Папярэдняя старонка: 2025

Наша слова.pdf № 35 (191) 


Дадана: 04-09-2025,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 35 (191), 27 жніўня 2025.

"Цёплыя вечары, ды халодныя ранкі"

Зямлі маёй песні - жывыя старонкі!

Крыніцаў жывых голас чысты і звонкі.

Зямлі маёй песні, зямлі маёй памяць,

Як добра спяваць у абдымку з сябрамі!

З гэтых радкоў і харэаграфічнай кампазіцыі "Зямлі маёй песні" з вяночкамі і ручнікамі ў выкананні ўзорнага ансамбля танца "Забавушка" Дзяржаўнай установы адукацыі "Лідская дзіцячая школа мастацтваў" распачаўся 24 жніўня ў ам. Мажэйкава 5-ты рэгіянальны фестываль-конкурс песеннага фальклору "Цёплыя вечары, ды халодныя ранкі" памяці Земавіта Фядэцкага.

А сам Земавіт Фядэцкі (М. Жукаў) нагадаў як усё пачыналася:

- Як ні кінь, спеў і мова не жывуць на Беларусі паасобку. Яны заўсёды разам.

У цяжкія часіны вайны я жыў некалькі гадоў у Феліксаве, у сям'і майго сябра Уладзіміра Мальца. Я працаваў з ім у полі, дапамагаў будаваць новую хату, хадзіў на вячоркі, на вяселлі, на талокі, на хрысціны і на хаўтуры, дужаўся з хлопцамі на ігрышчах, танцаваў з паненкамі на вечарынках - а потым запісваў у сшытак феліксаўскія песні.

Зразумела, я не ведаў, ці будзе з гэтага калісьці нейкі спажытак і ці здолею ў будучыні выдрукаваць свой зборнік. Аднак, мне хацелася дасягнуць нечага іншага ад звычайных этнаграфічных запісак. Я надта добра ведаю, што я - звычайны аматар, але беларуская песня мне вельмі дарагая і блізкая. I калі мне ўдасца ўратаваць ад забыцця хоць жменьку таго скарбу, гэта будзе для мяне вялікай ўзнагародай.

Я склаў феліксаўскія песні найлепш, як толькі ўмеў, і цяпер аддаю іх у рукі вам, чытачам! Я хачу верыць, што чорнае трупяхлё здзеку перастане ўрэшце нішчыць жывое цела беларускай мовы і што новае пакаленне зачне больш, чым раней, цікавіцца песнямі сваёй бацькаўшчыны. Я палюбіў Беларусь з маленства, гэтую цудоўную старонку, сумную і вясёлую, што ззяе, грае і пяе!

Земавіт Фядэцкі хаваў рукапіс запісаных ім песень амаль 50 гадоў! Як быццам не было нічога больш каштоўнага, што варта было б хаваць ці вазіць з сабой: і праз вайну, і праз пасляваенную разруху. За ўсім гэтым бачна яго вялікая любоў да малой радзімы, да нашай спадчыны!

I радзіма адказала яму такой жа шчырай любоўю. У 2017 годзе на Лідчыне па ініцыятыве дзяржаўнай установы "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці", перш за ўсё ў асобе Ганны Некраш , і рэдактара часопіса "Лідскі летапісец" Станіслава Судніка, быў заснаваны рэгіянальны фестываль песеннага фальклору памяці Земавіта Фядэцкага.

І вось сёлета ў конкурсе прынялі ўдзел 17 калектываў/выканаўцаў з дзевяці раёнаў Гарадзенскай вобласці:

1. УЗОРНЫ ФАЛЬКЛОРНЫ ГУРТ "ЧОБАТЫ" (ДУК "Ваўкавыскі раённы цэнтр культуры"):

1) "Аў лузе, лузе на перавозе";

2) "Штось у лесе гукае";

2. ДАР'Я МЫТНІК, салістка дзіцячага фальклорнага калектыву "Перапёлачка" (ДУК "Іўеўскі цэнтр культуры і вольнага часу"):

1) "Усёй туман";

3. ВОЛЬГА АЎДЗЕВІЧ I ВЕРАНІКА МАРМЫШ (ДУК "Іўеўскі цэнтр культуры і вольнага часу"):

1) "Хадзіла, гуляла";

4. ФАЛЬКЛОРНЫ ГУРТ "ЯВАР" (філіял "Мажэйкаўскі клуб-бібліятэка", Лідскі раён);

1) "Цячэ рэчанька";

5. Народны фальклорны калектыў "Кужэліца" (філіял "Сінькоўскі дом культуры", Смаргонскі раён);

1) "Ой, валы мае";

6. НАРОДНЫ ФАЛЬКЛОРНЫ ГУРТ "ЖЫВІЦА" (філіял "Квасоўскі цэнтр культуры і развіцця народнай творчасці", Гарадзенскі раён):

1) "Кукавала зязюля";

2) "Ёсць у міне чорны бровы ";

7. КЛУБ АМАТАРАЎ ФАЛЬКЛОРУ "БЕРАСТАВІЦКАЯ СКАРБОНКА" (ДУК "Бераставіцкі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці"):

1) "Ехаў казачэнька";

2) "Ні сама я жыта сеяла...";

8. НАРОДНЫ ФАЛЬКЛОРНЫ ГУРТ "КРЫНІЧКА" (ДУК "Свіслацкі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці":

1) "Сёння Ян";

2) "Жыта жала";

9. НАРОДНЫ ФАЛЬКЛОРНЫ КАЛЕКТЫЎ в. Ахонава НАВАЯЛЬНЯНСКАГА ДОМА КУЛЬТУРЫ (Дзятлаўскі раён):

1) "Пава";

2) "Камень";

10. НАРОДНЫ ФАЛЬКЛОРНЫ КАЛЕКТЫЎ в. Погіры ГЕЗГАЛАЎСКАГА ДОМА КУЛЬТУРЫ (Дзятлаўскі раён):

1) "Ты ўзыдзі, узыдзі, сонца краснае";

2) "На дварэ дожджык...";

11. ВАКАЛЬНЫ ГУРТ "КУЛЯШОЎСКІЯ СЯБРОЎКІ" аматарскага аб'яднання "Субяседніца" (філіял "Першамайскі дом культуры, Шчучынскі раён);

1) "У нашай хаце свадзьба будзе ";

2) "А ў верасні месяцы...";

12. НАРОДНЫ ФАЛЬКЛОРНЫ ГУРТ "ТАЛЕР" (аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры, г. Ліда):

1) "Зь зялёнага гаю";

2) "Біла жонка мужыка ";

13) СТАНІСЛАВА БАБРОЎСКАЯ I ГАЛІНА СІДАРЭВІЧ (філіял "Мінойтаўскі культурна-досугавы цэнтр, Лідскі раён);

1) "Шумяць вербы ";

14) ЮДЗІН ЯГОР (філіял "Крупаўскі дом культуры", Лідскі раён):

1) "Ой там за ракою... ";

15) " НАРОДНЫ ФАЛЬКЛОРНЫ КАЛЕКТЫЎ "УЛЬЯНІЦА" (філіял "Ганчарскі дом культуры", Лідскі раён):

1) "Закукавала сіва зязюля ў гаю";

16) НАТАЛЛЯ ШЧАЛКАНОГАВА I МАРЫЯ РУДЭНКА (аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры, г. Ліда):

1) Ой, у полі на гарбочку";

17) МІКАЛАЙ САКАЛОЎСКІ (філіял "Першамайскі дом культуры", Лідскі раён):

1) "Ой, зара, зара".

Ацэньвала каркунсантаў журы ў складзе:

Суднік Станіслаў Вацлававіч - пісьменнік, паэт, перакладчык, журналіст, краязнавец - старшыня журы;

Вайцюкевіч Наталля Міхайлаўна - галоўны спецыяліст аддзела культуры Лідскага райвыканкама;

Троцкая Вольга Раманаўна - дырэктар Дзяржаўнай установы "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці";

Бялькевіч Ала Антоніеўна - вядучы метадыст па народных традыцыях, абрадах, фальклоры і этнаграфіі Гарадзенскага абласнога ўпраўлення культуры;

Ярунічава Алеся Юр'еўна - мастацкі кіраўнік Дзяржаўнай установы "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці";

Гайко Аляксей Лявонцьевіч - старшыня Мажэйкаўскага сельскага выканаўчага камітэта.

Па выніках выступленняў дыпломам за 1-е месца ўганараваны:

Узорны фальклорны гурт "ЧОБАТЫ" (ДУК "Ваўкавыскі раённы цэнтр культуры").

Дыпломамі за 2-е месца ўганараваны:

Народны фальклорны гурт "ЖЫВІЦА" (філіял "Квасоўскі цэнтр культуры і развіцця народнай творчасці", Гарадзенскі раён);

Народны фальклорны гурт "ТАЛЕР" (аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры, г. Ліда).

Дыпломамі за 3-е месца ўганараваны:

Народны фальклорны калектыў в. Погіры Гезгалаўскага дома культуры (Дзятлаўскі раён);

Фальклорны гурт "ЯВАР" (філіял "Мажэйкаўскі клуб-бібліятэка", Лідскі раён);

МІКАЛАЙ САКАЛОЎСКІ (філіял "Першамайскі дом культуры", Лідскі раён).

Усе астатнія гурты і выканаўцы атрымалі дыпломы за ўдзел у фестывалі.

Старшыня журы Станіслаў Суднік уручыў два фальклорныя зборнікі, якія некалі былі запісаны ў населеных пунктах Лідскага павета, але цяпер гэта Шчучынскі раён, вакальнаму гурту "КУЛЯШОЎСКІЯ СЯБРОЎКІ" аматарскага аб'яднання "Субяседніца" (філіял "Першамайскі дом культуры, Шчучынскі раён) і выказаў спадзяванне, што на наступным фестывалі мы пачуем песні з гэтых зборнікаў.

Напрыканцы была выказана падзяка структурам, якія падтрымалі фестываль. Гэта:

Лідскі хлебазавод,

"Лідахлебапрадукт",

"Лідскае піва",

ПУП "Пружмень",

адміністрвцыя ЛРСУП "Мажэйкава",

супрацоўнікі Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.

Адгучалі звонкія галасы дзяцей, у якіх жыве надзея і вера ў лепшую будучыню, адгучалі і мудрыя песні прадстаўнікоў старэйшага пакалення, у якіх захоўваецца памяць пра мінулае і павага да традыцый.

А каб гэтыя традыцыі ніколі не перапыняліся завяршыла фестываль песня "Сто гадоў" у выкананні Народнага ансамбля бытавых інструментаў "Каханачка" Мажэйкаўскага клуба-бібліятэкі.

Яраслаў Грынкевіч.

Да Дня беларускага пісьменства

"Паэтычнае суквецце Лідчыны", ці "Майстры слова пра сябе і сваю паэзію"

Засталіся лічаныя дні, калі гасцінная лідская зямля стане сталіцай XXXII Дня беларускага пісьменства. Майстры мастацкага слова літаратурнага аб'яднання "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідская газета" таксама рыхтуюцца да рэспубліканскага свята.

Маё сяброўства з пісьменнікамі Лідчыны пачалося больш дваццаці гадоў назад. За гэты час я ўласна ўпэўнілася, што кожны з іх унёс значны асабісты ўклад у літаратурнае жыццё нашага рэгіёна. А яшчэ многія вуліцы горада сёння носяць імёны пісьменнікаў. Імя класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы ў 1946 годзе прысвоена раённай бібліятэцы. У скверы, насупраць Музычнага каледжа, у 1993 годзе ўстаноўлены помнік беларускаму першадрукару Францішку Скарыну. У 2010 годзе адкрыў свае дзверы літаратурны аддзел Лідскага гісторыка-мастацкага музея, які больш вядомы ўсім як Домік Валянціна Таўлая. Яшчэ да Вялікай Айчыннай вайны беларускі пісьменнік Валянцін Таўлай працаваў у рэдакцыі раённай газеты "Уперад". Больш за паўстагоддзя пры рэдакцыі "Лідскай газеты" працуе літаратурнае аб'яднанне "Суквецце".

І таму, я ўпэўнена, Ліда не выпадкова атрымала такі статус і стала сталіцай Свята беларускага пісьменства ў 2025 годзе.

Ужо напярэдадні гэтай значнай падзеі ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы прайшла прэзентацыя кнігі "Паэтычнае суквецце Лідчыны", аўтарам-складальнікам якой мне пашчасціла стаць.

Зборнік вершаў - гэта знак пашаны і павагі да нашых літаратараў, да нашых таленавітых землякоў. Пад адну вокладку кнігі трапілі звыш двухсот паэтычных твораў трыццаці сямі аўтараў. Гэта вершы на беларускай і рускай мовах. Кожны аўтар, нягледзячы на тое, што творы аб'яднаны агульнай тэмай, усё ж па-свойму выказвае ўласнае стаўленне да паэта і паэзіі. У выніку кожны чытач заўважыць, што феномен "паэта" і "паэзіі" ў лідскіх творцаў шматгранны: паэт, па меркаваннях лідскіх літаратараў, - "творца", "чалавек, аблашчаны анёлам", "будаўнік моўнага палаца", "чараўнік песень і казак", "цар усіх душ", "наіўны, добры дзівак", "спявак кахання", "прадвеснік і празарлівец", "трубадур і летапісец кахання", "прыхільнік муз", "голас нябёсаў", "доктар", "і жнец, і акцёр, і валацуга безнадзейны, і ўсемагутны кароль"… А паэзія - гэта "космас", "мястэчка раю", "карабель надзеі", "жывая крыніца", "бясцэнны дар", "энергіі паток", "пяшчотны гук", "лёгкае дакрананне ветрыку", "сон нявіннага дзіцяці", "чароўная краіна"…

Усе вышэй названыя высновы былі атрыманы мною падчас правядзення сумесна з вучнямі сярэдняй школа №11 г. Ліды даследчай працы "Феномен паэта і паэзіі ў творчай парадыгме літаратараў Лідчыны". Калі ж нашы майстры мастацкага слова пазнаёміліся з даследаваннем і падборкай вершаў, узнікла цікавая ідэя: неабходна выдаць зборнік вершаў, прысвечаны тэме паэта і паэзіі. І мара здзейснілася: зборнік вершаў "Паэтычнае суквецце Лідчыны" выйшаў з друку.

На прэзентацыі прысутнічалі як пісьменнікі, аўтары вершаў, так і прыхільнікі паэзіі. Падчас мерапрыемства ішло абмяркаванне новай кнігі, у аўтарскім чытанні гучалі вершы, словы падзякі за працу над выданнем і, канешне, віншаванні з надыходзячым святам мастацкага слова.

Лідчына - край паэтаў і паэзіі. Ёй прысвячаюць вершы, песні, паэмы. Паэзія жыве ў кнігах, часопісах і, вядома, у душах людзей. Сучасныя майстры мастацкага слова - людзі апантаныя, творчыя, таленавітыя. Колькі паэтычных твораў напісана імі, каб абудзіць душы звычайных людзей, якім талентам яны валодаюць, каб кожны раз мастацкім словам уразіць і дарослых, і дзяцей. Тэматыка паэтычных твораў самая разнастайная: радзіма, мова, прырода, каханне, роздум аб жыцці, духоўныя і філасофскія разважанні... А яшчэ ў цэнтры ўвагі майстроў мастацкага слова, канешне, тэма паэта і паэзіі.

Мастацкае слова дапамагае кожнаму чалавеку: часам яно вяртае нас да жыцця, адкрывае вочы на штосьці незразумелае і таямнічае, дапамагае ўспрымаць прыроду, уявіць сябе патрэбным цэламу чалавецтву. Паэзія ж для паэта - гэта сэнс жыцця, гэта магчымасць падзяліцца думкамі з чытачамі, гэта паветра, якім ён жыве, гэта хлеб, натхненне, бальзам для душы.

Паважаныя майстры мастацкага слова, шчыра дзякую вам за цудоўныя паэтычныя творы, за ваш талент, за пазітыўны настрой, які вы дорыце нам, вашым чытачам! Сардэчна віншую вас з надыходзячым Святам беларускага пісьменства на Лідскай зямлі!

Наталля Анашкевіч, настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 11 г. Ліды.

Да Дня беларускага пісьменства

Лідская пісьменніца Каміла Юрэвіч з Нарбутаў

Біяграфія дачкі Юстына Нарбута - Камілы Юрэвіч з Нарбутаў у нас яшчэ не даследавалася, але ў суседзяў ўжо выйшла кніга пра яе 1. У кнізе змяшчаецца біяграфія і аналіз літаратурнай спадчыны гэтай творчай жанчыны, якая жыла і працавала ў маёнтку Юршышкі на гістарычнай Лідчыне. Закранаецца важная тэма аб месцы Камілы ў тагачаснай літаратуры, расказваецца пра інтэлектуальнае і паўсядзённае жыццё аўтаркі, яе стаўленне да літаратуры і гісторыі. Дачка Юстына Нарбута дэбютавала ў друку ў 1829 г., яе апошні твор быў апублікаваны ў 1874 г., апошні рукапісны твор датуецца 1879 г. Літаратурная спадчына Камілы складаецца з трох аповесцей, шэрагу апавяданняў, апісанняў падарожжаў, вялікай колькасці вершаў і перакладаў з французскай мовы. Усе яе галоўныя творы былі надрукаваны ў вядомых друкарнях Вільні таго часу 2.

Вядома, што Каміла супрацоўнічала з "Дзённікам Віленскім". У 1835 г. выдала аповесць "Мечыслаў і Стэфанія" 3 і "Маральныя лісты" ("Pisma moralne"). Пасля смерці бацькі, стала ўладальніцай маёнтка Юршышкі і выйшла замуж за жамойцкага шляхціца Ігната Юрэвіча (1820-1872) 4. Пад гэтым прозвішчам выдала, як найменей, яшчэ тры кнігі.

У 1852 г. выйшлі "Калядкі Камілы Нарбут …" 5. У сярэдзіне XIX ст. такія кнігі - калядныя падарункі, былі даволі распаўсюджанай літаратурнай з'явай у Еўропе, але не ў тагачаснай Літве. Для Камілы кніга магла быць своеасаблівым развітаннем з яе дзявоцтвам - праз год аўтарка выйшла замуж.

Адну з частак кнігі "Ліст да Аляксандры М…", у якой Каміла даказвае, што жанчыны маюць аднолькавыя правы з мужчынамі, я пачаў перакладаць, але хутка скончыў гэтую працу, бо палічыў для сябе бессэнсоўным перакладаць доказы таго, што для ўсіх з'яўляецца відочным. Аднак менавіта гэты тэкст сёння ў Летуве лічыцца феміністычным маніфестам, выклікае вялікую цікавасць і перавыдадзены на польскай і летувіскай мовах 6.

У 1855 г. надрукавана кніга "Тры разы па аднаму" 7, прысвечаная памяці памерлай маці пісьменніцы Петранелі Сабаньскай. Каміла пачынае твор наступнымі радкамі: "Гэтая кніга напісаная дзеля ўласнай забавы ля ложка хворай маці. Чатыры гады ляжала яна ў маёй тэчцы і ніколі не была б надрукавана, каб мне не нагадалі, што каму-небудзь можа прыдацца любы твор, напісаны ў хрысціянскім духу. Прашу прабачэння ў сваіх чытачоў за водступы і зноскі, у якіх я выказваю свае меркаванні. Гэтае шматслоўе характэрнае для майго полу і асабістага характару.

Калі хтосьці абвінаваціць мяне ў тым, што мой тэкст не мае каларыту XVIII стагоддзя, адразу адказваю, што выводзячы на сцэну арыстакратаў з замежным выхаваннем я не мела патрэбы хаваць іх грубаватую бесцырымоннасць, уласцівую ў той час гэтаму класу" 8.

У 1862 г. былі надрукаваны яе "Літоўскія замалёўкі" 9.

У 1873 г. Каміла Юрэвіч з Нарбутаў надрукавала нарыс пра Араны, Мерач і Друскенікі, у якім акрамя апісанняў Аранаў, Мерачы і Друскенкаў, яна адносна падрабязна падала гісторыю лякарні водамі ў Друскеніках. Каміла пісала, што тутэйшая вада па сваіх лекавых якасцях стаіць у адным шэрагу з лепшымі водамі Еўропы 10. Трэба дадаць, што яшчэ ў 1840-х гг. лякарняй у Друскеніках апекаваўся сваяк Камілы, гісторык Тэадор Нарбут, і ў яе аповесці "Вандроўка ў Беларусь" маюцца думкі пра мясцовыя лекавыя воды.

У 1841 г. разам з бацькамі ў Друскеніках лекавалася і адпачывала вядомая пісьменніца Габрыэля Пузыня з Гюнтараў, яна дастаткова падрабязна апісала гэты курорт і сярод іншага паведаміла: "На ранку водны курорт ажываў, грала музыка, мы ўвесь час сустракалі і знаёміліся з новымі людзьмі, бо ўсе прагульваліся па адных і тых жа сцежках. Былі тут і вядомыя асобы - гісторык старажытнай Літвы, стары Нарбут 11 , Фларыян Бохвіц 12 з жонкай і дзецьмі, якім ён прысвяціў свае "Думкі", і нарэшце, Тамаш Зан 13 , які праз васямнаццаць гадоў вярнуўся з Сібіры, але быў усё такі ж лагодны, спакойны і пабожны, быццам з ім нічога не здарылася" 14 .

З невялікай аповесці Камілы Юрэвіч з Нарбутаў "Вандроўка ў Беларусь" са зборніка "Калядкі Камілы Нарбут …" маем інфармацыю пра Юстына Нарбута і яе далёкіх сваякоў у Магілёўскай губерні (усе гэтыя асобы выступаюць пад крыптонімамі), апісанне беларускіх гарадоў і маёнткаў, пачынаючы з Ашмянаў, Менска і далей. З тэксту бачна, што Каміла мела хуткі розум, жвавае пяро, добрую назіральнасць, але дрэнны зрок. Яе творы не належаць да вышынь літаратуры - яны з ліку тых твораў, якія складаюць моцную сярэдзіну, добра чытаюцца і абмяркоўваюцца адукаваным класам свайго часу. Для нас Каміла Нарбут, акрамя яе месца ў літаратуры, цікавая яшчэ і тым, што яна - наша зямлячка і яе кнігі - гэта літаратура гістарычнай Лідчыны. Таксама важна, што Каміла належала да Нарбутаў - роду, які граў важную ролю ў нашай гісторыі.

Першай публікацыяй Камілы Юрэвіч з Нарбутаў у перакладзе на беларускую мову стала яе апавяданне "Пустэльнік з Ражанкі" 15, якое ў XIX ст. было апублікавана ў зборніку "Калядкі Камілы Нарбут …". Аповесць "Вандроўка ў Беларусь" і вершы з кнігі "Калядкі Камілы Нарбут …" надрукаваны ў першым томе альманаха "Ад лідскіх муроў" № 11.

Леанід Лаўрэш.

1 Гл: Griskaite Reda. Moteris ir istorija: Kamiles Narbutaites patirtys. Lietuvos istorijos institutas. 2024.

2 Griskaite Reda. Kamiles laiskas Aleksandrai, arba Ne tik laiskas // Literatura. 2024, vol. 66(1). P. 142-143.

3 Аповесць "Мечыслаў і Стэфанія" згадвае ў сваіх успамінах Табенская - Гл: Табенская Альжбета. З долі і няволі. Успаміны выгнанкі // Лідскі Летапісец. 2020. № 2 (90). С. 80.

4 Griskaite Reda. Kamiles laiskas Aleksandrai, arba Ne tik laiskas. P. 143-144.

5 Jurewiczowa Kamilla. Koleda Kamilli Narbut dla kuzynek i przyjaciolek na rok 1852. Wilno, 1852.

6 Griskaite Reda. Kamiles laiskas Aleksandrai, arba Ne tik laiskas. P. 142-157.

7 Trzy razy jeden. Obrazek z XVIII wieku Kamille z Narbuttow Jurewicz. Wilno. 1855.

8 Там жа. S. 7-8.

9 Jurewiczowa Kamilla z Narbuttow. Restytucya. Obrazek litewski. Wilno, 1862.

10 Kronika Rodzinna: pismo dwutygodniowe. № 17, 1 wrzesnia 1873. S. 260-261.

11 Тэадор Нарбут (1784-1864), гісторык. У 1840-1850 гг. быў ініцыятарам і ўдзельнікам стварэння і будаўніцтва аздараўленчых устаноў у Друскеніках, таксама яго заслугай з'яўляецца ўзнікненні лекарскага асяродка ў гэтым мястэчку. Гл: Лаўрэш Леанід. Тэадор Нарбут: Навуковая і літаратурная дзейнасць, сям'я і сядзіба, яго час. Издательские решения, 2025. С. 76. - Л. Л.

12 Фларыян Бохвіц, пісьменнік, пісаў на філасофска-маральныя тэмы, аўтар шэрагу кніг.

13 Тамаш Зан (1796-1851) - паэт, геолаг, грамадскі дзеяч. Удзельнік і адзін з заснавальнікаў таварыства філаматаў, кіраўнік таварыства "прамяністых". Па справе філаматаў адбываў ссылку ў Арэнбургу (1824-1835), дзе стварыў музей. У 1837-1841 гг. служыў бібліятэкарам у Горным інстытуце ў Санкт­Пецярбургу. У 1841 г. атрымаў дазвол вярнуцца на радзіму. - Л. Л.

14 Gabrjela z Guntherоw Puzynina. W Wilnie i w dworach litewskich: pamiеtnik z lat 1815-1843. Wilno, 1928. S. 303.

15 Лаўрэш Леанід. Мястэчка Ражанка і касцёл у ім // Лідскі Летапісец. 2023. № 3(103). С. 54-55.

Ліда рыхтуецца да Дня беларускага пісьменства

6-7 верасня Ліда стане культурнай сталіцай краіны - менавіта тут пройдзе XXXII Дзень беларускага пісьменства. Горад ужо напаўняецца святочным настроем, а падрыхтоўка ідзе па ўсіх напрамках.

На бульвары Гедыміна ўжо радуе лідзян і гасцей конкурс "Арт-лаўка" - 25 эксклюзіўных лавак ад прадпрыемстваў і арганізацый раёна.

На пляцоўцы перад Лідскім музеем з'явіўся інтэрактыўны арт-аб'ект. Гэта лаўка-мазаіка, на якой вы можаце не толькі пасядзець, але і сабраць адну з трох карцін з фондаў музея ці стварыць свой уласны калаж! Кожную дэталь можна круціць, змяняючы афармленне лаўкі па прынцыпе калейдаскопа ці пазла.

Такая ж лаўка ўстаноўлена ў замку.

ТК "Культура Лідчыны".

Ліда сустракае Дзень беларускага пісьменства з канвертам, годным гісторыі

Да свята, якое аб'ядноўвае ўсіх, хто шануе роднае слова, культуру і спадчыну, выпушчаны канверт з арыгінальнай маркай. На ім - знакі горада і пісьменства: помнік Францішку Скарыну і Лідскі замак.

Адмысловае гашэнне адбудзецца 6 верасня ў Лідзе - падзея для калекцыянераў, знатакоў і ўсіх, хто жадае захаваць часцінку свята ў памяці.

Намінал маркі "А" адпавядае тарыфу на перасылку простага ліста масай да 20 г улучна ў межах Рэспублікі Беларусь.

ТК "Культура Лідчыны".

Нацыянальны банк выпусціць у аварот памятныя манеты "Былінка і верабей" серыі "Беларускія народныя казкі"

Плануецца выпусціць срэбную манету наміналам 20 рублёў, масай 33,63 г., пробай сплаву 925, дыяметрам 50 мм, тыражом 2 тыс. штук, а таксама медна-нікелевую наміналам 1 рубель, массой 49 г., дыяметрам 50 мм, тыражом 5 тыс. штук.

Цікавым момантам з'яўляецца тое, што казку "Былінка і верабей" запісаў Уладзіслаў Вярыга перад 1884 годам на тэрыторыі Лідскага павета, апублікаваў у 1887 годзе. Магчыма, менавіта адсюль казка пайшла па свеце.

Наш кар.

Горад прыгажэе

На фасадзе інтэрната Лідскага малочна-кансервавага камбіната з'явіўся яшчэ адзін яркі мурал - сапраўдны падарунак гораду ад "малочкі". Ён стаў часткай серыі арт-аб'ектаў, якія ўпрыгожваюць Ліду перад вялікай культурнай падзеяй.

Недалёка ад бібліятэкі з'явілася інсталяцыя на кніжную тэму.

Лаўку ЖКГ на бульвары Гедыміна дапоўнілі беларускамоўным элементам.

ТК "Культура Лідчыны".

Навіны Германіі

75 гадоў Федэральнаму агенцтву тэхнічнай дапамогі

Федэральнае агенцтва па тэхнічнай дапамозе (THW) адзначыла свой 75-гадовы юбілей. З 1950 года арганізацыя займаецца абаронай цывільнага насельніцтва і прадухіленнем стыхійных бедстваў - як на нацыянальным, так і на міжнародным узроўні

Technische Hilfswerk (Федэральнае агенцтва тэхнічнай дапамогі, THW) працуе ў Германіі і за мяжой роўна 75 гадоў.

Гэта федэральная арганізацыя грамадзянскай абароны і ліквідацыі наступстваў стыхійных бедстваў аказвае дапамога ў выпадку катастроф і аварый па ўсім свеце. Спектр задач THW надзвычай шырокі: напрыклад, арганізацыя адказвае за выратаванне людзей і жывёл, забеспячэнне бяспекі будынкаў і інфраструктуры, забеспячэнне вадой у надзвычайных сітуацыях і матэрыяльна-тэхнічную падтрымку іншых гуманітарных арганізацый.

- За 75 гадоў THW ператварылася ў магутную арганізацыю па надзвычайных сітуацыях з велізарнымі тэхнічнымі і лагістычнымі магчымасцямі. Сёння ў THW задзейнічана каля 88 000 валанцёраў і каля 2 200 штатных супрацоўнікаў, якія ўтвараюць сям'ю THW, - кажа прэзідэнт THW Сабіна Лакнер. Валанцёры таксама ўдзельнічаюць у аднаўленчых працах пасля стыхійных бедстваў і грамадзянскіх войн. Для аказання экстранай дапамогі існуе некалькі адмысловых падраздзяленняў: група хуткага рэагавання па выратаванні за мяжой (SEEBA) займаецца пошукам і выратаваннем людзей пасля землятрусаў.

Сетка THW у Германіі складаецца з мясцовых аддзяленняў, якія, у сваю чаргу, падзяляюцца на рэгіянальныя офісы і зямельныя аддзяленні. Арганізацыя цесна супрацоўнічае з дзяржаўнымі органамі, пажарнымі службамі і іншымі гуманітарнымі арганізацыямі.

Бон (d.de). На фота: Місія THW у Словении© THW.

Урад Германіі хоча ўкласціся ў гульнявую індустрыю

Кампутарныя гульні прыцягваюць мільёны людзей. Падчас свайго візіту на выставу Gamescom міністр даследаванняў Даратэя Бэр паабяцала ўзмацніць падтрымку нямецкіх распрацоўнікаў гульняў

Нямецкая гульнявая індустрыя можа разлічваць на больш грунтоўную падтрымку з боку дзяржавы. Падчас наведвання кёльнскай выставы Gamescom міністр даследаванняў Даратэя Бэр падкрэсліла, што вядзецца "інтэнсіўная" праца над падатковымі стымуламі. У рамках такой сістэмы вытворцы гульняў змогуць пакрываць вызначаныя выдаткі і плаціць менш падаткаў, што павінна стымуяваць інвестыцыі ў гэту галіну. Галоўнымі бенефіцыярамі павінны стаць выдаўцы кампутарных гульняў, якія таксама плацяць падатак на прыбытак у Германіі.

Акрамя таго, каб павялічыць долю Германіі на сусветным рынку відэагульняў, федэральны ўрад узмоцніць сваю непасрэдную падтрымку. Апроч будучых падатковых палёгак сёлета плануецца выдзеліць 88 млн еўра прамых субсідый, а ў наступным - 125 млн еўра.

Галіна адрэагавала ўздыхапм палёгкі. Хендрык Лесер з мюнхенскай кампаніі Remote Control Productions бачыць у павелічэнні фінансавання прыкмету таго, што ў гэтым легіслатурным перыядзе да гэтага пытання ставяцца больш сур'ёзна, чым калі-небудзь раней.

Кёльн (dpa). На фота: Даратэя Бэр і прэм'ер-міністр зямлі Паўночны Рэйн-Вестфалія Хендрык Вюст на выставе Gamescom© pa/dpa.

Паэт з жаўруковым прозвішчам

У 1938 годзе паэт напісаў цудоўны верш "Сланечнік":

Мінаюць дні шыхтом бясконцым.

Заўжды пад небам маладым

Табе - маім быць ясным сонцам,

А мне - сланечнікам тваім.

Куды ні пойдзеш, дзе ні звернеш,

У спёку ці пасля дажджу,

Як той сланечнік, сонцу верны,

Я моўчкі ўслед табе гляджу.

Алесь Жаўрук.

Аўтарам гэтых радкоў з'яўляецца паэт Алесь Жаўрук (1910-1942), якому 19 жніўня споўнілася 115 гадоў з дня нараджэння.

Нарадзіўся Алесь Жаўрук у горадзе Сянно Віцебскай вобласці ў сям'і службоўца. У хуткім часе сям'я пераехала ў Рагачоў Гомельскай вобласці, дзе прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады будучага паэта. Ужо з дзяцінства Алесь пачаў цікавіцца літаратурай. Падчас вучобы ў школе ён выступаў з чытаннямі на творчых вечарах, пісаў вершы для вучнёўскай насценгазеты, выдаваў рукапісны часопіс з вершамі, кароткімі апавяданнямі, замалёўкамі з жыцця класа і горада. Разам з сябрам, будучым вядомым беларускім паэтам Аляксеям Зарыцкім, выпускаў гумарыстычную газету "Смех і слёзы". Упершыню творы Алеся Жаўрука былі надрукаваны ў 1926 годзе ў бабруйскай акруговай газеце "Камуніст", потым з'явіліся ў яе літаратурным дадатку "Вясна" і абласной газеце "Магілёўскі селянін".

У 1927 годзе юнак паступіў у Рагачоўскі педагагічны тэхнікум, пасля заканчэння якога настаўнічаў у саўгасе "Сосны" Любанскага раёна. У 1934-1938 гадах ён вучыўся на літаратурным факультэце Маскоўскага інстытута гісторыі, філасофіі і літаратуры імя Чарнышэўскага. У гэты перыяд плённа працаваў, стаў сябрам Саюза пісьменнікаў БССР (1937). Асноўныя тэмы яго паэзіі былі - дружба, любоў, родны край, адданасць Радзіме. З друку выйшлі зборнікі вершаў "Ручаіны" (1936) і "Дняпро выходзіць з берагоў" (1938). Найбольш значны твор Алеся Жаўрука - паэма "Крывёю сэрца" (1937), прысвечаная грамадзянскай вайне ў Іспаніі. Разам з Андрэем Ушаковым напісаў паэмы для дзяцей "Пра майго таварыша" і "Пра слаўных папанінцаў нашага дзетсада" (1939), лібрэта першай беларускай аперэты "Зарэчны барок" (пастаўлена ў 1940 г.).

Пасля заканчэння інстытута Алесь Жаўрук паступіў у аспірантуру пры Акадэміі навук БССР, аднак у хуткім часе быў прызваны ў Чырвоную Армію. Служыў ваенным карэспандэнтам армейскай газеты "В бой за Родину". З пачаткам вайны паэт апынуўся на фронце. Працаваў у рэдакцыі газеты 62-й арміі "На защиту Родины", удзельнічаў у абароне Сталінграда. У перапынках паміж баямі пісаў вершы, асноўнымі тэмамі якіх былі барацьба з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, помста ворагам, любоў да роднай зямлі і вера ў перамогу. У жніўні 1942 года ў час бамбёжкі Сталінграда Алесь Жаўрук быў цяжка паранены і праз некаторы час загінуў пры эвакуацыі шпіталя.

У пасляваенныя гады былі надрукаваны зборнікі паэта "Пра майго катка" (вершы для дзяцей, напісаныя сумесна з Андрэем Ушаковым, 1950), "Выбранае" (1960), "Крывёю сэрца" (1987). У 1964 годзе Менскай тэлестудыяй быў зняты фільм пра Алеся Жаўрука. Яго імем названы вуліцы ў Сянно і Рагачове.

Паводле СМІ.

Кароткая гісторыя Лідскага замка

Леанід Лаўрэш

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Легенда пра прывід Лідскага замка

Газета "Гродзенская праўда" ад 25 красавіка 2007 г. пісала: "Духі продкаў у Лідскім замку. Ігар Пешахонаў расказаў: "Паколькі ў выдавецтве "Беларусь" запланаваны мой чарговы альбом "Краявіды Лідчыны", дык у апошні час я часта здымаю ў замку. Падчас усяго гэтага працэсу нічога звышнатуральнага не бачыў, але... Калі стаў праглядаць кадры на дысплеі, аж прысвіснуў ад нечаканасці! І нават моцным слоўцам услых выказаўся! На экране была бачна пляма, у абрысах якой відавочна адгадваўся старажытным воін у плашчы, які трапеча.

На мае эмоцыі адгукнуўся Мікалай Шаўчэнка: у гэты дзень у двары цвердзі "секліся" хлопцы з рыцарскага клуба, Мікалай адрэагаваў на прагледжаныя кадры, а іх было тры, гэтак жа, як і я. А потым прызнаўся, што і сам быў відавочцам таго, як імкліва прабег уздоўж усёй галерэі цень воіназдані. І легенду распавёў аб пакінутых князем вартавых...

Але гэта яшчэ не ўсё. Прыйшоўшы ў студыю я пачаў перакідваць зняты матэрыял на кампутар. Хацелася хутчэй у павялічаным выглядзе разглядзець загадкавыя контуры ваяра. Гэта неверагодна, але тыя самыя файлы былі ... сцёртыя, карта памяці - пустая! Я добра ведаю сваю тэхніку: яна не магла падвесці. Нічога падобнага, ніякіх тэхнічных праколаў дагэтуль у мяне не здаралася. Вось і думай, што хочаш.

Убачанае ў цвердзі на дысплеі фотаапарата мяне настолькі ўразіла, - кажа Ігар Пешахонаў, - што я як фатограф вырашыў усё ж рэканструяваць той кадр. Гэта ні ў якім разе не падробка, а аднаўленне ідэнтычнай карцінкі ...".

Легенды пра сакральныя аб'ект у замку і вакол яго

Ва ўсё тым жа дадатку да свайго 5-га тома Тэадор Нарбут пісаў: "Капліца ў замку існавала ад пачатку яго будаўніцтва". І гэта ўсё, што мы ведаем пра існаванне капліцы ў паўночна-заходняй вежы (вежы Гедыміна). Трэба разумець, што Нарбут, як аўтар, не карыстаецца вялікім даверам у гісторыкаў, бо ён быў вялікім майстрам фальсіфікацый на карысць балцкага элементу гістарычнай Літвы

Тым не менш, прааналізуем самы пачатак артыкула Тэадора Нарбута пра Ліду з таго самага дадатку да яго 5-га тома, дзе сярод іншага, згадваецца і капліца, Нарбут пісаў: "Гэтая мясцовасць пасля заваёвы каля 1180 г. Дайнаўскага княства, у якім яна размяшчалася, ёсць абшар літоўскі (у сэнсе - балцкі, а не славянскі - Л.Л.), бо Ліда абазначае паляна, поле, ачышчанае ад лесу. Замак быў заснаваны ў 1323 г. вялікім князем Гедымінам; будавалі яго кіеўскія майстры і скарыстаны былі палонныя з Валыні. Хрысціянская рэлігія русінскага (у сэнсе - усходняга - Л. Л.) веравызнання была пастаўлена ў гэтым краі з вельмі даўніх часоў; капліца ў замку існавала ад пачатку яго заснавання".

Зараз цвёрда вядома, што першае гістарычнае паселішча на месцы нашага горада, якое ад пачатку знаходзілася каля будынка сучаснай галоўнай пошты, было славянскім. Гэта пацверджана археалагічна, і таму шукаць крыніцу назвы нашага горада ўсё ж лепш у беларускай мове. Замак быў заснаваны Гедымінам, ён з'яўляецца класічнай еўрапейскай "кастэллю", і яго будавалі еўрапейскія майстры, якіх наняў Гедымін, а так званага "валынска палону" на той час проста не было.

Нарбут піша пра капліцу, заўважу - безымянную капліцу, а не царкву. Як для мяне, адзіным аргументам на карысць існавання капліцы ў нашым замку з'яўляецца сам факт згадвання яе Нарбутам, бо каб не ён, дык ніхто б пра капліцу не ведаў і не пісаў бы. Таму цалкам магчыма, што кут пакоя на адным з паверхаў вежы быў выкарыстаны пад капліцу для воінаў-хрысціян, якія былі ў гарнізоне. Усё гэта добра разумеюць людзі, якія прафесійна займаюцца гісторыяй нашага горада.

Аднак амаль што з ніадкуль з'явілася легенда, пра тое што:

1. Адначасова з будаўніцтвам замка была пабудавана драўляная царква для будаўнікоў, і гэта пры тым, што будаўнікі - з вялікай верагоднасцю, былі яшчэ паганцамі, а кіраўнікі будоўлі - рыма-католікамі;

2. Потым гэтую царкву, як быццам, перанеслі ў вежу Гедыміна, а яшчэ потым яна была вынесена на падзамча, прыкладна туды, дзе зараз стаіць помнік Гедыміну.

Пасылам гэтай легенды з'яўляецца толькі адзін, цытаваны вышэй, радок Нарбута пра капліцу, і ў астатнім, яна не мае ніякага апірышча ні ў гістарычных крыніцах, ні ў археалогіі і з'яўляецца сапраўдным народным фальклорам.

Дадам, што прыкладна на месцы сучаснага помніка Гедыміну, нейкі час - з другой паловы XVII па сярэдзіну XVIII ст., стаяў драўляны фарны касцёл, папярэднік сучаснага мураванага. Пры гэтым спрадвечная тэрыторыя вакол сучаснага фарнага касцёла, дзе стаялі некалькі яго драўляных папярэднікаў, заставалася тэрыторыяй парафіі, на якой працягваліся пахаванні нябожчыкаў, косткі якіх і сёння, на жаль, выкопваюцца пры кожных земляных работах каля сучаснага фарнага касцёла.

Легенда пра паўночную браму замка і скразны шлях праз замак у паўночную браму

Гэта зусім новая народная легенда цікавая тым, што яна не абапіраецца наогул ні на якія крыніцы, не мае пацверджання ні ў археалогіі, ні ў тапаграфіі мясцовасці вакол нашага замка, ні ў канструкцыі самога замка.

Вельмі аўтарытэтны археолаг Алег Трусаў, які вялікую частку свайго жыцця аддаў вывучэнню Лідскага замка пісаў: "У ХV ст. замак меў тры ўваходы. У паўднёвай сцяне на адлегласці 22 метраў ад вежы - невялікі паўцыркульны праём на вышыні 4 метраў ад першапачатковага ўзроўню двара, які, відаць, лічыўся запасным (на выпадак выведкі або ўцёкаў), і трапіць туды можна было толькі з дапамогай доўгай прыстаўной альбо вераўчанай лесвіцы. Два ўваходы - ва ўсходняй сцяне: малы, зроблены на ўзроўні абрэза падмуркаў сцяны, і вялікі (відаць, крыху пазнейшы), размешчаны каля паўночна-ўсходняй вежы на вышыні 2,5 метра. Трапіць у замак праз вялікі ўваход можна было толькі дзякуючы пад'ёмнаму мосту. Пра яго наяўнасць сведчыць вялікая разгрузачная спічастая ніша, якую праразаў уваходны праём меншых памераў".

Аднак свежанароджаная легенда расказвае, што ад пачатку ў паўночнай сцяне меўся яшчэ адзін, невядомы навуцы ўваход у замак, і вандроўнік, які прайшоў праз гэтую браму, трапляў у міфічны мытны пост у замку, з якога выходзіў праз запасную вузкую паўдзённую браму, якая адмыслова была зроблены на вышыні не менш за 4 метры і выходзіла ў бок багны (каб ёй не скарыстаўся вораг). Уявіце сабе гэты сапраўдны "трылер": фурманкі з грузам, людзьмі і коньмі, праціскаюцца ў вузкі (нешта каля 1 метра) запасны выхад і падаюць з яго пад сцяну замка. Але прыгоды купцоў (а хто яшчэ мог вандраваць у той час) на гэтым толькі пачынаюцца. Алег Трусаў пісаў: "Для замка была выбрана невялікая пясчаная выспа ў балоцістай сутоцы дзвюх рэк - Лідзейкі і Каменкі. Выспу пераўтварылі ў штучную прамавугольную пляцоўку, і месцамі яе дасыпалі жвірам, камянямі, буйной рачной галькай да вышыні 5-6 метраў. З поўначы, на адлегласці 7 метраў ад яе праходзіў шырокі (каля 20 метраў) роў, які злучаў дзве ракі і аддзяляў умацаванне ад горада". Таму на поўдзень, купцы, якія выпалі з вышыні 4 м "раптоўна" бачаць дзве ракі, якія злучаюцца якраз каля замка, а за імі, на кіламетры ў бок поўдня, цягнуцца знакамітыя Лідскія балоты якія пераходзяць ў Дакудаўскія, каля - Дзітвянскія і г. д. І купцы-небаракі, павінны былі б уздоўж вонкавых сцен прабірацца да замкавага моста (ці мастоў).

Але ўсё было б яшчэ цікавей! Яшчэ пры спробе ўвайсці ў замак з поўначы, нашы купцы сутыкнуліся б з невырашальнай праблемай. Бо, з поўначы (з боку фарнага касцёла), археолагі знайшлі рэшткі вельмі шырокага рова (каля 20 метраў), але не знайшлі рэшткаў моста. І нашым купцам трэба было б неяк разам з нагружанымі фурманкамі і коньмі пераплываць праз роў, каб пасля гэтага ўперціся ў моцную і глухую замкавую сцяну, у якой ні звонку, ні знутры няма і не было ніколі ніякіх слядоў брамы! Каб зразумець, як павінна была б выглядаць гэтая міфічная брама, калі б яна тут была, на наша шчасце, цікаўным асобам дастаткова толькі агледзець аўтэнтычныя брамы замка з гатычнымі аркамі, якія, з большага, захаваліся да нашага часу.

І апошняе. Тыя, усім бачныя некалькі цаглін знутры паўночнай сцяны замка, якія чамусьці дзеля легенды пачалі выдаваць за тое, што засталося ад брамы, найверагодней, з'яўляюцца рэшткамі былой печы ў казарме гарнізона замка. Бо, як пісаў усё той жа аўтарытэтны археолаг Алег Трусаў: "Падчас раскопак двара [замка] высветлілася, што з трох бакоў (акрамя паўднёвага) да замкавых муроў туліліся драўляныя аднапавярховыя будынкі-казармы (захаваліся рэшткі падмуркаў, печаў і абгарэлых бярвенняў). Шырыня іх каля 4 метраў". Чаму казармы імкнуліся пабудаваць каля паўночнай сцяны ці бліжэй да яе, цалкам зразумела. Бо толькі з поўначы, з сухога ўзгорка, вораг мог штурмаваць і абстрэльваць наш замак, таму месца ўнутры замка каля паўночнай сцяны было ў той час самым бяспечным. І менавіта таму з гэтага боку не было ні моста, ні брамы - імі абавязкова скарыстаўся б наш вораг. Таму, аніякіх слядоў міфічнай брамы ў глухіх замкавых паўночных мурах няма і, з вайсковага боку гледжання, быць не можа.

Але ўсё ж, думаю, можа, і не трэба навукова лагічна аналізоўваць сапраўдны фальклор. Бо фальклор - як песня, у ім галоўнае, каб было цікава, прыгожа і прыцягвала людзей. Усе мы любім легенды, казкі і паданні і вельмі паважаем асоб, якія маюць вялікі талент ствараць сапраўдны народны фальклор.

Шматлікім турыстам, якія прыязджаюць у Ліду, легенды трэба падаваць менавіта, як легенды, бо сярод іх бываюць і вельмі кампетэнтныя асобы, якія потым законна абураюцца абсурднымі з навуковага боку гледжання, рэчамі. І пасля гэтага нічога не застаецца, як сказаць ім: "Гэта толькі легенды, прыгожыя, беларускія народныя легенды, падобныя легенды маюць усе замкі, мае іх і наш замак, яны былі і будуць заўсёды, іх наяўнасць пацвярджае толькі, што замак наш сапраўдны, што гэтую перлу цаніць трэба, любіць і ганарыцца!"

Легенды пра замкі ў Тракаі (Троках) і Каўнасе (Коўні), надрукаваныя Вандалінам Шукевічам

Наступныя дзве легенды, надрукаваныя Вандалінам Шукевічам, з большага ідэнтычныя лідскім і могуць быць выкарыстаны і як наш, мясцовы, фальклор.


Закляты ў Троцкім замку скарб. Шмат гадоў таму ў Троках жыў слынны злодзей Чараповіч. Ён быў сапраўднай пакутай для спакойных месцічаў і ваколічных гаспадароў, бо заўсёды так рабіў свае цёмныя справы, што ніколі не трапляўся на гарачым. І хаця, грунтуючыся на ускосных доказах, яго часам выклікалі ў суд, ён заўсёды выкручваўся і пазбягаў заслужанага пакарання.

Незадаволеныя з-за няўдач трайчане, не маючы магчымасці атрымаць справядлівы суд, вырашылі самі выправіць зло. Аднойчы ўначы вялікая грамада сабралася каля хаты Чараповіча, схапіла яго ў ложку і звязанага, як барана, павяла на востраў у замак. Там яго кінулі ў падзямеллі, таямнічыя глыбіні якіх яшчэ бачны сярод руін замка Кейстута. Зрабіўшы гэта, месцічы засыпалі яму камянямі і друзам, знішчыўшы такім чынам ўсе сляды свайго злачынства.

Але провід, відаць, пільнаваў Чараповіча і выратаваў яго ад пералому карку, а потым ад галоднай смерці ў той страшнай магіле і даў яму час адрачыся ад граху.

Апрытомнеўшы пасля перажытага жаху і падзення, пасля якога нейкім цудам косці засталіся цэлымі, Чараповіч устаў і неяк вызваліўся ад путаў. Хоць нічога не бачыў у поўнай цемры і не ведаў, у які бок падацца, ён, абмацваючы рукамі сцены, пачаў павольна рухацца. Чараповіч не ведаў, колькі часу ішоў, калі ў далечыні ўсё ж убачыў слабое святло. Узрадаваны гэтым паратункам, пайшоў у той бок і раптам анямеў, бо відовішча, якое адкрылася яго вачам, магло прымусіць задрыжаць любога зуха. Ён убачыў чалавека ва ўсім белым, які стаіць на каленях з кнігай у руцэ побач з вялікім, акутым жалезам, куфрам, на якім ляжыць вялікі сабака на ланцугу і трымае ў лапах свечкі.

Ахоплены жахам, Чараповіч захацеў уцячы незаўважаным, але сабака ўбачыў і з лютым брэхам пачаў на яго кідацца. І тут падняўся чалавек у белым. Узмахам рукі ён супакоіў сабаку і замагільным голасам спытаў у Чараповіча:

- Адкуль і чаму ты прыйшоў?

Напаўжывы ад страху, дрыжучы і ляскаючы зубамі, злодзей расказаў пра ўсё, што з ім адбылося і чаму ён быў пакараны.

- Табе пашанцавала, што сказаў мне шчырую праўду, - сказаў прывід - таму я цябе ўзнагароджу. У гэтым куфры ляжаць невычарпальныя скарбы - бяры колькі можаш панесці.

- Мне няма куды ўзяць, - адважыўся сказаць Чараповіч.

- Хоць порткі скінь і завяжы, а бяры, калі даюць!

Сказаўшы гэта, ён сагнаў сабаку і падняў вечка куфра.

Убачыўшы, колькі там золата, Чараповіч на хвіліну аслупянеў. Але зрабіў так, як яму загадалі, і насыпаў столькі, колькі мог панесці. Пасля чаго прывід сказаў:

- Ідзі і не крадзі больш.

Потым загадаў сабаку вывесці яго з падзямелля.

Пасля доўгай хады яны прыйшлі да вялізнага каменя, які ад удару сабачай лапы адсунуўся і дазволіў Чараповічу выйсці на свет Божы. Як толькі ён выйшаў, валун зноў заваліў праход. Былы злодзей на адлегласці за 1,5 кіламетры ад вострава ўбачыў кляштар бернардынаў (сёння турма). Падзякаваўшы Богу за сваё цудоўнае выратаванне, ён вярнуўся дадому. Частку з атрыманага скарбу аддаў касцёлу, а з рэшты пабудаваў дом, стаў заможным і пачцівым чалавекам.


Заснуўшы ў Ковенскім замку. Звычайна кожная руіна ў Літве, ахрышчаная ў народзе "замкам каралевы Боны", мае свае легенды пра скарбы, якія, ці сцерагуць зачараваныя прынцэсы, ці скарбы знаходзяцца пад аховай чараў, якія можна пераадолець толькі пры пэўных, цяжка-выканальных, умовах. Але скарбы адчыняюць смельчаку цуды, якіх ніколі не бачыла яго вока і не чула вуха.

Адну з такіх легенд падаю ніжэй. Яна цікавая тым, што ў ёй, як і ў карпацкай легендзе, мы сустракаем рыцараў, усыпленных сілай заклёнаў, якія чакаюць толькі слова, каб паўстаць і выратаваць сваю радзіму.

Пры вусці ракі Віліі ў Коўні захаваліся рэшткі старога замка, дзе, паводле легенды, у акружэнні шматлікага двара і харугваў адборнага войска, некалі жыла каралева Бона. Хаця гэта было так даўно, што нават бацькі і дзяды самых старых людзей не памяталі тых вялікіх часоў, аднак дакладна вядома, што каралева Бона не памерла да нашых часоў, але спіць у падзямеллях замка, якія цягнуцца недзе ў бок Вільні, яна спіць зачараваная заклёнам трывожным сном, сярод сваіх багаццяў, слуг і рыцараў. І чакае зручнага моманту, каб выйсці з падзямелля на чале сваіх войскаў, разбіць ворагаў і адрадзіць дзяржаву. Такі момант здараецца кожныя сем гадоў, калі каралева Бона прыходзіць у сне да каго-небудзь з жыхароў Коўні і расказвае яму, што трэба зрабіць, каб зняць моц закляцця. Выконваючы яе інструкцыі, перш за ўсё патрэбна ачысціць сваю душу ад грахоў праз споведзь і пакаянне. Потым у пэўную гадзіну ночы, трэба пайсці ў замак і капаць там у вызначаным месцы, покуль не з'явіцца вуголле. Пад ім, глыбей, будуць жалезныя, а яшчэ глыбей - медныя дзверы, адчыніўшы якія, трапіш у вялізную залу, дзе на шыкоўным троне з золата і каштоўных камянёў, сядзіць каралева Бона, акружаная заснулымі прыдворнымі і рыцарамі, побач з ёй стаіць вялізны куфар, напоўнены незлічонымі багаццямі, а на куфры ляжыць леў. Аднак не трэба баяцца гэтага льва, а смела ісці да куфра, які адчыніцца сам, і тады можна будзе ўзяць усё дабро, якога толькі душа жадае. Адначасова з гэтым усе абудзяцца і пойдуць выконваць сваю вялікую справу.

Як бачым, умовы не занадта складаныя і, каб іх паспяхова выканаць, вам спатрэбіцца толькі крыху смеласці. Але ў гэтую справу абавязкова ўмяшаецца паліцыя, якая пра ўсё ведае і сочыць, каб ніхто не капаў у замку. Нягледзячы на гэта, аднаму зуху ўдалося ўцячы ад паліцыі, ён пачаў капаць, дабраўся да вуголля і нават да жалезных дзвярэй. Аднак працы аднаго чалавека мала, а летняя ноч занадта кароткая, і таму пры дзённым святле падкоп быў знойдзены, і ўсё закончылася арыштам смельчака і судовай справай. Потым яшчэ шмат хто з гараджан сніў Бону, але ўсе яны баяліся ўладаў.

Бона і да гэтага часу дарэмна чакае вызвалення ад закляцця.

Вакол замка

На поўдзень ад замка - двор старасты і Ферма

Па сведчанні дакументаў, горад Ліда яшчэ ў XVIII ст. складаўся з замка, двара старасты, уласна горада і прадмесця Зарэчча. Уся зямля, занятая горадам, першапачаткова была ўласнасцю вялікага князя і належала да лідскага замкавага двара або фальварка, але пачынаючы з XVІ ст. некаторыя часткі гэтага абшару пераходзяць у прыватную ўласнасць. Напрыклад, у 1566 г. Павел Рошчым атрымаў ад вялікага князя Жыгімонта Аўгуста прывілей на два пляцы ў Лідзе, у 1589 г. Аляхновічу было дадзена пацвярджэнне на куплю двух пляцаў у Лідзе, у 1591 г. Рафаіл Алешыс Згірскі атрымаў прывілей на адзін пляц і г. д. Раздача пляцаў адбывалася і ў больш позні час. Такім чынам у горадзе ўтварыліся цэлыя асобныя кваралы, якія належалі ў XVІІ-XVІІІ стст. Куроўскім, Францкевічам, Калясінскім і іншым. Сваю маёмасць уладальнікі здавалі ў арэнду гараджанам на правах вечнага чыншу - рэнты за карыстанне пляцам.


Двор старасты. Яшчэ да Дажынак 2010 г. адразу на поўдзень ад замка прыцягвала ўвагу вялікая яма - вынік нямецкай гаспадаркі падчас акупацыі 1915-18 гг. Менавіта на гэтым месцы стаяў двор лідскага старасты - рэзідэнцыя каралеўскага намесніка.

Дам тут скарочанае апісанне двара лідскага старасты па інвентары лідскага староства ад 1680 г.

Двор старасты (ці замкавы фальварак) знаходзіўся на поўдзень ад замка над ракой Каменкай, быў агароджаны плотам з галля і меў уязную браму. У двары фальварка, па левым баку каля брамы стаяў крыты дранкай бровар. Дзверы бровара не мелі завесаў, а адчыняліся на бегунках, усярэдзіне бровара мелася мураваная з каменю печ для вырабу піва. Далей за броварам стаяла кухня і насупраць яе лазня з дзвярыма на бегунках, з каменнай печчу і падлогай.

Трошкі далей ад бровара стаяў крыты саломай жылы дом з сенямі, дзверы ў дом зачыняліся на жалезную клямку. У доме па правым баку меўся "белы" (печ у пакоі палілася па-беламу) пакой з каморай, у пакой вялі дзверы на завесах з жалезнымі зашчапкай і клямкай. У "белым" пакоі мелася наступная мэбля і начынне: стол сталярнай работы, дзве шкляныя скрыні ў драўляных скрынях на тры вялікія кварты (кварта - ¼ вядра) Мелася малое акенца з застаўкай і вокны ў вялікіх рамах на завесах з зашчапкай. Печ з шэрай кафлі і адзін зэдаль.

З "белага" пакоя ў камору вялі дзверы на завесах з зашчапкай і жалезнымі прабоямі. У каморы мелася адно ў вялікай раме з клямкай, каля яго - малое акенца з зашчапкай, стаяў вялікі зэдаль. Дзверы, якія вялі з каморы ў сені, былі на завесах, з зашчапкай і жалезнымі прабоямі. У сенях меліся яшчэ адныя дзверы, яны вялі ў другі "белы" пакой з каморай. Гэты пакой асвятляўся праз два вялікія зашклёныя вокны і трэцяе малое акенца, печ тут была зложана з шэрай кафлі, на падлозе зялёныя покрыўкі (ходнікі), у пакоі стаялі дзве лавы. Як бачым - спартанская мэбліроўка.

Калі выйсці з жылога дома, дык па левы бок мелася піўніца (склеп), крытая саломай. Каля піўніцы стаяў крыты саломай хлеў з галля на сохах, брама ў хлеў - з дошак на бегунках.

Далей стаяла крытае сенам гумно для ссыпання збожжа ў восем засекаў.

Калі ісці па правым боку двара, дык можна было ўбачыць крытую саломай стайню на двух слупах. Ад стайні па левым боку стаяла пякарня з галля і з сенямі. У пякарні - "чорная" печ для выпечкі хлеба, стаялі лавы для цеста, сталы, бочка для вады, вокнаў з рамамі - тры.

За пякарняй мелася гумно з галля, крытае саломай, на двух слупах, брамка з жалезнай зашчапкай. За гумном - адрына з галля, а таксама малое гумно, агароджанае галлём, і два агароды.

Я адмыслова прывёў падрабязнае апісанне рэзідэнцыі лідскага старасты, каб мы ўбачылі, як жылі самыя багатыя гараджане, і зразумелі, што звычайныя жыхары Ліды жылі зусім сціпла.

(Працяг у наступным нумары.)

Некалькі гадоў маёй маладосці ў Вільні* (1818-1825)

Станіслаў Мараўскі

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Ён ведаў, што Русо заўсёды цвёрда адмаўляецца прымаць дарагія падарункі. Вяжэвіч патаемна прымаў падарункі і пакідаў іх сабе, пасля чаго, як сакратар Русо, ад яго імя выказваў падзяку. А часам, пераймаючы капрызы свайго патрона, і нічога не адказваў, а проста клаў у сваю кішэню табакерку напоўненую дыяментамі. Такім чынам за некалькі месяцаў ён моцна разбагацеў. Калі падман быў выяўлены, Русо з пагардай выгнаў няўдзячнага паганца і здрадніка. Але нягодніка гэта ўжо не моцна турбавала. Ксёндз-прэлат Богуш, знакаміты чалавек, які добра ведаў Русо ў Парыжы, запэўніваў, што памяць пра чорнае злачынства Вяжэвіча не дазволіла філосафу пагадзіцца з прапановай падскарбія Тызенгаўза, які даваў Русо прытулак у Белавежскай пушчы 102.

Такім чынам адзін подлы нягоднік пазбавіў наш край вялікага гонару. Не ведаю, як Вяжэвіч пасля вяртання ў край атрымаў сваю высокую пасаду, не пытайце мяне пра гэта. Але ўсё можа растлумачыць яго твар і вочы, пазычаныя ў сабакі 104.

Ведаю толькі, што ў часы Касцюшкі яго плябанію ці бенефіцыю на вёсцы ўшчэнт абрабавалі казакі. Апошняе, што ў яго засталося - багаты пярсцёнак, Вяжэвіч схаваў у роце. Адзін з казакаў, не ведаючы пра хітрыкі ксяндза, накінуўся на яго, распрануў і абшукаў усе кішэні, але нічога не знайшоў. Разгневаны казак, выкрыкнуў вядомае рускае слова і помсцячы за паразу, ударыў Вяжэвіча ў твар. З-за губы ксяндза на зямлю выпаў дарагі пярсцёнак. Тады казакі вырашылі, што рот ксяндза ёсць складам дарагіх рэчаў і абступіўшы яго, як у свой час індзейцы Калумба, пачалі пальцамі рабіць ператрус у яго роце. Пасля чаго, па-чарзе лупілі па твары і цікавалі, ці вылеціць што зноў з яго рота? Але вылецелі толькі ўсе зубы небаракі. Можна зрабіць выснову, што багацце, нажытае ганебнай здрадай і ліхадзействам, заўсёды выслізгвае з чалавечых рук, хай нават і такім арыгінальным спосабам. Гэты апошні скарб Вяжэвіча, гэты пярсцёнак, ён украў у Русо! Сам Бог паслаў казакаў адпомсціць!


Напэўна вы злуецеся, бо я пачаў балбатаць, як старая кума. Прабачце, прабачце, буду вяртацца да свайго і зараз жа скончу гісторыю пра старога бессаромніка Боньчу-Тамашэўскага. Я ўжо казаў, што быў ён лютым суцяжнікам і душа яго пачынала ўзвышацца толькі, калі размова ішла пра суд. Неяк у Вільні, у час, калі ён судзіўся з маім бацькам, са слязамі прыйшоў да нас прасіць кавалак хлеба! Заўсёды міласэрны і не помслівы бацька, хоць гэты мярзотнік ужо даўся нам у знакі, дастаў з кішэні дукат і аддаў яму. Як вы думаеце, што ён зрабіў?

Атрымаўшы такі скарб, Боньча выйшаў ад нас, сеў у сваю брычку і паехаў у Трокі, як міласціну выпрасіў гербавую паперу і напісаў супраць майго бацькі некалькі пратэстаў у суд, пасля чаго праз вазніцу ў той жа дзень перадаў нам новыя позвы. Мала хто радаваўся, калі ён прыязджаў у вёску. Бо стары доўга не вылазіў з брычкі, а потым моцна нудзіў людзей сваім Бычком.

Гэта быў вялікі паскуднік! Але князем, каралём, падзішахам качэўнікаў у Літве быў капітан Станіслаў Харошча, здаецца, ён памёр ад старасці ў 1840 г. Мне казалі, што нехта надрукаваў пра яго брашуру ці артыкул у газеце. Можа, калі прачытаю. Кажуць, нават маюцца яго барэльефы. Можа, калі ўбачу. Зрэшты, магу расказаць пра яго, бо ведаў асабіста, і быў ён старым школьным сябрам майго бацькі. Ён і стары Малеўскі, рэктар універсітэта - у свой час толькі яны і засталіся жывымі з усіх тых, хто некалі вучыўся ў школах з маім бацькам.

Харошча быў вялізны мужчына, але не ростам, а ў плячах. Твар яго маглі скласці толькі пяць твараў бернардынскіх гвардыянаў, і пры гэтым яго твар меў цёмны сіне-фіялетавы колер. Вочы і валасы чорныя. Валасы непрыгожыя, нібы кудлатыя. Голас ціхі і слабы, амаль як у паненкі, з такога тоўстага твару можна было чакаць нізкага і моцнага басу. Бацька заўсёды жартаўліва пытаўся, дзе Харошча страціў тое, што дае мужчынам бас? Заўсёды незалежна ад моды апранаўся па-свойму. Заўсёды ў цёмна-сіні фрак з бліскучымі гузікамі. Порткі альбо шэрыя суконныя, альбо нанкінавыя (грубая баваўняная тканіна з Нанкіна, Кітай. - Л. Л.), альбо нейкага слаба-алавяна-чырвонага колеру. Галоўнай прыкметай Харошчы, па якой яго ўсе пазнавалі і якая адразу кідалася ў вочы, была аранжавая, круглая шапка без брыля з калісьці залатым кантам. Яго сябры былі абавязаны па-чарзе спраўляць яму гэтую шапку. Меў пару нядрэнных коней, фурмана, брычку і скрынку са шліфаванымі камянямі, аметыстамі, тапазамі, яспісамі, якія, падобна, яму калісьці падараваў Дамінік Радзівіл і быццам продаж якіх служыў нагодай для ганебнага бадзяння па светце. Ці нехта спрабаваў купіць? Дык ён ні за што на свеце не прадаў бы.

Быў ён самым добрым, далікатным, ціхім чалавекам, якога ўсе любілі. На працягу года Харошча спыняўся у сваіх звычайных месцах на тыдзень ці на яшчэ больш працяглы час. У кожным доме яго кармілі любімымі стравамі. І раз у год за трыццаць вёрст ён знарок прыязджаў да майго бацькі на адзін тыдзень. Не ведаю, як дзе, але ў нас было так: мой бацька на працягу тыдня павінен быў два разы накарміць яго гусінай юшкай, адзін раз забеленым баршчом на мазгавой костачцы, адзін раз тушанай капустай з каўбасой і адзін раз падаваўся незабелены боршч са свіной грудзінкай і паляндвіцай. Усе іншыя стравы маглі быць, якія заўгодна, ён не ўмешваўся ў гэта і заўсёды засяроджваўся на галоўнай страве. Калі б мой бацька не забяспечыў яму такую праграму, ён быў гатовы запрагаць коней і ехаць далей. Двум яго досыць тоўстым мерынам трэба было даваць па два гарнцы аўсу ў дзень і дзесяць гарнцаў, калі яны выпраўляліся ў дарогу. Вазніца атрымліваў два злотыя на піва, але, відочна, заўсёды гатовы быў узяць і болей.

Далікатны і ветлівы Харошча пакідаў хатнія таямніцы гаспадароў пры сябе і, наколькі я ведаю, ніколі і нікому не пераказваў плётак. А калі б толькі добра папрацаваў языком, мог перасварыць усю Літву. І гэты чалавек, які ніколі нічога не выдаткоўваў на сябе і нічога не меў, жыў весела, утульна і нікому не быў у цяжар. У кожнай сяброўскай хаце яго віталі, як вясновую ластаўку. Не любіў заводзіць новых сяброў, бо часы паволі мяняліся і новае пакаленне бачыла ў ім нешта зусім іншае. Ён ганарыўся старымі сябрамі і вельмі цаніў іх. Усе лічылі яго дурным, але сумленным чалавекам. Праўда, ён мяне не надта цікавіў, бо я быў малады. Аднак прызнаюся, лепш было мець яго рэпутацыю, чым лічыцца зласліўцам, і калі б ён яшчэ жыў, я б хацеў сябраваць менавіта з ім, а не з тымі ягамосцямі, якія умеюць добра бавіць час. Дадам, што прычынай яго тупасці было калецтва, пра якое я раскажу ніжэй. Пры ўсім тым, той, хто паводзіў сябе так умела, што некалькі дзесяцігоддзяў жыў за чужы кошт, не мог быць вялікім дурнем.

Мой бацька трохі расказваў мне яго гісторыю. Харошча дрэнна вучыўся ў езуіцкіх школах і ўвесь час меў у скуру. Трэба ведаць, што езуіты тады білі шыпшынай, глогам ці агрэстам. А біць яны ўмелі так, што калючкі заломваліся ў целе. Потым, праўда, сам ксёндз-прэфект быў вымушаны рабіць гонар вучням і ўласнымі рукамі выдаляць шыпы з ран на скуры небаракі. Але гэта раскоша была слабой кампенсацыяй за пакуты бедных хлопцаў. Ну, а Харошча кожны тыдзень атрымліваў два разы глогам і адзін раз агрэстам і таму уцёк. Вучня шукалі. Каля Нёмана знайшлі яго заўсёдную аранжавую шапку і сюртучок. Вырашылі тады, што хлопец патануў з безвыходнасці, і ўсе ў гэта паверылі. Езуіты тады вельмі пацярпелі ад грамадскасці. На шчасце, ён на валынскіх плытах уцёк у Гданьск. Там хлопец дайшоў да англійскага ўрадавага агента, сеў на карабель і паплыў у Амерыку. У Нью-Ёрку ўпаў з мачты і на кавалкі разбіў свой чэрап. Страшна было потым бачыць яго галаву, уся яна, як шахаўніца, была пакрытая касцянымі рубцамі. Боскім цудам неяк выжыў, але часткова страціў памяць і розум. Падобна, у часы амерыканкай вайны трапіў у палон, але быў адбіты англічанамі, якія вывезлі яго на Мальту і адтуль у Італію. З Італіі Харошча вярнуўся на радзіму, і мой бацька, які столькі гадоў лічыў яго тапельцам, надзвычай здзівіўся. У чыне капітана мужна змагаўся ў войску Касцюшкі. Потым яго сталымі месцамі стала Наваградчына - святыя мясціны Літвы. Толькі там і ёсць Еўропа, усе астатняе - глуш, Туніс, Трыпалі. Не надта ж ён быў дурны, калі выбраў сабе такое гняздо. У 1812 г. пазнаёміўся з Напалеонам, якога ўразілі Харошчавы прыгоды і атлетычны целасклад. Пагаварыў з ім і зрабіў камендантам Наваградка. Яго можна было шмат распытваць пра Амерыку, якая тады для нас была terra ignota. Усім ён адказваў аднолькава: "Моспане, доўга пра гэта расказваць". І нічога больш ад яго пачуць было немагчыма.

Дадаткі

24. Калі казаць пра справы, было б грахом не ўспомніць адну з іх, хаця б таму, што была яна незвычайнай і мела вельмі своеасаблівы змест. Гэта справа закончылася толькі сем-восем гадоў таму, а пачалася яна ў часы маёй першай маладосці ў Вільні. Яе змест і смак такія.

Размова пра Пятра Васілеўскага, сёння спадкаемцу шматлікіх значных фальваркаў і майго суседа па Троцкім павеце, да якога ён быў нядаўна далучаны пры новым межаванні губерні. Васілеўскі імкнуўся з усіх сіл, прыкладаў усе намаганні і нават выдаткаваў у Пецярбургу чатыры тысячы рублёў срэбрам, на тое, каб афіцыйна, указам сената, быць прызнаны злодзеем і публічна ім абвешчаны. І ён дамогся свайго! Я падарую каня з вупражжу, калі самы дасведчаны юрыст у Еўропе, скажа, як можна растлумачыць гэты дзіўны феномен.

А справа самая простая.

Васілеўскі быў абраны павятовым касірам, ці як кажуць сёння - Троцкім казначэем. З тых, хто не ведае рускую мову ён браў, як мінімум, у паўтара разы большы падатак і гэтую траціну клаў сабе ў кішэнь. Так працягвалася некалькі гадоў, на працягу якіх ён зрабіўся вельмі багатым чалавекам і пачаў скупляць маёнткі, чым і выклікаў зайздрасць. За яго ўзяліся і ўсё высветлілі. Быў аддадзены пад суд і пасаджаны ў вязніцу. Аднак потым яго ўзялі на парукі, і ён спакойна пражыў з дзесятак ці болей гадоў. У гэты час ён рабіў усё каб толькі заспакоіць найбольш пакрыўджаных. Справа рухалася з чарапашай хуткасцю. У Віленскай крымінальнай палаце меркаванні суддзяў адносна яго злачынства разышліся. Адны называлі гэта "прадажнасцю", другія "зладзействам". Пакаранні ў гэтых выпадках моцна адрозніваліся.

Справа з класіфікацыяй злачынства дайшла да Сената і там завісла. Нарэшце наш манарх, ажаніўшы свайго сына - спадчынніка трона, выдаў з гэтай нагоды маніфест. Такія маніфесты, звычайна ўтрымлівалі палёгкі і ласкі да падданых. Гэты ўключаў у сябе вызваленне усіх зладзеяў з турмаў і загадваў спыніць супраць іх працэсы. Увесь край быў усхваляваны гэтай ласкай, бо адразу выпусцілі шмат зладзеяў. Ну, а Васілеўскаму, паколькі ў маніфесце нічога не было пра "прадажнасць" чыноўнікаў, трэба было вызначыць яго справу як "зладзейства", на што ён і патраціў так шмат грошай.


25. Слонімскі маршалак Войцех Пуслоўскі сваім розумам і маёнткам шмат каго пераўзыходзіў і здабыў іх сваёй працай, але меў шмат ворагаў. А паколькі яго самога ні ў чым нельга было абвінаваціць, зайздрасць пачала пераследаваць яго сям'ю і асабліва пралата, якога справядліва ці не, вінавацілі ў рабаванні фундушоў і скарбаў манахаў-картузаў. Сярод іншага, пралата абвінавачвалі ў тым, што ён прысвоіў вялізны літы, срэбны крыж і загадаў вырабіць з яго сталовае срэбра.

Аднойчы на сойміках, калі Войцеха Пуслоўскага павінны былі абраць маршалкам, прэлат ад яго імя зладзіў абед для шляхты. Усе селі за стол. На стале стаяла вялізная срэбная ваза. Яе стыль і праца выклікалі захапленне. Слова за словам, і нехта запытаў, як ваза на лаціне. Розныя казалі па рознаму. І тады з шэрага канца стала, крыху прыўстаўшы, нейкі бурклівы шляхціц, яўна непрыязны да Пуслоўскіх, голасна выкрыкнуў: "Ваза па-лаціне? - Crux Cartusianorum!". ( "Крыж картузаў" - Л. Л.)

Калі Пуслоўскі яшчэ не стаў магнатам, здарылася, што ён неяк абедаў з маладымі, як і ён у той час, людзьмі ў Адама Літавора Храптовіча, з якім да самай смерці мой бацька быў у добрых стасунках. Храптовіч, таксама як і яго бацька, падканцлер ВКЛ, усё жыццё быў англаманам. Жыў у Вільні і трымаў у стайні некалькі тузінаў пародзістых коней. Пасля абеду прапаноўваў гасцям прагулку вярхом на сваіх конях. Некаторыя пагаджаліся. Пуслоўскі пагадзіўся, але з умовай, што з-за слабога здароўя ён загадае прывесці з дома яго кабылку, на якой ён толькі і можа ездзіць.

Калі ўсе разам выехалі, моладзь пачала здзекавацца з кабылы Пуслоўскага, якая побач з коньмі Храптовіча выглядала не надта добра. Доўга цярпеў і маўчаў. Але жарты не сціхалі, і тады ён цалкам спакойна адказаў: "І сапраўды, мая кабыла не вельмі прыгожая і крыху худая, але яна мая ўласная!". Гэтымі словамі, як ключом, адразу замкнуў раты перасмешнікам.

Гэты наіўны, але поўны дасціпнай помслівасці і такту адказ, нагадвае мне шмат падобных адказаў вядомага паэта Карпінскага 104. Калі пра большасць яго выказванняў ведаюць усе, я раскажу вам пра тое, якое, здаецца, не ведае ніхто і якое сведчыць пра анёльскую душу гэтага чалавека. Мой бацька добра яго ведаў і аднойчы на вялікім вечары ці балі ў Прозараў яны сядзелі разам і размаўлялі. Пасярод пакоя танчылі. Як звычайна, вакол танцораў стаялі натоўпы моладзі. Карпінскі ўжо насіў чаравікі і панчохі ў французскім стылі. Перад маім бацькам і Карпінскім, які меў тады белыя панчохі, чорныя, кароткія порткі і цёмна-сіні фрак з манчэсцерскага сукна, спыніўся нейкі малады, рухомы і чубаты малады чалавек, апрануты па-польску. Раптам, не азіраючыся, ён харкнуў, а потым, павярнуўшыся, плюнуў прама ў вочы Карпінскаму. І адразу павярнуўся да танцораў. Не кажучы ні слова, Карпінскі дастаў насоўку і пачаў выціраць твар. Мой гарачы бацька, схваціўся за карабелю 105 і закрычаў: "Ці прабачыш ты, пан дабрадзей, гэтаму блазну яго грубіянства?"

Карпінскі ўсміхаючыся, з найвялікшай лагоднасцю, адказаў: "Выбачай, але лепш у вочы чым па-за вачыма!".

б) Падканцлер ВКЛ Яўхім Храптовіч 106 у часы караля Станіслава Аўгуста працяглы час выконваў абавязкі канцлера, чым дадаў павагі свайму роду. Быў мужам вялікай цноты, розуму, здольнасці і вучонасці. Вядома, як ён ставіўся да сялян у Шчорсах і іншых сваіх маёнтках і як ён уладкаваў сваю гаспадарку. Паколькі быў англаманам, сына свайго Адама прывучыў да англійскіх звычаяў. Разам з сынам яны былі адзіным тады яшчэ ўзорам англаманства ў краі.

У нашым краі заўсёды было шмат чужынскай, галоднай галоты, якая шукала хлеба праз ашуканства. Пасля падзення падскарбія Тызенгаўза, па ўсім краі разбеглася пагалоска пра абарону чужаземцаў Храбтовічам. Сын Яўхіма, Адам, які быў цесна звязаны з маім бацькам, часта быў рады бачыць майго бацьку ў Шчорсах. Бацька таксама паважаў Храптовічаў і любіў бываць у іх.

Аднойчы, у прысутнасці майго бацькі, Адаму далажылі, што прыехаў немец, які выдатна гаворыць па-польску і рэкамендуецца на службу.

- Запрасі яго, - сказаў сын Літавора.

Уваходзіць немец, дужы і плячысты мужчына, кроў з малаком.

- Як завуць васпана?

- Карл Вілібальд Генрых Хаберфрост.

- Пакорны слуга вашай мосьці, - кажа канцлер. - Чаго вы ад мяне чакаеце?

- Службы, экселенц.

- Вы калі-небудзь служылі ў каго-небудзь у нашым краі?

- У Нясвіжы, у Слуцку, у пані Незабытоўскай.

- Добра. Што вы можаце рабіць?

- Прабачце, экселенц, не разумею.

- Якую маеце прафесію?

- Любую, якую вы загадаеце.

- Але што канкрэтна? Вы механік?

- Не.

- Можа ведаеце выраб гарэлкі?

- Не.

- Бухгалтар?

- Не.

- Эканом?

- Не.

- Якога ліха? - кажа стомлены ўжо канцлер - не магу зразумець, якую маеце прафесію!

А паколькі гадаваў вельмі прыгожых і пародзістых коней, якіх завозіў наўпрост з Англіі, то спытаў:

- А, дык вы напэўна бярэйтар?

- Не, экселенц!.. Але я ідэальны як мужчына.

Гэта можа даць вам уяўленне пра тое, якія бессаромныя людзі прыязджалі да нас з-за мяжы і гасцінна прымаліся ў нашых дамах.

Раздзел 12. Характарыстыка Марыі Мюлер. Каханне да яе аўтара. Хвароба Станіслава Мюлера. Пакуты кахання аўтара. Адносіны да аўтара бацькі.

Падчас тыднёвага перапынку, які я запланаваў для дзяцей Марыі, нашпігаваных ужо жаўнерскімі лекамі, я кожны дзень наведваў хворых і кантраляваў іх фізічны стан. Гэта стала падставай зблізіцца з маці і праз тыдзень нам здавалася, што мы знаёмыя ўжо цэлы век! Былі ў чымсьці падобныя і вучыліся адно ў аднаго.

Я убачыў, што высокая ацэнка яе ўсімі знаёмымі не была перабольшанай. Калі ўлічваць агонь маёй фантазіі, якая заўсёды далёка выходзіць за межы рэальнасці, гэта стала для мяне важным. На пачатку ўсё сканцэнтравалася ў спантанных, арыгінальных і натуральных, як распалены вугаль, досціпах. Але гэты дар, карысны ў салонах, пры больш блізкім знаёмстве мае мала карысці. Прыгледзеўшыся бліжэй да душы гэтай жанчыны, я лёгка ўбачыў тое, што хацеў убачыць - уся гэтая яе незвычайнай дасціпнасць была толькі заслонай, якая закрывала сэрца анёла. Што гэта нікчэмная манета ўжывалася толькі вонкі, для свету, а сам капітал захоўваўся недзе глыбока і не кожнаму адчыняў свае скарбы. Трэба было заслужыць, каб зніклі досціпы і пачало прамаўляць добрае, чулае, каханае, міласэрнае і сапраўднае жаночае сэрца. Літасць і міласэрнасць, якія ідуць проста ад інстынкту душы, у гэтай жанчыны дасягнулі апошняй мяжы. Аднойчы св. Марцін аддаў беднаму чалавеку палову свайго плашча, яна аддала б і цэлы плашч. Не задумваючыся і не выбіраючы, гатова была аддасць небараку апошнюю нітку. […]

З першага дня я заўважыў вялікую розніцу паміж дзвюмя сёстрамі. Яны зусім па-рознаму бачылі рэчы, па-рознаму цанілі чалавечыя пачуцці і душы, па-рознаму разумелі ўсё, што нас атачае. Хутка я заўважыў, што ў Марыі пра мяне склаліся досыць памылковыя ўражанні, якія яна цалкам прыняла. Я ясна бачыў, што пані Эльжбета Мюлер, якая не мела паэтычнага таленту і бачыла свет ў стылі Вальтэра, жадаючы пахваліць мяне і ўзняць на нейкі пастамент, у геаметрычнай прагрэсіі перабольшыла рэчаіснасць. Яна ў сваіх даверлівых размовах і ў перапісцы з сястрой выставіла мяне нейкім лавеласам, нейкім смелым, несумленным і пыхлівым у стасунках з прыгожым полам гулякам, нейкім пераможцам якога сапсавалі ласкі жанчын. Чалавекам, якому, каб атрымаць скарб, дастаткова было толькі пажадаць гэтага, і што яшчэ горш, чалавекам, які як толькі атрымліваў скарб, адразу пагарджаў ім і страчваў да яго цікавасць. Такі ўжо быў характар Эльжбеты Мюлер, прасякнуты літаратурай і раманамі XVIII ст. […]

Бачыць Бог, маё сэрца ніколі не было чэрствым. Калі я бываў у нечым доме, дык ці прывязваўся да гэтай сям'і, ці назаўсёды адтуль сыходзіў. Але я працягваў наведваць Мюлераў і адчуваў, што маю пэўны абавязак цаніць ветлівы прыём. Гасціннасць, з якой мяне сустракалі, заслугоўвала гэтага. Было б смяротным грахом пайсці з дома, дзе мяне гасцінна сустракалі і ўжо на лесвіцы паклёпнічаць і крытыкаваць яго гаспадароў. Тысячы агульных повадаў, тысячы турбот і надзей звязвалі мяне, маладога чалавека, з маладой жанчынай. Плынь жыцця несла мяне ў неабходным кірунку, але ў маёй душы заўсёды заставалася памяць пра маю бясцэнную Юлію, якую ўсяго год таму пахавалі на місіянерскіх могілках. І сёння Юлія ёсць для мяне той самай адзінай жанчынай, успаміны пра якую нараджаюць у душы чыстую ідэю вялікай асалоды. Акрамя дзіўных чараў, нібы наўмысна створаных для маіх мар, дзіўна высакароднай душы і ўсяго, што цесна злучае двух людзей, яна мела яшчэ рэдкі талент зліцця з каханым, які можа быць толькі вынікам добрага і схільнага да ласкі сэрца. І потым ужо, усіх маіх жанчын я ўжо кахаў па-іншаму.

Другім вялікім але няслушным закідам супраць мяне, закідам, які заклікае да Божай помсты, было абвінавачванне ў фанабэрыі і ганарлівасці. Яно сыходзіла толькі з асаблівасцяў анатоміі маёй шыі і патыліцы, якая прымушала мяне незалежна ад сітуацыі высока трымаць галаву. Ніякай маёй віны ў гэтым не было. І дасюль той, хто мяне не ведае і назірае здалёк, думае, што я надта ганарысты чалавек. Гэта ўжо стала агульнавядомай рэччу. Як жа тады вініць разумную, дабрадзейную і далікатную Марыю ў тым, што і яна мусіла лічыць мяне нейкім ідыётам, франтам, звычайным уздыхальнікам, які жыве сваім гонарам і глупствамі.

У ёй мне спадабалася тое, што яна ўмела прымаць людзей такімі якімі яны ёсць. Мужчыны, якія часта наведвалі гэты дом, не ўводзілі яе ў зман, бо яна мела асаблівы талент выцягнуць на верх з любога ўсю яго недарэчнасць і глупства. Але ніводзін з гэтых небарак нават і не здагадваўся пра гэта.

Такія адносіны паміж намі працягваліся, покуль яна не заспявала, аб чым прыйшлося доўга прасіць. Яе голас і душа, праяўленая ў спеве, згладзіла ўсе калючкі. Патрэбна было толькі ўбачыць у ёй анёла, які пяе перад Божым тронам. Я крыху граў на піяніна. Ніколі не быў дасведчаным музыкам, але ўсе казалі, што граў я тады з асаблівым густам і пачуццём і нават тыя ж словы казаў мне мой бацька, які ніколі мяне не хваліў. Можа так было і сапраўды. Бо я і сёння не разумею, як можна граць музыку без пачуццяў? Вы, цяпер ўжо маці ці бабулі, у шэрыя вечаровыя гадзіны ў вёсцы, успомніце, колькі разоў таемна дакраналіся да майго твару сваімі, у той час каралавымі вуснамі, каб узнагародзіць музыканта за яго маленькія варыяцыі. З якой удзячнасцю я ўспамінаю кожны такі момант!

Мы з Марыяй не маглі не заўважыць нашых позіркаў, нашага ўзаемнага стаўлення. Я не меў магчымасці і не жадаў хаваць ад людзей, якіх паважаў, усё, што думаў і аднойчы сказаў ёй, што ведаю - яна кожны вечар, калі разыходзіліся госці, дакарае сябе за свае досціпы. Яна здзіўлена паглядзела на мяне, а потым з'едліва адказала, што вельмі рада маёй назіральнасці. Але ёй здаецца, што яе досціпы і жарты па сутнасці цалкам нявінныя, і мала хто нават можа іх заўважыць. Закончыла тым, што яе жарты насамрэч немагчыма параўнаць з маімі. І калі ў сваю чаргу і ёй будзе дазволена выказаць параду мне, дык было б добра, каб я перастаў сыпаць пясок у вочы мацярам і іх дочкам, бо гэта можа мець значна горшыя наступствы для ўсіх і не робіць мне вялікага гонару. Відочна, яна злавалася на мяне, што адразу дало падставу пачаць гаварыць адкрыта. Я распавёў ёй пра свой спосаб бачання рэчаў, а яна, у той ступені, у якой гэта можа рабіць жанчына, адкрыла мне свой. Мне пачало здавацца, што я зрабіў вялікі крок наперад і паміж намі з'явіўся давер - малодшы брат дружбы. Цяпер мы маглі сустракацца не чырванеючы. Яна пачала часцей здымаць сталёвую кальчугу якую заўсёды апранала пры мне. І мы хутка паразумеліся. Як толькі знікла занавеса, за якой хавалася мая душа, я прадстаў перад ёй такім, якім бачыў мяне Бог. […]

Можа хто іншы пачаў бы расказваць пра яе прыгажосць, але я раскажу вам толькі адну гісторыю. Неяк наша агульная сяброўка збіралася ў Варшаву і згадзілася прывезці адтуль для Марыі два тузіны чаравічкаў. Марыя для меркі дала ёй адну са сваіх пар. Варшаўскія чаравікі славяцца па ўсёй Еўропе. Пасля Іспаніі, дзе жанчыны маюць ножкі матылькоў, і Францыі, дзе ўмеюць сваім мастацтвам ператвараць ногі ў сапраўдныя ножкі, толькі Варшава стварае жанчын з ножкамі. Там квітнее талент вырабу чаравікаў і ўсякага іншага жаночага абутку.

Наша падарожніца ідзе да самага знакамітага варшаўскага шаўца і просіць зрабіць два тузіны чаравікаў па мерцы. Трохі падумаўшы, майстар адказвае:

- Парадзіў бы пані зрабіць другі, а можа і паўтара тузіна, большым на памер.

- Чаму?

- Бо дзіця расце, і яго ножка таксама расце, чаравічкі потым ужо не будуць прыдатныя.

Шавец, лепшы шавец у Варшаве, вырашыў, што мае справу з дзіцячым абуткам!

Душа анёла, голас херувіма, ножка, якая павінна хадзіць па кветках, і, пэўна, не будзе псаваць іх сваім цяжарам, што вам яшчэ сказаць пра яе?

Я ўжо быў закаханы ў Марыю, але ўсё яшчэ па-свецку, так, як кахаў да яе і буду кахаць пасля яе. Першай маёй думкай была: "Якое гэта было б шчасце, мець такую жанчыну!". Пані Эльжбета Мюлер, здаецца, усё бачыла і цешылася з гэтага. Як толькі Марыя, якую родныя ў доме звалі Мася, выходзіла са сваіх пакояў, пані Мюлер, якая да гэта, як звычайна, вяла са мной сур'ёзныя размовы, скочвалася з канапы і казала: "Ну, досыць, вы так падобныя адно на другога, што размаўляйце і весяліцеся разам". І сыходзіла ад нас. І мы гралі на тры і чатыры рукі маленькія, але мілыя кампазіцыі, тыя, якія самі выбіралі для сябе.

У кожным сумленным і маладым сэрцы шлях кахання перажывае ўздымы і падзенні. Я ўжо быў закаханы. Але яшчэ не ведаў пра чыгунку, дзе цягнік як ураган нясе чалавека і яго пачуцці, хоць і едзе па абсалютна гарызантальнай плоскасці.

Дзецям з кожным днём станавілася ўсё лепш. Так закончыўся 1823 г.

На Тры каралі я вярнуўся вельмі змучаны і адразу ўпаў у ложак. Калі мяне разбудзіў страшны стук і грукат у дзверы, я бачыў першы сон. Мой Лінгевіч спаў нявінным сном. Спатрэбілася некалькі хвілін, каб ён нарэшце прачнуўся і адчыніў дзверы. Бразгаючы шпорамі нехта ўвайшоў ў кватэру і голасна спытаў, ці жыву я тут? Адразу загадаў, каб слуга запаліў свечку і вёў яго да мяне. Гэта заняло некаторы час. Хуткіх хімічных запалак тады яшчэ не было і трэба было высекчы агонь і запаліць сярнічную губку. Таму я паспеў некалькі разоў перахрысціцца і аддаць сябе боскай апецы, пасля чаго выцягнуў рукі і ногі, бо быў упэўнены, што мяне закуюць у ланцугі. Але прыйшоў пан Севярын Закрэўскі, брат сясцёр Мюлер, які нядаўна прыехаў з Луцка. З перакошаным тварам, у імя Бога, ён заклікаў неадкладна ехаць да Станіслава Мюлера, з якім здарыўся апакаліптычны ўдар. Праз некалькі хвілін мы былі ўжо ў перадпакоі Мюлера. Страх за сябра ў гэты момант адключыў розум, і я не памятаю, як мы даехалі.

Насустрач нам, заломваючы рукі, у роспачы і адчаі, які я буду помніць нават пасля смерці, выбегла Марыя і ўскрыкнула: "Ах, ратуйце Станіслава!".

(Працяг у наступным нумары.)

* Morawski Stanislaw. Kilka lat mlodosci mojej w Wilnie (1818-1825). Warszawa, 1924. Пераклад Леаніда Лаўрэша.

102 Намер прапанаваць Русо дом у Белавежскай пушчы меў падскарбій Антоній Тызенгаўз у 1778 г., пасярэднікам у гэтай справе быў ксёндз Богуш. Гэты не адбылося з-за авантуры Вяжэвіча. Ксаверы Богуш, былы езуіт, грамадскі дзеяч і пісьменнік, удзельнік падзей 1793-1794 гг.

103 Доктар Франк пісаў пра Вяжэвіча: "Ашуканец, нягоднік, гультай". Ён жа пацвярджаў гісторыю з Русо.

104 Францішак Карпінскі (1741-1825), паэт, драматург, прадстаўнік сентыменталізму. - Л. Л.

105 Карабеля - крывая шляхецкая шабля. - Л. Л.

106 Іахім Ігнацы Літавор Храптовіч (1729-1812), сын Марціна, адна з самых выбітных асоб нашага краю пры каралі Станіславе. У 1773 г. - падканцлер, з 1793 г. - канцлер ВКЛ, ініцыятар стварэння Адукацыйнай камісіі, апякун школ і ўніверсітэта, адзін з заснавальнікаў Таварыства сяброў навукі ў Варшаве, заснавальнік бібліятэкі ў Шчорсах. З жонкай Канстанцыяй з Пшаздзецкіх, меў некалькі дзяцей, з якіх старэйшы сын Адам пасля заканчэння універсітэта працяглы час жыў у Англіі. Потым быў паслом на Чатырохгадовы сойм. Светлы чалавек, аматар навукі, выбітны аграном, ператварыў Шчорсы ў "Літоўскія Пулавы".

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

Знаёмства не для бойкі і не для ўзаемнай крытыкі:

знаёмства з Аляксеем Якімовічам

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-52 (105-156) (2024); № 1-31 (157-187) за 2025 г.)

Сувязь з Аляксеем Якімовічам была ўстаноўленая дзякуючы звароту ў Сцяневіцкую няпоўную сярэднюю школу Слонімскага раёна (ліст БІТ № 51 ад 2.06.1989), пра які было паведамлена пісьменніку.

"Паважныя таварышы!

Год назад у газетнай нататцы "Прэм'ера кнігі" (С. Чыгрын, "Настаўніцкая газета", 18.6.1988) гаварылася пра ваш семінар загадчыкаў сельскіх школьных бібліятэк, прымеркаваны да выхаду ў свет кнігі Аляксея Якімовіча "Гордзіеў вузел". Па тэмплане выдавецтва "Юнацтва" на 2 квартал гэтага года запланавана новая кніга пісьменніка - "Эльдарада просіць дапамогі" (урыўкі апублікаваны ў часопісе "Бярозка"). Гэты твор - [най]важнейшы, ключавы ў беларускай літаратуры з нашага, індзеянісцкага, пункту гледжання, першы пасля аповесці "Сын вады" Янкі Маўра (1928).

Нас, таварыства, якое мае праграму "500 гадоў сустрэчы народаў і культур: "Адкрыццё" Амерыкі і Беларусь", цікавіць, як адносяцца да згаданых твораў дзеці, як ідэі прыгодніцкай і антыкаланіяльнай літаратуры адлюстроўваюцца ў іх поглядах і мастацкай творчасці.

Ці не маглі б вы падказаць нам дакладны адрас Аляксея Якімовіча (магчыма, не трэба разумець ужытае аўтарам нататкі слова "зямляк" у вузкім сэнсе - сцяневіцкі ўраджэнец).

Мы прыхільнікі дэцэнтралізацыі, усямернага развіцця культуры, разнастайных хобі і навукі, аб'яднанняў па цікавасцях і іншых арганізацый у сельскай мясцовасці.

Заўсёды да вашых паслуг.

Часовы выканаўчы сакратар БІТ А. В. Сімакоў".

Паводле рэгістратара карэспандэнцыі і каталогаў сканіравання лістоў і канвертаў, у час перапіскі з Якімовічам усяго намі адпраўлена [4. Лісты да Якімовіча (нумары і даты па гадах з перапіскі БІТ): (№87) 18.07.1989, (№97) 13.08.1989, (№106) 31.08.1989, (№141) 12.10.1989, (№145) 28.10.1989, (№171) 04.12.1989, (№185) 21.12.1989, (№1) 05.01.1990, (№23) 01.02.1990, (б/н) 1990-02-12 (рукапісны), (№61) 07.03.1990, (№149) 12.10.1990, (№157) 02.11.1990, (№167) 19.12.1990, (б/н) 26.06.1991 (?), (№94) 28.06.1991, (№135) 15.08.1991, (№157) 01.09.1991, (№188) 29.10.1991, №81 10.04.1992, №116 15.05.1992, №70 23.11.1995, (пасля адмены нумарацыі лістоў:) 23.04.1996. 11.08.1996, 08.01.1997, 08.01.1997, 12.04.1997, 12.04.1997, 14.1.1998, 18.06.1998, 14.06.2000, 8.04.2001, 13.12.2001.] і атрымана [5. Лісты ад Якімовіча: 2.07.1989 (2 с.), 6.08.1989 (4 с.: "Яшчэ ніколі не пісаў такога вялікага ліста"), 16.08.1989 (2 с.), 6.10.1989 (2 с.), 23.10.1989 (2 с.), 30.10.1989 (2 с.), 26.12.1989 (2 с.), 27.12.1989 (б.д., па штэмпелі, 2 с.), 5.02.1990 (3 с.), 16.02.1990 (1 с.), 4.03.1990 (2 с.), 18.06.1990 (1 с.), 27.09.1990 (б.д., шт. Слонім, 2 с.), 5.12.1990 (б.д., па даце атрымання каштоўнай бандэролі, 2 с.), 29.01.1991 (1 с.), 1.08.1991 (3 с.), 1.03.1992 (3 с.), 12.02.1997 (2 с.), 14.04.1997 (2 с.), 29.07.2000 (2 с.), 14.05.2001 (б.д., па даце атрымання, 2 с.).] лістоў адпаведна 33 і 21 [6. У апошнім лісце ад нас выкладалася падтрыманая Якімовічам ідэя стварэння ў Беларусі этнаграфічнага часопіса для дзяцей (часткова натхнёная прыкладам амерыканскага дзіцячага часопіса пра народы свету, у якім з'явілася публікацыя з кулінарнымі рэцэптамі і каментарыямі ад старшыні БІТ С. Калянковіч (Kavasch E. B. Byelorussian treats // Faces: The Magazine About People (Peterborough, NH). 1991. № 3 (Nov.). P. 17-19).]; пасля пераходу на электронную пошту - невялікая колькасць паведамленняў, у асноўным з нашага боку і без прынцыпова новых ідэй, - каб зацікавіць аўтара ва ўпарадкаванні яго біябібліяграфіі, гарантаванні захавання яго архіва. Усе яго лісты - рукапісныя. У выніку перапіскі маем машынапіс (са шматлікімі рукапіснымі праўкамі, закрэсліваннямі) аповесці "Залатая дзіда" (200 с.), а таксама некаторы іншы матэрыял - рукапісны і друкаваны (выразкі, раннія артыкулы пра ЭПД і інш., менскія і слонімскія выданні твораў Якімовіча, у т.л. з аўтарскімі аўтографамі, і інш.).

Першы ліст да нас Якімовіча:

"Паважаныя сябры-індзеяністы!

З прыемнасцю даведаўся, што ў нас, на Беларусі, існуе такое таварыства, што ёсць неабыякавыя людзі, па-свойму апантаныя, якія ўмеюць цікава і карысна праводзіць час. Думаецца, што было б добра, каб свае ідэі вы выказалі на старонках той жа "Настаўніцкай газеты", пра якую ўпамінаеце ў сваім допісе. Ці вам "не даюць дарогу"?

Як зразумеў, хочаце крышачку даведацца пра мяне. Цяпер жыву ў горадзе Слоніме, працую настаўнікам Касцянёўскай няпоўнай сярэдняй школы, а нарадзіўся ў вёсцы Парэчча, якая непадалёку ад Слоніма.

Вядома, ні індзейцаў, ні Лацінскую Амерыку ніколі не бачыў. Калі пісаў "Эльдарада...", то выкарыстоўваў нейкую публіцыстыку, адбіраў не адзін год цікавыя факты. Між іншым, факты, звязаныя з побытам, з навукай, з своеасаблівымі з'явамі прыроды, не раз выкарыстоўваю ў сваіх творах. Нашы ж дзеці так мала ведаюць! А што, калі нечым зацікавяцца, прачытаўшы? Лічу, што гэта не пашкодзіць.

Лёс у "Эльдарада..." не вельмі просты. Па просьбе аднаго майго някепскага сябра яго чыталі два нашы вядомыя беларускія пісьменнікі. Ён хацеў пачуць ад іх адказ: ці можна друкаваць у "Бярозцы"? Адзін пісьменнік сказаў прыкладна так: "Я нічога тут не разумею. Няма ніякай сувязі". Другі ж заявіў: "Такое напіша вучань старэйшага класа". Пасля ўжо сам даў чытаць вядомаму пісьменніку. Дык ён нават да канца не дачытаў, а аб прачытаным адазваўся так, што я, схапіўшы рукапіс, панёсся куды вочы глядзяць. Пэўна, на злосць ім вырашаў аддаць на рэспубліканскі конкурс, прысвечаны 70-годдзю СССР. Вось там ён атрымаў заахвочвальную прэмію [7. Гэта прызнанне Якімовіча адзначанае і ў даведніку пісьменнікаў: "Шмат у яго творах пазнавальнага матэрыялу, які засноўваецца на займальных, цікавых сюжэтах. Яго кніга фантастычна-прыгодніцкіх аповесцяў "Эльдарада просіць дапамогі" на рэспубліканскім конкурсе адзначана прэміяй" (Савік Л. С. Якімовіч Аляксей // Беларускія пісьменнікі: біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. Т. 6 / пад рэд. А. В. Мальдзіса. Мінск, 1995. С. 484). У лісце Якімовічу ад 5.1.1990 г. мы ўхвалялі ідэю перакладу на рускую і для другога конкурсу: "Пераклад "Эльдарада просіць дапамогі" на рускую мову для конкурсу падтрымліваем".], а сёлета, як вы ведаеце, выйдзе асобнай кніжкай (ужо вычытаў другую карэктуру), у якую ўвайшла яшчэ адна аповесць - аповесць-казка "Выпрабаванне, альбо Баба Яга на ўроку заалогіі" (частка яе друкавалася ў газеце "Піянер Беларусі"). Між іншым, гэтую кнігу рэкамендуюць для выдання за мяжой. Але ж я асабіста на гэта не спадзяюся. Хто ж мяне за мяжой ведае? Прызнання нават у сваіх сценах няма. Вось вы мяне ганаруеце пісьменнікам, а СП БССР і Гродзенскае аддзяленне СП БССР мяне проста ігнаруе. Праўда, не крытыкуюць. Здаецца, нават хвалілі, але гэтая хвальба з заплюшчанымі вачыма.

Ці лічу "Эльдарада..." сваім самым моцным творам? Мабыць, не. Выдавецтва "Юнацтва" мяркуе ў 1991 г. выдаць маю трэцюю кніжку. Таксама дзве аповесці з серыі "Бібліятэка прыгод і фантастыкі". Тая, як думаецца, будзе мацней. На сённяшні дзень маю яшчэ сёе-тое.

Калі нешта зацікавіць, пішыце. Паспрабую адказаць.

З пажаданнем усяго найлепшага Аляксей Якімовіч" (б.д., па слонімскім штэмпелі 2.07.1989).

Першы наш ліст да Якімовіча:

"Паважаны Аляксей!

Дзякуй Вам вялікі за ліст. Ён прыйшоў нечакана і вельмі нас парадаваў.

Даруйце, калі ласка, што адказваю не адразу - былі розныя клопаты, у апошнія дні - падрыхтоўка да штогадовага летняга з'езда БІТ.

Запэўніваем Вас, што будзем актыўна прапагандаваць "Эльдарада" і ўсе Вашы блізкія па тэматыцы творы.

Мы чакалі, што аповесць выйдзе ў другім квартале, аказваецца - трэба яшчэ крыху пацярпець. Гэта да таго, што поўнага ўяўлення пра твор няма, а без гэтага немагчыма паслаць водгукі, рэцэнзіі ў газеты. Праўда, нашу ацэнку я ўжо выказаў публічна, 13-14 мая пад Мінскам адбыліся Першыя Заслаўскія чытанні - навуковая канферэнцыя, арганізаваная Беларускім навукова-гуманітарным таварыствам і ЦК ЛКСМБ. У маім дакладае сярод [най]важнейшых дасягненняў у беларускай індзеяністыцы апошніх дзесяцігоддзяў адзначаліся (дакладная цытата) "вершы пра індзейцаў з пласта літаратуры "індзейскага лета" пісьменнікаў-удзельнікаў Генеральных Асамблей ААН і прыгодніцка-фантастычная аповесць для дзяцей адзінага сапраўднага прадаўжальніка справы Я. Маўра Аляксея Якімовіча "Эльдарада просіць дапамогі"" [8. Якімовіч не згаданы ў тэзісах: Сімакоў А. Беларуска-індзейскія сувязі // Тэзісы дакладаў на I Заслаўскіх чытаннях Беларускага навукова-гуманітарнага таварыства (13-14 траўня 1989 г.). Мінск, [1990]. С. 23-27.]. Мелася на ўвазе і "геаграфія", і творчы метад (выкарыстанне элементаў навуковай папулярызацыі), і ідэалагічны змест.

Нас вельмі цікавіць, як Вы ставіцеся да творчасці Янкі Маўра, ці лічыце яго сваім - як лепш сказаць? - настаўнікам, што думаеце пра яго ўплыў (у т.л. магчымы неўсвядомлены; напрыклад, прыходзіць у галаву падабенства ў спосабе "перамяшчэння" з "Фанта-мабілем…")?

У сувязі з тым, што ёсць нейкія падставы гаварыць пра верагоднасць перакладаў Вашых твораў за мяжой, хацелі б атрымаць больш дакладную інфармацыю: адкуль зыходзіць ідэя ці прапанова, хто падтрымлівае, якія краіны і мовы, магчымыя перакладчыкі (калі іспанская, то дзіцячую літаратуру актыўна перакладае Карлас Шэрман). Мы, у прынцыпе, маглі б прыняць некаторы ўдзел у лёсе гэтага выдання, калі б Вы выказалі сваю згоду і ўхвалілі нашы канкрэтныя захады. Абсалютна шчыра, калі што і перакладаць з савецкай літаратуры, дык гэта тое, што з самых малых гадоў будзе падрыхтоўваць правільныя адносіны да несправядлівасці. Упэўнены, што на Кубе прынялі б Ваша "Эльдарада" для распаўсюджання ў Лацінскай Амерыцы. Там такой літаратуры выдаецца мала.

Вы напісалі пра сябе толькі некалькі радкоў, мы не ведаем Вашага дакладнага года нараджэння і інш. Ці не маглі б Вы прыслаць больш біяграфічных звестак (у форме кароткай аўтабіяграфіі або анкеты)?

Адзін член нашага таварыства (які, дарэчы, першы заўважыў у "Бярозцы" Вашу аповесць [9. Якімовіч А. Эльдарада просіць дапамогі: раздзелы з прыгодніцка-фантастычнай аповесці // Бярозка. 1989. № 3. С. 12-14, 19-21; № 4. С. 12-14, 19-22.]), казаў, што знаёміўся ў Слоніме з нейкім Якімовічам сталага ўзросту" (18.07.1989).

Літ.:

7569 Чыгрын С. "Не давайце засыхаць алоўку": слонімскаму пісьменніку Аляксею Якімовічу - 50 // Газета Слонімская. 1999. 14 кастр.

7568 Чыгрын С. "Залатая дзіда" Аляксея Якімовіча // Газета Слонімская. 2001. 20 верас. (20-26 верас.)

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.

Індзейцы, индейцы, Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Bielorrusia, Belarus; Алесь Симаков. Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 161].

Любы кірмаш - заўсёды наш!

23 жніўня ў горадзе Зэльва адбылося свята "Ганненскі кірмаш - 2025".

Народная студыя гісторыі і мастацтва эпох Сярэднявечча і ранняга Рэнесансу "Дама сэрца" ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" стварала цудоўны настрой на майстар-класах па старадаўніх танцах.

А народны лялечны тэатр "Батлейка" аддзела рамёстваў і традыйыйнай культуры перанёс гледачоў у эпоху рыцараў і цудоўных дам, прадставіўшы спектакль на пляцоўцы "Старажытны сказ".

ТК "Культура Лідчыны.

НА "ЗАМКАВЫ ГАСЦIНЕЦ" ВЫЙШЛІ ВАКАЛІСТЫ

23 жніўня ў рамках культурна-турыстычнага праекта "ЗАМКАВЫ ГАСЦIНЕЦ" таленавітыя вакалісты ДУА "Лідская дзіцячая школа мастацтваў" прынялі ўдзел у канцэртнай праграме.

Юныя спевакі падарылі гледачам і слухачам свае маляўнічыя канцэртныя нумары.

Мерапрыемства атрымалася яркім, запальным і святочным.

ТК "Культура Лідчыны".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX