Папярэдняя старонка: 2025

Наша слова.pdf № 46 (202) 


Дадана: 20-11-2025,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 46 (202), 12 лістапада 2025.

Свята млынароў у Адэльску

8 лістапада ў Адэльску адбылося свята млынароў. Мерапрыемства пачалося тэатралізаваным шэсцем, якое сабрала ўдзельнікаў і гасцей з розных куткоў Гарадзеншчыны.

У рамках свята прайшлі прэзентацыі падворкаў млынароў, конкурсныя выпрабаванні і дэгустацыя страў традыцыйнай рэгіянальнай кухні ам. Адэльск.

Свята адкрылі старшыня Адэльскага сельскага выканаўчага камітэта Уладзімір Трутнеў, намеснік старшыні СВК "Пагранічны" Мікалай Макарчук і намеснік начальніка ўпраўлення культуры Гарадзенскага аблвыканкама Сняжана Куратчык.

У абрадавай зале працавала тэматычная выстава "Хлеб Перамогі", а таксама выстава-конкурс караваяў і традыцыйнай выпечкі Гарадзенскай вобласці.

Хэдлайнерам свята стаў Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны вакальны ансамбль "Белы птах" (г. Менск).

Традыцыйна прайшлі раённы фестываль побытавых танцаў "Танцы ў стылі этна" і фестываль "Вяртанне да вытокаў".

У гэты дзень Адэльск гучаў, пахнуў і дыхаў традыцыямі!

І ЛІДА Ў АДЭЛЬСК ЗАВІТАЛА

8 лістапада творчая група дзяржаўнай установы "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" завітала на Абласное свята млынароў

Вядома, лідзяне не проста так трапілі ў Адэльск, а прывезлі свайго млынара - Генадзя Ціховіча, з аграмястэчка Ваверка, які стаў дыпламантам 1-й ступені у конкурсе "Лепшы млынар Гарадзеншчыны".

У конкурсе "Хлебнае багацце Гарадзеншчыны" у намінацыі "Традыцыйны хлеб хатняй выпечкі" была адзначана дыпломам 3-й ступені наша гаспадыня - Наталля Пятрашка.

Сапраўды духмянае і традыцыйнае свята, якое застаецца цёплым успамінам.

Паводле СМІ.

Страта

Яркая асоба ва ўсім беларускім

Сумная вестка 5 лістапада абляцела Беларусь. Перастала біцца сэрца аднаго з найвялікшых беларускіх вучоных-гуманітарыяў, пісьменніка, педагога, доктара філалагічных навук, прафесара, акадэміка Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі Вячаслава Рагойшы (1942-2025).

Пра Вячаслава Пятровіча Рагойшу я магу напісаць вельмі шмат. Гэта быў мой найлепшы выкладчык філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта ў той час, калі я вучыўся на гэтым факультэце ў першай палове 1980-х гадоў. Гэта ён навучыў мяне карыстацца архівамі, фондамі бібліятэк, навучыў, як афармляць навуковыя, літаратуразнаўчыя і краязнаўчыя працы, як весці пошукі пра вядомых людзей Беларусі. Гэта ён пазнаёміў мяне з цікавымі літаратурнымі мясцінамі Беларусі, з многімі творчымі людзьмі Беларусі, сярод якіх былі Ніна Ватацы, Уладзімір Караткевіч, Максім Танк, Яўгенія Янішчыц. Дзякуючы Вячаславу Пятровічу я на першым курсе запісаўся ў Нацыянальную бібліятэку і карыстаўся фондамі, бо тады студэнтаў запісвалі толькі з трэцяга курса.

У 1982 годзе на філфаку БДУ мы арганізавалі і правялі вечар аднаго верша Янкі Купалы "А хто там ідзе?", а таксама прэзентацыю кнігі Янкі Купалы "А хто там ідзе?" на мовах свету, якая выйшла з друку ў менскім выдавецтве "Мастацкая літаратура" ў 1982 годзе. Гэтую кнігу Вячаслаў Пятровіч складаў разам з Ядвігай Раманоўскай - пляменніцай Янкі Купалы. А афармляў выданне мастак Міхась Савіцкі. Мы, студэнты філфака, чыталі славуты верш песняра на розных мовах свету. Я чытаў на сербахарвацкай мове ў перакладзе Дэсанкі Максімовіч. Да сённяшніх дзён памятаю і часам чытаю Янку Купалу па-сербахарвацку. Вось як гучыць першая страфа:


А ко иде ту, кроз мочвар, шумом том

У друштву таквом огромном?

- Белоруси…


Вячаслаў Пятровіч арганізаваў на філалагічным факультэце літаратурны гурток, дзе мяне ён прызначыў "прэзідэнтам" гуртка. Ад імя гуртка мы падрыхтавалі падарунак і віншавальны адрас з нагоды 50-годдзя Уладзіміра Караткевіча. Юбілей пісьменніка адбываўся ў Доме літаратара ў 1980 годзе. Палова жадаючых туды патрапіць не змагла. А мы, студэнты гуртка, былі там, сядзелі ў першых радах і чакалі моманту, каб выйсці на сцэну і павіншаваць Уладзіміра Сямёнавіча. Але да нас чарга так і не дайшла. Вечарына зацягнулася, таму што жадаючых павіншаваць юбіляра было шмат. Віншавальныя моманты спынілі, а прапанавалі павіншаваць юбіляра пазней і асабіста. Наш віншавальны адрас Вячаслаў Пятровіч уручыў Уладзіміру Караткевічу праз некалькі дзён. Але тая цудоўная вечарына назаўсёды засталася ў памяці. І такіх цікавых прыкладаў з добрай рукі Вячаслава Пятровіча Рагойшы можна прывесці безліч…

Нарадзіўся Вячаслаў Рагойша ў вёсцы Ракаў Валожынскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і ў 1942 годзе. Пасля заканчэння сярэдняй школы ў 1958 годзе паступіў на аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (БДУ). У 1963 годзе быў накіраваны ў аспірантуру. Праз два гады прызваны ў армію. Служыў радавым у адной з частак Беларускай вайсковай акругі ў Гародні. Пасля дэмабілізацыі абараніў у чэрвені 1967 года кандыдацкую дысертацыю на тэму "Паэтыка Максіма Танка: культура вобраза. Характар верша" і з верасня пачаў выкладаць на кафедры беларускай літаратуры БДУ. Потым быў прызначаны на пасаду старшага выкладчыка, у ліпені 1970 года стаў дацэнтам. У лістападзе 1993 года Вячаслаў Рагойша абараніў доктарскую дысертацыю ў Маскоўскім інстытуце сусветнай літаратуры імя А.М. Горкага на тэму "Белорусская поэзия XX столетия в контексте восточно-славянских литератур: (типология, рецепция, художественный перевод)". З верасня 1994 года ён узначаліў кафедру тэорыі літаратуры БДУ, а ў лістападзе гэтага ж года атрымаў званне прафесара.

Ва ўніверсітэце Вячаслаў Рагойша выкладаў тэарэтыка-літаратурныя дысцыпліны, вёў спецсемінар па праблемах вершазнаўства, чытаў спецкурсы па паэтыцы літаратурнага твора і пытаннях выкладання тэорыі літаратуры ў школе, кіраваў напісаннем дысертацый, дыпломаў і курсавых работ. Паралельна з працай у БДУ філолаг чытаў лекцыі па гісторыі беларускай літаратуры ў Інстытуце паліталогіі і сацыяльнага кіравання (1988-1991), разам з прафесарам Адамам Мальдзісам стварыў Нацыянальны навукова-асветніцкі цэнтр імя Францыска Скарыны (з'яўляўся намеснікам дырэктара (1991-1994).

Друкавацца Вячаслаў Рагойша пачаў з 1957 года. Вершы "Зімою", "У паход на стэпы", "У першы раз", "Земляком сваім я ганаруся" і іншыя былі апублікаваны ў радашковіцкай раённай газеце "Сцяг Ільіча". З артыкуламі і рэцэнзіямі ў рэспубліканскім друку пачаў выступаць з 1961 года. Ён з'яўляецца аўтарам і суаўтарам шэрагу падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў па тэорыі літаратуры, гісторыі беларускай літаратуры для вышэйшых навучальных устаноў і сярэдняй школы, напісаў шмат манаграфій, кніг артыкулаў і эсэ. Сярод іх - "Паэтыка Максіма Танка" (1968), "Пераклаў Якуб Колас..." (1972), "Карані дружбы: беларуска-ўкраінскія літаратурныя ўзаемасувязі пачатку ХХ ст." (з Таццянай Кабржыцкай, 1976), "І нясе яна дар...: беларуская паэзія на рускай і ўкраінскай мовах" (1977), "Гутаркі пра верш: метрыка, рытміка, фоніка" (1979), "Напісана рукой Купалы: архіўныя знаходкі" (1981), "Кантакты: літаратурна-крытычныя артыкулы, эсэ" (1982), "Слядамі знічкі: пра Сяргея Палуяна" (з Таццянай Кабржыцкай, 1990), "Вяршыні: з невядомага і забытага пра Янку Купалу, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча" (1991), "І адгукнецца слова ў слове: літаратурныя артыкулы, эсэ, дыялогі" (1992), "Паэтычны слоўнік" (3-е выданне, дапрацаванае і дапоўненае, 2004) "Літаратуразнаўчы слоўнік. Тэрміны і паняцці: для школьнікаў і абітурыентаў" (2009), "Уводзіны ў літаратуразнаўства": у 2 ч.: вучэбны дапаможнік для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў па філалагічных спецыяльнасцях (з Міхасём Кенькам, Таццянай Марозавай, 2011-2012), "Мой Трыглаў: кніга пра Янку Купалу, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча" (2012), "Асновы вершазнаўства" (2013), "Прыгаршчы светлых згадак" (2022) і іншыя. У сваіх працах вучоны даследаваў паэтыку верша, узаемасувязі беларускай літаратуры з літаратурамі іншых народаў, займаўся пытаннямі тэорыі літаратуры, гісторыі і тэорыі мастацкага перакладу. У рэспубліканскіх і іншых перыядычных выданнях апублікаваў шэраг артыкулаў і рэцэнзій па розных праблемах літаратурнага працэсу. Ён займаўся таксама перакладамі з польскай, украінскай, сербскай, харвацкай і іншых моў, выявіў і апублікаваў шэраг невядомых архіўных матэрыялаў па беларускай літаратуры XIX стагоддзя, па творчасці Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Цёткі, Сяргея Палуяна, Старога Уласа і іншых.

Не менш плённай была краязнаўчая работа Вячаслава Рагойшы. Вучоны цесна супрацоўнічаў з кіраўніцтвам Валожынскага раёна. Па яго ініцыятыве і пры актыўным удзеле ўшанаваны мясціны выдатных дзеячаў беларускай, польскай, яўрэйскай культур, былі адкрыты помнікі і ўстаноўлены мемарыяльныя дошкі ў гонар Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Элізы Ажэшкі, Старога Уласа, Янкі Купалы і іншых асобаў. Вячаслаў Рагойша ўзначальваў Грамадскі камітэт па аднаўленні Крыжаўзвіжанскай царквы на святой вадзе каля Ракава. У роднай вёсцы ў бацькоўскай хаце стварыў Музей поліэтнічнай культуры Ракаўшчыны. На грамадскіх пачатках з 2000 года выпускаў газету "Ракаўскі шлях". Шырокі рэзанас у рэспубліцы атрымалі Ракаўскія чытанні - міжнародныя навукова-практычныя канферэнцыі, што раз ў два гады праводзіліся на базе Ракаўскай сярэдняй школы.

Прафесар Вячаслаў Рагойша актыўна займаўся грамадскай дейнасцю. Напачатку 1990-х гадоў ён удзельнічаў у стварэнні Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў і згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына", членам Савета па мастацкім перакладзе Саюза пісьменнікаў СССР (1976-1991), некалькі разоў выбіраўся старшынём рэвізійнай камісіі і старшынёй секцыі мастацкага перакладу Саюза пісьменнікаў Беларусі. Вячаслаў Рагойша з'яўляўся членам вучонага савета філалагічнага факультэта БДУ і вучонага савета Нацыянальнага асветніцкага цэнтра імя Францыска Скарыны пры Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь, членам Навукова-метадычнага савета па вышэйшай гуманітарнай адукацыі Рэспублікі Беларусь.

За плённую навуковую, педагагічную, творчую і грамадскую працу Вячаслава Рагойшу ўзнагароджвалі медалём і ордэнам імя Францыска Скарыны, "20 год Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.", Ганаровымі граматамі і дыпломамі. У 2000 годзе вучонаму было прысвоена званне выдатніка народнай адукацыі Беларусі. У гэтым жа годзе ён стаў лаўрэатам Міжнароднай літаратурнай прэміі імя Івана Франко (Украіна).

Шмат кніг Вячаслава Рагойшы з аўтографамі я захоўваю ў сваёй асабістай бібліятэцы. Напрыклад, на кнізе "Вочы ў вочы, мыслі ў мыслі" (Мн., 2013) пісьменнік напісаў: "Майму вучню, якім я цяпер ганаруся, Сяргею Чыгрыну, выдатнаму пісьменніку-краязнаўцу, на ўсё добрае. Слонім, 1.08.2013 г.". А на кнізе "Прыгаршчы светлых згадак" (Мн., 2022) Вячаслаў Пятровіч пакінуў такі аўтограф: "Аднаму з маіх найлепшых вучняў, актыўнаму грамадзяніну і пісьменніку Сяргею Чыгрыну, а ў яго асобе ўсім, хто любіць Алега Лойку і Слонім, з пажаданнямі дабра, усялякіх поспехаў і міру. Вячаслаў Рагойша. Ракаў-Мінск, 5.08.2022 г.".

У 2012 годзе я зрабіў вялікае інтэрв'ю з Вячаславам Рагойшам. Сярод пытанняў пісьменніку было і такое: які час у Вашым жыцці быў найцяжэйшым і які плённым і шчаслівым, і што Вас сёння хвалюе? Вячаслаў Пятровіч адказаў тады так:

- З вышыні свайго ўзросту бачу: найбольш плённыя і шчаслівыя гады - 1970-я - першая палова 1980-х гадоў, калі былі яшчэ жывыя мае і жонкі Таццяны бацькі, калі мы жылі ў адным доме і сем'ямі сябравалі з Уладзімірам Караткевічам, калі нашы дзеці Усевалад, Максім і Пятрусь, яшчэ знаходзіліся пры нас, калі… А цяжкасці сустракалі, калі хварэлі дзеці (часам усе трое адначасова), калі Таццяна ачуньвала пасля пераломаў пазваночніка (прычым двойчы), калі маці пасля інсульту амаль 16 гадоў ляжала паралізаванай у кватэры свайго адзінага сына, гэта значыць мяне… А хвалюе многае. Але трэба, нават хвалюючыся, працаваць, а не сядзець склаўшы рукі і хвалявацца. Працаваць, разумеючы, што толькі актыўна працуючы дзеля роднай культуры, мовы, літаратуры, выхоўваючы адукаваных і нацыянальна свядомых маладых працаўнікоў, мы ўрэшце "дойдзем да Беларусі".


Вячаслаў Рагойша быў вялікім чалавекам, адной з самых яркіх і шматзначных асоб ва ўсім беларускім ХХ-га - пачатку ХХI стагоддзяў. Такіх людзей мы ніколі не павінны забываць. Веру, што светлая памяць пра Вячаслава Пятровіча застанецца ў памяці творчай інтэлігенцыі Беларусі, сяброў, студэнтаў, яго родных і блізкіх.

Сяргей ЧЫГРЫН.

С А Н Е Т Ы

Язэп Палубятка


Што ні кажы: добрае, кепскае - слоў мітусня!

Дзесьці вулкан шугануў да неба,

Можа, яно так і трэба.

Чуеш прыгожае, вер, то хлусня.


Крапае дождж, ці то лье.

Адно ліхалецце прайшло, будзе другое.

Толькі не веру я ў шчыры ўчынак Ноя.

Мілы мне воблік хай у памяці зноў усплыве.


Не шукай па жыцці ты прыкметаў,

Узгоркі ўсе ад сумётаў -

Зменлівы нават у золата кошт.


Дровы згарэлі, вуглі сатлелі, попел адзін.

Можа згадаецца нам яшчэ штось на ўспамін,

Толькі быць па жыцці ўдваіх.

***

Я б антонаўку хрумстаў вечна

З бацькоўскага саду… Якая скруха!

З касцей яго даўно паўстала патруха,

Цвінтар усцілае даўно шлях млечны.


Прывабная дзеўка ў маладой красе.

Не ведае, цноту сваю прадае

І думае: некага вось, прыдбае.

А старасць за ёю ідзе пакрысе.


Камусьці здаецца, што зменлівы свет.

А свет, як быў, так і ёсць, заскарузлы.

Паэт! Пішы нікчэмны санет.


А сонца мерае абсяг зямлі

Сваім відушчым вокам

Нават там, дзе мы быць не былі.

***

Усім нам хочацца даведацца пры жыцці,

А што там ёсць на тым свеце?

Мо вечная цемень, мо красак суквецце,

А можа каханне ў імжы?


Як тое было ў цябе на зямлі.

І прыйдзе гадзіна - малады ці стары -

Можа, сканаеш пад ёлкай у цёмным бары

Ды ўспомніш, як крылы жадання да неба цябе ўзнялі.


Людзі талдычаць вечную тэму,

З выказванняў іх напісаць бы паэму.

Толькі вясной прылятаюць гракі.


Незліч гадоў ад стварэння сусвету.

Мне ад бяссоня баляць бакі,

Твайго прывітання чакаю, як лета.

***

Маё каханне будзе вечна жыць,

Не зведаўшы тваіх пяшчотаў асалоду,

Пасля якіх магу даць смерці згоду,

Пасля якіх - і мора пераплыць.


Мая дрыготкая рука тваю кранае,

І салавей ад спеваў не ўмірае,

А свет ад шчасця ў сінь нябёс сігае.

Мая рука тваёй марозны холад адчувае.


Той шлях гаротны ўвесь прайшлі

Ды лепшае сцяжынкі не знайшлі,

А можа ёсць другая пуцявіна?


Ніхто не ведае аб тым,

Ад снега цяжару ламаюцца яліны,

І грудзі душыць успамін.

***

Распутныя німфы цябе мілавалі,

Аўрора здымала туніку перад табой,

Уцехі табе ўсе жанчыны давалі,

Ад іх мужыкоў ты меў мардабой.


Не ўсё яшчэ згублена, конь без аброці,

Пі і гуляй, калі моц дазваляе.

Помню ў маленстве збаны віселі на плоце,

Радуйся, як такое жыццё забаўляе.


Час мяняецца, увосень кастрыца іржавее,

Адліга ўтворыць са снегу наст,

Зноў хутка настане завея.


І ўспамінаў закруціцца кола,

Гэта такі неахаены пласт.

Добра было б, каб пражыць усё нанова.

***

Я адзінокі сярод людской мітусні,

І думак рой мяне ахінае.

Жыццё! Няўжо яно шчаслівым бывае?

Прыпынак сыходу свайго не прапусці.


Ветразь бялее на даляглядзе,

Хвалі пяшчотна лашчаць борт.

Некаму бачыцца порт.

Я па жыцці ў глыбокай асадзе.


Шхуна знянацку бартом хлебанула ваду.

Ты капітан, што наклікаў бяду.

Нешта мне мроіцца цёмнаю ноччу.


Круг ратавальны ніяк не знайду.

Мне б ад гэтага шчасця некуды ўпрочкі!

І зноў я кудысьці іду.

***

Каханне не толькі давер, але й рэўнасць.

Ніколі не ўжывуцца шчупак і карась.

Не спадзявайся толькі на жарсць -

Нечаканай бывае нявернасць.


Конікі скачуць на ранку ў траве,

Вясёлка - рэдкая з'ява.

Што толькі нам у жыцці не спрыяе,

Труба гулка ў паход заве.


Калі спатыкнуўся аб камень

І ілбом у другі садануў,

Не сумуй, што ў вачах тваіх яркі прамень.


Як не кажы, а дзявочы стан

Вабіць усіх спрадвеку,

Жыццё пражывеш - зразумееш: наўкола дурман.

***

Што казаць пра спрадвечнае,

Калі мара паўстане пудзілам.

Дзень памірае промнем марудлівым,

Я не стану плявузгаць пра чалавечнае.


Столькі сказана глупства чалавецтвам усім!

Тое ўсё спракавечна,

Тое ўсё недарэчна.

Увосень гусі, журавы крочаць шляхам сваім.


Старэча-суседка ішла да брамкі,

Спатыкнулася, нагу зламала.

Як кажуць на вёсцы: "Да бяды мала".


Толькі ў нас спачуванняў мала,

Ці ў Бога спагады зойме ўбога?..

А багатыр святару дасць нямала.

Сабраў 125 тамоў дакументаў па гісторыі Беларусі, Польшчы і Украіны

6 лістапада споўнілася 225 гадоў з дня нараджэння беларускага гісторыка, выдаўца, публіцыста, бібліёграфа і мастака Леанарда Ходзькі (1800-1871).

Леанард Ходзька нарадзіўся на Маладзечаншчыне ў шляхецкай сям'і. Вучыўся ў Барунах, у Маладзечанскім павятовым шляхецкім вучылішчы, у Віленскім універсітэце. Належаў да таварыства філарэтаў, дзе зблізіўся з Адамам Міцкевічам, Янам Чачотам, Тамашом Занам. З 1819 года працаваў сакратаром Міхала Клеааса Агінскага. У 1822 годзе Леанард Ходзька эміграваў у Францыю. Жыў у Парыжы.

Пісьменнік пісаў на польскай і французскай мовах. Ён з'яўляецца аўтарам паэмы "Залессе" (1821), у якой услаўляў прыгажосць наваколля, зрабіў малюнкі Залесся (маёнтак Міхала Клеафаса Агінскага каля Смаргоні). Выдаў творы Адама Міцкевіча, Яна Красінскага, мемуары Міхала Агінскага. Напісаў біяграфію Тадэвуша Касцюшкі, а таксама "Папулярную гісторыю Польшчы", сабраў 125 тамоў дакументаў па гісторыі Польшчы, Беларусі і Украіны. Цікавіўся беларускімі легендамі, песнямі і народнай творчасцю.

Паводле СМІ.

Навіны Германіі

Telekom і Nvidia будуюць фабрыку ШІ ў Мюнхене

Мюнхен становіцца "кропкай доступу" ШІ: Deutsche Telekom і Nvidia ствараюць прамысловае воблака для лічбавага суверэнітэту Еўропы

Deutsche Telekom і амерыканскі вытворца чыпаў Nvidia будуюць у Мюнхене сумесны цэнтр апрацоўкі дадзеных для штучнага інтэлекту (ШІ). Гэты праект, разлічаны на шматмільярднае фінансаванне, быў афіцыйна прадстаўлены ў аўторак, сумесна з нямецкімі кампаніямі SAP і Deutsche Bank. З вітальным словам выступілі федэральны міністр лічбавых тэхналогій і мадэрнізацыі дзяржавы Карстан Вільдбергер і федэральны міністр тэхналогій Даратэя Бэр.

Мэтай праекта з'яўляецца стварэнне еўрапейскай інфраструктуры ШІ для прамысловасці. "Прамысловае ШІ-воблака" на базе больш за 10 000 высокапрадукцыйных працэсараў плануецца запусціць ужо ў 2026 годзе. Deutsche Telekom адказвае за інфраструктуру, аперацыі і рашэнні па бяспецы, забяспечвае апрацоўку дадзеных у адпаведнасці з еўрапейскімі стандартамі. Мэта праекта - умацаваць пазіцыі Германіі як індустрыяльнага цэнтра і забяспечыць тэхналагічны суверэнітэт Еўропы ў эпоху штучнага інтэлекту.

Яшчэ ў чэрвені 2025 года Telekom і Nvidia абвясцілі пра распрацоўку "Воблака прамысловага ШІ".

- У эпоху штучнага інтэлекту кожнаму вытворцу патрэбны дзве фабрыкі: адна для вытворчасці рэчаў і адна для стварэння інтэлектуальнага забеспячэння, на якім яны працуюць, - заявіў у чэрвені Джэнсен Хуанг, заснавальнік і генеральны дырэктар Nvidia.

- Ствараючы першую ў Еўропе прамысловую інфраструктуру ШІ, мы даём магчымасць вядучым прамысловым кампаніям рэгіёна развіваць вытворчасць, арыентаваную на мадэляванне і кіраванае ШІ, - сказаў Хуанг.

Берлін (d.de/dpa).

17,2 млн еўра на ШІ супраць раку

Федэральнае міністэрства даследаванняў імкнецца зрабіць анкалагічныя аперацыі больш дакладнымі з дапамогай штучнага інтэлекту і фінансуе з гэтай мэтай некалькі даследчых праектаў

Федэральнае міністэрства даследаванняў, тэхналогій і космасу (BMFTR) запускае праграму фінансавання "KIOn - высокадакладная хірургія з падтрымкай ШІ ў анкалогіі" ў рамках Нацыянальнага дзесяцігоддзя барацьбы з ракам. Мэта - выкарыстоўваць штучны інтэлект у анкалагічнай хірургіі, каб зрабіць працэдуры больш дакладнымі і бяспечнымі. Гэта мера з'яўляецца часткай стратэгіі Федэральнага ўрада ў вобласці высокіх тэхналогій, якая накіравана на пэўнае садзейнічанне даследаванням і інавацыям у сацыяльна значных абласцях.

Федэральны міністр даследаванняў Даратэя Бэр заявіла:

- Дзякуючы ШІ мы забяспечваем дакладнасць у аперацыйнай - памяншаючы колькасць ускладненняў і павялічваючы якасць жыцця... У вобласці медыцыны Германія вядомая перадавымі і вядучымі метадамі лячэння. Мы аб'ядноўваем навуковыя даследаванні і медыцынскую практыку, каб закласці асновы для будучыні анкалагічнай хірургіі.

Да 2028 года будзе выдзелена праектнае фінансаванне на агульную суму 17,2 млн еўра, у тым ліку BESTFIT для лячэння раку галавы і шыі, HARMONIE для лакалізацыі пухлін малочнай залозы, KIRAL для планавання аперацый на печані і INTEGER для дакладнага выдалення пухлін костак. ШІ закліканы зменшыць рызыкі, палепшыць працэсы гаення і ўмацаваць пазіцыі Германіі ў вобласці анкалагічных даследаванняў на міжнародным узроўні.

Берлін (dpa). ШІ ўзмацняе барацьбу з раком© Adobe Stock.

БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

Станіслаў Суднік

Колеры і масці ў Лідзе і ў астатняй Беларусі

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Колеры і фарбы

Акварэльныя фарбы лічацца самымі простымі ва ўжыванні, бо растваральнік тут самы просты - вада. З іх пачынаецца навучанне маляванню ў звычайнай школе.

Акварэльныя фарбы складаюцца з пігмента і злучнага рэчыва (вадараспушчальныя складаныя вугляводы: раслінны клей, дэкстрын, натуральны гуміарабік з дадаткам гліцэрыны, цукру ці мёду), яны разводзяцца вадой і лёгка змываюцца. Пры растварэнні ў вадзе ўтвараюць празрыстую завісь тонкага пігменту і дазваляюць за кошт гэтага ствараць эфект лёгкасці і тонкіх каляровых пераходаў.

Фарбы на воднай аснове вядомыя з найстаражытнейшых часоў. Акварэллю выкананы каляровыя малюнкі на старажытнаегіпецкіх папірусах. Ёю малявалі этрускі і рымляне - меркавана, акварэллю распісваліся сцены рымскіх катакомбаў напачатку нашай эры.

Ранні кітайскі жывапіс выконваўся адной чорнай тушшу, пры гэтым мастакі дасягалі шырокага спектру адценняў ад густа-чорнага да серабрыста-шэрага (пейзаж і жанравыя кампазіцыі - сярод іх найболей папулярнымі былі сюжэты з гарадскога жыцця - эпохі Сун).

У Сярэднія вякі (Еўропа, ВКЛ) акварэль выкарыстоўвалася для ілюмініравання рукапісаў (мініяцюры, маргінальныя дэкаратыўныя элементы, загалоўныя літары) у тым ліку і ў спалучэнні з гуашшу. Пры гэтым мініяцюра з'яўлялася неад'емнай часткай уласна скрутка (манускрыпта, кнігі), уяўляўшага сабой суцэльны твор, які суправаджае тэкст і спрыяе больш поўнаму яго разуменню.

З XI стагоддзі з'яўляюцца кіраўніцтвы па вырабе акварэльных фарбаў і працы з імі. З узнікненнем такога віду графікі, як гравюра на дрэве, акварэль пачала ўжывацца для размалёўкі адбіткаў - спачатку толькі адной чорнай фарбай, затым сэпіяй, а пазней ужо некалькімі колерамі. Не апошнюю ролю ў падфарбоўцы гравюры іграла празрыстасць фарбы, якая дазваляла бачыць контуры малюнка.

У эпоху Адраджэння тэхніка працы акварэллю выйшла на новы ўзровень. Да яе звярнуліся такія мастакі як Альбрэхт Дзюрэр і Ганс Гальбейн Малодшы. У сваёй графіцы, не звязаны абавязкамі перад замоўцам, Дзюрэр найболей поўна раскрыўся як мастак. Яго спелыя замалёўкі жывёл і батанічныя штудзіі адрозніваюцца прафесіяналізмам, дакладнасцю малюнка прыродных формаў, стараннай прапрацоўкай дэталяў з адначасовым захаваннем цэласнасці малюнка. Сапраўдным наватарам Дзюрэр стаў у вобласці акварэльнага пейзажу, стварыўшы творы, якія далёка апярэдзілі свой час. Раннія акварэлі, якія паказваюць наваколлі роднага горада мастака - Нюрнберга (1494), з'яўляюцца першымі ўзорамі новага для нямецкага выяўленчага мастацтва жанру - пейзажу. Пазнейшыя пейзажныя замалёўкі, выкананыя шырокімі вольнымі рухамі пэндзля, адрозніваюцца неверагоднай свежасцю і цэласцю.

У XVIII стагоддзі праца з акварэллю па тэхналогіі набліжаецца да сучаснай, мастакі пачынаюць выкарыстоўваць фарбы без прымешку бяліл.

Мастакі пакідаюць акварэлі для падрыхтоўчых заняткаў і асобных асабістых прац. Фламандскія мастакі па кветках і пейзажах (Хендрык Аверкамп, Альберт Кейп, Ян ван Гойен, Адрыян ван Остадэ) часам перадаюць акварэллю свае назіранні за прыродай. Рубенс і Якаб Ёрданс часам акцэнтуюць свае малюнкі акварэльнымі рыскамі. Жан Анарэ Фрагонар, Юбер Робер ці Луі Дзюрамо выкарыстоўваюць акварэль для вучобы, асабліва пры паездках у Італію. Габрыэль-Жак дэ Сэнт-Обен і Жан-Батыст Лаль-ман выкарыстоўваюць іх у сваіх жанравых сцэнах. Луі-Габрыэль Мора выкарыстоўвае яе ў сваіх пейзажах на свежым паветры, выдзяляючы іх пяром. У Англіі, Антоніс ван Дэйк закладае пачатак акварэльнаму пленэру. "Бацькам ангельскай акварэлі" завуць мастака Пола Сэндбі.

У наш час вырабляюцца наступныя віды акварэльных фарбаў:

цвёрдыя ў выглядзе плітак рознай формы;

мяккія, змешчаныя ў фаянсавыя кубачкі;

мядовыя, пафасаваныя ў цюбікі.

Злучным рэчывам розных відаў акварэльных фарбаў з'яўляецца раслінны клей: гуміарабік, дэкстрын; акрамя таго: мёд, гліцэрына, воск і некаторыя смолы. Прызначэнне апошніх складаецца ў тым, каб надаваць фарбам здольнасць не так лёгка размывацца пасля высыхання. У танныя гатункі акварэльных фарбаў у якасці злучнага рэчыва ўваходзяць звычайны сталярны ці рыбны клей, бульбяная патака.

Асаблівасць і прыгажосць акварэлі складаецца ў яе празрыстасці. Для набыцця гэтай якасці неабходны адмысловы маляўнічы матэрыял, які пасля адпаведнай апрацоўкі адпавядаў бы гэтаму патрабаванню. Дасягаецца гэта шляхам драбнення маляўнічых пігментаў (25 мікронаў і менш), што завецца, у парашок. Гэта дазваляе атрымаць нават у непразрыстых пігментаў вядомую ступень празрыстасці, таму адной з найважнейшўых умоў пры вытворчасці акварэлі з'яўляецца асабліва дробны памол пігментаў.

У школе, як і ў выпадку з алоўкамі, знаёмства з акварэльнымі фарбамі пачынаецца з набораў у шэсць колераў. Сёння найбольш вядомыя два варыянты камплектавання шасціколерных набораў.

Гэта: карычневая, жоўтая, чырвоная, зялёная, сіняя і чорная.

Або: чорная, белая, зялёная, сіняя, чырвоная і жоўтая.

Наступнымі ідуць наборы ў 12 фарбаў.

Тут мы знайходзім колеры: чорны, фіялетавы, светла-зялёны, белы, цёмна-карычневы, светла-карычневы, блакітны, ружовы, сіні, зялёны, жоўты, чырвоны. Безумоўна, ёсць варыянты камплектавання.

Да названых 12 фарбаў дадаюць яшчэ чатыры найбольш хадавыя, і атрымоўваецца набор у 16 фарбаў.

Гэтыя наборы можна назваць аматарскімі. Прафесійныя наборы пачынаюцца з 24 колераў, і там прымяняюцца ўжо прафесійныя назвы фарбаў. Такім чынам, стандартны набор піцерскіх фарбаў, які складаецца з 24 колераў утрымоўвае:

01. Кадмій лімонны (цытрынавы)

02. Кадмій жоўты сярэдні

03. Охра жоўтая

04. Сіена натуральная

05. Залацістая

06. Кадмій аранжавы (памяранцавы)

07. Охра чырвоная

08. Сіена паленая

09. Жалезавокісная светла-чырвоная

10. Пунсовая

11. Краплак чырвоны светлы

12. Кармінавая

13. Фіялетавая ці фіялетава-ружовая

14. Ультрамарын

15. Кобальт сіні

16. Блакітная

17. Жоўта-зялёная

18. Смарагдава-зялёная

19. Зялёная

20. Умбра

21. Марс карычневы

22. Умбра паленая

23. Сэпія

24. Нейтральна-чорная


Набор з 57 колераў утрымоўвае наступныя фарбы:

01. Бялілы цынкавыя

02. Ганза жоўтая

03. Лімонная (цытрынавая) кетоп

04. Кадмій лімонны (цытрынавы)

05. Кадмій жоўты

06. Охра жоўтая

07. Неапалітанская жоўтая

08. Залацістая

09. Кадмій аранжавы (памяранцавы)

10. Цыцыянавая

11. Охра чырвоная

12. Цынобра (кінавар) імітацыя

13. Пунсовая

14. Лалавая (рубінавая)

15. Залацістая цёмная

16. Лак аранжавы (памяранцавы)

17. Шахназарская чырвоная

18. Кадмій чырвоны светлы

19. Кармінавая

20. Краплак чырвоны светлы

21. Жалезнавокісная светлая чырвоная

22. Бардо

23. Бэзавы хінакрыдон

24. Фіялетавая

25. Ружовая

26. Ружовы хінакрыдон

27. Фіялетава-ружовая

28. Блакітна-нябесная

29. Ярка-блакітная

30. Кобальт сіні

31. Блакітная

32. Лак сіні

33. Ультрамарын

34. Індантронавая сіняя

35. Берлінскі блакіт

36. Цэрулеўм Сегі

37. Індыга

38. Ізумрудна-зялёная

39. Вокіс хрому

40. Бірузовая

41. Жоўта-зялёная

42. Зялёная арыгінальная

43. Зялёная светлая

44. Зялёная

45. Зямля зялёная

46. Аліўкавая

47. Сіена

48. Умбра натуральная

49. Умбра паленая

50. Марс карычневы

51. Сіена паленая

52. Сэпія

53. Варонежская чорная

54. Шэрая пейна

55. Сажа газавая

56. Костка паленая імітацыя кату

57. Нейтральна-чорная


Набор з 76 колераў утрымоўвае наступныя фарбы:

01. Бялілы цынкавыя,

02. Жоўтая (Ганза жоўтая),

03. Лімонная (цытрынавая),

04. Кадмій лімонны (цытрынавы),

05. Аўрамін,

06. Кадмій жоўты,

07. Неапалітанская жоўтая,

08. Індыйская жоўтая,

09. Охра светлая,

10. Охра жоўтая,

11. Неапалітанская светла-жоўтая,

12. Індыйская залацістая,

13. Неапалітанская аранжавая (памяранцавая),

14. Залацістая,

15. Залацістая цёмная,

16. Кадмій памяранцавы,

17. Лак памяранцавы,

18. Памяранцавая,

19. Цыцыянавая,

20. Охра чырвоная,

21. Шахназарская чырвоная,

22. Жалезнавокісная светла-чырвоная,

23. Веніцыянская чырвоная,

24. Кінавар (імітацыя),

25. Кадмій чырвоны,

26. Пеляргоніевая чырвоная,

27. Светла-пунсовая (пунсовая),

28. Лалавая (рубінавая),

29. Кармінавая,

30. Чырвоны хінакрыдон,

31. Кранлак чырвоны светлы,

32. Веніцыянская пурпурная,

33. Бардо,

34. Ружовая,

35. Ружовы хінакрыдон,

36. Фіялетава-ружовы хінакрыдон,

37. Бэзавы хінакрыдон,

38. Фіялетава-ружовая,

39. Фіялетавы хінакрыдон,

40. Ультрамарын фіялетавы,

41. Фіялетавая,

42. Перламутр,

43. Блакітна-нябесная,

44. Кобальт блакітна-нябесны,

45. Ярка-блакітная,

46. Блакітная,

47. Кобальт сіні,

48. Берлінскі блакіт,

49. Сіняя,

50. Ультрамарын,

51. Лак сіні,

52. Індыантрэнавы сіні,

53. Індыга,

54. Кобальт бірузовы,

55. Бірузовая,

56. Смарагдава-зялёная,

57. Зялёная светлая,

58. Зялёная арыгінальная,

59. Травеньская зялёная,

60. Жоўта-зялёная,

61. Травяная зялёная,

72. Аліўкавая,

53. Вокіс хрому,

64. Зялёная,

65. Зямля зялёная,

66. Сіена натуральная,

67. Сіена паленая,

68. Умбра,

69. Умбра паленая,

70. Марс карычневы,

71. Сепін,

72. Варонежская чорная,

73. Шэрая Пейна,

74. Нейтральная чорная,

75. Костка паленая (імітацыя),

76. Сажа газавая.


Асновай для акварэлі з'яўляецца, як правіла, папера. Галоўнымі для акварэльнага жывапісу з'яўляюцца тры якасці паперы: беласць, трываласць і структура паверхні.

Папера, прызначаная для акварэлі, павінна быць злёгку шурпатай (крупчастай). Колькасць зерня і яго шчыльнасць, а таксама памер, вызначаецца вытворцам паперы, для розных тэхнік маюць перавагу розныя віды зярністасці, а пры працы з вельмі маленькімі дэталямі (як напрыклад архітэктурны ці батанічны жывапіс), зярністасць не падходзіць, і часцей выкарыстоўваюць паперу з буйнымі валокнамі ці ватман. Пры змочванні паперы вада павінна раўнамерна і не занадта хутка ўбірацца па ўсёй паверхні. Большай папулярнасцю карыстаецца гатунак, званы ватманам. Папера для акварэлі бывае з розных матэрыялаў: баваўняная, цэлюлозная, змяшаная (складаецца з розных матэрыялаў) і гэтак далей. Кожная з папер нясе ў сабе адпаведныя ўласцівасці, неабходныя для стварэння патрэбнага эфекту (па-рознаму трымае і ўбірае ваду, розная ступень размывання, магчымасць рабіць адмыванні і далей).

Звычайна паперу папярэдне змочваюць вадой для дасягнення адмысловай размытай формы мазка. Для гэтага могуць служыць адмысловыя рамкі - стыратары - на якія нацягваецца ліст. Такім чынам, ліст паперы можна змочваць знізу, ці паперу кладуць на мокрую фланэль. Магчымы і прасцейшы спосаб: папярэдне ўвільготнены ліст акварэльнай паперы, якая досыць добра ўбірае вільгаць, кладуць на шкло, пры гэтым, у залежнасці ад таго, як доўга адпрацоўваецца пэўны ўчастак малюнка, выбіраюць кут нахілу шкла, але часцей за ўсё шкло ляжыць гарызантальна. Згодна з уласнымі манернымі магчымасцямі, можна дапускаць, каб вада на лісце паперы выступала ў выглядзе лужыны ці глыбока ўбіралася і стварала толькі асобны вільготны ўчастак. Фарба ў такіх выпадках іграе па-рознаму, чым стварае жаданы эфект. Акрамя таго, у акварэлі могуць выкарыстоўвацца праца заліваннямі і кропкава-штрыхавая тэхніка. Менавіта для такіх прыёмаў выкарыстоўваецца нацягванне ліста паперы на планшэт, а таксама так званыя акварэльныя блокі. Гэтак жа акварэллю часта малююць "па сухім" для стварэння больш выразных і акуратных ліній, вельмі часта падобны прыём выкарыстоўваюць у графіцы. Гэтак жа, калі мазок пэндзля наносіцца акварэллю на падкладку (у выглядзе фону ці штрыхоўкі), пігменты спачатку выяўляюцца ў выглядзе суспензіі ў водным асяроддзі. Затым яны паступова адкладаюцца ў шурпатых няроўнасцяў паперы як адклады, што пераносяцца вадой падчас перацякання. Пакуль папера застаецца вільготнай, пігменты ўсё яшчэ плаваюць у вадкасці. Заўсёды можна ўмяшацца, калі пласт ужо нанесеных пігментаў не парушаны, гэта дазваляе кропкава выправіць ужо нанесены пласт. Максімальная інтэнсіўнасць святла з'яўляецца белым ад паперы. Самыя ўмелыя адмыслоўцы ведаюць, як зэканоміць на сваім малюнку гэтыя натуральныя светлавыя выбліскі (блікі і адлюстраванні) у самых прыдатных месцах. Таксама захоўваюць ніжнюю частку падкладкі: парафін (ад свечкі), які прадухіляе сталае змочванне паперы каляровай вадой, ці маскаваная вадкасць (рысавальная камедзь), якая часова абараняе яе і здымаецца плёнкай, пры дасягненні патрэбнага выніку ці ў канцы працы. Ужываецца для абыходу патрэбных дробных ці нязручных участкаў, якія павінны захаваць белы колер паперы.

Злучным рэчывам для акварэльных фарбаў служаць лёгка растваральныя вадой празрыстыя раслінныя клеі - гуміарабік і дэкстрын. У якасці пластыфікатару ў іх уводзяць гліцэрыну і інвертаваны цукар, якія ўтрымліваюць вільгаць. Без гэтага фарбы лёгка перасыхалі б і станавіліся далікатнымі. Іншы дадатак да акварэльных фарбаў, якая служыць павярхоўна-актыўным рэчывам - бычыная жоўць. Яна перашкаджае скочванню фарбаў у кроплі, палягчаючы маляванне. Для абароны ад цвілі ўводзіцца антысептык - фенол.

Па меркаванні адмыслоўцаў XIX стагоддзя, "для акварэльнага жывапісу ўжываецца ці брыстальскі кардон, ватманская папера, ці таршон, пэндзлі вавёрчыны, куніцыны, барсука ці хтхаровыя. Аднатонныя малюнкі робяцца ці па спосабе Губерта, ужываючы сэпію, ці нейтральтынтам. Для каляровых акварэляў найболей ужытныя фарбы наступныя: гумігут, індыйская жоўтая, жоўтая охра, тэр дэ Сіена натуральная, такая ж паленая, цынобра, кармін гаранс, лак-гаранс, кармін палены, охра чырвоная, венецыянская чырвоная, індыйская чырвоная, кобальт, ультрамарын, берлінскі блакіт, індыга, нейтральтынт і сэпія" (Энцыклапедыя Бракгаўза і Ефрона).

Праца акварэльнымі фарбамі на прыродзе, з натуры (пленэр), патрабуе шпаркасці і адпрацаванай тэхнікі. Разам з тым, пад рукой павінна быць пасудзіна з чыстай вадой і губка, якая, як правіла, удзельнічае падчас нароўні з пэндзлямі.

Апроч асноўных пэндзляў, неабходны мастакам і іншыя прылады, такія, як вёдры для вады і анучы для чысткі пэндзляў і шчотак, а таксама паддоны-вёдры для падрыхтоўкі сумесяў, губкі, ватовыя шарыкі, зубная шчотка для пырскаў колеру, лязо ці пяро для чысткі і гумка для выдалення лішняга.

Сучасныя мастакі досыць паспяхова выкарыстоўваюць акварэльныя алоўкі, якія параўнальна нядаўна з'явіліся ў продажы , а таксама іншыя матэрыялы, што дазваляюць "дапрацоўваць" акварэль, да прыкладу: пастэль, васковыя крэйды, гелевае чарніла і гэтак далей.

Апроч звычайнай акварэлі, у цяперашні час з'явілася гранулюючая акварэль, якая выкарыстоўваецца нароўні са звычайнай і прызначана для адмысловых эфектаў у жывапісе: для паглыблення ценяў, тэкстуры, прыгожых пераходаў і пераліваў. Гэтак жа нельга не заўважыць імкліва набіраючыя папулярнасць акварэльныя чарнілы, якія валодаюць некаторымі ўласцівасцямі звычайнай акварэлі (празрыстасць, лёгкасць і далей), але ў адрозненне ад яе маюць чысцейшы, часта аднаскладны пігмент, таму лягчэй змешваюцца і даюць чысцейшы вынік.

Акварэльная фарба вельмі пераборлівая ў захоўванні з-за сваёй далікатнасці. Пігмент, нанесены на паперу ці палатно, пад падкладкай кантактуе з паветрам, дробны памол і памер часціц пагаршае святлаўстойлівасць пігменту. Растваральнае злучнае рэчыва ў акварэлі робіць ачыстку немагчымай, з часам папера жоўкне і падвяргаецца нападам казурак і грыбкоў. Акварэль можа быць выстаўлена на агляд толькі ў спрыяльных умовах, пры слабым асвятленні і абароне ад прамога сонечнага святла.

Туш

Слова "туш" у беларускай мове мае тры значэнні:

- Туш (ж. р.) для веек - дэкаратыўная касметыка, прызначаная для падкрэслення, выдзялення і змены натуральнага колеру веек.

- Туш (ж. р.) - фарба для каліграфіі і малявання. Асобна выдзяляецца кітайская туш, якая мае мноства адрозненняў ад тушы, што вырабляецца на Захадзе.

- Туш (м. р.) - кароткі бравурны інструментальны твор, які выконваецца часцей за ўсё духавым аркестрам у якасці прывітання ці ўступу на ўрачыстых цырымоніях.


Туш ( ням. Tusche) - фарба, розных колераў, раней брусковая чорная фарба (туш чорная), розных адценняў, прыгатаваная з сажы.

Туш кітайская ( ням. Chinesische Tusche, фр. Encre de Chine, ангел. Chinese or Indian ink) - чорная акварэльная фарба, якая ўжываецца для каліграфіі, малявання і чарчэння, а ў Кітаі, Японіі і Карэі таксама для пісьма. Туш бывае вадкая, канцэнтраваная і сухая (у выглядзе палачак ці плітак). Чорная туш высокай якасці мае густы чорны колер, лёгка сыходзіць з пяра ці з чарцёжнага пяра - рэйсфедара. Існуе таксама так званая каляровая туш (адмысловая разнавіднасць вадкіх фарбаў), якая ўжываецца вельмі рэдка. У гатовым да ўжывання выглядзе з'яўляецца суспензіяй дробнадзісперсных часціц сажы ў вадзе. Для прадухілення расслаення суспензіі і замацавання выніку ўжываюцца злучныя рэчывы, звычайна шэлак ці, радзей, жалацін.

У дадзены момант туш найболей шырока ўжываецца для малявання, асабліва пры стварэнні коміксаў і карыкатур.

Туш звычайна не выкарыстоўваецца для наліўных чарнільных ручак, акрамя рапідографаў, паколькі з-за ўтрымання ў ёй натуральнай смалы шэлаку яна хутка засыхае і засмечвае пяро ручкі. Адзіным вытворцам наліўных ручак для тушы з'яўляецца кампанія Pelikan Fount India, якой таксама распрацаваны адмысловы склад тушы, якая не ўтрымоўвае шэлаку.

Малюнкі, выкананыя любой разнавіднасцю тушы, адрозніваюцца святлаўстойлівасцю, бо асноўны яе кампанент - сажа - хімічна інэртная. Туш - матэрыял для малявання пэндзлем ці пяром, выкарыстоўваецца ў графічнай тэхніцы "сухі пэндзаль". Асаблівасцю малюнкаў, зробленых тушшу, з'яўляецца штрыхавая манера выканання. Цяжкасць працы заключаецца ў адмысловай адчувальнасці пяра, якое лёгка змяняе характар лініі.

Да сярэдзіны XIX стагоддзя шырока распаўсюджанымі былі гусіныя пёры, а потым у мастацкую практыку трывала ўваходзіць металічнае пяро, якое дае больш тонкую і роўную лінію. На Усходзе шырока выкарыстоўваецца трысняговае пяро, яго тэхніка адрозніваецца больш энергічнай рыскай. Пры маляванні тушшу, апроч пяра, выкарыстоўваюцца і пэндзлі з розных матэрыялаў і розных формаў, тампоны. Кожнаму мастаку ўласцівыя свае прыёмы працы з тушшу. Рэмбрандт, напрыклад, прапрацоўваў малюнак не толькі пяром, але і пэндзлем, трэсачкамі, палачкай і нават уласнымі пальцамі, выпацканымі фарбай.

Сучасныя мастакі часам працуюць завостранай пад "лапатачку" запалкай, для зручнасці ўстаўленай у цангавы аловак. Такі прыём дае вельмі жывую, аксаміцістую рыску. У залежнасці ад таго, пад якім кутом праходзіць лінія, яе выразнасць змяняецца ад цяжкавагавай, тоўстай да скальпельна-тонкай, дэталёвай.

Тэхніка выканання тушшу даволі актыўная па выяўленчай мове: старанная і дакладная прапрацоўка пяром, заліванне з дапамогай пэндзля тонкімі танальнымі градацыямі, іх кантраст з белай (ці злёгку таніраванай) паперай - усё гэта дае мастаку вялікія творчыя магчымасці.

Каляровая туш мае не так шмат колераў, як акварэльныя фарбы, але ўсё такі колькасць іх дасягае 24, а магчыма, і больш.

Колеры кітайскай тушы маюць своеасаблівыя назвы: 1. Белы; 2. Гамбодж; 3. Чжубяа; 4. Цынабар (кінавар); 5. Санл.v; 6. Сандзінг; 7. Фталацыянін; 8. Кветкавы сіні, 9. Азёрны сіні; 10. Пунсовы; 11. Аранжавы; 12. Эрдзінг; 13. Кармін; 14. Эазін; 15. Охра; 16. Чорны; 17. Смарагд; 18. Светла-жоўты; 19. Шэра-карычневы; 20. Фіялетавы; 21. Эрдзінг; 22. Тулінг; 23. Ультрамарын; 24. Півонева-чырвоны. Не ўсё зразумела, але з кітайскай праз англійскую, як выйшла.


Туш для веек, як правіла, паўсюдна ўжываецца чорнага колеру.

(Працяг у наступным нумары.)

У Вільні і літоўскіх дварах, успаміны 1815 - 1843 гадоў 1

Габрыэля Пузыня

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Сярод сем'яў, якія жылі ў Варшаве, калі мы прыехалі сюды, была і сям'я Любецкіх-Сцыпіёнаў - намадаў, якія заўсёды знаходзіліся ці ў руху, ці на адпачынку ад руху. У іх гасцінным доме заўсёды было шматлюдна, і іхнія госці ўтваралі асобную касту. Аднойчы да бабулі прыйшла пані Сцыпіёнава з казырком над слабымі вачамі, вясёлая, усмешлівая, дасціпная, і запрасіла маіх бацькоў да сябе на нядзельны абед, было гэта ў аўторак. Тады ж яна сказала, што на наступны дзень едзе да сястры Пуслоўскай у Літву, каб развітацца з ёй перад ад'ездам за мяжу, куды выбіралася разам са сваёй дачкой, міністравай Любецкай (і з яе дзецьмі). "А як жа нядзельны абед?" - спытала мама. "Вярнуся", - сказала яна і з усмешкай развіталася з намі, паўтараючы: "Да хуткай сустрэчы". І сапраўды, пані Сцыпіёнава з'явілася вечарам у суботу і, з усмешкай робячы рэверанс, спыталася прама з парога: "Ну, хіба я не стрымала слова? Прыехала нагадаць пра заўтрашні абед". А калі спыталі, ці пэўна яна ездзіла ў Літву, адказала: "А як жа ж, як доказ я прывезла з сабой сястру, яна захацела суправаджаць мяне".

Падобным чынам адбываліся і далейшыя падарожжы - знянацку, усёй сям'ёй, у ландо, напакаваным пакупкамі з Парыжа, якія не распакоўваліся да новай паездкі за мяжу. Калі прыходзіў час зноў збірацца ў падарожжа, яна знаходзіла ў сябе элегантныя парыжскія рэчы, якія ўжо выйшлі з моды.

Аднойчы на раніцы да нас прыйшоў генерал Гелгуд 79, ліцвін, які вычытаў у "Кур'ерыку" імя майго бацькі і быў здзіўлены, калі ўбачыў усю нашу сям'ю. Ён быў рады убачыць сваіх суайчыннікаў і запрасіў нас да сябе на абед. Паколькі жыў у летнім вайсковы лагеры ў Марымонце, аднойчы раніцай мы паехалі туды ўздоўж могілак на Павонзках, міма ветраных марымонцкіх млыноў, вялікая колкасць крылаў якіх адпавядала колькасці намётаў у лагеры. Амаль што каля кожнага млына меўся садок, з якога адкрываліся прыемныя краявіды. Генерал прыняў нас у сваім намёце крыху большым за жаўнерскі. Ён, яго малады ад'ютант і наша сям'я селі за стол, за якім больш не засталося месца. На абед падаваліся літоўскія стравы: халаднік і курчаняты, што прыемна перанесла нас на радзіму. Былі таксама кракаўскія артышокі, ракі з Кароны і дэсерт, абед быў прыпраўлены вясёлымі і сардэчнымі размовамі. Генерал - чалавек сярэдняга ўзросту, меў адно шкляное вока якое слязілася, што надавала яму сентыментальны від. Пасля кожнага слова ён пытаўся: "Што?", - і пасля абеду прапанаваў прагуляцца да марымонцкай фабрыкі, дзе выраблялася каляровыя пяркалі, і да школы плавання, наглядчыкам якой быў француз Валянцін д'Оўтрыў. Мы бачылі як апранутыя жаўнеры кідаліся з лесвіцы на даху ў ваду, а няўдалых спускалі на вяроўцы. Трэба сказаць, што чалавек, які навучыў плаваць тысячы людзей, сам патануў у Віліі падчас кампаніі 1831 года, хто б мог прадказаць гэта ў 1825-м? Гэтага не прадбачылі ні ён, ні мы, ні генерал Гелгуд, які таксама загінуў нібыта ад кулі свайго баявога таварыша на прускай зямлі ў 1831 годзе, абвінавачаны ў дзяржаўнай здрадзе (жадаю верыць, што няслушна) 80.

Сонца ўжо заходзіла, калі мы вярталіся праз лагер, барабаны білі адбой, а жаўнеры з непакрытымі галовамі чыталі "Ойча наш".

Мой бацька завёў у Варшаве вельмі прыемнае знаёмства (нібыта ўсё пачалося з кубка мінеральнай вады) з графам Вадзіцкім з Кракава, дзедзічам Нядведзя і аўтарам працы пра сады. Гэтае знаёмства не закончылася толькі пустымі формамі ветлівасці і перайшло ў сяброўства. Пачалася перапіска, і мой бацька ўзяў на сябе абавязак распаўсюджваць падпіску на яго твор. Гэтыя стасункі трымаліся да 1831 г., калі іх спыніла вайна і, падобна, смерць графа.

На раніцы мы найчасцей хадзілі па крамах, акрамя пакупак для сябе, для усіх нас і для суседак, мая маці хацела прывесці падарункі для кожнай асобы з нашай фаміліі.

Наш вясёлы побыт у Варшаве закончыўся сумна з-за чужой жалобы. Граф Людвік Плятэр (адзін з сямі братоў) жыў тут з жонкай і трыма дзецьмі-падлеткамі. Даўняе знаёмства і сваяцкія сувязі так злучылі нашы сем'і, што мы бачыліся амаль што кожны дзень. Яго жонка з дому графаў Бжастоўскіх, давярала маёй маці сваю радасць, шчасце і захапленне, выкліканае яе старэйшай дачкой Зосяй, прыгожай пятнаццацігадовай бландзінкай. Яе маці радавалася, што выхавала дачку да такога ўзросту бо раней страціла ўжо сямёра дзяцей, якія не дажылі і да сямі гадоў. Зося апраўдвала захапленне маці, была ладнай, добрай, выхаванай і сардэчнай. Гледзячы на тое, як дзяўчына танцуе на дзіцячым свяце, маці ўвесь час паўтарала сама пра сябе, што за яе яна можа быць цалкам спакойнай. Але трэба быць пільнай, бо не ведаеш ні таго дня, ні той гадзіны…

Праз некалькі дзён мы разам з сям'ёй Плятэраў павінны былі паехаць у Вілянаў. Зося заставалася дома, бо адчувала сябе не зусім здаровай. На наступную раніцу пані Плятэр нечакана паклікалі з саду Красінскіх - Зося моцна захварэла … на трэці дзень яе не стала! Халера, гэтая страшная хвароба, невядомая дагэтуль у нашым краі, забрала толькі што расквітнеўшую панну, і адчай бацькоў быў невыносны! Амаль што ўся Варшава падзяляла іх гора. Восьмы, самы цяжкі крыж прыйшоў да іх, і яны неслі яго! Мае бацькі не выходзілі з дому сваіх сяброў, каб плакаць разам з імі, бо нейк уцешыць іх было немагчыма. Няшчасная маці акружыла сябе памяткамі пра сваю Зосю, яна не спынілася на тым, што мела ў сябе, і сабрала яе рэчы ва ўсіх сяброў і знаёмых памерлай дачкі. Яна цалавала яе валасы і толькі гэтак трошкі супакойвалася.

Неўзабаве да іх прыйшло запрашэнне з Пулаваў ад князёў Чартарыскіх правесці там астатак лета. Услед за гэтым лістом, прыйшоў другі з запрашэннем маім бацькам, бо князь Адам, калі займаў пасаду куратара Літоўскай навучальнай акругі, асабіста ведаў майго тату. Ад такога запрашэння адмовіцца было немагчыма, і ў канцы жніўня, пасля пяці тыдняў у бабулі, па маршруце апісаным у лістах біскупа Красінскага, праз "пяскі і лес", мы рушылі ў дарогу і на наступны дзень, перад заходам сонца, на супрацьлеглым беразе Віслы, якую трэба было яшчэ пераплыць на плытах, прыехалі ў Пулавы. Мястэчка раскінулася ў даліне, вышэй яго стаялі замак і храм Сібілы 81. Пулавы падрабязна апісала пані Таньская ў сваіх "Разрыўках" 82.

Пулавы, сёння ўласнасць скарбу, ператвораны ў дзяржаўны інстытут для дзяўчат, але старыя Пулавы 1825 г., ад якіх засталася толькі назва, ужо сорак два года некранутымі жывуць у маёй памяці, як зачараваны замак са сваёй напаўсагнутай васьмідзесяцігадовай феяй з сухімі рысамі твару, з пранізлівым позіркам, з напудранай фрызурай - княгіняй Ізабэлай з Флемінгаў Чартарыскай. Яна ветліва і нават сардэчна вітала нас на парозе вялікай залы, і занядбанае ўбранне надавала ёй нешта таямнічае. Каля княгіні Ізабэлы стаяла дачка, княгіня Марыя Вюртэмбергская і сын, князь Адам Чартарыскі, абодва ўжо сівыя, як галубы. У той час у Пулавах жылі ўнукі Замойскія і прыгожы князь Леан Сапега, заручаны з адной з унучак Замойскіх. Праводзілі тут усё лета два сямействы Плятэраў, а таксама генерал Мараўскі з жонкай і дзецьмі. Была панна Панятоўская, пляменніца апошняга караля і Эмма Стрыжэўская з Патоцкіх, заўсёды элегантная жанчына з прэтэнзіямі, якімі яна адрознівалася ад патрыярхальнай прастаты князёў. Каб закончыць гэты спіс, трэба дадаць яшчэ ваяводзіну, графіню Патоцкую з Вілянава. Штодзень у другой гадзіне дня звон склікаў гасцей ў ніжнюю залу палаца на абед, гонар якому выказваў князь Адам і яго сястра. Княгіня-маці абедала ў сваім пакоі, пасля наведвання школкі ў вёсцы. Штодзень за стол садзілася да трыццаці чалавек, якім прыслугоўвала не меншая колькасць гайдукоў, лакеяў і казакаў. Пулаўскі стол не меў ні рыбы, ні дзічыны, хоць палац стаяў пасярод багатых лясоў, рэк і азёр, бо тут не адыходзілі ад традыцыі, якая заўсёды адпавядала жарту с. п. князя-генерала, неяк ён сказаў пра пулаўскі стол: "На ім старое масла і маладое віно".

На наступны дзень пасля нашага прыезду мы зладзілі пікнік на траве. Кожны госць мусіў прынесці сваю страву, і сама княгіня прыйшла з булёнам і печанай баранінай уласнага прыгатавання, сказаўшы, што ёй можна даверыцца, бо ў часы рэвалюцыі яна гатавала на трыццаць асоб. Мае бацькі зрабілі сюрпрыз - літоўскі халаднік і растлумачылі, што яны, як падарожнікі, не маюць часу развесці вогнішча. Кожную страву сустракалі воклічамі "віват", а калі хтосьці прапанаваў моркву ў алеі, пані Стрыжэўская кампліментарна заўважыла, што страва смакуе як "entre la pomme de terre et l'ananas" ( фр. "мясцовая морква з ананасам". - Л. Л.). Адзіная бутэлька шампанскага, ахвяраваная ўнукам, выклікала не толькі віваты, але і здзіўленне, а чорную каву прынёс маленькі чатырохгадовы "турак" - сынок Станіслава Плятэра, якога пасадзілі ля падножжа велізарнага дрэва пад назвай Le protecteur (фр. "Пратэктар, абаронца". - Л. Л.).

Прагулкі ў лодках, язда ў старасвецкіх кочах са збруяй адпаведнага веку, на якіх было вельмі весела катацца, гарбата на ганку, а часам і на траве, пасля вячэры пасядзелкі ўвесь час у іншым куце салона, бо так любіла княгіня - вораг аднастайнасці і цырымоній, вось што было зместам гэтых пяці дзён у Пулавах, якія ніколі не забудуцца.

Князі прымалі ў ніжніх апартаментах, бо залы адчыняліся толькі для вялікіх сямейных урачыстасцяў. У абедзеннай зале стаяла вялікая мармуровая ванна, у якую клалі капелюшы, шалікі і малітоўнікі (у нядзелю). Нам казалі, што калісьці Урсын Нямцэвіч прагледзеў вялікую колькасць французскіх кніг і, як сябар роднай мовы, на кожнай з іх напісаў: "Бог не разумее французскай мовы". Нам паказвалі адну з такіх кніжак, і мой бацька, заўважыўшы памылку ў правапісе, жартам сказаў: "Бог, хоць і не разумее французскай мовы, але папярэджвае, што слова "французская" пішацца праз "с". Гэта рассмяшыла дам, якія ў помсту папрасілі яго занатаваць сваю заўвагу на кнізе.

Гасцей размясцілі ў адмыслова пабудаваных для гэтага двухпавярховых афіцынах з унутранымі калідорамі і з комінам, у якім бесперапынна гарэў агонь, за што слугі дабраслаўлялі княгіню - каб распаліць пліту, не трэба было бегчы на кухню. Мой бацька пераняў гэта для нашага новага палаца, які будаваўся тады ў Дабраўлянах. Княгіня-маці старанна клапацілася пра сваіх гасцей і ў дыспазіцыі карэт для шпацыраў не забывала ні пра каго, нават і пра дзяцей. Яна была ветлівай і абыходлівай з гасцямі, такой жа была і са сваімі дзецьмі. Я памятаю яе словы да сына: "Пане Адаме, калі будзеш ісці, прынясі мне мой званочак". Пачуўшы гэта, сын адразу ўскочыў і прынёс.

Яна любіла расказваць смешныя анекдоты пра сябе, адзін з іх быў з прускіх часоў, калі паміж Пулавамі і Варшавай мелася мяжа, на якой строга пільнавалі кантрабанду і штучныя парыжскія кветкі былі цалкам забаронены. Княгіня ўзялася перавезці велізарную колькасць букетаў для ўсіх сваіх дам, якія рыхтаваліся да вяселля, і натуральна, таксама і для нявесты. А паколькі сукенкі і аздобы не падлягалі мыту, яна абшыла свой падарожны шлафрок гірляндамі, зрабіла капялюш з 12 вялізнымі букетамі, і, апранутая з такой вялікай фантазіяй, выйшла з карэты перад здзіўленымі мытнікамі. Адны з іх смяяліся, другія злаваліся, а старшы запатрабаваў плату за кантрабанду, бо ў падарожжа так ніхто не апранаецца. На што княгіня адказала, што ведае - яна выглядае смешна, але любіць кветкі, якіх ніколі не бывае зашмат. Нягледзячы на відавочнае парушэнне, з-за строгага выканання прусакамі сваіх прадпісанняў, княгіня не заплаціла ні граша і прыехала ў Пулавы ў касцюме Флоры.

Кожную раніцу мы шпацыравалі па цудоўным парку, дзе кожнае, пасаджанае княгіняй дрэва, служыла ўзорам для яе кнігі пра сады. У "Марынках", палацы пабудаваным для княгіні Вюртэмбергскай, жыла сумная сям'я Людвіка Плятэра.

Ля падножжа замка, на схіле зялёнага ўзгорка, каля крыніцы з сапраўднай жывой вадой, стаяла скульптурная група італьянскага мастака, за якую 30 000 дукатаў заплаціў граф Жавускі 83. Дзве постаці - рыцара ў пакутах і мёртвай дзяўчыны - былі выразаны з суцэльнага кавалка... На руцэ Танкрэда ляжала мёртвая Кларында, якую ні вада, набраная ў шлеме рыцара, ні яго слёзы 84 не маглі ўжо вярнуць да жыцця! На пастаменце меўся надпіс:


"Ты гінеш ад рукі кахання, цудоўная Кларында,

А твой Танкрэд пралівае слёзы з-за

сваёй перамогі!"


Неяк на ранку княгіня адкрыла для нас сваю нацыянальную скарбніцу, і сэрца ліцвінкі захавала ў маёй памяці палаш Ягайлы і ланцуг Ядвігі. Княгіня сама хацела паказаць маім бацькам гатычны дом. Ветлівая і поўная жыцця, яна рухала цяжкія скрыні, у якіх знаходзіліся дзіцячыя рэчы Жан-Жака Русо, лісты ад мадам Севінье і г. д. А косткі Абеляра і Элаізы, Лаўры і Петраркі, здабытыя княгіняй з іх магіл, у яе касцістай руцэ я памятаю і дагэтуль. Пачуўшы ад майго бацькі, што ў Дабраўлянах мае быць рыцарская капліцы, яна падарыла яму цэлую скрыню каляровага шкла, якую атрымала ў катэдры ў Майнцы пасля вялікай рэвалюцыі.

У нядзелю княгіня павезла нас у касцёл яе любімай вёскі Уластавіцы. Увечары таго ж дня на лузе святкаваліся дажынкі, на якія княгіня жадала пакінуць і нас, хоць мы ўжо з ёй развітваліся. Яна энергічна дабівалася свайго, спачатку доўга ўпрошвала нас і нарэшце, тупнуўшы калісьці маленькай і грацыёзнай ножкай, сказала: "Не адпушчу! Не адпушчу! Загадаю паздымаць колы!". Мы засталіся, і гэта быў наш апошні дзень у Пулавах, з якімі мы развітваліся ля падножжа каменнага крыжа, дзе наша апранутая ў белая маці, з распушчанымі валасамі, пасадзіла нас на лаву каля балюстрады і, ўкленчыўшы, малілася малітвай Касцюшкі: "Божа! Дазволь нам яшчэ адзін раз пабываць у Пулавах! … Дай Божа! Дай Божа!". Гэта відовішча спыніла княгіню Вюртэмбергскую, якая ехала па дарозе. Даслухаўшы малітву, яна ўсклікнула сваім лагодным галаском: "Гэта не толькі прыгожа але і ветліва". І мастак, які пры гэтым прысутнічаў і першы раз быў у Пулавах, пашкадаваў, што гэта жывая карціна не будзе назаўсёды увекавечана…

На наступны дзень мы ўжо былі на дарозе ў Літву.

Наша вяртанне ў Вільню было радасным. Гэтак жа, як наша маці некалькі тыдняў таму радасна вітала колеры Каралеўства, так і мы, народжаныя ў Літве і любіўшыя Вільню, на Пагулянцы высунуліся з карэты, каб убачыць вежы касцёлаў. Калі ж уся панарама дамоў і касцёлаў цудоўна развярнулася ў аблямаванні восені, мы радасна закрычалі: "Вільня! Вільня!". І адчулі такую сілу злучэння з роднай зямлёй, што пасля цудоўнай Варшавы з яе высокімі палацамі і шырокімі вуліцамі, гэтыя вузкія вулачкі з нізкімі камяніцамі, замест таго каб прайграць у параўнанні, здаліся нам больш прыемнымі і натуральнымі, і мы зноў закрычалі: "Брава, Вільня!".


Позняй восенню ў Таганрозе памёр імператар Аляксандр, а неўзабаве пасля яго - імператрыца Лізавета. Яе ліст, у якім яна паведамляла пра смерць мужа, змяшчаў наступныя слова: "Наш анёл на небе. Усё маё суцяшэнне, што і я хутка памру", - доўга разыходзіўся па імперыі.

1826 год

1826 год заслугоўваў толькі адной, вялікай, паважанай і святой назвы - юбілейнага года. Гэта ўрачыстае святкаванне вяртаецца ў хрысціянскі свет кожную чвэрць стагоддзя. Буле святога айца Леана XII, якая чыталася ў Літве і Польшчы, папярэднічала ў 1825 годзе з'яўленне на віленскім гарызонце крыжа, які быў бачны пагодным майскім вечарам перад, ці адразу пасля заходу сонца ў тым жа баку, дзе яно зайшло 86. Яго бачыла большасць жыхароў горада, якія, як і звычайна, збіраліся кожны вечар на бульварах уздоўж Віліі. І я бачыла яго разам з бацькамі і сёстрамі. Гэта быў вялікі, роўна выразаны, прапарцыянальны крыж светла-жоўтага, хутчэй нават празрыста-залацістага колеру, быццам выразаны з бурштыну ці тапазу на тле абсалютна чыстага неба. Для тых, хто ведае Вільню, трэба дадаць, што ён указваў напрамак ад Сніпішак да Зялёнага моста. Тыя, хто ішоў па бульварах, спыняліся, як укапаныя ў зямлю, і шапталіся паміж сабой, што гэта прыкмета канца свету.

З пачаткам 1826 года ў касцёлах Вільні пачаліся трохдзённыя, а часам і тыднёвыя службы, але не ўсе прымалі гарачы і чынны ўдзел ва ўсіх набажэнствах, пакінуўшы для сябе толькі самы канец. Чыталіся юбілейныя кнігі з булай папы і тлумачэннем, чаму неабходны такія службы і малітвы. Мой бацька кожнаму з нас даў гэтую кніжку з ўласнаручным надпісам, і я захавала для сябе адзіны ў сваім родзе экзэмпляр, бо пры яго канцы мелася малітва не за пануючага імператара, а адразу за трох самаўладцаў. Кніжка друкавалася загадзя перад новым годам, калі жыў яшчэ Аляксандр І, і ў малітве за імператара было яго імя, пасля друкавання кніжкі прыйшла вестка пра смерць Аляксандра І у Таганрозе, і выдавец, пільнуючы парадак старшынства, выдрукаваў другую малітву за міласэрнага цара Канстанціна, але калі в. князь Канстанцін адрокся ад трону, дадаў старонку з малітвай за цара Мікалая.

У сельскіх прыходах біскуп вызначыў час для святкавання юбілею, верасень прыпаў на тры нашы парафіі, да якіх належаў двор з вёскамі. Дасланыя з Вільні ксяндзы-місіянеры прапаведавалі сваю навуку з руплівасцю і пакорай, падымалі дух мясцовых пробашчаў, якія, як на той час, сядзелі ў добрых плябаніях і жылі трошкі па-свецку, удалечыні ад старых і бяздзейных віленскіх біскупаў.

Не ведаю, ці хутчэй не памятаю, ці святкавала Вільня юбілей у касцёлах на працягу ўсяго года, памятаю толькі, што ўвесь снежань прысвячаўся выключна гэтай падзеі і першы тыдзень мы ўдзельнічалі на службе ў ксяндзоў-місіянераў, а другі ў катэдры.

Калі юбілей падышоў да канца, сталі бачнымі яго дабраслаўлёныя плады. У касцёлах з'явіліся мужчыны, якіх там ніколі раней не бачылі з малітвай, прыйшлі старыя з сівымі валасамі, якія пакорліва прызнаваліся ў сваім вяртанні ў лона касцёла праз шмат гадоў і як падзяку за гэта прыводзілі разам з сабой сябра ці аднагодка. А колькі было паміраных шлюбаў, вяртання да цноты, да гэтага святога вяселля! Меліся і сумныя прыклады і канчатковыя разрывы тых звязаў, якія не ведаючы што іх звяз - грэх, кахалі і паважалі адзін аднаго, але па волі касцёла і ўласнага сумлення мусілі разысціся, каб пакутаваць за свае памылкі. Былі і тыя, для каго навіной сталі самыя простыя ісціны катэхізіса, пра якія ведаюць нават пяцігадовыя дзеці на каленях у маці.

Місіянерскі касцёл пад вызнаннем "In monte Salvatoris" (лац. "На вяршыні Збаўцы". - Л. Л.) з садам і ставамі з рыбай, стаяў за горадам. Ад яго адкрываўся цудоўны від на горад і Замкавую гару. Заснаваны з 1695 г. інфлянцкім войскім графам Тэафілам Плятэрам, ён на сабе і ў сабе нёс адметныя рысы той эпохі. Гэта адчувалася адразу пасля ўваходу ў крыху цёмны, з-за невялікай колькасці вокнаў, касцёл, адчувалася ў цёмна-пафарбаваных алтарах, у скляпеністых столях, у вялікай колькасці шаф са старасвецкай разьбой у сакрыстыі, у шырокіх калідорах і келлях святароў, перад якімі, каб табе адчынілі дзверы, трэба было сказаць entrez, што хоць і прамаўлялася з мясцовым акцэнтам, але нагадвала пра прывезены з Францыі звычай. Аднак найбольшая колькасць старажытнасцяў мела бібліятэка, якая займала прасторны пакой і была напоўненая творамі духоўнага зместу пераважна на французскай мове.

Нават у звычайныя нядзелі ў набажэнствах ксяндзоў-місіянераў было нешта ўрачыстае. Увесь прэзбітэрыюм, як галубятня, бялеў ад простых, палатняных комжаў без вышывак, карункаў і стужак. Каля дзесятка клірыкаў ладна спявала за пульпітамі, чацвёра ў мантыях сядзелі на высокіх зэдліках, а казанне заўсёды падавалася як навука і заставалася ў памяці. Нам вельмі падабаліся ранішнія набажэнствы місіянераў, настолькі ранішнія, што свечкі на алтарах стваралі цені ў касцёле і пры кожным алтары адпраўлялася шэптам ціхая, паважная імша.

Вялікія падзеі юбілейнага года засланілі драбнейшыя факты, але краёвая і сямейная хроніка не павінна з-за гэтага нешта страціць.

Смерць ні пра каго не забыла і забрала некалькіх чалавек з наваколля нашых Дабраўлянаў. У Царклішках памерла апошняя з Секержыціх, якая так і не паспела закончыць будаўніцтва палаца па плане венскага архітэктара. Дзецям на памяць пакінула сад і парк, які быў прыгожым сасновым лесам, прарэзаным шырокімі сцежкамі, з пагоркам пасярэдзіне лесу, які меў назву "Гара Перуна", бо па паданнях, калісьці тут быў алтар, на якім спальваліся ахвяры гэтаму ідалу. У сваім тастаманце памерлая абрала месца для магілы насупраць вокнаў палаца, прама ля тракту каля лесу, і яе адданы сын паставіў у гэтым месцы каплічку, прызначаную для сямейных пахаванняў.


Зімой у Вільні патануў ці ўтапіўся ў прыступе вар'яцтва малады прафесар Юрэвіч 86, якога мы вельмі добра ведалі, бо ён наведваў нас у Дабраўлянах і ездзіў у Паставы, куды яго ў свой арніталагічны кабінет запрашаў дзядзька. Гэта ён два гады таму паказваў нам універсітэцкія залы і так добра, з запалам, па-памяці ўсё тлумачыў, што хоць я і была яшчэ дзіцём, але магла ўжо ацаніць і захапіцца яго расказамі. Смерць Юрэвіча прыпісвалі прыгожай ліцвінцы Наталлі Біспіг, якая са сваёй маці і бабуляй Кіцкай зімавала ў Вільні, а іх штодзённым госцем быў пан Юрэвіч. Там ён і захапіўся некалькі статычнай прыгажосцю сур'ёзнай панны Наталлі.

Напаследак пакідаю вестку пра смерць нашай бабулі Гюнтар. Яна была ўжо вельмі старой, нядоўга хварэла, і мой бацька, які кожны год ездзіў у адведкі, у гэты раз прыехаў запозна.

Такім чынам праз чатыры гады наш дом зноў агарнула вялікая жалоба, а разам з намі і вялікую сям'ю Вайніловічаў.

1827 год

Зіма 1827 г. у нас была вельмі музыкальнай. Над намі ў доме Велька, куды вярнуліся праз тры зімы, жыла пара музыкантаў Казлоўскіх. Жонка выкладала музыку і спевы і кожную раніцу прыходзіла да нас на заняткі, увечары мы часта падымаліся наверх паслухаць паннаў Рык з Беларусі, якія жылі з Казлоўскімі.

Аднак гэтая зіма стала музыкальнай не толькі для нас і для дома Велька, але і для ўсёй Вільні, бо сюды прыехала вядомая ў той час піяністка Марыя Шыманоўская 87 з дому Валоўскіх 88, родам з Варшавы, якая ўжо не аднойчы аб'ехала ўсю Еўропу, выступала ва ўсіх сталіцах і каралеўскіх дварах, і нарэшце, па дарозе ў Пецярбург, спынілася ў Вільні. Яна ехала з Варшавы і везла ліст ад бабулі да маёй маці, і першы яе візіт быў да маіх бацькоў. Усё яшчэ прыгожая, вясёлая, разумная і добрая, яна ўсім нам закруціла галовы. Мая маці прапанавала сваю кампанію і сваю карэту для яе візітаў да дзяржаўных чыноўнікаў. Мой ветлівы і заўсёды гатовы дапамагчы бацька спрыяў яе знаёмству з артыстамі. А мы, дзеці, якім заўсёды падабаюцца ладныя твары, добрае слова і густоўная вопратка, былі настолькі зачараваныя музыканткай, што закахаліся ў яе і называлі проста "Шыманя", мы выбегалі насустрач і былі рады ёй служыць. А калі ў яе на шыі парвалася нітка з упрыгожаннямі, і пацеркі ўпалі на зямлю, мы ўсе збіралі іх каля яе ног. Бывала ў нас штодзень, нават калі яе запрашалі ў іншае месца, заўсёды пачынала вечар у маіх бацькоў, якія адразу пасля яе прыезду запрасілі ў госці ўсіх музыкаў, якія толькі тады меліся ў Вільні: вышэйзгаданых Казлоўскіх, Яна Рэнера, падобна, і Тыбе. Быў запрошаны і галава горада Ян Букша і выдавец тагачаснага "Кур'ера Віленскага" пан Марціноўскі 89. Пані Шыманоўская была не першай з музыкаў, якія наведалі Вільню - двума гадамі раней усіх сваім талентам і сціпласцю зачараваў віяланчаліст Ромберг, да яго, у 1820 годзе, жыхары Вільні захапляліся талентам пані Каталані.

Яшчэ раней гастралявалі і ўшанавалі Вільню сваімі канцэртамі скрыпач Радэ, піяніст Штайнбельт і тэнар Таркінія. Праз некалькі гадоў гастролі раптоўна спыніліся, бо памянялася дарога ў Пецярбург. Але вернемся ў 1827 г., у малы салон дома Велька, дзе на змярканні сабраліся госці, каб чакаць музыкантку, а сур'ёзны Рэнер ужо другі раз спрабаваў наша венскае піяніна, ён настроіў яго яшчэ на раніцы, бо не даверыў такую справу нават знакамітаму на ўсю Вільню Пястовічу. Гэта быў цудоўны вечар, душой якога стала ўбраная ў чорны аксамітавы барэт, гжэчная і прыемная з усімі Шыманя. Размаўляла з французскім акцэнтам, блытаючы французскія і польскія словы, але гэта ёй было да твару. Не прыйшлося доўга прасіць, каб яна пагадзілася сыграць свой цудоўны "Мармур", аднак ёй папярэднічаў пан Рэнер, які, як быццам збянтэжыўшыся, пачаў так фальшыва граць на фартэпіяна і рабіць выгляд, што інструмент не настроены, што пані Шыманоўская, адразу зразумела жарт і з усмешкай усклікнула: "Брава, брава! Мне гэтага досыць, каб зразумець, што вы сапраўдны музыка!".

Падчас гарбаты весела ўкладаўся план канцэрта. Пан Букша ад імя горада ахвяраваў зал ратушы, а пан Марціноўскі сваю друкарню для анонсаў і афіш, Казлоўскія свой салон з фартэпіяна для рэпетыцый. Мой бацька сам склаў афішу, змяшаўшы для гэтага кампліменты і дасціпныя ідэі, піяністка радасна падзякавала за жарты і расказала, што ў Лондане, падчас выступу на вігілію ў Ковен-Гардэне, перад пачаткам канцэрта яе афішы па ложах разносіў сам герцаг Ёркскі. Пасля гэтага першага вечара ўсё пайшло гладка. Для Шыманоўскай і для нас пачаўся шэраг цудоўных дзён і вечароў. Мы хадзілі на ўсе рэпетыцыі да Казлоўскіх. Пані Шыманоўская выступала з аркестрам пад кіраўніцтвам пана Лыкі, а дванаццацігадовая Габрыэлька, седзячы ў кутку, была быццам бы прыкаванай да гэтага месца чарамі музыкі. Маўклівая і ўзрушаная, не пазнавала сябе, яе душа цалкам прачыналася, разбуджаная ўжо два гады таму вершам Міцкевіча "Курганок Марылі".

Шыманя прыязджала да нас на цэлы вечар, прывозіла свае альбомы, якіх мела два: адзін музычны, у якім запісаліся ўсе першыя еўрапейскія музыканты, другі з аўтографамі пісьменнікаў і паэтаў 90. Апошні быў большы, багацейшы на памяткі, ён пакінуў вялікае ўражанне і застаўся ў памяці. Меўся там запіс Вальтара Скота, гэты кароль і творца гістарычнага рамана паводзіў сябе, як сапраўдны літаратар - трымаў альбом паўгода ці нават больш і вярнуў яго ў такім сумным стане, што герцаг Ёркскі перад тым, як адправіць альбом да ўладальніцы, загадаў зрабіць яму новую вокладку і на зашпільцы, якой альбом зашпільваўся, напісаць каштоўнымі камянямі "Regard", што па-англійску азначае "Павага". Мелася ў альбоме байка Арно з сэнсам, зразумелым Шыманоўскай, як варшавянцы. Музыкантка, старанна збірала пярліну за пярлінай і ў Вільні пазнаёмілася з абодвума Снядэцкімі і з Антонам Гарэцкім. Шыманоўская сама напісала строфы гэтага байкапісца ў развітальным лісце да маёй маці. На кожную важную для края падзею Гарэцкі пісаў байку, на гэты раз яна гучала так:


І мяне паклікала, хацела жартаваць,

Але я добра выйду на тым жарце:

На той жа, што і Снядэцкі, напішу я карце,

І мусіш, пані, мой запіс захаваць .


Пры канцы Шымоўская дадала: "Ніхто яшчэ не жартаваў са мной так ветліва".

Пасля папярэдніх рэпетыцый канцэрт, абвешчаны анонсамі і афішай, дачакаўся свайго часу, але кур'еры яшчэ бегалі ад пані губернатаравай да галавы горада і ад яго да радцаў. Рэч ішла пра вельмі важную справу, а менавіта пра крэслы для слухачоў. Мелася іх некалькі тузінаў у зале палаца губернатара, самай вялікай у Вільні, але пані губернатарава не давала іх інакш, як з толькі з адной умовай, вельмі лёгкай для выканання. Крэслы дасць, калі яна будзе прысутнічаць на канцэрце ў белым атласным салопе… Аднак справа ўскладнялася тым, што салоп быў новы, не футравы, а канцэрт праходзіў узімку, і таму салоп трэба было прывезці ў скрыні і пакласці ў цёплы пакой, якога не было пры канцэртнай зале, побач з якой меліся толькі неацепленыя пакоі, занятыя архівам ратушы. Аднак дарэмна галава горада хацеў нешта выгандляваць - забыць пра салоп ці пра цёплы пакой. Пані Горн цвёрда стаяла на сваім: крэслы, салоп і цёплы пакой трымаліся непарыўным ланцугом. Бедны пан Букша бегаў то да членаў гарадской рады, каб дамагчыся вывазу архіва, то па крэслы да губернатаравай. Але яна трымалася з воляй самаўладцы. Ужо цямнела, трэба было пачаць асвятляць залу, але крэслаў яшчэ не было, бо справа з пакоем і атласным салопам яшчэ не была вырашана. Шыманоўская прыбегла да маёй маці з просьбай дабраславіць яе юбілейным крыжам, які яна сама прывезла нам ад бабулі. "Няўжо, - спытала ў яе маці, - пасля столькіх поспехаў у Парыжы, Лондане і нават у міланскай канцэртнай зале "Ля Скала", вы баіцеся Вільні??". "Публіка тут вельмі імпазантная", - узрушана адказала музыкантка.

Нас, малодшых, не ўзялі на канцэрт, пайшлі толькі мае бацькі і шаснаццацігадовая Матыня. Яны вярнуліся зачараваныя ігрой і поспехам Шымані, а хутка з'явілася і яна сама, апранутая ў блакітную сукенку, з пёрамі на галаве, з дыяментамі на шыі. Калі мы выбеглі да яе, нізка схіліўшыся ля дзвярэй, цёпла абняла нас абедзвюх і сказала: "Вы чулі мяне на рэпетыцыі, і я хацела ў сваім уборы завяршыць для вас канцэрт паклонам". Як было не любіць Шыманю? Яе нарэшце запрасіў на вечар губернатар Горн, і яна адмыслова збочыла з дарогі, каб ветлівасцю да дзяцей аддзячыць іх бацькоў. Для тых, хто хоча ведаць усе падрабязнасці, дадам, што ўсё ж удалося арганізаваць канцэрт: і крэслы, і залу, і белы салоп. Менавіта ад такой дробязі залежыць не толькі канцэрт, але і лёс усёй нацыі - як будучыня Францыі пры рэгенцтве прынца Арлеанскага вісела на шнурку ад капелюша, праўда кардынальскага, нягоднага Дзюбуа! 91

Праз некалькі дзён пані Шыманоўская пакінула Вільню, падараваўшы кожнай з нас свае кампазіцыі з уласнаручным подпісам. Яна напісала гэтыя словы на нашых вачах і каб чарніла не разліліся, выгладзіла тое месца на нотах, дзе павінна была пісаць, сваёй турэцкай шаллю, што мы потым не раз пераймалі, калі жадалі нагадаць сабе пра Шыманю. На ўзор яе аксамітавай кацавейкі кармазынавага колеру з гарнастаямі, для нас пашылі падобныя, але больш сціплыя, і яны надоўга сталі нашым любімым адзеннем.

Пані Шыманоўская з Вільні паехала ў Пецярбург, дзе была прыдворнай піяністкай. Яе лісты да майго бацькі, напісаныя на працягу некалькіх гадоў, захаваліся ў яго дзённіках, якія ён пісаў усё жыццё і склаў з іх некалькі кніг. Пані Шыманоўская памерла ў 1831 г. ад халеры. Абедзве яе дачкі выйшлі замуж, старэйшая за сына рэктара Малеўскага, малодшая за аўтара "Гражыны" і "Дзядоў".


У той год, быў адрамантаваны ці хутчэй, зруйнаваны прыгожы па-езуіцкі касцёл св. Яна: знішчаны алтары, якіх было столькі, колькі ў касцёле калон і зняты скульптуры са сцен. Людзі жаліліся на такі вандалізм, мэтай якога была шпекуляцыя!.. Нехта ўзяў падрад на рамонт касцёла і знявечыў яго, пазбавіў сцены іх ранейшых багатых шатаў і замяніў на саван нябожчыка - белы і чысты, сцёр сляды мінуўшчыны, быццам бяліламі пакрыў маршчыны і шнары на старым твары, які насіў сляды думак і пакут! Калі касцёл адчынілі пасля рамонту, усе паспяшаліся яго ўбачыць, і ўсе вярталіся незадаволенымі. Адны казалі што белы, не аздоблены касцёл выглядаў, як быццам праз адчыненыя вокны нападаў снег, іншыя параўноўвалі яго з недакончаным туалетам маркізы часоў Людовіка XV - галава ўжо з прычоскай, але сама яшчэ ў штодзённым шлафроку. Такі выгляд касцёла нагадваў пра сухое лютаранцтва, якое не мае паэтычных аздобаў каталіцкіх абрадаў. І ў гэтых асвежаных, але прафанаваных сценах збіралася па нядзелях і на святы акадэміцкая моладзь, каб з не вельмі вялікай засяроджанасцю слухаць святую імшу. Многія з іх, тупаючы нагамі і перашэптваючыся паміж сабой, скоса паглядвалі на бэдаля, каб той не ўбачыў і не данёс рэктару, што замест малітоўнікаў яны дасталі з кішэняў свецкія брашуры і пачалі жартаваць са сваіх калег, якія ў гэты час ўзорна маліліся. Сардэчныя і шляхетныя студэнты, аднак, не былі пабожнымі.


Як звычайна, лета мы правялі ў Дабраўлянах. Наколькі я памятаю, было вельмі горача, таму прыспешанае жніво закончылі ў ліпені. Вянок жыта прынеслі ў сядзібу на дзень св. Пятра, адзіны раз, як я памятаю, на працягу пяцідзесяці гадоў.

Дзядзька Рудольф наведаў нас і Паставы. Цёця мела чацвёртую цяжарнасць і, паколькі ў іх было ўжо тры дачкі, дык казала, што, магчыма, і на гэты раз народзіцца дачка, але мела іншыя планы. У Жалудку павінен быў нарадзіцца новы дзедзіч. Тут яго б і ахрысцілі, імя ўжо было выбрана, начынне гатова…. Дзядзька таксама меў надзею, але Бог вырашыў інакш! Я памятаю, быццам той кастрычнік быў учора. Мы сядзелі на сталом. Маці першай заўважыла праз акно фурманку з боку Вільні. Ззаду фурманкі тырчалі галінкі, абвітыя саломай. "Гэта з Жалудка!" - усклікнула маці, бо брат абяцаў ёй такое галлё, калі будуць навіны пра братавую. Прывезлі лісты, адзін быў ад цёці. Нягледзячы на дату, маці пачала чытаць, цётка пісала больш пяшчотна, чым звычайна і даслала ружу rosa scadens, якая была "ад яе, а не ад Роро". Занятая сваім лістом, яна не заўважыла, што бацька, чытаючы другі ліст, збялеў і разгубіўся. Нарэшце, не стрымліваючы хвалявання, сказаў: "Генавэфка зусім хворая" …

Мы ўсе ўсталі з-за стала. Нашы сэрцы моцна біліся, у вушах шумела. Мы ўпалі на калені ў сваім пакоі, каб памаліцца за здароўе той, якая ўжо не жыла… Так, нашай цётачкі больш не было! Дзядзька стаў удаўцом, дзеці сіротамі. Нараджэнне чацвёртай дачкі так узрушыла хворую жанчыну, што ў яе пачалася гарачка і прыліў крыві ў галаву, бо яна не дала пусціць сабе кроў. І памерла, такая маладая, такая каханая, такая шчаслівая, яе смерць не месцілася ў нашай галаве!


Узімку дзядзька Рудольф наведаў нас у Вільні, але ён быў настолькі засмучаны, што было відавочна - ён толькі госць на гэтай зямлі… Праз год ён прывёз з сабой дачку, чатырохгадовую Эльфрыдку, якая ўбачыўшы крыжы на касцёлах, з найвялікшай весялосцю склала ручкі і памалілася за сваю маці. А праз год памёр і наш дзядзечка!.. Ружа дасланая рукой паміраючай жанчыны, перажыла іх абодвух… Пасаджаная ў Дабраўлянскім садзе, абвіваецца яна вакол каменнага слупа, на якім высечаны надпіс: "Яна перажыла цябе!".

(Працяг у наступным нумары.)

"Восеньскі кірмаш"

У дзяржаўнай установе адукацыі "Дзіцячы сад №9 г. Ліды" адбыўся "Восеньскі кірмаш". Дзеці знаёміліся з гісторыяй і культурай Беларусі праз фальклорнае свята. Выхаванцы старэйшай групы вадзілі карагоды, гулялі, гралі на інструментах, чыталі вершы і спявалі беларускія песні. Мерапрыемства было арганізавана сумесна з бацькамі, якія актыўна ўзаемадзейнічалі з педагогамі і дзецьмі. Свята было вясёлым і пазнавальным.

ТК "Адукацыя Лідчыны".

"Ільняная гісторыя"

А што ж сёння ў атмасферна-этнаграфічнай гасцёўні падчас канікул? А сёння ў нас на стале таўканіца, знаёмства з дзіўнымі прыладамі працы і іх выкарыстаннем. Адным словам, цэлая "Ільняная гісторыя"!

ТК "Культура Лідчыны".

Дружнай сямейкай да Верабейкі

Яна разлічана для дзяцей старэйшага дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту.

Першымі экскурсантамі сталі вучні 1 і 2 класаў СШ № 11 г. Ліда. Іх сустрэў каля манументальна-дэкаратыўнай скульптуры "Верабейкі" галоўны герой Верабейка. Ён пазнаёміў дзяцей з новым інклюзіўным арт-аб'ектам, які быў адкрыты нядаўна ў Дзень беларускага пісьменства. Такім чынам, дзеці даведаліся, хто стварыў гэты прывабны манумент і каму ён прысвечаны. Ім жа стала вядома пра гісторыю напісання верша, змешчанага на разгорнутай гранітнай кнізе, а таксама пра незвычайны варыянт яго на другой старонцы - пра азбуку Брайля.

Разам з Верабейкам дзеці паскакалі ў дваровую гульню "класікі" і вядома, наведалі галоўнае жытло - Дом-музей, у якім жыў і займаўся творчасцю аўтар аднаіменнага твора Валянцін Таўлай. З задавальненнем пабывалі ў мемарыяльным пакоі паэта, пазнаёміліся з экспазіцыямі, паўдзельнічалі ў разнастайных забавах.

Верабей - птушка, якая не пакідае сваё месца, не адлятае ў вырай, знаходзіцца каля жытла чалавека. І вось пагэтаму яе часта можна цяпер пабачыць каля Дома Валянціна Таўлая. А вы бачылі арт-аб'ект "Верабейкі" ў Лідзе? А вы былі ў Доме Валянціна Таўлая? Запрашаем Вас на Замкавую, 7.

PS: на тэатралізаваную інтэрактыўную экскурсію "Дружнай сямейкай да Верабейкі" можна запісацца па тэлефоне +375154 541552.

Алесь Хітрун.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX