Папярэдняя старонка: 2025

Наша слова.pdf № 40 (196) 


Дадана: 30-09-2025,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 40 (196), 1 кастрычніка 2025.

Бульба-фэст у Воранаве

Нават і не верыцца, што гістарычна-культурная каштоўнасць Рэспублікі Беларусь можа таксама актыўна ўжывацца! Так, менавіта, ужывацца! Цэлы фестываль нават прыдумалі! І гэта непадалёку ад горада Ліды. У бліжайшым ад яго гарадскім пасёлку Воранава! А раней жа гэта быў і Лідскі павет!

Аб чым я? Ды пра беларускую смакату! Пра наш беларускі хлеб! Пра бульбачку. І не проста пра бульбу, а пра стравы, якія вырабляюцца з яе. Якія толькі ні ствараюцца смачныя шэдэўры рукамі гаспадынь! І клёцкі, і бабка, і... вядома, ДРАНІКІ! Зафіксавана аж 235 народных рэцэптаў і сабраны яны ў 66 раёнах Беларусі. Дранікі лічаць адной з найвядомейшых беларускіх нацыянальных страў. І 15 траўня 2022 года Рэспубліканская навукова-метадычная рада пры Міністэрстве культуры Беларусі ўхваліла рашэнне аб уключэнні ў Дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцей Беларусі традыцыі выпякання бабкі, дранікаў і таркаванкі з цёртай бульбы. Такім чынам, дранікі афіцыйна атрымалі статус нематэрыяльнай гістарычна-культурнай каштоўнасці.

27 верасня ў Воранаве прайшоў бульба-фэст "Воранаўскі дранік". Дэгустацыі, конкурсы, забавы, выступленні артыстаў, жарты... На любы густ... Зарадзіцца пазітыўным настроем змаглі ўсе: ад малога да старога...

Сяльгаспрадпрыемствы раёна прадставілі разнастайнасць страў з бульбы. На падворку "Байк-дранік" гатавалі дранікі мужчыны-байкеры.

Паўдзельнічаць у майстар-класах па прыгатаванні дранікаў і страў з бульбы запрашалі на пляцоўках "Дранік-гаспадар" і "Дранік са смакам традыцый".

А якая беларуская бульбяная страва без беларускай мовы? Дык яна тут панавала на кожным кроку! Жывуць жа тут беларусы! І так да вечара - з канцэртам шырокавядомага, папулярнага беларускага гурта "Дразды". Іх песні "Беларуская мова", "Сланечнік", "Вёска", "Вясковы лавелас", "Мама", "Лазня" і шмат іншых, а таксама знакамітая, якая стала візітоўкай і хітом - "Хата бацькоў"! Усё гэта грэла, наталяла і натхняла душу беларуса радаснымі пачуццямі яшчэ больш любіць і шанаваць свае традыцыі, сваю культуру, свае карані!

Сярод запрошаных зорак былі таксама Вольга Рыжыкава і Тэа, калектыў "Добрыя людзі" і "Уладары", кавер-гурт "Креатив Бэнд", народны фальклорны калектыў "Сентар", эстрадны калектыў "Ліда-мюзікл".

Алесь Хітрун.

Згукі Дня беларускага пісьменства ў Лідзе

Каляндар серыі "Скарбы Лідчыны". Выпуск № 5

Да ХХХІІ Дня беларускага пісьменства Лідскі гістарычна-мастацкі музей выдаў насценны каляндар на 2026 год у серыі "Скарбы Лідчыны". Гэта ўжо 5-ты выпуск клендара ўжо знакамітай серыі. Ён прысвечаны беларускаму паэту Валянціну Таўлаю. Не зразумела чаму, але каляндар не быў прадстаўлены сярод іншых выданняў да Дня пісьменства.

Валянцін Таўлай - беларускі паэт, літаратурны крытык, член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1941 г.), удзельнік Вялікай Айчыннай вайны (сувязны партызанскага атрада імя Р. Катоўскага брыгады імя Ф. Дзяржынскага ў 1942-1944 гг., кіраўнік наваградскай агентурнай спецгрупы "Буравеснік" у студзені-ліпені 1944 г.).

В. Таўлай нарадзіўся 8 лютага 1914 года ў горадзе Баранавічы ў сям'і чыгуначнага рабочага. Пачатковую адукацыю атрымаў у Лідзе, у сярэдняй школе № 1, у 1921-1923 гадах. Падчас вучобы ў Лідзе, ва ўзросце 9 гадоў, Валянцін напісаў свой першы верш. У 1925 годзе вучыўся ў Слонімскай настаўніцкай семінарыі. У 1927-1929 гг. - у Віленскай беларускай гімназіі.

У жніўні 1929 года В. Таўлай быў арыштаваны польскімі ўладамі. Пасля перагляду судовай справы і вызвалення з турмы ў 1930 г. паводле рашэння камсамольскага падполля ён быў пераведзены ў Беларускую ССР. Працаваў інструктарам у Рэчыцкім райкаме камсамолу, у рэдакцыі газеты "Звязда", вучыўся на вячэрнім аддзяленні літаратурнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. I. Леніна.

У пачатку 1930 гадоў накіраваны ў Заходнюю Беларусь на падпольную работу. У 1934 годзе зноў арыштаваны палякамі і прыгавораны да 8 гадоў зняволення, а пазней да смяротнай кары. Вызвалены з Гарадзенскай турмы Чырвонай Арміяй пасля 17 верасня 1939 года.

Пасля ўз'яднання Заходняй Беларусі з БССР Валянцін Паўлавіч працаваў у Лідскай раённай газеце "Уперад" (сёння "Лідская газета"). У гэты час актыўна займаўся творчасцю, рыхтаваў вершы да публікацыі.

Падчас акупацыі Ліды быў арыштаваны немцамі, прызначаны для накіравання ў Асвенцым, але быў выкуплены з турмы (немцы не ведалі добра, каго яны арыштавалі).

Пасля вызвалення Беларусі, у 1945-1947 гадах, Валянцін Паўлавіч працаваў старшым навуковым супрацоўнікам і намеснікам дырэктара Літаратурнага музея Янкі Купалы. Ён стаў адным з першых даследчыкаў творчасці народнага паэта, правёў вялікую працу па зборы яго спадчыны. 18 верасня 1946 г. В. Таўлай разам з дэлегацыяй беларускіх пісьменнікаў прыняў удзел у адкрыцці гарадской бібліятэкі імя Янкі Купалы ў Лідзе.

Памёр В. Таўлай 27 красавіка 1947 г. Пахаваны на Вайсковых могілках у Менску.

Першы зборнік вершаў выйшаў у 1947 годзе, ужо пасля смерці паэта, пад назвай "Выбранае". У 2010 годзе ў доме, дзе жыў Валянцін Таўлай, адкрылася экспазіцыя Лідскага гістарычна-мастацкага музея.

Паэтычная спадчына Валянціна Таўлая трывала ўвайшла ў скарбонку беларускай літаратуры. Большасць яго твораў напісана ў падполлі і за турэмнымі кратамі. Цыкл "Лукішскія вершы", створаны Валянцінам Таўлаем у астрозе ў 1935 годзе, стаў хрэстаматыйным.

Для Валянціна Таўлая літаратурная творчасць была сродкам служэння народу. Ён разглядаў мастацкае слова як зброю ў барацьбе за вызваленне Радзімы. У яго вершах адлюстравана вялікая радасць, з якой савецкія людзі распачалі будаўніцтва мірнага жыцця.

Каляндар сфармаваны на аснове экспанатаў Лідскага гістарычна-мастацкага музея.

Яраслаў Грынкевіч.

Беларускія выданні апошняга часу

Выйшла новая кніга кандыдата гістарычных навук Алега Трусава "Асновы кансервацыі і рэстаўрацыі матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей". Мінск. БДУКМ, 2025.

Выйшла чарговая кніга Леаніда Лаўрэша "Лідскі замак. Кароткая гісторыя".

Наш кар.

Выйшаў каляндар "Родны край" на 2026 год

Мінск. "Беларусь". 4000 ас.

Вы трымаеце ў сваіх руках адрыўны каляндар "Родны край" на 2026 год, у якім змешчаны цікавыя артыкулы пра нашу краіну Беларусь, матэрыялы, карысныя для прымянення ў паўсядзённым жыцці. Наш каляндар дапаможа вам прасачыць юбілейныя даты знакамітых людзей нашай краіны, славутых беларусаў - юбіляраў 2026 года, якія жылі ў розныя часы і пакінулі каштоўную спадчыну. Значнае месца ў выданні адведзена роднай мове, традыцыйным народным абрадам. Вы даведаецеся пра старажытныя міфалагічныя ўяўленні нашых продкаў. У выданні змешчана шмат цікавай інфармацыі пра прыродныя аб'екты і славутыя мясціны нашай краіны. Спадзяёмся, што для вас будуць карысныя парады па захаванні і ўмацаванні здароўя, правільным харчаванні, гігіене, спорце і інш. Не застануцца па-за ўвагай таксама жыццёвыя і побытавыя парады, рэцэпты народнай медыцыны і беларускай кухні..."

Наш кар.

ТВОРЧЫ ВЕЧАР ПАЭТА, ПРАЗАІКА, ДРАМАТУРГА, ПЕРАКЛАДЧЫКА ГЛЕБА ГАНЧАРОВА

24 верасня 2025 года Пісьменніцкі клуб "Літаратурны экватар" правёў у Менску, у бібліятэцы № 1 імя Л.М. Талстога святочную імпрэзу, прысвечаную 60-годдзю даўняга сябра суполкі спадара Глеба Ганчарова.

Распачаў мерапрыемства кіраўнік "Літэкватара", пісьменнік і журналіст Вячаслаў Корбут. Ён павіншаваў спадара Глеба з юбілеем, адзначыўшы важкасць ягонай творчай спадчыны, што ўвасоблена ў кнігах, якія юбіляр выдаў апошнім часам: "Дары вешчуноў" (вершы і паэмы) і "Казкі дзядзюхны Мянеска" (проза). Вячаслаў заўважыў цікавасць п'ес і казак, вершаў і паэм Глеба Ганчарова. Асаблівую старонку складаюць пераклады, якія гэты творца выконвае з асаблівым, толькі яму ўласцівым натхненнем. Таксама Вячаслаў адзначыў плённы ўклад Глеба ў творчую і грамадскую працу Пісьменніцкага клуба "Літаратурны экватар", у якой ён прымае актыўны ўдзел. Гэта - выступы на творчых вечарынах, канцэртах, прэзентацыях. І заўсёды выхады на сцэну Глеба Ганчарова выклікаюць значную цікавасць, а яго асаблівае стаўленне да мастацкага слова надае такім сустрэчам непаўторны каларыт. Кіраўнік клуба пажадаў юбіляру моцнага здароўя, новых творчых вышынь, цікавых і яркіх кніг, дзе шчыра і яскрава жыве роднае слова. Напрыканцы выступу Вячаслаў Корбут прачытаў у гонар юбіляра уласны твор пад назвай "Дворык", прысвечаны бадай што усім паэтам:

Гэты дворык вельмі цесны -

Мала подыху вятрам…

Спевы птушак чуў у весну -

Сёння гулка крэхча кран.


Птушак крылы грэе сонца

З вераснёўскім шэптам ліп.

Што падаўся нейкім сонным,

Бы жаданняў пералік?


- А спяваць мы сёння будзем? -

Раіўся зноў грак з сястрой.

- Не скажу, хай дрэмлюць людзі

Гэтай восеньскай парой.


Яны спяць зімой і летам:

Духам, нават сэрцам спяць.

Глянь, не спяць адны паэты,

З іх усіх за гэта кпяць!..


Перамыюць косці люду,

Беднаце, правадырам,

Стос ідэй ці нават груду

Раскідаюць тут і там.

-

Ай, паэты? Што паэты?!

Я ніводнага не чуў!

- Дык пачуй ты іх сакрэты...

- Добра! Палку перагнуў...


І заснуў тут дворык зноўку.

Кран дзяўбецца, нібы грак.

А паэт чытаў ім лоўка,

І спяваў за ім спявак!

Далей слова перайшло да сувядоўцы мерапрыемства і непасрэднай ягонай агранізатаркі - пісьменніцы і журналісткі Інгі Вінарскай. Спадарыня зазначыла, што вельмі цэніць Глеба Ганчарова як аўтара і як рэдактара, і рада працаваць разам з ім у рэдкалегіі альманаха "Літаратурны экватар", дзе з'яўляецца шэф-рэдактарам. Інга зачытала прысутным анатацыю пра спадара Глеба з вышэй адзначанага выдання:

"Глеб Ганчароў - паэт, празаiк, перакладчык, драматург, публiцыст, журналіст. Нарадзiўся 23 верасня 1965 года ў Менску ў настаўнiцкай сям'i. Скончыў прыбора-будаўнiчы факультэт Беларускага полiтэхнiчнага iнстытута (1988) i факультэт гаспадарчага права Беларускага iнстытута правазнаўства (1999).

Працаваў iнжынерам-оптыкам, гаспадарчым юрыстам, журналiстам у газетах "Обозреватель", "Знамя юности", "Вместе!"

Творы друкавалiся ў часопiсах "Маладосць", "Полымя", "Нёман", газеце "Лiтаратура i мастацтва", калектыўных зборнiках "Мы - скарынiчы", "Мiнск - горад майго лёсу" i iншых, перакладалiся на iўрыт, рускую, украiнскую, польскую, лiтоўскую мовы.

Упершыню пераклаў на сучасную беларускую мову творы лiцвiнскiх паэтаў мiнулага Ю. Бакi, А. Крумана, Г. Наваградскага.

П'есы Глеба Ганчарова ставiлiся ў тэатрах Беларусi, Украiны, Польшчы, Расii, Лiтвы, Латвii. Спектакль Гомельскага абласнога драматычнага тэатра "Уваскрэсенне Лазара", паводле аднайменнай п'есы, быў вылучаны на Нацыянальную прэмiю Рэспублiкi Беларусь.

Лаўрэат Дзяржаўных прэмій Польшчы, Ізраіля і Украіны.

У 2023 годзе выдаў зборнік вершаў "Дары вешчуноў", у 2024 годзе - кнігу прозы "Казкі дзядзюхны Мянеска".

Спадарыня Вінарская пажадала спадару Ганчарову ўсіх даброт і перадала яму слова.

Трэба зазначыць, што Глеб Уладзіміравіч добра падрыхтаваўся да сваёй імпрэзы. Некалькі разоў на працягу мерапрыемства ён выходзіў выступаць са сваімі творамі. Шмат вершаў прачытаў, пра прозу, п'есы і пераклады свае распавёў. Між іншым, зараз рыхтуецца да друку яшчэ адна кніга прозы Глеба Ганчарова - "Казкі матухны Беларусі". У хуткім часе яна павінна пабачыць свет.

Што тычыцца прачытаных спадаром Глебам на імпрэзе вершаў, то тут варта прыпыніць увагу на адным з самых любімых паэтычных твораў юбіляра, які, дарэчы, адкрывае кнігу "Дары вешчуноў" і назваецца "Аўтабіяграфія":

Я з яйца без зубоў і без яду

Ў год змяі, нібы чорная ніць,

Выпаўз, як і прызначана гаду,

З мэтай нейкае гадства ўчыніць.


Пацякла за хвілінай хвіліна

Па залівістых рэчышчах дзён,

І я ўзрос, што дурная сцябліна,

Стаў на вока і ласку жадзён.


Быў багата гадоў я прыкуты

Да ўсялякіх пакут і спакус:

Як павысіць мацунак атруты;

Як навострываць сківіц прыкус.


Я даводзіў іклы на тачыле,

З перцам чылі смактаў манпасье,

Бо са шчырасцю джаліць вучылі

Пад сасной педагогі мае.


Але сэрца маё неацэнна

Аб паветраных справах баліць:

Мне б у небе лунаць летуценна

І з драконам сялібы паліць!


А таму, як прадвесце злагады,

Маранатраўна растуць на хрыбце

Два крылы для паўзучага гада,

Каб дарогу знайсці ў цемнаце.


Я пластаўся з разгубленай злосцю

І ў прадбачані суднага дня

Поўз туды, дзе валяліся косці

Прыкапанага кімсьці каня.


Там сярод маслакоў і рабрынак

Я сумесна з калегамі жыў.

Ежма ела штодзённа сябрына

Сябрукоў да выцягвання жыл.


Толькі я не суцешуся ў марах,

Не хацеў быць звычайнай змяёй,

Каб на сконе жыцця ў мемуарах

Мог апець слаўны жэрабя мой.

Так бы вечна між дзірак і трэшчын,

Як запасіўшы, глебу крапіў,

Але, марна ахрышчаны Вешчым,

Князь Алег на мяне наступіў.

Паэт, празаік, бард Юрась Нераток пачаў свой выступ не з віншаванняў і пажаданняў. Ён, ведаючы эрудыцыю і глыбокае разуменне гісторыі юбіляра, папрасіў яго распавесці прысутным, хто такія чумакі і чаму прозвішчы Чумак, Чумакоў, Чумачэнка сустракаюцца на нашай зямлі. Глеб Уладзіміравіч паведаміў, што гэта прафесія, вядомая з XVI-га стагоддзя: чумакі перавозілі з паўднёвых украінскіх зямель на тагачасную беларускую розныя прадукты, у першую чаргу - соль, якой не было ў нас. Юрась Нераток дадаў, што Млечны шлях называўся яшчэ і Чумацкім: і таму, што па дарогах тая соль часам рассыпалася, і таму што дробныя зоркі Млечнага шляху, у якія ўглядаліся і па якіх арыентаваліся перавозчыкі, нагадвалі прасыпаную соль.

Такім чынам прадмова, без якой не абыходзіцца ніводзін твор Нератка, прагучала і да верша "Чумацкі шлях":

Стэп… І навошта тут столькі прасторы?

Цягнуць валы перагружаны воз.

Крупкамі солі рассыпаны зоры,

Месяца блін на патэльні нябёс.


Кольца каўбаскі, піханай пальцам;

Ззаду - аптовы закуп, магарыч…

Знікла заступніцтва ў зладжанай валцы.

А нападуць - толькі Бога і кліч!


Хвайна было б таргануць па дарозе:

Быў бы барыш і заўзяты кірмаш!

…Толькі ўся соль застанецца на возе,

Бо ў Беларусі солі няма ж!


Пахаладае - гуньку накіну.

Не дапаможа - гарэлкі глыну.

І не заўважу, як за хвіліну

Водар кавыль перадасць палыну.

Вось бы даехаць, убачыць радзіну,

Хвацкі гармонік ушыр развярнуць!

…Можа, даеду, а можа, і згіну,

Можа, князі ўсё за так адбяруць.


Здасца, супынку не будзе ніколі:

Я - і прастор, цішыня і спакой.

Пыл узнімаецца, стукаюць колы,

Цягнецца воз па дарозе пустой…

Напрыканцы выступу Юрась Нераток паведаміў юбіляру, што па сягонняшнім часе ягоны ўзрост лічыцца маладым і пажадаў без асаблівых прыгод "дацягнуць" да пенсіі.

Вершаў і віншаванняў у той вечар было шмат. Адметнай рысай мерапрыемства стала тое, што вершы юбіляра Глеба Ганчарова чыталі вучні сталічных школ. Сярод прагучаўшых паэтычных твораў былі наступныя: "Восень у Гародні", "Лесвіца", "Быў месяц, спляжаны пад ранак", "Мне няёмка было ад сумнеўнага суму", "Дзве рукі, што дзве ракі" і іншыя.

Дарослыя творцы віталі Глеба Ганчарова сваімі вершамі. Сярод выступіўшых паэтаў былі: Міхаіл Баранчык (кіраўнік Літаратурнай гасцёўні "Дзясятачка"), Ігар Шыршоў (філосаф, кандыдат філасофскіх навук), а таксама даўні сябра "Літэкватара" Вячаслаў Данілаў.

Прафесар, доктар педагагічных навук, пісьменнік Алег Мельнікаў вельмі любіць пісаць пародыі на творы самых розных жанраў. Спецыяльна для юбілейнай імпрэзы Глеба Ганчарова ён падрыхтаваў некалькі пародый на ягоныя вершы, якія і прачытаў на мерапрыемстве.

Восеньскімі вершамі і творамі пра каханне віншавалі юбіляра паэткі Таццяна Пратасевіч і Маргарыта Багдановіч.

Прыхільніца творчасці Глеба Ганчарова Міла Алім зазначыла, што чытае ягоныя вершы, калі ў яе сумны настрой, а калі добры - тады чытае прозу. Спадарыня прачытала некалькі сваіх любімых паэтычных твораў спадара Глеба.

Пісьменніца, педагог, навукоўца Кацярына Матусевіч шчыра ўхваліла таленты юбіляра і прачытала прысутным некалькі сваіх кароткіх эсэ.

Закрывала канцэртную праграму пісьменніца і журналістка Інга Вінарская. Яна зазначыла, што ў цяперашні час ідзе актыўная праца над новым альманахам "Літаратурны экватар" № 14 (16), які павінен убачыць свет у 2025 годзе. А больш падрабязна спадарыня вырашыла ўзгадаць юбілейны, пятнаццаты нумар гэтага выдання (выйшаў у 2024 годзе). І вось чаму: спецыяльна для гэтага нумара альманаха былі запісаны і ў ім надрукаваны пятнаццаць інтэрв'ю з найбольш цікавымі сябрамі "экватарыяльнай" суполкі. Інга ўхваліла журналісцкі талент Глеба Ганчарова, які запісаў інтэрв'ю непасрэдна з ёй. Таксама спадарыня адзначыла дасканаласць падрыхтоўкі свайго інтэрв'юера да працы: Глеб Ганчароў прачытаў усе кнігі Інгі Вінарскай і ўжо на іх аснове задаваў свае пытанні. Некалькі вершаў Інгі асабліва спадабаліся Глебу: сярод іх быў твор пад назвай "Эмігранцкае". Гэтым вершам спадарыя Вінарская і закончыла творчую частку імпрэзы:

Судзілі, гадалі, страчалі

Світанкі, палілі старонкі,

Глядзелі з самотаю ў далі -

Мяжу зачынілі нам звонку.


Ліцейкам больш не пераплавіць

Вялікую нашу свабоду.

Забылі пра правілы лавы:

Адрынуты будзем народам.


Хто прэ на яго - тыя маняць.

Самотныя, танныя людзі.

Ад бойкі бягуць яны самі,

І сплюнуць: хай меней вас будзе!..


Быць сытымі добра. Навошта?

Чагосьці б такога не выйшла...

Не лезьце ў мяшчанскую ношу,

Законаў ганебнае дышла.


Прэч рушце да новых арцеляў,

У штаты свае ды ў еўропы.

Задужа ад нас вы хацелі,

Культурныя вы паўхалопы.


Судзілі, пасля меркавалі -

Сумленне ад волі залежыць.

Адчынены дальнія далі,

Нам сёння адчынены межы!..

Завяршылася мерапрыемства ў бібліятэцы № 1 імя Л. М. Талстога агульнай фотасесіяй усіх выступоўцаў імпрэзы. "Працяг банкету" адбыўся крыху пазней - у адной з утульных сталічных кавярняў, але гэта ўжо трохі іншая гісторыя…

Інга Вінарская, Юрась Нераток.

Ты адратуеш мяне…*

(Аповесць)

Інга Вінарская

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

9

- Родам я з гэтай вёскі, - праз нейкі час парушыла цішыню Зойка. - Так. Ты не глядзі, што зараз тут мала людзей жыве. Некалі вёска Васілевічы была вялікай. Тут нават школа працавала - васьмігодка. Пасля яе заканчэння ішлі вучыцца далей - хто ў ПТВ, хто ў тэхнікумы, а хто ў 9-10 класы сярэдняй школы, якая знаходзілася ў суседнім райцэнтры. Паўсюдна навучэнцам тады давалі інтэрнаты. Дык вось, я пасля 8-га класа давучвалася ў райцэнтры ў старэйшых класах. Выдатніца была круглая. Усё мне лёгка давалася.

Я ўсміхнулася.

- Не верыш? - спытала яна.

- Ну, чаму не веру? - адказала я.

Хаця, шчыра кажучы, уявіць сабе Зойку выдатніцай мне здавалася нечым практычна немагчымым.

- Я скончыла сярэднюю школу з залатым медалём, - працягвала Зойка. - Пасля без усялякіх цяжкасцей паступіла ў сталіцу - у педагагічны ўніверсітэт. Яшчэ калі вучылася на першым курсе, сустрэла свайго Пятра - ён быў курсантам ваеннага вучылішча. О, гэта было каханне з першага погляду!.. Мы нават дыхаць адно без аднаго не маглі. Бацькі былі супраць: і мае, і яго, - маўляў, занадта вы яшчэ маладыя, трэба спачатку вывучыцца, а потым ужо пра каханне думаць. Але нас было не спыніць. Я зацяжарыла. Пятро мой сказаў: "Ніякіх абортаў!" І пацягнуў мяне ў ЗАГС распісвацца. Бацькоў паставілі перад фактам. Тыя спачатку былі ў шоку, - ну а потым пачалі дапамагаць: то прадуктаў, то грошай падкінуць. Калі нарадзіўся Васятка, нам з Пятром пакой выдзялілі ў інтэрнаце сямейнага тыпу. І што ты думаеш: ні я, ні Пётр вучобу не кінулі. Я нават акадэмічнага адпачынку не брала. Неяк круціліся. Мала таго, на пятым курсе я яшчэ адно дзіцятка нарадзіла - дачку Машаньку...

Вочы Зойкі напоўніліся слязьмі. Але яна працягвала:

- Адвучыліся мы абодва, дыпломы атрымалі. Пятра, мужа майго, размеркавалі служыць на Далёкі Усход, у нейкі там гарнізон. Гэта ж былі яшчэ савецкія часы: краіна адна, прычым вялікая. Можна было па размеркаванні патрапіць куды заўгодна... Дык вось, сабраліся мы ў дарогу: нейкія рэчы спакавалі - усяго ж не возьмеш. Што засталося, раздалі сябрам. Білеты купілі на цягнік. У дзень ад'езду апрануліся, дзяцей апранулі, узялі таксі, пагрузілі наш невялічкі рэчавы скарб, пасадзілі ў машыну дзяцей, самі ўселіся - едзем на вакзал, каб сесці на цягнік, і - на Далёкі Усход.

Тут Зойка на нейкі час замаўчала... Потым наліла сабе яшчэ шклянку віна, выпіла...

- Удар быў страшэнны: ззаду ў таксі ўехаў самазвал, у якога раптоўна сапсаваліся тармазы. Я ехала спераду, побач з вадзіцелем, прычым не прышпіленая рэменем бяспекі. Як потым высветлілася, гэта ўратавала маё жыццё: ад удару я вылецела праз лабавое шкло таксі і страціла прытомнасць. З-за гэтага нічога болей не памятала пра падрабязнасці той аварыі. Потым доўга ляжала ў бальніцы, бо атрымала не толькі страсенне мазгоў, але і некалькі сур'ёзных пераломаў: нага і рука былі ў гіпсе. Мне нічога не паведамлялі пра маіх блізкіх, акрамя таго, што яны не знаходзяцца ў гэтай бальніцы. "Пра ўсё даведаецеся, калі мы Вас выпішам," - казалі мне. І нікога да мяне не пускалі: нібыта ў мяне нейкая інфекцыя там яшчэ, і небяспечна мяне наведваць.

Забіраць мяне з бальніцы прыехала мая маці. Ад яе я пра ўсё і даведалася... Пятро, муж мой, разам з дзецьмі ехаў у таксі на заднім сядзенні - яны ўтраіх загінулі амаль імгненна... Вадзіцеля машыны ў цяжкім стане даставілі ў бальніцу - ён памёр там... Вось так: выжыла толькі я адна... Не, слёз тады не было... Проста не стала, больш не было мяне колішняй... Гэта быў той момант, калі становіцца ўсё ўсяроўна...

Разам са сваёй маці я вярнулася ў Васілевічы - у бацькоўскі дом. У вёсцы пачала моцна піць, і пайшло маё жыццё пад адхон... Тут Зойка дапіла рэшткі віна прама з рыльца бутэлькі.

- Прабач, не збіралася я ўсяго гэтага расказваць... Расстроіла цябе і сама расстроілася...

Праз паўзу:

- Кіра, ты, можа, сама рыбу дачысціш?.. Тут ужо нямнога засталося.

- Канешне, Зоя, канешне. Ідзі, калі ласка, адпачні... Дзякуй табе за дапамогу. Заходзь, калі будзе мажлівасць.

Развіталіся. Яна паклыпала ў свой бок. Я машынальна дачысціла астачу рыбы, потым памыла ўсё пачышчанае мной і Зойкай ды пайшла ў хату - стравы розныя гатаваць і рэшткі свежай рыбы ў маразілку прыладжваць...

У нейкі момант да мяне на кухню зазірнуў Мацвей - старэйшы брат майго мужа.

- Прачнуўся? - пытаю ў яго.

- Так... А што, Зойка заходзіла? Я праз акно бачыў.

- Ага. Дапамагла мне рыбу тваю пачысціць. Слухай, Мацвей, у яе такі лёс страшэнны - жах проста!..

- Што, распавядала табе пра сваё жыццё?

- Так.

- Кіра, не будзь наіўнай: не вельмі слухай!.. У кожнага алкаша ці алкашкі свая шчымлівая гісторыя прызапашаная, каб грошы выманіць ці выпіўку. Ты хаця б грошай ёй не давала?

- Не, Мацвей, што ты...

А сама задумалася: "Няўжо Зойка мне нахлусіла? Не, не веру. Але ўсё ж такі, нейкія сумненні з'явіліся. Як бы гэта даведацца, што насамрэч у Зойкіным жыцці адбылося?..

Увечары прыехала свякроў, якая разам з цёткай Зубіліхай і яе мужам (на іхняй машыне) ездзіла ў суседні райцэнтр на закупы. Вось вярнулася і давай правяраць: колькі пакункаў рыбы пакладзена на замарозку. Зазірнула ўва ўсе каструлі - што прыгатавана і колькі. Здаецца, засталася задаволеная. І тут я вырашыла схітрыць.

- Альбрэхціна Пятроўна, - кажу, - тут жанчына да нас у двор заходзіла, жахлівая такая з выгляду. Зояй зваць.

- А, Зойка! Ты хоць яе ў хату не пускала, алкашку гэтую?

- Не, ну што Вы, як можна?! Зайшла ды пайшла. Ну пагаварылі трошкі. А што, Зоя гэтая, яна адсюль?

Тут у свекрыві на нейкі час уключыўся рэжым "чуллівая жанчына".

- Хадзем са мной, Кіра, я табе пакажу нешта.

Іду за мадам Альбрэхцінай у яе пакой.

- Дзе ж гэта... - кажа яна, нешта шукаючы. - А, вось!

І дастае нейкую папку ці альбом. Высвятляецца, што Альбрэхціна і Зоя вучыліся ў адным класе ў мясцовай васьмігодцы - яны равесніцы. Свякроўка паказвае мне Зойкіну фотку ў юнацтве.

- Прыгожая, - заўважаю я.

- Ды што ты! Самая прыгожая ў класе дзяўчына была. Яшчэ і выдатніца! Дзявяты і дзясяты класы ў райцэнтры потым скончыла. Залаты медаль за сярэднюю школу атрымала. Вучылася далей ва ўніверсітэце ў сталіцы, замуж там выйшла, дваіх дзетак нарадзіла. А потым - няшчасны выпадак: загінулі яе дзеці і муж у аварыі. Зойка сама цудам жывая засталася. Вярнулася пасля сюды і з тых часоў п'е. Бацькоў сваіх тут пахавала - даўно ўжо.

- Якая трагедыя... - прамаўляю ціхенька. "Не нахлусіла Зойка..." - мільгае думка.

І тут у Альбрэхціны Пятроўны раптам выключаецца рэжым "чуллівая кабета":

- Трагедыя - не трагедыя, але ж Зойка сама апусцілася на самае дно гэтага жыцця. Не ўздумай пускаць яе ў хату. І грошай не давай, калі будзе прасіць. Ды і ўвогуле, не трэба табе з ёй знацца. Зразумела?

- Так, Альбрэхціна Пятроўна, - адказала я свекрыві, а пра сябе падумала: "Так я цябе і паслухала".

11

Наступным днём Зойка не заходзіла: мадам Альбрэхціна, нібыта нешта адчуўшы ці западозрыўшы, амаль цэлы дзень снавала паміж хатай, дваром і гародам. Яна ўвесь час намагалася праверыць, як мужыкі працуюць. Усю хатнюю працу па-ранейшаму выконвала я. Дарэчы, Мацвею таксама не ўдалося пазбегнуць праполкі і паліву градак. Свякроў прыпрагала ўсіх: і нядзіўна, бо ўчастак іхняй зямлі займаў, праўдамі-няпраўдамі, ажно трыццаць сотак. Гарод, за выключэннем дома і саду, напэўна, складаў сотак дваццаць.

Мне стала зразумела: пакуль мая свякроўка паміж дваром і гародам бегае, Зойка наўрад ці прыйдзе. Вось калі Альбрэхціна на далёкіх градках засядзе ці з'едзе некуды, тады - так...

Бліжэй да канца дня свякроў мая практычна супакоілася і падчас вячэры аб'явіла, што хоча паехаць на пару дзён у сталіцу - у госці да сярэдняга свайго сына Віктара, каб адведаць яго. Сын гэты, дарэчы, быў яе любімчыкам, і яго мадам Альбрэхціна на градкі не адпраўляла.

- Ігар, завязеш мяне, - сказала свякроў, звяртаючыся да майго мужа - свайго малодшага сына. - Пабудзеш там у Віктара трошкі, а потым вернешся ў вёску. А праз пару дзён заедзеш забярэш мяне: я скажу, калі, - патэлефаную.

Раніцай наступнага дня, пасля сняданку яны паехалі. У вёсцы засталіся мой свёкар Сігізмунд Карлавіч, старэйшы брат майго мужа Мацвей ды я...

12

Памахаўшы ўслед мужу і ягонай машыне, якая адвозіла мадам Альбрэхціну, я на нейкі час затрымалася ў двары, дыхаючы свежым паветрам, а потым вярнулася ў хату і накіравалася ў бок кухні. І тут прыйшла мая пара здзіўляцца. Каля мыйкі стаяў мой свёкар і, націскаючы на пімпачку ўмывальніка, мыў брудны посуд, што застаўся пасля сняданку.

- Сігізмунд Карлавіч, што гэта Вы тут робіце з посудам? - спытала я. - Давайце я памыю.

- Кірачка, дачушка! Не ўсё ж табе брудныя талеркі ды кубкі мыць. Трэба і перапынак нейкі зрабіць.

"Ого - Кірачка! Яшчэ і дачушка!.. - які ласкавы ды ветлівы стаў мой свёкар, як свякроўка з'ехала..." - падумала я.

Тут у кухню зазірнуў Мацвей. Мне раптам у галаву прыйшла думка, што гэты высокі, мажны, малады яшчэ мужчына ўсім сваім выглядам нагадвае мядзведзя, але не злоснага, а добрага...

- Мацюша, - звярнуўся да яго Сігізмунд Карлавіч. - Тут трэба вядро з-пад мыйкі вынесці, бо поўнае ўжо. І яшчэ, сынок, пару вёдзер чыстай вады някепска было б сюды з калодзежа прынесці.

- Зараз усё зробім, бацька, - адказаў старэйшы сын.

- Дык давайце я таксама нешта прыцягну, - уставіла я слова.

- Кіра! Ты зараз у адпачынку? - спытаў Мацвей і ўзяў мяне за плечы сваімі аграменнымі лапамі, паглядзеўшы наўпрост у мае вочы.

- Так.

- Дык вось і адпачывай! - і ён пайшоў завіхацца з вёдрамі.

- Дачушка, - зноў звярнуўся да мяне Сігізмунд Карлавіч. - Я ў халадзільніку глянуў: ты ежы нагатавала на тыдзень наперад.

- Ну што Вы, які там тыдзень.

- Не, праўда, хопіць. Сёння не гатуй нічога.

- Добра.

У кухні зноў з'явіўся Мацвей - на гэты раз з двума вёдрамі калодзежнай вады.

- А мы вось сёння на рыбалку паедзем - праўда, Мацюша?! - звярнуўся да сына Сігізмунд Карлавіч.

- Так, бацька. Ты ж так даўно на нашым возеры не быў.

- Мы ўвечары вернемся, - сказаў, паварочваючыся да мяне, свёкар. - Кірачка, а можа, ты з намі? Надвор'е ж спрыяе.

- Не, што Вы, Сігізмунд Карлавіч, я ж не рыбачка!..

- Ну, тады адпачывай. А ведаеш, што? Можаш у садзе пазагараць. Паляжыш, пагрэешся на сонейку. Мацюша табе раскладушку вынясе. Праўда, сынок?

- Канешне, тата. Для Кіры зраблю ўсё, што заўгодна.

- Толькі хату замыкай, калі ў сад пойдзеш, - параіў мне свёкар.

Праз нейкі час Мацвей разам з Сігізмундам Карлавічам, загрузіўшы вуды і іншыя прыстасаванні для рыбалкі ў машыну, адправіліся на суседняе возера. Я засталася адна. Выняла са сваёй дарожнай сумкі прыхоплены на ўсялякі выпадак купальнік і летнюю лёгкую сукенку, якая мела фасон "з захінаннем" і завязвалася паяском вакол таліі. На кручку ў нашым з мужам пакоі вісеў мой саламяны капялюш - ён, дарэчы, ляжаў у машыне Ігара, але перад тым, як паехаць з мадам Альбрэхцінай у сталіцу, ён занёс гэты мой капялюш у хату. Яшчэ трохі пакорпаўшыся ў сваёй сумцы, я дастала адтуль лёгкія, амаль бязважкія, летнія коркавыя пантофлі.

Пераапранулася, замкнула хату і накіравалася ў бок саду. Раскладушка там ужо стаяла - прычым, засцеленая коўдрай. Пра мяне паклапаціліся - прыемна.

Можа падасца недарэчным, што загараць я адправілася ў сад. Але няма тут нічога дзіўнага, бо сад быў стары, частку дрэваў ужо спілавалі, астатнія ж мелі паміж сабой вялікія прамежкі - так што, месца пад загар там хапала, і сонца таксама.

Я скінула сукенку і намазала скуру спецыяльным крэмам, які, на шчасце, таксама прыхапіла з сабой. Уладкаваўшыся пад летнім сонейкам, падумала: "Не Канары, канешне, але хаця б нешта..."

13

- Прачніся, маладуха!.. Кіра, уставай, скуру спаліш!.. - пачула я скрозь сон.

Пры гэтым нехта трос мяне за плячо.

З цяжкасцю расплюшчыўшы вочы, супраць сонца бачу нейкую постаць. Яшчэ праз некалькі хвілін да мяне даходзіць, што за плячо мяне трасе Зойка.

- Уставай, кажу, - прамаўляе яна, - вунь скура чырвоная ўжо.

- Зоя, гэта ты?.. - ледзь варушу языком. - Прывітанне...

- Кіра, табе трэба ў цень.

- Так, згодна.

Марудна ўстаю, апранаю сукенку, пантофлі, капялюш, бяру пакунак з бутэлькай вады, крэмам і ключамі ад дома.

- Хадзем, пасядзім, - кажу я сваёй візіцёрцы.

Ідзём з ёй бліжэй да хаты, заходзім у альтанку, садзімся.

- Ты сёння не працуеш, а загараеш? - пытаецца яна.

- Ведаеш, свякроўку мой Ігар у сталіцу павёз. А свёкар такі лагодны стаў пасля яе ад'езду і сам запрапанаваў мне пазагараць у садзе.

- А сам дзе - ну, Сігізмунд?

- Дык яны з Мацвеем на возера паехалі рыбу вудзіць. Увечары вернуцца.

Паціху ажываю ў прахалодзе альтанкі.

- Слухай, - кажу Зойцы, - а можа, у хату зойдзем? Там пасядзім, пагамонім, гарбаты вып'ем ці яшчэ нечага... - прапаноўваю я.

- Дзякуй, канешне. Але не, Брыська мне не дазваляе ў хату да сябе заходзіць.

- Дык яе ж няма! І доўга яшчэ не будзе.

- Не, усяроўна... А пасядзець можна. Толькі давай тут - у альтанцы.

- Добра, як скажаш.

Іду ў бок хаты, адчыняю дзверы. За пару "ходак" прыцягваю з кухні ў альтанку розных закусак, прыборы, шклянкі, кілішкі, ваду, морс, і канешне, бутэльку хатняга віна са свякроўкінай хованкі. Мне хочацца аддзячыць Зойцы. Калі б не яна, то невядома яшчэ, чым бы скончыўся мой сённяшні загар. Я ж заснула на адкрытым сонцы. О, гэтая вёска!.. Як ні кінь - для мяне, нібыта міннае поле.

Зойка налівае сабе трохі віна. Пытае мяне:

- Будзеш?

- Не, я не п'ю. Зусім не п'ю, - наліваю сабе ў кілішак мінералку.

- Ну, будзем, - кажа Зойка.

- Давай, - падтрымліваю я і выпіваю ваду са свайго кілішка.

- Частуйся, калі ласка, - кажу Зойцы.

- Дзякуй, - трохі закусвае. - Дык што, Брыська на тваім Ігары ў сталіцу паехала - да любімчыка свайго, Віктара?

- Так, да сярэдняга сына. А пра любімчыка ты правільна заўважыла. Цікава, чаму так? У яе ж тры сыны, а да старэйшага і да малодшага яна ставіцца жорстка. Такое адчуванне, што з іх траіх любіць толькі Віктара.

- А нічога дзіўнага тут няма, - гаворыць Зойка. - Уся справа ў каханні. Альбрэхціне з гэтым не вельмі пашчасціла. Таму і характар у яе такі жорсткі ды паскудны, а з гадамі ўсё горш і горш становіцца.

- Справа ў каханні?.. - перапытваю я.

- У няшчасным каханні, калі дакладней...

Гляджу на Зойку зацікаўлена, нібыта пераўтварыўшыся ў адзін вялікі пытальнік.

- Ладна, не глядзі так. Табе раскажу. Толькі - паміж намі, май на ўвазе.

- Добра, - адказваю.

- У юнацтве закахалася Альбрэхціна ў хлопца, трохі ад нас старэйшага. Яны разам вучыліся ў тэхнікуме, што ў суседнім райцэнтры знаходзіцца.

- І што?

- Што-што?! Кінуў ён яе, Брыську-та. І ажаніўся з дзяўчынай з багатай сям'і. Бацька там быў начальнік вялікі ў нашым раёне, сувязі меліся розныя - ну, сама разумееш, - грошай многа. Потым таго начальніка ў сталіцу перавялі, і ўся сям'я з ім разам туды перабралася. Брыськін былы хахаль - з імі таксама. Ён хутка пайшоў уверх па кар'ернай лесвіцы. Займаў пасады розныя, і зараз нейкую немалую займае.

- А якая тут сувязь з Віктарам?

- Чакай, не бяжы паперадзе паравоза. Дык вось, недзе пасля трыццаці год ужо, Брыська зноў закруціла з гэтым сваім хахалем былым - толькі дарослы раман ужо. Не ведаю, як гэта там у іх атрымалася, дзе і чаму яны перасякліся... Сігізмунд пакутваў страшэнна. Мацвею тады было ўжо гадоў восем недзе. Брыська зацяжарыла ад гэтага свайго любімага хахаля і збіралася да яго сысці. Але тут каханак яе зноў кінуў - на гэты раз, ужо цяжарную. Сказаў, каб аборт рабіла, а ён, маўляў, ад жонкі ніколі не сыдзе. Вось так!..

- Нічога сабе! І што далей?

- Што далей... Прыняў яе Сігізмунд назад - нават цяжарную. Кахаў моцна, напэўна... Праз пэўны час і нарадзіўся той Віктар - любімы сын тваёй свякроўкі. А яшчэ гадоў праз шэсць на свет з'явіўся твой Ігар - ён ад Сігізмунда.

- Таму Віктар і любімы сын, бо ад каханага народжаны... Цяпер усё зразумела... - у задуменні прамовіла я. - З той нагоды і грошы ўсе яму, і дапамога, і нават двухпакаёвая кватэра ў цэнтры сталіцы, у якой ён адзін жыве і нявест перабірае... Нармальная маці ўсім бы аднолькава дапамагала, а гэтая... Мацвей жа пасля разводу пакой здымае, а мы з Ігарам - маленькую аднушку за немалыя грошы...

- Ну, калі зразумела ўсё, - малайчына. Толькі - нікому.

- Канешне, я ж абяцала.

- А Ігар твой - добры хлопец. Трымайся за яго... Чула, бацькоў у цябе ўжо няма?

- Так, няма. Рана сышлі з гэтага свету. Братоў і сясцёр таксама няма.

- Дык вось, я і кажу: трымайся за мужа, бо адна прападзеш. Жанчыне адной нельга быць, калі сваякоў у яе не засталося.

Зойка яшчэ крыху пасядзела са мной, дапіла віно, трохі прыкусваючы, дый пайшла па справах. А я доўга потым прабыла ў той альтанцы, разважаючы пра жыццё. Апамяталася толькі тады, калі ўжо за садам сонца пачало хіліцца. Пабегла хуценька прыбірацца. Неўзабаве падцягнуліся дахаты Мацвей і Сігізмунд Карлавіч...

(Заканчэнне ў наступным нумары.)

Перакладчык твораў лужыцкіх сербаў і кашубаў

22 верасня споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння пісьменніка, перакладчыка, крытыка і публіцыста Алеся Траяноўскага (1925-2005)

Каля вёскі Буда Грэская Слуцкага раёна ёсць урочышча Уздымач, у якім некалі стаяла леснічоўка. Там у сям'і лесніка пачаўся жыццёвы шлях беларускага пісьменніка Алеся Траяноўскага. Да пачатку Другой сусветнай вайны ён паспеў скончыць Буда-Грэскую пачатковую і Шышчыцкую сямігадовую школы і тры месяцы папрацаваць сакратаром следчага аддзела пракуратуры Менскай вобласці. З пачаткам акупацыі Беларусі гітлераўскімі захопнікамі пайшоў у партызаны і амаль два гады змагаўся супраць ворага ў складзе атрада імя Чапаева 27-й партызанскай брыгады імя Чапаева, якая дзейнічала на акупаванай тэрыторыі Грэскага, Капыльскага, Нясвіжскага, Клецкага раёнаў.

У 1944 годзе Алесь Траяноўскі ўдзельнічаў у партызанскім парадзе ў Менску. Потым ваяваў на Трэцім Беларускім і Трэцім Украінскім франтах, быў двойчы паранены, меў баявыя ўзнагароды.

Пасля дэмабілізацыі ў 1946 годзе Алесь Траяноўскі працаваў у Менскім абласным Доме народнай творчасці, абласным і рэспубліканскім камітэтах Дабраахвотнага таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту, у іншых установах. У 1959 годзе завочна закончыў Маскоўскі гістарычна-архіўны інстытут. У 1955-1962 гадах быў літсупрацоўнікам шматтыражнай газеты "Западная трасса" Беларускага ўпраўлення грамадзянскай авіяцыі, потым на працягу 20 гадоў - літсупрацоўнік, загадчык аддзела літаратуры і мастацтва газеты "Звязда", у 1983-1986 гадах - намеснік галоўнага рэдактара часопіса "Мастацтва Беларусі".

Як пісаў Алесь Жук, "не адно пакаленне беларускіх паэтаў і празаікаў з удзячнасцю ўспамінае Алеся Пятровіча, з блаславення якога іхнія творы бачылі свет на старонках старэйшай і шаноўнейшай беларускай газеты "Звязда". Улюбёны ў літаратуру, мастацтва, знаток беларускай гісторыі, Алесь Пятровіч шчыра дзяліўся ведамі з аўтарамі намнога маладзейшымі, ім перадаваў сваё захапленне беларускасцю, Беларуссю. Знаёмства і сяброўства з Алесем Траяноўскім стала вялікай школай адкрыцця саміх сябе, усведамленнем саміх сябе, далучэннем да Бацькаўшчыны для многіх тады пачынаючых пісьменнікаў. Я ўжо не гавару пра тых, хто працаваў з ім непасрэдна, хто вучыўся няпростай і нялёгкай рэдактарскай рабоце".

Творчую дзейнасць Алесь Траяноўскі пачаў у 1957 годзе артыкуламі на літаратуразнаўчыя тэмы ў перыядычным друку. У 1960 годзе ў часопісе "Бярозка" апублікаваны першыя яго пераклады чэшскіх народных казак "Вугальшчык і мядзведзь", "Вучоны кум". Асаблівую цікавасць у Алеся Траяноўскага выклікалі літаратуры лужыцкіх сербаў і кашубаў. Ён - адзін з укладальнікаў і перакладчыкаў, аўтар прадмовы і каментарыяў да анталогіі паэзіі лужыцкіх сербаў "Там, дзе Шпрэвя шуміць" (1969). У яго перакладах на беларускую мову выдадзены анталогія кашубскай паэзіі "За даляглядам край Сталемаў", аповесць Ю. Брэзана "Чорны млын" (1984), зборнік украінскай паэзіі "Імем няўмольнай свабоды" (2003)"Кобза і меч" Аляксандра Олэся. За пераклады кашубскай паэзіі ў 1976 годзе перакладчык стаў лаўрэатам прэміі Сталема.

Алесь Траяноўскі перакладаў з украінскай мовы на беларускую, з польскай - апавяданні А. Лаймінг, гумарэскі Ф. Дарэцкага, Я. Асэнкі і іншых аўтараў. Да таго ж ён перакладаў не з падрадкоўнікаў, не выпадковых аўтараў, не па заказу. На думку Віктара Карамазава, Алесь Траяноўскі не проста перакладаў, а "даследаваў душу, духоўныя і маральныя крыніцы народаў, лёс якіх быў блізкі лёсу беларусаў".

Пераклады Алеся Траяноўскага былі надрукаваны ў калектыўных зборніках "Далягляды", "Ветразь", "Дзень паэзіі", перыядычных выданнях. Ён уклаў анталогію беларускага апавядання "Дзівак з ганчарнай вуліцы" (выдадзена ў Германіі на верхнялужыцкай мове), падрыхтаваў энцыклапедычныя артыкулы "Сербалужыцкая літаратура і Янка Купала", "Сербалужыцкая літаратура". Алесь Траяноўскі пісаў і вершы, якія былі змешчаны ў рэспубліканскай перыёдыцы. А ў 2006 годзе выйшла з друку кніга Алеся Траяноўскага "Дні - як лукі" з аўтарскай падборкай "Мой Уздымач". У кнізе змешчаны яго абразкі, успаміны, пераклад на беларускую мову вершаў украінскага паэта Маркі Баяслава. Ён, па словах паэта Сяргея Панізьніка, быццам сын пра бацьку, паклапаціўся, каб "шчыры, сардэчны наробак Алеся Пятровіча вярэдзіў нашы душы, напінаў, як цеціву лука, нашы думы і доўжыў памяць пра чалавека-творцу". Такую вось літаратурную спадчыну нам пакінуў Алесь Траяноўскі.

Паводле СМІ.

Да 210-годдзя нараджэння нашай літаратаркі Габрыэлі Пузыні з Гюнтараў распачынаем друкаваць пераклад яе ўспамінаў.

Габрыэля Пузыня

У Вільні і літоўскіх дварах, успаміны 1815 - 1843 гадоў1

Ад перакладчыка

Здаецца, першым біяграфію Габрыэлі Пузыні з Гюнтараў надрукаваў У. Каратынскі ў "Тыгодніку Ілюстраваным" у 1869 г.2 Зараз маецца і грунтоўная манаграфія Марыі Беркан-Яблонскай3, таму я не буду падрабязна расказаць пра гэтую важную ў гісторыі літаратуры асобу. Адным з першых у нас дакладна і дастаткова падрабязна пра яе напісаў Генадзь Кіясялёў4.

Малодшая з трох дачок Габрыэля нарадзілася ў Вільні ў заможнай сям'і графа Адама Гюнтэра і Аляксандры з Тызенгаўзаў. Род графаў Гюнтэраў паходзіў з Германіі (з палатыната Ніжняга Рэйна), прадстаўнік якога Зыгмунт Гюнтэр фон Гейдэльсхайм асеў у 1518 г. у ВКЛ і асіміляваўся ў мясцовым шляхецкім асяроддзі.

Да шлюбу Габрыэля Гюнтар жыла ў радавым маёнтку Дабраўляны Свянцянскага павета (цяпер Смаргонскі раён Гарадзенскай вобласці), з якім звязана яе дзяцінства і маладосць. Дабраўлянскі палац Гюнтэраў з'яўляўся адным з культурных цэнтраў краю, дзе збіралася творчая інтэлігенцыя. Частымі гасцямі тут былі пісьменнікі Ігнат Ходзька, Антон Адынец, мастакі Ян Дамель, Ян Рустэм, прафесар медыцыны Андрэй Снядэцкі і іншыя. Творчая атмасфера ў сям'і і блізкае знаёмства з таленавітымі людзьмі спрыялі развіццю літаратурнага таленту Габрыэлі. У 1851 г. яна выйшла замуж за Тадэвуша Пузыню, і яе месцам жыхарства стаў маёнтак мужа Гарадзілава Ашмянскага павета (цяпер Маладзечанскі раён Менскай вобласці), у якім Габрыеля арганізавала інтэлектуальны салон, дзе гуртаваліся лепшыя інтэлектуальныя і творчыя сілы краю. Гасцёўню наведвалі У. Сыракомля, С. Манюшка, Э. Жалігоўскі, У. Міцкевіч (сын А. Міцкевіча). Разам з мужам Г. Пузыня падарожнічала па Еўропе, у Парыжы сустракалася з вядомымі пісьменнікамі А. Гарэцкім і Б. Залескім.


Імя пісьменніцы Габрыэлі Альбіны Пузыні з Гюнтараў (1815-1869) ужо добра вядома дасведчанаму беларускаму чытачу па перакладах яе вершаў і прозы5.

Літаратурную дзейнасць Габрыэля Пузыня пачала з паэзіі дэбютным вершам у варшаўскім часопісе "Motyl" пад крыптанімам "G. G." у 1828 г. Выдала некалькі зборнікаў лірычных і маралізатарскіх вершаў, пісала апавяданні, фельетоны, камедыі. Яе першы зборнік вершаў "У імя Бога!" убачыў свет у Вільні ў 1843 г. і расказам пра яго выданне, заканчваюцца гэтыя ўспаміны. Напісала яна і шмат празаічных твораў.

У канцы жыцця на падставе дзённіка, які вяла з юначых гадоў, уласнай перапіскі і дакументаў Габрыэля Пузыня напісала ўспаміны "Мая памяць", даведзеныя да 1867 г. На вялікі жаль рукапіс успамінаў загінуў у 1944 г. падчас Варшаўскага паўстання, але быў часткова выдадзены Адама Чарткоўскім і Генрыкам Масціцкім у 1928 г., мемуары пісьменніцы ў гэтым томе заканчваюцца 1843 г., і пераклад менавіта гэтых, выдадзеных, успамінаў друкуецца ніжэй. Прывяду тут вялікі кавалак артыкула Часлава Янкоўкага (з падзагалоўкам "Заўвагі на палях толькі што выдадзеных успамінаў Габрыэлі з Гюнтэраў Пузыні"), напісаны адразу пасля выхаду ўспамінаў Пузыні ў 1928 г.:

"Вялікі том у 389 старонак, які мы атрымалі (выказваю за гэта вялікую ўдзячнасць) у падарунак ад вядомага віленскага выдавецтва, не змяшчае ў сабе ўсяго дзённіка Габрыэлі Пузыні.

Поўныя ўспаміны Пузыні ўяўляюць сабой вялікі двухтомны рукапіс пад назвай "Мая памяць" і знаходзяцца зараз у вялікім кнігазборы графа Райнольда Пшаздецкага ў Варшаве. Бачыў іх на ўласныя вочы ў 1894 ці 1896 годзе. Таксама ў тых жа бібліятэчна-музейных зборах графа Пшаздецкага на вуліцы Фоксаль у Варшаве знаходзіліся і вельмі цікавыя "Silva rerum" (лац. "Лес рэчаў" - Л. Л.) Адама графа Гюнтэра, бацькі Габрыэлі, завершаныя самой Габрыэляй. Гэта прадаўгаватыя альбомы вялікага фармату, напоўненыя наклеенымі на кардон старонкамі з малюнкамі, запіскамі, акварэлямі, літаграфіямі, вершамі і нават абгорткамі ад карамелек, запрашэннямі, віншавальнымі паштоўкамі і г. д., усім, што шмат гадоў таму адлюстроўвала грамадскае жыццё Вільні. Які скарб быў перада мной: стылі, звычаі, сувеніры! І такіх альбомаў было, калі не памыляюся, шаснаццаць. Карацей кажучы, гэта быў гатовы ілюстрацыйны матэрыял да кнігі Габрыэлі Пузыні "Мая памяць".

Калі я ўсё гэта праглядаў, мае вочы гарэлі, а рукі дрыжалі. Выдаць! Выдаць з найбольшым піетэтам і з факсімільнай дакладнасцю. Аб'яднаць успаміны з альбомамі! Хто ж адразу пра гэта не падумаў? Але … нават у даваенныя часы такая выдавецкая ініцыятыва была не па кішэні. І было б цяжка атрымаць дазвол ад графа Канстанціна Пшаздзецкага, які не ведаў, што можа быць у дзённіку Пузыні. Карацей кажучы, з цяжкім сэрцам я развітаўся з тымі альбомамі і рукапісамі, бо яны сталі больш недаступнымі для мяне. Шчасцем было ўжо тое, што я змог упэўніцца, што ўсё гэта багацце знаходзіцца ў бяспечным месцы.

"Faciant meliora potentes!"(лац. "Няхай той, хто можа, зробіць лепей" - Л. Л.) - суцяшаў я сябе. Няхай камусьці іншаму пашчасціць больш. Аднак, чым ёсць шчасце? Выпадковасцю. А я не чакаў, што яно прыме выгляд выпадковасці.

У Беніцы Швыкоўскіх я дакапаўся да самага дна, да схованых там у 1895 - 1900 гг. рукапісных дакументаў з гісторыі Ашмянскага павета і натрапіў і на сшыткі "Маёй памяці" Пузыні, копія з якіх, знятая "на чыста", захоўваецца ў варшаўскіх зборах Пшаздзецкіх. У гэтых сшытках меліся прабелы але … але я змог рэканструяваць гэты надзвычай цікавы і каштоўны дзённік. І зрабіў і пераказ амаль што ўсяго дзённіка Пузыні (частка якога нядаўна апублікавана), гэты пераказ можна знайсці на 50-ці старонках другога тома майго "Ашмянскага павета", які выйшаў у канцы 1897 года.

Габрыэля з Гюнтараў Пузыніна, выйшла замуж за дзедзіча Гарадзілава Тадэвуша Пузыню з Ашмянскага павета, правяла тут апошнія васемнаццаць гадоў свайго жыцця. Адсюль і мая асаблівая цікаўнасць да аўтаркі "У імя Бога" як дзедзічкі Гарадзілава, дзе яна назаўсёды заплюшчыла свае вочы 16 жніўня 1869 года.

Яна была пахавана ў падземных склепах Гарадзілаўскага касцёла, у сямейных магілах Пузыняў. Сёння няма ўжо ні касцёла, ні падземнага склепа, ні парэшткаў аўтаркі "Маёй памяці". Не ведаю, ці засталіся нават якія-небудзь стагадовыя дрэвы ў Гарадзілаве" 6.


Героямі ўспамінаў Пузыні з'яўляецца вялікая колькасць тагачасных абшарнікаў нашага краю. Шматлікія факты іх прыватнага і грамадскага жыцця, заўвагі пра характары і паводзіны і г. д., маюць вялікую гістарычную каштоўнасць для ўсіх, каму цікава наша гісторыя першай паловы XIX ст. Але, магчыма, адным з галоўных герояў кнігі мемуарысткі, ёсць яе сястра Матыльда (Матыня) Бучынская з Гюнтараў (1811-1867). Пра гэтую цікавую асобу мае сэнс расказаць дадаткова.

У 1834 годзе Матыльда выйшла замуж за Маўрыцыя Бучынскага, сына ўдзельніка касцюшкаўскага паўстання, уладальніка недалёкага ад Дабраўлянаў маёнтка Болкава. Сядзiба Бучынскiх маляўніча месцілася на гары над Свірскім возерам паміж Свірам і Засвірам. Назва маёнтка паходзіла ад імя аднаго з князёў Свірскiх, старадаўніх уладароў гэтых мясцінаў. Усё тут дыхала сівой мінуўшчынай нашага краю і пераклікалася рамантычнымі настроямі таго часу.

У 1846 г. выйшла замуж і пакінула Дабраўляны сярэдняя сястра Іда. Яшчэ раней памерла маці. У Дабраўлянах засталіся стары Гюнтэр з Габрыэляй. Часлаў Янкоўскi сведчыў: "Аднак Дабраўляны і віленскi салон дабраўлянскага дзедзіча зусім не страцілі звыклага ажыўлення, па-гаспадарску прымаць гасцей дапамагала сястры заўжды вынаходлівая, вясёлая, энергiчная Бучынская" 7. Пасля смерці мужа (1848 г.) Матыльда зусім вярнулася ў родныя Дабраўляны. У 1851 г. бацька, як той кароль Лiр, але з лепшым вынікам, яшчэ пры жыцці падзяліў сваю немалую маёмасць паміж дочкамі. Дабраўляны дасталіся Матыльдзе. Габрыэля зрабіла сабе асобную рэзідэнцыю непадалёку ў Нестанішках (назвала сваю новую сядзібу Патулiна, ад слова "патульны"). У сясцёр бывала агульныя госці, як напрыклад Сыракомля. Янкоўскі цікава апісвае гасцяванне тут знакамітага паэта: "… у Патуліне прымала Габрыэля Сыракомлю. Прывёз яго туды з Вільні пасля соймікаў Тадэвуш Пузыня ўвосень 1855 г. Лірнік вясковы быў тады ў зеніце папулярнасці і поспеху, але нясмелы, нават дзікі пясняр літоўскі ледзьве паддаўся ўгаворам прыехаць. У Дабраўлянах вітала паэта Бучынская хлебам-соллю са словамі, што гэта за "Акраец хлеба", вітала пад дубам, упрыгожаным у гонар "Дэмбарога" аленевымі рагамі і шчытом з гербам Сыракомлі. Чакаў таксама падрыхтаваны для пасадкі малады клён; папрасілі госця, каб ён сам, уласнай рукой укапаў яго ў зямлю. Паэт у сваёй збянтэжанасці замест таго, каб узяцца за рыдлёўку, хапаў зямлю рукамі, кідаючы яе ў яму, але праз гэта дабраўлянскі клён стаўся яшчэ больш памятным" 8.

Дзейнасць і вядомасць Матыльды не абмяжоўвалася дабраўлянскімі ваколіцамі. У кнізе польскага даследчыка А. Мілера "Тэатр і музыка на Літве" (1936 г.) салон Матыльды з графаў Гюнтэраў Бучынскай называецца ў ліку першарадных віленскіх тэатральна-мастацкіх асяродкаў сярэдзіны ХIХ ст. Але найбольш пані Матыльда праславілася як філантропка і ўдзельніца патрыятычнага руху пачатку 1860-х гадоў.

У канцы 1859 г. Матыльда Бучынская вярнулася ў Вільню з Парыжа і аднавіла дзейнасць свецкага таварыства св. Вінцэнта, як раз у гэты час у нашым краі адбываецца моцны грамадскі ўздым. 22 красавіка 1861 г. генерал-губернатар Назімаў паведамляў у Пецярбург: "Абшарніца Матыльда Бучынская раздавала грашовые дапаможніцтвы і прадукты ніжэйшым класам народа, абавязваючы ўсіх насіць жалобу і адмаўляла тым, якія гэтага не рабілі" 9.

Міхаіл Мураўёў пісаў у сваіх успамінах: "Не менш шкодным было заснаванне ў 1861 г. "таварыства Вінцэнтынак" (St. Vincent de Paul) пані Бучынскай, вядомай сваім рэлігійным фанатызмам, яна мела на мэце ахапіць усе розумы не толькі польскіх, але і самых значных рускіх дам у Вільні і нават ў Пецярбургу, каб збіраць грошы для мяцяжу. Генерал-ад'ютант Назімаў, жонка яго, а за імі і большасць рускіх дам запісаліся ў члены таварыства, якое знаходзіўся пад кіраваннем біскупа Красінскага. Бучынская першая падала прыклад нашэння жалобы, і сабраныя грошы раздавала жанчынам з простых людзей з абавязацельствам насіць жалобу па айчыне. У пачатку 1863 г. сам Назімаў здагадаўся, да чаго імкнулася таварыства - Бучынскую адправіў на жыхарства ў вёску і забараніў сходы таварыства. Але яго ўжо ніхто не слухаў; таварыства неаднаразова збіралася ў самой Вільні ... Мною зроблена было распараджэнне аб расследаванні дзеянняў таварыства. Красінскі высланы мною ў Вятку, галоўныя дзеячы таварыства Бучынская, Лапацінская, графіня Плятэр і іншыя дамы пасля разгляду іх дзеянняў у следчай камісіі, былі адпраўлены на жыхарства ва ўнутраныя губерні імперыі, а таварыства канчаткова забаронена..." 10.

Мураўёўскі чыноўнік Масалоў, чалавек адукаваны, дапытлівы і, як піша Г. Кісялёў, "не без свецкага глянцу", бачыў Бучынскую ў Францішканскай турме (на Троцкай вуліцы) недзе ўвосень (або пад восень) 1863 г. Ён суправаджаў англійскага карэспандэнта О'Браена, які пажадаў на ўласныя вочы пазнаёміцца з віленскімі вязніцамі, з умовамі ўтрымання палітычных арыштантаў. Ён пакінуў цікавае апісанне візіту ў былы кляштар, прыстасаваны пад вязніцу: "Пасля агляду некаторых арыштанцкіх [камер], мы былі прыведзены ў пакой, дзе ўтрымлівалася багатая віленская памешчыца Матыльда Бучынская, народжаная Гюнтэр. Высокага росту, велічная, ужо пажылая (ёй 52 гады, а мемуарысту - 20), п. Бучынская прыняла нас вельмі ветліва, як велікасвецкая жанчына прымае ў сваёй гасцінай. Яна ўразіла нас сваім розумам, ведамі і жвавасцю. У якія-небудзь дзесяць хвілін гаворка зайшла нават аб Дантэ. Яна казала, што зусім не наракае, а дзякуе лёсу за гэтае невялікае выпрабаванне, бо яна дагэтуль не ведала ў жыцці праблем і зараз толькі ў гэтай адзіноце навучылася лепш разумець некаторыя рэчы і думаць аб тым, на што раней не звяртала ўвагі. Каля пасцелі яе вісеў на сцяне дыван, на століку перад канапай стаялі сляды хатняга абеду, на акне ў гаршчку пад шклом яна вырошчвала нейкую траўку. Пані Бучынская утрымлівалась не як падсудная, але для адміністрацыйнага пакарання за ранейшыя яе подзвігі і кіраўніцтва дэманстрацыямі ўсялякага кшталту. Месяцы праз тры яна была адпраўлена ў Ніжагародскую губерню. Наогул, утрыманне ў Францішканскай турме лічылася найлягчэйшым у параўнанні з астатнімі турмамі. Развітваючыся з англічанінам, яна смеючыся сказала яму: "Перадайце ў вашай айчыне, што вы бачылі ў віленскіх турмах жанчыну вясёлую і зусім задаволеную сваім становішчам", а мне яна выказала надзею ўбачыцца дзе-небудзь з часам пры больш шчаслівых абставінах" 11.

Матыльду саслалі ў адміністрацыйным парадку ў Ніжагародскую губерню ў сакавіку 1864 г. Яе Дабраўляны былі секвестраваны (узяты ў казну), а потым перайшлі ў чужыя рукі. Некалькі гадоў філантропка пражыла ў заволжскай глухамані сярод раскольнікаў і лыжачнiкаў-саматужнiкаў (мясціны, апісаныя потым Мельнiкавым-Пячэрскiм). Толькі ў 1867 г. Бучынская змагла вярнуцца з выгнання ў блізкую ёй Варшаву, дзе неўзабаве і памерла.

Генадзь Кісялеў пісаў, што наш класік Дунін-Марцінкевіч падчас паўстання 1863 г. хаваўся ад арышту і быў арыштаваны ў мястэчку Свiр (цяпер Мядзельскi раён) у 1864 г. Калі ў Беларусі пачалося агульнае ўзброенае паўстанне, ён, здаецца, не далучыўся да паўстанцаў, а ўзяў у арэнду маёнтак Дабраўляны Бучынскай і ціха пражыў там да пачатку наступнага года. Пасля секвестру Дабраўлянаў перабраўся ў Свiр, дзе жыў да самага арышту12.

Вось такой была далейшая гісторыя гэтай сям'і.


За пераклад успамінаў Габрыэлі Пузыні я ўзяўся адразу пасля перакладу мемуараў "галоўнага віленскага пляткара" доктара Станіслава Мараўскага. Абое ўспамінаў ахопліваюць, у значнай ступені, адзін і той жа час і адно і тое самае грамадства. Таму я лічу, што перад тым, як прачытаць успаміны Габрыэлі Пузыні, трэба, як найменей, пазнаёміцца, а лепей, уважліва прычытаць успаміны Станіслава Мараўскага. Бо гэтыя два мемуарысты расказваюць, практычна, пра падзеі аднаго і таго ж часу ў адных і тых жа мясцінах і ў адным і тым жа асяродку - вышэйшым свеце былога ВКЛ. Але шляхетная Пузыня робіць толькі намёкі там, дзе Мараўскі падрабязна расказвае пра ценявое жыццё горада і малюе карціны, звычайнага, калі ўдумацца, чалавечага жыцця, звычайных інтымных стасункаў, пераказвае плёткі, анекдоты і г. д. Таму, у нейкім сэнсе, успаміны гэтых двух аўтараў з'яўляюцца, па сутнасці, двума бакамі аднаго медаля, што бясспрэчна важна для тых, каму цікава наша гісторыя першай паловы XIX ст.


Трэба адзначыць некалькі істотных і важных дэталяў тагачаснага быту нашай шляхты. Напрыклад, некалькі разоў Габрыэля Пузыня згадвае халаднік як нашую нацыянальную страву ці тое, што Пузыня ніколі не называе прозвішча Міцкевіча, а звычайна піша нешта, накшталт "аўтар Гражыны". Тры разы падае яна форму імя Канстанты і Канстанцыя як "Кастусь" ці "Кастуся" - і гэта сярод вышэйшага слоя мясцовай арыстакратыі, што робіць бессэнсоўнымі спрэчкі пра тое, ці можна мясцовага шляхіціца Канстанты называць Кастусём. Канешне ж можна13.


Перакладаць Пузыню было значна прасцей, чым Мараўскага, але і ў гэтым выпадку, прыходзілася выбіраць "залатую сярэдзіну" паміж прыгажосцю і дакладнасцю, бо вядома, што пераклады, як жанчыны: калі дакладныя, дык непрыгожыя, а калі прыгожыя, дык недакладныя. Нагадаю, што менавіта гэтую думку аўстрыйскага пісьменніка Морыца Готліба Сафіра Максім Багдановіч у Яраслаўлі ўзяў за эпіграф да рукапіснага зборнічка сваіх вершаў, перакладзеных ім на рускую мову і падараваных у 1913 г. сваёй каханай дзяўчыне Анюце Гапановіч.

Уступ

Гэтыя ўспаміны выраслі з гісторый, расказаных маімі бацькамі. Яны жылі ў тую цікавую эпоху, якая стала падмуркам нашага далейшага жыцця, і расказвалі пра яе сваім дзецям. І маленькая Габрыэлька, народжаная ў канцы 1815 г., як каласок пасля жніва, знайшла ў гэтым сваё месца. Яе першыя ўспаміны датычаць людзей, якія пасля доўгіх гадоў неспакою спачылі ў магіле, парослай дзе-нідзе свежай муравой і сям-там кветкамі. Да таго часу пад скіпетрам цара ўсё ўжо скончылася не толькі ў Літве, але ва ўсім свеце, а эпілогам вялікай эпапеі сталі падзеі на востраве св. Алены (апошняе месца ссылкі Напалеона - Л. Л.).

Часова адклаўшы зброю і надзеі, усе ў Літве і Кароне вярнуліся да плуга. Думкі пра славу і свабоду саступілі месца думкам пра хлеб штодзённы. Надоўга, вельмі надоўга запомніўся 1812 г. Ён заставаўся зместам размоў і тлом жыцця кожнай сям'і. Маладое пакаленне закалыхвалася гісторыямі 1812 г., бо гэты год, як бог з двума рознымі тварамі, пачынаўся з чароўнай надзеі, а закончыўся халодным расчараваннем. Амаль што ў кожнай сям'і гэта дата была запісана ў сэрцы крывавымі літарамі сіроцтва, ці выцятая палашом на лбе. Балела яна куляй у плячы, якая давалася ў знакі пры кожнай перамене надвор'я, стукала драўлянай нагой, свяцілася на грудзях крыжам адважных!.. А ўдовы і маці ўзнімалі яе як крыж Панскі на руінах былога шчасця! Ах, так! Знакаміты ў гісторыі Еўропы 1812 г. стаў эпохай для нашага краю, ён увесь час прысутнічаў у размовах, як прыпеў у песні, якую спяваюць каля кастра.

1812 г. быў памятным і для нашай сям'і, хоць і стаўся менш балючым, чым для іншых. Мой бацька тады заразіўся ў ваенным шпіталі і цяжка захварэў на тыф у Мінску-Літоўскім, нагляд за шпіталем яму даручыў Напалеон (калега майго бацькі Ваньковіч, заплаціў за гэты гонар сваім жыццём). Мая маці ля ложка непрытомнага мужа не знаходзіла сабе месца, думала пра свайго бацьку і двух братоў, якія былі на вайсковай службе ў Напалеона, думала пра сваю маці, якая жыла ў Вене, пра сястру, якая ў росквіце сіл засталася ў Вільні. Акрамя таго, кожны дзень з вокнаў сваёй кватэры яна бачыла, як на сходах, пры браме ці на дзядзінцы, ад холаду і голаду паміралі французы і іх як бярвенне выкідвалі на плошчу. А трэба было прымаць у сябе генерала Тучкова, дасланага ўціхамірваць Менск, і размаўляць з ім на чужой мове. Ён паставіў варту ля дзвярэй хворага, які ў гарачцы, без прытомнасці, не ведаў, што перайшоў з-пад улады імператара французаў пад уладу рускага манарха. І калі іх двухгадовая дачушка Матынька (старэйшая з дачок), народжаная ў часы абуджэння бліскучых надзей, барабаніла ручкамі пры кожным згадванні Напалеона, імправізуючы так навіны з газет, нібыта ёю прачытаных, дык малодшая Ідалька, народжаная ў 1813 г., прынесла з сабой непакой і слёзы з-за найменшай драбязы, што паўплывала на характар і ўсю яе будучыню. Гэта сталася вынікам вышэй згаданых турбот і клопатаў нашай маці, якая хавала іх у сабе і моўчкі пераносіла ў той год цяжкіх выпрабаванняў.

Канец 1812 г. запомніўся безумоўнай амністыяй, якая распагодзіла неба над Літвой і Каронай14. І зіму 1815 г. мае бацькі правялі ў вясёлай Варшаве ў нашай бабулі Марыі Тызенгаўз з гр. Пшаздзецкіх, якая, пасля дзясятка - другога гадоў за мяжой, прыехала з Вены ў Варшаву.

Варшава здаўна адрознівалася лёгкасцю, з якой пераходзіла ад слёз да смеху, ад вайны да танцаў. Весела бавіліся ў Варшаве і зімой 1815 г., аздобай усіх сходаў былі дзве маладыя прыгажуні: княжна Ганна Сапежанка, шаснаццацігадовая кветка, брунетка з чорнымі вогненнымі вачамі, і светлавалосая, поўная грацыі і невыказнага шарму, Яна Грудзінская15. Абедзве добра танчылі ў салонах, і калі падчас менуэта стаялі адна насупраць другой, у залі ўздымаўся неапісальны шал! Узлазілі на крэслы, штурхалі адзін аднаго, каб толькі ўбачыць дзве грацыі. А гэтыя Тэрпсіхоры - адна з іх лётала ў паветры, другая, рысавала маленькай ножкай арабескі на паркеце, мелі кавалерамі Аляксандра гр. Патоцкага і Станіслава гр. Касакоўскага16. Сёння, праз паўстагоддзя, што засталося ад гэтых дзвюх пар, якія ў той час свяціліся маладосцю і жыццём?.. Тры магілы!.. Тэрпсіхора, княжна Ганна, памерла княжной Чартарыскай, каралевай польскай эміграцыі. Другая, малодшая з грацый, дзеля якой брат цара адрокся ад трону і яе партнёр па танцы гр. Патоцкі, даўно памерлі. Застаўся адзін толькі Станіслаў гр. Касакоўскі, які і сёння ў той жа Варшаве чаруе другое і трэцяе пакаленне свежасцю сваіх размоваў і спакоем свайго твару, які, як заходзячае сонца, сведчыць, што скончаны дзень быў ясным. Жонка графа Аляксандра Патоцкага (праз год ужо Вансовіч) з дому Тышкевічаў, унучка нашага апошняга караля, прымала шматлікіх гасцей у ніжніх пакоях свайго палаца на Кракаўскім прадмесці17. У тыя часы ў яе заўсёды тоўпіліся людзі і, чым цясней і гарачэй, тым весялей было ім. На працягу карнавалу адбыўся дзіцячы касцюміраваны баль, для якога сям'я Замойскіх прывозіла сваіх прыгожых, як іх маці, дзяцей. Мая старэйшая сястра была там у ролі вулічнай гандляркі кветкамі з кошыкам, поўным жывых кветак. І калі яе заўважыў в. князь Канстанцін, які ў гэты момант размаўляў з княгіняй-ваяводзінай Радзівіл, тая назвала дзяўчынку сваёй унучкай. Але малая дзяўчынка дарэмна раз за разам кланялася, в. князь быў захоплены будучай княгіняй Ловіч і забыўся пра дзяўчо, якое выглядала з-пад руж, пакуль княгіня зноў не паказала на яе. Тады строгі начальнік пакланіўся малой, як быццам яна была ўжо дарослай красуняй, і сказаў: "Як жа жанчынам не быць какеткамі, калі яны пачынаюць так рана?". Аднак, в. князь не ўгадаў - сястра, калі вырасла ў прыгожую замужняю жанчыну, хоць і мела вялікі дар падабацца, але ніколі не была какеткай.

Мая маці большую частку жыцця правяла ў Літве з маім бацькам, які валодаў вялікімі маёнткамі і рэзідэнцыямі ў Гарадзенскім і Вількамірскім паветах і па-чарзе жыў у іх. Але яна нарадзілася і атрымала выхаванне ў Варшаве і заўсёды імкнулася ў Карону. Была хрышчонай дачкой гетманавай Агінскай, пляменніцай ваяводзіны Радзівіл (стваральніцы парка Аркадзія)18, і таму адчувала сябе сваёй у Варшаве. Самыя цёплыя ўспаміны засталіся ў яе з дзяцінства: як у 1784 г. з балкона дома ў Лешні яна кідала шпількі вулічным стралкам, каб тыя маглі разарваць патрон, як яна захавала мініяцюру Касцюшкі, якую ўсе дамы насілі на грудзях і, калі гэта стала небяспечным, кідалі ў полымя каміна. У маёй сям'і маці ўспрымалася носьбітам памяці пра тыя часы, як і яе браты, якія пайшлі за Героем (Напалеонам - Л. Л.)… Як потым, калі ў краі панавалі прусакі, прыгожая каралева прыехала ў Варшаву, прыняла баль у свой гонар і размаўляла з маёй маці. Як і яе стрыечны брат (па маці) Антон князь Радзівіл, які ажаніўся з прускай прынцэсай Людвікай, (яна сэрцам прыкіпела да сям'і мужа), адкінуўшы ў бок ўсялякі этыкет, кіраваў свавольствам і жартамі ў Небараве і г. д.

(Працяг у наступным нумары.)

1 Gabrjela z Guntherоw Puzynina. W Wilnie i w dworach litewskich: pamiаtnik z lat 1815-1843. Wilno, 1928. Пераклад Леаніда Лаўрэша.

2 Korotynski W. Gabryela ksiazna Puzynina // Tygodnik Ilustrowany. 1869. T. IV. № 92. S. 161-162.

3 Berkan-Jablonska Maria. Arystokratka i biedermeier: rzecz o Gabrieli z Guntherow Puzyninie (1815-1869), 2015. - 448 s.

4 Гл: Кісялёў Генадзь. Смак беларушчыны. Мінск, 2013. С. 331-334.

5 Гл. напрыклад пераклады Ірыны Багдановіч у часопісах "Наша Вера" і "Маладосць" і зборнік паэзіі, літаратуразнаўчыя артыкулы Ірыны Бурдзялёвай і Ірыны Багдановіч.

6 Cz. J. [Часлаў Янкоўскі]. Jaszcze o dawnych czsach // Slowo. 1928. № 146.

7 Цыт па: Кісялёў Генадзь. Смак беларушчыны. С. 334

8 Цыт па: Кісялёў Генадзь. Смак беларушчыны. С. 335.

9 Там жа. С. 338.

10 Мураўёў Міхаіл. Нататкі пра кіраванне Паўночна-Заходнім краем і пра задушэнне ў ім бунту. Мінск, 2016. С. 107.

11 Цыт па: Кісялёў Генадзь. Смак беларушчыны. С. 339.

12 Кісялёў Генадзь. Смак беларушчыны. С. 338-339: 328.

13 Гл: Gabrjela z Guntherоw Puzynina. W Wilnie i w dworach litewskich: pamiаtnik z lat 1815-1843. Wilno, 1928.

S. 55. "Z odjazdem slicznej Kostusi …".

S. 220. "Towarzyszyly jej koleja dziatki, to synkowie - Kostus i Oles".

S. 299. ""Ja Kostus, ja Stas", ze nie bylo czasu no lzy …".

14 Амністыя для ліцвінаў была аб'яўлена Аляксандрам І у Вільні 12 снежня 1812 г. насупраць меркаванняў генералаў, у тым ліку і Кутузава.

15 Яна Грудзінкая (1791-1831), славілася сваімі харэаграфічнымі здольнасцямі. Потым, яна стала марганатычнай жонкай в. князя Канстанціна княгіняй Ловіч.

16 Станіслаў гр. Касакоўскі (1795 г. н.), потым тайны радца стану. Сын Юзафа, лоўчага ВКЛ і Людвікі Патоцкай, дачкі Шчэнснага Патоцкага.

17 Пра яе гл: Лаўрэш Леанід. Ганна Патоцкая, пісьменніца, мемуарыстка, мастак // Наша Слова. № 15 (1530), 14 красавіка 2021; Лаўрэш Леанід. Лідскія пісьменніцы XVIII-XIX ст. // Ад лідскіх муроў. № 10. Ліда. 2022. С. 478-490. - Л.Л.

18 Княгіня Алена Радзівіл, народжаная Пшаздзецкая (1753 -1821) - статс-дама, жонка віленскага ваяводы Міхала Гераніма Радзівіла. Дачка Антонія Тадэвуша Пшаздзецкага (1718-1772) і Кацярыны Агінскай. Пасля смерці маці, яе выхоўвала цётка Аляксандра з Чартарыскіх, жонка гетмана М. К. Агінскага. Атрымала добрую адукацыю, ведала чатыры мовы, добра спявала, іграла на фартэпіяна і аргане.

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

Падарожжы, дыпламатыя, гістарычная баявая слава. Беларуска-аляскінскія шахматныя сувязі: Арэшка

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-52 (105-156) (2024); № 1-39 (157-195) за 2025 г.)

З акцэнтам матыў гульні ў шахматы прагучаў у нашай перапісцы з Майклам Макіні - і мы знайшлі для аляскінца партнёра для завочнай гульні - гэта быў гамяль-чанін, які прыехаў з Аргенціны ў рамках рэпатрыяцыі сем'яў беларусаў. Вынік іх матча - колькі працягваўся і ці быў скончаны - застаўся невядомым.

У пэўны момант узнікла ідэя даслаць Майклу шах-матную літаратуру, у прыватнасці "Шахматный словарь" 1964 г. - з тых сямейных кніг, якія абавязаныя сваім з'яўленнем у "штаб-кватэры БІТ" прафесійным і любі-мым заняткам бацькі аўтара БСІ, які быў пераможцам шахматных конкурсаў, за што ўзнагароджвалі кнігамі з адпаведнымі надпісамі. Майкл меў нямала знаёмых і сяброў з СССР, але руская мова была праблематычнай для яго. Тым не менш, для яго ("president for Anchorage Chess Club for 2 years") было б прэстыжным мець "рус-кія" шахматныя кнігі. На жаль, "штосьці пайшло не так", "Шахматны слоўнік" застаўся ў Гомелі.

Можна прыгадаць і іншых "карэнных амерыкан-цаў", якія былі нашымі карэспандэнтамі або адрасатамі і якія гулялі ў шахматы. Дуэйн Шампан (Шампанэ, Duane Champagne), чыпева, які ўзначальваў індзеянісцкі цэнтр ва ўніверсітэце ў Лос-Анджэлесе і які даслаў нам раз-друкоўкі з базы дадзеных пра 52 сваіх калег у ЗША і Канадзе, што таксама мелі індзейскае паходжанне (усім мы адрасавалі ліст і зварот Трохгоддзя Выгодскіх, а так-сама асабістыя кароткія сімвалічныя пасланні), пазначыў у сваіх звестках, якія з'явіліся ў "Contemporary Authors", і шахматы як сваё хобі.

Ліст у Палац шахмат і шашак 26.03.1991 № 64

(турніры па перапісцы)

"Паважаныя таварышы!

Адзін з нашых карэспандэнтаў з ліку карэнных жыхароў ЗША выказаў жаданне гуляць у шахматы па перапісцы з кім-небудзь у Беларусі.

Былі б Вам удзячныя за каардынаты зацікаўленых людзей, найперш у Гомелі.

Просім Вас даслаць два экзэмпляры анкеты і ўмовы правядзення спаборніцтваў.

З павагай А. В. Сімакоў, часовы выканаўчы сакратар".

Савёнку А. А., ГДУ, кабінет стандартызацыі

31.10. 1991 № 189

"Паважаны Аляксандр Антановіч!

Мне вельмі няёмка перад нашым сябрам - карэн-ным амерыканцам, што доўгі час не можам знайсці для яго суперніка для гульні па перапісцы. Ён быў прэзідэнтам штатнага клуба ў сваім горадзе.

Мы ўжо паслалі яму адно з заданняў, што перада-юцца Вамі для публікацыі ў "Гомельскай праўдзе".

Мы таксама былі б Вам удзячныя за ўспаміны аб жыцці ў Паўднёвай Амерыцы, асабліва аб сустрэчах з індзейцамі. За ўспаміны і згоду гуляць па перапісцы ці дапамогу ў адшуканні іншых жадаючых буду Вам асабіста вельмі абавязаны.

З павагай Алесь Сімакоў, выканаўчы сакратар БІТ".

Ліпскаму У. В., Дом друку, рэдакцыя газеты "Гомельская праўда" ("Шахматы") 31.10.1991 № 190

"Паважаны тав. Ліпскі!

Просім даць агульную інфармацыю пра распаў-сюджанне і поспехі гульні ў шахматы па перапісцы ў Гомелі і вобласці.

Актыўны шахматыст і былы прэзідэнт шахматнага клуба з Аляскі хацеў бы пачаць гульню з гомельскімі калегамі.

У Менскі палац шахмат і шашак мы пісалі, адказу не было.

Спадзяёмся на вашу дапамогу.

З павагай Алесь Сімакоў, выканаўчы сакратар БІТ".

Савёнку А. А. 26.12.1991 № 226

"Паважаны Аляксандр Антановіч!

На жаль, да гэтага часу няма адказу ад Майкла. Мы назіраем даволі дзіўную карціну з поштай з пачатку лістапада (вось практычна ўсё, што мы атрымалі: 2 адпраўленні са штата Нью-Ёрк, па адным з Нью-Мексіка, Нью-Гэмпшыра, Вашынгтона, Аляскі (асабістае), а таксама з Венгрыі; вельмі мала, улічваючы папярэдні паток [поток]).

Але як толькі ліст прыйдзе, мы неадкладна паве-дамім Вам. Просьба паведаміць, калі Вы атрымаеце штосьці ад Майкла.

Віншуем Вас з надыходзячым Новым годам. Дзякуем за Вашае ветлівае віншаванне.

Шчыра Алесь Сімакоў.

БІТ - Савёнку А. А, Гомель 17.2.1992 № 43

"Паважаны Аляксандр Антановіч!

У лісце ад 26.11.1992 Майкл Макіні паведамляе,

што напіша Вам так хутка, як магчыма; з дапамогай сябра ён можа мець зносіны з Вамі па-руску. Ён збіраўся "на тым уікэнде" гуляць у турніры, які называе "Запраша-льнае першынство штата" (спадзяецца перамагчы і прэ-тэндаваць на званне чэмпіёна Аляскі). Ліст прыйшоў у бандэролі толькі ў мінулую суботу, таму я спадзяюся, што гэтае паведамленне састарэла. Вы атрымалі ліст (лісты) ад Майка?

Па-ранейшаму "ненармальная сітуацыя" з сувя-зямі ў Аргенціне. Магчыма, Вы дапаможаце праз сваіх знаёмых? Нас зацікавяць любыя карэспандэнты.

З павагай Алесь Сімакоў, БІТ".

Літ.:

11831 Сцяпан У. Сапраўдны час: запісы 2005-2018 гг. // Полымя. 2018. № 11. С. 59-80. ("У мяне была вялікая скрыня з-пад шахмат, а там - пластылін. Не памятаю, хто і з якой нагоды аддаў мне аж некалькі пачкаў пластыліну. На той час прачытаў "Зверабоя" і "Следапыта". Адсюль і сюжэт узнік. Я вырашыў зрабіць правадыра мужных індзейцаў і яго воінаў. Вядома, што мустангі плямістыя, а індзейцы ў баявой расфарбоўцы і пры зброі. Тры дні да школы і пасля я ляпіў індзейцаў".)

АРЭШКА Аляксей (2) - бельгійскі беларус са сваімі старымі знаёмымі, якія сталі амерыканцамі, працягвае паездку па Паўднёвым Захадзе.

Аляксей Арэшка

З ПАДАРОЖЖА ПА ПАЎДНЁВЫМ ЗАХАДЗЕ (2)

[…]

Калі мы позна ўвечары вярнуліся з Бандэльерскага Парку [Bandelier Park, Bandelier National Monument], да нашай групкі далучыўся Юзік з Лос-Анджэлеса. Забралі мы яго, з маленькімі прыгодамі, з аэрапорта [лётнішча] ў Альбукерке [ў Альбукерку - варыянт з "Беларуса"]. Юзік - наш сябра з перадваенных гімназічных [гімназіяльных] гадоў. Як жа прыемна было тут яго спаткаць ізноў!

Ужо разам з ім мы яшчэ раз зведалі Санта-Фэ і вы-браліся ў наступнае падарожжа ў Таос-Пуэбла [Таос-Пуэблё, Taos Pueblo]. Дарога надзвычай маляўнічая, паміж гор, уздоўж бурлівых рэчак, праз старыя сярэдня-вечныя іспанскія вёскі з прыгожымі касцёламі.

Коратка перад горадам Таос наша дарога пера-тварылася ў імклівы водны паток! Навальніца, а пасля град! Феномен напэўна рэдкі для гэтага гарачага краю, а для Юзіка ў Каліфорніі ён быў сапраўдным спектаклем.

Таос - горад мастакоў, але мы яго не наведалі [зьве-двалі]. Нашай мэтай была Таос-Пуэбла, адна з самых старых і бесперапынна заселеных вёсак індыянаў Таос-Тыва [Tiwa Pueblo]. Прыгожая старая архітэктура, вялікія дамы - сведчанне [светчаньне] калішняга багацця. На жаль, маленькі халодны дожджык, пахмурнае неба зрабілі ўсе будынкі шэрымі, а вялікую плошчу пустой. Жыхары пахаваліся па дамах.

Індыяне жывуць часткова з дзяржаўнай дапамогі, крыху з сельскай гаспадаркі, гадоўлі быдла, з рамёслаў. Гліняныя вырабы, тканыя дываны, хлеб, выпечаны ў іх адмысловых печах - вельмі смачны - прадаюць турыстам. Аднак навокала відаць бедната, запушчанасць.

Развітаўшыся з прыгажуняй Санта-Фэ, мы ізноў у вялікай дарозе на Захад. Мінуўшы Альбукерке [ў "Бела-русе" - Альбукерк], Грантс [Grants], мы ўсё ж затрымаліся на Кантынентальным Падзеле - лініі, ад якой воды плывуць у Ціхі акіян і Атлантычны. Хацелася зрабіць памяткавую фатаграфію ды купіць што-небудзь на ўспамін.

Крыху далей - Галуп [Галап, Gallup], паўднёва-заходні [паўдзённа- заходні] цэнтр індыянскага мастацкага вырабу і культуры. Магазіны - адзін каля аднаго, запоў-неныя гэтым багаццем. Цудоўныя вырабы з гліны. Але калі імя мастака ведамае - Мэры Смол ці падобнае - цэны даволі высокія. Праўда, крыху патаргаваўшыся, як гэта ўмее Юзік, можна іх даволі ладна знізіць. Скарысталі з гэтага і мы.

Уражанне з Галупа прыгнятаючае: вуліцы перапоў-неныя індыянамі. Назаўтра меўся там адбыцца нейкі фестываль. З'ехаліся самаходамі адусюль. Каб правесці час і развесяліцца, - алкаголь. Вось і бачыш на вуліцы п'яных мужчын і жанчын. Прыстаюць, каб атрымаць долар ці два. I неяк чуешся няпэўна. Я быў рады, калі пакінулі гэты горад.

Ізноў дарога простая, шырокая. Самаходаў мала. Можна ехаць! Еўрапеец напэўна ехаў бы нейкіх 130-160 кіламетраў (прыблізна 80-100 міль на гадзіну), а то і больш. Але не амерыканец. Гэты трымаецца хуткасці 55-60 міль і не больш. Здысцыплінаванасць, што напэўна ўжо ўвай-шла ў звычку, норму. Закон на тое, каб яго даглядаць. Бе-льгіец у дадзеным выпадку напэўна сказаў бы, што закон на тое, каб яго парушаць. Праўда, дзеля гэтага ў бельгійца ёсць пэўнае апраўданне. Жыўшы стагоддзямі пад акупа-цыямі то іспанскай, то аўстрыйскай [аўстрыяцкай], то галандскай, французскай ці іншай, адным з довадаў яго-нага патрыятычнага супраціву і было парушэнне законаў акупанта. Гэтая рыска паводзін і засталася да сённяшняга дня. У Амерыцы самадысцыпліна заўважаецца ўсюды: у гарадскім руху, у якой колечы чарзе да аўтобуса ці ў які музей. Спакойна, парадкам.

Едзем мы далей нашых 65 міль на гадзіну і не шкадуем. Седзячы з Юзікам ззаду, прынамсі мелі час успомніць старыну, пагаварыць пра цяпершчыну ды пра палітычныя праблемы часу. Аж Галіна [Русак] часамі падымала голас, каб нас крыху супакоіць, прыцішыць. Ну што ж, за сорак гадоў магло назбірацца шмат чаго да гутаркі.

Літ .:

12083 Books (University of New Mexico Press) // New Mexico Quarterly. 1960. № 3. P. 289-334. ("Sonia Bleeker has written two books on the Southwestern Indians: Navaho Herders, Weavers, and Silversmiths and Pueblo Indians: Farmers of the Rio Grande, both published by Morrow"; "The Apaches and the Navajos went on the war path in earnest when they saw how their lands were being invaded by these white trappers, traders, and adventurers who were coming in such great numbers. Sonia Bleeker uses this action in Apache Indians: Raiders of the Southwest (William Morrow)".)

Алесь Сімакоў , даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.

Індзейцы , индейцы , Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Bielorrusia, Belarus; Алесь Симаков . Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 164].

Згукі Дня беларускага пісьменства ў Лідзе

"Я хаджу закаханы ў твае краявіды…"

Яркія букеты кветак і вечаровы луг, зубры Белавежскай пушчы і замак Гедыміна - усё гэта не проста сюжэты, а прызнанне ў любові да роднага краю, адлюстраванае на палотнах мастачкі Лідзіі Лазоўскай. У Лідскім гістарычна-мастацкім музеі падчас святкавання Дня беларускага пісьменства адкрылася яе персанальная выстава, у назву якой леглі радкі Ніла Гілевіча "Я хаджу закаханы ў твае краявіды…".

ТК "Культура Лідчыны".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX