Папярэдняя старонка: 2025

Наша слова.pdf № 41 (197) 


Дадана: 07-10-2025,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 41 (197), 8 кастрычніка 2025 г.

Роднае слова: прастора прафесійнага развіцця

Родная мова і роднае слова - выразы-сінонімы. Творчая сустрэча "Роднае слова: прастора прафесійнага развіцця" настаўнікаў беларускай мовы, бібліятэкараў і галоўнага рэдактара рэспубліканскага часопіса "Роднае слова" Шапран Н.М. у гімназіі № 1 г. Ліды стала прыкладам стварэння атмасферы супрацоўніцтва перыядычнага выдання з педагагічнай грамадскасцю Лідчыны.

Удзельнікамі мерапрыемства запланавана доўгатэрміновае супрацоўніцтва, таму што творчых педагогаў на Лідчыне шмат.

Наш кар.

Згукі Дня беларускага пісьменства ў Лідзе

Край наш вольны, край любімы

Да Дня беларускага пісьменства, якое прайшло ў Лідзе, у выдавецтве "Мастацкая літаратура" выйшла кніга "Край наш вольны, край любімы". Першая прэзентацыя яе прайшла ў Лідскім гістарычна-мастацкім музеі 7 верасня.

24 верасня ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы прайшло паседжанне лідскага літаб'яднання "Суквецце". На паседжанні прысутнічалі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Кацярына Адамаўна Серафіновіч і дырэктар Лідамедыя-кампаніі Павел Івуць. Яны падзякавалі лідскім літаратарам за актыўны ўдзел у мерапрыемствах Дня пісьменства, перадалі кіраўніку значную колькасць асобнікаў літаратурнага зборніка з творамі лідскіх аўтараў. Госці таксама азнаёміліся з альбомам "Лідскі Парнас. 175 партрэтаў лідскіх літаратараў". Альбом прадставіў Станіслаў Судник, Гэта грунтоўны ілюстраваны зборнік пра літаратуру і літаратараў Лідчыны. Унікальны альбом быў выдадзены ўсяго ў 3-ох асобніках у рамках падрыхтоўкі да свята ХХХІІ Дня беларускага пісьменнаства ў Лідзе.

Трэба адзначыць, што Кацярына Адамаўна ўвесь час прамаўляла толькі па-беларуску.

Што тычыцца кнігі "Край наш вольны, край любімы", то яна выйшла ў серыі "Беларусь літаратурная". Серыя заснавана ў 2003 годзе. Уклаў лідскі зборнік Віктар Шніп. Выпуск выдання ажыццёўлены па заказе і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

Пасля некалькіх уступных артыкулаў па гісторыі Лідчыны ў кнізе падаецца агляд лідскага літаратурнага краязнаўства і лідскага літаратурнага жыцця, які зрабіў навуковы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея Алесь Хітрун.

"2025 год для старажытнага горада Ліды, які ў 2023 годзе адзначыў 700-годдзе з дня заснавання Лідскага замка, стане знакавым. Прынёманскі край прыняў эстафету - Дня беларускага пісьменства. I нездарма! Гарады, дзе праходзяць фестывалі з такім маштабным размахам, заслугоўваюць увагі. I сапраўды, горад Ліда заслужыў такое свята! Яшчэ ў далёкім 1993 годзе, 32 гады назад, адкрываўся тут помнік беларускаму асветніку, выдатнаму дзеячу культуры эпохі Адраджэння, першадрукару Францішку Скарыну. А Ліда прымае трыццаць другі Дзень беларускага пісьменства! Знакавае супадзенне! 2025 год значны і тым, што сыну заможнага купца з Полацка споўнілася б 535 гадоў. Ён і сёння, застылы ў бронзе, узмахвае адной рукой, другой трымае кнігу, спакойна, з надзеяй і спадзяваннем у вачах, пазірае на жыхароў і гасцей горада, і прамаўляе: "Бярыце і чытайце!" - гэта так ён нам нясе асвету.

Беларусь - гэта краіна з багатым мінулым. Кожны яе горад ці вёска - адметныя. У многіх населеных пунктах нарадзіліся таленавітыя асобы, дзякуючы якім пра той ці іншы край згадваюць нават і за межамі краіны. Такім чынам пачынаецца вывучэнне гэтай тэрыторыі, праяўляецца цікавасць да гэтага месца. Як адно з адгалінаванняў у краязнаўстве вылучаецца літаратурнае краязнаўства.

Літаратурнае краязнаўства - гэта вельмі шырокае паняцце. У яго ўваходзіць не толькі збіранне літаратурных скарбаў, але і грунтоўнае вывучэнне іх. З літаратурай ідзе побач фальклор, за ім - этнаграфія, а таксама дыялекталогія, затым - тапаніміка і г. д. Гэта значны, трывалы ланцужок і добры кавалак працы для даследчыка.

Мастацкі твор жа можа ўзнікнуць на глебе народнай творчасці. Некаторыя з такіх мастацкіх твораў у мінулыя гады лічыліся народнымі, ананімнымі. Але ж дзякуючы руплівасці даследчыкаў былі раскрытыя імёны гэтых невядомых аўтараў. У творах прасочваюцца элементы з народнага побыту, разглядаюцца асаблівасці традыцыйнага жыцця - і гэта часам з'яўляецца аздобай у разгортванні той ці іншай дзеі, якая дапамагае пісьменніку бліжэй пазнаёміць чытача з аб'ектам, а таксама адлюстраваць аб'ектыўны, рэальны свет. На гэтыя акалічнасці зверне ў сваю чаргу ўвагу і этнограф.

А няўжо не павінна чытача цікавіць, адкуль паходзіць аўтар, адпаведна, адкуль паходзіць і сам твор, а можа, нават і герой? Чым значная, чым прыкметная тая мясціна, у якой нарадзіўся літаратар? Якая адметнасць гэтай тэрыторыі праявілася ў напісанні твора? У гэтую зацікаўленасць прывядзе ўжо другая навука - тапаніміка.

Сувязі з іншымі навукамі можна прыводзіць і далей. А абагуліць увесь гэты стос гісторыя.

Гісторыя - гэта шэраг падзей, які павінен застацца ў памяці народа. Народ, у сваю чаргу, стане суддзёй, дасць ацэнку пройдзенаму. На тым і гэтым баку стаіць чалавек, які стварае гісторыю. Галоўнае, неабходна вызначыць, у чым заключаецца дзейнасць таго чалавека-творцы. Які шлях пракладзены ім? Якую ролю адыграла напісанае ім у развіцці грамадства?

Не так даўно, калі прыходзілася мне даследаваць жыццё і творчасць Валянціна Таўлая, фонд якога захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва, выпала магчымасць пагутарыць з архівісткай, даследчыцай беларускай літаратуры Ганнай Вячаславаўнай Запартыкай, якая на той час узначальвала гэтую ўстанову. Дык яна зрабіла слушную для мяне папраўку, прамовіла, што Таўлай - гэта не толькі паэт, ён вышэй за паэта. I гэтая загадка мяне прыўзняла таксама. Разгадаць яе мне было за гонар. Адказ ляжыць на паверхні. Жыццё Валянціна Таўлая - гэта хада па лязе нажа. У маладыя гады ён заклікаў народ звацца беларусамі, і было гэта ў той час, калі насельніцтва было ўтаймавана паланізацыяй. За свае ўчынкі-вычыны частку свайго жыцця - маладыя гады - ён быў пазбаўлены волі. Аднойчы, згадваў былы міністр асветы Міхаіл Мінкевіч, калі падчас зняволення ў Гародні ў верасні 1939 года ўсіх палітычных вязняў хацелі расстраляць, дык Таўлай першы сярод іх ганарова ўздымаў галаву і моцна, так, каб усе пачулі, чытаў праз краты верш Уладзіслава Бранеўскага "На смерць рэвалюцыянера". А калі казаць пра час Вялікай Айчыннай вайны, Таўлай, як і многія, пастаянна рызыкаваў сваім жыццём. Прымаючы ўдзел як сувязны ў дзейнасці партызанскага атрада імя Катоўскага (брыгады імя Дзяржынскага), а затым уваходзячы ў дыверсійную групу "Буравеснік", па заданні камандавання ён дае згоду "працаваць" на немцаў, разумеючы, што гэтая канспірацыя можа дорага каштаваць. Фашысты, паліцаі маглі б яго закатаваць, расстраляць, калі б толькі даведаліся, хто ён ёсць на самай справе, якіх поглядаў прытрымліваецца. I пры гэтым ён працягвае прыдумваць розныя псеўданімы кшталту Мсцівец, якімі падпісваецца пад творамі ў агітплакаце "Раздавім фашысцкую гадзіну". I ўсё ж пабачыў краты Валянцін Таўлай і ў Лідзе падчас Вялікай Айчыннай вайны. У гэтым зняволенні ён напісаў шэраг пранізлівых вершаў. Адзін з іх - "Сон Гітлера", які потым знойдзе месца на старонцы агітплаката, што высмейваў фашыстаў і іх паслугачоў.

Барацьба з польскай уладай, з нямецка-фашысцкім рэжымам - чым не подзвіг у імя свайго беларускага народа?! У творах паэт і разгортвае сваю місію на зямлі. У гэтым жа і заключаецца гераізм, які варты таго, каб пра яго помнілі нашчадкі.

У Лідзе дом, у якім жыў Таўлай, - гэта адзіны аб'ект, які звязаны з памяццю пра легендарнага заходнебеларускага паэта і ўцалеў да нашага часу. Ужо 15 гадоў, ён з'яўляецца музеем - аб'ектам менавіта Дзяржаўнай установы - Лідскага гістарычна-мастацкага музея. Няхай ён і невялікі, з камернымі выставачнымі заламі, але ж працуе з падтрымкай дзяржавы. Да 110-годдзя з дня нараджэння Валянціна Таўлая ў дом паэта былі перададзены матэрыялы з 15 самых розных арганізацый (музеяў, архіваў, бібліятэк), дзе захоўваецца яго эпісталярная спадчына. Супрацоўніцтва, звязанае з перадачай архіўных матэрыялаў, было наладжана ці не ўпершыню. Падзея прайшла маштабна, урачыста, па-дзяржаўнаму.

Адразу паўстаюць пытанні: ці дастаткова ў Беларусі літаратурных музеяў? Ці варта яшчэ ў знак памяці якіх-небудзь асоб адкрыць, заснаваць пісьменніцкія музеі на Гарадзеншчыне? Усё ж, так склалася з часам, наведванне такіх профільных музеяў скарачаецца. Патрэбен пошук навацый, таму музейшчыкі стараюцца ісці ў нагу з гэтым часам, ствараюць анімацыйныя пераўтварэнні, ладзяць тэатралізацыі з выкарыстаннем сучасных тэхналогій. Такая праца праводзіццаз той мэтай, каб прадметы, экспанаты цяпер самі гаварылі за сябе, каб дух таго ці іншага гаспадара лунаў у музейнай прасторы. У народзе кажуць: "Быў час, была эпоха". Так, менавіта тыя асобы і сталі неўміручымі. Ім ставяць помнікі, у іх гонар называюць вуліцы, адкрываюць музеі.

На Гарадзешпчыне ёсць літаратурна-краязнаўчы музей у Астрынскай сярэдпяй школе, што ў Шчучынскім раёне. Гэты музей прысвечаны класіку беларускай літаратуры Цётцы - Алаізе Пашкевіч. Там вучні самі праводзяць экскурсіі. Кіруе працай пастаўнік беларускай мовы і літаратуры Ала Сямёнаўна Балобан. Музей мае статус народнага. У вучэбна-педагагічным комплексе "Крупаўскі дзіцячы сад - сярэдняя школа", што па Лідчыне, працуе таксама не меней цікавы музей - "Час. Падзеі. Людзі", у якім сабраны матэрыял нра знакамітага чылійскага вучонага, пашага суайчынніка Ігната Дамейку. Таксама з удзелам вучняў праходзяць экскурсіі, прыязджаюць знакамітыя людзі, цікавяцца гісторыяй земляка. Доўгі час адказваў за гэты музей пастаўпік гісторыі Іван Барысавіч Гівойна. Вядома, што ў Скідзельскім дзяржаўным каледжы ёсць літаратурна-краязнаўчы музей імя Міхася Васілька, кіруе якім Святлана Леанідаўна Сарокіна.

Лідчына - край таленавітых і руплівых. Для краязнаўцы - гэта і непачатыя абсягі работы. Колькі яркіх выхадцаў з гэтай прынёманскай зямлі! Звыш 500 (!) літаратараў тут пакіпулі след у гісторыі. Не лянуйся, даследуй! I кожная асоба неардынарная, адметпая. Міхал Шымялевіч, Уладзіслаў Вярыга, Тэадор Нарбуг - гэта ўжо даволі мінулае пакалепне тых даследчыкаў Лідскага краю. Цяпер прыйшоў час узнаўляць тое, што было імі разгадана. Шмат раскрылі белых плям у гісторыі рэгіянальнай літаратуры Анатоль Кулеш, Аляксандр Жалкоўскі, Мікалай Дзікевіч. Апошпім часам вялізпы пласт лідскай гісторыі паднялі Леапід Лаўрэш, Станіслаў Суднік, Валерый Сліўкін. Не стамляюцца радаваць чытача сваімі зпаходкамі Віктар Кудла, Наталля Анашкевіч. Яны даследуюць усё, што ўваходзіць у паняцце "краязнаўства". Асобнага, аднаго накірунку ў абсягу зробленага імі не прагледжваецца. Але ўсе яны па магчымасці выдаюць свае кнігі або дзеляцца сваімі зпаходкамі ў краязнаўчым і гістарычна-літаратурным часопісе "Лідскі летапісец" ці ў літаратурна-мастацкім зборніку "Ад лідскіх муроў". Кожны з гэтых даследчыкаў паглыблепы ў гісторыю сівой мінуўшчыны, якая напоўнена і літаратурнымі цікавосткамі. Напрыклад, я на сябе ўзяў задачу даследаваць шлях і развіццё літаратурнай Лідчыны. I для мяне не важна, якой нацыянальнасці была тая ці іншая асоба, да якой нацыянальнай літаратуры яна адносіцца. Важна тое, што яны былі тут і ў іх біяграфіі адзначаны гэты рэгіёп. Тут былі Япка Купала, Максім Гарэцкі, Карусь Каганец, Алаіза Пашкевіч (Цётка), Канстанцыя Буйло, Васіль Быкаў, Уладзімір Караткевіч, Кандрат Крапіва, Янка Брыль, Анатоль Астрэйка, Віктар Праўдзін... Тут жылі Ніна Тарас, Валянцін Таўлай, Рыгор Шырма... Праз Ліду праязджаў Аляксандр Блок, тут след пакінулі нашчадкі Аляксапдра Пушкіна, тут пахаваны лацінамоўны паэт Міхал Карыцкі, тут жыў польскі пісьменнік Ежы Путрамант, фалькларыст Земавіт Фядэцкі, лічыцца, што адсюль родам друкар Ян Карцан... Усё гэта неабходна сабраць і данесці да масавага чытача.

Не раз узнікала думка, што каб хоць па адным краязнаўцы было на населены пункт, то гісторыя краю аператыўней даследавалася б. Сыходзяць жа людзі, а з імі - цэлы пласт мінулага, неабсяжпая эпоха. А трэба ж паспець...

Ды ўсё ж праца па стварэнні сістэмы мясцовага літаратурнага краязнаўства праводзіцца. У гэтым плане спрыяльна праходзяць канферэнцыі, краязнаўчыя чытанні, турыстычныя экскурсіі. У кожнага праяўляецца свой густ, вызначаюцца свае ўласныя прыярытэты. I тое, і іншае заслугоўвае месца быць. Калі казаць ад сябе, даволі суб'ектыўна, то прызнаюся, што апошнімі гадамі мне спрыяе быць, прысутнічаць ва ўсіх гэтых формах і форумах. У большасці ў публічнай сферы, на канферэнцыях, чытаннях, з падрыхтаванымі загадзя дакладамі.

2023 год быў насычаны для Ліды. Мы адзначылі 700 гадоў з дня заснавання горада. Галоўнай пярлінай у нас з'яўляецца Лідскі замак. У ім жа (дзве секцыі), а таксама ў Доме Валянціна Таўлая (трэцяя секцыя) і была арганізавана навукова-практычная канферэнцыя "Ліда і Лідскі край у гісторыі Беларусі" сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі. Сабраліся з іншых рэгіёнаў масцітыя даследчыкі, кіраўніцтва раёна прыняло ўдзел. Разам з тым папярэдне былі праведзены раскопкі ў горадзе - і таксама пад кіраўніцтвам НАН Беларусі. Такім чынам завязалася ў нас грунтоўнае супрацоўніцтва. Ужо не першы год у раённай бібліятэцы імя Япкі Купалы ладзяцца "Лідскія чытанні", у якіх прымаюць удзел не толькі навукоўцы, але і падрастаючая моладзь. Усе матэрыялы потым знаходзяць сваё месца пад адной вокладкай: бібліятэчнымі намаганпямі выходзяць зборнікі. Я ўжо зазначыў вышэй, што дзякуючы рупліваму даследчыку Станіславу Судніку ў Лідзе з 1997 года выходзіць у свет часопіс "Лідскі летапісец", якога мы ўжо маем звыш 100 нумароў. Разам з тым рэгіянальная літаратура збірае сваіх аднадумцаў у зборніку "Ад лідскіх муроў". Дарэчы, з кожным разам выхад чарговага зборніка ўражвае: ён папаўняецца новымі старонкамі, новымі імёнамі. А гэта значыць, што літаратурнае жыццё на Лідчыне пашыраецца. Трэба зазначыць і тое, што раённай бібліятэкай праводзіцца праз год конкурс імя Веры Навіцкай "Дарослыя - дзецям". I гэта яшчэ адзін момант у развіцці мясцовага літаратурнага руху. На гэты раз тут прымаюць удзел не толькі беларускамоўныя аўтары, але і тыя, хто піша па-руску. Вера Сяргееўна Навіцкая, якая жыла ў Лідзе, была рускамоўнай дзіцячай пісьменніцай. Што тычыцца турыстычных экскурсій, то гэта таксама не выклікае моцных праблем. Наталля Анашкевіч - настаўніца рускай мовы і літаратуры, а таксама даследчыца - разам са сваім класам арганізоўвае разнастайныя падарожжы і вандроўкі па мясцінах, па заводах і фабрыках нашага рэгіёна. Сваімі ўражаннямі Наталля Анашкевіч дзеліцца ў мясцовым і рэспубліканскім друку, а таксама выдае асобныя кнігі.

Што датычыцца мяне, то у свой час я распрацаваў маршруг па вуліцах і аб'ектах горада "сТАУЛеіше" - па адрасах, якія звязаныя з жыццём і творчай дзейнасцю беларускага паэта Валянціна Таўлая.

Нельга абысці ўвагай і адкрыты рэгіянальны фестываль песеннага фальклору памяці Земавіта Фядэцкага "Цёплыя вечары... ды халодныя ранкі...", які праходзіць у Мажэйкаве і які арганізоўвае аддзел культуры Лідскага райвыканкама.

У школах працуюць музеі, якімі кіруюць звычайна настаўнікі гісторыі. Вучні даследуюць свой край, знаходзяць цікавыя гісторыі пра выдатных асоб Лідчыны. У іх сабраны багаты матэрыял. У Лідскім гістарычна-мастацкім музеі праходзіць раённы фестываль школьных музеяў, падчас якога вучні абараняюць сваю мясцовую даследчыцкую, гістарычную пляцоўку цікавымі аповедамі. Часам яны праводзяць такія даследаванні, што і мы, супрацоўпікі Лідскага музея, зайздросцім такім зпаходкам. Зазначу, што і літаратурны бок таксама імі разглядваецца. Пераможцы атрымліваюць запрашальныя білеты на аб'екты Лідскага музея - у Лідскі замак і Дом Валяпціна Таўлая.

У 2017 годзе майстры мастацкага слова адзначылі 50-годдзе літаратурпай суполкі "Суквецце", якая і да гэтага часу працягвае сваю дзейнасць. У свой час паэтэса Алеся Бурак перадала мне невялічкую нататку з лідскай газеты "Уперад" за 3 чэрвеня 1967 года, у якой было пазначана, што кіраўніком літаратурнай суполкі прызначаны адказны сакратар газеты Віктар Мікалаевіч Кучынскі. Бясспрэчна, лідскія паэты нашмат раней гуртаваліся, абмяркоўвалі пэўныя пытанні. Можам смела сказаць, што літаратары збіраліся, хоць і нерэгулярна, але яшчэ да Вялікай Айчыннай вайны пры рэдакцыі і, хутчэй за ўсё, пры Валянціну Таўлаю. Аднак, без афіцыйнага кіраўніка. Літаратурнай суполцы, значыць, ужо звыш 80 гадоў!

У 2014 годзе, у свой 85-гадовы юбілей, ганаровы грамадзянін Лідскага раёна Аляксандр Каранюк прэзентаваў аўтабіяграфічную кнігу "Сэнс жыцця". Гэтае выданне - споведзь руплівага старшыні калгаса "Бердаўка", які сваім жыццём і справамі пакінуў для нашчадкаў адну з яркіх старонак у стваральнай гісторыі Лідчыны савецкага часу. Гэтая кніга - летапіс роду Каранюкоў ад канца XIX стагоддзя да нашых дзён. У ёй аўтар раскрыў лёсы родных, блізкіх, аднавяскоўцаў, а праз іх - лёс заходнебеларускай вёскі на працягу больш, чым стогадовага адрэзку часу. Аўтар імкнуўся згадаць усіх, з кім перасякаліся яго жыццёвыя дарогі, з кім разам ствараў новую Бердаўку. Дарэчы, ужо пры ягоным жыцці ў аграгарадку Бердаўка адна з вуліц была названа ў гонар Аляксандра Каранюка. На жаль, на 92-м годзе жыцця, у 2021-м, Аляксандра Аляксандравіча не стала. У тым жа 2021-м, на 98-м годзе жыцця, пакінуў гэты свет яшчэ адзін яркі прадстаўнік з краязнаўчага руху Лідчыны - Мікалай Мікалаевіч Дзікевіч, які да аношняй хвіліны быў неабыякавым да свайго краю, выдаў дзве кнігі: "Дзітрыкі. Згукі заснуўшай цывілізацыі" (пра сваю родую вёску Дзітрыкі) і "Сялец. Прынёманская рэчаіснасць" (пра вёску Сялец, у якой ён пражыў большую частку свайго жыцця). Абедзве кнігі - узор глыбокіх даследванняў і напісання гісторыі вёскі. У няўрымслівага краязнаўца было яшчэ шмат планаў у краязнаўчай дзейнасці. Ён рыхтаваў трэцюю кнігу - пра вёску Ганчары. Пра ветэранаў-краязнаўцаў я згадаў тут не дзеля прыгожага слоўца. Яны - яскравы прыклад для тых, хто хоча пакінуць важкі след у гісторыі роднага краю, а не сысці ў бяспамяцтва".

У творчую частку кнігі ўвайшлі творы Уладзіслава Вярыгі, Каруся Каганца, Веры Навіцкай, Цёткі, Гарасіма Праменя, Пятруся Граніта, Якуба Міско, Валянціна Таўлая, Васіля Струменя, Ніны Тарас, Віктара Бачарова, Станіслава Судніка, Віктара Праўдзіна, Леаніда Вінніка, Пятра Макарэвіча, Юрыя Карэйвы, Наталлі Тананушкі, а таксама вершы сяброў Лідскага літаб'яднання "Суквецце".

У выніку лідская літаратура атрымала прадстаўленне ў дзяржаўным рэспубліканскім выданні. Шкада, што многіх вядомых лідскіх аўтараў не аказалася на старонках зборніка, але гэта ўжо справа ўкладальніка і менскага выдавецтва.

Яраслаў Грынкевіч.

У Ашмянах з'явіліся незвычайныя лаўкі - на валунах

У гарадскім парку Ашмян камунальнікі паставілі новыя архітэктурныя элементы. Сярод іх - лаўкі з натуральнага каменю, піша "Ашмянскі веснік".

"Асаблівую каштоўнасць новым элементам паркавага добраўпарадкавання надае тое, што для іх стварэння выкарыстоўваліся валуны, знойдзеныя ў Ашмянскім раёне. Назва горада Ашмяны, паводле адной з версій, звязана са словам "камень". Такім чынам, з'яўленне каменных элементаў у гарадскім парку - гэта не проста эстэтыка, а вяртанне да вытокаў. Камень тут - і ўпрыгожванне, і знак памяці, устойлівасці і глыбіннай сувязі з зямлёй", - піша выданне.

Акрамя таго, каля ўваходу ў парк усталявана скульптурная кампазіцыя - птушка на камені.

Паводле СМІ.

Ты адратуеш мяне…*

Інга Вінарская

(Аповесць)

(Заканчэнне. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

14

Раніцай наступнага дня са сталіцы вярнуўся мой муж Ігар, пакінуўшы там Альбрэхціну Пятроўну. Не так ужо далёка ад Васілевічаў той горад - недзе сто дваццаць кіламетраў усяго, а прыязджаеш у вёску і нібыта трапляеш у іншае вымярэнне, у нейкі нецяперашні час...

- Як даехаў? - спытала я ў Ігара, глянуўшы яму ў вочы.

Погляд у майго мужа быў сумны.

- Даехаў нармальна.

- Нешта невясёлы.

Тут Ігара нібыта прарвала:

- Ты ўяўляеш, каб я ад маці сваёй роднай хоць адно добрае слова пачуў, дык не. Колькі ні зробіш, усё мала ды кепска. А да Віктара прыехалі, ты б гэта бачыла... Яна - яму: "Віцечка, сыночак, дарагі, любімы!.." Прывезла яму столькі ўсяго: ежы, закатак, прадуктаў... Мая машына ледзь такі цяжар вытрымала. Цягаў гэта ўсё на чацвёрты паверх гадзіну, не меней... Там жа стары дом, у цэнтры, дзе кватэра Віктара: ліфтоў няма.

- Ну, - кажу, - у Альбрэхціны Пятроўны толькі адзін любімы сын - сярэдні. Вы з Мацвеем - гэта так, для гаспадарскіх патрэбаў, што называецца...

- Што ты такое кажаш?

- Так усе тут гавораць, а калі нават услых не вымаўляюць, то менавіта так і думаюць.

- Адкуль ты ведаеш?

- Гэта ж вёска - тут усе пра ўсіх усё ведаюць! - адказваю я з веданнем справы.

Ігар зацікаўлена глядзіць на мяне і ўсміхаецца:

- Ідзі сюды, разумніца ты мая. Я засумаваў па табе...

Абдымаемся, Ігар пяшчотна цалуе мяне...

- Гэй, моладзь! - чуецца голас Мацвея. - Цалавацца потым будзеце. А зараз ідзіце снедаць.

"Дзіўна!.. - думаю я. - Сёння свёкар разам з Мацвеем нават стол накрылі з раніцы. Во, якія справы!.."

Дарэчы, мне пасля сняданку зноў не прыйшлося ні ваду цягаць, ні посуд мыць. Усё мужчыны самі зрабілі. І так яшчэ пяць дзён - ні посуду, ні вёдзер. Адно, што я перыядычна гатавала нейкія стравы, але мяне гэта ўвогуле не напружвала. На шчасце, скура мая не моцна пацярпела ад першага майго вопыту загару ў садзе, таму я зноў там загарала, ужо не забываючы пра бяспеку. Некалькі разоў мы з Ігарам ездзілі на ягонай машыне пакатацца, каб я паглядзела на мясцовыя краявіды. Мы нават купаліся ў адным з мясцовых азёраў. Я паціху пачала адчуваць лета і тое, што ў мяне рэальны адпачынак. А яшчэ ў мяне (гэта ж трэба!) неяк мільганула думка, што, напэўна, такой і павінна быць сям'я: усе адно аднаму дапамагаюць, ніхто не сварыцца, усе ветлівыя...

Перыядычна мужчыны нешта рабілі на тых свякроўчыных градках ды ў цяпліцах: праполку, паліў і г.д., - але без напругі і фанатызму. Мацвей з Сігізмундам Карлавічам пару разоў ездзілі на рыбалку, і нават бралі з сабой майго Ігара. Увечары ўсе вярталіся, нічога амаль не злавіўшы, але адпачыўшыя і задаволеныя жыццём. Яны мыліся, потым я карміла іх вячэрай. Мужчыны дапамагалі мне прыбрацца, па чарзе мылі посуд і цягалі вёдры.

"Гэта ж трэба! - думала я. - Калі няма свякрові, дык можна сказаць, што тут нармальная сям'я - з чалавечымі ўзаемаадносінамі. Ніякага маральнга напружання, можна нават расслабіцца і не знаходзіцца ўвесь час у баявой стойцы, чакаючы ўдар пад дых".

Амаль кожны дзень да мяне заходзіла Зойка. Яна старалася выбіраць той час, калі я заставалася адна, а мужчыны былі на дальніх градках ці ў цяпліцах нешта рабілі, альбо на рыбалку з'язджалі.

Я паціху цягала для Зойкі віно са свякроўкінай хованкі, прыносіла трохі прадуктаў з кухні - прыкусіць. Прычым, мяне зусім не мучыла сумленне і не цікавіў маральны аспект маіх паводзін. "З маёй свякрові дакладна не ўбудзе, калі Зойка крыху яе віна адап'е", - такая была мая думка. Пустыя ж бутэлькі мая візіцёрка хавала і паціху зносіла з сабой.

А яшчэ з Зойкай можна было размаўляць на розныя тэмы - яна аказалася цікавай суразмоўніцай. Універсітэцкую адукацыю яна не прапіла - прычым, у дадзеным выпадку, у прамым сэнсе...

15

Заставалася ўжо нямнога да нашага з Ігарам ад'езду з Васілевічаў, - калі дакладней, то тры дні. У майго мужа заканчваўся адпачынак. А ў мяне яшчэ заставалася крыху болей за два тыдні да выхаду на працу. Я ўжо думала, што не пабачу сваю "дарагую" сваякроў у гэтыя апошнія дні свайго знаходжання на вёсцы. Ага, як жа... За тры дні да нашага ад'езду яна нечакана з'явілася ў двары - раніцай, пасля сняданку. Я якраз выйшла з хаты, каб пайсці ў сад пазагараць. І тут - бац: свякроў ідзе з боку брамкі... Як потым высветлілася, яна прыехала на машыне разам з суседзямі, што жылі праз два дамы. Яны гасцілі ў сваіх дзяцей у сталіцы і ў гэты дзень якраз вярталіся ў Васілевічы. Свякроў дамовілася з імі загадзя і Ігара майго для таго, каб вярнуцца на вёску, задзейнічаць не стала.

- Добрай раніцы, Альбрэхціна Пятроўна, - вымавіла я, халадзеючы.

- Ну, здарова, нявестка, - адказала яна. - Што гэта ты так убралася? Хіба на пляж сабралася? - і агледзела мяне з галавы да пятак: саламяны капялюш, кароткую сукенку з захінаннем вакол таліі, што была апранутая паверх купальніка, коркавыя пантофлі на невялічкіх абцасах. А потым сказала:

- Але далёка не сыходзь: зараз спіс працаў на сёння атрымаеш, - і яна са злой радасцю паглядзела на мяне.

Вось так: за некалькі імгненняў прынцэса зноў стала папялушкай. І нічога не зробіш: усе ў гэтай вясковай хаце павінны былі падпарадкоўвацца аграмаднай, злоснай калгаснай бабе Альбрэхціне. І ніхто не меў права сказаць ёй нешта насуперак.

Зайшоўшы ў дом, Альбрэхціна Пятроўна аблаяла ледзь не матам і Сігізмунда Карлавіча, і Мацвея, і майго Ігара. "Ну што, мужыкі, скончыліся вашая рыбалка ды купанне," - пра сябе падумала я.

Калі крыкі ў хаце трохі заціхлі, я пайшла ў наш з Ігарам пакой, каб пераапрануцца. Ну, прывітанне вам, спартовы касцюм, майка, кепка ды красоўкі... Думала, што вы мне тут болей не спатрэбіцеся... Але ж, але ж...

Вельмі хутка абавязкі і праца на сёння былі ўсім мадам Альбрэхцінай размеркаваны.

- Кіра, на табе па-ранейшаму ўся хатняя праца ды гатоўка. Ну, а паколькі ў халадзільніку ежы прыгатаванай хапае - я паглядзела, - то зараз ты пойдзеш перабіраць старую леташнюю бульбу - у склеп, што пад дальняй павеццю.

"Так: папялушка, ды і толькі", - ізноў падумала я. Спрачацца было бессэнсоўна... Вось і дальняя павець. Заходжу, спускаюся па лесвіцы ў склеп, дзе ляжыць старая бульба. Як жа холадна!.. Пачынаю перабіраць.

- Кірачка, дачушка, ты тут? - чую раптам голас свайго свёкра.

- Так, Сігізмунд Карлавіч!.. - адказваю здзіўлена.

Ён спускаецца да мяне па лесвіцы, нешта цягнучы з сабой.

- Глядзі, я табе цёплы швэдар прынёс. Тут жа вельмі холадна. А яшчэ вось, рабочыя пальчаткі: і цяплей у іх, і рукі не папсуеш.

- Дзякуй, Сігізмунд Карлавіч!

- Давай трохі дапамагу... - ён садзіцца побач, дастае з кішэні яшчэ пару рабочых пальчатак і пачынае перабіраць са мной бульбу.

Нейкі час працуем моўчкі... Нарэшце, я ўсё ж парушаю цішыню:

- Прабачце, канешне, што я лезу не ў сваю справу... Але - як Вы ўсё гэта церпіце?..

Ён уздыхае:

- Дык люблю яе, Альбрэхціну, заразу такую, усё жыццё. Хаця яна, хутчэй за ўсё, ніколі мяне не кахала... Што тут скажаш - прыходзіцца ўсё цярпець...

Перабіраем далей бульбу і зноў маўчым...

- Сігізмунд, чорт стары, ты дзе падзеўся? - раптам даносіцца аднекуль зверху голас маёй свекрыві.

- Усё, Кіра, пабег я, - шэпча мне свёкар.

- Канешне-канешне...

Ужо з лесвіцы, амаль падняўшыся на паверхню, ён крычыць:

- Іду, Альбрэхціначка, сонца маё! Я тут!..

16

"Не, няма ў мяне сям'і. З такой свякроўю яе быць па-просту не можа..." - думала я на трэці дзень ад прыезду са сталіцы мадам Альбрэхціны. Падай, прынясі, прыбяры, памый, прыгатуй... Свякроў нібыта з ланцуга сарвалася. Прычым, усім мужыкам у хаце было забаронена мне дапамагаць. Ох, і нацягалася ж я тых вёдзер з вадой! Адзін раз мой муж Ігар хацеў усё ж такі мне дапамагчы ваду цягаць, дык Альбрэхціна на яго выскалілася:

- Не дапамагай ёй!.. (Гэта мне - значыцца.) Хай носіць вёдры - не цяжарная, з яе не ўбудзе. Вось калі зацяжарыць, тады будзеш за яе цягаць.

Усе гэтыя тры дні я з Зойкай не бачылася. "З-за Альбрэхціны не заходзіць... - думала я. - Ну магла б хаця б здаля мне рукой памахаць аднекуль - калі я ў двары знаходжуся, напрыклад... Добра, усё. Заўтра раніцай дахаты. Засталося перажыць развітальную вячэру". Мацвей, дарэчы, таксама з'язджаў - яго выклікалі на працу.

Нагатавала я шмат дзеля той вячэры. Павінны былі некалькі суседзяў ды суседак завітаць у госці. Вось і першая ўжо прыйшла - цётка Зубіліха. Па камплекцыі яна, дарэчы, не надта саступала маёй свекрыві.

І вось я ўжо накрываю на стол: цягаю прыборы, потым стравы розныя. Свякроўка з Зубіліхай, дзве такія магутныя бабы, пагаманіць прыселі. Сёе ды тое, слова за слова. Раптам Зубіліха і кажа:

- Альбрэхціна, ты пра Зойку чула ўжо?

- Не, а што такое? - пытае мая свякроў.

Я ўся пераўтварылася ў слых: Зойка ж казала, што ў цёткі Зубіліхі на гародзе падпрацоўвае...

- Дык два дні таму, - працягвае аб'ёмістая госця, - Зойку згвалціў Федзька - ну той, дураваты, Марыі-паштаркі сын. Мала таго, што згвалціў, дык яшчэ і збіў моцна. Цэльную ноч Зойку катаваў. Ледзь жывая яна засталася...

Пачуўся гук разбітага посуду - моцны такі, раптоўны. Гэта я несла з халадзільніка шкляную міску з прыгатаванай загадзя салатай і, як пачула пра тое, што адбылося з Зойкай, упусціла гэта ўсё на падлогу: пальцы мае самі аўтаматычна расціснуліся...

Свякроў павярнулася да мяне:

- Кіра, ну што ж ты такая бязрукая? Прыбірай давай. Ой, колькі салаты сапсавала!..

Узяўшы шуфлік і венік, прыбіраю разбітае шкло і сапсаваную ежу з падлогі.

Між тым, цётка Зубіліха і мадам Альбрэхціна працягваюць размову.

- Дык вось, - кажа Зубіліха, - Зойка тая нават заяву ў міліцыю напісала.

- Нічога сабе! - здзіўляецца мая свякроў. - І што, пасадзяць цяпер Федзьку?

- Ды што ты, не. Марыя-паштарка да Зойкі ў ногі кінулася: маўляў, не губі сыночка - усё, што хочаш, аддам.

- І што далей? - пытае Альбрэхціна.

- Карацей, Марыя з Федзькам завезлі Зойцы некалькі скрыняў гарэлкі - яна заяву з міліцыі і забрала. Сядзіць цяпер, п'е. Мясцовыя алкашы і алкашкі - разам з ёй. Ты ж ведаеш: іх тут, у Васілевічах, многа.

- Так, ведаю. І жывуць яны, нібыта згарая сабак. Разам п'юць. А як нап'юцца, дык і ўсё астатняе... Хто з кім...

- Ой, Альбрэхціна, чула я пра гэтыя жахі...

- Так што, ад Зойкі не асабліва і ўбыло.

- Згодна з табой, суседка.

17

Падцягнуліся яшчэ суседзі. Усе расселіся, каб павячэраць за вялікім круглым сталом у зале. Сядзяць, працуюць сківіцамі. Я, канешне, - падай, прынясі, прыбяры і гэтак далей. Няма часу нават кавалак у рот пакласці. Ды я і не хачу. Шчыра кажучы, ніякі кавалак мне сёння ў рот і не палезе. На нейкую хвіліну ўсё ж прысаджваюся разам з усімі за стол, выпіваю трохі мінеральнай вады.

- Кіра, з'еш што-небудзь, - кажа мне ціхенька Ігар.

- Ды не хачу я, апетыту няма, - адказваю яму.

Свякроўка мая падпіла ўжо. Глядзіць на мяне трохі каламутнымі вачыма:

- А што, Кіра, у цябе ж адпачынак яшчэ не скончыўся?

- Не, яшчэ два тыдні. Гэта Ігару заўтра на працу.

- Дык заставайся тут, а Ігар праз два тыдні прыедзе ды забярэ цябе! А? Як прапанова?

Адчуваю, як у мяне ўнутры ўсё халадзее і сціскаецца. Але я дастаткова хутка бяру сябе ў рукі і адказваю:

- Гэта немагчыма, Альбрэхціна Пятроўна: у мяне з заўтрашняга дня пуцёўка ў санаторый - яна аплочаная ўжо. Паеду якраз да канца адпачынку, - хлушу я, намагаючыся, каб мае словы гучалі найбольш упэўнена.

- Ігар, гэта праўда? - звяртаецца мадам Альбрэхціна да свайго сына - майго мужа.

Я гляджу Ігару ў вочы, настойліва так гляджу... Выпіўшы трохі морсу, каб пацягнуць час, ён адказвае:

- Так, мама. Я па-просту табе не казаў.

Унутрана выдыхаю і іду на кухню, каб нешта там яшчэ прынесці на стол...

І вось ужо справа даходзіць да чаю з тортам ды пірагамі...

Яшчэ праз нейкі час госці развітваюцца і разыходзяцца. А мне застаецца гара бруднага посуду ды яшчэ праца з венікам ды шуфлікам. Пра вынас вёдзер з бруднай пасля памыўкі посуду вадой я ўвогуле маўчу...

А-а-а, яшчэ: трэба ж Мацвею і нам з Ігарам хоць нейкіх бутэрбродаў у дарогу зрабіць: выязджаем жа вельмі рана - які там сняданак на досвітку...

Усё. Бутэрброды зроблены і ўпакаваны. Застанецца толькі не забыць іх раніцай дастаць з халадзільніка...

18

Іду ў наш з мужам пакойчык. Ігар ужо спіць - не дачакаўся мяне. Ну і добра.

Уключаю старэнькі тэлевізар - без гуку, каб толькі карцінка нейкая мільгала. Тупа гляджу ў гэтае нямое мільгаценне. Кладуся, не распрануўшыся, на суседнюю канапу. Сну няма. Думкі скачуць у галаве галопам.

"Ніколі не прыязджай жыць у вёску," - усплываюць у галаве Зойкіны словы. І праўда, не трэба... Колькі ж часу прайшло, як я тут знаходжуся? Дзесяць дзён? Два тыдні? Неяк так. Я нават з падлікаў збілася... Мне і раней тут не падабалася, калі мы з Ігарам сюды на два-тры дні прыязджалі. А цяпер - дык увогуле жах... Можна сказаць, што я з'язджаю адсюль іншым чалавекам. І канешне, па-стараюся больш ніколі ў жыцці сюды не вярнуцца...

А шлюбу майму прыходзіць канец... Не, асабіста супраць Ігара я нічога не маю. Але муж мой не можа мяне ад свекрыві абараніць. А што будзе, калі дзеці пойдуць?.. Трэба разыходзіцца... Трэба... Тады ў нас абодвух: у мяне і ў Ігара, - з'явіцца шанец уладкаваць свае жыцці. Хаця, шчыра кажучы, я не веру, што ў свеце знойдзецца жанчына, якая зможа ўжыцца з Альбрэхцінай Пятроўнай... Ну, калі толькі яна, гэтая жанчына, будзе яшчэ горшай за маю свякроў... Але гэта ўявіць складана...

І тут я ўспомніла, як Зойка неяк казала мне, што ад Мацвея, старэйшага брата Ігара, ягоная жонка Ірына сышла з-за мадам Альбрэхціны. Дзіцё засталося - маленькі хлопчык. Зойка паведаміла мне тады, што Альбрэхціна намагалася забраць таго дзіцёнка, каб самой выхоўваць, - у роднай маці забраць... Дзеля таго, каб Ірына, нібыта сабачка па костку, скакала, - абы дазвалялі з уласным сынам бачыцца, каб грошы прыносіла, і ў рэшце рэшт аддала ўсё, што мае, ды яшчэ, каб батрачыла на тую Альбрэхціну. Мацвеева жонка не пагадзілася з такім жахлівым раскладам і падала на развод. Было некалькі судоў са страшэннымі скандаламі. Альбрэхціна якімі толькі памыямі нявестку сваю ні аблівала... Але Ірына адстаяла сваё права на выхаванне ўласнага дзіцяці... А Мацвей больш не жэніцца, бо жонку сваю дагэтуль кахае. Але і ад маці адмовіцца не можа: гэта родная мама ўсё ж такі, якая б яна ні была. Гэтак Мацвей і бегае туды-сюды...

19

Што гэта звініць?.. Вяртаюся цяжка і марудна ў рэальнасць, расплюшчваючы вочы... О, я ўсё яшчэ ў гэтым - вочы б мае яго не бачылі - вясковым доме. На пару гадзін я ўсё ж такі заснула каля ўключанага без гуку тэлевізара. Добра. А звініць гэта будзільнік, што на смартфоне маім на пэўны час быў наведзены. Выключаю яго, а потым - мільгаючы тэлевізар. Пяць гадзін... Трэба збірацца... І Мацвею, і Ігару з раніцы на працу. Ну дык з тых Васілевічаў да сталіцы ехаць каля дзвюх гадзін, а можа, і яшчэ меней. Як раз хлопцы да пачатку працоўнага дня паспеюць.

Буджу Ігара, а потым Мацвея, што спіць у суседнім пакойчыку. Усе збіраемся ў дарогу. Цікава, што я нават не стала пераапранацца: як была, так і засталася: у спартовым касцюме, красоўках, майцы ды кепцы. Ігар здзіўлена глядзіць на мяне:

- Не пераапранешся? Ты ж нават смецце ў сталіцы звычайна не выносіш з хаты без прычоскі, макіяжу і сваіх любімых абцасаў - у стылі тваёй бабулі-нябожчыцы, якая цябе ў дзяцінстве выхоўвала!..

- Не, так даеду.

Яшчэ праз нейкі час Ігар ціхенька кажа мне:

- Кіра, ты больш так ніколі не рабі: з-за цябе я ўчора вымушаны быў хлусіць сваёй маці.

- А тое, што твая любая маці зрабіла тут з мяне батрачку і яшчэ ўсім забараніла мне дапамагаць, - гэта, па-твойму, нармальна?! - ужо не шапчу, а амаль крычу я.

- Цішэй-цішэй! - палохаецца Ігар. - Бацькоў пабудзіш: спяць жа яшчэ.

"Добра, што спяць," - праносіцца думка ў маёй галаве...

Дастаю з халадзільніка два пакункі бутэрбродаў, прыгатаваных у дарогу: адзін - Мацвею, другі - нам. Выходзім з хаты, прыхапіўшы свае дарожныя сумкі. Усё, трэба ехаць.

На развітанне Мацвей абдымае мяне сваімі "мядзведжымі" лапамі і шэпча на вуха:

- Трымайся, сястрычка. У мамы нашай цяжкі, складаны характар - не звяртай увагі... А Ігар цябе любіць, сапраўды любіць - не кідай яго, бо ён без цябе прападзе...

Машына Мацвея выязджае з вясковай брамы першай. Мы з Ігарам махаем сваяку ўслед. Садзімся ў нашае аўто і таксама выязджаем. Прыпыняемся каля плоту, бо трэба ж зачыніць за сабой браму. Ігар выходзіць, каб зрабіць гэта...

20

Дастаткова прахалодна. Нічога дзіўнага: яшчэ ж вельмі рана. На траве і вакол кустоўя відаць рэшткі начнога туману.

Раптам праз люстэрка задняга віду я бачу наводдалі нейкі цень. Прыглядаюся: гэта ж Зойка... Даведалася, напэўна, ад Зубіліхі, што мы сёння з раніцы з'язджаем. Ня-доўга думаючы, выскокваю з машыны і бягу насустрач знаёмай постаці.

- Кіра, ты куды? - здзіўлена прамаўляе Ігар, які амаль ужо закончыў вазіцца з брамай.

- Пачакай, я зараз, я хутка! - кідаю цераз плячо - у ягоны бок.

Дабегшы, прыпыняюся каля старой знаёмай і раптам - сама ад сябе такога не чакала! - абдымаю яе хударлявую фігуру. Яна абдымае мяне таксама і трохі гладзіць па спіне.

- Як ты, Зоя?

- Ды нічога, жывая...

Стаім, абняўшыся, моўчкі... Яшчэ праз пару хвілін:

- Я пабягу, Зоя, нам трэба ехаць. Ігар чакае.

- Канешне, - кажа яна.

Адрываюся ад яе хударлявай постаці. Паварочваюся, каб сысці. Раптам чую:

- Кіра!

- Што, Зоя?

Тут яна падыходзіць да мяне і крыху сціскае маю правую руку абедзьвума сваімі шурпатымі, ледзь не чорнымі далонямі і, гледзячы мне проста ў вочы, гаворыць:

- Ты адратуеш мяне!.. Кіра, ты адратуеш мяне...

Я гляджу ў яе паўп'яныя, але такія прыгожыя яхантавыя вочы, напоўненыя слязьмі, і кажу:

- Як, Зоя? Я не ведаю, як... Усё, бывай. Трэба ехаць...

Я адрываюся ад яе і бягу, што ёсць моцы, да машыны мужа. Ігар здзіўлена, калі не сказаць болей, глядзіць на мяне.

- Едзем, - кажу яму.

Яшчэ пару хвілін я бачу праз бакавое люстэрка задняга віду постаць Зойкі. Яна стаіць на дарозе і жагнае у паветры машыну, на якой мы ад'язджаем. Яшчэ праз нейкі час нашае аўто знікае за паваротам...

21

Недзе тыдні праз два ў невялічкай сталічнай кватэры, што мы ўдваіх здымаем з Ігарам, адбыўся наступны паміж намі дыялог:

- Кіра, толькі што тэлефанавала мая маці.

- Ды я зразумела ўжо - па тваіх паводзінах падчас той размовы.

- Не смешна.

- Дык, я і не смяюся.

- Кіра, ты ведаеш, у мамы з хатняй хованкі знікла недзе дзесяць бутэлек віна. Нічога пра гэта не ведаеш? Ты ж больш за ўсіх у доме знаходзілася, калі мы на вёску ездзілі.

- Ігар, я нават не ведала да гэтага часу, што ў тваёй мамы ёсць вінная хованка. Так што, нічым дапамагчы не змагу...

А пра сябе падумала: "Як жа ўпэўнена я навучылася хлусіць..."

Потым успомніла Зойчыны яхантавыя, іскрыстыя, разумныя вочы і зразумела, што ні пра што не шкадую: "На здароўе, Зоя! Ведаеш, калі б спатрэбілася, то я б для цябе хоць усе бутэлькі з віном з той свякроўкінай хованкі выцягнула. І сумленне б мяне потым не мучыла… Хай Бог дапамагае табе, сяброўка мая!.."

03-10.04.2021 г., 30-31.07.2025 г.

У Вільні і літоўскіх дварах, успаміны 1815 - 1843 гадоў1

Габрыэля Пузыня

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

Пра яе расказвалі шмат разоў і ў маёй дзіцячай памяці гэтыя ўспаміны засталіся, як быццам мае ўласныя, хоць тыя падзеі і адбываліся гадоў за 20 да майго прыходу ў свет! Здаецца, на ўласныя вочы бачу я востраў на рацэ Шпрэя пад вокнамі палаца Бяльвю, што пад Берлінам, дзе спыняліся сем'і прускіх прынцаў і князёў Радзівілаў падчас заручын князя Антонія з прынцэсай Людвікай. На тым востраве мелася аранжарэя, набытая ў Германіі княгіняй-ваяводзінай для Нябарава, яна скарысталася аранжарэяй каб даць падвячорак сваёй будучай нявестцы на сваёй зямлі. За гэта Дэ Ліль надаў ёй прыдомак "Армідская" 19.

Дэ Ліль20 і княгіня-ваяводзіна нават у Еўропе былі дзвюма выключнымі асобамі. Хто ж не чытаў досціпаў дэ Ліля? А стваральніца "Аркадыі" згадвалася ў яго паэме "Сады", перакладзенай на польскую мову ваяводам Хамінскім, у якой паэт усхваляў яе розум і чары. Яе прыгажосць адрознівалася ад іншых - валасы цалкам збялелі да 30 гадоў і разам з квітнеючым і свежым тварам выглядалі, яе ранні снег на ружы - яна часта ўтыкала свежыя ружы ў прычоску. Вясёлая, жвавая, поўная фантазіі, смелая і гучная ў выказванні сваіх пачуццяў, меркаванняў і думак, яна здалёк абвяшчала пра свой прыезд гучнымі выкрыкамі. Такой ведалі яе не толькі ў сям'і, але і пры бярлінскім і пецярбургскім дварах, дзе на вячоркі ў Эрмітажы, княгіню-ваяводзіну Радзівіл прымала яе добрая знаёмая царыца Кацярына. Потым, ушанаваная абедзвюма царыцамі Марыяй і Лізаветай (маці і жонка Аляксандра І - Л. Л.), надала ім і цару Аляксандру розныя прыдомкі, якія яны ўжывалі, калі пісалі ёй - адзін аднаго называлі "Адарацыяй" ("Пакланеннем"). Ніколі не бянтэжылася падчас размовы з в. князем Канстанцінам і пры ім ці без яго, публічна называла яго "Хурлубярлу" (можна перакласці як "дзівак" - Л. Л.). І калі неяк падчас балю Хурлубярлу ахвяраваў ёй на слізгаўцы санкі і сам стаў яе вазніцам, княгіня-ваяводзіна, указваючы на в. князя, звярнулася да паліцмайстра: "Не арыштоўвай гэтага маладзёна, бо ён мой фурман".

Акрамя жанатага з прускай прынцэсай Антонія, мела яна яшчэ трох сыноў: Валентыя, Людвіка і Міхала, і трох дачок: Крысціну і Ружу, якія памерлі незамужнімі, і Анелю, якая стала жонкай князя Канстанціна Чартарыскага. Мая бабуля Тызенгаўз хоць і з'яўлялася роднай сястрой княгіні-ваяводзіны, але не была на яе падобная. Яна мела па-сапраўднаму прыгожы і сур'ёзны твар, цёмныя і густыя валасы сягалі амаль што да зямлі, а прыгажосць рук яна захавала да глыбокай старасці. Ціхая і нясмелая, любіла жыць у адзіноце. Свецкія забавы надакучылі ёй, рухі стамлялі яе, а ранняе атлусценне зрабіла млявай. Малодшая з братоў і сясцёр, страціўшы ў маленстве бацькоў, яна выхоўвалася разам з дзецьмі сваёй старэйшай сястры Храптовічавай: з Адамам, Ірэнеем і іхняй сястрой, якая потым выйшла замуж за Бжастоўскага. Гэта былі дзеці канцлера Яўхіма Храптовіча, які добраахвотна склаў паўнамоцтвы канцлера і аддаў сваю пячатку, каб толькі не падпісваць Таргавіцкі акт. Бабуля мела яшчэ двух братоў Пшаздзецкіх21: малодшы, Дамінік, жанаты з Ганнай з Радзівілаў (потым - Мастоўскай), меў аднаго сына Міхала, старэйшы бабулін брат Міхал быў жанаты з Марыяй Мастоўскай, ваявадзянкай мазавецкай, ён пакінуў двух сыноў - Канстанціна і Караля.

Мая бабуля Марыя Тызенгаўз з Пшаздецкіх, мела маці з Агінскіх, якая ў сваю чаргу мела маці з Вішнявецкіх.

На гэтым зраблю перапынак у сваім фамільным радаводзе, астатняе буду расказваць па меры неабходнасці.

1816-1820 гады

Зіму 1816 г., тады ўжо чатырохмесячная Альбіна Габрыэлька правяла з бацькамі ў Вільні. Нарадзілася яна там 24 верасня 1815 г., ахрышчаная святой вадой у Святаянскім касцёле, падчас хросту яе трымалі графіня Феліцыя Плятэр з Марыконі, тады ўжо ўдава Вацлава Плятэра, і стрыечны брат маёй маці Караль Пшаздзецкі. Нараджэнне трэцяй запар дачкі стала расчараваннем для сям'і, бо яе родапачынальнік Міхал Гюнтар фон Гейдэльсхайм перасяліўся з Рэйна ў Літву ў часы Сабескага22 і меў толькі аднаго нашчадка з такім прозвішчам - майго бацьку. Але мяне, як і старэйшых сясцёр, песцілі і шанавалі, і я не адчувала на сабе наступстваў гэтага расчаравання, гадавалася ў ціхамірнай атмасферы края, які вярнуўся да міру і росквіту. Мелі сваё войска ў Каралеўстве, а Літва ўжо мела сваіх жоўтых уланаў у так званым Літоўскім корпусе, і кіравалі нашымі губернямі мясцовыя людзі. У Вільні пасаду віцэ-губернатара займаў граф Зыберг-Плятэр, адзін з сыноў канцлера, а было іх сем актыўных братоў і некаторыя з Плятэраў былі нават навукоўцамі і ўсе мелі добрае выхаванне свецкіх людзей. Віленскі ўніверсітэт, расліна прышчэпленая Баторыем, квітнела ў часы Аляксандра І і была сцятая Мікалаем у 1831 г. Два Франкі (бацька і сын) з Вены і браты Снядэцкія з Кракава, вызначылі гэтую слаўную для ўніверсітэта эпоху, кіраваў ім куратар князь Чартарыскі пад апекай самога імператара.

Зімой 1816 г. салон маіх бацькоў яднаўся з салонам Людвіка Радзівіла. Гэтыя два дамы і роднасныя сям'і стварылі адзін дом і адну сям'ю. Князь Людвік, старэйшы з братоў і сясцёр, быў жанаты з ўдавой паняй Валеўскай. Акрамя трох пасынкаў, мелі яны яшчэ і дзяцей ад другога шлюбу. Княгіня вызначалася рэдкай дабрынёй, князь быў вясёлым і таварыскім чалавекам і іх прыемны дом вылучаўся сардэчнасцю. Ужо дарослыя панны Зоф'я і Габрыэля Валеўскія (потым Камінская і Тымоўская), ажыўлялі дом размовамі, музыкай і шармам. Аленка Радзівілоўна, пятнаццацігадовы падлетак, ужо выяўляла прыкметы незвычайнай прыгажосці. Аднак ззянне яе непараўнальнай свежасці не было доказам здароўя, бо выйшаўшы замуж за свайго кузэна Вільгельма (сына Антонія), яна неўзабаве памерла да сухот. Спадарожніцай ў навуках і забавах яна мела равесніцу, дачку эмігранта-француза Яна дэ Няве, які займаўся выхаваннем брата Аленкі, князя Леана. Казалі, што маладая Александрына (мая маці) была прыгожая, як бутон ружы, у чым ніхто не сумняваўся, нават калі яна мела 50 гадоў.

Мой бацька меў маёнткі Старыца, Пакоршава і Замосце ў Менскай губерні. Мая бабуля Гюнтар з Валадковічаў, аўдавеўшы, жыла ў Старыцы, а мае бацькі праводзілі лета ў Пакоршаве, вядомым мне толькі па малюнку маёй маці, бо яны не жылі там пасля пераезду ў Вільню ў 1817 г. А ў 1818 г. бацькі набылі маёнтак Дабраўляны23 ў Свянцянскім павеце Віленскай губерні і з таго часу жылі там, прадаўшы для гэтага пасаг маёй маці маёнтак Савічуны ў Вількамірскім павеце, а маёнтак Ігуменаў у Дзісненскім павеце пакінулі ў руках эканома. Дабраўляны былі набыты ў Ігнацыя Абрамовіча, які так хацеў пакарыстацца сваёй свабодай і мільёнамі, што ў васямнаццаць гадоў пазбавіўся ўсёй сваёй маёмасці ў краі і паляцеў у Парыж, каб там на працягу некалькіх гадоў праесці і прагуляць усю спадчыну, адным словам, пусціць усё з дымам.

Дабраўляны знаходзіліся за дзесяць міляў ад Вільні, за трыма рэчкамі, Ашмянкай, Віленскай і Віліяй, паміж Свянцянамі і Смаргонню і былі старой рэзідэнцыяй князёў Сангушкаў, а ліпы маёнтка - аднагодкі таполяў Яна Сабескага ў Вілянаве, фігуравалі ўжо ў інвентары 1700 г. разам з мураваным палацам.

Мая дзіцячая памяць не захавала моманту, калі я апынулася ў Дабраўлянах, самыя раннія ўспаміны - як узімку я прачынаюся каля круглага стала, на якім перабіраюць насенне кветак і пшаніцы, ці гуляю з аркушамі з пазалочанымі кантамі, памятаю яшчэ ласкавых вавёрак, якія, выпушчаныя ў сад, вярталіся назад белыя ад снегу і падчас нашага сняданку трымалі ў лапках і елі арэхі і сухары.

Гэта была зіма 1819 г.


Другая сцэна, якую я памятаю цалкам - паездка да дзеда Тызенгаўза ў Рокішкі Вількамірскага павета.

Мой дзядуля Ігнат Тызенгаўз24, калі праводзіў лета ў Рокішках, збіраў вакол сябе ўсю сваю сям'ю, г. з. дзвюх замужніх дачок - маю маці Александрыну і маладзейшую за яе на 10 гадоў Зоф'ю, графіню Шуазель25, двух сыноў, яшчэ кавалераў, Рудольфа і Канстанціна. А на свята св. Ігнацыя ў Рокішкі прыязджалі і далёкія сваякі: удава Фелікса Патоцкага з графаў Пацаў, дачка роднай сястры майго дзеда, Пшаздзецкія і г. д., і г. д. Адтуль мае першыя ўражанні, першыя ўспаміны, і калі яны не падманваюць мяне, дык, ніколі больш не быўшы ў Рокішках, я памятаю кожны будынак - палац у італьянскім стылі са сходамі на вонкі, з бліскучым на сонцы купалам, пакрытым бляхай, які мы падзіцячы звалі "бамбелай", калі збіралі на зямлі бляхі, пасля таго як дах зламаўся. І той прыгожы галандскі каменны млын, і мураваны касцёл, які вока ў вока глядзіць на палац. Да гэтага часу я памятаю водар букетаў разяды, ляўконіі, гваздзік і руж, якія кожны дзень абнаўляліся ў пакоях маёй мамы. У маіх вачах стаяць гэтыя вялікія пакоі з карцінамі, і зала з егіпецкімі фрэскамі, і гэты малы кабінет, дзе дзядуля вучыў чытаць Ідальку… Дзядуля, пляменнік падскарбія Тызенгаўза, мог мець тады 60 гадоў. Прыгожы, з трошкі сівой чупрынай, з густымі бровамі, ён курыў тытунь у доўгай люльцы, выглядаў пры гэтым строгім, і я яго трошкі баялася. Быў ён (як я потым чула), "панам на поўную губу" і па-сапраўднаму прыемным чалавекам. Любіў знаходзіцца ў грамадстве і, зімуючы з дочкамі ў горадзе, ладзіў пышныя балі і абеды, трымаў прыгожых коней, шчодра ахвяраваў на дабрачыннасць, быў горды, ветлівы, але халодны ў стасунках з дзецьмі.

Мае дзядзькі мелі ўзрост сярэдні паміж маёй маці і цёцяй Зосяй. Старэйшы, Рудольф, не меў хуткасці розуму малодшага брата і старэйшай сястры, але чаго не дала прырода, ён набыў працай. Прыгожа граў на скрыпцы, добра пісаў лісты, часам вершавана, і, нягледзячы на маўклівасць, якая адпужвала ад яго паннаў, увогуле быў прыемным у таварыстве дам і меў найлепшае сэрца. Малодшы, Канстанцін, быў дзікаваты, пазбягаў салонаў але любіў паляванне і таварыства вучоных. У ім ужо выявіўся будучы арнітолаг. З твару быў больш падобны на бацьку, але розум меў, як у маёй маці. Быў спакайнейшым і халаднейшым за брата, але любіў бавіцца, дражніцца з намі, дзецьмі, маляваў нам карыкатурных коней і сабак і з вялікім талентам скульптара ляпіў для нас з хлебу цэлую гаспадарку.

Цёця Зося першы год была замужам, прыгожая, вясёлая, яна толькі што вярнулася з Парыжа і прывезла нам ладныя цацкі. Мы яе вельмі любілі і бязлітасна мучылі ўкладкай валасоў, так што ёй часта прыходзілася ўцякаць ад нас і зачыняцца. Яе муж, сын старога эмігранта, спадчыннік вялікага маёнтка Плацелі на Жмудзі, які надаў ягонаму бацьку цар Павел, быў ужо немаладым і жанатым другі раз чалавекам. Яго першая жонка - графіня Вікторыя з Патоцкіх, дачка няшчаснага Шчэнснага, потым жонка Бахмецьева26, развялася з ім, нягледзячы на трох агульных сыноў і дачку. Што магло схіліць нашу маладую, прыгожую і забяспечаную цётку выйсці замуж на разведзенага і немаладога чалавека?.. Хіба толькі вялікае жаданне пазнаёміцца з Парыжам, што, аднак, яна магла зрабіць не выходзячы замуж за француза насупраць меркаванню ўсёй сям'і. Але была ўпартай і выйшла за яго. Граф Актавіян дэ Шуазель-Гуф'е, патомак знакамітага міністра часоў Людовіка XV, быў тыпам старых французскіх арыстакратаў. Непрывабны, з ястрабіным і крыху зарослым носам, з вялікімі чорнымі і выпуклымі вачыма, з заўсёды растрапанымі валасамі, звычайна насіў фрак і шыпаваныя чаравікі, закладваў нагу за нагу. За сталом нагадваў герцага дэ Шона з "Лістоў" мадам дэ Севінне - марудна еў, дзесяццю пальцамі рваў не толькі хлеб, які падавалі толькі яму, але і пірог, які пасля яго павінны былі есці іншыя. Гаварыў гучна, хутка, неразборліва, крычаў, узмацняючы свой аповед шумна смяяўся, а калі ў нечым памыляўся, казаў: "Quand je dis que c'est ainsi, ce n'est pas absolument comme cela, mais a peu pres!" ( фр. "Калі я кажу, што гэта было так, дык можа і не зусім так, а толькі прыблізна!". - Л. Л.). Усё ў яго было не ў парадку, неахайна, недароблена - і ў доме, і ў вопратцы, і ў справах. Ён адштурхоўваў крэдытораў, бо казаў, што яго словы - грошы. Жыццё маёй цёткі было не вельмі шчаслівым, хоць і ўзорным. Ён быў хуткі, яна жвавая і свавольная, яны ўвесь час спрачаліся, але працягвалася гэта нядоўга - ён прасіў прабачэння, і жонка яму даравала, пасля чаго на нейкі час прыходзілі мір і згода - галоўным пунктам дамовы была новая паездка ў Парыж, новыя выдаткі, новыя даўгі, якія да кожнага дня св. Юрыя (тэрмін выплаты даўгоў у Вільні) звычайна прыводзілі маю цётку ў Літву, але гэта было ўжо ў пазнейшыя гады.

Рокішкі - вялізны, урадлівы, асабліва на лён, маёнтак (і да гэтага часу ў Рызе славіцца рокішскі лён) быў нязручным для гаспадаркі, але вельмі прыемным для адпачынку. Сапраўдным святам ў Рокішках былі Дажынкі, калі на адным падносе пану падавалі вянок, складзены з васямнаццаці меншых вянкоў і ў кожным з іх мелася картачка з назвай фальварка, адкуль паходзіў гэты меншы вянок. Сваёй ахвярнасцю свята прымала памеры напалеонаўскіх урачыстасцяў.


Вяртаючыся ў Дабраўляны, мы затрымліваліся ў некалькіх знаёмых дамах. У Солах, маёнтку старасты, графа Марыконі28, жыла яго нявестка, сястра князя "Пане Каханку", літоўская пісарава Марыконі. Вясёлая, тоўстая матрона з добрым апетытам, увесь час рассеяная, размаўляла праз нос і карысталася вялікімі насоўкамі. Юзэфа Лапацінская з Марыконі жыла тут жа і была добра вядомай у Вільні зоркай салонаў. Зусім маладой выйшла замуж і нарадзіла дзве дачушкі - Марыню і Юзю.

У Паставах нас прымаў дзядзька Канстанцін, яшчэ кавалер. Ад Пастаў да Дабраўлянаў усяго восем міль і гэта блізкасць брата і сястры паўплывала на набыццё маёнтка, бо раней іх раздзялялі некалькі дзясяткаў міль. Як ні дзіўна, дабраўлянскае наваколле складалася ў асноўным з асоб, якіх маці ведала ў Варшаве і якія выйшлі замуж і пасяліліся ў Літве.

Гэта былі: першая, у Варнянях, ранейшая прыгажуня, шамбялянава Абрамовіч з дому Бахмінскіх, у першым шлюбе Ціхоцкая. Паўторна выйшла замуж за маладзейшага за сябе на дваццаць гадоў мужчыну і неаднойчы з-за гэтага горка плакала; другая - апошняя з дому Секержыцкіх29, удава Юзафа Мастоўскага, брата міністра Тадэвуша, якая прыехала сюды з Галіцыі, каб са свецкай дамы стаць руплівай гаспадыняй і ратаваць моцна абцяжараны мужам і малодшым сынам Уладзіславам маёнтак, у чым ёй добра дапамог пасаг нявесткі Ванькавічоўны. Трэцяй была сенатарава Агінская30, у першым шлюбе Нагурская, родам італьянка. У шлюбе з Міхалам Клеафасам Агінскім яны мелі тры прыгожыя дачкі, іх вясёлы і жвавы дом поўніўся замежнымі настаўнікамі і настаўніцамі, прыгожае Залессе яны зрабілі зямным раем.

Гэтыя дамы жылі за 5-7 міляў ад Дабраўлянаў і не маглі лічыцца суседскімі, але паколькі па некалькі разоў на год яны наведваліся ў госці, і кожную зіму мы сустракаліся ў Вільні, а калі не бачыліся, дык ліставаліся, абменьваліся кнігамі і насеннем кветак, і таму лічылі сябе суседзямі.

Праз пяць міляў жыў стрыечны брат маёй маці, мой хрышчоны, Караль Пшаздзецкі, са шрамам на лбе, які ён атрымаў ў паходах Напалеона пад камандаваннем князя Панятоўскага. Непрыгожы і ўжо немалады, не жыў разам з жонкай, бо яна была вар'яткай. Прыхільнік дам у духу Сярэднявечча, ён ухваляў іх фразамі са старых раманаў, якія яму па начах чытаў француз-камердынер. Але гэта не перашкодзіла Пшаздзецкаму заснаваць узорныя гаспадаркі ў сваіх маёнтках Смаргонь і Войстам, наладзіць вытворчасць берлінскіх вазоў, трымаць табун коней для верхавой язды і пародзістае быдла. Смаргонь была ўзорнай гаспадаркай на дзесятак-другі міль навокал, і добры, гасцінны і сардэчны граф Караль, не толькі не зайздросціў, але і цешыўся, калі ў іншых атрымлівалася зрабіць сваю гаспадарку таксама ўзорнай. Трымаў у сваім двары казакаў, сапраўдных украінцаў, фарбаваў вусы і рэшту сваіх сівых валасоў і не ў такт, але з вялікім агнём танцаваў мазурку.

Бліжэйшымі да Дабраўлянаў былі два дамы Сулістроўскіх. У Вішневе жыла пані шамбелянава з дому Прэўскіх31, ужо ўдава, вядомая ў Варшаве ў прускія часы. Мела дачку Цаліну з класічным профілем і сына Эдмуся майго веку.

У Чурлёне жыла пані пісарава Сулістроўская, удава Алозія (гл. "Двары на Антокалі" Ігнацыя Ходзькі). Гэта старая матрона перажыла і свайго сына Казіміра, які, будучы менскім губернатарам, пакінуў пасля сябе добрую памяць32. Яго дачкой была Антаніна Снядэцкая, смерць якой у 1853 г. аплаквала ўся Вільня, і не як нявестку Андрэя Снядэцкага, а як дачку шаноўнага Казіміра Сулістроўскага. Пані пісарава заканчвала свой доўгі век на манер старадаўніх матрон у атачэнні шматлікіх прыдворных дам, раз у год, на св. Антонія, яе наведвала ўсё наваколле. Хаця гэта свята прыпадае на лета, але з-за неадрамантаваных з часоў, калі пісарава перастала выязджаць з дому, дарог і мастоў, гэтыя візіты не былі прыемнымі, але па настойлівай просьбе эканома госці хлусілі і ўсхвалялі добрую дарогу, а імянінніца прылюдна дзякавала яму за выкананне яе святой волі. Падобная камедыя разыгрывалася таксама за абедам і падчас падвячорка, бо госці, папярэджаныя прыдворнымі дамамі, каб не пашкодзіць садоўніку, дзівіліся позняй спаржай і дынямі, як нечым новым. "Ці ж гэта праўда?" - з недаверам пыталася ў іх здзіўленая старая.

У суседзях лічыўся таксама Ольшаў Хамінскіх, дзе ў той час з дачкой жыла адзінокая ўдава, харунжына Тарэса Хамінская з Аскеркаў. Трое яе сыноў вучыліся ў Віленскім універсітэце.

Самымі бліжэйшымі суседзямі Дабраўлянаў былі Нястанішкі, праз мілю над Віліяй, маёнтак паважанай матроны Свянціцкай з Контрымаў. Ужо ўдава, мела яна адзінага сына Адольфа дзевятнаццаці гадоў. Быў ён такі тоўсты, што выглядаў на трыццаць. Кожную нядзелю ці мы прыязджалі да іх, ці яны да нас на чацвёрцы коней у фартуховых дрожках.

Усё ў доме пані Свянціцкай і сам яе дом несла рысы старасветчыны. Ламаны дах з высокімі франтонамі, высокія пакоі ўнутры, вялікія вокны, а са сталовай, якая займала цэнтр дома, шкляныя дзверы ў сад, упрыгожваннем якога былі каштаны. На акне ў гасцёўні ляжалі какосавыя яблыкі, на стале кніга ксяндза Клюка. Канторкі ў стылі ракако і печы на дужых тачоных ножках, якія я прыняла за шахматныя фігуры і дзівілася, што яны такія вялізныя і пад печкай.

Сярод гасцей у Нястанішках бывала высокая і кастлявая асоба з вялізным носам, які сустракаўся з падбародкам на вуснах, у чапцы, які спадаў на запалыя вочы, захутаная ў доўгі шалік сапфіравага колеру ў дробныя пальмавыя лісточкі, у падвязанай пад шыю ваўнянай, попельнага колеру сукенцы, аздобленай сапраўднымі брабанцкімі карункамі. Калісьці, у часы "Пане Каханку" яна была красуняй і памятала нясвіжскія балі, аздобай якіх была, тады яшчэ панна, Зузана Мірская, а потым палкоўнікава Дадэркава. У глыбокай старасці князь Караль Радзівіл хацеў ажаніцца з ёю, яна тады была яшчэ незамужняй, але гэтаму перашкодзілі інтрыгі княжацкай сям'і. Адзінымі сведкамі гэтага пачуцця ёсць уласнаручныя лісты князя да "каханай Зулькі". Некаторыя з гэтых лістоў нам падаравала сама гераіня, і я захоўваю іх, адзін ліст мае і Аляксандр Пшаздецкі.

Некалі заможная пані палкоўнікава, па-філасофску, ці дакладней, па-хрысціянску перанесла змены свайго лёсу. Дасціпная, вясёлая, сардэчная, яна ездзіла з хаты ў хату сваякоў і сяброў, якіх шмат мела ў Літве, але, каб захаваць сваю незалежнасць, заўсёды мела свой уласны куток у Нясвіжы і нават свой дамок, наняты каля касцёла ў Нястанішках. Адзіным яе багаццем была старая крытая брычка з двума худымі коньмі і куфрам ад "карэты-нябожчыцы" (яе ўласнае выказванне), а любімым заняткам - выраб торуньскіх пернікаў і цудоўных лекаў з мёду, якімі яна лячыла хворых і здаровых сяброў. Мела невычэрпны рэпертуар старасвецкіх песень і спявала па-памяці, глыбокім і гучным голасам без фартэпіяна, пры кожнай акалічнасці выконвала іншую песню.


Палац у Дабраўлянах, помнік часоў князёў Сангушкаў, стаяў без даху і меў толькі некалькі некранутых пакояў, якія можна было выкарыстоўваць толькі як каморы ці кухні. Мы жылі ў афіцыне. Сад са старымі ліпамі, пра якія я ўжо пісала, быў па-новаму ўладкаваны ў стылі французскіх садоў XVII ст., падсыпаны, каб мець абмураваныя тэрасы, усе дрэвы не толькі падрэзаныя, але і падстрыжаныя ў сферы, аркады, слупы ці піраміды. Меўся нават лабірынт з ліпаў, праўда, без Мінатаўра, але паколькі ён служыў месцам хованкі для лайдакоў, мае бацькі яго ссеклі на вялікі жаль суседзяў, якія бачылі ў ім адно з цудаў свету. Мая маці пачала перарабляць рамантызм у класіцызм з таго, што выкапала раней засыпаныя на некалькі локцяў ліпы. Некаторыя з іх яна пасадзіла ўздоўж доўгай і шырокай вуліцы, другія ў выглядзе альтанкі - нібы святыні яны сваімі густымі галінамі былі сабраныя ўверсе як скляпенне, і ні сонца, ні дождж не маглі прабіцца праз гэты гушчар. Усе яны раслі ўверх як калоны ў касцёле. Некаторыя пні мелі такі дыяметр, што тры дарослыя чалавекі, трымаючыся за рукі, ледзь маглі іх абхапіць.

Па ўсім садзе працякаў шырокі ручай, які праз млын, праз лугі бег у Свір. Мая маці, гледзячы на "бег вады", у сваіх думках ужо саджала на беразе "некалькі бярозак" і срэбныя, плакучыя вербы, галінкі якіх прывезла з Рыгі.

Тады ў Дабраўлянах з'явіўся нейкі настолькі стары садоўнік, што памятаў яшчэ апошняга караля, і параўноўваючы нашы ліпы з вілянаўскімі33, раіў спілаваць іх напалову, і зрабіць альтанкі. "Так будзе больш прыгожа!" - казаў ён шэптам (бо ні меў ніводнага зуба) - "Адны будуць расці ўнізе, а другія ўверсе". І ў пацвярджэнне сваёй парады расказваў, як зрабіў для караля Станіслава "сюрпрыз", ссекшы адну з вілянаўскіх ліп, каб пасадзіць у яе ствале "юзю" (меў на ўвазе ружу), з чаго кароль вельмі смяяўся. Садоўнік меў прозвішча Больман.

З таго часу кожны год знікалі нейкія помнікі кепскага густу і высаджваліся новыя дрэвы і кусты. Вытанчана выгіналіся жвіровыя сцежкі, на аксамітавай, некалькі разоў за лета скошанай і старанна прыгладжанай жалезным катком траве, квітнелі клумбы. Дзівам было тое, што сярод вялікай раўніны наш сад цалкам месціўся на пагорках і меў плошчу ў цэлую валоку (валока - прыкладна 21,36 га - Л. Л.), з сваімі дрэвамі і вадой ён выглядаў як нейкая асобная краіна.

Ад усяго старога саду, як памяць, застаўся толькі паўкруг са стрыжаных елак з дзіркамі, нібы вокны, з круглымі галоўкамі, якія выбеленыя снегам, выглядалі як напудраныя маркізы пры двары караля Людовіка XV. І покуль мой бацька марыў перарабіць старыя муры ў сучасны палац, маці аздабляла афіцыну з маленькімі вокнамі і нізкімі столямі, у якой на сценах віселі талеркавыя люстэркі, сеўрская парцаляна34 і карціны майстроў у залачоных рамах, прывезеныя з Пакоршава. Усё гэта выглядала, можа, і не зусім дарэчы, але рабіла нашы салоны элегантнымі і нават вытанчанымі. Сам будынак знаходзіўся не ў лепшым стане, ад сырасці быў поўны мурашак і грыбкоў, бо стаяў без падмурка. І ўсё ж, калі не лічыць зімаў, калі для нашага выхавання бацькі з'язджалі ў Вільню, у гэтай афіцыне мы пражылі дванаццаць гадоў і на яе ганку, які нават не меў страхі, з радасцю ці з жалем сустракалі і развітваліся з дарагімі гасцямі з Літвы і Кароны. Дагэтуль, у сне ці ў марах, перад маімі вачыма паўстае мая любімая афіцына, і я бачу той самы першы пакой з круглым столікам пасярэдзіне, з зялёнымі канапамі па кутах, падушкі якіх служылі нам конікамі ў гульнях і шафай з якой праз гатычныя шыбы на нас глядзела зачараваная лялька-прынцэса і іншыя цікавыя рэчы. З другога боку, за сталовай меўся пакой бацькоў, застаўлены кніжнымі шафамі. У глыбіні стаяла бюро для пісьма, а перад ім - крэсла абабітае зялёным саф'янам, якое калі трэба было звярнуцца да лакея, паварочвалася разам з тым, хто ў ім сядзеў. За бюро мог прайсці толькі адзін чалавек - узяць кнігу з паліцы ці паглядзець на барометр, да якога мы, дзеці, прыходзілі ў слотныя дні, бо мелі надзею, што шарык жывой ртуці пачне падымацца ўверх.

У вуглавым салоне стаяла канапа, абабітая сінім ваўняным муарам, на якой з рукадзеллем звычайна сядзела мая маці і з батысту рабіла кветкі, падобныя на жывыя. Мне здаецца, што я дагэтуль бачу яе ў белым шлафроку без фалдаў, з вузкімі рукавамі і ў чапцы з сапраўдных карункаў, якія яна сама мыла на бутэльцы. На яе далікатных белых пальцах мелася шмат пярсцёнкаў - не толькі шлюбны з заручальным, і ўсе яны былі памятнымі для маёй маці. Маці заўсёды насіла на шыі перлы з брыльянтавым фермуарам (зашпількай) бо лічыла, што яны не павінны ляжаць без справы. Іншыя фамільныя каштоўнасці захоўваліся ў невялікай, акутай жалезам, скрыначцы. Яе адчынялі толькі ў горадзе перад балем ці на вёсцы, калі трэба было прыгожа апрануцца.

(Працяг у наступным нумары.)

1 Gabrjela z Guntherоw Puzynina. W Wilnie i w dworach litewskich: pamiаtnik z lat 1815-1843. Wilno, 1928. Пераклад Леаніда Лаўрэша.

19 Арміда - гераіня паэмы Тарквата Таса "Вызвалены Іерусалім". - Л . Л .

Алена з Пшаздзецкіх 26 красавіка 1771 г. ўзяла шлюб з Міхаілам Геранімам Радзівілам (1744-1831). Пасля вяселля жыла з мужам у Чарнаўчыцах, а потым у Нябараве і ў палацы Радзівілаў у Варшаве. Адрозніваючыся прыгажосцю і адукаванасцю, захаплялася літаратурай і мастацтвам. Жывая і дасціпная, мела вялікі поспех у вышэйшым свеце, у тым ліку і ў караля Станіслава Панятоўскага, з якім мела сувязь. Яе вольныя паводзіны, грэбаванне грамадскім прыстойнасцю шакавалі нават Кацярыну II.

У якасці інтымнай сяброўкі рускага пасла ў Варшаве графа А. М. Штакельберга садзейнічала паспяховаму развіццю палітычнай кар'еры мужа. Пры каранацыі Паўла I стала ў статс-дамай.

Шмат падарожнічала, мела цікавасць да калекцыянавання, сабрала ў палацы ў Нябараве цудоўную калекцыю карцін, старажытных манет і медалёў, фарфору і серабра. Стварыла вялізную бібліятэку, якая змяшчала тысячы каштоўных кніг, гравюр і карт. У палацы бывалі Фрыдрых Вільгельм II, Аляксандр I, многія вядомыя мастакі і паэты.

Алена Радзівіл прытрымлівалася моды, брала прыклад са сваёй сяброўкі Ізабелы Чартарыскай, уладальніцы маёнтка ў Пулавах і стварыла свой англійскі парк. Недалёка ад Нябарава з дапамогай архітэктараў яна разбіла рамантычны палацавы парк пад назвай "Аркадыя", якому прысвяціла каля 40 гадоў жыцця. Парк стаў яе радасцю і гонарам. Быў вытрыманы ў англійскім стылі, яго садовыя павільёны ўпрыгожвалі творы мастацтва - пераважна антычнага, старажытнагрэцкага і рымскага. - Л. Л.

20 Якуб дэ Ліль (1738-1813), слынны французскі паэт і перакладчык, яго самы вядомы твор - "Сады". - Л. Л.

21 Пшаздзецкія герба Рох мелі прыдомак Пярхала, род пачынаецца з Мрачаслава Пярхалы Пшаздзецкага з Мазоўша. Гл. Урускага.

22 Гюнтары ўласнага герба паходзілі з Ніжняга Рэйну. Гл. Урускага.

23 Першасная назва маёнтка Дубраўляны, ад слова "дуб". - гл. Кісялёў Генадзь. Смак беларушчыны. Мінск, 2013. С. 331.

24 Граф Ігнат Тызенгаўз (1750-1822), палкоўнік і шэф літоўскай гвардыі, за службу Вялікаму Княству Літоўскаму быў узнагароджаны ордэнамі Белага Арла і св. Станіслава. Падчас Напалеонаўскай кампаніі атрымаў Залаты Крыж Ганаровага Легіёна. Ва ўладанні графа Ігната, апроч Жалудка і Паставаў з навакольнымі вёскамі і фальваркамі, былі дзясяткі тысяч гектараў зямлі і населеныя пункты з тысячамі сялян у розных паветах. Быў жанаты з Мар'янай Марыяй Пшаздзецкай, меў дачок Александрыну і Зоф'ю і двух сыноў - Рудольфа (1783-1830) і Канстанціна.

Граф Канстанцін Тызенгаўз нарадзіўся 3 чэрвеня 1786 г. у радавым маёнтку ў мястэчку Жалудок. Верагодна, у 1804 г. паступіў у Віленскі ўніверсітэт. Любімым выкладчыкам у маладога Тызенгаўза быў знакаміты батанік Станіслаў Баніфацы Юндзіл. Другім вядомым настаўнікам Канстанціна быў выдатны мастак Ян Рустэм, які ў гэты час працаваў ад'юнктам на кафедры малярства.

У 1812 г. 19-ы пяхотны полк, які фармаваўся ў Расіёнах, узначаліў 26-гадовы палкоўнік граф Канстанцін Тызенгаўз. Яго брат граф Рудольф Тызенгаўз на свае грошы сфармаваў конна-артылерыйскую роту. Канстанцін Тызенгаўз разам са сваім палком мужна змагаўся пад Вільняй, Кёнігсбергам, прымаў удзел у знакамітай абароне цвердзі Модлін, а потым і ў бітвах у Германіі. У 1813 г. быў узнагароджаны Крыжам Ганаровага Легіёна. Вайна для яго скончылася вясною 1814 г. Канстанцін Тызенгаўз спачатку застаўся ў гарадку Клермон, а пасля ўказу аб амністыі Аляксандра І ад 30 жнiўня 1814 г. вярнуўся ў Паставы.

У 1815 г. Ігнат Тызенгаўз падзяліў большую частку сваіх уладанняў паміж сынамі. Старэйшы Рудольф атрымаў Жалудок і бліжэйшыя да яго землі, а Канстанцін - графства Паставы з навакольнымі фальваркамі. Менавіта пры Канстанціне быў дабудаваны Пастаўскі палац Тызенгаўзаў. Паўстанцам 1831 г. ён дапамагаў матэрыяльнымі сродкамі і супрацоўнічаў з Дзісненскім Урадавым камітэтам.

Асноўным заняткам Канстанціна Тызенгаўза сталася заалогія, найперш - арніталогія. Ён з'яўляецца бацькам беларускай арніталогіі. - Л. Л.

25 Гл: Лаўрэш Леанід. Графіня Сафія Шуазёль-Гуф'е // Лідскі Летапісец. 2020. № 4(92). С.18-19; Лаўрэш Леанід. Лідскія пісьменніцы XVIII-XIX ст. // Ад лідскіх муроў. № 10. Ліда. 2022. С. 478-490. - Л. Л.

26 Вікторыя Шуазель з Патоцкіх (1780-1827), дачка Шчэнснага і Юзэфы з Мнішкаў, жонка Актавіяна (Антонія Людвігавіча) графа дэ Шуазель-Гуф'е (1773-1840), пэра Францыі, афіцэра рускай гвардыі, шамбеляна рускага двара, уладальніка маёнтка Плацелі, сына былога французскага амбасадара ў Канстанцінопалі. Вікторыя развялася з Шуазелем і выйшла замуж за губернатара Бесарабіі Бахмеццева. - Л. Л.

27 Мары дэ Рабютэн-Шанталь, маркіза дэ Севінне (фр. Marie de Rabutin-Chantal, marquise de Sеvignе; 1626-1696) - французская пісьменніца, аўтарка "Лістоў" - самага знакамітага эпісталярыя ў гісторыі французскай літаратуры. - Л. Л.

28 Марыконі. Сям'я італьянскага паходжання, з XVIIст., пасяліўся у Літве.

29 "Апошні з дому Секержынскіх" - папулярнае прыслоўе таго часу, гл: Morawski Stanislaw. Kilka lat mlodosci mojej w Wilnie (1818-1825). Warszawa, 1924. S. 160. - Л . Л .

30 Пра яе гл. у Станіслава Мараўскага глава № 5. (Morawski Stanislaw. S. 71-93.) - Л . Л .

31 Караліна Сулістроўкая з Прэўскіх, жонка Юзафа, шамбяляна Аляксандра І.

32 Казімір Сулістроўскі, сын вялікага пісара ВКЛ Алойзы, у 1809-1811 гг. маршалак Віленскай губерні, у 1816-1818 гг. - менскі цывільны губернатар. Памёр у Пінску ў 1818 г.

33 Маецца на ўвазе каралеўскі палац у Вілянава, зараз у Варшаве. - Л. Л.

34 Парцаляна Сеўрскай мануфактура (фр.: Manufacture nationale de Sevres) па вытворчасці фрытавага фарфору ў Сеўры, Францыя. - Л. Л.

Смерць і пахаванне Тамаша Зана 1

Юзэфа Абязлерская

Пасля вяртання з Арэнбурга і вяселля з Брыгідай Свентарэцкай (цёткай аўтаркі - Л. Л.), у 1846 годзе Тамаш Зан пасяліўся ў Кахачыне, па-сангушаўскім маёнтку Сенненскага павета Магілёўскай зямлі2. Тут з жонкай і трыма сынамі: Віктарам, Абдонам і Клеменсам (малодшы, Станіслаў, памёр немаўлём), ён займаўся гаспадарскай, падтрымліваў рэлігійны дух суседзяў і ўзбуджаў патрыятычныя пачуцці ў Беларусі. Вялікі маёнтак Сангушкаў у 1842 годзе быў распрададзены, і яго купіла цэлая калонія абывацеляў Віленскай і Менскай губерняў, што забяспечыла Зану суседзяў-сваякоў, знаёмых і нават аднаго філарэта - Міхала Чарноцкага (дзеда сучаснага прафесара Петражыцкага). Аднак, паколькі ўсе гэтыя новыя гаспадары прысвяцілі сябе цяжкай працы па аднаўленні нядаўна набытых маёнткаў, Тамаш Зан, у асноўным рабіў працяглыя падарожжы з мэтай даследаваць Беларусь. Ён наведаў Дуброўну князёў Любамірскіх, дзе жыла жонка князя Канстанціна з дому Талстых, зблізіўся з суседкай Кахачына, дасканалай жанчынай Кацярынай Суліма-Самойлай з Любамірскіх, вучаніцай Каранеўскага. У Віцебску ён пазнаёміўся з усёй групай тагачасных вядомых абывацеляў […] і паўсюдна, з-за сваіх заслуг, быў чаканым госцем. Перш за ўсё ён імкнуўся даследаваць стан духу сучаснікаў. У Віцебску чыноўнік і таленавіты мастак Мінят намаляваў партрэт Зана у той момант, калі на лаўцы касцёла бернардынаў Зан спяваў гадзінкі (Насамрэч, у Полацкім касцёле дамініканаў - Л. Л.). Гэты партрэт заўсёды вісеў у цёткі Занавай (жонкі Зана) і распаўсюджваўся ў адбітках. Тут каля Віцебска пры дарозе, якая вядзе ўніз да ракі Лучосы, па ініцыятыве Зана быў устаноўлены прыгожы і каштоўны памятны крыж, акружаны жалезнай агароджай. У маёй маладосці гэтая дарога была, бадай што, адзіным накірункам шпацыраў, мэтай якіх быў крыж. Увечары тут заўсёды было шмат людзей, якія прыходзілі адпачыць каля крыжа на перавозе цераз Лучосу. У 1863 годзе працэсія Божага цела ўсталявала перад крыжам чацвёрты алтар, і натоўпы вернікаў маліліся тут апошні раз. Калі праз шмат гадоў я вярнулася з выгнання, была моцна ўражана, калі ўбачыла, што ўся дарога, якая вяла ад горада да крыжа, забудавана яўрэйскімі хатамі, якія цалкам закрылі знак Хрыста. Аднак, нягледзячы на жорсткі пераслед урада крыж усё яшчэ стаяў у 1912 годзе. Са здзіўленнем я даведалася, што крыж стаіць на касцельнай зямлі якую ксёндз Андрушкевіч здаў у арэнду для павелічэння даходаў.

Зіму Заны праводзілі ў Літве ў Малінаўшчыне, у маці цёці Занавай, ці ў Аборку, у цёткі Дадэркавай, дзе ён адчуваў сябе як дома. Тут ён з дзяцінства ведаў усіх і ўсё і адсюль ездзіў з жонкай у Наваградак, і тут пашана і прызнанне яго заслуг ператварылася ў захапленне ім.

Тым часам у Кахачыне перабудавалі стары дом, пасадзілі фруктовы сад, усталявалі прыгожы крыж. За ўсім сачыў верны слуга Клімашэўскі, бо разлічваць на агранамічныя веды і гаспадарчую актыўнасць знясіленага Зана было ўжо немагчыма.

Апошні раз я памятаю Тамаша Зана ў добрым здароўі у 1854 годзе ў Барысаве, дзе сабралася ўся наша сям'я, каб развітацца з гвардыяй, якая ішла ў Севастопаль. На тую вайну пайшоў мой дзядзька Фартунат (брат цёткі Занавай). Сабралася шмат людзей, арганізоўваліся балі, урачыстасці, развітанні з гвардыяй, баль у губернскага маршалка Майкшыцкага, баль ад горада, прыватныя вечарыны, і ўсё гэта працягвалася некалькі дзён. […]

Пасля гэтага святкавання мая бабуля і мае бацькі паехалі на зіму ў Бярозаўку (маёнтак маёй бабулі), а Заны, на гэты раз, паехалі ў Кахачын. Памятаю, як мая бабуля ў размовах з мамай казалі, што ёй не падабаецца стан здароўя Зана. Цётка Вярбоўская (другая сястра жонкі Тамаша Зана), сцвярджала, што яны памыляюцца, што Зан здаўна быў чалавекам "не гэтага свету" і жонка Зана шкадуе тых, хто не можа зразумець яе мужа. І толькі летам 1855 года Зан безнадзейна захварэў. Калі 1 лютага мы даведаліся пра смерць цара Мікалая, Зан сказаў, што хутка памрэ, бо як сведка спатрэбіцца на будучым Божым судзе па справе філаматаў. Дзіўным збегам абставін стала тое, што ён і Адам Міцкевіч памерлі ў тым жа годзе, што і цар. Хвароба Зана пачалася з візій пасля мазгавых прыступаў.

Аднойчы ўвечары ў Кахачыне Зан сядзеў на лаўцы пад дрэвам, і да яго па справах падышлі два селяніны. Ён упаў перад імі на калені і даў кожнаму з іх па залатому імперыялу. Казаў потым, што яго наведалі анёлы. Цётка Занава не бачыла ў гэтым нічога, акрамя ўзнёсласці і хрысціянскай пакоры3. Тым часам сусед др. Тамашэўскі парэкамендаваў яму выпіць некалькі бутэлек вельмі моднай тады Бітэраўскай вады (Bitterwaser) каб спрыяць адтоку крыві ад мозга. Доктар прызнаўся суседзям, што яму вельмі не падабаюцца гэтыя сімптомы.

У ліпені маім бацькам паведамілі, што Зан вельмі хворы, і нас выклікалі ў Кахачын. Бацькі паехалі са мной і маёй сястрой. Па дарозе пан Тадэвуш Сульжынскі з Янава паведаміў, што стан вельмі цяжкі, Зану ставяць піяўкі і з Віцебска выклікалі доктара Міхайлоўскага. Прыехаўшы ў Кахачын, у сталовай мы сустрэлі заплаканую цётку, а з пакоя Зана, улева ад сталовай, было чутны спевы і гнеўна-гучны голас хворага. Ён быў у непрытомнасці, часам буйны, а потым моцна саслабелы, але калі-нікалі прыходзіў у свядомасць. Доктар Тамашэўскі не адыходзіў ад хворага. Былі тут і некаторыя суседзі, пані Ламіская з Гаўрылкава налівала гарбату, атмасфера была прыгнечанай і вельмі сумнай. Падчас прыступаў хворы меў вялікую сілу, але праз хвіліну засынаў. Навокал панавала цішыня. Раптам пачуўся грукат, і хворага знайшлі на каленях у малітве, а ўвесь ложак і пасцельную бялізну ён выкінуў праз акно. Калі заплаканая цётка ратавала яго, адказваў, што памірае, а калі жонка сказала, што не будзе жыць без яго, адказаў: "Як смееш не паслухацца Божага выраку?". Нас, дзяцей, якіх разам з Занамі было пяцёра, увесь час трымалі на дварэ. Толькі Віктар часта заглядваў да бацькі і казаў нам, яго тату даюць столькі каламелю (хларыд ртуці - Л. Л.), што ён ледзь не вырваў і выкінуў свае зубы.

Др. Міхалоўскі прыехаў і агледзеў хворага, было бачна, што надзеі няма. Так прыйшло некалькі дзён, і на некалькі гадзін мы паехалі ў маёнтак маіх бацькоў Канстантава, а калі ў той жа вечар вярнуліся, даведаліся, што прыязджаў ксёндз, хворы вельмі слабы і зараз вельмі ціхі. Нас, дзяцей, паклалі ў афіцыне, і калі мы прачнуліся, слуга сказаў, што пан Зан памёр. Бацькі сядзелі разам з цёткай Занавай, і мы ўсталі і прыбраліся разам са слугой, пасля чаго далучыліся да малых Занаў, якія заходзіліся ад плачу, сямігадовы і вельмі разумны Віктар, не адыходзіў ад сваёй маці.

Дом агарнула смерць. Першы раз у жыцці я бачыла сумныя абрады. Ліпеньскі дзень быў прыгожы, вокны адчыненыя, на дзядзінцы пачаўся рух, бо людзі ўжо пачалі наведваць нябожчыка. Усіх дзяцей, у тым ліку і нас, завялі ўнутр. Зан у фраку, зусім як жывы, ляжаў, паклаўшы галаву на белую падушку. У роце быў бачны адзін зуб, твар цалкам спакойны, рукі складзены з абразом Маці Божай. Не выклікаў ніякага ўражання акрамя смутку. Дзеці хадзілі вакол бацькі і глядзелі на яго, але паколькі Абадону было пяць, а Клеменсу чатыры годзікі, успрымалі сваю бяду па-дзіцячы. Мы пераважна бавіліся на траўніку перад домам і глядзелі на людзей, якія прыходзілі і сыходзілі з дома.

Мой бацька і Ян Клімашэўскі былі чыннымі падчас пахавання, увесь час дасылалі некага ў Смаляны, труну рабілі ў маёнтку. У тыя часы ўсё выраблялася ў мястэчку, бо не было ні чыгункі, ні тэлеграфа. Труну абабілі чорным аксамітам са срэбнымі галунамі, падрыхтавалі высокі воз, абцягнуты чорнай тканінай, падрыхтавалі паходні і атласную падушку для труны абшытую белай тасьмой. Усім гэтым займаліся нованаселеныя суседзі, бо ўсе здаўна былі знаёмы з Занамі. На трэці дзень пасля смерці адбыўся вынас цела, уражанне ад чаго назаўжды засталося ў маёй памяці. Цела паклалі ў труну, развітанне сям'і, і потым жалобны спеў ксяндза - усё гэта жахліва адгукнулася ў маім сэрцы. Цела вынеслі бліжэй да вечара, калі закончылася спёка, і да Смалян усе ішлі пешкам. У Прыхабах, за вярсту ад Смалян, былі ўжо на захадзе сонца. Нас, дзяцей, пасадзілі ў адкрыты вазок, і мы трошкі затрымаліся, бо праезд каля вельмі вільготнага і гразкага луга звужаўся і нам давялося чакаць, пакуль усе пройдуць. Памятаю, як сёння, запаленыя паходні, як павольна рухаецца высокая труна, ярка асветлены касцёл у Смалянах на тле ночы. Менавіта тады мой дзіцячы розум быў зачараваны гэтым цудоўным відовішчам і з таго часу, калі я потым ехала па гэтай дарозе, момант пахавання Зана заўсёды уставаў у маёй памяці. Праязджаючы каля могілак, Віктар (старэйшы сын нябожчыка Тамаша Зана), сказаў нам, што "заўтра тут закапаюць майго тату". І зноў нас ахапілі такі смутак і гора, што я шчыра плакала, уваходзячы ў касцёл. А калі пасля малітвы мая маці, сумна ківаючы галавой, пачала гаварыць пані Маеўскай, што Зан сёння правёў апошнюю ноч сярод нас, я была вельмі засмучаная, што яго аднаго пакідаюць у касцёле, і ўвесь час думала толькі пра гэта. Мы ўсе начавалі ў кляштары. Уначы прыехаў ксёндз Белы, доктар тэалогіі і самы мудры з усіх ксяндзоў Беларусі, асабіста знаёмы з Занам і глыбока ўзрушаны тым, што будзе яго хаваць. Усе ўважліва слухалі яго прамову. Тады нялёгка было рабіць казанне, бо любое неабдуманае слова магло адправіць чалавека ў Сібір, але трэба было сказаць нешта грунтоўнае, тое, што адпавядае значнасці нябожчыка.

Было некалькі ксяндзоў, і пахавальная служба разам з імшой цягнуліся шмат часу. Нарэшце, на кафедру падняўся худы і сівы ксёндз Белы. Да казальніцы яго правёў другі ксёндз. Першыя словы, сказаныя сумным голасам, назаўсёды засталіся ў маёй сямігадовай памяці: "Жыў і памёр Тамаш Зан". Пасля чаго настала вялікая, значная паўза, значэнне якой мой розум зразумеў толькі потым. Не памятаю, што ксёндз казаў далей, але казаў доўга, і тыя, хто слухаў яго, былі ў захапленні. Потым ні аб чым іншым не размаўлялі, як толькі пра гэтае казанне. Цётка Занава галасіла, калі ён звярнуўся да яе, і праз усё жыццё захавала самую вялікую павагу і ўдзячнасць да ксяндза Белага. Пасля касцёла труну перавезлі на парафіяльныя могілкі. Тут сабралася шмат людзей. Магіла не была мураванай. Смалянскія могілкі знаходзяцца зусім побач з мястэчкам. На вялікім лузе, які належыць маёнтку, ёсць пагорак з могілкамі. Каб патрапіць на могілкі, трэба перасекчы луг. Пасля брамы павярніце ўлева, і вось магіла Зана. З могілак добра бачны руіны замка каралевы Боны (замак XVII ст., пабудаваны князем Сангушам - Л. Л.). Непадалёк стаіць Смалянскі двор, ранейшы Сангушкаў, які цяпер належыць Хамянтоўскім. З асоб, якія прысутнічалі на пахаванні, памятаю пані Кацярыну Суліму-Самойлу, паноў Эрдманаў, Арцішэўскіх, Ваньковічаў і ўсіх суседзяў, якія нядаўна купілі маёмасць навокал - мой бацька Мечыслаў Свентарэцкі (родны брат жонкі Зана), сям'я філарэта Міхала Чарноцкага з дочкамі (ён таксама пахаваны на Смалянскіх могілках), Лавінскія, Маеўскія, Сульжынскія, Лабковічы, Пяроты, словам - уся ваколіца.

Пасля пахавання, у кляштары адбыліся памінкі, падчас абеду ксёндз Белы працягваў размову з цёткай Занавай. Князь Стэфан Любамірскі з Дубровы, не меў магчымасці прысутнічаць асабіста, але выказаў спачуванне і пакінуў за сабой права ўсталяваць помнік на магіле Зана, а ксёндз Белы абяцаў прыдумаць надпіс на ім. Так і адбылося. Над магілай быў пастаўлены жалезны крыж з надпісам "Прыйдзі Каралеўства тваё", а на магіле, ля падножжа крыжа паклалі вялікі камень у форме сэрца з надпісам: "Мілы Богу і людзям Тамаш Зан", пад ім урывак з Эклезіяста і надпіс "Памёр у 1855 г. у Кахачыне". Як на той час, гэты надпіс шмат пра што казаў і цалкам задавальняў сям'ю. Па чатырох кутах магілы растуць ёлкі, а ўся яна абкружана тоўстымі ланцугамі на жалезных слупах. Магіла Зана некалькі разоў апісвалася і малявалася рознымі аўтарамі і мастакамі, апошні раз яго фатаграфаваў Кульвець у 1912 г. разам з руінамі замка.

Праз некалькі месяцаў пасля смерці мужа мая цётка Занава пакінула Кахачын на Клімашэўскага, а сама з дзецьмі выехала зімаваць у Малінаўшчыну, дзе жыла разам з намі. Адсюль яна ліставалася з Адынцом, Маліноўскім і іншымі сябрамі мужа, апецы якіх нябожчык даверыў сваіх дзяцей. Было вырашана для выхавання дзяцей стала пасяліцца ў Вільні. Так і зрабілі. Кватэру знялі за Вострай Брамай у доме місіянераў, Занава жыла тут і толькі лета праводзіла ў Беларусі, дзе даглядала магілу свайго вялікага мужа.

Памерла Брыгіта Занава ў 1900 г. у Панявежы, дзе жыла ў сына Абдона. Яшчэ пры жыцці абавязала сваіх сыноў пахаваць яе каля мужа. Калі на смалянскіх могілках для яе капалі дол, зачапілі труну Зана, і сын Абдон, збоку, праз шчыліну ад адпаўшай дошкі бачыў некалькі костак і ўзяў сабе на памяць кавалак збуцвелага фрачнага сукна. На магіле застаўся той самы камень, але каля крыжа па Тамашу, пастаў ідэнтычны, такі ж самы крыж, па цётцы з надпісам "Святым будзь імя Тваё". У 1903 г. у Кахачыне памёр і сын Абдон, радца Крэдытнага таварыства, на яго крыжы зрабілі надпіс "І адпусці нам грахі нашы". Магіла старэйшага сына Віктара засталася без помніка, ляжыць ён каля Абдона, памёр у Кахачыне 19 снежня 1912 года. Скапіраваная з надмагілля Зана памятная табліца, умуравана ў правай сцяне касцёла ў Смалянах. Трэці сын, Клеменс, спачывае на Росах.

[…]

Пераклад Леаніда Лаўрэша.

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

Падарожжы, дыпламатыя, гістарычная баявая слава: Дзеравінскі, Радзівіл, Стагановіч

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-52 (105-156) (2024); № 1-39 (157-196) за 2025 г.)

ДЗЕРАВІНСКІ Дзмітрый (Dzmitry Dzeravinski, Dmitry Derevinsky) - беларускі пасол у Венесуэле, мае адносіны да беларускай індзеяністыкі. Крыніца інфар-мацыі пра адну з яго сустрэч, па фотасправаздачы пра якую добра бачныя індзейскія карані ў прысутных на ёй: https://mfa.gov.by/be/press/news_mfa/d88c711f94b1dbfe.html


АБ СУСТРЭЧЫ ПАСЛА БЕЛАРУСІ Д. ДЗЕРАВІНСКАГА З НАМЕСНІКАМ МІНІСТРА ЗАМЕЖНЫХ СПРАЎ ВЕНЕСУЭЛЫ 20 ЖНІЎНЯ 2025 Г.

19 жніўня 2025 г. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Баліварыянскай Рэспубліцы Венесуэла Дзмітрый Дзеравінскі сустрэўся з намеснікам Міністра замежных спраў Венесуэлы па пытаннях супрацоўніцтва з краінамі Еўропы і Паўночнай Амерыкі Андрэа Караа [Андреа Корао, Andrea Corao].

Падчас сустрэчы абмеркавалі ўвесь комплекс беларуска-венесуэльскіх адносін, уключаючы сферы палітычнага, міжпарламенцкага і міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння, навукова-тэхнічнага, культурнага і гуманітарнага супрацоўніцтва, пытанні развіцця двухбаковай дагаворна-прававой базы.

Падрабязна разгледзелі пытанні гандлёва-эканамічнага блока, абмяняліся інфармацыяй аб бягучых і перспектыўных праектах супрацоўніцтва. Акрамя таго, выпрацавалі папярэдні графік і азначылі тэрміны правядзення двухбаковых мерапрыемстваў палітычнага і гандлёва-эканамічнага характару да канца 2025 года.

Літ.:

5087 Каракас // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 8. Мн., 1999. С. 47.

РАДЗІВІЛ Леан Канстанцін (Leon Constantine Radziwill) - Леан Канстанцін Мікалай Мацей Луі Франсуа Марыя Радзівіл; пра яго напісала Таццяна Варабей у артыкуле "Premiere defaite polonaise: польскі і беларускі нацыянальныя рухі пачатку ХХ ст. вачыма французскага арыстакрата Леана Радзівіла" (Acta Anniversaria, 2016). Нарадзіўся ў прадмесці Парыжа Сен-Клу (Saint-Cloud). Бацькам яго быў князь Канстанцін з Паланечкі (Паланэчка, Баранавіцкі раён), які ў Францыі ажаніўся з Луізай Антуанетай Бланк, дачкой заснавальніка казіно ў Монтэ-Карла. У Леана была сястра - Луіза Адэля Радзівіл, жонка герцага Армана дэ Ларашфуко.

"Князь Л. Радзівіл атрымаў вайсковую адукацыю, стаў афіцэрам французскай арміі. Пасля заканчэння службы ў каланіяльным палку накіраваўся каўбоем [па-мясцоваму гэта называецца "вакера", vaquero] у Мексіку, падарожнічаў па ЗША (Сан-Францыска, Чыкага, Вашынгтон, Нью-Ёрк), потым вярнуўся ў Парыж вывучаць права. Вёў досыць распусны лад жыцця ("ніколі ўсур'ёз не працаваў, прапальваў жыццё і быў гультаём"), меў шматлікія раманы і знаёмствы ў найлепшых мастацкіх і інтэлектуальных асяродках французскай сталіцы. У 1901-1903 гг. уваходзіў у кола блізкіх сяброў пісьменніка Марселя Пруста і стаў адным з прататыпаў Рабэра Сен-Лупа ў цыкле раманаў "У пошуках страчанага часу" (фр. A la recherche du temps perdu)".

Мабілізаваны ў час Першай сусветнай вайны, Леан Радзівіл прадэманстраваў мужнасць і заслужыў узнагароды. "Вярнуўшыся да цывільнага жыцця, Л. Радзівіл праводзіў шмат часу ва ўласным доме ў Парыжы, а таксама ў Эрменанвілі, дзе займаў пасаду мэра. Вёў напаўпустэльніцкае жыццё, хаця перыядычна ладзіў сустрэчы ветэранаў вайны і паляванні для сваіх даўніх сяброў".

"2 сакавіка 1927 г. князь Л. Радзівіл заўчасна загінуў ва ўзросце 46 гадоў пры трагічных, нявысветленых абставінах у Монтэ-Карла (паводле афіцыйнай версіі - памёр ад сардэчнага прыступу, але, хутчэй за ўсё, быў забіты). Пахаваны на могілках у Эрменанвілі, дзе на ратушнай плошчы, якая носіць імя князя (фр. Place Leon Radziwill), яму ўсталяваны помнік".

Літ.:

877 Азаров А. "Краснокожие" под... Парижем // Знамя юности. 1990. 18 марта.

СТАГАНОВІЧ Тамара (4) - у Білінгсе яны з мужам начавалі, Бозман праязджалі - гэтыя месцовасці Мантаны прысутнічаюць у спісе населеных пунктаў, якія зафіксаваныя ў нашых выходных і ўваходных лістах і на штэмпелях.

Тамара Стагановіч

ПОМНІКІ ІНДЗЕЙСКАЙ ГІСТОРЫІ Ў ПАЎДНЁВАЙ ДАКОЦЕ І МАНТАНЕ

Для другой прыгоды - для капання сініх сапфіраў - мы выбралі месца ў штаце Мантана [Монтана] і накіраваліся туды. Пераязджаючы іншыя штаты, мы спыняліся [астанаўляліся] і аглядалі розныя гістарычныя мясцовасці ці месцы бітваў з індыянамі. Напрыклад, у Паўднёвай [Паўдзённай] Дакоце мы затрымаліся ў Рапід-Сіці [Рапід Сіці] (Rapid City), дзе знаходзяцца выразьбленыя ў скале, вельмі высока ў горах Гара Рашмор (Mount Rushmore), чатыры асобы прэзідэнтаў Амерыкі. Джордж Вашынгтон, Томас Джэферсан, Аўраам [Абрагам] Лінкальн [Лінкольн] і Тэадор Рузвельт. Іх выразьбіў скульптар шведскага паходжання (Bоrglum - Борглюм). Як манумент духу і ідэалаў Амерыкі.

[…]

Нарабілі шмат фатаграфій. Турыстаў тысячы, няма месца, каб дабіцца зрабіць фота. У такія моманты [мамэнты] мы шкадавалі нашы зімовыя вакацыі.

Недалёка ад гары Рашмор мы адведалі другі падобны праект - пачаты, але няскончаны скульптарам Корчакам Зёлкоўскім [так у кнізе, Зюлкоўскі, Korczak Ziolkowski]. Праект яго - "Дурны Конь манюмэнт" (Crazy Horse - назва аднаго з правадыроў [галавароў] індыянаў). Гэты праект гуманітарны; у будучыні меў уключыць: 1. 563 футаў велічыні скульптуру індыяніна на кані; 2. Індыянскі музей Паўночнае Амерыкі; 3. Універсітэт і медыцынскі [мэдычны] цэнтр для паўночнаамерыканскіх індыянаў.

Аляксандрава заўвага: "Ві (Victor = Vi, пляменьнік Аляксандра, піша да яго!), мара паўстагоддзя! Праект быў пачаты хутка пасля таго, як пачалася разьба на Гары Рашмор. Ён ушаноўвае Шэфа (chief = шэф ці галавар) індыянаў "Дурны Конь", каторы вёў індыянаў супраць генерала Кастэра ў апошні бой".

Сёння толькі вузенькі тунэль, дзе павінен быць прастор пад пахай і абрыс [шкіц] фігуры нарысаваны белай фарбай па скалах гары, што ўжо закончаны. Сам скульптар ужо памёр, але яго сям'я прадаўжае працу гэтага праекту, не прымаючы дзяржаўнае фінансавае дапамогі, толькі публічныя дарункі.

Другім слаўным індыянскім правадыром быў Сядзячы Буйвал (Sitting Bull). Ён быў не толькі вайсковым правадыром, але і духоўным. Гэты легендарны галава індыянаў шукаў ідэальнае жыццё для сваіх людзей каля 40 гадоў падчас спробы амерыканцаў завалодаць землямі Сіў [Сіу] (Sioux).

Заўвага Аляксандра ў лісце да пляменніка: "Сядзячы Буйвал навучаў сваіх індыянаў-наследнікаў, што лекі белага чалавека будуць таксама служыць і ім, індыянам, калі індыяне будуць рабіць тое самае, што і як робяць белыя людзі. Разгром арміі Кастэра (Custer) індыянамі даказаў, што Сядзячы Буйвал меў рацыю.

Сядзячы Буйвал быў замардаваны штылетам у спіну перад тым, як ён дасягнуў свае мэты пераканаць індыянаў наследаваць белых людзей у іх паводзінах, але не толькі ў вайсковых бітвах. Мы адведалі яго магілу ў блізкай вёсцы ягонай. А ягоны помнік [памятнік] стаіць у іншым месцы на горцы, з якой відаць індыянскія землі кругом".

Мы таксама хацелі папробаваць, як капаюць і вымываюць золата. Гэты невялічкі гарадок і ўсе ваколіцы былі занятыя матацыкламі [матацыклямі]. Нідзе немагчыма было спыніць [астанавіць] аўта. Шукалі матэлю, каб нанач наняць пакой [комнату]. Усё занятае!

[…]

Па дарозе мы спыніліся [зупыніліся] адведаць слаўнае гістарычнае месца бітвы Кастэра з амерыканскімі індыянамі, дзе Кастэр і ягоныя воіны былі ўсе пабітыя; перамога індыянаў [Battle of the Little Bighorn]! Мы шмат часу правялі на гэтым гарбатым полі, адведваючы сям-там помнікі, дзе апісваецца, хто і дзе з кім тут біўся. Я плакала, гледзячы на гэтае пабоішча, дзе цяпер гнулася высокая, залацістая трава, пакрываючы целы і кроў абодвух бакоў. У абрывах над рэчкай і далей жывуць індыяне. Як ім пераносіць гэты боль страчаных [утрачаных] іх бацькоў, мужоў, братоў? Няўжо не маглі дагаварыцца пра вымогі індыянаў, якія абаранялі [зашчышчалі] свае землі? А глянь на Амерыку! Якая яна памешаная - усе нацыі свету жывуць тут! Але ж тады новапрыезджыя дамагаліся ўсё больш і больш зямлі для белых пасяленцаў!

Шмат пісалі пра гэтую канчатковую бітву, пра самога Кастэра, пра абарону індыянаў. Мне помніцца, як індыянскі камандор [выказваўся] высказаўся, калі яго запыталіся, як і чым ён выйграў бітву. Ягоны адказ: "Я рабіў тое самае, што рабіў і Кастэр". Дык выглядае, што тая самая тактыка Кастэра і пабіла яго самога?!

Літ.: 11886 Сімакоў А. Зямля зачаравання: жывапісцы з Беларусі ў Нью-Мексіка // Мастацтва. 2021. № 12. С. 18-19.

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.

Індзейцы , индейцы , Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Bielorrusia, Belarus; Алесь Симаков . Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 164].

"Я Вам пішу…"

30 верасня 2025 года ў Лідскім замку адбылося адкрыццё выставы "Я Вам пішу…" лаўрэата Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне", гісторыка, даследчыка, грамадскага дзеяча, аўтара гістарычна-асветніцкага праекта "У пошуках згубленага" - Ліхадзедава Уладзіміра Аляксеевіча. На выставе прадстаўлена ўнікальная калекцыя прыбораў для пісьма, арыгінальных пісьмовых і друкаваных матэрыялаў.

Наш кар.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX