Папярэдняя старонка: 2025

Наша слова.pdf № 48 (204) 


Дадана: 25-11-2025,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 48 (204), 26 лістапада 2025.

95 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч (26 лістапада 1930, Орша - 25 ліпеня 1984, Менск) - беларускі паэт, празаік, драматург, публіцыст, перакладчык, сцэнарыст, класік беларускай літаратуры. Адна з найбольш вядомых постацей у беларускай літаратуры другой паловы XX стагоддзя. Першы беларускі пісьменнік, які звярнуўся да жанру гістарычнага дэтэктыву.

Творчасць Уладзіміра Караткевіча вызначаецца рамантычнай скіраванасцю, высокай мастацкай культурай, патрыятычным пафасам і гуманістычным гучаннем. Пісьменнік істотна ўзбагаціў беларускую літаратуру ў тэматычных і жанравых адносінах, напоўніў яе інтэлектуальным і філасофскім зместам. Найбольш вядомыя такія творы аўтара, як аповесці "Дзікае паляванне караля Стаха", "Сівая легенда", раманы "Каласы пад сярпом тваім", "Хрыстос прызямліўся ў Гародні", "Чорны замак Альшанскі", нарыс "Зямля пад белымі крыламі".

Беларуская Песня

Уладзімір Караткевіч


Дзе мой край? Там, дзе вечную песню пяе Белавежа,

Там, дзе Нёман на захадзе помніць варожую кроў,

Дзе на ўзвышшах Наваградскіх дрэмлюць суровыя вежы,

І вішнёвыя хаты глядзяцца ў шырокі Дняпро.


Ты ляжыш там, дзе сіняя Прыпяць ласкава віецца,

Дзе Сафія плыве над Дзвіною, нібы карабель...

Там, дзе сэрца маё з першым крокам, як молат, заб'ецца,

Калі б нават сляпым і глухім я прыйшоў да цябе.

Што сляпым? Нават мёртвым успомню высокія зоры,

Над ракою чырвонай і цмянай палёт кажаноў,

Белы ветразь на сініх, на гордых, як мора, азёрах,

І бары-акіяны, і неба - разлівы ільноў.


Дзе мой край?

Там, дзе людзі ніколі не будуць рабамі,

Што за поліўку носяць ярмо ў безнадзейнай турме,

Дзе асілкі-хлапцы маладымі ўзрастаюць дубамі,

А мужчыны, як скалы, - ударыш, і зломіцца меч.


Дзе мой край?

Там, дзе мудрыя продкі ў хвоях паснулі,

Дзе жанчыны, як радасны сон у стагах на зары,

А дзяўчаты, як дождж залаты. А сівыя матулі,

Як жніўё з павуціннем і добрае сонца ўгары.


Там звіняць неўміручыя песні на поўныя грудзі,

Там спрадвеку гучыць мая мова, булатны клінок.

Тая гордая мова, якую й тады не забудзем,

Калі сонца з зямлёю ў апошні заглыбяцца змрок.


Ты - наш край.

Ты - чырвоная груша над дзедаўскім домам,

Лістападаўскіх знічак густых фасфарычная раць,

Ты - наш сцяг, што нікому, нікому на свеце, нікому

Не дамо абсмяяць, апаганіць, забыць ці мячом зваяваць.


Мы клянёмся табе баразной сваёй першай на полі

І апошняй раллёй, на якую ўпадзём у журбе.

Мы клянёмся табе, што ніколі,

Ніколі,

Ніколі,

Так,

Ніколі не кінем,

Не кінем,

Не кінем цябе.


16.04.1968 г.

ЛІТАРАТУРНА-МУЗЫЧНАЯ ІМПРЭЗА "ЛІСТАПАДАЎСКІЯ ЗОРЫ"

Лістапад - бадай, самы змрочны месяц каляндарнага года. Лістападаўскі змрок, туманы… Зоры на досвітку ці на заходзе сонца можна пабачыць рэдка. Але яны бываюць дастаткова яркімі і прыгожымі. І даюць надзею на тое, што да нас усё ж вернуцца светлыя часы…

Пагаварыць пра лістападаўскі настрой, а таксама пра афарбоўку сваіх гарызонтаў у гэтым няпростым месяцы сабраліся чальцы Пісьменніцкага клуба "Літаратурны экватар" 19 лістапада 2025 года ў Менскай бібліятэцы № 1 імя Л. М. Талстога. Прысутнічалі таксама запрошаныя госці, журналісты, бібліятэкары, аматары літаратуры, навучэнцы старэйшых класаў сталічных школ. Арганізатаркай і вядоўцай імпрэзы "Лістападаўскія зоры" стала пісьменніца, журналістка, шэф-рэдактар альманаха "Літаратурны экватар" Інга Вінарская. А пачала спадарыня з навуковага вызначэння зары. І вось што на гэтую тэму гаворыць беларуская Вікіпедыя:

"Зара - гэта змена афарбоўкі неба, якая суправаджае ўсход і заход Сонца. З'явы абумоўлены рассеяннем і дыфракцыяй сонечнага святла ў атмасферы, а залежаць яны ад ступені яе празрыстасці.

У вячэрнюю зару пры адсутнасці воблакаў неба перад заходам Сонца над заходнім гарызонтам звычайна становіцца жаўтаватае або аранжавае, а на ўсходзе - з ружовым адценнем. Пасля заходу ў заходняй частцы неба ўтвараецца заравы сегмент, чырвоны каля гарызонта, аранжавы і жоўты вышэй. Калі Сонца апускаецца на 2/3 градусы за гарызонт, вышэй заравога сегмента часта з'яўляецца пляма пурпуровага колеру, а на ўсходнім баку неба ўверх узнімаецца сінявата-шэры сегмент - цень Зямлі на фоне атмасферы. Па меры апускання Сонца за гарызонт цень узнімаецца ўсё вышэй, а сегмент у заходняй частцы неба блекне і знікае ў канцы змроку. Зрэдку пасля гэтага развіваецца другая фаза зары - больш бледны мутна-жоўты, потым шараваты сегмент. Пры ранішняй зары паслядоўнасць змен афарбоўкі неба адваротная.

Колеры зары больш яркія, калі ў атмасферы больш пылу і вільгаці. Насычанасць чырвоным колерам бывае пры значнай забруджанасці паветра ў выніку лясных пажараў, вулканічных вывяржэнняў і іншых з'яў. З колерам зары часцяком звязаныя мясцовыя прыкметы надвор'я... "

І канешне, напэўна ўсе ведаюць ці хаця б чулі пра Зару-Зараніцу - старажытны міфалагічны персанаж. "У беларускай міфалогіі Зара-Зараніца - персаніфікацыя зары, архетыпнае боства, уласцівае міфалогіям большасці індаеўрапейскіх народаў. Уласна язычніцкіх сюжэтаў аб гэтай постаці не захавалася, але вусная народная творчасць утрымлівае намёкі на пашыранасць яе культу ў старажытнага славяна-беларускага насельніцтва. Да Зары-Зараніцы звярталіся ў магічных замовах, што можа сведчыць аб рэштках веры ў багіню тайных ведаў, чараўніцтва. У адной з народных песень Зараніца губляе ключы, якімі павінна кожную раніцу адмыкаць неба, каб выпускаць дзень, а знаходзіць гэтыя ключы Сонца. Паводле пазнейшых, хрысціянізаваных уяўленняў, Бог стварае Зараніцу, каб яна будзіла людзей і клікала іх на працу.

Цікава, што беларускія сяляне лічылі Зараніцу і Вечарніцу рознымі зоркамі, не ведаючы, што гэта адное і тое ж нябеснае цела - планета Венера, якую можна пабачыць у небе пасля заходу Сонца і перад яго з'яўленнем раніцай…"

Далей спадарыня вядоўца закранула тэму лістапада ў музыцы. І ў запісе прагучала музычная п'еса Пятра Чайкоўскага "Лістапад. На тройцы", якая ўваходзіць у ягоны цыкл з дванаццаці п'ес "Поры года": кожная з п'ес адпавядае пэўнаму месяцу года. Дарэчы, музыка Чайкоўскага яшчэ некалькі разоў гучала надалей на працягу імпрэзы.

Што тычыцца ўласных твораў, то Інга Вінарская чытала вершы, суадносныя, па яе ўласным меркаванні, з месяцам лістападам і тэмай імпрэзы: "Нібыта ўсё не тое і не так", "Патанаюць у восеньскім змроку гардзіны", "Складаю вершы, лічбы змушу", "Не руш маю ілюзію", "Ваўчыца". Таксама прагучаў наступны паэтычны твор:


Што за кошт у тваіх ідэалаў?

Мо жыццё? Ці зламаны той грош?

Не кляні свой куток, бо з прычала

Ты нікуды не рушыш усё ж,

Хоць і гора яшчэ мае сілу...

Водар зёлак, чутны ён здаля.

Тут не скончыла ты, не дашыла

І дамы, і сукенкі - пасля…


А "пасля" - нат страшэннае слова:

Можа перацячы ў "назаўжды".

Гэта ўсё так не нова. Не нова!..

І імчацца шалёна гады.


Так, ужо не дагнаць калясніцу,

Дзе жаданняў святло і надзей.

Птушкі зніклі, бы колаў тых спіцы…

"Восень. Позна…" - па думках людзей.


Позна. Рана. Якая ўсім справа?

Эгаізм - ён здабыты ў баях.

Дык ты гэта шукала - праз права, -

Выбіраючы пэўны свой шлях?..


Наступным выступаў кіраўнік Пісьменніцкага клуба "Літаратурны экватар", настаўнік, пісьменнік, журналіст Вячаслаў Корбут. Ён прачытаў некалькі сваіх восеньскіх вершаў: "Ты не шкадуй, што восень надышла", "Восеньская пані", "Лістапад", "Бяссонніца". А яшчэ - два творы, якія былі напісаныя непасрэдна ў дзень імпрэзы: "Лістападаўскі вальс" і "Зоркі восені".


Зоркі восені, зоркі мігцістыя,

І навошта вам столькі святла?

Вы як знічкі маленькія, чыстыя,


І адкуль ваша сіла прыйшла?

Што вы нам параскажаце вечарам,

Што прамовіце змрочнай парой?

А ці будзеце зноў вы абвенчаны

З белакрыласцю стоеных мрой?


Вам куды праз дажджы ліхалетныя

Па раскосых прасторах мігцець?

А сузор'і вядуць запаветныя,

Каб самотныя лёсы сагрэць.


Зоркі плачуць смаліста і стоена,

Нібы ў печцы хваіны з бароў.

Лістападаўскі подых загоены,

Падаецца - не з нашых ён сноў.


Распаволена далеч халодная,

Ёй не быць больш ніколі такой,

Бо яна назаўсёды свабодная,

І пануе ўсяленскі спакой.


Што тычыцца пісьменніка, перакладчыка, журналіста Глеба Ганчарова, то ён практычна ніколі не падтрымліывае тэму мерапрыемства, на якім выступае, і чытае тое, што захоча сам. Але на гэты раз тэма імпрэзы была яму сугучная, і нават верш у яго знайшоўся адпаведны - пад назвай "Перадзім'е":


Згубiўшы ў золаце лiсцё,

Бярозы апускаюць плечы,

Нiбыта чэзлае жыццё

Памерлай восенi-старэчы.

З далёкай цемры чорны грак

Прарочыць з нейкай рыжай кроны

Бяду на мове небарак,

Нагадваючы Цыцэрона,


Бо сцюжы не стае ў агнi

Для ўсiх самотных папялушак

У мiлагучнейшай хлуснi

Вясновых iншадумных птушак.


Таксама Глеб Ганчароў азнаёміў прысутных з такімі сваімі вершамі: "Таракан злажыў на пузе лапкі", "Паляцеў двудушны Янус", "Авідый". Далей прагучалі пераклады з Ёгана-Вольфганга Гётэ, Марыны Цвятаевай, Ігара Паглазава, Пяё Яварава, якія ўвайшлі ў "Анталогію апошніх і перадсмяротных вершаў", над якой апошнім часам працуе спадар Ганчароў.

Паэтка, настаўніца роднай мовы і літаратуры з горада Мар'іна Горка Менскай вобласці Ірына Баравік у клубе "Літаратурны экватар" не так даўно. Летам бягучага года прымала актыўны ўдзел у вайсковых канцэртах суполкі, якіх было шмат, таму што 2025-ты - год 80-годдзя Вялікай Перамогі. А вось на імпрэзу ў бібліятэку Талстога спадарыня Ірына прыехала ўпершыню. Рыхтавалася, хвалявалася… Выступіла добра, распавёўшы пра сябе і прачытаўшы свае вершы: "Край, сэрцу дарагі", "Тры бярозы - тры сястры", "У сэрцы назаўжды", "Мы - беларусы". А завяршыла сваё выступленне спадарыня Ірына творам "Матчына мова":


Хай слова беларускае ліецца,

Бы ручаёк, трымціць у полі ніва,

Як сонейка вясновае, смяецца,

Усмешкі рассыпае ўсім на дзіва.


Лунае бусел вышынёй нябёсаў,

А ластаўка на крылах дождж прыносіць.

І золкі расцвітаюць каля плёсаў,

Ды каня, што ў балоце, піць папросіць.

Ад мовы роднай я не адракуся -

Мне маці гэту мову падарыла.

Я ганаруся: родам з Беларусі,

І гэта - мая родная краіна!


Паэтка, пісьменніца, журналістка Вольга Любашына апошнім часам радуе "экватарыяльную" літаратурную суполку песнямі на свае вершы, якія стварае для спадарыні яе муж Леанід Таляронак. Вядоўца імпрэзы Інга Вінарская паведаміла сабраўшымся, што са сваім мужам спадарыня Вольга ўжо разам сорак восем год: сваё аметыставае вяселле пара якраз і адзначыла ў лістападзе. Недалёка і да залатога юбілею шлюбу! Прысутныя шчыра павіншавалі Вольгу Любашыну і яе мужа апладысментамі.

Што тычыцца твораў, то на імпрэзе прагучалі песні на вершы Вольгі Любашынай: "Золото осени", "Детство моё", "Ягодка-малинка", "Загрустила осень, загрустила". А пад адну з песень некалькі жанчын нават пачалі танчыць: сама аўтарка тэксту Вольга Любашына, а таксама Ірына Баравік і Таццяна Пратасевіч. Атрымалася файна!

Паэт Валянцін Шведаў - вельмі рэдкі госць на мерапрыемствах "Літаратурнага экватара". Нічога дзіўнага, бо ў спадара Валянціна вялікая сям'я: жонка, дзеці, унукі, састарэлыя бацькі… А яшчэ - клопаты па гаспадарцы. Прычым, ён даглядае нават стары бацькоўскі дом, які знаходзіцца ў Віцебскай вобласці.

А яшчэ Валянцін Шведаў вельмі любіць восень і шмат вершаў прысвяціў гэтай пары года. На мерапрыемстве прысутныя пачулі творы: "На мяжы", "Начны дождж", "Восень крочыць гаспадыняй", "Апошні лісток", "Перазовы", а таксама вельмі лістападаўскі твор "Позняя восень":


Восені цені кладуцца на вёску:

Яблынь прывід, рваных хмараў абноскі.

Зелень змяніла раллі чарната;

Яркія гронкі каліны куста.


Туга і санлівасць, дарожная слота,

Кліноў нізкі клёкат, туманы з балота.

У доўгія ночы мчыць сноў чарада,

Блакіт знік кудысьці, счарнела вада.


Асенні дождж нудны зямлю добра змочыць,

А хмарнасць нябёсаў не радуе вочы.

Жыццё замірае, і ціш рэжа слых,

І пчолы ў дрымоце ў вуллях сваіх.


Стагі пачарнелі - стаяць істуканы;

Жыллё гаспадар уцяпляе старанна.

І хочацца збегчы, схавацца ў глушы.

Трывожна на сэрцы, маркотна ў душы…


Выступленне Юрася Нератка, які гэтым разам выступаў пад уласным прозвішчам (Юрый Гарбачоў), было прысвечаны рэдкаму ў літаратуры жанру - эпісталярнаму. Пісьменнік паказаў сябрам па суполцы нядаўна выдадзены двухтомны праект "Стежка в минулое" (на рускай мове), заснаваны на ўласнай перапісцы з рознымі людзьмі, у асноўным з роднымі, ад 1978 года да 2024 года ўключна.

Паколькі праект уключыў больш за 500 адзінак карэспандэнцыі ад 80 адрасоў, апроч тэхнічных працэдур (сканаванне, набор, уніфікацыя) і ілюстрацыйнага афармлення аўтар выпрацаваў прынцыпы сістэматызацыі карэспандэнцыі і нават асобныя правілы рэдактуры для кожнага адрасата. А таксама прымяніў у друку паняцце "умоўна чытэльныя тэксты" - у дадатак да асноўных.

Пісьменнік агучыў і жыццёвае крэда: цікавей шматвектарных задач толькі невырашальныя.

Паэт Вячаслаў Данілаў не заўсёды прысутнічае на мерапрыемствах "Літэкватара" ў сувязі са станам свайго здароўя. А яшчэ для Вячаслава мае вялікае значэнне надвор'е, бо ў сувязі са сваім абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, ён не заўсёды можа некуды пайсці ці паехаць, калі, скажам, ідзе дождж альбо падае снег. Але на лістападаўскай імпрэзе клуба Вячаслаў прысутнічаў і наступныя вершы прачытаў: "Серый день мне послан…", "Словно в тире, станут целями…", "Нетвёрдый шаг у ног твоих…", "Проходишь бурелом ошибок…", "Звёзды бликами цветастыми…", "Печатей нет в осенних пропусках…".

Таццяна Пратасевіч - паэтка, пісьменніца, спявачка і проста чароўная жанчына. Выглядае яна заўсёды прывабна. І творы піша таленавітыя. 19 лістапада сабраўшыяся маглі пачуць наступныя паэтычныя творы ў выкананні Таццяны: "Доўгую восень кідае то ў зіму, то ў лета... ", "Апошнюю лістоту дрэвы згубяць... ", "Нехта доўга спаў, спаў. Глядзь за шыбу - снег паў…", "Усмешка дажджу", "Рабінзаніяда па Беларусі". Быў сярод прачытаных і верш "Балота", які, дарэчы, прымусіў прысутных па-іншаму паглядзець на гэтую прыродную з'яву:


Балота. Непрыгожы ў слове сэнс.

Асацыяцыя з гнілым і мокрым.

Я патлумачу проста: гэта ж лес,

Расце ён толькі на імховым моры.


Куп'ё - як хвалі, журавіны - рыбкі

Або жамчужыны чырвоных сонец.

Ваду і гэты дол замшана-зыбкі

Люблю пад сонцам і ў тумане раніц.


Няхай зіхцяць мне з павуцін арэлі,

Калі іх раптам прымарозіць ноччу.

Асіны чырвань на сябе надзелі -

Балота ў сонцы радуе мне вочы!


Нічога, што зямля з-пад ног збягае,

Калі ў балоце я ці на асфальт ступаю.

На ўсё, здаецца, і жыцця мне мала,

Каб адплаціць любімаму мной краю.


Кацярына Матусевіч - асоба разнастайная. Яна і пісьменніца, і настаўніца, і перакладчыца, і навукоўца, і нават - экскурсавод. Вельмі любіць вандроўкі і турызм. Выкладае зараз родную мову і літаратуру ў СШ №4 горада Чэрвеня Менскай вобласці. У гэтую школу, дарэчы, чальцы "Літэкватара" ўжо не аднойчы ездзілі з канцэртамі, а некаторыя нават удзельнічалі аднойчы ў журы дзіцячага паэтычнага конкурсу. На лістападаўскай імпрэзе Кацярына распавядала пра моўны батл, які нядаўна правяла са сваімі вучнямі, а таксама прачытала свае вершы: "Паляцець бы птушкай вольнаю…", "Словы модныя ўжываем…", "Турызму прысвячаецца".

Калі ў памяшканне заходзіць Людміла Шчэрба, усе мужчыны варочаюць галовы. І нічога дзіўнага: у спадарыні не толькі прыгожая знешнасць, але і заўсёды вельмі модная вопратка. Пісьменніца, журналістка, спявачка Людміла Шчэрба ўжо даўно працуе вядучым рэдактарам у "Беларускім гістарычным часопісе", піша цудоўныя вершы і прозу. Але ў гэтым годзе спадарыня стала яшчэ і мадэлькай: паспяхова рэкламавала разам з іншымі моднымі кабетамі на фестывалі "Славянскі базар" адзенне аднаго з папулярных беларускіх брэндаў.

Што тычыцца лістападаўскай імпрэзы "Літэкватара", то тут спадарыня Людміла прачытала наступныя свае творы: "Гады пабеглі без цябе…", "На душы - як у лесе…", "Па бакалах ліхтароў…", "Модны восеньскі прынт…". Таксама прагучаў і гэты лістападаўскі верш:


Трыццаць хвілін лістападу…

З лета ў зіму - праездам.

Восень каардынаты

У навігатар занесла.

Трыццаць хвілін на сустрэчу

Лёс адмярае хціва -

Ставіць ў жыцці чалавечым

Толькі імператывы.


Трыццаць хвілін лістападу

Проста пастой са мною -

Нібы на барыкадах.

Быццам прад аналоем.


Вытанчаная жанчына і чароўная паэтка Тамара Залеская зазначыла, што для яе месяц лістапад мае прамую асацыяцыю з вершам Івана Буніна "Одиночество". І канешне, гэты твор прагучаў у выкананні спадарыні. Што тычыцца ўласнных вершаў, то прысутныя пачулі вось такія паэтычныя творы Тамары Залескай: "Чайки", "Осеннее небо печально...", "По мокрому снегу, по талой воде...".

Закрывала імпрэзу паэтка Тамара Смірнова, якая апошнім часам намагаецца пісаць па-беларуску, і атрымоўваецца ў яе няблага, трэба сказаць. Прачытаны Тамарай верш называўся "Беларусь, мая старонка... ":


Восень крочыць па планеце,

Весела смяюцца дзеці.

І апошні ліст кляновы

З'зяе колерам пунцовым.

"Беларусь - мая старонка!" -

Салавей спявае звонка.

Сонца яснае ўзыходзіць,

Шчасця карагод заводзіць.

Ты квітней, мая сталіца!

За цябе буду маліцца.

Прыгажэй ад года ў год,

Каб у згодзе жыў народ.

Каб здаровы былі дзеткі

І цвілі, нібыта кветкі,

Каб старэйшых паважалі,

Часта ў госці запрашалі,

Добра ладзілі з суседам,

Частавалі смачным хлебам.

Ты квітней, мая сталіца!

За цябе буду маліцца

Каб на вуліцы шмат дзён

Чулі роднай мовы звон!


Падчас імпрэзы "Літаратурнага экватара" "Лістападаўскія зоры" таксама гучалі вершы на беларускай мове розных паэтаў-класікаў у выкананні навучэнцаў старэйшых класаў сталічных школ.

Інга Вінарская, Юрась Нераток.

Беларускім дзецям -беларускія лялькі ад Лідскага музея

Дзесяціручка,Траўніца, Пелянашка, Зернявушка… Якія незвычайныя імёны маюць лялькі! Чаму?Адказ можна атрымаць на інтэрактыўнай экскурсіі "Лялькі" ў Лідскім гістарычна-мастацкім музеі. Можна паспрабаваць сябе і ўролі мадэльера - "апрануць" ляльку.

ТК "Культура Лідчыны.

Паэтычны пленэр ад Алены Несцеравай

19 лістапада ў рамках літаратурнага аб'яднання "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты" адбылася прэзентацыя чарговага зборніка вершаў лідскай паэтэсы Алены Несцеравай. Яго назва "Поэтический пленэр". Выйшла з друку ў ПУП "Пружмень" пад рэдакцыяй лідскага краязнаўца, рупліўца па даследаванні гістарычнага мінулага і аматара выдавецкай дзейнасці Станіслава Судніка.

У мінулым годзе, 19 верасня 2024 г., Алена Мікалаеўна прэзентавала сваю першую кнігу "Особое изделие - стихи". А сёння, 19 ліста-пада 2025 года - ужо другую.

Трэба зазначыць, што Алена Несцерава - удалы майстар, які па-мастацку з дапамогай пэндзля і фарбаў перадае прыгажосці наваколля, а таксама праз сродкі мастацкай выразнасці яна ўдала працуе і над словам. І гэта, што важна, праявілася ў яе ў 2023 годзе.

Калі чалавек таленавіты, то талент яго праяўляецца ва ўсім!

Пажадаем паэтэсе моцнага здароўя, далейшых творчых поспехаў і збору твораў ужо для трэцяй кнігі.

Алесь Хітрун.

Навіны Германіі

У Дзень народнага смутку

19 лістапада ў Дзень народнага смутку Павераная ў справах Германіі ў Беларусі Катрын аўс дэм Зіпэн усклала вянок у мемарыяльным комплексе "Благаўшчына". У цырымоніі прымалі ўдзел прадстаўнікі Пасольства Германіі, рэлігійных cупольнасцяў Беларусі, Міністэрства замежных спраў і Міністэрства абароны Беларусі і члены іншых дыпламатычных місій. Разам яны ўшанавалі памяць ахвяр вайны і тыраніі.

У перыяд з 1942 па 1944 год дзясяткі тысяч людзей, у асноўным яўрэі, савецкія ваеннапалонныя і западозраныя ў прыналежнасці да партызанаў, былі забітыя немцамі ва ўрочышчы Благаўшчына. Толькі у 1942 годзе на гэтым месцы было расстраляна каля 10 000 яўрэяў з Аўстрыі.

Памяць і ўвекавечанне гэтых ні з чым не параўнальных злачынстваў працягне быць падмуркам для пабудовы адносін паміж Германіяй і Беларуссю.

© Deutsche Botschaft Minsk.

Мільёны на фінансаванне мемарыялаў на месцы канцэнтрацыйных лагераў

Міністр культуры Ваймер абвясціў пра сур'ёзнае фінансаванне мемарыяльных комплексаў канцлагера Дахаў пад Мюнхенам і мемарыяльных комплексаў канцлагера Флосенбург у Верхнім Пфальцы

Федэральны ўрад Германіі выдзяляе 21,8 мільёна еўра на мадэрнізацыю мемарыяльных комплексаў былых канцлагераў Дахаў пад Мюнхенам і Флосенбург на поўначы Верхняга Пфальца. Міністр культуры Вальфрам Ваймер абвясціў пра выдзяленне сродкаў падчас візіту ў Дахаў, дзе ён усклаў вянок да Міжнароднага мемарыяла і абмеркаваў структурныя і адукацыйныя пытанні з кіраўніцтвам мемарыяла.

Ваймер падкрэсліў гістарычную адказнасць Германіі.

- Памяць - наш наймацнейшы адказ экстрэмізму, - сказаў ён. Дахаў сімвалізуе "цывілізацыйны крах у яго самай жудаснай форме". Туды было інтэрнавана больш за 200 тысяч чалавек, а больш за 40 тысяч не перажылі зняволенне.

Праект "Навучацца на месцы - вучыцца ў месца" будзе запушчаны ў Дахаў пры федэральным фінансаванні. Рэканструяваныя баракі для зняволеных ператвараюцца ў сучасны навучальны і выстаўны цэнтр. Федэральны ўрад выдзеліць 17,5 млн з меркаваных 38,8 млн еўра. У Флосенбургу фінансуецца рэканструкцыя былога будынка адміністрацыі СС з педагагічнымі мэтамі, на што выдзяляецца 4,3 мільёна еўра. Акрамя таго, у 2026 годзе плануецца павелічэнне фінансавання Фонду баварскіх мемарыялаў да 265 000 еўра.

Дырэктар мемарыяла Габрыэле Хамерман адзначыла "надзвычайную шчодрасць фінансавання" і паказала на тое, што Дахаў штогод наведвае больш за мільён чалавек.

Берлін (dpa).На фота: Міжнародны мемарыял на месцы былога канцлагера Дахаў.© dpa.

БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

Станіслаў Суднік

Колеры і масці ў Лідзе і ў астатняй Беларусі

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Колеры і фарбы

Алейныя фарбы

Алейныя фарбы - гэта сумесь пігментаў, раствораных у раслінным (часцей за ўсё льняным) алеі, якая выкарыстоўваецца для жывапісу ці афарбоўкі паверхняў. Яны валодаюць высокай устойлівасцю, даўгавечнасцю, насычанымі колерамі і ахоўнымі ўласцівасцямі, але іх галоўны недахоп - працяглы час высыхання.

Склад і характарыстыкі:

Злучнае рэчыва: Алей (ільняны ці іншыя), які надае фарбе яркасць і эластычнасць.

Пігменты: Парашкападобныя каляровыя рэчывы, якія вызначаюць колер і ўкрыўнасць фарбы.

Растваральнік: Разводзяцца шкіпінарам ці адмысловымі растваральнікамі.

Высыханне: Адбываецца за кошт акіслення алею, таму працэс высыхання вельмі павольны (дні, а то і тыдні).

Ахоўныя ўласцівасці: Ствараюць трывалую і ўстойлівую да вільгаці, механічных пашкоджанняў і УФ-выпраменьвання плёнку на паверхні.

Віды алейных фарбаў:

Высокамастацкія: Утрымоўваюць высакаякасныя пігменты, прызначаны для прафесіяналаў, гарантуюць даўгавечнасць колеру.

Студыйныя: Добра падыходзяць для навучання, маюць якасныя кампаненты і камфортныя ў працы.

Эскізныя: Таннейшыя, прызначаны для адпрацоўкі тэхнікі нанясення, але не для стварэння скончаных мастацкіх твораў.

Густацёртыя: Пастападобныя, патрабуюць развядзення і расцірання.

Гатовыя да выкарыстання: Разведзены і гатовыя да працы.

Перавагі і недахопы.

Перавагі:

Яркія і насычаныя колеры.

Даўгавечнасць пакрыцця.

Эфектыўная абарона ад вонкавых уздзеянняў.

Недахопы:

Доўгі час высыхання.

Патрабуюць стараннай падрыхтоўкі паверхні.

З часам могуць адслойвацца.


Мастацкія алейныя фарбы для жывапісу: колеры і іх назвы

Назвы колераў і назвы мастацкіх фарбаў для жывапісу далёка не заўсёды супадаюць. Назвы фарбаў часта сугучныя з назвай рэчываў, з якіх іх вырабляюць. Як вядома, існуюць прыродныя пігменты і пігменты, атрыманыя штучным шляхам. Гэта таксама накладвае адбітак на іх назву. Для мастакоў-пачаткоўцаў такія назвы будуць выглядаць незвычайна, але асноўныя фарбы трэба ведаць, як табліцу множання. Ніжэй даецца пералік мастацкіх фарбаў, якія вырабляе сучасная прамысловасць, а таксама некаторыя назвы фарбаў, якія дайшлі да нас з глыбіні стагоддзяў:

Белыя:

· Бялілы цынкавыя

· Бялілы свінцовыя

· Барытавыя бялілы

· Каалінавыя бялілы

Чырвоныя:

· Краплак чырвоны

· Краплак фіялетавы

· Цынобра

· Кадмій чырвоны светлы

· Кадмій чырвоны цёмны

· Кадмій чырвоны пурпурны

· Кадмій чырвоны

· Кадмій аранжавы (памяранцавы)

· Тыаіндыга ружовая

Жоўтыя:

· Кадмій лімонны (цытрынавы)

· Кадмій жоўты

· Кадмій жоўты цёмны

· Кадмій жоўты сярэдні

· Кадмій жоўты светлы

· Стронцыянавая жоўтая

· Неапалітанская жоўтая

· Аўрэалін (жоўты кобальт)

· Індыйская жоўтая

· Залацістая жоўтая

Зялёныя:

· Смарагдавая зялёная

· Зялёная "ФЦ"

· Вокіс хрому

· Кобальт зялёны

· Кобальт зялёны светлы

· Кобальт зялёны цёмны

· Кобальт сіне-зялёны

· Марганцава-кадміевая

· Зялёная зямля

· Валконскаіт

· Вірыдонавая зялёная

Сінія:

· Ультрамарын

· Кобальт сіні

· Блакітная "ФЦ"

· Марганцавая блакітная

· Цэрулеўм

· Берлінскі блакіт

· Парыжская сіняя

· Мілоры

· Індыга

Фіялетавыя:

· Кобальт фіялетавы цёмны

· Кобальт фіялетавы светлы

· Мінеральная фіялетавая

Карычневыя:

· Марс жоўты

· Марс памяранцавы

· Марс фіялетавы

· Марс карычневы цёмны празрысты

· Ангельская чырвоная

· Індыйская чырвоная

· Венецыянская чырвоная

· Шахназарская чырвоная

· Гутанкарская чырвоная

· Мецкарская чырвоная

· Шамшацінская чырвоная

· Чайкенцкая вішнёвая

· Серпухаўская чырвоная

· Цхалтубская чырвоная

· Агаракская чырвоная

· Кудзінаўская карычневая

· Гутанкарская фіялетавая

· Капут-мортуўм

· Арзаканская жоўтая

· Тандзутская жоўтая

· Туманянская жоўтая

· Малышкінская жоўтая

· Охра светлая

· Охра залацістая

· Охра цёмная

· Охра чырвоная

· Охра паленая

· Сіена натуральная

· Сіена паленая

· Умбра натуральная

· Умбра паленая

· Феадасійская карычневая

· Ван-дзік карычневы

· Хоцькаўская карычневая

· Архангельская карычневая

· Костка паленая

· Сурык жалезны

· Болюс чырвоны

· Сэпія

Чорныя:

· Вінаградная чорная

· Персікавая чорная

· Сажа газавая

· Падольская чорная

· Звенігародская чорная

· Шунгіт

· Тыаіндыга чорная


Прадаюцца алейныя фарбы наборамі.

Стандартны набор піцерскіх фарбаў, які складаецца з 24 колераў, утрымоўвае наступныя фарбы:

01. Кадмій лімонны (цытрынавы)

02. Кадмій жоўты сярэдні

03. Охра жоўтая

04. Сіена натуральная

05. Залацістая

06. Кадмій аранжавы (памяранцавы)

07. Охра чырвоная

08. Сіена паленая

09. Жалезавокісная светла-чырвоная

10. Пунсовая

11. Краплак чырвоны светлы

12. Кармінавая

13. Фіялетавая ці фіялетава-ружовая

14. Ультрамарын

15. Кобальт сіні

16. Блакітная

17. Жоўта-зялёная

18. Смарагдава-зялёная

19. Зялёная

20. Умбра

21. Марс карычневы

22. Умбра паленая

23. Сэпія

24. Нейтральна-чорная


Алейныя фарбы выпускаюцца мноствам фірмаў Анастасія Ермакова, мастак, выкладчык алейнага жывапісу распавядае пра 12 фірмаў алейных фарбаў:

1. Майстар-клас.

Добрыя фарбы высокай якасці. Частка палітры "Майстар-клас" складаюць фарбы на аснове сучасных пігментаў арганічнага паходжання, якія валодаюць высокай святлаўстойлівасцю. Большасць адценняў маюць адпаведную пігменту яркасць. Але ёсць і нюансы. Напрыклад, кадмій памяранцавы ў параўнанні з аналагам іншых вытворцаў досыць бедны па каларыце і насычанасці. Рэкамендую набываць гэты колер у Master oil, Van Dik ці Van Gogh.

2. Ладага.

Ідэальна падыходзяць для тых, хто вучыцца малявальнаму майстэрству. Пігменты "Ладагі" ледзь ніжэй па ўзроўні, чым у серыі "Майстар-клас". Адпаведна, кошт серыі ніжэйшы. Кадміевыя таны тут пажадана набываць з іншых, даражэйшых лінеек.

3. Студыя.

У складзе гэтых фарбаў выкарыстоўваецца імітацыя дарагіх пігментаў. Гэта адбіваецца на колеры. Цалкам падыходзяць для пачатковага этапу навучання.

4. Schmincke.

Легендарная кампанія выпускае некалькі серый алейных фарбаў.

Рэкамендую лінейку Mussini, зробленую на аснове смалы Мусіні. Гэта сучасны тэхналагічны ўзноўлены "алей" эпохі Адраджэння. Цудоўна змешваюцца з традыцыйнымі мастацкімі алейнымі фарбамі.

Лінейка Norma Oils цешыць яркімі адценнямі. З гэтай серыі рэкамендую мець у палітры маджэнту і кадміі (памяранцавы, жоўты і чырвоны). Гэтыя колеры адрозніваюцца высокай яркасцю і насычанасцю.

5. Winsor&Newton.

Алейныя фарбы гэтай кампаніі вырабляюцца з самай лепшай сыравіны. Як вынік - выдатныя чыстыя колеры. Усе колеры выдатна змешваюцца адзін з адным. Ёсць цікавая серыя вадараспушчальных алейных фарбаў Winsor& Newton, якія маюць кансістэнцыю традыцыйных алейных фарбаў, але разводзяцца вадой, а змываюцца вадой і мылам. Аднак на на мой мастацкі густ - гэта занадта празрыстыя фарбы.

6. Georgian.

Недарагія алейныя фарбы добрай якасці. У складзе ненатуральныя пігменты, але добрая крэмавая кансістэнцыя. Ідэальна падыходзяць для студэнтаў ці пачаткоўцаў

7. Lefranc&Bourgeois.

Французская кампанія Lefranc&Bourgeois выпускае алейныя фарбы серый Lefranc і Louvre.

Фарбы лінейкі Lefranc характарызуюцца найвысокай якасцю колеру.

У палітры фарбаў Louvre ідэальна падабраны каляровы шэраг. Выдатныя адценні чырвоных і кармінавых колераў.


8. Maimeri.

Выдатная якасць, ёсць некалькі серый. Адметная асаблівасць усіх - фарбы пры высыханні не жоўкнуць.

У палітры серыі Classico вельмі добрыя адценні - насычаныя сінія і памяранцавыя. А вось бялілы занадта празрыстыя на мой густ.

9. Pebeo.

Рэкамендую лінію Fragonard. Гэта высокамастацкія тонкацёртыя фарбы для прафесіяналаў. У аснове рэцэптур - ільняны алей і высакаякасныя пігменты з максімальнай святлаўстойлівасцю і чысцінёй колеру.

10. Master Oil.

Класічныя алейныя фарбы вырабляюцца па традыцыйных тэхналогіях і рэцэптах, у якія дадаюцца старанна здробненыя натуральныя і нядаўна вынайдзеныя пігменты. Атрымліваюцца пластычныя яркія святлаўстойлівыя фарбы. Фарбы хутка сохнуць, не жоўкнуць, трывала счапляюцца з рознымі асновамі.

На мой погляд, выдатны варыянт. Добрыя суадносіны "кошт - якасць". Выдатна змешваюцца з фарбамі расійскіх вытворцаў "Ладага" і "Майстар-клас".

11. Van Dyck.

Звыштонкія алейныя фарбы. У гэтай серыі фабрыка Ferrario дамаглася добрых суадносін "кошт - якасць" за кошт ужывання натуральных і сінтэтычных пігментаў, якія забяспечваюць выдатную святлаўстойлівасць і чысціню таноў.

12. Da Vinci.

Звыштонкія алейныя фарбы. Адрозніваюцца максімальнай святлаўстойлівасць і нязменнасцю каляровага тону з цягам часу.

Вельмі хутка сохнуць. Дастаткова 30-40 гадзін, у залежнасці ад таўшчыні пласта і віду асновы.

Да пералічаных набораў варта дадаць набор алейных фарбаў "Санет".

Мастацкія алейныя фарбы серыі "Санет" распрацаваны з улікам запатрабаванняў жывапісцаў-пачаткоўцаў. Вырабляюцца на аснове пераважна камбінацый з некалькіх пігментаў і льнянога алею ў якасці злучнага. Фарбы збалансаваны па часе высыхання, а сумесі не прыводзяць да непажаданых эфектаў (высветленне, пацямненне).

Збалансаваная палітра з 12 колераў у наборы алейных фарбаў "Санет" дазваляе вырашыць мноства творчых задач мастака-пачаткоўца пры выкананні навучальных прац, эцюдаў і эскізаў.

Склад: Бялілы цынкавыя, Бялілы тытанавыя, Цытрынавая, Жоўтая светлая ці жоўтая сярэдняя, Чырвоная светлая ці чырвоная цёмная, Кармінавая, Ультрамарын светлы, Сіняя светлая ці сіняя сярэдняя, Зялёная "ФЦ" ці травяная, Охра жоўтая ці охра залацістая, Умбра паленая, Сажа газавая.

(Працяг у наступным нумары.)

120 гадоў з дня нараджэння пісьменніка Яна Скрыгана

16 лістапада споўнілася 120 гадоў з дня нараджэння пісьменніка Яна Скрыгана (1905-1992).

Ян Скрыган нарадзіўся ў вёсцы Труханавічы Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Пасля парафіяльна-царкоўнай школы вучыўся ў Слуцкай духоўнай вучэльні, у школах першай і другой ступені, у рэальнай вучэльні, мяшанай гімназіі, нарэшце, у Слуцкім сельска-гаспадарчым тэхнікуме (пакінуў з чацвёртага курса ў 1924 годзе). Потым працаваў у слуцкай акруговай газеце "Вясковы будаўнік", пасля - загадчыкам Народнага дома ў Расонах, у рэдакцыі газеты "Чырвоная Полаччына".

У 1928-1932 гадах Ян Скрыган вучыўся на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні педфака Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1933-1936 гадах працаваў у газеце "Літаратура і мастацтва". З'яўляўся сябрам літаратурных аб'яднанняў "Маладняк", "Літаратурна-мастацкая камуна".

У канцы 1936 года Ян Скрыган быў арыштаваны і 5 кастрычніка 1937 года асуджаны на 10 год зняволення ў лагерах і на 10 гадоў ссылкі. Пакаранне адбываў у Нова-Іванаўскім лагеры (пад Марыінскам). У ссылцы працаваў на нумарным заводзе ва Узбекістане, у сланцахімічнай прамысловасці ў Эстоніі, на новабудоўлях Краснаярскага края. У канцы 1954 года быў рэабілітаваны Вярхоўным судом БССР.

З 1955 года Ян Скрыган працаваў рэдактарам у Дзяржаўным выдавецтве БССР у Менску, а з 1959 года - рэдактарам аддзела прозы, потым намеснікам галоўнага рэдактара часопіса "Полымя". Быў таксама загадчыкам літаратурна-кантрольнай рэдакцыі Беларускай Савецкай Энцыклапедыі, адказным сакратаром Камітэта па Дзяржаўных прэміях БССР у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры. У 1985 годзе атрымаў званне заслужанага работніка культуры Беларусі.

Дэбютаваў у друку Ян Скрыган вершам у 1925 годзе (слуцкая газета "Вясковы будаўнік"). Удзельнічаў у альманахах "Росквіт" (1925), "Наддзвінне" (1926), "Зарніцы" (1928), у калектыўным зборніку "Слуцкія песняры" (1926), у кнізе з гісторыі Магілёўскай шаўковай фабрыкі "На Цішоўскай пустэчы" (1931). Аўтар кніг апавяданняў, аповесцей "Затока ў бурах" (1929), "Каця Лапянкова" (1932), "Сустрэчы" (1935), "Апавяданні" (1956), "Наталя" (1957), "Няпрошаная сляза" (1958), "Скажы адно слова" (1961), "Свая аповесць" (1964), "Кругі" (выбранае, 1969), "Кругі" (аповесць з доказамі, 1986). Выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах (1975, 1985) і іншыя выданні.

Ян Скрыган напісаў і пакінуў кнігі ўспамінаў, партрэтаў, нататак і артыкулаў па праблемах літаратурнага майстэрства і культуры мовы "Ранішнія росы" (1965), "Некалькі хвілін чужога жыцця" (1979, 1990). Пераклаў на беларускую мову кнігі і асобныя творы рускіх, украінскіх, летувіскіх, латышскіх, эстонскіх пісьменнікаў.

За ўдзел у стварэнні Беларускай энцыклапедыі пісьменнік атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі.

Паводле СМІ.

У Вільні і літоўскіх дварах, успаміны 1815 - 1843 гадоў1

Габрыэля Пузыня

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

У той год у Вільні памёр прафесар усходніх моў Мюніх, пра ашчаднасць якога расказвалі шмат забаўных анекдотаў. Вынікам скнарлівасці стала заўчасная смерць - ён не дазваляў запальваць печы зімой нават падчас сваёй хваробы (меў дровы ад скарбу, але прадаваў іх). Ашчаджаючы на святле, сядзеў з кнігай у агульным прадпакоі пад лямпай, якая гарэла ля дзвярэй Снядэцкага. Калі да яго прыходзіў госць, размаўляў з ім у прыцемках, і не распранаўся для эканоміі. Падчас хваробы, з-за ашчаднасці, ён не выклікаў лекара і так без дапамогі, у холадзе, з поўнай скрынкай грошай пад ложкам, памёр заўчаснай смерцю жабрака. Мы яго ведалі, ён прыходзіў да маіх бацькоў і ў альбоме маёй сястры напісаў арабскі ці персідскі сказ, сэнс якога тлумачыў так: "Я сустрэў ружу ў пустыні свайго жыцця".

Гэта смерць і хвароба нагадвалі хваробу і смерць багача і старога кавалера, старасты Умястоўскага105, які фігураваў ў "Брукоўцы" (пэўна, у "Бруковых Ведамасцях" - Л. Л.) як Вывядлінскі, бо быў сухі, як трэска. У сваім дзяцінстве я бачыла яго раз ці два і памятаю, як ён скардзіўся на капрызы дзяўчыны з пансіяната (нібыта ён быў яе апекуном), якой не хапала абеду, які складаўся з супу, кавалка мяса і г. д. Па ўсёй Вільні расказвалі, як падчас апошняй хваробы, яго наведала графіня Апалінарыя Плятэр, і калі заклікала сабраць кансіліюм дактароў, ён, напалоханы перспектывай выдаткаў, адмовіўся. Графіня зразумела прычыну адмовы і як пазыку ўсунула яму тры дукаты. Аднак, разумеючы, што пацыент гатовы лепш памерці, чым выдаткаваць тры дукаты, сыходзячы, цвёрда заявіла, што бярэ на сябе абавязак выклікаць лекараў, і лекараў самых лепшых: Снядэцкага106, Мяноўскага107 (ці Герберскага) і Баранкевіча108. Калі яна пайшла, хворы дастаў з-пад падушкі дукаты шаноўнай сяброўкі, і, гледзячы на іх з любоўю і жалем, пачаў разважаць і абдумваць, ці патрэбны яму лекары і ці не трэба ад іх адмовіцца. Калі ён уголас размаўляў сам з сабой, яго пачулі, бо быў суседам Снядэцкага. "Ці можна браць грошы ў суседа, з якім столькі разоў паляваў? Не, Снядэцкі не возьме!". Першы дукат вярнуў пад падушку. "Мяноўскі (ці Герберскі) нядаўна меў справу ў Дэпартаменце, і я, як прэзідэнт, судзіў яго справу, і ён выйграў. Як жа ён зможа ўзяць з мяне грошы? Ніколі не возьме!". І зноў дукат пайшоў пад падушку. Застаўся трэці, Баранкевіч. Яму я сам рэкамендаваў лячыць пані Яновічаву - даходнае месца! Няўжо ён адважыцца патрабаваць грошы ад свайго дабрадзея? Нігды!". І трэці дукат пайшоў да двух папярэдніх. Кансіліюм стаўся бясплатным, а калі графіня Плятэр вярнулася да хворага, мусіў аддаць ёй дукаты, але быў шчаслівы, бо выратаваў свае! Аднак не забраў грошы з сабой, і яго вялікі фундуш, сабраны коштам вялікіх ахвяр, сёння патрапіў у рукі яго пляменніка Казіміра і пад добрым кіраваннем яго жонкі з дому Раецкіх, шматразова памножыўся.


З прыходам вясны ў Вільні пачыналася штогадовая серыя злучаных паміж сабой ўрачыстасцяў, якія адрозніваліся месцамі іх правядзення. Вялікі тыдзень (перад Вялікаднем - Л. Л.) з наведваннем магіл і ўрачыстымі імшамі, кантракты, прадстаўленні і зборы на карысць бедных, кірмаш, уведзены ў Вільні ў 1828 годзе - усё гэта вельмі ажыўляла горад. Паказы жаночых касцюмаў, на жаль, пачаліся падчас Вялікага тыдня. Першыя модніцы таго часу - пані Вагнер, Гімбут і панна Калешанка, потым пасля іх з'явіліся Радкевіч, Ажэпаўская і іншыя, не маглі дазволіць сабе капелюшы ў самы сумны дзень года. Але ў вялікую пятніцу на вуліцах і ў касцёлах іх голавы квітнелі як сады, супернічаючы з самой Магілай Панскай, бо акрамя катэдры, дзе Магіла Панская была нібыта высечана ў скале, ва ўсіх астатніх касцёлах, і асабліва там, дзе былі законніцы, Магіла Панская была садам, у якім зіхацелі батыставыя кветкі і васковыя плады пад святлом лямпаў і люстэркаў, і гэтыя бліскоткі прыцягвалі натоўпы людзей і дзяцей. Каб прыцягнуць яшчэ большыя натоўпы наведвальнікаў, па нядзелях тут спявалі. І прыгожыя карэты, поўныя дам ў святочных строях, пад красавіцкім сонцам перасякалі вуліцы, якія нічым не нагадвалі Іерусалім, а яны - святых жанчын, якія прыходзілі з алеем для намашчэння цела Хрыста… Адначасова з ударам у звон у Замку, як называлі катэдру, ва ўсіх трыццаці шасці касцёлах Вільні заспявалі "Алілуя! - Радасны дзень настаў!", - галасы чуліся ад падзямелляў да гарышчаў. І ў ва ўсіх былі асвячоныя яйкі, гэты традыцыйны дадатак да сталоў багатых, упрыгожаных глазураванымі пірагамі, тлустым мясам і вытанчанай дзічынай, яйкі, якія былі адзінай святочнай стравай беднай сям'і, адзінай забавай вулічных дзяцей, якія качалі іх па ўсім горадзе109, яйкі, якімі ў гэты дзень усе дзяліліся паміж сабой.

Звычай святкаваць быў тады ў поўным росквіце. Найбольш вядомымі святкуючымі дамамі былі дамы дзядзькоў Тызенгаўзаў, Апалінарыі Плятэр з Жабаў, князёў Гейдройцаў і Антонія Храпавіцкага. Графіня Плятэр заўсёды ветліва запрашала ўсіх на сваё багатае, смачнае і нават вясёлае свянцонае, бо пасля "яйка" былі танцы. Верная сваёй сістэме не запрашаць дзяцей, яна не запрашала малодшых, каб ім не было сумна на свянцоным.

Князі Гейдройцы выказвалі сардэчную пашану не толькі багатымі і смачнымі, але і элегантна накрытымі сталамі. Бяздзетная пані Гейдройцава мела слабое здароўе, і ёй дапамагала прыгожая сваячка Эліза Касакоўская, якая нядаўна пакінула пансіянат пані Дэйбель, чыёй клапатлівай і добрасумленнай апецы давяралі сваіх дачок лепшыя сем'і. Поўны ветлівасці гаспадар, наразаючы марцыпаны, запрашаў на шынку. Гейдройц заўсёды блытаў словы, і калі яго абралі старшынёй Крымінальнай палаты, крануты доказамі павагі суайчыннікаў, усклікнуў (хаця мог і ўстрымацца): "Такому паважанаму грону бракавала толькі такога гонару, каб я стаў яго старшынём".

Свянцонае Храпавіцкіх вылучалася не толькі сваёй вытанчанасцю і элегантнасцю, але і тым, што іх свята не перашкаджала далейшым сямейным святкаванням. Трэба ведаць, што пані Храпавіцкая, з дому Мірскіх, была вельмі мілай і ўмелай гаспадыняй і, як сястра вядомай і мілай Марысі Шумскай, мела той жа сямейны шарм, які, хоць бы крыху, але квітнеў у кожным члене гэтай сям'і, і пані Эвеліна ў высокай ступені мела яго. Звычайна пасля свянцонага танцавалі. Таму дамы прыязджалі ў бальных сукенках, і я дагэтуль памятаю свянцонае 1829 г., як на баль убраную ў ружовае прыгожую ўдаву Рагоўскую з Сарокіных - une brune piquante (фр. "пікантную брунетку". - Л. Л.), якую адзін малады паэт у сваім вершы "Казіно" 110, у якім апісваў віленскіх красунь, параўнаў з сарнай - настолькі стройнай і лёгкай яна была ў танцы.

Шлюб гэтай пані адбыўся даволі арыгінальным чынам. Мела яна тады ледзь пятнаццаць гадоў і была вельмі прыгожай. Закаханы ў яе кавалер (калі яе дом быў зачынены, ён з-за вялікага кахання начаваў у браме на сходах), дапільнаваў яе, калі ехала з балю ці начной прагулкі, стаў за санямі замест лакея, а потым, доўга не чакаючы, адным узмахам выпхнуў у снег мадам, якая яе суправаджала, і крыкнуў вазніцу: "Паехалі!". Гэта было за мілю ад Вільні, панна не супраціўлялася, і ў той жа вечар адбыўся шлюб. Маці прыехала па дачку на наступны дзень і адразу пачала лічыць яе пані Рагоўскай. Пан Рагоўскі быў ад'ютнанатам Корсакава. Іх шлюб не быў ні доўгім, ні шчаслівым. Яна была яшчэ дзіцём і любіла весяліцца, ён быў жорсткім, раўнівым картачным гульцом, вазіў жонку ў Адэсу, Кіеў і ці клаў на картачны стол яе апошнія грошы і брыльянты, ці потым засыпаў яе выйграным золатам і атачаў раскошай. Кахаў яе больш за жыццё і пагражаў ёй пісталетам, калі праз гадзіну не вернецца з візіту. Усё гэта рабіла жыццё больш разнастайным, але не прыносіла шчасця, і сам віноўнік стаўся і першай ахвярай, бо пасля некалькіх гадоў такой буры малады чалавек памёр ад сухотаў. Маладая ўдава нейкі час цешылася свабодай, прыцягвала ўвагу мужчын сваімі чорнымі вачыма, прыроджаным розумам, весялосцю і добрым сэрцам. Яна і разам з ёй пані Саламановіч з Шаставіцкіх, Калкоўская з Падбярэзскіх, Норшцін з Залескіх і г. д. стваралі ап'яняльны сваім водарам букет руж сярод лілей бездакорнай белізны і менш чароўных, звычайных кветак, букет, на які зляталіся матылі… Але праз некалькі гадоў такога жыцця, пані Рагоўская, часткова па намове сябровак, а часткова з нуды, пачала ўсім казаць, што ёй хапіла ўжо гэтага "ўдава, удава" і нечакана выйшла замуж за Юзафа Сулістроўскага з Ашмянскага павета, дзе мы яе не адзін раз ўбачым, але ўжо вядома, не "сарнай", а маці, бабуляй, гасціннай, разумнай і каханай гаспадыняй. І пачуўшы гэтыя падрабязнасці жыцця, расказаныя ёй самой, я адчула сябе ўпаўнаважанай запісаць іх.


Тэатр тады знаходзіўся на вуліцы Віленскай111, у доме Кажынскіх (потым Вішнеўскіх)112, незачыненая брама, дзядзінец і бакавы ганак якога і сёння выклікаюць такія яркія ўспаміны, што маё сэрца б'ецца мацней пры адным толькі поглядзе на іх, амаль што, як раней, калі праязджаючы праз гэтую браму, з трывогай думала, ці не пачаўся ўжо спектакль! Мне здаецца, што я зноў бачу дужага лож-майстра, які ходзіць па калідорах і адчыняе ложы. Для таго ў два разы большага за цяперашні (ў Ратушы) тэатра хапала яго аднаго! Кажынскі, сёстры Гурскія (Ганна і Юлія), Маліноўскія, Рагоўскі, Бандасевіч (бас), Кярсноўскі (тэнар) і г. д. - якія гэта ўжо даўнія постаці. Ставіліся драмы, камедыі і нават оперы "Фрэйшыц" і "Італьянка ў Алжыры" 113, памятаю іх з 1827 года, а ў 1828 як бенефіс давалі п'есу "Нашы дарогі" 114, якую з паловы абсвісталі і, верагодна, для гэтага мелася нейкая прычына (хаця я не магла даведацца пра яе ні ў той час, ні сёння). Тады нават зрушылася флегма генерала Выўжэцкага, які ўстаў на крэслы, выняў з рота зубачыстку і закрычаў разам з іншымі: "Досыць! Досыць!". Гэта не было вынікам абурэння адной партыі, але абурэннем ўсёй паважанай публікі, і ў гэтым было нешта жахлівае! Акцёры паўцякалі са сцэны, а дырэктар сціпла тлумачыў, што цэнзура дазволіла п'есу. "Пры чым тут цэнзура", - пачуўся сур'ёзны і строгі голас, і заслона апусцілася.

Паход у тэатр быў для нас рэдкасцю, і мы адчувалі няўпэўненасць, трывогу, ліхаманку і неапісальную радасць! Але як жа ж трывога і ліхаманка яшчэ больш узмацнілася пасля прыбыцця ў Вільню трупы Кярыні, чые танцы на канаце захапілі ўвесь горад і ўзімку 1827 года размовы ў салонах ішлі толькі пра спрыт Фелікса, грацыю яго жонкі, чары панны Флоры і яе брата Анёла, а пяцігадовая Вірджынія была каралевай усёй публікі. Пантаміма, якая рушыла ўслед за скокамі, дзіўная спрытнасць Арлекіна і дасціпная наіўнасць П'яро115, нам так падабаліся, што яшчэ доўга пасля гэтага, з белым тварам, у татавым начным каптуры і ў матчыным халаце, я грала П'яро ў хатнім коле і доўгімі восеньскімі вечарамі ў Дабраўлянах смяшыла бацькоў116.


Кожны год ў Вільні з'яўлялася нейкае дзіва, якое выцягвала літоўскі грош. У 1826 годзе быў дзіўна разумны і ласкавы слон напару з плямістым конікам.

Восенню 1828 года на катэдральнай плошчы была пастаўлена шопа з панарамай Парыжа.

Уведзены ў Вільні ў 1827 ці 1828 годзе кірмаш звычайна ставіў свае драўляныя шопкі, якія зваліся будамі, каля катэдры і туліўся да яе званіцы на рэштках вежы Крыве-Крывейты. Ён служыў своеасаблівым пачаткам бульвараў і збіраў натоўпы пакупнікоў і цікаўных і раніцай, і ўвечары. Туркі са сваімі шалямі, Мальцаў са шклом, Мухін з Масквы з пяркалямі і палотнамі, галантарэйшчык Віткоўскі з Харкава - усе яны вабілі сваімі таварамі. Там жа стаялі буды з літаграфіямі, дзе ў пустой краме драмаў кнігар, а яўрэй з Бярдычава не мог задаволіць пакупнікоў канфіцюру і бакалеі. На той жа плошчы прадаваліся таксама і экіпажы.


Варта адзначыць і здзівіцца таму, што нягледзячы на наяўнасць сем'яў з усіх нашых правінцый і вялікай колькасці прыгожых, маладых дзяўчат, шлюбы ў Вільні былі не частымі і, сабраўшы ўсе разам за некалькі гадоў, мы лёгка пералічым іх, калі-нікалі заглядаючы і ў вёску, каб павялічыць агульную колькасць. Бо ці не адна пара натанцаваўшыся і нагаварыўшыся на працягу некалькіх карнавалаў, забывалі адзін пра другога і шукалі шчасця на вёсцы. Напрыклад, прафесару Ачапоўскаму на балі спадабалася бледная, але ладная і разумная панна Стубілевічоўна (у якой маці бачыла падабенства з нашай цёцяй), а пан Караль Падчашынскі шукаў жонку падчас сваіх адзінокіх шпацыраў і знайшоў сабе маладую, сціплую і ціхую настаўніцу, якая заўсёды насіла адну і тую ж зялёную сукенку, зрабіў ёй прапанову, ажаніўся і быў шчаслівы. Сенатарава Агінская нядоўга марудзіла са сваімі грацыямі-дочкамі. У 1827 годзе яна выдала старэйшую Амелію замуж за аднавокага графа Караля Залускага, але гэта было не важна, бо ён быў чалавекам багатым і добра выхаваным. Аднак не даў ён шчасце сваёй высакароднай жонцы, але яна і сама не імкнулася да шчасця ў гэтым шлюбе, а толькі сумленна выконвала свае абавязкі перад вялікай сям'ёй. Малодшая Эма, на адной з сустрэч у Кайранах паноў Лапацінскіх, прыцягнула ўвагу графа Гіпаліта Бжастоўскага з Каралеўства. Трэцюю, красуню Іду, маці ў 1830 годзе выдала за Адольфа Кубліцкага, які ў той цяжкі год быў адзінай партыяй для шлюбу - не прыгожы, нібы апухлы, але маральны і адукаваны. Непрыгожы ў параўнанні з красуняй-нявестай, але ёй надакучыла хатняе жыццё, і яна захацела замуж. Альтэрнатыву Кубліцкаму мела толькі ў асобе нейкага купца Віткоўскага з Харкава, яшчэ больш непрыгожага, чым пан Адам. З двух паннаў Бякю, адна выйшла замуж у Адэсу за брата сваёй мачахі, а другая, Аляксандра, па каханні за доктара Юзафа Мяноўскага ў Вільні. Памятаю, быццам гэта было ўчора, як нібыта выпадкова яны сабраліся ля ложка майго бацькі ў 1829 годзе, які пасля таго, як яму пусцілі кроў, доўга хварэў на запаленне сасудаў. Мяноўскі як лекар замяніў Снядэцкага ў штодзённым наглядзе на хворым, а яна прысутнічала, бо была любіміцай майго бацькі. Хворы, гледзячы на гэтую пару - яны так падыходзілі адно аднаму сваёй высакароднасцю, першым падумаў пра іх магчымы звяз, не ведаючы, што "іх сэрцы даўно ўжо мелі ўзаемную прыхільнасць", як сказала панна Аляксандра Бякю, якая нарэшце прызналася пра гэта свайму апекуну. Сардэчны Мяноўскі, які да кожнага пацыента ставіўся, як да бацькі, брата ці сястры і лячыў больш сваёй апекай, чым навукай, быў надзвычай шчаслівы, калі ажаніўся з высакароднай Аляксандрай. Страціў яе праз два гады і доўга-доўга аплакваў. Але гэта будзе потым.


Для столькіх прыгожых дам і кавалераў патрэбныя былі строі, адзенне, віно і інш., для гаспадынь - прыпасы, для дзяцей - цукеркі, цацкі і г. д. Таму па модныя зімнія і вясеннія капялюшыкі, чапцы і іншыя рэчы для балю, дамы звярталіся да пані Вагнер, якая заўсёды з павагай і ветлівасцю дагаджала кожнай, а няспыннай рэкламай яе элегантных рэчаў была галава пані Дароты Лапацінскай.

Самыя вытанчаныя віны з Францыі меліся ў краме пана Бідо, які меў фігуру, падобную на бочку), яго адборная смаката, veritable cuisine bourgeoise ( фр. сапраўдная кухня буржуазіі, ці сапраўдная гарадская кухня. - Л. Л.), падабалася ўсім, а стваральніцай яе была жонка гэтага вядомага віняра.

Па парыжскія пальчаткі, парфумы, упрыгожванні, бронзу, крышталь і розныя іншыя прыемныя рэчы, якія можна падарыць на памяць сябрам, усе хадзілі да Фіяранціні, крама якога мела адзіны кутні ўваход, а пахі ад яе адчуваліся ўжо на вуліцы. Тут заўсёды можна было спаткаць кагосьці з элегантнага свету.

Аніводная выправа панны замуж не абходзілася без кухоннага ці чайнага срэбра работы злотніка Вагнера, яго посуд і сёння яшчэ можна пазнаць у многіх дамах па кветкавых матывах на імбрычыках.

Найлепшыя махры, шмуклерскія117 і ядвабныя гузікі былі ад Вільканца на Ратушным пляцы.

Барадаты Новікаў забяспечваў гаспадынь аптэчнымі запасамі на цэлы год.

Найлепшае сукно можна было знайсці на Нямецкай вуліцы ў Клячкі, сумленнай купчыхі і бабулі пісьменніка, які толькі ў 1837 годзе атрымаў паэтычную вядомасць, і пацвердзіў свой розум тым, што перайшоў ў хрысціянскую веру і не адрокся ад свайго прозвішча і паходжання.

Самымі шматлікімі былі цукерні і аптэкі. З першых самыя вядомыя - Кунца, Кіля і Давацы, з другіх - Вольфганга, Велька118 і Зялёная аптэка, якая ў 1828 годзе раптам захацела ўразіць усіх магутным залатым двухгаловым арлом, іх залацістыя этыкеткі канкурыравалі з цукеркамі пана Давацы. Абодва яны месціліся па двух баках брамы палаца Пацаў.

Літаграфіі ў вокнах былі шыльдамі паноў Вейса і Лекае.

Пачаўшы з дамскіх галовак, закончым ножкамі. Слаўным у той час шаўцом быў Лангевіч. Ён адмовіўся шыць белыя чаравічкі на вігілійны баль, сказаўшы: "А ні я, а ні Снядэцкі не дапаможа, калі закажуць занадта позна!".


Яшчэ адзін успамін. Галярэя ў якой вернікі моляцца перад Вострай Брамай, датуецца 1829 годам. Яе зашкліла графіня Апалінарыя Плятэр пасля выздараўлення яе сына Цэзарыя, які цяжка хварэў у тую зіму, падобна, на нервовую ліхаманку. Хварэў настолькі моцна, што яго ледзь выратавалі нашы самыя вядомыя лекары, ці дакладней, сам Бог, ублаганы малітвам маці. Яна штодзень малілася ў гэтай галярэі без вокнаў, часта прастуджвалася і думала пра іншых маці. Шкляныя сцены паўсталі ў знак падзякі Богу і спачування да бліжняга, як крышталізаваныя слёзы, сказаў бы паэт. Калісьці казалі, што графіня выдаткавала на гэтую справу трыста дукатаў - каралеўскі дар, з якога карысталіся іншыя, і нават, сёння, карыстаецца ўжо трэцяе пакаленне. І мала хто ведае, каму трэба быць удзячным за гэта.


Лета 1830 года запомнілася для нашай сям'і пераездам у палац.


За некалькі дзён мы цалкам размясціліся ў прасторных, крыху пустых і крыху халодных пакоях, ужо асвечаных рукой святара. Вялікі дом павольна запаўняўся. З Вільні прыехаў Бахматовіч, а праз некалькі тыдняў прама з Францыі з'явіўся нечаканы госць, сведка новых змен, якія ён абвясціў у нашым краі. Бацькі ў той час не было дома. Мая маці сустрэла госця цёпла, як брата, а мы, як дзядзьку, а пан Свянціцкі, які тады гасцяваў у нас - як аднаго з камандзіраў літоўскага войска ў 1812 годзе. Быў гэта генерал Пац119, які сам амаль што ўвесь час жыў за мяжой, а яго дачка ў Рыме, рэдкі госць у краі і ў сям'і. Сёлета ён вырашыў наведаць усе дамы сваякоў. Ад нас паехаў у Паставы, адкуль зноў заехаў у Дабраўляны. Вокам знаўцы і сэрцам сваяка агледзеў наш дом. Яму вельмі спадабалася гатычная капліца, уразілі лаўкі ў стылі ракако, якія стаялі пад аркадамі балконаў. Мой бацька перарабіў іх са старой скульптуры, якую знайшлі недзе на гарышчы цесляра ў Вільні. Генерал Пац сказаў, што ў Лондане такая антыкварыя каштавала б на вагу золата, бо ў той час вярталіся да ўсяго ранейшага, усё грэцкае аджыло свой час, а готыка пачынала ўваходзіць у моду.

Дзядзька ездзіў разам з намі на шпацыры да возера і Віліі - старэйшыя ў карэце а моладзь конна. Мы з задавальненнем дэманстравалі старому жаўнеру сваё майстэрства і адвагу асабліва ў галопе і былі шчаслівыя пачуць з вуснаў знаўцы, што ездзім, як сапраўдныя англічанкі.

Жыццё ў прасторным доме адабрала ахвоту вяртацца на зіму ў Вільню. Гэтак вырашылі загадзя, быццам з прадчування таго, што ў краі шмат што будзе адбывацца. У бацькоў з'яўлялася ўсё больш і больш ідэй наконт таго, як упрыгожыць сваю сядзібу. Аднаму з іх хацелася бачыць з сваіх вокнаў аздобленыя будынкі, другой - прыгожы сад. З кутняга кабінета маці былі бачны прыгожыя старажытныя ліпы, квяцістыя клумбы, аксамітная мурава, чыстая вада з зарослымі берагамі і блакітная даль з белай каплічкай у італьянскім стылі на тле цёмнага лесу. Кожны дзень з'яўлялася нешта новае, быццам пэндзаль дадаваў апошні штрых да пейзажу, і калі з'яўлялася новая ідэя пра сад, нішто не перашкаджала яе рэалізаваць. Кабінет маці быў абсерваторыяй і майстэрняй мастачкі, там стаяў падрамнік з нацягнутым палатном і букет свежых руж, які так і прасіўся на карціну і неаднойчы адрываў маю маці ад пэндзля. Бахматовіч на сваёй алегарычнай мове звяртаўся да яе, і амаль кожную раніцу маці знаходзіла на сваім стале малюнкі, якія адлюстроўвалі геній садоўніка і мастака, якія змагаліся паміж сабой. Ці быў гэта малюнак яе пакоя, у якім на першым плане рой анёлаў жэстамі паказваў, што не трэба будзіць спячую жанчыну, анёлы рыхтавалі для яе палатно, палітру і пэндзлі, а адзін з іх, самы вытанчаны, укленчыўшы цёр фарбы аб камень.

Мой бацька меў два пакоі з боку дзядзінца, з яго бюро пры акне былі бачны два двары і ўвесь гаспадарчы рух. Пры сценах стаялі шафы бібліятэкі, пасярэдзіне вялікі стол з картамі, мець такі кабінет не пасаромеўся б самы першы элегант. А каля ложка было месца, каб укленчыць каля мудрагеліста выразанага са слановай косці распяцця, і аксамітнае падножжа, на якое, аднак, не згіналіся калені майго бацькі, бо ён чытаў свае ранішнія і вячэрнія малітвы ўкленчыўшы проста на падлозе.

А дочкі? Дочкі размясціліся ў велізарным пакоі які займаў чвэрць паверха і планаваўся як бальная зала ці тэатр. Зала была падзелена, як вулей, перагародкамі на шэсць адсекаў. Ад сцяны меліся нашы і слуг спальні, а ад вокнаў тры келлі для кожнай з нас асобна. Першая ад уваходу служыла для мяне і была студыяй для ўрокаў малявання, сярэдняя - для сярэдняй сястры, а ў самым куце з двума вокнамі пасялілі старэйшую, тут мелася шафа-каморка і медыцынская аптэчка.

Вясной у нас з'явіліся вельмі прыемныя суседзі - маладыя Снядэцкія пасяліліся ў Шамятоўшчыне. Пані Антаніна з радасцю вярталася ў сямейнае гняздо, хоць прычынай гэтага і былі сумныя падзеі, бо яе брат, закаханы ў Адэлаіду Турньер, закончыў свае шаленствы поўнай стратай розуму, што прыпісвалася чарам княжны Іды Агінскай. Быццам бы ў прыступе ён крычаў, што ў яе імені запісаны яго згуба: "А гінь Сулістроўскі!" - "Агінская", што было няпраўда, бо панна Іда без кахання выйшла замуж за непрыгожага Кубліцкага і пэўна ж, не адкінула б прыгожага Аляксандра Сулістроўскага.

У тую восень нас наведаў пралат Мамерт Гербурт120, канонік Віленскай капітулы і даследчык нацыянальнай гісторыі. Не памятаю, што завабіла яго ў нашы мясціны, магчыма, хацеў наведаць кармеліцкі кляштар у Засвіры, а можа меў надзею знайсці ў Свіры нейкія памяткі і сляды праезду тут караля Баторыя. Ён прабыў у нас некалькі дзён і з'ехаў з дзядзькам Каралем Пшаздецкім. Дзве супрацьлеглыя постаці, розныя па пакліканні і знешнасці - святар і жаўнер, навуковец і свецкі чалавек, гісторыкі і гаспадар. Адзін худы, высокі, цемнаскуры і жывы, размаўляў толькі пра жанчын і каханне, другі - каржакаваты з непрапарцыйнай у двух сэнсах галавой - непрапарцыйна вялікай і непрапарцыйна разумнай, заўсёды адварочваўся ад жанчын і, калі яны былі побач, апускаў свае вялікія і выпуклыя вочы. Каплан заўсёды гаварыў сур'ёзна пра ўсё, жаўнер - весела і ні аб чым. Аднак яны цудоўна дапаўнялі адзін аднаго, бо ў аднаго мелася веданне свету, а ў другога - розум.

Зусім іншага тыпу каплан прыехаў да нас на Задушны дзень (Дзень усіх святых), гэта быў манах-дамініканец з Ашмян - смелы і румяны мужчына. Адслужыўшы святую імшу і прачытаўшы Евангелле, ён раптам адчуў жаданне звярнуцца да сабраных, але з-за адсутнасці святарскага памазання, пачаў практыкавацца ў гістарычнай эрудыцыі.

(Працяг у наступным нумары.)


1 Gabrjela z Guntherоw Puzynina. W Wilnie i w dworach litewskich: pamiаtnik z lat 1815-1843. Wilno, 1928. Пераклад Леаніда Лаўрэша.

105 Тамаш Умястоўскі, лідскі, потым ашмянскі земскі рэгент, рэгент Галоўнага літоўскага трыбуналу, земскі ашмянскі суддзя і нарэшце, старшыня Галоўнага суда літоўскіх правінцый. Пра яго Гл: Stanislaw Morawski. S. 39, 41, 418, 469. І таксам гл. "Ашмянскі павет" Янкоўскага, т. 3. С. 126-128.

106 Анджэй Снядэцкі (1768-1838) - хімік і лекар. У 1797-1822 гадах - прафесар хіміі, у 1826-1832 гадах - медыцыны ў Віленскім універсітэце, з 1832 года - прафесар Медыка-хірургічнай акадэміі ў Вільні. - Л. Л.

107 Мяноўскі Юзаф (1804-1879) - медык і грамадскі дзеяч. Пасля арышту ў 1840-1841 гадах у Вільні пераехаў у Пецярбург, дзе узначаліў кафедру псіхіятрыі Пецярбургскага імператарскага ўніверсітэта. Прыдворны ўрач імператара Мікалая I (1848 г.). - Л. Л.

108 Мацей Баранкевіч, доктар медыцыны, хірург, лекар шпіталя св. Якуба ў Вільні, Памёр у 1829 г. - Л. Л.

109 Пра святочныя яйкі і гульні з імі гл: Szukiewicz Wandalin. Sposoby farbowania pisanek w pow. Lidzkim // Ziemia. Tygodnik Krajoznawczy Ilustrowany. 1913. № 19. S. 314-315. / Дадам, што яшчэ нават і мой сын "качаў" яйкі на Вялікдзень недзе ў першай палове 1990-х гг. - Л. Л.

110 Маецца на ўвазе Антоні Адынец, верш быў надрукаваны: Odyniec, Antoni Edward. Kasino: wiersz na dochod Towarzystwa Dobroczynnosci wydrukowany. Wilno, 1823. Заўважу, што Тэадор Нарбут у той жа час напісаў верш пра казіно 1823 г. у Лідзе, гл: Лаўрэш Леанід. Тэадор Нарбут. Навуковая і літаратурная дзейнасць, сям'я і сядзіба, яго час. Издательские решения, 2025. С. 162-168. - Л. Л.

111 Вуліца Віленская ішла ад Віленскай брамы да Нямецкай вуліцы, яе старажытная назва - Вялейская, бо яна вяла да Вяллі-ракі, да "мураванага" моста. - Л. Л.

112 Віленскі доктар Юльян Цітыюс пісаў, што тэатр "пабудаваны Мараўскім у 1796 г. і прададзены яго ўдавой знакамітаму акцёру і антрэпрэнёру Мацею Кажынскаму, які са сваёй віленскай операй ездзіў у Пецярбург і Маскву". Гл: Віленскія ўспаміны доктара Юльяна Цітыюса з дадаткам Уладзіслава Талочкі (укладальнік і перакладчык Леанід Лаўрэш). 2024. С. 8. - Л. Л.

113 "Фрэйшыц" - нямецкая назва знакамітай оперы Карла Марыі фон Вэбера "Вольны стрэлак".

"Італьянка ў Алжыры" - опера Джаакіна Расіні на лібрэта Анджэла Анелі ў двух дзеяннях. Прэм'ера адбылася ў Венецыі ў тэатры "Сан-Бэнедэта" 22 траўня 1813 года. - Л. Л.

114 "Нашы дарогі" ("Nasze przebiegi") - п'еса Нямцэвіча, пастаўленая першы раз у 1818 годзе.

115 Арлекін - традыцыйны персанаж італьянскай камедыі дэль артэ, слуга-прастак, нязграбны цяльпук, які сваімі недарэчнымі паводзінамі заблытвае інтрыгу камедыі. П'яро - адзін з персанажаў французскага народнага кірмашовага тэатра. - Л. Л.

116 Італьянская дынастыя Кярыні была адной з найстарэйшых і найбольш вядомых з цыркавых сем'яў. Першыя Кярыні выступілі на кірмашы Святога Лаўрэнція каля 1580 г., тады яны дэманстравалі марыянетак і танцавалі на дроце. У лютым 1795 г. Луіджы Кярыні наведаў Кракаў. Знакамітая вальтажорка Анжаліка Кярыні выступала ў 1784 г. у амфітэатры Астлі, а з 1793 г. у цырку Франконі. Трупа дабралася да Варшавы, калі яе акупавалі прусакі. У 1826 г. частка клана разам са сваім капельмайстрам, выбітным скрыпачом Бянкам, выступіла ў Вільні і прыцягнула натоўпы гледачоў. У 1827 г. трупа К'ярыні выступіла ў Варшаве, а потым паехала у Вільню, дзе выступалі з 10 красавіка па 10 траўня 1827 г. - Л. Л.

117 Гузікі зробленыя з ніцей, шмуклер - той, хто вырабляе махры. - Л. Л.

118 Вельк - віленскі аптэкар, бацька дактароў медыцыны Аляксандра і Паўла Велькаў. - Л. Л.

119 Пра Пацаў гл: Лаўрэш Леанід. Мястэчка Ражанка і касцёл у ім // Лідскі Летапісец. 2023. № 3(103). С. 47-55.

120 Мамерт Гербурт (1789-1873), з валынскай галіны Гербуртаў, пралат, віленскі каталіцкі дэкан, прафесар рэлігіі ў Віленскім універсітэце, адзін з самых адукаваных прадстаўнікоў кліру. Выдаў 7 тамоў "Каталогу архіва Віленскай капітулы".

Памёр Васіль Кушнер, заснавальнік і першы галоўны рэдактар "Беларускага гістарычнага часопіса"

78 гадовы гісторык пайшоў з жыцця 15 лістапада 2025 года пасля працяглай хваробы.

Ён 18 гадоў (з 1993 па 2011) быў галоўным рэдактарам "Беларускага гістарычнага часопіса" - галоўнага навуковага часопіса краіны па гістарычным профілі.

Васіль Кушнер нарадзіўся ў вёсцы Малыя Жухавічы (цяпер Карэліцкі раён Гарадзенскай вобласці). Пасля заканчэння сярэдняй школы некаторы час працаваў настаўнікам фізкультуры ў Аюцавіцкай васьмігадовай школе (Карэліцкі раён). У 1971 годзе скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Пасля службы ў арміі (у 1973 г.) паступіў у аспірантуру Менскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута. У 1977-м абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму "Ваенна-патрыятычнае выхаванне і падрыхтоўка працоўных Беларусі да абароны Радзімы (1921-1925 гг.)".

З 1978 па 1980 г. працаваў старшым выкладчыкам гісторыі СССР і дарадцам дэкана інстытута імя Хасэ Марці (горад Камагуэй, Куба). У кастрычніку 1980-га вярнуўся ў Менск. Працаваў старшым выкладчыкам кафедры гісторыі КПСС Менскага педінстытута, потым (з 1982 года) - дацэнтам.

Ён актыўна выступаў на шматлікіх навуковых канферэнцыях, з'яўляўся старшынём Савета маладых вучоных інстытута.

У 1988 г. перайшоў працаваць у Міністэрства народнай адукацыі БССР, дзе быў да 1992 г. Спачатку быў начальнікам аддзела выкладання грамадскіх навук Галоўнага ўпраўлення вышэйшай адукацыі, потым - галоўным інспектарам Упраўлення вышэйшых навучальных устаноў і педагагічнай адукацыі.

У канцы 1990-х Кушнер прыняў актыўны ўдзел у праекце "Славутыя імёны Бацькаўшчыны".

Быў адным з навуковых кансультантаў, а таксама аўтарам артыкулаў у "Энцыклапедыі гісторыі Беларусі" у 6 тамах (1994-2003) і "Беларускай энцыклапедыі" у 18 тамах (1996-2004).

У 2005 годзе выйшлі з друку вучэбныя дапаможнікі, якія ён дапамагаў рыхтаваць - "Гісторыя Беларусі: у кантэксце сусветных цывілізацый" і "Вялікая Айчынная вайна савецкага народа: у кантэксце Другой сусветнай вайны".

Меў больш за 200 публікацый на беларускай, польскай, іспанскай і іншых мовах.

Кушнер працягваў працаваць і выкладчыкам. З 1988 па 2003 быў дацэнтам кафедры гісторыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, з 2003 па 2008 - дацэнтам кафедры эканамічнай гісторыі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта.

Светлая памяць.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX