Папярэдняя старонка: 2026

Наша слова.pdf № 10 (219) 


Дадана: 11-03-2026,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 10 (219), 11 сакавіка 2026г.

15 сакавіка - дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь

Канстытуцыя Беларусі была прынятая 15 сакавіка 1994 года Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь і з'яўляецца першай у гісторыі суверэннай Рэспублікі і пятай па ліку Канстытуцыяй Беларусі (пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года). У 1996 годзе на рэспубліканскім рэферэндуме Канстытуцыя была выкладзена ў новай рэдакцыі. Наступны рэспубліканскі рэферэндум, на які было вынесена пытанне змены асноўнага закона, адбыўся 17 кастрычніка 2004 года. Законам Рэспублікі Беларусь ад 12 кастрычніка 2021 года № 124-3 у Канстытуцыю ўнесены змены, якія тычацца правядзення выбараў дэпутатаў у адзіны дзень галасавання. 27 лютага 2022 года адбыўся чарговы рэспубліканскі рэферэндум па пытанні ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. У выніку падвергліся карэкціроўцы Прэамбула і 85 артыкулаў, з'явілася 11 новых артыкулаў, выключаны 2 артыкулы...

Падведзены папярэднія вынікі 19-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі на Лідчыне

З'явілася магчымасць падвесці асноўныя вынікі 19-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі і Тыдня роднай мовы на Лідчыне.

Па звестках Упраўлення адукацыі Лідскага райвыканкама ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі раёна 19-ю Агульнанацыянальную дыктоўку пісалі 9254 чалавекі. З іх 8075 вучняў, 769 педагогаў, 410 бацькоў.

400 чалавек пісалі Купалаўскую і Абласную дыктоўкі ў Лідскім каледжы.

Па ініцыятыве Лідскага раённага выканаўчага камітэта з мэтай папулярызацыі беларускай мовы ў рамках правядзення мерапрыемстваў, прысвечаных Году беларускай жанчыны і Міжнароднаму дню роднай мовы, у музычным каледжы прайшлі дыктоўкі па адным з прапанаваных тэкстаў у гонар славутых беларускіх жанчын (Рагнеда, Ефрасіння Полацкая, Настасся Слуцкая, Барбара Радзівіл, Соф'я Кавалеўская, Алаіза Пашкевіч (Цётка)). Прайшлі дыктоўкі ў трох тэхнічных каледжах, ва ўсіх бібліятэках, у клубных і іншых установах культуры.

А ўсяго ў Тыдні роднай мовы прынялі ўдзел каля 20 000 чалавек. Лідчына ад беларускай мовы не адступаецца.

Яраслаў Грынкевіч.

Словы сэрцу мілыя

Беларуская мова мае багатыя гістарычныя карані і ўзбагачаецца новымі словамі і выразамі. Наша мова служыць крыніцай нацыянальнай ідэнтычнасці і культурных традыцый. 21 лютага святкуюць Міжнародны дзень роднай мовы. Штогод філіялы ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Я. Купалы" ўрачыста сустракаюць гэты святочны дзень.

18 лютага бібліятэкар АБМ, СКД і МР Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы да Міжнароднага дня роднай мовы для вучняў 6А класа ДУА "СШ № 6 г. Ліды імя М.Б. Куканенкі" правяла пазнавальнае асарці "Родная мова - крыніца празрыстая". Навучэнцы даведаліся гісторыю ўзнікнення свята, колькі ўсяго ў свеце моў, якія самыя цяжкія, якія мовы на мяжы знікнення. Таксама прысутныя пачулі пра паліглотаў, якія ведаюць ад 100 да 400 моў, чаму былі вельмі здзіўлены. У другой частцы мерапрыемства вучні вельмі дружна ўдзельнічалі ў конкурсах, віктарынах, разгадвалі сканворды, рэбусы, загадкі, прагаворвалі хуткамоўкі. А самае галоўнае, што ўсе размаўлялі на беларускай мове.

19 лютага ў філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 2" прайшоў бібліятэчны квілт "Які гэта цуд - мова родная мая!" да Міжнароднага дня роднай мовы з клубам "Буслік". Навучэнцы перакладалі словы з рускай мовы на беларускую, прынялі ўдзел у шарадзе "Пралеска", літаратурнай крыжаванцы і інш.

Бібліятэкар АБМ, СКД і МР Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы да Міжнароднага дня роднай мовы для студэнтаў Лідскага каледжа УА "ГрДУ імя Янкі Купалы" правяла пазнавальнае асарці "Родная мая - мова беларуская". Мерапрыемства прайшло на базе каледжа. Бібліятэкар расказала гісторыю ўзнікнення свята, колькі ўсяго ў свеце моў, якія самыя цяжкія, якія мовы на мяжы знікнення. Затым навучэнцы паспрабавалі свае сілы ў напісанні дыктоўкі. Работы ацаніў выкладчык беларускай мовы і літаратуры.

Увазе чытачоў філіяла "Бярозаўская гарадская бібліятэка" прапанаваны цікавы кніжны вернісаж "Ад літары - да слова. Ад слова - да мовы", для самых розных груп чытачоў, які адлюстроўвае амаль усе адценні роднага слова. Чытачы могуць пазнаёміцца з лепшымі творамі беларускай літатратуры - класікаў і сучасных аўтараў, а таксама з кнігамі, якія распавядаюць пра значныя падзеі з гісторыі мовы. Шмат цікавага, загадкавага, а часам і карыснага, можна знайсці ў кнігах, змешчаных на паліцах вернісажа! Таксама, у чытальнай зале прайшла акцыя-сэлфі "Мая любімая беларуская кніга".

На свята роднай мовы ў філіял "Лідская гарадская бібліятэка № 6 імя В. Таўлая" завіталі людзі розных прафесій і ўзросту. Для прысутных у Год беларускай жанчыны была прапанавана дыктоўка "Дабрачыннасць і вогнішча ўспамінаў" пра знакамітую дабрачынніцу Ірыну Паскевіч. Усе вельмі добра напісалі дыктоўку. Удзельнікі мерапрыемства чыталі вершы на роднай мове. Для прысутных быў арганізаваны стол з гарбатай з беларускіх траў і салодкімі пачастункамі.

Да Міжнароднага дня роднай мовы ў філіяле "Лідская гарадская дзіцячая бібліятэка" прайшла літаратурная гульня "Родныя словы - мова душы" для выхаванцаў 1-х класаў ДУА "Сярэдняя школа № 4 г. Ліды". Дзеці праявілі сябе добрымі знаўцамі беларускай мовы, называлі яе ласкавымі словамі, паспрабавалі пабыць у ролі перакладчыкаў, адгадвалі беларускія загадкі пра жывёл і паўдзельнічалі ў конкурсе "Назаві адным словам". Тым жа днём для выхаванцаў 2-х класаў ДУА "Сярэдняя школа № 4 г. Ліды" прайшоў бібліяграфічны агляд літаратуры "Беларускія кнігі для душы і адпачынку", на якім дзеці пазнаёмілі з цікавай серыяй кніг "Таямніцы беларускай мовы", выдавецтва "Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі". Гэтыя кнігі расказываюць дзецям пра беларускую мову, даюць асновы мовазнаўства, знаёмяць з вымаўленнем і правапісам слоў, вучаць паважаць і шанаваць родную мову. А яшчэ дзеці пачыталі хуткамоўкі на беларускай мове і паспрабавалі іх прагаварыць.

У філіяле "Дзітвянская сельская бібліятэка" для вучняў мясцовай школы прайшло інтэлектуальнае спаборніцтва "Не пусцім мову на звод, бо мы - беларускі народ". Мерапрыемства было прымеркавана да Дня роднай мовы. Дзеці размаўлялі на беларускай мове, адгадвалі загадкі, перакладалі словы з рускай мовы на беларускую. Усім удзельнікам былі ўручаны дыпломы за ўдзел, а самыя актыўныя атрымалі салодкія падарункі.

Сёння ў свеце шмат цудоўных моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю. Іншыя - мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі свая мова, якая завецца роднай. Яна шмат не патрабуе. Хоць адзін дзень, або некалькі хвілін паразмаўляць на ёй, адчуць асалоду ад родных слоў. І вось такім днём для супрацоўнікаў філіяла"Лідская гарадская бібліятэка № 1" стаў дзень 20 лютага, прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы. У гэты дзень супрацоўнікі бібліятэкі правялі краязнаўчую гадзіну "Дык жыві і квітней, маё роднае слова!" для навучэнцаў 4-га класа ДУА "Сярэдняя школа № 6 г. Ліды імя М.Б. Куканенкі". Дзеці актыўна гулялі ў беларускія моўныя гульні, чыталі вершы беларускіх паэтаў, адгадвалі загадкі, працавалі перакладчыкамі, вучыліся выкарыстоўваць ветлівыя словы ў паўсядзённым жыцці і шмат іншага.

Міжнародны дзень роднай мовы штогод выступае нагодай для таго, каб даведацца нешта новае пра беларускую культуру і мову, паглядзець на сябе збоку, адкрыць сваю краіну іншай і ўбачыць у сваёй культуры сапраўдныя каштоўнасці. Мова - гэта душа народа. І пакуль жыве беларускае слова, існуем і мы, беларусы. Сёння, 20 лютага, напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы, у Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы прайшла 19-я Агульнанацыянальная дыктоўка. Удзел у ёй прынялі першы сакратар Лідскай раённай арганізацыі ГА "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі" Міхаловіч Вольга Уладзіміраўна, члены БРСМ, бібліятэкары, краязнаўцы, а таксама чытачы. У Год беларускай жанчыны невыпадкова для напісання быў адраны тэкст "Вяртанне на Радзіму", прысвечаны Рагнедзе - адной з найбольш значных жанчын у гісторыі Беларусі, князёўне Полацка, дачцэ князя Рагвалода і жонцы Уладзіміра Вялікага, князя кіеўскага. Па выніках дыктоўкі ўсе справіліся выдатна і добра, як прысутныя госці, так і супрацоўнікі бібліятэкі. Сёння яшчэ раз атрымалася пераканацца, што родная мова - бясцэнны скарб, якім усе павінны ганарыцца і які павінны шанаваць. Нам у спадчыну засталася мова продкаў-беларусаў, жывая і мілагучная, песенная і паэтычная, старажытная і сучасная. Выкарыстоўвайце яе, вывучайце яе і няхай на беларускай зямлі гучыць заўсёды родная мова.

Філіял "Лідская гарадская бібліятэка № 3" заклікаў сваіх чытачоў на гадзіну роднай мовы "Таямніцы беларускіх слоў". Мерапрыемства было накіравана на папулярызацыю беларускай мовы, выхаванне павагі і любові да роднага слова, цікавасць да беларускай кнігі. Дзеці прынялі ўдзел у конкурсах, дзе паказалі добрыя веды ў перакладзе слоў з рускай на беларускую мовы, разгадвалі загадкі і шарады, вымаўлялі хуткамоўкі, падбіралі прадметам беларускія назвы.

Гэта толькі частка цікавых, пазнавальнх мерапрыемстваў ушанавання самай мілагучнай мовы - беларускай. Свая мова - найлепшая ў свеце! Любіце, шануйце, размаўляйце!

Бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу, сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы Сандакова К.С.

Дыктоўка ў Доме Валянціна Таўлая

Традыцыі ў Доме Валянціна Таўлая працягваюцца!!! У рамках Міжнароднага дня роднай мовы ў сценах гэтага будынка пішацца беларуская дыктоўка. Збіраюцца неабыякавыя да гэтага Дня людзі - дзеці, якіх жыццё апалена было вайной, і майстры прыгожага беларускага пісьменства! Тут, у Доме-музеі пастаянна гучыць родная мова, які бы не быў дзень на календары. Бо, як вядома, тут жыў беларускамоўны паэт Валянцін Таўлай.

Бягучы год названы ў Беларусі Годам беларускай жанчыны. Для напісання дыктоўкі былі прапанаваны тэксты падабраныя пра жанчын, якія пакінулі глыбокі след у гісторыі Беларусі. Для Ліды і Лідчыны значнай асобай з'яўляецца беларуская паэтэса-рэвалюцыянерка Цётка (Алаіза Пашкевіч). У гэтым, 2026 годзе, ёй споўніцца 150 год з дня нараджэння. А ў фондасховішчы Лідскага гісторыка-мастацкага музея захоўваецца бюст Цёткі работы вядомага скульптара Андрэя Заспіцкага

І па-гэтаму быў выбраны тэкст "Пры дарозе памяці", прысвечаны Алаізе Пашкевіч.

Землякі не забываюць сваіх песнярак. А інакш, нельга...

Алесь Хітрун.

Свята роднай мовы ў Лідскім каледжы

Штогод УА "ГрДУ імя Янкі Купалы", Лідскі каледж адзначае Дзень роднай мовы. Сёлета ён быў прысвечаны Году беларускай жанчыны.

У фае каледжа па вуліцы Кірава выкладчыкамі і навучэнцамі была прадстаўлена інсталяцыя. Навучэнкі гуманітарнага аддзялення падрыхтавалі розныя гульні на веданне беларускіх слоў і твораў беларускай літаратуры. Да інсталяцыі падыходзілі не толькі зацікаўленыя навучэнцы, а і выкладчыкі, і нават рабочыя каледжа. Усім было цікава праверыць сябе ў гульні "Перакладзі на беларускую мову".

Выкладчык беларускай мовы Ліпская С.А. разам з работнікамі раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы правялі дыктоўкі пра славутых жанчын Беларусі.

Увогуле, выкладчыкамі Лідскага каледжа былі праведзены дыктоўкі ва ўсіх групах 1 курса, навучэнцы пісалі дыктоўку, арганізаваную прадстаўнікамі БРСМ.

Дзень роднай мовы ў Лідскім каледжы прайшоў на высокім узроўні.

Наш кар.

Прэзентацыя зборніка "Беларускія паданні"

У рамках Міжнароднага дня роднай мовы ў Доме Валянціна Таўлая адбылася прэзентацыя зборніка "Беларускія паданні", сабраныя Уладзіславам Вярыгам у ваколіцах Новага Двара і Астрыны Лідскага павета ў 1884 годзе. Гэты збор народных твораў быў апублікаваны ў Львове ў 1889 годзе. А знойдзены быў у наш час - у 2022 годзе лідскім краязнаўцам Леанідам Лаўрэшам. Тэксты былі апрацаваны навуковым супрацоўнікам Лідскага гісторыка-мастацкага музея Алесем Хітруном у 2025 годзе. Прадмову да зборніка напісаў Ян Карловіч у Варшаве 31 снежня 1887 года, а пераклаў яе лідскі краязнавец і пісьменнік Станіслаў Суднік у Лідзе 27 жніўня 2025 года. Выдала кнігу ПУП "Пружмень" у 2025 годзе, рэдактар выдання Станіслаў Суднік. І вось 22 лютага 2026 года адбылася прэзентацыя. Доўгі шлях быў пракладзены да сучаснага чытача. Справа зроблена.

Кніга падзелена на дзве часткі. Першая - на мове арыгінала, другая апрацавана на сучасную беларускую мову. 23 казкі. Яны бытуюць па ўсёй Беларусі і нават за межамі, некаторыя ўжо маюць варыяцыі. А хто не ведае казку "Курачка і пеўнік"! Яна ж з Лідскага павета!

Напрыклад, казка "Верабей" пазней друкавалася пад назвай "Верабейчык" у царкоўным, культурна-асветніцкім часопісе "Снапок" у чэрвені 1937 года і таксама пазначана, што запісана на Лідчыне. Гэтая ж казка вядома сучаснаму чытачу пад назвай "Былінка і верабей". Яе ўжо ведаюць дзеці з пачатковых класаў і дзіцячых садкоў горада Ліда. Яны прыходзяць на тэатралізаваную інтэрактыўную экскурсію "Дружнай сямейкай да Верабейкі", якая арганізавана ў Доме Валянціна Таўлая, дзе падчас іншых забаваў гэты твор абыгрываецца, дзеці становяцца героямі народнага твора.

Трэба зазначыць, што Нацыянальны банк Беларусі ў 2025 годзе выдаў дзве манеты "Былінка і верабей ".

Адным словам, Лідскі край зноў на вышыні!

Алесь Хітрун.

Пайшоў Алесь Астраўцоў

Жыццё пісьменніка і рэдактара часопіса "Jazz-Квадрат" скончылася ў 60 гадоў.

Алесь Астраўцоў, паводле адукацыі інжынер, браў удзел у беларускім нацыянальным і дэмакратычным руху яшчэ з познесавецкіх часоў. Пасля заканчэння Беларускага політэхнічнага інстытута нейкі час працаваў інжынерам на заводзе, а ў 1990-я трапіў на працу ў Музей Максіма Багдановіча.

Таксама ён вядомы як шэф-рэдактар часопіса "Jazz-Квадрат", які выходзіў у Менску ў папяровай версіі з 1997 да 2009 года (а потым з'явіўся і ў Інтэрнэце). На працягу шэрагу гадоў часопіс быў адзіным рускамоўным часопісам джазавай тэматыкі.

Таксама Алесь Астраўцоў займаўся літаратурнай творчасцю. Найбольш вядомы ягоны твор - раман "Сула".

Сярод іншага ён пераклаў з польскай на беларускую мову знакаміты раман Сяргея Пясецкага "Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі".

Апошнія гады Астраўцоў жыў у Лідзе. Памёр 3 сакавіка. Развіталіся з ім у менскім крэматорыі.

Паводле СМІ.

Памёр Уладзімір Карызна

Паэту Уладзіміру Карызну было 87 гадоў. Ён стварыў тэкст Дзяржаўнага гімна Беларусі.

Уладзімір Іванавіч Карызна (25 траўня 1938, Закружка, Менскі раён - 5 сакавіка 2026, Менск) - беларускі паэт, перакладчык, журналіст. Народны паэт Беларусі (2024). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (1996). Лаўрэат літаратурнай прэміі "Залаты купідон" (2007). Лаўрэат прэміі прафсаюзаў Рэспублікі Беларусь. Член Саюза пісьменнікаў СССР (1970).

У 1961 году скончыў філалагічны факультэт БДУ Выкладаў беларускую і рускую мовы і літаратуры ў Опсаўскай сярэдняй школе на Браслаўшчыне, адначасова ўзначальваў літаб'яднанне пры раённай газеце "Браслаўская звязда". З 1967 па 1980 год быў рэдактарам, старэйшым рэдактарам аддзелам беларускай музыкі Рэспубліканскага радыё. З 1980 па 1981 год - рэдактар аддзела навукі і мастацтва часопіса "Полымя", затым старэйшы рэдактар, загадчык рэдакцыі літаратуры для дашкольнікаў выдавецтва "Юнацтва" (1981-2001), з 2002 года - намеснік галоўнага рэдактара часопіса "Крыніца".

Уладзімір Карызна ў 2024 годзе атрымаў званне народнага паэта Беларусі. Ён быў адзіным жывым народным паэтам - і дзявятым у гісторыі Беларусі, пасля Янкі Купалы, Якуба Коласа, Пятруся Броўкі, Аркадзя Куляшова, Максіма Танка, Пімена Панчанкі, Ніла Гілевіча і Рыгора Барадуліна.

Памёр 5 сакавіка 2026 года ва ўзросце 87 гадоў. Пахаваны на Усходніх погілках.

Паводле СМІ.

БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

Станіслаў Суднік

Колеры, афарбоўкі і масці ў Лідзе і ў астатняй Беларусі


(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)


Афарбоўкі і масці жывёлаў

САБАКА


Сацыякультурныя аспекты прыручэння

Культурны працэс прыручэння сабак пачаўся, калі жывёлы пачалі інтэгравацца ў сацыяльную структуру чалавечага грамадства.

Як толькі людзі перайшлі да аселасці і пачалі займацца сельскай гаспадаркай, яны пачалі гадоўлю сваіх сабак для розных мэт: пасвіць статкі, ахоўваць жыллё і для розных відаў паляванняў. Даследаванні ДНК паказалі, што змена дыеты сабакі, уключэнне ў яе крухмалу (у складзе прадуктаў сельскай гаспадаркі), было важным этапам прыручэння і прывяло да змен у ключавых генах метабалізму крухмалу.

У паселішчах чалавека сабака - акрамя ахоўнай функцыі (брэх пры набліжэнні чужых) - іграла таксама санітарную ролю, паглынаючы рэшткі чалавечай ежы, у халодныя ночы служыла крыніцай цяпла. Такім чынам, для ранніх чалавечых груп сумеснае пражыванне з сабакамі павялічвала шанцы выжывання.

Антраполаг Пол Такон і біяархеолаг Колін Пардо, якія вывучаюць сумеснае мінулае чалавека і сабакі, лічаць, што цеснае супрацоўніцтва ранніх груп людзей з жывёламі паўплывала на псіхалогію людзей, іх тэрытарыяльныя паводзіны: людзі пачалі адзначаць сваю тэрыторыю і перанялі групавыя метады палявання.

Пра ўспрыманне сабакі на культурным узроўні кажуць археалагічныя знаходкі па ўсім свеце, у якіх навукоўцы выяўляюць пахаванні чалавека разам са сваімі сабакамі. Жывёл не забівалі следам за памерлым гаспадаром, а хавалі пасля, калі жывёлы паміралі натуральнай смерцю. Напрыклад, такая магіла выяўлена ў рэспубліцы Хакасія (VII-III стагоддзі да н. э.) на тэрыторыі, якую займалі сібірскія скіфы-тагарцы.

Дацэнт кафедры антрапалогіі Роберт Лоўзі (ангел. Robert Losey) з Універсітэта Альберты (Канада) адзначае: "Людзі бачылі ў сабаку сацыяльную істоту, пра чыю душу трэба паклапаціцца пасля смерці".


Даследаванні ДНК

Эвалюцыя сабак, іх паходжанне сёння вывучаюцца і на малекулярным узроўні. Ёсць шмат пацверджаных даследаванняў ДНК сабак.

Кансорцыюм пад кіраўніцтвам прафесара параўнальнай геномікі Керстын Ліндблад-Тох (ангел. Kerstin Lindblad-Toh) у Інстытуце Броада (ангел. Broad Institute) устанавіў, што геном сабак складаецца з 39 пар храмасом і 2,4 мільярда нуклеатыдных асноў ДНК.

Навукоўцамі таксама выяўлена каля 400 спадчынных захворванняў сабак, большасць з выяўленых хвароб мае аўтасомна-рэцэсіўны тып успадкоўвання. Гэта значыць, што для перадачы хваробы шчанюкам абодва бацькі павінны самі быць генетычнымі носьбітамі хваробы.

Многія хваробы сабак аналагічныя захворванням людзей, што робіць іх зручнай мадэллю ў медыцыне, эмбрыялогіі і эвалюцыйнай біялогіі.

Амерыканскі біёлаг Р. Уэйн (ангел. Robert Wayne) правёў серыю работ па даследаванні ДНК сярод сабак розных парод і дзікіх прадстаўнікоў сямейства сабачых. Высветлілася, што раней за іншых ад агульнага продка аддзяліліся аўстралійскія дынга: у іх найстаражытнейшы тып мітахандрыяльных ДНК. Далей ідуць прымітыўныя пароды: парыі Блізкага Усходу і афрыканскія басенджы. Унікальная генетычная структура аказалася ў эскімоскіх ездавых сабак: іх ДНК так старажытная, што хутчэй падобная да ДНК дынга, чым ваўкоў, за выключэннем сабак, ці іншых парод сабак. Гэта сведчыць пра тое, што людзі прывялі сабак на Крайнюю Поўнач разам з сабой, а не вывелі іх паўторна, прыручыўшы палярнага ваўка. Сабакі і ваўкі адносяцца да монафілетыческіх таксонаў, якія ўтвараюць дзве сястрынскія клады.

Пры дапамозе вывучэння ДНК сабак прасочваюцца не толькі шляхі распаўсюду жывёл на кантынентах, ступень сваяцтва тых ці іншых парод, але і гісторыя народаў, міграцыя.

Найвялікая генетычная разнастайнасць сабак існуе ў рэгіёнах з даўнімі традыцыямі сабакагадоўлі, па дадзеных навукоўцаў, гэта тэрыторыі Усходняй Азіі, Кітая, Тыбета, Карэі, Тайланда, Камбоджы і Японіі.

Аналіз ДНК паказвае, што карэйскія сабакі, такія, як джында (ангел. Jindo) і сапсары (ангел. Sapsaree), патрапілі ў Карэю з паўночных рэгіёнаў Усходняй Азіі. У розных парод геномы супадаюць на 99,85 %, рэштка ў 0,15 % забяспечвае ўсю разнастайнасць парод сабак.

Адрозненні паміж кластарамі парод сабак аказаліся нашмат большымі, чым адрозненні паміж людзьмі з розных кантынентаў.

У 2015 годзе ў сабак з мезалітычнай Жохаўскай стаянкі (8,7 тыс. гадоў назад) і паўвострава Аачым (1,75 тыс. гадоў назад) генетыкамі была вызначана мітахандрыяльная гаплагрупа A.

Даследаванне ў 2016 годзе поўнага геному сабакі з наваколляў Ньюгрэйнджа (Ірландыя), які жыў 4,8 тысячы гадоў назад, і 59 мітахандрыяльных ДНК сабак, што жылі ад 14 000 да 3000 гадоў назад, паказала, што ўсходнеазіяцкія сабакі пайшлі ад сваіх дзікіх субраццяў праз некалькі тысячагоддзяў пасля першага прыручэння. Пасля гэтага яны, хутчэй за ўсё, былі перавезены ў Еўропу, дзе часткова замянілі сабак, прыручаных там у часы палеаліту. Большасць старажытных еўрапейскіх сабак (63 %) з гэтага даследавання (3,04-8,99 тыс. гадоў назад) мелі або мітахандрыяльную гаплагрупу C (у тым ліку сабака з Ньюгрэйнджа), або гаплагрупу D (20 % адпаведна), у той час як сучасныя еўрапейскія сабакі маюць або гапла-групу A, або B (64 % і 22 %, адпаведна). А большасць найстаражытнейшых сабак дадзенага даследавання (9,0-14,7 тыс. гадоў назад) мелі таксама гаплагрупу C і на другім месцы ў іх была гаплагрупа A. Сабакі з Херксхайма (Германія, 7 тыс. г. н.), пячоры Вішнёвага дрэва (Cherry Tree Cave) у Кіршбаўмхоле (Германіі, горны масіў Франконскі Альб, 4,7 тыс. г. н.), Картстэйна ў Германіі (12,500 тыс. г. н., Kartstein Cave dog) і Ньюгрэйнджа ўваходзяць у склад субклады C1, але ўтвораюць асобную раннюю субгаплагрупу і не ўваходзяць у склад субклад C1b і C1a. Падзел сабак і ваўкоў па дадзеных мтднк на 2017 год адбылося ад 36,9 да 41,5 тыс. г. н. Каля 17,5-23,9 тыс. г. н. адбыўся падзел свойскіх сабак на дзве галіны, адна з якіх дала пачатак сабакам Усходняй Азіі, а другая - сабакам Еўропы, Афрыкі, Заходняй Азіі і Паўднёвай Азіі.

Мітахандрыяльныя гаплагрупы, вызначаныя ў 99 сабак з 37 розных кропак Еўразіі (ад верхняга палеаліту (ад 12 да 40 тыс. г. н.) да бронзавага веку (4-3 тыс. г. н.), паказалі, што на тэрыторыі Еўропы да неаліту, пераважала гаплагрупа C, у постнеаліце ў Еўропе з'яўляюцца мітахандрыяльныя гаплагрупы D, A і B. Пры гэтым сабак з гаплагрупай D было больш у Паўднёва-усходняй Еўропе, што супадае са шляхам рассялення людзей з Блізкага Усходу па Еўропе. У Заходняй і Паўночнай Еўропе мітахандрыяльная гаплагрупа C захоўваецца прынамсі ў энеаліце.

TMRCA усіх сабак і ваўкоў па мітахандрыяльнай ДНК ацэньваецца прыкладна ў 152 тыс. г. н. (95%-ы даверны інтэрвал 231-111 тыс. г. н.). TMRCA для мітахандрыяльнай клады A складае каля 34 тыс. г. н., для клады B - прыкладна 6,5 тыс. г. н., для клады C - прыкладна 22,5 тыс. г. н., для клады D - прыкладна 3,5 тыс. гадоў назад.

Большасць старажытных сабак (18 з 26) з басейнаў рэк Хуанхэ і Янцзы, якія жылі 7000-2000 гадоў назад, належалі да мітахандрыяльнай гаплагрупы A1b, якая сустракаецца з высокай чстатой у сучасных аўстралійскіх дынга (100 % адносяцца да субклады A1b4) і дакаланіяльных ціхаакіянскіх астраўных сабак (95 % адносяцца да субклады A1b2), але ў сучасным Кітаі сустракаецца з нізкай частатой. Пасля іх рассялення ў Паўднёвым Кітаі, а затым у Паўднёва-ўсходняй Азіі, Новай Гвінеі і аддаленай Акіяніі, яны на тэрыторыі сучаснага Кітая за апошнія 2000 гадоў былі ў значнай ступені заменены сабакамі, якія належаць да іншых мітахандрыяльных гаплагрупаў, асабліва ў Паўночным Кітаі, дзе сучасныя сабакі галоўным чынам адносяцца да мітахандрыяльнай гаплагрупы A1a і рэдка да A1b. У астатніх 8 сабак з басейнаў рэк Хуанхэ і Янцзы вызначаны мітахандрыяльныя гаплагрупы A5, A6 і адна не вызначаная A.

У свойскіх сабак выдзяляюць 5 Y-храмасомных гаплагруп: HG1, HG3, HG6, HG9 і HG23. Па дадзеных генетыкаў, якія вывучалі Y-храмасомы сабак, Y-храмасомны гаплатып пароды басенджы (афрыканскі сабака, які не брэша) адносіцца да сястрынскай галіны ў адносінах да гаплатыпаў астатніх свойскіх сабак. Сабакі дынга нясуць унікальную Y-храмасомную гаплагрупу H60, якая пайшла ад Y-храмасомнай гаплагрупы H5.

У 2016 годзе даследаванне геному 13 старажытных сабак з 8 стаянак (Narva I, Isacea, Borduеani-Popinе, Hеrеova, Bercy, Twann, Ulug Depe, Bury), якія жылі ад 15 да 4 тыс. гадоў назад, паказала, што пачынальна з 6,5 тысячы гадоў назад да цяперашняга часу ў геноме сабак замацаваліся мутацыі, якія дазволілі ім сілкавацца багатай вугляводамі ежай - выяўлена вялікі лік копій (да 20) гена Amy2B, які кадзіруе панкрэатычную амілазу, неабходную для расшчаплення крухмалу да простых цукраў. 60 % ваўкоў і большасць аўстралійскіх дынга маюць па 2 копіі гэтага гена, у сібірскіх хаскі і 40 % ваўкоў - ад 3 да 8 копій, у большасці сучасных сабак маецца больш за 8 копій гена Amy2B (да 34). З'яўленне Amy2B у сабак аўтары даследавання звязаюць з распаўсюдам сельскай гаспадаркі і прыстасаваннем сабак да багатай крухмалам дыеты.

Поўнагеномны аналіз ДНК сабакі з мезалітычнай Жохаўскай стаянкі і сучасных ездавых сабак (грэнландскія ездавыя сабакі, аляскінскія маламуты, аляскінскія і сібірскія хаскі) дазволіў зрабіць выснову пра генетычную пераемнасць у арктычных пародах сабак, прынамсі, на працягу апошніх ~9500 гадоў, усталёўваючы ніжнюю мяжу паходжання лініі ездавых сабак.


Распаўсюджанасць у свеце


У Расіі

Па дадзеных апытання Фонду "Грамадская думка", праведзенага ў 2006 годзе ў 100 населеных пунктах і 44 абласцях Расіі сярод 1500 рэспандэнтаў, уладальнікаў свойскіх жывёл, сабак утрымоўвае 41 % расейцаў. Пры гэтым адсотак уладальнікаў сабак ад агульнага ліку жыхароў прыкметна залежыць ад месца жыхарства, у цэлым, зваротна прапарцыйна памеру населенага пункта, ад 70% у сёлах да 11 % - у буйных гарадах.

У ЗША

Паводле нацыянальнага апытання, праведзенага ў 2007-2008 гадах, 63 % амерыканскіх сем'яў утрымоўваюць свойскіх жывёл, што складае 71,1 млн хатніх гаспадарак. З іх 44,8 млн з'яўляюцца ўладальнікамі сабак, агульная колькасць сабак - 77,5 млн.


У Кітаі

У камуністычным Кітаі ўтрыманне сабак, як і іншых свойскіх гадаванцаў, раней было забаронена і разглядалася як буржуазная раскоша. Аднак у 1990-х гадах стаўленне да сабак у гэтай краіне змянілася. Напрыклад, у Пекіне, дзе мець сабаку было забаронена законам 1983 года, гарадскі ўрад у 1994 годзе адмяніў забарону, але ўвёў адпаведныя абмежаванні. З таго часу ў Кітаі назіраецца павелічэнне ліку ўладальнікаў сабак, жывёлы сталі знакам статусу ўладальніка. Калі раней у Пекіне практычна не было сабак-кампаньёнаў, то ў 2010 годзе зарэгістравана 900 тыс., у Шанхаі - 740 тыс., усяго ў краіне - 27 млн.


У Японіі

Па дадзеных даследавання, апублікаванага Асацыяцыяй па вытворчасці кармоў для жывёл, 18,9 % хатніх гаспадарак утрымоўвае сабак, 29 % з іх дасягнулі 10 гадоў, адбываецца "старэнне папуляцыі", у сувязі з чым 90 % японцаў турбуе здароўе сваіх гадаванцаў. У даследаванні бралі ўдзел 4666 рэспандэнтаў.


У Іране

Традыцыйна негатыўнае стаўленне ў Ісламскай рэспубліцы Іран да ўтрымання сабак у якасці свойскіх жывёл слабела па меры таго, як сярэдні клас гараджан усё больш пераймаў заходні лад жыцця. Ганенні на ўладальнікаў сабак ізноў узмацніліся пасля абвастрэння грамадзянскага канфлікту падчас выбараў 2009 года. У парламент быў пададзены законапраект, які разглядае свойскіх сабак як санітарную пагрозу і "культурную праблему".

Традыцыйна ў сувязі з рэлігійнымі поглядамі ў ісламскіх краінах да сабак адносяцца з непрыязнасцю. У Іране існуюць законы, якія забараняюць выгул сабак у публічных месцах, праезд на грамадскім транспарце. Мусульмане, якія жывуць у заходне-еўрапейскіх краінах, выступаюць за забарону ўтрымання сабак.

(Працяг у наступным нумары.)

Згукі Дня беларускага пісьменства ў Лідзе

У ЦЯНІ ЗАМКА ГЕДЫМІНА

Успаміны дзяцінства*

Я. Ярмант

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Мой брат быў непапраўным хуліганам. Любіў з'язджаць на партфелі з Замкавай гары. Для мяне гэта парослая кустамі гара здавалася такой страшнай і недаступнай, што я баялася нават узысці на яе. Брат жа быў адваджаны і любіў спорт. Пасля шматразовага спуску партфель і падручнікі ў ім мелі жаласны выгляд, але бацькі былі не настолькі дробязныя, каб кожны дзень правяраць іх стан. Справа прымала сур'ёзны аварот, калі ён вяртаўся зусім без партфеля. Гэта лічылася бясспрэчным парушэннем правіл паводзін і не заставалася бяскарным.

Усе падручнікі брата былі пакрыты карыкатурамі, якія ён маляваў падчас урокаў. Нярэдка сярод іх сустракаліся партрэты настаўнікаў. За гэтую схільнасць да малявання, хоць і некалькі своеасаблівую, яго любіла настаўніца малявання пані Ласкоўская. Яна адзіная з настаўнікаў абараняла яго на педсаветах.

Пазней дадаліся экзекуцыі за курэнне. Аднойчы ўвечар мы з сястрой сядзелі на процілеглых канцах нашага вялікага стала і рабілі ўрокі: сястра каля акна, а я - з боку дзвярэй. Нечакана дзверы пачалі павольна і плаўна адкрывацца, потым паказалася рука брата, затым ён сам спіной да нас. Гэты незвычайны спосаб праходзіць у дзверы ў вышэйшай ступені зацікавіў нас з сястрой. Сястра тут жа пачула ідучы ад яго пах і закрычала:

- Мама, Павел курыў!

Яна зрабіла гэта аўтаматычна з пачуцця апякунства над малодшым братам, а таксама таму, што курэнне, па яе меркаванні, было злачынствам. У хаце, яшчэ імгненне назад абсалютна ціхай, усё завіравала: мама загнала брата ў кут, адкуль доўга разносіліся яе гнеўныя воклічы. Не памятаю, каб брат калі-небудзь помсціў сястры за адсутнасць салідарнасці і за тую лупцоўку. Мсцівасць не ўваходзіла ў лік яго недахопаў.

Брат рана спазнаў поспех у любоўных прыгодах. З маіх сябровак ніводная яго не зацікавіла. Перад вайной у нас з'явілася мая аднагодка, якая ставілася да хлопцаў зусім па-іншаму, чым я. Клікалі яе Ганаратка, і жыла яна на другім баку Лідзейкі. Яна нечакана стала аб'ектам зацікаўленасці ўсёй каманды майго брата. Я дазналася пра гэта зусім выпадкова. Аднойчы, быўшы каля ракі, раптам пачула хор хлапечых галасоў.

Агледзеўшыся, убачыла, што ў кустах на другім баку ракі хаваюцца хлопчыкі і... спяваюць. Мяне, зразумела, яны не бачылі. Калі серэнада адгучала, на ганак хаты выйшла Ганаратка і гучна ім падзякавала:

- Дзякуй цудоўным хлопчыкам за выдатны спеў.

Ніколі б не паверыла, калі б не пачула ўласнымі вушамі, што нашы хлопцы цудоўныя і выдатна спяваюць. Праз шмат гадоў я сустрэла Ганаратку на пасажырскім параходзе "Дыяна" па дарозе ў Свінавусце. Яна падарожнічала з мужам, вельмі самавітая, як бы злёгку стомленая, і мяне зусім не пазнала.

Мама неяк напалову жартам, напалову сур'ёзна спытала мяне, што я думаю пра выхаванне дзяцей - трэба іх лупцаваць ці не. Я адказала, што сістэма выхавання павінна быць разнастайнай, прыстасаванай да пэўнага дзіцяці. Бо папругай, якая вісіць на кухні, ніколі не лупцавалі нас, дзяўчынак, а брату, наадварот, не дапамаглі і частыя цвічэнні. У наступным ён і сваёй жонцы ствараў гэтулькі ж клопатаў, як і маме. Наўрад ці ён усведамляў, што лупцавалі яго для яго ж карысці. Неяк ён прыехаў са Шчэціна да мамы, якая была напалову паралізаваная ад кровазліцця ў мозг і некалькі гадоў не ўставала з ложка. Калі ён сядзеў каля яе, мама раптам сказала:

- Так мне шкада, Паўлік, што я цябе біла. Не ведаю, ці зможаш ты прабачыць мяне. Брат тут жа адказаў:

- Я, мама, вельмі ўдзячны табе за гэтыя цвічэнні. Дзякуй.

Гэтыя словы, напэўна, прынеслі маме палягчэнне на ее смяротным ложку. Яна памерла ва ўзросце 56 гадоў.

Наогул, я вельмі крытычна стаўлюся да тагачаснай сістэмы выхавання - у нас было занадта шмат волі. Калі станавілася цёпла, то пасля вяртання са школы і падрыхтоўкі ўрокаў мы ўвесь астатні час да самага змяркання праводзілі на дварэ. І такім чынам падвяргаліся рызыцы патрапіць пад уплыў выпадковых людзей.

Мама не ўвяла мяне ў сакрэты палавога паспявання, не падрыхтавала псіхічна да вялікай змены якая чакала дзяўчыну ў яе жыцці. Гэта Вольга - старэйшая сяброўка з двара растлумачыла, што дзяцей дастаюць з жывата маці. Я спрабавала ўпотай прыгледзецца да мамы, ці не знайду ў яе якіх-небудзь слядоў гэтага. Калі я яе спытала, адкуль бяруцца дзеці, мама адказала, як тады было прынята:

- Даведаешся пра гэта пазней, калі падрасцеш. Гэтае пазней ніколі не наступіла, і я ўжо не вярталася да гэтай тэмы.

Вольга Астрэйка была маёй добрай сяброўкай. Яна, здавалася, жыла бядней, чым мы. Хатка яе сям'і вельмі маленькая, якая нагадвае хатку бабы Яні, размяшчалася на другім баку вуліцы, шчыльна ўціснутая паміж іншымі хатамі. Вольга ніколі не заходзіла ў нашу кватэру. Я таксама рэдка ў яе бывала. Калі мы з ёй збіраліся ісці ў лес, то я спынялася каля яе хаты і крычала: "Вольга! Вольга!" - пакуль яна не выходзіла. Аднойчы я зайшла ў яе хату. Мяне тады здзівілі ўмовы, у якіх яна жыла. У маленькім пакоі стаялі доўгія нары, на якіх спалі ўсе насельнікі гэтай хаты. Падчас яды за маленькі столік садзілася некалькі чалавек, каб есці з адной міскі. Пра сябе я задумвалася, як яны ўжываюцца ў такой цеснаце. Па сабе ведала, што калі, напрыклад, хочаш падзяліць з сястрой суп, то ніяк не атрымоўвалася падзяліць яго пароўну. "Калі да адной міскі цягнецца з лыжкамі адразу некалькі чалавек, то канфлікты немінучыя", - думала я.

Вольга імпанавала нам, дзяўчынкам, гнуткасцю свайго пазваночніка. Яна адзіная з нас магла зрабіць масток без усякіх высілкаў. Я ж у гэтым практыкаванні дамаглася вельмі сціплых поспехаў. У Вольгі былі таксама незвычайныя гнуткія пальцы, якія яна магла сагнуць у першым суставе каля пазногця, а астатняя частка пальца заставалася прамой.

Праблемы эротыкі былі для нас закрытай тэмай. Аднак сяк-так заглушаныя бацькамі, яны ўсё адно ўрываліся ў наша жыццё. Напрыклад, таямніцай Палішынеля было тое, што Галька - пляменніца пані Клышэйкі нарадзіла пазашлюбнае дзіця. Яна была непаўнавартаснай фізічна і ў нейкай ступені разумова. Ведалі мы і бацьку гэтага дзіцяці, ім быў Кодзік - падзённы работнік пані Клышэйкі. Дзіця да шчасця памерла і было недзе таемна пахавана. Неяк на далёкай сенажаці мы ўбачылі ляжаўшых мужчыну і жанчыну. Іх выгляд быў такім шакавальным, што мяне ахапіў страх і я, як мага хутчэй уцякла адтуль. Метак неяк выхваляўся, што ведае як паступаюць дарослыя, калі застаюцца сам-насам. Жэстамі і мімікай ён спрабаваў мне гэта растлумачыць.

Вялікі ўплыў на мяне аказалі кнігі. Чытала шмат і без разбору. Гэта былі кнігі, пазычаныя братам, такім чынам тыя, якія цікавяць хлапчукоў: пра індзейцаў і вандраванні, а таксама кнігі сястры - аповесці Мнішак, Радзевіч, Чэрскай, Зажыцкай. Чэрская займальна апісвала жыццё дзяўчынак у пансіянатах. Зазірала я таксама ў кнігі, якія чытала цётка Нюта. Мяне цікавіў толькі загаловак і ніколі аўтар. З задавальненнем чытала старонкі з дыялогамі, прапускаючы апісанне прыроды і раздзелы, прысвечаныя сацыяльным пытанням. З перспектывы пражытых гадоў ацэньваю, што адзінымі карыснымі кнігамі, прачытанымі мною тады была трылогія Генрыка Сянкевіча: "Агнём і мячом", "Патоп", "Пан Валадыеўскі". Прозвішчы герояў гэтых кніг доўга фігуравалі ў нашых гутарках. Кнігай, якую часта абмяркоўвалі дзяўчынкі па дарозе ў лес у ягады была "Хлапчук з пляца зброі". Я горкімі слязьмі аплаквала сумны лёс слаўнага Нямечыка.

Прачытаная ў дзяцінстве нізкапробная літаратура пакінула трывалы адмоўны след у маёй псіхіцы. Пад яе ўплывам у мне на доўгія гады зацвердзіўся ідэал дзяўчынкі-летуценніцы, якая ўзнесла каштоўнасці маральныя над матэрыяльнымі. У мяне склалася перакананне, што дзяўчыне досыць быць сціплай і высакароднай. Тады, напэўна, у яе з першага позірку і на ўсё жыццё закахаецца мужчына - моцны клапатлівы, высакародны. Трэба толькі чакаць, пакуль ён першым падыдзе, без усякага намёку з твайго боку, таму, што любы такі намёк мог успрымацца як адсутнасці сціпласці. Як сцвярджалі Радзевіч і Мнішак, усе мужчыны пераўзыходзілі жанчын розумам і сілай характару. Жыццё грубае і жорсткае даказала памылковасць маіх дзявоцкіх уяўленняў, прыносячы пакуты і расчараванні. Хоць настаўнікамі ў такіх справах павінны быць бацькі. Аднак мае бацькі па-просту не ведалі маіх духоўных запатрабаванняў - таму, мабыць, і не маглі даведацца, паколькі яны раслі ў некалькі іншых умовах. Наогул, ці існуюць бацькі, якія маглі б забяспечыць сваім дзецям шчасце. І тыя і іншыя з'яўляюцца цацкай у руках лёсу.

Натуральна, мы ўвесь час хадзілі басанож: па сенажаці, у лес і, нават, у горад і не з-за адсутнасці абутку. Не раз здаралася, што вялікі палец на назе быў пабіты аб камень ці выступаўшы корань дрэва. Старэйшыя навучылі нас, што ў такіх выпадках найлепшым сродкам з'яўляецца вільготны лісток алешыны, які прыліпаў да скуры і затуляў ранку. Ён лічыўся лепшым сродкам, чым лісток трыпутніку, які ўжываўся, калі побач не было алешын. Не раз здаралася, што праз некалькі дзён ізноў разбівалі той жа палец. Тады, нягледзячы на бегшую кроў, лячэнне паўтаралася па тым жа рацэпце.

Ногі мылі ўвечар перад сном. Звычайна яны былі чорнымі ад пяску і бруду. Для зручнасці бралі сандалі, мыла і ішлі да Лідзейкі. Улетку ўсе мыліся ў рацэ. Дома ж не было ні каналізацыі, ні вадаправода, толькі стаяла ў вядры вада для пітва.

Канчаўся доўгі летні дзень. Над галовамі з гучным карканнем кружыліся хмары варон, каб потым пасесці на высокіх алешынах. У вячэрняй цішыні на недалёкай сажалцы і рацэ пачыналі канцэрт жабы. Жывёлы і расліны рыхтаваліся да сну разам з намі.

У нашай сям'і бывалі і дні, якія заканчваліся вячэрнімі спеўкамі. Гэта здаралася, калі бацька не з'яжджаў на працу ў Ваўкавыск, а пазней, калі хадзіў у начную змену на электрастанцыю. Укладваючыся на сваім ложку я пачынала спяваць дзявоцкім альтам:


Плыве па моры слаўная марачка

Плыве па моры ў блакітны абшар.

А ўслед за ёй плыве другая лодка,

А ў ёй маладзенькі марак-гаспадар.


Бацька, які ляжаў у іншым канцы спальні, падхопліваў мелодыю гэтай простай харцэрскай песенькі і прыгожым барытонам падцягваў мне. Наступны куплет мы спявалі разам:


Ах, стой, пастой, выдатная марачка.

Навошта ты сплываеш ад мяне.

Хай нас адна хваля навекі звяжа,

Няхай адна плынь паглыне.


Бацька валодаў прыемным голасам і пачуццём гармоніі, якія дазвалялі яму вольна спяваць другім голасам. У той час я думала, што так і павінна быць у бацькі, які можа ўсё. Не ведала, што гэта адмысловы дарунак прыроды. Часамі бацька сам прапаноўваў паспяваць разам.

Аднак не ўсе вечары былі такімі ціхамірнымі. Памятаю летнія ночы, калі густая цемра ляжала за вокнамі, праз адкрытыя дзверы знадворку веяла невядомасцю, і мне было вельмі страшна. Мяне палохалі страшныя аповяды пра летаргію і абуджэнні хібна пахаваных людзей. Уяўленне маё малявала карціны, як я ляжу на могілках, у цемры і холадзе, мне было страшна! Запомніліся словы, якімі мяне тады суцяшала мама:

- Не бойся! Не трэба думаць пра смерць. Ты яшчэ такая маленькая. Усё жыццё наперадзе. І мы, бацькі, павінны жыць, каб вас выхоўваць.

З пункту гледжання логікі яе слова былі бездакорнымі.

Раздзел VIII

Перад Другой сусветнай вайной у Лідзе жыло каля 25 тыс. чалавек, горад быў буйным чыгуначным вузлом. З Ліды можна было ехаць у Вільню на поўнач - туды было каля дзвюх гадзін шляху, у Гародню - на захад, да Баранавіч - на паўднёвы ўсход, да Ваўкавыска - на паўднёвы захад. Амаль кожная другая сям'я з нашай акругі так ці інакш была звязана з чыгункай. Мужы пані Клышэйкі і пані Якімавай таксама там працавалі. Дзве шчырыя сяброўкі маёй сястры Далецкая і Тоўгін таксама мелі бацькоў-чыгуначнікаў. Гэля Далецкая - высокая прыгожая брунэтка жыла ў канцы вул. Пілсудскага (цяпер Чапаева) у раёне Ферма (зараз на вул. Жвірко). Яна адрознівалася энергічнасцю і вясёлым характарам. Яе хату (у ёй потым быў тубдыспансер, знесены ў 2010 г.) ад вул. Гражыны аддзяляла толькі рака Лідзейка і балота, парослае аерам. Кватэра іх у той хаце знаходзілася ў сутарэнным памяшканні, але гэта была вельмі добрая кватэра - высокая і светлая. Гэля вонкава вельмі нагадвала свайго бацьку - высокага цікавага брунета, якога мы ведалі па яго службе на чыгуначным вакзале. Пасажыры, якія прыбывалі ў Ліду і ішлі з перона да выхаду праз будынак вакзала, павінны былі праходзіць каля яго і аддаваць яму свае квіткі. Мы запомнілі яго руку, на якой не было аднаго пальца. Цяпер яны жывуць у Быдгашчы, муж маёй сястры неяк сустрэўся з ім і пазнаў па гэтай руцэ.

Бацькі Янкі Тоўгін і я ніколі не бачыла, можа быць таму, што яго месца службы знаходзілася за Лідай - ён быў шляхавым абходчыкам. Сярод астатніх сябровак сястры Янка вылучалася адмысловай далікатнасцю - цёмная бландынка з тонкай постаццю і заўсёды з прыемнай усмешкай на твары. Яе малодшая сястра Лёня была маёй аднагодкай. Добра памятаю падрабязнасці даволі незвычайнага знаёмства з Лёняй. Я тады вучылася ў 5-ым класе. Ішоў урок, і раптам у клас увайшоў дырэктар Фердынанд Оркуш і з ім невысокая цёмнавалосая дзяўчынка. Я сядзела недалёка ад дзвярэй і класнай дошкі. Дырэктар, прывітаўшыся з класам, прадставіў нам новенькую:

- Гэта Лёня Тоўгін, яна будзе вашай сяброўкай, прыміце яе ў сваю кампанію. Гэта выдатная вучаніца, сапраўдная жамчужына. Гэты выраз "жамчужына" глыбока запала ў памяць, паколькі я ў той момант адчула дробны, але адчувальны ўкол зайздрасці. Пазней Лёню неаднаразова ставілі нам у прыклад як вельмі здольную і старанную вучаніцу. Мы з ёй пасябравалі, можа быць таму, што яна таксама жыла ў Зарэччы, хоць і далекавата ад нас на правым баку вул. Лётнай. Хата яе бацькоў была маленькай драўлянай, шэра-блакітнага колеру з зашклёным ганкам. Я запомніла гэты ганак таму, што ён вельмі адрозніваўся ад нашага. Я ўсяго некалькі разоў прыходзіла да яе. Затое быў час, калі яна па дарозе ў школу заходзіла па мяне штодня. Памятаю, як ідучы побач са мной, яна казала:

- І зноў панядзелак!

Ужо тады мы заўважылі, што час рухаецца хутка і рытмічна, але ўся наша будучыня была яшчэ наперадзе. Нашы жыццёвыя дарогі павінны былі даволі хутка разыйсціся ў розныя бакі. Тады я яшчэ даведалася па яе аповядах, што ў яе ёсць дзядзька - настаўнік па прозвішчы Чайкоўскі. Гэтаму дзядзьку падабалася займацца з Янкай і яе сястрой. Улетку падчас вакацый яны праходзілі праграму за наступны клас. Я зайздросціла, што ў яе ёсць такі дзядзька.

Вельмі рана абедзве сёстры былі выдадзены замуж у вёску за заможных гаспадароў. Гэта было ўжо падчас нямецкай акупацыі. Іх маці такім чынам хацела забяспечыць сваім дочкам спакойную жыццёвую прыстань. Як жа жорстка яна памылілася! Нажаль, бацькі акрамя вялікай любові да сваіх дзяцей не валодаюць сілай, здольнай забяспечыць ім шчасце. Лёня пасля вельмі кароткага шчасця сямейнага жыцця перажыла страшную трагедыю. Яе маладога мужа застрэлілі, калі ён стаяў з жонкай каля ўласнай хаты. Можна сабе ўявіць, якое яна атрымала ўзрушэнне, калі ён на яе вачах зваліўся, забіты куляй і ўжо не падняўся. Пасля вайны маладзенькая ўдава разам з маці выехала ў Польшчу і жыла ў Лідзбарку. Працавала там дырэктарам кнігарні. Там у гэтай краме яна пазнаёмілася са сваім другім мужам.

Янка і яе муж (вельмі імпазантны мужчына) за кароткі час нарадзілі пяцёра дочак. Па праўдзе сказаць, яна саромелася свайго статусу вясковай гаспадыні і пры выпадковай сустрэчы са школьнымі сяброўкамі імкнулася гэты факт схаваць. Казала, што яе муж працуе на чыгунцы ў Лідзе. У той жа час яна ганарылася яго музычнымі здольнасцямі і ўменнем граць на скрыпцы.

(Працяг у наступным нумары.)

* Е. Ярмонт. В ТЕНИ ЗАМКА ГЕДЕМИНА. Воспоминания детства. Лида, 1995.

З каралеўскіх мемуараў

Часлаў Янкоўскі

I

Кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, абапіраючыся на стос сваіх нататак, старанна захоўваных лістоў, друкаваных матэрыялаў і г. д., пачаў пісаць мемуары ў 1771 г., і са шматлікімі перапынкамі займаўся гэтай працай да канца жыцця. Ён дыктаваў па-французску свайму сакратару Фрызе, а выпраўленні і дапаўненні ў тэкст уносіў уласнаручна. Паступова мемуары выраслі ў дзесяць тамоў.

Пасля смерці Станіслава Аўгуста, якая адбылася ў Мармуровым палацы ў Санкт-Пецярбургу 12 лютага 1798 г., восем тамоў, якія даводзяць дзённікі да 1778 г. і два тамы, якія ахопліваюць гісторыю "Варшаўскай рэвалюцыі 1794 г.", а таксама аўтабіяграфічныя нататкі, якія датуюцца 1798 г., былі перададзеныя ў Расійскі дзяржаўны архіў. Імператар Мікалай I пазнаёміўся з імі ў 1841 г. і загадаў вярнуць у архіў. Праз пяцьдзесят гадоў імператар Аляксандр III запатрабаваў каралеўскія мемуары і потым таксама загадаў вярнуць іх у архіў, каб яны ляжалі там некранутымі пад пячаткай. Толькі ў ліпені 1907 г. Санкт-Пецярбургская акадэмія навук атрымала найвышэйшы дазвол на публікацыю, не толькі найбольш поўнага тэксту згаданых дзесяці тамоў, але і дадатковага дзённіка падарожжа з Гародні ў Санкт-Пецярбург і нататкі, якія тычацца апошніх гадоў жыцця караля, праведзеных над Нявой1.

*

Першы том каралеўскіх мемуараў - Mеmoires du roi Stanislas Auguste Poniotowski, быў апублікаваны ва ўзорным выданні Санкт-Пецярбургскай акадэміяй навук непасрэдна перад пачаткам вайны.

Я не магу адказаць, ці ўбачылі свет наступныя часткі, ці хоць бы толькі другі том.

Аднак гэты, адзіны толькі першы том ёсць захапляльным чытвом, кожная старонка якога трымае чытача думкай, уяўленнем і пачуццём. Неапісальна цікавыя, горкія і дарагія для кожнага гэтыя ўспаміны... І перш за ўсё яны знаёмяць нас з вельмі незвычайнай асобай мемуарыста. Смела скажу яшчэ больш: папулярная думка пра нашага апошняга караля перыяду да падзелу настойліва патрабуе перагляду. Прыйдзе час, і, несумненна, знойдзецца гісторык, які гэта зробіць.

Вялікі цень упаў на постаць Станіслава Аўгуста Панятоўскага пасля жудаснага катаклізму, які паклаў Рэспубліку ў магілу. Таму мы і не бачым таго, хто быў на троне, у час, калі рушыўся гмах, пад руінамі якога, на жаль, не загінуў і сам кароль Станіслаў. Калі б не гэта, іншае месца займаў бы ён у гістарычным пантэоне ў памяці нашчадкаў.

*

Перад тым, як адкрыць гэты першы том каралеўскіх дзённікаў, давайце ўспомнім, наколькі грунтоўнай была адукацыя будучага караля.

Хуткі па сваёй натуры, ён атрымаў адукацыю, якая пераўзыходзіла сярэдні ўзровень сучаснікаў. Можна заўважыць пастаянную заклапочанасць незвычайнага бацькі Станіслава Аўгуста, каб яго сын як мага больш кантактаваў не толькі з суайчыннікамі, але і меў сувязі ў самых вытанчаных сферах за мяжой і ўсталёўваў там як мага больш шырокія і выгадныя сувязі. Папярэдне немагчыма было ведаць, што з гэтага выйдзе.

Як яго бацька з звычайнага шляхціца стаў вельмі, вельмі годным чалавекам? Уласная ясная і светлая галава з вострым розумам, блізкасць да сям'і Чартарыскіх і спрытнасць у складаных справах нацыянальнай палітыкі. Тады, хай і сын падрыхтуецца належным чынам ... і пойдзе нават далей, чым яго бацька.

Трыццаць шэсць тысяч рускіх салдат ідуць праз Польшчу, каб выратаваць Марыю-Тарэзу. Няхай Стась пойдзе з імі, нават, каб паглядзець, як вядзецца вайна! Аднак ён не стаў валанцёрам у рускім войску. Перш чым пакінуў дом, кампанія ўжо скончылася. Тады, скарыстаўшыся момантам, бацька выправіў сына за мяжу і даў яму ў настаўнікі маёра фон Кёнігтэльса, былога ад'ютанта маршала Мініха. Аднак справа не дайшла да таго, каб набірацца вопыту ў французскіх лагерах на межах сучаснай Бельгіі. Лагеры ўжо ліквідавалі, і малады Панятоўскі, сустрэўшы ў Бруселі знакамітага маршала Морыса Саксонскага, чый вобраз апісаў з вытанчаным майстэрствам дасведчанага пісьменніка-стыліста, вярнуўся ў Ахен для лячэння. Серныя воды яму не падышлі, бо былі нават шкоднымі для маладога чалавека, які пакутаваў ад рэўматызму.

Панятоўскі вяртаецца ў край і трапляе на соймавыя спрэчкі. З першых дзённікавых запісаў відаць, якую велізарную ролю мелі гэтыя падзеі ў грамадскіх справах нашай шляхты таго часу.

1750 г., Панятоўскі знаёміць чытача з падзеямі, сутыкненнямі, стасункамі, канкурэнцыяй паміж групоўкамі магнатаў, пагадненнямі і самымі ганебнымі прыватнымі інтарэсамі. Ствараецца сапраўдны хаос, якім кіруюць выразна нястрымныя асобы, нашыя так званыя "каралевічы" 2. Панятоўскі мае шырокія магчымасці для адлюстравання "кіраўнікоў" усяго перад- і пасля-соймавага руху і дае волю свайму сапраўднаму мастацкаму таленту, часта выкарыстоўвае вельмі тонкія фразы, такія як, напрыклад, "il aimait tant a rendre service qu'on pouvait lui pardonner d'aimer trop a en tirer gloire" ( "Я імкнуся аддаць належнае - выбачаю вам ваш шлях і вашу славу", - пра Чартарыйскага, тагачаснага віца-канцлера Літвы).

Панятоўскі таксама памятае пра чытачоў, недастаткова знаёмых з палітычнай і сацыяльнай сістэмай Польшчы. Ён тонка і выразна тлумачыць, што такое "трыбунал", што такое "соймік", якія прэрагатывы тых ці іншых саноўнікаў і г. д.

Толькі што ён блукаў па сходам варшаўскіх таварыстваў, а вось ужо зноў за мяжой, у Берліне, дзе праходзіць лячэнне. Знакаміты Ліберкюн (вядомы нямецкі лекар) лечыць яго нейкімі таблеткамі ўласнага саставу і амаль што цалкам ліквідуе балючыя спазмы ў страўніку. Аднак падчас лячэння Панятоўскі грэбуе рэкамендацыйнымі лістамі, якімі яго шчодра забяспечылі. Фрыдрыха II няма ў сталіцы, і Панятоўскі карыстаецца гэтым, каб наведаць рэзідэнцыю сусветна вядомага "філосафа-манарха".

"Я бачыў у палацы Сан-Сусі, - піша ён, - пакой, дзе звычайна жыве і працуе кароль. Вялікі беспарадак моцна ўразіў мяне, "кашталянка", якая правяла мяне, растлумачыла, што кароль не дазваляе наводзіць парадак у сваім кабінеце. Калі з'язджае, хоча знайсці свой дом у такім самым стане, у якім яго пакінуў. У спальні стаялі два ложкі, адзін побач з другім. У Берліне шмат пляткарылі пра гэтыя два ложкі. "Кашталянка" растлумачыла мне, што калі каралю часам становіцца занадта горача ў адным ложку, ён, каб астыць, пераходзіць у другі. Аднак гэтая дэталь, на мой погляд, не гарманіруе з па-сапраўднаму пякельнай спёкай, якую кароль звычайна загадвае падтрымліваць у сваіх апартаментах, бо вядома - ён любіць не толькі цяпло, але і спякоту...".

Панятоўскі двойчы размаўляў з Фрыдрыхам II: "Ён выглядаў як чалавек, які ўвесь час баіцца выказацца занадта прыгожа ці занадта вульгарна. Яго вочы былі поўныя трывогі і ўся яго асоба выяўляла вельмі мала высакароднасці. Усёй яго асобе не хапае высакароднасці, яго строй занядбаны і брудны".

Яшчэ адно кароткае знаходжанне ў Варшаве і чарговы ад'езд да двара ўласнага караля, які жыў сапраўды раскошным жыццём у паляўнічай рэзідэнцыі ў Губерцбургу, Саксонія. Там Панятоўскі пасябраваў з кавалерам Каралем Ганберы Вільямсам, які тады быў англійскім паслом пры прускім двары, а таксама як госць Аўгуста III прымаў удзел у саксонска-польскім "распушчанні паса". Гэты Вільямс неўзабаве сыграў ролю даверанай асобы Панятоўскага падчас рамантычных эпізодаў у Санкт-Пецярбургу.

II

І вось 1751 год набліжаецца да канца. Дзевятнаццацігадовы Панятоўскі, ужо без настаўніка побач, знаходзіцца ў Вене і адчувае сябе тут, як рыба ў вадзе, у самым вытанчаным haute volеe або, калі хочаце, bomon-de. Нудны, скаваны свет, і ад яго трэба пазбавіцца, як і ад "велічнага" венскага двара.

Ён вяртаецца незадоўга да склікання сойма ў Гародні. Едзе ў Гародню і з'яўляецца сведкам зрыву сойма паслом Морскім, падкупленым самім каралеўскім дваром.

Панятоўскі апісвае глыбока сумныя і прыніжальныя рэчы, нікога не шкадуе, асабліва князя "Пане Каханку". (Гэта адразу выклікае ў памяці знакаміты візіт караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Нясвіж.) У Гародні ў 1752 г. былі толькі два мураваныя дамы. Шляхта і паны туліліся ў цесных, драўляных хацінах. Найвышэйшым "шыкам" было запоўніць увесь пакой вялікім ложкам з балдахінам. З-за памераў пакоя з гэтых ложкаў, некаторыя праз дзверы вылазілі ў суседні пакой і ложкі служылі канапай.

Дзве вышэйзгаданыя камяніцы належалі, адна - Сапегу, другая - Радзівілу "Пане Каханку". Панятоўскі з'едліва піша пра самага папулярнага ў Літве магната, які ўвесь час клапаціўся пра тое, каб яму выказвалі сапраўдную каралеўскую пашану, пра партрэты польскіх каралёў, якія Радзівіл загадаў развесіць па пакоях свайго гарадзенскага палаца "і падрэзаць", каб увайшлі ў пакоі, пасля чаго дамаляваць адрэзаныя рукі і кісці ў паменшаным памеры. Пра гайдукоў Радзівіла, якія корпаюцца лапамі ў талерках на стале ў Радзівіла, каб вылавіць самыя смачныя кавалкі. "Як я хваліў сябе за тое - піша Панятоўскі, - што не застаўся на абедзе ў князя!".

У іншых месцах ён апісвае абранне маршалкам трыбунала ў Вільні 18-гадовага Радзівіла, які "ледзь здольны падпісацца, але паводзіць сябе, як распусны студэнт". Апісвае і характарызуе арду п'яніц і авантурнікаў, якія складалі пастаянны двор князя "Пане Каханку". Ён апіша таксама Вільню падчас кадэнцыі трыбунала, горад выглядае, як падчас аблогі ці грамадзянскай вайны. Бойкі і стральба ўначы і ўдзень, сцягванне сапраўдных вайсковых частак, якія прызначаюцца ганаровай вартай гэтаму ці іншаму гаспадару для "выканання найвышэйшай справядлівасці", барацьба за ўплываў трох самых магутных дамоў Літвы: Радзівілаў, Сапегаў і Чартарыскіх.

Але і зараз Панятоўскі падарожнічае. Праз частку Венгрыі, дзе народ размаўляе на нейкай esclavon presque polonais (фр. "амаль што славянскай польскай мове", пэўна, славацкай - Л. Л.) і дзе многія жыхары з значнай самаўпэўненасцю імкнуцца выкарыстоўваць нейкую "гусарскую" лаціну. Праз Вену ён едзе ў Дрэздан на вялікі парад саксонскіх войскаў. Адтуль - у Галандыю, якую даследуе вельмі падрабязна. Неўзабаве, узброены мноствам рэкамендацыйных лістоў, прыбывае ў Парыж, дзе не губляе часу і сустракаецца з незлічонай колькасцю людзей. Ён круціцца ў самых розных колах, яго прадстаўляюць каралю, які, аднак, "паводле свайго звычаю, не сказаў мне ні слова". Што тычыцца каралевы Марыі з Ляшчынскіх, дык як полька, яна прыняла Панятоўскага вельмі сардэчна, але, піша мемуарыст, - taveur ne donnait point un grand relif (фр. "яе добразычлівасць не мела вялікага значэння"). "Каралева, - дадае Панятоўскі, - упаўшы ў рэлігійны аскетызм, выгнала караля са свайго ложка, бо наўмысна прыправіла яго водарамі, якія кароль не мог цярпець. З гэтага дня кароль пачаў мець палюбоўніц".

Наш будучы кароль узвышае Францыю і французаў да нябёсаў. Само выкарыстанне французскай мовы, такое распаўсюджанае сёння, дае своеасаблівы патэнт на стараннае выхаванне, што паказвае перавагу нацыі, роднай мовай якой яна з'яўляецца. Больш за тое, пэўнае падабенства як добрых, так і дрэнных якасцей нараджае нашу традыцыйную, ненаўмысную сімпатыю да французаў, у адрозненне ад антыпатыі, якую французы адчуваюць да сваіх непасрэдных суседзяў. (Кажу, вядома, пра немцаў і англічан.)

Варта падкрэсліць, што Панятоўскі, пераправіўшыся ў Англію (ён плыў дзевяць гадзін з Кале ў Дуўр, пакутуючы ад моцнай марской хваробы), наведаў не толькі Лондан, дзе быў прадстаўлены каралю і вельмі ветліва сустрэты ім, але і шматлікія англійскія гарады, у тым ліку Оксфард. Уважліва назіраў за англійскімі звычаямі, ладам жыцця, грамадскімі ўстановамі і выказаў у цэлым негатыўнае меркаванне пра англічан. Відавочна, ён назіраў праніклівымі і разумнымі вачыма, пра што сведчаць вельмі цікавыя заўвагі, напрыклад, пра англійскую адукацыю і англійскі флот. Яму амаль нічога не спадабалася ў Англіі.

*

Ад'езд Панятоўскага ў Санкт-Пецярбург у чэрвені 1755 года стаў пачаткам яго побыту над Нявой. Спачатку быў тут прыватнай, а потым і афіцыйнай асобай.

Да непасрэднага знаёмства са сталіцай Пятра літоўскага стольніка намовіў яго вялікі сябар Чарльз Ханберы Уільямс, нядаўна прызначаным англійскім паслом пры двары імператрыцы Лізаветы.

Панятоўскі пасяліўся ў Уільямса і, як звычайна, рыхтаваўся не толькі да ўсебаковага "агляду" сталіцы на Няве, але і да ўсталявання як мага больш шырокіх сувязяў сярод мясцовай эліты, найперш, у двары імператрыцы Лізаветы.

Для гэтай справы сябар-пасол аказаўся вельмі карысным. Уільямс пазнаёміў Панятоўскага (дарэчы, які меў нямала рэкамендацый ад Бруля3 і Чартарыскіх) з сапраўдным "вышэйшым светам" Санкт-Пецярбурга. Ён пазнаёміў Панятоўскага з канцлерам Бястужавым і паспрыяў яго збліжэнню з "пэўнай асобай, - як пісаў кароль-мемуарыст - да якой я не меў доступу публічна". Гэтай асобай была вялікая княгіня, як Панятоўскі пастаянна і ветліва называе тагачасную жонку вялікага князя Пятра, пазнейшую імператрыцу, "паўночную Семіраміду".

Калі адносіны паміж 22-гадовым стольнікам і 25-гадовай вялікай княгіняй сталі блізкімі, Панятоўскі быў лёгка прызначаны дзяржаўным міністрам па справах Польшчы пры імператарскім двары Расіі. Гэта дало фаварыту не толькі магчымасць пастаянна пражываць у Санкт-Пецярбургу, але і пасаду, якая значна палягчала яго кантакт з дваром.

І першая частка "Мемуараў" запоўнена ў значнай ступені вялікімі апісаннямі падзей на галоўнай еўрапейскай палітычнай арэне таго часу, і далучэннем усіх дакументаў, якія сведчаць пра дыпламатычную дзейнасць Панятоўскага.

Такім чынам, мы бачым адлюстраванне таго, што адбывалася ў Еўропе ў той час, быццам праз пецярбургскае люстэрка. Вось справаздачы Панятоўскага, у вялікай колькасці дасланыя Брулю, а таксама інструкцыі якія ён атрымаў з Варшавы, вось лісты Флемінга, у якіх ён называе "Mon trеs cher stolnik" Панятоўскага, вось тэксты прапанаваных дагавораў і г. д. Безумоўна, з моманту публікацыі першага тома каралеўскіх мемуараў ніводная дэталь, якая змяшчаецца ў іх, не выслізнула з-пад увагі прафесійных гісторыкаў, як напрыклад, выява імператрыцы Лізаветы, намаляваная Панятоўскім, або аўтапартрэт, намаляваны ў 1756 годзе для вялікай княгіні па яе просьбе.

(Працяг у наступным нумары.)

* Cz. Jankowski. Z krоlewskich memuarоw // Slowo. 1926. № 79; № 82; № 83; № 84. Пераклад і каментары Леаніда Лаўрэша.

1 Вышэйзгаданы рукапісны дзённік, які зараз захоўваецца ў Імператарскай публічнай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбургу, калісьці з'яўляўся ўласнасцю Варшаўскага таварыства сяброў навукі і быў апублікаваны ў 1862 г. у Ляйпцыгу. Два тамы ўспамінаў Станіслава Аўгуста таксама ўбачылі свет у 1862 і 1870 гг., калі Жупанскі апублікаваў іх у Познані на французскай мове па копіі, знойдзенай у бібліятэцы Чартарыскіх і ў Кракаве, а Залескі апублікаваў польскі пераклад у Дрэздане. Аднак гэта ўсё, што з'явілася публічна з вельмі цікавых і каштоўных успамінаў Станіслава Аўгуста.

2 Каралевічы, ці мясцовыя каралі" ("krоlewiаta kresowi") - у гістарычных публікацыях (асабліва навукова-папулярных) гэта тэрмін для абазначэння магнатаў, якія валодалі вялікімі маёнткамі (латыфундыямі), мелі неабмежаваную ўладу і ўласныя войскі, часта праводзілі ўласную знешнюю палітыку, а таксама былі звязаны з пануючымі родамі. - Л. Л.

3 Генрык Бруль (1700-1763), міністр, дарадца і фаварыт караля Аўгуста ІІІ. - Л. Л.

У Вільні і літоўскіх дварах, успаміны 1815 - 1843 гадоў*

Габрыэля Пузыня

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)


Адным з нашых самых любімых гасцей быў пан Канстаты Новамейскі, сябар майго бацькі з кавалерскіх часоў, з ім я пазнаёмілася ў 1838 годзе ў Залессі. Размаўляў Новамейскі з шармам і розумам, яго словы прыносілі святло і спакой у душу. Ён так падабаўся нам, што на балі, нават, калі стаяў у натоўпе, сапраўдным святам было ўбачыць яго ўсмешку і позірк, які адначасова і асуджаў, і патураў. У той час ён яшчэ наведваў вечарыны і сяброў, але праз год, прыкуты да крэсла паралічом ног, у пакутах сядзеў з той жа самай усмешкай. І так да самай магілы.

У пасляабедзенны сон мамы, нас звычайна наведвалі знаёмыя. На чале самых паважаных была пані Караліна Чапская, пяць гадоў як ужо ўдава. Яна быццам бы ўрасла ў брук Вільні, горада, дзе яе дачка Марыя на шляху ў неба затрымалася ў кляштары візітак. Цёця Караліна жыла на вуліцы Субач, у доме місіянераў і рэдка бывала дзе-небудзь акрамя касцёла і дачкі. Разам з ёй жыў малодшы сын Эмерык. Ён кожную раніцу хадзіў у гімназію са сваім настаўнікам і жадаў, каб яго называлі "пан граф". Старэйшы сын Адам у Варшаве нібыта заляцаўся да Хеленкі Тызенгаўзаўны, але дзяліў гэтыя намаганні з захапленнем балярынамі. Сярэдні сын Ігнат зімаваў у Берліне і пісаў адтуль маці пра балі ў каралеўскім замку і пра гістарычныя касцюмы.

Цёця Чапская заўсёды была рада прыйсці да нас, а мы, хоць і рэдка выбіраліся з хаты, заўсёды знаходзілі для яе хаця б некалькі гадзін. Яе апартаменты складаліся з некалькіх невялікіх салонаў, упрыгожаных абразамі, але сваякоў і блізкіх сяброў яна прымала за бюро ў сваім кабінеце, у якім дамінавала прыгожае і дарагое распяцце і вялікая лямпа. Цёця Чапская размаўляла на сур'ёзныя тэмы, аднак умела знаходзіць сярэдзіну паміж кляштаром і светам. Яна дбала аб тым, каб моладзь бавілася і выпраўляла нас на балі і замуж, абвяргала чуткі і расказвала, якой шчаслівай была са сваім Каралем, была шчаслівай менавіта таму, што выканала волю і выбар бацькі. Цёця Чапская ў свае сорак шэсць гадоў па ўзросце магла быць дачкой пані Лапацінскай. Мела яшчэ прыгожы, з рымскімі рысамі, твар, але апранала чапец, шчыльна зашпілены пад падбародкам, а сваю прыгожую фігуру хавала ў чорных ці цёмных шлафроках, паверх якіх насіла яшчэ і шырокую мантыю. На белых руках у чорных пульсэтках увесь час вярцела сярэбраную табакерку. Хадзіла павольна, гаварыла сур'ёзна, жартавала і па чарзе паддражнівала сына і паннаў, якія да яе прыязджалі. Гледзячы на ўсё яшчэ такую прыгожую цёцю, я ў думках здымала з яе чапец і мантыю, апранала ў аксаміт з дэкальтэ, і, упрыгожыўшы галаву кветкамі і карункамі, вяла яе на баль. Некалі прыгожая, старэйшая за яе на пятнаццаць гадоў пані Лапацінская, усё яшчэ насіла сукенкі з вялікім выразам і кароткімі рукавамі і кветкі на галаве, усё яшчэ цешылася светам і не нудзілася яго марнасцю. Аднак гэтыя дзве крайнасці часта сустракаліся каля кратаў і за кратамі кляштара візітак, каля алтара ці канфесіянала, і пухлая рука ў парыжскай пальчатцы ці белая рука ў пульсэтцы часта раздавалі грошы адным і тым жа жабракам.

Матрыманальная плынь забрала яшчэ аднаго члена нашай сям'і. Люцыян Вайніловіч пачаў сур'ёзна думаць пра шлюб і закахаўся ў прыгожую маладую панну, дачку генерала Вайсенгофа Хелену з Люблінскага ваяводства, сваячку Ваньковічаў па лініі Солтанаў, а значыць і Тызенгаўзаў. Шлюб адбыўся падчас карнавалаў, а адразу пасля яго - пераносіны ў Пузава.

1843 год

Як звычайна, мы цешыліся пачатку года, спадзяваліся на лепшае, хоць у той час ўсё было яшчэ не так і дрэнна … а пан Адынец сказаў - часта менавіта пачатак года паказвае, што можа быць яшчэ горш, і ён сказаў праўду! Той, хто піша пра мінулае, ведае пачуцці, якія павінны мучыць празорцаў і прарокаў, надзея і расчараванне адначасова паўстаюць перад яго вачыма… І ва ўсёй карціне, якая ахоплівае палову стагоддзя, як мала мы бачым сапраўднага шчасця! Пасля нараджэння ідзе смерць, пасля вяселля - жалоба, аднак апісваючы ўсё, што было, мы павінны смяяцца і весяліцца разам з шаленцамі! І хоць на нашых святах не бракавала надпісу Бальтазара, ніхто з нас у той час не заўважаў ці не хацеў яго бачыць, хоць шмат было Даніэляў сярод нас, якія маглі растлумачыць гэтыя словы66. І з той заслонай на вачах, якая часта з'яўляецца дабраславеннем, сям'я Юзафа Тышкевіча ў Вільні запрашала гасцей у свае прыгожыя салоны, каб прадставіць свету сямнаццацігадовую дачку, якая праз год павінна была пайсці ў неба…

Той самы Адынец, які слушна не давяраў будучыні, разам са сваімі сябрамі радаваўся нараджэнню дачкі, бо яна стала суцяшэннем пасля страты прыгожай Антосі, нечакана памерлай мінулай восенню па дарозе ў Друскенікі, але Бог захацеў, каб і гэтае суцяшэнне скончылася смуткам! Нованароджаная Марыня, сапраўдны анёл, паляцела на неба за сваёй сястрой. А калі бацькі вытрымалі і гэта выпрабаванне, праз год Бог даў яшчэ адну дачку Тарэзу, яна засталася на зямлі, каб загаіць двайную рану бацькоў. Мы шчыра аплаквалі Антосю, пра смерць якой нам лістом паведаміў пан Ігнат Ходзька, і падзялялі гора яе бедных бацькоў. Як жа прыгожа перанёс гора асірацелы бацька, як мудра ён супакойваў адчай маці словамі: "Антося выканала сваю місію на зямлі, бо ўдасканаліла нас, бо мы выхоўвалі яе сваім добрым прыкладам і гэтак ўдасканальвалі сябе".

Не было з чаго радавацца, але хто ведае гэта загадзя? І не падазраючы, што іх чакае наперадзе, на пачатку 1843 года сям'я Адынцоў прымала віншаванні над калыскай новай зорачкі…

Не ведаючы пра набліжэнне жалобы, ужо два тыдні ў Варшаве весяліліся нашы блізкія. Матыня паведаміла нам пра першае з'яўленне Хеленкі на сільвестровым (навагоднім) свяце, а потым і на касцюміраваным балі ў шатландскім убранні. Марыся Пшаздзецкая, з уласцівым ёй спакоем, апісала свой прыезд у Чорны Востраў, на святы да маці мужа, якая другі раз была ў шлюбе за Каралем Дзяконскім, візіт у Млынаў да Хадкевічаў, карнавал у Кіеве і г. д. Усё гэта не перашкаджала дасведчанай мастачцы маляваць і пісаць карціны: тут партрэт, там копію карціны, тут эскізы па сюжэтах раманаў. Па-праўдзе, на балях яшчэ да поўначы ў яе слязіліся вочы, і валынянкі казалі, што ў жылах ліцвінкі цячэ не кроў, а вада.


З Вільні мы адказвалі на гэтыя захапляльныя лісты сваімі лістамі, якія мелі настрой на некалькі тонаў ніжэй - у нас таксама было весела, але ў меру, настолькі, што сустрэчы ў пані Міркавіч, на якія яна настойліва запрашала нас абедзвюх, пачыналіся рана, асвятляліся свечкамі, якія засталіся ад балю шостага снежня, вячэры не было, а меліся толькі пірамідальныя вітрыны з цукеркамі ці марозівам, якое звычайна да апоўначы заканчвалася. Але затое вячэры паўтараліся кожны тыдзень, як і рэсурсы па серадах. Вышэйшым тонам у гэтым хоры былі не частыя балі ў пані Лапацінскай, маёй хрышчонай маці Феліцыі Плятэравай, у пана Юзафа Тышкевіча, у Мінеяк і г. д. Гэтыя больш шматлюдныя зборы адрозніваліся таксама і больш вытанчанымі строямі, магчыма, шмат хто і дагэтуль памятае цытрынавы крэп з пунсовымі камеямі, у якім з'явілася пані Іда Кубліцкая, прыгажуня, якую даўно не бачылі ў Вільні.

Сярод сямей, якія прыйшлі на карнавал, была і сям'я Горнаў, яны вярнуліся ў Вільню праз трынаццаць гадоў. Увесь гэты час пражылі ў вёсцы пад Вількамірам каля Сен-Клераў, недалёка ад Вепшаў, адкуль пайшло шмат неспрыяльных анекдотаў для былога губернатара. Сам былы губернатар, з зоркай на грудзях, змяніўся мала - нізкі, бледны, хударлявы, ён хадзіў з дома ў дом, а на балях ад чалавека да чалавека, расхвальваў сваіх дачок, якіх было чатыры ці пяць, і ўсе на выданне. Дочкі, невысокага росту, адукаваныя, гаварлівыя, ведалі па некалькі моў, падобна - музыканткі, і толькі адна з іх была прыгожай, з вялікімі, анёльскімі рысамі твару і светлымі курчавымі валасамі, якія развяваліся вакол яе белага твару. Маці казала, што яна падобна на каралеву Вікторыю і прывозіла да нас на вячэры. Сама былая губернатарава пастарэла, але зусім не змянілася. Заўсёды пухленькая і светлая, заўсёды ў карсеце і з усмешкай, быццам ніколі не казала нічога, акрамя мілых і пустых слоў. Дочкі ж яе, прыціскаліся да мяне і шапталі на вуха розныя сакрэты.

Пан Станіслаў Шумскі67, вазіў швагерку на балі, бо хацеў дапамагчы панне. Пасля гадоў выгнання вярнуўся ўсё з такім жа свежым розумам, і як ён сам казаў, з чубам a la diable m'emporte (фр. " Чорт мяне возьме". - Л. Л.). Ён ніколі не мог абысціся без дам, і нават у Волагдзе, дзе мужчыны і жанчыны бавіліся па-асобку, толькі ён адзін меў талент і прывілей уцерціся ў дамскае кола, за што яго вельмі любілі. Ён расказваў, што ў салонах Волагды было шмат нашых вытанчаных дам.

Яго дачка Марыня мела нешта тое невымоўнае, з чым жанчына нараджаецца, тое, што яна непадзельна, як адзіная дзіця, атрымала ад маці і бабулі па прамой лініі. Гэта напалову яе заслуга, а на другую палову - дар, з дапамогай якога яна заваёўвае сэрцы. Маладыя паненкі без зайздрасці любілі Марылю, а маладыя людзі не крыўдавалі на яе штодзённыя адмовы. Марыля была радасцю нашых сустрэч і не ведала, што чалавек, які ніколі не набліжаўся, але кахаў яе з дзяцінства, праз некалькі гадоў стане яе мужам.


Матыня ўсё лепш бавілася ў Варшаве. Пасля клубных баляў, пасля святаў у намесніка, пасля вечароў у аранжарэі ардыната Замойскага і г. д., моладзь увянчала карнавал ранішнімі танцамі ў садзе Ома68 сярод квітнеючых гіяцынтаў, якія выкарыстоўваліся для ўпрыгожвання салона, галерэі і кветніка, за якім хаваўся аркестр. Марыня казала, што тут немагчыма было аддзяліць святло, водар і гармонію, бо здавалася, што менавіта гіяцынты свяцілі, спявалі і пахлі. Каштавалі яны вельмі дорага, і калі агульныя ўнёскі даходзілі да 100 злотых за чалавека, дык за гіяцынты плацілі толькі Браніцкія і Патоцкія.

Хоць у супрацьвагу Браніцкім, Замойскім і Патоцкім, Літва мела Агінскіх, Плятэраў і Тышкевічаў, а нашы соймікі былі добрай нагодай для весялосці, але, як я ўжо пісала вышэй, у Вільні бавіліся больш сціпла. Тры гады Мастоўскага закончыліся, і яго зноў прапанавалі на пасаду маршалка. Вільня перапоўнілася шляхтай, пры тым, што не ўсе прыбылі з Коўні (сённяшняя Ковенская губерня лічылася ў той час часткай Віленскай). Губернатар быў здзіўлены затрымкай, на што Мастоўскі сказаў: "Чаго вы чакалі, генерал? Магчыма, што нехта з іх ідзе пешшу!". Слова нашага маршалка перадаваліся ў горадзе з вуснаў у вусны. Цывільны губернатар Сямёнаў аднойчы абурыўся, што яму прыпісваюць розныя хабары. "Прызнайцеся, непрыемна быць абвінавачаным у гэтым", - сказаў ён Мастоўскаму. "Не ведаю", - добразычліва адказаў маршалак, "on ne l'a jamais dit de moi" (фр. "пра мяне так ніколі не казалі". - Л. Л.)

Галасавалі за Мастоўскага, і ён атрымаў толькі адзін чорны шар. Яго прыхільніца пані Лапацінская, калі пра гэта даведалася, сказала: "Не падабаецца мне гэты адзіны чорны шар, на месцы Мастоўскага, я б не прыняла маршалкоўства". "Што ж, было б лепш дагадзіць аднаму апаненту, чым тром сотням сяброў?".

Вільня была задаволена абраннем Мастоўскага і, скарыстаўшыся прывілеем падачы просьбы трону пасля абрання, ён парадзіўся з паважанымі асобамі і папрасіў цара пра ўніверсітэт і навіцыят для адукацыйных ордэнаў. Але такая просьба не спадабалася Найяснейшаму. Як ён мог вярнуць навіцыят піярам, калі такія карысныя для народа кангрэгацыі місіянераў і сясцёр міласэрнасці ўжо былі пазначаны крыжыкам, як дом прагавораны на зруйнаванне? Візітатар ксёндз Багдановіч з сумам, але і з пакорай расказаў нам пра гэта. І мы жахнуліся ад адной думкі, што больш не будзе нашых анёлаў-суцяшальнікаў і напісалі Матыні, ці можа яна ўявіць Вільню без белых каўнерыкаў і карнецікаў (карнет - гістарычная назва чапца манашкі - Л. Л.). І яна, дачка св. Вінцэнта з дзяцінства, не збаламучаная светам і поспехам, скарысталася паланезам з намеснікам, каб папрасіць у яго апекі над сёстрамі і сынамі св. Вінцэнта69. Але Мікалай І не адступаў ад сваіх намераў і душыў полымя ці як мог зацямняў яго. Асабліва там, дзе бачыў вялікае святло, а святло, якое падала ад гэтых ордэнаў было занадта яркім, каб яго можна было схаваць. Толькі за тое, што смеў прасіць аб вяртанні адукацыі ў край, Мастоўскага не зацвердзілі на маршалка, і пасаду заняў Жаба. "Ну і што, маршалак можа і не рады, але Мастоўскі шчаслівы, бо вернецца ў свае Царклішкі", - казаў заўсёды вясёлы Мастоўскі.


Акрамя соймікаў, горад быў заклапочаны лёсам секвестраваных маёнткаў, якія пад некампетэнтным кіраваннем скарбу пуставалі з 1831 года. Было сумна чуць, як гэтыя руіны захопліваліся праз падман і хабарніцтва. Ахвярамі сталі Гадуцішкі у Свянцянскім, Смаргонь у Ашмянскім павеце і шмат іншых маёнткаў.

Магчыма, ваярскі дух ахапіў наш край, бо ў мірным жыцці мы забыліся пра Бога! Людзі паступова адпадалі ад касцёла ў той час, калі Францыя ўжо пакаялася ў сваіх памылках і яўрэй Ратысбон70 адкрыў вочы на праўдзівую веру ў самотным касцёле каля абраза Маці Божай. І ў гэты ж час у Жмудзі адзін з самых светлых капланаў Юцэвіч закахаўся ў панну З… і кінуў ёй пад ногі сваю высвечаную сутану71. Трэба было бачыць і чуць абурэнне цёці Шуазель гэтай навіной, якую ёй з вёскі прывёз сын. Яна добра ведала ксяндза Юцэвіча, цаніла яго вучонасць, розум і сябравала з ім. Яшчэ восенню з захапленнем пісала пра яго ў сваіх лістах і радавалася, што менавіта ён правёў святую імшу ў яе капліцы, а сёння ўздрыгвала ад адной думкі пра такое святатацтва! Мой кузэн, яе годны сын, пісаў, як аднойчы вяртаўся з дарогі і знайшоў у сябе гэтага "нахабніка" ў кампаніі пана Альберта Горскага. Не прывітаўся з ім, не падаў руку, але загадаў Горскаму, не зважаючы на слоту і брак коней, выправадзіць свайго сябра. Угаворы былі дарэмнымі, на гэты раз традыцыйная гасціннасць стала справай другараднай. Пан Юцэвіч, неганарова пакінуў дом і чакаў на ганку пад снегам, пакуль да яго прывядуць коней з мястэчка. "Я не дакрануўся да рукі, якая здрадзіла свайму Богу", - пісаў пачцівы Аляксандр, а яго маці разам з намі ўслаўляла сілу духу і энергію свайго сына.

Канец Юцэвіча быў жахлівы. Новы Юда памёр ад вадзянкі. Ён так моцна ацёк, што нават пасля смерці немагчыма было знайсці прыдатную труну, і яго цела, як калісьці цела Вільгельма Заваёўніка, проста кінулі ў яму. За такую правіну мае быць ці публічнае пакаянне, ці публічнае пакаранне!


Але вяртаемся да соймікаў. На сойміках больш не было пышных забаў, мужчынскіх абедаў і вячэрніх танцаў. Міркавічы нават не адчынялі вялікую верхнюю залу. Іх прыёмы не былі падобныя на святы іх папярэдніка, але годны Міркавіч ніколі і не пазычаў тысячы, каб іх не вярнуць, як гэта рабіў князь Даўгарукаў. А калі жонка чыніла нейкія парушэнні, каб атрымаць ласку трона, муж злаваўся і, наколькі мог, спыняў яе выбрыкі.

У гэтым годзе ў Віленскім тэатры ўжо не было оперы Шмідкафа, які, падобна, страціў запал. Спявачка Касталеці з рэшткамі голасу і тэнар Бранкман пелі фрагменты з "Атэла", "Лукрэцыі Борджыя" і г. д., а любімы Мастоўскі, як заўсёды, клапаціўся, каб супаветнікі добра бавіліся і выцягваў нас ў сваю ложу. Яго жонка карысталася мяккай зімой і часта бывала ў тэатры, упрыгожаная пры гэтым, як на баль, дыяментамі і бірузой, бо мужу гэта спадабалася і ён нават патрабаваў ад яе гэтага.

Нашым самым частым госцем быў пан Ігнат Ходзька, які жыў у доме Вільгоцкага праз адзін ад нашага. Яго адзіная пятнаццацігадовая дачка выцягнула бацькоў з вёскі, каб вучыцца свецкаму жыццю. З восені пан Ігнат спрабаваў пераканаць маю маці даць дазвол на друк маіх вершаў. Ужо прыдумалі назву кніжкі: "У імя Бога". Але мая маці не дазваляла, бо лічыла, што жанчына будзе больш шчаслівай, калі яе не ведаюць і не абмяркоўваюць. Аўтар "Малюнкаў" скарыстаўшы ўсе аргументы, аднойчы прыйшоў з трыумфальным выглядам, дастаў з-за пазухі сшытак і працягнуў яго маёй маці, кажучы: "Я вырваў гэта з багны". "Што гэта?" - з цікавасцю спыталі мы, але адказам на пытанне былі мае ўласныя вершы - дзіцячыя, нязначныя, выпадковыя, напісаныя прыгожай каліграфіяй і ўсе пад назвамі накшталт "Барвінкі" ці "Падснежнікі" з подпісам цэнзара "Дазволена да друку" і падзагалоўкам, які пачынаўся словамі: "Выкраў цябе, Габрыэля".

"Што гэта?" - яшчэ раз спыталі мы абедзве, мама ў жаху, а я ў здзіўленні. "Гэта вынік таго, што вы не друкаваліся па добрай волі", - адказаў Ходзька і распавёў, як выпадкова даведаўся, што нейкі ферцік, недапечаны вершаплёт, выдае кніжку і ў ёй павінны былі быць вершы Габрыэлі Гюнтар. Пачуўшы гэта, пан Ходзька пабег да выдаўца, не знайшоў яго дома, чакаў да позняй ночы і, дачакаўшыся, папрасіў у яго сшытак і без цырымоній выразаў з яго мае вершы, якія гэты пан дастаў рознымі спосабамі, відаць, найбольш праз настаўніка ў маладых Снядэцкіх. Не трэба і казаць, як мы з мамай былі ўдзячныя пану Ходзьку, але галоўнае - мама пераканалася, што трэба сур'ёзна паставіцца да справы, пагадзіцца і абмеркаваць публікацыю лепшых з маіх вершаў. Гэта нават было большым трыумфам Ходзькі, чым маім, бо, як і раней, у гэтай справе я не адважвалася мець сваё меркаванне, жаданне і волю.

З таго часу вячэрнія візіты пана Ходзькі мелі мэту. Прыязджаў рана, і мы адразу разгортвалі мае тэчкі, ён браў вершы і чытаў. І па тым, як ён чытаў, я разумела, ці варты нечага чарговы мой верш. Калі яму нешта не падабалася, ён змаўкаў і чакаў, я здагадвалася - гэты верш яму не падабаецца - і прапаноўвала не браць яго, на што Ходзька, на палову з гневам, а на палову са смехам, пытаўся: "Калі вы ведаеце, што гэта дрэнна і можна лепей, дык чаму самі не адмовіліся?". На гэта я адказвала: "Ленавалася, думала, што нікому гэта не трэба". Пасля такой паўзы, ён чытаў наступны верш і ўсклікваў: "Гэта цудоўна, гэта лірычна!". І толькі тады я зразумела, што такое лірыка. Гэтак мы абралі вершы для публікацыі ("W Jmie Boze", "Alleluja", "Dzien Zaduszny", "Popielec", "Aniol Stroz" і г. д.). Маці кіравала адборам вершаў, цешылася пахваламі і знясіленая недасыпаннем уначы, часта засынала ў сваім крэсле. Яна і раней часта засынала пад мае вершы і таму раіла апублікаваць іх пад назвай "Сны маёй маці". Такія заняткі з Ходзькам часта заканчваліся вельмі весела, гэта была помста за маўчанне і паўзы майго крытыка, які ніколі па-іншаму не выказваў свайго стаўлення. Я прапаноўвала яму розныя камічныя экспромты, але яго адказ быў заўсёды аднолькавым. Я часта аддавала перавагу такім вечарам, а не балям, на якія, не маючы мажлівасці ўхіліцца ад запрашэння, мы па чарзе ездзілі з нашым бацькам. Кожны ранак запрашэнні прыляталі ад Вільгоцкага, Даўгялы, Ходзькі і г. д., але часцей вечарамі мы заставаліся дома і не раз смяяліся да слёз з розных дробязяў…


У Варшаве і Вільні карнавалы закончыліся. Здароўе маці пагоршылася, і мы нецярпліва чакалі вяртання Матыні. Сакавік, гэты кашмар хворых, мацней уплываў на стан здароўе, бо зімы амаль што не было. Гэта італьянская, дажджлівая і цёплая зіма, была зручнай для немаўлят, але маці ўсё менш спала ўначы і ўпадала ў дзённую дрымотнасць. З'явіліся раны на нагах. Доктар Вікшэмскі быў яшчэ здольны ўсміхацца і захоўваць спакой, але хмурнеў, калі паварочваўся да нас, і потым адводзіў тату ў іншы пакой. Пасля кожнай такой размовы тата станавіўся яшчэ больш сумным. Мама ўсё радзей з'яўлялася ў салоне і час ад часу з трывогай пыталася ў нас: "Калі прыедзе Матыня?". Сумавала і, магчыма, баялася больш ніколі яе не ўбачыць! Любоў да першынца ярка праяўлялася ў маладыя гады, пакуль Матыня жыла ў бацькоў, а потым, пасля яе замуства, каб даць ёй магчымасць атрымаць асалоду ад свету сцішылася і супакоілася, а зараз вярнулася і нагадала нам, малодшым, што на нашы штодзённыя "Добрай раніцы", з якімі мы, больш раннія птушкі, раней заўсёды апярэджвалі старэйшую сястру, мама, убачыўшы нас, заўсёды адказвала: "А дзе Матыня?", і шукала старэйшую дачку.

Аднойчы вечарам, падобна пятага сакавіка, каб не турбаваць маму, мы сядзелі з некалькімі асобамі ў першым салоне, калі раптам пад брамай зазвінелі званкі… Маўрыцый, які чакаў гэтага цэлы тыдзень, выбег на лесвіцу і вярнуўся з вясёлай і прамяністай Матыняй. Абуджаная гэтым імем і голасам любай дачкі, мама быццам ачуняла. Вяртанне Матыні напоўніла нас новым жыццём, а яе гісторыі былі такімі ж цікавымі, як і заўсёды. Доказам таго, што яна ў Кароне не забылася пра Літву, быў падарунак, які прывезла пану Ігнату Ходзьку - срэбную табакерку з надпісам "Так кажа галандка" ("Iz tak rzeke holenderka", словы пана Рэйэнта з Ходзькавых "Берагоў Віліі"), за што атрымала гарачую падзяку ад аўтара. Пані Лапацінская з цікаўнасцю разглядала ўборы тых, хто вяртаўся з вялікага свету, а мама ўвесь час пыталася пра здароўе нашай бабулі - сваёй маці. На жаль, бабуля павольна памірала. Гэтай зімой яе ўжо выносілі перад абедам у крэсле, і за некалькі дзён да ад'езду сына і ўнучак, яна ўжо не ўставала з ложка. Маці і дачка згасалі разам, не ведаючы адна пра другую. Вяртанне і гісторыі Матыні былі, як мускус, яны стваралі міраж паляпшэння здароўя, і як марфін ажыўлялі хворую. Мы жылі гэтым штучным жыццём два тыдні. Многа нас было каля крэсла мамы, але яе стан увесь час пагаршаўся, і нас нішто не цікавіла па-за домам.

Памятаю велікапосны вечар у пані Лапацінскай, куды мяне прывезла Бучынская. Мама і цёця самі выправілі мяне. Але і ажыўленыя размовы, гульні і спевы Банольдзі і строі дам, якія акружалі мяне (адна з іх у чорным, быццам бы ўся свяцілася з-пад чорнага крэпа), гучалі для мяне пахавальнай нотай, якая і прагрымела 17 сакавіка! Напярэдадні гэтага дня, трынаццаць гадоў таму, памёр наш дзядзька Рудольф, у наступны пасля гэтай даты дзень, праз адзінаццаць гадоў, памрэ дзядзька Канстанцін72 , а ў 1843 годзе маці і дачка, наша бабуля і маці, памерлі адначасова, і іх пахаванні таксама адбыліся адначасова - маці ў Варшаве, дачка на Росах у Вільні…

Падрабязнасці майго сіроцтва, напісаныя з гарачымі слязьмі, засталіся ў асабістым дзённіку. Чужым людзям, для якіх я пішу гэты дзённік, яны будуць не цікавыя. Паведамлю толькі, што мая маці памерла ціха і лагодна - прыкладна так, як жыла і апошнюю паслугу ёй аказаў ксёндз-візітатар Багдановіч праз адпушчэнне грахоў і намашчэння святым алеям. Ён таксама суправаджаў яе цела да месца апошняга спачыну на Росах, і ў Вільні перад пахавальнай працэсіяй ішоў белы клір. У касцёле над парэшткамі маёй маці чыстымі галасамі спявалі De profundis clamavi , гэта была пахавальная песня касцёла "In monte", які неўзабаве быў зачынены разам з ордэнам…

Сумная навіна хутка распаўсюдзілася па горадзе і на працягу некалькіх тыдняў пасля смерці мамы мы заставаліся адны толькі ўначы. Нас наведвалі са спачуваннямі і мы сталі адной сям'ёй з усёй Вільняй. Пакінулі пакоі ад вуліцы і перасяліліся на бок, які займаў бацька, вокны тут выходзілі ва ўнутраны двор. Матыня пакінула мужа ў гатэлі і таксама пераехала да нас, каб раздзяліць з намі кожную хвіліну нашага агульнага сіроцтва. Ніякіх цырымоній пры прыёме наведвальнікаў не было - адны заходзілі і не вымагалі прывітання, другія выходзілі без развітання і зноў вярталіся ўвечары. Калі не хапала крэслаў, сядалі на ложкі, і гэтак адбывалася некалькі разоў з кімсьці, каго мы бачылі толькі на балі, але ніхто не падумаў здзівіцца, папрасіць прабачэння ці пачырванець. Інакш не магло і быць. Цёця дэ Шуазель, як і мы ў жалобе, не адыходзіла ад нас увесь дзень.

Любімая цёця Чапская прыгарнула нас, як маці. Жыла каля касцёла місіянераў і, карыстаючыся з распачатага набажэнства, за тыдзень да Вялікадня, паклікала нас да сябе, каб мы маглі прымаць удзел у ранішніх і дзённых службах, не вяртаючыся дадому. Адразу пасля імшы і казанняў, яна вяла нас да сябе на абед, потым праводзіла на няшпоры (вечаровыя службы - Л. Л.) і сустракала на гарбату. Гэтыя місіянерскія набажэнствы былі, як жывы выбліск полымя перад тым, як полымя згасне назаўжды. Касцёл місіянераў меліся зачыніць вясной, а кангрэгацыю распусціць. Падобны лёс чакаў і дамініканаў.

Ад сямнаццатага сакавіка прыйшло толькі некалькі тыдняў, а нам здавалася, што ўжо некалькі гадоў аддзяляюць нас ад той зімы, ад тых вечароў каля мамінага крэсла і заняткаў літаратурай з Ходзькам. А праца ў друкарні ішла сваёй чаргой, і аднойчы вечарам пан Ходзька прыйшоў да нас і падаў мне надрукаваны тытульны ліст "У імя Бога" з адпаведнай віньеткай, ён думаў такім чынам суцешыць мяне. Але я міжвольна адвяла вочы, і нейкае невытлумачальнае пачуцце сціснула маё сэрца. Ён убачыў гэта і сказаў словы з "Дня задушнага": "Учора па ёй званілі, заўтра па нас так зазвоняць!"… І пайшоў паказваць старонку майму бацьку. Вярнуўшыся, сказаў мне: "Тата дабраславіў працу, а маці цешыцца з яе на вышынях, калі ласка, паглядзі і не плач". Маім суцяшэннем было, што маці ведала пры гэтае выданне. Кніга хутка выйшла, я раздавала асобнікі сябрам, а незнаёмыя людзі куплялі яе ў кнігара. Мастоўскі сказаў, што кніга яму спадабалася. Цёця дэ Шуазель чэрпала адтуль медытацыі на Вялікдзень. Пані Чапская дакарала мяне за тое, што я ўводзіла яе ў грэх, бо яна чытала "У імя Божае" да адзінаццатай вечара ды яшчэ і разам з сястрой-манашкай! А адзін маладзён, якому Ходзька прачытаў "Алелюя", усклікнуў: "Зух - дзяўчына". Больш-менш, менавіта такія ўражанні пакідала мая кніга на чытачоў, аднак, нейкі жартаўнік сказаў пра яе: "Не вымаўляй імя Пана Бога твайго марна". Гэтым жартаўніком, як ён сам прызнаўся, быў незнаёмы ў той час Антон Сава-Жалігоўскі…

(Заканчэнне ў наступным нумары.)

* Gabrjela z Guntherоw Puzynina. W Wilnie i w dworach litewskich: pamiаtnik z lat 1815-1843. Wilno, 1928. Пераклад Леаніда Лаўрэша.

66 Бальтазар - апошні вавілонскі цар (сярэдзіна VI ст. да н.э.). Падчас нападу персаў зачыніўся ў вавілонскай цвердзі і зладзіў багаты пір. Персам удалося авалодаць цвердзю і забіць Бальтазара. У біблейскай кнізе прарока Даніэля змяшчаецца маляўнічае апісанне піру Бальтазара, калі ў разгар весялосці рука анёла Габрыэля напісала на сцяне словы: "Мене, мене, тэкел, упарсін". Прарок Даніэль растлумачыў надпіс як пасланне Бальтазару ад Бога: "Вось і значэнне слоў: мэнэ - палічыў Бог царства тваё і паклаў канец яму; тэкел - ты ўзважаны на вагах і знойдзены вельмі лёгкім; перэс - падзеленае царства тваё і перададзенае мідзянам і персам". - Л. Л.

67 Маршалак Віленскай губерні ў 1831 г. Станіслаў Шумскі - адна з самых сімпатычных постацяў Літвы першай паловы XIX ст. Пакінуў вельмі цікавыя ўспаміны, апісаў падзеі 1812 года і канспірацыю ў Вільні 1831 года, арышт па справе Канарскага і працяглыя размовы з ім, побыт у Волагдзе. - Л. Л.

68 Каля Варшавы, уздоўж Калішскага тракту, у вёсцы Воля, знаходзіўся так званы сад Унруха. У пачатку 1830-х гг. сад быў набыты прадпрымальнікам Рудольфам Омам (Ohmam) і стаў вядомы як сад Ома. Сад быў лёгкадаступны для жыхароў заходніх раёнаў Варшавы. - Л. Л.

69 Св. Вінцэнт дэ Поль у першай палове XVII ст. заснаваў брацтва міласэрнасці і супольнасць дачок міласэрнасці (шарытак), Матыльда Бучынская была свецкай сястрой супольнасці. У адлігу пачатку 1860-х гг. Бучынская аднавіла свецкае таварыства св. Вінцэнта (гл. "Ад перакладчыка").

70 Альфонс Ратысбон (1814-1884), ксёндз, прапаведнік і місіянер. - Л. Л.

71 Калі кс. Юцэвіч вучыўся ў Духоўнай акадэміі, надрукаваў маленькую гісторыю Літвы і прысвяціў яе "Юзі і Ружы, маім сяброўкам". Біскуп Клангевіч убачыў прысвячэнне і сказаў: "Калі ўжо ў Акадэміі думае пра Юзю і Ружу, дык нічога добрага з яго не будзе".

72 Канстанцін Тызенгаўз з'яўляўся аўтарам: Ornitologia powszechna, czyli opisanie ptakow wszystkich czesci swiata, przez Hr. Konstantego Tyzenhauza. Т. І. 1842; T. IІ. 1843. Wilno. - Л. Л.

Выстава творчых захапленняў "Мы свой настрой ствараем самі"

Колькі творчых, таленавітых дзяцей, колькі рукадзельніц жыве ў мястэчку Дворышча Лідскага раёна. Мы яшчэ раз у гэтым упэўніліся. Напярэдадні жаночага дня філіял "Інтэграваная бібліятэка ам. Дворышча" упрыгожыла выстава творчых захапленняў "Мы свой настрой ствараем самі", каб павіншаваць жаночую палову наведвальнікаў бібліятэкі. Работы з алмазнай мазаікі Брэйва Маргарыты, Федарцовай Ганны, Бартош Ксеніі, Статкевіч Анастасіі, Загрэба Зоі і акварэлі Іванцэвіч Ангяліны здзіўлялі і натхнялі на творчасць.

Бібліятэкар філіяла "Інтэграваная бібліятэка аг.Дворышча" Л.У. Марцінкевіч.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX