Папярэдняя старонка: 2025

Наша слова.pdf № 38 (194) 


Дадана: 16-09-2025,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 38(194), 17 верасня 2025 г.

Ліда адсвяткавала Дзень горада

Вось ужо трэція выходныя запар у Лідзе панавала атмасфера свята. Горад масава прыняў удзел у аўта-фестывалі "Тачкі. Пікнік", на два дні стаў сталіцай Дня беларускага пісьменства. А 13 верасня лідзяне зноў выйшлі на вуліцы, каб разам адсвяткаваць Дзень горада. У былыя часы Дзень горада прывязваўся да 8 ліпеня - Дня вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, але вось ужо гадоў дзесяць прывязваецца да 17 верасня - даты надання гораду Лідзе Магдэбургскага права, дарэчы, сёлета споўнілася 430 гадоў гэтаму акту.

Урачысты прыём дэлегацый гарадоў-пабрацімаў з Расійскай Федэрацыі, а таксама многіх высокіх гасцей з розных рэгіёнаў Беларусі папярэднічаў святочным мерапрыемствам з нагоды Дня горада Ліды. Прыём, ініцыяваны старшынёй Лідскага раённага выканаўчага камітэта, прайшоў у цёплай і сяброўскай атмасферы.

У дзень нараджэння Ліды з усіх канцэртных пляцовак гучалі прызнанні ў любов да роднага горада. Ва ўнісон шчырым віншаванням гораду стукаюць сэрцы яго жыхароў, перапоўненыя радасцю і гонарам за сваю малую радзіму.

Старт святочнай праграме дала ўрачыстая цырымонія адкрыцця свята.

Падчас цырымоніі адбылося ўзнагароджанне перадавікоў вытворчасці, дзеячаў культуры, ушанаванне працоўных дынастый.

Сярод узнагароджаных Шчэліна Алена Валянцінаўна загадчык аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Дзяржаўнай ўстановы "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці", якая атрымала ПАДЗЯКУ ПРЭМ'ЕР- МІНІСТРА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у развіццё нацыянальнай культуры.

На ўрачыстым адкрыцці святочных мерапрыемстваў да Дня горада дарылі сваю творчасць гасцям і жыхарам горада творчыя калектывы ўстаноў адукацыі, сярод іх узорная студыя сучаснага танца "База" аб'яднання па інтарэсах "Art DANCE STUDIO", узорны ансамбль танца "Вясёлая карусель" СШ № 9 г. Ліды імя А.В. Нічыпорчыка, танцавальны калектыў "Пралеска" СШ № 17 г. Ліды, а таксама высокапрафесійныя калектывы Палаца культуры г. Ліды.

ТК "Культура Лідчыны".

LIDBEER яднае ўсіх

Спусціцца па зіп-лайну, зрабіць фота на гіганцкай селфі-палцы, выкупацца ў паветраных шарах і нават… стаць чэмпіёнам па паглынанні чабурэкаў! Гэта толькі маленькая частка таго, што падрыхтавалі арганізатары LIDBEER 2025.

Так, пасля двухгадовага перапынку культавы фэст ізноў вярнуўся ў Ліду! Па традыцыі ён праходзіў у рамках святкавання Дня горада.

Паводле ШІ фестываль сабраў больш за 100 000 чалавек.

ТК "Культура Лідчыны".

У Лідзе прайшла прэзентацыя кніг, выдадзеных да Дня пісьменства

Другі дзень Свята беларускага пісьменства пачаўся ў Лідскім гісторыка-мастацкім музеі з прэзентацыі трох кніг: "Лідскі край: з любоўю і назаўжды", "Край наш вольны, край любімы", "З Міхасём і Міхалінкай крочым роднымі сцяжынкамі". Вядучыя беларускія выдавецтвы "Беларусь", "Мастацкая літаратура" і Выдавецкі дом "Звязда" выпусцілі іх у свет.

Кнігі расказваюць пра гісторыю і сучаснасць Лідчыны, яе славутасці, пра пісьменнікаў, якія звязаны лёсам з Лідскім краем. Варта адзначыць, што два першыя, названыя вышэй, зборнікі выйшлі пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

Над стварэннем кніг працавалі не толькі выдавецтвы, але і лідская каманда.

Кніга "Лідскі край: з любоўю і назаўжды" - выданне накшталт сямейнага альбома, у якім кожны знойдзе блізкае і роднае для сябе. Кніга выйшла на трох мовах: беларускай, рускай і англійскай. Яна можа стаць добрым падарункам беларусам і гасцям з замежжа.

Кніга "Край наш вольны, край любімы" паказала, наколькі багатая Лідчына на таленты - пісьменнікаў, паэтаў, творцаў.

А выданне "З Міхасём і Міхалінкай..." стала цудоўным падарункам для нашых першакласнікаў.

- Яшчэ раз хачу шчыра падзякаваць Прэзідэнту нашай краіны за тую падтрымку і рашэнні, дзякуючы якім наш горад змог стаць цэнтрам значных падзей, - сказаў старшыня Лідскага райвыканкама Аляксандр Вярсоцкі. - Асобная ўдзячнасць таксама губернатару нашай вобласці Юрыю Караеву за падтрымку і ўвагу да тых праектаў, якія сёння дапамагаюць развіваць наш рэгіён і ўзбагачаць яго культурную спадчыну.

Сёння мы бачым вынікі гэтай працы - кнігі, праекты, ініцыятывы, якія сталі здабыткам не толькі нашай вобласці, але і ўсёй краіны. Яны сведчаць пра тое, што Беларусь жыве, развіваецца і ўпэўнена глядзіць у будучыню. Наша агульная справа - захаваць і памножыць усё тое, што ўжо зроблена, перадаць гэтую сілу маладым пакаленням. Няхай слова, культура і вера ў свае сілы вядуць нас далей!

Трэба, аднак, дадаць, што лідскія выданні да Дня беларускага пісьменства: двухтомны 11-ты нумар зборніка "Ад лідскіх муроў", альбом "Лідскі Парнас. 175 партрэтаў лідскіх літаратараў" і каляндар з серыі "Скарбы Лідчыны" на прэзентацыі прадстаўлены не былі.

Яраслаў Грынкевіч.

Дзень пісьменства ў Лідзе - цудоўная магчымасць пазнаёміцца з цікавымі людзьмі

Шмат цікавых уражанняў і знаёмстваў падарыў лідзянам і гасцям горада ХХХII Дзень беларускага пісьменства. Для дарослых і дзяцей быў створаны шэраг лакацый, дзе кожны мог знайсці сабе занятак па душы. Вучні 11-й лідскай школы таксама выбіралі сабе займальныя і пазнавальныя пляцоўкі. Але кожны жадаў убачыць як мага больш, прыняць удзел у шматлікіх конкурсах, інтэрактыўных гульнях, гутарках з беларускімі пісьменнікамі.

Так, вучні 9 "А" класа, наведваючы тэматычныя экспазіцыі пляцовак "Фестываля кнігі і прэсы" ўжывую пазнаёміліся з краязнаўцам, журналістам, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, аўтарам сямі кніг Галінай Антонавай.

Галіна Францішкаўна прэзентавала сваю новую кнігу "Вайна ў асобах", якая выйшла з друку ў 2025 годзе і ўяўляе сабой жывыя ўспаміны ўдзельнікаў Вялікай Айчынай вайны і іх дзяцей. Кніга ў год 80-годдзя Вялікай перамогі ў Вялікай Айчынай вайне стала значным укладам пісьменніцы ў гістарычную памяць нашай краіны. На працягу дваццаці гадоў, як адзначыла Галіна Антонава, яна сустракалася з людзьмі, запісвала іх успаміны, якія ў свой час друкаваліся на старонках смаргонскай раённай газеты "Светлы шлях", дзе яна працуе карэспандэнтам.

Упэўнена, што гэтая сустрэча падчас Дня пісьменства ў Лідзе надоўга застанецца ў памяці вучняў, як рэальная размова з пісьменнікам і чалавекам, які змог захаваць і праз сваю кнігу данесці да маладога пакалення жахі ваеннага ліхалецця нашых продкаў.

Наталля Мікалаеўна АНАШКЕВІЧ, настаўніца рускай мовы і літаратуры, г. Ліда, школа № 11.

Падведзены вынікі агляду-конкурсу на лепшую арт-лаўку

Да Дня беларускага пісьменства на бульвары Гедыміна з'явіліся незвычайныя арт-лаўкі - малыя архітэктурныя формы, якія ўжо паспелі палюбіцца лідзянам і гасцям горада.

7 верасня былі падведзены вынікі творчага агляду, і пераможцы атрымалі заслужаныя граматы Лідскага райвыканкама.

1 месца - Лідскае ГУП ЖКГ;

2 месца - АСП "Нёман", ААТ "Менскі завод колавых цягачоў" і Лідскі гісторыка-мастацкі музей;

3 месца - ГП "Конус" і ААТ "Шклозавод "Нёман".

Сярод пераможцаў лаўка Лідскага гісторыка-мастацкага музея. Чым жа музейная лаўка вылучаецца сярод іншых?

На яе падлакотніку - кніга: "Валянцін Таўлай, "Выбранае", Мінск, 1947". Так, зборнік пад назвай "Выбранае" - першая кніга Валянціна Таўлая, патрымаць якую ў руках паэту не ўдалося. Валянціна Таўлая не стала 27 красавіка, а кніга выйшла напрыканцы 1947 года.

Назву кнізе ён хацеў даць іншую і, магчыма, да чытача зборнік дайшоў бы пад псеўданімам Паўлюк Сірата. Задума выдаць свае творы пад адной вокладкай прыйшла да паэта, калі ён жыў у Лідзе.

Сёння ў доме, дзе жыў да Вялікай Айчыннай вайны Валянцін Таўлай, працуе літаратурны аддзел Лідскага гісторыка-мастацкага музея. Пераступіўшы парог будынка, наведвальнік акунаецца ў мінулае жыццё і творчую дзейнасць яго былога гаспадара. Запрашаем і вас наведаць дом Валянціна Таўлая па адрасе: Замкавая, 7 у Лідзе.

Дзякуем усім удзельнікам за крэатыў, працу і любоў да роднага горада. Арт-лаўкі сталі не проста ўпрыгожваннем вуліц, а знакам аб'яднання ідэй, эстэтыкі і лакальнай ідэнтычнасці.

Прыходзьце, фатаграфуйцеся, дзяліцеся ўражаннямі - Ліда натхняе!

Яраслаў Грынкевіч.

"Сон Гедыміна і зварот да гісторыі". Абралі лепшыя вершы пра Лідскі замак

7 верасня ў рамках Дня беларускага пісьменства ў Лідзе ў Лідскім замку назвалі пераможцаў конкурсу вершаў пра Лідскі замак "Голас стагоддзяў".

- У конкурсе прынялі ўдзел не толькі жыхары Ліды і Лідскага раёна, але і паэты з Менска, Пінска і Баранавіч. Конкурс праводзіўся ў некалькіх узроставых групах. Малодшая група - ад 14 да 25 гадоў, сярэдняя - ад 25 да 50 гадоў і старэйшая - 50+. Удзельнікі конкурсу прадэманстравалі творчы падыход, цікавасць да тэмы, паказалі, што сучаснае пакаленне неабыякава да гісторыі радзімы, - распавяла старэйшы навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея Таццяна Ліпніцкая.

У малодшай узроставай катэгорыі перамагла Марыя Завала з вершам "Сэрца Ліды", у сярэдняй - Уладзімір Глінін з вершам "Муры памяці", а ў старэйшай - Станіслаў Суднік з паэмай "Лідскі сон Гедыміна".

- Даўно вядома легенда пра тое, што Гедыміну прыснілася будаўніцтва Вільні, а тут у паэме з'явіўся яшчэ і сон пра будаўніцтва Лідскага замка. Магчыма, у будучыні гэтая легенда таксама ўвойдзе ў міфалогію замка, - заўважыла Таццяна Ліпніцкая.

Па яе словах, госці, якія прыехалі на Дзень беларускага пісьменнаства, праяўляюць адмысловую цікавасць да Лідскага замка - аднаго з самых старых на тэрыторыі Беларусі замкаў эпохі Сярэднявечча. Гэта замак-кастэль, якіх на тэрыторыі Беларусі толькі два: Крэўскі і Лідскі. Першы пакуль што знаходзіцца ў стадыі рэстаўрацыі.

Уручаў узнагароды дабрачынны Лідскай акругі протаіерэй Расціслаў Салаўёў, які і сам піша на гістарычныя тэмы, праўда, прозай.

Усе ўдзельнікі конкурсу атрымалі падарункі і запрашэнні на рыцарскі турнір у Лідскі замак 13 чэрвеня.

Паводле БелТА.

Словам родным дакранёмся да сэрца: XXXII Дзень беларускага пісьменства ў жыцці бібліятэк Лідчыны

Дзень беларускага пісьменства - гэта свята з глыбокімі каранямі. Кожнае напісанае слова, кожная прачытаная кніга - гэта не проста літары на паперы, а цаглінка ў будынку нашай нацыянальнай культуры, якую мы перадаём наступным пакаленням.

Горад Ліда 6-7 верасня сустракаў гасцей на святкаванні XXXII Дня беларускага пісьменства. Для жыхароў горада і гасцей свята былі падрыхтаваны розныя тэматычныя выставы і экспазіцыі, творчыя сустрэчы, прэзентацыі кніг, інтэрактыўныя пляцоўкі. Асаблівае месца ў гэты святочны дзень займала Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы. Розныя лакацыі, майстар-класы, творчыя выставы і інтэрактыў - усё гэта быў арт-квартал "Ад прадзедаў спакон вякоў мне засталася спадчына...".

Майстар-клас "Росчырк гусіным пяром" - унікальны майстар-клас па пісьму і каліграфіі, які можна апісаць так - прыгожыя літары, думкі і справы. Падчас майстар-класа госці Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы мелі ўнікальную магчымасць дакрануцца да пісьменства "сваімі рукамі" - пазнаёміцца з асноўнымі формамі старажытнага пісьма і напісаць па ўзорах літары і словы (скажам, сваё імя) статутам, паўстатутам, вяззю і скорапісам, а таксама даведацца цікавыя факты.

Унутрыбібліятэчны конкурс "Кніга твайго фармату" раскрыў творчыя здольнасці супрацоўнікаў бібліятэк Лідчыны. Фармат, тэматыка, сукупнасць матэрыялаў і тэхнік - кожная кніга, як асобны твор мастацтва.

Лідскі замак - гэта выдатны помнік абарончага мастацтва 14-15 стагоддзяў. Пабудаваны ў 1323 годзе па даручэнні князя Гедыміна. Галоўная славутасць г. Ліды стала асновай лакацыі "Горад, сэрцу дарагі" на арт-квартале Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы. Тут можна было зрабіць крэатыўныя фота, сабраць пазлы і прыняць удзел у інтэрактыўнай віктарыне "Жанравая скульптура горада". Выданні пра горад Ліду прыадкрылі таямніцы прыгожага горада з жаночым імем.

Інтэрактыўная пляцоўка "Разам з кнігай мы расцём" філіялаў "Лідская гарадская дзіцячая бібліятэка" і "Лідская гарадская бібліятэка № 3" стала сапраўднай гульнявой краінай для юных гасцей свята. Інтэрактыўныя, лагічныя гульні, фотазоны для юных прынцэс, гіганцкія размалёўкі, загадкі і казачныя віктарыны - малая частка "дзіцячага вострава" на пляцоўцы Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы.

6-7 верасня на пляцоўцы Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы прайшла аўтограф-сесія "Слова паэту". Тут пісьменнікі не толькі дэманстравалі сваё майстэрства, але і адказвалі на пытанні, распавядалі пра творчы працэс. Чытанне вершаў і іншых твораў часта суправаджалася падпісаннем кніг. Гэта было і актам дарэння, і спосабам захаваць успамін пра сустрэчу з аўтарамі. На пляцоўцы пабывалі як лідскія пісьменнікі, так і госці з Беларусі - Уладзімір Гаўрыловіч, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення грамадскага аб'яднання "Саюз пісьменнікаў Беларусі", Мікалай Ждановіч, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі (2025 г.), Алег Зайцаў, в.а. старшыні Савета і Прэзідыума Савета Беларускага літаратурнага саюза "Полоцкая ветвь", Сяргей Сіткевіч, член "Саюза паэтаў Санкт-Пецярбурга", члены літаратурнага аб'яднання "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты" і іншыя.

Ад "Суквецця" свае вершы чыталі Кастусь Якубчык, Вольга Ашмяна-Бічэль, Тарэза Смольская і іншыя.

У святочныя дні прайшоў круглы стол на тэму "80 гадоў Вялікай Перамогі: бібліятэчныя ініцыятывы і праекты". У працы круглага стала прыняў удзел генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін. Падчас мерапрыемства даклады прадставілі супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, бібліятэчныя работнікі Гарадзеншчыны і Берасцейшчыны. Бібліёграф Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы Курбыка Галіна Раманаўна выступіла з дакладам "Становіцца гісторыяй вайна", дзе дасканала расскрыла сутнасць творчага патрыятычнага праекта "Памяць у спадчыну" .

Урачыстае адкрыццё новага арт-аб'екта - мурала на фасадзе будынка Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы - адбылося 6 верасня на святкаванні XXXII Дня беларускага пісьменства. Атмасферу свята стваралі творчыя калектывы горада. Мастацкі роспіс на сценах гэтага будынка ў цэнтры горада стаў адным са шматлікіх маляўнічых арт-аб'ектаў у рамках праекта "Традыцыі дзеля будучыні", які ўжо некалькі гадоў рэалізуе ААТ "ААБ Беларусбанк". Ідэя малюнка належыць супрацоўнікам аддзела бібліятэчнага маркетынгу, сацыякуль-турнай дзейнасці і метадычнай работы, мастацкае афармленне фасада бібліятэкі выканана таленавітым мастаком Пахомчыкам Канстанцінам Віктаравічам (г. Менск).

Ганаровым госцем Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы стаў Анатоль Мечыслававіч Маркевіч - беларускі дзяржаўны дзеяч, кіраўнік Прадстаўніцтва Пастаяннага Камітэта Саюзнай дзяржавы ў Менску, які ў перыяд з 2020 па 2024 год займаў пасаду Міністра культуры Рэспублікі Беларусь. Супрацоўнікі бібліятэкі прэзентавалі лакацыі, якія ўваходзілі ў арт-квартал, пазнаёмілі з абноўленай бібліятэкай, праектамі і сучаснымі кірункамі працы.

У адзін са святочных дзён госці і жыхары горада Ліда маглі наведаць прэзентацыю кнігі "Час выбраў". У красавіку 2025 года на аснове ўнікальнага праекта выдавецкага дома "Беларусь сегодня" выдавецкім домам "Звязда" быў падрыхтаваны і выпушчаны 448-старонкавы фаліянт. У аснову гэтага ўнікальнага выдання былі пакладзены матэрыялы цэнтральнай перыёдыкі краіны за 1994-2025 гады - больш за 20 тысяч выпускаў пяці газет. Аўтары выдання прадставілі рэтраспектыву станаўлення і развіцця беларускай дзяржаўнасці ў перыяд суверэнітэту і незалежнасці нашай краіны. Усе, хто стаяў ля вытокаў уражлівага праекта - Дзмітрый Жук, Вольга Ануфрыева, Максім Осіпаў - сустрэліся з гасцямі свята, адказалі на пытанні, пакінулі аўтографы на памяць.

Выстава старадрукаваных царкоўных кніг "Крыніца мудрасці стагоддзяў" прайшла ў рамках XXXII Дня беларускага пісьменства ў філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 4" 7 верасня. У экспазіцыі была прадстаўлена духоўная літаратура, выдадзеная ў XVIII-XX стагоддзях - як арыгіналы, так і факсімільныя копіі. Адметнасцю калекцыі стала самая старажытная кніга Лідскага рэгіёна - "Мінея" 1724 года, якая спецыяльна да свята была таксама выпушчана факсімільным спосабам тыражом у 50 экзэмпляраў. Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця выставы прыняў удзел епіскап Лідскі і Смаргонскі Парфірый. Наведаць выставу прыйшлі жыхары горада і яго госці, для якіх духоўная спадчына адыгрывае важную ролю ў жыцці.

Яшчэ адна бібліятэчная лакацыя была разгорнута ў гонар літаратараў-юбіляраў 2025 года.

У чытальнай зале быў устаноўлены пераносны стэнд з творамі лідскіх літаратараў. Тут жа быў выстаўлены і альбом "Лідскі Парнас. 175 партрэтаў лідскіх літаратараў", унікальнае выданне, падрыхтаванае да Дня беларускага пісьменства Лідскім гісторыка-мастацкім музеем і ПУП "Пружмень", укладальнік Станіслаў Суднік. Пасля свята альбом перамясціўся на стацыянарны стэнд з творамі лідскіх літаратараў.

Родная мова - гэта не проста сродак зносін, гэта падмурак нашай культуры, гісторыі і самасвядомасці, таму Свята беларускага пісьменства будзе прадоўжацца: учора, сёння, заўтра і заўсёды.

Бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу, сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы Кацярына Сандакова.

Кожная песня - ад сэрца

Больш за 400 выканаўцаў сабраў Лідскі хор-фэст

Лідскі хор-фэст" дадаў яркіх нот у праграму Дня беларускага пісьменства. Конкурс праводзіўся ўпершыню.

- Ідэя яго правядзення з'явілася ў мінулым годзе, калі нас аб'явілі сталіцай беларускага пісьменства-2025. Мы прапанавалі ўстановам культуры прадумаць цікавыя фішкі. Так, ад дзіцячай музычнай школы мастацтваў паступіла такая прапанова, паколькі і ў іх ёсць харавыя калектывы. Гэта асаблівы напрамак сёння. Нас падтрымалі і ў Міністэрстве інфармацыі і парэкамендавалі арганізаваць фестываль у двухдзённым фармаце. Фестываль адкрыты, таму заявак паступіла даволі шмат, - расказала начальнік аддзела культуры Лідскага райвыканкама Наталля Леўшунова.

Заяўкі на ўдзел падалі каля 40 калектываў, усяго харавы фэст аб'яднаў больш за 400 дарослых і юных выканаўцаў, аматараў і прафесіяналаў.

Удзельнікі з усіх рэгіёнаў краіны прадставілі на суд журы па 2-3 кампазіцыі. Лепшых з лепшых вызначалі ў трох намінацыях: "Акадэмічныя харавыя спевы", "Выкананне духоўнай музыкі", "Народныя харавыя спевы". Творчае спаборніцтва было разгорнута таксама ў падгрупах па ўзросце і ўзроўні прафесіяналізму хору.

Ансамбль народнай песні "Відзаўчанка" прыехаў з Віцебскай вобласці.

- Нам тут вельмі спадабалася. Да конкурсу рыхтаваліся адказна, нам блізкая яго рэпертуарная канцэпцыя, таму што тут праслаўляецца наша беларуская народная песня. Атмасфера цудоўная, арганізацыя выдатная - ад захавання ўсіх тэхнічных момантаў і рэгламентаў да ўзаемадзеяння і цёплых адносін. Куратары - выдатныя, добра нас сустракалі. Мы пазнаёміліся з многімі іншымі калектывамі з Гарадзенскай вобласці і іншых абласцей. У гэтую частку нашай краіны мы даўно не прыязджалі, якраз добрая нагода з'явілася, - падзяліліся выканаўцы.

У Ліду прыбыў асноўны склад ансамбля.

- У нас ёсць і мытнікі, і пагранічнікі, і прадпрымальнікі - на жаль, не ўсе з-за занятасці змаглі прыехаць, - растлумачылі ў ансамблі.

На конкурс прадставілі дзве апрацоўкі беларускіх народных песень: "Ішла Купалка па вуліцы" і дажынкавую "А ў нашага пана".

Кіраўнік ансамбля Аляксандр Павініч адзначыў высокі ўзровень фэсту. Калектыву ёсць з чым параўноўваць.

- Мы знаходзімся за пяць кіламетраў ад граніцы, таму раней бывалі на падобных конкурсах замежжа вельмі часта. Трэба сказаць, што ўзровень фестывалю ў Лідзе не ўступае, а, можа, у нечым і лепшы, - падзяліліся ў калектыве.

Пераможцамі гэтага конкурсу сталі чатыры лідскія калектывы. Яшчэ два лідскія хоры атрымалі дыпломы трэцяй ступені.

Лаўрэаты і прызёры фэсту атрымалі спецыяльныя статуэткі, дыпломы і салодкія прызы ад Лідскага хлебазавода.

Яркім фінішным акордам гала-канцэрту стала выкананне зводным хорам песні "Кутачок Беларусi" і гімна Рэспублікі Беларусь.

Атрымаўшы водгукі ад гледачоў і ўдзельнікаў, арганізатары запэўнілі - у фестывалю вялікая будучыня.

БЕЛТА.

ПАНЯМОННЯ ЖЫВАТВОРНЫЯ КРЫНІЦЫ БРУІЛІ НА ЛІДСКАЙ ЗЯМЛІ

Заключныя мерапрыемствы абласнога фестывалю рэгіянальнага фальклору праходзілі на Лідскай зямлі ў рамках Дня беларускага пісьменства.

Свята пачалося з дэманстрацыі "Палатна адзінства", на якім майстры вобласці адлюстравалі нашы сапраўдныя культурныя брэнды - усё тое, што нас яднае і з'яўляецца нагодай для гонару за наш славуты край.

Гасцей і ўдзельнікаў фестывалю прывітала начальнік упраўлення культуры Гарадзенскага аблвыканкама Клімовіч Алена Віктараўна, якая адзначыла важнасць захавання жыватворных крыніц для маладога пакалення.

На святочнай сцэне - фальклорныя калектывы з песнямі нашых бабуль, якія адгукаліся ў сэрцы кожнага гледача.

Упершыню ў Лідзе прайшло СВЯТА КАДРЫЛІ.

Ацмінаўская і Лядкаўская, Грабаўская і Масцішчанская - усё гэта НАШЫ танцы, ад якіх спявае душа, а ногі просяцца ў скокі.

У гасцей свята быў шанц падзівіцца на Котчынскую кадрылю Мастоўскага раёна і Дэмбраўскую Шчучынскага, якія ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Ну і заслужаныя ўзнагароды.

ТК "Культура Лідчыны".

У Дзень беларускага пісьменства ў Лідзе узнагародзілі пераможцаў творчага конкурсу журналістаў

У Лідзе ў рамках святкавання Дня беларускага пісьменства адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў рэспубліканскага творчага конкурсу Міністэрства інфармацыі і Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму сярод журналістаў СМІ на тэму ўборачнай кампаніі 2025 года "Хвала рукам, што пахнуць хлебам".

Дынаміка ўдзелу ў конкурсе ўпэўнена ідзе ўверх: сёлета колькасць удзельнікаў павялічылася яшчэ на 42 чалавекі.

Намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Дзяніс Язерскі адзначыў:

- На конкурс паступіла 135 заявак. На самой справе гэта, напэўна, самая вялікая колькасць заявак за ўсю гісторыю гэтага конкурсу. Конкурсу патрэбнага, конкурсу важнага. Сапраўды, членам журы было няпроста: якасць матэрыялаў вельмі ўзрасла. Асабліва радуе тое, што журналісты ў сваіх працах паказалі твар чалавека працы - тых, хто стварае нацыянальную харчовую бяспеку краіны. Кожнага героя яны прадставілі не толькі як прафесіянала, але і як сямейнага чалавека, як патрыёта. Мы адчувалі, якія гэта выдатныя людзі. Асабліва прыемна бачыць шмат маладых аўтараў: яны сваімі словамі перадаюць важнасць і цяжкасць гэтай працы для чытачоў і гледачоў.

Узнагароду карэспандэнт БЕЛТА Алеся Жалезнякова атрымала ў намінацыі "Лепшы аўтарскі матэрыял у рэспубліканскіх друкаваных СМІ і сеткавых выданнях". Як адзначыла журналіст, мець зносіны з хлебаробамі заўсёды цікава. Гэта людзі адмысловыя, у іх няпростая праца, пры гэтым яны ніколі не скажуць, што ім цяжка. Пра свае будні распавядаюць з уласцівым ім гумарам і аптымізмам.

- Адзначу яшчэ адну асаблівасць такіх інтэрв'ю: каб пазнаёміцца і дазнацца пра галоўнае ў камбайнёраў і іх памочнікаў ці кіроўцаў, заўсёды вельмі мала часу. Для іх каштоўная кожная хвіліна - і гэта не аварот мовы. Да таго ж са сціпласці яны ніколі не нахвальваюць сябе, не распісваюць свае добрыя якасці і шчыра дзівяцца журналісцкай цікавасці да сваёй асобы. Заўсёды прыемна мець зносіны з людзьмі, якія з любоўю ставяцца да справы. А атрымліваць за гэта яшчэ і ўзнагароду - удвая прыемна, - прызналася Алеся Жалезнякова.

У намінацыі "Лепшы аўтарскі матэрыял, які выйшаў у эфір рэспубліканскіх тэлевізійных ці радыёвяшчальных СМІ", перамогу патрымаў карэспандэнт Сталічнага тэлебачання Глеб Прокоф'еў. Карэспандэнт тэлерадыёкампаніі "Брэст" Эма Захарава перамагла ў намінацыі "Лепшы аўтарскі матэрыял, які выйшаў у эфір рэгіянальных тэлевізійных ці радыёвяшчальных СМІ".

У ліку лаўрэатаў - прадстаўнікі Гарадзеншчыны. Карэспандэнт "Рэдакцыі "ЛідаМедыяКампанія" Вольга Яхантава адзначана дыпломам у намінацыі "Найлепшы аўтарскі матэрыял (нарыс, рэпартаж, спецыяльны праект) у рэгіянальных друкаваных СМІ і сеткавых выданнях".

Паводле БелТА,

Зміцер Захарэвіч

З ГЛЫБІНЯЎ ВЫШЫНІ

ПЕРШЫ СВІТАНАК ВОСЕНІ

Восені першы світанак:

Сад захінуты ў туман,

Цераз самоту буслянак

Коціцца сонца рыдван.


Коламі тонучы ў вецці,

Повязь з мінулым ірве.

Згадкамі аб згаслым леце

Яблыкі спяць у траве.


Я мімаволі што ўспомню,

Плод беручы ў даланю -

Лёдзістасць мёртвае поўні

Ці жарсны танец агню?


Свету і спору дваістасць

Пэўніць, бы ксёнз на імшы:

- Праз стос грахоў не тлуміся,

Бо іх наноў не пражыць.


Згодна спрабую ўсміхацца,

Ветла страчаючы дзень:

- Верасень здольны вяртацца,

Воды ракі часу - не.

МЕСЯЦ

Чужыя мальвы, мова, места,

Сабой занятыя, наўкол,

Адно ўначы той самы месяц

Прыязна шчэрыцца ў акно

Кароткачаснай спачывальні

Ля новай ростані маёй,

Камрад і даўні спавядальнік

У рызе срэбрана-льняной.


Па свеце разам з ім бадзяўся,

Знарок шукаючы прыгод,

Ён быў як верны Санча Панса,

А я - нібыта Дон Кіхот.

Свядомасць засціўшы надзеяй,

Закінуўшы чарнавікі,

За цноты ўяўных Дульсінеяў

Імчаўся ў бой на ветракі.


Калі ж ідальга апантаны

Валіўся зможаны ў мурог,

Дык месяц спавіваў мне раны

Бінтамі гойнымі дарог.

Зямлю абцасы прыміналі,

Глумілі цішу цягнікі,

Гадамі гарады міналі,

Бо ўдалеч клікалі шляхі.


Абмытых злівай зорападу

Жаданне дзёрзкае вядзе:

Спазнаць, што там - за даляглядам,

Каб босым крочыць па вадзе.

Праз тое мальвы ў чужым месце

Нязгасным звабілі агнём

І сталы спадарожнік месяц

Прыветна шчэрыцца ў акно.

ПАС АРЫЁНА

Даўгі маршрут,

і спадарожнікі ў салоне,

Адкінуўшыся ў крэслах,

спяць даўно.

Сляпая ноч,

адно сузор'е Арыёна

Гарыць зіхотна

ў вочы скрозь акно.


Гразой грувасціцца

па-над сівым абшарам

(З якога мне

ці ёсць куды спяшаць?),

Нябёсы пасам1 перарэзаўшы,

бы шнарам,

Нібы палі

пад коламі шаша.


Вяртаюся

да бел-чырвоных вышыванак,

Дзе я не ў трэндзе -

ў чорным, рыхтык смоль.

А пад матыў

непраспяваных калыханак

Віруе ў жылах

братні алкаголь.


Пакуль радкі,

праз хмель забытыя, прыгадваў,

На золку стынным

Арыён пагас,

Але здавалася,

што шнурам Арыядны

Дадому вёў

ягоны ззёўны пас.

УВОСЕНЬ

Я сыду прэч дарогай белай

У туману сівы наліў,

Па-над станам вярбы абляцелай,

Паўз натруджаныя палі.


Праз самоту аціхлых гнёздаў

Не дам болей веры ўгары

Красамоўству апосталаў грозных,

Як паганскія святары.


Я сыду ў бяспамяцтва шэрань

Па-над язвамі гарадоў,

За спіной зачыню хмараў дзверы

Ад сваіх і чужых грахоў,


Ад апрыклых зямных мітрэнгаў,

Слёз і кроз пакінуўшы жудзь…

Мне ўслед румзаць

ці клікаць дарэмна -

Не змагу нат рэха пачуць,


Як сыду залевай скрозь сіта

Дзён старога календара,

На арэлях, дзятвою забытых,

Месца вызваліўшы вятрам.

З ГЛЫБІНЯЎ ВЫШЫНІ

Прагну новага радка, як першынца,

І, ступіўшы нецярпліва за парог,

Каб здабыць хоць жменю словаў-перлінаў,

Занураюся глыбей у ночы змрок.


Рыхтык дзён былых нырэц за скарбамі,

Не ўздымуся на паверхню давідна,

Бо гняце пытаннем "А ці варты ты

Свайго таленту?" нязбыўная віна.


Тут, бліжэй да зор, ультрамарынава

Ззяе бліскаўкай нямая цішыня.

Паміж дзвюх халаднакроўных Рыбаў я

Праплываю да засмучаных Пляяд.


Іх забаўлю спевамі пацешнымі,

Каб адхлынула жалобы каламуць,

А яны з нябёсаў найярчэшыя

Знічкі ўдзячна на далонь мне пакладуць.


Я вярнуся раніцай упэўнена,

Далоў скінуўшы з плячэй цяжар віны,

І верш новы пацеркамі з перлінаў

Прынясу табе з глыбіняў вышыні.

ЛАЎРОВЫ ЛІСТ

Калі "паэтам" звацца закарціць,

Калі не здолееш даць рады фібрам,

Пішы як выпадзе, бо што рабіць?

Пашчасціць - станеш аўтарам верлібраў.


Каб выклікаць трымценне ў чытачоў,

Улі ў атрамант жоўці ці мілосці,

Слязу самоты і On Go Must Show2

Задумліва, заблытана, пра штосці.


Традыцыі ржавеюць ланцугі -

Душа жыве адно ў свабодным вершы!

І ловяць вальналюбцы-дзівакі

Лаўровы ліст у супавай талерцы.


Стваральнікі хаосу і неўрозу,

Ці не заняцца б вам будзённай прозай?

СОЛЬ

Адплёскацца ў сырадоі

Тваіх запаветных прасцін.

Адлашчыць і адсваволіць,

А потым на золку пайсці.


Пазбавіўшыся абдоймаў,

Без жалю прамовіць - наўпрост:

"Кахання зямнога соль мы,

Вучыў пра якую Хрыстос.


Дарма прасіць напрамілуй,

Каб сёння застаўся - павер:

Калі соль губляе сілу,

На сметніку месца яе.


Крый бог, нячуласцю здраджу

Я прагнаму целу твайму,

Хай сыплецца, як на рану,

І мне замінае заснуць.


Той боль нічым не спатоліць,

Хіба шчэ гусцей пасаліць,

Таму патрэбна сыходзіць,

Каб зноўку назаўтра прыйсці.


А значыць, і я вярнуся..."

Збіраю караліны слёз,

І соль апякае вусны,

Вучыў пра якую Хрыстос.

"ЯШЧЭ" Й "АДНАК"

Яшчэ фарсяць убраннем зыркім астры

І гай апоўдні млее ў духаце,

Аднак ужо з гасцінцаў поўнай кайстрай

Рахмана ў вырай жнівень адляцеў.


Яшчэ звіняць няўрымслівыя пчолы,

На выгане рыкае гавяда,

Аднак пасля дажджу з вачніц-вандолаў

Цяпер амаль не зводзіцца вада.


Яшчэ радкі ўзрастаюць утрапёна,

Прасякнутыя палкім пачуццём,

Аднак заўчасна ўздоўж прысадаў клёны

Агонь сілкуюць стомленым лісцём.

* * *

Нібыта зноўку не адзін:

Не ўгледзеў - уваскрэслі здані.

Цяпер хоць сцюжамі кладзі,

Хоць велікоднымі званамі


На мне ўладарнае кляйно

Свайго на свеце існавання.

Калі? хто? вынішчыць яго

З нянавісцю, з крывёй - дазвання?


Бяжыць пытанняў чарада -

Уночы зледзянелы зімнік,

Бо рады не патрапіў даць

Сваволі даўніх успамінаў.


Навокал немыя снягі -

Званы абудзяцца налецце,

Пачуццяў крохкіх трыснягі

Разгойдае вясновы вецер.


Пакуль жа сённяшнюю стынь

Да бледых вуснаў прыкладзі ты...

Ну вось, я зноўку не адзін

Нібыта.

ЯК ЦЕНЬ

Ледзь прыкметны, бясколерны ўсход,

Снегападу нячутныя крокі,

Рыхтык дзень, цень ад цела кароткі

Абапёрся ля брамы на плот.


Скуль пачатак бярэ санны след -

За глухую смугу далягляду

Каляіна бяжыць да Калядаў

У зіхценне гірляндаў калье.


Колькі бавіў між іх час, аднак

Я не выеду сёння на зімнік -

Ад спакусаў схаваўся, як схімнік,

У чужых і ва ўласных радках.


Ад усмешак нібыта сяброў

І струменяў агністых напояў

У загродзе душу згодна гояць

Каламар, свечка, аркуш, пяро.


Вея вокны мае замяце,

Каб не клікала далеч прынадна,

Свету беламу непадуладны

У сутонні растану, як цень.

* * *

Без слоў сысці ў глыбіні цішыні,

Абы не чуць гадзіннік за спіною,

Каб грай сяброў і крыкі чужаніц

Дарэшты зніклі ў завадзі спакою.


І хоць сунімуцца выццё вятроў,

Сабачы брэх, бязжальны лязгат зброі,

Жар-птушка блісне залатым пяром,

Ды ў вырай не пакліча за сабою.


Няхай спаўе, як крэпам, немата,

Суздром і слых, і голас панявечыць -

Дарма! Не здолее бо рады даць

Нязмоўчнай памяці прадон глушэчы.

NEW НОЙ

Каторы дзень сусвет дажджы

Суздром апанавалі,

У шыбы, быццам у барты,

Струмені б'юць, як хвалі.


Зрабіўся дом нягеглы мой

Каўчэгам незраўнаным,

Плыву ў ім, уваскрэслы Ной,

Скрозь шторм неўтаймаваны.


Богведама куды ў смузе

Без компаса, без карты

Мяне плынь водная нясе,

І рому ані кварты.


Наўкол ні лапіка зямлі,

Сірэнаў спевы глушаць…

Калумб і Нельсан, Дрэйк і Ўліс,

Ратуйце нашы душы!


У труме жывацін выццё

З гармідарам птушыным.

Нашто мне гэткае жыццё? -

Лепш грэшнікам бы згінуў.


Навошта існага айцец,

Свавольны самаўладца,

Шаленцу для яго дзяцей

Даў шанц уратавацца?


Паношыцца наўсцяж імгла

Вільготная нязбаўна,

Мой карабель нібы труна,

Што сам і змайстраваў я.


Няма дзвярэй, няма акон,

Згасае вера ў выйсце…

Здаецца, бачу страшны сон,

Насланы воляй вышняй.


Не збыць абранасці цяжво,

І змушаны самотна

Пакутваць целам і душой,

Каб выжыў род смяротных.


Цярпець павінен за людзей

Пад пошчак згубнай злівы

Датуль, пакуль не прынясе

Галубка ліст алівы.

Калі ж урэшце прынясе

Галубка ліст алівы?

НЯЎЖО АДНОЙЧЫ ПРЫНЯСЕ

ГАЛУБКА ЛІСТ АЛІВЫ?

1 Пас Арыёна - тры зоркі ў сузор'і Арыёна, знаходзяцца амаль на самім нябесным экватары.

2 Перафраз назвы песні гурта "Queen" - "The Show Must Go On" ("Шоў мусіць працягвацца").

Навіны Германіі

Баскетбол: Германія - чэмпіён Еўропы

Германія стала чэмпіёнам Еўропы па баскетболе, выйграўшы другі буйны турнір запар - нямецкая каманда з'яўляецца дзейсным чэмпіёнам свету

Праз два гады пасля сенсацыйнага трыумфу на чэмпіянаце свету ў Маніле Германія заваявала яшчэ і еўрапейскую карону, увекавечыўшы сябе ў гісторыі баскетболу.

Ва ўзрушальным фінальным матчы супраць Турцыі, які адбыўся ў Рызе, каманда на чале з прафесіяналам з НБА Францам Вагнерам выйграла з лікам 88:83 (40:46), заваяваўшы свой другі тытул чэмпіёна Еўропы пасля 1993 года.

Больш усіх вызначыліся гульцы Дэніс Шродар і Ісак Бонга, які набраў 20 ачкоў і стаў самым дзейсным гульцом зборнай Германіі. Шродар закінуў вырашальныя мячы ў фінале матчу.

На гэтым чэмпіянаце Еўропы Германія выйграла ўсе дзевяць партый. Пасля даволі слабога старту каманда пад кіраўніцтвам выканаўцы абавязкаў галоўнага трэнера зборнай Алана Ібрагімагіча не страціла самавалоданне на перапоўненым стадыёне. Сярод 11 000 гледачоў прысутнічаў у тым ліку і прэзідэнт Германіі Франк-Вальтар Штайнмайер.

Рыга ( dpa ).Баскетбол: Германія - чэмпіён Еўропы © dpa

Марафон: Петрас заваяваў срэбра

Аманал Петрас унёс сваё імя ў гісторыю лёгкай атлетыкі на чэмпіянаце свету ў Токіа. 30-гадовы спартовец заваяваў срэбра ў марафоне, лёс якога вырашыў толькі фотафініш

Марафонец Аманал Петрас заваяваў срэбны медаль на чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы ў Токіа. У захапляльным фінальным спрынце, які праходзіў ва ўмовах надзвычай высокай вільготнасці, 30-гадовы лёгкаатлет саступіў толькі Альфонсу Сімбу з Танзаніі.

Петрас прабег прэстыжную дыстанцыю ў 42,195 кіламетра ў Токіа за 2:09:48 гадзіны. Такім чынам, Петрас, уцякач у 2012 годзе з Афрыкі ў Германію, заваяваў другі медаль Германіі ў мужчынскім марафоне ў гісторыі чэмпіянатаў свету па лёгкай атлетыцы. У 1983 годзе ў Хельсінкі двухразовы алімпійскі чэмпіён Вальдэмар Цярпінскі прынёс ГДР бронзу.

Пасля срэбра, заваяванага ў нядзелю скакухай у даўжыню Малайкай Міхамба, поспех Петраса прынёс другі медаль у скарбонку Нямецкай федэрацыі лёгкай атлетыкі ў Японіі. На мінулым чэмпіянаце свету, які праходзіў два гады назад у Будапешце, нямецкія спартоўцы засталіся наогул без медалёў.

Токіо (dpa). © dpa.

Некалькі гадоў маёй маладосці ў Вільні* (1818-1825)

Станіслаў Мараўскі

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Раздзел 14. Аўтар давярае Эльжбеце Мюлер сваё каханне да Марыі. Паводзіны пані Эльжбеты. Пра працяг дзённіка. Заява панны Ігнатовіч

Пані Эльжбета Мюлер, нягледзячы на ўсю сваю правінцыяльнасць, мела вялікую ахвоту да маскарадаў. Не прапусціла ні воднага. Звычайна хадзіла туды з сястрой і, як звычайна робяць жанчыны, таілася ад усіх мужчын пад маскай і касцюмам. Ведаючы, як я не люблю адгадваць маскі, яна кожны раз паведамляла ў якім убранні будзе яе сястра. Як я ўжо казаў, маскі трымаліся групамі, і яна заўсёды казала мне, у якой сукенцы будзе Марыя, у якіх стужках, шаліку ці ў нечым іншым, нязначным для чужых вачэй.

Як я павінен быў да гэтага ставіцца? Я прыйшоў да выснову, што старэйшая сястра, як гэта часта бывае, відавочна спрыяе маім пачуццям і робіць так, каб мне лягчэй было кантактаваць з малодшай. Я быў удзячны ад усёй душы, карыстаўся яе дапамогай і ўвесь час валачыўся за Марыяй, але рабіў перапынкі і даваў ёй вольны час, бо гэтага патрабавала прыстойнасць. Пані Эльжбета Мюлер ніколі не выяўляла да мяне самай найменшай непрыязні.

Як я ўжо казаў, Мюлер з'ехаў у Пецярбург. Вечарамі, калі я бываў у іх, Марыя вельмі рана вярталася да дзяцей на сваю палову, і я працягваў размову толькі з пані Эльжбетай. Пасля таго, як нас пакідалі іншыя госці, размовы з ёй маглі працягвацца за поўнач. Як і заўсёды, яна напалову сядзела і напалову ляжала на сваёй канапе, я ж сядзеў насупраць яе ў фатэлі.

З пэўнага часу Марыя пачала раздражняць мяне сваім стаўленнем, бо здавалася, яна адмыслова шукае ўсё новыя і заўсёды няслушныя нагоды для гэтага. Я не чакаў такой няўдзячнасці ад добрай і пяшчотнай жанчыны і маці, чые дзеці дзякуючы маім намаганням штодзень здаравелі, я злаваўся і хваляваўся. Але мусіў прымаць і трымаць у сябе гэтыя згрызоты, турботы і смутак. Улічваючы маю адкрытасць, такое ўтойванне мяне забівала. Здароўе пачало пагаршацца. І да гэтага худы, я высах яшчэ больш, дастаў боль у баку і кашаль, а што яшчэ горш, з горла пачала цячы кроў. Аднойчы гэта заўважыла пані Эльжбета і моцна спалохалася. Было каля поўначы. Яна і раней выклікала мяне на тайную споведзь, але заўсёды сутыкалася з адмовай. Але ў той момант яе патрабаванні былі моцнымі як ніколі.

Я заўсёды лічыў, і гэта падавалася мне лагічным, што ўжо немаладая і нешчаслівая ў шлюбе кабета, мая добрая сяброўка, спрыяла майму каханню, якое яна быццам бы добра бачыла. Тая сітуацыя паказалася мне ідэальнай, каб расказаць пра мае пачуцці, другога такога моманту, калі з горла смяротна закаханага чалавека цячэ кроў, больш магло і не быць. Маё сэрца мела адчайную патрэбу ў даверанай асобе і інстынкт падказваў скарыстацца абставінамі. Пры досыць ужо вялікіх кнатах дагараючых свечак, якія мы абодва забыліся абрэзаць, у прыцемках, я нарэшце расказаў ёй пра маё каханне. Пані Мюлер з ззяючым, вясёлым і шчаслівым тварам чакала майго прызнання. Але калі я расказаў, што мэтай майго самазабойчага кахання была яе сястра, твар жанчыны сутаргава сказіўся. На імгненне ён стаў страшным, па-сапраўднаму страшным, але толькі на імгненне. Яна хутка прыйшла ў сябе і абсалютна хладнакроўна сказала, што ёй шчыра шкада мяне. Што лічыць памылкай сваю цікаўнасць, праз якую даведалася пра мой сакрэт, які павінен быў назаўсёды заставацца толькі ў маіх грудзях. Што я вельмі памыляюся, калі маю хоць нейкую надзею на яе сястру. Што нягледзячы на ўсё сяброўства паміж намі, яна, як старэйшай сястра, моцна зграшыла б, калі б стала даверанай асобай маіх пачуццяў, якія я адкрыў ёй. Што гэта прынізіла б яе ва ўласных вачах, а яна ведае сабе цану. Нягледзячы на тое, што яна даўно лічыла мяне лавеласам і нават цешылася маімі інтрыжкамі, ёй ніколі не прыходзіла думка, што я буду мець нейкія планы ў адносінах да швагеркі сябра і сястры сяброўкі. Па яе словах, Марыя, акрамя цноты, мае ў сваім целе гэткія і гэткія дэфекты, аб чым яна паведамляе мне як доктару і спадзяецца, што пра гэта ніхто больш не даведаецца. Дадала яшчэ, што з-за абавязку, якія перада мной мае сям'я - я выратаваў яе адзіную дачку ад смерці, яна дае слова гонару, што мае прызнанне назаўсёды застанецца таямніцай паміж намі абодвума і ніяк не зменіць нашых адносін. І дала з іроніяй: "Тым больш, што мая сястра, каб нават і захацела, не можа гэтага". Але ўсё, што яна мне сказала, якім бы лагічным і разумным гэта не здавалася, не змагло мяне падмануць. Нягледзячы на ўсю сваю маладосць і нявопытнасць, заслона імгненна ўпала з маіх вачэй і я з жахам зразумеў, што на маё няшчасце пані Эльжбета Мюлер, старая пані Эльжбета Мюлер, тоўстая пані Эльжбета Мюлер, якая амаль што магла быць маёй маці, кахае мяне і мела надзею на ўзаемнасць! Я зразумеў, што яна імкнулася вырваць з мяне маю таямніцу, бо мела поўную ўпэўненасць, што я яе кахаю! А мае відочнае непрыняцце яе як жанчыны тлумачыла сарамлівасцю маладога чалавека. Я зразумеў, што гэтым прызнаннем, гэтым глупствам, роўным па памерах егіпецкай пірамідзе, я навекі пагубіў сябе ў яе вачах. І што яшчэ горш, пагубіў і яе бедную сястру. Я зразумеў, што ў гэты самы момант з яе сэрца вылупілася ўжо самая страшная нянавісць і помста, якую нішто на свеце не загоіць. Гэтая злосць нарадзілася ў кабеце без рэлігіі, без жаночай душы, гэта злосць закаханай без узаемнасці немаладой жанчыны, якая даведалася, што родная сястра - яе шчаслівая суперніца! І яна адразу пачала помсціць праз агіднае і ілжывае апісанне стану здароўя Марыі. Калі мы разышліся, а была ўжо першая гадзіна ночы, як я неўзабаве даведаўся, нягледзячы на слова гонару, яна пабегла будзіць сястру, каб распавесці ёй пра маё прызнанне і асыпаць прэтэнзіямі, іроніяй і помслівай пагардай.

З таго часу пані Мюлер на працягу дваццаці пяці гадоў ні на хвіліну не магла забыць гэтую нянавісць да сваёй ні ў чым не вінаватай сястры і нават да яе дзяцей і ўвесь час труціла яе новымі нападамі. Шукала абы-якіх зачэпак і яе помста заўсёды была забойча-жорсткай і несправядлівай. Таксама, колькі магла, таемна помсціла і мне, хоць і здавалася, што паміж намі захавалася ранейшае сяброўства. Яна ніколі не ўпускала спрыяльнага моманту, каб наліць гарачага свінцу мне на скуру. Няхай Бог даруе гэтай нядобрай кабеце. Бо, яна ж кабета-філосаф!

Гэта малая і тоўстая мярзотніца, гэта змяя і па-сапраўднаму пякельная істота, увесь час маральна забівала сваю сястру. Яна зрабіла ўсё, каб адштурхнуць ад мяне і сваёй сястры свайго добрага мужа-падабцасніка. Свайго таленавітага мужа, чалавека поўнага цноты, яна ператварыла ў мёртвую плоць, толькі ў аўтара слоўнікаў, якія ён увесь час пісаў. Яна адплаціла ўсім нам за тое дабро, якое мы рабілі для яе, а потым раптоўна прыдумала і ўклала ў галаву свайго мужа вар'яцкі праект - я павінен быў ажаніцца з яе непрыгожай, злой і распешчанай дачкой! Яны абодва пакляліся адпомсціць мне, бо пачуўшы такую прапанову, я не змог схаваць грымасу смеху. Яшчэ нядаўна яна імкнулася таптацца на маіх старых мазалях і ранах, і Пан Бог іх за гэта пакараў. Спраўдзіліся словы майго бацькі, якія ён казаў пра гэтае сямейства. Можа, я назаўсёды забуду, а можа потым і апішу ўсё гэта, калі будзе вольны час. Бо пачалася ўжо іншая эпоха ў маім жыцці, нуда ў вёсцы заканчваецца, і гэта адрывае мяне ад пісьмовага стала, за якім я хаваўся ад халоднай слоты і дажджу. Здаецца, сам Бог злучае нас з істотамі, якія чамусьці павінны ісці за намі да самага канца! Якія, як не ўцякай ад іх, заўсёды сустрэнуць цябе, нават калі ты ўцячэш ад іх з Мерачы ў Каліфорнію. Усе яны законныя дзеці Люцыпара, яны створаны нашымі спадарожнікамі, яны кружацца вакол нас, мучаць нас, яны маюць гэту місію на зямлі. Такіх спадарожнікаў у мяне, як ў Сатурна, было сем122, не лічачы кольцаў і плям. Эльжбета Мюлер - адна з іх. Айцец наш нябесны, адпусці нам грахі нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым!


Калі Бог дазволіць мне жыць далей, у наступных частках гэтых дзённікаў, я раскажу, як змучаны няволяй і забойчым дэспатызмам майго бацькі, як страціўшы гонар, я быў вымушаны прасіць вызваліць мяне, яго адзінае дзіця, і дазволіць мне жыць уласнай працай на сваім хлебе. Я сказаў, што увесь час адчуваю, які я для яго цяжар і паабяцаў, што з гэтага часу ніколі больш не папрашу ад яго ані шэляга. Як я жыў паміж рашучасцю і адчаем, паміж зараджаным і ўзведзеным пісталетам, нацэленым у маю няшчасную галаву і святымі рэлігійнымі пачуццямі і як гэты апошнія, мяне ўратавалі. Як я пераадолеў у сябе прыніжэнне і адчай. Як без капейкі і сяброў, выгнаннікам, прыехаў у Пецярбург і жыў тут са сваёй прафесіі, абліваючы слязьмі кожны кавалак хлеба, набыты сваёй працай! Раскажу, з якімі людзьмі я там пазнаёміўся, як набыў маёмасць, як атрымаў там вядомасць і славу. Якія адносіны меў з дзяржаўнымі дзеячамі высокага рангу. Як часам паміж мной і самым магутным манархам у свеце стаяла толькі адна асоба - які-небудзь міністр, як выказваючы свае думкі, можна было рабіць дабро людзям, як не ўмеў прасіць за сябе і ніколі не рабіў гэтага. Як потым, без ніякіх намаганняў з майго боку, Бог нечакана дазволіў, пасля чатырох-пяцігадовых спроб, вярнуць мне частку маёмасці, скрадзенай у дзяцінстве. Як я адразу і назаўсёды закінуў медыцыну і потым дапамагаў, хіба толькі, бедным сялянам у вёсцы. Раскажу вам, што бачыў на радзіме і за мяжой, з кім меў сяброўскія стасункі. Раскажу што сёння, на сорак шостым годзе жыцця, здаровы яшчэ, як конь, я думаю пра людзей і свет, бо ўжо дзесяць гадоў як зачыніўся ад свету, калі выключыць з гэта год маіх вандровак і жыцця ў Варшаве. Я дзесяць гадоў не бачыў нікога, акрамя маіх слуг і толькі я адзін ведаю, ці лёгка быць такім "жудасным дзіваком". Таму тая частка маіх дзённікаў будзе больш сур'ёзная і важная. Магчыма ў ёй вы знойдзеце паўнату жыцця, свежасць і сілу а можа і наадварот, вялікія душэўныя пакуты, стомленасць і расчараванне.


Заканчваючы цяпер аповед пра маё ўніверсітэцкае жыццё ў Вільні, я не магу абмінуць маўчаннем своеасаблівую падзею, якая і сёння стаіць перад маімі вачамі.

Аднойчы я прама з вёскі заехаў да Мюлераў, здаецца, гэта было ў 1825 г. Усе кватэры былі занятыя і мне далі вялізную залу наверсе, у левым крыле ад вуліцы. Гэтая зала была падзеленая дзвюма перагародкамі з пафарбаваных дошак, так што атрымалася тры пакоі. У такім выглядзе зала застаецца і сёння (1848 г.). Я ўладкаваўся за адной з перагародак. За другой, у цёмным, без вокнаў, куту, уладкаваўся мой Лінгевіч. Прыехалі мы позна ўвечары, на вуліцы стаяў траскучы мароз. І гаспадар і слуга, стомленыя дарогай, выпілі чаю і добра замкнуўшыся, заснулі. Пасярод самага глыбокага сну мяне разбудзілі жудасныя гукі ў першых дзвярах ад калідора, як быццам іх раптоўна і з вялікім грукатам выламалі. Хацелася ўскочыць з ложка. Але я не мог паварушыць ні рукамі ні нагамі. Змог толькі расплюшчыць вочы і падумаць - мне сніцца кашмар, пра якія на лекцыях расказвалі выкладчыкі і асабліва, Франк.

Мой Лінгевіч, тады яшчэ, як і я, малады, стройны і хударлявы хлопец, хроп як вол. У акно паміж ложкам і дзвярыма майго кабінета ярка свяціў месяц, і ў пакоі было светла як белым днём. Праз некалькі секунд пасля жудасных гукаў, у дзверы маёй спальні нешта праціснулася. Убачыў жанчыну ў белым, накрытую доўгай і шырокай прасціной і не мог паварушыцца, толькі павярнуў вочы ў яе бок і чакаў, што будзе далей. Асоба ў белым спынілася ў ясным святле, якое ад Месяца лягло на падлогу. З вялікім здзіўленнем я заўважыў, што промні Месяца праходзяць праз яе навылёт, як праз прывід, як праз муслін, як праз нешта паўпразрыстае. Я не спужаўся, але адчуў, што маё сэрца моцна б'ецца з-за грукату, які я пачуў з боку дзвярэй. Праз некалькі секунд прывід бясследна знік. І тады я аднавіў уладу над сваімі членамі. Лінгевіч усё яшчэ хроп, і таму да дзвярэй давялося ісці самому. Дзверы былі шчыльна зачынены. Праз нейкі час я зноў моцна заснуў і спаў да самога белага дня - з-за скупасці Мюлераў на вокнах не было фіранак і мяне разбудзіла святло. На наступны дзень я ўбачыў пані Эльжбету Мюлер. Яна спыталася, як я спаў, і я расказаў ёй праўду - апісаў свой начны кашмар.

Нягледзячы на тыповае фіглярства гэтай жанчыны, яна вельмі сур'ёзна паставілася да маіх начных прыгод і папрасіла ніколі не расказваць гэта яе мужу, бо ён будзе вельмі засмучаны. Гэта жанчына звар'яцела, падумаў я, яе муж быў тады ў Пецярбургу.

Калі ў той жа дзень я расказаў гэтую гісторыю іншым жыхарам дома, яны прызналіся, што таксама бачылі тое самае, але ім было сорамна пра гэта расказваць і менавіта таму яны выселіліся з левага крыла дома Мюлераў. Яшчэ сказалі, што сярод прыслугі жыве гісторыя, што старая маці Мюлера часта прыходзіць ў гэта самае крыло.

Я бачыў тое, што апісаў! Я ніколі не баяўся прывідаў, гэта вынікае з майго выхавання і адукацыі, бо некалькі гадоў, покуль я вывучаў медыцыну, я і ўдзень і ўначы жыў сярод нябожчыкаў і ў моргу, і ўдома. З сорамам прызнаюся, што першапачаткова прыняў гэты прывід за маладую прыгажуню, якая прыйшла да мяне з новай інтрыжкай, што толькі кажа пра маю саманадзейнасць. Але фальшывы сорам не перашкаджае мне пісаць праўду.

Разам з гэтай гісторыяй, для сіметрыі, трэба расказаць яшчэ адну гісторыю, якая адбылася сорак з нечым гадоў таму, і ў той час стала агульнавядомай.

Нядзельныя браты123, палкоўнік сапраўдных польскіх войскаў Бернард і Ян Пянчкоўскія, купілі ў Пацаў маёнтак Езна і пасяліліся ў маёнткавым палацы, які, як кажуць, "быў варты Пацаў". Жылі на шырокую руку, трымалі дом адкрытым. Гэта вымагала вялікай колькасці прыслугі. Разам з іншымі, па бялізне і шыцці, гэтым двум братам служылі дзве добрыя шляхцянкі, панны Ігнатовіч. Старэйшая сястра служыла старэйшаму Бернарду і загадвала яго рэчамі. Палкоўнік, стары ваяка, адразу ж, як певень, пачаў капаць зямлю вакол сваёй служкі і гвалтам палез на амбразуру. Небарачка баранілася як магла. Але нарэшце ён дапільнаваў свайго! Сёстры пракраліся, і кветка сама павярнулася да драпежніка. Быў тут і блуд, і грэх, і сорам, і скандал, вынік якога адчулі абодва браты. Калі ўсё адкрылася, заставалася толькі зберагчы прыстойнасць. Але паколькі з-за Нёмана чуткі прыходзілі не хутка, яны папрасілі нашага агульнага сябра, старшыню суда Вішнеўскага124, ён памёр сенатарам і кашталянам і жыў на другім баку нашага Нёмана, які пільна ахоўваўся, бо па ім праходзіла дзяржаўная мяжа, каб той недзе прыстойна пасяліў патаемна прывезеную да яго панну, покуль яна не народзіць і меў для яе неабходную медыцынскую дапамогу. Вішнеўскі пагадзіўся, і ўсё атрымалася. Праз некаторы час палкоўнік Пянчкоўскі выехаў у свае беларускія маёнткі, а ў Езне застаўся толькі яго брат Ян.

Адным ясным днём, каля трэцяй па поўдні, Ян Пянчкоўскі пасля лёгкага абеду, бо ён не быў абжорам, сеў у вальтэраўскае крэсла каб пачытаць свайго любімага Авідыя. Яго пакоі пачыналіся з вялікага і прыгожага зала, за якім мелася гасцёўня, дзе і сядзеў гаспадар палаца. Чытаў ужо з чвэрць гадзіны, калі пачуў, як нехта ўвайшоў у пакой з калідора. Прыслуга ўвесь час рабіла сваю працу, і таму ён падняў галаву і чакаў, хто перад ім з'явіцца. У дзвярах стаяла панна Ігнатовіч з-за Нёмана.

- Ты ўжо вярнулася, - радасна сказаў Пянчкоўскі, падымаючыся з крэсла і падыходзячы да яе. Але прывід знік. Пянчкоўскі палічыў, што яна з-за сораму ўцякла і пабег за паннай, падняў увесь дом, зайшоў да яе сястры і распытаў усіх. Але ніхто ў палацы не бачыў дзяўчыны, і лакеі шапталі адзін аднаму на вуха, што пан, пэўна, звар'яцеў.

На наступны дзень прывезлі ліст ад Вішнеўскага з паведамленнем, што панна Ігнатовіч, нягледзячы на ўсе медыцынскія намаганні, учора каля трэцяй гадзіны папаўдні памерла падчас родаў.

Чаму яны прыйшла да невінаватага Яна, а не да Бярнарда?

Але было гэтак, і ўсе ведалі гэту гісторыю.

Закончу наступнымі словамі: Le merveilleux croit pour nous en raison de la distance, qui parait separer la cause de l'effet"; et "que le vrai, n'est pas toujours uraisemblable 125.


Пісаў у лістападзе 1848 г.

Дадаткі да ўсіх успамінаў Мараўскага.

28. Вядома, што нашы законы для ваяводстваў, страчаных у 1686 г. прызначылі соймікі - для Смаленскага ваяводства ў Вільні, а для Чарнігаўскага ва Уладзіміры (у Уладзіміры-Валынскім - Л . Л .). Чакалася, што яны вернуцца дахаты. Шляхта, якая страціла там сваю маёмасць і не пажадала застацца на месцы, перасялілася ў гэтыя паветы і заўсёды называлася exulantami (лац. "выгнаннікамі" - Л . Л .). Старадубскі павет у Аліце, які некалі складаў палову Смаленскага ваяводства, меў свае "выгнанніцкія" суды і соймікі. Працяглы час у Аліту па дакументы ездзілі былыя смаленцы.

Соймікі выгнаннікаў часта праходзілі вельмі горача і жвава. Хоць тытулы павятовых урадаў былі вельмі ўмоўнымі, аднак ад павета выбіраліся паслы (дэпутаты) на Сойм і дэпутаты Трыбуналу ВКЛ.

Маладыя імкнуліся на пачатку атрымаць якую-небудзь павятовую пасаду проста для гонару. Памятаю, як адзін з маіх сваякоў, абозны П. сівы, як голуб, дзіўны стары, з тлустым падбародкам, які ляжаў на каўняры кашулі, і густымі венгерскімі, як тады казалі, вусамі, расказваў мне, малому, такую прыгоду, якая здарылася з ім у Аліце. Пан абозны тады займаўся справамі то ў Нурскай зямлі, то ў Ломжы, дзе яго знайшоў прысланы ад Сапегаў кур'ер з загадам кідаць усё і неадкладна ехаць у Аліту. Паколькі дарогі ў той час былі вельмі кепскімі і паўсюдна было шмат гразі і лужын, абозны выправіўся верхам на кані, з сабой узяў толькі конюха і пахолка для пакаёвых паслуг, якога называў павуком.

У Аліце знайшоў вялікую мітусню. Справа ішла пра выбары дэпутатаў. Партыі, як і раней, жорстка сутыкаліся паміж сабой. Шляхта на шляхту вастрыла шаблі. Сюды толькі дзеля форсу з'ехаліся і чужыя паны. Бутлеры і Сапегі трымаліся разам, а Пацы, Зяновічы і Ледзіцы складалі другую партыю. Бжастоўскія яшчэ нічога не вырашылі і схіляліся то ў адзін, то ў другі бок. Сапегі жадалі мець дэпутатам пана абознага.

Неяк так выйшла, што яшчэ да прыезду абознага Пацы вырашылі яго забіць. А ён не хацеў рызыкаваць сваёй уласнай скурай, бо ў той час быў моцна закаханы і не хацеў, каб яго нарачоная дасталася іншаму. Прыехаўшы ў Аліту, небарака на некаторы час схаваўся. Ён вельмі стаміўся з дарогі і толькі з-за гэтага паслухаўся парады Сапегаў, і таму яго шляхецкія кляйноты і агульнавядомая мужнасць не былі скампраментаваны. Тым часам вяліся соймікавыя інтрыгі, паўсюдна забівалі шляхту - страляліся пад віваты! Страляліся, але ўсе абураліся стрэламі, бо начальнікі партый пакорліва прасілі шляхту з'явіцца на сход толькі з халоднай зброяй. Але калі пан харунжы Ігнат Вірбіла з турэцкага пісталета за дваццаць крокаў як нажом адрэзаў грэбень чорна-беламу пеўню, а пан Мікалай Дымша куляй выцяў абцас у яўрэйкі, якая ішла па вуліцы - шляхту ўжо немагчыма было стрымаць ад ужывання агнястрэльнай зброі. І чым больш павышаліся шанцы, што абяруць нашага абознага, тым мацней раўла і лютавала шляхта Пацаў. Але праз некалькі дзён абозны не мог ужо сядзець у сваёй няволі, і як трошкі прыцямнела, выслізнуў на свежае паветра і выйшаў на вуліцу. На жаль, грукат, шум, віваты, гам, воплескі і музыка, прымусілі яго спыніцца перад жытлом Пацаў. Гэта быў самы канец вячэры. Таму раптоўна з каганцамі выбеглі пахолкі і зрабілася так светла, што хоць іголкі збірай. П'яная шляхта рынулася па сходах. Абозны чуў, як з усіх вуснай ляцелі пагрозы ў яго бок. Дрэнна! Зараз яго знойдуць і пасякуць на кавалкі! Не дасць сабе рады! Што рабіць? Уцячы ўжо немагчыма!

Абозны кідаецца ў браму гэтага дома і засланяецца варотамі. Шляхта валіла талакой, але, як заўсёды, напоеная мёдам і віном, адчувала патрэбу па-малому аблегчыцца пасля доўгай вячэры. Дзе ж лепш гэта рабіць, як не пры браме? І кожны з іх зрабіў сваю справу пад брамай, кожны колькі змог выліў на абознага, які прытаіўся як заяц. Але ўсяму бывае канец. Патоп закончыўся. Выйшаў абозны з-за брамы жывы, але мокры, як у Нёмане плаваў!

Абозны заўсёды смеючыся расказваў гэтую гісторыю126, але потым рабіўся суровым, бо да самай смерці шкадаваў свайго самага прыгожа кунтуша. У той час у нас з'явіліся дзіўныя замежныя двухаблічныя тканіны, г. з. з розным колерам двух бакоў. І адзін кунтуш, пашыты з адпаведным кравецкім майстэрствам, аблямаваны стужкай ці вузкім галуном па швах, рабіўся двума. Сёння зялёны, а заўтра, калі яго вывернуць навыварат, напрыклад, жоўты. І абозны, збіраючыся ў дарогу, узяў з сабой толькі два такія кунтушы, якіх яму хапіла б на чатыры змены. Калі ён вярнуўся да сябе і высушыў сваю вопратку, убачыў, што яе колер сапсаваны дзеяннем варожай партыі. Яму прыйшлося пераапранацца ў татарскую куртку свайго павука. Але ён доўга трымаў гэтую гісторыю і свой смутак ў таямніцы, каб, крый Божа, ніхто не даведаўся і не ўзняў на свой язык.

Гэты пан абозны, каб ужо раз і назаўсёды з ім пакончыць, вельмі здзівіў мяне малога сваім незвычайным талентам, якім, аднак, як ён мяне запэўніваў, у мінулым валодалі многія старыя шляхціцы. Абозны не цярпеў цырульніка. А паколькі да самай смерці меў голеную галаву, дык пяцьдзесят гадоў сам сабе галіў патыліцу. Стары, смеючыся, запэўніваў нас, што ўжо сорак пяць гадоў не памятае, каб калі-небудзь парэзаўся.

"З кожнай хаткі па селяніну. Ад Мерачы да Коўні".


29. Магнат Граноўскі126, бадай што сакратар ВКЛ, цесць таксама магната, літоўскага абознага Аляксандра Пацея, сам сябе, як і многія іншыя, пад канец мінулага стагоддзя, пачаў называць графам, і лісліўцы, шыючы ўсё на французскі капыл, паслужліва пачалі хрысціць яго гэтым тытулам. Такі тытул цалкам не спадабаўся шамбяляну, пану С., чалавеку вельмі атрутнага досціпу, які, будучы блізкім сябрам Пацея, не любіў Граноўскага. Неяк на абедзе ў пана С., дзе прысутнічаў Граноўскі, гаспадар, жадаючы ўкалоць яго, увесь час частаваў белым віном "de Graves" і хоць выдатна валодаў французскай мовай, увесь час казаў: "Прашу пана пакаштаваць гэта віно, гэта "vin de Graf…ff". Граноўскі некалькі разоў цярпліва вытрымаў, але калі пан С. і далей працягваў дражніць яго, пакаштаваўшы віна, наўмысна страшэнна нахмурыўся і штурхнуўшы келіх у бок гаспадара, сказаў: "На, пі Ваша мосць сам, бо, гэта "vin de huncwot" (у польскай мове - "віно Гультая", у нямецкай - "віно - сабачая вульва" - Л.Л.).

"Плёткі".


30. Некалі, нават і пад расійскім урадам, уся шляхта прымала ўдзел у сойміках, і нейкі кунтушовы шляхціц, прыехаўшы на выбары ў Вільню, якія звычайна адбываліся ў вялікай зале ратушы, прагульваўся па плошчы. Задумаўся, харкнуў, чмыхнуў. Палез па насоўку - няма. Што рабіць? Хутка пабег дадому, які стаяў на Рудніцкай вуліцы, узяў яшчэ адну насоўку, праспяваў рэквіем скрадзенай і пайшоў гуляць далей. Надышоў час панюхаць тытунь. Шляхціц зноў па хусту - зноў няма. Зноў скралі!

"Эге, дабрадзеі", - падумаў наш соймікавец: "Трэба злапаць гэтага нягодніка-злодзея!".

Вяртаецца да сябе, прышывае канец новай хусткі да кішэні і зноў ідзе на плошчу і чакае ў вялікай насцярожанасці. Не паспеў прайсці туды-сюды два разы, як адчувае, што нехта цягне яго хустку. Хутка паварочваецца і хапае злодзея за руку. Гэта быў рускі жаўнер. Ён зусім не ўсхваляваўся здарэннем, але наадварот раззлаваўся за тое, што насоўка прышытая. Моцна ўдарыў шляхціца ў грудзі і пракрычаў: "Как ты смеешь обманывать государственного человека!".

"Плёткі".


31. Вядомы сваімі працамі па юрыспрудэнцыі, былы прафесар Віленскага ўніверсітэта пан Куроўскі, добры вучоны і чалавек не дурны, меў вельмі камічны склад цела. Неяк на вакацыях ён пазнаёміўся і закахаўся ў панну Лапацінскую, асобу з досыць вядомага ў Літве роду. Разумеў, што панна добраахвотна за яго не выйдзе. Аднак праз нейкі цуд, магчыма з-за браку каля яе мужчын, панна пагадзілася выйсці за яго замуж, і наш прафесар, заўважце, прафесар юрыспрудэнцыі, вырашыў яе выкрасці.

Але быў ён вялікім скранай. Замест таго, каб расстаўляць коней альбо ўзяць пошту, ён, каб зберагчы грошы, арандаваў яўрэйскую буду і выправіўся ў ёй у такую далікатную экспедыцыю. Дзяўчына ахвотна дазволіла сябе скрасці. Аднак, калі Куроўскі пачаў са сваім скарбам уцякаць, надышоў яўрэйскі шабат, і праз тры мілі ад дому бацькоў панны прыйшлося спыніцца. Бацька са служкамі дагнаў нашага вучонага, дачку адабраў, а яму сто разоў адлічыў у "кошык".

"Плёткі".


32. У Беластоку, у сталіцы аднайменнай акругі, горадзе, які меў усе прэрагатывы і ўсе губернскія ўлады губернскіх расійскіх гарадоў, толькі са значна большымі заробкамі чыноўнікаў, акрамя лекарскага аддзела, які меў назву "врачебная управа", меўся яшчэ інстытут мацярынства - школа прысвечаная навучанню акушэрак. Абодвума гэтымі інстытуцыямі здаўна кіраваў пачцівы стары, які дасягнуў вельмі сталага ўзросту і хварэў ужо на старэчы маразм. Гэты быў нейкі дэ Міхаэліс127. Губернатарам Беластоцкай акругі быў мясцовы абывацель граф Валовіч128. Адбывалася гэта ў часы цара Аляксандра І. У той час такія пасады даваліся і мясцовым людзям129. Між іншым, можна сказаць, што Беласточчына ў той час была аазісам, роўнага якому ў нашым краі не было. Шчасце, весялосць, дастатак - усё гэта мелася тут. Але людзі заўсёды заставаліся людзьмі!

Галоўнае кіраванне ўсёй Літвой, а значыць і гэтай яе часткай, было аддадзена брату імператара, вялікаму князю Канстанціну Паўлавічу. Аднак ва ўсім краі заўсёды было вайсковае становішча ці стан аблогі. Гэта значыць, што кожнага жыхара можна было ў любы момант, у 24 гадзіны выслаць вельмі далёка.

Убачыўшы дэ Міхаэліса, які ўвесь час кашляў і задыхаўся, было вырашана забяспечыць яму пераемніка. І канцылярыя вялікага князя ў Варшаве знайшла такую асобу. Чакалі толькі, каб дэ Міхаэліс як мага хутчэй памёр ...

Нарэшце, дэ Міхаэліса хвароба прыкавала да ложка. Доўга хварэў, як гэта часта бывае ў такім узросце. Яго патаемны намінант-пераемнік удаваў з сябе руплівага сябра і філантропа. З сапраўднай адданасцю і хрысціянскай спагадай наведваў яго два разы ў дзень. І ў той жа час, з аднаго боку пісаў і пісаў лісты ў Варшаву, а з другога спрабаваў пераканаць Валовіча дапамагчы яму. Нарэшце дэ Міхаэліс памёр. "Хвала табе, Пане!" - ускрыквае пераемнік. І адразу эстафета паляцела да вялікага князя.

Вялікі князь загадаў замест нябожчыка прызначыць пераемніка, але як раз у той момант з Беластока прыбыў новы кур'ер з данясеннем, што дэ Міхаэліс пасля некалькіх гадзін летаргіі ачуняў і вярнуўся ў здаровы стан. Князь крыху здзівіўся і адмяніў прызначэнне.

І як толькі ў Варшаве трошкі супакоіліся, прыбывае новая вестка, што наш небарака дэ Міхаэліс трошкі памучыўся і памёр у другі раз. "Ці доўга гэта будзе працягвацца?" - нецярпліва закрычаў князь і ледзь не аддаў Валовіча пад ваенны суд. Калі б не гэтыя нікчэмныя інтрыгі, Валовіч не спяшаўся б дасылаць фальшывыя весткі такому магутнаму пану.


33. Адам Аб., мазырскі земскі суддзя, праз жонку з Валадковічаў, быў дзедзічам маёнтка Сенна. Апрача двух, рана памерлых сыноў, меў яшчэ чатыры дачкі. Дзве з іх, старэйшая Юзэфа і малодшая Ева, нечага былі вартыя. Але дзве сярэднія, Ганна, якая потым выйшла замуж за Р., і Рэгіна, якая нядаўна выйшла замуж за рускага генерала Эйсманта толькі дзеля яго чыну і праз некалькі дзён пасля шлюбу ўцякла ў паштовай кібітцы, гэтыя дзве сярэднія, кажу вам, былі такія, што стары бацька меў з імі вялікую бяду! Печку ім сам чорт падпальваў! Ну, як было, так і было. Але найбольш шкодзіў іх востры і трапны язык, які нікога не пакідаў у спакоі. Усе былі іхнімі ці адкрытымі ці тайнымі ворагамі.

Панна Рэгіна, як кажуць у народзе, спатыкнулася некалькі разоў. Але замест таго, каб супакоіцца і зрабіцца больш сціплай, яна стала яшчэ больш эмансіпаванай львіцай і неяк абразіла аднаго маладога і вельмі чуллівага чалавека. Жадаючы ёй адпомсціць, той чакаў зручнага моманту. Калі прыйшоў такі момант, ён загадаў вялікай групе маладзёнаў прыехаць у Сянно на дзень імянін яе маці. "Убачыце, як я шчодра адплачу панне Рэгіне за сябе і за ўсіх іншых!" - сказаў ён. На імяніны залы палаца былі поўныя. Прыязджае і наш гняўлівы герой. Уваходзіць, вітаецца, праціскаецца праз натоўп і чакае сваю здабычу. Сярод вялікай групы мужчын і жанчын сустракае Рэгіну.

- Цалую ручкі, пані дабрадзейка, як ваша здароўе? - кажа ён, пачціва кланяючыся.

- Выдатна, як вы і самі бачыце, - адказвае панна Рэгіна.

- А як немаўлят?

- Пра якога з іх вы пытаецеся? Бо ўжо двух маю.

Пасля такой нечаканай смеласці нахабнай панны, збіты з панталыку кавалер, пачырванеў, як вішня і як мага хутчэй выбег за дзверы. На векі вечныя прысягнуў, што ніколі больш не будзе так брудна помсціць жанчынам.

"Плёткі".


34. Нашчадак старога нямецкага роду Станіслаў Чапскі, роду, які пераапрануўся ў нашым краі з капялюша ў шапку, сваяцкімі сувязямі быў цесна злучаны з Радзівіламі. З ранняга юнацтва ён зразумеў, што яго маёмасны стан далёкі таго, на які мог прэтэндаваць па праву нараджэння. А быў гэта вельмі спрытны, смелы і нават зухаваты чалавек, які разумеў, што ім разам з братам трэба чакаць хвіліну калі змогуць выйсці з-пад апекі князя Дамініка Радзівіла, бо добра ведаў ён празмерную марнатраўнасць гэтага магната. І калі князь стаў паўнавартасным гаспадаром, прыбеглі Чапскія, спадабаліся Радзівілу і з-за яго гонару, атрымалі па мільёну.

Абодва браты Чапскія, Станіслаў і Караль130, былі не толькі разумнымі але і незвычайна дасціпнымі асобамі. Аднак паміж імі мелася каласальная розніца. Старшы Караль, заўсёды адпускаў сам пра сябе самыя дзіўныя жарты. Станіслаў жартаваў з іншых. Раскажу вам, якім ён мог быць грубым і рэзкім, калі яго крыўдзілі ў чужым доме.

Атрымаўшы ўладу над сваімі казачна вялікімі ўладаннямі, высакародны, шляхетны, прыемны, папулярны і далікатны, як паненка, князь Дамінік, лічыў сябе абавязаным наведаць усіх сваіх сваякоў. У гэтае вясёлае падарожжа пусціўся ён разам са Станіславам Чапскім. Прыехалі да гетманавай Браніцкай, бязмерна багатай пляменніцы Пацёмкіна па маці з роду Энгельгардаў. Была яна неверагодна сквапнай жанчынай і нават косы сваіх дваровых дзевак прадавала вытворцам парыкоў. Яйкі на сняданак правярала на моц, і калі яйка не вытрымлівала, бракавала яго. Але якая яна б не была, такая фігура як князь, патрабавала адпаведнага прыёму і сустрэла яго па-панску. Запрасіла да сябе ў Белую Царкву шмат не абыякіх гасцей.

(Працяг у наступным нумары.)

* Morawski Stanislaw. Kilka lat mlodosci mojej w Wilnie (1818-1825). Warszawa, 1924. Пераклад Леаніда Лаўрэша .

122 На ліпень 2023 г. вядомы 146 спадарожнікаў Сатурна. - Л . Л .

123 Нядзельныя браты - асобы, якія маюць аднолькавыя спадчынныя правы на нейкую маёмасць і маюць аднаго бацьку. - Л. Л.

124 Сымон Вішнеўскі, сын гродскага ковенскага пісара Стэфана, у 1792 г. ковенскі падстараста, потым кровінскі стараста, у Польскім каралеўстве - старшыня апеляцыйнага суду і г. д., памёр у 1826 г.

125 Фр. "Цудоўна верыць на адлегласці, калі прычына аддзелена ад наступстваў" і "Ісціна не заўсёды бывае праўдай". - Л. Л.

126 Міхал Граноўскі, меў жонку Марыю з Радзівілаў, якая ў першым шлюбе была за Леанардам Пацеем, з'яўляўся айчымам абознага ВКЛ Аляксандра Пацея, у 1794 г. ад'ютантам Якуба Ясінскага. У 6-й частцы "Пана Тадэвуша" Аляксандра Пацея згадвае Адам Міцкевіч.

127 Дэ Міхаэліс Якуб Фелікс, лекар гетманавай Браніцкай, сястры караля Станіслава, памёр у 1820 г.

128 Яўхім Валовіч (1783-1842), сын Антона і Тэафіліі Мікашоўны, берасцейскі кашталян, губернатар Беластоцкай акругі з 1815 па 1832 г.

129 Пра мясцовых абывацеляў - губернатараў, пісаў Мікалай Маліноўкі: "Аляксандр I, жадаючы выканаць дадзенае па Венскiм дагаворы абяцанне пра наданне польскім правінцыям нацыянальнага кіраўніцтва, прызначыў наступных губернатараў-палякаў: Ксаверыя Любецкага ў Вільні, генерала Анджэйковіча ў Гародні, графа Валовіча ў Беластоку, Барталамея Гіжыцкага на Валыні, Мікалая Грахольскага на Падолі, Казіміра Сулістроўскага ў Менску". - Л. Л.

130 Станіслаў і Караль Гутэн-Чапскія, сыны Францішка Станіслава і яго трэцяй жонцы Веранікі з Радзівілаў, зводнай сястры Караля Пане Каханку. Іхняя маці не атрымала пасагу і ў часы малалецтва Дамініка распачала судовы працэс. У 1811 г. Дамінік Радзівіл спыніў справу і выплаціў сваёй цётцы два мільёны злотых.

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

Экалагічны, патрыятычны сэнс: Зубрына-бізонавая мазаіка, Алейнік

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-52 (105-156) (2024); № 1-37 (157-193) за 2025 г.)

Калі хто-небудзь скажа, што ў беларускай літаратуры пра зубра, як, па сведчанні Пятра Байко з Белавежы, і ў польскай, нідзе ці амаль нідзе не ўпамінаюцца індзейцы, ён не будзе мець рацыі. Вялікі спецыяліст па Пушчы (а значыць і зубру) Байко сам прывёў адзін такі прыклад, прыслаўшы нават перадрукаваны, выглядае, самім, фрагмент з кнігі: нямецкі аўтар Герберт Вендт (Herbert Wendt) піша пра "драму зубра і яго амерыканскага сваяка індзейскага буйвала" - бізона, якая разыгралася адначасова на працягу двух з паловай стагоддзяў.

"Часам мне здаецца, што ён не памёр. Калі ён мог прыйсці да нас з мінулага стагоддзя, то ён мог і пайсці туды. У індзейцаў у адной з легенд гаворыцца пра дзень, калі з завоблачных паш спусцяцца бізоны, паімчацца па прэрыі. І мужчыны племені будуць бегчы за імі, каб адчуць дрыжанне зямлі пад цяжарам волатаў, каб вярнуць сабе пачуццё страху і захаплення".

Сувязь "Зубр-бізон", пра што мы пісалі шматразова, з'яўляецца вельмі цікавым прыкладам "каляіндзейскіх" паралелей. Гэтая кампаратывісцкая мадэль традыцыйна існавала як "беларуская" (нягледзячы на знаходжанне Белавежскай пушчы, а пазней яе заходняй часткі на тэрыторыі польскай дзяржавы).

Але гэта адчувалі і польскія аўтары, напрыклад, Генрык Сянкевіч. Яго амерыканскія і белавежскія ўражанні былі надрукаваныя ў адным (6-ым) томе "Твораў" 1899-1906 гг. ("Лісты з падарожжа: Амерыканскія нарысы. З Белавежскай пушчы").

Шырокую вядомасць у Еўропе зубру забяспечыў важны аднолькава для Польшчы і Беларусі Мікола Гусоўскі сваёй знакамітай паэмай. Але ў час напісання "Песні пра зубра" (1522) "стрыечнага брата" нашага bіsonte еўрапейцы паспелі ўбачыць толькі "пры двары" "мексіканскага імператара", таму дарэмна шукаць у Гусоўскага адпаведныя паралелі.

Беларускі дзеяч Аляксандр (Алесь) Сянкевіч надрукаваў у "Полымі" ў 1924 г., з працягам у першым нумары за 1926 г. (тут жа - пачатак яго аўтабіяграфічнага апавядання "Сцежкі жыцця") аўтабіяграфічную аповесць "Вандраванне Васля", уся цалкам яна выйшла ў 1932 г. асобным выданнем.

Ён эмацыянальна і паэтычна апісаў лёс індзейцаў штата Каларада, дзе была вялікая беларуская калонія, прывёўшы і спецыфічна беларускае параўнанне: "Цяпер днём са свечкай не знойдзеш тут індыяніна. Як тых зуброў у Белавежы, трымаюць у амерыканскіх запаведніках астаткі плямён былых гаспадароў паўночнай Амерыкі.

Страціўшы волю і шырокія прасторы, яны хутка выміраюць".

І ў пачатку стагоддзя, калі Алесь Сянкевіч меў магчымасць наведаць Каларада, і ў 20-я гг. там заставаліся невялікія рэзервацыі юта - амаль уся прастора штата, сапраўды, была ачышчаная ад індзейцаў.

Адна з кніжак серыі "Малады прыродазнаўца" мела загаловак "Апошні бізон. Зборнік незвычайных апавяданняў з жыцця дзікіх і свойскіх быкоў" (1928) і ўключала, акрамя спецыяльнага прыродазнаўчага нарыса пра "быкоў", аднайменнае апавяданне канадскага пісьменніка-натураліста Ч. Робертса і нарыс "Зубры ў Белавежы" (Белавежская пушча, апошні зубр у якой быў забіты ў 1919 г. (або, па іншых звестках, у 1912 г.), апынулася ў Польшчы, і нагадванне пра "апошняга бізона" мела як настальгічна-экалагічны, так і палітычна-патрыятычны сэнс).

ДЗІКАЕ ПАЛЯВАННЕ

Масавы кантакт з індзейцамі, як пішуць, сіў і крык, экіпажаў расійскіх караблёў, у якіх былі, безумоўна, і выхадцы з Беларусі і Польшчы, адбыўся ў час наведвання Злучаных Штатаў вялікім князем Аляксеем.

Камандуючы заходняй ваеннай акругай генерал Ф. Шэрыдан (вядомы сваім выказваннем: "Добры індзеец - мёртвы індзеец") перадаў ім запрашэнне правадыра Рабога Хваста (Спотэд Тэйла, Spoted Tail, Sichangu Lakota tribal chief) прыняць удзел у паляванні на бізонаў у Каларада і Невадзе. Каля 1,3 тысяч амерыканцаў, расіян і індзейцаў назіралі за паляваннем. Індзейцы прадэманстравалі "спрыт, вынослівасць і майстэрства верхавой язды" і назіральнікі "маглі параўнаць іх па гэтых якасцях толькі з данскімі казакамі".

Арыгінальна пракаменціравалі гэта аўтары кнігі "Што мы пакінем нашчадкам" Г. Губіш, А. Кавалеўская і Я. Пятраеў: "Цікава, што першы афіцыйны дзяржаўны візіт Расіі ў ЗША таксама закончыўся паляваннем на гэтых асуджаных жывёл. У 1872 г. вялікі князь Аляксей Аляксеевіч у кампаніі з тым жа Буфала Білам адстрэльваў бізонаў, запляміўшы такім чынам і рускае імя дачыненнем да гэтай непрывабнай гісторыі". (Расказ пра знішчэнне бізона, праўда, ілюструецца вядомым індзейскім малюнкам, на якім адлюстравана паляванне на гэтую ўніверсальную па ўтылізацыі жывёлу).

Літ.: 1185 Губиш Г. В., Ковалевская А. М., Петряев Е. П. Что мы оставим потомкам? Мн., 1982.


АЛЕЙНІК Яўген (Iaugen Aleinik, Evgenii Oleinik) - загаловак матэрыялу беларускага выдання "АиФ" (№ 51 ад 16.12.2014 г.) пра хакеіста Джонатана Чычу, які ён падрыхтаваў, - "Беларускі індзеец".

Яўген Алейнік

"БЕЛАРУСКІ КРЫ"

Незвычайнае прозвішча нашага візаві выдае яго індзейскае паходжанне. Чычу належыць да аднаго з нешматлікіх плямён, што засталіся ў Канадзе, - Кры.

Ён нарадзіўся і вырас у самым сэрцы Канады, правінцыі Антарыа, на востраве Муз Фактары. З малых гадоў Джонатан марыў стаць хакеістам і гуляць у самай прэстыжнай Нацыянальнай хакейнай лізе (НХЛ). Гэтай мары наканавана было спраўдзіцца. У агульнай складанасці за акіянам ён згуляў больш за 500 матчаў і ў 2006 годзе стаў лепшым снайперам лігі. Затым былі траўмы, і зорка Чычу на час змеркла - каб зноў загарэцца ўжо ў Кантынентальнай хакейнай лізе (КХЛ). У 2014 годзе гулец перайшоў у менскае "Дынама" і сёння лічыцца адным з лепшых нападаючых клуба.

У гутарцы з "АиФ": што сабой уяўляе індзейскае племя? Як атрымалася, што карэнныя жыхары Амерыкі змянілі лукі і стрэлы на клюшкі і шайбы? Якія рытуалы практыкуюць у племені Кры? А таксама: ці памятаюць яшчэ ў Канадзе савецкую "чырвоную машыну" і пра што кажуць Чычу легендарныя прозвішчы Крутаў, Ларыёнаў, Макараў?

Племя

Калісьці мае супляменнікі выкарыстоўвалі лукі і самаробныя прыстасаванні для кідання камянёў, каб змагацца за незалежнасць. Але ўсё гэта засталося ў мінулым. Сёння індзейцы Канады змагаюцца на лёдзе з клюшкай у руках.

Індзейская супольнасць вельмі маленькая. У нас ёсць свой міні-ўрад, свой кіраўнік, які пераабіраецца кожныя чатыры гады, свой савет. Фактычна племя - гэта дзяржава ўнутры дзяржавы. Пры гэтым мы ўсе маем канадскія пашпарты.

Аб усіх сваіх перасоўваннях па свеце я абавязкова інфармую савет племені, які сочыць за маімі поспехамі.

Месца, дзе я вырас, ізаляванае. Няма добрых дарог і транспартных сродкаў, з дапамогай якіх можна было б дабрацца да горада з развітай інфраструктурай. Так было трыццаць год таму. Прадукты, што прадаваліся ў мясцовых крамах Муз Фактары, каштавалі нятанна, таму мне даводзілася самому здабываць сабе пражытак з дапамогай палявання і рыбалкі.

Чырвоная машына

Джонатан Чычу. Адзіны прадстаўнік індзейскага племя Кры, які згуляў у НХЛ. У сезоне 2005-2006 у НХЛ атрымаў прыз "Морыс Рышар Трофі", які ўручаецца лепшаму снайперу чэмпіянату. Сваю кар'еру ў КХЛ пачынаў у заграбскім "Мядвешчаку", з якога ў 2014 годзе перайшоў у "Дынама-Менск", дзе хутка заваяваў лідзіруючую пазіцыю. Нягледзячы на тое, што я індзеец, я вырас у Канадзе, дзе хакей - спорт нумар адзін, у яго там гуляюць. Так што сумневаў наконт таго, чым займацца ў будучыні, у мяне не было.

У Канадзе добра памятаюць савецкую зборную па хакеі. Я пераглядаў гульні суперсерый і, скажу вам, быў здзіўлены высокім узроўнем падрыхтоўкі і гульні чырвонай машыны.

Мой бацька да гэтага часу ўзгадвае шайбы нападаючага зборнай СССР Валерыя Харламава. Гэты хакеіст заўсёды быў на вышыні. У дзяцінстве я не прапускаў гульняў з удзелам Крутава, Ларыёнава і Макарава (легендарная хакейная "тройка" СССР часоў 80-х).

Я заўзеў за расійскага хакеіста "Ванкувер Кэнакс" Паўла Бурэ.

Асабістае

Хакей заўсёды складаў аснову майго жыцця. Так было да з'яўлення жонкі і дзяцей. Толькі ім удалося адціснуць спорт на другое месца.

Хакей - гэта, калі ты выкладваешся.

Калі я трапіў у НХЛ і тым самым дабіўся галоўнай мэты свайго жыцця, у мяне ўзнікла доўгачаканае адчуванне лунання.

Мая маці - настаўнік, а тата - святар. Галоўнае, чаму яны мяне вучылі, - працавітасць, нішто не даецца проста так. Яшчэ яны заўсёды казалі, што я мушу не толькі быць прафесіяналам, але і заставацца добрым чалавекам, каб да мяне ставіліся з павагай.

Прозвішча Чычу перадавалася з пакалення ў пакаленне. З мовы майго племені яно не перакладаецца як-небудзь па-асабліваму, напрыклад, "Мядзведзь, які ідзе ў цені" ці "Арлінае вока". Проста ніяк не перакладаецца.

Я не практыкую ніякіх рытуалаў перад матчамі. Не асабліва веру ва ўсе гэтыя забабоны. У нас у сям'і чыталі малітвы.

У нашым племені ёсць рытуал, які аб'ядноўвае ўсіх людзей племені Кры. Мы танчым з бубнамі і барабанамі ўсе разам. Гэтая традыцыя называецца "паў-ваў".

Літ.: 1348 Ивашко В. А. Как выбирают имена / под ред. А. Е. Супруна. Изд. 2-е, доп. Мн., 1988.

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.

Індзейцы индейцы, Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Bielorrusia, Belarus; Алесь Симаков

.

Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 163].

У Лідзе адбылося ўрачыстае закрыццё XXXII Дня беларускага пісьменства

Знакавым момантам свята стала перадача вымпела сталіцы Дня беларускага пісьменства 2026 года - ёй стане горад Косцюковічы Магілёўскай вобласці.

- Удзячны нашаму Прэзідэнту за тое, што на працягу апошніх 15 гадоў наша зямля станавілася сталіцай двух вельмі маштабных мерапрыемстваў, - сказаў старшыня Лідскага райвыканкама Аляксандр Вярсоцкі. - Так, у 2010 годзе гэта былі "Дажынкі", а ў гэтым годзе - Дзень беларускага пісьменства.

Дзякуючы гэтым святам горад Ліда станавіўся прыгажэйшым, набываў яркія фарбы, абнаўляўся. Хачу падзякаваць Міністэрству інфармацыі, абласному выканаўчаму камітэту за зладжаную і прадуктыўную працу. Дзякую гледачам, што знайшлі час і наведалі нашы мерапрыемствы, якія мы рыхтавалі з душой для ўсіх. Спадзяюся, вы атрымалі добрыя ўражанні і цудоўны настрой. Вопыт, які мы атрымалі падчас арганізацыі Дня беларускага пісьменства, мы з задавальненнем перададзім рэгіёну, які прыме гэта важнае свята ў 2026 годзе.

Эстафету прыняў старшыня Касцюковіцкага райвыканкама Вячаслаў Максачоў з рук старшыні Лідскага райвыканкама Аляксандра Вярсоцкага.

- Хачу падзякаваць за магчымасць удзельнічаць у такой выдатнай падзеі, як Дзень беларускага пісьменства, у гэтым выдатным горадзе Лідзе. Ужо сёння можна сказаць адназначна: свята атрымалася! Яно яркае, цікавае, душэўнае - і, вядома ж, велізарны дзякуй арганізатарам за яго правядзенне. Горад Касцюковічы прыме эстафету свята з велізарным гонарам, адкрываючы свае дзверы для паэтаў і пісьменнікаў. Упэўнены, што імпрэза пройдзе не меней ярка і цікава, - сказаў Вячаслаў Максачоў.

XXXII Дзень беларускага пісьменства ў Лідзе завяршыўся яркім канцэртам Нацыянальнага Прэзідэнцкага аркестра. Гучалі любімыя песні на словы беларускіх паэтаў, творы ансамбляў "Верасы", "Песняры", а фінальным акордам стала легендарная "Беловежская пуща".

ТК "Культура Лідчыны".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX