Наша слова.pdf № 14 (223), 8 красавіка 2026.
Хрыстос уваскрос!
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Пакуль праваслаўныя беларусы збіраюцца сустракаць Вялікдзень, па каталіцкай Беларусі пайшлі валачобнікі
Супрацоўнікі філіяла "Дварышчанскі Дом культуры" святкавалі разам Вялікдзень.
Абыходзячы дамы з выкананнем валачобных песень, пажаданнем добрага свята правялі абрад "Валачобнікі" у межах этнапраекта "Абрады маёй краіны"
Галоўная адметнасць народнага святкавання Вялікадня на Беларусі - ВАЛАЧОБНЫ АБРАД або КУКОЛЬНІКІ.
Валачобны абрад распаўсюджаны на Панямонні ў сваім класічным выглядзе з поўным наборам абрадавых дзеянняў, ролевым размеркаваннем удзельнікаў, разгорнутымі багатымі тэкстамі валачобных песень. Раней класічны гурт валачобнікаў складаўся з мужчын адной узроставай катэгорыі, сучасныя гурты: мужчыны і жанчыны, маладыя хлопцы і дзяўчаты. Як лічылася ў народзе, прыход валачобнікаў спрыяў багатаму ўраджаю на ніве, дабрабыту ў сям'і гаспадара, да якога яны прыйшлі.
Дзяржаўная установа "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці".
Велікодны смак ад Лідскага хлебазавода
Каб да Вялікадня пацешыць родных смачнай, святочна ўпрыгожанай выпечкай, гаспадыням звычайна патрабуецца нямала часу і высілкаў. Але ў імклівым віры сучаснага жыцця не заўсёды атрымліваецца надаць гатаванню належную ўвагу. Менавіта тут на дапамогу прыходзяць прафесіяналы - пекары і кандытары філіяла "Лідскі хлебазавод" ААТ "Гроднахлебпрам" .
У гэтую нядзелю католікі святкавалі светлае свята - Вялікдзень. Як і штогод да гэтай падзеі грунтоўна рыхтаваліся на Лідскім хлебазаводзе, выпускаючы шырокі асартымент святочнай прадукцыі. Сёлета працаўнікі прадпрыемства спяклі больш за 9 тон вырабаў з велікоднай тэматыкай, уключаючы бентатарты, падарункавыя наборы, мучныя ласункі і, вядома ж, кулічы, а таксама мноства іншых найменняў.
А перад Вялікаднем па традыцыі, якая склалася на прадпрыемстве, на Лідскім хлебазаводзе прайшоў абрад асвячэння велікоднай прадукцыі.
Абрад асвячэння правёў пробашч касцёла Узнясення Святога Крыжа ў горадзе Лідзе Віталь Сідарко: ён узнёс малітву і акрапіў святой вадой вырабы Лідскага хлебазавода, якія паступілі да сваіх пакупнікоў з прылаўкаў крам.
ТК "Культура Лідчыны".
Час для ўтульных навін
Да свята Вялікадня мастак-афарміцель Палаца культуры Таццяна Ражко стварыла асаблівую фотазону, прасякнутую вясновым настроем і любоўю да нашых традыцый.
Тут і яркая вясёлка, і каляровыя яйкі-пісанкі, і пухнатыя вербачкі - усё тое, што робіць наша роднае свята такім цёплым і чаканым.
Наведвальнікі ўжо робяць першыя здымкі, напаўняючы стужкі сацыяльных сетак усмешкамі і святлом. Прыходзьце і вы, каб адчуць гэтую атмасферу, захаваць прыгожы момант на памяць і проста парадаваць сябе!
Няхай гэтыя святочныя дні будуць напоўнены цеплынёй родных людзей.
Чакаем вас у Палацы культуры!
ТК "Культура Лідчыны".
Да 430-годдзя Нясвіжскай ратушы
31 сакавіка супрацоўнікі Лідскага гісторыка-мастацкага музея прынялі ўдзел у навукова-практычнай канферэнцыі "Актуальныя пытанні гісторыка-культурнай спадчыны і музейнай дзейнасці" ў г. Нясвіжы. Канферэнцыя, прымеркаваная да знамянальных дат - 440-годдзя Магдэбургскага права і 430-годдзя Нясвіжскай ратушы, сабрала вядучых адмыслоўцаў, даследчыкаў і практыкаў у вобласці захавання і папулярызацыі нашай багатай гістарычнай і культурнай спадчыны.
Супрацоўнікі Лідскага музея прадставілі свае даследаванні і напрацоўкі, абмеркавалі выклікі, якія стаяць перад музейнай супольнасцю сёння.
ТК "Культура Лідчыны".
Памёр Анатоль Верабей - даследчык творчасці Уладзіміра Караткевіча
У 75 гадоў пайшоў з жыцця крытык і літаратуразнавец Анатоль Верабей. Ён быў даследчыкам творчасці Уладзіміра Караткевіча.
Анатоль Верабей нарадзіўся 10 жніўня 1950 года ў вёсцы Вайнілавічы Мастоўскага раёна Гарадзенскай вобласці ў сям'і настаўнікаў. У 1972 годзе скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Быў навуковым супрацоўнікам у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа Акадэміі навук, пасля - у Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы. З 1990 па 2020 год працаваў дацэнтам кафедры беларускай літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Кандыдат філалагічных навук.
Літаратуразнавец выдаў кнігі "Максім Танк і польская літаратура" (1984), "Жывая повязь часоў; Нарыс творчасці Уладзіміра Караткевіча" (1985), "Беларуска-расійскі паэтычны ўзаемапераклад 20-30 х гадоў" (1990), брашуру "Паэзія Максіма Танка" (1983). Удзельнічаў у выданні збораў твораў Уладзіміра Караткевіча, Піліпа Пестрака.
Паводле СМІ.
З Ліды ў вялікае мастацтва
(80-гадоў доктару мастацтвазнаўства Р.Б. Смольскаму)
СМОЛЬСКІ Рычард Баляслававіч нарадзіўся ў Лідзе 3.04.1946 г. Беларускі тэатразнавец, педагог. Доктар мастацтвазнаўчых навук (1991), прафесар (1999). Старшыня Беларускага саюза літаратурна-мастацкіх крытыкаў. Рэктар Беларускай Акадэміі Мастацтваў.
Яго творчы шлях быў нялёгкі. Рычард Смольскі паспытаў свае сілы і як пісьменнік, і як драматург, і як рэжысёр.
Першы паэтычны твор Р. Смольскага з'явіўся ў школьнай насценгазеце, калі аўтар вучыўся ў 6-м класе. Затым ён спрабаваў іграць у школе розныя сцэнкі. Папова Надзея Іванаўна, якая вучыла Рычарда ўспамінае: "Мы ў клубе чыгуначнікаў ставілі спектакль пра Ламаносава, і Рычард так добра сыграў, што такога ад яго ніхто не чакаў." Напэўна гэтая першая тэатральная спроба адыграла значную ролю ў яго жыцці.
Пасля заканчэння школы Рычард Смольскі прымаў удзел у спектаклі гарадскога Дома культуры "Над хвалямі Серабранкі", які быў паказаны не толькі перад гледачамі Ліды, а, нават, у Менску.
"Добры хлопчык, добра чытаў, актыўна ўдзельнічаў у самадзейнасці, прасіў парады, куды лепш пайсці вучыцца: на гістарычны факультэт ці ў тэатральны інстытут", - так успамінае пра свайго вучня заслужаная настаўніца Беларусі Алена Генрыхаўна Бузава.
Пайшоў у Беларускі тэатральна - мастацкі, дзе і пачаў цікавіцца тэатразнаўствам. Пасля заканчэння інстытута (1970) працаваў на кінастудыі "Беларусьфільм", спачатку асістэнтам рэжысёра па рэквізіту, затым асістэнтам па рабоце з акторамі, пасля другім рэжысёрам-пастаноўшчыкам трупы.
Быў прызваны ў войска. Служыў у Куйбышаве ў акруговай газеце, там пачаў пісаць пра Куйбышаўскі тэатр імя Горкага.
Пасля службы вярнуўся на "Беларусьфільм" на пасаду рэдактара творчага аб'яднання "Летапіс". Стаў аўтарам навукова-папулярнага кіначасопіса "Сельская гаспадарка Беларусі".
Затым скончыў аспірантуру, абараніў кандыдацкую і доктарскую дысертацыі, тэмай якіх была тэатральная дзейнасць.
З 1976 года ў Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі (з 1988 заг. аддзела), адначасова з 1997 рэктар Беларускай Акадэміі Мастацтваў. Даследуе праблемы рэжысуры, акцёрскай творчасці, сцэнічнай героікі, рускай тэатральнай культуры на Беларусі. Аўтар кніг: "На сцене - бессмертие подвига", Мінск, 1982; "Пазначана часам. Пошукі сучаснай беларускай рэжысуры", Мiнск "Навука і тэхнiка", 1984; "Грядущим в наследство. Тема ВОВ в белорусском театре 80-х годов", Мінск, "Навука і тэхніка", 1986; "Театр и жизнь. Некоторые проблемы театрального процесса в Белоруссии 70-80-х годов" (адзін з аўтараў), Мінск, "Навука і тэхніка", 1989; "Стварэнне лёсу: Гістарычная і героіка-рэвалюцыйная тэма ў тэатрах Беларусі 70-80-х гг." (1987), "Тэатр у прасторы і часе", Мiнск, "Мастацкая літаратура", 1998; "На скрыжаваннi. Тэатр у працэссах станаўлення і развiцця гiстарычнай і нацыянальнай свядомасцi беларусаў", Мiнск, "Беларуская навука", 1999. "Рэха мінулага: Тэатразнаўчыя эцюды аб беларускай культуры XX ст." (2000); раздзелаў "Гісторыі беларускага тэатра" (т. 2-3, 1985-87); п'ес (з Ю. Сохарам) "Разбег" (1974), "Выкупленне" (1976), "Не толькі пра каханне" (паст. 1978); радыёп'есы "Лёс, які мы выбіраем" (паст. 1986); сцэнарыяў дакумент. фільмаў "Марыя" (1975); "Праз усё жыццё" (1978, пра Е. Міровіча), "Уладзіслаў Галубок" (1982); "Жыццё кліча" (1984, пра У. Крыловіча), "Антракт" (1992, пра М. Яроменку; з В. Навуменкам). Адрэдагаваў зборнік "Сучасная беларуская рэжысура. Пошукі мастацкай адметнасці ў кантэксце традыцый еўрапейскага тэатра." (Мінск, 1998), "Гісторыя тэатра Беларусі ХХ-ХХІ стагоддзя" (Мінск. Вышэйшая школа, 2020).
Але свой першы артыкул "Героі жывуць вечна" надрукаваў усё-такі ў лідскай газеце "Уперад" у далёкім ужо 1965 годзе.
Паводле СМІ.
У нешта веруем мы ўсе
Вянок санетаў
Язэп Палубятка
І
Дзіўны чалавечы шлях на зямлі:
Нарадзіла ў пакутах маці,
Потым хацеў ён нейкім паўстаці,
Хутка сталі старэчымі рукі, на іх мазалі.
Вось і ўсё. Партрэт з чорню стужкай на покуці,
Свечкі агенчык трымціць.
Калісьці вострым стаяла пытынне: быць ці не быць?
Хто ведаў пра тое - зараз маўчыць.
Былі надзеі, жылі спадзяванні,
Светлыя вобразы і блёклыя здані,
Жыцця кругаверць, што побач прайшло,
І шчасце, што кагосьці знайшло, а кагось абышло.
Мне па начах дзяцінства сніцца,
Надзеі высахла крыніца.
ІІ
Надзеі высахла крыніца.
Вясна. Водару пах непаўторны.
Восень. Далягляд увесь шэры і чорны.
Паранена хвоя, плача жывіцай.
Не ўсякую перамену людзі ўспрымаюць.
І нат гадавы кругабег.
Камусьці кветка вочы засцілае, камусьці снег.
Японкі нанач кімано здымаюць.
Ці не пара табе з гэтага свету сысці?
Жыццёвая багна ўжо па калені, навошта далей ісці?
Калі смерці тваёй нехта радуецца -
не дарма ты пражыў на свеце.
Святую ісціну кажу, паэце,
Што ноччу толькі мне не сасніцца!
У галаве адна дурніца.
ІІІ
У галаве адна дурніца.
Чароўныя мары небыцця.
Нам не забыць з табой хвілін мілосці да забыцця,
У той час спрыяла нам зарніца.
Непазбежнасць крочыць заўжды за табой,
Плашчом халодным сваім ахінае.
Нават таго, хто тарчы не мае,
Выклікае яна на двубой.
Жыццё будзе, нават, калі не стане нас.
Не хваліся, што на будучыню нешта прыпас.
Кульгае сабака, не мае нагі.
У рэчкі заўжды два берагі,
У вогнішчы жар ашляхае, стынуць вуглі.
Шчасце мелі ды не збераглі.
ІV
Шчасце мелі ды не збераглі.
Зорка апоўначы на небе шчэрыцца.
У лепшае мне ўжо не верыцца,
Дарогі між намі дзірваном параслі.
Нашыя дзеці ўжо ў людзі пайшлі.
Састарыўся. Жыццё бяжыць ужо на вукас.
Настане час: былое ўспомніцца,
і сэрца апануе прыкрасць.
Кульнуўшы чарку - закусі.
Пабачыў сябра. Посная размова.
Адно і тое ж, як у бабкі ад зубоў замова,
І позірк недзе ўбок,
Як у вучня, што не вывучыў урок.
У белы вэлюм убраў луг рамонак.
Не кожнаму ў радасць вянчальны пярсцёнак.
V
Не кожнаму ў радасць вянчальны пярсцёнак.
Ад прыкрасці слоў на сэрцы туга.
Восень настала, паўстала смуга.
Не радуе кошык набраных зялёнак.
У царкве непамерная колькасць іконак.
Пакуль яшчэ ў жылах маіх кроў бруіць,
Не стану я смерці паклоны біць,
У кніжцы жыцця незлічоная колькасць старонак.
Вясна. Снег растае. Ручаямі вада хлябешча.
Як не кажы, а прыязная цешча,
Калі гарэлкі ўпотай ад жонкі кілішак налье.
Вясною зямля цёплы дождж у ахоту п'е.
Галоўнае - трывалая сям'я,
Але пад старасць саграшу і я.
VІ
Але пад старасць саграшу і я.
Неяк прыходзіць час - і ў душы цішыня,
Нават гарачых памкненняў няма.
Прыемна было б, каб тое было штодня.
Каханне - найбольшая з хімер,
Прага замужжа - багульніка пах.
Ведай - вяжаш сябе па руках і нагах.
Быццам ты боты купіў, ды не той памер.
У цябе заўжды адна брыдота:
Ці лянота, ці турбота.
Хоць прыносяць для цябе дары,
Ты не ад усякага бяры.
У пчол вялікая сям'я.
Грунтоўнае рабі ўсё спакваля.
VІІ
Грунтоўнае рабі ўсё спакваля,
Але не запаволь свой Рок.
На будучае засвой гэты ўрок.
Не пярэч, круглая наша Зямля.
Існасць ты не пабачыш здаля.
Каршун у небе кругі наразае,
Пабачыць здабычу - да долу сігае.
Есці захоча - крычыць немаўля.
Пах жыцця ў кожнага розным бывае,
То брагаю тхне, то мускатам усіх абдувае.
Усё супярэчліва ў гэтым жыцці.
Толька бы кветкам вечна цвісці,
Ды не бываць таму…
Не вечны рэй дзіцячых гулёнак.
VІІІ
Не вечны рэй дзіцячых гулёнак.
Ты нібы натуршчыца ў майстэрні мастака,
А вочы бегаюць, шукаюць прастака,
Ды неўзабаве будзеш мець вэрхал пялёнак.
Калі сэрца сказала штосьці няўцям
І застукала моцна, няўмольна,
Усё, што можа стацца потым, рашайце супольна,
Змагацца з пачуццямі не варта вам.
Ты моўчкі ўвайшла і стала пасярод пакою,
А мне хацелася, каб ад губ маіх
ніколі ты не ведала спакою.
Трызненне, але млосна на душы.
Надзеі полымя ніколі не тушы.
Мне снілася сталіца Трынідада,
Там каву мне прыносіла ніяда.
ІХ
Там каву мне прыносіла ніяда.
Няёмка, позірк долу, але вышэй тваіх калень.
А вогнішча гарыць ад кінутых пален.
Хоць усміхніся, надаяда.
Твая ўсмешка - радасць і спагада.
Скразняк жадання галаву дратуе,
Ад гэтага ніхто не ўратуе,
Не лепшым выйсцем будзе нават здрада.
Каханне ўсё ж мана,
Але не ў тым яго віна,
А ў чым - не зразумець таго.
Ад скрухі ты махні рукою: ці мала ўжо было ўсяго!
Расце ў лесе зайцава прынада.
З непаразумення вырастае звада.
Х
З непаразумення вырастае звада.
Кажу: горай, чым тут, не будзе нідзе.
Так і рыхтуйся: быць усякай бядзе.
Не ўсякая людзям спрыяе ўлада.
Усявышні, забяры мяне з гэтага краю,
Як пажадаеш: у рай ці ў пекла.
Крыніца жыцця майго сцекла,
Сысці я хачу, ды толькі куды - не знаю?
Усіх нас спрадвеку катуе пытанне адно:
Жыццё душыць, як шыю валу ярмо,
Толькі ці гэта галоўнае?
Неба заўжды бяздоннае.
Не кажы, што ўсё ў жыцці перавярнулася.
Каханнем мы папярхнуліся.
ХІ
Каханнем мы папярхнуліся,
З патугамі цягнем сямейны воз.
А помніш, як каханню я модлы ўзнёс!
Калісьці і ты ад таго схамянулася.
Па вясне зацвілі першацветкі -
Гэта каханне юнацтва.
Дзесь існуе таемнае брацтва.
Васількамі ўлетку шугаюць палеткі.
Восені цнота жаўцее паўсюдна.
Гамоніць аб чымсьці араты прылюдна.
Прымаразак бярэцца ўначы.
Сціхні, варона, і не крычы.
У адлігу дзеці гуляюць у снежкі.
Жыццём прызначаны цяжкія сцежкі.
ХІІ
Жыццём прызначаны цяжкія сцежкі.
Карона ўпала ў цара з галавы.
Свечку грамнічную запалі.
Ліха прайшло, а на тварах усмешкі.
Агеньчык жыцця заўжды патухае,
Як не шукай, не знойдзеш тут сэнсу,
Збан не заўжды наліваюць да верху.
Весела хлопчык ад суму на дудцы іграе.
Дзіўнае возера гэты Байкал.
Прамовілі тост, падымаем бакал,
Гэта не пісаныя законы.
Хіба падуладны каханню каноны?
Спачатку ты на радасць мне ўсміхнулася.
Хрумсткія згатаваны сыраежкі.
ХІІІ
Хрумсткія згатаваны сыраежкі.
Туману цемень, водар навальніцы,
У ручаі вада булькоча і струміцца,
Ранкам роснымі бываюць сцежкі.
Хвайны ў цвеце непаторны пах,
І воблакі плывуць ў нябыт.
Падкову адшукаў каня капыт,
А цемра наганяе жах.
Пыхі людской не ўтаймаваць.
Гора прыходзіць - час спачуваць.
Радуйся яркім на небе зорам.
Надзеі тухнуць пакрысе,
Дубеюць ногі ў ледзяной вадзе,
У нешта веруем мы ўсе.
ХІV
У нешта веруем мы ўсе.
Ваўку паляўнічыя шлях вызначаюць,
Чырвоныя сцяжкі наўкол лунаюць.
Цялятка вымя каровы ссе.
Нехта свой лелех набіў ватрушкамі.
Мора для чалавека і радасць, і гора.
Блазна выбрыкі - людзям умора.
Пратэсты народа ўціхамірваюць пушкамі.
І горы бываюць старымі,
Калісьці і мы былі маладымі,
Ды толькі мяняецца час.
Не ўсе строі ўпрыгожваюць нас.
Прыемны крынічнай вады струмяні.
Дзіўны чалавечы шлях на зямлі.
ХV
Дзіўны чалавечы шлях на зямлі.
Надзеі высахла крыніца.
У галаве адна дурніца.
Шчасце мелі, ды не збераглі.
Не кожнаму ў радасць вянчальны пярсцёнак,
Але пад старасць саграшу і я.
Грунтоўнае рабі ўсё спакваля.
Не вечны рэй дзіцячых гулёнак.
Там каву мне прыносіла ніяда.
З непаразумення вырастае звада.
Каханнем мы папярхнуліся.
Жыццём прызначаны цяжкія сцежкі.
Хрумсткія згатаваны сыраежкі.
У нешта веруем мы ўсе
БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Станіслаў Суднік
Колеры, афарбоўкі і масці ў Лідзе і ў астатняй Беларусі
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Афарбоўкі і масці жывёлаў
Пароды сабак
Брыар
1 - Сабака-пастух і быдлагонныя сабакі, акрамя швейцарскіх быдлагонных сабак. Францыя
Брытонскі палевы басет
6 - Ганчакі і сваяцкія пароды. Францыя
Брытонскі эпан'ёль
7 - Выжлы. Францыя
Булі кута
Не прызнаны МКФ. Індыя (Пакістан)
Бульдог кампейра
Не прызнаны МКФ. Бразілія
Бульдог Катахулы
Не прызнаны МКФ. ЗША
Бульмасціф
2 - Пінчары і шнаўцары, малосы, горныя і швейцарскія быдлагонныя сабакі. Вялікабрытанія
Бультэр'ер
3 - Тэр'еры. Вялікабрытанія
Бультэр'ер мініяцюрны
3 - Тэр'еры. Вялікабрытанія
Бурбонскі брак
7 - Выжлы. Францыя
Бурбуль
Не прызнаны МКФ. ПАР
Бургоская выжла
7 - Выжлы. Іспанія
Бурат-мангольскі ваўкадаў (Хаташо)
Не прызнаны МКФ. Расія (Бурація)
Бэнтабульдог
Не прызнаны МКФ. ЗША
Валенсійскі ратэр
Не прызнаны МКФ. Іспанія
Валер
Не прызнаны МКФ. Германія
Вальпіна італьяна
5 - Шпіцы і прымітыўныя пароды. Італія
Вандэйскі брыкет грыфон
6 - Ганчакі і сваяцкія пароды. Францыя
Вахтэльхунд
8 - Рэтрыверы, спаніелі і вадзяныя сабакі. Германія
Веймаранер
7 - Выжлы. Германія
(Працяг у наступным нумары.)
Згукі Дня беларускага пісьменства ў Лідзе
У ЦЯНІ ЗАМКА ГЕДЫМІНА
Успаміны дзяцінства*
Я. Ярмант
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Хата знаходзілася недалёка ад злучэння вуліц Вызвалення і Гражыны, якая ў сваю чаргу злучала Сувальскую вуліцу з шашой, што ішла ў кірунку Нёмана. Гэта была галоўная камунікацыйная артэрыя горада. Увечар, у цемры, калі нельга было запальваць святло падчас кашменданцкай гадзіны, грозна блішчалі фары аўтамабіляў, якія ішлі па шашы і асвятлялі пакоі нашай хаты.
Першы раз я ўбачыла нямецкага салдата каля ракі, дзе мыла ногі перад сном. Ён павольна падышоў з боку мастка і спытаў, што я раблю. Я яго зразумела і адказала па-нямецку, імкнучыся казаць правільна, што маю ногі. Тады ён спытаў адкуль я ведаю нямецкую. Адказала, што вучыла гэту мову ў школе да вайны. Ён задаволіўся адказам і адышоў.
Днём на наш ганак прыходзілі немцы. Яны былі маладыя і ганарлівыя, весела размаўлялі з мамай па-нямецку. Мама не без намеру паведаміла ім, што памятае нямецкую мову яшчэ з часоў Першай сусветнай вайны. Па маім цяперашнім меркаванні, гэта не было для немцаў падставай лічыць, што яны пакінулі такія глыбокія сляды пасля таго свайго няпрошанага візіту на нашы землі.
Немцы не вялі з намі дыскусій з нагоды існавання Бога, як гэта рабілі два гады назад рускія афіцэры. Затое кожны салдат на спражцы паясной папругі насіў надпіс "З намі Бог". Гэта азначала, што ў адрозненне ад нас яны мелі непасрэдны кантакт з Богам і яго дабраславеннем, і што гэта натхніла іх на місію падначалення сабе народаў Еўропы. У гутарцы з мамай яны з пагардай гаварылі пра рускіх, называючы іх "рускія свінні". Мама была ўпэўнена, што калі ў нашай прысутнасці яны завуць рускіх свіннямі, то паміж сабой палякаў яны таксама завуць "польскія свінні".
Дзякуючы практычнаму знаёмству з нямецкай мовай маёй мамы, а таксама яе прысутнасці духу, яна некалькі разоў выратавала нас ад непрыемнасцяў падчас нямецкай акупацыі.
Першая небяспечная сітуацыя паўстала ў сувязі з выкананнем загаду пра занавешванне ўвечар вокнаў для маскіроўкі асветленых памяшканняў. Гэтае распараджэнне скрупулёзна намі выконвалася і мы заўсёды вешалі плед на акенца ў кухні, дзе праходзіла наша сямейнае жыццё. Аднак неяк здарылася, што хтосьці з нас занядбаў гэтым абавязкам і адбыўся канфлікт з нямецкай уладай. Незадоўга да адыходу да сну на кухні раптам пагасла электрычнае святло. Мы знялі з акна плед, але забыліся павярнуць выключальнік. Ужо ўсе спакойна спалі, калі нас нечакана абудзіў грук у дзверы. Мама ўскочыла першай і пабегла паглядзець, што адбылося ў адной начной кашулі. Я стаілася ў ложку. Пачула гучны голас, які грозна штосьці выкрыкваў па-нямецку, уперамежку з пакорлівым голасам маёй мамы, якая бесперапынна паўтарала: "Прабачыце мяне". Аказалася, гэта быў жандар, які праходзячы каля нашай хаты, убачыў відавочны доказ ігнаравання распараджэнняў улад і прыйшоў пакараць вінаватых. Потым я пачула, як гэты ж крык прычуўся бліжэй, у кухні і раздаўся трэск разбітага шкла. Як мы маглі здагадацца, гэта быў гук ад пабітай аб стол лямпачкі. Мама пазней запэўніла нас, што такім мяккім пакараннем мы адкараскаліся толькі дзякуючы ёй. Таму што ў хаце была пажылая жанчына і гаварыла на роднай мове жандара. Я верыла яе словам.
Іншы раз нейкі немец зайшоў у бабуліну адрыну, якая днём звычайна быў адчынена і выйшаў адтуль з нашым жаночым роварам. Да шчасця мама знаходзілася паблізу і хутка ацаніла сітуацыю. Яна пачала прасіць немца па-нямецку, каб той не забіраў ровар, бо ён належыць яе дачцэ. На здзіўленне, умяшанне мамы скончылася паспяхова, і ровар яшчэ доўгія гады заставаўся ў нашым валоданні. Ён знік толькі пасля вайны, ужо ў Польшчы, выкрадзены з зачыненага склепа.
Неяк мой брат уліп у вялікую непрыемнасць. Ён сядзеў на нейкім слупку поруч нашай згарэлай хаты і глядзеў на мінакоў, якія ідуць напрасткі ад вул. Вызвалення да мастка. Праходзіў гэтай дарогай нямецкі салдат. Не ведаю сапраўды, ці сапраўды былі ў яго нейкія падставы, але не спадабалася яму выраз твару майго брата. Ён спыніўся і пачаў грозна крычаць, што той сваёй ухмылкай абражае яго, немца! Сітуацыя была непрыемнай, але да шчасця для брата на дапамогу прыбегла мама. Яна стала тлумачыць немцу, што яе сын ухмыляецца сам сабе, таму што такі ўжо ён дурылка ад нараджэння і трэба яго выбачыць.
Зараз мне ясна, што тлумачэнне мамы, хоць і пераканаўчае, было досыць рызыкоўным. Мы ведалі, што немцы бязлітасна знішчалі разумова недаразвітых людзей, асабліва іншых нацыянальнасцяў. Напрыклад, на нашай вуліцы перад вайной жыл "Альбертка", малады чалавек, разумова недаразвіты, хоць і бяспечны. Мы часта бачылі, як ён маршаваў хуткім крокам па вуліцы, адмахваючы ў такт правай рукой. Потым раптам спыняўся, каб зрабіць энергічны заваротак вакол. Альбертка нечакана знік з нашай акругі, казалі, што яго застрэлілі немцы.
Я асабіста таксама мела сутыкненне з немцам. Гэта было ўжо ў канцы вайны ў апошні год. У той час быў у нас свой радыёпрымач, набыты па выпадку, яго схавалі, замураваўшы пад кухоннай печчу, таму што меўся загад, які забараняе слухаць радыё. Аднак мы ведалі сітуацыю на фронце з СССР і ведалі, што немцы адыходзяць. Яны ўжо не выклікалі ў нас страху. Аднойчы нейкі самотны нямецкі салдат разбіў намёт на беразе Лідзейкі. Ён быў бачны нам як на далоні. Неяк пасля абеду ён падышоў да нас, што сабраліся на ганку. Ён, мабыць, быў не простым салдатам, культурны, ветліва прыняў удзел у гутарцы. Падчас агульнай гутаркі ён неўпрыкмет прапанаваў мне пайсці з ім у намёт, абяцаючы даць шакалад. Я адрэагавала тым жа спакойным тонам, што мне не дазволіць мама. Мы меркавалі, што гэта быў дэзертыр.
Раздзел XIII
Стаяла позняе лета 1941 года. Цішыня і супакой запаўнялі нашу хату. Праз адкрытае акно струменілася разагрэтае паветра. Я была зусім адна, паглынутая музыкай. Бацькі адправіліся на далёкае поле на канцы Мастоўскай вуліцы. Нечакана ў двары прычуліся галасы і праз хвіліну ў мой пакой увайшлі некалькі маладых мужчын. Аднаго з іх я ведала, ён быў сынам гаспадыні раяля. Ён прыходзіў да нас некалькі разоў. Першы раз, калі мы жылі яшчэ ў ранейшай хаце. Тады ён сам граў і размаўляў з сястрой пра музыку. Пасля пажару ён з'явіўся зноў. З радасцю ўспрыняў вестку пра выратаванне раяля. Мама пачаставала яго свежымі блінамі.
- Я прыехаў забраць раяль, - без усякага ўступу сказаў ён, і мужчыны пачалі рыхтаваць інструмент да транспартавання. Аднак яны наткнуліся на накрытыя пад ім вэнджаніны і спыніліся, лічачы, што не могуць чапаць чужую ўласнасць.
У мяне было толькі адно выйсце.
- Я збегаю па бацькоў - і тут жа памчалася. Бегла праз усю Мастоўскую вуліцу без памяці, як быццам на крылах роспачы. Была яшчэ слабая надзея, што, можа, бацькі не аддадуць раяль, можа што-небудзь прыдумаюць. Да гэтага часу яны заўсёды ведалі што рабіць!
Гэтым разам, нажаль, нічога не атрымалася і гаспадар з'ехаў, везучы з сабой сваю ўласнасць, зусім абыякавы да таго, чым стала для мяне гэтая яго ўласнасць. Як той казаў у старой народнай прыказцы: "З чужога воза і на палове шляху злезеш". Так і я апынулася на сярэдзіне шляху, бесцырымонна скінутая з чужога воза.
У нашай сям'і наступіла замяшанне. Усе ўжо прывыклі да таго, што я грала без перапынку. І хоць акрамя мяне ніхто нават і не дакранаўся да клавіятуры, усе разумелі значнасць маёй страты і спагадалі мне. Нават мая сястра, якая ніколі не выяўляла ні найменшага жадання граць і павінна была трываць маё безупыннае "дрынканне", раптам сказала:
- Я буду працаваць, каб купіць табе раяль.
Я ацаніла гэты высокі парыў сястрынскага сэрца. Аднак яе добрыя намеры, падобна, павінны былі так і застацца добрымі намерамі. Тады адбылося нешта нечаканае. Бацька па-філасофску ацаніў гэта здарэнне: "Шчасце адных засноўваецца на няшчасці іншых". Гэта вельмі песімістычная сентэнцыя. Хіба можа насамрэч чалавек быць шчаслівым толькі за кошт іншага?
Немцы пачалі сваю знішчальную акцыю супраць габрэяў. Неўзабаве пасля свайго прыходу яны ўвялі нашэнне габрэямі жоўтых зорак на левым баку грудзей. Потым забаранілі ім карыстацца ходнікамі. З гэтага часу габрэі мелі права перасоўвацца толькі па праезджай частцы разам з коньмі. Тым самым яны былі прыраўнаваны да жывёл. Я ўспрымала ўсё гэта як страшны здзек над чалавечай добрай якасцю і адчувала гэта як датычнае асабіста мяне. Некалькі разоў я бачыла групкі габрэйскай моладзі з венікамі і рыдлёўкамі на ўборцы горада. Сярод іх былі мае аднакласніцы, у тым ліку і тая, інтэлігентная і прыгожая, якая імпанавала мне ведамі рускай мовы. Я так моцна саромелася іх знявагі, што рабіла выгляд, быццам нікога з іх не пазнаю. Да няшчасця, я заўсёды заблізку да сэрца прымала людскае гора.
Я тлумачу гэта сваёй залішняй уражлівасцю. Памятаю аналагічны выпадак, калі пані Клышэйка вярнулася з савецкай турмы. Яна некаторы час правяла ў турме да дэпартацыі ў Казахстан. Я ўбачыла яе праз акно нашай хаты, але не хапіла адвагі паказацца ёй на вочы. Я хавалася за лісцем фікусаў, нібы ад пачуцця віны. Хоць у такіх выпадках, калі ў людзей гора ці непрыемнасці, трэба паводзіць сябе інакш. Трэба падысці, прывітацца, выявіць сардэчнасць і гатоўнасць дапамагчы. Так паступала мая мама. Я гэтага тады не разумела. Зрэшты з'яўляюцца спантаныя рэфлексіі, якія вызначаюць прычыны нашых учынкаў. Розум тут іграе, нажаль, другарадную ролю.
Наступным распараджэннем немцаў адносна габрэяў быў загад пакінуць свае хаты (пасля пажару іх мала і засталося) і перасяліцца ў вызначаны раён, званы гета. Яно знаходзілася ў паўночнай частцы горада. (Я некалькі разоў хадзіла туды з пакетамі, якія цётка Нюта перадавала праз мяне сваім былым жыхарам).
Памятаю, аднойчы прыйшла да нас Дверка, дачка Соркі, якая была гаспадыняй піўной. Яна смяялася, і гэты смех зрабіў на мяне жудаснаватае ўражанне. Яна распавяла, што ў такой безнадзейнай сітуацыі, у якой апынуліся габрэі, ім нічога не засталося акрамя смеху. Гэта было выразам безнадзейнай роспачы. Тады я ўбачыла яшчэ слёзы, павольна спаўзаўшыя па яе шчокам. Здавалася, яна не заўважае гэтых слёз, быццам яны з'явіліся з-за холаду, было і праўда холадна. У будучыні, шмат разоў бачачы слёзы на шчоках у старых людзей падчас халадоў, я заўсёды ўспамінала гэтую маладую габрэйку, якая жыла побач з намі ад самага свайго нараджэння і аднойчы пайшла на смерць разам са сваім народам.
Мы дзівіліся іх пакоры. Чаму яны не аказвалі ніякага супраціву? Можа быць цяжка было не падпарадкавацца загаду хадзіць па праезджай частцы, каля коней і з жоўтай зоркай, як з таўром. Але калі іх вялі за горад да выкапаных ям на расстрэл - чаму яны не арганізавалі супраціў? Я ведаю, што некалькі чалавек уцяклі з гета. Такім чынам выратавала сваё жыццё дачка небагатага краўца, які пасля пачатку вайны 1939 г. жыў у хаце № 13. А яе старэйшая сястра была застрэлена ў той момант, калі выскачыла з шэрагу і кінулася на ўцёкі. Мы, дзяўчаты, паміж сабой казалі, што яна, мабыць, прадчувала блізкую смерць, таму што зусім не берагла свае прыгожыя сукенкі, як гэта рабілі ўсе мы.
Казалі, што ў расстрэле габрэяў удзельнічала паліцыя, якую набралі з нашых хлопцаў. Гэта была таксама свайго роду ганьбаванне немцамі маладых палякаў.
Мой добры анёл пані Ласкоўская пачала энергічныя пошукі раяля. І гэтым разам мне выключна пашанцавала, бо першы ж чалавек, да якога яна звярнулася па гэтай справе, як раз хацеў пазбавіцца ад так жаданага мною інструмента. Выпадкова аказалася, што гэта быў габрэй. Яго сям'я разам з іншымі атрымала распараджэнне нямецкіх уладаў неадкладна перабрацца ў гета. Новыя ўмовы жыцця ў гета зусім выключалі магчымасць забраць з сабой раскошную мэблю і іншае.
Раяль фірмы Бекера быў кабінетным, не занадта вялікім, у добрым стане. Па прычыне вымушаных акалічнасцяў, у якіх знаходзіліся габрэі, яго кошт быў мабыць невысокі, але для мамы надмерна вялікі (3100 рублёў). Я пішу "для мамы", таму што менавіта яна ў нашай сям'і бралася за рызыкоўныя справы, узялася і цяпер.
Такім нечаканым чынам я стала гаспадыняй сапраўднага раяля! Усе астатнія спрыяльныя акалічнасці выявіліся неяк раптам, як быццам адмыслова, каб палегчыць мне навуку музыкі.
У мяне мелася бясконца шмат вольнага часу. Я не хадзіла ў школу, у той час у Лідзе наогул не было школ. У мяне была мілая, прыемная мне настаўніца музыкі, якая прыходзіла да мяне даваць урокі. Склаліся вельмі спрыяльныя ўмовы для вучобы, якія я тады не ацаніла належным чынам. Мы жылі ў аднапавярховай хатцы без суседзяў ні за сцяной, ні ўнізе, ні ўгары, ніхто не выказваў абурэння ў мой адрас. Поўная воля. Што да маёй блізкай і далёкай радні, то яны выяўлялі нейкае неверагоднае цярпенне да майго бесперапыннага "дрынкання". Я не заўважала з іх боку ні найменшай праявы незадаволенасці. Зрэшты, сумленна кажучы, я зусім не цікавілася іх рэакцыяй.
Ці можна сабе ўявівіць лепшае выкананне жаданняў? Падчас вайны і як бы насуперак вайне!
Дні, пасля гэтай падзеі былі аднастайныя, але аднолькава выдатныя, паколькі я магла непадзельна аддацца музыцы. Я памятаю расклад маіх штодзённых заняткаў у той час. Уставала рана, дзесьці пасля шасці гадзін раніцы. Выходзіла ў маленькі садок, з боку замка, каб адкрыць аканіцы акна (таго самага, дзе перад вайной рос купчасты каштан - маё надзейнае сховішча). У нашым новым жыллі меліся аканіцы, якія адкрываюцца знадворку. Незалежна ад таго, было ў памяшканні цёпла ці холадна, я садзілася за раяль. Пачынала заўсёды з гам, каб расцерці пальцы. Я вельмі любіла гэтае практыкаванне і з задавальненнем грала адну гаму ў розных варыянтах - актавах, тэрцыях, секстах, дэцымах, у мажоры, міноры, пазней, адпаведна, трохгучанне, дамінанту сэптыма. Тое ж самае і з храматычнай гамай. З часам, для разнастайнасці я зрабіла (па парадзе пані Эмы Альтберг) нешта накшталт латарэі. На невялікіх квадраціках паперы напісала ўсе варыянты гам і змясціла іх у мяшэчак. Наўздагад выцягвала гэтыя квадрацікі, адзін за адным, каб граць "уразбіўку".
Творы для выканання мне дастаўляла пані Ласкоўская са сваёй бібліятэкі. Нажаль, яны не падзяляліся па ступені складанасці. Пасля школьных п'ес Ражыцкага і Бейера і некалькіх салонных кампазіцый, вельмі прыемных для вуха; пасля санат Кляменці, Кулаў і Днабелі я прыступіла да санат Бетховена. Яны былі цяжкімі і, каб у іх разабрацца, я марнавала шмат часу. Затое паглыбленне ў мелодыю, адкрыццё ўсё новых музычных фраз было найвышэйшай узнагародай за працу. З поліфанічных твораў я амаль адразу прыступіла да прэлюдыі і фугі Іягана Себасцяна Баха. Не ўзгадаю, каб у той час я грала "дробныя творы" ці інвенцыі.
Тым часам прачыналіся дамачадцы, мама паліла печы, калі было холадна і рыхтавала сняданак. Я вельмі мала часу адводзіла сабе на ежу, самае большае 10 хвілін, так спяшалася зноў граць. Памятаю, брат аднойчы спрабаваў узбунтавацца супраць майго лайдацтва, я і сама адчувала некаторыя згрызоты сумлення таму, што не дапамагала бацькам. Але бацька заняў вельмі рашучую пазіцыю ў гэтай справе. Ён сцісла заўважыў, што мая ігра - гэта навука, а, значыць, і праца. У мяне былі вельмі добрыя бацькі, добрыя і паблажлівыя. Маё сядзенне за раялем часта працягвалася да 17 гадзін. Памятаю, як цётка Гэля, быўшы аднойчы ў нас, сказала паважліва:
- Ці з цябе што-небудзь будзе, ці не будзе нічога.
Наколькі гэта сентэнцыя па сваёй невыразнасці падобная на прадказанне Піфіі, настолькі цётка ўрэшце мела рацыю. Мой кантакт з музыкай пачаўся шматспадзеўным, але, нажаль, скончыўся фіяска. Калі толькі можна назваць "фіяска" багацце эстэтычных уражанняў, якія выпалі на маю долю, незабыўныя хвіліны духоўных узлётаў падчас адкрыцця выдатных музычных фраз і меладычных ліній у выкананых мной творах. Не! Гэтыя доўгія дні самазабыўнага музыцыравання, ні ў якім разе не могуць быць названы марнымі. Гэта быў для мяне падарунак лёсу. Можна з поўнай упэўненасцю параўнаць гэты падарунак з матэрыялізаваным пажаданнем закаханага мужчыны сваёй умілаванай:
- Я б жадаў нябёсы да цябе нахіліць!
Я і жыла на нябёсах. Вакол ішла вайна і людзі забівалі адзін аднаго.
Раздзел XIV
Адным ліпеньскім днём (памятаю, гэта было 7 ліпеня 1942 г.) у мае рукі патрапіла вельмі цікавая кніжка, напісаная вугорскім ксяндзом Арпада Тота "Юнак з характарам". Я памятаю, яна вучыла чытачоў, як выхаваць у сабе сілу волі. Яна адразу ж захапіла мяне. Аўтар даказваў, што ад нас саміх залежыць выхаванне нашай волі і фармаванне моцнага характару, з дапамогай якога мы можам пераадольваць любыя цяжкасці і перамагаць. Шматлікія прыведзеныя прыклады пацвярджалі гэтыя заклікі.
Напрыклад, адзін піяніст, страціўшы правую руку, не зламаўся псіхалагічна, а шляхам настойлівых практыкаванняў здолеў дасягнуць такой дасканаласці ў ігры левай рукой, што слухачы не заўважалі розніцы!
Простым спосабам, але вельмі паспяхова, можна змагацца з празмернай любоўю да ласункаў. Досыць паставіць перад сабой смачнае пірожнае і як мага даўжэй адцягваць момант яго з'ядання. Мабыць, замест пірожнага можна выкарыстоўваць іншую любімую страву. Праз некаторы час навучышся не паддавацца спакусе.
Калі гаворка ідзе пра нялюбыя стравы, па нашых паняццях нясмачныя, то мы павінны імкнуцца авалодаць мастацтвам ужываць іх, не паказваючы нашага нежадання ці агіды.
Там былі таксама парады, як гартаваць сваё цела і такім чынам падрыхтоўваць яго да жыццёвых цяжкасцяў. Рана раніцай, калі яшчэ была раса на траве, і таксама ўвечар, калі раса ўжо выпала, трэба бегаць басанож па траве, дасягаючы тым самым агульнай загартаванасці арганізма.
Прачытаўшы кнігу, я з вялікім жаданнем узялася за рэкамендаваныя практыкаванні для выхавання моцнай волі, паколькі яна павінна дапамагчы ў пераадоленні жыццёвых цяжкасцяў. Асабліва падчас вайны. Прыклад з пірожнымі быў неактуальным. Я не магла ім скарыстацца па той простай прычыне, што іх ніколі не было на стале. Не існавала таксама нялюбых страў. Асновай нашага сілкавання была смажаная бульбачка, нязменна, кожны дзень, а яе я, да шчасця, вельмі любіла. Падыходным месцам стала сенажаць паміж нашай хатай і ракой, дзе можна было карыстацца халоднай расой без усякіх абмежаванняў. Я вырашыла, што бегаючы па ёй, можна дадаткова змагацца з пачуццём страху. Нягледзячы на амаль цяплічныя ўмовы ў маёй хаце, мяне рэдка калі пакідала гэтае пачуццё. Прчынай была сітуацыя агульнай пагрозы з боку нямецкіх уладаў. Крыніца майго страху была наступная: аднойчы я атрымала з працоўнага ведамства выклік на працу. Такія позвы атрымалі ўсе мае аднагодкі і з'явіліся па выкліку. Тэся Цітавіцкая пачала працаваць у млячарні. Яе сястра Ядзя з'явілася ў нямецкае бюро і атрымала працу тэлефаністкі. Яна мне казала, што стаўшы тэлефаністкай, можа падслухоўваць гутаркі немцаў і перадаваць іх змест удзельнікам супраціву. Мяне, аднак, яна ў гэту дзейнасць не ўцягвала. Аднойчы яна прыйшла да нас і запрасіла мяне на шпацыр. Мы павольна пайшлі ўніз па вуліцы Вызвалення. Памятаю, што я была так паглынута філасофскімі разважаннямі, што не заўважыла маўчання Ядзі. Каля адной хаты мы затрымаліся, і да Ядзі выйшаў нейкі незнаёмы мужчына. Яна некаторы час размаўляла з ім, а потым мы вярнуліся без якіх-небудзь тлумачэнняў з боку сяброўкі. Толькі пазней я зразумела, што была скарыстана для канспірацыйнай працы ў горадзе.
Мая сястра разам са сваімі сяброўкамі пачала працаваць у Zentral Handels Gesellschafft - гандлёвым прадпрыемстве ў якасці бухгалтара. Мой брат спачатку быў працаўніком у дзядзькі Сашы, потым вознікам у пякарні. Янак Клышэйка, самы старэйшы з братоў, які пазбег дэпартацыі ў Казахстан, бо падчас вывазу быў у турме, уступіў у паліцыю. Таксама, як і некалькі іншых старэйшых хлопцаў.
Мае любімыя бацькі вырашылі, што я не павінна ісці ні на якую працу. Іх рашэнне горача падтрымала пані Ласкоўская. Яна паўтарала, што немцы хочуць знішчыць польскую культуру і навуку і таму трэба на ўсе жылы супрацівіцца. Вырашана, што ў працоўнае ведамства пойдзе фальшывая метрыка, па якой я праходзіла малодшай на тры гады. Гэта было магчыма, бо праваслаўная канцылярыя выдала мне новую метрыку, а яшчэ, з іншага боку, у гэтым ведамстве працаваў адзін з польскіх настаўнікаў пан Кабылянскі. З яго дапамогай пані Ласкоўская паспяхова зрабіла замену маіх метрык. Такім чынам я магла бяспечна сядзець дома і граць, але адначасова панічна баялася любых сустрэч з немцамі па прычыне адсутнасці дакументаў, якія пацвярджаюць маю асобу.
Прыступаючы да выхавання моцнай волі, я вырашыла кожны вечар басанож абыходзіць сенажаць туды і назад. Маршрут не быў доўгім, аднак кожны раз даводзілася пераадольваць страх. Да няшчасця, праз некалькі такіх шпацыраў, са мной здарылася адно здарэнне, калі я ўжо вярталася ў хату. Дакладна памятаю, што гэта было 1 жніўня 1943 г. Гэта здарэнне глыбока запала ў маёй памяці, як праява сутыкнення дзвюх процілеглых з'яў нашага жыцця - волі і паразы, якія ідуць адразу адна за другой. Быў выдатны сонечны дзень. Мы з Ядзяй здзейснілі доўгі шпацыр па лесе за Раслякамі. Каля ўзлеску мы спыніліся, я прыхінулася да тоўстага ствала бронзава-залацістай хвоі і слухала шум дрэў. Ён захопліваў мяне. На шырокіх палях ужо стаялі шэрагі снапоў, свежазжатага жыта. Я атрымлівала асалоду ад гэтай атмасферы поўнага супакою, яднання з прыродай, летняй расслабляльнай ціхамірнасці. Ядзя тады казала, што я вельмі тонка адчуваю прыроду і гэтым адрозніваюся ад іншых дзяўчат - нашых аднагодак.
Справядлівай аказалася народная прымета, што нельга хваліць дзень да заходу сонца. Увечар таго ж дня і здарылася гэтае страшнае для мяне здарэнне. Як звычайна я вярталася з сенажаці, пралезла праз дзірку ў плоце ў завулак і раптам убачыла двух мужчын, якія ішлі з боку горада да мяне. Як потым аказалася, гэта былі ўкраінцы на службе ў немцаў. Я інстыктыўна адчула небяспеку, якая сыходзіла ад іх, і кінулася да хаты. Выпадак дапамог, што яны ўбачылі мяне пазней, чым паспелі адрэзаць ад хаты. У вячэрняй цішыні пачалася маўклівая пагоня. Я ў апошнюю хвіліну паспела дабегчы да дзвярэй хаты і зачыніць яе за сабой, але гэта не спыніла іх. Яны пачалі стукаць у дзверы і патрабаваць, каб іх упусцілі. Я была так спалохана, што выскачыла ў акно і схавалася ў бульбачцы. Ляжала там пластом, баючыся паварушыцца.
Тым часам у хаце праходзіла нарада, як пазбавіцца ад мужчын, якія агрэсіўна б'юць у дзверы. Па шчаслівым збегу акалічнасцяў менавіта ў той вечар у нас у гасцях быў жаніх сястры Юрка Гульпоўскі - Шульц. Ён застаўся начаваць з-за камедантскай гадзіны, а жыў у далёкай вёсцы Дворышча, дзе яго бацька перад вайной быў дырэктарам школы. Дзякуючы гэтай выпадковасці ў нас для абароны былі два маладыя мужчыны, гатовыя схапіцца з нападнікамі.
Мяркуючы па пазнейшых частых пахвальбах майго брата, яны з Юркам дамовіліся напасці на ўласаўцаў нечакана. Брат здагадаўся, што тыя не ўзброены, па гучным вокрыку аднаго з іх: "Давай вінтоўку!", - звернутаму да прыяцеля. Гэтым крыкам ён хацеў напалохаць жыхароў хаты і прымусіць адчыніць дзверы. Не ведаю, што было б, калі б у хаце знаходзіліся адны жанчыны ці старэйшыя людзі. Толькі дзякуючы "сляпой" выпадковасці атрымалася наадварот. Па пазнейшых аповядах, брат рэзка адчыніў дзверы, выскачыў разам з Юркам на ганак, і абодва нечакана кінуліся на захопленых знянацку ўласаўцаў, садзячыся ім на спіны і лупячы кулакамі. Брат пазней выхваляўся, што ён на сваім праехаў некалькі дзясяткаў метраў. Ва ўсякім разе нападнікі не вярнуліся больш ні тады, ні пазней. Так агрэсія адступіла перад агрэсіяй. Брат трыўмфальна запэўніваў нас, што бачыў у горадзе дваіх уласаўцаў з фінгаламі пад вачамі, і гэта відавочна былі іх ахвяры.
Кім быў жаніх маёй сястры? Гэтага маладога чалавека я ўбачыла ўпершыню, калі аднойчы летнім днём ён зайшоў за сястрой у пакой, дзе я сядзела за раялем. Я тады не ведала, хто гэта. Не ведала, што гэта быў не толькі будучы муж маёй сястры, а таксама новы чалец нашай сям'і, а ў недалёкай будучыні, пасля заўчаснай смерці маіх бацькоў - мой найбліжэйшы апякун.
Атрымалася так, што ўспадкоўваючы мамчына шанцаванне на замужжа, сястра, як быццам, шматкроць прымнажала яго, і яно распаўсюдзілася на ўсю нашу сям'ю, уключаючы і мяне. Ён прыйшоў да нас ужо са сфармаванымі рысамі характару, якія забяспечылі яму безумоўнае прыняцце ў нашу сям'ю. Яго характарызавалі вялікая асабістая сціпласць і абыякавае стаўленне да матэрыяльных выгод. Да гэтага яшчэ варта дадаць ашчадны стыль жыцця, які адпавядаў нашаму.
Ніколі і нікому ён не даў адчуць сваёй інтэлектуальнай перавагі, вялікіх ведаў, асабліва ў вобласці гісторыі і культуры. Наадварот, ён быў, мабыць, адзіным чалавекам, да якога я заўсёды магла звярнуцца без сарамлівасці ці боязні быць абсмяянай.
Яго прыроджаную сумленнасць і пачуццё справядлівасці не змаглі пахіснуць ніякія грымасы лёсу і зносіны з рознымі людзьмі. Ён, як быццам, не заўважаў зла і злых намераў вакол сябе.
Бачачы ў яго пачуццё вялікай адказнасці за кожнае дзеянне і слова, стваралася ўражанне, што інакш і не можа быць паміж людзьмі, бо і наша сям'я мела такое ж сур'ёзнае стаўленне да жыцця і такое ж пачуццё ўласнай добрай якасці.
Збліжала з намі таксама яго любоў да сямейнай выгоды. Мы ўсе былі тыповымі дамаседамі. Усе выхады і выезды праходзілі толькі ў сямейным складзе. І мужчына ствараў адчуванне поўнай бяспекі. Здавалася, інакш і быць не можа.
Гэтак жа, як і мой бацька, ён меў "залатыя рукі" і здольнасці да рамяства. З-за такога працягу ў сям'і гэтых здольнасцяў у мяне склалася ўражанне, што ўмелыя рукі - прыроджаная рыса ўсіх мужчын.
Акрамя агульных з намі добрых якасцяў зяць прынёс у нашу сям'ю новыя. А менавіта, інтэлігентнае абыходжанне, што выяўлялася ў высокай культуры побыту і шырокіх гарызонтах мыслення, а таксама вышэйшая адукацыя - юрыдычная. Але, галоўнае, ён аказаўся сапраўдным скарбам для сумеснага штодзённага побыту. У гэтых адносінах ён быў як бы працягам бацькі, а ў некаторых момантах пераўзыходзіў яго. Ён не пакутаваў нясмеласцю ў адрозненне ад майго бацькі. І замест павольных рухаў у ім бурліла радасць жыцця, магчымая толькі ў чалавека дасканалага фізічнага і псіхічнага здароўя. Менавіта ў здароўе хаваецца таямніца настрою чалавека (У здаровым целе, здаровы дух).
Па маім меркаванні яны з бацькам абодва належалі да таго віду флегматыкаў, якія слаба рэагуюць на вонкавыя ўзбуджальнікі і адразу ж пра іх забываюць, ва ўсякім разе ў гутарцы не ўспамінаюць пра свае адчуванні. Гэта было незвычайна мудра, бо любая дыскусія, у якую адзін з іх быў уцягнуты, абрывалася ў самым пачатку і не прыводзіла да сваркі. Аднак, як часта бывае, праз некаторы час я пераконвалася, што ён меў рацыю!
І яшчэ адна істотная дэталь характару гэтага флегматыка - ён не мог выносіць чужога гора ці смутку вакол сябе. Адразу ж пытаў пра прычыну і імкнуўся дапамагчы. Як быццам, для яго гэта было неабходнай умовай добрага настрою і задавальненні ад жыцця.
Каб зразумець перавагі сумеснага жыцця з флегматыкам, трэба ўзгадаць іншыя меней дасканалыя тыпы тэмпераментаў. Мая сястра была сангвінікам. На ўсе вонкавыя раздражняльнікі яна рэагавала бурна і гучна выяўляла сваё незадавальненне. Праз некаторы час яна вярталася ў звычайны стан і да звычайных адносін. Не раз нават прасіла прабачэння за сваю ўзрушанасць, ці рэзкае рэагаванне. Немагчыма было не саступіць і не прабачыць ёй нават такому непапраўнаму меланхоліку, як я. Бо я - тыповы меланхолік, то звычайна рэагавала спакойна.
(Працяг у наступным нумары.)
Маёнтак Гародна
Леанід Лаўрэш
(Працяг. Пачатк у папярэднім нумары.)
Маўрыцый Патоцкі ажаніўся ў Дрэздане 6 лютага 1847 г. з Людвікай Жазэфінай Бобр-Пятравіцкай (1825-1890), дачкой Тэадора Міхала Юзафа Бобр-Пятравіцкага (1800-1865) і Яны Маржкоўскай (1807-1897). Па словах князя Шчарбатава, граф Патоцкі "быў добрым, але пустым малым, жонка яго была разумнейшая за яго, але не была важнай птушкай у вышэйшым варшаўскім грамадстве".
Сужэнцы мелі дзяцей:
- Аўгуста Адама Патоцкага (1847-1905), з 1891 г. жанатага з Яўгеняйі Войніч-Сенажэцкай (1870-1925), менавіта яму потым належала Гародна.
- Наталлю Сафію Марыю Патоцкую (1849-1916).
- Марыю Ганну Наталлю Патоцкую (1851-1945), 1-ы муж з 1869 г. граф Тамаш Францішак Замойскі (1832-1889), 2-і муж з 1893 г. князь Канстанцін Яўген Андрэй Адам Любамірскі.
- Яўстах Маўрыцый Аляксандр Патоцкі (1859-1914), жанаты з 1879 г. з Ганнай Анеляй Паляжак (1863-1917).
У 1826-1827 гг., пасля разводу з Аляксандрам Патоцкім, Ганна Патоцкая падарожнічала па Італіі і напісала пра гэта кнігу. Толькі ў 1899 г. рукапіс кнігі "Падарожжа па Італіі" быў апублікаваны ў Парыжы Казімірам Стрыенскім.
Другім мужам Ганны стаў палкоўнік граф Станіслаў Дунін-Вансовіч (1785-1864), які ў 1812 г. быў лейтэнантам імператарскай гвардыі і перакладчыкам пры паходнай канцылярыі Напалеона. Як ад'ютант Напалеона, палкоўнік Дунін-Вансовіч быў з ім падчас ссылкі на востраў Эльба. Гэты шлюб, несумненна, азначаў пэўнае паніжэнне сацыяльнага і сяброўскага становішча, і таму жонка палкоўніка, нягледзячы на тое, што да другога шлюбу мела свой салон у сталіцы, пакінула свецкае жыццё. Мемуарысты пісалі пра яе ўсё меней, але былі і выключэнні, якія варта працытаваць: "... яна выйшла замуж за Вансовіча, чалавека з праўдзівым і шчырым характарам. Ён трымаў яе цвёрда, не дазваляў ёй заляцацца і какетнічаць, нагадваў пра яе ўзрост, і таму ніхто ўжо больш не пакутаваў ад яе рэзкай дасціпнасці", - пісала ўсё тая ж Наталля Кіцкая.
Габрыэля Пузыня з Гюнтараў так апісвала візіт сваёй маці з дочкамі ў 1831 г. да сяброўкі дзяцінства Анеткі, працытую тут вялікі і цікавы кавалак ўспамінаў: "Вілянаў стаяў пусты, калі толькі можна так назваць месца, напоўненае помнікамі культуры. Ніхто з маладых Патоцкіх яшчэ не ажаніўся, і іх маці, пані Вансовічава, у сваім Мокатаве, як у якім Трыаноне, з радасцю, але крыху паблажліва і крыху кісла, прымала гасцей. Яна даведалася, што мая маці ў Варшаве, і праз некага паведаміла аб сваім жаданні аднавіць знаёмства дзявочых гадоў. І таму, калі аднойчы ў нядзелю мы выбраліся на ілюмінацыі ў Лазенкі, дык наведалі і Мокатаў. Там ужо было некалькі варшавякаў якія бавіліся перад домам. Нас прывіталі з прыстойнай ветлівасцю і, агледзеўшы, запрасілі сесці і пачаставалі суніцамі і гарбатай. Сярод гасцей была і пані Заёнчкава6, вядомая сваёй вечнай маладосцю, убраная ў лёгкую муслінавую сукенку і маленькі крэпавы капялюшык, мела яна ўжо восемдзесят гадоў. Калі ішла вуліцай, на яе заглядалася моладзь, якая не падазравала што асоба, якая так лёгка ступае з каменя на камень сваёй маленькай ножкай, можа быць такой немаладой. На балях яе часта запрашалі на танец, а падчас халеры, калі Заёнчкава выказала свой непакой: "Qu'a-t-elle a craindre l'epidemie", хтосьці злосна ўсклікнуў: "n'a-t-elle pas passe deux quarantaines !?" (фр. "Нашто вам баяцца эпідэміі?", "Хіба ж вы не сядзелі ўжо два разы на каранціне!?". - Л. Л.). Таксама казалі, што яна некаторы час насіла штучны бюст з воску і загадала заказаць пяцьдзесят бюстаў сабе на карнавалы, яе ж сакратар зласліва дадаў нуль. Калі заказ прыйшоў з Парыжа, бядачка не ведала, што рабіць з пяццюстамі бюстамі. Тыя, хто ведаў яе жыццё, казалі, што сваёй свежасцю і здароўем яна абавязана скрыні з лёдам, над якой спала ў халодным пакоі.
Развітваючыся з намі, пані Вансовічава запрасіла на абед. Унучка апошняга караля, памятала яшчэ яго чацвярговыя абеды7 і запланавала прыём на чацвер. Нягледзячы на слоту, мы прыехалі ў прызначаны дзень і час. Дождж скончыўся, але на жвіровай дарозе яшчэ стаяла вада. Вазніца праехаў праз браму на сярэдзіну парка і спыніўся каля шкляных дзвярэй ніжніх апартаментаў. "Le maladroit!" - выкрыкнула пані Вансовічава: "if aurail pu briser les vitres" - "Vous voyez bien, qu'i1 ne l'a pas fait?" (фр. "Няўмелы", "Ён мог разбіць акно", "Але ён не зрабіў гэтага". - Л. Л.) - спакойна адказала мая мама на такое своеасаблівае прывітанне, а пані графіня, запрасіўшы нас сесці ў крэслы з гербамі, наракала, што мы застаёмся без мужчынскай кампаніі: "Трэба ж, каб абодва мае сыны сёння раніцай адправіліся ў свае далёкія маёнткі". Сказаўшы гэта, яна зласліва ўсміхнулася і потым уважліва агледзела нас, бо мела надзею ўбачыць румянец ці туалеты, якія б казалі пра нашы планы. Але, насуперак яе думкам, абедзве мы былі ў белых паркалёвых сукенках.
Мы спусціліся ў сутарэнні, і, паколькі з абедам марудзілі, пані Вансовічава прапанавала заспяваць "pour I' empecher er avoir laim" (фр. "Каб ён не адчуваў голаду". - Л. Л.). Пасля слоў камердынера: "M-me la Comtesse est servie" (фр. "Мадмуазэль графіня, мы гатовы падаваць". - Л. Л.), яна прайшла да стала разам з маёй маці і папрасіла прабачэння за халаднік, бо тут не тая вада. Праз хвіліну, ужо забыўшыся што казала раней, пахваліла паштэцікі з беконам і паслала камердынера да кухара даведацца: "Што гэта такое дасканалае?". А на адказ: "Гэта кракеты з беконам", выпаліла: "Выдатна! Скажыце яму, каб гатаваў гэта часцей". На абедзе нас было сем чалавек, прыслужвалі камердынер-француз і два лакеі-палякі, з якімі графіня ўвесь час ажыўлена размаўляла, тлумачыла з польскай на французскую і наадварот усё што прамаўлялася на гэтых абедзвюх мовах. Налівала аднаму з іх келіх віна, а другога адпраўляла да старой боны з пытаннем, ці не трэба чакаць буры, бо трошкі грымеў гром. Тысячы падобных дзеянняў ішлі адно за другім, гэтым, пэўна, яна хацела давесці добрае стаўленне гранд-дамы да асоб з вёскі.
Пасля абеду з Варшавы прыехаў нейкі неспадзяваны пан. "Небу абавязаны мы гэтым цудам", - жартаўліва заўважыла мая маці, цытуючы верш з "Заіры", а гаспадыня дома папрасіла госця сесці і, калі той упарта маўчаў, выправадзіла яго ў суседні пакой, адкуль да нас даходзіў на пачатку ціхі, а потым усё гучнейшы дуэт узаемных пагроз. Справа ішла пра арэндную плату, забяспечаную загадзя на некалькі гадоў за палац Патоцкіх і сёння адабраную. Арандатар, упэўнены ў сваёй праваце, пагражаў судом, пані Вансовічова не дала яму скончыць і вярнулася да нас, не развітаўшыся з арандатарам, які сыходзіў угневаны. "Moi qui l'ai fait assoirl" (фр. "Я зрабіла гэта". - Л. Л.) - абурана пракрычала яна, і кроў Панятоўскіх агнём загарэлася ў яе вачах.
Немагчыма апісаць наш візіт, усё было такога кісла-салодкага кшталту, аж да заўвагі, што мы няспешна, як на шпацырах уваходзім у яе салон, аж да абдымкаў з падзякай, калі мы запэўнілі яе, што не працерлі сукно яе мэблі, аж да дазволу маёй сястры скапіраваць пейзаж Мокатава, калі Вансовічава даведалася, што яна малюе. І дадала: "C'est une grande grace, que je vous fais" (фр. "Раблю для цябе гэту вялікую паслугу". - Л. Л.).
Досыць. Вяртаючыся дадому, мы адчувалі, як вырваліся з ціскоў, і візіт графіні ў адказ у наш гатэль праз некалькі дзён выглядаў, як знак ласкі ўнучкі апошняга караля да старой знаёмай".
У 1842 г. падчас знаходжання ў Гародна, Анетка Патоцкая намалявала свой кабінет у палацы Гародна. Прафесар Зыгмунт Батоўскі, які ў 1930-х гг. вывучаў гэты палац, занатаваў, што кафляная печ у кабінеце мела зялёны колер і герб Ляліва.
У другім шлюбе ў Ганны нарадзілася дачка Матыльда. Гэты шлюб быў значна шчаслівейшым, чым першы, але сужэнцам прыйшлося з'ехаць у эміграцыю: Вансовіч актыўна ўдзельнічаў у паўстанні 1831 г. З 1851 г. графіня Ганна Дунін-Вансовіч разам з мужам жыве ў Парыжы, і яе парыжскі салон лічыцца адным з самых бліскучых ў Другой французскай імперыі. Графіня цалкам аддалілася ад так званай Вялікай эміграцыі і яе знакамітага штаба - гатэля "Ламбер". Тым не менш яна працягвала цікавіцца палітыкай, чытала літаратурныя навіны і часта гуляла на біржы. Верагодна, апошні ўспамін пра графіню Вансовіч паходзіць з 1863 г.: "... Мяне ўразіў бляск яе вачэй, якія захавалі нешта ад яе маладосці" (гэты радок быў выкраслены з прадмовы да ўспамінаў Анеткі выдаўцом Казімірам Стрыенскім).
Апошняя графічная выява Ганны Патоцкай-Вансовіч - літаграфія жывапісца Фларыяна Ліпінскага (1812-1882), датавана 1836 г. і грунтуецца на малюнку мініяцюрыста і венскага партрэтыста Ёгана Непамука Эндэра (1793-1854). У рысах твару амаль што 60-ці гадовай жанчыны, апранутай у карункавы капот і захутанай ў муслінавы вэлюм, цяжка пазнаць маладую і жывую Анетку, увекавечаную на знакамітым партрэце Юзафа Грасі (1794) і ў мініяцюры Вінцэнта Лясэра, якая паўтарае гэты партрэт.
Памерла Ганна Патоцкая-Вансовіч у Парыжы 16 жніўня 1867 г. Сучаснікі высока ацанілі яе пачынанні. Юліюш Фалькоўскі пісаў: "Яна была выдатным знаўцам усіх галін мастацтва, яна была добрым мастаком і яшчэ лепшым архітэктарам і садоўнікам, і калі яна стала гаспадыняй вялізнага маёнтка, уласнаручна складала планы будаўніцтва і перабудовы сваіх дамоў. У яе быў выдатны густ ва ўсім, яе меркаванне аб рэчах ніколі не было запазычаным, але развітым у ёй і заўсёды праніклівым і дакладным".
У 1897 г., праз трыццаць гадоў пасля смерці Ганны Патоцкай-Вансовіч, у Парыжы былі апублікаваны яе ўспаміны8. У іх графіня Патоцкая (выдавец вывеў аўтарку пад прозвішчам, якое яна мела ў перыяд, апісаны ў мемуарах) распавядае пра Напалеона І і Аляксандра I, цікава апісвае імператрыцу Марыю-Луізу, маршала Мюрата, Паліну Баргезе, Талейрана, герцага Басано, вялікага князя Канстанціна, Навасільцава, князя Юзафа Панятоўскага, графіню Валеўскую і іншых. Хутка мемуары Ганны Патоцкай былі перакладзены на рускую мову9, пасля чаго неаднаразова перавыдаваліся. Як я ўжо пісаў вышэй, таксама пасмертна, у 1899 г. былі апублікаваны яе дарожныя запіскі пад назвай "Voyage en Italie" ("Падарожжа ў Італію").
Наступныя ўладальнікі Гародна
Патоцкія ў Гародна бывалі эпізадычна, і таму з-за недахопу гаспадарчага нагляду і надта паспешнай будоўлі сцены паступова пачалі нахіляцца і патрабавалі рамонту. Ад зруйнавання сядзібу выратаваў Маўрыцый Патоцкі, які загадаў адрамантаваць дом і ашаляваць сцены дошкай. Унутры былі праведзены самыя неабходныя кансервацыйныя работы, але ні дарагая шаўковая і атласная абіўка, ні пазалота, ні ляпніна не былі адноўлены. Гэта не ўпрыгожыла дом, але забяспечыла яму доўгае жыццё.
Міхал Шымялевіч пісаў: "Маю ў руках ... асобнік урадавага раскладу пабору 10 прац., ад даходу з польскіх маёнткаў Лідскага павета, ці, прасцей кажучы, кантрыбуцыі, накладзенай генерал-губернатарам Мураўёвым за 1863 г. З гэтага раскладу вынікае, што ... Гародна графа Патоцкага плаціла 3844 рублі ў год, для параўнання Гарадзенка Людвіка і Юзэфы Кабылінскіх - 1797 руб., Вялікае Мажэйкава Рафала Грабоўскага - 1346 руб. 75 кап., Шчучын князёў Любецкіх - 2491 руб., Жалудок Германцыі Урускай - 4809 руб.". Як бачым, у той час Патоцкія мелі другі па памерах маёнтак на Лідчыне. Заўважу, што ў 1896 г. прадзед маёй жонкі Марцін Хруль выплаціў у казну 2 рублі 90 капеек як падатак "з маёнткаў асобаў польскага паходжання" са свайго даходу ў памеры 42 рублі 70 капеек, які ён меў з 42 дзесяцінаў зямлі ў Воўкавічах і Ёдках10, а Маўрыцый (Аляксандравіч) з Маёнтка Гародна памерам у 14 783 1/2 дзесяціны з даходу ў 21 822,47 рублёў заплаціў 1483 рублі мураўёўскага падатку11, як бачым, памер падатку зменшыўся з 10% да 6% і не цяжка заўважыць, што да канца XIX ст. памеры маёнтка паменшылі недзе на 30%.
Кантрыбуцыю, як называлі гэты падатак, хутка пасля таго, як узышоў на пасад, адмяніў цар Мікалай ІІ, вось як гэта апісаў у сваіх успамінах Гіпаліт Корвін-Мілеўскі: "Мікалай ІІ наведаў Кіеў. Там, прыязджаючы ў нядзелю міма каталіцкага храма, ён убачыў вялікі натоўп вернікаў, якія маліліся на дварэ. Цар даведаўся, што ў Кіеве на некалькі дзясяткаў тысяч католікаў маецца толькі адзін касцёл, і загадаў пабудаваць другі за дзяржаўны кошт. Даведаўся таксама, што абшарнікі-католікі ўсё яшчэ плацяць кантрыбуцыю, накладзеную на іх трыццаць з лішкам гадоў таму пры Мураўёве. На ўрачыстым прыёме ён падышоў да пані Марыі Браніцкай з Белай Царквы і пасля некалькіх сказаных голасна слоў вітання, гучным шэптам спытаў: "Няхай графіня скажа мне, ці праўда, што польскія гаспадары яшчэ плацяць кантрыбуцыю, накладзеную ў 1863 годзе?". "Найяснейшы пане, за гэтыя апошнія гады я мусіла заплаціць больш за 50 000 рублёў". Пасля некалькіх іншых гучна сказаных слоў цар выйшаў з залы, а кантрыбуцыя была хутка скасавана".
Ва ўласных маёнтках такія багачы не жылі - праводзілі час у Варшаве ці за мяжой. Мелі давер да сваіх эканомаў, чыім абавязкам было выцісканне з двароў і адсылка ўладальнікам максімальных даходаў. Пан з візітам прыязджаў рэдка, заставаўся на некалькі дзён і зноў з'язджаў. Менавіта так і рабіў "знаны гуляка, уладальнік Гародна Аўгуст Патоцкі, які мог за адну ноч прайграць у карты свой найлепшы фальварак. Не дзіва, што яго маёмасць растала, як вясновы снег: першымі былі прададзеныя лясы, а сапраўдную каралеўскую рэзідэнцыю за малыя грошы купіў рускі генерал Асатураў", - пісаў сусед Патоцкага Тадэвуш Іваноўскі.
Мастак-баталіст Ян Багуміл Розен (1854-1936) у сваіх мемуарах піша пра паездку ў 1882 г. "да Аўгуста Патоцкага" і наведванне Гародна12:
"Маё грамадскае жыццё звязала мяне з Аўгустам Патоцкім, якога варшавяне ўсіх слаёў насельніцтва называлі "Гуцам". Малады арыстакрат быў агульна папулярны з-за свайго прамяністага нораву і лёгкасці кантактаў з людзьмі, такую папулярнасць надае ўпэўненасць у тым, што ніякая, нават самая сціплая кампанія, не прыносіць яму ганьбы. Быў ён гуляка вялікага стылю і гранд-сеньёр з ног да галавы, добра разумеў і цаніў мастацтва. Я быў у яго ў Варшаве і пазнаёміўся з яго маці.
<...>
Мне стала душна ў соннай Варшаве, і ўва мне зноў пачала пульсаваць тая жылка вандроўніка, якая шмат гадоў парушала штодзённы рытм майго жыцця.
На гэты раз я не паехаў далёка, але з ахвотай прыняў прапанову Аўгуста Патоцкага наведаць яго літоўскія маёнткі. Гэта былі землі маёнтка Гародна, якія дасталіся Патоцкім ад Тышкевічаў.
У Гародна мы ехалі праз Ліду. Я з асалодай пагрузіўся ў "пушч літоўскіх змрочныя абшары" 13 і неўзабаве сталіца з яе мітуснёй, пакутамі і забавамі адышла ў маёй душы, нібы незлічоныя прастора і час аддзялілі іх ад мяне.
Вонкавы выгляд старой рэзідэнцыі Тышкевічаў не ўяўляў з сябе нічога асаблівага, калі наогул можна назваць рэзідэнцый вялізны сядзібны дом з лістоўніцы, які аднак сам па сябе, з-за свайго плану і матэрыялу, з'яўляецца арыгінальным помнікам. Яго акружаў парк выкананы па строгім вярсальскім узоры. Уся мясцовая культура, мешаніна польскай традыцыі і французскай культуры, выражалася ў тыповым ганку на слупах, які глядзеў на французскую лінію стрыжаных дрэў у парку. Канешне, у парку драмалі ставы, дзе мусілі, ладзіцца "жабіныя канцэрты"... Усё было грандыёзным, вялікім, пакрытым павуціннем мінулага. А што знутры! Не зрушылі ніводнай мэблі, у параднай зале яшчэ стаяў трон, на якім сядзеў кароль Стась, калі ён некалі гасцяваў у гарадзенскага пана (насамрэч, кароль так і не наведаў Гародна - Л. Л.).
Мэбля і цудоўныя жырандолі ў стылі Людовіка XVI адпавядалі карцінам, некаторыя з якіх былі бясцэннымі, напрыклад, копія "Шакаладніцы" жэнеўскага мастака Ліятара14 , якая адрознівалася ад арыгінала толькі колерам сукенкі шакаладніцы, арыгінал карціны зараз - уласнасць Дрэзданскай галерэі.
Мне здавалася, што ў гэтым зацвярдзелым аскепку шляхецкай мінуўшчыны знайду і іншыя цікавыя разынкі і артэфакты. Са згоды майго ласкавага гаспадара я пайшоў шукаць на гарышчы.
Гарышча было, як і ўсе гарышчы, пыльнае, цёмнае і вялізнае. Не мог сам сабе паверыць, што ў запале мастацкай цікаўнасці я не шукаў нейкія асаблівыя рэчы... Старыя таямніцы? Рэшткі мэблі, зброі? Схаваныя прывіды, якія ўсё яшчэ цікуюць за мной у цемры? Маўклівыя цені?
Я наткнуўся на вялізны скрутак, які аказаўся добра захаваным дываном д'Абюсон15, знайшоў набор духавых інструментаў аркестра гетмана Тышкевіча і два старыя капелюшы самога гетмана ці некага з яго прыдворных. Капелюшы сталі здабыткам даследчыка...
На наступны дзень я выбраўся ў далейшыя пошукі і даследаванні і пачаў з спарахнелай цаглянай капліцы, якая стаіць побач з палацам. Перш за ўсё звярнуў увагу на прыгожую разьбяны драўляны амбон. Я зайшоў на яго і адразу праваліўся, як і належыць грэшнаму і цікаўнаму жывапісцу. Лежачы на падлозе зразумеў, што ніводная мая костка не зламаная. Тады неяк выйшаў на двор, паглядзеў прама ўніз і зрабіў новае адкрыццё. Ля падножжа капліцы, проста над зямлёй, мне бадзёра падміргвалі акенцы. Але жалезныя дзверы, зачыненыя на чатыры засаўкі, абаранялі доступ у падзямелле. Адміністратар гарадзенскай рэзідэнцыі пан Янушкевіч, пакліканы сюды па маёй просьбе, кляўся, што на яго памяці ніхто не адчыняў дзвярэй... шляхетны стары меў ужо больш за восемдзесят гадоў. Ён, як мог, бараніўся ад маёй настойлівасці, але ўрэшце саступіў. Прывялі каваля, які з цяжкасцю адсунуў рыгелі. Мяне калаціла ад чакання! Нашы вочы ўбачылі сухую светлую піўніцу, высыпаную белым пяском. Каля сцяны стаяў шэраг пустых (на жаль!) бочак і ў адной з іх была стагадовая старка. Толькі гэта дасягненне было вартае каб зайсці сюды! Бочку ў годнай кампаніі з "Шакаладніцай" і дываном д'Абюсон даставілі ў Варшаву. Знайшлі яшчэ там з тузін бутэлек шампанскага. Мы кінуліся каштаваць яго, але былі расчараваныя, віно выветрылася ў нішто, гэта была проста газаваная вада.
Адпачыўшы ў Гародна, мы адправіліся ў аб'езд маёнтка. Падарожжа доўжылася каля шасці дзён. Гэта была непаўторная, поўная візуальных уражанняў вандроўка па лясістым, цудоўным краі, па дарогах, ад якіх сучаснаму аўтамабілісту стала б страшна. Арандатары жылі ў вялізных фальварках, цікавыя тыпажы літоўскіх засценкаў, некаторыя нібы проста выйшлі з "Пана Тадэвуша" - сардэчныя, простыя і гасцінныя! Як яны віталі дзедзіча! Якія прысмакі з'яўляліся на сталах! Якія вяндліны і выпечкі, якія мёды і наліўкі, якія кансервы (гэта тое, што сёння назвалі бы "закаткамі" - Л. Л.) і канфіцюры! Наетыя і напітыя, расчуленыя гасціннасцю, мы, стомленыя і вельмі задаволеныя, працягвалі трэсціся па выбоістых літоўскіх дарогах, захопленыя прыгажосцю краявідаў і гасціннасцю людзей. Праз два тыдні гэтага цудоўнага адпачынку я вярнуўся ў Варшаву і пачаў марыць пра новае падарожжа сюды".
Напрыканцы ХІХ ст. Аўгуст Патоцкі прадаў Гародна генералу Асатураву, ад якога маёнтак перайшоў да графа Ігнаццева, ад яго - да генерала Кандратовіча. Перад Першай сусветнай вайной, пасля пераводу ў Варшаўскую акругу, сям'я генерала Кіпрыяна Кандратовіча купіла маёнтак Гародна (500 га зямлі і лес) у Лідскім павеце, дзе Кандратовіч жыў разам з дачкой Верай і жонкай Адай.
У 1930 г. Кандратовічам таксама належаў маёнтак Зданаўцы (ці Здановічы) каля Ражанкі. Потым гэты маёнтак быў прададзены Юльяну Шчуку.
Сядзібны ансамбль
Сядзібны ансамбль у Гародна стваралі тры суседнія будынкі: жылы палац, афіцына, якая стаяла насупраць, і мураваная капліца з правага боку.
Палац. Цэнтр кампазіцыі - драўляны, на высокім мураваным цокалі, двухпавярховы прамавугольны палац у стылі класіцызму (1780 г., архітэктар Ш. Цуг). Выцягнуты у прамавугольным плане палац меў два паверхі: нізкі першы, з адносна вялікімі квадратнымі вокнамі, у якім, акрамя гаспадарчых памяшканняў, знаходзіліся таксама некаторыя жылыя памяшканні, і высокага другога паверха з анфіладай жылых пакояў і пакояў гаспадароў. Фасады дома ў апошнія дзесяцігоддзі яго існавання ашалявалі дошкай, якая імітавала рустыку, гэта надавала будынку выгляд цаглянага.
(Працяг у наступным нумары.)
6 Аляксандра Заёнчак з Пярнетаў, жонка намесніка.
7 На "чацвярговых абедах" караля з найбліжэйшымі паплечнікамі - сапраўднай інтэлектуальнай элітай таго часу, падданым падаваўся прыклад ашчаднасці і цвярозасці. - Л. Л.
8 Memoires de la comtesse Potocka (1794-1820), publies par Casimir Strienski. Paris. 1897.
9 Гл: Мемуары графини Потоцкой // Исторический вестник, № 4. 1897.
10 Виленские губернские ведомости. 1896. № 53.
11 Виленские губернские ведомости. 1896. № 51.
12 Jan Rosen. Wspomnienia 1860-1925. Warszawa,1933. S. 84-85; 89-91.
13 Радок з 4-й кнігі "Пна Тадэвуш" Адама Міцкеіча, пераклад Пятра Бітэля.
14 Жан-Эцьен Ліятар (Jean-Еtienne Liotard; 1702-1789) - швейцарскі мастак, майстар пастэлі, адзін з галоўных прадстаўнікоў арыенталізму ў заходнееўрапейскім мастацтве XVIII ст.. Маецца на ўвазе рэпліка знакамітай яго карціны "Шакаладніца" (1744 г., пастэль, зараз знаходзіцца ў Галерэі старых майстроў, Дрэздан).
15 П'ер д'Абюсан (1423-1503) - вялікі магістр ордэна янітаў (шпітальераў), кардынал Францыі. З яго імем звязана гісторыя габеленаў "Дама з аднарогам" з прыёрства Бурганёф, дзе ён быў пробашчам. Са старых часоў у г. Абюсон працавала фабрыка як насценных габеленаў, гэтак і дываноў. Фабрыка працавала да 1870 г.
XXXII абласны адкрыты конкурс імя К. Горскага, г. Ліда
З 1 па 3 красавіка ў Лідзе праходзіў XXXII Абласны адкрыты конкурс імя К. Горскага.
З гонарам паведамляем, што выхаванцы Дзітвянскай дзіцячай музычнай школы мастацтваў годна прадставілі школу і заваявалі прызавыя месцы:
Аляксандра Агурцова - Дыплом Лаўрэата III ступені;
Анастасія Крыпец - Дыплом Лаўрэата II ступені.
Ганаровай граматай за высокае педагагічнае майстэрства ўзнагароджана Алена Казіміраўна Дукі - настаўнік, чые веды, цярпенне і адданасць прафесіі дапамагаюць юным талентам раскрываць свой патэнцыял і скараць конкурсныя вяршыні.
ДУА "Першамайская ДМШМ" таксама віншуе пераможцаў!
Марыя Тыранава - Лаўрэат ІІІ ступені. Настаўнік Дукі Марыя Чаславаўна і канцэрт-майстар Аляксандрава Дар'я Сяргееўна ўзнагароджаны граматамі!
Юры Пашнік - Дыпламант І ступені. Настаўнік Ягелавічэне Ірына Віктараўна
Жадаем новых творчых знаходак, натхнення, прафесійных поспехаў, новых перамог і дасягненняў!
ТК "Культура Лідчыны".
Герб горада Ліды, наданы 17 верасня 1590 г.
