Папярэдняя старонка: 2025

Наша слова.pdf № 32-33 (188-189) 


Дадана: 13-08-2025,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 32-33 (188-189), 13 жніўня 2025 г.

Ліда рыхтуецца да ХХХII Дня беларускага пісьменства

6 і 7 верасня Ліда стане цэнтрам культурнага жыцця краіны - тут пройдзе Дзень беларускага пісьменства, і сёлета ён будзе не толькі літаратурным, але і турыстычным!

Што чакае гасцей:

- Маштабная выстава турыстычных магчымасцяў рэгіёна і ўсёй Беларусі

- Прэзентацыі агра- і экасядзіб, дэгустацыі мясцовых прадуктаў, сувеніры

- Бясплатныя аглядныя экскурсіі па цэнтры Ліды

- Інтэрактыўныя майстар-класы і культурныя актыўнасці

Лідскі замак - у цэнтры ўвагі, побач з ім з'явіцца арт-аб'ект «Верабейка» на гранітнай кнізе. Чытанне твора Валянціна Таўлая будзе даступнае нават людзям з парушэннямі зроку.

Наведвальнасць галоўнай славутасці рэгіёна сёлета вырасла на траціну! Больш за 82 тысяч гасцей ужо пабывалі тут з пачатку года. І гэта толькі пачатак - замак чакае вас з анімацыйнымі праграмамі, фэстамі і праектам "Замкавы гасцінец" на вуліцы Замкавай.

Па выходных - канцэртныя выступы харавых, эстрадных і харэаграфічных калектываў.

Новы турыстычны маршрут "Месцы сілы Лідчыны" ўжо прэзентаваны - адкрыйце для сябе магію роднага краю!

Ліда рыхтуецца да свята, якое аб'яднае слова, культуру і вандроўкі.

Сярод галоўных тэм, якім будзе прысвечана свята:

- 80-я гадавіна Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне;

- 500-годдзе з моманту выдання першай кнігі на беларускай зямлі, славутага "Апостала" Францішка Скарыны;

- Рэспубліканскі Год добраўпарадкавання;

- Круглыя даты з дня нараджэння выдатных дзеячаў беларускай літаратуры.

Жыхароў і гасцей Ліды і Лідскага раёна чакае насычаная праграма культурных і дзелавых мерапрыемстваў.

Ключавыя падзеі - афіцыйнае адкрыццё свята, узнагароджанне лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі і "Лідскія чытанні" - адбудуцца 6 верасня.

У рамках Дня беларускага пісьменства Мінінфарм традыцыйна арганізуе Фестываль кнігі і прэсы, дзе будзе прадстаўлена 7 тэматычных павільёнаў, навінкі літаратуры, сустрэчы з аўтарамі, выставы і інтэрактыўныя пляцоўкі.

Паводле СМІ.

Да Дня пісьменства - новыя кнігі пра родную зямлю

Сёлета Ліда стане сталіцай Дня беларускага пісьменства - і да свята рыхтуецца адмысловы літаратурны падарунак! Выдавецтва выпускае новую кнігу серыі "Беларусь літаратурная" пад назвай "Край наш вольны, край любімы".

У зборніку:

- Творы пісьменнікаў, якія нарадзіліся ці жывуць у Лідскім раёне

- Творчасць удзельнікаў літаратурнага аб'яднання "Суквецце", якое ўжо шмат гадоў аб'ядноўвае лідзян

- Раздзел "Помнім, ганарымся" - з творамі аўтараў з усёй Беларусі, уключаючы Менск.

Як адзначыў намеснік дырэктара выдавецтва "Мастацкая літаратура" Віктар Шніп, кніга - гэта мост паміж пакаленнямі, напамінак пра багацце беларускай літаратуры і яе несправядліва забытыя імёны. Дзень пісьменства - нагода адкрыць новыя таленты і зноў зазірнуць у глыбіню роднага слова.

Ліда, сустракай свята з гонарам і натхненнем!

Паводле СМІ.

У Лідзе з'явіліся ўнікальныя арт-лаўкі да Дня беларускага пісьменства

Горад змяняецца да свята, а на бульвары Гедыміна зараз можна ўбачыць цэлую алею незвычайных арт-лавак, прысвечаных тэме кнігі! Гэта частка конкурсу "Арт-лаўка" сярод мясцовых прадпрыемстваў і арганізацый: кожны ўдзельнік стварыў лаўку, якая стала не проста месцам для адпачынку, а сучасным арт-аб'ектам.

Ужо можна ацаніць працы Лідскага ГУП ЖКГ (там сустракае ўсіх вучоны крумкач), ААТ "Менскі завод колавых цягачоў" (тут запусцілі букросінг - прыносьце і бярыце кнігі!), а лаўка ад ААТ "Лакафарба" цешыць арыгінальнасцю і вытанчанасцю. Лідскі гісторыка-мастацкі музей таксама прымае ўдзел у раённым конкурсе на "Лепшую арт-лаўку".

Жыхары горада ўжо актыўна робяць тут селфі і адпачываюць з кнігай!

І гэта толькі пачатак: алея будзе папаўняцца новымі арт-лаўкамі кожны тыдзень - ужо заявіліся 27 прадпрыемстваў і арганізацый! Калі яшчэ не былі - абавязкова прагуляйцеся па бульвары Гедыміна і натхніцеся атмасферай творчасці і кнігі.

Паводле СМІ.

Лідскія дзіцячыя садкі рыхтуюцца да 1 верасня і Дня беларускага пісьменства

У ДУА "Дзіцячы сад № 37 г. Ліды" ў мэтах забеспячэння бяспекі да новага навучальнага года зроблена частковая замена агароджы вакол тэрыторыі дзіцячага саду, ямачны рамонт асфальтавага пакрыцця, рамонт веранд; усталявана новае гульнявое абсталяванне, зроблены рамонт і афарбоўка наяўнага.

Аформлены клумбы і кветнікі да Дня беларускага пісьменства, аркі, малыя архітэктурныя формы казачных персанажаў, выставачныя стэнды зрабілі тэрыторыю камфортнай. Афармляецца тэматычная веранда па ПДР. Ва ўстанове зроблены капітальны рамонт групавога памяшкання другой малодшай групы, касметычны рамонт харч-блока, афарбоўка лесвічных маршаў.

ТК "Адукацыя Лідчыны".

У Адмысловым дзіцячым садзе № 16 г. Ліды завяршаецца праца па стварэнні камфортных і бяспечных умоў знаходжання выхаванцаў.

Высілкамі працоўнага калектыва абноўлены кабінет лячэбна-рэабілітацыйнай працы, спальнае памяшканне, усталяваны жалюзі і заменена падлогавае пакрыццё ў раздзявальным пакоі, арганізавана зона для правядзення карэкцыйных заняткаў настаўніка-дэфектолага, усталявана фізкультурна-гульнявое абсталяванне на ўчастках узроставых груп, абноўлена даступнае асяроддзе для дзяцей-інвалідаў на лесвічных маршах, закуплена 24 адзінкі дзіцячых крэселак у музычна-фізкультурную залу. Адмысловая ўвага нададзена рэалізацыі плану мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторыі. Аўтарскія банеры, мабільныя архітэктурныя формы, плоскасцевыя кампазіцыі сталі не толькі ўпрыгожваннем тэрыторыі, але і арт-аб'ектамі для знаёмства выхаванцаў з навакольным светам, фармавання нацыянальнай самасвядомасці і пачуцця любові да роднага краю.

ТК "Адукацыя Лідчыны".

Яшчэ адна кніга ад Леаніда Лаўрэша

Да Дня беларускага пісьменства

Ввыйшла электронная кніга Леаніда Лаўрэша "Выхаванкі князёў Чартарыскіх з-пад Ліды" (Леанід Лаўрэш. - [б. м.] : Издательские решения, 2025. - 60 с. ISBN 978-5-0067-7595-4).

У кнізе расказваецца пра выхаванак князёў Чартарыскіх XVIII - пачатка XIX ст. сясцёр Нарбут (Нарбутоўнаў) з Лідчыны і іх творчае атачэнне.

Нарбуты - старажытны род, дакладней некалькі радоў, не маючых роднасных сувязей, з іх лідскія - самы разгалінаваны, старажытны і шматлікі шляхецкі род Нарбутаў.

Род лідскіх Нарбутаў пачынаецца з XV ст. (легендарныя прадстаўнікі роду - з X ст., напрыклад легендарны заснавальнік роду Нарбутаў - Даўспрунг як быццам прыбыў у Літву з Рыма разам з Палямонам у 924 г.). Першы "гістарычны" Нарбут (нарадзіўся каля 1430 г.) валодаў маёнткамі Арняны і Калтыняны каля Вільні. Адзін з яго сыноў - Войцех набыў маёнтак Лебедзь і пасля уцёкаў Міхала Глінскага з Літвы атрымаў ягоны маёнтак Забалаць у Лідскім павеце. Ягоны унук Пётр (нарадзіўся каля 1540 г.) пабудаваў касцёл у Забалаці і лічыцца родапачынальнікам Нарбутаў на Лідчыне.

У Лідскім павеце Нарбуты жылі яшчэ ў XVII ст., тут яны валодалі маёнткамі: Шаўры, Андрушаўцы, Янаўшчына, Карбаўцы, Стары Двор, Варонічы, Радзівонішкі, Сукурчы, Нарбутушкі, Балкупы і фальваркамі: Вершулішкі, Пігоша, Шчуркішкі, Білаты, Былінішкі, Ляўкішкі і інш. Радніліся са шляхецкімі родамі Наневічаў, Рылаў, Жабаў, Марачэўскіх, Барташэвічаў, Сабанскіх, Грудзінскіх і інш.


У другой палове XVIII ст. князь Адам Казімір Чартарыскі разам з жонкай стварыў у Пулавах пад Варшавай сапраўдны асяродак навукі і мастацтва. У палацы мелася выдатная бібліятэка, фінансаваліся навуковыя даследаванні ў галіне філалогіі, літаратуры, гісторыі. Да навуковай працы прыцягваліся лепшыя навукоўцы Еўропы. Пры двары атрымлівала адукацыю і выхаванне таленавітая моладзь. Пулаўская школа атрымала агульна-еўрапейскае прызнанне, калі Чартарыскія стварылі яе філіялы ў Францыі і Англіі. Вось у гэтую школу і трапілі тры панны Нарбутоўны, дочкі Тадэвуша Нарбута з Сукурчаў Лідскага павета: Аляксандра, Канстанцыя і Тэкля. Таленавітыя сёстры добра засвоілі навукі, асабліва вызначылася Аляксандра.

Міхаіл Балінскі ў сваёй працы "Даўняя Віленская акадэмія" пра Аляксандру Нарбут пісаў наступнае: "… у той час у Вільні кожны адукаваны месціч, кожны, хто меў адносіны да навукі, быў моцна ўсхваляваны навіной, якая толькі што разышлася па горадзе, што агульнавядомая сваімі талентамі і адукаванасцю, высакародная літоўская панна Аляксандра Нарбутоўна, дачка подкаморага лідскага, была абрана сябрам Акадэміі навук у Берліне на паседжанні 19 студзеня 1788 г., і патэнт на тое з рук прускага князя Генрыха атрымала. Усцешыла гэта шмат асоб і асабліва шматлікую сям'ю. Некаторыя здзіўляліся і лічылі гэта не жаночай справай, а ў некаторых, як часта бывае ў свеце, гэты факт узбуджаў зайздрасць, калі не здзек".

Смешна, але факт абрання Аляксандры з Нарбутаў, і сёння выклікае зайздрасць. І таму, каб адразу "расставіць кропкі над і", зраблю наступную заўвагу. Міхал Балінскі, вельмі аўтарытэтны і адказны гісторык, не мог падаваць

у сваёй фундаментальнай манаграфіі неправераную інфармацыю, тым больш, што факт абрання Аляксандры быў агульнавядомы і ніяк не аспрэчваўся сучаснікамі.

Для нас галоўнае тое, што нашы лідскія дзяўчаты - Аляксандра і яе сёстры - патрапілі ў "вяршкі вяршкоў" ( фр. "crеme de crеme") тагачаснага еўрапейскага грамадства, атрымалі адпаведную адукацыю, выхаванне і максімальна развілі свой творчы патэнцыял - лёс сясцёр Нарбут (Нарбутоўнаў) быў нестандартным і вельмі цікавым для адносна небагатай тагачаснай лідскай шляхты.

Пра гэта ўсё і распавядае кніга.

Яраслаў Грынкевіч.

Лепшы вучань тэнара дзеліцца ўспамінамі пра вялікага маэстра Альфрэда Краўса

Калядным падарункам i нечаканым сюрпрызам для мяне была пасылка з гішпанскай Каруньі з малюнкам цудоўнай расліны і дыскам з запісамі оперных арый у выкананні Энрыке Пас Эскудэра.

А ў дзень народзінаў на Фейсбуку для мяне ў яго выкананні прагучала песня вядомага мексіканскага кампазітара Аўгусціна Лары - "Гранада".

75-гадовы дон Энрыке са сваёй утульнай кватэры ў Ла-Каруньe дзеліцца з сябрамі відэазапісамі оперных арый

Ён быў адным з першых вучняў сусветна вядомага тэнара Альфрэда Краўса. Дон Энрыке цалкам захаваў сілу голасу ў свае гады і займаецца з вучнямі. Адной з яго вучаніц з'яўляецца 17-гадовая Інес Ананда Канта, наша агульная сяброўка.

Сёлета, у гадавіну залатога вяселля, дон Энрыке са сваёй жонкай Розай Марыяй Лемай Перэс здзейсніў падарожжа ў Вену і Будапешт і наведаў месцы жыцця і дзейнасці геніяў сусветнай музыкі.

Энрыке Пас Эскудэра нарадзіўся ў Ла-Карунье ў 1949 годзе. Ён вывучаў тэорыю музыкі ў кампазітара Раміра Картэля, вучыўся спевам у тэнара Альфрэда Краўса, у сапрана - Маі Майскі і баса Антоніа Кампа, скончыў курсы вакальнай тэхнікі ў Вышэйшай школе спеваў у Мадрыдзе.

- З самага ранняга ўзросту мяне цягнула да оперы, - успамінае дон Энрыке, і ў 17 гадоў я паступіў у прэстыжную "Каралавую Паліфоніку Эль Эка" ў Ла-Карунье (найстарэйшую на Пірэнэйскім паўвостраве), і з тых часоў стаў яе салістам-тэнарам. У 1970 годзе ў Мілане мяне пачула арагонскае сапрана Эльвіра дэ Ідальга, настаўніца Марыі Калас, якая параіла мне пачаць у яе навучанне спеву.

Мяне таксама пачуў на прыватным праслухоўванні тэнар Альфрэда Краўс, ён самааддана прапанаваў даць мне ўрокі спеваў, і я адправіўся за тэнарам у яго падарожжы па Італіі, Англіі і Іспаніі. Гэтыя паездкі сталі магчымымі дзякуючы стыпендыям, ахвяраваным "Fun-daciоn Barriе" і "Excma" Правінцыйнай Радай Ла-Каруньі".

Альфрэда Краўс Трухільё (ісп.: Alfredo Kraus Trujillo; 24 лістапада 1927, Лас-Пальмас-дэ-Гран-Канарыя, Канарскія выспы, Іспанія - 10 верасня 1999, Мадрыд, Іспанія) быў адным з найбуйнейшых лірычных тэнараў пасляваеннага часу і спецыялізаваўся на французскім і італьянскім рэпертуары XIX стагоддзя. Крытыкі адзначалі яго цудоўную дыкцыю, плаўнае легата і бездакорную лінію фразіроўкі.

Яго ідэальна пастаўлены голас быў яркім і лёгкім, са старанна кантраляваным вібрата і вольным верхнім рэгістрам. Голас яго быў настроены на першую фарманту, ствараючы лірычны, празрысты тэмбр, ідэальны для лёгкіх партый, але пазбаўлены "цёмнага" рэзанансу, уласцівага больш цяжкім галасам. Высокія ноты Краўса гучалі ўпэўнена і звонка, з характэрным металічным адценнем.

Энрыке Пас Эскудэра даваў канцэрты ў Барселоне, Мадрыдзе, Більбао і Ла Карунье, а таксама выступаў у галоўных ролях у оперных спектаклях у Мадрыдзе, удзельнічаў у радыёпраграмах, даваў урокі спеваў у розных кансерваторыях Галісіі.

Энрыке Пас Эскудэра ўдзельнічаў у прэзентацыі кнігі прэстыжнага галісійскага музыказнаўцы Артура Рэвертара "Альфрэда Краўс, канцэпцыя спеваў" у якасці лектара і спевака. Ён даў некалькі майстар-класаў у Ла Карунье, а таксама ўдзельнічаў у жніўні 2011 года ў якасці дакладчыка на курсе "Прафесійны і мастацкі голас", арганізаваным Міжнародным універсітэтам Андалусіі ў горадзе Баэса (Хаэн) у штаб-кватэры Антоніа Мачада.

У сакавіку 2012 года ён правёў дзесяць майстар-класаў, а таксама канферэнцыю "Альфрэда Краўс, артыст і сябар" у горадзе Бадахос па запрашэнні "Асацыяцыі Марыі Каранады".

Ён даў некалькі майстар-класаў у Ла Карунье, а таксама ўдзельнічаў у жніўні 2011 года ў якасці дакладчыка ў курсе "Прафесійны і мастацкі голас", арганізаваным Міжнародным універсітэтам Андалусіі ў горадзе Баэса (Хаэн) у штаб-кватэры Антоніа Мачада.

- Я таксама правёў канферэнцыю аб Альфрэда Краўсе ў Прафесійнай кансерваторыі горада Луга, - успамінае дон Энрыке, - і даў некалькі ўрокаў спеваў студэнтам гэтай консерваторыі.

Акрамя таго, я арганізаваў канферэнцыю пра Альфрэда Краўса ў правінцыйнай дэлегацыі ONCE ў Ла-Каруньі, а затым у Фондзе ABANCA.

У 2013 годзе яго запрасіў Універсітэт Лас-Пальмас-дэ-Гран-Канарыяс, дзе ён прачытаў лекцыю ў Аўла-дэ-П'едра гэтага ўніверсітэта і правёў некалькі майстар-класаў. Яго таксама запрасіла Астурыйская лірычная асацыяцыя Альфрэда Краўса, і ён правёў у горадзе Аўеда канферэнцыю, прысвечаную свайму незабыўнаму настаўніку, тэнару Альфрэда Краўсу і аналагічныя канферэнцыі, у "Каса дэ Галісія" ў горадзе Севілья і ў Мадрыдзе.

- У снежні 2018 года ў мяне было некалькі майстар-класаў у італьянскім горадзе Мошана-Сант-Анджэла, а таксама я прыняў удзел у канцэрце са сваімі вучнямі, - узгадвае дон Энрыке. - На дадзены момант мару перадаць тэхнічныя веды, атрыманыя за гады навучання ў Альфрэда Краўса, маладым спевакам, якія маюць тэхнічныя і інтэрпрэтацыйныя сумневы. Мне цікава працаваць з дзяўчатамі і юнакамі па такіх спеўных спецыяльнасцях, як опера, сарсуэла і лірычная песня.

Я лічу гэта "маральным абавязкам", які прымушае мяне нейкім чынам паспрабаваць дапамагчы новым пакаленням артыстаў і перадаць ім тое, чаму мы навучыліся разам з такімі вялікімі спевакамі, як у маім выпадку гэта было з Альфрэда Краўсам.

У апошні дзень курса я прачытаў лекцыю "Альфрэда Краўс, артыст і сябар", у якой, акрамя кароткага біяграфічнага нарысу тэнара, распавёў аб сваіх асабістых адносінах з Краўсам і аб сям'і вялікага канарскага тэнара.

Хатнія відэа, знятыя самім Альфрэда, з'яўляюцца неацэнным дакументам, які паказвае нам, па-першае, чалавека, які знаходзіўся ў згодзе са сваёй каханай жонкай і дзецьмі, а па-другое, артыста, заўсёды элегантнага ў сваім дбайным спеве, з вельмі вытанчанай тэхнікай, якая дазваляла яму доўгія гады быць паспяховым.

Альфрэда Краўс быў выдатным ва ўсім сваім рэпертуары, і нельга сказаць, што некаторыя творы, выкананыя ім за доўгую кар'еру, не адпавядалі яго выдатным спеўным здольнасцям.

Ён выконваў ролі Хофмана, Вертэра, Джэнара ("Лукрэцыя Борджыя"), Рамэа, Альфрэда Жэрмона, Фернанда ("Фаварыта"), Тоніа ("Дачка палка"), Эрнэста, Эдгарда, Кавалера Дэ Грые ("Манон"), Фаўста, Джэральд ("Лакме") з вакальнай складанасцю, якую можна пераадолець толькі з дапамогай міліметровага кантролю вакальных якасцяў, падобных да тых, якія былі ў яго.

За ўсю сваю кар'еру ён ні разу не прыпыняў выступы, даючы сваім прыхільнікам упэўненасць у тым, што кожны раз, прыходзячы яго паслухаць, яны ніколі не расчаруюцца, бо ў кожнай ноце яны чулі ноткі генія вялікага канарскага тэнара, славы яго зямлі і ўсёй Іспаніі.

Нам засталася даволі шырокая дыскаграфія, з камерцыйнымі запісамі поўных опер, самых прыгожых арый з яго рэпертуару, песень, рамансаў, сарсуэлы, але, перш за ўсё, вельмі шматлікімі "жывымі" запісамі, запісанымі ў тэатры, у якіх прыгажосць інтэрпрэтацыі вылучалася ў параўнанні з запісамі, зробленымі ў студыі. Менавіта "жывыя" Альфрэду Краўсу вельмі спадабаліся.

У дакументальным фільме апроч яго сям'і фігуруюць некаторыя з яго вучняў, якія, не абавязкова будучы спевакамі, карысталіся прывілеем яго сяброўства. Сціпла, я павінен сказаць, што лічу сябе адным з іх, і кожны раз, калі я спяваю "nella mia piccola stanza", я заўсёды думаю пра Альфрэда, як пра арыенцір для падыходу да твораў, якія я выконваю, - падзяліўся ўспамінамі Энрыке Пас Эскудэра.

Эла Дзвінская,

Трыумф лідскай адукацыі

7 жніўня Указам № 299 Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі званне "Народны настаўнік Беларусі" прысвоена настаўніку матэматыкі гімназіі № 1 г. Ліды Альфрэду Ладыку.


Кожны настаўнік ведае, якая праца стаіць за любой перамогай на рэспубліканскай алімпіядзе: удумлівая, карпатлівая і першым чынам над сабой. І яшчэ - уменне разглядзець задаткі ў вучні, раскрыць яго патэнцыял.

А ў Альфрэда Ладыкі і яго вучняў:

97 перамог на алімпіядах рознага ўзроўню,

10 100-бальных сертыфікатаў за апошнія тры гады.

А яшчэ Альфрэд Ладыка:

6-кратны стыпендыят Спецыяльнага Прэзідэнцкага фонду па падтрымцы адораных навучэнцаў,

Трэнер абласной каманды да фіналу рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы.

Як адзначыў старшыня Лідскага райвыканкама Аляксандр Вярсоцкі

- Для Лідчыны гэта не проста падзея - гэта гонар, гэта прызнанне на ўзроўні ўсёй краіны. Указам Прэзідэнта нашаму земляку, чалавеку, які верай і праўдай служыць сістэме адукацыі Лідскага раёна, Альфрэду Антонавічу Ладыку прысвоена званне "Народны настаўнік Беларусі". Ён стаў усяго другім педагогам у гісторыі незалежнай краіны, якія атрымалі гэтае ганаровае званне!

Народны настаўнік - вышэйшая педагагічная ўзнагарода краіны. І самае галоўнае - гэта народнае прызнанне! Мы ганарымся тым, што менавіта ў нас працуе такі чалавек. Гэта яшчэ адно пацверджанне: сістэма адукацыі Лідскага раёна - адна з лепшых у краіне.

Дзякуй, Альфрэд Антонавіч. Ад усёй Лидчины - з гонарам і падзякай!

Паводле лідскіх ТК.

Навіны Германіі

У Хемніцы адбудзецца вялікая выстава Мунка

Нарвежскі мастак Эдвард Мунк калісьці сам бываў у Хемніцы і намаляваў там некалькі карцін

Страх і адзінота: мастацкі музей Хемніца прысвяціў грандыёзную выставу жыццю і творчасці нарвежскага мастака Эдварда Мунка (1863-1944). Куратарам удалося сабраць 140 твораў мастацтва: амаль 100 прац самога Мунка, а таксама творы іншых мастакоў, такіх як Эндзі Уорхал, Неа Раўх і Карл Шміт-Ротлуф, якія маюць дачыненне да маляўнічых палотнаў і графікі Мунка.

Апроч сусветна вядомага "Крыку" Мунка, прадстаўленага ў выглядзе літаграфіі, у Хемніц упершыню вернецца карціна "Два чалавекі. Самотныя". Набытая для калекцыі ў 1928 годзе, яна была прададзена нацыстамі ў 1937 годзе.

Мунк лічыцца адным з заснавальнікаў мадэрну. У 1905 годзе ён сам правёў некалькі тыдняў у Хемніцы. Тым часам ён стварыў некалькі карцін і малюнкаў, два з якіх можна ўбачыць на выставе.

Сёлета Хемніц і славенскі горад Новая-Горыца носяць статус культурнай сталіцы Еўропы. Выстава Мунка "Страх" (да 2 лістапада 2025 года) адносіцца да ліку самых зыркіх падзей у праграме.

Хемніц (dpa). На здымку: Флоранс Турмес, генеральны дырэктар мастацкага музея Хемніца, побач з "Крыкам" Эдварда Мунка© pa/dpa.

Ганзейская рэгата: міжнародны фестываль на Балтыйскім моры

На папулярны фэст у Растоку, які наведваюць сотні тысяч чалавек, сабраліся ветразнікі з розных краін

Традыцыйны ўдар рынды адзначыў адкрыццё 34-й Ганзейскай рэгаты (ням. Hanse Sail). У балтыйскім горадзе Растоку прышвартаваліся каля 120 караблёў з дзевяці краін. Рэгата, у якой удзельнічаюць старадаўнія і музейныя караблі, ізноў сабрала сотні тысяч наведвальнікаў на маштабны фэст. На многіх са старадаўніх ветразнікаў можна было здзейсніць прагулку па Балтыйскім моры (даступнымі ў агульнай суме былі 16 000 месцаў).

Таксама ў рамках фэсту Расток прэзентаваў сябе як месца правядзення спаборніцтваў па ветразевым спорце на Алімпійскіх гульнях 2036, 2040 ці 2044 гадоў, якія могуць прайсці ў Германіі.

d.de. На фота: Ганзейская рэгата: традыцыйнае месца сустрэчы ветразевых караблёў© picture alliance/dpa.

Кароткая гісторыя Лідскага замка

Леанід Лаўрэш

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

***

Прайшоў час. Не толькі просты народ, але і шляхта забылася, калі і хто будаваў наш замак. У народзе захавалася добрая памяць пра каралеву Бону, і будаўніцтва Лідскага замка доўгі час, пэўна, да прац Тэадора Нарбута, прыпісвалася менавіта каралеве Боне. Рэктар лідскіх піяраў у першай палове XIX стагоддзя, ксёндз Язафат Вайшвіла пісаў: "Замак у горадзе прыпісваюць каралеве Боне, як быццам яна яго пабудавала. Амаль што кожны, у каго пра гэта пытаеш, так кажа. Нават лідскі магістрат менавіта гэтак каля 1820-га года рапартаваў, і гэтак жа лічыў і сам бурмістр Вінцэнт Бенстажыцкі. Так ён і напісаў у рапарце, выконваючы загад урада, які патрабаваў інфармацыю пра Лідскі замак.

... Я запытаў аднаго шляхціца:

- Ці ведаеш, чый замак?

Пан шляхціц адразу адказаў:

- Ведаю вельмі добра - каралевы Боны.

- А ці Бона яго вымуравала?

- Так, Бона, няма сумнення.

- Як даўно?

- Дастаткова даўно.

- А хто гэта такая, каралева Бона? Жонка якога караля?

- Гэтага не ведаю.

- А ці яна была хрысціянкай, ці паганкай?

- Паганкай!

- А дзе яна жыла?

- Тут, у Лідзе.

- А пахаваная дзе?

- У нашым замку.

- А хто пахаваны пасля яе?

- Кароль.

- А як яго звалі?

- Не ведаю.

- А што яшчэ ведаеш пра гэты замак?

- Больш нічога не ведаю.

- А хто яго знішчыў?

- Не ведаю.

Вось і ўсё, што можна даведацца пра замак ад мясцовых людзей".

XIX і XX стагоддзі

Вядомы гісторык Яўхім Лелявель у студзені 1805 года наведаў наш горад і пакінуў наступны запіс: "Ліда - мураваны горад з драўлянымі сценамі. Тут ёсць толькі мураваныя касцёлы, з іх піярскі касцёл ужо 6 гадоў як накрыўся дахам і белым пакрыццём. Апрача гэтых двух з паловай касцёлаў (фарны, кармеліцкі і трэці, недабудаваны, піярскі - адсюль "два з паловай касцёлы" - Л.Л.) ёсць яшчэ замак з чатырма высокімі сценамі, які сведчыць што Ліда была горадам літоўскіх князёў і мела здольнасць да абароны. Па рагах замка стаяць разваленыя вежы, з трох бакоў замка цячэ рака Лідзейка а за замкам - драўляная пустая царква (грэка-каталіцкая Уваскрэсення Гасподняга - Л. Л.). Больш няма мураваных пабудоў, толькі адна карчма мае мураваную пярэднюю сцяну".

Рэктар лідскіх піяраў Вайшвіла падае і такую інфармацыю пра замак: "На шчасце замак у вачах урада займеў каштоўнасць, і таму мае з яго боку абарону ад знішчэння рукамі людзей. Указам цара ... распачата справа аб разбурэнні Лідскага замка ў 1840 г.

Пан лідскі гараднічы, падпалкоўнік Стугін вырашыў вымураваць масток цераз рэчку Каменку і пачаў рабіць яго з камянёў, якія валяліся каля дарогі пры замку. Аднак да муроў не дакрануўся. Тым не менш пачаліся размовы, і па павеце распаўсюдзілася навіна, што гараднічы разбірае замак. Хутка гэтая навіна дайшла на Нарбута, гістарыёграфа Літвы. У нашай мясцовасці ён быў руплівым абаронцам замкавых парэшткаў, пра разбурэнне замка ён данёс губернскаму ўпаўнаважанаму, і той распачаў следства. Гараднічы даводзіў, што яго недарэчна абвінавацілі, але пасля далучэння Лідскага павета ... да Віленскай губерні, з Вільні было загадана: "Привести в первобытное состояние". Гараднічы ў рапарце справядліва адказаў, што гэтага зрабіць немагчыма, бо для гэтага, трэба пабудаваць новы замак. Аднак у новым указе было напісана: "Привести … в первобытное состояние. А за неисполнение записать Городничего в черную книгу".

Гараднічаму нічога не заставалася як пачаць працы па прывядзенні замка ў першасны стан. Калі ж Стугін распачаў працу, яго ж канцылярыст Яраслаў Ёлец, каб не было клопату, падаў наступную параду: адрапартаваць, што загад ужо выкананы і замак "приведен в первобытное состояние". Гэтак і зрабілі - гараднічаму справа ўдалася, бо на гэтым усё скончылася, і ўказаў больш не было".

Дадам яшчэ: з тэксту рэктара Вайшвілы даведваемся, што каля таго самага мастка цераз рачулку Каменку, які хацеў перабудаваць лідскі гараднічы, стаяў млын, і "меліся сярністыя крыніцы, бо ў гэтым месцы пасля цёплага дажджу, пры святле сонца, бліжэй да вечара, чутны пах серы. Аднак першыя зробленыя пробы паказалі, што запасы серы там недастатковыя для таго, каб пабудаваць лекавыя купальні". Зразумела, што справа ідзе пра мост і млын, якія знаходзіліся каля замка.


У 1864 годзе замак вывучаў і замалёўваў архітэктар, мастак і гісторык мастацтваў І. І. Пакрышкін, ён занатаваў: "У нядзелю я накіраваўся ў Ліду. Там уцалеў толькі замак, але наадварот, уцалелі чатыры сцены, вежы, якія стаялі па кутах, разваліліся. У наш час ён уяўляе чатырохкутную, амаль квадратную прастору, абнесеную сценамі, і ніякіх слядоў пабудоў пасярэдзіне. Ён хутчэй паходзіць на шырокі двор, куды збіраліся жыхары са сваёй маёмасцю і быдлам і дзе за высокімі сценамі чакалі, каб непрыяцелі пайшлі. Замак гэты мною вымераны і змаляваны".


Яшчэ ў 1878 годзе лідскі павятовы прадвадзіцель дваранства Сцяпан Буткевіч хадайнічаў перад генерал-губернатарам пра знос сцен Лідскага замка, але генерал-губернатар Альбядзінскі адмовіў яму. 27 верасня 1882 годзе знос замкавых сцен абмяркоўваўся гарадской думай. Пасля вялікага пажару 1891 года лідзяне самі, без дазволу, пачалі разбіраць замак на будаўнічыя матэрыялы, але дзякуючы ўмяшальніцтву Імператарскай археалагічнай камісіі, якая прыслала вывучаць замак археолага Пятра Пакрышкіна, Лідскі замак атрымаў статус гістарычнай каштоўнасці.

Тым не менш замак працягвалі патроху разбіраць. У пачатку 1908 года газета "Кур'ер Літоўскі" надрукавала развагі невядомага жыхара нашага горада пра адносіны гараджан да замка Гедыміна: "Маем у горадзе замак... але хутка помнік гэты ператворыцца ў руіны, бо з-пад падмурка гараджане для сябе выгортваюць жоўты пясок, і сцены замка з-за гэтага могуць абваліцца. І робіцца гэта днём, проста на ажыўленай вуліцы, паліцыянты і дзяржаўныя чыноўнікі праходзяць каля "замініраваных" сцен замка, якія пры абвале пагра-жаюць смерцю тым, хто выграбае пясок, і тым, хто выпадкова будзе праходзіць побач". А ў жніўні 1908 года другі невядомы жыхар горада заўважыў: "Нарэшце і ў нас з'явілася нейкая шырэйшая думка і жаданне нешта зрабіць для агульнай карысці... На працягу многіх гадоў мы бачылі пастаяннае знішчэнне муроў замка Гедыміна, аднак ніхто і не думаў пра яго выратаванне. Калі ж мы зацікавіліся гэтай справай, то даведаліся, што руіны знаходзяцца пад апекай Імператарскай археалагічнай камісіі. Звярнуліся да камісіі з просьбай аб выдзяленні грошай і пра дазвол на правядзенне работ па кансер-вацыі гэтага гістарычнага помніка. Калі прыйдзе адказ і ці будзе ён станоўчым, яшчэ невядома, але, пэўна, калі дапамога і будзе аказана, дык сума будзе недастатковай. Таму гарадскія ўлады павінны пачаць збіраць прыватныя сродкі сярод жыхароў горада і землеўладальнікаў Лідскага павета". На жаль, немагчыма даведацца, хто аўтар гэтай нататкі, як звалі аднаго з першых лідзян, які пачаў бараніць галоўны помнік гісторыі і архітэктуры ў нашым горадзе. Але трэба заўважыць, што ідэя аховы старых помнікаў нарадзілася ў Еўропе дастаткова позна, прыкладна ў канцы XIX стагоддзя. І як бачым, асэнсаванне каштоўнасці гістарычнай спадчыны з'явілася ў нас у пачатку XX стагоддзя.

Ужо ў кастрычніку 1909 года "Кур'ер Віленскі" паведамляе, што Міністэрства ўнутраных спраў асігнавала 1000 рублёў на рэстаўрацыю руін замка ў Лідзе. Прарабам быў прызначаны інжынер А. Фофанаў. Але грошы паступілі толькі ў пачатку 1910 года, і хутка стала вядома, што 1000 рублёў на рэстаўрацыю замка не хопіць, і таму з большага прыйшлося абмежавацца кансервацыяй муроў, але і яна была не зусім удалай.

Пасля першай у гісторыі замка ў Лідзе рэканструкцыі і кансервацыі яго абследаваў жыхар Лідчыны, член-карэспандэнт Кракаўскай акадэміі ведаў, гісторык і археолаг Вандалін Шукевіч разам з выбітным знаўцам помнікаў архітэктуры ксяндзом-канонікам Казіцкім і вядомым даследчыкам мінулага Вільні Вацлавам Студніцкім: "…мы аглядалі сцены як найпільней. Галоўным чынам пан Казіцкі, не зважаючы на сваю стомленасць, узлазіў некалькі разоў ажно на самы верх мура па драбіне, звязанай з дзвюх, якая ўгіналася пад кожным крокам".

Шукевіч са скрухай адзначае: "Незайздросны лёс помнікаў мінулых вякоў у нашым краі! Дзесьці там, у цывілізаванай Еўропе, як урады, так і грамадства атачаюць такія помнікі клапатлівай апекай, шануюць іх, амаль пакланяюцца, сцерагуць ад усялякай шкоды. У нас наадварот, калі і існуюць яшчэ нейкія абломкі, то толькі дзякуючы нечуванай іх трываласці, бо ў нас усё робіцца, каб іх знішчыць...".

Далей вучоны справядліва заўважаў, што "для нас мінулае павінна быць падвойна дарагім, бо ў ім адным мы можам чэрпаць натхненне для барацьбы за нацыянальнае існаванне". Шукевіч лічыў, што Лідскаму замку не пашанцавала яшчэ болей, чым іншым, бо "вельмі мала тут чаго засталося, а тое, што ёсць, падлягае сістэматычнаму руйнаванню не толькі хцівымі на такі адборны матэрыял, як каменне з муру, жыхарамі слаўнага града, але і нязванымі апекунамі, якія як бы задаліся мэтай знішчыць усялякія рысы ўласцівай такім помнікам прыгажосці і замяніць яе на нічога не вартыя сцены з каменню".

Член-карэспандэнт акадэміі Вандалін Шукевіч апісваў працэс паступовага разбурэння замка, які ішоў на яго вачах на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў: "Гавораць, што некаторы з паноў-спраўнікаў лідскіх, пранікшыся трывогай за цэласць ілбоў давераных яго апецы жыхароў слаўнага града Ліды, загадаў значную частку мура разабраць па крузе, што і было зроблена з вывазам камення на брукаванне вуліц, а цэглы, праўдападобна, на пабудову яўрэйскіх печаў". Адмоўна ацэньваў археолаг і першую рэканструкцыю: будаўнікі раскідалі ненадзейныя месцы муроў, а вярхі сцен абмазалі цэментнай рошчынай. Якасць кансервацыйных работ была дрэннай: "У цэлым можна сказаць, што ў спусташэнні замка больш вінаватыя людзі, чым разбуральны час. Спрыялі руйнаванню не толькі нядобрасумленныя людзі, але нават і асобы з самымі лепшымі намерамі. …пасля "ўпарадкавання" па загадзе аднаго са "спраўнікаў", нібыта ў імя грамадскай бяспекі… адбылося частковае разбурэнне сцен, асабліва на поўнач і захад. …праз дрэнную руплівасць замуравалі нават арачныя байніцы, размешчаныя ў паўночнай сцяне… муры былі пакрыты зверху цэментам. Ці можа гэтая ідэя лічыцца шчаслівай - трэба меркаваць спецыялістам. Я думаў, што так праводзіць работы па кансервацыі замка нельга. Можна нават дараваць той факт, што такім чынам былі знявечаны сцены, але самае горшае, што гэтая цэментная нашлёпка на сценах не прадухіляе пранікненне вільгаці ў сцены, а наадварот, прадухіляе выпарэнне вільгаці, што паскарае працэс разбурэння. Гэта ўжо бачна… нідзе так не захоўваюць сцены".

Але цікаўнасць гараджан да захавання замка сведчыць пра рост агульнай адукаванасці і абуджэнне грамадзянскіх і патрыятычных пачуццяў гараджан.

Пасля рэканструкцыі замак працягваў жыць сваім жыццём. Напрыклад, падчас мабілізацыі 1914 года мабілізаваных мужчын прыводзілі ў замак, дзе іх прымалі унтэр-афіцэры, адтуль адных адпраўлялі ў казармы Лідскага палка, а іншых вялі на чыгунку і адпраўлялі ў іншыя палкі.

Падчас першай нямецкай акупацыі ў 1915-1918 гадах замак займеў браму, выкананую ў стылі брамы нямецкага паляўнічага замка.

У 1929 годзе была праведзена кансервацыя замка Гедыміна: "…муры пакрыты цэментам, заложаны дзюры, і замак будзе існаваць яшчэ доўгія гады. На адным з кутоў замка нават часткова рэканструяваны парэшткі вежы... забыліся аднак пра браму... мінула ўжо 10 гадоў, як сышлі немцы, але да гэтага часу не знаходзілася грошай, каб замяніць браму нямецкай работы ў стылі "Jagdschlаsschen"" (стыль паляўнічага замка - Л. Л.). Аднак пасля гэтай публікацыі нямецкая брама хутка была заменена на іншую.

Летам 1929 года замак вывучаў вядомы беларускi мастак Язэп Драздовiч i прысвяцiў яму альбом замалёвак. Самыя цікавыфя з ix - "Выгляд замчышча з паўднёва-заходняга боку" i "Паўночна-заходняя сцяна замка". На першым малюнку - старажытнае мураванае ўмацаванне лёгка ўзвышаецца над навакольнымi xaтамi, пануе над мясцовасцю. Вельмi пластычна пададзена паўночная сцяна забудовы з цiкавым пярэднiм планам. На ўзгорку пры замкавым муры ўзнялi гарызантальна выцягнутыя кроны дзве старыя сасны, што нагадваюць iтальянскiя пiнii. Унiзе, каля дарогi, стаiць студня з адмысловай стрэшкай.

У студзені 1930 года Лідскае староства атрымала загад прыбраць з замка Гедыміна стрэльбішча. Мясцовае грамадства сустрэла гэтую навіну з незадавальненнем, і стараста вырашыў хадайнічаць аб адмене гэтага загаду. У тым жа месяцы у замку Гедыміна з'явіўся каток: "Для моладзі горада ён стаў сапраўдным месцам сустрэч і адпачынку. Каля катка пабудавана пачакальня".

У наступным месяцы на пасяджэнні чальцоў "Літаратурнай серады" ў Вільні рэстаўратар і кансерватар д-р Лорэнц выступіў з дакладам аб кансервацыі сярэднявечных замкаў. Пра кансервацыю Лідскага замка Лорэнц сказаў: "Стан кансервацыі Лідскага замка нездавальняльны. Цалкам дрэнна, што муры замка па-новаму пакрылі бетонам, калі найлепшым метадам кансервацыі ёсць нанясенне новага пакрыцця толькі пасля зняцця старога. З замка прыбралі часовую драўляную браму, і хутка павінна быць прыбрана драўлянае стрэльбішча".

22 сакавіка 1930 года Лорэнц прыехаў у Ліду, каб яшчэ раз агледзець замак Гедыміна. Ён пагадзіўся, каб стрэльбішча знаходзілася ў замку да канца верасня 1930 года, але паведаміў лідскім уладам, што калі работы ў вежы замка пачнуцца раней, дык стрэльбішча прыйдзецца таксама зачыніць раней. Вывучыўшы замак, д-р Лорэнц зразумеў, што фундаменты яго моцна аслаблены падкопамі зямлі з боку суседняга з замкам участка, якім валодаў нейкі Чарняўскі, прычым абвал муроў замка якраз і пагражаў маёмасці самога Чарняўскага. Кансерватар патрабаваў ад уладаў пазбавіць замак ад далейшых падкопаў наіўных суседзяў. Тым не менш 28 мая 1930 года Саюз стральцоў не закрыў, а адкрыў у замку стрэльбішча, але для малакалібернай зброі.

У кастрычніку 1933 года стараста Багаткоўскі паведаміў археолагу Віленскага ўніверсітэта доктару Хелене Цэгак, што ніякай пагрозы для замка няма, малыя шчыліны замазаны, а "зараз на невялікім участку сцяны ўзмацняецца фундамент". На пытанне пра легенды аб лёхах пад Лідскім замкам стараста адказаў, што гэта - часткова легенды, а часткова факт: "Расказваў мне 80-гадовы стары, 65 гадоў таму, будучы хлопцам, ён хадзіў па падзямеллях. Тады адкрыўся ўваход у гэтыя падзямеллі. І цягнуліся яны далёка, як мовілі, ажно да Трок.

Так далёка стары не хадзіў, бо яго лучыны не хапіла. Той стары, можа, часткова і мае рацыю. Падзямеллі могуць існаваць".

Лідзянін Ян Станіслаўскі пісаў у сваіх мемуарах, што ў 1936 годзе, быццам бы знайшлі падземны ход з замка да фарнага касцёла, але атрымаць дадатковую інфармацыю, якая пацвердзіла б гэтую знаходку, аўтар не змог. Дарэчы, цікава, што аналагічныя расповеды пра падземныя хады я чуў у 1970-я гады, у сваім дзяцінстве, часткай якога быў наш замак. Замак тады ніколі не зачыняўся, і я з сябрамі праводзіў у ім шмат часу.

У 1930-я гадах у Лідскім замку праведзена кансервацыя сцен, упарадкавана тэрыторыя звонку і ва ўнутраным двары. У 1933 годзе паўднёвая сцяна замка была ўзмоцнена праз пабудову фундамента вакол шчыліны і падсыпку зямлёй звонку. На кастрычнік 1935 года, згодна са справаздачай лідскага павятовага старасты, руіны замка "не былі ў пагрозлівым стане", але на іх паднаўленне выдзелена 350 злотых.

У 1920-30-х гадах унутры замка ўлетку дэманстраваліся фільмы, праходзілі гарадскія святы, працавалі перасоўныя цыркі, а ўзімку заліваўся каток.

Да канца 1930-х гадах быў распрацаваны план развіцця нашага горада. Сярод іншага план прадугледжваў будаўніцтва водаправода, каналізацыі і цвёрдых паверхняў вуліц па ўсім горадзе, але прэса крытыкавала план за тое, што ў ім не прадугледжваліся добрыя віды на галоўны помнік Лідчыны - замак, вакол якога планавалася зрабіць парк для адпачынку.


У 1941 годзе захопнікі спачатку трымалі ў замкy ваеннапалонных, а потым зрабілі там склады боепрыпасаў. У 1944 годзе, калі вораг ужо адступаў на захад, тут неаднойчы ўзрываліся снарады, але сцен умацавання яны не пашкодзілі. Пасля вызвалення горада, замкавы двор увесь быў пакрыты глыбокімі вырвамi, паўсюдна валяліся снарады і міны. Даволі многа іх ляжала ў ямах, засыпаных зямлёй. З гэтымі "падарункамі" апошняй вайны і сутыкнуліся пазней археолагі. Не раз ім даводзілася спыняць раскопкі і выклікаць сапёраў. Так, у 1978 годзе было знойдзена 150 снарадаў i 8 мінaмётных мін, шмат патронаў і ўзрывальнікаў. Яшчэ большую колькасць снарадаў паднялі з зямлі ў 1986 годзе. Толькі ў адным з катлаванаў ix налічылі з паўтысячы. Прыйшлося на цэлы месяц адтэрмінаваць раскопкі i рэстаўрацыйныя работы.

***

У 1953 годзе Лiдскi замак увайшоў у спіс помнікаў архітэктуры рэспублікі, якія былі ўзяты пад дзяржаўную ахову.

Упершыню археалагічныя доследы на замкавым падворку пачаліся ў 1970 годзе пад кіраўніцтвам Мiхася Ткачова. Каля вежаў замка заклалі шурфы. Высветлілася, што паўднёва-заходняя вежа больш ранняя. Ад яе часткова захаваўся падмурак таўшчынёй у тры метры. Ткачоў выказаў меркаванне, што другая вежа была пастаўлена альбо пасля 1384 года, альбо на мяжы XIV-ХV стагоддзяў. Яго даціроўка пацвердзілася ў выніку далейшых даследаванняў. Вучоны таксама прасачыў, што ўмацаваная забудова стаіць на выспе са жвіру, пяску і камення.

З канца 1970-х гадоў пачалася павольная рэканструкцыя замка, якая з большага закончылася толькі ў 2010 годзе.

Рэканструкцыя замка

Гэта тэма патрабуе асобнай кнігі, таму я коратка перакажу асноўныя з гісторыі моманты рэканструкцыі замка, абапіраючыся на працы Алега Трусава.

У 1967 годзе рашэннем мясцовых улад Лідскі замак быў перададзены пад шэфскі нагляд будаўнічаму трэсту № 19 і там былі абсталяваны спартыўныя пляцоўкі, падведзена вада і некалькі зімаў заліваўся каток для забаў. У 1970 годзе была зроблена спроба ўмацаваць муроўку з-за пастаянных абвалаў вуглоў сцен, што было даручана будаўнічаму трэсту № 19.

Старшыня Лідскага гарвыканкама з 1969 года Логаш У. М., успамінаў: "Менавіта ў тыя часы пачала пашырацца ідэя аб рэстаўрацыі Лідскага замка. ... Хаця было нямала скептыкаў і супраціўнікаў, якія гаварылі, што няма патрэбы аднаўляць замак, паколькі замак будаваў, маўляў, літовец Гедымін, а яны, літоўцы, некалі захапілі Беларусь - вось такая памылковая думка існавала ў афіцыйнай гістарыяграфіі таго часу".


У 1972 г. на адной з сесiй абласнога савета народных дэпутатаў было ўзнята пытанне аб аднаўленні замка i зроблена абгрунтаванне гэтай задачы. Паступова побач з замкам узнялася дзевяціпавярховы гатэль, потым - высокі гмах інтэрната для будаўнікоў. На іх фоне сумна выглядалі замкавыя муры, ад якіх час ад часу адвальваліся i каціліся ўніз вялікія камяні. Заходняя сцяна нахілілася ў бок дарогі па якой увесь час рухаўся цяжкавагавы аўтатранспарт. На замкавым двары "гаспадарыў" будаўнічы трэст, які прыстасаваў яго пад невялікі стадыён. Помнік у цэнтры вялікага горада трэба было ратаваць.

Першы заказ ад Лідскага гарвыканкама на кансервацыю муроў прыйшоў у Спецыяльныя навукова-рэстаўрацыйныя майстэрні Міністэрства культуры БССР у 1975 годзе. Закладзеныя ў вepacні 1976 года архітэктурна-археалагічныя шурфы, казалі пра ўнікальнасць гэтага шэдэўра беларускага дойлідства. Тады навуковы кіpaўнік рэстаўрацыйных работ, архітэктар Сяргей Багласаў прапанаваў свой варыянт поўнай адбудовы замка і актыўнага прыстасавання яго для сучасных культурных патрэб горада. Праект быў абмеркаваны і зацверджаны на пасяджэнні Лідскага гарвыканкама. Мясцовыя ўлады выдаткавалі патрэбныя грашовыя сродкі для здзяйснення задумы.

(Працяг у наступным нумары.)

Некалькі гадоў маёй маладосці ў Вільні* (1818-1825)

Станіслаў Мараўскі

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Але гэта не мая справа, а мая справа нагадаць, што гэтае гняздзечка з дзвюма пташкамі дало падставу нейкаму ідыёту напісаць ў разнесці па ўсёй Варшаве два зусім не дасціпныя радкі:

З-за незвычайнай ардыната ласкі,

Адынец і Ардынец глядзяць у сад Саскі79.

З гэтага Варшава весялілася некалькі дзён, і з гэтым вершам, шчыра смеючыся, мяне сустрэў ў сябе сам Адынец.


Згерскі меў даверліва перададзеныя яму паперы ўніяцкага біскупа Галаўні80, сярод якіх, у пераплеценай кнізе наткнуўся на карысны для сябе дакумент. Ён выдраў дакумент з кнігі і на яго падставе пачаў шукаць маёмасць уніятаў і жыхароў Гарадзенскай губерні, якая нібыта некалькі стагоддзяў таму належала яго продкам. Але гэты маёнтак нават на картах не пакінуў ніякіх слядоў. Распачаў судовы працэс, давёў яго да Сената і сам прыехаў у Пецярбург з невядомым там ордэнам "Залатой шпагі". У Пецярбурзе знайшоў заступніка, графа, сенатара Хвастова, які да таго часу ўжо цалкам здзяцінеў, а раней быў такім, як Згерскі, смешным псеўда-паэтам, зацыкленым на сваёй паэзіі.

Спакойна сядзець у Пецярбургу і не падрапаць пяром Кішка не мог. Зараз жа задумаўся пра літаратуру і пачаў выдаваць дарагую газету "Эгіда" на розных мовах і на вялізных аркушах дарагой паперы. Гэтая газета стала каласальным, памерам у піраміду, глупствам, і друкавала яна манументальную дурасць. Напрыклад у першым нумары ён напісаў: "Рыма-каталіцкі папа" і паведаміў яшчэ шмат падобных навін. Здаецца, пасля трэцяга нумара газета закончыла сваё існаванне81. Трэба было заплаціць узяты на газету крэдыт, але грошай не было. Пачаў пятляць, як ліс ці заяц перад хартамі. Дырэктар дзяржаўнай фабрыкі ў Пецяргофе генерала Казін бачыў у нашым паэце толькі замучанага і непрыкметнага чалавека і не падазраваў у ім гонару і пыхі графа з Цеханаўца. Таму назваў яго агульнавядомым у сваёй краіне словам "подлец"! Нават самы дзёрзкі расеец спытаў бы толькі: "Почему я подлец", а наш Кішка, не доўга думаючы, за такую фамільярнасць адразу даў яму ў морду. Вядома ж, на крыўдзіцеля наскочылі фабрычныя, па загаду свайго начальніка прывязалі да слупа і моцна збілі.

Потым ён яшчэ неяк дайшоў да міністэрства фінансаў і яго міністра Канкрына. На гэтым пакідаю Згерскага ў Пецярбургу, бо я не ведаю, што з ім было далей.


Чалавекам, які прычыніўся тады да нашых бед, быў сенатар, граф Ільінскі82. Ён прыехаў да нас з Валыні для набажэнстваў і добраахвотных рэкалекцый. Ён таксама быў шмат на што варты. Былы вялікі распуснік, гуляка, карцёжнік, раней пры царыцы Кацярыне служыў у Гатчыне пры двары вялікага князя Паўла. Пасля ўступлення Паўла на трон, стаў адным з яго фаварытаў і меў добрыя даходы. Так працягвалася да смерці Паўла. Вялікі князь Канстанцін выказваў вялікую пашану ўлюбёнцам свайго бацькі і пасяліў яго з сям'ёй у сваім Мармуровым палацы. На гучны лад жыцця Ільінскі страціў шмат грошай і маёнткаў. Але, кажуць, што д'ябал у старасці робіцца пустэльнікам. Гэтак і Ільінскі. Ён пачаў бясконца маліцца і спавядацца ў касцёлах. Яле як? Заўсёды ў сваім пунсовым мундзіры сенатара з усімі зоркамі і стужкамі, якіх у яго было шмат. Зімой у касцёл апранаў гарнастаевае футра, абцягнутае аксамітам з усімі зоркамі на ім. Але, хай кожны сам для сябе вырашае, з-за пакоры ці з-за гонару рабіў ён гэта.

У той час звычайна насілі футры з мядзведзяў ці з амерыканскага собаля, пакрытыя ядвабам, які зваўся грэдытурам (цяжкі французскі шоўк - Л. Л.). Гэтыя футры мелі футравы каўнер, які адкладваўся да паловы пляча, рукавы сягалі да нізу футра і не менш чым на чвэрць локця былі аблямаваны футрам. Рукі ў рукавы ніколі не сунулі. Гэта выглядала вельмі эфектна, не так, як сучасныя куцыя паліто.

Ільінскі быў зацыклены на вялікасці. Здаецца, калі б ўваскрэс Бароўскі, ён параіў бы не мучыць сябе, а шукаць паратунак ці ў сакрыстыі, ці ў жанчын. Аднак усе ксяндзы яго надзвычай шанавалі як узорна набожнага чалавека. Адразу пасля прыезду, пайшла пагалоска, што ён быццам едзе ў Рым прасіць капялюш (біскупскі - Л.Л.). У кожным прэзбітэрыі, як кардынал, меў сваю асобную лаву. Ксяндзы яго асабіста ўводзілі, і яны ж яго ганарова выводзілі з касцёла, а ён ішоў паміж імі як журавель і сур'ёзна аглядваўся ва ўсе бакі. Натоўп глядзеў на гэта з адкрытымі ратамі, што цешыла Ільінскага. Гэты фарс працягваўся некалькі месяцаў, і спачатку ўсе моцна весяліліся, але потым знудзіліся. Не зразумела, толькі, як такая лухта самому яму не надакучыла.

Быў ён дужым, значным і прыгожым мужчынам. Хадзіў напудраны. Клаўся ў ложак не здымаючы зорак. У сябе на вёсцы даваў аўдыенцыі эканомам і сялянам седзячы на адмыслова падрыхтаваным для гэта троне. Наколькі мне вядома, Ільінскі пакінуў аднаго сына Януша, чалавека з вялім носам і такімі здольнасцямі, што як мне казалі, яго лісты немагчыма было прачытаць. Цяпер ён мае добрую пасаду ў Пецярбургу і ў 1830 г. ажаніўся з прыгожай паннай Актавіяй Мараўскай, якую я добра ведаў.

Дадаткі:

21. У часы Віленскага ўніверсітэта ў Вільні існавала досыць квітнеючае імператарскае медыцынскае таварыства, заснаванае Юзафам Франкам, членам якога я меў гонар быць.

Згодна са статутам нас усіх выбіралі тайным галасаваннем. Прафесарам натуральнай гісторыі пасля слаўнага і высакароднага Юндзіла быў прысланы з Пецярбурга немец Эйхвальд. Казалі, што ён быў нудны педант і інтрыган і пры тым вельмі з'едлівы і пыхлівы з калегамі. Хочаш - не хочаш, трэба было яго паважаць. Як ніхто іншы гэты немец хацеў стаць членам таварыства. Таму папрасіў Пелікана, які тады быў старшынёй і адначасова ўсеўладным рэктарам універсітэта, і Навасільцава - уладара ўсёй Вільні, каб дапамаглі стаць членам таварыства. Пелікан ахвотна пагадзіўся. Ён паабяцаў рэкамендаваць і сапраўдны рэкамендаваў.

Перад пачаткам пасяджэння, на якім павінен быў вырашацца лёс Эйхвальда, на вачах усёй аўдыторыі, у тым ліку і самога кандыдата, Пелікан, як шчыры сябар немца, хадзіў ад крэсла да крэсла, ад члена да члена таварыства і прасіў за яго. Ціснуў рукі. Але пры гэтым казаў усім на вуха: "Я ведаю, што вы ўсе яго не любіце, ён сам сябе перакрэсліў, але зрабіце гэта толькі для мяне, не кампраметуйце яго занадта". Члены таварыства кланяліся ўсяўладнаму Пелікану. Эйхвальд не чуў яго слоў, бачыў толькі жэсты і рос, як на дражджах.

Пасяджэнне распачалося. Галасуюць шарамі. Першы кінуў старшыня таварыства Пелікан. Скончана. Адчынілі скрыню. Пачынаюць падлік. І Пелікан са скажоным тварам прызнае, што ў скрыні няма ніводнага белага шара! Усе прагаласавалі супраць. Сам Пелікан у надзеі, што нехта будзе галасаваць станоўча, прагаласаваў негатыўна і здрадзіў свайму сябру.

Абодва атрымалі належны ўрок.

"Плёткі".

22. Гэта быў час, калі нават самы дурны імкнуўся рознымі спосабамі стаць членам нейкага навуковага таварыства ці нават некалькіх, калі яму гэта ўдавалася. У Віленскім універсітэце яшчэ панавала навуковая атмасфера. Галоўным стымулам дамагацца гонару быць прыналежным да навуковых таварыстваў, з'яўляўся прыклад знакамітых прафесараў, якіх, дзякуючы навуковым працам ведала ўся Еўропа, і яны былі членамі ледзь не ўсіх навуковых таварыстваў гэтай часткі свету. Напрыклад пераклік вучоных тытулаў Юзафа Франка немагчыма было змясціць на дзвюх друкаваных старонках. І кожны хацеў быць падобным на яго, хаця б і ў гомеапатычных памерах. Гэта нагадвае мне досыць камічны анекдот, праўда не пра навуковае членства, а пра тытул на канверце, без якога ніводзін шляхціц на вёсцы ў нас не зробіць ні кроку, нават калі выступае супраць усякай арыстакратыі. У нас ёсць тысячы суддзяў, якія не асудзілі аніводную блыху, пакідаючы гэтую справу сваёй жонцы. Маем копы падкаморых, якія толькі свой нос сунулі ў чужую камору. Маем столькі харунжых, якія ў лепшым выпадку бачылі харугву толькі на касцельным фэсце і якія ніколі не насілі ніякай харугвы, не ўмелі і не жадалі гэтага рабіць.

Што ж, калісьці віленскі магістрат нарабіў шмат свавольстваў. Паборы і крыўды, то з-за кватарантаў і падаткаў на дом, то з-за брамнага і рагаткавага збору83 і збору мыта, дайшлі да вышэйшых уладаў. Каб выявіць злоўжыванні, магістратам была створана камісія. Шмат шляхты мела тут свае дамы. І ад падначаленых кароне жыхароў у гэтую камісію абралі дэпутатам ад шляхецкага стану чалавека, адметнага вялікай вучонасцю і грамадзянскімі заслугамі, слаўнага і сёння Міхала Балінскага84.

Парушэнне, натуральна, пісалася па-руску "злоупотребление", так называлася і камісія, якая павінна была займацца гэтымі справамі. І нейкі пачцівы абывацель, пішучы па справах Балінскаму і не могучы не згадаць яго тытул, напісаў на канверце: "Яснавяльможнаму Пану Міхалу Балінскаму, члену злога ўжывання"!


А быў яшчэ адзін выпадак.

Біскуп Страйноўскі павінен быў здаць у арэнду ці свой, ці бенефіцыяльны маёнтак і таму пастаянна сустракаўся з людзьмі, з якімі вёў адпаведныя перамовы. Аднойчы слугі сказалі яму, што нейкі ягамосць чакае ў перадпакоі, каб абмеркаваць гэтую справу. Біскуп меў гасцей але загадаў неадкладна прывесці яго. Увайшоў шляхціц:

- Адкуль пан?

- Са Жмудзі, ясны пане.

- Як вас завуць?

- Хм, хм … не адважваюся сказаць гэта біскупу, - адказаў шляхціц з усмешкай.

- Як гэта ... чаму?

- Трошкі саромеюся, бо гэта жаночая прылада …

Біскуп ажно на два крокі адскочыў ад шляхціца, а шляхціц працягваў:

- Мяне завуць Ян Матавідла85 …

Раздзел 9. Добраахвотная адстаўка і шматлікіх прафесараў Віленскага ўніверсітэта. Навасільцаў, Пелікан і іх кліка. Адам Адамовіч

А тым часам ужо саспела Тарпейская скала86 для нашых тытанаў. З яе скінулі Твардоўскага, Лелявеля87, Галухоўскага, Анацэвіча88, Данілевіча, Контрыма, Капэлі, Баянуса, Вольфганга, Ачароўскага, а яшчэ раней, добраахвотна пакінуў не вартае яго месца Франк. Гродэк, паважаны, любімы, вучоны Гродэк, памёр з гора. Завадскі быў пазбаўлены права чытаць кнігі ў бібліятэцы і выстаўлены з універсітэта. Адразу зніклі ўсе зоркі ўніверсітэта, уся яго аздоба і слава. Рэктарам пасадзілі Пелікана. На месца Лелявеля з Пецярбурга прыслалі чыноўніка нейкай канцылярыі Паўла Кукальніка, брата Платона. Потым былі Беркман, Мюніх, Бялькевіч, Вашкевіч, Лабойка і г. д. Са старых прафесараў да партыі Пелікана далучыліся Мяноўскі і Бекю (А 23), якога, дарэчы, адразу пасля гэтага забіла маланка. Такім чынам, Пелікан схаваўся за моцныя спіны і рабіў, што хацеў. Рада ўніверсітэта цалкам перайшла ў адны рукі. Навасільцаў загадваў - Пелікана рабіў. Усё ішла па іх жаданні. Можа, я трошкі памыляюся ў датах, бо пішу па памяці і ні да каго не звяртаюся па парады, бо не хачу, каб нехта ведаў, што я пішу гэта, але факты пэўныя. Больш за тое, усё гэта з фактамі і датамі апісаў мой стары і высакародны прыяцель Жэгота Анацэвіч, прафесар гісторыі Віленскага ўніверсітэта, які нядаўна памёр у пецярбургскім шпіталі. Яго рукапіс зараз недзе ляжыць за печкай (маецца на ўвазе, што невядома дзе захоўваецца - Л. Л.), Але, пэўна, калі-небудзь нечакана вырасце, як грыб з-пад дубовага лісця. Анацэвіч, якога загубілі Пелікан і Навасільцаў. Не скажу, што пры жыцці ён смела выказваўся, але цяпер пра яго ўжо гавораць іншыя асобы і гаварыць будуць. Захаваліся добрыя партрэты гэтага паважанага старога. Яго справы сведчаць самі за сябе. Ён першы з карысцю пачаў разграбаць тэўтонскія архівы ў Кёнігсбергу. Меў дзіўную памяць на храналогію і не сучасны, не модны погляд на гісторыю, які не задавальняе сённяшніх чытачоў. У абыходзе, ці, дакладней, па сваіх манерах, быў немцам, нават брутальным немцам, але шчырым, адкрытым і сумленным чалавекам, нават і жорсткасць яму пасавала.

Новы рэктар пачаў з таго, што за вялікія грошы купіў і адрамантаваў кватэру для куратара Навасільцава. Вядома, якімі карыснымі для зладзеяў ёсць будаўнічыя справы. Але агромністая і дарагая кватэра, у якой, між іншым, усе перспектывы і карціны выканаў знакаміты Главацкі89, аказалася дрэннай для куратара. Таму ў іншым будынку зрабілі новую, яшчэ даражэйшую, яшчэ шыкоўнейшую кватэру, а сам рэктар, з-за "галечы", перабраўся ў тую першую, адстаўленую кватэру. Але і новая кватэра не спадабалася Навасільцаву, і справа працягвалася далей. У яе перасяліўся рэктар і вечны спадкаемец куратара, а папярэднюю кватэру аддаў Кукальніку, ці яшчэ камусьці з гэтай клікі: Мяноўскаму, ці Беркману - таму, хто ў той момант быў у фаворы. Так і працягвалася. Грошай, якія патрацілі на гэтыя кватэры, напэўна, хапіла б на сорак мураваных дамоў! Пасля гэтага пачалі перарабляць універсітэцкія муры. Потым ганебна абадралі і нібы пачалі аднаўляць касцёл св. Яна90, і так бясконца. Потым пачалі прадаваць універсітэцкую уласнасць, якая раней была ў арэндзе. Тое самае тычылася выдачы даведак, арэнды дамоў, сертыфікатаў і пасведчанняў. Багатае поле адкрылася ў справе размеркавання пасад настаўнікаў. Як я ўжо пісаў, усе школы скампраметавалі сябе, і лёгка было абвінаваціць прэфектаў і настаўнікаў. Але яны не захацелі прасеяць гэтых асоб праз сіта, і той, хто плаціў за сябе, заставаўся добрым супрацоўнікам. Сумленныя і здольныя не мелі чаго даць і былі звольненыя, яны засталіся без кавалка хлеба разам з сваімі жонкамі і дзецьмі. На іх месца прыйшлі новыя, тыя, якія за гэта заплацілі. Нават прафесары ўніверсітэта мусілі аддаваць частку сваіх заробкаў. Тое, што не ўзяў Навасільцаў, узяў Пелікан, астатняе забралі яго жонка, Платон Кукальнік і г. д. Пасля гэтага яны ўзяліся за універсітэцкія грошы, бурсы, фундушы Адукацыйнай камісіі. Навасільцаў увесь час адтуль браў грошы як з уласнай кішэні. Словам, злачынствы і рабункі, паўсюдныя Садом і Гамора, мне нават сорамна пра гэта расказваць. Але на паперы было ўсё добра. А калі хто, крый Божа, нават сваім у доме загаварыў бы пра гэта, адразу пайшоў бы ў вязніцу, у жаўнеры, у Сібір, стаў бы бунтаўніком, карбанарыям, лібералам, змоўшчыкам. Пра гэта нічога не ведаў не толькі імператар Аляксандр, але нават міністр асветы, і, пэўна, у сталіцы дасюль ніхто не ведае.

Гэта старое пакаленне нягоднікаў. І на ўсялякі выпадак трэба было падумаць пра падрыхтоўку новай генерацыі, якая была б удзячна за сваё ўзвышэнне. Знайсці такіх было не цяжка. Сярод іх самым таленавітым быў нейкі Адам Адамовіч91, сёння ён ужо стацкі дарадца, якога мы на лекцыях называлі "Адамеля, мамеля, татэля". Сын яўрэя-разносчыка, які яшчэ нядаўна ў шуфлядзе на паску насіў па вуліцах мыла, памады, гамбургскія пёры, іголкі, напарсткі. Сёння такіх ужо няма, а стары Адамовіч прадаваў яшчэ і гэтыя ахоўныя авечыя пухіры, якія завуцца англійскімі кандомамі, якія мы, студэнты, у яго сакрэтна куплялі за брамай. Яго смярдзючка-сын напачатку выпісваў рэцэпты для сляпога Лібаўшчыца, потым вастрыў пёры прафесару анатоміі Лабенвейну, які перад смерцю парэкамендаваў яго Пелікану. Калі аціраўся ў перадпакоях Пелікана, пазнаёміўся з Баянусам, і яны ўсе разам адправілі гэтага канавала за кошт ураду за мяжу. Туды ён паехаў разам з жонкай, якая ў свой час з юдзейства прыняла лютаранства. Калі вярнуўся, атрымаў месца прафесара ветэрынарнай тэрапіі. Неўзабаве, прызвычаіўся на кафедры прафесара, зафанабэрыўся і пачаў саромецца сваёй спецыяльнасці. Хацеў лячыць людзей, бо быў доктарам, але лячыў коней. Нягледзячы на ўсё гэта, быў таленавітым чалавекам, меў разумную галаву, добрае пяро, але дрэннае сэрца і гонар удзельнага нямецкага князя. Усе свае пасады атрымаў не праз здольнасці, а праз майстэрства выкрунтасаў і дасканалага падхалімства.

Мелася яшчэ некалькі падобных маладых людзей, але яны не вартыя таго, каб пра іх казаць. Нейкім цудам сярод іх захаваўся высакародны, дабрадзейны і варты захаплення чалавек - Караль Муйшал92. Але, відавочна, гэта была ці нейкая памылка ці сапраўдны цуд! Калі дажыву, напішу пра Муйшала асобна, бо ён варты таго, каб рука сябра кінула некалькі кветак на яго магілу.

Дадаткі.

23. Памятаю даволі пацешны і каламбурны анекдот пра Бэкю, прафесара медыцыны і лепшага лекара, які на самым пачатку стагоддзя прывёз вакцыну ў Вільню.

У 1812 г., калі ў Вільню прыйшлі французы, было так мала кватэр для афіцэраў, што праз тысячы злоўжыванняў яны сілай уціскаліся у кватэры, якія ваенныя ўлады вызвалілі ад пастою. Да такіх выключэнняў адносіліся і кватэры прафесараў універсітэта. Нейкі французскі палкоўнік уварваўся ў кватэру прафесара Бекю, калі таго не было ў хаце, і без усялякіх цырымоній пасяліўся ў ёй. Разгневаны Бекю прыйшоў дахаты, убачыў палкоўніка і сказаў: "Я загадваю вам неадкладна сысці. Гэта мая кватэра. Я прафесар Бекю, прафесар універсітэта!".

Палкоўнік, разваліўшыся на канапе, не задумваючыся халаднакроўна адказаў: "Ах, ах! Месье, я ў захапленні! Вы прафесар Бекю! Але нават каб вы былі прафесарам A-кю, C-кю, D-кю, F-кю, нават каб вы былі аслом усяго алфавіта, я і тады і не паварушыўся б!".

І застаўся ў кватэры.

Раздзел 10. Развагі аўтара пра каханне. Прыезд жонкі Ксаверыя Мюлера і хвароба яе дзяцей. Першая сустрэча з ёй аўтара

Як бы не хацеў гэтага рабіць, але я павінен напісаць пра тое, што на працягу многіх гадоў прыносіла шмат болю мне і яшчэ адной асобе. Праз чвэрць стагоддзя маё пяро ўсё яшчэ дрыжыць ў руцэ, калі думаю пра яе. Што тады для мяне гэта значыла? Я маю напісаць пра адзінае сапраўднае каханне, якое мелася ў маім жыцці. Усё астатняе, што са мной адбывалася раней і потым, было толькі ценем у параўнанні з ім, хоць, магчыма, і пакінула пасля сябе ўдзячную памяць. Але тое адзінае, што было ў маім сэрцы чыстым і па-сапраўднаму беззаганным, пайшло, згарэла і ператварылася ў вугаль і попел. […]

Нічога не скажу пра жанчын. Што я магу пра іх сказаць? Яны ведаюць моцнае каханне іншага кшталту. У любым выпадку, жанчына натуральна, лёгка і хутка робіць выбар паміж мужам, каханкам і дзіцём. Мужчына выносіць з полымя жонку, жанчына - сваё дзіцё.

Жанчыны - гэта алтары, перад якімі моляцца і будуць моліцца да канца свету. Галоўнай і найчасцей прыхаванай крыніцай ўсяго вялікага, што сталася ў свеце, заўсёды была жанчына. О, як жа яны памыляюцца, калі жадаюць сысці з гэтага месца. Што стане са светам, калі жанчына зноў будзе толькі ўлоннем?

Жанчыны нават у сапраўдным каханні не маюць пастаянства. Нічога пастаяннага. У іх усё залежыць ад моманту, ад натхнення. Але праўда і тое, што бываюць у іх цудоўныя, райскія, боскія імгненні! Калі б яны маглі цягнуцца даўжэй, наш свет уздоўж і ўпоперак стаў бы раем. Але Бог не хоча гэтага. Недзе, здаецца, у 4-й главе, сказана, што боскія анёлы спускаліся да жанчын але нікога з іх не ўзялі да сябе на неба (насамрэч, гл. 6:1-22. Бібліі: "Калі людзі пачалі множыцца на зямлі і радзіліся ў іх дочкі, тады сыны Божыя ўбачылі дачок чалавечых, што яны прыгожыя, і бралі іх сабе за жонак, хто якую выбраў" і г. д. - Л. Л.). Аднак жанчына, а тым больш цывілізаваная жанчына, належыць да вышэйшых, да нябесных істот. Гэта немагчыма сказаць пра нейкую самку. Ніхто такога не скажа і пра эмансіпаваную жанчыну. Адносіны да жаночай чысціні і яе ўзнёслае разуменне, залежыць ад таго, па якой слізкай сцежцы вядзе чалавека спачатку стыхійная арганізацыя, а потым прынцыпы, укладзеныя маці і высакародным бацькам, хатні прыклад, вопыт, дасведчанасць, навакольныя людзі, падзеі жыцця і дух часу. Так проста прызвычаіцца да рэчаіснасці, і таму не будзем здзіўляцца, калі нешта ідзе не так. […]

У першыя дні снежня 1823 г. да мяне прыйшоў Мюлер. Не ведаю чаму, але мы не бачыліся паўтыдня. Як звычайна, размаўлялі і весяліліся. Аднак, я заўважыў, што ён шмат мармыча сабе пад носам - кепскі знак, гэта папярэджвала мяне, што на душы ў Мюлера не ўсё добра.

Вопыт жыцця вучыць, што калі негаваркія людзі, якім ты давяраеш, застаюцца з табой сам-насам і ў перапынках размовы мармычуць, лёгенька напяваюць якія-небудзь песні ці ціхенька, праз сціснутыя вусны, насвістваюць, можна біцца аб заклад "сто - супраць аднаго", што яны маюць мэту - у залежнасці ад характару і адносін паміж вамі - ці ўмела выцягнуць з вас нешта, што ім трэба ведаць, ці, што здараецца часцей, падмануць вас ці прапанаваць вам нейкія рэальна ці ўмоўна карысныя шпекуляцыі, каб схіліць да нейкай справы, у якой загадзя прадбачацца ваш супраціў. І калі падчас такой размовы нічога не адбываецца - не хвалюйцеся, можаце быць упэўнены, што гэта толькі адкладзена на наступны раз.

Пасля адной - двух чвэрцяў гадзіны Мюлер прыступіў да справы.

- Пан Станіслаў, - сказаў ён, - Маю да вас просьбу і не ведаю, як да яе падысці.

- Прыступайце смела і адкрыта, - адказаў я, але не мог здагадацца пра што пойдзе гаворка.

- Вось, - сказаў ён, - Марыя, сястра маёй жонкі, мая братавая, пра якую вы так шмат чулі, адна з самых нешчаслівых жанчын. У дадатак да іншых бед далучылася яшчэ нейкая страшная хвароба ўсіх траіх яе дзяцей93. Мясцовыя лекары не далі рады і адправілі яе ў Вільню. Гэтая бедная жанчына губляе розум. Я ведаю, што вы не жадаеце займацца лекарскай практыкай і ні ў якім разе не дазволіце сябе ўзнагародзіць, што бянтэжыць мяне яшчэ больш. Але ўласна гэта і прымушае нас яшчэ больш давяраць вам. Таму, маю просьбу - ахвяруйце сабой дзеля сяброўства. Я ведаю вашу навуку і прашу узяць пад сваю апеку гэтых няшчасных дзяцей.

З любым іншым я б задумаўся і пэўна адмовіўся б, тым больш, што ў Вільні, як я ўжо казаў, лекараў было больш за хворых. Магчыма, нават адмовіўся б ад сяброўства з Мюлерам, перад якім у мяне не было ніякіх абавязацельстваў. Але я не змог адмовіць няшчаснай кабеце, няшчаснай маці, пра якую чуў столькі добрага і якая, яшчэ незнаёмая мне, ужо мела мае спачуванне.

І я пагадзіўся. Мюлер перастаў мармытаць.

- Давайце, хутчэй апранайцеся і пойдзем разам.

Я не пагадзіўся і выправіў яго з хаты, каб праз паўгадзіны ён з гадзіннікам у руцэ пільнаваў мяне праз акно свайго дома.

Гэта мне спатрэбілася, каб супакоіцца, бо я павінен быў сустрэць жанчыну, пра якую шмат думаў. Шмат чуў пра яе іранічны досціп, вострае вока і ўменне ўлавіць ўсё смешнае. Да таго ж пры Мюлеры я не мог так уважліва паставіцца да свайго туалету, як тады, калі рабіў гэта адзін. Трошкі хвалявала і адказнасць, якую я браў на сябе, пры тым, што меў значна больш практычных ведаў, чым любы з маіх маладых калег. З дзяцінства, колькі сябе памятаю, доктар ніколі не пакідаў нашу хату. Яны заўсёды гасцявалі ў нас - і на вёсцы, і ў гарадскім доме. Сталыя размовы з імі, назіранне за аглядам хворых у вёсцы, знаёмства з лекамі, якія звычайна ўжываліся, а потым разгляд вынікаў дзеяння гэтых лекаў, зрабілі мяне як бы напалову доктарам яшчэ да таго, як я пачаў вывучаць медыцыну. Мае назіранні і прагнозы часта здзіўлялі самога доктара Франка. Дарэчы, падобным жа чынам - тэорыя на слых, я вельмі добра навучыўся і кулінарнаму мастацтву. У майго бацькі быў выдатны кухар. Кожны вечар, выцягнуўшыся каля таты, я слухаў інструкцыі, якія ён даваў кухару і спрэчкі паміж імі на гэты конт. Што меў рабіць? Слухаць і карыстацца з навукі. Потым, калі я жыў сваім домам і меў уласную кухню, мне гэта вельмі прыдалося. Не пагарджайце нічым!

Вяртаючыся да тэмы, скажу, што я меў смеласць і мужнасць старога доктара, але мяне нішчыла думка пра гэтую жанчыну і пра тое, як мае рэцэпты паўплываюць на лёс яе дзяцей. З іншага боку, для збавення душы мне трэба было стаць карысным і нават патрэбным ёй. Будзь што будзе - схапіў першыя, якія спаткаў, сані і, у імя Божае, паехаў.

Пазнаёміў нас Мюлер. Яна сядзела на канапе, крыху адвярнуўшыся ад суседняга акна - пазіцыя, якую жанчыны часцей за ўсё інстынктыўна выбіраюць пры знаёмстве з мужчынамі. Вы нічога не можаце бачыць на іх твары, а яны пры гэтым усё выразна бачаць на вашым. Жадаеце пачаць першым - па якой небудзь прычыне сядайце спінной да акна. Тады яна сама будзе ў добрым святле, і вы ўбачыце яе незадаволенасць.

(Працяг у наступным нумары.)

* Morawski Stanislaw. Kilka lat mlodosci mojej w Wilnie (1818-1825). Warszawa, 1924. Пераклад Леаніда Лаўрэша.

79 Z ekstraordynaryjnej ordynata laski

Odyniec i Ordyniec patrze w ogrod Saski.

80 Андрыян Галаўня (1750-1831), родны дзядзька па маці (вуй) Францішка Багушэвіча, які ў адным са сваіх вершаў пісаў: "Дзяды былі ўніятамі". Пра яго, гл: Лаўрэш Леанід. Грэка-каталіцкі епіскап Галаўня // Наша Слова. № 42 (1453), 16 кастрычніка 2019.

81 Газета выходзіла ў Пецярбургу на польскай, рускай, нямецкай, італьянскай і французскай мовах у 1832-1833 гг. Усяго выйшла 6 нумароў.

82 Юзаф Ільінскі (1760-1844), тайны дарадца, уладальнік Раманава на Валыні, пакінуў пра сябе добрую памяць, бо пад яго ўплывам імператар Павел вызваліў Касцюшку, Ігнацыя Патоцкага, Нямцэвіча і іншых.

83 Брамны - падатак на падтрыманне мураванай абарончай сцяны вакол горада, рагаткавы - на пераправы праз рэчкі ці за праезд гарадскіх варот - рагатак, яго збіралі на ўтрыманне гарадскіх дарог, бруку. - Л. Л.

84 Міхал Балінскі - вядомы гісторык-навуковец. - Л. Л.

85 Матавідла (матавіла) - прылада для адмервання і звівання нітак або пражы з клубкоў у маткі (для афарбоўкі, напрыклад). - Л. Л.

86 Тарпейская скала ( лац.: Saxum Tarpeium) - назва стромкай скалы ў Старажытным Рыме, з заходняга боку Капіталійскага ўзгорка, з яе скідвалі асуджаных на смерць злачынцаў, якія ўчынілі здраду, інцэст ці ўцёкі (рабоў ад гаспадара).

87 Яўхім Лелявель (1786-1861) - знаны гісторык і грамадскі дзеяч. - Л. Л.

88 Выдатны беларускі гісторык 1-й паловы XIX ст., прафесар Віленскага ўніверсітэта Ігнат Анацэвіч, быў вядомы сучаснікам пад псеўданімам Жэгота з Малой Бераставіцы. Гл. пра яго: Габрусевіч С. А., Марозава С. В. Прафесар Ігнат Анацэвіч. Жыццё. Спадчына. Гродна, 2005. - Л. Л.

89 Юзаф Главацкі, сын выбітнага мастака Антона Главацкага, пазнейшы тэатральны мастак у Варшаве.

90 Г. Пузыня пісала: "У той год прыгожы, некалі езуіцкі касцёл св. Яна, быў адрамантаваны, а дакладней, у ім былі знішчаны алтары, якіх было столькі, сколькі ў касцёле калон і знялі скульптуры са сцен. Людзі жаліліся на такі вандалізм, мэтай якога была шпекуляцыя. … Нехта ўзяў падрад на рамонт касцёла і знявечыў яго, пазбавіў сцены іх ранейшых багатых шатаў і замяніў іх на белы саван нябожчыка".

91 Адам Фердынанд Адамовіч (1802-1881), сын Юзафа. Пасля смерці Пелікана напісаў панегірык пра яго.

92 Караль Юстас Муйшал (1799-1843), доктар медыцыны, прафесар універсітэта, а потым Медыцынска-хірургічнай акадэміі ў Вільні.

93 Аляксандра - дачка Марыі з Закрэўскіх і Ксаверыя Мюлера, 25 жніўня 1840 г. выйшла замуж за Станіслава Манюшку.

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

Быць сабою (адзін з аўтараў ідэі - Сакрат Яновіч), як бізон: Андраюк

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-52 (105-156) (2024); № 1-31 (157-187) за 2025 г.)

Як бізон - напрыклад, працаваць. Камбайн "Бізон". Штосьці, што сімвалізуе магутнасць. Тое, што з'яўляецца натуральным пры ўжыванні ў кампаратывістыцы не толькі ўнутры нашай краіны, але і на "вялікіх раўнінах", і ў лясах Новага Свету.

Мы пры розных акалічнасцях прапаноўвалі як альтэрнатыву "Пагоні" выяву зубра - калі б герб з зямным шарам і іншымі даволі нейтральнымі элементамі не задавальняў бы многіх. У апошні час, праўда, мы пачалі схіляцца да бусла ў той жа якасці. Бусел больш міралюбівы, яго цяжка звязаць з імпульсіўнымі гвалтоўнымі дзеяннямі або з ахвярамі іх - напрыклад, палявання. Ён такі, што яго нават ніхто не імкнецца зняволіць, змясціць у рэзерват (рэзервацыю). Ён лётае ў "замежжа", але зноў імкнецца ў "родныя мясціны".

Але гаворка цяпер не пра бусла. Паралель "зубр - бізон" працягвае мець вялікае, непараўнальна большае значэнне ў гуманістычнай рабоце, у збліжэнні часткі жыхароў Еўропы з племяннымі і натуральнымі народамі.

Ліст: БЕЛАРУСКА-ІНДЗЕЙСКАЕ ТАВАРЫСТВА - Бібліятэка запаведніка "Белавежская пушча" (Брэсцкая вобл., Камянецкі р-н, п/а Камянюкі) № 173 6.12.1989:

Паважаныя таварышы!

Наша таварыства збірае факты, якія аб'ядноўваюць рэаліі ў Беларусі і Індзейскай Амерыцы. Сярод самых буйных з іх - паралель "зубр-бізон".

Зубр цікавы і сам па сабе, але нас ён цікавіць у першую чаргу ў сувязі з яго амерыканскім "братам": параўнанні біялагічныя і гістарычныя, этназаалагічныя (жывёлы ва ўспрыманні і паўсядзённай практыцы, духоўнай і матэрыяльнай культуры народаў) і гістарыя-графічныя, літаратура-, мастацтвазнаўчыя.

Мы карысталіся бібліяграфічным дапаможнікам "Белавежская пушча", высока яго ацэньваем. Шкадуем, што не змаглі набыць яго, бо ён патрэбен [патрэбны] пад рукой. Маглі б дадаць некалькі пазіцый 19 ст., у якіх згадваецца зубр (напрыклад, В. В. Святловский. По белу свету. За Атлантическим океаном, Екатеринослав, 1898 (пра экспазіцыю, прысвечаную Белавежскай пушчы, на Сусветнай выстаўцы ў Чыкага), або Г. Сянкевіч, Зубры ў Белавежы (у чытанцы Л. Гарэцкай 1927 г., стар. 140-3)).

Ці маеце Вы звесткі пра кандыдацкую працу Дз. М. Анучына "Аб генетычным падабенстве відаў роду Bison" (ці захавалася, ці была апублікавана)?

Мы не сумняваемся, што на падобнасць зубра і бізона даволі рана ўказвалі як нашы мясцовыя назіральнікі і падарожнікі з захаду і ўсходу (з 17, магчыма, стагоддзя), так і падарожнікі ў Паўночнай Амерыцы (хаця першы еўрапеец, які ўбачыў бізона, Кабеса дэ Вака, параўноўваў яго з іспанскімі свойскімі быкамі).

У прынцыпе, для нашай мэты патрэбен [патрэбны] "татальны" прагляд асноўных крыніц па зубру і бізону, а гэта неверагодная праца. Мы, вядома, вывучым найбольш істотныя і перспектыўныя працы. Былі б Вам вельмі ўдзячны, калі б Вы паведамілі хаця б пра некаторыя вядомыя Вам (і заўважаныя ў будучым) крыніцы (асабліва спецыфічна навуковыя, дзе ёсць прыклады паралелей).

З вялікай павагай да Вашай установы і дзейнасці яе супрацоўнікаў часовы выканаўчы сакратар БІТ А. В. Сімакоў.

БІТ - Пятру Байко (Белавежа, Польшча, на адрас газеты "Niwa", Bialystok, Polska) 11.01.1990.

Паважаны Пятро Байко!

Рэдакцыя "Нівы" ветліва рэкамендавала Вас для перапіскі.

Даўно шукаем кантактаў з краязнаўцамі Беласточчыны. Маем шэраг пытанняў па тэме "Беласточчына-Амерыка".

Першыя датычацца Вашай мясцовасці:

1. Ці сустракаліся Вам у літаратуры пра зуброў, асабліва польскамоўнай, такія паралелі з бізонам, каб пры гэтым згадваліся індзейцы; ці не паведаміце адрасы супрацоўнікаў Белавежскай пушчы, г.зн. запаведніка, пажадана беларусаў, ад якіх можна атрымаць інфармацыю?

2. Ці вядома Вам імя мексіканскай мастачкі Барбара Баторская (работы падпісвае - Бася); у якой частцы Белавежскай пушчы - польскай ці беларускай - яна нарадзілася?

Даруйце за лаканічнасць гэтага ліста; яго мэта - знаёмства, высвятленне магчымасці супрацоўніцтва.

Будзем Вам вельмі ўдзячны за адказ.

З найлепшымі пажаданнямі Алесь Сімакоў, БІТ.

30.03.1990.

Zbigniew Krasinski, Bialowieski Park Narodowy, Bialowieza.

Уважаемый д-р Красиньский!

Был бы Вам очень признателен за помощь в следующем деле.

Продолжительное время я интересуюсь параллелью "зубр-бизон". Я не биолог, поэтому чисто биологические сравнения лишь фиксирую как составную часть этого исследования, а все другие - историографические, исторические, этнозоологические (животное в жизни местного населения) - анализирую детально. В особенности меня интересуют наиболее ранние упоминания о зубре в американской (все страны Западного полушария) литературе и о бизоне в польской (а также в другой восточноевропейской) литературе.

Может быть, Вы имеете ссылки на подобные упоминания и параллели в источниках на польском и других языках?

С этим же вопросом мне посоветовали обратиться также к пани Малгожате Красиньской.

Надеюсь на Ваше содействие.

С наилучшими пожеланиями Алесь Симаков.

(ПЕРАКЛАД)

30.3.1990

Паважаны д-р Красінскі [варыянт Красіньскі]!

Быў бы Вам вельмі ўдзячны за дапамогу ў наступнай справе.

Працяглы час я цікаўлюся паралеллю "зубр-бізон". Я не біёлаг, таму чыста біялагічныя параўнанні толькі фіксую як складовую частку гэтага даследавання, а ўсе іншыя - гістарыяграфічныя, гістарычныя, этназаалагічныя (жывёла ў жыцці мясцовага насельніцтва) - аналізую дэталёва. Асабліва мяне цікавяць найбольш раннія згадкі пра зубра ў амерыканскай (усе краіны Заходняга паўшар'я) літаратуры і бізона ў польскай (а таксама ў іншай усходнееўрапейскай) літаратуры.

Можа быць, Вы маеце спасылкі на падобныя згадкі і паралелі ў крыніцах на польскай і іншыя мовах?

З гэтым жа пытаннем мне параілі звярнуцца таксама да пані Малгажаты Красінскай [Красіньскай].

Спадзяюся на Ваша садзейнічанне.

З найлепшымі пажаданнямі Алесь Сімакоў


(TRANSLATION; Zbigniew Krasinski died in 2022, but this APPEAL TO POLISH COLLEAGUES IS STILL ACTUAL)

Dear Dr. Krasinski!

I would be very grateful for your help in the following matter.

I have been interested in the "wisent-bison" parallel for a long time.

I am not a biologist, so I only record purely biological comparisons as an integral part of this research, and I analyze all the others - historiographic, historical, ethnozoological (animal in the life of the local population) - in detail. I am especially interested in the earliest mentions of the wisent in American (all countries of the Western Hemisphere) literature and of the bison in Polish (and other Eastern European) literature.

Perhaps you have links to similar mentions and parallels in sources in Polish and other languages?

I was advised to contact Mrs. Malgorzata Krasinska with this question.

I hope for your assistance.

Best wishes

Ales Simakou [Ales Simakov].

Letter to Joe Merrival, Pine Ridge Indian Tribe, B.O.Box 353, Pine Ridge, SD 57770 March 29, 1993

Dear Mr. Merrival:

We have received several good responses from the western Tribes (ABA members) since 1990.

We hope to know about your specificity in the Bison Industry.

We are strongly interested in developing our "European [Byelorussian or Belovezh] - American Bison" (from research and propaganda to importing) as well as other programs of cooperation with Indian Country.

What is the current economic situation of Pine Ridge?

Thank you.

Best wishes.

Sincerely, Ales Simakou, Byelorussian - American Indian Society

Літ.:

11485 Яновіч С. Быць сабою // Czasopis. 2005. № 3. С. 6-7. (Магіканамі, с. 7.)

10494 Яновіч С. Быць сабою // Czasopis. 2006. № 11. С. 4-5.

285 Сімакоў А. Зубр - сваяк бізона / публ. ("Пісьмы пра Герб і Гімн") падрыхт. А. Ціхановіч і В. Жданко // Звязда. 1991. 12 верас.

290 Сімакоў А. "Зубр" замест "Пагоні" / уводзіны і Р.S. А. Агібалавай // Чырвоная змена. 1991. 16-23 снеж. С. 3. (Старонку "ПАС" падрыхтавала аглядальнік "Чырвонай змены" Алена Агібалава.)

2292 Симаков А. Меняем зубров на бизонов... / интервью К. Вельсапарова // Свободные новости. 1993. № 6 (март). С. 7.

4505 Сімакоў А. Зубр-бізон: спроба вызначэння кірункаў этназаалагічнага і этнапсіхалагічнага даследавання беларускага пагранічча // Культура беларускага пагранічча: тэматычны зборнік навуковых прац. Кн. VI: Культура беларуска-ўкраінска-расійскага сумежжа. Горкі-Брэст, 1999. С. 93-94.

9610 Козло П. Г., Буневич А. Н. Зубр в Беларуси. Мн., 2011.

56 Апошні бізон: зборнік незвычайных апавяданняў з жыцця дзікіх і свойскіх быкоў. Мн., 1928.

АНДРАЮК Данііл (2) - сярод службаў, якія святар праводзіў па нябожчыках-індзейцах на Алясцы, - у сувязі са смерцю Габрыэля Трэфана (Gabriel Trefon, 1965-2015, памёр у сябе дома ў Анкарыджы 5 студзеня). Гэта чалавек, які ўспрыняў гонар быць дэнаіна ад продкаў, сярод якіх традыцыйны правадыр дэнаіна Нондалтана з тымі жа іменем і прозвішчам - Габрыэль Трэфан.

Нондалтан (Nondalton) - мястэчка, бадай вёска, на заходнім беразе возера Сікс-Майл (Six Mile Lake) паміж возерам Кларк (Lake Clark) і возерам Іліямна (Iliamna Lake). Рака Ньюхэйлен (Newhalen River) адводзіць ваду з Сікс-Майл у возера Іліямна. Паводле перапісу 2020 г., колькасць насельніцтва Нондалтана складала 133 чалавекі, у параўнанні з 164 у 2010 г.

Літ.:

10011 Borowoj W., o. Stanmy sie bogatsi w Bogu / tlum. A. Matrenczyk // Przeglad Prawoslawny (Bialystok). 2007. № 12. (Аўтар - ураджэнец Беларусі. "Na Zachodzie cale lata przygotowuja misjonarzy, on praktycznie nie mial za soba takich przygotowan. Ale plonal miloscia sluzenia ludziom i bezgranicznie sluzyl tej nieszczesnej rdzennej ludnosci Ameryki, ktora znajdowala sie na pierwszym, jeszcze prymitywnym etapie swego rozwoju. Sluzyl im z miloscia, oswiecal ich, nauczal, leczyl - okazal sie ich bratem. I jego misja miala ogromne znaczenie. Niezliczone rzesze plemion, zyjacych wowczas na zachodnim brzegu Ameryki, poczawszy od Alaski do San Francisco, Aleuci, Eskimosi, Indianie stali sie chrzescijanami i przyjeli prawoslawie".)

Алесь Сімакоў , даследчык беларуска - індзейскіх сувязей .

Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.

Індзейцы , индейцы , Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Bielorrusia, Belarus; Алесь Симаков . Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 160].

На "Замкавым гасцінцы"

9 і 10 жніўня ў культурна-турыстычным праекце "Замкавы гасцінец" прынялі ўдзел:

Студыя сучаснага танца ENERGY FLOW. Іх выступы былі поўныя драйва і эмоцый;

Віртуозная ігра на акардэоне ансамбля "Круіз" нікога не пакінула абыякавым;

Творчы калектыў "Скудрынка" пацешыў сваім талентам. Іх выступы - гэта заўсёды пагружэнне ў свет непаўторнай атмасферы сярэднявечча;

ДУ "Лідскі раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва" правёў займальны майстар-клас па вырабе антыстрэсавай цацкі "Капітошка". Гэта была выдатная магчымасць праявіць сваю фантазію.

ТК "Культура Лідчыны".

На фестывалі-кірмашы "Кераміка Крэва"

На фестывалі-кірмашы "Кераміка Крэва" ў аг. Крэва Смаргонскага раёна прымалі ўдзел супрацоўнікі аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці":

- майстар-кераміст Алена Свідэрская, якая прадставіла выстаўку вырабаў для інтэр'еру і дэкаратыўнае пано на конкурс;

- народны фальклорны гурт "Талер", які выступаў у праграме свята з песнямі і майстар-класамі побытавых танцаў.

Па выніках конкурсу Алена Свідэрская атрымала спецыяльны ДЫПЛОМ за хатняе заданне, а песні і танцы народнага фальклорнага гурта "Талер", які ствараў гледачам добры настрой, вельмі спадабаліся!

ТК "Культура Лідчыны".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX