Наша слова.pdf № 34 (190), 20 жніўня 2025.
Ліда рыхтуецца да ХХХII Дня беларускага пісьменства
Горад Ліда жыве ў чаканні вялікай падзеі - працягвае сваё ператварэнне і падрыхтоўку да святкавання ХХХII Дня беларускага пісьменства, якое пройдзе для жыхароў і гасцей 6-7 верасня 2025 года. ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы" працягвае добраўпарадкаванне ў філіялах, але асабліва маштабна змены кранулі будынак самой Лідскай раённай бібліятэкі. Абноўлены фасад, праведзены ўнутраныя работы, зменены дызайн і афармленне. Характэрнымі сталі нанесеныя на фасад будынка сінія васількі - менавіта гэтая кветка абвешчана раслінай 2025 года ў Беларусі, што вельмі сімвалічна. Адмысловую ўвагу і позіркі мінакоў прыкоўвае мурал з выявай паэта Янкі Купалы, чыё імя носіць бібліятэка, які з'явіўся на тарцы будынка. "Ад прадзедаў спакон вякоў…" - радкі з верша "Спадчына" надаюць кампазіцыі завершаны выгляд. Мастацкае афармленне фасада бібліятэкі даручылі таленавітаму мастаку Пахомчыку Кастусю Віктаравічу (г. Менск).
У рамках падрыхтоўкі да ХХХІІ Дня беларускага пісьменства Ліду з рабочым візітам наведаў міністр інфармацыі Марат Сяргеевіч Маркаў. Ён азнаёміўся з ходам падрыхтоўкі да Дня беларускага пісьменства, які пройдзе ў нашым горадзе 6 і 7 верасня, і абмеркаваў ключавыя арганізацыйныя пытанні, а таксама інфармацыйнае суправаджэнне мерапрыемства.
Першай кропкай маршруту стаў абноўлены магазін "Кніжны свет", дзе да свята быў пераасэнсаваны дызайн гандлёвай залы - цяпер ён больш сучасны і камфортны для наведвальнікаў. Міністр таксама наведаў галоўную пярліну Ліды - Лідскі замак, які ўжо гатовы прымаць гасцей. У святочных мерапрыемствах будзе задзейнічана і вуліца Замкавая.
Для лідзян вялікі гонар, што менавіта Ліда стане сталіцай Дня беларускага пісьменства ў 2025 годзе. Гэта не толькі значная культурная падзея, але і магчымасць паказаць наш горад як сучасны, адкрыты і гасцінны цэнтр, дзе шануюць гісторыю і развіваюць будучыню. Мы ўдзячныя за давер і зробім усё, каб свята прайшло на высокім узроўні
13 жніўня ў рамках падрыхтоўкі да ХХХІІ Дня беларускага пісьменства Ліду і ў прыватнасці Дом Валянціна Таўлая наведаў член Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Рэспублікі Беларусь, аўтар шматлікіх кніг прозы, ураджэнец горада Ліда Віктар Праўдзін.
Шаноўны зямляк прывёз са сваёй хатняй бібліятэкі і падарыў Дому-музею шэраг кніг ("Боль. Споведзь міліцыянера", "Эксгумацыя" "Тайны минских перекрестков", "Парыж, Эйфелева Вежа і...", "Шлях да Галгофы", "Нелюбімыя гінуць", часопісы "Неман" (№1-5, 2025 г.) з яго раманам "Непобедимый злом", газетныя матэрыялы з ужо гістарычнымі падзеямі і інш. У падарунак ён атрымаў дзве кнігі (паэзія і проза) літаратурна-мастацкага зборніка" Ад лідскіх муроў " № 11 за 2022-2025 гг. У кнізе № 2 змешчаны ўрывак з яго рамана "Непераможны злом".
Наведаў зямляк экспазіцыі Дома-музея. Паабяцаў прыехаць на Дзень беларускага пісьменства.
Пісьменніцкае свята прыбліжаецца!!!!
Паводле СМІ.
Лідская проза? Яна ёсць!
Неяк так сталася, што праз доўгія гады лічылася быццам у Лідзе няма ні сур'ёзнай прозы, ні сур'ёзных празаікаў. Уся лідская проза замыкалася ў малых формах: апавяданне, гумарэска і да т.п. Але структура лідскай літаратуры такая, што вялікая колькасць лідскіх літаратараў жыве па-за раённым цэнтрам: у Менску, Гародні, у Парыжы, Мексіцы, у Расіі, можа, яшчэ дзе.
Многія лідскія празаікі засталіся ўжо ў далёкім і блізкім мінулым. Літаратары адышлі, але ж творы засталіся, перавыдаюцца, чытаюцца. Пры гэтым многія з іх, раней недаступныя, сёння перакладзены і гатовыя да выдання, іншыя перакладаюцца.
У зборніку "Ад лідскіх муроў" ужо апублікавана першая аповесць Веры Навіцкай з тэтралогіі пра Марусю Старабельскую. У "Лідскім летапісцы" надрукаваны два тамы з тэтралогіі "Паўвеку" Ежы Путраманта і ўспаміны Апалоніі Серакоўскай з Далеўскіх, у першай кнізе "Ад лідскіх муроў" № 11 надрукавана аповесць Камілы Нарбут пра падарожжа з Лідчыны ў Беларусь і г.д.
І вось, 13 жніўня, літаратары зноў згуртаваліся! У Доме Валянціна Таўлая адбылася прэзентацыя ўжо другой кнігі зборніка "Ад лідскіх муроў" № 11 за 2022-2025 гады, дзе і знайшла знайшла месца проза! У гэты зборнік увайшла другая аповесць Веры Навіцкай з тэтралогіі пра Марусю Старабельскую "Вясёлыя будні. З дзённіка гімназісткі". І яшчэ адна аповесць - гэта не друкаваная нідзе раней аповесць Ніны Тарас "Бура". У зборніку даецца ўрывак з рамана Віктара Праўдзіна "Непераможны злом". Віктар Праўдзін - сталы аўтар зборніка "Ад лідскіх муроў". З нумара ў нумар тут друкуюцца яго вялікія апавяданні або невялікія аповесці.
Ну і сем лідскіх аўтараў са сваімі апавяданнямі і цыкламі апавяданняў займаюць годнае і пачэснае месца.
Наступны вялікі раздзел - "Літаратуразнаўства", дзе асноўнае месца займае праца Леаніда Лаўрэша "Лідскія Нарбуты". Тут у нашую літаратуру вяртаюцца акадэмік Прускай акадэміі навук у вобласці літаратуры, пісьменніца, перакладчыца, драматург і актрыса Аляксандра Нарбут з Сукурчаў, што былі некалі каля Крупава, Ганна Нарбут з Гразмані - перакладчыца з французскай на польскую мову, Юстын Нарбут - пісьменнік і гісторык, яго дачка пісьменніца Каміла Нарбут, дачка Ганны Гразмані Юлія Шышкова з Нарбутаў, мецэнатка, якая падтрымлівала нашых пісьменнікаў і паэтаў у Пецярбургу, у тым ліку і Адама Міцкевіча, падчас ганенняў на філаматаў і філарэтаў.
У гэтым жа раздзеле друкуецца праца Станіслава Судніка "Лідская польскамоўная літаратура 1920-1939 гг." Гэта першае даследаванне на гэтую тэму, і засталіся ў тэме невялікія белыя плямы. Так, пакуль не ўдалося знайсці сур'ёзнай інфармацыі пра гімназічныя выданні. Засталіся недаследаванымі два нумары літаратурнага часопіса "Lirnik wioskowy", якія выйшлі ў 1938 годзе. Ёсць праца на будучыню.
У раздзелах "Літаратурнае жыццё", "Мемарыял" і "Кнігапіс" падаюцца асноўныя падзеі з літаратурнага і калялітаратурнага жыцця Лідчыны, друкуюцца некралогі па літаратарах, якія пакінулі нас у 1922-1925 гг. (Тадэвуш Чарнавус, Алесь Мацулевіч, Антон Піліпчык), фіксуецца каля 30 кніг, выдадзеных лідзянамі і ў Лідзе.
Такога значнага па аб'ёму зборніка, як № 11, лідская літаратура яшчэ не мела! Калі сумясціць дзве кнігі, то агульная колькасць старонак складае 756. А пачыналася ўсё з з 1998 года, калі выйшаў першы нумар зборніка "Ад лідскіх муроў" на 62 старонках. Такім чынам лідская літаратура значна пашырылася! На старонках зборніка друкуюцца цяпер як арыгінальныя творы на беларускай мове, так і ў перакладзе з рускай ды польскай моў.
Выдала зборнік прыватнае ўнітарнае прадпрыемства "Пружмень". Сярод масцітых пісьменнікаў на старонках змяшчаюцца творы Віктара Праўдзіна, Уладзіміра Васько, Ірыны Багдановіч, Міхася Мельніка, Кастуся Якубчыка, Станіслава Судніка, Леаніда Лаўрэша, Алеся Хітруна, Сяргея Чыгрына, Ганны Рэлікоўскай, Ірыны Маркевіч і іншых.
Як пры жыцці Валянціна Таўлая ў яго доме збіраліся паэты-аднадумцы, якія чыталі вершы, водар гарбаты разыходзіўся па пакоях дома, так і цяпер супрацоўнікі дома-музея стараюцца захоўваць гэтыя традыцыі: тут раз-пораз збіраюцца мясцовыя пісьменнікі.
Вялі ж імпрэзу навуковы супрацоўнік літаратурнага філіяла Лідскага гісторыка-мастацкага музея Алесь Хітрун і галоўны рэдактар выдання, дырэктар ПУП "Пружмень" Станіслаў Суднік.
Майстры слова падзяліліся сваімі думкамі, планамі, ідэямі, каб далей пашыраць літаратурны рух на Лідчыне.
У горад Ліда прыбліжаецца Дзень беларускага пісьменства. Лідскія пісьменнікі рыхтуюцца да сустрэч з аднадумцамі, з гасцямі і прыхільнікамі мастацкага слова. Установы культуры ўжо праводзяць на сваіх пляцоўках разнастайныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да маштабнага пісьменніцкага рэспубліканскага свята. Яно і зразумела: Лідчына багатая на творцаў! Амаль што кожны лідскі пісьменнік мае на сваёй паліцы ўласны зборнік твораў (і нават не адзін), або калектыўны. Нагадаем: два месяцы назад сябры-літаратары ўжо збіраліся разам каб адзначыць выхад літаратурна-мастацкага зборніка "Ад лідскіх муроў", але толькі першай кнігі, на старонках якой знайшлі месца паэзія і пераклады. І вось на высокім узроўні прайшла чарговая прэзентацыя.
Такім чынам лідскія літаратары сваё важкае слова да Дня беларускага пісьменства сказалі. Важкае, але не апошняе. 20 жніўня адбудзецца прэзентацыя кнігі Наталлі Анашкевіч, а ў пераплёце яшчэ і альбом "Лідскі Парнас: 175 партрэтаў лідскіх літаратараў".
Яраслаў Грынкевіч.
Вішнёвы абрус бабулі Анюты
Кожную вясну вока чалавека лашчыць квецень садоў. Прыгожа цвітуць яблыні, грушы, слівы, вішні. Водар іх плыве над зямлёю, пчолкі-працаўніцы збіраюць нектар, а мы, людзі, назіраем за гэтай прыгажосцю і чакаем імгнення, каб пакаштаваць садавіны. Незаўважна праходзіць палова лета - на вішнях з'яўляюцца чырвоныя ягады. Яны прыцягваюць позірк і дзяцей, і дарослых, і нават птушак, якія не супраць паласавацца імі. Звычайныя вішні апошнім часам сталі для мяне незвычайнымі. Чаму? Таму, што кожны год яны нагадваюць мне аб бабулі, аб яе маладосці і талентах.
Аднойчы, яшчэ пры жыцці бабулі Анюты, я звярнула ўвагу на даматканую тканіну, якая ляжала на паліцы ў шафе. Чамусьці раней я не заўважала яе і нават не бачыла. Узяла тканіну, разгарнула - і перада мной з'явіўся сапраўдны шэдэўр, створаны рукамі чалавека. Гэта абрус, на якім прыгожа і вельмі тонка былі вышыты вішні, быццам хтосьці акуратна расклаў іх па ільняной тканіне. Чырвоныя круглыя ягады і зялёныя пялёсткі вышыты так незвычайна, што глядзіш на іх і не верыш: ці магчыма простай дзяўчыне стварыць такую неверагодную рэч.
Узяўшы абрус, я падышла да бабулі з пытаннямі: "Што гэта за шэдэўр? Хто яго вышываў? Чаму я раней не бачыла яго?"
Бабуля беражліва ўзяла абрус і адказала: гэта яна яшчэ да вайны, будучы школьніцай, вышыла яго на занятках працоўнага навучання. Такі ж абрус вышывала і настаўніца, а бабулі, на той час дванаццацігадовай дзяўчынцы, таксама захацелася паўтарыць узор. Так і адбылося. Праз некаторы час прыгожы вішнёвы абрус быў створаны.
За сваё шматгадовае жыццё ільняны абрус стаў крыху шэрым, хаця калісьці быў беласнежным. Памеры яго складаюць 135 на 175 сантыметраў. Палатно пасярэдзіне сшыта з дзвюх палавін ільняной даматканіны. Напэўна, адпаведнымі былі памеры кроснаў, на якіх маці маёй бабулі ткала палатно, а пазней і сама бабуля. Сапраўды, у даўнія часы сяляне павінны былі самі вырасціць лён, прывезці яго з поля, захаваць, перапрацаваць за зіму і толькі тады выткаць тканіну, каб пашыць адзенне ці патрэбныя для гаспадаркі рэчы.
Калі дэталёва разгледзець абрус, то ў цэнтры яго гладдзю вышыты вішнёвы вянок у выглядзе складзеных галінак, на якіх чырванеюць вішні ў акружэнні зялёных пялёсткаў. Па краях яго - прыгожыя вішнёвыя галінкі, а аздабляюць нашу сямейную рэліквію з усіх чатырох бакоў ільняныя махры, створаныя таксама рукамі бабулі.
Аб тым, што мая бабуля ўмее прыгожа вышываць, я ведала і нават бачыла ў дзяцінстве яе за гэтай працай. Памятаю, яшчэ напрыканцы 80-х гадоў здарылася так, што бабуля зламала нагу. Некаторы час яна не магла хадзіць, але час дарма не марнавала. У яе былі драўляныя пяльцы, якія ёй калісьці зрабіў тата, былі і ніткі мулінэ, было жаданне, і вось з'явіўся час. Штодня бабуля Анюта сядзела за вышыўкай сурвэтак і ручнікоў. Узоры яна брала з часопіса "Работніца і сялянка", які выпісвала шмат гадоў. Яго любілі гартаць і мы, яе ўнукі.
Толькі цяпер я разумею, наколькі дарагімі для маёй памяці сталі ўспаміны таго часу і рэчы, вышытыя бабуляй, якія яна падарыла мне. Я захавала таксама заплеценыя ў касу ніткі мулінэ, калаўрот і драўляныя пяльцы. Сёння я зноў злавіла сябе на думцы, што менавіта імі дванаццацігадовая Анюта карысталася, вышываючы работу. Вішнёвы абрус, якому амаль 90 гадоў, - гэта сапраўдная сямейная рэліквія. Ён перажыў Вялікую Айчынную вайну, да яго дакраналіся рукі маіх продкаў, прадзеда і прабабулі, ім накрывалі стол, за якім збіраліся мае родныя.
Колькі гадоў таму мой тата, убачыўшы вішнёвы абрус, які бабуля перадала мне для захоўвання, спытаў, дзе я яго ўзяла. Ён нават не думаў, што абрус яшчэ захаваўся! Яго здзіўленне было выклікана дзіцячымі ўспамінамі. Тата адразу ўзгадаў, як на самыя вялікія святы ў пасляваенныя гады іх сям'я збіралася за сталом, накрытым вішнёвым абрусам. Бабуля засцілала ім стол на Каляды, Вялікдзень і іншыя важныя падзеі, якія збіралі ўсю сям'ю разам. З цягам часу ў доме з'явіліся новыя абрусы, а свой любімы вішнёвы бабуля захавала, як успамін аб мінулым.
Мая бабуля, Ганна Аляксандраўна Раік (дзявочае прозвішча Чылек), нарадзілася 20 студзеня 1924 года ў вёсцы Баравічы Лідскага павета (цяпер Лідскі раён) у сялянскай сям'і. Акрамя яе ў сям'і выхоўваліся два старэйшыя браты Віктар і Фёдар. Вучыліся спачатку ў Дзітрыкаўскай пачатковай школе, а пасля ў Ганчарскай. Нягледзячы на тое, што школа да 1939 г. была польскай, бабуля казала, што вывучалі яны таксама рускую мову і літаратуру. Яна ведала шмат вершаў на памяць і часта чытала іх нам. А аднойчы, калі ёй было ўжо 90 гадоў, бабуля пачала чытаць на памяць урывак з рамана А. Пушкіна "Яўгеній Анегін". Гэтаму здзівіліся ўсе, хто быў побач, а бабуля выразна прачытала нам пісьмо Таццяны і сказала, што памятае яго яшчэ са школы.
Скончыўшы на выдатна школу, Ганна са старэйшым братам Фёдарам пайшлі вучыцца ў Ліду. Бацькі вельмі хацелі, каб дзеці атрымалі адукацыю і працавалі настаўнікамі. Але марам не наканавана было спраўдзіцца - пачалася вайна. У першы яе дзень, 22 чэрвеня 1941 года, калі нямецкія самалёты здзяйснялі авіяналёт на г. Ліду, бабуля разам з братам, пакінуўшы ўсе рэчы і дакументы ў хаце, дзе кватаравалі, беглі ў бок лесу, каб як мага хутчэй схавацца ад жаху.
Сваімі ўспамінамі аб вайне бабуля не вельмі хацела дзяліцца з намі. На вачах яе праступалі слёзы, яна пачынала плакаць. Канешне, некаторыя моманты бабуля і сама ненарокам ўзгадвала. Такім чынам я даведалася, што прыйшлося перажыць маім родным. На жаль, перамогу бабуля сустрэла адна. Яе бацькі і абодва браты загінулі. Але гэта ўжо іншая гісторыя, аб якой я напішу пазней.
…А вось вішнёвы абрус бабулі Анюты зараз захоўваецца ў мяне. Падчас тэматычных заняткаў у школе я бяру яго з сабой. Паказваю вучням - яны з цікавасцю яго разглядаюць, дзівяцца прыгажосці чырвоных ягад, распытваюць пра яго гісторыю. Я з гонарам расказваю пра сваю бабулю, яе лёс. І амаль кожны раз на маіх вачах праступаюць слёзы. Успамінаю бабулю Анюту, якая перажыла жахі вайны і да апошніх дзён паўтарала нам: "Дзеткі, рабіце ўсё, каб не было вайны".
Наталля АНАШКЕВІЧ, настаўніца рускай мовы і літаратуры дзяржаўнай установы адукацыі "Сярэдняй школы № 11 г. Ліды".
Навіны Германіі
Справаздача ў вобласці абароны клімату пацвярджае зніжэнне выкідаў
Справаздача федэральнага ўрада дэманструе прагрэс у скарачэнні выкідаў парніковых газаў і выразна дае зразумець, дзе яшчэ ёсць недапрацоўкі
У новай справаздачы федэральнага ўрада ў вобласці абароны клімату прадстаўлены агляд бягучай сітуацыі з выкідамі, якія наносяць шкоду навакольнаму асяроддзю, мер па абароне клімату і станы дзейсных праграм па абароне клімату ў Германіі, а таксама падкрэсліваецца важнасць сацыяльных аспектаў у вобласці абароны клімату. Справаздача пацвярджае, што выкіды парніковых газаў у 2024 годзе працягвалі змяншацца, і Германія, калі яна будзе настойлівая ў сваіх высілках, зможа дасягнуць кліматычнай мэты на 2030 год.
Агульны аб'ём выкідаў за 2024 год скараціўся на 3,4 % у параўнанні з папярэднім годам. Актуальныя прагнозы на 2025 год паказваюць, што дасягнуць нацыянальнай мэты па скарачэнні выкідаў да 2030 года на 65 % у параўнанні з 1990 годам з дапамогай існых мер цалкам магчыма. Аднак мэта па дасягненні вугляроднай нейтральнасці да 2045 году застанецца недасяжнай, калі не распачаць дадатковых крокаў. Экспертная рада па клімаце падкрэслівае вострую неабходнасць у прыняцці дадатковых мер, у прыватнасці, па скарачэнні выкідаў у сферы транспарту і будаўніцтва.
Берлін (d.de). На фота: Мантаж сонечных панэляў на даху дома© dpa.
Турызм у Германіі дасягнуў рэкорднага ўзроўню
У першай палове 2025 года ў Германіі было зафіксавана каля 223,3 млн начлегаў у гасцініцах і хостэлах
Турыстычныя і дзелавыя паездкі па Германіі цяпер запатрабаваны, як ніколі. Нягледзячы на зніжэнне попыту з-за мяжы, у першай палове 2025 года ў гасцініцах і іншых буйных прадпрыемствах, якія прадстаўляюць паслугі па размяшчэнні і сілкаванні, было зарэгістравана каля 223,3 млн начлегаў, што на 0,1% больш папярэдняга максімуму ў рэкордным 2024 годзе. Такія дадзеныя Федэральнага ведамства статыстыкі.
Адмыслоўцы тлумачаць факт скарачэння прытоку замежных гасцей (толькі ў чэрвені з-за мяжы прыехала на 12,7% менш гасцей) тым, што ўлетку мінулага года праходзіў Чэмпіянат Еўропы па футболе, які прыцягнуў у Германію вельмі шмат заўзятараў з розных краін.
Вісбадэн (dpa).На фота: На возеры Хінтэрзее недалёка ад Берхтэсгадэна ў Баварыі.© dpa.
Кароткая гісторыя Лідскага замка
Леанід Лаўрэш
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Але патрабаваліся значныя археалагічныя даследаванні. У 1977-1978 гг., а таксама ў 1980 і 1985 гадах раскопкі ў замку праводзіў Алег Трусаў. У 1977 годзе былі цалкам ускрыты рэшткі абедзвюх вежаў, знойдзены астаткі некаторых драўляных пабудоў на замкавым двары, вызначана месца, адкуль пачынаўся роў перад паўночнай замкавай сцяной. Усе археалагічныя i рэстаўрацыйныя работы выконвалі студэнты будатрада імя У. І. Пiчэты (першага рэктара БДУ), сфармаванага на гістарычным факультэце ўніверсітэта. Будучыя гісторыкі працавалі самааддана. Асабліва цяжка даваліся раскопкі паўночна-ўсходняй вежы, рэшткі якой былі завалены вялізнымі валунамі. Тысячы камянёў вынесла адтуль за два месяцы брыгада студэнтаў з сямі чалавек. У 1978 і 1980 гадах пры расчыстцы астаткаў асноўных пабудоў на замкавым двары былі адкапаны дзве студні.
Вывучэнне культурнага слоя двара ў 1986-1987 гадах прадоўжыў Алесь Краўцэвіч. Ён выявіў рэшткі падмуркаў драўлянага будынка, што стаяў асобна ў паўночнай частцы падворка. У выніку раскопак знойдзена шмат каштоўных матэрыялаў, якія ляглі ў аснову праекта аднаўлення Лідскага замка.
Вялікую цікавасць выклікаў праект аднаўлення замка ў гараджан. На вуліцы былі выстаўлены малюнкі будучага адноўленага помніка, каля якіх збіралася многа людзей. Аўтар гэтай кнігі памятае і студэнтаў, якія праводзілі раскопкі ў замку, і стэнды з малюнкамі таго, як ён будзе выглядаць пасля рэстаўрацыі. Мне - падшпарку, які цікавіўся гісторыяй і вырас каля замка, усё гэта было надзвычай цікава.
Летам 1978 года для вядзення рэстаўрацыі быў створаны вытворчы ўчастак які заняўся аднаўленнем замка і паступова пачалі ўзнімацца старадаўнія муры. Першай над сценамі замка ўзнялася паўночна-ўсходняя вежа. Яе ўпрыгожыў флюгер-ветранік з выявай герба ВКЛ.
Памятаю, як вясной 1986 года раптоўна абваліўся кавалак адноўленай заходняй сцяны. Добра, што гэта адбылося уначы, бо якраз уздоўж гэтай сцяны заўсёды стаяла чарга да віна-гарэлачнай крамы (сучасны адрас - вул. Замкавая, 5), якіх амаль што не засталося ў горадзе ў самы разгар антыалкагольнай кампаніі.
Другі кавалак гэтай сцяны абваліўся ў 2003 годзе.
Рэстаўрацыйныя работы не былі завершаны і спыніліся з-за недахопу фінансавання ў сярэдзіне 1990-х гадоў. Доўгі час Лідскі замак стаяў фактычна безгаспадарчым і не закансерваваным, таму многае з таго, што было зроблена ў 1970-1980-я гадах, было разбурана, ніякіх работ па яго захаванні не праводзілася.
Рэстаўрацыя замка завяршылася толькі ў 2010 годзе, і ён заняў сваё пачэснае месца ў шэрагу бясцэнных помнікаў гісторыі нашай Радзімы, стаў месцам шматлікіх культурных імпрэзаў і кропкай прыцягнення шматлікіх турыстаў.
Легенды пра Лідскі замак
У пэўным сэнсе нам, лідзянам, пашанцавала - кароткі звод галоўных легенд Лідскага замка ў адным са сваіх артыкулаў надрукаваў лепшы знаўца лідскай гісторыі ХХ ст. Міхал Шымялевіч (1879-1969). Важна, што і другі наш зямляк, знаны археолаг і этнограф Вандалін Шукевіч запісаў і выдаў амаль што аднатыпныя з лідскімі легенды пра замкі ў Троках і Коўні. У канцы гэтага раздзела я прывожу дзве аўтэнтычныя легенды, запісаныя ім недзе ў другой палове XIX ст., яны ў асноўным супадаюць з легендамі Лідскага замка.
Шымялевіч пісаў, што адразу на поўнач ад замка, па Гедымінаўскім завулку (адразу перад паўночнай сцяной замка), яшчэ ў XIX ст. стаяў будынак гарадскога вучылішча, якое з-за свайго месцазнаходжання, было пагружана ў аўру легенд і паданняў гэтага сапраўднага гістарычнага "сэрца" нашага горада. На месцы вучылішча па Гедымінаўскім завулку раней "стаяла старое драўлянае гумно - склад усялякай вайсковай старызны, а завулак Гедымінаўскі - вузкі, балоцісты і цёмны - усімі гараджанамі абмінаўся. Тут не раз здаралася, што жаўнер, які ўначы стаяў на варце, стрэлам з карабіна ўздымаў трывогу, тлумачачы, што сярод старых, таямнічых соснаў яму нешта здалося і настрашыла. У той час на вуліцах не толькі электрычнасці не было, а нават і звычайнай аляёвай лямпы на слупе. Старыя бабы, лежачы на цёплых ляжанках, умелі апавядаць і вельмі цікава апавядалі пра розныя страшныя рэчы, якія рабіліся ў замку і пад замкам: (1) пра замкнутага ў замкавай вежы невінаватага чалавека, (2) пра скрыні на ланцугу са скарбам, пра страшнага сабаку, які пільнуе ўваходы ў замкавыя падзямеллі, (3) пра замкавыя лёхі і ходы, якімі можна ехаць чацвёркай коней да Вільні і Наваградка, (4) пра каралеву, якая раз у год выходзіць з замкавых падзямелляў і просіць у першага ж сустрэтага ёй лідзяніна, каб замовіў набажэнства за ўратаванне яе пакутнай душы - набажэнства павінна адбыцца толькі ў замку, і ксёндз павінен не забыць прынесці ўсё патрэбнае з касцёла, але ксёндз заўсёды нешта забываў ці яму перашкаджала паліцыя, (5) пра зачараваных у тых соснах дзвюх каралеў і г. д. (6). У тыя часы лідзяне свята верылі, што ў пэўны дзень, у 12 гадзін у поўдзень, а можа, уначы, калі зрабіць насечкі на кары соснаў, з іх будзе пырскаць кроў. Хто з нас не спрабаваў гэта на практыцы? Колькі на кары нічым не вінных сосен засталося знакаў ад нашых сцізорыкаў?", - я пранумараваў аўтэнтычныя легенды Лідскага замка, у тэксце Шымялевіча гэтай нумарацыі няма.
Легенды пра сосны ля замка
Ксёндз Вайшвіла, лідскі экс-піяр, у сваіх успамінах, напісаных у 1853 г. (засталіся ў рукапісе), адным з першых запісаў легенду пра сосны каля Лідскага замка: "Мне вядома легенда, якую я чуў, што дзве сасны, якія і зараз растуць на самым вале замкавага мура, на галоўнай вуліцы горада, былі пасаджаны хрысціянамі на парэштках двух капланаў, забітых на гэтым месцы паганцамі. Аднак, сам узрост тых соснаў паказвае беспадстаўнасць гэтай пагалоскі".
Сосны ля замка былі, бадай, галоўнай лідскай легендай, і лідзяне ведалі, што калі прыйдзе самы страшны вораг і жыццё стане невыносным, менавіта адсюль прыйдзе збаўца.
Аляксандр Станіслававіч Макрэцкі, які паходзіў з маёнтка Дзітрыкі, што на Лідчыне, у маладосці спрабаваў сілы ў паэзіі. Захаваўся яго верш на польскай мове, напісаны ў 1850 г., пра знакамітыя дзве сасны ў Лідзе.
Першай надрукавала легенду пра сосны этнограф Бірута (сапраўднае імя -Даравінская Амелія) у 1889 г. у часопісе "Вісла":
"Сосны ля Лідскага замка.
На cxiлe ўзгорка, нібы падпіраючы замак, растуць дзве шматгадовыя сасны. Яны захаваліся дзякуючы пашыранаму сярод гараджан i навакольных жыхароў перакананню, што яны выраслі не на раслінным соку, а на крыві. Здарылася гэта, быццам, яшчэ ў часы, калi ў Літвe панавала язычніцтва. Прыйшлі сюды дзевяць манахаў-францысканцаў прапаведаваць хрысціянскую рэлігію. Аднак ліцвіны, не жадаючы прымаць хрысціянства, зaбілі гэтых місіянераў, а ix трупы ўкінулі ў яму на cxiлe Лідскaгa замка. На гэтым месцы, не сеяныя i не саджаныя, выраслі дзве сасны, якіх ліцвіны, ужо стаўшы католікамі, не чапалі. Але вось аднойчы хтосьці адсек галінку, i з яе выступіла кроў. З той пары ніхто ўжо не адважваўся ўзняць сякеру на гэтыя дрэвы...".
Бірута запісала паданне, якое было іншым па сюжэце ад верша Макрэцкага, але ў яе ёсць агульны з вершам элемент - калі паспрабаваць ссекчы гэтыя сосны, то з іх пацячэ кроў, і таму, хто наважыўся гэта зрабіць, пагражаюць вялікія беды.
У 1930-я гг. у старым будынку каля замка месцілася гарадская агульнаадукацыйная школа № 5 імя Людвіка Нарбута. Былая лідзянка, вучаніца гэтай школы, Яўгенія Ярмант (Ярмантовіч) пісала з сваёй кнізе ўспамінаў: "Ліда - бачу цябе вачыма душы маёй. Як на яве вяртаецца да мяне ва ўспамінах прыгажосць твая. Бачу высокія сцены замка Гедыміна, у цені якіх я жыла і вучылася. Бачу дзве карлікавыя сасны на замкавым схіле, таямнічыя і абвеяныя легендамі з-за дзіўнай формы іх крон. ... З вуснаў у вусны перадавалася легенда аб дзвюх соснах, якія растуць на схіле гары каля ўваходу. Яны звярталі на сябе ўвагу дзіўнай формай крон. Казалі, што гэта дзве зачараваныя літоўскія князёўны.
... дзве сасны пад сцяной замка, якія насамрэч не сосны, а зачараваныя князёўны - дочкі князя Гедыміна. Яны шмат стагоддзяў чакаюць, калі іх расчаруюць. ... казалі, што апоўначы па надрэзах на ствалах тых сосен сцякала людская кроў, аднак мы так ні разу не схадзілі туды ноччу, каб пераканацца ў гэтым самім.
А князёўны ўсё чакалі і клікалі сваіх вызваліцеляў. Я ўяўляю, як яны клічуць:
- Прыйдзіце да нас! Мы чакаем вас!
І аднойчы ноччу пачуўся працяглы гук і здрыганулася зямля. У замку з-пад зямлі выйшаў атрад сярэднявечных рыцараў з князем Гедымінам на чале. Я сама іх бачыла. Усе мураваныя дамы ў горадзе разбурыліся ад гэтага штуршка. Доўжыўся ён усяго некалькі секунд і зноў стала ціха. Зніклі хвоі - літоўскія князёўны, не засталося следу ад школы - яна зраўнялася з зямлёй, якая пакрылася тратуарнымі плітамі, нібы надмагіллямі.
Толькі замкавыя сцены працягваюць стаяць і глдзець на новыя будынкі, якія раптоўна выраслі, зусім не падобныя на старыя, на іншы горад і яго новых жыхароў", - як бачым, Ярмант згадвае ўжо і новую, сучасную Ліду.
У другой палове 1920-х гг., дзякуючы ўмяшанню генеральнага кансерватара Ежы Рэмера (чалавек, які адказваў за захаванне культурнай спадчыны ў маштабах дзяржавы), а таксама прыхільнага стаўлення ваяводскай управы і лідскага старасты (кіраўніка павета) Багаткоўскага (зяця Міхала Шымялевіча), Лідскае староства выдала распараджэнне магістрату горада Ліды, якое абавязала прысыпаць зямлёй аголеныя карэнні дзвюх соснаў і агарадзіць іх плотам. Гэты невялікі плот можна ўбачыць на тагачасных фотаздымках.
Міхал Шымялевіч пісаў, што "найвялікшая і самая паважаная легенда Ліды - гэтыя дзве акружаныя таямніцай сасны", былі пасаджаны паміж 1740 і 1790 гг. У 1754-66 гг. лідскім падстарастам і адміністратарам Лідскай эканоміі (уладальнікам якой быў лідскі стараста дэ Кампа Сцыпіён), г. зн. фактычным гаспадаром Лідскага замка і старшынём гродскага суда быў Францішак Гадэбскі (герб Гадэмба) - у 1754 г. тытулярны лоўчы, а ў 1762 г. лідскі войскі. Герб Гадэмба Каспер Нясецкі апісаў так: "Мае сасну з трыма зялёнымі вяршынямі, ці галінамі, з якіх адна ў сярэдзіне, а дзве па яе баках, пад імі дзве абсечаныя галіны, адна з аднаго боку, другая з другога, дрэва мае пяць каранёў, поле чырвонае". Міхал Шымялевіч заўважыў: "Хіба ж на тле калісьці чырвонага замкавага мура тры зялёныя сасны не былі натуральным гербом Гадэмба?"
Далей Шымялевіч пісаў: "Чуў з вуснаў Эвеліны Сегень, ... якая - я ўпэўнены - ніколі не бачыла ніякіх старых дакументаў, а апавядала так, як чула ад старых людзей, што некалі каля тых дзвюх соснаў расла і трэцяя, якую лідскі бургамістр Перхур ... сцяў. Быў пакараны - сам Перхур памёр, і ягоны род загінуў".
Шымялевіч піша далей: "Са старых папер я даведаўся, што ў Лідзе яшчэ ў XVII ст. жыў род Перхураў, месцічаў лідскіх, з якіх каля 1717 г. лідскім бургамістрам быў Стэфан Перхур, а другі Перхур, імя якога не ведаю, таксама быў бургамістрам у Лідзе каля 1740 г. ... З паловы XVIII ст. усялякія ўзгадкі пра Перхураў у метрыкальных актах Лідскай фары знікаюць".
Па маім меркаванні, сувязь соснаў каля замка з лідскім падстарастам Гадэбскім - гэта найбольш верагодная варыянт іх паходжання.
Ад сосен зараз засталіся толькі здымкі.
Падмуркам гэтай легенды, бясспрэчна, стаў наступны радок з самага першага артыкула пра Ліду, надрукаванага Тэадорам Нарбутам у дадатку да яго 5-га тома "Гісторыі ...": "У 1366 г. [у Ліду] прыбыла францысканская місія, рэпрэзентаваная трыма манахамі, у 1369 г. пры нейкай суматосе іх пазабівалі паганцы".
Легенды пра падземны ход
У кастрычніку 1933 г. лідскі стараста Багаткоўскі сказаў археолагу Віленскага ўніверсітэта доктару Хелене Цэгак, што легенды аб лёхах пад Лідскім замкам гэта, часткова легенды, а часткова факт: "Расказваў мне 80-гадовы стары, 65 гадоў таму, будучы хлопцам, ён хадзіў па падзямеллях. Тады адкрыўся ўваход у гэтыя падзямеллі. І цягнуліся яны далёка, як мовілі, ажно да Трок. Так далёка стары не хадзіў, бо яго лучыны не хапіла. Той стары, можа, часткова і мае рацыю. Падзямеллі могуць існаваць".
Лідзянін Ян Станіслаўскі пісаў у сваіх мемуарах, што ў 1936 г. быў знойдзены падземны ход з замка да фарнага касцёла, але атрымаць дадатковую інфармацыю, якая пацвердзіла б гэтую знаходку, аўтар не змог.
Аналагічныя расповеды пра падземныя хады з Лідскага замка я чуў у 1970-я гады, у сваім дзяцінстве, часткай якога быў і наш замак. Замак тады ніколі не зачыняўся, і я з сябрамі праводзіў у ім шмат часу. Агульным месцам для лідзян была вера ў тое, што падземныя хады ёсць, яны вядуць ці то ў Вільню, ці то ў Наваградак, і шмат асоб іх бачыла, але каб нехта сказаў: "Я бачыў, і я па гэтых хадах хадзіў", - такога не было, але ўсе казалі, што чулі пра тых, хто хадзіў гэтымі хадамі.
Верагодна, усе замкі былога ВКЛ маюць свае легенды пра падземныя хады. Такія легенды мае і блізкі сваяк нашага замка - Крэўскі замак. Выдатныя беларускія гісторыкі А. Дзярновіч, А. Трусаў і І. Чарняўскі пісалі ў кнізе пра гэты замак: "Даследаваў Крэўскі замак беларускі фалькларыст і этнограф Рамуальд Зянькевіч, ён жа запісаў легенду пра падземны ход, якую потым скарыстаў М. Балінскі".
Таксама паводле легенды, ад сярэдняй вежы Наваградскага замка пачынаўся падземны ход, які злучаў замак з Мірам ці нават з Нясвіжам, і г.д.
Пры гэтым трэба разумець, што наяўнасць функцыянальнага падземнага хода ў абарончай пабудове таго часу было звычайнай і, магчыма, неабходнай справай, напрыклад, у Менскім Дамініканскім касцёле меўся падземны ход, які вёў з падвала левага нефа да касцёла Бернардынаў, падземныя хады мела Ляхавіцкая і Глуская фартэцыі і г. д. Але гэта ўсё ж былі чыста вайсковыя пабудовы адносна невялікай даўжыні. Таму цалкам магчыма, што нейкі непрацяглы падземны ход меў і Лідскі замак, па логіцы, ад замка ён мог ісці толькі на поўнач, бо ва ўсе іншыя бакі замак акружала багна.
Прыкладна на тым месцы, дзе ў старыя часы стаяў кармеліцкі кляштар, сёння знаходзіцца будынак музычнага каледжа. Пры дабудове да сучаснага музычнага каледжа спартовай залы былі ўскрыты магутныя лёхі былога кляштара са скляпеністай столлю - старая Ліда чарговы раз нагадала пра сябе, і гэта дало штуршок новаму адраджэнню легенды пра падземныя хады вакол нашага замка.
Покуль ніякіх рэальных слядоў такога падземнага хода не знойдзена, але самыя розныя легенды працягваюць нараджацца і пераказвацца лідзянамі. Самую апошнюю і самую бязглуздную я прачытаў некалькі дзён таму у сацыяльных сетках. На гэты раз відавочца прайшоў метраў 20-30 па падземнаму ходзе з замка ў ... капліцу св. Барбары на старых могілках! У капліцу, будаўніцтва якой не было нават скончана да 1939 г. і дабудавана яна была ўжо бліжэй да нашага часу!
Упэўнены, што легенды пра падземны ход, будуць нараджацца зноў і зноў, бо іх нараджае таямнічасць нашага сярэднявечнага замка.
Легенды пра князёўну Лідзію
Здаецца, легенды пра князёўну Лідзію з'явілася не раней за 1960-я гг. Першы раз я пачуў яе яшчэ дзіцём у сярэдзіне 1970-х гг. ад ... штатнага экскурсавода.
Па адной з гэтых легенд князь Гедымін назваў горад у памяць пра сваю любую дачку Лідзію. Прыгожай князёўне Гедымін меркаваў у мужы багатага старца. Пачуўшы вырак бацькі, чарнавалосая прыгажуня спачатку замкнулася ў пакоі, а потым і кінулася з замкавай сцяны ўніз.
Па другой легендзе адзін з рыцараў тэўтонскага ордэна ўбачыў Лідзію ў акне замка і быў уражаны яе прыгажосцю. Ён захацеў узяць яе ў жонкі, але князёўна адмовіла рыцару: "Калі ты не хочаш быць маёй жонкай, то не будзеш нічыёй!" - усклікнуў рыцар, захапіў замак і загадаў замураваць Лідзію ў яго сценах. Тры дні і тры ночы працякалі слёзы дзяўчыны праз сцены, і яны далі пачатак рацэ, якая з таго часу цячэ ля замка.
Нарэшце, трэцяя легенда расказвае, што даўным-даўно ў замку жыў князь, у якога было двое дзяцей: сын і дачка. А побач з замкам ляжала невялікая вёсачка. Малады святар з гэтай вёскі сябраваў з сынам князя, які і пазнаёміў яго са сваёй прыгажуняй сястрой Лідай. Яны пакахалі адзін аднаго..., але пра іх сустрэчы даведаўся князь і аднойчы, застаўшы закаханых у замкавай вежы, забіў абодвух. Смерць любай сястры горка аплакваў сын князя. А неўзабаве - невядома, ці выпадкова - жорсткі стары князь памёр. І брат прыгажуні Ліды, стаўшы князем, назваў селішча ля сцен замка імем сваёй сястры.
Гэта толькі тры варыянты адной і той жа легенды, але насамрэч гэтых варыянтаў існуе значна болей.
Легенда пра д'яблаў (чарцей) у замку
У рукапісах дачкі гісторыка Нарбута - Тэадоры Манчунскай - я знайшоў наступную легенду, у якой адчуваецца і пачуццё гумару сям'ім Нарбутаў: "Нехта з гараджан ішоў каля руін замка і пачуў галосную гаворку, а вядома было, што там часта чуліся галасы д'яблаў, спалоханы гараджанін упаў пад мур - аказалася, што на гэты раз д'яблы не размаўлялі, але з замка даносіўся скрыгат зубны, плач і лямант - новапрыбыўшы і цалкам няшчасны д'ябал тлумачыў іншым прычыну свайго плачу: "Марачэўскі спавядаўся, а Нарбут ажаніўся", - вось чаму хорам скавыталі д'яблы.
Марачэўскі быў хлусам і бязбожнікам, а пан Тэадор ажаніўся толькі, калі меў ужо 5 дзяцей. І страціўшы такіх грэшнікаў, д'яблы ўпалі ў роспач". Д'яблы ў нашым старым замку - гэта неяк натуральна і нават да месца.
Думаю, што з гэтай старой легендай, стасуецца наступная сучасная легенда, якая нават патрапіла на старонкі прэсы.
(Працяг у наступным нумары.)
Некалькі гадоў маёй маладосці ў Вільні* (1818-1825)
Станіслаў Мараўскі
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Калі я ўвайшоў, маё сэрца білася, як молат. Пачырванеў, як студэнт, бо баяўся падацца дурнем. А мой няшчасны твар заўсёды быў маім здраднікам, заўсёды адлюстроўваў тое, што рабілася ў ва мне. Яшчэ і зараз, калі мне да паўвека не дастае некалькі гадоў, я не магу пазбавіцца ад гэтага недахопу, гэтай сапраўднай заганы ў зносінах з людзьмі.
Але на шчасце, як толькі я ўвайшоў, жанчына адразу вызваліла мяне ад страху, бо сама пачырванела як кітайская ружа - за гэта я гатовы быў цалаваць ёй рукі і ногі. Як толькі ўбачыў яе румянец, збялеў, але адчуў сябе на цвёрдых нагах. Больш за ўсё баяўся яе самаўпэўненасці, апломбу і звычкі да лёгкіх стасункаў з многімі людзьмі, а таксама немагчымасці нічога прачытаць на яе твары, пра што мне так шмат і так часта расказвалі. Але тут было нешта іншае, прынамсі, на гэты раз. Я бачыў замужнюю жанчыну, маці, усхваляваную, як пятнастоўка, і гэта перада мной, блазнам! Брава! Адразу зразумеў, што ёй напоўнілі галаву расказамі пра маю дасціпнасць, як і мне пра яе ўсё расказалі, і таму мы абодва баяліся нашага знаёмства. Цешыўся, што яна сама пакінула поле бою, бо заўсёды лепей, калі яно застаецца за мужчынам.
Мы расказалі адзін аднаму пра дарогу, пра Вільню і ўсю тую лухту, якую звычайна кажуць пра першай сустрэчы і пасля гэта пайшлі да дзяцей. Тут я ўбачыў, што мне казалі праўду. Устрывожаная думкай пра тое, што я скажу пра іх, якую дам надзею і, каб схаваць непакой сваёй душы, яна раптам павесялела. І ўсё ж мне здавалася, што я бачу, а можа і сапраўды бачыў, як напружыліся яе нервы і як уся яна дробна дрыжыць. Але знешне, яе твар поўніўся радасцю і ветлівай усмешкай.
Усе яе дзеці пакутавалі ад адной страшнай і ўстойлівай скурнай хваробы, горшым было тое, што хвароба ўжо змяніла свой першапачатковы характар і набыла іншыя формы ў залежнасці ад знаходжання на целе. Пільнае вока маці па выразу майго твару адразу ўлавіла, што я думаю. Яе вочы напоўніліся слязьмі, але твар стаў яшчэ весялейшым. Выглядала яна, як сонца, промні якога прасвечваюць праз густы дождж. Уважліва агледзеў дзяцей і ўспомніў цяперашні метад лячэння вайсковых медыкаў, які, аднак, не заўсёды можа быць карысным для дзяцей, пасля чаго запэўніў яе, што ў той ступені, у якой чалавек можа ручацца ў гэтым выпадку, я пэўны, што дзеці выздаравеюць. Аднак лячэнне зойме шмат часу. Сказаў, што, магчыма, нехта іншы зможа зрабіць справу лепш за мяне. Але калі яна хоча, каб лекаваў я, павінна неадкладна прыбраць усе цяперашнія лекі, флаконы і слоікі выкінуць у фортку, даць дзецям адпачнуць дзесяць дзён і самой мець добры настрой.
Быццам супакоіў яе, бо яна адразу ж зноў стала сумнай. Паглядзела на мяне глыбокім позіркам маці і ўбачыла, што я гавару тое, што думаю, пасля чаго зацята папрасіла не пакідаць яе адну. На гэтым і разышліся. Як патрабавала ветлівасць, я пайшоў у пакоі яе сястры Эльжбеты Мюлер.
Як выглядала гэта жанчына, маці хворых дзяцей? О, скажу табе, што покуль я бачыў яе яшчэ такой, якой яна была насамрэч. Бо неўзабаве ўжо нічога не бачыў і для мяне ўвесь свет сканцэнтраваўся ў ёй адной.
З першага погляду ўсе казалі, што яна ладная кабета. Міміка твару рабіла яе яшчэ прыгажэйшай. Твар дасканала авальны, чысты, белы і далікатны. Вялікія, блакітна-чорныя вочы, поўныя розуму і агню. Бровы і валасы цёмныя, амаль што чорныя. Вусны каралавыя, зубы белыя як снег, увесь час дзівосна прыемная усмешка. Голас чароўны і ў размове, і ў спевах. Ручкі і ножкі, асабліва ножкі, як у малога дзіцяці. Манеры поўныя натуральнай ветлівасці і высакароднасці. Добрае веданне свету. У тоне паводзін прысутнічала доля гонару ці, дакладней, ведаў пра сваю вартасць. Але хіба можна было назваць яе красуняй? Не! Вераніка Сакен ў сто разоў прыгажэй. Але Вэрця была яшчэ толькі прыгожай статуяй Пігмаліёна. А яна была жанчынай, якую Пігмаліён ужо ажывіў сваім натхненнем.
- Як вы знаходзіце маю сястру? - мімаходзь спытала ў мяне пані Эльжбета Мюлер.
- Прабачце мяне за занятасць і таму нягжэчнасць - я думаю толькі пра яе дзяцей і на ваша пытанне змагу адказаць потым.
Гэтыя важныя словы доктара, як доказ маёй абыякавасці да яе, пані Мюлер неадкладна перадала сваёй сястры Марыі.
Раздзел 11. Справа бацькі аўтара з Боньчай-Тамашэўскім. Прэзідэнт Бакоўскі. Анекдот пра карункаваю сукенку расійскай імператрыцы і жонку сакратара 3-га дэпартамента Сенату. Характарыстыка Боньчы-Тамашэўскага. Генерал-губернатар Корсакаў. Анекдоты пра яго, пра пралата Пуслоўскага і Антонія Мейера з Волды. Анекдот пра афіцэра гвардыі. Кс. Вяжэвіч і Русо. Кс. Вяжэвіч і казакі. Капітан Харошча.
Вярнуўся дахаты. Мой Лінгевіч даўно ўжо трымаў абед у цёплай печы. Еў я, як, можа, ніколі не еў раней, пры тым, што абжорай не быў. Але еў, не разбіраючы, што ем. Еў, бо так трэба. Прыкмета маёй не ўнікальнай хваробы. Пасля абеду загадаў зачыніць усе дзверы, распрануўся і вольны ад усёй вопраткі, лёг на ложак, каб аддацца думкам, якія абудзіў у мяне сённяшні дзень. Сумленне падказвала мне думаць пра яе дзяцей. Але нехта, можа, і сатана, прымушаў мяне ўвесь час думаць пра іх маці.
З гэтымі думкамі я заснуў і ў сне зноў убачыў усіх іх. Пані Эльжбета Мюлер суровымі вачамі азірала мяне з ног да галавы. Я адказваў ёй такім жа позіркам. І мне здавалася, што нада мной лунаюць два анёлы - Марыя разам з сваёй прыгожай двухгадовай дачкой Марыняй, яны падымаліся на залатых крылах і вабілі мяне за сабой. Мудрыя людзі кажуць, што не бывае прароцкіх сноў. Чаму тады гэта маленькае ў той час дзіця праз некалькі дзясяткаў гадоў прычапілася да мяне!?
Ад салодкага сну мяне абудзіў прыход двух гасцей. Прыйшлі, наш сусед па вёсцы, дзедзіч Бутрыманцаў, прэзідэнт Бакоўскі і адвакат, якога мой бацька для сваёй справы трымаў у Вільні. Практычна з парогу яны сказалі мне, што ў адказ на ўчарашнюю просьбу нейкага Боньчы-Тамашэўскага Корсакаў неадкладна загадаў апісаць і накласці секвестр на ўвесь маёнтак майго бацькі. Што ад такіх гвалтоўных, бессэнсоўных і неапраўданых дзеянняў няма іншага паратунку, акрамя як прыкласці намаганні і на працягу некалькіх тыдняў трымаць гэтую пастанову пад сукном. Бо стары Корсакаў забудзе пра яе за гэты час і не прыспешыць секвестр. Але трэба неадкладна паскардзіцца князю Канстанціну і выправіць да майго бацькі эстафету ў Варшаву. Абодва гэтыя паны засведчылі, што патрацілі ўжо ўсе грошы і таму эстафету пакідаюць за мной.
Напалоханы і ўстрывожаны, незнаёмы з юрыспрудэнцыяй я ведаў строгую чысціню бацькі ў справах і яго агіду да ўсякага судовага працэсу, таму доўга не мог апамятацца і зразумець, што гавораць мне госці. Як сабе ўявіць, што фальшывая прэтэнзія нязначнага, дробнага і беднага чалавека, які ніколі не меў ніякай уласнасці, прэтэнзія да кагосьці цалкам вышэйшага, можа скончыцца секвестрам нашага маёнтка з мэтай аплаціць абсалютна няслушную суму грошай. Тады я яшчэ не верыў, што з пяску можна зрабіць пугу.
Перш чым расказаць вам, кім былі Бакоўскі і Боньча-Тамашэўскі, мушу нагадаць, што Літва з моманту свайго далучэння да Расіі, у юрыдычным сэнсе ўсё яшчэ знаходзілася ў хаатычным стане. Ёй пакінулі старое права ў цывільным працэсе. У крымінальным жа, апрача дагэтуль існага краёвага права, дадалі яшчэ і расійскае. Больш за тое, у абодвух працэсах рэкамендавалася абапірацца на ўказы, якія супярэчылі адзін другому. Гэтыя ўказы выдаваліся стагоддзямі і моцна перакрыжоўваліся паміж сабой (А 24).
У любой краіне нішто так не падахвочвае людзей судзіцца за грошы, як магчымасць перамогі ў судовым працэсе. Бо што яшчэ нам рабіць? У нас шляхта пазбаўленая прывычнага паспалітага руху і толькі ў картах і судах знаходзіць для сябе сэнс сумнага жыцця, нейкае excitans (лац. "узбуджэнне, захапленне" - Л. Л.). Таму яна люта кідаецца ў суды. І ў кожным працэсе адвакат аднаго боку адстойвае артыкулы статуту і трымаецца за яго, а адвакат другога боку, пераварочваецца цераз галаву і бярэ для сябе абсалютна супрацьлеглы ўказ, з якога робіць зусім іншыя высновы.
Суддзі, абраныя на сойміках, не былі абазнаныя ў праве, самі не ведалі, з чаго ім пачаць, і рабілі так, як радзіць ім пан рэгент. Статут казаў - белае, а указы - чорнае пра адно і тое самае. Шукай сярэдзіну! Таму рабіліся дзіўныя прысуды, і апеляцыя за апеляцыяй уздымаліся ўсё вышэй і вышэй. Па просьбе аднаго з бакоў генерал-губернатар, не звяртаючыся ні да статута, ні да ўказаў, каб толькі ўсё было прыгожа, часта цалкам адвольна вырашаў справу. Праз дзесяць ці больш гадоў справа даходзіла да 3-га дэпартамента Сенату ў Пецярбургу, які займаўся выключна справамі Літвы і Валыні. А там, хто мог прысутнічаць і меў што занесці, той і выйграваў. Калі трэба было, за аснову прысуду клаўся Статут (Статут ВКЛ 1588 г.), а калі не трэба - указ. Мелася каласальная розніца паміж чыноўнікамі 3-га і чыноўнікамі іншых дэпартаментаў Сенату. Першы быў Кроз, другі - Ірыс 94, і трымалася гэтак каля паўстагоддзя. Але што яшчэ горш, трэба было трымаць у сталіцы адмысловых упаўнаважаных - сапраўдную супольнасць бязбожных рабаўнікоў, адвакацікаў ці нават асоб без усялякага ведання права. На кожную справу яны загадвалі з Літвы ці Валыні даслаць ім вялізныя грошы, каб купіць чыноўнікаў, але і сабе за клопаты клалі ўтрая больш. Ледзь не кожны з іх праз пяць, максімум дзесяць гадоў сабраў сабе мільён. Начальнік канцылярыі 3-га дэпартамента ездзіў чатырохконнай карэтай, а чаравікі начальнікаў іншых дэпартаментаў не мелі падэшваў. Другія асобы потым раскажуць пра гэта лепш і падрабязней, чым я, а я закончу гэтую гісторыю анекдотам, які здарыўся не больш за дзесяць гадоў таму ў Пецярбургу.
Была там нейкая пані Ксаўе, французская мадыстка. Яе крама лічылася самай першай і арыстакратычнай у сталіцы, і нават сама імператрыца, жонка пануючага сёння Мікалая, асабіста ўшаноўвала гэтую краму сваёй прысутнасцю, каб агледзець новыя пастаўкі з-за мяжы. Аднойчы пані Ксаўе паказала імператрыцы мастацкі шэдэўр, цудоўнага густу і незвычайнай работы - брабанцкую карункавую сукенку, якая ёй вельмі спадабалася.
- Колькі каштуе?
- Дваццаць пяць тысяч рублёў асігнацыямі.
Імператрыца не магла сабе дазволіць такія грошы за сукенку, бо палічыла марнатраўствам. Вярнулася ў палац і за абедам расказала імператару пра сваё падарожжа па горадзе, неверагодны кошт сукенкі і пра тое, што хоць і вельмі хацела купіць, але не адважылася выдаткаваць столькі грошай на глупства. Цар Мікалай, вялікі але і стрыманы галант сваёй жонкі, нічога не адказаў, аднак выйшаў з-за стала і таемна даслаў дзяжурнага ад'ютанта купіць сукенку для імператрыцы.
Крама пані Ксаўе месцілася, можа, за пяцьсот крокаў ад палаца. Ад'ютант паляцеў, як птушка. Імператар тым часам весела працягваў і як мог зацягваў абед, каб дагадзіць сваёй жонцы ў яго канцы. Нарэшце ад'ютант вярнуўся з апушчаным носам. Цар пытае:
- Дзе сукенка?
- Ваша вялікасць, яе ўжо няма, купілі.
- Купілі!? О, Божа! Але хто ж змог заплаціць за яе столькі грошай, колькі не адважылася заплаціць руская імператрыца?
- За яе гатоўкай заплаціла жонка сакратара 3-га дэпартамента Сенату.
Вяртаемся зараз да Бакоўскага і Боньчы. Да іхтыязаўраў, плезіязаўраў, мастадонтаў і іншых істот, якія на наша шчасце ці няшчасце вымерлі назаўсёды, належаў і стары Юзаф Бакоўскі, троцкі земскі прэзідэнт, дзедзіч Бутрыманцаў (знаходзіліся ў Лідскім павеце - Л. Л.). Выглядаў ён, як вялікая малпа, але малпа была, дальбог, прыгажэйшая за яго. Сухі, худы, лысы, з плоскім ілбом, шырокім ротам ад вуха да вуха, ён увесь час свістаў носам, насіў фрак і вузкія порткі, а ногі меў, як у жабы. Яго лыткі гулялі ў халявах як пісталет ў кабуры. Жартаў, досціпаў, гісторый пра яго было столькі, колькі пшаніцы ў свірне шляхціца. Ён толькі што паўторна ажаніўся, меў маладзенькую і вельмі прыгожую жонку. Сапраўдную цацку! Калі яны ішлі разам, здавалася, што анёл Божы з-за пагарды да людзей па-сяброўску падаў руку арангутангу. Гэтая кабетка, сапраўднае ліха, роўна 60 000 злотых каштавала майму бацьку, бо меў ён вечна хворую і няшчасную жонку.
Бакоўскі знаў сваю справу. Ён не быў суцяжнікам у поўным значэнні гэтага слова. Але яго талент, яго геній, праяўляліся ў наступным. Калі нехта быў па вушы ў даўгах, меў разбураны маёнтак, канчаткова збанкрутаваў і да таго ж яго акружылі крэдыторы, калі ні адвакат, ні суддзя, ні хто іншы не мог ужо дапамагчы, пасылалі аа Бакоўскага і запрашалі яго на абед. Прыязджаў, слухаў, чмыхаў, свістаў носам і зараз жа, панатхненні, прыдумляў камбінацыю, каб даўжнік, яшчэ як найменей пяць гадоў, спакойна сядзеў у сваім маёнтку і нікому не плаціў ні гроша. І каб нават было немагчымым наракаць на парушэнні.
Боньча-Тамашэўскі, былы смычок радзівілаўскай капелы, а потым розных іншых, апранаўся па-стара-польску. Меў малую, пукатую і лысаю галаву з нягодным і подлым тварам. Увагнуты нос, як быццам яго і не было, з вялізнай чырвонай грушай на канцы. Пад грушай сядзелі вусы.
Тамашэўскі здаўна ездзіў па рэзідэнцыях са скрыпкай і ўвесь свой скарб трымаў у плеценым вазку. У вазок упрагаў белых, высахлых з-за старасці коней у гарчычных плямах. Усюды, куды прыязджаў, іграў розныя штукі на скрыпцы і асабліва заводзіў усіх так званым "Бычком" у розных варыяцыях. "Бычок" - нацыянальны танец з камічным, як для нас, адценнем 95. Гэтым ён забаўляў людзей. Звычайна жыў у Наваградскім павеце, і яго здаўна ведалі як слугу абшарнікаў гэтага павету Абуховічаў.
Суцяжнікам ён быў, якіх мала, і нават сваім дабрадзеям дадаваў ліха. Недзе выпадкова Боньча-Тамашэўскі знайшоў паперку, якую сто гадоў таму нейкая пані Зяновіч, некалькі бітых талераў, і падобна, яшчэ сто злотых, адпісала свайму эканому Тамашэўскаму. Па гэтай паперы, быццам бы, род Зяновічаў 96 з'яўляўся дзедзічамі Бутрыманцаў, і таму Боньча вырашыў атрымаць з Бутрыманцаў грошы з працэнтамі. З гэтай лухты беспадстаўна вылічыў для сябе суму ў 6 000 ці 7 000 злотых. І вось тады, па настойлівай просьбе прыгожых блакітных вачэй пані Бакоўскай, мой бацька, ратуючы яе з мужам, без аніякай патрэбы ўзяў Бутрыманцы ў заставу і гатоўкай расплаціўся з крэдыторамі Бакоўскага. Пасля чаго, як арандатар, і ён стаўся аб'ектам прэтэнзій Боньчы.
Пасля Зяновічаў Бутрыманцы, падобна, прайшлі ўжо праз чацвёртыя рукі, на працягу ста гадоў мелі тры эксдывізіі, з якіх адна закранула і Зяновічаў, і пасля кожнай з іх Бутрыманцы адпісваліся розным уладальнікам. Таму Боньча не меў ніякіх правоў на маёмасць і нават, калі б даказаў, што тая старая паперка і насамрэч калісьці была выдадзена паняй свайму служку і мае дачыненне да нашага Тамашэўскага, як да спадчынніка.
Але яму хоць цвік у галаву забі! Боньчу казалі адно, ён рабіў другое. Судзіўся і заўсёды прайграваў. Аднак і нам усё гэта добра каштавала. І ў выніку, ён вырашыў уздзейнічаць на Корсакава. Падчас чацвярговай аўдыенцыі ўпаў перад ім на калені і горка плачучы, падаў просьбу. Прасіў аб паратунку і міласэрнасці, бо Мараўскі забраў усю яго спадчыну, чым прымусіў хадзіць у лахманах. Корсакаў убачыў сівога, старога бедака, які рыдаў у падраным кунтушы і злітаваўся, спагадаў, паверыў яму і загадаў неадкладна вярнуць Тамашэўскаму яго маёнтак.
Таму Бакоўскі разам з адвакатамі, якія пільнавалі падобныя справы ў Вільні, пасля цудоўнай рэзалюцыі губернатара, затрымалі справу і прыбеглі да мяне, каб я накіраваў эстафету да бацькі, які бавіў час у Варшаве. У Варшаве тата пайшоў да вялікага князя. Той выслухаў яго і прыслаў эстафету Корсакаву з адменай яго рэзалюцыі. Загадаў разабраць справу праз звычайную судовую працэдуру.
Гэта быў першы ўдар па носе самавольнаму Корсакаву, які лічыў сябе абсалютным манархам і ўвесь час, нягледзячы на суд, выдаваў свае ўказы. Рабіў ён гэта не з-за злога сэрца, а з-за поўнага няведання справы! Падзеі вакол бацькі так падабаліся жыхарам края, што многія з іх не вытрымалі і, рызыкуючы падвергнуцца пераследу, калі іх лісты прачытаюць на пошце, даслалі майму тату падзякі і віншаванні.
А бацька быў здзіўлены, бо Корсакаў яго добра ведаў і добра ставіўся, ведаў ён нават мяне, і пры гэтым зрабіў такі вырак. Швагер майго бацькі Антоній Храпавіцкі, знатны і заможны чалавек, быў любімчыкам Корсакава. Таму толькі з-за гэтага ён павінен быў паважаць яго швагра і выслухаць справу з другога боку. Як чэсны вайсковец і добры чалавек, Корсакаў потым прасіў прабачэння і тлумачыў справу тым, што яму нават у галаву не прыходзіла, што Тамашэўскі абвінавачвае менавіта майго бацьку.
Я ўжо казаў пра Корсакава, што ён быў чалавекам добрым, бескампрамісным і любіў справядлівасць, але часта па-жаўнерскі рабіў несправядлівыя справы. Быў ён і даволі капрызным дзіваком. Раскажу яшчэ два анекдоты пра яго, якія прыйшлі мне на памяць.
Пралат Пуслоўскі і яго брат маршалак 97 моцна заблыталіся ў справе картузаў у Бярозе (А 25). Маршалак меў моцную галаву і быў адным з самых выдатных і карысных жыхароў Літвы. Пралат, калі не лічыць яго адміністрацыю над фундушом багатага закона картузаў, быў чалавекам божым, пры тым, не бракавала і тых, хто лічыў, што маршалак жыве розумам пралата. Пуслоўскім з усіх бакоў радзілі падкупіць Корсакава, як і дагэтуль усіх падкуплялі. Пралату далі пяцьдзесят тысяч рублёў асігнацыямі і выправілі да генерал-губернатара. Корсакаў прыняў пралата, выслухаў яго справу і абяцаў справядлівую дапамогу. Развітваючыся, пралат, паклаў пакунак з грашыма на крэсла.
- Што гэта? - грозна сказаў Корсакаў.
Пралат нізенька пакланіўся і адказаў, што гэта яму ахвяра. Корсакаў тут жа змяніўся ў твары і з усмешкай сказаў:
- О, вельмі добра, вельмі добра.
Пралат шчасліва вярнуўся і паведаміў свайму брату і сваім дарадцам пра паспяховыя перамовы. Усе былі шчаслівыя … Але якое ж іх было здзіўленне і роспач, калі на наступны дзень у "Кур'еры Літоўскім" яны прачыталі такія словы: "Старшыня Віленскага таварыства дабрачыннасці, ЯВп генерал-губернатар Рымскі-Корсакаў ад імя ўбогіх і нямоглых абвяшчае публічную падзяку пралату віленскай капітулы, ЯВкс Пуслоўскаму, за 50 000 рублёў у асігнацыях, якія ён ахвяраваў учора на карысць Таварыства". Немагчыма было больш далікатней пасмяяцца з пралата і правучыць яго.
Другі анекдот. Пасля падзення Напалеона і стварэння Польскага Каралеўства было шмат размоў пра дараванне свабоды сялянам Літвы. Імператар Аляксандр наўпрост не выступаў супраць гэтага, аднак спачатку загадаў сабраць меркаванні ўсіх грамадзян края і даведацца, хто пагаджаецца з гэтым, а хто не. Антоній Мейер з Вольды, ковенскі віца-маршалак, чалавек надзвычай тоўсты але з высакароднай душой, працягваў справу ліберальнага маршалка Забелы і накіраваў у паветы цыркуляр, аформлены наступным чынам. На ім было: "Згодзен даць волю сялянам", а ўнізе: "Ціт". На другім баку: "Не згодны з гэтым", і ўнізе "Нерон". Усе падпісваліся як Ціты і ніхто не хацеў быць Неронам. Ліст маршалка дайшоў да Пунь, да рускага палкоўніка ў адстаўцы Кахоўскага 97. Гэты апошні не пагадзіўся з вызваленнем сялян ад прыгону і вымушаны быў стаць Неронам. Але паклаў паперу ў кішэню і паехаў да Корсакава.
Раз'юшаны Корсакаў паслаў жандараў з загадам неадкладна даставіць Мейера ў Вільню. Яго прывезлі ў простай фурманцы і прывялі да Корсакава.
Уласна тады ён і ўбачыў рускага палкоўніка. Корсакаў, як толькі прывялі Мейера, адразу пракрычаў, што яго трэба неадкладна павесіць, хоць імператар скажа: "Стары Корсакаў зусім звар'яцеў", але Мейер будзе ўжо вісець. І дадаў яшчэ тысячу падобных слодычаў. Меў звычай, калі кагосьці лае, трымаць і лёгка тузаць яго гузік, а потым крычаць: "Ці не праўда!?". Так тузаючы тоўстага і няшчаснага Мейера, ён спытаў ў палкоўніка: "Вы ведаеце, хто такі Нерон?". Палкоўнік сур'ёзна і з вялікай пашанай адказаў: "Нет, ваше высокопревосходительство, не знаю! По армии у нас такой фамилии не имелось, разве, что он служил во флоте". Корсакаў зарагатаў і вызваліў Мейера ад усялякай адказнасці.
Гэта дабрадушная наіўнасць, вартая патрыярхальных часоў, наводзіць мяне на чарговы анекдот.
У апошнія часы праўлення імператара Аляксандра нейкі гвардзейскі афіцэр са сваім аддзелам стаяў у Пецярбургу на варце пры шлагбаўме на ўездзе ў горад. Нехта праходзіў праз шлагбаўм. Афіцэр спытаў у яго імя і прозвішча. Падарожнік, відочна, чалавек з гумарам, адказаў: "Рохус Пумпернікель" 99. Афіцэр спакойна запісаў гэтае прозвішча. Цар Аляксандр жадаў штодзень ведаць, хто прыязджае і выязджае са сталіцы. Для гэтага на варце запаўнялі вузкія лісты, якія адсылалі потым да генерал-губернатара. Гэты ліст кожны ранак падчас свайго рапарта генерал-губернатар чытаў імператару. На гэты раз, калі прыехаў Рохус Пумпернікель, генерал-губернатар не паспеў праглядзяць паперы і прачытаў іх імператару. Аляксандр моцна здзівіўся ўзроўню адукацыі афіцэра гвардыі і на тры дні арыштаваў яго.
Дзяржаўным кантралёрам - адной з найвышэйшых асоб у дзяржаве, у той час быў курлядзец Бальтазар сын Бальтазара Кемпенгаўзен. Ён быў шырока вядомы як самы жорсткі з усіх кантралёраў на свеце. Без усялякай літасці выціскаў і вырываў грошы ў скарб з нашых горлаў. Але тое, што скарб быў вінен нам, ён адкладваў на потым і бясконца цягнуў, без усякай надзеі на вяртанне. Шмат каго ён гэтым пагубіў, і загубленыя ім людзі потым вельмі цешыліся, калі кантралёр і памёр бо яго як Сулу з'елі вошы 100 .
Аднойчы ўлетку Кемпенгаўзен вяртаўся ў Царскае Сяло. Ля шлагбаума зноў стаяў ужо вядомы нам афіцэр. Гвардзеец спытаў імя і прозвішча. Кантралёр адказаў: "Бальтазар Бальтазаравіч Кемпенгаўзен". Афіцэр не паверыў, што хрысціянін можа мець такое імя і вырашыў, што над ім зноў здзекуюцца. Арыштаваў Кемпенгаўзена прама каля шлагбаума. Дзяржаўны кантралёр быў вымушаны пісаць генерал-губернатару, каб яго вызвалілі з-пад варты. Гэта нарабіла шуму. Дайшло да Сената. Афіцэру дазволілі звольніцца з гвардыі. Нарадзіўся ён пад шчаслівай зоркай …
Цяпер, калі я пішу гэтыя радкі і як быццам вяртаюся ў былое, мне згадваецца яшчэ адзін выпадак, які я чуў пра кс.-біскупа Вяжэвіча. У мае часы гэты чалавек даўно ўжо памёр, але яшчэ расказвалі пра яго арыстакратычную карэту, панашаму салітэрку 101. Гэта была адна такога кшталту карэтка ў Вільні, падобная на парыжскі фіякр, але яшчэ больш вузкая, і ў ёй маглі сядзець два чалавекі твар у твар. Разам сядзець было немагчыма, а толькі адзін насупраць другога, і таму яе называлі vis-a-vis. Невядома адкуль ксёндз Вяжэвіч меў такі рарытэт, але заўсёды карыстаўся ёй для паездак, і салітэрку яшчэ доўга памяталі ў горадзе. Жыццё гэтага чалавека, вядомага авантурыста, мне, на жаль, дэталёва невядома, за выключэннем двух выпадкаў, якія я і раскажу ніжэй.
Кс. Вяжэвіч, пазнейшы інфулят ці суфраган, падобна, у другой палове XVIII ст. быў накіраваны за мяжу як гувернёр нейкага паніча. Распусны шулер, ён ці сам знудзіўся са сваёй працы, ці знудзіў свайго гаспадара, але быў выкінуты на брук. І падкасаўшы сутану, пачаў жыць сваім розумам і працай. Але за мяжой яму было цяжка, бо не меў чым заняцца. Згаладалы авантурнік даведаўся, што ў той час Жан Жак Русо знаходзіцца ў Швейцарыі, раней ён чуў пра яго сэрца і характар. У галаву Вяжэвіча прыйшла ідэя злапаць гэтага пачцівага чалавека ў Жэневе на сваю жмудскую вуду. Ён ведаў пра людскасць Русо і яго добрае сэрца і, каб усё не сапсаваць, адразу ў вочы яму не палез. А толькі, калі даведаўся, куды той ходзіць на шпацыры, выбраў вельмі рамантычнае месца на беразе ручая. Як толькі здалёк убачыў Русо, пачаў плакаць, усхліпваць і стагнаць. Гэта адразу кранула філосафа, і ён затрымаўся, але яго столькі ўжо разоў падманвалі, што пайшоў далей. Але вярнуўся. Тая яшчэ сцэна! Вяжэвіч нават не глядзіць на яго, сядзіць на абрыве спіной да Русо і, здаецца, нікога не бачыць.
Першы раз усё гэта скончылася нічым. Але назаўтра, добразычлівы філосаф зноў убачыў Вяжэвіча ў той самай позе. Нейкі час Русо змагаўся сам з сабой, але не вытрымаў! Вярнуўся і спытаў, што яго турбуе. Вяжэвіч прыдумаў цэлую піраміду хлусні, якая магла пасаваць у гэтай справе! Скончылася ўсё тым, што Русо заплакаў, як дзіця, над яго нядоляй і ўзяў у сакратары. Гэта Вяжэвічу і было патрэбна.
(Працяг у наступным нумары.)
* Morawski Stanislaw. Kilka lat mlodosci mojej w Wilnie (1818-1825). Warszawa, 1924. Пераклад Леаніда Лаўрэша.
94 Кроз, цар Лідыі. Лічыцца што ён першым пачаў чаканіць манету і лічыўся ў антычным свеце самым багатым чалавекам, мелася нават прыслоўе: "Багаты, як Кроз". Ірыс (Ір), жабрак, якога сустрэў Адысей пры вяртанні з Ітакі. - Л. Л.
95 Традыцыйны беларускі танец. Музычны памер 2/4 . Тэмп умераны або хуткі. Вядомы ў некалькіх харэаграфічных варыянтах: найбольш старажытны блізкі да карагодаў, у якіх танцоры імітавалі баданні бычкоў; пазнейшыя набліжаюцца да кадрылі; сустракаюцца сольныя імправізаваныя варыянты. Бычок мог быць складовай часткай "Жаніцьбы Цярэшкі", дзе выконваўся пад прыпеўкі. - Л. Л.
96 Гэты род згадваецца на гістарычнай Лідчыне ў 1554 г. у наданні Астрынскай царкве св. Спаса: "продкі цівуна Віленскага, дзяржаўцы Ушпольскага, Пенянскага і Радуньскага, нябожчыка пана Шымкі Мацкавіча паны Зянявічове". - гл: Акты Виленской археографической комиссии. Вильно, 1908. Т. 33. С. 51-53.
97 Войцех Пуслоўскі (1762-1833), слонімскі маршалак, пасол на чатырохгадовы сойм, здольны фінансіст, адна самых выбітных постацей Літвы першай паловы XIX ст. Пакінуў пасля сябе вялікі маёнтак. За жонку меў сястру міністра Ксаверыя Любецкага, меў на яго вялікі ўплыў і служыў яму дарадцам.
98 Гісторыя пра Мейера, Корсакава і рускага палкоўніка адпавядае рэчаіснасці, захаваўся адпаведны дакумент, толькі замест імператара Ціта там фігуруе імператар і філосаф Марк Аўрэлій, Нерон жа на месцы.
99 Рохус Пумпернікель (Rochus Pumpernickel) - персанаж аднайменнай музычнай камедыі аўстрыйскага кампазітара, лібрэтыста і акцёра Матэвуша Штэгмеера (Matthаus Stegmeyer, 1771-1820), прэм'ера якой адбылася ў Вене 28 студзеня 1809 г. Гэтая камедыя абапіраецца на сюжэт камічнага балета "Пан дэ Пурсоньяк" ("Monsieur de Pourceaugnac"). У Расіі была вядома па пераробках, адна з іх - трохактная камічная опера "Уезд у сталіцу Фокі Фалалеіча, або Рохус Пумпернікель" (1817 г.), прадстаўленая ўпершыню 17 чэрвеня 1818 г. у Пецярбургу, другая - аднаактовы вадэвіль "Пурсаньяк, Фалалей Скацінін, або Рохус Пумпернікель у новым выглядзе", паказаная ўпершыню 16 красавіка 1819 г. на сцэне Вялікага тэатра ў Пецярбургу. - Л. Л.
100 Луцый Карнелій Сула - старажытнарымскі палітык, дыктатар з 82 па 79 да н.э., консул з 88 па 80 да н.э. Плутарх пісаў: "Ён доўгі час не ведаў, што ў вантробах з'явіліся язвы, а між тым усё цела яго падверглася гніенню і пачало пакрывацца незлічонай колькасцю вошаў. Многія былі занятыя тым, што днём і ноччу здымалі іх з яго, але тое, што яны паспявалі выдаліць было толькі кропляй у моры ў параўнанні з тым, колькі нараджалася зноў". - Л.Л.
101 Малая, парадная карэта на адну асобу, у асноўным была транспартам для дам у крыналінах, папулярная ў 2-й палове XVIII ст. - Л. Л.
Беларусы сустракаюцца з індзейцамі
Быць сабою (адзін з аўтараў ідэі - Сакрат Яновіч), як бізон: Баканоўскі, Броўка, Бурэ, Мішук, Свечын, Шарапава
(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-52 (105-156) (2024); № 1-31 (157-189) за 2025 г.)
БАКАНОЎСКІ Адольф (Adolf Sykstus Bakanowski) - па паходжанні дваранін Падольскай губерні, продкі якога з гэтым прозвішчам, аднак, прывязаны да былой тэрыторыі ВКЛ, у прыватнасці, да вёскі Баканы Гарадоцкага раёна і Нясвіжа. Многія Баканоўскія называліся беларусамі ў той самы час, калі жыў ён. Быў ксяндзом, капеланам у студзеньскім паўстанні, уваскрасенцам, які з 1866 г. служыў у Тэхасе, а затым і ў іншых месцах ЗША, уключаючы Чыкага, пакуль не вярнуўся ў Еўропу ў 1873 г. Памёр у Кракаве ў 1916 г.
Урыўкі з момантамі, калі індзейцы нібыта набліжаліся да Баканоўскага і яго спадарожнікаў, мы бяром з кнігі "Moje wspomnienia 1840 - 1863 - 1913" (Львоў, 1913). Частка гэтых успамінаў з'явілася па-англійску пад загалоўкам "Polish circuit rider: The Texas memoirs of Adolf Bakanowski" (Chesire, Connecticut, 1971). Ён зафіксаваў шмат "анекдатычнага" з жыцця польскіх калоній, асаблівы акцэнт зрабіўшы на крыўдах, які наносілі палякам прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей, сярод якіх і індзейцы. "Не пашчасціла з суседзямі", - вядомае польскае выказванне.
Адольф Баканоўскі
МЫ СТРАЛЯЛІ Ў БОК ШУМУ Ў ДРЭВАХ
У Тэхасе, як я ўжо згадваў вышэй, гадуецца вялікая колькасць буйной рагатай жывёлы, і тым не менш з ялавічынай было вельмі цяжка. У нас не было бойняў [Jatek nie mielismy zadnych], і нікога гэта не цікавіла. Калі забівалі вала, мяса рэзалі амаль задарма; і большасць з яго неўзабаве псавалася з-за моцнай спёкі. Звычайна мяса наразалі тонкімі лустачкамі, сушылі на сонцы, а потым гатавалі для ўжывання ў ежу. Мёртвую жывёлу не хавалі ў зямлі; вялікая колькасць арлоў неўзабаве ўсё расчышчала; а калі закапаць у зямлю, то гэта прыводзіла б да "згніло б" [a zakopane do ziemi "zgnilizneby" tworzylo]. А таму арлоў нельга забіваць пад пагрозай пакарання ў памеры 5 долараў. У такім гарачым клімаце нават ялавічыну асабліва не хацелася есці. Дзікія жывёлы, зайцы, казулі, алені паўсюль у багацці [pod dostatkiem]. Тут бясконцая колькасць розных птушак, асабліва восенню і зімой. Дзікія індыкі там найбольш распаўсюджаныя, гэта іх радзіма. Пры ўсім гэтым мы зусім не сумавалі па ялавічыне.
З-за розных небяспек у краіне, якая была яшчэ амаль дзікай, нам давялося адпаведна ўзброіцца. У кожнага з нас была вінтоўка [karabin], рэвальвер і стрэльба для палявання. Святарскія шаты [suknie] мы насілі толькі ў касцёле, па-за тым - заўсёды ў свецкім адзенні. Падчас падарожжаў, асабліва верхам на кані, мы выглядалі як звычайныя амерыканцы. Усюды нам пагражала небяспека ад дзікіх жывёл або ад дзікіх людзей: індзейцаў. Індзейцы, карэнныя жыхары гэтага месца, пакляліся адпомсціць усім белым, як, на іх думку, незаконным захопнікам. Звычайна яны хаваюцца ў расколінах гор, а час ад часу ладзяць [urzadzaja] напады ўначы. У іх няма агнястрэльнай зброі, яны страляюць стрэламі з лукаў, атручанымі ядам грымучай змяі.
З белых людзей, калі іх ловяць, яны здымаюць скальпы, высушваюць скуру з валасамі і носяць іх на грудзях. Яны надзвычай спрытныя, калі скачуць на конях [Zwinni sa niezmiernie w biegu na koniach], амаль згінаючыся над імі без сёдлаў і аброці [pochyleni niemal pod nimi bez siodel i uzdy], як некаторыя знакамітыя цыркавыя вершнікі. У тых раёнах, дзе яны пражываюць, усе жыхары павінны быць асцярожнымі і не выходзіць з дому ўначы. Яны баяцца агнястрэльнай зброі; пры гуку стрэлу ўсе, нават у вялікай колькасці, разбягаюцца.
Калі камусьці трэба пайсці ў месца, дзе яны знаходзяцца, то звычайна яны ідуць у суправаджэнні некалькіх чалавек, узброеных усялякай зброяй. Сярод нашых польскіх паселішчаў найбольшую пагрозу з іх боку ўяўляла калонія пад назвай "Бандэра".
[…]
Польскае паселішча ў Бандэры было самым небяспечным месцам з-за нападаў індзейцаў. Калі мне трэба было туды ехаць, я мусіў браць з сабой, калі не некалькіх, то хаця б аднаго паляка. Звычайна мы падарожнічалі ў вялікім возе, узброеныя ўсялякай зброяй, асабліва вінтоўкамі [karabinami]. Дзве ночы нам трэба было правесці ў лесе і ўзяць з сабой усе нашы запасы ежы. Калі мы начавалі ў такім небяспечным месцы, мы прывязвалі коней да дрэў доўгімі вяроўкамі, каб яны пасвіліся, а самі, са зброяй, клаліся пад воз адпачыць. Мы зусім не распальвалі вогнішча, каб не выдаць сябе. Пры прыбліжэнні індзейцаў коні звычайна трывожна фыркалі і спрабавалі ўцячы; вось так яны нас і будзілі. Ну, аднойчы, пасля поўначы, мы пачулі фырканне коней, а потым далёкі трэск сярод дрэў. Тады, каб пазбегнуць небяспечнай бойкі [walki], мы пачалі страляць у бок небяспекі [w strone zagrozona], і неўзабаве ўсё сціхла. - Індзейцы заўсёды ўцякаюць пры гуку стрэлаў, бо ў іх зусім няма агнястрэльнай зброі, і яны страляюць толькі з лукаў.
[…]
Індзейцы хаваюцца ў гарах каля Бандэры. Мясцовыя жыхары звычайна не выходзяць за межы сваіх ферм [zagrod] уначы, баючыся нападу. Калі індзейцы ловяць аднаго з белых людзей, яны здымаюць з яго скальп, гэта значыць здзіраюць скуру з валасамі, і адпускаюць яго, такога цяжка параненага, каб напалохаць астатніх. Такім чынам загінуў адзін польскі хлопчык. Парафіяльным святаром польскай парафіі быў кс. Снігурскі [Snigurski], эмігрант з Каралеўства.
Аднойчы ўначы яны напалі на яго дом і пачалі страляць па ім з лукаў. Святар, якога разбудзіў гук разбітых вокнаў, пачаў страляць з вінтоўкі. У двары раздаўся крык, і ў пакой зноў паляцелі стрэлы. Праз хвіліну ўсё сціхла, бо аднекуль з паветра пачуліся стрэлы. Гэта польскія парафіяне прыбеглі са зброяй на дапамогу. Індзейцы ўцяклі. Было відавочна, што адзін з іх быў паранены, а магчыма, нават забіты, бо былі бачныя сляды крыві. Яны забралі з сабой параненых. У рэктарскім доме [Na probostwie] ўсе вокны і рамы разбітыя; у сценах і ў дзвярах былі ўторкнутыя стрэлы.
Бедны святар цэлы тыдзень не служыў св. Імшы з-за боязі [z obawy], што ён можа кагосьці забіў і таму трапляў пад царкоўную цэнзуру. Толькі атрымаўшы ад Біскупа вызваленне ад цэнзуры, ён падышоў да алтара.
У любым выпадку граху ў тым не меў, бо страляў абараняючы сваё жыццё.
Пасля завяршэння місіі мы вярнуліся ў Сан-Антоніа, адкуль мне давялося вяртацца ў "Панну Марыю" самастойна, бо пан Бажынскі [Barzynski] застаўся ў сына ў Сан-Антоніа.
Літ.:
8398 Сямёнава А. Лямпа Псіхеі: апавяданне // Тэрмапілы. 2004. № 8. С. 145-168. ("Сюжэт Майна Рыда не вымагаў да крэолкі асаблівых сімпатый, павінны былі падабацца Морыс Джэральд і Луіза Пойндэкстэр, але ў памяць запала гэтая красуня. І вярэдзілі ўяўленне таямнічыя, ваблівыя назвы: савана, серапэ, гасіенда, прэрыя, пампасы… Іспанізавана-англізаваная, з індзейскім 66 каларытам гэтая мясцовасць - Тэхас - ва ўяўленні Даны чамусьці супадала з настойлівым наступам гукаў"...; індзейцы на сцяжыне вайны.)
БРОЎКА Пятрусь (Piatrus Brouka) - нарадзіўся ў в. Пуцілкавічы Ушацкага раёна. Удзельнічаў у Генеральнай Асамблеі ААН (14-я сесія, 1959 г.).
Яго сын Юрый - наш адрасат (але не карэспандэнт). Нагодай для ліста паслужыла ўбачаная ў музеі Броўкі ў Менску кніга Янкі Маўра "Сын вады". Музей размешаны недалёка ад былога будынка галоўнай бібліятэкі краіны, якая была галоўнай мэтай шматлікіх паездак аўтара БСІ з Гомеля ў Менск. Нас, вядома, цікавілі звесткі пра паездку Петруся Броўкі ў ЗША, хацелася зафіксаваць і рукапіс (чарнавік, чыставік) яго верша "Былыя гаспадары".
Літ.:
152 Броўка П. Збор твораў: у 4 т. Т. 3: Вершы. Паэмы. 1952-1965. Мн., 1966. (Броўка П. Былыя гаспадары.)
5645 Бровка П. Былые хозяева / пер. Я. Хелемского // Бровка П. У родных криниц: стихотворения и поэмы: пер. с бел. М., 1963. С. 300. (Из сб. "А дни идут...")
561 Бровка П. Былые хозяева / пер. Я. Хелемского // Бровка П. Собрание сочинений: в 4 т. Т. 1: Стихотворения и поэмы. 1926-1961. М., 1981. С. 207.
БУРЭ Павел (Valery Bure) - нарадзіўся ў Менску. Выступаў за каманду ЦСКА. У 1991 г. перабраўся ў Заходнюю хакейную лігу, "Спокан чыфс" (Spokane Chiefs, 1991-1994) - намёк на індзейцаў, прычым усе гэтыя індзейцы, - правадыры: шмат правадыроў, мала простых індзейцаў). У 1994-1995 гг. гуляў у складзе "Фрэдэрыктан канадыенс" (Fredericton Canadiens, маладзёжная каманда (American Hockey League) з правінцыі Нью-Брансуік). Затым - у НХЛ, у якой "Вэл" Бурэ адгуляў 10 сезонаў (1995-2004): "Манрэаль канадыенс", "Калгары флэймс", "Фларыда пантэрс", "Сэнт-Луіс блюз" і "Далас старс".
Прызёр з камандай на алімпіядах у Нагана (1898) і Солт-Лейк-Сіці (2002).
Разавы прыклад яго кантактаў з гульцамі індзейскага паходжання - з хронікі рэгулярнага чэмпіянату НХЛ за лістапад 1998 г. (тады "паказаў характар" і другі "наш" у шырокім і вузкім сэнсе - Уладзімір Цыплакоў ("Лос-Анджэлес кінгс"), гулец з гісторыі беларускага хакея.
Метыс Тэа Флёры (тады - у "Калгары флэймс") - таксама ў пераліку галоў. "Наш" Бурэ з Флёры гулялі супраць "нашага" Цыплакова, але гэта "ненатуральнае" супрацьстаянне, відаць, мала каго хвалявала.
Калгары - Лос-Анджэлес - 5:4 (0:2, 2:1, 2:1, 1:0): Цыплакоў - 4 (0:1). Ёкінен - 1 (Цыплакоў), (0:2). Робітайл - 9 (0:3). Флёры - 10 (1:3). Бурэ - 5 (2:3). Мюрэй - 6 (2:4). Стылман - 4 (3:4). Морыс - 2 (4:4). Каселс - 3 (5:4).
Літ.:
6409 Шайбін М. Першая унцыя добрых эмоцый // Наша свабода. 2002. 11 лют. С. 1, 3. (Пяць (карэнных) народнасцей.)
МІШУК Джон (John Miszuk) - яшчэ адзін "індзеец" у НХЛ (хаця б таму, што гуляў за "Чыкага рэдхокс" з выявай індзейца на грудзях); першы, як лічыцца, беларус у НХЛ. Памёр у 2025 г. (27 ліпеня). Нарадзіўся у Налібаках (Стаўбцоўскі раён) у 1940 г. Вёску спалілі, жыхароў вывезлі на прымусовыя работы ў Германію. Сям'я ў выніку пасялілася ў Гамільтане (Антарыа).
Алфавітны спіс гарадоў з указаннем каманд з іх, у складзе якіх выступаў (1957-1979): Балтымар (Мэрыленд, Балтымар блэйдс, Baltimore Blades), Бафала (Нью-Ёрк, Бафала байснс (бізанс), Buffalo Bisons), Блумінгтан (Мінесота, Мінесота норт старс, Minnesota North Stars), Гамільтан (Антарыа, Гамільтан тайгер кабс, Hamilton Tiger Cubs), Дэ-Мойн (Аява, Аява старс, Iowa Stars), Дэтройт (Мічыган, Дэтройт рэд уінгз, Detroit Red Wings), Калгары (Альберта, Калгары каўбойс, Calgary Cowboys), Пітсбург (Пенсільванія, Пітсбург хорнетс, Pittsburgh Hornets), Сан-Дыега (Каліфорнія, Сан-Дыега галс, San Diego Gulls), Сан-Францыска (Каліфорнія, Сан-Францыска шэмракс, San Francisco Shamrocks), Сент-Луіс (Місуры, Сент-Луіс брэйвс, St. Louis Braves), Філадельфія (Пенсільванія, Філадэльфія флаерс, Philadelphia Flyers), Чыкага (Ілінойс, Чыкага блэкхокс, Chicago Black Hawks), Эдмантан (Альберта, Эдмантан флаерс, Edmonton Flyers).
Сярод тых гульцоў індзейскага паходжання, з кім напэўна сустракаўся Мішук, - Джордж Армстранг (мянушка Чыф - Правадыр). Тое, што ён быў індзейцам па маці, пацвярджаецца знешнасцю. Ёсць дзве версіі паходжання яго маці - ці то з іракезаў (і ў гэтым выпадку яго бацька быў нібыта ірландцам), ці то з аджыбвэ (і тады бацька меркавана быў ірландцам). Ільвіная доля кар'еры прыходзіцца на "Таронта мэйпл ліфс" - быў звязаны з камандай з 1949 па 1971 г., 12 гадоў быў яе капітанам. Пішуць, што "ён першы індзеец, які патрапіў "Залу Славы"".
Літ.:
4116 Kraszewski J. I. Krol w Nieswiezu 1784: obrazek z przeszlosci // Polak w Ameryce (Buffalo). 1896-1897. № 65-92.
СВЕЧЫН Ларыса (Larisa Svechin) - ураджэнка Гомеля пераехала з бацькамі ў ЗША ва ўзросце 6 гадоў (1979) і паступова нават істотна страціла веданне рускай мовай. Потым, аднак, узнавіла валоданне ёй. Для яе гэта важна таму, што яна стала спачатку адной з першых, а потым і першай асобай астраўнога фларыдскага горада, які вядомы як "Маленькая Масква" - з-за больш чым 7% тых, для каго руская мова была першай.
З Маямі сям'я Свечыных пераехала ў Сані-Айлс-Біч (Sunny Isles Beach) у 1984 г.
У 2016 г. яна стала членам гарадской адміністрацыі, а з 2018 г. займала пасаду віца-мэра. З 1.09.2021 г. часова выконвала яго абавязкі. Датэрміновыя выбары мэра Ларыса прайграла, але восенню 2022 г. на рэгулярных выбарах мэра перамагла.
Насельніцтва горада такое: "The 5 largest ethnic groups in Sunny Isles Beach, FL are White (Non-Hispanic) (46.6%), Two Races Including Other (Hispanic) (24.9%), White (Hispanic) (17.5%), Other (Hispanic) (2.41%), and Two Races Including Other (Non-Hispanic) (2.09%)".
У цяперашнім артыкуле ў Вікіпедыі колькасць "карэнных амерыканцаў або аляскінскіх карэнных" (Native American or Alaska Native) - 0.05% (12 чалавек), але ж усе жыхары тым ці іншым чынам "знаёмыя" з мэрам родам з Гомеля.
Літ.:
8732 Костян И. Поезд на Флориду: повесть. Мн., 2010.
11590 Костян И. С. Забытые племена Флориды. Мозырь, 2018.
ШАРАПАВА Марыя (Maria Sharapova) - бацькі Марыі абодва родам з Гомеля і жылі ў ім амаль да самага яе нараджэння, а нарадзілася яна ў Нягані Ханты-Мансійскай аўтаномнай акругі таму, што бацька быў заклапочаны чарнобыльскім фактарам і адправіў жонку ў рэгіён, які лічыў больш спрыяльным для родаў і ранняга жыцця немаўляці. Далей дзяцінства Марыі працягвалася ў Сочы.
"Мае бацькі - беларусы. У пасведчанні аб нараджэнні запісана, што я таксама беларуска. Але я нарадзілася ў Расіі. Там жа правяла дзяцінства. Таму я - расіянка".
У ЗША яе сталым месцам жыхарства з'яўляецца горад Брэйдэнтан, дзе тэнісная акадэмія дапамагала яе росту, працягвае дапамагаць многім іншым.
"Лілі Гладстан і Марыя Шарапава на Met Gala 2024" - так гучыць навіна ў нашай крыніцы. Фешэнебельнаму паказу свой матэрыял, напрыклад, прысвяціла Урві Мехра (Urvi Mehra) (рэдакцыя 8.05.2024).
"Найшыкоўнейшая", - напісала Марыя пра Лілі ў сваёй гісторыі ў Instagram.
"Усё". "Мае казачныя мары спраўджваюцца ў гэты адзін цудоўны вечар" - пракаментавала яна ў Instagram Met Gala 2024 (імпрэза адбылася ў Нью-Ёрку, у Метраполітэн-музеі). І пра свой вобраз: "Ён вельмі адпавядаў тэме сёлетняга Met Gala, прысвечанага абуджэнню, кветкам і лесу".
Сама Шарапава прысутнічала на Met Gala ў зусім зямным жоўтым ансамблі, распрацаваным Прабалам Гурунгам. Убор, натхнёны "казкай", вельмі добра спалучаў тэму "Спячых прыгажунь: Абуджэнне моды" і дрэс-код "Сад часу".
Марыя растлумачыла, чаму вырашыла супрацоўнічаць з Гурунгам у стварэнні свайго вобраза для Met Gala 2024, які стаў "натуральным выбарам".
Паводле Шарапавай, "Ідэальная сукенка для такой падзеі, як Met Gala, дзе можна зрабіць крыху больш, і гэта ідэальнае месца, каб пагуляць у адзенні. Гэта нешта накшталт казкі, асабліва калі вы схіляецеся да тэмы мерапрыемства". Яна канстатавала: "Я звычайна аддаю перавагу нейтральным тонам у паўсядзённым жыцці, таму прыемна паспрабаваць розныя колеры і апрануць нешта незвычайнае і тое, чаго вы не чакаеце ад сябе".
На Met Gala-2024 Шарапава была разам з Вінус і Серэнай Уільямс.
Урві Мехра
ЛІЛІ ГЛАДСТОН І МАРЫЯ ШАРАПАВА НА MET GALA 2024
Марыя Шарапава падзялілася сваім захапленнем вобразам амерыканскай актрысы Лілі Гладстан [Lily Gladstone] для Met Gala 2024 года. Сукенка Гладстан для мерапрыемства ўяўляла сабой унікальнае супрацоўніцтва уругвайскага дызайнера Габрыэлы Херст [Gabriela Hurst] і ювеліра з каёва Керы Атаўмбі [Keri Ataumbi].
Праз некалькі месяцаў пасля таго, як яна ўвайшла ў гісторыю карэнных амерыканак сваімі дасягненнямі падчас сезона ўзнагароджання за выдатную ролю ў фільме Марціна Скарсэзэ "Забойцы кветкавага месяца" [паводле кнігі Дэвіда Грэна з гэтым загалоўкам і падзагалоўкам "Кроў, нафта, індзейцы і нараджэнне ФБР" (Killers of the Flower Moon: the Osage Murders and the Birth of the FBI)], Гладстан ушанавала сваю спадчыну чарнаногіх [Blackfoot] і нэперсэ [Nez Perce] на Met Gala.
Актрыса з'явілася на чырвонай дарожцы ў цудоўнай чорнай сукенцы ў спалучэнні з празрыстай чорнай накідкай. Ансамбль, распрацаваны Габрыэлай Херст, упрыгожвалі 493 зоркі ад Керы Атаўмбі, размешчаныя ў выглядзе сузор'яў, бачных з Вялікіх раўнін. Лілі Гладстан апісала гэты цудоўны вобраз як "драпіраваны яе продкамі".
Марыя Шарапава апублікавала ў сацыяльных сетках пост, у якім падрабязна апісала ўбор Гладстан і дызайн Габрыэлы Херст, захапляючыся вобразам актрысы. "Вельмі прыгожа", - напісала яна ў сваёй гісторыі ў Instagram.
У 2020 г. у інтэрнэце гучна прагучала інфармацыя пра яе са спадарожнікам (падарунак Марыі Аляксандру на дзень нараджэння) жыцця паездку ў Каларада, у нацыянальны парк Меса-Вердэ (культура анасазі). У сувязі з гэтым аўтары ўспомнілі фільм "Золата Макены", у якім паказаныя пейзажы, якія бачылі на свае вочы Марыя і Аляксандр.
Літ.:
7046 Лагутко Н. Модно и стильно // Экспресс-новости. 2002. 27 сент - 3 окт. С. 15 (Индейцы. Рубр.: Женский клуб (Досуг).)
6918 Модная дзявятка на летні сезон // Студэнцкая думка. 2002. № 4-5. С. 7.
НЕКРАЛОГ: Зайкоўскі Эдвард (1952-2025) - археолаг (Edvard Zaikouski).
БІТ - Зайкоўскаму Э. (Мінск). 26.05.1992. № 128
"Паважаны Эдвард!
Як бальзам на душу было Ваша інтэрв'ю ў "ЛіМе". Дарэчы, нават у Мерыцы [Амерыцы, пэўны час мы эксперыментальна ўжывалі ў не вельмі "афіцыйных" лістах "народную" форму 19 ст., якая трапіла ў спадчыну пісьменнікаў-"пачынальнікаў"; таксама мы ўжывалі форму Гомій замест Гомель і Мянеск замест Мінск] беларусы шануюць сваё і індзейскае паганства, асуджаючы хрысціянства за антычалавечае ўварванне ў прыроду.
У нас дзве просьбы да Вас: 1. Для "Бібліяграфіі публікацый членаў БІТ" патрэбны звесткі з матэрыялаў Заслаўскіх чытанняў. Колькі ні прасіў у БНГТ [Беларускага навукова-гуманітарнага таварыства] - поўны байкот. Ці не дапамаглі б з атрыманнем зборніка? 2. Адзін наш інфарматар казаў, што бачыў у польскім выданні "Літоўскай кухні" рэцэпт нечага па-індзейску. Былі б вельмі ўдзячны за падказку. […]"
Сярод прац Эдварда Зайкоўскага - кнігі "Першабытныя помнікі Паўночнай Беларусі" (1990) і "Старажытная беларуская кухня" (у суаўтарстве, 1995).
Згаданы ў лісце інфарматар - гэта наша другая па важнасці наша крыніца, але ў асноўным эпісталярная, у адрозненні ад першай, - Алесь Баркоўскі.
Літ.:
8665 Зайкоўскі Э. Крыж // Беларуская міфалогія: энцыклапедычны слоўнік / С. Санько, Т. Валодзіна, У. Васілевіч і інш. Мн., 2004. С. 262-263. (Выд. 2-е, 2006.)
2505 Міхайлаў М. Пра фармаванне і развой ідэяў "экалягічнае этыкі" ў старажытнай Індыі // Vieda-I. Працы Беларускага. інстытуту Эўропы (БНГТ). Мн., 1993. С. 38-50.
Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.
Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.
Індзейцы, индейцы, Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Bielorrusia, Belarus; Алесь Симаков. Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 161].
"Пераступіўшы парог"
13 жніўня лідскія літаратары прынялі ўдзел ў адкрыцці новай экспазіцыі літаратурнага філіяла Лідскага гісторыка-мастацкага музея "Пераступіўшы парог". Так, пераступаючы парог Дома-музея Валянціна Таўлая наведвальнік цяпер будзе адразу знаёміцца з жыццём і творчасцю яго гаспадара. Яшчэ ў далёкім 1946 годзе паэт змясціў матэрыял у газеце "Літаратура і мастацтва" пад такой жа назвай. У тэксце ён гутарыць з чытачом, дзеліцца планамі на будучае і знаёміць з раздзеламі падрыхтаванага ў друк зборніка "Шляхі і краты". В. Таўлай пазначае: "Закончыўшы працу над кнігай, я адчуваю сябе так, як быццам пераступіўшы парог з мінуўшчыны ў сучаснасць. Якія ж творчыя перспектывы адчыняюцца перада мной за гэтым парогам?"
На экспазіцыі можна пабачыць шэраг фотаздымкаў, якія былі дасланы ў музей з розных архіваў і музеяў, бібліятэк. Між іншым, некаторыя прадстаўлены ўпершыню. Шэраг фотаздымкаў акунае наведвальніка ў жыццё паэта - ад нараджэння да апошніх яго дзён. Усё жыццё Валянціна Таўлая - гэта барацьба за сацыяльную справядлівасць, за нацыянальную самасвядомасць. Сваё жыццё ён прайшоў нібыта па лязе нажа. А ўсё дзеля таго, каб народ выйшаў з прыгнёту, каб жыхар Беларусі называўся беларусам, каб свае каштоўнасці, свая нацыя, свая мова не зніклі і засталіся для далейшага пакалення якія былі закладзены яшчэ прадзедамі. На экспазіцыі прыхільнік творчасці Валянціна Таўлая зможа пабачыць мемарыяльныя прадметы - сцізорык, які падчас вайны (1943-1944 гг.) перададзены быў паэтам камісару партызанскага атрада імя Катоўскага брыгады імя Дзяржынскага Мікалаю Грабёнкіну, сталёвую лінейку, якой карысталася жонка паэта Лідзія Казлоўская, фотаздымак, які перадала для захоўвання Клышко Ірына Мікалаеўна - хрышчоная дачка роднай сястры паэта Ніны Паўлаўны Таўлай. І што важна - першая кніга паэта "Выбранае", якая выйшла ў свет ужо пасля смерці яе аўтара, напрыканцы 1947 года.
Алесь Хітрун.