Папярэдняя старонка: 2025

Наша слова.pdf № 51 (207) 


Дадана: 16-12-2025,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 51 (207), 17 снежня 2025.

Навагоднія макеты турыстычных аб'ектаў Лідчыны

Да Новага года застаецца не шмат дзён. У Лідзе на імправізаванай выставачнай алеі размясціліся шматлікія арганізацыі і ўстановы, каб прадэманстраваць сваю пляцоўку ў арганізаваным конкурсе на лепшую інсталяцыю "Навагодні макет турыстычнага аб'екта Лідчыны".

Сярод турыстычнах аб'ектаў Лідчыны тут прадстаўлены і макет Дома Валянціна Таўлая ад філіяла "Лідскія электрычныя сеткі" РУП "Гроднаэнерга". Галоўным памяшканнем Дома-музея з'яўляецца мемарыяльны пакой паэта. Яго можна пабачыць, нібыта патрапіўшы туды ўвачавідкі. Яркая падсветка дапамагае разгледзець праз акенцы мэблю, якая экспануецца ў мемарыяльным пакоі.

Вядома, лепшы варыянт - гэта самому прыйсці ў Дом Валянціна Таўлая, які знаходзіцца па вуліцы Замкавая, 7.

Урэшце-рэшт былі падведзены вынікі. Члены журы адзначылі макет філіяла "Лідскія электрычныя сеткі" РУП "Гроднаэнерга", які заняў I месца! Гэта значыць, што Дом беларускага паэта ўзнялі на творчы Алімп!!!

Супрацоўнікі Дома Валянціна Таўлая, а таксама кіраўніцтва Лідскага гісторыка-мастацкага музея выказваюць шчырую падзяку супрацоўнікам Лідскіх электрасетак за карпатлівую працу ў прадастаўленні аднаго з турыстычнах аб'ектаў Лідчыны. Спадзяёмся, што плённае супрацоўніцтва будзе прадоўжана для пракладвання турыстычных шляхоў у прынёманскі горад Ліду!

А за гонар адукацыі Лідчыны выступалі: выхаванцы дзіцячага саду № 26 г. Ліды, творчая каманда педагогаў Лідскага РЦТДіМ, СШ №10 г. Ліды, СШ №2 г. Бярозаўкі.

Кожны ўклаў часцінку свайго цяпла і таленту, каб падарыць гораду атмасферу свята і навагодняга настрою.

Алесь Хітрун.

Усё гатова да сустрэчы Новага года!

Філіялы дзяржаўнай установы "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" ўжо прыбраліся ў святочныя ўбранні: мігатлівыя гірлянды, пухнатыя ялінкі, казачныя дэкарацыі - кожная ўстанова сустракае гасцей атмасферай сапраўдных зімовых чараў.

Заходзьце да нас па настрой і цёплыя ўражанні.

Новы год ужо на парозе - давайце сустракаць яго разам!

ТК "Культура Лідчыны".

Навіны Германіі

Адвэнт у Германіі

Чатыры перадркалядныя тыдні ў Германіі завуць Адвэнтам. За месяц да свята прынята ўпрыгожваць хату калядным вянком з яловых галінак з чатырма свечкамі, кожная з якіх адпавядае аднаму з тыдняў перад надыходам Каляд

1-24 снежня - Адвэнт (Advent)

Адвэнт пачынаецца за 4 тыдні да Каляд і завяршаецца на Куццю. Гэты ўтульны і значны для Германіі перыяд часта становіцца першай асацыяцыяй, калі гавораць пра мясцовыя святочныя традыцыі.

Падчас Адвэнту ў цэрквах раніцай служацца набажэнствы ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі - "рараты". Знак гэтай імшы - запаленая свечка, якая асвятляе шлях ідучых у царкву да ўзыходу сонца. Каб свечка не загасла, яе змяшчаюць у адмысловы ліхтарык з празрыстымі акенцамі.

Усе нядзелі Адвэнту прыраўнаваны ў царкве да вялікіх свят. Калі на нядзелю Адвэнту выпадае якое-небудзь іншае свята, яно пераносіцца на панядзелак. Першая нядзеля Адвэнту - пачатак Новага Царкоўнага Года.

Людзі ўпрыгожваюць хаты да Каляд, ставяць ёлкі, купляюць (ці самі майструюць) Adventskerzen - падсвечнік з чатырма свечкамі, кожную з якіх запальваюць на кожную нядзелю Адвэнту па чарзе.

Для Адвэнту ёсць Adventskalender - кардонная хатка з 24 акенцамі, якія адчыняюцца, дзе ў кожным ляжыць маленькі падарунак: цукерак, шакаладка, чайны пакуначак, касметыка, фігурка, цыдулка з пажаданнямі ці нават малітва або вытрымка з Пісання.

Калі раней адвэнт-календары часта майстравалі самастойна, то ў апошнія гады гэтыя календары моцна камерцыялізаваліся. Цяпер усё больш фірмаў робяць уласныя адвэнт-календары (з півам, касметыкай, ласункамі, з чаем, кавай, спецыямі).

Атмасфера заходнееўрапейскіх краін перад Калядамі шмат у чым падобная - маляўнічыя фасады крам і вокны жылых дамоў, ажыўленыя калядныя кірмашы, дзе ўжо сапраўды знойдзецца патрэбны падаруначак, якія нясуць водары глінтвейну, яблычных штрудаляў, смажанага міндалю і імбірнай выпечкі. Германію сярод іх вылучае, мабыць, тое, што верагоднасць убачыць хоць і невялікія, але ўсё-такі гурбы тут значна вышэй.

Чым бліжэй свята, тым больш свечак запальваюць. Зрэшты, свечкамі ўпрыгожваюць не толькі вянкі - яны гараць ва ўсёй хаце, у двары, фігуркі анёлаў і жывёл таксама прынята падсвятляць.

Лічыцца, што самы галоўны калядны кірмаш Германіі праходзіць у Нюрнбергу. На Рынкавым пляцы, размешчаным па суседстве з гарадскім саборам і Ратушай, вырастаюць казачныя церамкі і пернікавыя хаткі. Чаго тут толькі няма! Ёлачныя цацкі і яркая біжутэрыя, прыбраныя лялькі і дзіўныя звяры, бельгійскія карункі і польскі бурштын, шатландскія спадніцы і рускія матрошкі - усё, што можа сысці за калядны падарунак. Музыкі змяняюць адзін аднаго на адмыслова збудаванай пад пышнай ёлкай сцэне, павольна шпацыруюць па бліжніх вулачках, забаўляючы публіку папулярнымі каляднымі хітамі. Гадзінамі можна блукаць па рынкавым пляцы і атачаючых яго сярэднявечных вулачках, атрымліваючы асалоду ад водару ігліцы, падпаленых свечак і разнастайнай ежы.

У Берліне побач з царквой кайзера Вільгельма знаходзіцца ўтульны гарадскі пляц, на якім разгортваецца калядны кірмаш. У велізарных медных чанах там вараць духмяны глінтвейн і разліваюць яго ў чароўныя гліняныя кубкі. Некалькімі глыткамі гэтага чароўнага напою можна сагрэцца нават пасля працяглага шпацыру па марозе (як пазней высвятлілася, сакрэт глінтвейну з пляца кайзера заключаецца ў тым, што ў яго дадаюць трохі рому). З крам на пляцы ва ўсе бакі разносяцца водары мяса на ражне і дзясятка разнавіднасцяў падсмажаных коўбасак - іх укладваюць ў свежыя булачкі і працягваюць пакупнікам. Усюды мільгаюць рознакаляровыя імбірныя пернікі ў выглядзе сэрцаў і розных звяркоў - можна ўпрыгожыць імі ёлку ці паласавацца тут жа на пляцы. Аднекуль з боку каруселяў разліваецца дзіцячы смех, які час ад часу перабівае звон са званіцы царквы кайзера Вільгельма.

Паводле СМІ.

С А Н Е Т Ы

Язэп Палубятка

***

Агнём душы бывае сорам,

Як чалавек са шчырым сэрцам.

Нехта любіць стравы з перцам.

Спявалі песні добрыя мы хорам.


Падчас пажару зоркі ёсць таксама,

Далёкія, таму і свецяць слаба.

Семкі на базары прадавала баба.

Дзіцё малое енкам галасіла: "Мама!"


Бяда на караблі, адкрытыя кінгстоны,

Ужо чуваць параненых матросаў стогны,

А дзень наўкол такі прыгожы.


І я, дзяўчына, нечым гожа.

Пецярнёй жагнаюцца ў царкве,

Жагнаюцца, але не ўсе.

***

Нехта ўзносіцца з зямлі ў неба, нехта падае на зямлю.

Чарвяк усё роўна будзе есці нас.

У спёку прыемна піць халодны квас,

А я яго заўжды люблю.


Неспакой душы калісь аціхне.

Немаўля цацку новую ў ручках зацісне.

Чалавек заўжды сталее.

Вера ў дабрыню ані не стлее.


Рукі ўздымае дзіця ўгару,

Небу і сонцу рада.

Цешыць сэрца карысная парада.


Хочацца нешта сказаць - не магу,

Язык мой адняўся, як на бяду,

Вось таму - ні гу-гу.

***

Месяц пакуль не тавар,

Свеціць чужым святлом,

Цень адкідае нагбом,

Можа з яго калісь будзе навар?


У матэматыцы ёсць мінус і плюс,

Гэтак жа ў чалавека,

Які нешта хоча ад веку.

Бывае ў роце флюс.


Мо яно праўда: ёсць Бог!

Чаму бацьку ад смерці не засцярог?

Ніхто не хоча паміраць маладым.


Розныя думкі прыемны старым,

Ад гэтага ўсмешка на зморшаным твары.

На паліцы ў краме кладуцца тавары.

***

Сустрэне дурань роўнага сабе і лічыць,

што паразумнеў,

Душа яго сягае ўвысь, нябачная нідзе.

Прыліў прастору аддае вадзе.

Спяшаўся нехта, толькі не паспеў.


На небе зорак, як на сабаку блохаў,

Іх процьма - і не палічыць.

Увосень рэчцы ціха стыць.

Падмурак дома склалі з блокаў.


Ты кажаш праўду, а табе не вераць,

А як хлусня, то не правераць.

Сланечнік не бяжыць за сонцам,


І поспех твой не можа быць бясконцым.

Пражытым дням згубіўся лік,

Ты ім, нібы з сякераю мяснік.

***

Шмат хто хацеў на неба сігануць,

Падаў да долу, чарвяк яго еў,

Нават у шыкоўнай труне ён трухнеў.

Нехта хацеў між зямлёю і небам завіснуць.


Жаданні жыцця збываюцца і не збываюцца,

Рулетка жыцця дзіўна круціцца,

Вада ў віры каламуціцца.

Вясною ў спевах птушкі спрачаюцца.


Не дасягальны вышыні нябёсаў,

Стромкія камяні нашых лёсаў,

Ёмкае "эго" і тых, і тых.

Час бывае ўдарыць пад дых -

Мужна знясі той урок,

Быццам яно было незнарок.

***

Спрыянне бывае рознае,

Як розным бывае надвор'е.

У бацькі было ўладкавана падвор'е,

Я не крыўдую, што ён казаў мне штосьці грознае.


Разбіты мой лёс аб рэчаіснасць,

Аскепкі раняць радню.

Толькі суцешыць я іх не магу.

Такая жыццёвая існасць.


Падае дождж ці йдзе снег -

Узняты парасон наспех.

У цябе на душы паганы настрой.


Нават у такім выпадку ідзі наперад, не стой.

Хай ліха баіцца цябе, а не ты яго.

Барацьба - гэта: хто каго.

***

Я сваю трываю адзіноту.

У ложку спім, не ведаем, што ўдвух.

Сузор'еў у небе непаўторны круг.

Не адчуваем між сабой пяшчоту.


Ворыва ляжыць загон,

Жаўрук пяе ў небе вясновым,

Як сумна знаць, што ты адзін, як воін,

І чуць: "Ну не сыходзь!" - твой вокрык наўздагон.


Пані не здзівіць кабрыялетам.

Якім бы ты не быў паэтам:

Слова да слова - створаны радок.


З-пад сукні вабіць дзеўчыны грудок

І вуснаў непаўторны смак…

Але ў жыцці не тое ўсё й не так.

***

Зноў новы бог

Грукае людзям у дзверы,

Не спытаўшы дазволу, пераступае парог,

Патрабуе: "Трымайцеся гэтае веры!"


І святароў паўстала бязмерна.

Люд у галечы, як той жабрак.

Падачкі богу непамерныя

Плоціць народ-прастак.


Свет наш - хімера.

Што з ім не так? -

Модлы богу, а святару апошні праснак.


Зямному хочацца ўзнесціся ў неба,

Гуляць у раі

І есці ўдосталь хлеба.

***

То горы, то мора, то проста раўніна -

Усё рэчаіснасць нашай Зямлі,

На якой мы калісьці жылі.

Бываюць яшчэ на Зямлі пустыні.


Горай за ўсё пустэльня душы.

А недзе расце граб.

Калісьці быў раб.

Як ты чалавек, то хвалебных прамоў не пішы.


Чарвяк па дажджы асфальтам паўзе,

Трушчаць яго кола машыны.

У мяне аб табе ўспаміны.


Патухае аскепак шчасця,

Сонца яго да жыцця не вяртае.

Хто штосьці набыў, тое мае.

***

Гербарый жыцця майго яшчэ не сабраны,

Чыстыя ёсць старонкі.

Хай на шляху маім бераг стромкі,

Я ж не богам абраны.


Не падарожжы вабяць мяне.

Што мне чужыя краіны!

У іх я калісьці загіну.

Гора і шчасце цябе не міне.


Хоць век гаротны, але не сумуй,

А на падставы сяброў проста плюй.

Толькі б шчырым быў пацалунак.


Увязаны моцна жыццёвы пакунак,

Сэрца баліць ад таго,

Што не сустрэну ніколі сябра свайго.

***

Наша жыццё - лабірынт,

У ім толькі выхад адзін -

Смерць - ды розная колькасць жыцця гадзін.

Для каго марафон, а для іншага спрынт.


Нехта пляце байду пра геройства сваё,

Мільгаюць дарогі, слупы.

Не кажы, што разумны, не кажы, што тупы,

Што б ні было - перамогі, паразы - яны твае.


Легкавік нясецца хутка.

На галаве кабеты хустка

Чорная ў жалобны дзень.


Месячнай ноччу размазаны цень.

Шлях мой далёкі, адолела стома.

Радуйся смерці. Ты ўжо дома.

***

Не прыбраны, не чышчаны райскія кушчы,

Дравасекаў там няма,

А сярод зямных прыхільнікаў бога

Дзікая ідзе гульня.


Шмат служакаў у нябеснага бога,

Іх процьма, а шмат хто не ведае імя яго.

Што ім імя Саваофа таго -

Болей яшчэ халуёў у зямнога.


Недарэка ўзабраўся на трон:

"Бог я ў вас да веку, да скону…"

Лугі няскошаны, мычаць галодныя быкі,


Равуць ад скрухі мацяркі,

Што немаўлятак нечым накарміць.

Спрадвечнае пытанне Гамлета: быць ці не быць?

***

Горай пасеваў здратаваных здратаваныя душы.

Калючы дрот перад акопамі,

Перад атакай немая цішыня.

Не плач дзяўчына, што адна.


Еднасць душы і цела -

Гэта карэнні і крона дрэва.

У вераб'іную ноч успалохі маланкі: то справа, то злева.

Прыемная на смак груша, якая паспела.


Пайшоў веснавы дождж цёплы,

Рукі падняты насустрач яму.

Хочаш прызнацца ў каханні - падумай каму.


Дыхае холад увечар з акна,

Процьма думак шугае.

Нехта чагосьці доўга чакае.

***

Я не Геракл, а ты не Іпаліта,

І пояс усемагутны твой мне не патрэбны.

Голас, як срэбра, як матчын фартук зрэбны,

Прыемней бляску аксаміта.


Нябесныя пуцявіны, што зямныя,

У марах ідуць у вышыню

Ці стомлена плятуцца па зямлі.

Не запяюць ніколі нямыя.


Можа ты выпадкова зачаты?

Ах, як прыемны водар мяты!

Палкасцю губ сваіх не мані.


Калісь я цябе за руку вазьму,

Не важна, ці ўвесну, ці ўвосень.

На зямлі дрэў мноства, але ёсць ясень.

***

Звялы букет. Твой погляд маркотны.

Сонца зыркае на дня зыходзе,

Па ім гаданні ідуць у народзе.

Дзяўчына плача. Выгляд самотны.


Шпарка скача верабей па ходніку.

Нехта кажа будзённа: "Вёдра",

Некаму гэта добра.

Мёду жадай бортніку.


Чаго не бывае ў варунках жыцця нашых.

Дожджыку рада зялёная рунь.

Агонь разгарыцца, толькі дунь.


Не гаруй, што стаміўся,

Узняўся настрой, як вадзічкі крынічнай напіўся.

Далягляд наперадзе, ідзі шпарчэй.

***

Як усё ў гісторыі пераблытана:

Радасць перамог і смутак паразы,

Чалавек памірае ад невылечнай заразы.

Дзіця ў калысцы спавіта.

Рэдка бывае зімою гром.

Неспадзявана прыходзіць шчасце,

Нават, калі на двары нянасце.

Не адгадаеш усё нутром.


Ранкам на лузе паслаўся туман,

Госці з'ехалі, у галаве дурман.

Гадзінніка бег несупынны.


Нат, калі вінаваты, выгляд рабі нявінны.

Мамка дзіцятку песеньку бае,

Носік маленькі яго выцірае.

***

Можа супынімся мы ў абразах,

Колькі казаць адно і тое ж!

Восень прыносіць нам моразь,

Хочацца нешта данесці ў сказах.


Толькі ў паэта няма натхнення,

Муза сышла, і бяссонная ноч,

А можа і добра, што сышла яна з воч,

Дзень паўстае, гэта шчасце стварэння.


Пярсцёнак вянчальны - вернасці не зарука,

Бывае каханне паўстане мукай.

Калісь да таго асалода была.


Як сумна, што радасць сустрэчы раптоўна сплыла.

Вецер развее дым папялішча.

Вясною шпак весела свішча.

***

Не намагайся, свет не ахопіш,

Веліч яго не падуладна табе.

Час страціш, надзею ўтопіш

У гэтай пустой барацьбе.


Крылы Ікара табе не падходзяць,

Наканавана хадзіць па зямлі.

Пасеенае зерне хутка ўсходзіць.

Калісь па жыцці мы з табою побач ішлі.


Не бойся, калі мяцеліца слепіць вочы,

Снегам калючым кідае ў твар.

Увесну прыгожа квітнее бульвар.


Не пагаджайся ніколі з паразай,

Думак благіх не трымай,

А калі кажаш: "Бывай", - дык бывай

Краязнаўчая сустрэча "З дзяцінства горад свой любіць"

У філіяле "Лідская гарадская дзіцячая бібліятэка" ў рамках праекта "Мой горад у сэрца маім" прайшла краязнаўчая сустрэча "З дзяцінства горад свой любіць". Удзельнікі аматарскага аб'яднання "Крынічка" ДУА "Дзіцячы сад № 18 г. Ліды" распавялі, чаму яны любяць наш горад, які ён для іх, дзе дзецям падабаецца гуляць, паслухалі вершы, прысвечаныя гораду. Госцем мерапрыемства стаў лідскі паэт Кастусь Якубчык, які распавёў, чаму ён з любоўю і пашанай ставіцца да горада Ліда, якія яго любімыя месцы. Кастусь распавёў пра сябе і сваю сям'ю, дзеці дазналіся, што ён працуе ў лакаматыўным дэпо Ліда, рамантуе цягнікі. На сустрэчах з дзецьмі Кастусь заўсёды нагадвае дзецям пра правілы паводзін на чыгунцы. Паэт распавёў, як пачаў пісаць вершы, хто яго натхняе на творчасць. А самым цікавым для дзяцей было паслухаць і адгадаць цікавыя загадкі пра лічбы і жывёл, пачуць пра "Вучонага ката", "Мурашку-капітана" і іншыя добрыя вершы Кастуся Якубчыка.

ТК "Культура Лідчыны".

Згукі Дня беларускага пісьменства ў Лідзе

Лідскі літаратурны часопіс "Лірнік вясковы"

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

Паэзія ў 1-м нумары прадстаўлена:

"Сялянкай" Уладзіслава Сыракомлі;

вершамі Фларыяна Амброса, Ул. Піваварчыка, J. Сегеня, М. Мікуць (Мікуцёўны), В. Трумпакай, Станіслава Волчака.

Проза ў асноўным належыць пяру Ф. Амброса.

Шмат матэрыялаў без аўтарства, гэта зачыць - рэдакцыйных, і гэта значыць - ізноў рыхтаваў іх Ф. Амброс.

Сярод навін знайходзім інфармацыю пра адкрыццё мемарыяльнай дошкі Людвіку Нарбуту на франтоне касцёла аа. піяраў.


Сярод прозы заўважным з'яўляецца аповесць Фларыяна Амброса "Двайнік". У першым і другім выданні апублікавана частка аповесці такога, можна сказаць, мілосна-дэтэктыўнага жанру. І яшчэ можна сказаць, што напісана аповесць вельмі няблага, шкада толькі, што мы сёння можам апублікаваць толькі частку, бо наступныя нумары "Вясковага лірніка" не выйшлі, дзе можа быць рукапіс - таксама не вядома. Магчыма, што ўжо недзе згінуў, але ж рукапісы не гараць, то, можа дзе і знойдзецца.


ФЛАРЫЯН Н. АМБРОС

ДВАЙНІК

СЕНСАЦЫЙНАЯ АПОВЕСЦЬ

Раздзел І. Двор у Навінках.

Двор у Навінках быў стары і прасторны.

Аднапавярховы палац, які памятаў старыя часы, настолькі пасябраваў з дзікім вінаградам і гліцыніяй, што зеляніна пакрывала ўсе сцены, акрамя вокнаў, праз якія сонечнае святло пранікала ў апусцелыя пакоі.

На тэрасе былі клумбы з разнастайнымі кветкамі, якія ўзмацнялі прыгажосць гэтага ціхага месца і выяўлялі прысутнасць чалавека, а дакладней, апекуна кветак.

Вакол палаца быў разлеглы парк з алеяй пасярэдзіне, абсаджанай італьянскімі таполямі, а ў яе канцы стаяў уласна двор, які складаўся з гумнаў, стайняў і іншых дваровых будынкаў.

Навінкі акружалі дваццаць валок ворнай зямлі, і, дзякуючы працы сумленнага кіраўніка, яны выратавалі маёнтак пана Слівіцкага ад эканамічнай катастрофы падчас цяжкага эканамічнага крызісу. Акрамя таго, лясы маёнтка забяспечвалі ўладальніку стабільны прыбытак.

Сам уладальнік маёнтка адсутнічаў ужо некалькі гадоў. Ніхто не ведаў, дзе ён. Толькі кожны год кіраўнік Навінкаў, пан Юрскі, дасылаў пэўную суму грошай на адрас, указаны Слівіцкім. Адрас мяняўся штогод, што сведчыла аб тым, што пан дзедзіч падарожнічаў.

Працавіты і сумленны стары Юрскі зусім не лічыў гэта марнаваннем грошай. Ён ведаў, што толькі падарожжа далёка ад дома можа сцерці ўспаміны пра яго сумнае мінулае. Зрэшты, яго абавязкам было выконваць загады хлебадаўцы. А тое, што ён шмат працаваў, каб павялічыць даход, было яго асабістай амбіцыяй. Стары Юрскі ўсклаў усе свае надзеі на дзедзічку Навінкаў, прыгожую і чароўную Аліну Слівіцкую, якую ён называў паненкай і любіў, як родную дачку, бо ў яго не было ўласных дзяцей.

Лепшага кіраўніка свайго маёнтка пан Слівіцкі не знайшоў бы нідзе.

Панна Аліна Слівіцкая ў той час жыла ў пансіёне і прыязджала ў Навінкі толькі на лета. Таму кожны год на пачатку чэрвеня Навінкі раптам ажывалі. Па ўсім палацы чуліся галасы Юрскага і пажылой, вечна сварлівай пані Юзэфавай, якая была ахмістрыняй палаца. Пакоі Аліны ачышчалі ад гадавога пылу і парадкавалі клумбы на тэрасе. У парку былі правераны ўсе лаўкі. У сажалку прывезлі лодку, і Войтак, стайнік, старанна даглядаў яе любімага каня.

Сёлета, хоць і пачалася своечасова, падрыхтоўка была небывала паспешлівай. Прычыну ведаў толькі сам Юрскі. Толькі што пан Ян атрымаў ліст ад дзедзіча, у якім пан Слівіцкі паведамляў яму пра сваё вяртанне з-за мяжы і даручаў грунтоўна адрамантаваць увесь палац. Дата вяртання дзедзіча, мабыць, была вельмі блізкая, бо ў той жа дзень Юрскі паехаў у суседняе мястэчка, каб наняць маляроў, муляроў і сталяра. Да вечара сталяр і муляры ўжо былі ў двары, але маляр адсутнічаў, заняты працай, якую не мог спыніць. Тады пан Юрскі рызыкнуў на апошні крок. Ён звярнуўся да сапраўднага мастака, пана Паромскага, які прыехаў на лета да бацькоў.

Гэтая рызыкоўная справа ўдалася дзякуючы таму, што бацька мастака быў сябрам Юрскага і пераканаў сына паслухацца яго ў гэтай тэрміновай просьбе аб дапамозе.

Раздзел II. Паненка.

Задыхаючыся і пыхкаючы віленскі цягнік спыніўся на станцыі. Кандуктар спачатку адчыніў дзверы ў сваё купэ і назваў станцыю, пазначыўшы хвіліны стаяння цягніка.

З купэ другога класа выйшла маладая дзяўчына, стройная, зграбная і незвычайна прыгожая. Яе сустрэў пухленькі, стары, але энергічны пан Юрскі, кіраўнік Навінак. Ён пацалаваў дзяўчыне руку і ўзяў яе плашч і чамадан.

- Дык што, мая тэлеграма прыйшла своечасова? - былі першыя словы дзяўчыны.

- Так, паненка, - адказаў Юрскі, пагладжваючы свае густыя сівыя вусы. - Мы ледзьве паспелі на станцыю.

- А я думала, што мне давядзецца чакаць, і звыш таго хвалявацца, за некалькі дзясяткі хвілін, якія аддзяляюць мяне ад дому. Што там у Навінках? - спытала яна.

Юрскі не адказаў. Ён чуў пытанне, але якраз адчыняў дзверы ў пачакальню. Толькі, калі яны дайшлі да пачакальні цягнікоў, ён адказаў.

- Усё добра, але паненку чакае шмат неспадзяванак, бо мы рамантуем палац.

У гэты момант падышоў фурман і, прывітаўшы дзяўчыну, паказаў на чакаўшую яе брычку.

Неўзабаве ўсе селі, і фурман пагнаў коней. У гэты момант пачуўся голас дзяўчыны.

- Пачакай, Марцін. Мой багаж! Я ледзь не забылася. - Потым яна перадала квітанцыю Юрскаму. - Няхай пан Юрскі і Марцін сходзяць на вакзал, а я сама патрымаю коней.

Праз некалькі хвілін элегантная брычка кацілася па дарозе, і грацыёзныя сіўкі жвава фыркалі, трусячы рыссю.

- Што ў вас новага? Як гаспадарка? - спытала Аліна, жадаючы пачаць размову.

- А, усё добра, паненка, - адказаў пан Ян. - Надвор'е цудоўнае, і ўраджай абяцаецца добры. Працы ў палацы будуць скончаны праз тыдзень, калі маляр паспее, бо гэта...

Аліна здзіўлена паглядзела на яго.

- Пра якую працу і мастака ты кажаш? - спытала яна.

- Мы праводзім грунтоўны рамонт палаца.

- Чаму? Хто гэта загадаў?

- Сам пан дзедзіч. Хіба паненка не ведае, што пан дзедзіч прыедзе дадому?

Цяпер спадар Юрскі здзівіўся.

- Што, тата прыязджае? Дзіўна, бо я нічога пра гэта не ведаю. А можа, тата хоча зрабіць мне неспадзяванку сваім прыездам?

- Вельмі магчыма, - пацвердзіў Юрскі. - Акрамя таго, пан дзедзіч, напэўна, не ведае, што паненка сёлета вернецца з горада раней.

- Гэта таксама праўда. Але ў любым выпадку, я нядаўна атрымала ліст ад бацькі.

Потым яна змоўкла, пагрузіўшыся ў свае думкі.

Тым часам дарога пралягала праз палі, засеяныя жытам. Від захапляў дух. Збожжа было яшчэ зялёнае, толькі самі каласы трохі пашарэлі, бо нівы пачыналі красаваць. Лёгкі вецер нёс пыльцу і, згінаючы каласы, прымушаў іх рухацца хвалямі, быццам па моры, бо палі былі неабсяжныя. З аднаго боку палёў быў сасновы лес, а з другога - вёскі, акружаныя зялёнымі садамі. Тым часам сонца, падняўшыся да паловы неба, кідала снапы залатых прамянёў, якія, разбіваючыся аб хвалі збожжа, пераліваліся вясёлкамі залаціста-смарагдавых адценняў. У бясхмарных зефірах спявалі жаўрукі. Лёгкі ветрык астуджваў сонечныя прамяні, і не было горача.

Аліна, лашчачы блакіт сваіх вачэй чароўнай панарамай палёў, адначасова пагрузілася ў роздум. У яе сэрцы быў смутак.

Яна была адна ў свеце - ёй не было з кім падзяліцца кожнай думкай і кожным жаданнем. Яна не ведала маці, а бацька быў ёй чужы. Праўда, у яе было некалькі сябровак, але ці маглі яны замяніць сям'ю? Аднак Аліна ўмела трымаць свой смутак у сабе, і людзі заўсёды бачылі яе вясёлай.

У гэты момант яна глядзела на хлебныя палі і цешыла свае вочы тысячай колераў. Духмяны водар палёў ап'яняў яе, як наркотык.

Тым часам дарога ўвайшла ў лес. Хлебныя палі рэзка абрываліся, як малюнак на кінастужцы, і прахалода, якая ішла з ценю дрэў, з водарам моху і лясной зеляніны, цвярозіла яе пачырванелы твар, як душ халоднай вады.

Але гэта працягвалася нядоўга - коні бадзёра і весела рыссю ішлі так, што неўзабаве яны зноў апынуліся ў полі. Потым адна за адной ішлі вёскі, акружаныя вянком садоў і духмяных лугоў.

Аліна з захапленнем глядзела на ўсё, не ў стане задаволіць свае згаладалыя ад сонца зялёныя вочы. Пан Ян не пачынаў размову, каб не перапыніць хвалявання паненкі.

Нарэшце, удалечыні паказаліся таполі Навінак, а над імі ўзвышалася стогадовая ліпа. Яны пад'язджалі да двара.

Раздзел ІІІ. Двайнік.

Парыжска-берлінскі экспрэс меў адправіцца праз хвіліну.

Знерваваны добра пажылы пан, апрануты ў шэры плашч і белы капялюш з шырокімі палямі, якія зацянялі яго твар, паспешліва прадзіраўся па перапоўненай платформе ў бок чакаўшага цягніка. Нарэшце ён дабраўся да яго і, сунуўшы сярэбраную манету ў руку задыханаму насільшчыку, схапіў чамадан і ўскочыў у вагон. У гэты самы момант цягнік рушыў з месца.

- Уф! - прастагнаў стары пан, уваходзячы ў купэ. - Яшчэ б хвілінка і спазніўся б, ну іх, гэтыя парыжскія гадзіннікі... - Выціраючы спатнелы лоб хустачкай, ён азірнуўся па купэ.

- Пардон! - сказаў ён, глыбока збянтэжаны, заўважыўшы свайго спадарожніка, які сядзеў насупраць. Уважліва зірнуўшы на яго, ён быў абсалютна здзіўлены. Такое ж здзіўленне адбілася і на твары незнаёмца. Хвіліну яны абодва моўчкі глядзелі адзін на аднаго. Кожны не мог паверыць сваім вачам і быў упэўнены, што памыляецца. Яны былі надзвычай падобныя.

- Двайнік! - прамармытаў мужчына, які стаяў.

- Двайнік! - адгукнуўся мужчына, які сядзеў.

Абодва пырскнулі смехам.

- Арыгінальная сустрэча!

- Якое ўражлівае падабенства.

- Мы падобныя на блізнят...

- Дзіўны выбрык прыроды...

- Казачны жарт.

І яны зноў гучна засмяяліся.

- Дазвольце прадставіцца, - сказаў мужчына, які сядзеў у купэ. - Мяне завуць Ежы Рыльскі.

- Я вельмі рады пазнаёміцца з такім арыгінальным суайчыннікам. Я - Слівіцкі.

Яны паціснулі адзін аднаму рукі.

- Я вяртаюся ў край, - пачаў Слівіцкі, зручна ўладкоўваючыся і закурываючы папяросу. - Я аб'ездзіў усю Італію. Апошнім часам мне так надакучыў Парыж, што я прагну адпачыць на ўлонні айчыны.

- Я вяртаюся з Лондана.

- Я быў там год таму. Сумны горад, як магіла.

Рыльскі ўсміхнуўся.

- Не магу сказаць, што мне падабаецца вашае параўнанне, але ў пэўнай ступені вы маеце рацыю.

- Адкуль вы? - спытаў Слівіцкі, бачачы, што размова нарэшце пачалася.

- З Падолля. Я, дарэчы, адтуль родам. - Нядаўна я працаваў у дыпламатыі. Быў сакратаром у нашым пасольстве ў Лондане. А вы, калі можна спытаць?

- У мяне ёсць фальварак на Віленшчыне.

- Віленшчына. У мяне там сваякі.

- У якой мясцовасці?

- У Ашмянскім павеце.

- На жаль, я не ведаю тых мясцін, - адказаў Слівіцкі. Мае Навінкі знаходзяцца ў Наваградскім ваяводстве.

Размова кіпела. Праз гадзіну яны вычарпалі ўсе тэмы. Дзякуючы іх дзіўнаму падабенству, аказалася, што яны абодва падобныя і па характары. У іх быў аднолькавы погляд на жыццё і аднолькавая схільнасць да размоў.

- Ведаеце што, - сказаў у нейкі момант Рыльскі. - Я мог бы прысягнуць, што ведаю вас некалькі гадоў. Якая сустрэча?

- Сапраўды. Натура часам ведае, як пажартаваць сур'ёзна, - адказаў Слівіцкі.

- Варта ўсё гэта абмыць, - прапанаваў Рыльскі, якога да кілішка цягнула не менш, чым да размовы. У мяне ў чамадане ёсць выдатны французскі каньяк. Бачыце, такая нагода і французскі каньяк. Усё такое памятнае і арыгінальнае.

- Гм, не ведаю? Нядрэнная ідэя, - дадаў пан Стэфан. - У мяне таксама знойдзецца бутэлечка. Ён між волі зірнуў на чамадан. - Вось чалавек, часам таго, гм, адзін...

Яны засмяяліся, разумеючы адзін аднаго без слоў.

За келіхам усё пайшло значна больш ажыўлена і весялей. Праз гадзіну яны былі прыяцелямі, а праз дзве выпілі "брудэршафт" і пасябравалі, давяраючы адзін аднаму ўсе свае сакрэты, упадабанні і густы.

На самай справе, пан Стэфан быў трохі здзіўлены, чаму Рыльскі так шмат распытваў яго пра сям'ю і фінансавае становішча. Але ён не надаў гэтаму асаблівай увагі, прыпісваючы гэта зароджанаму сяброўству.

Кантралёр, увайшоўшы ў купэ, каб агледзець білеты, адкрыў рот ад здзіўлення і ледзь стрымаў сябе, наколькі таго патрабавала годнасць яго становішча ў такі момант.

- Б'юся аб заклад, што яны браты, - прамармытаў ён, выходзячы з купэ. Але чаму ў іх розныя імёны, я не разумею.

Кароткія фармальнасці памежнай праверкі ненадоўга перапынілі іх гарманічны настрой. Прынамсі, яны крыху супакоіліся і перапынілі ўзаемны абмен напоямі, якіх у іх, здавалася б, сціплых чамаданах было больш, чым магло падацца. Аднак, калі яны вярнуліся ў купэ цягніка, то зноў аднавілі перапыненую гулянку.

Раздзел IV. Забойцы.

Калі б хто-небудзь спытаў у Слівіцкага, чаму ён вяртаецца ў край, ён бы не змог адказаць.

Пасля доўгага падарожжа за мяжу ён раптам, па нейкай невядомай прычыне, засумаваў па родным доме і радзіме. Яму абрыдзелі чужое атачэнне, мова і звычаі. Тое, што калісьці надзвычай прыцягвала яго, што захапляла, раптам стала чужым, незразумелым і амаль агідным. Рым, Мілан, Монтэ-Карла, Каны, Парыж, Ніца, нават Туніс і Егіпет цяпер здаваліся нецікавымі, і ён смешна задаваўся пытаннем, які сэнс іх наведваць.

Часам, аднак, ён успамінаў прычыны сваіх падарожжаў і на імгненне мяняў сваё меркаванне. Бо наведванне гэтых гарадоў было выдатным лекам для яго душы, знясіленай болем. Але паколькі час вылечыў гэтую хваробу, ён адчуваў сябе нібы нарадзіўшыся нанова. Адначасова нейкае велізарнае жаданне і бязмежная туга напаўнялі яго сэрца старым шармам міру і спакою. Ён адразу ж сабраўся дадому, баючыся, што настрой можа зведаць нейкую непрадбачаную змену. Пакуль што ён жыў успамінамі пра мінулае, і гэтыя ўспаміны гналі яго дадому.

Ён застаўся ў Берліне на два дні. У яго не было на гэта асаблівых важкіх прычын, але Рыльскі ўгаварыў яго: у яго былі вельмі важныя і тэрміновыя справы. За гэты час ён мог успомніць горад, які бачыў даўно. Пазней ён шчыра пашкадаваў, што паддаўся ўгаворам, бо гэтыя два дні здаліся яму цэлым годам.

У прызначаны дзень ён сустрэў Рыльскага на вакзале ў кампаніі маладога чалавека. Рыльскі прадставіў яго як Генрыка Браўна, сына прамыслоўца з Познані. Той іх ніяк не бянтэжыў, бо быў гаваркім і вясёлым маладым чалавекам, што хутка прыцягнула ўвагу Слівіцкага.

У Збоншыне, пасля апошніх памежных фармальнасцей і працяглага п'янства ў вагоне-рэстаране, усе трое адчувалі стомленасць. Рыльскі прапанаваў адпачыць.

- Нам трэба паспаць, - сказаў ён, утульна ўладкоўваючыся на канапе, - і такім чынам, панове, мы прыедзем у Познань адпачыўшымі і цвярозымі.

- Добрая думка, - сказаў Браўн. - Я таксама вельмі стаміўся, але ўсяроўна закуру яшчэ папяросу.

З гэтымі словамі ён перадаў партсігар і прапанаваў па адной абодвум сваім спадарожнікам. На хвіліну ў купэ запанавала цішыня. Кожны выкурыў па папяросе, заплюшчыў вочы і паспрабаваў заснуць. Слівіцкі заснуў першым. Папяроса моцна на яго паўплывала. Неўзабаве ўстойлівы храп спячага разбудзіў абодвух спадарожнікаў. Ён разбудзіў іх, бо яны толькі прыкідваліся, што спяць. Яны абмяняліся зразумелымі позіркамі і ўсталі на ногі.

- Ён спіць? - сказаў Рыльскі.

- Як забіты. Мая цыгарэта заўсёды працуе эфектыўна і надзейна, - адказаў Браўн.

- Ну, тады нам пара.

- О, так. - З гэтымі словамі Браўн шчыльна завесіў фіранку над дзвярыма купэ і выйшаў у калідор.

Потым Рыльскі падышоў да спячага Слівіцкага.

Хвіліну ён моўчкі глядзеў на яго з усмешкай на вуснах. Нарэшце ён ціха сказаў:

- Давай, стары! Мы абмяняемся ўсім. Але пры ўмове, што ты нічога пра гэта не будзеш ведаць. Акрамя таго, ты не будзеш трымаць на мяне крыўды, бо будучы табой я ніяк не зганблю твайго імені.

З гэтымі словамі ён нахіліўся над спячым чалавекам і апаражніў усе яго кішэні. Зрабіўшы гэта, ён паклаў кашалёк, гадзіннік, партсігар і насоўку ў кішэню Слівіцкага. Тым часам вярнуўся Браўн.

- Нікога няма, - сказаў ён, зачыняючы за сабой дзверы купэ. Увесь вагон спіць. Мы можам пачынаць.

Рыльскі моўчкі кіўнуў. Потым падышоў да акна і адчыніў яго. Халодная хваля паветра напоўніла ўсё купэ. На вуліцы была ноч. Праз хвіліну абодва падышлі да спячага. Яны нахіліліся над ім і ўзялі яго на рукі. Паднялі. Той не варушыўся. Ён спаў як мёртвы.

Яны падышлі да адчыненага акна.

Адно імгненне, потым другое... пакуль абмяклае цела спячага чалавека не абвалілася ўсёй сваёй вагой у чорную бездань ночы.

Цягнік імчаў далей.

Раздзел V. Паромскі сустракае Аліну.

Ранак быў прыгожы і спакойны, таму паветра было напоўнена водарам кветак і палёў. Сонца, што ўжо амаль дасягнула неба, адкідвала залатыя водбліскі, якія сустракалі галоўкі кветак, што блішчэлі кроплямі ранішняй расы.

Паромскі ішоў па вясковай дарозе з апушчанай галавой, сумны і задуменны. Сёння ён не звяртаў увагі на прыгажосць прыроды, якая раскрывалася, і якой быў гарачым прыхільнікам. Яго паэтычная душа была занятая іншым вобразам. Бо чароўнае відзенне ў асобе маладой і прыгожай дзяўчыны ўварвалася ў яе, парушыўшы яе былы спакой і цішыню. Цяпер, ідучы дадому, ён уяўляў сабе ўчарашнюю сустрэчу з ёй, той, якая так яго захапіла. Ён усё выдатна памятаў.

Ён толькі што скончыў рэстаўраваць партрэт і выйшаў у сад, каб на хвілінку адпачыць, далей ад паху фарбы і духоты гасцёўні. Ён павярнуў на першую ж алею, якая трапілася яму на вочы, і раптам вымушаны быў спыніцца, аслеплены і цалкам здзіўлены. Тое, што ён убачыў перад сабой, зачаравала яго сваім раптоўным, казачным шармам, і ў той жа час голас у глыбіні душы загадаў яму спыніцца як укопанаму. Да яго ішла маладая, прыгожая дзяўчына. Стройная і грацыёзная ў белай сукенцы, яна была падобная на німфу. Шырокія палі белага капелюша адкідвалі цень на яе маленькі твар, апраўлены каскадам пышных залатых валасоў. Нябесна-блакітныя вочы ўзіраліся ў яго з-пад зацененых броваў. Гэтыя вочы затрымаліся на ім і на імгненне сустрэліся з яго позіркам. Тады яму здалося, што сонца раптам выбухнула мільёнамі сонцаў, якія запоўнілі ўсю прастору і апранулі ўвесь свет сваёй прысутнасцю. Ён літаральна страціў галаву і, гледзячы з непрыхаваным захапленнем на гэтую цудоўную з'яву, забыўся пра ўвесь свет.

І, мабыць, ён выглядаў забаўна ў гэтым захапленні забыцця, бо з'ява, гледзячы на яго, таксама спынілася і, расцяўшы свае маленькія чырвоныя вусны, гучна і шчыра засмяялася. Гэты смех цалкам заглушыў яго. Ён толькі ўспомніў, што ў апошнім намаганні асцярожнасці пакланіўся дзяўчыне і пайшоў у парк, баючыся азірнуцца.

- Я паводзіў сябе як апошні смаркач, - сказаў ён сам сабе праз гадзіну, калі даведаўся, што гэтая прыгожая панна была Аліна Слівіцкая.

Разважаючы пра гэта, Паромскі не заўважыў, як дарога ўвайшла ў цяністы лес, які злучаўся з паркам Навінак. Прахалода, якая ішла ад лесу, крыху асвяжыла яго. Ён ачысціў галаву ад усіх думак і адчуў, як вярнуўся звычайны спакой, а разам з ім і настрой, якому зайздросцілі яго калегі з Варшавы.

Менш, чым праз некалькі хвілін, ён быў у двары. Працуючы, ён забыўся пра ўсё дастаткова, каб мець магчымасць працаваць. Але гэта працягвалася нядоўга, бо хтосьці парушыў яго спакой.

У суседняй гасцёўні нехта іграў на піяніна. Нехта выклікаў песню, яркую і магутную па сваёй мелодыі, быццам вогненнае пачуццё.

Паромскі неўпрыкмет адкінуў пэндзаль і фарбы. Ён сеў у бліжэйшае крэсла і слухаў, баючыся прапусціць музыку, бо ведаў, што гэта грае Аліна. І зноў яна заняла яго думкі. Гэта працягвалася, пакуль музыка ў суседняй гасцёўні не сціхла.

- Чаму я думаю пра яе? - спытаў ён сябе ў адзін момант. - Наўрад ці мне варта было закахацца ў яе.

Яму здалося, што гэтая думка цалкам супакоіла яго. Ён усміхнуўся і закурыў папяросуу. Пах духмянага дыму забіў усе марныя думкі, якія турбавалі яго сэрца.

- Я зусім не павінен пра яе так думаць, - сказаў ён сабе.

І яму здавалася недарэчным, што ён мусіў пераконваць сябе.

- Такога са мной ніколі раней не здаралася, - падумаў ён, успомніўшы ўсіх дзяўчат і жанчын, якіх ведаў, і ніводная з якіх не рабіла на яго такога ўражання.

- Так, я не буду думаць пра яе, - ціха сказаў ён і закурыў яшчэ адну папяросу.

У той жа момант дзверы адчыніліся, і ў гасцёўню ўвайшла дзяўчына. Убачыўшы яе, Паморскі кінуў папяросу і ўстаў з крэсла. Ён пазнаў яе. Гэта была Аліна.

Раздзел VI. У пастцы Амура.

Панна Аліна ўсміхнулася, бачачы збянтэжанасць хлопца пры яе прыходзе. Гэтая ўсмешка цалкам збянтэжыла яго.

- Добрай раніцы, пану! - прывітала яна яго сваім звонкім і прыемным голасам. - Я вам перашкаджаю? - спытала яна, гледзячы яму ў вочы.

- Зусім не! - адказаў ён, стрымліваючы сваё першае ўражанне. - Я зараз не працую, бо слухаў вашу цудоўную ігру.

- О, маё брэньканне па клавішах вас турбавала. Мне вельмі шкада, я не ведала, што вы яго пачуеце.

- Але як вы можаце так называць прыгожую музыку...

- Вы перабольшваеце, пан. Але я радая, што вам падабаецца, бо я толькі пачынаю вучыцца. Але перш за ўсё я павінна папрасіць прабачэння за сваё ўварванне ў вашу студыю.

- Але, - перапыніў яе Паромскі. - Гэтае ўварванне, як вы кажаце, для мяне незвычайная нечаканасць. Бачыце, я забыўся пра свае абавязкі часовага гаспадара салона з-за гэтага ўражання і нават не прадставіўся. Шчыра прашу прабачэння, пані. Я - Паромскі. Калі ласка, прысядзьце.

Ён падвёў яе да бліжэйшага крэсла.

- Я чула пра вас ад пана Юрскага, - сказала яна, садаючы ў крэсла.

Паромскі ўспомніў учарашнюю сустрэчу. Ён міжволі пачырванеў і сказаў:

- Вы сустрэліся са мной учора ў алеі. Ці памятаеце?

- Так, памятаю, - адказала яна, усміхаючыся сваёй чароўнай усмешкай.

- Што вы тады пра мяне падумалі?

- Што вы былі вельмі здзіўлены.

- Не, вы памыляецеся, бо я быў аслеплены і зачараваны вашай прыгажосцю. Я проста прыняў вас за незямную з'яву, і таму не мог стрымаць свайго хвалявання.

Румянец заліў яе твар. Яна была такая прыгожая ў гэты момант, што Паромскі не мог адвесці ад яе сваіх зачараваных вачэй.

- О, вы перабольшваеце, - адказала яна.

- Ніколі. Я кажу, як мастак.

- Магчыма, вы памыліліся.

- Я не адмаўляю гэтага, але ваша прысутнасць у гэты момант пацвярджае маё меркаванне.

- О, вы ўпарты. Няўжо ўсе мастакі такія, як вы, што любяць спрачацца?

- Не! Я выключэнне.

- Чаму?

- Таму, што ніхто з іх не меў гонару размаўляць з вамі.

Аліна ўважліва паглядзела на яго. Ёй падабаўся гэты хлопец, такі шчыры і вясёлы. Яна таксама прызналася, што ён вельмі прыемны, магчыма, нават прыгожы. У яго былі такія прыгожыя шэрыя вочы і поўныя ружовыя вусны.

Таму яна працягвала фліртаваць, а паколькі рабіла гэта ўпершыню ў жыцці, то "ўпарты маляр" меў перавагу над ёй, але ўсё гэта прыносіла ёй вялікае задавальненне.

Не ўсведамляючы недарэчнасці сваіх учынкаў, яна прабыла тут цэлую гадзіну. Зірнуўшы на гадзіннік, спахапілася.

- Я змарнавала гадзіну вашага часу, - сказала яна, устаючы з крэсла.

- Нічога, - адказаў ён, - мне гэта здалося адным чароўным момантам...

Пераклад Станіслава Судніка.


Гэтыя раздзелы былі апублікаваны ў першых двух выпусках часопіса. Пішам "выпускаў", бо другі выпуск змяшчае ў сабе адразу два нумары: 2-гі і 3-ці, за ліпень і жнівень 1938 года. Відаць, што ў выдаўцоў адразу пасля выхаду першага нумара ўзніклі праблемы, якія - не вядома. Найбольш верагодна, што фінансавыя. Спадзяванні на імгненную папулярнасць і шырокі попыт не спраўдзіліся. Але выдаўцы яшчэ змагаліся. Скінулі цану за нумар з 40 грошаў да 25...

Станіслаў Суднік.

(Змест №№ 2-3 "Вясковага лірніка" будзе разгледжны ў наступным нумары газеты.)

БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

Колеры і масці ў Лідзе і ў астатняй Беларусі

Станіслаў Суднік

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)


Колеры і фарбы


Лакі


Лакі як пакрыцці (фарбы) - растворы смол і палімераў у лятучых растваральніках, якія пры высыханні ўтвораць цвёрдую, бліскучую плёнку.

Ужыванне: для дрэва, металу, пазногцяў, дэкаратыўных работ (мэбля, аўтамабілі).


Універсальныя ці мастацкія лакі


У творчасці лак часта выкарыстоўваецца для абароны дэкараванай паверхні ад пылу, бруду, вады і іншых вонкавых уздзеянняў. Апроч ахоўных, лак таксама валодае мноствам іншых важных функцый:

у маляванні і жывапісе - паляпшае бляск і глыбіню адценняў на карцінах, падкрэслівае дробныя дэталі працы;

у дэкаратыўным мастацтве - стварае глянцавае ці матавае пакрыццё на прадметах дэкору, такіх як статуэткі, вазы, цацкі з пап'е-машэ і іншыя вырабы;

у дэкупажы - выкарыстоўваецца ў розных тэхніках перанясення малюнкаў, напрыклад, у тэхніках ужыўлення ці лакавай раздрукоўкі;

у скульптуры - можа выкарыстоўвацца ў якасці грунту перад афарбоўкай статуяў з гіпсу;

у кракелюры - у залежнасці ад віду лак дапамагае штучна ствараць расколіны на паверхнях вырабаў.


Асаблівасці ўніверсальнага акрылавага лаку


Для вырабаў і прадметаў дэкору:

Універсальны акрылавы лак прызначаны для фінішнага пакрыцця разнастайных вырабаў. Ідэальна падыходзіць для абароны малюнкаў, выкананых акрылавымі фарбамі, на паверхнях дэкаратыўных прадметаў, цацак, вырабаў, частак мэблі.

Ужываецца на такіх паверхнях, як кардон, дрэва, метал, пластык, шкло, а таксама абараняе вырабы са скуры, гліны, гіпсу, эпаксіднай смалы, алмазнай мазаікі.

Лакам можна пакрываць гліняныя вырабы без наступнага абпальвання.

Падыходзіць для нанясення на вырабы са скуры на роўных абласцях: кашалькі, сумкі, курткі, красоўкі. Не рэкамендуецца выкарыстоўваць лак у месцах пастаянных згінаў і замяццяў, а таксама на падэшве.


Без падліпання:

Не пакідае ліпкага эфекту пасля высыхання, паколькі валодае меней густым складам.

Можа выкарыстоўвацца для пакрыцця карцін, напісаных акрылам. Аднак у параўнанні з мастацкім лакам будзе надаваць працы меней маляўнічы эфект, паколькі ён валодае меншым глянцам і не раскрывае ўсю глыбіню адценняў.


Камфортнае нанясенне і эканамічнасць:

Універсальны акрылавы лак валодае вадкай кансістэнцыяй і высокай эластычнасцю. Ён выдатна паўтарае форму выраба, лёгка разносіцца па складаным рэльефе, утварае роўны тонкі глянцавы слой без пралысін.

Наносіцца мяккім сінтэтычным пэндзлем і не патрабуе развядзення вадой.

Слоічка 20 мл хапае для пакрыцця ў адзін слой 4 сярэдніх карцін.


Уласцівасці мастацкага акрылавага лаку


Ідэальны для карцін:

Мастацкі акрылавы лак прызначаны для пакрыцця карцін і розных дэкаратыўных вырабаў, напісаных акрылавымі фарбамі.

Мастацкі глянцавы лак узмацняе яркасць тонаў і захоўвае эфект свеженанесенных фарбаў на карцінах, дазваляе палепшыць глыбіню адценняў і падкрэсліць дробныя дэталі працы.

Лепш за ўсё падыходзіць для выкарыстання ў працах, выкананых акрылавымі фарбамі.

Прымяняецца ў декупажы:

Пасля высыхання пакідае эфект невялікага падліпання, якое ўтвораецца за кошт вязкацякучай кансістэнцыі складу. Гэта не крытычна, калі выраб не плануецца часта выкарыстоўваць у побыце ці судакранацца з ім.

Дзякуючы гэтай асаблівасці мастацкі лак выдатна падыходзіць для ўжывання ў дэкупажы. Можа таксама выкарыстоўвацца ў тэхніцы ўжыўлення раздруковак.

Ухіліць характэрнае падліпанне можна, пакрыўшы высыхлы фінішны пласт універсальным акрылавым лакам.


Суперглянцавае пакрыццё:

У параўнанні з універсальным, мастацкі лак стварае на паверхні шчыльны глянцавы пласт, утворае трывалае, празрыстае пакрыццё і надае вырабу насычаны бляск на фінішы.

Наносіцца з дапамогай сінтэтычнага пэндзля ці валіка. Колькасць слаёў вар'іруецца ў залежнасці ад віду падкладкі і жаданага выніку. Пры неабходнасці дапускаецца развядзенне лаку вадой.


Розная ступень глянцавасці:

Лінейка мастацкіх лакаў складаецца з трох разнавіднасцяў, якія адрозніваюцца па ступені глянцавасці: глянцавы, паўматавы і матавы.


Матавы мастацкі лак:

Матавы мастацкі лак падобны па складзе да глянцавага. Адзінае іх адрозненне: у матавым лаку прысутнічае адмысловы дадатак, якая пасля высыхання надае паверхні матавасць і аксаміцістасць.

Перад выкарыстаннем матавы мастацкі лак неабходна старанна перамяшаць!


Цудоўны матавы фініш і не толькі:

Як і глянцавы, матавы лак прызначаны для пакрыцця маляўнічых і дэкупажных работ і здольны абараніць вырабы ад уздзеяння навакольнага асяроддзя.

Матавы мастацкі лак змякчае яркасць таноў фарбаў і надае маляўнічаму слою цудоўны матавы фініш і аксаміцістасць, утвораючы трывалае аднастайнае пакрыццё.

Лак можна змешваць з іншымі акрылавымі складамі на воднай аснове, аднак пры змешванні з глянцавымі фарбамі лак губляе сваю матавасць.

Паўматавы лак валодае тымі ж уласцівасцямі і функцыямі, што і матавы лак. Аднак ён утрымоўвае менш кампаненту, за кошт чаго на паверхні выраба пасля высыхання прысутнічае лёгкая глянцавасць.


Празрысты слой пасля высыхання:

У вадкім стане лакі маюць малочнае адценне. Аднак пасля высыхання лакавага слоя пакрыццё становіцца цалкам празрыстым.

Наносіць лакі варта ў некалькі тонкіх слаёў з прамежкавай прасушкай. Кожны слой лепш наносіць у крыжаваным кірунку да папярэдняга.

Лакі не змяняюць адценне покрыванай паверхні і не пакідаюць жаўцізны. Падыходзяць для любых воданерастварымых фарбаў (у тым ліку, акрылавых).


Абарона ад вільгаці і вонкавых уздзеянняў:

Мастацкія і ўніверсальны лакі ствараюць на паверхні водатрывалы фінішны пласт. Вырабы, пакрытыя гэтымі лакамі, можна праціраць вільготнай анучкай і спалоскваць.

Пры выбары таксама варта ўлічваць, што лакі не абараняюць вырабы ад моцных механічных уздзеянняў (драпін, удараў).


Лак для дрэва


Лакавае пакрыццё абараняе дрэва ад разбурэння, гніенні, механічных пашкоджанняў. Асабліва важна падабраць трывалы і ўстойлівы лак для мяккіх парод дрэва. Акрамя віду драўніны, крытэрам для выбару складу служыць прызначэнне драўляных канструкцый: для падлогі, для мэблі ці вонкавага аздаблення фасада патрэбныя будуць розныя ЛКМ са спецыфічнымі ўласцівасцямі.


Лакі для пакрыцця падлогі

Драўляныя падлогі не выходзяць з моды - яны заўсёды робяць уражанне рэспектабельнасці і ствараюць ў хаце выгоду. Новую папулярнасць дрэву прынёс трэндавы ў апошнія гады скандынаўскі стыль і тэрмін "хюге", які пазначае задавальненне ад хатняга цяпла і выгоды на кантрасце з суровым надвор'ем знадворку.

Драўніна - універсальны матэрыял з багатымі магчымасцямі. Выкарыстанне асаблівасцяў кожнай пароды: не толькі колеру, але і структуры, трываласці дазваляе стварыць з дрэва цікавыя рэчы для інтэр'еру і аздаблення хаты. У залежнасці ад характару выкарыстання ў будучыні лак для дрэва віды і вобласці ўжывання могуць моцна вар'іраваць. Лагічна, што да лаку для падлогі, для сцен і для столі высоўваюцца зусім розныя патрабаванні. Характарыстыкі залежаць ад складу ЛКМ.

Крытэры выбару ЛКМ для падлогі

На сённяшні дзень разнастайнасць лакаў і іншых ахоўных пакрыццяў для драўляных паверхняў сапраўды вялікая. Як не разгубіцца ў свеце ЛКМ і абраць той, які падыдзе да выпадку і будзе выконваць усе неабходныя функцыі? Асноўныя параметры, па якіх адрозніваюць лакі для дрэва наступныя: склад, пераважныя кампаненты; ступень устойлівасці, трываласць на знос; час на высыханне; глянцавай ці матавай будзе паверхня пасля высыхання. Задаючыся пытаннем: як абраць лак для дрэва, трэба ў першую чаргу высвятліць, для чаго будзе выкарыстоўвацца выраб у будучыні, якія нагрузкі яму трэба будзе вытрымліваць. Ці будзе драўляная канструкцыя падвяргацца атмасфернаму ўздзеянню, у якой тэмпературы і вільготнасці ёй трэба будзе знаходзіцца, ці будзе яна выкарыстоўвацца ў побытавым, дапаможным ці прамысловым памяшканні.

Ёсць дзве вялікія катэгорыі ЛКМ:

Лакі для вонкавых работ, якімі пакрываюць фасады, тэрасы, альтанкі, дэкаратыўныя бэлькі, драўляныя платы, садовую мэблю.

Лакі для ўнутраных работ патрэбныя, калі трэба будзе лакаваць паркет, драўлянае аздабленне сцен і столі, мэбля, інтэр'ерны дэкор. Калі гаворка ідзе пра падлогі, гэта значыць прынцыповая розніца ў функцыянальным прызначэнні памяшкання, дзе ўласна знаходзіцца падлога.


Віды лакаў

У залежнасці ад функцыянальнага прызначэння ЛКМ адрозніваецца іх хімічны склад. Вядучыя кампаненты вызначаюць спецыфічныя ўласцівасці лаку.

Лакі на воднай аснове

У складзе водных лакаў прысутнічаюць такія кампаненты, як акрылавыя палімеры, функцыянальныя напаўняльнікі, растваральнік (не больш за 5-15%, інакш лак сшывае ўласцівасці), эмульгатары. Лак вадараспушчальны для дрэва ўжываюць для афарбоўвання хатняй мэблі і паркетных падлог. Перад тым, як пакрываць такім складам мяккія пароды драўніны, напрыклад, хвою, неабходна папярэдне прагрунтаваць паверхню. Гэта прыдасць паверхні неабходную трываласць. Цвёрдае дрэва можна пакрываць водным лакам без грунту. Лакі на воднай аснове не прызначаны для вялікіх нагрузак, бо даволі лёгка сціраюцца пры сталай эксплуатацыі. Побытавую нагрузку яны здольныя вытрымаць, так што для загараднай хаты ці кватэры цалкам падыдуць. Выкарыстоўваць водныя лакі ў хатніх умовах выгадна, таму што яны высыхаюць хутчэй іншых (за 1-2 гадзіны), не пахнуць і не таксічныя. Так што для афарбоўвання падлогі ў дзіцячай ці мэблі пажадана ўжываць менавіта вадараспушчальныя ЛКМ. Для павелічэння зносаўстойлівасці такіх лакаў існуюць адмысловыя дадаткі - прысадкі.


Поліўрэтанавыя лакі

Поліўрэтанавыя лакі бываюць аднакампанентнымі - з урэтанам у аснове складу, і двухкампанентнымі - алкідна-ўрэтанавымі ці акрылатна-ўрэтанавымі. У склад уваходзяць таксама неабходныя прысадкі і растваральнікі. Гэта самы папулярны від ЛКМ, бо ён універсальны ў выкарыстанні, больш трывалы за вадараспушчальны і валодае добрымі адгезійнымі ўласцівасцямі. Ужываецца ў побытавым афарбоўванні, калі неабходна высокая трываласць, зносаўстойлівасць і працяглы тэрмін службы. Паверхня, пакрытая поліўрэтанавым лакам, захоўвае свае ўласцівасці да 30 гадоў, у той час як максімальны час, які пратрымаецца водны лак - 3-5 гадоў. Аднак, поліўрэтанавыя склады не настолькі бяспечныя, як водараспушчальныя - яны ўтрымоўваюць таксічныя арганічныя кампаненты. Гэта значыць, што пры працы з матэрыялам абавязкова трэба выкарыстоўваць сродкі індывідуальнай абароны і арганізаваць інтэнсіўную вентыляцыю ў памяшканні. У сухім пакоі поліўрэтанавы лак цалкам высыхае на дрэве за 1 суткі. Непрасушаны матэрыял дрэнна рэагуе на ваду.


Алейныя лакі

Натуральны лак для дрэва ўтрымоўвае арганічныя (раслінныя) алеі, смолы прыроднага і сінтэтычнага паходжання. Гэта дазваляе яму глыбока пранікаць у драўняныя валокны і забяспечвае высокую трываласць пакрыцця. Лак на алейнай аснове ўніверсальны - яго можна ўжываць як усярэдзіне памяшкання, так і знадворку. Дзякуючы высокай зносаўстойлівасці склад добры для афарбоўвання падлог на адкрытых верандах і ў альтанках. Яго галоўная перавага ў тым, што паверхня не толькі выглядае эстэтычна і ўстойлівая да гніення, але таксама становіцца больш трывалай і не так лёгка пашкоджваецца ад механічнага ўздзеяння. Гэта значыць верагоднасць пакінуць выпадковую драпіну ад мэблі значна менш, калі паркет пакрыты алейным ЛКМ, чым з вадараспушчальным ці поліўрэтанавым лакам. Істотны плюс алейнага складу яго ўстойлівасць да вады і высокай вільготнасці. Таму для вонкавых работ часцей за ўсё выбіраюць менавіта такія лакі: яны абараняюць дрэва ад вады, не трэскаюцца з часам, не адслойваюцца. Слабое месца алейнага лаку - гэты працяглы час высыхання - да 2 сутак. Каб захаваць уласцівасці пакрыцця яго неабходна абнаўляць раз у 2-3 гады. У разнастайнасці сучасных лакаў прысутнічаюць склады з адценкавымі пігментамі, якія надаюць дрэву жаданы колер ці робяць прыродны тон больш выразным і глыбокім. Каб надаць дадатковы колер драўлянай паверхні, можна выкарыстоўваць лак для дрэва з марылкай.

Лакі для пазногцяў

Лакі для пазногцяў адказваюць за прыгажосць і маюць самую шырокую гаму і тыпаж. Колеры якія найбольш эфектныя:

цёплы каралавы. Той беспамылковы тон, які ўвасабляе маладосць і адцягвае ад любых прыкмет старэння скуры. ...

класічны памяранцавы ...

палымяны чырвоны ...

пастэльны блакітны, зялёны ...

бэжавы з шымерам ...

Шырока прымяняюцца гель-лакі вядомых і запатрабаваных у нейл-індустрыі брэндаў ( Klio Professional, ОПЦЫЯ,FlyMary,PinkHouse,Nail Pussion,Kalipso, Velvet, Vouge,Луі Піліп, Kukla, Envy).

Колеры лакаў для пазногцяў пазначаюцца ў асноўным кодамі, а калі даюцца назвы то адпаведныя прызначэнню, каб надаць рамантыкі: "Французская", "Далікатны ядваб", "Рамантычны Парыж", "Зорны Лос-Анджалес", "Жаданы Манхетан", "Загадкавая Венецыя", "Дзёрзкі Нью-Ёрк", "Таямнічы Лондан", "Вечны Рым", "Сонечна...".

Трэба адзначыць, што не ўсе гель-лакі бяскрыўдныя. Нядаўна Літва забараніла адну лінейку. Але гэта нічога не зменіць. Дзеля прыгажосці гатовая ісці не на такія ахвяры.

У Вільні і літоўскіх дварах, успаміны 1815 - 1843 гадоў 1

Габрыэля Пузыня

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)


Былі вызначаны, надрукаваны і прыбіты да дзвярэй кожнага касцёла цэны шлюбаў, пахаванняў і г. д., гэтак стрымліваліся злоўжыванні. Здавалася, што ў дзікі сад прыйшоў садоўнік з сякерай і рыдлёўкай, за кароткі час ачысціў яго ад пустазелля і заклаў новыя аранжарэі. Да нас біскуп прыехаў, каб агледзець парафію і выканаць сакрамант бежмавання. Разам з ім не было ніякага памочніка, а толькі канонік Станевіч і камердынер. Каб не павялічваць выдаткі парафій, яны спыняліся ў маёнтках. Ксёндз-біскуп Клангевіч быў у росквіце сіл, меў сівую і разумную галаву, і ў яго сэрцы жыла апостальская руплівасць. На пачатку яго манеры здаваліся трохі грубымі і рэзкімі, але быў справядлівы, а ў вёсцы, з добрымі знаёмымі, нават вясёлы, жартаўлівы і лёгкі. Вельмі любіў прагулкі, і мы двойчы ў дзень вазілі яго ў розныя месцы, цікавіла яго і гаспадарка. Дзень пачынаў са Святой імшы. Матыню, якая займалася яго касцельным убраннем, называў сакрыстыянкай, а праз нейкі час і дыяканэсай. Кожны год дасылаў ёй, як якому пробашчу, касцельныя цыркуляры і адорваў ці прыгожым бурштынавым ружанцам, ці рэліквіярам, ці чым іншым. Яна ўсю зіму прысвяціла навучанню неафітак рэлігіі і мела ад яго вялікую ласку. У дзень Марыі снежнай 138 нашу капліцу ўпрыгожылі кветкамі, і біскуп, апрануты ў аксамітна-зялёны арнат з кветкавым крыжам, які сам у той дзень і высвяціў, таксам асвяціў і прыгожы келіх з галовамі херувімаў і выкарыстаў упершыню яго. Гэта былі дары імянінніцы бабулі Тызенгаўз, якія яна год за годам дасылала з Варшавы, гэта і было напісана на дне келіха. Арнат, выраблены на ліёнскай фабрыцы і пашыты французскім кроем, прывёз варшаўскі біскуп непасрэдна перад 1831 годам і, падобна, бабуля набыла арнат пасля яго смерці.

У дзень Унебаўзяцця кс.-біскуп бежмаваў у Свіры, разам з іншымі там былі і я з Ідай.

Перад восенню бабуля запрасіла нас правесці ў яе зіму. Маючы пагрозу страціць зрок, яна хацела атрымаць асалоду ад магчымасці ўбачыць дачку, зяця і ўнучак.

Наша падарожжа ў Варшаву пачалося 1 снежня не поштай, а нанятым фурманам і адбывалася па Ковенскім тракце праз Кальварыю, Сувалкі, Райгорад, Пултуск, яно не было вясёлым з-за холаду. Мы захварэлі на катар, і выгляд спустошанай нядаўняй вайной мясцовасці не дадаваў нам весялосці. Вечарам на восьмы дзень мы нарэшце дабраліся да Варшавы. Бабуля чакала нас у тым жа самым салоне, сярод тых жа самых абразоў. Як і сем гадоў таму, той жа самы гадзіннік адбіваў час, а ў клетках, закрыўшы свае галоўкі крыламі, спалі тыя самыя ці падобныя снегіры і канарэйкі. На наступныя дзень Багуся, прыгожая пакаёўка бабулі, прынесла нам каву са свежымі булачкамі і сказала, што "пані графіня больш не спіць". Тады наша мама накінула на сябе салоп гувернанткі 1825 года і чэпчык з матылём, разам з намі стала ля бабуліных дзвярэй, і ўсе разам, ад усяго сэрца, мы заспявалі на мелодыю "O pescata del'onda" куплет у мамінай аранжыроўцы:


О, наша любая мама!

Для дзяцей твайго дзіцяці

Даўно вызначана на нябёсах,

І для нас, і для цябе

Настаў жаданы момант.

О, наша дарагая мама!


Лёгка здагадацца, што дзверы адчыніліся, бабуля выйшла і мы кінуліся ёй у абдымкі. Яна нас дабраславіла, і потым мы разам пачалі праглядаць вышыўкі, малюнкі, лісты і г. д.


Мы прыехалі толькі дзеля бабулі, якой пагражала страта зроку і праводзілі з ёй не толькі дні але і вечары. Яна заўсёды сядзела ў глыбокай канапе каля сцяны, упрыгожанай зверху брумераўскімі кветкамі, партрэтам яе дачкі Шуазель і сястры ваяводзіны Радзівіл. На століку гарэла лямпа з шырокім абажурам, з-пад якой святло падала на прыгожыя рукі бабулі, сціснутыя на цёмнай хустцы з воўны вікуны, і асвятляла твары тых, хто сядзеў бліжэй да яе над кніжкай або вышыўкай, астатняя частка салона і людзей была ў цяні. Гэта рэмбрантаўская карціна, гэты поўны салон без жыцця, гэтыя маладыя і нерухомыя постаці здзіўлялі рэдкіх гасцей. І ўсё ж нам не было сумна, тут часта гучала фартэпіянная музыка Шапэна, першыя творы якога, прысвечаныя эмігрантцы Паўліне Плятэр, дачцэ Людвіка, былі дасланы бабулі з Парыжа. Мы чыталі газеты з апісаннямі штурму Антверпена 139 і знакамітай справы княжны дэ Бэры ў Вандэі, але самымі цікавымі былі лісты з мінулага, карэспандэнцыя з Небарава і Познані княгіні ваяводзіны і князя Антона Радзівіла з жонкай. Гэтыя лісты бабуля і маці дапаўнялі сваімі гісторыямі. Раней была мода на містыфікацыі, і калі ў многіх месцах мелі за мэту прынізіць ці высмеяць іншых, дык у такой добрай сям'і, як сям'я князёў Радзівілаў, містыфікацыі і фіглі былі толькі полем для нявінных жартаў, на якія ніхто не злаваўся. Напрыклад у Карлсбадзе князь Антон пераапрануў камердынера сваёй жонкі ў эмігрантку дэ Жанліс 140, яшчэ раней пані ваяводзіна (яго маці) прачытала гэта імя, наўмысна надрукаванае ў "Штодзённай газеце", якую рэгулярна праглядала за ранішняй кавай. "Чуеце! Гэтая дэ Жанліс гатова прыйсці да мяне", - закрычала яна. У свой час ваяводзіна (княгіня Радзівіл) сама прапанавала ёй сваю гасціннасць у выпадку эміграцыі. Раптам наблізіліся насілкі і з іх выбраўся жудасны жах, нібыта пані дэ Жанліс, гэты жах з плачам кінуўся ў абдымкі да напалоханай княгіні. Усе навокал гучна смяюцца, княгіня строга глядзіць на дзяцей і суцяшае пісьменніцу. І калі нарэшце жарт раскрываецца, князь Антон выказвае здзіўленне, што яго маці адразу нічога не адчула: "Je voyais bien qu'elle etait ridicule, mais pouvais - je le lui dire en face?" (фр. "Я бачыла, што яна паводзіць сябе недарэчна, але ці магла я сказаць ёй гэта ў твар?". - Л.Л.). І выказала радасць, што гэта толькі жарт, бо не хацела мець клопаты з замежніцай.

У гэтай сям'і амаль штодзень рабіліся розныя штукі, то фальшывы Паганіні фальшыва граў на скрыпцы ў кабінеце князя, а ўся сям'я падслухвала ля дзвярэй, як грае нібыта здзічэлы музыкант, то спарадзіраваная разам з дэкарацыямі Аркадзія (п'еса, напісанае князем дэ Лінь і пастаўленая ў Карлсбадзе) і г. д. Цікавым быў таксама анекдот пра двух англічан, якія аднойчы летнім вечарам з'явіліся ў Небараве і папрасілі княгіню дазволіць да змяркання агледзець ўсе цікавосткі, бо ім трэба з'ехаць на наступны дзень. Быццам гэта патрэбна для дактарызацыі (атрымання навуковай ступені доктара - Л. Л.) іхняга брата ў Оксфардзе. "Калі яна павінна адбыцца?" - спыталася княгіня. "Заўтра", - адказалі англічане з самым сур'ёзным выразам твару. І на заўвагу гаспадыні, што не зможа іх своечасова прыняць, адказалі: "Калі гэта немагчыма, мы будзем незадаволены". Такім выхаваным асобам немагчыма адмовіць, для іх адчынілі аранжарэю, якая цягнулася доўгай галерэяй і заканчвалася люстраной сцяной з лямпай, якая імітавала месяц. Наступную раніцу падарожнікі праспалі і затрымаліся да вечара, бо ім спадабаўся Небараў, Аркадзія, людзі і сама княгіня ваяводзіна. Яны больш не спяшаліся ў Оксфард і затрымаліся тут на цэлы месяц.

Іншы англічанін, які ўсю зіму штовечар бываў у князя Антона, заўсёды сядзеў у адным і тым жа кутку, не сыходзіў з яго і ні з кім не размаўляў, а толькі слухаў музыку і сачыў за танцамі. Калі яму трэба было з'ехаць з Познані, ён апрануты падарожнаму, на раніцы з'явіўся ў князя Антона Радзівіла, што развязала яму мову. Пацягнуў князя да карэты, і паціскаючы руку, сказаў: "Bien oblige de votre connaissance, bien amuse chez vous, bon garson, bon voyage!" (фр. "Вельмі ўдзячны знаёмству з вамі, добра ў вас правёў час, ты добры хлопец, да пабачэння!". - Л. Л.).

Быццам бы ў працяг гэтых анекдотаў і гісторый, бабуля атрымала новыя лісты з Познані, у якіх апісваліся ажно тры вяселлі ў гэтай сям'і - сыноў Вільгельма і Багуслава з прынцэсамі Матыльдай і Леантынай Клары-Алдрыген з Тупліца і іх сястры, княжны Ванды з князям Адамам Чартарыскім, сынам Анелі Радзівілоўны. Маладыя пары прасілі ў цёткі дабраслаўлення і чалавек, які падрабязна апісаў гэтыя ўрачыстасці, сумеў так добра ўсё распавесці, падкрэсліць усё галоўнае, словамі нарысаваць карціну і перадаць пачуцці, што я і да сёння памятаю гэты ліст. Калі малодшыя браты і сёстры княжны Элізы пачалі сваё сямейнае жыццё, сама яна развітвалася са светам, і пэўна, не шкадавала жыцця, бо ведала яго кветкі і яго церні. Памерла ад сухотаў. І пакуль у адным канцы дома згасала дачка, у другім паміраў бацька. Не ведалі адзін пра аднаго! Княгіня Людвіка была пакутніцай, бо ёй давялося хаваць боль ад страты каханага і маладзейшага за яе мужа за ўсмешкай, калі ішла да дачкі, а тая, адчувала пах кадзіла са здзіўленнем спытала ў маці, якая вярнулася з пахавання: "Quelle odeur de mort vous m'apportez?" (фр. "Які пах смерці ты мне прынесла" . - Л.Л.). Дачка перажыла бацьку на некалькі тыдняў.


У бабулі бывалі самыя паважныя людзі - аднагодкі яе ці нашай маці. Сярод іх - пані Гутакоўская і Сабалеўская (братавыя), абедзве прыгожыя дамы двара, якія ўжо мелі ўнукаў. Яшчэ гадоў дзесяць ці дваццаць таму, яны разам з самім імператарам ішлі ў першай пары паланезу. Пані Сабалеўская з дому Грабоўскіх, была вядомай прыгажуняй свайго часу, асабліва прыгожымі ў яе былі плечы і рукі. І нехта, апісваючы прыгажосць іншай жанчыны, не мог знайсці параўнання гэтым часткам цела, сказаў: "Як у пані Сабалеўскай".

У нядзелю, пасля касцёла, у бабулі бывала ўся сям'я Яна Плятэра, аднаго з сямі братоў - ён, яго жонка (сястра жонкі Піюса Тышкевіча), іх чатыры дачкі і два сыны нашага ўзросту. Наша сваяцтва і выхаванне рабілі іх дом і іх кампанію вельмі прыемнымі для нас.

Наведвала бабулю таксама і сям'я князя Караля Любецкага, якая пераехала з Вільні ў Варшаву і жыла тут ажно да 1860 года. Любецкія мелі толькі дваіх дзяцей - падлетка Тэклю і дваццацігадовага сына Уладзіміра. Сын меў правільныя, вытанчаныя рысы твару, меў музычны талент, стараннае выхаванне і думкі, які выходзілі за межы звычайных. Але паколькі ў гэтых думках не было ні паслядоўнасці, ні нейкай ніткі, якая злучала б яго ідэі паміж сабой, але пры гэтым мелася матэрыяльная магчымасць рэалізоўваць усё, што прыходзіла ў галаву, у выніку атрымлівалася будоўля незвычайнай Вавілонскай вежы. Так, напрыклад, ён заказаў у фабрыканта піяніна, у якім клавіятура мела за кожным тонам паўтон, і таму не можна было скласці акорд. Гэты інструмент каштаваў 300 рублёў срэбрам і стаяў у салоне знаёмай дамы глухім і бяздзейным, бо ўладальнік не смеў прывезці яго ў бацькоўскі дом. Князь Уладзімір раздаў усім адмысловыя ноты для гэтага піяніна, напісаныя на шасці радках. Ён таксама вынайшаў літаграфічную манету (папяровую) з выявай на кожнай банкноце ўсіх прадметаў і прадуктаў, якія можна было за яе купіць, з надпісамі на некалькіх мовах - мэтай была адукацыя народа. Гэтым сродкам ён плаціў малочніцы, пекару і рэзнікам, гэтыя паперы прымалі нават чарцёжнікі, бо ўсе добра ведалі, што іх выкупяць, а князь будзе рады, што яго грошы пайшлі ў абарачэнне. Дасціпны і заўсёды ветлівы з дамамі, ён прынёс для нашай бабулі на Каляды ці Новы год, ладнае кішэннае люстэрка ў форме Псіхеі і, паставіўшы яго на стол, сказаў: "Вось копія ўсіх жывых узораў, якія ёсць у гэтым салоне". Іншым разам ён камусьці прапанаваў пачак запалак са словамі: "Гэта нешта настолькі ж вялікае, як стварэнне свету: Хай будзе святло, і сталася святло!". Пачуўшы, як адна жанчына кліча свайго сабаку: "Mon prince cheri" (фр. "Мой дарагі прынц". - Л. Л.), звярнулі яго ўвагу, ці не абраза гэта? Адказаў: "Прыметнік кампенсуе ўсё".

Дом Кіцкіх і Біспінгаў быў для нас мілым прытулкам. Калісьці вельмі прыгожая панна Тарэса Кіцкая - жанчына, якой захапляўся адзін з князёў Чартарыскіх, стала для Нямцэвіча ўзорам для яго "Панны Гуздальскай". Ужо немаладая, яна даўно ўжо адмовілася ад усялякіх прэтэнзій але яшчэ захавала жаночую свежасць і белыя зубы. Тэрэса Кіцкая і яе малодшая сястра, жонка Пятра Біспінга з дочкамі Наталляй і Ружай, наведалі Літву ў 1826 годзе і пасля зімы ў Вільні, бо іх маці мела патрэбу ў парадах нашых лекараў, улетку аб'ехалі Смаргонь, Залессе, Варняны і Дабраўляны. Розум панны Тарэсы, некалькі афектаваная прыемнасць пані Біспінг, чары панны Наталлі і дасціпнасць панны Разаліі, ажывілі многія нашы вечары ў Вільні і некалькі дзён у вёсцы. Сярод памятных рэчаў таго часу, я і сёння захоўваю ліст пані Біспінг, поўны салодкіх слоў і высародных фраз. Праз сем гадоў мы ўпэўніліся, што і гэтыя дамы таксама цёпла ставяцца да нас і памятаюць Літву, але былі яны ўжо не такімі вясёлымі, як раней. Панна Ружа ўжо не спявала нам вясёлыя песні пад фартэпіяна, як калісьці ў Дабраўлянах, адмаўлялася ад руж, якія прыносілі ёй з саду для прычоскі, і казала: "C'est bon pour maman et pour Nathalie, qui sont jolies" (фр. "Гэта добра для мамы і Наталлі, бо яны прыгожыя" . - Л. Л.). Прыгожая Наталля ў 1833 годзе была ўжо ўдавой па сваім дзядзьку, генералу Кіцкаму 141, які ажаніўся з ёй перад самай вайной (паўстаннем) і загінуў гераічнай смерцю пад Астраленкай. Яе дачка, народжаная ўжо пасля смерці бацькі, была адзіным суцяшэннем гэтай маладой, заўсёды як анёл прыгожай удавы з квітнеючым тварам, вачыма, як неба, з перламутравымі зубамі, праз якія прасочваліся звонкія павольныя словы. Калі спявала, яе было ледзь чутно, а яе цётка, панна Тарэса, заплюшчвала вочы, выцягвалася ў крэсле і яшчэ цішэй за яе ў захапленні шаптала: "Ці ж гэта не аксамітны голас … як у пані Замойскай?". Маці панны Тарэсы была яшчэ жывая, але ўжо вельмі старая, сляпая і, відаць, ужо трошкі прыдзяцінеўшая. Памерла той жа вясной, і я памятаю, як з дому на Новым Свеце вынеслі труну, абабітую блакітным аксамітам, бо менавіта так хавалі ў той час у Варшаве. Можа, і слушна, бо мы разумеем, што смерць, гэта толькі пераход да новага жыцця, прычым, жыцця вечнага, і таму жалоба патрэбна толькі тым, хто застаўся на зямлі.


Для нас ўзялі настаўніка спеваў П. Тэйхмана, віяланчэліста тэатральнага аркестра, які адначасова быў і мэтрам спеваў. Мы спявалі ўрыўкі з самых апошніх опер таго часу […], і наведванне тэатра дапаўняла нашы заняткі. Опера ў Варшаве была нядрэнная […].

Вясна пратрымала нас у Варшаве ўсё лета. Доктар прапісаў маёй маці марыенбадскую ваду, і яна піла яе ў поўным ружаў садзе Дэкерта, што побач з цяністым садам Красінскага. Кожную раніцу мы суправаджалі маму, і я дагэтуль памятаю гэтыя групы, пары ці нават спачатку незнаёмых адзінкавых людзей, з якімі мы хутка пазнаёміліся. Ладныя варшавянкі ля кранаў з ружай у роце падавалі кубкі хворым. Усё, як гадзіннік, круцілася пад музыку, з рэгулярнасцю, якая трохі стамляла. Там мы сустрэлі мастака Сухадольскага 142, якога звалі польскім Вернэ. Ён нядаўна прыехаў з Італіі, дзе падчас вандроўкі яго застала вайна і вярнуўся толькі праз два года да сваёй маладой жонкі, таксама з дому Сухадольскіх, з бацькамі якой мы пазнаёміліся на водах. Яе бацька, міравы суддзя, гучным голасам, быццам распарадчык цырымоніі, абвяшчаў кожнаму, хто ішоў пасля яго, аб тым што спазніўся. Гэтак здарылася і з маёй маці, якая не маючы магчымасці ўстаць на раніцы, прыехала а сёмай гадзіне. Пан міравы суддзя заўсёды ішоў ёй насустрач, каб пацалаваць руку і сказаць: "О, пані баранеса спазнілася". Прыдумаў для сябе, што Гюнтар павінна быць баранесай.

Бываў на водах і мой бацька. Як толькі ён увайшоў, яго адразу убачыла панна Дуніна, кананічка (удзельніца жаночага манаскага духоўнага аб'яднання - Л. Л.), пляменніца Нямцэвіча, і памахала парасонам, каб падышоў бліжэй. Апранутая ў белае адпаведна свайму стану, у капялюшыку з бэзавымі стужкамі, стройная, спрытная, дасціпная, начытаная і поўная жыцця. І вось ужо трыццаць пяць гадоў яе жыццё і досціп напаўняе сабой увесь Марыенвіль, абатысай якога яна з'яўляецца.

Здаецца, не звяртала ўвагі на агульны рух і нават на ружы і павольна гуляла па крытай галерэі ў клятчатым, ваўняным, нягледзячы на спякоту салопе, калісьці прыгожая генералава Лубенская з Асалінскіх. З-пад яе глыбокага капелюша быў бачны толькі нерухомы, класічны профіль, за ёй бегаў любімы сабачка. Дачка Лубенскай Адэля нягледзячы на розніцу ва ўзросце здаўна сябравала з Матыняй. Панна Адэля цудоўна малявала і падарыла кожнаму з нас свежанамаляваны від Польскага банка, літаграфаваны, як віньетка для лістоў.

Моладзь павольна гуляла і павярнула ўжо ў алеі, калі граф Францішак Патоцкі 143 падышоў і падаў руку маладой жонцы, якая спрабавала сваім сціплым выглядам ураўнаважыць розніцу ва ўзросце ў чвэрць стагоддзя і стварыць гэтак непераадольную заслону для марных заляцанняў. Збянтэжаная гэтым моладзь абыходзіла яе і спяшалася ў іншым накірунку - па слядах свежай дзічынкі, чарнавокай і маладой Раксаланы 144, якая павольна шпацыравала побач з сур'ёзным і стрыманым старым. Ягадка-малінка з нашых літоўскіх гаёў. Нават наша сваячка. Мае чытачы, пэўна, пазнаюць старога, які выпіўшы кубак карлавацкай вады, дастае зубачысткі і чысціць зубы, а сваю спадарожніцу заве Люцыя. Гэта ўжо заручаная малодшая дачка генерала Ваўжэцкага. Каб выдаць яе замуж і каб падлячыць бацьку, уся сям'я выбралася за мяжу, аднак спыніліся ў Варшаве. Смерць адзінага сына два гады таму будзе кампенсаваная зяцем, мініяцюру якога ў залацістым мундзіры камергера, хмурачы бровы, паказвае гасцям маці прыгожай Люцыі. Яе нарачоным быў Ігнат граф Забела, які пасля таго як ажаніўся, узяў прозвішча Ваўжэцкі.

Ліцвіны і сваякі, мы былі неразлучныя з сям'ёй Ваўжэцкіх. Разам шпацыравалі днём і заканчвалі вечар у доме Макраноўскіх (на Кракаўскі прадмесці), чый асветлены месяцам балкон з размовамі пра тое і сёе, шаснаццаці- васямнаццацігадовым галовам здаваўся такім паэтычным!

Два сівыя мужчыны ў зялёным кочы, нанятым на два месяцы, завозілі і адвозілі нас на воды і вярталіся каля шостай, каб павезці ў далёкую прагулку - у Зялёны сад над ракой, у Вержбна па малако, да кралікарні і г. д., прагулка заўсёды заканчвалася Батанічным садам і Лазенкамі. У Лазенках ладзіліся святы, былі феерверкі, музыка, ілюмінацыя і балет у амфітэатры 145. Месяц адбіваўся ў чыстых каналах, белыя статуі стаялі на фоне старых дрэў, паветра прасякнута пахам кветак, гістарычная статуя пераможцы паганцаў Яна ІІІ 146 і белы, і лёгкі, як мара, палацык, прыгажэйшы за ўсе іншыя творы мастацтва 147. У пустым, пасля страшнай ночы 1830 года, Бельвядэры 148 мы агледзелі пакоі в. князя Канстанціна, нам паказалі дзверцы, праз якія ён уцёк у тую ноч і на сцяне сляды крыві генерала Жандрэ, які заўзята бараніў спальню свайго пана.

Вілянаў стаяў пусты, калі толькі можна так назваць месца, напоўненае помнікамі культуры. Ніхто з маладых Патоцкіх яшчэ не ажаніўся, і іх маці, пані Вансовічава 149, у сваім Мокатаве, як у якім Трыаноне, з радасцю, але крыху паблажліва і крыху кісла, прымала гасцей. Яна даведалася, што мая маці ў Варшаве і праз кагосьці паведаміла аб сваім жаданні аднавіць знаёмства дзявочых гадоў. І таму, калі аднойчы ў нядзелю мы выбраліся на ілюмінацыі ў Лазенкі, дык наведалі і Мокатаў. Там ужо было некалькі варшавякаў якія бавіліся перад домам. Нас прывіталі з прыстойнай ветлівасцю і, агледзеўшы, запрасілі сесці і пачаставалі суніцамі і гарбатай. Сярод гасцей была і пані Заянчкава 150, вядомая сваёй вечнай маладосцю, убраная ў лёгкую муслінавую сукенку і маленькі крэпавы капялюшык, мела яна ўжо восемдзесят гадоў. Калі ішла вуліцай, на яе заглядалася моладзь, якая не падазравала што асоба, якая так лёгка ступае з каменя на камень сваёй маленькай ножкай, можа быць такой немаладой. На балях яе часта запрашалі на танец, а падчас халеры, калі Заянчкава выказала свой непакой: "Qu'a-t-elle a craindre l'epidemie", хтосьці злосна ўсклікнуў: "n'a-t-elle pas passe deux quarantaines !?" (фр. "Нашто вам баяцца эпідэміі?", "Хіба ж вы не сядзелі ўжо два разы на каранціне!?". - Л. Л.). Таксама казалі, што яна некаторы час насіла штучны бюст з воску і загадала заказаць пяцьдзесят бюстаў сабе на карнавалы, яе ж сакратар зласліва дадаў нуль. Калі заказ прыйшоў з Парыжа, бядачка не ведала, што рабіць з пяццюстамі бюстамі. Тыя, хто ведаў яе жыццё, казалі, што сваёй свежасцю і здароўем яна абавязана скрыні з лёдам, над якой спала ў халодным пакоі.

Развітваючыся з намі, пані Вансовічава запрасіла на абед. Унучка апошняга караля, памятала яшчэ яго чацвярговыя абеды 151 і запланавала прыём на чацвер. Нягледзячы на слоту, мы прыехалі ў прызначаны дзень і час. Дождж скончыўся, але на жвіровай дарозе яшчэ стаяла вада. Вазніца праехаў праз браму на сярэдзіну парка і спыніўся каля шкляных дзвярэй ніжніх апартаментаў. "Le maladroit!" - выкрыкнула пані Вансовічава: "if aurail pu briser les vitres" - "Vous voyez bien, qu'i1 ne l'a pas fait?" (фр. "Няўмелы", "Ён мог разбіць акно", "Але ён не зрабіў гэтага". - Л. Л.) - спакойна адказала мая мама на такое своеасаблівае прывітанне, а пані графіня, запрасіўшы нас сесці ў крэслы з гербамі, наракала, што мы застанёмся без мужчынскай кампаніі: "Трэба ж, каб абодва мае сыны сёння раніцай адправіліся ў свае далёкія маёнткі". Сказаўшы гэта, яна зласліва ўсміхнулася і потым уважліва агледзела нас, бо мела надзею ўбачыць румянец ці туалеты, якія б казалі пра нашы планы. Але, насуперак яе думкам, абедзве мы былі ў белых паркалёвых сукенках.

Мы спусціліся ў сутарэнні, і, паколькі з абедам марудзілі, пані Вансовічава прапанавала заспяваць "pour I' empecher er avoir laim" (фр. "Каб ён не адчуваў голаду". - Л. Л.). Пасля слоў камердынера: "M-me la Comtesse est servie" (фр. "Мадмуазэль графіня, мы гатовы падаваць". - Л. Л.), яна прайшла да стала разам з маёй маці і папрасіла прабачэння за халаднік, бо тут не тая вада. Праз хвіліну, ужо забыўшыся што казала раней, пахваліла паштэцікі з беконам і паслала камердынера да кухара даведацца: "Што гэта такое дасканалае?". А на адказ: "Гэта кракеты з беконам", выпаліла: "Выдатна! Скажыце яму, каб гатаваў гэта часцей". На абедзе нас было сем чалавек, прыслужвалі камердынер-француз і два лакеі-палякі, з якімі графіня ўвесь час ажыўлена размаўляла, тлумачыла з польскай на французскую і наадварот усё што прамаўлялася на гэтых абедзвюх мовах. Налівала аднаму з іх келіх віна, а другога адпраўляла да старой боны з пытаннем, ці не трэба чакаць буры, бо трошкі грымеў гром. Тысячы падобных дзеянняў ішлі адно за другім, гэтым, пэўна, яна хацела давесці добрае стаўленне гранд-дамы да асоб з вёскі.

Пасля абеду з Варшавы прыехаў нейкі неспадзяваны пан. "Небу абавязаны мы гэтым цудам", - жартаўліва заўважыла мая маці, цытуючы верш з "Заіры", а гаспадыня дома папрасіла госця сесці і, калі той упарта маўчаў, выправадзіла яго ў суседні пакой, адкуль да нас даходзіў на пачатку ціхі, а потым усё гучнейшы дуэт узаемных пагроз. Справа ішла пра арэндную плату, забяспечаную загадзя на некалькі гадоў за палац Патоцкіх і сёння адабраную. Арандатар, упэўнены ў сваёй праваце, пагражаў судом, пані Вансовічова не дала яму скончыць і вярнулася да нас, не развітаўшыся з арандатарам, які сыходзіў угневаны. "Moi qui l'ai fait assoirl" (фр. " Я зрабіла гэта". - Л. Л.) - абурана пракрычала яна, і кроў Панятоўскіх агнём загарэлася ў яе вачах.

Немагчыма апісаць наш візіт, усе было такога кісла-салодкага кшталту, аж да заўвагі, што мы няспешна, як на шпацырах уваходзім у яе салон, аж да абдымкаў з падзякай, калі мы запэўнілі яе, што не працерлі сукно яе мэблі, аж да дазволу маёй сястры скапіраваць пейзаж Мокатава, калі Вансовічава даведалася, што яна малюе. І дадала: "C'est une grande grace, que je vous fais" (фр. "Раблю для цябе гэту вялікую паслугу". - Л. Л.).

Досыць. Вяртаючыся дадому, мы адчувалі, як вырваліся з ціскоў і звізіт графіні ў адказ у наш гатэль праз некалькі дзён, выглядаў, як знак ласкі ўнучкі апошняга караля да старой знаёмай.


Саскі (Саксонскі) сад 152 мы наведвалі амаль што кожны дзень. Ён быў самым блізкім да нашага жытла, праз яго мы скарачалі шлях да нашай кватэры, калі ўвечары, без карэты, ці нават узімку, праходзілі праз яго, ці шпацыравалі і хадзілі на шакалад да Лесла. Усе лаўкі, бакавыя алеі і нават фігуры былі для нас там свае і знаёмыя. Ведалі нас і жаўнеры, якія стаялі ля Жалезнай брамы, ведалі нават і нашых сабак, якіх называлі Фідэлькамі і дазвалялі ім гуляць. У гэтым садзе мы спаткаліся з ліцвінамі, шмат якіх выбралася тады ў Варшаву ці на воды, ці былі на шляху за мяжу на сталае жыхарства, ці ў пошуках месца. Былі тут Шабека, Махвіц, Бялінскі і нават Людвік Чарноцкі. Аднойчы ўвечары нас уразіла адзіная сярод варшаўскіх мінакоў постаць прыстойнай дамы, і калі мы пачалі неяк асабліва на яе ўзірацца, яна сказала гледзячы на Іду: "Elle est grande celle la" (фр. "Якая яна вялікая". - Л. Л.). Была гэта панна Хлапіцкая.

Памятаю адну з нашых прагулак па Саскім садзе з цёткай Шуазель. Па дарозе за мяжу яна спынілася на некалькі дзён дзеля нас з бабуляй і пайшла з намі на шпацыр. Была нядзеля, цэнтральную алею запоўніў непрыглядны натоўп, але з-за трошкі занядбанага туалета цёткі мая маці сціпла трымалася бакавых алей. Цётка мела ў вушах вялікія брыльянты, аднак апранулася ў чорную, парыжэлую і вузкую сукенку, чорны, рысавы капялюш, які ўжо шмат разоў падарожнічаў з ёй, і не мела ніякіх упрыгожанняў у злёгку растрапаных валасах. Каўнерык быў, але ён вылазіў наверх клінам і толькі старанна абутыя зграбныя ножкі, кампенсавалі ўсе яе недахопы. Цётка не разумела чаму мы ідзём узбоч і трэба было бачыць, як, дайшоўшы да цэнтральнай алеі, яна трыумфальна паглядзела ў абодва бакі, бо не разумела, чаму ўсе разглядаюць яе з такой цікаўнасцю.

Тым жа летам, у выніку доўгіх і шчырых намаганняў генерала Сумарокава, з Сібіры быў вызвалены знаёмы нам з 1831 года маёр Яжэўскі. Даведаўшыся пра яго вяртанне дахаты, у Варшаву з Познані прыехаў яго бацька, паважаны кунтушовы стары. Але сына не пусцілі ў горад і адразу ад гарадскіх рагатак ён паехаў у Познань. Бацька прывітаўся з сынам і прыйшоў пазнаёміцца з намі. Жандар Арэндарэнка, які калісьці пасяліў маёра у сваім доме ў Вільні, цяпер жыў не толькі ў Варшаве, але і ў тым самым доме, што і мы. Стары са слязамі падзякаваў яму і маім бацькам за апеку над сынам, бо сын падрабязна напісаў бацьку пра ўсё, і той распытваў нас не толькі пра ксяндза і палкоўнікаву Дэдэркаву, але і пра нашых коней. Маёр Яжэўскі неўзабаве пасля вяртання дахаты ажаніўся, але ў 1836 годзе ўжо не жыў.

5 жніўня, у дзень Марыі снежнай, бабуля вярталася з вячэрняй прагулкі і знайшла ў сваім салоне ўпрыгожаны кветкамі алтар з абразом сваёй святой патронкі і ўнучак у белым, з вянкамі з белых руж на галовах, якія заспявалі для яе гімн да Найсвяцейшай Панны. Гэтым спевам і гэтым узрушэннем закончылася наша дзевяцімесячнае знаходжанне ў Варшаве.

Праз некалькі дзён маці і дачка развіталіся, не ведаючы, што ў гэтым жыцці больш не ўбачацца і што праз дзесяць гадоў яны абедзве стануць перад Богам, верагодна, каб злучыцца назаўсёды! Пры развітанні мой бацька ўпаў да ног цешчы, і яна са слязьмі дабраславіла яго і назвала сынам. Бабуля дабраславіла і нас, і мы па некалькі разоў вярталіся ў яе абдымкі.

Падарожжа на гэты раз адбывалася поштай але ў новым сямейным кочы, было яно хуткім і без якіх-небудзь здарэнняў.

Прыемнае вяртанне здалёк дадому на гэты раз стала яшчэ больш радасным з-за нашай працяглай адсутнасці. Верасень не паспеў пагасіць усю пышнасць кветак. Ліпы стаялі яшчэ зялёнымі, вада ў сажалцы ўжо была чыстай бо гарлачыкі адцвілі. Нас чакаў скошаны і ачышчаны сад. Дворня радасна вітала ля парога, сабакі кінуліся да нашых ног, стары садоўнік Антон упрыгожыў салон кветкамі, і сюрпрызам стаў дагледжаны балкон з боку сада з галерэяй на аркадах у італьянскім стылі, з балясінамі, на адваротным баку якіх будучы аўтар "Літоўскіх малюнкаў", не застаўшы нас дома, пакінуў наступныя строфы:


Ціха і глуха! Ледзь сваім дыханнем

Ветрык хіліць букет руж,

І калісьці зноў анёльскім спевам

Загучаць у гэтым гмаху ранішнія гімны?


Час! Затрымай аздобы шчодрасці,

Што тут гараць мілымі фарбамі,

Чым вітаць чары і цноты,

Якія зноў заззяюць у гэтым гмаху.

1834 год

Зіма 1834 года стала памятнай для Вільні выбарамі, якія з гэтага часу адбываліся на рускай мове. І ў той час, калі шляхта Віленскай губерні, да якой у той час належала і ўся Жмудзь, на чале з некалькімі кунтушовымі шляхціцамі, галасавала ў ратушы і абрала маршалкам Жабу Марцінкевіча, у салонах князя Далгарукава 153 вышэйшы свет танцаваў у касцюмах, і нават мой бацька не мог выкруціцца ад чорнага даміно. У апустошанай ваколіцы мы успаміналі свае варшаўскія ўражанні, па-памяці з дапамогай Бахматовіча малявалі сцэны з опер, амфітэатр у Лазенках і г. д. І каб адрозніць запусты ад посту, у касцюмах разыгрывалі ўрыўкі з оперы "Граф Оры" з Бахматовічам і нашым слугой у якасці гледачоў. У антрактах Бахматовіч расказваў нам пра свае канікулы ў ваколіцах Вілейкі, з пяшчотнай удзячнасцю ўспамінаў гасціннасць графаў Бжастоўскіх у Мосары, Любаньскіх у Любані, братоў Аскеркаў у Будславе і Тарэсдвары, Яна Ходзькі ў Крывічах ці сям'і Козелаў у вялікім маёнтку над ракой Сэрвач. Займальнымі былі гэтыя шэсць братоў з некалькімі сёстрамі, бацька якіх, былы паж ці былы сакратар караля Станіслава, адлучыўся ад свету і па-старому жыў у сваім гняздзе, дзе нічога не адбывалася без яго волі і ведама, і калі аднаму з сыноў патрэбны былі дровы або цэгла для будынка, ці лугі пад пашу, тата даваў яму ліст да другога брата і той выконваў волю бацькі.

(Працяг у наступным нумары.)

1 Gabrjela z Guntherоw Puzynina. W Wilnie i w dworach litewskich: pamiаtnik z lat 1815-1843. Wilno, 1928. Пераклад Леаніда Лаўрэша.

138.Дзень Снежнай дзевы Марыі прысвечаны яе "цуду снега" улетку. - Л. Л.

139 Верагодна, падчас бітвы паміж французскімі і бельгійскімі войскамі з арміяй Нідэрландаў у 1832 г. - Л. Л.

140 Стэфані-Фелісітэ Брулар, графіня дэ Жанліс, маркіза дэ Сілеры, народжаная Дзюкрэ дэ Сэнт-Абен (1746-1830), французская пісьменніца, аўтар сентыментальных раманаў, якія карысталіся шырокай папулярнасцю ва ўсёй Еўропе. - Л. Л.

141 Успаміны Наталлі Кіцкай на рускай мове ў зборніку: Война женскими глазами. Русская и польская аристократки о польском восстании 1830-1831 годов. Москва, 2005.

142 Януары Сухадольскі (1795-1875), мастак.

143 Граф Франіцшак Патоцкі (1776-1853), сын кароннага падкаморага Вінцэнта і Ганны Мяцельскай, член Дзяржаўнай рады Польскага каралеўства. Быў жанаты трэцім шлюбам з Раствароўскай.

144 Раксалана - лічыцца адной з самых вядомых жанчын свету. Сапраўднае імя невядома, паводле літаратурнай традыцыяй - Анастасія (або Аляксандра) Лісоўская (1505-1558) з горада Рагацін (Галіцыя) - адна з жонак султана Асманскай імперыі Сулеймана I Цудоўнага. Трапіла ў султанскі гарэм пасля таго, як у 1518 або 1520 г. патрапіла ў палон да крымскіх татараў. Як жонка Сулеймана I мела вялікі ўплыў на асманскую палітыку, спрыяла ўзыходу на турэцкі пасад свайго сына Селіма II. - Л. Л.

145 Амфітэатр у Лазенках - помнік архітэктуры, летні тэатр у выглядзе рымскага амфітэатра, збудаваны ў 1790-1791 гг. па праекце Яна Крысціяна Камзецера. Сучасны выгляд набыў у 1790-1793 гг. Амфітэатр, пабудаваны на беразе лазенкаўскага возера і аддзелены ад сцэны пратокай, дзякуючы чаму падчас прадстаўленняў можна выкарыстоўваць лодкі. - Л. Л.

146 Помнік Яну III Сабескаму - скульптура каля Каралеўскіх Лазенак. Гэта каменная конная статуя караля Яна ІІІ Сабескага ў гонар яго перамогі ў бітве пад Венай у 1683 г. над Асманскай імперыяй. - Л. Л.

147 "Белы дом" - пабудаваны ў 1774-1776 гг. Дамінікам Мярліні. Тут кароль Станіслаў Панятоўскі прымаў сваіх каханак, і ў 1801-1805 гг., падчас выгнання з Францыі, жыў будучы кароль Людовік XVIII. - Л. Л.

148 Бельведэрскі палац (ці Бельведэр) - рэпрэзентатыўны палац у стылі класіцызму ў Варшаве, пабудаваны ў 1819-1822 гг. па праекце Якуба Кубіцкага на месцы ранейшага барочнага палаца па даручэнні і на сродкі ўрада Расійскай імперыі. У палацы жыў вялікі князь Канстанцін Паўлавіч. 29 лістапада 1830 г. падчас паўстання ў палац уварвалася група паўстанцаў з намерам забіць вялікага князя, але ён быў папярэджаны і паспеў уцячы. Потым палац служыў рэзідэнцыяй рускага імператара Мікалая І падчас яго знаходжання ў Варшаве. - Л. Л.

149 Ганна з Тышкевічаў (1776-1867), у першым шлюбе за Аляксандрам Патоцкім, у другім за Станіславам Вансовічам, дачка пляменніцы карала Станіслава Аўгуста Канстанцыі з Панятоўскіх і гетмана ВКЛ Людвіка Тышкевіча. Гл: Лаўрэш Леанід. Ганна Патоцкая, пісьменніца, мемуарыстка, мастак // Наша слова. № 15 (1530), 14 красавіка 2021. - Л. Л.

150 Аляксандра Заёнчак з Пярнетаў, жонка намесніка.

151 На "чацвярговых абедах" караля з найбліжэйшымі паплечнікамі - сапраўднай інтэлектуальнай элітай таго часу, падданым падаваўся прыклад ашчаднасці і цвярозасці. - Л. Л.

152 З заходняга боку палаца кароль Аўгуст Моцны заснаваў напачатку XVIII ст. Саксонскі сад - рэгулярны парк, у які з мая 1727 г. быў адкрыты доступ усім жыхарам Варшавы. - Л. Л.

153 Далгарукаў Міхал, князь, генерал-губернатар, кіраваў Літвой з жніўня 1831 па сакавік 1840 г. Пра яго гл: Stanislaw Morawski. S. 490. яе бацьку: S. 59, 405-409, 434-436, 473, 515-517.

Літаратурна-музычныя зазімкі "Творы-юбіляры беларускіх класікаў"

11 снежня ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы прайшлі літаратурна-музычныя зазімкі "Творы-юбіляры беларускіх класікаў". Сёлета мерапрыемства было прысвечана Янку Купалу і Якубу Коласу. Навучэнцы Лідскага каледжа ГРДУ імя Янкі Купалы падрыхтавалі і прадставілі даклады па творах-юбілярам. Падчас мерапрыемства загадчык аддзелам абслугоўвання і інфармацыі распавяла прысутным пра творчасць беларускіх класікаў. На працягу зазімак гучалі музычныя творы на словы беларускіх мэтраў. Падводзячы вынікі мерапрыемства, можна сказаць, што літаратурная творчасць беларускіх класікаў заняла сваё законнае месца ў культуры нашай краіны.

Наш кар.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX