Папярэдняя старонка: 2025

Наша слова.pdf № 44 (200) 


Дадана: 28-10-2025,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 44 (200), 29 кастрычніка 2025 г.

"Наша слова.pdf" № 200

100-годдзе Пінскай дыяцэзіі

У пятніцу 24 кастрычніка біскуп Пінскі Антоній Дзям'янка здзейсніў пасвячэнне збудаванага 10 гадоў таму касцёла Святога Бенедыкта ў Пінску. Гэтая падзея стала першай з шэрагу галоўных урачыстасцей 100-годдзя Пінскай дыяцэзіі.

Адкрыццё другога касцёла ў Пінску - першай святыні, збудаванай у Пінску пасля амаль 200-гадовага перапынку, - адбылося ў межах святкавання 90-годдзя Пінскай дыяцэзіі ў 2015 годзе. Адметна, што касцёл Святога Бенедыкта быў пастаўлены за вельмі кароткі час - усяго за 6 месяцаў.

Святыня ўжо 10 гадоў збірала разам католікаў з новых мікрараёнаў горада: Лугі, Верасы, Вясёлкавы і Паўднёвы, у якіх у 2015 годзе жыло каля 70 тысяч чалавек.

Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел амаль усе прадстаўнікі беларускага епіскапата. Старшыня ККББ, Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі і Старшыня Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамантаў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB напярэдадні вярнуліся з Рыма, дзе разам з амаль 500-мі пілігрымамі, пераважна з Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі, удзельнічалі ў набажэнствах Юбілейнага года. Прысутнічалі таксама Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, каля двух дзясяткаў святароў з усіх дыяцэзій Беларусі, манаскія асобы і вернікі з Пінска і ваколіц, а таксама прадстаўнікі ўлады. Літургію ўпрыгожваў пінскі касцельны хор з парафій Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і Святога Бенедыкта.

Перад пачаткам святой Імшы, якую ўзначаліў біскуп Пінскі Антоній Дзям'янка, парафіяне, апранутыя ў нацыянальнае адзенне, прывіталі галоўнага цэлебранта і прысутных іерархаў, да якіх яны падышлі, каб пачаставаць караваем, які трымалі ў руках.

Усіх прысутных ва ўступным слове прывітаў пробашч парафіі святога Бенедыкта ксёндз Часлаў Ладыка. Святар нагадаў, што "пасля дзесяці год малітвы, цэлебрацыі сакрамантаў, шматлікіх работ па ўдасканаленні інтэр'еру гэтай святыні надышоў радасны час яе кансэкрацыі".

Затым распачалася святая Імша, на пачатку якой адбыўся абрад акраплення святыні і вернікаў на знак прыналежнасці іх да Касцёла праз сакрамант хросту.

Гамілію прамовіў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска. Прамоўца пачаў здалёк: ён падкрэсліў, што 2025 год у Беларусі з'яўляецца годам добраўпарадкавання, і гэта натуральна дбаць пра тое, каб кожны жыў у добрых і зручных умовах, меў у крокавай даступнасці патрэбныя аб'екты. Біскуп нагадаў, што на найвышэйшым узроўні краіны раней заяўлялася пра неабходнасць стварэння духоўных цэнтраў. Касцёл святога Бенедыкта - гэта таксама такі цэнтр, зручнае для вернікаў новай часткі горада месца сустрэчы з Богам.

Аднак дарога да Бога насамрэч не такая і кароткая, заўважыў пастыр.

- Наш Збавіцель казаў пра сябе "Я - дарога <…>" (Ян 14, 6)... Дарога да гэтага касцёла - гэта вера пінскіх людзей, якіх выхаваў кардынал Свёнтак. Гэта настойлівасць біскупа Антонія, які прыклаў шмат высілкаў, каб гэты касцёл быў пабудаваны. Гэта намаганні майго сябра і аднакурсніка ксяндза Андрэя Рылкі і наступных пробашчаў. Гэта ахвярнасць парафіян, якія нават не хацелі, каб іх імёны былі названыя. Гэта вы, хто напаўняеце муры гэтай святыні, - канстатаваў прамоўца.

Напрыканцы гаміліі біскуп пажадаў прысутным, каб у парафіяльным касцёле іх духоўныя вочы заўсёды бачылі цуд, які здзяйсняецца на алтары, і каб іх дзеці менавіта тут спазналі, што такое любіць Бога.

Чарговым абрадам сталася аднаўленне хросных абяцанняў, якое здзейснілі ўсе прысутныя, адказваючы на пытанні галоўнага цэлебранта. Яно прадпісана літургічнымі нормамі падчас найбольш важных падзей у жыцці вернікаў Касцёла.

Яшчэ адным пунктам літургіі пасвячэння касцёла, які сведчыў аб важнасці і ўзнёсласці цэлебрацыі, быў спеў Літаніі да Усіх Святых. Удзельнікі ўрачыстасці, стоячы на каленях, заклікалі заступніцтва за іх перад Богам святых Касцёла.

Наступіў кульмінацыйны момант - малітва пасвячэння, якую прамовіў біскуп Дзям'янка.

"(…) Няхай убогія сустрэнуць тут міласэрнасць, а прыгнечаныя - сапраўдную свабоду, а ўсе людзі няхай апрануцца ў годнасць Тваіх дзяцей", - гучалі словы малітвы.

Пасля яе арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, біскуп Аляксандр Яшэўскі, біскуп Уладзімір Гуляй, біскуп Алег Буткевіч, біскуп Юрый Касабуцкі і біскуп эмерыт Аляксандр Кашкевіч намасцілі крыжыкі на сценах святыні, каля якіх прызначаныя святары запалілі свечкі.

Біскуп Антоній Дзям'янка намасціў алтарную менсу, пасля чаго паставіў на алтар начынне з кадзілам, дым якога сімвалічна азначае ахвяры і малітвы вернікаў, што з гэтага святога месца будуць узносіцца да Бога.

Пасвечаны алтар быў накрыты абрусам, і пробашч запаліў на ім свечкі. Пасля гэтага распачалася Эўхарыстычная літургія.

Пасля пастырскага дабраслаўлення, якое ўдзялілі прысутным іерархі, ксёндз пробашч Часлаў Ладыка падзякаваў пастыру Пінскай дыяцэзіі за здзейсненае пасвячэнне святыні, іерархам і ўсім удзельнікам за прысутнасць. Святар нагадаў, што касцёл названы ў гонар святога Бенедыкта, таму што "касцёл стаў працягам спадчыны і традыцыі, якую пакінулі айцы бенедыктыны, духоўныя сыны святога Бенедыкта, што служылі Божаму народу ў велічным кляштары на ўскрайку Пінска ў мястэчку Гарадзішча". Было падкрэслена, што Божы Провід, адвага біскупа Дзям'янкі і прыхільнасць мясцовых уладаў дазволілі паўстаць гэтай прыгожай святыні. Падзяку выразілі таксама наймалодшыя парафіяне.

Біскуп Антоній Дзям'янка ў сваю чаргу скіраваў словы ўдзячнасці прысутнаму на Імшы арцыбіскупу эмерыту Тадэвушу Кандрусевічу, які перад ім, будучы Апостальскім адміністратарам, узначальваў Пінскую дыяцэзію, а 27 кастрычніка 2015 года ўзначаліў урачыстую святую Імшу і дабраславіў касцёл святога Бенедыкта для таго, каб у ім адбываліся набажэнствы. Дастойны іерарх, віншуючы прысутных са святам, параўнаў новапасвечаную святыню з хмарачосамі, кажучы, што, хоць касцёл па сваёй вышыні меншы, чым яны, аднак "хмарачосы вядуць нас да хмараў, а касцёл - да неба, да Божага Валадарства".

Словы віншавання скіравалі сабраным у касцёле таксама Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, біскуп Гарадзенскі Уладзімір Гуляй, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч і Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.

Пасля гэтага настаў радасны і непаўторны момант - у святыню завітаў спецыяльны прадстаўнік Папы Льва XIV кардынал Клаўдыё Гуджароці, Прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў. Шчыра прывітаны пастырам Пінскай дыяцэзіі і вернікамі, ён прывітаў прысутных і як прадстаўнік Папы ўдзяліў апостальскае дабраслаўленне.

Напрыканцы прысутныя іерархі падпісалі дакумент аб пасвячэнні касцёла святога Бенедыкта ў Пінску.

25 кастрычніка, у другі дзень галоўных урачыстасцей 100-годдзя Пінскай дыяцэзіі, якія праходзілі ў пінскай катэдральнай базыліцы Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, праграма дня распачалася за гадзіну перад поўднем з унясення рэліквій святога Андрэя Баболі, галоўнага заступніка дыяцэзіі, прывезеных з дыяцэзіяльнага санктуарыя святога ў Іванаве. Усе прысутныя сталі на калені, каб прамовіць словы Літаніі да святога і выпрасіць для сябе і для ўсёй дыяцэзіі патрэбныя Божыя ласкі.

Кульмінацыяй стала святая Імша, якую ўзначаліў спецыяльны пасланнік Папы Льва XIV кардынал Клаўдыё Гуджароці, Прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў. Прадстаўнікі беларускага епіскапату ў поўным складзе, а таксама шматлікія святары з Пінскай дыяцэзіі і прадстаўнікі з усіх дыяцэзій Беларусі, апранутыя ва ўрачыстыя арнаты, чакалі высокапастаўленага госця, заняўшы свае месцы ў прэзбітэрыі.

Каля ўваходу ў катэдральны касцёл кардынала Гуджэроці ў вершаванай форме прывіталі наймалодшыя вернікі разам са старэйшымі, якія трымалі ў руках духмяны каравай.

Усцешаны іерарх, пытаючыся дарослых, колькі дзецям гадоў, задаў таксама пытанне, ці тыя з іх, якія прыступілі да Першай святой Камуніі, маюць чыстыя сэрцы. Бацькі запэўнілі дастойнага госця, што дзеці ўжо скарысталіся з сакраманту пакаяння і гатовыя прыняць Цела Хрыста.

Прыбылага пасланніка Папы напачатку прывітаў біскуп Пінскі Антоній Дзям'янка. У сваёй прамове ён падкрэсліў, што горад Пінск багаты сваёй гісторыяй і касцельнай традыцыяй. Ардынарый Пінскай дыяцэзіі нагадаў гісторыю паўстання Пінскай дыяцэзіі, калі Папа Пій XI, які раней быў апостальскім нунцыем у дзяржаве, булай Vixdum Poloniae unitas правёў рэарганізацыю касцельных структур, вылучыўшы асобную дыяцэзію з цэнтрам у Пінску.

На самым пачатку святой Імшы быў прачытаны Ліст Папы Льва XIV, які ён скіраваў да кардынала Клаўдыё Гуджароці.

Гамілію прамовіў сам пасланнік Папы, распачынаючы яе так, як Леў XIV пасля свайго абрання біскупам Рыма: «Найдаражэйшыя, супакой няхай будзе з вамі!»

Напрыканцы ўрачыстай святой Імшы словы падзякі для дастойнага госця і ўсіх прысутных скіраваў біскуп Антоній Дзям'янка. Затым павіншавалі пінскіх дыяцэзіян з іх юбілеем прадстаўнік Праваслаўнай Царквы і мясцовай улады розных узроўняў, консул Расійскай Федэрацыі ў Берасці, а таксама Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Аляксандр Румак.

Урачыстасці ў Пінску завяршыліся апостальскім дабраслаўленнем, якое ўдзяліў пасланнік Папы кардынал Клаўдыё Гуджароці.

Catholic.by.

7 цікавых фактаў пра Пінскую дыяцэзію, якая адзначае свой 100-гадовы юбілей

24 кастрычніка распачаліся галоўныя ўрачыстасці, прымеркаваных да 100-годдзя Пінскай дыяцэзіі, у якіх прыняў удзел спецыяльны пасланнік Папы Льва XIV кардынал Клаўдыё Гуджэроці, Прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў. З гэтай нагоды прадстаўляем 7 цікавых фактаў пра Пінскую дыяцэзію, якія дапамогуць яшчэ бліжэй пазнаёміцца з ёй.

1. Пінская дыяцэзія - самая вялікая па плошчы сярод дыяцэзій Беларусі - 72700 км2 (уключае тэрыторыі Берасцейскай і Гомельскай абласцей) і самая нешматлікая па колькасці католікаў - 50115 чалавек (статыстыка за 2013 г.).

2. На тэрыторыі Пінскай дыяцэзіі знаходзіцца, бадай, самая старажытная у Беларусі каталіцкая святыня, якая захавалася амаль у першапачатковым выглядзе, - гэта касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў вёсцы Ішкалдзь Баранавіцкага раёна (1472 г.)

3. Пінскую дыяцэзію стварыў папа Пій XI булай Vixdum Poloniae unitas 28 кастрычніка 1925 года, вылучыўшы яе з тэрыторый, якія належалі да Магілёўскай мітраполіі. Новая дыяцэзія знаходзілася ў межах Віленскай мітраполіі і першапачаткова складалася з 15 дэканатаў.

4. Адметна, што Папа Пій XI да выдання гэтай булы быў Апостальскім нунцыем у Польскай Рэспубліцы з 1919 па 1921 год і добра ведаў тэрыторыю будучай дыяцэзіі. Ён не пакінуў свайго месца служэння нават падчас баявых дзеянняў з пачаткам савецка-польскай вайны.

5. Першым біскупам новастворанай дыяцэзіі стаў Слуга Божы Зыгмунт Лазінскі (1870-1932), які, па ўспамінах сучаснікаў, клапаціўся аб даручанай касцельнай адзінцы "ажно да слёз", - быў вялікім пастырам.

Адметна, што сёння ва ўсіх касцёлах Пінскай дыяцэзіі днём асаблівай малітвы да Бога праз заступніцтва Слугі Божага Зыгмунта Лазінскага і днём малітваў аб яго беатыфікацыі з'яўляецца 26-ты дзень кожнага месяца (дзень яго адыходу ў вечнасць).

У розныя гады функцыю адміністравання дыяцэзіі выконвалі біскуп Казімір Букраба, ксёндз інфулат Вацлаў Пянткоўскі, кардынал Казімір Свёнтак, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Антоній Дзям'янка.

6. Сумны факт: падчас Другой сусветнай вайны дыяцэзія страціла чацвёртую частку сваіх святароў. Былі забітыя 50 душпастыраў, у тым ліку дабраслаўлёны Мечыслаў Багаткевіч (месца яго асаблівага ўшанавання - касцёл у Лунінцы).

7. Нябеснымі апекунамі Пінскай дыяцэзіі з'яўляюцца святы Андрэй Баболя - адданы езуіт-прапаведнік, які загінуў пакутніцкай смерцю ў 1657 г. у Янаве Палескім (сёння г. Іванава Берасцейскай вобласці), і Маці Божая Лагішынская, Каралева Палесся.

Пры падрыхтоўцы выкарыстаны архіўныя матэрыялы інтэрнэт-парталаў catholic.by, pinskdiocese.by, часопісаў "Ave Maria", "Дыялог".

БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

Станіслаў Суднік

Колеры і масці ў Лідзе і ў астатняй Беларусі

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

Колеры і адценні

Акрамя колераў існуе цэлы шэраг адценняў. Слова "адценне" паходзіць ад слова "цень". Яшчэ ў даўнія часы было заўважана, што, скажам, тканіна нейкага колеру на сонцы выглядае так, а калі зайсці ў цень, то ўжо па-іншаму. Ад шчыльнасці ценю мяняеца колер тканіны, яна набывае адценні. У змроку любы колер зусім пераходзіць у шэры. Строгай мяжы паміж колерам і адценнем няма. Так, напрыклад, блакітны колер доўгі час лічыўся адценнем сіняга, і толькі вялікая шырыня сіняй вобласці спектра прывяла да таго, што яе падзялілі на дзве часткі і блакітны колер стаў самастойным. Прывядзём шэраг адценняў, якія недзе паўтораць ужо вядомыя колеры, а недзе будуць новымі, пры гэтым колер будзе называцца адпаведна мужчынскага роду, а адценне ў асноўным адпаведна ніякага роду.

Цёмна-бардовае

Цёмна-чырвонае

Вогнетрывалая цэгла

Чырвоны

Ласосевае

Таматавае

Каралавае

Памяранцава-чырвонае

Шакаладнае

Пясочна-карычневае

Цёмна-памяранцавае

Памяранцавы (Аранжавы)

Цёмны сумнік

Залатарнікавае

Залатое

Аліўкавае

Жоўты

Жоўта-зялёнае

Зялёна-жоўтае

Шартрэз (лікёр)

Зялёны траўнік

Зялёны

Лаймавае

Зялёны лайм

Вяснова-зялёнае

Вяснова-зялёнае нейтральнае

Бірузовае

Светла-зялёнае мора

Бірузовае нейтральнае

Цёмны цыян

Марская хваля

Цёмна-бірузовае

Нябесна-блакітнае цёмнае

Падманнае сіняе

Каралеўскае сіняе

Ваенна-марскога флота

Цёмна-сіняе

Сіняе нейтральнае

Сіні

Сіне-фіялетавае

Цёмная архідэя

Цёмна-фіялетавае

Фіялетавы

Цёмнае маджэнта

Маджэнта

Фіялетава-чырвонае нейтральнае

Насычанае ружовае

Ярка-ружовае

Малінавае

Карычневы

Чырвонае індыйскае

Ружова-карычневае

Светла-каралавае

Снег

Імглістая ружа

Цёмны ласось

Светлы ласось

Охра

Марская ракавінка

Сядло Браўн

Персікавая пудра

Перу

Тэкстыльнае

Бісквіт

Шчыльнае дрэва

Загар

Антычнае белае

Белае наваха

Бланшаваны міндаль

Парастак папаі

Макасінавае

Пшанічнае

Старыя карункі

Кветкавае белае

Кукурузны волас

Хакі

Цытрынавы шыфон

Бледны сумнік

Цёмнае хакі

Бэжавае

Светла-жоўты сумнік

Светла-жоўтае

Слановая костка

Цёмна-аліўкавае

Цёмна-аліўкавае зялёнае

Цёмна-зялёнае мора

Цёмна-зялёнае

Зялёнае лясное

Светла-зялёнае

Бледна-зялёнае

Мядовая раса

Зялёнае мора

Зялёнае мора, нейтральнае

Мятны крэм

Аквамарынавае нейтральнае

Аквамарынавае

Цёмнае грыфельна-шэрае

Бледна-бірузовае

Светла-блакітнае

Блакітны

Шэра-сіняе

Пыльны блакітны

Светла-сіняе

Нябесна-блакітнае

Нябесна-блакітнае светлае

Сіняя сталь

Сіняя Эліс

Шэры шыфер

Светла-шэры шыфер

Светла-сталёвае сіняе

Валошкавае блакітнае

Лаванда

Прывідна-белае

Паўночнае сіняе

Аспідна-сіняе

Цёмнае аспідна-сіняе

Нейтральнае аспідна-сіняе

Фіялетавае нейтральнае

Індыга

Нейтральны колер архідэі

Сліва светлая

Ружова-фіялетавае

Чартапалох

Архідэя

Ружова-лавандавае

Ліловае

Ружовае

Светла-ружовае

Чорны

Цьмяна-шэрае

Шэры

Цёмна-шэрае

Срэбнае

Светла-шэрае Гейнсбаро

Белы дым

Белы

Няма вялікай патрэбы разбірацца, дзе тут колер, дзе адценне. Гэта справа вышэйшых мастацкіх устаноў. Нас цікавіць у асноўным лінгвістычная складовая, якімі словамі ў беларускай кожнае з гэтых адценняў называецца. Пакуль мы не можам прывесці назвы ста адценняў шэрага ці ста адценняў чырвонага, якія, безумоўна, існуюць, але назвамі ўганараваны далёка не ўсе, таму прыводзім яшчэ адзін кангламерат адценняў, каб не згубіць існыя ўжо назвы.

Таматавае

Малінавае

Чырвоны Джэральдзін

Бургундыя

Бардовае Амарантавае

Пунсовае

Папрыка

Японскі клён

Дымчатая ружа

Персікавае дрэва

Ружова-карычневае

Ружовае

Цёмны ласось

Сіена

Светла-каралавае

Індыйскае чырвонае

Каштанавае

Ласосевае

Коньячнае

Ячменнае зерне

Тарфяное

Бурбон

Шакаладнае

Карычневае сядло

Карыца

Паленая ўмбра Меднае

Антычная латунь

Сэпія

Бурае

Охра

Бабёр

Бронзавае

Цёмна-памяранцавае

Залатое

Памяранцавае (Аранжавае)

Жоўтае

Гарчыца

Цытрынавае (Лімоннае)

Шафран

Грушавае

Старое золата

Хакі

Шартрэз жоўты

Кукурузнае

Антычнае белае

Бэжавае Бісквіт

Міндаль

Кветкавае белае

Мядовая раса

Белая здань (Белы прывід)

Слановай косткі

Льняноое

Марской ракавінкі

Снежнае

Дымчатае белае

Лясное зялёнае

Шартрэз

Зялёны

Канюшынавае

Лайм

Нефрытавае

Зялёнае марское

Вясновая зеляніна

Зялёны лужок

Малахітавае

Зялёная хвоя

Вірыдыян

Аліўкавы вянок

Аліўкавае

Аспарагус

Камуфляжнае

Цёмнае хакі

Цытрус

Ультразялёнае

Мята

Яблык Грані

Блакітнае Аліса

Аква

Блакітны

Блакітнае Кадэцкае

Валошкавае

Індыга

Лаванда

Нябесна-блакітнае

Марское

Блакітнае Каралеўскае

Сталёва-блакітнае

Фіялетавы

Архідэя Фіялкавае

Чартапалох

Маджэнта

Смальта

Бірузовае

Кобальт

Сапфір

Ультрамарын

Прускае Блакітнае

Гейнсбаро Срэбнае

Шэры

Грыфельнае

Вугальнае

Мусон

Каменнае

Галубінае

Французскае шэрае

Цыркон

Табліца колераў камянёў

Каштоўныя і паўкаштоўныя камяні маюць колеры, блізкія да спектральных і каляспектральных, але ў многім непаўторныя ў іншых аб'ектах прыроды, таму многія назвы камянёў далі назвы адпаведным адценням.

Фіялетавы

Аметыст, сапфір, гранат, нефрыт, турмалін, цыркон, кунцыт, кварц, александрыт, хрызаберыл.

Чырвоны

Гранат, сапфір, лал, карал, турмалін, яспіс, шпінель, сердалік, піроп, берыл, цыркон, халцэдон, раданіт, кальцыт, апал.

Жоўты

Цытрын, цыркон, бурштын, дыямент, берыл, сапфір, тапаз, флюарыт, халцадон, аметрын, андалузіт, апатыт, хрызаберыл, жадзяіт, яспіс, турмалін.

Белы

Белы кварц, жэмчуг, (перлы) селяніт, малочны кварц, карал, онікс, араганіт, берыл, кальцыт, халцадон, хларыт, флюарыт, жад, цыркон, агат, апал.

Зялёны

Нефрыт, смарагд, біруза, малахіт, яспіс, хрызапраз, хрызаберыл, берыл, апатыт, кунцыт, амазаніт, цыркон, турмалін, крававік, агат, танзаніт, сапфір, авантурын, александрыт, геліятроп, андалузіт, кальцыт, дыяптаз, гранат, жадзяіт, перыдот, тапаз.

Ружовы

Ружовы кварц, турмалін, дыямент, карал, селяніт, пёрысты агат, апатыт, сапфір, вісмут, берыл, кунцыт, шпінель, тапаз.

Чорны

Абсідыян, нефрыт, онікс, чорны шпінель, дыяпсід, магнетыт, халцадон, карал, дыямент, апал, чорны турмалін, чорны тапаз, дымчаты кварц.

Сіні

Лазурыт, сапфір, тапаз, біруза, турмалін, пёрысты агат, кварц, карунд, нефрыт, берыл, хрызаберыл, александрыт, азурыт, халцадон, апал, цыркон.

Шэры

Дымчаты кварц, жэмчуг (перлы), селяніт, араганіт, агат, гематыт, халцадон.

Памяранцавы

Сарданікс, сердалік, бурштын, цыркон, агат, гранат, памяранцавы яспіс, гесаніт, каралы, сапфір, цытрын, памяранцавы кальцыт, селяніт, падпараджа, тапаз, памяранцавы апал.

Карычневы

Бычынае вока, лабрадор, бурштын, дравіт (карычневы турмалін), раўхтапаз, тыгровае вока, сімбірцыт, шпінель, гіяцынт, грасуляр, яспіс, карняол, спесартын (карычневы гранат).

Блакітны

Аквамарын, блакітная біруза, ларымар, блакітны кальцыт, блакітны карункавы агат, тапаз, блакітны сапфір, лазурыт, блакітны кварц, індыгаліт (блакітны турмалін), цалястын, дзюмарт'ярыт.

(Працяг у наступным нумары.)

С А Н Е Т Ы

Язэп Палубятка

***

Сэрца пакінь для мяне,

Пакуль яно не астыла.

Ты мне заўжды будзеш міла,

Бо я кахаю цябе.


Вось і паўстаў рубікон,

Рака пад ільдом застыла,

Востраў кахання вадою змыла.

Ведаць хачу: што такое сямейны прыгон?


Каханне і здрада - сяброўкі заўжды,

Было і сышло - такой жа бяды!

Мне таму нізкі паклон.


Ад мяне на зямлі не застанецца следу?

Вер! Я калісьці вярнуся, прыеду.

Ружы пунсовай прыгожы бутон.

***

Восень скідае сукню дзяўчыны-вясны.

Пасля марозу лісце сцелецца ціха да долу,

Быццам наведвае вечну стадолу.

Гэтак жа ў маладосці распраналіся й мы.


Ранак святочны, вечар маркотны.

Ты не цурайся сказаных слоў,

Давай жа прыдбаем агульных высноў

Без суму, хоць час наш самотны.


Нешта прыходзіць лепш, чым было.

Восенню пах ачмурэлы грыбніцы,

Як улетку пахлі суніцы.


Ніколі не скончыцца наш з табою раман,

І не лічы, што ўсё гэта зман,

Не можа тое ніколі спыніцца.

***

Як колісь мяжа на полі,

Так зараз мяжа ў мяне на душы.

Сябра, дзе праўда, а дзе хлусня, мне скажы,

І дзе нам шукаць тае лепшае долі?


Сонца свеціць, ці дождж ідзе -

Гэта з'ява прыроды такая.

Твару старэчага радасць жывая -

Жыццё маё ў дзён чарадзе.


Месяца серп на небе вісіць.

Сябе я пытаю шматкроць, як мне быць?

Наўкол сутурэнні без выхаду.


Шнары на сэрцы,

І думак - з калоду.

Уночы схамянуся ў паняверцы.

***

Каса смерці ніколі не тупіцца,

Слёзы дзіцяці яе не кранаюць.

Ведзьмы пахуча-смяротныя зёлкі вараць,

Вечна пачвары ад веку рупяцца.


Зорка біскучая падае долу,

Вецер шалёны зрывае дахі

І нагнятае на людства жахі,

Настала бяда - адпакутуеш уволю.


Усё суразмерна пад сонечным небам.

Ад ліхалецця не ўратуешся бегам -

Гэта прыроды закон.


Кнот свечкі дагарыць да тла,

Не намі пісаны той канон.

З жалобным звонам наступае немата.

***

Мінаюць дні, гады, стагоддзі,

Харон заўжды пакутуе ад працы.

Спакою хоць хвіліну… Дзе ёй узяцца.

У дзяўчыны сокам наліліся грудзі.


Каня вечна просіць вады,

Ды не верце, што ёй яе мала,

То каханне птушку апанавала.

Не адна яна млее ад гэтай бяды.


Людзі праўды шукаюць, знаходзяць вэрхал бяды.

Зелянеюць увесну груды,

Сумна бывае парой ні з таго, ні з сяго.


Не злічоны маршчыны твару твайго,

Не сумуй! Усё ад Бога!

Не простая наша дарога.

***

Жанчына - сяброўка ўночы,

І днём я яе не адрынаю.

Час мінае. Калісь успамінаю,

Як цалаваў яе вочы.


Не! Гэта не мроі аб будучым,

А ўспамін, як нешта было,

Ды, як крыга па рэчцы, сплыло.

Ды што гаварыць аб тым.


Я сябе мрою ў рэчышчы тым.

Камусьці смярдзіць, а мне пахне палын,

Ён кажа пра шчырасць мінулых былін.


Не трэба цярушыць былым успамін,

Там толькі сузор'і над намі.

І з простага люду хтось будзе панамі.

***

Недзе на пустках маёй беларускай зямлі,

На беразе шумнага Нёмна,

Гляжу я на воды яго прыемна

І хачу, каб яны з сабой мяне ўзялі.


Ад яснага ранку і хмурага вечара,

Ад шчырый усмешкі і суму душы

Толькі лампадку заўчасна сваю не тушы,

Будзе твая і са смерцю сустрэча.


Ты азірніся: ці добра, ці кепска -

То па жыцці твой палёт.

Хутка згарае сухая трэска.


Апошнія гукі ўзнёслыя ў хоры.

Лье навальніца, мокне намёт.

Весела пташка шчабеча ў прасторы.

***

Выказванне абглыдана ўшчэнт:

"Калі мы былі маладымі".

Ды што тут казаць, сталі старымі,

Але кахання ловім імпэт.


Усцілаюць хмары неба, як заўжды,

Алень крычыць ва ўсё горла, бо кахання хоча.

Раз'юшаны пагляд, крывёй налітыя вочы.

Жыцця бясконцыя міражы.


Мінае радасць і прыходзіць гора,

Трымцяць далёкія агні.

Ты не цурайся старадаўняга ўзору.


Вартасць пазнаецца з часам.

Разважна йдзі па зямлі,

З каханнем ты сустрэнешся сам насам.

"Без песні хоць трэсні!"

Самабытны сямейны ансамбль з Лідскага раёна адзначае 40-годдзе

Чатыры дзесяцігоддзі назад, у 1985 годзе, маладая сям'я Інэсы і Аляксандра Парфёнчыкаў, прыехаўшы на працу ў Бердаўскі дом культуры, аб'яднала ў творчы калектыў сваю галасістую радню. Так з'явіўся сямейны ансамбль з цёплай назвай "Мы з вёсачкi-калыскi".

Першапачаткова на сцэну выходзілі 12 сваякоў-выканаўцаў, зараз жа побач са старэйшымі спявае ўжо маладое пакаленне сям'і. Узрост сельскіх артыстаў - ад 7 да амаль 70 гадоў. Прафесіі ва ўсіх розныя: ёсць медыкі, будаўнікі, кіроўцы, цырульнік. Ёсць і свае аўтары песень, якія гучаць у рэпертуары. У ансамбля арыгінальны дэвіз: "Без песні хоць трэсні!"

Гісторыю вялікай творчай сям'і распавядае музей "Мы з вёсачкi-калыскi", створаны ў Бердаўском культурна-досугавым цэнтры. У ім сабраны сямейныя фота, першыя з якіх зроблены яшчэ ў 30-я гады мінулага стагоддзя, шматлікія ўзнагароды. У іх ліку пасведчанне пра прысваенне звання Народнага аматарскага калектыва Рэспублікі Беларусь, ганаровая грамата Міністэрствы культуры, грамата прадстаўніцтва ААН у Беларусі за распаўсюд ідэі сямейнай творчасці, дыпломы пераможцаў і лаўрэатаў шматлікіх фэстаў і конкурсаў.

- На прыкладзе нашай сям'і музей вучыць любіць сваю зямлю, падтрымліваць блізкіх, шанаваць сям'ю, - кажа Аляксандр Парфёнчык.

Са святочнай праграмай "Адна сям'я, адно жыццё, адна песня!" ансамбль выступіць перад землякамі 31 кастрычніка. На юбілейным канцэрце артысты выканаюць свае лепшыя песні. Калектыў павіншуюць са святам калегі з устаноў культуры Лідскага раёна.

Кар. БЕЛТА.

У Вільні і літоўскіх дварах, успаміны 1815 - 1843 гадоў1

Габрыэля Пузыня

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)


Свавольствы Эдварда бывалі вельмі артыстычнымі, напрыклад ён маляваў карыкатуры на прафесараў універсітэта з подпісамі:

Гэта пан Малеўскі, які з жалем вымае кашалёк.

Гэта пар Франк, які любіць кранк, кранк (krank. ням., хвароба - Л. Л.).

Гэта пан Гродэк, стварэнне прыроды.

Пан прафесар Рэшка жыве ўнізе без спешкі

Гэта пан Снядэцкі, непрыяцель нямецкі.

Гэта пан Рустэм, які малюе з густам.


Адмыслова пакідаю на заканчэнне дом Юзафа і Дароты Лапацінскіх, самы адкрыты з усіх дамоў, зімой і летам, у горадзе і на вёсцы, за Дзвіной і пад Вільняй. Яны былі пабожнай, гарманічнай і закаханай парай, хоць мелі розны рост і характар. Ён вельмі прыгожы, худы, лысы, з вялікім носам і з вострай, крыху загнутай барадой, сур'ёзны і далікатны. Яна непрыгожая, каржакаватая, у воспінах, але настолькі вясёлая, што зрабіла сваё жыццё вечным карнавалам! І жыла, як ніхто ў тагачаснай Вільні больш не жыў. Гэта быў самаходны часопіс мод, які выходзіў не раз на тыдзень, а кожны дзень, бо яе ніколі не бачылі двойчы ў адным капелюшы ці сукенцы. А паколькі яна любіла яркія колеры і незвычайныя фасоны, то адзін раз апранутая сукенка, калі яе бачылі на гэтай тоўстай фігуры, хутка збывалася праз слуг і фактараў. Яе маланошаныя і прыгожыя рэчы куплялі адразу. І таму нам выпадкова прыходзілася бачыць нейкія рэчы пані Лапацінскай на іншых дамах. Гэтак мы не раз бачылі сапфіравую сукенку, вышытую на гусарскі узор жоўтымі шнуркамі, спачатку на пані Лапацінскай, а праз тыдзень на жонцы губернатара Горн. Гэта схільнасць пані Лапацінскай, напэўна, была ў крыві, бо перажыла яна не толькі ўласныя няшчасці - сіроцтва, удоўства і самоту пасля смерці любімых дачок, але і нягоды края. І ўзяла гэта не ад сваёй маці, якая была з дома Шадурскіх (з сям'і ціхіх і скрытных жанчын), а ад бацькі, генерала Марыконі, які ўжо на ложку смерці загадаў вышыць сабе новы каўнер для мундзіра на шлюб дачкі і цешыўся яго элегантнасцю.

Прыёмы, якія ладзілі Лапацінскія, адрозніваліся ад іншых, яны поўніліся хараством і пышнасцю: эфектныя для вока стравы, мельшпейсы (дэсерт з мукі, малака, жаўтка, цукру і розных дабавак, нагадвае французскае суфле - Л. Л.), марозіва ў выглядзе кавуноў, супы ў срэбных місках, асобных для кожнага госця і г. д., але стол быў звычайным і заставаўся такім да 1840 г., покуль аўдавелая ўжо пані не наведала Францыю, дзе пакаштаваўшы французскія далікатэсы, прывезла з сабой французскага кухара, некалькі сервіскіх сервізаў і ўзняла свой дом да ўзроўню тамтэйшай элегантнасці і пыхі, але з 1823 г. па 1840 г. прыёмы заканчваліся цукеркамі з вершамі яе мужа і білетамі ў рыфмаваным стылі, якія запрашалі на баль.

Самым пышным быў баль, дадзены ў 1823 г. у дзень св. Канстанцыі ў гонар генералавай Марыконі, якая ўстала пасля цяжкай хваробы. Гэта быў касцюміраваны баль, ад якога нямногім удалося адкруціцца. Бо павінны былі прысутнічаць нават самыя старыя мужчыны ў шырокіх, чорных, шаўковых даміно з тарчамі на левым плячы з напісанымі на іх словамі: "Пашана маці - пашана гасцям". Сам гаспадар з братам яго цешчы, Янам Шадурскім, сустракалі гасцей на парозе залы, якая з кожнай хвілінай напаўнялася прадстаўнікамі розных народаў, у маляўнічых строях яны раіліся як бразільскія матылі ў праменях сонца. У глыбіні пакоя, сярод сур'ёзных жанчын у строях XVI ст., сядзела бледная і расчуленая віноўніца свята, асветленая водбліскамі агульнай весялосці, і калі ўсе ўжо сабраліся, натоўп паўкругам расступіўся і ўдалечыні з'явіўся сплецены з яшчэ свежых кветак сімвал віноўніцы свята, які трымалі дзве ўнучкі васьмі і шасці гадоў разам з іх кузынкай Масяй Шадурскай. Гэты сімвал рушыў у такт танца да ног бабулі, пасля чаго яна пацалавала і дабраславіла ўкленчыўшых унучак. Потым ад хору спевакоў, якія выкрыквалі строфы ў гонар віноўніцы свята, напісаныя яе зяцем, праз усе пакоі доўгай змяёй распачаўся паланез, з маці на чале, вёўся ён з поўным усведамленнем старога танца, пра які сённяшняе пакаленне ўжо і не ведае.


Лета ў Дабраўлянах запомнілася знаходжаннем тут дзядзькі Рудольфа з жонкай. Другая падзея - закладка і асвячэнне вуглавога каменя ў палацы, які пачаў аднаўляцца. Каб зрабіць навамодны плоскі гмах частку старога мура пазбівалі. Зранку нас выклікалі да таты ў канцылярыю і загадалі ўнізе падпісаць дакумент, падрыхтаваны ў памяць аб пачатку працы, і гэтую паперу, укладзеную ў бутэльку і залітую дзёгцем, закапалі каля закладнога каменя. Кожны з нас паклаў вапну на высвечаны камень, і кельма была цяжкай для васьмігадовай рукі. У намётах падалі абед для будаўнікоў мурмайстра Барэці.

З дня закладкі вуглавога каменя самым прыемным месцам для прагулак стала будоўля палаца.

Увосень адбылося вяселле адной з дачок пана Казіміра Сулістроўскага, якая жыла ў Варнянах у свайго дзядзькі Абрамовіча, але вяселле адбылося ў Чурлёне, пад вокам іх бабулі, пані літоўскай пісаравай. З дзвюх сясцёр, Антаніны і Канстанцыі, малодшая першай стала да алтара з панам Аляксандрам Скірмунтам59 з Пінскага павета, пазнейшым заснавальнікам шматлікіх і карысных для края фабрык. У той час яшчэ вельмі малады, ён і ў выбары падарункаў для нарачонай праявіў свой практычны склад розуму, бо падараваў ёй гадзіннік і дадаў да яго ўпрыгожванні ў выглядзе сельскагаспадарчых і рамесных прылад. З ад'ездам разам са старэйшай сястрой прыгожай Кастусі60, у Варнянах на нейкі час сціхла весялосць, але гэты маёнтак умела абыходзіўся без забаў, спалучаючы практычнасць з аздобай, і як новыя сады адначасова маюць гатункавыя і звычайныя дрэвы, так і прыклад Варнян выхоўваў добры густ у суседзяў і паляпшаў суседнія вёскі. Шчодра адораны Богам дзедзіч Варнянаў Мікалай Абрамовіч зарана пачаў жыць самастойна, бо вельмі рана ажаніўся з добра старэйшай за яго жанчынай і ў тым узросце, калі іншыя думаюць толькі пра забавы, ён стаў ужо сталым чалавекам. Усе яго думкі ўвесь час былі пра справы. Яго добры густ і практычнасць, непадзельныя паміж сабой, увесь час стваралі прыгожыя і карысныя рэчы: з балот паўставалі чыстыя ставы ў якіх адлюстроўваліся дрэвы і кветкі парку, вада круціла колы млыноў і тартакоў, у ставах вадзілася рыба, а на паверхні плавалі лебедзі, на востраве меліся элегантныя зараслі з сярэднявечнай вежай і жалезным мастком да яе. Мураваны касцёл глядзеў у вокны двухпавярховага драўлянага палаца, а дамы рамеснікаў з садамі, стваралі рэгулярную вуліцу, якая злучала сядзібу з касцёлам. У абодвух канцах мястэчка стаялі мураваныя корчмы, а роўна высаджаныя алеі мелі круглыя пляцы з крыжамі і каменнымі лавамі ў месцах, дзе ад іх адыходзілі дарогі.

Дзень св. Эміліі, імяніны, заўсёды акружанай ласкай жонкі, кожны год пышна адзначаліся, збіраліся ўсе навакольныя суседзі, віленскія музыкі, і заўсёды меўся сюрпрыз, які злучаў двор з вёскай - адбывалася сялянскае вяселле і гаспадыня надавала шчодры пасаг самай беднай і сумленнай пары, альбо святкаваліся дажынкі на ілюмінаваным востраве з танцамі сялян і гасцей. Свята ў Варнянах звычайна доўжылася некалькі дзён, пачыналася ад св. Пятра і працягвалася за два дні да св. Эміліі. Нікога не адпускалі на наступны дзень пасля імянін, бо святкавалі яшчэ і імяніны сяброўкі гаспадыні, графіні Мастоўскай з Царклішак, апошняй з Сякержыцкіх, якая з лепшых часоў, з маладосці, была знаёмая з гаспадыняй дома. Яны вельмі любілі адна адну, прынамсі гучна і публічна дэманстравалі гэта праз абдымкі, пяшчоту і мілыя словы, што было адной з характэрных рыс іх эпохі. Аднак ні адна не хацела лічыцца больш старэйшай і пры тым не жадала пакрыўдзіць сяброўку. З вуснаў абодвух па чарзе ліліся ласкавыя словы: "Ma fille, ma mere, mon enfant, mon amie" (фр. "Мая дачушка, мая маці, маё дзіця, мой сябар". - Л. Л.) і не толькі пры прывітанні, разам з "Добры дзень", ці на развітанне, разам з "Дабранач", але і штогадзінна, штохвілінна, пры кожнай акалічнасці і дробязі. Абедзве ў свой час былі красунямі, і абедзве адмовіліся ад сучаснасці, але не ад успамінаў пра мінулае і рабілі ласку адна адной, успамінаючы тыя "шчаслівыя часы", як у вядомай песні "De madame et monsieur Denes", бясконца паўтараючы: "C'etat en 1700. Sounenez vous en" (фр. "Пані і пан Дзяніс", "Гэта было ў 1700, ці памятаеце?" - Л. Л.). А трэба ведаць, што пані Эмілія неяк спявала песню, якую для яе склаў сам князь Юзаф Панятоўскі, пачыналася яна словамі: "Lise, entendstu l'orage?" ( фр. "Ліза, ці бачыш навальніцу?". - Л. Л.)

Пані Мастоўская калісьці слаўна танчыла le pas turc ( фр. Турэцкі танец, папулярны ў канцы XVIII - пачатку XIX ст. - Л.Л.), і аніводныя імяніны на св. Эмілію ці імправізаваныя святы на св. Даніцэлю не абыходзіліся без канцэрта і балета. Бо сяброўкі, аднойчы патрапіўшы на сцежку ўспамінаў, угаворвалі адна адну танцаваць і спяваць - гэта і адбывалася пасля доўгіх карагодаў і працяглых літаній "Ma fille, ma mеre, mon enfant, mon amie" і г.д. Пані Мастоўская, седзячы на ножцы ў глыбокай канапе і жмурачы вочы, слухала спевы сяброўкі, а калі надыходзіла яе чарга саліраваць, другая глядзела на яе ў залатую ларнетку, якая вісела на залатым ланцужку.

Худы і не надта прыгожы пан Абрамовіч, меў амаль што жаночы твар з дробнымі рысамі і саркастычным выразам. Ён быў настолькі чынны, што нават прыкаваны да ложка хваробай, каб не лайдачыць, вышываў канву пантофляў сваёй жонкі ці як сапраўдны рымар шыў карабы. Прыгожымі былі і яго кошыкі, якія плёў з тонкіх арэшын. Таму спалучаў у сабе як жаночыя, так і мужчынскія якасці і недахопы.

Да вобразаў той эпохі таксама належыць мядзведзі са Смаргоні і браты-квестары - бернардыны з авечкамі. Два даўно зніклыя тыпы, бо хоць мядзведзі яшчэ ходзяць і танчаць па сядзібах, але ўжо не нашы, не з літоўскіх лясоў, не смаргонскія выхаванцы, а прыблуды, прыхадні з далёкай Расіі. Смаргонская мядзведжая акадэмія61 была закрыта раней за Віленскі ўніверсітэт з-за нейкага няшчасця, калі, вырваўшыся ад "прафесараў", "студэнт" у нейкім маёнтку учыніў свавольства. Але ў часы майго дзяцінства, яны былі жаданымі гасцямі дзяцей і прыслугі, на дзядзінцах збіралі натоўпы цікаўных і тых, хто падглядваў з-за вугла. Убачыўшы гэта, пан Караль Чапскі некалі параіў выкарыстоўваць такія прадстаўленні для перапісу дваровай чэлядзі, бо аніяк па-іншаму зрабіць гэта было немагчыма.

Браты-квестары, як найменей раз у год, з'яўляліся ў кожнай сядзібе з вялікім статкам авечак, цалкам як апісаў іх Ходзька у сваіх "Успамінах квестара" 62. Некаторыя з іх адрозніваліся дасціпнасцю і сваволяй. Адзін з іх, памятаю, пакорліва прасіў бацьку напоўніць яго дарожную флажку гарэлкай, і калі яго паслалі да пісара, той, напалоханы прыбег з пытаннем: "Няўжо пан сапраўды такі шчодры?", бо флажка аказалася некалькігарнцавай бутэлькай ці медным збанам (гарнец роўны 3,28 літра - Л. Л.).

Касацыя кляштароў у 1844 г. спыніла вандроўкі бернардынаў, аднак пасля гэтага яны з'явіліся пры дварах у Львове, але пасля 1851 г. зніклі і там.

1824 год

Калі на зіму мы пераехалі ў Вільню, сцены дома Самсона прабудзілі ў маёй маці ўспаміны з часоў калі яна была паннай і разам з бацькамі, братамі і сястрой жыла ў гэтым жа самым доме. Тады ўсю зіму яна грала ў аматарскім тэатры французскія п'есы моднага ў той час аўтара Пікарды. Гэты тэатр супернічаў з тэатрам у доме губернатара Бенігсена, дзе першай прымай была прыгожая графіня дэ Шуазель з дому Патоцкіх, першая жонка нашага дзядзькі, якая ў той час ужо думала пра развод і, зрабіўшы гэта, выйшла замуж за Бахмеццева. Да гэтай дамы заляцалася шмат мужчын, і згадкі пра яе і тую віленскую зіму ёсць ва ўспамінах Франка, таксама аднаго з яе заўзятых прыхільнікаў. Мусіла гэта быць вельмі даўно, бо мы ведалі ўжо яе дачку, прыгожую пані Кудашаву, якая вылучалася сваімі попельна-белымі валасамі.

Дом Самсона пакінуў самыя лепшыя ўражанні.

Столькі было гаворана пра дамы сяброў з якіх сорак гадоў складалася віленскае грамадства, і як тады прамаўчаць пра наш? Ён вызначаўся не столькі колькасцю, колькі выбарам асоб, якія яго наведвалі і тым духам, магчыма ў пэўным сэнсе квакерскім, які ўплываў на ўсё наша жыццё, бо заўсёды мы былі з бацькамі, бавіліся ў іх прысутнасці, удзельнічалі ў агульных размовах, маглі слухаць іх і пры гэтым не забруджваць свае думкі непатрэбнай інфармацыяй, якая магла б паскорыць сталенне нашага розуму і тады нашы сэрцы звянулі б раней часу. У наш дом прыходзілі добрыя і правераныя сябры нашых бацькоў і толькі выхаваная моладзь. З паненак у нас бывалі толькі кузынкі Вайнілавічоўны, сёстры Лапацінскія, Аліна Жабянка, Мася Шадурская (потым, Гілхен). Вучоба ўдзень і вячэрняе рукадзелле за столікам пад наглядам нашай маці, калі мы гадзінамі слухалі прыгожае і галоснае чытанне графа Канстанціна Плятэра, аднаго з сямі братоў, які як кавалер на службе дам, на працягу 26 гадоў ездзіў з дома ў дом у сваім маленькім двухконным кочы - туды ён быў запрошаны на абед, сюды на гарбату і заўсёды з кнігай, як стары з евангелічкай (як яго злосна называлі слугі ў пярэднім пакоі). За сяброўства і гасціннасць ён плаціў непараўнальным талентам чытання ўголас, які прысвячаў выключна служэнню іншым, бо, хоць і меў велізарную колькасць кніг, сам іх ніколі не чытаў і нават не разразаў старонкі, даручаючы гэтую працу тым, каму яна была цікавай. Узімку 1824 года яго "евангелічкай" былі два томікі, абкладзеныя ружовай паперай - першыя вершы Міцкевіча, якія з'яўляліся тады папулярнай навінкай з-за іх незвы-чайнай прыгажосці. Вершы Міцкевіча ("Powrot Taty", "Kurhanek Maryli", "Pan Twardowski", "Pierwiosnek" і г. д.) чыталіся ў нашай гасцёўні амаль кожны вечар і заўсёды слухаліся ўсё з той жа з цікавасцю і пяшчотай.

Граф Канстанцін Плятэр, у той час чалавек не першай маладосці, з непрывабным тварам (як і амаль што ўсе Плятэры) - з шырокім носам і без зубоў з маладосці, тым не менш, быў салонным матыльком ці хацеў, каб яго такім лічылі. Нягледзячы на падагру, да сівізны быў нястомным танцорам, хадзіў сагнуты, сціскаў рукі паннам і пані, пяшчотна глядзеў ім у вочы сваімі выпуклымі вачамі поўнымі слёз. Казалі, што ён таемна ажаніўся, але не прызнаецца ў гэтым, і каб прымусіць замаўчаць тых, хто распаўсюджваў гэтую чутку, праводзіў да шлюбу ўсіх паннаў у Літве, Інфлянтах, Белай Русі і, нават у Варшаве. Канфідэнт усіх няшчасных, ён пашыраў свае паслугі і прыхільнасці да прыгожай паловы, часам нават па-за межамі салонаў і, карыстаючыся яго слабасцямі, кожны раз, калі ён прыязджаў праверыць рахункі камісара староства Даўгелішкі ў Свенцяніскм павеце (якім кіраваў аднаасобна, ад імя сваіх шасці жанатых братоў), пані камісарава адразу ж клалася ў ложак, і граф, каб не засмуціць жонку, шкадаваў яе мужа і замест працы з рахункамі, прыносіў хворай жанчыне лекі а ўвечары чытаў ёй раманы і вершы.

Такім быў граф Канстанцін Плятэр, якога любіла ўся Вільня. Найлепшы, сардэчны сябар, чуйны чалавек, які ніколі не меў ні гроша, аднак заўсёды першым рабіў дабрачынныя ахвяраванні, наш госць, любімы і ў горадзе і ў вёсцы, заўсёды аднолькава ветлівы, майстар каламбураў (якія яму часам нядрэнна ўдаваліся), заўсёды ў фраку, белым гальштуку і ў пальчатках. Такім жа ён быў у сваёй труне ў 1849 г., гэты апошні тып старых кавалераў XVIII ст.

Іншымі наведвальнікамі былі браты Чапскія, Станіслаў і Караль63, асабліва Караль - цікавая асоба, чые камічныя і бяскрыўдныя для бліжняга гісторыі, ці хутчэй імправізацыі ў стылі "Пане Каханку", ажыўлялі самых сур'ёзных людзей. Не буду зараз паўтараць яго анекдоты і жарты бо яны апісаны ў маіх "Малых і праўдзівых апавяданнях" ("Malych a prawdziwych opowiadaniach") і ў "Адной з даўніх постацей Вільні" ("Jedna z dawnych postaci Wilna").

Пан Аўгуст Бжастоўскі і пан Валенты Брахоцкі64 заўсёды мелі што расказаць пра Напалеона, бо не так ужо і даўно быў 1812 г., і смерць выгнанніка на Святую Алену будзіла новыя ўспаміны пра тую цікавую эпоху. Некаторыя з гэтых гісторый засталіся ў маёй памяці, і, падобна, іх няма ні ў адным са шматлікіх мемуараў пра Напалеона. Запішу іх тут.

Калі Напалеон у 1812 г. уступіў на нашы землі, ён загадаў папаўняць харчовыя запасы і дастаўляць жывёлу для арміі, але не ўсюды загад выконваўся з аднолькавай ахвотай. Французскі генерал, пасланы ў Глыбокае Дзісненскага павета, дакараў грамадзян за абыякавасць да Вялікага Правадыра, а значыць і да сваёй уласнай справы. Але казаў гэта натоўпу, які ні слова не разумеў па-французску, а перакладчыкам яму абралі графа Аўгуста Бжастоўскага, якому дасталася цяжкая роля, бо на чале шляхты стаяў энергічны хітрун, які, не шкадуючы красамоўства, і ў адказ генералу, як градам, сыпаў выразамі праз д…, праз к… і праз с…, накіраваных супраць Вялікай арміі і яе шэфа. Але гэтыя словы, як гарох ад сцяны, адбіваліся ад вушэй француза пры тым, што праз кожныя некалькі слоў ён звяртаўся да графа Бжастоўскага з пытаннем: "Qu'estce qu'il dit?" (фр. "Што ён кажа". - Л. Л.). Граф з тактам добра выхаванага чалавека і з уласцівым яму флегматызмам, надаваў зусім іншы сэнс гэтым словам і казаў пра "руплівасць ... запал" і г. д. Па лагодным тоне перакладчыка зацяты шляхціц здагадваўся, што граф палітыкуе. "Мне здаецца", - закрычаў ён, яшчэ больш злосна - "Што вы, граф, шкадуеце гэтага…" (і тут зноў з яго паляцелі прыдомкі на к… і на д…), а калі ў справу ўмяшаліся яго сціснутыя кулакі пад носам у француза, генерал нарэшце зразумеў прамову раз'юшанага чалавека і пачырванеў. Тады граф Бжастоўскі, які абяцаў ад павета даць сухары, валоў і любоў да французаў, раптоўна закрыў сход. Усе разышліся, граф таксама ўжо збіраўся сысці, калі генерал, спыніў яго, працягнуў руку і сказаў па-польску: "Дзякую табе, пане граф, твая далікатнасць выратавала і шляхціца, і мяне. Адзіным паратункам было ўдаваць з сябе француза, які не разумее сэнсу вашых слоў, інакш, я б не меў права яму дараваць. Ваш высакародны ўчынак, граф, заслугоўвае даверу з майго боку, але прашу захаваць нашу размову ў таямніцы". Дамову граф выконваў, пакуль генерал заставаўся ў павеце. Потым даведаліся, што француз нейкі час жыў у Варшаве і закахаўся там у жанчыну, з якой не мог размаўляць праз перакладчыка.

У іншым месцы той жа генерал сутыкнуўся са сцэнай іншага характару. І зноў шляхціц з добрай воляй і добразычліва тлумачыў, што валоў ужо не засталося і ахвяраваўся даць "deux madames boeufs" за аднаго "boeuf", гэта так кранула француза, што ён закрычаў: "Non! un boeuf, une madame boeuf" (фр. "Дзве мадам-валы" (дзве каровы) за аднаго вала", "Не! Адзін вол за адну карову!" - Л. Л.).

Ёсць і трэці анекдот, магчыма, лепшы за першы два, у якім у Глыбокім фігуруе сам Напалеон разам з абатам кармелітаў. Сцэна характэрная для іх абодвух, сцэна, якой, ці ў нечым падобнай на яе, няма ні ў адным з мемуараў Напалеона, сцэна да якой аднак не хоча дакранацца пяро жанчыны… Пакінем тады яе за фіранкай намёта, у якім Напалеон адбывае "днёўку", а перад намётам стаіць правінцыял кармелітаў і сэрца яго б'ецца ад радасці, бо нарэшце ён убачыць Вялікага Чалавека!


У 1824 годзе ў віленскім калейдаскопе з'явілася некалькі бляскотак, якія значна пашырылі яго гарызонт. Адным з самых яркіх быў граф Ільінскі65, багач, сенатар і фанатык, вядомы ўсяму краю і асабліва на Валыні вялікімі дзівацтвамі, бо сваё вялікае багацце і папулярнасць выкарыстоўваў на свае фантазіі. Ільінскі ў дзень самай святой для хрысціян падзеі, якая штогод святкуецца ў касцёлах праз спевы, пакаянне і роздумы ў памяць аб пакутах Збаўцы, зладзіў тэатральную драму і ўкрыжаваў (але не да смерці) жывога чалавека, а жывых дзяцей падвесіў як анёлкаў у паветры сярод лямп, каб прадставіць разам неба і зямлю ў гэтай жывой карціне, якая паўтаралася штогод на Вялікдзень з удзелам жанчын, жаўнераў, народу і г. д. Падобна, сам ён граў ролю Сымона з Кірэны (чалавек, якога рымляне прымусілі несці крыж Хрыста перад яго распяццем - Л.Л.). Ён ліставаўся з Найсвяцейшай Паннай, лісты да яе пакідаў на алтары і на тым жа алтары атрымліваў ад яе адказ. Пасля чаго загадваў ксендзу чытаць лісты Найсвяцейшай Панны ўголас перад грамадой людзей, і г.д.

Не задаволіўшыся сваім краем, дзе ім адначасова абураліся і пацяшаліся, узімку 1824 г. прыбыў у Вільню і з-за гэтай навіны, якая суправаджалася мітрай і грашыма, шмат людзей у грамадстве пайшло за ашуканцам і паддалося на ўсё, што прапаноўваў граф Ільінскі. Уся Вільня хвалявалася з нагоды прыезду гэтага незвычайнага госця: народ ціснуўся да касцёла дамініканаў, дзе кожную нядзелю пан сенатар у ордэнах, зорках і ў мундзіры, крыжам ляжаў пасярод касцёла на аксамітавых падушках і ключ шамбеляна блішчэў на яго мундзіры. Пабожныя жабракі прыходзілі цалаваць ключ шамбеляна66, як ключ ад неба. Рабілі гэта, натуральна, па намове нейкага жартаўніка, які пераканаў іх, што крыжам ляжыць сам святы апостал Пётр.

Жонка князя Дзмітрыя Чацвярцінскага, якая захаплялася кожнай навіной, па парадзе графа Ільінскага, абвясціла ранішнія пасяджэнні для дам і ператварыла свой салон у майстэрню для ўбогіх. Тут з грубага палатна, далікатнымі ручкамі, павольна і няўмела шылі кашулі, сукенкі і каптуркі, але пані Дарота Лапацінская, першая валанцёрка гэтага добраахвотнага сястрынства, першай жа і кінула іголку, калі зразумела, што бедакі значна хутчэй атрымаюць адзенне, калі яго будзе шыць яе прыслуга. Па прыкладзе Лапацінскай усе пані з паколатымі пальцамі разам з гаспадыняй (якая абапіралася на кій, бо была інвалідам) кінулі гэту працу. Але іх чакала яшчэ адно выпрабаванне… Надыходзілі Грамніцы і фэст у касцёле ксяндзоў-дамініканаў з адпустам для Ружанцовага Брацтва. Граф Ільінскі заахвоціў высакародных дам несці абразы, і сам меўся ісці на чале працэсіі з крыжам брацтва. Кандыдатак для такой справы знайшлося больш, чым было трэба, больш чым было сапраўдных сёстраў, якія шмат гадоў на кожнае свята спявалі на першых лавах, штотыдзень адбывалі гадзінкі Беззаганнага Зачацця і пяць частак ружанца. У цэхах рамеснікаў пачаўся вялікі пратэст супраць гэтага замаху арыстакратыі на адвечныя правы брацтва. Шкада было "сапраўдных сёстраў", якія на працягу года сумленна выконвалі свае абавязкі і павінны былі адмовіцца ад Божых ласкаў у дзень адпусту, ім трэба было адмовіцца ад таго, што ім слушна належала. Не ведаю, хто ці што паўплывала на выдаленне бедных сясцёр - угаворы, пагрозы ці проста права больш моцнага і шчаслівага, але фестываль праходзіў па праграме сенатара Ільінскага з усёй арыстакратычнай пышнасцю. Але Бог, гледзячы зверху, ведаў лепш, хто з удзельнікаў больш варты яго ласкі!

Быццам, каб яшчэ больш падкрэсліць характар графа Ільінскага, у Вільню ўслед за ім прыбыў другі тытулаваны пан увесь у ордэнах і нават яшчэ больш уганараваны - намеснік прускага караля ў Познані, князь Антон Радзівіл, сын віленскага ваяводы. І хоць ён быў свецкім, вясёлым, таленавітым і любіў кампанію, пры гэтым з'яўляўся сціплым, натуральным і мілым чалавекам, антыподам пыхлівага і недарэчнага Ільінскага. Калі князь Антон уваходзіў у салон, здавалася, што пыху ён пакінуў за дзвярыма разам з паліто. Асабліва прыемным бываў у сямейным коле, мы бачылі яго кожны дзень у нас на абедах і вячэрах, у дзядзькі Рудольфа і цёці дэ Шуазель. Яго маці была сястрой маёй бабулі Хэлены Пшадзецкай, і таму мы называлі яго дзядзькам, і нікім іншым ён для нас не быў.

Аднойчы ў нядзелю ў графа Пія Тышкевіча, калі мы - дзеці гулялі ў апошнім пакоі, раптоўна пачаўся незвычайны рух у першым салоне і хтосьці прамовіў: "Віцакароль!", усе прысутныя як рэха пачалі паўтараць "Кароль! Кароль!". Вядома, што мая дзіцячая фантазія ўявіла сабе карону і пурпур. Але што я, больш цікаўная і смелая за іншых, убачыла, калі апынулася наперадзе? Толькі дзядзьку Антона, які вітаўся з гаспадыняй дома і, убачыўшы сярод дзіцячых галовак знаёмую галаву ў буклях, павітаўся са мной па імені і пацалаваў у лоб.

Прысутнасць князя Антона Радзівіла ажыўляла наша сямейнае кола. Асабліва яго любілі мая маці і дзядзька Рудольф, для якіх усё іх мінулае, уся іх маладосць, праведзеная ў Каралеўстве, увасаблялася ў асобе іх кузэна, гэта былі самыя першыя, а значыць і самыя прыемныя ўспаміны. Князь Антон меў прыемны голас і падбадзёрваў кампанію выкананнем жартаўлівых песень. Таксама, не перарываючы размовы, ён маляваў ладныя партрэты. Жыў сямейным жыццём і заўсёды меў з сабой партрэты ўсіх сваякоў, дарыў іх кузэнам і кузынкам. У нас і дагэтуль захаваўся жалезны медальён з бюстам яго жонкі, прускай прынцэсы з прастадушным выразам прыгожага твару, які так гарманіраваў з дабрынёй гэтай пані, якая лічыла сям'ю мужа таксама і сваёй сям'ёй. Профіль іх старэйшай дачкі Элізы абяцаў ёй незвычайную прыгажосць, але княжна памерла зусім маладой ад сухотаў… Яе сумная гісторыя можа стаць зместам рамана67.

Знаходжанне князя Антона ў Вільні часткова было звязана з яго паездкай у Пецярбург. Зычліваму прыёму ў расійскім двары князь быў абавязаны не столькі блізкасцю да двара праз шлюб сваёй цёткі, жонкі вялікага князя (потым цара) Мікалая, колькі сувязямі сваёй маці, княгіні-ваяводзіны, пра што мы ўжо згадвалі вышэй.

"Чым будзем бавіцца і хто будзе нас бавіць?" - здавалася, пыталіся ў віленскіх салонах пасля ад'езду графа Ільінскага і князя Радзівіла, і калі ніхто новы не пераступаў парогаў, пачыналі прыслухоўвацца да таго, што кажуць па-за салонамі. І пачулі хвалебныя хоры, якія гучалі аб незвычайным красамоўстве маладога, але ўжо вельмі вучонага чалавека, прафесара Юзафа Галухоўскага68, які заняў кафедру філасофіі (прыехаў да нас з Каралеўства Польскага). Гэты быў геніяльны прамоўца і апрача студэнцкай моладзі яго лекцыі прыцягвалі натоўпы вольных слухачоў. Усё яны ў захапленні разыходзіліся па горадзе і паўтаралі пачутыя глыбокія і ўзнёслыя ісціны, якія ён выкладаў з прастатой і яснасцю паўсядзённай мовы. Мой бацька быў адным з самых верных слухачоў гэтых цудоўных лекцый, дзеля якіх, а таксама дзеля лекцый па архітэктуры Караля Падчашынскага69, пільнаваў гадзіны ўніверсітэцкага жыцця і занатоўваў усё што чуў. Дамы таксама пажадалі жыць такім жыццём і на чале з княгіняй Чацвярцінскай (жонкай Дзмітрыя), пачалі наведваць лекцыі Галухоўскага, які, уражаны незвычайным наплывам слухачоў, распачаў новую серыю лекцый з аналізам душы і прыгажосці. Не ведаю, наколькі наяўнасць дам у зале паўплывала на натхненне прамоўцы, але шырока абмяркоўваўся іх неспрыяльны ўплыў на студэнтаў, для якіх прысутнасць на першых лавах прыгожых княжон Чацвярцінскіх ва ўсім бляску сваіх чараў і ўбрання, была вялікай перашкодай, бо адцягвала ўвагу ад прафесара. Мы, дзеці, пра якіх старэйшыя звычайна кажуць, што яны не разумеюць вышэйшых рэчаў, не ўдзельнічалі ў гэтых вучоных забавах і ўсё, што засталося ў маёй памяці - гэта фрагменты гісторый нашага бацькі, які заўсёды вяртаўся з гэтых лекцый задаволеным, і пахвалы асоб, якія наведвалі нас па вечарах, і нарэшце, адзін анекдот, які найбольш моцна ўрэзаўся ў памяць дзевяцігадовай дзяўчынкі, уражанай расповедамі пра Галухоўскага.

У той час існавала мода на катыльёны, гэта значыць на вальсы, якія танцавалі ў стылі мазуркі з фігурамі, у адной з якіх вальсіруючая пара была абавязана зрабіць васьмёрку вакол крэсла. Пасля шматлікіх больш-менш зграбных спроб, здолеў гэта выканаць толькі Караль Кастравіцкі. Яму пляскалі ў далоні гледачы балю і сярод іх стары генерал-губернатар Рымскі-Корсакаў, які пасля гульні ў віст стаяў каля дзвярэй. Ён нікому не каламуціў ваду і патрабаваў, каб з ім не развітваліся і не праводзілі, бо заўсёды выслізгваў з дому па-французску. І стоячы пры дзвярах, па звычцы торгаючы свой каўнер, ён заўважыў пана Караля Кастравіцкага але не ведаў яго і спытаў у майго бацькі, хто гэта такі? Трэба ж так здарыцца, што Караль у гэты момант стаяў каля прафесара Галухоўскага, а мой бацька, не чакаючы, што пераможца балю можа мець хай і часовую перавагу над філосафам-трыумфатарам і не звярнуўшы ўвагі на палец Корсакава, які ўказваў на светлавалосага студэнта з кірпатым носам і румянцам панны, бо сам у гэты момант глядзеў на задуменнага філосафа, адказаў губернатару: " C'est le professeur de philosophie, mr. Goluchowski" (фр. "Гэта прафесар філасофіі пан Галухоўскі". - Л. Л.). "Ах, гэта і насамрэч ён?" - сказаў здзіўлены губернатар і, яшчэ мацней пацягнуўшы свой каўнер, кіўнуў ад'ютанту Шабеку і павольна выйшаў з салона. На наступны дзень па горадзе разышлася вестка, што ўсім, хто прыходзіў да яго ў палац, Корсакаў расказваў, што першым танцорам у Вільні ёсць прафесар Галухоўскі. Каб лепш растлумачыць і падмацаваць сваё сцверджанне, ён сам расстаўляў крэслы і сам круціўся вакол іх. За абедзенным сталом ён адпаведным чынам расставіў салонкі, а за картамі - падсвечнікі і зноў усім тлумачыў, як прафесар філасофіі ўмела круціў фігуру, якую ніхто да яго не змог выканаць. Калі гэта дайшло да майго бацькі, ён адчуў сваю адказнасць за памылку, якая, калі б дайшла да вушэй філосафа, магла б яго пакрыўдзіць. І тады бацька пайшоў да пана Галухоўскага, каб папрасіць у яго прабачэння за сваю ненаўмысную памылку. Прафесар не толькі не злаваўся, але лічыў, што пакрыўдзілі толькі пана Кастравіцкага, і шкадаваў, што не можа танцаваць так добра, як ён. Абвесціў, што выбірае танцы тэмай сваёй будучай лекцыі.

Калі я пішу гэта праз сорак тры гады пасля падзеі, згадваецца дама, якая правяла некалькі гадоў у доме і сям'і Юзафа Галухоўскага, у яго маёнтку Гарбач, дзе прафесар Галухоўскі ператварыўся ў гаспадара і даказваў, што хрысціянская філасофія ёсць асновай і душой нашага жыцця. Лёгкасць, досціп, вяселле, дабратворны ўплыў на суседзяў, прыемныя размовы і дар адпаведным чынам стымуляваць і прымушаць іншых не толькі думаць, але і выказваць свае думкі - вось рысы, якія характарызуюць стасункі гэтага філосафа з людзьмі. Ён заўсёды з вялікай цеплынёй успамінаў сваё жыццё ў Вільні. Словы Галухоўскага часта цытавала нам Вольга С., якая ўспамінала прафесара з пяшчотай дачкі бо была абавязаная яму сваім інтэлектуальным выхаваннем. Але найбольш характэрнай падавалася мне вечарына, якой ён хацеў узнагародзіць трох імянінніц разам. Запрасіў шмат гасцей, сам жыў у бровары і саладоўню ахвяраваў пад бальную залу. Вымытая падлога была пакрытая соладам быццам яе наваксавалі, але бочкі з хмелем не вынеслі, яны спакойна стаялі за калонамі. Дамачадцы настойвалі на аркестры, але прафесар назваў гэта празмерным і параіў навучыцца нейкаму танцу пад фартэпіяна. Гэтак і было зроблена але не без цяжкіх уздыхаў з-за адсутнасці аркестра. Нарэшце надышоў дзень трайнога свята і абед каля вялікага стала ў саладоўні сабраў шмат людзей. Гаспадар узняў тост у гонар імянінніц, перад якімі, ён як звычайна, сказаў натхнёную, імправізаваную прамову, а пасля слоў: "Віват! Няхай жывуць!", заіграў аркестр-капэла… Госці выглядалі здзіўленымі, пакуль з кожнай бочкі не выглянуў яўрэй са скрыпкай, кларнетам і г. д.

(Працяг у наступным нумары.)

1 Gabrjela z Guntherоw Puzynina. W Wilnie i w dworach litewskich: pamiаtnik z lat 1815-1843. Wilno, 1928. Пераклад Леаніда Лаўрэша.

59 Аляксандр Скірмунт нарадзіўся ў Моладаве, сын Сымона і Альжбеты з Арэшкаў. Пасля заканчэння Віленскага ўніверсітэта ў 1818 г. са ступенню магістра фіз-мат. навук і шматлікіх вандровак за мяжу, у 1830 г. заснаваў у Моладаве адну з першых у Літве цукраварань, а ў 1836 г. фабрыку сукна ў маёнтку Парэчча пад Пінскам. Памёр 22 ліпеня 1870 г.

60 "Z odjazdem slicznej Kostusi…" - яшчэ раз заўважу, што і сярод кармазынавай шляхты памяншальнае ад імя Канстанцыя (Канстанцін) гучала як Кастуся (Кастусь) - Л. Л.

61 "Смаргонская акадэмія" - жартоўная назва промыслаў па адлову і дрэсіроўкі мядзведзяў, заснаванага ў XVII ст. князямі Радзівіламі ў Смаргоні. - Л. Л.

62 Гл: Ходзька Ігнацы. Успаміны квестара . пер. з польскае мовы, і камент. М. Хаўстовіча. Мінск, 2007. - Л. Л.

63 Пра іх гл: Morawski Stanislaw. S. 444-449; 520.

64 Апошні ўладальнік Малога Мажэйкава, Андэй Брахоцкі пісаў: "Самым выбітным быў палкоўнік Валенты, у маладым ўзросце ён збег у легіёны Дамброўскага, яго ўзгадвае Міцкевіч у "Пане Тадэвушы". У складзе польскага войска браў удзел ва ўсіх кампаніях Напалеона, у тым ліку і ў вайне з Расіяй у 1812 г. Узнагароджаны залатым крыжам Vittuti Militari, пасля войнаў асеў у Дзісненскім павеце. Паўстанне 1831 г. зрабіла яго вайсковым начальнікам гэтага павета. Нарэшце з корпусам Гелгуда перайшоў Прускую мяжу і жыў у эміграцыі, памёр у Каралеўцы ў 1856 г.". - гл: Брахоцкі Андрэй. Успаміны (пер. Л. Лаўрэша) // Ад лідскіх муроў. 2020. № 9. Ліда. С. 355-404.

65 Юзаф Ільінскі (1760-1844), тайны дарада, уладальнік Раманава на Валыні, пакінуў пра сябе добрую памяць, бо пад яго ўплывам імператар Павел звольніў Касцюшку, Ігнацыя Патоцкага, Нямцэвіча і іншых. Пра яго гл: Morawski Stanislaw. S. 297-298; 503.

66 Ключ шамбеляна - цырыманіяльны атрыбут, які сімвалізуе прывілеяваны доступ шамбеляна ў асабістыя пакоі манарха. - Л. Л.

67 Эліза Радзівіл памерла 28 верасня 1834 г. яе хвароба развілася пад уплывам цяжкіх перажыванняў, выкліканых каханнем да яе князя Вільгельма прускага, пазнейшага імператара аб'яднанай Германіі.

68 Прафесар Юзаф Галухоўскі (1797-1858).

69 Прафесар архітэктуры Караль Падчашынскі (1790-1860).

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

"Розная" "экзотыка": Дамейка Куадра, Дамейка Сатамаёр, Дзерункоў, Пашкевіч; выхаваць чалавека, свабоднага ад нездаровых залежнасцей

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-52 (105-156) (2024); № 1-43 (157-199) за 2025 г.)

"Як выхаваць чалавека" - гэта частка тэксту, прынамсі, у трох кнігах Аляксандра Сухарава (2000, 2008, 2022).

Мова маскоўскага псіхолага, супрацоўніка Інстытута псіхалогіі, ясная, пераканаўчая, але, магчыма, яму ўсё ж не хапае ведаў пра прыроду індзеянізму - хоць ён і прэтэндуе на веданне падобных з'яў на постсавецкай прасторы.

Паміж краінамі можа быць розніца, з прычыны этнапсіхалагічных адрозненняў, але заканамернасці агу-льныя. Сухараў перабольшвае. Мы можам згадаць кволыя спробы культываваць спецыфічную рэлігійнасць сярод індзеяністаў, нейкі "сінкрэтызм", але дамінуе ў асноўным безрэлігійнае захапленне тым, што адрознівае індзейцаў ад стандартызаванай еўрапейскай культуры з яе "духоў-насцю" (і гісторыя сутыкнення, асабліва ўзброенага).

"Сур'ёзны" шаманізм індзейцаў, а не "рэканструк-цыйны", калі ён і ёсць дагэтуль, мала заўважны ў жыцці індзеяністаў Усходняй Еўропы.

Не шаманізм спарадзіў рух індзеяністаў, а пры-вабнасць у цэлым індзейскага свету, гісторыі Амерыкі, і ён не цалкам "адарваны ад прыроднага і ад грамадскага асяроддзя" раёнаў, дзе жывуць індзеяністы, - у Беларусі, напрыклад, існуе і бесперапынна папаўняецца велізарная тэкставая сістэма кампаратывістыкі традыцыйнай куль-туры.

Уільям Які, якому мы прынеслі ў кватэру, дзе ён спыняўся ў Менску, кніжкі на англійскай мове, у т.л. з беларускімі народнымі казкамі, сказаў аўтару БСІ, што апошнія падобныя на казкі яго народа наваха.

Аляксандр Сухараў

ЯК ВЫХАВАЦЬ ЧАЛАВЕКА

Падагульняючы сказанае, прыходзім да простай ісціны - дзяцінства павінна быць у дзяцінстве, а сталасць у больш сталым узросце, а змешванне таго і іншага нано-сіць шкоду і вядзе да хвароб. Душа чалавека развіваецца падобна душы народа. У развіцці культуры кожнага наро-да многія навукоўцы вылучаюць стадыі - спачатку "па-ганства", шмат багоў, духаў, затым - адзінабожжа, адзін-ства маральнага закону і, у выніку, - "цывілізацыя", свецкія ўмоўнасці замест маральнага закону, тэхніка і прагрэс ставяцца на першае месца.

Так развіваецца і душа чалавека - спачатку казачна-таямнічы свет дзяцінства, крыху пазней - разуменне мара-льнага закону, далей рост ведаў, уменняў, навыкаў, набыц-цё жыццёвага вопыту. Цяжка дакладна падзяліць гэтыя стадыі па гадах, магу толькі адзначыць, што ў традыцыі рускай праваслаўнай царквы другая стадыя, г.зн. разу-менне маральнага закону, павінна адбывацца ва ўзросце пяці-шасці гадоў. Гэта называецца "ўцаркаўленнем" [воцерковлением], калі ў гутарцы са святаром дзіцяці даецца магчымасць больш свядома засвоіць маральныя асновы хрысціянства.

Аднак, змешванне супярэчлівых нораваў, звычак, душэўных уласцівасцей можа адбывацца не толькі з-за парушэння паслядоўнасці ў развіцці душы і цела чалаве-ка. Часам можна назіраць штосьці накшталт наступнага. Дзіцяці [так!], якое нарадзілася і жыве ў Віцебскай воб-ласці, бацькі замест таго, каб чытаць беларускія казкі, выхоўваюць яго [так надрукавана] выключна на казках і паданнях паўночнаамерыканскіх індзейцаў або філасоф-скіх казках Дж. Толкіена. Вядома, можна чытаць і Толкіена, але спачатку беларускаму хлопчыку патрэбныя беларус-кія казкі.

Характэрна, што менавіта шаманізм амерыканскіх індзейцаў і казачныя аповесці Толкіена спарадзілі ў Еўро-пе, Амерыцы, Расіі цэлыя маладзёжныя рухі, цалкам па-гружаныя ў "іншы свет" адпаведных паводзін і светапо-гляду. Гэты "іншы свет" зусім адарваны ад прыроднага і ад грамадскага асяроддзя, у якім насамрэч жывуць пры-хільнікі такога кшталту "веры". У гэтых маладзёжных рухах, па маіх назіраннях, яго ўдзельнікі часта амаль цалкам пераймаюць лад мыслення, побыт, адзенне, мову, тып харчавання, схільнасць да пэўных прыродных умоў (напрыклад, горы), а таксама набываюць іншыя прык-меты, якія адпавядаюць засвоеным імі поглядам.

Такое змешванне нораваў можа адбывацца і з-за ўплыву розных экзатычных рэлігійных сект, культаў, "навук" тыпу дыянетыкі, а ў шэрагу выпадкаў і з прычы-ны "змешвання ў адной галаве" некаторых узаемавыклю-чальных асноў такіх сусветных рэлігій, як будызм і хрыс-ціянства, мусульманства і юдаізм. Змешванне нораваў прыводзіць да рознага роду дэпрэсій, а дэпрэсіі, на жаль, "устараняюцца" [устраняются] наркотыкамі.

Таму ў выхаванні чалавека неабходна ўлічваць не толькі пэўную паслядоўнасць ступеняў яго развіцця, але і захоўваць меру [соблюдать меру] у забеспячэнні дзіцяці рознага роду экзотыкай. Нельга выхаваць псіхічна зда-ровага "чалавека наогул" [человека вообще], здаровага чалавека можна выхаваць толькі ў вызначанай "зыход-най" [исходной] культуры. Гэта зусім не выключае для яго магчымасці знаёмства з іншымі культурамі, ведання замежных моў. Але родная культура можа быць толькі адна, як нельга, напрыклад, нарадзіцца адразу ў дзвюх маці.

(Наступны загаловак у тэксце расійскага псіхолага (па кнізе Сухарава 2000 г. "Наркатычная экзотыка", з якой мы працытавалі) - "Як выхаваць наркамана ў Расіі".)

Літ.:

13286 Сухарев А. В. Наркотическая экзотика. М., 2000.

13287 Сухарев А. В. Этнофункциональная пара-дигма в психологии: теория развития и эмпирические исследования. М., 2008.

13288 Сухарев А. В. Природа, экзотика и здоровье. М., 2022.

13289 Рыбакова Л. А. Внутренний кросскуль-турный контекст первоклассников в период адаптации к школе: монография. Нижний Тагил, 2018.

7404 Сухарев В. А., Сухарев М. В. Европейцы и американцы глазами психолога. Мн., 2000.

ДАМЕЙКА КУАДРА Луіс Казіміра (Казіміра Дамейка, Luis Casimiro Domeyko Alamos Cuarda) - сын Хуана Казіміра Дамейкі Сатамаёра і Дамінгі Дамейка (народжанай Аламас Куадра, Alamos Cuarda). Звесткі пра яго, разам з асобнымі даведкамі пра яго бацьку і дзеда як прадстаўнікоў групы геолагаў "расійскага паходжання", даюцца ў матэрыяле Geologists of Russian origin in Latin America (P. Tchoumatchenco, A. C. Riccardi, M. Durand Delga, R. Alonso, M. Wiasemsky, D. Boltovskoy, R. Charrier, E. Minina (Revista del Museo de La Plata (2018, № 2, БІБ 13293), у якім указваецца, што ён вучыўся ў Escuela Practica de Mineria, Copiapo, набыўшы прафесію горнага інжынера ў 1911 г. Таксама адзначана, што ў 1912-1914 гг. ён працаваў у нейкай "Ора дэ Ранкагуа" ["Cia. Oro de Rancagua"], а пасля гэтага да 1917 г. - у канструктарскім бюро свайго бацькі; у Балівіі працаваў на кампанію Уанчака (Huanchaca), у Аргенціне - на кампанію Петра-ліфера-Тытан (Compania Petrolifera Titan), быў адміні-стратарам кампаній Quelluani і Quinsacoga ў Балівіі, і кіраўніком (Manager) горназдабываючых кампаній Батука (Batuco) і Чараксілья (Chararcillo).

Літ.:

1522 Лауринчюкас А. К. Площадь Трех культур // Лауринчюкас А. К. Тревоги разума: публицистика. М., 1986. С. 325-342.

10226 Геология и минерально-сырьевые ресурсы запада Восточно-Европейской платформы: проблемы изучения и рационального использования: материалы Международной научной конференции, посвященной 215-летию со дня рождения И. Домейко, г. Минск, 31 июля - 3 августа 2017 г. Мн., 2017.

ДАМЕЙКА САТАМАЁР ХУАН КАЗІМІРА (Juan Casimiro Domeyko Sotomayor) - у даведцы з Geologists of Russian origin in Latin America (2018) яго імя дубліруецца як "Іван Казімір Дамейка" (Иван Казимир Домейко) - нарадзіўся ў Сант'яга, памёр у Рэкалета (Recoleta, правін-цыя Сант'яга, сталічны рэгіён Сант'яга); сын Ігната Дамей-кі і Энрыкеты, народжанай Сатамаёр Гусман. Вучыўся ў Еўропе ў 1884-1888 гг. дзе атрымаў званне горнага інжы-нера і вярнуўся ў Чылі. Ён пачаў працаваць ва Універсітэце Чылі, а ў перыяд 1899-1912 гадоў быў дырэктарам Горнай школы Кап'япо (Escuela de Minas de Copiapo), якая пазней стала Універсітэтам Атакама (Universidad de Atacama), - чытаў лекцыі па мінералогіі, геа-логіі і хіміі. У яго гонар названая вуліца, на якой знаходзяцца ўніверсітэт і эксперымента-льная шахта (вуліца Хуана Казіміра Дамейкі).

Паводле "Kalendarium zycia Ignacego Domeyki Ancuta (1802-1889)", у 1880 г. Казімір закончыў школу з выпускным экзаменам па гуманітарных навуках, пачаў вывучаць пры-родазнаўчыя прадметы (матэматыку, хімію, фізіку).

Пра свой адпачынак у той год Дамейка-старэйшы сведчыў: "[...] Я адпачываю і не адпачываю пасля таго, як завяршыў 41 год сваёй выкладчыцкай дзейнасці тут. Я не адпа-чываю, бо мае думкі блукаюць па ўсім свеце, а менавіта да вас, маіх недабіткаў у Францыі, да маёй дачкі ў Літве і па ўсёй нашай краіне".

"Не перастаю, аднак, любіць гэтае Чылі, дзе добра жыў і збіраў сяброў, дзе паха-ваная мая жонка, дзе маю двух сыноў, і дзе можна маліцца колькі заўгодна [...] Прайшоў год гэтай вайны, і канца ёй не відаць. Яны зма-гаюцца добра, адважна, люта, пароўну з абод-вух бакоў [...] Па ўсіх дадзеных, вайна будзе цягнуцца"".

"Ціхаакіянская вайна ўступае ў другую фазу; чылійская армія ідзе на Ліму, каб пры-мусіць Перу прыняць мірныя ўмовы".

"У лютым Дамейка адпраўляецца ў адпачынак у Араўканію з двума сынамі ("Я быў здзіўлены, убачыўшы, што значная яе частка, якая ў той час была яшчэ пустыняй або населеная дзікунамі [pustynia jeszcze lub zamieszkala od dzikich], цяпер добра развітая, з мноствам невялікіх гарадоў і багатых ферм; велізарнымі збожжавымі тэрыто-рыямі, вінаграднікамі, чыгункамі, дарагімі мастамі і не бачна індзейцаў [Indianow]")".

Літ.:

10019 Garbowska J., Jakubowski K. Ignacy Domeyko (1802-1889). Warszawa; Lida, 2000.

5778 Мальдзіс А. Ігнат Дамейка (1802-1889) // Славутыя імёны Бацькаўшчыны: зборнік. Вып. 1 / уклад. У. Гілеп і інш.; рэдкал.: А. Грыцкевіч (гал. рэд.) і інш. Мн., 2000. С. 197-206.

ДЗЕРУНКОЎ (Aliaksandr Dzerunkou, Aleksandr Derunkov) - супрацоўнік Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах у сваім артыкуле "Да па-знавання таксанамічнай разнастайнасці жужаліц і ста-філінід (Coleoptera: Carabidae, Staphylinidae) у пойменных экасістэмах ракі Тыпуціні (Эквадор)" ("К познанию таксономического разнообразия жужелиц и стафилинид (Coleoptera: Carabidae, Staphylinidae) в пойменных экосистемах реки Типутини (Эквадор)", 2021) адзначае, што Эквадор - ідэальнае месца для даследавання бія-разнастайнасці і экалагічных даследаванняў: "Напры-клад, у Нацыянальным парку Ясуні [Yasuni] пры ацэнцы відавой разнастайнасці цвёрдакрылых прагназуецца мінімум 9871 і максімум 14102 віду жукоў, а агульная разнастайнасць насякомых вагаецца ад 24665 да 35255 відаў".

Біялагічная станцыя Тыпуціні (Tiputini Biodiversity Station, TBS), створаная ў 1994 г. Універсітэтам Святога Францыска ў Кіта ў супрацоўніцтве з Бостанскім універ-сітэтам, знаходзіцца ў Эквадорскай Амазоніі ў біясфер-ным запаведніку Ясуні (прыкладна ў 300 км на паўднёвы ўсход ад Кіта, на паўночным беразе ракі Тыпуціні, паўднё-вага прытоку ракі Напа).

Даследаванне выканана пры фінансавай падтрым-цы Беларускага рэспубліканскага фонду фундамента-льных даследаванняў (праект Б20МС-018). Акрамя двух калег па сумеснай працы ў экспедыцыі, аўтар згадаў аднаго замежнага, выказаўшы ўдзячнасць Тэры Ірвіну (Terry Erwin, Смітсаніянскі інстытут, Музей Натуральнай гісторыі, ЗША) за дапамогу ў вызначэнні жужаліц.

Аляксандр Дзерункоў

ПРА ВЫНІКІ ЭНТАМАЛАГІЧНАЙ ЭКСПЕДЫЦЫІ Ў СЕЛЬВУ ЭКВАДОРА

У лістападзе-снежні 2018 г. навуковымі супрацоў-нікамі Дзерунковым А. В., Рындзевічам С. К. і Кашталь-янам А. П. была арганізаваная экспедыцыя для даследа-вання біялагічнай разнастайнасці амазонскіх трапічных лясоў Эквадора. У выніку экспедыцыі быў сабраны энтамалагічны матэрыял, які часткова вызначаны.

Для збору насякомых выкарыстоўвалі агульна-прынятыя ў энтамалагічных даследаваннях метады. Для збору жукоў у лясной подсцілцы выкарыстоўвалі метад сіфтавання. Для збору насякомых, якія жывуць на раслінах, выкарысталі кашэнне энтамалагічным падхватнікам, руч-ны збор насякомых, атрасанне. Для збору падкорных на-сякомых даследавалі мёртвыя дрэвы. Былі выкарыстаны штучныя прынады з гнілых рэшткаў бамбуку, банана, ананаса і да т.п. Таксама выкарыстоўвалі бар'ерныя пасткі. Сабрана больш за 400 экз. насякомых.

Трапічныя лясы Эквадора адрозніваюцца высокай разнастайнасцю біёты, таму многія віды з самых розных сямействаў да гэтага часу не апісаны, фаўна даследавана вельмі недастаткова. На дадзены момант матэрыял па жужаліцах і стафілінідах вызначаны да магчы-мага таксанамічнага ўзроўню, пераважна да сямействаў або трыб. Водныя жукі вызначаны ў значнай ступені да віду, што было прадметам асобнага артыкула (Ryndevich, 2019).

У каляводных месцапражываннях ракі Тыпуціні, на пясчаных водмелях, былі сабраны прадстаўнікі 6 родаў жужаліц (табліца). Стафілініды былі сабраны пераважна ў сельве і вызначаны да ўзроўню падсямействаў і трыб, толькі часткова да ўзроўню роду. Адсутнасць сучасных рэвізій і вялі-кая таксанамічная разнастайнасць прадстаўнікоў сямейства значна ўскладняе вызначэнне і аналіз сабраных матэрыялаў.

[Табліца - Таксанамічны склад цвердакры-лых, сабраных у пойменных месцапражываннях у даліне ракі Тыпуціні (Эквадор)]

Намі сабраны адзін асобнік віду Peripus didontus Chatz. & Hight., які адносіцца да новага роду, апісанага ў 2019 годзе (Chatzimanolis, 2019). Прадстаўнікі роду даволі шырока распаўсюджаныя ў Паўднёвай Амерыцы. Адзначаны намі від сабра-ны пасткай, што "перапыняе палёт", у трапічным дажджавым лесе ў пойме ракі Тыпуціні. Раней від адзначаны з Нацыянальнага парку Ясуні ў пойме ракі Напа ў Эквадоры, з Перу і Калумбіі.

Распаўсюджанне шматлікіх відаў мае па-трэбу ва ўдакладненні, бо наяўныя дадзеныя аб фаўністычных знаходках вельмі абмежаваныя. У выніку нашых даследаванняў могуць быць атры-маны новыя дадзеныя аб відавым складзе, распаў-сюджанні і экалогіі некаторых відаў цвердакрылых у Эквадоры.

Літ.:

1136 Гінуць лясы Амазонкі // Звязда. 1989. 21 мая.

ПАШКЕВІЧ Мікалай (2) (Nicolay Paskevich) - адкрываючы галерэю "Мастацтва дзеля захавання", Місія Сан-Хуан-Капістрана (Mission San Juan Capistrano, акруга Орандж у раёне Лос-Анджэлеса) абвясціла пра выставу мастака Мікалая Пашкевіча, якая мусіла адбыцца з 15 студзеня па 20 лютага 2000 г. (у нашай крыніцы - што з галерэі "Казармы" (Barracks Gallery)). Пры гэтым уда-кладнялася, што "Пашкевіч часта малюе рухомыя аб'екты - вершнікаў, піяністаў, джазавых музыкаў, дырыжораў аркестра і артыстаў балета".

Галерэя "Мастацтва дзеля захавання"

Місія Сан-Хуан-Капістрана адкрыла новую га-лерэю "Мастацтва дзеля захавання" (Art for Preservation Gallery), у якой прадстаўленыя працы Мікалая Паскевіча. У галерэі прадстаўлены 33 найлепшыя працы Паскевіча. Асобы (Individuals) могуць зрабіць ахвяраванне ў па-меры 248 долараў на захаванне Місіі і атрымаць бяспла-тны літаграфічны адбітак (дадаткова 99 долараў за апраў-ленне). Ахвяраванне вызваляецца ад падаткаў. Інфармацыя: (800) 260-2228.

(Мы выкарысталі інфармацыю з сайта Traditional Fine Arts Organization, Inc., Арызона.)

Літ.:

2464 Крушынская Л. "Мы доўга чакалі, пакуль Ста-лін не памёр..." / фота Г. Жынкова: М. Пашкевіч "Індзеец, якія атакуе" // Культура. 1993. 5 ліп. С. 3.

13242 Червонная С. М. Неизвестная страница в истории послевоенной художественной эмиграции: творческая судьба белорусского художника М. Пашке-вича // Archiwum emigracji: Studia - Skice - Dokumenty. Z. 1 (18). Torun, 2013. S. 143-155.

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.

Індзейцы, индейцы, Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Bielorrusia, Belarus; Алесь Симаков. Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 167].

ПА ШЛЯХУ ТВОРЧАСЦІ ДА ПОСПЕХУ

25 кастрычніка Палац культуры горада Ліды вітаў ўдзельнікаў і гасцей абласнога фестывалю-конкурсу народнай інструментальнай музыкі "Зайграйце, музыкі!"

З вітальным словам да ўдзельнікаў фестывалю звярнулася начальнік кіравання культуры Гарадзенскага аблвыканкама Клімовіч А.В. са словамі:

- Дарагія канкурсанты! Жадаем вам натхнення, упэўненасці ў сваіх сілах, яркіх выступаў і, вядома ж, поспехаў! Хай кожны акорд стане маленькім крокам да вашай мары! Наперадзе вас чакаюць выступленні лепшых інструментальных і вакальных калектываў Гарадзен-шчыны, мора яркіх эмоцый і незабыўных уражанняў!

Ад Лідчыны ў фестывалі прыняў удзел Народны ансамбль народнай музыкі "Гудскі, гармоік" пад кіраўніцтвам Андрэя Колышкі (філіяла Гудскі цэнтр творчасці і вольнага часу, дзяржаўнай установы "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці") і стаў дыпламантам 2-й ступені ў намінацыі "Дарослы ансамбль музыкі і песні". А таксама калектыў атрымаў дыплом за лепшае пералажэнне твора.

ТК "Культура Лідчыны".

ВЯРТАННЕ ДА ВЫТОКАЎ

У рамках тыдня традыцыйнай культуры "Ад даўніны да нашых дзён" адбылося свята "Пакроўскі кірмаш", якое правялі ў аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры. Садавіна, агародніна, збожавыя культуры, усё, што ўрадзіла зямелька - плён працы чалавека, які прагне дабрабыту для сваёй сям'і. Пра гэта вялі размову на "кірмашы" адкрытага паседжання аматарскага аб'яднання "Вытокі". Усіх уразіла і натхніла майстар па нарыхтоўцы карысных перакусаў Алена Расціславаўна Іванч, прапанаваўшая дэгустацыю сваіх кулінарных шэдэўраў.

Выстаўка дэкаратыўна - прыкладнога мастацтва майстроў і ўдзельнікаў аматарскіх аб'яднанняў "Вобразы роднай зямлі" гасцінна прымала як дарослых так і дзяцей. На пачэсным месцы экспазіцыі - белаўзорыстыя ручнікі, выцінанкі, вырабы з саломы - элементы НКС Беларусі.

Захаванне пераемнасці культурных традыцый адбываецца праз займальныя майстар - класы па народных рамёствах - гэта эмоцыі ад творчай працы і сувенір на памяць, які пры жаданні можна паўтарыць.

ТК "Культура Лідчыны".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX