Папярэдняя старонка: 2026

Наша слова.pdf № 3 (212) 


Дадана: 20-01-2026,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 3 (212), 21 студзеня 2026 г.

Залаты фонд Лідчыны: нашы таленты ўганараваны прэміяй імя Аляксандра Дубко!

Адразу тры прадстаўніцы Лідскага раёна сталі лаўрэатамі прэстыжнага штогадовага абласнога конкурсу імя А. І. Дубко за творчыя дасягненні ў сферы культуры і мастацтва.

У гэтым годзе ў сузор'і пераможцаў - нашы зямлячкі:

Ганна Некрашэвіч - загадчыца аддзела "Лідскі замак" гістарычна-мастацкага музея. Дзякуючы яе таленту Лідскі замак ажывае ва ўнікальных экспазіцыях, а яе экскурсіі ўлюбляюць у наш край тысячы турыстаў і замежных гасцей.

Наталля Шчалканогава - кіраўнік народнай фальклорнай групы "Талер". Сапраўдны захавальнік традыцый. За мінулы год калектыў падарыў нам больш за 50 яркіх праграм, вяртаючы да жыцця аўтэнтычныя абрады рэгіёна.

Тамара Харашылава - выкладчык Лідскага дзяржаўнага музычнага каледжа. Педагог з вялікай літары, якая выхавала цэлую пляяду таленавітых музыкантаў, чые імёны (уключаючы Рамана Віткевіча) гучаць на найбуйнейшых міжнародных сцэнах.

Усяго ў 2025 годзе прэміяй былі адзначаны 13 дзеячаў культуры і мастацтва Гарадзеншчыны. Узнагароджанне прайшло ў Гарадзенскім абласным драматычным тэатры, дзе прэмію ўручылі старшыня аблсавета Алена Пасюта, кіраўнік выканкама Юры Караев і кіраўнік кіравання культуры Алена Клімовіч. Прысутнічала і жонка Аляксандра Дубко - Эма Нічыпараўна.

Пазней лаўрэатаў павіншавалі ў Лідскім райвыканкаме.

Нашы жанчыны - частка культурнага коду Лідчыны. Іх праца аб'ядноўвае пакаленні і прымушае нас яшчэ мацней ганарыцца сваёй малой радзімай.

Жадаем ім невычэрпнага натхнення і новых творчых вышынь! Лідчына ганарыцца вамі!

ТК "Культура Лідчыны".

Краязнаўчы каляндар Лідчыны на 2026 год

ББК 92.5

К - 77

Складальнік:

Г. Р. Курбыка- бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі.

Камп'ютарны дызайн вокладкі:

С.І. Міхаловіч - метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу, сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы".

Краязнаўчы каляндар Лідчыны на 2026 год /ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы"; аддзел абслугоўвання і інфармацыі Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы/ [склад. Г.Р. Курбыка, рэдактар А.А. Быстрыцкая]. - Ліда : ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы".

© ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы".


Паважаны чытач! Наша Лідская зямля мае сваю слаўную гісторыю. Стагоддзямі насялялі наш край працавітыя, высакародныя, таленавітыя людзі, якія зрабілі свой унёсак у развіццё гаспадаркі, навукі, культуры і мастацтва.

Краязнаўчы каляндар на 2026 год складзены на аснове фактаграфічнай краязнаўчай картатэкі, БД "Краязнаўства", гісторыка-дакументальнай хронікі "Памяць. Ліда. Лідскі раён", энцыклапедычных выданняў і іншых крыніц ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы".

У календары пададзена больш за 80 важных і цікавых датаў з усёй вядомай гісторыіі Лідчыны, што сведчыць аб багатай на падзеі і асобы нашай зямлі.

Спадзяёмся, што наш каляндар будзе карысным і цікавым для шырокага кола чытачоў, вучняў, настаўнікаў, краязнаўцаў, бібліятэкараў і, наогул, усім тым, хто цікавіцца гісторыяй роднага краю.

У 2026 годзе спаўняецца:

680 гадоў таму (1346) князь Кейстут саступіў Ліду Вялікаму князю літоўскаму Альгерду.

650 гадоў таму (1376) тры манахі-францысканцы прынеслі ў Ліду выяву Маці Божай Ружанцовай з Візненскага боку. Абраз Маці Божай Ружанцовай, які знаходзіцца ў Фарным касцёле - найстарэйшы каталіцкі абраз на Беларусі, сведка хрышчэння Літвы Ягайлам, магчыма, гэтым абразом ахрышчана Лідчына. Існуе адмысловая малітва да гэтага абраза.

630 - 627 гадоў таму (1396 - 1399) у Лідскім замку жыў выгнаны з Залатой Арды татарскі хан Тахтамыш. Рассяленне татар на прылеглых тэрыторыях.

620 гадоў таму (1406) войска смаленскага князя Рыгора Святаслававіча спрабавала захапіць Ліду, але пацярпела паражэнне.

620 гадоў (жнівень 1406) з часу першага ўпамінання вёсак Голдава і Сялец.

540 гадоў таму (1486) в. Беліца набыла статус мястэчка.

520 гадоў таму назад (1506, ліпень) Ліда стала месцам збору апалчэння ВКЛ супраць татарскага нашэсця. У першыя дні жніўня 1506 г. - "десять тысяч людей перабранных, конных и збройных" выступіла з Ліды на чале з вялікім гетманам Станіславам Кішкам і князем Міхаілам Глінскім пад Клецк, дзе разграміла войска крымскіх татараў.

515 гадоў таму (1511) в. Малое Мажэйкава ўпершыню ўпамінаецца ў пісьмовых крыніцах.

460 гадоў таму (1566) уведзены ў дзеянне другі статут Вялікага княства Літоўскага - збор законаў феадальнага права. Галоўная асаблівасць - раўнапраўе ўсіх перад судом. Тады ж кароль Жыгімонт Аўгуст дазволіў праводзіць пасяджэнні земскага суда ў адной з вежаў Лідскага замка.

460 гадоў з часу ўтварэння (1566) Лідскага павета. Да яго далучаны Васілішкаўскае і Эйшышкаўскае намесніцтвы са складу Трокскага ваяводства.

415 гадоў таму (1611) сойм Рэчы Паспалітай пацвердзіў гораду Ліда дазволеныя каралём Жыгімонтам Вазам кірмашы.

400 гадоў таму (1626) у Лідзе працавала аптэка.

320 гадоў таму (1706) шведскія войскі размясціліся на пастой у паўднёвых і заходніх частках Лідскага павета.

320 гадоў таму (1706, сакавік) шведы разрабавалі горад і наклалі на лідскую шляхту кантрыбуцыю, якую заплаціў з асабістых сродкаў лідскі маршалак Міхаіл Алексадровіч.

295 гадоў таму (1731) складзены інвентар касцёла в. Белагруда.

270 гадоў з часу заснавання Лідскага піярскага калегіюма (1756 - 1834) - першай сярэдняй навучальнай установы.

250 гадоў таму (1776) Варшаўскі Сойм пацвердзіў Лідзе Магдэбургскае права.

250 гадоў з дня нараджэння Доўгірда Анёла (1776 - 1835), беларускага філосафа, псіхолага, педагога. Выкладаў у Лідзе, Шчучыне.

210 гадоў з дня нараджэння Пякарскага Яна (1816, Ліда - 22.05.1860) - артыста тэатра (камедыйныя ролі). У 1835 г. выступаў у Слоніме ў трупе В. Вярбіцкага.

190 гадоў з дня нараджэння Каяловіча Іосіфа Іосіфавіча (1836 -1920?), праваслаўнага святара ў Лідзе з 1860 па 1920 гг., лідскага Дабрачыннага (1866 - 1890), протаіерэя з 1866 г., настаяцеля Лідскага сабора з 1890 г.. Узнагароджаны Ордэнамі Святой Ганны 3-яй ступені (1870), Святой Ганны 2-ой ступені (1883), Святога Уладзіміра 4-ай ступені (1890).

165 гадоў таму (1861) Лідскі павет быў падзелены на 24 воласці.

165 гадоў таму (1861) у в. Збляны была пабудавана царква на сродкі Людвікі Караліны Радзівіл.

145 гадоў таму (1881-1883) пачалася закладка батанічнага парка "Гарні" у в. Гарні Лідскага раёна. Рашэннем Лідскага раённага выканаўчага камітэта ад 13 кастрычніка 1964 года "Парк "Гарні" аб'яўлены помнікам прыроды мясцовага значэння.

130 гадоў таму (1896) у Вялікіх Канюшанах ад Ганчарскага прыходу адчынена школа пісьменства.

130 гадоў таму (1896) у Лідзе адчынена першая друкарня.

125 гадоў таму (1901) заснаваны ў Лідзе чыгуналіцейны і машынабудаўнічы заводы, зараз ААТ "Лідсельмаш".

120 гадоў таму (1906) пачаўся рух цягнікоў на чыгуначнай лініі Маладзечна - Ваўкавыск праз Юрацішкі - Гаўю - Ліду - Скрыбаўцы - Ражанку.

120 гадоў з дня нараджэння Юдзіна Вячаслава Васільевіча (1906, г. Ліда - 1978), аднаго з кіраўнікоў партызанскага руху ў Гомельскай вобласці.

115 гадоў з дня нараджэння Труханава Аляксея Фёдаравіча (1911-1944), гвардыі падпалкоўніка, камандзіра 86-кавалерыйскага палка, удзельніка вызвалення Ліды ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

105 гадоў таму (1921, студзень) Лідскі павет увайшоў у склад Польшчы (да 18 верасня 1939).

105 гадоў таму (1921) пачалося будаўніцтва Лідскай эпідэмічнай бальніцы на 60 ложкаў. З 1921 па 1939 гг. галоўным урачом Лідскай бальніцы быў Стэфан Казубоўскі.

85 гадоў таму (1941, 22-23 чэрвеня) горад Ліда быў падвергнуты бязлітаснай бамбардзіроўцы нямецкай авіяцыі.

85 гадоў таму (1941, 27 чэрвеня - 1944, 8 ліпеня) Лідчына акупавана войскамі фашысцкай Германіі.

80 гадоў (1946) з часу адкрыцця ДУ "Дзіцяча-юнацкая спартыўная школа № 1 г. Ліда".

80 гадоў таму (1946, студзень) арганізавана аддзяленне хуткай медыцынскай дапамогі пры гарадской бальніцы.

80 гадоў таму (1946, жнівень) заснавана Лідская нафтабаза.

80 гадоў таму (1946, верасень) у Лідзе прайшоў агульнагарадскі ўрачысты сход з нагоды прысваення імя Янкі Купалы Лідскай гарадской бібліятэцы.

75 гадоў (1951, верасень) з часу адкрыцця Лідскага тэхнічнага каледжа УА "Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Я. Купалы".

70 гадоў (1956) з пачатку дзейнасці ААТ "Лідскі завод электравырабаў".

65 гадоў (1961, красавік) з часу заснавання пры гарадскім Доме культуры народнага ансамбля песні і танца "Лідчанка" пад кіраўніцтвам Васіля Аламахі.

60 гадоў таму (1966, ліпень) адбылося адкрыццё Кургана Бессмяротнасці.

50 гадоў (1976) з часу адкрыцця ДУА "Сярэдняя школа № 4 г. Ліды".

50 гадоў (1976) з часу заснавання Лідскага прафесійна-тэхнічнага вучылішча № 196 меліяратыўнага будаўніцтва зараз УА "Лідскі дзяржаўны тэхналагічны каледж".

40 гадоў (1986) з часу адкрыцця УА "Сярэдняя школа № 13 г. Ліды".

35 гадоў (1991) з часу адкрыцця УА "Сярэдняя школа № 16 г. Ліды імя П.М. Машэрава".

30 гадоў таму (1996, 7 сакавіка) Лідскі гарвыканкам рашэннем № 38 перадаў будынак былога планетарыя ў бязвыплатнае карыстанне праваслаўнай рэлігійнай грамадзе Свята-Міхайлаўскай царквы.

30 гадоў (1996) з часу заснавання народнаму ансамбля яўрэйскай музыкі "Шалом".

25 гадоў з часу стварэння Лідскага эстраднага аркестра (2001)

Студзень

1 - 115 гадоў з дня нараджэння Пруткова Сцяпана Дзмітрыевіча (1911 - 1978), Ганаровага грамадзяніна г. Ліды (1967), генерал-маёра авіяцыіі, Героя Савецкага Саюза.

12 - 75 гадоў з дня нараджэння Зайца Юрыя Апанасавіча (1951, г. Ліда - 2011), беларускага археолага, гісторыка.

14 - 55 гадоў з дня нараджэння Вронскай Вольгі Анатольеўны (нар. у 1971, г. Ліда), беларускай спявачкі, заслужанай артысткі Беларусі, педагога.

19 - 45 гадоў з дня нараджэння Мацулевіча Алеся Іосіфавіча (1981-2023), літаратуразнаўца, паэта, карэспандэнта "Лідскай газеты".

21 - 75 гадоў з дня нараджэння Радзько (Халшчанковай) Ганны Станіславаўны (1951, в. Банцавічы Лідскага раёна), беларускай спявачкі (альт), заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь (1982), салісткі Белтэлерадыёкампаніі з 1971г. Вучылася ў СШ № 6 і № 2. Спявала ў ансамблі "Лідчанка" Лідскага гарадскога Дома культуры.

28 - 85 гадоў з дня нараджэння Сліўко Ірэны Нікадзімаўны (1941), працавала ў фінансавым аддзеле Лідскага гарадскога Савета дэпутатаў, вядомая паэтэса на Лідчыне, аўтар мемуараў "Выток пачынаўся ад Гаўі".

Люты

3 - 75 гадоў з дня нараджэння Гарачова Уладзіміра Фёдаравіча (1951-2022), музычнага дзеяча, кампазітара, аранжыроўшчыка, харавога дырыжора. У 1995-2005 гг. - кіраўнік народнага ансамбля народнай музыкі "Калі ласка" Лідскага гарадскога дома культуры.

14 - 85 гадоў з дня нараджэння Валехі Зінаіды Васільеўны (1941, в. Вангі, Лідскага раёна), беларускага гаспадарчага дзеяча, заслужанага работніка прамысловасці Беларусі.

20 - 100 гадоў з дня нараджэння Лазоўскага Мікалая Фёдаравіча (1926 -2009), самадзейнага мастака.

24 - 90 гадоў з дня нараджэння Лабко Георгія Мікалаевіча (1936-1997), беларускага вучонага-даследчыка ў галіне генетычнай папуляцыі пухлінных клетак, кандыдата медыцынскіх навук.

Сакавік

10 - 80 гадоў з дня нараджэння Пырскага Леапольда Вітольдавіча (нар. у 1946 г., в. Юравічы, Гарадзенскага раёна). Адвакат Лідскай юрыдычнай кансультацыі, мясцовы паэт.

11 - 115 гадоў з дня нараджэння ў Лідзе Мігдала Аркадзя Бенядзіктавіча (Бяйнусавіча) (1911-1991), расійскага фізіка-тэарэтыка, гісторыка, педагога, заснавальніка новых кірункаў у ядзернай фізіцы і фізіцы металаў, член-карэспандэнта АН СССР (1953), акадэміка АН СССР (1966).

30 - 70 гадоў з дня нараджэння Лялько Хрысціны Аляксееўны (1956), беларускай пісьменніцы, галоўнага рэдактара часопіса "Наша вера" з 1996 г.

Красавік

3 - 80 гадоў з дня нараджэння Смольскага Рычарда Баляслававіча (1946), савецкі і беларускі тэатразнаўца, педагог. Доктар мастацтвазнаўства (1999). Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь (2014).

7 - 65 гадоў з дня нараджэння Рудзевіча Юрыя Рамуальдавіча (1961), беларускага спевака, вакаліста групы "Чысты голас", заслужанага артыста Беларусі, лаўрэата прэміі "За духоўнае адраджэнне" (1996).

7 - 75 гадоў з дня нараджэння Сцяпанава Канстанціна Мікалаевіча (1951), музычнага педагога. У 1996-2011 гг. - дырэктар Лідскага дзяржаўнага музычнага вучылішча.

10 - 70 гадоў з дня нараджэння Хамяковай Вольгі Рамуальдаўны (1956). Беларускі літаратуразнавец, педагог.

14 - 85 гадоў з дня нараджэння Раксы Полі (Апалоніі, 1941), артысткі тэатра і кіно.

24 - 95 гадоў з дня нараджэння Стадуба Алеся (1931-2020), вядомага на Лідчыне паэта, празаіка, супрацоўніка Лідскай раённай газеты "Уперад" (1972-1987).

26 - 120 гадоў з дня нараджэння Юндзіла Вячаслава Васільевіча (1906-1978), аднаго з кіраўнікоў партызанскага руху ў Гомельскай вобласці.

29 - 65 гадоў з дня нараджэння Карэйвы Юрыя Іванавіча (1961-2021), філолага, настаўніка, паэта.

30 - 70 гадоў з дня нараджэння Багдановіч Ірыны Эрнстаўны (1956), беларускай паэткі, літаратуразнаўца, педагога.

Травень

6 - 265 гадоў з дня нараджэння Юндзіла Станіслава Баніфацыя (1761-1847), доктара філасофіі і багаслоўя, прафесара батанікі і заалогіі Віленскага ўніверсітэта. У 1774-76 гг. вучыўся ў Лідскім піярскім калегіюме.

6 - 95 гадоў з дня нараджэння Усціновіча Анатоля Канстанцінавіча (1931-2009), педыятра-неанатолага, кандыдата медыцынскіх навук (1967), дацэнта (1983), лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР (1984).

9 - 85 гадоў з дня нараджэння Маі Цыбульскай, польскай паэткі, літаратуразнаўца, доктара філалогіі. З Ліды.

15 - 110 гадоў з дня нараджэння Тарас Ніны (1916-2006), беларускай паэткі. У 1938 - 1945 гг. жыла ў Лідзе, працавала літсупрацоўнікам у рэдакцыі лідскай раённай газеты "Уперад", выбіралася дэпутатам гарадскога Савета.

28 - 90 гадоў з дня нараджэння Вальчука Эдуарда Антонавіча (1936), беларускага вучонага ў галіне сацыяльнай гігіены і арганізацыі аховы здароўя Гарадзенскай вобласці.

28 - 190 гадоў з дня нараджэння Карловіча Яна Аляксандравіча (1836-1903), лінгвіста, этнографа, фалькларыста, музыказнаўца. У 1981-82 гг. жыў і працаваў на Беларусі ў маёнтку Подзітва (Лідскі павет).

Чэрвень

1 - 115 гадоў з дня нараджэння Міско Якуба Герасімавіча (1911- 1981), беларускага пісьменніка, перакладчыка, заслужанага дзеяча культуры Беларусі (1967). У 1940-41 гг. працаваў літсупрацоўнікам у рэдакцыі лідскай газеты "Уперад".

6 - 70 гадоў з дня нараджэння Вінніка Леаніда Макаравіча (1956- 2006), вядомага на Лідчыне паэта і краязнаўца.

11 - 75 гадоў з дня нараджэння Бугасава Сяргея Іванавіча (1951), музычнага педагога, беларускага кампазітара. У 1977-1994гг. - намеснік дырэктара Лідскага дзяржаўнага музычнага вучылішча.

23 - 60 гадоў з дня нараджэння Пешахонава Ігара (1966), фотамастака, краязнаўца.

24 - 130 год з дня нараджэння Крыпца Івана Яўстафавіча (1887- 1987), партыйнага і гаспадарчага дзеяча БССР і СССР, карэспандэнта газеты "Известия ВЦИК" (1918).

Ліпень

3 - 150 гадоў з дня нараджэння Цёткі (Пашкевіч Алаізы Сцяпанаўны), (1876-1916), беларускай паэткі, грамадска-культурнай дзяячкі, асветніцы, артысткі тэатра, педагога, выдаўца.

7 - 75 гадоў з дня нараджэння Гушчынскага Івана Сцяпанавіча (1951), вядомага на Лідчыне паэта, аўтара зборніка вершаў "Ідзі і вяртайся" (2010).

15 - 120 гадоў з дня нараджэння Радзюка Трафіма Сямёнавіча (1906-1960), дзяржаўнага і партыйнага дзеяча. Выбіраўся першым сакратаром Гарадзенскага гаркама партыі (1951-1954), Лідскага райкама (1954 -1955) і Лідскага гаркама (1955-1969).

22 - 85 гадоў з дня нараджэння Юфы Уладзіміра Якаўлевіча (1941), дырэктара ААТ "Лідскае піва" (1986-2008). Ганаровы грамадзянін Лідскага раёна (2013).

23 - 65 гадоў з дня нараджэння Верасняк Вольгі (1961), вядомай лідскай паэтэсы.

Жнівень

2 - 105 гадоў з дня нараджэння Урбановіча Уладзіміра Аляксандравіча (1921-1999), педагога, пісьменніка, краязнаўцы. Вучыўся ў Лідскім педвучылішчы, некаторы час настаўнічаў у школах Лідскага раёна. Занесены ў Кнігу Славы Наваградскага раёна (пасмяротна).

5 - 140 гадоў з дня нараджэння Яманта Браніслава Казіміравіча (1886-1957г.), беларускага мастака, мастацкага педагога.

Верасень

7 - 100 гадоў з дня нараджэння Слукі Вацлава Дамінікавіча (1926- 2004), грамадскага дзеяча, дэпутата раённага і абласнога Савета дэпутатаў, Героя Сацыялістычнай Працы (1966).

11 - 95 гадоў з дня нараджэння Кабяка Сяргея Цярэшкавіча (1931- 1985), грамадскага і палітычнага дзеяча, (1957-1958), першага сакратара Лідскага гаркама партыі (1968 -1972).

Кастрычнік

7 - 125 гадоў таму (1901) адбылося адкрыццё прыватнай жаночай гімназіі Марыі Навіцкай. Зараз ліцэй № 1 г. Ліды.

14 - 110 гадоў з дня нараджэння Сасноўскага Роберта Юр'евіча (1916-2003), удзельніка падпольнага і партызанскага руху на Лідчыне (1941 - 1944), дзяржаўнага і гаспадарчага дзеяча.

29 - 80 гадоў з дня нараджэння Кушаля Міхаіла Лук'янавіча (1946), генерал-палкоўніка.

Лістапад

11 - 75 гадоў з дня нараджэння Судара Аляксандра Іванавіча (1951) беларускага жывапісца, члена Саюза мастакоў Беларусі (1990).

14 - 105 гадоў з дня нараджэння Малахава Мікалая Міхайлавіча (1921-1993), удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, падпалкоўніка авіяцыі. З 1959 г. жыў і працаваў у Лідзе. Яго імем названы вуліцы ў Лідзе і ў Барнавуле.

15 - 65 гадоў з дня нараджэння Баранчыка Міхаіла Айзікавіча (1961), вядомы беларускі паэт. Фіналіст міжнароднага літаратурнага форума "Славянская ліра-2016". Сябар Беллітсаюза "Полоцкая ветвь".

16 - 105 гадоў з дня нараджэння Панчанкава Віталія Ільіча (1921- 1996), аднаго з кіраўнікоў партызанскага руху на Гарадзеншчыне (1941 - 1944), Ганаровага грамадзяніна г. Ліды (1965).

20 - 65 гадоў з дня нараджэння Юшко Юрыя Іванавіча (1961), беларускага эканаміста, педагога, кандыдата эканамічных навук.

Снежань

3 - 90 гадоў з дня нараджэння Кудлы Канстанціна Канстанцінавіча (1936-2003), беларускага вучонага-біёлага, сябра Беларускага геаграфічнага таварыства.

5 - 100 гадоў з дня нараджэння Мурахвера Уладзіміра Сямёнавіча (1931-2017) беларускага мастака дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (мастацкае шкло), заслужанага дзеяча мастацтваў БССР. У 1966-1973 гг. - галоўны мастак на шклозаводзе "Нёман" у г. Бярозаўка Лідскага раёна.

16 - 95 гадоў з дня нараджэння Сліўко Смарагда (1931-2006), педагога, вядомага на Лідчыне паэта, рэжысёра народнага тэатра гарадскога Палаца культуры.

Дзень беларускага пісьменства -2025 у Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы

Сустрэча з пісьменнікам у лідскай кавярні "Моманты"

Мая новая праца, мой новы этап жыцця звязаны з гісторыяй роднага краю, роднай Лідчыны. Я - экскурсавод. Прафесія, якая патрабуе дасканалых ведаў, пастаяннага навучання. Кнігі, інтэрнэт-сайты, YоuTube - зараз шмат магчымасцей для атрымання інфармацыі. Але сярод яе бясконцай плыні мяне не "адпусціла" адна кніга - гэта кніга Леаніда Лаўрэша "Шпацыры па старой Лідзе".

Я ўзяла яе ў чытальнай зале Лідскай раённай бібліятэкі на адзін месяц. Калі пачала чытаць, то зразумела - гэтага часу мне не хапае. Бо "Шпацыры" патрабуюць удумлівага чытання, асэнсавання. І я працягнула свой абанемент яшчэ на месяц. Напрыканцы тэрміну карыстання мне патэлефанавалі з бібліятэкі - кнігу "Шпацыры па старой Лідзе" ўжо чакалі новыя чытачы. Неверагодны факт - чарга на кнігу! У мяне з'явіліся два жаданні - я хацела мець гэтую кнігу і пазнаёміцца з яе аўтарам, Леанідам Лаўрэшам.

Жаданні могуць збывацца…..

26 снежня 2025 года ў кавярні "Моманты" праводзілася сустрэча з нашым краязнаўцам і пісьменнікам Леанідам Лаўрэшам. Зразумела, што я не магла прапусціць гэтую магчымасць - паслухаць знакамітага лідзяніна, задаць яму пытанні і атрымаць адказы.

Сустрэча сабрала шмат зацікаўленых людзей. Асабліва радавала, што сярод прысутных большасцю была моладзь і госці з Гародні. Некаторыя прыйшлі з новымі кнігамі аўтара - "Лідскі замак. Кароткая гісторыя", "Выхаванкі князёў Чартарыскіх з-пад Ліды", "Гісторык Юстын Нарбут" і г. д.

Амаль дзве гадзіны без перапынку, на прыгожай беларускай мове Леанід Лявонцьевіч распавядаў пра гісторыю нашага роднага горада, пра свае даследаванні, планы, кнігі (іх ажно 23). Сустрэча была вельмі цікавай, пазнавальнай, а слухачы - падрыхтаваныя і зацікаўленыя. Шмат пытанняў было зададзена моладдзю. Юнакі літаральна не адпускалі нашага знакамітага аўтара. І ўсе прысутныя выказалі пажаданне - працягнуць гэтыя сустрэчы, нават зрабіць іх традыцыяй.

Будзем спадзявацца, што так і будзе. Вялікі дзякуй арганізатарам гэтай сустрэчы і, канешне, Леаніду Лявонцьевічу Лаўрэшу. Яго справа няпростая, але мінулае нашага краю, якім займаецца Леанід Лявонцьевіч, скіравана у будучыню.

Ала Штых.

Ён напісаў "Веча славянскіх балад"

15 студзеня споўнілася 90 гадоў з дня нараджэння беларускага пісьменніка, перакладчыка, заслужанага дзеяча культуры Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Янкі Купалы Янкі Сіпакова (1936-2011).

Пісьменнік шчодрага і шматграннага таленту, разнастайных творчых магчымасцяў Янка Сіпакоў нарадзіўся на Аршаншчыне, у вёсцы Зубрэвічы. У час вайны страціў бацькоў і рана далучыўся да працы. Працаваў паштальёнам, літсупрацоўнікам Шклоўскай раённай газеты. Пасля вучобы ў БДУ ў 1960-1973 гадах працаваў у "Вожыку", амаль дваццаць год - у часопісе "Маладосць". З 1993 года Янка Сіпакоў загадваў рэдакцыяй літаратуры, мовы, фальклору і этнаграфіі выдавецтва "Беларуская Энцыклапедыя". З 1997 года працаваў у часопісе "Беларусь".

Творчую дзейнасць Янка Сіпакоў пачаў як паэт. Свой першы верш надрукаваў у 1953 годзе ў Аршанскай раённай газеце, а ў 1960 годзе выйшаў яго першы паэтычны зборнік "Сонечны дождж". У ім шмат святла і сонца, шчырасці і дабрыні, юнацкай усхваляванасці і болю аб незабыўным, перажытым. Потым былі зборнікі: "Лірычны вырай" (1965), "Дзень" (1968), "З вясны ў лета" (1972) і дзесяткі іншых. Лепшае з іх склала кнігу выбранай паэзіі "Вочы ў вочы" (1978), у якой паэт "вочы ў вочы" гаворыць з Радзімай і часам, з мінулым і сённяшнім днём, з роднай зямлёй і прыродай, з каханай і сябрамі. Адну з самых лірычных форм паэзіі - санет - паэт выкарыстаў для стварэння цыкла "Жанчына". Тэмы адказнасці чалавека за будучае планеты, чысціні і прыгажосці чалавечых узаемаадносін знайшлі адлюстраванне ў гэтым вянку санетаў.

З'явай у беларускай паэзіі стала кніга Янкі Сіпакова "Веча славянскіх балад" (1973), адзначаная ў 1976 годзе Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Янкі Купалы. Яе складаюць больш за пяцьдзесят балад, у якіх на гістарычных фактах і фальклорных крыніцах паэт узнаўляе радасныя і трагічныя моманты з гісторыі славянскіх народаў.

Цікавай падзеяй у літаратурным жыцці ХХ стагоддзя стала кніга прыпавесцяў Янкі Сіпакова "Тыя, што ідуць" (1993), першая такога плану ў беларускай літаратуры. Тры дзесяткі прыпавесцяў, аб'яднаныя ў ёй, - творы неабмежаваныя ў прасторы і часе. У іх ужываюцца, пераплятаюцца і ўзаемадзейнічаюць рэальнае і нерэальнае, жыццёвае і прывіднае. Аўтар разважаў аб жыцці і смерці, аб тым, што гора і радасць заўсёды побач, што там, дзе плачуць, там, зразумела, не смяюцца, а дзе смяюцца, там можна часам і паплакаць. Праз новыя арыгінальныя формы імкнуўся пісьменнік выказаць набалелае. Прытчы Сіпакова вызначаюцца не дыдактызмам і празмернай павучальнасцю, што звычайна ўласціва гэтаму жанру, а глыбокай філасофскай насычанасцю. Яны сімвалічныя па сваёй сутнасці.

Паводле СМІ.

Паходневае шоў і шпацыр з "царамі": унікальны калядны абрад у Семежаве

На календары аўторак, 13 студзеня. Для большасці беларусаў - гэта звычайны будны дзень, але толькі не для жыхароў аграмястэчка Семежава. Ужо некалькі стагоддзяў запар у Шчадрэц тут праводзяць унікальны беларускі абрад - "Калядныя Цары".

Каб патрапіць на свята, мясцовыя нават адпрошваюцца з працы, а хтосьці і зусім прыязджае з іншых гарадоў. Ад турыстаў адбою таксама няма - усе жадаюць убачыць знакамітую сцэнку з "Цара Максіміліяна", акунуцца ў мясцовы каларыт і паглядзець на запальванне паходняў.

Журналісты Times.by прайшліся па вячэрніх вуліцах Семежава разам з "царамі" і дазналіся сакрэты мясцовага каляднага звычаю.

Семежава сустракае

Ужо з 15:00 каля Семежаўскага Дома культуры шумна і людна. У -11°C тут разгарнуўся своеасаблівы "Калядны кiрмаш". Нягледзячы на моцны студзеньскі мароз, мясцовыя задаюць настрой - спяваюць песні, зазываюць на дэгустацыі, некаторым гасцям наліваюць чарачкі "для сугрэву".

На імправізаванай сцэне выступаюць артысты. Публіка, спрабуючы не змерзнуць, пачынае прытанцоўваць. Акрамя журналістаў і мясцовых жыхароў, тут хапае турыстаў. Прывозяць іх сюды цэлымі аўтобусамі, галоўным чынам з Менска. Паглыбляемся ў натоўп і бліжэй знаёмімся з людзьмі.

Кампанія з трох дзяўчын-калегаў прыехала ў Семежава ўпершыню. У Менску яны працуюць у арганізацыі, якая займаецца брандзіраваным мерчам.

- Ой, мы наогул за ўсё беларускае. Нядаўна нават зрабілі сабе шоперы з варотамі Менска. Сюды прыехалі нацешыцца самабытнай атмасферай і запазычыць натхненне для будучых працоўных праектаў, - дзеліцца з намі адна з дзяўчын.

Ледзь наводдаль ва ўнісон артыстам падпяваюць яшчэ дзве сяброўкі. Знешне дзяўчынам каля 20, на іх рознакаляровыя хусткi і чырвоная памада.

- Мы самі з Семежава, але працуем у Менску. Прыязджаць на "Цароў" кожны год - ужо традыцыя. Нашы аднакласнікі і сябры таксама ў свой час былі "царамі", але нават скрозь гады гэты абрад усё яшчэ застаецца вясёлым і цікавым, - адзначаюць яны.

Як пачалі хадзіць у "Цары"

Прабіраючыся скрозь людзей, заходзім у будынак. Тут нас сустракае ў прамым сэнсе слова PR-менеджар Семежава - загадчыца Дома культуры Юлія Стрэлкіна.

Цікава, што сама яна не мясцовая, але ў аграмястэчку жыве ўжо 26 гадоў. Гэтага часу ёй хапіла, каб усёй душой палюбіць культуру аграмястэчка і на зубок вывучыць яго гісторыю.

Як распавяла Юлія, Семежава гістарычна было адмысловым месцам у Капыльскім раёне. Яго жыхары ніколі не плацілі падаткі. Гэты прывілей з'явіўся дзякуючы дамоўленасці з Радзівіламі, якія зрабілі выключэнні для тых, хто асвойваў цяжкія багністыя землі і будаваў дарогі.

Сам жа абрад "Цары" сыходзіць каранямі ў XVIII стагоддзе. Тады ў гэтай мясцовасці знаходзіліся царскія войскі. Перад Новым годам салдаты і афіцэры хадзілі калядаваць па хатах. Каб вылучыцца, яны апраналі белыя мундзіры, высокія гусарскія шапкі са стужкамі і яркія паясы. У такіх гарнітурах салдаты разыгрывалі ўрывак з народнай драмы "Цар Максіміліян" і атрымлівалі пачастункі ад мясцовых.

- Але яны былі хлопцы няпростыя, са сваім інтарэсам. Спачатку салдаты ішлі ў хаты, дзе былі незамужнія дзяўчаты. Разам з "царамі" хадзілі пераапранутыя дзед і баба. Пакуль ішло прадстаўленне, яны маглі зазірнуць у каморку і ацаніць пасаг нявесты, - удакладняе загадчыца Семежаўскага Дома культуры.

У савецкі час абрад праводзіць забаранялі, але мясцовыя мужчыны ўсё адно ўпотай збіраліся і хадзілі калядаваць. У 1990-х традыцыю нарэшце пачалі аднаўляць і нават знялі пра яе дакументальны фільм.

З 2009 гады абрад "Цары" занесены ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА.

Сямейныя дынастыі і старажылы

Сёння абрад захаваўся амаль без змен і з арыгінальным сцэнарам. Сярод герояў - цар Максіміліян, Мамай, "белыя цары", бабка, лекар і механоша (удзельнік калядак).

У абрадзе ўдзельнічаюць два атрады "цароў" па 12 чалавек - дарослыя і дзеці-школьнікі. Па словах Юліі, у некаторых нават склаліся цэлыя "царскія" дынастыі.

- Напрыклад, у сям'і Цімонавых у "Царах" хадзілі дзед, яго сын і зяць, а цяпер ходзіць унук, - адзначае загадчыца Семежаўскага Дома культуры.

Адзін са дарослых "цароў" - Аляксей - удзельнічае ў абрадзе ўжо восем гадоў. Мужчына працуе слесарам у мясцовым калгасе, і сёння ў яго як раз выхадны.

- У "Царах" я не першы год, але мне па-ранейшаму цікава. Прыемна, што да нас прыязджае шмат турыстаў, і з гадамі іх лік толькі расце. Спадзяюся, гэта традыцыя захаваецца і будзе жыць для нашых дзяцей і ўнукаў, - кажа Аляксей.

Закуліссе маладых "цароў"

Удзельнічаць у гэтым абрадзе хлопчыкі могуць з 12 гадоў. І калі сярод дарослых "цароў" ужо свой устояны калектыў, то сярод дзяцей кожны год разгортваецца цэлы кастынг.

- У школе паміж імі ідзе сапраўдная барацьба: "Вось ён дрэнна вучыцца, куды ж мы яго ў цары возьмем? Можа, бабай якой-небудзь возьмем, а царом - не". Усё жадаюць атрымаць значную ролю ў абрадзе, - распавядае Юлія.

Але тут жа з гонарам дадае: нягледзячы на дух суперніцтва, усе хлапчукі гатовыя адзін аднаму дапамагаць. Калі што якое, дзеці ведаюць тэкст сцэнкі, могуць падказаць і падмяніць калегу.

Падчас падрыхтоўкі да абраду нам удалося пагаварыць з адным з галоўных персанажаў Яўгенам (царом Максіміліянам). Па словах хлопца, на час "Цароў" іх нават адпускаюць з урокаў у школе. Больш за ўсё яму падабаецца хадзіць па хатах і мець зносіны з людзьмі.

- Гаспадары звычайна частуюць нас цукеркамі, сокам, каўбасой і хлебам. Пасля гэтага мы вяртаемся ў клуб, раскладваем усе пачастункі і ўладкоўваем штосьці тыпу салодкага стала. Са мной у атрадзе шмат сяброў і аднакласнікаў, таму ўдзельнічаць у "Царах" удвая весялей, - дзеліцца школьнік.

Яго суперніка Мамая другі год падрад іграе сямікласнік Алег. Хлопчык прызнаўся, што першыя часы моцна нерваваўся падчас выступаў, але потым ужыўся ў ролю. Цяпер хлопец удзельнічае ў "Царах" для душы.

- За вечар мы абыходзім прыкладна 15 хат. І не, іграць адно і тое ж нам не надакучвае. Асноўная складанасць - гэта нязручная форма, асабліва боты. У іх націраеш ногі. Але з часам дыскамфорт заглушаецца. У будучыні хачу працягнуць выступаць у "Царах" гэтулькі, колькі атрымаецца, - гаворыць адкрыта малады чалавек.

"Мех" з падарункамі і паходневае шэсце

Бліжэй да вечара перад публікай нарэшце з'яўляюцца два атрады "цароў". Дарослыя і дзеці ідуць па розных вуліцах, падзяляючы паміж сабой аграмястэчка на дзве часткі.

Паколькі вялікіх хат з прасторнымі сенцамі ў Семежаве амаль не засталося, дзеянне праходзіць у дварах. Жыхары ўпрыгожваюць сваё жыллё падсвятленнем і самі запрашаюць "цароў", кажучы: "Тут у мяне нявеста, трэба, каб зайшлі".

"Цары" гаспадарам не адмаўляюць - заходзяць у кожную хату і адыгрываюць свае ролі на 100%. Апошнім з двара выходзіць механоша. Яго роля - атрымліваць пачастункі - хоць і цяжкая фізічна, але маральна прыемная. Часцей за ўсё мужчын адорвалі каўбасамі, печывам і гарэлкай.

З наступленнем цемры гасцей Семежава чакае яшчэ адна відовішчная неспадзеўка: пасля таго, як "цары" абыйшлі ўсе хаты, яны запальваюць паходні і вяртаюцца на галоўны пляц горада.

Паводле Аляксандры Сіваковай. Фота. © Марыя Амеліна, Times.by.

БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

Станіслаў Суднік

Колеры, афарбоўкі і масці ў Лідзе і ў астатняй Беларусі

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)


Афарбоўкі і масці жывёлаў

Афарбоўка жывёл фармуецца пігментамі (эўмеланін - чорны/карычневы, феамеланін - руды/крэмавы) і структурнымі асаблівасцямі покрываў.

Асноўныя функцыі ўключаюць камуфляж, тэрмарэгуляцыю, абарону ад сонца і камунікацыю.

Афарбоўка можа змяняцца сезонна (вавёркі, зайцы) ці геаграфічна (правіла Глогера: ярчэй у вільготным клімаце).

Асноўныя тыпы афарбоўкі жывёл:

Абаронная (маскіровачная): дапамагае зліцца з навакольным асяроддзем (зялёны конік, шэры заяц).

Падзяляльная (дызруптыўная): кантрасныя плямы ці палосы (тыгр, леапард, жыраф) парушаюць контур цела, робячы жывёлу незаўважнай у цені.

Папераджальная (апасематычная): яркая афарбоўка, якая сігналізуе пра небяспеку ці неядомасць (атрутныя жабы, восы).

Мімікрыя: перайманне формы ці колеру іншых, больш небяспечных відаў.

Асаблівасці афарбоўкі сысуноў:

Генетыка: у катоў, напрыклад, афарбоўка счэплена з полам (гены рудога/чорнага знаходзяцца ў X-храмасоме).

Пігментацыя: эўмеланін дае чорныя, блакітныя, ліловыя адценні, а феамеланін - чырвоныя і крэмавыя.

Геаграфічная зменлівасць: паводле правіла Глогера, жывёлы ў гарачым і вільготным клімаце цямней, чым у сухім і халодным.

Прыклады зменлівасці:

Сезонная змена: зайцы-белякі змяняюць шэрую поўсць на белую ўзімку.

Актыўная змена: хамелеоны могуць змяняць колер у залежнасці ад тэмпературы і вонкавых умоў.


Масць жывёл - гэта афарбоўка валасянога покрыва, скуры і вока, якая з'яўляецца спадчыннай прыкметай, што фармуюцца з узростам. Яна найболей характэрная для коней і буйной рагатай жывёлы, вызначаючы породную прыналежнасць і, часам, каштоўнасць футра ці шкуры. Масць спалучае ў сабе асноўны колер цела, грывы, хваста і наяўнасць метак.

Асноўныя асаблівасці масці:

Спадчыннасць: масць - гэта не проста колер, а генетычна абумоўленая камбінацыя пігментаў, якая перадаецца ў спадчыну нашчадкам.

Адрозненне ад афарбоўкі: тэрмін "масць" звычайна ўжываецца да коней і сельскагаспадарчых жывёлаў, тады як афарбоўка - да сабак і дзікіх жывёлаў.

Пародная прыкмета: часта масць служыць важнай прыкметай пароды (напрыклад, вараная ў фрызаў, гнядая ў верхавых).

Зменлівасць: масць можа змяняцца з узростам (напрыклад, жарабяты нараджаюцца цямнейшыя) і залежаць ад вонкавых фактараў. Парасяты дзікоў зусім нараджаюцца паласатымі, а потым набываюць рудую афарбоўку.

Слова "масць" ужываецца ў гульнявых картах, а таксама ў абазначэнні катэгорыі зняволеных крымінальнікаў.


Хатняя мыш


Пытанне тэрміналогіі. Пары тэрмінаў рускай мовы "дикие и домашние животные" у беларускай мове адпавядае пара "дзікія і свойскія жывёлы". Назваць мыш свойскай жывёлай не выпадае, хоць і ёсць ручныя. У рускай мове мыш, якая жыве ў хаце, называецца "домовой", у беларускай мове найбольш зручны тэрмін "хатняя".


Хатняя мыш (лац. Mus musculus) - від грызуноў роду хатніх мышэй. Дзякуючы сваёй здольнасці да суіснавання з чалавекам хатнія мышы распаўсюдзіліся па ўсім свеце і з'яўляюцца адным з самых шматлікіх відаў сысуноў.

Мышы - мадэльныя арганізмы ў лабараторных даследаваннях. Утрымоўваюць іх і ў якасці ручных жывёл.


Апісанне.

Дробны даўгахвосты грызун тыповага для роду аблічча. Даўжыня цела складае ад 6,5 да 9,5 см. Хвост складае не меней 60 % у адносінах да даўжыні цела (па іншых дадзеных - не меней 90 %, але ў сярэднім роўны даўжыні цела), пакрыты рагавымі лускавінкамі, размешчанымі колцападобна, і рэдкімі кароткімі валасінкамі (у пацукоў, для параўнання, хвост цалкам голы). Маса - 12-30 г. Вушы круглявыя, невялікія. Афарбоўка верхняй часткі цела - цёмная, буравата-шэрых тонаў; жывоцік - ад папяліста-шэрага да белага колеру. У пустэльных мышэй афарбоўка больш светлы, жаўтлява-пясчаная, жывоцік белы. Сярод прыручаных сустракаюцца белыя, чорныя, жоўтыя, шэра-блакітныя і стракатаафарбаваныя асобіны. У самак 5 пар саскоў. Палавы дымарфізм выяўлены слаба.


Распаўсюд і падвіды.

Амаль касмапалітны від, які рассяляецца паўсюдна акрамя Крайняй Поўначы, Антарктыды і высока ў гарах. Да ліку фактараў, якія абмяжоўваюць яе распаўсюд, адносяцца нізкія тэмпературы паветра і высокая вільготнасць. У Расіі не сустракаецца на значнай частцы паўночнага ўсходу Сібіры, на Таймыры, у міжрэчча Енісея і Лены і ў горных тундрах. Радзімай хатняй мышы меркавана з'яўляецца Паўночная Індыя або Паўночная Афрыка і Пярэдняя Азія, дзе яна вядомая ў выкапнёвым стане. Разам з чалавекам распаўсюдзілася па ўсім свеце. Не ў апошнюю ролю ў распаўсюдзе адыграў транспарт: у прыватнасці, караблі; даўней - конны; а ў наш час таксама аўтамабільны, чыгуначны і авіяцыйны. Пры гэтым назіраецца наступная заканамернасць: на водным, чыгуначным і паветраным транспарце мышы перасоўваюцца на значна большие адлегласці, чым на аўтамабільным (а раней - конным).

На дадзены момант апісана каля 130 падвідаў хатняй мышы. Іх аб'ядноўваюць у 4 асноўныя падвіды.


Палявая мыш


Плявая мыш (лац. Apodemus agrarius) - грызун роду палявых мышэй (лац. Apodemus).

Даўжыня цела да 12,5 гл, хваста - каля 70 % ад даўжыні цела. Афарбоўка спіны - ахрыста-шараватая, на жываце - светла-шэрая. Уздоўж спіны праходзіць цёмная паласа, чым адрозніваецца ад хатніх мышэй, у якіх афарбоўка звычайна больш цёмная. Вушы маленькія. Поўсць густая. Асновы валасоў цёмныя. Палавы дымарфізм выяўлены слаба. У самак 4 пары саскоў.

Палявая мыш распаўсюджана на тэрыторыі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, поўдні Заходняй Сібіры, у Кітаі (акрамя паўднёвых частак), Манголіі, Прымор'і, на Карэйскім паўвостраве і на Тайвані.

Палявая мыш аддае перавагу адкрытым біятопам - хмызняковым зараснікам і сенажацям. Таксама засяляе антрапагенныя ландшафты і аграцанозы. У гарадах селіцца ў садах, парках, на могільніках. У якасці сховішчаў выкарыстоўвае натуральныя хованкі ці капае норы. Уладкаванне нор досыць простае: не больш за 3-4 выйсці, з 1-2 гнездавымі камерамі, якія размяшчаюцца на невялікай глыбіні. Палявыя мышы, якія селяцца ў вільготных і затапляных біятопах, робяць гнёзды на хмызняках ці ў траве.

Сілкуецца як расліннай (насенне, ягады, зялёныя часткі раслін), так і жывёльнай (казуркі) ежай. Склад рацыёну залежыць ад пары года.

Палявая мыш з'яўляецца адным з найважнейшых шкоднікаў збожжавых культур. Можа быць пераносчыкам узбуджальнікаў клешчавога энцэфаліту, тулярэміі, рыкетсіёзу, ліхаманкі Ку і іншых захворванняў.


Лад жыцця.

Улетку вядуць начны лад жыцця, а ўзімку пераходзяць на кругласутачны рэжым. Пры бегу перасоўваюцца скачкамі. Добра плаваюць.

Як і іншыя віды мышэй, палявыя робяць запасы на зіму. З'ядаюць мала, рэшткі ежы хаваюць на дне нор, закопваючы ў зямлю. У восеньскі і зімовы перыяд могуць сустракацца ў населеных пунктах, а таксама ў сціртах, стагах сена, саломы, у свіранах. У спячку ўзімку грызуны не ўпадаюць.


Размнажэнне.

Размножваюцца каля 3-4 раз, радзей 5-6 раз у год, у адным прыплодзе ў самкі нараджаецца 5-7 дзіцянятаў. Цяжарнасць працягваецца да 22 дзён. Палавой сталасці мышаняты дасягаюць ва ўзросце 3-3,5 месяцаў. Пры спрыяльных умовах колькасць папуляцыі расце вельмі хутка.


Пацукі


Шэры пацук (Rattus norvegicus) - род грызуноў сямейства мышыных, які ўключае не меней 64 відаў.


Агульныя звесткі.

Даўжыня цела 8-30 см, даўжыня хваста роўная даўжыні цела ці больш яе, маса ад 37-39 грамаў (Rattus exulans) да 400-420 грамаў (некаторыя асобіны шэрага пацука могуць дасягаць 500 грамаў). У афарбоўцы цела пераважаюць цёмна-шэрыя ці шэра-бурыя тоны, аднак сустракаюцца жоўтыя, чырвоныя і памяранцавыя адценні. Пальцы на лапах рухомыя - гэта кампенсуе недастатковае развіццё мазалёў, неабходных для лазання. Шырока распаўсюджаны два сінантропныя віды - шэрыя і чорная пацукі. Астатнія віды распаўсюджаны ў Паўднёва-ўсходняй Азіі, Новай Гвінеі, Аўстраліі, на выспах Малайскага архіпелага. Яшчэ адзін сінантропны від Rattus exulans завезены на шматлікія выспы Акіяніі і Гаваі. Несінантропныя віды пацукоў насяляюць пераважна трапічныя лясы, у тым ліку горныя. У Аўстраліі пацукі сустракаюцца ў саванах і на пашах. У выкапнёвым стане род Rattus вядомы з сярэдняга плейстацэну.


Лад жыцця, сілкаванне і размнажэнне.

Большасць пацукоў вядуць наземны ці паўдравесны лад жыцця. У якасці сховішчаў выкарыстоўваюць норы (як самастойна выкапаныя, так і норы іншых жывёл), натуральныя сховішчы, гнёзды розных жывёл, а таксама штучныя сховішчы (напрыклад скляпы ці іншыя канструктыўныя перакрыцці жылых дамоў). Жывуць пацукі як адзінкава, так і ўтвараючы сямейныя ці тэрытарыяльныя групы.

Большасць пацукоў усяядная. Аднак у розных відаў існуюць адпаведныя перавагі. Некаторыя аддаюць перавагу расліннай ежы - насенне, гародніна, садавіна. Іншыя жывёлы - розным казуркам, малюскам і іншым дробным бесхрыбтовым. У шэрых пацукоў меню ў розных папуляцыях моцна адрозніваецца.

Размнажаюцца пацукі круглы год, за выключэннем паўночных папуляцый сінантропных відаў. Колькасць пацучанят у прыплодзе ў розных пацукоў адрозніваецца. У шэрага пацука можа быць ад 2 да 22 пацучанят, але ў сярэднім 8-9, у малайских відаў у сярэднім ад 3 да 6, у аўстралійскіх відаў ад 3 да 14 дзіцянятаў. Самкі некаторых відаў пацукоў поліэстральныя.


Працягласць жыцця.

Працягласць жыцця пацука складае каля 3 гадоў; ва ўзросце 6 - 8 месяцаў асобіны самцоў дасягаюць масы 250 г, а самкі - некалькі менш. Дарослая жывёла мае масу 200-400 г.


Сістэматыка і віды.

У родзе вылучаюць каля 70 відаў, якія жывуць цяпер, падзеленых на некалькі груп. Яшчэ некалькі відаў вымерла ў гістарычны час.

(Працяг у наступным нумары.)

Фарны касцёл у Лідзе

Леанід Лаўрэш

Гісторыя Ліды сягае ў глыб стагоддзяў, але дата заснавання горада выклікала спрэчкі ў даследчыкаў, якія падавалі супярэчлівыя звесткі пра час узнікнення Ліды: ад 1180 да 1380 г. Аднак сёння можна з адноснай упэўненасцю казаць пра існаванне паселішча на тэрыторыі Ліды ўжо ў XII ст., рэшткі якога былі знойдзены ў 1930-х гг. Цікавым і важным для нас з'яўляецца тое, што паселішча гэта было славянскім, а не балцкім, як пра тое пісаў Тэадор Нарбут, пры тым, што датыроўка археолагаў адносна добра супадае з датай заснавання нашага горада, якую Нарбут дае як 1180 г.

На працягу 1323-1328 г. Гедымін пабудаваў каля балцкага паселішча Ліда, заснаванага паміж Х-ХІІ ст., магутны мураваны замак з байніцамі і чатырохпавярховай вежай. З 30-х г. XIV ст. Ліда пачынае фігураваць у кантэксце розных падзей, на старонках летапісаў і хронік Вялікага Княства Літоўскагаі горад упершыню згадваецца ў адзін год са сталіцай дзяржавы Вільняй. Верагодна, большасцю яе насельнікаў былі язычнікі.

Каля магутнага замка рос горад, і ў ім паступова распаўсюджвалася хрысціянства. У першай палове XIV ст. горад, у першую чаргу дзякуючы замку, з'яўляўся адным з рэгіянальных ваенна-адміністрацыйных цэнтраў ВКЛ. Ліда стала цэнтрам намесніцтва, вядомага з 1382 г., а потым і павета ў складзе Віленскага ваяводства. Пасля Крэўскай уніі 1385 г. Ліда аказалася важным, бліжэйшым да Вільні населеным пунктам, каля якога ляжаў шлях ад сталіцы ВКЛ да польскай сталіцы Кракава. Такое геаграфічнае размяшчэнне Ліды, разам з наяўнасцю добра ўмацаванага і да таго ж досыць камфартабельнага замкавага комплексу еўрапейскага тыпу, зрабіла горад месцам прыпынку Ягайлы ў яго частых паездках. Тут адбываліся важныя для абедзвюх дзяржаў сустрэчы, перамовы, урачыстасці. Усё гэта вабіла ў Ліду і хрысціянскіх місіянераў з захаду.


Пачатак каталіцтва ў Лідзе адносіцца да часоў княжання Альгерда. Адзін з літоўскіх вяльможаў, Гаштольд, прыняў рыма-каталіцкую веру, узяў пад сваё заступніцтва манахаў ордэна св. Францішка і пабудаваў для іх манастыр ў Вільні. У 1366 г. тры францішканцы прыбылі ў ВКЛ з Польшчы, каб распаўсюджваць тут хрысціянскую веру і пасяліліся ў Лідзе. Праз тры гады місіянераў забілі паганцы. Але ў Ліду прыйшлі новыя браты-францішканцы. Над магілай сваіх папярэднікаў яны пабудавалі капліцу, пры якой і пасяліліся. Лідскім старастам тады быў хрысціянін Даўгерд. У 1376 г. колькасць місіянераў павялічылася да 9 манахаў. Крыніцы паведамлялі, што яны прывезлі з сабой з Візны абраз Маці Божай. Але гэта немагчыма, бо вядома, што ў Візне ніколі не было францішканцаў, а ў той час не было нават касцёла і каталіцкая парафія там з'явілася толькі ў 1390 г. Але з 1360-х г. у Лідзе існавала францішканская місія.

Новы этап хрысціянскай гісторыі Лідчыны пачынаецца з заключэння ў 1385 г. Крэўскай уніі. Ёсць звесткі, што ў горадзе адбылася выдача дзяржаўных грамат, звязаных з хрышчэннем Літвы. У 1387 г. была створана Віленская рымска-каталіцкая епархія. Ва ўласнасць епархіі вялікі князь перадаў воласць Дуброўня каля Ліды.

У 1387 г. Ягайла заклаў у Лідзе адзін з першых касцёлаў у ВКЛ. Ён перадаў яму вёску, якая зараз называецца Плябанцы, і даход з нейкай іншай воласці. Так сама Ягайла надаў зямлю "на 6 сох", 3 пляцы, лугі і корчмы, дзесяціну з усёй каралеўскай маёмасці ў Лідскім павеце і 6 рублёў. Гэты фундуш быў пацверджаны 7 ліпеня 1616 г. каралём Жыгімонтам ІІІ. Касцёл знаходзіўся на падзамчы і згарэў у 1392 г. пры нападзе крыжакоў. У 1397 г. быў пабудаваны новы касцёл. Яго асвяціў віленскі біскуп Андрэй, які зноў адкрыў пры касцёле францішканскую місію, бо ранейшыя місіянеры гэтага ордэна былі хутчэй за ўсё забітыя або выгнаныя падчас нападу крыжакоў на Ліду ў 1394 г.1

І гэты касцёл згарэў у 1406 г. У 1414 г. ён быў узноўлены як парафіяльны і высвечаны пад назвай "Найсвяцейшай Дзевы Марыі Панны, Усіх Святых".

Фрагмент прывілею касцёлу, дадзены Ягайлам, бярог сярод іншых дакументаў Лідскі пробашч. У дадатку да пятага тома "Старажытнай гісторыі літоўскага народа" Т. Нарбут змясціў тэкст гэтага прывілею, а таксама спіс пробашчаў Лідскага касцёла, спіс прыводзіцца ў дадатках2.

У Метрыцы ВКЛ Лідскі касцёл згадваецца ў 1516 г. з-за таго, што намеснік Лідскага дзяржаўцы Юрыя Ільініча не аддаў арыштавана слугу гетмана Канстанціна Астрожскага, калі "тотъ нятецъ самъ прибегъ на цвинтаръ и въ костелъ Лидски на кони звязанъ, и ноги подъ конь окованы".

Пад час спусташальнай вайны 1654-1663 гг. горад быў цалкам знішчаны, і таму пасля вайны быў пабудаваны новы, па маіх падліках, ужо 4-ты ці 5-ты касцёл (бо не вядома, ці прастаяў касцёл 1414 г. 240 гадоў, ці да 1654 г. у горадзе быў пабудаваны ўжо наступны, таксама драўляны касцёл).

Цікавай з'яўляецца інфармацыя Тэадора Нарбута, пра тое, што ксёндз Міхаіл Зянкевіч, які быў лідскім пробашчам у 1747 г., а потым стаў віленскім біскупам, перанёс касцёл "на іншае месца з падзамча, дзе зараз пляц перад Домам Скарбовай касы". Тэадор Нарбут, верагодна, ведаў і размаўляў з асобамі, якія сваімі вачамі бачылі той стары драўляны касцёл, і таму няма прычын сумнявацца ў гэтай інфармацыі. Растлумачу, што месца на якім стаяў гэты касцёл, знаходзіцца каля сучаснага помніка Гедыміну. Зразумела, што да моманту пабудовы мураванага фарнага касцёла, які стаіць і сёння, ужо больш за 300 гадоў на гэтым пляцы вакол яго існавалі могілкі, аднак. Аднак вядома, што падчас шматлікіх земляных работ на поўнач ад замка, дзе зараз стаіць помнік Гедыміну, не знаходзіліся чалавечыя парэшткі. Адзінае тлумачэнне гэтай загадкі - касцельны пляц з другой паловы XVII ст. быў вельмі вялікі і нейкі час уключаў ў сабе падзамча разам з сучасным касцельным пляцам (на якім шмат чалавечых парэшткаў), але пахаванні нябожчыкаў заўсёды рабіліся прыкладна на тэрыторыі сучаснага пляца фарнага касцёла. Гэта значыць, што ўсе першыя драўляныя касцёлы стаялі недзе недалёка ад сучаснага фарнага касцёла і толькі драўляны касцёл, пабудаваны каля 1670 г., стаяў на падзамчы.

Як раз пра гэта і можа сведчыць кавалак тэксту (верагодна ад 1670 г.) лідскага Магдэбургскага прывілею: "… касцёл Лідскі ад найяснейшых папярэднікаў нашых быў фундаваны і нададзены, але ніякага пляца для шпіталя не мае, але нашы лідскія гараджане маюць месца недалёка ад касцёла на падзамкавым рынку, на якім можа быць пабудаваны шпіталь" 3. Як бачым, пабудаваны тут на падзамчы быў не толькі шпіталь, але і касцёл.

У тэксце візітацыі касцёлаў Віленскай дыяцэзіі ў 1674 г. біскупам-суфраганам Мікалаем Слупскім, пра Лідскі касцёл зроблены наступны запіс: "Касцёл новазбудаваны, драўляны, пабудаваны коштам мясцовага дэкана, ксяндза Ігната Рэберта, асвечаны пад час знаходжання візітатара". З дрэва гэтага касцёла потым была пабудавана ўніяцкая царква Уваскрасення Гасподняга на Зарэччы.

Рэктар лідскіх піяраў у першай палове XIX ст. кс. Язафат Вайшвіла пісаў: "Стары фарны драўляны касцёл … стаяў каля замка на пачатку галоўнай вуліцы. Тыя, хто сваімі вачамі бачыў стары драўляны касцёл, казалі, што ён падобны на сучасны і таксама быў павернуты да галоўнай вуліцы". Адсюль даведваемся, што стары, драўляны лідскі касцёл быў пабудаваны ў стылі барока, меў дзве вежы і стаяў з боку замка. Каштоўная інфармацыя.

Пры касцёле меліся капліцы: у Чэхаўцах, Перапечыцы, на гарадскіх могілках (св. Барбары, пабудавана ў 1805 г.,), у Востраве (на свае сродкі фундаваў Тадэвуш Нарбут, ліквідавана ў 1866 г.) і філіяльны касцёл у Кір'янаўцах (фундаваны ў 1602 г. Марцінам Курчам, ліквідаваны ў 1866 г.). Як філіяльны, у 1460 г. Ганнай Давойнай быў фундаваны касцёл у Крупаве: "Крупа, 25 мая 1460. Анна, удава па Івашку Давойнавічу з выразнай волі мужа, надае касцёлу Найсвяцейшая Панны Марыі ў Крупе частку вёскі Ястрэмблі ў Пінскім павеце, якая належала яе мужу, па згодзе яго брата Алехны Давойнавіча і сваіх дачок Хелены і Юльяны і міма супраціву ўпартага сына Пятра. Запісвае плябаніі касцёла сажалку з млынам, і луг у вёсцы Альхова, і два камяні воску ў вёсцы Саганевічы для святла каля магілы свайго мужа". На гэтым дакуменце маецца надпіс, зроблены 2 жніўня 1636 г. пробашчам лідскім кс. Адамам Ліпніцкім, які ад імя віленскага кс.- біскупа дадаў гэты фундуш да актаў касцёла.


Узгадаю тут вядомых мне біскупаў, якія нарадзіліся на Лідчыне ці служылі ў тут ксяндзамі.

Першы вядомы мне біскуп з Лідчыны - гэта луцкі біскуп Вацлаў з роду Клаўсуцяў. Ён быў братам Міхны і Юндзілы, вядомы нам таксама як віленскі дэкан, якога 10 верасня 1459 г. папа Пій ІІ высвяціў у луцкія біскупы. Пасаду біскупа займаў да сваёй смерці, толькі тры гады. Разам з братамі быў адным з фундатараў касцёла ў Ваверцы. У 1444 г. нейкі Venceslaus de Wawerka Lithwanus аплаціў вучобу ў Кракаўскім універсітэце і ў 1451 г. атрымаў ступень бакалаўра. Верагодна, гэта і быў будучы луцкі біскуп. Вацлаў быў сынам Якуба Рачкі Табутавіча, які валодаў значанай часткай радавых двароў Клаўсуцяў, а менавіта Дзітвой і Ваверкай на Лідчыне, а таксама Крамяніцай і Струбніцай на Ваўкавышчыне.

Пра другога біскупа піша Тэадор Нарбут, гэта лідскі пробашч з 1559 па 1580 г. Ян Андрэевіч, ён займаў пасаду біскупа луцкага і берасцейскага.

Трэці біскуп, датычны Лідчыны - біскуп Міхал Зянкевіч, які стаў віленскім біскупам у 1747 г. Менавіта па яго ініцыятыве пачалося будаўніцтва сучаснага мураванага лідскага фарнага касцёла. Тэадор Нарбут паведамляў пра яго як пра лідскага пробашча ў 1747-1760 гг.

25 траўня 2024 года ў катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксаверыя ў Гародні адбылося біскупскае пасвячэнне біскупа-каад'ютара Гарадзенскай дыяцэзіі Уладзіміра Гуляя, які з 2003 па 2024 г. з'яўляўся пробашчам парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе.

19 ліпеня 2024 года, Яго Святасць Папа Францішак прызначыў ксяндза Андрэя Зноску, да гэтага часу пробашча парафіі Божай Міласэрнасці ў горадзе Лідзе Гарадзенскай дыяцэзіі, дапаможным біскупам Пінскай дыяцэзіі, надаючы яму тытулярны пасад Скардоны.

Мураваны фарны касцёл

Фарны касцёл, фара (ад нямецкага Pfarrei - парафія, прыход) - назва, якую некалі давалі больш значным касцёлам. Найчасцей фараю зваўся самы стары касцёл горада альбо галоўны касцёл у дэканаце. У кафедральных гарадах фарным мог звацца другі па значнасці касцёл пасля кафедры. У наш час назву фарнага працягваюць па традыцыі насіць касцёлы, якія атрымалі яго ў мінулыя стагоддзі.

У другой палове XVIII ст. у Лідзе, верагодна, па праекце віленскага архітэктара Глаўбіца, з цэглы ў стылі барока быў пабудаваны фарны касцёл Узвіжання Святога Крыжа, які дзейнічае да нашага часу.

Будаўніцтва новага, мураванага, касцёла пачалося ў 1765 г. і было скончана ў 1770 г. стараннямі Віленскага суфрагана (вікарнага біскупа) Тамаша Зянкевіча, які выканаў запавет свайго дзядзькі, біскупа Міхала Зянкевіча († 23.01.1762). Міхал Зянкевіч, перад тым, як у 1747 г. стаць Віленскім біскупам, быў Лідскім пробашчам. У сваім тастаманце, напісаным у 1761 г. ён рэкамендаваў прапанаваць прыцягнуць да будаўніцтва Іагана Крыштафа Глаўбіца або "каго-небудзь яшчэ, добрага". Біскуп прызначыў для будаўніцтва 50000 тынфаў, і працэнты ад 7500 чырвоных злотых, якія былі размешчаны на фальварку Канюшаны. Тамаш Зянковіч хутка павялічыў гэтую суму на 4900 злотых. Касцёл пачалі будаваць недалёка ад старой святыні. Новы касцёл быў асвечаны ў 1768 ці 1780 г.

Свой агульны выгляд касцёл захаваў да нашага часу, аднак вядома, што першапачаткова ён меў дзве трохузроўневыя вежы.

У візітацыі лідскага фарнага касцёла за 1777 г. напісана: "На сваім месцы касцёл быў нядаўна пабудаваны пры дазволе ЯВ ягамосці кс.-біскупа віленскага Міхала Зянкевіча, намаганнямі і руплівасцю ЯВ ягамосці кс.-біскупа арыяпалітанскага Тамаша Зянкевіча, пад тытулам ранейшага касцёла, г. з. Адшукання св. Крыжа, закладзены ў 1765 г., завершаны ў 1770 г., са скляпеннем на чатырох слупах, увесь накрыты дахоўкай, прыходзіць у заняпад з-за тонкіх балак, на якіх мацуюцца кроквы, а таксама з-за хваёвых тонкіх і часаных лагаў па ўсім даху касцёла, таму цячэ вада з-за няроўнасці памераў лагаў, дрэнна адлітая і пасаджаная дахоўка ў некаторых месцах абарваная ветрам, а жалабы паміж вежамі над хорамі, якія былі зроблены без бляхі, згнілі, з-за чаго тонкія бэлькі праз падцёкі вады таксама згнілі, на іх абапіраюцца 5 крокваў, і яны зрушыліся са сваіх месцаў, яны трымаюцца толькі на краі муроў і неўзабаве, калі не паклапаціцца, існуе небяспека абвальвання даху ўнутр касцёла на скляпенне, якое таксама моцна працякае і вада прасочваецца ў касцёл. Вежы ў гэтым касцёле трох'ярусныя цагляныя, пакрытыя бляхай, але месцамі вецер так выдраў бляху, што ёй няма на чым трымацца, таму не толькі атынкоўка карніза, але і сама сцяна пачынае завальвацца, а з фацыяты не толькі тынкоўка адвальваецца, але і яна ўся руйнуецца з-за нетрываласці муроў з-за працякання вады. На гэтых вежах два пазалочаныя крыжы, на фасадзе таксама адзін пазалочаны. Над вялікім алтаром узвышаецца вежачка з жалезным крыжам, пакрытая ліставым металам".

З-за памылак у праектаванні і будаўніцтве, а таксама з-за "надта дрэннага матэрыялу" ўжо ў 1777 г. касцёл патрабаваў рамонту, што запісана і ў візітацыі 1782 г. Першымі пачалі разбурацца трохузроўневыя вежы, з якіх зваліліся бляха, тынк і нават фрагменты гзымсаў і сцен; да таго ж ветрам павыбівала шыбы, і ўнутр пачала прасочвацца вада, што павялічыла небяспеку абрушэння вежаў. Рамонт праводзіўся ў 1782-90 гг. пробашчам касцёла Казімірам Нарбутам, для чаго першапачаткова было выдзелена 16 000 тынфаў, а потым яшчэ 1675 чырвоных злотых. Цалкам касцёл быў адрамантаваны да 1792 г. Верагодна, тэхнічную экспертызу праводзілі архітэктары, прызначаныя біскупам Масальскім. У выніку рамонту былі разабраны дзве вежы, зроблены новы шчыт і, верагодна, цалкам перароблены фасад касцёла.

Па другой версіі, вежы канчаткова былі прыбраны пры рамонце 1826 г., але на акварэлі Юзафа Пешкі, намаляванай на пачатку XIX ст. вежаў на фарным касцёле ўжо няма. Таму, падобна, памыляўся рэктар Вайшвіла бо, верагодна, менавіта з яго падачы 1826 г. лічыцца годам разборкі вежаў: "[Касцёл] раней меў дзве вежы, але яны былі зняты, бо пашкодзіліся пры пажары 1826 г. Вежы і ўвесь касцельны дах згарэлі, і новы дах быў зроблены стараннем пробашча Вінцэнта Лінкіна пры дапамозе парафіянаў. Скляпенне ў прэзбітэрыюме ці над вялікім алтаром было пафарбавана, што цалкам сказіла інтэр'ер. Толькі чатыры абразы пэндзля Смуглевіча здабыла гэтая святыня, а менавіта св. Яна Непамуцэна над дзвярыма сакрыстыі, св. Тадэвуша Апостала над дзвярыма скарбца, св. Барбары і св. Тэклі ў алтары", - пісаў рэктар.

У наш час фарны касцёл мае толькі абраз св. Тэклі, але чамусьці лічыцца, што гэта абраз працы невядомага майстра пачатку XIX ст. Усе іншыя абразы ўжо адсутнічаюць у інвентары касцёла 1882 г. Вядома, што ў драўлянай капліцы св. Барбары, пабудаванай у 1805 г., меўся абраз св. Барбары, які меў высокую мастацкую якасць. Куды ён падзеўся, невядома, бо ў сучаснай мураванай капліцы знаходзіцца копія таго старога абраза.

Францішак Смуглевіч (Franciszek Smuglewicz, 06.10.1745, Варшава - 06(18).09.1807, Вільня) - вядомы мастак, заснавальнік беларускай і літоўскай нацыянальнай школ жывапісу. У 1763-64 гг. вучыўся ў Рыме ў аўстрыйскага мастака Антоніа Марона, потым як стыпендыят караля Станіслава Аўгуста з 1765 г. вучыўся ў рымскай Акадэміі св. Лукі. У Рыме працаваў над інтэр'ерам касцёла Святога Станіслава з італьянскім мастаком і архітэктарам (потым прыдворным архітэктарам рускага імператара Паўла І) Вінчэнца Брэна. Падчас інвентарызацыі палаца Нерона ў Рыме капіраваў творы ранейшых майстроў. У 1784 г. вярнуўся ў Варшаву. У 1785 г., а потым з 1797 г. жыў і працаваў у Вільні, у 1786-1797 гг. зноў у Варшаве, дзе заснаваў прыватную школу жывапісу.

У Галоўнай віленскай школе (у 1803 г. ператворанай у імператарскі Віленскі ўніверсітэт), Смуглевіч заснаваў кафедру жывапісу і рысунку і кіраваў ёю. З 1797 г. атрымаў пасаду прафесара і запачаткаваў так званую віленскую школу жывапісу. Вучнямі Францішка Смуглевіча былі сярод іншых: Іосіф Аляшкевіч, Юзаф Пешка, Мацей Тапольскі і Матэвуш Такарскі.

У 1800-01 гг. па запрашэнні імператара Паўла І жыў і працаваў у Санкт-Пецярбургу і, у прыватнасці, афармляў інтэр'еры Міхайлаўскага замка. Пахаваны на могілках Росы ў Вільні. Дакладнае месца яго пахавання было невядома ўжо пры канцы XIX ст.

Тое, што ў Лідскім фарным касцёле і зараз захоўваецца абраз пэндзля Францішка Смуглевіча, да апрацоўкі ўспамінаў кс. Вайшвілы было невядома, і гэта з'яўляецца вельмі важнай навіной.

Францішак Смуглевіч. Абраз святой Тэклі ў Лідскім фарным касцёле

(Працяг у наступным нумары.)

1 "Віленскі біскуп Андрэй з волі караля Уладзіслава Ягайлы і князя Вітаўта eryguje кляштар меншых братоў (францішканаў) у Лідзе і konsekruje ім касцёл пад вызваннем св. Крыжа і св. Францішка". - цыт. па: Kodeks dyplomatyczy. Krakow, 1932. T. 1, z. 1, S. 51.

2 Narbutt T. Cokolwiek z historyi miasta Lidy // Narbutt T. Dzieje starozytne narodu litewskiego. T. 5. Wilno, 1839. Dodatek I. S. 1. (In nomine Dni Amen. Vladislaus dei gratie Rex polonie lituanieque Princeps supremus e. t. c. Heres mie e. t. c. Ad perpctuam rei memoriam. Quamquam ex suscepli cura Regiminis universorum nostrorum Regimini subditorum utilitale tenemur ad ea tanien que diuini cultui administracionem decus ac gloriam ac statum felicem et quietem, ac virium firmitatem Ministrorum Omnipotentis conspiciunt, tanio dignius intendimus quantum pro ceteris mundi Princibibus nomen Regale solum magniricencie extollit et mirabilius universorum prouidencie creatoris consideranles sane Omnipotenlis inimensam clemenciam qua nos ovem pridem perditam ad Begales dignitates solium Clementissimi sublimauit, volentesque tanquam fidelis commissorum gubernator pro infinibis heneficiis aliquibus licet tamen exilio meritis obuiare. Ecclesiam vetere nostre fundacionis olim pp. cc. ord. s. Francisci Apostolis Lituanie cominendandam in opido nostro Lida nunc de nouo conslructam et ad honorem Omnipotentis Dei Gloriosissime Virginis Marie Omnium Sanctorum specialiler Sancti Crucis...... dicalum......dotauirnus bonis prouenlibus et utilitatibus ut in nostris literis ........clare nitilur confirmamus et incorporamus donamus et appropriamus Lidensem..........Dougirdi........ommos thelonis vulgariter. На абаротным баку стаяла дата даданая потым: A. Domini M. CCC. XIIII. Feria iijj. in hebd. Pentecost... У імя Бога, аман. Уладзіслаў Кароль Божай міласцю Польшчы, вялікі князь Літоўскі... і г.д..... На вечную памяць... Касцёл нашай старой фундацыі ордэна Святога Францішка, Апостала Літвы, заснаваны раней у нашым горадзе Ліда, зараз нанава збудаваны і названы ў гонар Усіх Святых, асабліва Святога Крыжа, мы надзяляем маёмасцю і прывілеямі...).

3 Шпіталь пры касцёле ці царкве ў той час выконваў ролю дома састарэлых, якія не мелі сваякоў і жылі ў ім на сродкі парафіі.

У Вільні і літоўскіх дварах, успаміны 1815 - 1843 гадоў*

Габрыэля Пузыня

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)


Пасля нашага ад'езду з Вільні там памерла пані шамбелянава ці, дакладней, камер-юнкерава Сулістроўская. Сумны сын перавёз яе цела ў Вішнева, дзе былі фамільныя пахаванні, і сябар нябожчыцы, канонік Бароўскі прачытаў над яе магілай казанне. Смерць суседкі і хворы ў нашым доме не дадалі нам вяселля. Тата па справах быў у Вільні. Мяне наведала хвароба, якая не дазволіла пачуць казанне ксяндза Бароўскага, і мяне зусім не суцешыў падарунак пана Плятэра, першы том перакладаў Байрана, зроблены Адынцом, бо мама на падставе таго, што ў мяне баляць вочы, канфіскавала кнігу.

Паколькі, мабыць, нашым лёсам было правесці маладосць сярод пажылых людзей, дык і на гэты раз на вакацыі да нас прыехаў сямідзесяцігадовы настаўнік музыкі ў парыку пан Сакульскі. Ён вучыў дзяцей у Паставах, і калі ўся сям'я паехала ў Рыгу, стары дастаўся нам, але, наколькі я памятаю, ён быў вясёлым таварышам. Шмат хадзіў пешшу, хутка пісаў вершы, і нам з ім было зусім не сумна ці не цяжка. Біяграфія пана Сакульскага была даволі арыгінальнай. Ужо ў сталым узросце ён ажаніўся з вельмі спрытнай настаўніцай-швейцаркай паннай Крос, з якой, падобна, пазнаёміўся ў доме князёў Радзівілаў, калі гадаваў княжон Вікторыю і Канстанцыю, пазнейшых Несялоўскую і Чудоўскую. Панне Крос было патрэбна становішча ў свеце і права насіць чапец, а для гэтага падыходзіў і стары муж у парыку. Іх шлюб не быў шчаслівым. Напоеная літаратурай пані Сакульская ўзяла (удачарыла) бедную сіротку і, хоць яна ўжо мела хрысціянскае імя і шляхецкае прозвішча, апякунка, упэўненая ў вялікай будучыні сваёй вучаніцы, назвала яе Памелай і выхоўвала ва ўяўным свеце, пераконвала і прадказвала ёй незвычайны лёс! Памела вырасла і стала паненкай… і Бог нарэшце даў ёй магчымасць сустрэць сваю роўню, палкоўніка Г., які хоць і не быў каралевічам, але атачыў сваю жонку такімі выгодамі і ласкамі, што жывучы, як ў чароўным, недаступным для знешніх уплываў коле, яна захавала ў свае ўжо немаладыя гады ідэі XVIII стагоддзя. У гэтай атмасферы выхавала сваіх дачок, якім пасля трыццаці гадоў не дазваляла быць старэйшымі за дванаццаць, зацірала слова "каханне" ў кнігах, якія ім давала, утойвала прычыну смерці Ядвігі20, а швачку выгнала за згадку пра вясельную сукенку. Вокны кватэры засланялі і аддзялялі ад вуліцы некалькі фіранак, і калі нечакана квестаркі прыводзілі з сабой маладых братоў-квестараў, дык па загадзе маці дарослыя дочкі павінны былі пакінуць пакой. Іх ніколі не вазілі ў тэатр, а на шпацыры толькі ў бязлюдныя месцы, ніколі не былі яны на Антокалі, наведвалі толькі ранішнія імшы ў касцёле і ніколі не заставаліся на казанні. Толькі аднойчы маці пакінула іх на навуку аб чацвёртым Божым запавеце, але як быццам наўмысна, ксёндз-канонік Маркевіч, паглыбіўся ў справу і распачаў з самага пачатку, з сужэнскіх абавязкаў, шлюбу, кахання і згоды! Трэба было бачыць клопат гэтай горка расчараванай маці - яна выводзіла дачок з лавак і перасаджала іх, шукала такі закутак, куды не даходзіў голас святара і нарэшце, зусім выйшла з касцёла. Натуральна, што выхаваныя ў такой сістэме дочкі, не выйшлі замуж, пры тым, што мелі адукацыю і талент, ведалі мовы і былі вельмі добрымі дзяўчынамі. Магчыма, яны і былі шчаслівымі, як чыж, народжаны ў клетцы, бо іх навучанне строга кантралявалася маці, якая не дазваляла ліберальным і рамантычным фантазіям дасягнуць яе дачок. Згодна з ёй, сучасныя пісьменнікі пісалі амаральна, бо прыпісвалі цноты людзям беднага стану. І пан Адынец не пазбег цэнзуры з-за вершаванай легенды пра Лазара. У салоне гэтай дамы было душна ўдвая - яна нават летам не адчыняла вокнаў, а свае ўяўленні пра свет яшчэ трымала шчыльна зачыненымі ў XVIII стагоддзі.


Заўсёды багаты кветкамі дабраўлянскі сад сёлета меў адну асаблівасць - побач з вытанчанымі і дагледжанымі, як маладыя панічы ці паненкі, кветкамі, мелася градка з палявымі травамі, якія на нашых лугах спажывалася быдлам і два разы ў год скошвалася касой. Аднак гэтыя прастакі былі мэтай вялікіх намаганняў садоўніка і нашых штодзённых візітаў. Яна прыбылі да нас з далёкіх краёў, іх насенне збірала рука сваяка, аднак раслі яны на чужой зямлі! Гэтыя канюшыны, трыпутнікі, званочкі паходзілі з Сібіры! Даслаў іх майму бацьку яго сваяк, выгнаннік Корсак, сын ці пляменнік слаўнага Раймунда21. Пасылка ішла многа месяцаў праз урадавую канцылярыю. Бедны выгнаннік вывучаў сібірскую флору і пісаў, што "шчодра абыходзіцца з кветкамі, народжанымі ў непрыязнай зямлі і адпраўляе іх у лепшы клімат".


Тым часам сястра Матыльда з мужам збіралася на фэст у Парынгу, цудоўнае месца ў Свянцянкім павеце. З імі ехала пані Карнелія і майстар-гадзіншчык з Вільні Духноўскі разам са сваім прыгожым малым сынам. Раптам да нас даходзяць аглушальныя і страшныя весткі пра пажар у Парынзе - згарэў касцёл разам з вернікамі і ксяндзом ля алтара! Пажар пачаўся ад жменькі льну, які кінула на алтар жанчына бо хацела, каб яе ахвяраванне было бліжэй да цудадзейнага абраза. Лён трапіў на полымя свечкі, ад якой загарэлася фіранка абраза, і ўсё далейшае ўявіць не цяжка! Відовішча палаючага алтара выклікала паніку сярод прысутных, дзверы ад сакрыстыі былі зачынены і людзі бездапаможна тоўпіліся ля галоўнага увахода, ён быў хутка заблакаваны вернікамі, якія падалі адзін на аднаго! Святар служыў імшу, не мог перапыніць св. ахвяру і, як пакутнік, згарэў з Хрыстом у далонях, вуснах і сэрцы. Драўляныя сцены касцёла атачалі мураваную каплічку з натоўпам людзей унутры, яны не згарэлі, а ўдушыліся дымам, каплічка была напоўненая трупамі ў самых жахлівых позах, якія можа надаць гвалтоўная і нечаканая смерць. Пустыя карэты вярталіся дахаты без гаспадароў, прах якіх нельга было знайсці ці распазнаць, і па дарозе разносілі страшную навіну.

"Усё дзіўна пераплецена ў гэтым бедным свеце!". Яшчэ не астыў прах няшчасных ахвяр у Парынзе, а Вільня ўжо рыхтавалася сустрэць цара і запрашала на танцы! Князь Далгарукаў, у якога былі ў галаве толькі дамы і святы, на сустрэчу манарха запрасіў нашу і нават тры суседнія губерні. І абсалютна немагчыма было адмовіцца ад гэтага гонару пасля таго, як тата атрымаў настойлівае запрашэнне, але мама замест сябе паслала нас з Матыняй і паняй Карнеліяй, загадзя забяспечыўшы нас неабходным адзеннем з Вільні, крэпамі і кветкамі. Белыя і ружовыя сукні шылі на вялікім стале наверсе, а бедны Бахматовіч слабеў і слабеў унізе. Аднак, трэба было ехаць.

Калі нашы коні павярнулі ўжо да брамы Міхала, дзе нас чакаў тата, маршалак Мастоўскі падышоў да парт'еры і сказаў нам такія словы: "Схавайце вашы прыгожыя ўборы. Імператар адмаўляецца ад балю!" Нашто было прыязджаць?

Але князь Далгарукаў не мог уявіць, што нехта можа добраахвотна пазбавіць сябе магчымасці бачыць дам, загадаў асвяжыць залу ратушы і арганізаваў тэатр, дзе Шмідкоф рэпеціраваў "Норму". Мы хадзілі паглядзець на ратушу, яе галоўныя сені былі распісаны гербамі ўсіх губерняў, і адусюль ужо скуплялася дзічына для будучай вячэры. Імператар выехаў з Пагулянкі, бо вяртаўся з вялікай рэвізіі ў Вазнясенску. Усё насельніцтва Вільні, рассыпаўшыся на плошчы перад рагаткамі, крычала: "Ура!", - а горад ззяў ілюмінацыямі. Іх запалілі нават на гарах Ягелонаў і Бекеша. Вуліцы былі перапоўненыя, і карэта імператара павольна прасоўвалася сярод гэтай паводкі галоў. Разам з іншымі сустракаў памазанніка і Шыман Канарскі.

Імператар затрымаўся на два дні, наведаў установы, касцёлы, шпіталі і г. д., нават і не толькі скарбовыя, як напрыклад, сясцёр міласэрнасці і "Дабрачыннасць". Мой бацька, тагачасны прэзідэнт "Дабрачыннасці" меў гонар прымаць Найяснейшага пана і паказаць яму ўсю ўстанову, падрыхтоўка да гэтага добра папсавала кроў таты. Аглядаючы ўстанову, імператар часта звяртаўся да прэзідэнта і размаўляў з ім па-французску. На кухні пажадаў пакаштаваць суп, які адмыслова быў прыгатаваны разам са срэбнай лыжкай, знайшоў яго вельмі смачным і спытаў: "Ці заўсёды так корміце сваіх убогіх?" Тата, жадаючы нешта сказаць пра сродкі, адказаў, што гэтак толькі для прыёму Найяснейшага пана, бо … Але цар здагадаўся, пра што зараз пойдзе размова, і пачаў гаварыць пра нешта іншае. У палацы, за абедам, ён высока ацаніў адкрытасць прэзідэнта. Сярод тых, каго імператар выбраў для гэтага абеду, быў і генерал Касакоўскі22. Цар даведаўся, што ў генерала ёсць не толькі мундзір Напалеона, але і ліст аб адстаўцы з яго подпісам і пажадаў пачуць падрабязнасці. Пасля абеду адвёў генерала ўбок і пачаў распытваць. Касакоўскі праз гадзіну пераказаў нам гэтую размову - у запале і ў разгубленасці, ён назваў імператара "Votre Excellence" (фр. "Ваша правасхадзіцельства". - Л. Л.) і сам заўважыў гэта. "Sire!" - працягнуў ён - "pardonnez, il y a si longtemps, que rai parle aux Majestes!". "Ce n'est rien, allez toujours!" (фр. "Сір!", "прабачце, я так доўга не размаўляў з Вялікасцямі", "Гэта нічога, працягвайце". - Л. Л.) - адказаў яму цар і працягваў выпытваць далей.

Прадстаўленне цару адбылося раніцай. Сярод цывільных мундзіраў трох губерняў стаяў Сен-Клер у маляўнічым касцюме шатландскага горца. "Што гэта такое?" - шаптала абураная шляхта. "Як ён смее! Убачыце, імператар загадае вывесці яго з залы!" і г. д. Але імператар падышоў да яго першага і спытаў пра яго жонку, потым пахваліў строй і сказаў, што і ён сам, як грамадзянін Эдынбурга мае права насіць такі ж самы. "Qui, je sais Sire, que Vous avez cet honneur" (фр. " Так , я ведаю , сір , што вы маеце права гэта насіць ". - Л . Л .) - адказаў шатландзец, і расказваючы нам гэту гісторыю і дадаў: "J'etais trop pali pour lui dire, qu'il faut appartenir ci un clan pour porter ce costume"(фр. "Я занадта ветлівы, каб сказаць яму, што каб насіць такі строй, ён павінен належаць да клана". - Л. Л.).

Генерал Касакоўскі ўзяў майго бацьку з сабой у свае чароўныя Лукойні ў Вількамірскім павеце. Нас сардэчна і горача запрашалі Сен-Клеры ў свае Вепшы. Спакуса была вялікая … але як можна было не вярнуцца да самотнай мамы? Аднак цёця Пелагея залагодзіла справу - у лісце ў Дабраўляны папрасіла дазволу для нас і запрасіла маму… Якую ж мелі радасць і здзіўленне, калі на наступны дзень прыехала маці з планам паехаць у Вількамірскі павет! І Матыня павінна была далучыцца да нас! Мы толькі хацелі правесці ў Вільні Унебаўзяцце, каб не быць у дарозе падчас такога важнага свята.


Генералава Тыман, крыху наша сваячка праз Тызенгаўзаў, прыехала запрасіць нас у дружкі да сваёй дачкі Вірджыніі, якая ішла ў кляштар прабанткай (кандыдаткай). Маладая, васямнаццацігадовая прыгожая дзяўчына, як зямная нявеста ў белай сукенцы, у скляпеністым араторыюме ўкленчыла сярод апранутых у чорнае манашак-візітак. Мы, дружкі, стаялі за ёй, потым за жалезнымі кратамі ў касцёле адбылася св. ахвяра і прысяга. Маці і сястра нявесты голасна плакалі падчас цырымоніі, але яна сама з сухімі вачыма ўпэўненым голасам прысягала словамі Давіда: "І калі б супраць мяне паўстала б войска, маё сэрца не спалохалася б…" і г. д. Потым выйшла з капліцы і вярнулася ўжо ў манаскіх шатах, каб пакланіцца кожнаму да зямлі, абняць яго калені і прасіць дабраславення. Тады адна з дружак не змагла стрымаць слёз, і законніца Караліна Сулістроўская мусіла ўзяць яе з сабой, правесці па калідорах і растлумачыць кожны звычай, потым паказаць сад і г. д., пакуль, нарэшце, яна не супакоілася, і тады прывесці яе ў залу, у якой мы, дзеці, звычайна наведвалі пані Солтанаву, якая паступіла ў кляштар у 1822 годзе і дзе хутка падалі абед, падчас якога нам прыслугоўвалі законніцы. Прабантка нават не паспяшалася пераабуцца, бо з пад яе грубага габіту выглядалі бальныя чаравічкі, яна прыціскала да сэрца свой драўляны крыж, і старэйшыя манашкі казалі, што праз некалькі дзён яна будзе ўздыхаць па чорным вэлюме і па канчатковай прысязе, бо сёння яшчэ можа вярнуцца ў свет. Маці цешылася гэтымі словамі, але дачка зусім не выглядала так, быццам можа перадумаць. Мне было шкада сястру, бо хворая старэйшая выхоўвалася ў кляштары і хацела стаць манашкай, але бацька ёй не дазволіў. Малодшая бачыла гэта і, каб прымусіць бацьку, некалькі разоў звязвала сябе праз воты. Старэйшая выйшла замуж за пана Броньскага, аўдавела і не мела ні здароўя, ні шчасця, ні спакою, памерла ў дваццаць з нечым гадоў, ледзь удалося яе ўгаварыць да споведзі. Кажуць, яна пакінула адзінага сына. А законніца, якая па чарзе стала містрыняй і настаяцельніцай, была любімая сваімі сёстрамі, была разумная, моцная, сціплая і нават захавала малады твар і здароўе да старых гадоў.

На наступны дзень мы ўжо былі ў дарозе да Сен-Клераў. Наведалі тры вёскі, пазнаёміліся з незнаёмай да гэтага часу кузынкай, цёткай Касакоўскай з графаў Лаваляў і праз два тыдні вярнуліся дахаты ў Вільню. Гэта вандроўка запоўніла ўсё наступнае жыццё ўспамінамі, як кропля ружовага алею, пра якую Дэліль пісаў:


Remplil de son parfum tout un palais d'Asie,

Comme un doux souvenir remplit loule la vie! 23


Кожная з гэтых трох вёсак мела свой адметны дух, быццам сваю народнасць. У Сен-Клераў наша гасціннасць злучалася са старашатландскай. Там сардэчнасць жонкі ішла рука аб руку з ветлівасцю мужа, а літоўскае багацце з англійскім камфортам. Мы плавалі па возеры на мачтавых ботах з ветразямі, якімі кіраваў сам гаспадар, а матросамі былі яго сыны. Яны з калыскі адразу скокнулі ў ваду, як качаняты з яйка. Сняданкі з вяндлінай, познія абеды з індыйскімі прыправамі і ростбіфамі, якія наразаў сам гаспадар, конныя шпацыры і г. д. Адным словам, мы былі ў Англіі з дадаткамі італьянскага элементу праз спевы мужа і партрэты мужа і жонкі на сценах.


У Вайткушках графаў Касакоўскіх панаваў французскі дух і гарадскі каларыт у размовах, настаўнікам тут быў французскі абат, а маладосць прысвечаная дыпламатычнай кар'еры ў сталіцах, тое самае адчувалася і ў перавагах яго жонкі, выхаванай у Пецярбургу24. Стыль арыстакратычнай абыякавасці аднак не вызваляў ад стараннага, моднага адзення і мужчынскай галантнасці, так што нават удавец Міхал Ляхніцкі, які па гадах і памерах належаў да паважаных старых паноў, адчуваў сябе абавязаным прапаноўваць дамам шакалад у аўстэрыі "Півоня" на паштовым тракце. Каламбуры і лёгкі гумар стралялі як коркі ў гэтай цёплай атмасферы. Гэты шум, гэтая лёгкасць, як пена на паверхні мора, не перашкаджала каралям і перлам. Дзядзька быў добрым і пабожным. Яго жонка, дзіўная з'ява сярод свецкіх жанчын, была шчырай, адкрытай, праўдзівай часам да жорсткасці, але дабрыня сэрца не дазваляла ёй быць грубай, а толькі цвёрдай і непахіснай у сваіх учынках, прынцыпах і меркаваннях. У той час сужэнцы ўжо мелі траіх дзяцей: Кіцці, Сашу і Стася, якога маці карміла сама. Пяцігадовая Саша, прыгожае светлая дзяўчо, была падобнай на бацьку, забаўляла кампанію досціпам і фіглямі, але ўсё раптоўна спынялася а дзясятай гадзіне, калі дзеці клаліся спаць.

Генерал Касакоўскі чакаў нас у сваіх чароўных Лукойнях, мы прыехалі сюды з Вепшаў і Вайткушак усе разам. Дарога па раўніне была падобная на нудную прадмову перад захапляльным вершам. Хмарнае неба на захадзе праяснілася, і раптам, без падрыхтоўкі, як на малюнку Клода Ларэна, перад намі паказалася парослая дубамі гара з ракой Шырвінтай унізе, з грэчаскім храмам на вяршыні, на якія з-за хмар, як вогненныя стрэлы, падалі касыя прамені. Мая маці, як сапраўдная пляменніца Арміды, закрычала ад захаплення і радасці. Мы зноў закрычалі, калі ўбачылі прыгожы галандскі млын, бо адчулі, што ўехалі ў нейкую надрэйнскую краіну. І нас, радасных, на ганку старасвецкага маёнтка сустракаў сам шчаслівы ад нашай пахвалы гаспадар. У вялікіх сенях крычалі рознакаляровыя папугаі, але мы, магчыма, былі гучнейшымі за іх, бо нас было каля дваццаці. У доме халасцяка такая колькасць гасцей магла б стварыць праблему. Трошкі марудзілі з абедам і гаспадар як мог бавіў гасцей а госці, як маглі, бароліся з голадам пасля працяглай язды. Сен-Клер з адкрытасцю англічаніна сказаў дзядзьку сваёй жонкі: "Qu'il mangera un morceau de cuisinier" (фр. "Я з'ем кавалак кухара". - Л. Л.), а убачыўшы вазон, кінуўся ў салон з крыкамі: "Terre, terre!" (фр. "Зямля, зямля!". - Л. Л.).

Мы радасна селі за стол. Насупраць мяне сядзела прыгожая Багуміла Бруноф, чыя белая сукенка і кармазынавыя аксамітныя стужкі на цёмных валасах дагэтуль стаяць у маіх вачах, але яшчэ больш запомнілася мне яе дасціпная ўсмешка, якая асвятляла дзіўна белы твар.

На наступны дзень, адразу пасля гарбаты, мы пачалі агляд Лукойняў. Варта было агледзець тую гару над ракой, якая так цудоўна паўстала перад намі ўчора, і парк, які вёў да яе. На гэтае Божае тварэнне, якое складвалася стагоддзямі, уздзейнічалі сучасныя і адначасова нямецкія канцэпцыі густу, якія выдавалі ў гаспадары старога халасцяка, маладога яшчэ ў XVIII стагоддзі. Вось камень з намаляванай на ім белай плямай, а на пляме чатырохрадкоўе пра сяброўства, вось грот з драўляным пустэльнікам, далей алея з драўлянай дамай, якая сядзіць на лаўцы ў пунсовай шалі! Але эпоху і раманы дэ Жанліс, з якой генерал быў знаёмы асабіста і ліставаўся, найбольш нагадвалі арэлі ў выглядзе ракавіны, якую ўносіла ў паветра пара галубкоў, а імі, у сваю чаргу, ружовымі лейцамі кіраваў амур, усё гэта было белым і свежа-лакіраваным.

Адным з самых важных пунктаў саду быў помнік каню, баявому каню генерала з пералічваннем бітваў у якіх конь прыняў удзел. Насамрэч гэта была ўдала выкананая біяграфія генерала і панегірык яго жыццю, напісаны ім самім.

Гаспадарская частка маёнтка - аборы з бульварамі пасярэдзіне, брукаваныя дарожкі, курнікі з садамі для кур і г. д., захапілі майго бацьку. Ён занатоўваў і замалёўваў гэтыя гаспадарчыя ідэі, каб ужо гэтай восенню пераняць у Дабраўлянах. Але, відаць, самымі практычнымі былі кампосты ў выглядзе ям для гною каля кожнага дома, куды скідвалася ўсё смецце. Гэта была ідэя пана Сен-Клера, самага лагічнага з трох гаспадароў. Калі швагер намаўляў яго заснаваць цукровы завод і пасадзіць буракі, ён хапаў лён і крычаў: "Вось цукар! Вось кава! Вось ўсё!". І насамрэч, у кожным краі - свая гаспадарка.

Па нядзелях ездзілі на імшу ў Гяльвяны, ушанаваныя легендай Адынца. Гэты просты, сціплы, драўляны касцёл, якіх шмат у Літве, не вылучаўся ні абразамі, ні спевам, хіба толькі ў адваротным сэнсе.


Непакой за Бахматовіча атруціў наша вяртанне дадому. Калі мама збіралася ў госці, яму стала крыху лепей і ён нават падбадзёрыў яе. Але з сухотамі, як з лямпай, якая дагарае, часта апошнія хвіліны бываюць поўнай ілюзіяй. Са страхам і болем у сэрцы мы вярталіся дадому, але яшчэ на пароме нам сказалі, што жывы! Мы зноў чулі яго голас праз дзверы, і некалькі дзён на раніцы нам прыносілі яго запіскі, напісаныя слабым почыркам і кожны вечар пры гарбаце мы са страхам лічылі філіжанкі, бо баяліся, што яго філіжанкі не будзе.

І прыйшоў дзень, калі яна знікала. Бедны Бахматовіч памёр пасля добрай споведзі. Мы адвезлі яго ў Свірскі касцёл, а потым на могілкі.

(Працяг у наступным нумары.)


* Gabrjela z Guntherоw Puzynina. W Wilnie i w dworach litewskich: pamiаtnik z lat 1815-1843. Wilno, 1928. Пераклад Леаніда Лаўрэша.

20 Ядвіга Анжуйская (1374-1399), каралева польская (1384-1399), з 1386 г. у шлюбе з Уладзіславам Ягайлам. У 1399 г. памерла падчас родаў, не пакінуўшы Ягайлу нашчадкаў.

21 Раймунд Корсак (1768, в. Жукоўшчына, цяпер Дзятлаўскі раён -1817), паэт, удзельнік паўстанні 1794 г. Меў маці Ядвігу з Гюнтараў. - Л . Л .

22 Юзаф Антоні Касакоўскі (1772-1842) паходзіў са шляхецкага роду Касакоўскіх герба Слепаўрон. Адукацыю атрымаў у калегіюме каталіцкага манаскага ордэна піяраў у Вільні. У 1792 г. Юзаф Антоні Касакоўскі як харунжы 8-й харугвы 1-й брыгады кавалерыі ВКЛ удзельнічаў у вайне за незалежнасць. Затым у чыне маёра стаў камандзірам 3-й брыгады кавалерыі ВКЛ. Пасля вайны збіраўся прыняць духоўны сан і стаць вікарыем свайго дзядзькі, інфлянцкага біскупа Юзафа Казіміра Касакоўскага, аднак у тым жа 1792 г. ён стаў дарадцам Літоўскай генеральнай канфедэрацыі ў складзе Таргавіцкай канфедэрацыі. У 1794 г. Касакоўскі ўдзельнічаў у паўстанні Касцюшкі і прыняў удзел у абароне Вільні. Пасля паразы паўстання некалькі гадоў жыў у Парыжы, потым вярнуўся ў Літву, якая ўвайшла ў склад Расіі. Падчас ваеннай кампаніі 1812 г. ужо брыгадны генерал Касакоўскі, знаходзіўся ў свіце імператара Напалеона як флігель-ад'ютант (акрамя яго, ад мясцовай шляхты флігель-ад'ютантамі былі Яўстах Эразм Сангушка і Людвік Міхал Пац). Удзельнічаў у бітве пад Смаленскам і Барадзіно. З 29 верасня 1812 г. тры дні займаў пасаду губернатара Масквы. Падчас адступлення арміі, прымаў удзел у шэрагу сутычак і бітваў, у тым ліку, і ў бітве на рацэ Бярэзіне. У 1813 г., застаючыся флігель-ад'ютантам імператара, прыняў удзел у бітвах пад Лютцэнам, Баўцэнам, Дрэзданам, Ляйпцыгам і Ганаў. У 1814 г. з-за хваробы некалькі месяцаў не ўдзельнічаў у ваенных дзеяннях, аднак у красавіку 1814 г. быў адным са сведкаў адрачэння Напалеона Банапарта ад імператарскага трона ў Фантэнбло. У тым жа годзе Юзаф Антоні Касакоўскі атрымаў тытул графа французскай Першай імперыі і стаў рыцарам Мальтыйскага ордэна. Пасля заканчэння ваенных дзеянняў быў амніставаны і вярнуўся на радзіму. Быў вядомы як калекцыянер, у тым ліку і розных рэліквій, звязаных з Напалеонаўскімі войнамі. - Л. Л.

23 Фр. "Напаўняе сваім духам увесь азіяцкі палац,

Які салодкі ўспамін напаўняе ўсё жыццё". - Л. Л.

24 Станіслаў Касакоўскі быў апошнім старшынём Геральдыі Польскага Каралеўства, таемным дарадцам двара і сенатарам. Яго жонка Аляксандра паходзіла з графскай сям'і дэ Лавалей і была напалову францужанкай, сябравала з вядомымі людзьмі Еўропы таго часу, напрыклад з Бальзакам, мела ў Варшаве ўплывовы літаратурны салон. Гэта галіна Касакоўскіх валодала Бераставіцай. - Л. Л.

"Каляда-Каляда, весялiцца грамада!"

У дзіцячы сад № 38 прыйшла Каляда. Гэта выдатная падзея была поўная весялосцi i радасцi, насычана казачнай атмасферай, вясёлымі песнямі і забіяцкімі гульнямі з пажаданнямі дабра, здароўя і багацця на ўвесь год. Такое свята не толькi забаўляе, але i дае магчымасць больш даведацца аб традыцыях і звычаях беларускага народа.

ТК "Культура Лідчыны".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX