Наша слова.pdf № 1 (210), 6 студзеня 2026.
З Калядамі і Божым Нараджэннем!
КУЦЦЯ
КАЛЯДНАЯ ВЯЧЭРА
Хутка - вячэра. Дзень адплывае ружовы
За небасхіл, дзе ў зацішку маўчання і стомы
Новы абсяг паўстае, шчэ вачам невядомы,
У вечных пакутах нязнанай малітвы і мовы.
У шарым паўзмроку, дзе ўтоены жарты і кпіны,
Дзе ліхтары свае сочаць штохвілю ахвяры,
Вэлюмам чорным ахутаны плечы ў хацінаў
I па кутах там памерлых схаваныя твары.
Там - здратаваныя душы ляцяць на шпалеры,
Каб у святочных карунках мілосці і цуду
Зноўку здабыць сваю моц, - свята тайнай вячэры, -
Дзень наш ачысціць ад зла, і ад змроку, і бруду.
Анатоль Дэбіш.
КАЛЯДКІ
Ой, ладачкі-ладкі,
Надышлі Калядкі.
Мы дзеля Калядак
напяклі аладак.
Дралі дробнай таркаю
дранікі духмяныя.
Хочаш - еш са скваркаю,
хочаш - са смятанаю.
Вось вам, калі ласка,
з жэрдачкі каўбаска.
Вось кавалак пірага,
каб не брала вас туга.
Ой, ладачкі-ладкі!
І мядок салодкі
да лясной гарбаткі
наліем у сподкі.
І запахне рутай,
верасам, чаборам,
каб зімою лютай
нам не знацца з горам.
Бярыце з талеркі
лізунцы, цукеркі!
Ешце ўволю, ешце,
Ды не псуйце зубкі…
Песняй нас пацешце,
галубкі, галубкі!
Бохан - поўняй яснаю,
яйкі, бульба, скваркі.
Гэта ўсё - з уласнае
нашай гаспадаркі.
Калі вам прысмакі
прыйдуцца да смаку,
прынясіце Богу
шчырую падзяку.
Ой, ладачкі-ладкі -
Пляскаем у ладкі!
Ой, ладачкі-ладкі -
Святкуем Калядкі!
Артур Вольскі.
Жывая калядная батлейка з'явілася каля Каложскай царквы ў Гародні
У Гародні каля Свята-Барыса-Глебскай Каложскай царквы напярэдадні аднаго з галоўных свят праваслаўных вернікаў з'явілася жывая калядная батлейка.
Арганізацыя і ўладкаванне жывой батлейкі каля Каложскай царквы стала ўжо добрай традыцыяй. Сёлета побач з храмам пасяліліся козачка, авечка і два ягняці. Жывёл для каляднай батлейкі прывезлі з прыгараднага агратурыстычнага комплексу.
Беларускі народны каляндар на 2026 год
Народны каляндар - гэта сістэма сталых ці рухомых свят, прысвяткаў, абрадаў, гульняў, звычаяў, што замацаваны ў быце і фальклоры. Уяўляе пераважна спалучэнне язычніцкай і хрысціянскай культуры. Гэта - фальклорны каляндар: ён складзены на аснове хранонімаў, якія зафіксаваны ў вуснай народнай творчасці беларусаў і ўключае традыцыйныя арыенціры на сельскагаспадарчыя работы і адпачынкі ў гадавым, сезонным, месячным і іншых цыклах-рытмах.
Сістэматызаваны беларускі народны каляндар у складзе з велікодна-валачобнымі песнямі, якія ў строгай храналагічнай паслядоўнасці апісваюць традыцыйныя прысвяткі і святы ў тым ліку тыя, што закансерваваліся ў непараўнальных паэтычных узорах як Навагоддзі/Навалецці, з'яўляецца нашым шэдэўрам і фенаменальнай з'явай сусветнай нематэрыяльнай культуры.
У народным календары на 2023 год прадстаўлены асноўныя святы і прысвяткі з кароткімі тлумачэннямі, прыкметамі, урыўкамі з валачобных песень і г. д. Дні (хранонімы), якія адзначаюць беларусы-католікі, выдзелены курсівам. У праваслаўных яны замацаваны за старым, юліянскім, календаром, што мае 13 лішніх дзён. Зорачкай /*/ пазначаны святы "рухомай" царкоўнай пасхаліі.
Умоўныя абазначэнні: п - панядзелак, а - аўторак, с - серада, ч - чацвер, пт - пятніца, сб - субота, н - нядзеля. Даўжыня дня і моманты ўсходу і захаду ў дні сонцастаянняў і раўнадзенстваў падаюцца для Менска. Больш падрабязна пра значэнне хранонімаў календара можна прачытаць у кнігах "Беларускі народны каляндар" (Мінск, 1993, 2002).
Студзень
1. ч. Новы год. ВКЛ перайшло на студзеньскі стыль у 1550 г., Расія - з 1700 г. "А хто ўпярод? Новы ж год". Святой Багародзіцы Марыі.
6. а. Першая, Посная куцця. Перадкалядная вячэра. Які дзень, такі і год. Тры Каралі. Католікі праводзілі маскаваны абрад "Тры каралі", або "Гэроды".
7. с. Раство Хрыстова. Пачатак Каляд. "Ой, Калядачкі, бліны-ладачкі…". Калядавалі. Насілі "звязду". Паказвалі батлейку. На Каляды праводзілі ігрышчы ("вадзілі казу", "жанілі Цярэшку", "пяклі ката", гулялі ў "Яшчура" і інш.).
9. пт. Сцяпан. "На святога Сцяпана вышэй слуга за пана".
11. н. Хрост Пана.
13. а. Шчодрая куцця. Пачатак Шчодрага тыдня. "Мароз, хадзі куццю есці".
14. с. Васілле. Новы год па правасл. календары. "Сею, сею пасяваю, з Новым годам вас вітаю".
18. н. Трэцяя, Галодная, Вадапосная куцця. Апошнія дні Каляд. "Каляда ад'язджае".
19. п. Вадохрышча (Кшчэнне). "Святое Кшчэнне ваду ксціла…, свет ачысціла і ваду наверх пусціла", "На Ва-дохрышча завіруха - на Вялікдзень таксама".
20. а. Прывадохрышча - заканчэнне Каляд. Пачатак Малой вясельніцы (да посту).
24. сб. Аксіння. "Аксіння дарогу перамяце, а корм падмяце". Фядос. "На Фядоса цёпла".
25. н. Таццяна. Свята студэнтаў. Павел. "Вее вецер - будзе вайна".
31. сб. Апанас, Гусінае свята. Свята свойскай жывёлы. "Хавай нос у апанасаўскі мароз".
Люты
1. н. Ігнат. "На святога Ігната зіма багата".
2. п. Грамніцы, Стрэчанне. "Калі на Грамніцы нап'ецца певень вадзіцы, то на Юр'я наесца вол травіцы", "Грамніца - хлебу палавіца...". Ахвяраванне Пана.
5. ч. Агата. Каровіна свята. "Хлеб і соль святой Агаты не пусціць бяды да хаты".
6. пт. Паўзіміца Аксіння. "На Аксіні мяце". Дарота. "Па Дароце высахнуць хусты на плоце".
8. н. *Памінальніца. Памінальны тыдзень. Калі "вея" ў нядзелю, то авёс трэба сеяць на 9-м тыдні, калі ў паня-дзелак - то на 8-м, калі ў сераду ці чацвер - то пакідалі "дзесяцінкі дзве".
11. с. Ігнат. "Ігнат Грамніцам рад".
14. сб. Трыфан. "На Трыфана зорна - вясна позняя". Валянцін. Свята закаханых. *Рабы тыдзень, Малая вясельніца, Развітальны, Сырапусны тыдзень. Тыдзень перад Масленіцай. Які добры дзень на Масленным тыдні, у той дзень ад Іллі сеялі лён. Дзяўчаты вешалі "калодкі" не жанатым хлопцам.
15. н. Грамніцы, Стрэчанне. "Зіма з летам сустракала-ся...", "На Грамніцы палавіна зіміцы".
18. с. *Серада Папяльцовая (пач. Вялікага посту ў католі-каў). *Лысая серада. Праталіны-залысіны. Агата. Каровіна свята.
19. ч. *Блакітны чацвер. Тумановы дзень. *Крывы, Тлу-сты чацвер.
20. пт. *Дзедава пятніца.
21. с. *Масленыя Дзяды (Бабы). "Дзяды не зналі бяды, а нашы ўнукі зазналі мукі".
22. н. *Масленіца. "Масленіца ў "вятху" (пасля поўні) - дзяржы пшаніцу ў мяху, сей пшаніцу на ўсю руку". *Гуканне вясны. "Блаславі, Божа, зіму замыкаці, вясну загукаці". На Палессі вадзілі карагоды, " спявалі чырачку", насілі ёлку з вянком. Фаціння. Заступніца ад хвароб.
23. п. Валосы, Валосся. Свята жывёлы. "На Валосага бліны пяклі ці аладкі, каб былі валы гладкі".
24. а. Улассе. Свята жывёлы. "Аўлас на сыры лас". Мацей. "На Мацея дарога пацее", "На Мацея адліга - будзе мароз".
25. с. *Уступная серада. Каб урадзіў лён, мылі верацёны ці калаўроты, хадзілі ў карчму і пераскоквалі цераз пень.
27. пт. *Паласказуб. Першы дзень Вялікага посту. Паласкалі зубы гарэлкаю.
28. с. *Зборава субота. Абрад "споведзі дзежкі"
Сакавік
1. н. *Зборніца, Ізбор. Адзін з варыянтаў Новага года/лета ў час прыняцця Юліянскага летазлічэння. "Святы Ізбор упярод ступіць". Пачатак збору ў поле.
4. с. . Казімір. "Святы Казімір дровы сякець".
9. п. Янка, Паўраценне. Мядзведзь паварочваецца ў бяр-лозе на другі бок.
12. ч. Рыгор. "На святога Рыгора ідуць рэкі ў мора".
13. пт. Васіль Капальнік. Са стрэх капае.
14. с. Аўдоцця Вясноўка. Гуканне вясны. "На Аўдокі голы бокі". (1.03 - Новы год у мінулым, сакавіцкі калян-дарны стыль). "Святы Еўдакей … пераступ года".
15. н. Хвядот. "На Хвядота занос - усё сена знясе".
16. п. *Пачатак Храстовага тыдня. Пяклі "храсты".
17. а. Герасім Гракоўнік. "Герасім гракоў прыгнаў".
18. с . *Серадапосце. Выпякалі "храстцы".
19. ч. Язэп. "Святы Язэп сярод посту шлюб дае прахво-сту". "На Язэпа пагода - год ураджайны".
20. пт. Засеўкі. Абрад "жаніцьбы коміна". Вясновае раўнадзенства. Усход 7.17, захад 19.17. Святога Юзафа.
22. н. Саракі. Было Новым годам/летам. "Святыя Саракі наперад пайшлі". Свята птушак. Прылятае 40 выраяў. "Святыя Саракі ў поле саху валаклі". Прыска. "На святога Прыску праб'е лёд і пліска".
23. п. Пачатак *Пахвальнага тыдня. "Дзікая качка яйцом пахваліцца".
25. с. Рыгор. "На Рыгора зіма ідзе ў мора". Дабравеш-чанне, Звеставанне. "І птушка гнязда не кладзе". Прылёт бусла. Гуканне вясны. Было Новым годам. "Пер-ша свята - нова летца, Дабравешчанне зямлю сушыць".
26. ч. Міждабравешчыны (да 7 красавіка). Забарона на "запасванне" кароў.
27. пт. Арына. "На Арыну сей капусту ў расадніках".
29. н. *Вербніца, Пальмовая нядзеля. "Вярба б'е, не я б'ю".
30. п. Аляксей Цёплы. Дзень рыбалова. "На Цёплага Аляксея рыба ідзе на нераст, карова на верас, а бортнік на хвою".
31. пт. *Пахвальная пятніца. Мыццё дзежак. Палікарп. Пачатак бясхлебіцы.
Красавік
1. с. *Пахвальная (Мезіна) субота. Не грымелі кроснамі, каб гром не грымеў. Дар'я Вясенняя. Адбельвалі па-лотны. Прабуджэнне хатніка. У гэты дзень хлусілі, каб заблытаць хатніка. "Апрэль - нікому не вер".
2. ч - * Вялікі (Чысты) чацвер.
3. пт. * Вялікая пятніца.
4. сб. - Вялікая субота.
5. н. * ВЯЛІКДЗЕНЬ (у католікаў ). "Хрыстос з мёртвых паўстаў! - Сапраўды паўстаў!" *Вербніца.
6. п. Пачатак *Вербнага тыдня. Камаедзіца. Свята мядзведзя. Дабравеснік. Пяклі пірагі "буславы лапы". Пачатак *Белага, Вялікага, тыдня. *Чысты панядзелак. Бялілі і мылі ў хаце.
7. а. Дабравешчанне. "Дабравешчанне без ластавак -халоднае лета". Абрад "Страла". *Чысты аўторак. Каб на людзей і "гаўядо" не напала "парша", трэба ўсё мыць.
8. с. Благуста. "На Благусту сей капусту". *Дравяная страсць. Мыюць усё дравяное. * Божай Міласэрнасці.
9. ч. *Чысты чацвер. Лазня. Абрад мыцця дзежкі. Матрона. "На Матрону шчупак хвастом лёд разбівае".
10. пт. *Чырвоная, Велікодная, пятніца. Сеялі гарох.
11. сб. *Вялікая, Чырвоная, субота. Фарбавалі яйкі. Канец Вялікага посту.
12. н. *ВЯЛІКДЗЕНЬ (у праваслаўных). "Хрыстос уваскрос! - Сапраўды ўваскрос!". Быў Новым годам. "Першае свята - свята Вялікадня". * Праводная нядзеля.
13. п. Працяг *Велікоднага тыдня. "Першы дзень пірагі маюць, а сярэдні пагуляюць, а апошні дзень вы-праўляюць".
14. а. Мар'я. Калі ў ясную ноч прыбывала вада, то суха будзе ў жніво на хлебнай ніве.
15. с. *Градавая серада. Праводны, Мёртвы, тыдзень. "Пайшла зіма да Кіева, а лета нам пакінула".
16. ч. Мікіта. "Калі на Мікіту крыгаход, то няма ні клёву, ні лову рыбаловам". Свята Божай Міласэрнасці.
*Людавы дзень. Раней у Віленскай губерні білі і качалі яйкі з лубкоў, гушкаліся на арэлях. *Вялікадне мёртвых (Наўскі Вялікдзень, Мёртвы Вялікдзень, Наўскі чацвер). Дзень памінання на могілках. Хлопцы і дзяўчаты абліваліся вадою.
17. пт. *Прашчэнне. Абліваліся вадою.
19. н. *Праводная нядзеля. "Ідзі, зіма, да Кучава, як ты нам надакучыла".
20. п. *Радаўнічныя Дзяды.
21. а. *Радаўніца. "На Радаўніцу да абеду пашуць, па абедзе плачуць, а к вечару скачуць". Руф. Руф рушыць снягі.
23. ч. Юры. (Новы год па задыяку). "Першае святца - святы Юр'я", "Як зязюля закукуе за 12 дзён да Юр'я на "голы" лес, то не чакай ураджаю, і будзе хварэць жывёла". Войцах. "Святы Вайцеху выпусціў жаўранка з меху".
24. пт. Анціп - ахоўнік зубоў.
25. с. Марк. "Дождж на Марка, дык зямля як скварка".
28. а. Пуд. "Пуд снег пужне".
29. с. Арына. "На Арыну сей капусту".
30. ч. Зосім - ахоўнік пчол. Андрыянава ноч, Андрэй. Ноч дзявочай варажбы і чараўніцтва.
Травень (Май)
1. пт. Кузьма. "Май Кузьма з морквінай сустракае, а Пахом з гурком".
3. н. *Міраносцы. "На Міраносця п'яныі бабы цігаюць адна адну за валосця".
4. п. Пачатак *Пераплаўнага, Чарвівага, тыдня. Не трэба садзіць, бо заядуць чэрві.
5. а. Ляльнік. Свята Лялі - дачкі Лады.
6. с. *Градавая, Пераплаўная, серада. Засцярогі ад граду і дажджу. Юр'е. Свята жывёлы. "Як дождж на Юр'я - хлеб будзе і ў дурня". Абрад "Страла".
7. ч. Алісей. "Прыйшоў Алісей - авёс пасей". Бабскія розбрыкі. Скокі жанчын і качанне па зямлі дзеля ўрадлівасці.
8. пт. Марк. "Дождж на святога Марка - дык зямля, як скварка". Станіслаў. "Сей гуркі на Станіслава - выра-стуць на славу".
10. н. Ярылавіца. Свята Ярылы.
13. с. Якуб. "На Якуба грэе люба".
14. ч. * Ушэсце. Унебаўшэсце Пана. Макарэй. Абрады ля вады.
15. пт. Барыс. Апякун поля і жывёлы.
18. н. Свята агляду жыта. Арына Расадніца. Дзень высаджвання расады ў Паазер'і.
20. с. Антоній. "На святы Антоній сей авёс для коней, а як удасца, дык і прадасца".
21. ч. *Ушэсце. Абрад "Страла". Іван Веснавы. Апякун земляроба. "На Івана каласок, а на Пятра піражок".
22. пт. *Градабойцы, Ледавіты дзень (Віленская губ.). Мікола Веснавы. Свята пастухоў. Алёна. "Сей лён на Алену, будзе кашуля па калена".
23. с. Зілот. "Сей пшаніцу на Зілота, і яна будзе як злота".
24. н. *Сёмуха, Спасланне Святога Духа. Свята зелені. "На Духа будзе цёпла і суха". Макей. "Мокра на Макея - і лета не прасушыць". Кірыла і Мяфод. Калі дзень мокры - і лета будзе мокра.
25. п. Епіфан. "На Епіфана раніца ў чырвоным каптане, неба з барваю - гарачае лета".
27. с. *Градавая серада. Сідары. "Прыйшлі Сідары - прыйшлі і сіверы".
28. ч. . Пахом. "Святы Пахом павее цяплом". "Сей агуркі на Пахом - будзеш насіць мяхом". * Пана нашага Езуса Хрыста, Найвышэйшага і Вечнага Святара (адзначаецца заўсёды ў чацвер пасля Спаслання Духа Святога)
29. пт. Магдалена. Зязюльку прысылае.
30. сб. *Сёмушныя Дзяды. *Духавая субота, Зялёная субота.
31. н. * Найсвяцейшай Тройцы. Шэсць дзеў. "Лён сей позні". Канапелька Матруна. "У зямлю махнула". Фядот. "Як на дубе апушка - у Фядота поўна аўсу кадушка". *Сёмуха, Тройца. Культ продкаў і расліннасці. "Павядзём Куста пад гай зялёненькі...".
Чэрвень
2. а. Тры пакутнікі. "Няма лета, але пасля іх не бывае зімы".
3. с. *Градабой, Серада Русаль. Здабывалі з ясеня святы агонь. Алёна, Ульяна. Дзень ільну.
4. ч. * Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста (Божага Цела). Васіліск. "Ад Васіліска і салавей блізка".
5. пт. *Русальніца, Іван ды Мар'я. Праводзіны вясны. "На Граннай нядзелі Русалкі сядзелі...". Дзень Ефрасінні Полацкай. Хадзілі ў Полацк пакланіцца і абракацца.
6. сб. *Конскі Вялікдзень. Свята коней.
7. н. Ян. "Рой перад Янам - пчаляр будзе панам".
8. п. * Цела і Крыві Хрыста, Зелянок. *Наўская Тройца, Абліваха. Памінанне.
11. ч. *Дзявятнік. Перавод уніятаў у праваслаўе. "Дзеў-яць ягодзін на ветцы".
12. пт. - Найсвяцейшага Сэрца Езуса. *Дзевятуха. Дзень ад навальніцы.
13. сб. Ерамей. Антоній. "Антоні, аддай коні".
14. н. Юстын і Харытон. "Юстын цягне ўверх каноплі, а Харытон - лён". *Русальчыны розыгры. Засцерагаліся рос. *Пятроўскія запускі. Развівалі вянкі.
15 п. *Пятроўка (Петравіца) Пятроўскі пост да 11 ліп. Пятроўка-галадоўка.
16. а. Лук'ян. Паўднёвы вецер на Лук'яна - на добры ўраджай яравых.
18. ч. *Дзясятнік. " Дзесятнік гнаі возіць".
19 . пт. *Дзясятка. "Косы точыць", "Жыта паспявае".
21. н. Летняе сонцастаянне (з 20.06 да 22). Даўжыня дня - 16.50. Усход - 4.46, захад - 21.36 Тодар. "На Тодара раса - канапель паласа".
22. п. Кірыла. Пачыналі касавіцу ў Паазер'і.
23. а. Купала. У старажытн. - Новы год/лета.
24. с. Ян Купальны (Нараджэнне святога Яна Хрысціцеля). "Сонца грае".
25. ч. Анапрэй. "Хто на Нупрэя пасее грэч, той будзе бліны печ".
26. пт. Акуліна Грачышніца. Сеялі грэчку. Задзярыхвост.
28. н. Амос. "Прыйшоў Амос - цягне ўгору авёс".
29. п. Ціхан. "Пеўчыя птушкі заціхаюць". Святых апосталаў Пятра і Паўла, Пятрок. "Да Пятра зязюльцы кукаваці", "Прыйшоў Пятрок - апаў лісток, прыйдзе Ілья - ападуць і два".
Ліпень
6. п. Купалле. Свята Сонца і кахання. "Дзень адбаўленне, ночы прыбаўленне".
7. а. Іван Купала. "Учора была Купала, а сёння Іван".
10. пт. Самсон. "На Самсона дождж - сем тыдняў то ж". Сем братоў. "Сем братоў варожаць, колькі тыдняў пагоды".
12. н. Пятро. Свята заканчэння Купалля.
13. п. Паўпятро. Дзень талакі. Сымон і Юда. "На Сымана й Юды конь баіцца груды".
14. а. Кузьма і Дзям'ян. Свята кавалёў. "Святы Пятро жыта спеліць, св. Кузьма сярпы робіць, а св. Дзям'ян сена грабе".
17. пт. Андрэй. "Авёс у світцы, а на грэчцы і кашулі няма". "Андрэй усіх мудрэй".
18. сб. Свята Месяца. "Месяц гуляе".
21. а. Казанская. Пракоп. "Пракоп бок прыпёк". Данат. "Святы Данат коскі вострыць".
25. сб. Прокл. Засцерагаліся вялікіх рос. Якуб. "На Якуба хлеба поўна губа".
26. н. Гаўрылей. Засцеражэнне ад граду. Ганна. Снапы кладзе.
29. с. Афінаген. Заціхаюць птушкі.
31. пт. Серпавіца, Шыпілінка (пятніца перад Іллёю). Дзень "зазубрывання" сярпоў.
Жнівень
1. сб. Макрыны. "Глядзі восень па Макрыні".
2. н. Ілля. Свята дажджоў і навальніц. "Ілля нарабіў гнілля", "Укінуў у ваду кусок ільду".
4. а. Мар'я. "Магдалена - вады па калена".
6. ч. * Перамянення Пана. Барыс Палікоп. "Барыс і Глеб - паспеў хлеб".
7. пт. Ганны. "Святы Ганны бабкі стаўляюць".
9. н. Палікоп. Паліць копы. Панцеляймон. Сцаляў ад хва-роб галавы.
11. а. Лаўрын. "На Лаўрына спяшай да млына".
12. с. Сіла. Жыта сей.
14. пт. Макавей, Першы Спас. Свята маку і мёду. Спасаўка. Пост да 28 жніўня.
15. с. Базыль. "Базыль авечкам воўну дае". Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі. Прачыстая, Зельная. "Прыйшла Прачыста - стала поле чыста".
16. н. Антоны Віхравеі. Рох. "Кірмаш на паненак".
17. п. Еўдакія. Агуркі збірае.
19. с. Яблычны Спас. Свята садавіны.
23. н. Лаўрэн - свята млынара.
24. п. Баўтрамей. "Св. Баўтрамей высылае буслоў па дзяцей". "Прыйшоў Баўтрамей - жыта на зіму сей".
27. ч. Міхей. Выспяваюць брусніцы.
28. пт. Прачыстая. Свята ўраджаю.
29. с. Трэці Спас. Свята хлеба. Ян. "Ян на лета прыйшоў, а ўжо восень знайшоў".
30. н. Міроны Ветрагоны. "Пыл па дарозе гоняць, па прыгожым леце стогнуць".
31. п. Флор і Лаўр. Свята коней. Арабінавыя дзень і ноч. "Сухая" навальніца, дождж.
Верасень
5. сб. Лупа. "Сей на Лупа - будзе жыта купа".
7. п. Баўтрамей. "Жыта на зіму сей".
8. а. Нараджэнне Божай Маці. Багач. Другая Прачы-стая. "Меншая Прачыста - канчай сеяць начыста".
10. ч. Мацей. Абаронца ад п'янства.
11. пт. Калінавік, Іван Крываўнік.
13. н. Кіпрыян. Журавель збіраецца ў вырай.
14. п. Сымон. Абрад "жаніцьбы коміна". (Асенняе Навалецце/Навагоддзе з 1493 г.). Закрыванне зямлі. Бабіна лета. Узвышэнне Святога Крыжа. Узвіжанне.
19. с. Цуды, Міхал. "Міхал з поля спіхаў".
21. п. Багач, Нараджэнне Божае Маці. Свята заканчэння ўборкі збожавых. Засідкі.
22. а. Асенняе раўнадзенства. Усход - 7.01, захад - 19.02.
24. ч. Тадора. "На Тадору ўсякае лета заканчваецца".
26. с. Стаўроўскія Дзяды.
27. н. Звіжанне. Свята закрывання зямлі на зіму.
29. а. Святых Арханёлаў Міхала, Габрыэля і Рафала. "Калі на Міхала з поўначы вецер вее, то не май на надвор'е надзеі". Сіцыян. "Святы Сацыян ды ляны пасцілаў"
Кастрычнік
2. пт. Зосім. Журавіны на Зосіма ўздымаюцца - мароз на Пакровы вытне.
3. сб. Астап, Астаф'я. Прыкметы па ветры.
4. н. Пранцішак, Францішак. "На Пранцішка зярнят шукае ў полі мышка".
8. ч. Сяргей. Жалезны тыдзень.
9. пт. Іван Шаптун, Іван Кураед, Багаслоў. Шапталіся свахі пра нявест.
14. с. Пакровы, Трэцяя Прачыстая. Вясельная пара. "Свята Пакрова, пакрый зямельку лісточкам, а галоўку - вяночкам". "Пакровы - зарыкалі каровы". Дзявоцкае лета (па 21.10). Прымалі "ў дзеўкі" сябровак.
21. с. Трыфан, Палагея. "Золкім ветрам вее". Зміцер. "Да Змітра дзеўка хітра".
25. н. Марцін - свята млынароў.
28. с. Сымон і Юда. "Сымон з Юдаю працу ў полі канчаюць, хаты аглядаюць". Параскева Пятніцкая. Забарона на прадзенне.
29. ч. Лонгін. Збавіцель ад хвароб вачэй.
30. пт. Паклоны. Дзень адбівання паклонаў.
31. сб. Лука. "Хто сее да Лукі, не будзе мець ні хлеба, ні мукі". Дзень іканапісцаў. Юльян - ахоўнік дзяцей.
Лістапад
1. н. Усе святыя. Памінальны дзень.
2. п. Дзяды, Задушны дзень. Памінальны дзень.
4. с. Казанская. Дождж ці снег. Асяніны, Змітраўскія Дзяды. "Святыя дзяды, завём вас...".
8. н. Зміцер. "Да Змітра дзеўка хітра". Канец надзеі выйсці замуж у гэтым годзе.
9. п. Тодар. "На Тадора поўна камора".
10. а. Параскі. Апякунка жанчын і рукадзелля.
11. с. Настуся. Настуся стрыжэ авечкі. Марцін. "Мя-дзведзь кладзецца ў бярлогу".
12. ч. Артошка. Пачатак прадзення.
14. сб. Кузьма-Дзям'ян. Апякун земляробства, кавалёў і вяселля.
21. сб. Міхайлаў дзень. Абаронца ад грому. Мядзведзі ідуць у спячку.
22. н. Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету Матрона. "З Матроны становіцца зіма".
24. а. Хвёдар Студзянец. "Хвёдаравы вятры галоднымі ваўкамі скуголяць".
25. с. Іван Міласцівы. Дзень падарункаў. Кацярыны. "Кацярына забрала лета".
26. ч. Хрыста Валадара.
27. пт. Юстыніян. Апякун плоднасці і дзяцінства. Піліп. Пярэдадзень Піліпаўскага посту (да 7 студзеня).
28. сб. Піліпаўка - перадкалядны пост.
29. н. І нядзеля адвэнту. Мацей. "На Мацея зіма пацее".
30. п. Андрэй. Дзявочае свята.
Снежань
3. ч. Адвэнт. Перадкалядны пост.
4. пт. Увядзенне. Водзяцца ваўкі. Барбара. "Барбара ноч урвала, а дзень надтачыла".
5. сб. Пракоп. Савы. "Барбара мосціць, Сава цвікі войстрыць, а Мікола прыбівае".
6. н. Матрыхваны. Не пралі. Мікола. "Хвалі зіму па Міко-ле".
7. п. Кацярыны. "Забрала край лета".
8. а. Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.
9. с. Юр'е Зімовы. Юра мосціць. Ганны. "Ад Ганны да Каляд - два тыдні і два дні".
13. н. Андросы, Андрэйкі. Варажылі.
14. п. Навум. Наставіць на вум.
17. ч. Варвары. "Мікола і Варвара ноч урвалі".
18. пт. Савы, Міколін бацька. "Сава мосце, а Мікола гвоздзе".
19. с. Мікола Зімовы. "Без Міколы не бывае ні зіма, ні лета". "Мікола марозам гвоздзіць".
22. а. Зімовае сонцастаянне. Усход 9.33, захад 16.43. Даўжыня дня 7.10 . Ганны. "Ганны - прыбавіцца багата дня", "Ганкі - палічаны дзянькі".
24. ч. Посная куцця. Пачатак Каляд (да 6 студз.).
25. пт. Спірыдон Сонцаварот. Божае Нараджэнне. Было Новым годам. "Свята Ражаство упярод пашло, новы гадок павёў радок".
26. сб. Сцяпан. "Кожны сабе пан".
27. н. - Святой Сям'і.
31. ч. Марк. "Марка да Варка - няхай будзе парка". Багатая куцця, Шчадрэц. Сільвестр. Варажылі дзяўчаты.
95 гадоў з дня нараджэння беларускага мовазнаўца Івана КРАМКО (1931- 2014)
Нарадзіўся Іван Крамко 4 студзеня 1931 года ў в. Беражна Наваградскага павета. Падчас вайны партызаніў. Пасля заканчэння сярэдняй школы ў 1950 г. паступіў на філалагічны факультэт БДУ, які закончыў у 1955 годзе. У тым жа годзе паступіў у аспірантуру Інстытута мовазнаўства імя Я. Коласа АН БССР. У 1970 г. яму было прысвоена званне старшага навуковага супрацоўніка.
Займаўся самымі рознымі аспектамі гісторыі беларускай мовы. Плёнам яго шматгадовай дзейнасці сталі звыш ста трыццаці навуковых прац.
Прымаў удзел у рабоце VII Міжнароднага з'езда славістаў (Варшава, 1973).
Але адной з найгалоўнейшых спраў ў навуковым жыцці стала праца над "Гістарычным слоўнікам беларускай мовы" ў 37-мі выпусках. Паводле СМІ.
"Чарговая гісторыя, сабраная па дробках". Сустрэча з лідскім пісьменнікам
Лідскія літаратары - частыя госці ў бібліятэцы сярэдняй школы №11 г. Ліды. Напярэдадні святаў на чарговую сустрэчу з вучнямі дзявятага чыгуначнага класа ў літаратурную гасцёўню завітаў пісьменнік і адзін з самых таленавітых даследчыкаў гісторыі нашага горада, выпускнік нашай школы Леанід Лаўрэш. Менавіта яго намаганнямі адноўлены многія важныя старонкі мінулага Ліды і Лідчыны.
На гэты раз Л. Лаўрэш прадставіў свае новыя кнігі: "Гісторык Юстын Нарбут", "Выхаванкі князёў Чартарыйскіх з-пад Ліды", "Лідскі замак. Кароткая гісторыя" і ўласны пераклад кнігі Ігната Ходзькі "Баруны".
Зразумела, што найбольш увагі было нададзена кароткай гісторыі пра Лідскі замак. Тут і пачаткі Ліды, і пачаткі Лідскага замка, лёс замка ў розныя стагоддзі, рэканструкцыі замка ў розныя часы і, вядома, самыя галоўныя легенды пра замак, надрукаваныя ў свой час лепшым знаўцам лідскай гісторыі ХХ стагоддзя Міхалам Шымялевічам.
Госць адказаў на шматлікія пытанні вучняў. У тым ліку распавёў пра тое, што натхніла яго на першыя краязнаўчыя артыкулы і выданне першай кнігі "Ліда на старых малюнках, паштоўках, фотаздымках" у суаўтарстве з У. Круцікавым.
А сёння Леанід Лаўрэш з'яўляецца аўтарам шматлікіх артыкулаў і 23 кніг, пры чым не толькі па гісторыі Лідчыны. Напрыклад, з пад яго пяра выйшла кніг "І зорнае неба над галавой…Нарысы з гісторыі астраноміі".
Як заўжды, аўтар падарыў свае новыя кнігі бібліятэцы роднай школы.
Тамара Зенюкевіч, загадчык бібліятэкі СШ № 11 г. Ліды.
Новае выданне
Альманах гарадзенскіх літаратараў
Выйшаў з друку 14-ы гарадзенскі літаратурны альманах "Новы замак". Ён даволі багаты на разнастайныя па жанры і змесце літаратурныя творы пісьменнікаў Гарадзеншчыны.
Альманах распачынаецца паэтычнымі творамі Святланы Адамовіч, Дануты Бічэль, Рычарда Бялячыца, Уладзіміра Васько, Міколы Канановіча, Альжбеты Кеды, Віктара Сазонава, Станіслава Судніка, Янкі Трацяка.
Святлана Адамовіч у сваіх вершах-мініяцюрах разважае пра наша жыццё з праблемамі, радасцямі і, вядома ж, з каханнем:
Згубілася доля
Без кроплі кахання.
Данута Бічэль - самая вопытная і найстарэйшая паэтка нашага краю. Яе новыя вершы пра Вільню з Зоськай Верас, з Гедымінам, з Лукішкамі і з "Нашай нівай". Паэтка шчыра піша пра Вострую Браму, пра Віленскую Кальварыю. Яна сцвярджае, што
Маці Божая нас прытуляе
Да нябёсаў у вострай Браме.
Паэт Рычард Бялячыц са Шчучына ў сваіх творах адлюстроўвае самыя розныя тэмы, разважае ён пра Айчыну і раяль, пра музыку і палац. У альманаху надрукавана яго паэма, якая так і называецца "Палац".
Старэйшы лідскі паэт Уладзімір Васько ў паэтычных радках успамінае мінулае, напоўненае каханнем, хвілінамі радасці і самоты:
Збоч мяне не праходзіць нішто -
Ні вялікае. Ні благое.
Я - увесь з гістарычных пластоў,
Я між геніяў і ізгояў.
Вершы Міколы Канановіча найперш прысвечаны беларускай глыбінцы, вёсцы, зямлі, прыродзе:
І верыцца, як заўжды,
У шчасця пазалоту.
І жыць нам хочацца тады
Ў мароз, і ў дождж, і ў слоту.
Альжбета Кеда знаёміць чытачоў з амерыканскім цыклам вершаў, а ў вершах Віктара Сазонава - жыццёвыя развагі пра нашае пакаленне, пра зло і дабро:
Але ўрэшце выйдзе,
Як заўжды было,
Зло калісці прыйдзе
І панішчыць зло.
Станіслаў Суднік любіць Лідчыну бясконца, таму часцей за ўсё аўтар вяртаецца ў гісторыю Лідскай зямлі, асабліва любіць і ўшаноўвае вялікага князя Гедыміна. Гэта пацвярджае і яго паэтычны твор "Лідскі сон Гедыміна, альбо Паданне пра заснаванне Ліды". Паэт вялікі аптыміст:
І няхай вакол скуголяць
Прыхадні ваўкамі,
Нас ім болей не адолець, -
Бог і Ліда з намі.
Разважае пра Бога ў сваёй вершаванай падборцы і Янка Трацяк, які спадзяецца, што
Чулай малітваю, сэрцам натхнёным
Вымаліш, можа быць, лепшую долю…
Празаічны раздзел пазнаёміць чытачоў з творамі Рычарда Бялячыца, Уладзіміра Васько, Альжбеты Кеды, Віктара Сазонава, Янкі Трацяка і Сяргея Чыгрына.
Галіна Самойла ў раздзеле "Літаратуразнаўства" распавядае пра формы вершаў у кнізе "Зоркі над Маўклівай адзінотай, або Сама сабе крытык".
Разнастайная ў "Новым замку" літаратурная спадчына, дзе надрукаваныя творы Юры Карэйвы, Юры Гуменюка, Андрэя Пяткевіча, Едруся Мазько і іншых аўтараў. Таленавітыя хлопцы Гарадзеншчыны рана пакінулі гэты свет, але засталася іх моцная паэзія, якую даўно трэба выдаваць асобнымі зборнікамі, бо многія іх паэтычныя творы смела можна адносіць да хрэстаматыйных. Ну, напрыклад, вось гэтыя строфы з асобных вершаў:
***
Усе мы выйдзем, як адзін!
Вось толькі б выйсці,
Толькі б выжыць…
А там, нарэшце, --
Паглядзім!.. (Юры Карэйва).
***
Змрочна ў лесе вечарам.
Птушкі чагось заенчылі.
Дрэвы скрыпяць зубамі.
Сталі кусты ваўкамі.
Свяцяцца вочы нечыя:
Змрочна ў лесе вечарам. (Андрэй Пяткевіч).
Валянцін Дубатоўка і Леанід Лаўрэш прыгадалі пра краязнаўца Валерыя Петрыкевіча з Дзятлава і пра страчаныя цывілізацыі Гайцюнішкаў і суседніх Падварышкаў з Воранаўскага раёна.
Памяці паэта Мечыслава Курыловіча надрукавана падборка яго вершаў, а таксама шэраг матэрыялаў альманах друкуе з нагоды 115-годдзя Апанаса Цыхуна, пра якога цікава напісалі Пётр Цыхун, Іван Буднік, Сяргей Чыгрын.
З усмешкай чытачы прачытаюць новыя байкі Уладзіміра Васько з Ліды, а таксама пазнаёмяцца з кніжнымі навінамі літаратараў Гарадзеншчыны.
Міхась Акулка.
БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Станіслаў Суднік
Колеры і масці ў Лідзе і ў астатняй Беларусі
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Колер валасоў
Колер валасоў вызначаецца ўтрыманнем у іх двух пігментаў - эўмеланіна і феамеланіна. Феамеланін мае чырванаватае адценне і, у адрозненне ад цёмнага і крупчастага эўмеланіну, яго малекулы не ўтвараюць гранул (размеркаваны дыфузна). Калі сінтэзуецца вялікая колькасць эўмеланіну, то колер валасоў становіцца цёмным - карычневым (калі ў дастатковай колькасці прысутнічае феамеланін) ці чорным (калі феамеланіну мала ці няма зусім). У выпадку меншай выпрацоўкі эўмеланіну валасы набываюць русыя адценні (з цёплым рудаватым адлівам, калі феамеланіну шмат, і халодным - калі яго мала). Руды колер валасоў - вынік вельмі вялікай колькасці феамеланіну і амаль поўнай адсутнасці эўмеланіну. Светлымі валасы становяцца, калі феамеланін сінтэзуецца ў параўнальна малых порцыях, а эўмеланін практычна не выпрацоўваецца. Папялістыя і светла-шэрыя тоны валасоў назіраюцца ў выпадку дэфіцыту як эўмеланіну, так і феамеланіну.
Прычыны пігментацыі валасоў
Колер валасоў вызначаецца ўтрыманнем пігменту ў клетках коркавага пласта воласа, што залежыць ад шматлікіх фактараў, самымі галоўнымі з якіх з'яўляюцца генетычныя і эндакрынныя. Абодва пігменты сінтэзуюцца адмысловымі клеткамі (меланацытамі) у адпаведнасці з генетычнай праграмай.
Актыўнасць меланацытаў нераўнамерная па масе валасоў, таму асобныя валасы аднаго чалавека адрозніваюцца па адценні, што і надае валасам натуральны выгляд у адрозненне ад валасоў, афарбаваных раўнамерна штучным спосабам. З часам актыўнасць клетак, якія вырабляюць пігмент, падае, і валасы сівеюць.
Пры парушэнні сінтэзу меланіну ўзнікае альбінізм. Пры гэтым не толькі валасы становяцца бясколернымі, але абескаляроўваюцца і ўсе скурныя пакровы, вясёлка вачэй (становіцца чырвонай з-за капіляраў, якія прасвечваюцца ) і г. д. Расліны і жывёлы, якія не сінтэзуюць фарбавальныя пігменты, завуцца альбіносамі.
Колер валасоў чалавека
Для вызначэння колеру валасоў створаны адмысловыя шкалы з прамых натуральных або штучных валасоў. У наш час ужываецца распрацаваная В. В. Бунакам шкала, заснаваная на дакладным вызначэнні розных адценняў з разбіўкай па даўжыні хвалі ўсёй гамы каляровасці на тры шэрагі: чырванавата-памяранцавы, жаўтлява-памяранцавы і папялісты. Таксама колер валасоў вызначаюць пры дапамозе спектрафотаметрыі адлюстраванага святла ці колераметрыяй раствораў з пігментнымі выцяжкамі.
У штодзённым разуменні вылучаюць бландынаў (белыя, жоўтыя), рудых (рыжыя і ўласна рудыя), шатэнаў (каштанавыя, цёмна-русыя) і брунетаў (чорныя).
Брунеты
Брунетамі (фр. brunet - "цёмнавалосы", "карыч-невавалосы", ад лац. brunus - "карычневы") завуць людзей з чорным колерам валасоў. Калі сінтэзуецца вялікая колькасць эўмеланіну, а феамеланіну вельмі мала ці зусім няма - колер валасоў становіцца цёмным (карычневым, чорным ці цёмна-русым). Цёмны колер - найболей распаўсюджаная ў людзей афарбоўка валасоў. З'яўляецца дамінантнай прыкметай, сустракаецца ў прадстаўнікоў усіх рас і нацыянальнасцяў. Валасы брунетаў адрозніваюцца адмысловым бляскам. Чорны колер можа мець дадатковыя адценні: ад карычняватага да сінявата-чорнага. На сонцы такія валасы могуць адліваць срэбна-блакітным. Большасць людзей, якія пражываюць за межамі Еўропы, маюць чорны ці карычневы колер валасоў. Сярод еўрапеоідаў цёмны колер валасоў з'яўляецца пераважным у краінах Паўднёвай Еўропы, Пярэдняй Азіі і Паўночнай Афрыкі, па-за залежнасцю ад этнамоўнай прыналежнасці індывідаў. Паўночней гэта афарбоўка вельмі распаўсюджана сярод кельтаў (у Ірландыі цёмнавалосых людзей так і завуць - Black Irish, ці Чорныя ірландцы). Брунеты складаюць прыкметную частку насельніцтва і ў Вялікабрытаніі, а таксама ў розных рэгіёнах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. У Беларусі чыстымі брунетамі былі яцвягі. Іхнія нашчадкі да нашага часу захоўваюць гэтую адметнасць.
Рудыя
Перавага феамеланіну надае валасам руды колер (найболей аднастайны і "чысты", дзякуючы мінімуму змешвання пігментаў). Рудыя валасы з'яўляюцца часцей за ўсё ў людзей з дзвюма копіямі рэцасіўных алеляў на 16-й храмасоме, якая вырабляе змененую версію MC1R бялку. Руды колер валасоў сустракаецца досыць рэдка: 1% насельніцтвы Еўропы і 0,2 % у чалавечай папуляцыі ў цэлым. У свой час руды колер валасоў быў даволі распаўсюджаны, да прыкладу шмат качавых народаў былі рудымі (скіфы, сарматы, рудымі былі жыхары Туркестана, некаторыя роды хунну, манголаў і цюрак). У наш час рудавалосыя сустракаюцца часцей за ўсё ў Паўночнай і Заходняй Еўропе. Шатландыя мае самую высокую долю рудых (13 %), далей Ірландыя (10 %). Злучаныя Штаты маюць самае шматлікае насельніцтва рудых у свеце; 2 % насельніцтва. У Расіі пояс рудых валасоў праходзіць ва Удмуртыі, чые жыхары справядліва лічацца самым рудым народам Еўропы. Рудыя валасы вар'іруюцца па колеры ад бардовага і "згарэлага" памяранцавага да яркага колеру медзі, ад венецыянскага бландына да бронзавага. У рудых, як правіла, светлая скура, зялёныя вочы, вяснушкі, і маецца адчувальнасць да ўльтрафіялету. Культурныя рэакцыі сярод розных народаў на рудавалосых вар'іраваліся ад насмешак да захаплення; шматлікія агульныя стэрэатыпы існуюць сярод розных народаў свету адносна рудых дагэтуль.
Руды колер валасоў сустракаецца досыць рэдка, што робіць магчымым такое незвычайнае мерапрыемства, як "сусветная сустрэча рудавалосых". У 2009 годзе такая сустрэча праводзілася ў нідэрландскім горадзе Брэда. Арганізатары чакалі каля 4000 удзельнікаў з 36 краін.
Бландыны
Бландыны (фр. blondins, blondines ад blond "бялявы, папялісты, светлавалосы") - людзі, валасы якіх маюць жоўты, белы колер ці іх адценні. У шэрагу еўрапейскіх моў сюды ж адносяць светла-карычневы колер, званы русым. У краінах Паўночнай Еўропы больш за 80% насельніцтва маюць светлыя валасы. Найболей светлыя валасы распаўсюджаны ў Фінляндыі і Швецыі. Большасць расійскіх бландынаў таксама пражывае на поўначы: у Карэліі, у Мурманскай і Архангельскай абласцях. Больш паловы насельніцтва гэтых тэрыторый - натуральныя бландыны. Светлыя валасы таксама сустракаюцца ў некаторых аўстралійскіх абарыгенаў, асабліва ў дзяцінстве.
Шатэны
Шатэны (ад фр. chаtain - "каштанававалосы", chаtaignier - "каштан") - уладальнікі цёмна-карычневых, каштанавых валасоў. Паміж чорным і русым. З'яўляецца другім найболей распаўсюджаным колерам валасоў чалавека, пасля чорных валасоў. Колер валасоў вар'іруецца ад светла-карычневага (цёмна-русага) да амаль чорнага. Ніткі валасоў таўсцей, чым у светлых, але танчэй, чым у рудых валасоў. Людзі з карычневымі валасамі часта завуцца брунетамі, хоць правільна іх зваць шатэнамі. Карычневы колер валасоў з'яўляецца распаўсюджаным сярод насельніцтва ў заходнім свеце, асабліва сярод жыхароў Цэнтральнай Еўропы, Паўднёвай Еўропы, Азіі, Паўднёвага конусу, Злучаных Штатаў Амерыкі, а таксама некаторых груп насельніцтва ў Вялікім Блізкім Усходзе, дзе адценні валасоў плаўна пераходзяць у чорныя валасы. Карычневы колер валасоў распаўсюджаны сярод аўстралійскіх абарыгенаў і меланезійцаў. Шатэны таксама распаўсюджаны ў Цэнтральнай і Паўднёвай Афрыцы.
Русыя
Светла-карычневы колер з шараватым, рудаватым ці жаўтлявым адценнем адносяць да катэгорыі русы.
У выпадку меншай выпрацоўкі эўмеланіну валасы набываюць русыя адценні (з цёплым рудаватым адлівам, калі феамеланіну шмат, і халодным шэрым - калі яго мала). Абазначае колер, які ўключае дыяпазон адценняў, што ляжаць на скрыжаванні бландына і шатэна. У тлумачальным слоўніку жывой вялікарускай мовы Уладзіміра Даля тлумачыцца як карычневы, светла-буры, сярэдні паміж чорным, карым і белым колерам валасоў. Адносіцца да катэгорыі светлых валасоў. Шырока распаў-сюджаны ва Усходняй Еўропе (Польшча, Беларусь, Украіна, Расія). Падпадзяляецца на светла-русы (сярэдні бландын), сярэдне-русы (цёмны бландын) і цёмна-русы (светлы шатэн). Русыя валасы з'яўляюцца адной з антрапалагічных асаблівасцяў славянскіх народаў. Старажытных славян антычныя аўтары Усходу і арабы апісвалі як людзей высокіх, стройных, румянатварых, яснавокіх (шэравокіх) з валасамі светла-карычневага ці ж светла-рудога колеру, які параўноўвалі з мядовым колерам або медным, часам з колерам свежага піва, гэта значыць бурштынавага колеру. Рымскія аўтары пра першых сустрэтых імі славян паведамлялі, што валасы іх не зусім светлыя, не бялявыя, але і не зусім цёмныя - русыя. Зайцу-русаку далі мянушку русак, бо колер яго скуркі светла-карычневы, падобны да колераў класічнага паняцця русых валасоў. У рускіх народных казках валасы дзяўчат набываюць адмысловае сакральнае значэнне. Доўгія, галоўным чынам русыя, валасы галоўнай гераіні з'яўляюцца адным з галоўных атрыбутаў яе прыгажосці.
Сівыя
Серабрысты ці белы колер валасоў, выкліканы адсутнасцю больш за 70 % меланіну ў пігментацыі.
Як правіла, з узростам, або пад уздзеяннем унутраных фактараў (напрыклад, альбінізм), валасы змяняюць сваю структуру. Парушаецца выпрацоўка меланіну, з'яўляецца вялікая колькасць паветраных бурбалак. У выніку валасы набываюць серабрыста- ці жаўтлява-белае адценне.
Акрамя таго, клеткі валасоў чалавека вырабляюць малекулы перакісу вадароду, і чым старэй становіцца чалавек, тым больш яго выдзяляецца. Такім чынам, валасы абескаляроўваюцца знутры і становяцца шэрымі, а затым цалкам белымі. Эксперты зрабілі гэтае адкрыццё, вывучаючы клеткавую культуру валасяных фалікулаў. Было зафіксавана, што назапашванне перакісу вадароду выклікана скарачэннем сінтэзу ферменту каталазу, спрыяльнага распаду перакісу вадароду на ваду і кісларод. Валасяныя фалікулы не могуць пакрыць шкоду, прычыненую перакісам вадароду, з-за нізкага ўзроўню ферментаў, якія звычайна выконваюць гэтую функцыю (ферменты MSR A і B).
Узроставыя змены колеру валасоў
Даволі часта ў дзяцей ва ўзросце 1-2 гадоў назіраецца змена колеру валасоў. Канчаткова колер валасоў звычайна вызначаецца прыкладна да 5 гадоў. Але ў некаторых людзей гэты працэс адбываецца пазней, у перыяд палавога паспявання: іх валасы моцна цямнеюць ад паступлення ў арганізм тэстастэрону (асабліва гэты працэс заўважны ў аўстралоідаў Саламонавых выспаў).
Пасля 20-30 гадоў валасы могуць паступова губляць пігментацыю, з'яўляецца сівізна. Апошняе адбываецца ў выніку спынення прадукцыі меланіну. Страта пігменту пачынаецца з той часткі валасоў, якая бліжэй да кораня, затым як правіла распаўсюджваецца на іншыя часткі твару і цела (часам нават у непрапарцыйнай колькасці). Амерыканскія даследаванні пацвердзілі, што да ўзросту 40 гадоў у 60 % сусветнага насельніцтва ўжо маецца генетычны недахоп меланіну. Да 50 гадоў гэтая лічба ўзрастае да 86 %. Як правіла, першымі сівеюць брунеты, затым рудыя і русыя колеры. Бландыны сівеюць самымі апошнімі, хоць за правіла такую трактоўку прымаць нельга, паколькі сівізна залежыць ад мноства як вонкавых, так і ўнутраных фактараў (напрыклад, сілкаванне, лад жыцця, экалагічнае становішча і т. д.).
Штучнае афарбоўванне валасоў
Афарбоўванне валасоў з'яўляецца распаўсюджанай касметычнай працэдурай. У сучасным грамадстве існуе і рэгулярна змяняецца мода на колер валасоў.
Асноўнымі спосабамі афарбоўвання валасоў з'яўляюцца наступныя тэхнікі:
- Асвятленне, пераважна перакісам вадароду;
- Афарбоўванне натуральнымі фарбавальнікамі - басмай, хной, цыбульным адварам і іншымі;
- Двухфазнае афарбоўванне ў чорны, карычневы і іншыя колеры з дапамогай акісляемых фарбавальнікаў.
Натуральныя фарбавальнікі дзейнічаюць накшталт таніруючых, гэта значыць пранікаюць толькі ў вонкавы пласт воласа, але трымаюцца больш трывала, асабліва пры сістэматычным ужыванні. Яны не ў стане радыкальна змяніць колер (калі чалавек не бландын), але могуць узмацніць адценне.
Выгаранне валасоў на сонцы
Выгаранне валасоў - натуральнае асвятленне. Пад уздзеяннем ультрафіялетавых прамянёў сонца валасы пачынаюць святлець, таму што іх меланін распадаецца на сонцы. У старажытных Рыме і Грэцыі многія жыхаркі апраналі шыракаполыя капялюшы з выразанымі верхнімі часткамі, каб застацца ў цені і захаваць модную ў тыя часы бледнасць, ішлі на сонечныя месцы і чакалі выгарання валасоў да бялявых ці рудых колераў. У Італіі эпохі Адраджэння таксама модным было натуральнае асвятленне валасоў, пасля чаго з'явіліся паняцці "венецыянскі бландын" (самы светлы з рудых колераў) для пазначэння тых колераў, да якіх часцей выгаралі валасы ў венецыянак.
(Працяг у наступным нумары.)
Вялікаму Карскаму - 165 гадоў з дня нараджэння
1 студзеня споўнілася 165 гадоў з дня нараджэння філолага-славіста, заснавальніка беларускага навуковага мовазнаўства і літаратуразнаўства, этнографа, фалькларыста, палеографа, акадэміка Пецярбургскай акадэміі навук, правадзейнага члена Інбелкульта (1922), Чэшскай акадэміі навук (1929) Яўхіма Карскага (1861-1931).
Нарадзіўся Яўхім Карскі ў праваслаўнай сям'і са збяднелай шляхты. Пачатковую адукацыю ён атрымаў у Ятранскай народнай школе і ў вёсцы Бярозавец на Гарадзеншчыне, сярэднюю - у Менскай духоўнай семінарыі, а потым вучыўся ў Нежынскім гісторыка-філалагічным інстытуце імя князя Безбародкі, дзе рыхтавалі настаўнікаў для гімназій. У інстытуце напісаў сваю першую кнігу, прысвечаную гукавому ладу і марфалогіі беларускай мовы - "Обзор звуков и форм белорусской речи".
Пасля заканчэння інстытута, Яўхім Карскі выкладаў рускую мову і літаратуру, а таксама царкоўнасла-вянскую мову ў 2-й Віленскай гімназіі, быў сакратаром і выбарным членам гаспадарчага камітэта гімназіі. Паспяхова здаў магістарскі экзамен, абараніў магістарскую дысертацыю "Да гісторыі гукаў і форм беларускай гаворкі". Савет Кіеўскага ўніверсітэта прысудзіў Яўхіму Карскаму вучоную ступень магістра рускай мовы і славеснасці за даследаванні беларускай мовы - першая ў гісторыі дысертацыя па беларускім мовазнаўстве.
З 2 студзеня 1893 года Яўхім Карскі выкладаў рускую мову ў Варшаўскім універсітэце. А ў чэрвені 1894 года быў абраны на пасаду экстраардынарнага прафесара Варшаўскага ўніверсітэта, а ў 1905-1910 гадах - рэктар Варшаўскага ўніверсітэта, двойчы пераабраны на пасаду (1905, 1908).
3 1917 года жыў у Менску, быў удзельнікам беларускага нацыянальнага руху, дэлегатам і ганаровым старшынём Першага ўсебеларускага з'езда. Яўхім Карскі займаў пасаду старшыні арганізацыйнай камісіі па адкрыцці ў Менску Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, удзельнічаў у распрацоўцы статута Інбелкульта.
Вучоны з'яўляецца аўтарам артыкулаў па гісторыі беларускай літаратуры і культуры ў беларускім перыядычным друку. Супрацоўнічаў з беларускім фалькларыстамі і этнографамі Паўлам Шэйнам, Мікалаем Нікіфароўскім, Еўдакімам Раманавым, падтрымліваў першыя беларускія выдавецтвы, "Нашу ніву", Беларускі навукова-літаратурны гурток студэнтаў Пецярбургскага ўніверсітэта. Перапісваўся з Янкам Купалам, Якубам Коласам, Максімам Гарэцкім, Сцяпанам Некрашэвічам, Іванам Замоціным, Яўгенам Хлябцэвічам, Міколам Шчакаціхіным.
Яўхім Карскі - аўтар больш як 700 прац па славістыцы, беларусістыцы і русістыцы, у тым ліку даследаванняў па гісторыі беларускай мовы, дыялекгалогіі, фальклоры, этнаграфіі, гісторыі беларускай літаратуры і іншых.
Адна з найбольш значных прац Яўхіма Карскага - гэта "Беларусы" - вышэйшае дасягненне еўрапейскай славістыкі канца ХІХ - пачатку ХХ стагоддзяў, фактычна энцыклапедыя беларусазнаўства. На аснове глыбокага, комплекснага параўнальна-гістарычнага абагульнення фактычнага матэрыялу навукова абгрунтаваў нацыянальную самабытнасць беларусаў як самастойнага славянскага народа, які стварыў сваю багатую і арыгінальную культуру, мае старажытныя традыцыі.
У віленскай газеце "Крыніца" ад 7 верасня 1919 года пісалася: "2 верасня ў беларускай гімназіі прафесар Карскі прачытаў лекцыю аб беларускай мове. Лекцыю закончыў вывадамі, што мова наша - не гутарка якая, але мова, так як і ўсе іншыя, што дзеля гэтага яна мае зусім роўнае права між суседнімі й далёкімі мовамі".
Паводле СМІ.
У Вільні і літоўскіх дварах, успаміны 1815 - 1843 гадоў*
Габрыэля Пузыня
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Хвіліны гумару вольных часоў, як свежыя кветкі цыкорыя, покуль іх не здуе вецер. Для некаторых з нас яны былі мяккай, ружова-залатой пражай, з якой ткалася прасціна жыцця, але для Варнян былі ўжо апошняй залатой ніткай, якая пачала рвацца! Не прайшло і чатыры месяцы…
У тое ж лета пані Абрамовічава наведала Царклішкі, Дабраўляны і Болкава.
Гэта матрона памятала ўласныя маладыя гады і таму цешылася чужой весялосцю. Яна не прадбачыла таго, што яе чакае, ці хутчэй падпільноўвае. І далей, восенню таго самага года, 15 кастрычніка, яе мужа Міхала Абрамовіча знайшлі павешаным на ядвабным шнурку яго ўласнай работы на круку ад лямпы ў сваім пакоі ў Вільні. Адкрытая заслона, якая выходзіла на дах галерэі, што злучала два дамы, давала падставы меркаваць, што злачынец уцёк праз яе. Увязнілі некалькі слуг, але нічога не выявілі, і засталося меркаванне, што Абрамовіч скончыў жыццё самагубствам. На вігілію яго бачылі сумным, кіслым і раздражнёным… Таямніца схавала прычыну яго роспачы.
Удава не вярнулася ў Варняны і пасялілася ў афіцыне гарадскога дома, а прыгожыя Варняны перайшлі ў рукі брата нябожчыка, экс-дзедзіча Дабраўлян. Мільён праедзены ў Парыжы, вярнуўся да яго праз сямнаццаць гадоў.
Дзіўныя гэтыя сцяжыны жыцця, дзіўнай бывае і праверка выпадкова сказанага слова! Вясной, у адзін з аўторкаў у пані Абрамовічавай, калі квестаркамі разыгрывалася латарэя фантаў для бедных - карціны, абваранкі, пернікі, стужкі, пасы, пасля ўсіх разыграных прызоў, застаўся толькі адзін шнурок. Раптам гаспадар, які не пільнаваў гасцей, выслізнуў з салона, і жонка сказала яму ўслед: "Застаньцеся тут, пан Абрамовіч, тут ёсць шнур, які можна выйграць, магчыма, ён прызначаны вам?". Зразумела, што жонка нічога такога не мела на ўвазе, не было гэта прароцтвам ці прадчуваннем.
Але вернемся ў лета і да больш прыемных успамінаў. Да нас прыязджалі толькі самыя старыя асобы, і гэты год можна было б назваць мафусаілавым годам, бо пасля зыходу трыумвірату арбітраў у Дабраўлянах з'явіўся прафесар архітэктуры на пенсіі пан Караль Падчашынскі. Мой бацька вітаў яго як свайго настаўніка і імкнуўся паказаць плён сваёй працы. Вадзіў прафесара па фальварках, паказваў двор, дзе стаялі гмахі, пабудаваныя па ідэях ці планах майго бацькі, і паколькі лозунгам пана Падчашынскага быў: "Прыгажосць праз выкарыстанне", таму, ён абмінуў егіпецкую брамку, гатыцкія вяндлярні і нават італьянскія каплічкі, якія служылі аздобай і вышэйшую пахвалу прафесара атрымала плеценая адрына з дахам, апушчаным да зямлі і шырокімі варотамі наскрозь. Толькі што закончылі будаваць уязны мост у адну з аркад, якія злучалі два берагі ясных, як люстэркі, толькі што ачышчаных каналаў. Мой бацька прысвяціў адкрыццё моста прафесару Падчашынскаму. Карэты, якія везлі нас на шпацыр, праязджалі па яшчэ старым, драўляным мосце, а бар'ер пасярэдзіне новага ўпаў пры першым жа ўдары падковы аб брук пры вяртанні.
Пан Падчашынскі адправіў свайго адзінага сына па адукацыю ў Варшаву, а сам з жонкай пераехаў у наваградскую старану. Мой бацька разумеў праблемы і патрэбы новых гаспадароў, якія з бруку раптоўна перасяліліся на раллю і з удзячным сэрцам вучня абдумаў усе неабходныя ўмовы для гэтага. Добрая карэта даставіла пажылую пару на месца, і калі яшчэ ў дарозе яны пачалі думаць пра клопаты ўладкавання і неабходнасць забяспечыць сябе першымі прыладамі і прыпасамі, адразу іх, як у каўчэгу Ноя парамі, сустрэў хор птаства, эканомка ўжо чакала гаспадароў і правяла здзіўленых дзедзічаў у спіжарню, у якой не бракавала ні круп, ні сала, ні рыдлёвак ні вёдзер і г. д. Сядзіба Падчашынскіх знаходзілася у некалькіх мілях ад Старыцы, дзедзічнай вёскі майго бацькі, і былі выкананы загадзя адданыя татам загады, гэта для Падчашынскіх сталася поўным сюрпрызам. Першы ліст прафесара быў гімнам удзячнасці майму бацьку, і ягоная дачка, якая апісвае гэта, не мае намеру славіць яго шчодрасць, а хоча сказаць толькі пра татава сэрца, бо тут важны не памер ахвяравання, а яго дарэчнасць.
Вяселле панны Элеаноры Бучынскай, сястры Маўрыцыя, адбылося на наступны дзень пасля Перамянення Панскага ў Свіры. Маладую пару дабраславіў сваяк маладога ксёндз Заленцкі. Вялікі рух і ажыўленне наступіла пасля вяселля. Маладыя па чарзе аб'ездзілі суседзяў і паўсюль мелі абеды з шампанскім. Падчас гэтых выпраў пані Заленцкая была з маёй элегантнай сястрой Бучынскай, і маладыя жанчыны супернічалі паміж сабой. Сваякі з Паставаў на шляху да бабулі Ваньковічавай пад Менскам, заехалі ў Дабраўляны, дзе сустрэліся з царклішскімі сваякамі, якія прыехалі сюды для сустрэчы. Да нас далучылася Ольшава, і мы ўсе разам паехалі ў Болкава. А калі нас наведалі віленцы, дык хто ж у добрай кампаніі зверне ўвагу на нязванага госця?
Для Дабраўлянаў лета заўсёды было нейкім карнавалам, і адзін год не вельмі адрозніваўся ад другога, бо складаўся з адных і тых жа элементаў і ўкладваўся ў адны і тыя жа рамкі. Адцянялі гэты аднаколерны ланцуг віленскія ўспаміны. Але яны выветрываліся на свежым паветры, і сэрца, як бальная зала, поўная, покуль у ёй танцуюць, зноў заставалася пустым і гатовым для новых уражанняў. Вольная думка, з-за браку ўласных мар і пачуццяў, хапалася за кніжныя, з якіх адразу ж нарадзіліся строфы на мелодыяю "Ластавак" […].
Пасля вяселля Бучынскія на цэлых два месяцы паехалі адведаць сваіх агульных сваякоў у Гародню і Менск. Доўгія і падрабязныя лісты Матыні набліжалі для нас невядомыя раней куткі нашага края, яна апісвала кожны дом і сям'ю, іх дух і характары. У Росі, у цёці Несялоўскай усё рабілася з вялікім размахам, як у сапраўдным la vie du chateau (фр. "як у сапраўдным замку". - Л. Л.), прыгожая рэзідэнцыя з шматлікімі насельнікамі, рэспектабельныя панны і іх выхавальніцы, а таксама госці - сям'я Ромераў, пан Букша і інш. Дзённыя шпацыры, вячэрнія танцы і пяшчотная сустрэча, што бачна нават з цёцінай прыпісцы да ліста, з падзякай маме: "За тое, што нарадзіла Матынечку, якую ўсе любяць!".
Сярод сясцёр і братоў мужа Матыні панавала сяброўскай атмасфера, двор дзе пасялілася яго сястра Элеанора, поўніўся памяццю пра Тадэвуша Касцюшку, бо маці пана Заленцкага паходзіла з дому Касцюшак. Узорная гаспадарка Быхаўцаў у Магілёўцах і іх кветнік уразілі маю сястру, а на парафіяльных могілках Лыскава яны наведалі магілу Карпінскага з вядомым надпісам: "Вось дом мой убогі!" 8.
Бучынскія падарожнічалі як кажуць, "пасавым дышлем" - ад коміна да коміна, бо на Літве прыязнасць да гасцей распаўсюджвалася таксама на слуг і коней - гэта было агульным законам, яго можна было толькі пераўзысці. Гэтае крашчэнда і фартысіма (крашчэнда - "паступовае павелічэнне гучнасці гука", фартысіма - "як мага гучней". - Л. Л.) адчулі на сябе і Бучынскія, калі наведалі сям'ю майго бацькі, пачаўшы з Равенскіх, у доме якіх акрамя пасынкаў Юлькі і Стася была ўжо і аднагадовая Габрыэлька і чакалі другое дзіцё. Далей, як у анфіладзе пакояў, нашых падарожнікаў сустракалі мноства адчыненых дзвярэй і сэрцаў. Рудаўка каля Нясвіжа - гняздо сям'і Корбутаў, адкуль выйшлі чатыры браты і чатыры сястры. Пузава - гняздо Вайніловічаў. Мяжэўскія, выгнаныя з ладнага радзівілаўскага застаўнога маёнтка Барычава, месціліся пад нізкім саламяным дахам у арэнднай Слабодцы, дзе Кларыса з уласцівым ёй густам, добра і элегантна звіла гняздо, у якое падчас знаходжання Матыні, пасля пяцігадовага перапынку і адпачынку, прыляцела новае птушаня, сын Морыс.
Да сваяцкіх дамоў залічаліся і дамы суседзяў, старой сапліцовай шляхты, старых сяброў і асабліва дом падстоліяў Чарноцкіх. Гаспадар у кунтушы, гаспадыня ў белым і рой унучкаў і сваякоў вакол іх. Ужо некалькі гадоў мы ведалі сына падстолія Караля, жанатага з Равенскай. Асобны тып чалавека, ён адразу падабаўся кожнаму, і з кожным годам яго любілі і шанавалі ўсё больш, бо хуткі досціп у выглядзе даволі ўмелых вершаў ішоў рука аб руку са шчырасцю, навука не прытупіла яго сэрца, а гады, агульнаграмадскія і асабістыя цяжкасці не астудзілі яго вялікай любові да свайго края і ўласнага кута. У той час шасцёра непаўнагадовых сыноў акружалі гэтага маладога бацьку. Ідэі, прыемнасці, лісты з вершамі, сыпаліся з яго як з рукава, ахвотна дараваўся яго крыху замоцны для нізкіх столяў вясковага дома голас, часта занадта смелыя досціпы і жарты, бо быў ён душой грамадства, цёплым сябрам і суседам.
Калі сястра так прыемна праводзіла восень, яднаючы для мужа сэрцы розных сямей, у якіх яе насілі на руках, а сваякі з'язджаліся з усяго наваколля ў адно месца, пасля чаго забіралі яе ў іншы маёнтак, дзе ёй, маладой жанчыне, аднолькава цікавым было і жыццё ў раскошнай Росі і келля сястры міласэрнасці Агасі Вайнілавічоўны ў Пузаве, дзе сярод лекавых траў, бутэлек з воцатам і п'явак ледзь хапала месца для яе сціплага ложка. У гэты час наш бацька прысутнічаў на сойміку ў Менску, а мы ў Дабраўлянах каля ложка хворай на рожыстае запаленне мамы, суцяшалі яе першымі літаграфіямі Дабраўлянаў Бахматовіча і чакалі лісты адсутных…
Звычайна ціхі і нават нудны Менск, з адным толькі адкрытым, гасцінным домам маршалка Ашторпа, ажываў толькі раз у год вясной, падчас кантрактаў, і кожныя тры гады падчас выбараў. Тады на сход усёй губерні сюды з'язджаліся купцы з таварамі і артысты. На канцэрты, спектаклі і балі прыязджалі маці з дочкамі, а за імі нават і моладзь з Вільні. "Нідзе, - казалі яны, - няма такіх прыгожых твараў, як у Менску". Мой бацька заўсёды хваліў свой родны горад, месца сваіх першых юнацкіх перамог. І дзядзька Тызенгаўз таксама з ахвотай ездзіў у Менск. У 1835 годзе выбары, ушанаваныя прысутнасцю віленскага сатрапа, узнялі забавы на некалькі тонаў вышэй, абеды сталі больш вытанчанымі, бо першым госцем мелі такога эксперта, а строі дам дасягнулі вышэйшай кропкі. Карэнныя іспанкі кіравалі танцамі балеро, тарантэлай, фандагай і г. д. Донна Далорас з вялікімі, чорнымі і вогненнымі вачамі, кружыла галовы шляхце. Іспанскія танцы танчыліся не толькі ў тэатры, але, для разнастайнасці, і на балях, музыку рэпрэзентавала пані губернатарава Сямёнава, якая паходзіла з вельмі музыкальнай сям'і Львовых, яе брат напісаў вядомую музыку "Боже царя храни".
Мой бацька заўсёды з вялікай радасцю ездзіў у Менск і ў сваіх лістах у самым лепшым святле апісваў свой родны горад, якому быў абавязаны прыемнымі ўспамінамі маладосці. Адзіны сын, народжаны пасля смерці некалькіх братоў, ён мог па праву назваць сябе шчаслівым дзіцём, і хоць выхоўваўся ў старамоднай, але сардэчнай атмасферы, любіў людзей і быў любімы імі, рана пачаў самастойнае жыццё, падарожнічаў за мяжу і не марнаваў часу, бо ў Менску быў абраны старшынём Крымінальнай палаты і часта замяняў губернатара. Малады, прыгожы, вясёлы, дасціпны і добразычлівы, бацька меў не толькі таварышаў за сталом, якіх знайсці не цяжка, калі на стале нешта маецца, але і сяброў, якія засталіся яму вернымі да канца жыцця. Раніцай ён добрасумленна разглядаў справы, а вечарам выступаў у аматарскім тэатры ў ролі Гарацыя9. Трымаў дом адкрытым, як і сваё сэрца: карэты, верхавыя коні і жытло заўсёды былі гатовы служыць яго сябрам. Самымі блізкімі сярод іх былі браты Станіслаў і Караль Чапскія, Станіслаў і Антон Ратынскі і Ракіцкі. Аднойчы вясной яны разам паехалі ў Пецярбург, падарожжа рабілася ў складчыну, і кожны ўносіў у касу не толькі грошы, але і добразычлівасць і вяселле, што тады было не цяжка. Усе шасцёра маладых, шчаслівых, незалежных людзей адправіліся ў падарожжа без мэты, ці прынамсі, без сур'ёзнай прычыны - такія вандроўкі звычайна бываюць самымі вясёлымі. Яны мелі два экіпажы: паштовую карэту, у якую садзіліся спаць ці, калі ішоў дождж, і шарабан, які служыў ім у добрае надвор'е. Мелі супольная касу і па-чарзе кожны дзень іншага дыктатара, якому павінны былі слепа падпарадкоўвацца. Мой бацька пісаў праграмы і высоўваў ідэі. Гэта падарожжа было адной з самых прыемных і вясёлых тэм у багатым рэпертуары анекдотаў майго бацькі, якімі ён падбадзёрваў маладое пакаленне і асабліва сур'ёзнае пастаўскае грона. Трэба задацца пытаннем, адкуль у галовах разумных і спакойных людзей нараджаліся дзіўныя ідэі, як напрыклад, у дарозе яны спыняліся, каб пастраляць па крумкачах… Адным з пунктаў, агавораных у дамове, быў абавязак забаўляць адзін аднаго, пакараннем для панурых было выгнанне ў карэту. Майму бацьку не бракавала жартаў і жадання смяяцца, і тым не менш яго некалькі разоў выганялі з шарабана, але ён наўмысна правакаваў сяброў, калі хацеў спаць, што больш прыемна было рабіць у карэце. Калі хітрасць раскрылі, замест выгнання, яго прымусілі размаўляць.
У Пецярбургу правялі некалькі тыдняў. Негр майго бацькі па імені Батыст, як сапраўдны батыст пабялеў ад неўскай вады, але гэтая вада не шкодзіла літоўскай моладзі. Усё для іх было забавай, не толькі тэатр з вядомай паннай Джордж, але і падарожжа ў Кранштадт на новым караблі, які быў спушчаны на ваду на іх вачах, агляд Эрмітажа, урачыстасці ў Пецяргофе і нават памылка пана Караля Чапскага, які, маючы з маладосці схільнасць да рассеянасці, падчас важнага візіту засунуў хустку міністра ў сваю кішэню. Калі мой бацька ў Вільні расказаў пра гэта сваёй сястры10, прысутнічаўшы пры гэтым пан Чапскі адмаўляўся ад гэтай гісторыі і, у запале ўстаўшы з канапы, не заўважыў, як узяў хустку цёці, паклаў яе ў кішэню і тым самы пацвердзіў анекдот.
Аповеды таты пра Менск і лісты сястры з апісаннямі сямейнага падарожжа былі адзінымі падзеямі для нас у доўгія восеньскія вечары ў Дабраўлянах і дадаткам да кніг, якія чыталіся ўдзень. У той час мы чыталі толькі што апублікаванае падарожжа Ламарціна па Усходзе, здольнае напоўніць жыццё самотніка вобразамі, якія, як міраж, адбіваліся ў нашым шэрым небе.
Аднак пасля некалькіх месяцаў спакою нас ажывіў візіт у Царклішкі падчас адвэнту. Блізкасць мястэчка штодзень прыцягвала гасцей і асабліва маршалкаў. З-за выбараў сабралася іх тут ажно шасцёра. Акрамя двух гаспадароў, былі яшчэ Ваўжэцкі, Бяганскі, Сулістроўскі і Сясіцкі. Гэты апошні хоць паўторна жанаты, быў па-маладому жыццярадасны, любіў кветкі, сабак, музыку і паэзію, і гэта не толькі амалоджвала, але і ўпрыгожвала яго. Невычэрпны агонь жыў у душы гэтага чалавека бо яго хапіла да глыбокай старасці. Пачуўшы мае строфы пра абыякавасць да парадаў гаспадара дома (выходзіць замуж - Л. Л.), сам два разы шчасліва жанаты, да таго ж Фелікс і муж Фяліцыі11, абурыўся гэтым, як ён казаў, блюзнерствам і наступнай раніцай на пульпіце мы знайшлі поўныя жыцця строфы, натхнёныя лепшымі сяброўскімі пачуццямі. Пасля некалькіх дзён прыемнага гасцявання, трэба было вяртацца дахаты. Шаноўны гаспадар не хацеў нас адпускаць і пакутаваў з-за таго, што няма за каго нас сватаць, бо ўсе яго сябры былі ўжо сур'ёзнымі і сівымі мужчынамі. І нават не падазраваў, што аўдавеўшы, праз дзесяць гадоў стане мужам той, якая зараз была замаладой, нават каб размаўляць з ім. Гэты чалавек любіў жаночае таварыства, але не меў нават дачкі, бо яго адзіная сярод шасці сыноў дачка, памерла немаўлём. Два старэйшых сыны і адзін малодшы ўжо не жылі, заставаліся яшчэ тры і чацвёрты, Уладзя, меў нарадзіцца пасля Новага года.
І на гэты раз імяніны майго бацькі і Каляды не абышліся без святкавання. Вільня дала нам пана Мяноўскага і Букшу, Свянціцкія прыехалі з маладой і гожай паннай Ізабелай Снарскай, пляменніцай пані Канстанцыі. Не бракавала нават і маладых кавалераў і некалькіх ксяндзоў. З Вішнева прыехаў прыхільнік шалёнай літаратуры пан Сулістроўскі, а з Ольшава - вярнуўшыся з-за мяжы Станіслаў Хамінскі, чые рэдкія з'яўленні ў сям'і былі эпохай для наваколля і ўдыхалі свежае паветра ў наш аддалены закуток.
1836 год
Што мне напісаць пра гэтую зіму ў вёсцы, пра дабрадзейнае жыццё, адзінымі падзеямі ў якім былі лісты з Вільні з апісаннямі вялікіх забаў?! Мая любімая цёця Шуазель уцякла ад іх, каб сваёй прысутнасцю і гісторыямі зрабіць нам прыемныя запусты, а сабе даць некалькі дзён адпачынку. Пан Букша, заўсёды жаданы госць у Дабраўлянах, таксама завітаў да нас са свежымі анекдотамі пра віленскае грамадства, бо меў стасункі з цікавымі дамамі цёці Несялоўскай, княгіні Агінскай, Паўла Сапегі і Ромераў. Ён граў нам прыгожыя вальсы эмігранта Напалеона Орды.
Сярод нашых зімовых гасцей быў маруда і флягматык, дарадца пан Невяровіч са Страчы, з ім жыла адзіная дачка, прыгожая і добрая Міхаліна з дзвюма паненкамі. Гожай Міхаліне не бракавала жаніхоў - прыгажосць, пасаг, гаспадарлівасць, цноты - усе гэта вабіла моладзь. Але праходзілі дні і гады, а пан дарадца ўсё ніяк не мог прымусіць сябе падумаць пра ўзрост дачкі і ўсім прэтэндэнтам на яе руку адмаўляў наступнымі словамі: "Пачакай, няма куды спяшацца!". Але маладосць не чакае. Прыгажосць адзінай дачкі, кармін яе вуснаў, зоркі ў яе вачах не чакалі, а павольна згасалі і знікалі, плынь часу вымывала перлу за перлай з яе ўсё больш бледных вуснаў. Неяк ён зімовай ноччу вярнуўся з гасцей і пасля таго, як дачка сказала бацьку дабранач, сонны стары скамандаваў: "Пачакай", - і папрасіў прысвяціць яму адну хвілінку. Сам узяў нейкую старую хроніку ці інвентар і, стоячы, пачаў флегматычна гартаць, забыўся пры гэтым, што дачка трымае свечку, ужо хістаецца ад сну і не адважваецца нешта сказаць ні нават паварушыцца. І так разам стаялі яны да белага дня, пакуль свечка не згарэла і стала непатрэбнай! Нешта падобнае адбывалася ў іх неаднойчы. Што ж дзіўнага, што панна страціла здароўе. Аднак прэтэндэнты вярталіся раз за разам, тыя самыя ці новыя. Так, чакаў і не дачакаўся пан Аляксандр Дамейка, пазнейшы віленскі маршалак, пачаў чакаць генерал Хшаноўскі, пра якога шмат гаварылі зімой 1836 года. Ён неяк дамовіўся, бо летам гэта пара стала ўжо каля алтара, але румянец на выхудалым твары маладой панны яскрава адбіваўся на яе белых шатах, а ружовая, святочная сукенка пані генералавай вісела на запалым бюсце яшчэ нядаўняй ружы нашага павета. Восенню разам з мужам яна з'ехала ў Адэсу, дзе неўзабаве прыгожая Міхаліна памерла ад сухотаў.
Наведвалі нас і іншыя суседзі, і мы таксама ездзілі ў госці.
Чым жа было запоўніць доўгія зімовыя вечары і бясконцыя сакавіцкія дні? Вось мы і клеілі розныя скрынкі, заслонкі ад свету і г. д. А калі ўсяроўна заставаўся вольны час, я пачынала пісаць "Верш пра Дабраўляны" ў чатырох песнях пра чатыры пары года, гэта было як быццам рэха Красіцкага і Сен-Ламбера12, і калі пісаліся гэтыя трынаццацімерныя, як жаўнеры на плошчы, вершы, на нас як маланка з Парыжа, патаемнымі шляхамі абрынуўся "Пан Тадэвуш". Якім святам была для нас гэтая паэма! Здавалася, што пасярод зімы раптам адчыніліся вокны і ўляцеў цёплы, вясенні вецер! З такім госцем, як "Пан Тадэвуш", лёгка было абмовіцца ад карнавалаў13.
Так мы і дачакаліся вясны.
З кожным днём ўсё мацней пахнуць фіялкі за пастрыжанымі елкамі. Цэлымі днямі кукуе зязюля на яшчэ голых ліпах. Лебедзі, выпушчаныя на волю з зімовай вязніцы, распусцілі свае пёры, вада з шумам і грукатам цячэ праз адчыненыя застаўкі на мосце. Бацян весела клякоча на гняздзе. Зялёныя лугі штодзень упрыгожваюцца жоўтымі кветкамі, ужо амаль што можна касіць траву ў садзе, зараслі гусцеюць і Іда кажа, што ранейшыя літаграфічныя чорна-белыя Дабраўляны становяцца каляровымі.
Тата піша да пана Букшы і просіць зняць для нас кватэру на шэсць тыдняў з 15 красавіка. Кірмаш, канцэрты, відовішчы, рэсурсы і г. д. заглушаюць у нашых думках вясенні шум. Букша дасылае план і просіць прабачэння за другі паверх дома Міхеля, бо іншай кватэры няма.
Мы прыехалі ў горад. Вільня прыгожая, як яйка, званкі і грукат не сціхаюць нават уначы, і што раз нехта новы прыбывае ў гатэль. Наш салон поўны гасцей, не хапае толькі фартэпіяна! Сваё прысылае нам любімы пан Мяноўскі. Цэлы тыдзень сядзім дома, за што пан маршалак Мастоўскі бурчыць і ў нейкі асаблівы дзень цягне нас на ілюмінацыю. Мы ўбачылі высветленую, усю быццам у брыльянтах, ратушу ля пачатку Шкляной вуліцы браму з транспарантам, а ў кожным акне па дзве свечкі. Абышлі ўвесь горад: Іда з панам Мастоўскім, пан Канстанты Плятэр з Карнеліяй Пшаздзецкай, тата са мной, і вяртаемся задаволеныя шпацырам, але падобна, найбольш цешыцца маршалак Мастоўскі - ён трошкі абтрос з нас вясковы пыл.
На наступны дзень на стале ляжыць афіша з аб'явай пра заўтрашнюю французскую драму "Дзесяць гадоў жыцця жанчыны", але ніхто з нас не збіраецца ў тэатр. Зноў прыходзіць маршалак Мастоўскі, бачыць афішу і намаўляе нас пайсці. Гэта першы спектакль за шэсць гадоў не толькі для нас, але і для Вільні, бо ўвесь гэты час будынак тэатра быў зачынены з-за нейкага непаразумення паміж уладамі і Кажынскімі, уладальнікамі тэатра на Віленскай вуліцы. П'еса напісана з веданнем чалавечага сэрца, і першыя ролі злой жонкі і няўмольнага мужа, выконваюць Ізабела Гурская і Хэлмікоўскі, у нас, сялянак, яны выклікаюць слёзы. Наведвальнікаў нашай ложы гэта весяліць больш, чым сам спектакль, і пан Караль Чарноцкі дадае агню жартам майго бацькі, якія выкліканы слабой ігрой пасрэдных акцёраў. Пана Чарноцкага суправаджае яго швагер Адам Равенскі, жанаты з нашай кузынкай Зоф'іяй Карбутоўнай. Пасля продажу маёнтка ў Наваградку, яны шукалі вялікі маёнтак у арэнду, і мой бацька аддаў ім сваю дзедзічную Старыцу, у якой Зоф'ю выхоўвала бабуля Гюнтарава, ён ахвотна здаў у арэнду маёнтак, бо ведаў сумленнасць пана Адама і яго веды ў сельскай гаспадарцы.
Вільня мела багата відовішчў. Італьянец Квалярдзі папераменна паднімаў пуды ці рабіў фокусы з картамі. Сям'я Прайсаў, якая складалася амаль што выключна з дзяцей, танцавала розныя характэрныя танцы, а спявачка Масі сабрала ў зале вяршкі грамадства і зачаравала іх не столькі сваім няпышным голасам, колькі сваёй поўнай годнасці паставай, і грацыёзнымі рэверансамі, калі выходзіла на эстраду, упрыгожаную дыванамі, кветкамі і кандэлябрамі. Прыгожая францужанка ў блакітнай сукенцы, з блакітнымі вачыма, у воблаку светлых валасоў, узнімала гледачоў і слухачоў у неба і не дазваляла ім зноў вярнуцца на зямлю, а потым маладая і прыгожая дама з годнасцю прымала пашану вільнян.
Вясна ў Вільні мела тую перавагу, што тут можна было, як пералётных птушак у палёце, заспець шмат каго з людзей, якія ў гэтую пару прыязджалі сюды ці на кантракты, ці на кірмашы, ці спыняліся праездам. І такім чынам мы амаль што кожны год бачылі мілую пані Скірмунтаву з Сулістроўскіх, якая, ці то наведвала цётку Абрамовічаву, ці адвозіла сыноў у Мітаву, але з'яўлялася тут на некалькі дзён і зачароўвала ўсіх сваёй непараўнальнай усмешкай. Яе суправаджалі дзеці: сыны Кастусь з Алесем і трэцяе дзіцё, дачка Эмілька, а старэйшы Казя ўжо чатыры гады як вучыўся ў Мітаве.
Маці, якія шукалі будучых зяцёў, ці іх дочкі, з разлікам на паклоннікаў ці хаця б добрых танцораў, заўсёды мелі кагосьці з Варшавы ці Валыні. У гэтым годзе гэта быў Яўген Падгарадзенскі, які заінтрыгоўваў дам у рэсурсах і канцэртах. Малады, модна апрануты, ён не выпускаў з рота лясачкі (зубачысткі) і ціхім голасам, расказваў пра спявачку Дамару Цынці. Вярнуўся з Парыжа, і ўсе шапталіся, што Падгарадзенскі вельмі багаты, аднак не пашкодзіла б яму жаніцца са сваёй яшчэ багацейшай кузынай, але толькі з-за грошай, бо была яна нямой і нават ідыёткай.
Граф Аўгуст Патоцкі, пан на Вілянаве, у той час яшчэ не жанаты, таксама неаднаразова з'яўляўся ў Вільні па дарозе ў Беразіну, свой маёнтак у Менскім павеце. Але, відаць, ніводная маці ці дачка не разлічвалі на яго, бо ён рэдка куды выязджаў і ніколі не танцаваў. Князь Валенты Радзівіл, кузэн маёй маці, любіў дам, добрыя абеды і маленькія жаночыя ножкі, але што з таго - быў ён старым халасцяком і не думаў жаніцца. Сярод прыгажунь, за якімі маладыя людзі хадзілі на Антокаль і завіхаліся на балях, на гэты раз на першым плане была пані Мелання Ажароўская з Грабоўскіх, маладая жонка старога і раўнівага мужа. У яе чорных, зорных вачах мелася больш досціпу, чым казалі яе вусны, і пан Севярын Грабоўскі не абмінуў сваю прыгожую кузынку. Зрэшты, моладзь была ўсё тая ж самая, мінулагодняя, і толькі прыклад (чытай, пагаршэнне), які ішоў зверху (з палаца), станавіўся ўсё больш заўважным, і некаторыя з маладзёнаў, адкрыта заблыталіся ў пастках сясцёр (Д. і П.) і публічна дапамагалі ім. Экіпажы, поўныя вясёлых дам з маладзёнамі на козлах, з кошыкамі віна і пірагоў, выязджалі з горада, муж адной з гэтых дам, аднойчы спытаў у свайго фурмана: "Ці мы паедзем?" - атрымаў адказ: "Малаверагодна, бо пані бярэ панічоў", - і па-філасофску застаўся дома.
(Працяг у наступным нумары.)
* Gabrjela z Guntherоw Puzynina. W Wilnie i w dworach litewskich: pamiаtnik z lat 1815-1843. Wilno, 1928. Пераклад Леаніда Лаўрэша.
8 Францішак Карпінскі (1741-1825), паэт, драматург, прадстаўнік сентыменталізму. Паэта Карпінскага з домам Тызенаўзаў злучала блізкае знаёмства. У паперах Гюнтараў захаваўся рукапіс паэта з вершам "Да Аляксандры Тызенгаўзаўны", датаваны 10.07.1793 г.
9 Тут маецца на ўвазе нейкая п'еса пра Гарацыя. Але трэба заўважыць, што адукаваныя і творчыя людзі нашага края ў той час, жылі па пэўнай схеме, якую можна ахарактарызаваць як "жыццё па Гарацыю". Тады паўсюдна ідэалізавалі гэтага рымскага паэта і кіраваліся яго думкамі - не толькі чыталі і перакладалі яго творы, але і пераймалі жыццёвы шлях Гарацыя, бо абшарнікі-творцы, як калісьці і сам Гарацый у сваім знакамітым маёнтку на рацэ Тыбур (што каля цяперашняга Цівалі), таксама жылі і тварылі ў сваіх маёнтках. У сваёй сядзібе рымскі паэт атрымліваў асалоду ад адасобленага жыцця і адчуваў сапраўднае чалавечае шчасце. Творчасць заўсёды займала важнае месца ў жыцці вышэйзгаданых абшарнікаў, але іх ніколі не адпускалі і гаспадарчыя праблемы. Часам, як і Гарацый, гаспадары маёнткаў скардзіліся на адзіноту і нуду, але калі ім даводзілася пакідаць свой дом, яны вельмі хутка сумавалі па ім. Бо толькі ўласная сядзіба была тым месцам, куды творца заўсёды хацеў вярнуцца, толькі свая сядзіба заўсёды была сапраўдным прытулкам шляхціца. Як і Гарацый у маёнтку на Тыбуры, уладальнікі гэтых сядзібаў пастаянна сачылі за тым, што адбываецца па-за межамі іх асабістай прасторы. Іх сядзібы былі месцам, дзе фізічнае жыццё спалучалася з творчасцю, месцам, дзе творца ствараў для сябе аазіс духоўнага супакою і мог жыць па дэвізе Гарацыя - "Carpe diem…" ("Карыстайся (кожным) днём", Для адукаваных абшарнікаў важным было вучэнне Гарацыя аб "разумнай любові" да радзімы. Бо рымскі паэт вучыў творцаў, як жыць у складанай палітычнай сітуацыі. Гэтым можна патлумачыць "сіндром Гарацыя" - г. з. проста ашаламляльную колькасць перакладаў твораў рымскага паэта менавіта пасля паўстання 1830-1831 гг., калі папулярнасць Гарацыя дасягнула свайго апагею. У крытычныя моманты жыцця краіны рымскі паэт заўсёды станавіўся самым чытаным і трактаваным аўтарам. Пераклаў і выдаў кнігу Гарацыя і Тэадор Нарбут. - гл: Лаўрэш Леанід. Тэадор Нарбут: Навуковая і літаратурная дзейнасць, сям'я і сядзіба, яго час. 2025. С. 23-24.
10 Пра гэту гісторыю з хусткай міністра піша і Станіслаў Мараўскі. - Л. Л.
11 Фелікс (лац.: Felix - "шчаслівы, багаты"), Феліцыя - жаночая форма імя Фелікс. - Л. Л.
12 Ігнат Блажэй Францішак Красіцкі (Ignacy Blazej Franciszek Krasicki; 1735-1801) -рэлігійны дзеяч і паэт, біскуп вармінскі з 1767, архібіскуп гнезненскі з 1795, адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў польскага Асветніцтва. Маркіз Жан-Франсуа дэ Сэн-Ламбэр (Jean-Fransois de Saint-Lambert; 1716-1803) французскі паэт і філосаф Эпохі Асветы, член Французскай Акадэміі. - Л. Л.
13 "Пан Тадэвуш", завершаны ў парыжскім выгнанні ў 1834 г. Гісторыя варажнечы і кахання паміж сем'ямі ліцвінскае шляхты сканчаецца 1812 г., калі войска Напалеона рушыць праз літоўскія землі на Маскву. Ужо ў 1859 г. Дунін-Марцінкевіч завяршыў працу над беларускім перакладам Міцкевічавага "Пана Тадэвуша". І пасля яго шмат беларускіх паэтаў зрабілі свае пераклады гэтай вялікай паэмы. - Л. Л.
Чароўная казка і салодкія падарункі: У Палацы культуры горада Ліды прайшла дабрачынная ёлка
Казачныя персанажы, раставыя лялькі, святочна ўпрыгожаная ёлка і, канешне, Дзед Мароз са Снягуркай падарылі казачную незабыўную атмасферу ўсім дзецям, якія апынуліся на дабрачынным свяце "Час навагодніх цудаў". Мерапрыемства традыцыйна праходзіць у рамках навагодняй рэспубліканскай акцыі "Нашы дзеці", удзел у ім прынялі прадстаўнікі мясцовай улады.
Юных жыхароў рэгіёна, дасягнуўшых высокіх вынікаў у вучобе і грамадскім жыцці, са сцэны павіншаваў старшыня Лідскага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Вярсоцкі. Ён падкрэсліў, што, нягледзячы на свой невялікі ўзрост, дзяўчынкі і хлопчыкі ўмеюць ставіць мэты і ўмеюць іх дасягаць, што і даказалі на працягу адыходзячага 2025 года.
ТК "Культура Лідчыны".
Герб горада Ліды, наданы 17 верасня 1590 г.
