Папярэдняя старонка: 2026

Наша слова.pdf № 07 (216) 


Дадана: 17-02-2026,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 7 (216), 18 лютага 2026.

21 лютага - Міжнародны дзень роднай мовы

У пераддзень Міжнароднага дня роднай мовы мы робім важны і сімвалічны крок насустрач нашым культурным караням. Гэтае свята штогод нагадвае нам, што мова - не проста сродак зносін, а жывая частка нашай ідэнтычнасці, нашай гісторыі і нашай душы. Таму на працягу бліжэйшага тыдня наш Telegram канал і інтэрнэт партал МНС Беларусі будуць весці вяшчанне на беларускай мове, каб падкрэсліць каштоўнасць і прыгажосць роднага слова.

Родная мова - гэта больш, чым гукі і літары. Гэта памяць продкаў, мудрасць пакаленняў, цеплыня сямейных традыцый і тое, што аб'ядноўвае людзей нават у самыя няпростыя часы. Яна жыве ў нашых песнях, казках, легендах, у словах падтрымкі і ў словах удзячнасці. Яна гучыць у нашых гарадах і вёсках, у школьных класах, у сямейных размовах і ў сэрцах.

На працягу тыдня вы зможаце адчуць, як па новаму гучаць навіны, парады, паведамленні і штодзённыя тэксты, калі яны пададзены на беларускай мове. Магчыма, вы адкрыеце для сябе новыя словы, успомніце даўно забытыя выразы або проста адчуеце прыемную цеплыню ад роднага гучання.

Няхай гэтая ініцыятыва стане нагодай яшчэ раз успомніць: мова жыве там, дзе ёю гавораць. Там, дзе яе падтрымліваюць, дзе ёй даюць магчымасць гучаць і развівацца. Мы верым, што кожнае беларускае слова - гэта маленькі крок да захавання нашай культурнай спадчыны і павагі да саміх сябе.

Прэс-служба МНС.

16 лютага пачаўся Тыдзень роднай мовы

16 лютага Тыдзень роднай мовы пачаўся па ўсёй Беларусі, у тым ліку ва ўстановах адукацыі Лідскага раёна.

У Ганчарскай сярэдняй школе Лідскага раёна таксама стартаваў Тыдзень роднай мовы "Рускай мове дай разгрузку - размаўляй па-беларуску". На перапынках актывістамі ГА БРСМ для навучэнцаў арганізаваны забаўляльныя гульні і конкурсы, накіраваныя на папулярызацыю беларускай мовы.

ТК "Адукацыя Лідчыны".

Тыдзень роднай мовы ў СШ № 11 г. Ліды

16 лютага ў 11-й школе г. Ліды распачаўся Тыдзень роднай мовы. Вучні 4Б, 6А, 9А класаў прынялі ўдзел у сустрэчы з лідскай паэтэсай Ірынай Уладзіміраўнай Маркевіч. Падчас сустрэчы з юнымі чытачамі, якая ладзілася ў школьнай бібліятэцы, паэтэса расказала пра сябе, сваю творчасць, і, канешне, прачытала шэраг лірычных твораў са сваіх кніг "Даверлівы дыялог" і "Жыццё віруе". Пяру аўтара паддаюцца творы розных жанраў і тэматыкі. Аматары літаратуры з зацікаўленасцю слухалі вершы на беларускай мове аб радзіме, прыгажосці нашай краіны, казкі і гумарыстычныя вершы, а лепшай удзячнасцю майстру слова сталі апладысменты. Вялікі дзякуй, паважаная Ірына Уладзіміраўна, за цікавую сустрэчу!

Наталля Анашкевіч.

На Бераставіччыне стартаваў Тыдзень роднай мовы

Тыдзень роднай мовы праходзіць з 16 па 20 лютага.

У рамках Тыдня ва ўстановах адукацыі Бераставіцкага раёна адбываюцца тэматычныя і выхаваўчыя гадзіны, конкурсы, літаратурныя святы, гасцёўні.

Музей Вавёркі 18 лютага правядзе музейны занятак "Наш скарб - беларуская мова".

Бібліятэкі раёна запрашаюць на літаратурныя гульні, беларускамоўныя хвілінкі, кніжныя экспрэсы і віктарыны.

У чытальнай зале Бераставіцкай райбібліятэкі адбылася прэзентацыя кніжнай выставы "На крылах роднай мовы". Экспазіцыя прадстаўляе новыя выданні, накіраваныя на папулярызацыю і вывучэнне моўных нормаў, даведнікі па беларускай кніжнай спадчыне і гісторыі мовы, творы нашых вядомых паэтаў і пісьменнікаў, у тым ліку гарадзенскіх, кнігі для дзяцяй.

Акрамя гэтага, усе ахвотныя могуць далучыцца да чэленджа "Чытаем беларускае - роднае, сваё!", які райбібліятэка наладзіла ў сваім акаўнце ў TikTok.

Хочаце праверыць, як ведаеце беларускую мову? Далучайцеся да рэспубліканскай дыктоўкі. Яна пройдзе 20 лютага. Пачатак а 13-й гадзіне. Напісаць дыктоўку можна ў рэжыме анлайн-трансляцыі на youtube-канале Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа. Яе трансляцыя пройдзе таксама на радыё "Культура" (102.9 FM)і ў ан-лайн-фармаце на сайце радыё. Увогуле Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі правядзе ў рамках Тыдня роднай мовы шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на папулярызацыю беларускай мовы - ад творчых сустрэч і навукова-практычных сустрэч са студэнтамі і школьнікамі, круглых сталоў, канферэнцый і семінараў да прэзентацый новых кніжных выданняў. У прыватнасці, адбудзецца прэзентацыя кніг "Абярнуся я шэрай зязюляй: беларускія народныя балады" і "Ой, пушчу стралу па ўсяму сялу: беларускія народныя каляндарныя песні з серыі "Фальклорныя скарбы Беларусі". Дарэчы, з першымі дзвюма кнігамі серыі можна пазнаёміцца ў Бераставіцкай райбібліятэцы.

Святлана ГАНЧАРОВА. Фота аўтара.

Гадзіна беларусазнаўства "Адчыніся, скарбонка часу"

Святам душы стала для гасцей гадзіна беларусазнаўства "Адчыніся, скарбонка часу", якая была арганізавана ў рамках праекта "Кожная пятніца - роднае, своё!". Бібліятэкар філіяла "Інтэграваная бібліятэка ам. Бердаўка" расказала аб традыцыях і побыце беларускага народа, выкарыстоўваючы вусна-паэтычны матэрыял. Паказала практычна, як ткалі нашы бабулі. Дзеці з вялікай цікавасцю адгадвалі загадакі, аб музычных інструментах. Адгадванне загадак суправаджалася гучаннем названага інструмента: баяна, гармоніка, дуды. Гулялі ў беларускую народную гульню "Сляпы музыка".

Дзеці мелі магчымасць паспаборнічаць у вымаўленні хуткамовак на беларускай мове. Таксама ў госці была запрошана настаўніца беларускай мовы і літаратуры Альшэўская Галіна Антонаўна, якая распавяла цікавыя казкі, прымаўкі, прыказкі і пацешкі. У сваю чаргу дзеці тлумачылі прапанаваныя прыказкі і прымаўкі. Таксама прыпомнілі лічылкі, гульні, прыпеўкі. На прыканцы мерапрыемства дзеці з задавальненнем разглядалі альбомы: "Нашы краявіды", "Беларускае народнае адзенне", энцыклапедыю "Лён" і інш.

Бібліятэкар філіяла "Інтэграваная бібліятэка ам. Бердаўка" А.Г.Чэчат.

Роднае - гэта смачна і надзейна!

Дзітвянская СШ далучылася да рэспубліканскай акцыі "Кожная пятніца - роднае, сваё!".

Гэта наш уклад у развіццё беларускай эканомікі і просты спосаб ганарыцца якаснай прадукцыяй сваёй краіны.

Мы за разумнае спажыванне і любоў да свайго.

ТК "Культура Лідчыны".

БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

Станіслаў Суднік


Колеры, афарбоўкі і масці ў Лідзе і ў астатняй Беларусі


(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)


Афарбоўкі і масці жывёлаў

Пароды катоў


Назва. Даўжыня поўсці. Краіна паходжання

Абісінскі кот.

Кароткапоўсцевы. Егіпет

Азіяцкі табі.

Кароткапоўсцевы. Вялікабрытанія

Амерыканскі бурманскі кот.

Кароткапоўсцевы. Бірма

Амерыканскі жорсткапоўсцевы кот. Кароткапоўсцевы. ЗША

Амерыканскі кароткапоўсцевы кот. Кароткапоўсцевы. ЗША

Амерыканскі Бабтэйл. Кароткапоўсцевы. ЗША

Амерыканскі кёрл. Даўгапоўсцевы. ЗША

Анаталійскі кот. Кароткапоўсцевы. Турцыя

Аравійскі маў. Кароткапоўсцевы. ААЭ

Арагон-рэкс.

Кароткапоўсцевы. ЗША

Арыентальны кот.

Кароткапоўсцевы. Тайланд

Аўстралійскі міст.

Кароткапоўсцевы. Аўстралія

Ахос азулес.

Кароткапоўсцевы. ЗША

Ацыкет.

Кароткапоўсцевы. ЗША

Балінезійскі кот.

Паўдаўгапоўсцевы. ЗША

Бамбейскі кот.

Кароткапоўсцевы. ЗША

Бамбіна.

Лысы. ЗША

Бенгальскі кот.

Кароткапоўсцевы. ЗША

Бірманскі кот.

Доўгапоўсцевы. Бірма

Бразільскі кароткапоўсцевы кот.

Кароткапоўсцевы. Бразілія

Брытанскі кароткапоўсцевы кот.

Кароткапоўсцевы. Вялікабрытанія

Бурманскі кот.

Кароткапоўсцевы. М'янма

Бурміла.

Кароткапоўсцевы. Вялікабрытанія

Гавана

Кароткапоўсцевы. Вялікабрытанія, ЗША

Гімалайскі кот.

Доўгапоўсцевы. ЗША

Данскі сфінкс.

Лысы. Расія

Двэльф.

Лысы. ЗША

Дэвон-рэкс.

Кароткапоўсцевы. Вялікабрытанія

Егіпетскі маў.

Кароткапоўсцевы. Егіпет

Еўрапейскі кароткапоўсцевы (кельтскі) кот.

Кароткапоўсцевы. Еўрапейскія краіны

Ёрскі шакаладны кот.

Даўгапоўсцевы. ЗША

Каліфарнійскі ззяючы кот.

Кароткапоўсцевы. ЗША

Канаані.

Кароткапоўсцевы. Ізраіль

Канадскі сфінкс.

Лысы. Канада

Каракет.

Кароткапоўсцевы. Расія

Карат.

Кароткапоўсцевы. Тайланд

Карэльскі бабтэйл.

Кароткапоўсцевы. Расія

Кімрык.

Кароткапоўсцевы. Канада

Корніш-рэкс.

Кароткапоўсцевы. Вялікабрытанія

Курыльскі бабтэйл.

Доўгапоўсцевы. Расія

Лаперм.

Кароткапоўсцевы. ЗША

Лікоі.

Кароткапоўсцевы. ЗША

Мандалай.

Кароткапоўсцевы. Новая Зеландыя

Манчкін.

Кароткапоўсцевы. ЗША

Мейн-кун.

Доўгапоўсцевы. ЗША

(Працяг у наступным нумары.)

У ЦЯНІ ЗАМКА ГЕДЫМІНА

Я. Ярмант

Згукі Дня беларускага пісьменства ў Лідзе


Успаміны дзяцінства*

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)


Танчылі пад патэфон. Збоку ў патэфона была ручка для заводу спружыны, аднак трубы не было. У той час вельмі папулярнымі былі танга, хуткі вальс, ангельскі вальс і факстрот. Мечыслаў Фогт перад вайной чараваў усіх песенькай:


Памятаю санкамі ехалі, мілая

Падаў снег велізарнымі шматкамі

Я трымаў на грудзях твае рукі рукамі,

Каханая, каханая, каханая.


Іншая вельмі папулярная песня, таксама перадваенная, грымеўшая па ўсёй Лідзе, навявала рамантычны настрой:


...усю ноч пах бэз, усю ноч не мог я спаць.


Вечарынкі ўяўлялі сабою танцы ўперамешку з гульнямі, не было ніякіх бутэрбродаў і пітва. Гульні складаліся ў зборы фантаў з наступным выкупам. Шмат было весялосці і смеху. Вядовец выходзіў на сярэдзіну пакоя з шапкай у руцэ і казаў:

- Ішоў капуцын праз раку, страціў чырвоны капялюшык, знайшоў яе нумар 4.

Уладальнік нумара 4 павінен быў зараз жа адклікацца:

- Хто? Я?

- Так, ты.

- Я не!

- А хто?

- Нумар вось такі...

Дыялог праходзіў да прамашкі аднаго з удзельнікаў. Тады ў яго забіралі фант. Фантам магла быць любая рэч: грабянец, хустачка, люстэрка, сцізорык і да т.п. Затым пачынаўся выкуп фантаў іх уладальнікамі. Каб вярнуць сваю ўласнасць, яны павінны былі выканаць розныя дзеянні. Напрыклад, праспяваць песеньку, ці распавесці вершык. Былі больш складаныя заданні, напрыклад, "сарваць вішню". Абраная грамадствам дзяўчына станавілася на крэсла ці фатэль, а хлопец, які выкупляе фант, павінен быў у скачку яе пацалаваць. Гэта выклікала агульную весялосць. Памятаю неяк Чэсік атрымаў заданне пацалаваць такім чынам Ясю Валашук. Я назірала за гэтым, стаіўшы дыханне.

Іншым больш складаным спосабам выкупляць фанты быў паштар. Гэтую гульню падрабязна апісала Паліна Гаявічынская ў сваёй аповесці "Дзяўчына з Наваліпак". Мяне ніколі не выклікалі за дзверы для выкупу фанта, таму, што там адбывалася, не ведаю.

Дзівіць падобнасць гульняў моладзі ў такіх аддаленых месцах, як Варшава і Ліда і з такой розніцай у часе - напярэдадні Першай і перад Другой сусветнай вайной. Як я ўжо казала, вечарынкі арганізоўваліся старэйшай моладдзю. Я і мае сяброўкі не браліся ў разлік пры складанні спісу запрошаных. Затое я мела магчымасць назіраць за гэтымі гульнямі. Калі яны праходзілі ў нас, то я, седзячы на падлозе, рассоўвала занавескі з суседняга пакоя і глядзела. Калі збіраліся ў пані Старчэўскай, было яшчэ лепш. Перад хатай каля акна рос велізарны галінасты каштан. Не было нічога лепшага і прыемнейшага, чым седзячы на гэтым каштане ў хованцы сярод лісця, назіраць праз адчыненае акно за тым, што адбывалася ў хаце. Аднойчы мяне заўважылі, нягледзячы на цемру. Нейкі незнаёмы хлопец каля акна даволі гучна сказаў:

- Там на дрэве хтосьці ёсць, трэба сагнаць.

Я спалохалася і замерла, стаіўшы дыханне. Аднак Чэсік да майго вялікага палягчэння тут жа сказаў:

- Усё ў парадку. Гэта наша маленькая суседка, яна зусім не перашкодзіць.

Я не разумела, як Чэсік пазнаў мяне сярод густой лістоты, але была ўдзячная яму за падтрымку.

* * *

Кватэра пані Клышэйкі складалася з трох невялікіх пакояў і кухні. У кухні размяшчалася пасербка Гэлька, а таксама сабакі, якія ахоўвалі ўваход у кватэру. Пакой за кухняй заўсёды быў шумным і ажыўленым. Жыхары яго як магнітам прыцягвалі суседзяў. Гаспадыня хаты, маладая чароўная, удава, любіла гасцей, не скупілася на пышныя прыёмы, не адкладала, здаецца, грошай на чорны дзень, не змагалася з патрэбай. Яе памерлы муж быў не маладым, але заможным чалавекам.

Акрамя пенсіі, заробленай на чыгунцы, ён пакінуў маладой жонцы трохі зямлі. Казалі, што яна патроху прадавала яе і гэтым жыла. Я ніколі не бачыла пані Клышэйку цяжка працаваўшай. Для параўнання, мая цётка Нюта, якая скончыла гімназію, заўсёды прыпамінаецца мне з мяшкамі травы на сагнутай спіне, якія яна насіла з далёкага поля. Улетку амаль кожны дзень яна ішла так праз усю Мастоўскую вуліцу, без збянтэжанасці за свой спосаб зарабку на жыццё. Можа, у гэтым і складалася яе няўменне жыць? Бо, яе брат Аляксандр меў каня і воз і мог пазбавіць сястру ад пераноскі цяжараў. Я тады над гэтым не задумвалася. Дзве гэтыя жанчыны ўяўлялі сабою зусім розныя стылі жыцця і зноў узнікае пытанне - чаму чалавек так моцна залежыць ад прыроджаных рыс, якія ён сабе не выбірае?

Мой брат вельмі часта бываў у хаце пані Клышэйкі. Ён даказваў маме, што такім чынам пашырае свой далягляд. Там, у маленькім пакойчыку часта тоўпіліся суседкі. Усім падабалася гасціннасць гаспадыні. Сыны былі такімі ж ветлівымі, як і яна. Аднак па-за канкурэнцыяй быў Янак. Сярод суседзяў ён славіўся сваімі элегантнымі манерамі і досціпам у гутарцы. На прыёмах ён зачароўваў усіх, асабліва жанчын, бавячы іх гутаркай і прыслугоўваючы. Гэтым ён моцна адрозніваўся ад іншых мужчын, начыста пазбаўленых галантнасці. Ён быў галантным незалежна ад таго, хто сядзеў каля яго за сталом, нават калі такая незаўважная асоба, як я. Ён адорваў усіх кампліментамі. Жанчыны дзівіліся яго пачуццю гумару і красамоўству. Памятаю, як ён распавядаў пра прыгоды яго з дзядзькам Сашам.

- Тая вялікая груша ў садзе пана Аляксандра заўсёды абсыпана пладамі. Галіны звісаюць за плот, і нельга мінуць, не паддаўшыся спакусе пачаставацца. Аднойчы, вырашыўшы, што паблізу нікога няма, я залез на плот. Сарваў некалькі груш і раптам убачыў, што падыходзіць пан Аляксандр. Хацеў саскочыць, але нага патрапіла паміж штыкецінамі, і я ніяк не мог яе выдраць. Такое вось няшчасце!

Гэта гісторыя, расказаная з вялікім пачуццём гумару, забаўляла ўсіх. Памятаю, як здзівіў мяне адзін аповед пра Янка. Адной са сталых госцяў у пані Клышейкі была пані Старчэўская. Янку не падабаўся моцны пах часныку, які ўвесь час ад яе зыходзіў, але ён не мог прама сказаць пра гэта жанчыне. Урэшце ён знайшоў зручны спосаб. Мабыць, на ўсё ёсць свой спосаб, толькі трэба яго ведаць. Дык вось, што ён выдумаў. Аднойчы ўвечар, калі ўсе сабраліся і паблізу круціўся Чэсік, Янак раптам гучна крыкнуў на яго:

- Рабы, казаў я табе, не еш гэтулькі часныку! Смурод такі, што немагчыма трываць!

Брат апраўдваўся, што не еў ніякага часныку. Тады пані Старчэўская была змушана прызнацца

- Вельмі прашу прабачэння, але гэта я ела часнык, - сказала яна ціхім голасам. Янак рассыпаўся ў выбачэннях перад госцяй.

- Нічога страшнага, пані Старчэўская. Я думаў, гэта мой брат вырашыў мяне даняць.

Гэты спосаб меў належны эфект. Неяк Янак сказаў камплімент і ў мой адрас. Ён застаўся ў маёй памяці таму, што ашаламляльна не адпавядаў рэальнаму становішчу рэчаў. Ён сказаў пра мяне:

- Яна будзе вельмі добрай жонкай.

А я ўжо тады ведала, што мая нясмеласць не мае нічога агульнага са згаворлівасцю і мяккасцю характару, неабходнымі добрай жонцы. Не мела ні найменшага сумневу, што гэта быў проста камплімент.

Янак скончыў гандлёвую гімназію піяраў у Лідзе і перад вайной з'ехаў у Вільню на вышэйшыя гандлёвыя курсы. У выніку гэтай паездкі перад самай вайной у іх сям'і з'явілася яго жонка - Яся. Маладая, прыгожая, з добрай сям'і і закаханая ў свайго мужа. Дзіўным было толькі, што ў такой маладой жанчыны трэсліся рукі, праўда, гэта адбывалася толькі ў адпаведных акалічнасцях. Напрыклад, яна не магла наліць вадкасць у вузкую бутэльку. Аднак гэты недахоп не памяншаў яе прывабнасці. Яна ўсім нашым падабалася.

ЧАСТКА III

Сталай суседкай была пані Якімава, якая некалькі разоў мяняла месца жыхарства, але працягвала заставацца ў арбіце нашага паўсядзённага жыцця. У яе было двое дзяцей (Яўген і Лёлек), але больш за ўсё запомнілася яна сама. Спачатку яна жыла ў хаце № 13 на кватэры ў бабулі, потым на гары Сіфры, нарэшце, на вуліцы Мастоўскай. Гэтая суседка ўносіла ў маё атачэнне некаторы элемент інтэлектуальнасці. Неяк, увайшоўшы ў наш пакой, яна спытала: "Што чытаеш, дзетка? Можа "У пустэльні і пушчы?" Пытанні яна задавала з характэрным нахілам галавы і некаторай тэатральнасцю ў голасе. У іншы раз, убачыўшы мяне з кнігай у руцэ на ганку, яна спытала: "Гэта Дзюма, дзетка?!". Памятаю, мяне здзівіла, як яна бездакорна правільна прамаўляе гэтае прозвішча, малавядомае ў той час. І далей яна дзівіла дзяцей сваімі інтэлектуальнымі пытаннямі. Гэта ў яе мы бралі пачытаць выдатныя, па маім меркаванні, часопісы: "У вялікім свеце". Гэты часопіс на кожнай вокладцы друкаваў фатаграфію якой-небудзь прыгожай жанчыны, якая ўзбуджала маё ўяўленне. Дагэтуль памятаю твар маладой жанчыны ў капялюшы з шырокімі палямі і надпісам: "У цені крылаў". Менавіта пані Якімава, адзіная з дарослых, затрымаўшыся каля акна майго пакоя, калі я грала на раялі (ужо падчас вайны) папрасіла, схіліўшы галаву набок: "Сыграй Шуберта, дзетка". Гэта яна запрашала нас некалькі разоў на перадачу "Вечарынка" з Вільні з удзелам Адверкі. Гэта была вельмі цікавая радыёперадача, у якой галоўны герой - Адверка - карыстаўся віленскім жаргонам. Такія запрашэнне, для нас, не меўшых радыё, станавіліся сапраўдным святам.

Вельмі шкада, што з гэтай жанчынай у мяне звязаны таксама і непрыемныя ўспаміны. Гэта яшчэ раз сведчыць пра тое, што не бывае ідэальных людзей. Некаторыя з іх здаюцца такімі, таму што мы іх дрэнна ведаем, ці жадаем бачыць ідэальнымі. Я была толькі дзіцем, якое пазнае свет, але аднойчы адчула ў словах пані Якімавай звернутых да дачкі штосьці нядобрае. Гэта было зроблена ў маёй прысутнасці, не ведаю наўмысна, ці па памылцы. Не звяртаючы на мяне ўвагі, яна на ганку нашай хаты сказала маме: "Ён быў такі п'яны, што ледзь трымаўся на нагах, і яму прыйшлося нават абаперціся пра крыж".

Хоць я не пачула імя, але ведала, пра каго ідзе гаворка, нават маленькай дзяўчынцы няцяжка было здагадацца, што гавораць пра бацюшку Багаткевіча. Ён вядомы быў сваёй любоўю да гарачыльных напояў, што, мабыць, часткова тлумачылася становішчам удаўца. Аднак бацюшку паважалі "як людскага святара". Так яго ацэньваў бацька. Мне было сорамна за гэтую пані, што яна так непераборліва прычыняе непрыемнасці блізкаму.

У іншы раз яна выявіла бестактоўнасць, калі бацьку звольнілі з працы.

- Было б занадта тлуста атрымліваць вам яшчэ і зарплату кожны месяц, - наўпрост заявіла яна маме.

Памятаю, як бацька вярнуўся дахаты пасля звальнення. Ён працаваў машыністам на чыгунцы і вадзіў цягнікі. Справа была на кухні. Тым часам у хаце не было нікога акрамя мамы і мяне, ціха стаяўшай у кутку каля праходу паміж спальняй і кухняй. У мяне высока над галавой знаходзіўся выключальнік, да якога я тады не магла дацягнуцца. Бацька павольна ўвайшоў праз кухонныя дзверы і ўзяўшы гліняную місачку, высыпаў у яе вялікія звонкія манеты, якія запоўнілі палову міскі. Ніколі да гэтага я не бачыла гэтулькі грошай. Але мама адрэагавала на гэта з нечаканай роспаччу.

- Навошта ты браў гэтыя грошы?! - закрычала яна. Думаеш, гэта для нас багацце! Што яны значаць, калі няма працы! Бацька, як звычайна, адказваў маўчаннем. Аднак я ведала, як яму было цяжка.

- Калі б ты не ўзяў гэтай падтрымкі, то цябе б і не звольнілі, - паўтарала мама. - Але ты ўзяў гэтыя грошы без пярэчанняў, і што зараз будзем рабіць?

Атмасфера на кухні была такой цяжкай, што я ціха ўсхліпвала разам з мамай, стоячы ў кутку.

- Чаму звольнілі менавіта цябе? Не таму ж, што дрэнна працуеш, а таму што не п'еш з імі. Лягчэй за усё такога звольніць, хто не ўмее пастаяць за сябе і заўсёды трымаецца ў баку.

Мамчыны словы глыбока запалі ў маю памяць. Я вельмі спагадала бацьку, хоць не магла не бачыць у словах мамы пэўнай логікі.

З тых часоў мы жылі вельмі эканомна. У краму па прадукты хадзілі толькі ў выключных выпадках. Да такіх выключэнняў належала і мая хвароба, калі я ляжала ў пасцелі. Памятаю, мама тады прынесла мне шакалад. Асновай нашага харчавання была бульбачка, якую, да шчасця, усе мы вельмі любілі. Бацькі самі саджалі і потым капалі яе на невялікім участку, які належаў бабулі. У адрыне бесперапынку адкормлівалі свінняў. Гэта патрабавала вялікай працы. Кожны дзень бацькі збіралі мяшок травы на сенажаці і насілі з далёкага поля бульбоўнік. Мама сама цягала ў хлеў цяжкія бакі з кормам. Акрамя свінняў яна трымала курэй і качак. Курэй трэба было рэзаць, а гэтага ніхто не хацеў рабіць, акрамя мамы, якой даводзілася на ўсіх рыхтаваць. Я не магла пераносіць выгляду птушак, якія трапечуцца і крычаць у яе руках, і праз шмат гадоў так і не прывыкла да гэтага.

Мы не ведалі цырульніка, краўца ці шаўца. Усе гэтыя працы рабілі бацькі. Паслугамі бацькі як цырульніка доўгі час карысталіся і сынава пані Клышэйкі. Бацька вельмі любіў дзяцей і з задавальненнем важдаўся з імі. Дзяцей ён стрыг пад "нуль" машынкай. Пасля канца стрыжкі меў звычку жартам выціскаць "грушкі" на стрыжаных галовах. Гэта ўсіх бавіла. Калі мы былі маленькімі, бацька браў нас на калені і падкідаў угару, адначасова імітуючы ход лакаматыва - соп і гуў усё хутчэй і хутчэй. Гэта інсцэніроўка нагадвала мне "Лакаматыў" Юльяна Тувіма. Мы вельмі любілі гэтыя хвіліны:

- Ух, як цяжка, падыдзіце, памажыце!

Напрыканцы "язды" ён пераварочваў нас у паветры.

Мама для нас, дзяцей, была адзінай краўчыхай. З мэтай трохі падпрацаваць, яна прымала замовы на сукенкі ад знаёмых. Яна нідзе не вучылася шыць, таму часам здараліся і няўдачы. Я тады перажывала разам з ёй. Памятаю, якой пакутай для нас былі прымеркі. Трэба было некалькі разоў прыйсці з двара дахаты і цярпліва чакаць, пакуль мама падгоніць пашытую сукенку. Штосекундна чулася яе нецярплівае:

- Перастань круціцца! Стой спакойна! Злажы рукі!

- Мама, ужо ўсё? - бесперапынна пытала я голасам пакутніцы.

Маму нервавала наша нецярпенне, калі ўзнікалі цяжкасці з падгонкай. Вызначэнне даўжыні сукенкі станавілася цэлай цырымоніяй. Я ўставала на крэсла, а мама з лінейкай у руках адмярала сантыметр за сантыметрам патрэбную даўжыню.

Мама акрамя іншага дапамагала дзядзьку пры ўборцы збожжавых. Калі прыходзіў час уборкі, дзядзька Саша наймаў жанчын для паскарэння працы. Мама ішла працаваць разам з іншымі жнеямі. Звычайна падчас жніва было вельмі горача, і жанчыны цэлы дзень праводзілі ў полі пад пякучым сонцам з адным перапынкам на абед. Зжатае жыта вязалі ў снапы, а тыя ў сваю чаргу ставілі ў копы. З поля іх вывозіў дзядзька ў высока нагружаным возе. Потым мужчыны малацілі жыта ў свіране цапамі. У выніку дзеці мелі дадатковае задавальненне: спалі на свежай саломе. За гэтую працу мы атрымлівалі ад дзядзькі запас мукі для выпечкі хлеба. Такім чынам у нас заўсёды былі натуральныя прадукты, і ніколі не ставала наяўных грошай. Я назаўжды запомніла, як мама казала, вярнуўшыся з крамы:

- Цьфу на такі горад! Ёсць што купіць, ды няма за што.

Бацькі сяк-так канцы сточвалі за кошт цяжкай працы і эканоміі, таму наша суседка і сказала, маўляў, было б занадта добра яшчэ мець і рэгулярную зарплату.

Тут варта спыніцца на тым, чаму існуе нядобразычлівасць? Калі яна з'яўляецца і ці нельга яе пазбегнуць? Несумнеўна, пані Якімава не выбірала сабе рыс характару і стала іх уладальніцай па выпадку. Напэўна, яна не была вінаватай у гэтым. Матываў нядобразычлівасці некалькі, часта гэта зласлівасць без выгады. Чалавек, які выказвае якую-небудзь гадасць, знаходзіць дзіўнае задавальненне ад дакранання да іншай асобы, робячы ёй непрыемнасць. Гэта мае нейкую сувязь з садызмам, дакладней, з маральным садызмам.

У пані Якімавай паўстала жаданне зняважыць у вачах маёй мамы духоўную асобу, якая прадстаўляе іншае веравызнанне, чым яе ўласнае. Якая ж у яе магла быць карысць, акрамя задавальнення зрабіць блізкаму балюча? У іншым выпадку яна кіравалася зайздрасцю. Яна не жадала, каб іншая сям'я жыла лепш ці нават гэтак жа як і яна. Яе муж меў сталую працу на чыгунцы. Я бачыла яго пры выхадзе з перона, дзе ён правяраў квіткі ў пасажыраў, якія выходзяць з цягніка. Гэта быў вялікі лагодны, даволі сімпатычны мужчына. У яго жонкі не было прычын зайздросціць матэрыяльнаму дабрабыту нашай сям'і, і ўсё ж яна зайздросціла. Хіба зайздрасць мае права на існаванне? З'ява гэта даўняя, а значыць, сталая, неаддзельная ад нашага жыцця. Маці, якія з найвялікай радасцю сустракаюць з'яўленне сваіх дзяцей на свет, перадаюць ім свае недахопы, не ўсведамляючы гэтага. Хоць яны ўпэўнены, што нараджаюць "чыстыя, нявінныя істоты", якіх толькі потым псуе дрэнны ўплыў. Але чый? Іншых дрэнных людзей. А адкуль бяруцца злыя людзі? Зайздрасць, нажаль, жыве ў кожным чалавеку, у рознай ступені, вядома. Падаецца лішнім пытанне: ці можна яе падужаць? Яе трыўмфальны паход праз стагоддзі паказвае, што не. Яна можа хавацца да зручнага выпадку, прычым, на працягу многіх гадоў.

Выпадак такі з'явіўся і ў пані Клышэйкі. Яна была самай чыстай, бездакорнай, наймілай суседкай як перад вайной, так і падчас вайны. Пасля вайны, вярнуўшыся з Казахстана ў Польшчу, яна спынілася недалёка ад нас на адваяванай у немцаў зямлі. Мой бацька неадкладна паехаў па яе і прывёз да нас у Шчэцінак. Два тыдні правёў у нас і Метак пасля вяртання з берлінскага паходу. Гэта была радасная сустрэча пасля страшных ваенных гадоў, і хацелася працягваць сябраваць. Вядома, што сапраўдныя прыяцеля ў няшчасці пазнаюць, аднак здарылася дзіўная рэч. Праз некалькі гадоў пасля смерці майго бацькі я пачула як пані Клышэйка сказала маме:

- Хай пані адчуе зараз, як добра быць удавой. У мяне вось ужо колькі гадоў няма мужа.

Як быццам мае бацькі былі вінаватыя ў гэтым. Тады мама здзівіла мяне сваім хуткім і дакладным адказам:

- Выбачыце, пані! - абурана выклікнула яна. - Вы выйшлі замуж за старога чалавека і ведалі, што Вас чакае, а мой муж памёр маладым, усяго ў 53 гады.

Трэба, аднак, зразумець пані Клышэйку. Яна таксама не мела выбару. Па яе аповядах яна была сіратой і знаходзілася на ўтрыманні багатай цёткі ў Вільні. Маладая, прыгожая, прагная да жыцця і яго радасцяў. Калі з'явіўся багаты жаніх, стары ўдавец, што было рабіць? Хіба што чакаць багатага ды маладога. Хіба можна вінаваціць яе ў тым, што яна была сіратой і хацела мець сваю хату? З іншага боку людзі занадта шмат патрабуюць ад гэтага жыцця. Чакаюць поўнага шчасця тут, на зямлі, хоць вядома, што гэта немагчыма. Была ў яе хата, чатыры добрыя сыны, нядрэнныя матэрыяльныя ўмовы жыцця, 100 гадоў пражыла ў поўным здароўі, але ўсё ж адчуваў боль за свой удовін лёс. Наша шматгадовае сяброўства скончылася даволі нечакана. Пасля смерці таты, калі мама апынулася ў лякарні, пані Клышэйка праявіла да яе поўную абыякавасць.

* * *

Акрамя гэтых сталых суседак у хаце № 13 змянілася некалькі сем'яў. Пані Качмарская, жонка паліцыянта, мела дачка Ірыну, сына Вітка і яшчэ адну дачку - маленькую Басю. Ірына была дзяўчынкай незвычайнай прыгажосці, карысталася поспехам у дзяцей і ўмела іх завабліваць. Спачатку яе ўвагі пачаў дамагацца Бронак, старэйшы брат Чэсіка (але малодшы за Янка). Яны былі гарманічнай парай. Потым аказалася, што Іру ў брата адбіў Янак. Памятаю звязаную з гэтым пацешную сцэну. Ірына сядзела на лаўцы каля свайго ганка. Я назірала за ёй з боку. Яна была смуглай з правільнымі рысамі твару. Я ўсё дзівілася, навошта яна пакусвае вусны. Потым дадумалася, што вусны ад гэтага становяцца больш яркімі і панадлівымі. Але ад такога практыкавання яны ўжо былі злёгку пакалечаны. Здалёку пачуўся мужчынскі голас. Гэта Янак, стоячы перад сваёй хатай, спяваў песню, дэманструючы добры голас. Я заўсёды любіла спеў, асабліва сола і да таго ж пад голым небам, таму наладзілася слухаць. Для гэтага абрала зручную пазіцыю на плоце нашага гароду пасярэдзіне паміж спеваком і той, для каго ён спяваў. Магла так сядзець і слухаць да бясконцасці, гэтулькі было ў гэтым спеве пачуцця і прыгажосці. Нажаль, мне тады не прыходзіла ў галаву, што ні Янку, ні Ірынцы ў той момант зусім не трэба была мая прысутнасць. Я дзіўлюся, як гэта Янак яшчэ ўтрымаўся і не прагнаў мяне тады. Адгэтуль можна зрабіць выснову, што трэба ведаць час і месца для выказвання ўдзячнасці артысту. Толькі цяпер да мяне прыходзіць падазрэнне, што адплата за маю бестактоўнасць прыйшла пазней, калі Янак незаслужана выгнаў мяне са свайго двара, яшчэ і пляснуўшы пры гэтым. Тады я не зразумела прычыны такой непрыязнасці і моцна здзівілася. Бронак неўзабаве пасля сыходу Ірыны да яго больш удачлівага брата надарыў сваёй увагай Ясю Валош. Яся ў нас была "прышлым элементам" - яе сям'я прыехала з Цэнтральнай Польшчы. Яе бацька быў паштаром і займаў кватэру ў першай хатцы па вул. Мастоўскай. Яся была аднагодкай маёй сястры і хадзіла ў тую ж гімназію імя К. Хадкевіча. Яна часта заходзіла да нас, а ўслед за ёй з'яўляўся Бронак. Яна ўяўляла сабою тып прыгажосці адрозны ад нашага: бландынка з прыгожымі ямачкамі на шчоках, заўсёды вясёлая і ўсмешлівая. Па маіх паняццях яна таксама мела вялікі поспех у дзяцей. Калі яна заседжвалася ў нас, то Бронак з вялікай ахвотай праводзіў яе дахаты. Я не магла надзівіцца такой яго галантнасці, якая не выяўлялася ў адносінах да іншых дзяўчынак. Неўзабаве ўсім стала ясна, што яны закаханыя адно ў аднаго. Гэта юнацкае пачуццё расцвітала на нашых вачах. Але да шлюбу справа не дайшла, пачалася вайна, і лёс разлучыў іх.

ЧАСТКА IV

Гэта ўсяго толькі выпадковасць, Ядзя, што нарадзіліся мы ў адзін час і ў адным месцы, што твая хата апынулася насупраць нашай праз вул. Вызвалення на Зарэччы. Калі б ты нарадзілася на некалькі гадоў пазней, ці раней, жыла праз некалькі хат далей, то мы, натуральна, сустракаліся б, былі б знаёмыя, але не паўсталі б умовы для нашага сяброўства. Як, напрыклад, у выпадку з сям'ёй Гацэвіч, у якой было пяць дзяўчынак: Марыся (самая старэйшая), затым Янка, Ядзя, Лёдзя і Тарэса. Ядзя і Лёдзя былі нашымі аднагодкамі. Але я ніколі не хадзіла ў іх хату каля прыдарожнага крыжа і нас не звязала дужая сувязь сяброўства. А вашым, Ядзя, няпрошаным госцем я была амаль штодня. Я ўдзячная лёсу за сяброўства менавіта з табой, чалавекам незвычайным з пункту гледжання інтэлігентнасці і прыроджанага такту. Удзячная ёй за гэты скарб сяброўства, якое прайшла праз усё жыццё. Час паказаў, што тваё добразычлівае стаўленне да мяне не змянілася за многія мінулыя гады. Заўсёды ты сустракала мяне ў сваёй хаце аднолькава радасна, незалежна ад часу маіх нечаканых візітаў. Зрэшты, з такой жа зычлівасцю ты ставілася да ўсіх людзей. Рызыкну сцвярджаць, што такія выдатныя людзі як ты маглі нарадзіцца толькі пад шатамі замка Гедыміна.

Сям'я Цітавіцкіх аказала прыкметны ўплыў на маё жыццё. У іх была хата насупраць горкі Сіфры на другім боку вуліцы і на такой жа вышыні, як гэтая горка. Рачная тэраса ў гэтым месцы была вельмі стромкай, таму для уладкавання праезду да Зарэчча прыйшлося ў адным месцы пракапаць пакаты спуск. Наша хата размяшчалася значна ніжэй, чым хата Цітавіцкіх, да якой трэба было паднімацца іншым пракапаным праходам. На гэтым месцы, верагодна, калісьці былі могілкі, таму што ў гародзе знаходзілі чалавечыя косткі. Гэта надавала таямнічасці ўсяму ўчастку.

Хата Цітавіцкіх стаяла фасадам да вуліцы. У яе заходзілі з двара. Спачатку траплялі ў вялікую даволі цёмную кухню, дзе распараджалася цётка Юзэфа, а потым у доўгае памяшканне з адным акном, якое выходзіць на вуліцу. У гэтым пакоі жыло сямёра дзяцей разам з бацькамі. Самы старэйшы - Стасік, потым Віцька (які выдатна коўзаўся на каньках), Чэсік (які цікавіўся знішчальнікамі), Янка (браты і сёстры клікалі яе Лялька), Ядзя, Тэся і самы малодшы Уладак (ад яго ўсе ўцякалі, каб пазбавіцца ад яго кампаніі). Было каго выбіраць у сябры. Мая сястра вучылася ў адным класе з Янкам. Тэся была маёй аднагодкай, але я абрала Ядю. Я вучылася класам старэй Тэсі, а з Ядзяй у адным класе вучылася толькі ў Гандлёвай купецкай гімназіі манахаў піяраў перад самай вайной. На занятках Ядзя вылучалася вельмі добрай памяццю на імёны і геаграфічныя назвы. Мы былі знаёмыя і дружныя з самых дзіцячых гадоў. Кожныя вакацыі разам хадзілі ў лес у грыбы, чарніцы і суніцы. Выходзілі ранняй раніцай праз палі з гарлачамі ці кошыкамі ў руках. Памятаю, па дарозе любілі дэкламаваць вершы з нашага падручніка "Кажуць стагоддзі". Гэты падручнік быў скарбніцай цудоўных вершаў. Найбліжэйшы лес знаходзіўся недалёка ад нас на ўсход ад Раслякоў, таму туды мы хадзілі ўсё лета з чэрвеня па верасень. Адразу ж за гумном Мая да самага лесу на гарызонце цягнуліся палі з усхваляваным на ветры жытам. Зусім не было відаць зялёных меж паміж участкамі.

Мы рана навучыліся адрозніваць збожжавыя па гатунках. Самыя вялікія плошчы займала жыта. Яго светлыя сярэдняй велічыні каласы былі самымі высокімі. Зярняткі з каласоў мы вельмі любілі. Сярод жыта чароўна выглядалі квітнеючыя васількі і чырвоныя макі. Выцягваў угару тонкія сцёблы белы павой. Мы збіралі гэтыя кветкі як упрыгожванне палёў, а не як пустазелле. Пшаніца была ніжэйшай, чым жыта, яе сцяблы мелі больш залацістую афарбоўку, і займала яна меншыя плошчы за пасевы жыта. У ячменю сярод збожжавых былі самыя буйныя каласы з тоўстымі зярняткамі і доўгімі вусамі. Яго лёгка можна было адрозніць здалёку. Але самым лёгкім для распазнання быў авёс. Невысокія сцяблы, каласы не суцэльныя і моцна чапляюцца за адзежу. Мы дзеля забаўкі сыпалі яго адзін на аднаго.

Наш лес быў змяшаным, лісцяна-іглістым з густым мяккім мохам, ягаднікам і кветкамі. Толькі такі лес па-мойму можа быць па-сучаснаму прыгожым. Усе дрэвы адно перад другім цягнуліся ўгару да святла, а сонца светлымі плямамі падала паміж імі і рассыпалася па моху. Прыемна было ляжаць на адкрытай палянцы і назіраць верхавіны дрэў на фоне блакітнага неба. Прыемна было ўслухоўвацца ў шум дрэў і галасы птушак. Калі кукавала зязюля, мы лічылі яе "куку" і ўслых загадвалі жаданні. Калі чулі стук дзятла, то імкнуліся выглядзець яго на высокім дрэве.

Сярод дрэў больш за ўсё было хвой. Вельмі высокія, стройныя, прыгожыя з тоўстымі бронзава-залацістымі стваламі яны вырасталі вышэй за іншыя дрэвы і высока над зямлёй распускалі ва ўсе бакі свае галіны. З іх на зямлю падалі кароткія і шырокія ў параўнанні з яловымі шышкі. Елкі выцягвалі свае шырокія цёмна-зялёныя галіны над самай зямлёй, а іх шышкі былі доўгімі шчыльнымі і цяжкімі. Ельнік ніколі не вырастаў высокім, але часам зрастаўся ў амаль непраходны гушчар. З лісцяных дрэў самымі вялікімі былі дубы. Яны як бы валадарылі над іншымі дрэвамі. Увосень яны скідалі прыгожыя жалуды, якія моладзь выкарыстоўвала для мастацкіх прац, а падчас вайны для хатняй вытворчасці кавы. Бярозы раслі па ўзлесках лесу ці збіраліся ў асобныя гаі. Мы любілі гэты лес і добра ведалі, дзе раслі розныя ягады і грыбы. Больш за ўсё збіралі чарніцы. Багата пасыпаная цукрам, яны стаялі ў вялікіх слоіках на падваконніках амаль ва ўсіх хатах. Суніц было значна менш. Мы імкнуліся насыпаць іх зверху ў свае гарлачы, каб паказаць, як шмат іх сабралі. На вільготных участках лесу раслі бела-чырвоная брусніцы, але іх мы не збіралі. Можна было таксама знайсці і журавіны. У нашай хаце іх выкарыстоўвалі галоўным чынам для падрыхтоўкі кісялю на Куццю.

З ядомых грыбоў больш за ўсё расло найменш каштоўных для нас лісічак і сыраежак. Мы больш шукалі і з задавальненнем збіралі маслякі, чырвонагаловікі, падбярозавікі і рыжыкі. Баравікоў ужо тады было мала, і кожнаму знойдзенаму баравіку бурна цешыліся. Спаборнічалі хто збярэ іх больш за астатніх. Толькі Геся не ўдзельнічала ў гэтым спаборніцтве. Пра яе поспехі мы дазнаваліся звычайна выпадкова пасля збору грыбоў.

Па вяртанні з лесу мы праводзілі рэштку дня на Лідзейцы. Калі было добрае надвор'е, то па некалькі разоў купаліся. Плаваць вучыліся самі. У той час Лідзейка яшчэ не была ровам з бруднай вадой як зараз. Кавалачак рэчкі каля моста быў трохі плытчэйшы, чым у іншых месцах, з пясчаным дном і вельмі чыстай вадой - былі бачныя нават рыбы, якія хаваюцца пад камянямі. Яны хаваліся галоўным чынам ад майго брата, які лавіў іх восцямі, каб потым смажыць у алешніку.

Гэта ў Лідзейцы я ўпершыню ў жыцці ўбачыла жаб, ракаў і прыгожых вужоў. У аеры і ў моху на сенажаці досыць было ўсякіх кветак. Гэтыя сенажаці я запомніла на ўсё жыццё, і яны ўставалі ў маёй памяці яшчэ доўгі час пасля вайны, калі я апынулася ў зусім іншых рэльефных умовах далёка ад Ліды. У цяжкія хвіліны жыцця да мяне прыходзіць успамін пра гэтыя мокрыя сенажаці, дзе ногі па костачкі апускаліся ў мох. Успамін пра гэтую вільготную мяккасць супакойвае маю душу. Сапраўды, гэта была выява Лідзейкі, пакуль яе рэчышча не выпрасталі падчас меліярацыі. Аднойчы каля ракі з'явілася некалькі маладых рабочых, якія пачалі выпростваць яе рэчышча. Казалі, што гэта беспрацоўныя з Граева, якім знайшлі занятак. Рабочыя не заміналі нам, але па праўдзе сказаць, выява старой Лідзейкі сышла беззваротна разам з чыстай вадой, рыбамі і лодкамі, якія плаваюць па ёй. Меліярацыя асушыла сенажаць і па ёй стала магчымым хадзіць, не замачыўшы ног. З гэтага часу Чэсік і яго браты хадзілі ў горад па беразе ракі, абыходзячы дарогу каля нашай хаты. Памятаю яго пераходзячым праз сенажаць, стройнага ў белым плашчы. Я тым часам сядзела ў гародзе бабулі пад грушай з кнігай у руках. Тады ўжо не стала мокрага моху, у які правальваліся ногі, з кветак засталіся толькі жоўтая лотаць, ранняй вясной у рэштках аеру з'яўляліся белыя даліі. У алешніку ўвесь час квітнелі фіялкі.

Наша сяброўства з Ядзяй доўжылася доўгія гады. Паміж намі існавала моцная духоўная сувязь. Менавіта з Ядзяй, не з яе сястрой Тэсяй, маёй найбліжэйшай аднагодкай. Тэся была зусім іншай, мабыць так атрымалася з-за розных схільнасцяў іх бацькоў. Бацька Ядзі, якога дзеці звалі "тэчка", у той час пажылы невысокі бландын, быў нейкім службоўцам у войску. Выказваўся ён высакамоўна і вычварна. Я рэдка бачыла яго ў іх бітком набітай хаце. Запомніла толькі, што Ядзя была падобная на яго - невысокая бландынка з сімпатычнымі вяснушкамі. Тэся, наадварот, была прадаўжальніцай рыс характару сваёй маці. Наколькі памятаю, гэта сціплая і ціхая жанчына заўсёды сядзела на нізкім зэдлічку перад адкрытай печкай. Там, на трыножку яна рыхтавала ежу для сваёй шматлікай сям'і. Некалькі разоў я бачыла яе ў гародзе, які быў яе, напэўна, адзіным запалам. Ніколі не сустракала яе на вуліцы. Ніколі яна не станавілася аб'ектам плётак суседзяў. Сям'я гэтая карысталася пашанай і павагай, бо ў ёй клапаціліся пра адукацыю дзяцей, што было нялёгкай справай пры тагачаснай абавязковай плаце за навучанне ў сярэдняй школе і пры такой шматлікай сям'і. Памятаю, што маці Ядзі выйшла з раёна "Ферма", багацейшага за наша Зарэчча, і мела дзявоцкае прозвішча літоўскага гучання. Вось і Тэся, як і яе мама, аказалася тыповай дамаседкай. Адзінай бачнай яе цікавасцю стаў гарод і яшчэ самаробка. Затое Ядзя была для мяне роднаснай душой. Яна любіла кнігі, захаплялася музыкай, нядрэнна вывучыла нямецкую мову - падчас вайны працавала ў немцаў. Доўгія гадзіны мы праводзілі ў філасофскіх развагах, якія тычацца сэнсу жыцця і адносін паміж людзьмі. Тэмы для гутарак чэрпалі з прачытаных кніг і атачаўшага нас жыцця. Напрыклад, нам не падабалася стаўленне людзей да кветак. Ядзя неяк сказала:

- Хіба не бачыш, як людзі знішчаюць кветкі вакол сябе. Яны сцвярджаюць, што любяць іх і ў імя гэтай любові з кожнага шпацыру нясуць з лесу ці з сенажаці букеты. Бо дома кветкі жывуць значна карацей. Акрамя таго яны ўпрыгожваюць адзін пакой замест таго, каб цешыць усіх.

- Праўда што. Дзе тут любоў? Хіба калі любяць знішчаюць аб'ект любові? Я думаю, калі б кожны чалавек зрываў хоць бы па адной кветачцы ў дзень, то неўзабаве кветкі б зусім зніклі. Бо кветкі ў лясах і на сенажацях з'яўляюцца як бы агульнымі. З якой ласкі хтосьці захоплівае іх у асабістае валоданне? Аматары хай сеюць і гадуюць кветкі для ўласнага карыстання. Тады яны будуць мець падставу распараджацца імі па сваім меркаванні.

У роўнай ступені мы былі абураны бяздумнасцю людзей, знішчальных прыроду і іх беспакаранасцю. Цікавіу нас таксама лёс жывёл:

- Ведаеш, Ядзя, была я ўчора ў Расляках. У іх там з'явіўся прыгожы маленькі сабачка. Я ўзяла яго на рукі, і ён прыціснуўся да мяне. І ўяві сабе, цётка Гэля сказала, што сабака створаны для аховы хаты і таму яго трэба прывязваць да будкі. Лепшы вартаўнік - гэта злы сабака, і таму трэба яго такім зрабіць.

- Гэта жудасна! Быць прывязаным да будкі за шыю і не мець магчымасці бегаць, куды хочаш. Бо гэта жывая істота.

(Працяг у наступным нумары. )

* Е. Ярмонт. В ТЕНИ ЗАМКА ГЕДЕМИНА. Воспоминания детства. Лида, 1995.

У Вільні і літоўскіх дварах, успаміны 1815 - 1843 гадоў*

Габрыэля Пузыня

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)


На Каляды мы чакалі пана Букшу, які вяртаўся з Парыжа. Цэлы год ён суправаджаў сенатараву Агінскую і абяцаў нам цікавыя гісторыі разам з пачкам парыжскіх афіш для Іды, якая збірала іх з 1824 года. Верны свайму абяцанню, ён з'явіўся на вігілію і, расклаўшы на стале план Парыжа, пазнаёміў нас з вобразам горада.

Мы ўжо сядзелі за сталом, калі разам з настаўнікам панам Пячэўскім і мэтрам музыкі Дзіётам прыехала моладзь з Паставаў. Натуральна, што было каму танцаваць і граць для танцаў. Мы танчылі два дні.

1841 год

З-за мяжы ўсё часцей прыязджалі новыя асобы, і неяк на раніцы, калі мой бацька сядзеў за сваім бюро, да нас увайшоў чалавек апрануты ў чорнае, з аблажным белым каўнерыкам і з доўгімі валасамі. Тата напачатку прыняў яго за неахайніка, але па голасу пазнаў пана д'Абры. Пасля некалькіх гадоў у Парыжы і Дрэздане ён вярнуўся з запасам вясёлых анекдотаў і валодаў рэдкім дарам расказваць іх. Даўно мы так бесперапынна і шчыра не смяяліся. Калі расказы Станіслава Хамінскага пераносілі нас ў свет мастацтва, калі Букша дакладна расказваў нам пра раёны, вулічнае жыццё і мясцовыя звычаі Парыжа, калі Юзя Лапацінская злучала нас з эміграцыяй, дык д'Абры ў сваёй уласнай асобе спалучаў усе гэтыя элементы - пераносіў нас у салоны, сады, на могілкі, знаёміў з грамадствам і паказваў нам цэлыя спектаклі. На працягу некалькіх гадоў за мяжой ён суправаджаў розных дам: пані Лапацінскую і пані Абрэскаву, дапамагаў ім з пакупкамі, уладкаваннем дома і прыёмам гасцей.

Здаўна выконваючы ролю cavaliere servante (фр. "рыцара-прыслужніка", "кавалера-слугу". - Л. Л.) у дам, у маладосці ён суправаджаў пані Любанскую з князёў Радзівілаў. Успаміны пра тое першае падарожжа 1827 года ён увесь час параўноўваў са свежымі ўспамінамі 1841 года, і гэта нараджала самыя цікавыя карціны. Пані Абрэскава, жывая, маладая, эмацыйная і свецкая асоба, шукала забаў і прагнула балямі заглушыць сваё сэрца, пустэчу няшчаснага шлюбу запоўніць штучнымі кветкамі44. Яна нічым не нагадвала першую са спадарожніц д'Абры, для якой знаёмства з князем і княгіняй Гогеналоэ было адзіным заняткам і адпачынкам. І калі пані Любанская дазваляла свайму спадарожніку заходзіць у свой пакой, але непакоілася з-за незасланага ложкам ці з-за празмернай сарамлівасці ставіла крэсла на парозе і размаўляла з ім, адвярнуўшыся спіной, дык пані Абрэскава цалкам грэбавала фармальнасцямі і хоць была сумленнай жанчынай, бегла за панам д'Абры, калі мела што сказаць, не пыталася, куды ён ідзе, а калі ёй трэба было нешта сказаць, дык гаварыла з ім праз дзверы, калі ён крычаў, каб не ўваходзіла, і зачыняўся.

Пані Лапацінская, набожная, як пані Любанская і вясёлая як пані Абрэскава, умела лёгка, годна і сур'ёзна ўзгадняць свае супрацьлеглыя памкненні. Пан д'Абры ў належным святле маляваў кожную з гэтых дам, ніколі не перабольшваў і паставіўшы адну, другую і трэцюю з іх на сцэне, ператвараўся ў сваіх спадарожніц і нават у вачах сваіх гледачоў памяншаўся ці павялічваўся ў памерах.

Заможная пані Абрэскава заўсёды падарожнічала з дачкой і яе настаўніцай, заўсёды здымала прыгожую кватэру на галоўнай вуліцы і трымала свой дом адкрытым. І паколькі яе праекты нараджаліся незалежна адзін ад другога, з вечара ніколі нельга было прадбачыць з чым яна прачнецца на раніцы. Пан д'Абры мусіў быць гатовым да ўсяго, і толькі ён мог цярпець такую пераменлівую фантазію. Аднойчы на раніцы разбудзіла яго, каб ехаць на кветкавы рынак - узяла фіякр, і паехалі. Ніколі раней не была на кветкавым рынку, і таму яе радасць і захапленне былі бязмежнымі. Яна хоча ўсё: і ружы, і фіялкі, і ляўконіі. Шчаслівая, купляе не гандлюючыся, але ў яе не хапае рук, каб трымаць усе вазоны, букеты і г. д. Д'Абры мае іх пад пахай і ў абедзвюх руках, фіякр перапоўнены, кветкі на козлах і імперыяле, тое, што не памясцілася, нясуць насільшчыкі. Шчаслівая графіня едзе, як у клумбе і, паколькі ў яе пакоях таксама няма месца, ставіць кветкі і вазоны на сходы. Адсюль нараджаецца ідэя даць баль з канцэртам. Прыходзіць гаспадар дома і ветліва тлумачыць, што кантракт забараняе гадаваць кветкі ў пакоях, бо яны ствараюць вільгаць. Пані Абрэскава падпісала кантракт не чытаючы, але прызнае слушнасць заўвагі і загадвае вынесці кветкі на балкон і вельмі задаволеная гэтым, бо так з вуліцы будзе прыгажэй. І ўзяўшы пана д'Абры пад руку, праз браму яны выходзяць сходамі на вуліцу, каб убачыць як прыгожа выглядае балкон (заўвага, ён без капелюша і ў ранішнім адзенні…), і мы ўяўляем сабе гэта, бо расказчык, як быццам, падае сваю руку пані Абрэскавай, ідзе разам з ёй і падымае галаву - мы ідзём разам з імі і, быццам бы, стаім пад балконам, поўным кветак. Пані Абрэскава не можа насыціцца кветкамі, за сталом не есць, а плануе баль з канцэртам. Раптоўна нехта ўрываецца з горада (яго таксама прадстаўляе д'Абры) і крычыць, што заявіць у паліцыю, бо вазон з балкона ўпаў яму на галаву. Натуральна, пакрыўджанага супакойваюць, а вазоны прыбіраюць з балкона.

Надыходзіць дзень балю, фартэпіяна ўжо наладжана і трэба асвятліць салон. Музыкантаў мае быць шмат: Лабланш, Тамбурыні, панна Грызі, а гаспадыня яшчэ не апранутая! У цюрбане, але і ў пенюяры, яна просіць д'Абры сыграць вальс, а сама, скінуўшы пантофелькі, хапае дачку і босая, верціцца з ёй па салоне. Гук званка праганяе яе з салона. Прыбываюць запрошаныя госці: герцагіня Рохан, граф Поца дэ Бардо і г. д. Д'Абры вітаецца … прабачаецца … мы бачым яго паклон і незадаволеныя міны дам. Але з'яўляецца гаспадыня, у яе як раз хапіла часу, каб апрануць сваю зялёную, аксамітную сукенку. Д'Абры аддыхаўся .. але, о, неба! Покуль яна налева і направа раскланьвалася з гасцямі, нешта выгінаецца, круціцца і размотваецца з-пад яе сукенкі … вуж, ці не вуж … гэта шнуркі ад карсета! Трэба было бачыць як у гэты момант расказчык быў адначасова і пані Абрэскавай ў рэверансе і здзіўленымі гасцямі і шнурком ад карсета … Нарэшце, пані Абрэскава заўважае яго мігі і, не перастаючы кланяцца, выходзіць з пакоя.

Аднойчы, пасля шэрагу баляў, забаў і пустак, пані Абрэскава паклікала д'Абры наведаць сяброўку, а потым разам паехаць на могілкі Пёр-ла-Шэз. Бо яна так весела бавіла час, шмат смяялася, танцавала, што цяпер хоча паплакаць над магіламі. Едуць. Каля брамы сядзяць кветачніцы і прадаюць гатовыя вянкі. Як жа ж іх не купіць? Пані Абрэскава купляе, нанізвае на руку і ўпрыгожаная кветкамі, ідзе на сцежках могілак. Тут пахаваны яе любімы паэт, тут нехта з сяброў, тут - красуня, а тут знакамітая артыстка, тут герой, тут прамоўца і г. д. Пані Абрэскава плача і кладзе вянкі, плача і кладзе. А калі вянкі і кветкі заканчваюцца, кажа свайму спадарожніку: "Ведаеце, мне так добра, так лёгка, што зараз жа хачу ехаць на баль!".

І паехала, і танцавала да світанку.

Вясной яна не магла ўсядзець дома, ехала за горад і шукала дом на лета. Ледзь мінула рагаткі, і ёй адразу спадабаўся дом з акяніцамі. Выйшла, пахваліла дом, дала задатак і паехала далей. Чым далей ад горада, тым прыгажэйшымі становяцца дамы з цяністымі садамі і тым больш выглядаюць яны па-вясковаму ўтульна. Пані Абрэскава кожны раз выходзіць і зноў плаціць задатак, і гэтак шмат разоў. А дом так і не змагла выбраць.

Пан д'Абры надоўга рассмяшыў нас, але гэта былі апошнія хвіліны радасці перад набліжэннем хмар. У студзені мы страцілі нашага свірскага дэкана, ксяндза-каноніка Сянкевіча, які даўно ўжо меў дрэннае здароўе - цярпеў на камяні (верагодна ў нырках - Л. Л.), яго ратавалі як маглі але нарэшце ён адчуў набліжэнне сваёй апошняй хвіліны. Сам, на раніцы паслаў па ксяндза, спавядаўся, прадыктаваў тастамант, развітаўся са слугамі і нават сказаў ім, што хутка па ім будуць званіць званы. Прасіў калятараў, каб яго пляменнік ксёндз Казімір Залескі стаў яго заступнікам. Праз нейкі час павярнуўся на другі бок і заснуў навекі. Жалоба была агульнай, і калі смутак мінуў, ці хутчэй сціх, пачалі рабіцца захады адносна добрага пробаства, якое мела яшчэ 100 хат (верагодна, прыгонных сялян - Л. Л.) і вабіла ўсіх здалёк. Перш чым стала вядома просьба нябожчыка, з якой лёгка пагадзіліся і калятары, і парафіяне, з Вільні пасыпаліся лісты, візіты, просьбы і г.д., сярод просьбітаў быў і будучы біскуп Віленскай дыяцэзіі, а ў той час прапаведнік катэдры, ксёндз Станіслаў Красінскі. Але ад слова, дададзенага таму, хто памірае, не адмаўляюцца, і таму ўсім ім адмовілі.

На гэтым нашы страты не скончыліся. 6 сакавіка пасля абеду мы сядзелі ў салоне, і тата раскладваў карты. Раптам яго паклікалі… Ён вярнуўся такі ж разгублены, як і тады, калі даведаўся пра смерць цёці з Жалудка, у руцэ тата трымаў ліст ад пана Пячэўскага. У ім паведамлялася, што "2 сакавіка, прыняўшы святыя сакраманты і дабраславіўшы дзяцей, аддала Богу душу пані графіня"… Нягледзячы на спакойны тон ліста, за гэтымі словамі мы адчулі нешта большае за звычайную смерць!

Назаўтра тата паспяшаўся ў Паставы на пахаванне, за ім паехала і Матыня. Яна ўбачыла сум і прыгнечанасць дзядзькі і яго дзяцей і засталася ў іх, вярнулася толькі пасля свят. Жыла там чыста пастаўскім жыццём, уставала з кузынамі, г. з. а шостай гадзіне, і сядала рабіць з імі ўрокі - праз чатырнаццаць гадоў асвяжыла свае веды па граматыцы Наэля і Чапсала, займалася рукадзеллем і вартавала сваіх кузынак ад бацькі, які па дзесяць раз у дзень заходзіў у пакоі дачок, якія рыхтавалі яму мастацкія сюрпрызы на 12 красавіка. Марыня капіравала карціны з галерэі, Хеленка пісала верш пра Паставы. Іх шпацыры заўсёды мелі навуковую мэту - збіраліся расліны, лавіліся матылі. Матыня вывучала іх лацінскія назвы, пра якія даведвалася ад Збігнева, і яна, учарашняя элегантка, якая танцавала да світання, а спала да поўдня, стала ўзорнай настаўніцай.

Май быў сямейным. Нас наведала кузынка Алімпія Швыкоўская з трыма сваімі старэйшымі дзецьмі, а дзядзька Тызенгаўз, меўся прывезці і пакінуць у нас сваю сям'ю, калі будзе ехаць у Вільню на кантракты. Пастаўскія сваякі мелі прыехаць 3 мая ўвечары, мы чакалі іх і хваляваліся. Але гэтая балючая сустрэча прайшла гладка з-за прысутнасці Алімпіі і яе дзятвы, бо наша кузынка падзяляла нашы пачуцці, а яе маленькія хлопчыкі выбеглі разам з намі сустракаць прыбыўшых, жвава заняліся высаджваннем паненак з карэты і знаёмствам з трохі дзікаватым Рэйнольдзікам45, якога яны ўзялі з сабой і прадставіліся: "Я - Кастусь, я - Стась", з-за гэтага, месца для слёз не засталося. Але кузынкі былі ў глыбокай жалобе, дзядзька ўжо не такі вясёлы, як раней, вочы Збігнева такія падобныя на вочы маці, і ўсё гэта дадавала суму.

Заўтра была нядзеля, у капліцы спявалі маё "Алялюя", і адначасова з ад'ездам дзядзькі ў Вільню наша жыццё пайшло пастаўскім ладам. Збігнеў прывёз з сабой "Іліяду" і "Адысею" ў перакладзе Дмахоўскага і штодзень чытаў нам па некалькі песень, гневаючыся на маю абыякавасць да класічнай паэзіі і яе бацькі Гамера.

Матыня пасля двух месяцаў з кузынкамі ў Паставах, засталася з імі і ў нас, рэгулярна чытала і хадзіла на шпацыры. Мы шмат ездзілі верхам, і яна заўсёды суправаджала маму ў кочы з алоўкам і партфелем, яны малявалі відарысы Віліі.


У чэрвені мы паехалі ў Друскенікі. Гэтыя краёвыя воды хвалілі ўжо некалькі гадоў, і гэта спакусіла нашу маму, якая хацела на нейкі час пакінуць свае ружы. Таксама туды выбіралася сям'я Эдмунда Сулістроўскага і шмат нашых іншых сяброў. Перспектыва правесці некалькі тыдняў з мілай Антосяй падвоіла маё жаданне. Акрамя сваёй галоўнай мэты, падарожжа пасля апошніх падзей змяняла абставіны жыцця.

Мы выбраліся трошкі раней. Насамрэч сезон у Друскеніках - гэта ліпень і жнівень. Сюды з Гародні прыбыў маршалак Канстанцін Чацвярцінскі з сям'ёй і губернатар Допельмаер. Тут ужо мелася музыка, і было што есці, бо раней мястэчка жыло толькі працай і чуткамі. На жаль, мы адчулі гэта на ўласным досведзе! На нашым шляху была Вільня, і незвычайнай падзеяй, якой жыў горад у той час, было вяселле прыгожай пані Калкоўскай са сваім уласным мужам. Пасля некалькіх гадоў у разводзе, былыя муж і жонка зноў пабраліся па каханні і вярнуліся адно да другога. Як чужыя пасля скасаванага шлюбу, яны зноў звязвалі сябе новай прысягай! Надзея выйсці замуж за Даўгарукага разарвала гэтую некалі гарманічную пару, шчырае шкадаванне і нават скруха, сведкам якой быў ксёндз Багдановіч, і нарэшце, шлюб князя з пані Забелавай, пераканаў збаламучаную жонку вярнуцца да ранейшых абавязкаў. Яе муж з распасцёртымі абдымкамі сустрэў гэтую пакаянную Магдалену і, каб пазбегнуць успамінаў пра мінулае, з'ехаў у Смаленск46.

Людзі, якія часта наведвалі Друскенікі, палохалі нас пясчанай пустыняй на працягу ўсяго двухдзённага падарожжа і пяскамі на месцы. Падрыхтаваныя да гэтай нуды, з радасцю віталі мы кожнае дрэва, дом і пагорак. На другі дзень паехалі па пясчаных вуліцах мястэчка якое налічвала ледзь з дзясятак дамоў, якія заслугоўвалі гэтай назвы. Новыя Лазенкі (месца, дзе пілі лекавую ваду - Л. Л.) яшчэ будаваліся, а ў тыя крыніцы, якія ўжо меліся, прама з двара, басанож уваходзілі яўрэі з вяроўкамі, якія звісалі з кафтанаў і прыносілі нам ваду ў вёдрах. Кампенсацыяй за гэта бязладдзе была Багуся, жывая, актыўная і лагодная жонка Юзафа, які прыслугоўваў мужчынам. А кампенсацыяй за пяскі быў Нёман, які нібы сад акружаў мястэчка, а драўляныя масткі замянялі дрэвы і кветкі. Кампенсацыяй за ўсе іншыя недахопы быў дом сям'і Эдмунда Вяльгорскага з шаснаццацігадовай Монікай Шадурскай, дачкой старэйшага з шасці братоў Антона. Першыя дні нашага знаходжання былі невыноснымі. Амаль што не было ежы, а калі пачынаўся дождж, вада лілася і з бэлек і са сцен, выціскала ўткнуты мох і стварала каскады Тывалі. Каб упрыгожыць пакоі нечым свежым, трэба было ісці ў поле па кветкі, а гародніны было так мала, што калі пані Вяльгорская заўважыла яўрэя з некалькімі пучкамі пятрушкі, яна з такой паспешлівасцю кінулася да акна, каб яго спыніць, што стукнулася аб шруб акяніцы і цэлую гадзіну не ведала, ці мае яшчэ вока!

Прабіраючыся праз пясок мы пілі салёнагоркую, лекавую ваду. Касцёл будаваўся пасярод рынку і яшчэ не меў падмуркаў. Кожную нядзелю і ў святочныя дні, у невыносную спёку, мы ездзілі за некалькі вёрст у касцёл мястэчка Ротніца, часцей за ўсё з сям'ёй Вяльгорскіх. Кожны дзень прыязджаў хтосьці знаёмы ці мы самі з некім знаёміліся. Друскеніцкія воды змяшчалі серу і эфектыўна лячылі рэўматызм і параліч. Таму многія бяздольныя людзі штогод прыязджалі да гэтай крыніцы здароўя. Другой крыніцай здароўя былі нашы былыя красуні, якія з'ехаліся сюды ў вельмі сумным стане. Пані Замбжыцкая, экс-Высагердава, якую я памятала яшчэ некалькі гадоў таму прамой, сёння мела вывернутыя рукі і ногі, а галава яе была настолькі нахілена ўніз, што размаўляла з наведвальнікамі, абапіраючы яе на стол. Пані Абрамовіч хадзіла на мыліцах, а сенатарава Агінская мела паралізаваныя ногі. З'ехаўшыся разам на шпацырах, кожная ў сваім вазку, яны ўспаміналі, як адна з іх добра танцавала, якая прыгожая фігура была ў другой і г. д. Раздражнялася з гэтага толькі княгіня Агінская. Полькі ўмелі пераадольваць свой боль, а італьянка не магла быць слабой: боль ці радасць адразу выходзілі ў ёй на паверхню. На пачатку на водах сваім лекарам яна ўзяла доктара Вольфганга, не такога ўжо старога, але жахліва непрыгожага чалавека, апранутага ў яркія колеры. Ён не доўга быў каля сваёй пацыенткі, бо італьянка любіла прыгожыя твары: "Il est permis a un homme d'etre un peu moins laid que le diable, mais celuici abuse de la permission" (фр. "Чалавеку дазволена быць толькі менш брыдкім за д'ябла, але ён злоўжывае нават гэтым" - Л. Л.). Расказала пра гэта анёл-ахоўнік пані сенатаравай Тэафіля Валавічоўна, з якой бачыліся часта і не раз па некалькі гадзін сядзелі на беразе свавольнай Ратнічанкі.

Аднойчы княгіня Гейдройцява, удава князя Антонія, паклікала нас у лес на падвячорак. Гэта быў сапраўдны адпачынак! Там наша шчаслівая ў замустве, гарэзлівая Антося Сулістроўская, прагнула мець іншых шчаслівых у законе Адама і пачала заглядаць у вочы паннам. Заўважыла падазроны агеньчык у вачах старэйшай з нас панны Шырмянкі, сястры Леха і настойліва на яе нацэлілася, потым пачала шукаць патрэбны водгук у чорных вачах доктара Прусецкага, а потым у Юльяна Андрэйкавіча. Гэты маладзён, яшчэ амаль што дзіця, сірата без бацькі і маці і з трохі занядбаным выхаваннем, але не без прыроднага розуму, праз моц краёвых законаў ужо стаў уладальнікам значнага маёнтка і таму быў акружаны натоўпам фальшывых сяброў, якія да такой ступені бессаромна яму навязваліся, што калі ён думаў, што вяртаецца ў пустую хату ў Друскеніках, дык знаходзіў там у асветленых пакоях гасцей за картамі і вячэру за яго кошт. Малады чалавек меў слабы характар і быў не ў стане абараніцца. Ён дазволіў уцягнуць сябе ў такі лад жыцця, вынікам якога стала не толькі страта цягам некалькіх гадоў маёнтка і здароўя, але і веры ў людзей. Шкада яго! Бо мог быць годным чалавекам. Было ў ім нешта сімпатычнае, хоць і быў непрыгожы, бледны, са слядамі язваў на вуснах і таму з розных ракурсаў выглядаў па-іншаму.

Вернемся зараз да панны Шырмянкі. Каб абараніцца, яна мусіла прызнацца, што заручана і яе будучы муж - пан Бронец. У тыя дні яна чакала яго прыезду і паколькі ў Друскеніках пра ўсё было лёгка даведацца, калі праз некалькі дзён пан Бронец прайшоў пад нашым акном, мы інстынктыўна здагадаліся, хто гэта такі і даслалі нарачонай ліст з віншаваннямі.

Верагодна, намі авалодаў дух мястэчка бо мы жылі тут плёткамі. А што яшчэ было рабіць у гэтым няшчасным мястэчку, дзе кожная дробязь станавілася выпадкам, а букет кветак, дасланы з-за Нёмана княгіняй Агінскай (жонкай Тадэвуша), стаў агульнай сенсацыяй. Аднак нам было лепш за іншых, бо мы мелі шмат сваякоў. З Гарадзеншчыны прыехала цёця Несялоўская, са Жмудзі Мяйштовічава з Ваўжэцкіх, з Варшавы кузынкі, дочкі Рудольфа з сям'ёй Уладзіслава Пуслоўскага, з Меншчыны з'явіўся кузэн Карнелій Корбут і Мяжэўскія. Заўсёды шчаслівае дзіця Кларыса адразу ж патрапіла ў кола знаёмых, як толькі выйшла з намі на вуліцу і спаткала Чацвярцінскіх, Тышкевічаву, пані Феліцыю Плятэраву, пана д'Абры і г. д., усе яны ўсклікнулі: "Le petite Clarisse" (фр. "Маленькая Кларыса". - Л. Л.), - і ўспомнілі гасцінны дом падкаморага. Адны памяталі яе ў ролі Флоры, другія бачылі на бульварах, шмат хто прыпісваў ёй прыгожы голас, памяталі і яе танец на кончыках пальцаў. Але моладзь не цікавілася былым, ім было дастаткова, што пані Кларыса - прыгожая жанчына, і яна адразу патрапіла ў друскеніцкі вір.

Адзіным маляўнічым месцам у Друскеніках быў драўляны мост, пад якім Ратнічанка ўпадала ў Нёман. За мостам дарога на Мерач праз сасновы лес вяла ў гору. На гэты відарыс, дакладна намаляваны мастаком Кулешам (гл. "Album de Vilna" Вільчынскага), яна глядзела з балкона князёў Чацвярцінскіх, на якім штовечар сядзела і прыгожая княгіня Караліна сярод сваіх мілых светлавалосых, як бацькі, дзяцей (двух сыноў і трох дачок: Клары, Элізы і Рыты, з якіх самая старэйшая мела толькі шаснаццаты год). Побач з імі стаяла цудоўная пані Элеанора Тышкевічава з дзвюма дочкамі - светлавалосай Марыэткай і мініяцюрным адбіткам сваёй маці Ізай. Уся гэта маляўніча размешчаная на прыступках высокага ганку група, была вартай пэндзля Веласкеса.

На ранку курорт ажываў, грала музыка, мы ўвесь час сустракаліся і знаёміліся з новымі людзьмі, бо ўсе прагульваліся па адных і тых жа сцежках. Былі тут і вядомыя асобы - гісторык старажытнай Літвы стары Нарбут47, Фларыян Бохвіц48 з жонкай і дзецьмі, якім ён прысвяціў свае "Думкі", і нарэшце, Тамаш Зан49, які праз васямнаццаць гадоў вярнуўся з Сібіры, але быў усё такі ж лагодны, спакойны і пабожны, быццам з ім нічога не здарылася. Тут была і сям'я ваўкавыскага маршалка Талочкі - сам ён малы з таксама маленькай жонкай і дзецьмі, падобнымі на курянят. З сынам Тадзям была і прыстойная пані Сегень, са светлымі валасамі, раскіданымі па цёмнай аксамітнай блюзцы. Прыгожую, з анёльскімі дочкамі пані Аскерчыну (жонку Дамініка), немагчыма было ўгаварыць танцаваць, бо яе брат Міхал Валовіч50, некалькі гадоў таму Мураўёвым быў пакараны смерцю. Варшаўскія кузынкі ўтваралі свой асобны свет са сваякамі дзядзькі Уладзіслава, з паннамі Барэйшанкамі і Ляўкоўнамі на чале з шаноўнай пані Сцыпіёнавай з яе рэверансамі, усмешкай і, як і раней, з зялёным казырком, на гэты раз чыста фармальным, бо не быў ёй надта патрэбны. Бядачка страціла зрок з-за працы з нататкамі і запісамі швагра, і яе ўсмешка саступіла нечаканаму гору, якое раптоўна перайшло дарогу нашым кузынкам. Двухгадовы сын Уладзіслава Пуслоўскага прастудзіўся і памёр. Уся друскеніцкая супольнасць падзяляла іх гора. Цела беднага дзіцяці, упрыгожанне кветкамі, некалькі дзён заставалася ў доме, бо бацькі не мелі моцы пахаваць яго. Маці пераконвала сябе, што Стась спіць… Бацька не меў сэрца пакрыўдзіць жонку, а Юзя Тышкевічоўна малявала спячага Стася…

(Працяг у наступным нумары.)


* Gabrjela z Guntherоw Puzynina. W Wilnie i w dworach litewskich: pamiаtnik z lat 1815-1843. Wilno, 1928. Пераклад Леаніда Лаўрэша.

44 Яе муж Д. М. Абрэскаў з 18 снежня 1830 г. быў прызначаны віленскім губернатарам. Паводле данясенняў А. Х. Бенкендорфа, з самага свайго прыбыцця ў Вільню Абрэскаў "аддаўся фанфаронству і валакіцтву за жанчынамі" і "амаль ніколі не з'яўляўся ў губернскім праўленні". За злоўжыванні ўладай 2 траўня 1832 г. быў адкліканы з губерні з пераводам у іншую губерню, але адмовіўшыся ад новага прызначэння, вярнуўся ў Вільню, дзе захапіўся жонкай сенатара Бабацінскага і абвясціў жонцы, што "надалей не жадае мець з ёй нічога агульнага". Пачынаючы з 1838 г. Наталля Васільеўна Абрэскава амаль увесь час жыла ў Парыжы, дзе патранавала Шапэну, які быў настаўнікам у яе дзяцей, і заплаціла яго апошнія даўгі. - Л. Л.

45 Гіпаліт Корвін-Мілеўскі пісаў пра Рэйнольда Тызенгаўза ў 1870-я гг. як пра цікавага ў сваім родзе чалавека, найбагацейшага пасля смерці Яна Тышкевіча абывацеля Літвы і вялікага арыгінала. "… багач граф Райнгольд Тызенгаўз, сядзеў, як мыш пад венікам, у прыгожай і прасторнай кватэры на Троцкай вуліцы, адкуль ён толькі вечарамі выходзіў да маршалка Дамейкі. Хаця яму было няпоўных 40 гадоў, але дзякуючы сваёй вядомай усім поўнай абыякавасці да прыгожага полу, ён меў даволі абмежаванае кола сяброў сярод жанчын і мужчын. Райнгольд Тызенгаўз быў арыгінальным і цалкам неардынарным чалавекам. Ён адразу ж палюбіў мяне і выкінуў з маёй маладой галавы ўсё, што туды паклалі парыжскія прафесары. Пры гэтым ён быў вельмі мала начытаным чалавекам. Калі хто-небудзь кампетэнтны рэкамендаваў яму нейкую каштоўную кнігу (а ён добра ведаў замежныя мовы), Тызенгаўз адразу купляў яе і сядзеў над кнігай па некалькі гадзін у дзень, чытаючы каля дзвюх старонак у гадзіну. Ён увесь час правяраў усе імёны і даты па энцыклапедыях і ўрэшце выціскаў з гэтай кнігі ўдвая больш матэрыялу, чым уклаў туды сам аўтар і пры гэтым, ужо ніколі не забываў зместу. Хваравіты, поўны забабонаў адносна свайго здароўя, ён, натуральна, траціў мала грошай, і з часам яго вялікія даходы склалі значны капітал, каля 1880 г. яго сястра, графіня Пшаздзецкая атрымала больш за тры мільёны рублёў". - гл: Корвін-Мілеўскі Гіпаліт. Успаміны пра семдзесят гадоў (1855-1925) . Издательские решения, 2025. С. 74, 84. - Л. Л.

46 Станіслаў Мараўскі пісаў: "Ах, нашы жанчыны! Бачыце, бачыце, што значыць займаць важную пасаду. Такая лялька [князь Даўгарукаў], такі Адоніс, такі малыш, такі лавелас з таліяй ў некалькі сажняў, такі сапячы мех, такі потны ўзімку і ўлетку прыгажун, такі тлушч, такі буцэфал, такі кацялок з брыдкім тварам і смярдзючым целам - ніводная жанчына не павінна была б звярнуць на яго ўвагу, але адвярнуцца з жалем ці агідай. Аднак ён насамрэч купаўся ў моры любоўных уцех. Падмануў і развёў з мужамі дзвюх самых прыгожых жанчын Вільні - пані Калкоўскую (з дому Падбярэзскіх) і пані Забелу (жонку Ігнацыя, з дому Ваўжэцкіх), з апошняй, пасля працяглага скандалу і некалькіх заручын, ён нарэшце ажаніўся. Але найлепей, што Калкоўскую, кінутую з-за Забелы, Калкоўскую, якая пасля гэтага танула ў роспачы, ён зноў, слухайце зноў, у другі раз, выдаў замуж за таго ж Калкоўскага! Яго ён абяцаў узнагародзіць пасадай, і трэба сказаць, што сваё слова гэтаму падвойнаму мужу, гэтай асобе ў апошняй ступені дэградацыі, стрымаў. Паехаў ён з падвойнай каханай жонкай на пасаду нейкага дарадцы ў Смаленск!". - Л. Л.

47 Тэадор Нарбут (1784-1864), гісторык. У 1840-1850 гг. быў ініцыятарам і ўдзельнікам стварэння і будаўніцтва аздараўленчых устаноў у Друскеніках, таксама яго заслугай з'яўляецца ўзнікненні лекарскага асяродка ў гэтым мястэчку. Гл: Лаўрэш Леанід. Тэадор Нарбут: Навуковая і літаратурная дзейнасць, сям'я і сядзіба, яго час. Издательские решения, 2025. С. 76. - Л. Л.

48 Фларыян Бохвіц, пісьменнік, пісаў на філасофска-маральныя тэмы, аўтар шэрагу кніг.

49 Тамаш Зан (1796-1851) - паэт, геолаг, грамадскі дзеяч. Удзельнік і адзін з заснавальнікаў таварыства філаматаў, кіраўнік таварыства "прамяністых". Па справе філаматаў адбываў ссылку ў Арэнбургу (1824-1835), дзе стварыў музей. У 1837-1841 гг. служыў бібліятэкарам у Горным інстытуце ў Санкт­Пецярбургу. У 1841 г. атрымаў дазвол вярнуцца на радзіму. - Л. Л.

50 Міхал Валовіч (1806-1833), філамат, філарэт, удзельнік паўстання 1831 г., у 1833 г. узначальваў атрад паўстанцаў на Слонімшчыне.

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

Соль зямлі: Еўтушэнка; супраць солі - індзейскі аргумент

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-52 (105-156) (2024); № 1-45 (157-201) за 2025 г.


Пол Брэг (Paul Chappuis Bragg)


ІНДЗЕЙСКІ АРГУМЕНТ - СУПРАЦЬ СОЛІ


"Натуральнага натрыю зусім дастаткова ў гародніне, рыбе, мясе і іншых прадуктах, нават калі іх ніяк не апрацоўвалі соллю. Гэты натуральны натрый цалкам можа задавальняць нармальныя патрэбы арганізма. Пацвярджэнне гэтаму факту можна знайсці ў гісторыі многіх народаў, якія ніколі не ўжывалі соль.

Амерыканскія індзейцы да прыходу еўрапейцаў зусім не ведалі пра соль. Калумб і ўсе вялікія даследчыкі Новага Свету знаходзілі фізічны стан індзейцаў вельмі добрым. Выраджэнне туземцаў заўсёды пачыналася пасля знаёмства з соллю, алкаголем і ненатуральнай ежай.

Я ўдзельнічаў у больш, чым 13 экспедыцыях у самыя прымітыўныя куткі Зямлі і нідзе не бачыў, каб туземцы спажывалі соль. Таму ніхто з іх не пакутаваў ад гіпертаніі. Сапраўды, незалежна ад узросту артэрыяльны ціск у іх складае 120 на 80, што лічыцца вельмі добрым. Яны таксама не пакутуюць ні ад хвароб сэрца, ні ад хвароб нырак". (P.S. Выкарыстаны экзэмпляр з асабістай бібліятэкі гомельскага географа і грамадскага дзеяча У. Пашука (1948-2020).)

(Веснік БІТ. 2009. 9 лют. № 6. Наш пераклад паводле: Брэг П. С. Чудо голодания / пер. с англ. Б. С. Шенкмана и С. Б.Шенкмана. Мн., 1991. С. 30.)

Літ.: 8416 Зарубежные фильмы: "Соль земли" // На экранах Беларусі. 1978. № 12.


ЕЎТУШЭНКА Яўген (3) (Evgeny Evtushenko, Iaugen Eutushenka). 1982 годам датуюцца нікарагуанскія нарысы Еўтушэнкі. У іх ёсць раздзел пра святара і палітыка Эрнэста Кардэналя.


Яўген Еўтушэнка


МАЙСТЭРНІ ПАЭЗІІ Ў НІКАРАГУА (1)


Выраз "кампаньера падрэ" - "таварыш бацюшка" - чуеш даволі часта. Кардэналь расказвае:

- На востраве Салянцінама [Солентинама, Solentinamo] я доўгі час быў вядомы сярод сялян толькі як святар, а не паэт. Я думаў, што ім будзе цяжка разумець мае вершы, бо там шмат слоў не з сялянскага слоўніка. Але кастарыканская паэтка Маўра Хіменэс, якая прыехала да мяне ў госці, расказала, што яна арганізавала ў Коста-Рыцы і Венесуэле паэтычныя майстэрні для дзяцей, і многія дзеці пачалі пісаць добрыя вершы. Я падумаў: а чаму б не паспрабаваць пераняць гэты досвед? Тады я стварыў на востраве першую ў Нікарагуа паэтычную майстэрню, тлумачачы асновы паэзіі дарослым сялянам. І што б вы думалі - паціху яны пачалі разбірацца ў чужых вершах і пісаць свае. Некаторыя непісьменныя вучыліся пісаць адразу вершамі.

- Лепшае з таго, што было створана ў майстэрнях, - працягвае Кардэналь, - зараз апублікавана ў Нікарагуа, на Кубе і ў іншых лацінаамерыканскіх краінах, перакладзена ў ГДР, у ЗША. Пасля перамогі рэвалюцыі майстэрні паэзіі былі арганізаваны ў шматлікіх гарадах, сёлах, на фабрыках, у вайсковых батальёнах, у міністэрствах і нават у паліцэйскіх участках... Хіба гэта магчымая рэч была да рэвалюцыі?

- Кардэналь звар'яцеў са сваімі майстэрнямі, - раздражнёна сказаў мне адзін нікарагуанскі паэт. - Гэта не развіццё культуры, а фарс. Нельга пісаць вершы, робячы па чатыры памылкі ў слове з трох літар. Нядаўна да мяне з'явіўся адзін салдат з паэмай, прысвечанай Чэ Гевару, і калі я яму сказаў, што гэта вельмі дрэнна, ён назваў мяне "контррэвалюцыянерам"...

- Паэзія - гэта мастацтва нямногіх. Тысячы аматараў пры ўсім іх жаданні ніколі не стануць "калектыўным Рубенам Дарыё". А Кардэналь жадае ператварыць майстэрні паэзіі ў фабрыку геніяў... - зласліва падтрымала паэта паэтка, захінаючыся ў цыганскую квяцістую шаль.

У гэтым скепсісе ёсць, вядома, свая рацыя. Але ўсё ж я падзяляю большую захопленасць Кардэналя, чым прафесійны скепсіс. Я ўвогуле заўважаю, што скептыкам быць лягчэй. Майстэрні, калі яны і не дадуць геніяльных майстроў слова, могуць стварыць атмасферу для таго, каб такія майстры з'явіліся з часам. Абы не было ні зазнайства дылетантаў, ні фанабэрыстасці прафесіяналаў.

Рэвалюцыя - не панацэя ад чалавечай зайздрасці. Кардэналю зайздросцяць - яго таленту, яго нацыянальнай і міжнароднай славе, яго рангу міністра, хоць гэта не прывілей, а цяжкі цяжар. Чужая зайздрасць яго глыбока параніць, бо ён безабаронны, як дзіця. Адзіная яго абарона - гэта любоў народа, але часам хочацца проста кахання. Шкада, што як каталіцкі святар ён не мае права на сям'ю, - ён быў бы цудоўным бацькам сваіх дзяцей, як цяпер стаў бацькам столькіх пачаткоўцаў нікарагуанскіх паэтаў.

Літ.:

13295 Евтушенко Е. Рядом с "Пастью ада": никарагуанские заметки // Евтушенко Е. Война - это антикультура. М., 1983. С. 98-119.

226 Зарыцкі А. У свет па песні: выбраныя пераклады паэзіі: пер. з розных моў свету; аўтар прадм. А. Зарыцкі. Мн., 1978.


Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.

Індзейцы , индейцы , Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Bielorrusia, Belarus; Алесь Симаков . Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 169].

Кожная пятніца - роднае, сваё!

Што апраналі жанчыны ў халоднае надвор'е на Гарадзеншчыне ў канцы ХІХ - пачатку ХХ ст.?

Сярод верхняга адзення пашырана бытавала світа.

Звычайна ў сялянак былі дзве світкі: святочная і на кожны дзень.

Штодзённую світу шылі свабоднай, з вялікімі запасамі пад пахамі для зручных рухаў у працы.

Святочная світа вылучалася большай даўжынёй, варыянтамі прыталенага крою, адразной спінкай па таліі і прызборанай ніжняй часткай, аздабленнем вышыўкай, шнурамі, аплікацыяй і рознымі паскамі тканіны.

У аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры дзяржаўнай установы "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" вядзецца работа па вывучэнні, ткацтве палатна і пашыве рэплік верхняга адзення канца ХІХ - пачатку ХХ ст. панямонскага рэгіёна.

ТК "Культура Лідчыны".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX