Папярэдняя старонка: 2026

Наша слова.pdf № 05 (214) 


Дадана: 03-02-2026,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 5 (214), 4 лютага 2026.

"Дамы сэрца": унікальная студыя ў Лідзе адраджае вобразы знакамітых жанчын Сярэднявечча

Пры Лідскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці некалькі гадоў працуе народная студыя гісторыі і мастацтва эпох Сярэднявечча і ранняга Адраджэння "Дама сэрца (Domina Cordis)". Калектыў, які складаецца толькі з жанчын, добра вядомы аматарам старажытнасці па ўсёй Беларусі.

Што вывучаюць і адраджаюць удзельніцы студыі?

1. Касцюмы і аксесуары - ад гатычных галаўных убораў (эннен, атур) да рэнесансных сукенак з адкідным ліфам.

2. Музыку і танцы - развучваюць кампазіцыі па захаваных рукапісах, напрыклад, "Полацкаму сшытку" XVII стагоддзя.

3. Гістарычныя вобразы - шыюць касцюмы, адпаведныя эпохам XIII-XVII стагоддзяў.

Як адзначае кіраўніца студыі Ірына Вашкевіч, надзяваючы сярэднявечны ўбор, удзельніцы літаральна ператвараюцца: мяняецца асанка, рухі становяцца больш плаўнымі, а штодзённыя клопаты адыходзяць на другі план.

Новы праект: "Славутыя жанчыны старажытнай Беларусі".

Кожная ўдзельніца абрала гістарычную асобу, якая ёй блізкая па духу, і стварае яе вобраз:

Рагнеда Полацкая;

Анастасія Слуцкая;

Бона Сфорца (каралева Польшчы і вялікая княгіня Літоўская);

Уршуля Радзівіл (пісьменніца, драматург);

· Соф'я Гальшанская - яе вобраз рыхтуецца да прэзентацыі ў бліжэйшы час.

Праца над кожным касцюмам доўжыцца некалькі месяцаў, бо важна перадаць не толькі крой і матэрыялы (аксаміт, шоўк, вышыўка залатымі ніцямі), але і дух эпохі.

Паводле "Гродзенскай праўды".

Ён пісаў пра наш боль

30 студзеня споўнілася 105 гадоў з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна (1921-2004).

Іван Шамякін - прызнаны майстар слова, класік беларускай літаратуры - нарадзіўся ў вёсцы Карма Гомельскага павета (цяпер Добрушскі раён Гомельскай вобласці) у сям'і лесніка. Пасля заканчэння сямі класаў Макаўскай школы паступіў у Гомельскі тэхнікум будаўнічых матэрыялаў. У час вучобы актыўна ўдзельнічаў у пасяджэннях літаб'яднання пры газеце "Гомельская праўда". У 1940 годзе ён быў накіраваны на працу ў Беласток. Праз некаторы час Іван Шамякіна прызвалі ў Чырвоную Армію. Служыў у зенітна-артылерыйскай частцы пад Мурманскам. З самага пачатку вайны знаходзіўся ў дзейнай арміі. Удзельнічаў у баях пад Мурманскам, Кандалакшай, Петразаводскам, у вызваленні Польшчы. У афіцэрскім званні закончыў вайну на Одэры. Пасля дэмабілізацыі настаўнічаў у вёсцы Пракопаўка Церахоўскага раёна.

У 1946 годзе Іван Шамякін паступіў на завочнае аддзяленне Гомельскага педагагічнага інстытута. Быў прызначаны старшым рэдактарам Беларускага дзяржаўнага выдавецтва, працаваў галоўным рэдактарам альманаха "Советская Отчизна". Шмат гадоў Іван Шамякін знаходзіўся на кіруючых пасадах у Саюзе пісьменнікаў Беларусі (1954-1980). У 1980-1992 гадах з'яўляўся галоўным рэдактарам выдавецтва "Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі". Ён выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР, узначальваў Вярхоўны Савет БССР (1971-1985). У 1963 годзе ўваходзіў у склад беларускай дэлегацыі на XVIII сесіі Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.

Мастацкія творы Іван Шамякін пачаў пісаць у тэхнікуме. Першае апавяданне "У снежнай пустыні" (1944), якім адзначаны пачатак творчай дзейнасці празаіка, прысвечана падзеям вайны. Наступны твор - аповесць "Помста" (1945) - адлюстроўвае ўсенародную барацьбу супраць фашысцкіх захопнікаў. Гуманістычнае асэнсаванне вайны як усенароднай трагедыі знайшло ўвасабленне ў першым рамане "Глыбокая плынь" (1947-1948). Самым маштабным у беларускай літаратуры творам аб вайне стала пенталогія "Трывожнае шчасце" (1957-1965), дзе лёс герояў асацыіруецца з лёсам усяго пакалення, якое прайшло праз цяжкія выпрабаванні вайны, змагаючыся з ворагам на франтах і ў партызанскіх атрадах, у цяжкіх пасляваенных умовах аднаўлення народнай гаспадаркі. Тэма вайны працягваецца таксама ў аповесцях "Шлюбная ноч" (1975), "Гандлярка і паэт" (1976), рамане "Зеніт" (1987). У гэтых творах пісьменнік паказвае, чым стала вайна для жанчын, якія выпрабаванні выпалі на іх долю. На працягу шматлікіх дзесяцігоддзяў, пачынаючы з раманаў "У добры час" (1953) і "Крыніцы" (1956), Іван Шамякін уздымаў найважнейшыя сацыяльныя і маральна-этычныя праблемы, актуальныя пытанні, якія хвалявалі грамадства. Яго творы прасякнуты пафасам сцвярджэння маральных каштоўнасцей. У іх гарманічна спалучаюцца дынамічнае развіццё сюжэта, філасофскі аналіз жыццёвых праблем і глыбокае пранікненне ў псіхалогію чалавека. Раманы пісьменніка "Сэрца на далоні" (1963), "Снежныя зімы" (1968), "Атланты і карыятыды" (1974), "Вазьму твой боль" (1978) і іншыя творы ўвайшлі ў залаты фонд беларускай літаратуры.

Падзеі 1990-х гадоў выклікалі ў празаіка трывожныя пачуцці, што знайшло адлюстраванне ў аповесцях "Ахвяры" (1990), "Падзенне" і "Сатанінскі тур" (1995), "Палеская мадонна" (1998), рамане "Злая зорка" (1991) і іншых. У шэраг твораў, напісаных на актуальныя тэмы, уваходзіць і гістарычны раман "Вялікая княгіня" (1996), дзе ўзнімаецца праблема вяртання да Бога, выказваюцца ідэі праваслаўя і славянафільства. У 1999 годзе выйшла з друку аповесць "Слаўся, Марыя!", прысвечаная жонцы пісьменніка. Іван Шамякін з'яўляецца таксама аўтарам п'ес, якія вызначаюцца шырокім падзейна-тэматычным і ідэйнапафасным дыяпазонам. Літаратурна-крытычныя артыкулы, выступленні, успаміны, партрэты знаёмых і сваякоў змешчаны ў кнігах "Размова з чытачом" (1973), "Карэнні і галіны" (1986), у дзённікавых запісах "Начныя ўспаміны" (2002) і іншых. Літаратурная дзейнасць пісьменніка атрымала прызнанне не толькі ў Беларусі, але і далёка за межамі нашай краіны. Многія яго творы перакладзены на розныя мовы свету. Па некаторых з іх зняты кінафільмы, пастаўлены тэатральныя спектаклі.

Іван Шамякін - народны пісьменнік Беларусі (1972), Герой Сацыялістычнай Працы (1981), акадэмік НАН Беларусі (1994). Ён узнагароджаны шматлікімі ордэнамі і медалямі. З'яўляецца лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР (1951), Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа (1959), Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1968), Літаратурнай прэміі Міністэрства абароны СССР (1978), Дзяржаўнай прэміі БССР у галіне тэатральнага мастацтва, кінематаграфіі, радыё і тэлебачання (1982) і іншымі. Імем пісьменніка названа адна з вуліц Менска і Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт.

Паводле СМІ.

На Лідчыне шануюць Івана Шамякіна

30 студзеня бібліятэкар філіяла "Інтэграваная бібліятэка ам. Дворышча" правяла для вучняў мясцовай школы гадзіну беларускага пісьменніка "Сілаю слова", прысвечаную 105-годдзю з дня нараджэння І. Шамякіна, на якой расказалі пра жыццёвы і творчы шлях народнага пісьменніка, які шчыра і глыбока распавядае пра лёс краіны, пра людзей, якіх не зламалі выпрабаванні. Бо, як казаў сам пісьменнік, перш чым стаць добрым спецыялістам, трэба стаць чалавекам.

Бібліятэкары філіяла "Лідская гарадская бібліятэка № 4" запрасілі навучэнцаў ДУА "Лідская музычная школа мастацтваў" на літаратурную гадзіну "Чалавек вялікай душы і таленту" прысвечаную 105-годдзю з дня нараджэння Івана Шамякіна. Бібліятэкары пазнаёмілі гасцей з творчай спадчынай нашага земляка, удзельнікі даведаліся пра падрабязныя факты біяграфіі беларускага пісьменніка. Усе ахвотныя маглі з мноства бібліятэчных кніг беларускага класіка абраць адну для чытання, якую лічаць самай цікавай.

На літаратурную гутарку "Глыбокая плынь жыцця", прысвечаную 105-годдзю з дня нараджэння І. П. Шамякіна, завіталі прыхільнікі яго творчасці ў гарадскую бібліятэку № 6. Бібліятэкар расказала пра жыццёвы і творчы шлях выдатнага беларускага пісьменніка, нашага сучасніка, творы якога з цікавасцю чытаюць школьнікі і дарослыя. Падчас мерапрыемства прысутныя чыталі ўрыўкі з твораў Івана Пятровіча. З цікавасцю пазнаёміліся з выствай кніг "Чалавек вялікай душы і таленту".

ТК "Культура Лідчыны".

Мікола Купава ўзяў новую вяршыню

Мастак і асветнік Мікола Купава 31 студзеня адсвяткаваў круглую дату.

"Гэта беларус, гэта мастак, гэта патрыёт. І ён гэта робіць спакойна, без ніякага эпатажу, але замацоўвае ў мастацкай прасторы, а значыць, і ў вечнасці, нашай тоеснасці", - пісаў пра яго Рыгор Сітніца.

Народжаны ў Оршы ў 1946 годзе, Купава навучаўся ў Менскай мастацкай вучэльні, скончыў аддзяленне графікі Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. Ён быў удзельнікам "Беларускай майстроўні", намеснікам дырэктара вучэльні імя Глебава, выкладаў на Архітэктурным факультэце БНТУ.

Ён аформіў тры дзясяткі кніг і альбомаў. Ягоныя творы ведае кожны - а тым больш эталоны беларускіх дзяржаўных сімвалаў, якія ён выканаў разам з мастакамі Яўгенам Куліком, Уладзімірам Крукоўскім, Лявонам Бартлавым і Львом Талбузіным.

У 80 гадоў Мікола Купава працягвае заставацца ўзорам вернасці сваім ідэалам.

Паводое СМІ.

100 гадоў Мацею Канапацкаму

29 студзеня споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння беларускага і татарскага грамадска-культурнага дзеяча, даследчыка, публіцыста і журналіста Мацея Канапацкага (1926-2020).

Мацей Канапацкі нарадзіўся ў Вільні ў мусульманскай сям'і Гасана і Галены з Ільясевічаў. Вучыўся ў агульнай школе імя Шымана Канарскага, у гімназіі імя Адама Міцкевіча, а падчас Другой сусветнай вайны - у Віленскай беларускай гімназіі.

Пасля вайны Мацей Канапацкі з бацькамі і сястрой пераехаў у Быдгашч. Закончыў рускую філалогію Варшаўскага ўніверсітэта, а ў 1957-1964 гадах працаваў журналістам у рэдакцыі беларускага тыднёвіка "Ніва" ў Беластоку. Ён актыўна пісаў пра польска-беларускія літаратурныя сувязі і жыццё беларусаў у Польшчы.

У 1958-1960 гадах Мацей Канапацкі працаваў журналістам у беларускай рэдакцыі Радыё Беласток. А ў 1977 годзе пераехаў у Сопат.

У 1976 годзе Мацей Канапацкі абараніў магістарскую працу на тэму "Янка Купала як перакладчык паэзіі Адама Міцкевіча, Уладзіслава Сыракомлі і Марыі Канапніцкай". Быў адным з арганізатараў Варшаўскага аддзялення БГКТ. Прымаў удзел у Першым з'ездзе згуртавання беларусаў свету ў Менску.

Апошнія гады жыцця Мацей Канапацкі жыў у Сопаце, з'яўляўся актыўным удзельнікам Беларускага культурнага таварыства "Хатка". У 2011 годзе тыднёвік "Ніва" ў Беластоку асобнай кнігай выдаў яго артыкулы пад назвай "Увесь свет Мацея Канапацкага". Публіцыстыку Канапацкага сабрала і апрацавала вядомы гісторык Лена Глагоўская.

Паводле СМІ.

Рэцэнзія на кнігу Леаніда Лаўрэша "Шпацыры па старой Лідзе"

Кнігу Леаніда Лаўрэша трэба чытаць некалькі разоў. Правільней сказаць - трэба не чытаць, а ўважліва вывучаць і асэнсоўваць цікавыя эпізоды горадабудаўнічай гісторыі Ліды. Я рабіў гэта з аднолькава вялікай цікавасцю, задавальненнем і ... прыкрасцю. Справа ў тым, што некалькі дзесяцігоддзяў таму я як выпускнік менскага палітэха працаваў у Лідзе архітэктарам горада, але тады належнай цікавасці да гісторыі горада не праявіў. А былі гэта 1960-я гады, і я мог быць больш актыўным сведкам, удзельнікам і нават летапісцам шматлікіх гістарычных працэсаў, якія разгортваліся ў краіне. Аднак менавіта такім пісьменнікам стаў Л. Лаўрэш.

Нягледзячы на ўяўную прастату структуры і манеры выкладання матэрыялу, кніга надзвычай змястоўная, "шматслойная" і ўспрымаецца як шэраг партрэтаў аднаго і таго ж, здавалася б, знаёмага чалавека. Л. Лаўрэш дабіўся цікавасці чытачоў да кнігі краязнаўчага характару, выкарыстоўваючы спалучэнне рацыянальных спосабаў і вынаходлівых прыёмаў.

Бо, усё ў канчатковым выніку зводзіцца да таго, што Л. Лаўрэш прыводзіць велізарны аб'ём "здабытага" ім жа багатага факталагічнага матэрыялу, малавядомага і зусім невядомага, прадстаўленага аднолькава цікава і ў кароткім тэксце, і ў змястоўных ілюстрацыях. Аднак вельмі важна, як адбіраюцца і як падаюцца падзеі і з'явы з гісторыі горада. Лепшыя фрагменты кнігі - тыя, у якіх чытачу як прыемнаму суразмоўцу не проста паведамляецца нейкі цікавы факт, а "давяраецца" яркі, нават у нейкай ступені таямнічы эпізод, ініцыяваны шпацырам па старой Лідзе. Наколькі ж цікавей становіцца аповед, калі адчуваеш асабістыя, эмацыйна афарбаваныя адносіны да эпізоду з боку аўтара, ды яшчэ і прыцягнутага для гэтай мэты знаёмага яму чалавека, які дзеліцца з намі сваімі непаўторнымі ўражаннямі і характэрнымі ўспамінамі!

І тады не толькі раскрываюцца старонкі гісторыі старажытнай Ліды, але лёгка запамінаюцца яе персанажы, імёны, даты, нумары будынкаў, іх стылявыя асаблівасці і г. д. Бо, тады чытач можа жыва ўявіць сабе, як, напрыклад, выглядалі дамы Фларэнтына Длускага, якія стаялі на Віленскай вуліцы або братоў Стукатараў, таму што шмат у чым гэтаму спрыяюць прыведзеныя ўспаміны мілай аўтару Сонечкі, якая жыла тут у свой час і шпацыравала ў вялікіх дварах гэтых выдатных будынкаў.

Падобна гэтаму, у іншай сітуацыі, не мог сам Л. Лаўрэш па сваім узросце бачыць і затым расказаць нам пра выдатныя асаблівасці маляўнічага ландшафту мясцовасці, якая называлася "Выган", якая стала потым калоніяй дзяржаўных дамоў і гарадскім паркам. Аднак цалкам наглядную карціну з далёкіх 1950-х малюе нам на аснове сваіх асабістых назіранняў уважлівы погляд часта цытаванай аўтарам Ларысы Канчэўскай, якая таксама стала нам як быццам добра знаёмай.

Спецыфіка маёй прафесіі абумовіла павышаную ўвагу да аднаго з раздзелаў кнігі, а таксама захапленне настойлівасцю і пэўнай вынаходлівасцю Л. Лаўрэша ў сваіх навуковых пошуках. Я маю на ўвазе тэму своеасаблівасці архітэктурных аб'ектаў Ліды 1920-1930-х гг., якія раскрываюць адметнасці яе горадабудаўнічай культуры ў міжваенны перыяд. Гэтыя ў значнай ступені практычныя і рацыянальныя пабудовы да гэтага часу зусім не былі ўключаны ў навуковы абарот беларускімі даследчыкамі. Л. Лаўрэш жа, прарабіўшы вялікую працу, па крупінках сабраў неабходныя звесткі пра гэтыя аб'екты і іх аўтараў у архівах і бібліятэках Польшчы.

Мая адзіная заўвага ў адносінах да рэцэнзаванай кнігі і адначасова пажаданне яе аўтару тлумачацца выключна адсутнасцю спасылак на крыніцы. На мой погляд, спасылкі на крыніцы, ніколькі не прымяншаючы добрых якасцяў кнігі і яе працавітага аўтара, дадалі б кнізе дакладнасці, падкрэслілі б - шырату кругагляду аўтара, а зацікаўленым чытачам зрабілі б даступнай дадатковую інфармацыю.

Кішык Юрый Нікадзімавіч, кандыдат архітэктуры, дацэнт БНТУ,студзень 2026 г.

Кожная пятніца - роднае, сваё

Структурнае падраздзяленне "Ходараўскі сельскі клуб-бібліятэка" дзяржаўнай ўстановы "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" далучыліся да праекта пад назвай "Кожная пятніца - роднае, сваё!"

Дзейнічае кніжная выстава "Чытаем па-беларуску разам", на якай прадстаўлены лепшыя творы для дзяцей і падлеткаў беларускіх аўтараў.

ТК "Культура Лідчыны".

Вучні Ганчарскай сярэдняй школы Лідскага раёна далучыліся да акцыі "Кожная пятніца - роднае, сваё". Школьнікі наведалі майстар-клас у творчай майстэрні, размешчанай на базе філіяла Ганчарскага дома культуры.

Дзеці пазнаёміліся з традыцыямі апрацоўкі лёну, даведаліся пра гісторыю і значэнне льняной тканіны ў культуры Беларусі. У час майстар-класа дзеці змаглі самастойна паспрабаваць традыцыйныя прыёмы ручной апрацоўкі лёну.

Падобныя мерапрыемствы садзейнічаюць фарміраванню патрыятычнай свядомасці моладзі, дапамагаюць усвядоміць каштоўнасць нацыянальнай культуры і традыцый продкаў.

ТК "Культура Лідчыны".

БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

Станіслаў Суднік

Колеры, афарбоўкі і масці ў Лідзе і ў астатняй Беларусі

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Афарбоўкі і масці жывёлаў

Кот

Кот (лат. Felis catus) - свойскаяя жывёла, адна з найболей папулярных (нароўні з сабакам) "жывёлкам-паньёнаў".

З пункту гледжання навуковай сістэматыкі, свойскі кот - сысун сямействы каціных атрада драпежных. Адны даследчыкі разглядаюць свойскага кат як падвід дзікага ката, іншыя - як асобны біялагічны від.

З'яўляючыся адзіночным паляўнічым на грызуноў і іншых дробных жывёл, кот - сацыяльная жывёла, выкарыстоўвалае для зносін шырокі дыяпазон гукавых сігналаў, а таксама ферамоны і рухі цела.

У наш час у свеце налічваецца каля 600 млн свойскіх катоў, выведзена каля 200 парод, ад даўгашэрсных (персідскі кот) да пазбаўленых поўсці (сфінксы), прызнаных і зарэгістраваных рознымі феліналагічнымі арганізацыямі.

На працягу дзесяці тысяч гадоў каты шануюцца чалавекам, у тым ліку за здольнасць паляваць на грызуноў і іншых хатніх шкоднікаў, а таксама за здольнасць забаўляць і здымаць стрэс.

Значэнне і этымалогія слова "кот"

У беларускай мове слова "кот" азначае або прадстаўніка біялагічнага віду Felis catus наогул незалежна ад полу, або самца гэтага віду. Самку завуць "кошка" ці "котка", а дзіцяня - "кацяня" ці "кацянё" (мн. л. - "кацяняты").

Слова "кот" ў беларускай мове з'яўляецца роднасным лат. cattus "кот" (так, у позняй латыні, пачынальна з V стагоддзя, у адрозненне ад класічнага лацінскага felis) і блізкім назвам у шматлікіх мовах Еўропы і Блізкага Усходу (ангел. cat, арм. katu, гал. cath, ірл. catt, ісп. gato, італ. gatto, рут. gyat, лезг. кац, літ. katе, ням. Katze, нуб. kadis, пруск. catto, фр. chat). Першапачатковая крыніца невядомая, але прынята лічыць, што ў многія мовы слова патрапіла шляхам ад лацінскай.

Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што ў аснове слоў розных індаеўрапейскіх моў, якія пазначаюць ката, ляжыць праіндаеўрапейскі корань * kat-, ад якога адбыліся дзеясловы індаеўрапейскіх моў, што азначаюць "каціцца"; пазней ад іх адбыліся назвы дзіцянятаў дробных жывёл у індаеўрапейскіх мовах. Іншыя даследчыкі лічаць такую сувязь другасным збліжэннем.

Гукапераймальнымі, блізкімі беларускаму "мяў", з'яўляюцца назвы ката ў старажытнаегіпецкай ( mj.w) і кітайскай мовах ( mаo).

Навуковая класіфікацыя

У 1758 годзе Карлам Лінеем у "Сістэме прыроды" свойскаму кату была прысвоена біномная назва Felis catus. Іяган Хрысціян фон Шрэбер у 1775 годзе даў дзікаму кату назву Felis silvestris.

У літаратуры сустракаюцца і іншыя назвы, выкарыстоўваныя ў якасці міжнароднай навуковай (латынямоўнай) назвы свойскага ката: Felis catus domesticus, Felis silvestris domesticus, а таксама прапанаваная ў 1777 годзе Іяганам Хрысціянам Палікарпам Эркслебенам у "Пачатках прыродазнаўства" назва Felis domesticus (першапачаткова - Felis domestica, паколькі слова Felis у тыя часы лічылася жаночага роду).

У якасці беларускай назвы дадзенага таксона ў навуковай (навукова-папулярнай) літаратуры выкарыстоўваецца як выраз "свойскі кот" (ці "кот свойскі"), так і проста слова "кот".

У 2003 годзе Міжнароднай камісіяй па заалагічнай наменклатуры было прынята рашэнне пра замацаванне за дзікім катом назвы Felis silvestris, а за яе прыручаным падвідам - назвы Felis silvestris catus, пры гэтым было абумоўлена, што калі ў якой-небудзь класіфікацыі свойскі кот будзе апісвацца як асобны від, то ў гэтым выпадку для назвы адпаведнага таксона варта выкарыстоўваць камбінацыю, прапанаваную Лінеем, - Felis catus.

На падставе дадзеных, атрыманых сучаснай філагенетыкай, свойскі кот з'яўляецца адным з пяці падвідаў дзікага ката Felis silvestris, і яго правільная міжнародная навуковая назва - Felis silvestris catus. У 2017 годзе выйшаў буйны артыкул, у якім свойскі кот быў вылучаны ў асобны від.

Паходжанне і гісторыя прыручэння

Паводле генетычнага даследавання аўтасомных маркераў і мітахандрыяльнай ДНК 979 свойскіх, дзікіх і здзіўчэлых катоў з трох кантынентаў, у тым ліку барханных катоў ( Felis margarita), усе свойскія каты па матчынай лініі паходзяць прынамсі ад пяці прадстаўніц падвіду стэпавы кот ( Felis silvestris lybica), якія мелі розныя гаплатыпы мітахандрыяльнай ДНК. У мітахандрыяльнай гаплагрупе IV, спецыфічнай для блізкаўсходніх і свойскіх катоў, ідэнтыфікавалі 6 субклад і разлічылі час жыцця агульнага продка - к. 13 тыс. гадоў назад, што значна перавышае час меркаванага прыручэння блізкаўсходніх катоў. Генетычны аналіз мітахандрыяльнай ДНК 209 катоў з 30 пахаванняў на тэрыторыі Еўропы, Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі паказаў, што свойскія каты распаўсюджваліся па свеце дзвюма вялікімі хвалямі. Першая хваля мела месца на світанку сельскай гаспадаркі 12-9 тыс. гадоў назад - ва Урадлівым паўмесяцы і яго наваколлях свойскія каты рассяліліся разам з земляробамі па ўсім Блізкім Усходзе. Некалькі тысяч гадоў прайшла другая хваля, якая выйшла з Егіпта, ахапіла практычна ўсю Еўропу і Паўночную Афрыку.

Адасабленне падвіду Felis silvestris lybica адбылося каля 130 тысяч гадоў назад. Стэпавы кот дагэтуль распаўсюджаны па ўсёй Паўночнай Афрыцы і ў шырокай зоне ад Міжземнамор'я да Кітая, дзе ён селіцца ў зарасніках саксаулу ў пустынях, у хмызняках каля вадаёмаў, у перадгор'ях і гарах. Хоць дробныя дзікія каты розных падвідаў могуць крыжавацца паміж сабой і даваць прыплод, вынікі генетычных даследаванняў паказалі, што ў філагенезе свойскага ката іншыя падвіды Felis silvestris, акрамя стэпавага ката, удзелу не прымалі.

Даследаванне ядзернай ДНК (2025) паказала, што ўсе еўрапейскія свойскія каты паходзяць ад папуляцыі, завезенай усяго каля дзвюх тысяч гадоў назад з Паўночнай Афрыкі, а не з Пярэдняй Азіі. Усе прааналізаваныя ўзоры меркаваных свойскіх катоў з Еўропы і Малой Азіі эпохі неаліту і энеаліту, насамрэч належалі дзікім еўрапейскім лясным катам ( F. silvestris), у тым ліку і каты, якіх пры вывучэнні мітахандрыяльнай ДНК раней аднеслі да свойскіх.

Прыручэнне ката адбылося прыкладна 9500 гадоў назад на Блізкім Усходзе ў раёне Урадлівага паўмесяца, дзе ўзніклі і развіваліся найстаражытнейшыя чалавечыя цывілізацыі. Прыручэнне ката пачалося пры пераходзе чалавека да аселага ладу жыцця, з пачаткам развіцця земляробства, калі з'явіліся лішкі ежы і паўстала неабходнасць іх захавання і абароны ад грызуноў.

Найстаражытнае археалагічнае сведчанне прыручэння ката было выяўлена на Кіпры, дзе падчас археалагічных раскопак было знойдзена сумеснае пахаванне чалавека і ката, якое датуецца 7500 годам да н. э. Таксама было ўстаноўлена, што выспа Кіпр была каланізавана выхадцамі з раёнаў сучасных Анатоліі (Турцыя) і Сірыі.

Нягледзячы на тое, што каты былі прыручаны досыць даўно, большасць катоў здольна выжываць ва ўмовах знаходжання па-за чалавечым жыллём, папаўняючы шэрагі другасна здзічэлых катоў, бо ва ўмовах бадзяжнага жыцця каты звычайна хутка паўторна дзічэюць. Другасна здзічэлыя каты часта жывуць адасоблена і палююць у адзіночку, але часам утвараюць невялікія калоніі з некалькіх самак з кацянятамі.

Пытанне пра поўнае прыручэнне

У наш час сярод навукоўцаў няма агульнапрынятага адказу, ці з'яўляецца кот цалкам прыручанай жывёлай, бо, напрыклад, сабака падчас прыручэння змяніў сваю мадэль паводзін, здолеўшы развіць даволі моцную прыхільнасць і адданасць да чалавека, і адначасова страціў мноства здольнасцяў да паляўнічага ладу жыцця і сігнальным зносінам, уласцівых сваім продкам - ваўкам. Кот жа па паводзінах амаль не адрозніваецца ад свайго дзікага продка, дэманструючы высокую незалежнасць і звычкі "самотнага драпежніка".

Некаторыя навукоўцы лічаць, што кот і зусім не з'яўляецца прыручанай жывёлай, а сам мог прыйсці да чалавека, бо ў паселішчах заўсёды ў дастатку вадзіліся сінантропныя жывёлы ці, прасцей кажучы, шматлікія грызуны і птушкі. Такім чынам, кот знайшоў для сябе зручную крыніцу ежы, замацаваўшыся ў "новай нішы". Суіснаванне чалавека і ката было ўзаемавыгадным, бо чалавек пазбаўляўся ад грызуноў, якія часта станавіліся крыніцай захворванняў і шкоды для гаспадаркі. Таксама важкім довадам праціўнікаў ідэі прыручэння застаецца той факт, што, па іх меркаванні, кот выказвае цікаўнасць да чалавека толькі датуль, пакуль яму гэта выгадна, гэта значыць маленькі драпежнік не здольны на вернасць. Іншыя ж навукоўцы прасоўваюць іншы пункт гледжання. Па іх меркаванні, той факт, што каты падвяргаліся прыручэнню, пацвярджаецца тым, што яны здольныя на прыхільнасць і гуллівыя паводзіны і менавіта для ўсталявання эмацыйнага кантакту з чалавекам навучыліся мурлыкаць. Многія каты паказваюць сваю прыхільнасць, усталёўваючы фізічны кантакт з чалавекам, напрыклад, залазячы яму на калені; вядомыя выпадкі, калі адданасць ката гаспадару была мацней, чым у многіх сабак, і гэта на фоне таго, што каты пайшлі з "найнебяспечнейшых і найнепрыветлівейшых драпежнікаў у свеце". На негатыўны вобраз ката як дзікай і падазронай жывёлы паўплываў і працягвае ўплываць той факт, што ў сярэднявечнай Еўропе каталіцкая царква вінаваціла катоў у сувязі з д'яблам і вядзьмарствам.

Нягледзячы на спрэчкі, большасць навукоўцаў сышлася ў меркаванні, што кот з'яўляецца паўсвойскай жывёлай, гэта значыць ён здольны на суіснаванне з чалавекам, але, страціўшы з ім кантакт, лёгка вяртаецца да дзікага ладу існавання. Хоць у ката назіраюцца генетычныя змены ў параўнанні з дзікім продкам, гэтая розніца ў 10 раз меншая, чым у сабак з ваўкамі. Навукоўцы лічаць, што дзікі кот сапраўды мог сам прыйсці да чалавека, каб сілкавацца грызунамі, а такія адносіны характарызаваліся як суседскія, і ўжо праз некалькі тысяч гадоў людзі самі пачалі прыручаць маленькіх драпежнікаў. Гэта таксама, верагодна, тлумачыць, чаму мадэль паводзін ката амаль не змянілася; пры прыручэнні сабакі з ваўка чалавек змяніў яго лад жыцця і асяроддзе пасялення, кот жа зведаў мінімальныя змены. Кот здолеў захаваць мадэль паводзін, уласцівую сваім дзікім продкам. Ён амаль гэтак жа добра палюе, як дзікі кот, але ў той жа час здольны мірна суіснаваць з чалавекам, выяўляць да яго эмацыйную прыхільнасць, пяшчоту ці нават гуллівасць.


Біялогія

Фізіялогія

Звычайныя фізіялагічныя паказчыкі:

Тэмпература цела +38,6 °C;

Частата сардэчных скарачэнняў 110-140 удараў у хвіліну;

Частата дыхання 16-40 удыхаў у хвіліну.


Звычайная ўнутраная (рэктальная) тэмпература цела дарослага ката складае +38…+39,5 °C, у кацянят яна некалькі вышэйшая. У бясшэрсных парод катоў унутраная тэмпература цела такая ж, як і ва ўсіх катоў, аднак з-за адсутнасці поўсцевага покрыва на целе ката тэмпература скурных пакроваў у сфінксаў ці петарболдаў чалавекам на дотык успрымаецца як больш высокая.

Частата пульсу ў дарослых катоў вар'іруе ў залежнасці ад фізічнай і псіхічнай актыўнасці і складае ад 120 да 220 удараў у хвіліну. Частата дыхання складае ў сярэднім 20-40 дыхальных рухаў у хвіліну.

У катоў вылучаны тры групы крыві - А, B і АВ. Каты з групай крыві А могуць мець антыцелы да групы крыві В, і наадварот. Каты з групай крыві АВ не маюць антыцелаў ні да групы крыві А, ні да групы В, таму яны могуць быць рэцыпіентам абедзвух груп крыві пры пераліванні. Група крыві АВ самая рэдкая, яна сустракаецца ў 1 % усіх свойскіх катоў і таму застаецца малавывучанай, аднак навукоўцам удалося ўстанавіць, што АВ па сваім паходжанні не звязана з групамі крыві А і В.

Механізм хлябтання вадкасці катом складаецца ў тым, што яго язык выцягваецца з хуткасцю 1 м/с, падгінаецца ўніз і дакранаецца паверхні вадкасці, але, у адрозненне ад хлябтання сабак, не пранікае ў яе. Затым язык накіроўваецца ўгару і захоплівае за сабой слупок вадкасці. Кот заглынае вадкасць у той момант, калі вертыкальны складнік хуткасці вадкасці запавольваецца гравітацыяй і становіцца роўным нулю. У гэты момант сківіцы ката стульваюцца, і вадкасць праглынаецца. Гэты працэс паўтараецца з перыядычнасцю 4 разы ў секунду.

(Працяг у наступным нумары.)


Згукі Дня беларускага пісьменства ў Лідзе

Я. Ярмант

У ЦЯНІ ЗАМКА ГЕДЫМІНА

Успаміны дзяцінства*

Уступнае слова рэдактара


Вазьмі і прачытай гэтую кнігу, дарагі чытач. Асабліва, калі ты нарадзіўся ў Заходняй Беларусі. Асабліва, калі табе цікава, чым жылі, аб чым марылі, што перажывалі твае бацькі, бабулі, дзядулі, якія нарадзіліся паміж дзвюмя святовымі войнамі, вынеслі на сабе ўсе жахі ваенных часоў, чатыры разы перажылі змену ўлады і дзяржаўнай прыналежнасці.

Гэтая таленавіта напісаная кніга ўспамінаў цікавая і каштоўная тым, што дасканала перадае непаўторную атмасферу перадваеннага і ваеннага жыцця заходнебеларускага горада. Аўтарка, пані Яўгенія Ярмантовіч не толькі захавала ў памяці свае дзіцячыя ўражанні ва ўсёй іх свежасці і вастрыні, але і здолела яскрава перадаць іх у сваім аповядзе. Штодзённы побыт, дробныя і буйныя здарэнні, звыклыя жыццёвыя рэчы, адносіны паміж людзьмі розных вераванняў і этнічнай прыналежнасці, мары, жаданні тагачасных людей - усё разам зліваецца ў адзін яркі малюнак, намаляваны здольным, назіральным, добразычлівым мастаком, які сам з'яўляецца неад'емнай часткай гэтага малюнка.

Мяне асабіста найбольш уразіла падабенства жыцця людзей 30- х гадоў і гадоў 60-х - пары майго ўласнага дзяцінства, якое таксама праходзіла тут, за нейкую сотню кіламетраў ад Ліды. Трагедыя Беларусі, на мой погляд, у тым, што яе людзі, якія жылі традыцыйным сялянскім ладам з яго здаровым маральным кодэксам, апантанаю працай і любоўю да зямлі, не змаглі перадаць эстафету наступнаму пакаленню - сваім дзецям, уцёкшым у горад ад савецкай вясковай галечы.

Кніга пані Ярмантовіч - проста падарунак гісторыкам. Яна з'яўляецца "зрэзам" часу, амаль фатаграфічнай фіксацыяй моманту жыцця, зразумець якое ва ўсёй яго мнагамернасці і шматграннасці недаступна ніякаму гісторыку.

Алесь Краўцэвіч.


Прысвячаю гэтыя ўспаміны маёй сяброўцы Галіне Свіндар-Смалінскай з Ваўкавыска.


Ліда, бачу цябе вачамі душы маёй. Як наяву вяртаецца да мяне ва ўспамінах прыгажосць твая. Бачу высокія сцены замка Гедыміна, у цяні якіх я жыла і вучылася. Бачу дзве карлікавыя хвоі на замкавым схіле, таямнічыя і абвеяныя легендамі з-за дзіўнай формы іх крон. Як цяпер, стаіць перад вачамі пейзаж з вузкай стужкай ракі Лідзейкі сярод забалочаных сенажацяў, пакрытых мяккім зялёным мохам. Хвалюецца на іх пярэсты дыван, нібы вытканы з тысяч кветак. Чую гаману вялікіх зграй варонаў над алешнікам, калі пад вечар яны рыхтуюцца да адпачынку на высокіх алешынах. Ціхімі летнімі вечарамі з блізкіх сажалак і ракі даносіцца гучнае кваканне жаб.

Ліда мая - месца, дзе я з'явілася на свет, дзе ўпершыню спасцігла чароўнасць царкоўных спеваў у маленькай цэркаўцы на могілках і захаплялася музыкай Баха, Бетховена, Моцарта. Мне здаецца і зараз, што гэтыя гукі назаўжды застылі ў паветры ў цяні замкавых руін над нашай хаткай.

Дабраславёная будзь, Ліда майго дзяцінства!

Ліда - месца вечнага спачынку маіх дзядулі і бабулі. Святыя для мяне іх магілы.

Ліда - месца нараджэння маіх незабыўных бацькоў.

Я шчаслівая, што ў мяне ёсць гэты маленькі кавалачак зямлі, па якім ішлі некалькі пакаленняў маіх продкаў і дзе я - іх маленькая спадчынніца - пакінула сляды сваіх ножак.

Выклікаю ў памяці твары людзей, з якімі мы жылі там адзінай сям'ёй, якія воляй выпадку сабраліся там перад тым, як іх рассеяла па свеце вайна. Вайна, якую чалавецтва само сабе зладзіла. Вайна, якую ўспяваюць паэты, праслаўляюць многія людзі, што не заўважаюць усёй яе жудасці. Чаму людзі нястомна наладжваюць катаклізмы, якія нясуць боль і пакуты? Чаму яны забіваюць адзін аднаго? Хіба годны звання чалавека той, хто забівае сабе падобных?

РАЗДЗЕЛ I

Няпраўда, што чалавек мае вольную волю і толькі ад гэтай вольнай волі залежыць плынь яго жыцця. У сутнасці жыццё - гэта ланцуг выпадковасцяў.

Я не выбірала ні часу, ні месца свайго нараджэння. Ніхто не пытаў, ці жадаю я быць у гэтым свеце. Гэта адбылося паміж Першай і Другой сусветнымі войнамі ў Сярэдняй Еўропе, у Лідзе - горадзе Наваградскага ваяводства. Нарадзілася без права выбару бацькоў, асяроддзя, дзяржавы, кліматычных умоў. Добра яшчэ, што была жаданым дзіцем. Нажаль, чалавек прыходзіць у гэты свет воляю выпадку і часта нечакана для саміх бацькоў. Гэта толькі справа выпадку, што я нарадзілася ў звычайнай любячай сям'і, дзе ніколі не ўзнікала канфліктаў, нават самых нікчэмных. Ні ў аднаго з чальцоў нашай сям'і не было ніякай асабістай трагедыі: усе былі псіхічна і фізічна здаровыя.

Было нас пяцёра: мама, тата, сястра, брат і я - самая малодшая. Чарговасць з'яўлення на свет для дзяцей таксама мае значэнне. Мяне выхоўвалі не толькі бацькі, але таксама старэйшыя брат і сястра. Я іх пераймала, прычым гэта адбывалася як асэнсавана, так і несвядома. Аднак, з усёй адказнасцю сцвярджаю, што мне "ўдалося" нарадзіцца дзіцем цалкам адрозным ад брата і сястры з пункту гледжання псіхікі і духоўных запатрабаванняў. Брат і сястра таксама адрозніваліся адно ад аднаго, як гэта і здараецца ў кожнай сям'і. Бо, не бывае двух абсалютна аднолькавых людзей.

Індывідуальнасці былі навязаны нам зусім незалежна ад нашай волі. Ніхто не прапанаваў нам выбару ні нашых унутраных уласцівасцяў, ні знешнасці. Яны былі дадзены нам аднойчы і на ўсё жыццё. Людзі ніколі не бачаць сябе з боку ва ўсёй паўнаце і таму не могуць мець аб'ектыўнай самасвядомасці. Успамінаецца вядомая прымаўка: "У чужым воку парушынку бачыш, а ў сваім бервяна не заўважаеш". Гэта прымаўка выклікае ў маёй памяці адзін візіт у нашу хату пані Цвалінавай, сяброўкі маёй мамы. Пра гэтую жанчыну ў мяне засталіся самыя прыемныя ўражанні. Яна прыходзіла даволі часта, прычым заўсёды адна, без дзяцей і мужа. Я не ведала, дзе яна жыве, не ведала, як мама з ёй пазнаёмілася. Мама заўсёды прымала яе ў вялікім пакоі. З прыходам пані Цвалінавай на авальным стале пасярэдзіне пакоя з'яўляліся варэнне і гарачы чай. Варэнне ў нас падавалі ў цудоўнай вазачцы цёмна-зялёнага шкла, з якой госці перакладалі яго сабе ў маленькія кубачкі такога ж колеру. У іх на дне быў малюнак ягады трускалкі. Чай падаваўся ў шклянках, але пілі яго са сподкаў. Гэты ўсходні спосаб чаявання трымаўся ў нас да самай вайны. Дык вось, падносячы свой сподак да вуснаў аберуч, пані Цвалінава з вялікай спагадай выказвала заўвагі адносна мамчынай постаці.

- Як ты паправілася - некалькі разоў паўтарала яна. - Якая тоўстая стала! Ты павінна больш клапаціцца пра свой знешні выгляд!

Маму відавочна бавілі гэтыя заўвагі з боку асобы не меней поўнай, чым яна сама, і нарэшце яна не вытрымала.

- Мы можам памерацца і параўнаць нашы габарыты. Ты ўбачыш, што ніколькі не танчэй за мяне.

Перайшоўшы ад слоў да справы, мама прынесла кавалак вяроўкі, абедзве жанчыны памералі аб'ём стану і сцёгнаў і мама выйграла гэты міні-конкурс. Яе сяброўка проста не магла паглядзець на сябе з боку крытычным поглядам, затое мама ў яе заўсёды была перад вачамі. Мы, людзі, забываем пра тое, што нашы вочы ўладкованы дзіўным чынам. Яны маюць абмежаванае поле агляду і не прыстасаваны, як мне здаецца, да таго, каб добра бачыць нас саміх. Іх функцыяй з'яўляецца фіксацыя рэчаў і з'яў навакольнага свету. Люстэрка дапамагае людзям пераадольваць гэты недахоп, але не да канца.

Пані Цвалінава памерла на пачатку вайны.

Я патрохі дазнавалася пра сваю знешнасць.

- У яе вялікія чорныя вочы, - некалькі разоў казалі пра мяне ў маёй прысутнасці.

- У цябе квадратны твар, - кінуў неяк у мой адрас брат, не імкнучыся быць асабліва далікатным.

- Не, у цябе зусім не вялікая галава, - супакойваў мяне бацька. - Наадварот, маленькая.

- У цябе ідэальны рост, - сцвярджалі бацькі. - Дрэнна быць маленькай, высокай таксама нязручна. А ты ў самы раз.

Мне было цяжка ў той час паверыць падобным запэўненням, паколькі ва ўсіх маіх любімых кнігах паўтараўся іншы тып дзяўчыны - кідкай, заўсёды смуглай і высокай. А бацькі сцвярджалі чамусьці, што самы аптымальны рост - сярэдні. Іх меркаванне, як і шмат іншых, я ацаніла па добрай шкале нашмат пазней.

- У цябе прыгожы стан, тоненькая ў поясе, - сказала адна з маіх цётак. Шчырасць у яе голасе была непадробнай!

Усе гэтыя заўвагі адносна маёй знешнасці глыбока запалі ў памяць. Пра маю сястру казалі, што яна невысокая, таму не можа лічыцца прыгажуняй, і яшчэ ў яе некалькі даўгаваты нос. Тымі ж асаблівасцямі адрознівалася і наша мама. Знешнасць нашага брата не каментавалася. Ён быў звычайным падлеткам з цёмнымі валасамі і чорнымі вачамі. Мы з ім абое былі падобныя на бацьку. У тыя часы, перад Другой сусветнай вайной, моладзь звычайна была невысокай. Гэта пацвярджае і Карнелій Макушынскі ў адной са сваіх аповесцяў: яго герой, малады хлопец дасягаў 180 см росту і ў сілу гэтага лічыўся аўтарам волатам. У сучасных хлопцаў такі рост звычайна не лічыцца занадта вялікім.

Нашы знешнія рысы былі выпадковымі спалучэннямі рысаў бацькоў, мы не выбіралі іх сабе самі. Нам іх прадыктавалі... Яшчэ больш дзіўным збегам акалічнасцяў, незалежных ад нашай волі, былі нашы рысы характару і духоўныя запатрабаванні. Я, нічога не ведаючы пра гэта, нарадзілася тыповым інтравертам.

Хто такі інтраверт? Гэта асоба, якая жыве ў свеце ўласных летуценняў і ідэалаў і не турбуецца пра рэчы, якія існуюць па-за ёй. Тыповы інтраверт - спакойны чалавек, зулюбёны ў кнігі, утойлівы, часта песіміст, да жыцця ставіцца вельмі сур'ёзна, загадзя складае жыццёвыя планы, любіць спакой і парадак. Не пераносіць усякага роду змен. Усталяванне кантакту з людзьмі дастаўляе яму цяжкасці, таму ён не можа заводзіць сяброў.

Для параўнання тут варта апісаць рысы экстраверта. Гэта чалавек, які больш цікавіцца тым, што адбываецца вакол яго, чым уласнымі думкамі і адчуваннямі. Тыповы экстраверт любіць кампаніі, сустрэчы, прыёмы, мае шмат прыяцеляў, само самой, не любіць чытання ці вучобы ў адзіноце. Хуткі, імпульсіўны, як правіла аптыміст, часта агрэсіўны. Ахвотна ўносіць у сваё жыццё ўсякія змены і гатовы падвяргаць сябе рызыцы. Любіць смяяцца, але лёгка губляе вытрымку і ўпадае ў гнеў. На яго не заўсёды можна спадзявацца.

Усе пералічаныя вышэй рысы інтраверта я знаходзіла ў сабе, а пазней у вобразе Таццяны з "Яўгена Анегіна" А. Пушкіна. Паэт жыў на сто гадоў раней за мяне, напэўна, не ведаў згаданай дэфініцыі, аднак здолеў праўдзіва апісаць псіхіку сваёй гераіні. Для мяне гэта застанецца таямніцай яго генія:


"Итак, она звалась Татьяной

Дика, печальна, молчалива.

Как лань лесная боязлива.

Она в семье своей родной

Казалась девочкой чужой.

Она ласкаться не умела

К отцу, ни к матери своей.

Дитя сама, в толпе детей

Играть и прыгать не хотела,

И часто, целый день одна

Сидела молча у окна.

Задумчивость, ее подруга

От самых колыбельных дней.

Теченье сельского досуга

Мечтами украшала ей.

Ее изнеженные пальцы

Не знали игл, склонясь на пяльцы.

Узором шелковым она

Не оживляла полотна.

Охоты властвовать примета,

С послушной куклою дитя

Приготовляется шутя

К приличию, закону света

И важно повторяет ей

Уроки маменьки своей.

Но куклы даже в эти годы

Татьяна в руки не брала;

Про вести города, про моды

Беседы с нею не вела.

И были детские проказы

Ей чужды; страшные рассказы

Зимою, в темноте ночей,

Пленяли больше сердце ей".


Я была тыповай Таццянай. Адмоўныя наступствы гэтага тыпу псіхікі я адчувала ўвесь час, бо з-за прыроджанай нясмеласці з дзіцячых гадоў увесь час трывала няўдачы, калі была змушана ў рэальным свеце сустракацца з экстравертамі. Іхні, чужы для мяне, стыль жыцця і характар рэакцыі кожны раз выклікаў у мяне здзіўленне. Дзякуючы ім я была абыдзенай і падпарадкаванай чужому ўплыву, што не магло мне падабацца. Выдраная са свайго свету "мрой і ідэалаў", я станавілася безабароннай і нямоглай, як рыба, выкінутая на пясок, як слімак, пазбаўлены сваёй шкарлупіны. Сваю нясмеласць і марудлівасць рэакцыі я адчувала як пакутлівы недахоп. Хоць я не выбірала сабе гэтых рыс характару і ахвотна памяняла б іх на супроцьлеглыя, якія мне імпанавалі больш. Цяжка чалавеку вольнага стылю жыцця зразумець чалавека нясмелага, сталая ўнутраная напруга якога і збянтэжанасць у крайніх выпадках даводзіць да немінучага фіяска.

З дзяцінства запомніла адзін непрыемны для мяне выпадак. Я была запрошана на імяніны да школьнай сяброўкі - аднакласніцы. Яна жыла ў заможнай частцы горада на Ферме (у раёне сучаснага рынка). Мама забяспечыла мяне цукеркамі і апранула ў святочную сукенку. Яна вельмі здзівілася, калі я вярнулася неўзабаве пасля сыходу і занепакоена спытала:

- Што здарылася? Чаму ты так хутка вярнулася?

Не памятаю ўжо якія словы я казала ў сваё апраўданне. Мама мяне зразумела і хутка супакоіла. Сумняваюся, аднак, што я была тады ў стане перадаць ёй сутнасць маіх адчуванняў.

А было ўсё так. У самым пачатку свята, пакуль яшчэ госці не ўселіся за стол, мяне запрасілі пагуляць у мяч на вуліцы, што мне заўсёды падабалася. Адзін хлопчык, старэйшы за мяне, кідаў мяч, а я лавіла. Мабыць, атрымлівалася нядрэнна, і яму гэта чамусьці не спадабалася. Ён пачаў кідаць усё мацней і мацней. Ловячы яго на грудзі і прыціскаючы аберуч я пачала адчуваць боль. Адначасова паўстала адчуванне, што нада мной збіраецца нейкая варожасць. Неўзабаве гэта варожая атмасфера згусцела да такой ступені, што нечакана, пад уплывам унутранага імпульсу, я кінула мяч, выбегла праз вароты і пабегла далей ад гэтага двара з такой шпаркасцю, як быццам за мной гналіся.

Ззаду даносіліся крыкі:

- Вярніся! Вярніся! Куды ўцякаеш?

На бягу я азірнулася. Каля варот стаялі дзеці і падавалі мне знакі вярнуцца. Але спынілася я толькі каля сваёй хаты. Мне было сорамна, я адчувала, што паступіла няправільна. Адначасова штосьці падказвала мне, што я не заслугоўваю ніякага пакарання, бо дзейнічала пад уплывам імпульсу, выкліканага маім дрэнным самаадчуваннем, і гэта дрэннае самаадчуванне было дастатковым "пакараннем". Іншым адмоўным наступствам замкнёнасці ў сабе, мне здаецца, быў недахоп зрокавай памяці, а, значыць і няздольнасць да запамінання дэталяў атачаўшага мяне асяроддзя. Спытаная мінаком пра размяшчэнне якой-небудзь вуліцы, далёкай ад хаты, я тады (і зараз таксама) надоўга задумвалася. Хоць большасць мінакоў, спыненых на вуліцы, тут жа даюць дакладны адказ. У мяне ўзнікалі вялікія цяжкасці, калі даводзілася маляваць што-небудзь па памяці. Мне здаецца, здольнасці да малявання засноўваюцца як раз на зрокавай памяці. Узнаўляючы нейкі вобраз, мастак нібы бачыць яго перад сабой.

Затое мой брат меў здольнасці да малявання і, напэўна, не быў інтравертам. Ніколі не бачыла яго пагружаным у роздумы, ці вырашаўшым нейкія праблемы. Здавалася, ён наогул не думае, а проста імгненна прымае рашэнне. Ён не любіў вучыцца, хоць на нашым вялікім вучнёўскім стале меў сваё месца і валодаў таксама вялікай скрыняй для школьнага начыння. Здавалася, што ён ніколі ім не карыстаўся. За гэтым сталом сядзелі толькі мы з сястрой, як жывое ўвасабленне сістэматычнасці і адказнасці. Аднак, у далёкай будучыні аказалася, што педантычнасць і стараннасць у падрыхтоўцы ўрокаў не гарантуюць поспехаў у жыццёвай кар'еры. А наш брат, стаўшы дарослым, заўсёды займаў адказную пасаду галоўнага бухгалтара на буйных прадпрыемствах. Ён не апускаўся ў "свет летуценняў і ідэалаў", бо такое апусканне перашкаджала прыняццю хуткіх рашэнняў. Што да кантактаў з іншымі людзьмі, то застаючыся сціплым і непратэнцызійным, ён не праяўляў нясмеласці і не меў цяжкасцяў у знаходжанні агульнай мовы з калегамі. Брат праяўляў схільнасць да малявання карыкатур. Матэрыялам яму служылі старонкі кніг і сшыткаў. З іншага боку, здавалася, што ён зусім пазбаўлены пачуцця прыгажосці ці якіх-небудзь эстэтычных запатрабаванняў. Я лічыла такі збег акалічнасцяў абуральнай несправядлівасцю і нават бяссэнслўнасцю, калі адсутнічаюць духоўныя запатрабаванні пры наяўнасці відавочных задаткаў да творчасці. У той час як я мела вялікае запатрабаванне мастацка выяўляць свае пачуцці і адчуванні пры поўнай, як мне здавалася, адсутнасці здольнасцяў.

Нашы вонкавыя рысы былі выпадковым наборам рыс бацькоў. Таксама незалежна ад нашай волі выявіліся рысы нашага характару. Сястра ўспадкавала ад маці разумны сэнс і жыццёвую энергію, а таксама, як высветлілася пазней, самую важную ў жыцці рэч - шчасце ў шлюбе.

Наша мама паходзіла з беднай сялянскай сям'і, якая жыла ў Росляках. У яе сям'і было сямёра дзяцей: тры сыны (адзін трагічна загінуў у дзяцінстве) і чатыры дачкі. Дык вось, усе дочкі, выйшаўшы замуж, зрабілі выдатныя партыі, не маючы, ні пасагу, ні жылля, ні вялікай адукацыі (акрамя пачатковай), ні асаблівай прыгажосці. Іх мужы ці ўжо мелі, ці набылі пазней добрыя прафесіі, усе былі прыстойнымі людзьмі, усе забяспечылі жонкам пачуццё надзейнасці і досыць высокі жыццёвы ўзровень.

Самая старэйшая, Надзя - мая мама - выйшла замуж за маладога годнага мужчыну па прафесіі чыгуначнага машыніста. Яна перайшла з Раслякоў да замка Гедыміна і пасялілася з мужам у хаце яго сваякоў.

Цётка Вера сустрэла на сваёй жыццёвай дарозе вельмі добрага чалавека, вайсковага механіка-матацыкліста, які служыў у 5-ым лётным палку, і жыла спачатку ў Парубанцы, а пазней у Вільні. За некалькі гадоў да вайны яны пабудавалі сабе хату ў Расляках. З'яўляючыся на прыгожым матацыкле з каляскай перад нашай хатай, яны з мужам прыцягвалі да сябе ўсеагульную ўвагу. Памятаю, я, як у люстэрка, глядзелася ў нікеляваную паверхню бензінавага бака. На гэтым матацыкле цётка разам з мужам удзельнічала ў мотапрабегах у якасці штурмана.

Наступная па гадах цётка Марыя - самая прыгожая і непадобная на астатніх сясцёр, калі выходзіла замуж не магла быць задаволенай сацыяльным становішчам свайго мужа - ён як раз сыходзіў у войска. Затое пазней, дзякуючы здольнасцям і практычнай кемнасці яе муж стаў каморнікам і забяспечыў сваёй жонцы дабрабыт і спакойнае жыццё.

Самая малодшая - цётка Алена, зрабіла, здавалася б, самую выгадную партыю. Яе мужам стаў малады прыстойны і адукаваны для таго часу мужчына. Ён меў гандлёвую адукацыю і працаваў бухгалтарам. Закахаўся ў яе з першага позірку, не паглядзеў на адсутнасць адукацыі, вясковае паходжанне, на простую хату пад саламяным дахам, дзе ім давялося потым жыць. Аднак прабылі разам яны нядоўга. Ён загінуў падчас вайны там жа ў Расляках, забіты ўласаўцамі.

Не паглыбляючыся ў падрабязнасці лёсаў маіх цётак, не пра тое гаворка, скажу толькі, што ўсе яны атрымалі ад сваіх мужоў так званае шчасце. Прычым, без якіх-небудзь заслуг са свайго боку, сустрэўшы на жыццёвым шляху станоўчых і годных мужчын. Было гэта справай шчаслівага выпадку. Гэтулькі годных мужчын у адной сям'і Размілевічаў пры агульным іх недахопе ў свеце!

Гэта нагадвае мне пачутую значна пазней падобную гісторыю з оперы Станіслава Манюшкі "Страшны двор". Гэты двор быў названы страшным таму, што з яго дзевяці жыхарак, дзяўчат на выданне, усе выйшлі замуж адна за другой без пасагу, выклікаючы праклёны ў навакольных маці, якія мелі дарослых дочак. Мае цёткі не толькі не мелі пасагу, у іх не было нават маці, якая дапамагла б ім. Яна памерла ад тыфу ў 47 гадоў, калі маёй маме ледзь споўнілася 17 гадоў.

Таму ў маім разуменні сястра, таксама як і брат, успадкавалі ад нашай мамы адмысловае шчасце на адданых кахаючых і верных сужэнцаў. Затое я з усёй відавочнасцю не была адорана такім шчасцем, таксама, як і сваякі майго бацькі. Напрошваецца вядомая руская прымаўка: "Не нарадзіся прыгожай, а нарадзіся шчаслівай".

(Працяг у наступным нумары.)

* Е. Ярмонт. В ТЕНИ ЗАМКА ГЕДЕМИНА. Воспоминания детства. Лида, 1995.

Фарны касцёл у Лідзе

Леанід Лаўрэш

(Дадатак. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Дзякуючы рэстаўрацыі, праведзенай у канцы 1980-х - пачатку 1990-х гадоў, касцёл знаходзіцца ў добрым стане. Яго наваколле зведала значныя змены пасля зносу цаглянай агароджы з познебарочнай брамай з вуліцы Віленскай (Савецкай) і будынка плябаніі, размешчанага ў паўночна-заходняй частцы вялікай касцельнай тэрыторыі.

Алтары знаходзяцца ў добрым стане, хоць іхняя цяперашняя каляровая гама значна адрозніваецца ад арыгінальнай - блакітна-ружовай. Каваны амбон, на жаль, пафарбавана алеем і зведаў іншыя радыкальныя змены. Тым не менш, ён і цагляныя алтары з'яўляюцца элементамі, якія даюць уяўленне пра ўнутранае ўбранне з 1770 г.

Пасля Другой сусветнай вайны касцёл працягваў працаваць, дзякуючы чаму захаваліся прадметы мэблі, у тым ліку прадметы з іншых касцёлаў Ліды, такія як карціна "Уцёкі ў Егіпет" і манстранцыя, падораная ў 1930 г. ад неіснуючай цяпер капліцы на вайсковых могілках, а таксама рэліквіі з былога кармеліцкага касцёла, сярод якіх, хутчэй за ўсё, ёсць некаторыя барочныя скульптуры і ажурныя рамы з разьбой. Аднак літургічнае начынне (зафіксаванае ў 1995 г.) не захавалася.


Аўтарства барочнага касцёла з'яўляецца спрэчным пытаннем. Імя Іягана Крыштафа Глаўбіца часта згадваецца ў якасці меркаванага архітэктара касцёла, не толькі ў навукова-папулярных даследаваннях, але таксама і ў навуковых артыкулах і энцыклапедыях. Імя гэтага найвыдатнейшага архітэктара віленскага барока згадваецца ў тастаманце біскупа Міхала Зянковіча ад 1761 г., у якім выканаўцам тастаманту рэкамендуецца пабудаваць новы касцёл у Лідзе.

Біскуп Зянковіч памёр 23 студзеня 1762 г., а будаўніцтва мураванага парафіяльнага касцёла ў Лідзе пачалося толькі ў 1765 г. Праз два гады, 30 сакавіка 1767 г., Глаўбіц памёр. У гэтым выпадку стылістычны аналіз формаў фарнага касцёла не можа быць эфектыўным інструментам, арыгінальнай засталася толькі канструкцыя прэзбітэрыя 1765-1770 гадоў, астатнія ж часткі - фасад і бакавыя фасады сталі вынікам перабудоў з апошніх гадоў XVIII ст. Першапачаткова фасад меў дзве трохпавярховыя вежы, ніжнія часткі якіх захаваліся да нашых дзён. Варта таксама адзначыць, што ўжо праз сем гадоў пасля яго завяршэння будаўніцтва касцёл знаходзіўся ў дрэнным стане, а дэфекты пагражалі сур'ёзным пашкоджаннем або нават абвальваннем скляпення з-за выкарыстання дрэнных матэрыялаў і несумленнай працы муляроў. Праўда, і дзве іншыя пабудовы Глаўбіца абваліліся (вежы віленскіх катэдры і ратушы), але гэта, хутчэй за ўсё, адбылося не з-за адсутнасці прафесіяналізму ці халатнасці. Глаўбіц ніколі не прысутнічаў на будаўніцтве касцёла ў Лідзе, але калі б ён зрабіў праект, дык, безумоўна, хаця б зрэдку кантраляваў бы ход будаўнічых работ, вядома, толькі да сваёй смерці ў 1767 г.

Варта таксама адзначыць, што біскуп Зянковіч толькі рэкамендаваў наняць Глаўбіца ў сваім тастаманце, і гэта патрабаванне выканаўцы не былі абавязаны выконваць. Нягледзячы на тое, што сума, выдзеленая біскупам (50 000 тынфаў і 7 500 чырвоных злотых) была даволі значнай, магчымасці падрадчыкаў і ў першую чаргу віленскага суфрагана Томаша Зянковіча, былі, безумоўна, далёкімі ад тых, якія меў Міхал Зянковіч. І таму шанцы наняць Глаўбіца былі малымі.


Асаблівай увагі ў лідскім фарным касцёле заслугоўвае прыгожы амбон у стылі ракако, які мае форму ажурнага каванага кошыка. Ён належыць да групы амбонаў, верагодна, вырабленых адной і той жа, на жаль, дагэтуль ананімнай, майстэрняй для трох кармеліцкіх касцёлаў: святой Тарэзы ў Вільні, у Магілёве, у Глыбокім (пасля скасавання ордэна, амбон перанесены ў мясцовы парафіяльны касцёл) і ў парафіяльным касцёле ў Варнянах (не захаваўся). Убранне касцёла святой Тарэзы ў Вільні, у тым ліку і амбон, было створана паміж 1763 і 1765 гг. Такім чынам, здаецца, што гэтая віленская праца магла стаць узорам для серыі падобных амбонаў. Ананімная майстэрня, магчыма, паходзіла са сталіцы Вялікага Княства Літоўскага, і паспяховы першы праект у прэстыжным месцы (тут у капліцы, прылеглай да манастыра, знаходзіцца абраз Маці Божай Вострабрамскай) прывёў да серыі наступных заказаў.

Галоўны алтар у стылі позняга барока мае некаторыя агульныя рысы з галоўным алтаром у былым дамініканскім касцёле ў Сейнах (верагодна, з 1760-х гг.). Відавочныя падабенства таксама бачныя ў дызайне акулюса, аблямаванага ляпнымі аблокамі (круглай адтуліны ў сцяне, праз якую ўнутр пранікае святло).

Характэрным матывам познебарочных алтароў з'яўляецца афармленне капітэляў акантавым арнаментам. У віленскай барочнай архітэктуры мы можам знайсці гэты матыў у Беразвеччы, у касцёле Святога Духа ў Вільні (калоны ў бакавых алтарах), у касцёле святой Тарэзы ў Вільні (калоны ў галоўным алтары), у былым дамініканскім касцёле ў Сейнах (калоны ў галоўным алтары). Такое шырокае распаўсюджванне (па-за межамі Віленшчыны гэты матыў выкарыстоўваўся, напрыклад, Янам дэ Вітэ ў дамініканскім касцёле ў Львове) сведчыць пра тое, што такі матыў стаўся ўзорным - ён быў натхнёны дызайнам капітэляў Крысціяна Фрыдрыха Рудольфа (1692-1754, аўгсбургскі дызайнер алтароў і архітэктар) у кнізе выдадзенай у Аўгсбургу. Мы ведаем, што так званыя Аўгсбургскія ўзорныя кнігі мелі на нашай тэрыторыі вялікі ўплыў.


Скульптуры галоўнага алтара Лідскай фары даволі цікавыя, з характэрнымі вуглавата-ламанымі шатамі. Нягледзячы на стройныя прапорцыі, гэтыя фігуры нельга класіфікаваць як даволі рэдкі на Віленшчыне стыль ракако, які пачынаецца ў ляпной скульптуры пасля 1760 г. Ляпныя скульптуры ў бакавых алтарах, на жаль, з'яўляюцца толькі аддаленым водгукам арыгінальных, яны былі зроблены ў 1909 г. падчас рэканструкцыі, праведзенай віленскай майстэрняй Юзафа Сыпнеўскага і Францішка Гайкоўскага.

З першапачатковага ансамбля захаваліся дзве фігуры, якія калісьці ўпрыгожвалі галоўны алтар - святы Казімір і святая Зоф'я. Яны пералічаны ў інвентары ад 1882 г. Стылістычна гэтыя скульптуры не маюць нічога агульнага з тамтэйшымі фігурамі святых Пятра і Паўла.

Скульптура святога Станіслава, якая першапачаткова ўпрыгожвала галоўны алтар, з'яўлялася сапраўдным творам мастацтва і, хутчэй за ўсё, страчана назаўжды. Дзве фігуры анёлаў (невядомых святых?) на валютовых кансолях 1 - творы позняга барока першай паловы XVIII ст. Немагчыма сказаць, ці паходзяць яны з ранейшага драўлянага парафіяльнага касцёла, ці з лідскага касцёла кармелітаў. Да больш ранніх твораў, якія стылістычна належаць да ман'ерызму, можна аднесці фігуру святога Яна Евангеліста і галаву анёла. Асаблівую цікавасць выклікае адзенне святога Яна, мудрагеліста выразанае з дрэва. Зноў жа, нічога нельга сказаць пра паходжанне гэтых скульптур.


Сярод карцін найстарэйшая - "Маці Божая Ружанцовая", якая сярод мясцовых вернікаў асацыюецца з цудатворным абразом, прывезеным у Ліду францысканцамі з Візнаў. Як я ўжо пісаў вышэй, найважнейшым фактам у кантэксце гісторыі цудатворнага абраза з'яўляецца тое, што ў Візнах ніколі не было францысканцаў, а ў 1366 г. там нават не было касцёла, а мелася толькі капліца. Прыход тут заснаваны каля 1390 г.

Аднак, магчыма, францысканцы, накіроўваючыся ў тагачасную паганскую Літву, спыняліся ў Візнах, якія тады былі памежным горадам. Усё сведчыць пра тое, што гэта непацверджаная, аднак увесь час неўміручая гісторыя - толькі легенда, што пацвярджаецца і тым фактам, што інвентары XVII і XVIII ст. утрымліваюць супярэчлівыя звесткі, якія ідэнтыфікуюць сюжэт абраза як Дабравешчанне ці як Маці Божую Ружанцовую. А такі абраз мог быць створаны толькі пасля заснавання Ружанцовага брацтва, зацверджанага біскупам Яўстафіем Валовічам у 1627 г. Ніводзін з ранейшых абразоў лідскіх касцёлаў не захаваўся, і няма падстаў лічыць сучасны абраз Маці Божай Ружанцовай дакладным паўторам цудатворнага. Стылістычны аналіз дазваляе датаваць яго мяжой XVII/XVIII ст. Такім чынам, магчыма, што гэта той самы абраз, які знаходзіўся ў галоўным алтары старой драўлянай фары. Улічваючы, што пасля вайны 1655-1661 гг. фарны касцёл быў цалкам разбураны і яго давялося аднаўляць, амаль напэўна, што старыя касцельныя рэчы не захаваліся. Цудатворны абраз, калі ён існаваў і калі ён перажыў папярэднія разбурэнні, напрыклад, канца XIV і пачатку XV ст., верагодна, знік у XVII ст., а новы быў вольным спіскам папярэдняга. Магчыма таксама, што францішкане не прывезлі з сабой ніякіх абразоў і легенда была выклікана толькі драматычным лёсам пазабіваных першых францішканаў у Лідзе.

Усе астатнія абразы ў касцёле - пазнейшыя. Найлепшым з іх з'яўляецца, да нядаўняга часу ананімны, а зараз вядома, што пэндзля Смуглевіча, абраз святой Тэклі першай чвэрці XIX ст., блізкі да віленскага класіцызму, стылю, у якім рэлігійныя тэмы сустракаюцца даволі рэдка.

Юзаф Азямблоўскі, больш вядомы як графік і літограф, у 1847 г. дадаў да сваёй творчай спадчыны алейную копію цудатворнага абраза Маці Божай Вострабрамскай. Сярод шматлікіх абразоў на Віленшчыне гэта адзін з самых старажытных, а каштоўнасць лідскай копіі павышаецца тым, што Азямблоўскі маляваў надзвычай рэдка, зараз вядома толькі некалькі такіх яго прац. Аднак майстэрня Азямблоўскага стварыла шмат літаграфічных святых выяваў, а сам Азямблоўскі ў 1840 г. стварыў літаграфію, якая была дакладнай копіяй гэтага цудатворнага абраза.

Сярод іншых абразоў варта адзначыць працы двух мастакоў: Мікульскага ("Святы Казімір", 1853 г.) і Мірскага. Абраз Мірскага "Святы Станіслаў уваскрашае Пятровіна 2 ", хоць і стылістычна створаны запознена, бо ён вяртаецца да перыяду класіцызму першай чвэрці XIX ст., але мае цалкам здавальняльную якасць.

Сучасныя арганы ў стылі неарэнесансу паходзяць з варшаўскай фірмы Адольфа А. Гомана і Станіслава Езерскага. Вызначыць год іх пабудовы даволі складана. Кароткія запісы аб дзейнасці гэтай фірмы даюць часам супярэчлівыя звесткі. Аднак Адольф А. Гоман кіраваў фірмай толькі каля 1923 года. Таму датаванне сучаснага аргана ў Лідзе можна вызначыць у межах 1908-1935 гг.

Неараманскія стацыі (крыжовыя шляхі) фарнага касцёла паходзяць з вядомай познанскай фірмы Юзафа Шпяткоўскага (якая таксама мела філіялы ў Варшаве і Вільні). Ідэнтычныя можна знайсці ў парафіяльных касцёлах Белагруды, Вялікай Бераставіцы, Старых Васілішах і Забалаці.

Сярод літургічнага начыння два прадметы датуюцца XVIII ст. Рэліквіяр 3 Святога Крыжа, верагодна знаходзіўся ў папярэднім драўляным касцёле, які існаваў да 1765 г. Другі, манстрацыя 4 ў стылі ракако, датуецца трэцяй чвэрцю XVIII ст. і магчыма таксама паходзіць з папярэдняга або зроблены спецыяльна для новага мураванага касцёла. Некалькі крыху пазнейшых, падпісаных прадметаў паходзяць з вядомых майстэрняў. Адным са старажытных вырабаў з'яўляецца гладкі келіх 5 у стылі барока-класіцызму, выраблены віленскім злотнікам Леапольдам Крупінскім каля 1820 г. Іншым творам віленскіх ювеліраў з'яўляецца неаракаковы рэліквіяр святога Францішка Асізскага з майстэрні Міхала Невядомскага. Таксама маюцца тры цікавыя прыклады неагатычнага ювелірнага мастацтва: пушка 6 першай чвэрці XX стагоддзя і келіх, які датуецца 1920-мі гг., выраблены ў вядомай варшаўскай фірме "Норблін, Вернер і С-кі" (фірма працавала ў 1864-1939 гг.), а таксама адносна новая рэч - пушка пачатку XX ст., вырабленая ў кракаўскай майстэрні Францішка Капачынскага, якая дзейнічала ў першай чвэрці ХХ-га стагоддзя. Яна была прывезена ў 1934 г. кракаўскімі піярамі, да якіх тады належала парафія ў Лідзе. Варшаўская ювелірная справа таксама прадстаўлена рэліквіярамі святога Казіміра, святога Урбана Пакутніка і святога Пакутніка, вырабленымі ў малавядомай майстэрні Аляксандра Яскульскага, якая дзейнічала каля 1900 года.

1 Кансоль - выступ у сцяне ці ўмацаваная адным канцом у сцяне бэлька, яка падтрымлівала карніз, балкон, галерэю, фігуру, вазу ці інш.

Валюта (завіток, спіраль) - пластычнае аздабленне ў выглядзе спіральнага завітка.

2 Пятровін (Piotrowin) - герой польскай агіяграфічнай легенды, вядомай з "Жыцця Святога Станіслава", напісанага Вінцэнтам з Кельчы.

3 Рекліквіяр - рэліквіярый, ёмкасць для захоўвання каштоўных рэліквій, якія маюць сакральнае значэнне.

4 Манстрацыя (дараносіца) - спецыяльны посуд для Святых Дароў, якую выкарыстоўваюць, каб здзейсніць Сакрамант саборавання цяжкахворым.

5 Келіх - пацір.

6 Даразахавальніца.

У Вільні і літоўскіх дварах, успаміны 1815 - 1843 гадоў*

Габрыэля Пузыня

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)


Дзіцячага голасу амаль што не чутно, але з-пад плакучай вярбы раздаецца голас і словы, адпаведныя рухам, а пад зялёнымі галінамі бялее белая постаць …


Раптам чуецца грукат, едуць па дарозе вазы,

І наперадзе знаёмы воз …


Што можа нагадаць гэтыя вобразы лепей за словы балады, нават коні быццам зразумелі справу і па-сапраўднаму спалохаліся. А калі старэйшы разбойнік з усім неабходным драматызмам сыграў сваю ролю, задаволены дзядзька Тызенгаўз спытаў у нашага лакея Пятра: "Гэта Шмідкоф?". Разбойнікамі былі дваровыя, апранутыя ў чырвоныя кашулі з накладнымі бародамі, узброеныя кухоннымі нажамі. Дзяцей дала жонка сумленнага каваля, бацька быў галоўным, а голасам з-пад куста - я. Але, падобна, найбольшы ўнёсак ў падкрэслена-сумны змест зрабіла мясцовасць.

Дзень, які пачаўся з нечаканасці, павінен быў скончыцца серыяй нечаканасцяў, і адразу пасля балады мы рушылі да Бучынскіх.

Болкава - Эльдарада для гасцей, асабліва для маладых. Маладыя і ветлівыя гаспадары, дом поўны кветак, сад, свабода, смачныя вячэры, адборная садавіна, мноства гравюр на сталах, адным словам, усё, што заўгодна. На гэты раз у садзе з'явілася гойданка, якой раней не было і якую мы дарэмна прасілі ў Дабраўлянах, але мама не жадала мець у сваім садзе тое, што яна называла шыбеніцай. Як мы радасна закрычалі, калі ўбачылі гэты сюрпрыз! З абеду і да заходу сонца неверагодныя палёты ў паветра - ніколі за хутка і ніколі за высока! Позна вечарам гаспадыня з вельмі натуральнай мінай прапанавала прагуляцца перад гарбатай. Ніхто і не падумаў, як не проста было адарваць усю кампанію ад вісту і гойданкі і накіраваць гэтага рознакаляровага змея ў невядомы раней бок саду, які мы называлі "садам пані падсталіны (жонкі падстолія)", бо як у "Пане падстоліі" Красіцкага, кветкі і хмызнякі маскіравалі тут градкі з празаічнай гароднінай. Сад межаваў з фальваркам, а фальварак з гаем і лугам. З гаю вецер даносіў далёкія гукі дуды, расчуленая панна д'Івернуа ўспомніла сваю радзіму і пайшла хутчэй, а за ёй і ўсе астатнія.

Гаспадыня гэтага і хацела. Пры ўваходзе ў гай, на невялікім узгорку стаяла хаціна з ладнай малочніцай-швейцаркай, ля яе ног пастух дуў у дудку. Пры ўваходзе ў хаціну меўся надпіс па-нямецку "Пад незабудкай". Дзядзька Тызенгаўз загаварыў з цалкам незнаёмай маладой малочніцай па-нямецку, бо думаў, што гэтак раскрые ўяўную швейцарку і саму гаспадыню. Як жа ён здзівіўся, калі яна чыстай і правільнай нямецкай мовай адказала на яго камплімент. "Ну і ну", - падумаў дзядзька і пакруціў галавой, і працягнуў бы размову з разважлівай малочніцай, але нехта ў кампаніі азірнуўся і ўбачыў намёты і сталы, пастаўленыя на лузе сярод букаў. Зацікаўленыя, усе пайшлі туды.

Пад маркізамі з палатна, у сваім характэрным, як галоўка цукру, чапцы, мітусілася вакол стала з гарбатай румяная нармандка. Дзядзька, апёкшыся на халодным малацэ, хацеў астудзіцца гарачай гарбатай і падышоў да гожай нармандкі з шыльдай "Удава Ле Ру" і па-французску папрасіў шклянку гарбаты. "S'i1 vous plait, Monsieur le Comte va etre servi tout a l'heure", ( фр. "Калі ласка, пан граф, але гарбата будзе пададзена пазней!". - Л. Л.), - адказала маркітантка з парыжскім акцэнтам. Дзядзька ў жаху адскочыў: "Што гэта? Гэта вавілонская вежа?" - сказаў ён, шукаючы вачамі гаспадыню. "Адкуль узяліся гэтыя чужаземкі?" - спытаў здзіўлена, не падазраючы, што мая сястра знайшла абедзвюх пад сваім дахам. Швейцарка - аптэкарка панна Фрэй, францужанка - нянька, якая прыехала з Безансона. Нас зацікавілі барабан і дуда сярод дрэў у глыбіні гаю, дзе ў маляўнічых касцюмах адпачываў натоўп цыганоў - старых і маладых, жанчын і дзяцей, а перад імі ля ручая, прыгожая брунетка ў яркай спадніцы з чорнымі косамі, абапіралася ножкай на камень і павярнуўшы галаву, паіла са збана чалавека з жудасным тварам, які выглядаў з-за дрэва... "Эсмеральда і Квазімода!" - закрычалі мы ўсе разам і нават не ўбачылі белай коўдры, павешанай над Фебам, які распасцёрся на траве. Усім здавалася, што ажыла, паўстала цудоўная літаграфія Грэўдана з вобразамі Віктора Гюго, якую бачылі гадзіну таму! Удзячны хор акружыў стваральніцу гэтых сюрпрызаў. Зачырванелая, прыгожая Эсперальда (панна Дзякавічоўна) таксама пачула шмат прыемных слоў, бо ўсе імкнуліся сказаць ёй нешта ветлівае. Дзядзька Пшаздзецкі ляпаў сябе па баках і задаволена муркаў, гледзячы ў чорныя вочы ўяўнай цыганкі. Цётка параіла Марыні ўсё добра занатаваць і потым дакладна запісаць. Хеленка падзякавала Мытыні "за такое прыемнае падарожжа ў замежжа разам з сямейным гронам". Кузэн Аляксандр назваў яе "Болкаўскай феяй". Я сказала, што была шчаслівай убачыць такі сон. Адзін толькі пан Пячэўскі, гледзячы праз сінія акуляры сабе пад ногі, сур'ёзна спытаў у графа: "Гэта чарназём ці гліна?". Тым часам маладая і старая цыганкі (ваколічная шляхта) хваталіся за рукі паненак і панічоў, каб прадказаць ім будучыню, і даведаўшыся ад валыняніна нешта пра варшавянак, прадказвалі ім хуткі шлюб - здавалася, што гэта вельмі ўстрывожыла панну д'Івернуа.

Наступіла бязветраная ноч. Месяца не было, і перш, чым запалілі кандэлябры, постаці асвятляліся толькі цыганскім вогнішчам, зоркамі ў небе, іскрамі самавара, цыгарамі паноў. Жнеі вярталіся з лугу і спявалі тужлівыя песні, здалёк даносіліся спевы цыганоў. Швейцарка і нармандка з дапамогай Эсмеральды прынеслі малако, садавіну, пірагі, гарбату і г. д., мелася і марозіва, а на заканчэнне ракі і кураняты. Прапаноўвалі нават танцы, цыганы ахвяраваліся сыграць нам мазурку, і мы ўжо сталі ў пары, калі голас панны д'Івернуа паклікаў сваіх вучаніц і тым самым разарваў ланцуг. Відавочна, што ёй так спадабаліся дудка і швейцарская хаціна, што адчувала сябе каралевай гэтага дня з правам загадваць.


У Дабраўляны вярталіся позняй, чорнай, ціхай і цёплай ноччу. Болкаўскі домік, які стаяў на ўзгорку паміж двума касцёламі над возерам, як палац феі, доўга яшчэ свяціўся агнём усіх сваіх вокнаў, апраўдваючы тым самым назву, якую даў гаспадыні кузэн Аляксандр.

Праз тыдзень у Дабраўлянах нікога ўжо не было: кузэны паехалі ў Паставы, Пшчаздецкія - у Смаргонь і адтуль праз Вільню на Валынь. Кузэн Аляксандр прыслаў нам са Смаргоняў цэлы пакунак з "Донам Себасццянам", падпісаным асабіста для кожнага. Бучынская атрымала назву "фея Болкава", а мне дастаўся тытул "белая дама". Нешта выключнае атрымала і кузынка Эрманця, на якую воляй бацькі і апекуна накіраваліся пачуцці і намеры Аляксандра. Маладая панна здагадвалася пра гэта, але праект адклалі на год ці два, і потым ён не ажыццявіўся. Так звычайна заканчваюцца ўсе халодныя дамоўленасці, ім не хапае таго шарму, той паэзіі, таго вясновага туману, які злучае сэрцы праз добраахвотнае ці хутчэй міжвольнае прыцягненне.


Паставы запрашалі нас на пятага жніўня - дзень, у якім злучылася некалькі сямейных святаў. Прыехаўшы за некалькі дзён, мы засталі галоўныя апартаменты адкрытымі, пані Мастоўскую з сынам Артурам і прыгатаванні да аматарскага тэатра. Варшавянкі незадаволена круцілі галовамі з-за выбару класічных п'ес. Павінны былі ставіць урывак з "Эстэр", жывую карціну з "Аталіі" і п'есу пані дэ Жанліс. Эрманця хацела вясёлую камедыю, але Марыне яе не дазваляла чытаць маці. "Не ведаеш гэтай п'есы? Тады я перакажу табе змест", - закрычала Эрманця. На што Марыня адказала: "Не забывай, што калі мне не дазволілі чытаць п'есу, я не павінна ведаць і яе змест".

Рэпетыцыі, выраб касцюмаў і вячэрнія танцы, рабілі жыццё ў Паставах незвычайным. Нават сур'ёзны філосаф Збігнеў, быццам наэлектрызаваны Элдзяй, усміхаўся часцей. З вясёлым, але павольным Артурам было лягчэй, бо ён добра бавіўся з Юзяй - Марыня своечасова ўбачыла, як яны састрыгалі адзін аднаму валасы на памяць. Дзядзька нават выйшаў са свайго звычайнага стану і дастаў для "Эстэр" і "Аталіі" брыльянты і каштоўнасці жонкі. З куфраў, якія бадай што не адчынялі паўстагоддзя, дасталі гардэроб скарбніка Тызенгаўза: аксамітныя і грэдэтуравыя (з "gredyturu", цяжкага французскага шоўку. - Л. Л.) фракі, вышытыя золатам і срэбрам, якія ён даверыў Матыні, каб умелая Эсмеральда зрабіла з іх касцюмы для менуэта часоў мадам дэ Пампадур. Імправізавалі з касцюмамі: жабо і парыкі з рокішцкага льну для паноў, чапцы і раброны (тагачасная аб'ёмная, круглая сукенка - Л. Л.). І ў пэўны вечар мы выглядалі, як пры двары Людовіка XV. У першай пары ішла Матыня з дзядзькам у доўгім залацістым фраку, карункавым жабо і чаравіках таго часу - крокі сур'ёзныя, вочы прыжмураныя, на вуснах усмешка. Матыня выглядала адпаведным чынам. Мяне, напудраную і ў квяцістым раброне, вёў Маўрыцый. Збігнеў ішоў у пары з Эрманцяй, Артур з Марыняй, васьмігадоваму Райнольду зрабілі фрак з камізэлькі і ён выдатна ўпісаўся ў нашу групу. Тэатр удаўся, у "Эстэр" быў цудоўны Мардэхай (Эльдзя), а ў "Аталіі" - прыгожая Марыня на троне.

Імяніны бабулі з самага ранку адзначылі прыгожай жывой карцінай "Жыццё святой Лізаветы" - тлум убогіх і калек атрымліваў міласціну з рук дачок дома, у другой частцы карціны - абед для жабракоў. Увечары відовішча пачалося з жывой карціны, якая складалася толькі з унукаў у белым з вянкамі з кветак, якія спявалі гімн да Найсвяцейшай Панны, а Хеленка прачытала свае вершы, якія запісала на лісце з він'еткай і адправіла бабулі. Стройная постаць Хеленкі, дрыготкі голас, задуменная паэзія, белыя ружы, доўгая сукня і чатырнаццацігадовы ўзрост рабілі яе ўвасабленнем лірычнай паэзіі.


Вяртацца ў Варшаву кузынкі павінны былі праз Вільню і, значыць, праз Дабраўляны. Мы спадзяваліся, што яны зноў прабудуць з намі больш за тыдзень і чакалі гатовым тэатрам ў сталовай, з пад'ёмнікам, з кулісамі і заслонай. Пра ўсё гэта паклапаціўся сам тата, ён нават прыняў ролю ў п'есе дэ Жанліс. Рэпетыцыі ішлі з вялікай цяжкасцю. У Матыні балеў зуб, Юзя ленавалася, Эльдзя крыўдзілася за ролю дзіцяці, бо лічыла сябе першай артысткай трупы! Тата кожны дзень чытаў п'есу, але не памятаў, што ішло пасля чаго і ў больш важныя моманты звяртаўся да суфлёра: "Што там далей?". Так было і падчас выступу, асабліва калі на сцэне тата быў разам з Матыняй - абодва маўчалі. Але хто звяртаў увагу на недахопы, калі акрамя мамы і дворні, якая не разумела французскую мову, гледачоў больш не было. За гадзіну да таго, як паднялася заслона, мы паслалі па нашу суседку, пані Свяніцкую і яе кузынку Ізабелу Снарскую. Гэтыя пані найбольш цешыліся з татавага "Што там далей?".

Каб дадаць разнастайнасці, тым больш што кузынкам падабаліся розныя вясковыя сцэнкі, мы хадзілі ў вёскі да знаёмых сялян. Там нас частавалі малаком, мёдам, арэхамі, агуркамі і нават куранятамі на фаянсе. Падворкі былі падмеценыя, зробленыя з круглага бярвення хаты чысціліся і мыліся па суботах, свіраны поўніліся збожжам, аздобленыя абразамі святліцы сведчылі пра добрае жыццё гаспадароў.

Пасля ад'езду кузынак у дзень імянін маёй маці 15 жніўня, па прапанове пані Кубліцкай, якая ехала ў Залессе, мы таксама паспяшаліся туды. Гэта рэзідэнцыя ў Ашмянскім павеце даўно ўжо была ўладкавана сенатарам, князем Міхалам Агінскім. Яна мела цяністы сад з ланямі, прыгожыя кветкі і вясковы, але мураваны дом, падобны на пастаўскі, бо там таксама не было магчымасці даехаць да галоўнага пад'езду. Шмат салонаў, карціны добрага пэндзля, хоць збольшага толькі фамільныя партрэты, аранжарэя, якая ўлетку была сталовай. Княгіня Агінская звычайна сядзела на канапе пад сваім партрэтам, напісаным у часы яе маладосці і, нягледзячы на пражытыя гады, не прайгравала сабе ў маладосці. Яе унук, чатырохгадовы Караль Кубліцкі, штораніцы прыходзіў цалаваць ногі бабулі на партрэце. Гэта прыгожае дзіця з вачыма маці, у дзявочай сукенцы з кароткімі рукавамі, было асалодай ўсяго дому і гасцей. Яго спевы будзілі нас, як спевы пташкі. Паслухмяны, разважлівы, вясёлы, ён прымушаў зноў і зноў любіць яго.

Дзень імянін гаспадыні прывёў у госці некалькі суседніх дамоў. Парадны абед падаваўся ў аранжарэі, а ўвечары мелася ілюмінацыя ў садзе і ў ратондзе, высечанай ў лесе ў сувязі дажынкамі для сялян. Цэлыя валы запякаліся на ражнах, для дзяцей у паветра раскідвалі яблыкі, пад ігру некалькіх музыкаў дапазна танцавала, можа, са сто пар. Гэта была нечаканая ідэя для маці ад яе сына, князя Ірэнея, і малы Караль, гледзячы праз акно, казаў: "Калі я вырасту, я арганізую нешта яшчэ больш прыгожае для сваёй мамы!".

Пані сенатарава правяла нас па ўсім доме і паказала вуглавыя паверхі, названыя "вежа Амелі (Залускай)" і "вежа Ірэнея". Сама яна займала адну з гэтых квадратных вежаў, сцены якой унутры былі ўпрыгожаны мазаікай з партрэтаў генералаў, князёў і графаў з замежнымі прозвішчамі: "Гэта мае сябры", - адкрыта казала пані сенатарава, зусім не хаваючы ў сваіх апавяданнях, якое сяброўства маецца на ўвазе 32. Тут прыгадваецца французская песенька:


Quond l'amilie devient amour,

Adieu le repos de la vie!

Quond l'amour devient omitie.

Adieu le bonheur de la vie! 33


Адным ў самых прыемных уражанняў ад гэтага візіту ў Залессе была сустрэча з даўнім знаёмым майго бацькі, панам Канстантым Новамейскім. Пані сенатарава, інтарэсамі якой ён кіраваў, называла Новамейскага "белай постаццю сярод чорных людзей". Яго сумленнасць вынікала з сапраўднай рэлігійнасці, была падмуркам характару і падставай дзейнасці. Да таго ж ён меў мілы досціп і невычэрпную дабрыню. Хоць і стары кавалер, але не быў ні салодкім, ні буркатлівым. Было нешта святарскае ў яго мове, меў ён дзіўны прывілей казаць праўду ў вочы, і нікога пры гэтым не раздражняць, і так атрымліваць усе больш і больш прыхільнікаў.

Кожную восень, каб запоўніць доўгія зімовыя вечары і развеяць пахмурныя дні, мы выдумлялі нешта паміж Дабраўлянамі і Болкавам. Ліставання нам было мала. Раней існаваў наш своеасаблівы хатні кур'ер "Дабраўлянская газета", якая выходзіла раз на тыдзень і змяшчала мясцовыя і краёвыя навіны з раздзелам анекдотаў і "Да нас прыехалі". Але штотыднёвік, якім займаўся толькі адзін рэдактар ці хутчэй, рэдактарка, мусіў спыніцца, у тым ліку і таму, што Бахматовіч - галоўны аб'ект жартаў, ужо памёр. У 1838 годзе, каб удасканаліць польскі правапіс, мы рабілі літаратурныя практыкаванні, да чаго настойліва заахвочвалі "Вечары пілігрыма" 34. Наш паштальён заўсёды ездзіў у Свянцяны і кожную пятніцу прывозіў нешта па дарозе ў Свір, адкуль арандатар Раковіч адпраўляў гэта ў Болкава, а там забіраў адказ, які чакаў вяртання да нас праз паштальёна ў суботу ці нядзелю. Карціны, партрэты, лісты, увесь час перакрыжоўваліся паміж маёнткамі і былі фонам для сапраўднай карэспандэнцыі з кузынкамі ў Паставах, Варшаве і на Случчыне. Лісты гэтых сваякоў былі быццам перспектывай, якая адкрывала нам больш далёкія куты края, і нашы фамільныя і суседскія стасункі сягалі берагоў Прыпяці, палескіх лясоў і нават Валыні і Падолля. Напрыклад пані Язерская, суседка Пузава, калісьці выхоўвалася разам з Хадкевічоўнамі ў Млынаве, часта бывала там і пісала цікавыя лісты пра сям'ю Хадкевічаў і Алізараў. Кастравіцкія, стрыечныя браты Вайніловічаў, ажаніліся ў Пінскім павеце, і з-за адсутнасці цвёрдых дарог, усё вяселле дабіралася на чоўнах. У Нясвіжы на св. Міхала бываў вялікі кірмаш са зборам усёй губерні, а ў 1837 годзе нават адбылася вялікая сустрэча пад Клецкам, якую мне маляўніча апісвала Агася. Леан Радзівіл, пазбавіў нясвіжскую шляхту сваёй бацькоўскай апекі, ажаніўшыся з фаварыткай імператрыцы княжной Урусавай, і асеў у Радзівілмонтах, паляваў пры гэтым у цімкаўскіх лясах пана Ксаверыя Вайніловіча, які арандаваў гэтыя Цімкавічы.

Наш куток быў дастаткова цывілізаваны, але не меў лясоў, мястэчак і такіх князёў Леанаў і быў вельмі ціхім у параўнанні са Случчынай, дзе заўсёды стаяла кавалерыя, і жанчыны каля Наваградка апраналіся вельмі вытанчана.


У тую ж восень у Болкава прыехаў мастак-партрэтыст, у нейкім сэнсе ўнук Рустэма, бо быў вучнем яго вучняў. Ён маляваў мініяцюры воднымі фарбамі. Генрык Жукоўскі ехаў ад Кубліцкіх, куды яго прывяло сяброўства з мастаком Смакоўскім, жанатым з Эміліяй - старэйшай Кубліцкай. Маўрыцый, жадаючы мець яшчэ адзін партрэт сваёй Матыні, завабіў і затрымаў мастака на ўсю зіму.

Свята Божага нараджэння было падзелена паміж Дабраўлянамі і Болкава, і тут, і там меліся танцы і тэатр, але пану Мяноўскаму, які прыехаў на "Адама", гэтага ўсяго было недастаткова. Вечарамі ён гуляў у віст з маім бацькам і танцаваў з намі, на раніцы паляваў ці наведваў хворых па вёсках. Палічыўшы, што я маю неабходную жвавасць, ён нарэшце прапанаваў пайсці на слізгаўку. Пераканаўся, што я яму давяраю і прапанаваў сябе ў якасці фурмана. Стаў у парку ўжо замёрз, а снег на дарозе ўтаптаўся. Самы лепшы конь са стайні, падкаваны на чатыры капыты, ляцеў як страла па слізкім лёдзе і гладкай дарозе. Пан Мяноўскі ў сваім футравым сурдуце, час ад часу паварочваўся да мяне і пытаўся, ці не баюся? Ці давяраю яму? А на мой адказ, што давяраю і не баюся, яшчэ хутчэй падганяў каня, і таму дзве сур'ёзныя пары, якія ехалі за намі (мае сёстры з панам Плятэрам і панам Букшай), згубілі нас з вачэй і страцілі надзею дагнаць.

Пан Мяноўскм вярнуўся ў Вільню, але абяцаў быць у нас летам і працягнуць гонкі. У тым жа годзе Яўстах граф Тышкевіч, брат Канстанціна, аматар нашай гісторыі, пераехаў жыць з Барысаўскага павета ў Вільню і перавёз з сабой усе здабыткі. Купіў ці арандаваў двухпавярховы палац на Антокалі каля касцёла св. Пятра і заснаваў тут своеасаблівы нацыянальны музей, які складаўся з медалёў, зброі, археалагічных знаходак, рукапісаў і аўтографаў 35. Мы з бацькам ездзілі аглядаць гэты збор. Праз некалькі гадоў ўладальнік ахвяраваў яго гораду, і збор стаў падмуркам краёвага музея. Калекцыя з кожным годам узбагачалася новымі дарамі з усёй Літвы, але ў сумныя 1864-1866 гады яе напаткаў той самы лёс, што і ўніверсітэцкія кабінеты ў 1831 годзе - гэтыя скарбы былі вывезены ў Пецярбург.

Граф Яўстах з маладосці займаўся мінулым і пасівеў раней часу. З непрыгожымі рысамі, з валасамі, скручанымі, як рогі над скронямі, ён быў падобны на нейкага індыйскага бажка, а калі яшчэ і зашпіліў чорны фрак пад шыю і пачаў вальс з Наталляй дэ Нэве, апранутай ў чорную сукенку і чорныя панчохі, дык, магчыма, і Гётэ не адрокся б ад гэтай пары ў сваім "Фаўсце".

Акрамя любові да танцаў, усё ў графу Яўстаху - ідэі, анекдоты, упадабанні - былі характэрныя для ўжо немаладога чалавека, хоць яму тады не было яшчэ і сарака. Ці то на балі, ці то ў цукерні, ці ў ложы тэатра, вакол яго паўсюдна збіралася вялікае кола слухачоў, каб шчыра пасмяяцца і пасля па ўсім горадзе разнесці дасціпныя і трапныя словы графа, зласлівасць якіх змякчалася добрай дробкай антычнай солі. Пасля барона Краўзэ, які, падобна, пасля 1840 года ажаніўся і асеў на вёсцы, граф Яўстах быццам бы стаў спадчыннікам гэтага арыстафанаўскага гумару.

Граф Яўстах ніколі не забываўся пра сваю любімую археалогію, і я памятаю, як ён прыйшоў да нас у госці і замест звычайнага прывітання, закрычаў з парога: "А ці ведаеце вы, у якім доме жывяце? Ён пабудаваны з цэглы замка каралевы Барбары!".

1839 год

У тую зіму да нас наведаўся чыста гарадскі чалавек пан Рудаміна, якога ніхто не бачыў нават у самы пранізлівы мароз інакш, як у іспанскім плашчы паверх цёмна-сіняга фрака з ядвабным, плюшавым капелюшом. Быццам з вуліцы Віленскай на вуліцу Замкавую прыехаў ён да нас за адзінаццаць міль у гарадскіх санках. І пры гэтым парык яго застаўся ўсё такім жа расчэсаным, твар такім жа белым і не стомленым, бялізна свежай, гаворка, як заўсёды, павольнай і стараннай. Мы не маглі паверыць сваім вачам і вушам, бо выглядаў ён так, як быццам бы гэта мы апынуліся ў Вільні! Як так сталася, дагэтуль не ведаю, бо нават калі выказаць здагадку, што ён пераапрануўся ў карчме, якая была за мілю ад нас, дык любы іншы, усяроўна змёрз і пачырванеў бы ад марозу. Ужо надышоў вялікі пост, але падарожніку падалі мясную страву, аднолькавую са стравай маёй маці, якая не магла пасціцца. Госць зірнуў на нас, усміхнуўся і ўзяўшы талерку, абвясціў, што шчыра хацеў пасціць, але паколькі галоўнае - гэта добрыя манеры, дык ён можа есці ўсё. І з таго часу, кожны раз, калі справа даходзіла да гэтага, ён заўсёды казаў, што, галоўнае - добрая інтэнцыя, і еў усё. Недарма быў вучнем XVIII стагоддзя.

З Вільні да нас даходзілі толькі сумныя і страшныя навіны. Асуджаны на смерць Канарскі расстраляны на Пагулянцы. Шмат зняволеных чакала прысуду. Пані Антаніна Снядэцкая, якая заўсёды вельмі чуйна ставілася да няшчасцяў края, прадала свае каштоўнасці, каб дапамагчы суайчыннікам. Яна раздавала лепшым вучням свайго цесця залатыя пярсцёнкі з датай яго смерці, а памёр ён у мінулым годзе. Адзін з пярсцёнкаў убачыў рускі вайсковец, і таму ўрад убачыў у гэтым памятку пра смерць Канарскага. У выніку пані Снядэцкая была зняволена.

Наш прыезд у Вільню затрымаўся з-за маруднай вясны, але для некаторых яна была занадта ранняй. Бо ўсю зіму да нашага прыезду будучыя нашыя апартаменты ў доме Цывінскага займаў Мікалай Зубаў з сям'ёй, і калі штатны аматар прыгожых жанчын пан Севярын Грабоўскі зайшоў да нас у госці, дык азіраючыся ў салоне, ўсклікнуў: "Мой божа! Якія бываюць раптоўныя змены ў гэтым свеце - яшчэ нядаўна на гэтай канапе сядзела прыгожая і мілая пані Зубава, а сёння?..", і не скончыў.

У салонах толькі і гаварылі пра касцюміраваны баль на карысць "Дабрачыннасці" і кадрылю "ракако". А горад яшчэ не астыў пасля смерці Шымана Канарскага ў сакавіку, і каб не прыносілі вянкі і вершы на яго магілу на Пагулянцы, яе дзень і ноч ахоўвалі жаўнеры. Пані Абрамовічава, ужо на мыліцах, займала некалькі сціплых пакояў унізе са сваёй унучкай Марысяй і выхаванкай Анастасіяй. Была такая жа светлая, як і ў часы сваёй маладосці. Яна лічыла, што смерць Канарскага паўплывала на ўвесь горад, і ў якасці доказу расказала, што ўвесь той дзень засталася без абслугі, бо лакей, слуга і кухарка, нават без дазволу, на світанку пайшлі на месца пакарання смерцю і вярнуліся толькі ўвечары: "Рабіце з гэтага высновы, што ў той дзень адбывалася ў горадзе!".

Шмат хто з нашых знаёмых быў у вязніцы. Эдварда і Севярына Ромераў, Станіслава Шумскага, Юстына Грабніцкага і іншых, вывезлі ў Вятку і Волагду. Маладому Браніславу Залескаму, пляменніку Караля Чарноцкага, прысудзілі выгнанне, а пані Снядэцкую, моцны патрыятызм якой быў добра вядомым, выкралі ўначы і пасадзілі за краты. І таму пікнік у Верках быў падобны на вернісаж новых постацяў і сяброў, што звычайна бывала і раней падчас вясновых карнавалаў.

Гэтым разам новай постаццю стала Людвіка графіня Пацоўна, дачка генерала, які памёр у Смірне некалькі гадоў таму, пасля чаго яе родная цётка графіня Несялоўская адмыслова ездзіла ў Парыж. Усе папярэднія падзеі стварылі асаблівую аўру гэтай сіраты: старанна выхаваная ў Сакрэ-Кёр у Рыме, прыехала з эміграцыі, з-пад крылаў пані Клемянціны Гофманавай, была адзіным дзіцём, багатая, прыгожая, нясмелая ці, можа, утойлівая. Хоць цётка і казала, што яна "з пакорай саступае, але потым спіхвае ў канаву", але пры гэтым усе ў Вільні гаварылі толькі пра панну Людвіку, лавілі кожнае слова з яе маленькіх вуснаў і нават яе маўчанне лічылі адказам, поўным значэння… На што пані Чудоўская з дому Галынскіх, маці вельмі гаворкай шаснаццацігадовай дачкі Пятрусі, заўважала: "А што было б, каб маўчанне панны Пац палічылі неразумным?".

Спадарожнікамі гэтага сонца, сталі: з-за ініцыятывы бацькоў князь Ірэней Агінскі, Севярын Грабоўскі па пакліканні і Мар'ян Чапскі, старэйшы сын Станіслава. Ён быў самым смешным з усіх траіх, бо не спыняўся на сонцы і звяртаўся да зорак… Прыгожы, як і яго маці, брунет, дасціпны, як бацька, ён нікому не дазваляў пераўзыходзіць сябе ў здольнасці падтрымліваць вясёлыя размовы. Нагадаў нам першае спатканне ў Варшаве ў 1833 годзе, калі яго маці везла ўсё сваё гняздо - трох сыноў і дачку - на выхаванне ў Дрэздан, і вырашыла паказаць іх нашай бабулі.

Побач з маўклівай брунеткай Людвікай Пац, была жывая і вогненна-рудая панна Леаніла Бенігсен, дачка былога віленскага генерал-губернатара 36. Яе маці з дому Андрэйкавічаў, прыехала ажно з Гановера, каб наведаць сваякоў, якія жылі ў Гарадзенскім павеце і пазней выдала дачку замуж за Андрэйкавіча. Была яна не надта прыгожай, але стройнай маладой жанчынай з вялікім талентам да спеваў. З неапісальным шармам спявала французскія рамансы. Яе брату было ўжо за трыццаць, ён з'яўляўся нейкай значнай фігурай у Гановеры і быў першым кавалерам Матыні. Нельга было быць больш першым, чым ён, бо яшчэ трохгадовым хлопчыкам разам з маці, ездзіў з візітамі да маёй маці, калі нарадзілася Матыня. І пані Бенігсен жартуючы з гэтага, праз дваццаць сем гадоў прадставіла яго маёй сястры, якая была ўжо замужам, і сказала, што лёс яе сына - прыходзіць занадта рана альбо занадта позна. Паміж брунеткай і рудавалосай, сярэдзіну займала бландзінка, панна Людвіка Барэвічоўна, дачка вельмі прыгожай і мілай маці, якая другі раз была замужам за князем Тадэвушам Агінскім. Панна Людвіка ў той час была заручана з Казімірам Плятэрам-Зібергам, старэйшым сынам былога віленскага губернатара. Эмігрант 1831 года пазнаёміўся з прыгожай Людвікай ў Дрэздане, і паколькі яна прыняла прапанову, але не мела моцы адмовіцца ад роднага края, граф Плятэр вярнуўся, прысягнуў, і некалькі гадоў служыў на Каўказе. Тым часам яго прыгожая нявеста - вялікая каштоўнасць і забаронены плод, міжволі распальвала агонь у сэрцах нашай моладзі, асабліва на Друскеніцкіх водах, дзе збіраліся людзі з Літвы, Валыні і Кароны. Але верная свайму сэрцу нёманская німфа не здрадзіла нарачонаму.

У канцы раскажам пра больш прыгожых зорак, пра чорныя вочы дзвюх малодшых Храпавіцкіх з-за Дзвіны. Сямнаццацігадовая Юлія і падлетак Марыя, далёка ззаду пакідалі першых сваіх сясцёр: Эмілію і Юстыну. Мастак Лямпі, які ідэалізаваў іх маці, не змог бы нічога дадаць да прыгажосці яе дачок, калі маляваў іх партрэты. Гледзячы на правільныя рысы твару, на шаўковыя і тонкія бровы над бліскучымі вачыма Юліі, хацелася, каб яна скінула свой модны саламяны капялюшык з ружай і гваздзікай, распусціла свае чорныя, гладка зачэсаныя на алебастравы лоб валасы і ўпляла ў іх перлы ці язвін, як калісьці Лейла ці Зулейка. У такім выглядзе сядзела за сталом на пікніку ў Верках, і сонца глядзела ёй у вочы, спаборнічаючы з іх праменямі. Я сядзела насупраць і, убачыўшы гэта, прапанавала ёй парасон - сказала ёй у стылі генерала Касакоўскага, што засланяць такі твар капелюшам - рабіць крыўду для іншых.

Меней прыгожымі, але з больш мясцовымі рысамі і чарамі былі тры Валавічоўны, народжаныя Мікульскай: Міхаліна, Леанціна і Мялання. Мар'ян Чапскі, кажучы пра іх, першую назваў Мадонай, другую іспанкай, трэцюю бутонам ружы, які распусціўся толькі напалову. Мадону абагаўляў Караль Забела, глядзеў на яе і маўчаў… бо і яна маўчала. Ксаверый Даўгяла, седзячы за адным сталом з Леанцінай, брунеткай з прыгожай і гнуткай фігурай, забываўся пра сваё мінулагодняе пакланенне перад Людвікай Несялоўскай і Юліяй Валентынавічоўнай, ён не падазраваў, што потым забудзе і Леанціну на карысць Юліі Храпавіцкай, бо сэрца кожнага маладога чалавека - фатаграфічная пласціна, на якой пастаянна адлюстроўваюцца новыя постаці.


Пансіянат Рапцэвічаў, які быў нашым суседам у 1837 годзе, месціўся тады ў доме Абрамовіча. У ім праходзілі штогадовыя экзамены пад старшынствам князя Даўгарукава. Галоўнай прычынай яго з'яўлення на экзаменах было жаданне ўбачыць маладыя прыгожыя твары ... у чым ён хутка расчараваўся, бо па дзіўнаму збегу абставін, сярод трыццаці паннаў, не знайшоў аніводнага не толькі прыгожага, але нават і свежага твару. Мармытаў сабе пад нос як галодны мядзведзь перад пустымі вуллямі: "Якія яны ўсе непрыгожыя". І дарэмна адна з вучаніц раздзірала сябе горла недарэчна абранай для яе голасу і ўзросту арыяй. Дарэмна ўсе яны танцавалі і самыя лепшыя рабілі гэта з гірляндамі з зялёнай паперы. Дарэмна на сталах ляжалі галовы, насы і геаграфічныя карты. Наш незадаволены мядзведзь хутка пайшоў з залы, і толькі тады мы заўважылі ў групе паненак з першага класа, анёла з твару і постаці. Пані Свянціцкая, размаўляючы з намі, прадставіла яе як сваю сваячку Рахель Зенавічоўну, народжаную ад маці з Падбіпентаў і дадала, каб не вельмі ёй захапляліся: "Шкада, што занадта ненатуральная". Асоба, пра якую пазней шмат гаварылі, не магла быць іншай. Згадаем яе яшчэ раз потым.

У тым самым доме, дзе мы жылі, жыла і сям'я Адынцоў. Яго маладая і прыгожая жонка ў той час была яшчэ Зосяй, увекавечанай у "Конверсацыі" Ходзькі 37 і ў лістах аўтара "Гражыны" (Адама Міцкевіча) да аўтара "Феліцыты" (Адынца) 38. Адынцы мелі прыгожую і яшчэ малую дачушку Антосю. Яе вялікія, чорныя і задуменныя вочы, яе гарачы тэмперамент меў нешта паўднёвае. Інстынктыўна любіла паэзію: "Спявай, тата!" - казала яна, калі жадала каб бацька чытаў свае вершы. Адынец, увесь тыдзень заняты інтэлектуальнай працай, прыходзіў да нас кожную нядзелю. Мы называлі яго "нядзельным госцем", бо ён не мог быць "паўсядзённым" і кожны яго візіт для нас быў святам. Заўсёды паблажлівы, ён прымушаў мяне чытаць свае вершы, бачыў у іх пераважна лёгкія, вясёлыя элементы і раіў пісаць, як падказвае сэрца. Разам cа сваімі ўласнымі вершамі, ахвяраваў мне пяро Гётэ, якое меў ад аўтара "Фаўста".

Калі я аднойчы прачытала яму сваю не надрукаваную размову паміж ценямі Барбары і Ядвігі, ён пабег да сябе і прынёс падобны твор пра гэтых каралеваў з той розніцай, што акрамя яскравага таленту, у сваім вершы ён больш хваліў каханую жонку Аўгуста (Барбару з Радзівілаў - Л. Л.), а я тую, якая ахвяравала сваім каханнем да Вільгельма дзеля краіны і веры. Доказам праўдзівасці нашых пачуццяў да гэтых асоб стала тое, што пан Адынец напісаў сваю драму "Барбара" ш васямнаццаць, а сваю "Ядвігу" я закончыла ў дваццаць чатыры гады і да гэтага часу не надрукавала.


У тым жа годзе адзіная дачка Караля Чапскага Марыня, пасля доўгага супраціву маці пайшла прабанткай у кляштар. З дзяцінства, пры кожным спатканні са святарамі, праяўлялася яе пакліканне і саспела яно ў Дрэздане, дзе ў 1836 годзе Марыя засталася з хворым бацькам і знайшла падмацаванне і падтрымку сваім думкам у спаведніка, якога для яе абрала маці. Пасля смерці бацькі ў 1837 годзе Марыня яшчэ больш імкнулася ў кляштар, але маці вадзіла яе на балі і запрашала гасцей дадому. Аднак, нягледзячы на святы, гэта думка не пакідала яе, і ўгаворы знаёмых, да якіх звярталася маці, былі марнымі. Яе бедная маці, той хто тоне, хапаецца за брытву, пайшла да князя Даўгарукага ў надзеі, што свецкі чалавек красамоўна намовіць яе застацца ў свеце. Выгляд гэтай пачвары апакаліпсісу разам з чыстай дзевай, узрушанай думкамі пра неба і анёлаў, безумоўна, быў вартым алоўка таленавітага мастака. Цмок быў пераможаны новай Маргарытай, бо да маці яна вярнулася з парадай губернатара не пярэчыць больш намерам дачкі. І калі дачка моцна захварэла на ліхаманку і крычала ў непрытомнасці: "Паміраю, так і не склаўшы воты!", знясіленая маці ўсё ж дазволіла, а разам з дазволам вярнулася і здароўе дачкі.

Мы наведалі шчаслівую Марыню на парозе яе новага жыцця, на парозе неба. Калі сярод кола тых, хто чакае ў парлаторыюме 39 аб'явілі і нашы імёны, Марыня, як прамень, з'явілася па той бок жалезных кратаў - не ўвайшла, не выбегла, але неяк ўскочыла. Яна падала нам абедзве рукі і сказала, што шчаслівая! Аблачэнне ў шаты прызначылі на пятнаццатага жніўня, як раз праз два гады пасля Вірджыніі Тыманоўны.

Што ёсць шчасце на зямлі? Адны ўмовай шчасця лічаць каханне і незалежнасць, іншыя багацце і г.д. Марыня адмовілася ад багацця, зямнога кахання, уласнай волі і была шчаслівай!


(Працяг у наступным нумары.)

* Gabrjela z Guntherоw Puzynina. W Wilnie i w dworach litewskich: pamiаtnik z lat 1815-1843. Wilno, 1928. Пераклад Леаніда Лаўрэша.

27 Пра яе гл: Morawski Stanislaw. S. 71-89. Там жа, на с.15-70 пра Новамейскага.

28 Калі сяброўства становіцца каханнем,

Развітвайся з мірным жыццём!

Калі каханне становіцца пакутай.

Развітвайся з шчаслівым жыццём!

34 Кніга Стэфана Вітвіцкага (1801-1847) "Вечары пілігрыма" - збор апавяданняў і вершаў, у якіх чытач заахвочваўся да падарожжаў, вывучэння гісторыі і народных традыцый, гэта літаратурныя падарожжы XIX стагоддзя прадстаўленыя вачамі рамантыка. - Л. Л.

35 Гл: Лаўрэш Леанід. Яўстах Тышкевіч, яго калекцыя і яго музей // Наша слова.pdf № 49 (101), 6 снежня 2023.; № 50 (102), 13 снежня 2023.

36 Лявонцій Бенігсен (1744-1826), у 1801-1806 г. ваенны губернатар Літвы, жанаты ў Марыяй Андрэйкавічоўнай.

37 Гл: Pisma Ignacego Chodzki: Podania Litewskie. Dwie Konwersacje. Z Przeszlosci. Proby Nowego Dykcyonarza. Nakl. i druk. Jozefa Zawadzkiego, 1881.

38 Гл: Odyniec Antoni Edward. Felicyta, czyli meczennicy kartaginscy, dramat w piаciu aktach. Wilno, 1849.

39 Парлаторыюм - месца сустрэч і размоў з гасцямі кляштара. - Л. Л.

"Гастрамарафон" у Лідскім замку

У рамках акцыі "Кожная пятніца - роднае, сваё!" у Лідскім замку прайшоў "Гастрамарафон". Каштавалі снэкі, кукурузныя палачкі ад фірмы "Лідкан"!

Сачыце за рэкламай, спяшайцеся да нас, такое бывае ў месяц толькі раз.

Выказваем падзяку ААТ "Лідскія харчовыя канцэнтраты"!

ТК "Культура Лідчыны".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX