Наша слова.pdf № 43 (199), 22 кастрычніка 2025.
Тыдзень традыцыйнай культуры на Лідчыне
18 кастрычніка адбылося адкрыццё Тыдня традыцыйнай культуры "Ад даўніны да нашых дзён", якое прайшло ў філіяле "Бердаўскі культуна-дасугавы цэнтр" дзяржаўнай установы"Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці".
Госці з Маладзечна наведалі "Музей сям'і Парфенчыкаў", прынялі ўдзел у анімацыйнай праграме "Скарбы сядзібы Дамбавецкага", з захапленнем патанчылі побытавыя танцы і зрабілі падарункі на памяць.
Гэты дзень стаў сапраўдным святам для ўсіх аматараў традыцыйнай культуры.
19 кастрычніка творчую майстэрню "Калі да лёну з паклонам, добра аддзячыць лён" філіяла "Ганчарскі Дом культуры" дзяржаўнай установы"Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" у рамках адкрыцця Тыдня традыцыйнай культуры наведалі турысты з сярэдняй школы № 12.
ТК "Культура Лідчыны".
Юбілей Язэпа Палубяткі
На Пакровы, 14 кастрычніка, грамадска-культурны дзеяч, пісьменнік, журналіст і проста цудоўны чалавек з Мастоў Язэп Палубятка адзначыў 70-гадовы юбілей. Адзначыў сціпла, спакойна і лёгка ў коле сваіх родных і блізкіх людзей. Непрыкметна прайшоў яго і 60-гадовы юбілей. Так хутка праляцелі 10 гадоў, глянуў - і ўжо 70. Ды і цяпер, як і раней, творчы чалавек нічым хваліцца не стаў і сябе не высоўвае на вялікія сцэны і экраны. Ён проста жыве і дыхае, а калі з'яўляецца натхненне - сядае за рабочы стол пісьменніка.
У 2023-2024 гадах выйшлі з друку чатыры яго аповесці. Гэта "Прыгоды Мармулка", "Вандроўка ў Чыкага", "Дуралесіца" і "Вялікая жнівеньская…". Усе яны пабачылі свет у Лідзе ў выдавецтве "Пружмень". Сёлета, мяркуюцца, свет пабачаць яшчэ некалькі выданняў.
Усе кнігі Язэпа Палубяткі чытаюцца вельмі лёгка, з усмешкай, у іх адчуваецца нейкая тужлівая іскрынка пра беларускае вясёлае жыццё напрыканцы ХХ стагоддзя. Разам выданні пісьменніка з Мастоў стварылі серыю кніг "Сатырычнай гісторыі Беларусі".
А цяпер для чытачоў "Нашага слова" хачу нагадаць пра творчы шлях гэтага цікавага дзядзькі з Мастоў. Нарадзіўся ён 14 кастрычніка 1955 года ў вёсцы Дашкаўцы Мастоўскага раёна. У 1978 годзе ён скончыў Белдзяржуніверсітэт па спецыяльнасці радыёфізіка і электроніка. Болей за дваццаць гадоў адпрацаваў сувязістам у Мастах.
Магчыма ён добры радыёфізік, быў і застаўся ім, але ж усё жыццё Язэп Палубятка займаецца літаратурнай творчасцю. Толькі з-за сваёй сціпласці ён не спяшаўся раней выдаваць свае кнігі. Ён проста жыў і пісаў.
Літаратурны дэбют Язэпа Палубяткі адбыўся на старонках мастоўскай раённай газеты "Зара над Нёманам". А ў рэспубліканскім друку ён дэбютаваў у 1991 годзе ў часопісе "Маладосць" апавяданнем "Краб". Апавяданне супрацоўнікам часопіса вельмі спадабалася, і праз пяць гадоў "Маладосць" друкуе яго аповесць "Вялікая жнівенская".
Актыўна друкаваўся празаік на старонках часопіса "Першацвет" у 1993-1995 гадах. Тады былі надрукаваны яго апавяданні "Белы конь", "Апошняя сповядзь", "Маё дзіўнае вяселле" і іншыя.
У часопісе "Крыніца" № 6 за 1997 год з'явілася аповесць празаіка "Вайсковае евангелле. Горкае дабравесце радавога Міхася Лабуты", якая прызнана лепшым празаічным творам года і была ўганаравана прэміяй. У гэтым жа часопісе ў 2001 годзе свет пабачыла сатырычная аповесць Язэпа Палубяткі "Прыгоды Мармулка". Арыгінальная аповесць "Дуралесіца" была надрукавана напачатку 2000-га года ў газеце "Наша слова"… Спіс яго апавяданняў і аповесцяў можна працягваць доўга.
Шмат гадоў Язэп Палубятка супрацоўнічаў з часопісам "Вожык", у якім надрукаваў больш за два дзесяткі гумарэсак, а гэта, пагадзіцеся, цэлая кніжка. У 1995 годзе на конкурсе часопіса "Вожык" "У гэтым свеце рознае бывае…" ён быў прызнаны пераможцам.
Даўно плануе Язэп Палубятка раман "Душнае лета 1989 года". Раман напісаны ў першай палове дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя. Твор прысвечаны людзям незалежнай Беларусі. Прататыпам галоўнага героя Гурыновіча з'яўляецца яго сябра. І іншыя героі твора спісаны з рэальных асобаў. Пра вялікі свой твор сказаў неяк сам Язэп: "Раман напісаны па гарачых слядах. Чытаючы яго зараз лаўлю сябе на думцы: не спакусіцца бы на праўкі, інакш згубіцца дух таго часу. Малады чытач можа не зразумець яго, бо ён не дыхаў паветрам таго часу, а мы глыкалі яго напоўніцу".
"Акрамя "Душнага лета 1989 года", што яшчэ ў планах?" - пытаюся ў мастоўскага празаіка.
- На другім месцы - трылогія "І ўсё вяртаецца на кругі свая". Твор да канца не дапісаны, але калі справы зрушацца з першай кнігай, то, пэўна, тады з'явіцца імпэнт, і справа будзе завершана на працягу кароткага часу. Вось такая мая асноўная жыццёвая задача. Я нават не думаю пра іншыя творы, якія гатовы для друку і вялікіх выдаткаў не запатрабуюць. Гэта мая першая аповесць "Даўгі нашыя" напісаная ў 1985 годзе, якую некалі ўхваліў Аляксей Карпюк і параіў знайсці добрага рэдактара. Тады я не стаў шукаць рэдактара, бо меў шмат задумак і тэм - ды пісаў. І таксама не бяру да ўвагі закончаныя, ды на сённяшні дзень, актуальныя творы, а таксама гістарычны раман, які прысвяціў сваёй цётцы Любе - "Старая, старая і адзінокая жанчына". Не ў маіх правілах адступаць ад задуманага. Калі адчую праблемы са здароўем, то не будзе ніякіх праблемаў выкласці тое ў электронным варыянце. Толькі кніжка для мяне больш важкі аргумент, чым электронная версія. Кніжка можа заляжацца на паліцы, калі аўтара забудуць. Электронную версію таксама могуць забыць, але яе можа яшчэ і знішчыць вірус. Жартую", - усміхнуўся Язэп Палубятка.
Дай Божа, даражэнькі Язэп Язэпавіч, каб ўсе планы твае збыліся да наступнага юбілею і нават раней. Здароўя табе, сямейнага дабрабыту і шчасця!
Сяргей ЧЫГРЫН.
Зайграйце, музыкi!
25 кастрычніка ў 10:00 Палац культуры горада Ліды прыме абласны фестываль народнай музыкі "Зайграйце, музыкi!"
Мерапрыемства праходзіць 1 раз у 2 гады, з мэтай папулярызацыі інструментальнай музыкі, садзейнічання мастацкаму развіццю і павышэння выканальніцкага ўзроўню ансамбляў народнай музыкі і аркестраў народных інструментаў. На суд журы калектывы прадставяць па два творы, адзін з якіх павінен быць творам беларускага аўтара.
У фестывалі прымуць удзел лепшыя дарослыя і дзіцячыя аркестры народных інструментаў, ансамблі народнай музыкі і песні, інструментальныя ансамблі (акрамя дуэтаў, трыа), незалежна ад ведамаснай прыналежнасці.
Па выніках фестывалю журы вызначае лаўрэатаў (I, II, III ступеняў) па дзвюх катэгорыях (дарослы і дзіцячы) у наступных намінацыях:
- аркестр народных інструментаў;
- інструментальны ансамбль (акрамя дуэтаў, трыа);
- ансамбль музыкі і песні.
Фестываль народнай музыкі і песні "Зайграйце, музыкі!" стане жаданым святам для ўсіх, хто любіць меладычную беларускую народную музыку.
ЗАПРАШАЕМ! УВАХОД ВОЛЬНЫ!
ЛІТАРАТУРНА-МУЗЫЧНАЯ ІМПРЭЗА "СЯБРОЎКА-ВОСЕНЬ"
Прывітаць спадарыню Восень сабраліся чальцы Пісьменніцкага клуба "Літаратурны экватар" 15 кастрычніка 2025 года ў Менскай бібліятэцы № 1 імя Л.М. Талстога. Вядоўцай імпрэзы стала шэф-рэдактар альманаха "Літаратурны экватар", пісьменніца і журналістка Інга Вінарская. І - нядзіўна, чаму. Сама ж восеньская - нарадзілася ў кастрычніку.
Пачала Інга з разбору значэння самога слова "восень". Яно роднаснае старажытна-прускаму assanis, што ў перакладзе значыць "восень", у готскай мове asans - "жніво", этымалагічна - гэта "час жніва". Згодна з тлумачэннем слоўніка Даля, восень - ад "асяняць" ("зацяняць"), гэта значыць наступленне змроку. Адна з чатырох пораў года, паміж летам і зімой, перахадны сезон, калі заўважна памяншаецца светлавы дзень, і памяркоўна зніжаецца тэмпература навакольнага асяроддзя.
У восені ёсць свае падсезоны. Часцей за ўсё іх вылучаюць пяць. Ранняя - з пачатку верасня да дня восеньскага раўнадзенства 22 верасня. Залатая - з 22 верасня да сярэдзіны кастрычніка: гэты перыяд характаразуецца рознакаляровымі маляўнічымі пейзажамі. Глыбокая - з другой паловы кастрычніка да пачатку лістапада: надвор'е робіцца больш сырым і прахалодным. Перадзім'е - з пачатку лістапада да яго сярэдзіны: гэта перыяд перад наступленнем зімы, калі могуць ужо з'яўляцца першыя замаразкі. Первазім'е - другая палова лістапада: сярэдняя тэмпература пачынае пераходзіць ніжэй за нулявую адзнаку, і часцяком пачынаюцца першыя завеі.
Далей спадарыня вядоўца зазначыла, што восень - гэта час суму і прыгажосці, а для паэтаў і пісьменнікаў - час натхнення. Нездарма многія прадстаўнікі пісьменніцкага цэху свае лепшыя творы стварылі менавіта ў гэтую пару. Інга сказала, што асвятляючы тэму ўплыву восені на жыцці паэтаў і пісьменнікаў, немагчыма не ўзгадаць вернага сябра "Літаратурнага экватара", паэта, празаіка, барда Валерыя Скакуна, які вельмі любіў залатую пару лістападаў, прысвяціў ёй шмат вершаў і песень, і менавіта восеньскі пейзаж упрыгожыў вокладку яго пасмяротнага зборніка вершаў "І вабіць дарога наперад…" Тут Інга Вінарская запрапанавала прысутным паслухаць некалькі песень Валерыя Скакуна. Прагучалі наступныя творы: "Дождж, навальніца", "Па дарозе праз гады", "Я пакіну свой дом".
Што тычыцца сваёй уласнай творчасці, то спадарыня Інга прачытала некалькі вершаў у тэму вечарыны са сваёй кнігі "Гучы маё сэрца, гучы…": "Пра надвор'е", "Гэты шоргат, шэпт лістоты…", "Залатое вар'яцтва таполяў імкнецца вышэй…", "Страшэнна вые вецер за акном…", а таксама "Да восені прыбіўся лёс…":
Да восені прыбіўся лёс,
І з ёю зноў з'яднацца мкнешся.
Світанак жніўня, файны плёс
Ты любіш болей... Так, канешне...
Цямнее, сохне ўсё, бы рок,
І ветрык гэткі ўжо не летні.
Святло ў акенцах робіць крок
Цяпер раней - пяе штыкетнік.
Дажджы скубуць нам сэрцы зноў,
І холад так турбуе ноччу,
Ды для грыбоў, - для іх, хлапцоў, -
Спрыяльна вельмі ўсё, не змрочна.
Чаруюць золатам лясы
На фоне тых зялёных елак.
Глядзі: бы цуды-паясы,
Яны глядзяць наўкол так смела.
Не рэдкі сонца госць пакуль.
Барвовы, рыжы, жоўты колер -
Вітаюць клёны праз раку,
Дрыжаць пры гэтым трохі болей.
Звыкацца з восенню наш час,
Скарыцца ёй, жыць неяк далей,
Не клясці ўсё з рання - на раз,
У такт жыцця трапляць з рэалій.
Потым слова перайшло да кіраўніка "Літэкватара", пісьменніка і журналіста Вячаслава Корбута, які ў далейшым стаў сувядоўцам Інгі Вінарскай. Ён таксама з цеплынёй сказаў слова пра Валерыя Скакуна, з якім сябраваў на працягу дваццаці пяці год. У памяць сябра Вячаслаў узгадаў адзін з ягоных вершаў на тэму восеньскага кахання, які і пачулі сабраўшыяся:
Лістапад хаваўся пад дажджовай хмарай,
І было таемна, цьмяна на душы,
Быць ці нам з табою закаханай парай?
Зведаць асалоду смагі ў шалашы?
Слёзных развітанняў дождж шукае дробны,
Сэрца халаднела прадказаннем сноў,
Самы дзень звычайны нечым быў падобны
На неўтаймаванасць, невыразнасць слоў.
Ды аднекуль вецер наляцеў раптоўна,
Пераблытаў словы лісцем у віры,
І было самотна, што ўсё так умоўна,
Што не дачакацца нам сваёй пары.
Сам Вячаслаў крэатыўна паставіўся да выканання сваіх твораў: большасць з іх чытаў не ён, а навучэнцы старэйшых класаў сярэдняй школы - хлопцы ды дзяўчаты. Падлеткі выканалі наступныя вершы Вячаслава Корбута: "Беларускі лес", "Сталіца", "Верасень", "Холад восені", "Чырвоны яблык". Далей два хлопцы сыгралі спецыяльна напісаную для імпрэзы восеньскую сцэнку спадара Корбута "Бурак і Гарбуз".
Што тычыцца ўласнага выканання, то Вячаслаў пазнаёміў прысутных са сваім вершам "Лістапад" з кнігі "Чаму ўсміхаецца сонца?":
Ты падкрадзешся да акна,
Дзя я сп'янеў ад лістападу,
Тваёй усмешцы крэўнай рады
І на душы ізноў вясна.
Няхай я сёння лістапад,
Пяшчотны, залаты і мірны,
Цягучы, сумны, дужа лірны -
Так, сумны… Ліст увесь апаў
На твой вялікі дом мінорны
І разляцеўся, паляцеў
У край чужы, у край той зорны,
Каб я ад болю ацалеў…
Багіня-восень, я знікаю,
Ты застанешся ля акна…
Бывай! З дажджамі адлятаю
У край, дзе сэрцу цеплыня,
У край, дзе больш ужо не будзе
Пакутаў для маёй душы.
А сэрца? Сэрца рвецца з грудзяў,
Каб побач з любаю ажыць!
Паэтка, пісьменніца, журналістка Вольга Любашына апошнім часам крэатыўна ставіцца да папулярызацыі сваіх паэтычных твораў. На яе вершы пачаў ствараць песні … штучны інтылект! Некалькі такіх песень пачулі ўдзельнікі імпрэзы 15 кастрычніка: "Золото осени", "На свиданье к милому иду". Таксама спадарыня Вольга прачытала вершы: "Осеннее утро", "Рыжая красавица".
Вялікі прыхільнік жаночай прыгажосці Юрый Мельнікаў, які заўсёды гатовы, каб чары лепшай паловы чалавецтва на яго ўздзейнічалі, азнаёміў прысутных з некалькімі акравершамі на жаночыя імёны: "Сара", "Марга", "Чара". Таксама прагучаў ягоны верш "Развагі пра кавалачак шчасця".
Нядаўні вераснёўскі юбіляр, пісьменнік, перакладчык, журналіст Глеб Ганчароў мае вельмі закавырысты, складаны характар. Выйшаўшы выступаць, ён заявіў, што не збіраецца адпавядаць тэме імпрэзы і чытаць будзе не восеньскія творы, а тое, што яму зараз хочацца. У выніку, прагучаў пераклад з Мікалая Гумілёва "Надрапанае на сцяне" і аўтарскія вершы спадара Глеба: "Архілоху", "Страшны Суд давяраючы Богу…", "Марыя Антуанета", а таксама наступны твор:
Свет ужо не рыфмуецца. Бог
Не рыфмуецца з небам бяздонным.
Так, заблудны між хвалямі бот
Не рыфмуецца з портам і домам.
Над зямлёю раз'юшаны смерч
Не рыфмуецца з сонцам вясеннім,
Як сумёты - з адлігай; як смерць -
З уваскрэсеннем і з узнясеннем.
Не рыфмуюся я ўжо з табой,
Як пасцель і дзявочыя буклі.
Чуеш, выю фабрычнай трубой
Праз акно халасцяцкае кухні.
Толькі бездань струменіцца з дзір:
З падаконня, са столі, з падлогі.
Свет ужо не рыфмуецца. Мір -
Гэта рыфма бязмежнай трывогі.
Я закрыю сабою дзіру,
Прыліпаючы цалкам да крэсла.
I ніколі цяпер не памру.
I ніколі цяпер не ўваскрэсну.
Паэт-філосаф, кандыдат філасофскіх навук Ігар Шыршоў успрымае навакольны сусвет вельмі своеасабліва. І гэтае ўспрыманне, канешне, робіць свой уплыў на ягоную паэтычную творчасць. Восень - гэта вельмі блізкая пара для Ігара Яўгенавіча, бо ён лічыць яе сугучнай са сваім, шаноўным ужо, узростам. У яго нават ёсць тэорыя філасофіі восені жыцця. Прысутныя пачулі ў выкананні спадара Шыршова ягоныя вершы: "Космические сезоны", "Итог", "Инфернальный романс", "Дачное благоденствие", "Недостижимое", "Угасание", "Последняя встреча".
Чароўная жанчына Тамара Залеская - таленавітая, вытанчаная паэтка. Слухаючы яе выступленні, атрымоўваеш сапраўднае эстэтычнае задавальненне. Так было і на кастрычніцкай імпрэзе "Літэкватара". Спадарыня Тамара азнаёміла сабраўшыхся са сваімі творамі: "Хрупкий мир", "Чтобы жить, сначала надо выжить…", "Чайки. Туман, седое небо…", "Тихая нежность. Не думать о грустном, унынья не знать…", "Перелистаю листья листопада…".
Для паэта Вячаслава Данілава клуб "Літаратурны экватар" - любімае месца сустрэч з сябрамі і калегамі. Нягледзячы на складасці са здароўем, Вячаслаў стараецца не прапускаць мерапрыемствы суполкі. На імпрэзе паэт прачытаў шэраг сваіх вершаў, напісаных у 2025 годзе: "В холоде тьмы - плащ с чужого плеча...", "Любовь - не пруд с водой стоячей…", "Звёзды все на небе...", "Мысли ни о чем...", "От беды никто не застрахован…", "Идешь. Баланс теряется в душе…".
Закрывала кастрычніцкае мерапрыемства "Літ-экватара" паэтка, пісьменніца, спявачка Таццяна Пратасевіч. І жанчына прыгожая, і аўтарка таленавітая. Прывезла з сабой гітару і праспявала некалькі сваіх аўтарскіх песень: "Казка са сну" і "Дама з сабачкай". Вершы тасама пачытала: "Шукаю такіх вершаванняў…", "Я, як воўк адзінокі ў тым лесе глухім…", "Думкі шукаюць носьбіты іншыя…", "Рабінзаніяда па Беларусі". А таксама выканала твор, прысвечаны гітары і той жанчыне, якая на ёй грае:
Перакрыжуем сэнсы і паняцці
І скарыстаем сёння пафас лёсу:
Мы паспрабуем ролямі мяняцца -
Я - інструмент, ты - голас час ад часу.
Няхай не прафесійна, але шчыра.
Наш дыялог не скончыцца на гэтым.
Гітара! Так, маёй душы ты ліра.
Мы адгалоскі - два ў адным Сусветы.
Я надзялю сваім пачуццем струны,
Ты адгукнешся мне, падорыш гукі.
І сэнс жыцця для нас амаль агульны,
Бо ты ізноў патрапіла мне ў рукі.
Ты можаш і паплакаць, пасмяяцца -
Калі я побач, гэта ўсё магчыма.
Жартую я - агучыш роль паяца,
Заплачаш ты - я з мокрымі вачыма.
Эксперыменты з пераменай роляў…
Галоўнае - што ў гэтым наша воля!..
На імпрэзе "Сяброўка-восень" прысутнічалі пісьменнікі, журналісты, запрошаныя госці, бібліятэчныя работнікі, навучэнцы старэйшых класаў сталічных школ. Мяркуючы па рэакцыі залы, абыякавых у той кастрычніцкі вечар не засталося.
Інга Вінарская.
БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Станіслаў Суднік
Колеры і масці ў Лідзе і ў астатняй Беларусі
(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)
Маецца і больш поўны спіс беларускіх колераў, тут, праўда, будуць паўтарэнні ўжо прыведзеных у кароткім спісе, але ў другім спісе ёсць ангельская версія:
Англійская назва Беларуская назва
1. Alizarin Crimson Алізарынавы чырвоны
2. Amber Бурштынавы
3. Amethyst Аметыставы
4. Asparagus Cпаржа
5. Aqua Колер марской хвалі
6. Aquamarine Аквамарынавы
7. Azure Блакітны, Азур
8. Beige Бэжавы, Бэж
9. Bistre Бістр
10. Black Чорны
11. Blue Сіні
12. Bondi Blue Вада пляжа Бондзі
13. Brass Латуневы
14. Bright green Светла-зялёны
15. Bright turquoise Светла-бірузовы
16. Bright violet Светла-фіялетавы
17. Bronze Бронзавы
18. Brown Карычневы
19. Buff Скура тура
20. Burgundy Бургундыя
21. Burnt Orange Выгаралы аранжавы
22. Burnt Sienna Сіена смаленая
23. Burnt umber Карычневы, Умбра смаленая
24. Camouflage green Ахоўны
25. Cardinal Цёмна-чырвоны, Кардынал - колер
26. Carmine Кармінава-чырвоны
27. Carrot Руды (Рыжы)
28. Celadon Шэра-зялёны
29. Cerise Светлая вішня
30. Cerulean Блакітны
31. Cerulean blue Блакітна-сіні
32. Chartreuse Салатавы колер, Шартрэз - колер
33. Chestnut Каштанавы
34. Chocolate Шакаладны
35. Cinnamon Карычны
36. Cobalt Кобальт сіні
37. Copper Медны
38. Coral Каралавы, Каралава-чырвоны
39. Corn Кукурузны
40. Cornflower blue Валошкавы (Васільковы)
41. Cream Крэмавы
42. Crimson Малінавы
43. Cyan Блакітны, Цыан, колер
44. Dark brown Цёмна-карычневы
45. Dark cerulean Цёмна-блакітны
46. Dark chestnut Цёмна-каштанавы
47. Dark coral Цёмна-каралавы
48. Dark goldenrod Цёмна-залаты
49. Dark green Цёмна-зялёны
50. Dark Indigo Цёмны індыга, Індыга
51. Dark Khaki Цёмны хакі, Хакі
52. Dark Olive Цёмна-аліўкавы
53. Dark pastel green Цёмны пасцельна-зялёны
54. Dark Peach Цёмна-персікавы
55. Dark pink Цёмна-ружовы
56. Dark salmon Цёмная ласасіна
57. Dark Scarlet Цёмна-пунсовы, Пунсовы
58. Dark slate gray Цёмна-аспідны шэры, Аспідна-шэры
59. Dark spring green Цёмны вяснова-зялёны
60. Dark tan Цёмны жоўта-карычневы
61. Dark tangerine Цёмна-мандарынавы
62. Dark Tea Green Цёмны зялёны гарбата
63. Dark turquoise Цёмна-бірузовы
64. Dark violet Глыбокі фіялетавы колер
65. Denim Баваўняны
66. Dodger blue Ахоўна-сіні
67. Emerald Смарагдавы
68. Eggplant Баклажанавы
69. Fern green Зялёная папараць
70. Flax Ільняны
71. Fuchsia Фуксія
72. Gamboge Гумігут
73. Gold Залаты
74. Goldenrod Залаціста-бярозавы
75. Gray Шэры
76. Gray-asparagus Шэрая спаржа
77. Gray-Tea Green Зялёны шэры гарбата
78 Green Зялёны
79. Green-yellow Жоўта-зялёны
80. Heliotrope Геліятроп
81. Hot pink Ярка-Ружовы колер
82. Indigo Індыга (Гранатовы)
83. International orange (Safety orange) Міжнародны, сігнальны Аранжавы
84. Jade Нефрытавы
85. Khaki Хакі
86. Klein Blue Сіні Клейна
87. Lavender Лаванда, лавандава-сіні
88. Lavender Blush Румянная лаванда
89. Lemon Жоўты
90. Lemon Cream Лімонна-крэмавы
91. Light brown Светла-карычневы
92. Lilac Бэзавы
93. Lime Лайм
94. Linen Ільняны
95. Magenta Пурпурны
96. Malachite Малахітавы, Малахітавая зеляніна
97. Maroon Бураковы
98. Mauve Ружавата-ліловы
99. Midnight Blue Паўночна-сіні
100. Mint Green Зялёная мята
101. Moss green Зялёны мох
102. Mountbatten pink Ружовы Маўнтбэтэна
103. Mustard Гарчычны
104. Navajo white Белы наваха
105. Navy blue Гранатовы
106. Ochre Охра
107. Old Gold Старое золата
108. Olive Аліўкавы
109. Olive Drab Далікатна-аліўкавы
110. Orange Аранжавы, Памяранцавы
111. Orchid Архідэя
112. Pale Blue Бледна-сіні, Блакітны
113. Pale brown Бледна-карычневы
114. Pale carmine Бледна-кармінны, гл. Кармін
115. Pale chestnut Бледна-каштанавы
116. Pale cornflower blue Бледна-валошкавы
117. Pale magenta Бледна-пурпурны
118. Pale mauve Бледны ружова-ліловы
119. Pale pink Бледна-ружовы
120. Pale red-violet Ліловы
121. Pale Sandy Brown Бледна-пясочны колер
122. Pang Панг
123. Papaya whip Уцёкі папаі
124. Pastel green Пастэльна-зялёны
125. Pastel pink Пастэльна-ружовы
126. Peach Персікавы
127. Peach-orange Аранжава-персікавы
128. Peach-yellow Жоўта-персікавы
129. Pear Грушавы
130. Periwinkle Барвёнак
131. Persian blue Персідскі сіні
132. Pine Green Зялёная хвоя
133. Pink Ружовы
134. Pink-orange Аранжава-ружовы
135. Plum Слівавы
136. Powder blue Сіні пыл
137. Puce Чырванавата-карычневы
138. Prussian blue Берлінскі блакіт
139. Pumpkin Гарбуз
140. Purple Пурпурны
141. Raw umber Умбра
142. Red Чырвоны
143. Red-violet Фіялетава-чырвоны
144. Robin egg blue Колер яйкаў дразда
145. Royal Blue Каралеўскі сіні
146. Russet Чырванавата-карычневы
147. Rust Іржава-карычневы
148. Safety Orange (Blaze Orange) Сігнальны аранжавы
149. Saffron Шафранавы
150. Sapphire Сапфіравы
151. Salmon Ласосевы
152. Sandy brown Пясочны колер
153. Sangria Сангіна
154. Scarlet Ярка-чырвоны, Пунсовы
155. School bus yellow Колер жоўтага школьнага аўтобуса
156. Sea Green Зялёнае мора
157. Seashell Колер марской пены
158. Selective yellow Адборны жоўты
159. Sepia Сэпія
160. Silver Срэбны
161. Slate gray Шэры шыфер
162. Spring Green Зялёная вясна
163. Steel blue Сіняя сталь
164. Swamp green Зялёнае балота
165. Tan Жоўта-карычневы колер
166. Tenne Рабы
167. Tangerine Мандарынавы
168. Tea Green Колер зялёнай гарбаты
169. Teal Cіне-зялёны
170. Thistle Чартапалох
171. Turquoise Бірузовы, гл. Біруза
172. Ultramarine Колер сіняга мора
173. Vermilion Цынобра, гл. Цынобра
174. Violet Фіялетавы
175. Violet-eggplant Фіялетава-баклажанавы
176. Viridian Атрутна-зялёны
177. Wheat Пшанічны
178. White Белы
179. Wisteria Гліцынія
180. Yellow Лімонны
181. Zinnwaldite Цынвальдзіт
Такім чынам мы маем грунтоўны набор беларускай лексікі, якая дазваляе нам апісваць колеравую гаму вельмі шырокага спектру. Не ўнікаючы вельмі глыбока ў храматычнасць кожнага колеру мы бачым, што вока чалавека можа выдзеліць значна больш колераў, чым класічныя сем колераў класічнага школьнага спектра.
(Працяг у наступным нумары.)
У Вільні і літоўскіх дварах, успаміны 1815 - 1843 гадоў1
Габрыэля Пузыня
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
1822 год
Зіма 1822 г. сабрала амаль што ўсю нашу сям'ю ў Вільні. На чале яе стаяў мой дзядуля, які меў ужо слабое здароўе. Па вечарах збіраліся да яго на абеды, але сам ён з дому не выходзіў. Сям'я дзядзькі Рудольфа займала першы паверх дома Дмахоўскіх па вуліцы Замкавай, мы - дом аптэкара Велька пры вуліцы Нямецкай. Дзядзька Канстанцін на тыдзень прывёз сваю маладзенькую але сур'ёзную жонку, і, не дазволіўшы ёй ні разу з'явіцца ў каштоўных бірузовых упрыгожаннях, адвёз назад у свае Паставы, дзе пабудаваны ў квадрат палац больш нагадваў вязніцу, чым жытло маладой пары. Аднак, там яны пражылі дваццаць гадоў. Бракавала нам цёці Зосі, якая цешылася сваім першынцам на віле дэ Шуазеля з уласнымі вінаграднікамі каля Эперны ў Шампані. Замест яе была другая цёця Зося - жонка Фелікса Патоцкага з дому Пацаў. Яе маці была роднай сястрой нашага дзеда Тызенгаўза. Страціўшы бацькоў у дзяцінстве, яна выхоўвалася ў сваёй бяздзетнай цёткі-ваяводзіны Хамінскай, якая песціла і псавала пляменніцу, і таму ў дарослай жанчыне засталося шмат дзіцячых дзівацтваў. Яна была прыгожай, але тлустай, мела падбародак у некалькі паверхаў, вялікія, выпуклыя, шэрыя вочы, арліны нос і маленькія, сціснутыя вусны. Гэта цела рымскай матроны мела тонкі, пісклявы і кіслы голас, якім Патоцкая падчас вячэры размаўляла са сваякамі, капрызіла, выдумляла розную ліху, нюхала стравы і адсоўвала ад сябе талеркі, на што ніхто ўжо не звяртаў увагі. У той час была ўдавой і, верагодна, не мела яшчэ і сарака гадоў. Яе адзіная дачка Ізабела, па сваім бацьку хварэла на сухоты, была, хоць і ўломнай, але выхаванай і дзіўна добрай асобай.
У той час перапоўненая жыхарамі Вільня гула, як вулей. Былі гэта яшчэ добрыя і прыгожыя для нас часы. Квітнеў універсітэт. Моладзь не толькі з усёй Літвы, але і адусюль зляталася да гэтага вогнішча, не каб згарэць, але каб навучыцца свяціць агнём ведаў. І нават сёння, у трэцім пакаленні, хоць само вогнішча даўно патухла, полымя яго працягвае гарэць. Разам з сынамі прыязджалі бацькі і цэлыя сем'і.
Першыя сем'і края: Тышкевічы, Чацвярцінскія, Валадковічы, Ваўжэцкія, Ваньковічы, Сулістроўскія, Ромеры, Грабоўскія, Плятэры, Абрамовічы і Радзівілы жылі ў прыгожых палацах Тышкевічаў, Пацаў, Фітынгофаў, Памарнацкіх, Алізараў, Ваньковічаў і г. д.
Горад быў шматлюдны, пышны, заможны, ажыўлены тэатрамі, канцэртамі, балямі і абедамі. Ва ўсім гэтым прымала ўдзел і студэнцкая моладзь. У дадатак да запрошаных абедаў, кожны вечар вы маглі весяліцца, прыходзячы да каго заўгодна са звычайным візітам. Удзень усе былі настолькі занятыя, што нават візіты, якія потым сталі моднымі апоўдні, пачыналіся тады на змярканні і часта доўжыліся да поўначы, што вельмі ажыўляла вуліцы, якія не патрабавалі асвятлення, бо з кожнага акна біла вясёлае святло. Заціхлыя цяпер вуліцы горада тады нават уначы гулі няспынным грукатам. Бо апрача тых, хто прыязджаў з вёскі, кожны жыхар горада, нават і малазаможны, меў свой транспарт - хоць дрожкі, хоць санкі з адным канём, усе, ажно да рэктара Малеўскага48, вядомага сваёй ашчаднасцю. А ён меў два кані, бо ў тыя часы авёс і сена каштавалі танна. Усе карэты былі чатырохконныя, з фарэйтарам, які працяжна вішчаў, каб людзі саступалі дарогу. Часам праз горад імчаліся і шасціконныя карэты, як напрыклад у Лапацінскіх. Яны прыязджалі за 10 вёрст з Кайранаў з двума лакеямі ў ліўрэях, якія стаялі ззаду вялікай карэты, з трыма гербамі на парц'ерах: адзін жонкі, другі мужа, а трэцяга ніхто не мог растлумачыць. Тагачасныя карэты мелі вельмі высокія рысоры, сядзелі ў іх на нягнуткіх падушках і падымаліся ў карэту нібы па драбіне, па пяці-шасці прыступках, якія кожны раз складваліся і раскладваліся, што адбірала шмат часу. Тагачасным камердынерам было чым заняцца, гэта служба патрабавала вялікага майстэрства і вопыту, асабліва калі прыходзілася ўскокваць на высокую прыступку для лакея, калі карэта ўжо пачала рухацца.
Увосень у гэтую ажыўленую Вільню прыехаў дзядзька Рудольф са сваёй маладой жонкай. Маці прадставіла сваю братавую ўсяму грамадству і расказвала ёй пра кожную асобу. Княгіня сенатарава Агінская любіла з самага пачатку адгаворваць маладых людзей ад свецкага жыцця, але папярэджаная пра гэта цёця адразу змагла не звярнуць на гэта ўвагу.
Трэцяга студзеня была св. Генавэфа. Дзядзька Рудольф адсвяткаваў імяніны сваёй жонкі шыкоўным балем, які да самага пачатку заставаўся для яе таямніцай. Пасля сямейнага абеду ў дзядулі, які працягваўся даволі доўга, сумная і трохі панурая цётка, якая не ведала пра баль, хацела пайсці дадому, але муж даверыў яе маёй маці, і сам пайшоў рыхтавацца да вячэрняй забавы. Нібы гэта было сёння - памятаю нарцысы і ружы на парыжскім чапцы, рух перлаў і ізумруднай дыядэмы на белай шыі, калі мая цёця ў сваёй дзіцячай незадаволенасці нешта шаптала сама сябе. Калі пачало змяркацца, аа імянінніцу прыехаў муж, але яна не павесялела. Але якім было яе здзіўленне, калі ўбачыла святло ў браме і ва ўсіх вокнах, дываны і кветкі на сходах, калі пачула, як аркестр настройвае інструменты, а ў сваім пакоі знайшла прыгожую новую сукенку і вянок з вінаграду на галаву. Якім жа добрым, прыгожым, мілым у тую хвіліну стаў для яе Рора, і яна папрасіла прабачэння за свой настрой. А ён? Ён стаў яшчэ больш шчаслівы, але схаваў сваю сентыментальнасць і, нібы прыдзіраючыся да жонкі, сказаў не марудзіць, бо чакаюць госці, ужо позна і г. д. Тым часам у вароты заязджалі карэта за карэтай і, калі імянінніца выйшла, амаль што ўсе былі ўжо ў гасцёўні. Яе адразу акружыў хор пажаданняў, і ўбачыўшы, якая яна прыгожая, усе пачалі віншаваць і мужа.
У сям'і дагэтуль захоўваецца яе партрэт-мініяцюра, намаляваная Ваньковічам у тым вечаровым строі, які зрабіў цёцю такой радаснай і прыгожай і якой яна хацела назаўсёды застацца ў памяці мужа. Але апрача вінаграду і сукенкі, нішто ў мініяцюры не нагадвае тую грацыёзную асобу. Настрой немагчыма зафіксаваць ні пэндзлем, ні пяром, а толькі ў памяці.
Дом майго дзядзькі быў адкрыты і прыязны для ўсіх наведвальнікаў. Абаяльнасць яго жонкі і дабрыня абодвух зачароўвалі гасцей і падобныя вечарыны паўтараліся кожны тыдзень. Цёця была такая ласкавая, што заўсёды хацела мець нас у сябе. Дагэтуль памятаю два невялікія квадратныя танцавальныя салоны, з якіх сярэдні служыў памяшканнем для аркестра. З-за велікапоснага вечара квартэт пачаў выконваць класічную музыку, членам квартэта быў і сам гаспадар, калі-некалі на фартэпіяна пад акампанемент скрыпак грала і сама цёця. На століках ляжалі розныя літаграфіі, карыкатуры і адзіны тады часопіс мод, на які сёння ніхто б нават і не паглядзеў. Але ў той час (асабліва для дзяцей) гэта быў яшчэ адзін магніт, які ўсіх нас прывабліваў. І ўсё нас там цешыла. А цётка была для нас ідэалам маладой замужняй жанчыны.
Колькі дарагіх успамінаў засталіся ў тых сценах, плітках падлогі і шыбах вокнаў, праз якія на працягу некалькіх гадоў мы глядзелі вонкі, пакуль мае дзядзька і цётка жылі ў гэтым доме - працэсіі Божага цела і крыжовыя працэсіі, пахаванні біскупаў, дыгнітарыяў і вайскоўцаў. Усе гэтыя мерапрыемствы збіралі ўсе кляштары, усе школы і цэхі. Пачыналі працэсію ўбогія бернардыны з драўляным крыжам, далей ішлі кармеліты босыя, напаў-чорныя-напаўбелыя аўгустыны, белыя, як снег, дамініканы з лёгкімі шкаплерамі, і нарэшце, звычайны клір ў палатняных комжах на чорных сутанах з фалдамі і ў чорных барэтах на галовах, пры канцы ішло вышэйшае духавенства - канонікі, прэлаты ў пунсовых тогах з палярынамі пепельна-шэрага футра, як на абразах св. Яна Непамуцкага. Калі нябожчык быў чалавекам дабрадзейным, ці членам Дома дабрачыннасці, у працэсіі ішлі бедныя сіроты і сёстры міласэрнасці ў белых вянцах. Калі ж нябожчык быў высокапастаўленым саноўнікам або прафесарам ўніверсітэта, то перад труной ішлі студэнты ўніверсітэта, а галоўныя чыноўнікі, апранутыя ў парадныя мундзіры, на аксамітавых падушках неслі інсыгніі і ордэны нябожчыка. Катафалк звычайна цягнулі шэсць коней, пакрытыя да ног чорнымі капамі. Звычайна, абабітая срэбнымі бляхамі труна, была адчынена, у ёй ляжаў нябожчык з жоўтым старым тварам і са складзенымі на грудзях рукамі. Аднойчы ў труне ўбачылі прыгожую і пасля смерці пані Канстанцыю Чудноўскую з Радзівілаў, якую дактары дабілі як раз тады, калі яна першы раз збіралася стаць маці. Гэты шэраг карэт за катафалкамі, гэтыя незлічоныя масы людзей і натоўпы ўбогіх за імі, уся гэта змяя цягнулася ад ратушы да катэдры, а журботны бой 36 касцёлаў, спевы капланаў на перамену з ваеннай музыкай, усё гэта ўздымала дух як нейкае моцнае memento mori. З усіх вокнаў глядзелі цікаўныя дзіцячыя вочы, ва ўсіх дзвярах тоўпіліся слугі, бо хоць такія працэсіі і паўтараліся даволі часта, але ўсёроўна былі цікавым відовішчам. А паколькі гэтыя пахаванні часцей за ўсё адбываліся ўвечары, то паходні і свечкі ў руках капланаў стваралі фантастычнае і незабыўнае відовішча, якое немагчыма паўтарыць, бо сённяшнія людзі жывуць не так прыгожа і мёртвых хаваюць не так бліскуча. А замкнутыя кляштары і касцёлы стаяць ціхія як магілы.
Адной з самых значных падзей пачатку зімы 1822 г. стала смерць маладой пані Станіславы Шумскай, падзея засмуціла сяброў, знаёмых і сваякоў, зрынула ў дол адчаю яе маці Мірскую і кузынку Шумскую, якія любілі адна адну, і нават потым на нейкі час пакінулі Вільню. І сапраўды, было аб кім плакаць і каго шкадаваць! Марыся Мірская, потым Шумская, лічылася істотай выключнай. Любоў у сям'і і пакланенне ўсіх не псавалі яе а стымулявалі да ўдасканальвання. Яе любілі ўсе сваякі, а кузынка Бася Шумская была галоўнай сяброўкай. Разам іх намаляваў Рустэм - на першым плане фігуруе ладная і стройная Марыся, а збоку і ў цяні, як муза гармоніі, каржакаватая Бася іграе для яе на ліры ў позе Тэрпсіхоры. Паколькі ніхто у той час не хацеў, каб яго малявалі ў сваёй постаці, таму нават і малады Напалеонак фігураваў на гэтай карціне як купідон з крыламі, лукам і паходняй49.
Вёска Мірскіх Завер'е ляжала за Відзамі ў маляўнічай ваколіцы сярод блакітных азёр і была радавым гняздом гэтай прыгожай німфы. Сюды здалёк збіралася моладзь. У Завер'і было весела - гралі камедыі, танцавалі на святы, гасцей з'язджалася так шмат, што з-за недахопу месца, калі перапаўняўся палац разам з афіцынамі, а сходы прыпадалі на лета, моладзь сялілася ў садовых хатках, на дрэвы вешалі люстэркі і такім чынам стваралі свае гардэробныя ў гушчарах галля.
Дзесяць гадоў таму, калі яна была ў росквіце сваёй чароўнасці, майму дзядзьку Рудольфу вельмі падабалася панна Марыя. Але з-за паслухмянасці перад бацькам, які меў іншыя планы, ён спыніў свае старанні, якія ўжо пачалі звяртаць увагу публікі. Яе шлюб з кузэнам Шумскім на некалькі месяцаў апярэдзіў шлюб майго дзядзькі. І як быццам, сам Бог даў ім першае дзіця - дачушку. Калі жонка Рудольфа разам з маёй маці рабілі першыя візіты, анансавалі яны і візіт да пані Шумскай, але на вялікі жаль іх ужо не змаглі прыняць. Не павінны былі яны пазнаёміцца! З-за неасцярожнасці жанчыны, што пільнавала маладую маці, якая ўжо папраўлялася, пані Марыя раптам патрапіла ў небяспеку. Выклікалі лепшых дактароў: Снядэцкага, Мікалая Мяноўскага, Баранкевіча, але яны з усёй сваёй навукай былі не ў стане вырваць яе з рук смерці. У вантробах была гангрэна і яна мусіла памерці!.. Мой бацька, шматгадовы сябар гэтай сям'і быў папярэджаны, у прадчуванні жудасных наступстваў, узяў свайго швагра Вайніловіча і ў трывозе разам з ім, гатовы да ўсяго, чакаў частку ночы на другім паверсе. Раптам унізе пачуўся страшэнны грукат… Усе скончылася! Мой тата са шваграм збеглі па сходах у пакой, дзе над целам прыгожай, добрай, шчаслівай і каханай Марыі плакалі маці і муж. З дапамогай слуг адарвалі бедных жанчын ад гэтага пакутлівага відовішча і з вялікай цяжкасцю вынеслі ў крэслах на другі паверх. Пана Шумскага, які вырываўся з усіх сіл, супакойваў і плакаў разам з ім мой бацька. Доктар усім пусціў кроў бо ўсе аднолькава адчувалі страту. А маленькая сірата, нявінная прычына гэтага няшчасця, была ахрышчаная іменем сваёй маці і атрымала ў патронкі заступніцу ўсіх сірот. Мой бацька стаў яе хрышчоным і заўсёды пяшчотна любіў сваю маленькую дачку, мы таксама любілі яе, як родную сястру. Яна была прыгожай, мілай, добрай, як яе маці, якую яна ніколі не бачыла, але ўсім, нават рухамі, была на яе падобная. З гэтым суцяшэннем, з гэтай адзінай памяткай пра нябожчыцу Марыю, уся сям'я неўзабаве выехала ў Завер'е.
У той жа час, у Беларусі, у Сар'і, уласнасці Лапацінскіх, прыйшоў на свет малы Ігнась, які павінен быў стаць мужам другой Марылі, кахаць яе адну і захоўваць вернасць нават пасля яе смерці.
Канец 1822 г. стаў сумным і для маёй сям'і. Дзядуля Тызенгаўз увесну паехаў у Карлсбад і восенню вярнуўся вельмі слабы, паспеў яшчэ дабраславіць унучку, народжаную 5/17 жніўня ў Жалудку, і з надзеяй на такую самую радасць у Паставах, спакойны за ўсіх сваіх дзяцей, памёр у Вільні на пачатку кастрычніка. Мае бацькі, атрымаўшы паведамленне пра хваробу дзядулі, паспяшаліся па апошняе дабраслаўленне ў Вільню, а мы засталіся ў Дабраўлянах.
Вярнуліся бацькі ў глыбокай жалобе, наша маці ў доўгай, са шлейфам, сукенцы, абшытай белай стужкай, вітала нас у слязах і маўчанні. Яна пакідала цяжкае ўражанне. Мы таксама былі апранутыя ў чорныя сукенкі, увесь двор быў у жалобе, а слугі ў фраках з пучкамі распушчаных стужак на плячах, стваралі ўражанне бясконцага пахавання.
1823 год
Зіма зноў сабрала нас у горад. Жалобны крэп пакрываў вясельныя ружы заўсёды шчаслівай цёці Генавэфы і нават адкідваў цень на калыску яе першай дачушкі Эрманці (Германці). Не было і гаворкі пра танцы ў доме дзядзькі, да іх збіраліся толькі на абеды і квартэты, але горад, як і раней, кіпеў. Меў ён жыць такім жыццём яшчэ некалькі гадоў і такім застаўся ў памяці.
За гэтыя дзевяць зім, праведзеных у Вільні, з дакладнасцю гадзінніка, заведзенага ў разліку на некалькі гадоў, на працягу ўсяго часу, павольна і незаўважна, як у калейдаскопе, змянілася ўся кампанія. Нам даводзілася па-чарзе жыць у розных дамах, з вокнаў дамоў Велька ці Самсона глядзець на Нямецкую вуліцу з усім яе Іерусалімам і амаль што штодзённымі пахаваннямі ізраэлітаў. Багатым ці бедным быў нябожчык, яго ўсёроўна везлі не інакш, як у куфры адным канём. Розніца паміж гэтымі пахаваннямі была толькі ў большым ці меншым натоўпе. З вялікіх вокнаў і балкона палаца Паца адкрываўся від на Ратушную плошчу, на стары касцельчык св. Мікалая і яго паэтычную вежу, на краму літаграфій Лекае і клініку, пафарбаваную ў жоўты колер, з усім яе медыцынскім рухам. Вокны скляпеністага, у гусце Гуцэвіча50, салона дома Карпа-Плятэра, сёння Тышкевіча, выходзілі на чатыры ажыўленыя вуліцы, і вочы цікаўных дзяўчынак, якія беглі з урокаў да акна, бачылі на вуліцы тыя самыя акадэміцкія мундзіры, якія зніклі пасля 1831 г., пакрывалы-прасціны яўрэек, накінутыя на голавы, нібы плашч, лісіныя і сабаліныя шапкі яўрэяў і жоўтыя ці светла-зялёныя карэты, якія сёння дажываюць свой век у вясковых вазоўнях. Кожную карэту можна было пазнаць не толькі па конях, але нават па здалёк чутнаму грукату ці голасу фарэйтара. Дагэтуль памятаю цёмна-гнядога рысака доктара Галянзоўскага на віленскай вуліцы, а вялікія сіўкі ў яблыкі доктара Баранкевіча, здаецца, і сёння стаяць перад брамай яго сталай пацыенткі, хрышчонай маці нашага бацькі, шаноўнай пані Яновічавай51, чый зялёны папугай шчабятаў на балконе над элегантнай крамай пана Фёранціні і прывабліваў на вуліцу натоўп яўрэйскіх дзяцей. Пані Яновіч была ўжо вельмі старой, сухой, лёгкай, яе цяжка было злапаць, бо яна, як птушка ці прывід, выслізгала з нашых абдымкаў, і мела такое далікатнае здароўе, што аднойчы прастудзілася ад раптоўна задзьмутай свечкі.
Як весела мы ездзілі на Антокаль - узімку каля поўдня ў нашай аліўкавай падвойнай карэце, вясной на захадзе сонца ў адкрытым, жоўтым і плыткім як дынька кочы52. Вільня багатая прыгожымі ваколіцамі, але мы ехалі на Антокаль, бо туды вяла лепшая дарога, не было гор, як у Бальмонце, і пяску, як у Закрэце. Было бліжэй, чым да Верак, больш разнастайна, чым у Рыбішках. І таму ахвотней, чым куды-небудзь, туды ехаў увесь модны і малады, а нават і пабожны свет.
Прадмовай да Антокаля былі бульвары, свежыя, вясёлыя бульвары, засаджаныя некалі радамі італьянскіх таполяў ад берагоў Віліі да Арсенала, адкуль далей ішла шырокая дарога. Сёння гэтыя бульвары ператварыліся ў вельмі небяспечныя траншэі якія ашчацініліся гарматамі, наведзенымі на мірных жыхароў горада.
Многія з тых, хто жыве сёння, памятае тыя прыгожыя вёсны саракагадовай даўніны, якія, пачынаючы з 4 сакавіка, нібы ў гонар апекуна Літвы (св. Казіміра - Л. Л.), адзначаліся вясёлымі працэсіямі, якія працягваліся ўсю актаву (восем дзён свята - Л. Л.) і праходзілі па ўсіх вуліцах горада, нібы асвячаючы іх. Цэхі неслі харонгвы, адзін з самых старых гараджан у кунтушу і канфедэратцы з булавой у руцэ паважна папярэднічаў каплану, за імі ішоў народ, а чыстае грамадства, карыстаючыся цудоўным надвор'ем, высыпала на бульвары. Мусіла быць цёпла, бо дамы шпацыравалі ў лёгкіх сукенках. Дагэтуль у маёй памяці зіхацяць ліловыя і блакітныя шлафрокі княжон Чацвярцінскіх - Караліны і Элеаноры53, каля якіх, як матылі, раіліся маладыя людзі. Гэткія вобразы ніколі не старэюць… Хто тады быў маладым і прыгожым, такім і застаўся ў памяці сучаснікаў!.. Разам з княжнамі была іх кузынка Юлія Грахольская, потым жонка Генрыка Жавускага, якую больш сур'ёзныя паненкі выбіралі як ўзор для пераймання сціплага ладу. Тут была Каміла Тышкевічоўна, потым Слізень. Да мілых, калі не сказаць прыгожых, залічвалі Ванду Ванькавічоўну, маладую, вясёлую і багатую. Цэліна Сулістроўская з грэчаскім профілем, дочкі прафесара Бэкю, высокія, як самыя рослыя мужчыны. Тры прыгожыя Белазароўны з прамяністымі вачамі. Дзве генералоўны Несялоўскія, чыя свежасць кампенсавала недахоп прыгожых рыс. Панны Пангоўскія з добрым пасагам, зграбныя сёстры Равінскія. Сціплыя княжны Любецкія, якія ў вялікім ландо прыязджалі са сваёй цёткай Плятэр (з Жабаў), тры падкамаранкі Залескія, дзве Ваўжэцкія, дзве Пузынянкі, дзве Вайнілавічоўны і г. д. і г. д.
Балі поўніліся акадэміцкімі мундзірамі, ім паўсюдна былі рады, і толькі ў адным доме, у салоне пані губернатаравай Горн54, на іх трошкі крывіліся. Кажу пані, а не пан губернатар, бо гордая сваім самым лепшым салонам у Вільні, пані губернатарава, называла яго mon salon і карала астракізмам тых, хто на яе думку крыўдзіў яе тым, што паварочваўся да яе спінной. А інакш і быць не магло, бо моладзь аддавала перавагу мілым і маладым тварам дзяўчат ці хоць бы падносам з марожаным і цукеркамі. Таму многія з тых, каго звалі "акадэмікі" (студэнтамі), былі выкраслены не з універсітэта, а з бальнага спісу гэтай марнай дамы, якая выйшла з намётаў французскай арміі каб гадаваць дзяцей губернатара і стаць настолькі ганарлівай жонкай, што ўсе ніяк не магла нацешыцца з свайго "панства". Хоць і бландзінка, але італьянка па паходжанні, адрознівалася незвычайнай буйнасцю і нявыхаванасцю, а муж яе быў абсалютным правінцыялам, і калі да яго прыходзілі з просьбамі, ён часта трымаўся за свой твар і на пытанне: "Ці не флюс ў вас?", плаксівым голасам адказваў: "Не, гэта хатнія клопаты".
Жонка губернатара не мела ніякай адукацыі і таму не магла займацца выхаваннем нават уласных дзяцей, і калі яе старэйшая дачка выявіла незвычайныя здольнасці, яна знайшла ёй столькі выкладчыкаў, што беднае дзіця памерла ад запалення мозгу ва ўзросце дзесяці гадоў, а яшчэ напярэдадні вігіліі яе маці хвалілася гасцям, што дачцэ больш няма што вучыць - яна ўжо размаўляе на шасці мовах і добра ведае матэматыку.
Салоны былі больш-менш падобныя паміж сабой. Хоць і розныя па духу, але, на першы погляд, аднолькавыя, асабліва раней, калі кватэры здаваліся разам з не заўсёды неабходнай мэбляй. Ні адзін салон не адлюстроўваў характар гаспадароў і адрозніваўся, хіба, толькі тыпам прыёмаў.
Дом князёў Чацвярцінскіх вабіў чарамі дачок. Княскі дом быў заўсёды адчынены, частыя абеды, кожную нядзелю вечар-карнавал з танцамі, падчас паста ладзіліся нейкія разумовыя забавы - шарады ці жывыя карціны, якімі звычайна кіравала мая маці і пані Абрамовіч. Змест іх заўсёды быў гістарычны. Неяк Караль Пшаздзецкі з-за шрамаў на лбе быў абраны рыцарам Баярдам. На наступны дзень ён казаў сваім сябрам: "Што робіцца, панове - мне ўчора загадалі быць Марсам". Ён не бачыў розніцы паміж Баярдам55 і Марсам.
Быў яшчэ і другі дом князёў Чацвярцінскіх з дачкой і зяцем Любецкім, з унукамі, якіх было так шмат, што іх не называлі па імені, а толькі Мак-Любецкімі, як якіх- небудзь Мак-Грэгараў. Іх бабуля Чацвярцінская (жонка Каласанты) маці Слізнёвай (у першым шлюбе), разумная матрона, шмат чытала, любіла вучоных людзей, але была выхавана па старой методыцы, якая не дапускала ніякіх змен нават у лепшы бок, і была моцна засмучаная, калі настаўніца яе ўнукаў панна Ларок вярнулася з вучонага вечара з весткай, што elementow больш няма, бо іх разабралі на першаасновы56 (у тэксце: "elementow больш няма, бо іх разабралі на pierwiastki")! Спакой годнай матроны на некалькі дзён быў парушаны гэтай ерассю, кур'еры бегалі да вучоных, да спавядальніка, якім быў, здаецца, ксёндз Гіро, і толькі, калі ксёндз запэўніў яе, што гэта не адмяняе веру, у доме аднавіўся мір. Пытанні, якія так хвалявалі маці, падобна, ніколькі не парушалі спакой яе дачкі, якая была заўсёды абыякавай і ў маёй дзіцячай памяці засталася толькі як Німфа ў белым капелюшы, якога яна не здымала ні на балі, ні дома.
Людзі, якія жылі на Вялікай вуліцы і ў ранішнія гадзіны сядзелі каля акна, кожны дзень акрамя нядзелі і святаў, бачылі як прыгожыя коні цягнуць дрожкі, занавешаныя фартухамі, а ў дрожках двух гожых маладзёнаў у сабаліных футрах у суправаджэнні сур'ёзнага настаўніка. Гэта былі маладыя графы Плятэры, якія спяшаліся на ўніверсітэцкія лекцыі. Увесь горад ведаў гэтыя дрожкі і гэтых графчыкаў, бо іх маці была адной з першых матрон у горадзе. Хата пані Апалінарыі была заўсёды адчыненай, прыёмы яна ладзіла шчыра і па-старапольску сытыя і гасцінныя, але без марнай паказухі, хоць і магла сабе гэта дазволіць. Маёнткам кіравала з мужчынскім розумам, сыноў любіла па-старасвецку - трымала іх у страху. Непрыгожая, мела мужчынскія рысы, вялікі твар, які рэдка калі асвятляўся ўсмешкай, хадзіла ўся выпраставаная, прыпадала на адну нагу, апраналася ў сукенкі яркіх колераў з нізкім дэкальтэ і была даволі тоўстай, хуткай і дасціпнай. Нават калі казала прыемнасці, не ўсміхалася і здавалася, што папракае. Калі была паннай, не мела патрэбы кружыцца ў вальсе, усім было вядома яе багацце, і таму, казалі, што яна важыць мільён.
Ваўжэцкія - нашы сваякі. Старэйшы з братоў Тамаш57, быў вядомым ўсёй Літве і Кароне ваяводам, а яго сястру, жонку Марціна Бадэні, з-за яе арыгінальнасці, ведала ўсё Кракаўскае прадмесце. У Літве яны мелі толькі сястру пані Заверскую і брата, генерала прускіх войскаў58, уся гэтая сям'я была стрыечнай для майго дзеда Тызенгаўза. Пан генерал жыў у Вільні з другой жонкай з дома Гейдройцяў і меў шасцёра дзяцей. Усё ў іх хаце веяла вясковай свабодай, да іх заўсёды можна было зайсці на абед альбо на вячэру. Мелі дзвюх дачок на выданне - Марыю і Феліцыю - і трэцяю - удаву Гейдройцеву ад першага шлюбу. Старэйшая дачка ад першага шлюбу некалькі гадоў як ужо была замужам за Мяйштовічам. Падрастала яшчэ некалькі дзяцей: Юзя, Олюсь, Люцыя. Усю зіму ў іх доме цвілі гіяцынты, а вечарам вакол круглага стала яны рабілі штучныя кветкі. Маці характарызавалася салодкімі словамі на вуснах і Марсам на чале. Казалі, што яна была красуняй у маладосці, сляды гэтага засталіся толькі ў яе далікатных рысах, але зараз была ўжо непрыгожай, мела хісткую паходку і наогул выглядала, як раней часу састарэлая жанчына нават побач са сваім мужам, старэйшым за яе на дзясятак гадоў. Пан генерал хадзіў прамы, як струна, быў высокі, худы, бледны і цалкам супрацьлеглы свайму вельмі тлустаму, але гарачаму брату-ваяводзе, быў флегматыкам, з нязменным пяром для зубоў, якім калупаўся падчас паўзаў у размовах ці нават падчас балю. З кожнай дамай у размовах цадзіў напаўфранцузскія, напаўпольскія кампліменты, не выпускаючы па пятнаццаць хвілін іх ручкі са сваіх далоняў. Памятаю, быццам гэта было ўчора, як прыгожая Феліцыя, старэйшая і найпрыгажэйшая з сясцёр, з дробнымі і далікатнымі рысамі твару і кучаравымі валасамі, у белай атласнай сукенцы, была заручаная з маршалкам Феліксам Сясіцкім. На некалькі гадоў маладзейшая за яе сястра Марыя ў 1827 г. выйшла замуж за князя Аляксандра Пузыню. Абедзве сёстры былі ўпрыгожваннем віленскіх баляў, але іх маці заўсёды лічыла сваіх дачок малымі дзецьмі, бо калі якая з іх, разгарачаная танцамі, дабіралася да марозіва ці халоднага ліманаду, крычала ім з другога канца залы: "Нельга! Феліцыя! Марыя!.. Розгі!".
Дом пані шамбелянавай Сулістроўскай меў два моцныя магніты, першым была дваццацігадовая дачка Цэліна, старанна выхаваная настаўніцай-англічанкай, і сама нешматслоўная і халодная, быццам радавітая англічанка. Другім магнітам, бадай яшчэ больш прывабным, была вельмі гаваркая, вясёлая і ўсё яшчэ прыгожая маці, з белымі рукамі, ружовымі далонямі і задраным носікам. Яна так песціла свайго маленькага сынка, што ён пачынаў дрэнна сябе паводзіць, і тады яго хітрыкамі адвялі да пана дэ Нэве.
Людзі, якія наведвалі дамініканскі касцёл, у першай лаўцы справа, бачылі даму сталага веку з суровым, рымскім профілем, ганарлівую нават перад алтаром. Яна трохі нагадвала чалавека з Евангелля, які маліўся адначасова з пакорлівым мытнікам - гэта была Ганна Любаньская з князёў Радзівілаў. Пакінуўшы мужа, пасялілася ў Вільні, але грамадскім жыццём не жыла. Вельмі начытаная і нават вучоная (казалі, што ведала лаціну і грэцкую мову), пагрузілася ў кнігі, і яе бачылі толькі ў касцёле. Аднак была яна больш дзявоткай, чым па-сапраўднаму пабожным чалавекам і заўсёды трошкі дзівачкай. Неяк, калі яе малітва не мела выніку, выправіла святыя абразы на пакуты з покуцяў у сені, што нагадвае мне, як адна з цётак майго бацькі, маці Раймунда Корсака, калі безвынікова прасіла аб надвор'і, а дождж не спыняўся, вынесла ўсе абразы на ганак, са словамі: "Мокніце, рыбанькі, паглядзіце, як гэта добра".
Вернемся да пані Любаньскай ці княгіні, як яна дазваляла, а не загадвала называць сябе сваім слугам, быццам разам з замуствам не страціла свайго родавага тытулу. Яна заўсёды па-чарзе на каго-небудзь мусіла злавацца, без дай прычыны адварочвацца пры сустрэчы, каб потым таксама без прычыны памілаваць. І адно, і другое доўжылася цэлы год. Але калі хацела, магла быць прыемнай, запрашала да сябе, раскладвала тэчкі з прыгожымі гравюрамі, і размовы яе была заўсёды карыснымі для моладзі, для дзяцей, бо апавядала яна пра свае падарожжы.
Дом маршалка Міхала Ромера спалучаў у сябе два элементы: салонны і ўніверсітэцкі, а месца дзе ён стаяў, нагадвала вясковае жытло - знаходзілася далёка ад галоўных вуліц у глыбіні вялікага двара з садам, які спускаўся да Віленкі, з відам на самую маляўнічую частку горада - Саф'янікі. За брамай сядзібы ўсё нагадвала жытло сямейнага чалавека. Зімой - снежныя траншэі дзе бавіліся студэнты, летам - гульня ў мяч і наперагонкі, на ўваходзе вас заўсёды шумна сустракалі Севярын і Міхась, малодшыя сыны Ромераў з сябрамі і сваякамі Эйтмінам, Сянкевічам, Тадзям Пузыням, а часам і з кузынкамі. Апранутыя ў курткі, яны скакалі вакол госця, а стары слуга дакладваў пра яго гаспадарам. У старасвецкіх шыкоўных пакоях заўсёды можна было ўбачыць гаспадыню, якая грала ў мар'яж з сяброўкай дома паннай Ратафт, ці адну самнасам з кнігай. Пані Ромерава з роду Рахель дэ Рэс, мела сур'ёзны твар, а высока сабраныя ў грэбень валасы рабілі яе падобную на іспанскую матрону. Згодна са старасвецкім звычаем, яна выпрастаная сядзела ў крэсле, пакінуўшы маладым канапу з падушкамі. Рашучасць, бачная на яе непрыгожым, але высакародным твары, без слоў адбівала ахвоту ад марнай ветлівасці. Разам з упэўненым і змрочным позіркам, у гэтай жанчыне ўсё нібыта казала: "Я шмат цярпела, шмат даравала, але ўсё помню і чакаю суцяшэння не ад людзей, а ад Бога". З першага позірку пазнаеш у ёй анёла-ахоўніка сям'і, жрыцу дамашняга агменя, матрону, пра якіх пішуць у кнігах, але ўжо не сустрэнеш у жыцці, жонку і маці, якіх не хапае сёння, адным словам - сапраўдную хрысціянку, якіх мала.
Пан маршалак быў, нібы з іншага свету, галант і нават у свой час баламут, меў ключы ад усіх сэрцаў, але ў мой час быў ужо стары са слыхавой трубой (зусім ужо страціў слых), рысамі нагадваў Аляксандра І, і з яго лагоднага твару не сыходзіла гулліва-дасціпная ўсмешка. Ён быў даўнім сябрам майго бацькі. Яны выбухалі пустым смехам, калі расказвалі вясёлыя гісторыя з маладосці, а часам (калі не было чужых), на заклад нават дэманстравалі танцы сваёй маладосці … гледзячы на гэта, новае пакаленне казала, што старэйшыя людзі былі больш шчаслівыя, чым мы. І ўсё ж моладзь майго часу была вельмі вясёлая і завадатарам весялосці заўсёды быў адзін з сыноў маршалка Ромера, тварам падобны на маці, а весялосцю на бацьку, ростам ён перасягнуў і бацькоў, і сваякоў, і ўсіх калег. І калі яго старэйшы брат Генрык, прыгожы, як бацька і павольны, як маці, прысвячаў любімай віяланчэлі гадзіны вольныя ад навукі, дык малодшы Эдвард і добра вучыўся і прыгожа маляваў, але і неверагодна сваволіў, для чаго яму добра служыў высокі рост. Не аднойчы, захутаўшыся ў плашч, ён у прыцемках выходзіў у горад і з карліка паступова рос, рос, рос … і калі нарэшце ўставаў на дыбачкі і яшчэ пры гэтым кіям прыпадымаў капялюш над сабой, дык і жаўнеры на варце, і яўрэі ў варотах, і вулічныя мінакі, усе камянелі ад жаху. Штодзень ён рабіў усё новыя штукі, якія толькі можа выдумаць малады розум, а маладыя рукі выканаць. І да сённяшняга дня ў Вільні гавораць пра славутую прыгоду генерала Бушуева, над галавой якога (калі ішоў згорблены па бульварах) толькі крануўшыся эпалетаў, праляцеў нехта і, як метэор, знік у натоўпе, так, што ніхто не мог яго не толькі злавіць, але і ўбачыць.
Пры чатырох братах была і адна сястра Анетка, у якой сканцэнтраваліся ўся вясёласць і досціп бацькі, музыкальнасць Генрыка, фіглярнаць Эдварда, сямейныя цноты маці. Побач з гэтай разумнай галавой, свяціліся і некалькі галоў прыгожых кузынак Белазаровіч, чые цёмна-блакітныя вочы з аксамітнымі брывамі і прыгожымі павекамі, распальвалі немалое вогнішча ў сэрцах тагачаснай моладзі. На працягу некалькіх гадоў штукар Эдвард выдаў замуж дзвюх з гэтага гнязда.
(Працяг у наступным нумары.)
1 Gabrjela z Guntherоw Puzynina. W Wilnie i w dworach litewskich: pamiаtnik z lat 1815-1843. Wilno, 1928. Пераклад Леаніда Лаўрэша.
48 Шыман Малеўскі (1759-1832), рэктар Віленскага універсітэта ў 1816-1822 гг. - Л . Л .
49 На карціне Рустэма намаляваны Марыя Шумская з Мірскіх, яе брат Напалеон Шумскі і кузынка Барбара Шумская.
50 Ваўжынец ці Лаўрын Гуцэвіч (1753-1798) - архітэктар, прафесар універсітэта, прадстаўнік класіцызму. - Л. Л.
51 Стольнікава Брыгіда Яновічава з Кашыцаў. Гл. Morawski Stanislaw. S. 32. 35. 37-42. 468.
52 Коч - напаўзакрытая карэта-каляска. - Л. Л.
53 Княжны Элеанора і Караліна Чацвярцінскія, былі дочкамі князя Дзмітрыя (1777 г. н.), старшыні Валынскай адукацыйнай камісіі і Зоф'і з Слізняў. Караліна выйшла замуж за Канстанціна Чацвярцінскага (1792 г. н.), уладальніка маёнтка Скідаль, маршалка шляхты Гродзенскай губерні. Элеанора выйшла замуж за Вінцэнта Тышкевіча.
54 Караліна Горн, жонка цывільнага губернатара Пятра Горна. Гл: Morawski Stanislaw. S. 205, 492.
55 П'ер Тэрайль дэ Баярд (фр. Pierre Terrail, seigneur de Bayard; 1476-1524), французскі рыцар часоў Італьянскіх войнаў, празваны "рыцарам без страху і папроку". Кавалер Ордэна Святога Міхаіла. - Л. Л.
56 У ранейшай фізіцы мелася тэорыя пра першасныя элементы, якія немагчыма разлажыць на складнікі. Дзякуючы Арыстоцелю, гэта тэорыя доўга трымалася і ў школах. Ігнат Ходзька пісаў у сваіх "Барунах", параўнайце:
"- Але панове, хай яшчэ раскажуць пра газы, зямлю, паветра, ваду, агонь: яны ўсё гэта ведаюць! Гэта значыць, пра элементы, - сказаў пан шамбелян.
- Якія элементы, васпан? Няма ўжо больш элементаў, гэтая тэорыя скасавана".
57 Тамаш Ваўжэцкі - адзін з кіраўнікоў паўстання Касцюшкі, сенатар і ваявода Польскага каралеўства, міністр юстыцыі.
58 Юзаф Ваўжэцкі - генерал-інспектар.
Беларусы сустракаюцца з індзейцамі
Як страла: Вінчэўскі, Вінчэўскі, Грабоўскі, Дамейка, Шостак; беларускія і індзейскія дзеці моляцца адначасова
(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-52 (105-156) (2024); № 1-43 (157-198) за 2025 г.)
Дзеці з Беларусі зусім дакладна "сустракаюцца" з дзецьмі з індзейскіх сем'яў дзякуючы сусветнай ініцыятыве "Мільён дзяцей моляцца на Ружанцы" (Un Millon de Ninos Rezando el Rosario por la Paz y la Unidad, A Million Children Praying the Rosary for Peace and Unity in the World), якая, будучы каталіцкай, асабліва распаўсюдж-ваецца на Лацінскую Амерыку. Яна "распачалася ў Вене-суэле ў 2005 годзе пры падтрымцы Папскага фонду "Да-памога Касцёлу ў патрэбе". Яе асноўная ідэя - паказаць, што даверлівая малітва дзяцей можа, як страла, ляцець проста да Сэрца Бога і такім чынам змяняць свет".
У Беларусі акцыя, па ініцыятыве Дабрачыннай Місіі Добрага Самаранiна пад апекай Святой Уршулi Ледухоўскай, праводзіцца з 2020 г. У 2025 г. яна прайшла 7 кастрычніка.
https://catholicminsk.by/aktsyya-miljon-dzyatsej-molitstsa-na-ruzhantsy-adbylasya-minsku/
"[…] дзеці, якія наведваюць Місію Добрага Сама-раніна, іх бацькі, а таксама іх сябры з парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе, якія адмыслова прыбылі ў Мінск, супольна маліліся на Ружанцы ў Хрыс-ціянскім сацыяльным цэнтры. Акцыя была арганізавана адказнай за душпастырства дзяцей Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі сястрой Чаславай Навіцкай USJK і яе ка-мандай.
Малітоўная сустрэча распачалася святой Імшой, якую ўзначаліў арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Менска-Магілёўскі. Падчас літургіі ён прамовіў слова да дзяцей. У малітве прынялі ўдзел таксама арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, капелан Місіі Добрага Самараніна ксёндз Аляксандр Шамрыцкі MIC і сакратар Мітрапаліта ксёндз канонік Юрый Ясевіч.
Пасля Эўхарыстыі распачалася малітва на Ружан-цы ў інтэнцыі міру, падчас якой дзеці разважалі балесныя таямніцы.
Некаторыя ўдзельнікі прынялі ўдзел у конкурсе "Зрабі ружанец сваімі рукамі". Пераможцы атрымалі памятныя падарункі.
Завяршыўся вечар супольным святкаваннем "Свята Ружанца".
Гэта быў вельмі добры час, напоўнены малітваю, усмешкамі і любоўю".
Літ.:
6498 Арашонак А. Ружанец гуайкуру // Наша ніва. 2002. 5 крас. С. 10-11.
БАДРОЎ Сяргей (Sergei Bodrov, Сергей Бодров) - вядомы рэжысёр і акцёр у дзяцінстве ездзіў у вёску Старое Радча ў Круглянскім раёне, адкуль была яго бабуля - дзіця-чы ўрач Лідзія Рыгораўна (пераехала ў Маскву, нарадзіў-шы там яго маці). Яго знешнасць - таксама і ад якутаў: праз бацьку-рэжысёра ў яго руская, татарская, бурацкая і якуцкая кроў.
Кніга 2003 г. Міхаіла Трафіменкава пра Бадрова мае падзагаловак. "Апошні герой" - у "пашыраным" сэнсе, хоць ён адсылае да тэлешоў "выжывання" "Апошні герой".
У праекце "Апошні герой", а значыць і ў Вест-Індыі, Цэнтральнай Амерыцы з'явіліся і ўласна беларускія ўдзельнікі - Ксенія Волкава і Андрэй Рэзнік.
Шоў ёсць шоў, і майстры "тэлевыжывання" не ма-юць шанцаў супраць такой стыхіі, як тая ў Кармадонскай цясніне ў Паўночнай Асеціі, якая пагубіла вялікі талент, Бадрова, і шмат іншых…
ПАНАМСКІЯ ІНДЗЕЙЦЫ ГЛЯДЗЯЦЬ ФІЛЬМ "БРАТ-2" - І ТУТ… З'ЯЎЛЯЕЦЦА САМ "БРАТ"
Ужо другі месяц мы вялікай кампаніяй сядзелі на добра прагрэтым, процілеглым баку зямнога шара і па-вар'яцку сумавалі па доме.
Маленькая панамская вёсачка, з усіх бакоў мора, дзве крамы і тры бары.
Другі месяц адны і тыя ж віды, а галоўнае пахі: прэлага смецця, гарачага асфальту і яшчэ чагосьці са-лодкага і глыбока нярускага.
У той дзень здымак не было, выдаўся рэдкі выхадны і мы з аператарам Андрухам адправіліся блукаць па вёсцы. Зазірнулі ў крамку, я купіў сок, а Андрэй марозіва. Пагулялі, вярнуліся, памяняліся ролямі - на гэты раз, я ўзяў марожанае, а Андруха сок. Так няхітра і бяздарна мы і бавілі свой законны выхадны, бадзяючыся па распа-леных вулачках і адказваючы на прывітанні незнаёмых людзей:
- Буэнас дыяс.
- Ола.
- Буэнас тардэс. Ке таль?
- Муй в'ен.
І тут, сярод велізарных, ва ўсю сцяну рэклам "Coca-cola" і "Texaco" мы выпадкова натрапілі на сціплую таблічку "Internet club" і не змаўляючыся вырашылі зазір-нуць.
Па кволай, амаль бамбукавай лесвіцы падняліся на другі паверх і, бразнуўшы званочкам, апынуліся ўнутры.
Унутры быў кандыцыянаваны рай.
Камп'ютараў штук дзесяць, і вакол іх прыкладна столькі ж панамскіх індзейцаў. Яны, перашэптваючыся, збіралі пасьянсы і разглядалі карцінкі з прыгожымі машы-намі і дзяўчатамі. Цішыня, як у бібліятэцы.
Мы адсыпалі касіру на сподачак пару бальбоа, і той паказаў на камп'ютар ля вакна, што пустуе.
Уладкаваліся.
Спачатку зазірнулі ў свае пошты, потым пачыталі бессэнсоўныя, але такія родныя палітычныя навіны з далёкай Расіі, і тут Андрэй - светлая галава прапанаваў паглядзець які-небудзь наш тэлеканал.
Падключыліся, а там якраз пачынаўся фільм "Брат-2", дык мы на ім і "заліплі".
Хоць і бачылі яго ўжо не раз, але ўсяроўна глядзелі не адрываючыся, нібы дома апынуліся.
Андруха раз у хвіліну, плаўна, ледзь прыкметна дадаваў на калонках гук і ўжо нават можна было раза-браць словы.
Панамцы пазіралі на нас, моршчыліся, але не адважваліся зрабіць заўвагу, ды і мы не асабліва рабіліся нахабнымі, слухалі зусім ціхенька.
Але раптам, хвілін праз пятнаццаць, мяне нехта акуратна памацаў за плячо, я павярнуўся і са здзіўленнем заўважыў, што практычна ўсе панамцы падкаціліся да нас на сваіх крэслах, усталі ў паўкола і таксама ўважліва глядзелі "нашага" "Брата-2".
А дакрануліся да пляча, каб папрасіць зрабіць крыху гучней.
Спачатку мы з Андрухам вельмі здзівіліся - ну, навошта ім глядзець нейкае там кіно, не толькі не разуме-ючы мовы, але нават не разумеючы - што гэта за мова?
А потым да нас дайшло - кіно ж яно і ў Панаме кіно, калі гэта насамрэч сапраўднае кіно і калі ўважліва прыгледзецца, то і без слоў можна зразумець, палюбіць і пачаць перажываць за героя-адзіночку Данілу Багрова, тым больш, што ён зусім мала гаворыць, а ўсё больш робіць…
Фільм плаўна заварочваў да канца, індзейцы гучна рэагавалі, абмяркоўваючы паміж сабой зразумелае і не зусім, і тут я на секунду адцягнуўся ад манітора, зірнуў у вакно і ўбачыў як міма нас, па пыльнай дарозе ішоў Сярога, мабыць у краму за цыгарэтамі.
Я адчыніў вакно і закрычаў:
- Сярога! Зайдзі да нас!
- Навошта?
- Давай падымайся, убачыш!
- Добра. Па гэтай лесвіцы!?
- Так, давай, хутчэй, не пашкадуеш!
Андрэй сцяміў крышачку хутчэй за мяне і вы-ключыў гук у калонках.
Панамцы незадаволена зашыкалі, а ён па-змоўні-цку прыставіў палец да вуснаў і паказаў на дзверы.
Дзенькнуў званочак, дзверы адчыніліся, увайшоў Сярога і... як у сцяну ўпёрся ў погляды здзіўленых індзей-цаў.
Нямая сцэна.
Хтосьці з панамцаў стаў асцярожна паказваць пальцам на таго, хто ўвайшоў, хтосьці перахрысціўся, як быццам убачыў істоту з іншага свету (на жаль - гэта было зусім не далёка ад ісціны), хтосьці проста сядзеў як загіп-натызаваны.
Сяргей таксама збянтэжыўся ад гэтай дзіўнай увагі індзейцаў да сваёй сціплай персоны, ён недаверліва агледзеў свае шорты, гумовыя шлёпанцы [шлепки], паглядзеў на нас з Андрухам і разгублена спытаў:
- Што?
І тут хтосьці з індзейцаў прыйшоў у сябе і нясмела заапладзіраваў, усе астатнія тут жа падхапілі, тады ўжо і Андруха не вытрымаў - разгарнуў манітор у бок дзвярэй і ўрубіў гук.
Сярога адразу зразумеў што да чаго, заўсміхаўся сваёй кароннай, крыху сарамлівай усмешкай, махнуў на нас рукой, буркнуў нешта тыпу: "Ды ну вас, ідыёты" і пад апладысменты выйшаў з дзвярэй…
...З тых часоў мінула шмат гадоў, але кожны раз, калі я ўспамінаю Сяргея Бадрова, я ўспамінаю тое самае імгненне, калі ён здзіўлена глядзеў на ўзрушаных панам-скіх індзейцаў, а яны на яго…
Літ.:
6896 Амяльковіч Д. "Беларускі ГЕРОЙ-1" // Культура. 2002. 3-9 жн. С. 13.
ВІНЧЭЎСКІ Аляксандр (Aliaksandr Vincheuski, Александр Винчевский) - заолаг, фотамастак, брат іншага энтузіяста арніталогіі Дзмітрыя. Нарадзіўся ў вёсцы Яльянава Наўгародскай вобласці. Выпускнік і, пасля вучобы ў аспірантуры Інстытута заалогіі АН Беларусі, супрацоўнік Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта (кафедра батанікі і заалогіі). Быў дырэктарам грамадскай арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны".
"Планы, звязаныя з асваеннем паўднёваамерыканскага кантынента, узніклі ў мяне восенню 2003 года, калі BirdLife International прапанаваў АПБ удзельнічаць у праграме павышэння кваліфікацыі супрацоўнікаў нацыянальных арганізацыяў. Чатыры модулі праграмы Building on experience планаваліся ў Гане, Іарданіі, Пара-гваі, Інданезіі. На маю долю выпалі трэнінгі ў Гане і Парагваі".
Аляксандр апісаў "Ахову птушак Парагвая" - арганізацыю з назвай на гуарані "Guyra Paraguay", офіс якой у Асунс'ёне наведаў з калегамі.
Уздоўж дарог Парагвая - амаль скразная прыват-ная ўласнасць: якое ў такіх умовах можа быць "назіранне за птушкамі"!..
"На эстансіях жывуць толькі метысы і індзейцы, гадуюць жывёлу і займаюцца раслінаводствам. Нацыянальныя паркі кепска падрыхтаваны да прыёму турыстаў, прынамсі, дабрацца да гэтых паркаў нялёгка, і магчы-масць начлегу там вельмі абмежаваная".
У Гран-Чака (у публікацыі "Гран чако" і асобна "чако", таксама з малой літары) яны назіралі тыя ж прыватныя ўладанні, а на наведванне аддаленых рэзерватаў "не мелі часу". Праўда, змаглі прайсціся "сцежкамі мяс-цовых паляўнічых і браканьераў" у прырачных лясах - там, дзе дарога перасякае раку.
Літ.:
13269 Вінчэўскі А. У сэрцы Паўднёвай Амерыкі // Птушкі і мы. 2005. № 7. С. 5-6.
ВІНЧЭЎСКІ Дзмітрый (Dzmitry Vincheuski, Дмитрий Винчевский) - нарадзіўся ў (Вялікім) Ноўгарадзе. Калі яму было чатыры гады, сям'я пераехала ў Гародню. Скончыў біялагічны факультэт Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта, затым аспірантуру ў Інстытуце заалогіі НАНБ. Адзін з заснавальнікаў Заходнебеларускага тава-рыства аховы птушак (1993). З 2001 па 2011 г. быў старшынём Гарадзенскага аддзялення арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны". Ён рэдактар сайта birdwatch.by, на якім можа ўбачыць і матэрыялы, якія звязаныя з яго паездкай у Перу ў 2013 г. - дзяржаўнае агенцтва PromPeru - галоўны суарганізатар міжнароднай арніталагічнага мерапрыемства - аплаціла ўсе выдаткі Дзмітрыя.
"У першай палове чэрвеня мне пашанцавала ў якасці запрошанага назіральніка ўдзельнічаць у самай вялікай міжнароднай гонцы за птушкамі, якая ў другі раз адбывалася ў Перу - Nor-Amazonico Birding Rally Challenge-2013. За шэсць дзён спаборніцтваў, якія адбываліся ў паўночнай частцы гэтай паўднёва-амерыканскай краіны, мы праехалі прыкладна 1500 км.
Усе разам шэсць каманд-удзельніц (дзве з ЗША і па адной з Бразіліі, Вялікабрытаніі, Паўднёва-Афрыкан-скай рэспублікі і Іспаніі [Гішпаніі]) адзначылі 864 віды птушак. Перамагла амерыканская каманда LSU-Tigriso-mas, якая прадстаўляла Музей прыроды Луізіанскага [Луізіянскага] дзяржаўнага ўніверсітэта і змагла занесці ў свой спіс ажно 636 відаў!"
Дзмітрый спецыяльна адзначыў крыху анекдаты-чны момант: "Гэта была мая першая паездка ў Новы Свет, таму ўсе сустрэтыя там віды птушак былі новымі для мяне (акрамя шызага голуба). Так склалася, што замоў-лены загадзя вызначальнік птушак Перу (на 1817 відаў!) пошта даставіла толькі праз два тыдні пасля таго, як я вяр-нуўся з падарожжа. Першы дзень пасля прылёту ў Ліму я правёў у пошуках птушак самастойна. Таму і вызначаць сфатаграфаваных і зазнятых на відэа ў гэты дзень птушак мне прыйшлося самастойна ўжо пасля таго, як я займеў вызначальнік".
Было шмат, што ўразіла яго ў Перу, прычым пры-емна: людзі, Анды, Амазонія, рэкі і акіян, высокі вадаспад, не кажучы пра птушак.
15.10.2025 г. ён напісаў нам: "У Перу з індзейскага найбольш здзівілі прыгатаваныя для нас кавалкі марскіх свінак, надзвычай смачная і зусім не падобная да нашай цыбуля і падобная, але яўна смачнейшая мясцовая бульба (Перу - яе радзіма)".
Літ.:
9110 Вінчэўскі Д. Пуцявод па законах прыроды разам з птушкамі. Мн., 2008.
ГРАБОЎСКІ Міхаіл (Mikhail Grabovski, Grabouski) - нарадзіўся з Патсдаме, тады ГДР.
Ён гуляў у Паўночнай Амерыцы ў наступныя гады і ў наступных камандах: 2006-2008 Гамільтан булдогс (Hamilton Bulldogs (AHL), 2006-2008 Манрэаль канадыенс (Montreal Canadiens), 2008-2013 Таронта мэйпл ліфс (Toronto Maple Leafs), 2013-2014 Вашынгтон кэпіталс (Washington Capitals), 2014-2017 Нью-Ёрк айлендэрс (New York Islanders).
Што тычыцца запісу "2017-2018 Вегас голдэн найтс" (Vegas Golden Knights) у яго клубнай кар'еры, то Міхаіл не з'явіўся ні ў адным з матчаў у складзе гэтай каманды, хоць быў пры-няты ў яе, прайшоў медыцынскі агляд 14.09.2017 г. і жадаў выступаць за яе. Не на лёдзе ў складзе "Голдэн найтс", але ён напэўна сустракаўся з гульцом-індзейцам Закам Уайтклаўдам (Zach Whitecloud).
Зак нарадзіўся ў Брандане (Манітоба); мае дакоцкае паходжанне і хоць рос у горадзе, але таксама праводзіў час, як і Сяргей Бадроў у Беларусі, сярод Народа дакота Су-Вэлі (Sioux Valley Dakota Nation) - лічыць аднолькава Брандан і Су-Вэлі сваім домам. Уайтклаўд пачаў катацца на каньках у два гады. У юнацтве ён гуляў за ка-манду Су-Вэлі, а затым у Маладзёжнай хакейнай асацыяцыі Брандана. Што носьбіты прозвішча Уайтклаўд звязаныя з хакеем, мы пераканаліся з пакета, атрыманага ад Кэтрын Уайтклаўд-Рот з Брандана.
Уайтклаўд не быў абраны на драфце, калі гуляў за Дзяржаўны ўніверсітэт Беміджы (Bemidji State University). Будучы "вольным агентам каледжа", ён падпісаў кантракт з "Голдэн найтс" у 2018 г. Размінуўся ці, больш правільна сказаць, амаль размінуўся з Грабоўскім у сапраўды блізкім лядова-баявым бра-тэрстве.
Літ.:
2770 Тычына М. Час душы // Лангфэла Г. Спеў аб Гаяваце: паэма; Уітмен У. Лісце травы: вершы: з англ. / прадм. М. Тычыны. Мн., 1994. С. 5-14. (Дакоты.)
2442 Иванов В. М. Жизнь рождает новые обряды. Мн., 1964. (Дакота.)
1648 Мостовец В. На грани вымирания; Чен В. Счастье семьи Самаров // Советская Белоруссия. 1981. 24 нояб. (Дакота-сиу.)
ДАМЕЙКА Ігнат (6) - у артыкуле навуковага супрацоўніка Карэліцкага раённага краязнаўчага музея Святланы Кошур мы можам зрабіць акцэнт (і ён сам робіцца дзякуючы адзінай згадцы па ўласна індзеяністыцы ў гэтай публікацыі 2003 г.) на тым, што слуга Дамейкі (адзін з яго слуг), Хуан, быў ін-дзейцам.
У верасні 1998 г. у Менску і Карэлічах адбыліся Пятыя Карэліцкія чытанні, прысве-чаныя Адаму Міцкевічу. Быў госць "па лініі Дамейкаў", праўда, з Францыі.
Святлана Кошур удакладняе: "На жаль, не змагла прыехаць з далёкай краіны праўнучатая пляменніца І. Дамейкі Ева Адахоўская (унучка дачкі брата І. Дамейкі Казіміры Евы Адахоўскай), з якой нам дапамог звязацца Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф. Скарыны. Але з Санцьяга [Сант'яга] яна даслала музею цікавыя дакументы і фотаздымкі, якія расказваюць пра жыццё нацыянальнага героя Чылі. Фотаздымкі зрабіў для музея Ігнаціо [Ігнаціа] Дамейка, праўнук нашага славутага земляка. На фотаздымках мы бачым вучонага разам з сынамі Гернанам [Эрнанам] і Казімірам, дачку І. Дамейкі Аніту, унучку Аніту.
Сярод дакументаў, дасланых у музей, ёсць радавод І. Дамейкі. З радаводу, а таксама з кароткага жыццяпісу вучонага, складзенага Евай Адахоўскай да 100-годдзя з дня смерці вучонага і прачытанага для групы палякаў у Санцьяга [Сант'яга], вынікае, што на чылійскай зямлі сёння жывуць: адзіная ўнучка вучонага Аніта, больш за 20 яго праўнукаў і шматлікія прапраўнукі. Як вядома, Ігнат Дамейка ў 46-гадовым узросце ажаніўся з чылійкай Энрыветай [Энрыкета] дэ Сантамаёр, якая была маладзейшая за яго на 30 гадоў. Спа-чатку ў яго і думкі не было пра такі саюз, хаця прыгожая суседка падабалася яму. Згодна з сямейным паданнем, дыпламатычна падштурх-нуў вучонага да больш блізкага знаёмства з сям'ёй Энрыветы [Энрыкеты] адданы яму слуга індзеец Хуан. Калі ж знаёмства адбылося, высветлілася, што таямнічы і паважаны іншаземец ужо даўно прыцягваў увагу дзяўчыны. І яна не адмовілася стаць яго жонкай. Гэты шчаслівы шлюб доўжыў-ся 20 гадоў. У сям'і Дамейкаў нарадзілася чацвёра дзяцей (адзін з іх памёр у маленстве)". З іх толькі малодшы сын Казімір забяспечыў дона Ігнаціа нашчадкамі.
Літ.:
13273 Кошур С. Ігнат Дамейка: новыя матэрыялы з Карэліцкага краязнаўчага музея "Зямля і людзі"// Культура Гродзенскага рэгіёну: праблемы развіцця ва ўмовах поліэтнічнага сумежжа: зборнік навуковых прац / адк. рэд. А. М. Пяткевіч. Гродна, 2003. С. 87-92.
3750 Ян Чачот, Ігнат Дамейка, сябры і паплечнікі Адама Міцкевіча: матэрыялы Трэціх і Чацвёртых Карэліцкіх чытанняў (1996, 1997)/ рэд. Н. Давыдзенка, А. Мальдзіс (навук. рэд.). Мн., 1998.
6920 Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Карэліцкага раёна. Мн., 2002.
7011 Багадзяж М. Ігнат Дамейка як гуманіст і інтэрнацыяналіст // Ігнат Дамейка - светач сусветнай цывілізацыі: матэрыялы VI Карэліцкiх чытанняў (г.п. Мір, 12 верас. 2002 г.) / рэдкал.: Л. Уладыкоўская-Канаплянік (гал. рэд.) i інш. Мн., 2002. С. 88-89.
8878 Карэліччына: людзі, падзеі, час: зборнік навуковых артыкулаў / уклад.: А. А. Скеп'ян [і інш.]; рэдкал.: А. А. Каваленя [і інш.]. Мн., 2012.
3833 Slabczynski T. Wsrod Araukanow i wulkanow: Ignacy Domeyko // Slabczynski T. Bohaterowie wielkiej przygody. Lodz, 1991. S. 53-66.
9434 Ignacy Domeyko: referaty i materialy Miedzynarodowej Konferencji Naukowej "Ignacy Domeyko - 1802-2002", Brzesc - Lida, 4-7 X 2002 / zebr. J. Adamski. Brzesc; Lublin, 2002.
ШОСТАК Ян (Yan Shostak) - мінчанін па на-раджэнні, зорка USHL - галоўнай юніёрскай лігі ЗША па хакеі.
У красавіку 2025 г. стала вядома, што 20-гадовы Ян Шостак - лепшы варатар сезона 2024/25 у USHL.
Гуляючы за "Лінкальн старс" (Lincoln Stars), каман-ду з Небраскі, наш брамнік ездзіў на гасцявыя матчы ў Су-Сіці, дзе каманда называецца "Су-Сіці маскецірс" (Sioux City Musketeers). Каманды абменьваліся перамо-гамі і паражэннямі, і галкіпер Ян Шостак дапамагаў хлопцам з Лінкальна або перамагчы, або прайграць з невялікім адрывам.
Цікава, што на маладзёжным Кубку свету 2014 г. ва Уфе "Мушкецёры з Горада сіў" ва ўпартым паядынку за трэцяе месца абыгралі каманду з Бабруйска "Дынама-Шыннік" (зубр з эмблемы гэтага клуба, відавочна, вы-клікаў пэўныя неадназначныя пачуцці ў прэрыйных "кукурузнікаў").
Сцвярджаюць, што людзі эмігравалі ў Су-Сіці і з Шастакоў (Шостаки або, дакладней, Шестаки - да 1961 г. вёска ў Капыльскім сельсавеце аднайменнага раёна).
Літ.: 1659 Мясникова Н. А., Мартинович Л. С., Шостак В. С. Читаем, говорим и пишем по-английски: книга для учащихся. Мн., 1992.
Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.
Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.
Індзейцы , индейцы , Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Bielorrusia, Belarus; Алесь Симаков . Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 166].
"Capital Cup Minsk-2025"
Міжнародны фэст па бальных танцах "Capital Cup Minsk-2025" сабраў сотні дзяцей і дарослых, улюбёных у гэты від мастацтва. "Capital Cup Minsk-2025" - гэта маштабная танцавальная падзея і адзін з самых статутных тур-ніраў восені.
Узорная студыя бальнага спартовага танца "Феерыя-Дэнс" Палаца культуры горада Ліды высокімі вынікамі ў чарговы раз пацвердзіла статус яркай зорачкі на рэспубліканскім танцавальным небасхіле.
У актыве нашых дзяцей:
- сем трэціх месцаў;
- тры другія месцы;
- два першых месцы!
Віншуем чэмпіёнаў!!!
Не спыняйцеся на дасягнутым, працягвайце ўпры-гожваць свет сваёй творчасцю!
ТК "Культура Лідчыны".
Ансамбль народнай песні "Медуніца" Палаца культуры горада Ліды "запаў" у "Душу народную"...
16 кастрычніка ў Менскім гарадскім палацы куль-туры адбыўся фінал другога конкурсу выканальніцкіх мастацтваў "Душа народная", які з'яўляецца часткай пра-грамы "Душэўнага фэсту".
Першы тур конкурсу праходзіў з 1 траўня па 31 ліпеня 2025 года. За гэты час арганізатары атрымалі больш за 100 відэаработ ад выканаўцаў з Беларусі і Расіі. Пасля завочнага адбору ў Менск былі запрошаны 27 фіналістаў. Адной з умоў конкурсу з'яўляўся допуск толькі тых калектываў, якія не маюць званняў заслужанага, народнага ці ўзорнага, а таксама сольных выканаўцаў, якія не валодаюць званнямі заслужаных ці народных артыстаў.
Калектыў - спадарожнік народнага ансамбля песні і танца "Лідчанка", вакальны ансамбль народнай песні з каларытнай назвай "Медуніца" быў асобна адзначаны журы. Салістка заслужанага ансамбля народнай музыкі "Бяседа" Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі пад кіраўніцтвам Леаніда Захлеўнага, уладальніца медаля Францыска Скарыны Таццяна Лазоўская ўручыла калектыву дыплом лаўрэата другой ступені!
Віншуем калектыў "Медуніца" і жадаем далейшага руху па шляху творчасці да поспеху!
ТК "Культура Лідчыны".
Герб горада Ліды, наданы 17 верасня 1590 г.
