоў і Навасільцаў,
Героі тайных клубаў.
І каханка тых піякаў,
Віват княжна Зубава.
Меліся і варыянты для тых старых асоб, якія настойвалі, што Пецярбург трэба называць Пецярбуркам, а Навасільцава Навасельцавым. Для песенька гучала так:
Віват Байкоў і Навасельцаў
Героі тайных клубаў
І каханка гэтых вісельнікаў,
Віват княжна Зубава.
О мой Божа, о мой салодкі Езус! Як так робіцца, што яны не могуць знайсці, злапаць, бічом выбіць уяўную змову і, як злачынцаў, адправіць у сібірскія шахты няшчасных жартаўнікоў, аўтараў гэтай лухты! Гэтыя вялікія людзі не адкрылі ніякага сакрэту. Гэта была толькі песенька!
Дадаткі:
20. Сярод мноства смешных анекдотаў, якія расказала мне гэтая жанчына, калі тлумачыла прычыну разводу са сваім першым мужам Нарбутам67, быў і наступны. Пасля шлюбу яны жылі ў Вільні ў доме Мюлера. Там жа жыла і генеральша Лабаржэўская, пра якую расказваю на пачатку сваіх успамінаў. Увесь час ёй дапамагаў сваяк (родны дзядзька - Л. Л.), нейкі ксёндз Гразмані68, які паводзіны нашай літоўскай Аспазіі69 пакрываў сваёй пацёртай сутанай і ўжо праз шмат гадоў, калі Лабаржэўская стала жонкай адмірала і міністра асветы Шышкова, з-за яе пратэкцыі зрабіўся прэлатам віленскай капітулы!
(Працяг у наступным нумары.)
* Morawski Stanislaw. Kilka lat mlodosci mojej w Wilnie (1818-1825). Warszawa, 1924. Пераклад Леаніда Лаўрэша .
63 Аляксей Пятровіч Сапожнікаў (1786- 1852) - астраханскі купец 1-й гільдыі, буйны рыбапрамысловец з купецкай дынастыі Сапожнікавых, складальнік вядомай мастацкай калекцыі. Ад свайго бацькі, разам са сваім братам ён атрымаў у спадчыну не толькі гандлёвую рыбапрамысловую справу, але і запал да збіральніцтва. У рэестры карцін Сапожнікава на 1827 г. налічвалася звыш васьмідзесяці палотнаў фламандскіх, італьянскіх, французскіх, нямецкіх майстроў і адзінаццаць работ рускіх мастакоў. Нейкія карціны купец Сапожнікаў купіў пры распродажы галерэі віленскага генерал-губернатар Корсакава, іншыя на розных аўкцыёнах і антыкварных крамах і г. д. Самай вялікай каштоўнасцю збору Сапожнікава была "Мадона з кветкай" пэндзля Леанарда да Вінчы. - Л. Л.
64 Бэркман ці Баеркман Ян Караль, дактарызаваны ў Вільні ў 1814 г. З-за пратэкцыі Зубавай і Навасільцава ў 1826 г. атрымаў кафедру прафесара Віленскага ўніверсітэта. Потым выкладаў у Пецярбургскай Медыцынска-хірургічнай акадэміі. Памёр у 1856 г.
65 Мікалай Арэндт, сын Тэадора (1756-1859), знакаміты хірург.
66 Тэкля з Валентыновічаў, княгіня Зубава, у 1826 г. выйшла замуж за графа Андрэя Шувалава. Навасільцаў, які з-за гэтага шлюбу застаўся ні з чым, "каб пакрыўдзіць нізкім станам новага зяця Шувалава, зласліва спытаў у маці Тэклі: "Як маецца пані паручнікава?", але маці не збянтэжылася і адказала: "Маеце жаданне паразмаўляць пра княгіню? Можа вы не ведаеце, што яна ўжо не княгіня, а графіня?" (успаміны Г. Пузыні). Вынікам гэтага шлюбу быў сын Павел (1830 г. н.), які даслужыўся да чыну генерала ад інфантэрыі і ў 1894-1896 гг. займаў пасаду варшаўскага генерал-губернатара. Тэкля Зубава, потым Шувалава з Валентыновічаў, памерла ў 1872 г.
67 Маецца на ўвазе лідскі харунжы, палкоўнік Юзаф Нарбут (каля 1780 г. н.) стрыечны брат Юліі (Лабаржэўскай і потым Шышковай), нейкі час ён быў жанаты з Ганнай Радзівіл (з Жырмунскіх Радзівілаў). У 1810-1816 гг. - суддзя віленскага ніжэйшага земскага суда і, верагодна, менавіта тады і адбывалася гэтая гісторыя. - Л. Л.
68 Віленскі доктар Юзаф Франк пісаў пра прэлата Гразмані: "… прэлат віленскай капітулы Гразмані быў чалавекам вельмі марным. Быў закончаным быдлякам і дапамагаў Зузанне Далінскай (родная сястра Юліі - Л. Л.) у яе любоўных справах. Ён аддаваў ёй сваю кватэру для сустрэч, за што яна павінна была ахвяраваць яму парцэляваныя філіжанкі, бо ён быў гарачым калекцыянерам парцэляны і меў рэдкую яе калекцыю ".
69Аспазія (каля 470-400 да н. э.) - адна са славутых жанчын старажытнай Грэцыі, каханая жанчына Перыкла, вялікага палітычнага дзеяча старажытных Афін. Адрознівалася прыгажосцю, грацыяй, прыродным розумам і адукаванасцю. Яе дом у Афінах быў месцам збору ўплывовых і выбітных па розуме і таленце людзей. - Л. Л.
Беларусы сустракаюцца з індзейцамі
Няфейкавая салідарнасць
(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-52 (105-156) (2024); № 1-29 (157-185) за 2025 г.)
Супрацоўніца адной з праграм Племені хупа ў Каліфорніі даслала нам інфармацыю пра хворага амерыканскага хлопчыка - перад смерцю ён хацеў трапіць у Кнігу рэкордаў Гінеса.
Калі б просьба зыходзіла не ад індзейцаў, мы не сталі б рабіць ніякіх дзеянняў, бо не вельмі верым - нават амаль зусім не верым - у падобныя кампаніі. Спрабаваць парадаваць хворае дзіця трэба не праз кнігу рэкордаў, якая ўяўляе сабой у значнай ступені спекуляцыю магчыма часам і натуральнай, але акмеалагічна нездаровай канкурэнцыі ў свеце людзей і прыроды.
Ужо ў наступным лісце з Хупа прагучала слова фейк, якое тады яшчэ не было ў шырокім ужытку на нашай прасторы.
Але мы ўжо паспяхова прыцягнулі да справы някепскую гомельскую газету "Экологический вестник", а без поспеху - ды і асаблівай надзеі не было - і дзве газеты дзелавых людзей у Менску. Ліст Пятру Марцаву здаваўся нам самім авантурай, але вельмі хацелася на практыцы спрыяць ініцыятывам, падтрыманым Племенем хупа і ў цэлым індзейцам і нейкім чынам хаця б праінфармаваць журналістаў!
Misty Blake, File Clerk, Hoopa Valley Tribal Credit Program […] Hoopa, California 95546-1307
September 2, 1999
Dear Misty Blake:
We received your letter on July 2 and sent our Russian version of your information to some newspapers and passed it to acquaintances. Our man in Zhlobin, a journalist, tried unsuccessfully to put a note in his district (rayon) newspaper. Nevertheless, there is at least one publication. I am sending a copy of the 2 September issue of the Republican ecological newspaper Ekologicheskii vestnik /herald/ founded in 1989 to cover Chernobyl and other environmental problems. Thanks to Editor (Ms) Larisa Gramatchikova. Many thanks to you for sending us the letter.
I am also enclosing a couple of business cards of local residents. We hope Craig will enter the Guinness Book.
We would be glad to continue contacts with your Tribe. I am sending you 2 notes/letters addressed to some of your tribal offices. Please pass them on (POBoxes). This is a "formal" attempt to start cooperation with them.
Sincerely,
Ales Simakou Executive Secretary, Belarusian- American Indian Society
[Added or enclosed:]
September 2, 1999
Dear Friends:
In July, we received the first message from your area; we use this opportunity to attract your attention to a group interested in further and profound exchanges with reservations. Please send us information on your tribal projects. We hope to interest you in our real life and development efforts.
Sincerely yours,
Ales Simakou, Executive Secretary
To: Hupa Tribe PO Box 1348 Hoopa, CA 95546
Hupa Tribal Museum PO Box 1348 Hoopa, CA 95546
Tsameta Forest Nursery 123 Marshall Lane PO Box 368 Hoopa, CA 95546
*
Yuri Budko, Editor in Chief, Belarus' Today […] Minsk 220100 Belarus
July 2, 1999
Dear Mr. Budko:
We ask you to put the enclosed letter RE: Craig Sheford and Guinness Records (based on a Hupa (Hoopa, CA) mailing received here today) in your newspaper. Many thank yous beforehand. It would be great to attach our own address for both the hesitating ("foreign postage economizing") people and those interested in us.
Sincerely,
Ales Simakou, Executive Secretary
cc: Misty Blake, File Clerk, Hoopa Valley Tribal Credit Program, […]
Да ліста ў Хупа даваліся: "1) ЭВ, 2) Копія ліста Будзько, 3) Копія ліста Здаравенкi, 4) 3 карткі са стандарт. лістом па трох адрасах".
Наш стандартны зварот у рускай версіі выглядаў так:
"Уважаемый читатель!
Кредитная программа племени долины Хупа (Калифорния, США) прислала нам письмо с предложением участвовать в присылке деловых карточек Крейгу Шефорду по следующему ниже адресу. Мы надеемся, что вы могли бы принять участие.
У семилетнего Крейга опухоль мозга и очень ограниченное время, оставшееся в жизни. Крейг установил контакт с Фондом "Осуществи Желание" и выразил свое желание попасть в Книгу мировых рекордов Гиннеса, собрав самую большую коллекцию деловых карточек.
Пожалуйста, перепечатайте это письмо на собственном бланке, отправьте его в двадцать организаций по вашему выбору и вышлите свои деловые карточки Крейгу. Наше участие поможет желанию Крейга исполниться. Пожалуйста, помните, что важно время.
Будьте добры, посылайте ваши деловые карточки по следующему адресу:
Craig Sheford
c/o Children's Make A Wish Foundation
[…]
Atlanta, GA 30346
USA
С уважением Алесь Симаков, исполнительный секретарь Белорусско-индейского общества
[…]
P.S. [у копіі для галоўнага рэдактара "Белорусской деловой газеты"]
Уважаемый г-н Марцев!
Мы просим поместить это письмо в Вашей газете, поскольку "деловые карточки" имеют обычно люди, читающие БДГ.
(Трэба заўважыць, што выразы "пан" і "спадар" (зрэдку як "кампраміс" сустракаецца і "спадар" у лістах аўтара БСІ; Адам Мальдзіс прапанаваў яшчэ больш глыбока "кампрамісны" варыянт: "Паважаны гаспадар!" - можна вітаць у рамках агульнацыянальнага "прымірэння") у дачыненні да нашай прасторы ўжываліся рэдка і несур'ёзна, зрэдку - каб "дагадзіць" тым, хто прадстаўляе "буржуазію".
"Час паноў / спадароў" скончыўся для Беларусі (прынамсі Усходняй) у 1917 г. і не пачаўся як след пасля 1991 г. Гэты выраз перайшоў у сферу "іранічнага" этыкету і гумару.)
Толькі ў 2021 г. мы паведамілі былому рэдактару "Экологического вестника", што адбыўся крыху непрыемны інцыдэнт. Мы чакалі, што гэта засмуціць ветэрана журналістыкі, але ў адказ прагучала тое, што ў першы момант сапраўды было нечаканым, але ўжо ў другі (момант) выклікала палёгку і ўдзячнасць: мы хацелі тады зрабіць добрае - і зрабілі.
24.09.2021 г. адбыўся такі адмен электроннымі паведамленнямі:
"На днях как раз вспоминала про этот материал. Не думаю, что кому-то он доставил неприятности".
"Хороший ответ. А ведь я раньше как-то волновался, что такой ляпсус. На самом деле хорошее люди сделали. Может быть с десяток из Гомеля прислали, не думаю, что сто. А даже если бы и сто. По идее - это светлое стремление.
А это такая "фигура речи", шутка:
На днях как раз вспоминала про этот материал.
?"
Сапраўды, нават калі гэтым скарысталіся махляры, людзі маглі адчуць патрэбу паўдзельнічаць у падтрымцы хлопчыка, якому, хоць і па легендзе, было наканавана зазнаць пакуты, паліятыўную медыцыну і памерці. Магчыма, у кагосьці ў Атланце (Джорджыя) сабралася неблагая калекцыя візітных картак. Не прапала, не прападзе? Магчыма, трапіла ў прыватны, карпаратыўны або дзяржаўны архіў?
Візітныя або дзелавыя карткі маюць людзі з "павышаных дастаткам". Часта гэта сапраўды не проста "візітныя" прыватныя карткі з кантактамі, а менавіта бізнес-карткі. Дзесяць картак з Гомеля - наўрад ці гэта рэальна. Магчыма, вынікі "дапамогі" Крэйгу Шэфарду, калі такі насамрэч існаваў, недзе падсумоўваліся (грамадскасцю і нават паліцыяй)
Літ.:
4617 Поможем ребенку осуществить мечту! // Экологический вестник. 1999. 2 сент. С. 4.
5812 Книга рекордов Гиннесса 1999. [Назрань], АСТ; [Мн., 1999].
7053 Общая тетрадка рекордов "Гуляй-поле". И наши рекорды // Гуляй-поле. 2002. № 11. С. 8.
8774 Бернатосян С. Г. Империя Грез: рекорды теле-, радио-, кино- и шоу-бизнеса. Мн.; СПб., 1999.
12967 Ларни Л. Четвертый позвонок, или Мошенник поневоле / [пер. с фин. В. Богачева; худ. В. С. Пощастьев]. Мн., 1983.
5672 О. Генри. Гнустный обманщик / пер. под ред. М. Лорие // О. Генри Избранные новеллы / [сост., авт. вступ. ст. Б. П. Мицкевич; переводы с англ.]. Мн., 1979. С. 197-208.
7619 Лешкович Д. Тонкий обман толстых людей // Белорусская деловая газета. 2000. 9 июня. ("Проверено на себе", древние индейские репепты.)
(Працяг у наступным нумары.)
На "Замкавы гасцінцы" весела і цікава
19-20 ліпеня культурна-турыстычны праект "Замкавы гасцінец" ізноў расчыніў свае брамы. Нашы госці змаглі нацешыцца выступамі таленавітых калектываў і выканаўцаў.
Аматарскае аб'яднанне "Альтанка" падарыла гледачам душэўныя песні і шчырыя эмоцыі, стварыўшы цёплую і ўтульную атмасферу.
Рок-група "Прэмія" запаліла публіку сваёй энергіяй і драйвам, прымусіўшы ўсіх прытанцоўваць пад запальныя рытмы.
Вулічныя музыкі дадалі каларыту і непаўторнага шарму, напаўняючы прастору замка мелодыямі, якія гучалі проста пад голым небам.
Лідскія паэты кранулі сэрцы слухачоў сваімі праніклівымі вершамі, адкрываючы новыя грані творчасці і натхненні. ". На гэты раз выступілі Людміла Русь і Вольга Ашмяна-Бічэль.
Ансамбль цымбалістаў "DASK'EDY" зачараваў усіх сваім віртуозным выкананнем, пагрузіўшы ў свет беларускіх народных мелодый.
А для самых дапытлівых і актыўных наведвальнікаў Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы падрыхтавала займальныя гульні і віктарыны, якія не пакінулі абыякавым нікога!
ТК "Культура Лідчыны".