Наша слова.pdf № 15 (224), 15 красавіка 2026.
Святло Вялікадня ў кожнай працы:
сустрэча ў Мажэйкаўскім клубе-бібліятэцы
11 красавіка Мажэйкаўскі клуб-бібліятэка напоўніўся асаблівай атмасферай творчасці і душэўнага цяпла. Тут прайшло сумеснае пасяджэнне адразу трох аматарскіх аб'яднанняў: "Універсітэты хрысціянскай маральнасці", "Смак маёй кухні" і "Нам гады без бяды".
Удзельнікі розных пакаленняў сабраліся разам, каб загадзя падрыхтавацца да галоўнага хрысціянскага свята. У праграме сустрэчы было шмат цікавага: вучыліся майстэрству роспісу велікодных яек воскам - старажытнаму мастацтву, якое патрабуе цярпення і натхнення.
Удзельнікі дзяліліся вопытам вязання святочных вербачак, якія стануць сапраўдным упрыгожваннем дома.
Асаблівым падарункам стаў выступ дзяцей. Юныя ўдзельнікі падрыхтавалі кранальны літаратурны мантаж, прысвечаны Вялікадню, нагадаўшы ўсім прысутным пра глыбокі сэнс гэтага Вялікага свята.
Такія сустрэчы не толькі захоўваюць нашы традыцыі, але і аб'ядноўваюць сэрцы!
ТК "Культура Лідчыны".
70 гадоў з дня нараджэння Пятра Маляўкі
Пётр Іванавіч Маляўка - душэўна-шчодры педагог, справядлівы і верны калега, мудры сем'янін, надзейны сябар
Сонечным летнім нядзельным ранкам, 29 ліпеня 2018 года, на 63-м годзе жыцця пакінуў свет непадробнай духоўнай чысціні наш калега - літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук Пётр Іванавіч Маляўка. Ён быў сапраўдным ва ўсім: душэўна-шчодры педагог, справядлівы і верны калега, мудры сем'янін, надзейны сябра. Пра такіх кажуць: Чалавек з вялікай літары, пацалаваны Богам. І хоць прозвішча Пятра Іванавіча не вызначалася асаблівай высотнасцю, душу ягоную трымаў магутны Дух Дабрыні і Чалавечнасці. Пётр Іванавіч быў вялікім жыццялюбам: любіў жыццё як найбольшы Божы дарунак і адорваў бліз сябе непераўзыдзенай святасцю і светласцю - людскасцю. Зрэшты, заўсёдным гаваркім выразам і было ягонае "трэба па-людску…". Такое свойскае, зямное, багавейнае.
Так, зямля бацькоў, наваградская зямля, шчодра ўдыхнула гэтае сакральнае права быць чалавекам на зямлі. Зямны круг жыцця Пятра Іванавіча замкнуўся тут, на малой радзіме. Паспеў падзяліць радасць святкавання вёскі з землякамі, з тым, да чаго гарнулася душа - да хатняга і радзіннага; паспеў развітацца з бацькоўскай магілкай… Не паспеў развітацца з намі, хто яго любіў, паважаў, даражыў.
Дацэнт кафедры беларускай філалогіі Пётр Іванавіч Маляўка нарадзіўся 16.04.1956 у вёсцы Каменка Наваградскага раёна. Закончыў філалагічны факультэт БДУ, працаваў настаўнікам-філолагам у Зэльвенскім раёне Гарадзенскай вобласці. 1979-1982 гг. - вучоба ў аспірантуры Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН Беларусі. З 1982 года - асістэнт кафедры беларускай літаратуры Гарадзенскага дзяржуніверсітэта. У 1984-1985 гг. працаваў намеснікам дэкана філалагічнага факультэта. Кандыдат філалагічных навук (1985), тэматыка навуковых публікацый - праблемы развіцця сучаснай беларускай драматургіі. Нельга абысці ўвагай і важкі ўнёсак калегі ў выкладанні і папулярызацыі беларускай дзіцячай літаратуры. Нястомны працаўнік-рупліўца, Пётр Іванавіч Маляўка ахвяраваў кафедры беларускай літаратуры 35 плённых гадоў (1982-2017) свайго шматфарбнага, хуткаплыннага жыцця. Праз усё жыццё ён запомніўся чалавекам абаяльным і інтэлігентным, сціплым і высакародным. Пётр Іванавіч быў сапраўдным патрыётам з небаўзлётнай верай у людское паразуменне, суладдзе васількоў у жыце і святасць беларускага слова.
Шчаслівымі былі тыя студэнты, якім выкладаў Пётр Іванавіч. Як вопытны, граматны філолаг ён так шыкоўна распавядаў пра літаратурны дзівосны свет у самых розных тонах і паўтонах, з лірычнаўзнёслымі іскрынкамі і камедыйнымі адмецінкамі - дзівацтвамі і "вар'яцінкамі". Вобразна, паэтычна-грацыёзна, запамінальна. Прызнаем: як нікога з нас, сённяшніх філолагаў, яго асабліва любілі студэнты. Любілі, бо на занятках вучыліся жыць, пазнаваць жыццё ў яго розных праявах. Любілі за няпісаныя хрысціянскія прынцыпы міласэрнасці і гуманнасці, за цудатворнае ўменне свайго педагога бачыць і чуць людскае, верыць у чалавека - так неабходныя ў вірлівай мітусні жыцця. Як той дудараўскі герой Мульцік, Пётр Іванавіч нагадваў "сонцапаклонніка", які спавядальна размаўляў з Сонцам, каб сагрэць на зямлі душы людскія. Думаецца, зусім невыпадкова з нас, літаратараў, менавіта яму было даручана выкладаць самую далікатную дысцыпліну - дзіцячую літаратуру, якая не даруе ні каліва прытворства і якая патрабуе прылучыцца да светлай дзіцячай наіўнасці і непасрэднасці. Якая вучыць дзяліцца словам, вучыць змалку любіць усё жывое, шанаваць бацькоў і дом - сваю маленькую радзіму. Ён любіў саму плоць слова, цешыўся-гуляў з найдалікатнейшымі яго гранямі, наталяўся яго гучаннем і сэнсам. Усё гэта, безумоўна, з вялікім імпэтам перадаваў маладому пакаленню.
Пётр Іванавіч быў душой калектыву: усюды сваім. Жыццярадасны, з зайздросным пазітывам, ён часта выступаў на студэнцкіх і школьных канферэнцыях, калядных імправізацыях, святочных імпрэзах… У кожнае святкаванне Дня мовы, Дня паэзіі, жаночага свята калега адорваў аўдыторыю сваімі вершамі, народнымі песнямі, уласнымі віншаванкамі. Ён не толькі ўзбуджаў красамоўным слоўцам удзячных слухачоў, а менавіта абуджаў у філолагаў прагу шукаць красу і светласць - мастацкія, жыццёвыя. Нядаўна патрапіў на вочы ўласнаручна перапісаны Пятром Іванавічам верш С. Валодзькі "Суніцы для Багдановіча". Круглыя літаркі, правільная каліграфія, разборлівы ўборысты почырк. Як тыя вышытыя зоркі-суніцы, толькі на белым аркушы паперы… Помніцца, як замірала зала, калі так пачуццёва, кранальна-шчыра чытаў гэты верш Пётр Іванавіч са сцэны юбілейнага вечара, прысвечанага Максіму Багдановічу. Балесна ўспрымаць сёння першыя і апошнія радкі, прачула агучаныя няпоўныя два гады таму нашым калегам. Радкі, ім самім жа абраныя:
Максім перад тым, як пакінуць свет гэты,
Прынесці суніц папрасіў для паэта…
Не раз яшчэ ў клопаце вечным аб хлебе
Убачым: суніцы рассыпаны ў небе…
Знакава і таямніча. Сунічным водарам наліваўся той летні ранак, зубчаты край лесу, калі перастала біцца хворае, збалелае сэрца калегі. Ягоным дбайным клопатам быў хлеб духоўны (пра чалавечнае і вечнае), які ў кмене зорак можа зараз толькі сніцца. Зрэшты, Пётр Іванавіч неўтаймоўна згадваў, спадзеўна маліўся і на сваю "зорачку ў небе".
Кніга жыцця загарнула пражытыя старонкі і пакінула ПАМЯЦЬ - пра Ягоную незвычайную галантнасць, пранікліваўдумлівы позірк, сонечную ўсмешку… А яшчэ ў памяці калег, студэнтаў, сяброў будуць доўга гучаць напісаныя з крамяным слоўцам вершы, заспяваныя ім з такой пекнай мілатой песні. Помніцца маўклівая цішыня і прасветленыя тварыкі нашых дзяўчат-філолагаў, як у зачараваным царстве, калі Пётр Іванавіч выконваў народную песню "Погляд дзявочы". Высакародна-пашанліва ліліся радкі на матчынай мове: "Месяц на небе ўночы, // Мы паміж соснамі крочым. // Погляд дзявочы, погляд дзявочы - // Просты і дарагі… // Погляд дзявочы, погляд дзявочы - // Мілы і дарагі…".
Бездакорна і тое, што Пётр Іванавіч ведаў: жыць на свеце трэба, каб да апошніх дзён любіць Людзей, Зямлю і Неба. Таму мелодыя Ягонай любові да жыцця, да роднага райскага кутка, да бліжняга будзе заўсёды гучаць гожым і годным акордам:
Спыніся на момант, прыслухайся толькі:
У родну старонку ляцяць журавы,
Курлычуць над лесам,
Над полем знаёмым.
Вясны прывітанне нясуць з далячынь!
Іх клін пралятае над роднаю вёскай,
Упэўнена клінам кіруе важак.
Якая іх сіла імкне?!
Заклікае?!
Якая іх сіла вяртае назад?!
Іх клічуць прасторы палескае пушчы,
Азёраў блакіт і зялёны мурог.
Ім шлях асвятляюць
У ноч цёмну зоры,
Іх кліча спрадвеку Бацькоўскі Парог!
Светлая памяць пра Педагога, Настаўніка, Дарадцу. Хай будзе неспатольная душа ягоная пад міласэрнай апекаю Усявышняга, каб сагрэць нашы ўспаміны ласкавым словам. Хай сэрца лагоднее ад суцяшэння, што долі інакшай не трэба зямной…
Аліна САБУЦЬ, дацэнт кафедры беларускай філалогіі.
"Карчма Кумпяк" на вышыні
Менск, Гародня, Берасце… і Ліда. У нас ізноў ёсць нагода для гонару. Лідская "Карчма Кумпяк" увайшла ў ТОП-50 лепшых рэстаранаў Беларусі па версіі аўтарытэтнай прэміі WHERETOEAT Belarus 2026.
Установа, размешчаная на тэрыторыі Лідскага замка, стала адзіным прадстаўніком рэгіянальных гарадоў у гэтым прэстыжным рэйтынгу, за выключэннем абласных.
ТК "Культура Лідчыны".
Насустрач ХІІІ Лідскім чытанням
16 красавіка ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы пройдуць ХІІІ Лідскія чытанні на тэму "Адметнасці прыроды Лідскага краю".
Адзін з дакладаў будзе прысвечаны асобе Станіслава Баніфацыя Юндзіла, славутага ўраджэнца Лідскага павета, прафесара біялогіі Віленскага ўніверсітэта, правадніка ідэй "новай батанікі" ў Вялікім Княстве Літоўскім, аўтара кніг пра флору Беларусі, напісаных паводле сістэмы Лінея.
Выдатны лідскі пісьменнік і краязнавец Леанід Лаўрэш пераклаў пачатак кнігі прафесара "Успаміны майго жыцця", дзе адлюстраваны маладыя гады будучага навукоўца, раскрываюцца асаблівасці тагчаснай сістэмы адукацыі і пачатак шляху ў навуку найвялікшага батаніка Беларусі 18-га стагоддзя.
З кнігі знакамітага прафесара біялогііі Станіслава Юндзіла: "Успаміны майго жыцця"
Я нарадзіўся 6 траўня 1761 года ў Лідскім павеце, у Ясенцах, у бедным дзедзічным маёнтку майго бацькі, Бенедыкта Дуніна- Юндзіла. Я быў старэйшым сынам Ружы Даўгятлоўны, другой жонкі майго бацькі. Ад першага шлюбу з Квяткевічоўнай ён меў сыноў Шымона, Міхала і дачку Марцыяну, якая выйшла замуж за Насевіча. Мой малодшы брат Юзаф, памёр у дзяцінстве. Праз чатыры ці пяць гадоў пасля майго нараджэння я страціў маці, і мой бацька ажаніўся з Мартай Сангіноўнай, якая, пад разважлівым бацькоўскім наглядам, не стала ля мяне мачыхай.
Беднасць маёнтка майго бацькі (Такім чынам, Юндзіл не паходзіў з багатай сям'і, як пісаў Юзаф Бялінскі ў кнізе: Uniwersytet wilenski. T. III. S. 205.) не дазволіла яму даць двум маім старэйшым братам належную адукацыю ў школах. Таму пазней, працай і намаганнямі, а таксама невялікім пасагам маёй маці, некалькі павялічыўшы сваё багацце, бацька больш клапаціўся пра маё выхаванне. На шостым ці сёмым годзе я пачаў вучыцца чытаць, пісаць і лічыць, а потым, праз настаўнікаў, якіх прывезлі ў маёнтак, пачаў вывучаць лацінскую граматыку па падручніку Альвара і чытаць у старых паперах старарускія (стабеларускія - Л. Л.) рукапісы1. Калі ўжо крыху вывучыў лацінскую граматыку і меў ужо пэўны прагрэс у пісьме, бацьку здавалася, што адпраўка мяне з дому палегчыць маё далейшае выхаванне, а магчымасць практыкавацца ў эканамічных разліках і юрыдычных пытаннях забяспечыць маю будучыню.
Таму ў красавіку 1773 года ён перадаў мяне Казіміру Даўгялу, паўнамоцнаму камісару літоўскага стражніка Пацея, у Алькеніках. Даўгяла, хоць і меў адно прозвішча з маёй маці, не быў маім сваяком. Але з-за фінансавых даўгоў перад маім бацькам ён абяцаў арганізаваць для мяне вывучэнне вышэйзгаданых прадметаў. Гэта навучанне было нядоўгім - літоўскі стражнік Пацей памёр у тым жа годзе, мой настаўнік пакінуў службу, і восенню я вярнуўся дадому. Бацька не дазваляў мне доўга адпачываць дома. Увесь час прасіў мяне заняцца чымсьці карысным і хутка прыдумаў для мяне новую працу. У той час было прынята, каб чопавы падатак2 у павеце збіралі адмысловыя асобы, якіх называлі контрагенты. Блізкі сусед, Ежы Хмялеўскі, атрымаў гэтую малавыгадную пасаду, і, паколькі ён сам не ўмеў пісаць, па просьбе бацькі ўзяў мяне памочнікам. Такім чынам, падарожнічаўшы амаль два месяцы з карчмы ў карчму, з мястэчка ў мястэчка, я змог убачыць увесь Лідскі павет уздоўж і ўпоперак і прывезці дадому некалькі заробку.
У 1774 годзе мой добры бацька, лічачы мае першыя юнацкія гады амаль дарэмна змарнаванымі і бачачы маё пастаяннае жаданне вучыцца, нарэшце, падштурхнуты маімі паўторнымі просьбамі, ахвяраваў сваімі старанна сабранымі грошамі і вырашыў ва ўзросце чатырнаццаць гадоў запісаць мяне ў школу піяраў у Лідзе. З самага пачатку майго знаходжання ў школе я заўважыў, наколькі карыснымі грунтоўнымі былі пачаткі лацінскай граматыкі, якія я атрымаў ад сваіх хатніх настаўнікаў. Я не толькі апынуўся на роўні амаль з усімі сваімі аднакласнікамі ў першым класе, але нават лёгка пераўзышоў многіх, так што адразу пасля першага года мяне перавялі ў другі клас, а ў наступным годзе я таксама прасунуўся, і лёгка быў пераведзены ў трэці клас (у кожным класе вучыліся па два гады - Л. Л.). Такім чынам, пасля першых двух гадоў я перастаў быць цяжарам для майго бацькі, бо дзякуючы маім поспехам у вучобе і належнаму выкананню ўсіх абавязкаў, школьныя ўлады не толькі вызвалілі мяне ад утрымання наглядчыка нада мной, але праз некалькі месяцаў, нягледзячы на маладосць, я сам стаў хатнім наглядчыкам за іншым вучнем.
1777 год стаў больш важным і вырашальным у маім жыцці. У гэтым годзе, разважаючы, які далейшы і больш пэўны жыццёвы шлях я павінен абраць, без чыіх-небудзь угавораў, падыходаў ці парадаў, памятаючы толькі пра выпадковыя прапановы майго бацькі шукаць сваю будучыню ў святарстве, яшчэ не маючы шаснаццаці гадоў, у красавіку я заявіў айцу Вольнеру, рэктару піяраў у Лідзе, што маю жаданне далучыцца да іх ордэна. Наколькі я памятаю, рэктар з разуменнем прыняў маю заяву і хутка пасля гэтага, развітаўшыся з бацькам і сям'ёй, я адправіўся ў Шчучын, а адтуль неўзабаве, каб пачаць свой навіцыят, у Любяшаў. У тым жа годзе, у пачатку ліпеня, я апрануў манаскі строй піяраў.
Статут гэтай Кангрэгацыі прадугледжваў два гады навіцыяту, на працягу якіх я меў час падумаць, ці працягваць гэтую справу, ці адмовіцца ад яе. Я меў права вывучаць свае схільнасці …
Пераклад Леаніда Лаўрэша.
1 У Юндзіла: " … przez sprowadzonych do domu nauczycie low grammatyki łacińskiej Alwara i czytania na starych papierach ruskiego skoropisu ". З чаго бачна, што каля 1770-га года, маладога шляхціца вучылі старабеларускай мове нароўне з лацінай, якая тады была мовай навукі і адукацыі, і раней за полькую мову. - Л. Л.
2 Чопавы падатак - падатак з усякага роду напояў як замежных, так і мясцовых. У каралеўскіх гарадах (Ліда - каралеўскі горад) захоўваўся да канца XVIII ст. і перавышаў ўсе астатнія падаткі разам узятыя. - Л. Л.
БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Станіслаў Суднік
Колеры, афарбоўкі і масці ў Лідзе і ў астатняй Беларусі
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Афарбоўкі і масці жывёлаў
Пароды сабак
Велер
Не прызнаны МКФ, Германія
Вельш-коргі
1 - Сабакі-пастухі і быдлагонныя сабакі, акрамя швейцарскіх быдлагонных сабак, Вялікабрытанія
Вельш-коргі пемброк
Сабакі-пастухі і быдлагонныя сабакі, акрамя швейцарскіх быдлагонных сабак, Вялікабрытанія
Вельш-спрынгер-спаніель
8 - Рэтрыверы, спаніелі і вадзяныя сабакі, Вялікабрытанія
Вельштэр'ер
3 - Тэр'еры, Вялікабрытанія
Вест кантры хар'ер (Самерсет хар'ер)
6 - Ганчакі і сваяцкія породы, Вялікабрытанія
Вест-хайленд-уайт-тэр'ер
3 - Тэр'еры, Вялікабрытанія (Шатландыя)
Вестфальскі таксападобны ганчак
6 - Ганчакі і сваяцкія пароды, Германія
Вестфальскі тэр'ер
Не прызнаны МКФ, Германія
Ватерхун
8 - Рэтрыверы, спаніелі і вадзяныя сабакі, Нідэрланды
Воўчы сабака Сарласа
1 - Сабакі-пастухі і быдлагонныя сабакі, акрамя швейцарскіх быдлагонных сабак, Нідэрланды
Вялікі англа-французскі бела-чорны ганчак
6 - Ганчакі і сваяцкія пароды, Францыя
Вялікі англа-французскі рыжа-пегі ганчак
6 - Ганчакі і сваяцкія пароды, Францыя
Вялікі англа-французскі трохколерны ганчак
6 - Ганчакі і сваяцкія пароды, Францыя
Вялікі вандэйскі басет-грыфон
6 - Ганчакі і сваяцкія пароды, Францыя
Вялікі вандэйскі грыфон
6 - Ганчакі і сваяцкія пароды, Францыя
Вялікі мюнстэрлендар
7 - Выжлы, Германія
Вялікі французскі брак
7 - Выжлы, Францыя
Вянгерская выжла
7 - Выжлы, Венгрыя
Вянгерскі сабака-пастух (мудзі)
1 - Сабакі-пастухі і быдлагонныя сабакі, акрамя швейцарскіх быдлагонных сабак, Венгрыя
Вянгерскі хорт
10 - Харты, Венгрыя
(Працяг у наступным нумары.)
Згукі Дня беларускага пісьменства ў Лідзе
У ЦЯНІ ЗАМКА ГЕДЫМІНА
Успаміны дзяцінства*
Я. Ярмант
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Замест успышкі раздражнення, гучнага абурэння, я замыкалася ў сабе, мае вусны аўтаматычна зачыняліся, і звычайна патрабавалася шмат часу, каб яны адкрыліся зноў. Можна вызначыць досыць дакладным чынам, што я "была ўражлівая". Гэтая рыса характару мне шмат папсавала крыві, калі я працавала ў бюро і знаходзілася ў адным памяшканні з аднымі і тымі ж людзьмі, а менавіта з жанчынамі па 7-8 гадзін штодня. Гэта было для мяне сапраўднай пакутай.
Як ні дзіўна, праблемы такога роду не ўзнікалі ў нашай сям'і сярод сангвінікаў і флягматыкаў! Усе, як быццам, саступалі мне. Так яшчэ раз пацвярджалася тэорыя, што "на ўсё ёсць спосаб, толькі трэба яго ведаць". Нават меланхолік можа добра сябе адчуваць у спрыяльных умовах, гэта значыць, калі не апынецца ў кампаніі іншага меланхоліка, ці таксама халерыка, які рэзка рэагуе і па ўражлівасці не саступае меланхоліку. Так я тлумачу мае добрыя адносіны з чальцамі сям'і. Усё залежыць ад індывідуальнасці чалавека, ці выпадковых спалучэнняў рыс яго характару і тэмпераменту. Мне здаецца, што да поўнага поспеху ў сумесным жыцці вядзе адзінства інтарэсаў і светапоглядаў, і таксама наяўнасць хоць бы аднаго флегматыка ў якасці каталізатара! Нажаль, прырода несправядлівая ў сваіх дарунках людзям і не клапоціцца пра гэта! Яна шчодрая толькі да нешматлікіх. У майго швагра, напрыклад, цяжка знайсці які-небудзь недахоп ці недасканаласць характару. З іншага боку, я пераканана, што не існуе людзей ідэальных ці дасканалых ва ўсіх адносінах. Ва ўсякім разе з пункту гледжання пабочных. Кожнаму чалавеку можна што-небудзь абавязаць у віну. Але такія прэтэнзіі шкодзяць сумеснаму жыццю толькі ў выпадку частаты іх праявы іншымі словамі ў залежнасці ад таго, якой сферы яны датычацца - важнай ці меней істотнай.
Для пацверджання сваёй тэорыі недасканаласці чалавечай прыроды я і ў свайго швагра заўважыла адпаведны недахоп. Гэта быў недахоп аналітычнасці, асабліва ў ацэнцы псіхалогіі людзей і ўменні творча думаць. Даволі часта я назірала ў яго хібную інтэрпрэтацыю матываў учынкаў іншых людзей. Зрэшты, гэтую з'яву я назірала ў большасці мужчын. Жанчыны, наадварот выяўлялі вялікую здольнасць да разумення чужых думак і адчуванняў.
Скарыстаюся прыкладам, які як найлепш ілюструе мае развагі. Аднойчы, ужо пасля вайны, пайшлі мы ў кіно: швагер, яго бацька, які прыехаў наведаць яго з Любліна і я. Фільм быў псіхалагічны. Багатая амерыканка, прыехала ў Італію з мэтай эксгумацыі парэшткаў свайго мужа. Аднак пасля наведвання могілак і выпадковага высвятлення падрабязнасцяў яго жыцця ў Італіі змяніла рашэнне. Яна дазналася, што ў яе мужа быў раман з маладой італьянкай, якая кахала яго і падтрымлівала ў цяжкі ваенны час, і што ад гэтага саюзу нарадзіўся сын, для якога магіла яго бацькі з'яўляецца святыняй. Жонка адмаўляецца ад эксгумацыі.
Выйшаўшы з кінатэатра пан Гульпоўскі з задавальненнем заявіў, што адмова ад эксгумацыі была актам помсты з боку ашуканай жонкі. Для мяне ж было зусім відавочным, што яго жонка не толькі прабачыла яму здраду, а кіруючыся высакароднымі памкненнямі, прынесла ахвяру на карысць сына свайго мужа. Мяне здзівіла гэта хібная, па маім меркаванні, інтэрпрэтацыя панам Гульпоўскім матываў учынку той жанчыны.
З усяго гэтага я зрабіла выснову, што нават самыя інтэлігентныя і адукаваныя людзі могуць здзяйсняць дзіўныя памылкі! Не існуе дасканалага розуму.
Вяртаюся да той летняй пасляабедзеннай пары, калі сястра ўвайшла ў пакой са сваім будучым мужам. Я была, як звычайна, занята музыцыраваннем. Сястра адразу ж знікла ў глыбіні хаты, а малады чалавек вольна падышоў да мяне і, падаючы руку, вельмі выразна назваў сваё прозвішча. Такое ж прозвішча насіла Дануся, класная сяброўка сястры. Мне хацелася спытаць, ці не брат ён ёй, але перашкодзіла мая сарамлівасць.
Што да знешнасці нечаканага госця, то ён быў самым дасканалым маладым чалавекам з тых, каго я сустракала. Высокі, добра складзены, цёмны шатэн з правільнымі рысамі твару. Таксама выдатная была грыва хвалістых валасоў і смуглая скура. Ён быў вельмі падобны на сваю сястру Дану.
З таго дня я часта яго бачыла. Ён сядзеў з маёй сястрой на канапе з левага боку ад мяне і трохі ззаду, калі я грала на раялі, і вёў з ёй доўгія гутаркі. Я чула кожнае іх слова. У мяне ніколі не было адчування, што магу замінаць ім сваёй ігрой і сваёй прысутнасцю. Ніхто мяне тады не прасіў выйсці з пакоя. Мне добра запомніліся мелодыі, якія я тады грала. Памятаю, я выконвала песню без слоў Мендальсона. Памятаю таксама яго пахвалу ў мой адрас:
- Твая сястра вельмі метадычная.
З наступленнем доўгіх восеньскіх вечароў, калі за вокнамі хутка згушчалася цемра, яны сядзелі каля вугальнай печкі з адкрытымі дзверцамі. Святло і цяпло, якія струменіліся з яе, стваралі мілую рамантычную атмасферу.
Раздзел XV
Аднойчы пані Ласкоўская прыйшла да мяне на ўрок разам з пані Эмай Альтберг. Гэта была прыемная жанчына сярэдніх гадоў з цёмнымі валасамі, хуткімі чорнымі вачамі і трохі семіцкімі рысамі твару, апранутая ў паўкажушок на сялянскі манер. Пані Ласкоўская прадставіла яе як вядомую клавесіністку, якая вучылася ў Парыжы. Не хаваючы шкадавання ад растання са мной, пані Ласкоўская вырашыла аддаць мяне пад апеку педагога такой высокай кваліфікацыі. Казала, што пад яе кіраўніцтвам я дамагуся нашмат больш. Так пачаліся ўрокі з пані Альтберг. Потым я даведалася дэталі іх незвычайнага знаёмства.
Пані Ласкоўская была галоўным карміцелем сваёй сям'і. Акрамя дарослай ужо дачкі Ірэны мела на ўтрыманні малодшага сына Лёлька і бабульку-маці памерлага мужа. Каб забяспечыць сваёй сям'і сталыя сродкі да існавання яна купіла казу і часта сама яе пасвіла. Выгады ад казы агульнавядомыя, а асабліва карысная яна была падчас вайны. З'яўляючыся інтэлігентнай жанчынай, пані Ласкоўская пасвіла казу і чытала кнігі ў тым ліку і на французскай мове, якую ведала з дзяцінства.
Такое дзіўнае спалучэнне - сівая жанчына, якая сядзіць на траве, каза і кніга на французскай мове, узбудзіла зразумелую цікаўнасць з боку пані Альберг, якая выпадкова апынулася паблізу. Вынікам была гутарка, якая завязалася з дзіўнай пастушкай. Людзі падчас вайны браліся за любыя заняткі, толькі каб выжыць.
Гісторыя пані Альтберг была тыповай для таго часу. Яна апынулася ў Лідзе зусім выпадкова, лічачы гэта мястэчка часовым сховішчам ад немцаў. Як вядома, немцы знішчалі не толькі габрэяў-вернікаў, але і католікаў габрэйскага паходжання. Пані Альтберг была габрэйкай, якая прыняла каталіцтва. Толькі імя засталося габрэйскім, і, зразумела, семіцкае паходжанне. Прыбыўшы ў Ліду, яна не мела нічога, акрамя сваёй музычнай адукацыі, і таму пані Ласкоўская высакародна саступіла ёй заняткі са мной. З той умовай, што мама зараз павінна была плаціць больш.
Я запомніла сцэну, калі мама ўпершыню ўручала ёй гроша за ўрок, спадзяючыся атрымаць рэшту. Якое ж было маё здзіўленне, калі пані Альтберг, як звычайна сардэчна цалуючы маму, супакойвала яе, што астатняе можна даплаціць у наступны раз!
Яе ўрокі аказаліся далейшым паглыбленнем маёй драмы, якая пачалася неспасціжным чынам, употай і як бы падманам. Прыйшлі ў дзеянне самыя жорсткія законы чалавечага жыцця і ўсё больш давалі пра сябе ведаць. Некаторыя людзі характарызуюць гэтую з'яву наступнымі словамі: "За ўсё трэба плаціць". Гэтае песімістычнае сцвярджэнне азначае, што хвіліны шчасця праходзяць, саступаючы месца смутку ці нават болю, у залежнасці ад сілы нашага адчування. Гэта вельмі суб'ектыўная здольнасць, якая не залежыць ад нашай волі. Прыкметы маёй будучай трагедыі пачалі выяўляцца як бы ў выглядзе асобных хмарак над галавой. Метадычна і няўмольна яны збіраліся ўсё ў большай колькасці. Трагедыя пагаршалася тым, што адбывалася ў мне самой, незаўважная для пабочных, яна не была выклікана ні агрэсіяй іншых людзей, ні іх умяшаннем у маё жыццё. Уступаў у дзеянне нейкі новы невядомы да гэтага фактар. Ён не дазваляў мне справіцца з праблемай.
З некаторага часу ў мяне падчас ігры пачаў з'яўляцца боль у перадплеччах. Ён прымушаў мяне перарываць ігру, часам надоўга, але адразу ж з'яўляўся, калі я зноў пачынала практыкавацца. Усе казалі, што я занадта шмат практыкуюся, і гэта было праўдай, але дабраахвотна адмовіцца ад ігры я не магла.
Якія метадычныя ўказанні атрымала я ад сваіх першых настаўніц? Пані Ласкоўская патрабавала, каб пальцы ляжалыя на клавіятуры, былі напаўсагнутыя, а ўся рука не павінна была нахіляцца да пятага пальца. Пані Альтберг, прымаючы мяне ўжо як вучаніцу з адпаведнымі навыкамі, цалкам праігнаравала праблему размяшчэння рук на клавіятуры, як быццам яе не існавала, і я тады не лічыла гэта няправільным. Замест гэтага яна засяродзіла ўвагу на выкананні. Пачалі мы з санаты А. Моцарта з варыяцыямі і турэцкага марша. Памятаю з якім цярпеннем яна на ўроках шматкроць паўтарала са мной тэму, але я ўсё больш касцянела, мае рукі станавіліся ўсё цяжэйшымі, і адзіным жаданнем было, хутчэй спыніць гэтую пакуту! Калі занятак скончыўся, я адразу ж выбегла ў двор, каб выплакацца. Я адчувала, што мела месца нейкая дзіўная несправядлівасць па стаўленні да мяне. Калі я так моцна жадала граць, калі гэтулькі сіл і цярпення ўкладвала ў выкананне - то чаму, калі справа даходзіла да ігры ў патрабаваным тэмпе, наставала дзіўнае скамяненне рук, яны касцянелі і балелі.
Таму мая радасць ад ігры стала палавіністай. Пакуль я вучыла твор, услухоўваючыся ў выходзіўшыя з-пад пальцаў матывы і меладычныя лініі, гэта дастаўляла мне велізарную радасць. Затое, калі павінна была граць больш цяжкі твор, гэтыя ж пальцы раптам пераставалі слухацца, балелі і цвярдзелі. Гэта было завяршэнне маёй кар'еры піяністкі яшчэ да яе пачатку, хоць я пра гэта яшчэ не ведала. Не разумела што са мной адбывалася ні тады, ні праз шмат гадоў, калі насуперак пакоры перад лёсам і паразам у мне зноў міма маёй волі адраджалася прага музыкі. Я не магла спыніць гэтае імкненне, замяніць яго чым-небудзь іншым. Тым больш тады.
Павінна далучыць сюды сваё назіранне, якое тлумачыла маё становішча. Я заўважыла, што ў стаўленні да музыкі яе аматары падзяляюцца на дзве катэгорыі. На меламанаў, якія знаходзяць задавальненне ў слуханні музыкі, выкананай іншымі, і на тых, хто сам жадае ствараць музыку, гэта значыць музыцыраваць. Меламаны ходзяць на канцэрты, калекцыянуюць пласцінкі і касеты з сур'ёзнай музыкай, у той час як самі ў большасці сваёй не граюць ні на адным інструменце. Прыналежнасць да першай групы не патрабуе ніякай рызыкі, не прыносіць ніякіх трагедый. Тыя ж, хто імкнецца музыцыраваць сам, ніколі не задавальняюцца слуханнем музыкі ў выкананні іншых людзей. Я, нажаль, належала да гэтай другой групы, была "ўключана" ў яе без удзелу маёй волі, без права на выбар.
Мабыць, можна быць шчаслівым наогул не маючы кантактаў з музыкай. Але ў той час я пра гэта не ведала і была цвёрда ўпэўнена, што людзі для поўнага жыццёвага задавальнення маюць патрэбу ў музыцы! Таму ў хвіліны душэўнага ўзвышэння я для ўласнай радасці прапанавала людзям навуку ігры на раялі. Памятаю рэзюмэ маёй мамы:
- Яна гатовая сама заплаціць за магчымасць вучыць.
Адсутнасць школ у перыяд нямецкай акупацыі абуджала зразумелыя турботы бацькоў, якія мелі дзяцей школьнага ўзросту. Прабелы ў пачатковай адукацыі ў далейшым пагражалі негатыўнымі наступствамі. Таму я з сястрой пачала вучыць сыноў пана Цяслюка. Я вучыла малодшага чытаць і пісаць, а сястра праводзіла навучанне старэйшага на больш высокім узроўні. Міжвольна прыслухоўваючыся, я дзівілася яе ўменню весткі дыскусію, атрыманаму, несумнеўна ў сярэдняй школе, што робіць гонар яе былым настаўнікам.
Дагэтуль памятаю два тэксты з падручніка польскай мовы "Гавораць стагоддзі", апрацаваныя сястрой на сваіх уроках. Абодва заканчваліся глыбокай народнай мараллю і адпаведна мелі вялікае выхаваўчае значэнне. Адзін з іх распавядаў пра хлопчыка, які быў слабым фізічна, пачуваўся непаўнавартасным і таму быў несмелым і самотным. Да шчасця, знайшоўся сярод яго таварышаў разумны хлопчык, які вырашыў яму дапамагчы. Ён сказаў яму, што ён зможа параўнацца з лепшымі спартоўцамі класа, праплыўшы на лодцы адпаведную адлегласць за той жа час, што і яны. Несмелы хлопчык выйграе спрэчку і ўпершыню пазбаўляецца ад комплексу, паверыўшы ў свае магчымасці. Ён не ведаў, што яго таварыш употай перасунуў стрэлкі гадзінніка, каб дапамагчы яму перамагчы.
Разам з сынамі пана Цяслюка да нас прыходзілі таксама мае малодшыя стрыечныя сёстры Дануся і Люда. Гэтых, акрамя пісьма і чытання, я трохі вучыла граць на раялі. Рабіла я гэта з вялікім натхненнем!
Дануся аказалася больш цярплівай, чым Люда. Усё лета яна прыходзіла з далёкіх Раслякоў цераз сенажаці і палі, разагрэтая сонцам і пахла ветрам. Яна была стройнай бландзіначкай, незвычайна тонкай і ўражлівай. На яе ўсе звярталі ўвагу, дзівячыся яе прыгажосці, і больш за ўсё дугам вельмі цёмных броў, якія хораша кантраставалі з белымі валасамі і блакітнымі вачамі. Нас тады злучала вялікая духоўная блізкасць.
Пра таемнае навучанне ў Лідзе дзяцей на ўзроўні сярэдняй школы я дазналася ад Янкі Сценпень. Перад вайной я хадзіла з ёй у адзін клас у школу № 5 каля замка. Быў выпадак, калі аднойчы на ўроку ёй стала дрэнна і настаўніца адправіла яе дахаты ў маёй кампаніі. Тады я даведалася, што яна жыве ў Расляках, на левым баку вуліцы ў глыбіні саду. Яна казала мне, што бацькі калісьці пабудавалі сабе хату, атрымаўшы ўчастак і з нядаўняга часу там пасяліліся.
Аднойчы падчас нямецкай акупацыі я зайшла да яе і даведалася, што яна ходзіць на таемныя ўрокі пані Кляйндыенст. Я пазайздросціла яе магчымасці вучыцца. Яна прасіла нікому не казаць пра гэта.
Я ніколі не бачыла пані Кляйндыенст - настаўніцы геаграфіі, хоць яе муж вучыў мяне нямецкай мове, а сын Ясек быў у маім класе і выказваў да мяне сімпатыю. Шчыра было яго шкада, калі ён не вярнуўся з лесу.
Затое я чытала ўспаміны пані Юзэфы Гжымкоўскай-Кляйндыенст пра таемнае навучанне ў Лідзе, выдадзеныя праз шмат гадоў, пад назвай "Школа ў падполлі". Яна апісвае працу з групай моладзі і апошнія хвіліны растання з сынам, перад яго сыходам у партызаны. Успамінае, што адчувала тады роспач, а ён развітаўся са словамі: "Так трэба, мама!".
Раздзел XVI
Гэта здарылася ў дзень Божага цела 1943 года. Надвор'е было выдатнае, як звычайна бывае ў гэты дзень. Усё было затоплена сонцам. Я стаяла каля акна і глядзела, як нашы маладыя суседзі ішлі ў горад, праходзячы міма хаты. Янак быў у мундзіры нямецкага паліцыянта, а пані Яся, як звычайна, элегантная з капой валасоў, завітых над ілбом. Мой погляд выпраўляў іх па адкрытай прасторы міма руін і далей да белага касцёла. Потым я вярнулася да мазурак Шапэна. Яны былі выдатныя, але цяжкія ў выкананні. Я страціла адчуванне часу. Раптам нейкі шум знадворку адарваў мяне ад раяля.
Я падбегла да акна і ўбачыла жудаснае відовішча. Як і раней свяціла сонца, неба было такое ж блакітнае і чыстае. Але ў завулак уязджаў просты воз, а ў ёй ніцма ляжаў малады мужчына ў форме паліцыянта! Пані Яся, маладая, прыгожая, ішла побач і паўтарала:
- Яны забілі яго! Яны забілі яго!
Цяжка выказаць усю глыбіню жалю і смутку, якія нас ахапілі. Мы ўсе былі ўзрушаны тым, што здарылася. Мая мама дапамагала пані Ясі пакласці цела ў труну і арганізаваць пахаванне. Памятаю, яна дастала вялікае белае покрыва, каб прыкрыць ім лаву пад нябожчыкам, кажучы, што яно ўжо выкарыстоўвалася для гэтай жа мэты шмат гадоў назад - пры пахаваннях яго бацькі.
Я была на паніхідзе ў касцёле, тым самым, каля якога яго забілі. Бачыла, як пані Яся, уся ў чорным, звалілася тварам уніз на падлогу касцёла, раскінуўшы рукі крыжом. Стаяўшыя побач жанчыны спрабавалі падняць яе, але яна праляжала так да канца літургіі. Гэта было сумнае відовішча, якое ўзмацняе ўражанне роспачы. Я ўпэўнена, што адбітак яе цела застаўся там дагэтуль, хоць ён бачны толькі асвечаным. Адышлі ў свет іншай сведкі тых дзён, але касцёл усё перажыў.
Пахавалі яго ў прыгожым месцы на могілках, адразу ж за капліцай. Пані Яся зрабіла новую сенсацыю, змясціўшы на крыжы надпіс у выглядзе доўгага верша, які пачынаецца са слоў: "Пацеркі маіх успамінаў".
Магіла Янка разам з іншымі на гэтых могілках была з часам спустошана і засталася толькі ў памяці людзей.
Што прывяло да смерці самага старэйшага сына пані Клышэйкі, які пазбег дэпартацыі ў Казахстан? Адзіны са сваёй сям'і. Пані Яся шмат разоў паўтарала дэталі гэтага здарэння. Ішлі з мужам у горад, былі якраз насупраць белага касцёла, як раптам з-за яго высокай белай агароджы, выскачыў незнаёмы малады мужчына і стрэліў у мужа. Янак зваліўся. Пані Яся ў роспачы схапіла яго вінтоўку і кінулася ў пагоню за забойцам. Нажаль, той знік, як быццам растварыўся ў распаленым паветры. А Янак застаўся ляжаць на ходніку. Сапраўды цвёрдай была рука, якая забіла яго, гэтак жа, як і хуткія ногі! Пані Яся спыніла воз, які праязджаў па вуліцы, і папрасіла адвезці Янка дахаты.
Тут трэба напісаць пра канец гэтай гісторыі. Гэтая трагедыя не знікла бясследна, а засталася ў памяці шматлікіх людзей. Яшчэ праз некалькі дзясяткаў гадоў польская паліцыя ў Беластоку цікавілася гэтай справай і апытвала сведак. Зусім новае святло на гэта здарэнне праліў наш знаёмы з Ліды. Ён сцвярджаў, што быў сведкам экзекуцыі над мужчынам з такім жа, як у Янка, імем і прозвішчам. Немцы павесілі таго чалавека на рынку ў Лідзе на вачах сагнаных людзей. З гэтага выцякала, што наш сусед Янак Клышэйка мог стаць ахвярай жудаснай памылкі. Ва ўсякім разе мы, яго найбліжэйшыя суседзі, не ведалі прычыны, якая тлумачыць смяротны прысуд. Людзі, якія вынеслі яго, не заяўлялі пра гэта публічна.
Гэтак жа пакрытым таямніцай засталося забойства іншага маладога чалавека па імені Ежы Дунько. Я пазнаёмілася з ім на таварыскім вечары ў Расляках. Выпадкова аказалася, што я сядзела побач з ім. Ён быў прыемны, добра складзены, поўны жыцця. Я яго добра запомніла, таму што ён па-свайму мне дакучаў - некалькі разоў пытаў, чаму я маўчу. Я маўчала па прычыне сарамлівасці, а таксама таму, што ён не здолеў, а дакладней не захацеў уцягнуць мяне ў гутарку. Ніхто з прысутных не прадчуваў, што ён таксама па хуткім часе будзе забіты па завочным прысудзе, выдадзеным самазванымі суддзямі.
Мой брат вырашыў пайсці ў партызаны. Дух патрыятызму кружыў галовы маладым людзям і прымушаў іх ісці ў лес. Да іх далучаліся дзяўчаты ў якасці сувязных. Яны прынеслі ў горад партызанскую песню: "Разшумеліся ніцыя вербы".
Мой брат ніколі не быў баязліўцам, а яго баявітасць выявілася ўжо ў дзіцячых ваенных гульнях. Мама баялася за яго, баялася яго страціць, яна прыдумала таемны план і пасвяціла ў яго мяне. Яна заўважыла, што брат употай ад яе спакаваў заплечнік і схаваў яго ў старым склепе нашай згарэлай хаты. Мы з мамай употай праніклі туды і з трыўмфам рэквізавалі гэты доказ яго задум. У заплечніку былі: ручнік, зубная шчотка і мыла. Наша радасць ад утрымання брата ў хаце змянілася пачуццём прыкрасці, калі на наступны дзень аказалася, што брат знік, пакінуўшы нам нашу здабычу. Прыкрасць змянілася пачуццём віны і шкадавання, калі бацька растлумачыў нам хібнасць нашых разваг. Такая дробная рэч, як зубная шчотка не магла адвярнуць брата ад выканання сваёй місіі! У той жа час яе адсутнасць была для яго непатрэбнай побытавай цяжкасцю.
Брат вярнуўся з партызан гэтак жа нечакана, як і знік. Памятаю момант яго вяртання. Я сядзела за абедзенным сталом над адкрытым дзённікам, за спіной знаходзілася помпа для вады. Вядзенне дзённіка з'яўлялася маім штодзённым заняткам, яно зыходзіла ад неабходнасці захавання душэўнай раўнавагі і было падсвядомай тэрапіяй. Як тыповы інтраверт, я перапрацоўвала ўсе ідучыя да мяне вонкавыя ўзбуджэнні ў сабе, у сваім свеце "ідэалаў і летуценняў". Для гэтага дзеяння мне звычайна было досыць паперы, ручкі і хвіліннага адхілення ад рэчаіснасці. Такім чынам мой дзённік станавіўся цярплівым і годным даверу сябрам.
Брат увайшоў у кухню нечакана праз адкрытыя дзверы з двара. Я ўбачыла шырокую ўсмешку на яго твары, але не паспела нічога сказаць. Праходзячы хуткім крокам у спальню, ён жартаўліва кінуў:
- У цябе змяніўся почырк!
Адкуль ён мог ведаць, калі нават не затрымаўся каля мяне?
Ён ніколі не распавядаў нам пра сваё жыццё ў партызан. Ва ўсякім разе ў маёй прысутнасці. Ён таксама аказаўся не дробязным чалавекам і нічога нам з мамай не ўзгадваў!
З партызан не вярнулася шмат маладых хлопцаў, патэнцыйных мужоў для дзяўчат майго пакалення. Не вярнуліся сыны прафесара Каляцінскага, якіх я не ведала, бо яны былі старэйшыя. Не вярнуўся светлавалосы Ясь Кляйндыенст з майго класа. Не вярнуўся таксама Ромак Садоўскі, які пайшоў у лес ва ўзросце 14 гадоў!
Пані Садоўская жыла ў бабулінай хаце № 13 за некалькі гадоў да пачатку вайны. Яна была землеўладальніцай, удавой з двума дзецьмі. Янка, прыемная дзяўчына, старэйшая за мяне; прыгожая, насіла шыкоўныя сукенкі са шматлікімі фальбонамі, з-за якіх я ёй зайздросціла (у мяне не было ніводнай сукенкі з фальбонамі па прычыне эканоміі матэрыялу). Сястра займалася з Янкам, зарабляючы грошы на кішэнныя выдаткі. Ромак быў малодшым. Памятаю, як пані Садоўская размаўляла гучна, весела, заўсёды між іншым, на бягу, з маёй цёткай. Фігурыстая з рудымі валасамі і лёгкай касавокасцю. Казалі пра яе, і яна сама прызнавалася, што яе муж-абшарнік, жаніўся з ёй, простай дзяўчынай з-за яе прыгажосці. Яна пазбегла высылкі ў Казахстан, дзякуючы дзіўнаму збегу акалічнасцяў. Напачатку вайны, пасля прыходу савецкіх войскаў, яна пайшла працаваць на чыгунку і страшна схуднела. Відавочна, што не толькі фізічная напруга так паўплывала на змену яе вонкавага выгляду. Сям'я пані Клышэйкі (акрамя Янка, які знаходзіўся ў турме) была вывезена перад самым прыходам немцаў, а яна засталася. Хіба для таго, каб яе 14-гадовы сын не вярнуўся з лесу? Ці для таго, каб Янка яшчэ перад канцом вайны памерла падчас родаў другога дзіцяці! Памятаю, неяк я выпадкова ўбачыла Янку, якая сядзіць у акне хаты з маленькім дзіцем на руках. Яна здавалася збянтэжанай сваёй роляй такой маладой маці.
Пасля вайны мы чулі, што пані Садоўская пасялілася ў Тчэве. Яна трымала там шапік пры чыгуначным вакзале разам са сваім другім мужам. Я не раз успамінала яе, але больш мы ніколі не сустракаліся. Гэтак жа было з пані Ясяй Клышэйка. Пасля вайны сляды яе згубіліся. А так мы падтрымлівалі кантакты з усімі астатнімі лідзянамі.
З лесу не вярнуўся самы старэйшы брат Ядзі Цітавіцкай - Сташак. Яго сям'я ніколі не даведалася, што з ім адбылося!
Вярнуўся Уладак Вяжэль, той, які жыў на засценках за нашым, г.зн. нашай бабулі полем. Той, пра якога Вольга Рахманава жартаўліва казала, што ходзіць занадта роўна і нават яйка, пакладзенае на галаву не зваліцца. Яна часта яго бачыла, калі жыла ў пачатку Мастоўскай вуліцы, якую яму трэба было прайсці да канца, каб патрапіць дахаты. Я яго ведала толькі ў твар, але шмат чула пра сям'ю Вяжалей ад сваіх бацькоў. Нашы бацькі сябравалі ў маладосці. Уладак прыйшоў з партызан з прастрэленай левай рукой. Яна на ўсё жыццё засталася нерухомай.
Віцька Залеўскі таксама вярнуўся дахаты з партызан, толькі пасля адбывання высылкі ў Калузе. Ён быў старэйшым братам Геніка, з якім мы вучыліся ў адным класе школы № 5. У іх былі яшчэ тры малодшыя сястры. Іх мама была стрыечнай сястрой пані Аляксандры Галаўко. Яны жылі на Вісьмантах недалёка ад яе. А іх бацька Браніслаў быў родным братам Яна - мужам маёй цёткі Надзі. Нягледзячы на сваяцтва, мае бацькі не падтрымлівалі блізкіх адносін з сям'ёй Залеўскіх.
Мой брат вярнуўся з лесу не адзін, а прывёў з сабой Рыська Стафінскага. Яны былі ў адным атрадзе. Рысек вонкава моцна адрозніваўся ад брата. Высокі, худы, светлы бландын. Трымаўся міла і інтэлігентна. Яны разам з братам спалі ў адрыне, харчаваліся ў нас і разам хадзілі на працу на чыгунку.
Седзячы ля акна, я бачыла як Рысек вяртаўся з працы, несучы на плячах доўгія драўляныя брусы, прызначаныя для апалу печаў. Ён хацеў хоць бы такім спосабам аддзячыць маіх бацькоў за гасціннасць. Вечары мы праводзілі разам. Калі разгадвалі рэбусы з "Рутука" мне некалькі разоў удавалася яго апярэдзіць і было відаць, што гэта яму імпанавала. Я сама дзівілася сваёй кемлівасці.
Прыкладна праз два тыдні з Вільні прыехала яго мама, каб асабіста падзякаваць нам за апеку над сынам. Яна была відавочна ўзбуджана. Казала пра вялікі абавязак перад нашай сям'ёй. Ніхто з нас тады не здагадваўся, што магчымасць вярнуць гэты абавязак з'явіцца ў яе ў недалёкай будучыні.
Калі яна выйшла, мама ў маёй прысутнасці выказала свае ўражанні ад гэтай пані. Сказала, што яна цікавая жанчына і, відавочна, карыстаецца поспехам у мужчын. Я не разумела, што яна мела на ўвазе, але калі пасялілася ў пані Стафінскай у Вільні, ад яе самой даведалася, што мама мела рацыю.
Пані Стафінская была выдатнай жанчынай з багатай індывідуальнасцю. У некаторых адносінах яна была падобная на гераіню "Страчанага аўтобуса" Джона Стайнбека, пра якую я даведалася нашмат пазней. Тая гераіня таксама ўсюды, што ні крок сутыкалася з відавочнай цікавасцю да сябе з боку мужчын. Яна не імкнулася да гэтага і нават адчувала прыкрасць.
Пані Стафінская прызналася мне, што ўсё сваё жыццё шукала сапраўднага пачуцця ў мужчын, але ніколі яго не знаходзіла. Нават яе муж, за якога яна выйшла супраць волі бацькоў, уцёкшы з хаты, не адказаў узаемнасцю на яе моцнае пачуццё да яго. Жадаючы, каб я яе правільна зразумела, і падбіраючы адпаведныя словы, яна вызначыла гэта такім чынам: "Ён проста выконваў свае шлюбныя абавязкі і нават не цалаваў мяне!". У той жа час розныя мужчыны, дзе б яна не з'яўлялася, казалі ёй пра сваё каханне, якое было выключна праявай запалу. Яна карысталася іх увагай, нават калі была ў становішчы, хоць звычайна цяжарнасць робіць жанчыну меней прывабнай для мужчын. Яна таксама сказала мне, што прыгажосць кветак можа прыносіць боль.
З Рыськам пасля вайны мы перапісваліся, калі ён жыў у Вроцлаве. Туды ішоў трамвай № 7, "сямёрка" - такім жа быў яго псеўданім у партызанах. Першы раз мая мама памылілася, лічачы, што ён быў да мяне неабыякавы, у што я таксама лёгка паверыла. Нажаль, гэта мілае знаёмства аказалася перапыненым ім па нявысветленай прычыне. Проста яго апошні ліст, які я з нецярпеннем чакала, быў напісаны ў кплівай форме і хваравіта параніў мяне.
Калі я зараз уяўна пераношуся на тую вілу ў Гдыні на вул. Фоха 14, куды я прыехала пасля вайны наведаць пані Стафінскую і заспела ўсю яе сям'ю ў зборы, бачу высокую постаць Рыська, які ціха заляцаецца да нас. Ужо, верагодна, няма ў жывых пані Стафінскай. Мабыць, яна пахавана дзесьці ў Гдыні. Я хацела б адшукаць яе магілу. Гэта заяўляе пра сябе мой меланхалічны тып, які слаба рэагуе, але доўга памятае. Проста, я не магу забыцца ўсіх тых людзей, якія сустракаліся мне на жыццёвым шляху.
Адбылося тое, што павінна было адбыцца, і майму бацьку давялося перажыць драматычную сустрэчу з партызанамі. Аднойчы нейкая група партызан затрымала цягнік, які вёў бацька і загадала паравознай брыгадзе, гэта значыць, бацьку і яго маладому памагатаму Барысу Бака сысці. Іх абвінавацілі ў супрацоўніцтве з немцамі і загадалі ісці ў лес на расстрэл. Па аповядах Барыса бацька прасіў іх захаваць ім жыццё. Спасылаўся на неабходнасць карміць жонку і дзяцей. Ён быў спалоханы. Аднак далёка яны не адышлі, як раптам адзін з хлопцаў назваўся таварышам Барыса і заступіўся за іх. Бацька ўжо не вярнуўся на паравоз і моцна схуднеў ад перажыванняў. Аднак ніколі пры мне сам не распавядаў пра гэты выпадак. Ніколі я не чула ад яго ні слова скаргі!
(Працяг у наступным нумары.)
* Е. Ярмонт. В ТЕНИ ЗАМКА ГЕДЕМИНА. Воспоминания детства. Лида, 1995.
Маёнтак Гародна
Леанід Лаўрэш
(Працяг. Пачатк у папярэднім нумары.)
Прасторны сядзібны дом меў франтальна выцягнутыя фасады. У цэнтры палаца вылучаўся рызаліт да якога прылягаў візуальна занадта цяжкі порцік з чатырма дарычнымі калонамі, якія звужаліся ўверх. Яны падтрымлівалі антаблемент з фрызам, трыгліфамі і плоскімі выступамі ў мятопах16. Паміж трохвугольным франтонам і антаблементам знаходзілася надбудова, магчыма, часоў рэстаўрацыі палаца. Гэта надавала порціку пэўную, візуальную няправільнасць, цяжкасць пры непрапарцыйна нізкіх калонах. На тымпане (унутраным полі франтона) знаходзілася тарча з гербом уладальнікаў. Пад порцік вялі авальныя пад'язныя дарожкі, апраўленая атынкаванымі сценамі. Па гэтых шырокіх бакавых пандусах пад порцік уязджалі карэты. Уваходам для пешых служыла лесвіца з некалькімі дзясяткамі прыступак насупраць галоўнага ўваходу. Перад порцікам мелася платформа з балюстрадай па абодва бакі.
Фасад палаца ў бок саду нагадваў галоўны. Адзіным адрозненнем была форма порціка, які з гэтага боку быў больш плыткім, а на трохвугольным франтоне замест герба меўся акулюс (круглая адтуліна, праз якую ўнутр пранікала святло). Да гэтага порціка прылягала шырокая тэраса, аточаная такой жа балюстрадай, як і тэраса галоўнага пад'езда. На тэрасу вяла лесвіца ў форме чвэрці круга з пятнаццаццю прыступкамі, к верху лесвіца паступова звужалася. Пярэдняя сцяна тэрасы мела тры паўкруглыя нішы. У крайніх нішах месціліся каменныя лаўкі.
Палац меў вальмовы дах з гонты, верагодна, нязначна зменены падчас рэканструкцыі будынка. Па абодва бакі ад порціка, а таксама ў бакавых схілах даху, месціліся нізкія, гарызантальна выцягнутыя люкарны (невялікія аконныя праёмы ў даху), праз якія асвятлялася гарышча.
Знутры палац меў падвойную планіроўку з цэнтральнымі калідорамі ў абодвух крылах будынка і ў цэнтры.
Паколькі палац адносна мала пацярпеў у часы Першай сусветнай вайны, калі было толькі разрабавана або знішчана унутранае ўбранне, захаваліся два інвентары палаца 1826 і 1866 г., а таксама фатаграфіі да 1939 г., таму можна скласці даволі падрабязнае ўяўленне пра тое, як выглядалі пакоі палаца на працягу XIX-га і пачатку XX-га ст.
Змест двух інвентароў істотна адрозніваюцца, бо шматлікія прадметы мэблі і мастацтва, якія мела Гародна, перамяшчаліся ці замяняліся новымі рэчамі. Многія з больш каштоўных прадметаў уладальнікі (у тым ліку і Ганна Патоцкая) вывезлі ў сваю варшаўскую рэзідэнцыю або на продаж у Вільню. Архіў маёнтка Аўгустам Патоцкім быў падораны Антонію Тышкевічу ў якасці сямейнай рэліквіі, і такім чынам на пачатку XX-га ст. архіў стаў часткай віленскай калекцыі сям'і Тышкевічаў. Дзякуючы мастаку Розену мы ведаем, што ў 1882 г. большая частка мэблі палаца і твораў мастацтва ўсё яшчэ знаходзілася на месцы, хоць тагачасныя ўладальнікі не зусім усведамлялі іх каштоўнасць. Напрыклад, Розен распавядае пра тое, як падчас агляду дома на гарышчы быў знойдзены скрутак, які аказаўся арыгінальным дываном з д'Абюсона (гл. вышэй). Гэта пралівае святло на ўзровень астатніх калекцый палаца, рэшткі якіх, пераважна ў выглядзе старадаўняй мэблі, захаваліся ў маёнтку да пачатку Другой сусветнай вайны.
Інвентары і іканаграфічныя матэрыялы паказваюць, што пакоі палаца, асабліва прадстаўнічыя, былі ўпрыгожаны панэлямі і багатай мастацкай тынкоўкай у стылі Людовіка XVI і цікава, што адны і тыя ж матывы нідзе не паўтараліся. Большасць залаў і пакояў былі абсталяваны крышталёвымі люстрамі з пазалочанай бронзы ў стылі Людовіка XVI, белымі альбо мармуровымі камінамі, печамі рознай формы з прыгожай каляровай кафлі, упрыгожанай гербам Ляліва, ясеневымі падлогамі з вялікіх квадратаў, выкладзеных па дыяганалі. Сталярныя вырабы былі пакрытыя белым лакам, часта з пазалотай. Аднак, калі аўтарства праекта палаца асцярожна прыпісваюць Багумілу Цугу, дык імёны майстроў унутраных інтэр'ераў, верагодна, назаўсёды застануцца ананімнымі. Магчыма, гэта былі тыя ж самыя невядомыя майстры, якія працавалі над няскончаным палацам у суседніх Жырмунах, спраектаваным прыблізна ў той жа час, што і маёнтак Гародна.
Мэбля палаца таксама мела рысы стылю Людовіка XVI, хоць маглі прысутнічаць асобныя прадметы і часоў Людовіка XV. Мелася значная колькасць пазнейшай мэблі ў стылі ампір. Пра стыль мэблі можна даведацца з інвентароў, якія аднак, абмяжоўваюцца толькі павярхоўным апісаннем матэрыялаў, з якіх выраблены рэчы, гатунку лаку, пазалоты і бронзавых упрыгожанняў. Сітуацыя яшчэ горшая, калі гаворка ідзе пра творы мастацтва, у першую чаргу пра багатую галерэю карцін. Інвентары пералічваюць толькі колькасць карцін і ў лепшым выпадку ўказваюць іх памер і аправы - звычайна, пазалочаныя рамы "сніцарскай работы". Трошкі больш падрабязна апісваюцца толькі дэкаратыўныя фарфоравыя і фаянсавыя вазоны, але заўсёды без указання фабрыкі. Толькі пры пераліку сталовага посуду ў буфеце, інвентары вызначаюць яго як кітайскі, саксонскі ў кветкі, берлінскі ўзорны, фаянс зялёны англійскі ці прускі.
У палац уваходзілі праз вялікую квадратную галоўную залу, якая, згодна з інвентаром 1866 г., верагодна, складзеным пасля рэстаўрацыі дома, мела сцены, пафарбаваныя ў светла-зялёны колер, і падлогу з мармуровых пліт. Вечаровае асвятленне ў зале спачатку забяспечвалася крышталёвым ліхтаром, падвешаным на кармазынавым шаўковым шнурку, пазней замененым на трохсвечкавую крыштальную жырандолю. Сярод мэблі ў зале меліся два круглыя альховыя сталы з шуфлядкамі і дзве сямімесныя канапы, кшталту крэслаў з таго самага ж дрэва, а таксама дзве канапы з двума сядзеннямі. Акрамя таго, на адпаведных пастаментах стаялі чатыры гіпсавыя бюсты.
Анфіладу правай, пярэдняй часткі палаца, стваралі чатыры пакоі. Першы, самы вялікі з якіх, служыў бібліятэкай. Яго сцены былі пакрытыя шэрымі шпалерамі з кветкавым узорам, а наваксаваная падлога зроблена з хваёвых панэляў. Са столі ў 1826 г. звісала крыштальная жырандоля з пазалочанай бронзы і пяццю шклянымі падсвечнікамі, а ў 1866 г. - іншая, таксама крыштальная, з дзевяццю падсвечнікамі. Над пакрытым белым лакам камінам мелася люстэрка ў раме сніцарскай работы. Першапачатковы пазалочаны парыжскі насценны гадзіннік пазней быў заменены на гадзіннік на драўляным пастаменце. У першай палове XIX ст. бібліятэчны пакой выкарыстоўваўся як яшчэ адзін салон альбо як пакой для гульні ў карты, пра што сведчыць яго мэбля, якая складалася з квадратнага стала чырвонага дрэва з адкіднымі створкамі, другога шпонаванага, і трэцяга, таксама раскладнога стала з таніраванай вольхі. Меліся тут і адзінаццаць крэслаў чырвонага дрэва, абабітых скурай. Калі пакой пераабсталявалі ў бібліятэку, тут з'явіліся чатыры кніжныя шафы: дзве вялікія альховыя, адна малая шпонаваная, упрыгожаная бронзай, і чацвёртая з мармуровай стальніцай, усе абшытыя драцяной сеткай. Паколькі ў інвентары не згадваюцца кнігі, можна выказаць здагадку, што яны пералічваліся асобна. З часам, да гэтай мэблі было дададзена чорнае крэсла, абцягнутае пунсовай ваўнянай тканінай, а крэслы з чырвонага дрэва былі заменены на белыя лакірованыя, з падушкамі ў палоску. Мастацкае ўбранне бібліятэкі ўзбагацілася чатырнаццаццю карцінамі рознага памеру, выкананых алеем, і чатырма гіпсавымі бюстамі.
Акрамя кніг тут захоўваўся багаты архіў дакументаў (з 1470 г.) усіх уладальнікаў маёнтка і іншых асоб. Пасля 1831 г. частка кніг перавезена ў Беласток у Інстытут паненак, які там ствараўся. Аўгуст Патоцкі прадаў маёнтак разам з кніжнымі зборамі і архівамі.
З бібліятэкі можна было ўвайсці ў пакой, размешчаны ў задняй палове дома, ці паслядоўна ў тры адносна невялікія пакоі, якія ўтваралі працяг правай пярэдняй анфілады, аддзеленай ад задніх пакояў калідорам. Першы з гэтых трох пакояў служыў гасцёўняй. Сцены ў ім былі абклеены жоўтымі папяровымі шпалерамі, падлога зроблена з ясеня, меўся пафарбаваны белым лакам камін, над ім вісела люстэрка апраўленае ў лакіраваную разьбяную раму. Мэбліроўка пакоя па стане на 1866 г. складалася з мэблі розных стыляў. Сярод іншага, тут стаяў шпонаваны пад чырвонае дрэва камод з чатырма шуфлядамі і верхам з каляровага мармуру, упрыгожаны бронзавымі элементамі, шэзлонг, абцягнуты белай тканінай, ложак з паліраванага капа (нарасту на бярозе), кутняя шафа з белай мармуровай панэллю, невялікая пафарбаваная канапа з блакітна-белай адамашкавай абіўкай, два белыя лакірованыя крэслы з падлакотнікамі, абцягнутымі белым адамашкам і пяць сталоў, чатыры з якіх - чырвонага дрэва, некаторыя ўпрыгожаныя бронзавымі элементамі, і пяты стол з таніраванай вольхі з чорнай скураной стальніцай. Падлога перад ложкам заслана каляровым, верагодна, усходнім дываном. Сярод твораў мастацтва меўся партрэт гетмана Тышкевіча і шэсць карцін рознага памеру. Гасцёўня таксама была ўпрыгожана трыма фаянсавымі вазонамі - з іх два пазалочаны а трэці ў кветкі на белым фоне. Далей ідуць дзве "фігуры", адна гіпсавая, устаноўленая на белым лакіраваным драўляным пастаменце, другая белая, на круглым пастаменце, які трымаюць якары. Лакіраваная лямпа на бронзавым пастаменце. Шкляны падсвечнік у аправе з пазалочанай бронзы, і нейкая, верагодна, асабліва каштоўная парцалянавая філіжанка з двума вушкамі, вечкам і пазалочаным сподкам.
Сцены суседняй спальні ў 1826 г. былі абцягнуты сінімі шпалерамі з каляровай аблямоўкай, а ў 1866 г. - новымі, зялёнымі ў лісце. Падлога, падобная як у суседнім пакоі. Люстэрка у пафарбаваных рамах, першапачаткова складалася з чатырох частак і стаяла на пастаменце. Пазней было заменена на іншае, у пазалочанай раме, вісела ўжо на сцяне.
Першапачатковы жалезны ложак быў заменены на паліраваны двухспальны з паліраванага капа. З іншай мэблі мелася альховая канапа і чатыры пафарбаваныя, абабітыя блакітна-белай льняной тканінай крэслы, а таксама два столікі. Тут вісела больш за дваццаць карцін, апісаных у першым інвентары як "гравюры на медзі", а ў другім, як "ландшафты тушшу". Чацвёрты і апошні ў правай анфіладзе кутні пакой, служыў гардэробнай і таму ў сваёй аздобе нічым не вылучаўся, тым не менш, быў стыльна абстаўлены.
У левай пярэдняй анфіладзе меліся тры вялікія пакоі, пазначаныя ў 1866 г. як: зялёны пакой, сталовая і кутні пакой. "Зялёны" пакой прылягаў да галоўнай залы і атрымаў сваю назву з-за колеру шпалераў з узорамі. У 1826 г. тут мелася крыштальная жырандоля ў пазалочанай бронзавай аправе з чатырма падсвечнікамі, а на сцяне вісела разьбяное люстэрка.
У 1826 г. сталовая мела лакіраваныя сцены колеру перлы, крыштальную жырандолю на шэсць свечак і пару пазалочаных бронзавых насценных жырандолей. Над камінам месцілася люстэрка з шасці частак у разьбяных, лакіраваных пад перлу рамах. Сярод іншага, тут меліся дзве канапы сніцарскай работы, пакрытыя белым лакам і пазалочаныя, з кармазынавымі матрацамі ў пунсовыя кветкі, квадратны стол з чырвонага дрэва з бакавымі панелямі і другі, круглы з таго ж самага дрэва, два сталы з чырвонага дрэва з шуфлядкамі і стальніцамі, абабітымі зялёным сукном, дзесяць пафарбаваных белым лакам крэслаў з пазалочанымі падлакотнікамі, абабітыя турэцкай тканінай кармазынавага колеру ў пасы, і, нарэшце, шырма для каміна з чырвонага дрэва з зялёнай кітайкі (кітайскай баваўнянай тканінай). Упрыгожванне пакоя складалася з наступных прадметаў: гадзіннік з курантам на пастаменце з чырвонага дрэва з пазалочанай фігурай і дзесяццю вальцамі, тры парцалянавыя вазоны ў пазалочаныя кветкі, два пазалочаныя бронзавыя падсвечнікі і дзесяць карцін.
Апошні "кутні" пакой у левай пярэдняй анфіладзе, з адным акном у фасаднай сцяне і другім у бакавой, першапачаткова служыў канцылярыяй і таму меў уваход толькі з сярэдняга калідора. У 1826 г. ён быў абабіты "каляровым кардонам", а ў 1866 г. - палатном у кветкі. Там меўся жалезны камін і сходы, якія вялі прама ў камору на паддашку. Згодна з ранейшым інвентаром, у гэтым пакоі было шмат мэблі: стол з трыма шуфлядкамі і малы раскладны столік, абодва абшытыя шпонам пад чырвонае дрэва, пафарбаваная канапа з вольхі, абабітая блакітна-белай льняной тканінай у клетку, канторка з чырвонага дрэва з шуфлядкамі і адкідной дошкай, упрыгожаная бронзавымі элементамі, абшытая шпонам кніжная шафа з таніраванай алешыны з пяццю полкамі, пафарбаваны шэзлонг, абабіты, як канапа, чатыры меншыя белыя лакірованыя крэслы і адно большае сніцарскай работы, абабітае блакітна-белай льняной тканінай, а таксама шостае з абцягнутымі скурай поручнямі, якое выкарыстоўвалася цырульнікам. На сценах пакоя віселі восем карцін і пяць гравюр. Сярод іншых мастацкіх прадметаў меліся два круглыя фаянсавыя вазоны з вечкамі ў кветкі на белым тле, гіпсавы бюст на пазалочаным пастаменце і некалькі канцылярскіх дробязяў.
Больш багата ўпрыгожаныя прадстаўнічыя пакоі знаходзіліся ў анфіладзе з боку саду. Яе цэнтр займала вялікая квадратная зала з закругленымі кутамі, асветленая трыма вокнамі, якія выходзілі на садовую тэрасу. У абодвух інвентарах пакой называўся "більярднай". Нягледзячы на тое, што ён меў прамое злучэнне з галоўнай уваходнай залай, быў аддзелены ад яе невялікім цёмным перадпакоем. У 1826 г. більярдная мела абіўку з "кітайскай паперы". У другой палове XIX ст. гэтая абіўка была заменена іншай, таксама папяровай, "светлай у кветкі", якая захавалася да 1939 г. Ніз сцен быў абшыты лакіраванымі панэлямі, а абіўка мела залатое аблямаванне. Уздоўж столі праходзіла паласа ляпніны. Насупраць цэнтральных дзвярэй знаходзіўся белы лакірованы камін. Усю сцяну над камінам займала падвойнае люстэрка, апраўленае ў вузкія пазалочаныя ляпныя рамы. Прамавугольная прастора над люстэркам была запоўнена барэльефамі ў цэнтры якіх знаходзіўся авальны пазалочаны медальён з выявай купідона на калясніцы, запрэжанай козамі. Над медальёнам меўся гарызантальны карніз, а пад ім тры пазалочаныя галовы авечак, злучаныя гірляндай. Два іншыя люстэркі, апраўленыя ў багатыя рамы, былі размешчаны ў прамежках паміж вокнамі. Іх вянчалі панелі з барэльефамі скрыжаваных калчанаў, лукаў, стрэлаў, паходняў і раслінаў, перавязаных стужкамі і гірляндамі з кветак. Стоячы перад камінам, справа ад вас знаходзілася паўкруглая ніша, у якой стаяла печ на ножках, зробленая з кафлі колеру селадону. Злева ад каміна знаходзіліся багата ўпрыгожаныя дзверы ў прадпакой, увянчаныя паўкруглымі гладкімі супрапортамі18 са сціплай пазалочанай гірляндай уверсе. На супрапорце мелася выява класічнай, таксама пазалочанай, вазы. Са столі звісала люстра з дванаццаццю свечкамі. Дзверы, якія вялі ў самы блізкі ў левай анфіладзе "другі зялёны пакой" а таксама на права, у "другую гасцёўню", былі ўвянчаны прастакутнымі супрапортамі. На пазалочаных круглых медальёнах, апраўленых з абодвух бакоў у галінкі, размешчаных на супрапортах, адлюстроўваліся сцэны гульняў купідонаў. Сярэдзіну гладкай столі займала круглая разетка з белага тынку. У адпаведнасці са сваёй назвай і прызначэннем, у гэтым пакоі стаяў більярдны стол з чырвонага дрэва, упрыгожаны бронзавымі элементамі. Для іншых забаў меліся шахматная дошка і "перспектыва з чырвонага дрэва з люстэркам". У 1826 г. з мэблі яшчэ былі чатыры круглыя стала з шуфлядкамі, два паўкруглых стала сніцарскай работы з белымі мармуровымі стальніцамі і адзін для кветак "з шуфлядкамі". Таксама мелася дзевяць крэслаў з падлакотнікамі, пакрытых белым лакам і пазалотай, абабітых турэцкім кармазынам. Камін засланяўся белай атласнай шырмай у арэхавых рамах з бронзавымі ўстаўкамі. Більярдную ўпрыгожвалі шэсць карцін рознага памеру, два белыя алебастравыя вазоны з вечкамі і чатыры чорныя бронзавыя бюсты на каміннай паліцы.
Першая ў правай анфіладзе з бока саду "другая гасцёўня", якая прылягала да бібліятэкі, мела ў 1826 г. "папяровую абіўку селадонавага колера" з узорам і белы, лакірованы камін. У 1866 г. гэты пакой ужо быў абабіты зялёным адамашкам, у адным з кутоў меў камін з белага мармуру, а ў процілеглым куце печ з гербам Тышкевічаў, падобную да той, якая была ў більярднай. Ніжнюю частку сцен пакрывалі белыя панелі, а абіўка сцен была апраўлена пазалочанымі ліштвамі, шырэйшымі, чым у більярднай. Уздоўж столі праходзіў вузкі, гладкі, белы карніз. Высокае, складзенае з чатырох частак люстэрка, месцілася паміж вокнамі і было ўвенчана ў верхняй частцы пласцінай з дзвюма скрыжаванымі харугвямі і гетманскай булавой. Па баках булавы меліся элементы герба Тышкевічаў, а менавіта паўмесяц і зорка. Над другім, большым люстэркам з шасці частак над камінам, у разьбянай, пакрытай белым лакам драўлянай раме, вісеў круглы медальён з выявай купідона, які распальвае агонь. Авальныя медальёны мелі выявы са звязанымі стужкай, скрыжаванымі стрэламі, калчанамі, шаблямі, сцягамі і г. д. якія запаўнялі супрапорты над дзвярнымі праёмамі. У "другой гасцёўні" стаялі два сталы, упрыгожаныя бронзай, адзін пазалочаны, паўкруглы з белай мармуровай стальніцай, другі з таніраванай вольхі з ножкамі з чырвонага дрэва. Далей стаялі дзве белыя лакірованыя канапы, дзве малыя канапы і шэсць крэслаў з падлакотнікамі, усе абабітыя зялёным, у кветкі, адамашкам. Тут жа стаяў музычны інструмент, зроблены з таніраванага дубу. На сценах віселі вялікія віды Варшавы і дзве малыя карціны нявызначанай тэматыкі. Пара бронзавых пазалочаных падсвечнікаў, "падобных на вазоны", а таксама дзве малыя фаянсавыя вазы і адна з малюнкам навальніцы, дапаўнялі ўбранне пакоя.
Наступным у правай анфіладзе з боку саду знаходзіўся "другі спальны пакой". У 1826 г. ён быў абабіты сіняй паперай з узорам і меў камін пафарбаваны белым лакам. У 1866 г. абіўка стала больш вытанчанай, з зялёнага адамашку. Звяртала ўвагу прыгожае навершша люстэрка над камінам, першапачаткова апраўленае ў разьбяныя і лакіраваныя драўляныя рамы, а пазней убудаванае ў сцяну. Гэтае навершша-барэльеф мела выяву Афрадыты, якой купідон прапануе яблык, і месцілася ў прамавугольным полі пад выступаючым карнізам, які трымаўся на кансолях. На падобным па форме полі ў адной з супрапортаў, меўся іншы барэльеф, з кошыкам кветак у цэнтры, акружаны вянком паміж дзвюма скрыжаванымі пальмавымі галінамі. Над гэтым барэльефам таксама быў карніз з падвойным радам караляў паміж кансолямі. Белыя лакірованыя дзверы мелі пазалоту. Бронзава-крыштальная жырандоля на чатыры свечкі дапаўняла мэбліроўку пакоя. Перасоўная мэбля гэтага пакоя, як і ва ўсіх астатніх, паступова змянялася. У 1866 г. яна складалася з: паліраванага ложка з капу, канапы абабітай зялёным адамашкам, якая раскладалася ў ложак, невялікага століка з чырвонага дрэва з бронзавым аздабленнем, гэты столік меў шафку з дзверцамі і стаяў каля ложка. Меўся яшчэ адзін столік, таксама з чырвонага дрэва, авальны, на дзвюх ножках і некалькіх крэслаў, абабітых адамашкам.
Гэты пакой быў упрыгожаны алейным партрэтам караля Станіслава Аўгуста і дзвюма фаянсавымі вазамі на каміннай полцы. У 1826 г. мэблі і прадметаў мастацтва стала значна больш, у тым ліку з'явіўся венскі раяль з чырвонага дрэва, камод з чырвонага дрэва, ўпрыгожаны бронзай, вялікая шафа з чырвонага дрэва з бронзай і іншыя рэчы. Тут жа стаяў бронзавы парыжскі гадзіннік з трыма статуэткамі.
(Працяг у наступным нумары.)
Кожную пятніцу - роднае, сваё!
Традыцыйнай цацкай у быце беларускай вёскі з даўніх часоў была лапіковая лялька. Дарослыя заахвочвалі дзяцей самім рабіць, а потым гуляць у лялькі.
Такім чынам старэйшае пакаленне перадавала малодшаму навыкі сямейных адносін і жыццёвы вопыт.
У аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры дзяржаўнай установы "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" прайшоў цікавы занятак з вучнямі Лідскай СШ па стварэнні лапіковай лялькі-веснавушкі.
ТК "Культура Лідчыны".
Герб горада Ліды, наданы 17 верасня 1590 г.
