Папярэдняя старонка: 2025

Наша слова.pdf № 45 (201) 


Дадана: 04-11-2025,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 45 (201), 5 лістапада 2025 г.

У Беларусі прайшлі "Дзяды"

На Усходніх могілках адкрылі надмагільны помнік Змітраку Бядулю

3 лістапада на Усходніх могілках, як і было запланавана, адкрылі помнік вядомаму беларускаму пісьменніку Змітраку Бядулю, паведаміла БелТА.

Змітрок Бядуля (сапраўднае імя і прозвішча Самуіл Плаўнік) памёр у 1941 годзе падчас ваеннай эвакуацыі каля горада Уральск у Казахстане, дзе яго і пахавалі. У 2020 годзе прах пісьменніка вярнулі на радзіму і перапахавалі ў Менску.

Тады ж Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры абвясціў збор сродкаў і конкурс сярод беларускіх скульптараў на стварэнне помніка. Перамогу атрымаў праект Сяргея Гумілеўскага.

Паводле слоў аўтара, у аснову кампазіцыі пакладзены вобраз каласоў, што хістаюцца на ветры. Форма помніка няроўная, зламана-пластычная - яна сімвалізуе няпросты лёс беларускіх літаратараў таго часу і шлях самога Бядулі.

На адкрыцці прысутнічаў і сын пісьменніка Яфім Плаўнік. Ён адзначыў, што помнік зроблены з густам і адпавядае месцу:

- Ён такі, які павінен стаяць на могілках. Без усялякіх празмернасцяў. Ён сціплы і адначасова велічны.

Як паведаміла намесніца дырэктара па навуковай рабоце Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Алеся Кузняцова, падчас конкурсу камісіі доўга давялося вызначаць, якім павінен быць помнік. Скульптарам паказвалі матэрыялы і фотаздымкі з музейных архіваў.

Кузняцова падкрэсліла, што Змітрок Бядуля - адзін з найважнейшых беларускіх творцаў ХХ стагоддзя, удзельнік станаўлення нацыянальнай літаратуры і друку. Яна спадзяецца, што адкрыццё помніка зацікавіць людзей і натхніць іх зноў звярнуцца да яго твораў.

У ЛІДЗЕ ЎШАНАВАЛІ ПАМЯЦЬ ВАЯРОЎ-ЗЕМЛЯКОЎ, ЯКІЯ ЎДЗЕЛЬНІЧАЛІ Ў РУСКА-ЯПОНСКАЙ ВАЙНЕ

31 кастрычніка ў Георгіеўскім храме Ліды адбылося памінанне ваяроў, выхадцаў з Лідчыны, удзельнікаў руска-японскай вайны (1904-1905) - падзеі, якой сёлета споўнілася 120 гадоў. Дата абрана не выпадкова. 31 кастрычніка - дзень памяці галоўнага лідскага ветэрана - генерала ад інфантэрыі расійскага імператарскага войска Кіпрыяна Антонавіча Кандратовіча (1859-1932), праваслаўнага шляхціца Лідскага павета, удзельніка руска-турэцкай 1877-1878 гг., кітайскай 1899-1901 гг., руска-японскай (1904-1905) і Першай сусветнай (1914-1918) войн. Генерал быў пахаваны ў прабітым куляй мундзіры на праваслаўных могілках Ліды каля Георгіеўскай царквы. Яго імя выбіта на памятнай пліце-стэле каля храма.

Кіпрыян Антонавіч нарадзіўся ў вёсцы Зіновічы сучаснага Ходараўскага сельсавета Лідскага раёна, вучыўся ў павятовай вучэльні, якая знайходзілася недалёка ад саборнай Міхайлаўскай царквы, вайсковую службу пачаў у Вільні. Пасля вайны з Турцыяй, як відавочнік, напісаў вядомую гістарычная працу "Плеўна і грэнадзёры, 28 лістапада 1877 г.". Скончыў па 1-м разрадзе Мікалаеўскую акадэмію Генштаба, служыў пры штабе Маскоўскай вайсковай акругі, быў начальнікам штаба 2-й грэнадзерскай дывізіі ў Маскве. Перад вайной з Японіяй выконваў даручэнне па фармаванні 9-й Усходне-Сібірскай дывізіі. Паранены 13 студзеня 1905 г. на камандным пункце каля кітайскай вёскі Хэгаўтай.

17 ліпеня 1906 г. узнагароджаны ордэнам св. Георгія 4-й ст.: "За тое, што, будучы 16-га і 18-га жніўня 1904 года начальнікам баявога ўчастка на перадавых Ляаянскіх пазіцыях каля вёскі Фанцзятунь, ён, дзякуючы распараднасці, асабістай мужнасці і ўмеламу выкарыстанню сіл свайго малалікага атрада, адбіў шматлікія шалёныя атакі праціўніка, які пераўзыходзіў у шмат разоў па колькасці наш слабы атрад; 18-га жніўня, калі з прычыны велізарнага змяншэння людзей у дывізіі становішча атрада стала крытычным і прарыў пазіцыі праціўнікам зрабіўся непазбежным, генерал-лейтэнант Кандратовіч, па асабістай сваёй ініцыятыве і насуперак загаду камандзіра корпуса, зрушыў найбліжэйшыя да пазіцыі часткі корпуснага рэзерву (2 батальёны 18-га Усходне-Сібірскага стралковага палка), асабіста накіраваў іх на больш пагражальныя праціўнікам участкі пазіцыі, чым абараніў пазіцыю і выратаваў ад непазбежнай гібелі рэшткі сваёй дывізіі". Іншымі баявымі ўзнагародамі Кандратовіча за гэтую кампанію былі: залатая зброя з надпісам "За адвагу" і ордэны св. Станіслава 1-й ст. з мячамі, і св. Ганны 1-й ст. з мячамі. У 1917 г. узначаліў бюро па арганізацыі беларускага войска. У 1919 г. удзельнічаў у працы Парыжскай мірнай канферэнцыі. З 1921 г. жыў у сваім маёнтку Пагародна (цяпер Воранаўскі р-н). Памёр 31.10.1931 г. Пахаваны каля лідскай Георгіеўскай царквы. У 1998 г. унук генерала прыязджаў у Беларусь і перапахаваў яго парэшткі на новых могілках у Воранава. У траўні 2000 г. труна з парэшткамі генерала быў перапахаваны каля царквы ў Воранава.

Запіска пра спачынак ваяроў-лідзян, удзельнікаў руска-японскай вайны:

Балярына* Кіпрыяна Кандратовіча (Лідскі павет, генерал ад інфантэрыі, камандуючы 9-й Усходне-Сібірскай дывізіяй, паранены);

Аўгуста Тышкевіча (Лідскі п., 12 Усходне-Сібірскага стралковага палка, застаўся на поле бітвы 17 і 18 крас. пад Цюранчэнам);

Пятра Кручынскага (Мартынава) (Лідская вол., 22 Усходне-Сібірскага стралковага палка, застаўся на поле бітвы 18 крас. каля в. Патэтындзы і Чынгою);

Вікенція Баркоўскага (Лідская вол., в. Ле(н,п)авечкі (?), стр. 17 Усходне-Сібірскага стралковага палка, застаўся на поле бітвы 18 ліпеня на Кангуалінскай пазіцыі);

Браніслава Качана (Беліца, ст. ун.-аф. 18 Усходне-Сібірскага стралковага палка, паранены 18 ліпеня пры в. Кангуалін);

Юліяна Грыгаровіч а (Лідскі п., 17 Усходне-Сібірскага стралковага палка, паранены 18 ліпеня на Кангуалінскай пазіцыі);

Іосіфа Даўялы (Ліда, 140 Зарайскага палка, паранены 13 жн. каля в. Паўшагоў);

Фелікса Попкі (Тарноўская вол., 140 Зарайскага палка, забіты 13 жн. каля в. Паўшагоў);

Валадзімера Каспяровіча (140 Зарайскага палка, паранены 19 жн. каля в. Паўшагоў);

Валадзімера Грышкевіча (Беліцкая вол., 137 пях. Нежынскага палка, паранены 20 жн. каля Сыквантуна);

Пятра Ганзы (Лябёдская вол., 139 пях. Маршанскага палка, прапаў без весткі 20 жн. каля Сыквантуна);

Іосіфа Кенця (Ескавіцы (Яськаўцы?), 137 пях. Нежынскага палка, прапаў без весткі 20 жн. каля Сыквантуна);

Вікенція Карэйвы (Ганскевічы (Ганцавічы?), 137 пях. Нежынскага палка, прапаў без весткі 20 жн. каля Сыквантуна);

Канстанціна Казака (Беліцкая вол., 139 пях. Маршанскага палка, паранены 20 жн. каля Сыквантуна);

Васіля Камялецкага (Беліцкая вол., 139 пях. Маршанскага палка, паранены 20 жн. каля Сыквантуна).

Сайт епархіі:https://lida-eparhia.by/?p=84908.

* "Балярын" - гэта састарэлая форма слова "баярын", якая азначае прадстаўніка вышэйшага пласта феадальнага грамадства ў X-XVII стагоддзях ў сярэднявечнай Русі, Балгарыі і іншых краінах. У Праваслаўнай царкве і некаторых дыялектах гэта слова выкарыстоўваецца для пазначэння шляхетных людзей.

Выстава, прысвечаная Міністру асветы

Навучэнцы СШ 1 г. Ліды 3 лістапада правялі экскурсію для пяці ўстаноў адукацыі горада па выставе, прысвечанай Міністру асветы БССР Мінкевічу Міхасю Гаўрылавічу.

Дзеці 1-й школы ў ролі экскурсаводаў пазнаёмілі навучэнцаў з іншых школ з асноўнымі этапамі жыцця Міхася Гаўрылавіча, распавялі пра працоўныя заслугі і яго станаўленне ў прафесіі.

Выстава працуе ў СШ 1 г. Ліды да 5 лістапада.

ТК "Адукацыя Лідчыны".

Вернасць запаветам продкаў

У межах двухбаковых сяброўскіх стасункаў творцаў Ліды і Гародні 22 кастрычніка ў Доме-музеі паэта Валянціна Таўлая адбылася адмысловая творчая сустрэча «З'яднаныя словам мастацкім». У гасцях у мясцовых літаратараў і моладзі райцэнтра пабывалі члены Гарадзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Валянцін Паўлавіч Таўлай (1914-1947) - удзельнік нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, падпольшчык, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, паэт, крытык, публіцыст, перакладчык. Творы паэта перакладзены на рускую, украінскую, польскую, літоўскую, англійскую, французскую і іншыя мовы свету. Тэмы яго творчасці - адзінства беларускага народа, незалежнасць Беларусі ад панскай Польшчы, патрыятызм, гуманізм, пошук гармоніі ў душы і жыцці чалавека. Сёння Дом В. Таўлая па сутнасці стаў літаратурна-краязнаўчым музеем, на сценах якога размяшчаюцца імянныя стэнды, прысвечаныя жыццю і творчасці пісьменнікаў Лідскага краю, а экспазіцыя звязана з гісторыяй і культурай Лідчыны. Безумоўна, у сценах унікальнай музейнай установы, якая прысвечана постаці і жыццю гэтага мужнага чалавека, сапраўднага грамадзяніна і творцы, міжволі хочацца натхняцца, адпавядаць яго запаветам, яго самаадданай ідэйнай барацьбе. Адзін з запаветаў у тым, што толькі працы над тэкстамі, над іх апублікаваннем не дастаткова, каб лічыцца пісьменнікам. Калі дазваляе фізічны стан, неабходна ісці да людзей, весці дыялог з грамадствам, ведаць жыццё, дакладна адчуваць подых часу. І на ўсё гэта адгукацца мастацкім словам.

Зусім нядаўна, 7 верасня 2025 года ў рамках мерапрыемстваў ХХХІІ Дня беларускага пісьменства ў гэтым знакавым месцы праходзіла цырымонія ўзнагароджання пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу на лепшы паэтычны зборнік. Конкурс з гонарам насіў імя Валянціна Таўлая, а ў якасці мастацкай назвы былі выкарыстаны словы з радкоў паэта - «Шляхі, пракладзеныя ў заўтра».

І вось заўтра наступіла. Шляхі, пракладзеныя слаўнымі продкамі, класікамі роднага слова, зноў прывялі да лідскіх калег гасцей з Гародні. Зноў адбыліся сяброўскія гутаркі пра мастацтва, пра гісторыю літаратурнага руху; прагучалі вершы і эсэ. Іх аўтары з боку гасцей, члены СПБ: паэтэса Кацярына Каламійцава; паэт, блогер Анатоль Апанасевіч і паэт, публіцыст Дзмітрый Радзівончык падзяліліся ўласнай творчасцю, паслухалі выступленні лідскіх калег. Кастрычніцкае мерапрыемства «З'яднаныя словам мастацкім» сабрала людзей рознага ўзросту, з рознымі вопытам, кругаглядам і адчуваннем жыцця. Прайшлі прэзентацыі кніг і абмен аўтарскімі выданнямі.

Музей заходнебеларускага паэта-барацьбіта атрымаў ад гасцей з абласнога цэнтра бібліятэчку кніг сучасных прынёманскіх аўтараў.

Дзмітрый Мікалаевіч Радзівончык зрабіў прэзентацыю трох калектыўных зборнікаў, выдадзеных Гарадзенскім абласным аддзяленнем СПБ да 80-гадовага юбілею Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне; прачытаў творы на рускай і беларускай мовах. Анатоль Уладзіміравіч Апанасевіч праявіў сябе як паэт-філосаф, пабудаваў выступленне з твораў сваёй паэзіі і з аўтарскіх афарызмаў. Кацярына Аляксееўна Каламійцава пачала з лірычнага прысвячэння Лідзе; закранула ў сваім выступленні тэмы вайны і Перамогі, дзяцей вайны, гістарычнай памяці, повязі пакаленняў, а таксама прадэкламавала аўтарскія творы філасофскай і рамантычнай лірыкі, вершы для дзяцей. Эстафета перайшла да гаспадароў. У праграме літаратурнай сустрэчы «З'яднаныя словам мастацкім» узялі ўдзел члены Лідскага раённага літаратурнага аб'яднання «Суквецце», паэты: Ірына Маркевіч, Тэрэза Смолькая, Лілія Каранеўская-Радзевіч, Алена Несцерава, Канстанцін Якубчык, Валерый Мацулевіч; ветэраны літаратурнага руху, паэты Уладзімір Янцэвіч і Уладзімір Васько; педагог, краязнаўца Наталля Анашкевіч; кіраўнік літаб'яднання Уладзімір Глінін. Лідская паэтэса Людміла Краснадубская ў падарунак гасцям уручыла прыгожую кветку на памяць. Мадэратарам літаратурнай сустрэчы выступіў навуковы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея, вядомы краязнавец Алесь Часлававіч Хітрун.

Мерапрыемства, якое прайшло ў атмасферы сяброўскай цеплыні і ўзаемнай павагі, аб'яднала людзей і пацвердзіла вернасць сучаснікаў запаветам слаўных продкаў.

Паводле Гарадзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.

На фота: моманты і ўдзельнікі літаратурнай сустрэчы «З'яднаныя словам мастацкім» з удзелам дэлегацыі Гарадзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Ліда, Домік В. Таўлая.

Абласны конкурс выканаўцаў размоўнага жанру

У абласным метадычным цэнтры народнай творчасці адбыўся абласны конкурс выканаўцаў размоўнага жанру.

Гэта было сапраўднае свята для ўсіх, хто любіць паэзію, літаратуру і сцэнічнае майстэрства.

У намінацыі "Проза, інсцэноўка празаічнага твора" юныя таленты ўразілі сваёй глыбінёй і крэатыўнасцю, ператварыўшы літаратурныя творы ў захапляльныя міні-спектаклі!

Для канкурсантаў старэйшага ўзросту таксама была магчымасць выявіць сябе ў намінацыі "Паэзія, інсцэноўка паэтычнага твора", дзе важную ролю ігралі шчырасць, сцэнічная культура і ўменне запаліць залу. Кожны выхад на сцэну ператвараўся ў асабісты дыялог з творам, дзе важна кожнае слова, кожны жэст.

Лідчыну на конкурсе годна прадставіла выхаванка ўзорнага тэатра "Какос" Паліна Лясота і ўдзельнікі народнага драматычнага тетра "Ракурс".

Па меркаванні ўдзельнікаў, конкурс стаў пляцоўкай для абмену досведам, дзе пачаткоўцы і дасведчаныя выканаўцы маглі вучыцца адзін у другога, пераймаць лепшыя практыкі і знаходзіць новыя падыходы да працы з тэкстам. У кулуарах кіпелі гарачыя дыскусіі пра тое, як правільна данесці да гледача думку аўтара, як выкарыстоўваць гумар і іронію, як стварыць на сцэне непаўторную атмасферу.

У наступны раз абласны конкурс выканаўцаў размоўнага жанру збярэ ўдзельнікаў праз два гады.

ТК "Культура Лідчыны".

Навіны Германіі

Райхе заклікае да ўмацавання пазіцый Германіі ў вобласці ШІ

Міністр эканомікі Райхе бачыць у штучным інтэлекце вялікія магчымасці. Экспертная камісія павінна знайсці аптымальную стратэгію для Германіі

Міністр эканомікі Кацярына Райхе і новая экспертная камісія "Канкурэнцыя і штучны інтэлект" маюць намер распрацаваць рэкамендацыі па ўмацаванні пазіцый Германіі як рэгіёна, спрыяльнага для развіцця ШІ. 27 кастрычніка камісія пачала сваю працу з паседжання на тэму "Эфектыўная ШІ-інфраструктура і лічбавы суверэнітэт".

- Штучны інтэлект азначае сабой пачатак новай эпохі - ён кардынальна зменіць наша мысленне, працу і жыццё, - сказала Райхе. Міністр разглядае ШІ "як шанец для росквіту, росты і прагрэсу". Пры гэтым неабходна "гуляць на пярэднім краі, паслядоўна выкарыстоўваць нашы моцныя бакі і ўмацоўваць свае пазіцыі ва ўмовах глабальнай канкурэнцыі", лічыць Райхе.

Камісія складаецца з 15 высокапастаўленых экспертаў па эканоміцы, навукоўцаў і прадстаўнікоў розных асацыяцый. У якасці запрошаных чальцоў выступаюць міністр лічбавізацыі Карстэн Вільдбергер і дырэктар Федэральнага агенцтва прарыўных інавацый Рафаэль Лагуна дэ ла Вера.

Берлін (d.de).На здымку: Міністр эканомікі Кацярына Райхе © dpa.

У Германіі стартавала Павестка дня ў вобласці высокіх тэхналогій

Стымул для новых інавацый: у сярэдзіне года федэральны ўрад прадставіў Павестку дня ў вобласці высокіх тэхналогій, рэалізацыя якой павінна пачацца ўжо сёння

29 кастрычніка ў Берліне адбылося першае мерапрыемства ў рамках рэалізацыі так званай Павесткі дня ў вобласці высокіх тэхналогій Германіі (ням. Hightech Agenda Deutschland), якое праводзіць Федэральнае міністэрства даследаванняў, тэхналогій і космасу. Яна разглядаецца як тэхнічнае заданне на распрацоўку пэўных мер, з дапамогай якіх Германія мае намер вярнуць сабе перадавыя пазіцыі ў свеце. Павестка дня задае выразныя арыенціры для даследаванняў і распрацовак у шасці ключавых тэхналогіях: штучны інтэлект, квантавыя тэхналогіі, мікраэлек-троніка, біятэхналогіі, тэрмаядзерны сінтэз і вытворчасць па-кліматычнаму нейтральнай энергіі, а таксама тэхналогіі па-кліматычнаму нейтральнага транспарту.

- Мы выводзім Германію на наступны ўзровень: брэнд "Made in Germany" павінен ва ўсім свеце асацыявацца з тэхналагічнай перавагай, - заявіла міністр даследаванняў Даратэя Бэр.

Так, напрыклад, гаворка ідзе пра тое, каб атрымаць перавагу ў вобласці штучнага інтэлекту. Для распрацоўкі новых і эфектыўных ШІ-тэхналогій неабходны вылічальныя магутнасці, а таксама доступ да дадзеных і ШІ-мадэляў.

У сувязі з гэтым 28 кастрычніка было абвешчана, што тэлекамунікацыйная кампанія Deutsche Telekom і амерыканскі тэхналагічны канцэрн Nvidia плануюць будаўніцтва вялікага дата-цэнтра ў Мюнхене. Па дадзеных баварскага міністэрства эканомікі, у мюнхенскім праекце будзе задзейнічана каля 10 000 самых сучасных графічных працэсараў.

Берлін (d.de).Сярод іншага, Нямеччына мае намер развіваць мікраэлектроніку.© IStock.

БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

Станіслаў Суднік

Колеры і масці ў Лідзе і ў астатняй Беларусі

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

Колеры і фарбы

Колеры, якія разглядаліся раней, існуюць у прыродзе, маюць натуральнае паходжанне, і абсалютна дакладна будзе сказаць, што ўсе колеры пералічыць не атрымалася, тым больш, што прырода жывая, і ў любы момант можа з'явіцца нейкае новае адценне.

Са з'яўленнем на Зямлі чалавека колеры набылі больш усвядомленае значэнне, як і аб'екты прыроды. Даволі рана чалавек пачаў спрабаваць зафіксаваць нейкія з'явы і аб'екты. Прасцей за ўсё было нешта намаляваць, але чым? Пад рукой быў вугаль - чорны колер, траплялася крэйда - белы колер, мог трапіцца нейкі іншы мінерал, але лёгка і надоўга можна было намаляваць вугалем і крэйдай.

Гэта былі дзве першыя фарбы.

Паступова людзі навучыліся атрымоўваць фарбы іншых колераў. Спачатку гэта былі фарбы, атрыманыя на аснове прыродных фарбавальнікаў. Яны былі больш ці менш стойкімі, больш ці менш яркімі. Так, тканіна, пафарбаваная чарнічным сокам, захоўвае колер год, да новых ягад. Вялікодныя яйкі фарбуюць лупінамі цыбулі да гэтага часу. Расейскія прыгажуні падфарбоўвалі шчокі чырвоным бураком. Лічылася, што гэта прыгожа. Але з развіццём цывілізаці ўзнікла патрэба ў разнастайных і стойкіх фарбах. Іх пачалі ствараць майстры, прафесіяналы, якім фарбы былі патрэбны для працы. Але мы не маем намеру разглядаць тэхналогію вытворчасці фарбаў, гісторыю іх з'яўлення і развіцця. Нас цікавяць толькі колеры. Таму мы разгледзім фарбы па меры іх з'яўленні ў жыцці чалавека, дакладней, дзіцяці.

Дзіця сустракаецца з фарбамі яшчэ да школы, калі яму даюць размаляваць нанесеныя контурна малюнкі. Першае, што звычайна прапануюць дзіцяці для гэтага, каляровыя алоўкі. Першы, самы просты набор алоўкаў - шэсць штук. Як правіла гэта: чырвоны, чорны, сіні, зялёны, жоўты, карычневы. А далей наступае чарга самых розных набораў: з 12, 15, 24, 72 і іншай колькасці. Пры гэтым розныя вытворцы не заўсёды строга трымаюцца адпаведнай гамы.

У набор Crayo-la ўваходзяць 12 каляровых алоўкаў Cray-ola яркіх колераў, такіх як чырвоны, чырвона-памяранцавы, памяранцавы, жоўты, зялёны, жоўта-зялёны, нябесна-блакітны, сіні, фіялетавы, чорны, карычневы і белы.

Каляровыя алоўкі ПІФАГОР ЭКА "КЛАСІК" прызначаны для дзіцячай творчасці. Набор складаецца з 12 самых папулярных колераў: чырвоны, памяранцавы, жоўты, зялёны, салатавы, блакітны, сіні, ружовы, фіялетавы, карычневы, цёмна-карычневы, чорны. Шасцігранная форма сячэння корпуса дазваляе алоўку не скочвацца з паверхні стала падчас заняткаў маляваннем. Корпус алоўка вырабляецца з дрэва ці з нетаксічнага перапрацаванага пластыку. Корпус пры разломе не ўтварае вострых краёў і бяспечны для дзяцей.

Набор з 15 штук утрымоўвае нпступныя колеры: чырвоны, сіні, зялёны, чорны, жоўты, фіялетавы, малінавы, бэзавы, пунсовы, карычневы, блакітны, цёмна-сіні, аранжавы, салатавы, ружовы.

У камплект з 24 каляровых алоўкаў уваходзяць алоўкі наступных колераў: індыгава-сіні, чыста-сіні, бла-кітна-сіні, цёмна-зялёны, травяніста-зялёны, чыста-зялёны, яблычна-зялёны, канаркава-жоўты, памяранцавы, макава-чырвоны, малінава-чырвоны, ружовы, фіялетавы, фіялетава-сіні, чорны, тасканскі чырвоны, белы, персікавы, сіена-карычневы, цёмна-карычневы, шаўкоўнічны, іспанскі...

Кожны набор з 64 алоўкаў складаецца з колераў: чырвоны, памяранцавы, жоўты, сіні, зялёны, фіялетавы, карычневы, чорны, сіне-зялёны, сіне-фіялетавы, гваздзікова-ружовы, чырвона-памяранцавы, чырвона-фіялетавы, белы, жоўта-зялёны, жоўта-памяранцавы, пунсовы, зялёна-жоўты, блакітны, сіне-блакітны, індыга, фіялетава-чырвоны, абрыкосавы, шэры, пурпурны, валошкавы, колер марской хвалі, колер "Гренни Сміт"...

Ёсць наборы і ў 72 колеры.

У наш час каляровыя алоўкі Crayola выпускаюцца ў 120 колерах, уключаючы 23 чырвоныя, 20 зялёных, 19 сініх, 16 фіялетавых, 14 памяранцавых, 11 карычневых, 8 жоўтых, 2 шэрыя, 2 медныя, 2 чорныя, 1 белы, 1 залаты і 1 срэбны.


Наступны выяўленчы сродак для колераў - крэйдачкі. Некалі, у 60-я гады 20-га стагоддзя настаўніца ў 1-м класе пачынала навуку паказваючы крэйду, якой трэба пісаць, і анучку, якой трэба выціраць напісанае. А вось калі пачыналі бяліць хату ці печ, то бялілі ўжо мелам. Чуць пазней з'явіліся ў школе і каляровыя крэйды. Карысталіся імі мала, але яны былі. І ўжо пазней з'явіліся мастацкія крэйдачкі, якія атрымалі развіццё амаль як алоўкі.

Крэйдачкі Crayola распрацаваны з акцэнтам на натуральныя колеры, мяккасць і даўгавечнасць. Адзін з набораў утрымоўвае 16 класічных колераўі: чорны, сіні, сіне-зялёны, сіне-фіялетавы, карычневы, гваздзікова-ружовы, зялёны, памяранцавы, чырвоны, чырвона-памяранцавы, чырвона-фіялетавы, фіялетавы, белы, жоўты, жоўта-зялёны і жоўта-памяранцавы.

У набор з 24 колераў Crayola ўваходзяць: чырвоны, памяранцавы, жоўты, сіні, зялёны, фіялетавы, карычневы, чорны, сіне-зялёны, сіне-фіялетавы, гваздзікова-ружовы, чырвона-памяранцавы, чырвона-фіялетавы, белы, жоўта-зялёны, жоўта-памяранцавы, пунсовы, зялёна-жоўты, нябесна-блакітны, сіне-блакітны, індыга, фіялетава-чырвоны, абрыкосавы і шэры.

Мы разгледзелі алоўкі і крэйдачкі, якія ўмоўна можна назваць "сухімі" крыніцамі колераў.


Цяпер парушым гістарычную паслядоўнасць і разгледзім фламастары і маркеры, якія ўтрымоўваюць спіртавую і іншую каляровую субстанцыю.

Гэтая навінка на канцылярскім рынку з'явілася ў 1960 годзе. Радзімай лічыцца Японія - менавіта там упершыню пачалі вырабляць яркія фарбы ў трубачках пад брэндам "Flo-Master". Ад наймення вытворцы ўтварылася і назва пісьмовай прылады, якую мы ўжываем дагэтуль.

"Фламастар" - гэта слоўнікавае слова, якое трэба запомніць, бо яго напісанне ў беларускай мове не правяраецца праверачным словам і часткова алагічнае. Яно мае замежнае паходжанне (ад ангел. Flo-Master, дзе "flow" - "цячы" і "master" - "майстар", а да нас прыйшло праз расейскую, дзе гучыць як "фломастер". У адпаведнасці з правіламі беларускай мовы яно ў нас магло пісацца як "фламастар" або "фламасцер". Беларускія навукоўцы выбралі "фламастар", хаця, каб беларусы ўтваралі назву самі, то павінна было атрымацца "фламайстар". Але спрачацца з акадэмічным слоўнікам не будзем.

Фламастары складаліся з такіх элементаў:

- пластыкавы корпус у выглядзе даўгаватай трубачкі;

- стрыжань з аднаго боку;

- заглушка з другога боку;

- рэзервуар для чарніла, выраблены з нейлону ці лямцу, які насычаўся рознакаляровымі фарбамі.

Прынцып дзеяння просты - фарба сцякала да наканечніка, напаўняла яго. Пры кантакце з паперай яна пакідала на паперы яркі след. Гэты прынцып выкарыстоўваюць дагэтуль, але фламастары з таго часу зведалі шматлікія змены.

Віды фламастараў.

Фламастар адрозніваюцца па таўшчыні корпуса, таўшчыні стрыжня і форме стрыжня (пісьмовага вузла), вонкавым выглядзе каптурыка, колькасці колераў у наборы, складзе фарбавальнага рэчыва. Вытворцы не стамляюцца эксперыментаваць, выпускаючы на рынак новыя арыгінальныя мадэлі.

Самымі папулярнымі разнавіднасцямі сёння можна лічыць:

1. Фламастар-ручка - востры стрыжань пакідае тонкі след на паперы. Гэты тып ёсць выдатнай заменай капілярнай ручцы, ён пакідае на паперы тонкія і вельмі выразныя сляды.

2. Акварэльныя - лініі на лістах паперы застаюцца як пры працы з акварэльнымі фарбамі. Акварэльныя фламастары па ўласцівасцях нагадваюць акварэльныя фарбы іх можна змешваць і размываць вадой, што робіць іх вельмі папулярным варыянтам для творчасці.

3. Каляровыя - класічныя фламастары розных колераў. Могуць прадавацца ў наборах з рознай колькасцю - ад 4-6 да 50 і больш.

4. Патоўшчаныя - фламастары для малых. Тоўсты корпус зручна абхапляць маленькімі пальчыкамі.

5. Двухбаковыя - маюць стрыжні з двух бакоў. Камбінацыі на выбар - стрыжні розных колераў ці рознай таўшчыні.

6. Штампы - арыгінальная прылада для дзіцячай творчасці з фігурным стрыжнем. Адбітак пакідае прыгожы след маленькага штампіка. Імі можна маляваць, але звычайна такія фламастары набываюць для стварэння яркіх вясёлых малюначкаў.

7. Магічныя - могуць змяняць колер пры нанясенні "чароўнага" складу.

8. Бліскучыя - фламастары з бляскам.

9. Неонавыя - адценні, якія могуць свяціцца пад уздзеяннем ультра-фіялетавых прамянёў.

10. Змыўныя - віды фламастараў для малых, якія любяць маляваць на розных паверхнях. Праблем з памалёванымі шпалерамі ці адзежай не будзе, таму што фарбы ўдаецца лёгка адмыць.

Колькі існуе колераў фламастараў?

На гэтае пытанне спрабуе адказаць культавая сістэма колераў Copic - сістэматызаваная табліца, якая ўяўляе сабой каляровы спектр усіх 358 спіртавых фламастараў і іх характарыстыкі. Заснавана на канцэпцыі каляровага круга, гэтая прылада дазваляе інтуітыўна выбіраць патрэбныя колеры.

Для 358 колераў ужо цяжка падабраць слоўныя назвы, таму кожны з 358 колераў спіртавых фламастараў Copic (Copic classic, Sketch і Ciao) мае свой унікальны нумар, а кожная літара і лічба ў ім мае сваё значэнне. Ведаючы гэта, можна хутка, лёгка і з задавальненнем падабраць колеры.

Але на практыцы людзі карыстаюцца значна меншай палітрай колераў. Калі зноў пачаць ад школы, то наборы фламастараў, як і наборы алоўкаў, пачнаюцца з шасці, ну і далей - 8, 10, 12, 24 і г.д.

Шэсць колераў: жоўты, зялёны, сіні, чырвоны, карычневы, чорны.

У набор з васьмі колераў уваходзяць: чырвоны, памяранцавы, жоўты, зялёны, блакітны, сіні, фіялетавы, ружовы.

У набор з дзесяці фламастараў уваходзяць: чырвоны, памяранцавы, ружовы, жоўты, зялёны, блакітны, цёмна-сіні, фіялетавы, чорны, карычневы.

Адпаведна ў наборы з 12 фламастараў мы маем: жоўты, памяранцавы, салатавы, зялёны, блакітны, сіні, ружовы, малінавы, барвовы, чырвоны, карычневы, чорны.

У набор з 12 колераў (Піцерская палітра) уваходзяць: жоўты, памяранцавы, пунсовы, малінавы, чырвоны, фіялетавы, блакітны, сіні, салатавы, цёмна-зялёны, карычневы, чорны.

Для шырокага ўжытку ёсць наборы ў 18 колераў і 24 колеры.

Больш аб'ёмныя наборы ажно да 358 штук адносяцца ўжо да прафесійных. Імі карыстаюцца ў асноўным прафесійныя мастакі, якія зусім паспяхова пачалі прымяняць фламастары для творчай працы.

Акрамя фламастараў у свеце канцылярыі існуюць маркеры. Яны нагадваюць яркую пісьмовую прыладу, але маюць зусім іншае прызначэнне. Іх актыўна ўжываюць офісныя працаўнікі, у той час як фламастары лічацца больш мастацкай прыладай.

На першы погляд яны падобныя - прынцып падачы чарніла аднолькавы, а форма корпуса і разнастайнасць колераў любога віду вялікая. Але ёсць адно адрозненне, якое праводзіць выразную грань паміж гэтымі двума найменнямі - насычанасць колеру.

Фламастары прызначаны для малявання, таму іх колеры яркія, выразныя, яны добра зафарбоўваюць паперу, не прасвечваюцца. Маркеры ж малююць бледнымі колерамі і не перакрываюць тэкст. Яны не даюць гэтак насычанага малюнка, не дазваляюць атрымліваць якасны выразны малюнак.

Замяніць фламастар маркерам наўрад ці атрымаецца. Маляваць імі магчыма, існуюць нават тэхнікі скетчынгу з ужываннем гэтай прылады. Малюнкі атрымліваюцца далікатнымі, але бледнымі. Фламастары ж даюць больш выразны вынік, насычаюць малюнкі фарбамі, што падкрэслівае іх асаблівы шарм. Менавіта фламастары - тое, што трэба дзецям. У раннім узросце ўсё любяць насычаныя колеры і яркую палітру, таму маркеры будуць здавацца сумнымі і сапраўды не спрыяюць развіццю любові да творчасці і мастацтва.

Наборы маркераў могуць утрымоўваць 30/40/60/80 каляровых маркераў.

12/24/48/60/100 колераў утрымоўваюць наборы каляровых ручак-лінераў 0,38 мм.

Маркеры бываюць спіртавыя, акрылавыя, акварэльныя і інш.

Асноўныя перавагі акрылавых маркераў:

1. Універсальнасць.

Акрылавыя маркеры можна выкарыстоўваць на любых паверхнях, што робіць іх ідэальнымі для розных праектаў - ад стварэння малюнкаў да дэкарыравання прадметаў.

2. Насычаныя колеры.

Яны забяспечваюць яркі і шчыльны колер, які не цьмянее з часам.

3. Хуткае высыханне.

Акрылавая фарба хутка сохне, што зручна для шматпластавых работ.

4. Устойлівасць.

Пасля высыхання фарба становіцца водатрывалай і даўгавечнай, што дазваляе выкарыстоўваць работы, створаныя акрылавымі маркерамі, нават на дварэ.

5. Выгада ў выкарыстанні.

Не патрабуецца дадатковых прылад, такіх як пэндзлі ці палітры. Гэта робіць акрылавыя маркеры выдатным выбарам для мабільнай творчасці.

Чым акрылавыя маркеры адрозніваюцца ад звычайных?

1. Тып фарбы.

Акрылавыя маркеры: запоўнены акрылавай фарбай, якая стварае шчыльны, матавы пласт.

Звычайныя маркеры: звычайна ўтрымоўваюць чарніла на воднай ці спіртавой аснове, меней устойлівыя і насычаныя.

2. Паверхні.

Акрылавыя маркеры: падыходзяць для малявання практычна на любой паверхні - папера, дрэва, шкло, тканіна.

Звычайныя маркеры: часцей за ўсё выкарыстоўваюцца толькі на паперы ці кардоне.

3. Вадаўстойлівасць

Акрылавыя маркеры: пасля высыхання становяцца ўстойлівымі да вады і вонкавых уздзеянняў.

Звычайныя маркеры: не ўстойлівыя да вады, іх чарніла можа выцірацца.

4. Тэкстура і эфект.

Акрылавыя маркеры: забяспечваюць матавую, непразрыстую тэкстуру, якая нагадвае акрылавую фарбу.

Звычайныя маркеры: чарніла часта празрыстае, асабліва на цёмных паверхнях.

5. Магчымасць шматслойнасці.

Акрылавыя маркеры: дазваляюць накладваць пласты фарбы без размазвання папярэдніх.

Звычайныя маркеры: чарніла можа змешвацца ці размазвацца пры паўторным нанясенні.

Акрылавыя маркеры прадаюцца ў наборах з 12-80 колераў.


Наборамі па 1/2 шт. прадаюцца металічныя маркеры-пэндзлі колеру: золата, срэбра, белы колер. Шырока прымяняюцца ў рытуальных бюро.

Акварэльныя і водныя маркеры ўтрымоўваюць сумесь фарбавальніка і вады , што робіць іх аўтсайдарамі ў свеце маркераў. Яны не заўсёды расцякаюцца па паперы гэтак хутка, як спіртавыя маркеры, але ўсё ж могуць пашкодзіць паверхню, калі выкарыстоўваць непрыдатную паперу.

(Працяг у наступным нумары.)

Міні-музей "Беларуская хатка"

У ДУА "Дзіцячы сад № 33 г. Ліды" адбылося сапраўднае свята - адкрыццё міні-музея "Беларуская хатка".

Адкрыццё міні-музея - гэта толькі пачатак вялікай працы па захаванні і папулярызацыі беларускай культуры. Ён стане цэнтрам, дзе дзеці змогуць дакрануцца да сваіх каранёў, адчуць гонар за спадчыну і зразумець, што кожны з нас - частка вялікай гісторыі.

ТК "Адукацыя Лідчыны".

У Вільні і літоўскіх дварах, успаміны 1815 - 1843 гадоў1

Габрыэля Пузыня

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Адной з характэрных постацяў Вільні, праўда больш звязанай з эпохай, чым уласна з горадам, быў Хацкевіч (ці Гацкевіч)70, вядомы пад мянушкай "гулец" ці нават "шулер", якія ён сам прызнаваў, як быццам шукаў славы ў тым, што было ганьбай. Ягоныя досціпы пахлі цынізмам, і з адных толькі гісторый пра яго, анекдотаў і салёных адказаў, можна было б скласці вялізную кнігу. Напрыклад, магнатам, якія валодалі вялікімі маёнткамі ён казаў, што "яны былі панамі з сялян, а ён быў панам з паноў" (бо яны разбагацелі з сялян, а ён з паноў, абыгрываючы іх - Л. Л.). Калі нехта віншаваў яго з тым, што набраў вагу, адказаў: "Чаму б і не? Я з'еў двух Патоцкіх". Калі мая маці паскардзілася, што не можа заснуць (у Вільні) з-за шуму ўнізе, дзе быў шынок, адказаў: "Супакойцеся, пані, я ўсё папраўлю". І насамрэч, наступная ноч была ціхай, і калі мая маці спытала ў Хацкевіча, як ён гэта зрабіў, той адказаў: "Гэта мае людзі, яны мяне слухаюцца". Гэты чалавек падпарадкаваў сабе ўсіх злачынцаў. Калі гаварылі пра дрэннага ксяндза, ён казаў: "Гэта мой каплан", а калі згадвалі жанчыну з дрэннай рэпутацыяй, адказваў: "Гэта маліна з майго лесу". Аднойчы на вуліцы ён спаткаўся з трыма асобамі такога самага кшталту, але трошкі менш вядомымі, чым ён. Гэта было на ходніках каля аптэкі. "Пройдзем трохі далей, бо калі ўбачыць аптэкар, дык зробіць з нас воцат", - заўважыў Хацкевіч (хто ж не ведае, так званы "Воцат чатырох зладзеяў", які ёсць самым лепшым). Рэкамендуючы свайго сына, казаў: "Вось гэты малады чалавек мае толькі два недахопы - ён мой сын, і яго прозвішча Хацкевіч". У Тульчыне, падчас кірмашу ён адчыніў срэбны зал з гульнёй у фараона, Тадэвуш Чацкі ўбачыў, як тасуе карты і спытаў: "А што, Хацкевіч, ты заўсёды па-старому робіш з валетаў - дам, а з дзевятак - дзесяткі?". "Заўсёды", - не саромеючыся адказаў шулер: "І падобна, мы з табой не зменімся - я заўсёды буду рабіць з валетаў дам, а ты выдаваць памяць за розум".

Аднойчы ў пакоях Шчэнснага Патоцкага ён быў зачараваны прыгожай ніткай перлаў, якая належала самой графіні, грачанцы, былой жонцы генерала Віта, якую разам з маёнткам Зафіёўка апяваў Станіслаў Трамбіцкі71. Перлы тыя былі памерам з вішню і каштавалі, як вялікі маёнтак. Усе жадалі ўбачыць іх зблізку, перлы перадаваліся з рук у рукі, і калі графіня, нарэшце, захацела атрымаць іх назад, пэрлаў ні ў каго ўжо не было… Хацкевіч быў сярод тых, хто аглядаў упрыгожванні. "Паслухай, не трэба", - сказаў граф Патоцкі, адводзячы яго ўбок: "Я не хачу ніякага розгаласу, але гэта твая работа, аддай мне перлы". "На гэты раз не я", - адказаў зусім не пакрыўджаны кароль цынікаў: "Але будзь пэўны, граф, згубленае знойдзецца, ад маіх вачэй нічога не схаваецца". І агледзеўшы спрактыкаваным вокам усе твары, ён спыніўся на адным маладым чалавеку і вывеў яго з залы, нешта шэпчучы на вуха. Замкнуўшыся з ім у пакоі, сказаў прама ў вочы: "Аддай перлы!". Пад пранізлівым позіркам Хацкевіча маладзён дарэмна пачаў адмаўляцца. "Я бачыў, як ты паклаў іх у кішэню", - упэўнена сказаў стары авантурнік. Тады юнак упаў яму ў ногі і закрычаў: "Ратуй мяне, пане, пазыч мне тваю галаву!". "Гультай!", - адказаў Хацкевіч. "Каб твае рукі дадаць да маёй галавы, уся Еўропа не мела б спакою!". Вернутыя пэрлы праз гадзіну былі на шыі прыгожай Зоф'і.


Яшчэ адзін эпізод у доме Самсона. Аднойчы ўвечары, калі маёй маці не было, а мы з панам Бенядзіктам рабілі ўрокі, карэта вярнулася пустой, пасля чаго забег лакей і сказаў, што маці прыслала яе па нас, каб з вокнаў княгіні Чацвярцінскай назіраць за пахаваннем малой княжны Зубавай. Пачуўшы гэта, мы нават не развіталіся з панам Бенядзіктам, які тым не менш, як і мы, застаўся задаволены, апрануліся ў футры і паехалі глядзець знакамітае не толькі на ўсю Вільню, але і на ўсю Расію пахаванне, бо нябожчыца з'яўлялася адзіным нашчадкам святлейшага князя Зубава, які ў Вільні жыў у выгнанні (хоць не быў пазбаўлены свайго велізарнага багацця, падараванага Кацярынай ІІ) і ажаніўся з паннай Тэкляй Валентыновіч72, якая трапіла яму ў вочы ў віленскім казіно тры гады таму. Гэты, вядомы ўсёй імперыі шлюб, закружыў галаву бедным маці, якія мелі прыгожых дачок без пасагу, і пасля яго бедны бацька-шляхціц не раз аддаваў свой апошні грош, зароблены крывавым мазалём, на бальную сукенку для дачкі ў надзеі, што яна таксама прыцягне ўвагу якога небудзь магната. Але цуд больш не паўтарыўся, а калі і здарыўся адзін раз, дык толькі таму, што тактоўная маці (пані Валентыновічава) умела так сябе паводзіць з вялікім панам, што ён, не меў магчымасці займацца пустым баламуцтвам з яе прыгожай дачкой, а мог наблізіцца да яе толькі як жаніх. Панна Валентыновіч была ўжо заручана з іншым мужчынам і, паколькі яе жаніх жыў на вёсцы, не хацела без яго ісці ў казіно. Не абышлося без слёз, але маці прымусіла зрабіць гэта. Убралася ў белую сукню, з пунсовай кветкай у чорных валасах - такой яе дасюль памятаюць сучаснікі ў той вырашальны вечар. Задуменная і бледная, села ў карэту разам з маці і была яна "ладнай дурніцай", як патаемна казала яе маці сваім сяброўкам. Для румянцу маці некалькі разоў ляпнула па яе белых шчоках, а потым правяла ў залу Мюлераў, дзе лёс дзяўчыны вырашыўся з першага разу! Іншыя кажуць, што князь Зубаў упершыню ўбачыў яе ў акне, дзе яна выхукала сабе кружок на замёрзлым шкле і з цікаўнасцю назірала на войскамі, якія праходзілі каля дома. Гэтак ці не, але напэўна ўсё ўжо была напісана на нябёсах. Калі дайшло да справы, першы яе жаніх паразумеўся з князем, і неўзабаве адбылося вяселле. Праз год памёр князь, а яшчэ праз два гады - ягоная дачушка, пахаванне якой было такім прыгожым, што да гэтага часу засталося ў маёй памяці. Як Млечны шлях у аксамітную ноч ззялі свечкі і паходні ў руках манахаў дзесятка канвентаў, якія парамі ішлі па Нямецкай вуліцы ажно да вуліцы Місіянерскай, бо памерлая князёўна была каталічкай па матчынай лініі. З яе смерцю большая частка маёмасці ўзбагаціла пляменнікаў князя. Маладая ўдава праз некалькі гадоў выйшла замуж за графа Шувалава. Яе маці акрамя трох замужніх мела яшчэ чатыры дачкі на выданне (усе адна за адну прыгажэйшыя), пасялілася ў Вільні і без спеху, але не губляючы ні магчымасцей ні часу, усіх добра выдала замуж. Яе малодшыя дочкі былі выхаваны больш старанна, чым старэйшыя. Пра княгіню Зубаву казалі, што ўпэўненая ў сваіх чарах, яна не хацела вучыцца, хоць гэтага і патрабаваў муж. Пра яе расказвалі забаўныя рэчы, у тым ліку і тое, як яна, ужо будучы ўдавой, размаўляла з імператарам Аляксандрам укленчыўшы на крэсле. Навука так палохала яе, што не наведвала людзей, якіх лічыла вучонымі ці разумнымі і казала, што "яны - шэльмы, будуць экзаменаваць мяне па гісторыі". У гэтую катэгорыю ўваходзілі жонка князя Каласанты Чацвярцінскага, пані Любанская і мая маці. Сённяшняя графіня Шувалава, разам з маладосцю страціла свае чары, але стала даволі выбітнай асобай, бо жанчыне не шмат трэба, каб выглядаць адукаванай, галоўнае - мець жаданне. "Як маецца пані паручнікава?", - з'едліва спытаў сенатар Навасільцаў у пані Валентыновічавай, жадаючы ўпікнуць яе за нізкі ранг новага зяця Шувалава, але тая, не разгубіўшыся, адказала: "Вы жадаеце пагаварыць пра княгіню? Ці ж вы не ведаеце, што яна ўжо не княгіня, а графіня?".


На працягу многіх гадоў, яшчэ да заснавання Дома Дабрачыннасці, кожную вясну ладзіліся спектаклі на карысць бедных. У часы паноў Франкаў даваліся канцэрты і нават оперы. Пан прэзідэнт Ян Ходзька ставіў драмы і трагедыі, а першая жонка пана дэ Шуазеля выконвала ролю Федры (пераклад ваяводы Хамінскага), разам з ёй у пастаноўках прымалі ўдзел Марыя Мірская, Міхал Ромер, граф Жавускі і г. д.

Рустэм у мае часы ставіў жывыя карціны. Адна з іх асабліва ўрэзалася ў памяць у 1823 г. Гэта была карціна з царыцай Семірамідай разам са сваім дваром у момант з'яўлення цені Ніна. Прасторная сцэна тагачаснага тэатра на вуліцы Віленскай, у доме Кажынскіх (пазней - Вішнеўскіх) дазваляла стварыць карціну вялікіх памераў. Панна Аляксандра Бякю сядзела на высокім троне, яе прыгожыя і сур'ёзныя рысы твару, яе постаць, узвышаная над іншымі жанчынамі, была годнай вавілонскай царыцы, асабліва, калі застывала ў жаху пры з'яўленні цені цара Ніна, а потым, па яе прыкладзе гэта рабіў і ўвесь двор (карціна была ў двух зменах). Рустэм з вялікім мастацтвам паставіў так, каб нават менш прыгожыя асобы не губляліся сярод прыгожых. Панна Цэліна Сулістроўская, талія якой была крыху задоўгай у параўнанні з ножкамі, на кукішках і ў профіль перадавала царыцы скіпетр на парчы, у той час як яе маці, чыя постаць была крыху занадта тоўстай, выглядвала з-за дачкі, і яе поўны цікаўнасці твар ствараў прыемны кантраст з мармуровай нерухомасцю дачкі. Затое прыгожы твар і постаць Камілы Тышкевічоўны ў вобразе Аземы, якая бліжэй за ўсіх стаяла каля трона, была бачна ва ўсёй сваёй красе - ад маленькіх ножак да гордага выразу твара, пэўна, і сапраўды яна была вельмі прыгожай, калі і сёння многія кажуць, што не панна Бякю, а панна Каміла была той самай Семірамідай73.

Што да драм, то ставіліся наступныя: "Каханкі хуткай поштай" і "Барбара Запольская", у якой галоўную ролю грала княжна Элеанора Чацвярцінская, а каралём Жыгімонтам быў яе кузэн Генрык Грахольскі. Вясной 1824 г. цётка Шуазель грала ў французскай камедыі "Les ricochets" ("Рыкашэты" - Л. Л.). Акрамя таго на карысць сірот прыюта "Дзіцятка Езус" была пастаўлена п'еса з дзецьмі. Гралі "Agarе na puszczy" 74 і "La Colombe" па-французску, п'есы пані дэ Жанліс і перакладзеную п'есу Расіна "Ataljе". Усе яны пачыналіся з пралога, у якім Купідон, Меркурый і Флора дзеля дзіцяткі Езуса абвяшчалі хрысціянскай супольнасці наступную п'есу. Аўтарам гэтага дзіўнага пралогу быў адзін з самых пабожных людзей Юзаф Лапацінскі, але ён, як выхаванец ранейшай класічнай школы, не любіў паэзіі без міфалогіі.

Любы дом Самсона. Столькі ты пакінуў прыемных успамінаў!


Праз год мой хрышчоны бацька Караль Пшаздзецкі ўжо вёз жонку ў свае прыгожыя Смаргоні. Ён ажаніўся ў 1825 г., але выбраў жонку не сэрцам ці вачамі, а як даўжнік, каб супакоіць сваіх крэдытораў. Яго жонка была багатай, а не маладой і прыгожай. Панна Карнелія Горская з яе 70000 пасагу гатоўкай была ўжо паўнапраўнай гаспадыняй (яе бацькі памерлі), жыла ў пані маршалковай Ляхніцкай і не доўга думаючы, прыняла прапанову графа Пшаздзецкага. Вышэйшы свет за здзіўленнем глядзеў на гэтую пару, якая паміж сабой пасавала па ўзросце, становішчы і паходжанні, але не па характарах і абставінах. Спалоханыя чорныя вочкі панны Карнеліі нават не глядзелі на нарачонага, якога яна потым вельмі пакахае. А ён, ідучы да алтара, як да мазуркі, увесь час голасна паўтараў каб заглушыць сваё сэрца і меркаванне іншых: "Que ma fiancee est la plus belle des belles du moment, que je l'ai choisi". (фр. "Мая нявеста самая прыгожая красуня, і я яе выбраў сам". - Л. Л.). Іншым разам, пасля добрай вячэры, ён сказаў, што не мог даць крэдыторам лепшага доказу сваёй адказнасці.

Шлюб пана палкоўніка з паннай Карнеліяй адбыўся ўвесну ў Вільні, і адразу пасля гэтага ўладкавалі ўрачыстыя пераносіны з ілюмінацыяй па дарозе ў мястэчка Смаргонь, у вокнах якога, услед за праязджаючымі маладымі, чароўным чынам, магічна, запальвалася святло. У доме мужа пані Карнелія не стала ні больш смелай, ні больш гаваркой, чым да вяселля. Яна ніколі не казала "муж", але толькі "сам", аднак, хоць і здавалася дзікай і быццам напалоханай, сумела адгарадзіцца ад пані сенатаравай Агінскай, якая, як самая блізкая суседка Смаргоняў, часта наведвала пана палкоўніка і прызвычаілася весці рэй у яго доме, у якім раней не было гаспадыні. Добра адукаваная пані Карнелія любіла чытаць, але для чужых хавала свае захапленні ў кішэні. Размаўляла не шмат, ды і то на вуха з тым, хто сядзеў побач з ёй. Аднак усе яе меркаванні былі разумнымі, яснымі і надышоў час, калі яна даказала веліч свайго сэрца.

Год 1825

Калі і на гэты раз зіма прымусіла нас вярнуцца ў Вільню, мы пасяліліся ў прыгожых пакоях дома Карпаў-Плятэраў па вуліцы Троцкай (сёння дом графаў Тышкевічаў) з высокімі скляпеністымі столямі. Уладальнікам палаца ў той час быў граф Фердынанд Плятэр, які атрымаў яго ў пасаг за жонку з Карпаў. Граф Фердынанд лічыўся ў той час вельмі супярэчлівай і кур'ёзнай асобай. Твар меў больш, чым непрыгожы, а сам быў такі худы, што каб не вата ў падкладцы, меў бы падабенства са страшным павуком. Аднак быў чароўным, ветлівым, надушаным, бестурботным і добра прычэсаным чалавекам, які цалаваў дамам ручкі, пяшчотна глядзеў ім у вочы, казаў кампліменты і шмат каму падабаўся. Яго звалі князем Азорам (з рамана "La belle et la bete" - фр. "Красуня і пачвара", Азор - імя пачвары - Л. Л.), і нейкая дама, каб пераканацца, ці праўду пра яго казалі, аднойчы ўторкнула яму прут у лытку. Прабіты, як матыль на шпільцы, ён спакойна працягваў гуляць па бульварах. Меў прыгожую карэту, з шасцёркай найлепшых гнядых коней, з шырокімі, як канапа козламі, а на белай капе з махрамі, якой пакрываліся козлы, блішчэў герб уладальніка з масіўнага срэбра, які красамоўна казаў пра гаспадара. "Bonjour ma belle voisine" (фр. "Прывітанне, мая прыгожая суседка". - Л.Л.), - такі камплімент ён казаў пры сустрэчы дзевяцігадовай дзяўчынцы і, хто ведае, як далёка мог бы завезці яе ў гэтай прыгожай карэце са срэбным гербам і залатымі коньмі.

Граф Фердынанд меў высакародны густ ва ўсім: яго вёска ззяла самымі прыгожымі кветкамі, ён любіў і меў сабак чысцюткай англійскай пароды - тэр'ераў, і апошні з яго сабакаў закончыў свае жыццё на целе свайго ўжо мёртвага гаспадара.


Галоўнай мэтай зімоўкі ў горадзе была наша адукацыя. Кожны год дабаўляў нам адну гадзіну ўрокаў. На гэты раз французскай мове вучыў пан Пінабель, падобна, эмігрант часоў французскай рэвалюцыі. Невысокі, каржакаваты, з вялікім, падобным на ястраба носам і выпуклымі, чорнымі вачыма.

Наша сямейнае кола складалася з тых жа самых асоб: Вайніловічаў, дзядзькі Рудольфа, былой жонкі Фелікса Патоцкага Зоф'і, якая стала генералавай Несялоўскай75. З генералам яна была заручаная яшчэ ў пятнаццацігадовым узросце, але перад самым вяселлем разарвала заручыны, каб праз шмат гадоў вярнуцца да яго. Яна - ужо ўдава, а ён разведзены з Радзівілоўнай, пабраліся шлюбам, каб праз некалькі гадоў разысціся назаўсёды. Але гэтыя некалькі гадоў яны жылі ў Вільні ў поўнай згодзе, прымалі гасцей і давалі вялікія балі для сваіх дзяцей - Ізабэлы Патоцкай і дзвюх Несялоўскіх - Ванды і Ідаліі, якія належалі да плеяды віленскіх прыгажунь. Генерал, з непрыгожым чырвоным тварам, быў адным з самых годных людзей нашага края. Некалі, у вельмі маладым узросце, ён змагаючыся пад кіраўніцтвам Касцюшкі, заслужыў лаўровы вянок і другі раз атрымаў ўяўны вянок грамадзяніна, калі спадчынны маёнтак у даўгах пасля бацькі, аддаў крэдыторам, амаль што нічога не пакінуўшы сябе. Ні да, ні пасля гэтага, ніколі не было больш выгаднай для крэдытораў эксдывізіі, накіраванай супраць дзедзіча. Аднак гэтыя цноты не прынеслі яму шчасця ў сямейным жыцці, абедзве жонкі пакінулі яго, наперадзе чакае выгнанне, страта зроку і адзінокая смерць …, але гэта будзе потым.

Дом маладажонаў быў узорна адчынены для ўсіх. Падчас вялікага паста, гралі ў гульні, сталы поўніліся гравюрамі, літаграфіямі і карыкатурамі, якія не давалі знудзіцца тым, хто не любіў карты ці гульні. І нават малыя вечары за партыяй у віст (які вельмі любіла пані генералава) не абыходзіліся без вячэры, як быццам неахвотна і выпадкова пададзенай на малых століках, што добра ўмела рабіць гаспадыня, без ведама якой ніхто не меў права ні атрымаць, ні даць хоць нават кавалак хлеба. І тоўсты камердынер Кабялянскі выдатна граў камедыю. На пытанне пані, сказанае тонкім голасам: "Кабялянсю, што там маеш?", ён густым басам пералічваў: аленіна, кампот і г. д., так, што і да сёння ў маёй сям'і падобныя вячэры маюць назву "a la, Кабялянсю, што там маеш".


У траўні адбыўся шлюб самай багатай пары Літвы, бо Бенядзікт, старэйшы сын велятыцкага старасты Тышкевіча, жаніўся з самай маладой з Ванькавічанак Вандай, яму вельмі патрабаваўся жончын пасаг.

Падчас вяселля панны Ванды прыйшла вестка пра нараджэнне дачушкі (трэцяга дзіцятка) у дзядзькі Канстанціна, ахрышчанай Аленай. Праз два гады ў яго нарадзілася дачка, якая атрымала імя бабулі - Марыя.

У тую самую вясну, у красавіку, ажаніўся будучы аўтар "Літоўскіх малюнкаў" Ігнат Ходзька, вядомы да гэтага сваімі масонскімі песнямі. Мы пазнаёміліся падчас спектакляў для бедных, калі ён, каб растлумачыць некалькі сцэн з "Вызваленага Іерусаліма", дэкламаваў на сцэне сваім насавым, спеўна-ліцвінскім голасам пераклад Пятра Каханоўскага.


Летам мы паехалі ў Варшаву да бабулі Тызенгаўз. Нашы бацькі не былі ў яе дзесяць гадоў, а мы наведвалі ўпершыню. З Вільні ехалі паштовым лідскім трактам на Слонім і Бярэсце. Хоць і поштай, аднак рухаліся не хутка бо ў праграме мелася некалькі дамоў сваякоў і сяброў, якіх немагчыма было прапусціць. Убок ад станцыі Дзятлава ляжаў Жалудок, у якім мы не былі з моманту пераезду сюды дзядзькі з маладой жонкай.

Пасля нараджэння трэцяй дачкі Эльфрыдкі цёця сустрэла нас з самай вялікай пяшчотай. Дзядзька прыехаў на наступны дзень, я памятаю, быццам гэта было сёння, як мы ўсе стаялі на ганку, а дзеці праз адчыненае акно радасна крычалі: "Тата! Тата!". Дзядзька затрымаўся каля акна і абняў Маню і Юзю. Цёця пакрыўдзілася, яна чакала, што яе абдыме першай, на твары з'явіўся румянец, і яна паспешліва вярнулася на сваё месца, муж кінуўся за ёй, і хутка наступіла згода. Магчыма, чалавечаму сэрцу трэба так моцна пакутаваць, нават калі няма рэальных прычын і мы ствараем іх з паветра.

Пасля пяці шчаслівых дзён у дзядзькі шкада было развітвацца, але ў Накрышках нас чакала цётка бацькі, паважаная пані Стравінская з дома Валадкевічаў.

У доме бабулі Стравінскай усё было па-старому: вялікія пакоі з панелямі, паважаныя пані і г. д. Наступны дзень прыпадаў на нядзелю, і пасля імшы прыйшлі ўсе суседзі - Дмахоўскія, Корсакі і разам з імі і малады Антоній Эдвард Адынец, родам з Ашмянскага павета, ён тады толькі пачынаў сваю пісьменніцкую кар'еру. Яго пазнаёмілі з маім бацькам і, калі тата спытаў, што ён піша, Адынец схіліў галаву набок і адказаў: "Верш "Паляванне"". Бацька загадаў мне прачытаць паэту адну з маіх баек, і так, праз выпадак, у наднёманскай старонцы пачалося мае знаёмства з будучым аўтарам "Барбары" і "Феліцыты", у 1830-я гады гэта знаёмства аднавілася над Віліяй. А тады яго наперадзе яшчэ чакала падарожжа ў Рым разам з аўтарам "Валенрода", чакалі Арно, Тыбр і Эльба, а таксама знаёмствы з Гётэ, Торвальдсанам і Манцоні. Ён ужо павінен быў мець прадчуванне і прагу да гэтага, бо адрозніваўся ад усіх іншых, якія сядзелі за доўгім сталом у Накрышках.

Па дарозе ў Бярэсце мы праязджалі праз маёнткі, якія раней належалі падскарбію Тызенгаўзу, дзядзьку маёй маці па мячы, гэта былі перададзеныя яму каралеўшчыны. І мая маці расказвала пра фабрыкі, школы і ўстановы, якія ён там заклаў і кіраваў імі. Усе яны былі скасаваныя ў выніку інтрыг зайздросных прыдворных і не аднавіліся пасля смерці іх заснавальніка, маральна атручанага няўдзячнасцю караля і землякоў. Але ў краі ўсё яшчэ заставаліся сляды яго дабрачынных устаноў: каморнікі, драматычныя артысты, танцоркі і рамеснікі. Такой вялікай была праца і геній падскарбія! А знакамітая Ледахоўская76, якую, як прыгожы сон памятаю на віленскай сцэне ў трагедыях і камедыях "Капрызы маладой жонкі" і "Панна - палкоўнік гусараў", была дачкой слаўнай Трускаляскай, гэтая актрыса з быценьскай школы паступіла на варшаўскую сцэну.


У Цярэспалі, адразу за Бярэсцем, палягала мяжа, якая аддзяляла Расійскую дзяржаву ад Каралеўства, мяжу разам з мытамі на тавары адмянілі ў 1850 г. Палова маста цераз Буг з боку Расіі была пафарбавана ў чорна-фіялетавыя пасы, а з боку Каралеўства - у бела-чырвоныя. І калі з дзяцінства, як "чыжык у клетцы", мы былі прызвычаеныя да сваіх чорных кратаў і таму амаль што абыякава віталі больш светлыя колеры, дык наша маці, якая нарадзілася свабоднай, расчулілася і заплакала пры выглядзе колераў яе маладосці.

Роўная і цвёрдая шаша, якая пачыналася ад Бярэсця, паскорыла нашу вандроўку, пры тым, што ў карэту запрагалі толькі чацвёрку коней і пару ў брычку. Хуткая язда прыспешвала нашы думкі, і яны ўсё хутчэй і хутчэй імчаліся да мэты падарожжа. Настрой уздымалі інжынерныя дамкі з чэсанага каменю і сады з кветкамі, якія хутка праляталі за вокнамі карэты.

Усе мы круціліся, як жорны. Маці адчувала сябе на радзіме, дабывала з сваёй памяці гісторыі і анекдоты, забаўляла нас апісаннямі вясёлых фігляў і жартаў, якімі пад урадам Прусіі варшаўская моладзь спрабавала разварушыць нямецкую флегму. Як аднойчы ўначы змяніліся шыльды на крамах па ўсім горадзе, і на наступны дзень усе з вялікім здзіўленнем пыталі ў купцоў, шаўцоў, краўцоў і ювеліраў аб гэтым. Як сыны адміралавай, тры браты Радзівілы з Нябарава - Людвік, Валенты і Міхал, прыехалі на паштовую станцыю разам з нейкім панам Фірам ці Фіракам, пасля чаго кожны паасобку ўзяў пошту і абагнаў немца, каб на наступнай станцыі запісацца Айн, Цвайн, Драйн. Першы праехаў адразу, другі трошкі здзівіў паштмайстра, а трэці збянтэжыў і выклікаў у яго мігрэнь. Чацвёртага, Фіра, арыштавалі (па-нямецку: eins, zwei, drei, vier - адзін, два, тры, чатыры - Л. Л.)

Вось і станцыя Мілосная, апошняя перад Варшавай. Нашы сэрцы б'юцца мацней. Мая расчуленая маці ўзрушана надзеяй пацалаваць сваю маці, але коней няма! Неўзабаве коней усё ж знайшлі, і мы рушылі наперад. І праз некалькі гадзін былі ўжо ў абдымках бабулі!

Адзінаццаты год бабуля займала другі паверх дома Герлаха на Кракаўскім прадмесці, перад брамай дома раслі два каштаны. Яе пакоі, якія цяпер належаць гатэлю "Еўрапейскі", ператвораны ў пастаянную выставу карцін мясцовых мастакоў, але і ў бабуліны часы на сценах пакояў таксама віселі творы прыгожага пэндзля, якія зараз з'яўляюцца часткай галерэі яе ўнука Райнольда Тызенгаўза. Бабуля мела тады 61 год. Была вельмі тоўстай і цяжкай, мела прыгожыя, белыя рукі ідэальнай формы і рысы твару Пшаздзецкіх, трошкі завялікія, але лагодныя. Размаўляла ціха і павольна, з парыжскім вымаўленнем у французскай мове. Бабуля песціла ўнучкаў рознымі спосабамі і чакала нас з прыгожымі капялюшыкамі. У яе двух салонах было шмат птушак - зялёны папугай (які карыстаўся вялікай папулярнасцю ў бабулі) і клетка, поўная канарэек і спеўных снегіроў. У прадпакоі вісеў гадзіннік з курантамі, які, калі пацягнуць за шнурок, іграў вальс "Мой мілы Аўгустын". Бабуля сама даглядала птушак, і вакол яе ўсё было чыста і акуратна, ведала, дзе ляжыць кожная дробязь, і сама, хоць і з цяжкасцю, хадзіла даставаць рэчы з шуфляд і скрынак. Прыгожыя гнядыя англізаваныя коні77, якіх яна называла "mes petit s grands ducs" (фр. "маленькія князі (ці вялікія герцагі)". - Л. Л.), вазілі нас на шпацыры ў Лазенкі і Батанічны сад, у Мокатаў і яшчэ далей. Але рабілася гэта толькі выключна дзеля нас, бо любімым месцам паездак бабулі былі Іерусалімскія рагаткі - алеі, засаджаныя італьянскімі таполямі, якія нас трошкі знудзілі. Кожную раніцу тата вадзіў нас у які-небудзь музей, абсерваторыю, манетны двор ці ў палацы: Заёнчака, Патоцкага ці Красінскіх, у якіх акрамя прыгожых пакояў былі розныя гістарычныя рэчы ці карціны гістарычнага зместу, як напрыклад партрэт няшчаснай Францішкі Красінскай, "Бітва пад Самасьерай" (Вярнета)78 і г. д. і г. д. Нас таксама вазілі ў Вілянаў каб паглядзець на таполі, якія пасадзіў Сабескі. Нядаўна адроджаная Варшава з дзейным парламентам, які ўзначальваў сам імператар Аляксандр І, была вясёлай і прыгожай, яна мела ўласнае войска і кожную нядзелю нас будзілі і падымалі з ложкаў гукі радаснай музыкі, якая суправаджала школу падхарунжых на шляху ў фару.

(Працяг у наступным нумары.)

1 Gabrjela z Guntherоw Puzynina. W Wilnie i w dworach litewskich: pamiаtnik z lat 1815-1843. Wilno, 1928. Пераклад Леаніда Лаўрэша.

70 Хацкевіч ці Хадкевіч Ігнат, слынны авантурнік канца XVIII - пачатку XIX ст. Пра яго гл. Morawski Stanislaw. S. 111-128, 480.

71 Грачанка Зоф'я, у першым шлюбе - Віт, у другім - Патоцкая, Зафіёўка - адзін з самых прыгожых у Еўропе паркаў, закладзены адмыслова для жонкі Патоцкім за 15 мільёнаў злотых (зараз паўночная частка горада Умань ва Украіне), Тульчын (зараз у Вінніцкай вобласці), рэзідэнцыя Станіслава Шчэнснага Патоцкага, дзе свае апошнія гады правёў паэт Станіслаў Трамбецкі (1739-1812). - Л . Л .

72 Тэкля Зубава з Валентыновічаў узятая як вобраз у 3-й часцы "Дзядоў". Пра яе гл: Morawski Stanislaw. S. 269-275, 277-285, 499, 501.

73 Антон Адынец пісаў: "... жывыя рухомыя карціны, у якіх арганізатар усяго гэтага на даход Дабрачыннасці яе старшыня пан Ян Ходзька мне таксама прызначыў адказны ўдзел.

Задума жывых рухомых карцін была зусім новай справай, а складаннем і выкананнем яе займаўся сам прафесар жывапісу Рустэм. Яны павінны былі паказваць тры сцэны з "Вызваленага Ерусаліма" Таса, у якія ўваходзяць Эрмінія, Клярында і Арміда. Эрмініяй была прыгожая графіня Каміла Тышкевіч, Клярындай - панна Аляксандра Бякю, Армідай - панна Зоф'я. Я павінен быў прадстаўляць Таса і, седзячы наперадзе сцэны, мусіў голасна чытаць, нібы сабе самому, тыя тры сцэны (трэба разумець, у польскім перакладзе Пятра Каханоўскага), а падчас таго чытання асобы, якія былі ў карцінах, мусілі паводле тэксту мяняць позы. Гэтыя змены патрабавалі доўгіх рэпетыцый, а тыя рэпетыцыі для ўсіх удзельнікаў, а прынамсі для рэпрэзентанта аўтара, былі вельмі цудоўным заняткам. Рэпрэзентацыя была таксама выдатная, так што па агульным патрабаванні публікі было вырашана паўтараць яе некалькі дзён". - цыт па: Адынец А. Э. Успаміны пра мінулае. Мінск,, 2020. С. 162.

74 "Агаранін ў пустыні" - аднаактавая опера кампазітара Караля Курпінскага (1785-1857), на лібрэта пані дэ Жанліс (de Genlis, 1746-1830, вядомая ў свой час пісьменніца).- Л. Л.

75 Ксаверы Несялоўскі (1773-1842), сын наваградскага ваяводы Юзафа, члена Рады ў Вільні ў 1794 г., унук мсціслаўскага і смаленскага ваяводы Казіміра. Ксаверы першы раз быў жанаты з Вікторыяй Радзівілоўнай, другі з Зоф'яй Пацоўнай.

76 Юзэфа Ледахоўская з Трускаляскіх (1780-1847) адна з самых знакамітых драматычных артыстак таго часу. Пакінула сцэну ў 1833 г. - Л. Л.

77 Коні з коратка падрэзаным хвастом, як гэта было прынята ў Англіі. - Л. Л.

78 Зараз карціны знаходзяцца ў Варшаўскім палацы, Кракаўскае прадмесце № 5. Заўвага 1928 г.

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

Імя Міклуха-Маклая, Луіса Маера і іншых: Брук, Маер, Сафронаў; эфектныя, але няслушныя меркаванні (Сянкевіч і Здзяхоўскі)

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-52 (105-156) (2024); № 1-44 (157-200) за 2025 г.)


Шмат натхнення ўжо ў нашым раннім індзеянісц-кім жыцці мы бралі з амерыканскіх лістоў, нарысаў і апа-вяданняў Генрыка Сянкевіча, "Litwosa".

Літаратуразнавец Здзіслаў Найдэр адзначаў, што першым пра лісты Сянкевіча з Амерыкі пісаў Мар'ян Здзяхоўскі, які "выказаў пра іх меркаванні несумненна эфектныя, але - і - таксама несумненна - няслушныя".

Ураджэнец Беларусі Здзяхоўскі напісаў свой нарыс "Генрык Сянкевіч у "Лістах з падарожжа па Аме-рыцы" і амерыканскіх абразках" у час вучобы ва ўнівер-сітэце і змясціў яго ў варшаўскім штомесячніку "Атэ-неум" (Ateneum, 1882).

Наколькі Найдэр змог меркаваць па тэксце арты-кула, Здзяхоўскі не заўважыў спачування Сянкевіча да індзейцаў, а ўхапіў атмасферу небяспечных прыгод "сярод" людзей, але ўсё ж непадобных да "цывілізаваных сваіх сабратоў". "Шмат таксама гаворыць аб адносінах індзейцаў да белых", а не наадварот. "Скватар мае зацятых ворагаў у самой прыродзе і ў авантурніках ды індзейцах, што бадзяюцца па пушчах". "Што ж да трапераў, уакерас і індзейцаў, з якімі бесперапынна сутыкаецца скватар, то ніякія правілы, што рэгулююць чалавечыя стасункі, не дасягаюць гэтых пустэч, а існуе адно жудаснае права лінча [Лінча]. Гэтую двайную бітву з прыродай і людзьмі не кожны вытрымае, падаюць таксама слабейшыя: можна было б сказаць, - заўважае аўтар, - што цывілізацыя пасы-лае сваіх атлетаў, каб пракладвалі ёй дарогу ў пушчы".

Літ .:

4248 Zdziechowski M. Henryk Sienkiewicz w Listach z podrozy po Ameryce i obrazkach amerykanskich // Ateneum. 1882. T. 2. S. 153-168.

4249 Zdziechowski M. Henryk Sienkiewicz w Listach z podrozy po Ameryce i obrazkach amerykanskich // Henryk Sienkiewicz: obraz tworczosci. Warszawa, 1931. S. 97-112.

4250 Zdziechowski M. Henryk Sienkiewicz w Listach z podrozy po Ameryce i obrazkach amerykanskich // Zdiechowski M. Szkice literacki __ I Warszawa, 1900. S. 7(9)-29.

БРУК Саламон (Solomon Bruk) - інфармацыя праекта "Айчынныя этнографы і антраполагі. XX ста-годдзе" (Отечественные этнографы и антропологи. XX век) пра гэтага ўраджэнца Рагачова:

САЛАМОН БРУК - ПАЧЫНАЛЬНІК ЭТНАДЭМАГРАФІІ Ў СССР

Біяграфія, адукацыя, кар'ера:

У 1937 г. паступіў на геаграфічны факультэт Мас-коўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. У час Вялікай Айчын-най вайны служыў у кавалерыйскай дывізіі, быў началь-нікам разведкі артылерыі дывізіі, узнагароджаны чатырма ордэнамі. Пасля дэмабілізацыі ў 1946 г. працягнуў вучобу ва ўніверсітэце, які скончыў у 1947 г.

У 1950 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю, у 1965 г. Бруку была прысуджана навуковая ступень доктара геаграфічных навук, а ў 1971 г. ён стаў прафесарам.

З 1953 па 1958 г. ён працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам у Інстытуце этнаграфіі АН СССР (з 1990 г. - Інстытут этналогіі і антрапалогіі) імя М. М. Міклуха-Маклая, затым у 1958-1961 гг. - старшым навуковым су-працоўнікам і ў 1961-1963 гг. - загадчыкам сектара. У 1963-1966 гг. быў выканаўцам абавязкаў намесніка дырэктара, а ў 1966-1988 гг. - намеснікам дырэктара Інстытута. У 1988-1992 гг. Брук быў галоўным навуковым супрацоўнікам, а ў 1992-1994 гг. - навуковым дарадцам Інстытута, а таксама галоўным навуковым кансультантам Цэнтраль-нага статыстычнага ўпраўлення СССР па пытаннях уліку нацыянальнага складу пры правядзенні перапісаў насель-ніцтва краіны.

З'яўляўся намеснікам галоўнага рэдактара ў энцы-клапедычных этнаграфічных выданнях: "Народы свету: Гісторыка-этнаграфіч-ны даведнік" (М., 1988), "Народы Расіі: Энцыклапедыя" (М., 1994).

Сфера навуковых інтарэсаў:

Этнагеаграфія, прыкладная этнаграфія, этнадэмаграфія, этнічная картаграфія.

Узнагароды і званні:

У 1980 г. прысвоена званне За-служанага дзеяча навукі РФ, у 1963 г. прысуджана прэмія імя М. М. Міклуха-Маклая РАН, у 1987 г. - Дзяржаўная прэмія СССР, у 2001 г. (пасмяротна) - Дзяржаўная прэмія Расійскай Федэ-рацыі.

Асноўныя навуковыя дасяг-ненні:

Адыграў вядучую ролю ў стварэнні фундаментальных выданняў "Колькасць і рассяленне народаў свету" (М., 1962), "Атлас народаў свету" (М., 1964). Распрацаваў новыя метады этнічнага картаграфавання. Аўтар прац па этнічнай сітуацыі ў краінах свету, якія суправаджаюцца зводнымі статыстычнымі табліцамі этнічнага складу насельніцтва. Лі-чыцца родапачынальнікам этнадэмаграфіі і этнічнай картаграфіі ў СССР.

Літ.:

992 Брук С. И. Население мира: этнодемографический справочник. М., 1981.

993 Брук С. И. Население мира: этнодемографический справочник. Изд. 2-е, перераб. и доп. / отв. ред. П. И. Пучков. М., 1986.

6629 Брук С. И. Миграции населения // Большая Советская Энциклопедия. Т. 16. М., 1974. С. 208-210. (Стб. 612-616.)

6630 Брук С. И. Народонаселение // Большая Советская Энциклопедия. Т. 17. М., 1974. С. 286-289. (Стб. 846-853.)

6631 Брук С. И. Этнографические журналы // Большая Советская Энциклопедия. Т. 30. М., 1978. С. 299. (Стб. 883-885.)

6632 Брук С. И. Этнографические институты // Большая Советская Энциклопедия. Т. 30. М., 1978. С. 299-300. (Стб. 885-888.)

6633 Брук С. И. Этнография / Исторические науки // Большая Советская Энциклопедия. Т. 24, кн. II. М., 1977. С. 375-376. (Стб. 1101-1104.)

6634 Брук С. И., Иванов Вяч. Вс. Языки мира // Большая Советская Энциклопедия. Т. 30. М., 1978. С. 467-470.

6876 Этнический состав населения СССР, конти-нентов и стран. Численность отдельных расовых групп. Численность народов по языковым семьям и групам / автор таблиц С. И. Брук // Народы мира: историко-этнографический справочник / гл. ред. Ю. В. Бромлей; ред. кол.: С. А. Арутюнов, С. И. Брук, Т. А. Жданко и др. М., 1988. С. 543-575.

6935 Брук С. И. Общие сведения о населении мира // Население земного шара: справочник по странам / отв. ред. С. И. Брук. М., 1965. С. 7-24.

8277 Брук С. И., Чебоксаров Н. Н. Метаэтнические общности // Расы и народы. М. 1976. С. 15-41.

4042 Bruk S. La population du monde: apercu ethno-demographique. Moscou, 1983.

4043 Bruk S. Procesos etnodemograficos: la poblacion del mondo en el umbral de siglo XXI. Moscu, 1985.

МАЕР Луіс Барт (Luis Burt Mayer) - ураджэнец Менска, якога спачатку звалі Лазар Меір або Меер, па бацьку Якаўлевіч, і адзін са слупоў Галівуда.

"Як кіраўнік Луіс Маер быў дастаткова строгім і дэспатычным, акрамя таго, ён часта ўмешваўся ў зды-мачны працэс і асабіста падбіраў увесь персанал кіна-студыі".

Значыць, падбіраў і індзейцаў?

Даступны тэкст, дзе знаходзім сцвярджэнні пра індзейскае паходжанне Авы Гарднер (Ava Gardner) і ролю Луіса Маера ў лёсе гэтай зоркі Галівуда:

ПЕРШЫЯ ПРОБЫ АВЫ ГАРДНЕР

Ава Лавінія Гарднер нарадзілася ў калядную ноч 1922 года ў маленькім мястэчку Грабтаўн (Брагдэн) у Паўночнай Караліне. Яна была малодшай з сямі дзяцей у сям'і Джонаса і Молі Гарднераў, бедных фермераў, што зарабляюць на жыццё вырошчваннем бавоўны і тытуню. Продкамі Гарднераў былі англійскія, шатландскія і ірланд-скія эмігранты і індзейцы з племені тускарора. Напаўпісь-менная, напаўжабрачая [полунищая], надзвычай пабожная [набожная] сям'я выхоўвала дзяцей у строгасці і паслушэнстве. Адзінай кнігай была Біблія, а адзінай забаўкай - спевы псалмоў.

У часы Вялікай дэпрэсіі Гарднеры згалелі: пры-йшлося прадаць ферму, пераехаць у горад і перабівацца выпадковымі заробкамі. Калі Аве было трынаццаць, бацька памёр ад бранхіту - і маці, і раней вельмі строгая да дочак, канчаткова звар'яцела на рэлігіі і без стомы пагражала дзецям страшнымі карамі за самую малую правіннасць [малейший проступок]. Аве, як добра выха-ванай дзяўчынцы, забаранялася падкрэсліваць сваю прыгажосць, насіць яркія ўборы і карыстацца касметы-кай, а таксама загадвалася цурацца мужчынскай увагі, на якую яна (з прычыны сваёй знешнасці) была асуджаная. Адзінай аддушынай юнай Авы быў кінематограф, куды дзяўчына збягала, каб памарыць пра цудоўнага прынца. Яна не хацела стаць кіназоркай - вяршыняй яе надзей быў шлюб з надзейным і любячым мужчынам з пастаянным заробкам. Ледзь скончыўшы школу, Ава з'ехала ў мястэчка Уілсан, дзе паступіла на курсы сакратароў. Запаветаў матухны, зрэшты, Ава не забывала. Сяброўкі ўспаміналі, што міс Гарднер была дзяўчынай нярвовай, падазронай, мела просты нораў, востры язычок і свята верыла ў тое, што самае галоўнае на шляху да шчасця - не дазваляць усялякім нахабнікам залазіць да сябе пад спадніцу.

Калі Аве споўнілася васямнаццаць, яе сястра Беатрыс (Бапі), якая жыла ў Нью-Ёрку, запрасіла яе пагасціць. Муж Бапі Лары Тар быў фатографам: ад няма чаго рабіць ён пару разоў сфатаграфаваў швагерку - і вынік быў настолькі добры, што картка Авы патрапіла на вітрыну фотастудыі. Далей было, як у казцы: міма праходзіў агент кінакампаніі MGM [Metro-Goldwyn-Mayer], заўважыў фатаграфію, і ўжо праз некалькі дзён Аву запрасілі на кінапробы.

Кажуць, калі галава MGM Луіс Маер паглядзеў пробы Авы, ён сказаў: "Яна не ўмее іграць. Яна не ўмее гаварыць. Яна нічога не ўмее. Яна цудоўная!" Маер ве-даў, што казаў: высокая стройная беласкурая брунетка, з кацінымі зялёнымі вачыма і высокімі скуламі, якія даста-ліся ёй ад яе індзейскіх продкаў, з грацыяй пантэры і фор-мамі багіні, была быццам спецыяльна створаная для кіна-экрана. І Аве прапанавалі кантракт на сем гадоў. У першы ж год яна знялася ў трох фільмах [...].

Літ.:

8568 Слово в Голливуде: вылетело - не поймаешь! // Суббота (Гомель). 2010. 20 марта. С. 14. (Индейцы; Джон Уэйн.)

САФРОНАЎ Анатоль (Anatoly Sofronov) (5) - апісаў сустрэчу з індзейцамі ў офісе Бюро па справах ін-дзейцаў у Фініксе (Арызона), дзе прысутнічаў і выступіў прадстаўнік племені махавэ з берагоў Каларада (Pipa Aha Macav - The People by the River) Холмер.

Іх (Fort Mojave Indian Tribe) рэзервацыя (Fort Mojave Reservation) знаходзіцца і ў Арызоне (большая частка), і ў Невадзе. Два штаты спрыяюць развіццю казіно, якія ў рэзервацыі ёсць па абодва бакі мяжы паміж штатамі. Казіно, на жаль, аказваецца стрыжнем жыцця вялікай колькасці індзейскіх грамад. Не без казусаў: казіно і атэль махавэ ў Невадзе маюць штат у 645 чалавек, 500 з якіх - неіндзейцы, і большасць супрацоўнікаў жыве ў Арызоне.

"Грамадзянінам" гэтага племені з'яўляецца адзін з нашых ранніх карэспандэнтаў індзейскага паходжання, Рыта Картрайт (Rita Courtwright) з Аклахомы. Таксама яна належыць да народа мускогі (Muscogee (Creek) Nation) у гэтым штаце. Яна актыўны дзеяч на карысць індзейскіх народаў, пра што сведчаць шматлікія вэб-старонкі (з чэрвеня 2025 г. яна далучылася да Indigenous Food and Agriculture Initiative ў University of Arkansas School of Law - https://indigenousfoodandag.com - як Director of Communications).

"Рыта мае ступень магістра мастацтваў у галіне камунікацый Паўночна-Усходняга дзяржаўнага ўнівер-сітэта і валодае глыбокімі ведамі ў галіне кіравання праек-тамі, узаемадзеяння з зацікаўленымі бакамі, кіраўніцтва камандай, стварэння кантэнту і змяншэння рызык. Рыта, заўзятая прыхільніца супрацоўніцтва і выказвання праўды (truth-telling), імкнецца да пазітыўных змен праз эфек-тыўную камунікацыю".

Літ.:

2337 Софронов А. В. Счастье человека // Софронов А. На трех континентах. М., 1986. С. 375-392.

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.

Індзейцы , индейцы , Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Bielorrusia, Belarus; Алесь Симаков . Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 168].

Дзяды ў Лідскім музеі

Напачатку лістапада беларусы традыцыйна адзначаюць Дзяды - свята ўшанавання памяці продкаў, якое набыло дзяржаўны статус з 1998 г.

Асеннія Дзяды лічацца вельмі важнымі ў гадавым коле памінальных дат. Другая назва - Задушны дзень, дзень сустрэчы жывых з душамі спачылых родных і блізкіх, за якіх у храмах замаўляюць малітвы, стараючыся ўзгадаць усіх пайменна.

Сённяшнія Дзяды, безумоўна, адрозніваюцца ад даўнішніх традыцый. Але, як бы там ні было, нашы сучаснікі зберагаюць галоўнае - памяць пра сваіх продкаў: спяшаюцца прыбраць могілкі, паставіць новыя букеты кветак, запаліць свечкі, наведаць храмы, сесці за памінальны стол.

Нездарма кажуць, што гэтае свята патрэбна і жывым, і мёртвым.

1 лістапада ў атмасферна-этнаграфічную гасцёўню "Час. Традыцыі. Вобразы" на куратарскую экскурсію "Сям'я. Сямейныя традыцыі" завіталі навучэнцы ДУ "Сярэдняя школа №4 г. Ліды" і ДУ "Сярэдняя школа № 16 г. Ліды ім. П. М. Машэрава", каб больш падрабязна даведацца пра колішнія традыцыі восеньскіх Дзядоў.

ТК "Культура Лідчыны".

"Адна сям'я, адно жыццё, адна песня!"

Народны сямейны ансамбль Парфенчыкаў "Мы з вёсачкі-калыскі" адзначыў юбілей

Поўная зала, кветкі, шчырыя ўсмешкі і адчуванне сапраўднага сямейнага свята. Так адзначаў свой 40-гадовы юбілей народны сямейны ансамбль Парфенчыкаў "Мы з вёсачкі-калыскі". Іх творчы вечар пад знакавай назвай "Адна сям'я, адно жыццё, адна песня!" стаў не проста канцэртам, а жывым сведчаннем таго, як мастацтва і родная песня аб'ядноўваюць пакаленні. Са сцэны лілася не проста музыка, а сама душа беларускай вёскі, а ў зале, быццам на вялікім сямейным свяце, сабраліся самыя блізкія людзі.

ТК "Культура Лідчыны".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX