Папярэдняя старонка: 2025

Наша слова.pdf № 50 (206) 


Дадана: 09-12-2025,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 50 (206), 10 снежня 2025.

Абласны адборачны тур XV Рэспубліканскага фэсту нацыянальных культур у Лідзе

6 снежня, у лідскім Палацы культуры прайшоў абласны адборачны тур XV Рэспубліканскага фэсту нацыянальных культур! З вітальным словам да ўсіх гасцей і ўдзельнікам звярнуліся намеснік старшыні Лідскага райвыканкама Ігар Аляксеевіч Кашкевіч і начальнік кіравання культуры Гарадзенскага аблвыканкама Алена Віктараўна Клімовіч.

Гастранамічныя шэдэўры, дэлікатэсы нацыянальных кухняў скаралі сэрцы гурманаў!

Выпечку на любы густ, традыцыйныя напоі і самыя розныя посныя, далікатныя, старадаўнія, святочныя стравы, рэцэпты якіх перадаваліся з пакалення ў пакаленне, можна было паспрабаваць у Палацы культуры горада Ліды 6 снежня.

Ад польскага бігаса і літоўскіх кібінай да рускіх пернікаў і сапраўдных грузінскіх хачапуры - гасцінныя ўдзельнікі свята шчодрыя на пачастункі, бо "За агульным сталом і ежа смачней, і адзінства мацней".

Ліда сустракала свята сяброўства і шматстайнасці культур! Яркая падзея для Гарадзеншчыны!

Сваю творчасць і традыцыі прадставілі палякі, габрэі, татары, казахі, грузіны, рускія, літоўцы. На сталах - выпечка, народныя цацкі, вырабы з саломкі і тэкстылю, побач - стэнды з жывапісам, каліграфіяй і фатаграфіямі.

Майстры ахвотна падзяляліся сакрэтамі рамёстваў, паказвалі свае працы і запрашалі выявіць сябе ў творчых майстар-класах.

Адмысловай кропкай прыцягнення сталі дэгустацыі: хатні хлеб, выпечка, нацыянальныя ласункі і гарачыя стравы не пакінулі нікога абыякавым. Госці абменьваліся рэцэптамі, параўноўвалі густы і з задавальненнем фатаграфаваліся.

Свята працягнулася на сцэне Палаца культуры.

Адкрылі праграму казахі, Міжнароднае грамадскае аб'яднанне "Атамекен" па Гарадзенскай вобласці.

Адзін за адным выходзілі лепшыя калектывы нацыянальных аб'яднанняў вобласці: гучалі песні, народная музыка, дэманстраваліся касцюмы і харэаграфічныя нумары. Кожны ўдзельнік атрымаў дыплом, а гледачы - зарад гонару за багацце культур, аб'яднаных Беларуссю.

Мерапрыемства паказала, наколькі багатая і разнастайная культурная палітра нашага рэгіёна і як важна асцярожна захоўваць традыцыі свайго народа, стала пераканаўчым доказам таго, што розныя культуры могуць гучаць ва ўнісон, дапаўняючы і ўзбагачаючы адна адну.

ТК "Культура Лідчыны".

"Кнігі і экспазіцыі: гарызонты для літаратурных устаноў"

4 снежня 2025 года ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа прайшоў семінар "Кнігі і экспазіцыі: гарызонты для літаратурных устаноў". Мерапрыемства, якое было прысвечана 66-годдзю музея і 100-годзю паэмы Якуба Коласа "Сымон-музыка", з'яднала музейшчыкаў і бібліятэкараў. Напачатку перад прысутнымі было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Домам Якуба Коласа і ўстановай "Цэнтр міжнароднага супрацоўніцтва Смаленскай вобласці". У сваю чаргу ад дырэктара Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Усіка С. І. урачыста была перададзена ў дар мемарыяльнаму Дому-музею кніга "Рыбакова хата" з дарчым надпісам Якуба Коласа. Разам з тым, фонды музея папоўніліся цікавымі экспанатамі - знакам (муляжом) і мячом з Аляксандраўскага ваеннага вучылішча. Гэты прадмет мае дачыненне да жыцця Якуба Коласа. Іх перадаў калекцыянер Філатаў А.М.

Са змястоўнымі дакладамі, звязанымі з гісторыяй напісання і выхаду ў друк паэмы "Сымон-музыка", выступілі супрацоўнікі Дома-музея Якуба Коласа (загадчык навукова-асветніцкага сектара Пратасевіч Д. В. і Шувагіна-Адамовіч Н. А. - дачка пісьменніка Алеся Адамовіча). У сваю чаргу, вопытам работы падзяліліся супрацоўнікі з ДУ "Гісторыка-культурны музей-запаведнік "Заслаўе" - намеснік дырэктара Сямашка К. У. і старшы навуковы супрацоўнік Сівохін Г. А., загадчык Пінскай гарадской дзіцячай бібліятэкі імя Якуба Коласа Вакуліч І. У. З цікавым выступленнем і са зваротам да музейшчыкаў і бібліятэкараў на прадмет супрацоўніцтва выступіла намеснік галоўнага рэдактара рэдакцыі часопіса "Беларускі гістарычны часопіс" Матусевіч Н. У.

У семінары прыняў удзел і навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея Хітрун А.Ч . з дакладам "Пакой адкрытага захоўвання "Бібліятэка пісьменніка", як адна з форм экспанавання кніг у Доме Валянціна Таўлая Лідскага гісторыка-мастацкага музея".

Разам з тым, з удзельнікамі семінара ў Доме класіка беларускай літаратуры была адкрыта чарговая інтэрактыўная экспазіцыя "Госці дома Якуба Коласа", якая размясцілася ўздоўж мемарыяльнай лесвіцы.

І па традыцыі, было наладжана і прадоўжана далейшае супрацоўніцтва з калегамі літаратурных музеяў, бібліятэк і не толькі. Вынік у гэтым будзе адназначна заўважаны ў бліжайшы час.

Алесь Хітрун.

Навіны Германіі

Пачынае працу новае падраздзяленне па абароне ад беспілотнікаў

Пасля шматлікіх выпадкаў выяўлення дронаў над еўрапейскімі аэрапортамі ўвосень гэтага года было вырашана стварыць новае падраздзяленне па барацьбе з беспілотнікамі

Пасля некалькіх выпадкаў выяўлення беспілотнікаў у аэрапартах і над крытычна важнымі аб'ектамі інфраструктуры федэральная паліцыя ў Арэнсфельде ўвяла ў эксплуатацыю новае падраздзяленне па абароне ад беспілотнікаў. Гэта частка агульнанацыянальнай стратэгіі, якую ўрад укараняе паскоранымі тэмпамі пасля часовага закрыцця аэрапортаў у Мюнхене і Капенгагене ўвосень гэтага года.

Новае падраздзяленне будзе займацца выяўленнем і абаронай ад беспілотнікаў з выкарыстаннем сучасных тэхналогій. Пры запуску падраздзялення будуць прадстаўлены першыя аператыўныя працэдуры, на мерапрыемстве прысутнічаў міністр унутраных спраў Аляксандр Добрындт. Акрамя таго, у снежні павінен быць створаны сумесны цэнтр па барацьбе з дронамі на федэральным і зямельным узроўнях; месца яго размяшчэння ў гэты час абмяркоўваецца на канферэнцыі міністраў унутраных спраў.

Паралельна Федэральны ўрад працуе над зменамі ў заканадаўстве, якія павінны надаць федэральнай паліцыі, а ў выключных выпадках і бундэсверу пашыраныя паўнамоцтвы па барацьбе з дронамі.

Аренсфельде (d.de).

Arrow 3 узмацняе СПА Германіі

Германія пашырае сваю супрацьпаветраную абарону, прымаючы на ўзбраенне новы ЗРК

З уводам у эксплуатацыю першых элементаў новай сістэмы ЗРК Arrow 3, як лічыць міністр абароны Барыс Пісторыюс, супроцьпаветраная абарона Германіі і яе партнёраў значна ўмацавалася.

- Упершыню мы атрымліваем магчымасць забяспечыць ранняе папярэджанне і абарону нашага насельніцтва і інфраструктуры ад балістычных ракет вялікай далёкасці, - заявіў Пісторыюс у Берліне.

Arrow 3 была сумесна распрацавана Ізраілем і ЗША. Сістэма здольная знішчаць ракеты праціўніка за межамі атмасферы ў стратасферы прамым трапляннем. Такім чынам, гэты ЗРК утворыць верхні ўзровень сістэмы абароны.

- Тым самым мы ўмацоўваем еўрапейскую апору НАТА і дасягаем мэты планавання НАТА, - сказаў Пісторыюс.

Разгортванне сістэмы Arrow 3, закупленай у Ізраілі, з'яўляецца адказам на пагрозу, якая нібызыходзіць ад Расіі. Авіябаза Шэневальдэ/Хольцдорф у Брандэнбургу стане першым з трох запланаваных раёнаў размяшчэння Arrow у Германіі.

Берлін / Хольцдорф (dpa).

Згукі Дня беларускага пісьменства ў Лідзе

Лідскі літаратурны часопіс "Лірнік вясковы"

Падчас падрыхтоўкі да Дня беларускага пісьменства ў Лідзе лідскія літаратуразнаўцы не паспелі прапрацаваць тэму лідскага літаратурнага часопіса " Lirnik wioskowy ".

Часопіс "Lirnik wioskowy" - была такая з'ява ў лідскім літаратурным жыцці.

Першы нумар часопіса выйшаў у чэрвені 1938 года ў лідскай друкарні С. Зяльдовіча. Рэдактарам пазначаны Фларыян Амброс, выдаўцом - Уладзіслаў Піваварчык. Паводле выхадных дадзеных рэдакцыя "Лірніка..." знайходзілася ў Лідзе на вул. Мацкевіча, д. 3-4. Выданне пазначана, як "Ілюстраваны часопіс, прысвечаны народнай паэзіі і літаратуры".

У звароце да чытачоў гаворыцца:

"Прадстаўляючы нашым паважаным чытачам першы нумар "ЛІРНІКА ВЯСКОВАГА" мы хочам хаця б часткова запоўніць велізарны прабел у галіне народнай літаратуры, выкліканы недахопам часопісаў і кніг, прысвечаных народнай паэзіі і творчасці пісьменнікаў і паэтаў з сельскай мясцовасці. Адначасова мы жадаем абудзіць цікавасць усіх слаёў грамадства да народнай літаратуры, якую разбуральны прагрэс адкінуў у шэры і забыты канец.

Кіруючыся асноўным прынцыпам зрабіць наш часопіс даступным для як мага шырэйшай аўдыторыі, выдавецтва ўключыла, акрамя асноўнага зместу, іншыя асобныя раздзелы, якія робяць часопіс цікавым і разнастайным. Таму ў кожным нумары "Л. В." акрамя вершаваных твораў, чытач знойдзе некалькі апавяданняў, некалькі артыкулаў, фельетон, гумарыстычныя эсэ і спецыяльныя раздзелы, прысвечаныя гумару і інтэлектуальным забавам. Акрамя таго, рэдакцыя будзе прыкладаць усе намаганні, каб падтрымліваць каларытнасць і разнастайнасць часопіса, цесна ўзаемадзейнічаючы з чытачамі і, па магчымасці, улічваючы іх пажаданні і парады.

Выдавецтва "ЛІРНІКА ВЯСКОВАГА" не арыентуецца на матэрыяльную выгаду і не мае спецыяльных сродкаў. Агульнае развіццё і існаванне часопіса залежыць ад падтрымкі яго чытачоў. Спадзеючыся, што ён будзе цёпла ўспрыняты і падтрыманы нашымі чытачамі і што вы, паважаныя чытачы, самі ацэніце яго каштоўнасць пасля прачытання, мы публікуем першы нумар "ЛІРНІКА ВЯСКОВАГА".

РЭДАКЦЫЯ

Ліда, чэрвень 1938 г.

Фларыян Н. Амброс".

Зварот падпісаны рэдактам Фларыянам Амбросам. Амбросы жывуць у Лідзе і сёння, можа недзе сярод іх ёсць і нашчадкі або сваякі Фларыяна.

Фларыян Амброс быў і паэтам, і празаікам, і публіцыстам, і па ўсім відаць - ініцыятарам выдання часопіса. Пошук такога пісьменніка, як Фларыян Амброс, у польскіх літаратурных слоўніках і даведніках поспеху не меў. Тым не менш у выданні "SLOWNIK PSEUDONIMOW PISARZY POLSKICH TOM IV A-Z NAZWISKA OSSOLINEUM" ёсць запіс: "AMBROS FLORIAN N. (druk. przed 1939) publicysta F.N.A.". Такім чынам, хоць як публіцыст, Фларыян Амброс быў вядомы ў польскай літаратуры як пад уласным імем, так і пад псеўданімам F.N.A.

Была такая версія, што Амброс заснаваў свой часопіс як канкурэтны для паспяховага часопіса "Ziemia Lidzka". Магчыма, магчыма як канкурэнтнага, але не варожага, бо ўжо ў першым нумары на ст. 15 падаеца рэклама кнігі "Наваградскія мясціны" галоўнага рэдактара "Ziemi Lidzkaj" Уладзіслава Абрамовіча. Хутчэй за ўсё Амброса проста падштурхнуў поспех "Ziemi Lidzkaj". Мы пакуль не ведаем ні кваліфікацыі, ні адукацыі Фларыяна Амброса, але ведаем высокі прафесіялізм рэдакцыі "Ziemi Lidzkaj", таму канкурыраваць з імі было вельмі няпроста, тым больш часопісам літаратурным, на польскай мове, калі асноўная маса той самай лідскай вёскі была беларускамоўная.

Праграма часопіса падаецца наступным чынам:

"Наша праграма

Сельскае насельніцтва, ядро нацыі, занадта хутка радыкалізуецца, пагражаючы не толькі самому гэтаму насельніцтву, але і іншым слаям маральным заняпадам і эканамічнай разрухай. Гэты небяспечны працэс выкліканы невуцтвам, якое можа развеяць толькі адукацыя.

Сярод многіх адукацыйных фактараў вельмі важную ролю можа адыграць папулярная прэса, якой сельскае насельніцтва нядаўна пачало цікавіцца. На жаль, існая ў цяперашні час папулярная прэса праводзіць палітычныя кампаніі і адсоўвае працу па сельскай адукацыі на другі план. Больш за тое, некаторыя яе фракцыі, у якіх дамінуюць фактары, чужыя сельскаму насельніцтву, прыўносяць у вёскі разбуральнае закісанне, не шкадуючы пры гэтым відавочна падрыўных лозунгаў, тым самым ператвараючы селяніна ў небяспечны элемент з выразна рэвалюцыйнай тэндэнцыяй.

Цяперашняя агульная сацыяльная нестабільнасць, якая падзяляе нацыю на шматлікія палітычныя лагеры, што змагаюцца адзін з адным і адначасова імкнуцца захапіць вёску пад свой уплыў, прывяла да таго, што вясковыя жыхары неахвотна ўспрымаюць цвярозыя лозунгі аб паляпшэнні сваіх умоў жыцця, давяраючы радыкальным. Перавага павінна быць аддадзена народным пісьменнікам і паэтам, якія засталіся ўбаку і часткова раскіданыя па розных народных часопісах, або тых, што лічацца народнымі. Каб аб'яднаць народных пісьменнікаў і паэтаў для свабоднай, самабытнай народнай творчасці і адукаваць праз іх вясковых жыхароў, мы ствараем часопіс пад назвай "ВЯСКОВЫ ЛІРНІК".

Гэты часопіс, які не належыць ніякай партыі і не падпарадкоўваецца ніякай палітычнай плыні, будзе мець на мэце:

1. Інфармаваць усе сферы грамадства пра праявы народнай літаратуры, тым самым дэманструючы свету, што польская вёска жывая, яна адчувае і думае;

2. Павышаць дасведчанасць грамадскасці пра каштоўнасць народнай літаратуры, якая не прызнае радыкальных лозунгаў, але змагаецца з разбуральнымі плынямі, якія шануюць ідэі камунізму;

3. Праводзіць кампаніі па клопаце пра сыноў сельскіх супольнасцей, адораных творчым талентам, якія не маюць поўнай адукацыі або сродкаў для нармальнага існавання, з-за чаго іхняя праца, якая мае сваю каштоўнасць у гісторыі нацыі, хаваецца пад руінамі забыцця.

4. Выданне народнай літаратуры і паэзіі, а таксама арганізацыя народных пісьменнікаў пад сцягам крыжа, які сімвалізуе вечныя маральныя прынцыпы польскай нацыі;

5. Распаўсюджванне практычных ведаў і адукацыі сярод сельскага насельніцтва, а таксама ідэі арганізацыі ў кааператывы і выхавання запалу да свабодных прафесій і рамёстваў як адзіных рашэнняў праблемы перанаселенасці сельскай мясцовасці;

6. Барацьба з разбуральнымі тэндэнцыямі і прынцыпамі, з разбуральнымі элементамі, якія праяўляюцца ў нашай сучаснай літаратуры, паэзіі і мастацтве.

Арганізацыя часопіса такога тыпу запатрабавала б фінансавых рэсурсаў, якія можна было б атрымаць толькі дзякуючы калектыўным намаганням большай групы людзей, якія сур'ёзна думаюць пра будучыню. Мы звяртаемся да іх з гэтымі словамі з цёплым запрашэннем праявіць ініцыятыву ў гэтай справе.

Сума, якая складае наш акцыянерны капітал, невялікая, і без падтрымкі чытачоў выдавецтва сутыкнецца з вялікімі фінансавымі цяжкасцямі. Аднак, калі б мы змаглі знайсці большую колькасць пастаянных падпісчыкаў, якія б аплацілі падпіску загадзя, выдавецтва часопіса "LIRNIK WIOSKOWY" было б дастаткова ўстойлівым у сваім фінансавым становішчы.

Адносна кошту часопіса, гадавая падпіска на "L.W." настолькі невялікая, што няцяжка сабе яе дазволіць і такім чынам зрабіць свой унёсак у падтрымку нашай працы. Мы таксама аб'яўляем спіс ахвяраванняў у фонд друку, спадзеючыся, што людзі добрай волі паспяшаюцца дапамагчы.

Улічваючы, што чужыя нам ідэалагічныя фактары трацяць мільёны долараў на разбуральную працу, мы верым, што нашы дарагія чытачы зразумеюць нашы намеры і дапамогуць нам па меры магчымасцей і сродкаў, і ў знак нашай удзячнасці мы прыкладзём усе намаганні, каб "Lirnik Wioskowy" стаў часопісам, годным ініцыятывы, якую мы запускаем з найлепшай верай і ў імя Бога".

У прынцыпе нічога добрага праграма беларускай вёсцы не абяцае. З будучымі чытачамі гавораць у тоне, якім можна гаварыць з сялянамі забытай Богам вёскі недзе ў закутку кароннай Польшчы. Ніякага намёку на беларускасць. Часопіс прызначаеца для жыхароў польскай вёскі ў Лідскім павеце, але дзе і хто пра такую чуў. Так, многія былі запісаны палякамі, многія нават лічылі сябе палякамі, але мова на вёсцы была беларуская і ў прваслаўных, і ў католікаў. Была розніца толькі ва ўспрыманні. Адны былі актыўна супраць польскай мовы і хацелі беларускай школы, другія былі больш памяркоўныя: "Музыка грае, як знае, а я скачу, як сам хачу; у школе, гавары, як настаўнік кажа, а дома, як на язык ляжа".

(Працяг у наступным нумары.)

С А Н Е Т Ы

Язэп Палубятка

***

Вечар - дня сумнае знішчэнне.

Расхрыстана неба чымсьці бардовым,

А можа поклікам новым.

Тое ўсё ночы стварэнне.


Дні набягаюць, як хвалі на бераг,

Вуж сыкае, але не кусае.

Каханая ўжо не кахае, але ад сябе не ганяе.

Дзяўчына імкнецца сукню прымераць.


Ноч памірала, нараджаўся ранак.

Дома бацькоўскага струхлеў ганак,

А сцежку адолеў бур'ян.


Душу ахутаў туман,

Памяць у дзяцінства бяжыць.

Радуйся! Варта жыць.

***

Горка параненая птушка крычыць, зведаўшы болю,

Дожджык цярушыць за нечым акном,

Казюрка хаваецца пад лістом.

Чорныя думкі ўсю ноч не даюць спакою.


Плача малое дзіцятка, не ўцешыць.

Жоўтай бяроза стала ўвосень.

Не відаць небе сіняга ў лесе з-за сосен.

Суха ў лівень пад стрэхай.


Вавёрка гойсае па галінах.

Вандроўнік блукае па краінах.

У сэрцы каханым жар.


Абставінаў душыць цяжар,

Доўжацца тыя хвіліны чакання

У надзеі на радасць спаткання.

***

Палітыка вечнай зімы - кагось абдуры.

Цётка падол падцінае, як мые падлогу.

Не ўспамінай свайму сябру былога,

З дзяўчынай каханай будзь да зары.

Холад. Зіма. Пячэ люты мароз.

Палена хваіны ў печы страляе.

У Піліпаўку гойсае воўчая зграя.

Бывае, што смех прабірае да слёз.


Разбіта люстэрка. Аскепкі наўкола.

Воза старога зламанае кола.

Горла дзярэ дзяркач.


Ты вытры, хлапеча, пад носам смаркач.

Плакаць, нявеста, ужо перастань,

Глянь, якая цудоўная рань!

***

Невыносна душы спёртае паветра,

А далячынь трымціць у спёку.

Часам не ведаю, што сам раблю,

Ды хтосьці так чакае ветру.


Баліць душа ад настальгіі.

Ягняты: "Бя", каровы: "Му".

Усё вярнуць хачу, ды не магу -

Адной нагой стаю ў магіле.

Кагосьці цешыць ружа, а мяне рамонак

І луг у белым вэлюме яго.

Я летуценны ў лузе тым вандроўнік.


Не бачыць мне ўсяго таго,

Што вока вабіла прыемна.

Магчыма, жыў я ўсё ж нядрэнна.

***

Мы пляцемся ў сутонні дзён.

Будучыня нас абірае.

Я не хачу ні пекла, ні раю,

Жыццём сённяшнім здзіўлёны.


Воблакі, бывае, плывуць назад,

Іх гоніць другая хмара.

У мяне толькі адна мара -

Не ісці па жыцці ніколі наўзгад.


На зямлі заўжды неспакой:

То войны, то мардабой.

Як не можаш сказаць істотнае - песню спявай.


Давай жа сустрэнемся заўтра.

У душах нашых будзе спакой

Без тлуму. Назаўжды я з табой.

***

Сумна чуць: іду, не разбіраючы дарогі.

У дзяцінстве я не любіў матыкі,

А пасталеўшы ў банку браў пазыкі.

Цяпер малю я Бога, каб служылі ногі.


Бязмежжа радасці і мора гора -

Усё наўкола мітусня.

А што ні слова, то хлусня,

І цешыць толькі вечнасці прастора.


Дужэйшы душыць слабака,

Улоў жа варты рыбака -

Усё ў свеце адпаведна.


Нябёсаў далячынь прыкметна.

Гадзіннік цікае паволі

У накірунку лепшай долі.

***

Ранак. Сонца ззяе на кроплях расы,

Дзень паўстае паволі.

Мы не сустрэнемся ўжо ніколі.

Лёс свой узяўшы ў рукі, нясі.


Як жа млосна ляжаць на траве!

І цішыня наўкола.

Поўня. Месяц, як кола,

Думы ўсе аб табе.


Свет, як сто год назад, той,

Толькі ў душы неспакой.

Мара нечага прагне.


На небе зорка згасне,

Згарыць, не далятаючы да зямлі.

Такія спрадвеку ўжо мы.

***

Неба плакала. Слёзы цяклі за каўнер.

Сляпіла маланка, і гром грукатаў.

Пад ліпаю я цябе абдымаў, цалаваў.

Тое кожны з нас раскажа на свой манер.


Як не мяркуй, а мяняюцца дні.

Сталі мы ўжо чужымі.

Памяць не ўсцешыць успамінамі тымі,

Толькі пакутай бываюць сны.


Падае стромка з гары вадаспад,

Шчабечуць у траве цвыркуны.

Помню, казалі мы кепскае адзін аднаму неўпапад.


На Купалле голыя дзеўкі па жыце бегаюць,

Хлопцы глядзяць на тое здалёк.

Ярыла - славуты наш Бог.

***

Зляталі з вуснаў словы пра каханне,

А сэрца не давала веры.

Казала сэрца: тым словам няма даверу,

Бо хутка станецца растанне.


Вярнулася, як біты той сабака.

"Была дурніцай, толькі ты даруй,

Патухлага ты сэрца не раўнуй…".

Ды толькі будучыня не паўстане аніяка.


Комін дыміць, бо не пачышчаны.

Іду па жыцці расхрыстаны.

Вецер гоніць у твар туман.


Каханне бывае зман.

А як хацелася, каб была міласць!

Ды сталася прыкрасць.

***

Вятры падымаюць пыл,

Вятры ўздымаюць хвалі.

О! Колькі разоў мы сябе ўхвалялі.

Рыбацкі баркас да берага плыў.

Не цеш ты сябе перамогамі,

Дзяўчына заўжды таго хоча,

Яна ў гэты час нешта сакоча.

Свет нарадзіўся знямогамі.


Сыплецца зерне ў глебу,

Умер сваю ты патрэбу,

Стань памяркоўна жыць,


З сябрамі заўжды дружыць,

Найперш жа сабою быць.

І так да спакон веку, тады чалавек ты.

***

Канец дарогі жыцця - смерць.

Дзе б не бадзяўся: у Менску, Парыжы,

Дарога цябе ўратуе ад грыжы.

Душу нельга ў падзямеллі закрыць.


Рым цвярдзіць, што горад спрадвечны.

Аднаго не магу зразумець:

Была калісьці ў вартасці медзь.

Па каляі імчыць цягнік сустрэчны.


Тое жыцця нашага дробязі:

Зімой на драты наліпае снег,

Бяздомнаму вечна патрэбен начлег.


Мары дзяўчыны сцелюцца ўвысі,

Слоў палкіх яе сцеражыся.

На дарозе жыцця ёсць заўжды скрыжаванні.

***

Бывае, што памяць вяртае туды,

Куды ўжо прыйсці немагчыма:

Паромы на рэчцы, на лузе лагчыны,

Калісь у нашых пушчах жылі туры.


Не квапся, што цыцкі яе - Гімалаяў горы.

У Персея штогод зоркапад.

Горкім бывае шакалад.

Што цябе вабіла - хутка патухне, як далёкія зоры.


Пагорак круты. Зімой ты па ім на лыжах з'язджаеш,

Радасць імгнення душой успрымаеш,

І крылы высока ў неба нясуць.


Добрае слова хацеў бы пачуць,

Ды немата мне рот затыкае.

Сэрца ніяк паратунку не мае.

***

Ранак халодны. Іней на траве. Замаразкі душы.

Самота. Не ўспамінай пра вясну.

У памяці каламуць. Можа пад ранак засну.

Кволы агеньчык надзеі, пачакай, не тушы.


Хмары ўсцілаюць неба не раз,

За гэтым паўстане яснасць дня.

На лісцях вішні асела тля.

Дзяўчына перад люстэркам рыхтуе сябе на паказ.


Дурнота заўжды ёсць дурнота,

Бывае душу ахіне самота,

Страчаецца тое не раз.


Прароцтвы ўсявышняга нам не ўказ.

Як ты Бог, то на зямлю спусціся,

А не глядзі з вышыні на нас.

***

Рана ці позна канчаецца зіма.

Рана ці позна прыходзіць вясна.

Рана ці позна здыхае няўлюдак,

Што не кажы пра яго - ён прыблудак.


Сонечны промень цень пакідае.

Духмянамі рознымі пахне трава.

Ад думак дурных баліць галава.

Стары чалавек рана ці позна сканае.


Усё тое чуем ад іншых людзей,

Гэта быццам архіваў музей.

Пялёсткамі белымі сцелецца снег на Каляды.


Летам рупліва аполаны грады,

А як прыемна з каханаю быць давідна.

Толькі б не сталася заўтра вайна.

***

Як хочацца бачыць сонца бляск

І неба сінь, і луга зелень.

Прыемная камусьці цемень,

А мне - абдымкі непаўторных ласк.


Ракеты свідруюць нябёсы

Пад грукат рухавікоў,

А я цішыні хачу зноў

І салідолам мазаць у бацькоўскім возе восі калёсаў.


Мінулага мне не вярнуць ніяк.

Дачыненне да вады мае рыбак,

Брыдучы па затоках.


Рыба жыве ў пратоках.

Чалавек што нажыў - тое мае.

Брынчыць балалайка, гармонік іграе.

БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

Станіслаў Суднік

Колеры і масці ў Лідзе і ў астатняй Беларусі

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Колеры і фарбы

Будаўнічыя фарбы


Будаўнічыя фарбы падзяляюцца на некалькі відаў, уключаючы акрылавыя, латэксныя, сілікатныя, сіліконавыя і алкідныя, якія адрозніваюцца па аснове, уласцівасцях і абласцях ужывання. Яны таксама могуць класіфікавацца па прызначэнні (фасадныя, інтер'ерныя) і ступені бляску (матавыя, глянцавыя).


Па аснове:

Акрылавыя: трывалыя, эластычныя, устойлівыя да вільгаці і ўльтрафіялету, маюць высокую пакрыўную здольнасць.

Водна-дысперсійныя/водаэмульсійныя: сучасныя фарбы на воднай аснове, хутка сохнуць, валодаюць нізкай таксічнасцю і расходам.

Алкідныя: заснаваны на алкідных смолах, валодаюць высокай устойлівасцю да атмасферных уздзеянняў і механічных пашкоджанняў.

Латэксныя: парапранікальныя, вода- і гразеад-піхваючыя, падыходзяць для розных паверхняў, уключаючы шпалеры і тынкоўку.

Сіліконавыя: ідэальныя для тынкоўкі, цэглы і бетону, валодаюць высокай парапранікальнасцю і ўстойлівасцю да вільгаці.

Сілікатныя: вядомыя выдатнай УФ-абаронай, устойлівасцю да вільгаці і агню.


Па прызначэнні:

Фасадныя: устойлівыя да атмасферных уздзеянняў і перападаў тэмператур.

Інтер'ерныя: распрацаваны з улікам патрабаванняў да экалагічнасці і бяспекі для здароўя пры выкарыстанні ўсярэдзіне памяшканняў.

Наборы інтэр'ерных фарбаў фармуюцца ў розных каплектах, і не заўсёды колеры атрымоўваюць назвы, часта вытворцы і карыстальнікі абыходзяцца кодамі ці англійскімі назвамі. Парадокс - мы маем лакафарбавыя заводы, а знайсці на прадукцыі беларускамоўную назву практычна немагчыма. Наборы з рускамоўнымі назвамі сяды-тады трапляюцца. І тут распрацоўшчыкі назваў маюць не абыякую фантазію

Жоўтая серыя 1ХХХ

Зялёна-бэжавы

Бэжавы

Пясочна-жоўты

Сігнальны жоўты

Жоўта-залаты

Мядова-жоўты

Кукурузна-жоўты

Нарцысава-жоўты

Карычнева-бэжавы

Лімонна-жоўты

Жамчужна-белы

Слановая костка

Светлая слановая костка

Жоўтая сера

Шафранава-жоўты

Рапсава-жоўты

Цынкава-жоўты

Шэра-бэжавы

Аліўкава-жоўты

Транспартна-жоўты

Жоўтая охра

Люмінісцэнтны жоўты

Жоўты кары

Дынева-жоўты

Жоўты ракітнік

Вяргінева-жоўты

Попельна-жоўты

Перламутрава-бэжавы

Перламутрава-залаты

Сонечна-жоўты


Памяранцавая серыя 2ХХХ

Жоўта-памяранцавы

Чырвона-памяранцавы

Пунсовы

Попельна-памяранцавы

Памяранцавы

Люмінісцэнтны памяранцавы

Люмінісцэнтны ярка-памяранцавы

Ярка-чырвона-памяранцавы

Транспартны памяранцавы

Сігнальны памяранцавы

Насычаны памяранцавы

Ласосева-памяранцавы

Перламутрава-аранжавы


Чырвоная серыя 3ХХХ

Агніста-чырвоны

Сігнальны чырвоны

Кармінна-чырвоны

Чырвоны лал (рубін)

Пурпурна-чырвоны

Вінна-чырвоны

Чорна-чырвоны

Аксідна-чырвоны

Карычнева-чырвоны

Бэжава-чырвоны

Таматна-чырвоны

Ружовы антык

Светла ружовы

Чырвоны карал

Ружовы

Трускалкава-чырвоны

Транспартны чырвоны

Ласосева-чырвоны

Люмінісцэнтны чырвоны

Люмінісцэнтны ярка-чырвоны

Малінава-чырвоны

Арыент чырвоны

Перламутрава-рубінавы

Перламутрава ружовы


Фіялетавая серыя

Чырвона-бэзавы

Чырвона-фіялетавы

Верасова-фіялетавы

Бардова-фіялетавы

Сіне-бэзавы

Транспартны пурпурны

Пурпурна-фіялетавы

Сігнальны фіялетавы

Попельна-фіялетавы

Чыста пурпурны

Перламутрава-фіялетавы

Перламутрава-ажынавы


Сіняя серыя 5ХХХ

Лілова-сіні

Зелянцава-сіні

Ультрамарынава-сіні

Сапфірава-сіні

Чорна-сіні

Сігнальны сіні

Дыяментава-сіні

Шэра-сіні

Блакітна-сіні

Сіні

Сталёвы сіні

Светлы сіні

Кобальт сіні

Сіняя птушка

Нябесна сіні

Транспартны сіні

Сіне-бірузовы

Сіні капры

Сіні акіян

Сіняя вада

Сіняя ноч

Аддалена-сіні

Папялісты сіні


Зялёная серыя 6ХХХ

Зялёны ліпавы

Аліўкава-зялёны

Зялёны воск

Зялёны смарагд

Сіне-зялёны

Зялёны мох

Шэрая аліва

Бутэлькавы зялёны

Карычнева-зялёны

Зялёная елка

Зялёная трава

Зялёная разяда

Чорна-зялёны

Зялёны тропік

Жоўтая аліва

Чорная аліва

Бірузова-зялёны

Жоўта-зялёны

Травеньская зеляніна

Попельна-зялёны

Зялёны хром

Бледна-зялёны

Цёмная аліва

Транспартная зялёная

Зялёная папараць

Зялёны апал

Бірузовая мята

Светла-зялёны

Зялёная хвоя

Зялёная мята

Сігнальны зялёны

Бірузовы попел


Шэрая серыя 7ХХХ

Шэрая вавёрка

Серабрыста-шэры

Аліўкава-шэры

Шэры мох

Сігнальны шэры

Мышыны шэры

Бэжава-шэры

Ахоўна-шэры

Зелянцава-шэры

Шэры брызент

Шэрае жалеза

Базальтавы шэры

Карычнева-шэры

Шэры шыфер

Шэры антрацыт

Чорна-шэры

Шэры цень

Яркі шэры

Шэры графіт

Шэры граніт

Шэры камень

Сіне-шэры

Шэрая галька

Шэры цэмент

Жоўта-шэры

Светлы шэры

Шэры плацінавы

Шэры пыл

Шэры агат

Шэры кварц

Шэрае акно

Шэры транспартны А

Шэры транспартны В

Шэры шоўк

Аддалена-шэры

Аддалена-шэры 2

Аддалена-шэры 3


Карычневая серыя 8ХХХ

Зелянцава-карычневы

Карычневая охра

Сігнальны карычневы

Карычневая гліна

Медна-карычневы

Карычневы алень

Карычневая аліва

Карычневы арэх

Чырвона-карычневы

Карычневая сэпія

Махагон

Шакаладна-карычневы

Шэра-карычневы

Чорна-карычневы

Памяранцава-карычневы

Бэжава-карычневы

Бледна-карычневы

Зямельна-карычневы


Белы, чорны, металік 9ХХХ

Крэмавы

Шэра-белы

Сігнальны белы

Сігнальны чорны

Рэактыўны чорны

Белы алюміній

Шэры алюміній

Чысты белы

Чорны графітавы

Транспартны белы

Транспартны чорны

Белы папірус


Наступная група - спецыялізаваныя фарбы: напрыклад, тэрмаўстойлівыя, гігіенічныя, антыкаразійныя ці для пэўных матэрыялаў (дрэва, метал, бетон).


Падзяляюцца фарбы яшчэ па ступені бляску:

Матавая: бляск да 10%.

Паўматавая: бляск ад 11% да 29%.

Паўглянцавая: бляск ад 30%3 да 59%.

Бліскучая: бляск ад 60% да 89%.

Глянцавая: бляск ад 95% да 100%.

Колеры будаўнічых фарбаў па дрэве вельмі разнастайныя, ад натуральных адценняў, такіх як карычневы, арэх, дуб, чарэшня і шакалад, да яркіх і сучасных, напрыклад, сіні, зялёны, бірузовы, жоўты, памяранцавы, чырвоны, а таксама металік-адценні (серабрысты, залаты, бронзавы). Існуюць таксама бясколерныя насычэнні і алеі, якія захоўваюць натуральную тэкстуру дрэва, і шырокі спектр пастэльных і насычаных колераў для паліроўкі.

Асноўныя групы колераў:

Натуральныя і драўняныя: карычневыя і бэжавыя адценні: шакаладны, чырвона-карычневы, арэх, дуб, палісандр, фундук.

Камплект з 25 натуральных фарбаў утрымоўвае наступныя колеры: белы, арктыка, сахара, арэх, дуб закураны, шэры, сталь, капучына, махагон, бакаўт, карычневы, брэндзі, цік цёмны, мербаў, бразільскі дуб, грэцкі арэх, венге, сандалавае дрэва, дуб натуральны, шэры кварц, онікс, гарадскі туман, сафары, французскі шэры, цыян.

Іншыя натуральныя: гарбуз, аліва, мох, бардо, чарэшня, махагон.


Яркія і насычаныя:

Сінія і блакітныя: сіні, блакітны, ультрамарын, джынса.

Зялёныя: зялёны, смарагд, папараць, піхта, аліва

Чырвоныя і памяранцавыя: чырвоны, чырвона-карычневы, памяранцавы, карал.

Жоўтыя: жоўты, цытрына, залаты.

Іншыя: фіялетавы, бэзавы, фуксія, ружовы, белы.


Нейтральныя:

Белыя і шэрыя: белы, шэры, дым, асфальт, снег, графіт.

Бясколерныя насычэнні, алеі і лакі: бясколерны, попел.

Металік: серабрысты, бронза, золата, серабрыста-карычневы, серабрыста-зялёны, серабрыста-шэры.


Натуральныя прапіткі захоўваюць тэкстуру дрэва і надаюць ненавязчывую падфарбоўку.

Каталог колераў пакрыцця для падлог уключае значна менш адценняў, чым каталог інтэр'ерных фарбаў.. Найболей часта выкарыстоўваюцца для афарбоўкі драўляных і бетонных падлог 23 адценні. Гэта калекцыя традыцыйных адценняў, якія можна падабраць да колеру сцен ці іншых элементаў будынка.

(Працяг у наступным нумары.)

ЗАПРАШАЕМ НАВЕДАЦЬ/ СУВЕНІРНАЯ КРАМА

Можна набыць разнастайную прадукцыю, якая можа стаць выдатным падарункам з любой нагоды і выпадку.

Вас прыемна здзівіць асартымент і кошт на сувенірную прадукцыю, пералік якой увесь час папаўняецца і абнаўляецца!

Горад Ліда, вул. Савецкая, д. 12, Аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры дзяржаўнай установы "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці".

У Вільні і літоўскіх дварах, успаміны 1815 - 1843 гадоў1

Габрыэля Пузыня

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)


І своечасова, бо пасля другой ночы ўзышло сонца і стала бачна, што наш двор з садам акружаны кавалерыяй і ў двор уехаў маёр з двума афіцэрамі на чале двухсот уланаў з патрабаваннем выдачы яму палкоўніка Пшаздзецкага. Я моцна спала ў пакоі маці, калі ўвайшла Іда і сказала нам пра гэты нечаканы візіт. Яна села каля ложка маці, і калі яе спыталі: "Чаму ты так рана ўстала?", спакойна адказала, што ў нас госці і яны п'юць гарбату ў таты. Насамрэч, маёр паводзіў сабе ветліва, на словы майго бацькі, што графіня Пшаздзецкая была тут, але яе ўжо няма, ён нават не загадаў абшукаць усе пакоі, наведаў толькі піўніцы і частку дома. Тым часам уланы стаялі на сваіх пастах за садам і ў садзе і пільнавалі, каб ніхто не ўцёк. Бо мелася нават падазрэнне, што ў Дабраўлянах хаваецца сам палкоўнік Пшаздзецкі. Раней мірны панскі двор ператварыўся у тэатр вайны. А калі атрад сышоў, кожнаму хацелася расказаць пра свае прыгоды і амаль што кожны, нягледзячы на доказы яго страху, калі прайшла небяспека, хацеў лічыцца героем.

Гэтая гісторыя, ранні пад'ём, узбуджэнне розуму і пераход ад страху да весялосці, паўплывалі на здароўе і без таго нервовай Іды, якая за хвілінную адвагу заплаціла нервовым смехам, а потым ліхаманкай.


Набліжаўся св. Юры з кантрактамі. Мой тата, як заўсёды, прадбачыў патрэбы сваіх крэдытораў і паслаў чалавека з грашыма ў Вільню. З ім паехаў і пан Сабалеўскі, каб даведацца пра навіны, але абодва яны вярнуліся з паўдарогі, бо дарогі былі запоўненыя войскамі і сталі непраходнымі. Ад Варшавы набліжаліся нашы. Пад Вільняй быў ужо Гелгуд і Дамбінскі з кавалерыяй познанскіх добраахвотнікаў, партыі рамеснікаў і студэнтаў амаль што кожную ноч выходзілі з Вільні, каб далучыцца да войска. Раз'юшаны ўсім гэтым Храпавіцкі за любую сімпатыю да паўстанцаў пагражаў гораду знішчэннем. Гарматы з адкрытымі пашчамі былі нацэлены на жыхароў і чакалі загаду ў свежых акопах, выкапаных замест бульвараў, замкавая брама ляжала ў руінах! З Вільні прыходзілі сумныя лісты, аблітыя воцатам з-за халеры і ліхаманкі, якія там панавалі.

Тыя, хто ўцёк з вёскі за муры з надзеяй на бяспеку, зайздросцілі жыхарам вёскі. Мы вельмі добра праводзілі час, мелі свежае паветра, свабоду і ўласны дах. Трымаліся за свае сцены і ігнаравалі ананімныя лісты, якія раілі нам уцякаць у лес. Нашы лясы, рэдкія, як гаі, не маглі даць бяспечнага прытулку. Там за балотамі ледзь можна было схаваць нашых коней, якіх вярнулі ў стайні пры найменшых лепшых навінах. Дрэнныя і добрыя навіны прыходзілі кожны дзень, кожную гадзіну. І жахі не былі пустымі - няшчасныя яўрэі ў Свіры паміралі, як мухі, і калі страшная чума не дайшла да нас, дык толькі з-за асцярожнасці нашага бацькі, які ўстанавіў строгі кардон, нікога не дапускаў з горада, і таму фальварак Набрэжжа, задуманы як шпіталь з поўным камплектам ложкаў, лекаў і нават насілак, стаяў пусты, бо страшная чума любіць рабіць нечаканасці і не прыходзіць туды, дзе яе чакаюць.

Тым часам казацкі палкоўнік Банцэнтал плюндраваў павет за паветам з атрадам арэнбургскай міліцыі, якая складалася з дзікуноў: татараў, кабардзінцаў, каконцаў, манголаў і нават кітайцаў. У Вілейскім павеце ён ужо разбурыў маёнтак Ілля Радзішэўскіх, у нашым павеце абрабаваў Лынтупы Бучынскага, які з хворай жонкай быў у Вільні. Шукаў грошы і зброю і аддзіраў падлогу ў яго доме. У Шамятоўшчыне абмежаваўся адстрэлам ланяў у парку. Загадаў падсмажыць адну з ланяў, а другую пакінуў гаспадару, "калі вернецца з лесу". На трэці дзень Банцэнтал прыехаў у Дабраўляны, бо не меў што рабіць. Таму паслаў свайго ад'ютанта ў Вільню па навіны і загад, і нам трэба было карміць дзвесце дзікуноў. Уладкаваліся ў нашым двары - сам з дзесяццю афіцэрамі заняў паверх для гасцей, а дзікуны разбілі лагер на гумнішчы і штодзень з'ядалі па некалькі валоў. Калі пасля тыдня такога гасцявання надышоў час зрабіць рэвізію спіжарняў і свіранаў, аказалася, што нашай чэлядзі няма што есці, а коні ўпершыню засталіся без аўсу. Гэта было, так бы мовіць, у дадатак да паставак прыпасаў, печыва і бялізны, якія войска пачало забіраць з самай вясны.

Нахіленая скрыня з порахам ці касай стаяла перад ганкам. Яе днём і ноччу ахоўваў вартавы, і куды б не рушыў палкоўнік, за ім ішоў жаўнер з пісталетам на пасе. Штодзень, на заходзе сонца да нас на дзядзінец прыходзіў цэлы полк, каб маліцца пад гукі барабана. І тады можна было разглядаць гэтыя жоўтыя, чорныя, плоскія, бяздумныя твары з маленькімі раскосымі вачамі, у якіх спала душа, але ззялі звярыныя пачуцці, якія стрымліваліся толькі жалезнай дысцыплінай. І нават ад'ютант палкоўніка жаліўся нам: "Чаму палкоўнік не дазваляе нам трошкі павесяліцца?". Гэты палкоўнік па нараджэнні быў французам, яго сапраўднае прозвішча - Сэн-Клер, але па жонцы, купчысе з Масквы ён быў Банцэнталам. Ягоны выгляд і адзене, ажно да нагайкі, былі чыста казацкія, але размова - салонная, чыста французская, кампліменты з XVIII стагоддзя, і ён меў адукацыю. Выглядаў, як расстрыжаны ў часы рэспублікі манах, імкнуўся не толькі здзівіць, але і заінтрыгаваць сваімі ведамі і на лаціне спрачаўся з капеланам. Дасканала ведаў гісторыю рымскіх папаў, і аднойчы, сустрэўшы маю сястру, якая вярталася ад хворых у чорнай сукенцы, фартушку і ў белым капелюшы, прывітаў яе, як дачку святога Вінцэнта. Расказваў дзіўныя гісторыі са свайго жыцця - як яго калісьці павінны былі расстраляць, як неяк закапалі на полі бою, як ледзь не патануў у Волзе, калі плыў з жонкай і дзіцём на руках, і пра іншыя свае авантуры, якія трэба было слухаць і рабіць выгляд, што ў іх верыш.

Побач з гэтым таямнічым казаком стаяў элегантны курляндзец маёр Корф, хуткі, як аса ці як мікалаеўскі жаўнер, у гвардзейскім мундзіры, з чорнымі вусамі пры светла-русых валасах. Далікатныя рысы твару і французская мова рабілі яго вельмі самаўпэўненым, ганарлівым і ўлюбёным у сябе. Ён прыкідваўся сумным і знясіленым ад вандроўнага жыцця з напаўдзікунамі, і ўсё яму было даспадобы, бо як кот дапільноўваў, калі ўпадзе сала (а можа і сам перакусіў шнурок), і заняў месца палкоўніка Банцэнтала, у якога аднялі полк пасля заканчэння кампаніі. А што з ім сталася пазней, не ведаю.


Пасля двух неспадзяваных і непажаданых візітаў, у траўні быў у нас і трэці, на гэты раз, вельмі прыемны і нечаканы, але кароткі, мімалётны яе метэор! Генерал Дамбінскі пасля бітвы пад Паневежам, развітаўся з Гелгудамі і павольна, спакойна, разважліва адступаў з васьмю тысячамі чалавек і меў днёўку ў Нястанішках. Прадставіўся мясцоваму пробашчу Скалішэўскаму, якога трошкі напужала такая вялікая колькасць авечак для войска, але яго супакоілі валы і фуры з Дабраўлян, па якія да майго бацькі ад імя Дамбінскага прыехала некалькі афіцэраў. Прыкаваная да ложка тэмпературай, я не бачыла гэтых гасцей. Аднаму з іх далі каня са стайні, а на другім кані наш фурман Лявон ціха паехаў у лагер, ад мяжы яго назад адаслаў прускі ўрад. З'яўленне нашых электрызавала шляхту. Пан Невядоўскі прывёз некалькі сваіх моцных сыноў і прадставіў іх генералу Дамбінскаму. Ён папрасіў ласкава прыняць іх у свае шэрагі. Але генерал, паказваючы на сваё шматлікае войска, адказаў, што не хоча несці адказнасці за новых жаўнераў, бо не ведае, ці зможа добра пакіраваць тымі, якіх ён ўжо мае.

Палкоўнікава Дэдэркава, дачакаўшыся жаданых гасцей, частавала іх, ледзь не губляючы прытомнасць і пры адсутнасці герояў, задаволілася хворым, якога пакінулі ў плябаніі пад яе апеку. Гэты быў маёр Яжэўскі з Познані. Пані палкоўнікава сядзела каля яго ложка, выклікала доктара Сабалеўскага і фельчара. Стан хворага быў небяспечны, бо ў яго была моцная дыярэя, але правільныя лекі і маладосць пацыента перамаглі. Пад пільным наглядам сваёй апякункі хворы праз некалькі дзён паправіўся, і калі аднойчы кошык з малінамі дабраўся да пана маёра з іншых рук і ён ужо з нецярпеннем падносіў да рота першую ягаду, уварвалася чырвоная ад злосці пані палкоўнікава, выхапіла з яго рук кошык і вялікімі крокамі ўцякла з пакоя. Маёр крычаў ёй услед: "Жорсткая пані!". Але палкоўнікава не дала сябе ўгаварыць.

Маёр часта глядзеўся ў люстэрка і бачыў на сваім твары сумную міну. Ён ужо пачаў прагульвацца па садзе пробашча і, дзякуючы прывілеям, які давала хвароба і вайна, мы, як брата, наведалі яго. Ён прысутнічаў на падвячорках у пробашча, але галоўную страву - агуркі з мёдам, непрымірымы познанец высмейваў. Мае сёстры часта прыязджалі верхам, і пан маёр паказваў ім сваю кабылу Стрэлку. Ён з жалем уздыхаў, што не можа далучыцца да гэтых конных шпацыраў. І покуль так летуценна праводзіў час, з'явіўся жандар, каб забраць маёра ў Вільню. Храпавіцкі даведаўся пра яго не ад каго-небудзь, а ад генерала Дамбінскага, які занепакоены лёсам маёра, пад чэснае слова адпусціў палонных рускіх генералаў у абмен на Яжэўскага, якога не мелі права зняволіць, бо не злавілі на полі боя са зброяй у руках. Аднак жандар Арандарэнка, якога палкоўнікава Дэдэркава называла Арандатарам, а калі-нікалі Ёселем ці Мойшам, застаў пана маёра ў ложку і вярнуўся ў Вільню з пустымі рукамі. Але калі прыехаў другі раз, маёр мусіў ехаць разам з ім. У дарозе жандар так яго палюбіў, што схітраваў і адвёз маёра ў сваю кватэру. Працягвалася гэтак нядоўга, бо заўсёды бесклапотны ў сваіх ахвярах прыгожы пол пачаў занадта клапаціцца пра маладога маёра - яго наведвалі, частавалі, давалі вопратку і г. д. Аднойчы раніцай самым нечаканым чынам маёра вывезлі ў Вятку, адкуль ён два гады пісаў лісты майму бацьку, пробашчу і сваёй дабрадзейцы пані палкоўнікавай. Покуль нарэшце генерал Сумарокаў, адзін са звольненых генералам Дамбінскім, узяўся за гэтую справу і дабіўся вяртання Яжэўскага дахаты. Было гэта ў 1833 годзе.


Вільня была перапоўненая жаўнерамі і вязнямі. Пані Антаніна Снядэцкая сталася для іх маці, прадала ўсю тонкую бялізну і каштоўнасці, якія мела, і на выручаныя грошы закупляла цэлыя экспедыцыі ў глыб Расіі. Іншыя жанчыны, на чале з пані Малевічавай, забяспечвалі турмы ежай, нават пры адсутнасці якіх-небудзь сродкаў яе бескарыслівай апекі над вязнямі хапала на тысячы чалавек, і дагэтуль Снядэцкую памятае генерал Шыманоўскі, яго войска ў Жамойціі атрымлівала ад яе жыўнасць.

Наш дзядзька Канстанцін усё лета правёў у Дынабургскай цвердзі, ён пакутаваў за Рокішкі, якія былі найбуйнейшым маёнткам у Вількамірскім павеце і павінен быў аплаціць свой краёвы падатак (для паўстанцаў - Л. Л.). Дарадца дзядзькі, шляхетны Гарадэцкі, на галаву якога ўпала гэтая віна, мусіў уцякаць за мяжу, і паколькі меў ад майго бацькі даверанасць на 1000 дукатаў, дык даслаў да яго паперы са свайго сховішча ў Дабраўлянах з лістом без подпісу і праз таго самага чалавека атрымаў грошы. Потым Гарадэцкі паспяхова дабраўся да Швейцарыі, пасяліўся там і, паколькі ён прыбыў да нас маючы 24 гады, заўсёды дабраславіў майго бацьку за яго пунктуальнасць і добрасумленнасць, бо даверыўся подпісу майго бацькі, не патрабаваў фармальнага абавязацельства і такім чынам змог атрымаць належнае без ведама ўрада. Клопат пра мужа вырваў маю цёцю з яе паўсядзённага жыцця, яна адна падарожнічала ў Дынабург, і падчас усіх гэтых паездак ў яе не разу не балела галава. Майго дзядзьку вызвалілі да пачатку зімы. Пляменніца дзядзькі, мілая пяцігадовая Эльдзя, сама прасіла за яго ў графа Талстога, яе дзед Пуслоўскі ў тую зіму меў Эльдзю за адзіную гаспадыню прыгожага палаца з люстранымі вокнамі. І яна, зразумеўшы далікатнасць сітуацыі і часу, выканала сваю ролю з тактам і праніклівасцю ўласцівай толькі старэйшым жанчынам. Дзеля жарту прызначаная гаспадыняй падвячорак, якія ладзіліся ў садзе Сапегаў для графа Талстога, яна мела сур'ёзнасць, ветлівасць і тактоўнасць дарослай гаспадыні. Якім жа дзіўным дзіцём была Эльдзя! Падчас шпацыраў з нашай цёткай па Антокалі, яна ўбачыла акопы і заўважыла слёзы ў дарослай: "Шкадуеш аб бульварах?" - спытала малая, гледзячы ёй у вочы. На абедзе ў дзеда Пуслоўскага, які ладзіўся для графа Талстога, усім было цікава, як яна пасадзіць гасцей за стол. Раней заўсёды ішла наперадзе з Храпавіцкім, але на гэты раз, азірнуўшыся, падала адну руку Талстому, другую - Храпавіцкаму, і так пайшла з імі абодвума.

Набліжалася восень, падала лісце, ранкі сталі прахалоднымі, і надзеі пачалі знікаць. Нарэшце, як гром, абрынулася навіна, што Варшава капітулявала!

З гэтай хвіліны мы дарэмна спрабавалі ўсыпіць людзей ілжывымі навінамі. У глыбіні душы былі адчай і расчараванне, мы адчувалі, што ўсё скончылася, што феерверк патух! У кожным павеце і ў мястэчках стаялі рускія войскі, князь Хількоў стаяў у Свянцянах, а абывацеляў выклікалі ў Вільню даваць тлумачэнні - раптоўна стала цёмна, холадна і сумна! Аднак усім дазволілі вярнуцца дахаты, нават тым, хто ваяваў супраць.

Павольна, павольна, па меры таго, як у край вяртаўся парадак, да нас даходзілі навіны пра нашых знаёмых. Бабуля не з'ехала з Варшавы. Скшынецкі некалькі дзён хаваўся ў яе доме. Кузэн маёй маці, Міхал Радзівіл, нядоўга цешыўся пасадай дыктатара. Генерал Пац, паранены пад Астраленкай, дабраўся да Варшавы з куляй у руцэ. Пасля аперацыі, заўсёды поўная сардэчных думак бабуля, апраўленую ў золата кулю з выгравіраванай на ёй датай, як сувенір даслала адзінай дачцэ генерала Людвіцы.

Наш дзядзька Пшаздзецкі дабраўся да Кёнігсберга, а адтуль да Познані, дзе цяжка захварэў. Даглядала яго высакародная княгіня Радзівіл (жонка Антона), аднак ён хутка памёр. Пані Карнелія магла ўжо смела выйсці са свайго сховішча, але Смаргонь была для яе пакінутым раем. Прыгожы пасаг стаў часткай маёмасці мужа, і яна пасялілася ў Вільні, дзе з дазволу ўрада ціха і сціпла, без скаргаў на лёс і без раскошы, жыла на працэнты ў доме адваката Сідаровіча. Партрэт мужа яна павесіла ў сваім салоне і паказвала яго гасцям. Адну і тую ж яе чорную сукенку і капялюш штогод мылі і перараблялі, мела яшчэ карэту і пару коней, пра якіх казала: "Па такую нудную як я ніхто не пашле" (у сэнсе, не запросіць у госці і таму карэта непатрэбна - Л. Л.). Двое слуг і лакей, стары сабака Зефір - такі быў увесь двор графіні, якая мела 7 мільёнаў пасагу і вялікая маёнткі мужа. Пакуль муж быў жывы, дасылала яму грошы, чаго іншыя не рабілі. Вестку пра смерць прыняла мужна і ніколі не здымала пальчатку з рукі, на якой насіла шлюбны пярсцёнак.

Парфірыя Важынскага з Ашмянаў вывезлі ў Сібір. У той час як палкоўнік Радзішэўскі са сваім дзядзькам Пшаздзецкім перайшоў прускую мяжу і застаўся там, ён пакінуў у краі жонку і тры маленькія дачкі. Маёнтак палкоўніка Ілля, як і Смаргонь, стаў здабычай ворага. Мой бацька ведаў палкоўніка Радзішэўскага і заўсёды расказваў нам пра яго досціп, незвычайны розум і пра тое, як гэты добразычлівы чалавек любіў парадак у доме і ўсталёўваў яго без строгасці.

Але самым сумным было пачуць пра Пулавы, дзе васьмідзесяцігадовая княгіня мусіла саступіць маёнтак свайму ўласнаму ўнуку, князю Вюртэмбергскаму. Пакінула пасля сябе столькі ўспамінаў і прыгожыя сляды сваёй працы ў маёнтку, да якога так прызвычаілася. Разам з дачкой, княгіняй Вюртэмбергскай, схавалася ў сваіх маёнтках у Галіцыі і праз некалькі гадоў закончыла там сваё жыццё.

Да зімы ў Вільні Храпавіцкага змяніў князь Даўгарукаў, а цывільным губернатарам быў прызначаны Абрэскаў. Абодва людзі свецкія і пыхлівыя, у галовах іх былі толькі забавы і раскоша. Бедны горад вымушаны быў свае шнары закрыць ружовым пластырам і смяяўся і танцаваў, нібыта на ўласнай магіле! Мудры, але суровы самадзержац добра ведаў, што для таго, каб новае пакаленне не адчувала сіроцтва, трэба поле бітвы і могілкі засеяць кветкамі! На пляцы св. Пятра паставілі рускія арэлі і не трэба было доўга прасіць на балі і на арэлі дам вышэйшага свету. Праўда, шмат якая з гэтых пыхлівых дам у паланезе з панам губернатарам атрымала вызваленне вязня, а панна Зоф'я Мацкевічанка такому паланезу і такой пані абавязана сваім пашпартам, які за мяжой злучыў яе з каханым жаніхом Эдвардам Адынцом128, ён перад самым паўстаннем выехаў разам з Адамам [Міцкевічам] у падарожжа і не мог вярнуцца ў край. Гэта даказвае, што нават пыхлівасць можа для нечага здацца. Але глядзець з адлегласці, з вёскі, на такое бяспамяцтва было сумна і непрыемна! Былі і горшыя факты: некалькі ліцвінак, удоў і паняў у Вільні паддаліся спакусе срэбных эпалет, чорных вусоў і тытула князя, і як толькі сціхлі гарматы, пакляліся ля алтара ў вечным каханні да сваіх ворагаў. Якубак, які ніколі не прыязджаў з пустымі рукамі, на гэты раз прынёс нам песенькі наступнага зместу:


Панна Юлюся паехала

З палкоўнікам у Дынабург,

О, як я хацела

Хоць раз, убачыць Пецярбург!


І мне здаецца, што я чую, як хрыплым голасам, не вымаўляючы "р", ён дэкламуе:


Ужо скончана мая кар'ера,

Не хачу чуць Літвы паразы.

Я іду за сапёра

І з ім еду ў Смаленск.


Былі таксама і пародыі са страфой:


Пайшлі, мадам графіня,

Я дам вам пахмяліцца.


Разам з гэтымі радкамі, якія ўтыкаліся ў вінаватыя сэрцы, як шпількі, меліся і іншыя, больш узнёслыя, як, напрыклад, з нагоды балю рускіх афіцэраў у Паневежы, на якім некалькі паннаў ці паняй танцавалі з гонару ці пад прымусам. Кожная з іх, вяртаючыся дахаты, знаходзіла ў карэце, вершык, які пачынаўся словамі


Танцуйце, полькі! Зараз самы час танчыць,

З героямі Варшавы і Ашмянаў …


Пані Антаніна Снядэцкая чытала гэтыя вершы з дзіўным пачуццём, нейкім трошкі глухім голасам. Былі таксама і ўласныя вершы, з іх адзін да сына, які павінен быў нарадзіцца і якому яна загадзя дала імя Генрык у гонар доблеснага генерала Дамбінскага.

З края з'ехала шмат нашых знаёмых: князь Яўстах Сапега, абодва сыны пані Апалінарыі Плятэр, Юзаф Страшэвіч, Цітыюс Пуслоўскі, Францішак Шамёт, Аляксандр Валадкевіч, Антон Валовіч, Людвік Замбжыцкі, Антон Гарэцкі і г. д., адны з іх, як жаўнеры, другія эмігравалі за мяжу, і ў помсту тым, хто застаўся, вораг забраў маёмасць, у якой жылі іх родныя і старанна вышукваў долі маёмасці эмігрантаў, як напрыклад, у Пуслоўскіх, дзе, нягледзячы на пратэсты бацькі, была вылічана і адабрана пятая частка яго зямлі, даходаў, фабрык, якую павінен быў ўспадкаваць сын. Велізарная маёмасць Сапегаў Дзярэчын цалкам пайшла ў казну, а пятнаццацімільённы доўг гэтай трыццацімільённай маёмасці быў ануляваны. Мой дзядзька страціў дзесяткі тысяч ў Дзярэчыне і Смаргоні, а шмат хто меў на іх увесь свой фундуш. Дынабургскім трактам з Дзярэчына у Пецярбург перавезлі прыгожую аранжарэю, а часова пакінутую ў мястэчку бібліятэку аматары разабралі па кнізе, і зараз у Пецярбургу яна ўжо не тая, якая была насамрэч. Прыгожы парк Зафіёўка ў Умані канфіскаваны ў Патоцкага. Кіраўнік паўстання і камандзір атрада князь Габрыэль Агінскі за ўсю Жмудзь павінен быў адказваць сваёй галавой, якую ацанілі ў шмат тысяч дукатаў. Разам з жонкай, у сялянскім убранні, ён схаваўся ў лесніка, для якога сумленне было больш каштоўным, чым золата, леснік правёў іх да прускай мяжы. Гэта была другая эміграцыя Агінскіх (першая ў 1812 годзе), і яны зноў пачалі жыць з працы сваіх рук, а іх прыгожыя Стравенікі з палацам, дзе так добра жылі, разам са слаўнай на ўсю Літву фабрыкай палатна і батысту, былі пакінуты на волю ўраду, як і ўсе іншыя лепшыя рэзідэнцыі нашага края!

Бедная Вільня страціла свае самыя прыгожыя аздобы - Замкавую браму і бульвары, была пазбаўленая сваёй душы - універсітэта, сваіх скарбаў і гістарычных рэчаў у шматлікіх музеях. Горад назіраў, як забіраюць яго скарбы, анатамічныя і фізічныя і іншыя кабінеты, у якіх некалькі гадоў таму малады прафесар Юрэвіч красамоўна тлумачыў нам экспанаты. Недабіткаў з моладзі вадзіў па пустых пакоях, дзе раней былі кабінеты, сумленны Якутовіч, сам абломак універсітэта, прывязаны да яго ўсёй душой. Ён хацеў выхаваць у новым пакаленні павагу да мінулага і да вялікіх імён, якія Вільня дала ўсёй Літве, да яе велічы і бляску, і выконваў гэту высакародную місію да канца свайго жыцця (†1863). Дзіянісі Якутовіч быў для Вільні тым аскепкам мура, які захаваўся ў руінах, можа і не самым велічным, але частка ранейшага слаўнаму гмаха, і гэта выклікала вялікую павагу.

Здавалася, што па краі прайшоў страшны ўраган які паламаў дамы і вынішчыў цэлыя сем'і. Спачатку ніхто не чакаў такога канца, бо памятаў безумоўную амністыю імператара Аляксандра І пасля 1812 года і не думаў, што Мікалай зробіць па іншаму. Але паўторная віна цягне за сабой большае пакаранне. Мікалай меў жалезную волю і менавіта жалезам, а не губкай, праводзіў ён па нас, каб забіць, а не пачысціць. Тысячы пайшлі ў Сібір, тысячы выехалі за мяжу, але літасць не забаранялася, і кожны, як мог, дагаджаў свайму сэрцу праз наведванне вязніц, пачастункі ссыльным і г. д.

У Менску рабіць гэта было лягчэй, бо губернатар не толькі паблажліва ставіўся і дазваляў, але і сам паказваў прыклад у літасці. Губернатарам быў Строганаў130, пазнейшы куратарар універсітэта ў Маскве. Гэты годны чалавек, сапраўдны хрысціянін, стаў бацькам для жыхароў Менскай губерні, дзе яго і сёння са слязамі ўдзячнасці ўзгадаве другое пакаленне. Мы цэлы год жылі гісторыяй пра яго невычэрпную дабрыню, якая раўняла яго з імператарам Цітам, бо, як і Ціт, ён ніколі не губляў ніводнага дня і кожны з іх аздабляў не адной, а некалькімі добрымі справамі. Ён чэрпаў міласэрнасць са свайго сэрца і прыпісваў гэта загадам імператара, а сваю ўласную дабрыню прыпісваў жонцы, якая, яе ён казаў, залагоджвала і змякчала яго. Маю маці заўсёды краналі гісторыі пра Строганава, і ніякія гісторыі не маглі ёй даставіць большай асалоды. Усе яны былі запісаны, і мы, кожная паасобку, мелі іх. Але гэта было непатрэбна, бо ўсе факты трымалі ў памяці.

Пасля года дабратворнага кіравання Строганаў быў адкліканы ў Пецярбург. Ён праязджаў праз Вільню ў суправаджэнні шматлікіх мінчан. Вільня вітала яго, як свайго начальніка і, што не зрабіла для свайго губернатара, ахвяравала яму баль і абед, на якім граф Строганаў быў ушанаваны, як манарх. На развітанне людзі выказалі сваё захапленне па-свойму. "Тое, што добра, доўга не трымаецца", - сказаў яму па-сялянску (відочна, што па-беларуску - Л. Л.) пан Войцах Пуслоўскі, які не ведаў ні рускай, ні французскай мовы. І калі малады князь Ірэней Агінскі выступіў з узнёслай і некалькі перабольшанай пахвалой, годны Строганаў перапыніў яго і сказаў: "Малады чалавек не павінен здзіўляцца добрым справам, а павінен лічыць іх абавязкам хрысціяніна. Пакіньце гэтае здзіўленне старым, якія ўжо расчараваліся ў людзях".

Вось некалькі фактаў пра гэтага чалавека.

З раніцы да ночы і нават уначы, яго дзверы былі адчынены. Хацеў мець шкляныя дзеверы, каб бачыць усіх, хто прыходзіць, і паколькі вартавыя не маглі пусціць усіх, ён дазволіў тым, хто ўваходзіў, нават выбіць шыбу, каб просьба хутчэй да яго даходзіла. Гэты багаты чалавек не апранаўся ў пурпурныя шаты, не спаў на мяккім ложку, не еў у раскошны. Яго штодзённы абед заўсёды складаўся толькі з трох страў і звычайна на паднос на сярэдзіне стала ён клаў ахвяраванне ў памеры 25 рублёў срэбрам і адразу пасля абеду сам ішоў раздаць іх бедным у шпіталі альбо тым, хто адпраўляўся ў далёкае падарожжа. Аднойчы ён убачыў чатырнаццацігадовага хлопчыка і сямідзесяцігадовага старога. Пачуў ад іх, што яны абодва прыйшлі ажно з-пад Варшавы, аддаў юнака пад апеку старога, шчодра абдарыў і адправіў іх дахаты.

Жонка палкоўніка Радзішэўскага, разлучаная з мужам у выніку вайны, папрасіла ў гэтага хрысціяніна дазволу выслаць мужу пэўную суму грошай за мяжу. "Я не раю гэтага рабіць", - адказаў ён, і праз кароткі час пані Радзішэўская атрымала ад мужа падзяку за дапамогу ў значна большым памеры, чым яна збіралася даслаць.

Пэўны шляхціц меў судовую справу, слушнасць была на яго баку, але не меў грошай, якія патрабаваў чыноўнік-суддзя. Дык вось, гэты шляхціц ідзе да апекуна ўсіх бедных і расказвае яму ўсю гісторыю. Граф Строганаў дае патрэбныя грошы і пазначае грашовыя білеты. Праз некалькі гадзін ён загадвае паклікаць да сябе гэтага чыноўніка і, робячы выгляд, што яму трэба абмяняць грошы, просіць грашовы білет і пазнае свой знак. Лёгка здагадацца, чым закончылася гэта гісторыя для чыноўніка. Тым часам шляхціц неспакойны за зыход сваёй справы, кідаецца ўначы да свайго дабрадзея і будзіць яго. Той устае, вітаецца і пытае, што яго прывяло сюды? Пачуўшы пра трывогу, лагодна адказвае: "Дзякуй Богу, але нічога новага ці дрэннага не зрабілася". І запэўніўшы, што ўсё памятае, развітваецца з супакоеным шляхціцам.

Горад Менск папрасіў у яго дазволу даць баль "для свайго дабрадзея". "Добра, дазваляю, але пры ўмове, што вячэры не будзе і плата за ўваход пойдзе на карысць бедных", - адказаў губернатар. На наступны дзень, калі яму далі спіс будучых удзельнікаў балю і меркаваную суму даходаў, ён заплаціў за свой білет удвая.

Аднойчы паліцыя прывяла да яго студэнта, у якога знайшлі твор Міцкевіча, што было тады дзяржаўным злачынствам. Бедны хлопец стаяў разгублены, дрыжаў і маўчаў. "Дзе ты гэта ўзяў?" - спытаў губернатар строгім тонам. Студэнт маўчаў, і тады Строганаў адказаў сам: "Ну, я ведаю, ты знайшоў кнігу на вуліцы. Таму памятай, што наступным разам не трэба падымаць з зямлі такія рэчы". І кінуў кнігу ў палаючы агонь каміна.

Іншым разам да яго ўварваўся разгарачаны нягоднік і сказаў, што нейкія паны купілі ў яго партрэты Дыбіча131 і Скшынецкага. За польскага генерала заплацілі рубель, а за Дыбіча 20 капеек, парвалі партрэт рускага генерала і сышлі.

- Ці яны цябе пакрыўдзілі? - спытаў губернатар.

- Не, яны нават заплацілі больш, чым я прасіў.

- Ну, не табе вырашаць, што чалавеку рабіць са сваёй ўласнасцю, - сказаў граф Строганаў.

Каб такіх людзей было больш, можа і паўстання не было б.


Быццам, каб суцешыць пасля столькіх балючых расчараванняў, восенню да нас прыехаў любімы дзядзька Адам Храптовіч, стрыечны брат маёй маці па жаночай лініі і амаль што равеснік бабулі, якой з'яўляўся родным пляменнікам, але розніца ва ўзросце паміж сёстрамі была настолькі вялікай, што бабуля Тызенгаўзава, малодшая з Пшаздзецкіх, гадавалася з дзецьмі сваіх сясцёр Радзівілавай і Храптовічавай. З трыццаці гадоў сівы, як голуб, дзядзька Адам, меў тады шэсцьдзесят. У маладосці ажаніўся з Граноўскай, якая яго кінула, каб выйсці замуж, па чарзе: за ардыната Замойскага і за Любамірскага. Памёр дзядзька бяздзетным, жыў самотна ў сваіх прыгожых Шчорсах, якія ляжалі на ўрадлівай Наваградчыне і ў Вішневе, што ў Ашмянскім павеце. Любіў, калі яго наведвалі. Дзядзька Адам быў характэрнай постаццю, меў выразны твар, арліны нос, амаль што жаночы, пяшчотны голас, пры тым меў усе цноты, характэрныя для пана: быў шчодры, міласэрны і чынны. Бацька сваіх сялян і брат шляхце не толькі на словах, але і ў справах. Малюючы партрэт такога шляхціца, я павінна паказаць яго пад яго ж дахам, на ўласнай зямлі сярод сялян, якіх ужо яго бацька Яўхім перавёў на чынш і пасяліў у прыгожых засценках, завёў сярод іх узорную гаспадарку і ашчадную касу, у якой было 50 тысяч рублёў срэбрам, прытым трымаў школу для іх дзяцей, дзе вучылі не толькі пісаць, чытаць і лічыць, але і займацца садоўніцтвам і рамёствамі. Я павінна была паказаць яго сярод эканомаў, чыім апекуном ён быў, у рэзідэнцыі са знакамітай бібліятэкай, карцінамі, аранжарэяй, студняй і стайняй, быдла з якой славілася на некалькі дзясяткаў міль навокал і з якіх ён меў вялікую карысць. Не самалюб ці эгаіст, ён з вялікай ахвотай пазычаў сваім суседзям кнігі, цялят і коней, адначасова меў сродкі для ўтрымання і вучобы столькіх бедных артыстаў і прафесараў, паміж якімі былі і мастак Янушкевіч, Ян Чачот пасля вяртання з выгнання і г. д. Гэта была праца таго, хто жыў сэрцам і не на словах, а па сваіх справах быў чалавекам, хрысціянінам і гаспадаром. І дачакаўшыся такога дарагога госця пад нашым дахам, як я магла адразу не пахваліцца ім перад вамі? Тым больш, што маё знаходжанне ў Шчорсах адбылося ўжо пасля таго, як дзядзька наведаў Дабраўляны, толькі праз дванаццаць гадоў. Дзядзька прыехаў не са сваіх маёнткаў, ён правёў лета ў малодшага брата Ірэнея ў Бешанковічах на Белай Русі і не спяшаўся дахаты, а калі пачаў вырывацца, каб уцячы, дазволіў сябе ўпрасіць і застаўся ў нас даўжэй, падтрымліваючы сувязь з эканомамі маёнткаў праз ганцоў. Магчыма знаходжанне ў брата-замежніка па духу, прымусіла яго адчуць патрэбу асвяжыцца ў мясцовым паветры.

Кожную раніцу ён быў свабодны і заўсёды меў кампанію на другую палову дня, адчуваў сябе як дома і быў рады, што мы не адпусцілі яго і што ён правядзе Каляды са сваёй сям'ёй. Імяніны нашага бацькі былі таксама і імянінамі дзядзькі, таму мы адзначылі іх разам, і трэба было бачыць яго хваляванне, калі пасля вігіліі прыйшоў на ноч у свой пакой, ключ ад якога меў у кішэні і знайшоў там стол, застаўлены падарункамі, якія складаліся з малюнкаў, вырабаў ручной работы і г. д. Схапіўшы іх, як мага хутчэй спусціўся ўніз і, паціскаючы нам рукі, усклікнуў па-свойму: "Чаму вы матылёў панапускалі ў мой пакой, гэта свавольства!". І радаваўся гэтым падарункам, як дзіця, чым нас бязмерна ўсцешыў.

Акрамя суседзяў на гэтае трайное свята прыехалі цёця і дзядзя з Паставаў, але без дзяцей. Вільня таксама дала нам некалькі знаёмых, сярод якіх быў пан Бялінскі з Эмілем Русо. Гэта быў не першы іх візіт, і гэтым разам яны бавіліся ў нас да Трох каралёў. Як тыя дні прайшлі для нас, хай раскажа мая сястра Матыня, ліст якой захаваўся ў зборах нашых кузынак Вайніловічанак:

"Цяжка лепей ці весялей правесці час, чым мы правялі святы Божага Нараджэння. Мяркуйце самі. Цётка Валерыя, у якой часта баліць галава, на змярканні пайшла адпачыць на маім ложку ў нашым пакоі. Маці, якой таксама патрэбны быў адпачынак (а яе ложак, упрыгожаны элегантнай капай, быў недасяжны), лягла на ложак Іды, а я, хадзіла туды-сюды па пакоі і балбатала нешта з "Тысячы начэй". Дзядзька, хвалюючыся за жонку, пакінуў таварыства курыльных люлек наверсе і прыйшоў да нас. Убачыўшы сястру і жонку, нібыта пачаў чытаць надпісы над ложкамі і спытаў: "Што гэта за шпіталь?", потым узяў мяне за талію і пачаў шалёны вальс. Маці крычыць яму ўслед: "Гэта шпіталь вар'ятаў". Пасля адпачынку, на змярканні мы зноў сабраліся ў салоне, гарбата, спевы, заўсёды незвычайна ажыўленыя размовы, усе гэта паскарала і без гэтага крылаты час. Пачаліся заўзятыя танцы, якія доўжыліся некалькі гадзін, да і пасля вячэры. Пан Мастоўскі быў адным з самых заўзятых, але праўду кажучы, ніхто не шкадаваў сіл. Гэта была не мазурка ці вальс, гэта было нештанішто і ўсё разам, адным словам "Дабраўлянка". Дзядзька граў на фартэпіяна, пан Сабалеўскі акампанаваў яму на скрыпцы, іх мянялі па чарзе, каб маглі ўдзельнічаць у танцах. Адным словам - усё да ўсіх.

А вось яшчэ адзін святочны эпізод. Аднойчы ўвечары тата запатрабаваў дзённікі Габрыэлі за пяць гадоў, каб даведацца, чым мы займаліся ў гэтыя дні ў папярэднія гады. Не думаючы пра наступствы, паслухмяная дачка прынесла цэлы пачак сваіх дзённікаў і пачала іх чытаць. Дзядзька падкрадваецца ззаду, хапае самы тоўсты сшытак і ўцякае з ім, а паколькі ён высокі, трымае сшытак над галавой, бо ўпэўнены, што ніхто да яго не дабярэцца… Аднак заўважыўшы, што яго пляменніцы таксама не карлікі, кідае дзённік на канапу. Маці сядае на яго, Габрыэля выхоплівае і бяжыць да дзвярэй, а за ёй усе старыя і малыя. Яна губляе галаву і садзіцца на першую ж сафу, якая ёй трапляецца. Акружаная з усіх бакоў, кідае дзённік мне, і я з ім ляту да дзвярэй матчынага кабінета, але толькі я на парог, усе ўжо тут! Чую голас Бялінскага: "Перамога!". Аднак я не губляю галаву і кідаю сшытак у кабінет, зачыняю дзверы, дастаю ключ, але здагадваюся, што, нягледзячы на самую вялікую ветлівасць, яго могуць у мяне забраць. Таму праз галовы навакольных, кідаю ключ у салон. У імгненне вока - усе падсвечнікі на падлозе, усе паны на чатырох лапах пад більярдам, пад фартэпіяна, пад сталамі, усе шукаюць таямнічы ключ, і скарыстаўшыся гэтым, сёстры збягаюць, каб праз іншыя дзверы дабрацца да кабінета, дзе захоўваюцца ўсе іхнія таямніцы! Яны ўжо ўвайшлі, але ў кабінеце цёмна і перш, чым вяртаюцца па свечку, пан Бялінскі знаходзіць ключ і шчаслівы бяжыць да фатальных дзвярэй! Я вельмі спакойна тлумачу яму, што дарэмна - сёстры ўжо былі там, і дзённіка ў кабінеце даўно ўжо няма і г. д. Але пан Бялінскі таксама флегматычна адказвае, што ніколі не трэба губляць надзею і адчыняе дзверы кабінета ў той момант, калі сёстры ўваходзяць у яго з процілеглага боку са свечкай і асвятляюць сшытак, які ляжыць на падлозе! Пан Бялінскі хватае яго, на гэты раз ужо слушна крычыць: "Перамога!" і бяжыць праз пакоі ў сталовую, а ўсе, як ручай, бягуць за ім. Тата стаіць у дзвярах і не пушчае. Маці даганяе пераможцу, той кідаецца да більярда, дзённік выпадае з яго рук і Бялінскі крычыць: "Валовіч, хапай яго!". Але Сабалеўскі ўжо трымае сшытак у руцэ і кідае Бахматовічу, той - мне, я - Габрыэлі, а яна, бліжэйшая да дзвярэй, уцякае ў свой пакой. Святыня дзеў уратаваная! Бой скончаны. Моладзь ледзь дыхае, а што казаць пра дарослых! Напаўжывы дзядзька Храптовіч кідаецца на канапу, але нягледзячы на задышку, усе задаволена абмяркоўваюць падзею. Сярод гэтага агульнага руху толькі цёця Валерыя не зрушылася з канапы і не разумее, як яе братавая, ужо ў сталым узросце, не толькі дазволіла шалець дочкам, але і сама ў гэтым удзельнічала?! Здавалася, менавіта гэта казалі яе вочы. Шкада, што яна добраахвотна асудзіла сябе на смутак і сур'ёзнасць не па гадах".

Але ўсяму ёсць канец, і нам давялося развітацца з нашымі дарагімі гасцямі. Надышоў і дзень ад'езду нашага дарагога дзядзечкі Храптовіча, якому таксама было шкада развітвацца з намі пасля месячнага гасцявання. Не давяраючы сам сабе, ён цвёрда вырашыў ехаць і на пагрозу, што "паздымаем колы з яго карэты" (што ў тую бясснежную зіму было актуальным), загадаў свайму фурману прынесці ключ ад вазоўні, пра што мой бацька ведаў. І калі ў той момант, як дзядзька, якога мы нарэшце ўгаварылі не ехаць, трыумфальна паказваў нам ключ, дзверы ў перадпакой адчыніліся наўсцяж і на жэрдцы паказалася кола ад коча132, якое неслі два чалавекі. Яны прайшлі праз увесь салон і зніклі ў супрацьлеглых дзвярах. Усе моцна смяяліся. Дзядзька анямеў, перш чым здагадаўся пра нашу хітрасць, і пераможаны нашымі просьбамі, падараваў нам яшчэ адзін дзень. Потым не толькі часта пісаў нам сардэчныя лісты, але і прыслаў прыгожага, сівога каня персідскай пароды, ад якога паходзіла мая лёгкая, як воблака, Норма, якая служыла мне дванаццаць гадоў.

Сярод падзей 1831 года можна згадаць некалькітыднёвае знаходжанне нашага Бахматовіча ў Вільні, тут ён знайшоў збор малюнкаў ваенных сцэн і партрэты правадыроў у касцюмах польскіх вайскоўцаў. Ён цэлымі начамі капіраваў малюнкі, каб прывезці нам альбом - адбітак падманлівай фата-марганы таго, чаго мы больш ніколі не ўбачым! У цукернях ён сустрэў шмат рускіх афіцэраў, якія вярталіся з Варшавы і мармыталі нашы маршы і мазуркі, і калі не маглі ўспомніць мазурку Скшынецкага, папрасілі Рэнера, які заўсёды круціўся каля цукерняў, сыграць ім гэту мелодыю. Рэнер з вытанчана прытворнай мінай запэўніў, што не ведае і не ўмее гэта іграць, але ўсеўшыся за спінет (невялікі хатні клавішны струнны музычны інструмент, від клавесіна - Л. Л.) пачаў імправізаваць і такт за тактам набліжацца да гэтай мазуркі. Заінтрыгаваныя афіцэры хапалі яго за рукі і крычалі: "Вот - Скшынецкий!". Але Рэнер зноў пачынаў граць нешта іншае, а потым зноў неспадзявана вяртаўся да гэтай мазуркі, покуль нарэшце, не сыграў яе цалкам.

1832-1833 гады

Зіма 1832 года не абудзіла тугу па Вільні, дзе па-сібарыцкі мэбляваны і штучна асветлены ўначы палац сатрапа, як матылькоў на полымя, вабіў да сябе лёгкую частку грамадства, якая праз скокі пад гучную музыку забылася пра тужлівы лёс сваіх братоў у стэпах або пра цяжкі хлеб валацуг у Францыі.

Не жадала забыць пра іх высакародная Антаніна Снядэцкая і на зіму засталася ў Шамятоўшчыне, якая ляжала за якую мілю ад Дабраўлянаў праз замёрзлае возера Свір. Толькі гэта суседка прыязджага да нас па некалькі разоў на тыдзень з пачкамі нот і кніжак, каб з намі чытаць і сцішанымі галасамі спяваць розныя песні, ці дапамагаць Матыні рыхтаваць ежу і лекі ад кашлю для мамы, якая пачала ачуньваць ад хваробы. На Вялікдзень, у вялікую суботу, верная свайму ранейшаму абяцанню, з Вільні прыехала генералава Несялоўская. Прыехалі таксама і зімнія госці пан Бялінскі і пан Валовіч, якім пані генералава ў антрактах віста дала мянушку "сенатарскія дзеці".

Цёця Несялоўская не была камфортным госцем, бо мела неспакойны характар. Ніколі не была задаволена ні сабой, ні іншымі і ўсіх раздражняла. Крыніцай гэтага быў не шляхецкі гонар, бо яна часта казала пра сябе: "Je sais que je suis de l'etoffe dont ou fait les grandes dames. mais moi-meme je ne suis qu'un coupou ..." (фр. "Я не маю нічога агульнага с гранд-дамамі, але я маю памяць". - Л.Л.). Але разбэшчаная з дзяцінства цёткай, яна мела халоднае сэрца і была цёплай толькі ў жэстах - калі абдымала рукамі, казала цёплыя словы ці нават дарыла падарункі. Але асновай ўсяго гэтага быў горыч, неахвота, злосць і жаданне здэмаралізаваць кожнага… І ў Дабраўлянах яна сядала ў самым далёкім кутку, з іроніяй хваліла найменш вартае ўвагі, у садзе не жадала бачыць самыя прыгожыя віды і прыкрывала твар, нібы ад ветру, адбівала ахвоту ад фартэпіяна ў пляменніц, забірала моладзь гуляць у карты, нават калі ўжо мела кампаньёнаў для гэтага. За сталом саліла вэнджаную шынку, сыпала цукар ва ўжо салодкі крэм, нюхала на талерцы кавалак мяса, адмаўлялася ад салата з яйкам, а калі ёй падавалі без яйка, прасіла ў суседа з яйкам. Пры свянцоным адразу звяртала ўвагу на вялікую колькасць дзічыны і пірагоў, як галоўная госця сядала каля буфета і, каб засмуціць гаспадыню, прасіла толькі кавалак парасяціны раней за свянцонае. Але мы прызвычаіліся да яе выхадак і ўжо не звярталі на іх увагі, аднолькава дагаджалі ўсім гасцям і не заўважалі яе незадаволены твар.

Нашы ваколіцы ажылі з прыездам на адпачынак двух ваенных суседзяў, палкоўніка Хшаноўскага са Свіры і капітана гвардыі Станіслава Хамінскага з Ольшава. Мы здаўна ведалі капітана, і з кожным годам ён змяняўся. Першы раз з'явіўся ў Дабраўлянах у 1823 годзе ў сваім першым фраку, адразу, як зняў мундзір студэнта. У 1828 годзе гэты пан прыбыў у гвардзейскім мундзіры з пунсовымі абшлагамі. Ехаў ён на турэцкую кампанію, і ўбачыўшы, што будоўля нашай капліцы заканчваецца, зрабіў абяцанне пакінуць у ёй ваенны трафей. І гэтым трафеем стаў кінжал са срэбным арнаментам, які пасля шчаслівага вяртання з паходу, Хамінскі ахвяраваў у Вільні майму бацьку падчас карнавала 1829 года. Гэты мундзір з абшлагамі быў увекавечаны пэндзлем Ваньковіча, аднак пасля 1831 года саступіў месца эпалетам і аксельбантам світы. У такім выглядзе, наведваючы маці ў 1832 годзе, ён аб'ездзіў усё блізкае і далёкае наваколле.

У гэта лета нас зноў наведаў Ігнат Ходзька і калі-нікалі выступаў з вершамі ў класічным стылі ў гонар гаспадыні дома і яе дачок. У 1830 годзе з'явіліся яго натхняльныя і пахвальныя строфы для дачкі, а ў 1832 годзе больш сур'ёзны верш для маці, пасля яе чатырохрадкоўя, прачытанага, каб затрымаць у доме госця, які спяшаўся на сенакос.

Наша літаратура ў той час не падаравала нам нічога новага. Раман "Пан падстоліч" 133, які прадбачыў эпоху рэалізму, "Байкі" братоў Масальскіх, "Падарожжа Ляха-Шырмы па Англіі і Шатландыі" 134, былі апошнімі выбухамі нашай літаратуры, якія ахвотна чыталіся ў 1830 годзе. "Пецярбургскі баламут" 135 (слабае падабенства з "Брукоўкай") сеяў толькі плёткі і пасквілі без солі, а пан Загорскі выдаў свае трыялеты, якія мелі форму першых вершаў Міцкевіча, Адынца, Масальскіх і Кулакоўскага, але пасля гэтых аўтараў, былі пятай вадой на кісялі, ды яшчэ і вельмі нясмачнай. Аднак дзядзька Канстанцін так добра умеў іх чытаць, што мы смяяліся да слёз:


Яўгеся прыгожая і любая

Без жартаў мае стаць манашкай.

Ці ж гэта цнота і гонар,

Яўгеся прыгожыя і любая?


Альбо:

Купідон мяне жудасна турбуе!


І таксама:

Таполя расце над ручаём,

Цячэ ручай пад таполяй…


У вершы "Паляванне" гэтага ж аўтара мы налічылі некалькі тысяч сабак, бо зграі іх выходзяць у поле, зраі лятаюць у паветры, тысячы сабак перамагаюць аленяў і г. д. Няхай хтосьці вінаваціць нас у адсутнасці патрыятызму, але мы аддавалі перавагу кнігам "Le livre de cent et un" 136. Крашэўскі яшчэ толькі падпісваў кантракт з панам Пастэрнакам на выданне "Вялікага свету малога мястэчка", а астатнія спалі.


Жнівень даў нам у госці кс. Клангевіча137, пастыра зусім новага тыпу ў параўнанні з Кундзічам ці Касакоўскім. Кс. Андрэй Клангевіч з 1829 г. кіраваў дыяцэзіяй, а ў 1831 г. быў вывезены ў Пецярбург, дзе адбываў пакаранне ў казематах, вывучыў там рускую мову і абараніўся ад сваіх непрыяцеляў, бо выразна растлумачыў ім сваю справу, пасля чаго атрымаў дазвол вярнуцца ў Вільню. Яго шчыра займала маральная рэформа каталіцкага духавенства, і ён пачаў сваю працу з патаемнага аб'езду сваёй дыяцэзіі. Біскуп маланкава прыязджаў у плябаніі, каб на свае ўласныя вочы ўбачыць праўду, не быць падманутым і не караць нявінных па даносе. Звычайна ён з'яўляўся на раніцы пешшу, пакідаў карэту каля бліжэйшай карчмы або ў вёсцы, заходзіў у касцёл, слухаў ці сам служыў імшу. Аднойчы яму расказалі пра аднаго ксяндза, які адважыўся служыць імшу ў шлафроку. Ён дапільнаваў, калі той здымаў арнат і альбу, і заспеў ксяндза на месцы злачынства. На многіх алтарах не было рэліквіяраў, касцёлы стаялі занядбаныя, а ў плябаніях панавалі раскошы і вяселле. У выніку гэтых візітай шмат пробашчаў пайшло на рэкалекцыі, а новыя ці перавыхаваныя ксяндзы потым кіравалі па надрукаваных правілах.

(Працяг у наступным нумары.)

1 Gabrjela z Guntherоw Puzynina. W Wilnie i w dworach litewskich: pamiаtnik z lat 1815-1843. Wilno, 1928. Пераклад Леаніда Лаўрэша.

129 Адынец і Ходзька былі жанаты на сёстрах Мацкавічанках: Людвіке і Зосе. - Л. Л.

130 Граф Сяргей Строганаў (1794-1882), у 1831 годзе ваенны губернатар Менска.

131 Іван Іванавіч Дзібіч-Забалканскі (1785-1831) - генерал-фельдмаршал расійскай арміі, са снежня 1830 г. рускімі галоўнакамандуючы войскамі ў паўстанні 1830-1831. - Л. Л.

132 Коч - напаўзакрытая карэта-каляска. - Л. Л.

133 Massalski E.T. Pan Podstolic, albo, Czеm jestesmy, czеm byc mozemy: romans administracijny: w 5 czesciach. Wilno, 1831.

134 Lach-Szyrma, Krystyn. Anglia i Szkocya : przypomnienia z podrozy roku 1820-1824 odbytey. Warszawa, 1829.

135 "Balamut" (бел.: Баламут) - гумарыстычны штотыднёвік на польскай мове, які выдаваўся ў Санкт-Пецярбургу ў 1830-1836 гг.

136 У 1831 г. парыжскі выдавец і кнігагандляр Ладвакат (Ladvocat), апынуўся на мяжы банкруцтва. Усе сучасныя літаратары абяцалі яму дапамагчы і далі па два тэксты пра Парыж. Удзел прынялі лепшыя пісьменнікі, у тым ліку і малады Дзюма. Так нарадзілася грандыёзная выдавецкая серыя "Парыж, або кніга ста пра адно", якая выйшла ў пятнаццаці тамах паміж 1831 і 1834 гадамі. - Л. Л.

137 Андрэй Клангевіч (1767-1841), прафесар універсітэта, а потым віленскі і берасцейскі біскуп. - Л. Л.

МІС ПРЫНЁМАННЕ - 2025

У Бярозаўцы Лідскага раёна прайшоў конкурс прыгажосці "Міс Прынёманне 2025"! Гэта быў узрушальны вечар, поўны чароўнасці, элегантнасці і неверагоднай атмасферы свята!

Мерапрыемства прайшло на самым вышэйшым узроўні, прадэманстраваўшы бездакорную арганізацыю, высокі прафесіяналізм удзельнікаў і незабыўнае відовішча. Кожная ўдзельніца выявіла сваю індывідуальнасць, талент і ўпэўненасць, прымусіўшы гледачоў захоплена пляскаць.

Фіналісткі конкурсу:

Другая віцэ-міс - чароўная Нясон Карына.

Першая віцэ-міс - бліскучая Стукачова Аляксандра.

І нарэшце, пераможца, прыгажуня-каралева "МІС ПРЫНЁМАННЕ-2025" - цудоўная Ганевіч Вераніка!

Віншуем усіх дзяўчат з заслужанымі тытуламі і жадаем далейшых поспехаў і яркіх перамог! Дзякуй кожнаму гледачу, удзельніку і гасцям горада за гэты выдатны вечар, поўны эмоцый і натхнення!

ТК "Культура Лідчыны".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX