Папярэдняя старонка: 2026

Наша слова.pdf № 04 (213) 


Дадана: 27-01-2026,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 4 (213), 28 студзеня 2026.

Маладая будучыня Гарадзеншчыны

У Гародні падвялі вынікі абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па навучальных прадметах.

Па выніках трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды ў скарбонцы сумесных дасягненняў вучняў і педагогаў Гарадзенскай вобласці 438 дыпломаў.

Сярод раёнаў у тройцы наймацнейшых па традыцыі Кастрычніцкі і Ленінскі раёны Гародні, а таксама Лідскі раён. Сярод устаноў адукацыі вобласці лідар гэтага года - гімназія № 1 імя акадэміка Я. Ф. Карскага Гародні. Гімназісты пры падтрымцы дасведчаных педагогаў заваявалі 36 дыпломаў.

Найбольшую колькасць пераможцаў і прызёраў абласнога этапу алімпіяды ў 2026 годзе падрыхтаваў настаўнік хіміі Гарадзенскай гарадской гімназіі імя А.І. Дубко Віталь Стаціна. Яго навучэнцы заваявалі 11 дыпломаў і грамату.

Адразу 7 дыпломаў абласнога этапу - камандны поспех настаўніка астраноміі ліцэя № 1 імя акадэміка Ю.М. Астроўскай Гародні Ганны Лебядзевіч і дацэнта кафедры ГРДУ імя Янкі Купалы Вольгі Жарновай.

Па выніках абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па навучальных прадметах дыпломы пераможцаў атрымалі 78 навучэнцаў устаноў адукацыі Лідскага раёна! Віншуем з перамогай!

Дзеці ўпэўнена прадэманстравалі свае веды, сабранасць і арганізаванасць, волю да перамогі!

Няпроста заваяваць перамогу, спаборнічаючы з лепшымі!

Поспехаў і новых дасягненняў!

ТК "Адукацыя Лідчыны".

ЗІМОВАЯ ГРАФІКА

Зміцер Захарэвіч

SPACE (КОСМАС)

Крэпам цемра густая занавесіла вокны,

За якімі гудліва віруе праспект.

Мой Сусвет мігатлівы - выспа дзёрзкай самоты

Між нязлічных стажараў блішчастых планет.


Да сябе спакушаюць хлуснёй пра прыцягненне,

І знікаюць з арбіт мірыяды слабых.

А мне наканавана быць праводным праменем

Для вандроўцаў па чорных прадоннях маіх.

СТО ПЯТЫ ЛІСТАПАД

Ужо сто пяты лістапад

Кладуць сляды на першым снезе

Туды, дзе небасхіл рудзее

Над стрэхамі бацькоўскіх хат.


Ахвярны доўжыцца паход

Калісь герояў, сёння - ценяў

Паўз сон няпомных пакаленняў,

Скрозь рэха залпаў і грымот.


Рыпіць пад ботамі цалік,

Бруіцца кроў з нягойных ранаў,

Але маршуюць апантана

За шыхтам шыхт вятрам наўсціг.


Ні слова не сарвецца з іх

Праз боль сувора сцятых вуснаў

У збэшчаны бязроддзем вусціш

Мясцін з маленства дарагіх.


Ізноў адведаўшы крыжы

Усіх, хто не вярнуўся з бою,

Адно мацней сціскаюць зброю,

Адплату ў рулях несучы.


Ідуць, забыўшы пра спачын,

Каб моўчкі кожны год спачатку

Дакорам гаваркім нашчадкам

Здзяйсняць свой неўміручы чын.

СЫШЛА…

Сышла без развітальных слоў

У золь паўночнага зацішша,

Бязважкі ланцужок слядоў

На ветры назнарок згубіўшы.


Не апранула шлюбны ўбор,

Зрабіўшыся навек калішняй,

І ўсланы апусцелы двор

Усцяж іржой былога лісця.


Усё, што не паспеў сказаць,

Да часу вынесшы за дужкі,

Нябёсы ёй не пракрычаць,

Бо ў вырай адляцелі птушкі.


Ля смутнай стоячы мяжы,

Лічыла дзён сваіх астачу

Пад спачувальны шэпт імжы -

Ні лёс, ні верш не перайначыць.


Раскрыўшы хмараў парасон,

Каб ашчадзіць ад зораў ззяння

Змарнелае прыроды сон,

Растала Восень у тумане.

* * *

Натомлена палёў лісты,

Згалелыя вятрам на ўцеху,

Пад небам немым, бо пустым,

Каторы дзень чакаюць снегу.


Дарма ўзірацца ў каляндар,

З якім надвор'е зноў не ў згодзе:

Чарнее вуглем вогкі парк,

А ўночы зоры не марозяць.

Не вабіць выцвілы абшар,

Дзе непрытульнасць шыбы шчэраць

У твар, таму глыбей душа

Панура хутаецца ў шэрань.


І ёй чакаць ужо няўсцерп

У часу вязніцы прыватнай,

Калі засыпле густа снег

Мінулага парэшткі вапнай.

ЗІМОВЫ ШПАЦЫР

Не гарэзіць у месце мяцеліца,

Але шчокі шчыкае мароз,

Сіні вечар, паранены месяцам,

Зіхаціцца сузор'ямі слёз.


Што ў вачах тваіх срэбрам люструюцца,

Напаўняючы бляскам пагляд,

Крочым поплеч аздобленай вуліцай

Бесканцовай вясёлкай гірлянд.


Ды не дораць цяпла асляпляльныя,

А таму, каб сагрэцца хутчэй,

Па праходцы ў зацішнай кавярні мы

Будзем піць апякальны глінтвэйн.


Зноў дадому вяртацца не схочацца,

І, перш чым да пары адпусціць,

З веяў знічкаю шчасце дзявочае

На ўспамін у далонь мне зляціць.

КАЛЯДЫ. ВЕЧАР. ІМЖА

Зіхцяць ліхтарыкі гірлянд

На зайздрасць Батліемскай зорцы -

Ізноў дажылі да Каляд

Знявераныя і празорцы.


Смугой засланы далягляд,

Бо з раніцы імжыць бясконца,

І жоўтавокі "ArArAt"

Надзею прыхаваў на донцы.


Над стрэхамі прыбраных хат

Вышукваем дарэмна сонца,

Як Тры валшцы брыдзем наўгад,

Глытаючы вільготны стронцый.


Развее феерверкаў чад

Ноч у прапаленай ватоўцы…

Што застанецца пасля свят,

Калі ў золь сыдуць суразмоўцы?

ШЛЯХЦІЦ ЗАВАЛЬНЯ

Добра на Каляды, змогшыся ў дарозе,

Павярнуць на вокнаў зыркія агні,

Завітаць здалёк да пана на загродзе,

Цікавостак зборцы - дзядзькі Завальні.


З старадаўніх кубкаў з ім п'ючы палёнку,

Каб і сон, і стома прочкі адышлі,

Пра зямлі дзівосы распачаць гамонку:

Што дзе сам убачыў ці пачуў калі.


Завіруюць згадкі і збярэцца чэлядзь,

А з набітай люлькі паплыве дымок

І абрысы зданяў свечнікі адценяць

Пад ухвалы дворных з вохканьнем жанок.


Як чароўны квет вышукваў небарака,

Бо схацеў прыўласціць ваўкалакаў скарб.

Фантастычнасць дзеяў лепшаю падзякай

За сваю гасціннасць прыме гаспадар.


На дварэ аціхне лютая віхура,

Падарожным месяц вышчадрыць святла…

Гэткай самай ночай зух каваль Вакула

Па дарункі любай чорта асядлаў.


Крый бог ад угоды з чарнаскурым карлам,

Прамяняць на грошы кволую душу,

Ды лятуць пагрозна па дрыгве дрыганты

І званы трывожна ў Свіцязі гудуць.


А калі па пеўнях заскразіць світанак,

Змоўчыць гусляў гранне і курган засне,

Возца клікне з сенцаў:

- Выбачай, Васпане!

Нецярпліва конік капытамі б'е.


Кругабег расстайны: пацалункі, слёзы,

Аглаблёвы келіх, роснай чысціні…

Добра на Каляды, змогшыся ў дарозе,

Завітаць здалёк да пана Завальні!

СВІТАЛЬНАЙ ЦІШЫНЁЙ

Крыху віднее.

Ранак на парозе,


Гатовы выбухнуць

Гамонкай мітуснёй.


Пабляклых зораў

Я рахую дробязь,


Каб ёю ўдзячна

Расплаціцца з цішынёй.


Бязлюдны горад.

Не чуваць ні кроку,


Наўсцяж паношыцца

Прымглёны супакой,


Аднак ужо

Той час непадалёку,


Калі ў гармідары

Патоне голас мой.

З ВІРУ Ў ВЫРАЙ

Не прыходзяць з гаманкога віру

У мой дом вандроўцы і лісты,

Ён, праз клопаты забыты вырай,

Штодня поўны ўцешнай ціхаты.


Хай няма з кім падзяліцца вершам,

Ды ніхто не замінае мне

Снегападам позірк занавешваць

Альбо ў строфы заплятаць прамень.


Больш не трэба ні ўсміхацца моўчкі,

Але ўрэшце злосна адказаць,

Ні псаваць, напружваючы, вочы,

Каб грымзол чарговы прачытаць.


Гэны меўся, толькі не даехаў,

Той атраманту пашкадаваў,

Таму вольны дом ад пустабрэхаў,

Ад спаведных глупстваў - галава.


Вернік кленчыць, молячы аб цудзе,

Я ж, відаць, не надта награшыў,

Бо аднойчы ўночы сцежку студзень

Да маіх дзвярэй запарушыў.


І цяпер хоць абвяшчайце ў вышук,

Выпраўляйце па зямлі віжоў,

Аднак тых, хто з віру ў вырай выйшаў,

У гармідар не вярнуць ізноў.

СЯРОД БЯЗЛАДНАЙ ГАМАНЫ

"…Маўчанне адназначным не бывае".

Ул. Караткевіч.


І.


Гучыць пранізлівей маўчанне

Сярод бязладнай гаманы,

Чымся праклён альбо літанне,

Гучыць пранізлівей маўчанне,

Як вольны выбар непрымання

Тае ці іншай стараны,

Гучыць пранізлівей маўчанне

Сярод бязладнай гаманы.


ІІ.


Без прымусовых апраўданняў

Цяжар адпрэчыўшы віны,

Пад аглушальныя званы,

Без прымусовых апраўданняў

Гучыць пранізлівей маўчанне

Сярод бязладнай гаманы,

Без прымусовых апраўданняў

Цяжар адпрэчыўшы віны.


ІІІ.


Праз спачуванні і прызнанні

Спазнаўшы праўду слоў цаны,

Днём ясным, поцемкам начным

Праз спачувньні і прызнанні,

Сярод бязладнай гаманы

Гучыць пранізлівей маўчанне,

Праз спачуванні і прызнанні

Спазнаўшы праўду слоў цаны.

ЗІМОВАЯ ГРАФІКА

Па зімняй прасціне льняной

Шнуруюць вугальныя коткі,

Высочваючы іх сарокі,

Стракочуць хорам над зямлёй.


Галлём згалелы ясакар

Панура драпае аблокі,

Істужка лесу, як вырокам,

Жалобай спавіла абшар.


Я сам у чорным, рыхтык мніх,

Брыду сцяжынай паўз сумёты,

І топчуць снег зляжалы боты,

І кожны крок - нібыта штрых,


Які натхнёная рука

Кладзе на графіцы зімовай,

Ці - нібы слоўная абнова

На цнотным цаліку лістка.

* * *

Старажытныя грэкі верылі, што залішняя чалавечая радасць можа выклікаць зайздрасць і гнеў багоў.


Смуга, як цмок, над горадам паношыцца,

Паўдзень санлівы лена цэдзіць паўсвятло.

А ўсё, што мусіла нарэшце скончыцца,

У час бязрадасна ад сэрца адлягло.


Грэх скардзіцца мне на нястачу міласцяў,

Аднак напэўна валадарныя багі

Зайздросціць на Алімпе прытаміліся,

Праз тое змоўчалі і не засцераглі.


"Магчыма, будуць мсціцца праз свавольныя

Радкі", -

з крывой усмешкай берагам брыду.

Калючы, дробны снег нібы падсольвае

Палонку раны, кладучыся на ваду.

ПРЫЦЕМКАМ

(пентаптых хайку)


Цені згусцелі.

Дробна таполі трымцяць,

Хоць вецер аціх.


Вусцішна ў парку -

Словы загразлі ў зубах,

Птушкі замоўклі.


Прыцемку крылы

Свет ахінулі наўсцяж

Стыннай дрымотай.


Цэдзіць на сцежку

Цмяныя промні ліхтар

Ля брамы пустой.


Цепну плячыма -

Гэта наўкол ці ўва мне

Ноч надыходзіць?

КРЫК НАЧНОЙ ПТУШКІ

Сярод настылае начы,

Калі заход адпалыскае,

Самотна птушка пракрычыць

У бездань цемры небакраю.


Трывожачы суладдзе сноў,

Аблокі спудзіўшы наўкола,

З глухіх, кудлатых гушчароў

Адчайны залунае голас.


Расколецца знямелы свет,

Працяты, як клінком, тугою,

А рэха вобцас панясе

Яе на крылах над зямлёю.

Гучацьме ўразлівей штоўзмах

Боль, змогай выпушчаны з сэрца,

І ў спячым месце кожны гмах

Трымценнем шыбаў адзавецца.


Айцы сямействаў забурчаць

Пагрозліва ў чужых пасцелях:

- Каму спакой наш перарваць

Уздумалася? Як пасмелі?!


Ды хтось, шукаючы прычын,

Прамовіць здогад у прастору:

- Мо, птушка нездарма крычыць,

А каб па нас не грагаў воран?

ПЕРАКУЛЕНЫ СВЕТ

Папяроўкаю поўня

Глуха ў шыбіну б'е

Узбярэжнай багоўні

На халоднай вадзе.


Фасфарыцца з-пад стромы

Перакулены свет:

І пачуцці, і словы,

І крыжы на царкве.


Натамлёны вандроўнік

Раптам не разбярэш,

Трапіў у залюстроўе

Ці на яве яшчэ?


Дык забудзься на сподзіў -

Умець трэба здаля

Рэчаіснасць адрозніць

Ад навалы здання.


Мусіш даць сабе рады -

Бадай што ўпершыню

Адказаць, чым паўпраўда

Лепей за паўхлусню.


Хоць не кожны пазбыцца

Бельмаў мае намер

І з усмешкай не блытаць

Крывадушны ашчэр.


У дваістасці сталай

Паспрабуй зразумець:

Тут - на час твой прыстанак

Альбо шляху канец?


Бо, хай сонца ў сваволі

Прамяні развіне,

Ды не знікне ніколі

Перакулены свет.

Кожная пятнiца-роднае, сваё

Сёння хацелася б асабліва адчуць і падзяліцца тым, што нам блізкае і дарагое. Не проста прадукт або рэч, а пра жывую энергію, якая нараджаецца са зліцця галасоў і душ. Ёсць у Бярозаўцы скарб, які ведаюць і любяць усе мясцовыя жыхары - Народная мужчынская вакальная група "Кронан"!

Калі яны пачынаюць спяваць, здаецца, паветра напаўняецца гісторыяй нашых продкаў. Іх галасы, моцныя і пранікнёныя, то зліваюцца ў адзіную магутную плынь, то ціха пераліваюцца, як ручайкі. Яны спяваюць пра любоў да роднага краю, пра мужнасць, пра простыя чалавечыя пачуцці так, што кожнае слова трапляе проста ў сэрца. Публіка іх вельмі любіць! На кожным выступленні, на кожным свяце каля іх заўсёды ўдзячная аўдыторыя. Для Бярозаўкі "Кронан" - гэта сапраўды роднае, сваё. Гэта наш гонар, наш гук, які разносіцца па вуліцах роднага горада.

Падтрымлівайце нашых выканаўцаў, хадзіце на іх канцэрты, давайце ім сілу сваёй увагай і любоўю.

ТК "Культура Лідчыны".

Памерла Ірына Быкава, удава Васіля Быкава. Ёй было 99 гадоў

Васіль Быкаў і Ірына Суворава пазнаёміліся ў рэдакцыі газеты "Гродзенская праўда".

У "Доўгай дарозе дадому" Васіль Уладзіміравіч згадвае, што "Ірына Міхайлаўна… стала першым і дужа прыдзірлівым крытыкам усяго мной напісанага. Цяпер я ёй за тое вельмі ўдзячны, хаця тады часам і крыўдзіўся".

Ірына Міхайлаўна друкавала на машынцы творы Быкава, калі ён быў яшчэ мала каму вядомым аўтарам - і працягвала гэта рабіць доўгія гады. "Мёртвым не баліць", "Сотнікаў", "Знак бяды" - надрукаваныя ёй.

У канцы снежня яна трапіла ў шпіталь з пераломам сцягна і інфарктам. 21 студзеня адышла ў Нябесную Беларусь.

99 гадоў ёй споўнілася зусім нядаўна - 13 студзеня 2026 года.

Развітанне з Ірынай Міхайлаўнай Быкавай адбылося 25 студзеня.

Адзін з заснавальнікаў "Маладняка"

22 студзеня споўнілася 120 гадоў з дня нараджэння Андрэя Александровіча (1906-1963) - аднаго з самых яркіх беларускіх паэтаў 1920-1930-х гадоў.

Андрэй Александровіч меў незвычайны лёс і пакінуў пасля сябе неадназначную памяць. З аднаго боку, ён быў вельмі таленавітым і пладавітым творцам, эмацыйным выступоўцам, стаў адным з трох заснавальнікаў першага беларускага літаратурнага аб'яднання "Маладняк". З іншага ж боку, ён скарыстаўся сваім талентам, каб пісаць творчыя даносы на сваіх жа калег-пісьменнікаў.

Усё гэта - выкрыванне "нацдэмаў" і "шкоднікаў", оды партыйнаму і савецкаму начальству, згода з абмежаваннямі для роднай культуры - не дазволіла яму і самому пазбегнуць рэпрэсій. У 1938 годзе Андрэй Александровіч быў арыштаваны і аператыўна асуджаны да 15 гадоў лагераў - пакутніцкай працы на Крайняй Поўначы. Яго прыклад сведчыць, што карнікі і ініцыятары рэпрэсій хутка самі становяцца ахвярамі карнай сістэмы.

Паэт нарадзіўся ў Менску ў сям'і шаўца. Бацька заўчасна памёр, і Андрэй быў вымушаны пайсці працаваць яшчэ ў дзяцінстве. Першай яго прафесіяй было шавецтва, аднак не цураўся ён і выпадковага заробку.

У 1914 годзе хлопчыка аддалі вучыцца ў царкоўна-прыходскую школу, а потым ён вучыўся ў Менскім педагагічным тэхнікуме, а ў 1930 годзе скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Малады паэт з'яўляўся адным з арганізатараў літаратурнага аб'яднання "Маладняк" (1923). У 1925 годзе ён стаў рэдактарам часопіса "Малады араты", потым - намеснікам рэдактара газеты "Чырвоная Полаччына" і адказным сакратаром акруговай нацыянальнай камісіі. У 1932 годзе Андрэй Александровіч быў прызначаны намеснікам старшыні аргкамітэта па ўтварэнні Саюза пісьменнікаў БССР, прымаў удзел у першым Усесаюзным з'ездзе пісьменнікаў.

У 1936 годзе Андрэя Александровіча абіраюць членам-карэспандэнтам Акадэміі навук Беларускай ССР. Пэўны час ён з'яўляўся дырэктарам Інстытута мовы АН БССР, пад яго рэдакцыяй быў выдадзены "Руска-беларускі слоўнік" (1937).

Літаратурная дзейнасць Андрэя Александровіча пачалася яшчэ ў пачатку 1920-х гадоў. Першы яго верш "Ад беларускай моладзі" быў надрукаваны ў 1921 годзе ў газеце "Савецкая Беларусь". У 1925 годзе выйшаў з друку першы зборнік паэта "Па беларускім бруку", у гэтым жа годзе - раман "Ваўчаняты" (напісаны ў суаўтарстве з Анатолем Вольным і Алесем Дударам). Крыху пазней былі выдадзены кнігі "Прозалаць" (1926), "Угрунь" (1927), "Фабрыка смерці" (1929) і шмат іншых.

БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

Станіслаў Суднік

Колеры, афарбоўкі і масці ў Лідзе і ў астатняй Беларусі


(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)


Афарбоўкі і масці жывёлаў

ЗЕМЛЯНЫЯ ПАЦУКІ


Сярод мноства грызуноў, з якімі даводзіцца сутыкацца чалавеку, адмысловае месца займае земляны пацук. Гэты від адрозніваецца ад звычайных гарадскіх пацукоў не толькі вонкава, але і сваімі паводзінамі, а таксама месцамі рассялення. Земляныя пацукі на ўчастку ці земляны пацук у гародзе могуць прычыніць значную шкоду раслінам, агароднінным культурам і пладовым дрэвам.

Гэтыя грызуны здольныя выкопваць глыбокія норы, знішчаць карані раслін і пашкоджваць пасевы, што робіць іх асабліва небяспечнымі для садоўнікаў і фермераў. Акрамя таго, у выпадку недахопу ежы ці камфортных умоў, яны могуць міграваць у жылыя дамы, чым ствараюць яшчэ больш нязручнасцяў для людзей.


Апісанне і характарыстыка

Земляны пацук (Arvicola amphibius), таксама вядомы як вадзяная палёўка, - гэта від палёвак, які селіцца паблізу ад вадаёмаў, на вільготных тэрыторыях і часта сустракаецца ў Беларусі і іншых краінах Еўропы. Гэты пацук належыць да сямейства хамяковых, хоць яго звычкі і вонкавы выгляд прыкметна адрозніваюцца ад іншых прадстаўнікоў.

Характарыстыкі землянога пацука ўключаюць ключавыя асаблівасці, якія дазваляюць лёгка распазнаць яе сярод іншых грызуноў.

Як выглядае земляны пацук

Ён мае характэрны шчыльны целасклад, даўжыня цела можа дасягаць 25-30 см, а хвост - каля 15 см. У яго масіўнае цела з кароткімі лапкамі і добра развітымі разцамі, якія дазваляюць прагрызаць цвёрдыя матэрыялы і карані раслін. Колер поўсці вар'іруецца ад цёмна-карычневага, шаравата-карычневага, да амаль чорнага, што робіць яго меней прыкметным у цені расліннасці.

Вага землянога пацука ўражвае для грызуна: у сталых асобін яна можа дасягаць 300-400 грамаў. Гэтыя грызуны прыстасаваны да пасялення ў зямлі і вадзе, іх лапы забяспечаны моцнымі кіпцюрамі, якія дазваляюць хутка і эфектыўна капаць.


Чым сілкуецца земляны пацук

Сілкаванне землянога пацука вельмі разнастайнае, што і тлумачыць яго шкоду для садовых і сельскагаспадарчых культур. У яе рацыён уваходзяць карэнішчы, клубні, насенне, сцяблы і лісце раслін. Гэтыя пацукі часта ядуць агароднінныя культуры, такія як бульба і морква, а таксама маладыя парасткі хмызнякоў і дрэў. Нярэдка яны могуць пашкоджваць пасевы і знішчаць ураджай, што робіць іх сур'ёзнай праблемай для агароднікаў і фермераў.

Гісторыя і асяроддзе пасялення земляных пацукоў

Земляны пацук шырока распаўсюджаны ў Еўропе і Азіі, і яго можна сустрэць практычна на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Асноўныя месцы рассялення ўключаюць вільготныя рэгіёны, такія як берагі рэк і азёр, канавы, балоты і сады з добра ўвільготненай глебай. У апошні час, з-за змены клімату і ўрбанізацыі, гэтыя пацукі ўсё часцей з'яўляюцца на прысядзібных участках, дзе знаходзяць доступ да ежы і хованкі. Яны актыўна капаюць норы і пракладаюць хады ў зямлі, што робіць іх ідэальнымі "будаўнікамі" падземных лабірынтаў.

Як размнажаюцца земляныя пацукі

Земляныя пацукі, ці вадзяныя палёўкі, размнажаюцца хутка і інтэнсіўна, асабліва пры наяўнасці дастатковай колькасці ежы і прыдатных схованак. Гэты від мае параўнальна кароткі перыяд цяжарнасці - каля 21-23 дзён, і самкі могуць прынесці прыплод 5-6 раз у год. У кожным прыплодзе нараджаецца ад 5 да 12 дзіцянятаў, што дазваляе папуляцыі расці ў геаметрычнай прагрэсіі. Маладыя пацукі дасягаюць палавой сталасці ўжо праз 1,5-2 месяцы, што робіць цыкл размнажэння бясконцым пры прыдатных умовах.

Цяжарныя самкі будуюць асобныя, абароненыя камеры ў сваёй нары, дзе выкормліваюць прыплод. Першыя некалькі тыдняў пацучаняты застаюцца ў гняздзе, сілкуючыся малаком маці. Як толькі дзіцяняты падрастаюць, яны пачынаюць самастойна здабываць ежу і пакідаюць матчына гняздо, пракладаючы новыя хады ці засяляючы найбліжэйшыя тэрыторыі. Высокая пладавітасць і імклівае сталенне робяць барацьбу з гэтымі шкоднікамі вельмі складанай задачай, асабліва, калі своечасова не прыняць прафілактычныя меры.


Сутачная актыўнасць земляных пацукоў

Земляныя пацукі, як правіла, вядуць змрочны і начны лад жыцця. Найбольшую актыўнасць яны праяўляюць досвіткам і вечарам, калі могуць бяспечна шукаць ежу і будаваць свае хады, пазбягаючы пры гэтым драпежнікаў. Тым не менш, пры недахопе ежы ці схованак яны могуць выходзіць на пошукі спажывы і ў дзённы час, што павялічвае верагоднасць іх выяўлення. Іх начны лад жыцця тлумачыць складанасць выяўлення нор і шляхоў перасоўвання на ўчастку.

Зімовая актыўнасць і спячка

Земляныя пацукі не ўпадаюць у спячку, як некаторыя іншыя грызуны, але іх актыўнасць узімку змяншаецца, асабліва пры моцных маразах. У зімовы перыяд яны аддаюць перавагу атуліцца глыбока пад зямлёй, дзе пракладаюць хады, якія злучаюць розныя камеры з запасамі ежы. Гэтыя пацукі выдатна прыстасаваны да выжывання ў халодную пару года і могуць вытрымліваць нізкія тэмпературы, застаючыся актыўнымі на працягу ўсёй зімы, калі маюць доступ да ежы. У раёнах з мякчэйшым кліматам, дзе зімы не такія суровыя, актыўнасць земляных пацукоў узімку практычна не памяншаецца.


АНДАТРА


Андатра, ці мускусны пацук (лат. Ondatra zibethicus), - выгляд наземных сысуноў з падсямейства палёвак сямейства хомяковых, буйны прадстаўнік сямейства. Адзіны сучасны від роду андатр. Від і род андатр складае асобную трыбу падсямейства Палёўкавых - Ondatrini, у якую ўваходзілі прынамсі тры роды вымерлых грызуноў. Гэта паўводны грызун родам з Паўночнай Амерыкі, акліматызаваны ў Еўразіі, у тым ліку ў Беларусі.

Вонкава андатра нагадвае пацука (яе часта завуць мускусным пацуком), аднак яна прыкметна буйней звычайнага пацука - маса дарослых асобін можа дасягаць 1,8 кг, хоць, як правіла, яны важаць 1-1,5 кг. Даўжыня цела - 23-36 см, даўжыня хваста амаль роўная даўжыні цела - 18-28 см. Палавы дымарфізм не выяўлены. Андатру часам блытаюць з нутрыяй.

Цела ў андатры таўставатае, шыя кароткая, галава невялікая і тупамордая. Яе вонкавае аблічча сведчыць пра адаптацыю да воднага ладу жыцця. Вушныя ракавіны ледзь выступаюць з поўсці; вочы невялікія, высока пасаджаныя. Вусны, як у баброў, абрастаюць разцы, ізалюючы іх ад ротавай пустаты, дзякуючы чаму андатра можа адгрызаць расліны пад вадой, не захлынаючыся. Хвост сплюшчаны з бакоў, пакрыты дробнымі лускавінкамі і рэдкімі валасінкамі, па яго ніжнім баку праходзіць грэбень падоўжаных цвёрдых валасоў. На задніх лапах маюцца плавальныя перапонкі, а па краях пальцаў - аблямоўванне з кароткіх валасоў.

Футра андатры складаецца з грубых восцевых валасоў і мяккага падшэрстку. Афарбоўка спіны і канечнасцяў ад цёмна-карычневай да чорнай. Жывот святлей, часам шаравата-блакітны. Улетку афарбоўка святлее. футра вельмі густое, шчыльнае і пухнатае, што абумоўлівае яго воданепранікальнасць. Андатра ўвесь час сочыць за сваім футрам: змазвае тлушчавымі выдзяленнямі і расчэсвае.

Яшчэ адным прыстасаваннем да воднага ладу жыцця з'яўляецца павышанае ўтрыманне ў крыві гемаглабіну, а ў цягліцах міяглабіну, што стварае дадатковыя запасы кіслароду пры апусканні пад ваду. Іншай адмысловай адаптацыяй з'яўляецца гетэратэрмія, здольнасць рэгуляваць прыток крыві да канечнасцяў і хваста; канечнасці ў андатры звычайна халадней, чым цела.

Распаўсюд

Першапачаткова андатра была распаўсюджана ў каляводных біятопах Паўночнай Амерыкі, амаль паўсюдна - ад Аляскі і Лабрадора да Тэхаса і паўночнай Мексікі. Некалькі разоў завозілася ў Еўропу і ў выніку шырока рассялілася па Еўразіі, аж да Манголіі, Кітая і Карэі. У Беларусі андатра распаўсюджана па ўсёй тэрыторыі


Лад жыцця


Андатра ў водным асяроддзі

Андатра вядзе паўводны лад жыцця, селіцца па берагах рэк, азёр, каналаў і асабліва ахвотна - прэснаводных балот. Яна аддае перавагу плыткім (1-2 м глыбінёй), непрамярзаючым вадаёмам з берагамі, пакрытымі густой травяністай расліннасцю.

Актыўныя андатры кругласутачна, але часцей за ўсё пасля заходу соца і рана раніцай. Сілкуюцца прыбярэжнымі і воднымі раслінамі - трыснёгам, мячэўнікам, чаротам, асакой, хвашчамі, стрэлкалістам, урэчнікамі. Увесну андатра корміцца маладымі сцябламі і лісцем, улетку і ўвосень есць прыкаранёвыя часткі і карэнішчы, узімку толькі карэнішчы. Есць таксама сельскагаспадарчыя культуры. Прымешка жывёльнай ежы (малюскі, жабы, рыба) сталая, але малаважная.


Для жылля андатра будуе норы і хаткі. Нару капае ў высокім беразе. Даўжыня хадоў нор розная, у стромкіх берагах 2-3 м, у пакатых - да 10 м. Адтуліна нары размешчана пад вадой і знадворку не відаць, а гнездавая камера знаходзіцца вышэй узроўню вады. Здараецца, што гнездавыя камеры размешчаны ў два паверхі і злучаны хадамі - гэта прадугледжана на выпадак змены ўзроўню вады ў вадаёме. Нават у самыя суровыя маразы тэмпература ў гнездавых камерах андатр не апускалася ніжэй 0°C. На нізкіх забалочаных берагах андатра майструе са сцяблоў водных раслін (трыснёгу, асакі, мячэўніка), змацаваных глеем, надводнае жыллё - хаткі вышынёй да 1-1,5 м. Уваход у іх таксама размяшчаецца пад вадой. Будуе таксама плывучыя і адкрытыя гнёзды - кармавыя пляцоўкі. Акрамя жылых хатак андатры будуюць і каморы, дзе робяць запасы корму на зіму.

Андатры жывуць сямейнымі групамі, якія валодаюць сваімі кармавымі ўчасткамі. Пахвінныя (перынеальныя) залозы самцоў вылучаюць мускусную сакрэцыю, якой яны пазначаюць тэрыторыю. Да прышэльцаў нецярпімыя, толькі падчас зімовак утвараюць зборныя групы. Увесну самкі праганяюць свой падрослы прыплод з участка; пры перанасяленні вядомыя выпадкі канібалізму. Увесну і ўвосень андатры, якія не маюць сваіх сем'яў і кармавых участкаў, здзяйсняюць далёкія міграцыі ў пошуках вольных вадаёмаў.

З-за сваёй шматлікасці андатры іграюць важную ролю ў сілкаванні шматлікіх драпежнікаў, уключаючы ільку, янота, выдру, янотападобнага сабаку, сіпух, мышаловаў, алігатараў, шчупакоў. Асабліва вялікую шкоду наносяць ім норкі, якія селяцца ў тых жа біятопах, што і андатры, і здольныя пранікаць у іх норы праз падводныя хады. На сушы на андатр палююць лісы, каёты і вандроўныя сабакі. На маладняк нападае нават крумкач і сарока. Зрэдку норы і хаткі андатр руйнуюць воўк, мядзведзь, дзік. Звычайна андатра ратуецца ад ворагаў пад вадой ці ў нары, але ў бязвыхадным становішчы можа адчайна абараняцца, выкарыстоўваючы зубы і кіпцюры.

Марудлівая на зямлі, андатра добра плавае і выдатна нырае. Без паветра яна можа абыходзіцца да 12-17 хвілін. Зрок і нюх развіты слаба, галоўным чынам звярок спадзяецца на слых.


Размнажэнне

Цяжарнасць у самкі доўжыцца 25-30 дзён, у прыплодзе ў сярэднім 7-8 дзіцянятаў. У паўночных абласцях за год бывае 2 вывадкі і размнажэнне абмежавана цёплымі месяцамі - з сакавіка па жнівень; у паўднёвых размнажэнне амаль не перарываецца, і самка за год можа выкарміць 4-5 вывадкаў. Самец першыя тыдні пасля родаў прыносіць ежу, якою корміць самку, такім чынам ствараючы ўмовы для высокай выжывальнасці дзіцянятаў. Дзіцяняты пры нараджэнні сляпыя і важаць каля 22 г. На 10-ты дзень яны ўжо ўмеюць плаваць, а на 21-шы пачынаюць есці раслінны корм. Да 30-га дня маладыя андатры становяцца самастойнымі, аднак на зіму застаюцца з бацькамі. Увесну маладыя андатры рассяляюцца.

Палавой сталасці андатры дасягаюць у 7-12 месяцаў. Максімальная працягласць жыцця - 3 гады, у няволі - да 10 гадоў.


Значэнне для чалавека

Андатра - адзін з найважнейшых пушных прамысловых відаў, дае каштоўную трывалую скурку. Мяса ядомае, у Паўночнай Амерыцы гэтага звярка нават завуць "вадзяным трусам".

(Працяг у наступным нумары.)

Фарны касцёл у Лідзе

Леанід Лаўрэш

(Заканчэнне. Пачатак у папярэднім нумары.)


На адлегласці 108 крокаў ад фарнага касцёла, далей на поўнач па вуліцы Віленскай (сучаснай Савецкай) стаялі былы кляштар і касцёл кармелітаў. Кляштар згарэў у 1941 г. і быў разабраны на пачатку 1950-х гг. Пра касцёл, які праз сакрыстыю злучаўся з кляштаром, вядома, што ён меў форму крыжа даўжынёй 44,5 і шырынёй 17,5 локця, пакрыты дахоўкай. У 1908 г. касцёл быў разабраны, хоць касцельныя муры ўсё яшчэ стаялі да ўзроўню даху. Цэгла выкыстоўвалася для будаўніцтва казармаў Паўночнага вайсковага гарадка.


З Бібліятэкі імя Асалінскіх (г. Уроцлаў) пры дапамозе майго сына, я атрымаў сканы рукапісу рэктара лідскай піярскай павятовай вучэльні Язафата Вайшвілы, напісаныя ў першай палове XIX ст. з малюнкам лідскага замка на першай вокладцы. Гэты малюнак, верагодна, намаляваў нехта з выкладчыкаў ці вучняў піярскай школы.

Я не адразу звярнуў увагу, што справа ад замка (1) намаляваны касцёл з кляштаром кармелітаў (2) і, яшчэ трошкі правей - фарны касцёл з вежамі! (3) (гл. малюнак). Бачна, што кармеліцкі касцёл меў фасад, павернуты на ўсход і надбудаваны купал з сігнатуркай над вялікім алтаром. Трэба сказаць, што фарны касцёл для мастака знаходзіцца ў такой праекцыі, што дзве вежы бачны, як адна.

Але галоўнае - фарны касцёл намаляваны з трохузроўневымі вежамі. Гэты малюнак адзіны, на якім можна убачыць лідскія касцёлы ў іх першапачатковым выглядзе. Верагоднае датаванне малюнка з вокладкі - да 1790 г.

На гэтую выяву лідскага фарнага касцёла з дзвюма вежамі да апошняга часу не звярталі ўвагі, і ў кнізе "Шпацыры па старой Лідзе" (2020 г.) я нават напісаў, што такой выявы, верагодна, наогул не існуе. Таму аўтэнтычны малюнак з двухвежавым лідскім фарным касцёлам, касцёлам кармелітаў і замкам - важная, новая крыніца інфармацыі па гісторыі горада Ліды.


Рэктар кс. Вайшвіла паведаміў пра фарны касцёл, што: "Мураваны шпіталь (пры фарным касцёле) знаходзіўся ў самым рагу мура, які атачаў парафіяльны касцёл, з боку замка ад вуліцы Віленскай. Але ў пажары 1826 г. згарэў дах шпіталя і ўсё драўлянае, што ў ім было. Цэглу тады разабралі на падмуркі іншых дамоў, і таму цалкам знік нават след таго прытулку для ўбогіх.

У другім рагу таго ж мура, пры той жа самай вуліцы Віленскай стаіць мураваны невялікі шпіталік, які мае толькі адзін пакой. У гэтым прытулку жывуць касцельныя і ўбогія дзяды на ўтрыманні багалюбівых парафіян. Невядома, калі гэты прытулак з'явіўся і хто яго будаваў".

Цікавай з'яўляецца інфармацыя рэктара піяраў пра тое, што ў першай палове XIX ст. у вёсцы Перапечыца, якая належала фарнаму касцёлу, працавала цагельня.


У новы касцёл былі перанесеныя некаторыя рэчы са старога: абразы, купель, увянчаная драўлянай статуяй св. Яна Хрысціцеля і арган, другі арган быў перанесены сюды з Крупаўскага касцёла.

Новы касцёл меў сем алтароў. Тры з іх (у тым ліку і галоўны) мураваныя, размалёваныя пад мармур, бочныя алтары - у блакітна-ружовыя таны.

У галоўным алтары знаходзіўся цудоўны абраз Маці Божай Ружанцовай. Пра Божыя ласкі, выказаныя праз гэты абраз, сведчылі запісы у "Кнізе цудаў". Таксама ў алтары былі чатыры драўняныя фігуры: злева св. Пётр і св. Станіслаў, справа св. Павел і св. Казімір, а над імі - чатыры стуковыя (штучны мармур) анёлкі.

Другія два мураваных алтары былі пад вызваннямі Ян Непамуцкага і Бічавання.

Алтар св. Яна Непамуцкага ў верхняй частцы меў маляваны на сцяне абраз Найсвяцейшай Панны Ружанцовай, алтар Бічавання там жа - абраз Св. Апостала Тамаша. Усе абразы ў бакавых алтарах, за выключэннем абраза Бічавання, былі новыя.

Два алтары, якія знаходзяцца пры ўнутрыкасцельных слупах мелі мураваныя прыстолы з абразамі св. Антонія і св. Юзафа, якія былі перанесеныя са старога касцёла.

Іншыя два алтары пры бочных сценах пад вызваннем Св. Барбары і Св. Івона.

Сцены і столь прэзбітэрыюма4 пакрывалі малюнкі. Падлога выкладзена каменнымі плітамі, але пад лаўкамі і па баках была выкладзена цэглай.

Унутранае абсталяванне касцёла з большага захавалася да нашых дзён.

Касцёл агароджвала мураваная сцяна, знутры якой знаходзіліся могілкі, каля касцёла стаяла званіца на чатырох слупах з двума званамі. На вуліцу вяла брама "бляхай крытая, на ёй вырабленае з жалеза імя Марыя з прамянямі зялёнага колеру". Адначасова з касцёлам планавалася пабудова плябаніі і двух шпіталяў, з якіх адзін ужо ў 1777 г. патрабаваў рамонту. У тым жа 1777 г. планавалася пабудаваць парафіяльную школу, бо шэсць вучняў да гэтага часу вучыліся ў доме арганіста.

З-за памылак пры праектаванні і будаўніцтве касцёла, а таксама з-за "надта, дрэннага матэрыялу", ужо ў 1777 г. касцёл патрабаваў рамонту, пра тое ж самае напісана і ў візітацыі 1782 г. Першымі пачалі разбурацца трохузроўневыя вежы, з якіх звалілася бляха, тынк і нават фрагменты гзымсаў5 і сцен, да таго ж ветрам павыбівала шыбы, і ўнутр пачала прасочвацца вада, што павялічыла небяспеку абрушэння вежаў.


З Вопісу парафій Лідскага дэканату 1784 г., даведваемся: "… ад касцёла ў кірунку на захад праз семдзесят крокаў знаходзіцца касцёл і кляштар кс. кармелітаў antiqua observantia (кармелітаў старых - Л.Л.), у кірунку на поўнач праз чатырыста пяцьдзесят крокаў знаходзіцца касцёл, кляштар і павятовая школа кс. піяраў, у кірунку на летні ўсход праз дзевяцьсот крокаў парафільная ўніяцкая царква ritus graci uniti (тут памылка, адна ўніяцкая царква каля касцёла піяраў, г. з. у кірунку на поўнач праз чатырыста крокаў, але яна ужо магла быць нечынная, другая - паміж зімовым усходам і поўднем якраз праз дзевяцьсот крокаў - заўвага Л. Л.), праз дзвесце пяцьдзесят крокаў у кірунку на зімовы ўсход стары мураваны замак, у кірунку паміж летнім захадам і поўначчу праз пяцьсот крокаў стаіць яўрэйская бажніца, у кірунку на поўнач праз дзве тысячы пяцьсот крокаў яўрэйскія могілкі".


У 1790 г. на грошы ксяндза Вінцэнта Нарбута быў устаноўлены новы арган, які змяніў арган, што застаўся яшчэ ад старога касцёла.

У 1791 г. касцёл пацярпеў ад расейскага войска.

Рамонт праводзіўся ў 1782-1790 гг. пробашчам касцёла Казімірам Нарбутам, для чаго першапачаткова было выдзелена 16 000 тынфаў, а потым яшчэ 1675 чырвонных злотых. Канчаткова касцёл быў адрамантаваны да 1792 г. Верагодна, тэхнічную экспертызу праводзілі архітэктары, прызначаныя біскупам Масальскім. У выніку рамонту былі разабраны дзве вежы, зроблены новы шчыт, верагодна, цалкам перароблены фасад касцёла. Таксама папраўленыя пілястры6 і ўсе вокны. Дах нанава пакрыты гонтай, сігнатурка7 над прэзбітэрыюмам пакрыта бляхай.

У 1794 г. значная частка касцельнага срэбра пайшла для падтрымкі паўстання, а касцёл быў яшчэ раз разрабаваны расейскім войскам.

Знакаміты віленскі гісторык, прафесар Іяхім Лелявель, у 1805 г. вандруючы праз Ліду, занатаваў: "Ліда - мураваны горад з драўлянымі сценамі8 . Тут ёсць толькі мураваныя касцёлы, з іх піярскі касцёл ужо 6 гадоў як накрыўся дахам і белым пакрыццём9 . Апрача гэтых двух з паловай касцёлаў10 ёсць яшчэ замак з чатырма высокімі сценамі, які сведчаць што Ліда была горадам літоўскіх князёў і мела здольнасць да абароны. Па рагах замка стаяць разваленыя вежы, з трох бакоў замка цячэ рака Лідзея11 , а за замкам - драўляная пустая царква [Уваскрэсення Гасподняга - Л. Л.]".


15 жніўня 1812 г. у фарным касцёле і горадзе прайшлі святочныя мерапрыемствы па святкаванні дня нараджэння Напалеона:

" […] У 10 гадзін раніцы падпрэфект Лідскага павета Ігнацы Скіндар, акружаны абывацелямі і мясцовымі службоўцамі розных ведамстваў, адправіўся з прэфектуры ў Фарны касцёл для прынясення самых гарачых малітваў Каралю Каралёў за цуд, створаны Яго творчай правіцай для нашай Радзімы.

Шматлікія дамы занялі ў касцёле пярэднія месцы, а натоўп простага народу напоўніў бакавыя прыдзелы. Па знаку, дадзеным гарматным стрэлам, у Касцёл увайшоў аддзел размешчанага ў горадзе 14 палка фузілераў і пашыхтаваўся пасярэдзіне касцёла ў два шэрагі. Прыгожы выгляд жаўнераў і іх пакорлівыя паводзіны перад алтаром Усявышняга расчулілі ўсіх прысутных, якія ўжо больш за дваццаць гадоў не бачылі свайго войска.

Пасярэдзіне храма быў усталяваны транспарант з вензелем Найусеміласцівага Імператара і Караля з подпісам пад вензелем: "Magne Cesar! Vive diu felix locuplexque omnium prosperitatum".

Пасля другога гарматнага стрэлу пачалася абедня, якую служыў, са шматлікім клірам, Станіслаў Нарбут, канонік Смаленскі і ён жа пробашч Косаўскі. Падчас набажэнства патрыятычную і адпаведную акалічнасцям прамову сказаў ксёндз Гаўлоўскі, прафесар мясцовай вучэльні піяраў.

Пасля дабраславення св. Дароў, пасля трэцяга гарматнага стрэлу, аддзел войска выйшаў з касцёла і пашыхтаваўся на могілках, дзе Вікенці Нарбут, канонік Інфлянцкі, пробашч і дэкан Лідскі, са шматлікім клірам праспявалі "Te Deum", пад бесперапынны салют з гармат і ручной агнястрэльнай зброі. Пасля Набажэнства ўсе прысутныя былі запрошаны на абед да падпрэфекта".

За першыя тры дзесяцігоддзі XIX ст. былі пабудаваны ўсе касцельныя пабудовы: шпіталь, могілкі, новая плябанія (1818 г.) і закончаны рамонты тынкоўкі, вокнаў, дзвярэй. У галоўным алтары ўстаноўлены абраз "Хрыстос, які падае пад крыжам".

У 1826 г. пажар знішчыў дах і вокны касцёла, згарэў таксама і шпіталь, страты былі вялікімі, бо яшчэ ў 1832 г. рамонт касцёла не быў закончаны. Пасля пажару, у 1828 г. дах касцёла пакрылі саломай.

На пачатку сакавіка 1832 г. у дадатак да павятовай у Лідзе была арганізавана і гарадская паліцыя, і ўжо 12 сакавіка 1832 г. выканавец абавязкаў Лідскага гараднічага падпалкоўнік Верашчак дзеля пакарання каталіцкага святарства за падтрымку паўстання, пачаў цяжбу з лідскімі касцёламі. З ніжэй прыведзеных дакументаў добра бачны фінансавы стан фарнага касцёла, упамінаюцца і расейскія вайсковыя рэквізіцыі. Лідскі гараднічы дакладваў Гарадзенскаму гцывільнаму губернатару Мураўёву рапартам "аб непрыстойных стане каталіцкіх цэркваў у г. Лідзе". Сярод іншага падпалкоўнік пісаў: "Настаяцелі тутэйшых манастыроў, маючы дастатковыя даходы на ўтрыманне малалікага духавенства, і хоць звыш гэтага, як я пацікавіўся, маюць яшчэ і ахвяраванні абывацеляў, складкі, ... але дагэтуль каталіцкія цэрквы ... без дахаў, агароджы і не атынкаваныя, таму 2 сакавіка я папярэдзіў настаяцеляў манастыроў, каб яны прынялі меры па прывядзенні ў належны выгляд ... асмельваюся спытаць Ваша правасхадзіцельства, ці магу я ў выпадку ўхілення змусіць мерамі паліцэйскімі да выканання ... прапановы". Гарадзенскі губернатар 29 сакавіка піша ў Віленскую кансісторыю і выкладае ёй патрабаванні гараднічага. 12 красавіка губернатар атрымлівае адказ, што "кансісторыя разам прадпісала Лідскаму дэкану ксяндзу Лінкіму абавязаць настаяцеляў тамтэйшых манастыроў да неадкладнага рамонту па меры магчымасці цэркваў, манастыроў і агароджаў, якія ім належаць, роўна, каб і фарны касцёл у ведамстве яго..., дэкана..., быў адрамантаваны ..., і пра тое Вашаму правасхадзіцельству маю гонар паведаміць". 14 чэрвеня 1832 г. кіраўнік Віленскай епархіі біскуп Андрэй Клангевіч піша Мураўёву: "Лідскай царквы настаяцель святар Лінкім рапартам данёс епархіяльнаму ўпраўленню, што тамтэйшы гараднічы дасланаю другі раз позваю, настойліва патрабуе, каб ён Лінкім на працягу аднаго тыдня пачаў рамантаваць згарэўшую ад пажару фарную царкву, шпіталь, мураваную агароджу і пагражае змусіць яго да таго ваеннай экзекуцыяй ... у разуменні чаго, ... настаяцель Лінкім тлумачыць, што два гады таму назад ён атрымаў у кіраванне сваю Лідскую плябанію даведзеную да галечы, таму быў вымушаны даваць фундушовым сялянам дапамогу і ... пабудаваць званіцу, млын і цагельны завод, прыгатаваць патрэбныя для пакрыцця царквы матэрыялы. Але ў мінулым 1831 г. з нагоды былога бунту і будучы заняты задавальненнем ваенных рэквізіцый, не мог прывесці ў дзеянне ... фабрыку, зімою ж па прычыне недахопу снегу і дрэннай дарогі меў вялікія перашкоды ў вывазе патрэбнага матэрыялу ... настаяцель Лінкін абавязуецца выправіць мураваныя і драўляныя агароджы і плот перад вуліцай і пафарбаваць плябанскі дом, калі хутка будзе добрае надвор'е, а ў будучыні ... заняцца рамонтам сваёй царквы".

Пасля скасавання ордэна піяраў у 1844 г. фарны касцёл прыняў ацалелы пры пажары піярскага кляштара звон.

У 1847 г. быў пабудаваны новы шпіталь для бедных, а ў 1856 г. адрамантаваны арганы.

У 1847 г. Ян Андрушкевіч ахвяраваў касцёлу абраз Божай Маці Вастрабрамскай напісаны вядомым жывапісцам Юзафам Азямблоўскім (1805-1878) на дубовай дошцы.

Ян Андрушкевіч не абмежаваўся гэтым абразом і ў 1853 г. ахвяраваў бронзавы пацыфікал з кавалачкам дрэва Святога Крыжа12, а ў 1877 г. падарыў невялікі абраз Маці Божай Чанстахоўскай. З мемуараў Януша Сегеня мы ведаем, што "па правым баку вуліцы Віленскай (сучасная Савецкая - Л. Л.) ... стаіць фарны касцёл, могілкі і фруктовы сад за ім пляцы і дамы п. Андрушкевіча...". Ян Андрушкевіч перад паўстаннем 1863 г. з'яўляўся бурмістрам горада. Вядомы лідскі мемуарыст Мірон-Браніслаў Нарбут паведамляў, што лідскі бургамістр - "чалавек праўдзівы, энергічны і разважлівы".

У 1850 г. аконныя праёмы сакрыстый былі зачынены жалезнымі кратамі.

У 1851 г. на сродкі Канстанцыі Быстрыцкай каля касцёла пабудаваны новы цагляны шпіталь-прытулак з 4 пакояў з трыма печамі. У 1856 г. быў адрамантаваны арган аб 10 галасах, з 3-ма мяхамі. А ў 1861 г. Станіслаў Вольскі ахвяраваў фарнаму касцёлу распяцце Хрыста, вырабленае віленскім разьбяром Зімабро.

З 1846 па 1866 г. пробашчам і дэканам лідскім быў Дыянісій (Дыянізі) Хлявінскі (1793-1870) - адзіны ксёндз філамат13.

Вялікі рамонт усяго касцёла праводзіўся ў 1861 г. У 1878 г. адноўлены франтон святыні. Чарговы рамонт зроблены ў 1886-92 гг.

Расейскі афіцэр В. Любарскі, які перад паўстаннем у 1862 г. служыў у Лідзе, у сваіх мемуарах пісаў пра тры лідскія касцёлы: "У Лідзе, якая налічвала ў той час дзве з невялікім тысячы жыхароў, былі тры велічэзныя мураваныя касцёлы выдатнай архітэктуры, якія высока і ганарліва ўздымалі да неба свае прыгожыя шпіцы. Адзін з іх стаяў пусты, за непатрэбнасцю, бо вернікаў на ўсе касцёлы бракавала". Пустымі стаялі два з трох: касцёл кляштара піяраў пасля пажару 1842 г. і касцёл кармеліцкага кляштара, зачынены пасля паўстання 1831 г. і перададзены спачатку ўніятам, а пасля ліквідацыі уніі, стаў праваслаўным.

Згодна з інвентарным вопісам Лідскага рымска-каталіцкага касцёла і бенефіцыі ад 29 траўня 1882 года, касцёл: "… без купалаў з франтонам і жалезным на версе крыжам. Над прэзбіторыем драўляны купалок з малым крыжыкам і невялікім звонам. Страха касцёла вельмі старая і цячэ, а франтон адрамантаваны ў 1878 г. і пакрыты жалезнаю бляхаю. Касцёл даўжынёю 15 сажняў і 5 вяршкоў, а шырынёю 7 сажняў 19 і ? вяршкоў. Насупраць прэзбісторыюма прыбудаваны дзве закрыстыі, у 1850 годзе ў іх вокны ўстаўлены жалезныя краты. Ад франтону праддзвер'е, дзверы з дзвюма форткамі. Хоры мураваныя, да іх лесвіца драўляная. Акон вялікіх 9, меншых 5, з якіх 2 у сакрысціях. Пры рамонце будынка касцёла ўзамен трухлявых, устаўлены новыя вокны. Арган на 10 галасоў, у 1856 годзе адрамантаваны, з трыма мяхамі. Пад хорамі размяшчаецца пахавальны пастамент у тры ступені, моцны з новай труной. Дзвярэй з надворку 3, на жалезных завесах навешаных. Дзверы ў закрыстыю з нутраным замком, унутры касцёла дзвярэй 6. Скляпенне мураванае. Падлога ў прэзбіторыюме і цераз сярэдзіну касцёла мармуровая, а па баках у 1847 годзе выкладзеная цаглінамі такой жа велічыні. Пад прэзбіторыюмам склеп, быўшыя ў ім целы мёртвых у 1846 годзе пахаваны ў зямлю. Амбон жалезны, у разеты вызалачаны, добрага аздаблення. Краты, што аддзяляюць прэзбіторыюм ад касцёла, на мармуровы колер, па баках дзве лаўкі пафарбаваныя ў сандалавы колер. Лавак у касцёле сасновых, чырвонага колеру па абодва бакі па 7, пастаўленых прыхаджанамі - 4. Фатэляў у прэзбіторыюме паліраваных, нанава шаўковай матэрыяй пакрытых, ахвяраваных у 1855 годзе п. п. Пашкоўскімі - 3, крэслаў з рызніцы старых - 2. Камоды са скрынкамі на складзе рыз з 2 шафкамі - 2, крыж з распяццем Хрыста - 1, люстэрка ў залочаных рамах - 1. Рукамыйнік з выяваю на версе Анёла Абярэжца, зроблены ў 1851 годзе кс. Хлявінскім. Другі камод з 6 скрынкамі, усё гэта памалявана малявідлам сандалавага колеру. Куфар вялікі для захоўвання бялізны ў 1846 годзе на зялёна пафарбаваны і куфар на складзе арнатаў (рызаў).


Вопіс алтароў

1. Алтар вялікі, мураваны на чатырох калонах, у 1861 годзе нанава памаляваны, пілястры ў касцёле і прэзбіторыюме пад мармуровы, падлога на блакітны колер памалёваная, калоны прэзбіторыюма на алебастравы колер і карнізы з пазалотаю аблезлаю. Паміж калонамі выява распяцця Ісуса Хрыста, створаная віленскім рэзчыкам Зімабро, ахвяраваная ў 1861 годзе Станіславам Вольскім. Уверсе над алтаром 4 анёлы гіпсавыя, па баках паміж калонамі статуі с в. Апосталаў Пятра і Паўла, а таксама Св. Казіміра і Сафіі.

2. Пры ўваходзе, па левай руцэ - алтар Маці Божай Вострабрамскай двухпавярховы і а дзвюх калонах, мураваны, памаляваны ў мармуровы колер, а калоны - у алябастравы колер. На першым паверсе абраз Божай Маці Вастрабрамскай, у 1847 годзе жывапісцам Азямблоўскім на дубовай дошцы маляваны і дваранінам Янам Андрушкевічам ахвяраваны, а на 2-м паверсе абраз Маці Божай Ружанцовай ў срэбнай рызе (у срэбным акладзе).

3. На правую руку алтар мураваны, на падабенства алтара Божай Маці Вастрабрамскай, св. Язэпа ў пазалочаных рамах, намаляваны жывапісцам Мікульскім і ў 1853 годзе ахвяраваны ксяндзом Хлявінскім. На 2 паверсе абраз Маці Божай Шкаплернай.

4. Алтар драўляны блакітнага колеру, перамалёваны ў 1874 годзе на белы колер, калоны разныя, вызалочаныя, у ім абраз св. Станіслава, біскупа, намаляваны Мірскім, ахвяраваны ў 1856 годзе кс. Хлявінскім.

5. На калоне п'едэстал і прыступкі драўляныя, абраз св. Казіміра ў пазалочаных рамах, намаляваны Мірскім ахвяраваны ў 1855 годзе кс. Хлявінскім.

6. На супрацьлеглай калоне алтар св. Тэклі ў пазалочаных рамах з п'едэсталам і мураванымі прыступкамі.

7. Алтар св. Антонія на бела намаляваны ў 1874 годзе невядома кім маляваны аднолькавага абсталявання з алтаром пад № 4.

На ўсіх алтарах знаходзяцца кансекраваныя каменні з мошчамі святых і каноны ў пераплётах за шклом".


Пасля Хлявінскага лідскімі дэканамі і пробашчамі фары былі Браніслаў Карповіч (1869-71), Каз'янін (1878), Шмігера (1879-82), Шумоўскі (з 25 мая 1882), Юзаф Сянкевіч (1894-1904). У 1906-1909 гг. пры пробашчы Юзафу Шкопу адноўлена тынкоўка, насценныя малюнкі, алтары.

У 1960-х гадах разабрана агароджа касцёла разам з брамай, што выклікала моцныя хваляванні сярод парафіян, але іхнія намаганні ўратаваць каштоўны гістарычны помнік у цэласці былі марнымі.

Старажытныя рыма-каталіцкія могілкі каля касцёла

Пад прэзбітэрыюмам фарнага касцёла, у яго скляпеннях былі падрыхтаваны месцы для пахаванняў больш заможных парафіянаў. Тэадора Манчунская - дачка нашага знакамітага гісторыка Тэадора Нарбута, згадвала цікавы эпізод з юнацтва свайго бацькі ў Лідзе: "Ліда запомнілася яму як наша павятовае мястэчка - […] гэты горад займаў сваё месца ў гісторыі нашай сям'і, бо там стаіць касцёл фундацыі Нарбутаў14 . Калі бацька быў малады, ён прыходзіў у госці да ксяндза-апата Нарбута15 . Ксёндз любіў паразмаўляць, а людзі шмат казалі пра яго грошы [...]. Засталася ў маёй памяці гісторыя, якую бацька расказваў пра Ліду: "Пасля смерці ксяндза-апата, усе казалі, што ён недзе закапаў бочкі з золатам, і таму яго маладыя пляменнікі, між імі і я, шукалі бочкі па схованках". Тэадор спыніўся на думцы, што скарб можа быць схаваны ў склепе пад касцёлам. Быў парушаны апошні прытулак памерлых, і адзін з нябожчыкаў, пругкі і лёгкі, скочыў Тэадору на грудзі. "У мяне перахапіла дух", - казаў бацька, але потым, агледзеўшыся, ён зразумеў, што "высахшы, як трэска нябожчык, вельмі лёгкі і цвёрды, паўстаў перада мной, як струна, калі я наступіў на яго стапу". Аказалася, што тутэйшае паветра і сухая зямля ўтрымлівае ўсе целы нябожчыкаў у падобным стане. Гэтым здарэннем закончыліся пошукі. Золата не знайшлі, ... але страху нацярпеліся. Дух апата вартаваў сваё золата і не жадаў, каб нехта са сваякоў яго знайшоў".

У 1846 г. парэшткі памерлых з гэтага склепа былі перапахаваны ў зямлю, на старых гарадскіх могілках.

Касцёл агароджвала мураваная сцяна, знутры якой знаходзіліся могілкі для простых парафіян. У візітацыі 1777 г. пра гэтыя могілкі пісалі так: "Могілкі каля касцёла цалкам агароджаны мурам, прасторныя. Ад вуліцы агароджа пабудавана за кошт ягамосцяў фундатараў, астатнія муры - коштам ксяндза-пробашча. Пабудова мура цалкам не закончаная, не дабудавана палова стаі16. На заканчэнне агароджы ўжо назапашана цэгла, і вясной будоўля можа быць закончана. Брама з могілак на вуліцу крытая бляхай, пабудаваная ягамосцямі фундатарамі. Дзверы ў браме на жалезных завесах, ушчыльненне дзвярэй упала, бо было без жалезных цвікоў. У браме двое малых дзвярэй на завесах, з клямкамі і зашчапкамі. Ад бабінца17 праз браму ажно да вуліцы намаганнямі ... пробашча дарога забрукавана".

На гэтых могілках у 1794 г. былі пахаваныя паўстанцы Тадэвуша Касцюшкі - пра гэта меўся запіс у метрычных актах Лідскага касцёла за 1794 г., Міхал Шымялевіч пісаў: "Усе забітыя падчас аблогі рускімі войскамі г. Ліды пахаваны ў горадзе ў межах касцельнай агароджы".

Дэканка

Гэтак звалася мясцовасць з лугамі і ставамі паміж фарным касцёлам і рэчкай Лідзейкай. Тут жылі лідскія дэканы і адсюль назва, якой шырока карысталіся яшчэ ў 1950-60-я гг., да пабудовы тут дзіцячага садка і гасцініцы. У гэтай мясцовасці маецца і больш старажытная назва, якая захоўвалася амаль пяць стагоддзяў, - Тахтамышаў двор.

Справа ў тым, што ў 1397-98 гг., падчас княжання Вітаўта, у адмысловым доме ці ў вялікай юрце на беразе Лідзейкі ў раёне нашага горада, які потым назавуць Дэканкай, са сваімі жонкамі, дзецьмі і дружынай жыў былы хан Залатой Арды Тахтамыш.

Многія татарскія феадалы прызнавалі Тахтамыша ханам у выгнанні. Вялікі князь Вітаўт разлічваў вярнуць Тахтамышу рэальную ўладу ў Залатой Ардзе і ўзамен атрымаць ад яго ярлык на Вялікае княства Уладзімірскае з цэнтрам у Маскве, якое заставалася васалам Арды. Аднак у бітве на Ворскле (1399 г.) войскі Вітаўта ў складзе якіх знаходзілася і дружына Тахтамыша, былі разбіты. Тахтамыш уцёк у Сібір, дзе быў забіты ханам Шадыбекам.

Наша славутая паэтка Данута Бічэль пісала:


Пералётны хан Тахтамыш

начаваў пад мурамі, як мыш.

Тут хапала ўсяго яго войску,

але Вітаўт павёў іх

на Ворсклу…


Дадам трошкі ўспамінаў пра ўжо забыты раён Ліды Дэканку.

Яўгенія Ярмант пісала: "Па суседстве з замкам размяшчаліся вялікія будынкі грамадскага прызначэння. Недалёка ад руін замка стаяў велізарны белы касцёл. Ад вуліцы яго адгароджвала доўгая белая сцяна. За касцёлам раскінуліся Дэканка - луг і сажалкі, куды мы зімой хадзілі катацца на каньках. ... Лідзейка не замярзала нават у самыя суровыя зімы. Для катання на каньках мы выкарыстоўвалі... вялікія сажалкі, якія знаходзіліся на Дэканцы, куды мы мелі доступ без усялякіх абмежаванняў. Для дарослых і тых, хто мог добра катацца на каньках, меўся каток унутры замкавых сцен".

Лідзянін Зіновій Бянько расказваў мне: "У годзе 1943 ці 44-м мы сядзелі тут, каля мураванага плоту касцёла. Якраз перад касцёлам праязджаў нямецкі вайсковы грузавік. А з намі быў адзін больш дарослы хлопец. Ён свіснуў і паказаў немцам на колы - як быццам з машынай нешта здарылася. Шафёр спыніў аўтамабіль, абышоў яго, а мы як ірванулі ў Дэканку... немцы стаялі каля машыны і смяяліся".

Ларыса Канчэўская ўспамінала: "...назву (Дэканка) не тое што помнілі, а яна была агульнаўжывальнай для карэнных жыхароў. Калі мы прыехалі ў Ліду ў 1954 г... я акунулася ў асяроддзе мясцовых жыхароў... і мы пасяліліся ў самым апошнім доміку справа на вуліцы Калініна ў г. Лідзе. Домік быў невялікі, ахайны, з садком і агародам. Гаспадарамі былі цётка Марыся і дзядзька Саша Тарашчук. ... Ад яе я пачула назву Дэканка. Яна, калі казала гэтае слова, паказвала ў бок, дзе цякла рэчка. І я была ўпэўнена, што ў горадзе ёсць яшчэ адна рэчка - Дэканка. Пазней я зразумела, што так называецца месца побач з галоўным касцёлам, дзе здаўна жылі ксяндзы, а частка зямлі належала Лідскаму дэканату...

За фарным касцёлам плёскалася маляўнічае возера, усё ў зеляніне. На яго беразе ў садзе стаяў стары вялікі драўляны дом, дзе жылі нашы настаўнікі: Аляксандра Мікалаеўна Сасноўская, настаўніца геаграфіі, з мужам Робертам Юр'евічам, падпольшчыкам, партызанам, і дачкой Геняй. Мы часта бывалі ў іх, рыхтуючыся да паходаў, спявалі песні з самім Сасноўскім, добрым, вельмі сціплым чалавекам. Тут жа была кватэра нашага настаўніка фізкультуры Георгія Фёдаравіча Бурака і яго жонкі Аляксандры Аляксандраўны, выкладчыцы беларускай мовы, паэткі.

Паколькі возера было праз дарогу ад нашай школы № 8 (тут цяпер музычны каледж), мы бегалі на вялікіх перапынках купацца, калі верасень або май былі цёплымі. Я ніколі не страчвала такой магчымасці. Але глыбока не заходзіла. Гэтыя вар'яты хлапчукі маглі прымусіць насёрбацца вады з глеем! Там такое тварылася! Вярталіся мы на ўрок з мокрымі галовамі, спехам нацягваючы школьную форму на мокрыя целы, майку і трусікі. Галоўнае было высушыць коскі да прыходу дадому, інакш "лупцоўкі" не пазбегнуць. Але задавальненне пакрывала ўсе ангіны, атыты, бранхіты, лішаі і ўсякую іншую хваробу".

4 Прэзбітэрый ці прэзбітэрыюм - ("месца для выбраных", ад старагрэчаскага "сход святароў") частка каталіцкага храма між асноўным аб'ёмам і алтарнай апсідай, прызначаная для царкоўнага кліру.

5 Профільны пояс, карніз.

6 Пілястра - плоскі вертыкальны прамавугольны ў плане выступ на сцяне або слупе.

7 Сігнатурка - невялікая вежачка (звычайна са звонам), якая звычайна ўзвышаецца над прэзбітэрыем.

8 Гэта метафара Лялявеля кажа пра наяўнасць мураванага замка з касцёламі ў цалкам драўляным горадзе.

9 Верагодна маецца на ўвазе белы тынк.

10 Касцёлы: фарны, кармеліцкі і трэці, недабудаваны, піярскі - адсюль "два з паловай касцёлы".

11 Насамрэч рэкі Лідзейка і Каменка.

12 Пацыфікал - слова паходзіць з лацінскай мовы і азначае "чыніць супакой". Гэты літургічны прадмет прыйшоў на змену пацалунку супакою, што перадаваўся падчас св. Імшы духавенствам. Ён меў выгляд таблічкі з падстаўкай, якую давалі цалаваць вернікам. З ХІІІ ст. пацыфікалы набылі форму шчыта, крыжа або манстранцыі (дараносіцы), і ў іх пачалі захоўваць рэліквіі. Як і раней, пацыфікал даюць вернікам для пацалунку ў асабліва ўрачыстыя моманты, а таксама выкарыстоўваюць у цырымоніі прывітання біскупаў.

13 Пра яго гл: Лаўрэш Леанід. Ксёндз Дзіянісій Хлявінскі, філамат // Навагрудчына ў гістарычна-культурнай спадчыне Еўропы (да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы). 2010. С. 172-175; Лаўрэш Леанід. Лідскі дэкан - філамат, ксёндз Дзіянісі Хлявінскі // Лідскі Летапісец. 2018. № 3(83). С. 7-10.

14 Маецца на ўвазе касцёл кармелітаў.

15 Даніэль Казімір Нарбут (?1738 - 1807) з 1783 па 1801 г. быў лідскім дэканам і пробашчам, у 1801 г. гэтую пасаду заняў кс. Вінцэнты Нарбут. Бацька Даніэля Казіміра Нарбута - Казімір Нарбут быў прадзедам Тэадора Нарбута, а дзед Тэадора Ігнацы - родным братам Даніэля Казіміра Нарбута, такім чынам Тэадор быў яго ўнучатым пляменнікам.

16 Стая (staja, staje) - мера даўжыні, найчасцей каля 200 м.

17 Бабінец - пярэдняя частка культавага збудавання, прызначаная для жанчын, з'яўляўся часткаю асноўнага аб'ёму пад хорамі. Часам бабінцам называлі прыбудову да храма з боку галоўнага фасада.

Шчодрая куцця, "Святое Васілле" - прыгожы чароўны час...

Апошнія калядныя сустрэчы, карагоды, гульні і забавы...

Добрая шчодрая вечарына для жыхароў Ліды, сяброў, гасцей, калег.

С пажаданнем радасці, здароўя, дабрабыту і шчасця выступаў народны фальклорны гурт "Талер", вакальны ансамбль "Смерычка", калядаваў Філіял Дзяржаўнай установы "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" "Ганчарскі Дом культуры".

ТК "Культура Лідчыны".

У Вільні і літоўскіх дварах, успаміны 1815 - 1843 гадоў*

Габрыэля Пузыня


(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)


У сваім тастаманце, напісаным з перапынкамі за некалькі дзён да смерці, ён распарадзіўся сваёй сціплай рухомасцю і грашыма, літаграфіі пакінуў слузе і роднай сястры. Нам на памяць падараваў некалькі гравюр, а альбом з малюнкамі Матыня купіла ў слугі. У канцы свайго тастаманту ён з любоўю сына і брата развітаўся з намі і падзякаваў за дзесяць гадоў клопатаў пра яго. Прасіў, каб пахавалі не ў фраку, а ў старым адзенні, у тым, што меў ад нас. "Калі ласка, пабяліце мой пакой, каб ніхто пасля мяне не падхапіў маю хваробу і каб пакой быў такім жа чыстым, якім я яго заўсёды знаходзіў, калі вяртаўся пасля доўгай адсутнасці", - дадаў ён у канцы.

Доўга-доўга сціскалася маё сэрца, калі я праходзіла каля дзвярэй гэтага ўжо пустога і ціхага пакоя і адчувала ў сэрцы вялікую пустэчу!

Першымі шчаслівымі хвілінамі пасля гэтай страты мы абавязаны сям'і Шумскіх-Мірскіх. Першымі завітала сям'я Юзафа Шумскага з сястрой Басяй, з Марылькай і яе настаўніцай, паннай Фок. Услед за імі прыехалі Станіслаў Шумскі і Напалеон Мірскі. Пані Мірская (маці) год ужо як не жыла, а пані Анеля стала паняй Сандэрсавай.


Аднойчы падчас верхавой язды конь Іды хацеў скінуць яе, але сястра сама першай саскочыла на зямлю.

Трэба сказаць, што ў той самы дзень, калі Шарль скінуў Іду з сядла, у Цёпліцы здарыўся жудасны выпадак з нашай любімай Вандай Шуазель. Яна была на водах разам з сястрой Ідаліяй. У апошніх лістах падрабязна апісвала сваё знаходжанне ў бацькі ў Юзафаве і свята з ілюмінацыямі на вадзе, якое ёй зладзілі і запрасілі ўсіх суседзяў. Гэта быў яе апошні ліст. У Цёпліцы сустрэла англічаніна, які меў прыгожага неаб'езджанага каня. Пані Ванда пажадала паказаць адвагу польскіх жанчын і настаяла на тым, каб пракаціцца на гэтым кані. Пасля доўгага супраціву, англічанін пагадзіўся прывесці ёй свайго вар'ята. Каню завязалі вочы і бясстрашная сарматка села на яго. Але павязка на вачах развязалася, і конь паляцеў як страла з цецівы! Колькі магла за сястрой бегла напалоханая Ідалія, але конь нёс усё далей і далей, абмінаючы кузню, Ванда ўпала, а яе нага засталася ў стрэмені. Конь доўга цягнуў яе, і калі яго злавілі, бедная Ванда была ўжо мёртвай! Доктар сказаў, што кроў заліла яе сэрца да таго, як яна ўпала. Знайшлі крыжык, уціснуты ў цела, апранута ж яна была ў чужы і цесны касцюм амазонкі, бо кравец не паспеў пашыць свой, а яна ўпарта спяшалася. Сумна вярнулася ў край сястра без сястры, сумнымі былі тры сіраты, пакінутыя яшчэ маладымі бацькамі, але яшчэ больш сумным быў выгляд старога бацькі, на якога не ўздзейнічала нават жалоба дачкі і ўнучак, бо ён нічога не бачыў і не чуў. У жылах старога цякла вогненная кроў жаўнера 1812 і 1831 года, гэты высакародны шляхціц за даўгі без жалю аддаў свой вялікі маёнтак пад эксдывізію, і пра яго больш ніхто не чуў, гэты муж, чые дзве жонкі былі яшчэ жывымі і аніводная з іх не памятала яго, гэты бацька, які не мог убачыць каля сябе дачку і хто ведае, можа і маўчаў ад смутку, бо, магчыма, адчуваў сваю бяду? Белая, як малако, і доўгая да паса барада, якую ён прывёз з выгнання 1831 года, упрыгожвала прыгожы калісьці ў маладосці твар. А бедная Ідалія стала толькі ценем самой сябе! Штодзённыя слёзы па бацьку і сястры, змывалі прыгажосць шчаслівых дзён!


Але ўжо мінула лета, і мы ведаем, якія зімовыя ўспаміны пакідае Вільня. Позна цікавіцца, трэба было раней гадаць, ці хутчэй падслухаць адказы на звычайныя пытанні, бо штодня, усё больш белая дарога адкрывала мне, куды на шпацыр хадзілі сёстры. А хто ж не ведае, аб чым пытаецца сэрца і галава на дваццатым годзе жыцця?


Бо гэтая варажбітка

Раскажа нам пра тысячу рэчаў,

Хоць праз хвіліну ўсё аспрэчыць,

Я рада даведацца новые!

Ці будзе надвор'е з ранку?

Скажы мне, белы прарок,

Ці буду калісьці каханай?

Пыталася я на пятнаццатым годзе.

Вакол мяне лісце, як снег,

Адлятаюць штохвілінна,

А час, няспынны ў бегу,

Таксама забірае гады.

1838 год

Зіма ў Дабраўлянах абяцала быць ціхай і глухой. Сям'я Маўрыцыя паехала ў Варшаву на карнавал, дзе іх чакала бабуля, шчаслівая сустрэчай з любімай унучкай.

Лісты Матыні з Варшавы з жывым энтузіязмам апісвалі ўражанні ад салонаў, прадстаўленняў панны Тальёні і былі для нас своеасаблівымі гатункам парыжскіх газет з артыкуламі Жуля Жанена пра тэатр, літаратуру, Бальзака і грамадства. Модны свет з усёй яго чароўнай навізной паўставаў перад намі, бо на балях князя Даўгарукага мы хоць і асвоілі манеры, адпаведныя мэблі Гамса, на якой больш напаўляжалі, чым сядзелі, аднак Варшава ўсё ж валодала на некалькі ступеняў больш высокім духам свайго часу ці, хутчэй, узроўнем матэрыяльнага жыцця. Першы раўт у дзядзькі Касакоўскага ў лісце Матыні выглядаў як не толькі каляровая, але і гумаваная (на гуме) літаграфія Дэверы. У лістах мы як быццам бачылі першых дам Варшавы: княгіню Радзівіл (жонку Міхала), княгіню Ябланоўскую, графіню Патоцкую (жонку Францішка), Жышчэўскую, пані Старжынскую з Мастоўскіх і г. д., з локанамі a la Sevigne, у карсэтах, як у мадам Дзюбары і Пампадур, якія, як манерныя красуні ў гатэлі Рамбуе, адпачываюць у "эсах" (канапа ў форме літары "S" - Л. Л.) і на кушэтках, ці выгінаюцца і нахіляюцца ў нізкіх крэслах у стылі ракако, ці наадварот, у высокіх гатычных канфесіяналах, з-пад веераў слухаюць кавалераў, якія нахіліліся да іх. Тым, хто глядзеў на гэта, быццам з закратаванай ложы ці з мамінай спальні, усё здавалася модным і цікавым як у часопісах. Вось мы бачым грэчаскі профіль такой маладой пані Ізабелы Стажынскай з Мастоўскіх, рубенсаўскую прыгажуню, велічную Калергіс з Несяльродэ25, маладзенькая Стэфанія Малахоўская і гожая графіня Патоцкая, заўсёды поўная годнасці побач са сваім хворым мужам Францішкам і г. д. Гэтыя лісты былі нашым адзіным суцяшэннем і адпачынкам, апраўдвалі доўгае чаканне, сустракаліся радаснымі воклічамі і чыталіся з перапынкамі і каментарыямі.

Разам з гэтымі цікавымі лістамі меліся і больш сціплыя весткі з Вільні ад галоўнага карэспандэнта майго таты, пана Рудаміны, чые напісаныя пэндзлікам лісты, перадавалі ў стылі "Кур'ера" навіны Еўропы і навіны з бруку (Віленскія). Узімку 1838 года ён апісваў для нас адну падзею за другой: шлюб князя Леана Сапегі (Лолы) з графіняй Янай Тышкевічоўнай, смерць шляхетнага пана падкаморага Пятра Швыйкоўскага, пачатак следства і суда супраць эмісара Шымана Канарскага26, схопленага ў выніку здрады Вендзягольскага.

На чале гэтай камісіі, якая з кожным днём павялічвала колькасць ахвяр і кляштары ператварала ў дзяржаўныя вязніцы, стаяў агідны князь Трубяцкі. Яго твар быў заліты крывёй, яго неспакойныя, тыгрыныя вочы, шукалі новую здабычу і ахвяр, было бачна адразу, кім ёсць гэты прагны да крыві і крыўды чалавек. Цынічна называў сваёй сястрой бізун і сам лупцаваў нашых няшчасных братоў27.


Вось так дачакаліся мы вясны і вяртання нашых падарожнікаў, якіх сустрэлі ў Вільні ў доме Мюлера, дзе заўсёды гатовы дапамагчы пан Букша зняў для нас кватэру. Радасны дзень, поўны расказаў і сустрэч, скончыўся балем у палацы. Мы прыехалі 21 красавіка, Матыня збіралася на баль у Варшаўскіх строях і нам прывезла прыгожыя рэчы, мама адмовілася ад балю і загадала нам апрануць набытыя раней белыя сукенкі з крэпу (падрыхтаваныя для раней адмененага імператарскага балю). А адзінаццатай гадзіне вечара мы ўжо ўваходзілі ў асветленую залу палаца. У бледнай даме з локанамі, якая падала мне руку, калі мы абміналі пары кантрданса, я з цяжкасцю пазнала Марыю Лапацінскую, якая два гады таму пакінула Вільню сарамлівай маладой паненкай, а сёння выглядала, як гераіня Бальзака. Сярод знаёмых і незнаёмых постацяў, вылучаліся тры прыгажуні: княгіня Барацінская з дочкамі Марыяй Барацінскай і Леанілай Вітгенштэйн28. Маці з бюстам Юноны, у чорным аксамітным капялюшыку, усыпаным буйнымі дыяментамі, мела на руцэ партрэт імператрыцы. Цёмнавалосая брунетка княгіня Леаніла, якую пан Рудаміна назваў Хільдай, апраўдвала гэтае імя незвычайнай прыгажосцю напаўзаплюшчаных чорных вачэй з-пад чубчыка. Княжна Марыя з белымі плячыма і па грэцкі завітымі светла-русымі валасамі, была падобная на самы чысты тып рымскіх дзеў. На плячах абедзвюх сясцёр ззялі дыяментавыя знакі імянінніцы, царыцы Аляксандры. На вячэру гэтыя дамы селі за галоўны стол і, калі княжна Марыя пазнаёмілася з маёй сястрой Бучынскай, дык настойліва запрасіла яе сесці разам з сабой. З другога боку села пані Д. Аднак хутка яна адчула чорны позірк гаспадара, які паклікаў ад'ютанта Шадурскага і прашаптаў яму некалькі слоў. Шадурскі, хоць і неахвотна, але падышоў да пані Д. і перадаў ёй загад. Напачатку збянтэжаная, жанчына ўстала і, узяўшы пад руку пана Шадурскага, перайшла за другі стол. Княжна Марыя заўважыла гэты манеўр і спытала ў маёй сястры: "Чаму гэта дама не заслугоўвае добрага месца?"

Аднак пані Д. заслугоўвала падобнага афронту, бо з'явілася на баль без запрашэння, Шадурскі запрасіў яе толькі вусна. Сатрап, які ўсім падаваў прыклад усяго дрэннага, не павінен быў паказваць сябе такім суровым у адносінах да тых, хто аддана яму служыў. Ягоныя выбрыкі мелі моц незваротных прысудаў. Не раз ён выкрэсліваў са спісу запрошаных высакародных дам і маладых паненак толькі з-за таго, што яны не мелі прыгожых убораў і "псавалі баль". Ці ледзь пачатая мазурка мусіла закончыцца па волі сатрапа, на настрой якога ўплываў ласкавы ці пагрозлівы позірк яго Раксаланы з-пад пунсовага цюрбана. І грамадства мусіла ўсё адразу сыходзіць, не чакаючы ні карэт, ні футраў. Такім быў "пан Вільні", і такім было яго дзесяцігадовае панаванне!


Мой тата з-за сваіх абавязкаў прэзідэнта "Дабрачыннасці" клапаціўся пра канцэрт на карысць бедных. У праграму канцэрту ўваходзілі спевы прыгожай пані Меяс, якая другі раз наведвала Вільню. Але галоўнай аздобай канцэрту павінна была стаць уверцюра з "Семіраміды" для васьмі фартэпіяна і трыццаці двух рук ці ручак… Лягчэй было гэта абвясціць і ўявіць, чым выканаць, асабліва беднаму антрэпрэнёру, які паўсюдна запрашаў аматараў і артыстаў, прасіў маці, дзякаваў дочкам, рабіў кампліменты таленавітым, шукаў фартэпіяна, атрымліваў адмовы ці згоды. Трэба было чуць расказы самога героя пра гэтую Адысею. Бедны тата раззлаваўся і стаміўся, ён меў толькі адзіную палёгку і суцяшэнне, калі расказваў гумарыстычныя гісторыі і гэтым смяшыў нас і нашых гасцей, якія збіраліся на вячэрнюю гарбату. І калі нарэшце пасля столькі перашкод восем здабытых фартэпіяна былі расстаўлены на эстрадзе і настроены Пястановічам на адзін тон, а потым ажылі пад ручкамі паняў Дэструнг-Хлапіцкай і Памарніцкай, паннаў Валавічоўны, Марыі Чапскай, Макрыцкай і г. д., эфект ад спалучэння васьмі інструментаў не адпавядаў ні старанню антрэпрэнёра, ні чаканню публікі, ні працы выканаўцаў - у сто разоў большае ўражанне зрабіла б адно фартэпіяна пад умелымі рукамі, чым тыя восем, злітыя ў манатонныя акорды пад сташасцюдзесяццю пальцамі, якія рабскі сачылі за тактам.

Другім відовішчам дзеля дабрачыннасці быў тэатр, у якім пані Меяс выконвала ролю Разіны. І хоць для іспанкі была занадта францужанкай, яна ўсё яшчэ стаіць перад маімі вачыма ў ружовай сукенцы з чорнымі каронамі і перадае цераз плячо запіску для Фігара (Шмідкофа).

Прыезд у Вільню скрыпача Караля Ліпінскага супаў са смерцю Андрэя Снядэцкага. У памяці гэтыя падзеі засталіся неаддзельнымі адна ад другой, бо артыст ужо абвясціў свой выступ афішамі але адмяніў канцэрт у дзень пахавання заслужанага мужа не таму, што баяўся граць перад пустой залай, а каб далучыцца да агульнага жалю гараджан. Замест добрага канцэрту, Вільня ў той самы дзень пачула казанне выключнага прапаведніка ксяндза Трункоўскага, які пачаў сваю пахавальную прамову словамі: "Вось чалавек …". Моладзь, у тым ліку і рэшта студэнтаў-медыкаў, слухала прамову і не знайшла ў гэтых словах нічога празмернага, хутчэй яны знайшлі ў іх сваё апраўданне, бо прапаведнік, паказваючы на моладзь, назваў яе сапраўднымі дзецьмі памерлага і сказаў, што толькі ў іх ён і можа адрадзіцца!

А праз два дні зал ратушы літаральна не змог змясціць усіх, хто хацеў паслухаць Караля Ліпінскага, бо траціна не магла купіць білеты, яго канцэрт дагэтуль гучыць у душах слухачоў. Шмат хто з іх тады зразумеў, што такое сапраўдная музыка і сапраўдны талент. Праз некалькі дзён артыста выклікалі да Даўгарукава, дзе ён цешыў гасцей сваім мастацтвам і стаў прэлюдыяй да мазуркі і вальсаў, якія пачаліся пасля прыгожых санат. Гаспадар хацеў аддзячыць музыканта за такі прыемны вечар і на наступны дзень даслаў яму залатую табакерку з уласнаручнай запіскай. Паколькі артыстам не бракуе залатых табакерак, Ліпінскі папрасіў у Фіярэнціні (ювеліра) памяняць яе на гатоўку, але той не мог гэтага зрабіць, бо табакерка не была аплачана князем…


Пані Лапацінская адразу пасля аматарскага канцэрту, у якім удзельнічаў яе сын і дачка, пераехала ў вёску Кайраны і на другі дзень Зялёных Свят запрасіла да сябе ўсю Вільню. Чакаў мяне там вельмі мілы сюрпрыз: у той момант, калі наша карэта аліўкавага колеру пад'ехала да ганка вясковага дома, сярод натоўпу ля дзвярэй нас сустрэў Антоні Эдвард Адынец, які нядаўна вярнуўся з Дрэздана (з жонкай і дачушкай Антосяй), і працягнуўшы да мяне рукі, сказаў з сардэчнасцю ліцвіна: "Які гэта ўзлёт - ад дзіцячых казак да "Абыякавасці"!". Ён чытаў мае вершы ў Парыжы, не ведаю праз каго яны туды патрапілі, але гэтак пачаліся нашы сяброўска-літаратурныя стасункі.


Маёнтак Кайраны за дзесяць вёрст ад Вільні, у цалкам ідылічным месцы пасярод гаёў, упрыгожаны садам з фантанамі, не меў іншага жылля, акрамя некалькіх нізкіх дамкоў, унутры якіх госць бачыў шарм, густ і элегантнасць. Танцавалі ў нізкай зале са сценамі, размаляванымі пад готыку, зала стала належнай, хоць і малой аправай для прыгожых дам Барацінскіх і Вітгенштэйн. Вяртанне дадому на ўсходзе сонца цалкам паэтызавала той дзень, які пачаўся з сустрэчы з Адынцом. Паэт неаднаразова наведваў нас і заўсёды ласкава цікавіўся тым, што я пішу. Бацькі загадалі мне паказаць яму "Паэму пра Дабраўляны". Паэт ахвяраваўся прадэкламаваць яе і ўзняў мой слабы верш сваёй моцнай дэкламацыяй. Нехта прапанаваў прачытаць чацвёртую песню пра зіму з апісаннем Свянцянскага павета. Мне падабалася частка пра "галаву дзіка, які быў панам лесу" і, калі паэт набліжаўся да гэтай фатальнай часткі паэмы, я выслізнула з пакоя. На маё няшчасце, мяне паклікалі для нейкай справы. Я думала, што чытанне ўжо скончылася … але, о нябёсы! Нястомны Адынец працягваў ціха чытаць ля акна і дайшоўшы да часткі пра дзіка, пырснуў ад смеху ("odyniec" - дзік-адзіночка - Л. Л.), а потым падышоў да мяне і выказаў падзяку за тое, што зрабіла яго панам лесу… Шмат смяяліся з гэтага.

Сям'я Паўла Сапегі вярнулася ў Вільню і на гэта раз прывезла з сабой сваячку з Падолля Марыю Тышкевічоўну, пляменніцу слыннага рефэрандарыя29. Пунктуальнасць рефэрандарыя была вядома ўсяму краю. Калі б можна было выкарыстаць гэтую яго перабольшаную рысу замест грошай, дык капіталу хапіла б на выплату дзясятка даўгоў менш акуратных асоб.

Расказвалі, што пакідаючы краіну, рефэрандарый запланаваў сваё вяртанне дадому праз тры гады з дакладнасцю да хвіліны і загадаў чакаць сябе з падрыхтаваным абедам. Вярнуўшыся напярэдадні тэрміна, ён пераначаваў у карчме і з'явіўся ў вызначаны час. Гасцінны гаспадар, ён рады быў хоць цэлы год трымаць у сябе сваякоў і сяброў, але пра ўсё дамаўляўся ў першы дзень іхняга прыезду і, калі надыходзіў прызначаны дзень, ні маланка, ні хвароба не вызвалялі госця ад слова - мусіў з'ехаць! Аднойчы, калі хворае дзіця яго сястры затрымала ад'езд на тыдзень, ён не мог схаваць свайго незадавальнення. Калі дзіцё ачуняла, не даў даесці абед, бо баяўся, што прадоўжыцца побыт у гасцях. Панна Марыя не была дзівачкай, як яе дзядзька, але мела буйныя, значныя рысы твару, вялікія блакітныя вочы і свой добры досціп яна ўвесь час адточвала ў размовах з князем Паўлам. Насіла локаны. Сёння яна пані Лампіцкая і з 1840 года не бывала ў Вільні.


Памяць выклікае яшчэ некалькі вобразаў той вясны:

1. Абед у генерала Касакоўскага з мэтай агледзець яго асабісты музей. Сабралася каля дзясятка чалавек: сям'я Міхалоўскіх з Варшавы, Бруноф, Сен-Клеры і іншыя. Стол накрылі ў пакоі, сцены якога былі ўпрыгожаны габеленам з выявай выкрадання Еўропы. Мы агледзелі каштоўнасці музея генерала, а менавіта: мундзір Вялікага імператара і правадыра (Напалеона - Л. Л.), рукапісы і рукадзелле мадам дэ Жанліс, адно з іх генерал падараваў маёй маці30.

Не раскідваўся падарункамі, але любіў час ад часу падарыць што-небудзь дамам, і яго хрэсніца Матыня штогод атрымлівала нейкі падарунак: ці скрынку з узорамі камянёў на урок мінералогіі, ці нейкі выраб самаедаў, ці нажніцы дзіўнай формы. Пачуўшы пра любоў майго швагра да птушак, адзін раз падараваў яму шпака, які павінен быў прыгожа спяваць. Прайшло некалькі дзён але ніхто не пачуў яго голасу. "Ці спявае мой шпак?" - пытаўся генерал на кожнай сустрэчы і, калі яму адказвалі, што не спявае, тлумачыў гэта ўпартае маўчанне зменай месца. Трэба ж, каб пан Бруноф прыйшоў да майго швагра, убачыў шпака і выдаў таямніцу, чаму гэтая птушка ніколі не заспявае. "Чаму б яму і не заспяваць?", падумала хрэсніца генерала, бо нічога не ведала пра шпакоў і на пытанне генерала адказала: "Так! Прыгожа спявае! Будзіць нас кожную раніцу!"… "Не можа быць!" - усклікнуў здзіўлены генерал.

2. Другая карціна - вечар у Кучкоўкіх (ён нібыта быў рэктарам рэшткаў універсітэта) у белым дамку, які стаяў ля падножжа гор за батанічным садам. Пасля гарбаты ў намётах, танцавалі ў цесных, душных пакоях, а на гары, якая з надыходам цемры асвятлялася лямпамі, шпацыравала і зазірала ў нашы вокны мноства людзей. Мы таксама бачылі іх, і як гэта звычайна бывае, усе былі незадаволены сваім лёсам і зайздросцілі адзін аднаму. Каля адчыненага акна сядзела княгіня Трубяцкая з Чацвярцінскіх, мела яна прыгожы, але ўжо немалады твар. Насупраць яе сядзела прыгожая і стройная княжна Марыя Барацінская. Іх голавы, залітыя святлом залы, былі добра бачны на тле ночы. Мая сястра Бучынская, думаючы, што кажа прыемнасць, з усмешкай запэўніла гаспадыню, што натоўп на гары, весяліцца больш, чым мы. "Гэта можа і так", - адказала гаспадыня і па-варшаўску, адкуль была родам, закаціла свае вялікія блакітныя вочы. А тым часам яе муж, пан генерал, прахаджваўся рыхтык як індык, на якога быў падобны паставай і манерамі і ўсім расказваў, які ён вельмі адукаваны, бо ведае пяць моваў.


Майскім днём здарылася столькі няшчасных выпадкаў, ці хутчэй супадзенняў, што з самай раніцы пачуўшы пра гэта, мала хто адважваўся выйсці на вуліцу. Усё пачалося з падзення акна з чацвёртага паверха, што стала прычынай смерці ці калецтва аднаго з мінакоў. Апоўдні частка гары Бекеша з паловай вежы героя з'ехала ў Вілейку. Людзі былі настолькі напалоханыя двума вышэйзгаданымі няшчаснымі выпадкамі, што баяліся ехаць на конныя спаборніцтвы, бо думалі, што стайня абваліцца. Тады гастраліравала група вершнікаў разам з прыгожай пані Элізай, яна мела далікатныя рысы твару і, як гэта належыць амазонцы, была зухаватай. Самы стары з трупы Сальмонскі (падобна) і паяц Долат заваблівалі публіку - першы майстэрствам і адвагай, другі ўдаваным глупствам і баязлівасцю.

Падчас кантрактаў у горадзе было шмат відовішчаў рознага гатунку. Гэтым разам мелі галерэю васковых фігур на першым паверсе дома Шульца ў асветленых залах з музыкай, што ажыўляла маўклівую кампанію каралёў, герояў, вучоных і знакамітых разбойнікаў.


Летам мелі ў сябе варшаўскіх кузынак з настаўніцай. Сваю гасціну яны пачалі з Пастаў, быццам прадчувалі, што брат нябожчыка Караля граф Канстанцін Пшаздзецкі, прыехаў у Смаргонь і ветлівым лістом папярэдзіў нас пра візіт разам са старэйшым сынам Аляксандрам. Дзядзька Пшаздзецкі - маршалак у Каменцы-Падольскім, ужо немалады і разведзены з жонкай з Алізараў, насіў парык з чубам, ордэны і табакерку з брыльянтамі - падарунак імператара Мікалая. Меў вялікі, чырвоны нос, маленькія вочы, ляпаў сябе па каленях, хапаў іншых за гузік і любіў гаварыць пра імператарскі двор.

У Дабраўлянах бываў кожны год, бо арандаваў Смаргонь. Увесь час абяцаў прывесці да нас сваіх сыноў, але неяк забываў свае абяцанні, ажно покуль старэйшай з Тызенгавічанак не споўнілася шаснаццаць гадоў. Стаяў ліпень, самы спрыяльны час для вёскі, асабліва такой, як Дабраўляны, дзе заўсёды было шмат кветак і садавіны. Аднойчы пасля абеду прыехалі абвешчаныя госці і дзядзька прадставіў нам свайго сына Аляксандра31. Пецярбургскі, коратка стрыжаны пан, зусім не загарэлы бландын, хутка гаварыў на добрай французскай мове і год таму напісаў драму "Дон Себасццян", якую ў Пецярбургу паставіла парыжская трупа. З-за драмы меў ліст ад Віктора Гюго, які вітаў яго прыдомкам "Дон Себасццян". Узрушаны бацька прапанаваў сыну прачытаць новую драму "Дзве каралевы Францыі" (жонкі Філіпа-Аўгуста). Чытанне пачалося наступнай раніцай у аранжарэі і так заняло сына і бацьку, якія ўвесь час паляпвалі адзін аднага па каленях, што іх не спыніў нават звон у капліцы. Тады, прысутная тут пані сенатарава Агінская, устала першай і сказала: "Мы закончым пасля абеду". Пасля абеду новы клопат! Ксёндз-канонік Сянкевіч, слабы знаток французскай, закалыханы прыгожай гармоніяй слоў, заснуў побач з бацькам аўтара. І мой бацька на гэты раз таксама паддаўся ўплыву спёкі… Але пан маршалак так гучна ляпаў сябе па каленях, што яны ўвесь час прачыналіся. Аўтар у запале не заўважаў гэтага, а мы не спалі і хвалілі тое, што было вартае пахвалы, гэта значыць мову і маральныя прынцыпы.

Прабыўшы ў нас адзін дзень, нашы госці паехалі ў Паставы, дзе ўжо гасцявалі варшавянкі. І пакуль мы ціха сядзелі дома і, як я памятаю, у кутку канапы перад вазай з ружамі чыталі "Размовы мёртвых" Красіцкага, нам перадалі ліст з Болкава, з якога мы даведаліся, што вяртаюцца не толькі Пшаздзецкія але і Тызенгаўзы і што яны прыбудуць сёння яшчэ да змяркання. Здзіўленне, радасць, падрыхтоўка гасцявых пакояў і падвячорка, дыспазіцыя вячэры, невялікае пераапрананне, занялі ў нас некалькі гадзін, і на захадзе сонца да нашага парога сталі пад'язджаць экіпажы, пачаліся абдымкі з двума дзядзькамі, цёткай, пяццю кузынкамі, трыма кузынамі, дзвюма настаўніцамі і двума настаўнікамі. Рух, жыццё, хаос як у вуллі! Варшаўскіх кузынак з 1830 года не бачылі восем гадоў, вялікі кавалак часу ў іх веку! Эрманця, худая, як аса, самая стройная з сясцёр, прыехала ў вялікім капялюшы, якія тады насілі. Самай ладнай з сясцёр была Юзя, а тая, каму трэба было менш за ўсё пра гэта клапаціцца, дванаццацігадовая гарэзніца, дарэмна спрабавала пацешыць сур'ёзных пастаўскіх кузынак, якія не давалі магчымасці ўцягнуць сябе якія-небудзь свавольства. І покуль мы, дваццаці- і больш- гадовыя, ахвотна таварышавалі з варшавянкамі, пятнаццацігадовая Марыня, стоячы пасярод гэтага віру, сур'ёзна спыталася: "Ці доўга яшчэ будзе цягнуцца гэтае дзяцінства?"

Варшавянкі і паставянкі адрозніваліся сваім выхаваннем. Як і належыць кузынкам, якія даўно не бачыліся, яны здзіўляліся адны з адных, а мы трымалі сярэдзіну і былі канфідэнткамі абодвух бакоў. Прызвычаеныя да карнавалаў варшавянкі дбалі пра моду - пра тое, як мацуюцца кветкі, пра валаны сукенкі, як быццам у гэтым сэнс жыцця. Асабліва Эрманця, выгнуўшыся ў мантыі паверх сукенкі з валанамі, не разумела, як паставянкі ходзяць у вузкіх і кароткіх швейцарках (сукенках у швейцарскім стылі). Калі справа дайшла да кветак у валасах, паставянкі прытрымліваліся традыцыйных, класічных вянкоў, а варшавянкі - часопіса мод. Першыя клалі лісце і кветкі ўверх, другія перабольшваючы моду, нізка мацавалі галінкі кветкамі ўніз. Марыня лічыла гэта нелагічным, бо кветкі так не растуць, і не па-мастацку, бо была паслядоўніцай Петраркі і Тасо. Чуйная паэтка Хеленка паднімала галоўкі ружаў, як быццам ёй балела гэта пакорлівасць каралевы кветак. Адны і другія ўвесь час адчувалі над сабой уладу, нагляд маці і настаўніц, і калі паставянкі ахвотна і адразу падпарадкоўваліся апецы, якая ахоўвала іх з калыскі, дык варшавянкі насміхаліся ці пазбягалі позіркаў з-пад чорных локанаў іх каханай Фелюні (Феліцыі д'Івернуа), якая час ад часу выказвала якую-небудзь заўвагу. Па яе загадзе яны апраналі і здымалі салопы на шпацырах, елі ці не елі каляровую капусту і г. д. Старэйшая сярод сясцёр і нават пяці кузынак, шаснаццацігадовая Эрманця была самай су'ёзнай, адчувала сябе паннай на выданні і прысутнасць кузына з Валыні прымушала яе прымаць задуменны від. А малодшыя думалі толькі пра сабак, пра шпацыры і фіглі. Эльдзя памятала сваё знаходжанне ў Дабраўлянах у 1830 годзе. Дзед Пуслоўскі паслаў яе тады наведваць дзядзьку і цётку. Гэтая цудоўная дзяўчынка мела ў той час толькі пяць гадоў, але была ўжо сіратой без маці і бацькі. Нядаўна памерла і бабуля, і таму яна тулілася да тых, хто застаўся і казала тым, хто абдымаў яе: "Не любіце нас, хто нас любіць, той памірае!" Малая, яна была дзіўнай у сваіх імкненнях і поўная самай тонкай далікатнасці. Яе прывялі ў пакой майго бацькі, у якім меўся партрэт дзядзькі Рудольфа, яна ўбачыла яго, адвярнула галаву, каб схаваць слёзы, і ціха сказала "Вось так у нас у Жалудку". Ёй вельмі спадабаўся мясцовы снягір, які цэлы дзень свабодна лятаў і начаваў сярод вазонаў клумбы. Эльдзя закрычала ад радасці, калі ўбачыла малюнак снегіра ў альбоме Матыні, тая ўзяла нажніцы, каб выразаць малюнак, але дзяўчынка закрычала: "Не псуй, не псуй, не трэба!". Але калі старонка была вынята, кінулася на шыю маёй сястры са словамі: "Я не ўмею пісаць, таму напішы сама, каб памятаць, што Матыня сапсавала свой альбом, каб падараваць Эльдзі снегіра". Усе гэтыя ўспаміны пра малую Эльдзю гарманіравалі з цяперашняй, заўсёды вясёлай, пяшчотнай і дасціпнай, хоць магчыма, і занадта інфальтыўнай для дваццаці гадоў, але ўсімі любімай, дзяўчынай.

Побыт кузэнаў працягваўся некалькі дзён. Дабраўлянскае надвор'е спрыяла разнастайным прагулкам, шпацырам і розным сюрпрызам. Аднойчы Эрманця сказала, што хоча, каб хоць адзін раз на яе напалі разбойнікі, гэтую думку падхапіла мама і вырашыла паставіць баладу "Вяртанне таты".

Не магло быць больш трапнага месца для гэтага: да каплічкі за ставам вялі дарожкі, зараслі, лес быў побач, і там, пасля невялікай рэпетыцыі, усё было гатова. Пасля імшы ў капліцы і звычайнага шпацыру па садзе, паром даставіў усіх на другі бераг. Дзядзька Канстанцін ішоў наперадзе і пачаў ужо набліжацца да зарасляў. Мой бацька ішоў разам з ім і трошкі адвярнуў ўбок. "Баіцеся разбойнікаў?" - спытаў дзядзька, не падазраючы, што там ужо схаваліся пераапранутыя разбойнікі. Раптам з цагельні пачулася:


Бягуць дзеці ўсе разам

За горад пад слуп на ўзгорку…


(Працяг у наступным нумары.)

* Gabrjela z Guntherоw Puzynina. W Wilnie i w dworach litewskich: pamiаtnik z lat 1815-1843. Wilno, 1928. Пераклад Леаніда Лаўрэша.

25 Марыя з Несяльродаў, у першым шлюбе Калергіс, у другім Муханава, дачка Фрыдрыха Несяльродэ, кузына міністра замежных спраў, адна з самых слынных у першай палове XIX стагоддзя паняў вышэйшага свету.

26 Вось як пра Канарскага пісалі ў афіцыйным дзяржаўным дакуменце: " Эмісар рэвалюцыйнай прапаганды Шыман Канарскі , родам з Польскага каралеўства , шляхетнага стану , узрост 31 год . У 1825 г. шарагоўцам паступіў на ваенную службу ў 1-шы полк стральцоў польскіх войскаў, у 1827 г. атрымаў чын падафіцэра. Падчас паўстання атрымаў чын падпаручніка і паручніка, удзельнічаў у бітвах супраць рускіх войскаў і пад канец 1831 г. у чыне капітана разам з аддзелам Хлапоўскага уцёк за мяжу. На пачатку 1834 г., падчас знаходжання ў Швейцарыі, разам з італьянскімі карбанарыямі ўдзельнічаў у паходзе на Савою. У канцы таго ж года знаходзіўся ў Парыжы. Прымаў удзел у выданні газеты "Поўнач" і меў сціслыя стасункі са збеглымі за мяжу пасля паўстання 1831 г. галоўнымі паўстанцамі. З Парыжа быў высланы ў Англію, адтуль разам з паўстанцам Адольфам Залескім пераехаў у Кракаў і там, парадзіўшыся з зламыснікамі, вырашыў патрапіць у Расію, каб пашыраць прапаганду рэвалюцыі і рыхтаваць новыя закалотцы і парушыць спакой у заходніх губернях. З гэтымі злачыннымі мэтамі ў канцы 1835 г. таемна прыбыў на Валынь і неадкладна ўзяўся за выкананне сваіх задумаў. Ездзіў пад рознымі выдуманымі імёнамі і ўцягваў неразважных людзей ў арганізацыю, рассылаў бунтоўныя лісты і для іх друку, разам са сваім паплечнікам Радзевічам, заснаваў таемную друкарню. Каб распаўсюдзіць свае злачынныя думкі, ужываў розныя хітрыкі, даваў розныя абяцанні тым, якія схіліліся на яго бок, імкнуўся да пашырэння колькасці арганізацыі і распаўсюджання рэвалюцыйных пракламацый. Устанаўліваў сяброўскія складкі і збіраў грошы, для абгрунтавання здрады абавязаў усіх прыняць прысягу, а нязгодным нават пагражаў кінжалам. Такім чынам здолеў заснаваць таемныя Дэмакратычныя таварыствы ў губернях: Валынскай, Падольскай, Кіеўскай, у Вільні і ў частках Менскай і Гарадзенскай губерняў. Уцягнуў у арганізацыю моладзь універсітэта св. Уладзіміра (Кіеў) і Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі. Не спыніўся на гэтым і выдаў адозву да жанчын і такім чынам далучыў да справы некалькі прыхільніц. Злачынец арыштаваны каля Вільні ў маі 1838 г., усе яго справы і сябры былі выкрыты".

Трэба звярнуць увагу на тое, што ён вёў працу сярод беларускага і ўкраінскага народаў. Шчыры дэмакрат, гарачы ідэаліст, у сваім маніфесце, акрамя іншага надрукаваў і наступныя радкі: "Кожны народ мае сваю місію з якіх складаецца агульная мэта існавання чалавецтва. Гэта місія выяўляецца ў нацыі. Нацыя - святыня". Люцыян Сяменскі, прамаўляючы 2 красавіка 1839 г. на сходзе ў Страсбургу палымяную прамову ў гонар Канарскага, расказаў пра пабуджэнні, якімі той кіраваўся, калі паехаў у Вільню і Кіеў: "Ён быў прызвычаены да барацьбы з вялікімі цяжкасцямі, не любіў перамог без небяспекі і нарэшце, як добры гаспадар, які ведае якое зерне патрэбна глебе, абмінаў тыя правінцыя на якія не ўплывала эміграцыя і выбраў сабе Русь і Літву, дзе люд цярпеў найвялікшы цяжар няволі …". - гл: L. A. [Людвіг Абрамовіч] Szymon Konarski // Preglаd Wilenski. 1924. № 5. S. 2-4. - Л. Л.

27 Трубяцкі Аляксей Іванавіч (1806-1855) - князь, сапраўдны стацкі дарадца. У 1838-1840 гадах - віленскі грамадзянскі віцэ-губернатар, кіраўнік следчай камісіі па справе Канарскага. Адзін з высланых па справе Ю. Г. Сабінскі пісаў пра яго ў дзённіку: "Гэтая пачвара знаходзіла найбольшае задавальненне ў тым, што кожны дзень, на працягу некалькіх месяцаў узнаўляла жахі іспанскай інквізіцыі, упэўненая ў тым, што прымененыя катаванні застануцца беспакаранымі" - Sabinski J. G. Dziennik syberyjski. Т. 1. Warszawa, 2009. S. 477. "Былы студэнт медыцынскай акадэміі Эйзенблятэр, які больш за іншых меў дачыненне да ўцёкаў Канарскага з Вільні, пастаўлены перад следчай камісіяй і аблаяны зняважлівымі словамі Трубяцкім, даў яму поўху, за што раз'юшаны князь загадаў яго так катаваць, што ён з паламанымі касцямі і параненым целам памёр у жудасных пакутах" - Felinski Z. Szcz. Pamiаtniki. Warszawa, 2009. S. 126. - цыт па: Маліноўскі Мікалай. Кніга ўспамінаў. Мінск, 2014. C. 212. - Л. Л.

28 Княгіня Леаніла Вітгенштэйн з Барацінскіх (1816-1918), другая жонка Людвіка Вітгенштэйна, удаўца пасля Стэфаніі. Вядома сваёй дабрынёй і высакароднасцю.

29 Пра літоўскага рефэрандарыя Вінцэнта Тышкевіча, сына Антонія Казіміра і Тэрэзы з Тызенгаўзаў, мужа Тэрэзы Панятоўскай, падрабязна піша Леон Патоцкі. Гл. пра яго: Леон Патоцкі. Успаміны пра Тышкевічаму Свіслач, Дзярэчын і Ружану. Мінск, 1997.

30 У 1843 г. "Тыгоднік Пецярбургскі" надрукаваў зацемку нейкага Т. Б. з Жытоміра, у якой той апісаў калекцыю генерала Касакоўскага: "… генерал Касакоўскі памёр. Некалькі гадоў таму, калі быў у Вільні, я зблізіўся з ім. Гэта быў выдатны чалавек. Ён ваяваў па ўсім свеце і ўсюды збіраў усё вартае гісторыі - кабінет у яго быў вельмі цікавы. Там вы бачылі самыя розныя цікавосткі - на розныя густы і схільнасці. Акрамя таго, усё гэта было шыкоўна размешчана ў гасцёўнях, дзе спыняўся і прымаў гасцей сам генерал, - а паколькі ён звычайна жыў у Вільні, дык многія з карысцю маглі ўбачыць гэты кабінет-кватэру, у якую адны прыязджалі як сябры генерала, а другія прыходзілі, каб непасрэдна ўбачыць цікавыя рэчы, вартыя іх ўвагі. Генерал з аднолькавай прыязнасцю абводзіў усіх па сваіх пакоях, як старых, так і новых знаёмых, паказваў і тлумачыў ім свае цікавосткі. Я некалькі разоў прасіў генерала скласці спіс рэчаў ягонага кабінета і надрукаваць. Я не ведаю, ці пакінуў ён такі спіс з гістарычнымі і фізічнымі апісаннямі ўсяго, што меў, і пра які я яго прасіў. … калі ён не зрабіў, гэтага ўжо ніхто не зробіць. Аднак спадчынніку… варта было б зрабіць хаця б фізічны вопіс гэтых цікавостак і абнародаваць яго". Гл: Tygodnik Petersburski: gazeta urzаdowa Krоlestwa Polskiego. 1843. №43. S. 258.

31 Аляксандр Пшаздзецкі (1814-1871) - граф, вядучы варшаўскі медыевіст сярэдзіны ХІХ ст., выдавец гістарычных крыніц. - Л. Л.

Ішла Каляда...

Каляды - гэта не толькі куцця і падарункі, але і цудоўная традыцыя калядавання!

Калядаванне - гэта душа беларускай зімы! Зорка, Каза, Мядзведзь... Хто толькі не завітае ў гэтыя дні ў хату, каб прынесці радасць і дабрабыт!

Калядоўшчыкі дзяржаўнай ўстановы "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" завіталі ў аграгарадок Дзітва на ААТ "Торфабрыкетны завод "Дзітва"".

Завіталі ў філіял "Дзітва" ААТ "Лідахлебапрадукт".

Наведалі Ганчары і Мажэйкава.

Песні, смех, добрыя пажаданні і крыху магіі ў кожным слове.

Аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры Дзяржаўнай установы "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX