Наша слова.pdf № 31 (187), 30 ліпеня 2025.
35 гадоў таму назад 27 ліпеня 1990 года была прынята "Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце БССР"
27 ліпеня 1990 года дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР 12-га склікання прынялі Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце нашай краіны. Ад гэтага дня Беларусь была абвешчана незалежным сябрам сусветнай супольнасці, што мае права на ўласную ўладу, законы і можа самастойна вызначаць сваю ўнутраную і вонкавую палітыку. Фактычна ад 27 ліпеня ў Беларусі спынілася дзейнасць саюзных законаў. І хоць да надання Дэкларацыі статусу Канстытуцыі мусіў мінуць яшчэ год, менавіта 27 ліпеня было абвешчана святочным днём, які да Рэферэндума 1996 года святкаваўся як Дзень Незалежнасці.
К пачатку 1990 г. у СССР выявіліся прыкметы дэцэнтраліцыі, што пагражала распадам дзяржавы.
Ініцыятыву абвяшчэння незалежнасці выказаў Беларускі Народны Фронт 24 ліпеня 1990 г., Сойм якога заявіў гэта асноўнай мэтай руху, і ўжо праз некалькі дзён дэпутаты БНФ распрацавалі і прадставілі іншым дэпутатам праект Дэкларацыі аб суверэнітэце. Але ідэя яе прыняцця была адрынутая парламенцкай большасцю. Пасля прыняцця Дэкларацыі аб суверэнітэце РСФСР прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў, каб зменшыць палітычны ўплыў Б. Ельцына, прапанаваў кіраўнікам іншых рэспублік прыняць Дэкларацыі з канстатацыяй падпісання новай Саюзнай дамовы. Гэтую прапанову ў Вярхоўным Савеце агучыў старшыня ВС Мікалай Дземянцей.
Для распрацоўкі праекта Дэкларацыі 20 чэрвеня была створана спецыяльная камісія больш чым з 30 чал. 23 ліпеня, камісія, правёўшы 8 пасяджэнняў, прадставіла праект з 12 артыкулаў.
У гэты ж час распрацоўваліся два альтэрнатыўныя праекты - групай дэпутатаў на чале з Я. Глушкевічам і дэпутатамі БНФ. Разгляд праектаў распачаўся ў Вярхоўным Савеце 24 ліпеня. За праект БНФ аддалі свае галасы 47 дэпутатаў; за праект групы Я. Глушкевіча - 57 галасоў. Праект парламенцкай камісіі атрымаў 208 галасоў. У перапынку паміж паседжаннямі З. Пазняк прапанаваў дэпутатам застацца ў Авальнай зале і разам з Валянцінам Голубевым і Алегам Трусавым распавёў ім пра гісторыю беларускай дзяржаўнасці, у т. л. і пра ВКЛ і БНР. Шмат для якіх дэпутатаў гэтая інфармацыя была навіною.
Падчас абмеркавання праекту "Дэкларацыі" дэпутат А. Лукашэнка пытаў пра перспектывы эканомікі і арміі ў беларускай дзяржаве.
У час прыняцця арт. 11, які прадугледжваў удзел Беларускай ССР у падрыхтоўцы новага Саюзнага дагавора, прадстаўнікі апазіцыі дэманстратыўна пакінулі залу пасяджэнняў, што выклікала абурэнне прадстаўнікоў кансерватыўных колаў у Вярхоўным Савеце. Пазней дзеячы парламенцкай апазіцыі сцвярджалі, што гэты сыход быў загадзя спланаванай акцыяй.
27 ліпеня 1990 г. 229 галасамі "за" была прынята "Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР". 25 жніўня 1991 г., пасля спробы дзяржаўнага перавароту, у Дэкларацыю былі ўнесены пэўныя змены: 253 дэпутата выказаліся "За". Яна набыла статус канстытуцыйнага закона і захоўвала юрыдычную сілу да 15 сакавіка 1994 г., даты прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
З 1991 г. да рэферэндума 1996 г. галоўнае нацыянальнае свята - Дзень незалежнасці, было прымеркавана да даты прыняцця "Дэкларацыі".
Згодна з Дэкларацыяй, Беларусь абвяшчалася суверэннай дзяржавай, "якая ўсталявана на аснове ажыццяўлення беларускай нацыяй яе неад'емнага права на самавызначэнне, дзяржаўнасці беларускай мовы, вяршэнства народа ў вызначэнні свайго лёсу" (арт. 1). Вышэйшай мэтай суверэнітэту прызнавалася забеспячэнне свабоднага развіцця і дабрабыту грамадзян рэспублікі. Носьбітам суверэнітэту краіны і адзінай крыніцай дзяржаўнай улады абвяшчаўся беларускі народ.
У адпаведнасці са зместам Дэкларацыі з дня яе прыняцця на тэрыторыі рэспублікі абвяшчалася вяршэнства Канстытуцыі і законаў Беларускай ССР, паўната ўлады рэспубліканскіх дзяржаўных органаў на ўсёй тэрыторыі краіны, самастойнасць і незалежнасць Беларусі ў міжнародных зносінах. Па сутнасці гэта азначала спыненне дзейнасці на Беларусі саюзных законаў.
Артыкул 10 Дэкларацыі вызначаў, што "Беларуская ССР ставіць за мэту зрабіць сваю тэрыторыю бяз'ядзернай зонай, а рэспубліку - нейтральнай дзяржавай". Апошняе палажэнне было парушана далучэннем Беларусі 31 снежня 1993 г. да сістэмы Калектыўнай бяспекі СНД.
Паводле СМІ.
"З МIХАСЁМ I МIХАЛIНКАЙ КРОЧЫМ РОДНЫМI СЦЯЖЫНКАМI"
Кнiга "З Мiхасём i Мiхалiнкай крочым роднымi сцяжынкамi", падрыхтаваная творчым калектывам Кіравання i ўстаноў адукацыi Лідскага раёна, хутка ўбачыць свет. Выдавецкiм домам "Звязда" прадстаўлены макет кнiгi.
Кнiга стане значным падарункам для будучых першакласнiкаў у знак правядзення Дня беларускага пiсьменства ў г. Лiдзе i абавязкова iх зацiкавiць.
ТК "Адукацыя Лідчыны".
Паштовыя маркі, прысвечаныя Гарадзеншчыне
Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпусціла ў абарачэнне паштовы блок і тры паштовыя маркі на тэму "Гарадзеншчына" з серыі "Беларускі край".
Гарадзенская вобласць - самая маленькая па тэрыторыі з шасці абласцей Беларусі. Размешчана на захадзе краіны. Абласны цэнтр - горад Гародня.
Рэгіён актыўна развіваецца, захоўваючы пры гэтым сваю самабытнасць і традыцыі.
Гарадзеншчына - архітэктурная пярліна Беларусі. Старадаўнія замкі, у тым ліку каралеўскія, старажытныя храмы, манастыры і радавыя сядзібы - усё гэта робіць Гарадзенскую вобласць асабліва прыцягальнай для турыстаў з Беларусі і замежжа.
Гісторыка-культурная спадчына вобласці гарманічна спалучаецца з дзіўнай прыродай: лясістыя ўзгоркі, даліны рэк, запаведнікі і нацыянальныя паркі захапляюць сваёй прыгажосцю.
Праект падрыхтаваны ў супрацоўніцтве з Гарадзенскім абласным выканаўчым камітэтам і пры садзейнічанні Гарадзенскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
У дзень выпуску паштовых марак у абарачэнне ў аддзяленні паштовай сувязі № 25 Гародні праводзілася спецыяльнае гашэнне на канверце "Першы дзень".
Паводле СМІ.
"Кухня Сярэднявечча"
У Лідскім замку пачала працу новая выстава - "Кухня Сярэднявечча", якая размясцілася на першым ярусе паўночна-ўсходняй вежы.
Увазе наведвальнікаўпрадстаўлены сярэднявечны побыт - кухоннае начынне, асвятленне, ежа. Аформлена фотазона. Запрашаем наведаць!
ТК "Культура Лідчыны".
Тэатр гумару "Канкан" у Лідскім замку
Тэатр гумару "Канкан" выступіў упершыню ў сярэднявечным Лідскім замку. Лідзянам былі прадстаўлены некаторыя нумары з мініяцюрамі, якія прыўзнялі настрой. Гумар - гэта ж прадаўжэнне жыцця і магчымасць расслабіцца ад працоўных будняў!!!
Што тычыцца мяне, то з Вячаславам Сяліцкім я знаёмы з 2012 года калі вучыўся ў Гарадзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. За прайшоўшыя 14 год давялося з ім таксама сустрэцца ў Лідскім замку па працоўных пытаннях, а сёння, 27 ліпеня 2025 года - на канцэрце.
Як і іншым пашанцавала набыць зборнік апавяданняў "Привет из 90-х" і аўтограф на памяць.
Спадзяюся, што гэта не апошняя сустрэча з артыстам!
Алесь Хітрун.
Навіны Германіі
Балоты і лясы супраць спякоты і засухі
Што робіць Германія, каб лепш спраўляцца з глабальным пацяпленнем?Міністр навакольнага асяроддзя Карстан Шнайдар лічыць, што галоўны саюзнік - гэта прырода
Міністр навакольнага асяроддзя ФРГ Карстан Шнайдар прасоўвае меры па адаптацыі да наступстваў змены клімату з дапамогай грошай і новых ініцыятыў. Так, напрыклад, ён мае намер на працягу дзесяці гадоў павялічыць фінансаванне праграмы "Кіраванне лясамі з улікам адаптацыі да змены клімату" на 10 млн еўра, давёўшы яго да 145 млн еўра ў год. Пра гэта паведаміла яго міністэрства.
Мэта пазначаецца ў стварэнні багатых відамі змяшаных лісцяных лясоў, якія лепш спраўляюцца з павышэннем тэмпературы, чым хваёвыя лясы, якія пераважаюць у многіх рэгіёнах Германіі. Шнайдар наведаў некалькі праектаў, прысвечаных адаптацыі да змены клімату, у Берліне і Брандэнбургу.
- Прырода - наш галоўны саюзнік як у барацьбе са спякотай і засухай, так і ў барацьбе з праліўнымі дажджамі і паводкамі, - растлумачыў міністр. Зялёныя насаджэнні і адкрытыя ўчасткі зямлі ў гарадах улетку могуць стаць прычынай розніцы тэмператур у некалькі градусаў. - Лясы і балоты ў сельскай мясцовасці дзейнічаюць як натуральныя сістэмы кандыцыянавання паветра і адначасова - як назапашвальнікі вільгаці.
Апроч фінансавай падтрымкі паўторнага забалочвання тарфянішчаў Шнайдар таксама мае намер стымуляваць іх выкарыстанне ў якасці сельскагаспадарчых угоддзяў для вырошчвання культур, прыстасаваных да высокага ўзроўню вільгаці, напрыклад, трыснёгу. Таксама балоты спрыяльна ўплываюць на клімат, паглынаючы вялікую колькасць вуглякіслага газу.
Берлін (dpa). На фота: Змяшаны лісцяны лес у Цюрынгіі© dpa.
Пачаўся Байройтскі фестываль
Байройтскі фестываль пачаўся 25 ліпеня з новай пастаноўкі оперы Рыхарда Вагнера "Нюрнбергскія мейстарзінгеры"
Фестываль музыкі Рыхарда Вагнера пачаўся 25 ліпеня з прэм'еры "Нюрнбергскіх мейстарзінгераў" у пастаноўцы рэжысёра Маціяса Дэвідса. За дырыжорскім пультам - Даніэлю Гаці.
- Мы спадзяёмся, што фестываль пройдзе добра і без адмен па прычыне хваробы каго-небудзь з выканаўцаў, - сказала дырэктар фестывалю Катарына Вагнер. Па яе словах, "Мейстарзінгеры" даставяць сапраўднае задавальненне. Ёй не хацелася б "спойлерыць", але на фестывальнай пляцоўцы будзе што паглядзець.
Байройтскі фестываль - гэта музычны фестываль, на якім выконваюцца выключна оперы Рыхарда Вагнера (1813-1883). Фестываль праводзіцца з 1876 года з перапынкамі, а з 1951 года - штогод у фестывальным тэатры, які быў пабудаваны на Зялёным узгорку ў горадзе Байройце пад кіраўніцтвам самога Вагнера сумесна з архітэктарам Ота Бруквальдам адмыслова для гэтых мэт. Звычайна фестываль праходзіць з 25 ліпеня да канца жніўня.
Байройт (dpa/d.de). Фэставы тэатр у Байройте© dpa.
Кароткая гісторыя Лідскага замка
Леанід Лаўрэш
(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)
Планы Вітаўта аб узвядзенні на пасад Залатой Арды Тахтамыша і аб заваёве Масквы і ўсёй Русі разбіліся на р. Ворскле. Аднак Вітаўт не ўпаў духам і ў 1405 г. захапіў Смаленск. Князь Юрый Святаслававіч Смаленскі пакінуў жонку і дзяцей у горадзе ды ўцёк у Маскву. Вітаўт узяў у палон княжае сямейства і разам з баярамі адправіў яго ў Літву, дзе пасяліў у Лідскім замку. Па сведчанні запісак пробашча Лідскага касцёла ксяндза Стагнева, складзеных каля 1450 г., князь Юрый Святаслававіч, жадаючы вызваліць сваё сямейства з палону, 5 жніўня 1406 г. са значным узброеным аддзелам падступіў да Ліды, спаліў горад і пачаў рабіць прыступы да замка, але лідскі стараста Якуб з Селіцы адбіў прыступы Юрыя і прымусіў апошняга адступіць па дарозе на Вільню.
У 1410 годзе сярод 40 харугваў ВКЛ у Грунвальдскай бітве прыняла ўдзел і лідская харугва і амаль што цалкам палягла там. Паводле паданняў вядомы адзін удзельнік Грунвальдскай бітвы ў складзе Лідскай харугвы - ваверскі баярын Міхайла Гілігінавіч - які вярнуўся дадому (ёсць варыянты імені). У 1413 годзе ён заснаваў касцёл у Ваверцы (дабудоўвалі жонка і сын). 1413 год афіцыйна лічыцца годам заснавання Ваверскай парафіі.
Шлюб Ягайлы з Соф'яй Гальшанскай
Старадаўні род князёў Гальшанскіх меў радавым гняздом Гальшаны ў Ашмянскім павеце. У канцы XIV стагоддзя жыў князь Іван Альгімундавіч Гальшанскі, намеснік кіеўскі, муж смаленскай князёўны Агрыпіны. Праз сваю жонку ён быў блізка параднёны з Вялікім князем Вітаўтам, жанатым з Ганнай Смаленскай. Князь Іван меў трох сыноў. Адзін з іх - намеснік кіеўскі, другі - намеснік у Вялікім Ноўгарадзе. Трэці, Андрэй, не займаў ніякіх высокіх пасадаў. Андрэй памёр, пакінуўшы трох дачок: Васілісу, Соньку і Марыю. Родная сястра Андрэя, Ганна Іванаўна, была жонкай Пяста Мазавецкага - Баляслава III - і вядомая ў гісторыі як фундатарка шпіталя Св. Духа ў Варшаве, якая тады была яшчэ сталіцай Мазовіі, а не ўсёй Польшчы.
Дочкі Андрэя Іванавіча разам з маці, Аляксандрай Дзмітраўнай Друцкай, жылі ў брата маці, князя Сямёна Друцкага. Род Друцкіх ішоў ад славутага беларускага князя Усяслава Чарадзея! Некаторыя з даследчыкаў схіляліся да думкі, што будучая каралева больш хілілася да радні з боку маці, чым бацькі. Пра дзяцінства Сонькі нічога не вядома, апроч факту, што выхоўвалася яна разам з шасцю сынамі дзядзькі, маладымі князямі Друцкімі. Аляксандра Дзмітраўна ў той час яшчэ жыла, бо значна пазней яна наведвала дачку ў Вавельскім замку. Трэба думаць, што Сонька нарадзілася каля 1405 года.
У маі 1420 годзе памерла Альжбета Пілецкая, трэцяя жонка Ягайлы, а сівы кароль Уладзіслаў Ягайла ўсё яшчэ не меў сына. Яму быў неабходны яшчэ адзін шлюб, і пасля перабору розных варыянтаў Вітаўт прапанаваў Ягайлу сваячаніц сваёй жонкі.
Неўзабаве Ягайла гасцяваў у Друцкіх і пазнаёміўся там з князёўнай Сонькай Гальшанскай. Напачатку кароль разважаў пра магчымы шлюб з яе старэйшай сястрой Васілісай, але хутка пакінуў гэтую думку і зацікавіўся Сонькай. Паколькі па старадаўнім беларускім звычаі нельга было выдаваць малодшую сястру перад старэйшай, Васілісу хутка сасваталі за князя Івана Бельскага.
Вось як пра ўсё гэта напісана ў "Хроніцы Быхаўца": "Едучы назад (са Смаленска) , вялікі князь Вітаўт і кароль Ягайла заехалі ў Друцк і былі на абедзе ў князя друцкага Сямёна Дзімітравіча. У караля Ягайлы ўжо трэцяя жонка была памерла без плода, ды ён пабачыў у князя Сямёна дзвюх яго прыгожых пляменніц, старэйшую Васілісу, празваную Бялухай і малодшую Соф'ю. I прасіў Ягайла Вітаўта, кажучы так: "Было ў мяне тры жонкі, дзве ляхавіцы, а трэцяя нямкіня, але плода з імі не меў. А цяпер прашу цябе, з'яднай мне ў князя Сямёна сястрычну яго меншую Соф'ю, я за сябе замуж яе ўзяў бы, можа, хоць з роду рускага (маецца на ўвазе беларускага - Л. Л.) мне Бог дзяцей даў бы". I калі князь Вітаўт пачаў гаварыць пра тое князю Сямёну, той адказаў: "Гаспадару вялікі княжа Вітаўце! Кароль Ягайла - брат твой каранаваны і гаспадар вялікі. Не магло б быць маёй пляменніцы лепей, як за яго міласць замуж пайсці, але ж не хачу я рабіць ганьбу і сорам яе старэйшай сястры тым, што малодшая раней за старэйшую замуж пайшла б. Дык няхай бы яго міласць старэйшую ўзяў". I калі князь вялікі Вітаўт пра гэта каралю Ягайлу паведаў, той яму адказаў: "Я і сам ведаю, што старэйшая сястра цудоўнейшая, але мае вусы, а гэта азначае, што дзеўка яна моцная, я ж чалавек стары - не смею на яе спакусіцца".
Потым князь вялікі Вітаўт з князем Сямёнам, памысліўшы, выклікалі да сябе князя Івана Уладзіміравіча Бельскага, братаніча свайго, і ўгаварылі яго ажаніцца са старэйшаю сястрою Васілісаю Бялухаю, а Соф'ю заручылі з каралём Ягайлам".
Шлюб Ягайлы з Сонькай Гальшанскай адбыўся ў Наваградку ў лютым 1422 года. Непасрэдна перад тым абранніца караля нанова ахрысцілася і ўзяла імя Зоф'я. Вядома, што вяселле было шумнае і па шлюбе маладыя выехалі ў Ліду, дзе і адбываліся галоўныя ўрачыстасці. У Лідзе сабралася мноства гасцей, у ліку якіх быў нунцый папы Марціна V Антоній Зена, чэшскае пасольства, ліцвінскае баярства. Святкаванне ў Лідзе цягнулася аж да вялікага посту. На момант жаніцьбы Ягайла меў 71 год а ягоная чацвёртая жонка толькі 17.
Ян Длугаш гэтак апісвае падзеі: "… усе паны і рыцары, якія былі разам з каралём Уладзіславам, рознымі парадамі, просьбамі і ўсімі даступнымі спосабамі, як маглі адгаворвалі караля Уладзіслава ад жаніцьбы з ліцвінкай, аднак Аляксандр Вітаўт абясцэніў усе іх высілкі і схіліў караля Уладзіслава да шлюбу са сваёй пляменніцай, княжной Сонькай … Вярнуўшыся на запусты ў Наваградак, кароль Уладзіслаў узяў у жонкі князёўну Соньку, параднёную з ім у трэцім і чацвёртым калене, якая да гэтага была абмытая вадой вадохрышча - бо была раней праваслаўнага веравызнання - змяніўшы пры гэтым імя на Зоф'ю. У прысутнасці біскупа віленскага Мацея, які прамовіў словы святой прысягі, заключыў гэты, не мілы палякам, а яму - на мяжы ўжо лядашчай старасці - цалкам непатрэбны шлюб. З вялікай пышнасцю быў праведзены ў Наваградку шлюб паміж няроўнымі партнёрамі: згрыбелым ужо каралём Уладзіславам і маладзенькай у той час Зоф'яй, якая вызначалася болей прыгажосцю, чым звычкамі.
Пасля вяселля кароль польскі Уладзіслаў выехаўшы ў чацвер, раніцой пасля Папельца, з новай жонкай Зоф'яй, з Наваградка прыбыў у Ліду. Прыехаў туды да яго нунцый папы Марціна V, доктар абодвух правоў4 Антоній Зено, каб выслухаць сведак, якія павінны былі быць прадстаўленыя ў спрэчцы з крыжакамі з Прусіі і каб убачыць арыгіналы прывілеяў і дакументаў. Гэтак ён сваім прыбыццём даставіў задавальненне і каралю Уладзіславу, і Аляксандру Вітаўту, кароль і князь падарылі яму багатыя падарункі. Калі гэты незвычайны муж у адпаведнасці са сваім бездакорным характарам марудзіў з іх прыёмам (папа Марцін паслаў для вывучэння гэтай справы такога чалавека, пра якога ведаў, што гэты суддзя несумненна кіруецца справядлівасцю, не паддасца прагнасці і не возьме падарункаў, хоць бы яны мелі невядома якую вартасць - забараніўшы яму адмысловым указам іх прыняцце - не магчыма яго перакупіць каштоўнымі падарункамі), ён пачаў гэтым абуджаць вялікую сімпатыю і ў караля Уладзіслава, і ў князя Вітаўта. Зваротным шляхам з Ліды ў Польшчу, які ішоў праз Ваўкавыск і мясцовасці, праз якія звычайна праходзіла яго дарога, кароль Уладзіслаў накіраваўся ў Кракаў, узяўшы з сабой нунцыя апостальскай сталіцы Антонія Зена".
Гісторыкі вызначылі, што ў Лідзе вялікі князь Вітаўт а гэта значыць, што і кароль Ягайла з маладой жонкай, былі 27.02.1422 года, дадам што першае зафіксаванае наведванне Вітаўтам Ліды адбылося 20.05.1396 года.
Адразу пасля шлюбу Зоф'я пачала ствараць сабе такое становішча, вынікам якога павінна была стаць яе каранацыя. Але першая дата ўрачыстай каранацыі - 26 снежня 1422 года - па невядомых прычынах не была вытрымана, а новую не вызначылі. Гэта магло быць звязана, з абыякавым стаўленнем Ягайлы да жонкі. Звярталі ўвагу, што каралева не цяжарыла і нават у самыя першыя месяцы шлюбу сівы муж ад'язджаў на доўгі час, пакідаючы маладую жонку ў чужым для яе атачэнні. Таксама пэўную ролю адыграў унутраны стан палітычных сілаў у Польшчы - ніводная палітычная група не мела зацікаўленасці ў каранацыі маладой жонкі Ягайлы. Тады Сонька паказала добры розум, хутка ацаніла сітуацыю і зрабіла стаўку на групоўку, сярод якой усё болей вылучаўся малады канонік Збігнеў Алясніцкі, цікава, што гэтая групоўка ад пачатку была супраць шлюбу Ягайлы і Сонькі Гальшанскай.
У выніку, каранацыя была прызначана на сакавік 1424 года. Сваёй прысутнасцю яе аздобілі суседнія манархі: Сігізмунд з Барбарай Люксембурскай і дацкі кароль Эрык. Прыбылі чатыры Пясты Мазавецкія, восем Шлёнскіх, мноства князёў літоўскіх і беларускіх на чале з Жыгімонтам Карыбутавічам, які меў з сабой пяцьсот ваяроў. Каранацыю правёў арцыбіскуп Гнезненскі, асістэнтамі былі арцыбіскуп львоўскі, трое біскупаў і папскі легат. Святочныя забавы цягнуліся тыдзень. Агульную ўвагу выклікала адсутнасць вялікага князя літоўскага Вітаўта. Была гэта самая ўрачыстая каранацыя каралеўскай жонкі за ўсю гісторыю Польшчы. Каранацыя ўзмацніла становішча Сонькі, і нядаўняя "беларуская дзяўчына" (як акрэсліў Длугаш) пачулася ў новай айчыне больш пэўна.
Зоф'я нарадзіла Ягайлу трох сыноў (сярэдні памёр немаўлём) і стала заснавальніцай дынастыі Ягелонаў. У сучаснікаў былі сумненні наконт бацькоўства першага хлопчыка, але трэці сын Казімір, які нарадзіўся, калі каралю Ягайлу ўжо споўнілася 76 гадоў, быў настолькі падобны да бацькі, што атрымаў мянушку Ягелончык (г. з. малы Ягелон). Дынастыя Ягелонаў кіравала аб'яднанай польска-ліцвінскай дзяржавай да 1572 года, Венгрыяй і Чэхіяй - да 1529 года. Два сыны, чатыры ўнукі і два праўнукі Зоф'і Гальшанскай сталі каралямі, і яна ўвайшла ў гісторыю як "маці каралёў".
Вядома, што ажно да пачатку XX стагоддзя кожнае чацвёртае або нават кожнае трэцяе дзіця памірала не дасягнуўшы паўнагадовага ўзросту. Каб зразумець значнасць Зоф'і Гальшанскай, для прыкладу разгледзім сям'ю знатных сужэнцаў - англійскага караля Эдуарда I (1239-1307) і ягоную жонку, каралеву Элеанору (1241-1290). Дзеці, якія нарадзіліся ў гэтай каралеўскай сям'і, натуральна, гадаваліся ў самых лепшых умовах, якія толькі магла забяспечыць сярэднявечная Еўропа: яны жылі ў палацы, у іх было шмат ежы і цёплай вопраткі, у пакоях было цёпла, не мелася праблем з чыстай вадой. Прынцаў і прынцэс абслугоўвала цэлая армія персаналу, сярод якога меліся і лепшыя лекары. У прыдворных хроніках пералічана 16 дзяцей, народжаных каралевай Элеанорай з 1255 па 1284 года. З іх 10 дзяцей памерлі маленькімі, толькі 6 дасягнула 11-ці гадовага ўзросту. І толькі апошняе, 16-тае дзіця, прынц Эдуард, дажыў да паўнагоддзя і пасля смерці свайго бацькі ўзышоў на пасад Англіі пад імем Эдуарда II. Інакш кажучы, толькі з шаснаццатай спробы Элеанора справілася з галоўнай абавязкам ангельскай каралевы - падаравала каралеўству спадчынніка пасада.
Каралева Зоф'я выступіла ініцыятарам першага перакладу Бібліі на польскую мову, вядомага як "Біблія каралевы Зоф'і" і ўвесь час аказвала істотную фінансавую падтрымку Кракаўскай акадэміі. Яна была адзіным заступнікам гэтай навучальнай установы, у якой вучыліся і ўсе тагачасныя беларусы, і дзе ступень бакалаўра атрымаў і наш вялікі Францішак Скарына.
Пасля смерці Вітаўта вялікім князем літоўскім быў абвешчаны Свідрыгайла, родны брат Ягайлы. Свідрыгайла, жадаючы разарваць усякую сувязь паміж Літвой і Польшчай, неадкладна падняў вайну супраць Ягайлы, з-за чаго і быў пазбаўлены вялікага княжання, а на літоўскі пасад быў абраны малодшы брат Вітаўта Жыгімонт. Паміж Свідрыгайлам і Жыгімонтам завязалася вайна. Жыгімонт сваімі войскамі заняў некаторыя літоўскія гарады, у тым ліку і Ліду. У жніўні месяцы 1433 г. Свідрыгайла зрушыўся адбіраць гарады, занятыя Жыгімонтам. Атрад Свідрыгайлы, які складаўся з цвярскога палка, татараў і літоўскага апалчэння з Ашмянаў, падступіў да Ліды. Залога Жыгімонта, якая бараніла Лідскі замак, нягледзячы на энергічныя дзеянні Свідрыгайлы, замка не здала, і Свідрыгайла абмежаваўся толькі тым, што спаліў дашчэнту ўвесь горад і адступіў да Трокаў.
XVI і наступныя стагоддзі
Замак заўсёды з'яўляўся дзяржаўнай уласнасцю, падтрымліваўся і ахоўваўся мясцовай шляхтай, быў сховішчам для навакольных жыхароў пры з'яўленні непрыяцеля, быў складам зброі, месцам для пасяджэння судоў і збору павятовых соймікаў, турмой і г. д.
Карыстаючыся хваробай караля і вялікага князя Аляксандра Казіміравіча, татары здзейснілі моцны набег на Беларусь. У чэрвені месяцы 1506 г. пяцідзесяцітысячная татарская арда пераправілася цераз раку Прыпяць, разрабавала Мазыр і Слуцк і спынілася каля Клецка. Вестка аб нашэсці была атрымана толькі тады, калі перадавыя татарскія аддзелы з'явіліся на берагах Нёмана. Хворы кароль абвясціў паспалітае рушэнне, г.зн. пагалоўнае ўзбраенне шляхты на абарону Айчыны. Месцам збору апалчэння была прызначана Ліда. Хворы Аляксандр быў вымушаны прыбыць у Ліду, яго суправаджала жонка Алена Іванаўна, канцлер Ласкі і некалькі іншых прыбліжаных да караля асоб, у тым ліку віленскі біскуп Табар. Тым часам татары пераправіліся на правы бераг Нёмана і пачалі рабаваць і паліць Беліцу, Жалудок і інш. Кароль і вялікі князь ужо цалкам пазбавіўся сіл і пачаў рыхтавацца да смерці. 24 ліпеня 1506 г. у пакоях Лідскага замка Аляксандр Казіміравіч паспавядаўся, прычасціўся і падпісаў духоўны тастамант. Між тым татары, ніколькі не асцерагаючыся блізкасці паспалітага рушэння, ужо руйнавалі наваколлі Ліды. Аднак адзін з высланых у наваколлі горада раз'ездаў, за сем вёрст ад Ліды сустрэў натоўп татараў падчас рабункаў, разбіў яго і ў знак перамогі прынёс у горад на дзідах дзесяць татарскіх галоваў. Вестка аб блізкасці татараў усіх уразіла, і было вырашана перавезці Аляксандра Казіміравіча, які ўжо паміраў, у сталіцу. Яго паклалі ў насілкі, прывешаныя паміж двух коней, і ў суправаджэнні двара і невялікага ахоўнага аддзела раніцай 27 ліпеня 1506 г. вывезлі з Ліды. Услед за выездам караля рушэнне на чале з князем Глінскім і намеснікам гетмана Станіславам Кішкам выступіла з Ліды і ў кровапралітнай бітве ля Клецка разбілі татарскае войска. Радасная вестка аб перамозе заспела Аляксандра яшчэ жывога, ён не мог ужо гаварыць, але толькі мігамі выяўляў сваю радасць і падзяку Богу. Аляксандр Казіміравіч памёр у ноч на 20 жніўня 1506 г.
У 1524 г. лідскі стараста Юрый Іллініч надаў святару лідскай царквы Прачыстай Багародзіцы Васілю, якая стаяла на супрацьлеглым ад замка баку замкавага става, некалькі пустых зямель і агародаў у Лідскім павеце, каб а. Васіль уносіў штогадовую плату на ўтрыманне Лідскага замка
У 1568 годзе лідская шляхта прасіла вялікага князя ВКЛ Жыгімонта Аўгуста, "абы суды земские в оном повете Лидском отправованы были в замку, а не по корчмам на месте". Вялікі князь задаволіў гэтае жаданне, і паседжанні земскага суда пачалі адбывацца ў замку.
17 верасня 1590 года горад Ліда атрымаў Магдэбургскае права і гарадскі герб. Лепшы ў XX стагоддзі знаўца лідскай гісторыі Міхал Шымялевіч інтэрпрэтаваў сімволіку лідскага герба, па яго меркаванні: ключы - сімвалізуюць свабоду, леў - незалежнасць, а каралеўская мантыя - апеку караля над горадам.
Па сведчанні дакументаў XVII ст., г. Ліда ў старажытнасці складаўся з наступных частак: замка, двара старасты, уласна горада і прадмесця Зарэчча. Для захоўвання кніг Лідскага земскага суда ў 1638 годзе было дазволена за кошт мясцовых жыхароў пабудаваць у замку склеп пры сцяне. У 1766 годзе кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі дазволіў пабудаваць у замку мураванае сховішча архіўных дакументаў. Яшчэ ў канцы XVIII стагоддзя ў развалінах адной з вежаў замка былі бачныя сляды судовых пасяджэнняў - гісторык і інжынер Тэадор Нарбут абследаваў руіны ўмацавання і запісаў, што ў адной з кутніх вежаў на верхнім паверсе меліся шыкоўныя залы і пакоі, а на ніжнім - судовая і архіўная "ізбы". Аднак трэба зазначыць, што пры археалагічных даследаваннях рэшткі склепа выявіць не ўдалося. Магчыма, будынак не меў добрага фундамента ці архіў мясціўся ў вежах.
Турма знаходзілася ў сутарэнным паверсе паўночна-ўсходняй вежы. Існаванне замкавай турмы бачна з прысуду Лідскага гродскога суда ад 8 студзеня 1607 года, якім пан Шчасны Рэксць быў абавязаны адбыць кару "за примовку и налаяне пану Езеашу Сумороковичу тутъ в замку выконать".
Цяжкія часы наступілі для горада ў 1654-1663 гады. У выніку вайны ў 1655 годзе горад быў спустошаны. У 1656 і 1657 гадах нашу мясцовасць наведаў неўраджай, а ўвосень таго ж года ў Лідзе з'явілася маравая язва, якая не перапынялася да зімы наступнага года. Усе судовыя і адміністрацыйныя ўстановы былі зачыненыя. Дзякуючы ўсеагульнаму замяшанню, у Лідскім павеце з'явілася маса вандроўнага люду: вакол адбываліся рабаванні, забойствы, наезды на чужыя маёнткі і г. д.
Улетку 1659 года князь Хаванскі, рухаючыся з вялікім войскам з Вільні ў Гародню, падступіў да Ліды. Лідскі замак, нягледзячы на адчайную абарону, быў узяты, а горад разрабаваны і спалены. Ліда прыйшла ў поўны заняпад. Цалкам спустошаны горад не мог уносіць у скарб нават самыя малыя плацяжы. З увагі на гэта на сойме 1676 года была выдадзена адмысловая канстытуцыя, па якой Ліда на чатыры гады вызвалялася ад усіх грашовых і натуральных павіннасцей, пастою войскаў, пастаўкі коней для перавозкі пошты і г. д.
Але бедствы Ліды працягваліся. Уначы 29 чэрвеня 1679 года ў горадзе ад невядомай прычыны ўспыхнуў пажар. З-за сухога надвор'я і моцнага ветру агонь з неверагоднай хуткасцю распаўсюдзіўся па ўсім горадзе. На працягу адной гадзіны пажар знішчыў 38 мяшчанскіх і яўрэйскіх хат, з якіх аплачваліся падаткі ў скарб, не ўлічваючы хат манастырскіх і шляхецкіх. Многія хрысціяне і яўрэі згарэлі жывымі, а многія атрымалі цяжкія апёкі. Увесь хатні скарб, быдла і да т. п. зрабіліся здабычаю полымя.
Падчас так званай Паўночнай вайны, у 1702 годзе адзін з атрадаў шведскіх войскаў разрабаваў і спаліў частку горада і падарваў замкавыя вежы. У Лідзе была пакінута шведская залога, а ўтрыманне яе ўскладзена на жыхароў. У 1706 годзе шведы другі раз разрабавалі горад і яго наваколлі, а затым тое самае паўтарылі і ў 1708 годзе, рухаючыся з Гародні цераз Ліду па Івейскім гасцінцы пад начальствам самога караля Карла XII. Тады ж, на пачатку XVIII стагоддзя шведы ўзарвалі абедзве замкавыя вежы і ўмацаванне цалкам страціла якое-небудзь ваеннае значэнне. Пасля Паўночнай вайны на тэрыторыі Лідскага замка жылых пабудоў не было, яго муры паступова пачалі разбурацца. Аднак ва ўцалелых памяшканнях захоўваліся гарадскія акты і праходзілі суды.
Сойм 1717 года з увагі на бядотнае становішча горада пацвердзіў канстытуцыю 1676 года і дэкрэты Скарбовага Трыбунала, якімі Лідзе былі прадстаўлены правы і вольнасці. У 1776 годзе сярод нешматлікіх гарадоў Лідзе было пакінута Магдэбургскае права назаўжды, а кароль Станіслаў Аўгуст прывілеем 1788 года дараваў гораду пляц зямлі для пабудовы на ім ратушы. Зразумела, гэта была не першая ратуша ў Лідзе.
У 1772 годзе Ліда была занята рускімі войскамі пад начальствам генерала графа Татлебена, які ўніверсалам ад 20 студзеня 1773 года патрабаваў ад жыхароў Лідскага павета прыняць на сябе забеспячэнне сваіх салдат.
Горад з замкам у 1784 г. , па апісанні выканаўца абавязкаў лідскага пробашча ў той год, ксяндза Сымона Вырыкоўскага, меў наступную тапаграфію: "Касцёл парафіяльны ў горадзе, павеце і дэканаце Лідскім, ад касцёла ў кірунку на захад праз семдзесят крокаў знаходзіцца касцёл і кляштар кс. кармелітаў antiqua observantia (г. з. старога абраду - т. з. "кармелітаў босых" - Л. Л.), у кірунку на поўнач праз чатырыста пяцьдзесят крокаў знаходзіцца касцёл, кляштар і павятовая школа кс. піяраў, у кірунку на летні ўсход праз дзевяцьсот крокаў парафільная ўніяцкая царква (ritus graci uniti), праз дзвесце пяцьдзесят крокаў у кірунку на зімовы ўсход стары мураваны замак, у кірунку паміж летнім захадам і поўначчу праз пяцьсот крокаў стаіць яўрэйская бажніца, у кірунку на поўнач праз дзве тысячы пяцьсот крокаў яўрэйскія могілкі".
10 красавіка 1794 годзе палкоўнік войскаў ВКЛ інжынер Ясінскі, разам з графам Несялоўскім, сабраў значную частку паўстаўшых войскаў, з 18 гарматамі выступіў з Вільні і размясціўся лагерам каля Ліды, пагражаючы рускім войскам пад начальствам князя Цыцыянава, якія стаялі ў Гародні і ў Нясвіжы пад начальствам генерала Туталміна. Але ўлетку таго ж года нашы войскі каля Ліды былі разбіты, а сам горад канчаткова заняты рускімі войскамі. Пры гэтым Лідскі замак зноў быў разбураны, а старажытны архіў, які захоўваўся ў ім, быў вывезены войскамі ў Смаленск.
У 1797 годзе нейкі рускі генерал-маёр занатаваў: "... каля горада стаяць рэшткі старажытнага замка, чатыры каменныя сцены, пабудаваныя чатырохкутнікам на вышыні, у кутах жа тых сцен адзін супраць другога збудаваны бастыёны; але ў адным месцы каля кута сцяна абвалілася на тры аршыны, тут жа з'явілася трэшчына-выгін, які пагражае падзеннем. Гэтыя сцены часткова пабудаваны з дзікага каменю, а часткова з цэглы, у сярэдзіне пустое месца, сухое і ўзвышанае".
Сцены замка стаялі цалкам пустыя і разбураныя, за выключэннем паўднёвай сцяны, якая сяк-так захавалася ў сваім першапачатковым выглядзе.
Перад пачаткам вайны 1812 годзе каля Ліды быў размешчаны 6-ты корпус рускіх войскаў пад камандаю генерала Дохтурава. У траўні таго ж года ваколіцы горада наведаў імператар Аляксандр I і правёў агляд войскаў.
(Працяг у наступным нумары.)
4 Доктар абодвух правоў (скарочанае - J.U.D. лац.: Iuris Utriusque Doctor) - вучоная ступень вышэйшай ступені доктара навук у галіне грамадзянскага і царкоўнага права. Ступень была шырока распаўсюджана сярод каталіцкіх і нямецкіх вучоных сярэднявечча і ранняга новага часу.
Некалькі гадоў маёй маладосці ў Вільні* (1818-1825)
Станіслаў Мараўскі
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Неўзабаве пасля прыезду ў Вільню Ганна Нарбутова са здзіўленнем заўважыла, што з яе мужам часта і знянацку здараюцца розныя прыгоды, што па вечарах ён часта паводзіць сябе дзіўна, без найменшай прычыны і самым жорсткім чынам сварыцца з ёй, робіць тое, што называецца une querelle d'alrmsnd (фр. "нямецкая сварка". - Л. Л.). Кожны такі выбрык звычайна заканчваўся поўнай адмовай ад шлюбнага ложка на 24 ці нават больш гадзін. У такіх выпадках раззлаваны Нарбут забягаў у свой кабінет, штурхаў і перасоўваў крэслы, а потым, крыху супакоіўшыся, садзіўся на ўсю ноч пісаць, і гэта вельмі раніла маладую жонку. Бачыўшы ў гэтым толькі дзіўны характар мужа і яўную несправядлівасць да сябе, яна таксама паказвала яму свой нораў і ціха ў адчаі плакала ў падушку, але рабіла выгляд, што ягоныя выхадкі яе не хвалююць. Аднаго разу, пасля такой навальніцы, калі насуплены Нарбут пакінуў яе ляжаць у ложку, яна адчула, што на гэты раз сваімі паводзінамі дала падставу для сваркі, і ёй прыйшло ў галаву, ці не лепей было б пайсці да яго з пяшчотай і ласкай? Чаму б пакорліва не папрасіць у мужа прабачэння? Яна доўга вагалася, але каханне перамагло. І калі пасля паўночы маладая жанчына пачула з кабінета мужа рыпення яго пяра, ёй стала шкада свайго мужа, які з-за яе будзе ўсю ноч пісаць. Таму яна ціхенька ўстала з ложка, абула хатнія пантофлі, накінула шаль і ў такім маляўнічым строі на дыбачках падкралася да дзвярэй кабінета. Муж ў шлафроку пры дзвюх свечках усё пісаў і пісаў - жорстка скроб пяром па паперы. Жонка падбегла да яго і раптоўна, ззаду схапіла за шыю, а потым са слязамі пацалавала і ўсклікнула: "Прабач мяне, давай памірымся, мой дарагі муж".
Але якой ж было яе здзіўленне, калі, расплюшчыўшы вочы, напоўненыя салодкімі слязьмі, яны ўбачыла, што цалуе … каго?
Брыдкага, чырванатварага і пракажонага ксяндза Гразмані. Святар апрануты ў шлафрок яе мужа быў так ашаломлены гэтым здарэннем, што страціў самавалоданне. Гэта ён павінен быў усю ноч бязлітасна маляваць кветкі на паперы. Што ж гэта было? Лабаржэўская збаламуціла Нарбута. Кожны раз, збіраючыся на спатканне, ён сварыўся з жонкай, каб мець нагоду пакінуць яе і пайсці ў кабінет, дзе яго чакаў азалочаны і паслужлівы Гразмані, які апранаўся ў яго шлафрок і граў яго ролю, пакуль сам Нарбут з прыемнасцю праводзіў ноч з Лабаржэўскай.
Раздзел 8. Аўтар падчас працэсу філарэтаў. Размова з Пеліканам. Вінцэнт Згерскі і яго паэтычная манія. А. Адынец. Сатырычная паэзія Адынца пра Згерскага. Гісторыя Згерскага ў Пецярбургу. Эгіды. Сенатар гр. Ільінскі.
Я тады, як кажуць, адчуваў сябе, як пончык у алеі, і суцяшаў сябе мілымі, прыгожымі і маладымі жанчынамі. Адным словам, жыў напоўніцу. Аднак, калі ласка, не думайце, што я цалкам аддаваўся жанчынам. Мой час быў сістэматызаваны. Усю раніцу да поўдня - вучоба, кнігі, музыка, італьянская мова, якой мяне вучыў вельмі разумны пан Фларыяні. Потым абед. Пасля абеду адна-дзве гадзіны лёгкага чытання газет, аповесцей, раманаў. Я заўсёды меў вялікую цягу да чытання, хоць тады яшчэ не было ні Бальзака, ні Дзюма. Затое мы ўсе чыталі Вальтара Скота. Так праходзіла большай палова дня. У другой палове пачыналіся візіты да нашых прыгажунь, якія доўжыліся да поўначы. Маладыя раўніўцы часта расказвалі розныя небыліцы дамам майго сэрца. Неаднойчы панна Сакен, з якой мяне заўсёды звязвала добрае сяброўства, ці якая-небудзь пані з мяккім сэрцам, страчвалі прытомнасць з-за гісторый, расказаных ім гэтымі гарэзлівымі ягамосцямі-псотнікамі. Часцей за ўсё, яны з абыякавым тварам паведамлялі, што на свае вочы бачылі, як варта вяла мяне ў вязніцу. І адразу ў маю кватэру прыбягалі пятнаццаць братоў, сыноў ці ўнукаў гэтай добрай пані а потым столькі ж лакеяў. У той час я звычайна апранаўся на вечар. Гэтыя гісторыі заўсёды аказваліся няпраўдай. Псотнік унутрана смяяўся, аднак падкурчваў хвост і хутка сыходзіў, а я з вясёлай усмешкай ішоў да паненак, каб асабіста пераканаць іх у хлусні і пацалаваць ручкі маім заступніцам, якіх хваляваў мой лёс.
Неяк, ідучы дахаты, у завулку Шварца я сустрэў Пелікана. Ён па-братэрску са мной павітаўся і пачаў распытваць пра здароўе, пра тое, што я раблю і як адпачываю. Потым узяў мяне за руку і, каб працягнуць даверлівую гутарку, павёў у глыб звычайна бязлюднага завулка. Гэта бязлюднасць ледзь не саслужыла нам мядзведжую паслугу. Перакананыя, што на бруку нікога няма, кухаркі радасна вылівалі з вокнаў верхніх паверхаў розныя брудныя вадкасці. Можа, за дзесяць крокаў ад нас, з афіцыйны дома Франка70, высунуўся вялікі рондаль, а потым тоўстая і па локаць голая рука перавярнула яго, і памыі Ніягарскім вадаспадам паліліся на вуліцу. Атрымаўшы такое папярэджанне і пасмяяўшыся, мы вырашылі не заставацца ў гэтым негасцінным месцы. Пелікан павёў мяне на пляц і там доўга з вялікім запалам распытваў мяне пра дух, змест і філасофію філарэтызму, пра яго розныя ступені, якія, як ён сцвярджаў, ужо выяўлены следствам. Размаўляў са мной, як чалавекам, пра якога дакладна ведаў, што ён не чужы гэтай справе. Скончыў тым, што пажадаў мне дабра і папрасіў, каб усё, што ведаю, я выклаў у адмысловай запісцы і перадаў яму, тады ён прадставіць мяне Навасільцаву. Пры гэтым Пелікан даў мне слова, што калі я так зраблю, усе турмы будуць неадкладна адчынены - я зраблю вялікую карысць і атрымаю славу.
Нягледзячы на тое, што я любіў тады Пелікана і не меў наконт яго ніякіх падазрэнняў, мяне абурыла, што ён імкнуўся ўзяць мяне простай і зразумелай зычлівасцю, і я змог, хоць і з цяжкасцю, адмовіцца ад яго просьбы. Прапанову Пелікана тлумачыў добрым і чуллівым сэрцам, з-за якога ён верыў у дабрыню Навасільцава. Але калі я вярнуўся дахаты, знайшоў там майго вернага прыяцеля Баянуса, які ўжо тры разы марна забягаў да мяне каб засцерагчы ні ў чым не давяраць Пелікану і цурацца яго, як чумы. У мінулую ноч Баянус дакладна даведаўся пра самыя горшыя планы Пелікана. Каб пазбегнуць падазрэнняў, Баянус прасіў не бачыцца з ім, але цалкам давяраць яму і быць асцярожным, бо ён ведаў, што Пелікан нацэлены на мяне. Я ведаў Баянуса. Ён быў сумленным і цнатлівым чалавекам і меў галаву, якіх мала.
Малады чалавек, калі ён сумленны і добры, рэдка падазрае каго-небудзь. Чалавечую нячэснасць, як фантасмагорыю ці байку, ён лічыць справай старых дзівакоў. Ён жыве з сэрцам на далоні і верыць кожнаму. Гора таму, хто ў маладосці не быў такім дурным. Але калі ён аднойчы расчаруецца, у яго сэрца будзе ўбіты вялізны трохвугольны стылет і з анёла ён ператворыцца ў подлую і злосную нікчэмнасць. Хай будзе пракляты той, хто не зрывае заслону з вачэй маладога чалавека, які верыць ва ўсё добрае. Пракляты тыя, хто псуе і труціць маладыя сэрцы і сумленныя душы!
Я быў адным з першых, хто даведаўся, што Пелікан ужо скінуў з сябе белыя шаты добрага чалавека і апрануў расшыты золатам фрак Люцыпара. Усе бацькі, усе маці, усе сваякі, усе жыхары горада, усё яшчэ лічылі яго сваім апекуном і анёлам-ахоўнікам. І толькі я адзін у сваёй скрываўленай душы крычаў: "Здрайца, здрайца, здрайца!". (А 21)
Як сёння пасля паклону, дама пытаецца, ці ўсё ў вас добра, так у той час, нават не дазволіўшы дайсці да канапы, гаспадыня казала: "Ці ведаеце, што сёння ўзялі гэтага і гэтага і жандары прывезлі яшчэ аднаго". Такі тады быў штодзённы настрой. І нават сама мова памянялася з-за пастаяннага страху. А нашы штодзённыя размовы, нашы ганіцелі, па-вечарах, запісвалі ў сакрэтныя паперы. Аднак не толькі за палітыку сядзелі ў вязніцы. Зусім у іншых умовах сядзеў і быў прадметам смеху і жартаў сакратар кансісторыі Вінцэнт Згерскі, якога нашы святары абвінавацілі ў прысваенні скарбовых грошай. Згерскі - арыгінал, напоўманьяк ці поўны маньяк, чалавек, адзіны ў сваім родзе71. Падарую каня са збруяй таму, хто мне, хай і праз сто гадоў, пакажа другога такога чалавека! У справах ён быў нармальным а ў канцылярскай службе нават здольным чыноўнікам. Уся кансісторыя складалася ў той час толькі з набейбрухаў, якія вадзілі наведвальнікаў за чырвоны нос і мелі значныя прыбыткі. Покуль справа ішла толькі пра службу, яму хапала розуму. Але ад свайго пісьменніцтва, паэзіі і велічы свайго роду, у яго закруцілася і зламалася галава. Падпісваўся - Вінцэнты з Цеханаўца граф Кішка Згерскі, што яшчэ можна было яму параіць? Моладзь адвыкла ад некалі вядомага і шанаванага ў краю, а зараз вымерлага роду Кішак, і таму брала яго паходжанне пад увагу. Маючы ў памяці свежыя веды з анатоміі, я калісьці назваў яго "прамой кішкай". Гэта падабалася жартаўнікам і нават сталым людзям, з таго часу небарака атрымаў мянушку "Кішка адкідаў" і насіў яе да скону. Пісаў драмы, камедыі, трагедыі, эпапеі - і ўсё гэта вершам. Усё гэты прыгожа выдрукоўваў на найлепшай паперы і ўсё, што адной рукой вырываў у наведвальнікаў кансісторыі, другой укладваў у выданне сваіх твораў - "Залатая вольнасць" 72, "Хадкевіч" і іншыя кніжкі. Але літаральна ад першага да апошняга слова, у гэтых кніжках ніхто і ніколі не знайшоў ні сэнсу, ні сюжэту, ні думкі. Шурлоўскі і Крышталевіч, пра якіх я пісаў вышэй, былі Карнелямі і Расінамі ў параўнанні са Згерскім.
Аднак, сёння ўвогуле вельмі строга судзяць аб кнігах, бо іх стала многа з-за ўздыму друкарскага майстэрства. Такі-сякі бярэ кнігу ў рукі і адкідвае яе, бо, кажа, кніга дурная. Дрэнных кніг, мусіць, больш чым добрых, бо талентаў а тым больш геніяў, мала. Але ж колькі б не прачытаў кніг, я яшчэ не бачыў цалкам нявартай, такой, каб у ёй не мелася хоць адной карыснай ці павучальнай думкі. І толькі з кнігамі Згерскага ўсё было не так. Прачытаўшы першае слова, заўсёды хацелася ўрэзаць яму ў лоб яго ж кніжкай. Бо быў гэта дзіўны набор слоў, воркі глупства, абломкі вобразаў, лязг невядома адкуль ўзятай зброі і нічога болей! Хай даруе яму Пан Бог! Але ён, як надзьмуты паўлін хадзіў паміж людзей, смяяўся з цяперашняга пакалення, пастаянна звяртаўся да нашчадкаў, здзекаваўся і шкадаваў нашы бедныя галовы, якія не ведалі такога ўзнёслага генія які апярэдзіў свой век. А можа і меў рацыю? Можа і сапраўды людзі стануць яшчэ больш дурнымі, чым сёння? Можа Кішку калі-небудзь палічаць празорліўцам? І тады як шанаваць гэта беднае чалавецтва? Шпаркі чалавечы розум скача цяпер у адным накірунку, ён любіць тое, што забаўляе, любіць складанае і змрочнае, шукае абсалют які ходзіць у нямецкім штанах і, магчыма, аднойчы знойдзе ў гэтым вялікую ідэю! Ці не было ўжо такога прыклада ў розных частках свету?
Дзіўнымі былі і інструкцыі для тэатра, змешчаныя ў дадатках да яго п'ес. Гэты няўклюда чакаў, што яго трагедыі будуць прадстаўлены на сцэне. Адна з яго інструкцый, здаецца да "Залатой вольнасці" гучыць так: "Арол, прабіты сямю стрэламі, нябачны для публікі". І такіх глупстваў, ці можа, геніяльных ідэй, у яго тысячы.
Хаця не паспеў стаць прарокам, бо служыў у кансісторыі, наш добры Кішка знайшоў даволі хітры спосаб дасягнуць прамежкавай мэты. Свае творы ў раскошных пераплётах ён дасылаў у Рым Святому Айцу. З-за сваёй пасады стасаваўся з духавенствам, як сакрыстыян з пробашчам, і яму было нескладана ў бессэнсоўную але прыгожа выдадзеную кніжку, укласці разумна напісаны ліст пра яго таленты. Выбітны і слынны лінгвіст кардынал Мецафанці73 рваў на сабе валасы, бо ведаў польскую мову але нічога не мог разабраць у кнізе, дасланай з Вільні Святому Айцу. Таму "Залатая вольнасць" і іншыя глупствы Згерскага клаліся на вечнае захоўванне ў бібліятэцы Ватыкана. І папа, думаючы што ў гэтых кнігах сканцэнтраваны нейкія чужаземныя думкі, прыслаў яму ордэн Залатой шпагі, а акадэмія "Аркадзія"74 зрабіла сваім членам пад прыдуманым імем Палідор, як і трэба было згодна з статутам (А 22). Сапраўдны гэта быў Палідор!75 Але прамаўчу!
Бог ведае як, але здаецца, нейкім чынам як парадую на слова Банапарт, ён сам сабе прыдумаў мянушку Ліберапарт76. Можна толькі здагадацца, што гэтак ён выказаў сваё стаўленне да карбанарыяў. І тое, што Згерскі страціў ў нашай варварскай лясістай Літве, ён падманам здабыў га берагах Тыбра.
Нават атрымаўшы Залатую шпагу, Згерскі далучыўся да інстытуцыі, якой здаўна пагарджалі ў Еўропе. Купіў сабе богагробскі крыж (крыж гроба Пана) стужка якога падобна на стужку знакамітага рускага ордэна св. Уладзіміра, і як упрыгожванне, насіў гэты крыжык. Тое самае рабілі і іншыя блазны. Гэты ордэн надаваў кляштар у Мехаве ад імя брацтва Панскага Гроба. Патэнт каштаваў пяць дукатаў. Гэта была дасціпная прынада для дурняў ад мяхоўскіх ксяндзоў. І замест скапулярыя яны прыдумалі вельмі прыгожы эмаляваны крыж. Зразумела, што за гэтым крыжыкам кінуліся шмат франтаў і дурняў.
З гэтай нагоды прыгадваю анекдот, які мне шмат разоў расказвалі. У 1811 г. адзін з панічаў-афіцэраў польскага войска вельмі жадаў атрымаць ордэн. Ён угаварыў некалькі старых сваячак, каб яны выпрасілі ў князя Юзафа Панятоўскага, калі той будзе ў добрым гумары, дазвол насіць яму богагробскі крыж. Калі князь Юзаф ужо не вытрымаў настойлівых просьбаў бабулек, сур'ёзна ім адказаў: "Ну добра, нарэшце ўгаварылі. Хай сабе носіць, але толькі на кашулі". Лепш і не пажартуеш!
Вось і наш Кішка, ці лепш наш паважаны Кішка, неяк конна выехаў на шпацыр маючы гэты ордэн. Д'ябал - адвечны вораг кансісторскіх служак, на Дамініканскай вуліцы звёў яго з паліцмайстрам Шлыкавым, які ўважліва прыглядаў за ўсімі. Шлыкаў спыніў Згерскага, ветліва папрасіў зняць крыжык з пятліцы і аддаць яму. Пасля чаго пажадаў добрых шпацыраў. Але прагулка не задалася і пажаданне Шлыкава не спраўдзілася.
Згерскі меў такі дурны выгляд твару, што нават адкідваючы яго смешную літаратуру, не магчыма было, прынамсі мне, глянуць яму ў вочы каб не пырснуць ад смеху. Гэта быў худы, высокі бландзін з мокрымі валасамі, з воспінамі на твары, дзіўна сагнуты ў паясніцы, як быццам яго рыхтавалі да аперацыі. Адным словам, быў падобны на тупы трохвугольнік, які ходзіць на сваіх нагах. Прытым заўсёды меў высока ўзнятую галаву, што аднак не рабіла яго хоць трошкі больш прывабным.
Раптам на яго галаву ўпала графская карона. Зняў вілу за горадам і пачаў запрашаць кансісторскіх дам на вечарыны, г. з. жонак і сясцёр кансісторскіх і свецкіх чыноўнікаў. Згерскі дакучаў гэтым бедным жанчынам сваімі творамі і паіў іх гарбатай з ружовым лікёрам. У выніку гаротніцы некалькі дзён потым не маглі пазбавіцца ад туману ў галаве. Трэба было ж прыдумаць такое! Нарэшце, ён пачаў браць урокі верхавой язды ў майстроў вальтажыроўкі Кярыні. Трупу Кярыні ведала ўся Еўропа. Яны вельмі прыязна дазвалялі падчас рэпетыцый прысутнічаць у іх на манежы. На рэпетыцыі і навучанні ў Вільні прыходзіла шмат людзей. Аднаго разу стары вальтыгер і кавалерыст Яноўскі, які тут нікога не ведаў, прыехаў у Вільню і з цікаўнасцю зайшоў паглядзець на рэпетыцыю ў манежы. Прыходзіць, глядзіць, захапляецца майстэрствам італьянцаў. І на развітанне кажа Кярыні, што больш за ўсё яго здзіўляе анёльскае цярпенне спартсмена ў адной з самых складаных поз - ён можа цэлую гадзіну заставацца у ёй! І паказаў на Згерскага, які, адбываў сваю гадзіну заняткаў і ўпэўнены ў сваім майстэрству, марудна ездзіў пасярод членаў трупы, якія напружана трэніраваліся. Усе гэта спарадзіла вялікую колькасць жартаў і эпіграм. Але найлепш пра яго напісаў малады, вясёлы і таленавіты хлопец Антоні Эдвард Адынец. Адынец, на мой погляд, зрабіў бы значна больш, калі б у яго жыццё не ўвайшла вельмі капрызная жонка. Ён адзін з нашых самых лепшых паэтаў-рамантыкаў, адзін з лепшых пісьменнікаў, якія пішуць вершы і прозу. Але цяпер, я чуў, ён мусіць марнаваць свой час у газеце "Віленскі Кур'ер". Што зробіш? Цырцэі даўно ўцяклі ад нас, а бог Пан77 кліча да гвалту. На мой погляд, у сваіх бліскучых вершах, баладах і казках, як Гарэцкі ў жартах і экспромтах, мала хто ў такім узросце меў такія ж дасягненні як Адынец. Не ведаю чаму, але ў маладосці, калі мелі мы з ім дастаткова даверлівыя адносіны, ён заўсёды нагадваў мне велікоднае яйка. Пэўна, румянцам. Меў тады чорныя валасы, смуглявы твар з вялікай колькасцю радзімых знакаў, чорныя, вогненныя як распаленыя вуглі вочы, хоць адно з іх і касіла. Яго румянец быў кармазынавы, моцны і як бы намаляваны на твары. Рост крыху вышэй за сярэдні.
Адынец, як толькі закончыў курс універсітэта, як толькі выратаваўся ад наступстваў жахлівага пераследу моладзі з небяспечным палітычным характарам, апярэджаны пахвальнай славай свайго імя і таленту, які абяцаў яму вялікія перспектывы, атрос віленскі пыл са сваіх ног і пабег шукаць лепшай долі ў Варшаву, меў тады ўжо выдадзены на складкі зборнік сваёй паэзіі. Там яго прадставілі розным знакамітым людзям, і ён нават звярнуў на сябе ўвагу графа Замойскага, старшыні тагачаснага сената Каралеўства. Ды так, што гэты стары, які заўсёды неахвотна ціснуў руку паэтам, быў так уражаны, што дазволіў яму бясплатна жыць у кватэры адной з афіцын свайго палаца разам з нейкім панам Ардынцам. Кватэра паэта складалася з двух невялікіх пакояў і вітальні, вокны выходзілі на Саскі сад. Я быў у яго, бо ў той час прыехаў у Варшаву і на хвілінку завітаў у той катушок78 да нашага паэта. Па праўдзе кажучы, граф не вельмі шмат зрабіў для падтрымкі таленту, але і тое, што зрабіў, было шчасцем для маладых і бедных хлопцаў. Зрэшты, нават самы багаты чалавек, не ў стане раздаць сваё багацце, каб шчодра зрабіць шчаслівымі бедных, гэтага не разумее сумленная і несумленная галота.
(Працяг у наступным нумары.)
* Morawski Stanislaw. Kilka lat mlodosci mojej w Wilnie (1818-1825). Warszawa, 1924. Пераклад Леаніда Лаўрэша .
70 Дом Франка, уласна кажучы, стаіць пры вуліцы Вялікай № 37, на рагу Шварцавага завулка. У свой час у ім жыў Франк, а пасля ў яго кватэры жыў Андрэй Снядэцкі, які памёр у 1838 г.
71Мікалай Маліноўскі пісаў пра яго: "… бедны шляхціц і сірата з Драгічына, атрымаў грашовае забеспячэнне з фондаў Корсакаў у Вільні, дзе набыў адукацыю. Пасля заканчэння навучання ў гімназіі пачаў часта наведваць лекцыі ва ўніверсітэце. Памяці яму хапала, але галава была павярхоўная, прытым надзвычай самаўпэўненая. Слава Андрэя Снядэцкага яму не давала спаць; усяго толькі некалькі месяцаў слухаў яго выкладанне хіміі, калі пачаў марыць пра вынаходствы ў гэтай навуцы, якімі хацеў бы здзівіць свет. Напісаў нейкую слабую працу па хіміі, у якой не было ні ладу, ні складу, занёс яе да Снядэцкага, а калі быў ім рэзка разгромлены за такую дзёрзкасць, пакляўся ў вечнай непрыязнасці да яго. Пакінуў фізіка-матэматычнае аддзяленне і перайшоў у літаратурнае; тут, уражаны паэтычнай славай, пастанавіў усё жыццё аддаць музам. Трымаўся на рэпетытарстве, што пры такой колькасці старанных вучняў універсітэта было цяжка настолькі, што Згерскі ледзьве мог задаволіць самыя неабходныя жыццёвыя патрэбы. У гэты час прыехаў з Галіцыі заможны памешчык Антон Згерскі на працэс з Міхалам Агінскім. Згерскі тут жа адправіўся да яго. Чалавек высакародны, убачыўшы галечу аднафамільца, пакінуў яму сродкі (sіc) на двухгадовае ўтрыманне ва ўніверсітэце; размаўляючы з ім пра свой працэс, распавёў, што дамагаецца спадчыны па сваёй прабабцы Кішцы, маёнтак якой нібыта хацелі прысвоіць Агінскія. Пан Вінцэнт Згерскі, ухапіўшы гэтую вестку, шукаў у Нясецкага, хто былі Кішкі, і, знайшоўшы, што гэта быў адзін з найдаўнейшых і самых заслужаных родаў у Літве, што па прыкладзе іншых магнатаў Кішкі атрымалі ў канцы ХVІ стагоддзя ў нямецкага імператара графскі тытул на Цеханоўцы ў Падляшшы, адразу пасля ад'езду Антона Згерскага пачаў пісацца поўным тытулам… аднойчы ж у працавітага генеалога Ігната Багдановіча-Дваржэцкага, вельмі стараннага карэктара ў друкарні Завадскага, убачыў пячатку аднаго з даўнейшых Кішкаў, а на ёй эмблему гэтага рода - lіber a parte (далёкі ад партый), не ведаючы лацінскай мовы, прыназоўнік a далучыў да прыметніка lіber і ўтвораную такім чынам эмблему, якая не мае ніякага сэнсу, уключыў у свой тытул. Згерскі, не задавальняючыся ўжо польскімі паэтамі, палюбіў расійскіх і набыў пэўную здольнасць пісання на гэтай мове. Паколькі ў той час мала хто з маладых людзей ведаў расійскую мову, а віленская кансісторыя мела патрэбу ў перакладчыку, ён выпрасіў гэтае месца ў тагачаснага афіцыяла, біскупа Тадэвуша Кундзіча, чалавека, які быў не вельмі разумны, але бязмерна любіў ліслівасць. Згерскі ўмеў патрафіць гэтай слабасці недалужнага старога, які неўзабаве даў яму пасаду сакратара кансісторыі. Кундзіч быў хцівы і прадажны, найбольш атрымліваў незаконных прыбыткаў з разводаў, у чым Згерскі старанна яму дапамагаў. Паколькі справы ў яго пайшлі на лад, яго апанавала манія элегантнасці, у чым бязмерна перабольшваў. Стракацеў рознымі бліскаўкамі, на пальцах поўна пярсцёнкаў, так што да яго можна было прыстасаваць тое, што напісаў Красіцкі ў адным са сваіх твораў пра білгарайскіх ювеліраў: што прадавалі "каштоўнасці вялікай вагі - за тры злоты два шмарагі". Мужчыны пачалі насіць плашчы, якія называліся альмавіва, - з доўгімі ядвабнымі кутасамі; гэта падалося Згерскаму занадта простым - замовіў пазументніку зрабіць доўгія і тоўстыя шнуры і кутасы з золата, падкладку ж зрабіў пурпурную аксамітную і так фанабэрыўся, як пава, хадзіў па прыгожых і вельмі папулярных у той час віленскіх бульварах, якія, пачынаючыся ад дома Жавускіх насупраць катэдры, цягнуліся цудоўнымі алеямі з пірамідальных таполяў, акалялі арсенал і ўсю замкавую гару і па-над Віленкай выходзілі на Катэдральную плошчу. Гэтая цудоўная аздоба горада з'явілася дзякуючы добраму густу і намаганням генерал-губернатара Корсакава, які сам з уласнай скарбонкі шмат на гэта выдаткаваў грошай. Мала было Згерскаму залатых кутасоў, абавязкова хацеў ордэна, але гэта было ўжо цяжэй. Пачуўшы, што ў Рыме за сто дукатаў можна было купіць гэты ордэн, трэба толькі ўказаць нейкую прычыну, склаў абыякі збор расійскіх пастаноў, што тычацца каталіцкіх касцёлаў у імперыі, назваў гэта гучна "Кананічным правам", надрукаваў у місіянераў і паслаў з лістом Папе, тады яшчэ Пію VІІ, і стараннем байкапісца Антона Гарэцкага, якога гэтая прэтэнзія Згерскага вельмі забаўляла і які менавіта ў гэты час ездзіў у Рым, купіў сабе жаданы ордэн. Ордэн залатой шпагі складаецца з белага эмалевага крыжа, да ніжняй яго часткі прымацавана маленечкая залатая шпага. Носіцца ён на шыі на пурпуровай стужцы, якую, натуральна, Згерскі загадаў зрабіць у два разы шырэйшай, чым пазначана ў інструкцыі. Калі Згерскі пачаў паказвацца ў Вільні з гэтым ордэнам, паліцмайстар Шлыкаў спытаў у яго, па якім праве ён носіць такую аздобу, ён сапраўды паказаў папскі патэнт, але, паколькі не было дазволу расійскіх улад на нашэнне ў краі гэтага ордэна, Шлыкаў сказаў яму, што можа насіць гэты ордэн, але не інакш як пад кашуляй. Згерскі, забяспечыўшы сваё жыццё і атрымліваючы значныя прыбыткі, якія давала яму сакратарства ў кансісторыі, хацеў праслыць вялікім паэтам. Пачаў пісаць трагедыі і тут жа іх друкаваць. Любіў таксама мастацтва, але ніякай значнай працы не выдаў, акрамя намаляванай віньеткі. Так, у трагедыі "Залатая вольнасць" намаляваў голага купідона з крыламі, з лукам у руках, з калчаном на жываце і ва ўланскай шапцы! Другая надрукаваная яго трагедыя Хадкевіч пад Хоцімам вылучаецца тым, што герой трагедыі ані разу не з'яўляецца на сцэне. Вершы Згерскага - набор слоў без усялякай думкі, цэнзура нідзе не выкарыстана, кадэнцыя дзівацкая, ніякага ведання сцэнічнага складу. Калі на паэта пасыпаліся эпіграмы, жоўць у ім узыграла, і самыя дасціпныя шпількі прыпісваў Ігнату Шыдлоўскаму. Жадаючы адпомсціць, выбраў адну з нявінных песенек Шыдлоўскага, апублікаваных у Dzіennіku Wіlenskіm, і загадаў надрукаваць яе на асобным аркушы, а на чатырох вуглах сказаў гравёру Падалінскаму зрабіць выяву асліных галоваў з разадранай пашчай, з высалапленым языком і надзвычай доўгімі вушамі і пад кожнай такой галавой напісаць "спевы - зевы" (гэта павінна было азначаць, што нават асёл пазяхае, слухаючы песні Шыдлоўскага). Згерскі спрабаваў свае сілы ва ўсіх жанрах паэзіі: пісаў байкі, оды, балады, акравершы і да таго падобнае. Падчас следства над філарэтамі Згерскі быў зняволены; калі Навасільцаў загадаў даставіць яго ў камісію і спытаў, дзеля чаго ён збірае ў сябе моладзь - і напраўду, Згерскі, наняўшы цалкам другі паверх палаца Слушчынскага (цяпер казармы на Антокалі), запрашаў да сябе знаёмых маладых паэтаў - Корсака, Адынца, Аляксандра Ходзьку і іншых, для якіх гэтыя вечары былі невычарпальнай крыніцай смеху і весялосці, а Згерскі частаваў сваіх гасцей рознымі ласункамі і гарбатай з ружавым лікёрам, - Згерскі, апраўдваючыся перад Навасільцавым, адказаў, што для выпраўлення густу, які сапсавалі ў моладзі ўбогія вершы Міцкевіча, збірае іх для чытання сваіх уласных вершаў і для скіравання іх на добры шлях. Навасільцаў загадаў яму прадэкламаваць нешта з сваіх геніяльных твораў і, тут жа ацаніўшы, што за чалавек гэта быў, вызваліў яго са зняволення з пажаданнем, каб і надалей не забываў распаўсюджваць добры густ у паэзіі. Універсітэт атрымаў новага прафесара рускай літаратуры Яна Лабойку, вялікага невука, якому здавалася, што зможа прывіць любоў ліцвінаў да паэзіі расійскіх класікаў. Лабойка пагарджаў Пушкіным, але аддаваў ідалапаклонніцкую пашану Дзяржавіну. Згерскі тут жа выказаў гатоўнасць перакладаць яго оды, і сапраўды апрануў іх у дзівосны ўбор, а Лабойка быў такім лагодным, што на кожнай перакладзенай одзе прыпісваў: "С подлинным верно", - і гэтыя оды асобнымі брашурамі выходзілі ў Вільні цэлы год, а Згерскі называў іх тамамі. Нарэшце, палаяўшыся з першым сваім пратэктарам Кундзічам, завёў на яго працэс і выехаў у Пецярбург. Там на працягу некалькіх гадоў праеў усё, што сабраў у Вільні; спадзяваўся выбрацца з бяды і абвясціў праспект гераічнай паэмы з дваццаці чатырох песень у гонар імператара Мікалая, назваўшы яе Нікалаіда, але хтосьці звярнуў увагу на непрыстойнасць твораў Згерскага, была накладзеная забарона, каб не ўздумаў сваю Нікалаіду друкаваць. Паколькі ў гэты час Міцкевіч знаходзіўся ў Пецярбургу, Згерскі моцна скардзіўся, што Міцкевіч ад зайздрасці перашкодзіў выхаду твора, які выратаваў бы яго ад галечы. Згерскі, калі на паэтычнай ніве не пашчасціла, вырашыў пабагацець адразу праз выданне ў Пецярбургу гандлёвай газеты на некалькіх мовах - польскай, рускай, нямецкай, французскай, англійскай - пад назвай "Меркурый" (насамрэч - "Эгіды" - Л. Л.) ... Пасля выхаду ледзь некалькіх нумароў газета перастала выдавацца, паэт недзе згінуў, так што адшукаць яго сляды было немагчыма; найверагодней, што недзе, у нейкім закутку, памёр ад халеры". - гл: Маліноўскі Мікалай. Кніга ўспамінаў. Мінск, 2014. С. 101-105. - Л. Л.
72 Антоні Эдвард Адынец пісаў: "… хачу тут дадаць яшчэ адзін анекдот, які мае дачыненне да нашых чытанняў і дае ўяўленне пра разумовыя схільнасці чытачоў, аб чым я згадваў таксама раней. Леанард Ходзька, едучы праз Баруны дамоў, прывёз мне гасцінец з Вільні - кнігу, якая толькі што выйшла там з друку, - "Залатая вольнасць" - рэч драматычная, "напісаная графам Вінцэнтам КішкамЗгерскім з Цеханаўца, ex libera parte". Гучная назва гэтай кнігі і напышлівае імя аўтара, да таго ж, як на тыя часы, вельмі багатае выданне моцна мяне зацікавілі. Я падрыхтаваўся чытаць гэты дарагі скарб, выбраўшы сабе ціхае і самотнае месца на полі пасярод жыта. Але чытаю раз - і не разумею. Чытаю другі раз - вынік той жа. Нарэшце трэцяе, таксама дарэмнае, чытанне прывяло мяне ў сапраўдную роспач ад тупасці маёй галавы і невуцтва. Ну то даю кнігу Кароліку, а потым пытаюся, ці яму падабаецца. Адказвае, што нічога не разумее. Гэта крыху мяне ўсцешыла; пускаем кнігу ў далейшы абарот. Ад усіх, … адказ заўсёды адзін і той жа. …". - гл: Адынец А. Э. Успаміны пра мінулае.. С. 62. - Л. Л.
73 Кардынал Юзаф Мецафанці (1771-1848), вядомы паліглот і філосаф. Ведаў 58 старажытных і сучасных моў. З 1838 г. - бібліятэкар Ватыкана.
74 Акадэмія "Аркадзія", супольнасць навукоўцаў, паэтаў, аматараў мастацтва, заснаваная ў Рыме ў 1690 г. - Л.Л.
75 Палідор, сын Прыама, у грэцкай міфалогіі траянскі царэвіч. - Л. Л.
76 Падпісваўся "ex libera parte". Насамрэч, прыдомак "Ліберапарт(э)" узяў з гербу Кішкаў: "Liber a parte" (далёкі ад партый) і пераставіў адну літару. - Л. Л.
77 Пан - старажытнагрэчаскі бог пастухоўства і жывёлагадоўлі, урадлівасці і дзікай прыроды. - Л. Л.
78 У выданні ўспамінаў Мараўскага 1924 г. гэтае не зразумелае польскаму чытачу слова тлумачыцца са спасылкай на шматтомны слоўнік польскай мовы. Але я з дзяцінства ведаю, што катух (катушок) - не вялікі і не вельмі ладны пакой (пакойчык), пэўна, гэта ўсё ж наша, беларускае слова - Л. Л.
Беларусы сустракаюцца з індзейцамі
Вітаем вас, любіконы: Вышынская, Жалязоўскі, Касіч, Шамякін, Ядранцаў
(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-52 (105-156) (2024); № 1-29 (157-186) за 2025 г.)
ВЫШЫНСКАЯ* (пані, Mrs. Wyszynski, pani Wyszynska) - у матэрыяле на сайце саскачэванскай арганізацыі па садзейнічанні пісьменнасці Foundations Learning & Skills Saskatchewan (formerly READ Saskatoon) "Wyszynski Family Reunion Visit" (13.10.2017, https://foundationslearning.com/wyszynski-family-reunion-visit) расказваецца пра вопыт маці Рыка Вышынскага (Rick Wyszynski), аднаго з прадстаўнікоў чатырох пакаленняў сям'і, якія прыехалі з Антарыа і Мічыгана ў Саскатун з мэтай падсумаваць вядомае, акрэсліць дакладней гісторыю Вышынскіх, якія ў свой час пасяліліся вёсцы Гласвін (Glaslyn) і каля яе.
Рык і яго жонка Пат - педагогі, гэтым тлумачыцца тое, што яны выйшлі на READ Saskatoon, і яму асабліва хацелася падзяліцца звесткамі пра сваю маці, гісторыю яе пісьменнасці, а дакладней непісьменнасці.
"У Рыка таксама была асабістая прычына наведаць Саскачэван і знайсці READ Saskatoon - яго маці не давалі адукацыі, і яна ніколі не вучылася чытаць і пісаць. Каб ушанаваць яе любоў і падтрымаць іншых, хто можа мець цяжкасці з пісьменнасцю, сям'я Вышынскіх правяла з намі гадзіну, размаўляючы пра важнасць адукацыі і праграм па павышэнні пісьменнасці ў грамадстве, і яны зрабілі значнае ахвяраванне агенцтву".
Паводле слоў Рыка, яна нарадзілася, найбольш верагодна, у кастрычніку 1912 г. , "на ферме" ў Беларусі. У дзяцінстве, праведзеным на радзіме, ёй "было адмоўлена ў адукацыі", тое ж паўтаралася, калі яна з сям'ёй прыехала ў Гласлін у 1929 г.
"Яна навучылася размаўляць і разумець па-англійску, падслухоўваючы тэлефон суседа па тэлефоннай лініі. Але ёй даводзілася спадзявацца на іншых, каб расшыфраваць шыльду, газету ці пасведчанне аб нараджэнні ўласнага дзіцяці. Незнаёмцы, напэўна, былі вельмі цярплівымі і добрымі ў тыя часы, бо, будучы прыгожай дзяўчынкай-падлеткам, яна адважылася паехаць у Саскатун і нават у Нью-Ёрк на працу хатняй прыслугай. Як яна знаходзіла дарогу? Як яна ездзіла ў аўтобусе, перасякала мяжу ці купляла што-небудзь паесці? ...ёй даводзілася спадзявацца толькі на сваю волю і здольнасць да выжывання.
У дзяцінстве я зразумеў, што яна не можа чытаць мне казку на ноч ці віншавальную паштоўку, якую я маляваў ад рукі [drew up by hand]. Гэта было проста прынята ў сям'і.
Я заўсёды адчуваў, што яе жыццё было б зусім іншым, калі б яна спачатку хадзіла ў школу, ці, прынамсі, пазней мела доступ да адукацыі для дарослых. Вось галоўная прычына, па якой я вяртаюся ў Саскачэван: каб паспрабаваць дапамагчы таму, хто можа апынуцца ў падобнай сітуацыі".
Яе сітуацыя блізкая да таго, з чым сутыкаліся індзейцы і метысы ў тым раёне.
Гласлін размешчаны за 67 км на поўнач ад горада Норт-Батлфард (North Battleford) і за 91 км на поўдзень ад возера Медаў-Лейк (Meadow Lake), паўночна-заходні Саскачэван ("a welcoming gateway to the Northwest area of Saskatchewan").
Паводле перапісу 2016 г., з 375 жыхароў 80 указвалі на паходжанне ад кры, 25 адносілі сябе да метысаў (раздзел Aboriginal ancestry responses).
Гласлін называецца на рэсурсах метысаў (галаўная іх арганізацыя ў правінцыі - Metis Nation - Saskatchewan) як адно з паселішч, якое падлягае ўліку (гл., напр., https://saskmetisworks.ca); і сапраўды, тут можна знайсці як мінімум два адпаведныя бізнесы (DLD Builders Inc., Frontier Cafe), ёсць вядомыя асобы-метысы, у прыватнасці пісьменнік Уілфрэд Бартан (Бёртан, Wilfred Burton)
"Уілфрэд Бартан - аўтар-метыс, родам з раёна Гласлін, Саскачэван. Ён працуе настаўнікам з 1979 г. Яго першая пасада настаўніка пачатковых класаў была ў Ла-Лош [La Loche]. Ён шмат гадоў працаваў у дзяржаўных школах Рэджайны, GDI (SUNTEP) і ў цяперашні час з'яўляецца дыферэнцыяваным кансультантам у дзяржаўных школах Рэджайны [differentiated consultant with Regina Public Schools]. Ён скончыў Універсітэт Рэджайны, Саскачэванскі індзейскі федэратыўны каледж і Універсітэт Вікторыі [University of Regina, Saskatchewan Indian Federated College and the University of Victoria]. Чытанне і джыгінг [ jigging, лоўля на джыг, разнавіднасць рыбалоўнай прынады] - дзве рэчы, якія ён любіць. Яго першая кніга "Fiddle Dancer" спалучае гэтыя два захапленні!"
Вёска Гласлін набыла агульнаканадскую сумную вядомасць з-за інцыдэнту 1963 г., пры якім група белых забіла індзейца Алана Томаса (Saulteaux Indian named Allan Thomas), які разам з блізкімі паставіў палатку каля Гласліна.
Літ.:
2465 Леві-Строс К. Пісьменнасць і яе рабы // Культура. 1993. 24 жн. С. 10. (Пераклад тэкстаў з англ. і фр. моў у выпуску "ЗНО" І. Бабкова і Ю. Барысевіча.)
2479 Булыка А. Піктаграфічнае пісьмо // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. Т. 8. 1975. С. 433-434.
ЖАЛЯЗОЎСКІ Ігар (Ihar, Igar Zhaliazouski, Igor Zhelezovsky) - бронзавы прызёр XV зімовых Алімпійскіх гульняў у Калгары (1988) на дыстанцыі 1000 метраў. Памёр у 2021 г. ад COVID-19. Ураджэнец Оршы.
Жалязоўскі - адзін з наймацнейшых у свеце канькабежцаў-спрынтараў прыкладна паміж 1983 і 1993 гг., неаднаразовы рэкардсмен свету на дыстанцыі 1000 і 1500 м і ў спрынтарскім мнагабор'і, чэмпіён і прызёр буйных спаборніцтваў. Быў прэзідэнтам Беларускага саюза канькабежцаў, членам НАК Беларусі, першым прэзідэнтам Параалімпійскага камітэта Беларусі.
Найбольш вядомы момант, які звязвае Алімпіяду 1988 г. з індзейцамі, - з'яўленне профілю індзейца на рэверсе медалёў - выгляд гэтых узнагарод з'яўляўся ў беларускім друку, ужо ў 1987 г., калі мы ўжо даволі актыўна апрацоўвалі (атрымліваючы па падпісцы) многія беларускія цэнтральныя газеты.
На аверсе - афіцыйная эмблема Алімпіяды і надпіс "XV ЗІМОВЫЯ АЛІМПІЙСКІЯ ГУЛЬНІ, КАЛГАРЫ 1988". На рэверсе намаляваныя профілі спартсмена з аліўкавым вянком на галаве і карэннага жыхара Калгары - індзейца ў традыцыйным галаўным уборы. Толькі замест пёраў - зімовы спартыўны інвентар: лыжная палка, боб, лыжы, лязо канька, клюшка, сані і вінтоўка. Дызайн: Фрыдрых Петэр. Склад: 1-е месца (срэбра, пазалота), 2-е месца (срэбра), 3-е месца (бронза). Дыяметр: 69 мм. Чаканка: Jostens Inc.
Гімн на адкрыцці гульняў, як напісаў беларускі аўтар І. Ядранцаў (гл. арт. пра яго), выканалі на англійскай, французскай і мове кры. Але слова "кры", у спалучэнні "любікон-кры", гучала і як некаторае азмрочванне спартыўнага свята.
Палітычныя ўскладненні з-за пратэстаў індзейцаў. З серыі "Каланіялізм і Алімпійскія гульні"
"Заявы аб крадзяжы і знішчэнні культурнай спадчыны на Зімовых Алімпійскіх гульнях 1988 года ў Калгары, Альберта".
Зімовыя гульні 1988 гады ў Калгары прадоўжылі практыку крытыкі, якая мела месца на гульнях 1976 г. у Манрэалі. Па меркаванні крытыкаў з пункту гледжання становішча і прадстаўлення карэнных, на мерапрыемстве была пэўная неадэкватнасць у гэтай сферы. Нават "мясцовыя гукі, віды і выявы", "масіўны вігвам" на цырымоніі адкрыцця, а таксама медалі з выявай "зімовага спартыўнага інвентару, які тырчыць з цырыманіяльнага галаўнога ўбору", выклікалі некаторую незадаволенасць.
Больш сур'ёзная тэма - міжнародны байкот, абвешчаны Індзейскай нацыяй возера Любікон [Lubicon Lake Indian Nation] з поўначы Альберты. Індзейцы лічылі незаконным продаж сваіх не саступленых зямель нафтавым кампаніям - яны не ўдзельнічалі ў дамовах 1899 і 1900 гадоў, але федэральны ўрад не жадаў заключаць дамову і з імі. У той час як карпарацыі здабывалі рэсурсы са сваіх зямель, любікон-кры адчувалі "зніжэнне на 93% гадавога даходу ад пастак, высокі ўзровень алкагалізму, сухотны крызіс і недаяданне".
"Любікон-кры засяродзіліся на іх байкоце на канкрэтным алімпійскім мерапрыемстве: выстава "Дух спявае" ў музеі Гленбаў, частка афіцыйнай культурнай праграмы Гульняў. Яны апратэставалі гэтую выставу па некалькіх прычынах, у тым ліку таму, што амаль палова яе фінансавання паступіла ад Shell Oil Canada - той самай кампаніі, якая вядзе здабычу нафты на іх, атрыманай ад продкаў, зямлі. Выстаўка складалася з мясцовых канадскіх артэфактаў, твораў мастацтва і прадметаў, сабраных з калекцый з усяго свету. Аб гэтым кіраўнік любіконаў Бернард Амінаяк сказаў: "Здаецца, іронія ў выкарыстанні дэманстрацыі артэфактаў паўночнаамерыканскіх індзейцаў для прыцягнення людзей на зімовыя Алімпійскія гульні, якія арганізуюць інтарэсы, якія ўсё яшчэ актыўна імкнуцца знішчыць індзейцаў, да болю відавочная".
Любікон-кры сцвярджалі, што 665 артэфактаў на выставе былі першапачаткова скрадзеныя - вывезеныя з карэнных грамад і выстаўленыя ў Еўропе для ўсеагульнага азнаямлення і цікаўнасці. Акрамя таго, "многія аб'екты былі святымі і не прызначаліся для ўсеагульнага агляду", у тым ліку маску магаўкаў з ілжывым тварам. О'Бонсавін расказвае, як музей Гленбаў здзейсніў "другую і больш ганебную хвалю крадзяжу", вярнуўшы артэфакты ў калекцыі і музеі, якія іх пазычылі, і адмовіўшыся дапамагчы карэнным народам у рэпатрыяцыі гэтых прадметаў назад у іх грамады. Дыскурс, спароджаны байкотам любіконаў "The Spirit Sings", прывёў да фармавання мэтавай групы, якая ў канчатковым выніку выпусціла наватарскую справаздачу, якая працягвае ўплываць на падыход музейных спецыялістаў да працы з мясцовымі грамадамі.
У дадатак да байкоту The Spirit Sings, эстафета паходні стала мішэнню для пратэстуючых за яе спонсарства з боку Petro-Canada, якая "ўрывалася на тэрыторыі карэнных народаў (уключаючы землі любіконаў) па ўсёй Канадзе". Пярэчанні карэнных народаў не абмяжоўваліся любікон-кры, паколькі "пратэстуючыя прысутнічалі на маршруце эстафеты ў кожнай правінцыі, акрамя вострава Прынца Эдуарда". Пра гэтыя пратэсты былы старшыня Алімпійскіх гульняў у Калгары (OCO) пазней напісаў: "Не было месца для непадпарадкавання або канфрантацыі...""
У 2010 г. у Ванкуверы ў сувязі з алімпійскімі гульнямі таксама былі пратэсты карэнных жыхароў і тых, хто ім спачуваў.
Літ.:
1665 Награды Игр / на снимке - медали Олимпиады-88 // Физкультурник Белоруссии. 1987. 15 дек.
1898 Рыхтуюцца фігурысты // Чырвоная змена. 1988. 3 студз.
1389 Калгари и его мэр // Физкультурник Белоруссии. 1988. 2 февр.
1447 Кожны вечар на Алімпік плаза / спец. кар. ТАСС, Калгары // Чырвоная змена. 1988. 24 лют.
3649 Олимпиада за полярным кругом // Физкультурник Белоруссии. 1988. 12 нояб.
КАСІЧ Елісей (Elisei Kasich) - нарадзіўся ў Віцебску ў 2009 г., з пяці гадоў пачаў займацца вакалам у студыях, у 2022 г. на "Славянскім базары" яму ўручылі Гран-пры XX Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу (XX Concurso Internacional Infantil de Musica de Vitebsk 2022, en Bielorrusia).
Трэцяй прэміяй адзначаны балгарка Жаклін Кастадзінава і мексіканец Радрыга Віегас (афіцыйнае напісанне на фестывалі, Вільегас - традыцыйнае, Rodrigo Villegas). На паходжанне Радрыга ўказвае яго колер скуры. Ён з Тулансінга (Tulancingo, Tulancingo de Bravo; на мове атамі (Otomi): Nguhmu), другога па велічыні горада штата Ідальга (Hidalgo).
З асаблівай радасцю былі сустрэты яго пераход ад танца ў самбрэра з маракасамі да выкарыстання беларускага бубна з пэўнымі па па-беларуску. Сцвярджаюць, што ён "вывучыў рускую мову" для выканання другой конкурснай песні - на словы Вітаса ("Опера № 2").
"Некаторыя канкурсанты атрымалі спецыяльныя прызы ад прадпрыемстваў, кожнаму з іх уручылі падарункі ў гонар 20-годдзя самай масавай маладзёжнай арганізацыі Беларусі - БРСМ. Спецпрыз ад саюза моладзі атрымаў Елісей Касіч".
Усяго ў дзіцячым музычным конкурсе, які працягваўся два дні, прынялі ўдзел 15 артыстаў.
Літ.:
7376 Александров А. Современные индейцы и кривичи // Витебский курьер. 2003. 14 окт.
7512 Лапин И. Л. Портрет на фоне шести миллиардов / беседовала Е. Павлова // Витебский курьер. 2002. 14 июня.
7788 Логинов А. Площадка приземления - весь мир // Витебский курьер. 2002. 2 авг.
7742 Метла А. О важнейшем из искусств // Витебский курьер. 2003. 22 июля.
ШАМЯКІН Іван (Ivan Shamyakin, Shamiakin) - у 1963 г. на 18-я сесіі Генеральнай Асамблеі ААН, апісанай ім у нататках, якія датуюцца 1964 г., прадстаўляў белую расу і беларускі народ - як і згаданыя ім Кузьма Кісялёў, Анатоль Стук, Віктар Калбасін, Міхаіл Удавічэнка, шафёр, які прыехаў з імі з Мінска, - "сабраліся прадстаўнікі ўсіх народаў, белыя, жоўтыя, чорныя (вельмі многа чорных!)". Дарэчы, нямала месца ў яго нататках займае тэма расізму.
У яго артыкуле для "Звязда", апублікаваным 6.11.1963 г., было вось так планетарна:
"Немагчыма адразу агледзець усю планету нават у наш век касмічных хуткасцей і тэлебачання. Але тут, у залах будынка Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у Нью-Йорку [Нью-Ёрку], як бы ў мініяцюры, бачыш яе амаль усю, планету Зямля, увесь род людскі, усё чалавецтва. Тут сабраліся прадстаўнікі ста адзінаццаці краін свету: белыя, жоўтыя, чорныя, у шыкоўных модных касцюмах і нацыянальным адзенні; прадстаўнікі розных сацыяльных сістэм і класаў, выразнікі процілеглых ідэй. Ёсць нашы сябры і ёсць злейшыя ворагі сацыялізма [сацыялізму]. Але і яны, ворагі, вымушаны сёння з павагай гаварыць аб нашай Радзіме, як аб адной з найвялікшых дзяржаў, ад палітыкі якой залежыць лёс міру, лёс чалавецтва".
Яны жылі на дачы на адлегласці каля 50 км ад Нью-Ёрка - у Ойстэр-Бэі, або, як у Шамякіна, Остэрбэі (Oyster Bay). Гэты горад - самы ўсходні з трох, якія ўваходзяць у склад акругі Насаў (Наса, Nassau), распасціраецца ад Паўночнага да Паўднёвага берага Лонг-Айленда.
Сярод выступоўцаў Шамякін згадвае А. Грамыку (на сесіі з'явілася таксама беларуска, прадстаўніца СССР і Космасу Валянціна Церашкова), міністра Бразіліі, прэм'ер-міністра Канады, старшыню сесіі венесуэльца Соса-Радрыгеса, прадстаўніка Коста-Рыкі.
Згадваюцца без прозвішчаў і прадстаўнікі "Аргенціны і Гватэмалы, якія абвінавачвалі Англію ў каланіялізме і патрабавалі вярнуць іх тэрыторыі". Адна з англійскіх калоній, вядомая з 1840 г. як Брытанскі Гандурас, у 1964 г. атрымала "ўнутранае самакіраванне", а ў 1966 г. была абвешчаная Гватэмалай, якая, як і Мексіка, прэтэндавала на гэтую тэрыторыю, сваім дэпартаментам.
Шамякін працытаваў: "Балівец: Мяне глыбока крануў дух салідарнасці, які праявіўся тут, на нашым пасяджэнні, і мы павінны прыкласці ўсе сілы, каб гэты дух салідарнасці заўсёды жыў у нашай арганізацыі".
У запісе 29.11.1963 г. - два разы пра індзейцаў: пра нешчаслівы прафесійны лёс верхалаза-індзейца на фоне лёсу ўсіх карэнных (у Шамякіна - рэдкая, па нашых назіраннях, форма - "каранных") жыхароў і пра індзейскія, сярод іншых, песні на радыё.
Іван Шамякін
ПЯЦІДЗЕСЯТЫ ПАВЕРХ - НАВОШТА РЫЗЫКАВАЦЬ, КАЛІ МОЖНА ЖЫЦЬ У ВІГВАМЕ?
І так з дня ў дзень капаюць на мазгі. Штодзённа, штогадзінна і штохвілінна сотні радыёстанцый і газет, дзесяткі [дзясяткі] тэлекампаній трубяць пра "шчасце і дэмакратыю". Прапагандзе "амерыканскага ладу жыцця - амерыканскага раю" падпарадкавана літаральна ўсё. Пры гэтым пра "капіталістычнае шчасце" пішуць і гавораць з абагульненнем - так, як гэтая радыёстанцыя. Пра няшчасце, захоўваючы ўяўную аб'ектыўнасць, - як адзіночныя выпадкі чалавечых трагедый: маўляў, чаго не бывае сярод 180 мільёнаў людзей! Сарваўся з пяцідзясятага паверха верхалаз - індзеец - няшчасны выпадак, але ні слова пра тое, што паўмільёна каранных [так] амерыканцаў - індзейцаў загнаны ў рэзервацыі і жывуць у галечы, а таму мусяць ісці на самыя небяспечныя работы. Атруціў газам чалавек сям'ю і самога сябе - сенсацыйнае здарэнне, не больш, без усялякіх сацыяльных вывадаў. Недзе пасля гэтыя ж газеты вымушаны будуць сказаць пра рэзервацыі і пра беспрацоўе. Але зробяць гэта так асцярожна, у такім аспекце і з такім аздабленнем, што ў простага амерыканца не ўзнікне роздум над гэтымі і многімі другімі сацыяльнымі праблемамі. Карацей кажучы, любая інфармацыя, любыя падзеі манапалізаванай прапагандай даносяцца да народа ў такім "хімічна апрацаваным", разжаваным выглядзе і так хітра, каб у людзей не ўзнікала патрэбы задумвацца і рабіць вывады. А калі нехта на хвіліну і задумваецца, яго тут жа аглушаюць рэкламай, якая - я падкрэсліваю гэта яшчэ раз! - мае не толькі камерцыйнае значэнне. Рэклама, акрамя ўсяго таго, пра што я пісаў ужо, - вельмі важная састаўная частка прапаганды амерыканскага ладу жыцця.
НА ФОНЕ "КАШАЧАЙ МУЗЫКІ"
Мяне прыемна здзівілі канцэрты і ўвогуле музыка, якая перадаецца па тэлебачанні і радыё. Какафанічнай, "кашачай музыкі" зусім нямнога, а то больш - народныя песні: амерыканскія, англійскія, шатландскія, негрыцянскія, індзейскія. Кожны народ стварыў цудоўныя песні, сумныя і вясёлыя. І - многа класічнай музыкі. Напрыклад, радыёстанцыя газеты "Нью-йорк-таймс" [Нью-Ёрк таймс] увесь час дае класіку: Бетховена, Шуберта, Шапэна, Рымскага-Корсакава, Чайкоўскага, Грыга... Даецца гэта ўсё (песні, музыка), паколькі я разумею, у добрым выкананні. Нашы хлопцы-дыпламаты, якія ездзяць на сесіі многа разоў, сказалі мне, што такі прыемны паварот да класічнай і народнай музыкі адбыўся ў апошнія два гады. Людзі з эканамічным ухілам тлумачаць гэта тым, што пад "кашачыя канцэрты" амерыканцы перасталі слухаць рэкламу, знізіўся збыт тавараў, якія рэкламуюцца.
Пры пасадцы ў Гандэры [Gander] на Ньюфаўндлендзе прырода вакол аэрапорта выклікала ў Шамякіна ўспамін пра чытанне Джэка Лондана і Церуху, геаграфічны аб'ект на яго малой радзіме.
Літ.:
4520 Шамякін І. Два месяцы ў Нью-Йорку: уражанні, роздум: нарыс // Полымя. 1964. № 3. С. 121-139; № 4. С. 112-133.
13220 Шамякін І. Размова з чытачом: артыкулы, выступленні, дзённікі. Мн., 1973. (Тут: Два месяцы ў Нью-Йорку.)
144 Шамякін І. Два месяцы ў Нью-Йорку: уражанні, роздум // "Свабоднае" грамадства зблізку: кніга публіцыстыкі / уклад. А. Марціновіч. Мн., 1984. С. 22-70.
4835 Шамякін І. Роздум на апошнім перагоне: дзённікі 1980-1995 гадоў. Мн., 1998.
12143 Шамякін І. Глыбокая плынь. Мн., 1977.
13142 Шамякин И. Глубокое течение: роман. Воронеж, 1953.
4434 Шамякін І. Падзенне // Шамякін І. Сатанінскі тур: аповесці. Мн., 1995. С. 160-257.
2531 Шамякін І. Першы крок: [старонкі з аповесці "Падзенне"] // Літаратура і мастацтва. 1993. 4 лістап. С. 8-11.
4713 Шамякін І. У роднай сям'і: аповесці і апавяданні / аўт. уступ. арт. У. В. Гніламёдаў; маст. М. С. Будавей. Мн., 1986.
12130 Малініна Л. М. Дзяржаўная прэмія БССР імя Янкі Купалы // Янка Купала: энцыклапедычны даведнік / рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. Мн., 1986. С. 196. (А. Куляшоў, "Спеў аб Гаяваце".)
5163 Белорусская ССР: краткая энциклопедия: в 5 т. Т. 5: Биографический справочник / редкол.: И. П. Шамякин (гл.ред.) [и др]. Мн., 1981.
402 Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя / рэдакал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. Мн., 1989.
ЯДРАНЦАЎ Іван (Ivan Yadrantsau, Yadrentsev) - пабываўшы ў Канадзе і Венесуэле, падрыхтаваў матэрыялы, другі з іх з адзнакай "Мінск - Каракас - Мінск".
У артыкуле пра Канаду закранута шмат пытанняў, пачынаючы з аздараўлення па чарнобыльскай лініі і разважанняў у сувязі з паездкамі беларускіх дзяцей, для моўнага пытання і становішча індзейцаў - пра адным з сямі раздзелаў. Гэта, з захаваннем назваў, якія ў газеце:
Іван Ядранцаў
РАЗ, ДВА, КРЫ
Канада - краіна двухмоўя. Французская і англійская маюць аднолькавы афіцыйны статус і аднолькава вывучаюцца ў школе. Праўда, далёка не ўсе канадцы валодаюць дзвюма мовамі адразу. У бытавых зносінах у англійскай відавочны прыярытэт. Хоць ёсць і фран-каканадцы, якія з вялікай цяжкасцю размаўляюць на мове туманнага Альбіёна.
У адрозненне ад беларуска-рускага двухмоўя, калі надпіс на адной мове падмяняе часта блізкі па сэнсе і гучанні надпіс на іншай, усе канадскія шыльды, таблічкі і інструкцыі да тавараў даюцца строга на дзвюх мовах. Прычым калі ў англамоўных правінцыях спачатку ідзе англійскі тэкст, то ў франкамоўным Квебеку наперад выступаюць надпісы на французскай.
У 1988 годзе падчас адкрыцця зімовых Алімпійскіх гульняў у Калгары алімпійскі гімн выконваўся, на здзіўленне многіх, не на дзвюх, а на трох мовах краіны-гаспадыні. Натуральна, гэта былі французская з англійскай, але спачатку гімн гучаў на мове індзейцаў племені кры, першых насельнікаў канадскіх лясоў і прэрый.
ЦІ ЛЁГКА БЫЦЬ ІНДЗЕЙЦАМ?
Дарэчы, самі канадцы імкнуцца пазбягаць тэрміна "індзеец". Назваць карэннага жыхара кантынента індзейцам гэтак жа некарэктна, як, скажам, у ЗША чарнаскурага афраамерыканца неграм.
Таму мясцовых індзейцаў "бледнатварыя" завуць "старымі людзьмі" або "карэнным народам".
- Часцей за ўсё туберкулёз сустракаецца ў "старых людзей", - даверліва паведаміў мне доктар-франкаканадзец. - Вы разумееце, пра каго я кажу?
Разумею, док.
І не толькі ўзровень захворвання на туберкулёз, але і ўзровень злачыннасці, і беднасці. Хоць, з пункту гледжання радавога канадца, "карэнныя" маюць масу незаслужаных прывілеяў (яны кажуць, што мы адабралі ў іх зямлю, а нашы ж продкі яе купілі). Асабліва калі жывуць у рэзервацыі. Не, рэзервацыя - гэта не лагер за калючым дротам, і яго можна пакінуць у любы момант. Але ў самой рэзервацыі можна не працаваць, не плаціць падаткі і атрымліваць дапамогу ад дзяржавы, у тым ліку і льготную адукацыю. Нават паліцыя ў рэзервацыі свая - індзейская, арыштаваць правапарушальніка на яе тэрыторыі могуць толькі мясцовыя ахоўнікі закона.
У венесуэльскіх нарысах Ядранцава - таксама шмат тэм, у т.л. блізкіх да індзейцаў - як жывёльны і раслінны свет, кухня. Бадай, варта працытаваць раздзел пра блізкую сваячку драніка. "У далёкай Венесуэле шмат экзотыкі, але нямала і таго, што блізка і зразумела для беларускага ўспрымання".
https://www.sb.by/articles/kak-ubit-anakondu.html (таксама маем паласу гэтай часткі (працяг публікацыі, якая пачалася ў № 208 "Рэспублікі") за 17.11.2007 г. ад нашага сталага прафесійнага праглядальніка газет-энтузіяста-ахвяравальніка - пераважна па пошце - выразак са Жлобіна).
Іван Ядранцаў
АРЭПА - СЯСТРА ДРАНІКА
Калі ўжо гаворка зайшла пра ежу, неабходна сказаць некалькі слоў пра мясцовую кухню. У Венесуэле 23 штаты, размешчаныя ў сельве, гарах, на раўніне, марскім узбярэжжы. Паўсюль існуюць свае ўнікальныя кулінарныя традыцыі. Аб'ядноўвае венесуэльскую кухню, незалежна ад мясцовасці, багацце гародніны, садавіны і морапрадуктаў. Гэта адчуваецца нават у мове. На адно рускае слова "банан" ці "крэветка" прыходзіцца з дзясятак іспанскіх (венесуэльскіх) сінонімаў у залежнасці ад тыпу прадукту. Буйныя вуглаватыя [угловатые] бананы-платанас ядуць у якасці гарніру, тушаць, пякуць, вараць, як у нас бульбу [едят в качестве гарнира, тушат, жарят, варят, как у нас картофель].
Аднак месца лідара на абедзенным стале ўпэўнена займае не гародніна і не фрукт, а злак, дакладней, яго вытворнае: аладка з кукурузнай мукі - арэпа [arepa]. Нягледзячы на тое, што ў любой сучаснай краме можна купіць і французскія булкі, і булачкі для гатавання бігмакаў, арэпа - гэта і ёсць традыцыйны хлеб венесуэльцаў, які дастаўся ім у спадчыну ад карэнных амерыканцаў дакалумбавай эпохі. Маленькія, памерам з аладку ці дранік, абсмажаныя на агні, даволі тоўстыя [плотные] і сытныя іх рэдка ядуць проста так. Часцей з напаўняльнікам з мяса, гародніны, алею і рыбы.
Літ.:
6879 Ядренцев И. Над Канадой небо синее // Рэспубліка. 2002. 5 чэрв. (Перадапошняя старонка.)
8436 Ядренцев И. Как убить анаконду? // Рэспубліка. 2007. 17 лістап. С. 15. (Працяг.)
Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.
Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.
Індзейцы , индейцы , Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Bielorrusia, Belarus; Алесь Симаков . Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 159].
Свята мукі ў Дворышчы
26 ліпеня 2025 г. ў ам. Дворышча прайшло свята мукі "Дварышчанскі млынар".
ТК "Культура Лідчыны",