Наша слова.pdf № 11 (220), 18 сакавіка 2026.
Лідскі раён лепшы ў Гарадзенскай вобласці
Дарагія лідзяне! У нас ёсць нагода для вялікага гонару. Урад падвёў вынікі рэспубліканскага агляду санітарнага стану і добраўпарадкавання за 2025 год.
Вынік: Лідскі раён прызнаны лепшым у Гарадзенскай вобласці, а горад Ліда ўвайшоў у лік пераможцаў сярод гарадоў рэспублікі сваёй катэгорыі і атрымае прэмію ў 3000 базавых велічынь!
Гэта пацверджанне таго, што наш з вамі "Год добраўпарадкавання" прайшоў максімальна прадуктыўна.
Што мы зрабілі разам у 2025 годзе:
Дарогі: у Лідзе і раёне абноўлены дзясяткі кіламетраў дарог, уключаючы ключавыя артэрыі горада і дарогі мясцовага значэння.
Парадак на зямлі: 2025-ты стаў годам татальнага навядзення парадку. Мы добраўпарадкавалі тэрыторыі прадпрыемстваў, ліквідавалі пустуючыя аб'екты і ўключылі невыкарыстоўваныя землі ў аварот.
Зялёная Ліда: узровень азелянення горада дасягнуў рэкордных паказчыкаў. Новыя ровара-пешаходныя дарожкі і кампазіцыі з арт-лаўкамі зрабілі наш край яшчэ больш прывабным для турыстаў.
Прэмія ад урада - гэта наш агульны "бонус". Гэтыя сродкі пойдуць на новыя праекты: дадатковыя гульнявыя пляцоўкі і кветкавае афармленне горада.
Дзякуй кожнаму з вас! Тым, хто выходзіў на суботнікі, хто добраўпарадкоўваў свой кветнік, і тым, хто штодня працуе на вуліцах нашага раёна.
Аляксандр Вярсоцкі.
Ахвярны доўжыцца паход
Зміцер Захарэвіч
SPACE (КОСМАС)
Крэпам цемра густая запавесіла вокны,
За якімі гудліва віруе праспект.
Мой Сусвет мігатлівы - выспа дзёрзкай самоты
Між нязлічных стажараў блішчастых планет.
Да сябе спакушаюць хлуснёй пра прыцягненне,
І знікаюць з арбіт мірыяды слабых.
А мне наканавана быць праводным праменем
Для вандроўцаў па чорных прадоннях маіх.
СТО ПЯТЫ ЛІСТАПАД
Ужо сто пяты лістапад
Кладуць сляды на першым снезе
Туды, дзе небасхіл рудзее
Над стрэхамі бацькоўскіх хат.
Ахвярны доўжыцца паход
Калісь герояў, сёння - ценяў
Паўз сон няпомных пакаленняў,
Скрозь рэха залпаў і грымот.
Рыпіць пад ботамі цалік,
Бруіцца кроў з нягойных ранаў,
Але маршуюць апантана
За шыхтам шыхт вятрам наўсціг.
Ні слова не сарвецца з іх
Праз боль сувора сцятых вуснаў
У збэшчаны бязроддзем вусціш
Мясцін з маленства дарагіх.
Ізноў адведаўшы крыжы
Усіх, хто не вярнуўся з бою,
Адно мацней сціскаюць зброю,
Адплату ў рулях несучы.
Ідуць, забыўшы пра спачын,
Каб моўчкі кожны год спачатку
Дакорам гаваркім нашчадкам
Здзяйсняць свой неўміручы чын.
СЫШЛА…
Сышла без развітальных слоў
У золь паўночнага зацішша,
Бязважкі ланцужок слядоў
На ветры назнарок згубіўшы.
Не апранула шлюбны ўбор,
Зрабіўшыся навек калішняй,
І ўсланы апусцелы двор
Усцяж іржой былога лісця.
Усё, што не паспеў сказаць,
Да часу вынесшы за дужкі,
Нябёсы ёй не пракрычаць,
Бо ў вырай адляцелі птушкі.
Ля смутнай стоячы мяжы,
Лічыла дзён сваіх астачу
Пад спачувальны шэпт імжы -
Ні лёс, ні верш не перайначыць.
Раскрыўшы хмараў парасон,
Каб ашчадзіць ад зораў ззяння
Змарнелае прыроды сон,
Растала Восень у тумане.
* * *
Натомлена палёў лісты,
Згалелыя вятрам на ўцеху,
Пад небам немым, бо пустым,
Каторы дзень чакаюць снегу.
Дарма ўзірацца ў каляндар,
З якім надвор'е зноў не ў згодзе:
Чарнее вуглем вогкі парк,
А ўночы зоры не марозяць.
Не вабіць выцвілы абшар,
Дзе непрытульнасьць шыбы шчэраць
У твар, таму глыбей душа
Панура хутаецца ў шэрань.
І ёй чакаць ужо няўсцерп
У часу вязніцы прыватнай,
Калі засыпле густа снег
Мінулага парэшткі вапнай.
ЗІМОВЫ ШПАЦЫР
Не гарэзіць у месце мяцеліца,
Але шчокі шчыкае мароз,
Сіні вечар, паранены месяцам,
Зіхаціцца сузор'ямі слёз.
Што ў вачах тваіх срэбрам люструюцца,
Напаўняючы бляскам пагляд,
Крочым поплеч аздобленай вуліцай
Бесканцовай вясёлкай гірлянд.
Ды не дораць цяпла асляпляльныя,
А таму, каб сагрэцца хутчэй,
Па праходцы ў зацішнай кавярні мы
Будзем піць апякальны глінтвэйн.
Зноў дадому вяртацца не схочацца,
І перш, чым да пары адпусціць,
З веяў знічкаю шчасце дзявочае
На ўспамін у далонь мне зляціць.
КАЛЯДЫ. ВЕЧАР. ІМЖА
Зіхцяць ліхтарыкі гірлянд
На зайздрасць Батліемскай зорцы -
Ізноў дажылі да Каляд
Знявераныя і празорцы.
Смугой засланы далягляд,
Бо з раніцы імжыць бясконца,
І жоўтавокі "ArArAt"
Надзею прыхаваў на донцы.
Над стрэхамі прыбраных хат
Вышукваем дарэмна сонца,
Як Тры валшцы брыдзем наўгад,
Глытаючы вільготны стронцый.
Развее феерверкаў чад
Ноч у прапаленай ватоўцы…
Што застанецца пасля свят,
Калі ў золь сыдуць суразмоўцы?
ШЛЯХЦІЦ ЗАВАЛЬНЯ
Добра на Каляды, змогшыся ў дарозе,
Павярнуць на вокнаў зыркія агні,
Завітаць здалёк да пана на загродзе,
Цікавостак зборцы - дзядзькі Завальні.
З старадаўніх кубкаў з ім п'ючы палёнку,
Каб і сон, і стома прочкі адышлі,
Пра зямлі дзівосы распачаць гамонку:
Што дзе сам убачыў ці пачуў калі.
Завіруюць згадкі, і збярэцца чэлядзь,
А з набітай люлькі паплыве дымок,
І абрысы зданяў свечнікі адценяць
Пад ухвалы дворных з вохканнем жанок.
Як чароўны квет вышукваў небарака,
Бо схацеў прыўласціць ваўкалакаў скарб.
Фантастычнасць дзеяў лепшаю падзякай
За сваю гасціннасць прыме гаспадар.
На дварэ аціхне лютая віхура,
Падарожным месяц вышчадрыць святла…
Гэткай самай ночай зух каваль Вакула
Па дарункі любай чорта асядлаў.
Крый бог ад угоды з чарнаскурым карлам,
Прамяняць на грошы кволую душу,
Ды лятуць пагрозна па дрыгве дрыганты,
І званы трывожна ў Свіцязі гудуць.
А калі па пеўнях заскразіць світанак,
Змоўчыць гусляў гранне і курган засне,
Возца клікне з сенцаў:
- Выбачай, Васпане!
Нецярпліва конік капытамі б'е.
Кругабег расстайны: пацалункі, слёзы,
Аглаблёвы келіх, роснай чысціні…
Добра на Каляды, змогшыся ў дарозе,
Завітаць здалёк да пана Завальні!
СВІТАЛЬНАЙ ЦІШЫНЁЙ
Крыху віднее.
Ранак на парозе,
Гатовы выбухнуць
Гамонкай мітуснёй.
Пабляклых зораў
Я рахую дробязь,
Каб ёю ўдзячна
Расплаціцца з цішынёй.
Бязлюдны горад.
Не чуваць ні кроку,
Наўсцяж паношыцца
Прымглёны супакой,
Аднак ужо
Той час непадалёку,
Калі ў гармідары
Патоне голас мой.
З ВІРУ Ў ВЫРАЙ
Не прыходзяць з гаманкога віру
У мой дом вандроўцы і лісты,
Ён, праз клопаты забыты вырай,
Штодня поўны ўцешнай ціхаты.
Хай няма з кім падзяліцца вершам,
Ды ніхто не замінае мне
Снегападам позірк запавешваць
Альбо ў строфы заплятаць прамень.
Больш не трэба ні ўсміхацца моўчкі,
Але ўрэшце злосна адказаць,
Ні псаваць, напружваючы, вочы,
Каб грымзол чарговы прачытаць.
Гэны меўся, толькі не даехаў,
Той атраманту пашкадаваў,
Таму вольны дом ад пустабрэхаў,
Ад спаведных глупстваў - галава.
Вернік кленчыць, молячы аб цудзе,
Я ж, відаць, не надта награшыў,
Бо адночы ўночы сцежку студзень
Да маіх дзвярэй запарушыў.
І цяпер хоць абвяшчайце ў вышук,
Выпраўляйце па зямлі віжоў,
Аднак тых, хто з віру ў вырай выйшаў,
У гармідар не вярнуць ізноў.
СЯРОД БЯЗЛАДНАЙ ГАМАНЫ
"…Маўчанне адназначным не бывае".
Ул. Караткевіч.
І.
Гучыць пранізлівей маўчанне
Сярод бязладнай гаманы,
Чымся праклён альбо літанне,
Гучыць пранізлівей маўчанне,
Як вольны выбар непрымання
Тае ці іншай стараны,
Гучыць пранізлівей маўчанне
Сярод бязладнай гаманы.
ІІ.
Без прымусовых апраўданняў
Цяжар адпрэчыўшы віны,
Пад аглушальныя званы,
Без прымусовых апраўданняў
Гучыць пранізлівей маўчанне
Сярод бязладнай гаманы,
Без прымусовых апраўданняў
Цяжар адпрэчыўшы віны.
ІІІ.
Праз спачуванні і прызнанні
Спазнаўшы праўду слоў цаны,
Днём ясным, поцемкам начным
Праз спачувньні і прызнанні,
Сярод бязладнай гаманы
Гучыць пранізлівей маўчанне,
Праз спачуванні і прызнанні
Спазнаўшы праўду слоў цаны.
ЗІМОВАЯ ГРАФІКА
Па зімняй прасціне льняной
Шнуруюць вугальныя коткі,
Высочваючы іх сарокі,
Стракочуць хорам над зямлёй.
Галлём згалелы ясакар
Панура драпае аблокі,
Істужка лесу, як вырокам,
Жалобай спавіла абшар.
Я сам у чорным, рыхтык мніх,
Брыду сцяжынай паўз сумёты,
І топчуць снег зляжалы боты,
І кожны крок - нібыта штрых,
Які натхнёная рука
Кладзе на графіцы зімовай,
Ці - нібы слоўная абнова
На цнотным цаліку лістка.
* * *
Старажытныя грэкі верылі,
што залішняя чалавечая радасць можа выклікаць зайздрасць і гнеў багоў.
Смуга, як цмок, над горадам паношыцца,
Паўдзень санлівы лена цэдзіць паўсвятло.
А ўсё, што мусіла нарэшце скончыцца,
У час бязрадасна ад сэрца адлягло.
Грэх скардзіцца мне на нястачу міласцяў,
Аднак напэўна валадарныя багі
Зайздросціць на Алімпе прытаміліся,
Праз тое змоўчалі і не засцераглі.
"Магчыма, будуць мсціцца праз свавольныя
Радкі", -
з крывой усмешкай берагам брыду.
Калючы, дробны снег, нібы падсольвае
Палонку раны, кладучыся на ваду.
ПРЫЦЕМКАМ
(пентаптых хайку)
Цені згусцелі.
Дробна таполі трымцяць,
Хоць вецер аціх.
Вусцішна ў парку -
Словы загразлі ў зубах,
Птушкі замоўклі.
Прыцемку крылы
Свет ахінулі наўсьцяж
Стыннай дрымотай.
Цэдзіць на сцежку
Цмяныя промні ліхтар
Ля брамы пустой.
Цепну плячыма -
Гэта наўкол ці ўва мне
Ноч надыходзіць?
КРЫК НАЧНОЙ ПТУШКІ
Сярод настылае начы,
Калі заход адпалыскае,
Самотна птушка пракрычыць
У бездань цемры небакраю.
Трывожачы суладдзе сноў,
Аблокі спудзіўшы наўкола,
З глухіх, кудлатых гушчароў
Адчайны залунае голас.
Расколецца знямелы свет,
Працяты, як клінком, тугою,
А рэха вобцас панясе
Яе на крылах над зямлёю.
Гучацьме ўразлівей штоўзмах
Боль, змогай выпушчаны з сэрца,
І ў спячым месце кожны гмах
Трымценнем шыбаў адзавецца.
Айцы сямействаў забурчаць
Пагрозліва ў чужых пасцелях:
- Каму спакой наш перарваць
Уздумалася? Як пасмелі?!
Ды хтось, шукаючы прычын,
Прамовіць здогад у прастору:
- Мо, птушка нездарма крычыць,
А каб па нас не грагаў воран?
ПЕРАКУЛЕНЫ СВЕТ
Папяроўкаю поўня
Глуха ў шыбіну б'е
Узбярэжнай багоўні
На халоднай вадзе.
Фасфарыцца з-пад стромы
Перакулены свет:
І пачуцці, і словы,
І крыжы на царкве.
Натамлёны вандроўнік
Раптам не разбярэш,
Трапіў у залюстроўе
Ці на яве яшчэ?
Дык забудзься на сподзіў -
Умець трэба здаля
Рэчаіснасць адрозніць
Ад навалы здання.
Мусіш даць сабе рады -
Бадай што ўпершыню
Адказаць, чым паўпраўда
Лепей за паўхлусню.
Хоць не кожны пазбыцца
Бельмаў мае намер
І з усмешкай не блытаць
Крывадушны ашчэр.
У дваістасці сталай
Паспрабуй зразумець:
Тут - на час твой прыстанак
Альбо шляху канец?
Бо, хай сонца ў сваволі
Прамяні развіне,
Ды не знікне ніколі
Перакулены свет.
ПРАМЕННІ
Наранку абнялі праменні -
Ізноў дзён калаўрот рыпіць,
Што трэба і сярод здранцвення
Хаця б на злосць нягодам жыць.
Выпрошваць сорамна спагаду:
Нібы ў далоні жабраку,
Драбніцай сыпануць парадаў,
Але няўважна - на бягу.
Дарма шукаць паразуменне
З тым, праз каго душа рыміць,
Каб ззянне ўражвальных праменняў
На радасць цемры не згасіць.
Няварта выхваляцца плачам,
Прылюдна клянучы юдоль,
Бо ўжо нічога не зыначыць
Адно як пакладуць у дол.
І хай у спіну брэх каменнем
За словы дзёрзкія ляціць,
Пакуль аблашчаны праменнем -
На злосць нягодам трэба жыць!
* * *
Як сонца дыск руды паўстане над зямлёй,
Заліўшы гарады нібы начы крывёй,
Адродзіцца жыццё ў крыві ахвярнай той.
Так Вечнасць свой штодня разгортвае сувой.
Новая кніга Леаніда Лаўрэша
Лаўрэш Леанід
Фарны касцёл у Лідзе / Леанід Лаўрэш. - [б. м.]: Издательские решения, 2026. - 76 с.
ІSВМ 978-5-0069-3035-3
Кароткая гісторыя рыма-каталіцкага веравызнання ў горадзе Лідзе (Беларусь) і фарнага касцёла. Асобы, падзеі, архітэктура, мастацтва. УДК 82-3. ББК84.
У 1387 г. Ягайла заклаў у Лідзе адзін з першых касцёлаў у ВКЛ. Ён перадаў яму вёску, якая зараз называецца Плябанцы, і даход з нейкай іншай воласці.
Касцёл знаходзіўся на падзамчы і згарэў у 1392 г. пры нападзе крыжакоў. У 1397 г. быў пабудаваны новы касцёл. I гэты касцёл згарэў у 1406 г. У 1414 г. ён быў узноўлены як парафіяльны і высвечаны пад назвай "Найсвяцейшай Дзевы Марыі Панны, Усіх Святых". І так раз за разам...
Гэтая кніга ў асноўным пра сучасны Фарны касцёл у Лідзе, пабудаваны ў 1770 годзе.
Кнігу можна будзе знайсці ва ўсіх асноўных бібліятэках Беларусі, у тым ліку і ў лідскай, прачытаць у Інтэрнэце, а таксама замовіць праз Інтэрнэт папяровы варыянт.
Наш кар.
Агляд літаратуры "Жанчыны ў гісторыі Беларусі"
Год беларускай жанчыны - гэта падзяка кожнай маці, лекару, настаўніку і працаўніцы за іх штодзённы подзвіг. Гэта год, калі ўся краіна яшчэ раз скажа "дзякуй" тым, хто робіць нашу Беларусь дабрэйшай, прыгажэйшай і мацнейшай. З аглядам літаратуры "Жанчыны ў гісторыі Беларусі" супрацоўнік АБМ, СКД і МР Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы наведала ўстанову "Занальны дзяржаўны архіў у г. Лідзе". Увазе прысутных былі прадстаўлены гісторыка-дакументальныя выданні і творы мастацкай літаратуры, прысвечаныя жанчынам - асобам, якія на працягу шматвяковай гісторыі пакінулі значны, непаўторны след на зямлі, а асабліва жанчынам - удзельніцам Вялікай Айчынай вайны. Сярод прадстаўленых выданняў вялікую цікавасць у прысутных выклікалі кніга "Жанчыны ў партызанскім руху Беларусі" з серыі "Партызанскі архіў", якая апавядае аб неацэнным укладзе жанчын у беларускі партызанскі рух, пра іх смеласць і адвагу, дабрыню і клопат, што сыгралі значную ролю ў справе агульнай Перамогі, хроніка "Газетные строки читая сердцем. 1945", а таксама творы беларускіх пісьменнікаў: гістарычныя эсэ А. Марціновіча, І. Масляніцынай, прысвечаныя Ірыне Паскевіч, Соф'і Кавалеўскай, Анастасіі Слуцкай, раман А.Ананьева "Княгіня" і інш.
Загадчык АБМ, СКД і МР Лідскай раённай бібліятэкі імя Я.Купалы Чайко Т.В.
Памёр прафесар Георгій Галенчанка - гісторык, які вярнуў Скарыну сапраўднае імя
Ён нарадзіўся ў расійскім Петразаводску ў яўрэйска-ўкраінскай сям'і, але з дзяцінства жыў у Менску. Тут вывучыў мову, тут палюбіў беларускую культуру.
Георгій Галенчанка нарадзіўся 28 лютага 1936 года ў Петразаводску (Карэлія). Георгій Якаўлевіч быў гісторыкам з сусветным іменем, паважаным сярод усёй кнігазнаўчай супольнасці.
Гэта Галенчанка вярнуў Скарыну сапраўднае імя: ён знайшоў дакумент, які паказвае, што насамрэч "Георгіус" - не другое імя друкара, а прыкрая памылка, дапушчаная перапісчыкам у копіі дакумента: замест "выдатнага" - "egregius" - Францыск Скарына стаў "georgius'ам".
Расійскім гісторыкам хапіла гэтага, каб сцвярджаць пра прыналежнасць Скарыны да праваслаўнага свету. У той час як Скарына быў у сучасным разуменні чалавекам Сусвету: друкаваў Біблію для усяго "народу руськага" ў ВКЛ, а не для пэўнай канфесіі.
Маштабнай працай Галенчанкі стала факсімільнае выданне Бібліі Скарыны - славуты вялікафарматны трохтомнік у чырвонай вокладцы, аднагодак беларускай незалежнасці. Галенчанка разам з фатографам ездзіў па свеце і адшукваў кнігу за кнігай, каб урэшце выдаць для беларусаў поўны камплект.
Галенчанка скончыў гістфак БДУ і аспірантуру Гісторыка-архіўнага інстытута ў Маскве. Толькі ў цэнтры савецкай краіны ў той час можна было абараніць настолькі культуралагічную і настолькі беларусацэнтрычную дысертацыю - "Гісторыя беларускага кнігадрукавання XVI-XVIII стагоддзяў".
Галенчанка першы адкрыў для шырэйшага кола чытачоў кнігі, выдадзеныя на беларускіх землях у першыя стагоддзі існавання кнігадрукавання.
У каталозе "Кніга Беларусі 1517-1917" ён даў не толькі падрабязна апісанне ўсіх кніг, але і выклаў іх змест, што было смелым крокам у тагачаснай савецкай Беларусі - усе ж старадрукаваныя кнігі былі рэлігійнымі.
Арганізатар беларускай навукі, спецыяліст па гістарычных крыніцах, ад якіх у сваіх даследаваннях не адыходзіў ні на крок. І ў савецкі час, і ў незалежнай Беларусі аб'ектыўнасць - асноўны арыенцір у яго работах.
Паводле СМІ.
БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Станіслаў Суднік
Колеры, афарбоўкі і масці ў Лідзе і ў астатняй Беларусі
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Афарбоўкі і масці жывёлаў
Пароды сабак
Назва Група МКФ Паходжанне
Азавак.
10 - Харты. Малі
Азербайджанскі ваўкадаў (гурдбасар)
Не прызнана МКФ. Азербайджан
Азорскі сабака-пастух
2 - Пінчары і шнаўцары, малосы, горныя швейцарскія быдлагонныя сабакі. Партугалія.
Айдзі ці атлаская аўчарка
2 - Пінчары і шнаўцары, малосы, горныя і швейцарскія быдлагонныя сабакі. Марока
Акіта-іну
5 - Шпіцы і прымітыўныя пароды. Японія
Алабай ці сяреднеазіяцкая аўчарка
2 - Пінчары і шнаўцары, малосы, горныя швейцарскія быдлагонныя сабакі. Сярэдняя Азія (Туркменістан).
Алапахскі бульдог
Не прызнаны МКФ. ЗША
Алапекіс
Не прызнаны МКФ. Грэцыя
Альпійскі таксападобны ганчак
6 - Ганчакі і сваяцкія пароды. Аўстрыя
Аляскінскі клі-кай
ЗША
Аляскінскі хаскі
Не прызнаны МКФ. ЗША
Амерыканская тундравая аўчарка
Не прызнана МКФ. Амерыка
Амерыканскі акіта
5 - Шпіцы і прымітыўныя пароды. ЗША, Японія
Амерыканскі аленевы сабака
Не прызнаны МКФ. ЗША
Амерыканскі бандог
Не признана МКФ. ЗША
Амерыканскі бульдог
Не прызнаны МКФ. ЗША
Амерыканскі бульнез
Не прызнаны МКФ. ЗША
Амерыканскі вадзяны спаніель
8 - Рэтрыверы, спаніелі і вадзяныя сабакі. ЗША
Амерыканскі голы тэр'ер
Не прызнаны МКФ. ЗША Амерыканскі індзейскі сабака
Не прызнаны МКФ. Паўднёваая і Паўночная Амерыка
Амерыканскі кокер-спаніель
8 - Рэтрыверы, спаніелі і вадзяныя сабакі. ЗША
Амерыканскі масціф
Не прызнаны МКФ. ЗША
Амерыканскі пітбультэр'ер
Не прызнаны МКФ. ЗША
Амерыканскі стафардшырскі тэр'ер
3 - Тэр'еры. ЗША
Амерыканскі той-факстэр'ер
Не прызнаны МКФ. ЗША
Амерыканскі факсхаўнд
6 - Ганчакі і сваяцкія пароды. ЗША
Амерыканскі эскімоскі сабака
Не прызнаны МКФ. ЗША
Анаталійская аўчарка
2 - Пінчары і шнаўцары, малосы, горныя і швейцарскія быдлагонные сабакі. Турцыя
Англійская аўчарка
Не прызнана МКФ. ЗША
Англійскі бульдог
2 - Пінчары і шнаўцары, малосы, горныя і швейцарскія быдлагонныя сабакі. Вялікабрытанія
Англійскі вадзяны спаніель
Не прызнаны МКФ. Вялікабрытанія
Англійскі кокер-спаніель
8 - Рэтрыверы, спаніелі і вадзяныя сабакі. Англія
Англійскі масціф
2 - Пінчары і шнаўцары, малосы, горныя і швейцарскія быдлагонныя сабакі. Вялікабрытанія
(Працяг у наступным нумары.)
У ЦЯНІ ЗАМКА ГЕДЫМІНА
Успаміны дзяцінства*
Я. Ярмант
Згукі Дня беларускага пісьменства ў Лідзе
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Казалі, што пасля вайны яна перажыла вялікае каханне да іншага мужчыны, нажаль запозненае. Жыццём жа кіруюць сляпыя выпадкі. У давяршэнне сваіх няшчасцяў яна патрапіла ў турму ў сувязі з фінансавымі злоўжываннямі па месцы працы. З сабой у турму ёй дазволілі ўзяць самае малодшае грудное дзіця. Што яна выцерпела і колькі вытрывала, можна толькі здагадвацца. Вынікам стала яе заўчасная смерць. Самую малодшую дзяўчынку ўдачарыла Лёня і павезла яе з сабой у Польшчу.
З майго пункта гледжання пабочнага назіральніка Янка была далікатным матыльком, які заблытаўся ў змрочным павуцінні лёсу. Яе жыццё магло б служыць пісьменніку добрай тэмай для аповесці - займальнай і трагічнай. Мне нават уяўляецца, што яна была нашай спадарыняй Бавары!
У сястры была сяброўка - Дануся Гульпоўская-Шульц, якая мела несумнеўнае інтэлігенцкае паходжанне. Яе бацькі працавалі настаўнікамі. Бацька Густаў выкладаў матэматыку ў васьмігадовай школе імя Габрыэля Нарутовіча, дзе вучылася мая сястра. Два гады ён нават быў класным кіраўніком у сястры і Данусі.
Дануся, акрамя інтэлігенцкага паходжання адрознівалася ад сваіх аднакласніц і ў іншых адносінах Яна была надзелена выключнай прыгажосцю. Яе выдатныя вочы з аблямоўкай добра спалучаліся з прыгожымі і бліскучымі густымі цёмнымі валасамі. Трэба дадаць сюды смуглую скуру твару з прыроднай чырванню. Я з захапленнем глядзела на яе кожны раз, калі яна прыходзіла да сястры. Нягледзячы на сваю прыгажосць, яна заўсёды заставалася сціплай і сур'ёзнай. Хадзіла на зборы марыянскага рэлігійнага брацтва, не выяўляла цікавасці да прадстаўнікоў процілеглага полу, нібы не заўважаючы хлопцаў. Менавіта гэтая рыса яшчэ больш вылучала яе з асяроддзя сябровак маёй сястры. Гэтая яе адсутнасць цікавасці да мужчын аспрэчвае распаўсюджанае меркаванне, што паводзіны жанчыны залежыць ад яе прыгажосці. Жыла Дануся дзесьці на Песках, на вул. Вішнёвай і таму прыходзіла да нас даволі рэдка.
Трэба ўспомніць яшчэ пра адну сяброўку сястры - Ганю Піляўскую. Яе бацькі таксама былі настаўнікамі, а бацька працаваў школьным інспектарам. Жылі яны на вул. Пілсудскага (цяпер Чапаева) недалёка ад чыгуначнага вакзала. Ганя з'явілася ў нашым асяроддзі незадоўга да пачатку вайны і лічылася як бы нетутэйшым, прышлым элементам. Яна была вельмі сімпатычнай і выклікала да сябе ўсеагульную сімпатыю. У яе быў старэйшы брат Казік, які мне запомніўся, як чалавек высокай асабістай культуры. Праз доўгія гады Ганя стала жонкай Стася Палшыса.
Замкавыя сцены былі літаральна апавіты вуліцамі. Каля самых сцен вілася вулачка, якая носіць імя Гедыміна. З усходу праходзіла вул. Замкавая, з заходняга боку - вул. Міцкевіча. Абедзве накіроўваліся на поўнач, каб за школай і хатай Міклашэвічаў уліцца ў галоўную вуліцу горада - Сувальскую (цяпер Савецкая). У месцы скрыжавання гэтых вуліц размяшчаўся скверык трохкутнай формы. Ён меў агароджу і яркай зялёнай плямай вылучаўся сярод шчыльнай забудовы цэнтра. Пасярэдзіне сквера ўзвышаўся помнік Незалежнасці.
Вуліца Сувальская была шчыльна забудавана па-абапал: разнастайныя крамы і крамкі амаль без прамежкаў прыціскаліся адна да адной. Стваралася ўражанне вялікага гандлёвага цэнтра. Амаль усе крамы належалі габрэям. У маёй памяці засталіся толькі два славянскія прозвішчы: Вярсоцкі і Радзевіч. Большасць прадпрыемстваў побытавага абслугоўвання, у тым ліку мужчынскія і жаночыя пашывачныя майстэрні, належалі таксама габрэям.
Па суседстве з замкам размяшчаліся вялікія будынкі грамадскага прызначэння. Непадалёк ад руін замка стаяў велізарны белы касцёл. Ад вуліцы яго адгароджвала доўгая белая сцяна. За касцёлам раскінулася Дзяканка - сенажаці і сажалкі, куды ўзімку мы хадзілі коўзацца на каньках.
Насупраць касцёла размяшчалася гасцініца - вялікі імпазантны будынак з прыгожымі зашклёнымі дзвярыма. Яна цікавіла мяне і літаральна вабіла да сябе. Аднойчы, калі мы з бацькам праходзілі побач, я папытала яго:
- Тата, можна паглядзець, што там усярэдзіне? Колькі разоў чула пра гасцініцы, але ніколі ні ў адной не была. Можна зайсці туды з табой?
- Добра, зойдзем як-небудзь, - паабяцаў бацька. Нажаль, я так ніколі і не задаволіла сваю цікаўнасць і не дазналася, што хавалася ўсярэдзіне лідскай гасцініцы.
На тым жа баку вуліцы, што і гасцініца, размяшчалася гарадская бібліятэка. Я хадзіла туды па даручэнні сястры і цёткі Нюты. Бібліятэкаркай працавала маладая прыгожая брунетка. Памятаю, як аднойчы, адкрыўшы рот, каб прамовіць назву патрэбных кніг "Дзікунка" Зажыцкай і "Пятнаццацігадовы капітан" Жуль Верна, не магла падаць голас. Магла гаварыць толькі шэптам ці занадта гучна для такога святога месца, як бібліятэка. Паспрабавала гаварыць звычайным голасам, і зноў не атрымалася. Я спалохалася. Распавяла пра гэты выпадак маме, якая завяла мяне да лекара-ларынголага. Ён зрабіў заключэнне, што праз дзесяць гадоў трэба будзе правесці аперацыю. Гэтая падзея аказалася для мяне важнай, паколькі доўгі час адпужвала ад прафесіі настаўніка. Я была пераканана, што мае галасавыя звязкі не падыходзяць для гэтай працы. Аднак да аперацыі справа так і не дайшла, а мае галасавыя звязкі аказаліся цалкам прыдатнымі для працы настаўніка. Клопатаў з голасам ніколі не ўзнікала, наадварот, ён быў маім моцным бокам.
Бібліятэкарку я сустрэла пасля вайны каля касцёла ў Мосіне (каля Познані). Мы разгаварыліся. Яна аказалася вельмі мілай і сціплай асобай і перш за ўсё спытала:
- Як я тады выглядала? - яна мела на ўвазе ўражанне, якое рабіла на чытачоў. Я шчыра адказала, што вельмі добра.
Каля самай заходняй сцяны замка стаяла аптэка. Прыгожы белы будынак з калонамі на ўваходзе захаваўся дагэтуль. У гэтую аптэку бацька часам пасылаў мяне па парашкі, калі мучыўся ад моцнага галаўнога болю. Памятаю, аднойчы ўвайшла туды, нікога акрамя мяне не было, і папрасіла парашкі "для галаўнога болю". Стары шаноўны аптэкар уважліва на мяне паглядзеў і спытаў:
- Ты хочаш парашкі для галаўнога болю, ці ад галаўнога болю?
Я разгубілася, але хутка выправіла сваю памылку. "Добра, што аптэкар не выканаў замову літаральна", - думала па дарозе дахаты.
Неяк вяртаючыся з аптэкі, я заўважыла ўсярэдзіне замка нейкі рух і ўвайшла ў двор. Тое, што ўбачыла там, моцна мяне здзівіла. На ўсходняй сцяне быў расцягнуты велізарны экран, а на ім паказвалі фільм. Як аказалася, гэта была "Галка" Станіслава Манюшкі ў кінематаграфічнай версіі. Я пачала глядзець фільм разам з іншымі гледачамі, зусім забываўшы пра даручэнне і пра час. Забылася, што мяне з лекамі чакае бацька. Ён, як звычайна, не раззлаваўся на сваю дачушку.
Кіно ў той час было для жыхароў Ліды адзінай культурнай забаўкай. Усе тры кінатэатры знаходзіліся на Сувальской вуліцы: "Эдысон", "Эра" і "Маленькае". Цётка Нюта вадзіла мяне ў "Маленькае". Там у яе была знаёмая біляцёрша, якая ўпускала мяне без квітка. Месцы ў кінатэатрах не нумараваліся. Пры жаданні можна было застацца ў глядзельнай зале на некалькі сеансаў. Пазней я хадзіла адна, грошы звычайна даваў дзядзька Саша. У бацькоў прасіць я не адважвалася, нават нейкіх 20 ці 40 грошаў. Фільмы часта рабілі на мяне вельмі моцнае ўражанне. Я тады выходзіла з кінатэатра агаламошаная. Бегла па доўгай Сувальской вуліцы і толькі каля Замка пачынала супакойвацца. Гэта былі непрыемныя перажыванні, але я ніколі не прызнавалася ў гэтым бацькам. Да шчасця, такая рэакцыя паступова прайшла. Настаўнікі не дазвалялі моладзі паказвацца на вуліцы без дарослых пасля 20 гадзін. Тым больш хадзіць у кіно на вячэрнія сеансы. Я хадзіла ў кіно пасля абеду. Толькі некаторыя смельчакі ішлі на рызыку напароцца на дзяжурнага настаўніка. Я да іх не належала. Чула, што некаторыя апраналіся, як дарослыя, каб патрапіць на вячэрні сеанс. Такія паходы ўносілі некаторую разнастайнасць у манатоннае школьнае жыццё.
Тут варта заўважыць, што кожны вучань за межамі школы мог быць лёгка ідэнтыфікаваны. Вучні агульнаадукацыйных сямігадовых школ насілі на фуражках, а вучаніцы на барэтах арла спераду і нумар класа з левага боку, а на рукавах былі нашыўкі з нумарам школы (кавалак шчыльнай блакітнай тканіны, прышыты ці прышпілены). Памятаю, як кожны год перад пачаткам навучальнага года (перад 3 верасня) мы хадзілі з мамай купляць новы цёмна-сіні барэт з нумарам наступнага класа. Я любіла гэтыя выхады ў горад перад пачаткам навучальнага года.
Памятаю, як Ядзя Цітавіцкая звяртала на сябе ўвагу нумарам на сваім барэце. Ніхто не верыў, што такая маленькая дзяўчынка ходзіць у 7-ы клас, лічылі, што яна хоча здавацца старэйшай і для гэтага перавярнула лічбу 2 дагары нагамі, каб было падобна на 7. Школы, наступныя пасля сямігодкі, мелі сваю форму: у агульнаадукацыйнай дзяржаўнай гімназіі з чатырохгадовым навучаннем (там вучылася мая сястра) дзяўчаты насілі цёмна-сінюю плісаваную спаднічку і белую льняную блюзку. Да блюзкі прымацоўвалася стужка, а на рукаве насілі блакітную павязку. На барэце быў таксама блакітны кант. У двухгадовым ліцэі, куды паступалі пасля заканчэння гімназій, кант, бант і павязка былі бардовага колеру. Каб патрапіць у сярэднюю школу трэба было здаць уступны іспыт. Прыналежнасць да школы і нашэнне формы мы лічылі гонарам для сябе. Памятаю, з якім гонарам мая сястра, прачытаўшы сваё прозвішча ў спісе паступіўшых, у той жа дзень купіла сабе барэт з блакітным кантам.
Перад вайной у Лідзе дзейнічалі дзве агульнаадукацыйныя гімназіі: трохгадовая Купецкая (гандлёвая) манахаў-піяраў, а таксама сярэдняя прафесійная школа (рамесная вучэльня) насупраць праваслаўных могілак. У гэтай школе вучыліся Бронак Клышэйка, Чэсік Цітавіцкі і Лёлек Якімаў.
Самы высокі ранг мела дзяржаўная гімназія імя Гетмана Караля Хадкевіча. Яна размяшчалася ў прыгожым чатырохпавярховым будынку прастакутнай формы на вуліцы Школьнай (потым там было педвучылішча, цяпер Лідскі каледж), побач знаходзілася васьмігадовая школа імя Габрыеля Нарутовіча (цяпер школа № 1). Раён гэты зваўся "Выган", казалі яшчэ "школа на Выгане". У гімназіі імя Караля Хадкевіча калісьці вучыўся Ежы Путрамант, які ўвекавечыў гэты факт у сваіх успамінах.
Шмат гімназістак - сябровак маёй сястры - бывалі ў нас дома, таму па іх аповедах я ведала ўсіх настаўнікаў. Сястра ганарылася сваёй прыналежнасцю да гэтай гімназіі і з задавальненнем распавядала нам пра гімназічнае жыццё. Яе настаўнікі карысталіся вялікай павагай як сярод вучняў, так і ва ўсім горадзе. Польскай мове яе вучыў пан Маеўскі па мянушцы "Пацучок" з-за доўгага носа, а матэматыцы - пан Каляцінскі. Памятаю, што гэта быў высокі прадстаўнічы мужчына, бацька двух сыноў, якія загінулі падчас вайны ў партызанах. Настаўнікам гімнастыкі ў дзяўчат была пані Папко, яе звалі "Зяксуўка". Пан Садзевіч пасвячаў вучняў у таямніцы латыні.
Сястра вельмі любіла замежныя мовы, а латынь асабліва, і з захапленнем адзывалася пра лацініста. Фізіку выкладаў пан Яўген Шулакевіч - тактоўны мілы чалавек. Настаўнікам хіміі быў пан Зыгмант Манке. Пасля вайны ён апынуўся ў Слупску. Настаўнік геаграфіі пан Руткоўскі насіў мянушку "Кукса".
Вучні маглі выбіраць для вывучэння нямецкую ці французскую мовы. У нашым асяроддзі нямецкая карысталася значна большай папулярнасцю, таму яе выкладалі некалькі настаўнікаў-германістаў. Пан Сабаньскі па мянушцы "Фальш" на ўроках меў звычку паўтараць "das ist falceh", іншага маладога настаўніка клікалі "Шадэ" (шкада). Гэтая мянушка так прыляпілася да гэтага настаўніка, што я нават не запомніла яго сапраўднага прозвішча (а можа быць, ніколі і не ведала яго). Сястра неяк высветліла, адкуль узялася гэтая мянушка. Гэты малады настаўнік выказваў відавочную сімпатыю прыгожай выкладчыцы геаграфіі. Аднойчы хтосьці з моладзі заўважыў іх, калі яны размаўлялі ў калідоры, і пачуў выразна вымаўленае паклоннікам слова "Шадэ". Яно імгненна абляцела ўсю школу і назаўжды прыкіпела да аўтара.
З геаграфічкай звязана іншае пацешнае здарэнне. Урок геаграфіі пачынаўся адразу пасля ўрока матэматыкі пана Каляцінскага. Той трываць не мог, калі вучні на ўроку пазяхалі, лічыў гэта прыкметай благога тону і сведчаннем адсутнасці цікавасці да прадмета. Аднак, усім вядома, што пазяханне - рэч заразлівая, асабліва, калі яго імкнешся стрымаць. Досыць аднаму вучню пазяхнуць, як ужо ўвесь клас на ўсе жылы стрымлівае пазяханне. Аднак на наступны ўрок прыходзіла настаўніца геаграфіі і пачынала сваю працу менавіта з пазяхання, прычым рабіла гэта адкрыта і з вялікім шармам. Такое спалучэнне двух абсалютна розных падыходаў да сваёй працы вельмі весяліла вучняў,
Вядомым усёй Лідзе германістам быў пан Кляйндыенст. Яго сын Ясік, худзенькі бландын адзін час вучыўся са мной у адным класе падчас вайны і сімпатызаваў мне. З панам Кляйндыенстам у мяне адбылося адмысловае здарэнне. Я сядзела на першай парце каля дошкі, а парты тады не мелі пярэдняй сценкі. Якраз была кантрольная праца, і я ніяк не магла ўспомніць нейкае нямецкае слова. Доўга не думаючы, адкрыла пад партай падручнік, забыўшыся, што настаўніку ўсё відаць. Пан Кляйндыенст заўважыў гэта і адрэагаваў нечакана і хутка. У вялікім хваляванні ён выхапіў гэтую няшчасную кнігу разам з партфелем з парты і з усёй сілы шпурнуў пад дошку. Я была ашаломлена і пачувалася злачынцай. Ад страху не магла вымавіць ні слова. Павінна заўважыць, што ніколі ні да, ні пасля гэтага выпадку я не звярталася да спісвання. Вельмі любіла вучыцца і асабліва займацца замежнымі мовамі. Акрамя таго, што цяпер самой здаецца непраўдападобным, ні разу не прыйшла ў школу непадрыхтаванай. Падрыхтоўка ўрокаў была маім святым абавязкам, які выконвала адразу ж пасля прыходу са школы. Справядлівасці дзеля, трэба прызнаць, што да вайны не існавалі такія моцныя спакусы, як тэлебачанне, магнітафоны і відэа, таму перад вайной, мабыць, лягчэй было стаць прыкладным вучнем.
Як я шкадую, што ніколі не перапрасіла перад Кляйндыенстом за сваю дурасць. Асабліва таму, што ён ацаніў маю класную працу справядліва, не прыняўшы да ўвагі маю правіну. Я ведала гэта, хоць у класе мне не верылі, у тым ліку Яська. Як шкада, што настаўнік памёр, так і не дазнаўшыся пра маю вялікую любоў да замежных моў. Я нават не ведаю, дзе ён пахаваны. Яська Кляйндыенст - светлавалосы хлопчык загінуў у партызанах. Выкладчыка катэхізісу ксяндза Вітольда Нелюбовіча вучні звалі "Памідорчыкам". У той час у гімназіі лацінскую мову выкладала таксама пані Ядвіга Мастовіч. Хоць яна не вучыла маю сястру, пра яе нельга не ўспомніць з-за яе брата Тадэвуша Даленгі-Мастовіча, аўтара шматлікіх выдатных аповесцяў, з якіх "Кар'ера Нікадэма Дызмы" была двойчы экранізавана.
Я не выбірала сабе пачатковую школу. Прыйшлося ісці ў тую, якая знаходзілася бліжэй да хаты, не прыйшлося выбіраць ні настаўнікаў, ні школьных таварышаў.
Гэта школа № 5 каля замка! Звычайны цагляны двухпавярховы дом за паўночнай сцяной замка, прыстасаваны пад школу. Галоўны ўваход быў з боку замка, на першым паверсе размяшчаліся малодшыя класы з першага па чацвёрты. У глыбіні будынка знаходзілася агульная распранальня - шэраг кручкоў і драўляных калкоў, убітых па ўсёй даўжыні сцяны. Направа ад распранальні была вялікая прахадная зала, дзе праходзілі ўрокі гімнастыкі і праводзіліся зборы харцэраў.
У двары з задняга боку будынка вузкія і стромкія драўляныя ўсходы вялі на другі паверх. Часамі яна яшчэ сніцца мне. На галоўным фасадзе з правага боку размяшчалася шырокая, але вельмі стромкая лесвіца, якая вяла ў настаўніцкую на другім паверсе. Ёю карысталіся толькі настаўнікі. Памятаю, якую павагу выклікала ў мяне настаўніцкая, ніколі б не адважылася ўвайсці туды адна.
Першы клас я прапусціла, здала іспыт і была прынята адразу ў другі. Класным кіраўніком у нас быў пан Зыгмунт Лісецкі. Малады прадстаўнічы мужчына сярэдняга росту, з элегантнымі манерамі. Памятаю, як ён уваходзіў у клас, нядбайна трымаючы свой партфель за самы куток. Ён больш за астатніх настаўнікаў імпанаваў нашаму дзіцячаму ўяўленню. Неяк намаляваў на дошцы зямны шар і людзей на ім, затым звярнуўся да класа з пытаннем:
- Як атрымліваецца, што гэтыя людзі ходзяць галовамі ўніз і не адрываюцца ад зямлі?
Нажаль, мы не ведалі рашэння гэтай загадкі.
Класным кіраўніком у трэцім класе была пані Яніна Насевіч - высокая худая дзяўчына, якая ўвесь час крычала на нас. Гэта яна загадала мне стаяць у куце ў пакаранне за тое, што пасля званка я не сядзела за сваёй партай. Яна не кіравала вучнямі, а імкнулася падтрымліваць дысцыпліну з дапамогай крыку. Калі падчас вайны яна прыйшла да мамы замовіць для сябе вязаны швэдар, я са здзіўленнем убачыла, што гэта зусім іншая жанчына - рахманая, з мілай усмешкай. Калі дамаўлялася пра кошт, то спрабавала спасылацца на тое, што вучыла нас да вайны. Аднак мама была ў гэтым стаўленні цвёрдай і не саступіла.
У 4-ым класе нас апекавала пані Яніна Пруткоўская - маладая, мяккая жанчына. Не памятаю, чаму мы збунтаваліся менавіта супраць яе. Магчыма, не спадабалася яе манера вылучаць дзяцей з заможных сем'яў. Пані Пруткоўская тады плакала. Пасля гэтага выпадку яна некалькі разоў прасіла мяне ёй дапамагчы, хоць я была не з багатай сям'і. Гэта пані Пруткоўская расплакалася, калі разнеслася вестка пра смерць маршала Пілсудскага, нашага "дзядулі". Тады ўсе дзеці пачалі галасіць, як па сігнале. Добра памятаю, я сама плакала, нібы страціла блізкага чалавека.
І нарэшце пані Яніна Багдзевіч. Яна была заступніцай і добрым анёлам нашай харцэрскай дружыны. Я адзіная з нашай сям'і ўдзельнічала ў харцэрскім руху. Насіла шэрую форму, пашытую мамай, тоўсты скураны пояс, цёмна-блакітную трохкутную хустку. На спіне яна звісала клінам, а спераду быў завязаны як гальштук. Барэт быў невялікі, таксама шэры з харцэрскім значком у выглядзе лілеі. На грудзях з левага боку завіваўся шнур адпаведнага колеру. Нейкі час ён у мяне быў нават шэрага колеру, як знак прыналежнасці да кіраўніцтва. Пасля прысягі на грудзях з'явіўся харцэрскі крыж. Усе гэтыя аксэсуары я захавала да цяперашняга часу.
Харцэрскія запаведзі: нельга паліць, піць алкаголь, заўсёды быць гатовым дапамагчы свайму блізкаму, а таксама служыць Айчыне, Богу - я ўспрымала сур'ёзна, як і іншыя дзеці.
Харцэрскі рух прыцягваў мяне сваёй культурнай дзейнасцю і цікавым правядзенем часу. Я любіла зборы, запоўненыя таварыскімі гульнямі, поўныя гумару, песень, жартаў. Назаўжды засталіся ў маёй памяці песні, якія мы спявалі ў лесе каля вогнішча! Напрыклад, такія сур'ёзныя:
Гарыць вогнішча ў лесе,
Вецер сумную песню нясе...
Ідзе ноч, сонца ўжо спусцілася з гор...
За Нёман, за Нёман, між самых зор ...
На адзін шлях лёс накіраваў нас,
Да прыгод паклікаў даўно...
Шэрае палатно намёта з'яднала на час...
Усё, што наша, Польшчы аддамо...
А вось песні дасціпныя, якія пырскаюць гумарам:
Здарыўся цуд аднойчы, ох!
Дзед звярнуўся да абраза, ох!
Абраз яму ні словы, ох!
Такая ў іх гутарка, ох!
Ой! ой! ой!
Чырвоны пояс, за поясам меч і сякера,
Што блішчыць здалёку
На далёкай Украіне, дзе жыве іспанскі народ.
Святая рака Ганг струменіцца збоку,
Найпрыгожая з усіх вод.
Застрэлюся я з рэвальвера,
Ці якім іншым манерам.
Ці гармату дай мне, я застрэлюся!
Ад Кракава ідзе фура.
На ёй едзе Валігура!
П'е чай, шакалад, чорную каву.
П'е чай, чай, чай, шакалад, ром, какаву!
Гэтыя песні захапілі маю дзіцячую душу.
Страшна цікавым было следатропства ў лесе - бег сярод дрэў ад знака да знака з картай у руцэ. Самай выдатнай падзеяй быў харцэрскі лагер, арганізаваны перад вайной на высокім беразе Нёмана. Ён каштаваў толькі 10 злотых, а працягваўся цэлы месяц! Аднак радасць мая аказалася няпоўнай. Усюды, куды б я ні адпраўлялася, са мной была мая прыроджаная нясмеласць, якая не дазваляла мне вольна пачувацца ў вялікай кампаніі.
У лагер мы ехалі цудоўным вагончыкам па вузкакалейцы праз лес. Жылі ў велізарных армейскіх намётах, здольных змясціць дзясятак чалавек. Яны стаялі на высокім беразе Нёмана, прыгатаваныя загадзя. Адзіным іх інтэр'ерам былі нары для сну. Сталовая пад голым небам была ўладкована вельмі проста, я лічыла яе чароўнай. Прастата складалася ў тым, што яе замяняў доўгі роў у форме круга. Чароўная - бо мы сядзелі проста на зямлі з нагамі, апушчанымі ў роў, сталом служыў цэнтральны круг, пакрыты хваёвымі іголкамі. Над галовамі шумеў лес. Унізе сярод пясчаных берагоў цёк Нёман - павольны, шырокі, велічны. Ежа, прыгатаваная ў лесе, мела непаўторны смак.
Добра было стаяць у варце ранняй раніцай. Канчалася кароткая летняя ноч, на фоне неба паступова прамалёўваліся абрысы дрэў, а паветра было напоўнена свежым пахам лесу: Раптам у ранішняй цішы на рацэ раздаваўся спеў. Гэта спявалі плытнікі. Песня неслася шырока, шматкроць памножаная рэхам. Як мне хочацца яшчэ раз пачуць гэтую песню! Як хочацца ўбачыць з высокага берага Нёмана плытнікаў, якія сплываюць на сваіх плытах уніз па плыні! Яны сплылі назаўжды і засталіся толькі ў нашых успамінах.
Лагернае жыццё было вельмі разнастайным. На другім баку Нёмана разбілі лагер харцэры-хлапчукі, таксама з Ліды. Нашы кантакты праходзілі як у афіцыйнай форме, г.зн. пасродкам узаемных візітаў, так і ў неафіцыйнай - з дапамогай так званых начных паходаў. Уначы неўзаметку адпраўляліся на другі бераг і імкнуліся знесці што-небудзь з чужога лагера. Лепш за ўсё сцяг, што нам аднойчы ўдалося зрабіць. У такіх паходах бралі ўдзел толькі старэйшыя харцэркі.
Памятаю адзін візіт да нас суседзяў. Яны прыйшлі ўбраныя ў шырокія вайсковыя плашчы, якія спадалі да самай зямлі - маладыя, стройныя, загарэлыя. Яны сталі вакол вогнішча і заспявалі. Іх хлапечыя галасы гучалі выдатна, прынамсі па маім успрыманні. Лепш за ўсіх спяваў камандзір. Я стаяла недалёка ад яго, зачараваная яго голасам і стаццю, уся ператварыўшыся ў слых і зрок. Ён здаваўся мне сапраўдным прынцам з казкі. Яго стройная постаць з ганарліва паднятай галавой, выразна вымалёўвалася на фоне цёмнага неба ў бляску вогнішча.
Дзіўным супадзеннем акалічнасцяў мне праз невялікі час удалося з ім пазнаёміцца бліжэй. Аказалася, што гэтым выдатным прынцам з казкі быў Стах Пакшыс, знаёмы маёй сястры. Акалічнасці знаёмства былі, мабыць, празаічнымі, мяне здзівіла сціпласць прынца, які зусім не імкнуўся здавацца выдатным.
Наша дружына адправілася з візітам у адказ. Харцэрскае вогнішча было арганізавана ідэальна. Прадстаўленне ішло за прадстаўленнем, як у сапраўдным кабарэ. Я стаяла захопленая гэтым канцэртам. Рэпрызы змяняліся спевамі, якія мне падабаліся больш за ўсё. Гэта былі мае першыя ўражанні ад такога роду мерапрыемстваў каля вогнішча. Раптам да мяне падышла старэйшая харцэрка і ціха шапнула:
- Табе трэба зараз жа вярнуцца ў наш лагер і стаць на варту. Цалкам магчыма, што яны захочуць прабрацца да нас менавіта цяпер, трэба на ўсякі выпадак быць гатовымі.
Як крыўдна і прыкра было мне сыходзіць ад вогнішча менавіта цяпер, калі ўсё было так выдатна! Але я не адважылася не паслухацца старэйшую і не хацела прыдумляць адгаворкі. Мабыць, у мяне было моцнае пачуццё абавязку. У той жа час мне здавалася, што мяне абралі таму, што ніхто іншы не пагадзіўся б сысці ў такі момант. З гаркатой у сэрца разам з іншай дзяўчынкай я пайшла ў наш лагер і стала на варце ў кустах. Мы доўга стаялі нерухома, услухоўваючыся ў ноч. Аднак нічога не адбывалася. Я думала пра тое, што гэтым разам буду, напэўна, адзначана за маё паслухмянства. Была цвёрда ўпэўнена, што заслужыла заахвочванне.
Па старадаўнім лагерным звычаі штораніцы атрад вышыхтоўваўся для ўрачыстага ўзняцця сцяга. Перад шыхтам называлася прозвішча харцэркі, якая праславілася, і давалася каманда выйсці з шэрагу. Названая падыходзіла да шаста і падымала сцяг, які разгортваўся над нашымі галовамі. Увечар тая ж харцэрка апускала сцяг. Пасля выканання "Ідзе ноч" мы разыходзіліся па намётах. Памятаю ў цемры тады блішчалі яркія светлячкі. Было іх мноства. Дзіўна, але ніколі да гэтага і пасля я не сустракала такіх яркіх светлячкоў, як тады ў лесе над Нёманам.
З першага дня лагера я марыла пра хвіліну, калі выйду з шыхту і сярод урачыстай цішыні падыду да флагштока. Аднак гэтулькі лінеек было ўжо ззаду, а мяне так ні разу і не выклікалі. Мабыць, я нічым не заслугоўвала такога адрознення. Але зараз гэтая хвіліна наступіла, я была ў гэтым упэўнена! Гэта думка падтрымлівала мой дух у кустах на пасту.
Раніцай, стоячы ў шэрагу, я адчувала радасную ўзрушанасць і рыхтавалася выступіць наперад. Аднак мяне чакала вялікае расчараванне, мяне зноў не назвалі. Нават не ведаю, што было мацней расчараванне, ці здзіўленне. Да шаста ў той раз падышла Ядзя Зінкевіч, мая звеннявая. У яе быў прыгожы голас, і каля вогнішча яна часта спявала забіяцкія песенькі. Памятаю словы адной з іх:
Для мілых гасцей дзівоцтвы ў нас.
У нас тут цэлая крама.
Усё аддамо, таму што любім вас...
Я прызнавала яе вакальную перавагу, але ўсё адно адчула расчараванне. Ядзя неўзабаве памерла, я бачыла прыгожае надмагілле на яе магіле. Але тады ніхто не мог і падумаць пра яе блізкую смерць.
У лагерным жыцці часта адбываліся пацешныя выпадкі, якія і праз многія гады я ўспамінала са смехам. Гэта былі, да прыкладу, начныя трывогі, якімі правяралася наша гатоўнасць. Адна з такіх трывог мне асабліва запомнілася. Глыбокай ноччу нас падняў з нар гучны свісток. Нашы мундзіры ляжалі каля пасцеляў, акуратна складзеныя і зашпіленыя на ўсе гузікі. Каб хутчэй апрануцца, я нацягнула мундзір праз галаву, не расшпільваючы гузікаў і не заўважыла, што ў спешцы надзела яго задам наперад. Аднак часу на перапрананне ўжо не было. Я выскачыла з намёта і стала ў шэраг, як была, спадзяючыся, што пояс і хустка замаскіруюць непарадак з мундзірам. Начальніца лагера з ліхтаром у руцэ павольна ішла ўздоўж шыхту, ацэньваючы наш вонкавы выгляд. Я ўздыхнула з палёгкай, калі яна мінула, нічога не заўважыўшы. У глыбіні душы аднак сумнявалася, ці сапраўды яна нічога не заўважыла, ці толькі прыкінулася.
Знаходжанне ў лагеры мела таксама выхаваўча-пазнавальнае значэнне. Наш атрад хадзіў на экскурсію на нёманскі шклозавод. Мяне моцна зацікавіла праца шкловыдзімальнікаў, асабліва працэс выдзімання пасудзін самай рознай формы. Памятаю, там каля печаў было вельмі горача.
Гэтак жа, як пані Марыя Багдзевіч для харцэрак, для харцэраў добрым анёлам быў пан Рышард Міхневіч. Штодня ён у нас вёў урокі спеваў, акампануючы сабе на скрыпцы. Адначасова ён апекаваў хлапечую харцэрскую дружыну. Мы любілі яго за спакойную манеру трымацца з намі. У якасці старэйшага інструктара Звяза харцэраў на розных святочных парадах ён вылучаўся сваёй цудоўнай паставай. Часта паўтараў, што любіць сваіх харцэрыкаў. Прыемна было глядзець, як ён ішоў на чале атрада ў пышным мундзіры, высокі і стройны, а за ім у роўных шэрагах ішлі маленькія ў параўнанні з ім харцэры.
(Працяг у наступным нумары.)
* Е. Ярмонт. В ТЕНИ ЗАМКА ГЕДЕМИНА. Воспоминания детства. Лида, 1995.
З каралеўскіх мемуараў*
Часлаў Янкоўскі
(Заканчэнне. Пачатак у папярэднімм нумары.)
Характэрная дэталь. Пацвярджальныя лісты, выдадзеныя Панятоўскаму, падпісаныя Брулем і датаваныя ў Варшаве, былі напісаны па-нямецку. І імператрыца Лізавета таксама па-нямецку ўласнаручна піша ліст польскаму каралю Аўгусту.
Дарогу да вялікай княгіні Панятоўскаму праклалі Вільямс, Бястужаў і Нарышкін, прыдворныя будучай Кацярыны II.
"Я рызыкнуў, - распавядае Панятоўскі, - адправіць ліст вялікай княгіні праз Нарышкіна; на наступны дзень я атрымаў адказ і... забыўся, што Сібір існуе!".
Праз некалькі дзён Нарышкін арганізаваў першую прыватную сустрэчу закаханых.
Вялікая княгіня была ў росквіце сіл, яна толькі што нарадзіла. Панятоўскі апісвае яе чорныя валасы, "асляпляльную беласць твару, вялікія блакітныя, выразныя вочы, невымерна доўгія павекі, вусны, якія, здавалася, прыцягваюць пацалункі, як магніт да жалеза, цудоўныя рукі, стройную даволі высокую постаць, лёгкую і спрытную хаду і ў той жа час бездакорную велічнасць, прыемны голас, смех, такі ж поўны весялосці, як і яе нораў". Яна была здольная імгненна пераключыцца з гульні, з амаль што дзіцячай пустэчы, на самую сур'ёзную працу. Яна мела цудоўную здольнасць дагаджаць і заўсёды закранаць самую адчувальную струну...
"Такая, - дадае Панятоўскі, - была гэтая пані, у руках якой знаходзіўся мой лёс. Я прысвяціў ёй усяго сябе. Я мог даць ёй тое, што хаваў у сабе, нягледзячы на столькі спакус да 22 гадоў,... Лёс, відавочна, прызначыў мяне ёй цалкам".
Як яна была апранута падчас таго першага спаткання? Ах, пан літоўскі стольнік памятаў кожную дэталь. Мініяцюрны халат з атласнага саціну, лёгкая белая шаўковая сукенка, карункі, пераплеценыя бантамі з бледна-ружовых стужак... "Я не мог паверыць сваім вачам, што знаходжуся ў яе кабінеце".
Цудоўна праходзяць тыдні... Панятоўскі чытае вялікай княгіне "Арлеанскую дзеву" Вальтэра, і піша: "Такое захапленне ад твора ахапіла нас, што я чытаў дзевяць гадзін запар без перапынку".
Раптоўна гром ударыў у гэтую ідылію. Бацькі Панятоўскага тэрмінова выклікаюць яго ў Варшаву. Іх жаданне і воля - каб ён быў членам сойма, які зараз збіраецца.
Развітанне...
Панятоўскі, быццам не ў стане адарвацца ад Санкт-Пецярбурга, каб наведаць свайго сябра - будучага канцлера Борха - павольна едзе ў Варшаву праз Рыгу, аглядае Інфлянты.
Аднак пасол на сойм так і не прыбыў у Варшаву. Панятоўскі, прызначаны амбасадарам, 13 снежня 1756 года адпраўляецца ў назад у Санкт-Пецярбург - лёгка ўявіць сабе радасць, з якой ён гэта зрабіў. Яго суправаджае ў якасці сакратара Акенцкі, былы кіраўнік канцылярыі канцлера Залускага, чалавек, які добра разбіраецца ў дыпламатыі. Панятоўскі піша, што ён быў яго сапраўдным провідам на цяжкай пасадзе пасла, асабліва ў такім маладым узросце!
ІІІ
Дэбют новага амбасадарам Польшчы прайшоў бліскуча.
Імператрыца Лізавета была ў поўным захапленні ад прамовы новага прадстаўніка Рэчы Паспалітай, які ўручыў свае даверчыя граматы. Ніхто ніколі не размаўляў з ёй так свабода і прама. Польскі пасол дазволіў сабе згадаць... "прускую гідру"! З-за гэтага ў Варшаве злякаўся нават сам Бруль. Ён баяўся пасварыцца з Фрыдрыхам ІІ! На шчасце, філосаф з Сан-Сусі па-філасофску адрэагаваў на запальчывы выбух Панятоўскага.
Панятоўскі, шчыра не любіў як Прусію, так і яе гаспадара, аднак нягледзячы на атрыманую ад Бруля заўвагу, не страціў самавалодання. "Я меў чыстае сумленне, - піша ён у сваім дзённіку. - Я ведаў, што, працуючы супраць Прусіі, я мужна служу сваёй радзіме і свайму каралю".
Не будзем забываць, што гэта быў 1757 год.
Супраць Фрыдрыха Прускага сфармавалася значная кааліцыя. Яна мела вывесці ў поле супраць Прусіі да паўмільёна салдат. Здавалася, што прусакі хутка знікнуць з карты Еўропы. Панятоўскі быў абураны тым, што польскія яўрэі адкрыта стаялі на баку прускага караля і ўтрымлівалі па ўсім каралеўстве "ўласную пошту", выключна каб пастаўляць інфармацыю ў Прусію. Бадай, што ў той час Фрыдрых ІІ меў нашых яўрэяў сваімі адзінымі саюзнікамі...
Вайна набліжаецца.
За тое, што Аўгуст ІІІ не хацеў паціснуць руку прускаму каралю, прускія войскі спустошылі Саксонію. Яны спалілі каралеўскую рэзідэнцыю ў Губертсбургу. Узарвалі дом Бруля ў Дрэздане. Фрыдрых II загадаў на ўласных вачах спаліць абедзве летнія рэзідэнцыі міністра, і на спіне аднаго з палацавых вартаўнікоў асабіста разбіў люстэрка, якое той хацеў выратаваць. Больш за тое, выпусціў на волю больш за сто бандытаў, якія ўтрымліваліся ў саксонскіх турмах. Яны, як дзікія звяры, адразу ж разышліся па краіне, рабавалі і палілі.
Тым часам французскі кароль, падазраючы, што Панятоўскі (вялікі сябар Вільямса) меў занадта далёка ідучыя сімпатыі да Англіі, прымусіў Аўгуста III адклікаць не любімага ім амбасадара. "Фантазія" французскага караля спраўдзілася як раз у той дзень, калі прусакі разбілі французаў пры Росбаху. Простае супадзенне. Вядома, Панятоўскі заставаўся на сваёй пасадзе яшчэ некаторы час. Ён не стаміўся ад Нявы...
*
У той час польскі каралевіч Карл прыбыў у сталіцу бо шукаў магчымасць успадкаваць Курляндыю пасля Бірона. Панятоўскі ахвотна пасяліўся ў Пецяргофе ў якасці члена світы каралевіча, бо Пецяргоф быў бліжэй да Араніенбаўма, дзе жылі вялікі князь і вялікая княгіня.
Панятоўскі хацеў часта бачыць даму свайго сэрца. Ён ставіў карыёлку ці сані перад палацам у Араніенбаўме і ішоў да прыступак, якія вялі на верхні паверх. Папярэджаная варта прапускала незвычайнага госця. Іншым разам, пераапранутая ў мужчынскае адзенне, в. княгіня сыходзіла па тых жа сходах, і Панятоўскі ўвозіў яе да сябе. Неяк, да саней, у якіх Панятоўскі, захутаны ў велізарную футравую шубу, чакаў в. княгіню, падышоў афіцэр. "Душа ўва мне застыла", - расказваў сам Панятоўскі. "Я прыкінуўся, што сплю, як нейкі слуга, які чакае свайго пана. Афіцэр не атрымаў адказу і на шчасце, пайшоў далей. Але той дзень стаў фатальным. Ледзь мы ад'ехалі, санкі ўдарыліся аб камень, перавярнуліся, і в. княгіня была выкінутая з іх і як нежывая ўпала тварам на зямлю. Ляжала без руху. На шчасце, прыйшла ў прытомнасць, атрымала толькі моцны сіняк. Але што яшчэ горш, пакаёўка, з-за няўвагі, замкнула знутры дзверы, праз якія в. княгіня вярталася дахаты. Яна аказалася ў вельмі пагрозлівай сітуацыі і не ведала, што рабіць. Невядома, чым бы ўсё скончылася, калі б хтосьці выпадкова не адчыніў дзверы, калі выходзіў з палаца".
Але самая лёсавызначальная прыгода павінна была здарыцца з закаханымі падчас адной з паездак Панятоўскага з Пяцяргофа ў Араніенбаўм.
Гэта была ноч з 5 на 6 ліпеня. Панятоўскі, асмялеўшы пасля шалёных вечарынак, нават не папярэдзіўшы в. княгіню, кідаецца ў Араніенбаўм. У лесе сустракае шматлікую, напалову п'яную кампанію вялікага князя на чале з ім самім. Хто едзе? Кучар Панятоўскага адказвае: "Кравец"! Яны даюць "краўцу" праехаць, але Эльзуся Варанцова, дама двара в. княгіні і метрэса в. князя, кпіць з "краўца" і выклікае падазрэнні ў в князя. Панятоўскі, правёў некалькі гадзін з в. княгіняй у павільёне сада і ледзь толькі дайшоў да парога, як тры драбы бяруць яго ў палон і вядуць да в. князя. Бурны абмен пытаннямі і адказамі. Панятоўскі, вядома, катэгарычна адмаўляецца, што паміж ім і в. княгіняй былі блізкія адносіны… Уваходзіць Шувалаў, кузэн фаварыта імператрыцы і "шэф сакрэтнага кабінета". Панятоўскі зразумеў, што імператрыца ўжо ведае пра ўсё. Панятоўскі тлумачыць Шувалаву, што было б... было б недаравальнай памылкай, зрабіць з гэтай справы скандал на ўсю Еўропу. Шувалаў прызнае яго рацыю, і наш пан стольнік вяртаецца на світанку цэлым і недатыкальным у Пецяргоф. Але ён памыляецца, і замест таго, каб праз акно першага паверха ўскочыць ва ўласны пакой, ускаквае ў пакой свайго суседа, генерала Ронкера, які толькі што пачаў галіцца. Ронкер здзіўлены, але Панятоўскі не дае ніякіх тлумачэнняў, бярэ з яго слова гонару, што нікому не згадае пра гэты інцыдэнт і ў вялікай разгубленасці чакае, што будзе далей...
Праз тры дні ўвесь двор Араніенбаўма прыбывае ў Пецяргоф. Баль. Падчас балю Панятоўскі даведваецца з запіскі вялікай княгіні, што справа... залагоджвання інцыдэнта была ўзята ў надзейныя рукі Варанцовай (дачкі віцэ-канцлера Варанцова). І сапраўды, у тую ж ноч, а дакладней, на раніцы пасля балю, Панятоўскі ў прысутнасці Нарышкіна, Варанцовай і маладога Браніцкага сустрэўся з вялікім князем. В. князь, весела і свабодна першым выйшаў наперад, каб прывітаць літоўскага стольніка і сказаў: "Трэба было быць вар'ятам, каб не папярэдзіць мяне загадзя! Уся гэтая гісторыя не здарылася б". Панятоўскі ў захапленні сыпле кампліменты, а в. князь у добрым гумары ідзе ў спальню жонкі, загадвае ёй устаць і ўводзіць яе ў гасціную ў негліжэ, без абутку і без спадніцы пад сукенкай. Вось яна, кажа в. князь, вы разам не злуйце на мяне.
Вялікая княгіня холадна ківае, куе жалеза, пакуль гарачае і просіць запіску да віцэ-канцлера Варанцова з просьбай арганізаваць... паўторнае прызначэнне Панятоўскага амбасадарам у Санкт-Пецярбурзе. Вялікі князь з лёгкасцю згаджаецца, і ўся кампанія весела смяецца, чыніць тысячу фігляў пасярод гасцінай ля невялікага фантанчыка, жартуе і вяселіцца да белага ранку.
На наступны дзень Панятоўскі па запрашэнні вялікага князя едзе ў Араніенбаўм, і сустракае яго ў апартаментах вялікай княгіні. Далей абед на траіх. Калі ўваходзіць Варанцова, вялікі князь устае, каб сысці са сваёй каханкай і ветліва кажа: "Ну, дарагія дзеці, здаецца, я вам больш не патрэбны!".
"І я заставаўся з вялікай княгіняй, столькі, колькі хацеў", - дадае літоўскі стольнік з пэўнай абачлівасцю і прастатой.
Аднак трэба было зноў пакінуць Санкт-Пецярбург. Падарожжа дадому спачатку прывяло Панятоўскага ў Сельцы, дзе ў той час знаходзіліся яго бацькі. Хутка, у Варшаве кароль Аўгуст II, смеючыся, спытаў у яго, ці ўсталявалася прымірэнне паміж вялікім князем і яго жонкай...
*
Давайце перагорнем шмат старонак каралеўскіх мемуараў.
Заплюшчым вочы на калейдаскапічную гульню сутыкненняў груповак - г.з., розных магнацкіх дамоў на выбарах у сойм 1762 г. ці на кадэнцыі трыбунала ў Вільні, на важныя дакументы аб ходзе трыбунала ў Пётрыкаве за год да абрання Панятоўскага, на запіс далучэнне да так званай партыі "Фамілія" пасля смерці бацькоў і прытулак пад крылом дзядзькі Чартарыскага і г. д., і г. д.
Спынімся на вытрымках з некалькіх раздзелаў дзённіка - чырвонай нітцы, якая звязвае ўсе этапы незвычайнай кар'еры Станіслава Аўгуста. Гэтая чырвоная нітка - яго адносіны з вялікай княгіняй, пазнейшай імператрыцай.
Перыпетыі гэтых адносін занадта мала вядомыя. Іх адкідваюць убок, быццам попел з цыгарэты. Панятоўскі быў каханкам Кацярыны, і яна з-за памяці пра агульныя салодкія хвіліны пасадзіла яго на польскі трон, вядома, з таемнай думкай, што ён будзе яе ўдзячным саюзнікам.
Але гэта вельмі просты падыход.
Неадбыўшыяся рэчы таксама маюць сваю важнасць.
Пакінуўшы Санкт-Пецярбург, Панятоўскі амаль тры поўныя гады жыў у пастаянным чаканні абставін, якія дазволяць яму вярнуцца на Няву. Фармальнага адклікання амбасадара не было … але хуткая хада падзей, змяніла сітуацыю ў сталіцы.
Як быць? Ці сапраўды ён быў закаханы ў княгіню? Без сумнення быў. Нават праз гады пасля таго, як надзеў польскую карону. А яна? Напэўна некаторы час яна адчувала вельмі жывую прыхільнасць да прыгожага стольніка-амбасадара, і, несумненна, вяліся размовы пра шлюб паміж аўдавелай ці разведзенай вялікай княгіняй і Панятоўскім, пасаджаным Расіяй на польскі трон. Імператрыца ведала пра праект гэтага саюза роўнага з роўнай і падтрымлівала яго.
Кароль Станіслаў Аўгуст, пануючы ў Польшчы "ад мора да мора", пашлюбіўся б з Кацярынай ІІ, рускай імператрыцай! Такая перспектыва змяняла сітуацыю ва ўсёй Еўропе. Неўміручае значэнне саюза Польшчы і Літвы паблякла б на гэтым фоне, вясельнае адзенне Ягайлы і Ядвігі здавалася б выцвілым на гэтым фоне, новая вясельная стужка назаўжды б апяразвала магутнае ядро славяншчыны.
Але пратром вочы. Не магло гэтага здарыцца хаця б па той простай прычыне, што тры чвэрці чалавечых спраў ніколі не ідуць па зямным плане.
IV
Панятоўскі рупліва ліставаўся з вялікай княгіняй (праз Шувалава). Ён быў цалкам верны даме свайго сэрца: "Я быў чужы да ўсяго, да чаго мелі смак маладыя людзі майго ўзросту". Бацькі ведалі пра пецярбургскія планы свайго сына; бацька нічога не меў супраць іх рэалізацыі ,але маці змагалася супраць... хімеры і сватала, за свайго сына Асалінскую. Але Панятоўскі не жадаў чуць пра якія-небудзь заляцанні. Ён глядзеў далёка, на поўнач... Тым часам там, на поўначы, хутка з'явіўся яго пераемнік у асобе Арлова.
Самае цікавае, што Панятоўскі ведае пра гэта і піша ў сваіх "Мемуарах".
Лісты вялікай княгіні становяцца больш халоднымі... Перапіска амаль што спыняецца пасля смерці імператрыцы Лізаветы і ўзыходжання на трон вышэйзгаданага в. князя як Пятра III. Больш нічога! Трэба большая асцярожнасць бо ў рэшце-рэшт, яна - імператрыца! Панятоўскі разам з усёй Польшчай даведваецца пра палацавы пераварот на Няве і пра смерць Пятра III. Ані слова ад Кацярыны II...
Нарэшце, кур'ер, пасланы аўстрыйскім паслом у Пецярбургу Мерс'е, прывозіць Панятоўскаму ў Пулавы ліст ад імператрыцы, датаваны 2 ліпеня 1762 г. Кароткі. Імператрыца Кацярына забараняе яму ехаць у Санкт-Пецярбург, таму што гэта было б небяспечна для яго і вельмі шкодна для яе. Яна запэўнівае, што на працягу ўсяго жыцця будзе рабіць усё, што ў яе сілах, для яго і яго сям'і. "Я не спала тры ночы, - піша яна, - я ела толькі два разы за апошнія чатыры дні. Бывайце. Кацярына". Панятоўскі неадкладна адпраўляецца ў Варшаву, каб наладзіць перапіску з Санкт-Пецярбургам. Ён піша гарачыя лісты імператрыцы Кацярыне. Горача і вельмі тэрмінова хоча сустрэцца з ёй асабіста на Няве, але імператрыца у кожным новым лісце ўсё больш рашуча паўтарае яму, што ехаць ў Санкт-Пецярбург было б сапраўдным вар'яцтвам, а ліставанне - вялікая рызыка...
Яна піша: "За мной сочаць, я не магу выклікаць падазрэнняў". Піша: "Я здзіўлена - кожны разумны чалавек павінен змірыцца з абставінамі". Яна піша: "Не магу, не хачу ўдавацца ў занадта шмат складаных рэчаў". Піша раздражнёна: "Калі вы ўжо ўзялі за справу не разумець тое, што я вам кажу ўжо паўгода, то я папярэджаваю - калі вы прыйдзеце сюды, то мы абодва страцім жыццё".
Аднак, мабыць, самы цікавы ліст ад Кацярыны, у якім яна пад свежым яшчэ ўражаннем, піша пра смерць Пятра III і ўзыходжанне на трон. Імператрыца піша прама: "Я адпраўляю паслом у Польшчу Кайзерлінга, каб пасля смерці цяперашняга польскага караля ён пасадзіў на польскі трон вас. Калі ён пацерпіць няўдачу, я хачу, каб польскую карону атрымаў князь Адам Чартарыскі".
*
Панятоўскі адвёз гэты ліст у Пулавы і прачытаў яго свайму дзядзьку Чартарыскаму ў прысутнасці яго жонкі, сына і дачкі.
"Лёгка мог убачыць, - чытаем мы ў "Мемуарах" - надзею на твары дзядзькі, што мая кандыдатура сутыкнецца з многімі перашкодамі і што нацыя, стаміўшыся ад грамадзянскай вайны, прыйдзе прапанаваць яму прызначаную мне карону". Ён нават выпаліў, што прыме карону толькі пры ўмове забеспячэння пераемнікам свайго сына.
Здавалася, Панятоўскі больш клапаціўся ў сваіх "Мемуарах", каб растлумачыць: па-першае, чаму ён не саступіў карону свайму дзядзьку; па-другое, што прадстаўнікамі нацыі ён быў абраны каралём не толькі аднагалосна, але і без якога-небудзь рашучага ціску з боку Расіі; па-трэцяе, нарэшце, ён хацеў далікатна паказаць пэўную здраду імператрыцы Кацярыны ў адносінах да яго.
Ён запэўнівае нас, што двойчы пісаў імператрыцы: "Не рабіце мяне каралём, але паклічце мяне да сябе!". Такім чынам, ён жадаў яе больш, чым карону. Імператрыца была глухой да гэтых просьбаў. Чаму? Разумна меркаваць, што яна, можа, і мела намер выйсці замуж за Панятоўскага, але ведала, што можа стаць на вясельным каберацы толькі з "памазаннікам". Больш за тое, сам Панятоўскі называе ў якасці галоўнай прычыны прыняцця кароны (с. 496) акалічнасць, што калі б імператрыца "рана ці позна вырашыла выйсці за яго замуж, яна магла б аддаць сваю руку толькі каралю". У якасці другой прычыны ён прыводзіць перакананне, што Чартарыскі, як чалавек дэспатычны і няўмольны, не зрабіў бы Польшчу шчаслівай. Тады... было б лепш, каб ён сам, Панятоўскі, "пайшоў да кароны".
Дарэчы, ён шкадаваў, што пагадзіўся прыняць польскую карону без агаворак. Ён пісаў, што павінен быў сказаць Кайзерлінгу: "Я пагаджуся быць каралём, але павінен быць упэўнены, што каралевы ў мяне не будзе. Калі яна адмовіць мне, я проста перастану быць каралём і застануся прыватным грамадзянінам, бо без імператрыцы карона не будзе мець для мяне ніякай прывабнасці".
Панятоўскаму здавалася, што такі адказ быў вяршыняй дыпламатычнай кемлівасці.
У першым выпадку, гэта значыць, калі б ён ажаніўся з імператрыцай, то "не ўзняўся б да таго бляску, да якога ўзнялася б Польшча!". У другім выпадку заслужыў бы, калі не каханне, то, несумненна, удзячнасць імператрыцы. І, нарэшце, карыстаўся бы ўсімі выгодамі ад каранаванага дзядзькі, вольны ад усіх клопатаў і непрыемнасцей. А так… "Дзядзька ніколі не даруе мне, што я ўпусціў карону". Ён сам - як падазраваў Панятоўскі - заклікаў Кайзерлінга заціснуць у кут ягамосць пана стольніка. І падчас выбараў ён адмовіўся ад польскай кароны, калі Рапнін сказаў яму: "Не, ваша светласць, кандыдатура Панятоўскага зусім не такая безнадзейная, як вы кажаце, не сумняваюся, мы збяром, хаця б 50 галасоў, а імператрыца дадасць да іх сваё войска і ўсю сваю казну".
Панятоўскі таксама не прамінуў пахваліцца, што падчас міжкаралеўя, пасля Аўгуста II, на агульнай нарадзе "Фаміліі" ён адзін выступіў супраць увядзення расійскіх войскаў у межы Рэчы Паспалітай.
"Дапамога расійскіх войскаў, - казаў ваявода рускі і замойскі, - неабходна, каб прадухіліць магчымую грамадзянскую вайну".
"Пан стольнік, - сказаў Кайзерлінг, - не будзе рускіх войскаў, не будзе і кароны!"
Дарэчы, Панятоўскі запэўнівае, што яго абранне было цалкам законным. Яго падпісалі 5584 прадстаўнікі шляхты. На адлегласці многіх міль ад месца выбараў не было ніводнага рускага салдата (с. 483).
Нарэшце, што тычыцца слоў і ўчынкаў былой вялікай княгіні, вось вельмі цікавае адкрыццё: "Імператрыца, - піша Панятоўскі, - баялася, што маё абранне выкліча праблемы ці нават прынясе Расіі вайну з Турцыяй, і таму яна адправіла Кайзерлінгу загад не рабіць адкрыта стаўкі на маю кандыдатуру. Няхай дзейнічае з найменшай рызыкай". Аднак Панін, першы міністр імператрыцы, далучыў да інструкцыі імператрыцы свой ліст, у якім выказаў меркаванне, што адступленне ад абрання Панятоўскага паставіць пад пагрозу гонар імператрыцы і Расіі, і што пачатую справу трэба давесці да запланаванага канца. Кайзерлінг меў смеласць не падпарадкавацца свайму манарху, а прытрымлівацца парады Паніна і выдаць афіцыйную пракламацыю ад імя імператрыцы, рэкамендуючы Панятоўскага каралём Польшчы.
З гэтага незвычайнага мемуарнага адкрыцця вынікае, што ўжо ў 1764 годзе гаворка не ішла пра шлюб з будучым польскім каралём... Яна нават не лічыла абсалютна абавязковым стрымаць сваё слова і каранаваць літоўскага стольніка.
*
Панятоўскі слушна і справядліва лічыць, што ў яго быў перыяд панавання без хмар і горычы толькі... паміж элекцыйным і каранацыйным соймам. І адразу ж на яго абрынуліся толькі нягоды і клопаты....
А мы, чытаючы каралеўскія аўтабіяграфічныя мемуары, ці не павінны мы ўявіць сябе ахопленага гневам, крыўдай, абурэннем і сорамам каранаванага гісторыка, на руінах нашай няшчаснай радзімы!
Толькі адна рэч грэе наша падарожжа ў гэтыя падзеі, а менавіта кантакт з такім дзіўна яркім, хуткім і адукаваным розумам, як у Станіслава Аўгуста. Такі манарх мог бы ўпрыгожыць любы трон у Еўропе XVIII стагоддзя. І трэба было ж яму патрапіць акурат на польскі трон! Трэба ж нам было мець на троне караля, надзеленага такой колькасцю высокіх інтэлектуальных якасцей і такой агульнай духоўнай арганізацыяй, але з такім абмежаваным талентам кіраўніка ў часы такога збегу абставін, калі толькі вялікая перамога магла б дазволіць нам выйсці з крызісу, калі не цэлымі і непашкоджанымі, дык хоць з гонарам!..
Але здарылася тое, што здарылася.
Далёка па-за межы штодзённай газеты, запоўненай да краёў штодзённасцю, завяло б мяне цытаванне цэлых старонках, якія дэманструюць, якім хуткім, упэўненым і спакойным зрокам Панятоўскі глядзіць на Польшчу, напрыклад, у 1764 годзе. Цяжка паверыць, што гэта чалавек з XVIII стагоддзя такім чынам глядзіць на сваё асяроддзе. Зноў і зноў здаецца, што гэта піша сучасны гісторык рацыяналістычнай школы. Якая па-сапраўднаму цудоўная крытыка, напрыклад, трыццацігадовага панавання Аўгуста III! Якое глыбокае разуменне сітуацыі Рэчы Паспалітай, якая ляжала як вялікі дзядзінец паміж Расіяй і астатняй Еўропай!
І яшчэ можна занатаваць адно ўражанне, якое ўзнікае пры чытанні каралеўскіх мемуараў. Здаецца, што на нашых вачах, элегантны, прыгожы пан стольнік літоўскі раптам пераўтвараецца ў ... караля, сапраўднага караля, самага сапраўднага караля, які піша Кацярыне II, madam ma soeur (фр. "мадам, мая сястра"), на ўвесь свет ўжывае манаршае "Мы" і з першага слова, з першага жэсту пачынае бездакорна іграць сваю ролю! З нават крыху ашаломленым уражаннем мы чытаем апісанне яго першых крокаў і адчуваем сапраўднае і шчырае задавальненне. Бо, гэта ж наш, першы і лепшы шляхціц, узняты на еўрапейскі трон, і яго адразу як роўнага ставяць сярод каралёў! Якія жэсты, якая мова, якая самаўпэўненасць, які бездакорны стыль і тон, якая веліч!
Цяжка паверыць, што падчас першай каралеўскай цырымоніі, у якой удзельнічаў Станіслаў Аўгуст на наступны дзень пасля абрання, стары Чартарыскі падышоў да сына, узбуджана сціснуў яму руку і сказаў: "Дурань! Чаму ты не ўзяў карону, калі яе табе давалі?... Паглядзі, як яна ідзе да твару кузэну! Але дзверы зачыніліся".
Панятоўскі тлумачыць свавольства і нахабства Расіі ў адносінах да Польшчы тым, што ўсе дзяржавы былі знясіленыя Сямігадовай вайной і ніхто не рызыкнуў бы дапамагчы Польшчы са зброяй у руках. Аднак ён з усёй цвёрдасцю сцвярджае, што праект першага падзелу Польшчы быў справай рук дацкага пасла ў Санкт-Пецярбургу, графа д'Асэбурга. Ён старанна распрацаваў матываваны план для Фрыдрыха Прускага і, не зважаючы на адмову прускага караля ад праекта, растлумачыў Кацярыне ІІ магчымасць расчлянення Рэчы Паспалітай. Імператрыца Марыя Тарэза доўга супраціўлялася прапанаванаму ўдзелу ў прыбытковай справе і паддалася толькі пагрозе, што калі яна не пагодзіцца на падзел Рэчы Паспалітай, расійскія войскі ўварвуцца на тэрыторыю Аўстрыі. Кароль Станіслаў Аўгуст падчас першага падзелу сам прачытаў дэпешу з ультыматумам. Станіслаў Аўгуст пісаў 21 снежня 1770 г. былой вялікай княгіні: "Вы, Ваша Імператарская Вялікасць, напэўна, хацелі бачыць карону на маім чале ў час, калі Польшча будзе падзелена". Кароль падкрэсліў гэтыя словы... З "Успамінаў" Кацярыны ІІ мы не ведаем яе адказ, прадыктаваны нібы прадчуваннем таго, што здарыцца праз два гады.
* Cz. Jankowski. Z krоlewskich memuarоw // Slowo. 1926. № 79; № 82; № 83; № 84. Пераклад і каментары Леаніда Лаўрэша.
У Вільні і літоўскіх дварах, успаміны 1815 - 1843 гадоў*
Габрыэля Пузыня
(Заканчэнне. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
У маі з татам мы паехалі ў сумныя Дабраўляны. Бучынскія накіраваліся прама ў Болкава. Змрочным, сумным было падарожжа, столькі разоў мы ездзілі па гэтай дарогай з мамай! І апошні раз з ёй, хворай. Не прадбачылі, што гэта будзе апошні раз! Ужо Вілія … далей Нястанішскі касцёл, потым бор, любімае месца яе шпацыраў … нарэшце, з'яўленне чырвонага даху сярод яшчэ не зялёных ліп… Уезд у асірацелы дом… Сэрца і вусны сціснуты, іх трэба было раскрыць малітвамі, і мы пайшлі ў капліцу, потым у яе пакой, дзе перад пустым ложкам, пад выявай Збаўцы светы, зноў пацяклі слёзы, і пасля малітвы на нас сышло дабраславенне Айца нябеснага.
Здавалася, што сад пакрыты двайным крэпам - зімы і жалобы. Дваровыя і нават сяляне сумна і ціха віталі нас. Жалобнае набажэнства адбылося ў капліцы і ў абедзьвюх парафіях, пасля чаго мы наведалі Паставы. Мой дзядзька на сямейным з'ездзе ў Вільні рыхтаваўся дзяліць маёмасць. Яго чакалі тры пляменніцы, якім, як паўнагадовым, дзядзька-апякун павінен быў даць справаздачу за трынаццаць гадоў клопатаў пра маёнткі. Каб выканаць гэта, выдалі замуж і трэцюю пляменніцу Эльфрыдку. Мужа яна знайшла ў Вене, паміж Парыжам і Варшавай. Яе граф Аўгуст Замойскі быў калісьці заручаны з Міняй Радзівілоўнай, а сёння стаяў шчаслівым абраннікам жывой, свабодалюбівай, свавольнай і сардэчнай Эльдзі, якая казала пра сябе: "Avec mes idees il me faut un hussard" (фр. "З маімі ідэямі я буду гусарам". - Л. Л.). Але як мышка патрапіла яна ў жалезную клетку сям'і, законам якой з'яўлялася сляпая пакорлівасць мужу. Вяселле Эльдзі было хутка наперадзе, не чакалі нават Правадной нядзелі, а ў Кветкавую нядзелю пайшлі да алтара. Вестка пра смерць бабулі яшчэ не дайшла, і таму жалоба не перашкодзіла шлюбу. Дзядзька Канстанцін праехаў у Вільню праз Дабраўляны з Хеленкай і Збігневам, мы рушылі за імі ў чэрвені.
Наш прыезд у Вільню на гэты раз, як я памятаю, адбыўся нядзельнай раніцай. У доме Мірскіх (потым Снядэцкіх) на вуліцы Віленскай, нас чакалі добра знаёмыя апартаменты, раней тут жыла цётка Несялоўская. Спачатку мы выправіліся з дому ў дамініканскі касцёл, дзе нас уразіла цішыня, від пустога касцёла і працэсія вернікаў з адным ксяндзом. Ордэна прапаведнікаў у Вільні ўжо не было.
Дзядзька Адам Храптовіч і цёця дэ Шуазель занялі нашу зімовую кватэру. Разам з дзядзькам Канстанцінам і маім бацькам яны ўтварылі арэапаг старэйшын сям'і, якая складалася з маладых і квітнеючых галінак, раскіданых парамі, як галубкі, ад вуліцы Троцкай і Віленскай праз Нямецкую і ажно да вуліцы Рудніцкай. Урускія, Патоцкія, Замойскія, Пшаздзецкія, Бучынскія - карацей кажучы, збор дваццаці чатырох чалавек. Да Пшадзецкіх, як кажуць, не здарма, далучыўся брат Аляксандра Мечыслаў і стрыечны брат Густаў граф Алізар з сынам Каралем, афіцэрам каўказскіх драгунаў. Разам яны ўтварылі даволі значную групу, з якой толькі трое не былі ў жалобе. Усе разам гулялі па вуліцах, шпацыравалі ў экіпажах, па вечарах збіраліся ў адных ці другіх на гарбату і апельсіны, багаты выбар і таннасць якіх дазваляў нам штовечар з'ядаць іх цэлыя горы. Гэтая група сваякоў у чорным трымалася разам, і мы атрымалі самыя розныя мянушкі. Адны называлі нас "чорнай бандай", іншыя, на чале з панам Рудамінам "чорным кангрэсам" і г. д. Нас было нават больш, чым дваццаць чатыры асобы, бо ў нашай штодзённай кампаніі звычайна прысутнічалі Ігнат Ходзька, Адынец, Вікшэмскі, Канстанцін Плятэр і Рудаміна. Былі яшчэ тры паўнамоцныя прадстаўнікі з боку трох пар, зацікаўленых у справе, але яны часцей за ўсё ўзгаднялі свае дамоўленасці з дзядзькам-апекуном. Справа тычылася капіталу ў некалькі мільёнаў, на якім не было ані граша даўгоў, што моцна цікавіла Вільню. Кожная з кузынак павінна была атрымаць паўмільёна злотых, у той час як непадзельныя да гэтага часу Рокішкі, вядомыя ўсёй Літве і Курляндыі сваім льном і пшаніцай, меліся быць выплачаны гатоўкай і цалкам застацца ў дзядзькі, які меў двух сыноў. Старэйшая з сясцёр Уруская выказала жаданне пакінуць для сябе Жалудок - месца, дзе яна нарадзілася і маёнтак, які любіў яе бацька. Марнатраўца Патоцкі не злаваўся на гатоўку, якой ён павінен быў атрымаць больш за ўсіх, яшчэ і ў дадатак да зямлі. Калі б не Божы промысел, які нас пільнаў, любая неасцярожнасць магла імгненна змяніць стан рэчаў, ці прынамсі, напалохаць і засмуціць усю сям'ю,.
Неяк, пасля абеду мы былі ў Замойскіх і Патоцкіх, якія жылі разам. Патоцкі, як заўсёды, падарожнічаў са сваім любімым сабакам і зараджанай стрэльбай побач з жонкай, хваліўся зброяй і дазваляў вярцець яе ва ўсе бакі. Быў упэўнены, што ніхто не можа з яе стрэліць бо не ведае таямніцы і запэўніў нас, што яна не зараджана. Гэтыя агледзіны ў салоне рабілі два яго швагры - давераныя асобы і мой бацька. Абедзве жонкі балбаталі з намі ў прылеглым пакоі, вясёлыя, шчаслівыя, каханыя і кахаючыя, з надзеяй глядзелі яны ў будучыню. Раптам грымнуў стрэл… Спачатку нам здалося, што хтосьці наўмысна стрэліў са стрэльбы. Мы выбеглі. Паны, як стаялі раней ля акна, аглядаючы стрэльбу, так і засталіся на месцы, але ўсе разгубіліся, і асабліва разгубіўся гаспадар зброі. Куля патрапіла ў такую нізкую столь, што напружыўшыся на дыбачках, Патоцкі ці Замойскі маглі б да яе дакрануцца. Цуд, ласка Божая, выратавалі нас ад жудаснага няшчаснага здарэння! Нягледзячы на запэўніванні Патоцкага, стрэльба была зараджана, і механізм, якім ён хваліўся, відочна не быў такім складаным, бо стрэльба стрэліла.
Кузынкі пасля шлюбаў моцна змяніліся. Эрманця, вызваленая з-пад пільнага нагляду сваёй настаўніцы мадмуазэль д'Івернуа, перастала звяртаць увагу на ўбранне, доўга спала, але затое шмат малілася разам са сваім набожным Севярынам.
Юзя, на ўзор свайго Како, трымалася за бакі і ўжывала чыста гусарскія выразы, але па-французску і вымаўляла іх з такім прыгожым выразам твару, што ёй гэта нават пасавала.
Эльфрыдка старалася быць сур'ёзнай. На розныя прапановы сясцёр яна адказвала, што яе мужу гэта можа не падабацца, ён гэта не дазваляе і забараняе, а калі муж кажа, яна і мусіць, і хоча яму падпарадкоўвацца.
Пан Аўгуст Замойскі, самы прыемны са швагроў, быў самым польскім з іх, бо з ахвотай размаўляў па-польску і пра нацыянальныя справы, здаваўся лагодным і вельмі прывязаным да сваёй жонкі. Мог бы нават паддацца ўплыву маладой, мілюткай і сардэчнай жанчыны, калі б не быў Замойскім, г. з., звязаным фамільным гербам і традыцыяй, што жонка павінна слухацца свайго мужа.
На чале шасці братоў Замойскіх стаяў старэйшы з іх, ардынат Канстанцін, якога баялася ўласныя маці. Ён ніколі не называў маці інакш як "мадам" і калі прыйшоў да яе апоўначы пасля доўгай адсутнасці, каб сказаць, што жэніцца, яна нават не адважылася спытаць яго, з кім? Потым сам паведаміў, што жэніцца з Анеляй княжной Сапяжанкай. І гэтая Анеля стала не толькі анёлам, але і пакутніцай. Заўсёды пад рукой пры любым гуку грымотнага голасу мужа, калі загадваў суправаджаць яго, яна сядала ў карэту і не адважвалася спытаць, вязе ён яе на баль, на прагулку, у Парыж ці да суседа на вяселле. Падараванае ёй на імяніны ладнае бюро загадаў вынесці ў сені, каб людзі бачылі, што такая раскоша непатрэбная ў пакоях.
Другі з іх, Ян, наўмысна выбраў маладую панну, якая любіла ўбранні, раманы і падарожжы. Яна падрыхтавала сабе пышную выправу і купіла модныя раманы аднак на наступны дзень пасля вяселля муж загадаў выбраць пару сукенак і трошкі бялізны, а астатнюю элегантную вопратку замкнуў у шафе і ключ паклаў у кішэню. Прыбраў са стала раманы і вершы і пакінуў жонцы старую хроніку. Потым вывез яе на вёску і загадаў клапаціцца пра гаспадарку, так перарабіў яе ў сапраўдную кабету.
Чым далей па-чарзе ад ардыната, тым лагоднейшымі станавіліся братытыраны. Іх жонкі, хоць і жылі ў вёсцы і ніколі не танцавалі, але ў выпадку падарожжа, усё ж ведалі, куды іх вязуць мужы. Такім быў і пан Аўгуст. Але і гэта было занадта для жонкі, якая марыла пра поўную эмансіпацыю: "Ён мяне кахае, - не раз казала нам гэтая годная жанчына, - Я веру, што Аўгуст мяне кахае".
На самы канец я пакінула маю Марыню. Паставянка не магла хутка змяніцца. Акрамя таго, пераходзячы з-пад крыла педантычнага бацькі пад апеку чыннага мужа, цяжка было не мець вольных гадзін і цэлых бяздзейных дзён. Але Марыня і сама не магла ахвяраваць раніцу на сон, а дзень на строі, балбатню і бязмэтныя шпацыры. Яна рана ўставала, і калі а дзявятай мы прыходзілі да яе, знаходзілі Марыню над альбомам з алоўкам, яны малявала ці чытала разам са сваім каханым Лало. Аляксандр жа знаходзіў тысячы самых пяшчотных імёнаў для сваёй каханай Мусі, і між іншым казаў: "Я шчаслівы, бо шчаслівая мая жонка". Аднак гэтыя шэсць месяцаў нястрыманай пяшчоты паўплывалі на талент Марыні. Памятаючы яе ранейшыя, заўсёды правільныя, вывераныя і халодныя малюнкі, яе новыя працы я ўспрымала як чужыя ці празмерна папраўленыя нейкім іншым мастаком. Бо ў яе позніх эскізах аловак стаў больш смелым і правільным, рука і сэрца разам выйшлі з-пад апекі. Не маючы мадэляў, Марыня малявала партрэты гасцей або сцэнкі з раманаў ці вершаў, якія яна чытала. Я атрымала анёла, які пляце вянок каля крыжа з маім "У імя Бога" 73.
Акрамя Марыні і дзядзькі, у нашым "чорным сходзе" мы мелі яшчэ аднаго мастака, якога ў той час займалі толькі лічбы. Граф Густаў Алізар74 прыгожа выразаў з паперы партрэты, сцэнкі, групы і г. д., быў паэтам, і язык яго заўсёды меў працу. У размовы ён дадаваў жарты, досціпы, кампліменты, анекдоты і так па-мастацку дэкламаваў нам свае вершы, што яны здаваліся прыгажэйшымі ў яго вуснах, чым у друку. Яго не датычылі звычайныя закіды супраць аўтараў аб тым, што яны псуюць уласныя творы дрэннай дэкламацыяй. Ліст графа Густава Алізара, змешчаны на пачатку твораў Алойзы Фялінскага. У сваім лісце ён просіць удаву даверыць яму перадсмяротныя творы мужа і запэўнівае яе: "Валынянін і вучань Чацкага здрадзіць не можа". Гэтыя словы я памятала з 1835 года, калі захаплялася творамі Фялінскага, і яны сталі пачаткам знаёмства з графам Алізарам. Яшчэ замалады нават для бацькі, ён быў ужо нават дзядулям і меў дачку за Хадкевічам. Ажаніўся ў васямнаццаць гадоў у Італіі з францужанкай, графіняй Каралінай Мало і мала чым адрозніваўся ад свайго сына, менш прыгожага за бацьку. Калі бацькі маюць магчымасць панаваць у грамадстве, тады іх дзеці чакаюць сваёй чаргі і адыгрываць другарадную ролю. А пан Караль яшчэ заляцаўся да панны Хелены, і гэта зачыняла яму мову.
У пагодныя дні мы ездзілі ў далёкія шпацыры. Нашай, вільнян, справай было паказаць горад і наваколле. Вазілі нашых чорных дам за горад на Пагулянку, у Закрэт, Рыбішкі, Бяльмонт і г. д., з намі і іх мужы, якія па-замежнаму, сядзелі на казлах. Мелі шасціконны экіпаж, здаецца, Бучынскіх, мелася і дабраўлянская карыёлка з сіўкамі, на якой Іда па-чарзе вазіла кузынак, і ў кожным кочы згадвалі пра графа Густава, бо з ім немагчыма было сумаваць.
Нядоўга мы былі "чорным сходам", нашы стасункі з грамадствам і адноўленая дружба паміж графамі Алізарамі і генералам Фрэдарыксам уцягвалі ўсіх нас у больш шырокае кола. Немагчыма было адмовіцца ад абеду ў Кайранах, варта было хаця б раз паказацца ў салоне Рыдыгераў, а вясёлыя і прыемныя дамы ўгаварылі нас на гарбату ў лагеры пад Закрэтам, дзе моладзь бавілася пад акампанемент ваеннай музыкі. Пшаздецкія і Урускія не цураліся гэтага, але Замойскі трымаў сваю жонку, якая ірвалася ў свет і ўплываў на Патоцкіх. Гэтыя дзве пары заўсёды трымаліся разам і часта, калі мы не маглі дачакацца іх на шпацыр за горад, спазняліся, бо былі на літанні ў Вострай Браме, якую Замойскі не прапускаў ніколі, а Урускія ахвяравалі гэтай капліцы срэбную лямпу ў гатычным стылі, якая і дагэтуль гарыць перад цудадзейным абразом Найсвяцейшай Панны.
Абед у Кайранах быў выдатны. Кайраны, з фантанам на двары, свежай муравой, з мноствам дрэў і квітнеючым бэзам, мелі домік з нізкімі вокнамі і ўвесь у прыбудоўках, але элегантны і раскошны ўнутры. Ва ўсіх пакоях, уздоўж і ўшыр, вышэй і ніжэй, паўсюдна меліся кветкі, парц'еры, люстэркі, галерэі, калідоры і г. д. І сярод гэтай прыгажосці гаспадыня жыла тут ужо трыццаць гадоў і прымала ўжо другое пакаленне сяброў. Апранутая ў капялюш, які трыццацігадовая пляменніца Антаніна Сулістроўская палічыла занадта модным для сябе і падарыла цётцы, паказвала гасцям план будучага палаца, які павінен быў будавацца на месцы дамка і ўпэўненая ў сваім здароўі і сілах, планавала новыя забавы на будучыню. І пражыла яшчэ чатырнаццаць гадоў.
"Чорны сход" павінен быў хутка раз'ехацца. Справа падзелу закончылася чыста, справаздачу здаваў чэсны і добра арганізаваны чалавек, а тыя, хто яе прымаў, былі далікатнымі і даверлівымі, таму не цяжка было прыйсці да згоды. Што пра гэта казалі ў грамадстве, не ведаю. Аднак варта адзначыць, што атрымаўшы ў спадчыну маёмасць брата разам з даўгамі, за трынаццаць гадоў дзядзька уклаў немалыя грошы на ўтрыманне і выхаванне трох сірот, на іх лячэнне, падарожжы, настаўнікаў і вялікі двор, пасля чаго дзядзька-апякун вяртаў узорна кіраваную бацькоўскую і матчыну маёмасць не толькі ачышчаную ад даўгоў, але і з павялічанымі капіталамі. Мужы пляменніц ацанілі гэта, кожны, як мог - сэрцам, розумам, гонарам. Эрманця радавалася свайму Жалудку, Юзі ўсё было абыякава, Эльдзя цалавала дзядзечку, і ўсе тры пары зладзілі для яго падзячны і развітальны абед ў доме Мюлера, на які запрасілі не толькі ўдзельнікаў сходу, але і сяброў, якія ўдзельнічалі ў нашай пахавальнай працэсіі.
Гэты дзень быў падвойна ўрачысты, але і знясільвальны. Бо была нядзеля Зялёных свят. Дзве пастаўскія сястры, брат Збігнеў і нават Аляксандр Пшаздецкі, меліся прыняць сакрамант бежмавання, а разам з імі прысутнічаў і стары Канстанцін Плятэр - неадступны таварыш на кожнай рэлігійнай цырымоніі. У катэдры ля падножжа алтара, з'яднаныя духам, яны ўкленчылі. Бучынская - настаўніца і абаронца сваіх кузынак, была ім за маці. Мой бацька стаяў за Канстанцінам Плятэрам і чуў, як біскуп сказаў памочнікам: "Пачнём са старых". Абедзве кузынкі ўзялі імя сваёй маці - Валерыя.
Абед быў позні, упрыгожаны кветкамі і садавінай доўгі стол займаў сярэдзіну вялікага зала дома Мюлераў, які і гэтым разам, як пры кожнай важнай акалічнасці ў Вільні, як у класічных трагедыях, служыў агульнай сцэнай. Спраўдзілася прымаўка "У сямі нянек дзіця …". Тры гаспадыні і тры гаспадары не далі сябе працы скласці праграму. Матыня думала пра гэта, але не магла навязваць свой погляд іншым. Не было ні музыкі, ні сустрэчы гасцей. Праўда, сустрэлі першага госця і пасадзілі яго пасярэдзіне стала, а астатнім дазволілі сядаць як заўгодна, ці як хто зможа. Я прывыкла слухацца, чакаць і падпарадкоўвацца, і па-чарзе дала магчымасць сесці ўсім, а калі засталася вольнае месца, села каля нуднага генерала Касакоўскага, быццам у выгнанні на рагу стала. А на другім канцы паміж кузынак сядзелі Адынец, Ігнат Ходзька, Збігнеў і доктар Вікшэмскі - усе тыя, з кім я заўсёды вяла такія вясёлыя і карысныя размовы! Часткова ў гэтым была і мая віна, я занадта спадзявалася на лёс, на выпадак і добрую волю іншых, але мелася і віна гаспадароў. Абед быў доўгім і не цікавым, і гэта нават не кампенсавалася пазнейшым шкадаваннем, што ўсё так склалася.
На працягу тыдня ў Вільні не засталося нікога з нашага сходу …
* Gabrjela z Guntherоw Puzynina. W Wilnie i w dworach litewskich: pamiаtnik z lat 1815-1843. Wilno, 1928. Пераклад Леаніда Лаўрэша.
73 На апошняй старонцы "Тыгодніка Пецярбургскага" № 68 за 1843 г., нехта "К.В…cki" надрукаваў станоўчую рэцэнзію на кнігу Габрыэлі Гюнтар "У імя Бога". Сярод іншага, рэцэнзент лічыў, што " паэзія графіні Гюнтар багатая думкай і гэтым шчасліва адрозніваецца ад тлумаў вершаў , багатых рознымі ўпрыгожаннямі , але беднымі на ідэі ". - цыт. па: Nowe dziela. W imie Boze. Przez Gabryele Gunther. Wilno. etc. // Tygodnik Petersburski. 1843. № 68.
74 Густаў Алізар (1798-1865), сын падчашага ВКЛ Філіпа і Людвікі са Шчытаў, вучыўся ў Крамянцы, кіеўскі губернскі маршалак шляхты ў 1821 г., арыштоўваўся па справе дзекабрыстаў, у 1831 г. інтэрнаваны ў Курску, быў родным братам жонкі Канстанціна Пшаздзецкага і дзядзькам Аляксандра Пшаздзецкага. Пакінуў успаміны, выдадзеныя ў Львове ў 1892 г.
Інфармацыйна-пазнавальная хвілінка "Размаўляй са мной па-беларуску"
13 сакавіка ў філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 1" у рамках праекта "Кожная пятніца - роднае, сваё" ладзілася інфармацыйна-пазнавальная хвілінка "Размаўляй са мной па-беларуску" для навучэнцаў ДУА "Сярэдняя школа № 6 г. Ліды імя М.Б. Куканенкі". Супрацоўнік бібліятэкі пазнаёміла прысутных з творамі вядомых беларускіх пісьменнікаў і паэтаў: Я. Купалы, Я. Коласа, П. Броўкі, М. Танка і іншых. Школьнікі з вялікай ахвотай удзельнічалі ў розных конкурсах: конкурс загадак, конкурсы "Слова ў слова", "Хто які голас падае", "Падбяры словы", віктарыне "Адгадай прадмет" і інш. Хлопчыкам і дзяўчынкам, якія вырашылі пашырыць свой слоўнікавы запас, даведацца пра нешта новае, бібліятэкар прапанавала прыняць удзел ў слоўнікавым лабірынце - перакласці словы з рускай мовы на беларускую і наадварот. Не абышлі ўвагай і беларускія казкі. Дзеці пазнаёміліся як з народнымі казкамі, так і з казкамі беларускіх пісьменнікаў. Асаблівую цікаўнасць вучні праявілі да казак У. Ягоўдзіка.
ТК "Культура Лідчыны".
Герб горада Ліды, наданы 17 верасня 1590 г.
