Папярэдняя старонка: 2025

Наша слова.pdf № 37 (193) 


Дадана: 10-09-2025,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 37 (193), 10 верасня 2025 г.

ХХХІІ Дзень беларускага пісьменства ў Лідзе

6 і 7 верасня Ліда стала цэнтрам прыцягнення для тысяч цаніцеляў і майстроў друкаванага слова. Горад з размахам і на найвышэйшым узроўні адсвяткаваў ХXXII Дзень беларускага пісьменства.

У гэтым годзе ў канцэпцыю свята ўключаны такія тэмы, як 80-годдзе Вялікай Перамогі, Год добраўпарадкавання і 500-годдзе з моманту першай публікацыі кнігі "Апостал" Францішка Скарыны.

Урачыстасці з нагоды Дня беларускага пісьменства ўжо шмат гадоў праводзяць у розных гарадах Беларусі для папулярызацыі лепшых традыцый нацыянальнай культуры і друкаванага слова. Яго прымаюць гістарычныя і культурныя цэнтры, з якімі звязана жыццё вядомых дзеячаў краіны. Традыцыя святкаваць Дзень беларускага пісьменства зарадзілася ў 1994 годзе, калі 28 жніўня ў Полацку ўпершыню прайшлі мерапрыемствы ў гонар Дня беларускага пісьменства і друку. 26 сакавіка 1998 года быў прыняты ўказ Прэзідэнта нумар 157 "Аб дзяржаўных святах, святочных днях і памятных датах у Рэспубліцы Беларусь", які ўстанавіў, што Дзень беларускага пісьменства будзе штогод адзначацца ў першую нядзелю верасня. З таго часу свята атрымала асабліва шырокі размах і падтрымку на самым высокім узроўні.

Сталіцамі маштабнага свята раней ужо станавіліся Полацк, Тураў, Наваградак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае, Быхаў, Шчучын, Рагачоў, Іванава, Слонім, Бялынічы, Капыль, Добруш, Гарадок, Івацэвічы.

У гарадах, якія прымаюць Дзень беларускага пісьменства, праводзяць шырокія работы па рамонце, рэканструкцыі і аднаўленні будынкаў, вуліц і плошчаў, абнаўленні жыллёвага фонду, уводзяць у эксплуатацыю аб'екты сацыяльна-культурнай сферы, адкрываюць помнікі архітэктуры і мастацтва. У час свята ўдзельнікі і госці ўрачыстасці знаёмяцца з новымі кніжнымі выданнямі, сустракаюцца з літаратарамі, журналістамі, выдаўцамі, слухаюць выступленні паэтаў і пісьменнікаў, творчых калектываў і выканаўцаў.

У гэтым годзе сталіцай Дня беларускага пісьменства стаў горад Ліда. Яна была заснавана ў сівую даўніну. У 1323 годзе тут быў пабудаваны знакаміты Лідскі замак, які стаў адным з важнейшых абарончых збудаванняў таго часу.

У 1590 годзе Ліда атрымала Магдэбургскае права і гарадскі герб. У наступныя стагоддзі горад уяўляў сабой адміністрацыйны, судовы, гандлёвы цэнтр павета, раёна. З 1759 па 1834 год у ім існавала сярэдняя навучальная ўстанова - піярскі калегіюм, выпускнікі якога пакінулі прыкметны след у навуцы і літаратуры. З другой паловы XIX стагоддзя пачала інтэнсіўна развівацца прамысловасць, гэтаму садзейнічала пракладанне чыгункі. У горадзе з'явіліся чыгуналіцейныя, машынабудаўнічыя, лесапільныя, макаронныя, кандытарскія фабрыкі і заводы, шматлікія магазіны, рэстараны і гасцініцы. Сучаснае аблічча горад атрымаў у 60-80-я гады ХХ стагоддзя.

Багата лідская зямля і на таленавітых асоб. Тут нарадзіліся акадэмік Аркадзь Мігдал і гісторык літаратуры Пётр Коган, кампазітар Канстанцін Горскі, вучыліся і жылі многія выдатныя дзеячы мінулага і нашага часу.

Сёння Ліда - сучасны культурны рэгіён Гарадзеншчыны. У горадзе больш за 300 вуліц і завулкаў - пражывае больш за 100 тысяч чалавек. Працуюць 25 вялікіх прамысловых прадпрыемстваў. Акрамя школ ёсць гімназія, ліцэй, чатыры каледжы.

Да Дня беларускага пісьменства ў Лідзе адрамантавалі бібліятэку, адкрылі абноўленую кнігарню, добраўпарадкавалі тэрыторыі каля Лідскага замка, распрацавалі новы турыстычны маршрут.

У Доме Валянціна Таўлая разгорнута тэматычная выстава "Пераступіўшы парог", а таксама ўстаноўлены літаратурны інфакіёск. Наведвальнікі ўжо маюць магчымасць праз сучасную тэхналогію пазнаёміцца са шматлікімі матэрыяламі - фотаздымкамі, рукапісамі, дакументамі, якія маюць дачыненне да жыцця і творчасці беларускага паэта Валянціна Таўлая.

Акрамя гэтага тут месца знайшлі PDF-версіі ўсіх нумароў літаратурна-мастацкага зборніка "Ад лідскіх муроў", пдф-версія альбома "Лідскі Парнас. 175 партрэтаў лідскіх пісьменнікаў" і інш.

Па дадзеных міліцыі ў свяце прынялі ўдзел 44 000 чалавек, што для лідскіх прастораў не так шмат, а таму абстаноўка на свяце была вельмі камфортная: усюды можна было трапіць, да ўсяго можна было даступіцца, і да кніг, і да квасу, паглядзець выступленні артыстаў і паслухаць паэтаў.

У 9.15 у Лідскім гісторыка-мастацкім музеі пачалася Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя "Лідскія чытанні - 2025" (пра гэта асобны рэпартаж).

Адной з першых і важных падзей свята стала адкрыццё на будынку Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы мурала ў гонар Дня беларускага пісьменства

Мурал, выкананы ў сучаснай стылістыцы, гарманічна спалучае ў сабе класічны вобраз Купалы і сучасныя тэндэнцыі вулічнага мастацтва.

Цяпер погляд Янкі Купалы, нібы ахопліваючы ўсю Ліду, будзе нагадваць пра важнасць захавання роднай мовы і культуры, пра тыя карані, што сілкуюць нас і робяць беларусамі.

Да абеду свята набірала разгон, а з 16.00 пачаліся знакавыя мерапрыемствы.

Да Дня беларускага пісьменства Ліда ўзбагацілася новым культурным аб'ектам - манументальна-дэкаратыўнай скульптурай "Верабейкі", натхнёнай вершам Валянціна Таўлая, напісаным тут, у Лідзе, у 9-гадовым узросце. У Дзень беларускага пісьменства арт-аб'ект, выкананы ў выглядзе раскрытай кнігі, прыветна разгарнуў свае старонкі, запрашаючы ўсіх жадаючых дакрануцца да свету паэзіі.

Асаблівасцю скульптуры з'яўляецца тое, што тэкст верша Валянціна Таўлая прадубляваны шрыфтам Брайля. Дакрануцца да паэтычнага слова змогуць і людзі з парушэннямі зроку. Гэта пашырае межы ўспрымання мастацтва і стварае інклюзіўную культурную прастору.

А ў 16.30 ужо гасілі маркіраваны канверт, прысвечаны Дню беларускага пісьменства. Гашэнне адбывалася перад помнікам Францішку Скарыну.

Удзел у цырымоніі гашэння прынялі намеснік Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Наталля Пяткевіч, старшыня Гарадзенскага аблвыканкама Юрый Караеў, міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Марат Маркаў, генеральны дырэктар РУП "Белпошта" Святлана Юркевіч.

- Сёння Міністэрства сувязі і інфарматызацыі выпускае маркіраваны канверт з арыгінальнай паштовай маркай. Гэта канверт, на якім адлюстраваны асноўныя славутасці горада Ліда. Гэта гісторыя, якую дзякуючы паштовым каналам даведаюцца 192 краіны ўсяго свету. Таму, думаю, гэта невялікі, але ўсё ж такі ўнёсак у захаванне нашай гісторыі, - падзялiлася Святлана Юркевіч.

На канверце адлюстраваны Лідскі замак - адзін з найважнейшых помнікаў абарончай архітэктуры Вялікага Княства Літоўскага, закладзены ў XIV стагоддзі князем Гедымінам. Побач паказаны Францішак Скарына - першадрукар, асветнік і гуманіст, які ў XVI стагоддзі выдаў першыя кнігі на старабеларускай мове.

Прапусціўшы шэраг падзей першага дня, пра якія яшчэ будзе сказана ў асобных рэпартажах, пераходзім да асноўнай - урачыстага адкрыцця і ўручэння Нацыянальнай літаратурнай прэміі Рэспублікі Беларусь.

Урачыстае адкрыццё XXXІІ Дня беларускага пісьменства адбылося ў фармаце тэатралізаванага прадстаўлення - гістарычнага падарожжа праз прызму гісторыі і сучаснасці Лідчыны.

Падчас урачыстай цырымоніі XXXII Дзень беларускай пісьменнасці адкрыла Намеснік Прэм'ер-міністра Наталля Пяткевіч. Яна адзначыла, што ўжо больш трох дзесяцігоддзяў гэты дзень пісьменства аб'ядноўвае ўсіх людзей, неабыякавых да роднай мовы, мастацкага слова і айчыннай літаратуры, і зачытала са сцэны ўсім удзельнікам і гасцям свята вітальны адрас Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі.

- Дзень беларускага пісьменства будзе садзейнічаць развіццю культурнай спадчыны Беларусі. Найлепшыя прыклады беларускай літаратуры належаць не толькі нашаму народу, але і ўсяму свету. Таму наша дзяржава ўсяляк падтрымлівае беларускіх літаратараў і нашы выдавецтвы. Мы заўсёды памятаем пра важнасць гэтага духоўнага скарбу - айчыннай літаратуры - і пра нашу адказнасць за яго захаванне. Сувязь пакаленняў з'яўляецца надзейным падмуркам беларускай дзяржаўнасці. Упэўнена, што Дзень беларускага пісьменства будзе і ў далейшым садзейнічаць развіццю культурнай спадчыны.

Свае віншаванні з Днём беларускай пісьменнасці лидчанам і гасцям горада таксама накіравалі Старшыня Рады Рэспублікі Нацыянальнага збору Рэспублікі Беларусь Наталля Качанава і Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага збору Ігар Сергяенка.

- Ліда - старажытны і вечна малады горад. Фактычна гэта музей пад адкрытым небам, прызнаны культурны і асветніцкі цэнтр Гарадзеншчыны. Пяць гадоў назад горад ганараваўся статусам культурнай сталіцы Беларусі. Тут жыў і дзеяў паэт і публіцыст, удзельнік барацьбы за ўз'яднанне Беларусі Валянцін Таўлай, тут працягвае сеяць разумнае, добрае, вечнае другі ў гісторыі краіны народны настаўнік Альфрэд Ладыка. Гасцей Дня беларускага пісьменства Ліда сустракае ярка і самабытна. Тут усё падкрэслівае інтэлектуальны і духоўны патэнцыял беларускага народа, яго адзінства і любоў да роднай зямлі і роднага слова. Сімвалічна гучыць слоган свята, абраны народным галасаваннем: "Лідская зямля грэе і аберагае, словам беларускім вітае", - сказаў у сваім выступе старшыня Гарадзенскага аблвыканкама Юрый Караеў.

Ён таксама адзначыў, што літаратура і беларуская мова - аснова нашай духоўнай культуры, неад'емная частка багатай гістарычна-культурнай спадчыны і традыцый. У іх злучная нітка пакаленняў, вытокі нашай нацыянальнай ідэнтычнасці. "Сённяшняе свята - праява шчырай павагі да айчыннай літаратуры і мастацтва. Гэта напамінак пра глыбокія карані нашай гісторыі і культуры, пра вялікую спадчыну. Свае духоўныя і матэрыяльныя каштоўнасці мы стагоддзямі адстойвалі. Гэта наша апора ў пабудове беларускай дзяржаўнасці. Гэта нябачная сіла, якая рухае нас наперад па шляху захавання свету і тварэння", - падкрэсліў старшыня аблвыканкама.

Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, падчас урачыстай цырымоніі заявіў, што Дзень беларускага пісьменства мае глыбокія карані ў гісторыі. Ён адзначыў духоўныя подзвігі роўнаапостальных Кірыла і Мяфодзія, святой Ефрасінні Полацкай:

- Праз стагоддзі гэтыя святыя неслі і нясуць нам сёння святло слова і ведаў. Нядаўна мы адзначалі 900-годдзе Полацкага Свята-Ефрасіннеўскага манастыра. Ён і сёння застаецца месцам вялікага паломніцтва для беларусаў і гасцей краіны. Сімвалічна, што падчас Дня беларускага пісьменства заўсёды праходзіць навукова-асветніцкая экспедыцыя "Дарога да святыняў", дэвізам якой сталі знакамітыя словы Сергія Раданежскага: "Адзінства і любоў выратуюць нас".

Мітрапаліт Веніямін таксама нагадаў, што свята слова праходзіць у год 80-годдзі Перамогі і мы заўсёды павінны памятаць, якім дарагім коштам нам яна дасталася, клапаціцца і далей пра захаванне міру і парадку ў нашай краіне.

На галоўнай сцэне Дня беларускага пісьменства ў Лідзе назвалі пераможцаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі 2025 года - галоўнай узнагароды для пісьменнікаў і публіцыстаў.

Міністр інфармацыі Марат Маркаў падзяліўся сваім бачаннем знакавай падзеі:

- Гэта сапраўды народнае свята, свята беларускай мовы ў першую чаргу, якое павінна прыходзіць да кожнага чалавека, незалежна ад таго, у якім населеным пункце ён жыве. На мой погляд, чым больш увагі мы будзем удзяляць малой радзіме, малым населеным пунктам, тым больш будзем спрыяць іх развіццю і тым лепш будзе для ўсёй Беларусі.

Ён адзначыў, што людзі жадаюць свята і актыўнага ўдзелу ў ім, і падкрэсліў, што геаграфічнае месца правядзення свята не з'яўляецца першарадным: "Галоўнае - свята прыйдзе да людзей", - падагульніў міністр.

Нацыянальную літаратурную прэмію ўручалі Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Марат Маркаў, Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч і лаўрэат гэтай прэміі 2021 года, лідзянін па нараджэнні Віктар Праўдзін.

Прэмія "Найлепшы твор паэзіі" прысуджаная Мікалаю Ждановічу за зборнік вершаў "Свечка".

У намінацыі "Найлепшы твор драматургіі" перамогу атрымала Улада Собалева з кнігай "Аватары театра".

У намінацыі "Літаратурная крытыка і літаратуразнаўства" ўзнагароджаны Аляксандр Бярозка за публікацыі ў часопісе "Полымя".

Кніга Мікалая Чарняўскага "Акадэмія… на колах" прызнана найлепшым творам для дзяцей і падлеткаў.

Узнагароду ў намінацыі "Найлепшы дэбют" атрымаў вядомы палітолак, часты ўдзельнік ток-шоў Вадзім Баравік за зборнік вершаў "Иду по Минску". Паводле слоў самога аўтара, "гэта і лірыка, і сацыяльная паэзія пра прыроду і нашу сталіцу".

Пераможцам у намінацыі "Найлепшы твор публіцыстыкі" за кнігу "Буйничское поле. Остаться и умереть…" стаў Мікалай Барысенка.

Як паведамляецца, сёлета на конкурс паступіла больш за 70 заявак.

І самай яркай падзеяй дня стаў гала-канцэрт з удзелам вядомых беларускіх выканаўцаў.

Рэпартаж пра другі дзень свята будзе ў наступным нумары.

Яраслаў Грынкевіч.

Падчас Дня беларускага пісьменства прайшлі "Лідскія чытанні - 2025"

Месцам правядзення рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі "Лідскія чытанні-2025" 6 верасня стаў Лідскі гісторыка-мастацкі музей. У яе арганізацыю ўнеслі ўклад Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, органы мясцовай улады, Лідскі гісторыка-мастацкі музей.

У аргкамітэт канферэнцыі ўвайшлі:

Старшыня аргкамітэга: КАПЫЛОЎ Ігар Лявонавіч - член Нацыянальнага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні Дня беларускага пісьменства ў г. Лідзе, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, кандыдат філалагічных навук, дацэнт.

Члены аргкамітэта:

АНДРЫЕВІЧ Уладзімір Уладзіміравіч - начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрста інфармацыі Рэспублікі Бсларусь.

ХАЦЯНОНІЧ Наталля Аляксандраўна - дырэктар ДУ "Лідскі гісторыка-мастацкі музей".

МІЦКЕВІЧ Вольга Улаідзіміраўна - вучоны сакратар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, кандыдат філалагічных навук.

ГЛУШЫЦКІ Леў Уладзіміравіч - малодшы навуковы супрацоўнік аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.

З прывітальнымі словамі да ўдзельнікаў канферэнцыі выступілі:

ПРАНЮК Віктар Францавіч, намеснік старшыні Гарадзенскага абласнога выканаўчага камітэта.

ВЯРСОЦКІ Аляксандр Людвігавіч, старшыня Лідскага раённага выканаўчага камітэта.

СЕРАФІНОВІЧ Кацярына Адамаўна, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, член Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і інш.

На пачатку прайшло ўзнагароджанне прадстаўнікоў Лідскага раёна за актыўны ўдзел у навукова-даследчай і краязнаўчай рабоце, а таксама прэзентацыя новых выданняў інстытутаў Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Беларусі.

Мадэратар пленарнага пасяджэння: КАПЫЛОЎ Ігар Лявонавіч, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, кандыдат філалагічных навук, дацэнт.

Былі спланаваны наступныя даклады:

ЛАКОТКА Аляксандр Іванавіч, дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, акадэмік, доктар архітэктуры, доктар гістарычных навук, прафесар.

Тэма даклада "Гісторыка-культурная спадчына Гродзеншчыны як яркая старонка беларускай нацыянальнай культуры".

ЛАКІЗА Вадзім Леанідавіч, дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт.

Тэма даклада "Археалагічная спадчына Лідскага краю: гісторыя вывучэння, навуковае і практычнае значэнне".

МЫСЛІВЕЦ Мікалай Лявонцьевіч, дырэктар Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі, кандыдат сацыялагічных навук, дацэнт.

Тэма даклада "Беларускае пісьменства як аб'ект сацыялагічных даследаванняў".

САВЕРЧАНКА Іван Васільевіч, дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар.

Тэма даклада "Мастацкае асвятленне беларускай гісторыі ў сучаснай літаратуры".

МУХА Дзяніс Віктаравіч, дырэктар інстытута эканомікі НАН Беларусі, кандыдат эканамічных навук, дацэнт.

Тэма даклада "Роля Лідскага рэгіёна ў сацыяльна-эканамічным развіцці Рэспублікі Беларусь на сучасным этапе".

КАРЛЮКЕВІЧ Аляксандр Мікалаевіч, дырэктар выдавецтва "Беларусь", старшыня грамадскай творчай арганізацыі "Саюз пісьменнікаў Беларусі".

Тэма даклада "Літаратурнае краязнаўства ў Лідскім краі ў XXI стагоддзі".

ПАПКО Вольга Мікалаеўна, першы намеснік дырэктара Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт.

Тэма даклада "Развіццё краязнаўства на Лідчыне на сучасным этапе".

КЛІМОВІЧ Ірэна Антонаўна, навуковы супрацоўнік ДУ "Лідскі гісторыка-мастацкі музей".

Тэма даклада "Жывая спадчына: захаванне і папулярызацыя рэгіянальных традыцый праз музейную прастору".

КАПЫЛОЎ Ігар Лявонавіч, дырэктар інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. кандыдат філалагічных навук, дацэнт.

Тэма даклада "Загадкі тапаніміі Лідчыны".

МЕЗЕНКА Ганна Міхайлаўна, доктар філалагічных навук, прафссар, ганаровы прафесар Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава.

Тэма даклада "Вынікі Вялікай Аіічыннай вайны скрозь прызму ўрбананімікона г. Ліды".

ВАЛОДЗІНА Таццяна Васільеўна, загадчык аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар.

Тэма даклада "Абрад "Тры каралі" як адметнасць нематэрыяльнай культурнай спадчыны Лідчыны".

КУХАРОНАК Таццяна Іванаўна, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела нарадазнаўства Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт

Тэма даклада "Восеньскі перыяд традыцыйнага народнага календара Лідчыны".

ТРАФІМЧЫК Анатоль Віктаравіч, вядучы навуковы супрацоўнік аддзсла бсларускай літаратуры XX і XXI стст. Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даслсдаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, кандыдат філалагічных навук, дацэнт.

Тэма даклада "Творчасць Валянціна Таўлая як мастацкі феномен".

ХІТРУН Алесь Часлававіч, навуковы супрацоўнік ДУ "Лідскі гісторыка-мастацкі музей".

Тэма даклада "Вобраз паэта Валянціна Таўлая ва ўспамінах сваякоў і яго таварышаў".

МІКУЛІЧ Мікалай Уладзіміравіч, загадчык аддзела ўзаемасувязяў літаратур Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, кандыдат філалагічных навук, дацэнт.

Тэма даклада "Творчасць Ніны Тарас як феномен беларускай жаночай паэзіі".

КУРЦОВА Вераніка Мікалаеўна, загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, кандыдат філалагічных навук, дацэнт.

Тэма даклада "Адметныя лексічныя сродкі ў гаворках Лідчыны і іх адлюстраванне ў навуковых крыніцах".

ДОЎНАР Аляксандр Барысавіч, загадчык аддзела гісторыі Беларусі IX-XVIII стагоддзяў і археаграфіі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт.

Тэма даклада "Адстойванне сваіх правоў горадам Ліда ў XVII-XVIII стст.".

ЛІПНІЦКАЯ Таццяна Леанідаўна, старшы навуковы супрацоўнік ДУ "Лідскі гісторыка-мастацкі музей".

Тэма даклада "Традыцыі рыцарскіх турніраў у Лідскім замку".

ГАРМАТНЫ Віталь Пятровіч, старшы навуковы супрацоўнік цэнтра ваеннай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт.

Тэма даклада "Правядзенне камасацыі ў Лідскім павеце Навагрудскага ваяводстваў 1921-1939 гг.".

БАГДАНОВІЧ Ірына Эрнстаўна, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, кандыдат філалагічных навук, дацэнт.

Тэма даклада ""Да пашлі ж Ты, Божа, Праўду сваю... ": духоўна-эстэтычныя ідэалы паэтычнай творчасці Францішка Багушэвіча".

БУДЗЬКО Ірына Уладзіміраўна, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі беларускай мовы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, кандыдат філалагічных навук, дацэнт.

Тэма даклада "Лінгвістычныя асаблівасці віленскага выдання Францыска Скарыны "Апостал"".

ПЫСКО Наталля Мікалаеўна, навуковы супрацоўнік аддзела беларускай літаратуры XX і XXI стст. Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.

Тэма даклада "Іван Навуменка: малавядомыя старонкі творчай і навуковай дзейнасці".

ВАСОВІЧ Сяргей Міхайлавіч, дацэнт кафедры гуманітарных навук Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, кандыдат гістарычных навук, дацэнт.

Тэма даклада "Развитие православных церковных школ в Лидском уезде во второй половине 1880-х гг.".

КОШУР Святлана Андрэеўна, краязнаўца, член Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Тэма даклада "Лідскія і навагрудскія сцежкі Уладзіміра Урбановіча".

Абсалютная большасць дакладаў была прачытана. Некалькі чалавек не даехала, а дарэмна, бо пасля канферэнцыі яе ўдзельнікі сталі гасцямі шыкарнага свята ХХХІІ Дня Беларускага пісьменства ў Лідзе.

Яраслаў Грынкевіч.

Жыць для Беларусі

Напярэдадні Дня беларускага пісьменства 3 верасня ў Доме Валянціна Таўлая адбылася сустрэча з Іванам Карэндам - беларускім паэтам, грамадска-культурным дзеячам, членам Саюза беларускіх пісьменнікаў, Саюза пісьменнікаў Расіі, лаўрэатам XXIV Міжнароднага Пушкінскага конкурсу, лаўрэатам прэміі імя Васіля Віткі. Мае шэраг узнагарод. Ганаровы грамадзянін Іўеўскага раёна. Працаваў у партыйных органах, у Дзяржаўным камітэце па друку, намеснікам міністра інфармацыі, намеснікам міністра культуры і друку, начальнікам галоўнага ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Іван Арсеньевіч завітаў у Дом Валянціна Таўлая з кнігай "Жыць для Беларусі. Шлях суддзі Іосіфа Бойсы". Старшыні суда Лідскага раёна, суддзі Іосіфу Бойсу 3 верасня споўнілася б 70 год. І менавіта прэзентацыю кнігі было вырашана правесці ў Лідзе - Доме паэта Валянціна Таўлая, які змагаўся за Беларусь у свой час, а Іосіф Бойса змагаўся за тое самае ўжо ў наш час.

На мерапрыемства сабраліся сябры літаратурнага аб'яднання "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты", сваякі, знаёмыя, калегі Іосіфа Браніслававіча Бойсы і інш.

Аўтар падзяліўся гісторыяй напісання дакументальнай аповесці, цікавымі звесткамі з жыцця суддзі, якія з'яўляюцца знакавымі ў яго біяграфіі, а справы, здзейсненыя ім, застаюцца і цяпер запатрабаваныя і маюць далейшы працяг. Аб гэтым і не толькі гаварылі і іншыя прысутныя і запрошаныя госці.

З добрымі словамі, са шчырымі эмоцыямі ўспаміналі пра Іосіфа Бойсу яго жонка Ірына Яўгенаўна; Аляксей Генадзьевіч Алексеенка - зяць Ірыны Яўгенаўны; Мірончык Святлана Аляксандраўна - дырэктар Іўеўскай раённай бібліятэкі; Жураўскі Аляксандр Аляксандравіч - былы пракурор г. Ліды, ганаровы грамадзянін горада Ліды; Федаровіч Уладзімір Казіміравіч - цяперашні старшыня суда Лідскага раёна; Таіса Вітальеўна Федаровіч; Мацук Вячаслаў Анатольевіч - былы старшыня Лідскага суда; Мікулка Іван Эдвардавіч - разьбяр па дрэве; Сельскі Віктар Іванавіч; Балдоўскі Казімір Браніслававіч; лідская паэтэса Маркевіч Ірына Уладзіміраўна і іншыя.

Была выказана прапанова выдаць працяг кнігі, бо яшчэ шмат яркіх успамінаў і добрых спраў засталіся ў памяці прысутных і іх неабходна змясціць у далейшым пад вокладкай.

Кожны ахвочы змог атрымаць кнігу ад аўтара з дарчым надпісам.

Алесь Хітрун

Навіны Германіі

Больш строгія правілы выкарыстання смартфонаў у школах

У Германіі расце колькасць школ, дзе ўводзіцца забарона на выкарыстанне смартфонаў. Камісія экспертаў займаецца пытаннем забеспячэння бяспекі дзяцей у сетцы

З пачаткам новага навучальнага года федэральныя землі Германіі Брандэнбург, Брэмен, Гесен, Шлезвіг-Гальштэйн і Цюрынгія ўзмацнілі жорсткасць правілаў выкарыстання смартфонаў у школах і ўсё часцей уводзяць забароны, якія ўжо дзейнічаюць у некаторых іншых федэральных землях, напрыклад, у Баварыі.

Мэта заключаецца ў тым, каб павялічыць канцэнтрацыю навучэнцаў і ўмацаваць іх сацыяльныя навыкі.

- Асабістыя мабільныя тэлефоны не патрэбныя ў паўсядзённым школьным жыцці, наадварот, яны адцягваюць ад вучобы і замінаюць вучням мець зносіны і рухацца падчас перапынкаў, - заявіла сенатар Брэмена па пытаннях адукацыі Саша Каралін Аўлеп.

Таксама ў Германіі абмяркоўваецца высокі ўзровень спажывання дзецьмі і падлеткамі лічбавага кантэнту. Упаўнаважаны федэральнага ўрада па барацьбе з наркаманіяй Хендрык Штрэк выступае за "строгія ўзроставыя абмежаванні для сацыяльных сетак".

- Навукова даказана, што дзеці і падлеткі, якія спажываюць кантэнт, не адпаведны іх узросту, у вялікіх аб'ёмах, становяцца больш схільныя да рызыкоўных залежных паводзін, - кажа Штрэк.

Федэральнае міністэрства па справах сям'і даручыла камісіі экспертаў распрацаваць рэкамендацыі па паляпшэнні абароны дзяцей ад небяспек у Інтэрнэце, напрыклад, ад сексуалізіраванага гвалту ці кіберцкавання.

Берлін (d.de). © Kerkez/iStock.

Германія карыстаецца папулярнасцю ў замежных студэнтаў

Нядаўняе даследаванне паказала, што многія замежныя студэнты з задавальненнем едуць у Германію - і многія жадаюць застацца ў краіне нават пасля завяршэння вучобы

Новае даследаванне Германскай службы акадэмічных абменаў (DAAD) падкрэслівае прывабнасць Германіі як краіны для атрымання адукацыі. Тры чвэрці міжнародных рэспандэнтаў назвалі Германію ўпадабаным месцам для навучання за мяжой. Сярод прычын - тэхналагічнае лідарства Германіі ў многіх абласцях, навучальныя праграмы на ангельскай мове, прывабныя кар'ерныя перспектывы, а таксама параўнальна нізкі кошт навучання і пражывання. Вырашальнае значэнне пры выбары ВЕУ маюць чатыры фактары: дысцыпліны, якія вывучаюцца, наяўнасць англамоўных праграм, рэпутацыя ВНУ і нізкая плата за навучанне або яе адсутнасць.

Тры чвэрці замежных студэнтаў задаволены сваёй вучобай у Германіі і рэкамендуюць яе іншым. Каля дзвюх трацін плануюць застацца ў Германіі пасля атрымання дыплома. Прыкладна палова імкнецца да працяглага працаўладкавання, а многія нават разглядаюць магчымасць стварэння ўласнага бізнэсу.

У кампусе 75 % замежных студэнтаў пачуваюцца жаданымі ці вельмі жаданымі гасцямі; толькі ў 2 % складаецца ўражанне, што ім тут не радыя. Аднак многія паведамляюць і пра праблемы ў паўсядзённым жыцці, асабліва гэта датычыцца пошуку жылля, пераадолення бюракратычных бар'ераў і ўзаемадзеяння са студэнтамі-немцамі. У рамках вышэйшай навучальнай установы 80% замежных студэнтаў і студэнтаў з міграцыйным мінулым паведамляюць, што ніколі не сутыкаліся з дыскрымінацыяй. За межамі ВНУ назіраецца іншая карціна: каля паловы прадстаўнікоў абедзвюх груп паведамляюць пра эпізадычныя выпадкі дыскрымінацыі, а 13 % - пра тое, што часта сустракаюцца з яе праявамі.

(d.de). Студэнты Боннского университета© Universitаt Bonn.

Некалькі гадоў маёй маладосці ў Вільні* (1818-1825)

Станіслаў Мараўскі

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Аднак яго фатальная пачварнасць неяк кампенсавалася дзіўнай элегантнасцю, чысцінёй і акуратнасцю вопраткі, панскай шчодрасцю і досціпамі, і самае галоўнае, рэдкай ветлівасцю з жанчынамі. Мала хто меў столькі любоўных інтрыг як ён. Рэдка калі не дасягаў сваёй мэты, нягледзячы на такі агідны твар і смяротна худое цела. У грамадзянскіх справах нічым не вызначаўся і не меў уплыву на публічныя інтарэсы.

Князь Антоні Гедройц, прэзідэнт віленскага межавага суда, быў жанаты з Касакоўскай, якую звычайна называлі італьянкай, у нашай гісторыі ён калега Плятэра па маскарадзе. У маладосці быў пасланы вучыцца ў Італію і Францыю жмудскім біскупам Гедройцям. Не ведаю, чаму ён там навучыўся, але нашую мову забыў. Быў чалавекам сумленным, пачэсным, добрым і прыемным, але вельмі абмежаваным. Усім расказваў, што імкнуўся мець дзяцей, але яго намаганні не мелі поспеху. Я ведаў яго добра. Як і многія іншыя шаноўныя Гедройцы, ён быў сталым і верным сябрам нашага дому. Пра яго хадзіў анекдот, што неяк пры каралі Станіславе, апякун-біскуп прывёз яго з-за мяжы і вырашыў прадставіць каралю і папрасіць для яго ласкі. Перад гэтым на сямейнай радзе прынялі рашэнне, што Гейдройц павінен служыць у войску. Але ён вельмі не хацеў служыць. Адкараскваўся як мог, але калі нічога не дапамагло, вырашыў адкрыта сказаць пра гэта каралю. Падчас прадстаўлення, кароль Станіслаў, папярэджаны ўжо біскупам, ветліва сказаў яму па-польску:

- Я чуў, што васпан мае ахвоту да войска? Скажы мне, мой хлопчык, у якой зброі ты хочаш служыць, у пяхоце ці ў артылерыі?

Гейдройц, не ведаючы мовы, якую так і не вывучыў да самай смерці і жадаючы неадкладна вызваліцца ад сямейнага прымусу, адказаў:

- Найяснейшы пан, ні адзін, ні два.

Гэты было даслоўным перакладам французскага выразу: "Sire, ni run, ni l'autre".


Вяртаемся да мяне, бедака.

Вышэй я ўжо напісаў, як раззлаваў мяне выбрык Фердынанда Плятара. Пайшоў шукаць суцяшэння ў Вэрці, якая таксама бавілася на гэтым маскарадзе. Як толькі мы пачалі весяліцца, на нас наткнуўся невядомы малады чалавек з вялікімі белымі вусамі, які ўжо на падпітку ішоў з буфета. Вельмі прыгожая Вэрця мела каралеўскую талію. Яна зацікавіла маладога чалавека, і ён пачаў з ёй размаўляць. Вэрця адказвала. Я трымаў яе пад руку. Але вусач-жмудзін, якога ў горадзе ніхто не ведаў, не жадаў траціць час на пустыя размовы і пайшоў да мэты прамой дарогай. Без усялякіх цырымоній ён засунуў руку пад палярыну Верці і пацягнуўся да яе грудзей. Ужо раз'юшаны Плятарам, я адчуў новую крыўду і страціў галаву. Хутка прыняў ад Вэрці сваю руку, і наводмаш пальнуў нягодніку кулаком у вуха, ды так, што ён развярнуўся на месцы.

Да сёння памятаю выраз яго твару, бачу яго перад сабой. Хлопец так раззявіўся, што мая галава лёгка ўлезла б у яго рот. Доўгі вусы тырчалі па баках гэтай вялікай дзіркі. Чаму ён так раззявіў рот? Не ведаю і да сёння. На шчасце, ён тут жа закрыў рот і не кажучы ні слова, спакойна выйшаў з пакоя. Таму гэта імклівая сцэна не выклікала ніякага шуму і пра яе ведалі толькі тыя, хто стаяў каля мяне. Мае сябры, сведкі гэтай справы, былі ўпэўненыя, што нягоднік чакае мяне, і таму ўсім натоўпам правялі да хаты. Але з таго часу яго больш ніхто не бачыў. Гэты клоўн знік з Вільні, і ўсё на гэтым скончылася.

Хвала Богу, гэта быў шчаслівы канец. Але я нікому не раю спадзявацца на яго. "Кій мае два канцы", - кажуць нашы людзі.

Другая падобная авантура, якой я таксама не жадаў, напаткала мяне не на маскарадзе, а ў белы дзень на Вялікай ці Замкавай вуліцы. Распавяду пры яе.

Мае бацькі амаль што кожную зіму жылі ў Варшаве і дасылалі адтуль мне, маладому чалавеку, розныя туалеты ў падарунак. Аднойчы, пад самую вясну, яны даслалі мне невядомую яшчэ ў Вільні тканіну для летняй вопраткі. Гэту матэрыю звалі сацін. Гэта быў бліскучы як атлас нейкі больш шляхетны від кітайкі. Калі прыйшоў час, я загадаў па варшаўскай модзе, якая ў нас лічылася, як у Варшаве парыжская, пашыць сабе гарнітур з гэтай тканіны.

Апрануўшыся ў прыгожы, толькі што зняты з іголкі сурдут і ў невядомыя яшчэ тут порткі, я выйшаў на прагулку на славутыя сваёй прыгажосцю і вельмі тады людныя бульвары, якія акружалі Замкавую гару, недалёка ад Віліі і Віленкі. Калі ля першага скрыжавання я пачаў пераходзіць Замкавую вуліцу, ідучы Бернардынскім завулкам ад касцёла св. Яна, заўважыў, што мне насустрач адтуль ідзе нейкі пан пад вусам гадоў каля трыццаці, апрануты ў цяжкае паліто. Убачыўшы мяне, ён пачаў аглядаць мае няшчасныя бліскучыя порткі, пасля чаго па-напалеонаўску паклаў рукі на грудзі і флегматычна, з выразнай непрыхільнасцю, працягнуў далейшы агляд маёй вопраткі.

Кроў адразу прыліла мне да галавы, але я ўзяў сабе ў рукі і, калі праходзіў каля яго, зрабіў выгляд, што нічога не заўважыў. Аднак, можа праз хвіліну, адчуў, што нехта ідзе за мной, і азірнуўся - можаце ўявіць маё здзіўленне, калі я ўбачыў таго самага кавалера, які ўжо локаць у локаць ішоў каля мяне. Што за ліха! Гэты грубіян параўняўся са мной, потым зайшоў наперад і далей, залажыўшы рукі за спіну, ішоў перада мной так, што я не мог зрабіць ні кроку, каб не наступіць яму на ногі.

Тады было модным насіць тоўстыя, вузлаватыя, цёмныя і моцныя бамбукавыя палкі. У залежнасці ад таўшчыні яны каштавалі ад двух да дзесяці і болей рублёў. Як раз такую палку я трымаў у руках і не сцярпеў! Увесь час наступаючы яму на пяты, бо не мог ісці па іншаму, я моцна, але нібыта з неахвотай, каб мінакі не звярнулі ўвагі, ударыў палкай па яго спіне. Не дапамагло! Ён ўсяроўна замінаў мне ісці. Я агледзеўся і ўбачыў з абодвух бакоў вуліцы шмат знаёмых. З завулка ў батанічны сад ішлі кс. Глагоўскі і кс. Насевіч114. Правінцыял піяраў кс. Глагоўскі, паважаны, выхаваны ў Рыме вучоны, той самы, які так доўга размаўляў з Напалеонам на Зялёным мосце ў 1812 г., з'яўляўся маім патронам, бо я жыў ў яго калегіюме. Правінцыял францішканаў Насевіч, сама дабрыня і цнота, апора вязняў, славуты некалі сваім красамоўствам віленскі катэдральны прапаведнік, славуты нават, нягледзячы на тое, што паўтараў у кожнай пропаведзі: "Гэта ўсё, грамадзяне". Яны ішлі з правага ад мяне боку.

З другога, левага бока, было яшчэ горш, бо тут ад Замкавай брамы рухалася прыгожая пані Дабранская з залатымі валасамі разам з такімі жа прыгожымі сёстрамі. Адразу за ёй, ходнікамі вярталася з бульвараў пані Раецкая з прыгожымі дочкамі.

Сорамна, але трэба ратавацца. Ад душы раз і другі я пальнуў яму палкай па плячах, і тады ён, нават не азірнуўшыся, адразу хутка пайшоў убок, у другі Бернардынскі завулак, і на гэтым усё скончылася. Я і сёння не разумею, навошта ён пачынаў?


Акрамя маскарадаў у Вільні меліся яшчэ і публічныя забавы. Былі так званыя рэдуты115, на якія збіралася публіка без масак каб патанчыць за невялікія грошы, плацілі тады па чатыры злотыя за білет. Рэдка калі бываў тут нехта з лепшай публікі. Для вышэйшага свету меліся прыстойныя і нават шыкоўныя вечары ў так званым "Казіно" 116. Туды трэба было ўнесці першапачатковы капітал і пасля гэтага, і толькі выбраным асобам, выдаваліся разавыя білеты коштам два рублі срэбрам. Бавіліся мы ў "Казіно" вельмі весела. У 1822 г. тут бывалі сённяшні імператар і яго брат Міхал. Галоўным прамоўтарам і дырэктарам гэтай шляхетнай забавы звычайна быў прэзідэнт Ходзька, пра якога я раней пісаў, ён таксама любіў бавіцца і меў у гэтай справе практычны розум. У "Казіно" прыходзілі толькі прыстойныя людзі, і тут ніколі не было ні боек, ні сварак117.

У нашых малых мястэчках без боек і сварак не было і не магло быць рэдуты ці іншай падобнай установы. Згубілася б уся соль, увесь смак весялосці, бо менавіта так уяўляла сабе адпачынак правінцыяльная моладзь. Літаральна дзесяць гадоў таму, праязджаючы праз Коўню, я па справах затрымаўся там на адзін дзень. І ў гэты дзень давалі рэдуту. Мне паведамілі, што я павінен прысутнічаць. Рэдута тады адбывалася яшчэ ў прыгожай ковенскай ратушы, сённяшнім палацы імператара. Падымаюся па сходах і што? Адразу на ўваходзе сустракаю свайго школьнага сябра Міхала Пуржыцкага, які адной рукой за гальштук нясе ў паветры нейкага тоўстага, зачырванелага ледзь не да апаплексіі пана, а другой рукой б'е яго ў пысу. У гэты момант гальштук лопнуў і небарака вірам паляцеў па сходах. Гэта быў нейкі танцмайстар з Тэльшаў ці з Шавель. Ён у нечым не спадабаўся грамадству і асабліва Пуржынскаму. І што гэта за адпачынак?

Нашы павятовыя гарады імкнуліся падтрымліваць сваю годнасць у публічных забавах. У Троках, за чатыры мілі ад Вільні, зімой 1822 г., калі тут стаяла гвардыя, малпуючы Вільню, таксама зладзілі казіно. Гуляць у карты сюды поштай на тыдзень прыязджалі віленскія шулеры і добра зараблялі. Здарылася так, што аднойчы цывільная моладзь з Трокаў пабілася з афіцэрамі гвардыі. Дамы адразу разбегліся. Менавіта падчас бойкі з Вільні поштай прыехаў адзін з шулераў. Паціраючы рукі, зайшоў у залу, зняў паліто і цёплыя боты. Як раз у гэты момант адбывалася кульмінацыі бітвы, калі войска пачало адступаць перад паспалітым рушэннем нашай моладзі. Шулер ужо зняў адзін бот, калі ў пярэдні пакой ледзь не ракам выпхнулі моцна збітага і акрываўленага афіцэра з раскудлачанымі валасамі. Сутыкнуўшыся нос у нос з шулерам, ён прыняў яго за аднаго з мясцовых рыцараў і, помсцячы, шэсць разоў пальнуў у храпу невінаватаму шулеру, пасля чаго выбег за дзверы. Шулер адразу зразумеў, што тут робіцца і той жа поштай вярнуўся ў Вільню.

Не магу абмінуць яшчэ адзін вельмі камічны анекдот з гісторыі нашых рэдутаў і маскарадаў. Нейкая старая жанчына Чарноўская мела ў Вільні камяніцу каля батанічнага саду. У гэтай камяніцы жылі чатыры дзівакі - яе тры сыны і дачка. Усе вялікія арыгіналы. Браты былі добрыя і сумленныя людзі, але са здольнасцямі ў пяць разоў меншымі за пасрэдныя. Дачка - экзальтаваная, эксцэнтрычная паэтка, трохі звар'яцелая літаратарка. Самы старэйшы з іх Міхал, сівы вусаты вучань, вось ужо дваццаць пяць гадоў старанна вучыўся маляваць. Не прапускаў ніводнага ўрока. Але пасля столькіх гадоў навучання не мог па-людску не толькі намаляваць, але нават і скапіраваць малюнак. Аднак ўвесь час працаваў над сабой. Малюючы з натуры ці з бюсту, адразу ўсё запэцкваў і ірваў. Пры тым, усур'ёз лічыў сябе знаўцам і добрым крытыкам. Але гледзячы на тое, што ён намаляваў, хацелася толькі крычаць: "Ратуй, Божа!". Размаўляў мала і ад людзей трымаўся наводдаль, а можа і яны ад яго.

Сярэдні брат Станіслаў таксама меў вялікія вусы і больш за пятнаццаць гадоў вывучаў медыцыну. Слухаў, слухаў і слухаў лекцыі. Нарэшце, паверыў, што наслухаўся дастаткова. Наважыўся на экзамены, і, як я потым чуў, былі ў Вільні людзі, якія верылі ў яго. Меў самавіты выгляд, мала гаварыў і цураўся людзей, магчыма ў гэтым і меў розум. На пытанні звычайна адказваў красамоўнай усмешкай, а не словамі. Пэўна па намове старэйшага братаэстэта насіў на галаве вялізны чуб.

Разынкай, сапраўднай пэрлай гэтай сям'і, быў самы малодшы брат Людвік, які пастанавіў нічога не рабіць, удаваць з сябе паніча, уцірацца ва ўсе кампаніі, жыць у вышэйшым свеце, нібыта бараніць сваю сям'ю праз свае стасункі з магнатамі і заўсёды ўціскацца ў кампанію, якая курыла ля каміна. Калі быў малы, яго звалі Лола, і нехта потым перарабіў гэта імя ў мянушку Лаёла, якая засталася з ім на векі вечныя. Сустрэў яго, калі меў каля сарака гадоў. Быў малы, трошкі пульхны, з казлінымі нагамі. Меў пачцівы, адкрыты і даволі прыгожы, дзіўна белы і гладкі твар. Лысіну прыкрываў з тылу светлымі валасамі, якія, нягледзячы на тое, што іх увесь час завівалі і фіксавалі, падчас танца заўсёды спадалі, і канцы валасоў ляжалі на плячах, а белая галава галоўкай брусельскай капусты пералівалася, як люстэрка ў прамянях святла жырандоляў. Ніхто і нідзе не лічыў Лаёлу сапраўдным мужчынам. Ні ён, ні яго браты не маглі мець сяброў, і ў гэтым сэнсе былі шчаслівейшыя за ўсіх.

Мы маладыя і ў той час яшчэ нявопытныя, дзівіліся, што чалавека, які быў поўным маральным нулём, паўсюдна прымалі і запрашалі. Потым зразумелі, што такія людзі - скарб для гаспадыні дому, яны значна больш карысныя за тых, якія прыносяць з сабой у салон талент і розум. Ён прыносіў ногі, хоць і казліныя, але ногі. Пакінутыя маладым грамадствам старыя ці брыдкія жанчыны, да самой вячэры знаходзілі ў ім, па закліку гаспадыні балю, нястомнага танцора і партнёра. Ім затыкалі і запаўнялі ўсе прабелы вечароў і баляў. Насыціўшы брушка, шчаслівы Чарноўскі вяртаўся дахаты і свята верыў у сябе, як у незаменную асобу віленскага свету. Ніхто не чуў ад яго ні плётак ці мярзотных паклёпаў, ні плоскіх думак. Яго моцным бокам было роўнае стаўленне да ўсіх і чужы, але трапна сказаны і дасціпны жарт. Лаёла заўсёды доўга цярпеў і прыкідваўся, што не разумее тых, хто з яго здзекуецца, але часам адказваў ім з такім поўным наіўнасці выразам твару, што злавацца на яго было немагчыма. Але і сама ідэя спрэчкі ці дуэлі з Лаёлам была б вяршыняй смешнага. Усе старыя квахтухі клапаціліся аб ім, як аб сваім уласным мопсе і разарвалі б яго ворага на кавалкі. Быў ён як Ахілес, чалавек, якога немагчыма параніць, хіба што ў пятку. Але ж як туды пацэліць? Таму лепш было зносіць яго і прыкусіць язык, што большасць і рабіла. Калі б не прага да свету, калі б ён свой боршч любіў больш за чужыя панскія паштэты, ён не быў бы смешным і не адрозніваўся б ад масы гарадскіх лайдакоў, на якіх ніхто не звяртаў увагі.

Аднак Лаёла, сібарыт з сібарытаў, меў больш шчаслівы лёс, чым усе старажытныя сібарыты, бо ўсё ж быў ён ягнём з брухам воўка. Калісьці ў маладосці закахаўся ў хворую, брыдкую але вельмі багатую дзяўчыну з Беларусі, была яна дабрадзейнай, міласэрнай, далікатнай і добрай. Праз трыццаць гадоў, калі, нягледзячы на вялікі пасаг, ніхто не адважыўся ажаніцца з ёю, а яна ўсё яшчэ вельмі хацела перастаць быць паннай і змяніць прозвішча, успомніла пра свайго старога Лаёлу і нібы для лячэння прыехала ў Вільню. Пасля смерці бацькоў яна стала самаўладнай пані і, узнавіўшы знаёмства з ім, заявіла, што калі стане яе мужам, дазволіць яму свабодна карыстацца дарамі лёсу, якія ён атрымае ў пасаг. Таксама абяцала зважаць на яго ўзрост і слабыя ногі і спакойна адносіцца да выканання ім галоўных абавязкаў яго новага становішча. Абяцала добрага кухара, экіпаж з цугам прыгожых коней. Ён ахвотна ажаніўся, стаў самым шчаслівым чалавекам на свеце і квітнее да сённяшняга часу.

Пра Чарноўскага хадзіла тысячы смешных анекдотаў. Самым вядомы быў наступны, які я і павінен расказаць.

Калісьці заможны і добра адукаваны чалавек са Жмудзі, барон Рэно118, маючы справу ў Менску, ехаў праз Вільню і сустрэў на вуліцы свайго старога знаёмага Лаёлу Чарноўскага.

- Што чутно? Ці на доўгі час прыехаў? Адкуль і куды едзеш? - такім пытанням не было канца, і Рэно прапанаваў Чарноўскаму, які яшчэ ніколі не быў у Менску, ехаць туды разам з ім. Паехалі. Прыехалі. Спыніліся перад першым менскім тракцірам Трэйса. Трэйс ладзіў для публікі рэдуты і маскарады. Увесь тракцір быў заняты за выключэннем малога пакоіка, які Трэйс з-за павагі да барона Рэно, не хацеў здаваць. Пакоік злучаўся з галоўнай залай рэдуты, якая павінна была адбыцца як раз у той вечар: "Змучаны падарожжам Яснавяльможны пан усю ноч не засне з-за крыкаў і музыкі".

Аднак Рэно не пажадаў бадзяцца па горадзе ў пошуках іншага жытла і ўзяў гэты нумар. Змучаныя, яны адразу паклаліся ў ложкі. Ложак Чарноўскага стаяў як раз каля дзвярэй у зал рэдуты. Заснулі. Роўна а дзевятай вечара іх разбудзіла музыка. Ускочылі на ногі. Заўсёды цікаўны да забаў, Лаёла, у чым быў, стаў на ложак каб праз шчыліну ў дзвярах глядзець, што адбываецца ў зале. Вясёлы Рэно, без усялякай злой думкі ўскочыў з ложка і каб толькі трошкі напалохаць, папхнуў сябра на дзверы. І, жах! Раптам на няшчасце нефартуннага Лаёлы, незамкнутыя, а толькі заклееныя паперай падвойныя дзверы адчыніліся і Чарноўскі ў сваім натуральным выглядзе выпаў у самую сярэдзіну двух шэрагаў моднага тады танца экасез119. Таксама "элегантна" апрануты Рэно адразу ж зачыніў за ім абедзве паловы дзвярэй.

Уявіце сабе здзіўленне, жах і чырвань дам і мужчын, якія танчылі ў зале, калі раптам на іх упаў голы і незнаёмы мужчына! Але што было рабіць нашаму няшчаснаму Лаёлу? Не ведаючы тракціра, ён у непрытомнасці лётаў па пакоях, каб знайсці выйсце. Людзі расступаліся, бо баяліся вар'ята, які быццам бы ўцёк са шпіталя. Нарэшце яго схапілі лакеі, захуталі ў нейкія прасціны і вывелі на двор. Там усё высветлілася, і Рэно, які ад смеху трымаўся за бакі, пацвердзіў гэтую гісторыю. Лаёла вярнуўся на свае пярыны. Аднак, назаўтра гэтую гісторыю ведаў увесь Менск, і яны былі вымушаны неадкладна з'ехаць.

Калі Ляхніцкі пачаў распаўсюджваць у Вільні жывы магнетызм (гіпноз - Л. Л.) і дзівіць людзей яго цудамі, Чарноўскі захацеў таксама стаць магнетызатарам, хоць і не меў ніякага паняцця пра справу. Ён выпадкова злавіў на вуліцы нейкага маладога пана, які скардзіўся на боль у баку, і ўгаварыў яго лячыцца магнетызмам. Хворы згадзіўся. Цяжка дыхаючы, Чарноўскі крэсліў над ім магнетычныя кругі. Ці па-сапраўднаму, ці з-за нуды і стомы, хворы заснуў. Лаёла адразу пусціў па Вільні вестку, што ён мае празарліўцу і запрасіў сведак на новы сеанс. Сабраліся Ляхніцкі, Гарадзецкі, Васенгоф, Рудольф Тызенгаўз, Шымкевіч, Касоўскі і іншыя120. Чарноўскі другі раз упрасіў юнака сесці перад ім і з трыумфам усыпіў яго. Пераможна гледзячы на гасцей, ён атрымаў просьбу задаць хлопцу пытанне. Магнетызёр ахвотна пагадзіўся. Усе моўчкі слухалі.

- Каго вы бачыце перад сабой? - спытаў Лаёла.

- Вялікага асла! - адказаў празарліўца.

І Чарноўскі перастаў займацца магнетызмам.


Вось куды зацягнула мяне ўся гэтая лухта любімых віленскіх забаў. У свой час я любіў маскарады, і мяне нават лічылі вынаходнікам адной з гульняў. Знуджаны змененымі галасамі з-пад масак, бо быў заўсёды прыхільнікам натуральных галасоў, я парадзіў знаёмым мне маскам трымаць у роце карамель ці іншую вялікую цукерку замест звычайнай прылады. Гэта і прыемна, і цалкам змяняе тон голасу. Мяне паслухалі, і потым я заўсёды насіў з сабой скрынку з цукеркамі для асоб у масках.

Праз шмат гадоў, у Парыжы, у нейкай краме, убачыў пад шклом маленькія шарыкі са слановай косці і перлаў. Мне сказалі, што гэтыя прылады, каб змяняць голас на маскарадзе. Я і сёння не разумею, якія яны маюць перавагі перад маёй ідэяй. Цукеркі ж смачнейшыя за шарыкі з крамы.

Дадаткі

26. У тую эпоху вялікай пышнасці Вільні, пра якую я не раз ужо згадваў, хоць сам і не быў яе сведкам, бо быў немаўлём, апрача пастаянных рэдутаў, маскарадаў, касцюміраваных баляў і падобных іншых шыкоўных забаў, існавалі таксама аматарскія тэатры ці лепш сказаць - сцэнічныя пастаноўкі ў якіх гралі аматары.

Пані Шуазель з дому Патоцкіх, дачка Шчэнснага Патоцкага (потым выйшла замуж за генерала Бахмеццева), заўсёды была прымай, бо вылучалася сваёй прыгажосцю, паходжаннем, багаццем і лёгкасцю характару. Яна была дзіўнай какеткай, уся моладзь кахала яе, але яна сама шчыра, сардэчна і да глупства горача, да нудоты, кахала Севярына графа Жавускага, на той час ужо немаладога чалавека шасцідзесяці гадоў. Вось адзін, па-сапраўднаму слізкі і тлусты анекдот, grivoise (дзёрскі - Л. Л.), як кажуць французы, але не пазбаўлены і досціпу.

Ставілі Федру. У пастаноўцы прымалі ўдзел вяршкі віленскага грамадства. Федру грала пані Шуазель, Іпаліта - дзіўна ў той час прыгожы тварам і постаццю Міхал Ромер, Тэраменам быў Севярын Жавускі, Тэсея граў сам Шуазель121. У сярэдзіне спектакля, падчас фурору Тэзея, на сцэну ніадкуль упала картка з радкамі:


Тэсей, сына не трэба няволіць!

Іпаліт, Тэрамен тваю Федру голіць…


27. а) Князь Даўгарукі быў віленскім генерал-губернатарам пасля 1831 г. і таму імкнуўся прышчапіць нам рускія народныя звычаі, у тым ліку і так званыя "качели", ці па-нашаму "арэлі", у часы Запустаў і Вялікадня. Таму загадаў за кошт горада ўсталяваць на Антокалі гойданкі, каруселі, арэлі, слупы і іншыя забавы сталіц Расіі. Гэта неяк не зайшло жыхарам Вільні, якія ў апошнюю нядзелю вялікага посту аддавалі перавагу наведванню могілак. І таму каб падбадзёрыць вільнян, князь папярэдне пусціў чутку, а потым разам з нашымі дамамі, якія заўсёды віліся вакол яго, адкрыў свята. Сам гойдаўся, кружыўся, танчыў хоць і быў таўсцейшы за пяць бернардынаў, калі іх зляпіць у аднаго. Нейкі малады мастак, гледзячы збоку на гэтыя забавы, убачыў сярод дам надзвычай брыдкую, тоўстую і надзвычай прэтэнцыёзную асобу, пані Л. з дому Марыконі. Ён намаляваў карыкатуру на якой адлюстраваў гэтую пані ў той момант, калі яна сярод мноства цікаўных гледачоў быццам бы лезе на слуп. З-за цяжкіх рухаў тоўстай кабеты, яе сукенка паднялася настолькі, на колькі гэта толькі магчыма. Твар павернуты да гледачоў і адразу пазнаецца, а агромністыя акругласці з супрацьлеглага боку, зрабілі гэтую карыкатуру смешнай і цікавай. Шмат людзей яе бачылі, і па горадзе пайшлі плёткі. Паслужлівыя сябры хутка прывезлі чутку да пані Л., якую ўсе не любілі. Са скаргай, у слязах яна прыбегла да Даўгарукага. "Вось такую узнагароду я атрымала, князь! Гэтыя блазны і мярзотнікі малююць нас ў самых смешных позах!". Даўгарукі быў тады зусім не ў гуморы. Кухар штогадзінна прысылаў яму гарачыя паштэтыкі, бо князь хварэў на ангіну. Таму, ён, як гіена, накінуўся на карыкатуру і загадаў паліцмайстру прывезці да яго мастака з малюнкам. Праз чвэрць гадзіны хлопец, апусціўшы нос, стаяў перад ім з трубкай паперы ў правай руцэ. Даўгарукі лаяўся, бэсціў і не пакінуў на ім аніводнай пачцівай ніткі. А потым узяў згорнуты ў трубку малюнак і, як толькі зірнуў на яго, адразу забыўся пра свой гнеў і ажно прысеў ад смеху. Потым пацалаваў мастака, запрасіў яго на абед і пасля гэтага клапатліва ставіўся да яго лёсу.

Іншая падобная чортавая карыкатура, аўтар якой не быў знойдзены, была намаляваная на віленскага біскупа Цывінскага. На малюнку літоўскі архіепіскап Іосіф Сямашка служыць ля свайго алтара, а віленскі біскуп Цывінскі, апрануты ва ўсё біскупскае, укленчыўшы і узняўшы рукі цалуе revers de la medaille (фр. "абаротны бок медаля", маецца на ўвазе азадак. - Л. Л.) архіепіскапа. Змест і сэнс гэтага малюнка тлумачыць не трэба.

б) Пасля паўстання 1831 г. імператар Мікалай разам з іншымі рэформамі, адмяніў у краі наша судаводства (адмяніў дзеянне Статута ВКЛ 1588 г. - Л. Л.). Скасаваў гродскія суды і іхнія справы перадаў земскім судам, аб'яднаўшы крымінальныя і грамадзянскія справы. Такія суды загадаў у паветах называць павятовымі. Гэта рашэнне прынесла ў павятовыя суды плынь спраў, многія з іх патрабавалі праводзіць следства, і ўрад пільнаваў, каб справы разглядаліся хутка.

Вядома, што ўнікаючы пераследу, так званыя раскольнікі здаўна беглі з Расіі ў ВКЛ, не ведаючы, што ВКЛ хутка стане часткай Расіі. Гэтых людзей паўсюдна называлі бурлакамі. У Ковенскім павеце бурлакі былі вядомы праз разбой і зладзейства. Бурлакі, народ вынаходлівы і ўмелы, заўсёды былі зладзеямі і разбойнікамі. І дзе б толькі яны не жылі, суды заўсёды былі затоплены тысячамі спраў аб крадзяжах, забойствах і іншых злачынствах. Яны з'яўляліся сапраўднай чумой нашага краю. Зарэзаць чалавека для іх было тое самае, як з'есці кавалак хлеба з маслам.

Генерал-губернатарам быў тады князь Даўгарукі і павятовым суддзём Гулевіч - добрая душа, вясёлы чалавек, ён зусім не размаўляў па-руску. Калі размаўляў на гэтай мове - дык размаўляў па-сялянску (г. з., што ў Ковенскім павеце ён ведаў і размаўляў на беларускай мове - Л. Л.)

Падчас рэвізіі Коўні, Даўгарукі з натоўпам чыноўнікаў прыйшоў у земскі суд.

- Ці шмат у вас незавершаных спраў? - спытаў ён у Гулевіча.

Гулевіч адказаў:

- Грамадзянскіх спраў не шмат, яснавяльможны пане. Крымінальных даволі шмат. Калі б не гэтыя паганцы, гэтыя праклятыя рускія зладзеі, ашуканцы і забойцы, усё было б добра.

- Што-о-о? - закрычаў пачырванеўшы князь, здзіўлены, што нехта адважыўся сказаць яму такое ў твар.

І ўжо хацеў арыштаваць і аддаць пад суд беднага Гулевіча, калі чыноўнікі, якія яго атачалі, растлумачылі, што Гулевіч без ніякіх задніх думак мае на ўвазе бурлакоў.

(Працяг у наступным нумары.)

* Morawski Stanislaw. Kilka lat mlodosci mojej w Wilnie (1818-1825). Warszawa, 1924. Пераклад Леаніда Лаўрэша .

114 Кс. Банаветура Насевіч, слынны прапаведнік, у 1816-1823 гг. у Вільні выдаў некалькі казанняў.

115 Рэдута - ранейшая разнавіднасць публічнага балю-маскараду з уваходам па білетах. - Л. Л.

116 Забавы ў віленскім казіно апісаў А. Адынец у вершы "Віленскае казіно ў 1823 г., гл: Odyniec, Antoni Edward. Kasino: wiersz na dochod Towarzystwa Dobroczynnosci wydrukowany. Wilno, 1823. - Л . Л .

117 4 (16) сакавіка 1823 г. Ян Чачот пісаў Адаму Міцкевічу: "Забаўляюцца цяпер у нас, як ніколі. Чаму? Ці таму, што голыя, ці каб забыцца, што голыя, не ведаю. З вечара на вечар, з казіно на рэдуты і гэтак далей ходзяць і ходзяць. Адна з прычын - гэта тое, што сабраліся такія дамы, якім ёсць за што даваць вечары; другая - што іншыя, хоць голыя, не хочуць падаваць у гэтым выгляду. І хоць бедны мужык пухне недзе ад голаду, яны тут, як ты кажаш, валяючыся ў золаце, шумяць. Сёння вялікі маскарад; кажуць, што гэтыя "касцюмы", якія блішчалі на балі ў Лапацінскіх, будуць паказаны і для простага люду. Будзе там, кажуць, маска для высмейвання паноў, што балююць якраз у той час, калі на Русі іх падданыя паміраюць з голаду. У чацвер быў вялікі пікнік. 400 залатых асвятляла залу, налівала келіхі шампанскім, стаўляла вячэру і, кажуць (і, пэўне ж, слушна), наспраўляла новых фракаў і капелюшоў тым, хто займаўся арганізацыяй пікніка. Ды ад голых і пустых нічога лепшага і не трэба было чакаць. Вельмі добра, што ніхто з пачцівых у тых забаўках не ўдзельнічаў. Нават Ходзька, антрэпрэнёр, такі аматар да гэтакіх забаў, не быў давольны пікніком. І многа было незадаволеных. Расказваюць пра тое, што Тышкевічыха мелася зрабіць добры ўчынак - хацела ўласным коштам даць вечар, і каб сабраныя на пікнік грошы былі аддадзены на выкуп беднага бацькі (у яго ж такая вялікая сям'я), якога ўзялі ў турму за неаплачаны доўг. Пустапарожнія гулякі, што арганізоўвалі пікнік, не дапусцілі гэтага. Я тады назваў бы Тышкевічыху сапраўднай гераіняй, калі б тыя прызначаныя на свой вечар 400 залатых сціпла аддала альбо свайму няшчаснаму бацьку, альбо на дапамогу бедным. Бывай здароў і абавязкова хутчэй адпісвай". - цыт па: Чачот Ян. Выбраныя творы. Мінск, 1996. С. 297-298. - Л. Л.

118 Фелікс Рэно, член масонскай ложы "Руплівы ліцвін", бацька княгінь Агінскіх - жонак Тадэвуша (у першым шлюбе Барэвічава) і Ксаверыя Агінскіх.

119 Старадаўні шатландскі танец пад валынку, разнавіднасць кантрданса. - Л. Л.

120 Гарадзецкі Ігнат (1776-1824), закончыў універсітэт (тады Галоўная школа) у 1799 г. Выкладаў фізіку і натуральную гісторыю ў віленскай гімназіі, у 1817 г. заняў кафедру мінералогіі ва ўніверсітэце. Тызенгаўз Рудольф, сын Ігната і Марыі з Пшаздецкіх, брат арнітолага Канстанціна. Шымкевіч Якуб, доктар філасофіі і медыцыны, выбітны дзеяч масонскага руху, першы старшыня "Шубраўцаў". Памёр у 1818 г.

121 Згодна з успамінамі др. Франка аматарскія пастаноўкі "Федры" Расіна ў перакладзе мсціслаўскага ваяводы кн. Хамінскага, адбыліся ў 1808 і 1809 г. Выканаўца ролі Тэзея (Шуазель), каб падтрымаць свой дух, перапіў алкаголю і заснуў на сцэне.

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

Больш Паўднёвы Захад: Рыбак, Сафронаў, Семірадскі, Стагановіч, vavera4ka

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-52 (105-156) (2024); № 1-35 (157-191) за 2025 г.)


РЫБАК Луіс (2) (Luis Ribak) - пасля яго смерці ў 1979 г. яго ўдава і калега па мастацтве Беатрыс Мандэльман пражыла ў Таосе яшчэ два дзесяцігоддзі і памерла ў сваім доме ад раку ва ўзросце 85 гадоў 25.06.1998 г.

Яна, як і Луіс, "знайшла творчую свабоду, каб развіць свой уласны стыль, у якім пачуццёвасць абстрактнага экспрэсіянізму спалучаецца з натхненнем ад святла, колеру, пейзажу і культур амерыканскага Захаду". Уплыў на Рыбака і Мандэльман зрабіла і цяга да "прыгод", падарожжаў. На працягу ўсяго свайго жыцця яна шмат падарожнічала, наведаўшы Паўднёвую Амерыку, Еўропу, Азію і Афрыку, Шмат часу муж і жонка правялі ў Мексіцы - ездзілі практычна кожны год, "ратуючыся ад халодных паўночных зім Нью-Мексіка, як і многія з іх сучаснікаў, такія, як іх сябар Аляксандр Жырар (Alexander Girard): "Яны былі зачараваныя народнай творчасцю і калекцыяніравалі яе".

Няма звестак, ці атрымала яна ліст з Гомеля (напісаны (rough copy) 1990-05-10 і 1990-12-20, перапісаны начыстую 1990-12-21, адпраўлены 1990-12-22; ліст узноўлены па чарнавіку (у некалькіх выпадках копіі пад капірку не сканіраваліся ў асноўны перыяд адлічбоўкі - не былі на месцы ў храналагічным масіве першых копій і, як у гэтым выпадку, не знаходзяцца дагэтуль)) - адказу ад яе не было:

Dear Ms. Mandelman,

My name is Svetlana Kalenkovich. I am member of the Byelorussian - American Indian Society.

It is a high honour to address you, wife and friend of Louis Ribak.

We know you are a well-known artist, too.

I am interested in the American art, modern Indian in particular.

We shall be very much obliged to you for your personal reminiscences about Louis Ribak with special emphasis on his Indian contacts.

I think this your record may be both a material for our publication and your own illustrated article for a Byelorussian magazine (for example, Mastatstva Belarusi, The Art of Byelorussia).

Thank you very much.

We wish you all the best.

Sincerely yours,

Ms. Svetlana Kalenkovich

P.S. A Byelorussian artist, Mrs. Tamara Kolba-Stahanovich, sent us several reproductions of her beautiful Taos paintings in oil.

Літ .:

12739 Hobbs R. Beatrice Mandelman: Taos Modernist. Albuquerque, NM, 1995.

13233 Reno P. Taos Pueblo. Chicago, IL, [1972]. (Sage Books; 2 ed., rev.)

13232 Louis Ribak: Recent Paintings: December 31, 1945 to January 12, 1946. American Contemporary Art Gallery, 1946.

4172 Louis Ribak: the late paintings. [Exhibition] January 8th to April 8th, 1984. Roswell Museum and Art Center, Roswell, New Mexico, [1984].

САФРОНАЎ Анатоль (4) - пасля апісання індзейскай школы ў Фініксе Сафронаў напісаў, што яны "не паглыбляліся" ў "цяжкія пытанні", якія ўзніклі ў сувязі з гэтым пунктам іх праграмы.

"На чарзе яшчэ было наведванне Бюро па індзейскіх справах" (Бюро по индейским делам; больш распаўсюджаны варыянт перакладу англійскай назвы Bureau of Indian Affairs - Бюро по делам индейцев (БДИ), Бюро па справах індзейцаў (БСІ)).

Сафронаў лічыў, што Фрэнк Клакхан, які іх суправаджаў, ухіляўся выканаць іх пажаданне паведаць рэзервацыю. У выніку землі, якія замацаваныя за індзейцамі, яны ўбачылі толькі з самалёта.

Анатоль Сафронаў

БЮРО ПА СПРАВАХ ІНДЗЕЙЦАЎ

Установа гэтая змяшчалася ў невялікім аднапавярховым будынку. У адным з пакояў сядзела каля дзясятка людзей у паношаных, старых касцюмах. Сярод іх вылучаўся чалавек у модным шэрым пінжаку з гальштукам колеру бычынай крыві.

Амерыканец, які сядзеў за сталом, спытаў:

- Панове савецкія журналісты маюць жаданне задаць пытанні індзейцам, што сабраліся тут?

- Няхай хто-небудзь раскажа пра сваё жыццё.

- Каго б вы хацелі спытаць пра гэта?

- Хто пажадае адказаць.

Работнік бюро звярнуўся да індзейца, апранутага ў модны шэры пінжак:

- Раскажыце, Холмер...

Індзеец падняўся:

- Нядаўна я абраны старшынёй савета майго племені Махавэ [Mohave, Mojave; надрукавана па-руску Махове]. Жывём мы ў рэзервацыі каля ракі Каларада. Племя налічвае тысячу чатырыста шэсцьдзясят чалавек. Нарадзіўся я ў тысяча дзевяцьсот дзявятым годзе ў Каліфорніі. Я быў дзікім. Валасы раслі ў мяне да пояса. Паляваў на звяроў, лавіў рыбу. Мой бацька вырашыў, што я мушу атрымаць адукацыю. Але я схаваўся ў лесе... Мяне лавіла паліцыя. Я бег ад іх, пераплыў раку Каларада. Але яны мяне заарканілі ласо. Звязалі і павезлі ў горад. Адрэзалі мне валасы. Змясцілі ў маленькую школу. Я пачаў прывыкаць. Пачаў добра гуляць у бейсбол... Адзін год я быў журналістам. Але настала дэпрэсія. У мяне не аказалася грошай. Прыйшлося мяняць прафесію. Дваццаць гадоў я працаваў у розных арганізацыях. Я зараз вярнуўся да свайго племені...

- Скажыце, а як жывуць індзейцы ў рэзервацыях?

Холмер агледзеў індзейцаў, якія сядзелі побач з ім. Усе маўчалі.

- Добра, - сказаў Холмер.

- Ці праўда, што тры тысячы сямействаў з рэзервацый перасялілі ў прыгарады арызонскіх гарадоў?

- Праўда.

- А чаму?

- З-за дрэннага матэрыяльнага становішча. Але перавозяць усіх толькі па добрай волі...

- А як жа гэта стасуецца з тым, што, як вы кажаце, у рэзервацыях добра жывуць?

- Ёсць індзейцы, якія не хочуць працаваць.

- А чаму не хочуць працаваць?

Холмер паціснуў плячыма:

- Не хочуць - і ўсё...

Нечакана падняўся чалавек у блакітнай шырокай блузе. Гэта быў індзеец Жузэ. Ён сказаў:

- Мы ведаем, што Савецкі Саюз вялікая краіна. Ведаем, што там жыве працоўны народ. Я сам шмат чытаў пра Расію. Ваша краіна пайшла далёка. Злучаныя Штаты таксама пайшлі наперад. Жаданне індзейцаў зводзіцца да таго, каб гэтыя дзве вялікія краіны былі сябрамі.

Калі, развітаўшыся з індзейцамі, мы выйшлі на вуліцу, Клукхан спытаў нас:

- Задаволеныя гутаркай?

- Задаволеныя. Цяпер, для паўнаты ўражанняў, вы, верагодна, пакажаце нам хаця б адну з рэзервацый, дзе жывуць індзейцы?

Клукхан пакруціў галавой:

- У вас няма часу, панове.

- Чаму? Якраз тут, у Арызоне, у нас вельмі спакойная праграма. У крайнім выпадку мы гатовы ад чаго-небудзь адмовіцца.

- Далёка ехаць...

- У вас такія хуткаходныя машыны.

- Вам трэба адпачываць, вы стаміліся.

- Адпачываць мы будзем у Маскве.

- Вы ўбачыце рэзервацыі з паветра.

- Як з паветра?

- Калі паляціце аглядаць Гранд-каньён...

Мы махнулі рукой. Можна было падумаць, што кожная індзейская рэзервацыя - гэта сама меней буйны ваенны аб'ект.

Так мы і не пабачылі, нягледзячы на нашу просьбу, месцаў, дзе жывуць індзейцы.

Калі мы ляцелі да Гранд-каньёна, на чырванавата-карычневым плато ўбачылі контуры далёкага жылля.

- Вось там індзейскія рэзервацыі, - сказаў лётчык Дэйл Велінг, паказваючы ўніз.

Для таго каб сфатаграфаваць, як кажуць у Арызоне, "сёмы цуд свету" - Гранд-каньён, я прабраўся ў кабіну лётчыка, дабрадушнага высокага хлопца, які нядбайна трымаў рулі кіравання самалётам.

Самалёт ляцеў строга на поўнач. Спачатку ўнізе зажаўцела пустыня. Потым жоўтыя невысокія грабяні змяніліся карычневымі складкамі пласкагор'яў і невялікіх узгоркаў. Азораныя сонцам, паказаліся чырвоныя скалы, падобныя на вежы старых цвердзяў.

- Гэтае месца - уласнасць Галівуду, - сказаў лётчык. - Тут Галівуд здымае індзейскія фільмы.

Вось ужо сапраўды злая іронія лёсу! У краі, у якім дзясяткі тысяч індзейцаў былі знішчаныя жорсткімі заваёўнікамі, а рэшткі індзейскіх плямёнаў сселены сілком у рэзервацыі, ёсць адмысловыя галівудскія месцы, дзе здымаюцца фільмы пра індзейцаў?.. Нямала я бачыў такіх фільмаў. Як правіла, індзейцы ў гэтых фільмах паказваюцца каварнымі і жорсткімі, а іх прыгнятальнікі - высакароднымі і велікадушнымі.

Літ.:

1974 Софронов А. В. На ближнем и дальнем Западе: путевые очерки. М., 1968.

СЕМІРАДСКІ Юзаф (17) - наш карэспандэнт Марыя Парадоўская, верагодна, таксама мела яго як аднаго з самых улюбёных герояў сваіх даследаванняў. Характарыстыка Парадоўскай намаганняў Семірадскага ў індзеяністыцы ў версіі, падрыхтаванай для выдання 1992 г., прымеркаванага да 500-годдзя адкрыцця Амерыкі прадстаўнікамі Старога Свету ("Уклад палякаў…", выдавец Komisarz Generalny Udzia?u Polski w Wystawie Uniwersalnej EXPO'92 w Sevilli):

Марыя Парадоўская

УКЛАД ЮЗАФА СЕМІРАДСКАГА Ў ВЫВУЧЭННЕ ІНДЗЕЙЦАЎ

Адным з найвыдатнейшых польскіх даследчыкаў у галіне этнаграфіі Лацінскай Амерыкі быў Юзаф Семірадскі, які раней згадваўся ў сувязі з яго ўдзелам у працах іншага характару. Ён быў першым палякам, які праводзіў сістэматычныя і доўгатэрміновыя даследаванні культуры індзейцаў і адначасова імкнуўся ўсебакова прааналізаваць вынікі сваіх этнаграфічных палявых даследаванняў, абапіраючыся на тэарэтычную базу таго часу [owczesnej teoretycznej bazie naukowej]. Нягледзячы на тое, што кожная з яго трох экспедыцый у Лацінскую Амерыку дала пэўныя этнаграфічныя вынікі, другая была найбольш плённай з пункту гледжання такога тыпу матэрыялу. Ён уключыў свае назіранні ў кнігу "На межах цывілізацыі" [Na kresach cywilizacji] і ў некалькіх навуковых працах.

Нягледзячы на тое, што этнаграфічныя даследаванні Семірадскага прывялі да значных вынікаў з навуковага пункту гледжання [efektow znaczacych z naukowego punktu widzenia], сам аўтар не быў упэўнены ў сваёй належнай падрыхтоўцы да такой працы. Аднак ён ведаў, што недахоп спецыялістаў прымушаў праводзіць этнаграфічныя даследаванні зусім выпадковых людзей. Усведамленне гэтага дазволіла Семірадскаму крытычна пераасэнсаваць уласныя намаганні ў гэтай галіне. Як чалавек шырокага кругагляду і агульных ведаў, ён старанна [solidnie] рыхтаваўся да сваіх даследаванняў, і вынікі яго працы аказаліся выдатнымі [znakomite].

Семірадскі прыйшоў да некаторых больш агульных высноў адносна паходжання карэнных амерыканцаў. Ён пісаў: "Падчас трох маіх паездак у розныя рэгіёны Паўднёвай Амерыкі я меў магчымасць асабіста пазнаёміцца з рознымі плямёнамі карэнных жыхароў гэтага мацерыка [przeroznymi szczepami pierwotnych ladu tego mieszkancow] і сабраць даволі багаты этнаграфічны матэрыял, а паколькі вынікі маіх асабістых назіранняў у гэтай галіне ў многіх важных дэталях прынцыпова адрозніваюцца ад усталяваных у навуцы поглядаў [utartych w nauce pogladow], я вырашыў апублікаваць свае назіранні". Ён зрабіў гэта апублікаваўшы артыкул пад назвай "Beitrage zur Ethnographie der sudamerikanischen Indianer" у "Справаздачах Венскага антрапалагічнага таварыства за 1898 год".

Фактам фундаментальнага значэння [zasadniczej wagi], найважнейшым для сусветнай этнаграфіі, былі выступленне [wystapienie] Семірадскага супраць тэзіса аб карэнным паходжанні людзей, якія насялялі тэрыторыі абедзвюх Амерык, і яго імкненне даказаць іх азіяцкае паходжанне. У той час ён быў адным з нямногіх даследчыкаў, якія прытрымліваліся такіх поглядаў. На падставе аналізу культур розных плямёнаў ён спрабаваў паказаць, што "акрамя некалькіх асобных прымітыўных рас", астатнія паходзяць з Азіі і цесна звязаныя з азіяцкімі культурамі. Ён выказаў перакананне, што народы Азіі і Амерыкі характарызуюцца аднолькавымі расавымі элементамі, што ён дакументаваў прыкладамі ў сваіх трактатах [rozprawach].

Семірадскі завяршыў свае разважанні пра азіяцкае паходжанне індзейцаў сцвярджэннем, што Амерыку насялялі некалькі розных першабытных рас (уключыў у іх патагонцаў, аравакаў і батакудаў), а таксама народы азіяцкага паходжання. Як характэрную рысу, якая адрознівае першабытныя расы ад прышэльцаў з Азіі, ён разглядаў з'яву шаманізму, невядомую сярод першых, але шырока распаўсюджаную сярод другіх.

Юзаф Семірадскі не абмяжоўваўся абмеркаваннем і характарыстыкай антрапалагічных тыпаў жыхароў Амерыкі, выводзячы паходжанне некаторых з азіяцкіх зямель [terenow], але і прадставіў асноўныя культурныя элементы асобных груп насельніцтва. Ён апісаў разнастайную архітэктуру, адзенне і ўпрыгожванні, спосабы здабывання ежы, зброю, розныя віды прылад працы, рамёствы, сацыяльныя адносіны і вераванні індзейцаў з тэрыторый Гран-Чака, Патагоніі, Вогненнай Зямлі, Чылі, Бразіліі і іншых абшараў Лацінскай Амерыкі. Яго палявыя даследаванні [badania terenowe] і этналагічныя даследаванні мелі вялікае значэнне ў развіцці навукі і ў разуменні мінулага і сучаснасці Лацінскай Амерыкі.

Літ .:

4154 Paradowska M. Obraz Indian Ameryki Poludniowej w Polsce XIX wieku // Etnografia Polska. Cz. I. T. 25. 1981. S. 47-120; Сz. 2. T. 26. 1982. S. 13-78.

4155 Paradowska M. Polacy w Ameryce Poludniowej. Wroclaw; Warszawa; Krakow; Gdansk, 1977.

СТАГАНОВІЧ Тамара (2) (Tamara Stahanovich, Stahanovich-Kolba, Tamara Kolba, St. Tamara Kolba, St. Tamara, 1930-2020) - у сваіх мемуарах яна падае Каларада і ў прыватнасці Дэнвер як пэўны "хаб", "базу", якая прывяла да канцэнтрацыі яе ўвагі на Паўднёвым Захадзе, захаплення ім. У Дэнверы - у яўрэйскім шпіталі - лячыўся яе брат Аляксандр.

Ва ўспамінах, выдадзеных у 2018 г., не магло не знайсціся значнае месца для яе паўднёва-заходніх уражанняў (падаём у перакладзе з тарашкевіцы)

Тамара Стагановіч

З УКРАІНСКІМ МУЖАМ НА ПАЎДНЁВЫМ ЗАХАДЗЕ

Ад таго часу, калі мы яшчэ бралі вакацыі толькі зімою ды былі засыпаныя снежнай бурай па дарозе да Дэнвера ў Каларада (аж на 3 гадзіны), мы рашылі не браць вакацый зімою, а толькі летам, хоць і трэба будзе змагацца з масай спадарожнікаў. Амерыканцы любяць летнія вакацыі, дык іх мільёны на дарогах, ну і ў гатэлях цяжка дастаць комнату [пакой] на начлег, хіба за месяц раней.

Але з гадамі мы з Аляксандрам знайшлі выхад: мы ўставалі раненька, елі сняданне і раз'язджалі цэлы дзень, але ўжо толькі да 5-й гадзіны пад вечар мы знаходзілі комнату [пакой] ў матэлі, тады як усе іншыя турысты яшчэ падарожнічалі, аж пакуль не зойдзе сонца. Гэткім спосабам мы заангажоўвалі сабе начлег, ішлі паплаваць у басейн, бралі "шаўэр" ды ішлі ў рэстаран вячэраць.

Гэтага плана мы датрымліваліся кожны год, бо цяпер Аляксандр мог браць свае вакацыі на цэлы месяц. А таму што мы заўжды рашалі наперад, куды мы хочам ехаць, што мы хочам адведаць у кожным штаце, у кожным горадзе ці рэзервацыі, дык я была правадніком па мапе, а Аляксандр - шафёрам.

Аляксандр хацеў, каб я чым найбольш углядалася ў краявіды ды натхнялася прыродай для маіх будучых карцін. Ужо да гэтага часу нас захапіла прырода Нью-Мексіка [Стагановіч ужывае форму Нью Мэксыко], Арызоны і Юты. Таму кожны раз, як мы ехалі ў тыя напрамкі, выбіралі новыя (іншыя штораз) дарогі, каб, едучы туды мы мелі магчымасць бачыць заўжды нешта новае, адведваць новыя гістарычныя помнікі, музеі, новыя індыянскія рэзервацыі.

У гэтым, 1985 годзе мы сканцэнтраваліся на Нью-Мексіка, Арызоне і Юта - зона: Grand Canyon [Гранд-Каньён], Casa Grande [Каса-Грандэ], Monument Valley [Манументальная Даліна, Даліна Помнікаў], Canyon De Chelly [Canyon de Chelly, Каньён-дэ-Шэй, Каньён-дэ-Шэлі], Albuquerque [Альбукерке], Santa Fe [Санта-Фэ]. Адведалі некалькі індыянскіх рэзервацый, такіх старынных [старых], як Гопі (Hopi) [Хопі] з старынным [страражытным] пасёлкам на высачэзнай гары Волпі (Walpi) [Уолпі], Зуні (Zuni) з яе арыгінальнай царквою, Акома (Acoma), якую называюць таксама Sky City (Нябесны Горад - тут царква пабудаваная над самым абрывам!!!), бо знаходзіцца на высокай плоскай гары, куды аўтобусы ўжо не даязджаюць, а трэба пешкі ўзнімацца на гару, адкуль кругом з яе бачыцца прастор гарысты чуць не паўштата; Таос Пуэбла - на індыянскай рэзервацыі ў штаце Нью-Мексіка і Санта-Фэ - горад надзвычайнай прыгажосці, з прыгожымі дамамі ў індыянскім стылі будавання, прыгожымі прасторнымі плошчамі ды цэрквамі.

Недалёка знаходзіцца месца, якое называецца Four Corners - Чатыры Вуглы, дзе злучаюцца 4 штаты: Нью-Мексіка, Арызона, Юта і Каларада. Тут, на гэтай плошчы, як і ў шматлікіх месцах, індыяне прадаюць свае вырабы, пераважна біжутэрыю. Вырабы надзвычай прыгожыя. Яны мяне вельмі захапілі сваёю прыгажосцю, дык у кожным месцы я старалася нешта новае купіць (на гэта я брала сабе аддзельныя [асобныя] грошы, прызначаныя толькі для гэтае мэты).

Гопі [Хопі] рэзервацыя знаходзіцца ў сярэдзіне рэзервацыі Наваго [Наваха, Navajo]. Нацыя Наваго мае велічэзную тэрыторыю, вельмі маляўнічую, але пасярэдзіне яе знаходзіцца гэтая рэзервацыя. Дзве нацыі розныя, аднак жывуць дружна. Пабыўшы ўжо раз на Гопі рэзервацыі, дзе мы адведвалі іх пасёлак старынны [старадаўні] Волпі (Walpi), мы закахаліся ў гэтую рамантычную, неардынарную мясцовасць і, калі даведаліся, што яны будуюць свой гатэль, рашылі налета замовіць комнату [пакой] ў іх на цэлы тыдзень. Гэта быў для нас асаблівы час, дзе мы адведвалі розныя іх крамы, падзіўлялі [здзіўляліся], як яны рабілі біжутэрыю з срэбра і туркойзу [бірузы, turquoise], аглядалі старынныя [даўнія] рэчы ў музеі, заядаліся вельмі смачным іх вараным у аліве хлебам з мёдам, елі аладкі з сіняй кукурузы, як таксама тушаную бараніну. Усюды пры дарогах стаялі сталы або толькі аўта, дзе індыяне прадавалі свае вырабы. Разбягаліся вочы! Столькі цудоўных рэчаў! Здаецца, кожную з іх я купіла б, каб хваціла грошай.

Хачу дабавіць і пра Зуні (Zuni) рэзервацыю. Кожная рэзервацыя - гэта іншая нацыя індыянаў. Нам вельмі спадабалася іх царква - уся размаляваная індыянскім матывамі менавіта іх нацыі, таму на сценах ёсць коні і ездакі, адзнакі каталіцкай рэлігіі зунііндыянаў. Калі надыходзіў вечар, мы рашылі хутка шукаць матэлю для начлегу. Аднак у гэтым кутку штата было іх мала - гэта паказвае на тое, што сюды турысты не прыязджаюць такой масаю, як у іншыя цікавыя месцы. Мы рашылі пераехаць у штат Юта, спадзеючыся на лепшыя абставіны.

У Mexican Hat [Мексікан-Хат, Мексікан-Хэт, census-designated place (CDP) на паўночнай мяжы рэзервацыі наваха] матэль быў нічога сабе, але, калі мы хацелі замкнуць дзверы, яны не замыкаліся. Я паклікала гаспадара і кажу, што дзверы не замыкаюцца, а ён смяецца і кажа нам, што гэта зусім непатрэбна, бо тут людзі ўсе добрыя. Але ж тут начуюць і прыезджыя, дык ці ён нам гарантуе і за іх таксама? Мы ўжо гатовыя ехаць надалей, але ён павёў нас у іншую комнату [пакой], дзе мы замкнулі за сабой дзверы для лепшага і спакайнейшага сну.

Тут у гэтым штаце Юта мы наведалі паркі, што маюць цікавыя фармаванні скал - як статуі людзей ды аркі ў форме брам. Усе горы і скалы маюць чырвона-аранжавы каларыт, падобны да нашае цэглы, толькі больш аранжавы.

Адведванне гэтых чатырох штатаў дало нам паняцце, наколькі ўсе яны адрозніваюцца адзін ад аднаго прыродай! Калі мы адведалі Grand Canyon (Магутны Кэньён), я прыйшла да пераканання, што кожны чалавек павінен адведаць яго на канцы сваіх падарожжаў, бо пасля ягонага адведвання ўсе іншыя горы і мясцовасці, людзі здаюцца маленькімі мурашачкамі.

Літ.:

11794 Стагановіч-Кольба Т. Абрэзкі з мінулых гадоў / прадм., каментары Н. Гардзіенкі. Мн., 2018.

2273 Антонава Т. Іх працы ўпрыгожваюць храмы і цешаць настальгічную памяць / на здымках: Т. Стагановіч. "Індзейская рэзервацыя"; І. Рагалевіч-Дутко. "Пейзаж" // Звязда. 1993. 9 крас. С. 4.

3969 Пранчак Л. Жыццё з раздвоенай душой: у майстэрні мастачкі Тамары Стагановіч / [Інтэрв'ю] // Літаратура і мастацтва. 1998. 16 кастр. С. 16.

*vavera4ka - карыстальнік Instagram, у якога мы прачыталі: "Яшчэ мы наведалі рэзервацыі карэннага насельніцтва (tohono [Tohono O'odham, тахона-о'одам] і yakki [Yaqui, які]). Мы гаварылі пра тое, у якіх абставінах яны зараз знаходзяцца і як спрабуюць захаваць сваю ідэнтычнасць і мову". Змешчана год таму, але "This Account is Private".

Тым не менш гэта добрая падстава змясціць наш ліст да прадстаўніцы народа які ў індзеяністыцы і канверт, у якім прыйшлі матэрыялы ад яе.

From Octaviana Trujillo, атр. 1994-06-29 (л.д. 1994-05-27 і дадаткі: брашура The Yaqui: a people and their place: a history і ксеракопіі Cathryn Creno. Always an aqual: poverful heritage taught Yaqui educator how to be a leader (Arizona Republic, 8.06.1993, 2 p.), Miriam Davidson. Woman seeks Pascua Yaqui job (An uphill climb to tribal leadership) (Arizona Republic, 24.03.1994, 1 p.), Enric Volante. New Pasсua Yaqui leader unlike others: but goals for tribe unchanged (Arizona Daily Star, 5.03.1994, 2 p.) (пра Актавіяну Трухільё); Edgar P. Senne. An Indian Easter liturgy: the creative syncretism of the Arizona Yaqui (Cresset, March 1986, p. 6-14, 9 p.), Stephen Trimble. The People: Indians of the American Southwest (вокл. і p. 420-432-433, 8 p.) (пра арызонскіх які).

Літ .:

12607 Гілевіч Н. Родныя дзеці; Сказ пра Лысую гару. Мн., 2016. (Папаго (папага).)

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей. Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.

Індзейцы , индейцы , Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Bielorrusia, Belarus; Алесь Симаков . Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 162].

"Легенды старадаўняга замка"ў старадаўнім замку

У мінулую суботу Лідскі замак сабраў знатакоў опернага і балетнага мастацтва. Для іх артысты Вялікага тэатра пад адкрытым небам паказалі канцэрт-спектакль "Легенды старадаўняга замка" з удзелам лаўрэатаў міжнародных конкурсаў, вядучых салістаў оперы, а таксама артысткі балета.

ТК "Культура Лідчыны".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX