Наша слова.pdf № 17 (226), 29 красавіка 2026.
Можа, дзе холад які, а ў нас "Саракі"
З мэтай далучэння выхаванцаў да беларускіх народных традыцый у дзіцячым садку № 34 г. Ліды прайшло фальклорнае свята "Саракі". У гасцях у дзяцей пабывалі Мядзведзь, Баба Яга, якія парадавалі дзяцей сваімі жартамі, прымаўкамі і гульнямі, а Вясна-красна прынесла цяпло і вясновы настрой.
ТК "Адукацыя Лідчыны".
Кола гісторыі "Лідскі хранограф: падарожжа ў часе" Рэспубліканская акцыя "Бібліяноч-2026"
Рэспубліканская акцыя "Бібліяноч" - гэта маштабная культурна-асветніцкая падзея ў падтрымку чытання як ладу жыцця. У 2026 годзе яна аб'яднала больш за 140 бібліятэк з усіх рэгіёнаў краіны.
24 красавіка ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы" далучылася да дадзенай акцыі з колам гісторыі "Лідскі хранограф: падарожжа ў часе". Гэта дзіўнае падарожжа - у часе і прасторы, у глыбіні мінулага, дзе ажываюць старонкі гісторыі - сабрала больш за 400 прыхільнікаў кнігі і чытання. Здзяйсняючы гэтае падарожжа, госці мерапрыемства ішлі па ўнікальным "Лідскім хранографе" - своеасаблівым коле, на якім адлюстраваны ключавыя эпізоды гісторыі нашага краю і ўсяго свету.
Упрыгожваннем святочнага мерапрыемства сталі паэтычныя, тэатральныя і музычныя нумары ад калектываў г. Ліда (узорны ансамбль танца "Забавушка", танцавальная група "Элегія", вакальная група "Кіндар-сюрпрыз"), навучэнцаў ДУА "Лідская ДМШМ" (Масловіч Марыя, Каткоўская Мілана) і іншыя.
У фае бібліятэкі увазе гасцей былі прадстаўлены выставы кніг: "Букфейс" і магазіна "Кніжны свет". Тут жа праходзілі два майстар-класы - "Пяро стыхій" і "Ад слоў да музыкі". На першым майстар-класе можна пазнаёміцца з мастацтвам каліграфіі - старажытным спосабам выказвання думак праз прыгажосць слова і літары. Даведацца, як рукапісы ствараліся ў розныя гістарычныя эпохі, паспрабаваць свае сілы ў пісьме розных часоў. На другім майстар-класе аматар музыкі Аляксандр Блахін распавёў аб старадаўніх музычных інструментах і даў магчымасць паспрабаваць на іх сыграць. А госці маглі пачуць класічную музыку ў выкананні камернага ансамбля ДУА "Лідскі музычны каледж".
Для тых, хто любіць прыгоды, на абанеменце ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы" прайшоў захапляльны квэст "Векавыя загадкі Ліды". Тут жа была прадстаўлена выстава сацыяльна-значнай літаратуры. У пакоі Янкі Купалы на другім паверсе бібліятэкі адбыўся экскурс у гісторыю, дзе кожны мог даведацца, як імя пісьменніка звязана з горадам Ліда. Тут жа ў ролі Я. Купалы выступіў артыст, які чытаў вершы вялікага паэта.
У рэспубліканскай акцыі "Бібліяноч - 2026" кола гісторыі "Лідскі хранограф: вандроўка ў часе" прынялі ўдзел вучні сярэдняй школы N°8 г. Ліды імя В.Ф. Казакова.
Вучні з жарсцю ўдзельнічалі ў квэстах, літаратурных віктарынах і творчых майстэрнях, прымяраючы на сябе ролі любімых герояў і адкрываючы новыя старонкі айчыннай і сусветнай класікі. Кожны змог не толькі выявіць свае таленты, але і адчуць сябе часткай вялікай культурнай падзеі, якая аб'ядноўвае пакаленні.
"Бібліяноч - 2026" стала для дзяцей сапраўдным святам кнігі, дзе ажывалі старонкі, а словы знаходзілі новае гучанне.
Такія сустрэчы натхняюць на чытанне і пашыраюць далягляд.
Для аматараў народных рамёстваў удзельнікі народна-фальклорнага калектыву "Ульяніца" філіяла "Ганчарскі дом культуры" правялі майстар-класы: па апрацоўцы лёну, па вырабе лялькі-абярэга з валакна, па бытавым танцы.
У рамках святочных мерапрыемстваў "Бібліяноч-2026" у ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы" была прадстаўлена выстава фатаграфій "Гісторыя Ліды ў кадрах", якая дазволіла кожнаму зірнуць на горад праз аб'ектыў часу. Матэрыялы для выставы былі прадстаўлены установай "Занальны дзяржаўны архіў у г. Лідзе".
Падчас святочных мерапрыемстваў у канферэнц-зале адбыўся сапраўдны літаратурны батл паміж двума літаратурнымі аб'яднаннямі - "Суквецце" і "Чертог поэта" - гарачае і натхняльнае спаборніцтва творчых розумаў. Зброяй паэтаў былі іхнія ўласныя вершы, і, вядома ж, харызма. З задачай паэтычнага батлу - выразна і артыстычна прачытаць уласныя вершы - справіліся ўсе. Літаратурны батл упрыгожыў кола гісторыі "Лідскі хранограф: падарожжа ў часе", які прайшоў у рамках рэспубліканскай акцыі "Бібліяноч - 2026", ён даў удзельнікам магчымасць праверыць свае веды, развіць навыкі камунікацыі і стымуляваць цікавасць прысутных гасцей да чытання і наведвання бібліятэкі.
Калектыў ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы" выказвае вялікую падзяку за дапамогу ў арганізацыі свята ўсім, хто змог упрыгожыць яго сваімі талентамі і сваёй прысутнасцю.
Бібліятэкар АБМ, СКД і МР ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Я. Купалы" Кацярына Станіславаўна Сандакова.
Не стала Уладзіміра Куліковіча
24 красавіка не стала Уладзіміра Іванавіча Куліковіча - мовазнаўцы, які прысвяціў жыццё роднаму слову. Яго імя добра вядома філалагічнай супольнасці, для педагогаў краіны ён застанецца нястомным папулярызатарам алімпіяднагага руху, чыя асветніцкая праца і плён практычных выданняў яшчэ доўга будуць узорнымі.
Для рэдакцыі "Роднага слова" кандыдат філалагічных навук Уладзімір Куліковіч - не толькі сталы аўтар, дзясяткі публікацый якога выходзілі на старонках часопіса з 1994 г.
З вясны 2007 г. і да восені 2009-га Уладзімір Іванавіч апекаваўся гэтым выданнем як галоўны рэдактар. Сёлета паспелі ўбачыць свет дзве публікацыі з яго аўтарскага цыкла "Міфы і рэальнасць беларускай арфаграфіі", што друкаваўся ўвесь мінулы год.
Спачуваем сям'і Уладзіміра Іванавіча і смуткуем разам з яго блізкімі.
Паводле СМІ.
140 гадоў з дня нараджэння Змітрака Бядулі
To нe cнeг - тo чapoмxa цвiцe:
Пaдapyнaк вяcны-дaбpaдзeйкi,
To нe cнeг - тo бяpoзкa pacцe,
To нe cнeг - мaтылёчкaў cямeйкa.
To нe шoўк - гэтa pyнь пaд гapoй,
To вяcны мaлaдoй apнaмeнты,
To нe cкapб дapaгi нaд зямлёй -
To пpaмeнняў блiшчaць дыямeнты.
To нe вoдгyкi cтpyн зaлaтыx,
To жaўpoнaк чapye paтaяў;
Ён y cпeвax вяcнoвыx y тыx
Xapacтвo нiў-пaлёў ycxвaляe.
ЗМІТРОК БЯДУЛЯ .
Ён пісаў і лірычныя, поўныя ўзнёслых вобразаў вершы. Але былі ў яго і драматычныя радкі, што на фоне прыгажосці прыроды выяўлялі гаротнае жыццё простых людзей. І, прыйшоў час, калі яго творы набылі патрыятычнасці, ідэйнасці, класавай барацьбы, бо было гэта на пачатку 20 стагоддзя...
Сёлета споўнілася 140 гадоў з дня нараджэння Змітрака Бядулі - паэта, празаіка, публіцыста, мовазнаўцы, удзельніка беларускага нацыянальна-вызвольнага руху, чальца Інбелкульту...
Самуіл Яўхімавіч Плаўнік нарадзіўся 23 красавіка ў мястэчку Пасадзец Вілейскага павета. Беларускі яўрэй. Мог бы стаць рабінам, але з ешыбота, дзе навучаўся, яго выгналі за вальнадумства...
Ведаў, дарэчы, шмат моў і ствараў потым на іх: ідыш, іўрыт, беларуская, руская, польская і нямецкая. Публікавацца пачаў з 1910...
Яго творчае атачэнне - Янка Купала (Віленскі перыяд), у Менску жыў на адной кватэры з Максімам Багдановічам, удзельнік "Маладняка", "Узвышша"... Быў першым рэдактарам краязнаўча-этнаграфічнага часопіса "Наш край".
Дарэчы, шмат цікавіўся фальклорна-міфалагічнымі вытокамі, пісаў нарысы пра яўрэяў у Беларусі. Удзельнік менскай акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі ў лістападзе 1926 года.
Аўтар зборнікаў вершаў, аповесцяў і апавяданняў... Перакладчык. Дзіцячы пісьменнік.
Пражыў 55 гадоў. Памёр у Казахстане (1941). Нядаўна быў перапахаваны ў Менску. У лістападзе 2025 года яму быў адкрыты помнік з надпісам на беларускай мове (скульптар - Сяргей Гумілеўскі).
Вось так сцісла - па біяграфіі. Але галоўнае - памятаем, шануецца і... чытаем!
Паводле СМІ.
105 гадоў з дня нараджэння Міколы Ермаловіча
Мікола Іванавіч Ермаловіч (29 красавіка 1921, в. Малыя Навасёлкі на Койданаўшчыне, цяпер Дзяржынскі раён, Менская вобласць - 5 сакавіка 2000, Менск. Псеўданімы: Сымон Беларус, М. Ермолов, Я. Мікалаеў, Мікола Наваселец, М. Ярмолаў) - беларускі гісторык, публіцыст, крытык і літаратуразнавец. Заснавальнік новай беларускай рамантычнай гістарыяграфіі, аўтар і выдавец непадцэнзурных тэкстаў 1960-1980-х гадоў.
Скончыў Дзяржынскую сярэднюю школу (1938) і паступіў на беларускае аддзяленне літаратурнага факультэта Менскага педінстытута, дзе да пачатку Другой сусветнай вайны скончыў 3 курсы. З-за дрэннага зроку быў вызвалены ад службы ў арміі, эвакуяваўся і працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў вёсцы Лабаскі Мардоўскай АССР. У канцы 1943 года вярнуўся ў Беларусь, працаваў інспектарам райана ў Суражы Віцебскай вобласці. У 1944-1946 гадах - завуч сярэдняй школы ў Дзяржынску Менскай вобласці. З 1946 года аднавіў вучобу ў педінстытуце, які скончыў у 1947 годзе. У 1947-1948 гадах вучыўся ў аспірантуры пры педінстытуце. У 1948-1955 гадах выкладаў беларускую літаратуру ў Маладзечанскім настаўніцкім інстытуце, а пасля яго закрыцця, у 1955-1957 гадах працаваў загадчыкам метадычнага кабінета Маладзечанскага абласнога інстытута ўдасканалення настаўнікаў. У канцы 1957 года выйшаў на пенсію з прычыны значнага пагаршэння зроку.
Жыў у Маладзечне, у апошнія гады - у Менску.
5 сакавіка 2000 года трагічна загінуў - амаль невідушчы 78-гадовы навуковец трапіў пад колы аўтамабіля ў Менску. Кіроўца ўцёк з месца здарэння.
Пахаваны ў Маладзечне на Старых могілках, побач з жонкай.
Актыўную літаратурную дзейнасць пачаў у 1948 годзе. Выступаў у друку з крытычнымі і літаратуразнаўчымі артыкуламі, гістарычнымі нарысамі. Друкаваўся ў маладзечанскай раённай газеце, альманаху "Нарач", газетах "Звязда", "Літаратура і мастацтва", "Голас Радзімы", часопісах "Полымя", "Нёман", "Маладосць", навуковых зборніках.
З'яўляўся заснавальнікам новай беларускай рамантычнай гістарыяграфіі, якая супярэчыла афіцыйным савецкім канцэпцыям гісторыі Беларусі. У прыватнасці, ён даказваў, што Літва ніколі не заваёўвала Беларусь, а Вялікае Княства Літоўскае з'яўлялася беларускай дзяржавай. Гэтыя погляды былі выкладзены ў кнізе "Па слядах аднаго міфа" (1968).
Альтэрнатыўнае бачанне гісторыі Беларусі выклікала раздражненне ўлады Гістарычныя творы Ермаловіча ляжалі неапублікаванымі ў рэдакцыях часопісаў, нягледзячы на тое, што гэтыя працы былі вельмі папулярныя і ў вялікай колькасці пашыраліся самвыдатам. Напрыклад, кніга "Па слядах аднаго міфа" была афіцыйна выдадзена толькі ў 1989 годзе...
Паводле СМІ
На вяршыні Беларушчыны
Антаніна Яўгенаўна Хатэнка (28 красавіка 1956, вёска Зенькаўцы, Зэльвенскі раён, Гарадзенская вобласць) - беларуская паэтэса.
Нарадзілася ў сям'і настаўніка. Скончыла Пружанскую школу-інтэрнат (зараз - СШ № 4). Скончыла філалагічны факультэт БДУ (1978). Працавала настаўніцай беларускай, рускай мовы і літаратуры ў Задор'еўскай сярэдняй школе. Праз год вярнулася ў Менск, працавала ў кнігарні "Палітычная кніга" (1979-81), карэктарам, малодшым рэдактарам выдавецтва "Народная асвета" (1982-85).
Першай вядомай спробай паэзіі быў гімн гораду Пружаны. Аўтар кніг "Здзічэлае рэха вясны", "Зніч крыжовых дарог", "Чалавек на далоні Сусвету" і інш.
Лаўрэат літаратурнай прэміі імя Анатоля Іверса. Прэмія была ўручана ў Зэльве.
Лаўрэат прэміі імя Міхася Стральцова "за вернасць класічным літаратурным традыцыям, тэматычнае і вобразнае багацце мовы, папулярызацыю паэтычнымі сродкамі народных звычаяў і абрадаў". Прэмія ўручана ёй 14 лютага 2022 года ў дзень народзінаў патрона, па ўмовах яе выдаецца новая кніга лаўрэата "Вербніца".
У прасторы кнігі "Вербніца" (2022) сышліся ў сугучча яркія, эмацыйна вострыя вершы і глыбокія, роздумныя творы. Паэзія, проза, эсэістыка напоўна выяўляюць эстэтыку і духоўныя каштоўнасці пакалення, якому выпала жыць і ствараць на сумежжы эпох. Адметнасць мастацкага стылю, вобразнае, метафарычнае асэнсаванне гэткіх філасофскіх катэгорый, як жыццё і смерць, плыннасць зямнога быцця і вечнасць, святло і цемра, дабро і ліха, ствараюць непаўторны ўзор аўтарскіх здагадак, адкрыццяў, азоранняў у дарозе пазнання сябе ў свеце і свету ў сабе.
БЕЛЫ ЗВОН
(зімовая мярэжа)
Зіміць зямля. Тут час, як сон, свіціцца.
Мінуласць і наступнасць - эраўзлёт.
Так хочацца да Бога прытуліцца.
Але пралёг да Неба галалёд.
Баліць бальшак. Тут спее ўздым пад снегам.
Тут горка пахне Воляю здавён.
Прыб'юся птушкай ціхае суцехі -
І разгайдаю схаладзелы звон.
Стаіўся сум. Застылая завея…
Вячыста Воля расхінае век.
Чуйнуе ў сэрцы звонавым Надзея.
І ў зорцы. І ў дарозе. І ў траве.
Антаніна Хатэнка.
Паводле СМІ.
Вярнуць беларусам беларускае
Ірына Багдановіч - беларуская паэтэса, перакладчыца, літаратуразнаўца.
Нарадзілася 30 красавіка 1956 г. у горадзе Лідзе Гарадзенскай вобласці ў сям'і інжынераў. Выхоўвалася ў сям'і бабулі і дзеда, настаўнікаў, у Гомелі. У 1978 г. скончыла гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці руская мова і літаратура; у гэтым жа годзе паступіла ў аспірантуру Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР у Менску. Аспірантуру скончыла ў 1983 г., падчас навучання ў аспірантуры мела аднагадовы акадэмічны адпачынак у сувязі з нараджэннем дачкі. З 1983 г. - малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. У 1985 г. абараніла кандыдацкую дысертацыю па тэме "Рамантычныя матывы ў дарэвалюцыйнай творчасці Янкі Купалы" пад навуковым кіраўніцтвам Івана Якаўлевіча Навуменкі, на той час віцэ-прэзідэнта АН БССР.
З 1986 г. працавала ў гэтым жа Інстытуце на пасадзе навуковага супрацоўніка, а з 1991 г. - на пасадзе старшага навуковага супрацоўніка. У 1997 г. перайшла на працу дацэнта кафедры гісторыі беларускай літаратуры філа-лагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, працягваючы працаваць па сумяшчальніцтве ў Інстытуце літаратуры да пачатку 2002 г. У Беларускім дзяржаўным універсітэце на пасадзе дацэнта кафедры гісторыі беларускай літаратуры філалагічнага факультэта працавала па чэрвень 2021 г.; звольнілася ў сувязі з паступленнем у 2020 г. у дактарантуру Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. Па сканчэнні дактарантуры ў лістападзе 2023 г. з 1 снежня 2023 г. - старшы навуковы супрацоўнік аддзела тэорыі і гісторыі беларускай літаратуры Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы.
Сфера навуковых інтарэсаў: паэзія Беларусі ХІХ - першай трэці ХХ стст.; традыцыі і авангардныя тэндэнцыі ў паэзіі Беларусі гэтага перыяду; польскамоўная паэзія ў гісторыка-культурным дыскурсе Беларусі гэтага перыяду; змена плыняў і кірункаў у айчыннай паэзіі ў кантэксце еўрапейскіх мастацкіх плыняў і спецыфікі мясцовых геапаэтычных рэалій; творчасць Адама Міцкевіча і яго сяброў пісьменнікаў-філаматаў, творчасць Габрыэлі Пузыні, Уладзіслава Сыракомлі, Зоф'і Манькоўскай (Адама М-скага), Францішка Багушэвіча, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Уладзіміра Дубоўкі, Казіміра Сваяка і іншых паэтаў-святароў, творчасць паэтаў "Маладняка" і "Узвышша".
Аўтар зборнікаў вершаў "Чаравікі маленства" (1985), "Фрэскі" (1989), "Вялікдзень" (1993), "Альбом першакласніцы" (для дзяцей, 2003), "Сармацкі Альбом" (2004), "Прыватныя рымляне" (2006), "Душа Лістападу" (2012), кнігі "Залатая Горка: вершы, пераклады, артыкулы" (2016), манаграфій "Янка Купала і рамантызм" (1989), "Авангард і традыцыя: Беларуская паэзія на хвалі нацыянальнага адраджэння" (2001).
У выданні "Беларускія пісьменнікі: Біябіблія-графічны слоўнік", які выйшаў у 6 тамах - Т. 1-6. / Пад рэд А.В. Мальдзіса; Рэдкал.: І.Э. Багдановіч і інш. - Мінск: БелЭН імя П.Броўкі, 1992 - 1995, - 123 персаналіі ў 1-6 тамах аўтарства І.Э. Багдановіч.
Перакладае з польскай мовы. Асаблівую ўвагу надае перакладам літаратурнай спадчыны пісьменнікаў ХІХ стагоддзя, творчасць якіх ёсць агульным здабыткам сучасных народаў Беларусі, Літвы і Польшчы, - Адама Міцкевіча, Яна Чачота, Уладзіслава Сыракомлі, Габрыэлі Пузыні, Зоф'і Манькоўскай і іншых. Яе пераклады змешчаны ў анталогіях "Раса нябёсаў на зямлі тутэйшай" (1998), "Літаратура Беларусі ХІХ стагоддзя" (2013), "Літаратура другой паловы ХІХ стагоддзя" (2013, серыя "Залатая калекцыя беларускай літаратуры"), а таксама ў кнігах: Адам Міцкевіч "Санеты=Sonety" (1998), "Крымскія санеты=Sonety Krymskie" (2004), "Выбраныя вершы" (2018, серыя "Паэты планеты"); Зоф'я Манькоўская "Цяпер і назаўсёды= Dzisiaj i na wieki" (2004); Уладзіслаў Сыракомля "Выбраныя творы" (2011, серыя "Беларускі кнігазбор"); Габрыэля Пузыня "Струмень любові = Strumien milosci" (2018). Жыве ў Менску.
Паводле СМІ.
БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Колеры, афарбоўкі і масці ў Лідзе і ў астатняй Беларусі
Станіслаў Суднік
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Афарбоўкі і масці жывёлаў
Пароды сабак
Блакітны гасконскі ганчак
6 - Ганчакі і сваяцкія пароды, Францыя
Блакітны гасконскі басет
6 - Ганчакі і сваяцкія пароды, Францыя
Блакітны гасконскі грыфон
6 - Ганчакі і сваяцкія пароды, Францыя
Блакітны пікардыйскі эпан'ёль
7 - Выжлы, Францыя
Галандская аўчарка
1 - Сабакі-пастухі і быдлагонныя сабакі, акрамя швейцарскіх быдлагонных сабак, Галандыя
Галандскі смаўсхонд
1 - Сабакі-пастухі і быдлагонныя сабакі, акрамя швейцарскіх быдлагонных сабак, Нідэрланды
Галдаст ёркшырскі тэр'ер
(Галдаст ёрк)
Не прызнаны МКФ, Германія
Ганчак Шылера
6 - Ганчакі і сваяцкія пароды, Швецыя
Гарафійская аўчарка
Не прызнана МКФ, Іспанія,
Маёрка
Германскі мядзведжы сабака
Не прызнаны МКФ, Германія
Герта пойнтар
Не прызнаны МКФ, Данія
Гладкамордая піранейская аўчарка
1 - Сабакі-пастухі і быдлагонныя сабакі, акрамя швейцарскіх быдлагонных сабак, Францыя
Гладкапоўсцевая стандартная такса
4 - Таксы, Германія
Гладкапоўсцевы фокстэр'ер
3 - Тэр'еры, Вялікабрытанія
Глен оф Імаал тэр'ер
3 - Тэр'еры, Ірландыя
Горны сабака Балі
Не прызнаны МКФ, Інданезія
Грунендаль
1 - Сабакі-пастухі і быдлагонныя сабакі, акрамя швейцарскіх быдлагонных сабак, Бельгія
Грэйхаўнд
10 - Харты, Вялікабрытанія
Грэнландскі сабака
5 - Шпіцы і прымітыўныя пароды, Данія, Грэнландыя
Грэчаская аўчарка
Не прызнана МКФ, Грэцыя
Грэчаскі заячы ганчак
6 - Ганчакі і сваяцкія пароды, Грэцыя
(Працяг у наступным нумары.)
Маёнтак Гародна
(Заканчэнне. Пачатк у папярэдніх нумарах.)
Леанід Лаўрэш
Дадатк і
Ада Кандратовіч і яе дачка Вера працяглы час перапісваліся з варшаўскім прафесарам Зыгмунтам Батоўскім (1876-1944), які рыхтаваў матэрыялы да манаграфіі пра маёнтак Гародна. Манаграфія не была надрукавана, але матэрыялы прафесара патрапілі ў архіў Польскай акадэміі навук і ў адсканаваным выглядзе з'явіліся ў вольным доступе28. У архіве маецца і ліставанне з віленскім кансерватарам (асоба, адказная за захаванне помнікаў гісторыі) др. Станіславам Лоранцам.
Прапаную некаторыя з лістоў у перакладзе з польскай і англійскай моваў.
"Гародна каля Ліды, 02.03.1937 .
Шаноўны пан прафесар (Батоўскі - Л. Л.).
Так шкада, што пан быў хворы, калі мы былі ў Варшаве. Маю надзею, што зараз пан прафесар адчувае сябе добра.
У Варшаве мы бавіліся не доўга. Магчыма ў маі зноў прыедзем і тады, можа, убачым пана прафесара. Былі ў Мастацкім салоне на выставе 1937 г., якую адчыніла Таварыства заахвочвання прыгожых мастацтваў. ... мяне і мужа вельмі зацікавіла гэтая выстава. Ён нават даведваўся, ці можа і яму даслаць некалькі сваіх карцін на наступную выставу.
[Далей прасіць даведацца, што для гэтага трэба зрабіць. Таксама просіць прыехаць да іх улетку.]
Вельмі б цешыліся сустрэцца з панам і паказаць, як сёння выглядае дом. ...
Вера Рэйні.
Дырэктар архіва Вацлаў Слядзінскі ад 27 лістапада 1931 г. адказвае на запыт прафесара Зыгмунта Батоўскага аб магчымасці знаходжання ў Віленскіх архівах дакументаў Людвіка Тышкевіча, датычных да будаўніцтва палаца ў Гародна.
"Вельмі шаноўны пан прафесар.
Даведаўся ад п. Люцыяна Уземблы29, што радавы маёнтак у спадчыннікаў Людвіка Тышкевіча разам з вельмі багатым і каштоўным архівам набыў гр. Бенедыкт Тышкевіч30 з Чырвонага Двара, які частку свайго архіва (невядома якую частку і што менавіта) з Чырвонага Двара, што пад Коўняй, падобна, уратаваў ад канфіскацыі літоўскім урадам і схаваў недзе ў Варшаве. Жонцы гр. Тышкевіча ў сваёй бібліяграфіі выказаў падзяку Эстрайхер. Лічу, што пану прафесару не цяжка будзе адшукаць у Варшаве гр. Бенедыкта і атрымаць дакладную інфармацыю пра архіў Людвіка Тышкевіча. Ведаю, што частка архіва з Чырвонага Двара знаходзіцца ў Дзяржаўным архіве ў Коўні.
Вацлаў Слядзінскі".
"Гародна к. Ліды, 13 сакавіка 1936 г.
(Ліст на англійскай мове на двух аркушах з блакнота).
Шаноўны пан (Батоўскі - Л. Л.) . Перадаю вам шмат цёплых слоў. Мая дачка мела цудоўнае вяселле на прыродзе ў Англіі. Зараз сужэнцы бавяць доўгі мядовы месяц у паўднёвай Францыі. Я ўладкавала дом (ванны пакой, каналізацыю) і буду рада бачыць вас ў маі. Трыстан Рэйні (муж Веры - Л. Л.) цудоўны англійскі хлопец з незалежным характарам, ён мастак з вялікімі мастацкімі здольнасцямі, калекцыянер паштовых марак і аматар нашай мясцовай гісторыі, што будзе добра для іх, бо яны збіраюцца жыць разам у Гародна. Я вельмі спадзяюся, што вы наведаеце нас яшчэ раз, калі дом будзе выглядаць прыгожа з новай мэбляй. Маю надзею, вы прыедзеце да нас з Варшавы. З найлепшымі пажаданнямі і ўдзячнасцю.
Ада Кандратовіч
Калі вы нешта напішыце пра Гародна?"
Ліст на англійскай мове на двух фірмовых аркушах маёнтка Гародна (у верхнім левым куту друкарскім шрыфтам набрана "Horodno k/Lidy").
"27.01.1937.
Дарагі пр. Батоўскі.
Дзякуй за ласкавае віншаванне з нашым вяселлем, якое вы зрабілі ў лісце да маёй маці. Як вы напісалі па-англійску, наша вясельнае падарожжа - сапраўдная мастацкая з'ява, вам можа быць цікава даведацца, што мой муж - малады мастак і ён быў бы рады пазнаёміцца з вамі. Мы прыедзем у Варшаву ў "Еўрапейскі гатэль" 31 студзеня. Ці маглі б вы паведаміць нам, ці зможам мы сустрэцца?
З нецярпеннем чакаю, сустрэчы з вамі.
Вера Кандратовіч Рэйні".
"04.02.1937
Запіска алоўкам на англійскай мове, у якой прафесар выбачаецца за тое, што не змог зладзіць сустрэчу з сужэнцамі Рэйні, бо захварэў на грып. Прафесар выбачаецца, што будзе пісаць па-польску, бо яго англійскай мовы хапае толькі, каб чытаць і разумець, а не пісаць. Паведамляе, што яго жонка вучылася ў Англіі і дапаможа яму напісаць ліст".
Далей працягвае па-польску і спадзяецца, што сужэнацам прыемна было наведаць Варшаву і г. д.
Здымкі маёнтка, дасланыя др. Лоранцам пр. Батоўскаму ў жніўні 1933 г.
"Вільня, 21 жніўня 1933 г.
Шаноўны і любы пане прафесар (Батоўскі - Л. Л.)!
Быў вельмі рады прыезду шаноўнага пана прафесара ў Вільню ў мінулым годзе. Я і далей падтрымліваю стасункі з Гародна, даслаў некалькі дзесяткаў фотаздымкаў, а месяц таму суправаджаў абодвух пані і іх сяброў у катэдру. Гэта было, як быццам, малое падарожжа перад шлюбам, бо п. Кандратавічоўна прыехала са сваім нарачоным, маладым Кашыцам са Сваятычаў31. П. Кандратавічоўна сказала мне, што атрымала ад вас мілы ліст.
Не ўсе мае здымкі атрымаліся, але думаю, што прыдадуцца як нататкі і дасылаю ў гэтай якасці32 .... Яшчэ спадзяюся знайсці архіўныя матэрыялы па Гародна, але зараз не маю часу для пошукаў".
[Далей Лоранц выказвае надзею знайсці дакументы, каб даведацца пра архітэктара маёнтка. Таксама выказвае думку наконт таго, хто мог бы быць архітэктарам палаца, "нядаўна з архіваў удалося ўстанавіць архітэктара Агінскіх у Слоніме - гэта Бекер. Таксама ўсплылі некалькі прозвішчаў архітэктараў Сапегаў (Дзярэчын, Ружаны) ... гэта не так далёка ад Гародна".]
Станіслаў Лоранц".
Гародна, палац
Палац з боку саду
Палац з боку дзядзінца
Малюнкі інтэр'ераў палаца Веры Кандратовіч
Кандратовічы, як маглі, дапамагалі пр. Батоўскаму ў падрыхтоўцы манаграфіі пра свой палац, і таму Вера зрабіла вялікую колькасць малюнкаў элементаў інтэр'еру.
Паштовая картка, рукой Ады Кандратовіч, напісана па-польску.
"Пошта Гародна каля Ліды, 20.06.33.
Шаноўны пан прафесар!
Сардэчна дзякую за ліст і нататкі. Хачу выслаць пану эскізы барэльефаў, якія вельмі рупліва намалявала мая дачка, гэта была дастаткова працяглая праца ...
Ада Кандратовіч".
Запіска фіялетавым атрамантам, польская мова:
"Гародна к. Ліды сакавік 10.07.1933.
Шаноўны пан прафесар, дасылаю вам малюнкі з кожнага пакоя, якія толькі ўчора закончыла маляваць мая дачка. Яна вельмі старалася і калі маюцца нейкія дыспрапорцыі ці памылкі ў памерах, іх можна паправіць, каб зразумець, як гэта ўсё выглядае. Ці трэба ёй яшчэ зрабіць нешта карыснае? Напішыце пра гэта".
Далей запрашае прафесара ў госці і піша, што будзе гэтаму вельмі рада, паведамляе, што ў жніўні ў Варшаву паедзе яе брат.
28 Archiwum PAN (Polska Akademia Nauk). 302/126/0/3/48.
29 Узембла Люцыян (1864-1942) - публіцыст, дзеяч культуры, бібліяфіл; у 1906 г. адзін з ініцыятараў і сябар кіраўніцтва Таварыства музея навукі і мастацтва ў Вільні; у 1908-1914 гг. захавальнік музея; у 1914 г. кнігазбор Таварыства быў перададзены ў бібліятэку Таварыства сяброў навукі ў Вільні; у 1919-1922 гг. малодшы асістэнт на кафедры гісторыі культуры факультэта гуманістыкі УСБ. Усё жыццё збіраў кнігі, старадрукі.
30 Бенедыкт Тышкевіч (1801-1866), літоўскі арыстакрат, граф, ковенскі губернскі маршалак, уладальнік Чырвонага Двара, калекцыянер і мецэнат. Бенедыкт Тышкевіч праславіўся як пакупнік карціны "Стэфан Баторы пад Псковам" Яна Матэйкі, набытай за 60 000 франкаў.
31 За якога так і не выйшла замуж.
32 Здымкі гл. далей.
"Кожная пятніца - роднае, сваё!"
Аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры дзяржаўнай установы "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" наведалі працоўныя калектывы Лідчыны.
Выстаўка традыцыйных рамёстваў, знаёмства з майстрамі, якія падтрымліваюць ручную працу, уразіла наведвальнікаў.
Яны паглядзелі на такія майстар - класы, як выраб глінянай цацкі ад майстра - кераміста Алены Свідэрскай, паназіралі за працэсам ткацтва Валянціны Сільвановіч, саломапляценнем і вязаннем кручком ад Марыі Шылкоўскай, выразаннем з паперы - выцінанкай, ад Дар'і Шафак.
Майстры працавалі на фоне выстаўкі дэкаратыўна - прыкладнога мастацтва "Творчасць - дар жанчыны", што ўразіла наведвальнікаў, узмацніўшы эфект прагляду мастацкіх работ таленавітых удзельніц выстаўкі.
ТК "Культура Лідчыны".
Герб горада Ліды, наданы 17 верасня 1590 г.
