Наша слова.pdf № 13 (222), 1 красавіка 2026.
Хрыстос уваскрос! З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
СВЯТА-КІРМАШ "ГРОДЗЕНСКІЯ ТРАДЫЦЫІ ДА СВЯТА ВЯЛІКАДНЯ"
28 сакавіка гістарычны цэнтр Гародні ператварыўся ў маляўнічую палітру народнай творчасці. Каля маладзёжнага цэнтра «Гродна» разгарнулася маштабнае свята-кірмаш «Гродзенскія традыцыі да свята Вялікадня», якое сабрала лепшых майстроў з усіх куткоў вобласці. Шумны, яркі і па-веснавому светлы кірмаш стаў месцам пакупак і падарожжам да вытокаў нашай культуры.
Гараджане і госці горада з цікавасцю вывучалі багаты асартымент: плеценыя з лазы кашы, у якіх так зручна несці святочныя стравы на асвячэнне, тэматычны тэкстыль і ўпрыгожванні для дома. Здавалася, што кожная рэч тут мае сваю душу, бо зроблена яна не на канвееры, а клапатлівымі рукамі чалавека. Галоўнай адметнасцю кірмашу стаў удзел у ім носьбітаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны Гарадзеншчыны. Гэта людзі, чыё майстэрства прызнана нацыянальным здабыткам і ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. Сапраўды, дзе яшчэ можна ўбачыць знакамітыя яйкі-пісанкі з іх філіграннымі ўзорамі, легендарныя гарадзенскія вербы, якія самі па сабе з'яўляюцца творам мастацтва, ці тканыя паясы, што захоўваюць мудрасць продкаў? Побач з імі суседнічалі далікатныя выцінанкі, якія нагадвалі папяровыя карункі, і сонечныя вырабы з саломы - сімвал дабрабыту і ўраджаю.
Але свята не абмежавалася толькі назіраннем. Самае каштоўнае на такіх імпрэзах - гэта магчымасць пераняць вопыт. Пад кіраўніцтвам вопытных майстроў кожны ахвоы мог паспрабаваць сябе ў ролі творцы. На майстар-класах дзеці і дарослыя вучыліся плесці элементы з саломы, ствараць уласныя велікодныя сувеніры і дакранацца да таямніц народнага ткацтва.
Атмасферу сапраўднага народнага гуляння стваралі лепшыя аматарскія калектывы вобласці. Са сцэны ліліся звонкія песні, якія прымушалі пусціцца ў скокі нават самых сур'ёзных мінакоў.
Асаблівую ўвагу арганізатары надалі тэматычным лакацыям, прысвечаным Году беларускай жанчыны. Гэта было вельмі сімвалічна, бо менавіта жанчына здаўна з'яўляецца захавальніцай хатняга агменя і тых самых традыцый, што перадаюцца ад маці да дачкі.
Лідскі гурт "Талер" і народны ансамбль народнай музыкі "Гудскі гармонік" дзяржаўнай ўстановы "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" таксама завіталі ў горад Гародню і прынялі удзел у канцэртнай праграме аматарскіх калектываў Гарадзеншчыны "Вялікдзень сустракаем - усіх вітаем!".
Паводле "Гарадзенскай праўды".
Жыццё ў дарозе пад гару
Крысціна Аляксееўна Лялько, нарадзілася 30 сакавіка 1956 г. на хутары Хадзюкі на Лідчыне. Пасля заканчэння Тарноўскай сярэдняй школы (1973), працавала бухгалтарам у Радзівонішкаўскім сельсавеце Лідскага раёна. З 1974 года вучылася на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (аддзяленне беларускай мовы і літаратуры). Пасля заканчэння БДУ (1979) засталася ў сталіцы. Працавала навуковым супрацоўнікам у Літаратурным музеі Янкі Купалы, з 1983 г. карэспандэнтам газеты "Літаратура і мастацтва", з 1984 г. - рэдактар аддзела літаратуры часопіса "Беларусь". Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамолу Беларускай ССР.
Літаратурную дзейнасць Крысціна Лялько пачынала ў 1971 г. з вершаў, апублікаваных на старонках лідскай раённай газеты "Уперад". Пазней падборка вершаў была змешчана ў зборніку "Дзень паэзіі". Першае апавяданне "Груган" пабачыла свет ў газеце "Літаратура і мастацтва", а потым яе апавяданні рэгулярна друкаваліся на старонках рэспубліканскіх газет і часопісаў ("Звязда", "ЛіМ", "Полымя", "Маладосць", "Нёман", "Беларусь"). У 90-я гады лёс падараваў Крысціне дзве незабыўныя сустрэчы з Папам Янам Паўлам ІІ. Святы Айцец дабраславіў яе на выданне каталіцкіх часопісаў "Наша вера" і "Ave Maria". Лялько сабрала каля квартальніка "Наша вера" лепшыя творчыя сілы - святароў, пісьменнікаў, вучоных, даследчыкаў роднай культуры, гісторыі, літаратуры. Заснавала пры часопісе "Бібліятэку" "Нашай веры" і стала яе галоўным рэдактарам. 18 снежня 2012 г. узнагароджана папскім медалём "Bene merenti" ("Заслужаным") за вялікі ўклад у развіццё Касцёла ў Беларусі.
Крысціна перакладае з польскай мовы. У яе перакладзе выйшлі кнігі Папы Яна Паўла ІІ "Пераступіць парог надзеі", "Дар і Таямніца", энцыклікі "Fides et ratio", "Ecclesia de Eucharistia", Апостальскі ліст пра Ружанец "Rosarium Virginis Mariae", кнігі іншых польскіх тэолагаў.
Аўтар кніг "Дарога пад гару", "Канваліі", "На далонях любві", "Світанак над бярозамi", "Адвячорак" і інш.
Паводле СМІ.
На службе роднай мове
95 гадоў з дня нараджэння Аляксея Пяткевіча
Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч (30 сакавіка 1931, мястэчка Новы Свержань, Стаўпецкі павет, Наваградскае ваяводства, Польская Рэспубліка - 11 сакавіка 2022, Гародня) - беларускі навуковец у галіне літаратуразнаўства і краязнаўства, педагог. Кандыдат філалагічных навук (1963), прафесар (1994).
У 1954 годзе скончыў аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, у 1957 годзе - аспірантуру пры кафедры беларускай літаратуры БДУ.
З 1957 года жыў у Гародні. Працаваў на кафедры літаратуры Гарадзенскага педінстытута імя Я. Купалы ў 1957-1968 гг., на кафедры беларускай літаратуры Гародзенскага ўніверсітэта імя Я. Купалы ў 1968-1990 гадах (у 1968-1974 гадах - загадчыкам кафедры, з 1978 года - дацэнтам), на кафедры беларускай культуры гэтага ўніверсітэта ў 1990-2006 гадах (у 1991-2001 гадах - загадчыкам кафедры), на кафедры беларускай культуры і рэгіянальнага турызму ў 2006-2013 гадах, на кафедры турызму і культурнай спадчыны ў 2013-2017 гадах.
Быў адным з ініцыятараў надання Гарадзенскаму ўніверсітэту імя класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы, стварэння кафедры беларускай культуры.
Ганаровы член Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў (2006). Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў (1971), сябар Міжнароднага купалаўскага фонду (1997). Узнагароджаны дзяржаўнымі медалямі.
Старшыня Гарадзенскай арганізацыі "Ветэраны Адраджэння" (2004-2014). Старшыня Гарадзенскай гарадской арганізацыі "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" (1989-2001 і з 2005). Вёў на Гарадзенскай абласной студыі тэлебачання штомесячную перадачу "Кнігарня" (1973-1974 і 1976-1989).
Памёр 11 сакавіка 2022 года ў Гародні.
Паводле СМІ.
ПЛАЧ НЕМАЎЛЯЦІ
АДНОЙ з самых вялікіх і цяжкіх рэчаў, якія трымаў у сваіх дзіцячых руках не пагадах моцны і кемлівы Валік, быў багор. Доўгі шост з металічным вастрыём і крукам на канцы можна было бачыць заўсёды не толькі каля ягонай хаты. Адсюль і Багрыцоўшчына - назва вёскі, у якой 9 красавіка 1941-га падаў свой голас адстаўны міліцэйскі палкоўнік Валянцін Ліпень.
Старажылы казалі, болей пажараў, чым тут, нідзе ў Дзяржынскім раёне не здаралася ні перад, ні пасля вайны, якая пачалася для мясцовых 28 чэрвеня 1941-га, калі немцы акупавалі тэрыторыю. Валіку было ўсяго два месяцы і 20 дзён. Па словах маці, яна ніяк не магла яго супакоіць: ён плакаў і перад начным сном, і ноччу, калі прачынаўся ад цяжкіх, жахлівых, агідных, непрыемных кашмараў, не разумеючы, што пачалася вайна.
Шмат гора прынеслі гітлераўскія вырадкі на яго родную зямлю. Яны забілі 17 606 жыхароў, спалілі Боркі, Глухое Пярхурава, Літавец, Любажанку, Перасвятоўшчыну, Ходасы, Баравое, Волку, Паланевічы, Садкаўшчыну, Старую Рудзіцу і Скірмантава. На франтах загінула 1847 ураджэнцаў Дзяржыншчыны. Усяго ж з гітлераўцамі змагаліся звыш чатырох тысяч землякоў, дзякуючы якім равеснік вайны выжыў і зрабіў для людзей цягам свайго прыкладнага для многіх жыцця шмат чаго патрэбнага і карыснага. Ён назаўжды застаўся ўдзячны падпольшчыкам, якія ў хуткім часе стварылі на заводзе "Чырвоны штампоўшчык" антыфашысцкі камітэт "Смерць фашызму", партызанам 18-й брыгады імя Фрунзе і 200-й імя Ракасоўскага, байцам вайсковых злучэнняў імя Панамарэнкі, імя Сталіна, імя Чкалава, імя Шчорса, Нікіціна, атрадаў "Мсцівец", "Баявы імя Дунаева", "Слаўны", імя Калініна, спецгруп "Волаты", "Знішчальнік" і "Родныя", выдаўцам подпольнай газеты "Ленінская праўда". Разам з дарослымі радаваўся вызваленню, якое прыйшло ў ліпені 1944-га ў ходзе Беластоцкай аперацыі. Свабоду прынеслі салдаты 290-й стралковай Магілёўскай Чырванасцяжнай ордэна Суворава і Кутузава дывізіі 49-й арміі 2-га Беларускага фронту пад камандаваннем генерал-маёра Ісаака Гаспарана. Гэтае падраздзяленне, дарэчы, удзельнічала ў бітве за Маскву, у Смаленскай, Магілёўскай і Берлінскай аперацыях.
БАЦЬКА Валянціна Кастусь Андрэевіч вярнуўся з праклятай кровапралітнай вайны івалідам з высокім ордэнам і шматлікімі медалямі. Рознага кшталту ўзнагароды знявечаны Ліпень-старэйшы рэгулярна атрымліваў і цягам шматгадовай напружанай працы ў мясцовым калгасе імя Леніна. Нейкі перыяд нават кіраваў у ім самай буйной паляводчай брыгадай. Калектыў прыводзілі ў прыклад не толькі ў гаспадарцы, але і ва ўсім сельсавеце. У той жа час рупна, старанна і дбайна рабіла сваю адказную бухгалтарскую справу маці Любоў Мікалаеўна. Яна ведала матэматыку, густ да якой прывіла і сынам, не горш за настаўнікаў Станькаўскай СШ, якую Валянцін разам з братам - блізнюком Васілём паспяхова скончылі і без усялякіх цяжкасцяў паступілі у Мінскі электратэхнікум сувязі. Валянцін дэманстраваў у ім не толькі выдатныя веды, але і праслаўляў "цяжкую " ўстанову значнымі дасягненнямі ў лёгкай атлетыцы, якой актыўна і плённа займаўся са школьных гадоў. На чацвёртым, апошнім курсе ўсіх студэнтаў перавялі (існавала такая практыка) на завочнае навучанне і накіравалі на працу ў розныя куткі краіны. Пяцёх лепшых, у ліку якіх былі і блізнюкі Ліпені, "аддалі" сталічнаму тэлевізійнаму атэлье № 16 Дзяржрадыётрэста СССР - адзінае на Мінск і сталічную вобласць! Пасля яго перайменавалі ў атэлье № 1 Мінсувязі БССР. У чарзе на рамонт у ім аднаго з дваццаці на той час тыпаў тэлекаў трэба было стаяць… больш за месяц. За ўвесь час шчыравання ў майстэрні, да прызыву ў войска, на братоў ніхто з уладальнікаў апаратаў не паскардзіўся.
ПЕРШАПАЧАТКОВЫМ месцам іх службы стала Стаўрапольскае вучылішча сувязі. У ім рыхтавалі афіцэраў для работы на асноўных сродках прыёму і перадачы інфармацыі ў ракетных войсках. Але замест трох гадоў Ліпені прабылі ў ім усяго чатыры месяцы - рапарты на залічэнне ў склад курсантаў вырашылі не пісаць. У выніку апынуліся ў ліку трыццаці адмаўленцаў, якіх накіравалі ў вайсковы гарадок Уласіха, адкуль у 1941-м Георгій Жукаў кіраваў абаронай Масквы. Тады там кватаравалі Галоўны штаб і ўпраўленне Галоўнакамандуючага ракетнымі войскамі. Лепшых, чым браты, спецыялістаў у батальёне засакрэчваючай апаратуры сувязі не было. Валянцін здзіўляў кіраўніцтва ўсяго гарнізона не толькі майстэрствам, але і сваімі спартыўнымі паказчыкамі. Даволі хутка ён меў першыя разрады па бегу, лыжах і біятлону. Будучы ўжо начальнікам апаратнай, старшына Ліпень пацвярджаў іх у Сакольніках, Лужніках ды на Ленінскіх гарах, з якіх бачыў сябе і, вядома ж, брата ў аудыторыях Мінскага радыётэхнічнага інстытута.
Мара здзейснілася! Гады вучобы праляцелі хутка, і з кастрычніка 1968-га выпускнік з чырвоным дыпломам працуе старшым інспектарам-інжынерам аддзела тэхнічных сродкаў Упраўлення пазаведамаснай аховы пры МАГП БССР. Васіль гэтаксама звязаў свой лёс з міліцыяй. Будучы палкоўнік пачынаў старшым інжынерам аддзела сувязі МАГП, а скончыў начальнікам аддзела тэхсродкаў навучання Акадэміі МУС. На вялікі жаль, у 69 гадоў яго не стала - не вытрымала параненае Чарнобылем сэрца...
- Працавалася дужа складана, - успамінаў Валянцін Канстанцінавіч. - Захаванасць дзяржмаёмасці забяспечвалі, у асноўным, вартаўнічыя стацыянарныя і абходныя пасты. Першай дыстанцыйнай сістэмай стаў пульт "Нева-60". Потым пачалі з'яўляцца "Сирень -1М", "Нева- 10", "Нева-10М"… Патрабавалася дасканала ведаць іх не толькі самому, але і навучыць эфектыўна выкарыстоўваць на месцах, таму з камандзіровак не вылазіў. Сродкамі сігналізацыі нашыя аб'екты абсталёўвалі толькі мантажнікі "Запспецавтоматики". І неабходныя аб'ёмы падрадных работ мы мусілі перадаваць цераз Дзяржплан рэспублікі. Праз мае рукі прайшлі і прымітыўныя "Спица", і тонкі медны провад, і ўдарныя кантактныя, і п'езаэлектрычныя, і магнітаэлектрычныя, і ультрагукавыя, і фотаэлектрычныя, і радыёпрамянёныя датчыкі, і ёмістыя апавяшчальнікі.
Ужо да канца 1969-га з непасрэдным удзелам на рэдкасць таленавітага маладога спецыяліста сродкамі сігналізацыі абсталявалі 605 памяшканняў з асабістай маёмасцю, у тым ліку 415 кватэр, 84 гаражы, 45 пакояў у інтэрнатах, 38 нумароў гасцініц, дзе ўсталявалі пяць канцэнтратараў тыпу "Рубін" агульнай змяшчальнасцю 100 нумароў, і 23 іншыя памяшканні. Стварылі 23 спецыяльныя мантажныя групы з 65 спецыялістаў. Толькі за другое паўгоддзе яны забяспечылі сігналізацыяй 448 кватэр і 239 дробных аб'ектаў, на 36 з якіх яе капітальна адрамантавалі. Вырабілі, акрамя таго, 285 прыбораў салідарных сродкаў і 100 канцавых прылад для падключэння на пульты. Пры гэтым распрацавалі і стварылі 50 прыбораў для ўзаемааховы адначасова чатырох кватэр, шэсць доследных прыставак тыпу БЗ-1 (блок забеспячэння) для ўзяцця пад апеку кватэр, у якіх меліся спараныя тэлефоны. Цалкам задаволіць падобныя заяўкі, па словах ветэрана, на некаторы час не ўдалося - не хапіла спецыяльнага рэле. Юбіляр гэтаксама адзначае, што з 1969-га зноў пабудаваныя гандлёвыя аб'екты без сігналізацыі ў эксплуатацыю ўвогуле не прымаліся. Наогул, за другую частку трэцяй дзесяцігодкі службы тэхсродкі ахоўнай сігналізацыі прапісаліся на 13655 аб'ектах. Гэта 32 адсоткі ўсіх ахоўных. Усё большае месца займала цэнтралізаваная сістэма з выкарыстаннем АТС. За названы час у 21 горадзе з'явіўся 41 пункт цэнтралізаванага назірання. ПЦН абслугоўвалі 3500 аб'ектаў. Для больш таннага ўтрымання сістэм і павышэння аператыўнасці назіральныя аб'ядноўваліся ў пункты цэнтралізаванай аховы (ПЦА). Першыя з іх уключыліся ў працу ў сталіцы, Гомелі, Віцебску і Гродна, дзе гарадскі аддзел пад кіраўніцтвам падпалкоўніка міліцыі Івана Татарынава па рашэнні Прэзідыума ЦК прафсаюза работнікаў дзяржустаноў і МУС прызналі лепшым у Саюзе!
- Тэхнічныя сродкі, - дадае Валянцін Канстанцінавіч, - пасяляліся тым часам у музеях, карцінных галерэях, выставачных памяшканнях, само сабой, на прамысловых прадпрыемствах. Мы даставілі на іх, у прыватнасці, 80 канцэнтратараў малой ёмістасці з падключэннем 650 складоў, кас і спецчастак. Адзначу і такі важны факт: у 18 гарадах замест абыходных вартавых пастоў на 52 маршрутах вялося мотапатруляванне. У выніку ўсяго зробленага колькасць крадзяжоў зменшылася больш, чым на 30 адсоткаў. Укараненне наяўнай і новай апаратуры дазваляла скарачаць планава штогод колькасць занятых і зніжаць выдаткі.
ЦЁПЛЫМ вераснёскім днём 1975-га Валянцін Ліпень стаў намеснікам начальніка аддзела тэхсродкаў, а праз паўтара года гэтае адказнае падраздзяленне ўзначаліў. З вялікай удзячнасцю ўзгадваў ветэран незабыўныя ўрокі, якія далі яму тагачасны кіраўнік службы аховы палкоўнік Уладзімір Нялюбін і палкоўнік Міхаіл Жывалкоўскі, якога ён змяніў на сваёй новай пасадзе. Дзякуючы творчым намаганням Валянціна Канстанцінавіча, які станавіўся па крысе легендай айчыннай аховы, а потым і стаў ёй (!) на яе базе ўсё часцей і часцей праводзілася доследная эксплуатацыя новай тэхнікі. Беларускага майстра пачалі актыўна і настойліва прыцягваць да практычнай дапамогі калегам з розных рэгіёнаў Саюза. Яму шчыра дзякавалі Узбекістан, Казахстан, Цюмень…
Пасля развалу вялікай дзяржавы маральна устарэлыя сістэмы цэнтралізаванай аховы знялі з вытворчасці. Усе спробы расіян і ўкраінцаў распрацаваць новыя скончыліся безвынікова. Нічога не заставалася, як брацца за справу самім. І тагачасны кіраўнік службы генерал-маёр міліцыі Юрый Тарабрын даручыў Валянціну Ліпеню распрацаваць асабістую эфектыўную аўтаматызаваную сістэму. Юрый Васільевіч быў упэўнены: і на гэты раз яго таленавіты падначалены зробіць тое, што нікому ў краінах былога Саюза і не снілася. І ён зрабіў!
Найперш, "знайшлі" вытворчае аб'яднанне "Агат". Яго галоўны інжынер Леанід Ганчарык тройчы збіраў спецыялістаў мясцовых лабараторый, каб "чалавек з аховы" падрабязна давёў ім, што ёсць сёння, і што трэба зрабіць. Урэшце, пасля працяглага цяжкага абмеркавання, начальнік 105-й лабараторыі Анатоль Матусевіч пагадзіўся ўзяцца за справу. Пры гэтым была пастаўлена незвычайная ўмова: заказчык павінен сам прапанаваць структурную схему і тэхнічныя патрабаванні да кожнага вузла. Толькі ў гэтым выпадку давалася гарантыя распрацоўкі задуманага. Выйсця не было. Да абмеркавання Ліпень прыцягнуў не толькі спецыялістаў "Агата", але і кіраўнікоў тэхслужб на месцах. Прапанаваны макет доследнага ўзору ўразіў яго і коштам камплектацыі, і памерамі, якія былі большымі за існуючыя сімтэмы, і ён настойліва патрабаваў знайсці аптымальны варыянт. Акрамя таго, разам з Юрыем Тарабрыным энергічны, памяркоўны і надзвычай адказны спецыяліст наведаў Варонеж, дзе спецыяльны інстытут займаўся пеленгаваннем аб'ектаў з самалёта…
ДОСЛЕДНЫ ўзор шырока вядомай сёння ўнікальнай "Алесі" быў усталяваны ў 1994-м у Фрунзенсім аддзеле аховы. Пры эксплуатацыі ішла неабходная дапрацоўка сістэмы. Тым часам Валянцін Канстанцінавіч дамовіўся з былымі супрацоўнікамі 105-й лабараторыі, якія шчыравалі ўжо на прадпрыемстве "Аларм", на распрацоўку серыі прыбораў аб'ектавага ўзроўню, якія падыходзілі як для існуючых пультоў, так і для "Алесі". Выкарыстоўваць іх шырока ён пачаў ужо на пасадзе намесніка начальніка аб'яднання "Ахова", якое ўзначаліў будучы намеснік міністра ўнутраных спраў Аляксандр Шчурко. Пры ім у Ленінскім (г. Брэста) аддзеле ўсталявалі 15 кастрычніка 1995-га першую "Алесю". Недзе праз год у тым жа Брэсце пад началам Ліпеня яе задзейнічалі для кантролю за аўтатранспартам нарадаў міліцыі. З вясны 2002-га на машынах можна было заўважыць геральдычны сімвал службы - залацістую саву, якая трымае ў сваім дзюбе ключ ад замкоў аб'ектаў і ад якой адыходзяць радыёхвалі. Зрабіць сімволіку ў такім выглядзе прапанаваў пры яе абмеркаванні, зноў-такі, Валянцін Ліпень Ён беражліва захоўвае патэнт № 3276 на вынаходства галоўнага на сёння здабытку службы аховы - аўтаматызаванай сістэмы "Алеся".
Па-рознаму складвалася жыццё вядомага вынаходніка. Былі і светлыя, і не вельмі дзянькі. І адносіны да яго былі не заўсёды такімі, якіх ён, па словах калег, заслугоўваў. Толькі, нягледзячы на нейкія недарэчнасці, ён даўно ўсё і ўсім дараваў, хай сабе хто пра гэта і не ведае. Галоўнае, што ён ведае гэта сам...
Уладзімір Барысенка.
Круглы стол па Крэўскім замку
27 сакавіка ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі з удзелам навуковай супольнасці Беларусі прайшоў круглы стол, на якім разглядаліся пытанні даследавання, рэстаўрацыі і музеефікацыі Крэўскага замка.
У пасяджэнні прынялі ўдзел прадстаўнікі Гарадзенскага аблвыканкама, Смаргонскага райвыканкама, Гарадзенскага гісторыка-археалагічнага, Лідскага і Смаргонскага музеяў.
ТК "Культура Лідчыны".
БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Станіслаў Суднік
Колеры, афарбоўкі і масці ў Лідзе і ў астатняй Беларусі
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Афарбоўкі і масці жывёлаў
Пароды сабак
Багемская аўчарка, ці ч эшскі сабака-пастух
Не прызнаны МКФ. Чэхія
Балан'ез
9 - Дэкаратыўныя і сабакі-кампаньёны. Італія
Балгарская аўчарка
Не прызнана МКФ. Балгарыя
Балгарскі барак
Не прызнаны МКФ. Балгарыя
Балгарскі ганчак
Не прызнаны МКФ. Балгарыя
Барадаты колі
1 - Сабакі-пастухі і быдлагонныя сабакі, акрамя швейцарскіх быдлагонных сабак. Шатландыя
Бардоскі дог (французскі масціф)
2 - Пінчары і шнаўцары, малосы, горныя і швейцарскія быдлагонныя сабакі. Францыя
Бардэр-колі
1 - Сабакі-пастухі і быдлагонные сабакі, акрамя швейцарскіх быдлагонных сабак. Вялікабрытанія
Бардэр-тэр'ер
3 - Тэр'еры. Вялікабрытанія
Баснійскі барак
6 - Ганчакі і сваяцкія пароды. Боснія і Герцагавіна
Бастон-тэр'ер
9 - Дэкаратыўныя і сабакі-кампаньёны. ЗША
Басярон
1 - Сабакі-пастухі і быдлагонныя сабакі, акрамя швейцарскіх быдлагонных сабак. Францыя
Бігль-хар'ер
6 - Ганчакі і сваяцкія пароды. Францыя
Білі
6 - Ганчакі і сваяцкія пароды. Францыя
Бішон фрызе
9 - Дэкаратыўныя і сабакі-кампаньёны. Францыя
Бладхаўнд
6 - Ганчакі і сваяцкія пароды. Бельгія
Блю-лейсі
Не прызнаны МКФ. ЗША
Бобтэйл
1 - Сабакі-пастухі і быдлагонныя сабакі, акрамя швейцарскіх быдлагонных сабак. Вялікабрытанія
Бойкін-спаніель
Не прызнаны МКФ. ЗША
Бразільскі тэр'ер
3 - Тэр'еры. Бразілія
Бранч'ера сіціліяна
Не прызнаны МКФ. Італія, Сіцылія
Брахольмер ці датскі масціф
2 - Пінчары і шнаўцары, малосы, горныя і швейцарскія быдлагонныя сабакі. Данія
Брусельскі грыфон
9 - Дэкаратыўныя і сабакі-кампаньёны. Бельгія
(Працяг у наступным нумары.)
Згукі Дня беларускага пісьменства ў Лідзе
У ЦЯНІ ЗАМКА ГЕДЫМІНА
Я. Ярмант
Успаміны дзяцінства*
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Быў яшчэ адзін новы настаўнік, здаецца з Менска. Не памятаю яго прозвішчы (можа гэта быў Віктар Бутвілоўскі) ды і не гэта галоўнае. Добра памятаю тое шчырае здзіўленне, якое ён у мяне выклікаў. Ён вёў, здаецца, урокі фізічнага выхавання і пазакласныя заняткі. Быў малады, высокага росту, добрага складу. Гледзячы на яго, стваралася ўражанне, што па прчыне яго відавочнай нясмеласці ён хадзіў неяк бачком. Гэта манера была ў ашаламляльным кантрасце з размахам яго распачынанняў.
За кароткі час ён арганізаваў у школе дзве каманды акрабатычнай гімнастыкі, асобна з хлопчыкаў і дзяўчынак. Я адразу ж запісалася і не шкадавала пра гэта. Гэта былі для мяне зусім новыя перажыванні. Абедзве каманды часта выступалі ў гімнастычнай зале, пры поўным зборы.
Удзельнікі нашай каманды стваралі кампазіцыі, выкарыстоўваючы фізічныя магчымасці дзяўчат. Самыя здольныя рабілі розныя стойкі, масткі, шпагаты. Мне насілу атрымоўвалася стойка на руках з дапамогай сяброўкі, якая падтрымлівала мяне за ногі. Я любіла нашы эфектныя выступы, атмасферу агульнай напругі сіл.
Хлопцы дэманстравалі фізічную сілу, спрыт і адвагу, ствараючы на нашых вачах шматпавярховую піраміду. Унізе стаялі найдужэйшыя, на іх плечы ўставалі хлопцы лягчэйшыя, і на іх яшчэ лягчэйшыя і заканчвалася піраміда эфектнай стойкай на галаве. Сярод тых найдужэйшых, па маім меркаванні, вылучаўся Жоржык Вішнеўскі.
Побач з гімнастычнай камандай, як грыб пасля дажджу, з'явіўся ансамбль песні і танца. Песні спявалі на беларускай. Яны краналі мяне сваім рамантызмам, таму некаторыя з іх я запомніла, напрыклад:
Што за месяц, што за ясны,
Калі ўзыдзе, калі не,
Што за міленъкі дружочак,
Калі прыйдзе, калі не...
Ці:
Скіну кажух на паліцу
Сама выйду на вуліцу.
На вуліцы скрыпка грае,
Мяне маці не пускае.
Танцы былі рускія народныя, у тым ліку і "ўпрысядкі". У танцах асабліва здольным аказаўся Сташак Ігнатовіч, мой калега са школы № 5, брат Генькі, з якой я была ў харцэрскім лагеры на Нёмане. Выступленні ансамбля песні і танца таксама характарызаваліся шырокім размахам, тэмпераментам і лірызмам. Я не пераставала дзівіцца, што такая эфектыўная артыстычная дзейнасць была справай рук аднаго маладога чалавека, якога наогул не было прыкметна!
У школе паўстала яшчэ адна пазакласная арганізацыя па інтарэсах - школьны аркестр змяшаных інструментаў. Вядома, я адразу ж туды запісалася. Пан Драмовіч, вядомы ў Лідзе настаўнік спеваў, добра правяраў наш слых, але прыняў у аркестр усіх ахвотнікаў. Я грала на скрыпцы. Як я прыйшла да гэтага?
Так, я стала ўладальніцай скрыпкі. Без якіх-небудзь заслуг і высілкаў з майго боку. Яна сама па сабе да мяне патрапіла. Неяк прыйшоў да нас Валер Попроцкі, муж маёй самай маладой цёткі Гэлі і прынёс мне скрыпку старую, але ў добрым стане, толькі смычок аказаўся сцёртым. Гаспадар яе быў невядомы, акалічнасці згубы таксама нявызначанымі. Ішла вайна, пачалася міграцыя людзей, і знаходка скрыпкі нікога не здзівіла. Я была ўдзячная гэтаму дзядзечку за тое, што ён памятаў пра мяне і хацеў зрабіць прыемнае. Заслужыў гэтым маю заўсёдную падзяку. Што да смычка, то бацька дарабіў яго з сапраўднага конскага воласу, выцягнуўшы яго з хваста каня! Ён здабыў таксама каніфоль і запасныя струны. Я адразу ж пачала граць, падбіраючы часткі гамы ад мандаліны да скрыпкі. Сямейнікі глядзелі на мяне са здзіўленнем. Як я даведалася пазней, суседзі некалькі разоў бачылі мяне, як я стаяла над ракой і грала ў адзіноце і такой мяне запомнілі.
Творы, якія выконваліся аркестрам былі вельмі простымі, асабліва партыя скрыпкі. Неяк мы выступалі ў кінатэатры. У зале знаходзілася мая мама. Яна мне потым распавяла, што пан Драмовіч нерваваўся з-за партыі скрыпкі, якая гучала занадта слаба. Я ведала прычыну гэтага, вельмі дзіўную для мяне самой. Каля мяне стаяў іншы скрыпач, хлопец па прозвішчы Рыпер. Неяк я са здзіўленнем выявіла, што ён не грае, хоць рухае рукой са смычком, імітуючы ігру! Ён не змог асвоіць такой простай партыі, як наша! Я яшчэ і сёння яе памятаю. Я дзівілася і адначасова засмучалася з яго несумленнасці.
Сярод шматлікіх артыстычных выступленняў у школе, адзін з нумароў праграмы глыбока запаў у маю памяць. І хоць ён працягваўся нядоўга, я не забылася пра яго да гэтага часу.
Бачу перад сабой гімнастычную залу, пагружаную ў паўцемру і запоўненую з каўпом. З яго гуду ціха, як прывіды, выступілі тры старэйшыя дзяўчыны і ўсталі перад прысутнымі вучнямі. Я не бачыла іх твараў, не ведала, хто яны. Яны заспявалі даволі доўгую песню-баладу на польскай мове. Я запомніла яе амаль цалкам, такой яна была рамантычнай:
"Чытала я кнігу - звычайны раман,
У трох тамах пра шчасце і расстанне.
Як нехта з некім сплёў у стоме рукі,
І быў навечна аддадзены ў свет кахання...
Ужо не памятаю імёны тых маладых.
Гаворка не пра тое, не трэба іх імёнаў,
Сутнасць у тым, што ёсць яна і ён
І ў гэтым сутнасць такіх любоўных кніг...
Усё пачалося з сустрэч, выпадковых слоў,
Гутаркі тыя спляліся з салодкіх размоў,
Любой з іх чароўнай і новай
Цудоўнай рознакаляровай -
І скончаны першы том.
А пасля - сум і гарката ў сэрцы маладым
І плача хтосьці, горам свет засмучаючы,
Потым жа ў канчатковым фінале
Напісана "канец " - і гэта быў трэці том.
Калі прачытала, то думала пра нас.
Пра шчасце, пра каханне, што з намі было.
Яно нас таксама забывала, пайшло,
Пра яго і быў напісаны той раман..."
Не збянтэжыла мяне ні наіўнасць слоў, ні прастата мелодыі. Наадварот! Я была зачаравана рамантызмам песні, і сумная гісторыя кахання здавалася ўзятай проста з жыцця прыкладам адвечных пачуццяў, якія нараджаюцца паміж хлопцам і дзяўчынай.
Трыа, скончыўшы песню-баладу, знікла гэтак жа ціха, як і з'явілася, але не знікла з маёй памяці, пра што я тут і сведчу.
Раздзел XI
Ішла вайна, названая гісторыкамі Другой сусветнай. Мама казала - гэта ўжо трэцяя вайна ў яе жыцці, што наводзіла на думку пра непазбежнасць вайны ў жыцці кожнага пакалення. Народы Усходняй Еўропы нагадвалі мурашнік, у які ўвагналі кол, і ўяўлялі сабою жаласнае і адначасова жахлівае відовішча.
Адны мужчыны "ішлі ў бой" абараняючы незалежнасць краіны. Іншыя неслі найніжэйшым пластам грамадства "вызваленне з-пад эксплуатацыі прывілеяваных класаў", бачачы ў іх галоўнае зло чалавецтва. Справа дайшла да перасоўвання з ранейшага месца жыхарства прадстаўнікоў гэтага вышэйшага ў грамадскай іерархіі класа. Разам з імі перасоўвалі і адміністрацыйны апарат, які забяспечваў няроўную частку прывілеяў. Тысячы людзей ратаваліся панічнымі ўцёкамі, здымаючыся з абжытых месцаў.
Тым часам у маім незаўважным жыцці маленькай мурашкі адбыўся цуд № 1. Збылася мая самая гарачая мара, да таго часу няздзейсная. Без найменшага ўдзелу з майго боку. Сярод жахаў вайны і як бы насуперак ёй.
Была добрая вясновая раніца 1940 г. Я рыхтавалася ісці ў школу, снедала на кухні. Мама мітусілася вакол. У кватэры было спакойна і ціха-звычайны дзень. Нечакана пастукаліся ў дзверы кухні, і ўвайшла нейкая жанчына сярэдніх гадоў. Я ведала яе ў твар, яна ўжо некалькі разоў прыходзіла да мамы. Гэта было новае знаёмства апошніх месяцаў. Жанчына павольна ўвайшла з заклапочаным тварам. Мама запрасіла яе ў спальню; паколькі паміж спальняй і кухняй дзвярэй не было, я магла вольна прыслухоўвацца да іх гутаркі, не перарываючы сняданку.
Пасля некалькіх агульных фраз, якія адпавядаюць прыстойнасці, жанчына прыступіла да справы, з якой яна прыйшла.
- Прашу прабачэння, - сказала яна павольна, няўпэўненым голасам, - у мяне сур'ёзная праблема, і я прыйшла спытаць, можа вы маглі б мне дапамагчы?
- Ахвотна, - адказвала мама, - калі толькі змагу.
- Мая праблема ў тым, што ў мяне ёсць раяль, але няма дзе яго трымаць. Гэта, праўда, кабінетны раяль, але ўсё ж займае шмат месца. Апошні час ён знаходзіўся ў маіх знаёмых. У іх досыць прасторнае жыллё. Аднак нечакана ім давялося пусціць да сябе на кватэру сваякоў, і мая знаёмая не можа больш трымаць інструмент у сябе.
Жанчына гаварыла запінаючыся і сапраўды была вельмі заклапочанай. Я ж, пачуўшы слова "раяль", перастала есці і ўся ператварылася ў слых.
- Яна просіць зараз жа забраць інструмент, але што мне зараз з ім рабіць? Вы ж ведаеце, я сама здымаю кут.
Наступіла кароткая паўза, падчас якой я стаіла дыханне.
- Прашу вас, - выдушыла з сябе нарэшце жанчына, - можа вы зможаце ўзяць раяль да сябе? Сярэдні пакой у вас досыць вялікі, каб ён змясціўся і не замінаў вам.
У яе голасе чуліся інтанацыі просьбы.
- У вас дзве дачкі. Магчыма, яны захочуць вучыцца граць на гэтым інструменце. Вы згодны?
Я сядзела, як выцятая громам і не верыла ўласным вушам. Гэта жанчына са сваёй просьбай з'явілася, як добрая фея, якая адным узмахам чароўнай палачкі выканала маё самае гарачае жаданне. Бальная сукенка Папялушкі і парадная карэта з казкі здаваліся дробяззю ў параўнанні з такім нечаканым з'яўленнем у нашай хаце раяля!
Дзякуючы гэтай жанчыне я пасябравала з пані Ласкоўскай, маёй першай настаўніцай музыкі. Пані Ласкоўская, падобна, не мела адпаведнай кваліфікацыі для выкладання фартэпіяннай музыкі. Удава з двума дзецьмі, яна працавала ў сярэдняй школе № 5 настаўнікам малявання. Была родам з Жытоміра і гаварыла пра сваяцтва з сям'ёй вядомых мастакоў Косакаў. У нашым простым асяроддзі яна была прыкметнай з'явай. Яе артыстычны тэмперамент і глыбокая любоў да музыкі стварылі той падмурак, на якім паўстала наша доўгае сяброўства.
Знешнасць яе таксама была незвычайнай. Маленькая, худзенькая з сівымі прамымі валасамі, абрэзанымі без усякіх прэтэнзій, як у дзяўчынкі. Гэтыя яе белыя валасы я памятаю з самага пачатку нашага знаёмства, але гэта была заўчасная сівізна. Замест звыклых акуляраў яна карысталася старамодным бінакулярам. Заўсёды мела добры настрой і была добразычлівая да людзей.
Паколькі ў яе не было свайго інструмента, яна прыходзіла да мяне на заняткі два разы ў тыдзень. Пані Ласкоўская высока цаніла маю працавітасць і метадычнасць. У той час я займалася толькі тры гадзіны ў дзень. У школе ў мяне была другая змена, хатнія заданні рыхтавала ўвечар пасля школы, а раніцу магла прысвячаць практыкаванням на раялі. Памятаю свой рэжым дня, які сама сабе вызначыла і старанна выконвала. Не вельмі то лёгка было дзень пры дні ўставаць раніцай і садзіцца да інструмента. Астатнія чальцы сям'і яшчэ спалі. Трэба было збіраць волю ў кулак і пераадольваць жаданне паспаць.
Пані Ласкоўская лёгка прышчапіла мне два прынцыпы, абавязковыя для будучай піяністкі. Яна загадала:
1. Практыкуйся рэгулярна, кожны дзень.
2. Беражы рукі - піяністка не павінна насіць нічога цяжкага.
Я з вялікай ахвотай, нават са стараннасцю выконвала абодва прынцыпы, тым больш, што ўмовы для гэтага былі самыя спрыяльныя. Я не толькі не выконвала ў хаце якую-небудзь цяжкую працу, але не было неабходнасці працаваць па хаце наогул. Бацькі ўсе работы выносілі на сваіх плячах, нічога на мяне не перакладаючы. Акрамя таго, я была самай малодшай у сям'і і мела поўную волю дзеянняў. Памятаю, мы пайшлі з бацькам па грыбы. Назбіралі шмат, кошык быў вельмі цяжкі, але я і не падумала дапамагчы бацьку, бо берагла свае рукі. Шкадаванне і сорам прыйшлі пазней, я зразумела, што гэта было вялікім эгаізмам з майго боку. Калі казаць пра рэгулярныя практыкаванні, то мне здавалася, што на свеце няма нічога больш прыемнага! Скончылася кампанія аднагодкаў. Скончыліся частыя візіты да Ядзі. Цяпер яна прыходзіла да мяне, каб паслухаць маю ігру, і нават хутка вывучыла некалькі самых прыемных мелодый са школы Бейера! Я не без зайздрасці дзівілася яе відавочным здольнасцям. Доказам маёй сістэматычнасці ў працы хай паслужыць наступная сцэнка з таго часу:
Аднойчы да мяне прыйшла новая школьная прыяцелька Ядзя Альшэўская. Я ведала, што яна прыехала ў Ліду з СССР разам з сям'ёй сваёй сястры і хацела з кім-небудзь пасябраваць. Паколькі яна жыла ў хаце Шымялевіча, недалёка ад нас, то ў першую чаргу звярнула сваю ўвагу на мяне. Я ўсё гэта разумела і нічога не мела супраць яе самой. Аднак яна мела няшчасце з'явіцца раніцай да школы, і як водзіцца ў моладзі - без запрашэння. Я была вельмі незадаволена гэтым візітам, таму што ён супаў з маімі штодзённымі практыкаваннямі на раялі. У той жа час баялася падацца негасціннай. Хутка прыняла рашэнне. Пасадзіла яе на крэсла пасярод пакоя і завяла сяброўскую гутарку, спакойна працягваючы граць. Трэба прызнаць, што сяброўка выявіла вялікае цярпенне ў падтрымцы такога арыгінальнага спосабу зносін і не здавалася пакрыўджанай. Неўзабаве аказалася, аднак, што гэта быў першы і апошні яе візіт да мяне.
Раздзел XII
У чэрвені 1941 года, пасля нападу немцаў на Савецкі Саюз у нашым раёне аднавіліся ваенныя дзеянні. У выніку нямецкай бамбёжкі запальнымі бомбамі цэнтра Ліды горад ахапілі пажары, і ён быў практычна разбураны. Агонь распаўсюджваўся з велізарнай хуткасцю і з-за ракі набліжаўся да нас.
Чакаючы самага горшага, бацькі пачалі пакаваць і выносіць рэчы з хаты. Застаўся толькі раяль. Я была зусім выбіта з раўнавагі і не ведала, што рабіць. На ўсякі выпадак накрэсліла на яго люстраной, зараз пакрытай пылам паверхні, знак крыжа. Калі мураваная хата Яхкі ўжо ператварыўся ў сцяну чырвонага агню, мужчыны выцягнулі раяль. Ужо гарэлі гаспадарчыя пабудовы, і было так горача, што я дзівілася, як яны вытрымліваюць гэтую спякоту. Мне яна здавалася невыноснай. Памятаю, як дзядзька Аляксандр інстыктыўна захіліў твар пінжаком, што відавочна не вельмі дапамагло. Нарэшце раяль стаяў на лужку на бяспечнай адлегласці ад агню. Ён вельмі дзіўна выглядаў на адкрытым месцы.
Тое, што адбылося пазней, доўга ўспаміналася нашай сям'ёй, як драматычная бітва за выратаванне суседняй бабулінай хаты, пад нумарам 13. Паколькі наша хата ўжо згарэла, усе высілкі выратавальнікаў сканцэнтраваліся на ёй, дзе мы маглі б знайсці прытулак. Выратавальнікаў было шмат. Акрамя маіх бацькоў, сваякоў і брата бацькі дзядзькі Аляксандра ў справе актыўна ўдзельнічалі некалькі суседзяў, зацікаўленых у стрымліванні гэтага, усёзнішчальнага бедства. Ахвотна дапамагчы прыбег Валер Папроцкі. Той самы, ад якога мне дасталася скрыпка. Гісторыя яго нядоўгага жыцця была трагічнай. Ён быў у падполлі Арміі Краёвай. У Лідзе яму стала небяспечна заставацца, і ён вырашыў сыходзіць у лес. Развітаўся з жонкай і 3-гадовай дачкой і выйшаў з хаты. Аднак далёка не адышоў. Падыходзіў ужо да мастка над Лідзейкай, калі нечакана наткнуўся на патруль уласаўцаў. Мабыць, ён вырашыў, што яны ідуць яго арыштоўваць, таму павярнуўся і кінуўся на ўцёкі праз агароды на Расляках. За ім пагналіся, пачалі страляць, паранілі і схапілі. Ён памёр у турме. Яго ўпотай пахавалі ў лесе немцы, але ўначы цётка адкапала цела і перавезла на сельскія могілкі каля Ліды. Светлая яму памяць!
Седзячы на гародзе сярод вынесеных рэчаў, я не заўважала ўсіх гэтых высілкаў па выратаванні хаты. Здалёк толькі чула адчайны крык, бачыла летаніну ад ракі да хаты і людзей на даху. Я нават дазволіла згарэць сваім нотам, зусім пазабываўшы пра іх!
Урэшце людзі атрымалі перамогу над стыхіяй і пажар быў прыпынены. Можна без перабольшання сказаць, што затрымаўшы агонь, наша сям'я выратавала Зарэчча. Мне прыемна, што гэта стала нашай "гістарычнай місіяй", хоць мы не планавалі яе свядома. Можаце сабе ўявіць, што адбылося б, калі б не выратавалі хату нумар 13! Пажар лёгка знішчыў скучаны, але ўсё ж мураваны цэнтр горада. З нашага боку ракі ён спаліў як салому мураваную хату Яхкі і драўляную піўную Соркі, зусім побач з хатай № 13. Далей размяшчалася драўляная забудова Зарэчча і шматлікія адрыны, крытыя саломай. У такой сітуацыі досыць адной іскры, каб усё пайшло з ветрам.
З другога боку вуліцы пажар дайшоў да хаты сям'і Цітавіцкіх, знішчыўшы яе дашчэнту. Цітавіцкмя знайшлі сховішча спачатку за горадам у адной з тых хатак, міма якіх мы хадзілі ў лес у ягады. Потым перабраліся ў раён Фермы, адкуль была родам мама Ядзі. Ядзя пазней распавядала мне, як падчас пажару яна так спалохалася, што змагла вынесці з хаты толькі будзільнік! Гэтую сям'ю ўвесь час пераследвалі няшчасці. Усяго праз некалькі гадоў іхняя хата згарэла падчас уцёкаў немцаў.
На наступны дзень пасля пажару, мы разам з дзядзькам Сашам выйшлі ў горад. Не ведаю, чаму ў гэтую дзіўную вандроўку ён узяў менавіта мяне, мабыць, выпадкова.
Дзядзька Саша быў старэйшым з чатырох братоў. Вонкава ён адрозніваўся ад майго бацькі. Не меў такіх прыгожых чорных валасоў і быў нашмат шчуплейшы. Больш быў падобным на бабулю Юлю, высокую худую старую з сівымі валасамі. Мой тата падобна, атрымаў сваю знешнасць у спадчыну ад бацькі, якога я ніколі не бачыла. У дзядзькі Сашы быў спецыфічны твар па прычыне дэфармаванага носа. У выніку хваробы і аперацыі частка носа была выдалена. Гэта ў вачах людзей рабіла яго брыдкім, але я ўспрымала яго твар як нешта звыклае і якое само-сабой разумеецца.
У той жа час характар і звычкі былі ў братоў аднолькавымі. Не палілі, зусім не ўжывалі алкаголю, былі вельмі нешматслоўныя, але заўсёды ў добрым настроі. Як тыповыя дамаседы пазбягалі кампаній.
У маладосці, перад Першай сусветнай вайной дзядзька працаваў на чыгуначным тэлеграфе, а па прафесіі ён быў электрыкам. Толькі аднойчы ён пачаў успамінаць тыя часы, нібы жадаў пазбавіцца ад глыбока затоенага перажывання. Тое, што ён мне распавёў, лепш за ўсё сведчыць пра яго глыбокую прыстойнасць. Гэта адбылося, калі ён праводзіў святло ў хаце нейкага габрэя. Падчас працы ён павінен быў забрацца пад столь. І раптам убачыў на кафлянай печы, непрыкметную знізу вельмі прыгожую скрыначку. Зацікаўлены, ён падняў вечка і ад здзіўлення ледзь не зваліўся з усходаў. Скрыначка была поўная каштоўнасцяў, якіх ён ніколі ў жыцці не бачыў. Першым пачуццём быў страх, што яго могуць абвінаваціць у крадзяжы. Ён паспешна зачыніў скрыначку і без ніводнага слова працягваў працу. Праз некаторы час у памяшканне ўбег відавочна ўстрывожаны габрэй - гаспадар і адразу ж палез па скрыначку, каб пераканацца ў захаванасці свайго скарбу. Усё адбывалася без слоў.
У тую раніцу, адразу пасля пажару, мы з дзядзькам адправіліся на агляд горада. Дзякуючы гэтаму я стала адным з першых непасрэдных сведак гістарычнага пералому ў жыцці Ліды. Яе культурна-гандлёвы цэнтр перастаў існаваць, і разам з ім даваенная Ліда знікла назаўжды. Ацалелі абодва касцёлы, але згарэла сінагога, размешчаная паміж рынкам і Школьнай вуліцай. Як быццам у прадбачанні, што хутка ўжо не будзе каму служыць.
Ніводзін будынак не ацалеў на ўчастку паміж касцёламі. Як з чараў знікла бібліятэка, куды я часта зазірала і гасцініца, усярэдзіне якой я ні разу не была. Быццам растварылася ў паветры маленькая кнігарня пані Шкоп разам са школьнымі падручнікамі. У прах ператварыліся падручнікі польскай мовы "Гавораць стагоддзі" разам з надрукаванымі ў іх выдатнымі вершамі і ўзнёслымі думкамі, як напрыклад, гэты фрагмент.
"... Можа быць, над ракой Лімпапо
Будзе чорны сябар цябе ў думках мець,
Бо жыве на зямлі чалавек для таго,
Каб іншага чалавека зразумець!"
Так "іншы" чалавек ператварыў у нішто ўзнёслыя словы і скінуў на наш горад запальныя бомбы, ніколькі не спрабуючы зразумець яго жыхароў! Зніклі кінатэатры з непранумараванымі месцамі, дзе можна было праседзець некалькі сеансаў запар. Абрынуліся ўсе крамы, вялікія і маленькія, тыя самыя з элегантнымі вітрынамі, аб шыбы якіх распляскваліся нашы насы ў захапленні ад шакаладных зайчыкаў, абаранкаў і яйкаў з неспадзеўкамі ўсярэдзіне. І тыя, з абуткам, у якіх прадавец саджаў маленькага кліента на столік і, стоячы на каленях, прымяраў яму некалькі пар боцікаў. Такая ўвага была магчымай таму, што кліентаў звычайна прыходзіла мала - улетку мы хадзілі басанож, а зімовыя боты насілі да поўнага зносу.
Перасталі існаваць крамы адзежы, дзе прадавец сам апранаў кліента, расхвальваючы тавар так, што кожная наступная рэч па яго меркаванні была больш шыкоўнай і яшчэ больш да твару!
Толькі ва ўспамінах засталіся тэкстыльныя крамы, гаспадары якіх сустракалі кожнага патэнцыйнага пакупніка шматразовым паясным паклонам і асабіста праводзілі да дзвярэй, запэўніваючы ў сваёй гатоўнасці служыць і далей.
А гэтыя яткі, каля якіх нельга было абыякава прайсці з-за раскошных пахаў, нават набытыя ў іх мясныя абрэзкі мелі непаўторны смак! Гэты свет знік з пачаткам вайны, а пажар знішчыў усе яго сляды. Мы ішлі з дзядзькам добра знаёмай вуліцай Сувальскай, але тое, што мы бачылі ўжо не было вуліцай, а хутчэй нейкай няроўнай дарогай. Па абодва бакі, як сцены, узвышаліся высокія завалы абпаленай цэглы з бясформеннымі кучамі жалеза. Разваліны яшчэ дымелі, дзе-нідзе ўгару падымаўся дым і ад папялішчаў цягнула жарам. Было добрае надвор'е, блішчала на сонцы жалеза з развалін, вакол стаяла цішыня, ад якой станавілася яшчэ страшней.
Скляпы згарэлых хат былі большай часткай адкрыты, у некаторых засталіся, кінутыя ў паспеху тавары. Усіх іх уладальнікаў як быццам здула ветрам - разляцеліся ў пошуках выратавання, пакуль лёс ізноў не звёў іх у гета!
Руіны і разваліны заставаліся ў горадзе доўгі час, да самага канца вайны, аднак яны ўжо ніколі не рабілі на мяне такога ўражання, як у той раз адразу ж пасля пажару. Яны ўжо не дыміліся, счарнелі і не завальвалі ходнікі. Тым не менш - мы імкнуліся абыходзіць іх бокам.
* * *
У лепшым стане знаходзілася паўднёвая частка горада, на яе ўпала ўсяго некалькі бомбаў. Я пераканалася ў гэтым па дарозе да хаты Шымялевічаў, каля злучэння вуліц Гарыстай і Гражыны. Там жыла мая школьная сяброўка, якая прыехала з СССР, Ядзя Альшэўская, тая самая, якая аднойчы была ў мяне з візітам і з якой мы нядаўна трэсліся ад страху перад адказам урока фізікі. Не разумею, адкуль у мяне ўзяўся гэты страх, можа быць, перадаўся ад Ядзі. Памятаю, як яна горача паўтарала: "Божа! Божа!", а я баялася разам з ёй.
Я ішла да хаты Шымялевічаў праз іх гарод, прама пасярэдзіне, як раптам, з правага боку вачам маім паўстала жудаснае гледзішча! Абапёршыся плячамі пра плот, сядзела жанчына з ненатуральна выцягнутымі нагамі і рукамі. Заўважыла, што на нагах у яе былі тоўстыя панчохі і хатнія сандалі. Вочы шырока адкрытыя і нерухомыя, як у лялькі. І ўся яе постаць нагадвала ляльку. Падыйшоўшы бліжэй, я пераканалася, што гэта труп сястры Ядзі. Мяне ахапіў такі панічны страх, што я кінулася наўцёкі. Нават не ўбачыла, што стала з хатай.
Пазней я даведалася некаторыя дэталі гэтай трагедыі. Немцы наступалі так хутка, што іхні напад быў нечаканым нават для савецкіх войскаў, размешчаных у Лідзе. Пра гэта сведчыў лёс сем'яў вайскоўцаў, якія не мелі часу на планамерную эвакуацыю ў глыб СССР. Па сям'ю Ядзі, гэта значыць, яе сястры і дзевера, вайсковы грузавік прыехаў у апошнюю хвіліну. Ядзя паспела схапіць дзіця сваёй сястры, а тая была забіта асколкам бомбы і засталася непахаванай!
Праз некалькі дзён пасля пажару маму наведала пані Ганна Бінькевіч, яе сяброўка часоў дзявоцтва. Яна жыла з сям'ёй на Сувальскай, адразу за Школьнай вуліцай. Я ведала, што яна занадта хутка гаварыла. Нават мама не заўсёды магла яе зразумець.
Па сваёй звычцы яна ўвайшла ў кухню. Гэтым разам яна выглядала і казала не так, як звычайна. Памятаю, я сядзела за раялем і развучвала санату Моцарта. Аднак, словы, якія даляцелі з кухні, прымусілі мяне спыніць ігру. Я нема замерла каля раяля, таму што пані Бінькевіч плакала!
- Слухай - даляцеў да мяне яе голас - мой сын мёртвы. Мой малодшы сын, Казік, мёртвы.
- Што ты кажаш, Анька! - закрычала мая мама, як гэта мёртвы? Што здарылася?
- Яго забіла бомбай. Ён нібы сам сабе шукаў смерць. У той дзень, калі пачалі падаць бомбы, мы ўсе разбегліся. Не ведалі, куды схавацца. Ён са сваім дзядзькам схаваўся ў суседнім будынку. О, Божа! Навошта ён туды забег!
Яна зноў перапыніла аповед і залілася слязамі. Мама таксама, як і я, сядзела ціха, прыціснутая яе болем.
- Калі самалёты паляцелі, мы не ведалі, дзе яго шукаць. Мы ўсё чакалі і чакалі, можа сам прыйдзе. Шукалі паўсюль, але яго нідзе не было. Потым пачалі разграбаць разваліны суседняй хаты, Я знайшла яго складны нож. І нічога больш ад яго не засталося. Згарэў цалкам. Толькі ножык застаўся!
Што можна сказаць абхопленай горам маці ў такую хвіліну? Мы не знаходзілі слоў суцяшэння. Я баялася паварушыцца, каб не звярнуць на сябе ўвагі.
- Я думала, што яны пажэняцца з тваёй малодшай дачкой. Абодва яны такія музычныя. Яна яму падабалася. Распавядаў мне, што на рэпетыцыі аркестра, куды яны разам хадзілі, дачка твая казала, што ў яе не было струн. Ён хацеў ёй дапамагчы. Была б у мяне нявестка - твая дачка, а зараз? Божа! Божа!
Маё сэрца літаральна замірала ад жалю і спагады. Я ўсведамляла, што штосьці добрае і жаданае мінула і знікла беззваротна. Гэта нечаканая страта прычыняла боль. Да гэтага часу памятаю гэты жаль, які раздзіраў сэрца. Пачуццё нямоглай роспачы.
Калі праз гады я наведала пані Ганну ў Пракотыме пад Кракавам, ужо пасля смерці мамы, яна наогул не завяла гутаркі пра сына. Час загаіў раны. А, можа, мне гэта толькі здалося?
* * *
У ацалелай хаце № 13 мы спачатку займалі толькі адзін пакой. Праз некаторы час пані Садоўская - кватарантка - змагла выехаць, нягледзячы на цяжкасці з пошукамі даху над галавой у спаленым горадзе. З гэтага часу мы мелі ў сваім распараджэнні ўсё жыллё. Яно размяшчалася ў правай палове хаты з боку замка. Кватэра была меншай за ранейшую і мела толькі адзін уваход праз ганак. З даволі вялікага пярэдняга пакоя ўваходзілі прама на кухню, справа знаходзіўся вялікі пакой, дзе стаяў раяль. Спалі мы ў прахадным пакоі паміж гасцёўняй і кухняй. У кухні навіной для мяне была сапраўдная помпа для напампоўкі вады! Мы мелі яе ў абмежаванай колькасці з-за малой магутнасці гэтай помпы.
Наша новая хата аказалася першай сярод ацалелых з боку горада і бачна была здалёку. Неўзабаве яна стала вядомай усёй акрузе з-за майго музыцыравання. Я сядзела за раялем каля акна з боку замка і грала амаль без перапынку. Усе людзі, якія накіроўваюцца з Зарэчча ў горад і назад, павінны былі праходзіць міма нашай хаты і чуць маю ігру.
(Працяг у наступным нумары.)
* Е. Ярмонт. В ТЕНИ ЗАМКА ГЕДЕМИНА. Воспоминания детства. Лида, 1995.
Маёнтак Гародна
Леанід Лаўрэш
Пачаткі
Здаецца што, Асава - вёска блізкая да маёнтка Гародна - першы раз згадваецца ў 1522 г., калі кароль Жыгімонт канфірмаваў віленскаму ваяводзе Гаштоўту "добра пустовскіе" (пустыя) і грунты (зямлю) ў Лаўрына Петрашкевіча над ракой Асава1.
Гародна заўсёды было адным з цэнтраў барцянкіх войтаўстваў на Лідчыне - Гарадзенскага войтаўства. Каля Гародна, праз 10 км на паўночны ўсход ад мястэчка Радунь, знаходзіліся барцянскія вёскі.
У 1567 г. з маёнтка Гародна (верагодна нейкай яго часткі) ставіў каня харунжы радуньскі Ян Контрым.
У тым жа 1567 г. Гародна - маёмасць Філіпа Шымкавіча (сына Шымкі Мацкавіча, фундатара Маламажэйкаўскай царквы) які валодаў таксама часткай Ваверкі і Забалаці: "Панъ Филипъ Шимковичъ з ыменей своихъ ... з Городное въ повете Лидскомъ, з Заболотья конь один, а з Ваверки конь одинъ, тыя дворцы лежатъ въ Лидском повеце..." 2.
У 1622 г. унучка Шымкі Мацкавіча Багдана Сапега з Шымкавічаў, запісала сваю частку Мажэйкава дочкам: мсціслаўскай ваяводзіне Ганне Шамёт (жонцы Яраслава Шамёта) і Зоф'і Палубінскай (жонцы Канстанціна Палубінскага), пакінуўшы сабе да канца жыцця 1/3 частку маёнткаў Мажэйкава і Гародна ў Лідскім павеце. Таксама нейкую частку маёнткаў мела і трэцяя дачка Гальшка Сапяжанка, якая пайшла ў кляштар.
У 1623 г. Гальшка Сапяжанка адмовілася на карысць сясцёр ад сваёй часткі маёмасці Мажэйкава і Гародна (частку Гародна яна мела ад сваёй бабулі Настассі з Трызнаў, якая ў першым шлюбе была за Філіпам Шымкавічам, а ў другім за Завішам). У 1624 г. пасля смерці Багданы Сапегі з Шымкавічаў, яе дачка Ганна Шамёт дамовілася з Зоф'яй і Канстанцінам Палубінскімі аб роўным падзеле маёмасці, але паміж сёстрамі ўзніклі маёмасныя праблемы, якія ў 1627 г. вырашаліся ў лідскім гродскім судзе.
У 1692 г. Бердаўку Шункоўскіх і Гародна ўзяў у арэнду "застаўным правам за суму 55 тысяч" мсціслаўскі ваявода Ян Аляксандр Масевіч.
У 1728 г. часткамі маёнтка Гародна валодаюць стараста Пільвінскі Стэфан Храпавецкі разам з Ежы Брэсцкім - дваццаць дымоў. Ксёндз Ян Казімір Даўгель з Гародненскай плябаніі меў пяць дымоў, мсціслаўскі ваявода Масевіч меў тут чатыры дымы.
У першай палове XVІІІ ст. Гародна было спадчыннай уласнасцю княгіні Саламеі Радзівіл з Сапегаў. У 1762 г. яна падаравала маёнтак стрыечнаму ўнуку Людвіку Скумін-Тышкевічу (†1808), жанатаму з княжной Канстанцыяй Панятоўскай (1759-1830). Кароль Станіслаў Аўгуст у Літве вырашыў абаперціся на Тышкевічаў. Адну са сваіх пляменніц, дачку князя Казіміра Панятоўскага, кароннага падкаморыя, выдаў замуж за Людвіка Тышкевіча, для другой, Тарэзы, дачкі Андрэя Панятоўскага, аўстрыйскага фельдмаршала, выбраў Вінцэнта Тышкевіча, літоўскага ардынарыя. Людвік Тышкевіч, паслядоўна займаючы пасады віленскага цівуна, пісара вялікага літоўскага, гетмана польнага літоўскага, падскарбія вялікага літоўскага, а пасля падзелу краіны губернскага маршалка, "действительного статского советника", паступова пашыраў свае ўладанні вакол Гародна, набыўшы Праважу і Забалаць з фальваркамі. Таксама каралём яму былі пажалаваны староства Эйшышскае, Васілішскае, Каняўскае, Радуньскае і інш. Цэнтрам сваёй рэзідэнцыі ён выбраў Гародна. Ягоная зямельная маёмасць, падзеленая на дзве вялікія зоны, складалася з 65 вёсак. Добры гаспадар, ён трымаў свае маёнткі на высокім гаспадарчым узроўні.
З "Вопісаў парафій Лідскага дэканата" даведваемся, што ў 1784 г. Гародна - двор літоўскага польнага гетмана Тышкевіча, тут маецца парафіяльны касцёл з плябаніяй, карчма належыць да плябаніі. Нейкая частка Гародна належала Ёдкавай, маршалковай Лідскай. Вядома, што Тышкевіч фундаваў уніяцкую царкву ў Мыто: у 1792 г. візітатар апісваў гэтак: "Драўляная, адрамантаваная, на падмурку, умацаваная рэйкамі і жалезнымі шрубамі, крытая гонтай. ... Дуты пафарбаваны купал з драўляным крыжам, на купале звон ... могілкі неагароджаныя".
Людвік Тышкевіч, жанаты з княжной Канстанцыяй Панятоўскай, дачкой князя Казіміра, подкаморага вялікага кароннага, роднага брата караля Станіслава Аўгуста, чакаў прыезду караля і, як кажа мясцовае паданне, на працягу аднаго года пабудаваў, хоць драўляны, але вельмі прыгожы двор у класічным стылі. Дом звонку не вылучаўся нічым асаблівым, але ўсярэдзіне быў бліскуча і з добрым густам аздоблены. На ўпрыгожванне сядзібы Тышкевіч выдаткаваў вялікія сумы, запрашаючы мастакоў-дэкаратараў і майстроў, а таксама выпісваючы матэрыялы наўпрост з Парыжа. Кароль Станіслаў Панятоўскі ў Гародна так і не прыехаў, аднак двор быў закончаны і, няглядзячы на гульню лёсу, дастаяў да Другой сусветнай вайны.
Пасля смерці Людвіка Скумін-Тышкевіча ў 1808 г. увесь гэты вялікі маёнтак атрымала ў спадчыну ягоная адзіная дачка Ганна (1779-1867). Яна была замужам за Аляксандрам Патоцкім, а потым за Станіславам Дуніным-Вансоўскім. Тастамантам ад 1867 г. перапісала Гародна сыну ад першага шлюбу Маўрыцыю Патоцкаму (1812-1879), пасля смерці якога ў 1880 г. усё перайшло ў спадчыну графу Аўгусту Патоцкаму. Уладальніца Гародна, графіня Ганна Патоцкая напісала найцікавейшыя мемуары пра часы Напалеона, свае шматлікія сустрэчы з ім (мемуары былі выдадзены ў ХІХ ст. на французскай мове і ў той жа час перакладзены на рускую, у 2005 г. перавыдадзены)3.
Ганна Патоцкая з Тышкевічаў
Графіня Ганна Марыя Ева Апалонія Патоцкая, народжаная Скумін-Тышкевіч (26.03.1779, Варшава - 16.08.1867, Парыж) увайшла ў гісторыю як пісьменніца і мастачка. Ганна - дачка польнага літоўскага гетмана, вялікага літоўскага маршалка, графа Людвіка Скумін-Тышкевіча і князёўны Канстанцыі Панятоўскай пляменніцы апошняга караля Станіслава
Скуміны-Тышкевічы старажытны беларускі род з XVI ст. сцісла злучаны з Лідчынай.
Ганна Тышкевіч гэтак пісала пра свайго бацьку, працытую вялікі кавалак цікавага тэксту, які наўрад ці можна лічыць аб'ектыўнай гістарычнай крыніцай: "Падчас апошняга падзелу ён далучыўся да невялікай колькасці асоб, якія адмовіліся падпісаць несправядлівы і зневажальны акт Таргавіцкай канфедэрацыі, прадыктаваны Расіяй. З-за гэтага адважнага ўчынку ўся яго маёмасць была секвестравана, але ён з цвёрдасцю, моўчкі падпарадкаваўся гэтаму суроваму прысуду - выніку яго непахіснай волі і патрыятызму.
Праз некалькі гадоў, каб выклапаціць захаванне старажытнага Літоўскага статута, Вялікае Княства Літоўскае паслала дэлегацыю ў Пецярбург да імператрыцы (у 1795 г. - Л. Л.). Дэпутацыя, якая складалася з самых знакамітых вяльможаў, была прынята Кацярынай з чароўнай ветлівасцю, пры дапамозе якой яна так па-майстэрску падкупляла сэрца ... дэпутаты былі ёй запрошаны ўдзельнічаць у пяці бліскучых прыёмах і лічылі сваім абавязкам не прапусціць ні аднаго з іх. І толькі мой бацька з'яўляўся да двара выключна, калі гэтага патрабавалі ўскладзеныя на яго абавязкі.
Імператрыца, здзіўленая і пакрыўджаная падобнымі паводзінамі бацькі, не магла ўтрымацца, каб не выказаць яму свайго незадавальнення, і рэзка заўважыла, што ён адзін не праяўляе цікаўнасці і не імкнецца ўбачыць усе цуды прыдворных святкаванняў. Не збянтэжыўшыся і як бы прымаючы кінуты яму папрок за выраз адмысловай Божай ласкі, бацька з глыбокім паклонам адказаў, што становішча, у якім знаходзіцца яго краіна, не дазваляе яму хаваць свае журботныя пачуцці і што, на яго думку, не варта азмрочваць бліскучыя святы выглядам няўцешнага смутку. Хітрая Кацярына, адразу зразумела, што ўяўляе з сябе гэты чалавек, які адважыўся адказаць ёй падобным чынам і ўсклікнула, што нічым на свеце яна так не захапляецца, як незалежнымі і ўзвышанымі пачуццямі, і дадала:
- Як жанчына, я спачуваю тым няшчасцям, прадухіліць якія мне, як царыцы, перашкаджае суровая палітыка.
І перш чым выйсці, яна адкалола ад пояса малы гадзіннік, аздоблены смарагдамі і падала майму бацьку, просячы яго прыняць гэты падарунак як доказ сваёй незвычайнай павагі і захаплення высакароднымі паводзінамі графа. Пасля гэтага быў зняты секвестр з маёнткаў майго бацькі".
Сваю маці маладая графіня ўзгадвала разам з апошнім каралём Рэчы Паспалітай: "... я таксама каралеўскага роду ... мая маці была пляменніцай нашага апошняга караля - Станіслава-Аўгуста Панятоўскага. Высакародная фігура гэтага манарха, веліч яго манер, ласкавы і меланхалічны погляд, серабрыстыя валасы і прыгожыя, лёгка прыпухлыя рукі - усё гэта жыве ў маёй памяці. ...
Мая маці пайшла за каралём у Гародню, куды ён прымушаны быў адправіцца па патрабаванні рускай партыі. І там з акна маленькага пакойчыка, куды мяне пасялілі разам з гувернанткай, я кожную раніцу магла назіраць выезд палоннага караля. Рускія салдаты так напалохалі маё дзіцячае ўяўленне, што патрэбен быў увесь аўтарытэт маці, каб прымусіць мяне пераступіць парог пакоя, - хоць і не без супраціву і слёз з майго боку. ...
Пры іншых абставінах Панятоўскі з годнасцю займаў бы пасад. Яго валадаранне склала эпоху ў навуковых летапісах. Ён уваскрэсіў густ да мастацтва i літаратуры, задушаных уладай саксонскіх курфюрстаў, грубасць якіх спарадзіла па ўсёй краіне пагібельную рэакцыю.
Станіслаў Панятоўскі, наадварот, знаходзіў задавальненне ў высакародных і карысных занятках і амаль увесь свой вольны час праводзіў у коле навукоўцаў і мастакоў. Шырокая і рознабаковая адукацыя злучалася ў ім з вытанчаным густам і розумам, поўным зачаравання. ... Ён меў высакароднае і ўзвышанае сэрца, часта не ведаючы межаў сваім дабрадзействам, велікадушна дараваў сваім ворагам; але прырода, якая гэтак шчодра адарыла яго як чалавека прыватнага, адмовіла яму як уладару, у тым, без чаго нельга валадарыць: у сіле характару і цвёрдай волі.
Пасля таго, як кароль з'ехаў у Пецярбург, мы вярнуліся ў Беласток, дзе жыла мая цётка, кракаўская кашталянка - удава кракаўскага кашталяна графа Браніцкага і сястра караля Станіслава-Аўгуста Панятоўскага ...".
Прафесар Зыгмунт Батоўскі пісаў, што гетман Тышкевіч памёр у 1808 г. і пахаваны ў Вільні ў сямейным склепе без надмагілля, а яго жонка Канстанцыя з Панятоўскіх пахавана на могілках у Сянявах.
Адукаваная, начытаная дзяўчынка, адзіная дачка ў сям'і і спадчынніца дзвюх вялікіх маёмасцяў, была засватана ў чатырнаццаць гадоў за роднага дзядзьку, які меў ужо каля шасцідзесяці гадоў. На шчасце, вяселле не адбылося.
Хатняя адукацыя маладой графіні была настолькі выдатнай, што Анетка (так звалі яе ў маладосці) лічылася інтэлектуалкай варшаўскіх салонаў. Панна Тышкевіч нават у бліскучым атачэнні вызначалася надзвычайным розумам - хуткім і зласлівым, мела добры густ і цвярозыя меркаванні аб рэчах і людзях. Але графіня да канца жыцця дасканала не ведала ні польскай, ні французскай моваў, і яе правапіс пакідаў жадаць лепшага.
Значна лепш яна была адукавана ў галіне выяўленчага мастацтва, у якім маладая графіня Тышкевіч мела пэўны талент. Моднаму ў той час маляванню падчас яе знаходжання ў Дрэздане і Вене ў 1795 г. Анетку вучыў французскі жывапісец і гравёр Ігнацы Дзюўе (1758-1832). З 1797 г. Ганна брала ўрокі ў Зыгмунта Фогеля (1764-1826) - мастака і кабінетнага рысавальніка караля Станіслава Аўгуста і, верагодна, брала таксама ўрокі ў Яна Пятра Норбліна.
Ігнацы Дзюўе атрымаў адукацыю ў знакамітага італьянскага мастака Джавані Батыста Казановы і спецыялізаваўся на пейзажным жывапісе. У 1794 г. ён прыехаў у Вену праз Дрэздан, дзе жыў і працаваў трыццаць гадоў, каб напрыканцы жыцця вярнуцца ў Францыю. У 1801 г. ён быў прыняты ў члены Венскай акадэміі.
Горш было з жаночай прыгажосцю, якая, здаецца, не адпавядала вялікай жаноцкай прывабнасці Анеткі. Мастачка, калекцыянерка, аўтарка прац па археалогіі Наталля Ганна Кіцкая з Біспінгаў (1801-1888), якой маладая графіня не падабалася, паведамляла ў сваіх мемуарах: "Вельмі сутулая (па-польску - "garbata" - Л. Л.), у меру сімпатычная з рэзкай кемлівасцю і нястрыманым фліртам, да трыццаці гадоў яна не магла знайсці дастаткова смелага мужчыну, які б ажаніўся з ёй". Нават калі меркаванне Наталлі Кіцкай было не вельмі аб'ектыўным, яно сведчыць, што Анетка не была прыгажуняй і, магчыма, не карысталася вялікай сімпатыяй свайго кола. Пісьменнік і паўстанец 1831 г. Юліюш Фалькоўскі таксама пісаў у сваіх "Карцінах з жыцця апошніх пакаленняў у Польшчы" (Juliusz Falkowski. Obrazy zycia kilku ostatnich pokolen w Polsce): "Яна была маленькая, хворая, ці, кажучы прама, крыху гарбаватая, мела мужчынскія рысы твару, вочы, зацененыя густымі брывамі і нізкі лоб".
"Пад уплывам вялікіх паэтаў мой розум і сэрца былі перапоўненыя нейкім дзіцячым захапленнем. Я марыла пра герояў Расіна ці рыцараў ..., аб глыбокай жарсці, аб раптоўнай сімпатыі, аб вялікіх і высакародных подзвігах ... І я чакала! Але калі ўбачыла, што час праходзіць і не з'яўляюцца ні Брытанік, ні Ганзаллё Кардуанскі, і нават наўрад ці з'явіцца Грандысан, вырашыла сысці з аблокаў на зямлю, з сумам думаючы, што, хутчэй за ўсё, прыйдзецца, як і ўсім, дзеля прыстойнасці, па разліку выйсці замуж", - пісала Ганна пра сваю маладосць.
У канцы XVIII ст., у дзявочыя часы Анеткі Тышкевічоўны быў створаны партрэт, які, мабыць, дзякуючы таленту мастака, не пацвярджае крытыку наконт знешнасці нашай арыстакраткі. З партрэта Анетка глядзіць на гледача, павярнуўшыся да яго, бо ён як быццам перапыніў яе працу. Дзяўчына ва ўсёй красе маладосці, са спакойным тварам, абрамленым цёмнымі кудзеркамі. Казімір Стрыенскі апублікаваў у 1897 г. гэтую геліягравюру Паўла Дзюжардэна і сцвярджаў, што гэта копія карціны Анжаліка Каўфмана, якая захоўвалася ў Заторы, але насамрэч партрэт быў напісаны ў 1794 г. Юзафам Грасі. Вельмі хутка, у 1796 г., іншы мастак - Вінцэнты Лесэр - зрабіў мініяцюру з гэтага партрэта. У руках Анеткі эцюднік і рэйсфедар, што кажа пра яе цікаўнасць да мастацтва і праектавання.
27 траўня 1805 г. у віленскім касцёле св. Яна адбыўся шлюб Ганны Тышкевіч з графам Аляксандрам Станіславам Патоцкім. Разлік збольшага апраўдаўся: Аляксандр Патоцкі лічыўся адной з лепшых партый у Польшчы. Ён быў сынам графа Станіслава Косткі Патоцкага, і адносіны Ганны са свёкрам склаліся надзвычай добра, маладая нявестка была ў захапленні і мела моцную прыхільнасць да бацькі свайго мужа, але стасункі са свякрухай не склаліся, і адносіны з мужам таксама пачалі разбурацца.
Трэба заўважыць, што маладая сям'я жыла ў прыгожым Вілянаўскім палацы Варшавы, які быў пабудаваны ў 1677-1698 гг. для караля Яна Сабескага і з'яўляецца шэдэўрам барока. У 1805 г. Станіслаў Костка Патоцкі адкрыў у палацы адзін з першых у Польшчы музеяў. Таксама Патоцкія перабудавалі прыдворны касцёл св. Ганны і збудавалі побач з палацам фамільную пахавальню.
Адразу пасля свайго замуства Ганна Патоцкая многа малявала і нават атрымала вядомасць сваімі праектамі паркаў, у тым ліку ў Натоліне, у Заторы і Мокатаве (у гэтых парках зараз гуляе мой унук).
З першага шлюбу Анетка Патоцкая, у дзявоцтве Тышкевіч, захапляецца праектаваннем. Пад яе алоўкам ствараліся абрысы розных будынкаў, прызначаных для маёнткаў, якімі валодалі сужэнцы. Яна любіла афармляць вясковыя дамы, капліцы, прыдумляла розныя дэталі: вароты, агароджы, масткі, убранне інтэр'еру і мэблю. Гэтыя інтарэсы, падмацаваныя папярэдняй адукацыяй у галіне мастацтва, развіліся пад уплывам Станіслава Косткі Патоцкага, мастацтвазнаўцы, які і сам займаўся праектаваннем. Жанчына пакінула пасля сябе шмат малюнкаў і эскізаў. Тыя, што захаваліся ў зборах Патоцкіх у Вілянове, былі каталагізаваны і апублікаваны. Анетка ўспамінала: "Прыемна мне расказваць пра свайго цесця, якога я вельмі любіла і цаніла. Яму я абавязана ўсім, што ведаю пра архітэктуру, ён развіў ува мне любоў да мастацтва, якая потым падсаладзіла маё жыццё, і якую мая маці хацела абудзіць ува мне як каштоўную крыніцу для жывой фантазіі".
Анетка Патоцкая-Вансовіч, народжаная Тышкевіч, спрыяла развіццю палацава-садовых рэзідэнцый у Вілянове, Натоліне, Макотаве, Яблоне і Заторы. Яна так апісала свой удзел у гэтым: "Менавіта ў гэты час мы пераехалі ў Натолін, і я пачала даглядаць гэты цудоўны маёнтак. Маючы запал да гэтага віду дзейнасці, я з энтузіязмам аддалася яму. Я малявала ўсе планы і цікавілася кожнай дэталлю. [...]. Мой цесць быў маім правадніком і, здавалася, ганарыўся тым, што зрабіў з мяне мастака. [...]. Шчаслівыя часы, калі адзінай прычынай бессані была празмернасць ідэй, якія віруюць ва ўяўленні! [...]. З якім нецярпеннем я чакала раніцы, каб выкласці на паперы ідэі, народжаныя ў начной цішыні".
У Мокатаве яна перабудавала рэзідэнцыі ў неагатычным стылі, які ўсё больш уваходзіў у моду. Анетка была свядомым інвестарам, таму для маштабных работ наймала найлепшых архітэктараў. Імкнулася прапагандаваць культ князя Юзафа Панятоўскага і стварыла прысвечаны яму музей у спадчынным палацы ў Яблоне. Яна таксама была ініцыятарам і сузаснавальнікам помніка ў яго памяць і вяла перамовы аб гэтым з Бяртэлем Торвальдсенам4.
Сучаснікі высока ацанілі яе пачынанні. Юліюш Фалькоўскі, пісаў: "Яна была выдатным знаўцам усіх галін мастацтва, была добрым мастаком і яшчэ лепшым архітэктарам і садоўнікам, і калі яна стала гаспадыняй вялізнага маёнтка, уласнаручна складала планы будаўніцтва і перабудовы сваіх дамоў. У яе быў выдатны густ ва ўсім, яе меркаванне аб рэчах ніколі не было запазычаным, але развітым у ёй і заўсёды праніклівым і дакладным".
Падарожнічаючы па Еўропе, маладая замужняя жанчына Ганна Патоцкая наведвала майстэрні вядомых мастакоў, знаёмілася з экспазіцыямі музеяў і прыватных калекцый. У 1810-1811 гг. у Парыжы яна вывучала жывапіс мастакоў Жака-Луі Давіда, Анэ-Луі Жырадэ дэ Трыёсан і Франсуа Жэрара, а таксама пазнаёмілася з генеральным дырэктарам Збораў мастацкіх калекцый Дамінікам Віванам Дэнонам. Разам з генеральным дырэктарам яна вывучала яго прыватныя калекцыі і наведвала Луўр. Свае ўражанні Ганна ўвекавечыла ва "Успамінах відавочцы" 5, напісаных праз шмат гадоў. Між іншым, у гэтай кнізе чытаем пра зачараванне падчас агляду ў калекцыі Дэнона ад "маленечкай лапкі [егіпецкай] муміі, такой цудоўнай, такой мілай, так прыгожа пацямнеўшай за стагоддзі, што захацелася скрасці яе і зрабіць прэс-пап'е для кабінета".
Ганна Патоцкая таксама паспрабавала свае сілы ў гравюры, тут яна выкарыстоўвала любімую аматарамі тэхніку афорту. У гэтай тэхніцы па сваіх уласных малюнках яна зрабіла некалькі гравюр: "Выгляд фантана ў Лазенках" і "Від на плошчу Жыгімонта ў Варшаве" (абедзве падпісаны і датаваны: "Вена, 1795"), а таксама гравюру руінаў царквы ў Гародні. Маладая жанчына малявала віды гарадоў, складала архітэктурныя праекты, малявала пейзажы і кніжныя ілюстрацыі. Калекцыя сям'і Патоцкіх у Вілянава, сярод іншага, мела яе атмасферная ілюстрацыі да чацвёртага раздзела рамана Эн Рэдкліф "Удольфскія таямніцы" (The Mysteries of Udolpho). Гэтыя ілюстрацыі зараз знаходзяцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Польшчы.
У часы Варшаўскага княства пад французскім пратэктаратам Ганна мела сувязь з прыгожым (па агульным меркаванні) Артурам Патоцкім. Пазней нейкія адносіны звязвалі яе з Каралем Флахаўтам, з якім яна пазнаёмілася ў Варшаве ў 1807 г.
Асаблівага кахання паміж мужам і жонкай не было, Патоцкія пражылі разам больш за дзесяць гадоў, нарадзілі траіх дзяцей: двух сыноў і дачку (Аўгуста, Маўрыцыя і Наталлю (1810-1830), якая ў 1829 г. выйшла замуж за князя Сангушку). У 1821 г. сужэнцы мірна развяліся, і абодва ўступілі ў новыя шлюбы.
Граф Аўгуст Аляксандр Патоцкі (1806-1867). У 1830-1831 гг. Аўгуст Патоцкі разам з малодшым братам Маўрыцыям браў удзел у Лістападаўскім паўстанні. Пасля паражэння паўстання браты эмігравалі ў Галіцыю. Аўгуст Патоцкі заставаўся ў эміграцыі да канца 1830-х гг., і па волі свайго бацькі, яшчэ да вяртання ў Варшаву, стаў уладальнікам багатых маёнткаў Вілянаў, Хойнаў і Застаў.
Падчас знаходжання пры пецярбургскім двары, пасля жаніцьбы 11 студзеня 1840 г. з фрэйлінай імператрыцы - Аляксандрай Патоцкай, Аўгуст вярнуў добрае стаўленне да сябе імператара. Ён быў выключаны са спісу асоб, чыя маёмасць падлягала канфіскацыі. Аляксандра Патоцкая (1818-1892) была адзінай дачкой генерал-ад'ютанта і ўдзельніка напалеонаўскіх войнаў Станіслава Патоцкага (1787-1831) і князёўны Кацярыны Сангушкі (1781-1820).
У сярэдзіне 1840-х г. Аўгуст Патоцкі разам з жонкай вярнуўся ў Варшаву. Пасля смерці свайго бацькі (1845 г.) ён стаў паўнапраўным уладальнікам вілянаўскіх і іншых шматлікіх маёнткаў, валодаў таксама яшчэ і вялікімі маёнткамі сваёй жонкі. У 1852 г. быў узнагароджаны прыдворным званнем шталмайстра. У 1856 г. атрымаў чын сапраўднага стацкага дарадцы.
Сваёй рэзідэнцыяй абраў Вілянаў, дзе разгарнуў будаўнічую дзейнасць у супрацоўніцтве з архітэктарам Генрыкам Марконі, які, яшчэ па замове яго бацькі Аляксандра, пабудаваў у Вілянаўскім палацы маўзалей для Станіслава Косткі і Аляксандры Патоцкіх.
Аўгуст Патоцкі не пакінуў пасля сябе дзяцей і тастаманта, яго маёнткі былі падзелены паміж іншымі спадчыннікамі. Жонка Аляксандра атрымала ў спадчыну вілянаўскія маёнткі, якімі валодала ажно да сваёй смерці ў 1892 г.
Габрыэля Пузыня з Гюнтараў пісала: "Граф Аўгуст Патоцкі, пан на Вілянаве, у той час яшчэ не жанаты, таксама неаднаразова з'яўляўся ў Вільні па дарозе ў Беразіну, свой маёнтак у Мінскім павеце".
Граф Маўрыцый Яўстах Людвік Патоцкі (1812-1879), уладальнік маёнткаў Яблона і Затор. У маладосці - афіцэр арміі Царства Польскага, камергер. У 1830-1831 гг. удзельнічаў у Лістападаўскім паўстанні. Пасля задушэння паўстання вымушаны эміграваць у аўстрыйскую Галіцыю.
У гонар Маўрыцыя яго дзед і бабуля Станіслаў Костка Патоцкі і Аляксандра Патоцкая ператварылі частку Вілянава на ўсходнім беразе Вілянаўскага возера (былы звярынец караля Яна Сабескага) у рамантычны парк і назвалі яго Маўрыцынам.
(Працяг у наступным нумары.)
1 AGAD AR. Zespol. 354 Dz. XI. K. 39.
2 РИБ. Т. 33. С. 495.
3 Гл.: Графиня Анна Патоцкая. Мемуары. 1794-1820. Москва, 2005.
4 Бяртэль Торвальдсен (1770-1844) - дацкі мастак, скульптар, яскравы прадстаўнік позняга акадэмічнага класіцызму.
5 Wspomnienia naocznego swiadka (cz. 1-3), oprac. B. Grochulska; przekl. J. R. przejrzala i uzupelnila na podst. rekopisu: sygn. 308a Z. Lewinowna. Warszawa. 1965.
ВЯРТАННЕ ДА ВЫТОКАЎ
25 сакавіка для дзяцей выхаваўча-аздараўленчага лагера "Усё ўключана!" Ганчарскай сярэдняй школы прайшоў майстар-клас па пляценні саламянага павука з мэтай папулярызацыі элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны "Мастацкія практыкі саломапляцення ў Беларусі".
Арганізатар - Філіял "Ганчарскі Дом культуры" дзяржаўнай установы "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці".
ТК "Культура Лідчыны".
Экскурсія "Залацінкі народнай мудрасці"
26 сакавіка філіял "Інтэграваная бібліятэка ам. Дворышча" ладзіў экскурсію "Залацінкі народнай мудрасці", каб знайсці ў бібліятэцы мудрыя кнігі з легендамі і казкамі, прымаўкамі і прыказкамі, якія сталі энцыклапедыяй народнага жыцця. Дзеці выконвалі заданні, спаборнічалі ў адгадванні загадак, спрабавалі прадоўжыць прыказкі, адшуквалі патрэбную казку. Усе актыўна ўключыліся ў гульню, таму заслужана атрымалі "залацінкі" і ўпрыгожылі ім дрэва, карані якога бяруць свой пачатак з беларускага фальклору.
ТК "Культура Лідчыны".
Герб горада Ліды, наданы 17 верасня 1590 г.
