Папярэдняя старонка: 2026

Наша слова.pdf № 12 (221) 


Дадана: 24-03-2026,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 12 (221), 25 сакавіка 2026.

Звеставанне

Звеставаў Пан Бог Марыі

Весткай добрай са святых нябёс,

І арханёл ёй словы тыя

Аб Сыне Божым сам прынёс.


Праз плойму год зноў сакавіцкім раннем

Бог звеставаў гаротнаму народу,

Што шле яму з бяспамяцтва паўстанне,

Што шле яму дзяржаву і свабоду.


Ён дыктаваў ад вечара да рання

За словам слова граматы святой,

Каб стаўся ўсенародным Звеставаннем

Нам сакавіцкі светлы ранак той....


... Было абвешчана і сказана народу,

Што мы - Краіна, Нацыя, Дзяржава,

Што маем права мы на волю і свабоду,

Што мы на долю, шчасце маем права.


Ой, цяжка ірадам усіх чыноў і званняў

І з імем нашым нават прымірыцца,

І свет трасуць зашморганым пытаннем:

- Як смеў тут нейкі беларус з'явіцца?


А ён з'явіўся, а ён ёсць і будзе

Насуперак усім ліхім літанням,

Бо некалі ў сусветным грозным гудзе

Сам Бог паслаў нам з неба Звеставанне.

Станіслаў Суднік.

Вербная нядзеля

На Вербніцу пазбаўлюся грахоў

І з пальмавай галінкай увайду

У храм святы і велічны ізноў.

Прад святым пасадам упаду.

З пакорай я зірну на Божы твар,

Галузку вербы ў захапленні прыхіну.

Хрыстос - Сусвету цэлага ўладар,

Адкупіць хутка кожнага віну.

Зялёныя лісточкі на вярбе,

Даюць святла і міру пачуццё.

Хрыстос ахвярна аддае сябе,

Каб мы ўсе мелі вечнае жыццё.

Ствару ў душы я свой Ерусалім,

Каб Бог туды ўрачыста ўвайшоў.

Укленчу і схілюся перад Ім,

Падзякую, што Ён мяне знайшоў.

Пазбавіў усіх ран маіх і бед,

Усё грэшнае, нячыстае скарыцца.

У руках трымае велічны Сусвет,

Са сну граху дапамагае абудзіцца.

На Вербніцу пазбаўлюся правін,

На сэрцы стане лёгка, бы ад лекаў.

Як добра, што калісьці Божы Сын

Так палюбіў бясконца чалавека.

Марта БАГДАНОВІЧ.

Гонар Беларусі

Барыс, С. В.

Б43 Гонар Беларусі / Сымон Барыс.- Мінск: Энцыклапедыкс, 2026. - 572 с.: іл.

І8ВК 978-985-7340-23-1.

Выйшла новая кніга Сымона Барыса "Гонар Беларусі".

Выданне з'яўляецца працягам кнігі "Гонар і слава Беларусі", бо не ўсё тое, чым можа ганарыцца беларускі народ, трапіла ў тую кнігу. Кніга падзяляецца на 7 раздзелаў ("Родная зямля", "Шляхі зносін", "Вытокі Беларускай дзяржавы", "Змаганне за Радзіму", "Развіццё беларускай культуры і навукі", "Беларусь - турыстычная краіна", "Узнагароды і рэкорды ў Беларусі") і мае дадатак. Кожны раздзел аздоблены ілюстрацыямі.

Кніга - своеасаблівы даведнік па гісторыі Беларусі і яе помніках, а таксама па дасягненнях нашай краіны. Выданне разлічана на шырокага чытача.


I. Родная зямля


Беларусь! Узараную, дымную,

У лістоце бяроз і дубоў -

Абдымаю цябе, неабдымную,

Ты - багацце маё і любоў.

Артур Вольскі.


Беларусь


Тэрыторыя краіны - 207,6 тыс. кв. км (па плошчы 84-я ў свеце). Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2024 года -9156 тыс. чалавек. Працягласць з поўначы на поўдзень 560 км, з захаду на ўсход - 650 км. Агульная даўжыня дзяржаўных меж складае 2969 км.


Мяжа Беларусі

Краіна Працягласць, км

Латвія 172,912

Літва 678,819

Польшча 398,624

Расія 1283

Украіна 1084


Найбольшую працягласць мае мяжа з Расіяй (1283 км), найменшую - з Латвіяй (172,912 км).

Тэрыторыя краіны - раўніны і нізіны. Высокіх гор няма. Самае высокае месца ў краіне - гара Дзяржынская (да 1958 г. - Святая гара) з вышынёй 345 м над узроўнем мора.

Самая высокая пабудова ў Беларусі - тэлевышка ў Слоніме. Яе вышыня дасягае 374 м, што на 44 м вышэй за парыжскую Эйфелеву вежу.

78,4% жыхароў Беларусі - гараджане.

Дзяржаўныя мовы - беларуская і руская.


У краіне 6 абласцей, якія складаюцца са 118 раёнаў; 113 гарадоў; 109 пасёлкаў гарадскога тыпу; 24 583 сельскія населеныя пункты (вёскі, аграгарадкі, пасёлкі, хутары).


У 2014 годзе на БелАЗе выпусцілі самы вялікі самазвал у свеце. Яго даўжыня - 8,7 м, а грузапад'ёмнасць - да 500 тон. Гэтага гіганта можна ўбачыць толькі ў кар'ерах.

У Беларусі ёсць шмат радовішчаў карысных выкапняў. Самае вялікае з іх - радовішча калійнай солі пад Салігорскам. Гэта самае вялікае ў Еўропе і адно з найбуйнейшых у свеце радовішчаў калійнай солі.

Беларусь уваходзіць у лік сусветных лідараў па экспарце калійных угнаенняў, грузавых аўтамабіляў, сельскагаспадарчай, будаўнічай і камунальнай тэхнікі. Па аб'ёме валавога ўнутранага прадукту (ВУП) краіна займае 70-е месца ў свеце. Штогадовы рост эканамічных паказчыкаў складае 1,1%. Нацыянальная эканоміка Рэспублікі прадстаўлена 17 галінамі, галоўнымі з якіх з'яўляюцца апрацоўчая прамысловасць, будаўніцтва, сельская гаспадарка, транспарт і сувязь. Буйныя прадпрыемствы машынабудавання - "БелАЗ", МТЗ (Беларус) і МАЗ-з'яўляюцца вядомымі брэндамі.

Сувенірная беларуская прадукцыя - гэта папулярныя вырабы з лёну, беларуская касметыка, гадзіннік "Прамень", нёманскае шкло. Вырабы лёгкай прамысловасці экспартуюцца ў многія краіны.

У родным краі

Калі прыходзіць лета, часта жыхары Беларусі задумваюцца, куды з'ездзіць, каб адпачыць, пагрэцца на моры, пакупацца. Так, у Беларусі мора няма. Але ці горшая наша краіна ў параўнанні з іншымі краінамі? Зусім не. У нас такі ж клімат, як у Польшчы і Літве, такая ж багатая гісторыя.

Ці ведаюць беларусы і жыхары Беларусі, чым славіцца Беларусь?! Беларусь знаходзіцца на шляху з краін Усходу ў краіны Захаду, з аднаго боку, і на шляху з краін Поўначы ў краіны Поўдня - з другога. Успомніце славуты старажытны шлях "з варагаў у грэкі". Жыццё нашых продкаў на скрыжаванні гандлёвых шляхоў прыносіла ім не толькі выгаду, але і шмат бедаў і гора. Тут ваявалі паміж сабой суседнія народы і нас уцягвалі ў захопніцкія войны. Нягледзячы на гэта, мы захаваліся як народ і выжылі. Чаму? А таму, што нашым продкам дапамагалі прыродныя ўмовы.

У нас сапраўдныя чатыры пары года. Умераны клімат. Хапае вады і цяпла. Глебы, хоць і нечарназёмныя, але калі іх угнаіць, дык і на іх можна вырасціць някепскі ўраджай. У нас усяго патроху. Пагоркі, нізіны, лагчыны, балоты, азёры, рэкі і рэчкі. Палеткі, сенажаці, лес, пашы, выганы, хмызнякі.

Беларусь называюць лёгкімі Еўропы, бо 40,2% тэрыторыі краіны займаюць лясы. Менавіта таму ў нас неверагодна лёгка дыхаць, а паветра вельмі свежае нават у гарадах.

А лес які! Па такім сухім лесе, як па пяску, можна хадзіць босаму або ў тапках. Лес - гэта наша спрадвечнае багацце. Ён абагравае нас і корміць. З бярвёнаў будавалі хаты. I цяпер з лесу мы атрымліваем разнастайныя будаўнічыя матэрыялы. I лес, і нават дрыгва падчас войнаў давалі магчымасць нашым продкам схавацца ад ворагаў і выжыць у ліхалецце. З лесу мы прыносім грыбы і ягады. Палюем на звяроў і птушак. У мінулым для нашых продкаў паляванне і збіральніцтва адыгрывалі больш важную ролю, чым цяпер. А колькі ў нашых лясах ягад і пладоў! Калі іх пералічыць, дык каля дзясятка: ажыны, маліны, брусніцы, чарніцы, буякі (інакш ганаболь, буіны), суніцы, парэчкі, ірга, рабіна, каліна, журавіны. А па берагах рэчак і рэк можна збіраць лясныя арэхі. Апрача таго, у лесе растуць чарамша і зайцава капуста, якія можна есці.

У лесе нашы продкі палявалі на зайцоў, ласёў, зуброў, дзікоў і дзеля шкуры - на ваўка, лісу, вавёрку, выдру і бабра. Раней было шмат у лесе і птушак: глушэц, цецярук, курапатка, качка, мяса якіх людзі спажывалі. На межах, на пашах, на сенажацях расце шчаўе, якое ядуць у сырым і вараным выглядзе.

Нашы азёры, рэкі і рэчкі багатыя на рыбу, якую спакон веку здабывалі нашы прашчуры.

У Беларусі захавалася шмат балот. Тут самыя вялікія балоты ў Еўропе. У іх нашы продкі ратаваліся ад прышлых ворагаў і так выжывалі. Агульная плошча балот складае каля 13% тэрыторыі краіны, што складае 2,5 млн гектараў. Беларусь - гэта рэгіён Еўропы, дзе засталіся аднаўляльныя балотныя мезаландшафты. Балоты займаюць практычна 1,7 млн гектараў, якія адсарбіруюць з атмасферы велізарную колькасць вуглякіслага газу. Унікальныя і самыя вялікія балоты - Спораўскае, Сярэдняя Прыпяць, Званец, Асвейскае, Ельня, Котра, Альманскія, Казьянскае і інш.

Нявысушаныя нізінныя балоты выкарыстоўваюцца ў якасці прыродных сенажацяў. Асушаныя балоты - пад травы, гародніну, збожжавыя, тэхнічныя і сіласныя расліны, для здабычы торфу. На Беларусі тарфяныя балоты маюць запас торфу-сырцу каля 31,3 млрд куб. м. На імшыстых балотах, дзе растуць журавіны, водзяцца журавы.

Раслінаводства - адзін з асноўных напрамкаў аграпрамысловага комплексу Беларусі. Сельскагаспадарчыя культуры, якія вырошчваюцца на палях, забяспечваючы насельніцтва карыснымі прадуктамі, служаць сыравінай для вытворчасці ў харчовай, перапрацоўчай, лёгкай прамысловасці. Значная частка ўраджаю (больш за 60%) выкарыстоўваецца для патрэб жывёлагадоўлі, у першапачатковым або перапрацаваным відзе ідзе на корм для жывёлы. З усяго зямельнага фонду Беларусі (207,6 тыс. кв. км) сельскагаспадарчыя землі займаюць 8 390,6 тыс. га, што складае 40,5%:

- пад ворныя землі адведзена 5 819,6 тыс. га;

- лугавымі палямі занята плошча 2 571 тыс. га;

- дзярновыя падзолістыя глебы займаюць 58,4%;

- дзярновыя забалочаныя - 24,5%;

- тарфяныя -17,1%.

Доля зямель сельскагаспадарчых прадпрыемстваў складае 92%, сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак - 3,7% і асабістых падсобных гаспадарак - 4,3%. Найбольшую ўдзельную вагу (61%) у вытворчасці прадукцыі займаюць сельскагаспадарчыя арганізацыі, 33,6% - прыватныя падворкі, 5,4% - фермерскія гаспадаркі.

Самыя старажытныя культуры на палях і агародах - жыта, авёс, ячмень, гарох, грэчка, проса, лён, каноплі, рэпа, рэдзька, буракі, боб і фасоля. Потым прыжыліся ў нас капуста і пшаніца, а яшчэ пазней - бульба, агуркі, гарбузы, таматы, сланечнік, тапінамбур (земляная груша). Ужо 50 гадоў як паступова пашыраецца на нашых палях кукуруза. Нядаўна сталі сеяць трыцыкале і рапс. А цяпер у нашых садах некаторыя аматары вырошчваюць грэцкія арэхі, вінаград, абрыкосы, персікі, а на агародах - батат, цукіёлу і нават чырвоныя кавуны. У гэтым вялікая заслуга вучоных Інстытута пладаводства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, які знаходзіцца ў аграгарадку Самахвалавічы Мінскага раёна.

Апрача паляводства ў нас здаўна развіваецца жывёлагадоўля. У Беларусі разводзяць кароў, коней, авечак, свіней, коз, свойскіх птушак - курэй, гусей, качак, індыкоў.

А калі-некалі ў нас здараўся няўраджай (палі высыхалі або вымакалі), дык нашых людзей выручалі лес, балоты, рэкі і азёры. Толькі не лянуйся - працуй! А таму ў Беларусі не было такога галадамору, як ва Украіне і ў Паволжы. А маючы драўніну і шкуры жывёл, можна заняцца і рамяством.

Ёсць у нашай краіне і карысныя выкапні: значныя запасы торфу, граніту, гліны, калійнай і спажыўной солей; залежы нафты і бурага вугалю. Багатыя мы і на падземныя воды - мінеральныя і прэсныя. Усё гэта дае нам магчымасць выжыць.

Нельга не згадаць пра нашы маляўнічыя краявіды, сады і паркі. Славуты рускі мастак Іван Шышкін паказаў на сваіх карцінах палескія краявіды. Нездарма ў нашых гаях у траўні-месяцы ладзяць вячэрнія канцэрты салаўі, запрашаючы сябровак-салаўіх да свайго гнязда. А ў сасновым бары адлічвае людзям гады шэрая зязюля, калі яна падае свой голас шматразовым "ку-ку". Сярод усіх птушак прыжыўся ў нас сам птушыны цар - бусел з доўгімі чырвонымі нагамі. Ён клякоча ў сваім гняздзе і з бусліхай гадуе ад аднаго да трох буслянят, а ў ніжняй частцы буслінага гнязда часта жывуць дробныя птушкі, якія нібы арандуюць свае маленькія гнёзды. Буслы ўвогуле ўпадабалі Беларусь. Яны на поўначы далей этнічнай беларускай тэрыторыі не селяцца. Толькі ў апошнія гады, калі ў Беларусі асушылі шмат балотаў і клімат стаў цяплейшы, буслы гняздзяцца ў Пскоўскай і Наўгародскай абласцях, але толькі на іх поўдні - да Пскова і Вялікага Ноўгарада. Так што Уладзімір Караткевіч нездарма назваў Беларусь зямлёй пад белымі крыламі, значыць, пад крыламі белых буслоў. Трэба сказаць больш дакладна: Беларусь - гэта краіна белых буслоў (бацяноў). Бусел (бацян) - птушка, якая сімвалізуе Беларусь. Вось такой бачыцца мне наша краіна - Беларусь. Яна вартая таго, каб яе любіць і ёю даражыць. А якой яна стане ў будучыні?! Гэта ўжо залежыць ад нас. Беражыце родную прыроду!

Я звяртаюся і да самой прыроды і прашу:


Край, мой любы край!

Народу свайму памагай.


А ранняй вясной нашы сяляне запасаюцца бярозавым і кляновым сокам. Раней ён замяняў ім цукар. Таксама здабывалі мёд дзікіх пчол - займаліся бортніцтвам. А цяпер і гараджане займаюцца пчалаводствам у сваіх летніках на вёсцы. Мёд не толькі замяняе нам цукар, але ім можна і палячыцца.

За апошнія 50-60 гадоў значна змяніліся краявіды Беларусі. Шмат балот асушылі. Клімат стаў больш засушлівы. Хмызнякі і частка лесу ператвораны ў палеткі. Знішчана шмат ягаднікаў. Цяпер настаў час, калі сама прырода просіць у чалавека абароны. Мы знішчаем тое, што трэба берагчы. Знікае і вёска. Гарады і аграгарадкі разрастаюцца ў шырыню, а вёскі паступова знікаюць. І тут мы шмат чаго страчваем.

Беларускія краявіды аказалі значны ўплыў на нашу літаратуру. Класікі беларускай літаратуры (Францішак Багушэвіч, Янка Купала, Якуб Колас і іншыя) нарадзіліся і выраслі ў самых маляўнічых кутках нашай Радзімы. Родныя краявіды давалі ім натхненне. Няхай квітнее родны край!

З гэтых раздзелаў пачынаецца кніга, а каму цікава, чытайце далей у самой кнізе.

Я. Грынкевіч.

Спеў вясны

14 сакавіка на адкрытай пляцоўцы каля Аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры дзяржаўнай установы "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" (вул. Савецкая,12) у рамках праекта "Спеў вясны" для лідзян і гасцей горада народны фальклорны гурт "Талер" прадставіў пазнавальна-выхаваўчую праграму "Вясна красна на ўвесь свет".

Гледачы і госці даведаліся пра сакральную частку абраду "Гуканне вясны". Праграма ўключала майстар-класы:

- спевы песень-заклічкаў,

- веснавыя гульні і забаўкі,

- абрадавыя карагоды;

а таксама майстар-клас па вырабе папяровай птушкі.

Як кажуць:"Зробім разам! Зробім гучна".

Па завяршэнні мерапрыемства ўсіх чакаў смачны пачастунак - птушка-галушка.

ТК "Культура Лідчыны".

Галінка вярбы - знак вясны і адраджэння

22 сакавіка ў філіяле "Мінойтаўскі культурна-досугавы цэнтр" прайшло мерапрыемства "Галінка вярбы - знак вясны і адраджэння".

Так гучала тэма адкрытага паседжання аматарскага аб'яднання "Надзея", падчас якога ўдзельнікі і іх госці прынялі ўдзел у вырабе вербачкі, галоўнага знака скорага свята Вербніцы.

ТК "Культура Лідчыны".

БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

Станіслаў Суднік

Колеры, афарбоўкі і масці ў Лідзе і ў астатняй Беларусі


(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)


Афарбоўкі і масці жывёлаў

Пароды сабак


Назва Група МКФ Паходжанне

Англійскі пойнтар

7 - Харты. Вялікабрытанія

Англійскі сетар

7 - Харты. Вялікабрытанія

Англійскі спрынгер-спаніель

8 - Рэтрыверы, спаніелі і вадзяныя сабакі. Вялікабрытанія

Англійскі той-тэр'ер

3 - Тэр'еры. Вялікабрытанія

Англійскі фоксхаўнд

6 - Ганчакі і сваяцкія пароды. Вялікабрытанія

Англа-французскі малы ганчак

6 - Ганчакі і сваяцкія пароды. Францыя

Англійскі янотавы ганчак

Не прызнаны МКФ. США

Андалузскі падэнка

Не прызнаны МКФ. Іспанія

Андалузскі тракцірны пацалоў

Не прызнаны МКФ. Іспанія

Апенцэлер зененхунд

2 - Пінчары і шнаўцары, малосы, горныя і швейцарскія быдлагонныя сабакі. Швейцарыя

Аргентынскі дог

2 - Пінчары і шнаўцары, малосы, горныя і швейцарскія быдлагонныя сабакі. Аргентына

Ардэнскі буўе

1 - Сабакі-пастухі і быдлагонныя сабакі, акрамя швейцарскіх быдлагонных сабак. Бельгія

Артэзіяна-нармандскі басет

6 - Ганчакі і сваяцкія пароды. Францыя

Артуазскі ганчак

6 - Ганчакі і сваяцкія пароды. Францыя

Арубскі вясковы сабака

(Аруба-дог)

Не прызнаны МКФ. Нідэрланды

Ар'ежскі брак (Ар'ежскі пойнтар)

7 - Харты. Францыя

Ар'ежуа

6 - Ганчакі і сваяцкія пароды. Францыя


Аўсі

1 - Сабакі-пастухі і быдлагонныя сабакі, акрамя швейцарскіх быдлагонных сабак. ЗША

Аўстралійскі кароткахвосты сабака-пастух

1 - Сабакі-пастухі і быдлагонныя сабакі, акрамя швейцарскіх быдлагонных сабак. Аўстралія

Аўстралійскі келпі

1 - Сабакі-пастухі і быдлагонныя сабакі, акрамя швейцарскіх быдлагонных сабак. Аўстралія

Аўстралійскі сабака-пастух, ці аўстралійскі хілер

1 - Сабакі-пастухі і быдлагонныя сабакі, акрамя швейцарскіх быдлагонных сабак. Аўстралія

Аўстралійскі тэр'ер

3 - Тэр'еры. Аўстралія

Аўстралійскі хорт

Не прызнаны МКФ. Аўстралія

Аўстрыйскі ганчак

6 - Ганчакі і сваяцкія пароды. Аўстрыя

Аўстрыйскі брудасты брак

6 - Ганчакі і сваяцкія пароды. Аўстрыя

Аўстрыйскі пінчар

2 - Пінчары і шнаўцары, малосы, горныя і швейцарскія быдлагонныя сабакі. Аўстрыя


Афганскі хорт

10 - Харты. Афганістан


Афрыканіс

Не прызнаны МКФ. ПАР


Афрыканскі голы сабака

Не прызнана МКФ. Афрыка


Афенпінчар

2 - Пінчары і шнаўцары, малосы, горныя і швейцарскія быдлагонныя сабакі. Германія


Баварскі горны ганчак

6 - Ганчакі і сваяцкія пароды. Германія


Бакхмуль

Не прызнаны МКФ. Афганістан


Банджарскі хорт

Не прызнаны МКФ. Індыя


Барбет

(французскі вадзяны сабака)

8 - Рэтрыверы, спаніелі і вадзяныя сабакі. Францыя

Басенджы

5 - Шпіцы і прымітыўныя пароды. Цэнтральная Афрыка


Баскская аўчарка

Не признана МКФ. Іспанія

(Краіна Баскаў)


Басет-хаўнд

6 - Ганчакі і сваяцкія пароды. Англія


Батакскі шпіц

Не прызнаны МКФ. Інданезія


Бедлінгтон-тэр'ер

3 - Тэр'еры. Вялікабрытанія


Белая швейцарская аўчарка

1 - Сабакі-пастухі і быдлагонныя сабакі, акрамя швейцарскіх быдлагонных сабак. Швейцарыя, ЗША


Бельгійская аўчарка

1 - Сабакі-пастухі і быдлагонныя сабакі, акрамя швейцарскіх быдлагонных сабак. Бельгія


Бельгійскі грыфон

9 - Дэкаратыўныя і сабакі-кампаньёны. Бельгія


Бельгійскі масціф

Не признаны МКФ. Бельгія


Бергамская аўчарка (бергамаска)

1 - Сабакі-пастухі і быдлагонныя сабакі, акрамя швейцарскіх быдлагонных сабак. Італія


Бернскі ганчак

6 - Ганчакі і сваяцкія пароды. Швейцарыя


Бернскі зененхунд

2 - Пінчары і шнаўцары, малосы, горныя і швейцарскія быдлагонныя сабакі. Швейцарыя


Бівер ёркшырскі тэр'ер

Не прызнаны МКФ. Германія


Бігль

6 - Ганчакі і сваяцкія пароды. Вялікабрытанія

(Працяг у наступным нумары.)

Згукі Дня беларускага пісьменства ў Лідзе

У ЦЯНІ ЗАМКА ГЕДЫМІНА

Успаміны дзяцінства*

Я. Ярмант

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Казалі, што пані Багдзевіч была закаханая ў пана Міхневіча, але магчыма, гэта былі толькі выдумкі.

Сотні вучняў прайшлі праз нашу школу; дзясяткі настаўнікаў імкнуліся перадаць ім свой досвед і веды. Аднак дзіўна, што ніхто з іх не звярнуў нашу ўвагу на пышныя замкавыя руіны, размешчаныя літаральна на другім баку вуліцы. Ніхто не распавёў вучням легенду пра дзве хвоі пад сцяной замка, якія насамрэч былі не хвоямі, а зачараванымі князёўнамі - дочкамі князя Гедыміна. Яны шмат стагоддзяў чакаюць, калі іх вызваляць ад чар. І яшчэ казалі, што апоўначы па надрэзах на ствалах тых хвой сцякала людская кроў, аднак мы так ні разу не схадзілі туды ўначы, каб пераканацца ў гэтым самім.

А князёўны ўсё чакалі і клікалі сваіх вызваліцеляў. Я ўяўляю, як яны клічуць:

- Прыйдзіце да нас! Мы чакаем вас!

І аднойчы ўначы раздаўся працяглы гук і здрыганулася зямля. У замку з-пад зямлі выйшаў атрад сярэднявечных рыцараў з князем Гедымінам на чале. Я сама іх бачыла. Усе мураваныя хаты ў горадзе разбурыліся ад гэтага штуршку. Доўжыўся ён усяго некалькі секунд і зноў стала ціха. Зніклі хвоі - літоўскія князёўны, не засталося следу ад школы - яна зраўнялася з зямлёй і была пакрыта ходнікавымі плітамі, нібы надмагіллямі.

Толькі замкавыя сцены працягваюць стаяць і глядзець на новыя, раптам выраслыя будынкі, зусім не падобныя на старыя, на іншы горад і новых яго жыхароў.

Раздзел IX

І адпусці нам грахі нашы,

Як і мы адпускаем вінаватым нашым.

Пра пачатак вайны я даведалася ад сястры. У адзін выдатны сонечны дзень пасля абеду яна ўбегла на кухню і крыкнула:

- Вайна пачалася!

З выразам жаху на твары яна чамусьці пачала ліхаманкава мыць ногі ў тазе. Маёй першай рэакцыяй была радасць. Перад вачамі замігацелі разнастайныя ваенныя эпізоды, вычытаныя ў адной з кніг І. Крашэўскага. Асабліва захапляльным было апісанне начнога пераходу праз фронт у непрыяцельскі тыл. Я ў той момант забылася, што ў кнізе геройскія ўчынкі здзяйсняў хлопчык, а не дзяўчынка, якая баіцца цемры і не можа заставацца ў хаце адна.

Незалежна ад нашых рэакцый на тую навіну, ні я, ні мая сястра не мелі ні найменшых адносін да гэтай падзеі. Вайна была нам навязана. Нам была прызначана роля бязмоўных жывёлаў, якія пераследваюцца і абхоплены панічным страхам. Усе чагосьці баяліся. Адны вывазу ў Сібір, іншыя арышту і турмы, некаторыя смерці, і ўсе асцерагаліся голаду.

Дзіўная рэч вайна. Яна страшыла, але не дзівіла нас. Калі ў мірны час чалавек забівае іншага чалавека, яго судзяць і караюць нават смяротным пакараннем, смерцю. Наадварот, калі пачынаецца масавае забойства, якім з'яўляецца любая вайна - пакаранне нясе толькі пераможаны.

Па маім меркаванні не вытрымлівае крытыкі надуманы падзел войн на захопніцкія і абарончыя. У рэчаіснасці існуе толькі падзел на моцных і слабых. Агрэсарамі заўсёды становяцца моцныя, а абараняюцца слабыя. У гісторыі здаралася, што агрэсары і тыя, хто абараняўся, з часам мяняліся месцамі, калі слабыя станавіліся моцнымі і наадварот. "Чалавек - гэта гучыць ганарова" - праўда гэта, ці іронія?

Войны з іх бессэнсоўнымі масавымі забойствамі сталі настолькі звычайнай з'явай, што ўдзел у іх ушанаваны як гераічны ўчынак, забойцаў звалі героямі, а самі войны ўсхваляліся выбітнымі пісьменнікамі. "Мужна стаяў у баі", - чытаем у трылогіі Г. Сянкевіча, цалкам забываючы пра адну справядлівую на мой погляд рэч, якую можна выказаць так: "Забіваў незнаёмых людзей, якія асабіста яму нічога дрэннага не зрабілі".

Агрэсія з'яўляецца неад'емнай рысай чалавечай культуры, прычым да такой ступені, што духоўныя асобы таксама саступаюць ёй, ці не маюць адвагі ёй супрацьстаяць. Нават хрысціянская рэлігія распаўсюджвалася з дапамогай мяча і крыжовых паходаў. Ствараецца ўражанне, што ў рэчаіснасці ніхто не баіцца нябеснага суда, абцяжарваючы сябе найстрашэнным з грахоў - забойствам.

Прыметы блізкай вайны з'явіліся ў Лідзе яшчэ да яе пачатку. Нас вучылі правільна наляпляць палоскі паперы на вокны, каб шыбы не лопаліся падчас бамбёжак. Усюды віселі лозунгі, закліканыя паднімаць дух народа: "Моцныя, згуртаваныя, гатовыя". Па радыё час ад часу перадавалі заклікі ўносіць грошы ў Фонд народнай абароны. З тых часоў, як цётка Маня з мужам і дзвюма дочкамі пасяліліся ў нас, у хаце з'явілася радыё. Яны вярнуліся ў Ліду з Нясвіжа і чакалі магчымасці пасяліцца ў Расляках у роднай хаце цёткі і мамы. Радыё значна ўзбагаціла наша штодзённае жыццё. Гэта з гэтай скрыні я пачула розныя чароўныя мелодыі, напрыклад, з аперэты "Вадзяная дзяўчына" (Русалка) і паварочвалася да апарата, як толькі чула першыя акорды.

У тыя дні напярэдадні вайны па радыё перадавалі бадзёрыя перадачы. Не спыняліся запэўніванні ў гатоўнасці да адпору ворагу і цярпення. Сапраўды многія жанчыны натхнёныя патрыятызмам, аддавалі на абарону свае ўпрыгожванні і нават вясельныя пярсцёнкі. Адна харцэрка аддала свой барэт з лілеяй, сказаўшы пры гэтым, што зараз яна зможа хадзіць з высока паднятай галавой.

Наша харцэрская дружына арганізавала акцыю ў дапамогу параненым жаўнерам у шпіталях. Мы звярталіся да людзей з просьбай даваць цёплыя шкарпэткі і папяросы. Я хадзіла ад хаты да хаты, і людзі давалі па некалькі папярос. У глыбіні душы пачувалася трохі абражанай, паколькі ў іншых раёнах людзі былі больш шчодрымі.

Аднойчы да нас забег Чэсік з падпіскай на ахвяраванні ў карысць радзімы. Мы вырашылі, што самай карыснай рэччу для салдатаў будзе наш мужчынскі ровар.

За некалькі гадоў да вайны бацька ў якасці дасягнення свайго працоўнага жыцця купіў два ровары - мужчынскі і жаночы. Улетку бацькі разам з пані Клышейка арганізоўвалі роварныя вандроўкі. Захаваліся групавыя фатаграфіі з гэтых паездак. Доўгімі восеньскімі вечарамі бацька даглядаў тэхніку. У кухні ён разбіраў ровары на часткі і перамываў іх у газе. Я заўсёды дзівілася, як яму ўдаецца разабрацца ў мностве гэтых загадкавых дэталяў. Асабліва падабаліся мне срэбныя шарыкі, якія бацька зваў шарыкападшыпнікамі. Пасля зборкі ровары падвешваліся да столі ў каморцы, каб не псаваліся апоны.

І вось у цяжкі для краіны момант бацькі без ваганняў аддалі мужчынскі ровар для польскага войска. Чэсік паспешна выкаціў ровар на вуліцу, і мы яго больш ніколі не ўбачылі. Не аднойчы задумваліся над яго лёсам. Асабіста я падчас вайны не бачыла салдатаў, ездзіўшых на роварах. Мы дапускалі, што наш ровар так і не спатрэбіўся войску і хутчэй за ўсё быў кінуты дзе-небудзь у канаве. Я адчувала шкадаванне ў галасах бацькоў, калі яны казалі пра гэта, і мне было іх шкада.

Паведамленне сястры пра пачатак вайны аказалася праўдзівым. Назаўтра раніцай над Лідай з'явіўся самалёт. Ён ляцеў павольна і вельмі высока. Яго мерны гучны гуд прыцягнуў усеагульную ўвагу. Мы не ведалі, чый гэта самалёт. Дапускалі, што гэта могуць быць манёўры. Сітуацыя праяснілася, калі на ўскраіну горада звалілася першая бомба. Тады мы пераканаліся, што гэта нямецкія самалёты, ад якіх трэба хавацца. Ніякай сурацьпаветранай абароны не існавала, не было бамбасховішчаў. Я шукала хованку пад высокім плотам Яхкі. У недалёкай будучыні нам дпвялося даведацца, што такое сапраўдныя масавыя налёты. Бомбы падалі са страшным віскам, які паралізаваў волю і, здавалася, кожная з іх ляціць на нашы галовы.

Аднойчы раніцай горад абляцела вестка, што ў Ліду ўступілі рускія войскі, сустрэтыя на ўскраіне горада габрэямі хлебам-соллю. Мама сцісла пракаментавала:

- Габрэі гатовыя хоць чорта вітаць, толькі б не прыйшлі немцы.

У сярэдзіне жніўня 1939 г. бацьку прапанавалі месца машыніста на чыгунцы. Пасля гэтулькіх гадоў адсутнасці сталай працы мы ўспрынялі гэтую прапанову з радасцю і надзеяй на лепшае жыццё. Памятаю, як быў узбуджаны бацька, калі рыхтаваўся да першай пасля вялікага перапынку паездкі на паравозе. Звычайна марудлівы і стрыманы ён прыкметна хваляваўся. Памятаю, выйшаў з хаты, потым вярнуўся па цёмныя акуляры, якія павінны былі дапамагаць глядзець удалячынь. Надвор'е было добрае, сонечнае, я стаяла ў двары разам з іншымі дзецьмі. Разумела, што бацька павінен быў зрабіць што-сьці цяжкае і вельмі важнае для ўсіх нас. Не ведалі, што наша радасць будзе нядоўгай, і гэта атрыманне працы акажацца проста іроніяй лёсу.

Вайна нікому не дапамагала з працай. У выпадку з бацькам дадалася яшчэ і пагроза для жыцця. Падчас нямецкай акупацыі партызанка ў нашай акрузе, ваюючы супраць немцаў, адначасова ваявала супраць абслугі таварных цягнікоў, асабліва небяспечна было працаваць на лакаматыве. Падрываючы цягнікі з немцамі ці баявой тэхнікай, якая ідзе на фронт, партызаны ахвяравалі жыццём мясцовых людзей, якія працавалі на гэтых паравозах.

Такі быў лёс беднага чалавека. Перад вайной адсутнасць працы, а значыць сродкаў для жыцця, падчас вайны - праца пад сталай пагрозай для жыцця. І ўсё таму, што хрысціянскія народы не адмовіліся ад вайны, не адмовіліся ад імкнення панаваць над іншымі народамі.

У таты быў сябар Аляксандр Цяслюк. Спачатку я ведала яго толькі па гутарках, якія бацькі вялі паміж сабой у маёй прысутнасці. Ён жыў у глыбіні нашага Зарэчча, меў жонку і двух сыноў. Незадоўга перад вайной ён здолеў пабудаваць сабе маленькую хатку, якая каштавала 1000 злотых (ці каля 10 месячных зарплат майго бацькі). Я прыходзіла ў гэтую хатку, калі збірала папяросы для салдатаў у шпіталі.

Мне запомнілася, што праца пана Цеслюка складалася ў лазенні на электрычныя слупы, значыць, ён, напэўна, быў электраманцёрам. З ім асабіста я пазнаёмілася падчас вайны, калі ён стаў памочнікам машыніста і працаваў разам з бацькам. Мы тады ўжо жылі ў іншай хаце - № 13. У чаканні бацькі ён садзіўся на кухні каля сцяны, і пакуль тата збіраўся, яны перакідваліся жартамі. Тата, напрыклад, пакепліваў над яго белым шалікам, які на рабочай вопратцы выглядаў даволі дзіўна. Пан Цяслюк быў грузным мужчынам з чырвоным тварам і ростам вышэй за бацьку. З пункту гледжання тэмпераменту яны ўзаемна дапаўняліся. Пан Цяслюк у адрозненне ад бацькі быў гаманкім, рэзкім і запальчывым чалавекам. Мой тата больш маўчаў, адрозніваўся спакоем і сарамлівасцю.

У глыбіні душы я была задаволена гэтымі прыходамі, пан Цяслюк дабратворна дзейнічаў на мяне, і як мне здавалася, на майго тату. Здавалася, у яго прысутнасці бацьку будзе спакайней і бяспечней, ва ўсякім разе прыемней ісці цёмнымі вуліцамі. Я цешылася, што яны сыходзяць разам.

Пані Цяслюк не імкнулася падтрымліваць сяброўскія адносіны з маёй мамай. З гутарак бацькоў я зрабіла выснову, што яна не была шчаслівая са сваім мужам. За яго хворай маці патрабаваўся сталы догляд, пані Цяслюк абурылася і прымусіла мужа зрабіць выбар паміж маці і жонкай:

- Вырашай, ці я, ці твая маці. Далей нам нельга жыць пад адным дахам.

Сітуацыя гераіні з драмы Карнелія "Сід" - Імены - была такой жа, калі яна была змушана выбіраць паміж каханым і бацькам. Гэты выпадак дзівіць мяне, як праява сталасці чалавечых праблем. Пан Цяслюк не паслухаў сваю жонку, і яна ад яго сышла. Але лёс злучыў іх у другі раз пасля смерці маці. Варта адзначыць, што пані Цяслюк была незвычайнай жанчынай. Яна належала да тых "выбранніц лёсу", якія ўпэўнены, што атрымліваюць ад жыцця менш, чым заслугоўваюць.

Чалавечыя амбіцыі бываюць рознымі. Адны з малых гадоў імкнуцца дасягнуць матэрыяльнага дабрабыту. Іншыя шукаюць славы на артыстычнай ніве. Трэція імкнуцца да далёкіх вандраванняў, ці да працы на акіянскіх караблях. Напрыклад, малодшы сын пані Цяслюк марыў стаць мараком далёкага плавання, хоць у дзяцінстве ніякіх кантактаў з морам не меў і бацька нават адгаворваў яго ад падобных жаданняў. Аднак пасля вайны хлопец усё-такі дамогся свайго, стаў мараком, даказаўшы тым самым сілу свайго характару.

Пані Цяслюк з'явілася на свет з упэўненасцю, што яна выпадкова апынулася ў нашым асяроддзі і павінна належаць да вышэйшага грамадства. Аднак яна не паказала дастатковай настойлівасці, каб атрымаць адукацыю ці выйсці замуж за чалавека, які ўвёў бы яе ў адпаведнае грамадства. У той час прыемны выгляд і прыроджаная элегантнасць яшчэ не былі гарантыяй для ажыццяўлення такой мары. Але пасля вайны, страціўшы мужа, яна ўсё-такі свайго дамаглася - выйшла замуж за адстаўнога пракурора. Такі ж тып амбіцыйнай жанчыны з'явіўся ў нашым блізкім асяроддзі ў асобе нявесткі пана Станіслава Клышэйкі. Хата, у якой жыла пані Клышэйка, была уласнасцю трох братоў: Яна, Адольфа і Станіслава. Самы старэйшы - Ян быў яе мужам, Адольф займаў маленькі пакойчык з боку гароду. Ён займаўся гэтым гародам і любіў выпіць з сябрамі. Усе яго клікалі "Дзядзькам Долям", так яго пачалі зваць субутэльнікі, імкнучыся суцешыць чалавека ў яго халасцяцкім жыцці. Станіслаў разам з жонкай, сынам і дачкой жыў у правай палове хаты. Я не памятаю ні Яна, ні Станіслава, з трох братоў толькі Адольф дажыў да пачатку вайны. Сын Станіслава Эдвард і дачка Анеля валодалі артыстычнымі здольнасцямі. Я сама бачыла, як пані Анеля на звычайным лісце паперы простым алоўкам малявала па памяці групу дзяцей на санках. Па маім меркаванні малюнак быў выдатным. Нажаль, гэтых здольнасцяў яна не развівала.

Я сустрэлася з ёй пасля вайны ў Познані. Яна жыла з хворай маці ў жудасным бараку. Увесь тыдзень, які я правяла ў Познані, яна прымала мяне на начлег і ўладкоўвала на стале, які стаяў пасярэдзіне адзінага пакоя. Яе брат Эдвард перад вайной вучыўся ва ўніверсітэце на мастацкім факультэце, пасля вайны скончыў факультэт біялогіі. Акрамя гэтага ён выдатна граў на цымбалах. Гэты адукаваны і таленавіты мужчына з заможнай хаты ўзяў у жонкі Сюзану з вёскі Бутрыманты - прыгожую бландынку з блакітнымі вачамі і круглым тварыкам. Яна належала да тыпу жанчын, якія мелі пра сябе занадта высокае меркаванне і жадалі быць вышэй свайго асяроддзя. Ёсць народная прыказка: "Нарадзілася пані, але Бог панства не даў". У выпадку з пані Сюзанай яе амбіцыі былі здаволены спачатку выгодным замужжам, потым адпаведнай пасадай.

* * *

З сямействам Цяслюкоў звязана адно смешнае здарэнне. Было гэта ўжо пасля вайны ў Шчэціне, дзе мы разам пасяліліся. Мае бацькі вырашылі адсвяткаваць 25-годдзе сумеснага жыцця і запрасілі найбліжэйшых сяброў і суседзяў. Госці сабраліся, а Цеслюкоў усё не было. Занепакоеныя, мы пайшлі да іх на іншы канец горада. Да нашага вялікага здзіўлення пан і пані Цеслюкі сядзелі ў святочнай адзежы і драмалі ў крэслах, чакаючы нас. Яны лічылі, што юбіляры павінны былі прыйсці і асабіста адвесці іх да сябе ў госці. Хто б чакаў, што людзі з аднаго асяроддзя могуць мець такія розныя погляды на прыстойнасць. Праз тры гады пасля смерці бацькі пан Цяслюк з'ехаў з сям'ёй у Гдыню, і яго след згубіўся.

* * *

Я ўжо згадвала, што пана Адольфа Клышэйку сябры звалі "Дзядзька Доля". Памяншальна-ласкальныя імёны былі ў нас вельмі распаўсюджаны. У той час я не ведала, што мужчынскія імёны ў нас вымаўляюць па-беларуску, напрыклад: Метак - Мечка, Чэсік-Чэська, Эдвард - Эдзік, Пятрусь - Пятро, Павел -Паўлуша.

Сына пані Якімавай Аляксандра звалі Лёлек. Ён быў прыемным бландынам з лёгкай касавокасцю. Гэты маленькі дэфект правакаваў сяброў зваць яго Касым (нічога не паказвала на тое, што з яго вырасце такі прадстаўнічы мужчына). Ён хадзіў у рамесную школу разам з Бронакам Клышэйкам і Чэсікам Цітавіцкім. Але сапраўдную мянушку, не звязаную з выглядам меў толькі мой брат, як і належыць сапраўднаму атаману. Ніхто не зваў яго інакш, чым "Фірма". Брата зусім не крыўдзіла гэтая мянушка, ён успрымаў яе, як належную. Я думаю, што магу прасачыць паходжанне гэтай мянушкі: Фірма - Ірма- Ірмантовіч - Ярмантовіч. Брат не хацеў і не мог выказваць прэтэнзій з гэтай нагоды, тым больш што ён быў адзіным хлопцам, які меў такую арыгінальную мянушку.

Раздзел X

1939-1940 навучальны год я пачынала ва 2-ім класе дзяржаўнай гімназіі імя Караля Хадкевіча ў Лідзе. Так атрымалася таму, што мама ў адказ на мае настойлівыя просьбы пахадайнічала пра перавод мяне туды з Купецкай гімназіі піярскага манастыра, дзе я правучылася адзін год.

Я нічога не мела супраць гэтай гімназіі, яе настаўнікаў, ці навучальных дысцыплін, такіх як рахаўніцтва, таваразнаўства, арганізацыя і рэклама гандлю. Усе прадметы самі па сабе былі цікавымі і вартымі вывучэння. Ад той вучобы ў мяне засталіся навыкі каліграфічнага пісьма, якія пазней не раз спатрэбіліся, і навыкі хуткага лічэння. Між іншым, нам давалі заданні практыкавацца ў хуткім лічэнні, ужываючы ўяўнае складанне лічбаў да дзесяці.

Не палохалі мяне і парадкі ў той гімназіі, хоць яны былі больш суровымі, чым у дзяржаўных школах. У дзяржаўных гімназіях навучанне вялося сумесна, у той час як у Купецкай хлопчыкі і дзяўчынкі займаліся ў асобных будынках з розных бакоў касцёла і не мелі права сустракацца ці разам паказвацца на вуліцы! Мой брат вучыўся ў той жа гімназіі ў адзін час са мной. Калі мне трэба было перадаць яму бутэрброд, то даводзілася гэта рабіць употай праз плот, які падзяляў два ўчасткі за касцёлам. Адзінае, што мне не падабалася, дык гэта занадта кароткі тэрмін навучання - тры гады.

Уся мая школьная адукацыя праходзіла досыць неардынарна і пад уплывам двух раўназначных і ўзаемна допаўняльных фактараў. Па-першае, гэта рашэнні маёй мамы, якім у дзяцінстве я цалкам падпарадкоўвалася. Па-другое, пазней - мае ўласныя рашэнні, якія, аднак, складаліся пад уплывам выпадковых акалічнасцяў.

Так, калі мне споўнілася сем гадоў, бацькі вырашылі, што я буду паступаць адразу ў другі клас. Я не ведаю прычын такога незвычайнага рашэння. Я ніколі не вылучалася асаблівымі здольнасцямі ці вылучнай памяццю. Вучоба заўсёды была для мяне цяжкай працай. Прымаючы такое рашэнне, бацькі, мабыць, улічвалі маё ранняе авалоданне ўменнем чытаць і пісаць. Да першага ў маім жыцці іспыту мяне падрыхтавала сястра. Такі пераскок праз першы клас меў важныя наступствы. Мае аднагодкі Тэся і Метак пайшлі ў першы клас. А для мяне зэканомлены год, улічваючы вайну, якая насоўвалася, і некалькі страчаных для вучобы гадоў у канчатковым выніку меў велізарнае значэнне.

Пасля таго як я скончыла 6-ты клас пачатковай школы № 5 імя Людвіка Нарбута, бацькі ў выніку доўгіх абмеркаванняў і кансультацый накіравалі мяне ў трохгадовую прыватную Купецкую гімназію. Яны кіраваліся чыста практычнымі меркаваннямі. Пасылаючы ўжо трэцяе сваё дзіця ў сярэднюю прафесійную школу, яны хацелі забяспечыць яму магчымасць як мага хутчэй стаць самастойным. Нажаль, праз хуткі час набраў сілу другі фактар маіх учынкаў - моцная цяга да навукі, да самага працэсу атрымання ведаў. Яна абудзілася ў мне вельмі рана. Памятаю была яшчэ такой маленькай, што не даставала галавой да стала ў спальні, дзе засяроджвалася наша тагачаснае сямейнае жыццё, а ўжо вырашыла для сябе, што павінна навучыцца чытаць гэтак жа добра, як і мае сваякі. Я падсвядома адчувала, што без умення чытаць магчымасці спазнання свету будуць абмежаваны.

Калі я пачала вучыцца ў Купецкай гімназіі, ізноў дало пра сябе ведаць маё даўняе імкненне да навукі. Яно станавілася ўсё мацней і не давала мне супакою. Я не хацела ні самастойнасці, ні працы ў гандлі. Прыгнятала думка, што мая адукацыя падоўжыцца толькі тры гады. Будучыня пасля заканчэння Купецкай гімназіі ўяўлялася нейкай пустэчай, якую не ведала як запоўніць.

Цягнула да сябе дзяржаўная гімназія імя Караля Хадкевіча. Вучоба ў ёй бачылася ў самых ружовых танах. Спачатку чатыры гады, а потым яшчэ два гады ў ліцэі ў тым жа будынку, без неабходнасці з'язджаць з роднага горада і ад сям'і. Акрамя таго мяне прыцягвалі гуманітарныя дысцыпліны. Спакуса вярталася зноў і зноў, пакуль я не выказала гарачае жаданне перайсці ў агульнаадукацыйную гімназію.

Тут можа паўстаць пытанне, чаму я звярнулася з гэтай праблемай да мамы, а не да бацькі? Ці любіў мяне бацька менш за маму? Ці, можа, не захацеў бы мне дапамагчы? Ці я асцерагалася, што не зразумее мяне? Не! Не! Не! Я не звярнулася з гэтай праблемай да бацькі, таму што адчувала - ён не з'яўляецца чалавекам дзеяння. Падсвядома я разумела, што тата "прымаў усе грымасы лёсу з поўным спакоем", пакорліва ім падпарадкоўваючыся. Ён ніколі не ўступаў у барацьбу з "акалічнасцямі, якія мог змяніць". Гэта зыходзіла з прыроджаных рыс характару, якія былі мацней за яго: ці то з прыроднай сціпласці і залішняй уражлівасці, ці іншымі словамі, нясмеласці. Можа быць, ён не валодаў таксама прыроджаным дарам разумення таго, што ён можа змяніць, а што не. Як я яго разумела! Разумела таму, што ўспадкавала ад яго тую ж нясмеласць.

Мама ў адносінах арыентацыі ў жыццёвых акалічнасцях была выдатным дадаткам бацьку. Яна ўмела не толькі спакойна ўспрымаць усе жыццёвыя калізіі, але самае галоўнае, валодала дасканалым пачуццём таго, што можна змяніць, а што нельга. Яна валодала той прыроджанай мудрасцю, аб якой моляцца людзі па ўсім свеце. З той хвіліны, калі яна ведала, што "можна змяніць", у яе хапала энергіі гэта зрабіць. Таму часта тое, што бацьку здавалася немагчымым, для яе станавілася рэальнасцю.

Па гэтай прычыне я звярнулася менавіта да яе і яна ўладкавала мой перавод у дзяржаўную гімназію імя Караля Хадкевіча - у другі клас.

Нечакана на першай жа лекцыі я сустрэла майго настаўніка нямецкай мовы з Купецкай гімназіі - пана Сямінскага. Ён мяне таксама пазнаў і ласкава прывітаўся. У знак прызнання маіх заслуг, ён даручаў мне правераць хатнія заданні вучняў. Пан Сямінскі выкарыстоўваў арыгінальны метад навучання, які я таму і запомніла. Яго навучальныя дапаможнікі ў выглядзе табліц, якія ілюструюць скланенне і змяненне былі вельмі папулярнымі, і ўжываліся іншымі настаўнікамі замежных моў. Аднак асаблівасцю метаду гэтага выкладчыка з'яўляўся дазвол вучням надпісваць алоўкам польскі пераклад нямецкага тэксту ў кнізе. Звычайна настаўнікі забаранялі такое "забруджванне" падручніка, лічачы гэты спосаб вывучэння мовы недастаткова эфектыўным. А пан Сямінскі сцвярджаў, што надпісваючы пераклад над арыгінальным тэкстам, мы такім чынам выкарыстоўваем зрокавую памяць для больш хуткага запамінання слоў. Не ведаю, як у далейшым склаўся лёс гэтага настаўніка.

З іншых настаўнікаў Купецкай гімназіі я добра запомніла пана Брыльскага - настаўнікі польскай мовы, і пані Бузираву. Гэта была прыгожая жанчына ў гадах, брунэтка, сярэдняй поўнасці. Мы, яе вучні моцна дзівіліся, калі яна падчас лекцыі не бачыла, што адбываецца ў класе. Вучаніцы, якія сядзяць за далёкімі партамі, напрыклад, Галіна Кульбіцкая маглі без усякай асцярогі глядзець падчас адказу ў адкрытую кнігу. Я таксама заўважыла, што чытаючы на карце геаграфічныя назвы, пані Бузірава вельмі блізка набліжала да яе вочы, ледзь не дакранаючыся карты носам.

Казалі, што ў яе закахаўся малады настаўнік, пан Янушык, які навучаў нас тэхніцы і рэкламе гандлю. Памятаю, як на канцэрце класічнай музыкі, які праходзіў у кінатэатры і куды мы прыйшлі ўсёй школай, гэты настаўнік гучна праспяваў менуэт Бетховена. Гэта, несумнеўна, сведчыла пра яго музычнасць. Ніхто з нас тады не ведаў, што праз некалькі гадоў гэты кінатэатр будзе ляжаць у руінах, слухачы канцэрту разляцяцца ў розныя бакі, а пан Янушык хоць і застанецца ў Лідзе, стане адной з ахвяр вайны.

Вестка пра яго трагічную гібель глыбока патрэсла мяне. Было горка ад гэтай бессэнсоўнай жорсткасці лёсу. Казалі, што яго выпадкова забілі партызаны, калі абстрэльвалі машыну, у якой ён ехаў праз лес па службовых справах. Я ўсім сэрцам спагадала пані Бузіравай, з якой пан Янушык звязаў сваё жыццё і якая засталася без таго, каго кахала. Мне было яе вельмі шкада. Яны абодва пакінулі ў маёй памяці мілыя ўспаміны.

Пасля заняцця горада савецкімі войскамі, наша гімназія ператварылася ў дзесяцігадовую школу з беларускай мовай навучання. Большасць даваенных настаўнікаў пакінутых у школе, карысталася рускай мовай. Прыехаў новы дырэктар, здаецца, з Мінска. Ён таксама гаварыў па-руску, ва ўсякім разе, гэта нельга было назваць літаратурнай беларускай мовай.

Памятаю, як аднойчы ён тлумачыў моладзі, чаму ў Савецкім Саюзе існавала толькі адна палітычная партыя:

- Капіталістычныя краіны вінавацяць Савецкі Саюз у тым, - казаў ён, - што ў нас існуе толькі адна палітычная партыя. У іх жа дзейнічае неабмежаваная колькасць партый, што лічыцца праявай дэмакратыі. А навошта нам шмат партый, калі саюз працоўных і сялян, які змацоўвае два блізкія класы, уяўляе сабою адзінства мэт і задач? Навошта нам іншыя партыі?

Ён казаў гэта з нейкай пераможнай усмешкай, як быццам яго тлумачэнне было дзіўна простым і ясным.

Новая настаўніца, таксама прыбылая з Савецкага Саюза - русістка Марыя Навумаўна - выкладала ў старэйшых класах. Сястра казала, што яна была строгай, але на заключным іспыце дапамагала ўсім вучням.

Адзіным настаўнікам, які здзівіў мяне валоданнем беларускай мовы, па маім перакананні, дасканалым, быў вельмі малады настаўнік, габрэй, Навум Галямполь. Як цяпер яго памятаю - чорны, прыгожы, з манерамі ўпэўненага ў сабе чалавека. У той жа час відаць было, што ён паходзіў з найбяднейшых пластоў грамадства. Ён вучыў нас геаметрыі, але аднойчы пачаў дыскусію на тэму пра існаванне Бога. Абмен меркаваннямі быў настолькі ажыўленым, што мы, вучні, нагадвалі зграю, напаўшых на яго сабак. Нават я паддалася рызыцы дыскусіі, пазабываўшы пра сваю нясмеласць. У нейкі момант выгукнула, зрываючыся з лавы.

- Бог добры! Бой ніколі не карае!

Голямполь з трыумфальным выразам на твары адбіваў нашы напады як дасведчаны футбаліст мячы. І гэтым разам ён з'едліва запярэчыў:

- О, не! Бог таксама карае, калі трэба!

Я б яму не паверыла, калі б мае таварышы таксама не прызналі маё меркаванне хібным. Я адразу ж здалася і больш нічога не казала. Трэба прызнаць, што мы тады не маглі раўняцца з ім па разумовым развіцці і не заўважалі лагічных памылак у яго развагах. Прызнаючы, што Бог насылае на людзей кару, ён тым самым прызнаў і яго існаванне.

Калі ўспомніла таварышаў, то павінна адзначыць, што з адкрыццём школы на новых умовах, у яе хутка ўлілася габрэйская моладзь. Перад вайной у нашых сярэдніх школах часам трапляліся вучні Маісеевай веры, але яны паходзілі хутчэй за ўсё з самых багатых сем'яў. Зараз жа ў школу лінула цэлая хваля, нібы вада праз адкрытыя шлюзы. Адзін габрэй, седзячы са мной за адной партай распавядаў мне аднойчы, як выглядала навучанне ў прыватных габрэйскіх школах.

- Настаўнікі залежалі ад платы за наша навучанне, таму спускалі ўсе нашы выхадкі, - казаў ён. - У той жа час мы па гэтай жа прычыне лічылі, што можам не занадта намагацца ў вучобе і дазвалялі сабе розныя выкрунтасы. Маглі, напрыклад, падчас уроку разлегчыся на апошняй парце. Мы моцна назалялі сваім настаўнікам.

Памятаю, як я дзівілася лінгвістычным здольнасцям габрэйскай моладзі. Некаторыя карысталіся рускай мовай зусім вольна. Ведаючы пра тое, што некаторыя багатыя габрэйскія сем'і перад вайной казалі хаты па-руску, я спытала аднойчы ў сваёй аднакласніцы-габрэйкі:

- Скажы, вы хаты кажаце па-руску? Адкуль ты так добра ведаеш гэтую мову?

- Ды не, - адказвала тая, - часам мы казалі па-польску, а так толькі па-габрэйску.

Не было прычынаў ёй не верыць.

(Працяг у наступным нумары.)

* Е. Ярмонт. В ТЕНИ ЗАМКА ГЕДЕМИНА. Воспоминания детства. Лида, 1995.

Лідзянка Каміла Юрэвіч з Нарбутаў - наша першая феміністка

Лаўрэш Леанід

Пісьменніца XIX ст. з Лідчыны Каміла Юрэвіч з Нарбутаў (~1815-1881), якая жыла і працавала ў маёнтку Юршышкі, дачка аднаго з піянераў нашай гістарыяграфіі Юстына Нарбута, сваячка Тэадора Нарбута, мала вядомая навуковаму свету і шырокай публіцы.

Творчы даробак Камілы Нарбутоўны (дэбютавала ў друку ў 1829 г., яе апошні твор апублікаваны ў 1874 г., апошні твор, які захаваўся ў рукапісе, датуецца 1879 г.) уключае два раманы, аповесці, апавяданні, дарожныя нататкі, шмат вершаў, пераклады з французскай мовы і г.д. Усе яе галоўныя творы былі надрукаваны ў Вільні, у вядомых друкарнях таго часу.

Пераклад невялікага твора лідскай аўтаркі, які друкуецца ніжэй, можна вызначыць як першы ў нашым краі фемінісцкі тэкст, які Каміла надрукавала ў 1852 г. у Вільні, у друкарні Юзафа Завадскага, ці дакладней, у яго сына Адама Завадскага (1814-1875) і ўключыла ў свой калядны зборнік1. У сярэдзіне XIX ст. такія літаратурныя калядныя зборнікі-падарункі, так званыя "калядкі", былі даволі распаўсюджаныя ў Еўропе. Зборнікі ўтрымлівалі як вершаваныя, так і невершаваныя творы, папулярныя песні, шарады, лагагрыфы і малюнкі. Часам такія кніжкі прызначаліся для канкрэтных асоб, часам для больш шырокай аўдыторыі. Назва кнігі Камілы сведчыць аб тым, што яна прысвяціла свае "Калядкі" родным і сябрам.

"Ліст да Аляксандры М..." - важны і цікавы твор з гэтага зборніка, бо ў ім упершыню ў нашым краі ставяцца пытанні роўнасці і свабоды жанчын і жаночай адукацыі. Адрасатам менавіта гэтага літаратурнага ліста магла быць Аляксандра - дачка дзядзькі Камілы Казіміра Нарбута (~1770 - да 1834 гг.). Кніга з'яўлялася і своеасаблівым развітаннем з яе дзявоцтвам - праз год Каміла выйшла замуж за шляхціца Ігната Юрэвіча (1820-1872). Калядную кнігу Нарбутоўны таксама можна звязаць з важным эпізодам у яе творчай біяграфіі - супрацоўніцтвам з рэдакцыяй віленскага альманаха "Rocznik Literacki" ("Літаратурны штогоднік") Рамуальда Друцкага-Падбярэскага (1812-1856). Са спісу падпісчыкаў у IV томе (1849 г.) бачна, што Каміла Нарбутоўна і Тэадор Нарбут выпісвалі гэтае выданне, у гэтым жа томе друкуюцца вершы самой Камілы, а таксама вершы Адынца, Сыракомлі, Зана і Габрыэлі Гюнтароўны (потым Пузыні).

У 1843-1846 гадах Paмyaльд Падбярэскі ўласным коштам выдаў у Пецярбургу тры тамы літаратурна-навуковага альманаха "Rocznik Literacki", у які ўклаў значныя сродкі. На яго старонках публікаваліся творы Я. Баршчэўскага, Т. Лады-Заблоцкага, Л. Штырмера, а таксама музычная паэма Антона Абрамовіча "Беларускае вяселле". Важна, што ў сваіх публіцыстычных артыкулах, Падбярэскі горача і паслядоўна абараняў беларусаў ад шавіністычных нападкаў, адстойваў прыгажосць беларускай зямлі і шляхетнасць яе жыхароў. З ycёй твopчaй cпaдчыны Paмyaльдa Пaдбяpэcкaгa acaблiвyю цiкaвacць мae ягo пpaгpaмны apтыкyл "Бeлapycь i Ян Бapшчэўcкi", дзe aўтap зpaбiў aгляд бeлapycкaй лiтapaтypы cвaйгo чacy. Baжным мoмaнтaм y гэтым apтыкyлe былo тoe, штo aўтap acaблiвyю ўвaгy звяpтaў менавіта нa бeлapycкaмoўнyю твopчacць пicьмeннiкaў, нaдзяляючы ix тытyлaм "нapoдныx". "Kaб быць нapoдным, тpэбa cлyжыць нapoдy - тpэбa пicaць нa мoвe гэтaгa нapoдa", - пісаў Падбярэскі. Гэтыя cлoвы кpытыкa мoжнa лiчыць кpaeвyгoльным кaмeнeм нoвaгa бeлapycкaгa лiтapaтypaзнaўcтвa, нoвaй бeлapycкaй лiтapaтypы, зaўвaжыў прафесар Miкoлa Xaўcтoвiч y aўтapэфepaцe cвaёй дыcepтaцыi.

Творчасць Камілы Нарбутоўны дэманструе не толькі ўсебаковую адукаванасць аўтаркі, але і яе ўнутраную свабоду, незалежнае мысленне і нават вялікую смеласць, пры ўсё яшчэ скептычным стаўленні большасці грамадства да жанчыны-пісьменніцы, пра што Каміла пісала у сваёй аповесці "Вандроўка ў Беларусь":

"За два дні да нашага ад'езду з Яўсташына, з'явіўся пан Р. - стары ўжо чалавек, з тварам, які ззяў чырванню. Ён меў прыгожыя, вялікія вочы, быў сярэдняга росту, хадзіў з узнятай галавой, на якой меўся пецярбургскі парык са старанна і з густам укладзенымі валасамі.

Павітаўшыся і пазнаёміўшыся з сур'ёзным госцем і, растлумачыўшы яму, хто я (бо мой бацька пайшоў спаць пасля абеду), гаспадар указаў яму на крэсла побач са мной.

- Мне было прыемна чытаць маральныя аповесці, выдадзеныя пад вашым імем, - сказаў пан Р.

Не ведаючы, што яму адказаць, я прамаўчала.

- Нічога дзіўнага ў іх няма, аднак думаю, што іх стваральнікам ёсць ваш тата?

- Мужчыны займаюцца больш сур'ёзнымі справамі. Аповесці, якія вы чыталі, я напісала сама, з парадамі і падказкамі маёй маці.

- Я меў гонар ведаць вашу маці, калі яна яшчэ была не замужам. Я бачыў яе пазней, замужам, але яна ў той час нічога не пісала.

- Яна не піша і зараз, мама толькі выпраўляе мае памылкі.

- Цяжка паверыць, што маладая дзяўчына, амаль дзіця, аддае сябе літаратурнай творчасці.

- Працы там мала, вы самі бачылі, што нічога дзіўнага ў гэтых аповесцях няма.

- Аднак, такая праца заўсёды занадта сур'ёзная для жанчын, асабліва ў маладыя гады весялосці і гуляў"2 .


Першы раз я пачаў перакладаць тэкст маёй зямлячкі ў 2023 г., калі рыхтаваў кнігу пра бацьку Камілы - Юстына Нарбута. У гэтай кнізе я таксама расказаў і пра яго дачку Камілу, надрукаваў пераклад яе аповесці "Вандроўка ў Беларусь" 3. Але зрабіўшы каля паловы працы, я спыніў пераклад, бо палічыў тэкст неактуальным у наш час. Пры гэтым я не звярнуў увагу на вельмі важны гістарычна-культуралагічны аспект тэкста Нарбутоўны, на які ўпершыню звярнула ўвагу паважаная даследчыца др. Рэда Грышкайтэ, працу якой я выкарыстоўваў ў падрыхтоўцы перакладу, які друкуецца ніжэй.

"Ліст да Аляксандры М...5

Si la science et la sagesse se trouvent

unies en un mеme sujet, je ne m'informe

plus du sexe.

Les Caract?res de la Bruy е re


Калі навука і мудрасць аб ' яднаны

ў адным чалавеку ,

я не пытаюся, якога ён пола.

Жан дэ Лабруер


Вы пытаеце мяне, любая кузынка, як я бавіла час калі некалькі тыдняў пражыла ў Вільні і патрабуеце падрабязнага апісання ўсіх маіх уражанняў? Я паспрабую, калі гэта магчыма, задаволіць вашу просьбу.

Хворая і сумная, я нікуды не хадзіла. Грукат транспарту, шум вуліц, стогны бедных - карацей кажучы, задушлівая гарадская атмасфера, задурылі маю бедную галаву. Былі, сапраўды, і ціхія гадзіны, звычайна ўначы, калі гэты хаос мне не перашкаджаў - тады я адгортвала кнігу і знаходзіла прыемнае суцяшэнне ў жыцці духу і думкі.

Часцей за ўсё я адгортвала філасофскія творы і з задавальненнем чытала пра тое, што чалавечы род імкнецца да нейкай пэўнай мэты; што ўсё, што адбывалася і адбываецца, паходзіць з загадзя вызначаных планаў адвечнага розуму - і хоць гэтыя ж філосафы сцвярджаюць, што ніхто не можа зразумець увесь той велізарны гмах, у які тысячы гадоў - тысячы пакаленняў - клалі цэглу, я прыстасоўвала яго да ўласных жаданняў і любіла падманваць сябе надзеяй (такой жа няпэўнай, як і ўсе надзеі смяротных луюдзей), што аднойчы ў гэтым тэатры крывавых злачынстваў і жахлівых жарсцяў - на гэтай зямлі, якая ёсць далінай слёз, запануюць цнота, братэрская любоў і нязменны дабрабыт. Звычайна я засынала ў такіх снах; але за некалькі дзён да ад'езду з Вільні іншая тэма ўразіла маё ўяўленне і нават парушыла спакой начной цішы.

Я мела гасцей на гарбату; мы абмяркоўвалі літаратуру: кожны выказваў сваё меркаванне пра аўтараў і аўтарак. Я радавалася справядлівай пашане, якую выказвалі пані Гофман, пані Заменцкай і пані Раўтэнштраўх6. Раптам у нашым колку малады чалавек з румяным тварам, які прыгожа кантраставаў з яго чорнымі вусамі, педантычным тонам заўважыў, што пані Заменцкая без патрэбы займаецца філасофскімі творамі, бо жанчына не здольная спасцігнуць ісціну і стварыць належную сістэму.

- Я не ведаю, ці нават мужчыны змаглі б цалкам спасцігнуць гэта7, - адказала я, - І ці варта называць належнай сістэмай тое, што немагчыма даказаць матэматычна? Праўда павінна быць адзінай, але спрэчных сістэм надзвычай шмат. Дык, што страціць грамадства, калі геніяльная жанчына дадасць сваю ўласную старонку ці свае высновы да гэтых фаліянтаў? 8.

Румяны кавалер здзекліва ўсміхнуўся і, спачуваючы бездапаможнай жанчыне, хацеў ужо перавесці размову на нешта больш даступнае яе кволаму розуму, калі мой блізкі сваяк, адстаўны афіцэр з вялікімі русымі вусамі, моцным голасам усклікнуў:

- Ніколі не было жанчыны-генія: у вас, мае пані, можа быць добрая памяць, часам досціп, і нічога больш. Здольнасцяў да рэчаў, якія патрабуюць не толькі моцны розум, але і здаровы сэнс, у вас няма. Характар ваш такі ж лёгкі, як пух, што лунае ў паветры. Сяброўства, каханне і нават літасць - гэта імгненныя пачуцці ў вашых сэрцах, пачуцці, на якія не павінен спадзявацца ніводзін мужчына, і мне здаецца, што жанчыны дарэмна вызваліліся з рабскага стану, які калісьці быў іх лёсам.

- Мой кузэн, ты, мабыць, нарадзіўся не ад маці, - сказала я яму, - бо сын жанчыны павінен больш паважаць жанчын.

- Я - жаўнер і кажу, што думаю.

- Шкада, што ты не пакінуў такую нягжэчную шчырасць у вайсковым лагеры, - ціха дадала я.

Мой сваяк зірнуў на дзвюх сур'ёзных замужніх жанчын, аб прысутнасці якіх ён спачатку відавочна забыўся, і перастаў далей разважаць.

Гадзіннік прабіў дзесяць: госці раз'ехаліся.

Стаўленне майго кузэна раздражняла больш, чым меркаванне кавалера з чорнымі вусамі. Я доўга сядзела панура, мяне мучыла нейкае непрыемнае, цяжкавыказнае пачуццё. Нарэшце я ўзяла пяро і накідала на паперы некалькі заўваг пра наш пол, якімі я таксама дзялюся з табой, дарагая Алеся.


Я не веру, што Бог, даўшы жанчыне душу, падобную да мужчынскай, несмяротную душу, адмовіў ёй у такім жа дары розуму. Паняцце пра немач жаночага полу, напэўна, узнікла ў часы маральнага невуцтва, у часы дзікунства чалавечага роду.

Да эпохі развіцця сілы духу, у тую эпоху, калі цялесная сіла лічылася самым карысным набыткам прыроды бо абараняла ад лютых жывёл, будавала хаціны, змяняла плынь раўчукоў і вырашала лёс чалавека, і жанчына з больш далікатнай фізічнай канстытуцыяй, схільная да слабасці кожны раз, калі станавілася маці, магла паверыць у сваю ўласную непаўнавартаснасць і прызнаць шырокаплечага мужа сваім гаспадаром.

Несумненна з гэтага ўзнік рабскі стан нашага полу, якому Ромул, заснавальнік Рыма, першым даў сілу закона. Моцны мужчына з дубінай у руцэ, перасякаў горы і лясы, сузіраў цуды прыроды, развіваў свой розум праз назіранні і ўласныя прыгоды, да таго, як з'явілася жанчына, якая ахоўвала хату, карміла дзяцей і гатавала ежу для ўсёй сям'і. Гэта прывяло да інтэлектуальнай перавагі мужчыны, але чым далей ён адыходзіў ад стану дзікунства, тым менш жорсткім станавілася яго абыходжанне з жанчынай. Тады і ў яе пачаў праяўляцца востры, не саступаючы мужчынскаму розум і адкрыліся скарбы пяшчоты, якімі Творца больш шчодра адарыў жаночы пол. Тады нявольніца часта станавілася гаспадыняй. Такія прыклады сустракаліся нават сярод патрыярхаў - Дэбора9 была абраная суддзёй у Ізраілі.

Калі верыць старажытным гісторыкам, сярод бактрыйцаў10, фракійцаў і галаў жанчыны карысталіся роўнымі з мужчынамі правамі ў абрадах і дзяржаўных справах.

У слаўныя часы Рымскай рэспублікі жанчына - нявольніца ў вачах закона, публічна атрымлівала найвышэйшае ўшанаванне. Калі консул ішоў па вуліцы і ліктары11 наперадзе яго разганялі тлумы народа, ён саступаў дарогу рымскай матроне.

Такая павага да нашага полу была ўведзена там з часоў Ветурыі12 - выратавальніцы айчыны.

Вызваленне жанчын ад неабмежаванай улады мужоў - ад строгай апекі сыноў і сваякоў, адбылося ў Рыме ў часы праўлення імператара Клаўдзія13. Сенека і Тацыт ілжыва сцвярджаюць, што гэта прывяло да бессаромных сцэн і скандалаў. Але гэта было агульнае псаванне маралі, якое пачалося з псавання звычаяў, прычыны трэба шукаць у гісторыі мужчын. Нясціпласць Лівіі, жонкі Аўгуста, Юліі, дачкі Аўгуста14, і іншых жанчын у сталіцы сусвету на шмат гадоў прыпыніла роўнасць.

Слабасць характару, слабасць розуму, карацей кажучы, усе духоўныя калецтвы, аднолькава размеркаваны прыродай паміж дзвюма паловамі чалавечага роду; і калі яны больш прыкметныя ў жанчынах, то гэта вынікае з выхавання - з недаразвітасці ў ёй маральных сіл. Многія навукі, якія лічацца непатрэбнымі для нас, служаць для ўдасканалення розуму мужчын: з юнацтва матэматыка прывучае іх да дакладнага меркавання пра рэчы; фізіка - да даследавання, да аналізу кожнага прадмета; логіка надае сістэматычны парадак іх думкам. Таму не дзіўна, што мы, пазбаўленыя гэтых сродкаў, часам недакладныя ў сваіх выказваннях, менш высакародныя ў сваіх думках і не заўсёды зразумелыя пры тлумачэнні нашых ідэй.

Я згодна, што спроба знайсці квадратуру кола ці вырашыць пытанне: пусты ці поўны зямны шар усярэдзіне, не з'яўляецца неабходным заняткам для жанчын; але, акрамя таго, я лічу, што навучанне вышэйзгаданым навыкам, нават толькі ў самых агульных рысах (вядома, у больш заможных класах), не перашкодзіць выкананню абавязкаў жонкі і маці. Нарэшце, няхай здзяйсняецца воля нашых апекуноў! Няхай дакладныя і абстрактныя навукі назаўжды застануцца іх асобнай уласнасцю! Але ні высокая павага да чорных і русых вусоў, ні філасофская сур'ёзнасць пана Трэнтоўскага (які ў гэтай справе выказаў вельмі старасвецкія меркаванні) не пераканаюць мяне ў тым, што Творца даў жанчынам слабейшы розум, чым мужчынам. Знакаміты філосаф Платон лічыў жанчын здольнымі да найважнейшых прафесій; Лікург15, заканадаўца Спарты, змог ператварыць іх у мужчын - умацаваныя жорсткім выхаваннем яны не раздражнялі свае нервы, а прынцыпы, прышчэпленыя з дзяцінства, далі ім такую моцную стойкасць, што ніводная маці не плакала па сыне, забітым на вайне.

- Чаму, - спытала чужая жанчына ў жонкі Леаніда, - з усіх жанчын у свеце толькі лакедэманянкі16 пануюць над мужчынамі?

- Відавочна, толькі яны маюць магчымасць рабіць гэта, - адказала царыца17.

Няма такой прафесіі, у якой жаночы пол не дэманструе здольнасцей роўных здольнасцям супрацьлеглага полу. Пералічыць славутыя імёны і падрабязна апісаць іх учынкі было б занадта цяжка для мяне, аслабленай працяглай хваробай. Таму я магу прыгадаць некалькі найбольш выбітных асоб, згадкі пра якія знайшла ў сваіх нататках.

Тэана18, жонка ці дачка Піфагора, паводле Парфірыя, пасля смерці філосафа разам з двума яго сынамі стала кіраўніком школы і чытала публічныя лекцыі.

Хуткасць розуму Аспазіі19, незалежна ад яе чараў, здзівіла Сакрата.

Хто можа адмовіцца ад захаплення Зянобіяй20, імператрыцы Усходу, годнай вучаніцай Лонгіна, пра якую знакаміты Тома ("Эсэ пра жанчын") казаў, што яна ўмела дагаджаць, пісаць і заваёўваць. Абвясціўшы свайго непаўнагадовага сына Вабалата Аўгустам і цэзарам, яна заваявала Егіпет, Сірыю і Кападокію; і калі яе лёс змяніўся, змагла са стаічнай мужнасцю перанесці нягоды і знайшла ў сваім розуме тысячу суцяшэнняў, каб падсаладзіць страту кароны.

Не аднойчы каранаваныя жанчыны змаглі годна адгукнуцца на высокае пакліканне манархаў.

Імёны Лізаветы і Маргарыты21 заўсёды будуць нагадваць пра слаўную эпоху краін, якія знаходзіліся пад іх уладай; калі яны і мелі недахопы, дык іх можна знайсці і ў многіх знакамітых каралёў.

Прафесія рыцара таксама не была чужой нашаму полу: кожны раз, калі прага жанчыны да славы ці любоў да сваёй краіны давалі ёй у рукі зброю, яе нязломная мужнасць часта выклікала захапленне мужчын.

Не звяртаючыся да, магчыма, казачных амазонак, не паглыбляючыся ў занадта далёкую старажытнасць, дастаткова ўзгадаць Маргарыту Анжуйскую22, жонку нямоглага караля Англіі Генрыха VI, герцагіню Брэтані Жанну Манфорт23, Арлеанскую дзеву і Бабеліну Грэчаскую24.

Але няхай гэтыя гераічныя лаўры больш не ўпрыгожваюць жаночае чало! Я не жадала б крывавай славы для свайго полу. Я нават не жадала б, каб жанчыны ўдзельнічалі ў грамадскіх справах ці займалі пасады толькі таму, што гэта магло б адцягнуць іх ад найсвяцейшага абавязку, ад найважнейшага служэння агульнаму дабру - дбайнага выхавання дзяцей.

О, колькі разоў я чула ад мужчын, што літаратура зусім не патрэбная жанчынам, бо, займае шмат часу і перашкаджае выкананню іх абавязкаў. Я не падзяляю гэтай думкі; я нават думаю, што забавы вялікага свету, якія прыводзяць да аддалення ад дома і імкнення да моднага ўбрання, прычыняюць большую шкоду мужам і дзецям, чым ціхая літаратурная праца; і, нарэшце, цяга і схільнасць да літаратуры не могуць быць універсальнымі, што мы бачым і ў другой палове чалавецтва, у якой, нягледзячы на ўсе прывілеі, якія спрыяюць набыццю ведаў, толькі невялікая колькасць людзей прысвячае сябе выключна гэтаму.

Такія дробязі не парушаць парадак сусвету.

Якую шкоду панесла Францыя ад таго, што мадам Дас'е25 старанна вывучала Гамера, што мадам дэ Шатле вывучала сістэму Ньютана разам з Вальтэрам; што мадам Сталь напісала "Карыну", кожны разумны чалавек лёгка прызнаў бы карысць гэтага?26 А якую шкоду прынеслі сваёй краіне вучоныя англічанкі?

Што страцілі Польшча і Літва з таго, што некалькі жанчын узяліся за пяро? Ніводная з іх не напісала нічога скандальнага - антырэлігійнага, антысацыяльнага.

Творы нашай паважанай пані Гофманавай заўсёды будуць узорам для добрых маці і зернем хрысціянскай цноты для маладзейшых пакаленняў. Не менш заслуг мае і пані Заменцкая, якая з выключным геніем і ўсебаковымі ведамі імкнецца да той жа мэты. Я ўпэўнена, што многія мужчыны з задавальненнем чыталі "Успаміны пра Парыж", "Альпы і за Альпамі" пані Раўтэнштраўх, паэзію панны Гюнтар27, маральныя раманы пані Вільконьскай28, цудоўныя творы пані Кракуў29 і многіх іншых варшаўскіх аўтараў.

Таму не варта адмаўляць жанчынам у карысных і нявінных занятках; не варта абвінавачваць іх у якой-небудзь слабасці, калі добры Бог па-роўнаму надаў дары розуму сваім сынам і дочкам.

А што да багаццяў сэрца! Выбачаюся перад маім кузэнам, адстаўным афіцэрам, але магу з упэўненасцю сказаць, што Найвышэйшай Існасці было прыемна шчодра адорыць гэтым жанчын.

Каханне маці, дачкі, жонкі, каханай жанчыны ёсць амаль заўсёды бясконца вышэйшае за самалюбства. Дастаткова ўспомніць старажытную Алькесту30, якая аддала сваё жыццё за жыццё мужа, і прачытаць гісторыю Французскай рэвалюцыі часоў Рабесп'ера, або цудоўную паэму П. Легувэ "Жаночыя заслугі" 31, каб пераканацца ў гэтым.

Шмат жанчын, каб падзяліць лёс асуджанага на смерць каханага чалавека, выгукнулі страшныя словы таго часу: "Слава каралю!", - і пайшлі пад меч ката. Не адна з іх ахвяравала сваім жыццём, каб падсаладзіць хаця б некалькі хвілін няшчаснага бацькі, мужа ці брата. Былі і тыя, хто з чыстай чалавечнасці, без якой-небудзь іншай думкі, падвяргалі сябе адкрытай небяспецы.

Мужчыны часта ахвяруюць сабой дзеля гонару, славы, агульнага дабра, але я ніколі не чула пра іх ахвяры дзеля сваіх жонак, сясцёр і каханых.

Шануючы праўду, я павінна прызнацца, аднак, што той скарб пачуццяў, той анёльскі прамень, з якім жанчына прыходзіць у свет, часта знішчаецца з-за няправільнага выхаваннем яе сэрца. Я таксама павінна сказаць, што выхаванне жаночага полу патрабуе поўнай рэформы: вытанчаная знешнасць, вывучэнне замежных моваў, музыкі і танцаў без грунтоўных рэлігійных прынцыпаў, без прывіцця абавязкаў жонкі, маці і грамадзянкі, недастаткова, каб удасканаліць жанчыну або пераканаць мужчын, што Провід не абмяжоўвае нас сваімі дарамі.

Маем шмат па-сапраўднаму узорных асоб нашага полу, але я лічу павелічэнне іх колькасці неабходнай патрэбай грамадства; бо маці - галоўныя настаўніцы не толькі дачок, але і сыноў - ад іх у значнай ступені залежаць цноты і заганы цэлых пакаленняў.


Алеся, пакуль ты чытаеш гэты ліст, у якім я абвясціла вайну двум мужчынам, не абвінавачвай мяне ў тым, што я стала львіцай. Маё абурэнне несправядлівым меркаваннем пра характар нашага полу не мае ніякага дачынення да прынцыпаў сацыялізму. Я не выступаю і ніколі не буду выступаць за поўную эмансіпацыю жанчын, якую лічу супярэчлівай грамадскаму ладу - няхай вопратка нявіннасці, няхай найпрыгажэйшая грацыя, якую дорыць сціпласць, заўсёды будзе ўпрыгожваннем і гонарам жанчыны!

На гэтым завяршаю свае заўвагі на гэтую тэму, да якіх я дадаю выраз нязменнай дружбы да цябе".

1 Jurewiczowa Kamilla. Kolеda Kamilli Narbut dla kuzynek i przyjaciolek na rok 1852. Wilno: Drukiem Jozefa Zawadzkiego, 1852.

2 Лаўрэш Л. Л. Гісторык Юстын Нарбут. Яго навуковая дзейнасць, сям'я і сядзіба, яго дачка Каміла. Издательские решения, 2025. С. 87-88.

3 Гл: Лаўрэш Л. Л. Гісторык Юстын Нарбут. Яго навуковая дзейнасць, сям'я і сядзіба, яго дачка Каміла. Издательские решения, 2025; Лаўрэш Леанід. Лідская пісьменніца Каміла Юрэвіч з Нарбутаў // Наша слова.pdf № 35 (191), 27 жніўня 2025; Ад лідскіх муроў. Літаратурна-мастацкі зборнік. 2025. № 11. Кн. 1. С. 17-66. Лаўрэш Леанід. Лідскія Нарбуты // Ад лідскіх муроў. 2025. № 11. Кн. 2. C. 348-412.

4 Гл: Reda Griskaite. Kamiles laiskas Aleksandrai, arba Ne tik laiskas // Literatura. 2024, vol. 66 (1), pp. 142-157; Griskaite Reda. Moteris ir istorija: Kamiles Narbutaites patirtys. Lietuvos istorijos institutas. 2024.

5 Jurewiczowa Kamilla. Koleda Kamilli Narbut dla kuzynek i przyjaciolek na rok 1852. S. 95-112.

6 Вядомыя пісьменніцы: Клементына з Танскіх Гофманава (1798-1845), Элеанора Аляксандра з Гагаткевічаў Заменцкая (1815-1869), Барбара Яна Паўліна Люцыя Раўтэнштраўх (1798-1886). Першая славілася сваёй дыдактычнай літаратурай, другая - філасофскай, а трэцяя - падарожнай літаратурай. Танская-Гофманава - самая вядомая жанчына, якая пісала па-польску ў першай палове XIX ст., першая, хто так глыбока і ўсебакова заняўся адукацыяй і выхаваннем дзяўчат у былой Рэчы Паспалітай. - Л . Л .

7 У сваёй працы "Крытыка чыстага розуму" Кант сцвярджае, што чалавечы розум - слабы інструмент для пазнання ісціны.

8 " Яны прыгнятаюць бедную філасофію і ўціскаюць яе ў рамкі . Адны кажуць пра прыроджаныя здольнасці да яе ; іншыя аддаюць перавагу знешнім уплывам ; трэція аддаюць скіпетр інтэлекту і пачуццям ; іншыя праніклі ў самае сярэдзіну пачуццяў і разбурылі іх з упэўненасцю , быццам гэта і былі апоры ; іншыя агніста даказваюць , што яны спасціглі душу і бачаць яе ясна ; адны ўпрагаюцца ў трыумфальную калясніцу Шэлінга ; іншыя - ад ' ютанты Гегеля , другія - Трэнтоўскага і г . д . І кожны з іх заўзята абараняе не здагадкі , а праўду , так яны называюць свае мары , разважанні , высновы і меркаванні ". - Караль Качкоўскі. (Аўтарка спасылаецца тут на выказванні лекара, педагога і пісьменніка Караля Мацея Качкоўскага (Karol Maciej Kaczkowski, 1797-1867), на яго эсэ ў кіеўскім часопісе "Gwiazda" - Л . Л .).

9 Дэбора - біблейскі персанаж, ізраільская прарочыца і суддзя (XII-XI гг. да н. э.), калі ізраільцяне былі ў палоне ў хананейцаў. Дэбора натхніла ізраільцян на перамогу над хананейцамі. - Л . Л .

10 Бактрыя - гістарычны рэгіён у Цэнтральнай Азіі (сучасныя паўночны Афганістан і паўднёвы Таджыкістан і Узбекістан), адзін з найстарэйшых цэнтраў цывілізацыі. У 328 г. да н.э. Бактрыя была заваявана македонскім царом Аляксандрам Македонскім (356-323 гг. да н.э.). - Л. Л.

11 Ліктар быў адным з найніжэйшых дзяржаўных службоўцаў у старажытным Рыме. Першапачаткова ліктары былі асабістай аховай і выконвалі цырыманіяльныя функцыі. Консула заўсёды суправаджалі дванаццаць ліктараў (імператара - дваццаць чатыры). - Л. Л.

12 Ветурыя была маці Гнея (Гая) Марцыя Карыялана, маладога рымскага патрыцыя, які захапіў вольскі горад Карыёлі ў 493 г. да н.э. і атрымаў за гэта сваю мянушку. Пазней Карыялан павёў варожае войска да рымскай мяжы, але маці Ветурыя і жонка Валумнія (паводле Плутарха, маці Валумнія і жонка Вергілія) угаварылі яго не падымаць зброю супраць радзімы. - Л. Л.

13 Клаўдзій рымскі імператар у 41-54 да н.э. - Л. Л.

14 Рымскі імператар Аўгуст, імператар у 27 да н.э. - 14 н.э., яго трэцяя жонка Лівія (59 да н.э. - 29 н.э.) і яго дачка ад другога шлюбу Юлія Старэйшая (39 да н.э. - 14 н.э.). - Л. Л.

15 Афінскі палітык і аратар Лікург (каля 390-325 гг. да н.э.). - Л. Л.

16 Лакедэмон - рэгіён на паўвостраве Пелапанес і яго сталіца, вядомая як Спарта.

17 Царыца Горга, дачка цара Спарты Клеамена I і жонка цара Спарты Леаніда I (508 ці 507 - 480 гг. да н.э.). Пазнейшыя гісторыкі менавіта ёй прыпісваюць словы "Са шчытом або на шчыце". - Л. Л.

18 Тэана (VI ст. да н.э.) - жонка або вучаніца грэчаскага філосафа Піфагора Самоскага (каля 569 г. - каля 500-475 гг. да н.э.), заснавальніка піфагорскай школы або паводле іншых крыніц - жонка або дачка піфагарэйца Бранціна з Метапонта (VI ст. да н.э.). - Л. Л.

19 Аспасія (каля 400-470 да н.э.), жонка афінскага палітыка, аратара і ваеннага лідара Перыкла. Сакрат быў часткай яе інтэлектуальнага кола. - Л. Л.

20 Зянобія (памерла пасля 274 г.) - царыца Пальміры (горада ў Сірыі) (у 267 ці 268 - пасля 272 г.). Французскі паэт і літаратурны крытык Антуан Леанар Тома (1732-1785), якога згадвае аўтарка, апублікаваў даследаванне "Essai sur le caractеre, les mеurs et l'esprit des femmes dans les diffеrens siеcles" ("Эсэ пра характар, мараль і розум жанчын у розныя стагоддзі", Парыж, 1772). Кніга атрымала водгук ад Дэні Дзідро (1713-1784) - у тым жа годзе ён напісаў працу "Essai sur les femmes" ("Эсэ пра жанчын"), якое была апублікавана ў штомесячніку "Correspondance litt?raire, philosophique et critique" ("Літаратурная, філасофская і крытычная перапіска"). Магчыма, цытуючы працу Тома, Каміла Нарбутоўна толькі скараціла яе назву, але магчыма і памылілася. - Л. Л.

21 Каралева Англіі Лізавета I (каралева ў 1558-1603 гг.) і Маргарыта Цюдар, шатландская каралева англійскага паходжання (каралева ў - 1503-1513). Першая дапамагала заснаваць англіканскую царкву ў Англіі, часта ваявала з Францыяй і не выходзіла замуж, верагодна, каб пазбегнуць патэнцыйнай палітычнай канкурэнцыі з боку мужа. Апошняя, пасля смерці мужа Якава IV (1473-1513), нягледзячы на супраціў шатландскай шляхты, здолела стаць рэгенткай і кіраваць замест свайго непаўналетняга сына Якава V (1512-1542). У адрозненне ад Лізаветы I, яна некалькі разоў выходзіла замуж. - Л. Л.

22 Маргарыта Анжуйская (каля 1430-1482), жонка Генрыха VI Англійскага, з-за дрэннага здароўя мужа ўзначаліла ўрад. - Л. Л.

23 Жанна Фландрская (Jeanne de Flandre; каля 1295 - 1374) - герцагіня Брэтані, жонка герцага Жана IV. Актыўная ўдзельніца вайны за Брэтонскую спадчыну (1341-1364). - Л. Л.

24 Жанна д'Арк (каля 1412-1431), або Арлеанская Дзева, - святая і нацыянальная гераіня Францыі. Ласкарына Бубуліна (1771-1825) - гераіня вайны за незалежнасць у Грэцыі, якая на ўласныя сродкі ўтрымлівала невялікі флот і войска паўстанцаў супраць турэцкага панавання і фінансавала падполле. - Л. Л.

25 Мадам Дас'е (Ганна Ле Феўр Дас'е, 1645-1720), сяброўка Вальтэра, французскі філолаг, даследчыца класічнай літаратуры і перакладчыца. Сярод іншых старажытных твораў яна пераклала на французскую мову "Іліяду" (1699) і "Адысею" (1708) Гамера. - Л. Л.

26 У лік геніяльных жанчын я не адважваюся ўключыць мадам Дзюдэван (французская раманістка Саланж Дзюдэван, нарадзілася 13 верасня 1828 года ў Наан-Віку, памерла 17 сакавіка 1899 года там жа), бо гэтая аўтарка, лічыцца адным з наймагутнейшых розумаў Францыі, прыняўшы імя, адзенне і звычаі мужчын, выключыла сябе з жаночага полу. Таму я лічу яе нейкім выключэннем. (Каміла згадвае французскую пісьменніцу Жорж Санд (таксама вядомая як мадам Санд; насамрэч Аманцін-Аўрора-Люсіль Дзюпен, таксама вядомая як Дзюдэван і як мадам Дзюдэван, 1804-1876). Санд часта насіла мужчынскі касцюм на публіцы - не толькі таму, што ён быў таннейшым, але і таму, што дазваляў ёй адчуваць сябе больш свабодна, і, больш за тое, яна была адной з першых жанчын, якія палілі люльку на публіцы).

27 Габрыэля Пузыня з Гюнтараў (1815-1869), пісьменніца. Гл. яе ўспаміны: Пузыня Габрыэля. У Вільні і літоўскіх дварах, успаміны 1815-1843 гадоў // Наша слова.pdf № 40 (196), 1 кастрычніка 2025 - 18 сакавіка 2026. - Л. Л.

28 Празаік і мемуарыст Паўліна Вільконская з Лаўчува (~1815-1875). - Л. Л.

29 Празаік, выдавец і рэдактарка Паўліна Кракувава з Радзееўскіх (ці Кракуў; 1813-1882). - Л. Л.

30 "Алкеста" - трагедыя старажытнагрэцкага драматурга Эўрыпіда, пастаўленая ў 438 годзе да н. э. Прысвечана міфу аб самаахвяраванні Алкестыды, жонкі Адмета. - Л. Л.

31 Паэма "Le mеrite des femmes" ("Заслугі жанчын") Габрыэля-Мары-Жана-Батыста Легувэ (1764-1812). У тым жа годзе твор быў перакладзены і на польскую мову. Перакладчыкам быў Юзаф Ігнацы Касакоўскі (1757-1829), палітык і ганаровы член Віленскага ўніверсітэта, пісьменнік, гісторык і масон. - Л. Л.

У дзіцячым садку № 34 г. Ліды

У беларускамоўнай групе дзіцячага садка № 34 г. Ліды прайшоў тэматычны дзень пад дэвізам "Чытаем беларускае і па-беларуску". Пазітыўны настрой выхаванцаў стварылі "казачныя сцяжынкі", рухаючыся па якіх дзеці замацавалі беларускія народныя казкі. З задавальненнем дзеці ўзгадалі беларускія прыказкі і прымаўкі, растлумачылі іх значэнне, пазнаёміліся з беларускімі часопісамі для дзяцей "Вясёлка" і "Буся". Падчас паэтычнага перапынку "Цяпло роднага слова" хлопчыкі і дзяўчынкі чыталі вершы і вельмі натхнёна выказвалі сваю любоў да Радзімы і роднай мовы.

ТК "Адукацыя Лідчыны".

У рамках акцыі "Кожная пятніца - роднае, сваё!" выхаванцы старэйшай групы дзіцячага садка № 34 г. Ліды прынялі ўдзел у майстар-класе па вырабе беларускага посуду з гліны. Беларуская мова гучала з вуснаў дзяцей у народных гульнях, паданнях, вершах. З цікавасцю выхаванцы пазнаёміліся з прадметамі беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і прафесіяй ганчара.

ТК "Адукацыя Лідчыны".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX