Папярэдняя старонка: 2026

Наша слова.pdf № 21 (230) 


Дадана: 26-05-2026,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 21 (230), 27 траўня 2026.

Апошнія званкі ў школах Лідчыны

23 траўня ў школах Лідскага раёна празвінелі апошнія званкі.

У СШ № 9 г. Ліды імя А.В. Нічыпорчыка адбылася ўрачыстая лінейка для навучэнцаў 9-11 класаў, якая стала яркім фіналам 2025/2026 навучальнага года. Гэта быў дзень гонару за тых, хто сваім розумам, творчасцю і актыўнай грамадзянскай пазіцыяй услаўляе родны край!

Ганаровым госцем свята стала Вольга Зыгмунтаўна Тарасюк, начальнік кіравання адукацыі Лідскага райвыканкама. У святочнай атмасферы заслужаныя ўзнагароды з рук начальніка кіравання адукацыі атрымалі педагогі і навучэнцы за дзейсную працу, удзел у грамадскім жыцці Лідскага рэгіёна.

У СШ № 16 г. Ліды імя П.М. Машэрава таксама прайшла святочная лінейка.

На лінейцы прысутнічалі ганаровыя госці:

Святлана Іванаўна Лоўкіс - начальнік аддзела выхаваўчай і сацыяльнай працы кіравання адукацыі Лідскага райвыканкама

Бацюшка Сергій Шафарост - настаяцель храма ў гонар абраза Божай Маці "Спагнанне загінулых".

У СШ № 14 г. Ліды прайшло ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае канцу навучальнага года для выпускнікоў II і III прыступак агульнай сярэдняй адукацыі. У гэты дзень школа выпраўляла ў дарослае жыццё сваіх выпускнікоў.

І так ва ўсіх школах раёна.

ТК "Адукацыя Лідчыны".

Натхненне Радзімай

У ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы" адбылася літаратурная гасцёўня пад назвай "Натхненне Радзімай", якая прайшла ў рамках чарговага пасяджэння літаратурнага аб'яднання "Суквецце", што дзейнічае пры рэдакцыі "Лідскай газеты". У ходзе мерапрыемства былі прадстаўлены новыя кнігі таленавітых лідскіх аўтараў.

Так, увазе прысутных былі прапанаваны прэзентацыі твораў А. Юшко - зборнікаў "Жемчужные нити" і "Свет в окошке", а таксама кніга С. Судніка "Каб агеньчык не згас". Акрамя таго, асаблівая ўвага была ўдзелена творчасці У. Васько, які прадставіў сваю 10-ю кнігу "Байкі".

Былі прадстаўлены кніга Таццяны Сямёнавай "Майское утро" і ўнікальная праца Леаніда Лаўрэша "Там, дзе з Богам гавораць. Гісторыя цэркваў на Лідчыне", 774 ст. Фармат паміж А-4 і А-5.

Акрамя гэтага, на сустрэчы прагучалі і іншыя творы мясцовых пісьменнікаў, што дазволіла ўдзельнікам мерапрыемства глыбей пазнаёміцца з сучасным літаратурным працэсам у Лідзе і раёне. Літаратурная гасцёўня прайшла ў цёплай і сяброўскай атмасферы, спрыяючы развіццю культурнага жыцця рэгіёна і падтрымцы таленавітых аўтараў.

ТК "Культура Лідчыны".

Гульнёвае асарці "Казкі дзеда Васіля"

У філіяле "Бярозаўская гарадская бібліятэка" юбілей пісьменніка В. Віткі быў адзначаны гульнёвым асарці "Казкі дзеда Васіля". Бібліятэкар пазнаёміла дзяцей з біяграфічнымі звесткамі пра аўтара, як класіка беларускай дзіцячай літаратуры, з яго творчым шляхам, узнагародамі.

Чытачы з задавальненнем адказвалі на пытанні віктарыны, паказалі свае здольнасці ў ведах творчасці вядомага беларускага пісьменніка. Наведвальнікі з задавальненнем пазнаёміліся з такімі казкамі, як "Вавёрчына гора", "Казка пра цара Зубра", "Азбука Васі Вясёлкіна", "Дударык", "Хто памагае сонцу" і інш. Даведаліся, што В. Вітка заснаваў дзіцячы часопіс "Вясёлка" і ў 17 год быў яго галоўным рэдактарам.

Наш кар.

Літаратурна-краязнаўчая гульня "Адкрывай свой родны край"

22 траўня ў рамках праекта "Кожная пятніца - роднае, сваё" у філіяле "Лідская гарадская бібліятэка № 3" прайшло займальнае мерапрыемства - літаратурна-краязнаўчая гульня "Адкрывай свой родны край".

Дзеці знаёміліся з творчасцю беларускіх дзіцячых пісьменнікаў і паэтаў, цікавіліся гісторыяй і прыродай Беларусі, а таксама з задавальненнем адказвалі на пытанні і ўдзельнічалі ў пазнавальных конкурсах і гульнях.

Наш кар.

Сёмуха ў Бярозаўцы

У гонар надыходзячай Сёмухі і традыцыйных Зялёных свят у Бярозаўцы адбылася яркая абрадава-забаўляльная пляцоўка.

Зялёныя святы і Сёмуха - гэты час, калі нашы продкі адзначалі канец вясны і пачатак лета, услаўлялі прыроду і прасілі ў яе ўрадлівасці і дабрабыту. Госці з задавальненнем прынялі ўдзел у старажытных абрадах, прысвечаным сустрэчы лета і росквіту прыроды, а таксама ўспомнілі старадаўнія традыцыі.

ТК "Культура Лідчыны".

Фанфары сяброў

23 траўня адбыўся IX Адкрыты фэст духавой музыкі "Фанфары сяброў" ў ам. Парэчча. Многім калектывам Гарадзеншчыны запомніцца цёплая атмасфера свята і прыязнасць жыхароў ды арганізатараў свята.

Узорны духавы аркестр ДУА "Лідская дзіцячая школа мастацтваў" на чале з кіраўніком і дырыжорам аркестра Тарэнцем Андрэем Генрыхавічам у чарговы раз пацвердзіў сваё прафесійнае майстэрства стаўшы Лаўрэатам гэтага незабыўнага свята духавой музыкі.

Віншуем! Мы Вамі ганарымся!

ТК "Культура Лідчыны".

Кніга пра фалерыстыку Магілёўшчыны

Новае выданне

Унікальнае выданне пабачыла свет, якое прысвечана фалерыстыцы Магілёўшчыны. Кніга так і называецца "Магілёўшчына ў люстэрку фалерыстыкі". Яе аўтарамі з'яўляюцца беларускія калекцыянеры Мікалай Міронаў і Алесь Сярожкін. Дарэчы, гэта іхняе другое сумеснае выданне. Першае даследаванне аршанскай фалерыстыкі асобнай кніжкай выйшла з друку ў 2022 годзе. Цяпер калекцыя-нерыкраязнаўцы пашырылі сваё даследаванне беларускіх значкоў і прысвяцілі выданне ўсёй Магілёўскай вобласці.

Тэрмін "фалерыстыка" ўпершыню пачаў ужывацца ў 1937 годзе чэхаславацкім калекцыянерам узнагарод Олдржыхам Пільцам. А ў былым Савецкім Саюзе пра фалерыстыку ўпершыню напісаў Раман Шэйн з Баку ў артыкуле "Фалерыстыка - сястра нумізматыкі", які быў апублікаваны ў часопісе "Дэкаратыўнае мастацтва СССР" у 1965 годзе.

Да першай групы фалерыстыкі адносяцца ордэны, медалі, значкі, жэтоны і форменная фурнітура (какарды), вырабленыя з высокай якасцю, якія маюць спецыяльныя ўпакоўкі, зберажэнне і сур'ёзную якасць тэхналагічнага сартавання.

Да другой групы фалерыстыкі адносяцца службовыя знакі, сувенірныя значкі, памятныя і сувенірныя жэтоны, форменная фурнітура (асноўная частка прадметаў) высокай і сярэдняй якасці выпуску.

На вялікі жаль, у Беларусі няма спецыяльнага выдання для фалерыстаў і, наогул, для калекцыянераў. Напачатку 1990-х гадоў калекцыянеры Алесь Сярожкін і Уладзімір Цярохін выдавалі ў Оршы газету "Беларускі калекцыянер". Выйшлі з друку 24 нумары, а потым выданне, з-за недахопу фінансаў, спыніла сваё існаванне. Таму сёння розныя выданні пра беларускую фалерыстыку радуюць і захапляюць.

Фалерыстыка з'яўляецца вельмі цікавай старонкай гісторыі Магілёўшчыны . У значках знайшлі сваё адлюстраванне шматлікія падзеі, якія адбываліся на Магілёўшчыне ў самыя розныя часы. Юбілеі гарадоў, прадпрыемстваў, навучальных устаноў, фестывалі і святы, спорт і культмасавыя і літаратурныя мерапрыемствы пакінулі пасля сябе шмат памятных значкоў. Але найбольшую колькасць магілёўскай фалерыстыкі складаюць значкі з выявамі гербаў гарадоў і нават вёсак. І гэта зразумела, таму, што на сённяшні дзень практычна кожны райцэнтр Магілёўскай вобласці мае свой герб і нават сцяг.

У беларускай фалерыстыцы Магілёўшчына вылучаецца тым, што калекцыянеры Магілёва і Бабруйска маюць каталогі значкоў сваіх гарадоў. Таму аўтары кнігі дапоўнілі гэтыя каталогі і сабралі звесткі пра ўсе значкі, якія маюць дачыненне да фалерыстыкі Магілёўскай вобласці. І гэта Мікалаю Міронаву і Алесю Сярожкіну ўдалося.

У кнізе ўсе выявы значкоў падаюцца ў натуральных памерах і колерах. Магілёўская фалерыстыка пачынаецца са значкоў, на якіх адлюстраваны гербы Магілёва розных стагоддзяў, са службовых знакаў 1889 года, з геральдыкі Магілёва часоў СССР і Рэспублікі Беларусь.

Шмат выпускалася значкоў, прысвечаных юбілеем Магілёва, помнікам і падзеям горада на Дняпры, абароне і вызваленню Магілёва ў гады Другой сусветнай вайны.

Не заставаліся ўбаку і прадпрыемствы Магілёўшчыны, яны таксама выпускалі і працягваюць выпускаць значкі да сваіх юбілееў. Шмат арыгінальных значкоў маюць магілёўскае вытворчае аб'яднанне "Хімвалакно", магілёўскі завод "Стром-машына", аўтамабільны завод, будтрэсты Магілёва, абласное кадэцкае вучылішча, завод "Электрарухавік", Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Аркадзя Куляшова і машынабудаўнічы завод, навучальныя ўстановы Магілёва. Адзначаны ў кнізе і значкі, а таксама нагрудныя знакі сілавых структур Магілёва, значкі гарадоў-пабрацімаў Магілёва.

Шырока адлюстраваны ў фалерыстыцы спартыўны Магілёў. Паказаны ілюстрацыі рэдкіх значкоў, прысвечаных Беларускаму таварыству паляўнічых і рыбаловаў на Магілёўшчыне, абласной газеце "Магілёўская праўда" і г.д.

Не прайшлі калекцыянеры і аўтары кнігі міма райцэнтраў Магілёўскай вобласці. Тут таксама шмат выпускалася значкоў, цяпер, праўда, менш. Багатыя на значкі гарады Асіповічы, Бабруйск, Быхаў, Крычаў, Шклоў, Горкі. Вельмі шырока на значках прадстаўлена Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія ў Горках…

Мэта выдання кнігі "Магілёўшчына ў люстэрку фалерыстыкі" - падсумаваць усё тое, што ёсць на сённяшні дзень пра Магілёўшчыну ў беларускай фалерыстыцы. І аўтарам выдання Мікалаю Міронаву і Алесю Сярожкіну гэта ўдалося ажыццявіць. Цяпер калекцыянеры працуюць над выданнем "Віцебшчына ў люстэрку фалерыстыкі". Пажадаем ім плёну!

Сяргей ЧЫГРЫН.

"Спявай вёска - спявай свята!"

24 траўня працаўнікі філіяла "Гудскі ЦТІД" дзяржаўнай установы "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" правялі свята вёскі Верх-Ліда Дварышчнскага сельсавета "Спявай вёска - спявай свята!"

Дзень вёскі - не проста імпрэза, а нагода выказаць словы падзякі ўсім, хто працуе на сельскай зямлі, хто працягвае развіваць сяло, захоўвае і адраджае яго традыцыі. Тым, хто ўсё жыццё пражыў на роднай зямлі. Людзі - гэта сапраўднае ўпрыгожванне вёскі: працавітыя, сціплыя, якія не прывыклі да славы, але іх жыццё, штодзённая праца - крыніца мудрасці і самаадданасці. У гэты дзень для іх гучала шмат добрых пажаданняў і цёплых слоў. Свята атрымалася па-сучаснаму сонечным і душэўным.

Таксама працаўнікі культуры наведалі вёскі Чэхаўцы, Аўсядава з канцэртнай праграмай "Люблю цябе, зямля родная!"

Людзі падыходзілі і дзякавалі арганізатарам за цудоўна праведзены час. А калі людзі задаволены - значыць, усё зроблена нездарма!

ТК "Культура Лідчыны".

Дотык да памяці

25 траўня 2026 года ў Доме Валянціна Таўлая адбылася гістарычная падзея. Завіталі з горада Баранавічы Хрышчановічы Генадзь Аляксеевіч і Таццяна Анатольеўна - пляменнікі беларускай паэтэсы Ніны Тарас. Шаноўныя госці пазнаёміліся з мемарыяльным пакоем Валянціна Таўлая, пабывалі на экспазіцыі "Пераступіўшы парог", прысвечанай таксама паэту. І, безумоўна, наведалі выстаўку "Пад белым яварам", якая прысвечана 110-годдзю з дня нараджэння іх цёці Ніны Тарас. Матэрыял, які прадстаўлены на выставе, быў перададзены ў верасні 2024 года таксама пляменнікамі паэтэсы Сямернікамі Галінай Іванаўнай і Іванам Іосіфавічам. Галіна Іванаўна і Генадзь Аляксеевіч - сястра і брат. Госці былі вельмі ўражаны тым, што памяць пра іх блізкую сваячніцу, родную цёцю Ніну Міхайлаўну цяпер будзе захоўвацца ў доме, дзе перад вайной жыў яе калега па працы ў рэдакцыі газеты "Уперад", паплечнік, удзельнік партызанскага руху, чалавек, з якім дзяліла свае думкі і ідэі, Валянцін Таўлай. Тут, у гэтым доме, паэтэса таксама бывала, гасцявала. А сёння прыехалі сюды яе пляменнікі. Яны падзяліліся не толькі фотаздымкамі з сямейнага альбома, але расказалі цікавыя кур'ёзныя гісторыі з жыцця паэтэсы. Стала вядома, што Ніна Тарас мела пачуццё гумару! Магчыма гэтыя гісторыі будуць таксама занатаваны. Так склалася, што дом у Лідзе, у якім жыла паэтэса, падчас вайны быў спалены немцамі. Між іншым, той дом належыў яе мужу Янку Федаровічу. Гэтае месца (вуліца) цяпер вывучаецца падрабязней і ўжо амаль што даследавана, ланцужок цягнецца за межы горада. Адзін з дамоў яе мужа, здаецца, захаваўся. Аб гэтай знаходцы, нібы ад Шэрлака Холмса, у хуткім часе будзе паведамлена таксама.

Да гэтага часу нават уявіць, як выглядаў муж паэтэсы, з якім яна жыла ў Лідзе, а потым у Менску, было немагчыма. Былі на тое прычыны. Сёння былі дастаўлены фотаздымкі, з якіх паглядае маладая і ў сталых гадах паэтэса, а таксама яе муж Янка. Можна зазначыць, што спадар Федаровіч працаваў у час вайны ў лідскай фашысцкай турме, дзе размяшчаецца мэблевая фабрыка. Там, між іншым, падчас вайны адбываў пакаранне Валянцін Таўлай. Ён, пасля вызвалення з яе, наведаў адразу сваю сяброўку Ніну, дзе потым будуць збірацца і іншыя партызаны, што і паўздзейнічала на знішчэнне будынка, у якім згарэў архіў паэтэсы. Ды не ўсё ж знішчана! Жыццё творцы працягвалася, яе дзейнасць пашыралася, у чым можна ўпэўніцца цяпер падчас наведвання выставы "Пад белым яварам". Адрас - Дом Валянціна Таўлая, дзе ў двары расце клён, разнавіднасцю якога з'яўляецца явар, што расцвітае ў траўні.

Алесь Хітрун.

БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

Станіслаў Суднік

Колеры, афарбоўкі і масці ў Лідзе і ў астатняй Беларусі


(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)


Афарбоўкі і масці жывёлаў

Пароды сабак

Маёркская аўчарка

1 - Сабакі-пастухі і быдлагонныя сабакі, акрамя швейцарскіх быдлагонных сабак, Іспанія

Малы вандэйскі басет грыфон

6 - Ганчакі і сваяцкія пароды, Францыя

Малы львіны сабака

9 - Дэкаратыўныя і сабакі-кампаньёны, Францыя

Малы швейцарскі ганчак

6 - Ганчакі і сваяцкія пароды, Швейцарыя

Мальтыйская балонка (мальтэзе)

9 - Дэкаратыўныя і сабакі-кампаньёны, Міжземнамор'е

Мальтыпу

Не прызнаны МКФ, ЗША

Мангольская аўчарка

Не прызнаны МКФ, Манголія

Манчэсцер-тэр'ер

3 - Тэр'еры, Вялікабрытанія

Марэма-абруцкая аўчарка

1 - Сабакі-пастухі і быдлагонныя сабакі, акрамя швейцарскіх быдлагонных сабак, Італія

Маскоўскі вартавы

Не прызнаны МКФ, Расія

Маскоўскі дракон

Не прызнаны МКФ, Расія

Махарэра

Не прызнаны МКФ, Іспанія

Міттэльшнаўцар

2 - Пінчары і шнаўцары, малосы, горныя і швейцарскія быдлагонныя сабакі, Германія

Мопс

9 - Дэкаратыўныя і сабакі-кампаньёны, Кітай

Нарвежскі лундахунд

5 - Шпіцы і прымітыўныя пароды Нарвегія

Нарвежскі чорны элкхунд

5 - Шпіцы і прымітыўныя пароды, Нарвегія

Нарвежскі шэры элкхунд

5 - Шпіцы і прымітыўныя пароды, Нарвегія

Нарфолк-тэр'ер

3 - Тэр'еры, Англія

Неапалітанскі масціф, ці масціна неапалітана

2 - Пінчары і шнаўцары, малосы, горныя і швейцарскія быдлагонныя сабакі, Італія

Новашатландскі рэтрывер ці толер

8 - Рэтрыверы, спаніелі і вадзяныя сабакі, Канада

Норвіч-тэр'ер

3 - Тэр'еры, Вялікабрытанія

(Працяг у наступным нумары.)

В Е Р А С Е Н Ь*

Аповесць

Згукі Дня беларускага пісьменства ў Лідзе

Том першы

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)


Падышоў тэхработнік магістрата:

- Можа, ужо хопіць?

- Як гэта, роў яшчэ не скончылі!

- Калі ж, пан начальнік, людзі не прызвычаеныя, яшчэ паламаюць рыдлёўкі, пагубяць іх, і тады нам з заробку... будуць здымаць...

- Але роў!

- То мы самі, удваіх. Надзейней і бяспечней.

- Ну, што вы думаеце? Прывітанне, панове, сход!

Яны абтрасліся, патупалі нагамі па тратуары, высыпалі з абутку востры жвір і пайшлі. Гаспадыні рассыпаліся яшчэ раней.

Засталіся два тэхработнікі, палічылі рыдлёўкі, запалілі махорку. Сонца пражыла. Дзеці пачалі біцца камянямі, скакаць у роў, які цяпер падыходзіў ім па памерах, выхопліваць адзін у аднаго з рук таблічкі з надпісам: "Не таптаць газоны!".

На лаўцы сядзеў апошні з журналістаў, стараваты, сівавалосы, з лысінай, моршчыў абвіслы, чырвоны твар скрывіўся, шукаючы не зацёртыя яшчэ прыметнікі. Прывітанне - урачыстае ці гарачае? Прамова - важная ці натхняльная? Поза натоўпу - згуртаваная ці гатовая? Якая лухта, нам трэба выпіць піва.

2

- Не асабліва, не асабліва, - Бурда злёгку кіўнуў сакратару, які мітусіўся каля зшафёра. - Людзей мала, трохі млява. Усё гэта было трохі паказушна, ды і само відовішча таксама даволі тонкае. Вам трэба будзе праверыць, што гэта за офіс.

- Так, так, пане міністр. Але, адважуся дадаць, пане міністр, гэта зусім не была паказуха... ці далоні?...

Бурда агледзеў свае рукі. Яго правая рука была трохі пачырванеўшая. Ён кіўнуў галавой, загледзеўшыся на вуліцу.

Варшава ў той жнівеньскі панядзелак была прыгожая, хоць і пыльная. Згода аблеплена крамамі, Алеі былі забітыя машынамі, ім даводзілася чакаць тут, Круча... Прадаўцы газет верашчалі на рагах вуліц, кавярні былі поўныя, нейкі плутон сапёраў барабаніў ботамі па вуліцы Наваградскай.

Не асабліва - гэтае ўражанне засталося невыказаным у яго роце, хоць "Сям'я паліцыі" спрацавала больш эфектыўна. Натоўпу ў меру - плошча была зрэшты маленькай, прыстасаванай да магчымасці "Сям'і". Быў ксёндз у белай комжы, дзеці, расстаўленыя па росце, вязанка кветак. Кулямёт акуратна ляжаў на століку, не большым за паднос, накрытым ловіцкім абрусам. Вайскоўцы, аднак, паскупіліся, толькі плутон. Паручнік таксама быў не відны, маленькі, з вялікім чырвоным носам.

- Дакладвае падпаручнік Маркевіч! - гучна выгукнуў ён, быццам крыкнуў: "Пажар!" Вочы вылупіў ад поўнага ашаломлення.

"Дарагі Трымерак, - падумаў Бурда, - ён, напэўна, на зло мне падаслаў гэтага дурня!" Гэта была відавочная лухта - уявіць, што Трымер асабіста займаецца такімі дробязямі, але гэтага было дастаткова, каб узмацніць непрыемны асадак, які ён вынес з капання рова.

Дзве пані, адна за адной, пачалі заікаючыся казаць свае прамовы. Бурда ўжо вывучыў адзін з важных элементаў мастацтва кіравання: ён выдатна ўмеў адцягваць увагу падчас цырымоній і прымушаць сябе засяроджвацца на дробных, прыемных справах. На гэты раз гэты метад зняцця болю аказаўся неэфектыўным; да яго даходзілі ўрыўкі жаночых прамоў і асабліва раздражнялі яго.

"Нацыя дурняў!" - любімае выслоўе каменданта вярталася да яго, як рэфрэн. Ён глядзеў на раззяўлены рот дамы ў чорным касцюме, на нерухомы, каржакаваты падвойны шэраг жаўнераў, на паручніка ў шлеме, які спаўзаў на вочы. Пра што думалі гэтыя закутыя ў жалеза галовы, што яны зразумелі з гэтых слоў, бразгаючых у спёцы?

Пані выкрыквае:

- Усе мы, як адзін чалавек! Да апошняй кроплі крыві ў нашых жылах! Мы шануем гонар вышэй за мір.

Фразы, кінутыя Бэкам у натоўп некалькі месяцаў таму на адчэпнага. Фразы, зношаныя, пазней заплямленыя тысячамі такіх вуснаў і языкоў. Нацыя дурняў. Што яны разумеюць у вялікай камбінацыі, для якой гэтыя фразы - толькі прыкрыццё?

Дзяржаўны дзеяч, асуджаны на адзіноту. Як добра Бурда адчувае настроі Бэка зараз пасля той травеньскай прамовы. Захапленне, воплескі, віншаванні, энтузіязм, дэпешы, амаль вянкі. І халодная лютасць Бэка. Нацыя дурняў. Трымайце яе моцна за морду, не аслабляйце лейцы. Такіх фразаў, так, не скупіцеся. Асабліва калі, як гэтыя, маюць больш глыбокую рацыю, недаступную для такіх дурняў, як гэтыя.

Другая пані заканчвае крыкамі. Два шэрагі і купка "Сям'і" крычаць у адзін голас: "Няхай жыве!". У паручніка мясістыя чырвоныя вусны, і калі ён крычыць, так іх выцягвае, што яны нагадваюць тубу. Яго голас такі гучны, што аж вушы рэжа.

Гасько шэпча ззаду. Пара. Бурда бярэ ручны кулямёт. Ён цяжкі і нязграбны. Вочы паручніка загараюцца трывогай, ён раптам губляе сваю паказную штыўнасць, падбягае да Бурды і нязграбна хапае ручны кулямёт за прыклад. Бурда міжволі выцірае пальцы хустачкай, зброя, як належыць, тлустая. Падбягаюць два жаўнеры, бяруць ручны кулямёт, і паручнік зноў выцягваецца. Фразы, фразы, кавалачак фразы, каб гэты дурань знік. Патрэбна нешта такое, каб гэтыя яшчэ ніжэйшыя ілбы пад шлемамі зразумелі, нешта крутое, трохі легіянерскай сілы.

- Ну, атрымалі цацку! - кажа Бурда. - Ідзіце, гуляйце.

- Так, пане міністр! - раптам гукае паручнік. - Паводле загаду, пане міністр. Да апошняй кроплі! Польшча можа быць спакойнай!

Ён павярнуўся. Бурда, не чакаючы астатняй цырымоніі, пайшоў да машыны, падораныя карабіны трашчалі за ім. Тузіны вачэй сачылі за ім, завостраныя камандай "Направа раўнуй!". Нешта такое ў тым воклічы афіцэра канчаткова дабіла яго? Што ён паўтараў кінутыя ў натоўп фразы яшчэ раз? "Ох, гэты Бэк!" - падумаў Бурда. Адзін, як жудасна адзін! Яны нічога не разумеюць. Нялёгка будзе, нялёгка будзе з гэтай камбінацыяй! Нацыя дурняў.

Ён паехаў у міністэрства, спрабуючы пазбавіцца ад гэтай дэпрэсіі. Ён шукаў больш вясёлых тэм. Можа, можна што-небудзь уладкаваць для Трымера з яго дзіўнымі паводзінамі? Ці не пара выцягнуць Янка з Бохні? Я зраблю з яго ёлупа ў стылі таго, што быў хвіліну таму. Абавязкова ўладкаваць, абавязкова выцягнуць. І не думаць. Нацыя дурняў. Дзяржаўны дзеяч самотны.

На шчасце, у кабінеце няма часу на роздумы. З Бурдой ужо так усталявалася, што яго паўнамоцтвы, асабліва апошнім часам, усё больш перапляталіся з паўнамоцтвамі яго двайнога начальніка, які не толькі займаўся ўнутранымі справамі, але і быў прэм'ер-міністрам. Неўзабаве так атрымалася, што Бурда, акрамя абавязкаў намесніка міністра, выконваў яшчэ і абавязкі намесніка прэм'ер-міністра. Ён не пратэставаў, не адмаўляўся ад сваіх новых абавязкаў; горыч адказнасці не атруціла яго алкагольным ап'яненнем, якое прыходзіць з уладай.

Наадварот, ап'янелы шэптам пра "спадчынніка трона", пра дофіна рэжыму, ён з ахвотай браўся за справы, што яму даносілі ў адсутнасць прэм'ер-міністра, які гойсаў недзе па правінцыях, ганяючыся за нябеленымі прыбіральнямі.

Спіс чакаўшых, як звычайна, аказаўся велізарным. Гасько настойваў на дзвюх дэлегацыях ад палітычных партый і варшаўскіх купцоў. На злосць яму ён адправіў купцоў, загадаў запрасіць жаночую дэлегацыю, а партыям загадаў чакаць. Гасько моўчкі пакланіўся, іранічна прыжмурыўшы вочы. Праз хвіліну Бурда зразумеў: першай увайшла Таміра Гайсэ-Тарнабжэская.

Гэтая паэтка і журналістка рэжыму сапраўды была самай буйной у сваёй прафесіі. Яе памеры надавалі працэсу старэння пэўны апакаліптычны каларыт. Гэты бюст, які вырываўся з-пад карсетаў, блюзак і сукенак; гэтыя чорныя, калючыя, разрастаючыяся вусы, якія амаль ператвараліся ў складаную і пышную сістэму Франца Іосіфа; гэтыя вочы, калісьці непераадольна вялікія, цяпер проста выпуклыя, але зацененыя велізарнымі, абвіслымі мяшкамі. І гэты голас, які - адзіны! - не змяніўся, быў глыбокім, хвалістым, ап'яняльным у стылі Маладой Польшчы. Яна выдатна валодала гэтай адзінай сваёй нержавеючай зброяй.

- Паручнік Казік, - прагула яна, расшпільваючы двухмятровую павязку, - гэта значыць, палкоўнік, гэта значыць, гэта значыць, міністр, ваша экселенцыя, не злуйцеся, што ў вас заўсёды найперш Казіка, заўсёды... паручніка... о, я ўжо бачу, што злуяцеся, ваша экселенцыя, ваша экселенцыя. - Яна выспеўвала гэтае звонкае слова, ішла да Бурды, і ўсё ў ёй гайдалася: голас, грудзі, сцёгны, не меншыя за грудзі, шчокі.

Бурда спрытна ўхіліўся ад пасткі яе рук, праслізнуў вуснамі па пальцы адной з яе рук, упакаваў яе цела, паралізаванае гэтым манеўрам, у бліжэйшае крэсла, і толькі тады заўважыў астатніх членаў дэлегацыі.

За Тамірай стаялі дзве пані, але ён глядзеў толькі на адну. Упершыню - дзіўна - ён убачыў яе зблізку, як звычайна. Спачатку было так, быццам кроў раптам застыла ў дрыготкі кісель - такім прыгожым здаваўся яму гэты твар, знаёмы на памяць па фатаграфіях, ілюстрацыях, сцэнах - твар, які ён так часта ўспамінаў з заплюшчанымі вачыма падчас помслівых разважанняў пра агіднае свінства Трымера. У гэтым твары ён бачыў магчымасць помсты за Пекары нават сёння, пятнаццаць хвілін таму назад. Але калі яна з'явілася перад ім зараз зблізку, пачуццё ўласнай слабасці паралізавала яго мускулы. Ён не мог адарваць ад яе вачэй - яму здавалася, што чалавек, які мог прыручыць такую істоту, непераможны.

Гайсэ працягвала гаварыць, і ў яе гучнай балбатні ён нарэшце пачуў не словы, а хутчэй нейкія хіхіканні. Усё яшчэ гледзячы на Фірстаўну, ён нарэшце ўлавіў сэнс балбатні Гайсэ і адразу апрытомнеў:

- ... я маці, дыпламатка... О, польская Жэнеўева Табуі ведае, хто каму. Да твайго начальніка, Казік, я б праціснулася з пажарнымі; для цябе пропуск найлепшы - прыгожыя жанчыны...

Ён сціснуў зубы - і таму, што яна перайшла на тыканне, бессаромна нагадваючы яму пра яго дзяцінства чвэрць стагоддзя таму, - і, перш за ўсё, таму, што яна не толькі злавіла яго на занадта доўгім позірку, але - і асабліва - таму, што яна ўжо трубіла пра гэта. Перш чым ён паспеў перапыніць яе, яна праскакала яшчэ некалькі сказаў, зусім невыносных:

- Але тое, што ты заглядаешся на Нэлі, не дзіва. Яе вочы, яе вусны - уся Польшча яе любіць. Зірні на другую, хіба яна не цуд? Гэта спадарыня Залеская з Польскага Чырвонага Крыжа.

Тая другая чырванела, нярвова камечачы хустку ў пальцах. Мімаволі ён слухаў гэтую жудасную Гайсу. Залеская была шчуплая, з мяккім авальным тварам, з вялікімі вачыма, верагодна, шэрымі або блакітнымі, абрамленымі цёмна-залатымі вейкамі, з прамым і зграбным носікам. Яна здавалася яму звычайнай, і, акрамя таго, ён мусіў як мага хутчэй спыніць Гайсіны флірт.

- Пані, калі ласка, даруйце гэтыя няёмкасці. Пані Тарнабжэская занадта сапраўдная польская журналістка, каб іх пазбягаць.

- О, калі ласка! Я ж вам казала, мае залатыя! Не толькі прыгажосць, але і кемлівасць.

Ён адкашляўся як мага грубей. Яна была настолькі занепакоеная, што перайшла да сутнасці. Гэта значыць, яна перапыніла дзесяціхвілінную прамову пра міжнародную сітуацыю і вынікаючыя з гэтага абавязкі польскіх жанчын. Ён слухаў, груба стукаючы алоўкам па шкляной паверхні стала. Раз, другі раз ён мімалётна зірнуў на Фірстаўну. Другі раз нешта ўразіла яго: вусны, вочы, пра якія спявала Гайсэ. Проста мясістыя, гэтыя вусны, непрыстойна чырвоныя, шырокія, што называецца - ад вуха да вуха. Вочы. Вочы таксама толькі на першы погляд здаюцца чорнымі і непераадольнымі. На самай справе яны карыя і бяздумна глядзяць у адну кропку. Затое нос - задраны, моцны, прыпудраны, напэўна, каб замаскіраваць вусны, бо было відавочна, што скура сцякае тлушчам. А яшчэ гэтая ямачка на падбародку. Звычайная. Проста звычайная. Правакацыйная - магчыма. Чаму яна здавалася яму такой цудоўнай?

Гайсэ працягвала бубніць. Слухаючы пятае праз дзесятае, ён падумаў: "Усё, да чаго яна дакранаецца, усё становіцца неяк падсалоджаным, прэсным, сентыментальным. Сапраўды, увасабленне нашай прэсы". Ён падагнаў прамоўцу.

Ідэя была ў тым, каб арганізаваць культурна-забаўляльныя мерапрыемствы для...

- ...нашых любімых жаўнерыкаў. Нашы хлопцы павінны мець усё, што толькі ім можна даць. Культурныя скарбы... Сбраць некалькі труп дзяўчат з тэатрыкаў, хай яны нагамі брыкаюць, хор Дана, іншыя хоры...

- Рэдактар, вядома, перабольшвае, - раптам сказала Фірстаўна дзіўна дрыготкім голасам. - Дзяўчаты. Трэба даць жаўнеруу сапраўды найвышэйшае мастацтва. Напрыклад, што-небудзь ад Жырандо...

- Але так, так, - замахала рукамі Гайсэ. - Дарагая Нэлі мае рацыю... Яна прапануе сябе...

- Ну, што ж. Я не бачу ніякіх перашкод, - суха сказаў Бурда. - Жадаю вам поспеху. Я рады, што польскія жанчыны добра разумеюць...

- Праўда? Праўда, што добра? Як наш унёсак у ФОН...

- Мне нічога не застаецца, як пажадаць табе поспеху, - устаў Бурда даволі няветліва. Залеская таксама ўстала, зноў пачырванеўшы.

- Але, золатца! Пачакай! Хто будзе плаціць? - Гайсэ не зрушылася з месца. - У рэшце рэшт, дзяўчатам трэба нешта даць. Акрамя таго, машыны! Яны павінны пераязджаць...

Раздражненне Бурды знайшло выдатны выхад; ён нават змог усміхнуцца:

- А, праўда? Здаецца, пані нешта казала пра ФОН? Ну, збірай грошы...

- Не, не выкруцішся! Ты павінен нам нешта даць. Як гэта, такая важная справа! Нацыянальная абарона! Прапаганда!

Нешта прыцягнула яго ўвагу: вочы Фірстаўны. Трохі кпінаў ці спачування ў гэтых вачах, зноў глыбокіх, мудрэйшых за ўвесь яе твар? Ён хваляваўся, ці не зрабіў ён у той момант якога-небудзь глупства? Ці проста нешта прагапіў?

Гейсэ не разумела гэтай трывогі; яна пачала ўсё спачатку; у яго быў час зноў спытаць у гэтых вачэй, ці могуць яны што-небудзь паабяцаць?

Не. У іх не было іскры той імправізаванай формы помсты Трымеру, якой ён смутна чакаў. Фірстаўна ў гэты момант глядзела не на мужчыну, а на гульца, ды яшчэ і дрэннага. Яму хацелася ўдарыць далонню па галаве, каб падагнаць яго нерухавыя думкі. Ён навучыўся цярпліва выслухоўваць афіцыйныя, у пэўнай ступені прадстаўнічыя прычыны прыезду ўсіх заяўнікаў, каб хутчэй разабрацца ў сапраўднай праблеме. На кожнай аўдыенцыі яму спачатку прапаноўвалі тое, чаго ён мог жадаць, каб потым можна было папрасіць. Тыя, хто не меў чаго прапанаваць, пачыналі з патрыятызму, расхвальваючы дзяржаўныя выгоды, якія вынікаюць з іх бізнесу. Гэтая ўжо паўгадзіны тым займаецца. А вочы Фірстаўны кажуць: ты сляпы, ты не бачыш...

Ён не бачыў. Ён не бачыў нічога, што магло б яму спатрэбіцца ў гэтай справе. Марнаваць дзяржаўныя грошы на дзяўчат?

(Працяг у наступным нумары.)

* Jerzy Putrament. Wrzesien. Ежы Путрамант. Верасень. Аповесць у двух тамах. Выдавецтва Міністэрства нацыянальнай абароны, Варшава, 1953 г. Першае масавае выданне. Тыраж: 75 000 асобнікаў. Пераклад Станіслава Судніка.

ІАГАН КРЫШТАФ ГЛАЎБІЦ, ВІЛЕНСКІ АРХІТЭКТАР XVIII СТАГОДДЗЯ

Станіслаў Лоранц


Матэрыялы да біяграфіі і творчасці*

1. Жыццяпіс

Імя віленскага архітэктара Яна (так у Лоранца - Л.Л.) Крыштафа Глаўбіца да гэтага часу вядома толькі па дзвюх згадках, апублікаваных з розніцай у некалькі дзесяцігоддзяў. Нягледзячы на нядаўнюю знаходку даволі багатых матэрыялаў, прадстаўленых ніжэй, было б заўчасна спрабаваць напісаць поўную, манаграфічную працу пра яго жыццё і творчасць. Пакуль што не ўдалося скласці поўны спіс дзеяў Глаўбіца, высветліць яго паходжанне або даведацца пра дату нараджэння. Меркаванне, выказанае ў сярэдзіне XIX стагоддзя гісторыкам віленскага пратэстанцкага збору, пра тое, што яго род паходзіць ад сакратара караля Стэфана Баторыя Сабінуса, наглядчыка Віленскага манетнага двара1, не знаходзіць пацвярджэння і здаецца цалкам беспадстаўным2. Хутчэй за ўсё, ён мог быць выкліканы ў Вільню або сам прыбыў сюды пасля вялікага гарадскога пажару 1737 года, калі ўзнікла патрэбна ў адбудове шматлікіх касцельных і свецкіх будынкаў. Можна таксама выказаць здагадку, што Глаўбіц па рэкамендацыі сваіх аднаверцаў, як асоба аўгсбургскага евангелісцкага веравызнання3, быў запрошаны віленскай супольнасцю для аднаўлення згарэўшага збора на вуліцы Нямецкай. У любым выпадку, самая ранняя праца ў Вільні, якую мы можам прыпісаць яму - ляпніна, датаваныя 1738 годам, знаходзіцца ў будынках евангеліцка-аўгсбургскага збора, а яго імя мы ўпершыню сустракаецца 16 красавіка 1739 года ў запісах гэтага ж збора4.

З таго часу і да сваёй смерці Глаўбіц пастаянна пражываў у Вільні, гэта мы бачым у пратаколах пасяджэнняў евангелісцка-аўгсбургскай грамады. Ён адсутнічаў толькі ў 1743, 1745, 1747, 1753 і 1754 гадах. У 1748, 1755, 1757, 1760 і 1764 гадах згадваецца, што Глаўбіц адсутнічае ў Вільні, аднак, гэта ніколі не доўжылася больш за некалькі месяцаў. У 1743 і 1753 і верагодна, у 1745 і 1747 гадах Глаўбіц быў у Літве, і можна меркаваць, што з моманту пераезду сюды, ён не пакідаў межаў Вялікага Княства Літоўскага5.

У 1742 годзе Глаўбіц у Вільні ажаніўся з Барбарай Людвікай Сухланд, дачкой кантара евангелісцка-аўгсбургскага збора6. З 1746 года займаў розныя пасады ў сваёй рэлігійнай грамадзе. У 1746 годзе быў абраны ў раду грамады, а ў 1748 годзе - у раду трыццаці мужоў7. З 1756 года - старэйшына і наглядчык (senior i prowizor) будынкаў збора, прычым падчас выбараў на гэтую пасаду, ён паведаміў, што не ўвесь час знаходзіцца ў Вільні і гэта прымушае яго прызначаць сабе намесніка падчас паездак8. У 1762 годзе ён адмовіўся ад перавыбрання на пасаду наглядчыка, але захаваў нагляд за будаўнічымі працамі на карысць збора і ў 1766 годзе ўсё яшчэ значыўся як "Bau Conducteur der Kirchenhauser" ("Кіраўнік будаўніцтва дамоў рэлігійнай грамады")9. На працягу ўсіх гэтых гадоў Глаўбіц пастаянна выконваў абавязкі ацэншчыка, наглядчыка і кіраўніка будаўнічых праектаў яго рэлігійнай грамады. У прыватнасці, у 1749-1752 гадах кіраваў адбудовай будынкаў збора, якія згарэлі падчас двух гарадскіх пажараў 1748 і 1749 гадоў10.

У 1739-1749 гадах Глаўбіц жыў у Сатаноўскай камяніцы11, якая належала рэлігійнай грамадзе, насупраць брамы францысканскага касцёла, гэтую камяніцу ён сам адрамантаваў у 1739 годзе12. У 1749-1767 гадах ад грамады арандаваў афіцыну дома Мюлера13 (ранейшы дом Гажушоўскі), якую па просьбе рады сваёй рэлігійнай грамады адрамантаваў у 1741-1742 гадах. З таго часу паходзіць мур і брама, якія захаваліся ў двары дома па вуліцы Нямецкай № 5 і сёння аддзяляюць гэтую маёмасць ад дома па Францішканскім завулку № 3/5. У 1748-1749 гадах Глаўбіц цалкам перабудаваў афіцыну і здаў яе ў арэнду паводле дамовы ад 27 верасня 1749 года. У той час гэты дом быў ужо пад дахам, але яшчэ не атынкаваны14.

Глаўбіц памёр 30 сакавіка 1767 года і быў пахаваны ў Вільні15.

2. Евангелісцкі збор аўгсбургскага веравызнання ў Вільні

Першай вялікай архітэктурнай працай Глаўбіца ў Вільні, калі глядзець храналагічна, была рэканструкцыя евангелісцкага збору аўгсбургскага веравызнання пасля пажару 1737 года, пачатая ў 1738 годзе. Нягледзячы на тое, што імя Глаўбіца згадваецца ў пратаколах пасяджэнняў рады рэлігійнай грамады толькі 18 чэрвеня 1739 года, яму прыпісваецца ляпніна на скляпенні ў зале архіва на другім паверсе вежы збора, пазначанай датай MDCCXXXVIII на тынку над дзвярыма, якія вядуць на хор старэйшын (seniorоw). Першапачаткова гэтая зала служыла месцам паседжанняў рады грамады, і, магчыма, таму была адноўлена першай.

Гмах збора, у якім ад папярэдняй пабудовы пасля пажару засталіся толькі сцены, быў цалкам перабудаваны паміж 1739 і 1743 гадамі, а ў наступныя гады зроблена толькі ўнутранае ўпрыгожанне. У 1739 годзе былі пастаўлены прысценныя слупы, у 1740 годзе - вымуравана скляпенне, аркады музычнага хора (мал. 1) і хора старэйшын (мал. 2), а таксама распачаты працы па амбоне (завершаны ў 1741 годзе), атынкавана скляпенне, зроблены кроквы даху, пакладзена падлога і пабудаваны алтар, у 1742 годзе была завершана перамуроўка вокнаў і будаўніцтва хораў, а таксама вымуравана шэсць слупоў і дзве пілястры алтара, пасля чаго пачаліся ляпныя работы на алтары, якія завершаны вясной 1743 года16 (мал. 3). Як бачна з архіўных запісаў, сучасны выгляд збору, зразумела, што акрамя памераў будынка, якія вызначаюцца сценамі ранейшай пабудовы, паходзіць з часоў адбудовы, якая вялася па праекту і пад кіраўніцтвам Глаўбіца17.


Роля Глаўбіца выразна акрэслена ў пратаколах пасяджэнняў рады рэлігійнай грамады і бачна з рахункаў часоў адбудовы. Ён з'яўляецца кіраўніком будаўніцтва, за што атрымлівае штомесячны заробак18, а таксама праектантам не толькі архітэктуры, але і ўнутранага аздаблення, у прыватнасці, ляпніны. Пра гэта сведчыць запіс у пратаколе пасяджэнняў муніцыпальнай рады ад 9 сакавіка 1742 г., які пацвярджае, што др. Арловіюс (Orlovius) ахвяраваў на будаўніцтва алтара 355 фл. запісанных яго памерлай жонкай, і ад імя старэйшын заключыў кантракт з архітэктарам Глаўбіцам на ўпрыгожванне ляпнінай ужо ўсталяванага алтара. Мы можам зрабіць выснову, што Глаўбіц меў свабоду выбару з таго факту, што пытанне замуроўкі акна ў алтары ці размяшчэнне барэльефа са сцэнай Унебаўзяцця было пакінута толькі на яго меркаванне19. Гэта таксама пацвярджаецца запісам ад 4 снежня 1742 г. у "Рэестры прыходаў і выдаткаў" адносна разліку выдаткаў на будаўніцтва алтара:

"Архітэктар Кшыштаф Глаўбіц разлічыўся за … алтар нашага збора, хай дабраславіць і вітае яго Бог, таксама завяршыў 6-ю круглую калону, 2 пліты на сцяне, 2 капітэлі ў верхняй частцы калоны і многае іншае... заплаціў... фл. 504".

Першапачатковы, сціплы праект алтара быў распрацаваны Глаўбіцам падчас будаўніцтва, а ляпніна алтара, акрамя фігурнай ляпніны, была выканана мастакамі не толькі паводле праекта, але і пры непасрэдным удзеле Глаўбіца.

4. Вільня, евангелісцкі збор аўгсбургскага веравызнання, сцэна пакланення пастухоў у алтары

Для вырабу фігурнай ляпніны, распрацаванай Глаўбіцам, быў наняты раней невядомы скульптар Марсэлі. Аб'ём яго супрацоўніцтва дакладна вызначаны ў "Рэестры даходаў і выдаткаў", які змяшчае наступныя запісы ад 17 снежня 1742 г.:

- Устаноўка 2 анёлаў на вяршыні алтара, выплачана скульптару Марсэлі... фл. 128;

- Яшчэ раз скульптару Марсэлі, за скульптуры Вячэры Панскай, праца ў гіпсе ля алтара... фл. 120;

- Таму ж самому за выяву Труны Гасподняй... фл. 96;

- За партрэт das Bildniiss des Heylandes am Kreutz, Марселі.., фл. 80.

У наступным годзе 20 красавіка 1743 г.:

- Скульптару Марсэлі за 6 статуй побач з алтаром: 4 Евангелісты і 2 апосталы - Пятра і Паўла... фл. 432.

Сюды ўваходзяць усе гіпсавыя фігурныя скульптурныя ўпрыгожанні алтара, якія захаваліся да нашых дзён у нязменным стане20 (мал. 4).

Акрамя ўжо згаданых архітэктурна-будаўнічых работ і алтара ў евангелісцка-аўгсбургскім зборы, Глаўбіц з'яўляецца аўтарам наступных твораў:

1) вапнавыя тынкаваныя скляпенні ў выразна барочным стылі з геаметрычнымі ўзорамі з дамінантнымі S-вобразнымі аркамі і арачнымі зводамі, якія праходзяць па скляпенню (1741)21 (мал. 5);

2) хрысцільна з чатырма купідонамі, увянчаная на вечку фігурамі Немаўляці Ісуса і св. Яна Хрысціцеля, зроблена раней за алтар, на што паказвае дата MDCCXLI на краю чашы (мал. 6);

3) упрыгожванне амбона, а менавіта дзве постаці анёлаў на балюстрадзе прыступак, над балдахінам постаць Хрыста - добрага пастыра, барэльефы на палях балюстрады, якія сімвалізуюць статак Панскі, і жалезныя краты, якія закрываюць уваход на прыступкі, з выкутай на іх датай 1746. Магчыма, скульптурнае ўпрыгожванне амбона таксама датуецца гэтым годам, але ў любым выпадку яно не згадваецца ў "Рэестры прыходаў і выдаткаў".

І нарэшце, наступныя прадметы, несумненна, былі выкананы паводле праекта Глаўбіца:

1) рамы двух дошак для спеваў, падораных у 1745 годзе Карлам Фрэйзерам, выразаныя з дрэва22;

2) дзве лавы з багатым разьбяным (сніцарскай работы - Л.Л.) арнаментам, балдахін над хорам старэйшын (мал. 8);

3) лавы нефа, асабліва лавы першага рада з разьбяной драўлянай накладкай (мал. 1);

4) шафа аргана, пабудаваная ў 1753 годзе Н. Янцэнам23.

Мы можам зрабіць выснову пра аўтарства Глаўбіца як з-за яго шматграннай ролі ў адбудове збору, так і з-за падабенства кампазіцыі і арнаментальных матываў з арнаментамі, якія сустракаецца ў іншых працах архітэктара. Лаўкі, верагодна, былі зроблены пасля 1743 года, бо яны не згадваюцца ў "Рэестрах даходаў і выдаткаў", якія вельмі старанна вяліся да гэтага года, і не пазней за 1746 год, калі, здаецца, адбудова збору была канчаткова завершана.


Маецца пытанне - якія скульптары супрацоўнічалі з Глаўбіцам у гэтай працы, акрамя выканаўцы скульптур алтара Марсэлі. Разьба па дрэву, магчыма, была выканана невядомым "скульптарам, які стварыў скульптуры для гэтага горада і для пратэстантаў". Скульптары і барэльефы хрысцільні і амбона, калі яны не з'яўляюцца працай Марсэлі, мог выканаць Ёган Карл Фрэзер23 - скульптар, які згадваецца метрыках, ахвярадаўца дошак для спеваў, або Ёган Юліюс24.

(Працяг у наступным нумары.)

* Пераклад Леаніда Лаўрэша.

1 A.F.A.[damowicz], Kosciol Augsburski w Wilnie. Wilno, 1855. S 32.

2 Іаган (Ян) Крыштаф Глаўбіц (Jan Krzysztof Glaubitz) нарадзіўся каля 1700 г. у Свідніцы, памёр30 сакавіка 1767 г. у Вільні. - гл: Глаубиц Иоган (Ян) Кристоф // Биографический справочник. Минск, 1982. Т. 5. С. 148. - Л. Л.

3 Евангелісцкая царква Аўгсбургскага веравызнання (скарочана Евангелісцкая царква), заснавана на канонах Аўгсбургскага вызнання (лац.: Confessio Augustana, ням.: Augsburger Bekenntnis). Аўгсбургскае вызнанне складаецца з 28 веранавучальных артыкулаў і да гэтага часу з'яўляецца адной з асноўных багаслоўскіх нормаў для лютаран. Аўгсбургскае вызнанне - самы ранні з афіцыйных веравызнавальных дакументаў які быў выпрацаваны Меланхтонам і ўхвалены Лютарам як выклад праўдаў веры лютаранскай царквы. Дакумент быў прадстаўлены Карлу V на рэйхстагу ў Аўгсбургу 25 чэрвеня 1530 г. - Л. Л.

4 Архівы евангелісцка-аўгсбургскага збора ў Вільні, двухтомны збор пратаколаў пад назвай Пратаколы пасяджэнняў з 1732 па 1750 год (Protokul Sessiiny od r. 1732 do 1750). У першым томе пад датай 16 красавіка 1739 года сярод членаў дэпутацыі пазначаны і "Hr architector Glaubit". Дэпутацыя павінна была ацаніць камяніцу Яксталоўскую, бо гэта камяніца станавілася маёмасцю евангелісцкай парафіі. Камяніца межавала з евангелісцкім зборам і камяніцай Солтаноў на вуліцы Замкавай каля касцёла св. Яна.

5 Архівы евангелісцка-аўгсбургскага збора ў Вільні, двухтомны збор пратаколаў пад назвай "Пратаколы пасяджэнняў з 1732 па 1750 год" (Protokul Sesiiny, j, w,, t, I (1732-1750). Далей, гэты том буду пазначаць як "Пратаколы І", а другі том (1751-1780) як "Пратаколы ІІ".

6 Там жа, Metrica Ecclesiae Vilnensis Invariatae Augustane Confessionis, першы запіс ад. 1726 г.). Запіс шлюбаў, С. 8, дата: 05.II.1742.

7 Там жа, Пратаколы І, С. 9 i 4.

8 Там жа, Пратаколы II. С. 4, 5, 8, 69.

9 Там жа, Пратаколы II ад 01.IX.1762 і 07.VII.1766.

10 Там жа, кніга рахункаў будоўляў: з 18.06.1737 і па 19 лютага 1759 г. Рэестр даходаў і выдаткаў пасля пабудовы двух евангелісцкіх збораў у Вільні. Я буду працягваць цытаваць гэтую кнігу як "Рэестр".

11 Сатанская ці Сатаноўская камяніца па вулачцы Панны Марыі насупраць брамы францішсканскага кляштара, была прададзеная збору Міхалам Дэмерам. Камяніца таксама называлася Людвікоўскай і яшчэ да ўніі Літвы з каронай мела прывілеі. У 1639 г. яна прыносіла збору штогадовы прыбытак у памеры 400 злотых. Яе двор быў трэцім, калі лічыць ад камяніцы Клоца па вуліцы Нямецкай, якая мела ўласную браму паміж другім і трэцім дварамі. - Л. Л.

12 Там жа, Пратаколы I ад 16.IV.1739, 21.VII.1749. Пратаколы II ад 19.IX.1760, 19.X.1767.

13 Пра пазнейшы лёс дома Мюлера гл. ва ўспамінах Станіслава Мараўскага. - Л. Л.

14 Там жа. Рэестр за красавік і жнівень 1741 г., 17 снежня 1742 г., Пратакол I ад 19 чэрвеня 1748 г., 17 верасня 1748 г., 4 лістапада 1748 г., - 27 верасня 1749 г. Копія дамовы паміж панам Янам Крыштафам Глаўбіцам, мясцовым архітэктарам і яго жонкай Людвікай Глаўбіц, народжанай Сухланд. А менавіта, яны бяруць для рамонту суседні дом збора пад назвай "Прыбудова дома Мюлера", размешчаны насупраць францішканскай брамы. Пратакол II ад 11 чэрвеня 1755 г. і 19 кастрычніка 1767 г., са спрэчкі, якая ўзнікла паміж грамадой і спадкаемцамі Глаўбіцамі, вынікае, што перабудова прыбудовы дома Мюлера каштуе 8091 фл.

15 Там жа, Metrica Ecclesiae Vilnensis Inv. Аўг. канф., запіс: 1767 г, датаваны 1 красавіком, архітэктар Ян Крыштаф Глаўбіц, старшыня грамады, памёр 30 сакавіка. Жонка Глаўбіца была пахавана 22 снежня 1766 г. У Метрыках занатаваны пахаванні трох сыноў і трох дачок Глаўбіца ў 1743, 1750, 1755, 1757, 1758 і 1760 гадах. Пасля смерці Глаўбіца, яго спадчынніцамі былі тры дачкі: Ганна (жонка Ё. Б. Хоера, сына старшыні калегіюма), Кацярына-Ружа і Барбара, Пратаколы II, С. 319-323, 327-329, 332.

16 Архівы евангелісцка-аўгсбургскага збора ў Вільні, двухтомны збор пратаколаў пад назвай Пратаколы пасяджэнняў з 1732 па 1750 год (Protokul Sesiiny, j, w,, t, I (1732-1750). Пратаколы I - 30.VII i 6.VIII. 1739 г. Рэестр, падрабязныя запісы з 1739-1744 гг.

17 Там жа. Адбудова была выканана нямецкімі мулярамі і цеслярамі, прывезенымі з Кёнігсберга (Пратаколы I - 18.VI i 30.VII.1739 г. Рэестр - студзень і кастрычнік 1740 г.), а таксама мулярамі з Вільні, якіх прадстаўляў майстар-муляр Каперскі (Пратаколы I - 30.VII.1739 г.). Звычайна цэгла закуплялася ў цагельні Віленскіх айцоў-бернардзінцаў, фармаваная цэгла для гзымсаў у Міхалішках пісара ВКЛ Бжастоўскага, гіпс прывозілі з Біржаў, медзь з Рыгі, а золата з Кёнігсберга (Рэестр - снежань 1739 г., студзень і люты 1740 г. Пратаколы I - 6.VIII.1739 г.). У студзені 1740 г. разглядалася пытанне, ці трэба паклікаць майстроў, якія працавалі на будаўніцтве скляпенняў касцёла Візітак у Вільні (Рэестр).

18 Там жа. Пратаколы I - 30 VII 1739, Рэестр - 25.XII.1741, Рэестр - 29.XI.1740, 28.I.1741, 4.XII.1741 - 25.XII.1741, травень 1742, 20.X.1742.

19 Архівы евангелісцка-аўгсбургскага збора ў Вільні, двухтомны збор пратаколаў пад назвай Пратаколы пасяджэнняў з 1732 па 1750 год (Protokul Sesiiny, j, w,, t, I (1732 -1750). Пратаколы - 7.VI.1742 - 16.VI.1742.

20 Здаецца, што барэльеф Унебаўзяцца ў архівах памылкова называўся "das Bildniiss des Heylandes am Kreutz", гэты запіс не датычыць выразанага з дрэва распяцця.

21 Архіў евангелісцка-аўсбругскага збора ў Вільні. Рэестр - чэрвень, ліпень і жнівень 1741 r.

22 Архіў евангелісцка-аўсбругскага збора ў Вільні. Рэестр - чэрвень, ліпень і жнівень 1741 r. Пратаколы I - 18.VIII.1745.

23 Там жа. Пратаколы II - 4.XII.1753. У гэтым жа годзе і метрычнай кнізе занатаваны шлюб з "арганным майстрам Янцэнам".

24 Там жа. Першыя звесткі пра яго ўтрымліваюцца ў метрычнай кнізе смерцяў ад 22 кастрычніка 1743 г. " Ёган Карл Фрэзер, скульптар", хавае сваю дачку.

25 Там жа. Кніга запісаў шлюбаў ад 26 лістапада 1739 г. "Ёган Юліюс, скульптар з дзявіцай Яганай Людовікай Фрэзер".

35 гадоў на сцэне: юбілейны вечар тэатра "Какос" прайшоў на ўра!

21 траўня ў вялікай зале Палаца культуры горада Ліды адбылося сапраўднае свята творчасці, маладосці і натхнення.

Свята было з аншлагам у зале, з бурнымі воплескамі і шчырымі эмоцыямі. Юныя акцёры падарылі гасцям неверагодны зарад энергіі, паказаўшы свае лепшыя творчыя замалёўкі. А на сцэне тым часам ажыла гісторыя: успаміналі, з чаго пачынаўся шлях калектыва, аналізавалі, якіх вынікаў ён дасягнуў сёння.

Ад шчырае душы віншуем узорны тэатр "Какос", яго таленавітых удзельнікаў і кіраўнікоў з гэтай знакавай датай! Жадаем калектыву невычэрпнага натхнення, гучных прэм'ер, гледачоў і яшчэ шматшмат творчых юбілеяў наперадзе. Хай у вашым тэатры заўсёды пануе магія, а сцэна Палаца культуры застаецца для вас роднай хатай!

Дзякуй усім, хто падзяліў гэты святочны вечар з намі!

ТК "Культура Лідчыны".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX