Папярэдняя старонка: 2026

Наша слова.pdf № 16 (225) 


Дадана: 22-04-2026,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 16 (225), 22 красавіка 2026.

Зьніч - знак памяці і любові. Традыцыі Радаўніцы ў маленькай вёсачцы Стаўпецкага раёна

У Стаўпецкім раёне Менскай вобласці размешчана невялікая вёска Васілеўшчына. Пачатак яе знаходзіцца прама каля дарогі, аднак калі рушыць углыб, то воку адкрываюцца прыгажосці - маляўнічыя палі, возера, лясныя рэкі, маленькія балоты. Ніхто не ведае дакладнай даты заснавання, па падліках мясцовых, вёска існуе ўжо больш за 150 гадоў.

Людміла Бычынская жыве побач з могілкамі і з асаблівай увагай ставіцца да свята Радаўніцы. "На Вялікдзень нельга наведваць магілы, таму менавіта ў дзень Радаўніцы мы прыходзім на могілкі. Мы паважаем памяць нябожчыкаў, молімся за іх і чакаем сустрэчы", - адзначыла яна. Людміла аддае перавагу правілу не прыносіць ежу на магілы, тлумачачы, што ў яе сям'і на працягу пакаленняў уладкоўвалі трапезы непасрэдна на могілках. Яна сама не падтрымлівае гэтую традыцыю і не перадае яе сваім дзецям. "Мы можам, вядома, прынесці чырвонае яечка і пакачаць яго, але не пакідаць там. Царква вучыць нас, што гэта не трэба, - дадала яна. - Перш за ўсё мы прыходзім да магілы і вымаўляем: "Хрыстос уваскрос", на што памерлыя адтуль "адказваюць": "Сапраўды ўваскрос". Таксама мы трохкратна спяваем галоўны велікодны спеў "Хрыстос воскресе з мёртвых...". Але самае галоўнае для нас - сабрацца ўсім разам у храме і пабыць на службе".

На могілках у Васілеўшчыне можна сустрэць людзей усіх узростаў: ад самых юных да пажылых, як у адзіночку, так і вялікай сям'ёй. Крысціна Ждановіч са сваім мужам Аляксандрам прывяла з сабой дзяцей, у яе іх трое. Яна лічыць важным перадаваць традыцыю даглядаць магілы з ранняга ўзросту. "Гэта свята - яшчэ адна нагода ўспомніць нябожчыкаў і ўшанаваць іх памяць, магчымасць сустрэцца са сваімі сёстрамі і братамі, дзядзькамі і цёткамі. Сёлета так супала, што маёй бабулі ў дзень Радаўніцы спонілася 90 гадоў з дня нараджэння. Дзеці, нажаль, не ведалі яе, але яны ўвесь час цікавяцца гісторыямі з яе жыцця і тым, якой яна была. Я імкнуся ім распавядаць як мага больш - у дзяцінстве ўсё лета праводзіла ў бабулі, яе хата знаходзіцца ў іншым канцы вёскі. Дагэтуль памятаю смак ранішніх бліноў і тое, якімі асаблівымі былі смятана і малако ад нашай каровы", - падзялілася Крысціна.

Пакуль яна ставіла зьніч на магіле бабулі, дзеці адышлі разглядаць каменныя пахаванні наводдаль. "Глядзіце, 1897 год. Гэты самая старая дата, якую мы тут бачылі", - выклікнула Сцяфанія, дачка Крысціны, паказваючы на старадаўнюю надмагільную таблічку. Мама прывучыла яе даглядаць не толькі свае магілы, але і клапаціцца пра тыя, якіх няма каму дагледзець. Таму Сцеша разам з дзецьмі з суседніх хат узялі венікі і пачалі чысціць зямлю ад апалага лісця і галінак. І ўсяроўна, хто пахаваны на гэтых участках, таму што ў Васілеўшчыне ніхто не дзеліцца на чужых і сваіх - усё адзін аднаму дапамагаюць...

БелТА.

XIII Лідскія чытанні "Адметнасці прыроды Лідскага краю"

Рэспубліка Беларусь - унікальная краіна, дзе прырода і чалавек існуюць у гармоніі. Лідскі край па-асабліваму ўпрыгожвае нашу Радзіму. На сённяшні дзень наша агульная задача - захаваць багацце роднай прыроды і перадаць яго нашчадкам.

З гэтай нагоды 16 красавіка ў ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы" прайшла навукова-практычная канферэнцыя "XIII Лідскія чытанні", прысвечаная тэме "Адметнасці прыроды Лідскага краю".

Мерапрыемства традыцыйна аб'яднала даследчыкаў, краязнаўцаў і эколагаў для абмеркавання прыроднага багацця рэгіёна. З дакладамі выступілі: Швед Ірына Юзэфаўна, навуковы супрацоўнік ДУ "Лідскі гісторыка-мастацкі музей" - "Аналіз клімату Лідчыны ў разрэзе стогадовага метэаназірання. Вясна ''; Сідарэйка Сяргей Генадзьевіч, вядучы інжынер аховы і абароны лесу дзяржаўнай лесагаспадарчай ўстановы "Лідскі лясгас" - "Дакудаўскі заказнік: прыродная спадчына Беларусі пад абаронай ", "Парк Гарні - унікальны батанічны помнік прыроды Беларусі "; Калала Паліна Сяргееўна, студэнтка ДУ "Лідскі каледж ГрДУ імя Янкі Купалы" - "Асаблівасці жывёльнага свету ў Лідскім краі"; Анашкевіч Наталля Мікалаеўна, настаўнік рускай мовы і літаратуры ДУА "СШ № 11 г. Ліды імя Н.І. Паповай" - "Феномены зімы і вясны ў творчасці рускамоўных паэтаў Лідскага краю"; Ярошка Таццяна Іосіфаўна, метадыст дзяржаўнай ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі "Лідскі раённы цэнтр экалогіі, турызму і краязнаўства" - "Зялёная аптэка роднага краю: інтэграцыя рэгіянальнага кампаненту ў навучальны працэс праз стварэнне і вывучэнне музейнай экспазіцыі лекавых раслін ", Алефяровіч Мацвей, навучэнец 9 А класа ДУА "Сярэдняя школа № 11 г. Ліды імя Н.І. Паповай" - "Тэма прыроды ў творчасці лідскай паэтэсы Таццяны Іванаўны Сямёнавай "; Суднік Станіслаў Вацлававіч, пісьменнік, краязнавец г. Ліды - "Станіслаў Баніфацый Юндзіл - першы батанік Беларусі "; Курбыка Галіна Раманаўна, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы" - "Агляд інфармацыйнага буклета "Чырвоная кніга Лідскага раёна"".

На тэрыторыі Лідскага раёна размешчаны тры асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі: біялагічны заказнік рэспубліканскага значэння "Дакудаўскі", гідралагічны заказнік мясцовага значэння "Бярэзіна", батанічны помнік прыроды мясцовага значэння "Парк Гарні". Кожны - адметнасць нашага краю, пра якую выступоўцы данеслі актуальную і цікавую інфармацыю.

Дакладчыкі падзяліліся навуковымі дадзенымі, ідэямі і праектамі, якія дапамогуць у захаванні і рацыянальным выкарыстанні прыродных багаццяў рэгіёна. Выступы і дыскусіі пацвярдзілі, што прырода Лідчыны - сапраўдная каштоўнасць, якую неабходна ахоўваць і захоўваць для будучых пакаленняў.

Высновы, зробленыя на навукова-практычнай канферэнцыі, дапамогуць у развіцці экалагічных ініцыятыў, павышэнні экалагічнай свядомасці і ўмацаванні любові да роднай зямлі.

Бібліятэкар АБМ, СКД і МР ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Я. Купалы" Кацярына Станіславаўна Сандакова.

Алег Дзярновіч пра замкі Гедыміна

18 красавіка 2026 года ў сценах Лідскага замка адбылася ўнікальная дыялогавая пляцоўка "Замкі Гедыміна: каменныя сведкі эпохі (агульнае і рознае)".

У Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных месцаў перад гасцямі замка выступіў вядучы навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі АН Беларусі IX - XVIII стст. і археаграфіі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Алег Іванавіч Дзярновіч. Ён распавёў пра падабенствы і адрозненні знакамітых замкаў Гедыміна: Лідскага, Крэўскага і Медніцкага, іх гісторыі і рэканструкцыі! Алег Дзярновіч - рухальная сіла вывучэння, рэканструкцыі і музеефікацыі Крэўскага замка, таму добра абазнаны ў гісторыі Лідскага і Медніцкага замка, якія пабудаваны практычна ў адно дзесяцігоддзе з Крэўскім і адносяцца да аднаго тыпу - да тыпу замкаў-кастэляў.

ТК "Культура Лідчыны".

Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцін у Лідскім музеі

18 красавіка ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцін.

У ДУ "Лідскі гісторыка-мастацкі музей" да гэтай даты былі арганізаваны экскурсіі "Павятовы горад Ліда", "Сучаснае мастацтва краю". У наведвальнікаў музея была магчымасць завочна пападарожнічаць па вуліцах Ліды канца ХІХ - пачатку ХХ ст. і ўбачыць найбольш значныя помнікі архітэктуры - Лідскі замак, сабор Міхаіла Арханёла, касцёл Узвіжання Святога Крыжа і іншыя мясціны рэгіёна. Гэты дзень дае нам магчымасць яшчэ раз нагадаць пра каштоўнасць спадчыны нашай Лідчыны.

ТК "Культура Лідчыны".

Пісьменнікі сустрэліся з памежнікамі

14 красавіка 2026 года адбылася чарговая творчая сустрэча паэтаў Лідскага літаратурнага аб'яднання "Суквецце " з вайскоўцамі пагранічных застаў Сурвілішкі, Суботнікі і Геранёны.

Слухачы з Лідскага памежнага атрада змаглі пазнаёміцца з творчасцю Маркевіч Ірыны Уладзіміраўны і Глініна Уладзіміра Ігаравіча, паслухаць іх творы ў асабістым выкананні аўтара, пагартаць старонкі зборнікаў вершаў "Даверлівы дыялог" і "Жыццё віруе" Маркевіч Ірыны Уладзіміраўны. Сустрэчы прайшлі ў сяброўскай атмасферы. Прагучала шмат патрыятычных вершаў, вершы пра радзіму, каханне, філасофская лірыка.

ТК "Культура Лідчыны".

Пісаў пра Сінія Брады і Гарынь

17 красавіка споўнілася 90 гадоў з дня нараджэння паэта і перакладчыка Міхася Рудкоўскага (1936-1991).

Нарадзіўся паэт у вёсцы Востраў Лунінецкага павета Палескага ваяводства (цяпер Ганцавіцкага раёна Берасцейскай вобласці) у сялянскай сям'і. У школу пайшоў пасля вызвалення краю ад нямецка-фашысцкай акупацыі ў 1944 годзе, вучыўся вельмі добра. У чацвёртым класе пачаў складаць вершы, якія надрукавала газета "Піянер Беларусі".

Пасля заканчэння Востраўскай васьмігадовай школы Міхаіл Рудкоўскі вырашыў стаць настаўнікам і паступіў у Ганцавіцкае педагагічнае вучылішча. Неўзабаве, калі вучылішча ў Ганцавічах было ліквідавана, яго перавялі ў аналагічную ўстанову ў тады яшчэ абласным Пінску. Пасля заканчэння вучылішча некаторы час настаўнічаў у Кукаўскай сямігодцы і адначасова працягваў вучобу на філалагічным факультэце Берасцейскага педагагічнага інстытута.

Захапленне паэзіяй і літаратурай, наогул, жаданне пісаць самому прывяло Міхася Рудкоўскага ў 1958 годзе ў рэдакцыю ганцавіцкай раённай газеты "Сялянская праўда", у якой і былі апублікаваны яго першыя вершы. На той час у рэдакцыі працаваў у будучым вядомы журналіст і пісьменнік Васіль Праскураў, які стаў для маладога паэта лепшым дарадцам і настаўнікам, а работа ў рэдакцыі была першай літаратурнай школай.

Атрымаўшы дыплом настаўніка беларускай мовы і літаратуры, Міхась Рудкоўскі ў 1962 годзе пераехаў у Берасце і працяглы час працаваў рэдактарам літаратурна-драматычных і музычных праграм абласной студыі тэлебачання. Працягваў пісаць свае вершы - самабытныя і непадобныя на творы іншых паэтаў. Сябраваў з многімі берасцейскімі літаратарамі: Анатолем Гараем, Нінай Загорскай (яны працавалі на Берасцейскай тэлестудыі), Леанідам Філатавым, Яраславам Пархутам, Сцяпанам Крывалём, Уладзімірам Гніламёдавым.

Першы паэтычны зборнік Міхася Рудкоўскага выйшаў у 1963 годзе пад назвай "Першыя вёрсты", быў адразу заўважаны майстрамі слова і аматарамі паэзіі. Пасля выхаду другога зборніка "Сінія Брады" (1967) паэта прынялі ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Наступныя кнігі: "Позвы" (1971), "У краі тым" (1975), "Векавечная Бацькаўшчына" (1976), "Трыгор'е" (1981), "Засцярога" (1984), зборнік выбранай лірыкі "Залатазвон" (1986).

Міхась Рудкоўскі быў сапраўдным майстрам паэтычнага слова. Улюблёны ў сваю зямлю, яе людзей, большасць сваіх твораў Міхась Рудкоўскі прысвяціў Берасцейска-Пінскаму рэгіёну і яго людзям. Аднак лірыка паэта выходзіць далёка за межы рэгіёна, і яе можна смела аднесці да агульнанацыянальнай, а ўся каштоўнасць яе заключаецца ў тым, што яна пра нашу родную маці Беларусь. Быў вядомы не толькі як паэт, але і перакладчык з украінскай, рускай і польскай моў.

Апошні, пасмяротны ўжо зборнік "Гарынь" выйшаў у 1992 годзе. Аднак, сігнальны экзэмпляр кнігі ўжо цяжка хворы паэт трымаў у руках. Яго прыслалі з выдавецтва "Мастацкая літаратура", калі паэт гартаць і чытаць ужо не мог. Ён трымаў свой апошні зборнік і, паднёсшы да твару, удыхаў пах свежай друкарскай фарбы.

Міхась Рудкоўскі памёр 7 ліпеня 1991 года. Пахавалі паэта ў роднай вёсцы Востраў, якую ён апеў у сваіх творах:


Ёсць Востраў у мяне.

З нягод і скрух

Я да яго лячу,

як да святыні:

Ён даў дыханне мне,

і зрок, і імя….


На малой радзіме паэта створаны літаратурны музей, экспазіцыя якога расказвае аб жыцці і творчасці слыннага земляка. У Востраве і Ганцавічах яго імем названы вуліцы. У Берасці, на доме, дзе ён жыў (вул. Маскоўская, 332), устаноўлена мемарыяльная дошка.

Паводле СМІ.

Першы прэзідэнт НАН Беларусі

19 красавіка споўнілася 145 гадоў з дня нараджэння першага прэзідэнта Нацыянальнай Акадэмі навук Беларусі, вучонага-гісторыка, акадэміка Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі і Акадэміі навук Украіны Усевалада Ігнатоўскага (1881-1931).

Усевалад Ігнатоўскі нарадзіўся ў вёсцы Такары Берасцейскага павета Гарадзенскай губерні (цяпер Камянецкага раёна Берасцейскай вобласці) у сям'і настаўніка народнага вучылішча, які потым прыняў сан святара.

Каб працягнуць бацькаў шлях Усевалад Ігнатоўскі паступіў у Віленскую духоўную семінарыю, але за ўдзел у рэвалюцыйных выступленнях яму пагражала выключэнне з семінарыі, таму ён перавёўся ў Магілёўскую духоўную семінарыю, якую скончыў у 1902 годзе. Паступіў у Пецярбургскі гісторыка-філалагічны ўніверсітэт, аднак за ўдзел у антыўрадавых дэманстрацыях і распаўсюджванні пракламацый быў высланы ў Аланецкую губерню (цяпер Архангельская вобласць). Пасля высылкі перавёўся на трэці курс гісторыка-філалагічнага факультэта Юр'еўскага ўніверсітэта (цяпер Тартускага), які скончыў у 1911 годзе. Некаторы час працаваў настаўнікам у Віленскай прыватнай гімназіі, выкладаў гісторыю і геаграфію ў Менскім настаўніцкім інстытуце.

У 1915 годзе Усевалад Ігнатоўскі стварыў культурна-асветніцкую арганізацыю "Наш край", сябры якой ставілі сваёй задачай абуджэнне нацыянальнай свядомасці, патрыятызму. У 1917 годзе яна была пераўтворана ў арганізацыю "Маладая Беларусь", якая ў сваю чаргу праз тры гады стала Беларускай камуністычнай арганізацыяй, якую ўзначаліў Усевалад Ігнатоўскі.

У снежні 1920 годзе Усевалад Ігнатоўскі прымаў удзел у падпісанні "Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь". У 1921 годзе ён адмовіўся ўдзельнічаць у рабоце савецкай дэлегацыі на падпісанні Рыжскага міру, які лічыў ганебным і непрымальным для Беларусі.

З канца 1920-х гадоў Усевалад Ігнатоўскі, як народны камісар асветы, актыўна займаўся пытаннямі яшчэ не афіцыйнага працэсу беларусізацыі, шмат сіл і энергіі патраціў на арганізацыю, станаўленне і развіццё Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе займаў пасады дэкана факультэта грамадскіх навук і педагагічнага факультэта, намесніка рэктара. Пры непасрэдным удзеле Усевалада Ігнатоўскага ў 1922 годзе быў адкрыты Інстытут беларускай культуры, які ў 1928 годзе рэарганізаваны ў Беларускую Акадэмію навук. Усевалад Ігнатоўскі стаў першым яе прэзідэнтам.

Пры ўсёй службовай занятасці вучоны знаходзіў час для распрацоўкі тэарэтычных праблем гістарычнай навукі. Ён з'яўляецца аўтарам больш за 30 прац па гісторыі і культуры Беларусі. Працы "Кароткі нарыс Беларусі" (1919), "Кароткі нарыс нацыянальна-культурнага адраджэння Беларусі" (1921), "Матывы лірыкі беларускага песняра М. Чарота" (1922), "Гісторыя Беларусі ў XIX - пачатку XX стагоддзя" (1923), "Каля магілы барацьбіта" (1927) з'яўляліся асноўнымі падручнікамі ў вышэйшых навучальных установах. Праца "1863 год на Беларусі" (1930) - першае грунтоўнае беларускае даследаванне паўстання 1863-1864 гадоў, дзе вылучаецца асоба Кастуся Каліноўскага і даецца ацэнка яго дзейнасці.

Рэпрэсіі 1930-х гадоў не маглі не зачапіць ідэолага беларусізацыі. Пачалася актыўная крытыка гістарычных поглядаў Усевалада Ігнатоўскага, беспадстаўныя абвінавачванні. 26 снежня 1930 года яго знялі з пасады прэзідэнта Акадэміі навук і выключылі з партыі. 4 лютага 1931 года Усевалад Ігнатоўскі, не вытрымаўшы нападак, скончыў жыццё самагубствам. Пахаваны на Вайсковых могілках у Менску. Рэабілітаваны ў лістападзе 1990 года.

Усевалад Ігнатоўскі - адзін з найбольш актыўных дзяржаўных дзеячоў, якія аказалі значны ўплыў на развіццё беларускай навукі, культуры, адзін з першых, хто не саромеўся называць сябе беларусам. Вучоны заўсёды быў верны сваім поглядам, светаадчуванню. Яго талент, любоў да роднай зямлі, адказнасць за лёс беларускага народа справядліва заслугоўваюць высокія ацэнкі. У знак павагі і ўдзячнасці на былым будынку Інбелкульта ў Менску ўстаноўлена мемарыяльная дошка (1991), адной з вуліц Менска прысвоена яго імя. На радзіме Усевалада Ігнатоўскага ў вёсцы Такары закладзена рабінавая алея і ўстаноўлены памятны знак. Імя Усевалада Ігнатоўскага прысвоена Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэцы, на яе будынку ўстаноўлена мемарыяльная дошка. Янка Купала прысвяціў Ігнатоўскаму верш "Наш летапісец".

Паводле СМІ.

БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

Колеры, афарбоўкі і масці ў Лідзе і ў астатняй Беларусі

Станіслаў Суднік

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)


Афарбоўкі і масці жывёлаў


Пароды сабак

Вест кантры хар'ер (Самерсет хар'ер)

6 - Ганчакі і сваяцкія пароды, Вялікабрытанія

Вест-хайленд-уайт-тэр'ер

3 - Тэр'еры, Вялікабрытанія (Шатландыя)

Вестфальскі таксападобны ганчак

6 - Ганчакі і сваяцкія пароды, Германія

Вестфальскі тэр'ер

Не прызнаны МКФ, Германія

Ватэрхун

8 - Рэтрыверы, спаніелі і вадзяныя сабакі, Нідэрланды

Воўчы сабака Сарласа

1 - Сабакі-пастухі і быдлагонныя сабакі, акрамя швейцарскіх быдлагонных сабак, Нідэрланды

Вялікі англа-французскі бела-чорны ганчак

6 - Ганчакі і сваяцкія пароды, Францыя

Вялікі англа-французскі рыжа-пегі ганчак

6 - Ганчакі і сваяцкія пароды, Францыя

Вялікі англа-французскі трохколерны ганчак

6 - Ганчакі і сваяцкія пароды, Францыя

Вялікі вандэйскі басет-грыфон

6 - Ганчакі і сваяцкія пароды, Францыя

Вялікі вандэйскі грыфон

6 - Ганчакі і сваяцкія пароды, Францыя

Вялікі мюнстэрлендар

7 - Выжлы, Германія

Вялікі французскі брак

7 - Выжлы, Францыя

Вялікі швейцарскі зененхунд

2 - Пінчары і шнаўцары, малосы, горныя і швейцарскія быдлагонныя сабакі, Швейцарыя

Гаванскі бішон ці хаванез

9 - Дэкаратыўныя і сабакі-кампаньёны, Куба

Галандская аўчарка

1 - Сабакі-пастухі і быдлагонныя сабакі, акрамя швейцарскіх быдлагонных сабак, Галандыя

Галандскі смаўсхонд

1 - Сабакі-пастухі і быдлагонныя сабакі, акрамя швейцарскіх быдлагонных сабак, Галандыя

Галісійскі брак

Не прызнаны МКФ, Іспанія

Гамільтонсцёварэ

6 - Ганчакі і сваяцкія пароды, Швецыя

Гампр (Армянскі ваўкадаў)

Не прызнаны МКФ, Арменія

Гановерскі ганчак

6 - Ганчакі і сваяцкія пароды, Германія

(Працяг у наступным нумары.)

Згукі Дня беларускага пісьменства ў Лідзе

У ЦЯНІ ЗАМКА ГЕДЫМІНА

Успаміны дзяцінства*

Я. Ярмант

(Заканчэнне. Пачатак у папярэдніх нумарах.)


Аднойчы халоднай зімовай раніцай (19 студзеня 1944 года) пані Аляксандра Галоўкіна, якая жыла ў Вісьмантах насупраць каталіцкіх могілак, са здзіўленнем выявіла знікненне брамкі з плота каля хаты. З яшчэ вялікім здзіўленнем убачыла яе ляжаўшай далей на сенажаці. Мабыць, яе выкарыстоўвалі для пераходу цераз балота збеглыя з турмы, партызаны з АК. Менавіта ў гэтую ноч з 18 на 19 студзеня, партызаны вызвалілі з Лідскай турмы 69 сваіх людзей. Турма знаходзілася на вуліцы Сыракомлі, каля чыгункі. Уцекачы сыходзілі праз могілкі і сядзібу пані Аляксандры ў бок Лідзейкі. Немцы не прадпрымалі рэпрэсій супраць насельніцтва. Можа таму, што партызаны пакінулі ў жывых каменданта турмы Бітнера.

Раздзел XVII

Вайна ўступіла ў наступную фазу, і пачалося адступленне нямецкіх войскаў з усходу на захад. Фронт быў побач. Гэтым разам войскі ішлі проста праз Ліду. Мы баяліся апынуцца паміж уцекачамі і пераследнікамі. Уначы 7 ліпеня 1944 года з'явіліся ў нашай хаце нямецкія афіцэры, гралі на раялі, палілі цыгарэты. Амаль кожны немец быў музычным і ўмеў іграць. Яны ніяк нас не прыгняталі. На небе ў цемры адлюстроўвалася зарава - гарэла Ферма, тая, дзе жыла пані Ласкоўская і дзе пасля пажару прытулілася сям'я Цітавіцкіх.

Раніцай мы вырашылі выйсці з раёна баявых дзеянняў і аддаліцца ад галоўных камунікацый. Перад выхадам мама хацела накарміць свіней у адрынцы каля хаты, каб тыя віскам не выдалі сябе. Яны былі асновай нашага існавання. Я жудасна баялася і патрабавала ад мамы, каб яна не займалася кармленнем свіней, якія ў тую хвіліну не ўяўлялі для мяне ніякай каштоўнасці.

Мы ўсё кінулі на волю выпадку. Толькі дзядзька Саша вырашыў застацца і вартаваць маёмасць. У маіх вачах ён адразу стаў героем.

Перш мы накіраваліся ў Раслякі, дзе пераканаліся, што нашы сваякі ўцяклі адтуль за межы горада. У садзе цёткі Веры быў вялікі склеп, над зямлёй ад яго выступала толькі здзірванелае выйсце. Мы залезлі туды і са страхам чакалі нападу савецкіх войскаў. Нечакана да нас падбег нямецкі салдат, які ўвесь калаціўся. Ён нецярпліва пытаў пра чыгуначны вакзал. Вакзал знаходзіўся на іншым канцы горада, і я моцна сумнявалася, ці здолее ён туды дабегчы, не ведаючы мясцовасці.

Доўгія гадзіны мы правялі ў склепе. Тым часам мама здолела прайсці гародамі дахаты, ізноў пакарміць свіней і вярнуцца. Я дзівілася яе адвазе і самаадданасці, мяне гэтая атмасфера трывожнага чакання страшна прыгнятала.

Раптам у дзверы склепа паказаўся спачатку ўзведзены да стральбы аўтамат, а за ім малады савецкі салдат. Я пачула крык бацькі:

- Таварыш, не страляй, мы мясцовыя жыхары!

Рэакцыя бацькі была вокамгненнай і ўвянчалася поспехам. Салдат не стрэліў. Ён спусціўся на палову прыступак прыкметна супакоены. Бацька пачаставаў яго цыгарэтай.

Калі савецкія перадавыя часткі дайшлі ўжо да Раслякоў, мы вырашылі, што тут заставацца будзе небяспечна, калі немцы пачнуць супраціўляцца. Мы рушылі наперад, толькі б за горад. Сыходзілі па абочыне шашы, а прама на нас ішлі абозы савецкіх войскаў. Ехалі не спяшаючыся, вясёлыя, можа быць, п'яныя. Не выказвалі ніякай гатоўнасці да бою. Мы ішлі гужам - мама, я і бацька ззаду, ён не мог ісці з намі ў нагу. Я вельмі за яго баялася, паколькі ён быў мужчынам яшчэ не старым, але, да шчасця, ніхто не звяртаў на нас увагі.

Спыніліся мы ў першай жа вёсцы, дзе папрасіліся ў адрыну на сена. Здалёку відаць было полымя пажараў над Лідай. Увесь горад гарэў. Раніцой мы вярнуліся. Хата была на месцы, але выглядала так, як быццам хтосьці яе вельмі моцна патрос, так яна была расхістана. У сценах паміж бярвеннем з'явіліся шчыліны. На абочыне вуліцы я ўбачыла труп, які ляжаў у пыле. Гэта было страшнае відовішча. На замкавым двары з'явіліся велізарныя вырвы ад бомбаў, але самі сцены, о, цуд, стаялі цэлыя!

Мама спякла хлеб і ўручыла мне дзве вялікія буханкі. Адну з іх я павінна была аднесці пані Ласкоўскай, другая прызначалася для іншай знаёмай пані. Абедзве яны жылі на Ферме. Пані Ласкоўская ўзрадавалася хлебу. Яна сказала, што ўжо які дзень сілкуецца сухарамі. Яна выказала глыбокую ўдзячнасць маёй маме, падкрэсліўшы яе бескарыслівасць пры аказанні дапамогі людзям. Калі годам пазней пані Ласкоўская з сям'ёй з'язджала ў Польшчу, мама аднесла ім у вагон трохі прадуктаў, чым ізноў заслужыла падзяку. Калі я ўжо жыла ў Польшчы і мы з ёй сустракаліся ў Улоцлаўку, пані Ласкоўская не раз вярталася да гэтай тэмы і тлумачыла мне:

- Твая мама - выключны чалавек. Людзі звычайна дапамагаюць іншым, чакаючы чаго-небудзь наўзамен. Твая ж мама кіравалася выключна высакароднымі памкненнямі і прыносіла муку і кашу тады, калі я ўжо нічога не магла для яе зрабіць. Не шмат такіх людзей на свеце.

Пані Ласкоўская не ведала пра шматлікія пасылкі з прадуктамі, якія мама высылала ў Казахстан. Адрасатам была пані Старчэўская, жонка даваеннага паліцыянта, якая слала нам адчайныя лісты. Пасля вайны пра яе, як і пра яе дзяцей, не было ніякіх чутак. Засталіся толькі квітанцыі ад пасылак, як нямыя, але пераканаўчыя сведчанні высакароднасці маёй мамы. Дзіўна, як часта мёртвыя рэчы перажываюць сваіх стваральнікаў. Людзі сыходзяць, і рэчы могуць многае пра іх распавесці.

Выйшаўшы ад пані Ласкоўскай з другой булкай хлеба, я накіравалася да вядомай мне хаты на Ферме, каб да канца выканаць даручэнне. Якое ж было маё здзіўленне, калі замест хаткі я ўбачыла папялішча, якое дымілася, з высока тырчаўшым комінам пасярэдзіне. Я доўга стаяла ў маўчанні. Не здагадвалася, што за гэтым пажарышчам у глыбіні саду хаваецца адрасатка другой булкі, не ведаючы, што хлеб быў так блізка!

Адразу ж пасля ўтварэння Літоўскай Савецкай Рэспублікі ўлетку 1944 г. пані Эма Альтберг адправілася ў Вільню, каб паступіць на працу ў Віленскую кансерваторыю. Па хуткім часе яна даслала бацькам запрашэнне для мяне. Мабыць, я для яе ўяўляла нейкую цікавасць як вучаніца. Мае рукі адпачылі пасля кароткага перапынку ў занятках, таму я ахвотна пагадзілася ехаць.

Мая мама націснула на ўсе патрэбныя спружыны, каб дапамагчы мне выехаць. Праз знаёмых знайшла нейкі адрас у Вільні, дзе я магла спыніцца. Паколькі існавала забарона на вольнае перасоўванне паміж рэспублікамі, бацькі дасталі мне нейкае фіктыўнае камандзіровачнае пасведчанне, як падставу для пакупкі квітка. Потым заручыліся апекай знаёмага працаўніка пошты, які курсаваў у паштовым вагоне ў Вільню і назад.

Нажаль, ужо ў самым пачатку майго вандравання я сутыкнулася з цяжкасцямі і непрыемнасцямі. У паштовае памяшканне на вакзале, дзе я чакала цягнік, увайшоў патруль, забраў мяне і павёў у касу, сумняваючыся ў маім праве на перасячэнне мяжы паміж рэспублікамі. Я была абхоплена страхам, які паралізаваў, не магла разважаць лагічна і не ведаю, чым бы гэта скончылася, калі б не Гэля Далецкая. Гэля ў той час працавала ў вакзальнай касе, той самай, дзе я купіла свой квіток на падставе пропуску. Яна імгненна зарыентавалася ў сітуацыі. Пад сваю адказнасць яна знішчыла маю фальшывую камандзіроўку, растлумачыўшы свайму начальніку, што зрабіла гэта па няўвазе. Такім спосабам яна выратавала мяне ад далейшых непрыемнасцяў. Мяне пакінулі ў супакоі, і напаўжывая ад страху я ўскараскалася ў таварны вагон, які ішоў насустрач новаму этапу жыцця.

І тут таксама спрацаваў механізм выпадку.

Падобна, Гэля нават не задумвалася над тым, якую вялікую паслугу яна мне аказала. Усё ж выпадак вызначыў, што менавіта дзякуючы ёй, сяброўцы маёй сястры, я змагла выехаць у Вільню.

Я запомніла гэта сваё першае вандраванне па чыгунцы. Упершыню апынулася таксама ў кампаніі людзей новага для мяне складу з моцна развітым пачуццём гумару. Мы ехалі ў поўнай цемры седзячы на падлозе. Усе маўчалі. Толькі двое, мяркуючы па галасах маладых людзей, мужчына і жанчына вялікую частку дарогі вялі славесны двубой у жартаўлівым тоне.

Здавалася, яны гэта рабілі адмыслова для забаўкі публікі. Мяне дзівіў досціп іх рэплік. Дзяўчына была задзірліва адважнай, чым узбуджала ў мужчыны моцную цікавасць да сябе. Калі мы пад'ехалі да Вільні, ужо развіднела. Пры дзённым святле я ўбачыла гэтую дзяўчыну, якая жадала схавацца паміж пасажырамі, каб яе не пазналі. Яна была кульгавай.

Раздзел XVIII

Маё знаходжанне ў Вільні было кароткім (яно працягвалася адзін школьны 1944-45 год), але адначасова багатым на падзеі і ўражанні. Аднак усё разам, нажаль, у маёй памяці пакінула ўражанне кашмару. Што ж тут дзіўнага: апошні год вайны і першы - удалечыні ад хаты.

Горад зачараваў мяне прыгажосцю сваёй архітэктуры і свежасцю дамоў, выфарбаваных у жоўты колер фарбай пад золата. У даведніку, які ўзяла з сабой, я даведалася, што роўным Вільні па багацці архітэктуры ў першую чаргу лічыўся Кракаў. Аднак у маім уяўленні Вільня як агульнае цэлае было лепшая за старажытную сталіцу Польшчы. Чароўны светлы горад, размешчаны на гарах, са стромка бегшымі то ўгару, то ўніз вуліцамі. Крывыя і вузкія завулкі старога горада, якія часам заканчаюцца зусім глухімі гладкімі сценамі, ашаламлялі сваім зачараваннем. Таксама чароўна выдатнымі аказаліся шматлікія жамчужыны-панадворкі, якія адчыняюцца вандроўнікам пасля ўваходу пад выпадковую арку. Яны ўяўлялі сабою прыгожыя мініяцюркі замкнёнага ў сабе, асобнага свету. Гэта пані Альтберг упершыню паказала мне адзін з іх на Нямецкай вуліцы, а я ў захапленні параўнала яго з выдатнымі мелодыямі фуг Баха. З тым жа даведнікам у руках я хадзіла ад помніка да помніка, аглядала панадворкі, храмы і нават фрагменты старажытных сцен. Не магло быць ніякага параўнання з Лідай. Розніца паміж гэтымі гарадамі была падобная розніцы паміж беднай халупай і палацам.

Касцёл св. Пятра і Паўла на Антоколі, пабудаваны ў стылі барока, аказаўся самым прыгожым з калі-небудзь бачаных мною. Знадворку ён не адрозніваўся ад іншых, затое інтэр'ер выклікаў захапленне. Асабліва ўзрушаючым было падзямелле з такімі прыгожымі расліннымі і сюжэтнымі арнаментамі, якія толькі магло стварыць барока.

Касцёл св. Ганны ўдалечыні ад Замкавай гары не саступаў яму ў прыгажосці. Пабудаваны ў гатычным стылі, усярэдзіне ён не ўяўляў з сябе нічога цікавага. Затое яго вонкавае аблічча захапляла лёгкасцю і складнасцю канструкцыі. Яго франтон - гэта перапляценне лапатак і дуг, якія ўгары вольна пераходзілі ў спічастыя вежкі і стваралі незвычайны эфект. Легенда абвяшчае, што гэты касцёл так уразіў сваёй прыгажосцю Напалеона, што той захацеў узяць яго на далонь і перанесці ў Парыж.

Некалькі цэркавак у візантыйскім стылі з вежкамі ў форме цыбулін былі чароўным відовішчам. Яны дзівілі сваёй незвычайнасцю. Асабліва тыя, што на ўзгорках. Яны былі адхіленнем ад шэрых будняў. Тры белыя крыжы ўдалечыні ад замкавай гары ўзносіліся і над руінамі замка, і над усім горадам, надаючы яму непаўторную атмасферу рамантызму.

Такой жа рамантычнай была вуліца Скопаўка, на якой размяшчалася Літоўская кансерваторыя. Гэтая вуліца з'яўлялася адным з бакоў трохкутнага пляца. Самы доўгі бок трыкутніка, насупраць кансерваторыі займаў так званы дом Напалеона. Частка гэтага дома з боку ўніверсітэта была згадана Адамам Міцкевічам у "Дзядах" у сцэне з айчымам Ю. Славацкага.

Падчас ваенных дзеянняў пацярпела ўсяго некалькі вуліц, прычым, не самых каштоўных гістарычна, першым чынам вуліца Нямецкая. У параўнанні са знішчэннем Ліды, Вільня выйшла з катаклізмаў вайны амаль цэлай. Галоўныя яе помнікі засталіся некранутымі, каб цешыць позіркі наступных пакаленняў.

Кансерваторыя на вуліцы Скопаўка, куды я накіравала свае ступакі, бурліла жыццём, грукатала музыкай і спевамі. Для мяне, якая да гэтага часу займалася дома ў адзіноце, яна аказалася акном, адкрытым у свет музыкі.

Другая школа, куды я адразу ж запісалася была 5-я Віленская жаночая гімназія на вул. Вастрабрамскай, дзе выкладанне вялося на польскай мове. Яна размяшалася на верхніх паверхах будынка з правага боку капліцы. Калі я прыйшла напачатку навучальнага года, у класах яшчэ не было парт і вучаніцы самі павінны былі ісці па іх даволі далёка. Дзяўчаты весела зшыхтаваліся парамі на ходніку. Было цёпла і сонечна. Большасць ужо ведалі адна адну, пра што сведчыла ажыўленне, з якім яны размаўлялі паміж сабой. Толькі я стаяла ў канцы гэтай жывой стужкі адна, без пары.

Раптам нехта спыніўся каля мяне. Незнаёмка была трохі ніжэй ростам, мела доўгія цёмныя косы, невялікія авальныя акуляры, якія добра выглядалі на твары з белай скурай.

"Яна, відавочна, з беднай сям'і, калі так сціпла апранута, - мільганула першая думка, - таксама, як і я. Падобна, толькі з-за гэтага яна абрала ў кампанію мяне".

На тым, аднак, наша падабенства заканчвалася. Незнаёмка проста-такі выпраменьвала жыццёвую энергію, якая не давала ёй доўга знаходзіцца на адным месцы.

- Мяне завуць Генавефа Ракшэвіч, - неадкладна прадставілася яна, - а па-просту Генька.

- А я - Яўгенія. Але дома мяне клічуць Жэня, - адказала я.

- Гэта імя французскага паходжання, - тут жа заявіла Генька, таксама як Жорж паходзіць ад Георга, ці Ежы.

Я адчула павагу, да такой эрудыцыі.

- Я жыву на Лукішскай плошчы, - працягвала прадстаўляць сябе Генька, - спяваю ў хоры пры касцёле св. Якуба. Там арганістам служыць Казік Сабалеўскі, які адначасова кіруе нашым хорам. Калі хочаш, магу цябе звадзіць да нас на спробу.

- Ахвотна пайшла б з табой, - адказвала я.

- Адкуль ты? - Генька ўспомніла пра маю прысутнасць.

- З Ліды. Прыехала ў Вільню, каб вучыцца граць на раялі ў кансерваторыі і прынята ў клас пані Эмы Альтберг. У Лідзе я вучылася ў яе прыватным чынам, - растлумачыла я.

Тым часам дзяўчаты перад намі рушылі наперад, расцягваючыся па ходніку доўгаю змейкай.

- Вельмі люблю сур'ёзную музыку, - сказала Генька, - і таксама хацела б вучыцца граць на раялі, але ніколі не мела для гэтага ўмоў. Нас у сям'і сямёра, а я самая старэйшая. Мой бацька колавы майстар. Можна сказаць, што ён паходзіць па прамой лініі ад караля Пяста, - гучна засмяялася яна.

Потым яна назвала імёны ўсіх чальцоў сваёй сям'і, але я запомніла толькі сястру Ядзю, бо вельмі любіла гэтае імя.

- Я ведаю Лукішскую плошчу па штогадовых кірмашах на Казюка, - зараз я таксама хацела парысавацца перад ёй. - Перад вайной я некалькі разоў прыязджала ў Вільню з бацькамі. Мне вельмі падабаліся такія велізарныя пернікі ў выглядзе сэрца, пакрытыя рознакаляровай глазурай і з сентыментальнымі надпісамі, напрыклад "Я цябе кахаю".

- Як жа так! - засмяялася Генька. - Гэтулькі разоў была на плошчы, і мы ні разу не сустрэліся. Праўда, там падчас кірмаша такі натоўп!

- У нас у Лідзе на кірмашах замест пернікавых сэрцаў прадавалі смаргонскія абаранкі. Маленькія такія, нанізаныя на ніткі, вельмі смачныя, - распавяла я.

Нечакана Генька пачала дэкламаваць фрагмент нейкага верша.

- Чый гэты верш? - зацікавілася я. - Я ведаю на памяць амаль увсе вершы з "Кажуць стагоддзі", але гэтага не памятаю.

- А, гэта мае вершы, - нядбайна адказвала Генька. - Вельмі люблю складаць вершы, і ўжо ёсць цэлая складанка на розныя тэмы. Калі прыйдзеш да мяне, я ўсе іх табе пакажу.

Павінна прызнацца, Генька імпанавала мне такой разнастайнасцю інтарэсаў. Я яшчэ не ведала тады, ідучы ў адной пары з ёй па школьныя парты, што паміж намі ўсталюецца сяброўства, якое вытрымае ўсе будучыя ростанні.

У Вільні мы цэлы год хадзілі ў адзін клас, хоць і не сядзелі за адной партай. Яна займала месца адразу за мной. Генька часта прапускала ўрокі па сямейных акалічнасцях. Сваю адсутнасць у школе яна тлумачыла неабходнасцю прыглядаць за малодшымі братамі і сёстрамі. У той жа час яна мела актыўныя зносіны з аднагодкамі. У яе было шмат сяброў і сябровак, з якімі яна пазнаёміла і мяне. Была я таксама на хоры ў св. Якуба, дзе ўпершыню мела магчымасць прыгледзецца да аргана і ўбачыць, як на ім граюць. Дазналася, што для яго функцыянавання трэба было адначасова прыводзіць у дзеянне мяхі. Гэтую механічную працу выконваў іншы чалавек - памагаты арганіста. Пазнаёмілася з самім арганістам - Казікам Сабалеўскім.

Наогул Генька здавалася мне занадта актыўнай у параўнанні са мной і займалася занадта шматлікімі справамі адначасова. Аднак, несумнеўна, яна вылучалася яркай індывідуальнасцю.

Дрэнна мне было ў гэтай выдатнай Вільні. Не было дзе жыць, не было інструмента для практыкаванняў, і даймаў мяне голад!

Я тры разы мяняла месца жыхарства. Першы адрас мама атрымала ад нашай тагачаснай суседкі, пані Зеляневіч, якая пад канец вайны пасялілася ў напалову апусцелай хаце пані Клышэйкі. Не магла доўга ўседзець я на тым першым месцы. Цагляны дом, дзе я спынілася, быў перанаселены, непрыемны, а гаспадыня - зусім чужы мне чалавек.

Неўзабаве я перабралася ў дом пані Ясі, які знаходзіўся ў канцы Зарэчча над самой Віленкай. Яна прыняла мяне з радасцю, яшчэ жывыя былі ўспаміны пра перажытае разам з намі ў Лідзе. Яна жыла са сваёй сям'ёй, г.зн., з бацькамі, старой цёткай і двума братамі. Старэйшы загойваў раны пасля вяртання з партызан. Я спала ў адным ложку з пані Ясяй. Трапезнічалі ўсе разам за доўгім сталом, седзячы на высокіх крэслах з разьбянымі спінкамі. Такое ўладкаванне сталовай, якое сведчыць пра мінулае багацце дома, я раней бачыла толькі ў кіно.

Праз некаторы час старая пані Тапер, маці пані Ясі, выказала незадавальненне з-за таго, што я рана ўстаю і буджу яе. Сапраўды я кожны дзень прачыналася яшчэ зацемна ў агульнай спальні, але павінна была паглядзець на гадзіннік і для гэтага запальвала запалку. Гэты гук будзіў старую пані і замінаў ёй заснуць. Я прызнавала яе правату, але адначасова дзівілася ў душы. Дзівіла мяне тады тое, што нехта можа мець праблемы са сном, я асабіста заўсёды спала моцна і не ведала, што такое бяссонніца.

Рана ўставаць мяне прымушала неабходнасць ісці на Кавалерыйскую вуліцу, дзе я знайшла магчымасць практыкавацца на раялі. Гэта была доўгая дарога да поспеху, але цяжкасці такога роду мяне тады не палохалі. Я выходзіла, калі на вуліцы яшчэ было цёмна. Праходзячы міма касцёла св. Ганны, бачыла яго сілуэт, ледзь адрозны на фоне цёмнага неба. На хвіліну прыпынялася, паколькі не магла абыякава мінуць. Усярэдзіне граў арган і яркае святло прабівалася праз высокія вітражы, што стварала незвычайны эфект. Гэта было незабыўнае відовішча!

У адказ на мае праблемы з жыллём мама адшукала трэці адрас і накіравала мяне да пані Стафінскай, якая жыла ў куханьцы сваёй маленькай хаткі ў Стэфанскім завулку. Перш, чым я дабралася туды са сваёй вялікай валізкай, адну ноч давялося правесці пад раялем у кансерваторыі. Пачувалася тым часам зусім валацугай.

Пані Стафінская ставілася да мяне, як да дачкі. Я спала з ёй у адным ложку. Мяне вызвалілі ад усіх прац па хаце, на што я, зрэшты, ахвотна пагадзілася. Пані Стафінская не сустрэла супраціву з майго боку ў гэтым пытанні. У першыя дні майго жыцця ў яе я памыла падлогу ў нашай агульнай кухні, лічачы гэтую працу сваім абавязкам. Пані Марыя, аднак, пераканаўча мяне запэўнівала, што я не здолею ёй дагадзіць і яна павінна будзе кожны раз выпраўляць маю працу, у дадзеным выпадку зноў мыць падлогу адразу пасля мяне. Такая недаацэнка добрых намераў засмучала мяне, але аказалася досыць эфектыўнай. Больш я ўжо не спрабавала выходзіць з ролі ўтрыманкі.

Падобны псіхалагічны метад пані Марыя выкарыстоўвала, каб прымусіць мяне падзяляць з ёй гарачую вячэру. Гэта была яе адзіная ежа за ўвесь дзень пасля вяртання з рынка. Гэты густы суп з гароднінай жудасна мяне спакушаў, але спачатку я рашуча адмаўлялася ад пачастунку. Я лічыла, што не маю права карыстацца бескарыслівай гасціннасцю. Пані Марыя сур'ёзна прыстрашыла, што яна абразіцца і зноў перамагла.

Я ўвесь час была галоднай. Раніцай мы нічога не елі. У абед я хадзіла да манашак каля кансерваторыі і атрымлівала талерку рэдкага супу для беднх. Апетыт у мяне заўсёды быў выдатны. Голад адыходзіў толькі перад сном, дзякуючы гэтым сумесным вячэрам.

Успамінаю пацешны інцыдэнт тых часоў. Неяк я запрасіла пані Марыю на тыя бясплатныя супы. Акрамя нас за доўгім сталом сядзела ўсяго пару чалавек. Пані Марыя была відавочна расчаравана "абедам", аднак, устаючы ад стала, даволі гучна прамовіла: "Дзякуй". Я моцна здзівілася. Была пераканана, што гэта слова, вымаўленае аўтаматычна, як быццам несвядома і не звернутае да каго-небудзь канкрэтна, проста вырвалася ў яе без усякай сувязі з дадзенай сітуацыяй. Нажаль, выхаванасць не з'яўляецца разам з намі на свет у момант нараджэння. Толькі выпадак вызначае, хто і калі будзе нашым настаўнікам. Не ведаючы прынятых нормаў прыстойнасці мы застаёмся "грэшнікамі без віны".

Бацька штотыдзень прывозіў мне трохі прадуктаў з Ліды. Толькі любімы бацька мог пайсці на такія ахвяры. Выкарыстоўваючы свае знаёмствы з машыністамі лакаматываў, ён усю ноч праводзіў на вугалі, г.зн., на тэндары пад голым небам. Ужо немалады чалавек, яму было 50 гадоў. Потым пешшу ішоў ад чыгункі да самага нашага завулка каля вул. Міцкевіча. Я бачыла, што гэта патрабавала вялікіх высілкаў з яго боку, таму што хадзіць пешшу яму было цяжка. Нажаль, большасць прывезеных прадуктаў з'ядалася тут жа за сумеснай з ім трапезай. Я ніколі не казала пра гэта маме.

Я была галоднай. З'ядала хлеб да апошняй крошкі, нават з цвіллю. Як сапраўдны далікатэс смакавалі мы свежы хлеб, які аднойчы атрымалі на наш клас. Кожнаму з нас пры дзяльбе дасталася скарыначка!

Глыбока ў памяць увайшоў абед у адным з віленскіх рэстаранаў. Не таму, што тады я ўпершыню пераступіла парог рэстарана. У гэтай падзеі не было нічога незвычайнага. Хтосьці даў мне талон на абед, і я ахвотна скарысталася выпадкам. Расчараванне наступіла тады, калі аказалася, што прынесеная ежа не здаволіла маё пачуццё голаду, якое і далей працягвала мне назаляць.

Я са здзіўленнем глядзела, як прысутная побач маладая жанчына адсунула талерку - ёй здалося нясмачным - і разам са сваім спадарожнікам устала з-за стала. Рашэнне прыйшло імгненна. Я хацела памяняць талеркі, пустую - на яе з яшчэ некранутай ежай. Утрымаў мяне толькі страх перад канфузам. Што будзе, калі афіцыянт ці суседзі заўважаць мой манеўр? Імгненне ў маёй душы змагаліся сорам і пачуццё голаду. Апошняе перамагло. Вокамгненным рухам (так прынамсі мне здавалася) я пераставіла талеркі і ўжо спакойна пачала есці. У другі раз сяброўка з кансерваторыі запрасіла мяне да сябе дапамагчы ёй у тэорыі музыкі. У якасці ўзнагароды, як мне здалося, я атрымала поўную талерку малочнага супу. Дзіўна смачнага. У душы я дзівілася яе марнатраўнасці.

Нечакана я пачала адчуваць слабасць пры хадзьбе пад гару. Напрыклад, стала цяжка хадзіць па вул. Пагулянцы, якая мела прыкметны ўздым. Увесь час балелі галёначныя косткі, калі я спяшалася з вул. Кавалерыйскай на заняткі ў кансерваторыю. Боль прыходзіў, звычайна, калі я пераходзіла Кафедральную плошчу, ужо прайшоўшы вялікую частку дарогі. Я звязвала гэтую новую з'яву з пачуццём голаду, з недаяданнем.

Трывожным сімптомам сталі відавочныя праблемы з памяццю. На ўроках у гімназіі я раптам выявіла, што не магу запомніць нават некалькі фраз. У такой сітуацыі вучоба станавілася немагчымай! Да шчасця, узровень выкладання быў вельмі нізкім, і настаўнікі ад нас амаль нічога не патрабавалі. Усе адчувалі недаўгавечнасць такога становішча і рыхтаваліся да выезду ў Польшчу.

Мне запомніўся наш настаўнік матэматыкі, які, мабыць, патрапіў у гімназію выпадкова. Як цяпер бачу яго постаць на фоне плоскай дошкі. Ён пачаў нам тлумачыць нейкую праблему, павярнуўся да нас спіной, каб праілюстраваць свае высновы прыкладам. Я са здзіўленнем назірала, як па меры павелічэння колькасці лічбаў, яго рухі станавіліся ўсё хутчэйшымі і да канца ўрока ён так і не павярнуўся да нас тварам. Стала зразумелым, што перад намі не звычайны школьны настаўнік, які прагне перадаць свае веды вучням, а навуковец, што выпадкова тут апынуўся, і які страціў пачуццё часу і месца. Легенда абвяшчае, што падобным чынам Франц Шуберт у адной школе на ўроку спеваў, пачаў пісаць на дошцы сваю новую кампазіцыю, пазабываўшы пра вучняў. Не ведаю, заўважыў хто ў класе акрамя мяне гэтую з'яву тыповую для перыяду "гістарычных завіхрэнняў". З'ява прыгожай пералётнай птушкі, на хвіліну прысеўшай адпачыць.

У навучальнай праграме ў нас былі чатыры абавязковыя мовы: польская, руская, нямецкая і літоўская. Я адразу ж праігнаравала літоўскую, з якой сутыкнулася ўпершыню. Проста яна мне здалася занадта цяжкай для хуткага авалодання. Звычайна я сыходзіла з гэтых урокаў пры маўклівай згодзе выхавальніцы. Станоўчую адзнаку ў канцы года я атрымала толькі дзякуючы кантрольнай працы, што спісала ў прысутнай побач сяброўкі, якая добра валодала гэтай мовай. Я засвоіла толькі два словы. Гэты надпіс я бачыла на ўсіх дзвярах у кансерваторыі і абазначаў ён: "Зачыняйце дзверы".

Я хваравіта адчувала адсутнасць сталага інструмента. Карысталася любым зручным выпадкам, каб паграць у самых нечаканых месцах, напрыклад, у страхавой касе. Пані Альтберг імкнулася мне дапамагчы. Яна дамовілася пра мае практыкаванні ў нейкім прыгожым салоне наўзамен за ўрокі. Аднак гэта працягвалася вельмі нядоўга. І вось у прыступе адвагі ці роспачы я вырашылася на бессэнсоўную справу. Вырашыла сама пачаць сістэматычныя пошукі раяля. З гэтай мэтай я пачала доўгую вандроўку ад хаты да хаты і ад кватэры да кватэры ўздоўж галоўнай вуліцы Зарэчча і пытала пра магчымасць практыкавання на раялі ці піяніна, абяцаючы наўзамен даваць урокі. Людзі, да якіх я звярталася, ветліва мяне сустракалі, ахвотна размаўлялі, выказвалі жаданне дапамагчы, але справа не вырашалася.

Нарэшце, лёс усміхнуўся мне ў асобе пані Карказовіч, мілай і сімпатычнай маладой жанчыны. Яна займалася ў пані Альтберг адразу пасля мяне, выпадкова пачула пра маю праблему і сама прапанавала свой інструмент для практыкаванняў! Яна жыла на Кавалерыйскай вуліцы з маленькім сынам і маці. Маці аказалася такой жа чароўнай, як і дачка, і пры першай сустрэчы прамовіла словы, якія назаўжды засталіся ў маёй памяці:

- За дабрыню, аказаную нам, не трэба дзякаваць менавіта таму самаму чалавеку, які дапамог. Мы можам вярнуць наш доўг праз любога іншага чалавека.

Сустрэўшы такі мілы прыём, я пачала прыходзіць рэгулярна і, каб мець час на заняткі, - вельмі рана. Не думала пра тое, што магу перашкодзіць гасцінным гаспадарам. Звычайна я паўтарала знаёмыя мне прэлюдыі і фугі Баха. Тады я ўпершыню пачула, што граю "павярхоўна". Малодшая пані Карказовіч добразычліва ахарактарызавала такім чынам маю ігру, а потым яе маленькі сын паўтараў, бавячыся, гэтыя словы. Таму яны цвёрда ўразаліся ў маю памяць. Я не адразу зразумела, што гэта такое, але пазней цалкам прызнала яе рацыю. Мае пальцы, якія цвярдзелі пры хуткім тэмпе, пераскоквалі некаторыя клавішы там, дзе патрабавалася гнуткасць рукі. Мне было знаёма правіла, што ўсе гукі ў творы трэба выконваць аднолькава, незалежна ад ступені складанасці і па выразнасці павінны нагадваць слухачам аднолькавых памераў жамчужыны. Нажаль, гэтая дакладнасць выканання стала для мяне недасяжнай па прычыне апісаных вышэй тэхнічных цяжкасцей.

Пасля хуткага ад'езду пані Альтберг у Польшчу мяне прыняла ў свой клас літоўская выкладчыца. Мяне вылучылі для выступлення на паказальным канцэрце, дзе звычайна выступалі лепшыя вучні. Выступленне перад людскім зборам было для мяне сапраўдным катаваннем. Быццам у трансе выйшла на эстраду, механічна сыграла прэлюдыю Баха, пераскокваючы праз некалькі тактаў, пасля чаго з пачуццём вялікага сораму пакінула запоўненую залу і выбегла на вуліцу супакоіцца.

Мабыць, слухачы маглі аднесці мае памылкі на рахунак хвалявання, і яны не занадта моцна памыляліся. Затое я ведала, што галоўная прычына ў іншым. У тым, што цалкам перакрэслівала мае старанні. Я не магла вольна без болю сыграць нават просты твор, боль з'яўляўся ўжо праз некалькі хвілін пасля пачатку ігры! Самым горшым была невядомасць, неразуменне прычыны. Я перажывала сваю трагедыю ў адзіночку, хоць і ў асяроддзі спецыялістаў у гэтай вобласці.

Узнікае пытанне - чаму педагогі не заўважылі гэтую важную для мяне праблему? У мяне ж было шмат кваліфікаваных педагогаў! Чаму яны, часта павялічваючы складанасць задання, не цікавіліся станам маіх рук? Напрыклад, чаму ў Вільні мне давалі граць звыш праграмы гамы з падвойнымі секстамі, якія патрабуюць высокай тэхнічнай падрыхтоўкі?

Звычайны чалавек, які не цікавіцца адмыслова музыкай, не ведае, з чаго складаюцца музычныя здольнасці. Патрэбны не толькі слых, памяць і пачуццё рытму. Сваіх выбраннікаў прырода таксама надзяляе пачуццём гармоніі, "піянісцкай" рукой, мяккім і глыбокім ударам, лёгкасцю чытання нот і псіхічнай раўнавагай.

Па маім перакананні кожны сярэдні інтэлігентны чалавек адораны ў нейкай меры гэтымі рысамі, і таму кожнага можна навучыць граць на піяніна. У той жа час ступень авалодання гэтым уменнем прама прапарцыйная ступені названых вышэй здольнасцяў. Таму даволі пацешна выглядаюць высілкі педагогаў, якія зацята прышчапляюць вучням сваю манеру ігры. Гэта шлях спроб і памылак у фартэпіяннай музыцы і адначасова як бы ігнараванне прыроды.

Я асвоіла некалькі папулярных метадаў ігры на піяніна:

1. Найболей ужывальнае становішча рукі на клавіятуры - гэта акруглая рука, з бачным ніжнім суставам мезенца.

2. Пані Шатагіна прапагандавала становішча, калі рука звісае з клавіятуры, утрымліваючыся ўсім цяжарам на пальцах.

3. Пані Каміла Вардзіхоўская вучыла, што пальцы павінны быць, як малаточкі - кожны з іх перад ударам павінен рабіць замах. Гэта забяспечвае чыстую ігру і ўмацоўвае пальцы.

4. Збігнеў Папельскі прывёз з Варшавы сенсацыйную методыку, якая складаецца ў кісцевым кідку ўсёй далоні. Гэта методыка папярэджвала стомленасць і забяспечвала добрае авалоданне тэхнікай.

Часлаў Сялужыцкі, аўтар вядомай кнігі па праблемах тэхнікі ігры на піяніна, рабіў націск на выкарыстанні любой магчымасці падчас выканання для рацыянальнага адпачынку рукі. Толькі не стомленая рука з'яўляецца гарантам прыемнага выканання.

5. "Псіхалагічны" метад - гэта нястомнае супакойванне вучня на ўроку і напамінак пра неабходнасць агульнага паслаблення рухальнага апарата.

6. У мяне быў адзіны настаўнік-мужчына. Ён здзівіў мяне арыгінальнасцю свайго метаду вывучвання твораў. Ён лічыў, што трэба завучваць такт за тактам, даводзячы выкананне кожнага з іх да аўтаматызму.

7. Метад "локця" таксама ўніверсальны. Праца пальцаў падпарадкавана руху ўсяго пляча, з трохі адстаўленым локцем.


Па маім меркаванні, шматлікасць і разнастайнасць існых метадаў сведчыць пра іх недасканаласць. "Праўда" можа быць толькі адна. Гэта прыроджаная здольнасць да ігры на піяніна, першым чынам піянісцкая рука - лёгкая, гнуткая, але здольная перадаваць напругу на кончыкі пальцаў. Гэта цяжка распазнаць па вонкавым выглядзе. Яе таямніца хаваецца ва ўнутраным будове рукі.

Узнікае таксама пытанне: чаму любоў да якога-небудзь мастацтва не заўсёды спадарожнічае здольнасцям і прыводзіць да расчараванняў і зневажанняў? Любоў да музыкі мае розныя формы. Можна "любіць" музыку, і ўсе любяць нейкі яе від, а можна не ўяўляць сабе жыцця без яе. Як паказвае жыццёвы досвед, неадпаведнасць паміж любоўю і здольнасцямі неаднаразова прыводзіла да вялікіх расчараванняў.

Віленская кансерваторыя вылучалася высокім узроўнем выкладання. На штотыднёвых канцэртах асабліва цікава і хораша выглядаў клас спеваў. Акрамя пані Альтберг славай вядомага педагога і музыкі карысталася пані Соф'я Рамашко.

Самым вядомым студэнтам кансерваторыі, вундэркіндам быў Ежы Гадзішэўскі, тады яшчэ хлопчык. Я сустракала яго заўсёды ў кампаніі маці - маладой чарнавалосай жанчыны. Пасля вайны Ежы Гадзішэўскі асеў з сям'ёй у Торуні, дзе набыў славу вялікага піяніста.

У Вільні пачынаў сваю музычную адукацыю вядомы пазней педагог Раман Крашэўскі. Я мела задавальненне асабіста з ім пазнаёміцца. Шмат гадоў ён заставаўся вялікім каханнем Генькі Ракшэвіч, якое ўспыхнула пасля іх новай сустрэчы ў касцельным хоры на вул. Славацкага ў Шчэціне. Абодва яны жылі ў раёне Нябушэва. Добра пачынаў музычную кар'еру Г. Рупейка, мой аднагодак са школы № 5 у Лідзе. Ён з'явіўся ў кансерваторыі не з-за гарачай клюбові да музыкі. Былі нейкія адмысловыя прычыны яго ад'езду з Ліды, не звязаныя з музыкай. Ён валодаў музычным дарункам, меў абсалютны слых і ўсе перадумовы, каб стаць добрым скрыпачом. Тым не менш, яго імя не чуваць было ў свеце музыкі. Для мяне гэта паслужыла яшчэ адным пацверджаннем тэзы пра тое, што дарунак нябёсаў не заўсёды ходзіць у пары з маральнымі якасцямі адораных людзей!

Навучальны год набліжаўся да канца, калі пані Стафінская здолела ўладзіць усе фармальнасці і спакавалася для выезду ў Польшчу. Нейкі малады літовец прыехаў па яе рэчы і пачаў нецярпліва падганяць. Каб схіліць яго да сябе, я ўжыла псіхалагічны прыём, сказаўшы гэтаму маладому чалавеку, што ў яго добрыя блакітныя вочы. Потым я пайшла паглядзець, як яна ўладкавалася ў таварным вагоне, поўным рэпатрыянтаў. Адчувалася маўклівая непрыязнасць, з якой сустрэлі новапрыбылую. Так звычайна бывае з тымі, хто прыходзіць апошнім і выклікае гэтым непрыязнасць людзей, якія прыбылі раней. Аднак пані Марыя ўмела схіляць да сябе людзей, і, як яна мне пазней распавядала, хутка справілася з гэтай нядобразычлівасцю да сваёй персоны.

Я вярталася ў Ліду ў такім жа таварным вагоне. Быў цёплы сонечны дзень. Я бестурботна сядзела ў адкрытым дзвярным праёме, звесіўшы ногі вонкі. На адным з прыпынкаў нечакана ўбачыла тату - ён павольна ішоў уздоўж вагонаў, прыглядаючыся да пасажыраў. Я моцна ўзрадавалася, убачыўшы яго. Аказалася, што ён шукаў мяне ў Вільні ў пані Стафінской, але мы размінуліся. Ён мне паведаміў самую важную навіну:

- Мы выязджаем у Польшчу!

Эпілог


God! Grant! me the serenity

to ассер t th е things са nn о t с hang е !

Со ur а g е - to с hang е th е things са n.

А nd wisdom - to know th е differen се .


Я хацела стаць піяністкай і існаваць у свеце музыкі. Не грашыла недахопам працавітасці. Грашыла адсутнасцю неабходных здольнасцяў. Акрамя таго не было адпаведных умоў для майго развіцця - занадта позна з'явіўся інструмент, адсутнічала сістэматычнае навучанне і кваліфікаваныя педагогі.

Узнікае пытанне, ці павінна я, чалавечая асоба, надзеленая "вольнай воляй" вінаваціць сябе за свае жыццёвыя паразы і няўдачы? Праўда, я сцвярджала, што не мела абсалютна ніякага ўплыву на фармаванне сваёй асобы. Бо я не выбірала ні месца, ні даты свайго нараджэння, ні вонкавага выгляду, ні фізічнай цягавітасці, схільнасцяў і здольнасцяў (ці іх адсутнасці), ні сям'і, ні суседзяў, ні настаўнікаў. З'явілася на свет ўжо як "запоўненая карта".

Можа, аднак, часткова і я адказная за плынь жыцця, акрамя гэтай залежнасці ад лёсу? Напрыклад, чаму я не адмовілася ад сваіх летуценняў і імкненняў, каб пазбегнуць расчараванняў? Таму, што расчараванне з'яўляецца другаснай з'явай. Спачатку з'яўляўся смутак, паколькі мы не ведаем сваіх магчымасцяў, якія абумаўляюць рэалізацыю нашых намераў. А першым чынам - адсутнасць мудрасці, якая б беспамылкова кіравала нашымі ўчынкамі. Такім чынам, усе мы з'яўляемся "вучнямі" - але без віны.

Толькі доўгія гады назіранняў і разважанняў прывялі мяне да разумення некаторай праўды жыцця. На мой погляд вызначальнай акалічнасцю ва ўдалым ажыццяўленні нашых жыццёвых мэт з'яўляецца шчаслівы збег акалічнасцяў ці выпадак. Затым важна мець прыродныя здольнасці. Толькі на трэцім месцы - праца!


Я прагну яшчэ раз убачыць сцены замка Гедыміна ў Лідзе! Яны клічуць мяне, іх заклік гучыць у маіх грудзях. Ён ляціць здалёку, хуткі, як думка, як палёт птушкі, не ведаючы меж, усталяваных людзьмі. Усё мінулае, якое засланяе душу, назапашанае за гады, сыходзіць.

Хачу, як калісьці, стаць у вялікім праёме з аркай ва ўсходняй сцяне і паглядзець удалячынь на сенажаці, якія атачаюць Лідзейку, на густы Алешнік і вялікія старыя алешыны над ракой. Убачыць выявы мінулых гадоў і дарагіх мне людзей, якія сышлі назаўжды!


Прыйдзіце да мяне! Прашу вас! Збяромся ўсе разам у гэтых дарагіх для мяне сценах! Тыя, якіх я ўспомніла ў гэтых запісках па імені, і тыя, якія засталіся ў маёй душы непазнанымі. У плыні, у якую нас моцна злучыў агульны чалавечы лёс.

Я хацела б зрабіць перад Вамі справаздачу за мае наступныя справы, пакланіцца нізка, як толькі можна, і папрасіць прабачэння за ўсе правіны перад Вамі і перад усімі астатнімі.

- Прабачыце мяне! - прашу Вас! Бо ўсе мы - усяго толькі "грэшнікі без віны!"


Я прыкладу сваё вуха да шурпатай паверхні замкавай сцяны і ўслухаюся ў яе шэпт, недаступны слыху звычайнага мінака.

Яна гаворыць са мной. Вітае як некага блізкага. Кажа пра свайго будаўніка, вялікага літоўскага князя дзейнага, мудрага і адважнага. Дае адказ на вечныя пакутлівыя пытанні. Супакойвае сваім спакоем і маўчаннем мудрасці. Я пераканана, што тым, хто нарадзіўся ў цяні гэтых сцен, не трэба баяцца смерці. Таму што гэты замак - знак трываласці і вечнасці!

19 верасня, 1993 г.


Божа! Надай мне ўстойлівасці духу, каб я пагадзілася з акалічнасцямі, якіх не ў сілах змяніць; адвагі для ажыццяўлення таго, што ў маіх сілах; і мудрасці, каб прымаць патрэбныя рашэнні!

Маёнтак Гародна

Леанід Лаўрэш

(Працяг. Пачатк у папярэдніх нумарах.)

Трэцім у гэтай анфіладзе быў невялікі пакой з адным акном, ён служыў "кабінетам". У 1826 г. сцены пакоя былі абцягнуты сінімі шпалерамі і драўлянымі панэлямі, меўся каменны камін з люстэркам у пазалочанай раме. У 1866 г. сцены "кабінета" пакрывала тканіна ў пазалочаных, на той час ужо пашкоджаных рамах. Свяцільнікі, дзверы і супрапорты былі пазалочанымі. Мэбля гэтага пакоя ў 1826 г. абмяжоўвалася толькі канапай з матрацам, пяццю падушкамі і двума валікамі, абцягнутымі атласам, разьбяным альховым сталом і белым лакірованым крэслам, абцягнутым палатном. Сярод твораў мастацтва, знойдзеных у кабінеце ў той час, у інвентары значацца жалезны крыж з фігурай Хрыста, дзве "гравюры" і карціна, якая апісваецца як "Кавярня ў чорнай раме за шклом". Верагодна, гэта была копія жэнеўскай "Шакаладніцы" Ліятара (гл. вышэй). Згодна з пазнейшым інвентаром, у гэтым пакоі, верагодна, знаходзілася яшчэ адна карціна алеем, а таксама клавікорд "старадаўні з чырвонага дрэва" на вольхавых ножках і фаянсавы вазонік для кветак.

Апошні, большы, выцягнуты ў даўжыню кутні пакой не згадваўся ў інвентарах, і таму ні яго мэбля, ні яго прызначэнне невядомыя.

У выніку перабудовы "кабінета", у 1826 г. паміж другой спальняй і кутнім пакоем знаходзілася невялікая "гардэробная", абабітая зялёнымі шпалерамі з узорамі, а ў 1866 г. пафарбаваная тэмперай. Сходы адсюль вялі наверх, у складское памяшканне. Мэбля пакоя істотна не адрознівалася ад мэблі ў іншых пакоях. У 1826 г. тут мелася канапа з таніраванай алешыны, абцягнутая сіняй і белай бавоўнай, таніраваная насценная шафа з пяццю полкамі, некалькі белых, лакіраваных крэслаў і крэслаў з чырвонага дрэва, раскладнога стала з таніраванай алешыны і люстэрка ў разьбяных рамах пакрытых белым лакам. На сценах у чорных зашклёных рамах віселі "розныя пейзажы".

Вялікі пакой з трыма вокнамі, які прылягаў да "більярднай", ці так званы "другі зялёны пакой" служыў яшчэ адной "гасцёўняй", відочна, што спадчыннікі Гародні, любілі ўсе адценні зялёнага. Згодна з інвентаром 1826 г. сцены тут былі пакрыты зялёным адамашкам, апраўленым у пазалочаныя рамы. У адным з кутоў там меўся белы мармуровы камін, упрыгожаны бронзавымі і чорнымі медальёнамі, у другім - печ з прыгожай кафлі. У 1866 г. замест адамашка ў гэтым пакоі была толькі шпалерная абіўка светла-зялёнага колеру. Як і іншыя прадстаўнічыя пакоі, ніз зялёнай гасцёўні пакрывалі панелі. Люстэрка над камінам было ўсталявана ў больш шырокую, чым іншыя, пазалочаную раму і ўвянчанае круглым медальёнам з выявай мужчынскай галавы, павернутай у профіль і ўпрыгожанай лаўровым вянком. Медальён месціўся над дзвюма скрыжаванымі галінкамі. Пад карнізам быў пазалочаны меандравы ўзор. У верхняй частцы прамавугольных супрапортаў, апраўленых у пазалочаныя рамы, меліся кошыкі з кветкамі, а ў ніжняй - невялікія пазалочаныя медальёны з выявамі гульняў купідонаў. Барэльефы панэляў, якія ўвенчвалі два люстэркі паміж вокнамі, былі апраўленыя ў пазалочаныя рамы, на іх меліся вазы з кветкамі на кансолях. Тут жа вісела вялікая крыштальная люстра з дванаццаццю бронзавымі падсвечнікамі.

"Другі зялёны" пакой меў самую багатую і стыльную мэблю і творы мастацтва. З мэблі тут меліся дзве белыя лакіраваныя і пазалочаныя канапы, абабітыя зялёным адамашкам, два шпонаваныя камоды з бронзавымі ўпрыгожаннямі, чатыры сталы, два з якіх былі вуглавымі і пазалочанымі, адно раскладное крэсла з чырвонага дрэва, абабітае зялёнай тканінай, і адно круглае крэсла з чырвонага дрэва на трох ножках, восем падобна абабітых крэслаў, дзевяць крэслаў, пафарбаваных у белы і сіні колеры, і шэраг меншых прадметаў, такіх як альховыя кросны або жалезная рашотка пры каміне. Упрыгожванне пакоя складалася з чатырох партрэтаў: князя-падкаморага Казіміра Панятоўскага, гетмана Людвіка Тышкевіча і іх жонак. Далей стаяў неідэнтыфікаваны бюст з чорнага мармуру на пастаменце, дзве фігуры з белага мармуру на пастаментах, дзве ружовыя фаянсавыя вазы з узорамі ў кветкі і вечкамі, тры меншыя вазы, фаянсавыя падсвечнікі ў сінія кветкі, два мармуровыя падсвечнікі ў аправе з пазалочанай бронзы, два бронзавыя пазалочаныя падсвечнікі з эмаллю, а таксама каляровы турэцкі дыван.

Зялёны адамашак выкарыстоўваўся ў 1826 г. і ў наступным пакоі левай анфілады з боку саду. Гэты пакой быў адносна невялікім, хоць і асвятляўся, як і амаль усе іншыя пакоі ў палацы, праз два акны. Трэці пакой - "спальня" з альковам. Да 1866 г. абіўку тут змянілі на новую, таго ж колеру, але папяровую, з матывам вінаграднага лісця. Тут таксама меўся каменны камін і невялікая крыштальная жырандоля з чатырма бронзавымі падсвечнікамі. Прастору над камінам займала люстэрка ў пазалочаных рамах. Другое люстэрка ў такой жа раме вісела паміж вокнамі.

У спальні гаспадароў дома галоўным прадметам мэблі быў двухспальны, пазалочаны, драўляны ложак з зялёным балдахінам з адамашку ў белыя клеткі і з фіранкамі з кітайкі. Балдахін быў увянчаны круглым пазалочаным кашом з пёрамі страуса. Паміж вокнамі стаялі дзве невялікія пазалочаныя шафкі, абабітыя зялёным саф'янам, за імі столік з чырвонага дрэва і чатырохногі палісандравы столік з бронзавым аздабленнем, з дзвюма белымі мармуровымі паліцамі. Мэблю спальні дапаўнялі два пазалочаныя крэслы з поручнямі, абабітыя зялёным адамашкам. Твораў мастацтва тут было мала, толькі адна карціна з невядомым сюжэтам і два бронзавыя "слупковыя" падсвечнікі ў форме вазонікаў.

Апошні ў левай анфіладзе з бока саду невялікі квадратны "кабінет" з адным акном у 1826 г. меў "белую палатняную абіўку з кветкамі", каменны камін і над ім занавешанае люстэрка ў пазалочанай раме. Пазней арыгінальная абіўка была заменена на паперу з кветкавым узорам. Мэбля кабінета складалася з пазалочанай канапы з матрацам на шэсць падушак, абабітага чырвонай тканінай у пасы, двух столікаў з чырвонага дрэва: круглага з бронзамі, чатырма шуфлядамі і зялёным бляшаным верхам, і невялікага з адной шуфлядкай, і нарэшце, з двух пазалочаных крэслаў, таксама абабітых чырвонай тканінай у пасы. Нейкая карціна і "гіпсавая фігура на пастаменце" з'яўляліся мастацкім аздабленнем пакоя.

Гэтым "кабінетам" завяршалася анфілада прадстаўнічых і жылых пакояў уздоўж садовага боку палаца. У левым куце дома таксама знаходзілася "гардэробная" няправільнай формы з адным акном у бакавой сцяне, але яна не мела дзвярэй, якія злучалі б яе з "кабінетам". Увайсці ў гардэроб можна было толькі з цэнтральнага калідора або са спальні. "Гардэробная" ў 1826 г. служыла пярэднім пакоем і была ўпрыгожана нейкім "пейзажам" у рамах з чырвонага дрэва, мела сцены абабітыя "зялёнай з узорам" тканінай, а ў 1866 г. - паперай селадонавага колеру. Месцілася яна ў тым куце палаца, адкуль лесвіца вяла ў два пакоі на гарышчы. Відавочна, што, акрамя вышэйзгаданай мэблі і твораў мастацтва, у інвентар таксама ўваходзілі іншыя, меншая рэчы палаца, такія як шторы, жалюзі, шырмы, камінныя аксесуары, туалетныя і пісьмовыя прыналежнасці і г. д.

У напоўпадвальным першым паверсе, акрамя падсобных памяшканняў дзе захоўвалася мэбля і інш., меліся таксама жылыя пакоі для адміністрацыі і гасцей. Некаторыя з іх былі абстаўлены толькі крыху горш за верхнія пакоі. У адным з такіх пакояў сцены былі "абшыты дошкамі і пафарбаваны", гэта можа азначаць, што ён быў цалкам пакрыты драўлянымі плітамі і меў падлогу з ясеня, а ў другім пакоі сцены таксама былі абшыты дошкамі, але мелі яшчэ і пазалочаную ляпніну. Гэтыя пакоі былі абстаўлены мэбляй, падобнай на тую, якая знаходзілася ў верхніх жылых і прадстаўнічых пакоях. Яны таксама былі ўпрыгожаны люстэркамі ў багатых рамах і шматлікімі "пейзажамі" ў пазалочаных рамах за шклом, "пейзажамі тушшу", нейкімі малымі пейзажамі і інш. Варта падкрэсліць, што ўжо ў 1826 г. у маёнтку была ўсталявана бляшаная ванна ў драўляным корпусе ў форме камода з бронзавымі ўпрыгожаннямі і вечкам, якое замыкалася. Такім чынам, у маёнтку меўся ванны пакой, які не часта сустракаўся ў іншых маёнтках таго часу. Першы паверх, таксама часткова займалі піўніцы, уваход у якія знаходзіўся пры галоўным порціку.


Афіцына. Размешчаная насупраць палаца вялікая, аднапавярховая, драўляная афіцына выглядала сціпла. Гэты будынак у форме прамавугольніка не меў падмурка, быў накрыты вельмі высокім, гладкім, вальмавым дахам, характэрным для XVIII ст. з дзвюма люкарнямі, падобнымі на люкарні галоўнага корпуса. Флігель меў светлыя тынкаваныя сцены. Галоўны ўваход, размешчаны строга пасярэдзіне, не быў падкрэслены ні порцікам, ні якім-небудзь абрамленнем.


Цагляная капліца ў стылі позняга віленскага ракако стаіць недалёка ад палаца. Яна несумненна з'явілася раней за палац і магчыма была часткай ранейшай рэзідэнцыі. На сярэдзіне фасада капліцы маюцца сціплыя пілястры з ракаковым дэкорам. Характэрнай для гэтага стылю з'яўляецца і форма аконных праёмаў на фасадзе. Над выступаючым карнізам узвышалася вежачка з гербам, увянчаным сігнатуркай у форме мітры (нагадвае біскупскую мітру).

Аднанефавы ўнутраны інтэр'ер капліцы вылучаецца стрыманым ракаковым дэкорам сцен, падзеленых вертыкальна пілястрамі. Хор з яго звілістымі выгнутымі лініямі падтрымліваўся двума калонамі, якія стаялі вольна, і двума прысценнымі калонамі. Розен згадвае прыгожы, разьбяны, драўляны амбон. У момант яго візіту капліца, відаць, не выкарыстоўвалася і нават не абслугоўвалася, бо дно амбона пад ім абвалілася. Аднак Генрык Марконі раней усё ж правёў некаторыя рэстаўрацыйныя работы ў капліцы.


Ландшафтны парк хутчэй за ўсё, быў створаны адначасова з пабудовай сядзібы або, магчыма, перапрацаваны з раней існага саду. У 1784 г. яго даглядаў І. Л. Кнакфус, які, магчыма, і быў яго стваральнікам. Першапачаткова парк меў барочны характар, які ўсё яшчэ бачны ў 1882 г., у тым ліку і ў форме падстрыжаных дрэў. Розен сцвярджаў, што парк створаны па ўзоры садоў Вярсаля. У любым выпадку, да самага канца заставалася выразна акрэсленай яго восевая планіроўка. Галоўная частка парку знаходзілася за палацам. З вокнаў і тэрасы палаца адкрываўся від на прастакутны канал (стаў), пракапаны ўздоўж восі парку і на процілеглым беразе, круглую альтанку з шасцю калонамі і плоскім дахам, акружаным зубчастай галерэяй. Побач з іншымі старымі, пераважна лісцянымі дрэвамі, якія атачалі круглы газон перад палацам, сам палац, афіцыну і капліцу, а таксама шпалеры дрэў па абодва бакі става, да 1939 г., тут захаваўся шэраг старажытных каштанаў.


Сядзіба ў Гародна была трагічна спалена 2-м батальёнам Віленскай АК падчас нападу на нямецкі гарнізон19. Пры гэтым шмат рэчаў з палаца разнеслі мясцовыя жыхары.



Вось у гэтым прыгожым маёнтку і прайшлі апош-нія гады жыцця беларускага генерала Кіпрыяна Кандратовіча.

Пра гэтыя гады распавёў былы памочнік садоўніка маёнтка Струкель Уладзіслаў Янавіч (1916 г. нар., у 1939 г. жаўнер, абаронца Варшавы).

Сям'я Кандратовічаў вызначалася інтэлігентнасцю і добразычлівасцю да людзей. Сам генерал карыстаўся расійскай, беларускай, польскай мовамі ў побыце, у залежнасці ад абставін. Можна меркаваць, што адносіны з навакольнымі абшарнікамі не склаліся, і блізкае сяброўства ўсталявалася толькі з нейкім уладальнікам сядзібы каля Малога Мажэйкава. Госці прыязджалі з Варшавы, Францыі і Іспаніі, дзе жылі сваякі жонкі Ады. Дачка Вера атрымала хатнюю адукацыю і выйшла замуж за мастака з Англіі, іспанца па паходжанні, Трыстама Рэйні (Trіstam Reіney), з канца 1930-х і да смерці ў 1988 г. жыла ў Англіі20.

У жніво жонка Ада сустракала кожныя першыя вазы з падзякай да сялян і келіхам гарэлкі. Сам Струкель, тады яшчэ малады хлопец, атрымліваў заробак у памеры 90 пудоў жыта ў год плюс корм для жывёлы і бульбу, колькі трэба. Асабліва жонка генерала сачыла за прыгажосцю і парадкам у парку, сваім доме і ў дамах, дзе жыла прыслуга. Людзі, якія працавалі ў Кандратовічаў, атрымоўвалі беспрацэнтныя крэдыты на развіццё гаспадаркі, і, калі гаспадары бачылі, што грошы ўкладзены з розумам, крэдыт спісваўся.

Апошнія гады Кандратовіч правёў у інвалідным крэсле, хварэючы стратай каардынацыі руху. Ён не мог хадзіць, і жонка наняла сталую прыслугу. Памёр генерал Кандратовіч 31 кастрычніка 1932 г., быў пахаваны ў тым самым мундзіры, у якім быў паранены ў 1905 г. Пахаванне адбылося на лідскіх праваслаўных могілках на ганаровым месцы каля царквы св. Георгія.

Віленская газета "Слова" на пачатку лістапада 1932 г. надрукавала аб'яву пра смерць былога міністра абароны БНР Кіпрыяна Кандратовіча: "Генерал ад інфантэрыі рускай арміі, кавалер ордэна cв. Георгія і вялікай стужкі Ганаровага легіёна, пасля доўгай і цяжкай хваробы ціха заснуў з Богам 31 кастрычніка гэтага года ў сваім маёнтку Гародна. Быў пахаваны на праваслаўных могілках у Лідзе. Аб чым з глыбокім смуткам паведамляюць жонка і дачка" 21.

Кандратовічы мелі аўтамабіль, у 1934 г. за Адай Кандратовіч быў зарэгістраваны амерыканскі аўтамабіль "Авэрлэнд" (Overland), а ў 1936 г. польскі "Фіят". У яе маёнтку меўся адзіны ў Гародна тэлефон, які меў № 3.


Вядомы пісьменнік Мельхіёр Ваньковіч у ліпені 1937 г. пасля наведвання Гародна, надрукаваў нарыс з фотаздымкамі палаца і маладых сужэнцаў Рэйні. Фрагменты нарыса прыводжу ніжэй:

"Вось і двор у Гародна. Прыгожы порцік, былая рэзідэнцыя Скуміна-Тышкевіча, сядзіба, якая дачакалася манаграфіі прафесара Батоўскага22 .

Дзве дамы спускаюцца па шырокіх сходах. Маці з дачкой. Маці, у дзявоцтве з дому Курляндскіх баронаў, удава генерала Кандратовіча23 , генерал перад вайной камандаваў корпусам, які стаяў у Варшаве24 .

Дачка, худзенькая паненка, выбачайце, замужняя жанчына, бо ў Іспаніі пазнаёмілася і прывезла адтуль ірландца, за якога выйшла замуж. Гэта называецца "ісці ў прымы", а таго, хто прыйшоў на гаспадарку жонкі, называюць "прымак". У адной са школ мне паказалі практыкаванне, у якім вучань называў Ягайлу "прымаком". Забіраем ірландца з павільёна, дзе ён малюе, і ідзём разам піць чай на тэрасе. Скрозь вінаграднае лісце прасочваецца перспектыва далёкай сажалкі. Размова на тэрасе, да якой далучаецца яшчэ нейкая кузынка, ідзе на ўсіх мовах, якія я ведаю ці не ведаю.

Дамы размаўляюць са мной па-польску, украпваючы шмат французскіх слоў, з ірландцам - па англійску, на першым паверсе аказваецца яшчэ нейкі "ротмістр" якому пасылаюць гарбату і з якім, напэўна, размаўляюць па-руску.

У вялікіх залах палаца спыняемся ля пазалочаных барэльефаў, якія, як кажа жонка генерала, яшчэ Тышкевіч "на конях прывёз з Парыжа".

І калі пад гэтымі барэльефамі наступае ўрачыстая сцэна цалавання духмяных ручак і развітання, і калі генералава Кандратовічава, de domo Freifrau курляндскіх (з дому курляндскіх баронаў - Л. Л.), вытанчана прыжмурыўшы вочы, пытаецца, куды мы цяпер паедзем, напэўна чакаючы, што мэта нашага падарожжа будзе годнай, кармазынавай25, адказваю:

- Да пана Спузяка.

Задрыжэла ў руцэ батыставая хустачка.

- Mais c'est un voleur! (фр . "Але ж ён злодзей!" - Л. Л.) .

- Што рабіць, ласкавая пані, журналіст мусіць таксама цікавіцца і крымінальнымі сюжэтамі ..." 26 .

Мастак, рэстаўратар, гісторык мастацтва і дацэнт Віленскага ўніверсітэта Ежы Хопен (Jerzy Hoppen, 1891-1969), які ўвосень 1938 г. гасцяваў у гаспадыні маёнтка Гародна Ады Кандратовіч, вывучаў палац і напісаў цікавы нарыс "Гародна, няспраўджаная рэзідэнцыя Станіслава Аўгуста" ў віленскай газеце "Слова":

"Сярод нашых шматлікіх гістарычных сядзіб самай прыгожай і захаванай з'яўляецца драўляная сядзіба-палац у Гародна. Самая галоўная асаблівасць палаца, гэта яго стыль часоў караля Станіслава. Стыль выпраменьвае кожная дэталь архітэктуры. Гэта яшчэ адзін доказ уплыву караля Станіслава Аўгуста на ўсе галіны мастацтва. На жаль, Гародна яшчэ малавядомае, недаследаванае і навукова не апісанае. І гэта пры тым, што яно несумненна звязана з Варшаўскім замкам і Лазенкамі. Пры бліжэйшым вывучэнні гэта несумненна пацвердзіла стылёвая блізкасць інтэр'ераў.

Вялікі аднапавярховы дом, пабудаваны на невысокім узгорку, з велічным ганкам, манументальнымі сходамі і высокай пад'язной дарожкай, проста ўражвае сваім выглядам.

Гародна знаходзіцца за 25 кіламетраў ад Ліды і за 12 кіламетраў ад Эйшышак. Некалі было спадчыннай уласнасцю Саламеі княгіні Радзівіл з Сапегаў і ў 1762 г., падаравана ёю Людвіку Скуміну Тышкевічу. Людвік Скумін Тышкевіч - пісар Вялікага Княства Літоўскага, польны гетман і маршалак, абраў Гарадна сваёй рэзідэнцыяй. Ён быў жанаты з Канстанцыяй княжной Панятоўскай, дачкой Казіміра Панятоўскага, брата караля Станіслава Аўгуста.

Атрымаўшы абяцанне прыезду караля, Тышкевіч пачаў рыхтавацца да высокага госця. За адзін год ён пабудаваў дом і драўляную сядзібу, якую з пышнасцю аздобіў. Мясцовая легенда кажа, што дзеля гэтага ў Гарадна выклікалі майстроў, а ўбранне інтэр'еру прывезлі з Парыжа.

З-за ўнутрыпалітычных падзей каралеўскі візіт не адбыўся.

Памёр Тышкевіч у 1808 г. Пасля яго Гародна перайшло да яго дачкі Ганны, у першым шлюбе яна была за гр. Аляксандрам Патоцкім, у другім за гр. Дуніным-Вансовічавам. У 1856 г. Ганна Дунін-Вансовіч аддала Гародна свайму сыну ад першага шлюбу графу Маўрыцыю Патоцкаму. І праз сто гадоў пасля пабудовы дома, гр. Маўрыцый выявіў, што ён усё яшчэ знаходзіцца ў добрым стане, але зрабіў некаторыя папраўкі і рамонты. Памяняў шалёўку і паправіў прасеўшыя сцены. Нажаль, прыгожыя падлогі ўжо згнілі, як і шоўк, які пакрываў сцены. Аднак ляпніна і пазалота захаваліся.

Гародна захавалася да нашых дзён і зараз з'яўляецца маёмасцю жонкі генерала Кандратовіча.

Акрамя выдатнага жылога дома гарадненскі двор складаецца яшчэ з найпрыгажэйшага парку і капліцы, не кажучы пра таксама старыя, але звычайныя гаспадарчыя пабудовы.

У парку маецца штучны стаў у форме вельмі выцягнутага простакутніка, пры канцы става - вялікая альтанка на мураваных калонах.

Жылы дом - цудоўны ўзор станіславаўскага стылю (часоў караля Станіслава Панятоўскага - Л. Л.) . Спераду ён мае высокі пад'езд і ганак на калонах. Знутры прасторны, з высокай столлю, з камінамі той эпохі, кафлянымі печамі XVІІІ ст. з гербам Тышкевічаў "Лялівай". Сцены, калісьці абабітыя ядвабнай тканінай, сёння выклеены шпалерамі, але захаваліся рамы і ліштвы, на якіх трымалася ядваба. Дзверы, супрапорты і рамы ад люстэркаў таксама добра захаваліся. Усё гэта сніцарскай работы, выканана з дрэва ці з адмысловай масы, мае белы колер з пазалотай і нясе на сабе адбітак таленавітага майстра і архітэктара. Невядома, ці сапраўды яны паходзяць з Парыжа, як кажа паданне. Ва ўсякім разе, гэта работа не нейкага правінцыйнага майстра, а таленавітага і высокакультурнага мастака. Пано, міфалагічныя сцэны і алегорыі, якія вянчаюць рамы люстэркаў, інтэграваныя ў супрапорты, поўныя стылёвай экспрэсіі. У іх ёсць нейкая вытанчанасць і лёгкасць, ад іх вее добрым густам і салоннай атмасферай.

Аднак Першая сусветная вайна не пашкадавала Гародна. Удава генерала расказала даследчыку, што ў гэты час была вывезена ў Германію ўся бронза. На дзвярах засталіся сляды ад ранейшых клямак і акуццяў, а на прыгожым мармуровым каміне - толькі адтуліны ад цвікоў, якімі была прымацавана дэкаратыўная бронза. Аднак над камінам захаваўся медальён з залатой аздобай з выявай галавы Станіслава Аўгуста. З мэблі немцы пакінулі некалькі крэслаў і фатэляў у стылі Людовіка XVІ і столікі пад люстрамі.

Варта звярнуць належную ўвагу на тое, што цяперашнія гаспадары Гародна ў поўнай меры ўсведамляюць каштоўнасць гэтага помніка і беражліва яго даглядаюць. Усё ўтрымліваецца з незвычайным піятэтам да твораў мастацтва.

Каля дома стаіць вялікая мураваная капліца, а дакладней касцёл у т. з. стылі віленскага барока. Верагодна, капліца мае больш ранняе паходжанне і таму не мае нічога агульнага са станіславоўскім стылем. Яе фацыята (паддашак - Л. Л.) крыху трансфармавалася і мае ўверсе сігнатурку (невялікая вежачка - Л. Л.) . На фасаднай надбудове - выраблены з тынку барэльеф з трыма гербамі фундатараў, сярод якіх, аднак, няма "Лялівы" Скуміна-Тышкевіча.

Унутры капліцы добра захаваўся багаты алтар і вельмі цікавыя хоры, абапёртыя на слупы, якія нагадваюць такія ж у віленскім касцёле св. Духа. Падлога з цэглы. Стыльная фурнітура ў стылі ракако на дзвярах. Гэтая капліца, несумненна, мае агульныя рысы з архітэктурай віленскіх касцёлаў.

Увесь гэты прыгожы маёнтак, які складаецца з сядзібы, старых каштанавых алей у парку, мураваных лаў і да нашага часу рэгуляванага става з альтанкай, адлюстроўвае эпоху, ахінутую моцным захапленнем да асобы караля, з якім гэтак арганічна асацыявалася прыгажосць" 27.


17 верасня 1939 г. Ада Кандратовіч вымушана была з'ехаць праз Літву да дачкі ў Англію. У жніўні 1998 г. яе ўнук прыязджае на Беларусь дзеля перазахавання труны генерала на новых могілках у Воранаве. А урну з часткай праху сваёй маці, якая пражыла найлепшыя гады маладосці ў маёнтку Гародна, пахаваў у прыгожым кутку парку, каля былой альтанкі. На крыжы было напісана: "Вера Киприяновна Рейни (Кондратович) 1912-1988". У траўні 2000 г. труна з парэшткамі генерала была перазахавана каля царквы ў Воранаве. Але даўно выспела неабходнасць вярнуць парэшткі беларускага генерала ў Ліду, туды дзе ён сам хацеў быць пахаваным і дзе яго пахавала жонка і дачка.

* * *

Першы раз я прыехаў сюды ў 2000 г., калі шукаў сляды генерала Кандратовіча. Сёння ад маёнтка засталіся капліца і знявечаны парк, у якім, аднак, жыве шляхетны дух старых часоў.

Парк у Гародна быў для мяне самым улюбёнае месцам гістарычнай Лідчыны. У адной з усходніх рэлігій, Сусвет створаны персальна для цябе як дэкарацыя і поле для творчасці. Тут я сам для сябе прыдумаў казку і нейкі час нават лічыў, што менавіта тут знаходзіцца маё "месца сілы". Потым, тры разы запар прайшоў праз кругі пекла, чым пацвердзіў старую максіму, што Сусвет уладкаваны больш проста, крыўдна і не для інтэлектуалаў. Дадаў бы яшчэ, больш смешна… Дваццаць гадоў таму гэта стала б для мяне карысным вопытам, а зараз толькі той стрэмкай у душы, з якой і нарадзіўся гэты тэкст, які стаў развітаннем з пустатой, з Гародна і заканчэннем аднаго з апошніх перыядаў майго жыцця.


(Заканчэнне ў наступным нумары.)

19 Гл.: Roman Aftanazy. Dzieje rezydencji. T. 4. S. 122-139.

20 Вера Кандратовіч пазнаёмілася з Трыстамам Рэйні падчас знаходжання ў Іспаніі, дзе яна гасцявала ў свайго дзядзькі Уладзiмiра Гвiдавiча Рыхтара. Каля яе ў кафэ страціў прытомнасць малады іспанец, і Вера была сярод тых, хто аказаў яму першую дапамогу. Першы ўнук генерала - Георгій - нарадзіўся ў Заходняй Беларусі, наступныя, Мікалай і Аляксандр - у Англіі.

21 Slowo. № 277 (3084), 4 listopada 1932.

22 На жаль, манаграфія не была напісаная, і я прапрацоўваў нататкі да манаграфіі. Калі глядзець па іх, дык да заканчэння манаграфіі было яшчэ далёка. Верагодна, пра манаграфію пр. Батоўскага Ваньковічу паведамілі Ада ці Вера Кандратовічы

23 Ада фон Рыхтар (1879 (?) - 1954). Ада Гвідаўна фон Рыхтар (Ada von Rіchter) - дачка расійскага генерала фон Рыхтара, нарадзілася ў Рызе, выпускніца Смольнага інстытута ў Санкт-Пецярбургу. У 1912 г. у Тыфлісе нарадзілася дачка Вера. Бацька Ады - генерал-лейтэнант Гвіда Казіміравіч Рыхтар, саслужывец генерала Кіпрыяна Антонавіча па Туркестане.

24 15 жніўня 1913 г., у прадчуванні вайны, Кандратовіч прызначаецца камандзірам 23-га армейскага корпуса 2-й арміі.

18 Кармазынавы колер - ярка-чырвоны колер, кармазын - каштоўная чырвовая тканіна, адсюль: кармазын - заможны шляхціц, у дадзеным выпадку, выказваецца надзея на высакародны працяг падарожжа.

19 Wankowicz Melchior. Nowy indygenat // Kurjer Poranny. 11 lipca 1937.

27 Jerzy Hoppen. Horodno, niedoszla rezydencja Stanislawa Augusta // Slowo. № 271 (5195). 3 pazdziernika 1938.

Провады Вялікадня

18 красавіка на адкрытай пляцоўцы каля ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці, аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры", па вуліца Савецкай -12, прайшла велікодна-забаўляльная праграма "Ідуць, гудуць валачобнікі!".

Апошні дзень святкавання Вялікадня народны фальклорны гурт "Талер" разам з гасцямі адзначылі актыўна. Яшчэ раз узгадалі асаблівасць святкавання Вялікадня, старажытны звычай - абыход двароў валачобнікамі, гучалі віншавальныя, велікодныя песні, разнастайныя забаўкі і гульні з пісанкамі, якімі "малаціліся" ў "Біткі", "Качанне яек", "Кура, яйкі, пеўнік". Завяршылася святочная сустрэча агульным гульнёвым карагодам. І як кажуць: "Каб на правадной надзелі за сталом госці сядзелі, мёд, віно папівалі, адзін аднаго са Святам віншавалі!".

Паводле СМІ.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX