Наша слова.pdf № 42 (198), 15 кастрычніка 2025.
Нобелеўскую прэмію па літаратуры атрымаў венгерскі пісьменнік Ласла Краснахаркаі
Лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па літаратуры 2025 года стаў венгерскі пісьменнік Ласла Краснахаркаі. Прэмія прысуджана "за яго пераканаўчую і празорлівую творчасць, якая ва ўмовах апакаліптычнага жаху зноў пацвяр-джае сілу мастацтва", гаворыцца ў прэс-рэлізе Нобелеўскага камітэта.
Ласла Краснахаркаі - аўтар эпічных твораў у традыцыях Цэнтральнай Еўропы, якія распасціраюцца ад Кафкі да Томаса Бернхарда і характарызуюцца абсурдызмам і гратэскавай празмернасцю. Але ў яго ёсць і іншыя таленты: ён таксама звяртаецца да Усходу, прымаючы больш сузіральны, тонка вывераны тон, адзначае Нобелеўскі камітэт.
Ласла Краснахаркаі нарадзіўся ў 1954 годзе ў невялікім мястэчку Дз'юла на паўднёвым усходзе Венгрыі, недалёка ад румынскай мяжы. Падобная аддаленая сельская мясцовасць стала месцам дзеяння першага рамана Краснахаркаі "Сатанінскае танга", апублікаванага ў 1985 годзе і стаўшага літаратурнай сенсацыяй у Венгрыі і прарывам у творчасці аўтара. У інтэрв'ю пісьменнік распавядаў, што "хацеў напісаць усяго адну кнігу - і пасля гэтага займацца іншымі рэчамі, асабліва музыкай".
У рамане распавядаецца пра тое, як у мястэчка, якое знаходзіцца ў камуністычнай Венгрыі вяртаецца чалавек па імені Ірыміяс, якога даўно лічылі мёртвым, - з абяцаннем новага жыцця, у якое лёгка гатовы паверыць мясцовыя жыхары. Праз амаль 10 гадоў рэжысёр Бялая Тар зняў па кнізе фільм працягласцю ў сем з паловай гадзін, які лічыцца культавым.
Ужо ў першай кнізе прыкметныя галоўныя тэмы Краснахаркаі, якія потым з'явяцца і ў будучых яго раманах - час, які замёр, апакаліптычнае адчуванне крызісу і рас-паду. Стыль венгерскага пісьменніка часта параўноўва-юць з Мікалаем Гогалем, Самюэлем Бекетам і, вядома, з Францам Кафкам. "Калі я не чытаю Кафку, я думаю пра Кафку. Калі я не думаю пра Кафку, я сумую па думках пра яго. Калі я думаю пра яго нейкі час, я дастаю яго і чы-таю зноў. Вось, як гэта працуе", - казаў Краснахаркаі.
У 2015 годзе Краснахаркаі стаў лаўрэатам шостай міжнароднай літаратурнай Букераўскай прэміі. Тады суддзі адзначылі незвычайную інтэнсіўнасць і моўны дыяпазон яго твораў.
У ліку іншых вядомых кніг пісьменніка - раман "Меланхолія супраціву", напісаны ў 1989 годзе. У цэнтры сюжэту - прыбылы ў маленькі горад таямнічы цырк, галоўным атракцыёнам у якім служыць пудзіла велічэз-нага кіта. Гэтая падзея ў выніку прыводзіць да беспарад-каў, і горад ахоплівае хаос. Сярод іншых кніг Ласла Красна-харкаі найболей вядомыя раманы "Вайна і вайна" (1999) і "Сі-ван-му тут сярод нас" (2008).
На кар'еру Краснахаркаі аказалі ўплыў як ванд-роўкі, так і мова. Упершыню ён пакінуў камуністычную Венгрыю ў 1987 годзе, правёўшы год у Заходнім Берліне па стыпендыі, а пазней чэрпаў натхненне ва Усходняй Азіі, асабліва ў Манголіі і Кітаі, для такіх твораў, як "Вязень Ургі" і "Разбурэнне і скруха пад нябёсамі".
Падчас працы над кнігай "Вайна і вайна" ён шмат падарожнічаў па Еўропе і некаторы час жыў у нью-ёркскай кватэры Алена Гінзберга, пасля назваўшы яго пад-трымку вырашальнай для завяршэння рамана.
Фірмовы стыль Ласла Краснахаркаі - струмень свядомасці з вельмі доўгіх сказаў, не падзелены на абзацы масіў тэксту - робяць чытанне яго кніг няпростым заняткам. Перакладчык венгерскага пісьменніка на ангельскую мову паэт Джордж Сіртэш апісваў яго творы як "павольны струмень лавы апавядання, шырокую чорную раку тэксту".
Паводле СМІ.
ЛІДСКАЯ КУЛЬТУРА НА ВЫШЫНІ
Найбольш яркія прадстаўнікі сферы культуры Гарадзеншчыны сабраліся 9 кастрычніка ў абласным драматычным тэатры на ўрачыстым мерапрыемстве, прысвечаным Дню работнікаў культуры.
Работа калектыва Лідскага гісторыка-мастацкага музея адзначана Ганаровай граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь за шматгадовую плённую дзейнасць па развіцці і папулярызацыі нацыянальнай культуры.
Падзякай Старшыні Гарадзенскага абласнога выканаўчага камітэта ўзнагароджана Сергеева Вольга Віктараўна, кіраўнік народнага ансамбля песні і танца "Лідчанка" ДУ "Палац культуры горада Ліды"
Ганаровай Граматай кіравання культуры Гарадзенскага абласнога выканаўчага камітэта ўзнагароджана Булай Ганна Мікалаеўна, загадчык філіялам "Ганчарскі Дом культуры" ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і на-роднай творчасці".
ТК "Культура Лідчыны".
З табой маё слова, Радзіма!
9 кастрычніка, вучаніца 9Б класа Лізавета Юндо і настаўнік беларускай мовы і літаратуры Алена Уладзіславаўна Русецкая СШ № 11 г. Ліды бралі ўдзел у цы-рымоніі ўшанавання пераможцаў міжнароднага конкурсу "Гэта трэба не мёртвым! Гэта трэба жывым!", якая праходзіла ў горадзе Магілёве. Па выніках адкрытага літа-ратурнага конкурсу беларускамоўных вершаў "З табой маё слова, Радзіма!" у намінацыі "Добра на свеце без вайны" ва ўзроставай катэгорыі 14-17 гадоў вучаніца Лізавета Юндо ўзнагароджана Дыпломам ІІІ ступені. Віншуем Лізавету і Алену Уладзіславаўну з высокай узнагародай.
Наталля Анашкевіч.
БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Станіслаў Суднік
Колеры і масці ў Лідзе і ў астатняй Беларусі
У 2020 годзе ад Лідскіх курсаў "Мова-нанова" мне паступіла просьба прачытаць лекцыю на тэму "Колеры ў беларускай мове". Я ўзяў трохі шырэй і, каб было цікавей, дадаў раздзел "Масці ў беларускай мове". Па часе лекцыя прыпала на складаны перыяд і чыталася дыстанцыйна. Ну, прачыталася і прачыталася, і не лішнім было б яе надрукаваць, але па ходу падрыхтоўкі лекцыі я даведаўся, што ў 2018 годзе выйшла кніга глыбока паважанага мной інтэлектуала Міхала Анам-педыстава "Колеры Беларусі". Кніга на той момант аказалася недаступнай, а без знаёмства з ёй друкаваць нешта было не карэктна. Як у тым выслоўі: "Не так цяжка напісаць дысертацыю, як даведацца, ці не напісана ўжо дысертацыя на гэтую тэму". А тут ведаеш, што кніга пра колеры напісана, а яе не дастаць, ну і ўсё адклалася. У 2025 годзе я замовіў усё-такі гэтую кнігу па МБА (працуе яшчэ гэтая сістэма), і цяпер можна нешта чэсна запазычыць, з нечым не згадзіцца, але гэтая мая праца - не пераказ кнігі спадара Міхала і не наследаванне, а ўсё, што будзе ўзятае, то гэта толькі для таго, каб ровар другі раз не вынаходзіць.
У Сусвеце два асноўныя і супрацьлеглыя колеры: белы і чорны. На мяжы белага і чорнага існуе шэры колер рознай насычанасці.
Белы, чорны і шэры колер адносяцца да ахра-матычных колераў і па сутнасці колерамі, як такімі ў фізічным сэнсе не з'яўляюцца.
Абсалютна белы колер - гэта сувакупнасць бясконцай колькасці электрамагнітных гармонік, якія выпраменьваюцца ад адной ці некалькіх крыніц. Паколькі бясконцая колькасць гармонік дасягнута быць не можа, на тое яна і бясконцая, то і абсалютна белага колеру не існуе ў фізічнай прыродзе. Існуе ўмоўна белы колер, у той ці іншай ступені набліжаны да абсалютнага. На-прыклад, святло белых зорак больш набліжана да абса-лютна белага, чым святло жоўтых, або чырвоных зорак.
Паколькі для чалавека колер - гэта суб'ектыўнае псіхічнае ўражанне, якое ўзнікае дзякуючы яго псіхафізія-лагічным здольнасцям у момант, калі ў вока трапляюць электрамагнітныя хвалі бачнага дыяпазону, то-бок святло, то каб бачыць белы колер, чалавеку дастаткова прыняць вачыма адпаведную колькасць гармонік адпаведнай жа інтэнсіўнасці. Гармонікі высокай інтэнсіўнасці чалавек можа ўспрымаць і іншымі часткамі цела, напрыклад, цяпло ад электрычнай лямпачкі чалавек успрымае і рукой, калі спрабуе яе выкруціць, не выключыўшы. Зусім нябач-ныя вокам хвалі ад гарачай печы чалавек таксама ўспры-мае целам непасрэдна ці апасрэдавана.
Абсалютна чорны колер - гэта, магчыма, колер чорнай дзіркі, якая не выпраменьвае абсалютна нічога, і саму яе вучоныя бачаць толькі на больш светлым фоне. Чорны квадрат Малевіча мы бачым толькі на светлым фоне. Дакладней, мы бачым фон, а сам квадрат ніякіх гармонік не адлюстроўвае.
Чалавечае вока бачыць два чорныя колеры. Адзін чорны колер - гэта сукупнасць гармонік больш нізкай частаты за частату чырвоных гармонік. Другі чорны колер - гэта сукупнасць гармонік больш высокай частаты, чым фіялетавыя гармонікі. Тая з'ява, што некаторыя жывёлы добра бачаць у цемнаце, абазначае толькі тое, што вока гэтай жывёліны ўспрымае больш шырокі спектр, чым вока чалавека.
Шэры колер узнікае ў выніку аслаблення гармонік бачнай часткі спектру.
Гісторыя навукі пра колер
Прынята вылучаць два этапы ў гісторыі класіфіка-цыі колеру: да XVII стагоддзя і XVII стагоддзе - нашы дні.
Міфалагічны этап. Вылучаліся тры колеры: Чырвоны, Белы, Чорны.
1) Архаічная ці трайковая сістэма. Колеры: Чырвоны, Белы, Чорны.
2) Ведычная, ці сістэма заснаваная на Ведах. Наступныя колеры: Чырвоны (усходнія прамяні Сонца), Белы (паўднёвыя прамяні), Чорны (заходнія прамяні), Вельмі чорны (паўночныя прамяні), Нябачны (цэнтр).
Грэка-рымская антычнасць. У 5-м ст. да н.э. Эмпедокл сцвярджаў, што Сусвет складаецца з: вады ( Чорны), паветра ( Белы), агню ( Чырвоны), і зямлі ( Жоўты, Охра). А ўсё астатняе атрымліваецца шляхам змешвання гэтых чатырох стыхій.
Арыстоцель вылучаў тры асноўныя колеры: Белы (вада, паветра, зямля), Жоўты (агонь), Чорны (разбурэн-не, стан пераходу).
Планід у сваёй "Натуральнай гісторыі" вылучыў чатыры асноўныя колеры: Чырвоны, Белы, Жоўты і Чорны.
Для вызначэння асноўных колераў Эмпедокл і Планід карысталіся зрокавымі ўражаннямі, а Арыстоцель вызначаў іх эксперементальным шляхам.
Сярэднія вякі. Заходняя Еўропа
У Сярэднія вякі ў Еўропе ўсяму, у тым ліку і колер-най гаме імкнуліся надаць духоўны пачатак.
На мал. 1 Белы колер сімвалізуе Хрыста, Бога, анёлаў, з'яўляецца чыстым бязгрэшным колерам. Жоўты колер - знак асветы, дзеяння Духу Святога. Чырвоны - агонь, сонца, кроў Хрыста. Сіні - колер неба, мясціны Бога. Зялёны - колер ежы, расліннасці, зямны шлях Хрыста. Чорны - падземны колер, колер зла, Антыхрыста. Фіялетавы - колер супярэчнасцяў.
Гэтак жа досыць цікавай была антысістэма колераў, куды ўваходзілі "згаслыя" колеры, г.зн. любы колер у спалучэнні з Карычневым.
Рэнесанс
Леанарда Да Вінчы - стваральнік новай каляровай сістэмы. Ён лічыў, што асноўных колераў шэсць. Чырвоны, Жоўты, Зялёны, Сіні, Белы, Чорны.
Еўропа. XVII-XIX стагоддзі
Тым часам у гісторыі класіфікацыі колеру пачы-наецца новы этап. Пачынаецца працэс падзелу колеру. Ньютан уводзіць навуковую сімволіку падзелу колераў. Ён бярэ спектр белага колеру, у якім вылучае ўсе храма-тычныя колеры: Чырвоны, Аранжавы (Памяранцавы), Зялёны, Блакітны (Сіне-зялёны), Сіні, Фіялетавы, дадаючы да гэтага спалучэння Пурпурны (лічыць гэты колер змешваннем чырвонага і фіялетавага).
У XVII стагоддзі ў Еўропе пануюць два стылі: 1) Барока. Усхваляцца перавага колеру. 2) Класіцызм. Цэняцца толькі адценні колераў, аснова - прыглушаныя колеры.
У XVIII стагоддзі барока ператвараецца ў ракако. З'яўляецца цяга да асіметрыі кампазіцыі, дэкору (мяккая дэталіроўка форм), спалучэнне яркіх і чыстых таноў колеру з белым і золатам.
Гётэ ў канцы стагоддзя прапанаваў новы спосаб класіфікацыі колераў па фізіялагічным прынцыпе. Колеры: Чырвоны, Аранжавы (Памяранцавы) , Жоўты, Зялёны, Сіні, Фіялетавы.
У XIX стагоддзі ў Еўропе ўзнікае рамантызм. У выніку яго ўзнікненне прыводзіць да з'яўлення двух супрацьлеглых кірункаў: натуралізму (датошная перадача ўсіх колераў, таноў, адценняў) і імпрэсіянізму (перадача вобразаў).
У гэты ж час, сучаснік Гётэ, Філіп Ота Рунге распрацаваў свою сістэму класіфікацыі колераў, выкарыстоўваючы прынцып глобуса ці шара.
Вакол экватара размешчаны дваннаццаціколерны натуральны круг, верхний полюс пакрыты белым, ніжні - чорным колерам.
Паміж чыстымі, стракатымі колерамі экватара і некаляровымі палюсамі знаходзяцца сумесі з адпаведна чыстай фарбы з белым колерам (уверсе шара знаходзяцца пастэльныя фарбы) ці з чорным (унізе шара - цёмныя адценні ці пацямненні).
Кожны пункт на гэтым каляровым глобусе можа быць абумоўлены даўгатой і шыратой, што робіць маг-чымым вызначэння назвы колеру пры дапамозе адпаведнай сістэмы вылічэння. У такой сістэме ён прадугледзеў усе пераходы ад любога колеру да любога.
Акрамя гэтага, можна адзначыць наступных вучоных, якія ўнеслі свой уклад у класіфікацыю колеру: Шаўроль (паўсфера), Адамс, Бецольд, Гельм Гольц.
Мадэрн
Колер становіцца сімвалам. Асаблівасці эстэтыкі стылю мадэрн:
1) Перавага прыглушаных, зацемненых колераў, складаных нюансных гамаў, мноства адценяў пры вузкай палітры, дабаўленне металічных пігментаў (золата, срэбра, бронза)
2) Колер становіцца ў большай ступені сродкам выражэння, чым падражання.
3) Абазначаецца тэндэнцыя набліжэння колеру да музыкі.
Навуковец Оствальд удасканаліў сістэму сферы Рунге. Ён бярэ круг, падзяляе яго на 24 часткі, зафарбоўвае кожны сектар у адпаведны колер (гл. мал.4), але прадстаўляе ўсе колеры ў выглядзе замкнёнага каляровага цела, якое складаецца з двух конусаў, аб'яднаных агульнай асновай. Адзінай воссю конусаў з'яўляецца ахрама-тычны шэраг: верхняя кропка - белы колер, ніжняя - чорны (гл. мал. 5).
Па акружнасці асновы размешчаны найболей насычаныя спектральныя колеры (колеры вясёлкі), якія размешчаны ў адпаведнай паслядоўнасці: чырвоны - аранжавы - жоўты - зялёны - блакітны - сіні - фіялетавы. Вы напэўна памятаеце жартаўлівую рускамоўную хутка-моўку, у якой першая літара кожнага слова з'яўляецца першай літарай назвы колеру: "Каждый Охотник Желает Знать, Где Сидит Фазан".
Беларускія адпаведнікі могуць гучаць наступным чынам: "Чарадзей Апрануў Жупан з Зіхоткімі, Бліскучымі, Стракатымі Фалдамі". "Частуецца Апетытнымі Жабкамі З Беларускіх Сажалак Француз".
P.S. У наш час не прынята падзяляць колеры на другарадныя і галоўныя (выключэнне сустракаецца ў: геральдыцы, сігналізацыі і кадзіроўцы знакаў разметкі).
І цяпер мы пяройдзем да колераў непасрэдна ў беларускай мове.
Асноўныя колеры.
Ахраматычныя: Белы, Чорны, Шэры (Шары).
Гэтыя словы нічога не значаць акрамя саміх сябе, ніадкуль не паходзяць. Белы на санскрыце гучыць як shvetah. Адпаведнае яму па гучанні слова светлы аба-значае ў прынцыпе тое самае, але не адказвае на пытанне пра паходжанне самога слова белы. Яно першаснае - таму асноўнае.
Храматычныя: Чырвоны, Жоўты, Зялёны, Сіні. Гэтыя словы таксама першасныя.
Колеры: Аранжавы (Памяранцавы, Памяран-чавы) - паходзіць ад назвы апельсіна ў розных мовах. У санскрыце аранжавы - narang. У прынцыпе блізка па гучанні.
Блакітны (Нябескі) - паходзяць ад словаў блакіт і неба.
Фіялетавы ад слова фіялка.
У Беларусі на сёння ўжываюцца спектральныя і дадатковыя да спектра колеры:
Акрамя прыведзеных вышэй ужываюцца яшчэ колеры:
Руды (рыжы) - Рижий,
Русы - Русый,
Срэбны (алюміневы) - серебряный, аллюминевый,
Перламутравы - перломутровый,
Каштанавы - каштановый,
Салатавы - салатовый,
Бэзавы - сиреневый,
Бурачковы - свекольный,
Малінавы - малиновый,
Лімонны (Цытрынавы) - лимонный,
Цынкавы - цинковый,
Медны - медный.
Вядомы таксама гістарычныя колеры:
Гранатовы - гэта не гранатавы, а цёмна-сіні колер. Быў даволі папулярны, часта сустракаецца ў гістарычнай літаратуры.
Амарантавы - малінавы. Колер сцяга гараля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага.
І гэта кароткі спіс.
(Працяг у наступным нумары.)
С А Н Е Т Ы
Язэп Палубятка
***
Рукі яшчэ не злажылі на грудзі,
І спазнаю ў тым: то радасць, а можа тугу?
Дзіўлюся, што смерць, забраць да сябе марудзіць,
Падсобіць я ёй ніяк не магу.
Дзівосы дня, дзівосы свету, усё бяжыць
Перад вачыма, што кругі,
Ды нехта палка шэпча ў вуха: сябе паберажы,
Як размаіты краскі летам, прывабны рэчкі берагі!
Цвіценне гнілі, пах дурноты,
У даліне сцелецца туман,
Тут дзень жыцця - усё новыя бядоты!
Зноў галаву ахутаў мне дурман.
А я іду, не выбіраю сцежкі,
Стамлюся ды, прысеўшы на ўзмежку,
пайду далей.
***
Вольным чалавек бывае ў дамавіне.
Са свечкі павольна воск аплывае.
Застанецца нябожчык ва ўспаміне,
Цела яго назаўжды астывае.
Хай нехта кажа, што табе добра жылося.
Толькі пакутныя нашы зямныя дарогі.
Так, нешта збылося, а штось не збылося.
Ды толькі дарэмна таптаў ты чужыя парогі.
Не плачся пра збітыя босыя ногі,
Яны яшчэ зведаюць шлях небыцця -
Гэта варунак жыцця.
Агулам не варта казаць пра растанне,
Як першым сыдзеш туды
Ды, як каго пабачыш з нашых,
перадай ад мяне прывітанне.
***
Чалавека цягнуць горы і моры,
Бывае, што ніколі ён іх не пабачыць.
Прывабны дзяўчыны ўборы -
Усё для таго, каб кагосьці прывабіць.
Шлях чалавечы, як зорны, так росны.
Восенню верас кветкай пунсовы.
Як не кажы, па жыцці ўсё не проста,
Сонца заход бывае барвовы.
Шпак свішча, чырыкае верабей, сонейка свеціць.
Можа яшчэ хтось прыдумае новы матыў,
Як салаўіны пошчак у кустовым вецці.
Толькі нябожчык сваё ўжо аджыў.
Ён душою навекі адцвіў
І не зведаў бяды ў адзіноце.
***
Ластаўкі яшчэ не адляцелі,
Цыбаты жораў мерае затоку,
Паважна, крок за крокам.
Вось толькі птушак гнёзды апусцелі.
Брыду пратоптанай калісь бацькамі сцежкай,
Шапоча першае апалае лісцё.
Іду ў адуме, нібы ў небыццё,
Душа пакутуе, на сэрцы нешта цяжарам лягло.
Цяжкае першае слова "кахаю",
Што надалей - я не знаю.
Сумныя ўвосень наўкол паплавы.
Толькі б не збіцца мне з гэтай дарогі,
Па якой я кудысьці іду.
Ведаю - шлях да канца свой прайду.
***
Халуя можа нехта і ўспомніць,
Толькі словам якім - не скажу.
На неба сцюдзёнае сумна гляджу.
Чыноўнікаў гульні - усіх не прыпомніць.
Гляжу я на небе і думаю:
- Маці-Радзіма, навошта табе,
Калі ты мкнеш у светлае, век заставацца ў бядзе?
Я аб тым толькі сумую.
Толькі б надзея гэта збылася.
Не памірай жа жабрачкай ў апале!
Восень. Клёна лістота на землю ўпала.
Сапрэла. Згніла і прапала.
Толькі ўвесну зелень паўстане.
Ведайце! Разам з Радзімай прачнуся да рання.
***
Вясною ад прэлага лісця ўздымаецца пара,
Кахання мінулага жар ператворыцца ў прысак.
Сустрэч і растанняў душыць пачвара,
А на губах пацалунка прыемны агрызак.
Недзе ў свеце віруе вайна,
А нехта ляпеча аб міры.
У нашым жыцці была тайна адна,
Ды толькі яе мы згубілі…
Вецер надзеяў тлум развявае,
Засталіся з дубравы трухлявыя пні,
А салавей толькі ўвесну спявае.
Наўкола цябе карагодаў дні,
На сонейку коцік млосна зяхае,
Канае жыццё. Мы з табой засталіся адны.
***
Краіна дзяцінства не вернецца,
Як крадзеных яблыкаў смак.
У нашым жыцці штось бывае не так,
Ты не сумуй, усё перавернецца,
Усё паўстане не так.
Мроі мае між аблокаў высокіх
І летуценні ў краінах далёкіх.
Нехта кладзецца спаць на бівак.
Сумна, калі ты застаўся адзін -
Гэта табе аб жыцці напамін.
Змірыся, хай нават журботна,
Ды адчувай сябе зараз вальготна.
Восенню ранкам паўстане туман.
І ў шчырым каханні здараецца зман.
***
Усё, што было, даўно прайшло,
І кроў не стукае, як колісь, у скроні,
Ды старасць мне працягнула далоні,
Меркне ў вачах святло.
Вясёлкай дзіўнай здаваўся мне свет,
Куток бацькоўскі - болей, чым цэлы Сусвет.
На вараннё - ніякай увагі!
Падзякуй тым, хто кажа знявагі.
Гай адшуміць тою восеньскай песняй,
Нешта самотаю стане тады.
Ціха прамові: такой жа бяды.
Веру! Сустрэнемся мы на прадвесні,
Знікне асадак зімовай нуды,
Вось і вырашым, як жыць тады.
***
Мы шукалі з табою рай,
Толькі пекла было бліжэй.
Але яснасць тваіх вачэй
Затлуманіла плойма зграй.
Дарога ў вечнасць ляжыць для ўсіх,
Мы ідзём па ёй спакваля.
На лістоту ўлетку напала тля,
Мо пра наша жыццё нехта піша трыпціх?
Мне даспадобы гутаркі, смех,
Нават калі нехта раптам прыціх.
Моўчкі пакутую: даспадобы мне ўсе,
Усе, хто паміне мяне, як пакладуць у труну.
Ой! Як хацеў бы сказаць пра ўсіх вас,
Ды язык задубеў - не магу.
Згукі Дня беларускага пісьменства ў Лідзе
"Іван Пятровіч Катлярэўскі ніколі не служыў у Лідзе", - паведаміў штучны інтэлект
У кнізе "Край наш вольны, край любімы" (Мінск, "Мастацкая літаратура", 2025) напісана, штоў Лідзе "служыў украінскі паэт Іван Катлярэўскі". Лідскія краязнаўцы з гэтым пытаннем даўно разабраліся, але як цяжка разбураюцца легенды!
А гісторыя пытання такая. Некалі, за савецкім ча-сам, нехта з руплівых лідскіх краязнаўцаў недзе знайшоў інфармацыю, што ў Пскоўскім драгунскім палку служыў нейкі Катлярэўскі. У 1806-1808 гадах Пскоўскі драгунскі полк стаяў у Лідзе. На дварэ была эпоха дружбы народаў, і лідскія гісторыкі вырашылі, што гэта мусіць быць Іван Пятровіч Катлярэўскі, расійскі імперскі афіцэр і па сумяш-чальніцтву "пачынальнік украінскай літаратуры". Інфар-мацыю паднялі на шчыт, уключылі ва ўсе "святцы" і нават вуліцу ў Лідзе назвалі імем Катлярэўскага.
Але вось біяграфія І.П. Катлярэўскага:
"Іван Катлярэўскі нарадзіўся ў Палтаве ў 1769 годзе ў сям'і Катлярэўскіх, высакароднага казацка-старшыннага роду. Бацька Івана - Пётр Іванавіч Катлярэўскі - займаў пасаду канцылярыста ў палтаўскім гарадавым магістраце. Маці - Параскева Лаўрынаўна Жукоўская - дачка соцен-нага казака з Рашацілаўкі. Дзед па бацьку быў дыяканам у Свята-Успенскім саборы Палтавы.
У 1780-1789 гадах Іван вучыўся ў Екацярына-слаўскйй духоўнай семінарыі. У 1789-1793 гадах працаваў канцылярыстам, у 1793-1796 гадах - дарэктарам у сельскіх абшарніцкіх сем'ях.
У 1796-1808 гадах Іван Катлярэўскі знаходзіўся на вайсковай службе. 1 красавіка 1796 года прызначаны ка-дэтам у Северскі драгунскі полк, 11 ліпеня 1796 года павы-шаны ў аўдытары, у 1798 годзе пераназваны ў прапарш-чыкі, 8 студзеня 1799 года павышаны ў падпаручнікі, а 5 лютага гэтага ж года - у паручнікі. У 1802 годзе Катлярэў-скі быў прыкамандзіраваны ў якасці ад'ютанта да інспек-тара Днястроўскай і Крымскай інспекцыі генерала ад кава-лерыі маркіза Датышампа. Затым, з 1806 года (арыенці-ровачна) па 3 лістапада 1807 года Катлярэўскі працягнуў службу як ад'ютант барона К. І. Мейяндорфа, камандзіра 2-га карпуса войскаў, прызначаных для вайны з туркамі. 12 красавіка 1806 года Катлярэўскі павышаны ў штабс-капітаны.
У 1806-1807 гадах Катлярэўскі ў чыне штабс-ка-пітана браў удзел у Руска-турэцкай вайне 1806-1812 гадоў, быў удзельнікам аблогі Ізмаіла. Узнагароджаны ордэнам Святой Ганны 3-й ступені. У 1808 годзе выйшаў у адстаўку. З 1810 года працаваў наглядчыкам "Дома для выхавання дзяцей бедных дваран". У 1812 годзе падчас паходу Напалеона І Банапарта на Расію Катлярэўскі з дазволу Маларасійскага генерал-губернатара князя Я. І. Лаба-нава-Растоўскага ў жніўні сфармаваў у мястэчку Гарошыне Харольскага павета на Палтаўшчыне 5-ты Маларасійскі казачы конны полк, за што атрымаў чын маёра. Катлярэўскаму было абяцана, што пасля канца вайны 5-ты Маларасійскі полк будзе захаваны як сталае казацкае войска. Аднак гэтая ідэя засталася нерэалізаванай.
У 1816-1821 гадах Катлярэўскі - дырэктар Палтаў-скага Свабоднага тэатра. У 1818-1819 гадах разам з В. Лукашэвічам, В. Тарнаўскім і інш. уваходзіў у склад палтаў-скай масонскай ложы М. Н. Новікава "Любоў да Праў-ды" (в. а. Сакратара ложы, Аратар ложы). Катлярэўскі аказваў садзейнічанне выкупу М. С. Шчэпкіна з прыгон-нага стану. У 1827-1835 гадах - апякун богадагодных устаноў.
Памёр у Палтаве, у 1838 годзе. Помнік на магіле на свае сродкі паставіў яго сябар Павел Сцеблін-Каменскі.
Катлярэўскі не быў жанаты. Яго спадчынніцай і гаспадыняй сядзібы стала ахмістрыня Матрона Яфрэмаўна Вяклевічава.
Літаратурную дзейнасць пачаў каля 1794 года. Катлярэўскі - аўтар "Энеіды" (1798, тры часткі; 1842 - поўнае пасмяротнае выданне), якая некалькі разоў перавыдавалася пад назвай "Вергилиева Энеида. На малороссийский язык перелицованная И. Котляревским". Узяўшы за аснову сюжэтную канву аднайменнай паэмы Вяргілія, а таксама аднайменную парадыйную паэму Мікалая Осі-пава "Виргилиева Енеида, вывороченная наизнанку" (1791) на рускай мове (дзе Эней намаляваны як "заліхвацкі хлапчына і самы хвацкі малайчына"), Катлярэўскі ў традыцыях бурлеску стварыў свой арыгінальны мастацкі твор. У паэме аўтар узнавіў розныя бакі жыцця ўкраін-скага грамадства ў другой палове XVIII стагоддзя. Нацыянальная афарбоўка і спагада да лёсу простага народа абумовілі вялікі поспех "Энеіды" сярод сучаснікаў.
Здаецца, усё ясна, ні пра якую Ліду ў біяграфіі нідзе няма ні слова, але мы задалі пытанне і самаму вяліка-му на сёння знаўцу ўсяго існага - штучнаму інтэлекту. Адказ адпаведны: "І. П. Катлярэўскі ў Пскоўскім палку і ў нашым горадзе ніколі не служыў". А шкада, але вуліца імя Івана Катлярэўскага ў Лідзе няхай сабе будзе.
Станіслаў Суднік.
Др. Цітыюс 1
Часлаў Янкоўскі
Ад перакладчыка: У тэксце не згадваюцца ўспаміны доктара Цітыюса2, падобна, ён пісаў іх тайна і не для ўсіх, але, здаецца, Янкоўскі часткова пераказвае ўспаміны доктара, якія, верагодна, праглядаў у рукапісе.
Па-сапраўднаму незвычайны юбілей святкаваўся ў гэтыя дні на рацэ Вілія. Можна сказаць, што гэта не "доктар Цітыюс" двойчы адзначыў паўвекавыя юбілеі 27 верасня 1890 і 12 верасня 1895 года - першы - сваёй меды-цынскай кар'еры, другі - свайго членства ў віленскім Імпе-ратарскім лекарскім таварыстве, а сам горад адзначыў паўвекавы юбілей самага цёплага сяброўства, якое аб'яд-нала яго з гэтым высакародным, нястомным і невычэрп-ным чалавекам.
Др. Цітыюс! Якое працяглае і змястоўнае жыццё! Хто са старэйшых не ведаў яго, а хто з маладзейшых пра яго не чуў! Характэрная, незвычайная і заўсёды надзвы-чай сімпатычная постаць лекара-філантропа, цесна злу-чаная з дзесяцігоддзямі віленскай гісторыі, увесь час пры-сутнічае ў ёй, праходзіць праз усе сацыяльныя класы - ад самых вытанчаных салонаў і сфер, якія кіруюць лёсамі края, да шэрых натоўпаў беднякоў, якіх ён палюбіў усім сэрцам, якім прысвяціў сябе і якія і сёння горнуцца да яго, як да непаўторнага і неадменнага апекуна і абаронцы.
Сёння, не практыкуючы больш, ён пакінуў свае дзверы адчыненымі для натоўпу самых бедных, для гэтых "пацыентаў доктара Цітыюса", якія запаўняюць яго калі-дор, а часта і яго кабінет з хваробамі ў сваіх знясіленых целах і просьбамі на вуснах. І бадзёрая, маленькая, кволая постаць паўвекавога члена Дабрачыннага таварыства і прэзідэнта розных іншых дабрачынных супольнасцяў, жвава мітусіцца паміж гэтых пацыентаў, покуль не зада-воліць усіх і кожнага. Усё змянілася вакол апошняга з жывых зараз выпускнікоў Віленскай медыцынска-хірургічнай акадэміі, якая існавала яшчэ дзесяць гадоў пасля медычнага факультэту Віленскага ўніверсітэта - засталіся нязменнымі толькі прылівы і адлівы пакут і нядолі на яго парозе…
Сёння заслужаны і спрактыкаваны лекар усё часцей застаецца ў цішы свайго кабінета, сапраўднага музея, напоўненага памяткамі доўгага і цікавага жыцця. Тут са сцяны на яго глядзіць са старанна выгравіраванага партрэта адзін з заслужаных прод-каў віленскага са-мотніка - dominus Готліб Герхард Ці-тыюс, рэктар Ляйп-цыгскай акадэміі ў канцы XVII стагод-дзя. Пад рукой заў-сёды знаходзяцца навуковыя працы Яна Цітыюса, рэк-тара гданьскіх школ у часы Сабескага, таго, хто сустрэў пераможцу пад Венай такім краса-моўным і, як гіста-рычны дакумент цікавым, словам. Тут жа знаходзяцца ўспаміны яго дзеда Фрыдрыха, які прыехаў у Вільню з Саксоніі ў канцы XVIII стагоддзя, аднаго з заснавальнікаў Віленскага дабрачыннага таварыства, у якім яго ўнук потым адыграў такую гана-ровую ролю. Тут, у каштоўных, бо старадаўні антыква-рыят, сталах і шафах, ляжаць аўтографы Манюшкі, вершы Сыракомлі, лісты Лелявеля, лісты галоўных медыцынскіх аўтарытэтаў Еўропы, з якімі доктар Цітыюс меў цесныя стасункі, памятныя рэчы Крашэўскага і Каржанеўскага, калег па працы і самых блізкіх сяброў, любімых пацыентаў, сяброў, асоб, з якімі адбыліся незабыўныя, выпадковыя знаёмствы ці хвіліны радасці пасля дзён суму… І паўсю-дна пануе парадак, саксонская чысціня і літоўская сардэч-насць разам са старадаўняй гасціннасцю высакароднага гаспадара.
Каля вокнаў кусты, зеляніна якіх не зацемнена нія-кім пылам. На стале перад намі свежыя альпійскія фіялкі ў вазоне сярод стосаў пажоўклай паперы і старасвецкіх тэчак, яны квітнеюць як сімвал невылечнага рамантыка, якім доктар Цітыюс застаецца і сёння. Божа мой, ці ж гэты студэнт Шонлайна ў Берліне, Тота ў Лондане, Аполь-цара ў Празе і Пірагова ў Санкт-Пецярбургу, не дэкла-маваў вершы Міцкевіча на гары Біруты ў 1846 годзе разам з … пані Марыляй Путкамяроўнай3! І ці не дзіўна, што столькі жаночых вобразаў засталося ў памяці доктара і пачуцці да іх яшчэ не згаслі ў ім?
І самыя даўнія ўспаміны гаспадара звязаны з Антокалем. Там, у гэтым знакамітым прадмесці, у віле, ці па-старому "ў двары" "Тывалі", нарадзіўся др. Юльян Цітыюс. Тут ён правёў сваё дзяцінства пад пільным вокам любай маці. Антоні Гарэцкі быў частым госцем, і там жа сённяшні юбіляр пазнаёміўся з паэзіяй Міцкевіча па кнізе першага выдання, падоранага самім аўтарам пані Цітыюсавай.
- Памятаю, - аднойчы сказаў ён, - Як быццам гэта было ўчора, урачыстае святкаванне імянін Андрэя Снядэцкага. Гэта было … о так, гэта было ў 1837 годзе. Зал клінікі ўвесь у кветках і сярод іх белы бюст імянінніка. Размаўлялі на лаціне, а потым Адам Пянкевіч, студэнт апошняга курса, палка прачытаў верш, які заканчваўся так:
Штодзень знікае старая сістэма,
Штодзень нас вучаць новай,
Але Капернік застаецца,
І жыве навука Снядэцкага!
Шаноўны юбіляр мае выключную памяць і добра памятае былыя падзеі.
- Каржанеўскі? 4 Ён прыехаў у Вільню ў 1849 годзе, каб канкурыраваць з Крашэўскім. Утварылася два лагеры - кабеты сталі мурам за Каржанеўскага, а мы, мужчы-ны, былі на баку Крашэўскага. Памятаю, як я магу гэтага не памятаць? Госця сустракалі шумна і сардэчна. Жонка Габрыэля Агінскага, пані Каміла Слізьнёва, пані Матыльда Бучынская з Гюнтараў5, ладзілі для яго цудоўныя веча-рыны. Адынец з жонкай прымалі яго ў сваёй летняй ква-тэры за горадам, Балінскі запрасіў у Яшуны, а я ў гонар Каржанеўскага арганізаваў аматарскі тэатр.
Трэба ведаць, што доктар Цітыюс ў свой час быў абаронцам, прадстаўніком і ў нейкай ступені, кіраўніком гарадскога тэатра. Ён любіў гэтую інстытуцыю.
І з туману ўспамінаў гэтага апошняга з апошніх нашых сведкаў столькіх падзей, у якіх ён часта адыгрываў не апошнюю ролю, выплываюць эпізод за эпізодам, постаць за постаццю.
Вось 1848 год. Прызначэнне лекарам першага класу і праз некалькі гадоў выезд за мяжу. Вучоба ў Бер-ліне, Лондане, спатканне і сяброўства ў Дрэздане з Кара-лем Ліпінскім, вучоба ў Празе і сустрэчы там з Шафары-кам6, Палацкім7, Ганкам6. Потым жыццё у Вене, якая весела бавілася пад уладай Метэрніха. Вяртанне ў Вільню праз паўночную Італію і пачатак медыцынскай практыкі ў шпіталі Савіч. Далей, вялікая практыка ў самых арыста-кратычных колах, і паралельна пачатак філантрапічнай дзейнасці. Потым былі частыя паездкі ў Пецярбург, а ў 1856 годзе знакаміты баль шляхты Ковенскай, Гарадзен-скай і Віленскай губерняў для генерал-губернатара Назі-мава. Блізкае знаёмства з гэтым саноўнікам паклала пача-так стасункаў Цітыюса з усімі наступнымі начальнікамі края, адносна якіх яго трапны і аб'ектыўны суд павінен калі-небудзь вызначыць стаўленне да іх гісторыкаў.
Потым другое падарожжа за мяжу, падчас якога ён сустрэўся ў Бруселі з Лелявелем, а ў Парыжы з такімі медыцынскімі аўтарытэтамі як Нелатон, Рыкард і Трусо. Асабліва з апошнім з іх доктар Цітыюс меў сяброўскія, шматгадовыя стасункі, якія адлюстроўваюцца ў лістах яго папярэдніка Шарко, лістах настолькі прыгожых, што толькі абмежаваная прастора не дазваляе нам прывесці некато-рыя з іх ва ўсім іх багацці.
Далей усё больш руплівая і шырокая медыцынская дзейнасць у віленскім шпіталі св. Якуба і незвычайная папулярнасць, якая супала з памятным прыездам імпера-тара Аляксандра ІІ у Вільню ў 1857 годзе. Яго сустракалі з энтузіязмам, праявай якога стала ўручэнне манарху праўленнем Віленскага музея старажытнасцяў памятнай кнігі са знакамітай вершам Адынца і творамі Ходзькі, Кіркора і Маліноўскага.
Ад'езд Манюшкі ў Варшаву і страта сардэчнага сябра, адкрыццё Панарскага тунэля на Варшаўска-Пецяр-бургскай чыгунцы. Выезд у навуковых мэтах за мяжу ў 1862 годзе, сустрэчы са шматлікімі прадстаўнікамі поль-скай, рускай і французскай арыстакратыі, з князем Пят-ром Вяземскім і Бібікавым, з паэтам Цютчавым у Дрэз-дане 1864 года. Хто зможа пералічыць усіх дзяржаўных дзеячаў, магнатаў, мастакоў, якіх памятае гэты віленскі доктар, сам добра адукаваны мастак-аматар.
І на тле гэтых падзей, колькі было постацяў, з якімі сённяшні юбіляр меў стасункі, як з пацыентамі ці як з сябрамі? Пацыенты доктара Цітыюса? Сярод іх былі і арцыбіскуп Жылінскі і мітрапаліт Сямашка, які бываў у яго Трынаполі каля горада. Колькі іх было, прасцей сказаць, хто з вядомых постацяў таго часу ў Вільні не быў яго пацыентам! І вочы Сыракомлі заплюшчыў доктар Цітыюс разам з доктарам Вікшэмскім 15 верасня 1862 года. А калі, дзякуючы клопату двух доктараў Юльянаў (Цітыюса і Машынскага), у 1853 годзе бедны "вясковы лірнік" ачуняў пасля цяжкай пнеўманіі, дык напісаў пра іх верш.
А яго ўспаміны пра грамадскае жыццё ў 1850-я гады, анекдоты, характэрныя рысы і паводзіны людзей, якія збіраліся ў віленскіх салонах Сапегаў, пані Дароты Лапацінскай, Феліцыі гр. Плятэравай, гр. Несялоўскай, апошняй Пацоўны, кн. Агінскай, Слізняў, гр. Тышке-вічавай (жонкі Міхала), Снядэцкай з Сулістроўскіх, пані Зоф'і Балінскай, Беняслаўскіх і г. д. Гэта сапраўдная галерэя постацяў складаецца з цікавых успамінаў чалаве-ка, які і сам пакінуў пасля сябе самую добрую памяць. Свае і чужыя любілі яго, цанілі і шанавалі. Ён прайшоў столькі жыццёвых дарог, прайшоў праз разрывы сяброў-скіх стасункаў, столькі часу патраціў на лекарскую прак-тыку і дабрачынную філантрапічную працу і ўсё сваё жыццё быў патрэбным, карысным і любімым - і ў палацах, і ў хатках.
Калегі юбіляра, жадаючы выказаць ўсеагульную павагу і ўдзячнасць, прысвяцілі сесію Віленскага імпе-ратарскага лекарскага таварыства ў верасні 1890 года юбілею доктара Цітыюса, на якой доктар Бялінскі красамоўнымі і гарачымі словамі апісаў біяграфію і прафесійную кар'еру заслужанага лекара. Гэтая справа-здача была апублікавана і далучана да пратакола згаданай сесіі. У лютым гэтага ж года, з нагоды пяцідзесяцігоддзя ўступлення доктара ў вышэйзгаданае медыцынскае таварыства, яно вырашыла ўзнагародзіць Цітыюса дыпло-мам ганаровага пажыццёвага прэзідэнта лекарскага таварыства. Такая адзнака доктара Цітыюса, бадай што, адзіная ў гісторыі не толькі віленскага але і іншых наву-ковых таварыстваў.
Грамадскасць, сярод якой было і некалькі аднагод-каў юбіляра, паспяшалася з самых далёкіх куткоў, каб далучыцца да ўрачыстага свята і выказаць свае пачуцці выдатнаму лекару. Новае пакаленне вяртала доўг удзяч-насці ад імя сваіх папярэднікаў. Старонкі часопісаў не маглі не расказаць пра гэтае свята, хаця б таму, што пяро журналіста часта трымаў і сам доктар-юбіляр. І варта было б расказаць пра яго захапленне археалогіяй і пра яго паслугі, якія ён аказаў і да гэтага часу працягвае аказ-ваць прыватным і дзяржаўным калекцыям. Але сёння, дзякуй Богу, яшчэ не час складаць поўную біяграфію доктара Цітыюса. Маючы яго сярод нас, мы жадаем яму толькі доўгіх гадоў жыцця і невычэрпных сіл!
На вышэйзгаданым сходзе таварыства, адказва-ючы на выступы калег, доктар Цітыюс з уласцівай яму сціпласцю і цеплынёй сказаў, задаволены тым, што ў жыцці змог зрабіць больш і лепш, чым насамрэч меў магчымасцяў, і завяршыў сваю прамову словамі, якімі кіраваўся ўсё жыццё: "Няхай найвышэйшай ўзнагародай для нас будуць слёзы ўдзячнасці ўбогіх".
Пераклад Леаніда Лаўрэша.
1 Cz. J. [Чэслаў Янкоўскі] Dr. Titius // Tygodnik Ilustrowany 1895. № 14. S. 227-228.
2 Гл: Віленскія ўспаміны доктара Юльяна Цітыюса з дадаткам Уладзіслава Талочкі (укладальнік і перакладчык Леанід Лаўрэш). Издательские решения, 2024.
3 У Путкамераў не было дачкі з імем Марыля, пэўна гэта была ці Караліна ці Зоф'я з Путкамераў.
4 Аўтар твора: Korzeniowski Jоzef. Wadrowki oryginala. Wilno, 1848.
5 Старэйшая сястра мемуарысткі Габрыэлі Пузыні з Гюнтараў.
6 Павел Ёзеф Шафарык (1795-1861) - чэшскі і славацкі філолаг, гісторык, паэт, дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху.
7 Францішак Палацкі (1798-1876) - чэшскі гісторык, філосаф і палітычны дзеяч, "бацька чэшскай гістарыяграфіі".
8 Вацлаў Ганка (1791-1861) - чэшскі філолаг і паэт, дзеяч нацыянальнага адраджэння. Вядомы як складальнік фальшывых Краледворскага і Зеленагорскага рукапісаў, якія, верагодна, натхнілі Тэадора Нарбута на складанне аналагічных фальшывак. - Л. Л.
Шуціла Яўген Канстанцінавіч - 100 гадоў з дня нараджэння
10 кастрычніка споў-нілася б 100 год Шуцілу Яў-гену Канстанцінавічу, пер-шаму дырэктару Лідскага краязнаўчага музея, Заслу-жанаму работніку культуры БССР, Выдатніку народнай адукацыі БССР.
Шуціла Яўген Кан-станцінавіч нарадзіўся ў Смаленску 10.10.1925 г. У 1931 г. бацьку перавялі ў Менск ва Упраўленне сувязі, маці працавала ў рэдакцыі газеты "Звязда". Займаўся ў авіямадэльным гуртку, у 1940 г. ездзіў на ўсесаюзныя спа-борніцтвы. У 1941 г. закончыў 7 класаў менскай СШ №14.
З успамінаў Яўгена Шуцілы: "У 1941 г., у чэрвені месяцы прыехалі ў Ліду да родных бацькі. Тут застала нас вайна. У час акупацыі жылі ў в. Супраўшчына Лід-скага раёна. Быў сувязным, а затым партызанам ат-рада "Іскра", удзельнічаў у шматлікіх баявых апе-рацыях атрада, у тым ліку ў падрыве нямецкай аўта-машыны на шашы Ліда-Наваградак 23 сакавіка 1944 г. Прымаў удзел у вызваленні г. Ліды. Пасля вызвалення Ліды ў жніўні 1944 г. быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі, дзе прызначаны камандзірам гарматы. Малодшы сяржант. 19 красавіка 1945 г. цяжка паранены пры фарсіраванні Одэра".
Пасля цяжкага ранення Яўген Шуціла быў дэмабі-лізаваны па інваліднасці (ІІ група).
Закончыў Лідскае педвучылішча (1948), Менскі педінстытут імя Горкага (1954). Працаваў настаўнікам і завучам у Івацэвіцкім раёне, з 1958 г. у Лідзе - выклад-чыкам гісторыі СШ № 8, дырэктарам Лідскага краязнаў-чага музея (1959-1963), дырэктарам СШ №2 (1963-1991). "Выдатнік народнай адукацыі БССР", "Заслужаны ра-ботнік культуры БССР" (1980).
Вялікі уклад Яўген Канстанцінавіч унёс у ства-рэнне экспазіцыі музея. Менавіта дзякуючы яму папоў-ніліся фонды музея экспанатамі ваеннай тэматыкі з г. Ленінграда, вялася даследчая праца па гісторыі забас-товачнага руху ў 1930-х гг., партызанскай і падпольнай барацьбы ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І-й ступені, двума ордэнамі Чырвонай зоркі, медалём "За адвагу" і шматлікімі медалямі, граматамі Міністэрства асветы БССР і СССР, а таксама званнямі "Выдатнік народ-най асветы БССР", "Заслужаны работнік культуры БССР".
12 лістапада 2015 г. Яўгена Канстанцінавіча не стала, але памяць пра яго захоўваецца ў музеі і ў наву-чальных установах, дзе ён працаваў.
Сайт Лідскага музея.
У Вільні і літоўскіх дварах, успаміны 1815 - 1843 гадоў1
Габрыэля Пузыня
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
На месцы былога лабірынта ў дабраўлянскім садзе з'явілася аранжарэя і цяпліца, ад лабірынта застаўся толькі адзін рад ліп, якія стаялі густымі шпалерамі. Кожная пры-гожая кветка з аранжарэі ці саду адразу пераносілася на паперу пэндзлем маёй маці, бо яна была вучаніцай Норб-ліна35 і Арлоўскага36, добра малявала акварэллю і фарба-мі. Такім чынам маці абяссмерціла ў сямейных тэчках кветкі нашага маёнтка.
У Дабраўлянах мелася шмат прыгожых раслін, усе яны былі прывезены з Пакоршава, бо мой бацька, калі быў яшчэ кавалерам, таксама любіў кветкі. Нас вельмі цікавілі лісткі мімозы, якія зморшчваліся ад найменшага дотыку ці толькі ад набліжэння рукі. Цешыў Bryophylum cristalinum (брыёфілюм), які ззяў як дыямент.
Наша жыццё ў Дабраўлянах было вельмі патрыяр-хальным. Маці апекавалася хворымі сялянамі і асабліва дзецьмі, лячыла іх з уласнага вопыту ці па кнігах дактароў Франка і Дзяркоўскага. У ніжняй шуфлядцы вялікага бюро, з панелямі размаляванымі золатам, было шмат бялізны, яна ішла на бінты ці як вопратка для жабракоў, якія кожны дзень заходзілі ці заязджалі да нас з розных бакоў.
Вечарамі, пасля вячэры, маці сядала за піяніна і спявала папулярныя тады рамансы Блангіні37, Паэру і Міхала Агінскага ці "Гістарычныя песні" Нямцэвіча, дапамагала ёй мая старэйшая сястра. Пасля канцэрта адбываўся баль з мазуркамі і англезамі, і пакуль дочкі пад музыку танцавалі адна з адной, перад маці быццам бы паўставалі сяброўкі яе забаў: кузынкі Радзівілоўны з Нябарава, канкурэнтка ў разумовых справах Ганна Тыш-кевічоўна, пазнейшая Патоцкая, суседкі з Рокішак Мары-канянкі, таварышы па ўроках танца і навук сем братоў Плятэраў, Севярын Шыманоўскі, пазнейшы генерал і першы яе паклоннік, Севярын Гоўвальд, які заўсёды меў на змену белыя чаравікі, і Караль Чапскі - былы сур'ёзны канкурэнт на яе руку, які, нягледзячы на адмову, застаў-ся сябрам на ўсё жыццё і г. д. Покуль маці марыць, яе ма-лыя дочкі скачуць і ні аб чым не думаюць.
Часам мы з бацькам гралі ў "калебраку" (жаб-рака), акрамя забавы гэта дапамагала яшчэ і навучыцца лічыць. Увосень збіралі гарох і пшаніцу на засеў, бо кожная з нас мела свой малы гарод.
1820 год
Зіму 1820 г. мы правялі ў Вільні, у доме тагачасных Алізараў (сёння дом Завадскіх) на Бернардынскім завулку. Мае сёстры ўжо бралі рэгулярныя урокі: пан Шлезінгер вучыў іх граматыцы і каліграфіі, а стары Бялькевіч - музы-цы. Я мімаходам ухапіла некаторыя выразы і ўжывала іх (зусім без жоўці) да сваёй сярэдняй сястры. Убачыўшы неяк яе гарэзлівасць, я ўсклікнула: "Ах, грымасы!", а на суровы позірк маці дадала: "Гэта быў клічнік". Іншы раз я ёй сказала: "Ідалька! Ты ніякага роду, бо ані старэйшая, ані малодшая". Мая жвавасць была неапісальнай - адной-чы прабегшы ўсе пакоі, я апынулася на карце, раскла-дзенай на канапе. Сястра і настаўнік у крык з-за маёй неасцярожнасці, а я з самай добрай мінай адказваю: "Я купаюся ў акіяне".
Бацькава сястра прыехала ўзімку ў Вільню на ста-лае жыццё. Яе муж Ян Вайніловіч, слуцкі падкаморы, родам з "сапліцовага края" 38, быў чынным членам Радзі-вілаўскай камісіі - установы, якая займалася большай часткай інтарэсаў нясвіжскай ардынацыі і апекай над яшчэ малагадовай княжной Стэфаніяй, пасля смерці яе бацькі Дамініка Радзівіла. Гэта справа некалькі дзесяцігод-дзяў разглядалася ў мурах некалі радзівілаўскага палаца пад назвай Кардыналія па вуліцы Святаянскай39 у Вільні.
Вайніловічы прыехалі з вялікім дваром і шасцю дзецьмі. Старэйшы сын Мікалай пачаў вучыцца ва ўніверсітэце, дочкі падрасталі і таксама вучыліся, а самы малод-шы Люцыянак, мой равеснік, выводзіў з сябе не толькі сям'ю, але і гасцей. Пасяліліся ў доме пралата Багуслаў-скага на вуліцы Замкавай і пражылі там да 1827 г. Яны адразу пачалі весці вясковы, а не гарадскі лад жыцця - без марнатраўства і пустой паказухі. Дом быў па-вясковаму адкрыты, на абед можна было прыйсці без запрашэння і тыя, хто адчуваў голад ці смагу, знарок заходзілі туды, з парога прасілі гарбаты ці адборнай вяндліны.
Наша цётка не была падобная на свайго брата, але яны вельмі любілі адзін аднаго. Мой бацька ведаў, як сумя-сціць сістэматычнасць, пунктуальнасць і добрасумлен-насць, якія так цаніла яго сястра, з таварыскім шармам, рэдкім нават у тыя часы, калі мець свабоду думкі было значна лягчэй, чым сёння. Бацька быў вясёлы, гнуткі, абаяльны і дасціпны, бясконца актыўны і чынны ва ўсіх справах і для ўсіх класаў. Любоў да выяўленчага мастацтва і рамёстваў прыводзіла яго да рамеснікаў, і ён ведаў іх усіх, ды так, што тыя, хто суправаджаў яго на шпацырах ці проста ішоў з ім праз горад, сур'ёзна папракалі бацьку за тое, што стаміліся здымаць капялюш і раскланьвацца.
Наша цётка была больш сур'ёзная за свайго брата, рэдка калі вясёлая, часта і панурая, але справядлівая і строгая з дзецьмі. Нават цень правіны яна прымала блізка да сэрца і ўспрымала беды сваіх сяброў, як свае. Дом дзядзькі і цёткі стаў для нас другім домам, мы хадзілі адзін да аднаго ў госці і разам святкавалі ўсе святы.
Сярод асоб, якія нас наведвалі, я памятаю вышэй-згаданую пані Дароту Лапаціскую у ружовай шаўковай сукенцы. Яна прыязджала прама ад ложка свайго хворага мужа і спяшалася назад, каб ніхто акрамя яе не падаў яму лекі.
Бывала ў нас і сям'я Кубліцкіх. Старэйшая з сясцёр Эмілія ў познім веку выйшла замуж за мастака Смакоў-скага, самая малодшая Анетка выдадзена за Юзафа Бе-ніслаўскага, самая прыгожая Валянціна - за Солтана, а Актавія была заручана з Юзафам Шумскім. Браты гэтых паненак Адольф і Станіслаў ужо вучыліся ва ўніверсітэце.
Тыя, хто чытаў успаміны Франка40, ведаюць пра уплыў мужа і жонкі Франкаў на музычны рух у Вільні, які ўжо заканчваўся, бо доктар Франк за некалькі дзеся-цігоддзяў свайго знаходжання ў Вільні сабраў даволі вялікі фундуш, які дазволіў яму спакойна правесці астатак свайго жыцця і пераехаць з жонкай у Італію, на бераг прыгожага возера Кома. Нібы ў сне, я памятаю гэтую пару: лысіну мужа, італьянскі твар і рэзкае сапрана жонкі, а таксама прыгожае кантральта яе вучаніцы панны Бальбіяні. Уста-нова дабрачыннасці, якая існуе 10 гадоў, шмат у чым абавязана таленту пані Франк, якая прымала вялікі ўдзел у спектаклях для дапамогі бедным гараджанам. Яны пас-тавілі нават оперу "Рамэа і Джульета", партыю Рамэа спяваў тэнар з Дрэздана Тарквінія. […]
Вярнуліся на вёску, і маці пачала свае працы ў садзе, кожны год дабаўляла яна новую аздобу, як жывапі-сец дарабляе карціну. Заахвочвала яе суседка пані Мас-тоўская з Царклішак, якая таксама была майстрам садоў-ніцтва. Не зайздросцячы, а радуючыся, калі камусьці з іх удавалася зрабіць лепш, давалі парады адзін аднаму і дзя-ліліся насеннем. А мой бацька спаборнічаў з панам Абрамовічам з Варнянаў адносна будынкаў і іх мастацкага аздаблення. Ён меў дзіўны талент і ўдачу знаходзіць са-праўдныя цікавыя антыкі і кожны раз прывозіў дадому статуэтку, вазу ці нават карціну. І вось аднойчы яму ўда-лося выратаваць у нейкага цесляра, размаляваныя золатам у птушкі і кветкі панелі ад карэты Людовіка XVIII, яны ляжалі за печкай і як сухое дрэва прызначаліся на палітры для мастакоў. Больш за тое, для гэтага ж прызначалася і карціна Лукі Джардана41 "Галава старога". Такім жа чынам ён адкрыў выдатныя скульптуры ў рэнесансным стылі, якімі ўпрыгожылі садовыя канапы. Скульптуры імітавалі пясчанік, для чаго майстар выкарыстоўваў алей і пясок.
Будынкі і іх аздоба цікавілі майго бацьку. Адны з іх стаялі ў садзе, іншыя стваралі відарысы за садам - масток, брама, а вяндлярня ў выглядзе гатычнай вежачкі, нібы сярэднявечны замак, стаяла за вадой на ўзгорку. У дзень калі будаўніцтва вяндлярні заканчвалася, было поўнае сонечнае зацьменне, і мой бацька, жадаючы заінтрыга-ваць муляроў, абяцаў ім добры падвячорак, калі закон-чаць работы да ночы. Якім жахам для іх стала ноч адразу пасля поўдня!
Упрыгожваннем саду стаў помнік вернаму сабаку. Бацька замовіў у Вішневе ў дзядзькі Храптовіча чыгун-ную пліту з надпісам: "Нявіннасць - вернасці" - як быццам "Сабаку - ад дзяцей".
Гэты сабака Вісус быў узяты ў сябра бацькі біскупа Дадэркі, які акрамя сваёй пабожнасці, быў вялікім арыгі-налам. Напрыклад, нават калі да яго прыязджалі раней запрошаныя госці, ён заўсёды прыкідваўся здзіўленым і клікаў слугу Кірыла, каб загадаць яму пачынаць працу над абедам. І ў той жа момант адчыняліся дзверы ў асветленую залу, і ўсе бачылі стол, накрыты з найвялікшай пышнасцю. Абед складаўся з тузіна страў, і ксёндз-біскуп публічна дзякаваў Кірылу за тое, што не маруда. А яшчэ, звычайна, прасіў прабачэння ў гасцей, што віно старое, а не маладое, што масла свежае, а не прагорклае.
Той жа восенню я сур'ёзна захварэла: пашырэнне зрэнак і моцныя курчы ўказвалі на запаленне мозгу, прынамсі, так казаў доктар, але мая маці, спрактыкаваная ў лячэнні дзяцей, з дапамогай мацярынскага інстынкту знайшла крыніцу хваробы. Гэты былі нейкія чарвякі, якія размножыліся ў тлустым, прама ад каровы, малаку. Вылечаную стараннем доктара Ляйбошыца42, а яшчэ больш апекай маці, мяне нарэшце прывезлі ў Вільню, дзе я хворая і слабая, неўзабаве стала моцнай дзяўчынкай, і гледзячы на англійскую гравюру з выявай уваскрашэння дзіцяці Іллём, якая вісела над маім ложкам, сказала Ляйбошыцу: "Гэтыя дзіця - я, а прарок - вы". Камплімент, узяты са Старога Запавету, дагадзіў лекару-яўрэю, і, задаволены хадой лячэння, ён дакрануўся да свайго твару са словамі: "Панове, за гэта выздараўленне, я сам сябе хацеў бы сюды пацалаваць". Старазаконны яўрэй доктар Ляйбошыц апранаўся аднак па-нямецку - у сіні фрак, панчохі і чаравікі, бараду галіў і на сваёй лысай галаве не насіў ярмолкі. Прыгожы, тоўсты, з белым тварам і знач-нымі рысамі, ён не быў падобны на яўрэя, і яго паходжан-не выдаваў толькі акцэнт. Менш вучоны, чым Франк ці Снядэцкі, але вялікі практык, ён быў больш шчаслівым і дакладным за іх у лекарскай справе і, ратуючы пані Мацін-кевіч з Жабаў ад прысуду ўсяго факультэта, які лячыў ад вадзянкі, выратаваў ёй жыццё, бо дазволіў прыродзе ісці сваім шляхам. Зрабіў гэтак, бо верыў у магчымасць паў-тарэння цуду з Сарай і Абрагамам са Старога Запавету. Дзякуючы яго веры, пані Марцінкевіч на пяцідзесятым годзе свайго жыцця, пры вялікім здзіўленні і замяшанні ўсяго медыцынскага факультэта, нарадзіла дачушку якая жыве і сёння - графіню Аліну Плятэр, жонку Стэфана, маці Адама і Густава.
Доктар Ляйбошыц быў лекарам лепшых сямей-стваў Літвы, яны маглі лячыцца толькі ў свайго любімага Ляйбуні. Меў сваю канцэпцыю ўяўных хвароб і, калі не мог даказаць жанчынам, якія самі сабе ставілі дыягназ, што яны насамрэч здаровыя, даваў ім цукровую пудру, але па рэцэпце і з аптэкі - гэтак іх і вылечваў. А паннам, захопленым танцамі, калі гэта шкодзіла іх здароўю, бо перанапружвала ногі, ставіў гарчычнікі на ступні і прыму-шаў сядзець дома. Калі мае бацькі чакалі першае дзіця, мой, сістэматычны ва ўсіх справах, бацька хадзіў да доктара Ляйбошыца і прасіў падрабязна расказаць, як правільна і гігіенічна гадаваць дзіця, на што Ляйбуня з вялікай сур'ёзнасцю адказаў: "Мой пане! Правіла адно - хай будзе дурное, але здаровае". Бацька засмяяўся, а доктар, не змяняючы ні тону, ні выразу твару, зноў паўтарыў тое самае. Калі бацька перастаў смяяцца, доктар расказаў пра сваіх унукаў - Якуба і Юзафа. Юзафа лічылі вельмі разумным, але ён меў слабае здароўе і нарэшце, здурнеў, а Якуб, рос вольна, лічыўся дурным і з часам паразумнеў. "Таму, паўтараю яшчэ раз, мой пане, хай будзе дурным, але здаровым", - закончыў дасведчаны лекар.
Бацька прыняў гэтую параду і з таго часу стараўся развіваць сваіх дзяцей фізічна, а не разумова, каб у здаро-вым целе была здаровая душа. Раслі мы дурнымі ці разум-нымі, вырашаць не мне, я толькі ведаю і магу вас у гэтым запэўніць, што дзякуючы Богу, нашым бацькам і Ляйбо-шыцу, усе мы выраслі здаровымі.
На кожны выпадак ці пытанне ў добрага Ляйбуні меўся адмысловы анекдот, і ён, наогул, любіў гаварыць прыпавесцямі. Калі нейкі пацыент папракнуў яго ў тым, што не вылечыў яго адразу, доктар расказаў яму пра селяніна, які насыціўся толькі калі з'еў дваццаць абваранкаў. Пасля чаго напаў на гандлярку-яўрэйку, чаму тая адразу не прадала яму такога абваранка, каб ён адразу не адчуваў голаду. "Што ж, панове, калі першыя лекі не падзейні-чаюць, я дам наступны абваранак". Ляйбуня быў лекарам яшчэ майго дзеда і яго любіла ўся мая сям'я.
Прагны да ўсялякай навукі дзядзька Канстанцін, ведаў таксама трошкі і медыцыну і часта выпісваў рэцэп-ты пад дыктоўку Ляйбошыца. Але быў ён вясёлы фігляр і аднойчы, нібы хворы лакей лёг за шырму ў бацькоўскім прадпакоі. Каб яго не пазналі, размаляваў сабе твар і так перавязаў руку, каб на абодвух руках не супадаў пульс. Пераказаў лекару супярэчлівыя і немагчымыя сімптомы хваробы, і добры Ляйбуня моцна сканфузіўся. Але смех "хворага", па якім і пазналі жартаўніка, адкрыў усю праўду.
1821 год
Зіма пасля майго выздараўлення запомнілася тым, што мы, дзеці, пачалі ўжо дакранацца да віленскага вы-шэйшага свету, бо жылі тады ў доме Мюлера, дзе мелася зала для вялікіх публічных сходаў. Па суботах, у дні мас-карадаў, нашы дзіўна пераапранутыя панны ў масках збіраліся тут, і праз шкляныя дзверы мы не раз бачылі прыбраных дам, якія па лесвіцы ішлі ў казіно ці на канцэрт. Аднаго разу ўначы нас разбудзіла самлеўшая ў бальным строі паненка, і пакуль нашы служкі ажыўлялі прыгожую, як анёл панну, бледную ў белым і ў вянку з кветак, яна спытала ў выкліканага доктара: "Ці змагу я пайсці на заўтрашні баль?".
Гэтай самлеўшай танцоркай была панна Антаніна Сулістроўская, а лячыў яе доктар Андрэй Снядэцкі, які тады і не здагадваўся, што прыгожая пацыентка праз во-сем гадоў стане яго нявесткай. Яго адзіны сын Юзаф у той час падарожнічаў за мяжой і, магчыма, вучыўся там.
Вільня была перапоўненая вайскоўцамі. Пецяр-бург на ўсю зіму прыслаў сюды сваю гвардыю. Камандаваў ёй брат імператара вялікі князь Мікалай, будучы цар. Ён не наведваў публічныя сходы, ні з кім не сябраваў, яго бачылі толькі на плошчы перад катэдрай, дзе ён голасна муштраваў жаўнераў і ўласнаручна запісваў сотні палак на іх плечы. І часта гэтым няшчасным ён дадаваў нулік да ранейшая колькасці палак.
Афіцэры гвардыі вышэйшага і ніжэйшага рангу танчылі ў казіно і заваёўвалі там неўмацаваныя сэрцы. Помсцячы ім, студэнцкая моладзь паслала на маскарад яўрэйчыка, нібы краўца з гвардзейскім мундзірам на руцэ а разам з мундзірам - жаночыя маскі з надпісам: "За мундурам - панны шнурам" (Прымаўка мае працяг: "За мундурам - панны шнурам, за сутанай - цэлай бандай". - Л. Л.). Гвардзейцы, жадаючы адпомсціць за гэты жарт, на чарговы маскарад прывялі студэнта з аслінымі вушамі, але своечасова папярэджаныя студэнты, дачакаліся прыходу нібыта свайго калегі і прыклеілі яму на спіну падрыхтаваную запіску з надпісам: "Кандыдат у гвар-дыю". Лёгка ўявіць, як гэты надпіс, прачытаны ўсімі ўслых, выклікаў замяшанне аднаго боку і спрыяў тры-умфу другога43.
Вясной адбыўся агляд гвардыі. Узначаліць яго прыехаў імператар Аляксандр, і сабраныя з усёй губерні жыхары рыхтавалі ў ратушы шыкоўны баль. Па дарозе з Пецярбургу ў Вільню імператар абедаў у Царклішках у маладога маршалка Мастоўскага і, пачуўшы пра баль, растлумачыў, што не можа яго прыняць, бо моцна ста-міўся ў дарозе.
- Эх! Гэта дробязь! - закрычаў маршалак, смелы нават з самаўладцамі.
- Дробязь? - спытаў здзіўлены цар.
- Так, дробязь! - паўтарыў смелы Мастоўскі - Цар заўсёды прыгожы!
Імператару не хапіла духу адмовіцца ад балю, на які з'ехаліся прыгажуні ўсёй губерні. Была на гэтым балі і цётка Зоф'я, якая, як звычайна, прыехала з Парыжа на традыцыйныя святаянскія кантракты, і, запрошаная арга-нізатарамі, разам з сенатаравай Агінскай ушанавала баль сваёй прысутнасцю. Асабіста знаёмая з імператарам з 1812 г., яна была аб'ектам яго захаплення, пакуль была маладой і прыгожай. Усім гэтым заслужыла павагу імпе-ратара і падтрымлівала сяброўства з ім нават тады, калі яе прыгажосць згасла. Імператар Аляксандр і яго брат мелі розныя характары, цар не спыніўся на адной веча-рыне і не толькі прыняў баль, але і наведаў некалькі сваіх знаёмых дам, у тым ліку і маю цётку, што звычайна і рабіў. Калі ён знаходзіўся ў пані шамбяляніцавай Суліст-роўскай44, яе пляменніца графіня Вяльгорская, наліваючы гарбату, спытала цара, якой гарбаце ён аддае перавагу. Аляксандр адказаў: "Якая вам самой больш падабаецца". І калі яна падала яму філіжанку, дарэмна Найяснейшы пан круціў лыжачку і ўсё ніяк не мог атрымаць звычайны для яго смак. "Ці мне толькі здаецца, што ў гарбаце няма цукру?" - спытаў ён у прыгожай Хебы. "Сапраўды, няма", - адказала летуценная паненка. "А чаму?" - сказаў здзіўлены імператар. "Таму, што Найяснейшы пан пакі-нуў выбар за мной, а я наогул ніколі не дабаўляю цукру". Гэты адказ вельмі спадабаўся імператару, бо для яго гэта было нечым новым - яму, манарху, заўсёды ўсе дагаджалі.
На балі ўсе мужчыны мелі напудраныя голавы. Былі тут і студэнты з больш багатых сямей.
Праверкі гвардыі не абмежавалася вялікім аглядам, і летам працягваліся частковыя агляды, для чаго пяць тысяч гусараў пад камандаваннем фельдмаршала Сакена, пры-былі на землі Дабраўлянаў. З фельдмаршалам прыехалі і пасяліліся на адным з дабраўлянскіх фальваркаў дзве яго сястры, сівыя ўжо панны. Падрыхтоўка да параду за-баўляла дзяцей, але не іх бацькоў і не сялян, бо парад павінен быў адбыцца ў час жніва. Жаўнеры павытоптвалі шмат палёў, у маёнтках і ў фальварках, адбіралі фураж з стайняў, абораў і нават з гумнаў. Жадаючы пракарміць пяць тысяч жаўнераў, ставілі на пастой па 15 жаўнераў з коньмі на адну хату.
Памятаю, як раптам нашы маленькія пакоі запоў-ніліся вайскоўцамі ў прыгожых гусарскіх мундзірах. Князі Гагарын і Васільчыкаў, палкоўнікі Грабэ і Рыд, выхаваныя асобы з арыстакратыі ў высокіх чынах, прыязджалі на прыгожых конях, размаўлялі на прыгожай французскай мове, частавалі дзяцей цукеркамі і шампанскае пілі, як ваду.
Падрыхтоўка да гэтага агляду ішла вельмі доўга, і афіцэры, якія стаялі па фальварках, каб неяк забіць час, ладзілі для сябе абеды ў гумнах, у якіх праразалі вокны і танчылі самі з сабой. Аднак нельга было скардзіцца на гэтых няпрошаных гасцей, бо вялікіх злоўжыванняў яны не чынілі, хіба толькі нас абцяжарвала іх колькасць, а на палях сыпалася збожжа, бо гумны былі занятыя да сярэ-дзіны жніўня.
У тое ж лета Дабраўляны наведалі сем'і, якія жылі разам як адна сям'я - Мірскія і Шумскія. Дзве сястры-ўдовы вельмі любілі адна адну і вырашылі жыць нераз-лучна. Каб яшчэ больш узмацніць стасункі, яны злучылі сваіх вясёлых, сардэчных і тоўстых дзяцей - Марыю і Станіслава (Мірсю і Шумсю, як яны самі сябе называлі). Гэтыя пані былі з дому Кашыцаў, усіх іх разам было шэсць сясцёр - апрача Мірскай і Шумскай, яшчэ Шамёт, Граб-ніцкая, Страшэвіч і Турчыновіч. Турчыновічаў я ніколі не сустракала, нават і не ведаю, дзе яны жылі. У той час як іх іншыя сем'і з намі сябравалі і складалі шэраг шля-хетных, сардэчных і любячых адзін аднаго асоб вакол нас. Сёстры мелі дзяцей Станіслава, Юзафа і Басю Шумскіх, а таксама Марыю і Анелю Мірскіх. Іхні брат Напалеонак, улюбёнец маці, быў пятнаццацігадовым юнаком, яшчэ насіў доўгія валасы і адкладны каўнер, з якога ўжо выглядаў твар будучага віленскага Дон Жуана.
Канец 1821 г. у нашай сям'і быў адзначаны жаніць-бай двух маміных братоў. Ужо вясной малодшы Канстан-цін заручыўся з паннай Валерыяй Ванькавічоўнай, чыя старэйшая сястра Клемянціна некалькі гадоў як была замужам за Эдвардам Мастоўскім, а малодшая Ванда праз чатыры гады выйшла за Бенядзікта Тышкевіча. Гэтыя сёстры асірацелі ў 1812 г. (бацькі памерлі ад тыфу), мелі маці з Солтанаў, і выхоўвала іх бабуля Ваньковіч, якая разам з яшчэ некалькімі матронамі, стварыла ў Вільні асобны свет, забаваю якога былі гульні ў цвік (картачныя гульня распаўсюджаная ў часы караля Станіслава Аўгуста - Л.Л.).
Не па гадах разважлівая і сур'ёзная шаснаццаці-гадовая Валерыя, пасля дзядзькавай прапановы думала цэлы месяц, каб 1 красавіка канчаткова пагадзіцца з прэ-тэндэнтам на яе руку. Гэтак і адбылося, але яна крыху збянтэжыла свайго жаніха. Пасаг складаў паўмільёна злотых, а вяселле павінна было адбыцца ў Ваньковічавых Лучаях, што ў Вілейскім павеце, 19 снежня ў дзень св. Валерыі, пасля індулта (дазволу, выдадзенага біскупам - Л. Л.) падчас адвэнту (перадкаляднага паста - Л. Л.) і таму без танцаў, без гасцей за выключэннем неабходных свед-каў. Затое вяселле старэйшага брата Рудольфа з паннай Генавэфай Пуслоўскай адсвяткавалі па-старасвецку, гучна і шматлюдна, як і пераносіны маладых. Выкліканыя маладым панам у першыя дні кастрычніка, мы ўсе разам прыехалі ў Жалудок Гарадзенскай губерні.
Хаця дзядзька Канстанцін быў маладзейшы і разум-нейшы за дзядзьку Рудольфа, шлюб старэйшага з братоў меў больш паэтычны і сардэчны характар, чым шлюб малодшага. Старэйшы ўзяў на мільён менш багатую і на два гады старэйшую, але затое больш прыгожую жонку, а падрабязнасці іх знаёмства нагадвалі любоўны раман. Некалькі разоў расчараваны кавалер сярэдніх гадоў, быў знуджаны самотным жыццём і выправіўся са свайго маёнтка паляваць у палескія лясы. Па дарозе сустрэў вялікі двор, які ехаў на фэст у Жыровіцы, адно з цудадзей-ных месцаў Літвы. Гэта былі сем'і Пуслоўкіх-Любецкіх і Сцыпіёнаў з дадаткамі Барэйшаў і Леяў, якія заўсёды трымаліся разам. Нехта з іх пазнаў майго дзядзьку і падвёў яго да вялікай карэты, у якой сядзела шэсць ці восем жанчын. Сярод старых твараў, якія за акулярамі жмурылі свае вялікія вочы (бо ўсе Любецкія мелі вялікія і пукатыя вочы) яго зачаравала маладая, свежая, вясёлая і сціплая асоба. Гэта была панна Генавэфа (Жанеўева), малодшая з дзяцей Пуслоўскіх і адзіная дачка сярод шасці братоў. Знаёмства было лёгкім, ён адразу ж з ахвотай пагадзіўся з прапановай ехаць разам у Жыровіцы і падобна, сеў у карэту разам з дамамі.
Калі мэтай пілігрымкі быў лёс маладой Генавэфы, дык яе дасягнулі з самага пачатку, бо неўзабаве адбыліся заручыны і праз год шлюб. Як не паверыць, што сам Бог арганізаваў гэта спатканне і кіраваў маладымі сэрцамі? Па-праўдзе дзядзька быў ужо не першай маладосці (1783 г. н. - Л. Л.), але выглядаў добра і яшчэ больш выігрываў пры блізкім знаёмстве. Відаць, ім было наканавана па-брацца шлюбам, кахаць і радаваць адзін аднаго.
Мая маці, пакліканая братам ў гаспадыні, прыеха-ла ў Жалудок на некалькі дзён раней за маладых. Яўрэйскі кагал у мястэчку сустрэў нас вялікім парадам з прамовамі і пачастункамі, ля брамы двара чакалі сяляне з вянкамі і караваем, гэта была рэпетыцыя сустрэчы маладых. Адна-павярховы і стары драўляны жылы дом, адрамантаваны ўнутры, меўся служыць маладажонам і сваякам маладой пані. Для гасцей кватэры абсталявалі ў афіцынах, нас пасялілі ў садзе каля аранжарэі.
Мой бацька, запрошаны на вяселле, знаходзіўся ўжо ў Песках, маёнтку Пуслоўскіх. Усім кіравала мая маці, яна праводзіла працяглыя нарады з эканомам, які быў рады колькасці кухараў і ўсялякім прыпасам і толькі здзіў-ляўся, што ані з лядоўні ані адкуль яшчэ, немагчыма да-стаць лёду. Раптам, як быццам праз чары чарнакніжніка, уначы ударыў моцны мароз, і ў ставах і каналах вада замерзла на некалькі цаляў. На раніцы прыбеглі і далажылі маёй маме, і яна загадала спяшацца, бо мароз будзе нядоўга. І сапраўды, ледзь паспелі распілаваць і завезці лёд у лядоўню, як выглянула сонца, і цудоўнае надвор'е стаяла ажно да прыезду маладых.
Тым часам збіраліся госці, запрошаныя на пе-раносіны маладых у новы маёнтак. Сярод іх было шмат тых, хто прысутнічаў на шлюбе і ехаў зараз наперадзе вясельнага картэжу: сям'я Канстанціна Пшаздзецкага з Валыні, жонка Фелікса Патоцкага з Пацаў і яе брат Людвік Пац, Адам Храптовіч і г. д. - усе кузыны і кузэны маладога пана. Сам ён прыехаў ясны, як сонца, на расстаўленых па дарозе конях, каб пераканацца, што ўсё ў парадку, каб падзяліцца сваім шчасцем з сястрой, каб падагнаць служ-каў і нават гасцей, бо умеў і любіў рабіць гэта, пры тым што меў самае лепшае сэрца. Тым часам вясельны картэж рухаўся павольна, начаваў і харчаваўся ў фальварках мала-дога, пераробленых для гэтага ў прыгожыя рэзідэнцыі. А калі змяркалася, абапал дарогі палалі бочкі з дзёгцем і асвятлялі шлях. Гэта было каралеўскае шэсце, бо шчаслівы малады вёз сапраўдную каралеву свайго сэрца.
Калі надышоў дзень прыезду нявесты, мая маці - сястра жаніха, сустрэла маладых з хлебам і соллю, пані Патоцкая ахвяравала ключы, а яе дачка - соты з мёдам і г.д. Наша маці пасля сняданку вярнулася дадому, каб адпачнуць перад вячэрай і балем. Яна расказала нам, што маладая прыехала на чале працэсіі ў двухмесным экіпажы з маці і цёткай - пані Сцыпіён45 (абедзве - сёстры міністра Любецкага), і маладую было ледзь бачна з-за галовак цукру, аздобленых стужкамі, залатой паперай і скруткамі пергаменту, з-за вянкоў збожжа і караваяў - падарункаў сялян і яўрэяў. На ёй было зялёнае паліто, аздобленае лебядзіным пухам і белы капялюш з пёрамі. У гэтым адпа-ведным бландзінцы ўборы, яна выглядала прыгожай і настолькі ўзрушанай, што кінулася ў абдымкі да сваёй братовай - маёй маці і пяшчотна прыціснулася да яе. Гэта было залогам сяброўства, якое з першай сустрэчы захоў-валася да яе хуткай смерці.
Надышоў вечар. Нас апранулі ў белыя, вышы-ваныя сукенкі і завезлі ў моцна асветлены палац, пакоі якога ўжо запоўніліся гасцямі, і дзе я з букетам жывых кветак пільнавала, калі адчыняцца дзверы ў пакой маёй новай цёці, каб вітаць і паднесці ёй кветкі. Пасля гадзіннага чакання, падвойныя дзверы адчыніліся, і ў суправаджэнні шматлікіх кузынак маладая выйшла ў ружовай сукні з дыяментавай лілеяй у валасах. Я выбегла на сярэдзіну пакоя і аддала ёй букет. "Як ты пазнала сваю цёцю?". Мой адказ быў шчырым, яго ўсе падхапілі, але змянілі на: "Па прыгажосці і ўбранні". Па-праўдзе перш за ўсё мне ў вочы кінулася сукенка, і толькі з другога позірку я ўбачыла, што мая цётка вельмі прыгожая. Абед накрылі ў вялікай зале. Танцы пачаліся адразу пасля абеду, цягну-ліся да позняга вечара і скончыліся салодкай вячэрай.
Заўтра, на другі дзень, свята спынілася, частка гасцей разышлася, засталіся толькі самыя блізкія. Хто не ведае такіх "заўтра" у коле блізкіх сваякоў пасля бурнага свята? І хоць абедзве сям'і маладой пары толькі што сустрэліся, ніхто ўжо не адчуваў сябе чужым. Раніца праходзіла ў шпацырах і паездках, надвор'е, нягледзячы на познюю восень, было амаль што вясновае. Вечарам чыталі віншаванні ад кагала, памятаю, было шмат смеху з-за вершаў, упрыгожаных гірляндамі, атрыбутамі кахання і Гімянеям.
Гэтае вяселле было адным з апошніх, якія так шыкоўна святкаваліся ў Літве. Яно хоць і прытрымлі-валася старых звычаяў, аднак адрознівалася ад ранейшых не толькі багаццем і добрым густам, але і парадкам, ладам і клопатам пра служак, колькасць якіх перавышала коль-касць усіх дам, служкі мелі свайго кухара, стравы, дэсерт і нават абслугоўванне.
Наша новая цёця мела вельмі вялікую сям'ю. Перш за ўсіх - бацькі. Яе тата, Войцех Пуслоўскі46, кунтушовы47 стары, быў вялікім элегантам - на вяселле дачкі справіў сабе амаль столькі ж шаўковых кунтушоў, колькі было сукенак у яго дачкі, а мела яна іх вельмі багата пасля паездкі ў Парыж і Варшаву. Яе маці - княжна з Любецкіх, мела сястру Сцыпіёнаву, якая сваю адзіную дачку выдала з свайго брата-міністра. Яе дачка - жонка міністра дапама-гала на вяселлі і пераездзе і пры гэтым карміла грудзьмі дачушку Генавэфку. З пяці братоў цёці памятаю толькі пятнаццацігадовага Ксаверыка і Вандалінка, майго равес-ніка, які, як і яго бацька, быў апрануты ў жупан і кунтуш.
Пан Войцех Пуслоўскі, чалавек бязмернага багац-ця і незвычайнага гаспадарчага розуму, гучна казаў, што сваім багаццем і поспехам ён абавязаны ваяводзе Хамін-скаму, які пазычыў яму 1000 дукатаў і выпхнуў у самастой-нае жыццё. І калі гэты ваявода Хамінскі, чалавек вельмі разумны, растраціў пасаг сваёй жонкі з Тызенгаўзаў, тысяча дукатаў дадзеная ў пазыку беднаму маладзёну, хутка ператварылася ў мільёны, бо розум і парадак ёсць тыя евангельскія цноты, якія памнажаюць багацце. І трэба ж было Пуслоўскаму выбраць сабе жонку з такой сяст-рой, сваёй швагеркай! Гэтыя дамы, ідучы паўсюдна за ім, трымалі ў кішэнях сваіх фартушкоў лісты і запіскі, датычныя шматлікіх спраў і часта прыходзілі на дапамогу яго стомленай памяці. Варта было ўбачыць іх сярод пля-менніц і кузынак, якія на кантрактах у Вільні, размясціліся ў адным пакоі і дзе толькі прасціны стваралі межы паміж спальняй, сталовай і гардэробнай. Тут былі і яўрэйкі з таварамі, сюды з візітамі прыходзілі знаёмыя і просьбіты абароны ў паноў Пуслоўскага і міністра, і адначасова ішоў хуткі але разважлівы гандаль за некалькі злотых з фактарамі і шпекуляцыі з купцамі. Пан Пуслоўскі з яго гандлёвым розумам быў вельмі пабожным. Яго часта бачылі ў Вострай Браме, дзе ён з набожна складзенымі рукамі маліўся з шчырасцю прабацькоў, трымаючы пры гэтым пад пахай канфедэратку. Але неўзабаве рассея-насць перарывала яго малітву, бо розум пачынаў блукаць сярод лічбаў, ён нібыта нешта вылічваў на пальцах … потым, схамянуўшыся, хапаўся за галаву, паціраў лысіну рукамі і зноў пачынаў засяроджана маліцца. І гэтак па дзесяць разоў.
І на заканчэнне апісання вяселля майго дзядзькі трэба дадаць, што нам не хапала дзвюх самых блізкіх асоб - бацькі і сястры маладога. Мой дзядуля па стане здароўя не мог пакінуць Вільню, а цёця Шуазель была ў Францыі. Дзядуля разам з дабраславеннем сына даслаў для сваёй нявесткі дыяментавы грабеньчык, а цёця - вестку пра нараджэнне першага сына Аляксандра.
(Працяг у наступным нумары.)
1 Gabrjela z Guntherоw Puzynina. W Wilnie i w dworach litewskich: pamiаtnik z lat 1815-1843. Wilno, 1928. Пераклад Леаніда Лаўрэша.
35 Ян Пётр Норблін (1745-1830) - мастак французскага паходжання; жывапісец, графік, гравёр і карыкатурыст, адзін са стваральнікаў жанравага жывапісу ў Рэчы Паспалітай і адзін з найвыбітнейшых мастакоў эпохі караля Станіслава Аўгуста. - Л . Л .
36 Аляксандр Арлоўскі (1777- 1832), мастак Рэчы Паспалітай і піянер літаграфіі ў Расійскай імперыі. Быў удзельнікам паўстання Тадэвуша Касцюшкі. Яго работы ўключаюць у сябе незлічоныя эскізы паўсядзённага жыцця, а таксама сцэны паўстання 1794 г і іншых войнаў. - Л . Л .
37 Фяліча Блангіні (1781-1841), італьянскі кампазітар, аўтар 17 опер і 174 рамансаў. - Л . Л .
38 Маецца на ўвазе Наваградскі і суседнія паветы. - Л. Л.
39 Яшчэ ў 1920-х гг. так назавецца дом № 21 па вуліцы Вялікай. Назву атрымаў, бо ў ім жыў кардынал і віленскі біскуп Юры Радзівіл (1556-1600). У 1812 г. у ім некаторы час жылі Вінцэнт Красінскі і Дамінік Радзівіл, у 1816 г. тут жыў Тамаш Зан. У тракціры з боку касцёла св. Яна з 1831 г. збіраліся арганізатары паўстання ў Літве, а 1837-1838 гг. Шымон Канарскі з удзельнікамі яго арганізацыі. Стэфанія з Радзівілаў як пасаг унесла дом Вітгенштэйнам. У 1850 г. гэты дом купіў расійскі ўрад і заснаваў пошту, якая месціцца тут разам тэлеграфам. - Л. Л.
40 Успаміны др. Юзафа Франка, прафесара ўніверсітэта былі надрукаваны ў 3-х тамах у 1913 г.
41 Лука Джардана (Luca Giordano, 1634-1705) - жывапісец і гравёр італьянскага барока, прадстаўнік неапалітанскай школы. За шпаркасць, з якой працаваў, атрымаў назву "Шпаркі Лука" ( італ. Luca Fа-presto). - Л. Л.
42 Станіслаў Мараўскі пісаў пра паважанага лекара Лібаўшчуца ці Ляйбошыца: "Ён быў ужо сляпым, але геніяльным і па-сапраўднаму ўнікальным чалавекам з асаблівым лекарскім нюхам, звалі яго "Яўрэйскім Богам"" - Л.Л.
43 Пра адносіны студэнтаў і гвардзейцаў гл: Morawski Stanislaw. S. 231; 494-495. - Л. Л.
44 Караліна Сулістроўская, у дзявоцтве Пшыбыльская, жонка Юзафа (†1815), уласніка Вішнева. Была адной з шматлікіх каханак Аляксандра І. Хвалілася, што яе сын Эдмунд - сын Аляксандра І. - Л. Л.
45 З Любецкіх Тарэза Сцыпіён, дачка кс. Францішка Ксаверыя Любецкага, пінскага кашталяна і Генавэфы з Алізараў, родная сястры кс. Францішка Ксаверыя Любецкага, міністра скарбу Польскага каралеўства. Жонка Юзафа Сцыпіёна дэль Кампа, лідскага старасты. Яе дачка Марыя ў 1807 г. ва ўзросце 14 гадоў выйшла замуж за свайго дзядзьку. Тарэза Сцыпіён, была адначасова сястра і цешча і мела вялікі ўплыў на міністра. - Л. Л.
46 Войцех Пуслоўскі (1762-1833), слонімскі маршалак, пасол на чатырохгадовы сойм, здольны фінансіст, адна самых выбітных постацей Літвы першай паловы XIX ст. Пакінуў пасля сябе вялікі маёнтак. За жонку меў сястру міністра Ксаверыя Любецкага, меў вялікі ўплыў на міністра і служыў яму дарадцам. - Л. Л.
47 "Кунтушовы шляхціц" - той хто апранаўся "па-сармацку" - у даўгаполы кунтуш з адкіднымі рукавамі, кашулю-дэлію і футравую шапку з пяром. У другой палове XVII ст. грамадскае жыццё пачало змяняцца, і шматслойныя, пышныя і доўгія строі, выкананыя з цяжкіх тканін, саф'янавыя боты, шаравары і мяккія шапкі, аздобленыя цыгейкай і пер'ем птушак, пачалі саступаць месца заходнім узорам. У часы, апісаныя аўтаркай, быць "кунтушовым шляхціцам", азначала свядомы выбар на карысць старых традыцый і адпаведную ідэалогію. - Л. Л.
Беларусы сустракаюцца з індзейцамі
Паходжанне рэчаў і народаў: Арэшка, Гурвіч, Сперлінг; з каляіндзейскай мазаікі Віцебшчыны
(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-52 (105-156) (2024); № 1-41 (157-197) за 2025 г.)
Чэрскі
Вывучэнне праблемы паходжання індзейцаў з Азіі асацыіруецца, разам з іншымі беларускімі імёнамі, і з Іванам Чэрскім, вядомым даследчыкам Сібіры, ураджэн-цам Дрысенскага павета (цяпер Верхнядзвінскі раён). У інтэрв'ю газеце "Социалистическая Якутия" навуковага супрацоўніка лабараторыі археалогіі Якуцкага інстытута мовы, літаратуры і гісторыі Якуцкага навуковага цэнтра Сібірскага аддзялення АН СССР С. П. Кісцянёва (1949-2003) канстатавалася, што населены пункт "Чэрскі стаіць на месцы пасялення старажытных людзей, якія жылі тут адзінаццаць тысяч гадоў назад. Усяго ў раёне пасёлка мы знайшлі каля трыццаці стаянак". Раней у раёне Чэрскага адкрыцці зрабілі А. П. Акладнікаў і Ю. А. Мачанаў. Такім чынам, тапонім Чэрскі (гарадскі пасёлак, адміністрацый-ны цэнтр Ніжнекалымскага раёна Якуціі (Саха), які раз-мешчаны на рацэ Калыме) несумненна ўключаецца ў "лінгвакраіназнаўчы слоўнік" вывучэння паходжання індзейцаў і заслугоўвае ўвагі саміх індзейцаў, якія ціка-вяцца гэтай праблемай.
"Калыма, мяркуючы па ўсім, была як бы перава-лачным пунктам для людзей, што рухаліся з захаду на ўсход, на Чукотку і далей, праз Берынгаў мост (тады ж праліва не было) на Аляску. Гэта і былі продкі індзейцаў. Яны насялялі і насяляюць Амерыку".
Адзін з лістоў Алеся Баркоўскага, які паведаміў нам нямала "беларуска-якуцка-індзейскіх" фактаў, мае штэмпель пасёлка Чульман Нерунгрынскага раёна Якуціі. Менавіта каля яго атрад Кісцянёва ў 1978 г. рабіў раскопкі (гл. матэрыял у інтэрнэце 2024 г. "Древние "чульманцы" могут быть предками коренных жителей Аляски!").
У Іркуцку Чэрскі блізка сышоўся з Мікалаем Віт-коўскім і наведаў месца яго "палеаіндзейскіх" раскопак у Кітоі, адзначыўшы іх значэнне для геалогіі і палеанталогіі ў ""Дадатках" да Рытэра".
Чэрскаму належаць таксама заўвагі да артыкула ўдзельніка паўстання ў Горацкім павеце Міхаіла Янкоў-скага "Кухонныя рэшткі і каменныя прылады, знойдзеныя на беразе Амурскага заліва на паўвостраве, што ляжыць паміж Славянскай бухтай і вусцем р. Сідэмі". Ён цытуецца ў сувязі з праблемай паходжання індзейцаў.
Пржавальскі
Славуты падарожнік і даследчык Мікалай Пржава-льскі паходзіў з запарожскага роду, які паланізаваўся, а потым русіфікаваўся на Віцебшчыне і Смаленшчыне, іншымі словамі - атрымаў беларускі кампанент у свае карані. З 1856 г. Пржавальскі знаходзіўся ў Полацкім палку, які мяняе дыслакацыю са Смаленска на Валынь, а потым Польшчу. І да паўстання, і пасля яго Пржавальскі ў вольны ад службы час шмат займаецца геаграфіяй, заалогіяй, батанікай; яго цікавасць стымулявалася паве-дамленнямі пра даследаванні іншых кантынентаў, перш за ўсе Афрыкі. У канцы 1864 г. ён пачынае выкладаць гісторыю і геаграфію ў Варшаўскім юнкерскім вучыліш-чы; напісаў падручнік геаграфіі для юнкераў, а яго лекцыі па гісторыі геаграфічных адкрыццяў карысталіся вялікай папулярнасцю.
Літ.:
1337 Зудов В. Чингачгук: "Мои прадеды жили в Черском" // Социалистическая Якутия. 1990. 30 окт.
4527 Индейцы, заселившие Америку, не были выходцами из Азии // Секретные исследования. 1999. № 5 (май). С. 2.
АРЭШКА Аляксей (3) - "Вось ужо і Арызона. Painted Desert (Маляўнічая пустыня). Чырвоныя, бурыя, жоўтыя колеры з мноствам пераходных адценняў, што мяняюцца з сонечным асвятленнем. Вокам неабсяжныя краявіды. Непадалёку - Petrified Wood (Скамянелы лес) [Petrified Forest (National Park)]". "Руіны паселішча індыянаў Пуэрка [Puerco] сведчаць [сьветчаць], што гэтыя мясціны былі заселены ўжо дзве тысячы гадоў таму. Тут жылі людзі аж да 1400 года нашай эры". "Далей пры гэтай жа дарозе № 40, паміж Уінславам [Уінсловам, Winslow] і Флагстафам [Флягстафам, Flagstaff] - Метэорны кратар". Скарачаючы іншае.
…Мы прапускаем і наведванне Аляксеем са спа-дарожнікамі Гранд-Каньёна - хаця індзейцы "дзесьці побач", збіранне апісанняў "каляіндзейскай" "велічы прыроды" ўсё ж не з нашых галоўных задач.
…Юзік адправіўся адзін у Флагстаф, каб адтуль ляцець у бок свайго дому.
Аляксей Арэшка
З ПАДАРОЖЖА ПА ПАЎДНЁВЫМ ЗАХАДЗЕ (3)
Пакінуўшы Desert View [Дэзерт-В'ю], едзем у кірунку Камерона [Cameron, census-designated place (CDP) in Coconino County, Arizona, on the Navajo Nation]. Дарога маляўнічая, горная, лясістая. Сённяшні этап - Меса-Вердэ [ў публікацыі ўвесь час Мэса Вэрдэ]. Па левым баку дарогі відаць здалёк Даліна Манументаў (Monument Valley) з яе велізарнымі, ветрам і дажджом вырабленымі статуямі і рознымі калонамі. Не даязджа-ючы пару міль да нашай мэты, у Картэзе [Cortez, seat of Montezuma County, Colorado], захапіла нас бура. Неба сіне-чорнае, бесперастанныя зігзагі маланак, гром, вецер, вялікі дождж. Давялося заначаваць у Картэзе. Назаўтра дарога ў Меса-Вердэ аказалася заваленая камянямі з навакольных гор, занесен[а]я граззю, але ўжо ўсё праві-лася, чысцілася.
Нацыянальны парк Меса-Вердэ [Mesa Verde National Park] - велізарнае плато, што дамінуе над нізінамі Мантэзума [або Мантэсума] і Манкас [Mancos]. Яно перахоўвае тысячагадовыя руіны індыянаў. Сёння назы-ваюць народ, што засяляў глыбокія каньёны Меса-Вердэ - анасазі [Анасазі, Anasazi], ад слова "старыя" ў мове індыянскага племені наваха [надрукавана Навахо]. Толькі руіны гэтак званых Cliff dwellings (жылля над абрывам) ды знойдзеныя гаспадарчыя прылады сведчаць [сьвет-чаць] сёння пра цывілізацыю, культуру і жыццё "Старых". З усяго відаць, што анасазі, якія жылі ў гэтак званым Раёне Чатырох Кутоў - збег ліній, што раздзяляюць штаты Юта, Арызону, Новую Мексіку і Каларада, - былі ўжо тут спадкаёмцамі багатай і тонкай культуры старой Амерыкі. У Меса-Вердэ, выкарыстоўваючы ўсе прыродныя магчымасці, індыяне будавалі свае селішчы-гарады ў каньёнах, пад навесамі скал. Дамы з камянёў, паверхавыя. Пакоі па шэсць на восем футаў. Здабыванне ежы было галоўным заняткам гэтага народа. Паляванне і сельская гаспадарка гралі вялікую ролю. Захаваліся амаль усе прылады штодзённага жыцця. Добра захаванае не толькі жыллё, але і цырыманіяльныя падземныя пакоі "Ківа". Тут наладжваліся малітвы за выздараўленне, дождж, ура-джай, удачу на паляванні, тут адбываліся і грамадскія сходы. Уваходзілася ў іх сходкамі-лескамі, што стаялі ў маленькім адкрыцці ў цэнтры. Дзірка ў каменнай падлозе - уваход у падземны свет. Селішча Меса-Вердэ апусцела, з няведамых прычын, каля 1300 г. новай эры.
Вялі[кі] і вельмі багаты музей захоўвае ўсе цікавыя знаходкі [знахадкі] быту Анасазі. Усё гэта пакідае глыбокае ўражанне, выклікае пачуццё сімпатыі да тых народаў, што пакінулі па сабе такія помнікі.
Па дарозе ў Дэнвер мы затрымаліся яшчэ ў двух месцах. Royal Gorge. Глыбокі каньён, а над ім самы высокі ў свеце падвешаны мост. Нагэтулькі высокі, што наша праваднічка Галіна [Русак] - яна ж туды нас і завезла - пабаялася па ім ісці. Сапраўды пад нагамі адчуваецца кожны крок. Унізе прорва [пропасць]. На шчасце, мост аказаўся ўсё ж такі салідным, а Васіль [Русак] і я - "смелымі"!
[…]
Вось мы зноў у Дэнверы. Нашае падарожжа на паўднёвы [паўдзённы] захад закончылася. Застануцца толькі ўспаміны, напэўна прыгажэйшыя, як гэта апісана. Бо ці можна апісаць усё, што бачыш, асабліва што адчуваеш, захапленне ўсім велічным, прыгожым? Словы здрадзяць думкам, а пачуцці не змесцяцца ў словах! За-станецца крыху і жалю. Жаль, што нашчадкі народаў, якія не так даўно засялялі гэтыя мясціны і пакінулі па сабе велічныя помнікі, рассеяныя па пустынных месцах, так непадобных да селішчаў іх прашчураў. Вырабляюць яны цудоўныя ювелірныя рэчы, гліняныя вырабы з паліхромным [паліхронным] прыгожым узорам. Некаторыя пля-мёны, як хопі [Гопі, Hopi], вырабляюць яшчэ "качыны" (kachina) - лялькі (не цацкі), у якіх паселеныя звыш-прыродныя духі іх продкаў. Гэтыя мастакі часта працяг-ваюць руку па долар. На пражыццё ці на віскі, не ведаю. Сумнае ўражанне. Хоць яго не хутка выкрасліш з памяці, аднак усё тое прыгожае, велічнае, створанае прыродаю або людскімі рукамі застанецца незабыўным.
Літ.:
2300 Геўрык Ц. Ахова помнікаў у ЗША // Культура. 1993. 8 сак. С. 6. (Скарочаны пераказ арт. галоўнага архітэктара Пенсільванскага ўніверсітэта Ціта Багданавіча Геўрыка (Tyt Hevryk); "першы закон па ахове гістарычных каштоўнасцей" 1906 г.: "Так было заснавана Меса Вердэ - запаведнік на руінах індыйскага [індзейскага] селішча, якое датуецца 1300 годам да н.э.")
6135 Анасазі // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 1. Мн., 1996. С. 340.
ГУРВІЧ Ілья (Ilya Gurvich) - арыгінальны факт, што тычыцца перамяшчэння прадметаў "з кантынента на кантынент", зафіксаваны ў адной музеязнаўчай кры-ніцы: "У 2004 г. з аддзела Сібіры перадалі сучасны бубен з бразготкай атапаскаў Канады, у аддзел народаў Сібіры гэтыя рэчы паступілі ў 1970-я гады ад І. С. Гурвіча". Ска-заць шчыра, пераблытаць рэчы народаў Поўначы Еўразіі і Амерыкі - не грэх нават для Кунсткамеры.
Канферэнцыі, сімпозіюмы і выставы ў ЗША, на якіх прысутнічаў Гурвіч, уключаюць Вашынгтон у 1977 г., Нью-Ёрк, Вашынгтон, Кэмбрыдж, Берклі ў 1979 г., Аляску ў 1981 г., Вашынгтон у 1988 г.
У прынцыпе, рэчы амерыканскіх народаў перада-валі гэтаму сібіразнаўцу і тыя, хто прыязджаў з-за акіяна ў Маскву і Ленінград.
Нарадзіўся Гурвіч у Менску ў ліпені 1919 г., але амаль не "фарміраваўся" ў ім - сям'я пераехала ў Маскву ў тым жа годзе. Пасля заканчэння ў 1941 г. МДУ (адным з яго настаўнікаў там, на кафедры этнаграфіі, быў ура-джэнец Берасця Марк Касвен) ён быў накіраваны ў Якуцію, дзе быў школьным педагогам і адначасова "ка-рэспандэнтам" Навукова-даследчага інстытута мовы, літаратуры і гісторыі (НИИЯЛИ) Якуцкага філіяла Ака-дэміі навук СССР.
З 1946 г. - у аспірантуры ў Інстытуце этнаграфіі АН СССР. У 1950 г. вярнуўся ў Якуцк, дзе стаў супра-цоўнікам НДІМЛГ, а ў 1956 г. у апошні раз пераехаў у Маскву і паступіў на працу ў Інстытут этнаграфіі, у Сектар па вывучэнні сацыялістычнага будаўніцтва ў малых народнасцей Поўначы, які пазней называўся Аддзелам Поўначы і Сібіры і які ён узначальваў у 1965-1986 гг. (уключаючы і створаную на яго базе ў 1956 г. Паўночную экспедыцыю).
Літ.:
9931 Гурвич И. С. Культура северных якутов-оленеводов: к вопросу о поздних этапах формирования якутского народа. М., 1977.
6676 Гурвич И. С. Иохельсон Владимир Ильич // Большая Советская Энциклопедия. Т. 10. М., 1972. С. 390. (Стб. 1157).
6677 Гурвич И. С. К вопросу о параллелях в тра-диционной культуре аборигенных народов Северной Азии и Северной Америки // Традиционные культуры Северной Сибири и Северной Америки. М., 1981.
13267 Гурвич И. С. Советско-американское сотрудничество в области изучения взаимодействия або-ригенных народов и культур Северной Сибири и Север-ной Америки // Советская этнография. 1978. № 6. С. 157-160.
13268 Гурвич И. С., Ляпунова Р. Г. Коллекции му-зеев США по народам северо-западной Америки и Си-бири // Советская этнография. 1980. № 5. С. 121-128.
4970 Батьянова Е. П., Жорницкая М. Я. Илья Самуи-лович Гурвич (1919-1992) // Этнографическое обозрение. 1992. № 5. С. 167-171.
СПЕРЛІНГ Эдвард (Edward J. Sperling) - "пісь-меннік, гумарыст і сіяніст беларускага паходжання", першапачаткова Эзра Сперлінг; прыклад інтэлектуала-гуманітарыя, у адрозненне ад работнікаў бойні або прад-стаўнікоў прыкладных прафесій, такіх як адвакаты, якіх фарміравала фенаменальная "беларуская" грамада Су-Сіці ў Аяве.
Нарадзіўся ў 1889 г. у Слуцку, малым з сям'ёй, "каб пазбегнуць дзяржаўных пагромаў", апынуўся ў ЗША, дзе яны "ўрэшце" пасяліліся ў Су-Сіці. "У дзяцінстве - і на працягу ўсяго жыцця - Эдварда апісвалі як ціхага, лагод-нага і даволі замкнёнага чалавека, які большую частку часу праводзіў за чытаннем або пісьмом. У выніку ён пачаў прафесійна займацца пісьменствам, пішучы арты-кулы для мясцовых яўрэйскіх газет".
Выехаў (1918) у Канаду, каб уступіць у брытан-скую армію; запісаўся ў Яўрэйскі легіён пад камандай Іосіфа Трампельдора. Пасля звальнення з яго пасяліўся ў Палестыне, дзе пасябраваў з многімі вядомымі сіяніста-мі - яго ўласны сіянізм развіўся. Па просьбе Яўрэйскага агенцтва пачаў працаваць на "Брытанскі мандат", да-служыўшыся да пасады генеральнага дырэктара Міністэрства гандлю і прамысловасці.
22.07.1946 г. загінуў (у ліку 91 чал.) падчас выбуху ў гатэлі "Кінг Давід" у Іерусаліме, у які недарэчна вымушаны быў вярнуцца. Калі ён выходзіў са свайго офіса ў гатэлі, каб з'ехаць у Хайфу, яго абстралялі байцы "Іргун" (гэтыя правыя сіяністы, відавочна, не ведалі, што страляюць у сіяніста, хоць і больш левага, і яму было не да смеху - лепш было застацца ў "Горадзе сіў", хоць гэта і менш бяспечны варыянт, чым Слуцк апошніх 80 ці 70 гадоў).
Літ.:
419 Байчоров А. М. Неоколониализм и между-народный терроризм. Мн., 1985.
9840 Дэвис Л. Терроризм и насилие. Смоленск, 1998. ("Русич" при участии "Харвест", Минск.)
4935 Жаринов К. В. Терроризм и террористы: исторический справочник / под общ. ред. А. Е. Тараса. Мн., 1999.
5971 Кожушко Е. П. Современный терроризм: анализ основных направлений / под общ. ред. А. Е. Тараса. Мн., 2000.
7405 Требин М. П. Терроризм в XXI веке / под общ. ред. А. Е. Тараса. Мн., 2003.
Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.
Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.
Індзейцы , индейцы , Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Bielorrusia, Belarus; Алесь Симаков . Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 165].
18 кастрычніка ў Лідскім раёне стартуе «Тыдзень традыцыйнай куль-туры «Ад даўніны да нашых дзён»
Галоўнымі мэтамі праекта з'яўляюцца папулярызацыя такіх элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны як:
"Традыцыйнае белаўзорыстае ткацтва Паня-моння";
"Беларускае мастацтва выцінанкі";
"Беларускія мастацкія практыкі саломапляцення";
"Стравы з таркаванай бульбы - дранікі, бульбяныя бліны, бабка і іншыя - тра-дыцыі прыгатавання і ўжывання".
Безумоўна, праект паспрыяе прыцягненню больш пільнай увагі мясцовай супольнасці да выяўлення і вырашэння праблемных пытанняў быта-вання, захавання і развіцця праяў традыцыйнай культуры беларусаў, пераем-насці нацыянальнай спадчыны.
ЗАПРАШАЕМ!