Папярэдняя старонка: 2026

Наша слова.pdf № 06 (210) 


Дадана: 10-02-2026,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 6 (215), 11 лютага 2026.

Лідскі аддзел культуры лепшы

У Гародні прайшла выніковая калегія Кіравання культуры аблвыканкама

У абласным драматычным тэатры падвялі вынікі працы арганізацый сферы культуры Гарадзенскай вобласці за 2025 год.

Па традыцыі за высокія дасягненні і поспехі ў працы лепшыя супрацоўнікі і калектывы сферы культуры рэгіёна былі адзначаны ўзнагародамі рэспубліканскага і абласнога ўзроўняў.

Ліда сярод лепшых!

Аддзел культуры Лідскага райвыканкама заняў 1-е месца ў штогадовым абласным конкурсе горада Гародні і раёнаў Гарадзенскай вобласці за дасягненні высокіх паказчыкаў у сферы культуры ў 2025 годзе.

У ліку ўзнагароджаных - Альшэўская Іна Іванаўна, мастацкі кіраўнік ДУ "Палац культуры горада Ліды". Іна Іванаўна ўзнагароджана граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь за добрасумленную плённую працу, асабісты ўнёсак у развіццё і рэалізацыю творчых праектаў, арганізацыю і правядзенне культурных мерапрыемстваў на высокім творчым узроўні.

Звыш 30 гадоў яна працуе ў сферы культуры Лідскага раёна, на пасадзе мастацкага кіраўніка Палаца культуры горада Ліды - з 2018 года. Творчая канцэпцыя мерапрыемстваў, якія арганізоўвае Іна Іванаўна, складаецца з мноства сучасных клубных формаў працы, дапаўняецца масавымі тэатралізаванымі і харэаграфічнымі эпізодамі з удзелам аматарскіх і прафесійных калектываў.

Ірына Іванаўна Вашкевіч, кіраўнік народнага лялечнага тэатра "Батлейка", аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры, дзяржаўнай установы "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" узнагароджана Ганаровай граматай Гарадзенскага абласнога Савета дэпутатаў.

А ў фае Гарадзенскага абласнога драматычнага тэатра разгарнулася выстаўка творчых дасягненняў у рамках пасяджэння калегіі ўпраўлення культуры Гарадзенскага аблвыканкама па выніках працы сферы культуры за 2025 год, якую наведала кіраўніцтва Гарадзенскай вобласці і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры дзяржаўнай установы "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" прадэманстравалі ценявы тэатр, а таксама майстар-клас па выцінанцы ад народнага майстра Дар'і Шафак.

Шчыра віншуем таленавітых лідзян з заслужанай узнагародай, якая стала прамым пацверджаннем высокага прафесіяналізму, працавітасці і адданасці агульнай справе! Жадаем не спыняцца на дасягнутым, скараць новыя вяршыні!

ТК "Культура Лідчыны".

Тэксты 19-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі

Рагнеда

(ДАВЕДКА)

Рагнеда (каля 960 - каля 1000) - адна з найбольш значных жанчын у гісторыі Беларусі, князёўна Полацка, дачка князя Рагвалода, і жонка Уладзіміра Вялікага, князя кіеўскага.

Значэнне Рагнеды ў гісторыі Беларусі:

1. Сімвал незалежнасці Полацка

- Рагнеда адмаўлялася выходзіць замуж за Уладзіміра, што прывяло да вайны і захопу Полацка. Паводле падання, яна выказала фразу: "Не хачу разуць рабыніча" (не хачу быць жонкай сына рабыні), што падкрэсліла княжацкі гонар Полацка.

2. Маці зняверанай годнасці і помсты

- Пасля таго, як Уладзімір зруйнаваў Полацк і забіў яе бацьку і братоў, Рагнеда стала яго жонкай гвалтам. Пазней, згодна з "Аповесцю мінулых часоў", яна паспрабавала забіць Уладзіміра, але ён выжыў.

3. Заснавальніца дынастыі Полацкіх князёў

- Яе сын Ізяслаў стаў першым князем адноўленага Полацка, паклаўшы пачатак дынастыі Ізяславічаў, якая кіравала Полацкам да XIII стагоддзя.

4. Культурны і рэлігійны ўплыў

- Па легендзе, Рагнеда прыняла хрысціянства пад імем Анастасія і заснавала манастыр каля Заслаўя.

5. Сімвал жаночай сілы і трагедыі

- У беларускай літаратуры і культуры Рагнеда ўвасабляе смеласць, свабодалюбнасць і адданасць роднай зямлі. Яе постаць нагадвае пра барацьбу Полацка за незалежнасць ад Кіева і захавалася ў легендах як сімвал адважнай і нескаронай беларускай жанчыны.

Вяртанне на радзіму

(ТЭКСТ)

Неўзабаве пасля перамогі над палачанамі жорсткі Уладзімір забіў свайго суперніка Яраполка і зрабіўся кіеўскім князем. Рагнеду ён пасяліў у вёсачцы каля Кіева і доўгімі месяцамі не пераведваў ні яе, ні малога сына Ізяслава.

Рагнеда кожны дзень думала пра захопленую ворагамі родную зямлю. Яна ўспамінала, як гарэў Полацк, як плакалі жанчыны і дзеці, якіх гналі ў палон. Аднойчы, калі Уладзімір заснуў, яна ўзяла меч, каб адпомсціць за сваіх бацькоў і братоў. Але князь прачнуўся і перахапіў руку з мечам. Ён хацеў расправіцца з Рагнедай, аднак яе абараніў сын Ізяслаў, хоць яму і было ўсяго сем гадоў.

Багатыя людзі - баяры параілі князю не забіваць Рагнеду, а адправіць яе з Ізяславам назад, на бацькаўшчыну. Летапісцы паведамілі, што для полацкай князёўны і яе сына на загад Уладзіміра пабудавалі горад Ізяслаў. Цяпер ён называецца Заслаўе і знаходзіцца недалёка ад Мінска. Заслаўю, як і Полацку і Смаленску, болей за тысячу гадоў.

Там і прайшло астатняе жыццё мужнай і напакорлівай Рагнеды. Праз сённяшняе Заслаўе цячэ маленькая рачулка з цікавай назваю - Княгінька. Гэта памяць пра полацкую князёўну.

Пра незвычайнае жыццё Рагнеды напісана шмат вершаў, апавяданняў і нават кніжак. Беларускія мастакі малююць яе партрэты і ствараюць скульптуры. Палачане мараць пра помнік гэтай славутай дачцэ Беларусі, якая ўратавала ад пагібелі полацкі княскі род.

(202 сл.)

Ефрасіння Полацкая

(ДАВЕДКА)

Ефрасіння Полацкая, свецкае імя Прадслава (магчыма 5 студзеня 1104, Полацкае княства - 23 мая 1167, Іерусалім, Іерусалімскае каралеўства) - князёўна, манахіня, ігумення манастыра Святога Спаса ў Полацку, паломніца, асветніца, мецэнатка і кананізаваная святая.

Дачка князя Святаслава Усяславіча. У юнацтве таемна прыняла манаскі пострыг. Пасля пасялілася ў келлі полацкага Сафійскага сабора, перапісвала кнігі, на думку некаторых даследчыкаў, перакладала іх, а таксама вяла міратворчую і асветніцкую дзейнасць. Пабудавала дзве царквы паблізу Полацка, пазней заснавала каля іх жаночы і мужчынскі манастыры, асяродкі асветы Полацкай зямлі.

На заказ Ефрасінні створаны напрастольны крыж, ахвяраваны ёю свайму жаночаму манастыру. Мужчынскаму манастыру ахвяравала абраз "Маці Божая Адзігітрыя Эфеская". У 1167 годзе паломнічала па святых мясцінах, памерла і пахавана ў манастыры Св. Феадосія ў Іерусаліме.

Дзеля свайго народа

(ТЭКСТ)

Пасяліўшыся ў маленькім пакойчыку-келлі, Ефрасіння ўзялася перапісваць кнігі. Мы цяпер ведаем, якая гэта была нялёгкая праца. Перапісваннем кніг тады займаліся адны мужчыны. Ужо толькі тое, што за такую цяжкую справу ўзялася жанчына, было подзвігам.

Ефрасіння пісала і свае творы - малітвы і павучанні, а таксама перакладала з замежных моваў. Частка перапісаных князёўнаю кніг ішла на продаж, а атрыманыя грошы раздавалі бедным.

Яна хацела, каб у Полацкім княстве было як мага больш пісьменных людзей, і марыла пра тое, каб кнігі перапісвалі не адзінкі, а дзесяткі вучоных людзей. Дзеля гэтага князёўна заснавала два новыя манастыры, а пры іх адчыніла кніжныя майстэрні - скрыпторыюмы. Адзін майстар рабіў тут малюнкі, другі - каляровыя вялікія літары, трэці - вокладкі. Калі трэба было перапісаць кнігу хутчэй, яе дзялілі на некалькі частак. Са скрыпторыюмаў кнігі развозілі па ўсёй дзяржаве і ў суседнія землі.

Каб упрыгожыць цэрквы абразамі, Ефрасіння стварыла мастацкую майстэрню. Яна напісала ліст свайму сваяку візантыйскаму імператару, і ён прыслаў у Полацк надзвычай каштоўны старадаўні абраз. На ім была Багародзіца са сваім сынам Ісусам на руках. З таго часу беларускія мастакі вельмі любяць маляваць Божую Маці.

Усё жыццё Ефрасіння служыла асвеце свайго народа. У адчыненых ёю школах, апрача чытання, пісьма і лічэння, дзеці вывучалі гісторыю, грэцкую і лацінскую мовы. Найбольш здатных хлопчыкаў і дзяўчынак вучылі складаць вершы. Часта ўрокі праводзіла сама асветніца.

(201 сл.)

Настасся Слуцкая

(ДАВЕДКА)

Анастасія Іванаўна (канец XV ст. - 1-я палова XVI ст.) - княжна мсціслаўская, княгіня слуцкая.

На думку Ірыны Масляніцынай, вобраз княгіні Анастасіі прасочваецца ў былінах пра Настассю Мікулічну, у асобе Гражыны з аднайменнай паэмы Адама Міцкевіча і іншым.

У 2003 годзе на студыі "Беларусьфільм" зняты фільм "Анастасія Слуцкая" (рэжысёр Ю. Ялхоў), ролю княгіні сыграла Святлана Зелянкоўская.

Жанчына-легенда. Анастасія Алелькавіч (каля 1475-1524 гг.) // Масляніцына, І. А. Слава і няслаўе. - Мінск : Народная асвета, 1995. - С. 142-147.

Жанчына-легенда. Анастасія Алелькавіч (каля 1475-1524 гг.)

(ТЭКСТ)

Здавалася б, лёс прыгатаваў прыгожай Анастасіі ціхае сямейнае шчасце. Ды, пэўна, і ўвайшло б яе імя ў гісторыю толькі як імя адной з бязлікіх княжацкіх жонак, галоўнае прызначэнне якіх - працягаваць род сваіх мужоў, калі б не варожая навала.

Гэта былі крымскія татары. Першая сутычка князя Сямёна Алелькавіча з імі адбылася летам 1502 г. Татары віхурай пранесліся праз украінскія землі, фарсіравалі Прыпяць і пачалі рабаваць воласці на поўнач ад ракі. Аб'яднаны атрад слуцкага князя Сямёна Міхайлавіча Алелькавіча і вялікакняжацкіх баяр і гусар поўнасцю разбіў татар на рацэ Ушы, за Бабруйскам. Былі вызвалены палонныя і вернута нарабаванае татарамі дабро.

Але гэта быў толькі пачатак. 30 жніўня гэтага ж года сын крымскага хана Баты-Гірэй прывёў шасцітысячнае войска да Слуцка. Татары ўзялі горад, але замак, у які кінуліся ратавацца случчане, вытрымаў іх штурм. Татары папалілі і разрабавалі наваколлі Слуцка, Капыля, Койданава, Клецка і Нясвіжа і з багатай здабычаю вярнуліся ў Крым.

Ці не пасля гэтых падзей маладая слуцкая княгіня загадала збройніку выкаваць ёй кальчугу?

Зіма і вясна прайшлі ў напружанай падрыхтоўцы. Інтуіцыя не падманула: новы татарскі набег адбыўся наступным летам. Ворагі палілі Нясвіж, Клецк і Наваградак. Асобныя атрады іх накіраваліся да Мінска і Лагойска. Раптоўна трохтысячны атрад з'явіўся пад Слуцкам. Тут усё было загадзя падрыхтавана для адпору. Праўда, князь Сямён быў у ад'ездзе. Яго месца заняла Анастасія. Быццам былінная Настасся Мікулічна, яна адкінула ворагаў ад свайго горада. А за Прыпяццю, каля Давыд-Гарадка, іх дагнаў падаспеўшы князь Сямён.

(235 сл.)

Барбара Радзівіл

(ДАВЕДКА)

Барбара Радзівіл (6 снежня 1520, меркавана ў Вільні - 8 мая 1551, Кракаў) - каралева польская і вялікая княгіня літоўская (1550-51), другая жонка Жыгімонта II Аўгуста.

Дачка кашталяна віленскага і вялікага гетмана ВКЛ Юрыя Радзівіла Геркулеса. У 1537 годзе аддадзена замуж па маёмасных меркаваннях за наваградскага (пазней трокскага) ваяводу Станіслава Гаштольда. Пасля яго смерці сышлася з Жыгімонтам Аўгустам (1543). Пачуцці вялікага князя да Барбары імкнуліся выкарыстаць для ўмацавання ўласных пазіцый яе брат Мікалай Радзівіл Руды і стрыечны брат Мікалай Радзівіл Чорны. Пад іх націскам у 1547 у Вільні адбылося патаемнае вянчанне Барбары з Жыгімонтам Аўгустам. Пасля заняцця апошнім польскага трона (1548) супраць гэтага шлюбу выступілі магнаты і шматлікая шляхта, незадаволеная ростам уплыву Радзівілаў і знявагай каралеўскай годнасці няроўным шлюбам. Рашуча супраць Барбары была настроена свякроў каралева Бона Сфорца. У 1548 сойм у Пётрыкаве выступіў за скасаванне шлюбу, але Жыгімонт Аўгуст дамогся яго афіцыйнага прызнання, пагражаючы адрачэннем ад трона і заключэннем саюзу з Габсбургамі. Барбара была каранавана ў Кракаве 7.12.1550 г, але ў хуткім часе памерла.

Вітаўт Чаропка. Лёсы ў гісторыі. Мінск, "Беларусь", 2005, ст. 125-141.

Каралева кахання

(ТЭКСТ)

Чуткі пра шлюб сына з Барбарай Радзівіл дайшлі да бацькоў Жыгімонта Аўгуста. Кароль Жыгімонт Стары выклікаў сына ў сваю рэзідэнцыю ў Кракаве, каб самому пра ўсё даведацца. I калі той прызнаўся, што ўзяў шлюб з Барбарай Радзівіл, дык бацька разгневана мовіў: "Гэтая рэч ёсць няслушная, і быць ёй нельга". А маці, каралева Бона Сфорца, ажно залілася слязамі з-за гэтага "нефартуннага" ўчынку сына і люта ўзненавідзела нявестку. Жыгімонт Аўгуст паасцярогся публічна паведаміць пра свой шлюб на сойме, баючыся агульнага абурэння. Ды і як ён мог прызнацца, калі панства і шляхта лічылі, што не кароль кіруе імі, а яны каралём, а тут ён праявіў сваю волю... Так можна было застацца без кароны. Трэба было таемна збіраць вакол сябе прыхільнікаў, каб выйграць бітву і права кахаць і быць каханым, за тое, чаго яго імкнуліся пазбавіць... А бітва ўжо пачалася. Бацька паслаў у Вільню лісты да паноў-рады з просьбай угаварыць яго сына адмовіцца ад непрыстойнай жаніцьбы, "якая і нам, і яго міласці вялікае прыніжэнне, а гаспадарствам нашым немалую знявагу прычыніла". Паны слёзна малілі Жыгімонта Аўгуста, "каб таго не чыніў і няроўні сабе, падданай сваёй, за малжонку не браў". Жыгімонт Аўгуст не слухаў перакананняў ні паноў-рады, ні бацькоў. Не пахіснулі яго і шматлікія пасквілі на Барбару, у якіх яе называлі "вялікай распутніцай Літвы".

Жаданае шчасце Жыгімонт Аўгуст трымаў у сваіх руках, выпусціць яго, дык і наракаць застанецца толькі на сябе. I слабавольны ўладар гатовы быў змагацца за сваё каханне са сваімі бацькамі, сваімі падданымі, сябрамі і ворагамі, з усім светам... Ад жонкі ён не адмовіўся.

(236 сл.)

Соф'я Кавалеўская

(ДАВЕДКА)

Соф'я Васільеўна Кавалеўская (1850 - 1891) - матэматык і механік, пісьменніца і публіцыстка беларускага паходжання. Прафесар Стакгольмскага ўніверсітэта (1884), член-карэспандэнт Пецярбурскай акадэміі навук (1889).

Расла ў Пабліна каля Краслаўкі Віцебскай губерні (цяпер Латвія).

Соф'я Кавалеўская - першая жанчына-прафесар ў Расейскай імперыі і Паўночнай Еўропе, а таксама першая ў свеце жанчына-прафесар матэматыкі.

Таго не зналі, што да матэматыкі "пазвалі" // Марціновіч, А.А Гісторыя праз лёсы. Т.7. / А.А. Марціновіч. - Мінск : Беларуская навука, 2019. - С. 62.

Таго не зналі, што да матэматыкі "пазвалі"

(ТЭКСТ)

Многіх, бадай, цікавіць, як Софа зацікавілася матэматыкай?

Спачатку яе прывабілі лічбы. Адбылося гэта адразу па прыезде ў Пабліна. Прытым пры даволі нечаканых абставінах. Раптам высветлілася, што ў парадным пакоі для абклейкі сцяны не стае шпалераў. Бацька, Васіль Васільевіч Корвін-Крукоўскі, успомніў, што дзесьці захоўваюцца аркушы лекцый знакамітага матэматыка Міхаіла Астраградскага.

Трэба сказаць, што генерал Корвін-Крукоўскі быў чалавекам высокаадукаваным. Меў даволі шырокае кола інтарэсаў. У маладосці любіў паэзію. Захапляўся вершамі моднай на той час паэтэсы Еўдакіі Растропчынай. Аднак асабліва вабіла яго матэматыка. Гэтыя аркушы лекцый таксама набыў яшчэ ў маладым узросце. Іх і выкарысталі для абклейкі сцяны. Не здагадваўся, што тым самым наблізіўся да здзяйснення сваёй мары. Марыў жа, каб менавіта матэматыка стала прызваннем яго малодшай дачкі.

Сапраўды, да гэтага і падштурхнула Софу абклейка сцен. Як гэта адбывалася, даведаемся з кнігі "Успаміны маленства": "Аркушы гэтыя, спісаныя дзіўнымі, незразумелымі формуламі, хутка звярнулі на сябе маю ўвагу. Я… праводзіла цэлыя гадзіны перад гэтай таямнічай сцяной, спрабуючы разабраць хоць асобныя фразы і знайсці той парадак, у якім аркушы павінны былі ісці адзін за адным. Ад доўгага штодзённага сузірання знешні выгляд многіх формул урэзаўся ў маю памяць, дый часам тэкст пакінуў па сабе глыбокі след у мазгах, хоць у сам момант прачытання ён і заставаўся для мяне незразумелым".

Падахвоціў жа яе палюбіць матэматыку і гувернёр-паляк Малевіч. Гувернёр-паляк - не хто іншы як беларус Іосіф Малевіч. Ён быў мясцовы. Адукацыю атрымаў у шасцікласным вучылішчы ў мястэчку Краслаўка. Гэта непадалёку ад Пабліна. Нямала паспрыяў гэтаму і родны брат бацькі Пётр Васільевіч. Шмат чаго ён ведаў. Матэматыцы, праўда, ніколі не навучаўся. Аднак, паводле слоў Кавалеўскай, "меў да гэтай навукі самую глыбокую павагу". Дзякуючы яму яна ўпершыню пазнаёмілася з некаторымі матэматычнымі паняццямі.

(277 сл.)

Алаіза Пашкевіч (Цётка)

(ДАВЕДКА)

Алаіза Пашкевіч, вядомая пад псеўданімам Цётка (у шлюбе Кейрыс або Кайрыс; 3 (15) ліпеня 1876, Пясчына, Лідскі павет - 5 (18) лютага 1916, Стары Двор, Лідскі павет) - беларуская паэтка, грамадская і палітычныя дзяячка, публіцыстка. Адна з заснавальнікаў партыі Беларуская сацыялістычная грамада, якая стала цэнтрам беларускага нацыянальнага руху пачатку XX стагоддзя. Псеўданімы: Цётка, Гаўрыла з Полацка, Мацей Крапіўка, Крапіўка, М. Крапівіха, Крапівіха, Гаўрыла, Тымчасовы, Банадысь, Асака, Ciotka і Tymczasowy.

Пры дарозе памяці

(ТЭКСТ)

Першая сусветная вайна раскідала вялікую сям'ю Пашкевічаў. Малодшы брат Юзік быў забіты, Войцах пасля ранення зноў ваяваў з немцамі, маці, сястра Караліна і жонка Войцаха з дзецьмі аказаліся бежанцамі і ў час вайны жылі ў Расіі. Бацька не хацеў пакідаць гаспадарку, хату і не паехаў з маці. У студзені 1916 года ён памёр ад тыфу ў Лідзе.

Аплаквалі бацьку толькі тры дачкі - Стафанія, Алаіза і Зося. Пасля пахавання Стафанія паехала ў Шымкаўшчыну, дзе жыла, будучы замужам. У Старым Двары заставалася цяпер малодшая сястра Цёткі Зося.

Чаму Цётцы пасля пахавання бацькі так захацелася дадому, у Стары Двор? Захацелася ў горы пабыць сярод родных сцен?

Зімоваю дарогай, коньмі, пры вялікім марозе паехала на бацькаўшчыну. Там яе сустрэлі цішыня, глухата - вайна спустошыла вёскі, яны як вымерлі, гаспадарыла толькі эпідэмія тыфу.

Цётка, чым магла, дапамагала землякам, пакуль не злягла і сама. Адразу зразумела, што гэта канец, і папрасіла, каб пахавалі яе тут, на радзіме, каля саду, каля шляху. Ведаючы пра сваё слабое здароўе, не раз паказвала гэтае месца блізкім, цяпер толькі паўтарыла просьбу. А потым знепрытомнела.

Запрасілі з Васілішак доктара - немца, але ён не ўмеў лячыць тыфу і нічым не дапамог. Шукаць іншага лекара было немагчыма - завеі, маразы, да Вільні не дабярэшся, ды было ўжо гэта, мусіць, і запозна.

Так і памерла Цётка - у адзіноце, але на радзіме. На пахаванне сышлося не шмат людзей, толькі тыя, каго не забрала вайна, не скасіла хвароба.

Яшчэ адно гора прыйшло ў сям'ю Пашкевічаў, і вялікае гора прыйшло да беларускага народа, які страціў сваю заступніцу, сваю абаронцу.

Рэшткі сям'і Пашкевічаў потым так і не сабраліся пад родным дахам. Да 1939 года ў Старым Двары жыла адна толькі Стафанія, якая ў 1918 годзе аўдавела і пераехала на радзіму. У 1936 годзе яна паставіла на магіле Цёткі помнік, ён стаіць і сёння.

(268 сл.)

Можна на паперы прачытаць успаміны Станіслава Мараўскага

У асноўных бібліятэках Беларусі, у тым ліку, у Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы стала даступнай кніга Станіслава Мараўскага "Некалькі гадоў маёй маладосці ў Вільні (1818 - 1825)" на беларускай мове. Перакладчык і ўкладальнік Леанід Лаўрэш.

Аўтар, Станіслаў Мараўскі, нарадзіўся ў 1802 годзе ў Міцкунах каля Вільні, быў адзіным сынам Апалінарыя, шамбаляна караля Станіслава Аўгуста і Мар'яны з Сямашак. Аддадзены ў павятовую Ковенскую школу, закончыў яе за год да таго, як там пачаў працаваць Адам Міцкевіч. Пасля школы шаснаццацігадовы, пільны, здольны, інтэлігентны і амбітны хлопец паступіў у Віленскі ўніверсітэт на медычны факультэт. Такой была воля яго бацькі, цалкам нязгодная з планамі яго сына. Студэнцтва Мараўскага супала з самым яркім перыядам жыцця Віленскага ўніверсітэта і кульмінацыяй руху філарэтаў сярод моладзі. Ён адразу далучыўся да гэтага руху і заслужыў шчырую прыхільнасць і павагу сваіх калег. Працавіты і старанны, не грэбаваў таварыскімі стасункамі, адкрытымі абдымкамі сустрэлі яго ў тагачасным віленскім бамондзе...

Наш кар.

"Кожная пятнiца - роднае, сваё"

Сярэдняя школа № 11 г. Ліды імя Н. І. Паповай далучылася да агульнанацыянальнага праекта "Кожная пятнiца - роднае, сваё", накіраванага на захаванне нацыянальных традыцый і падтрымку культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

Кожную пятніцу школа напаўняецца родным словам: навучэнцы і працаўнікі ўстановы размаўляюць па-беларуску, чытаюць вершы беларускіх аўтараў, датыкаюцца да духоўнай і культурнай спадчыны свайго народа.

Праект спрыяе фармаванню моўнай культуры, умацаванню нацыянальнай самасвядомасці і выхаванню павагі да гісторыі і традыцый Беларусі.

ТК "Адукацыя Лідчыны".

БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

Станіслаў Суднік

Колеры, афарбоўкі і масці ў Лідзе і ў астатняй Беларусі

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Афарбоўкі і масці жывёлаў


Кот


Анатомія


Сярэдняя даўжыня цела ката без хваста 60 см, даўжыня хваста 25-35 см. Як правіла, самкі меншыя за самцоў, як і ў іншых сысуноў (з'ява палавога дымарфізму). Самы буйны кот, паводле "Кнігі рэкордаў Гінэса", дасягае ў даўжыню 121,9 см.

Вага сярэдняга здаровага ката складае 2,5-6,5 кг, але сустракаюцца і буйнейшыя асобіны, вага якіх дасягае 7-9 кг. Каты сібірскай пароды і мейн-кун могуць дасягаць вагі 11,5-13 кг. Каты могуць дасягаць масы 20 кг, а самы цяжкі кот меў вагу 21,3 кг. Звычайна параўнальна вялікая вага ката з'яўляецца наступствам атлусцення.

Кот з'яўляецца тыповым дробным драпежнікам з характэрнымі асаблівасцямі анатоміі. Шкілет ката сфармаваны прыкладна з 240 костак і складаецца з двух аддзелаў: восевага і перыферычнага. Восевы аддзел шкілета прадстаўлены чэрапам, хрыбетнікам і грудной клеткай. Перыферычны шкілет ці шкілет канечнасцяў складаецца з 2 грудных (пярэдніх) і 2 тазавых (задніх) канечнасцяў.

Чэрап і хрыбетнік засцерагаюць цэнтральную нярвовую сістэму (галаўны і спінны мозг) ад пашкоджанняў. Хрыбетнік ката складаецца з 7 шыйных, 13 грудных, 7 паяснічных пазванкоў, 3 зрослых крыжавых і 20-26 хваставых пазванкоў. Да пазванкоў прымацаваны 13 пар рэбраў. Рэбры разам з груднымі пазванкамі і грудзінай утвараюць грудную клетку. Першыя 9 пар рэбраў злучаны непасрэдна з грудной косткай, астатнія 4 пары вольныя. Косці пярэдніх канечнасцяў злучаны з грудной клеткай злучальнай тканкай і цягліцамі.

Чэрап ката адрозніваецца ад чэрапаў іншых сысуноў вельмі вялікімі вачніцамі і магутнымі і спецыялізаванымі сківіцамі, а таксама прыблізна аднолькавым развіццём тваравага і мазгавога аддзелаў. Мазгавая частка чэрапа ката складаецца з 11 костак, а тваравая - з 13. Мозг сярэдняга ката мае памер 5 см у даўжыню і важыць 30 г.

У ката 30 зубоў (16 на верхняй сківіцы і 14 на ніжняй), з іх 12 разцоў, 4 іклы, 10 прамаляраў і 4 маляры. Зубы ката прыстасаваны для забойства здабычы і раздзірання мяса. Злавіўшы здабычу, кот наносіць ёй укус двума доўгімі ікламі, утыкаючы іх паміж двума пазванкамі ахвяры, тым самым пераразаючы спінны мозг ахвяры, што прыводзіць да незваротнага паралічу і смерці. Зубная формула ката тыповая для каціных .


Адметная рыса будынка вока ката, характэрная для многіх сысуноў, - наяўнасць мігацельнай перапонкі (так званае трэцяе павека) - тонкай зморшчыны кан'юнктывы, якая высоўваецца з унутранага кута вока і выконвае ахоўную функцыю. Яна чысціць паверхню бачнай рагавіцы вока ад пылу і змочвае яе. Трэцяе павека можна ўбачыць, калі кот спіць з прыадчыненымі вачамі ці адчувае стомленасць. Калі трэцяе павека відаць увесь час, у тым ліку, калі кот не спіць, гэта ў большасці выпадкаў можа быць прыкметай хваробы.

Поўсць ката мае ўласцівасць наэлектрызоўвацца ад трэння, таму пры чыстцы шчоткай і расчэсванні злёгку ўвільгатняюць поўсць ці шчаціну. Назапашванне статычнай электрычнасці можа адбывацца ўвесь час пры знаходжанні ката ў занадта сухой атмасферы, у такіх выпадках ужываюць увільгатняльнікі паветра.


Органы пачуццяў


Па меркаванні многіх заолагаў, сярод сысуноў органы пачуццяў найболей развіты ў катоў. Хоць слых у іх развіты горш, чым, напрыклад, у мышэй, цудоўныя (па чалавечых мерках) зрок, нюх і слых у спалучэнні з тактыльнымі і смакавымі рэцэптарамі робяць катоў вельмі адчувальнымі жывёламі.


Зрок


Сярод свойсіх жывёл у ката самыя вялікія вочы адносна памераў цела. Як і ў большасці драпежнікаў, вочы ката накіраваны наперад, і іх глядзельныя палі перакрываюцца. Таму каты валодаюць стэрэаскапічным зрокам, які дазваляе ацэньваць адлегласць да прадмета назірання. Каля 60 % катоў здольныя да рухаў вачэй, пры якіх глядзельныя восі сыходзяцца і разыходзяцца. Поле зроку ў катоў складае 200°, супраць 180° у чалавека. У жоўтай пляме на сятчатцы вока ў катоў адсутнічае цэнтральная ямка (fovea), а замест яе маецца дыск, дзе знаходзяцца колбачкі. Палачак у сятчатцы вока ў 25 раз больш, чым колбачак, гэта абумоўлена тым, што кот з'яўляецца начным драпежнікам, таму здольнасць бачыць пры слабым асвятленні (за якую адказваюць менавіта палачкі ў сятчатцы) з'яўляецца для яе прыярытэтнай.

Каты ўмеюць адрозніваць колеры, але ў параўнанні з чалавекам успрыманне колеру ў іх слабей - меней кантраснае і яркае. У катоў (як і большасці іншых сысуноў, акрамя прыматаў) ёсць два тыпы колбачак - адчувальныя да больш даўгахвалевага і караткахвалевага святла. "Даўгахвалевыя" колбачкі ката ўтрымоўваюць апсін, які мае максімум паглынання ў вобласці 553 нм. Лічыцца, што ў большасці сысуноў адсутнічаюць "зялёныя" колбачкі (адпаведныя сярэдняхвалевым колбачкам прыматаў), таму іх каляровы зрок нагадвае такі ў чалавека пры дэйтэранапіі (разнавіднасць дальтанізму). Заўважана, што нерухомыя і блізка стаячыя прадметы кот успрымае горш, чым рухомыя. У катоў здольнасць да факусоўкі зроку на прадметах у 2-3 разы меншая, чым у вышэйшых малпаў і чалавека.

Каты цудоўна бачаць ва ўмовах слабога асвятлення. За сятчаткай вока размяшчаецца адмысловы пласт - тапетум, які ў катоў, як і ў большасці жывёл, утрымоўвае вялікую колькасць люмінесцэнтнага пігменту (tapetum lucidum). Функцыя тапетуму складаецца ў адлюстраванні зваротна на сятчатку той часткі святла, якая праходзіць скрозь напаўпразрысты пласт святлоадчувальных клетак і якая без тапетуму беззваротна гублялася б. Дзякуючы тапетуму і іншым механізмам святлоадчувальнасць вока ката ў 7 раз вышэй, чым у чалавека, і каты могуць добра бачыць нават пры слабым асвятленні, але пры яркім святле яны бачаць горш чалавека. З-за інтэнсіўнай пігментацыі тапетуму каціныя вочы пры іх асвятленні ў цемры свецяцца жоўта-зялёным.

Пігментацыя тапетуму цесна злучана з пігментацыяй вясёлкавай абалонкі. У блакітнавокіх катоў (гэтак жа, як і ў сабак), незалежна ад колеру поўсці, тапетум пігментаваны слаба, і іх зрэнкі адсвятляюць чырвоным колерам і меней ярка - як у чалавека (tapetum nigrum). Гэта дазваляе выказаць здагадку, што начны зрок блакітнавокіх катоў такі ж слабы, як у чалавека. Кацяняты нараджаюцца блакітнавокімі, гэта значыць са слаба пігментаванай вясёлкай і, адпаведна, са слаба пігментаваным тапетумам. Прыкладна да 3-месячнага ўзросту, калі ў жаўтавокіх і зялёнавокіх катоў вясёлка насычаецца пігментам, пігментуецца і тапетум. Адценне свячэння зрэнак таксама залежыць ад кута падзення святла, бо пігментацыя тапетума змяншаецца па кірунку ад задняй сценкі вочнага яблыка да пярэдняй, і яго адценне змяняецца градыентам: жоўта-зялёны, бірузовы, блакітны, сіні, фіялетавы, чырвоны, чорны. Але пры франтальным ракурсе ў катоў з добра пігментаванай вясёлкай зрэнкі свецяцца жоўта-зялёным колерам.

Насуперак распаўсюджанай памылцы, у абсалютнай цемры каты бачыць не могуць.

Каб паменшыць светлавы струмень на сятчатцы пры яркім асвятленні, зрэнка кацінага вока можа змяняць форму. Прычым яна не круглая, як у чалавека, а вертыкальна-авальная аж да шчылінападобнай, бо вясёлкавая абалонка сціскаецца з дапамогай цягліцавых валокнаў нераўнамерна; такімі ж здольнасцямі валодаюць вочы ў ліс, якія адносяцца да сямейства сабачых. Вясёлкавая абалонка служыць дыяфрагмай, рэгулюючы колькасць святла, якое пранікае ўнутр вачэй.


Слых


Орган слыху свойскага ката падпадзяляецца на тры аддзелы - вонкавае вуха, сярэдняе вуха і ўнутранае вуха, адкуль імпульсы паступаюць у цэнтры слыху ў галаўным мозгу.

Каты валодаюць накіраваным слыхам, гэта значыць шумы сартуюцца па кірунку. Каты могуць рухаць вушной ракавінай у бок крыніцы гуку, прычым кожнай вушной ракавінай незалежна адна ад другой, таму кот можа сачыць адначасова за дзвюма крыніцамі гуку. Гэтымі рухамі кіруюць больш за дзясятак цягліц, дзякуючы чаму вушная ракавіна можа паварочвацца амаль на 180°. Пры гэтым кот валодае здольнасцю прасторавага слыху - можа распазнаць сілу гуку, яго аддаленасць і вышыню і на падставе гэтых дадзеных вельмі дакладна ацаніць месцазнаходжанне яго крыніцы. Слых катоў настолькі добра развіты, што яны ў стане з заплюшчанымі вачамі арыентавацца ў прасторы на шоргат і піск і лавіць прабягаючых міма мышэй; слых чалавека не ў стане гэтак дакладна пазіцыянаваць месцазнаходжанне крыніцы шуму.

Каты могуць успрымаць ультрагукавыя сігналы. Дыяпазон чутных гукаў у ката яшчэ недастаткова вывучаны; па некаторых дадзеных, ён складзены паміж 45 Гц і 64 000 Гц, па іншых дадзеных - даходзіць да 100 000 Гц. У ката няма органа, які вырабляе ўльтрагук, таму каты не выкарыстоўваюць для зносін ультрагук, недаступны нашаму ўспрыманню, аднак яны здольныя чуць ультрагук, чым карыстаюцца падчас палявання, бо ўльтрагукавыя зносіны грызуноў адбываюцца ў прамежку 20-50 кгц, у той час як каты здольныя чуць ультрагукі да 65-70 кгц. У вуху ката каля 13 тысяч успрымальных клетак, што некалькі менш, чым у чалавека, аднак у ката каля 52 000 перадавальных нервовых канчаткаў у слыхавым нерве, тады як у чалавека іх значна менш - 31 000.


Дотык


Датыкальныя функцыі ў катоў выконваюць адмысловыя тактыльныя (датыкальныя) валасінкі, размешчаныя з двух бакоў у чатыры рады над верхняй губой, над вачамі, пад падбародкам - вібрысы (ва ўжытку - вусы), а таксама адчувальныя валасінкі на хвасце, на ўнутраным і тыльным баку канечнасцяў (запясцевыя валасінкі), на падушачках лап, паміж пальцаў, на кончыках вушэй і ў вушах. Ні ў якім разе нельга кату выдаляць вібрысы, бо гэтым ён фактычна будзе пазбаўлена сваёй "сістэмы арыентацыі і навігацыі" ў прасторы. Доследным шляхам было ўстаноўлена, што, чым слабей зрок у ката, тым даўжэй і таўсцей у яго вібрысы, а ў катоў, якія нарадзіліся з парушэннем зроку, вібрысы перавышаюць 8 см. Вібрысы таксама паказваюць настрой жывёлы: накіраваныя наперад вусы часта азначаюць цікаўнасць ці насцярожанасць, у той час як пры агрэсіі кот прыціскае вусы да пысы, хоць і прылашчаны, і кот, які мурлыкае, таксама прыціскае вусы да шчок.

Скурны дотык у катоў моцна развіты.


Нюх

У катоў моцна развіты нюх, што тлумачыцца наяўнасцю ў іх добра развітай нюхальнай цыбуліны і вялікай колькасці сэнсарных клетак нюхальнага эпітэлія насавой поласці. У катоў паверхня нюхальнага эпітэлія складае 5,8 см2, што ў два разы больш, чым у чалавека, і толькі ў 1,7 раз менш, чым у сярэдняга сабакі. Дзякуючы гэтаму нюх у катоў прыкладна ў 14 раз мацнейшы за чалавечы, што дазваляе ім адчуваць пахі, пра якія чалавек нават не падазрае. У верхняй частцы поласці рота ў катоў размешчаны вомераназальны орган, які дазваляе ім адчуваць асабліва тонкія пахі пры вынюхванні. Пры гэтым кот прыадчыняе пашчу і ўцягвае вусны, збіраючы скуру на галаве ў своеасаблівую грымасу, дэманструючы т. з. рэакцыю флемена, якая прысутнічае таксама ў сабак, коней і некаторых іншых сысуноў.

Каты таксама вельмі адчувальныя да каціных ферамонаў, такіх, як той, які ўтвараецца пры выдзяленні сінтэзаванай катамі амінакіслаты фелініну, якую яны выкарыстоўваюць для зносін паміж сабой, распырскваючы мачу і пазначаючы сваю тэрыторыю з дапамогай вылучэнняў з пахкіх залоз. Пахкія залозы кацянят пачынаюць вырабляць пахкія рэчывы з узросту трох месяцаў. Таксама каты разам з экскрыментамі выдзяляюць невялікую колькасць пахкай вадкасці з анальных залоз. Такія залозы ёсць у многіх драпежных, у прыватнасці ў скунсаў яны выкарыстоўваюцца для самаабароны.


Успрыманне смаку


Каты добра арыентуюцца ў смаках, адрозніваюць кіслае, горкае і салёнае. Пераборлівасць гэтая абумоўлена, першым чынам, добрым нюхам і развітымі смакавымі рэцэптарамі на языку. Доўгі час лічылася, што ў адрозненне ад большасці сысуноў каты не ўспрымаюць салодкае, паколькі адпаведны ген у іх пашкоджаны, аднак апошнія даследаванні аспрэчылі гэту інфармацыю.

Вестыбюлярны апарат


За пачуццё раўнавагі ў катоў адказвае добра развіты вестыбюлярны апарат, размешчаны ва ўнутраным вуху. Каты могуць бязбоязна перасоўвацца па каньках дахаў, платах і галінах дрэў. Пры падзенні яны могуць рэфлекторна прыняць у паветры становішча, патрэбнае для прызямлення на лапы. Пры гэтым функцыю стабілізатара выконвае вельмі рухомы хвост (у бясхвостых катоў стабілізатарам выступае ўсё цела). Дадатковым засцерагальным сродкам служыць рэфлекторнае расстаўленне лап у бакі, у выніку чаго паверхня цела ката павялічваецца і спрацоўвае "эфект парашута". Аднак у выпадку падзення з вялікай вышыні (з вокнаў шматпавярховых дамоў) гэты рэфлекс не заўсёды спрацоўвае, і жывёла можа разбіцца, што звязна з эфектам "шоку" пры выпадзенні з акна. Пры падзенні з малой вышыні (напрыклад, з рук дзіцяці) часу на разварот можа быць недастаткова, і кот таксама можа траўміравацца. Як паказалі новыя даследаванні, пры падзенні з вялікай вышыні каты прызямляюцца не на лапы, а хутчэй, на жывот. У 1976 годзе ветэрынарным лекарам з Нью-Ёрка Горданам Робінсонам быў апісаны так званы "вышынны сіндром катоў", паводле якога: "Чым вышэй будынак, з якога зваліўся кот, тым менш пашкоджанняў атрымае жывёла Гэта значыць, як ні парадаксальна, 15-ты паверх бяспечней за 2-гі". Матэматыкам Рычардам Мантгомеры была распрацавана тэорыя, якая атрымала назву "Тэарэмы падаючага ката", паводле якой, кот, які падае спіной уніз, пераварочваецца спіной угару, нават калі кінэтычны момант роўны нулю.


Працягласць жыцця


Свойскія каты

Сярэдні тэрмін жыцця катоў складае 14 гадоў. Навукоўцы з Каралеўскага ветэрынарнага каледжа ў Лондане даследавалі працягласць жыцця розных парод катоў і прыйшлі да высновы, што бурманскі кароткшэрстны кот - сапраўдны рэкардсмен. Паводле іхняга даследавання гэтыя элегантныя каты жывуць у сярэднім 14 гадоў, значна апярэджваючы іншыя пароды. На другім месцы па працягласці жыцця апынуліся мейн-куны, рагдолы і нарвежскія лясныя каты (12 гадоў), а на трэцім - персідскія каты (11 гадоў), піша The Telegraph.

Разам з тым вядомы выпадак, калі кот па мянушцы Крым Паф дажыў да 38 гадоў. На студзень 2011 год самай старой лічылася кошка Люсі. Яна жыла ў брытанскай сям'і і адзначыла сваё 39-годдзе. Як распавёў уладальнік жывёлы Біл Томас, кошка з'явілася на свет у 1972 годзе. Прадстаўнікі Кнігі рэкордаў Гінэса афіцыйна прызналі, што кошка Люсі - самая старая прадстаўніца свайго віду ў свеце.

Пакладанне катоў і стэрылізацыя кошак спрыяльна адбіваецца на іх здароўі, бо ў катоў-пакладанцаў не можа развіцца рак насеннікаў, а ў стэрыльных кошак - рак маткі ці рак яечнікаў, акрамя таго і ў катоў, і ў кошак змяншаецца рызыка захворвання ракам малочных залоз. Стэрылізацыя кошак да першай цечкі з'яўляецца прафілактыкай рака малочнай залозы. Аднак пакладаныя каты часта пакутуюць мочакаменнай хваробай і схільныя да атлусцення. Ранняе пакладанне (ва ўзросце менш за 8-9 месяцаў) можа прыводзіць да развіцця мочакаменнай хваробы.


Бадзяжныя каты

Тэрмін жыцця бадзяжных катоў цяжка вызначыць дакладна. Аднак, паводле аднаго даследавання, сярэдні ўзрост такіх жывёл складае 4,7 года, прытым, што частка бадзяжных катоў гіне, яшчэ быўшы кацянятамі, хоць некаторыя могуць дажыць і да 10 гадоў. Ва ўмовах сучаснага горада бадзяжныя каты жывуць звычайна не больш за два гады, аднак у кіраваных калоніях бадзяжныя стэрылізаваныя кошкі могуць жыць значна даўжэй. Па паведамленнях Брытанскага кацінага апякунскага фонду (British Cat Action Trust), самай старой з вядомых бадзяжных кошак было 19 гадоў. Самым старым бадзяжным катом быў 26-гадовы Марк, які быў на апякунстве ў Дабрачыннага звяза абароны катоў.

(Працяг у наступным нумары.)

У ЦЯНІ ЗАМКА ГЕДЫМІНА

Я. Ярмант

Згукі Дня беларускага пісьменства ў Лідзе

Успаміны дзяцінства*

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)


Самая старэйшая сястра майго бацькі Марыя рана заўдавела і самастойна выхоўвала дваіх дзяцей, забяспечыўшы ім вышэйшую адукацыю.

Дзядзька Саша і цётка Нюта не стварылі ўласных сем'яў, да канца жыцця дапамагаючы адно аднаму. Цётка Нюта, ці панна Ганна, як яе звалі незалежна ад узросту, мела выдатную па тых часах адукацыю, бо скончыла з залатым медалём гімназію ў Пецярбургу. Яе звольнілі з пасады настаўніцы ў парадку скарачэння, і яна была змушана працаваць на зямлі.

Наступны брат Уладзімір, якога я ведаю менш за усіх, таму што ён працаваў на чыгунцы ў іншых месцах, меў жонку, але не меў дзяцей. Яго жонка не вельмі падабалася нашай радні.

Мой бацька, пераконваючы маму выйсці за сябе і распавядаючы пра будучы дастатак, не мог прадбачыць, што будзе скарочаным і пазбаўленым сталай працы, вымусіўшы гэтым да цяжкай працы сваю жонку.

Наступная сястра бацькі - Надзя - выйшла замуж вельмі нешчасліва. Цётка ўяўляла сабою тып замужняй жанчыны, да якой дрэнна ставіцца муж, аднак адданай сваім дзецям. Яна ніколі не крыўдзілася на свой лёс, перажываючы ўсе свае крыўды ў адзіноце. Так гэты шлюб ацэньваўся сярод нашай радні.

Самы малодшы брат бацькі - Мікалай, выразна ілюстраваў тып мужчыны - халасцяка. Такога, які не жадае і не ўмее падпарадкоўвацца правілам жыцця ўдваіх і пры гэтым не бачыць у ім прывабных рыс. Ён меў дзвюх жонак, але абедзвюх хутка кінуў (ці яны яго кінулі), увесь час выбіраючы жыццё адзіночкі. Не займаўся выхаваннем сваёй дачкі ад першага шлюбу. Яму былі чужыя абавязкі бацькі. Хоць гэтых негатыўных у звычайным разуменні рыс ён сабе не выбіраў, як і ніхто з нас. Выдатны палюбоўнік, ён ніколі не ведаў уласнай сям'і. Галоўны герой паэмы А. Пушкіна Яўген Анегін жадаючы адапхнуць ад сябе закаханую Таццяну наступным чынам вызначыў сваё стаўленне да шлюбу:


Когда бы жизнь домашним кругом

Я ограничить захотел;

Когда б мне быть отцом, супругом

Приятный жребий повелел;

Когда б семейственной картиной

Пленился я хоть миг единый, -

То верно б кроме вас одной

Невесты не искал иной.

... Но я не создан для блаженства;

Ему чужда душа моя;

Напрасны ваши совершенства:

Их вовсе не достоин я.

Поверьте (совесть в том порукой).

Супружество нам будет мукой.

Я, сколько ни любил бы вас.

Привыкнув, разлюблю тотчас;

Начнете плакать: ваши слезы

Не тронут сердца моего,

А будут лишь бесить его

... Что может быть на свете хуже

Семьи, где бедная жена

Грустит о недостойном муже

И днем и вечером одна;

Где скучный муж, ей цену зная

(Судьбу однако ж проклиная).

Всегда нахмурен, молчалив,

Сердит и холодно ревнив.

Таков я...


Распавядалі яшчэ пра аднаго хлопца з гэтай сям'і - Юрыя, які дзесьці загінуў у Першую сусветную вайну. Казалі, ён быў вельмі музычны. Я падсвядома адчувала сімпатыю да гэтага невядомага мне дзядзькі.

Як можна зразумець з усяго сказанага, дзеці з сям'і майго бацькі не мелі адмысловага шчасця ў шлюбе. Наўзамен прырода надарыла іх незвычайнымі рысамі характару. Гэта першым чынам прыстойнасць, якая выходзіла з пачуцця ўласнай добрай якасці, асабістая сціпласць, якая выяўлялася ў малых патрабаваннях ад жыцця, пачуццё адказнасці за сваё слова і справу. Нягледзячы на трохі сухое стаўленне да сябе і іншым яны адрозніваліся вялікай культурай побыту, а таксама чуласцю да чужых пакут і бед. Можа быць, некаторыя людзі і не прызнаюць гэтыя якасці годнымі пераймання. Аднак яны памыляюцца! Недаацэньваць духоўныя каштоўнасці могуць толькі людзі аслепленыя міражом дабрабыту матэрыяльнага жыцця, ці ілюзорнага шчасця ад прымнажэння матэрыяльных каштоўнасцяў, а таксама людзі, якія імкнуцца да пашаны і славы. Па сутнасці добрыя якасці маіх продкаў, якія дасталіся маме і тату, былі сапраўдным багаццем, што гарантуе ім у зямным жыцці павагу суседзяў, а ў іншым свеце - добразычлівасць апошняга суддзі. Спачывайце з мірам, родныя мае!

У спагадлівасці на чужую бяду ўсіх пераўзыходзіла цётка Нюта. Адна з маіх сябровак была родам з Познані, па прозвішчы Пячынская. Яе бацька быў вайскоўцам, значыць матэрыяльна забяспечаным. Аднойчы я наведала яе ў іх кватэры на сурацьлеглым баку вуліцы Вызвалення. Туды трэба было паднімацца па высокіх і стромкіх прыступках. Я заспела сяброўку разам з бацькамі. Памятаю, як яны выхваляліся перада мной яе ўяўнымі ведамі нямецкай мовы. Веды гэтыя складаліся ва ўменні прамовіць па-нямецку некалькі назоўнікаў: гэта печ, гэта лямпа, гэта стол і г.д. Я выказала захапленне яе цудоўнай белай сукенкай, у якой яна хадзіла з бацькамі ў касцёл. Яна была лёгкая і паветраная, як крылы матылька. Аднак была адна нязручнасць - каб не запэцкаць сукенку, дзяўчынка не павінна была дакранацца да яе рукамі. Таму Пячынская выглядала некалькі пацешна, перамяшчаючыся з рукамі ненатуральна адстаўленымі ў бакі.

Падчас вайны гэтая сям'я перажыла цяжкую драму. Бацька, вайсковец, не вярнуўся ў Ліду. Маці ад перажыванняў злегла і не магла працаваць. Мая аднагодка павінна была ўтрымоўваць сябе і маці. Ёй у гэтым, як магла, дапамагала мая цётка, штодня бясплатна аддаючы ім літр малака. Пасля вайны Пячынскія выехалі, і след іх згубіўся.

Як дзіця сваіх бацькоў я, безумоўна, уяўляла сабою спалучэнне неаднастайных рыс іх асоб. Аднак выбару ніякага ў мяне не было, і я прыйшла на свет ужо як "запоўненая карта". Таксама, як і расліна, што вырасла з пасаджанага зярнятка, ужо мае ў зародку лісце, кветкі і плады ў адпаведнасці са сваім відам і гатункам. Гэтую расліну можна падрэзаць, нагнуць, надаць адвольную форму, але ніколі нельга змяніць яе сутнасці і прызначэння. І птушаня, якое прадзёўблася з яйка, мае свой вызначаны від, памер і афарбоўку незалежна, у чыё гняздо было пакладзена яйка. Качаняты, якіх выседзела курыца, не становяцца куранятамі і не грабуцца ў зямлі, а бягуць у ваду да жаху сваёй прыёмнай маці.

Чалавек - не проста малая частка прыроды. Ён падпарадкоўваецца яе законам нароўні з раслінным і жывёльным светам. Хіба пры цяперашнім узроўні ведаў можна сцвярджаць, што чалавек гаспадар усіх тварэнняў на зямлі, таму што ён перавышае іх інтэлектам? Ці хіба можна такое меркаванне апраўдаць нашым няведаннем атачальных нас жыццяў? Што іншае, калі не генетыка вызначае індывідуальнасць асобнага чалавека, перадаючы яму фізічную супраціўляльнасць і таленты?

Чалавечыя высілкі можна накіраваць толькі на выпраўленне хібнасцяў і браку прыроды - у згодзе з генетыкай. Чалавек, які прыходзіць на свет - ужо "запоўненая карта", але пройдзе нямала часу, пакуль ён зможа яе прачытаць і то не цалкам!

РАЗДЗЕЛ II

Я не выбірала сабе месца свайго нараджэння. З такім жа поспехам магла нарадзіцца дзе-небудзь у Афрыцы, у індыйскай вёсцы, у краі вулканічных вывяржэнняў, ці пакутуючым ад засухі. Лёс быў добры да мяне. Я шчасліва знайшла сябе ў цэнтры Еўропы ў мястэчку з гучнай назвай Ліда, паблізу руін замка Гедыміна. Напэўна, няма нічога больш рамантычнага для майго ўяўлення. Толькі рака Лідзейка ды забалочаныя сенажаці адлучалі мяне ад гэтых руін, размешчаных на штучна насыпанай Замкавай гары, незвычайна высокай у дзіцячым уяўленні.

Усярэдзіне сцен было пуста, захаваўся толькі фрагмент паўночна-ўсходняй вежы. Зямля ў замкавым двары была ўтаптана за шэсць з лішнім стагоддзяў шматлікімі пакаленнямі людзей, ніякай памятнай дошкі, ніякага інфармацыйнага надпісу, але ўсе ведалі што будаўніком гэтага замка быў Гедымін, вялікі князь літоўскі, дзед Уладзіслава Ягайлы.

З вуха на вуха перадавалася легенда пра дзве хвоі, якія растуць на схіле гары пры ўваходзе. Яны звярталі на сябе ўвагу дзіўнай формай крон. Казалі, што гэта дзве зачараваныя літоўскія князёўны. Калі стаць каля маленькага ўваходу ва ўсходняй сцяне, то бачна нашая хата на вул. Вызвалення (цяпер Калініна). Хата зрушана трохі ўглыб участка, даючы месца маленькаму панадворку. Хата драўляная аднапавярховая, з нашага боку яна свяцілася светлымі сценамі з абчасаных ствалоў, бок бабулі быў "ашаляваны" маленькімі цёмна-чырвонымі дошчачкамі. Да нашай паловы хаты з боку вуліцы прылягаў паўкруглы кветнік з кветкамі, у ім знаходзіўся таксама склеп для захоўвання бульбы. Яго верхняя частка мела выгляд здзірванелага стажка.

Пасярэдзіне хаты знаходзіўся агульны ганак з лаўкамі па абодвух баках і драўлянай калонай пасярэдзіне. Сёння яшчэ шмат падобных збудаванняў можна сустрэць на Беласточчыне, але я ніколі не бачыла, каб калона знаходзілася пасярэдзіне. На гэтым ганку ўлетку ў пасляабедзенны час засяроджвалася жыццё дарослых. Мама і суседкі сядзелі там з ручной працаю, часам сярод іх з'яўляўся Уладзіслаў Цітавіцкі - дзядзька Ядзі. Гэта быў добра выхаваны прадстаўнічы мужчына, удавец, які хадзіў заўсёды з палкай. Часта гутарка на ганку вялася па-руску. Памятаю, як пачуўшы папрок, што ў Польшчы выкарыстоўваецца чужая мова, Уладзіслаў адказаў: мы ведаем некалькі моў і не абавязаны размаўляць вылучна на польскай.

Наша палова складалася з трох пакояў і кухні. Пра ванну і ваду з крана ніхто тады не чуў. З ганка праходзілі ў даволі вялікія сенцы з падлогай з нефарбаваных дошак. Там стаялі два ровары. Насупраць уваходу ў сенцы размяшчалася цёмная камора, у якой не было вокнаў. Там мама захоўвала галоўным чынам сала і свініну, багата пасыпаную соллю. Два разы ў год, перад Калядамі і Вялікднем, калолі свінняў, і атрыманыя прадукты забяспечвалі ўсю сям'ю на працягу паўгода. З сенцаў налева быў уваход у кватэру. Спачатку ішоў маленькі пакойчык, дзе мы - дзеці - рабілі ўрокі. У ім стаялі стол, два крэслы, вялікая лаўка і шафа. Адгэтуль вёў праход у вялікі кутні пакой з трыма вокнамі. Тут пасярэдзіне стаяў авальны стол на адной фігурнай ножцы. З левага боку каля сцяны размяшчалася канапа, занадта кароткая для спання, з высокімі спінкамі, яна прызначалася для гасцей і лічылася ўпрыгожваннем пакоя. На ёй ляжалі вельмі хораша вышытыя падушкі. Узбоч стаяла этажэрка з мноствам усякіх дробязяў. Сярод іх быў старадаўні альбом з кардоннымі дэкаратыўнымі старонкамі і некалькімі фатаграфіямі ўрачыстых падзей у жыцці бацькоў. Вялікую частку пакоя займалі велізарныя фікусы і мірт, якія стаялі на падлозе і на тумбах. У куце паміж вокнамі высока пад самай столлю вісеў абраз, а на ёй стараславянскай мовай была выпісана запаведзь Госпада пра любоў да блізкага: "Запаведзь новую дам вам - ды любіце адзін аднаго". З гэтага пакоя праходзілі ў спальню направа. Асаблівасцю ўсёй кватэры была адсутнасць дзвярэй. Замест іх віселі цяжкія цёмна-зялёныя парцеры. Падлогі былі насланы з драўляных дошак, па-фарбаваных чырвонай фарбай. У спальню можна было таксама прайсці непасрэдна з маленькага пакоя паміж печкай і кухняй. Печ падзяляла абодва пакоі і адначасова абагравала іх. Гэта быў вельмі зручны і карысны праход, які дазваляў пазбягаць хаджэння праз вялікі пакой. Яго з'яўленню мы былі абавязаны вынаходлівасці нашага бацькі. І ў кухні ён таксама ўставіў вузкае шкло паміж кухоннай печчу і сцяной, адгэтуль было відаць, што рабілася ў маленькім пакоі, і праглядалася вуліца перад хатай.

Уся сям'я спала ў адной спальні. Я з сястрой на адным ложку, а каля супроцьлеглай сцяны бацькі. На час сну яны адгароджваліся перасоўнай шырмай. Брат раскладваў свой ложак каля печкі. У той час не было моды спаць ва ўсіх пакоях кватэры.

Карыснай мэбляй быў камод з гарызантальна размешчанымі скрынямі (каб зазірнуць у верхнюю, мне даводзілася высоўваць ніжнюю і станавіцца на яе). На кухні цэнтральнае месца займала вугальная пліта з фаеркамі і хлебная печ. Кожную суботу мама сама пякла хлеб. Яна рыхтавала цеста ў велізарнай дзежцы і разводзіла агонь у печы. Пры аказіі яна на трыножку пякла вялікія, на ўсю патэльню, аладкі. Яны былі румяныя і вельмі смачныя. Паміж уваходнымі дзвярамі і акенцам каля сцяны стаяла вядро з вадой і кубак. На сцяне над тазам вісела простая рукамыйніца. Ваду прыносілі з двара, не памятаю, каб калі-небудзь я цярпела ад гэтай цяжкасці, сама я яе не насіла. У двары ў нас не было студні. З памежнага рова паміж сенажацямі бабулі і суседкі - пані Клышэйкі струменем біла крынічка. Бацька паставіў над ёй два бетонныя кольцы і прабіў адтуліну для вады. Дзякуючы гэтаму ў нас была сапраўдная крынічная вада для пітва і ўсіх гаспадарчых патрэб. Паласкаць бялізну мама хадзіла на рэчку. З хат, размешчаных па другі бок ракі, туды таксама прыходзілі жанчыны з бялізнай, і такім чынам завязваліся новыя знаёмствы. Адно з іх ператварылася ў сяброўства. Я маю на ўвазе пані Францкевіч, удаву, якая жыла на вул. Замкавай насупраць хаты Міклашэвічаў. Яе дачка Ірэна вельмі прыгожая і вясёлая дзяўчына, была толькі на год старэй за маю сястру і хадзіла ў тую ж гімназію. Пані Францкевіч аказалася вельмі сімпатычнай асобай. Яна ахвотна ўступала ў гутарку з мамай пры сустрэчы. Аднойчы мы сустрэлі яе на вул. Замкавай. Прывітаўшыся, яна звярнулася да маёй сястры па-руску:

- А як твае балы?

Сястра была знаёмая з рускай мовай і разумела яе, але гэтым разам выглядала відавочна збянтэжанай.

- Выбачайце, я яшчэ не хаджу на балі - ветліва адказала яна. Мама і пані Францкевіч засмяяліся. Сястра не зразумела, што яе пытаюць пра адзнакі за вучобу. Гэта пацешнае здарэнне часта ўспаміналася ў нашай сям'і і заўсёды весяліла нас.

Ірэна і яе мама займаюць ганаровае месца ў маіх успамінах. Ім абедзвюм жадаю выказаць глыбокую падзяку за тое, што ўжо пасля вайны яны далі прытулак мне ў сваёй кватэры ў Торуні падчас маёй вучобы. Калі я з'явілася ў іх без запрашэння, Ірэна проста сказала:

- Не можа быць і гаворкі пра грошы. У нас з мамай няма родных, таму ўсіх лідзян мы сустракаем, як сваіх блізкіх.

Вяртаюся да нашай хаты над Лідзейкай. Да кухні прылягала прыбудова, якая выконвала функцыі калідорчыка і дзе захоўваліся прылады бацькі. У гэтай міні-майстэрні бацька паміж іншымі справамі падбіваў нам чаравікі. Ён меў уласную шавецкую калодку, драўляныя цвікі і кавалкі скуры. Абутак у той час насілі толькі скураны, моцны і дыхтоўны. З кухні праз гэты калідорчык траплялі ў панадворак, паверхня якога была пакрыта ўтрамбаваным шлакам. Ён быў амаль цалкам акружаны гаспадарчымі пабудовамі, у якіх гаспадарыў дзядзька Аляксандр.

З правага боку знаходзіўся свіран, дзе дзядзька захоўваў свае харчовыя запасы: збожжа, муку, вэнджаніну. Далей узвышалася высокая вяндлярня, якая служыла адначасова куратнікам. Насупраць нашых вокнаў цягнулася доўгае невысокае памяшканне. Яго правая палова належала нашым свінкам. Тут адразу каля дзвярэй бацька збудаваў сабе станок з ціскамі і ручным прывадам для ўсякіх прац: слясарных, сталярных, колавых. У бацькі былі, што называецца, залатыя рукі. Ён умеў рабіць усё. Рамантаваў рондалі, выразаў прыгожыя кухонныя кружкі, рабіў нажы, прыгожыя запальніцы і г.д. Ён заўсёды быў заняты працай.

Другую палову гэтай пабудовы займалі стайня і кароўнік. Што раніцы па вуліцы ішоў пастух і гучна крычаў:

- Выганяй каровы! Выганяй каровы!

Каровы паступова выходзілі з брамак, і ён гнаў іх на далёкую грамадскую пашу. Увечар каровы з радасным мыканнем вярталіся да сваіх гаспадароў. Даіла іх цётка Нюта, тая самая, якая з залатым медалём скончыла гімназію ў Пецярбургу.

З левага боку насупраць вяндлярні стаяла сянная адрына, дзе дзядзька захоўваў калёсы, плугі і да т.п. інвентар. Такім чынам панадворак з усіх бакоў быў закрыты, і яго ўтрамбаваная паверхня выдатна падыходзіла для гульні ў футбол.

Рака Лідзейка! Яна падыходзіла да нас з боку вёскі Раслякі. Аддзяляла раён Зарэчча ад замкавых руін і паварочвала ў бок раёна Вісьманты. Яна раптам з'яўлялася з-за густых высокіх алешын, вабіла да сябе на травяністую сенажаць, такім жа чынам раптам знікала за мастком. Напачатку 30-х гадоў яна была прыстасавана для рэкрэацыйных палёў. Пасярэдзіне рэчкі ўзвышалася драўляная платформа з парэнчамі і лаўкай. Людзі, якія сядзелі на ёй, былі звернутыя тварамі на ўсход. Да платформы вёў кароткі драўляны насціл. Я запомніла прысутнага на гэтай лаўцы пана Якімава. Ён сядзеў моўчкі, пацягваючы люльку. Я стаяла побач з ім і глядзела ў цёмную глыбіню вады ля маіх ног. Бачыла толькі сваё адлюстраванне, адлюстраванне аблокаў якія плывуць над нашымі галовамі і адчувала нейкі страх. Рака ў гэтым месцы з-за глейкага дна здавалася бяздоннай, у мяне кружылася галава. Мама распавядала, што некалькі гадоў назад да гэтай платформы была прымацавана лодка, якая здавалася напракат моладзі, і ахвотнікаў пракаціцца заўсёды хапала.

Падчас вясновай паводкі рака часта выходзіла з берагоў і набліжалася да нашых гаспадарчых пабудоў. Збіраліся дарослыя і клапатліва абмяркоўвалі гэтую тэму, сочачы за пад'ёмам вады. Але, да шчасця, яна ніколі не паднімалася вышэй падмурка адрынкі.

Лідзейка не замярзала нават у самыя суровыя зімы. Для катання на каньках мы выкарыстоўвалі блізкія азёры, пакрытыя ўзімку тоўстым пластом лёду. Самым блізкім і самым маленькім азерцам была сажалка пані Клышэйкі. Вялікія сажалкі знаходзіліся на Дзяканцы, куды мы мелі доступ без усякіх абмежаванняў. Для дарослых і ўсіх, хто добра валодае канькамі ўладкоўвалася коўзанка ўсярэдзіне замкавых сцен. Там давалі канькі напракат і грала музыка. Існавала толькі адна праблема: коўзанка была платнай. У тыя часы канькі насілі асобна і кожны раз перад катаннем прышрубоўвалі да чаравікоў. Для гэтай мэты да абцасаў у нас былі прыбіты адмысловыя пласцінкі з адтулінай пасярэдзіне. Да яе прымацоўвалася задняя частка канька, а пярэдняя прыкручвалася да наска з дапамогай адмысловага ключа. Нават самыя няздольныя імкнуліся навучыцца катацца. Я таксама ўмела слізгаць спіной наперад, рабіць "пісталет" і нават "ластаўку". "Пісталет", гэта тады, калі слізгаючы на кукішках выстаўляліся наперад рукі і нага. А "ластаўка" - гэта катанне на адной назе з гарызантальна размешчаным тулавам. Для катання на санках служыла горка Сіфры, вельмі стромкая. Таму мы часам выкарыстоўвалі пад'ём вуліцы. Рух на ёй быў невялікі - часам праязджалі санкі. У коней да дуг былі прымацаваны званкі, і мы здалёку чулі іх набліжэнне.

Хто былі нашы суседзі? З кім лёс звязаў нас, хто назаўжды застаўся ў маёй памяці?

Каля вуліцы па абодва бакі ад нашага ўчастка стаялі - справа - каменная хатка Яхкі і Пераца - габрэяў, уладальнікаў невялікай прадуктовай крамы (прозвішчаў іх я ніколі не ведала), а з левага боку размяшчалася піўная габрэек Соркі і Дзверкі. Вышэй па вуліцы злева ад хаты Соркі ўзвышалася наша горка Сіфры.

Хто такая Сіфра? Гэта імя старой габрэйкі, бедна апранутай, амаль у лахманах. Яна часта сядзела пад сцяной хаты Соркі з боку гароду і служыла дзеткам мішэнню для кідання камянёў. Пры кожным траплянні яна выкрыквала праклёны, якія чаргаваліся са стогнамі. Сіфра хутка знікла, але гара яе імя засталася. Само імя Сіфры стала ў нас сінонімам ненармальнасці.

У глыбіні вузкага завулка, які пачынаецца паміж нашай хатай і хатай Соркі і ідзе паралельна вул. Вызвалення, стаялі дзве драўляных хаты, падобныя на нашу. Жыхары завулка, зварочваючы з вуліцы, павінны былі праходзіць каля нашага ганка, і таму ўсе яны як бы знаходзіліся пад нашым наглядам. З часам мы пачалі зваць гэты завулак Братэрскім. На адлегласці якіх-небудзь 20-25 м ад нашай хаты, фронтам да завулка стаяла хата К 13. Гэтую хату бабуля здавала кватарантам, таму там за некалькі гадоў памянялася некалькі сем'яў. Нейкі час тут жыла сям'я паліцыянта Старчэўскага. У іх было васьмёра дзяцей: Ромак, Марыся, Фэля, Янак, Стасік, Болек, Бронька і Зося. (Зося трагічна загінула на пачатку войны. Яна нечакана збегла па прыступках ганка сваёй хаты на горцы Сіфры проста пад колы вайсковай машыны). Яны прыехалі ў Ліду з цэнтральнай Польшчы, пра што ўвесь час нагадваў дзіўны для нашых вушэй акцэнт пані Старчэўскай. Калі яе сын Ромак адыходзіў у войска, пані Старчэўская ўспрыняла гэты грамадзянскі абавязак як сямейнае няшчасце. Яна прыходзіла да нас і жаласна галасіла: "Мой Ромцю! Мой Ромцю!" Мама казала, што яна не эканомная: неяк паказваючы, як прыгатаваць адну страву і разбіваючы яйка, яна выкінула рэшткі бялку разам са шкарлупінай. Цётка Нюта жалілася, што Старчэўскія нядобрасумленна плацілі за кватэру. Не аддавалі своечасова належныя 22 злотыя, а часта праводзілі святы з застаўленым стравамі сталом. Цётка, праходзячы пад іх вокнамі не магла ўтрымацца ад абурэння: "Аддайце мае грошы!" - крычала яна. - "На гарэлку ёсць, дык павінны быць і на квартплату!" Гэта паўтаралася даволі часта, але асаблівага эфекту не мела. У Старчэўскіх была самая прыгожая калядная ялінка. Нідзе ў тыя часы я не бачыла такой вялікай колькасці ёлачнага дожджыку на святочнай ёлцы.

У канцы завулка паралельна нашай хаце стаяла хата пані Клышэйкі. Левае крыло хаты было ашалёвана, правае, дзе жылі яе сваякі па мужу - пабелена. Ганка не было, толькі каля сцяны пад падстрэшкам стаяла нізкая шырокая лаўка. Сады бабулі і пані Клышэйкі злучаліся паміж сабой, прычым з-за густых вішань зусім не было відаць плота. Адразу нельга было разабраць, дзе канчаўся наш сад і пачынаўся суседскі. Увесну ўсе пладовыя дрэвы пакрываліся белай пенай кветак. Гэта было выдатнае, незабыўнае відовішча. Яго прыгажосць перахапляла дыханне да болю ў грудзях і адначасова абуджала шкадаванне, што яе нельга падоўжыць. Час красавання садоў быў кароткім.

На стыку гэтых садоў расла старая вярба, пасаджаная некім невядомым. Яе трухлявы ствол нагадваў мне таямнічае дрэва, у дупле якога князёўна Майя знайшла сваю жамчужную нітку. Шмат разоў я паднімалася на яе купчастыя галіны з кнігай у руках. Наогул, не было напэўна, ніводнай вялікай алешыны на сенажаці, на якую б не лазіла я і іншыя дзеці. У кінатэатры як раз паказвалі фільм "Тарзан" і мой брат на чале групы дзяцей насіўся па альховых дрэвах, пранізліва выкрыкваючы: "Каман! Каман!" Гэтыя воклічы знаходзілі водгук у маім уяўленні, хоць я не разумела значэнне гэтага слова. Відавочна, хлапчукі таксама не разумелі, тым больш не ведалі, як яно правільна пішацца. Калі над блізкімі сенажацямі навісалі ваенныя хмары, мой брат узбройваў сваю дружыну шчытамі і дзідамі ды нападаў на суседнія варожыя плямёны з далёкіх ваколіц Зарэчча. Я вельмі баялася гэтых сутычак. Шчытамі ім служылі вялікія вечкі ад катлоў, употай вынесеныя з хаты. Але выглядалі яны паважна, і я дзівілася вынаходлівасці свайго брата.

З каго рэкрутавалася яго дружына? У пані Клышэйкі было чатыры сыны і пасёрбка, не зусім развітая разумова. Самы малодшы - Метак, быў маім аднагодкам. Нарадзіўся ў той жа год, месяц і дзень, што і я. Выхваляючыся, што старэйшы за мяне ён казаў: "Я нарадзіўся раніцай. Калі ты ўвечар з'явілася, я ўжо еў вячэру". Метак быў верным васалам майго брата і як малодшы, цалкам яму падпарадкоўваўся. Старэйшыя сыны пані Клышэйкі - Чэсік, Бронак і Янак не прымалі ўдзелу ў гэтых ваенных гульнях. У іх былі зусім іншыя зацікаўленні.

Чэсік, старэйшы за мяне на пяць гадоў, быў маім ідэалам. Сваё захапленне ім я некалькі разоў выказвала ў любоўных цыдулках, пачаўшы пісаць іх з моманту авалодання мастацтвам пісьма (ва ўзросце шасці гадоў). Цыдулкі гэтыя я перадавала праз выпадковых людзей. Я тады не ведала, што пераймала пушкінскую Таццяну з "Яўгена Анегіна". Чытаючы мае любоўныя пасланні, Чэсік трымаўся з годнасцю не меншай, чым сам Яўген. Я мяркую, ён пераўзыходзіў яго пачуццём гумару. Верагодна, прымаючы да ўвагі мой узрост, ён паджартоўваў нада мной. Аднойчы, пасля атрымання чарговай цыдулкі, сустрэў мяне на нашым ганку і весела сказаў:

- Аднак, ты не з'ехала, як абяцала ў лісце!

Я саромелася гэтак жа, як Таццяна, а можа яшчэ больш. Дзівілася яго свабодзе паводзін, якой мне бракавала, паважала за хлапечую ўпэўненасць у сабе і інтэлігентнасць, за поспехі ў вучобе і ўменне разнастаіць наша паўсядзённае жыццё. Мы ж не ведалі ні радыё, ні тэлевізара... Хлопцы пабудавалі з цэглы печку, у якой агонь трэба было раздзімаць, глытаючы дым, і гэтая праца выпадала самым малодшым! Мне ці Метаку. Прыносілі патэльню і іншае начынне, неабходныя для падрыхтоўкі імправізаваных страў. У такія моманты нам было вельмі весела. На дварах і за хатай разыгрываўся футбольны матч, дзяўчынкі гулялі ў "чорнае племя", а таксама ў "бэрака". Да позняга вечара захоплена гулялі ў паліцыянтаў і злодзеяў. Увосень пяклі на полі бульбу. Чэсік быў для мяне недасягальным ідэалам. Незаўважная ў кампаніі пры яго прысутнасці, я сачыла за ім позіркам, поўным захаплення.

Для старэйшых дзяцей Чэсік арганізаваў вандроўку вакол Польшчы, выкарыстоўваючы сувязі бацькі, які працаваў на чыгунцы і меў права бясплатнага праезду. Па вяртанні ён распавядаў нам пра прыгоды ў дарозе. Як у Гданьску яго прынялі за немца з-за вяснушак і рудаватых валасоў. У гэтых аповядах было шмат выдуманага, тым не менш, яны моцна дзейнічалі на маё ўяўленне. Нават наймалейшая праява ўвагі з боку Чэсіка дастаўляла мне вялікае задавальненне.

Памятаю, мама паслала мяне да пані Клышэйкі з нейкім даручэннем. Я паслухмяна адправілася яго выконваць, але не спяшалася. Па дарозе яшчэ залезла на плот нашага гарода насупраць хаты Клышэйкаў. Дзень быў цёплы, летні. Раптам у двор выйшаў Чэсік у светлай кашулі з падкасанымі рукавамі. Ён ласкава ўсміхаўся. Заўважыўшы мяне на плоце, падышоў і з усмешкай прапанаваў:

- Давай, дапамагу табе злезці.

Не чакаючы адказу, ён падняў мяне і паставіў на зямлю. Я нічога не сказала, але мне было прыемна. Яго жэст здаўся мне праявай сімпатыі. У іншы раз бацька ўзяў нас з сабой на раку Дзітву. Ён папрасіў у дзядзькі каня і воз з рашоткамі па баках. Да Дзітвы мы ехалі ўгару па вул. Гражыны (Энгельса), каля каталіцкіх могілак у бок Наваградка. Узялі з сабой кошыка з ежай на цэлы дзень. З намі ехаў Чэсік, што надавала экскурсіі адмысловае зачараванне. Памятаю, якая чыстая вада была ў Дзітве, зусім празрыстая. Было добра відаць дно ў месцы па маім паняцці вельмі глыбокім. Ужо тады я ўмела плаваць, навучылася на сёмым годзе жыцця, але ніколі не было прыдатнага вадаёма для плавання. У той раз я трохі баялася, але ўсё ж адважылася ўвайсці ў раку, выплыць на сярэдзіну і назад. Калі падплывала да берага, Чэсік працягнуў мне руку і дапамог выбрацца з вады. Я была яму ўдзячная, але як заўсёды нават не сказала "дзякуй". Усяму віной была мая сарамлівасць. Зрэшты, ён і не чакаў ад мяне ніякай падзякі. Ізноў усеўся на беразе, ахапіўшы рукамі калені і апусціўшы на іх галаву. Гэта пастава здавалася мне выразам глыбокай задуменнасці і выклікала павагу. З той экскурсіі мы прывезлі шмат белых лілей, сабраных на рацэ хлапчукамі, але дома яны вельмі хутка звялі. Гарлачыкі павінны ўпрыгожваць азёры і рэкі, а не знішчацца людзьмі, вырашыла я тады.

Вялікія магчымасці для захаплення Чэсікам падавалі мне вечарынкі старэйшай моладзі, іх арганізоўвалі мая сястра, Чесік і Бронак. Месцы вечарынак змяняліся, яны праводзіліся то ў нас, то ў пані Клышэйкі, то ў кватэры Старчэўскіх у хаце К 13. Форма арганізацыі была нязменная. Чэсік і Бронак адказвалі за прысутнасць хлопцаў, а сястра запрашала сваіх сябровак. Разам з іншымі прыходзілі Янка Цітавіцкая і Яся Валашук. Перад танцамі драўляныя падлогі пасыпаліся стружкамі з васковых свечак, гэта дапамагала танчыць.

(Працяг у наступным нумары.)

* Е. Ярмонт. В ТЕНИ ЗАМКА ГЕДЕМИНА. Воспоминания детства. Лида, 1995.

У Вільні і літоўскіх дварах, успаміны 1815 - 1843 гадоў*

Габрыэля Пузыня

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)


Можа, шчасцем ёсць здароўе? Праз некалькі дзён пасля сустрэчы з Марыняй я наведала дачку генерала Юзю Ваўжэцкую, у якой ўжо некалькі гадоў як адняліся ногі і яна ляжала прыкутая да ложка. Панну разам з ложкам вынеслі ў сад, адкуль адкрываўся від на замкавую гару, дзе сярод спеваў салаўёў і паху квітнеючага бэзу, выхудлая і знясіленая пакутніца з анёльскім выразам на бледных вуснах, кленчыла з падтрымкай двух слуг і глядзела на чыстае неба згаслымі ад пакут вачыма! Праз чвэрць гадзіны ўпала на падушкі і сказала: "Мне ўжо лепш!". Гэта быў яе штодзённы прыступ, часам настолькі моцны, што галава і ногі сутыкаліся ў курчах! Слугі сышлі - хворая гаварыла са мной весела, спакойна, яна рада была саду, рада маім адведзінам, рада нават сваёй хваробе і больш горача дзякавала Богу за кожнае палягчэнне яе пакут, чым іншыя дзякуюць за добрае здароўе. І ў тым жа доме яе прыгожая, малодшая сястра Люцыя, разведзеная з мужам, ужо чатыры гады мела кампраметуючыя зносіны з князем Даўгарукім40, з непакоем ішла па гэтай слізкай, нібы ўсыпанай ружамі дарозе, і, падумаўшы пра яе, я менш шкадавала калеку, хворую Юзю, якая ўмела быць шчаслівай сярод пакут!


Сярод бед гэтага года, якія абрынуліся на Вільню, было і пазбаўленне некалькіх сямей звыклага ладу жыцця праз звальнення з пасад чыноўнікаў, чые добрыя сэрцы пакрыўдзілі ўрад падчас працы следчай камісіі. Князь Трубяцкі ні пра каго не забыўся! Сярод няшчасных ахвяр была і сям'я Багдановічаў. Багдановіч служыў пляц-камендантам, але меў сэрца і не мог адмовіць жонкам, маці ці дочкам вязняў хоць здалёк зірнуць на іх праз краты41. І раптам сам апынуўся без хлеба для сваёй жонкі і вялікай сям'і. Мы не ведалі гэтую сям'ю, бачылі толькі яго жонку на аўторках у пані Абрамовічавай і запомнілі пару прыгожых чорных вачэй. Мой бацька нібыта лепш ведаў мужа і паехаў да іх з Бучынскай, якая ўбачыла падобную на выкінутых з гнязда птушанят сям'ю і паклікала на ўсё лета ў Болкава.


Неўзабаве мы вярнуліся ў Дабраўляны і з першага дня распачалі серыю прыемных дзён, чаму спрыяла прыгожае надвор'е.

Надыходзіла шостая гадавіна вяселля Бучынскіх, мы збіраліся наведаць Болкава. Раптам і вельмі дарэчы, у нас з'явіліся новыя госці і ўсе тры - паэты: Адынец, Ходзька і Юльян Корсак, каб таксама павіншаваць заўтрашніх юбіляраў. У Болкава былі танцы, песні, паланез ва ўсіх пакоях, імправізацыі, аўтографы ў альбомах, і вядома ж, выдатная вячэра з тостам у гонар шостай гадавіны вяселля.

Нашых гасцей з Парнаса злучаў талент, сяброўства і сваяцтва. Швагры Адынец і Ходзька зусім не былі падобныя адзіна на аднаго ні талентам ні знешнасцю. З іх больш вясёлы і дасціпны Ігнат Ходзька меў смешны твар і постаць: маленькі, кірпаты, з выступаючымі, ружовымі шчокамі, з поўнымі смеху вуснамі, з іскрыстымі, як дзве чорныя шпількі, вачыма, з растрапанымі валасамі і нейкай фамільярнасцю калі жартаваў, якая пасавала яму да твару. Ён быў галантным з дамамі, з запалам цалаваў ручкі, а сам заўсёды лічыўся душой мужчынскай кампаніі - ноч, праведзеная ім у гасцях як для гаспадара дома, так і для гасцей, асабліва для тых, хто дзяліў адзін пакой з аўтарам "Літоўскіх малюнкаў", звычайна была бяссоннай. Ні ў каго не зліпаліся вочы з-за пастаяннага агню жартаў, анекдотаў, песень, і дзякуй Богу, што да жаночых пакояў далятала толькі бязмоўнае рэха.

А размовы з панам Адынцом прыўносілі ўзнёслы, высакародны, рэлігійны і светлы настрой. Ветлівасць яго праяўлялася ў цалаванні рук, што было адзнакай эпохі, але рабіў ён гэта не так часта, як яго швагер, але больш сардэчна і сур'ёзна. Яго чорныя вочы і такія ж валасы, якія спадалі на лоб, цёмна-жоўты твар, рэзкія, выразныя рысы, рабілі яго падобным на намаляваны геніяльнай рукой эскіз вуглем.

Самы малодшы, трэці таварыш, спачатку не здаваўся ні інтэлектуальным ні сардэчным чалавекам, хоць на самай справе быў самым сентыментальным з іх, што высветлілася толькі пасля яго шлюбу. Тлустасць трыццацігадовага мужчыны, здароўе і колер твару не гарманіравалі з постаццю літаратара, але ён кампенсаваў гэта размовамі, якія спалучалі ў сябе тугу баркаролы і глыбіню перакладчыка "Боскай камедыі".


Ажаніўшыся год таму з беларускай ( "bialorusinka" - Л. Л.), паннай Антанінай Карніцкай, сваячкай Шадурскіх з Асвеі, пан Эдмунд Сулістроўскі прывёз маладую жонку ў Вішнева. Маладая пара наведвала суседзяў, была ўжо ў сваякоў у Болкава, і аднойчы, калі мы вельмі позна вячэралі ў Свянціцкіх, пасля працяглай верхавой прагулкі і танцаў у касцюмах амазонак, як знак зверху, перад намі з'явілася прыгожая пані Антаніна.

Пані Антаніна, сястра Юстына, Юзафа і Яна Карніцкіх, студэнтаў 1823 і 1830 гадоў, мела правільныя рысы і большы шарм і жыццялюбства, чым яе брат Ян. Смуглявая шатэнка з бліскучымі цёмнымі вачамі і жывой прыгажосцю, яна была галоўным захапленнем свайго мужа, які заўважыў яе яшчэ ў дзяцінстве і ўспомніў праз шмат гадоў, калі сустрэў у кампаніі сваёй цёткі пані Міхаліны Шадурскай каля Вострай Брамы. Хоць, па-праўдзе, гэты кавалер зведаў шмат прыгод у Вільні, Дрэздане і Карлсбадзе, яго сэрца прайшло праз агонь і ваду і да вяселля, канчаткова загартавалася. Яго маці бачыла іншыя перспектывы для свайго адзінага дзіцяці, чым на некалькі гадоў старэйшая за сына сваячка без пасагу, дык і сын - адзінае дзіця лічыў сябе чымсьці вышэйшым, калі ехаў у Асвею пасля смерці маці. Але калі зноў убачыў сваю "Альфу", зразумеў, што будзе пры ёй "Амегай" і не шукаў іншых варыянтаў. Пані Антаніна была з тых жанчын, якія падабаюцца адразу ўсім і назаўсёды і на твары якіх узрост не пакідае слядоў. Пані Антаніну суправаджала яе старэйшая сястра Адэля, не прыгожая, але сардэчная і вясёлая.

Мы наведалі маладажонаў у Вішневе, куды з візітам таксама прыехаў і швагер Канстанцін князь Радзівіл42. Два разы ўдавец, меў больш за пяцьдзесят гадоў і ўжо пяць гадоў даглядаў сваю адзіную дачушку Ядвісю. Аднак, пачаў думаць пра трэці шлюб. Ён меў слабасць да малых і прыгожых ножак і калі ўбачыў маленькую ножку панны Адэлі, дык ажно з Наваградскага павета прыляцеў да яе. Нічога нельга было ўладкаваць без апекуноў, ніхто не верыў у трываласць яго запалу. Але позняй восенню закаханы князь паехаў за Дзвіну, і ў маі адбылося вяселле. І чаго Радзівіл не меў раней, калі дзесяць гадоў таму ажаніўся з прыгожай і багатай Сулістроўскай, тое атрымаў зараз, бо нават у маладосці, ніколі і ніхто не бачыў яго такім жвавым і такім закаханым. Гэта зусім не спадабалася суседзям Паланечкі, адным таму, што разлічвалі выдаць за князя сваіх дачок, другім, бо з удаўцом лягчэй мець справы. Усе яны казалі, што панне Карніцкай воўк дарогу перабег. Але ведаючы пра цноты сям'і Карніцкіх, яны лічылі гэты бліскучы шлюб справай трэцяй і самай старэйшай сястры, якая была замужам за Густавам графам Вяльгорскім і Божым дабраславенствам за заслугі бацькі, які раздаў зямлю сваім сялянам, што ў той час і асабліва ў Беларусі, было выключэннем, а значыць і заслугай.

Новая суседка зачаравала наша наваколле, узаемныя адведзіны працягваліся ўсё лета, а калі слота спыніла паездкі, паміж маёнткамі лёталі конныя кур'еры з лістамі. Мы абяцалі вясёлыя святы з сям'ёй пана Эдмунда, але туга па сваёй старонцы не дала прыгожай Антосі ўсядзець у гняздзе, і яна паляцела за Дзвіну, а за ёй і муж.

1840 год

На карнавал у Вільню паехаў мой тата з Бучынскімі, бо на зіму прыпадалі соймікі, а запусты былі ў сакавіку.

Вільня змянялася, як у калейдаскопе і набывала прыгожыя колеры. Князь Вітгенштэйн, удавец пасля Стафаніі з Радзівілаў, другі раз ажаніўся з вельмі прыгожай княжной Леанілай з Барацінскіх, якую ўсе звалі Сульфільдай, купіў Веркі пад Вільняй у маршалка Ясінскага і пачаў перабудоўваць былы палац князёў Масальскіх, прыбудаваў вежу да двухпавярховай афіцыйны і з густам уладкаваў інтэр'ер. Зімаваў там, ладзіў святы, і марозным ранкам сюды на слізгаўку збіраўся ўвесь горад. Дамы ў ладных собалях каталіся на каньках, абапіраючыся на рукі ўмелых кавалераў. Гучала ваенная музыка, потым быў абед, які заканчваўся балем. Матыня, апісваючы гэтыя падзеі, пісала з Верак: "… усё што тут бачыш - прыгожае, на чым сядзіш - мяккае, што каштуеш - смачнае, што ўдыхаеш - духмянае".

Горад таксама добра бавіўся. У пані генералавай Несялоўскай праходзілі балі, а ў палацы панаваў ужо не сам князь Даўгарукаў, а яго пані княгіня. Бо пасля доўгага карагода і заляцанняў, якія давалі шырокую прастору для плётак і паклёпаў, князь Далгарукаў нарэшце ажаніўся з Люцыяй Забелавай. Каталіцкі шлюб адбыўся ў кайранскай капліцы пані Лапацінскай. Княская пара хацела атрымаць дабраслаўленне ад самога біскупа Клангевіча, але той, каб унікнуць такога гонару, накіраваў пробашча касцёла св. Яна, ксяндза Менуэ і сам навучыў яго, як даць шлюб па-французску, што было зусім не проста, бо нягледзячы на сваё прозвішча, шаноўны прэлат не ведаў ніводнага слова гэтай мовы. Біскуп рыхтуючы рытуал, загадаў ксяндзу Менуэ чытаць службу па-французску, той паблытаў словы і раззлаваў біскупа.

Сям'я Ваўжэцкіх падняла галаву, бо некалькі гадоў кампраметуючых заляцанняў нарэшце ўвянчаліся шлюбам. Маладая жонка старалася быць ветлівай, запрашала да сябе на сямейныя і сяброўскія абеды, а князь не ведаў як дагадзіць вялікай жончынай сям'і, дзеці якой да чацвёртага калена ўсе называліся яго "дзядзькам". З усёй грамады Пузыняў, Гейдройцяў, Сясіцкіх, Мяйштовічаў, Ельскіх і г. д., ён найлепш прымаў генералаву Несялоўскую і Бучынскую, бо ведаў іх больш за іншых. Гэтак працягвалася некалькі тыдняў, але потым з Пецярбурга прыйшоў найвышэйшы загад, і пасля дзевяці гадоў кіравання "пан Вільні" пакінуў пасаду. На яго месца прыйшоў ціхі, працавіты Міркавіч з прыгожай жонкай, мілымі дочкамі і сынамі, падобнымі на багінь і купідонаў.

Калі ветлівасць патрабавала развітвацца і шкадаваць аб ад'ездзе князя, штатны дасціпнік барон Краўзэ пажартаваў: "Чаму так сумуеце? Ён увесь не знікне… паедуць толькі рукі, а даўгі застануцца!". І насамрэч, князь нарабіў велізарных даўгоў, бо грошы пазычаў ва ўсіх, у каго толькі мог, а найбольш у велятыцкага старасты Тышкевіча. Калі той памёр у 1849 годзе, сыны знайшлі ў дакументах бацькі распіскі князя на вялікую суму, якая не вернута і па сённяшні дзень і якую яны не мелі надзеі калі-небудзь спагнаць. Вырашылі з вялікім тактам закрыць справу і адправілі князю распіскі з лістом, у якім напісалі, што іх бацька, калі паміраў, загадаў ім вярнуць распіскі князю як выплачаныя. "Высакародны" князь быў абражаны гэтым учынкам, разарваў старыя распіскі, напісаў новую, адправіў яе крэдыторам і паведаміў, што добра памятае свае даўгі і для большай вагі аднаўляе паперы. У распісцы была пазначана ў два разы большая сума - гэта азначала, што Тышкевічы павінны былі яму даплаціць яшчэ столькі ж, колькі раней даў бацька.

Такі быў расійскі гранд-сеньёр. Аднак з ім добра развіталіся, нават дамы правялі князя да першай станцыі Кержанцы, хоць ехаў ён без жонкі, якая адсутнічала з-за збытку пачуццяў. Упрыгожванне дома ў Кержанцах разам са сняданкам, каштавала 1000 рублёў. Сцены з белага мусліну падбілі ружовым атласам (як гэта пасавала да фіялетавых шчок князя?!). Ён вельмі пяшчотна развітаўся з Вільняй, абяцаў гораду сваю абарону і дапамогу каля трона, чыю прыхільнасць, аднак, ужо страціў, бо ажаніўся з полькай.

Соймікі пачаліся падчас карнавалаў і закончыліся да папяльцовай серады трыумфам добрай справы - абраннем Мастоўскага губернскім маршалкам. Размовы і інтрыгі за Жабу не змаглі схіліць шалі. Мастоўскі не змяніў свой падыход - ён нікога не карміў, не паіў і нікому не кланяўся, але на працягу ўсіх папярэдніх трох гадоў шляхта абдумвала сваё становішча і вырашыла, што бацькоўскі клопат лепшы, чым катлеты падчас выбараў. Задаволены вынікамі, барон Краўзэ пісаў эпіграмы і сыпаў жартамі, якія тата дасылаў нам у лістах, напрыклад "Жаба не пераскочыць цераз мост" і г. д.


Мы вельмі чакалі лістоў з Вільні. Наша ваколіца апусцела, у вялікім палацы мы жылі ўтраіх, і лісты заставаліся нашымі адзінымі падзеямі і забаўкай. Тата дасылаў вялікія аркушы, поўныя звестак. У Матыні ніколі не было часу, яе ночы праходзілі ў танцах, дні ў гасцях, а раніцы ў сне, але калі тата паведамляў ёй пра аказію, каб не адпраўляць пасланца з нічым, збірала са стала візітоўкі, запрашэнні на баль, цукеркі, гарадскія білеты і г. д., усё гэта загортвала ў апошнюю афішу і адсылала да нас, напісаўшы на канверце: "У мяне няма часу, дзякуй за лісты, цалую рукі мамы, маю пятнаццаць забаў у гадзіну…". І на гэтым канец. Але калі пачаўся пост, наступіла вясна і абранне Мастоўскага дало Матыні нагоду напісаць. Вось урывак з яе ліста:

"6 сакавіка, папелец.

Хай жыве Мастоўскі! Ці ж гэтага мала? Які дзень! Якое ўзрушэнне! Ужо некалькі дзён партыя Мастоўскага была ў вялікім руху, паўсюдна інтрыгі, усе мы, жанчыны, колькі нас было, жылі як на іголках і маліліся ў Вострай Браме, а сёння з поўдня галерэя ў ратушы запоўнілася дамамі. Жаба ўбачыў гэта і сказаў: "Яны прыйшлі на мае хаўтуры". І калі пачалі галасаваць за яго, зазванілі званы і па зале прайшоў шэпт: "Гэта па ім звоняць…". Колькасць галасоў - 100 і 4 белых, супраць 276 чорных! Сакратар абвяшчае другога пасля яго кандыдата Гарноўскага, той просіць вызваліць яго, і зала крычыць: "Згода!". Раз за разам крычаць: "Мастоўскі!". Ён устае і таксама просіць вызваліць яго, але дзе там! Немагчыма апісаць запал які можна параўнаць толькі з паўторным выклікам на сцэну Тальёні… Здавалася, што крыкі зломяць муры! Ён зноў адмаўляецца, і так тры разы, але яго цалуюць, абяцаюць падтрымку і нарэшце крычаць: "Галасаванне!". І галасуюць. Трэба было бачыць, як гэта адбывалася, як яны беглі адзін перад другім і натоўп калыхаўся як мора. Шчаслівы Мастоўскі сядзеў, апусціўшы галаву. На хорах ледзь жывыя кабеты! Мне было то горача, то холадна, сенсацыя ва ўсім! Падлічваюць, 100, 200, 300 - расслабляемся, нарэшце: 376 (супраць 104)! Трэба было бачыць - ніхто не радаваўся адкрыта, але на ўсіх тварах - радасць… Вось што можа зрабіць дыпламатыя!

Сярод гэтых падзей, у гэтую поўную жыцця Вільню, трапляе першы дагератып, слабы, як цень, ледзь бачны водбліск на шкле … і ўсё ж бясспрэчны, бачны і адчувальны доказ таго, што сонца - мастак, і гэты доказ цэлы тыдзень з неабходнымі тлумачэннямі, паказваюць у зале Мюлера на карысць бедных. Білет каштуе адзін злот, але шчодрыя кідаюць рубель ці нават дукат ці некалькі дукатаў".


Бучынскія заставаліся ў Вільні да канца вясны, а мой бацька вярнуўся дадому на другі тыдзень Вялікага посту. Яго вяртанне звычайна было святам не толькі для нас, дзяцей, але і для ўсяго дома. Акуратны ва ўсіх сваіх справах, бацька заўсёды прыязджаў у прызначаны дзень. Таму мы ведалі час яго вяртання з дакладнасцю да гадзіны, і гэта падвойвала радасць ад прыезду, бо мы глядзелі ў акно і крычалі: "Едзе!" - першай звычайна была Іда, якая вышывала ці пісала каля акна. "Пан едзе!"- крычаў лакей Мікалай, і пасля гэтага Хеленка бегла да мамы, паўтараючы як рэха ў Альпах: "Пан едзе!", а мы ўжо былі ўнізе, у сенях, у абдымках падарожніка.

Мой бацька з тых выключных асоб - вясёлых, ветлівых, дасціпных і гатовых у любы час, у любую гадзіну, дапамагчы як родным, так і незнаёмым людзям. Калі ён вяртаўся дадому пасля доўгай адсутнасці, дык не для таго каб спаць і бурчаць, але каб у дапаўненне да сваіх лістоў, яшчэ больш падрабязна пераказваць розныя гісторыі.

І вось мы дачакаліся Вялікага тыдня, а з ім зеляніну і фіялкі, бо Вялікдзень у той год быў позні. У госці да нас прыехаў падкаморы, сын рэферэндарыя Марцін Залескі, стары і лысы, ён зачэсваў апошнія валасы на лысіну і прытрымліваў іх грэбнем. Постаць пана Марціна была характэрнай - па-сапраўднаму прыгожы, худы, бледны, ён гаварыў тонкім, дзіцячым голасам і гучна маліўся на трох мовах з італьянскай жэстыкуляцыяй. Калі ён параўноўваў сябе з Дон Кіхотам, яго адзіная дачка ўсклікала: "Бацька занадта сабе ліслівіць". Пан Марцін быў жанаты з графіняй Забелаўнай, абодва яны былі вельмі набожнымі людзьмі. Яна, з крыху матэматычным характарам, мела выгляд і звычкі манашкі ці ўдавы, цэлыя дні праводзіла ў малітвах або па вёсках. Ён таксама праводзіў увесь час каля месца для ўкленчвання, а дачка, то абагаўляемая, то забытая абодвума бацькамі, вучылася ў настаўніка, жыла паэзіяй і лётала па небе, як русалка.

Такім быў наш велікодны госць, які другі раз пасля лета 1836 года прыехаў у Дабраўляны. Калі б ён быў маладзейшым, гэта б трохі скампраметавала нас, паннаў, але Дабраўлянам пашанцавала з візітамі мафусаілаў. Да іх мы залічваем яшчэ і генерала Ваўжэцкага, які гасцяваў мінулай восенню.


У маі мы паехалі ў Вільню. Гэта было як наведванне Везувія пасля выбуху. Кратэр астыў, мы яшчэ весяліліся, але ўжо не так, як зімой. Затое мы жылі ў прыгожай кватэры ў доме Карпаў-Плятэраў, зараз Тышкевіча, які пасля смерці бацькі атрымаў у спадчыну граф Бенедыкт. Маёмасць была падзелена паміж трыма сынамі. Аднойчы, стоячы каля акна, я назірала, як двуконныя вазы везлі па Нямецкай вуліцы мяшкі з рублямі, па 1000 у кожным, везлі цэлы дзень да абеду, і я нават не мела цярпення дачакацца да канца. Кожны раз, калі карэта ўязджала ў браму, яе зачынялі, пакуль касір не прыме апошні мяшок.

Мы прыехалі ў горад адразу пасля смерці панны Барбары Шумскай. Кароткая хвароба забрала гэтую маладую, поўную сіл панну, усё яе жыццё выклікала такую агульную павагу, што, не кажучы ўжо пра гора родных і сяброў, нават чужыя людзі шанавалі яе памяць і цноты. І жонка цывільнага губернатара, якая ў дзень смерці панны Барбары святкавала імяніны мужа, не толькі не вінаваціла яе ў тым, што не прыйшоў ніхто, акрамя самых блізкіх, але яшчэ і тлумачыла іншым, чаму сама не адмяніла вячэру. На пахаванні было шмат людзей, за катафалкам ішлі і вельмі паважаныя асобы, і Марыня асірацела ў трэці раз, бо цётка замяняла ёй і маці, і бабулю. Потым паехала да яе бацькі, якога разам з Ромерам перавялі з Вяткі ў Волагду. Завёз яе туды дзядзька Юзаф, апякун усіх, а тым больш уласнай пляменніцы. А калі вярнуўся, захварэў і памёр.

Цёця Несялоўская, якая жыла ў доме Агінскіх, раней Нагурскіх, дала цудоўны вечар у дзень сваіх імянін пятнаццатага мая, а новы генерал-губернатар Міркавіч з жонкай, кожны чацвер ладзіў у сябе танцы. Мясцовае грамадства змянілася мала, але прыехалі ладныя дочкі Міркавіча і вялікая сям'я карпуснога генерал Крэйца, які называў сябе палякам Кжыжыноўскім. Ён добра размаўляў па-польску і быў цалкам наш як па твары, так і ў душы43, але яго жонка была немкай, а яго, выдадзеныя за рускіх дочкі, не былі полькамі нават напалову.


Вярнуўшыся з-за мяжы, пані Лапацінская з восені, разам з сынам і дочкамі, жыла ў Кайранах, але сваю нагу трымала ў Вільні. Тры змены сервізаў - два з сеўрскай парцаляны, адзін з ружовага чэшскага шкла - былі добрай падставай, каб запрасіць гасцей на абеды, яе новы посуд пакінуў далёка ззаду срэбныя вазачкі - адзінае ўпрыгожванне былых абедаў, гэтак жа, як парыжскі майстар-кухар Гаспар перасягнуў майстэрства ранейшых кухараў.

Туалеты адпавядалі сталу, а мэбля была годная туалетаў. Першы крок на шляху да элегантнасці, моды і раскошы - як камяк снегу на вяршыні Манблана. Коціцца ўніз і пераўтвараецца ў лавіну, зносіць на сваім шляху сосны, дубы, каменні і разам з імі падае ў бездань.

Пасля кухні, мэблі і строяў, справа дайшла да дачок і пані. Былы, можа, і ўяўны гонар, саступіў месца ветлівасці і даступнасці. Гэтыя метамарфозы прыпісваліся Лапацінскім кантактам з нашымі эмігрантамі ў Парыжы.

Ва ўсім дастатковая пані Дарота жыла ў вялізным Парыжы і не абыходзіла бокам модныя крамы, але не забывала дапамагчы сваім няшчасным суграмадзянам. Яе хусткі былі зроблены з брусельскага павуціння, але ўсё ж мела яна і кавалак батысту, якім выцірала слёзы сабе і іншым… Балі ў Поза-дэ-Бардо не перашкаджалі вечарынам на пятым паверсе ў Людвіка Плятэра і ў княгіні Агінскай, муж якой, нядаўні дзедзіч у Жмудзі, працаваў пераплётчыкам у эміграцыі. Нашы дамы былі і матыльком і пчолкай, а Юзя, якая, здавалася, аднавіла сваю мову пасля некалькіх гадоў за мяжой, усхвалявана і цікава расказвала пра Міцкевіча, Шапэна, Вітвіцкага. Яна чула, як першы з іх казаў пра сваю дачку: "Хай будзе дурной, абы была шчаслівай…". Другі з іх быў настаўнікам, і дачка цудоўна іграла яго мазуркі і накцюрны. Трэці быў заручаны з Масяй Шадурскай, але гэты звяз не склаўся - пасля сямі гадоў перапіскі і надзей, смерць жаніха паклала канец адносінам.


У Вільню прыехала яшчэ адна сям'я ці, хутчэй, змяніла другую сям'ю. Допельмейраў не было з 1836 года, тады іх перавялі ў Гародню, а пасля Бантыш-Каменскага прызначылі Юрыя Даўгарукава, чыя жонка была поўнай супрацьлегласцю пані Допельмейр, бо вяла толькі сур'ёзныя размовы і самым частым яе госцем быў пан Рудаміна.

З моладзі, прыехала некалькі вайскоўцаў і ад'ютант Крэйца - маркграф Паўлючы, не вельмі малады, але вельмі дасціпны. Звычайна ў добрай кампаніі ён выконваў ролю буфона, і яго жарты разляталіся па горадзе. Сярод спадарожнікаў Людвікі Пацоўны з'явіўся Адам Чапскі, яго маці даверыла апеку над сынам Марыні, але Чапскага апярэдзіў больш спрытны і дасведчаны ўдавец, князь Ксаверый Сапега, які не хаваў сваёй тыгрынай рэўнасці і расказваў пра сябе нават і жахлівыя гісторыі. Але ёсць жанчыны, якія любяць небяспеку, і панна Людвіка даказала гэта, аддаўшы сваю руку ўдаўцу з двума дзецьмі, маёнтак якога Высокія насамрэч быў вельмі "Нізкія", як казала генералава Несялоўская.


Веркі ўвесь час былі сонцам, прывабнай зоркай, куды ездзілі кожны дзень, а на Зялёныя святы запрашаўся ўвесь горад. Гэта прыгожая, як на мініяцюры, рэзідэнцыя была падаравана княгіні Леаніле яе мужам, меўся ўжо дарчы дакумент.

Веркі, якія ўсе ведалі як маёмасць маршалка Ясінскага, было не пазнаць. У двары біў фантан, на месцы палаца князёў Масальскіх раслі клумбы, а над стромым берагам Віліі стаяў паўкруглы бастыён, абсаджаны бэзам. Аднак нішто не магло ні пагоршыць, ні палепшыць само месца, абавязанае сваімі чарамі Богу. У пераробленай на палацык афіцыне яшчэ не было зімовага саду і рыцарскай залы, яны з'явіліся праз некалькі гадоў, але пакоі ўжо непазнавальна змяніліся. Пан Рудаміна ахвяраваўся тлумачыць нам карціны. Былі тут і ранейшыя, бо пан Ясінскі меў іх шмат, меліся нават і знакамітыя карціны. Цяперашнія былі пэндзля новай французскай школы, "Mole de Naples" ("Туман у Неапалі") Гуіда дамінавалі на галоўнай сцяне. Увечары карціны выглядалі яшчэ больш эфектна, бо лямпы, павернутыя полымем да сцяны, кідалі моцнае святло на самі карціны і, седзячы за вячэрай насупраць Тысбе, здавалася, што дзяўчына на карціне не заўважае, як вада пераліваецца цераз жбан, бо слухае не спевы каханка за мурам, а аркестр, які граў за намі. Бронзавыя статуэткі, гіпсы Антуана Дантана ўпрыгожвалі паліцы ў кабінеце і нават сходы палаца. На століках і этажэрках мелася столькі гравюр, альбомаў і іншых спакус, што нават не хацелася і танцаваць. Але гаспадыня сама цягнула лянівых за рукі і так уважліва ўзіралася сваімі ўсходнімі, доўгімі і вузкімі вачыма, што пад уплывам яе чараў кожны станавіўся паслухмяным. І хто ж мог не паслухаць гэтае дзіця, пешчанае ўсёй Вільняй і сапсаванае няладнай, царскай рукой. Бо любімую фрэйліну Аляксандры Фёдараўны, кожны раз, калі імператар з жонкай праязджаў праз Вількамір, выклікалі туды на цэлы дзень, і дзве сяброўкі пачыналі даверлівыя размовы без сведкаў, а каля іх ног, нізка на табурэтцы, звычайна сядзеў той самы страшны Мікалай І і глядзеў у гэтыя напалову прыплюшчаныя ўсходнія вочы…


Воўчая натура цягне ў лес, але здавалася, досыць ужо вёскі, і нас кліча горад. Па-праўдзе так і было, але пасля таго, як мы патанчылі і з гэтымі, і з гэтымі, дык у наступныя дні ў нашых галовах былі не танцы, а жаданне пачуць салаўя і адчуць ранішнюю расу. І прачынаючыся а шостай гадзіне, мы выходзілі на доўгую прагулку да Пагулянкі, дзе нікога яшчэ не было амаль што да самога Закрэту. Стомленыя, мы садзіліся на траву, здымалі капелюшы і нават чаравікі, мылі рукі ранішняй расой. Цень дрэў ахалоджвала нас і праз гадзіну такой цішы і свежасці, па нас прыходзіла карэта, і мы вярталіся дадому не толькі для адпачынку, але і каб ніхто не ўбачыў нашых росных сукенак.

У Закрэце адбылася маёўка студэнтаў "Благородного института". Старэйшы сын Мастоўскага Артур заканчваў вучобу. Сямікласнікі танцавалі з дамамі, а малодшыя на лузе гулялі ў мяч і валаны.

Прыгожа выглядала дарога з Вільні на Кальварыю падчас Зялёных святаў. Лясы ўздоўж дарогі і берагі Віліі былі ўсеяны групамі людзей якія адпачывалі пасля набажэнства, вазы перагружаныя дзецьмі, коні ўпрыгожаныя галінкамі, звязкі абваранкаў, як гіганцкія ружанцы перакінутыя на спіны пілігрымаў, спевы жабракоў і нават групы п'яных … і ўсё гэта на захадзе чэрвеньскага сонца. Тут і Арлоўскі, і Клод Ларэн, і Калло, і Паўлюс Потэр … усе школы і ўсе вобразы месціліся разам у адной карціннай раме!

Гэтыя карціны перамяжоўваліся з віленскімі балямі і вячоркамі і так напоўнілі некалькіх нашых тыдняў. Шмат знаёмых развіталася з намі: Марыля Шумская накіравалася на поўнач, Станіслаў Хамінскі і Ксаверый Даўгяла на захад. А мы вярнуліся ў Дабраўляны.


Палітычныя хваляванні ў Вільні не спыняліся. Кляштары перарабілі ў фартэцы, і як маланка ўдарыла навіна аб знявольванні нашага любімага Мяноўскага. Галоўнай прычынай гэтага былі яго замежныя візіткі на тле мільярда дробных д'яблаў, якіх ён нават не заўважаў. А камісія палічыла гэта прыкметай палітычнага аб'яднання. Княгіня Леаніла Вітгенштэйн выкарыстала ўвесь свой уплыў для яго вызвалення, але ў той самы час рэлігійныя кнігі з яе подпісамі трапілі за краты … і бачачы яе такой спагадлівай, такой прыгожай і сардэчнай да ахвяр патрыятызму, людзі казалі: "Гэта Хільда з Вогнепаклоннікаў". Мой бацька і мы ўсе, вельмі хваляваліся за нашага сябра. Гэта была вогненная, чулая і таварыская натура, рух і паветра баранілі яго ад болю і меланхоліі пасля смерці жонкі. Калі страціў яе, дык бездапаможны, у трывозе і адзіноце, як мог ён вытрымаць? Уся Вільня думала пра Мяноўскага.


У першыя дні верасня Бучынская паехала ў Вільню на шлюб Марыі Лапацінскай з Люцыянам Марыконі, сынам знакамітага старасты з Солаў, які, паміраючы, у тастаманце, аспрэчаным Струтынскімі, перадаў свой маёнтак абедзвюм сёстрам Марыканянкам. Вяселле адбылося ў ратушы 9 верасня, на гэтыя ўрачыстасці прыехалі Шадурскія з-за Дзвіны, Сулістроўскія з-за Віліі і Касакоўскія з Вайткушак.

Пасля двух гадоў адсутнасці дзядзька Пшаздзецкі з'явіўся ў Смаргоні і на гэты раз наведаў нас са сваім малодшым сынам Мечыславам, зусім не такім, як яго брат, ён меў прыемны выгляд, але не імкнуўся спадабацца. Пра яго казалі, што быў паранены ў сэрца прыгожай Зоф'яй Браніцкай, пазнейшай княгіняй Адэшалі. Дастаткова сказаць, што кузэн Мечыслаў размаўляў толькі па загадзе бацькі і меў дзіўна прыемны голас, цудоўна чытаў заўсёды адзін і той жа артыкул "Кірмаш у Ярмолінцах" з новай кнігі яго брата Аляксандра "Вобразы мястэчак і часу на Валыні, Падоллі і Украіне". З кожным новым госцем бядак мусіў пачынаць тое самае чытанне, і кожны раз мой бацька пляскаў сабе па каленях, як быццам слухаў упершыню.

На гэты раз мэтай сямейнай паездкі была Марыня. Аляксандр яшчэ стараўся аб Эрманці, а бацька хацеў з'яднаць малодшага сына Мечыслава з дачкой другога брата. Кузына Мімі яму трошкі спадабалася, але з'ехаў не раскрываючы сваіх памкненняў. Пры канцы восені вярнуўся адзін і, незалежны ў выбары чытання, неяк прачытаў нам "Валенрода" з толькі што надрукаванай "Караліны" Таньскай (твор Міцкевіча верагодна быў надрукаваны разам з аповесцю Таньскай-Гофман "Караліна", 1839 г. - Л. Л.). Дзядзька Канстанцін заказаў у мяне баладу "Зязюлька" на грунце мясцовых паданняў, якую ў хуткім часе я даслала яму лістом з віньеткай, а ён у адказ даслаў мне паэму "Вітальраўда" Крашэўскага (выдадзена ў Вільні ў 1840 г. - Л. Л.). Абмеркаванне гэтых твораў праз перапіску ажыўлена вялося паміж Дабраўлянамі і Паставамі не толькі з Марыняй, але і са Збігневам, меркаванне якога ўжо пачынала мець значэнне, хоць бацька і жартаваў, што хлопец бярэ розумам і ніколі не засмяецца з нечага смешнага, покуль не атрымае дазвол ад духаў Гётэ ці Шылера. У гэтым была доля праўды, васямнаццацігадовы юнак ўзважваў і абдумваў кожнае сваё слова і не бачыў нічога смешнага ў жыцці. У шэсць гадоў ён ужо славіў нейкую дынастыю каралёў Леды-Боры, а ў трынаццаць, вярнуўшыся з Дабраўлянаў склаў для шасці кузынак песні кшталту песень Давіда.


Нашы госці з'ехалі бліжэй да Ружанцовай нядзелі. На гэтае свята з Вільні прыехаў ксёндз-місіянер Багдановіч які прыехаў з двума клірыкамі. Навукі, якія мы чулі ў місіянераў, паўтарыліся ў сціплым парафіяльным касцёле. Людзі яшчэ памяталі юбілейны год і адчулі ў сваіх душах падабенства прапаведніка са ксяндзом Кузьміцкім. Даведаўшыся пра прысутнасць светлага каплана, цёця Валерыя напісала Бучынскай і запрасіла яго ў Паставы. Дзядзька таксама вельмі хацеў гэтага, і годны святар пагадзіўся, бо яго місія - паўсюдна сеяць карыснае насенне. Пачуўшы, што я пішу вершы, і пазнаёміўшыся з некаторымі з іх, ён лагодна, але цвёрда сказаў мне: "Чаму не спрабуеце пісаць пра Бога?". Пасля яго слоў паўсталі "Алелюя" і "Анёл-ахоўнік". Пасля, нібы з каменя, да якога дакранулася жазло Майсея, хлынула наступная вада: "Бедныя", "Папелец", "З Богам", "Анёлы", "Сад памяці" і г. д. На душы стала лягчэй, калі адправіла гэтыя спробы пану Адынцу ў Вільню і атрымала ад яго станоўчы адказ.

Як раз тады, як свежы ветрык, з'явіліся два тамы "Літоўскіх малюнкаў". Уражанні ад гэтых двух тамоў ужо былі запісаны ў лісце ў Паставы, але яшчэ не адпраўлены па пошце, калі з'явілася пасылка з Дзевятні на мой адрас. Аўтар даслаў мне свае "Малюнкі" з прысвячэннем! Якая гэта ж была радасць! Яны сталі краевугольным каменем майго кнігазбору і пачаткам ліставання з Ходзькам. Яго парады, яго каментары да маіх твораў, яго адкрытасць, бесперапынна працягваліся васямнаццаць гадоў да 1858 года і захоўваюцца зараз у лістах, запісках, паштоўках якія пісаліся ў горадзе з адной вуліцу на другую. Ва ўсіх лістах адбіўся характар аўтара і чалавека - сардэчны, вясёлы, дасціпны і зычлівы.


У нашых мясцінах восень была часам адпачынку, і ў госці звычайна ніхто не ездзіў. Толькі пасланцы і штотыднёвая пошта вазілі лісты паміж бліжэйшымі суседзямі і злучалі паміж сабой дамы сваякоў і сяброў. Паэзіяй гэтых слотных, панурых дзён была шэрая гадзіна, прысвечаная паўтору на памяць прыгожых вершаў. Ці калі ў пустым салоне, асветленым насценнай лямпай, якая адбівалася ў некалькіх люстэрках, гучаў спеў сясцёр, часам сумны, а часам вясёлы, у залежнасці ад іх настрою. Калі ўдзень прыходзілі прыемныя лісты са Случчыны, іх чытанне займала некалькі гадзін часу. Каб адпачыць і сканцэнтравацца на ўражаннях, Іда адпраўлялася на доўгую прагулку пешшу ці на санках. Я ж садзілася за фартэпіяна не толькі для таго, каб спяваць тое, што ўжо ведаю, але і каб вывучыць новыя песні. Змена заняткаў, якія патрабавалі ўвагі і інтэнсіўнасці, на больш спакойныя стала адпачынкам і супакаеннем для ўзнёслай фантазіі і абуджаных думак.

(Працяг у наступным нумары.)

* Gabrjela z Guntherоw Puzynina. W Wilnie i w dworach litewskich: pamiаtnik z lat 1815-1843. Wilno, 1928. Пераклад Леаніда Лаўрэша.

40 Станіслаў Мараўскі пісаў: " Ён (Даўгарукаў) насамрэч купаўся ў моры любоўных уцех . Падмануў і развёў з мужамі дзвюх самых прыгожых жанчын Вільні - пані Калкоўскую ( з дому Падбярэзскіх ) і пані Забелу ( жонку Ігната , з дому Ваўжэцкіх ), з апошняй , пасля працяглага скандалу і некалькіх заручын , ён нарэшце ажаніўся ". - Л . Л .

41 Прычынай адстаўкі пляц-каменданта стаў яго дазвол на сустрэчу маці з арыштаваным сынам.

42 Канстанцін Мікалай Радзівіл (1793-1869) - наваградскі павятовы маршалак у 1832-1834 гг. Мецэнат, апякун народнай асветы, адзін з першых беларускіх фалькларыстаў. Быў тройчы жанаты: з графіняй Марыяй Грабоўскай (шлюб у 1815 г.), Цэлестынай Цалінай Сулістроўскай (1805-1836), Адэляй Карніцкай (1811-1883), шлюб адбыўся ў сакавіку 1840 г. Атрымаў у спадчыну маёнтак Паланэчка (вёскі Паланэчка, Крошын і Гусакі) у Наваградскім павеце, які дзякуючы Канстанціну Радзівілу стаў адным з культурных асяродкаў края. У маёнтку пабудаваў Паланэчкаўскі палац, побач з якім разбіў парк у французскім стылі. У Паланэчцы меў значную бібліятэку (4 тыс. тамоў), архіў і калекцыю твораў мастацтва. У палацы Канстанціна Радзівіла ў Паланэчцы бывалі многія знакамітыя дзеячы культуры. - Л. Л.

43 Цыпрыян Крэйц (1777-1850), распачаў службу ў рускай арміі, калі разам з каралём Станіславам Аўгустам патрапіў у ссылку ў Пецярбург. Ваяваў у кампаніях, 1805, 1806-1807, 1808-1809, 1812-1814, 1828-1829 гг., у 1831 г. падаўляў паўстанне ў Польшчы і Літве, спаліў Пулавы Чартарыскіх, браў удзел у штурме Варшавы.

Гучаць цымбалы на Лідчыне

7 лютага Ансамбль цымбалістаў "DASK'EDY" пад кіраўніцтвам выкладчыка Дукі Алены Казіміраўны прадставіў музычную праграму на вечары сустрэчы з выпускнікамі, канцэрт "Вечар школьных сяброў " у СШ ам. Ёдкі.

ТК "Культура Лідчыны".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX