Наша слова.pdf № 9 (218), 4 сакавіка 2026.
Са святам вясны, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка
* * *
І ты, і я… І на паўмілю,
Што ў дзень стварэння, - ні душы…
Бярозкі, ўбачыўшы, застылі -
Баяцца голлем варушыць.
Ступіць баяцца нават кроку
Ў наш чысты замак з крышталю,
Каб не падслухаць ненарокам
Святое першае: "Люблю!.."
Каб шэпат, стаўшы гучным рэхам,
Не нарабіў бы нам трывог,
І нехта злосны брудным смехам
З яго смяяцца гідка мог.
Хай заўтра яснае світанне
Абудзіць чысты новы дзень,
І на "люблю" - лісток прызнання
Не ляжа ценем нават цень.
Алесь Бачыла.
СЛАВУТЫЯ ЖАНЧЫНЫ Ў ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСІ
Народная студыя "Дама сэрца" Дзяржаўнай установы "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" працягвае працу над праектам "Славутыя жанчыны ў гісторыі Беларусі".
Створаны вобраз Соф'і Гальшанскай, апошняй жонкі караля Ягайлы. Гістарычная фігура ўвасоблена праз гатычны касцюм са складаным галаўным уборам.
ТК "Культура Лідчыны".
Музейныя прадметы на беларускай мове
Да Дня роднай мовы члены клуба "Краязнаўцы" СШ № 1 г. Лiды падрыхвалi вiктарыну "Экспанат на роднай мове". Падпiсчыкам акаўнта "Пазнаем гiсторыю Лiдчыны разам" прапануецца назваць музейныя прадметы на беларускай мове. Далучайцеся!
ТК "Адукацыя Лідчыны".
ТЫДЗЕНЬ РОДНАЙ МОВЫ
У СШ № 5 г. Ліды весела і цікава прайшоў Тыдзень роднай мовы. На працягу тыдня вучні актыўна прымалі ўдзел у акцыі "Размаўляй са мной па-беларуску".
Самымі запамінальнымі былі: інтэлектуальная гульня "Знаўцы роднай мовы", у якой вучні паглыбілі свае веды аб роднай мове; гульня "Перакладчыкі", актыўна вучні ўдзельнічалі ў акцыі "Чытаем класіка разам".
Завяршыўся Тыдзень напісаннем Гарадзенскай абласной дыктоўкі.
Далучайцеся да нас, каб разам адкрыць багацце, прыгажосць і меладычнасць роднай мовы.
ТК "Адукацыя Лідчыны".
Абласная дыктоўка
Да напісання традыцыйнай абласной дыктоўкі, прысвечанай Міжнароднаму дню роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага, напярэдадні свята далучыўся педагагічны і вучнёўскі калектыў Сярэдняй школы № 6 г. Ліды імя М.Б. Куканенкі. Мерапрыемства накіравана на папулярызацыю беларускай мовы і падтрымку традыцый краіны, таму вельмі важна, што менавіта такі дзень аб'яднаў сёння ўсіх: і вучняў, і іх бацькоў, і настаўнікаў. Годным прыкладам з'явілася тое, што ў першых радах разам з калектывам - дырэктар школы Трэмбач І. Ф.
Размаўляйце па-беларуску, гэта так прыгожа!
ТК "Адукацыя Лідчыны".
"Рускай мове дай разгрузку - размаўляй па-беларуску"
Шосты школьны дзень у СШ № 12 г. Ліды завяршыў Тыдзень роднай мовы "Рускай мове дай разгрузку - размаўляй па-беларуску". На працягу тыдня вучні змагаліся за званне лепшага знаўцы беларускай мовы і літаратуры, гісторыі і культуры Беларусі, біяграфіі класікаў, за званне самага эрудыраванага, кемлівага, творчага, адказваючы на сур'ёзныя і жартаўліва-хітрыя пытанні, адгадваючы загадкі, рэбусы, рашаючы моўныя задачы, узгадваючы беларускія творы, дэкламуючы беларускія вершы.
Дзеці яшчэ раз упэўніліся ў разнастайнасці і багацці роднай мовы, на якой трэба размаўляць і якую трэба берагчы і захоўваць. Як запавет нам гучаць словы класіка беларускай літаратуры Я.Коласа: "Трэба любіць, ведаць і шанаваць мову свайго народа і ўмець дасканала валодаць ёю".
ТК "Адукацыя Лідчыны".
Гучы, роднае слова!
У СШ № 15 г. Ліды гучала мова, выводзіліся на паперы цёплыя словы... Святкаваўся Тыдзень роднай мовы і Міжнародны дзень роднай мовы.
Карысныя тэматычныя перапынкі, пазакласныя гадзіны, гульні, моўныя спаборніцтвы, квэст-гульня "У пошуках літары Ў", лінгвістычны турнір "У лабірынтах слова", конкурс "Самы шчыры беларус".
А таксама дыктоўка, у якой педагогі ўдзельнічалі побач з вучнямі.
За актыўны ўдзел на працягу тыдня вучні былі ўзнагароджаны прызамі.
ТК "Адукацыя Лідчыны".
Скарбы роднай мовы
Напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы ў 4-м класе Ваверскай сярэдняй школы прайшла класная гадзіна, прысвечаная нашай неацэннай спадчыне - беларускай мове пад назвай "Скарбы роднай мовы".
20 лютага тут адбылася творчая сустрэча вучняў з настаўніцай пачатковых класаў Петрусевіч Ліліяй Юр'еўнай, удзельніцай літаратурнага аб'яднання " Суквецце" пры рэдакцыі " Лідская газета". Вучні пачулі вершы ва ўласным чытанні аўтара, а таксама прачытаныя вучнямі 4 класа, прысвечаныя Радзіме, прыгажосці роднай зямлі. Сустрэча прайшла цікава і запомніцца вучням надоўга.
ТК "Адукацыя Лідчыны".
Тыдзень роднай мовы
Вучнi CШ № 2 г. Бярозаўкi далучылicя да акцыi "Пятнiца - роднаё, сваё". Беларускiя стравы на основе лiдскай малочнай прадукцыi, самыя смачныя на свеце!
"А якое твае любімае беларускае слова?" - менавіта такім пытаннем бібліятэкар сустракаў у суботні дзень чытачоў СШ № 2 г. Бярозаўкі. У рамках Тыдня роднай мовы вучням і настаўнікам прапанавалі напісаць сваё любімае слова па-беларуску і атрымаць у падарунак рэцэпт беларускай нацыянальнай кухні.
ТК "Адукацыя Лідчыны".
"Музей у кошыку"
У Ёдкаўскай СШ прайшоў тыдзень роднай мовы, які ў гэтым годзе атрымаўся па-сапраўднаму яркім і запамінальным! Усе дні былі напоўненыя любоўю да беларускага слова, цікавымі падзеямі і творчасцю.
Навучэнцы і настаўнікі сталі актыўнымі ўдзельнікамі разнастайных конкурсаў і віктарын, дзе змаглі праверыць свае веды і даведацца нешта новае пра родны край.
Крэатыўны праект "Музей у кошыку"- незвычайная магчымасць паказаць нашу культуру і побыт праз прадметы, сабраныя ў адным месцы - проста і з душой!
І, вядома, галоўнай падзеяй стала напісанне дыктоўкі, прымеркаванай да Міжнароднага дня роднай мовы. Кожны, хто ўзяў у рукі ручку, змог адчуць мілагучнасць беларускага слова і далучыцца да ўсіх, хто шануе мову продкаў.
ТК "Адукацыя Лідчыны".
"Таямніцы роднай мовы"
Вучні Мажэйкаўскай сярэдняй школы Лідскага раёна далучыліся да Тыдня роднай мовы, які праходзіць пад дэвізам "Рускай мове дай разгрузку - размаўляй па-беларуску".
Выхаванцы дзіцячага садка не засталіся ўбаку. Яны вучыліся размаўляць па-беларуску ў час інсцэніроўкі беларускай народнай казкі "Коцік, Пеўнік і Лісічка".
Адзін з дзён быў прысвечаны развучванню дзіцячых народных беларускіх гульняў. "Вясёлы перапынак" арганізаваў вакол сябе вучняў 3-5 класаў.
Паміж вучнямі 5-8 класаў прайшоў інтэлектуальны турнір "Таямніцы роднай мовы".
"Скарбонка мудрасці" ў кожным беларускім слове - да такой высновы прыйшлі вучні 9-11 класаў. Яны сабралі выслоўі, прыказкі нашай мясцовасці, чыталі вершы нашай зямлячкі А. Грынкевіч з яе зборніка "Я вёсцы шчыра пакланюся", наведалі школьны музей, дзе залеж народных слоў.
ТК "Адукацыя Лідчыны".
Тыдзень роднай мовы ў Дзітве
"Рускай мове дай разгрузку - гавары па-беларуску" - пад такім дэвізам праходзіць Тыдзень роднай мовы ў Дзітвянскай сярэдняй школе.
Інтэрактыўныя гульні, віктарыны і конкурсы дапамагаюць вучням адкрыць скарбы роднай мовы, а за актыўны ўдзел атрымаць спецыяльныя сертыфікаты.
Вучні і настаўнікі Дзітвянская СШ актыўна прынялі ўдзел у Агульнанацыянальнай дыктоўцы, прысвечанай Міжнароднаму дню роднай мовы.
Падтрымка і захаванне роднай мовы з'яўляецца важным элементам культурнай спадчыны і ідэнтычнасці беларускага народа. Удзел у падобных акцыях спрыяе ўмацаванню любві да роднай мовы, разуменню яе важнасці і ролі ў грамадстве.
ТК "Адукацыя Лідчыны"
Сустрэча з земляком-паэтам у Крупаве
21 лютага з нагоды Дня роднай мовы ў Крупаўскай сярэдняй школе Лідскага раёна адбылася сустрэча з навуковым супрацоўнікам літаратурнага аддзела Лідскага гісторыка-мастацкага музея, паэтам-земляком Алесем Хітруном.
У цёплай атмасферы гучалі вершы на роднай мове, прызнанні ў любові да малой радзімы - вёскі Крупава. Вучні атрымалі магчымасць задаць госцю пытанні і атрымаць на іх шчырыя адказы.
ТК "Адукацыя Лідчыны"
Мова - вялікі народны скарб!
У Першамайскай СШ прайшоў Тыдзень роднай мовы.
Настаўнікі і вучні падрыхтавалі захапляльныя інтэрактывы, якія пагрузілі ўсіх у багацце беларускай мовы і літаратуры: флэш-моб "З вытокаў роднай мовы", музычны марафон, віртуальнае падарожжа па Беларусь, акцыя "Пажаданні роднай мове", конкурс чытальнікаў вершаў пісьменнікаў-юбіляраў, майстар-клас "Валодай словам - будзь ў трэндзе", напісанне Гарадзенскага абласнога дыктанта i Агульнанацыянальнай дыктоўкі на беларускай мове. Да ўдзелу ў мерапрыемствах Тыдня беларускай мовы далучыліся таксама выхаванцы дзіцячага садка!
ТК "Адукацыя Лідчыны".
З любоўю да роднай мовы
Напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы ў дзіцячым садку № 38 прайшлі розныя цікавыя мерапрыемствы. У старэйшых групах была арганізавана выстава беларускіх кніг "З любоўю да роднай мовы", праведзены дыдактычныя гульні.
Бацькі старэйшых груп прынялі ўдзел у акцыі "Гавары са мной па-беларуску."
ТК "Адукацыя Лідчыны".
Урачыстая дыктоўка на беларускай мове
Рэспубліканскі праект "Кожная пятніца - роднае, сваё" набыў асаблівае гучанне напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы, які традыцыйна адзначаецца 21 лютага.
У Бярозаўскім гарадскім Доме культуры прайшла ўрачыстая дыктоўка на беларускай мове. Асаблівым сэнсам мерапрыемства напаўняе той факт, што 2026 год абвешчаны ў нашай краіне Годам беларускай жанчыны. Менавіта жанчына спрадвеку беражэ родную мову, перадаючы яе дзецям і ўнукам. Удзельнікі дыктоўкі працягнулі гэту традыцыю, пацвердзіўшы: мова жыве, пакуль ёю гавораць і пішуць.
ТК "Культура Лідчыны"
БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Станіслаў Суднік
Колеры, афарбоўкі і масці ў Лідзе і ў астатняй Беларусі
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Афарбоўкі і масці жывёлаў
САБАКА
Сабака ці свойскі сабака (лат. Canis familiaris, ці лат. Canis lupus familiaris) - свойская жывёла, адна з найболей папулярных (нароўні з катом) жывёл-кампаньёнаў.
З заалагічнага пункта гледжання, сабака - плацэнтарны сысун атрада драпежных сямейства сабачых. Свойскі сабака быў апісана як самастойны біялагічны від Canis familiaris Лінеем у 1758 годзе; у наш час гэтая навуковая назва прызнаецца арганізацыямі, такімі як Амерыканскае таварыства мамолагаў. Некаторыя крыніцы (напрыклад, ITIS і MSW3) прызнаюць сабаку падвідам ваўка ( Canis lupus familiaris).
Сабакі вядомыя сваімі здольнасцямі да навучання, любоўю да гульні, сацыяльнымі паводзінамі. Выведзены адмысловыя пароды сабак, прызначаныя для розных мэт: палявання, аховы, цягі гужавога транспарту і іншага, а таксама дэкаратыўныя пароды (напрыклад, балонка, пудзель).
У рускамоўных пісьмовых крыніцах слова "сабака" ў значэнні адпаведнай жывёлы сустракаецца прынамсі з 1475 года (пачынальна з граматы князя Андрэя Васільевіча Малодшага Кірылаву манастыру). Пры неабходнасці размежавання сабак па полу ўжываюцца тэрміны "кабель" (самец) і "сука" (самка); у штодзённай гаворцы - "сабака" і "сучка", адпаведна. Дзіцяняты сабакі завуцца "шчанюкамі" ці "шчанятамі" або "сабачанятамі".
Паходжанне слова
Паходжанне слова "сабака" дакладна не ўстаноўлена, аднак яго звязваюць з іранскімі мовамі - напрыклад, падобнае слова spaka, блізкае старажытнаіндыйскаму svaka ("воўк"), выяўляецца ў мідыйском мове. Слова "сабака" сустракаецца ў помніках старажытнабеларускага пісьменства XII ст., але, верагодна, яно выкарыстоўвалася ў вуснай гаворцы і раней. У адрозненне ад рускай мовы слова "сабака" ў беларускай мове мужчынскага роду.
Паходжанне і гісторыя прыручэння
Маецца некалькі гіпотэз паходжання сабакі, найболей верагоднымі яго продкамі лічацца воўк і некаторыя віды шакалаў.
У меркаваннях навукоўцаў пра продкаў свойскага сабакі прысутнічаюць два пункты гледжання. Адны лічаць, што сабакі - поліфілетычная група (пайшла ад некалькіх продкаў), іншыя прытрымваюцца меркавання, што ўсе сабакі пайшлі ад аднаго продка (монафілятычная тэорыя).
Этолаг Конрад Лоранц, лаўрэат Нобелеўскай прэміі, высунуў у свой час тэорыю пра паходжанне сабак ад ваўкоў і ад шакалаў, падкрэсліваючы дыяметральныя адрозненні паміж іх характарамі і звычкамі.
На паходжанне сабакі ад ваўка паказваюць комплексныя вынікі параўнальнага аналізу храмасом, паводзін, марфалогіі, вакалізацыі і вынікі малекулярна-генетычнага аналізу.
Ранні перыяд прыручэння
Сабака з'яўляецца найстаражытнейшай з усіх хатніх жывёл. Навукоўцы сыходзяцца на тым, што сабака быў прыручана ў Старым Свеце ў эпоху верхняга палеаліту; аднак па дакладным месцы, часавым адрэзку і прычынах прыручэння сабакі ў навуковым асяроддзі дагэтуль адзінага меркавання няма. Наскальныя малюнкі, малюнкі і знаходкі археолагаў дазваляюць навукоўцам рабіць некаторыя высновы і здагадкі. У Волга-Окскім міжрэччы сабака прадстаўлены на ўсім працягу мезаліту і, па меркаванні археолагаў, з'яўляўся адзінай свойскай жывёлай. Мезалітычныя сабакі адрозніваліся буйнымі памерамі і магутнымі сківіцамі. Мяркуючы па слядах разборкі на костках, мясцовае насельніцтва ўжывала сабак у ежу. Выкарыстоўваліся шкуры і косткі (для вырабу іголак). Асноўная роля сабакі гэтага перыяду - памочнік на паляванні.
Сцэнары прыручэння
Існуюць розныя сцэнары пачатку прыручэння ваўка. У адным з іх ініцыятыва прыручэння ваўка належала чалавеку, у другім - воўк сам пачаў асвойваць новую экалагічную нішу каля стаянак першабытнага чалавека, гэта значыць адбывалася яго "самапрыручэнне". Верагодна, яго піянерамі маглі быць вельмі рэдкія, унікальныя па паводзінах асобіны, найболей талерантныя да чалавека. Першая група такіх жывёл магла быць моцна інбрыдзіраваная і схільная да працэсаў генетычнага дрэйфу. Размножаная ў колькасці гэтая пачатковая папуляцыя і магла, як мяркуюць некаторыя навукоўцы, даць свету ўсю разнастайнасць сабак. Гэта здагадка была высунута на падставе даследаванняў мтднк, якія выявілі невялікую колькасць мітахандрыяльных радаводаў, што магло паказваць на абмежаваны лік заснавальнікаў прыручаных парод.
Але ў той жа час не было знойдзена карэляцыі паміж мт-гаплатыпамі і прыналежнасцю сабак да пароды. Гэта можа служыць сведчаннем таго, што породная дыферэнцыяцыя пачыналася і адбывалася ў генетычна разнастайных папуляцыях прымітыўных парод, якія былі шырока распаўсюджаны па ўсім свеце. Даследаванні на ўзроўні ядзернай ДНК выявілі вялікую генетычную разнастайнасць сабак. Гэтыя дадзеныя таксама сведчаць, што генетычны пул сучасных сабак пайшоў ад разнастайнага геннага пула, што, у сваю чаргу, можа паказваць на шматразовыя незалежныя падзеі прыручэння ваўка ў розных месцах і ў розны час. Нягледзячы на тое, што сучасныя дадзеныя адносяць узнікненне сабак у Паўднёва-ўсходнюю Азію каля 12-15 тыс. гадоў назад, у Беларусі ў гэты ж час ужо былі дывергіраваўшыя ад ваўка сабакі.
Пакуль сапраўды нельга сказаць, ці то прыручэнне чалавекам ваўка выклікала разыходжанне сабакі з яе продкам, ці то гэтае разыходжанне стала вынікам эвалюцыйнага шляху сабакі, перад прыручэннем чалавекам. У другога пункта гледжання ёсць свае прыхільнікі. Імі былі біёлагі Раймонд і Лорна Капінгеры. Іншымі словамі, паводле гэтай тэорыі, чалавек не прыручаў ваўка па ўласнай ініцыятыве; першы крок быў зроблены ваўкамі, па якіх-небудзь прычынах адпрэчанымі асноўнай зграяй і якія перабраліся бліжэй да чалавечага жылля, дзе можна было пракарміцца адкідамі. Гэтым асобінам было неабходна не толькі не нападаць на чалавека, але і заваёўваць яго давер і сімпатыю. Гэта значыць, сабака як бы "прыручыў сам сябе".
Міт'е Жэрманпрэ мяркуе, што нашы продкі-паляўнічыя маглі прыручыць шчанят забітай ваўчыцы. Канадскі біёлаг С'юзан Крокфорд (ангел. Susan Crockford)) з універсітэта Вікторыі мяркуе, што прыручэнне адбылося самастойна.
Існуюць знаходкі скамянелых костак ваўка 100 тысяч гадоў да н. э., якія выяўлены ў месцах гаспадарчай дзейнасці чалавека.
Генетычныя дадзеныя
Навуковы пошук 2007 года на аснове малекулярна-генетычных метадаў Роберта К. Уэйна [ангел.] і яго калегаў з Каліфарнійскага ўніверсітэта пра зменлівасць ДНК паказаў, што аддзяленне агульнага продка сабак ад ваўкоў адбылося падчас эвалюцыі каля 135 тыс. гадоў назад.
У 2009 годзе шведскі біёлаг Петар Савалайнен [ангел.] з калегамі з Каралеўскага тэхналагічнага інстытута ў Стакгольме, Швецыя, прааналізаваўшы Y-ДНК сабак розных парод з розных кантынентаў, лічаць, што працэс прыручэння адбываўся ў Кітаі на поўдзень ад ракі Янцзы і Паўднёва-ўсходняй Азіі, прыблізна 16 300 гадоў назад. Амерыканскі біёлаг Роберт Уэйн мяркуе, што гэта адбылося мінімум 40 тысяч гадоў назад.
Праведзены групай Олафа Талмана (універсітэт Турку) у 2013 годзе генетычны аналіз 18 мітахандрыяльных геномаў старажытных сабачых са Старога і Новага Света, якія жылі ад 1000 да 36 000 гадоў назад, паказаў, што радзімай сучасных свойскіх сабак з вялікай верагоднасцю з'яўляецца Еўропа, а не Сярэдні Усход ці Усходняя Азія. Меркаваная дата прыручэння сабакі вар'іруецца ад 18,8 да 32,1 тыс. гадоў назад. Даследчыкі мяркуюць, што больш старажытныя прадстаўнікі свойскіх сабак (такія, як сабакі з пячор Разбойніцкая і Гойе), могуць уяўляць сабою "ўзоры" адзінкавых, больш ранніх эпізодаў прыручэння ваўкоў.
У кастрычніку 2015 года група амерыканскіх навукоўцаў апублікавала вынікі працы: радзімай сабак у Цэнтральнай Азіі з'яўляецца тэрыторыя ад Непала да Манголіі. У снежні 2015 года група шведскага генетыка Петара Савалайнена правяла поўнагеномны аналіз 46 сабак і 12 ваўкоў з усяго свету і прыйшла да высновы, што аддзяленне сабак у самастойны падвід ваўкоў адбылося каля 33 тысяч гадоў назад на поўдні Усходняй Азіі.
Аналіз поўных геномаў 27 старажытных сабак паказаў, што 10,9 тыс. г. н. (узрост архангельскага сабакі з мезалітычнай стаянкі Вераццё 1 на рацэ Кінема) у Еўропе, на Блізкім Усходзе і ў Сібіры існавала прынамсі пяць асноўных генетычных ліній свойскіх сабак, адрозных адна ад адной. Даследаванне мітахандрыяльнай ДНК самага старога свойскага сабакі ў Амерыцы (з Аляскі) узростам 10,15 тыс. г. н. паказала, што лінія яго продкаў аддзялілася ад лініі астатніх сабак 16,7 тыс. г. н. Факт таго, што гэты сабака сілкаваўся рыбай і аб'едкамі цюленяў і кітоў, сведчыць на карысць таго, што першая міграцыя сабак і людзей у Амерыку ішла па паўночна-заходнім ціхаакіянскім прыбярэжным маршруце, а не па цэнтральным кантынентальным калідоры.
Археалагічныя дадзеныя
Выкапнёвыя рэшткі дагістарычных сабак былі знойдзены ў чалавечых пячорах па ўсім свеце.
Раней на падставе археалагічных знаходак часцей за ўсё навукоўцамі называліся даты прыручэння сабак 13-15 тыс. гадоў да н. э.
Цяпер шэраг даследчыкаў лічыць, што сабаку прыручылі яшчэ напачатку верхняга палеаліту прадстаўнікі арыньякскай культуры.
Так, палеантолагі Каралеўскага музея прыродазнаўства [фр.] Бельгіі на чале з Міт'е Жэрманпрэ (Mietje Germonprе) паказваюць дату 31,7-36,5 тыс. гадоў да н. э. Гэтыя высновы зроблены на падставе апошніх знаходак, рэштак дагістарычнага сабакі ў пячоры Гойе (Goyet). Характэрна, што будова чэрапа дагістарычных сабак значна адрозніваецца ад дагістарычных ваўкоў.
Выкапнёвыя рэшткі знойдзены таксама каля Алтайскіх гор у Сібіры, узрост свойскага сабакі з алтайскай пячоры Разбойніцкая, знойдзенай яшчэ ў 1975 годзе Н. Д. Овадавым, быў ацэнены ў 33,5-34 тыс. гадоў.
У Чэхіі (Пршадмосці) узрост рэштак датуецца 24-27 тыс. гадоў да н. э., Украіне - 15 тыс. гадоў да н. э., у Амерыцы, штат Юта - 11 тыс. гадоў да н. э., Кітаі - 7-5,8 тыс. гадоў да н. э.
Адсутнасць больш ранніх археалагічных знаходак продкаў сучасных сабак можа быць звязана з адсутнасцю месцаў пахавання, тлумачыць доктар Пол Такон, галоўны навуковы супрацоўнік Аўстралійскага музея выкапняў і мінералаў. Першыя пахаванні паўсталі пасля таго, як старажытныя людзі пачалі ўтвараць стаянкі і селішчы, да гэтага чалавек вёў вандроўны лад жыцця.
З археалагічных знаходак выходзіць, што старажытныя сабакі вар'іраваліся па памерах. Рэшткі сабак палеаліту вышынёй 45-60 см былі выяўлены на Блізкім Усходзе, у Іраку, Ізраілі (Хайонім [ангел.]), Сірыі, буйных сабак (вышэй 60 см) знайшлі ў Германіі (Kniegrotte), у Расіі (стаянка Елісеевічы 1), Украіне (Мезін), маленькія, меней 45 см, у Швейцарыі (Hauterive-Champreveyres у Отрыве [ангел.]), у Францыі (Сен-Тыбо-дэ-Куз [ангел.], Pont d'Ambon у Бурдее), Іспаніі (Erralla ў Сестоне) і Германіі (Оберкасель [ангел.], Чортаў мост у Аберніцы [ням.] і Елькніц [ням.]).
Вывучэнне зносу зубоў сабачых узростам 28,5 тыс. г. н. з Пршадмосці паказала, што яны належалі двум розным тыпам - воўкападобным сабакам і протасабакам, якія мелі розны рацыён сілкавання. У дыеце протасабак было больш костак, якія яны падбіралі каля межаў чалавечага селішча, у дыеце ж воўкападобных сабак было больш мяса.
Выкарыстанне прыручаных сабак
Звычайна лічаць, што першапачаткова сабака служыў чалавеку як вартавая жывёла, але вельмі хутка пачаў выкарыстоўвацца і на паляванні.
Менавіта паляўнічыя якасці сабакі, як лічаць антраполагі, сталі асноўным фактарам яго прыручэння. Старажытныя людзі ў барацьбе за выжыванне шукалі найболей дасканалыя метады здабычы ежы.
Гіпотэза пра выкарыстанне сабак для падвышэння эфектыўнасці палявання старажытным чалавекам эксперыментальна была пацверджана ў 2004 годзе фінскімі навукоўцамі.
Таксама свойскія сабакі выкарыстоўваліся чалавекам для аховы і пасьбы жывёлы. Дагэтуль найболей распаўсюджаны пароды сабак, першапачаткова выведзеныя для аховы статка ад ваўкоў і іншых драпежнікаў, а таксама для дапамогі ў перамяшчэнні і сартаванні галоў свойскай жывёлы.
(Працяг у наступным нумары.)
Згукі Дня беларускага пісьменства ў Лідзе
У ЦЯНІ ЗАМКА ГЕДЫМІНА
Успаміны дзяцінства*
Я. Ярмант
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Я звычайна стаяла каля кліраса, услухоўваючыся ў асобныя галасы, і атрымлівала сапраўдную асалоду. Ва ўрачыстыя хвіліны, калі стоячы на каленах, глядзела на святло ў высокім акне купала, а мелодыя паднімалася ўсё вышэй і вышэй, я адчувала, што мая душа ўзносіцца разам з ёй. Моцныя галасы пеўчых дасягалі кожнага кутка сабора, кружыліся там і чароўным дажджом абсыпаліся на галовы стаячых на каленях людзей - і на маю таксама. Не раз у такія хвіліны я губляла пачуццё часу і месца. Неяк памятаю, доўгая служба праляцела зусім неўзаметку. Я была здзіўлена, як магло так атрымацца. Я ведала кожнага харыста ў твар. Першым чынам рэгента хору, ці псаломшчыка і яго сястру, у якой было вельмі моцнае сапрана. Бачыла, як яны хадзілі па алеях могілак падчас пропаведзі. Ён злёгку накульгваў. Я запомніла яго белую кашулю са стаялым вышытым каўнерыкам. Альт быў у прыемнай жанчыны сярэдняга ўзросту па прозвішчы Лебедзева. Яе вяселле з адным інжынерам узбудзіла ўсеагульную цікаўнасць. Я не была сярод гасцей, але відавочнікі шмат распавядалі пра гэту падзею. Казалі, што яна выдатна выглядала і некалькі разоў гучна смяялася падчас цырымоніі, што было не прынята і каментавалася па-рознаму. Прыгожы тэнар насіў прозвішча Лохач, а выдатны бас - Заткалік. Гэты апошні славіўся сольнай партыяй у Вялікі чацвер. Тады вернікі стаялі з запаленымі свечкамі ў руках і слухалі чытанне 12 евангелляў, па меры чытання павялічвалася колькасць удараў у звон над нашымі галовамі. Я падсвядома лічыла гэтыя ўдары. Пасля восьмага евангелля за царскія вароты ўваходзіў бас - Заткалік і спяваў сола - песню "Разбойнікі". Як ён выдатна спяваў! Я была зусім зачаравана яго голасам, а ён пра гэта нічога не ведаў.
Пасля чытання 12-га евангелля мы забіралі "святы" агонь дахаты. У цемры свяціліся агенчыкі свечак у руках у вернікаў. Спачатку яны рухаліся шырокім струменем, потым расцякаліся ў розныя бакі. Прыносілі гэты агеньчык дахаты і на дзвярным вушаку пакідалі чорны знак крыжа. Усе вернікі такім спосабам станавіліся аб'яднаны святым агнём, які засцерагаў людзей ад усялякіх няшчасцяў.
Царкоўны спеў так моцна дзейнічаў на маё ўяўленне, што я пачала хадзіць на ўсе набажэнствы, у тым ліку і ў суботу ўвечар. Вячэрнія службы адрозніваліся тым, што ішлі пры невялікай колькасці народа. Гэта мела свае перавагі. Падчас вайны паход на гэтыя вячэрнія службы стаў даволі рызыкоўным прадпрыемствам. Хаты на Сувальскай вуліцы згарэлі, ніхто ўжо не "паліраваў" ходнікі, вуліца была пустэльнай. У царкоўным хоры адбыліся істотныя змены. Знікла старэйшае пакаленне пеўчых. З'явіўся новы рэгент-псаломшчык. У яго быў характэрны голас - звонкі тэнар, які каскадам рассыпаўся ў паветры. Ён мне спадабаўся. Я ўжо было пачала перажываць за лёс хору, як нечакана на клірасе з'явіліся двое новенькіх. Гэта былі мае аднагодкі - новая змена, як аказалася, спехам навучаныя спяваць. Не ведаю, хто іх адбіраў, але справу сваю гэты чалавек ведаў добра. Што гэта былі за галасы! Я чула толькі гэтыя два - сапрана і альт. Яны проста запаўнялі сабой усю прастору цэркаўкі, узнімаліся ўгару, як быццам ім бракавала месцы і забіралі ўсю маю душу, без рэшты. Зараз яны былі маімі ідэаламі. Я дзівілася і зайздросціла ім. Спрабавала нават бліжэй з імі пазнаёміцца, але нічога з гэтага не выйшла. Не раз потым думала - дзе яны? Чым займаюцца? Як бы з імі сустрэцца? Яны сышлі разам з даўняй Лідай, а можа і цяпер жывуць дзе-небудзь у ёй.
Калі мы былі маленькімі ў царкву з намі хадзіла мама. Яна апранала нас аднолькава - у святочныя сукенкі, а сама насілу залазіла ў гарсэт, які мы дапамагалі ёй шнураваць. Гэта былі ўрачыстыя хвіліны. Мама паказала нам магілы сваіх бацькоў. Затое ні бацька, і ніхто з яго родных з намі ў царкву не хадзіў. Таму атрымалася так, што ніхто не паказаў нам магілу майго дзядулі па бацьку. А я адчувала дзіўную сімпатыю да гэтага невядомага мяне дзядулі. Казалі, што ён нейкі час працаваў валасным пісарчуком у Алькеніках. Я спрабавала адшукаць яго магілу, калі ўжо стала дарослай, праз многія гады. І здарылася дзіўная рэч - дапамог выпадак. Дзядзька Мікалай даслаў нам з Ліды (адзіны тады, які жыў яшчэ, брат бацькі) фатаграфіі абноўленых магіл сваіх бацькоў, размешчаных насупраць уваходу ў царкву. Надпіс на помніку быў досыць выразны, і я змагла прачытаць на ім імя, здавалася, ужо назаўжды згубленага дзядулі - Тэафіла. Яго магіла ўвесь час была побач, а я і не ведала пра гэта. Мабыць, магла спытаць бацьку пра нашы карані, калі ён быў яшчэ жывы, але тады мяне не цікавілі падобныя рэчы. Хапала праблем з самой сабой. Працэс спазнання жыцця і людзей праходзіў хваравіта. Акрамя таго бедныя людзі не маюць запісанага радаводу. Іх памяць не распасціраецца далей бацькоў. Цётка Нюта, якую спыталі неяк пра нашых продкаў, адказала:
- Былі калісьці два чалавекі з нашым прозвішчам, нашы сваякі. Мелі хату ў Вільні.
І на гэтым усё.
Цётка Нюта хадзіла ў царкву толькі па святах, якія праходзілі адзін раз у год. Памятаю, як у марозны зімовы вечар дзядзька Саша адвёз нас у царкву на санях. Каня ён прыкрыў гунькай, каб той не вельмі змёрз, чакаючы нас. Зімы тады былі марозныя. Халадней за ўсё станавілася на "Вадохрышча", г.зн. 6 студзеня па старым Юліянскім календары, ці па так званым старым стылі. У той дзень з царквы ў бок Лідзейкі адпраўляўся хросны ход. Натоўп рухаўся павольна, з харугвамі над галовамі. Бацюшка Багаткевіч ішоў пад полагам, акружаны вернікамі. Высока над галавой ён трымаў аберуч крыж. Памятаю яго чырвоныя ад марозу далоні і здзіўленне - як ён мог вытрымліваць такі мароз. Дарога была доўгай. З царквы ішлі праз усю Сувальскую вуліцу, затым па Замкавай у наш бок міма замкавых руін выходзілі на вул. Гражыны да алтара, пабудаванага перад другім мостам над ракой. Мама казала, што бацюшка засцерагае рукі ад марозу, націраючы іх спіртам. Але я ўсё адно дзівілася і вельмі яго шкадавала. Пазней ён прыходзіў да нас на Каляды. У нашым салоне - самым вялікім пакоі - у куце вісеў абраз у серабрыстай металічнай раме. Тут жа ля ўваходу над канапай размяшчалася невялікая карціна, на якой была намалявана маладая жанчына, цалкам аголеная, якая ляжыць каля раўчука, наводдаль малады мужчына, таксама аголены, граў на жалейцы. Гэтыя постаці малявалі Адама і Еву. Бацюшка, прыходзячы да нас, рэкамендаваў зняць гэтую карціну. Але паколькі ён не надта настойваў, карціна правісела на сваім месцы да вялікага пажару ў вайну.
Падчас Каляд я пачула ў свой адрас пахвалу з вуснаў бацюшкі. Ён сказаў маме, што яе малодшая дачка вельмі набожная. Гэта пахвала была для мяне нечаканай. Я сапраўды хадзіла на ўсе набажэнствы, але не думала, што бацюшка заўважае ўсіх сваіх вернікаў. Пазней ён яшчэ раз паказаў, што цікавіцца жыццём сваёй паствы. Ужо падчас, вайны адразу пасля Каляд да нас прыбегла цётка Нюта, моцна ўзбуджаная. Гаварыла яна вельмі горача, чаго я ніколі раней за ёй не заўважала:
- Уяві сабе, бацюшка сватаў мяне за нейкага незнаёмага мужчыну! Але навошта мне муж? Што я буду з ім рабіць?
Цёціна здзіўленне і бездапаможнасць выглядалі вельмі шчыра і пераканаўча. Я ўжо ўспамінала, што мой бацька не хадзіў у царкву, чаго я ў той час неяк не заўважала. Аднак, ад яго я пачула, што існуе нейкая звышнатуральная сіла і што ніякіх духаў не бывае. Бацька таксама меў звычку гучна маліцца перад сном. Мы спалі ў адным пакоі, таму я слухала гэтую кароткую малітву шмат разоў, і яна назаўжды засталася ў маёй памяці. І каб не губляць духоўнага кантакту з бацькам, вырашыла пазней, што заўсёды буду ўрачыста прамаўляць гэтыя словы перад адыходам да сну. Штодня ўвечар я кленчыла і некалькі хвілін засяроджвалася на гэтых словах: "У руцэ Тваёй, Пане! Перадаю дух мой. Ты мя блаславі, ты мя выратуй, ты мя памілуй! І жывот вечны даруй мне, аман!" Доўгі час у сваёй вячэрняй малітве я малілася за гарбатых людзей. Перад вайной гэтая пачварнасць была даволі распаўсюджанай і не заўсёды сустракала паблажлівасць з боку іншых людзей. Прынамсі, мне так здавалася. Я прасіла Бога абараніць іх.
* * *
Жоржык быў першым прыхільнікам маёй сястры. Ён праводзіў яе з царквы пасля нядзельнай службы. Памятаю, як яны пазнаёміліся. Быў нядзельны поўдзень. У царкве толькі што скончылася абедня ці сута (позняя абедня). Бацюшка стаяў каля царскіх варот і падаваў вернікам крыж для пацалунку. Тыя, хто моцна верыў, імкнуліся таксама пацалаваць яго руку, хор яшчэ спяваў, чакаючы пакуль людзі разыдуцца. Сястра праціснулася да мяне і пацягнула за сабой. Пасля цалавання крыжа мы хутка выбраліся вонкі. Выходзячы, я ўбачыла Жоржыка, які стаіць каля выйсця, перад гэтым на яго звярнула ўвагу сястра. Мы аднымі з першых пакінулі храм. Сонечнае святло прасочвалася праз кроны высокіх дрэў і яркімі плямамі танчыла па алеі. Мы затрымаліся каля адкрытых варот. Памятаю, апрануты былі ў аднолькавыя перашытыя мамчыны сукенкі з бела-чырвонымі кветкамі. Мы абедзве любілі чырвоны колер, таксама як жоўты і карычневы. Гэтыя цёплыя колеры гарманавалі з нашымі цёмнымі валасамі. На галовах у нас былі белыя панамкі - такія капялюшыкі з вялікімі палямі, зробленыя мамай з ільняных нітак. Яны тады лічыліся моднымі. Я здзівілася, калі ўбачыла, што сястра трымае ў руках мамчыны пальчаткі. Ажурныя з бэжавай тканіны яны былі доўгімі і пашыраліся да локця. Мы стаялі бокам да царквы, таму добра бачылі выходзіўшых і агінаўшых нас людзей. Раптам я заўважыла Жоржыка. Гэта быў відны хлопец аднаго ўзросту з сястрой, сярэдняга росту, шчыльны, добра складзены, ішоў ён адзін і трымаўся з вялікай добрай годнасцю. Раптам адна з пальчатак выпала з рукі сястры і ўпала на зямлю. Яна, занятая гутаркай са мной, не заўважыла гэтага. Я ўжо збіралася падняць пальчатку, але мяне апярэдзіў Жоржык. Ён працягнуў яе сястры і сказаў:
- Сяброўка згубіла пальчатку.
Жоржык вучыўся ў той жа дзяржаўнай гімназіі імя Караля Хадкевіча, што і сястра. Яна ўзрадавалася, што пазбегла такой страты. Як бы ёй потым тлумачыць маме? Жоржык зусім не меў жадання пакінуць нашую кампанію, а як раз наадварот.
Пасля гэтага мы вярталіся з царквы заўсёды ўтраіх, гэта значыць, яны са мной, таму што сястра ніколі не адпраўляла мяне дахаты адну. Кожны раз перад гэтым шпацырам яна была прыкметна ўзбуджана і загадзя паказвала мне, з якога боку я павінна ісці. Я не магла зразумець, чаму павінна ісці абавязкова справа ад яе. Відавочна таму, каб Жоржык ішоў з левай. А чаму б яму не ісці паміж намі? Жоржык жыў на Расляках у роднай вёсцы маёй мамы. Раслякі знаходзіліся за ракой. З Сувальскай вуліцы яму трэба было паварочваць на вуліцу Лідскую, а потым доўга ісці не то праз мост, не то праз мур над ракой і сенажаццю. З гэтым мостам у мяне асацыявалася прымаўка: "Патрэбна, як дзірка ў мосце". Я заўсёды ўяўляла існаванне такой непатрэбнай дзіркі менавіта ў гэтым мосце. Жоржык, праводзячы сястру, не зварочваў на Лідскую, а ішоў з намі праз усю Сувальскую. Пасля провадаў ён гадзінамі затрымліваўся на нашым ганку з сястрой. Яна ніколі не запрашала яго ў хату.
Раздзел VI
Што такое музыка - не ведаю зусім.
Можа проста неба з нотамі замест зорак на ім?
Можа, мост зачараваны, па якім
Чароўныя гукі ляцяць да неба.
Як сказаў аднойчы мудрэц між тым,
Нічога па-за музыкай няма і не трэба.
З яе адной вытканы свет і з ім
Нават святло самога неба.
Ежы Керн.
З дзіцячыя гадоў я была зачаравана музыкай, сугуччамі, спевам, хоць у сям'і не было ніякіх музычных ці вакальных традыцый, не было ніводнага інструмента, нават мандаліны. Мабыць, я нарадзілася з закадзіраванай любоўю да музыкі і запатрабаваннем займацца ёю. Я не выбірала сабе гэтую любоў - яна прыйшла без маёй волі. Ні выхаванне, ні навакольнае асяроддзе не спрыялі праяве маіх музычных здольнасцяў і запатрабаванняў. У маім выпадку нельга казаць пра вырашальную ролю выхавання ці ўплыву атачальнага асяроддзя на фармаванне зацікаўленняў дзіцяці. Мая ўнутраная духоўнасць і генетычная праграма адкрываліся паступова, усляпую і часта балюча для мяне.
Таксама і наша цела. Бо мы не ведаем, што хаваем у сабе. Яно з'яўляецца для нас таямніцай, і, наогул, ці наша яно? Калі яно навязана нам пры нараджэнні, то ці можна казаць пра вольную волю і вольны выбар? Адгэтуль становіцца зразумелай думка Уільяма Шэкспіра, што чалавек прыходзіць у свет толькі для таго, каб на яго сцэне сыграць прызначаную яму ролю.
Аднойчы ў летні пасляабедзенны час я падыходзіла да хаты з боку ракі. Раптам у разагрэтым сонцам паветры прычуліся дзіўна прыемныя гукі. Ніколі да гэтага я не чула такога дзіўнага гучання. Як зачараваная, я пайшла ў тым кірунку, адкуль несліся гэтыя гукі, пакуль яны не прывялі мяне да нашага ганка. Там сядзелі суседзі, а паміж імі незнаёмая дзяўчынка з мандалінай і грала, перабіраючы струны касцяной пласцінкай. Я спынілася, са здзіўленнем гледзячы на інструмент. Дзяўчынка скончыла граць і, убачыўшы маю зацікаўленасць, сказала:
- Хочаш паграць? На, вазьмі мандаліну.
Узяўшы ў рукі інструмент, я бездапаможна трымала яго ў руках. З надзеяй у голасе спытала:
- А ты ўмееш ездзіць на ровары? Не? Магу цябе навучыць, а ты пакажаш мне, як граць на мандаліне.
Нажаль, з гэтай дамовы нічога не выйшла.
Праз некаторы час я вырашыла збіраць грошы на пакупку мандаліны, размаўляла пра гэта з бацькам, але збіраць не было з чаго. Ніхто з дзяцей не атрымліваў ніякіх "кішэнных" грошай. Заставаліся два варыянты - пазычыць мандаліну ў цёткі Веры ці ў пані Клышэйкі. Я пачала з цёткі. Цётка адправіла мяне да свайго мужа дзядзькі Герберта, бо на мандаліне граў ён. Дзядзька Герберт у сваю чаргу адправіў мяне да цёткі атрымаць яе згоду. Адчуўшы ўзніклыя цяжкасці, я звярнулася з просьбай да пані Клышэйкі і адразу ж атрымала інструмент.
Хто ж навучыў мяне граць на мандаліне? Нарэшце бацька паказаў як наладзіць інструмент. Я хутка асвоіла тэхніку ігры і разам з некалькімі сяброўкамі пачала бегаць з двара ў двор, выступаючы з бясплатнымі канцэртамі. Падчас аднаго з такіх выступленняў нехта неасцярожна зачапіў локцем інструмент і адарваў грыф. З цяжкага становішча мяне, як заўсёды, выбавіў бацька. Ён здолеў прыляпіць грыф так умела, што калі Чэсік Клышэйка запатрабаваў свой інструмент назад, то нічога не заўважыў. Мне было шкада аддаваць яму мандаліну, хоць з-за сваёй здольнасці да музыкі ён мне яшчэ больш падабаўся.
З некаторых пор мяне пачаў пераследваць вобраз піяніна. Упершыню гэты інструмент я ўбачыла зусім выпадкова. Мы з мамай пайшлі ў нейкую заможную габрэйскую кватэру, здаецца для аплаты крэдыту. Праз адкрытыя дзверы ў гасцёўні я ўбачыла піяніна. Замерла ад здзіўлення і захаплення і ў тое ж імгненне зразумела - гэта мая мара! Заплюшчваю вочы і бачу, як яно стаіць у пакоі каля сцяны пад яркім электрычным святлом.
Пазней у школе № 5 каля замка я бачыла, як дзяўчынкі вучыліся ігры на піяніна ў пані Ласкоўскай. Я была здзіўлена велізарнай колькасцю белых і чорных клавішаў і не разумела, як іх можна адрозніць. Адначасова лічыла зусім звычайным, што з-за адсутнасці грошай у бацькі я не магла стаць адной з вучаніц пані Ласкоўскай.
Ужо перад вайной на дзвярах Гандлёвай гімназіі манахаў-піяраў я прачытала аб'яву: "Настаўніца музыкі дае ўрокі ігры на піяніна за дзесяць злотых у месяц". Гэта сума мне здалася такой велізарнай, што я нават не стала распавядаць пра гэтую аб'яву бацькам. Бацька ў той час як падзённы рабочы на чыгуначнай электрастанцыі зарабляў каля 120 злотых у месяц, з іх за навучанне траіх дзяцей у сярэдніх школах бацькі плацілі 40.
Цяга да піяніна з часам узмацнялася. Яна дасягнула апагею аднойчы перад заходам, калі я апынулася на беразе Лідзейкі ў стане поўнай абыякавасці да ўсяго атачальнага. У самазабыцці бегала на гару і назад да ракі, не адчуваючы травы пад нагамі, не чуючы каркання варон над алешанікам, не бачачы сонца, якое сыходзіла за сцены замка. З невядомых крыніц маёй душы рваўся вонкі вялікі запал - вучыцца граць на піяніна і наогул вучыцца. Я чула нейкі няўлоўны заклік, які пазбаўляе супакою і раўнавагі духу. Нейкі невядомы смутак ішоў да мяне ад замкавых руін праз сенажаці, кудысьці клікаў. Здавалася, трэба толькі вырвацца з атачаўшай мяне духоўнай пустэчы, якая спальвала незадаволенымі поклічамі запалу да артыстычнага прызнання, спазнання таямніц нязведанага свету, які ляжаў далёка ад Ліды і вабіў сваёй недасяжнасцю. У мне жыла адвечная нуда і турбота душы. Я зусім не ведала праблем іншых людзей, не разумела залежнасці паміж мужчынам і жанчынай. Не падазравала пра небяспекі, якія падпільноўваюць маладую дзяўчынку. Не ведала трагедый людскіх лёсаў. Падсвядома шукала на ўсё адказы ў навуцы, якая ўяўлялася мне панацэяй ад маіх духоўных перажыванняў. Я хацела вучыцца далей... Не ведала ў той час, што лепшым настаўнікам з'яўляецца не школа, а толькі жыццёвы досвед. Але ў тую вячэрнюю гадзіну над ракой на першае месца выступіла мара пра ігру на піяніна...
Да вайны вул. Мастоўская (цяпер Чарнышэўскага) заканчвалася хатай Рэдзькі. Ганек Рэдзька вучыўся ў той жа школе № 5, што і я, і ў тым жа класе. Ён быў добрым таварышам. Нажаль, пасля заканчэння вучобы ў школе я з ім больш ніколі не сустракалася. За хатай Рэдзькі па абодвух баках дарогі рассцілаліся палі, а далёка наперадзе віднеўся асобна стаячая наводшыбе хата Вяжаляў, заслоненая высокімі дрэвамі. Частка гэтых палёў належала маёй бабулі і апрацоўвалася дзядзькам Сашам. Палі з левага боку цягнуліся ўздоўж вул. Лётнай, а з правага плаўна апускаліся да мокрых сенажацяў і ракі Лідзейкі. Цякла яна сюды ад нас з Зарэчча, агінаючы раён Вісьманты, у таварыстве верных алешын.
Алешыны - самыя блізкія майму сэрцу дрэвы, хоць іх нельга назваць прыгожымі. Прыгажосцю іх пераўзыходзіць чырвоная рабіна, выдатная беластволая бяроза і ніцая вярба. Чаромха, звычайна схаваная сярод іншых дрэў, выходзіць на першы план увесну, калі яна расцвітае белым пухнатым колерам і вабіць п'янлівым пахам. Алешыны ж не маюць ні чырвоных ягад рабіны, ні белых кветак чаромхі, ні маляўнічай формы бяроз ці вярбы. Раслі яны выключна над ракой - велічэзныя, цёмныя, бязладнай масай. І ўсё ж прыгожыя. Можа быць таму, што заўсёды былі побач у паўсядзённым жыцці, з дня ў дзень.
З алешынамі ў цесным сімбіёзе знаходзіліся крумкачы. Яны жылі вельмі блізка да нас людзей, але вялі сваё адмысловае жыццё, высока над зямлёй, на рухомых верхавінах самых высокіх алешын. Іх гнёзды, выразна бачныя на фоне неба, стваралі цэлыя селішчы. Крумкачы здаваліся мне пачварнымі, пачварней вераб'ёў, аднак іх шумныя асады ўзбуджалі цікавасць. Яны засталіся ў маёй памяці непарыўна злучаныя з сенажатцю, ракой, Зарэччам і наогул з Лідай. Можа быць таму я заўсёды любіла выдатную баладу В. Гётэ "Кароль алешын".
Я часта прыходзіла на поле збіраць лісце і бульбоўнік на корм свінням. Аднойчы з блізкай хаты выйшла і падышла да мяне дзяўчынка - стройная бландынка з прыгожымі валасамі, маленькая і худзенькая. Тонкасць яе стану зрабіла на мяне такое ўражанне, што наша гутарка пачалася вакол дэталяў яе постаці. Мы пагадзіліся, што вузкі стан - вынік дробнай будовы костак, з-за гэтага постаць становіцца стройнай, і дыета тут не прычым. Затым гутарка перайшла на больш абстрактныя тэмы. Аказалася, дзяўчынку клічуць Ліда Пятрова, яна мая аднагодка і таксама цікавіцца музыкай. Больш таго, у яе дома ёсць вялікі раяль! Яна запрасіла мяне да сябе дахаты і на жоўклых ад часу клавішах сыграла нейкую вельмі просценькую мелодыю - адной рукой, але ў тэрцыях. Гэтыя гукі, вынятыя з засмучанага раяля, пры адкрытых на шырокія палі вокнах, здаліся мне асабліва выдатнымі - як постаць дзяўчынкі Ліды. З таго часу пачалося наша сяброўства, заснаванае на агульных ідэалах, што мы тлумачылі як сваяцтва душ.
Праз некалькі гадоў мая настаўніца музыкі Эма Альтберг убачыла Ліду і спытала з ухвалой у голасе:
- Хто гэта дзяўчынка з высокім ілбом, які сведчыць пра выдатную інтэлігентнасць?
Я сумленна адказала, што нас аб'ядноўвае любоў да музыкі, а таксама агульнасць духоўных запатрабаванняў, што мы з ёй "ходзім аднолькавымі дарогамі жыцця". Запомніўся здзіўлены выраз на твары пані Альтберг, як быццам яна не чакала пачуць з маіх вуснаў гэтак узнёслыя словы.
Нажаль, нягледзячы на тое, што мы былі вельмі дружныя "нашы жыццёвыя дарогі" неўзабаве назаўжды разашліся. Пасля нашага ад'езду ў Польшчу Ліда з'ехала на поўнач і не адказала ні на адзін з лістоў. Зацятае нежаданне Ліды адказваць на мае лісты перапыніла нашы адносіны.
З Лідай Пятровай звязаны ўспамін пра незвычайную кнігу пад назвай "Сакрэты рукі і галавы", якая зрабіла на мяне ў свой час велізарнае ўражанне. Ліда дала мне яе пачытаць незадоўга перад нашым ад'ездам у Польшчу з папярэджаннем пра абавязковы зварот, таму што яна дастала гэтую кнігу ў некага іншага. Што гэта была за выдатная крыніца ўказанняў, як вызначаць людскія лёсы і здольнасці!
На старонках кнігі былі прадстаўлены нібы аўтэнтычныя малюнкі капілярных ліній вядомых людзей. Аўтар па гэтых лініях вызначаў іх лёсы спосабам, як мне тады здавалася, вельмі праўдападобным! Па меры чытання частак, якія тычацца таямніц рукі, расла мая зацікаўленасць і велізарнае жаданне самой мець такую ж кнігу. Я хацела старанна вывучыць і засвоіць гэтае таямнічае мастацтва. Дэталёва прасачыла свае лініі, а пазней лініі рук маіх блізкіх, спрабуючы прачытаць па іх іх будучыню. Мае лініі былі звычайныя тыповыя, ясна вымаляваныя, лінія шчасця, мабыць, была караткаватай. Цяпер, праз гады, бачу ў іх пацверджанне ходу свайго наогул спакойнага жыцця.
Праз шмат гадоў я ўсё яшчэ шкадавала, што так хутка вярнула гэтую кнігу, не паспеўшы як след яе вывучыць. Думаю, што мая добрасумленнасць у гэтым выпадку аказалася лішняй. Пачуццё гэтае ўзмацнілася, калі, сустрэўшы Лідзію, спытала пра далейшы лёс гэтай кнігі. Якое ж было маё расчараванне, калі яна абыякава сказала:
- Знікла, украў нейкі салдат.
Сіла ўздзеяння на нас кніг вельмі розная. Пра большасць мы забываем тут жа пасля іх прачытання. Толькі некаторыя ніяк не хочуць знікаць з нашай памяці!
Раздзел VII
"Які ў калысачку, такі і ў магілку".
"Добрага карчма не сапсуе,
дрэннага касцёл не выправіць".
Але
"Кропля за кропляй камень точыць".
Лічу ўсе гэтыя прымаўкі аднолькава дакладнымі і адпаведнымі жыццёвай праўдзе. Большасць бацькоў не падрыхтавана да сістэматычнага і цярплівага фармавання асобы сваіх дзяцей. Толькі нямногія з іх маюць жаданне, час і першым чынам неабходнае ўменне для гэтага. Функцыю выхавання звычайна выконваюць царква і школа. Добра, калі адзін з бацькоў убачыць у сваім дзіцяці самога сябе, тады выхаванне праходзіць паспяхова. Што, аднак, адбываецца, калі дзіця глядзіць на свет інакш, чым бацькі, мае іншыя духоўныя запатрабаванні і па-іншаму рэагуе на розныя акалічнасці? Дзеці з нашага асяроддзя раслі без адмысловага нагляду, прадстаўленыя самі сабе. Да шчасця (ці да няшчасця) жыццё даказала, што генетычная перадвызначанасць важней за выхаванне. Кожны чалавек бярэ з навакольнага асяроддзя тое, што яму блізка. У кожным чалавеку закладзена як бы прыроджанае жыццёвае прыцягненне. З мноства меркаванняў і прыкладаў, якія сустракаюцца ў сваім выпадковым асяроддзі, чалавек выбірае тое, што яму адпавядае.
Набытыя ў дзяцінстве ідэалы і ісціны праз некаторы час прыходзяць у непрыдатнасць і адміраюць, калі не трапляюць на ўрадлівую глебу генетычнай спадчыны. Ведаючы гэта, можна, напэўна, прадказаць будучыя паводзіны чалавека, які ў дзяцінстве любіць бязладдзе. Нягледзячы на выхаванне пад кіраўніцтвам педанта ён, калі вырасце, застанецца неакуратным! Можна быць упэўненым, што прыроджанае пачуццё справядлівасці і этыкі з часам пераможа дрэнныя ўплывы і навыкі. Я, напрыклад, быўшы дзіцем, апынулася пад уплывам старэйшай дзяўчынкі з мацнейшай індывідуальнасцю, яна вучыла мяне выдзіраць з коранем кветкі перад хатамі чужых людзей. Праз доўгія гады я ўнутрана саромелася, што тады паслухалася яе.
Наогул, за рэдкім выключэннем, бацькі не падрыхтаваны да выхавання ўласных дзяцей, якіх яны так прагнуць. Відавочна, што кармленне і апрананне дзіцяці не з'яўляецца выхаваннем, гэтак жа, як і шматлікія абмежаванні і забароны.
Неяк я сказала бацьку: "Тата мяне гадуе, але не выхоўвае". Ён пакрыўдзіўся, таму што менш за ўсё заслужыў гэтак горкае абвінавачванне. Ён быў для нас самым добрым на свеце чалавекам і ўяўляў сабой прыклад прыстойнай і паважанай асобы. Але мне падсвядома марылася пра такі кантакт з бацькам, каб ён праводзіў са мной кожную вольную хвіліну і не толькі размаўляў ці раіў, мне хацелася, каб ён даходзіў да маёй душы і фармаваў яе.
Мы з сястрой як паслухмяныя і прыкладныя дзяўчынкі не стваралі праблем бацькам, і таму нам удзялялі мінімум часу. Затое наш брат быў сапраўдным чарцянём і галоўнай праблемай сям'і. У кухні на сцяне заўсёды вісела скураная папруга ў поўнай гатоўнасці да выхаваўчай працы. Нагод для выхаваўчых мерапрыемстваў з дапамогай папругі была тысяча: першым чынам скаргі настаўнікаў на дрэнныя паводзіны брата падчас урокаў і ўменне назаляць педагогам. Нездавальняльныя адзнакі ў класным журнале насупраць яго прозвішча ніколі не знікалі. Але да агульнага здзіўлення ён ніколі не заставаўся на другі год. Пасля вяртання са школы брат не вучыў урокі, як мы. Ён лічыў, што многія прадметы, як напрыклад, гісторыя ці геаграфія зусім не патрабуюць хатняй падрыхтоўкі. Досыць прысутнасці на ўроках. Што да матэматыкі, то ён таксама па-мойму не адчуваў патрэбы ні ў чыёй дапамозе. Успамінаю бацьку, які сядзіць каля брата ў нашым маленькім пакоі, дзе мы рыхтавалі ўрокі і цярпліва тлумачыць яму задачу па матэматыцы:
- Цягнік выходзіць са станцыі А на станцыю Б з хуткасцю... Пасля, як яму здавалася, вычарпальных тлумачэнняў, бацька адзін раз замкнуў галоўны ўваход на ключ, каб брат не ўцёк. Задні ўваход ахоўваўся бацькамі. Якімі ж наіўнымі бываюць бацькі! Праз некаторы час я ўбачыла тату, які бяжыць з папругай у руцэ да хаты пані Клышэйкі, дзе ён думаў знайсці ўцекача, які папросту ўцёк праз акно, адклаўшы рашэнне задачы на пазнейшы час.
Школьныя пасведчанні брата пра заканчэнне навучальнага года ніколі не мелі нездавальняльных адзнак, але таксама ў іх ніколі не было адзнакі за паводзіны вышэй, чым "добра". Гэта была сур'ёзная правіна. Мой разумны брат разумеў гэта і аднойчы з трыўмфам прынёс дахаты пасведчанне і прад'явіў яго бацькам. Зверху каля адзнакі "добра" па паводзінах, выпісанай акуратным почыркам класнага кіраўніка стаяла яшчэ адно наперакос напісанае слова "вельмі". Натуральна, падробка была выкрыта. На сярэдзіну пакоя вынеслі лаўку, паклалі на яе брата жыватом уніз і знялі порткі. Да нашага здзіўлення ён не супраціўляся, нібы разумеючы ўсю глыбіню сваёй правіны. Мама трымала яго за плечы, а бацька сядзеў на нагах, якія тузаліся і раўнамерна лупіў папругай па ягадзіцах.
Такія генеральныя экзекуцыі праводзіліся рэдка. Звычайна мама дзейнічала не ўжываючы папругі, яна накідвалася на яго з папрокамі і заўвагамі, праўда, без адмысловага эфекту.
(Працяг у наступным нумары.)
У Вільні і літоўскіх дварах, успаміны 1815 - 1843 гадоў*
Габрыэля Пузыня
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
А як жа яна магла не застацца на імяніны Юзі? Набліжаўся Вялікдзень, і пані Лапацінская прапанавала рэкалекцыі ў візітак. Як танцорка магла адмовіцца ад супольнага ружанца? І нашы свецкія дамы, якія яшчэ да вігіліі адбылі вечарыны, ці дакладней, дэманстрацыю карункаў і ажурных панчох - чароўных павуцінак на чароўных ножках, замкнуліся за кратамі на цэлы тыдзень і ўражанні ад гэтых дзён, праведзеных у іншым свеце, у перадпакоі нябёсаў, пераважылі папярэднія свецкія ўражанні. Рэкалекцыі праводзіла Марыя Чапская, для якой гэтая роля была лягчэйшай, чым для іншых, бо яе душа на палову ўжо жыла ў раі. Склаўшы рукі, укленчыўшы ля крыжа, яна гаварыла павольна, натхнёна і з захапленнем глядзела на распяцце ці ўверх. Імя Бога вымаўляла з такім пачуццём і такім голасам, быццам бачыла яго перад сабой ва ўсёй славе. Калі б усе тыя, хто не верыць у пакліканне, маглі пачуць і ўбачыць яе ў гэты момант, нікому з іх не прыйшло б у галаву, што яе прымусіла маці ці што Чапская шкадуе аб сваім рашэнні.
Тамаш Зан праспяваў нам песню пра жаваранка і паляцеў сам. Развіталіся сардэчна, за гэтыя некалькі тыдняў ён зліўся з нашым жыццём, як і мы з яго мінулым. Чалавек без жоўці, як голуб, палюбіў стэпы і ўспамінаў пра іх амаль з такой жа любоўю, як пра сваю зямлю. Як прыгожы сувенір падараваў майму бацьку карту Татаршчыны, якую сам Гумбальт выкарыстоўваў ў сваіх паездках62. Зан паехаў на нашых конях і нейкі час блукаў па ваколіцах, што было звычаем качавых народаў. Ён кожныя некалькі міль ставіў свой намёт, і паколькі імя Тамаша Зана было вядомым, кожны дом адчыняў яму свае дзверы і сэрцы. Так наведаў сям'ю Шышкаў у Кабыльніках, сям'ю Антановічаў, Паставы і адусюль пісаў нам падрабязныя лісты. Нарэшце, аб'ехаўшы кругам Вілейскі павет, спыніўся ў Ашмянскім, у Беніцы Швыкоўскіх, дзе ўраджэнка Наваградчыны Алімпія, радасна вітала магістра філарэтаў, узор для сваіх сыноў-падлеткаў.
Пасля ад'езду светлага госця, нашым адзіным адпачынкам і сябрам сталі кнігі. Пан Эдмунд Сулістроўскі забяспечыў французскімі газетамі, якія трымалі нас у курсе новых п'ес і раманаў Бальзака. Нават прыемны пах гэтых газет абяцаў ежу для розуму і застаўся для нас неаддзельным ад памяці пра тыя артыкулы, да якіх мы па некалькі разоў на дзень з задавальненнем вярталіся. Свірскі ксёндз-пробашч Казімір Залескі забяспечыў нас кнігамі Грабоўскага, Крашэўскага, Дукальпа (Плацыда Янкоўскага - Л. Л.) і "Тыгоднікам Пецярбургскім", а з Ольшава нам даслалі непараўнальную "Крысціну" Гофманавай, якая, як старая знаёмая, дапамагла нам пацешыць хворую маці. Гэты ўзяты з жыцця раман, адлюстроўваў паўсядзённыя, простыя рэчы і тугу па роднай зямлі ў гэтай кнізе, выклікала ў нас пяшчоту. "Крысціна" была быццам бы значна малодшай, але роднай сястрой "Пана Тадэвуша".
Вясна, май, заўсёды прыносілі карнавал у нашы сэрцы, кампенсавалі ціхую зіму без гасцей і без танцаў. Дзядзька Канстанцін рэгулярна ў маі ездзіў у Вільню, у гэтым годзе ён меўся пакінуць сваіх дзяцей у нас з настаўніцай і настаўнікам і абраў датай прыезду імяніны сястры (нашай маці) - 3 мая. На гэты раз святочная атмасфера ўзмацнялася яшчэ і прысутнасцю цёці Шуазель, якая, наколькі я памятаю, прыехала на некалькі дзён раней у прыгожую, месяцовую ноч. У гэтым годзе была ранняя і цудоўная вясна, у прадчуванні мая квітнеў бэз, і ўвайшоўшы з свой пакой, цёця знайшла за адчынены акном і кветкі, і месяц, і спевы салаўя, якія не давалі ёй спаць. Шпацыруючы з намі на наступны дзень па садзе, які яна даўно ўжо не бачыла, бо папярэдні візіт быў зімой, цёця радавалася з-за паўночнай вясны, якую не ведалі жыхары поўдня, бо жылі сярод заўсёды зялёных гаёў, без адраджэння і прабуджэння прыроды, без перапынку на зіму. Прыгожая паўднёвая зямля пад заўсёдным сонцам, квітнее ўвесь час, як тыя дзевяноста дзевяць праведнікаў у Евангеллі, а наша поўнач, абуджаючыся да жыцця ад млявасці і анямеласці, падобная на заблукаўшае, пакаяннае ягня, якое і само радуецца і нясе радасць зямлі і нябёсам. Прыгожай была вясна 1842 года, цудоўным быў май, і чароўны дабраўлянскі сад з яшчэ чыстай, незамутнёнай вадой, з вербамі, якія плачуць на берагах, з травой як смагард, з водарам фіялак і нарцысаў, з першым подыхам бэзу, які падчас цвіцення пераўзыходзіць усе іншыя пахі.
Цёця Шуазель прабыла ў нас каля двух тыдняў, а пастаўская сям'я два месяцы. Марыня атрымлівала лісты з Падолля ад свайго нарачонага, але паслухмяная дачка перасылала гэтыя лісты свайму бацьку ў Вільню, каб ён іх адкрыў і прачытаў, а потым з нецярпеннем чакала вяртання.
Успамінаю яшчэ адзін эпізод з вясновага візіту пастаўскай сям'і. Марыня ўжо ўмела маляваць партрэты з натуры, і таму я замовіла ў яе партрэт аўтара "Літоўскіх малюнкаў" для свайго альбома аўтографаў. Як быццам каб задаволіць маё жаданне, сам арыгінал прыехаў у Дабраўляны. За абедам Марыня шматзначна паглядзела на мяне. Я адказала ёй усмешкай, і ўважлівы госць пачаў пытацца, што гэта можа значыць? Адказала, што ён заплаціць за цікаўнасць і сам прычыніцца да разгадкі таямніцы. Яшчэ больш заінтрыгаваны, хацеў, каб абед хутчэй скончыўся, але абеды той эпохі, нават штодзённыя, складаліся з шасці страў, і трэба было дачакаць да канца. Пасля вячэры нельга адразу сесці за працу, і мы чакалі яшчэ гадзіну. Але паколькі пан Ходзька працягваў задаваць пытанні, Марыня села за столікам, прапанавала госцю крэсла насупраць сябе, і пакуль ён чакаў тлумачэнняў, заўважыў аловак у руцэ мастака і нашы позіркі, скіраваныя на яго. Варта было бачыць сумесь клопату і задавальнення, бачыць як ён ускочыў з крэсла, як з запалам пацалаваў руку з алоўкам, як дзякаваў нам, як рабіў выгляд, што трэба адмовіць яму ў такім гонары, але ўсё ж вярнуўся ў крэсла і сядзеў там з гадзіну. Пасля часта пісаў мне, што гэты момант быў адным з самых прыемных у яго жыцці і што ён з радасцю ўключыць партрэт у сваю працу "Les indemnites des gens de lettres" (фр. "Дапаможнік для літаратараў" - Л. Л.). Партрэт удаўся, крыху ідэалістка Марыня надала маленькім вачам выраз, які іх павялічваў, злёгку дакранулася да запалага носа, растрапаныя валасы намалявала над выпуклым лбом, а выступаючыя шчокі, нібы надзьмула здзеклівай ўсмешкай. Але твар шчаслівага тады чалавека праз нейкі час стаў сумным! Пазней пад партрэтам ён напісаў: "Баруны".
У чэрвені прыехалі Сен-Клеры з маці, двума сынамі і дачкой Вольгай.
Услед за сваякамі рушылі тыя, хто мог стаць сваякамі. Моладзь з Падолля і Галіцыі, апярэджваючы ліцвінаў, добра пачала заляцацца да варшаўскіх кузынак, і такім чынам дзве з іх знайшлі сваіх кавалераў, якія прыехалі ў Літву да дзядзькі-апекуна па дабраславенства. Да нас таксама завітаў і граф Патоцкі, заручаны з ладнай Юзяй. Бабуля ледзь паспела паведаміць маме пра будучае вяселле, як аднойчы майскім вечарам з Вільні з'явіўся вялізны, малады гусар з магутным носам, блакітнымі вачыма і ў залатых акулярах. Гэты бландын прадставіўся нам Канстанцінам графам Патоцкім. Яго наўмысны візіт быў кароткім, працягваўся з вечара да наступнай раніцы. Павярхоўныя размовы ішлі па-французску і сведчылі толькі аб свецкім выхаванні. Выбар сярэдняй, калі старэйшая была яшчэ вольнай, быў адзінай гарантыяй прыхільнасці ці сімпатыі нашай Юзячкі. Мае бацькі ведалі яго бацьку Яраслава, які прыехаў у Вільню ўслед за прыгожай сястрой, тады графіняй дэ Шуазель, потым Бахмеццевай, растраціў грошы на вечарынкі, сюрпрызы і розныя свавольства, але ўвесь час з жалем паўтараў: "У Вільні няма куды траціць грошы!". І хутка, на працягу зімы, страціў усё. Яго жонка з дому Жавускіх, разумная і дабрадзейная жанчына, перажыла мужа-гуляку, магчыма, каб стаць шчытом для сваёй маладой нявесткі, якую напаткаў такі ж самы лёс, бо "яблык ад яблыні недалёка падае".
У ліпені з Пастаў прыехала нарачоная з сёстрамі і гасцявала ў Дабраўлянах некалькі дзён. І на гэты раз за залатымі ружамі прыляцела некалькі матылёў … бо Эльфрыдка таксама магла цяпер выйсці замуж. За Эрманцяй, як і раней, урачыста прыехаў з Галіцыі Севярын Урускі. Яго маці, з дому графаў Патоцкіх, у другім шлюбе Кабога63, карысталася вялікай павагай пры венскім двары. Сур'ёзны, малады і прыгожы пан Севярын вылучаўся ветлівасцю і лагоднасцю з дамамі і старэйшымі, а яшчэ больш немужчынскай набожнасцю. Бучынская, чый пакой у Паставах быў аддзелены ад яго толькі сцяной, засынала і прачыналася пад яго малітвы, якія ўголас чытаў яе будучы кузэн. Эрманця часта наведвала капліцу ў Дабраўлянах і на нашы віншаванні адказвала, што не заслугоўвае такога шчасця. У сясцёр-нявест быў вельмі розны характар, бо калі разам з Эрманцяй падчас малітвы станавілася Юзя, дык казала нешта неразборлівае, накшталт "sacre bleu", як і яе гусар. У Эльфрыдкі таксама з'явіўся ліцвін гусарскай прыгажосці, другі сын Станіслава Чапскага Адольф, складзены, як Апалон, і такі самазакаханы, што не лічыў неабходным цешыць нас размовамі, qui n'etait pas son fort (фр. "гэта не было яго моцным бокам". - Л. Л.), і не ўмеў размаўляць прыгожа, але добра маляваў і перад жанчынамі прымаў антычныя позы, якія падкрэслівалі яго прыгожую постаць. Меў твар Чапскіх-Абуховічаў - блакітныя вочы, арліны нос, чорныя валасы. У свае дваццаць чатыры гады квітнеў здароўем, а іспанскія валасы і вусы надавалі яму выгляд нейкага ідальга. Усе ў іх магло адбыцца, але неяк не склалася - магчыма яны не былі прызначаны адзін аднаму.
Аляксандр Пшаздецкі не мог пражыць і год, каб не наведаць Паставы. Вяселле было ўжо блізка, бо яны атрымалі дазвол з Рыма і гэта павялічыла яго пачуцці. Яго лісты да нарачонай больш не пачыналіся са слоў "Ma chere cousine" (фр. "Мая дарагая кузына". - Л. Л.) і калі ён з'язджаў з Пастаў, уся сям'я праводзіла яго да Дабраўлянаў.
Позняй восенню пастаўскія выбраліся ў Варшаву. Шлюбы Марыні з Аляксандрам Пшаздзецкім і Эрманці з графам Урускім павінны былі адбыцца пад крылом у бабулі, у адзін дзень, каля аднаго алтара. Юзя са жніўня ўжо была графіняй Патоцкай, за Хеленкай валачыўся Адам Чапскі, сын Караля. Эльдзя паехала ў Парыж і адтуль паведаміла, што закахалася ў свайго дзядзьку-эмігранта Тытуса Пуслоўскага. Лёс усіх пяці кузынак здаваўся вырашаным за кароткі час. Па просьбе дзядзькі Канстанціна, Матыня суправаджала пастаўскую сям'ю ў Варшаву. У асірацелым Болкаве застаўся толькі адзін добры Маўрыцый і яго сястра, ужо ўдава Залеская, з ціхай і лагоднай дачкой Марыяй. Мой швагер выглядаў кранальна. Моцна кахаў сваю жонку і дзеля яе зусім забыўся пра сябе. Ведаючы, як яна любіць Варшаву, як яе там шануюць і маючы намер палегчыць клопаты дзядзькі, сам угаворваў Матыню ехаць, сам займаўся падрыхтоўкай і суправаджаў яе да Вількаміра.
У верасні ў нашы мясціны прыехала пані Лапацінская з дачкой, сынам і маладым італьянскім спеваком Ахілесам Банольдзі64. Адразу наведала Болкава а потым на некалькі гадзін заехала і ў Дабраўляны. Прыгожая, вясёлая і элегантная дама сядзела ля ложка хворай, а малады італьянец у салоне спяваў вогненныя і дасціпныя французскія песні. Гэтая вясёлая, спеўная камета завезла мяне ў Болкава, дзе праз некалькі гадзін я пачала жыць, як у Кайранах - ноч змянялася днём за чытаннем Міцкевіча і вясёлымі расказамі пра Парыж. Як звычайна, непрывабная Юзя Лапацінская прыкідвалася рассеянай, каб каму-небудзь не пакланіцца, і фыркала ў вочы, каб не адказваць на пытанне, але калі хацела, была вельмі мілай. Людзі з добрым густам абудзілі ў ёй музычны талент і любоў да паэзіі Міцкевіча. Пан Ігнат быў ценем сястры, больш ветлівым з маці, чым яна, і дэманстраваў гэта пры кожным спатканні, усе яго "добрай раніцы" і "дабранач" былі вельмі сардэчнымі. Гэта свецкая дама, калі стала маці, прымірыла з сабой людзей, якія раней з непрыязнасцю глядзелі на яе вопратку і свецкасць.
З вясны ложак хворай маці стаў месцам збору нашай сям'і. Усе ўспаміны з мая па лістапад звязаны з яе пакоем пад абразом Збавіцеля Сусвету (копія з Гвіда Рэні), якая вісела ў авальнай рамцы над яе шырокім ложкам на апорах і з бронзавымі скульптурамі, як гэта было модна ў 1810 годзе. Каля ложка, як кажуць - у галаве, стаяла малое бюро з чырвонага дрэва, а на ім кніжка "La journee du chretien" (фр. "Хрысціянскі дзень" - Л. Л.) і заўсёды тая самая шклянка з вадой, якую я памятаю з дзяцінства, белы графін, званочак з драўлянай ручкай, скрыначка з парашкамі і папера, на якой маці ў бяссонныя ночы запісвала думкі і вершы. Да ложка быў прысунуты і столік, на ім мы часта гулялі ў сямейны віст з жартамі і размовамі, якія раз'юшвалі майго бацьку. Тут жа сам аўтар чытаў урыўкі з рукапісу "Берагоў Віліі", "Крысціну", а "Яна з Чарналесся" (Яна Каханоўскага - Л. Л.) чытаў Канстанцін Плятэр. Тут жа знакаміты доктар Каржанеўскі, якога запрасілі даглядаць за нагой мамы, распавядаў нам пра свой навуковы побыт у Парыжы, пра лекцыі Адама [Міцкевіча] па-французску, пра тое, што французы казалі, што "яму часам не хапае выразнасці, але заўсёды хапае думак". Аднойчы каля гэтага ложка сядзеў каплан, які спавядаў маму, бо яна не магла спусціцца ў капліцу. А ў кастрычніку маці ўстала з гэтага ложка, яе спусцілі на крэсле да карэты і адправілі ў Вільню. Да гэтага яе падштурхоўвала не столькі надзея паправіць здароўе ў горадзе, колькі жаданне наблізіцца да навін з Варшавы і з'ехаць з апусцелай ваколіцы. Паставы і Болкава сталіся пусткай. Мастоўкія і Сулістроўскія пасяліся ў Вільні, і холадам веяла ад іх пустых дамоў. Таму і нам трэба было ўцякаць у горад! Тата заставаўся ў Дабраўлянах да снежня. Мы старанна запланавалі падарожжа на кастрычнік, калі не было яшчэ марозу, тым не менш яно не засталося беспакараным. У Вільні ў мамы з'явілася тэмпература і кашаль. Доктар Урублеўскі выпісаў лекі і параіў цішыню і адзіноту. І ў доме ўсё сціхла, мы хадзілі на дыбачках і размаўлялі шэптам, каранцін цягнуўся месяц.
На раніцы мы хадзілі на імшу ў бліжэйшы, з брамы - у браму, касцёл францішканаў. Бліжэй да вечара калі мама спала, гулялі па Пагулянцы, а ўсе дні і вечары праводзілі за вязаннем ці чытаннем кніг, якія нам шчодра даваў маршалак Мастоўскі. І да сёння не магу дараваць Крашэўскаму, які ў кнізе "Фрагменты" ("Okruszyny") параўноўваў віленскія касцельныя вежы з пальцамі, якія тырчаць з падранай пальчаткі! Гэтыя вежы больш падобныя на ўзнятыя да неба рукі ў малітве, яны штодзень, падчас вяртання з пагулянскага шпацыру, радавалі усіх нас у промнях нізкага сонца,.
Як жа адрозніваліся ад нашага жыцця поўныя энергіі і колераў лісты з Варшавы, якія трэба было доўга чакаць. Першыя весткі пра нашых падарожнікаў дайшлі да нас, калі мы яшчэ былі ў Дабраўлянах, імі мы падзяліліся з "саламяным удаўцом" Маўрыцыем. Гэтыя лісты былі напісаны з Чырвонага Двара панам Бенядыктам Тышкевічам, дзе спадарожнікі зрабілі днёўку. Гаспадар нядаўна страціў каханую жонку, хоць меў трох дачок, як квітнеючыя ружы і жыў жыццём пустэльніка ў посце і малітве у сваім прыгожым замку, які панаваў над Віліяй і Нявешай. Прыгожыя статуі з карарскага мармуру, прывезеныя з Італіі, магчыма занадта нагадвалі засмучанаму ўдаўцу пра балючую страту, якую ён перажыў пад італьянскім небам, каб цешыцца і радавацца імі. Бо, прыгожы Апалон, які паводле паганскай веры сам быў сонцам, хаваўся ў цені вялікай залы, і ля яго ног на пастаменце прыляпілася свечка. Жыццё ўсёй сям'і праходзіла ў капліцы. Тым часам на новым фундаменце будаваўся касцёл, каб захоўваць унутры сябе прыгожы помнік са скульптурай с. п. Ванды на саркафагу. Але разам з гэтым мінулым жыла ўжо і будучыня, і не толькі ў прыгожых дочках Людгардзе, Яне і Вандзе, але і ў будучым зяці, бо сын кіеўскага маршалка малады Міхал Тышкевіч, прыгожы, як той Апалон, з захапленнем глядзеў на сярэднюю з кузынак Яну і знаходзіў больш шарму ў яе апушчаных павеках, чым у спевах старэйшай Людгарды, якая зіхацела прыгажосцю і стройнасцю фігуры.
Мяне цікавіў пераезд нашых падарожнікаў цераз Нёман, і я даручыла сястры набраць вады з "роднай ракі", каб з маімі вершам адправіць яе аўтару "Валенрода" разам з кветкай з ковенскай даліны, якую мне год таму даслала панна Тэафіля Валавічоўна, якая адмыслова для гэтага ездзіла туды. Моцна білася сэрца, калі я перапісвала свае вершы, былі яны асвечаны і слязьмі аўтара "Малюнкаў" і перададзены маёй сястры, якая павінна была паклапаціцца пра нёманскую ваду ў выбраным для гэтай мэты флаконе. Такія перасылкі ў той час былі вельмі складанымі, і я з нецярпеннем і трывогай чакала звестак - ці зроблена і як зроблена справа. Даведалася, што асобай, абранай для гэтага, была пані Кацярына Лявоцкая з Ліпінскіх, паважаная жанчына, знаёмая з Чартарыскімі, Плятэрамі, Замойскімі. Супакоеная, я пачала чакаць звестак з Парыжа. Чакала … здагадайцеся, як доўга? Да 1857 года, пятнаццаць гадоў! Ажно покуль сама не прыехала ў Парыж у год смерці Паэта і не пачула ад Антонія Гарэцкага, сын якога меўся ажаніцца з дачкой Адама, што "тыя вершы знаходзяцца ў яго", а дачка Адама Марыя, калі была ў Вільні, сказала мне, што "вадой з Нёмана быў ахрышчаны яе малодшы брат"… Так Бог выпрабоўвае нецярплівых людзей!
У першым лісце з Варшавы мая сястра паведаміла пра збор усёй сям'і Пшаздзецкіх з Валыні 1-га лістапада бо на 20-га лістапада былі прызначаны шлюбы. Такі кароткі тэрмін і адсутнасць якой-небудзь падрыхтоўкі, прывялі да таго, што дзядзька Тызенгаўз пачаў вагацца, ці не адкласці вяселле Марыні да карнавалаў. Але гэта напалохала нарачонага, і будучы зяць, паляпаўшы сябе па каленях, усклікнуў: "Гэтага не можа быць, не для таго я праехаў столькі міль, каб вярнуцца з нічым". А Матыня, якая мела мэту ўсім дагадзіць, спытала ў дзядзькі: "Ці справа ідзе толькі пра падрыхтоўку?", - і дадала, што ў такім разе абавязваецца завяршыць яе на працягу трынаццаці дзён. "Згода!", - сказаў дзядзька і паклаў на стол 5000 дукатаў (сума, якая ад веку выдзялялася Тызенгаўзамі на падрыхтоўку да шлюбу дачок). Доўга не чакаючы, Бучынская пайшла з кузынкай-нарачонай да Штэйнкелера, Зэта, да мадам Адэлі і г. д. Яна выклікала швачак, шаўцоў, мадыстак і г. д. Гэтыя шылі капялюш, гэтыя кроілі тканіну, палкі швачак запоўнілі кватэру, і ўсім былі прызначаны тэрміны. Падрыхтоўка вялікімі крокамі пайшла наперад, і штогадзіны нарачоная атрымлівала нейкае ўбранне, Матыня не мела часу паснедаць, забылася пра сон, але мела добры настрой, быццам бы ехала адразу на ста конях, бо мела мэту, жыла сярод прыгажосці і адчувала сябе карыснай. Марыся называла яе сваім суцяшэннем і крыламі. Гледзячы на такія цуды, дзядзька толькі ківаў галавой, бо даўшы дазвол, усяроўна сумняваўся і жартаваў, што дачка сустрэне тут Новы год. А нарачоны? Ён шукаў у Нейбаўэра годнага ўпрыгожання для той, якая працуе, каб ён з'яднаўся з каханай Марысяй.
І аднойчы, нечакана, ён насунуў на руку кузынкі, якая трымала нажніцы, прыгожы бранзалет з дыяментамі і смагардамі, з датай шлюбу і імёнамі Марысі і Аляксандра. Бабуля на сваёй канапе слухала і дзівілася гэтай неверагоднай хуткасці, якая была б немагчымай у часы яе маладосці! І з кожным новым доказам чыннасці сваёй першароднай каханай унучкі, паўтарала сваё, любімае: "Езус, Марыя!". Бабуля займала тады дом Скварцова каля Саскага саду, каб жыць з унучкай, яна з жалем пакінула дом Герлаха і яго старыя каштаны. Побач мела апартаменты і Матыня, яна выдумвала стылі чапцоў і не забывала пра дзень вяселля і прыёмаў. Пачуўшы пра вялікі спіс запрошаных на вяселле, бо два вяселлі ў адзін дзень памнажалі сямейныя і грамадскія сувязі, Матыня задалася пытаннем: "Дзе яна знойдзе месца для такога натоўпу?". І вось ужо мае гатовы план, які трэба толькі прадставіць на суд бабулі і дзядзькі. Яна прапанавала злучыць два апартамента ў адзін. "Езус, Марыя!", - усклікнула бабуля, напалоханая гэтым планам і скрыжавала свае прыгожыя рукі на грудзях. "Як жа гэта зрабіць? Як гэта будзе?" - спытаў зацікаўлены дзядзька. Матыня ўзялася за працу, і калі надышоў дзень падвойнага вяселля, апрача пакояў, дзе абедзве маладыя панны апраналіся для вяселля, а Марыня чытала пабожную кнігу, покуль ёй рабілі фрызуру, цалкам былі адрамантаваны абодва апартаменты, асветлены, надушаны і адкрыты, а ў глыбі анфілады, каля клумбы з экзатычнымі раслінамі, насупраць упрыгожанага кветкамі алтара, у глыбокім крэсле сядзела бабуля, склаўшы на лёгкай, ядвабнай сукенцы свае прыгожыя рукі, якімі яна павінна была дабраславіць першародных дачок двух сваіх сыноў. Побач з ёй сядзела графіня Патоцкая (жонка Станіслава), якая прыехала першай, і генералава Паўловічава. Каля дзвярэй два маладыя кавалеры Мечыслаў Пшаздзецкі і Люцыян Вайніловіч чакалі дам, каб па чарзе правесці іх у лом. У сярэднім пакоі для дружак маладых паннаў, чакаў паднос са свежым міртам і залатыя шпількі са знакамі (нумарамі) нявестаў. Гасцёўні напаўняліся. Сем'і, дыпламаты, дамы, духоўныя асобы, вайскоўцы, прагульваліся і перашэптваліся паміж сабой. Матыня замяніла нерухомую бабулю і дзвюх памерлых маці, яна выказвала пашану і прапаноўвала гасцям прайсці глыбей у пакоі, дыпламатычна брала іх за рукі і праводзіла, да прыгожай жывой карціны - маладыя паненкі плятуць букеты. Тут былі: Хеленка Тызенгаўзоўна, Тэкля Любецкая і дзве дачкі генерала Крэйца - Анеля і Клатыльда.
Ужо прыбылі і чакалі ў суседнім пакоі настаяцель айцоў місіянераў і настаяцель айцоў капуцынаў ксёндз Беньямін. Сабраліся ўсе. Запалілі свечкі каля алтара, і дзве маладыя пары падышлі да бабулі па дабраславенства. Далейшая хада вяселля добра вядома: шлюбная прысяга, абдымкі, тосты, развітанне і ад'езд. Згасла святло. Дай Божа шчасця абедзвюм парам!
Дзядзька з Хеленкай і сынамі, а разам з імі і Бучынская засталіся ў Варшаве на ўсю зіму.
Падзеяй, захапіўшай Вільню у тую восень, стала вяртанне з выгнання пана Станіслава Шумскага з дачкой Марыляй і князя Габрыэля Агінскага з сям'ёй , эмігрантаў з Францыі.
Жыццё гэтай высакароднай пары ў 1812 і 1831 гадах было ахвярай радзіме. Амністыя Аляксандра І дазволіла вярнуцца на радзіму і да сваёй маёмасці ў 1814 годзе. У 1842 г. яны таксама вярнуліся але адказам на зварот па дазвол, быў арышт на мяжы і вяртанне пад вартай у Вільню, дзе іх кінулі ў вязніцу. Такая туга па радзіме выгнала шмат каго з ліцвінаў з-пад ласкавага неба Францыі пад суровае неба поўначы, ад права і справядлівасці да няўмольнага пакарання, і гэта толькі, каб падыхаць сваім паветрам! Казімір граф Плятэр-Зыберг вярнуўся ў 1836 годзе, каб ажаніцца з прыгожай Людвікай Барэвічоўнай, але спачатку заплаціў за гэта шчасце Каўказам і службай у Пецярбургу. Цяпер вярнуўся Габрыэль князь Агінскі, які ўжо не мог вытрымаць без роднага паветра, а разам з ім і жонка, бо не магла жыць без яго, хоць і аплаквала Парыж і сяброў. Але смерць ужо чакала яго ля парога вязніцы! Яшчэ не былі закончаны ўсе фармальнасці, калі князь Габрыэль памёр. Удава, якой не дазволілі вярнуцца ў Парыж, пахавала каханага мужа на Росах і пасялілася ў Вільні, каб выбітай праз суд часткай свайго пасагу дзяліцца з тымі, хто быў яшчэ бяднейшы за яе. Дом напоўнілі бедныя сваякі і нязломная, загартаваная слязьмі і пакутамі, яна стала суцяшэннем і ўзорам для іншых.
Прыгожыя Стравенікі, рэзідэнцыя князёў Агінскіх у Жмудзі, сталі ўласнасцю казны і ўжо не былі падобнымі на сябе да 1831 года. Фабрыка палатна засталася, але не было і следу ад прадзільнай фабрыкі. Князь Габрыэль стварыў яе для жонкі, якая, як сярэднявечная княгіня, прала сямейны лён. Самыя вялікія залы палаца, ператвораныя ў працоўні для дзяўчат, асветленыя па-вечарах лямпамі, гудзелі ад прадзільных калаўротаў і вясёлых песень, напаўнялі палац жыццём і рухам, невядомым у іншых рэзідэнцыях магнатаў, дзе дні прысвячаліся весялосці. У Стравеніках таксама ўмелі бавіцца: аматары гралі камедыі, гучала прыдворная музыка, а сама княгіня, поўная нявінных жартаў, рабіла дасціпныя містыфікацыі для гасцей. Там высакародная ліцвінка адпомсціла свайму кузыну, графу Францішку Любенскаму з Каралеўства за жарты над Літвой. Яна прыняла яго ў заняпалым дамку сярод гароху, частавала верашчакай, і гэта толькі, каб потым яшчэ больш асляпіць асветленым палацам і пазнаёміць са сваімі гасцямі, якія сабраліся для гэтага ў замку65. І ўсё гэта знікла, як сон!
Княгіня Кунягунда Агінская з дому графа Плятэраў была сястрой Казіміра, удава якога Жабянка, разлучаная з ім, не хацела насіць жалобу. Сястра моцна любіла брата і сэрцам чула яго блізкую смерць.
Княгіня Кунягунда была бяздзетнай, але каханай і шанаванай мужам, дзяліла з ім і добрую, і злую долю і стала ўвасабленнем узорнай, шчаслівай жонкі. Непрыгожая нават у маладосці, з рэзкімі рысамі твару, яна трымалася скована, гаварыла неяк эмацыйна, па ўзору таго часу мяшала французскія і польскія словы, была высокага росту і седзячы, выглядала вышэйшай, чым калі стаяла на нагах. Яе шлюб быў вынікам сямейнай дамовы без вольнага выбару, аднак у кнізе лёсаў яна была запісана ў раздзеле шчаслівых, бо з мужам у іх нарадзілася ўзаемнае сардэчнае каханне. Муж заўсёды любіў жыць на вёсцы, а жонцы гэта не падабалася, аднак ён схіліў яе да жыцця ў вёсцы і для яе і гасцей зрабіў Стравенікі зямным раем.
У снежні атмасфера нашага дома паціху стала паляпшацца. Тата прыехаў з Дабраўлянаў і застаў маму здаравейшай - на мыліцах і з нашай дапамогай яна наведала ўжо тры салоны і сама да адзінаццатай вечара прымала гасцей у крэсле. Мне нават пашылі бальную сукенку, бо немагчыма было пазбегнуць запрашэння пані Міркавіч, якая патрабавала, каб хоць адна з нас наведала баль шостага снежня - дзень імянін імператара Мікалая. Пасля дзвюх зім у вёсцы, пасля месяца строгага каранціну, мы страцілі звычку да танцаў і шырокага віленскага, свецкага грамадства. А віленскае грамадства за гэты тэрмін так змянілася, што ідучы ў салон праз залу палаца, праз шэрагі асоб у мундзірах з ордэнамі, дзе дамы стваралі маляўнічы, рознакаляровы кветнік, здавалася, што бачыш перад вачыма ажыўшыя фігуры з часопісаў. Самымі знаёмымі тварамі сярод новых гасцей, акрамя Юзі Лапацінскай, былі твары Марылі Шумскай, якую не бачыла з вясны 1840 года і яе кузынкі, якая мела час падрасці з 1830 года. Нягледзячы на адвэнт, біскуп цалкам вызваліў нас ад забароны танцаваць шостага снежня, і нават хадзячая артадоксія, пані Лапацінская, дазволіла, ці хутчэй загадала сваёй Юзі танцаваць, але на такіх святах Юзя заўсёды выглядала, як ахвярнае ягня.
Вільня рыхтавалася да соймікаў пасля Новага года і ўсё больш напаўнялася жыхарамі, і наша "газетка" пані Карнелія, якая ўсё ведала з самых лепшых крыніц, прыйшла паведаміць нам, што адбываецца ў горадзе. У тым жа годзе ў беднай жанчыны ад раку памерла сястра Грабніцкая. Яе дачка каля смяротнага ложка маці ўзяла шлюб з Эдвардам Важынскім. Але другая сястра, Храпавіцкая, прывозіла на карнавалы тры свае прыгожыя дачкі, якія потым так доўга будуць зачароўваць Вільню.
Кожны вечар мы мелі кагосьці са старых знаёмых і да нас прыходзіла многа мужчын. Пан Рудаміна толькі што вярнуўся з Італіі і Ціроля і на гэты раз быў у захапленні ад італьянскага неба і класічнага мастацтва. У нас бывалі бацька і сын Пінабелі - былы прафесар і генерал. Бываў у нас і вучоны энтамолаг, прафесар Горскі, які ўвесь вечар распавядаў нам пра Неапаль, дзе яму давялося заплаціць вялікае мыта за некалькі кніг, бо ў той час яны лічыліся самай небяспечнай кантрабандай.
(Працяг у наступным нумары.)
* Gabrjela z Guntherоw Puzynina. W Wilnie i w dworach litewskich: pamiаtnik z lat 1815-1843. Wilno, 1928. Пераклад Леаніда Лаўрэша.
62 У 1920-я гады гэта карта знаходзілася ў тэчках Адама Гюнтара.
63 Ванда з Патоцкіх, дачка кароннага крайчага Севярына, заснавальніка Харкаўскага ўніверсітэта, і Ганны з Сапегаў.
64 Ахілес Банольдзі, настаўнік спеваў, выкладчык Шляхецкага інстытута ў Вільні. У 1863 г. быў членам Віленскага паўстанчага камітэта.
65 Князі Агінскія - Габрыэль і Кунегунда з Плятэраў-Зыбертаў.
Гучныя чытанні "Казка родная, беларуская"
"Казка родная, беларуская" - пад такой назвай 27 лютага ў філіяле "Дзітвянская сельская бібліятэка" прайшлі гучныя чытанні ў рамках праекта "Кожная пятніца - роднае, сваё".
У час мерапрыемства бібліятэкар у нацыянальным адзенні расказала сваім маленькім слухачам, як з'явіліся народныя казкі і чаму ў іх так шмат укладзена народнай мудрасці. Дзеці з групы падоўжанага дня ДУА "Дзітвянская сярэдняя школа" праслухалі казку "Казаманюка" і адказалі на пытанні. Затым да дзяцей прыйшоў казачны герой Мядзведзь. Ён загадваў загадкі пра хатніх жывёл, а прысутныя іх адгадвалі і атрымлівалі салодкія прызы. Напрыканцы Мядзведзь прапанаваў разглядзець ілюстрацыі да казак у кніжках.
ТК "Адукацыя Лідчыны".
Герб горада Ліды, наданы 17 верасня 1590 г.
