Папярэдняя старонка: 2025

Наша слова.pdf № 36 (192) 


Дадана: 05-09-2025,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 36 (192), 3 верасня 2025 г.

У Лідзе завяршаецца падрыхтоўка да ХХХII Дня беларускага пісьменства

У Лідзе завяршаецца падрыхтоўка да ХХХІІ Дня беларускага пісьменства, з'явіліся банеры, мноства розных арт-аб'ектаў, а на вуліцы Замкавай - новыя ліхтары. Ужо забетаніравана пляцоўка пад помнік вераб'ю, што будзе ўстаноўлены перад Домам Валянціна Таўлая ў гонар першага верша "Верабейкі", які будучы паэт напісаў у 9-гадовым узросце. У самім Доме Таўлая ўстанаўліваецца інфакіёск, дзе будзе шмат цікавай інфармацыі пра лідскую літаратуру і г.д., і г.д.

Прывітанне, школа!

1 верасня ў Беларусі пачаўся чарговы навучальны год. З гэта нагоды па ўсёй краіне прайшлі ўрачыстыя мерапрыемствы.

Як і паўсюль па краіне, у Лідзе старшыня Лідскага райвыканкама Аляксандр Версоцкі і старшыня Лідскага райсавета Інэса Белуш павіншавалі вучняў, студэнтаў, педагогаў і бацькоў з Днём ведаў!

Дарагія вучні, студэнты, педагогі і бацькі!

Ад усяго сэрца віншуем вас з Днём ведаў - святам, якое адкрывае новы навучальны год, новыя магчымасці і новыя гарызонты.

1 верасня - гэта не проста дата ў календары. Гэта дзень, калі кожны з нас узгадвае свае школьныя гады, настаўнікаў, першыя поспехі і мары. Для вучняў - гэта старт да адкрыццяў і самарэалізацыі, для педагогаў - час натхнення і адказнай працы, для бацькоў - гонар і надзея.

Жадаем, каб новы навучальны год быў плённым, насычаным падзеямі і дасягненнямі, а мы зробім усё магчымае, каб навучанне было камфортным і якасным.

І асабліва цёпла віншуем нашых першакласнікаў. У гэтым годзе ў Лідскім раёне за парты ўпершыню сядуць 1354 хлопчыкі і дзяўчынкі. Няхай іх шлях да ведаў будзе цікавым, бяспечным і радасным!

З Днём ведаў, дарагія сябры! Поспехаў, здароўя і натхнення на шляху да новых вяршынь!

А яшчэ 1-га верасня ўсе першакласнікі Лідчыны атрымалі ў падарунка прыгожую кніжку "З Міхасём і Міхалінкай крочым роднымі сцяжынкамі".

ТК "Адукацыя Лідчыны".

Спрычыніўся да лідскай літаратуры

Беларускаму байкапісцу, празаіку, заслужанаму дзеячу культуры Беларусі Уладзіміру Корбану (1910-1971) 25 жніўня споўнілася 115 гадоў з дня нараджэння

Нарадзіўся пісьменнік у Барані Аршанскага раёна ў сям'і рабочага. У 1914 годзе бацькі пераехалі ў Петраград, а пасля грамадзянскай вайны ў Расіі, сям'я вярнулася зноў у Барань. Тут, не скончыўшы і пяці класаў, Уладзімір Корбан паступіў вучыцца на токара. У 1930 годзе ён скончыў сярэднюю вячэрнюю школу і два гады працаваў токарам-расточнікам на караблебудаўнічым заводзе ў Ленінградзе.

У 1932-1934 гадах юнак служыў у Чырвонай Арміі пад Менскам. Затым працаваў старшынём заўкама аршанскага завода "Чырвоны Кастрычнік", старшынём будаўнічага камбіната Аршанскага льнокамбіната. Завочна вучыўся ў Менскім юрыдычным інстытуце (скончыў два курсы). У верасні 1939 года Уладзімір Корбан разам з Чырвонай Арміяй прымаў удзел у паходзе ў Заходнюю Беларусь.

У гады Другой сусветнай вайны беларус камандаваў стралковай ротай, працаваў у аператыўным аддзеле штаба дывізіі. Удзельнічаў у баях пад Бранскам і Арлом, у вызваленні Беларусі, у баях ва Усходняй Прусіі. Вярнуўся дамоў і ў 1948-1952 гадах зноў пачаў працаваць на заводзе "Чырвоны Кастрычнік" галоўным механікам, начальнікам цэха, начальнікам аддзела кадраў. А пасля быў прызначаны дырэктарам цвікавога завода ў Лідзе.

У 1952 годзе Уладзімір Корбан пераехаў у Менск і працаваў у часопісе "Вожык", а пасля чатыры гады быў яго рэдактарам.

Першую байку ў рэспубліканскім друку паэт надрукаваў у 1946 годзе (друкавацца пачаў крыху раней у армейскай перыёдыцы - байка "Цяля і ліса" і іншыя). Аўтар больш, чым пятнаццаці кніг баек, вершаў, апавяданняў, сярод іх: "Мы іх ведаем", "Байкі", "З вецярком", "Дакладныя прыкметы", "Гарачая прыпарка", "Дзе гэта вуліца?", "Да цешчы на бліны", "Сіняк", "Не на сваім месцы", "Свінні ў рэпе", "Дзям'янава юшка", "Шклянка чаю". Аўтар кніжак для дзяцей "Янка і санкі", "Пра жывёл і пра звяроў", "Учора, сёння і заўжды", "Суседні двор" і іншых. Творы Уладзіміра Корбана вызначаюцца актуальнасцю тэматыкі, сатырычнай вастрынёй, мастацкай прастатой. Рабіў ён таксама вершаваныя подпісы да плакатаў і паштовак.

Памёр Уладзімір Корбан 30 лістапада 1971 года. Імем яго названы вуліцы, а таксама ўстаноўлены памятныя дошкі ў Оршы і Барані.

Паводле СМІ.

"Слоўка за слоўкам"

Да Дня беларускага пісьменства, які пройдзе 6-7 верасня ў Лідзе, на пляцоўцы перад музеем разгарнуў свае старонкі праект "Слоўка за слоўкам".

Праект быў створаны ў выніку паглыбленага даследвання гісторыі экспанатаў з фондаў Лідскага гісторыка-мастацкага музея.

На базе атмасферна-этнаграфічнай гасцёўні "Час. Традыцыі. Вобразы" рэалізуецца культурна-адукацыйная праграма "Рэха продкаў", якая з'яўляецца ўнікальным даведнікам па этнаграфіі рэгіёна, важным інфармацыйным і выхаваўчым цэнтрам.

Асноўная мэта праекта - захаванне і папулярызацыя мясцовых традыцый, побыту, духоўных каштоўнасцей Лідчыны.

Прадметы, якія экспануюцца ў музеі, дапамагаюць скласці ўяўленне пра ўклад жыцця нашых землякоў. Праўда, часам іх знешні выгляд ці назва выклікаюць пытанні. Праект "Слоўка за слоўкам" дае адказы на некаторыя з іх.

На пляцоўцы перад музеем жыхары і госці горада змогуць даведацца, што такое чапяла, як карысталіся стрыхоўкай і навошта кужаль скручвалі ў палойкі. Каб даведацца больш пра праект, можна перайсці на сайт музея, скарыстаўшыся qr-кодам, змешчаным на выстаўцы.

Культурна-адукацыйная праграма "Рэха продкаў" ДУ "Лідскі гісторыка-мастацкі музей" была адзначана Дыпломам І ступені ў намінацыі "За лепшую культурна-адукацыйную праграму" на VI Нацыянальным форуме "Музеі Беларусі".

Наш кар.

Да ХХХІІ Дня беларускага пісьменства

ЛІДСКІ ПАРНАС

175 партрэтаў лідскіх літаратараў

З пераплёту выйшаў літаратурна-мастацкі альбом "ЛІДСКІ ПАРНАС, 175 партрэтаў лідскіх літаратараў". - Ліда: Лідскі гісторыка-мастацкі музей, ПУП "Пружмень", 2025. - 10 с.: 175 іл. Фармат А-3.

Укладальнік Станіслаў Суднік

Кансультанты: Галіна Курбыка, Леанід Лаўрэш, Алесь Хітрун, Сяргей Чыгрын.

Рэдактар: Алесь Хітрун.

Карэктары: Ірэна Клімовіч, Алесь Хітрун.

Мастак-фотарэстаўратар: Алена Несцерава.

Прадмова Станіслава Судніка.

Гэты альбом - кароткі ілюстраваны даведнік пра літаратуру і літаратараў Лідчыны (Лідскіх паветаў розных часоў і Лідскага раёна). Альбом сабраны ў рамках падрыхтоўкі да ўрачыстасцяў ХХХІІ Дня беларускага пісьменства.

Лідчына - край паэтычны. У гэтым можна ўпэўніцца праз творы, якія ў розныя часы былі надрукаваны і з'яўляюцца яркім увасабленнем мінулага і сучаснага, бо праз іх і па сённяшні дзень мы адкрываем старонкі гісторыі. Лідскі край - гэта прастора дзеячоў культуры, якія сваімі зычнымі спевамі, яркімі фарбамі і мілагучнымі паэтычнымі радкамі адлюстроўваюць любоў да сваёй радзімы. Так, прынёманскі горад стаў натхняльнікам для артыстаў, мастакоў, паэтаў! Іх дзейнасць вядома і за межамі Беларусі, што спрыяе пашырэнню сферы турызму.

Так склалася, што элітныя літаратурныя колы нашай краіны не прыдавалі ўвагі талентам Лідчыны. А ў гэтым плане яна багатая! І нарэшце было вырашана, што ў 2025 годзе Дзень беларускага пісьменства пад нумарам ХХХІІ пройдзе ў Лідзе. Абысці лідскі рэгіён, як разумеем, не атрымалася! Так склалася, што Лідчына не стала радзімай лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры, што адсюль не выйшаў у свет Народны паэт або пісьменнік. Хтосьці можа сказаць, што вядомасць лідскіх літаратурных талентаў не расхвалена, што яны раз'ехаліся па ўсім свеце і іх ужо не звязваюць з Лідчынай, аддаюць іншым краям і народам. І той чалавек будзе мець рацыю. Але мы ведаем іх усіх, ведаем, як яны сумавалі і сумуюць па роднай зямельцы, як вазіў з сабой дзесяцігоддзямі песні, запісаныя на Лідчыне, Земавіт Фядэцкі, каб потым выдаць кніжку "Цёплыя вечары... ды халодныя ранкі...", якую ў Італіі назавуць "песнямі Атлантыды"; як выехаўшы з Беларусі Аляксандр Юрэвіч стаў "песняром Крэсаў" і напісаў кнігу "Ліда" і як Юзаф Кардаш напісаў у Польшчы кнігу "Ліда праўдзівая"; як доктар габілітаваны, карэнная лідзянка Ірэна Стасевіч-Ясюкова заснавала кніжную серыю пра знакамітых лідзян, а недзе ў глыбіні Расіі ўнук святара Савіцкага з Мураванкі Аляксандр Чудакоў апісвае Мураванку і Малое Мажэйкава ў кнізе "Кладзецца імгла на старыя прыступкі", якая ў 2011 г. атрымала прэмію "Рускі Букер дзесяцігоддзя", і г.д.

Бясспрэчна, пра Лідскі край, у якім развіваецца літаратурны працэс, ужо вялася размова на старонках перыядычных выданняў. А ў Доме Валянціна Таўлая збіраюцца і захоўваюцца кнігі і матэрыялы пра мясцовых літаратараў. Там жа праходзяць сустрэчы з лідскімі пісьменнікамі і з тымі, якія вядомыя ў нашай краіне і за яе межамі. Супрацоўнікі Лідскага гісторыка-мастацкага музея вывучаюць свой край і такім чынам знаходзяць цікавыя факты з жыцця таго ці іншага майстра прыгожага пісьменства. Даследуючы тэрыторыю, мы даведваемся, што ў свой час тут спыняліся масцітыя творцы: Янка Купала, Якуб Колас, Максім Гарэцкі, Кандрат Крапіва, Васіль Быкаў, Янка Брыль, Уладзімір Караткевіч, Алесь Ставер, Пятрусь Броўка, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Васіль Зуёнак, Ніл Гілевіч ...

Не даўшы Нобелеўскіх лаўрэатаў і Народных творцаў Лідчына спарадзіла, узгадавала або на доўгія гады прытуліла вялікую колькасць літаратараў-белетрыстаў, літаратараў-краязнаўцаў і літаратуразнаўцаў, аўтараў навукова-папулярных і публіцыстычных твораў. Мясцовыя краязнаўцы могуць назваць не адну сотню імёнаў. Калі ўзяць толькі літаратараў-белетрыстаў, то гэта:

- паэт-лацініст Міхал Карыцкі з Дзітрыкаў каля Фалькавіч, узнагароджаны паводле ўказу караля Станіслава Аўгуста медалём "Merentibus" ("Заслужаны");

- графіня Сафія дэ Шуазёль Гуф'е (з дому Тызенгаўз), фрэйліна дзвюх імператрыц, аўтарка пяці гістарычных раманаў, напісаных па-французску, але на беларускую тэматыку;

- Вільгель Пратасевіч, аўтар школы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Яго "Суседчык гавейскі", напісаны на архаічнай беларускай мове, стаіць у адным шэрагу з паэмай "Тарас на Парнасе";

- Вера Навіцкая, начальніца Лідскай жаночай гімназіі імя Марыі Навіцкай, аўтарка шэрагу аповесцей для дзяцей і пра дзяцей, у тым ліку тэтралогіі пра Марусю Старабельскую, дзе скарыстаны сюжэты з жыцця менавіта лідскіх гімназістак;

- адна з пачынальніц новай беларускай літаратуры Алаіза Пашкевіч (Цётка), якую цяпер прывыклі называць "шчучынкай", нарадзілася на гістарычнай Лідчыне, яе бацька, мяркуецца, пахаваны на лідскіх каталіцкіх могілках;

- нарадзіўся ў Радуні Лідскага павета і быў ахрышчаны ў лідскім Свята-Міхайлаўскім саборы геніяльны паэт і перакладчык Пятро Бітэль;

- закончыў Лідскую гімназію, жыў і пісаў у Баневе каля Дакудава Генеральны сакратар Саюза пісьменнікаў Польскай Народнай Рэспублікі Ежы Путрамант, у яго творах - шырокая панарама лідскага жыцця;

- у Лідзе жыў, працаваў і пакутаваў заходнебеларускі паэт-змагар Валянцін Таўлай;

- у Лідскім жа павеце знаходзілася і "гняздо" заходнебеларускіх паэтаў Герасіма Праменя, Васіля Струменя і Петруся Граніта - вёска Зачэпічы, якая сёння ў Дзятлаўскім раёне;

- у Лідскім раёне знаходзіцца вёска Біскупцы, дзе ў 19-м стагоддзі жыў і пісаў сват Адама Міцкевіча Антоні Гарэцкі, а ў 20-м стагоддзі нарадзілася геніяльная паэтэса і пісьменніца Данута Бічэль (Бічэль-Загнетава), а таксама самадзейная паэтка Ганаэфа Міхаловіч;

- на хутары Хадзюкі каля Тарнова нарадзілася аўтарка некалькіх зборнікаў паэзіі, дырэктар каталіцкага выдавецтва "Про Хрыста" Крысціна Лялько, узнагароджаная за сваю працу медалём "Benemerenti" ("Асабліва заслужаным") ад Папы Рымскага Бенедыкта ХVІ;

- у Лідзе нарадзілася аўтарка некалькіх зборнікаў паэзіі і аўтар шматлікіх прац па гісторыі беларускай літаратуры, у свой час намеснік старшыні Сусветнай арганізацыі беларусістаў, кандыдат філалагічных навук Ірына Багдановіч;

- з вёскі Дамейкі Лідскага раёна пайшоў у шырокі свет кандыдат філалагічных навук, аўтар некалькіх зборнікаў паэзіі Юрась Пацюпа;

- у Лідзе нарадзіўся майстар дэтэктыўнага жанру, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі Віктар Праўдзін;

- большую частку жыцця пражыў у Лідзе і прадаўжае тут жыць паэт і празаік Уладзімір Васько, і г.д., і г.д.

І дзясяткі, і сотні імёнаў, якія яшчэ раз сцвярджаюць, што Лідчына - літаратурны край!

У гэты альбом сабраны 175 партрэтаў лідскіх літаратараў з кароткімі анатацыямі. Гэта далёка не ўсе партрэты, тым больш не ўсе літаратары. Але каб паказаць партрэт, трэба мець больш-менш прыстойную фатаграфію або рэпрадукцыю. Каб атрымаць партрэты з зусім неякасных фатаграфій або і з апісання на словах, давялося папрацаваць мастакам Вадзіму Вераб'ёву і Алене Несцеравай, якія выканалі гэтую вельмі важную працу.

Таму, шаноўныя аматары літаратуры, паўглядайцеся ў прыгожыя, сур'ёзныя, разумныя твары лідскіх паэтаў і пісьменнікаў і паспрабуйце адказаць на пытанні: "А можа, Лідчына - не такі ўжо занядбаны ў літаратурным плане край? Можа, ёсць у Лідзе што пачытаць, што паслухаць?"

А пачытаць, насамрэч, ёсць што. Толькі ў анатацыях альбома пералічаны некалькі соцень кніг, выдадзеных лідскімі літаратарамі. Некалі ў Лідзе будуць выдадзены і "Лідскі літаратурны слоўнік", і "Лідская хрэстаматыя". А пакуль чытайце лідскі літаратурна-мастацкі зборнік "Ад лідскіх муроў" (выйшла 11 выпускаў).

Паслухаць лідскіх літаратараў можна на штомесячных паседжаннях літаб'яднання "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты" і на "Замкавым гасцінцы".

А яшчэ наведайце літаратурны філіял Лідскага гісторыка-мастацкага музея - Дом Валянціна Таўлая.

Там вы знойдзеце і гэты альбом.

Партрэты ў альбоме размешчаны ў адпаведнасці з датамі нараджэння літаратараў - ад старэйшых да малодшых.


З альбомам можна будзе пазнаёміцца падчас свята ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы, у Лідскім музеі, а таксама, спадзяёмся, у інфакіёску, які да свята будзе ўстаноўлены ў Доме Валянціна Таўлая.

Станіслаў Суднік.

Пісьменнікі рыхтуюцца да ХХХII Дня беларускага пісьменства

7 верасня Свята беларускага пісьменства ў Лідзе збіраецца наведаць пісьменнік Уладзімір Паўловіч са сваёй апошняй кнігай "Хутар".

Першая сусветная вайна… Рота асобага прызначэння пад началам капітана Сцяпана Яршова і паручніка Хведара Федарынчыка (як фарпост абароны Гарадзенскай цвердзі), сцякаючы крывёю, трымае абарону ў раёне чыгункі Гародня-Аўгустоў. Асноўныя героі рамана - салдаты-хутаране і афіцэры, якія распачалі вайсковую службу ў мястэчку Пухавічы. Пры розных абставінах рота папоўнілася камандзірам кулямёта «Максім» Збігневам Адамчыкам, снайперам Макарам Грахоўскім, разведчыкам Андрэем Блізнюком, артылерыстам падпаручнікам Дзямідам Кайгародавым і іншымі. Пакуты і страты ад нямецкіх газавых атак пад Баранавічамі, ад удараў хімічнымі снарадамі «Зялёны крыж» у раёне шашы Наваградак-Карэлічы - шмат што стрывалі байцы капітана Яршова, перш чым стаць сведкамі краху Расійскай імперыі дый растварыцца ў моры бальшавіцкіх ідэй.

Вобразы арыстакраткі Лізы Федарынчык, сястры міласэрнасці Зосі Паўловіч, хутаранак Грыпіны Сташынскай і Зіноўі Сікорскай дазваляюць разглядаць раман як гістарычна-псіхалагічны твор.

Раман «Хутар» (яго другая кніга «Кроў свая і кроў чужая») адрасуецца шырокаму колу чытачоў.

Наш кар.

Дом Валянціна Таўлая прываблівае прыхільнікаў гісторыі беларускай літаратуры. І не толькі беларусаў!

Са Стаўрапаля наведала Дом-музей сям'я Грыгар'ян. Іх сын Марк Раманавіч - яры прыхільнік і чытач беларускай літаратуры! Ён, ведае напамяць вершы Рыгора Барадуліна, Якуба Коласа. У Доме Валянціна Таўлая ён прачытаў урывак з паэмы "Новая зямля" Якуба Коласа і інш. Такое склалася ўражанне, што юнак з-за мяжы жыве нашай беларускай мовай, культурай, літаратурай, бо з яго вуснаў ліліся чыстыя беларускія словы. А як іначай! Пры жыцці паэта ў гэтым доме гучала беларуская мова. Гучыць яна і цяпер тут пастаянна. Быццам пераступаючы парог з мінулага ў сучаснае...

Марк паабяцаў вывучыць вершы Валянціна Таўлая і даслаць відэа з пранікнёным чытаннем. З задавальненнем чакаем ад яго відэазапіс.

Алесь Хітрун.

Навіны Германіі

Вернер Герцаг атрымлівае "Залатога льва" за ўклад у кінематограф

На адкрыцці Венецыянскага кінафэсту нямецкі рэжысёр Вернер Герцаг атрымлівае "Залатога льва" за выдатныя дасягненні ў кінематографе і паказвае свой новы дакументальны фільм

На адкрыцці 82-га Венецыянскага кінафестывалю нямецкі рэжысёр Вернер Герцаг (на фота) быў узнагароджаны "Залатым ільвом" за выдатныя дасягненні ў кінематографе.

86-гадовая легенда Галівуду Фрэнсіс Форд Копала ("Хрышчоны бацька", "Апакаліпсіс сёння") прамовіў laudatio ў гонар 82-гадовага рэжысёра.

- Сёння мы проста святкуем тое, што такі сапраўды вялікі чалавек жыве побач з намі, - сказаў Копала. Ён ахарактарызаваў фільмы Герцага як "унікальныя і вельмі розныя - але ўсе шыкарныя".

Герцаг падзякаваў такімі словамі:

- Венецыя заўсёды была да мяне добразычлівая.

Яго новы дакументальны фільм "Сланы-здані" пра статак так званых сланоў-зданяў у непраходных высакагор'ях Анголы дэманструецца ў рамках пазаконкурснай праграмы.

Вернер Герцаг (нарадзіўся ў Мюнхене ў 1942 годзе) - кінарэжысёр ("Носферату", "Фіцкаральда"), прадзюсар, акцёр, акцёр дубляжу і пісьменнік. Ён з'яўляецца адным з найважнейшых прадстаўнікоў міжнароднага аўтарскага кіно і "новага нямецкага кіно". У 2009 годзе часопіс Time назваў яго адным са 100 самых уплывовых людзей свету.

Венецыя (dpa/d.de). © pa/dpa.

Новая сістэма вайсковай службы на падыходзе

Кабінет міністраў Германіі робіць стаўку на абавязковы адбор і пакуль добраахвотную вайсковую службу. Акрамя таго, ён прыняў рашэнне пра стварэнне Рады нацыянальнай бяспекі

Кабінет міністраў Германіі ўхваліў пакет законаў, накіраваны на ўмацаванне ўзброеных сіл ФРГ, зрабіўшы стаўку на абавязковы вайсковы ўлік і адбор маладых мужчын, але з захаваннем права на добраахвотную службу. Міністр абароны Германіі Борыс Пісторыюс назваў законапраект пра ўвядзенне новай сістэмы вайсковай службы "гіганцкім крокам наперад". Калі закон будзе ўхвалены бундэстагам, то ён набудзе моц 1 студзеня 2026 года.

Канцлер Германіі Фрыдрых Мерц звярнуў увагу на прадугледжаную ў законапраекце магчымасць абавязковага прызыву ў тым выпадку, калі набраць дастатковую колькасць добраахвотнікаў не атрымаецца. "Такім чынам, мы на шляху да стварэння войска, заснаванага на вайсковай павіннасці", - заявіў Мерц. Па яго меркаванні, гэта добрая тэндэнцыя, якую ён цалкам вітае. Ён таксама спаслаўся на пагрозу з боку Расіі.

Вайсковая павіннасць была адменена ў 2011 годзе, але замацавана ў асноўным законе. Яна можа быць ізноў уведзена простай большасцю галасоў у бундэстагу.

Таксама кабмін прыняў рашэнне пра заснаванне Рады нацыянальнай бяспекі - цэнтральнага органа, які будзе засядаць падчас крызісных сітуацый, аператыўна прымаць рашэнні і распрацоўваць стратэгіі рэагавання на пагрозы. Яе ўзначаліў федэральны канцлер.

Берлін (dpa). © pa/dpa.

Кароткая гісторыя Лідскага замка

Леанід Лаўрэш

(Заканчэнне. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Замкавы стаў

У часы панавання караля Рэчы Паспалітай Яна Казіміра замак атрымаў штучнае возера ці стаў, якое прыкрывала яго з усходу і поўдня. Гэты стаў ёсць на планах і малюнках XVІІІ-XІX стст. і добра бачны на малюнках замка.

У інвентары 1680 г. запісана: "Лідскі замак, агароджаны мурам вакол. Брама адна, да яе (шлях) па плаціне (праз) вялікія вароты з форткай, абабітай жалезам".

Таксама інвентар 1680 г. згадвае млын, які належаў да двара старасты і знаходзіўся на рацэ Лідзейцы. Млын арандаваў лідскі яўрэй, "які здаўна яго трымае і зараз згодна з кантрактам арандуе... і абавязаны штогод плаціць па частках пяць злотых згодна з кантрактам, а месцічы горада Яго Каралеўскай Мосці Ліды і таксама яўрэі... не павінны да іншага млына вазіць збожжа, але толькі да лідскага млына".

Лідзянін Караль Ёдка пісаў пра канец XІX ст. у нашым горадзе: "Калісьці ў Лідзе, па вуліцы Гражыны 1, насупраць вуліцы Гарыстай, стаяў млын горада Ліда. А па другім баку быў зарослы балоцісты стаў, аточаны хмызам, аерам і альшынай. За некалькі гадоў да Сусветнай вайны млын быў зачынены, а возера спушчана. У 1915 г. будынак млына спалены адступаючымі расійскімі войскамі. Каля 50 гадоў гэтым млынам кіраваў дабраславёнай памяці Гірш Палячак, шляхетны чалавек, бацька вялікай сям'і, у якога мой бацька знайшоў працу за 30 рублёў заробку і 30 пудоў мукі штогод з памяшканнем для жытла, якое мела такое-сякое асвятленне і абагрэў. … Мелі дасыта чорнага хлеба, штогод садзілі пад гной некалькі загонаў бульбы, трымалі карову і свінню. Як кажуць, у млыне і шчуры сытыя. Бацька на гадавую выплату за работу на млыне купляў сабе боты ці кажух, порткі для брата Тамаша і для маці боцікі. … Брат Тамаш меў ужо 12 гадоў і ва ўсім дапамагаў бацьку. Заўжды стругаў з цвёрдага белага грабу "кулакі" для млынарскіх колаў і ляскі для шасцерняў. Каменні "вастрыў" сталёвым молатам сам бацька. … Дзень і ноч, узімку і ўлетку шумела вада на млынарскіх колах, гучалі агромністыя каменныя жарнавы, і ўвесь млын дрыжаў, як жывы. Знутры млына заўсёды вісеў туман з белага пылу. Стары Гірш Палячак, сын яго Ёсель - вазніца, мой бацька і наш Тамаш заўсёды мелі акураныя белым шапкі, твары, вопратку і нават боты. Жыхары блізшых і дальшых ваколіц штодня прывозілі жыта на памол. Калі вады ў ставе было многа, а завоз жыта невялікі, заказчыкі звычайна праз некалькі гадзін ладавалі на вазы свае мяхі з мукой і ехалі дахаты. Калі ж здаралася так, што вады ў ставе было мала, а завоз выпадаў вялікі, стваралася чарга. Коней выпрагалі, ставілі пры вазах каля млына ці ў стадоле каля дзвярэй нашага дома. Усе сяляне сходзіліся тады да нас. Звычайна ўсе разам сядалі на лаву і сталёвым крэсівам высякалі са скалкі агонь для люлькі, якая смачна пахла дымам, смалілі свае люлькі са смярдзючым тытунём уласнай гадоўлі і доўга вялі гаворкі. Часам некаторы з іх драмаў і хроп, а калі-нікалі падпускаў яшчэ горшы смурод, чым ягоная люлька. … Улетку, калі здаралася, што праз нас праходзіла жалобная працэсія, сёстры хапалі мяне за рукі, і мы ўсе разам выбягалі на могілкі за нябожчыкам, каб паглядзець, як хаваюць людзей у зямлю. На могілках галосна заводзілі бабы. Дзеці часамі таксама плакалі і нават некаторыя скакалі ў дол, да труны. Так моцна плакалі, што было іх шкада, вядома ж - страчвалі маці ці бацьку і заставаліся сіротамі".


У другой палове XІX ст. стаў канчаткова зарос і пачаў ператварацца ў дрыгву. Таму ў 1913 г. газета "Лідскае слова" пісала: "Абяцаюць нам водаправод, а вадзяны млын - гэты сейбіт заразы і розных хвароб - да гэтага часу стаіць непахісна, і гарадскія дзеячы не думаюць пра тое, што яго трэба ліквідаваць і такім чынам асушыць наш горад".

У тым жа нумары газеты нехта знаёмы з інжынернай справай у артыкуле "Да пытання пра электрычнае асвятленне ў г. Лідзе" прапанаваў скарыстацца энергіяй нашай рэчкі Лідзейкі: "На першы погляд з'яўленне ў нашым горадзе электрычнага асвятлення малаверагоднае. Бо звычайна ўсталяванне электроўні патрабуе велічэзных грошай - сотняў тысяч рублёў, якія наш горад, які налічвае каля 20 000 жыхароў, не зможа знайсці. Самі па сабе крыніцы электрычнага току - дынама-машыны - не надта дарагія, але патрэбны яшчэ і салідныя рухавікі, якія павінны мець магутнасць нават да сотні конскіх сіл. Гэтыя апошнія ў дзясяткі разоў даражэй за дынама-машыны. І гэта не ўсё. Для працы рухавікоў патрэбна паліва - мазут ці газа. Як бачым, перспектывы не надта прыемныя". Таму аўтар артыкула прапануе замест млына ўсталяваць на рацэ Лідзейцы гідрастанцыю і такім чынам зэканоміць на рухавіках і паліве: "Трэба толькі зрабіць ачыстку гарадскога става, які хутка ўсяроўна ператворыцца ў лужыну бруду і рассаднік малярыі, і ўсталяваць новыя вадзяныя турбіны". Аўтар заўважае, што "электрычнасць знойдзе самае разнастайнае выкарыстанне ў нашым жыцці: электрычнае асвятленне вуліц (карыстаемся газавака-лільнымі ліхтарамі, якія гараць "калі месяц не свеціць" ці ў афіцыйных месцах), у казённых і прыватных установах, тэатрах, клубах, крамах, у гарадскім парку, а таксама ў кватэрах заможных гараджан... Трэба нам, жыхарам культурнага горада, сур'ёзна падумаць пра выкарыстанне дармовай сілы прыроды, і тады пытанне пра электрычнае асвятленне ў г. Лідзе можна будзе лічыць вырашаным".

Улетку 1935 г. падчас земляных работ па рэгуляцыі ракі Лідзейкі каля замка Гедыміна былі знойдзены "масіўныя валы, якія, згодна з тлумачэннямі знаўца гісторыі адваката Шымялевіча, верагодней за ўсё з'яўляюцца рэшткамі гістарычнай дамбы, якая служыла для ўтрымання ці пуску вады ў равы вакол замка". У выніку гэтых работ узровень грунтавых вод у горадзе быў паніжаны на 1,1 м.

Гарадскія ўлады атрымалі пэўную суму грошай на меліярацыю з нівеліраваннем балоцістага ўчастка, які знаходзіўся амаль што ў цэнтры горада (каля замка), і заснавання тут гарадскога парку. У траўні 1938 г. на месцы будучага парку ўжо пачаліся працы. Да канца чэрвеня працы былі закончаны, і прэса паведамляла: "Таварыства сяброў горада Ліды прыступіла да ўпрыгожвання горада. Лугі каля замка Гедыміна з боку поўдня да гэтага часу ляжалі без ужытку. Зараз багна часткова асушана, і пачалася закладка парку. Хутка будуць закладзены дзіцячыя і гульнявыя пляцоўкі".

Лідзянін Ежы Болтуць успамінаў: "Летам граў ваенны аркестр, і ў рэчцы Лідзейцы, якая тут была шырокай, купалася і бедната, і інтэлігенцыя, і нават лідская арыстакратыя: пілоты 5-га авіяцыйнага палка... Ліда лічылася амаль што курортам, рака была чыстай...".

Выканаць работы не паспелі, і багна тут была да сярэдзіны 1980-х гг.

У 2010 г. замкавы стаў быў адноўлены.

Старыя дамы вакол замка

Агульнавядомай з'яўляецца думка, што старыя будынкі - галоўная каштоўнасць горада. Яны ствараюць утульнасць і адчуванне дотыку да сваёй гісторыі, выхоўваюць патрыятызм і павагу да месца, дзе нарадзіўся. Менавіта старыя дамы і старыя вуліцы ствараюць сапраўднае ўрбаністычнае асяроддзе, без іх няма горада, а значыць, і гараджан з гарадской культурай.


Насупраць замкавай сцяны стаіць, як называлі яго старыя лідзяне, "дом з калонамі" - Замкавая, 3. Дом пабудаваны ў 1926 г. У цэнтры яго галоўнага фасада паміж дзвюма калонамі знаходзіцца лоджыя. Сцены будынка завершаны карнізам, у сярэдзіне якога трохвугольны франтон порціка. Ад пачатку яго існавання тут мясцілася так званая "Соймікавая" аптэка (вул. Крывая, 3) Левінсона і Зеліковіча. Назву атрымала таму, што яе адчыніў лідскі павятовы соймік. Калі соймік зачыніў сваю аптэку, новая на гэтым месцы атрымала назву "па-Сойміковая", яна належала Людвіцы Міцкевіч (адрас - вул. Мацкевіча, 3. Вуліцу Крывую пераназвалі). Лідзянін Зіновій Баляслававіч Бянько расказаў мне, што пасля Другой сусветнай вайны з паўднёвага боку "дом з калонамі" меў драўляную прыбудову, у якой мясціўся каўбасны цэх, а ў самім доме жылі людзі.


На захад ад "дома з калонамі" стаіць двухпавярховы дом канца 1920-х гг. (Замкавая, 8).

Цікавы ў архітэктурным сэнсе дом (Замкавая, 5) стаіць адразу каля замка. Дом мае складаную шматгранную канфігурацыю са скругленым вуглом, а яго агульны выгляд кажа пра тое, што архітэктар распрацаваў праект дома пад уздзеяннем моднага з канца 1920-х гг. стылю "функцыяналізм".

На поўнач ад замка

Усё XІX ст. галоўнай навучальнай установай нашага горада і ўсёй Лідчыны было павятовае (потым - гарадское) вучылішча. Практычна ўсе вядомыя лідзяне той эпохі, якія пакінулі сваё імя ў нашай гісторыі, вучыліся ў ім.

У пачатку XX ст. павятовае вучылішча стала гарадскім і пераехала ў двухпавярховы цагляны дом па вуліцы Замкавай (ці Гедымінаўскім завулку). Будынак стаяў з паўночнага боку Лідскага замка. Фасад дома быў павернуты да дзвюх памятных соснаў на паўночным схіле замка. Тут жа быў і галоўны ўваход ва ўстанову. Гэты гмах пабудаваў лідзянін Мардух Пупко і, здаючы яго ў арэнду, атрымліваў на пачатку ад гарадскіх улад болей за 1000 рублёў арэнднай платы штогод (потым кошт арэнды паменшыўся да 800 рублёў).

У 1930-я гг. у будынку каля замка мясцілася гарадская агульнаадукацыйная школа № 5 імя Людвіка Нарбута (дарэчы, таксама выпускніка Лідскага павятовага вучылішча). Вучаніца гэтай школы лідзянка Яўгенія Ярмант пісала: "На першым паверсе размяшчаліся малодшыя класы з першага па чацвёрты. У глыбіні будынка знаходзілася агульная распранальня - рад кручкоў і драўляных калочкаў, убітых па ўсёй даўжыні сцяны. Направа ад распранальні была вялікая прахадная зала, дзе праходзілі ўрокі гімнастыкі і праводзіліся сходы харцэраў. У двары з задняга боку будынка вузкая і крутая драўляная лесвіца вяла на другі паверх. На галоўным фасадзе з правага боку размяшчалася шырокая, але вельмі крутая лесвіца, якая вяла ў настаўніцкую на другім паверсе. Ёю карысталіся толькі настаўнікі".

Другі вучань школы № 5, Ян Станіслаўскі ўспамінаў: "Мела адрас: вуліца Гедымінаўская, 10. Стары двухпавярховы будынак з чырвонай цэглы. Падлогі з дошак, цесныя калідоры, малы пляц для адпачынку дзяцей, у куце якога былі прымітыўныя туалеты. Школа не мела гімнастычнай залы, майстэрні, з кабінетаў мела толькі фізіка-геаграфічны. Вуліца Гедымінаўская з аднаго боку ўлівалася ў вуліцу Замкавую, з другога - у Мацкевіча (Крывую)". Таксама Станіслаўскі пісаў: "Перад вайной лідскім старастам быў Станіслаў Гансеўскі, былы школьны інспектар (начальнік адукацыі павета - Л. Л.). Памятаю, як пад апекай выхавальніцы мой 5-ы клас з вуліцы Гедымінаўскай (агульнаадукацыйная 5-я школа) палоў гарод пана інспектара на далёкай вуліцы Сувальскай. Тады мы атрымалі вельмі смачны і багаты сняданак, і нашай працай інспектар быў вельмі задаволены. Праца выконвалася ў межах заняткаў па прыродазнаўстве - нас вучылі адрозніваць культурныя расліны ад пустазелля".

Адсюль, з гэтага старога школьнага гмаха, пачыналася дарога ў жыццё для некалькіх пакаленняў жыхароў нашага горада.

Будынак не захаваўся - як і ўвесь цэнтр горада, згарэў у 1941 г.


На поўнач ад замка і былой Гедымінаўскай вуліцы зараз стаіць помнік вялікаму князю Гедыміну - заснавальніку нашага горада. Амаль што на тым жа месцы, дзе зараз стаіць помнік князю Гедыміну, у 1930-х гг. знаходзіўся помнік Незалежнасці.


Застаемся каля помніка князю Гедыміну. Ад пачатку з'яўлення міжгародніх аўтобусных камунікацый у 1920-х гг. прыпынкам аўтобусаў у Лідзе была плошча Славы каля фарнага касцёла, у самым цэнтры горада - месцы, недалёка ад якога знаходзіліся гарадскія ўлады, крамы і гатэлі.

У кастрычніку 1930 г. газета "Навагрудскі кур'ер" пісала: "На аўтобуснай станцыі ў Лідзе няма не толькі хоць нейкай будкі, але нават і добрай шыльды. А рух тут немалы, бывае і да 5 аўтобусаў у гадзіну".

Хутка каля фарнага касцёла пабудавалі аўтазапраўку і розныя гандлёвыя кіёскі. Лаўкі сярод кветнікаў выконвалі ролю месца чакання. Гараджане прызвычаіліся да таго, што плошча Славы была месцам прыпынку аўтобуса. Здавалася б, не трэба нешта мяняць, але гарадскія ўлады ў 1936 г. вырашылі перанесці месца прыпынку міжгародніх аўтобусаў на гарадскі рынак (сучасная цэнтральная плошча). З-за гэтага людзі пачалі дарэмна траціць час, а аўтобус на 22 месцы (у той час самы вялікі) на малой рыначнай плошчы нават не мог развярнуцца. Адбылося некалькі здарэнняў: аўтобус сутыкнуўся з фурманкай, з іншым аўтобусам, былі вывернуты гандлёвыя рады і г. д. З улікам таго, што за дзень прыходзіла і адпраўлялася ў рэйсы шмат машын, усё гэта стварала невыносныя ўмовы на рынку. Кіраўніцтва ўсіх аўтобусных суполак (арганізацый, якія займаліся міжгароднімі перавозкамі пасажыраў) падпісала петыцыю да гарадскіх уладаў з прапановай вярнуць прыпынак аўтобусаў на старое месца, але ўлады адмовіліся. Таму петыцыю пераслалі прэм'ер-міністру, пасля чаго аўтастанцыя усё ж вярнулася на плошчу Славы. Улетку 1937 г. гарадскую аўтобусную станцыю каля фарнага касцёла абсталявалі па-новаму: "Гарадскія ўлады разам з аўтобуснымі суполкамі ўпарадкавалі аўтобусную станцыю. Праз Ліду праходзяць сем міжгародніх аўтобусных ліній. Для кожнай лініі, як у Вільні, усталявана адмысловая табліца. У будучым гарадскія ўлады плануюць пабудаваць пачакальню для пасажыраў". Праз некалькі тыдняў каля міжгародняй аўтобуснай станцыі адкрылася паштова-тэлеграфнае аддзяленне.

Да 1938 г. на гэтым месцы была пабудавана аўтастанцыя. Прэса пісала: "У Лідзе пабудавана адмысловая аўтастанцыя, на якой спыняюцца агромністыя аўтобусы. Кожны дзень аўтастанцыя прымае 60 аўтобусаў. Аўтобусны рух пачынаецца з рання і заканчваецца толькі ў 20.30. Зараз дзень кароткі, аўтастанцыя не мае электрычнага асвятлення і таму разам з усім горадам пагружаецца ў цемру. Тыя электрычныя ліхтары, якія ўсё ж свецяць у горадзе, маюць такія слабыя лямпы, што за 10 крокаў ад слупа ўжо цёмна".

У 1935 г. Лідская аўтобусная суполка вырашыла пачаць пабудову па-сучаснаму абсталяванага гаража на 20 боксаў з механічнымі варштатамі, складамі, памяшканнямі для абслугоўваючага персаналу і душавымі.

Напрыканцы 1936 г. у Лідскім павеце было 27 асабістых і 4 грузавыя аўтамабілі, 6 аўтобусаў, 28 матацыклаў - разам 65 механічных транспартных сродкаў: "Ступень матарызацыі Лідскага павета ў Наваградскім ваяводстве знаходзіцца на другім месцы, першае месца займае Баранавіцкі павет, які мае 95 механічных транспартных сродкаў, на апошнім месцы - Стаўпецкі павет, дзе ёсць толькі 16 машын (з іх 5 матацыклаў)".


Не дзіва, што практычна на тым жа месцы (бліжэй да замка, зараз тут стаіць помнік князю Гедыміну) на пачатку 1950-х гг. гарадскі аўтавакзал быў адноўлены. Лідчанка Ларыса Канчэўская ўспамінае: "Праўда, які гэта быў аўтавакзал? Так, магутны цагляны навес з касай. Там сядзець можна было толькі на ўласным багажы. Ну, можа быць, стаялі ля задняй глухой сцяны дзве паркавыя лаўкі. А вакол натоўпы беспрытульных людзей, якія чакаюць ад'езду, продажу квіткоў, перасадак, сярод дзясятка аўтобусаў, што стаялі, скасабочыўшыся, стомленыя, брудныя, каля смярдзючага сарціра на чатыры месцы (два "Ж" і два "М"). Не падумайце, што я іранізую. Гэта былі звыклыя рэаліі нашага часу пасля разбуральнай вайны. Аўтавакзал быў акурат на горцы, на якой зараз знаходзіцца астравок нашага калязамкавага скверыка, які паволі пачалі закладваць у канцы сямідзясятых гадоў ХХ ст. ... І над усім гэтым морам народу гучаў неразборлівы голас дыктара-дыспетчара: "Паважаныя грамадзяне пасажыры! Аўтобус "Ліда - Табала" адпраўляецца ў 12 гадзін 42 хвіліны". Пра месца не згадвалася. Аўтобусы рыпелі і кракталі, перагружаныя людзьмі і багажом. Але гэтыя ж людзі яшчэ нядаўна пакорліва пераадольвалі дзясяткі кіламетраў пешшу. А тут - такая зручнасць! Да 1961-1962 гадоў вакзал ператварылі ў аднапавярховы будынак з дыспетчарскай, буфетам, бытоўкай для вадзіцеляў, пячным ацяпленнем". Гэты, ужо трохі павялічаны, аўтавакзал каля замка памятаю і я. Захаваліся і яго фотаздымкі.

Каля 1970 г. быў пабудаваны сучасны вялікі аўтавакзал са шкла і бетону, які пасля грунтоўнай рэканструкцыі 2010 г. служыць нам і зараз.

Дзе і што археолагам шукаць у Лідзе

У гэтай апошняй главе кнігі главе я раскажу найбольш цікавыя гістарычныя аб'екты ў Лідзе з указаннем іх дакладных геаграфічных каардынатаў, каб у будучыні ўжо немагчыма было страціць іх месцазнаходжанне. Гэтыя геаграфічныя каардынаты могуць выкарыстоўвацца любым чынам, нават на звычайнай папяровай карце, але, каб карыстальнікам было зручна, яны падаюцца ў фармаце гугль-карт - калі каардынаты ўвесці ў пошукавае вакенца гэтай сістэмы, месцазнаходжанне неабходнага аб'екта адразу будзе паказана на карце гэтай сістэмы.

Метадам вызначэння месцазнаходжання гістарычных аб'ектаў у нашым горадзе, якім я карыстаюся ўжо шмат гадоў, з'яўляецца метад накладання старых аэрафотаздымкаў на сучасную спадарожнікавую гугль-карту. Магчымую памылку вызначэння каардынат пры такім метадзе можна ацаніць як плюс-мінус 10 м, што дастаткова, каб знайсці гістарычны аб'ект памерам у вялікі будынак.


У Беларусі комплекс сінагога-іешыва, заўсёды меў назву Школьны двор. Лідскі Школьны двор з поўдня выходзіў на Рыначную плошчу, з дакументаў вядома, што прыбіраў рынак і Школьны двор адзін і той жа дворнік. З дакументаў таксама бачна, што Школьны двор існаваў у Лідзе як мінімум з XVII ст., ёсць ён і на карце горада канца XVIII ст. У 1843 г. пажар, які распачаўся з яўрэйскай лазні, знішчыў увесь Школьны двор, частку дамоў Рынкавай плошчы і ўсю вуліцу Віленскую. Пажар 1891 г. зноў знішчыў Школьны двор і амаль што ўвесь горад. Згарэла тады і старая сінагога, якая існавала і выкарыстоўвалася па прызначэнні каля 300 гадоў. Таму, магчыма, у больш глыбокіх культурных слаях, чакаюць археолагаў і яе падмуркі.

Новая мураваная лідская сінагога была пабудавана тут у 1896 г. у неамаўрытанскім стылі. Адным радком трэба заўважыць, што неамаўрытанскі стыль знаходзіўся ў рэчышчы эклектыкі ХІХ - пачатку ХХ ст., ён з'явіўся на хвалі пошукаў ідэнтычнасці і, канешне ж, не быў аўтэнтычнай маўрытанікай, якая будавалася ў Сярэднявеччы.

Новая лідская сінагога ўяўляла сабой двухпавярховы прамавугольнік памерамі 23 х 28 м і вышынёй у 30 метраў са сценамі мятровай таўшчыні. Будавалі Вялікую лідскую сінагогу 4 гады, будаўніцтва было завершана ў жніўні 1896 г., а набажэнства дазволена распачаць у снежні 1896 г. Зімой 1941-42 гг. па распараджэнні гебітс-камісара Ханвега згарэўшая ў 1941 г. сінагога была цалкам разабрана. Будаўнічае смецце пайшло на адсыпку дарогі па забалочаным участку будучай вуліцы Міцкевіча ад сучаснага праспекта Перамогі да вуліцы Савецкай (гэтага ўчастка вуліцы Міцкевіч тады яшчэ не было).

Вялікую павагу і вядомасць меў лідскі рабін Рэйнес і яго іешыва. Не забыты Рэйнес і сёння.

Калі б удалося раскапаць падмуркі іешывы Рэйнеса і галоўнай Лідскай сінагогі, а потым належным чынам правесці музеефікацыю гэтых аб'ектаў, дык без сумневу гэта выклікала бы вялікую цікаўнасць турыстаў і дало б дадатковыя грошы ў бюджэт горада.

Каардынаты сінагогі: 53.8928919606208, 25.301384562036507

Каардынаты іешывы: 53.892712249057396, 25.301293124323667


Кляштар піяраў. На тэрыторыю, дзе сёння стаіць Лідскі каледж пры Гарадзенскім універсітэце, раней з поўначы заходзіла крыло кляштара піяраў, у якім месцілася вучэльня. Пасля 1863 г. касцёл і кляштар быў перададзены пад праваслаўную царкву, і ў выніку перабудовы было знесена гэтае ўсходняе крыло будынка. Але, магчыма, на тэрыторыі каледжа падмуркі захаваліся і да нашага часу.

Піяры ў свой час зрабілі велічэзны ўнёсак у справу адукацыі на Лідчыне.

Каардынаты кляштара: 53.89353051340163, 25.303833938287244


Царква Арханёла Міхаіла. Тут жа, каля сучаснай царквы Арханёла Міхаіла (былога касцёла піяраў), як найменей з першай паловы XVII ст. стаяла ўніяцкая (грэка-каталіцкая) царква Св. Мікалая. У дакументах канца XVIII ст. на месцы былой царквы Св. Мікалая мы бачым ужо новую царкву пад тытулам Міхала Арханёла. Абедзве гэтыя цэрквы былі драўляныя. Вядома, што царква Міхала Арханёла была пабудаваная ў форме крыжа, каля яе меўся шпіталь і пабудовы плябаніі: хата святара з каморай, пякарня, клець (амбар), гумно, хлеў. Пры капітальным рамонце вуліцы Сувальскай (зараз - Савецкай) і пракладцы тэлефонных кабеляў новай у той час пошты па вуліцы Міцкевіча (якая тады яшчэ толькі будавалася), прэса паведамляла, што ў 1937 г. тут знайшлі парэшткі XVIII ст. "лідскіх месцічаў, якія былі пахаваны на могілках пры ўніяцкай царкве, якая згарэла ў першай палове XVIII ст", - тут маецца на ўвазе царква св. Мікалая. А калі знікла царква Міхала Арханёла, невядома, але на карце горада 1842 г. яе ўжо няма. Зараз там, дзе стаялі ўніяцкія цэрквы са шпіталем, плябаніяй, знаходзіцца паўночнае крыло будынка лідскага каледжа. Могілкі ж, верагодна, займалі пляц бліжэйшы да галоўнай вуліцы горада.

Каардынаты царквы: 53.89332136298254, 25.303711884679984


Іншая грэка-каталіцкая Прачысценская царква ў Лідзе знаходзілася ў раёне горада, які меў гістарычную назву Зарэчча (зараз - раён вул. Калініна). Тут яна месцілася, прыкладна з першай паловы XVII ст. і, зразумела, што на гэтым месцы па-чарзе стаялі некалькі драўляных цэркваў. Як і належыць, каля царквы меліся могілкі, і чалавечыя косткі тут знаходзілі яшчэ ў XX ст.

Міхал Шымялевіч паведамляў пра гэтую царкву, што ў купчай, якой быў аформлены продаж 7 красавіка 1630 г. лідскім мешчанінам Лаўрынам Паўлавічам Казюковічам сваёй зямлі і хаты Мацею Вайцяховічу і яго жонцы Парасе Фёдараўне, згадваецца Фёдар Грынявецкі, святар храмаў Божых у горадзе Лідзе - у імя Прачыстай і Святога Мікалая: "Chwiedor Hryniewiecki swieszczennik domu Bozego Przyczystey y swietego Mikolaya w Lidzkiem miescie stojacych", - заўважу, што гэта тэкст напісаны беларускай мовай на лацінцы. Пры апісанні межаў пляца ў купчай ясна ўказана месцазнаходжанне Прачысценскай царквы: "Іншым жа канцом да самой вуліцы, якая ідзе з горада Ліда на Дуброўну і Ліпнішкі, ідучы гэтаю вуліцай па дарозе з г. Ліды ад рынка і ад замка да Прачысценскай царквы па правай руцэ". З гэтага бачна, што Прачысценская царква размяшчалася на тым месцы, дзе, як пісаў Шымялевіч, на пачатку ХХ ст. знаходзілася "хатка Каліноўскага на Зарэччы".

Вызначаныя сучасным метадам каардынаты Прачысценскай царквы: 53.886184832612535, 25.30730971739487


Апошняя лідская ратуша.

Таксама зусім блізка ад месца раскопак 2023 г. стаяла апошняя лідская ратуша. Накладанне карты горада канца XVIII ст. на сучасную спадарожнікавую гугль-карту, паказвае, што контур ратушы, у асноўным, знаходзіцца пад сучасным домам № 13 і на прамежку паміж домам № 13 і № 11 вул. Савецкай (там дзе зараз працуе гульнявы цэнтр). Улічваючы, што месца вакол ратушы інтэнсіўна забудоўвалася пасля пажару 1891 г. (тады згарэла і сама ратуша), і другі раз тое самае рабілася з канца 1950-х гг., верагоднасць захавання падмуркаў ратушы, на жаль, вельмі малая. Апошняя лідская ратуша, згарэўшая ў 1891 г., абазначана на карце, якая складзена ў канцы XVIII ст. пры ўдзеле вучняў піярскага калегіюма.

Па шматлікіх прычынах, пералік якіх склаў бы вялікі артыкул, гарадскую ратушу абавязкова трэба аднавіць. Але з-за таго, што пляц, дзе стаяла лідская ратуша, забудаваны, нам трэба браць на ўзбраенне вопыт нашай сталіцы Менска, дзе з-за той жа прычыны, адноўленая ратуша зрабіла крок цераз вуліцу на вольнае ад забудовы месца. Адноўленай Лідскай ратушы таксама давядзецца пераступіць вуліцу Савецкую і стаяць на зараз свабодным пляцы за домам Савецкая, 16. Тут маецца вялікая пляцоўка, вольная ад забудовы, але трэба памятаць, што на гэтым месцы гарадская забудова існавала, недзе з XVI ст. (калі не раней), і перад аднаўленнем ратушы, гэтае месца патрабуе дэталёвага археалагічнага вывучэння! А знойдзеныя, па-сапраўднаму старажытныя рэчы (а не рэчы сярэдзіны XX ст.) маглі б упрыгожыць калекцыю нашай будучай ратушы.

Каардынаты апошняй ратушы нашага горада: 53.89222962259373, 25.3027088101095


Кляштар і касцёл кармелітаў. Яшчэ адным цікавым месцам, дзе трэба весці раскопкі, з'яўляецца касцёл і кляштар кармелітаў.

Зараз прыкладна там, дзе стаяў кармеліцкі кляштар, знаходзіцца будынак музычнага каледжа, а на тым месцы, дзе быў касцёл кармелітаў, праходзіць паўдзённая праезджая частка вуліцы Ленінскай, таму для пошукаў тут трэба перакрываць дарожны рух. У гэтым месцы, пры пракладцы камунікацый, неаднаразова знаходзіліся парэшткі пахаванняў людзей, што не дзіва - мы добра ведаем, што вакол касцёла кармелітаў, як і належала ў той час, меліся могілкі.

Пры дабудове да сучаснага музычнага каледжа памяшкання спартыўнай залы былі ўскрыты магутныя лёхі былога кляштара са скляпеністай столлю - старая Ліда чарговы раз нагадала пра сябе і можна спадзявацца, што падмуркі найцікавейшага лідскага гмаха XVIII ст. захаваліся, і тады пасля раскопак і ўскрыцця падмуркаў кляштара, патрэбна была б па-сапраўднаму крэатыўная ідэя, як уладкаваць гэты найважнейшы археалагічнага аб'ект, які бясспрэчна выклікаў бы вялікую цікаўнасць у турыстаў.

Каардынаты касцёла кармелітаў - 53.8902029730584, 25.302287950056257.

Каардынаты кляштара кармелітаў - 53.88971617458282, 25.301914047661725.


1 Такая назва вуліцы з'явілася ў 1920-я гг., зараз вуліца Грунвальдская.


Трэцяя кніга Леаніда Лаўрэша пра Нарбутаў Лідскіх

Перад Днём беларускага пісьменства выйшла трэцяя кніга Леаніда Лаўрэша пра лідскіх Нарбутаў "Гісторык Юстын Нарбут. Яго навуковая дзейнасць, сям'я і сядзіба, яго дачка Каміла".

У кнізе расказваецца пра гісторыка Юстына Нарбута, яго працу, яго сям'ю, сядзібу і яго час. У дадатку друкуецца аповесць дачкі Юстына Камілы Юрэвіч з Нарбутаў.

Першым вядомым нам гісторыкам на Лідчыне, які пачаў навуковую працу раней за свайго сваяка Тэадора, быў Юстын Нарбут. У гэтай кнізе аўтар падсумаваў усю знойдзеную інфармацыю пра гэтага чалавека, яго сям'ю і яго навуковую працу. Асаблівая ўвага звернута на дачку Юстына Камілу Юрэвіч з Нарбутаў.

Перад гэтай выйшлі кнігі з "нарбутаўскай серыі" Тэадор Нарбут. Навуковая і літаратурная дзейнасць, сям'я і сядзіба, яго час" і "Выхаванкі князёў Чартарыскіх з-пад Ліды".

А свайго часу чакае творчасць Юстына Нарбута, пераклад яго твораў наперадзе.

Наш кар.

Некалькі гадоў маёй маладосці ў Вільні* (1818-1825)

Станіслаў Мараўскі

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Я адразу адчуў, што ў маё сэрца, як быццам, ударыла бліскавіца. Пасля гэтых слоў, сказаных жанчынай у адчаі, я, яшчэ не пераступіўшы парог, зразумеў, што смяртэльна кахаю, кахаю яе шалёна, кахаю люта! Насамрэч, я страчваў розум. Хай нехта растлумачыць мне гэты чалавечы запал. Ніхто яшчэ дакладна не вызначаў тую хвіліну, калі сэрца пераўтвараецца ў кратэр вулкана. Але тое, што я кажу, ёсць праўда, як Бог у небе!

Агульнымі намаганнямі мы выратавалі Мюлера і ён пражыў яшчэ дваццаць пяць гадоў. Хутка забыўся пра маю паслугу. Яго жонка пані Эльжбета Мюлер, быццам бы з-за залішняй уражлівасці, не з'яўлялася на палове мужа і на ўвесь час замкнулася на сваёй палове. Я, Марыя і Расалоўскі днявалі і начавалі каля ложка хворага.

Пільнае вока жанчыны адразу заўважыла, што робіцца ў маёй душы. Паводзіны Марыі памяняліся. З мілай, пяшчотнай і ўважлівай сяброўкі яна ператварылася ў суровую ведзьму, змяю, якая з відавочнай няўдзячнасцю беспадстаўна кусала і абражала мяне, пры тым, што ўсе ў хаце бачылі, што я быў сапраўдным дабрадзеем яе дзяцей і выратавальнікам яе швагра. З усімі іншымі яны паводзіла сябе па-ранейшаму, але са мной паводзіла сябе так, што заслугоўвала папрокі і вымовы сястры і швагра, якія ведалі маю чуллівасць і пачалі ўжо баяцца, што я назаўсёды пакіну іх дом. Яны не ведалі, што я не магу пакінуць іх дом, але мяне гэта смяротна турбавала. […]

Больш за ўсё тады здзіўляў мяне стан майго цела. Усе цялесныя спакусы, якія раней я адчуваў да гэтай жанчыны, пасля Трох каралёў раптоўна зніклі. Калі падобныя думкі і прыходзілі мне ў галаву, а думаў я пра гэтую жанчыну ўвесь час, днём і ноччу, я з жахам адштурхнуў іх ад сябе. Чаго ж я хацеў? Не ведаю. Хацеў трымаць яе ў руках, хацеў абняць яе, падняць, паляцець з ёй ў бясконцасць і кружыць з ёй там усё жыццё. Хацеў сваімі пацалункамі пакінуць сляды майго кахання на кожнай часцінцы яе цела. Але думка злучыцца з ёй як мужчына з жанчынай не паўставала ў маёй галаве.

Яна не магла зразумець і дасягнуць такой вышыні пачуццяў і ўвесь час і ўсімі сродкамі баранілася ад уяўных сексуальных хітрыкаў з майго боку. І вось гэта яе памылка, гэтыя бескарысная для яе паводзіны дабрадзейнай жанчыны, сталі сапраўдным няшчасцем, бо мы не маглі паразумецца. І гэта мяне забівала. Гэта адзінае ў маім жыцці сапраўднае каханне, скончылася, гаворачы свецкай мовай, нічым, суцэльным платанізмам, поўным уздыхаў, слёз і смутку. Яго адзіным дасягненнем стаў пацалунак на развітанне. […]


Але вернемся да нашай аповесці.

Мае тагачаснае жыццё ішло вельмі своеасабліва, магчыма, як яшчэ мала ў каго. Адбывалася гэта з-за збегу абставін, якія не заўсёды супадалі і часта перакрыжоўваліся з рознымі супярэчлівымі сіламі. Ці быў я шчаслівы? Не. Чаму? Не ведаю. Ведаю толькі, што як і ўсе тыя, хто нарадзіўся пад нешчаслівай зоркай, калі азіраецца назад ці думае пра мінулае, не знаходзіць аніводнай хвіліны, якая б прынесла радасць у яго душу.

Чаму іншыя з такім захапленнем успамінаюць мінулае? Не ведаю. Відаць, усё у іх было добра. Але магчыма, іх падводзіць памяць. Калі ж я кажу пра той час, маю на ўвазе толькі стан сваёй душы і ведаю толькі, што мая душа была вартая шчасця. Бо яна была сапраўдным касцёлам, калі высакародныя пачуцці заслугоўваюць гэтай назвы. Я ўвесь быў каханнем. Я кахаў увесь свет. […]

Бацька прыходзіў да мяне і казаў:

- Увесь час кнігі і кнігі! Жывеш як стары кніжнік. Чаму б табе, маладому і здароваму, не асядлаць каня і не пакатацца? Ці не дзеля гэтага я трымаю для цябе турэцкага жарабца, ці для таго я плаціў за ўрокі верхавой язды, каб ты ніколі не сядаў на каня?

На другі дзень, каб дагадзіць яму, я загадаў асядлаць каня і паехаў. Калі я праехаў, можа некалькі сотняў крокаў, бацька мяне заўважыў.

- Хто там едзе на кані?

- Пан Станіслаў.

- Як гэта можа быць?

І ён паслаў за мной вершніка з загадам вяртацца, узняў страшны крык, нават трохі пабіў конюха, бо той асмеліўся паслухаць мяне, асядлаць каня і не спытаць дазволу.

Няхай конь адпачывае. Падкурчыўшы хвост, я вярнуўся да кніжак. Праз нейкі час бацька зноў прыходзіць да мяне:

- Чаму сядзіш над кнігамі? Маеш такую добрую паляўнічую стрэльбу, выпісаную з-за мяжы за вялікія грошы. Вось і пахадзіў бы па лесе. Гэта дасць табе здароўе і добрыя думкі. Апрануты па-паляўнічаму, выходжу са стрэльбай. Але на маю бяду бяру саламяны капялюш з вялікімі палямі, бо сонца паліць у вочы. Падстрэліў некалькі дзятлаў і вавёрак і з гэтай здабычай, з гонарам вяртаюся дахаты, дзе сустракаю бацьку:

- Нашто ты, як разбойнік, пужаеш людзей? Стрэльба за плячамі, калабрыйскі капялюш, куртка паляўнічага! Не палохай, калі ласка, маіх бедных сялян!

І паляванне скончылася.

- Ці не дазволіш мне, дабрадзей-бацька, сёння пакатацца на кані? Цудоўны дзень і конь даўно не хадзіў, - пытаю яго праз тыдзень.

- Нашто гэта літаратару? Абыдзешся, не трэба.

Дастаткова будзе гэтых трох з мільёна прыкладаў паўсядзённага жыцця. Але на наша шчасце, у той час мы жылі разам толькі два месяца ў год. Не было часу адчайвацца. І гэтыя два месяцы я, як пудзель, глядзеў яму ў вочы, каб хоць у нечым дагадзіць. Бо маё сэрца хацела адчуваць бацькоўскую любоў і самому любіць яго.

Сёння, пасля ўсяго перажытага, пасля ўсіх выпрабаванняў, пасля здрады каханак, сваякоў і сяброў, ужо дзесяць гадоў як пакінуў я малы і вялікі свет. Яшчэ цалкам здаровы і моцны, я зачыніўся як сапраўдны пустэльнік і не бачу нікога іншага акрамя маіх слуг і падданых. Усе навокал здзіўляюцца і не могуць зразумець, як я жыву без іхняга сяброўства? Спісваюць гэта на мізантропію, нянавісць да людзей і яшчэ Бог ведае на што. Вешаюць на мяне ўсіх сабак. Чалавек, які змог пражыць столькі гадоў у поўнай ізаляцыі і за ўвесь гэты час нікому не зрабіць ні шкоды, ні дабра, чалавек, які не здзічэў, не стаў дзіваком, які ўвесь час знаходзіцца ў добрым і лагодным стане, чалавек, для якога кожны дзень занадта кароткі, які любіць кветкі, птушак, мушак і матылёў і які як дзіця бавіцца з імі ў вольны ад інтэлектуальнай працы час. Такі чалавек павінен, мусіць, як Бог жывы, несці вялікую любоў да людзей і Сусвету ў сваім сэрцы. І я не жадаю губляць гэты скарб і змяняць лад жыцця. Што, калі ён будзе такім жа траўматычным, як і той, які я ўжо ведаю? Ёсць паэты, якія носяць прозу ў сэрцы. Але ёсць практычныя ў штодзённым жыцці асобы, якім увесь час паэзія казыча душы. Бяда гэтым другім, але яны не жадаюць ці саромеюцца раскідваць перлы свайго сэрца.

Лічу, што магу сам пра сабе лісліва сказаць, што пры маёй адукацыі і прыроджанай назіральнасці я меў невычарпальную крыніцу дабра да сваіх бліжніх. Я ратаваў іх здароўе без усялякай матэрыяльнай узнагароды. Бясплатна раздаваў ім лекі, набытыя за ўласныя сродкі, на што штогод мой міласэрны бацька выдзяляў пэўную суму грошай. Адзін Бог ведае, што яны рабілі са мной усе гады. Днём і ноччу выклікалі да хворых, калі я жыў на вёсцы - часам ездзіў за дзесяткі міль на саломе ў простым сялянскім возе. Яўрэй, цыган, селянін, шляхціц, святар, гараджанін - усе, хто тут жыў, усе спазналі маю дапамогу і паратунак. Шмат разоў плаціў за гэта сваім уласным здароўем. Шмат разоў днямі і начамі нерухома сядзеў ля ложка, калі ніхто са сваякоў ужо не меў моцы сядзець разам са мной. Не было чалавека, які не быў бы чымсьці мне абавязаны. І што? Узнагароду маю толькі ў сваім сэрцы, і мне гэтага дастаткова. Усе навокал мяне, у нейкім ап'яненні лічылі гэта маім абавязкам, лічылі гэта нармальным і радаваліся, што атрымалі мае паслугі бясплатна і нават не адчувалі ўдзячнасці. "O, sonta simlicitas!" 107. Гэтыя словы сказаў Ян Гус на кастры, калі ўбачыў, як маленькі хлопчык з запаленай паходняй рупліва падпальвае яго касцёр, каб, па яго разуменні, дапамагчы добраму чалавеку.

Так, часам у адказ на дабрадзейства я атрымліваў жахлівую няўдзячнасць, а потым і несправядлівы паклёп. І пасля шматгадовай працы, пасля тысяч выратаваных жыццяў я магу сказаць пра тутэйшых, што ведаў толькі аднаго ўдзячнага чалавека - майго лакея, для якога я зрабіў, можа, меней, чым для ўсіх іншым. Адвеку ў Літве жыло нейкае страшэнна цвёрдае і дзікае племя, якое насяляла наднёманскі пас ад Мерача да Юрбурка 108.

Раздзел 13. Выклік аўтара ў следчую камісію. Прычыны прыхільнага стаўлення дарадцы Лаўрыновіча. Віленскія маскарады. Жарт маршалка Сулістроўскага. Анекдот пра Адама Чартарыскага. Пра гетмана Ксаверыя Браніцкага. Здарэнні на маскарадах. Фердынанд граф Плятэр. Антоній граф Гейдройц. Сустрэча аўтара з хамам. Віленскія казіно. Казіно ў правінцыі. Сям'я Чарноўскіх. Людвік Чарноўскі. Анекдот пра выпадак з ім у Менску і сеанс гіпнозу

У Вільні я ўвесь час наведваў маскарады і жыў у няспынным руху, якім хацеў ап'яніць сябе. Сустракаў там знаёмых жанчын, якія свой румянец хавалі пад маскай. Падчас адной з такіх сустрэч я выпадкова стаяў каля галоўнага ўваходу. Большасць прыгожых і элегантных масак на імгненне спынялася і шчабятала са мной. У тым самым зале, на сваім месцы, на службе стаяў згаданы ўжо вышэй паліцыянт Крукоўскі. Яго здзівіла незвычайная ўвага вялікай колькасці масак толькі да аднаго маладога чалавека. Захацеў даведацца, хто гэта. Нехта назваў яму маё прозвішча. Гэта яму было і трэба.

Назаўтра, а сёмай гадзіне раніцы, Крукоўскі, які цікаваў за мной ажно да маёй кватэры, з самай прыгожай усмешкай прынёс мне ў ложак загад неадкладна з'явіцца ў следчую камісію. Паколькі гэта быў не арышт, высакародны пан Крукоўскі аб'явіў мне загад і адразу сышоў.

Я так-сяк распарадзіўся сваімі справамі, што было не лёгка, бо Караля зноў не было ў Вільні, а Мюлер паехаў у Пецярбург, укленчыў перад вялікім алтаром у касцёле св. Яна, які быў яшчэ ва ўсёй сваёй ранейшай прыгажосці, пасля чаго павярнуў налева і, апусціўшы нос, увайшоў у дом амаль што насупраць кнігарні і бібліятэкі ўніверсітэта, дзе ў той час засядаў следчы камітэт.

Знайшоў тут толькі Лаўрыновіча 109, знакамітую драпежную жывёлу, і гэта мяне вельмі здзівіла. Сустрэў мяне вельмі ветліва і нават ласкава, папрасіў прысесці ў пакоі і акружыў тысячамі гжэчнасцяў. Я не верыў сваім вушам і вачам. Лаўрыновіч гэта заўважыў і адразу ж сказаў, што са мной, асобай з закончанай адукацыяй, трэба паводзіць сябе па-іншаму, чым са звычайнай універсітэцкай масай. Пасля чаго перадаў мне прыгатаваныя пытанні, на якія трэба было адказаць. Лаўрыновіч нават сам выправіў тое, што я напісаў, і яго запісы не заўсёды адпавядалі падручніку мовы, але мяне гэта не надта цікавіла.

Усе скончылася тым, што ён дазволіў мне свабодна пайсці дадому і, на маё здзіўленне, правёў мяне праз усю канцылярыю да сходаў. І толькі калі мы засталіся сам-насам, сказаў: "Не пішыце пра гэта ў Коўню, але калі будзеце там, нагадайце майму брату-прэфекту, што я стрымаў свае слова. Ён зразумее, што гэта значыць". І толькі тады я здагадаўся пра тое, пра што неўзабаве даведаўся - уся гэтая незвычайная ласка была вынікам старанняў добрага ковенскага прэфекта. Але нашто гэта ўспамінаць? Здраднік Крукоўскі знайшоў мяне на маскарадзе, таму давайце лепш я раскажу пра маскарады.


Маскарады належаць да тых сапраўдных забаў, якія падабаюцца кожнаму, незалежна ад ўзроўню яго выхавання і розуму, калі толькі яны адпавядаюць сваім мэтам. Галоўная з іх, каб горад не быў занадта вялікім і большасць яго жыхароў ведала адзін аднаго, калі не асабіста, дык хаця б у твар. Каб звычайныя гарадскія плёткі, якія ў вялікіх гарадах тонуць, як кропля ў моры, хоць у агульных рысах былі вядомыя ўсёй грамадзе. Калі гэтага няма, знікае шарм, і ўсё псуецца. Таму хатнія маскарады нават больш сумныя, чым сямейныя тэатры. Другой неабходнай умовай з'яўляецца досціп жанчын. І хаця гэтага таленту, асабліва ў стасунках з мужчынамі, заўсёды хапае, вопыт паказвае, што жанчыны не ўсіх народаў могуць пераадолець сваю баязлівасць і сціпласць, прынятую ў іх грамадстве, і ў гэтай справе не дапамагае нават маска. Напрыклад, маскарады ў Пецярбургу трымаюцца толькі выключна на досціпе і такце замежных жанчын. Сціплая і баязлівая расіянка хутчэй выдасць сябе ўчынкам, чым словам.

І Вільня цалкам адпавядала неабходным умовам. Мужчыны цанілі гэтую забаву з-за свабоды, якой яны былі пазбаўленыя у салонах, дзе этыкет кантраляваў кожны крок. Віленскія маскарады першых гадоў панавання Аляксандра (А 26) былі вядомы ўсёй Еўропе. Гэтую славу надаў ім знакаміты ў той час аматар і марнатраўца Яраслаў Патоцкі, сын Шчэнснага, які патраціў на гэтыя глупствы 15 000 душ. І падчас прыватных, і падчас публічных маскарадаў ён заўсёды пераапранаўся ў вулічнага гандляра, на шыі насіў багатую шуфлядку з дарагімі пярсцёнкамі, дыяментавымі завушніцамі, запінкамі, каралямі, камеямі, парыжскімі духамі і іншымі дарагімі цацанкамі. Ён ці дарыў іх масам, ці рабіў латарэю для шчасліўчыкаў. Пасля яго падобных маскарадаў у Вільні больш не было. Такія маскарады каштавалі многа тысяч дукатаў.

Кожны горад меў свае маскарады. А Віленскія былі такія. Асобы вышэйшага свету збіраліся а палове на адзінаццатую альбо на адзінаццатую, арыстакраты і свецкія львіцы - на дванаццатую. Бавіліся максімум некалькі гадзін, рэдка калі, толькі падчас самых вясёлых маскарадаў, да другой гадзіны ночы. Усе дамы ў масках. Дамы больш ніжэйшых саслоўяў, так званы "шэры канец", таксама хацелі бавіцца, а паколькі білеты для ўсіх жанчын каштавалі аднолькава, яны прыходзілі сюды а дзявятай і, у большасці, таксама былі ў масках. Трэба ж было вытанцавацца на ўласныя чатыры злотыя. Такія жанчыны бавіліся да трэцяй гадзіны ночы. Больш простыя маладыя жанчыны, сытыя і п'яныя, з галантамі больш нізкага гатунку, гулялі яшчэ на паўгадзіны болей.

Мужчыны добрага тону ніколі не маскаваліся. Усе мужчынскія маскі, за выключэннем рэдкіх і вельмі дасціпных выключэнняў ці любоўных інтрыг, належалі студэнтам, маладым чыноўнікам ці канцылярыстам, якія рады былі паўтарыць урокі танцаў Дзявонскага - калісьці танцмайстра балету караля Станіслава, а зараз сівога але ўпартага настаўніка танцаў ва ўніверсітэце. Ім трэба было паўтарыць урокі Дзявонскага на васковай падлозе, якой не было ва ўніверсітэце, дзе настаўнік дазваляў ім шаркаць нагамі толькі па простай падлозе. Каб не паслізнуцца на васковай, трэба было прызвычаіцца. І гэта было не лішнім, бо некалькі маіх суседзяў, нядаўна як цыркулі раз'ехаліся на падлозе маёй хаты, ды так, што я з лакеямі мусіў трымаць іх пад рукі, каб не разадраліся да самога падбародка. Але "сумленнаму нішто не шкодзіць", кажуць нашы старыя статуты. Пампей і Цэзар не ведалі васковай падлогі, але добра пражылі да самай смерці.

На маскарадах усе мусілі быць у фраках і што яшчэ горш - з непакрытай галавой. Звычай ва ўсіх адносінах нязручны і даўно аспрэчаны ў Еўропе. Капялюшы ў руках церліся, гнуліся і камячыліся, хоць і мелі мы ўжо адмыслова вырабленыя, chapeau-claque (фр., "шапакляк", цыліндр для оперы, капялюш-цыліндр, які можна было скласці - Л. Л.). Варта дадаць, што з капелюшамі ў руках мы няўмысна займалі ў зале больш месца.

Каб пад маскай схаваць асобу, першыя літары імя і прозвішча чалавека пісалі на адкрытай далоні, таму пальчаткі мужчын і жанчын павінны былі быць белымі. Маскі без белых пальчатак належалі да ніжэйшых слаёў грамадства. Ніхто з самых вышэйшых саслоўяў не танчыў на маскарадзе, гэта было б смяротным грахом. Групы масак, кожныя сваім "дваром", разам уваходзілі ў залу і разам, неразлучна трымаліся за выключэннем, можа, толькі старых кабет, якія дазвалялі сабе для даверлівай размовы з нейкім мужчынам узяць яго пад руку і пайсці з ім самнасам. Але ўсе ведалі, што пад маскай хаваецца немаладая ўжо жанчына. Гэта была важная і пахвальная ўмова маскараднага этыкету. У Пецярбургу і ў Парыжы, групы масак - паннаў і маладых пані, адразу пры ўваходзе пазначалі месца і час, дзе яны будуць перыядычна збірацца, а потым кожная паасобку, разыходзіліся і без усялякага нагляду гулялі з мужчынамі па пакоях нібы ў звілістых лабірынтах Мінатаўра. Гэта вельмі зручна для мужчын і распусты. І ўсё гэта адкрывае шлях да поўнай разбэшчанасці, брудных любоўных інтрыг, а часам і жахлівых сямейных катастроф.

Што да касцюмаў, дык Вільня рэдка вызначалася нейкімі цікавымі маскамі, гэта было не модна. Дзіўна схільная да эпіграм, сталіца ніколі не хілілася да карыкатуры, хоць і мела тысячы арыгіналаў. Парыж і Лондан былі б рады мець такія скарбы. А ў нас аддавалі перавагу вершаваным жартам. Гэта было вынікам інтэлектуальнай перавагі ўніверсітэта, студэнты якога любілі фехтаваць словамі, а не вобразамі. Праз некалькі гадоў, калі рот закрыўся, першыя пазіцыі захапіла карыкатура, бо часы сталі іншымі і алегорыя замяніла праўду (А 27).

Людзі ў Вільні хаваліся пад маскай так, каб іх было цяжка пазнаць. Галоўнае было ў размовах і дасціпных жартах. Часам жарт запамінаўся надоўга. Напрыклад, такім быў жарт Сулістроўскага 110, маршалка губерні а потым губернатара Менска, паважанага і вельмі разумнага, але адначасова дасціпнага і вясёлага чалавека.

Неяк на маскарад прыцягнулі малую і прыгожую шведскую печку. Яе пачалі перасоўваць па зале і ссоўвалі штораз далей. Печка мела шыкоўна зробленыя дзверцы з белай бляхі і надпіс над імі: "А на што гэтая рэч?". Калі яе ўжо выпхнулі ў бок, нехта паспрабаваў адчыніць дзверцы.

Адчыніў. Заглянуў. Раптам разгубіўся і зачыніў. Адышоў. У яго пытаюцца:

- Што тым ты бачыў?

- Ат, паглядзі сам.

Ідуць адзін за другім. І кожны, як ад апёку, хутка зачыняе дзверцы і не хваліцца тым, што там бачыў.

Цікаўнасць расце!

Гэта была змова Сулістроўскага.

Покуль у печ заглянулі і атрымалі апёкі некалькі чалавек, потым дзесятак, некалькі дзесяткаў - усё было добра. Але калі апёкі атрымалі некалькі сотняў, ўтварылася група для помсты. Каб правучыць жартаўніка ў буфетнай печцы распалілі качаргу. Але змоўшчыкі папярэдзілі Сулістроўскага і ён уцёк.

Гэта мне крыху нагадвае анекдот, які аднойчы адбыўся ў Варшаве. Яго са смехам расказала мне адна мая сваячка, старая жанчына, якую гадавала княгіня, гетманава Агінская 111, сваячка караля Станіслава.

Вельмі вясёлы і пусты ў маладосці князь Адам Чартарыскі, генерал Падольскай зямлі, любіў, што дзіўна для такога пана, "тоўстыя" жарты. Шмат жартаваў і сярод яго фарсаў быў і такі. Ён пераапрануўся ў ксяндза, каб выспаведаць сваю жонку і такім чынам даведаўся пра ўсё яе грахі супраць сябе. А на маскарадах рабіў тысячы псотаў.

Аднаго разу ў масцы ён вёў нейкую распусную інтрыгу і сустрэўся ў зале з гетманам Браніцкім, які таксама быў у масцы і таксама рабіў аферы. Нейкі час хадзілі разам. Раптам Браніцкі адчуў моцную патрэбу выйсці з залы. Не жадаў каб яго пазналі і папрасіў Чартарыскага выйсці разам з ім. Выйшлі на двор. Ярка свяціў месяц, і трашчаў мароз. Знайшлі нейкі ціхі куток, тады яшчэ не было таго, што называецца cabinets d'aisance (фр. прыбіральня - Л. Л.). Браніцкі зняў маску, даў патрымаць яе сябру, спусціў порткі і сеў. Чартарыскі стаяў насупраць, нудзіўся, але заўважыў, што гэты кут ужо даў падобны прытулак многім людзям, шматлікія матэрыяльныя сведкі чаго, ужо зацвярдзелыя ад марозу, ляжалі на снегу. Маска Браніцкага мела вялікую і крывую дзюбу, і Чартарыскаму прыйшла думка, дзеля жарту пакласці ў кончык гэтай дзюбы маленькі кавалак чалавечых адкідаў. Так і зрабіў. Ні аб чым не здагадваючыся, Браніцкі апрануўся, надзеў маску, і абодва яны вярнуліся ў залу. Покуль шлі праз дзядзінец і па неацепленых сходах, усё было добра. Але калі ўвайшлі ў цёплую залу, Браніцкі адчуў пах і страшэнна занепакоіўся ці не забрудзіў ён выпадкова свой касцюм, ці не псуе ён паветра ў зале. Аднак ніхто нічога навокал не заўважыў, бо гэта месцілася ў вялікай і герметычна закрытай дзюбе яго маскі. Агледзеў сябе з усіх бакоў і нічога не знайшоў, але ганебны смурод дакучаў яму ўсё мацней і мацней. У роспачы адмовіўся ад ужо распачатай інтрыгі і кінуўся дахаты. Толькі там ён зразумеў сапраўдную прычыну сваіх турбот. На наступны дзень страляўся з Чартарыскім у той самай зале. Але стрэлы іх былі безвыніковымі.

Віленскія маскарады для мяне ў той час былі самай вялікай забавай, я па-сапраўднаму весяліўся і таму так многа пра іх расказваю. Потым я бываў на маскарадах Парыжа, Берліна, Пецярбурга, Варшавы, але заўсёды ўспаміналася Вільня. Праўда, гадоў з дзесяць таму, пасля працяглай адсутнасці ў Літве, я зноў наведаў віленскі маскарад, і было мне там неймаверна сумна. Але гэта мая віна, а не віна маскараду, бо я нікога там не ведаў. Мяне трошкі зацікавілі толькі некалькі старых кабет, яны імкнуліся паразмаўляць са мной пра старыя часы, але я не меў адпаведнага жадання. Гарачыя стравы, акрамя нашай тушанай літоўскай капусты і кашы, былі нічога не вартыя. Адсюль такія правілы: калі маеш мала сяброў і няма з кім паразмаўляць, ці калі наадварот, у цябе шмат сяброў - ідзі на маскарад хаця б дзеля нейкай любоўнай інтрыгі, бо дома табе будзе смяротна сумна.

Нягледзячы на ўсю вытанчаную ветлівасць, належнай увагі да кожнага і той асцярожнасці, якую дае мужчыну добрае выхаванне, усяроўна можна атрымаць тысячы сварак, звад, двубояў і мноства непрыемнасцяў. Часам нават і самы выхаваны і спакойны малады чалавек можа трапіць ў дрэнную гісторыю ці сварку. Мабыць, лепшым сродкам ад гэтага было б мець у грамадскіх месцах толькі ахаладжальныя і прыбраць сагравальныя напоі. Бо ёсць такія добрыя і мілыя людзі, якія як толькі крыху вып'юць, пачынаюць рабіць глупствы, шукаць бойкі і як дзёгаць чапляцца да людзей. Гэтага менш у людзей, якія стала жывуць у горадзе і больш у тых, хто толькі на нейкі час прыязджае сюды.

Не магу забыць дзве сваркі, якія здарыліся са мной, хоць і закончыліся яны без моцнага скандалу і розгаласу. Часцей за ўсё дэбашыраць самыя вялікія баязліўцы. Адна з гісторый адбылася на віленскім маскарадзе. Пачну здалёк. Аднойчы ў самы разгар забавы я размаўляў з групай прыгожых масак. Патронкай гэтай групы была шамбялянава, як яе тытулавалі, Сулістроўкая 112 з дому Пшыбыльскіх. Гэта была жанчына рэдкай вытанчанасці, высокага розуму, манер і, магчыма, таксама і рэдкай пакорлівасці ў адносінах з мужчынамі. Дама, якую імператар Аляксандр высока цаніў і заўсёды яе наведваў, калі бываў у Вільні. Разам з ёй у масках стаяла некалькі маладых птушак, з жоўтымі яшчэ дзюбкамі, прыгожых паннаў, душачак, якіх яна забрала пад сваё крыло на маскарадзе. Да пачатку маскараду, Сулістроўская ездзіла з дома ў дом па сваіх паннаў. Спяшаючыся, каб яе не чакалі ў карэце, адна з іх, уласна тая, ад якой у мяне нібыта гарэлі халявы, забылася ўзяць белыя пальчаткі на змену, у запас, і паехала толькі з тымі навюткімі, якія мела на руках. Кожны, хто бываў на маскарадах, ведае, што падчас такога раўта, рухаючыся паміж людзьмі, тручыся аб мужчынскія суконныя фракі і капелюшы, праз чвэрць гадзіны белыя пальчаткі выглядаюць так, як быццам у іх выціралі коміны. Зала ў віленскім доме Мюлераў, нават з улікам бакавых пакояў, магла змясціць толькі семсот чалавек. Калі гасцей было больш, станавілася цесна, горача і душна. Падчас нашай размовы да нас наблізіўся граф Фердынанд Плятэр 113, выкручваючыся ва ўсе бакі, ён ішоў пад руку з князем Антоніем Гедройцам. Сулістроўская заўважыла графа здалёк і жадаючы заінтрыгаваць Плятэра нейкай гісторыяй, якую ён імкнуўся схаваць, шапнула маёй красуні, каб тая спыніла і сказала яму некалькі слоў. Плятэр, пра якога зараз раскажу, худы і бледны, як мумія, збялеў яшчэ больш і страшэнна нахмурыўся. Я стаяў побач.

- Ці пазнаеш мяне, мая масачка?

- А як жа ж, здаўна цябе ведаю, - адказала мая гарэзніца.

Плятэр кісла агледзеў яе з усіх бакоў і папрасіў працягнуць яму руку, каб напісаць на ёй нумар. Бядачка падала. Але першапачаткова беласнежная пальчатка перастала быць белай.

Плятэр, пакрыўджаны тым, што яна сказала, нягледзячы на сваю знакамітую вытанчаную ветлівасць, на гэты раз быў такі нягжэчны, што пакланіўшыся нам з перабольшанай пашанай, прамовіў:

- Не, мая масачка, ты не можаш ведаць мяне, бо я не ведаю дам, якія маюць такія брудныя пальчаткі!

Дзяўчына не страціла гумару, зарагатала, пагразіла яму пальцам і сказала:

- На жаль, вы няветлівы, але памятайце, што ўжо на раніцы пашкадуеце аб сваіх словах.

Я, як варам абліты, зняважаны такой нягжэчнасцю ў бок маёй знаёмай, да якой нібыта меў інтарэс, з шчымлівым сэрцам пакінуў гэтую групу. Было б смешна, каб я, смаркач, зрабіў нешта супраць магната і паважанага чалавека ва ўзросце. Нас усіх тады выхоўвалі ў павазе да ўзросту. Гэтая акалічнасць сапсавала мне добры настрой.

Перш, чым расказаць пра наступствы гэтага выпадку, раскажу трошкі пра Плятэра і Антонія Гедройца.

Я не вельмі блізка быў знаёмы з графам Фердынандам Плятэрам. Гэта быў чалавек са Жмудзі, які як пан, поўнай губой, але па-еўрапейску, жыў у сябе на вёсцы. Быў вельмі багаты. Карты, коні, высокія стандарты камфорту, дабрыня і гасціннасць для шматлікіх маладых людзей, якія прыязджалі гуляць і бавіць з ім час, сабакі і вялікія паляванні, парадныя ліўрэі лакеяў і ўсе неабходныя выгоды, рабілі яго дом раем для ўсёй Жмудзі, а яго самога абсалютным узорам. Быў ён худы, як шкілет. Тонкі, як саломінка. Настолькі брыдкі, наколькі чалавек можа быць брыдкім. Як малпа! Плятэр на розных сойміках пратэжыраваў Марыконі, які выбіраўся на нейкую пасаду, і таму граф прадстаўляў яго жмудскай шляхце. Тады і з'явілася вельмі дасціпная эпіграма: "Раней італьянец вадзіў малпу, а сёння малпа водзіць італьянца".

(Працяг у наступным нумары.)

* Morawski Stanislaw. Kilka lat mlodosci mojej w Wilnie (1818-1825). Warszawa, 1924. Пераклад Леаніда Лаўрэша.

107 "O, sancta simplicitas" ("О, святая прастата!") - выраз, які прыпісваецца Яну Гусу і стаў прымаўкай. Ян Гус - ерэтык прыгавораны да спалення, быццам бы, вымавіў гэтыя словы на вогнішчы, калі ўбачыў, што нейкая бабулька (па іншай версіі - сялянка) у прастадушнай рэлігійнай стараннасці кінула ў вогнішча прынесенае ёю галлё. Зрэшты, біёграфы Гуса, грунтуючыся на паведамленнях відавочцаў яго смерці, адмаўляюць гэты факт. - Л. Л.

108 Мерач, (зараз Мяркіне) - мястэчка пры ўпадзенні р. Мерачанкі ў Нёман. Юрбарк (сёння Юрбаркас) - горад на рацэ Нёман у заходняй Летуве. - Л. Л.

109 "Советник Лавринович", тытулярны дарадца, у 1805-1806 г. "стряпчий" у судзе Расіенаў, у 1818 г. канцылярыст Віленскай губерні, член масонскай ложы "Руплівы Ліцвін" і "Школа Сакрата", памёр у 1824 г.

110 Казімір Сулістроўскі, сын Алозія, пісара вялікага літоўскага, члена Найвышэйшай віленскай рады, і Антаніны з Аскерак. У 1812-1815 гг. быў віленскім маршалкам, з 1815 г. менскім губернатарам. Памёр у 1816 г. Яго дачка Антаніна была нявесткай Андрэя Снядэцкага, арыштоўвалася па справе Канарскага.

111 Жонка гетмана Агінскага, Аляксандра з Чартарыскіх, дачка кн. Фрэдарыка Міхала, канцлера ВКЛ і Элеаноры Вальдштэйн. У першым шлюбе была за Міхалам Сапегам, другі раз за Міхалам Агінскім. Памерла ў 1798 г.

112 Караліна Сулістроўская, у дзявоцтве Пшыбыльская, жонка Юзафа († 1815), уласніка Вішнева. Была адной з шматлікіх каханак Аляксандра І. Хвалілася, што яе сын Эдмунд - сын Аляксандра І.

113 Фердынанд Плятэр, верагодна, сын Адама-Тадэвуша, генерал-ад'ютанта караля Станіслава Аўгуста і Мар'яны з Забелаў. Афіцэр арміі Напалеона. Памёр беспатомна.

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

Знаёмства не для бойкі і не для ўзаемнай крытыкі: Варабей, Грэцкі, Сафронаў, Сіняк, Церашкова

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-52 (105-156) (2024); № 1-31 (157-191) за 2025 г.)

ВАРАБЕЙ Антон (Anton Varabei) - нарадзіўся ў Менску. Скончыў University of Guelph у 2009 г. Падарожнічаў па Арызоне, уключаючы тэрыторыю наваха, з маці Ірынай Варабей на аўтамабілі ў 2012 г. (паводле звестак ад Ірыны) - яны затрымаліся там на тры месяцы, жывучы ў Тусане.

На Tucson Bicycle Classic 2018 г. знаходзім яго на п'едэстале гонару. Перамог Нікалас Жукоўскі (Nickolas Zukowsky), трэці - Марк-Антуан Надон (Marc-Antoine Nadon). Даволі паспяхова выступаў у розныя гады ў Coupe des nations Ville Saguenay (Grand Prix cycliste de Saguenay), займаў высокія месцы на Vuelta Ciclista Internacional a Costa Rica. Яшчэ больш незвычайнае месца выступлення і параўнальны поспех - на востраве Табага (11th Tobago Cycling Classic (2014)).

Літ.:

2859 Твэн М. Утаймаванне веласіпеда: апавяданні. Мн., 1971.

ГРЭЦКІ Уэйн (2) (Wayne Gretzky) - "разавы выпадак" беларуска-індзейскіх кантактаў у галіне хакею - калі Грэцкі са слаўных "Рэйнджараў" супрацьстаяў Макарці з "Тампы" (Sandy McCarthy, мікмак, Mi'kmaq).

("Спорт-Экспресс Интернет").

НХЛ. Рэгулярны чэмпіянат. Гульня ў Фларыдзе. Тампа бэй-лайтнінг - Нью-Ёрк рэйнджэрс - 2:10 (1:4, 1:3, 0:3). З 10 галоў "Рэйнджэрс" у двух дапамагаў Грэцкі: Сундстрэм - 2 (Грэцкі), (2:8). Харві - 6 (Грэцкі), (2:10).

"Тампа" прайграла, але не па боксе. У яе знайшлося каму пабіцца "і без Назарава". Андрэй Назараў, аказваецца, перад тым "зламаў палец у роўнай бітве з еўрапейскім чэмпіёнам НХЛ па боксе" (гэты тытул належаў тады паляку Кшыштафу Аліве). Сэндзі Макарці і канадзец італьянскага паходжання Энрыка Чыконе шмат часу знаходзіліся на месцах штрафнікоў.

Сэндзі - тафгай, вядомы сваімі бойкамі. Правы вінгер, адыграў 11 сезонаў у НХЛ - "Калгары флэймс", "Тампа бэй лайтнінг", "Філадэльфія флаерс", "Караліна харыкейнс", "Нью-Ёрк рэйнджэрс" і "Бостан бруінс".

Літ.:

7914 Джой Ю. Профессия - тафгай // Аргументы и факты. 2004. Сент. № 36. С. 32.

САФРОНАЎ Анатоль (3) - як адзін з сямі журналістаў пад кіраўніцтвам Б. Палявога, якія ў кастрычніку-лістападзе пабывалі ў Нью-Ёрку, Кліўлендзе, Солт-Лейк-Сіці (Юта), Рына, Вірджыніі-Сіці (Невада), Сан-Францыска, Лос-Анжэлесе, Фініксе (Арызона), Вашынгтоне, меў са спадарожнікамі сустрэчы з арызонскімі індзейцамі, уключаючы ўраджэнку Сан-Карласа, часткова апачку. Расказаны ім эпізод пра развіццё адукацыі для індзейскіх дзяцей ідзе ў яго нарысе пасля таго, як адбыўся зусім непрыемны эпізод, калі адна з індыянак заплакала пры спробе яе сфатаграфаваць.

Адзін з галоўных двух, хто апякаў групу з боку Дзярждэпартамента, быў Фрэнк Клакхан, вядучы карэспандэнт "Нью-Ёрк таймс". У майскім нумары "Рыдэрс дайджэст" за 1966 г. з'явіўся яго артыкул "Падарожнічаючы па ЗША з сямю чырвонымі", які вельмі не спадабаўся гэтым чырвоным, якім у час паездкі гэты кансультант Дзярждэпартамента здаваўся найлепшым ва ўсіх адносінах з тых, хто быў побач.

У ІНДЗЕЙСКАЙ ШКОЛЕ

Анатоль Сафронаў

Мы звярнуліся да Клукхана [Клакхан, Frank Kluckhohn]:

- Няўжо на гэтым наша знаёмства з індзейцамі і скончыцца?

- Што вы! Заўтра паглядзіце школу для індзейцаў.

- А хіба яны вучацца не ў агульных школах?

- Не.

- Чаму?

- Прыедзеце ў школу - усё даведаецеся.

Цяжка было ўсё ж Фрэнку Клукхану з намі!

Двухпавярховы будынак на ўскраіне Фенікса, акружаны пальмамі, - гэта і была індзейская школа [Phoenix Indian School, Phoenix, Arizona]. Побач са школай размешчаны інтэрнат. Мы падзяліліся на тры групы. Разам з Віктарам Палтарацкім мы ўвайшлі ў сёмы клас. Дзясяткі тры хлопчыкаў і дзяўчынак сядзела за партамі. Настаўніца вяла ўрок. На першай парце сядзела дзяўчынка трынаццаці гадоў, Карнэлія Вапта. У яе былі нафарбаваныя вусны. Мы спыталі выкладчыцу, што яны зараз робяць.

- Рыхтуемся да кірмашу.

- Да якога кірмашу?

- Ну, да выставы сельскагаспадарчай.

- А што менавіта рыхтуеце?

- Паказ.

- Які?

- Нацыянальны, індзейскі.

Нам стала зразумела - зноў экзотыка. Мы спыталі Карнэлію Вапту з племені Піма, што яна найбольш любіць. Дзяўчынка, густа пачырванеўшы, маўчала.

На адной з парт сядзеў шустры чарнавокі хлопчык. Мы спыталі яго:

- Ці чуў штосьці пра Савецкі Звяз?

- Чуў.

- А што менавіта?

Хлопчык адразу стаў сур'ёзны, і вочы ў яго патухлі. Ён маўчаў. Мы звярнуліся да настаўніцы:

- Ці вывучаюць дзеці гісторыю?

- Зараз вывучаем Паўднёвую Амерыку, потым Аляску, потым СССР.

За намі назірала некалькі дзясяткаў вачэй. Мы пажадалі індзейскім школьнікам поспехаў і адправіліся ў іншы клас.

У дзявятым класе ішоў урок англійскай мовы. Выкладчыца Мэй Фланіган [Maye Flanigan, Teacher] трымала ў руках часопіс, выдадзены на дрэннай, жоўтай паперы. На адкрытай старонцы мы ўбачылі фатаграфію Чырвонай плошчы. Некалькі жанчын з мётламі ў руках прыбіралі снег.

- Што гэта за часопіс?

- "Малодшы школьнік", - адказала выкладчыца.

- Вы па гэтым часопісе вывучаеце з дзецьмі англійскую мову?

- Так.

- А чаму англійскую мову вывучаеце па артыкуле аб Савецкім Саюзе?

Мэй Фланіган пачырванела:

- Так прыйшлося...

- Але ж цяпер Чырвоная плошча зусім не такая, якой яна намаляваная на здымку.

- Я гэтага не ведаю...

- Можна ў вас папрасіць часопіс? У вас, мабыць, яшчэ ёсць?

- Так, вядома... Калі ласка. - Мэй Фланіган працягнула часопіс. - Можа быць, у вас ёсць пытанні? - Спытала яна, імкнучыся перавесці непрыемную для яе размову на іншую тэму.

- Ёсць, - сказаў Віктар Палтарацкі. - Ці ведаюць школьнікі "Спеў аб Гаяваце"?

Мэй Фланіган пачырванела зноў.

- Не... Яшчэ не ведаюць... Гэта яшчэ ў іх наперадзе.

- Але ж гэта дзявяты клас! Яны хутка заканчваюць школу.

- Гэта залежыць ад праграмы... Яны, вядома, будуць ведаць... Можа быць, вы хочаце пачуць словы на мовах іх племені? - І, не чакаючы нашага адказу, яна звярнулася да дзяўчынкі: - Скажы на сваёй мове слова: "Добры дзень".

Дзяўчынка неахвотна паднялася і вымавіла гэтае слова па мове свайго племені. Мэй Фланіган звярнулася да іншай. Тая адмовілася.

- Не трэба, - сказаў Палтарацкі. - Гэта ж усё ж такі ўрок англійскай мовы.

Мы накіраваліся ў інтэрнат. У вялікім пакоі каля белага халадзільніка сядзелі некалькі індыянак і пажылая жанчына.

- Што яны робяць? - спыталі мы Глена Лундзіна, намесніка дырэктара школы, які сустрэў нас у інтэрнаце.

- Урок дамаводства.

Мы зазірнулі ў пакой для дзяўчынак. Ложкі стаялі ў два паверхі.

Глен Лундзін расказаў пра тое тым, як жывуць вучні. Навучэнцы дзеляцца на дзве групы. Частка з іх, меншая, вучыцца дванаццаць гадоў, астатнія - пяць. Пяцігадовае навучанне, як сказаў ён, "для элементарных прафесій". З пяцігоднікаў [пятигодичников] рыхтуюць пекараў, цесляроў, муляраў і г.д. На ўтрыманне кожнага вучня адпускаецца восемсот долараў у год. Гэтай сумы не хапае. Школьнікі падзарабляюць [прирабатывают] яшчэ па суботах і нядзельных днях у прыватных дамах. Дзяўчынкі выконваюць працу служанак, хлопчыкі - усякую чорную работу па двары...

- Навучанне ўскладняецца тым, - казаў Глен Лундзін, - што тысячы дзяцей індзейцаў ніколі не навучаліся ў школе...

- Ці адрозніваецца гэтая школа ад звычайнай амерыканскай школы?

- О, вядома! - сказаў Лундзін. - Але гэта тлумачыцца толькі рознай ступенню культуры.

Мы не паглыбляліся ў гэтыя цяжкія пытанні. На чарзе яшчэ было наведванне Бюро па індзейскіх справах. [...]

Літ.:

13229 Щербинина О. И. "Уплывало семеро романтиков": первая поездка группы советских журналистов в США эпохи "оттепели" // Литературный факт. 2023. № 3. С. 293-322.

8181 Аджубей А. "Серебряная кошка", или Путешествие по Америке. М., 1956.

1795 Полевой Б. Американские дневники. М., 1957.

1164 Грибачев Н. Семеро в Америке // Грибачев Н. Путешествия. Семеро в Америке. Звезды австралийские. По ту сторону. М., 1958. С. 5-156.

1165 Грибачев Н. М. Семеро в Америке // Грибачев Н. М. Собр. соч. в 6 т. Т. 5 Путешествия; Статьи о литературе. М., 1986. С. 7-132.

2314 Софронов А. В. Америка как таковая // Софронов А. В. На ближнем и дальнем Западе: путевые очерки. М., 1968. С. 115-224.

2323 Софронов А. В. Еще раз Америка // Софронов А. В. На ближнем и дальнем Западе: путевые очерки. М., 1968. С. 225-257.

1975 Софронов А. В. На трех континентах: Путешествия. Встречи. Воспоминания. М., 1986.

1976 Софронов А. В. Собрания сочинений: в 6 т. Т. 5: Путевые очерки. 1949-1970. М., 1986.

2343 Цветкова Н. Об очерках Анатолия Софронова // Софронов А. Собрание сочинений: в 5 т. Т. 4: Путевые очерки М., 1972. С. 596-603.

СІНЯК Мэдлін (5) - у маленькай нататцы ў газеце "Беларускі голас" № 354, сакавік 1990 г., ёсць згадка лініі мерапрыемстваў Municipal Race Relations, да якіх яна мела дачыненне. Вядома, што ў тым жа годзе была выдадзеная 128-старонкавая справаздача канферэнцыі 1988 г.: Municipal Race Relations: Report of the Proceedings of the First Ontario Conference on Municipal Race Relations, December 2 & 3, 1988, Toronto, Ontario. Race Relations Directorate, 1990.

Акрамя Магдалены, у паведамленні пра канферэнцыю 1990 г. у Арыліі (Арыллі) згадваецца толькі яшчэ адзін чалавек. Але які! Боб Вонг (Robert Charles Wong) - палітык, першы кітайскага паходжання, выбраны ў Заканадаўчы сход Антарыа, а таксама і першы ў маштабе ўсёй краіны канадзец кітайскага паходжання, які служыў у правінцыйным кабінеце міністраў (provincial government of David Peterson).

У 1972 г. ён быў спецыяльным дарадцам па пытаннях мультыкультуралізму Стэнлі Хайдаша (Гайдаша), першага дзяржаўнага міністра Канады (Stanley Haidasz, польскага паходжання). Пазней быў членам Мультыкультурнай кансультатыўнай рады, стаў членам праўлення Каралеўскага музея Антарыа (Royal Ontario Museum).

У 1989 г. ён быў прызначаны міністрам грамадзянства, адказным за расавыя адносіны, мультыкультуралізм і Камісію па правах чалавека Антарыа.

КАНФЕРЭНЦЫЯ Ў АРЫЛІІ [ORILLIA]

21-23-га лютага адбылася ў Жэнева-Парк Цэнтры [Geneva Park Centre] - Антарыа трохдзённая Канферэнцыя па справах расавых суадносін, скліканая Урадам Антарыа [Антэрыя] праз Міністра Грамадзянства [Minister of Citizenship] Боб [Боба, Роберта] Вонга.

Удзел у Канферэнцыі брала Магдалена Xмаранка - Дырэктар Зносін і Праграмовай Разбудовы Шматмоўнай Тэлевізійнай Станцыі-47.

Літ.:

5299 Кухарчык Я. Праблемы з мультыкультуралізмам / пер. з пол. С. Санько // Фрагмэнты філязофіі, культуралёгіі, літаратуры. 1999 № 1-2/6 (лета). С. 45-74.

5300 Фрэнсіс С. Іншы твар мультыкультуралізму / пер. з анг. І. Бабкова // Фрагмэнты філязофіі, культуралёгіі, літаратуры. 1999. № 1-2/6 (лета). С. 38-44.

ЦЕРАШКОВА Валянціна (2) (Valentina Teresh-kova) - "першая касманаўтка-беларуска".

На скане, зробленым з кнігі Нікалаевай-Церашковай, якая знаходзіцца ў нашай бібліятэцы, - "Сусвет - адкрыты акіян!" (1964) - здымкі з момантаў з'яўлення яе разам з Юрыем Гагарыным у штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку і на 56-й Генеральнай канферэнцыі Міжнароднай авіяцыйнай федэрацыі (МАА, ФАІ, FAI, Federation Aeronautique Internationale, International Aeronautical Federation) у Мексіцы (1963). У "Навінах ААН" з'явілася інфармацыя пра прэс-канферэнцыю савецкіх касманаўтаў Ю. Гагарына і В. Церашковай у штаб-кватэры ААН (16.10.1963).

Яна наведала і іншыя краіны Амерыкі.

У якасці дадатковага, паралельнага матэрыялу - першы ліст ад Уладзіслава Лупакова, - з Байканура, дзе ён праходзіў тэрміновую службу (далей - брэсцкі школьны педагог у дакладных навуках).

Крыніца звестак пра наведванне Церашковай Новага Свету восенню 1963 г :

ЦЕРАШКОВА І ГАГАРЫН НА КУБЕ, У МЕКСІЦЫ, ЗША І КАНАДЗЕ (кастрычнік 1963 г.)

34. Куба.

Перыяд: 10-12 кастрычніка 1963 года.

10 кастрычніка прыляцеў у Гавану (аэрапорт імя Хасэ Марці).

11 кастрычніка Гагарын і Церашкова здзейснілі паездку ў прыгарад Гаваны.

12 кастрычніка раніцай Гагарын і Церашкова вылецелі ў Мексіку.

35. Мексіка.

Перыяд: 12-15 кастрычніка 1963 года.

Па запрашэнні Міжнароднай авіяцыйнай федэрацыі (ФАІ).

12 кастрычніка прыляцелі ў сталіцу Мексікі Мехіка (аэрапорт Мехіка).

13 кастрычніка прысутнічалі на пасяджэнні 56-й генеральнай канферэнцыі ФАІ, агледзелі Мехіка.

14 кастрычніка наведалі ўніверсітэцкі гарадок.

15 кастрычніка вылецелі ў ЗША.

36. Злучаныя Штаты Амерыкі.

Перыяд: 15-16 кастрычніка 1963 года.

Па запрашэнні Генеральнага сакратара ААН У Тана.

15 кастрычніка прыбылі ў Нью-Ёрк.

16 кастрычніка наведалі штаб-кватэру Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, выступілі перад супрацоўнікамі апарата і журналістамі.

16 кастрычніка вылецелі ў ГДР.

37. Канада.

Перыяд: 16 кастрычніка 1963 года.

Падстава візіту: першая прамежкавая пасадка, начлег і запраўка самалёта Глей-18 па шляху з Нью-Ёрка ў ГДР.

16 кастрычніка прыляцелі ў Гандэр (аэрапорт Гандэр).

Вылецелі ў Вялікабрытанію 16 кастрычніка.

Літ.: 3251 Через прерии - к звездам! // Знамя юности. 1995. 1 дек. (Екатеринбургские микробайки; Красная бурда.)

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.

Індзейцы, индейцы, Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Bielorrusia, Belarus; Алесь Симаков. Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 161].

Зямля бацькоў - майго жыцця крыніца"

Творчы калектыў Мінойтаўскага культурна-досугавага цэнтра Дзяржаўнай установы "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" выступіў з канцэртнай праграмай "Зямля бацькоў - майго жыцця крыніца" ў в. Калясішча.

ТК "Культура Лідчыны".

Апошні дзень лета на"Замкавым гасцінцы"

31 жніўня 2025 года, у апошні дзень лета, мы зноў акунуліся ў атмасферу чараўніцтва і гісторыі на культурна-турыстычным праекце "Замкавы гасцінец"! Жыхары і госці горада змаглі нацешыцца грацыяй і стылем мадэльнай школы Ларысы Нямцу. Юныя мадэлі прадэманстравалі вытанчаныя ўборы і ўпэўненую падачу, скарыўшы сэрцы гледачоў сваёй прыгажосцю і талентам.

Музычны настрой ствараў непаўторны ансамбль цымбалістаў "DASK'EDY". Іх віртуозная ігра на цымбалах перанесла нас у свет запальных рытмаў, прымусіўшы прытанцоўваць у такт!

Творчы калектыў "Скудрынка" падарыў нам мора пазітыву.

Да новых сустрэч на "Замкавым гасцінцы" ў наступным годзе!

ТК "Культура Лідчыны".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX