Наша слова.pdf № 8 (217), 25 лютага 2026.
Тыдзень роднай мовы і 19-я Агульнанацыянальная дыктоўка прайшлі ў Беларусі
Лідскі райвыканкам стаў школай... і гэта было выдатна!
Ну хто б мог падумаць, што дарослыя людзі, сур'ёзныя кіраўнікі і спецыялісты, будуць так хвалявацца: "А гэты знак трэба ці не?"
З нагоды Міжнароднага дня роднай мовы, калектыў райвыканкама слухаў настаўніка. Пісалі Агульнанацыянальную дыктоўку.
Ведаеце, гэта было неверагодна цёпла! Нават хваляванне было нейкім утульным, хатнім. Памятаеце той момант са школы, калі ў класе цішыня, чуваць толькі шапаценне? Вось мы гэта адчулі зноў.
І справа зусім не ў адзнаках. Найважней было адчуць, як аб'ядноўвае слова, адна мова. Гэта наша сіла.
ТК "Культура Лідчыны".
Свята роднай мовы ў Палацы культуры горада Ліды
Літаратурна-музычны вечар "Мова - крыніца культуры і духоўнасці народа", прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы, сабраў разам шматлікіх гасцей, творчыя калектывы і таленавітых выканаўцаў, каб адзначыць свята.
Удзельнікі мерапрыемства нагадалі, што мова - гэта не проста набор правілаў, а голас, які сагравае, словы, што аб'ядноўваюць. "Калі мы чуем роднае - мы перастаём быць чужымі. І сёння мы пра гэта - пра шлях адзін да аднаго", - адзначылі вядоўцы, падкрэсліўшы адкрытасць і прыязнасць, якую наша мова нясе.
ТК "Культура Лідчыны".
Усім гуртам - за мову!
Міжнародны дзень роднай мовы штогод выступае нагодай для таго, каб даведацца нешта новае пра беларускую культуру і мову, паглядзець на сябе збоку, адкрыць сваю краіну іншай і ўбачыць у сваёй культуры сапраўдныя каштоўнасці.
20 лютага, напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы, у Лідскай раённай бібліятэцы імя Я. Купалы прайшла 19-я Агульнанацыянальная дыктоўка. Удзел у ёй прынялі першы сакратар Лідскай раённай арганізацыі ГА "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі" Міхаловіч Вольга Уладзіміраўна, члены БРСМ, бібліятэкары, краязнаўцы, а таксама чытачы. У Год беларускай жанчыны невыпадкова тэкстам для напісання было абрана "Вяртанне на Радзіму", прысвечанае Рагнедзе - адной з найбольш значных жанчын у гісторыі Беларусі, князёўне Полацка, дачцэ князя Рагвалода, і жонцы Уладзіміра. З дыктоўкай ўсе справіліся выдатна і добра, як прысутныя госці, так і супрацоўнікі бібліятэкі. Сёння яшчэ раз атрымалася пераканацца, што родная мова - бясцэнны скарб, якім усе павінны ганарыцца і які павінны шанаваць.
ТК "Культура Лідчыны".
У сямейную дарогу з беларускай мовай
Ужо пяты год запар трэці тыдзень лютага праходзіць у аддзеле ЗАГС Лідскага райвыканкама пад эгідай Міжнароднага дня роднай мовы.
Такая традыцыя дапамагае ўмацаванню нацыянальнай ідэнтычнасці і павагі да роднай мовы, дапамагае адкрыць усю яе прыгажосць і зрабіць такі важны дзень у жыцці кожнага чалавека яшчэ больш запамінальным.
20 і 21 лютага 2026 года ў рамках тыдня "Ты будзеш звінець, мая родная мова!" праведзена рэгістрацыя заключэння шлюбу на беларускай мове дванаццаці пар. А таксама на працягу ўсяго тыдня на беларускай мове прымалі віншаванні з нараджэннем дзяцей і маладыя бацькі.
Гэтае мерапрыемства кожны год знаходзіць самыя цёплыя водгукі ў сэрцах нашых маладажонаў, грамадзян і ўмацоўвае патрыятычны дух і любоў да роднай мовы, да роднага краю…
ТК "Навіны Лідчыны".
Дзень беларускай культуры ў "Сонейку"
У выхаваўча-аздараўляльным лагеры "Сонейка" Сярэдняй школы № 6 г. Ліды імя М.Б. Куканенкі прайшоў дзень беларускай культуры. Дзеці не толькі даведаліся аб гісторыі стварэння нацыянальнага касцюма, які мае надзвычай высокую культурную каштоўнасць, але і змаглі прымерыць сапраўдныя народныя строі: вышытыя ільняныя кашулі, яркія камізэлькі.
Але галоўнае вяселле разгарнулася, калі загучала народная музыка. Дзеці з захапленнем развучвалi рухі беларускіх танцаў - "Лявоніхі" і "Крыжачка", а таксама спрабавалі спяваць народныя песні.
Свята атрымалася жвавым, цікавым, вясёлым, надзяліўшы маленькіх выхаванцаў не толькі добрым настроем, але і спробай зрабіць іх бліжэй да традыцый беларускага народа.
ТК "Адукацыя Лідчыны".
"Беларуская мова - мелодыя сэрца"
Святкаванне Міжнароднага дня роднай мовы стала вельмі важнай падзеяй для выхаванцаў дзіцячага сада № 34 г. Ліды. "Беларуская мова - мелодыя сэрца" - пад такім дэвізам прайшло мерапрыемства напярэдадні свята. Выхаванцы прысвяцілі роднай мове самыя прыгожыя словы, прагучалі беларускія вершы, загадкі і песні, казкі. Дзеці ўсвядомілі, што кожны чалавек павінен шанаваць сваю мову, традыцыі і культуру свайго народа.
ТК "Адукацыя Лідчыны".
Паэзія на роднай мове
19 лютага, з нагоды Тыдня роднай мовы, у Бердаўскай базавай школе Лідскага раёна адбылася творчая сустрэча вучняў з лідскай паэтэсай Маркевіч Ірынай Уладзіміраўнай, удзельніцай літаратурнага аб'яднання "Суквецце" пры рэдакцыі " Лідскай газеты".
Юныя слухачы паслухалі вершы ва ўласным чытанні аўтара прысвечаныя як беларускай мове, так і радзіме, прыгажосці роднай краіны, казкі, гумарыстычныя творы. Слухачы змаглі пазнаёміцца, пагартаць старонкі зборнікаў вершаў "Даверлівы дыялог" і "Жыццё віруе" Маркевіч Ірыны Уладзіміраўны. Гэтыя кнігі з аўтографам аўтара паэтэса падарыла ў бібліятэку школы.
ТК "Адукацыя Лідчыны".
З роднай мовай у роднай школе
19 лютага наведала сваю родную Ганчарскую сярэднюю школу Лідскага раёна, куды мяне запрасілі на сустрэчу з вучнямі 5-11 класаў. Сустрэча была прысвечана Дню роднай мовы, таму больш гадзіны я вяла аповед на беларускай мове, нягледзячы на тое, што ўжо 27 гадоў працую настаўніцай рускай мовы і літаратуры.
Падчас сустрэчы я падзялілася ўспамінамі пра тыя гады, калі сама з'яўлялася вучаніцай, расказала пра сябе, пра тое, як стала настаўніцай, як займалася даследчай дзейнасцю і пачала выдаваць кнігі. Сёння ў мяне выйшла з друку 5 кніг. Кожнае выданне - гэта асобная гісторыя, асобныя ўспаміны.
Другой часткай сустрэчы сталі пытанні вучняў. Іх было шмат, я маю на ўвазе пытанні. Для мяне гэта было вельмі прыемна. Такое ў маім жыцці ўжо было. Калісьці прымала ўдзел у беларуска-нямецкай канферэнцыі настаўнікаў. Нікому нямецкая дэлегацыя пытанняў не задавала, а пасля майго выступлення, пасыпаліся пытанні. Гэта тлумачылася проста: людзі зразумелі, аб чым я гаварыла, што хацела данесці. Дык і сёння, як я зразумела, вучні пранікліся маім аповедам і пачалі задаваць пытанні рознага зместу. Для мяне ж было галоўнае тое, што мне было што сказаць, чым здзівіць суразмоўцаў. Юных слухачоў цікавілі і мае хобі, і гісторыі з школьнага жыцця, і тое, што б я сказала сабе ў першым класе, над якой кнігай я працую зараз, ці падтрымліваю сувязь з аднакласнікамі, мой любімы пісьменнік і літаратурны персанаж, хто быў любімым настаўнікам.... Усяго не пералічыць...
Вельмі прыемна было і тое, што сустрэча праходзіла ў кабінеце беларускай мовы і літаратуры, дзе я вучылася з 5 па 11 клас, што на сустрэчы прысутнічалі мае настаўнікі Марына Валяр'янаўна Кумпяк, Святлана Зыгмунтаўна Купчык, Ганна Аляксандраўна Ярмантовіч.
Вялікі дзякуй, мае шаноўная настаўнікі, за магчымасць наведаць школу! Вялікі дзякуй, мае юныя суразмоўцы, за цікавыя пытанні і магчымасць падзяліцца з вамі ўспамінамі.
Наталля Анашкевіч.
БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Станіслаў Суднік
Колеры, афарбоўкі і масці ў Лідзе і ў астатняй Беларусі
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Афарбоўкі і масці жывёлаў
Пароды катоў
Назва. Даўжыня поўсці. Краіна паходжання
Меконгскі бабтэйл
Кароткапоўсцевы. Тайланд
Мінскін
Кароткапоўсцевы. ЗША
Мэнкс ці мэнскі кот
Кароткапоўсцевы. Востраў Мэн
Напалеон (менуэт)
Кароткапоўсцевы. ЗША
Нарвежскі лясны кот
Даўгапоўсцевы. Нарвегія
Неўскі маскарадны
Даўгапоўсцевы. Расія
Нібелунг
Даўгапоўсцевы. ЗША
Нямецкі рэкс
Кароткапоўсцевы. Германія
Персідскі кот
Даўгапоўсцевы. Іран
Пецярболд ці Пецярбургскі сфінкс Лысы. Расія
Піксібоб
Кароткапоўсцевы. Канада, ЗША
Рагамафін
Даўгапоўсцевы. ЗША
Рагдол
Даўгапоўсцевы. ЗША
Рускі блакітны кот.
Кароткапоўсцевы. Расія
Савана
Кароткапоўсцевы. ЗША
Сакоке
Кароткапоўсцевы. Данія, Кенія
Самалійскі кот
Даўгапоўсцевы. ЗША
Серангеці
Кароткапоўсцевы. ЗША
Сібірскі кот
Даўгапоўсцевы. Расія
Сінгапурскі кот
Кароткапоўсцевы. ЗША, Сінгапур
Сіямскі кот
Кароткапоўсцевы. Тайланд
Скокум
Даўгапоўсцевы. ЗША
Скотыш страйт
Кароткапоўсцевы. Шатландыя
Сноўшу
Даўгапоўсцевы. ЗША
Сяйшэльскі кот
Кароткапоўсцевы. Вялікабрытанія
Сялкірк-рэкс
Даўгапоўсцевы. ЗША
Тайскі кот
Кароткапоўсцевы. Тайланд
Танкінскі кот
Кароткапоўсцевы. Канада, ЗША
Тойгер
Кароткапоўсцевы. ЗША
Турэцкая ангора
Даўгапоўсцевы. Турцыя
Турэцкі ван
Даўгапоўсцевы. Турцыя
Украінскі ляўкой
Лысы. Украіна
Уральскі рэкс
Даўгапоўсцевы. Расія
Форын вайт
Кароткапоўсцевы. Вялікабрытанія
Хайленд фолд
Даўгапоўсцевы. Шатландыя
Цайлонскі кот
Кароткапоўсцевы. ІталІя
Чаўзі
Кароткапоўсцевы. ЗША
Шантыллі тыфані
Даўгапоўсцевы.ЗША
Шартрэз
Кароткапоўсцевы. Францыя
Шатландскі віславухі
Кароткапоўсцевы. Вялікабрытанія
Эгейскі кот
Кароткапоўсцевы. Грэцыя
Экзатычны кароткапоўсцевы
Кароткапоўсцевы. ЗША
Яванез ці Яванскі кот
Даўгапоўсцевы.ЗША
Японскі бабтэйл
Кароткапоўсцевы. Японія
Адпаведна пародам афарбоўка катоў самая розная, але заўсёды ў "цёплых" колерах. Міжпародныя гібрыды даюць яшчэ большую разнастайнасць. І дзе тут знайсці традыцыйную беларускую "рыску". Але тут справа спецыялістаў, хаця чатырохколерная "рыска" магла б прадстаўляць Беларусь у гэтай галерэі.
Згукі Дня беларускага пісьменства ў Лідзе
У ЦЯНІ ЗАМКА ГЕДЫМІНА
Успаміны дзяцінства*
Я. Ярмант
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
- Учора ў нас ізноў была гэтая дзіўная жанчына.
- Якая жанчына?
- З таварыства абароны жывёл. Злавіла брата на сенажаці і доўга яму штосьці даводзіла. Брат стаяў з апушчанай галавой і прыкідваўся, што слухае.
- А што яна казала?
- Я чула трохі. Казала, што нельга крыўдзіць жывёл, якія жывуць сярод нас. Гэтыя жывыя істоты, аддадзеныя пад нашу абарону. Сабакі, напрыклад, адчуваюць фізічны боль у такой жа ступені, як і людзі. І трэба памятаць, што яны самыя вялікія сябры чалавека. Мы не павінны плаціць ім чорнай няўдзячнасцю.
- Яна так ходзіць па дварах і імкнецца навучыць дзяцей спагадзе да жывёл. І як ёй гэта ўдаецца?
- Нам абедзвюм было непрыемна.
- Скажы, - спытала Ядзя праз некаторы час, - хіба гіцаль - добры чалавек? Калі ён з'яўляецца на вуліцы жывёлы падсвядома адчуваюць небяспеку і ўцякаюць.
- Цікава. Мабыць, яны ведаюць, што іх чакае.
- Бываюць выпадкі, калі гіцаль ловіць сабаку, у якога ёсць гаспадар, а ён толькі выбег на вуліцу.
- Хіба праўда, што з сабакі потым жыўцом здзіраюць шкуру, а з тлушчу робяць мыла? Як ты думаеш?
- Можа не з жывога. Думаю, што гіцаль наогул карысны, ён турбуецца пра бяспеку жыхароў. Валачашчыя сабакі вельмі небяспечныя. Але, наогул, чалавек жорсткі ў адносінах да жывёл.
- Вядома, толькі ён часта сам гэтага не ведае. Не разумее жывёл і часта нават не разумее іншага чалавека.
- Слухай, Ядзя, мне прыйшла ў галаву адна думка... Як, напрыклад, вырашыць такую праблему?
- Якую?
- Уяві сабе: гаспадар мае сабаку, свайго сябра і прывязвае яго да будкі, абмяжоўваючы гэтым яго волю. Гэта так, як быццам чалавека пасадзіць у турму, хіба не так?
- Так, так.
- Хіба сабака разумее, хто вінаваты ў яго няшчасці і хіба змяняе сваё стаўленне да гаспадара?
- Думаю, што не, - адказвала Ядзя.
- Зараз пойдзем далей. Сабака прывязаны і галодны не можа сама сабе расстарацца ежу. І тады прыходзіць гаспадар з міскай ежы. Сабака шчаслівы. Так?
- Так.
- Напрошваецца пытанне - хіба сабака разумее, што тая самая рука, якая прынесла ежу, перад гэтым прывязала яго да будкі? Ну, скажы.
- Напэўна, не разумее. Ён ўдзячны гаспадару за харч, але не памятае, што гэты гаспадар пазбавіў яго волі такім жорсткім спосабам. У выніку ён выказвае гаспадару падзяка, затое злы на ўвесь свет і з брэхам кідаецца на любога мінака.
- І такім чынам атрымліваем злога сабаку і яе дабрадзея - чалавека.
- Выснова з гэтага выходзіць такая, што многія людзі не разумеюць, хто іх добразычлівец, а хто вораг.
Мы з Ядзяй сыходзіліся і на тым, што стаім вышэй за тых дзяўчынак, якія фарбуюцца, размаўляюць толькі пра празаічныя рэчы, такія як уборы, хлопчыкі і "шліфуюць" ходнікі вул. Сувальскай. Трэба сказаць, што вул. Сувальская была месцам шпацыраў усёй падрастаючай моладзі ў Лідзе. Пасля абеду хлопчыкі і дзяўчынкі выходзілі на гэтую галоўную гарадскую вуліцу, каб заводзіць новыя знаёмствы. Групкамі хадзілі некалькі разоў туды і нзада па вуліцы, разглядаючы прадстаўнікоў іншага полу.
Упэўнена сцвярджаю, што ў Ядзі, як і ў мяне, не было ніякіх лялек, і яна ніколі не гуляла з імі, нават у дзіцячыя гады. Рэч дзіўная, прымаючы да ўвагі, што ва ўсіх дзяўчынак у той час лялек мелася мноства. І гэта не было звязана з эканамічнымі цяжкасцямі нашых бацькоў. Ляльку няцяжка было зрабіць з анучак, калі вельмі хацелася пагуляць для заспакаення матчынага інстынкту. Рэальны факт, што не ўсе жанчыны выяўляюць гэты інстынкт, а калі выяўляюць, то па-рознаму і ў рознай ступені. Пушкін ведаў пра гэта, таму яго Таццяна і не гуляла ў лялькі нават у дзяцінстве.
Нямала ісцін на старонках навуковых прац застаюцца невядомымі для ўсіх. І не адна з іх сотні гадоў чакае аўтарытэтнага прызнання.
Вяртаючыся да Ядзі, трэба адзначыць існую паміж намі розніцу ў адпаведнасці з праўдай, што не бывае двух аднолькавых людзей. Яна ніколі не была нясмелай, адрознівалася адмысловай інтэлігентнасцю ў гутарцы, выдатна гаварыла па-польску, але не выяўляла цікавасці да навукі. Гэта апошняя рыса адбілася ў яе невялікіх жыццёвых дасягненнях. Мы з сястрой нават спачатку спрачаліся, імкнучыся знайсці адказ на пытанне - адкуль у Ядзі ўзяўся такі выдатны літаратурны стыль у паўсядзённай гаворцы. Сястра спачатку лічыла, што з-за шырокага чытання. Але немагчыма было паверыць, што Ядзя прачытала больш кніг, чым мы і іншыя дзеці, якія не мелі такога вымаўлення. Мы прыйшлі да пераканання, што гэта дадзена ёй ад прыроды, г.зн. ад нараджэння па спадчыне ад бацькі, без заслугі з яе боку. Здольнасць, зрэшты, загінулая, як і шмат іншых талентаў, не скарыстаных для рашэння вялікіх задач і дасягнення значных мэт. Існуе шмат прафесій, для якіх неабходна плыўнасць гаворкі і літаратурная лексіка. Калі гэтага не дадзена, не дапаможа ніякая працавітасць і ўлюбёнасць у прафесію. Чалавек павінен правільна разлічваць адпаведнасць паміж сваімі жаданнямі і магчымасцямі!
Пані Аляксандра Галоўкіна была прыяцелькай маёй мамы, а пазней, у роўнай ступені і нашай. Мама казала пра яе, што такіх прыстойных і высакародных людзей зараз ужо няма. Мама, як заўсёды, мела рацыю. Няма больш дасканалага спалучэння ўласцівасцяў розуму і духу ў адной асобе. Сціплая і адначасова вольная ў кантактах з людзьмі, неадукаваная, але цямлівая і незвычайна інтэлігентная. Не сачыла за сваім знешнім выглядам, звычайна не карысталася касметыкай, але вонкава была вельмі мілая, высокага росту і тоненькая. Усё жыццё цяжка працавала, але не мела дастатку. Затое заўсёды была гатовая дапамагчы іншым. Адрознівалася таксама яшчэ адной выдатнай рысай - вернасцю традыцыям бацькоў.
Яе прыхільнасць да праваслаўя не саслабела за доўгія 80 гадоў жыцця. Яна пранесла гэтую любоў у сваім сэрцы, нягледзячы на рэлігійную нецярпімасць атачальных яе людзей на захадзе Польшчы, куды яе закінуў лёс. Перад вайной яна працавала на фабрыцы гумовага абутку "Ардаль", уладальнікам якой быў габрэй. У Ліду яна прыехала з Пецярбурга сіратой і самай старэйшай з траіх дзяцей. Я ведала яе ўсё жыццё. Яна была тым чалавекам, якога, чым больш ведаеш, тым больш любіш.
Памятаю, як мы ўтраіх вярталіся з царквы: мама, пані Шура (так мы клікалі яе паміж сабой) і я. Яны трымалі мяне за рукі. Я была маленькай, а вул. Сувальская доўгай, таму мае рукі, паднятыя ўгару хутка стамляліся, аднак я не адважвалася ў гэтым прызнацца. Памятаю, як мы ўтраіх хадзілі мыцца на электрастанцыю, дзе нейкі час працаваў мой бацька. Пані Шура жыла на Вісьмантах насупраць каталіцкіх могілак. Да яе мы ішлі па вул. Гражыны. На скрыжаванні вуліц Гражыны і Гарыстай стаяла хата Шымялевічаў. Хата была драўляная, дагледжаная, адгароджаная ад вуліцы прыгожым плотам. Я ніколі не бачыла ўладальніка гэтай хаты, але добра ведала яго па аповядах бацькоў. Калі пана Шымялевіча пыталі пра яго нацыянальнасць, той заўсёды адказваў, што ён "тутэйшы". Гэта быў, па нашым меркаванні арыгінальны, але досыць поўны адказ. Ён быў тутэйшы, які здаўна жыве ў гэтым горадзе, і яго не цікавілі нацыянальнасці іншых жыхароў.
Ад хаты Шымялевічаў вул. Гражыны (сучасная Грунвальдская) зварочвае направа і перасякае Лідзейку ў другі раз. Сярод хат у канцы вуліцы насупраць могілак стаяла маленькая хатка цёткі Шуры, а яшчэ далей - старая хата маёй бабулі. Палову хаты з боку вуліцы займала цётка Надзя з мужам і трыма дзецьмі, у крыле з боку ракі жылі дзядзька Мікалай з жонкай і дачкой Марысяй.
Ідучы на электрастанцыю ў лазню, мы з мамай заходзілі па цётку Шуру. Я запомніла вісеўшую ў яе на сцяне прыгожую карціну, пра якую мая мама казала, што хацела б мець такую ў сябе. Звалася яна "Першая сварка". На ёй была намалявана маладая пара ў адзежы, якую насілі перад Першай сусветнай вайной. Адразу было відаць, што гэта закаханыя, якія страшна перажываюць першы канфлікт паміж сабой. Яна мне таксама вельмі падабалася.
Мы ўсе разам ішлі вузкай дарогай уздоўж доўгай сцяны могілак з правага боку і глыбокімі ямамі з левай. Яны засталіся, верагодна, пасля выбранага там калісьці жвіру. На гэтых каталіцкіх могілках каля капліцы знаходзілася магіла маёй прабабулі па лініі бацькі. Яна захавалася на доўгія гады, таму што помнік быў з каменя, а сама магіла абгароджана металічнай агароджай. На помніку было бачна прозвішча - Алена Шымкевіч.
Гэтай дарогай уздоўж могілак штодня хадзіў на працу да электрастанцыі мой бацька. Неяк я спытала, ці не баіцца ён хадзіць адзін у цемры. Бацька са смехам адказаў, што не баіцца, таму што ў цемры яго ніхто не бачыць.
- І ўздоўж могілак не баішся? - настойвала я.
- Толькі адзін раз убачыў я нейкую постаць у белым, якая сядзіць на могілкавай сцяне, - жартаваў бацька, - але калі падышоў бліжэй, аказалася, што гэта дзяўчына ў белай сукенцы, а побач з ёй стаяў салдат.
Там, дзе заканчвалася сцяна могілак размяшчалася нейкая адкрытая прастора з ямамі. А адразу ж за ямамі адкрываўся дзіўны і адначасова страшны пейзаж. Там цягнуўся шэраг нейкіх будак - вырадкаў. Збітыя з рознага матэрыялу прычым вельмі неахайна, яны здаваліся толькі надбудовай над часткай памяшкання, змешчанага пад зямлёй. На мяне яны рабілі жахлівае ўражанне. Дзіўна, што пра іх ніколі не гаварылі і ніяк не каментавалі іх існаванне. Яны проста стаялі і ўспрымаліся, як нешта тое, што само сабой разумеецца. Аднойчы сястра сказала, што ў адной з гэтых будак жыве яе школьная сяброўка.
Лазня на электрастанцыі, пабудаваная для сваіх працаўнікоў, уяўляла сабою вельмі вялікую ванну. Настолькі вялікую, што мы залазілі ў яе ўтрох і яшчэ заставалася шмат месца. Толькі мне здавалася, што вада для купання была занадта гарачай. Седзячы па шыю ў вадзе пані Шура заўсёды закранала хворую для яе тэму. Яна жалілася маме на свайго брата, а, дакладней, на жонку брата. Яе брат працаваў машыністам на чыгунцы. Жаніўшыся, ён прыняў каталіцтва. Па меркаванні пані Шуры яе брат быў бязвольнай прыладай у руках сваёй жонкі, якая непрыязна ставілася да сваячкі, г.зн. да цёткі Шуры. Яна лічыла магчымым паказваць сваю перавагу і грэбаванне над асобай незамужняй і больш таго небагатай. Гэтая жанчына ўяўляла сабою распаўсюджаны тады, ды і зараз таксама погляд, што бедната зневажае, а лад жыцця векавухі заслугоўвае, хай і ўтоенага, але грэбавання.
Напэўна, на світанку сваёй гісторыі людзі склалі лжывае меркаванне пра сваіх блізкіх, не разумеючы іх псіхалогіі і ў выніку прычыняючы ім зло. Стагоддзямі шанцы выйсці замуж мелі жанчыны першым чынам багатыя, а сярод бедных толькі асабліва прыгожыя. У перадваеннай Лідзе жанчыны мелі магчымасць працаваць і тым самым былі незалежныя ад мужчын. Але ўсё адно яны ацэньваліся не па добрых якасцях розуму і душы, а толькі па сацыяльным становішчы мужа.
Раздзел V
Я нарадзілася ў праваслаўнай сям'і. Штодня гледзячы на замкавыя руіны, я не ведала, што яны - старажытны помнік праваслаўя. Замак пабудаваў Гедымін - вялікі князь літоўскі. Яго жонкі былі праваслаўнымі князёўнамі, а сыны, якія кіравалі Руссю і Лідай, выхоўваліся ў праваслаўнай веры. У замку з самага пачатку была праваслаўная царква, якая праіснавала да 1553 г. Я не ведала таксама як глыбокія карані праваслаўя на маёй зямлі. Яго станаўленне адбывалася ў раннім сярэднявеччы ў перыяд абвастрэння адносін паміж грэцкім Усходам і лацінскім Захадам і падзення палітычнага ўплыву Візантыі на Захадзе. 1054 год прынёс канчатковы падзел сталіц, якія прэтэндуюць на вяршэнства ў хрысціянскай царкве. Падзенне Канстанцінопаля ў 1453 г. замацавала гэты раздзел. Толькі 7 снежня 1965 г. папа Павел VI і патрыярх Атэнагораз I адмовіліся ад узаемнага адлучэння ад царквы і ініцыявалі збліжэнне.
Аднак ужо ў дзяцінстве я ведала самую галоўную розніцу паміж праваслаўем і каталіцызмам.
I. Першым чынам, у праваслаўнай літургіі ўсіх славянскіх народаў ужываецца стараславянская мова. І гэта, па маім меркаванні, самы вялікі скарб нашай царквы. Скарб незаўважны для шматлікіх прыхільнікаў. Ён складаецца ў непаўторнасці, унікальнасці гэтай мовы. Яго галоўная добрая якасць у старажытнасці, ва ўзросце, які налічвае больш за 1000 гадоў, у тым, што ён славянскі.
II. Наступная каштоўнасць - праваслаўная царква аўтакефальная, цалкам незалежная ад заходняга ўплыву. Вяршэнства над ёй канстанцінопальскага патрыярха чыста намінальнае.
III. Праваслаўе адмаўляе бясшлюбнасць малодшага духавенства, прызнаючы яго толькі для епіскапаў і манахаў. Духоўны пастыр, які мае сваю сям'ю, як і яго парафіяне, бліжэй да людзей, лепш разумее іх і ведае іх праблемы.
Дык вось, нарадзілася я ў праваслаўнай сям'і. Я не выбірала сабе гэтага веравызнання. Магла ж нарадзіцца за некалькі дзясятках метраў далей у хаце Яхкі і падзяліць жудасны лёс габрэяў: пагарду з боку хрысціян, а пазней знішчэнне немцамі. Магла нарадзіцца ў суседняй хаце пад № 13, дзе здымала кватэру сям'я паліцыянта. У 1941 годзе яна была вывезена ў Казахстан. Ці, напрыклад, з'явіцца на свет за плотам у хаце пані Клышэйкі, у сям'і адносна багатай і чыста каталіцкай, без усякіх прымешак іншай веры. Сям'я гэтая таксама ў чэрвені 1941 года была дэпартавана ў Казахстан і ў выніку рассеялася па свеце. Самы старэйшы сын - Янак, які пазбег дэпартацыі, загінуў ад рукі іншага паляка - яго застрэлілі перад белым касцёлам. Людзі лічаць, што калектыўнае забойства, якім з'яўляецца вайна гэтае злачынства апраўдвае. Яны прысвойваюць сабе права пазбаўляць жыцця іншых людзей і лічаць гэта справядлівым.
Існавала яшчэ адна моўная група, акрамя польскай, габрэйскай і рускай, да якой я магла б належаць. Перад нашай хатай з боку вуліцы знаходзілася пляцоўка, якая ў гандлёвыя дні па панядзелках шчыльна запаўнялася вясковымі падводамі. На гандаль з'язджаліся сяляне з навакольных вёсак. Нашу пляцоўку яны выкарыстоўвалі як стаянку. Гаварылі яны паміж сабой выключна па-беларуску. Гэта не была літаратурная беларуская мова. Мы вызначалі яе, як "простая" мова, якая магла з'явіцца толькі на памежжы польскай і рускай культур. Мяне гэтая мова зусім не дзівіла, я ўспрымала яе нароўні з іншымі. У Расляках, адкуль была родам мая мама, усе гаварылі на такой жа беларускай мове.
Тры галоўныя веравызнанні існавалі ў Лідзе адно каля аднаго: праваслаўе, каталіцызм, юдаізм. Праваслаўе ў перадваеннай Лідзе ахоплівала вялікую колькасць насельніцтва. Розныя хрысціянскія канфесіі замест таго, каб аб'ядноўваць людзей, якія прызнаюць аднаго бога, падзялялі іх, выхоўваючы ў розных культурах, горш таго, часта яны бывалі крыніцай узаемнай непрыязнасці. Па-мойму, разнастайнасць культур, наадварот, павінна станавіцца духоўным багаццем народа. Пра габрэяў мая мама выказвалася з павагай. Казала, што ў іх дружныя клапатлівыя сем'і. П'яны габрэй на вуліцы - немагчымая з'ява. Мы ніколі не чулі, каб габрэй кінуў сваю сям'ю і дзяцей. Працаздольнасць габрэяў была агульнавядомая, таксама як і іх сціплы лад жыцця. Мама тлумачыла гэта так: паляк заробіць 1 злоты, а патраціць 2, габрэй наадварот, заробіць 2, а патраціць 1. Габрэі заўсёды вельмі рэлігійныя і богабаязныя. Перад вайной шматлікія лозунгі заклікалі байкатаваць габрэяў і рабіць пакупкі толькі ў польскіх крамах і кааператывах. Натхнёныя патрыятызмам, мы вырашылі байкатаваць нашых суседзяў. Некалькі разоў я нават хадзіла ў кааператыўную краму ў канцы вул. Лётнай. Але з часам усё вярнулася на свае месцы. Яхка была пад бокам. Яна адпускала тавары ў крэдыт. Мы ліквідавалі запазычанасць адзін раз у месяц, першага дня. Габрэі не баяліся гандлёвай рызыкі. Калі грошы своечасова не паступалі, то сур'ёзных канфліктаў не ўзнікала. Габрэй тады сам наведваў кватэру даўжніка і паважліва прасіў разлічыцца. Я бачыла такіх крэдытораў, праходзіўшых міма нашага ганка ўглыб завулка. Я ведала, што гэта азначае. Габрэі таксама прымалі ад пакупнікоў вернуты тавар. Памятаю, мама неяк купіла матэрыял на плашч у краме на вул. Сувальскай. Гэта быў невялікі адрэз, як раз хапала на плашч. Праз некаторы час мама раздумалася. Яна вырашыла, што мы не можа дазволіць сабе такую пакупку. Уладальнік крамы прыняў матэрыял назад і вярнуў грошы. Гэта было перад самай вайной. Памятаю працяг гэтай гісторыі. Ужо пасля пачатку вайны і ўсталявання савецкай улады гэты габрэй сказаў маме, што тады яна паступіла няправільна і зрабіла страту як прадаўцу, так і кліенту. У габрэя можна было купіць тавар у любы час дня, нават пасля закрыцця крамы. Вялікім засмучэннем для іх былі кліенты, якія прыходзілі ў пятніцу ўвечар, калі наставаў шабас. Быўшы народам, які строга выконваў правілы і запаведзі сваёй веры, габрэі тым часам пазбягалі якой-небудзь платнай працы. З іншага боку яны не маглі сабе дазволіць губляць кліентуру. Праблему гэтую яны вырашалі палюбоўна, каб і тавар прадаць, і канон не парушыць. Памятаю, я неяк увайшла з задняга ходу на кватэру Яхкі ў пятніцу ўвечар. Мяне паслалі па нейкую пакупку. Яна завяла мяне ў краму праз чорны ўваход, папрасіла запаліць святло, узяць тавар з паліцы і самой зрабіць запіс у пазыковай кнізе. Я пад нашым прозвішчам запісала тавар і яго кошт. Яхка, зразумела, тактоўна кінула погляд на мой запіс. Перад выхадам з крамы я павінна была выключыць святло. Падчас сваіх свят Яхка прыносіла нам мацу, пра якую хадзілі плёткі, што яна замяшана на крыві хрысціянскіх дзяцей. Міжволі я адчувала нейкі спалох і нават агіду да гэтага пачастунка.
Мы, дзеці, назалялі суседзям-габрэям на свой лад. Неяк я сама ўдзельнічала ў паходзе праз вельмі высокі плот у двор Яхкі, каб з дапамогай доўгай палкі з цвікамі на канцы выцягваць яблыкі са склепа праз краты акна. Яблыкі ляжалі ў адкрытых скрынях, вельмі вялікія і прыгожыя, а гаспадароў не было дома. Нам удалося выцягнуць пару яблыкаў, але шмат больш было паколата цвіком. Дзеці выдумлялі больш займальныя спосабы назаляць нашым суседзям. Габрэйскае свята памерлых праходзіла, калі спелі гарбузы і сланечнікі. З велізарнага гарбуза выразалі ўнутранасць, выкалуплівалі адтуліны якія імітуюць вочы, нос, вусны і ставілі ўнутр свечку. Увечар у цемры падкрадаліся да вокнаў габрэйскіх хат і прыкладвалі гэтыя галовы, якія свецяцца, да шкла, каб спалохаць жыхароў. Памятаю адна старая жанчына закрычала ад страху, а потым пачалася маўклівая пагоня за ўцякаўшымі хуліганамі. Я літаральна адчувала ў паветры лютасць габрэяў, не на жарт спалохалася і схавалася пад лаўкай нашага ганка. Аднак, усё абышлося. Мы дзівіліся педагагічнаму такту бацькоў-габрэяў. Аднойчы праз парадныя дзверы да нас у хату ўвайшлі двое дзетак Яхкі: два маленькія хлопчыкі, адзін меншы за другога. Яны спрабавалі выказаць прычыну візіту да маёй мамы і выглядалі даволі бездапаможна. Адначасова ў заднія дзверы пастукалася іх маці і неўпрыкмет для сыноў растлумачыла, па што яна іх паслала. Гэта была простая жанчына, нічога больш не магу сказаць пра яе, аднак дзіўлюся яе педагагічнаму таленту. Яна аказалася годнай дачкой свайго таленавітага народа, які не стамляецца дзівіць свет.
Нашы габрэі апраналіся таксама, як і мы. Аднак габрэя заўсёды можна было адрозніць па рысах твару і манеры гутаркі. У цэнтры Ліды каля сінагогі можна было сустрэць тыповых артадаксальных габрэяў - у доўгіх халатах, з пэйсамі, у ярмолках.
Мае бацькі былі праваслаўнымі. Праваслаўе адыходзіла пад напорам каталіцызму. Напрыклад, з сям'і мамы, у якой было шасцёра дзяцей, толькі яна адна засталася прадаўжальніцай артадаксальнага праваслаўя і то, рызыкну сцвярджаць, выпадкова.
Старэйшы яе брат Андрэй выехаў у Амерыку яшчэ перад Першай сусветнай вайной у пошуках заробку і там жаніўся з жанчынай грэка-каталіцкага веравызнання. Другая жонка мамчынага брата Уладзіміра была каталічкай з Іўя. Чатыры яго дочкі былі хрышчаныя ў царкве, але пазней выйшлі замуж за католікаў і адышлі ад праваслаўя. Цяпер узгадваю, што калі яны былі дзецьмі, я ніколі не бачыла іх у царкве. Сястра мамы Вера брала шлюб у царкве з пратэстантам, які прыехаў да нас з Эстоніі. Іхняя дачка Людміла была хрышчоная ў царкве, потым выйшла замуж за праваслаўнага і толькі таму засталася ў нашай веры.
Муж цёткі Веры быў прадстаўнічым высокім мужчынам. Асабліва выдатна ён глядзеўся ў форме лётчыка 5-га палка. Калі яны з'яўляліся ў маленькай царкве, то звярталі на сябе ўсеагульную ўвагу. Знаёмыя ліслівілі цётцы, што яны з мужам - упрыгожванне нашай царквы.
Цётка Марыя брала шлюб у царкве з католікам. Яна да самай смерці была вельмі моцна духоўна злучана з праваслаўем, і муж паважаў яе перакананні. Гэта несумнеўна сведчыла пра яго розум і сілу пачуцця да яе. Доўга цягнуліся спрэчкі, дзе хрысціць іх дзвюх дочак, і некалькі гадоў яны заставаліся няхрышчанымі. Нарэшце турбота за іх будучыню ў каталіцкай Польшчы перамагла, і яны сталі каталікамі.
У малодшай мамчынай сястры Алены гісторыя замужжа пачалася вельмі рамантычна. Без памяці закаханы ў яе малады мужчына - католік адмовіўся браць шлюб у царкве, дзе складалі змяшаныя шлюбы. Цётка змяніла веравызнанне і абвянчалася ў касцёле, пазней там жа хрысціла сваю дачку Альжуню - Лізавету. Разумею яе становішча - гэта быў адзіны шанец сысці са старой крытай саломай хаты, дзе на кухні замест драўлянай падлогі быў ток. Мяне толькі не пераканаў яе галоўны аргумент у карысць каталіцкага веравызнання:
- Каталікі падчас службы моляцца з малітоўнікамі, гэта так рамантычна!
На шлюбе цёткі Алены яе сёстры не прысутнічалі. Прыгнёт праваслаўя каталіцкім касцёлам прымаў розныя формы і выклікаў непрыемныя эмоцыі. Першым чынам касцёл не дапускаў так званых змяшаных шлюбаў. Іншаверцы павінны былі прымаць каталіцтва і тым самым папаўнялі яго шэрагі. Каталіцкі касцёл у супрацьлегласць праваслаўнай царкве не дазваляў разводы. Адгэтуль адбыўся нечаканы пераход у іншую веру такіх выбітных людзей, як Жаромскі і Пілсудскі, якія жаніліся другі раз. Падобныя выпадкі бывалі і з простымі людзьмі. Асобы праваслаўнага веравызнання не мелі права хрысціць дзяцей у каталіцкім касцёле. На ўроках катэхізісу дзяцей вучылі, што наведванне царквы з'яўляецца грахом. Пры гэтым узнікалі пацешныя (ці сумныя) сітуацыі. Аднойчы цётка Марыя з мужам пайшлі ў царкву. З імі была іх малодшая дачка. Дзяўчынка, асцерагаючыся граху, адмовілася ўвайсці ўнутр храма разам з бацькамі. Не дапамаглі ні просьбы, ні ўгаворы, яна засталася за парогам, пакуль бацькі не выйшлі. Уплыў касцёла аказаўся мацней за любоў да бацькоў. Я чула пра выпадак, калі дачка не пайшла на паніхіду ў царкву, дзе на катафалку стаяла труна яе роднага бацькі. Баялася граху ці публічнага меркавання? Гэтая жанчына памяняла веравызнанне толькі выйшаўшы замуж за католіка - касцёльнага арганіста. У Лідзе быў ксёндз, які распавядаў дзецям у школе на ўроках катэхізісу пра жахі, якія адбываюцца з праваслаўнымі дзецьмі. Паколькі праваслаўныя хрысцяцца трыма пальцамі і знак крыжа кладуць спачатку на правае плячо, а потым на левае, то ў пакаранне за такое адступніцтва ў праваслаўных людзей быццам бы заводзяцца чарвякі на плячах, там, дзе іх дакраналіся трыма пальцамі.
Усе асабістыя справы і дакументы ва ўстановах і школах мелі графу "веравызнанне". Вернікі трох канфесій валодалі храмамі, у якіх звярталіся кожны да свайго бога. У Лідзе ў цэнтры горада стаяла сінагога, якая згарэла падчас вялікага пажару ў 41-м годзе (немцы потым разабралі яе руіны), яшчэ ў горадзе было два касцёлы на Сувальской вуліцы і трэці ў прадмесце Слабада, маленькая праваслаўная царква на могілках. У гэту царкву з нашай хаты трэба было ісці праз усю Сувальскую вуліцу. На могілкі ўваходзілі праз вялікія драўляныя вароты з разьбой, блакітнага колеру. Ад варот, якія падчас службы былі адкрытымі, шырокая алея сярод высокіх могілкавых дрэў вяла да самога храма. Уздоўж галоўнай алеі стаялі лаўкі, абапіраючыся на старыя металічныя магільныя агароджы. Старажытныя шэрыя помнікі выглядалі велічна. Я не баялася гэтых магіл. Наадварот любіла шпацыраваць па алейках сярод іх.
Адразу за царквой знаходзіліся магілы бацькоў маёй мамы. Мама неяк прывяла нас сюды і растлумачыла, хто ляжыць пад гэтым велізарным драўляным крыжам. Пазней мы заўсёды, калі прыходзілі ў царкву, ішлі да гэтых сціплых магіл.
Царква была занадта малая, каб у нядзелю змясціць усіх вернікаў. Усярэдзіне было цесна, усе стаялі прыціснуўшыся адзін да аднаго. У кожнага было сваё звычайнае месца. Служба цягнулася да бясконцасці, таму некаторыя адмыслова прыходзілі пазней і прабіраліся наперад. Наадварот, тыя, хто стаяў наперадзе, прагнулі глынуць свежага паветра. Так што перакартоўка і таўкучка працягваліся бесперапынку. Рэкардсменкай па спазненні на службу была пані Коркуць, хрышчоная маці майго брата, суседка мамы з Раслякоў. Часта мы сустракалі яе ўжо на зваротнай дарозе з царквы. Убачыўшы нас, яна бянтэжылася, але імкнулася не паказваць гэтага і тут жа паварочвала назад. Мама жартаўліва заўважала:
- Пані Коркуць ізноў ідзе гасіць свечкі. - Але нават свечкі гасіць было ўжо позна.
Пані Коркуць і яе муж былі адзінай сямейнай парай, якая нязменна падтрымлівала сяброўскія адносіны з маімі бацькамі. Пан Коркуць займаў нядрэнна аплачваную пасаду на пошце. Ён спачатку працаваў у старым будынку на Сувальскай вуліцы, а пазней у новым прыгожым будынку пошты на вуліцы Міцкевіча. Яго ні разу не скарачалі, і сямейства Коркуцяў было лепш, чым мы, забяспечана матэрыяльна. Пан Коркуць некаторы час кіраваў хорам на клірасе ў нашай царкве, у яго быў добры слых, хоць і слабы голас. Яго жонка, наадварот, валодала моцным прыгожым голасам, але ніколі не спявала ў царкве.
Мама неяк жартаўліва спытала, як нам падабаецца пан Коркуць, таму што ў свой час ён быў прэтэндэнтам на мамчыну руку. Натуральна, я аддала перавагу майму татусю!
У Коркуцяў было трое дзяцей. Лідка з малых гадоў выявіла здольнасць да сольных танцаў, накшталт Айсядоры Дункан. Яна ахвотна выступала на школьнай сцэне, а я ў глыбіні душы зайздросціла ёй. Наколькі мне вядома, яна не стала танцоркай ці балярынай. Я запомніла адзін пацешны эпізод, які адбыўся падчас аднаго з візітаў да нас пані Коркуць. Здарылася так, што мой брат папрасіў у мамы трохі грошай. Яго ўласная скарбонка нязменна заставалася пустой з моманту атрымання яе ў падарунак ад бацькоў. У маёй жа, наадварот, заўсёды пазвоньвалі манеты. Мама ўстойліва адбівала яго напады. Усё гэта адбывалася ў прысутнасці госці, якая сядзела на параднай канапцы. Раптам яна пацягнулася рукой да торбы. Брат заўважыў гэта і адразу ж збянтэжыўся:
- Не, не, дзякуй, пані, - пачаў ён бурна пратэставаць. - Не трэба мне нічога даваць!
Да агульнага здзіўлення пані Коркуць, прытрымліваючы рукамі торбу, адказала з поўным спакоем:
- Але я нічога не збіраюся табе даваць.
Такім недвухсэнсоўным чынам яна паказала хібнасць уяўленняў брата пра шчодрасць свайго хрышчонай маці.
Наша царква была драўлянай, пафарбаванай у блакітны колер і з двума цудоўнымі купаламі-цыбулінамі. З-за яе невялікіх памераў хор размяшчаўся з правага боку ад царскіх варот. Як вядома, служба ў царкве праходзіць вылучна ў суправаджэнні хору. У харыстаў быў асобны ўваход на клірас праз вузкія дзверы. Гэтыя дзверы, клірас і харысты былі для мяне чымсьці незвычайным і недасягальным. Я адчувала іх нейкую святасць. Хор спяваў на чатыры галасы. Пеўчых было мала, але ўсе яны мелі моцныя галасы, кожнага хапала на некалькі слабых. Ва ўсякім разе такое ўражанне стваралася ў невялікім памяшканні. Я бязмерна зайздросціла галасам харыстаў і іх шчасцю спяваць у храме. У той час гэта была мая самая вялікая мара. Жаданне было тым мацней, што не магло ажыццявіцца. Дыяпазон майго голасу ледзь дасягаў дэцыму і ў мяне адсутнічала прыроджанае пачуццё гармоніі, якое дазваляла б падладжвацца да першага голасу. Ёсць шчасліўчыкі, ад прыроды адораныя выдатным голасам, ці выдатным музычным слыхам, ці пачуццём гармоніі. Нічога гэтага я не мела. Аднак вельмі хацелася авалодаць усім гэтым.
(Працяг у наступным нумары.)
* Е. Ярмонт. В ТЕНИ ЗАМКА ГЕДЕМИНА. Воспоминания детства. Лида, 1995.
У Вільні і літоўскіх дварах, успаміны 1815 - 1843 гадоў*
Габрыэля Пузыня
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Калі праз тыдзень кузыны з'явіліся ў першай рэсурсе, чорныя стужкі ў валасах і белыя сукенкі сведчылі пра іх жалобу.
Танцы ладзіліся раз на тыдзень. Вялікі дом тракціра Цыбульскага меў доўгую залу для танцаў. На пачатку мы не апраналіся, як на танцы, але ўсяроўна добра бавілі час. Не бракавала маладзёнаў: Юзаф Барэцкі, яго кузэн Завадскі, Юльян Андрэйкавіч, Генрык Палубінскі, Юльян Ажэшка і заўсёды малады па гумары і манерах д'Абры. Усе яны круціліся вакол самай прыгожай з паннаў, цудоўнай Манісі Шадурскай, якая апранула бальную сукню і з дамаседкі стала свецкай паннай. Мела сваіх прыхільнікаў і жывая, як агонь, бландынка Зося Мейштавічоўна, і сціплая, але гожая брунетка Генрыета Янкоўская, і ветлівая, разумная Людвіка Плятэр, дачка графа Фердынанда. Самай прыгожай з усіх, як заўсёды была Элеанора Тышкевічава, яе трыумф адбыўся на балі ў губернатара Допельмаера. Дамы прагнулі вытанчаных сукенак, але не ў кожнай была ўмелая прыслуга, а на ўсё мястэчка меўся толькі адзін кравец Іцак. І пані лавілі Іцка і замыкалі яго на ключ, каб не выкралі іншыя. У дзень балю крэслы з усяго горада пераехалі да Цыбульскага, але іх ўсяроўна бракавала, і галоўная гаспадыня балу княгіня Караліна Чацвярцінская, уважлівая да іншых і нават да малодшых, якія таксама чакалі мазурку, ледзь знайшла для сябе вольнае месца.
Вячэра была сытай і вытанчанай, а віваты галоснымі. На наступны дзень 15 ліпеня, у мястэчку адбылося асвячэнне вуглавога каменя касцёла, пасля чаго, не без шкадавання, мы з'ехалі з водаў, пакінуўшы там сваіх кузынак і вясёлы адпачынак. Але нас таксама вабілі і змены ў нашай старонцы.
Пасля нашага ад'езду ў Друскенікі, у Смаргонях зноў з'явіліся Пшаздзецкія. Кузэн Аляксандр вярнуўся праз тры гады і ў рэшце-рэшт атрымаў адмову да Эрманці, з якой яго злучала толькі воля бацькі. Ён адразу захапіўся Марыняй, чыё выхаванне адпавядала яго характару, і праз некалькі дзён заручыўся з ёй. Нам пісалі пра гэта ў лістах з Болкава і Паставаў. Эрманця ўспрыняла заручыны абыякава, але яе малодшыя сёстры былі здзіўлены. Мой тата прывёз, а потым забраў нас з Друскенікаў, паміж гэтымі дзвюмя паездкамі ён прыняў у Дабраўлянах новазаручаных і злучаў у сваёй асобе гаспадара і гаспадыню. Жалоба перашкодзіла планам аб хуткім вяселлі, і яго аднеслі на некалькі гадоў. Новы Якуб, які ўжо тры гады чакаў адну кузынку, гатовы быў столькі ж чакаць і другую.
На працягу лета ладзіліся паездкі, прыёмы ў Болкава і Паставах, а аўтар "Літоўскіх малюнкаў", каб сустрэцца з аўтарам "Вобразаў мястэчак і часу на Валыні, Падоллі і Украіне", прыехаў у Болкава, калі там былі Пшаздзецкія. Аляксандр пазнаёміўся з Янам са Свіслачы 51, гаспадар чытаў яму ўрыўкі з "Берагоў Віліі" 52 і ў знак сяброўства падараваў падольскаму брату па пяру сваю самую вялікую каштоўнасць - рукапіс "Гражыны", на апошняй старонцы якога была рукапісная байка Міцкевіча "Брытанец і воўк" (пераклад з Лафантэна) 53.
У жніўні разам з пастаўскімі прыехаў і Сен-Клер, госць, якога мы чакалі ўжо некалькі гадоў. Пастаўскія як раз вярталіся з Жалудка, куды мой дзядзька ездзіў, каб сустрэцца з пляменніцамі, якія вярнуліся з Друскенікаў. Абедзве сустрэчы адбыліся як нельга дарэчы. Прысутнасць дзядзькі Тызенгаўза, якога Сен-Клер ужо ведаў, і незнаёмых кузынак, абудзіла ў ім запал апавядальніка. А кузынкі, якія часта абураліся з-за англійскіх выхадак свайго "трошкі кузэна", не маглі супраціўляцца яго запалу і шчыра смяяліся, слухаючы заўсёды вясёлыя і жывыя гісторыі. Нават Збігнеў гэтым разам ужо не пытаўся дазволу ў Шылера і крок у крок хадзіў за Сен-Клерам, каб не прапусціць ніводнага слова. Усё ў Дабраўлянах стала па-англійску: вечарамі мы ездзілі верхам на конях, пад нож пайшоў самы адкормлены вол, і Сен-Клер сам кіраваў вытворчасцю ростбіфаў, сам рэзаў іх да стала толькі што навостраным нажом.
На возеры Свір у рыбакоў замовілі самыя вялікія і лепшыя лодкі. Кузэн прывёз з сабой вуду і сабаку-выжла. Прыстанню стала карчма "Каменка" на дарозе паміж возерам і Вішневам і камень на беразе, любімае месца адпачынку аўтара "Малюнкаў". Ён заўсёды сядаў і разважаў тут, калі ехаў гэтым шляхам, глядзеў на блакітны гарызонт і сцены кляштара, тут у яго нарадзілася думка нарыса "Восень у кляштары". Сен-Клер апрануўся адпаведна воднай выправе, а мой бацька ўзяў вялікі саламяны капялюш. Выжал лапамі ўпёрся ў лодку і мы адышлі ад берага, веславалі два моцных бурлакі (верагодна, маюцца на ўвазе стараверы, якіх так называлі ў нашым краі - Л. Л.). Убачыўшы возера, Сен-Клер павесялеў, бо не бачна было ні супрацьлеглага берага, ні пачатку, ні канца, а хвалі ўздымаліся як на сапраўдным моры. Нарэшце, нешта ў нашым краі нагадала яму радзіму! Рыбу ён лавіў не сеткаю, а англійскай вудай, якой меўся злапаць трыццаціфунтовага шчупака. Аднак на нашым возеры яму не пашанцавала, а сам рыбак ледзь не патрапіў на паліцэйскі кручок. Навігацыі паўтараліся штодзень, покуль аднойчы на адваротным шляху да берага, нашы паны не ўбачылі на беразе возера асэсара паліцыі ў мундзіры, ён пакорліва папрасіў у Сен-Клера яго пашпарт. Паліцэйскаму данеслі пра англічаніна, які плавае па возеры і, верагодна, складае планы! Справа лёгка растлумачылася, і Сен-Клер потым доўга смяяўся.
Іншая справа, якую мы выдумалі, каб дагадзіць нашаму госцю, не была такой цікавай і нам вельмі не пашанцавала, нягледзячы на шчырае жаданне задаволіць яго. Дуда ці валынка, як мы ведаем - любімы інструмент шатландскіх горцаў. У нашай вёсцы быў пастух, які дзьмуў і граў на гэтых баранавых мяшках. Яго прывялі, апранулі ў плед з тартамі ў краты і шапку з галінкай ёлкі, а ўвечары патаемна прывялі на балкон.
Ноч была ясная, цёплая і ціхая, у асветленым салоне вялася жывая размова. Раптам, нібы здалёк, пачулася валынка. Сен-Клер спыніў свой аповед, прыслухаўся … і збялеў, пачырванеў, потым ускочыў і пабег на балкон, бо зразумеў, адкуль даносяцца гукі. Месяц свяціў з боку балкона, на якім стаяў фальшывы горац, і калі Сен-Клер убачыў плед і яшчэ ўсю вопратку, сарваў шапку з яго галавы і злосна закрычаў: "Je tuerais cet homme! Il n'a pas le droit de porter l'insigne du monlagnard" (фр. "Я б забіў гэтага чалавека, ён не мае права насіць знакі горца!". - Л. Л.). Нам стала шкада кузэна, і яшчэ больш шкада сябе за гэтую недарэчную ідэю. Але Сен-Клер не умеў доўга злавацца, тым больш, што для гэтага не было прычыны. Ён усё зразумеў і не згадваў гэтую гісторыю. Як жа ж ён любіў сваю краіну, калі яе рэха стала такім прыемным, а пародыя - балючай! Верагодна, супакоіўшыся, кузэн пашкадаваў пра сваю ўспышку, бо калі вярнуўся дахаты, яго жонка пісала пра самыя прыемныя ўражанні, якія Дабраўляны пакінулі ў яе мужа
Гэта быў шчаслівы год сямейных адведзін. У кастрычніку пасля працяглай адсутнасці ў край вярнулася цёця дэ Шуазель. Яна была ў Рыме і некалькі зім правяла ў Фларэнцыі, у 1840 годзе пахавала там мужа, пазнаёмілася з Дзюма і зноў вярнулася ў Літву і Жмудзь, пра што так доўга марыў яе адзіны сын, які нарадзіўся ў Францыі і быў французам па бацьку і па ўраду. Пачуўшы пра прыезд сястры-ўдавы, на сустрэчу з ёй, з усёй сям'ёй паспяшаўся брат-удавец з Паставаў, з'явіўся кузэн Аляксандр, які спяшаўся ў Паставы да свята ўсіх святых і дзень нараджэння сваёй нарачонай. Якая ж радасць спаткаць яе на палове дарогі!
Мой бацька заўсёды памятаў пра адсутных і неадкладна паслаў ганца ў Дзевятню (за сем міль) паклікаць аўтара "Малюнкаў", з якім цёця жадала пазнаёміцца, кузэн Аляксандр аднавіць знаёмства, а нам гэтага госця ніколі не было занадта. Але замест паэта прыйшла адмова, бо меў перашкоды і павінен быў сядзець дома. Але з-за немагчымасці прыехаць, кампліменты, на якія ён заўсёды быў шчодры і пахвальныя словы пра кожнага, сыпаліся з яго ліста.
Цёця Зося і яе сын Аляксандр зусім не змяніліся. Цёця была спакойнай і паважанай, але апранутай у занядбаныя туалеты - яе пёры і бальныя сукенкі бачылі шмат трыумфаў і фігуравалі на шматлікіх балях і сходах тасканскіх герцагаў… І наколькі цёця была адкрытай, даступнай і даверлівай, яе сын з веданнем некалькіх моў і столькіх краін, маўчаў, адварочваўся ці апускаў вочы і чырванеў ад "дзень добры" яго кузынак. Ён не ціснуў пададзеную руку, а раптоўна ўцягнуты ў размову, гаварыў нешта няўцямна, чакаючы, покуль маці не налье яму вяршкоў у гарбату і пасадзіць каля сябе. Хто б мог падумаць, што гэты дваццацігадовы хлопец ужо пабываў у Альпах і быў закаханы ў прыгожую англічанку міс Люсі? Цёця казала, што гэткая дзікаватасць была ў крыві Шуазеляў.
Размова круцілася вакол Фларэнцыі. Мая цёця прысутнічала на вяселлі прынцэсы Мацільды Банапарт з графам Дзямідавым. Яна нават чула, што прынцэса так закахалася ў свайго Анатоля, што ніколі яго не пакіне. Аляксандр Дзюма таксама часта з'яўляўся ў апавяданнях цёткі, і ў сваім партфелі яна трымала яго запіскі. Аляксандр Пшаздзецкі пахваліўся сваім альбомам. Гэта быў збор дробязяў, нязначных і бессэнсоўных памятак, калі іх разглядаць паасобку, але цікавых, калі разглядаць іх у зборы. Аднак акрамя дробязяў, меліся і больш важныя сувеніры - ліст ад Віктора Гюго з падзякай за прысвячэнне яму драмы "Дзве каралевы Францыі" і г. д. Убачыўшы гэта, мой бацька вырашыў упарадкаваць свае ўласныя памятныя рэчы і адразу пасля ад'езду кузэна пачаў рабіць гэтую працу, у выніку чаго ўтварыліся шаснаццаць тоўстых тамоў 54.
Нарачоная павінна была пачаць свой дзевятнаццаты год у Болкава, і мы ўсе сабраліся на гэтае свята. Я прачнулася рана і адразу пабегла віншаваць кузынку, але хтосьці апярэдзіў мяне і ўсіх іншых. З усмешкай яна паказала мне працу Басэ з надпісам. Яе жаніх хацеў быць першым, і як толькі Марыня прачнулася, адразу знайшла падарунак, на якім былі намаляваны дарыльшчык і атрымальніца… І сапраўды, не было больш класічнага кахання, чым каханне гэтай пары.
Для маёй будучай швагеркі нядаўна была выдадзена кніжка пад назвай "Першацвет, навагодняя ноч для жанчын" пераплеценая ў яркія колеры, якія любіла Хеленка, а на вокладцы меўся надпіс залатымі літарамі: "Аднаго з нас тут няма", што было апраўданнем нежадання пісаць вершы на сваёй мове. З-за гэтага маладая паэтка цярпела шмат пераследаў ад нас і ад пана Ходзькі і, калі мы ёй добра надакучылі, баранілася тым, што дасканала вывучыла правілы французскай версіфікацыі і не хацела вучыць новыя. Маючы шаснаццаць гадоў, яна лічыла, што ўжо позна! Мела жывую фантазію і праніклівы розум, і дэманстравала гэта праз сваю любоў да нямецкай літаратуры і праз разважанні пра людзей. Хуткая ў адказах і нават дасціпная, яна не збочвала з выбранай дарогі. Такія ўжо мела незразумелыя іншымі слабасці і не была падобная на ўсіх.
Матыня зноў паехала ў Паставы на восеньскія вечары і апісвала нам як сустрэчы нарачонах падзяліся на гадзіны і хвіліны. Як падчас малявання, якое ішло сваім ходам, Аляксандр замест заляцанак, кампліментаў і пацалункаў ручак, чытаў класічныя і нават навуковыя творы. Як пасля гэтага нарачоная знікала і не з'яўлялася ў салоне да абеду, хоць нарачоны прыходзіў туды спяваць разам з панам Дзіётам, бо меў на гэта час. У гадзіны пасля абеду і ажно да гарбаты, ён пісаў у сваім пакоі гістарычныя даследаванні або, па парадзе будучага цесця, перакладаў на французскую мову раман Крашэўскага "Свет і паэт". Марыня не ведала раман у арыгінале, прачытала яго першы раздзел у перакладзе і малявала прыгожы малюнак, які павінен быў друкавацца як фронтпіс твора.
Вось так яны бавіліся ў Паставах, не вычэрпваючы сваіх пачуццяў, і так цягнулася амаль што два гады да самога вяселля. А я, прачытаўшы хутка апублікаванага "Каханоўскага" Гофманавай, параўноўвала Марыню з Ганнай, якая, пакуль яе нарачоны ваяваў, сумавала па ім і клапацілася пра дом. Але варшаўскія кузынкі, прызвычаеныя да нястрыманых пачуццяў, не разумелі здаровы сэнс Марыні. І будавалі планы бунту, запэўнівалі самі сябе, што калі б ад іх запатрабавалі падобных паводзін, яны выкінуліся б праз акно, а запіскі і перамігванні пайшлі б у смецце. Яны не разумелі, як каханне можа быць без рамантыкі, без інтрыг, без сакрэтаў!
У Вільні ў следчай камісіі па справе Канарскага, вырашаліся лёсы яго саўдзельнікаў. Дасланыя імператарам генерал Кавелін і палкоўнік Назімаў прыгаварылі ўжо ўвязнёных да катаргі ці ў жаўнеры. Прысуд быў адпраўлены імператару і вярнуўся зацверджаны яго подпісам. Але Бог добры і справядлівы! Я ўжо не памятаю, як была раскрыта ўся гэта жахлівая інтрыга, але першым знайшоў доказы невінаватасці асуджаных жандар, палкоўнік Ламачэўскі 55. Паважаныя суддзі жадалі справядлівасці, прыпынілі выкананне ўказа і нават напісалі імператару пра жудасную памылку, адказнасць за якую высакародна ўзялі на сябе. А паколькі яны мелі бездакорную рэпутацыю, імператар паверыў ім і дазволіў паўторны суд, ім жа за высакародны ўчынак ён даслаў званні і ордэны. Назімаў з палкоўніка стаў генералам і, каб яго павіншаваць, спадчыннік трона даслаў свае эпалеты. Вільня ўздыхнула з палёгкай і ўсім сэрцам прыхінулася да генерала Назімава і яго прыгожай жонкі Анастасіі. Генерал Кавелін узначальваў камісію але першай спружынай павароту падзей быў палкоўнік Ламачэўскі. Сардэчнасць Назімава глыбока кранула ўсіх, і разам з прыгожай жонкай ён шчыра радаваўся вызваленню вязняў і ўдзячнасць вызваленых і ўсяго края была накіраваная на яго. Мой бацька быў у той час у Вільні, дзе сустрэў высакароднага выратавальніка і яго прыгожую, добрую, анёльскую жонку, якая кожны дзень, калі яе муж вяртаўся з камісіі, выходзіла яму насустрач і пыталася, колькі людзей ён сёння вызваліў. А калі муж адказваў, што вызваліў двух ці трох, казала: "Чаму так мала?".
Наш сябар Мяноўскі быў звольнены з-за кратаў пасля больш, чым года турмы і адразу паляцеў у Яшуны, да сваёй дачкі і зяця. Пасля Яшун прыехаў у Дабраўляны. Мы яшчэ не ведалі, што ён на волі, калі аднойчы, раптоўна ён з'явіўся каля ўваходу ў капліцу… Усё такі ж, як і раней сардэчны, але больш спакойны, больш сталы, быццам больш празрысты, асвечаны пакутамі і ўдасканалены адзінотай. У сваіх расказах ён прызнаў гэтую змену ў сябе, шмат думаў, шмат засяроджваўся і звяртаўся да Бога. Яго візіт пакінуў на нас дзіўна прыемнае ўражанне.
1842 год
Зімой Бучынская выбралася ў Кайраны па запрашэнні пані Лапацінскай, якая мелася прыязджаць у горад толькі на балі і вячэры. Кузэн Аляксандр паехаў у Кіеў, каб заключыць кантракты на літаратурныя творы. Нарачоны і пісьменнік складалі ў ім адзінства і не перашкаджалі адзін аднаму. А нарачоная заставалася пад апекай бацькі і працягвала сваю адукацыю. Шлюб меўся адбыцца праз год, і ўзаемаадносіны маладых знаходзіліся ў поўнай гармоніі. Нарачоны меў дазвол пісаць нявесце, але толькі як да кузынкі, бо ён не адважваўся называць яе інакш, покуль не прыйдзе дазвол з Рыма 56. Варта яшчэ дадаць, што яго лісты заўсёды адкрываў бацька і дачка на іх ніколі не адказвала. Гэта строгая цэнзура, своеасаблівы каранцін пачуццяў, мог бы адпудзіць іншага прэтэндэнта. Але Аляксандр прызнаваў слушнасць гэтага і яго лісты былі напоўненыя рознымі навінамі пра ўсе і асабліва пра літаратурны рух падчас кантрактаў, паведамлялі пра публікацыю "Міндоўса" 57, пра спрэчкі Бэйла з Густавам Алізарам наконт "Мешаніны" і г. д.
Матыня пісала з Кайранаў часцей, чым два гады таму з Вільні, хоць і бавілася весялей, чым тады. У дзень святой Дароты пані Лапацінская атрымала сюрпрыз, пра які ведала ўся Вільня. Гэта была жывая карціна "Малітва" у суправаджэнні музыкі і дэкламацыі, складзенай Тамашом Занам. Увечары гралі камедыю Фрэдры "Помста за памежны мур". Невялікі тэатр з поўным наборам дэкарацый і ўсім неабходным абсталявалі ў садзе, гэта была праца пана Ігната. Іх маці не мела ніякага ўяўлення пра мастацкі талент сваіх дзяцей, аднак яе зяць, пан Марыконі, выдатна сыграў Раптусевіча, а пан Ігнат шалёнага Папкіна. Калі справа дайшла да гітары, пані Лапацінская, якая ніколі не чула каб сын спяваў, падумала, што ён толькі сыграе. Замест гэтага Ігнат праспяваў "Дачушка мая, дзіця маё", чым цалкам здзівіў маці - Ігнась спявае!
Пані Лапацінская нарадзілася, каб жыць у вялікім свеце, бо свет ніякім чынам не аддзяляў яе ад Бога, а толькі аб'ядноўваў з сябрамі, у яе хапала сэрца і часу на ўсё 58. Яе дом заўсёды чакаў, запрашаў і вітаў усіх, і нідзе не бавіліся больш весела, чым у яе. Гаспадыня кожнаму, нават самай нязначнай асобе, хацела і ўмела выказаць свае добрае асабістае стаўленне і нават прыязнасць. Цэлы вечар не садзілася, хадзіла ад групы да групы, прыносіла сваю ўсмешку і ветлівае слова не толькі ўсім, але і кожнаму паасобку. А пры канцы вячэры за гарбатай, толькі сярод сваіх блізкіх, аналізавала ўвесь дзень, рабіла сабе экзамен і прасіла нават у дзяцей, каб сказалі, ці не пакрыўдзіла яна каго? Гэта была не проста, бо часам збіралася па сто чалавек, і трэба было звяртаць аднолькавую ўвагу на ўсіх. Пры найменшай крыўдзе, узнікалі думкі аб кампенсацыі і г. д., і калі гэты чалавек начаваў у Кайранах, гаспадыня на раніцы пачынала з ім добрую размову.
І ў гэта неспакойнае мора патрапілі Тамаш Зан і Мяноўскі - вязень прызвычаены да адзіноты ў сваёй душы, узнёсла любіў святога выгнанніка. Яны былі неразлучнымі, і жадаючы, каб сябар пазнаёміўся і быў усімі ацэнены, Мяноўскі шостага лютага завёз яго ў Кайраны. Пані Лапацінская добра ведала, кім быў Тамаш Зан. Пры ёй павезлі ў ссылку гэтага магістра філарэтаў, і пасля столькіх гадоў выгнання яна радасна прыняла яго ў сваім доме, але не змагла з ім паразмаўляць. Ён пакорліва адышоў у натоўп гасцей, дзе сустрэў шмат знаёмых і багата тэм для размоў. Ставіўся да ўсіх па-хрысціянску і бавіўся выдатна. Але яго сябар не быў задаволены гэтым і прагнуў каб Зан граў першую ролю, каб ўсе толькі пра яго і размаўлялі і наблізіўшыся пры канцы вечара да гаспадыні, сказаў ёй: "Пані, гэта не Тамаш Зан, Зана тут няма!". "Няма?" - здзіўлена паўтарыла пані Лапацінская: "Каго ж вы мне прэзентавалі?". І годны сябар мусіў растлумачыць сэнс сваіх слоў і прымусіць яе зразумець, як трэба клапаціцца пра такога госця, як зрабіць, каб усе зразумелі, кім і сапраўды з'яўляецца Зан. Лічачы карнавальны тлум неўласцівай абстаноўкай для жыхара стэпаў, Мяноўскі прывёз яго ў Дабраўляны, дзе самотныя сёстры сядзелі вакол ложка хворай маці і жылі толькі рэхам Вільні. Нябачныя на дне мора пэрлы віталіся тут, як скарбы, выкінутыя хваляй на сухі бераг. Мяноўскі, з тварам, які зіхацеў, як вясёлка, гледзячы на спакойны, ясны і падобны на месяц твар Зана, трыумфальна штурхнуў яго наперад, не разумеючы, што хоць мы і рады сустрэць высакароднага выгнанніка, але з яшчэ большай радасцю вітаем яго самога і захапляемся яго поўным самаадмаўленнем і жаданнем як мага лепш прадставіць свайго сябра. Наступны выпадак дазволіў нам ацаніць яго яшчэ вышэй. Мяноўскі прывёз нам з Рыма ліст ад княгіні Леанілы, напісаны пасля атрымання весткі пра вызваленне сябра іх дома. Уся яе чыстая і цёплая душа, ззяла ў словах "Dieu soit loue! Dieu soit beni!" (фр. "Хвала Богу! Славім Пана!". - Л. Л.). Далей яна распавяла, як радавалася ўся іх сям'я - муж, дзеці і нават слугі, як усе яны паўтаралі адзін аднаму: "Мяноўскі на волі!".
Іда складала калекцыі з усяго, а тым больш з рэчаў, якія спалучалі ў сябе памяць і цноты сэрца і розуму. Яна перапісала гэты ліст і вярнула арыгінал уладальніку, але, не прадбачачы наступстваў, прызналася ў гэтым. Варта было бачыць, як раптоўна змяніўся твар Мяноўскага! Ён збялеў, пачырванеў і закрычаў: "Не, гэтага не трэба было рабіць! Панна Іда павінна аддаць мне копію!". Не мог нават вынесці думкі, што гэты ліст будзе доказам яго пахвальбы, што ён хваліцца сваім сяброўствам з князямі Вітгенштэйнамі! Мы казалі, што гэты поўны годнасці і павагі ліст нічым не можа скампраметаваць княгіню. "Не, можа!" - закрычаў Мяноўскі. Уяўная пыха і неабачлівасць ужо і былі злачынствам у яго вачах, і ён зноў папрасіў Іду вярнуць яму копію. Але яна не хацела адступаць і знішчаць сваю працу, прасіла і ўгаворвала яго. Мяноўскі быў няўмольным, у яго голасе адчувалася цвёрдасць і бачачы, што для Іды гэта цяжкая ахвяра, зноў з сумам патрабаваў аддаць яму копію ліста і быў настолькі настойлівы, што Іда мусіла вярнуць яму гэта. Быў вечар. Мяноўскі адной рукой трымаў ліст над свечкай і паліў, другой трымаў руку Іды і ўкленчыўшы, прасіў прабачэння. І ўсё гэта было натуральна, шчыра, без ценю прытворства. Ліст згарэў да подпісу! Удзячны Мяноўскі, каб кампенсаваць Ідзе яе працу, прапанаваў скапіяваць для яе значна даўжэйшы ліст, які змяшчаў прыгожа напісаны нейкай рускай дамай з Арэнбурга маральны партрэт Зана. Замест любімага палявання, прысвяціў гэтаму ўвесь наступны ранак і паколькі ў любой справе не меў меры, скапіраваў ліст два разы і прапанаваў нам абедзвюм.
Тамаш Зан заставаўся ў нас на ўвесь вялікі пост да канца зімы. Яго расказы пра жыццё ў выгнанні напаўнялі нашы вечары, а дні ён праводзіў у палях, бо за шмат гадоў прызвычаіўся да глушы, і было яму душна пад дахам, душна нават ў садах, дыхаць свабодна ён мог толькі на прыродзе. Яго вока прызвычаілася да вялікіх прастораў і спачывала толькі на вялікіх гарызонтах. Згодна са сваёй спецыяльнасцю ён шукаў камяні, класіфікаваў гатункі выкапняў і тлумачыў нам геалогію, бо нават урадам быў прызначаны для гэтай працы.
У Арэнбургу ён суправаджаў Гумбальта ў навуковых экспедыцыях. Штодзень мы чулі розныя расказы, самымі цікавыя - пра філарэтаў, слова гэта я памятала з дзяцінства, а прозвішчы ссыльных студэнтаў Зана, Чачота, Сузіна, іх строгага суддзі Навасільцава з яго кампаніяй, жылі ў маёй памяці хаатычна, як ў лабірынце, ніць ад якога падаў нам Зан, вярнуўшыся пасля васямнаццаці гадоў выгнання!
Ідэя таварыства ўзнікла ў галовах некалькіх студэнтаў Віленскага ўніверсітэта, якія прагнулі разам з інтэлектуальнай працай яшчэ і маральнага выхавання, актыўнай любові да бліжніх, дапамогі бедным, добрых паводзін і стасункаў. Крыніцай гэтай ідэі быў сам Бог, а імя яе выканаўцаў - "філарэты". Маладыя сэрцы і розумы лёгка прымаюць высакародныя ідэі і шмат моладзі далучылася да згуртавання. Гэтыя выбранцы збіраліся на размовы і нарады за горадам, на чале грамады стаяў разумны Фрайэнд 59, але яму шмат хто зайздросціў. "Мяне ўсе любілі, бо я нічым не адрозніваўся ад іншых і не мог зацьміць нікога, і гэты галоўны прапанаваў мяне на сваё месца, бо быў перакананы, што мяне будуць ахвотней слухацца і верыць … так яно і сталася", - расказваў сціплы Зан.
Сёння я шкадую, што падрабязна не занатавала апавяданні Зана. Я памятаю толькі пра таямнічыя ранішнія прагулкі студэнтаў у Рыбішкі і іншыя ваколіцы Вільні для размоў і нічога больш!
Зан быў пабожны, лагодны і вясёлы. Пасля ранішняй малітвы ў капліцы ішоў у поле, а па вечарах расказваў ці прапаноўваў розныя гульні. Мы па чарзе пісалі вершы, ён спяваў свае старыя песні, маляваў кіргізаў, іх зброю, іх жытло і г. д. Падпяваў нам, акампаніраваў самому сабе на фартэпіяна, а адзінай вартасцю яго малюнкаў была праўда. Верш Густава Зялінскага "Кіргіз", які Матыня даслала на імяніны з Вільні, дапоўніў расказы выгнанца пра стэпы, пра кумыс з кабылінага мала і г. д.
Цікавым быў эпізод пра арэнбургскага губернатара, які падарожнічаў па стэпах разам з Занам і загадаў яму чытаць уголас раманы "Матыльда" і "Мале-Адэль". Губернатара зачаравалі рамантычныя прыгоды герояў мадам Катэн 60, ён плакаў і адчайваўся, бо душа застаецца маладой і ў старым чалавеку.
Не заўсёды мы разумелі адзін аднаго. Зан аднойчы ўбачыў, як я цэлы вечар любавалася брыльянтамі ў табакерцы дзядзькі Пшаздзецкага і напісаў верш, у якім параўнаў мяне з німфамі Каспійскага мора, якія гуляюць з перламі і ўпрыгожваюць сябе каралямі. На што я адказала, што ў брыльянтах шукаю водбліск позірку Таго, хто іх стварыў.
Тым часам Аляксандр Пшаздзецкі вярнуўся з Кіева з прыгожым альбомам для нарачонай. Гэта была вялікая кніга часткова запоўненая аўтографамі вядомых пісьменнікаў. Крашэўскі ўпісаў туды ўступ з "Міндоўга", Грабоўскі 61 нешта з "Тайкуры" ці "Каліеўшчыны", Жавускі з "Сапліцы", а праз некалькі старонак мелася больш тоўстая, нібы з рамкай, старонка для малюнкаў Марыні ў якасці ілюстрацый.
Пасля прыезду нарачонага ў Паставы, зноў пачаўся шэраг літаратурных конкурсаў. Збігнеў аддаваў перавагу музыцы, іскра якой тлела ў ім і не мела магчымасці вырвацца. Без настаўнікаў, без добрага інструмента, праз перапіску пры дапамозе Матыні, ён сваім інстынктам вывучыў Шапэна, раіўся з Юзэфай Лапацінскай аб выкананні такіх адрозных ад іншых твораў. Добрасумленна і сур'ёзна паглыбляўся ў справу і метады старога настаўніка Сакульскага, чый парык даўно выйшаў з моды ці маладога Дзіёта, які ведаў толькі Курпінскага. Юзя Лапацінская ўбачыла незвычайны музычны талент Збігнева і з радасцю дыктавала Матыні ўсе сакрэты, якія сама набыла ў вялікага майстра.
Бучынская не магла адарвацца ад Кайранаў, яе адпачынак скончыўся роўна пасярэдзіне папельца, але пані Лапацінская зрабіла пяшчотную міну і спытала: "Ці толькі дзеля карнавалаў гасцявала ў мяне?". Як жа ж магла яна не застацца яшчэ на тыдзень? І за выключэннем танцаў і мясных страў, вялікі пост у Кайранах быў такім жа радасным і шматлюдным, як і карнавалы. Пані Лапацінская строга прытрымлівалася слоў евангелля: "Калі посціш, не сумуй", і з усмешкай аблівала сябе духамі. Тэатр таксама не бяздзейнічаў, у ім спявалі дуэты ў касцюмах, ставілі балады і г. д.
(Працяг у наступным нумары.)
* Gabrjela z Guntherоw Puzynina. W Wilnie i w dworach litewskich: pamiаtnik z lat 1815-1843. Wilno, 1928. Пераклад Леаніда Лаўрэша.
51 З Янам Ходзькам, аўтарам кнігі: Chodzko J. Pan Jan ze Swisloczy, kramarz wadrujacy. Wilno, 1821. Дзядзькам Ігната Ходзькі. - Л. Л.
52 "Берагі Віліі" - адна з аповесцяў цыкла Ігната Ходзькі "Літоўскія малюнкі". - Л. Л.
53 Рукапіс "Гражыны" Ігнат Ходзька ахвяраваў Аляксандру Пшаздзецкаму, у 1920-х гг. ён знаходзіўся ў бібліятэцы Рэйнольда Пшаздзецкага ў Варшаве.
54 12 тэчак Адама Гюнатара ў 1920-я гг. знаходзіліся ў зборах Рэйнольда Пшаздзецкага ў Варшаве, акрамя шматлікіх дробязяў, там мелася шмат цікавага. - Л. Л.
55 Гл: Ломачевский А. Виленская драма. С.-Петербург, 1873. - Л. Л.
56 Дазвол (dyspensa) з Рыма быў патрэбны з-за блізкага сваяцтва будучых сужэнцаў. - Л. Л.
57 Маецца на ўвазе паэтычны твор Юзафа Крашэўскага. З гэтай нагоды Тэадор Нарбут пісаў: "Польскія гісторыкі і даследчыкі заўсёды нас, ліцвінаў, прыніжалі і прыніжаюць, нават сёння, апісваючы нашых герояў, Крашэўскі перайначвае імёны: з Міндоўга зрабіў Міндаўса - так у нас сабак называюць". - гл: Лаўрэш Леанід. Тэадор Нарбут: Навуковая і літаратурная дзейнасць, сям'я і сядзіба, яго час. С. 54. - Л. Л.
58 У той час "каралевамі [віленскага грамадства] была "камтэса" (графіня) Лапацінская і княжна [Леаніла] Вітгенштэйн (у дзявоцтве Барацінская). Абедзве жылі пад Вільняй, першая ў Кайранах, другая ў славутых з часоў павешанага кс.-біскупа Масальскага Верках, дзе часта ладзіліся балі і аматарскія тэатры". гл: Корвін Мілеўскі Гіпаліт. Успаміны пра семдзесят гадоў (1855-1925). Издательские решения, 2025. С. 30. - Л. Л.
59 Фрайэнд, студэнт з Валыні. - Л. Л.
60 Сафі Катэн (1770-1807), французская пісьменніца і перакладчыца. - Л. Л.
61 Міхал Грабоўскі (1804-1863), пісьменнік, публіцыст і літаратурны крытык. - Л. Л.
Беларусы сустракаюцца з індзейцамі
Паэтычныя краіны; Еўтушэнка, Сандовіч; з ініцыятыў духоўных нікарагуанцаў
(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-52 (105-156) (2024); № 1-45 (157-201) за 2025 г.; № 6 (215) за 2026 г.)
Група гамяльчан прапанавала адзначыць 100-годдзі з дня нараджэння двух дзеячаў, звязаных з Гомелем.
"Давід Ісаакавіч Выгодскі (5[хаця часта ўказваецца 4].10.1893, г. Гомель - 27.07.1943, ГУЛАГ) - вядомы літара-туразнаўца, перакладчык і арганізатар міжнародных культурных сувязей. Працаваў у галіне іспаністыкі і лацінаамерыканістыкі. Пераклаў на рускую мову творы іспанскіх, партугальскіх, амерыканскіх, беларускіх і яўрэй-скіх пісьменнікаў. Быў адным з арганізатараў Іспана-амерыканскага таварыства ў Ленінградзе. Вывучаў і папулярызаваў яўрэйскую літаратуру, супрацоўнічаў з яўрэйскай прэсай. Быў асабіста знаёмы і вёў перапіску з выдатнымі дзеячамі славянскіх, яўрэйскай і іспанамоўных культур. Унёс уклад у развіццё журналістыкі і народнай адукацыі ў Гомелі.
Леў Сямёнавіч Выгоцкі (5[17 н.с.].11.1896, г. Орша - 11.06.1934, г. Масква) - выдатны вучоны-псіхолаг, які распрацаваў культурна-гістарычную тэорыю ў псіхалогіі, заснавальнік найбуйнейшай савецкай псіхалагічнай школы. Працы Выгоцкага па вывучэнні структуры свя-домасці аказалі значны ўплыў на развіццё сусветнай псіхалагічнай навукі (БСЭ, 5, 521). З 1897 г. па 1924 г. жыў у г. Гомелі, працаваў у шэрагу гомельскіх агульнааду-кацыйных і культурных устаноў, дзе сабраў матэрыял для сваіх наступных прац і склаўся як вучоны.
У сувязі з выказаным мяркуецца правядзенне ў г. Гомелі наступных мерапрыемстваў:
- абвясціць 1993-1996 гг. трохгоддзем Выгодскіх у г. Гомелі".
Копіі звароту дасланы (з суправаджальным стандартным лістом [5] і індывідуальным лістом або P.S. кожнаму) для інфармацыі 52 спецыялістам па індзеяні-стыцы ў ЗША і Канадзе. Варта заўважыць, што тэарэты-чна, выбраныя яны былі індзейцы з адпаведнай базы, індзейцы, але не ўсе з іх індзейскага паходжання. Alphabethical order.
Judith Antel (Джудзіт Антэл), (пасля прозвішча тут і далей прапускаецца (назва поля або элемент запісу ў ім) Department (of); скарочаны American Indian Studies - AIS, Native American Studies - NAS, University - Univ.) NAS - University of California (Berkeley, CA); Jose Barreiro (Хасэ Барэйра), NAS - Cornell University (Ithaca, NY); Art Beaver (Арт Бівер), Native Studies - Trent University (Peterborough, Omtario); John Boatman (Джон Боўтман), NAS Program - University of Wisconsin (Milwaukee, WI); Leonard Brugluier (?; Леанард Бруглуе?), AIS (PhD studies) - ("NOT A GOOD ADDRESS") (Stillwater, OK); Richard Carrico (Рычард Карыка), AIS - San Diego State University (San Diego, CA); Edward Castillo (Эдвард Кастыльё), NAS - Sonoma State University (Rohnert Park, CA); Ben Chavis (Бен Чэйвіс), AIS - San Francisco State University (San Francisco, CA); Richmond Clow (Рычманд Клоў), NAS - University of Montana (Missoula, MT); Samuel Corrigan (Сэмюэл Корыган), Native Studies - Brandon University (Brandon, Manitoba); Adolph Dial (Адалф Даял), AIS - Pemproke State University (Pembroke, NC); Jeanne Oyawin Eder (Джын Аявін Эдэр - ліст да яе, адпраўлены 28.01.1994 г., быў апошнім у серыі), NAS - Eastern Montana College (Billings, MT); Rory Snowarrow Fausett (Роры Сноўараў Фосет), NAS - University of California (Berkeley, CA); Walter Fleming (Уолтэр Флемінг), Center for NAS - Montana State University (Bozeman, MT); Jack D. Forbes (Джэк Д. Форбс), NAS, Applied Behavioral Sciences - University of California (Davis, CA); Don Frantz (Адольфа Франка Памарэс), NAS - University of Lethbridge (Lethbridge, Alberta); Walter Funmaker (Уолтэр Фанмэйкер), AIS - ("NOT A GOOD ADDRESS") (La Crosse, WI); Robert Franklin Gish (Роберт Франклін Гіш), Ethnic Studies - School of Liberal Arts, CAL POLY (San Luis Obispo, CA); Michael D. Green (Майкл Д. Грын), NAS - Darmouth College (?) (Lexington, KY); Ines Hernandez (Інес Эрнандэс), NAS - University of California (Davis, CA);Theodore S. Jojola (Тэадор C. Хахола), NAS - University of New Mexico (Albuquerque, NM); Clara Sue Kidwell (Клара Сью Кідуэл), NAS - University of California (Berkeley, CA); Leroy Littlebear (Лерой Літлбеар), NAS - University of Lethbridge (Lethbridge, Alberta); George Longfish (Джордж Лонгфіш), NAS - University of California (Davis, CA); Henrietta Mann Morton (Генрыета Ман-Мортан), NAS - University of Montana (Missoula, MT); Smallface Marule (Смолфэйс Маруле), NAS - University of Lethbridge (Lethbridge, Alberta); Don McCaskill (Дон Макаскіл), Department of Native Studies - Trent University (Peterborough, Ontario); Carol A. Miller (Кэрал А Мілер), AIS - University of Minnesota (Minneapolis, MN); Patrick C. Morris (Патрык Морыс), AIS & Business - University of Washington (Bothell, WA); Henri Morton (Анры Мортан), American Studies (c/o) - University of Montana (Missoula, MT); John Nichols (Джон Нікалс), Native Studies - University of Manitoba (Winnipeg, Manitoba); Jack D. Norton (Джэк Д. Нортан), NAS - Humboldt State University (Arcata, CA); Elizabeth A. Parent (Элізабет Парэнт), AIS - San Francisco StatevUniversity (San Francisco, CA); Linda Parker (Лінда Паркер), AIS - California State University (San Diego, CA); Otis Parrish (Отыс Парыш), (Indian Studies) - (?) (Richmond, CA); Ken Pepion (Кен Пепіён), NAS - University of Montana (Missoula, MT); Agnes Picotte (Агнес Пікот), AIS - Dakota Wesleyan Univ., Mitchell (Chamberlain, SD); Richard T. Price (Рычард Прайс), School of Native Studies - University of Alberta (Edmonton, Alberta); Robert Reising (Роберт Райзінг), AIS - Pembroke State University (Pembroke, NC); James Riding In (Джэймс Райдынг Ін), Justice Studies - Arizona State University (Tempe, AZ); Wendy Rose (Уэндзі Роўз), AIS - Fresno City College (Fresno, CA); Thomas Simms (Томас Сімс) (?) - (?) (Sioux Falls, SD); Wayne Stein (Уэйн Стайн), Center for NAS - (?) (Bozeman, MT); Ronald D. Theisz (Рональд Д. Тэйш), Center of Indian Studies - Black Hills State College (Spearfish, SD); Cliff Trafzer (Кліф Трафзер), Ethnic Studies - University of California (Riverside, CA); Haunani-Kay Trask (Хаўнані-Кай Траск), Center for Hawaiian Studies - University of Hawaii at Manoa (Honolulu, HI); Octaviana V. Trujillo (Актавіяна В Трухільё), American Indian Graduate Center - University of Arizona (Tuscon, AZ); Ken Vasques (Кен Васкес), AIS Center - University of Arizona (Tuscon, AZ); Edward R. Wapp (Эдвард Р. Уоп), AIS - (University of Washington?) (Santa Fe, NM); David Whitehorse (Дэвід Уайтхорс), AIS - San Diego State University (San Diego, CA); Terry Wilson (Тэры Уілсан), Ethnic Studies - University of California (Berkeley, CA); Ofelia Zepeda (Афелія Сепеда), AIS Center - University of Arizona (Tucson, AZ).
ЕЎТУШЭНКА Яўген (4) - наведваў Нікарагуа.
Яўген Еўтушэнка
МАЙСТЭРНІ ПАЭЗІІ Ў НІКАРАГУА (2)
...Меднааблічная нікарагуанка, падобная на старога індзейскага правадыра, стаяла, скрыжаваўшы рукі на грудзях, каля прахода амфітэатра, набітага народам, і напружана ўслухоўвалася ў рытмічныя спалучэнні слоў, якія даносіліся з эстрады. Старую ўгаворвалі сесці, таму што яна замінала, але яна, здавалася, не чула нічога, акра-мя галасоў, якія чытаюць вершы. Можа, старая наогул не ведала, што такое вершы, і думала, што гэта песні - толькі без музыкі. Незразумела было, падабаецца гэта старой ці не падабаецца, але яна не сыходзіла. Яна не проста слухала - яна прыслухоўвалася [внимала]. Яна ўдумва-лася. Яна пачынала пляскаць пазней за ўсіх - і заканчвала пляскаць пазней за ўсіх. Можа быць, яна ўпершыню зразумела, што злучэнне далоняў ёсць выказваннем падзякі. А скончыўшы пляскаць, яна хавала свае пальцы з абламанымі сялянскай працай пазногцямі і зноў стаяла, як увасабленне ўвагі.
Гэта адбывалася на паэтычным марафоне, прысве-чаным 115-й гадавіне з дня нараджэння Дарыё, у горадзе яго імя. Марафон пачаўся ў дзесяць раніцы і працягваўся да васьмі вечара. З дзвюх тысяч слухачоў - сялян, салдат, школьнікаў, рабочых - многія бачылі жывых паэтаў упер-шыню. І для многіх аказалася ўзрушэннем тое, што людзі, якія склалі гэтыя песні без музыкі, таксама былі сялянамі, рабочымі, салдатамі, школьнікамі і чыталі не на птушы-най, а на простай чалавечай мове, дзе галоўнымі былі такія надзённыя словы, як "каханне", "зямля", "кроў", "рэвалюцыя".
Чароўна нязграбная таўстуха ў форме народнай міліцыі дэкламавала так грозна, што рэвальвер у кабуры падскокваў на яе магутным сцягне. Стары селянін у саламяным капелюшы, з-пад якога ўспыхвалі вочы мясцовага Саванаролы, кастлявым кулаком пагражаў тым, хто ў яго зноў хацеў бы адабраць зямлю. Рыфмы былі сумнеўнымі, а вось кулак быў невялікі, але моцны. Вялікавокая школьніца ў белых шкарпэтках напявала тоненькім голасам аб тым, што, калі яна ідзе па зямлі, пад яе нагамі ўздрыгваюць мёртвыя. Мяне ўразіла, што многія вершы былі прысвечаны пагрозе ядзернай катастрофы: здавалася б, у нікарагуанцаў столькі сваіх уласных лакаль-ных трагедый, што яны маглі б забыцца пра страшны цень патэнцыйнай сусветнай трагедыі. Але гэты цень цяпер стаў настолькі рэальным, што згінае сваім цяжарам кож-ную травінку на зямлі. Напэўна, тая меднатварая нікара-гуанка знаходзіцца ў шчаслівым няведанні, не ведаючы, што такое атамная бомба. Але што такое бомба, яна ўжо ведае...
Чытаў Эрнэста Кардэналь з вачыма, поўнымі баць-коўскіх слёз шчасця, бо гэты марафон стаў і перамогай рэвалюцыі, і яго асабістай перамогай. Чытаў паэт Карлас Рыгбі, які шмат разоў сядзеў у турме, прапраўнук заве-зеных з Афрыкі рабоў, беласнежна зіхоцячы зубамі і падтрасаючы чорнымі джунглямі кучаравых валасоў. Чытаў барадаты лекар Фернанда Сільва, які калісьці здабываў аскепкі шкла малодшага сына Самосы, які наляцеў з разбегу на празрыстыя дзверы. Калі Самоса і яго чэлядзь уперліся ў аперацыйную, ён выгнаў іх, кінуў-шы ў твар дыктатару: "Дыктатар тут - я..."
Чытала намеснік міністра культуры - мадыльяні-еўская прыгажуня Дэйзі Самора [Daisy Zamora], якая была дыктарам падпольнага сандзінісцкага радыё. Адной-чы іх маленькі атрад акружылі ў гарах нацыянальныя гвардзейцы. Гвардзейцаў было чалавек дзвесце, а сандзі-ністаў - усяго некалькі чалавек. Патроны канчаліся. Ка-мандзір атрада аддаў загад: апошнюю кулю ў сябе, абы не трапіць у рукі катам. Самору і яе таварышаў выратавала горнае рэха. Калі сандзіністы ў некалькі галасоў закрычалі: "Віва Нікарагуа лібрэ!" - рэха ўзмацніла іх галасы ў сто разоў, і гвардзейцы адступілі.
Чыталі замежныя госці: высокі вельмі худы кубінец Раберта Фернандэс Рэтамар з донкіхотаўскім профілем; статуэтачна вытанчаны венесуэльскі прафесар Хаакін Марыё Соса; цяжкавагавы, па-бязухаўску няёмкі [нелов-кий] мексіканец Пачэка; панура-хітры гандурасец Рабер-та Соса; сумна-стрыманы аргенцінец Хуан Хельман; змрочны перуанскі прыгажун Сіснерас [Antonio Cisneros]...
Пісьменнікі Лацінскай Амерыкі, пачціва схіляю-чыся перад ценем Рубэн Дарыё [Ruben Dario], не схіліліся перад ценем агрэсіі, якая вісіць над Нікарагуа, і прыехалі да сваіх аднамоўных братоў. У гэтым адзінстве лацінааме-рыканскіх пісьменнікаў я ўбачыў правобраз будучага магутнага адзінства народаў кантынента, які пакутуе, але які не здаецца і змагаецца.
…А тая меднааблікая нікарагуанка ўсё стаяла і слухала вершы, пакуль пякучае сонца над яе сівой галавой не змянілася пацямнелым небам з асвяжальна праступі-лымі зоркамі. Паэзія падарыла ёй сябе занадта позна. Але, можа, у недалёкую сваю смяротную гадзіну, перабіраю-чы нешматлікія радасці, што выпалі на яе сялянскую долю, яна ўспомніць гэты дзень і словы, што ўляцелі ў яе душу, як у незачыненае акно на святло ўжо гаснучай, але ўсё яшчэ мігатлівай лямпы.
Сандовіч
САНДОВІЧ Арына (Iryna Sandovich) - адна з многіх, хто ўзяў інтэрв'ю хакеіста-кры
Арына Сандовіч
ДЖОНАТАН ЧЫЧУ: ХАКЕІСТ З ЛЯСОЎ КАНАДЫ (1)
Нападаючы каманды "Дынама-Мінск" - 34-гадовы Джонатан Чычу - ужо паспеў пакарыць тысячы сэрцаў беларускіх заўзятараў хакею сваімі феерычнымі шайбамі і галявымі перадачамі. А нас ён у першую чаргу зацікавіў тым, што з'яўляецца першым і да гэтага часу адзіным ін-дзейцам з племені кры, які выходзіў на лёд у афіцыйных матчах Нацыянальнай хакейнай лігі.
- Джонатан - гэта англійскае імя, а як гучыць тваё індзейскае імя?
- Я ведаю пра гэтую традыцыю, але ў мяне яго няма. Мяне з самага дзяцінства ўсе ў племені называлі Джонатанам. Затое маё прозвішча сапраўднае, індзей-скае.
- І што яно азначае?
- Нічога, проста прозвішча.
- Дарэчы, тваё дзяцінства прайшло не дзе-небудзь, а ў сапраўднай рэзервацыі.
- Так, я нарадзіўся ў невялічкім гарадку Мус Фактары - правінцыі Антарыа. І рос, як і ўсе дзеці племені, збіраючы дары лесу - ягады, а таксама дапамагаючы да-рослым здабываць ежу праз традыцыйныя для індзейцаў паляванне і рыбалку. Але ў 14 гадоў маё жыццё карэнным чынам змянілася, бо я вырашыў пакінуць свой дом, каб пачаць прафесійна займацца хакеем.
- А чаму менавіта хакей? Умовы, у якіх ты вырас, былі не зусім спрыяльныя для гэтага: патрэбны прафесій-ная экіпіроўка, каток… Дзе ж іх узяць у рэзервацыі?
- Сапраўды, я разам з сям'ёю жыў на прыродзе, у акружэнні лясоў. Мой дзед - вельмі добры паляўнічы і ўсё сваё жыццё здабываў футра для розных кампаній. Я і сам у дзяцінстве марыў гэтым займацца, але потым хакей мяне цалкам захапіў. Я ж канадзец, а ў нас хакей - больш, чым проста спартыўная гульня. Усе дзеці растуць на хакейных матчах. І я не выключэнне: усе члены маёй сям'і - актыўныя хакейныя заўзятары. Пры любой магчымасці я гуляў у яго на адкрытых пляцоўках, крок за крокам удас-канальваючы сваё майстэрства. І калі нарэшце пачаў паказваць добрыя вынікі, вядомы гулец і трэнер Тэд Нолан, які, дарэчы, з'яўляецца першым індзейцам-хакеістам, а зараз трэніруе нацыянальную зборную Латвіі, параіў мне пакінуць рэзервацыю і пачаць займацца спортам прафесійна.
Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.
Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.
Індзейцы, индейцы, Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Bielorrusia, Belarus; Алесь Симаков. Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 170].
Мы зіму правялі, а яна ісці не спяшаецца
Зіма сёлета не спяшаецца здавацца, але 21 лютага ў парку культуры і адпачынку па вул. Міцкевіча ў Лідзе ёй наладзілі па-сапраўднаму гарачыя провады. Гасцей свята чакала яркае касцюмаванае шоў, вясёлыя забавы, займальныя конкурсы, песні і, вядома ж, духмяныя бліны. Кульмінацыяй імпрэзы стала традыцыйнае спаленне пудзіла халоднай зімы Марэны. Дваццаць калектываў прадпрыемстваў і арганізацый сабраліся ў гарадскім парку, каб паказаць свае творчыя нумары.
Супрацоўнікі ДУ "Лідскі гісторыка-мастацкі музей" актыўна і пазітыўна праводзілі зіму, паўдзельнічаўшы ў конкурсе на лепшую касцюміраваную каманду. Пагрузіўся ў гэты святочны дзень і калектыў ГУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы". У рамках раённага свята "Провады зімы" 21 лютага супрацоўнікі бібліятэк прынялі ўдзел у конкурсе на лепшую касцюмаваную каманду, дзе былі ўганараваны дыпломам II ступені.
ТК "Культура Лідчыны".
Герб горада Ліды, наданы 17 верасня 1590 г.
