Наша слова.pdf № 23 (232), 10 чэрвеня 2026.
Мы - адзіная сям'я народаў
5-7 чэрвеня ў Гародні праходзіў XV Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур.
Фестываль у гэтым годзе адзначае 30-годдзе. З кожным годам ён пашыраецца і напаўняецца новымі яркімі падзеямі. Пры гэтым нязменнымі застаюцца яго брэнды, вядомыя і любімыя ўсёй Беларуссю: традыцыйнае шэсце дружбы ў дзень адкрыцця і нацыянальныя падворкі ў другі святочны дзень.
Фестывальныя мерапрыемствы праходзілі ва ўсім гістарычным цэнтры Гародні, ад Каложскага парку і старадаўніх замкаў да вуліцы Ажэшкі.
Адной з першых лакацый свята стала "Алея дружбы" ў Каложскім парку. Тут арганізавана акцыя "Новым сябрам мы рады заўсёды": прадстаўнікі нацыянальнасцей, якія ўпершыню прымаюць удзел у свяце, высадзілі дрэвы.
У парку Жылібера адбылася ўрачыстая цырымонія ўскладання кветак да брацкай магілы савецкіх воінаў і партызан, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. А роўна апоўдні ў храмах Гарадзеншчыны прайшлі малебны "За мір, згоду і талерантнасць".
Месцам прыцяжэння стала турыстычная выстава-кірмаш "Гарадзенская вобласць - тэрыторыя камфортнага турызму". Яна адкрылася ў 12.00 у двары Новага замка абласнога гісторыка-археалагічнага музея і прымала наведвальнікаў на працягу двух дзён.
У праграме таксама два важныя пасяджэнні. Члены Камісіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі па культуры абмяркавалі вынікі работы па праектах рэстаўрацыі, рэканструкцыі і музеефікацыі Берасцейскай цвердзі і стварэння экспазіцыі музея на "Буйніцкім полі". Удзельнікі нацыянальных аб'яднанняў сабраліся ў ГрДУ імя Янкі Купалы на сустрэчу за круглым сталом "Рэспубліканскаму фестывалю нацыянальных культур - 30 гадоў". Гарадзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф. Карскага запрасіла на прэзентацыю кнігі "Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч на мовах народаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў".
На плошчы Савецкай і вуліцы Маставой разгарнуўся "Беларускі падворак", дзе прадставілі свае тэматычныя пляцоўкі ўсе вобласці краіны.
У сярэдзіне дня ў Гародні ў рамках XV Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур урачыста адкрылі новую скульптуру - выяву аленя святога Губерта. Новы арт-аб'ект папоўніў калекцыю гарадскіх скульптур і інсталяцый.
Вобраз аленя звязаны са старажытнай легендай пра святога Губерта. Паводле падання, французскі герцаг Губерт падчас палявання ўбачыў аленя, паміж рагамі якога ззяў залаты крыж. Гэтая падзея змяніла яго жыццё: ён адмовіўся ад багацця, стаў святаром і пазней быў кананізаваны. З таго часу алень з залатым крыжам лічыцца сімвалам духоўнага перараджэння.
Менавіта гэты вобраз стаў асновай герба Гародні. Помнік самому святому Губерту быў усталяваны ў горадзе яшчэ ў 2020 годзе.
Старшыня Гарадзенскага гарадскога савета дэпутатаў Алег Бялінскі паведаміў, што ўлады плануюць усталяваць у Гародні яшчэ некалькі падобных скульптур каля знакавых месцаў. На думку мясцовых уладаў, гэта павінна зрабіць горад яшчэ больш прывабным для жыхароў і турыстаў напярэдадні 900 годдзя Гародні, якое будуць адзначаць праз два гады.
Галоўная ж падзея першага дня чакала гасцей і ўдзельнікаў вечарам. У 18.00 ад плошчы Савецкай да плошчы Леніна з музыкай, песнямі і танцамі прайшло тэатралізаванае шэсце нацыянальна-культурных грамадскіх аб'яднанняў "Свята, якое 30 гадоў аб'ядноўвае нацыянальнасці". Там жа, на плошчы Леніна, была ўстаноўлена галоўная сцэна фестывалю. На ёй у 19.00 разгарнулася грандыёзнае адкрыццё мерапрыемстваў "Фестываль нацыянальных культур - свята свят!".
Удзел у адкрыцці юбілейнага XV Рэспубліканскага фэсту нацыянальных культур прыняў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, які з візітам наведаў у гэты дзень Гародню.
- Я даўно хацеў пабываць на гэтым фестывалі. Ёсць "Славянскі базар", ёсць Александрыя, творчая інтэлігенцыя збіраецца ў Берасці, тэатралы. А такога ўнікальнага фэсту няма нідзе. Ідэя свята адлюстроўвае багатую гісторыю роднай зямлі, гэта зямля размяшчалася на скрыжаванні гандлёвых шляхоў, дзе сустракаліся цывілізацыі, народы і рэлігіі. Дзе фармаваўся наш нацыянальны менталітэт, адкрытасць і гасціннасць, уменне працаваць разам і сябраваць, гатоўнасць прымаць у сваю хату ўсіх, хто ідзе з мірам і дабром, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы падзякаваў нацыянальным аб'яднанням за дыпламатычныя ініцыятывы:
- Беларусь падтрымлівае сяброўства са шматлікімі краінамі, а вы дапамагаеце нам, вы сапраўдная народная дыпламатыя. І тое, што вы кажаце пра Беларусь, нам выгадна. Ваша слова дорага каштуе. І гэта ёсць народная дыпламатыя. Бо калі людзей звязала культурная, народная, сямейная дыпламатыя, мы, палітыкі, не можам гэта разарваць, мы нічога зрабіць не можам.
Асобны "дзякуй" Прэзідэнт выказаў арганізатарам, удзельнікам і неабыякавым людзям, якія ствараюць атмасферу сяброўства і павагі розных культур:
- Культура, навука інтэрнацыянальныя. Нельга культуру замкнуць у рамках адной ці дзвюх дзяржаў. Культура інтэрнацыянальная. Культура ў нас адна. Яна не абмяжоўваецца рамкамі фэсту. Фэст - гэта душа культуры. Гэта норма нашага жыцця. Мне прыемна бачыць вас, захопленых гэтай ідэяй. Ідэя важная, але асабліва значная праца людзей, дзякуючы якім яна становіцца беражна захоўванай і добрай традыцыяй.
Таксама кіраўнік дзяржавы адзначыў:
- Мы не навязваемся, але мы па-ранейшаму гатовыя да цывілізаванага дыялогу ў інтарэсах нашых народаў. Мы не ставім сваёй мэтай ваяваць. Мы хочм быць мірнымі людзьмі, мы хочам мірна жыць. Мы хочам міру. Мы нясём народам мір. Ніякія мы не агрэсары і не суагрэсары. Мы будзем рабіць усё для міру. Таму што вайна - гэта катастрофа. Вайна ніколі не дасць нам магчымасці сабрацца так, як сёння. Нам не патрэбна вайна. Перамагчы мы можам толькі ў міры, у мірнай працы.
А на завяршэнне дня сабраў гледачоў маштабны гала-канцэрт з удзелам майстроў мастацтваў Беларусі і нацыянальна-культурных грамадскіх аб'яднанняў.
Фестываль працягваўся 6 чэрвеня.
Творчая дэлегацыя Ліды і Лідскага раёна была прадстаўлена вельмі маштабна і ярка ва ўсіх ключавых кропках свята!
Лакацыя 1: Савецкая плошча (Беларускі падворак). Тэматычная пляцоўка "Легенды ажываюць тут". Лідскі раён падрыхтаваў сапраўднае шоў-пагружэнне ў гісторыю:
Дэфіле гістарычных строяў: народная студыя "Дама сэрца" (Лідскі РЦКНТ) паказала калекцыю сярэднявечных і рэнесансных касцюмаў у праекце "Знакамітыя жанчыны нашай гісторыі".
Музычны спектакль: наш знакаміты народны тэатр лялек "Батлейка" пад кіраўніцтвам Ірыны Вашкевіч паказаў захапляльнае прадстаўленне "Пяць танцаў для рыцара".
Майстар-клас: навуковы супрацоўнік Ірына Дыдышка вучыла усіх ахвочых традыцыйнаму беларускаму мастацтву павязвання хустак і стварэння лялек-абярэгаў.
Майстар-класы па танцах зацікаўленым гледачам паказвалі: Ірына Вашкевіч, Наталля Шчалканогава, Ірына Дыдышка.
Лакацыя 2: галоўная сцэна на Савецкай плошчы.
Лідскія галасы і рытмы гучалі абодва дні ў рамках вялікіх канцэртных праграм:
Пятніца, 5 чэрвеня 18:30 - адкрываў марафон лідскіх талентаў на Беларускім падворку народны ансамбль "Вербіца" Лідскага дзяржаўнага музычнага каледжа.
Субота, 6 чэрвеня 12:00 - у грандыёзным творчым пралогу фестывалю выступілі адразу некалькі калектываў:
народны ансамбль песні і танца "Лідчанка";
народная студыя эстраднай песні "Акцэнт";
клуб аматараў хіп-хопа;
узорны ансамбль танца "Забавушка";
народны вакальны ансамбль "Святліца" (філіял "Дзітвянскі ДК");
студыя сучаснага танца "ArtDANCE STUDIO";
Субота, 6 чэрвеня 12:40 - асобны сольны блок у канцэртнай праграме Гарадзенскай вобласці прадставіў ансамбль "Лідчанка".
Лакацыя 3: пляцоўкі нацыянальных дыяспар.
Яўрэйская культура: каларытную праграму падарыў народны ансамбль яўрэйскай музыкі "Шалом" Лідскага Палаца культуры пад кіраўніцтвам Міхаіла Дзвілянскага.
Не адставалі ад Лідчыны і іншыя раёны вобласці.
Граматы, прызы і сувеніры ўручылі на галоўнай сцэне XV Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур яго ўдзельнікам і тым, хто ўнёс вялікі ўклад у арганізацыю шматнацыянальнага свята.
Бліжэй да вечара цэнтрам прыцягнення ў Гародні зноў стала плошча Леніна, дзе праходзіла ўрачыстая цырымонія закрыцця XV Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур.
Людзі дзяліліся ўражаннямі, расказвалі пра самыя яркія лакацыі, на якіх пабывалі за дзень. "Беларускі падворак сёння проста прывёў у захапленне, а яшчэ вельмі ўразілі падворкі тых народаў, культуру якіх мы ведаем менш. На азербайджанскім з задавальненнем павучыліся танцаваць лезгінку. У індыйцаў палюбаваліся сары, паглядзелі, як выступаюць розныя школы танцаў, на грузінскім пакаштавалі шашлыкоў, а разам з рамаламі нават крыху паспявалі", - расказалі гродзенцы Марыя і Марына Козіч, мама і дачка.
Абедзве лічаць, што з кожным разам фестываль нацыянальных культур становіцца ўсё больш цікавым, камфортным для людзей. Гасцей вельмі шмат, і амаль нідзе няма чэргаў, шмат месцаў на фудкортах, усе добразычлівыя, настрой цудоўны.
І вось першыя акорды ўрачыстай цырымоніі прагучалі ў выкананні Нацыянальнага Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь. Танцуюць любімыя не толькі гарадзенцамі, але і ўсёй краінай "Белыя росы". Гучаць словы падзякі ўсім, хто ствараў фестываль.
Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь Аляксандр Румак і старшыня Гарадзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта ўручылі граматы і прызы кіраўнікам грамадскіх нацыянальна-культурных аб'яднанняў, якія ўдзельнічалі ў фестывалі.
- З радасцю і натхненнем, з жаданнем паказаць сваю культуру, традыцыі прыехалі ў Гародню прадстаўнікі 42 нацыянальнасцей. Свята яшчэ раз пацвердзіла, што Беларусь - краіна міру і згоды, людзі больш як 150 нацыянальнасцей жывуць тут у добрых адносінах. Як сказаў наш Прэзідэнт, "мы адзіная сям'я, усе людзі тут нашы. Мы цэнім і беражом нашу дабраславёную зямлю", - сказаў, звяртаючыся да ўдзельнікаў і гасцей, Аляксандр Румак.
Алена Пасюта нагадала аб тым, што фестываль не заканчваецца. Ён прадаўжаецца два гады, і ў 2028 годзе Гародня будзе рыхтавацца прыняць заключныя мерапрыемствы ўжо XVI Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур.
Памятны прыз "За вернасць фестывалю", заснаваны сёлета, прадстаўнікі Міністэрства культуры Беларусі ўручылі тым, хто ўнёс вялікі ўклад у арганізацыю шматнацыянальнага свята - работнікам Гарадзенскага абласнога і гарадскога выканаўчых камітэтаў, кіраўнікам мастацкіх калектываў, тым, хто працаваў на першых фестывалях дзесяцігоддзі таму.
Прадоўжыўся фестывальны вечар у Гародні выступленнем вакальнай групы "Чысты голас". На заканчэнне на галоўнай сцэне даў "Рок-канцэрт з аркестрам" заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь Нацыянальны Прэзідэнцкі аркестр.
Трэці дзень XV Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур праходзіў на Аўгустоўскім канале. Пасля двух насычаных дзён у Гародні фестываль перабраўся на прыроду - да жамчужыны Прынёманскага краю. Праводзіць трэці дзень заключных мерапрыемстваў фестывалю нацкультур менавіта на шлюзе Дамброўка стала ўжо добрай традыцыяй.
Стартаваў трэці дзень фестывалю з тэатралізаванага шэсця. Акцэнт сёлета зроблены на вясельных традыцыях у розных кутках Гарадзенскай вобласці. "Маладыя" разам са "сватамі" прадставілі асаблівасці жаніцьбы са свайго раёна.
Так, напрыклад, у Ашмянскім раёне атрыбут, без якога раней не абыходзілася ніводнае вяселле, - хамут.
- Гэта, вядома, прыстасаванне для запрэжкі коней. Але ў той жа час ён сімвалізуе і вернасць жаніха. Нявеста як быццам запрагае свайго нарачонага хамутом, і далей па жыцці яны ідуць неразлучна разам, - сказаў Вадзім Васілеўскі. Ён, дарэчы, упершыню ўдзельнічае ў мерапрыемствах фестывалю нацыянальных культур. - Цікава паглядзець на іншых, паказаць асаблівасці свайго раёна. Шмат новага даведаешся, шмат новых знаёмстваў. Атмасфера цудоўная тут, - дадаў ён.
А вось пра каравай, які дагэтуль пякуць на вяселлі ў Шчучынскім раёне, расказала Ірына Саковіч, якая выступае ў ролі свацці.
- Прыбіраліся, рыхтаваліся, ручнікі прывезлі нашы, пяклі каравай выдатны, які і цяпер пякуць для маладых. Ён, дарэчы, гатуецца вельмі доўга, некалькі чалавек заняты ў працэсе. Надпіс сімвалічны на ім - "Любоў ды згода", - адзначыла яна, дадаўшы, што на Аўгустоўскім канале пануе святочная атмасфера. - Я тут упершыню, вельмі добра, весела, урачыста, - сказала яна.
Прадаўжае вясельную тэму фестываль традыцыйнай культуры "Скарбы Гродзеншчыны". Ужо больш маштабна і грунтоўна работнікі сферы культуры прадстаўляюць абрады, пачастункі, касцюмы і не толькі характэрныя для іх мясцовасці. Так, напрыклад, на падворку Лідскага раёна расказваюць пра вясельны абрад "Цыганы".
- Калі маладыя прыязджалі пасля вянчання і ішлі садзіцца за святочны стол, аказвалася, што на іх месцы ўжо ёсць маладыя, але не сапраўдныя, вядома. І для таго, каб наваспечаным мужу і жонцы заняць сваё месца за сталом, даводзілася "плаціць выкуп", тут уступаў у справу сват, - расказала загадчыца аддзела метадычнай і культурна-масавай работы Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Канцавенка. Дарэчы, як падзялілася Наталля Канцавенка, і на яе вяселлі быў праведзены гэты абрад, праўда, крыху ў змененым фармаце: фальшывыя жаніх і нявеста занялі месца маладых пасля першых танцаў. На сваім падворку лідзяне таксама прадставілі фотавыставу абрада "Цыганы" 1950-1970-х гадоў.
Пляцоўкай з самым смачным пахам стала пляцоўка гастрафэсту страў з дранай бульбы "Бульбашок". І тут прадстаўнікі розных раёнаў паказвалі свае любімыя і традыцыйныя рэцэпты. Так, напрыклад, жыхары Шчучыншчыны пяклі дранікі па мясцовым рэцэпце.
- Наша зямля славіцца заварнымі дранікамі. Гэта элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Па асаблівым рэцэпце іх гатуюць на тэрыторыі Васілішкаўскага і Лядскага сельсаветаў. Сёння гатуем як па гэтых унікальных рэцэптах, так і па звычайным. А на адкрытым агні гатаваць іх адно задавальненне, нават значна прасцей, чым дома. А самае галоўнае, яны атрымліваюцца вельмі смачнымі. Помню гэты смак з дзяцінства. Страва, прыгатаваная такім спосабам, адназначна вартая ўсіх намаганняў, - адзначыла метадыст аддзела арганізацыйна-метадычнай работы Шчучынскага цэнтра культуры Ірына Барысевіч.
Побач з патэльняй больш вялікіх памераў працуюць гаспадыні з Воранаўскага раёна. Адразу з агню аддаўшы румяныя і смачныя дранікі гасцям, яны прыняліся гатаваць вялізную яечню.
- У нас у аграгарадку Нача гатуюць нацкія дзеруны, іх асаблівасць заключаецца ў тым, што ў цеста з бульбы дадаюць грыбы. Гэта ўнікальны і старадаўні рэцэпт, вельмі цікавы, складаны. Адметнасць, вядома, у тым, што ў цеста дабаўляюць грыбы, а таксама бульбачку мы тром дзяром не на дробнай тарцы, а на большай. Вядома, ёсць і яшчэ сакрэты, якія робяць дзеруны нашы асаблівымі, - расказала загадчыца Пагародзенскага цэнтра культуры і народнай творчасці Іна Радзевіч.
Як адзначыла загадчыца Больцішскага цэнтра культуры і адпачынку Ганна Нядзелька, гатаваць на такой патэльні зусім нескладана: галоўнае, каб яна была гарачая. Дарэчы, менавіта на Воранаўшчыне ў жніўні праходзіць гастранамічны фестываль страў з цёртай бульбы, куды запрашаюць усіх аматараў бульбачкі, прыгатаванай па самых розных рэцэптах.
Ёсць на фестывалі месцы, дзе можна не толькі пакаштаваць прысмакі, але і актыўна адпачыць. Для дзяцей і дарослых арганізавалі шмат інтэрактываў і гульняў. Упершыню ў рамках трэцяга дня фестывалю тут арганізавалі спаборніцтвы па футболе ў саломе.
- Калектыўная ідэя была правесці такія спаборніцтвы. Балотны быў футбол, любы іншы быў. А такога яшчэ не было. Людзі аднесліся з цікаўнасцю да нашай задумы. Тым больш гэта магчымасць праявіць свае здольнасці абсалютна ўсім, хто любіць і захапляецца футболам, - сказаў загадчык сектара спорту Гарадзенскага райвыканкама Віктар Салома.
Навінка сапраўды спадабалася аматарам гэтага віду спорту.
- Гэта, у першую чаргу, вельмі весела, незвычайна, у цэлым чароўна. Такая забава, якой ніколі асабіста я не бачыў. Выдатная магчымасць правесці час у такое добрае свята. Усё вельмі здорава, класна. Усе гуляюць дружна, па-таварыску, для весялосці, таму атмасфера супер, усё цудоўна, - адзначыў адзін з ігракоў Вадзім Дзенісенка.
Дарэчы, праявіць майстэрства была магчымасць і на колцы дроў. Самыя ўмелыя ў гэтай справе, вядома, работнікі лесу, яны паказалі свой спрыт і прафесіяналізм у профільных дысцыплінах. Пасля аднаго з этапаў вальшчык лесу Сапоцкінскага лясніцтва Гарадзенскага лясгаса Павел Войцік з 22-гадовым стажам расказаў, што ўсе ўменні прыходзяць з вопытам.
- Усё з гадамі, такія ўменні набываюцца не за адзін дзень. У гэтую сферу прыйшоў, можна сказаць, выпадкова, але не пашкадаваў аб рашэнні і вось ужо столькі гадоў працую, аказалася даспадобы, - адзначыў Павел Войцік, які ўдзельнічае ў профільных конкурсах, ёсць у яго поспехі як у абласных спаборніцтвах, так і рэспубліканскіх. - Вельмі запомніўся важны для мяне вынік - мантаж ланцуга, які я выканаў за восем секунд на абласных спаборніцтвах у мінулым годзе. У профільных спаборніцтвах самае складанае - валка дрэва. Там вялікую ролю адыгрываюць умовы надвор'я.
Трэці дзень фестывалю нацыянальных культур на Аўгустоўскім канале атрымаўся сапраўды насычаным і яркім. Як адзначыў старшыня Гарадзенскага аблвыканкама Юрый Караеў, арганізатары кожны раз імкнуцца прыемна здзівіць і парадаваць гасцей свята.
- Нязменным застаецца майстэрства, талент і энтузіязм людзей, - сказаў ён, дадаўшы, што фестываль дружбы і адзінства ў гэтым годзе сабраў вялікае мноства гасцей з розных куткоў не толькі Беларусі, але і замежжа.
Фестываль на Аўгустоўскім канале праходзіў да позняга вечара. Менавіта тут паставілі прыгожую кропку свята гэтага года, якое 15-ы раз сабрала гасцей і адзначыла сваё 30-годдзе. Удзел у фестывалі прынялі прадстаўнікі 42 нацыянальнасцей.
Паводле БЕЛТА. Фота Леаніда ШЧАГЛОВА.
Гарадзенскі "Літфэст"
6 чэрвеня калектыў ДУК "Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы" браў удзел у X Гарадзенскім абласным фестывалі кнігі "Літфэст". Для гасцей свята лідзяне падрыхтавалі сапраўдную забаўляльную зону, дзе можна акунуцца ў гісторыю краю і правесці выдатна час сярод гульняў і віктарын. Фотазоны (для "рыцараў" гістарычная з макетам Лідскага замка і з тронам для "сапраўдных прынцэс"), гульнявыя пляцоўкі і ўтульнае мястэчка для юных мастакоў чакалі жыхароў і гасцей г. Гародні. У рамках фэсту прайшла дэманстрацыя творчых прац абласнога конкурсу "Лэпбук - гісторыя 4 Рэгіёна".
ТК "Культура Лідчыны".
Памяць пра Элізу Ажэшку
21 студзеня 1858 года да гэтага касцёла пад'ехала ўпрыгожаная кветкамі карэта з гербам Ляліва, і тут, на гэтай падлозе, пад гэтымі нервюрнымі шатамі, у гэтай прасякнутай духам стагоддзяў прасторы, дзе чалавек адчувае сябе непрыкметнай пясчынкай і часткай сусвету адначасова, адбыўся асвечаны вякамі рытуал шлюбу Альжбеты Паўлоўскай і Пятра Ажэшкі. Сведкам яго быў Госпад, сведкамі былі ўсе, хто сабраўся ў храме, сведкамі былі душы тых, чые целы знайшлі ў гэтым храме свой вечны спачын, чые прозвішчы вядомыя кожнаму, хто жыве ў любові да айчынных святынь: Сапегі, Масальскія, Храптовічы, Эйсманты, Сцыпіён-дэль-Кампа… Маршалкі, стольнікі, кашталяны, сенатары, падкаморыя і дарадцы… Сведкамі былі і анёлы, што і сёння лунаюць па-над капэламі, і фігуры святых, што ахоўваюць крыж і людзей. Калі зайсці ў касцёл і ціха паволі рухацца да трансепта, думаючы пра тое, як усё тут было ў той дзень, можна пры жаданні ўявіць, як Элізу бярэ за руку брат Пятра Браніслаў Ажэшка і вядзе яе да алтара пад зачараваныя позіркі і таемныя ўздыхі сясцёр Клімашэўскіх, Хеленкі Кярсноўскай, Салюсі Бухавецкай… Апошняя думала, верагодна, пра тое, што магла б на гэтым вянчанні мець статус не толькі дружкі, але і сястры маладога і што сяброўка Эліза з гэтым вянчаннем ператворыцца ў братавую. Але брату Салюсі, Генрыку Бухавецкаму, не пашанцавала стаць мужам будучай знакамітасці. Шляхоў Гасподніх нам не спазнаць…
А вось маленькая рука Элізы з кароткімі пальчыкамі ўжо ў цёплай мякенькай лапе Антонія Гліндзіча, які праводзіць яе ад алтара. Далей будзе свята з танцамі "да белага дня" ў доме Станіслава Прушынскага, які прадаставіў сваё жытло для вясельнай урачыстасці, папрасіўшы ў якасці ўзнагароды права весці нявесту да стала ў час цукровай вячэры, і сама цукровая вячэра з адорваннем марцыпанамі, якія сваім смакам засведчаць, што каханне "саладзей за любыя канары". Вясельныя марцыпаны выраблялі аптэкары, і наўрад ці гарадзенскія не агоралі б гэты выраб для вяселля дачкі самой Францішкі Відацкай, жанчыны, якую ўсе ў Гародні ведаюць і паважаюць. Але Пётр урачыста вёз марцыпан аж з Варшавы.
Мы прывыклі называць шлюб Элізы з Пятром няўдалым. Такім ён і быў. Але дзень вянчання справядліва будзе назваць шчаслівым. Можа быць так, што ва ўсёй біяграфіі Элізы Ажэшкі не знойдзецца шчаслівейшага. Ён можа канкурыраваць за статус самага шчаслівага з днём яе пісьменніцкага дэбюту, але ў дзень вяселля яе шчасце расплылося на дзясяткі і сотні ўсмешак на тварах родных і блізкіх людзей, якія радаваліся разам з ёй і стваралі для яе свята, а дзень першай публікацыі быў святам яе адзінокай душы і адзначыўся толькі тым, што яна ў парыве радасці злавіла і расцалавала шэрага дамашняга ката, "помсцячы" яму так за звычку перашкаджаць ёй пісаць, ловячы лапкай пяро і скідваючы паперу… Відаць, Ажэшка і сама праз гады ўспамінала дзень свайго шлюбу як шчаслівы і напэўна рабіла гэта ўголас, іначай адкуль бы ўзяліся такія радкі ў нарысе Люцыны Катарбінскай "Ажэшка ў сябе": "З дзіцячай радасцю і захапленнем яна прымае ад будучага мужа вясельны падарунак - цудоўную карэту, абабітую белым адамашкам і запрэжаную сямёркай коней. Выпраменьваючы шчасце, едзе з мужам у вёску. Тут пачынае назіраць жыццё зблізку. І неўзабаве бачыць, што яно не такое белае, як адамашак шлюбнай карэты, і не такое ружовае, як юначыя мары аб шчасці".
Нішто не прадракала гэтаму шлюбу няшчасця. Хіба што, сядаючы ў вясельную карэту, маладая выпадкова наступіла на кола, бо старыя людзі кажуць, што не будзе ў сям'і дзяцей столькі год, колькі спіц было ў гэтым коле, а без дзяцей не здолелі спраўдзіцца жаданні Францішкі і Канстанціна Відацкіх у дачыненні да гэтай сям'і, якую яны так стараліся стварыць.
Паводле СМІ.
Памёр фалькларыст Уладзімір Касько
23 траўня памёр вядомы беларускі фалькларыст і журналіст Уладзімір Касько. Яму было 88 гадоў.
Ён нарадзіўся 9 траўня 1938 года ў Фаніпалі пад Менскам. Скончыў філфак БДУ, быў кандыдатам філалагічных навук. З 1982 года працаваў на кафедры друку журфака БДУ. Займаўся метадалогіяй аналітычнай журналістыкі, фалькларыстыкай (вусна-паэтычная творчасць беларусаў).
Уладзімір Касько быў аўтарам звыш 150 навуковых прац, сярод якіх манаграфіі па розных аспектах журналістыкі, беларускай і славянскай культуры, літаратуры і мовы.
Кніга У. Касько "Святло далёкай зоркі" прысвечана жыццю, творчай і грамадскай дзейнасці выдатнага беларускага фалькларыста, этнографа, мовазнаўцы, публіцыста А. К. Сержпутоўскага (1864-1940). У ёй даецца грунтоўны аналіз лепшых узораў запісаў казачнага, песеннага, парэміягра-фічнага эпасу беларусаў-палешукоў, расказваецца пра ахоўнікаў шматвяковых народных традыцый і абрадаў на Беларускім Палессі, пра ўплыў, які аказала і аказвае беларуская народная творчасць на развіццё славянскай фалькларыстыкі.
Прызначана для фалькларыстаў, этнографаў, выкладчыкаў і студэнтаў ВНУ, настаўнікаў і вучняў агульнаадукацыйных школ, работнікаў асветы, культуры, літаратуры і мастацтва.
Паводле СМІ.
БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Станіслаў Суднік
Колеры, афарбоўкі і масці ў Лідзе і ў астатняй Беларусі
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Афарбоўкі і масці жывёлаў
Пароды сабак
Ненецкая лайка
Не прызнаны МКФ, Расія
Ньюфаўндленд
2 - Пінчары і шнаўцары, малосы, горныя і швейцарскія быдлагонныя сабакі, Канада
Нямецкая аўчарка
1 - Сабакі-пастухі і быдлагонныя сабакі, акрамя швейцарскіх быдлагонных сабак, Германія
Нямецкі баксёр
2 - Пінчары і шнаўцары, малосы, горныя і швейцарскія быдлагонныя сабакі, Германія
Нямецкі дог
2 - Пінчары і шнаўцары, малосы, горныя і швейцарскія быдлагонныя сабакі, Германія
Нямецкі малы шпіц ці кляйншпіц
5 - Шпіцы і прымітыўныя пароды Германія
Нямецкі пінчар
2 - Пінчары і шнаўцары, малосы, горныя і швейцарскія быдлагонныя сабакі, Германія
Нямецкі ягдтэр'ер
3 - Тэр'еры, Германія
Одыс
Не прызнаны МКФ, Украіна
Отархаўнд
6 - Ганчакі і сваяцкія пароды, Вялікабрытанія
Пагль
Не прызнаны МКФ, ЗША
Падэнгу партугезе
5 - Шпіцы і прымітыўныя пароды, Партугалія
Памяранскі шпіц
5 - Шпіцы і прымітыўныя пароды,
Германія
Папільён
9 - Дэкаратыўныя і сабакі-кампаньёны, Францыя
Парсон-расел-тэр'ер
3 - Тэр'еры, Вялікабрытанія
Партугальская аўчарка
1 - Сабакі-пастухі і быдлагонныя сабакі, акрамя швейцарскіх быдлагонных сабак, Партугалія
Партугальскі вадзяны сабака
8 - Рэтрыверы, спаніелі і вадзяныя сабакі, Партугалія
Пекінес
9 - Дэкаратыўныя і сабакі-компаньёны, Кітай
Патардэйл-тэр'ер
Не прызнаны МКФ, Вялікабрытанія
Перуанскі голы сабака
5 - Шпіцы і прымітыўныя пароды, Перу
Пецярбургская архідэя
Не прызнана МКФ, Расія
(Працяг у наступным нумары.)
Згукі Дня беларускага пісьменства ў Лідзе
В Е Р А С Е Н Ь*
Аповесць
Ежы Путрамант
Том першы
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Гэта была абразлівая мітусня, Бурда сыкнуў ужо зноў злосна:
- Што гэта? Вы чакаеце тут манарха?
Ён нават кінуўся да дзвярэй, каб прывітаць пана Вестры, і не мог пазбегнуць празмернага размахвання рукамі.
Але Вестры не ўвайходзіў, і праз хвіліну Бурда не вытрымаў і прыадчыніў дзверы. Ён убачыў групу людзей, якія тоўпіліся вакол невысокага чалавека ў шэрым. Дзяржаўныя дзеячы, адасланыя Бурдой, дапялі да таго, хто іх напалохаў. Пуштанскі і Патоцкі аказаліся найбольш спрытнымі. Калі Гасько, падштурхнуты раз'юшаным шыпеннем Бурды, нахіліўся да Вестры, запрашаючы яго ў кабінет, яны ўсё яшчэ ішлі трушком, нахіляючыся наперад, узгаднялі час і месца ласкава абяцанай сустрэчы ўвечары.
Ох, гэтыя палякі! Бурда сціснуў кулакі ў прыступе абуранага нацыянальнага гонару. Якая паслухмянасць перад нейкім замежным блазнам. Хто ён насамрэч? Італьянец? Француз? Бельгіец? Швейцарац? Прайдзісвет з мільёнамі ў кішэні, які абжыўся ў гэтай краіне звыш дзясятка гадоў назад. А тыя - усё-такі не абы-хто. Сенатар Патоцкі, прадстаўнік найстарэйшай арыстакратыі ў краіне. Старшыня Пуштанскі, слуп нацыянальнай дэмакратыі, вялікі банкір. І вось яны ідуць трушком, суправаджаюць яго да дзвярэй. Не, яму трэба паказаць, што не ўсе вялікія людзі гэтай краіны маюць душы на лакейскай падшэўцы.
Ён хутка зачыніў дзверы, на дыбачках падышоў да стала, як мага хутчэй услізнуў у крэсла і раскідаў стос папер. Калі Вестры ўвайшоў, ён удаў засяроджанае раздражненне, якое неўзабаве пафарбавалася ў меру прыязнай, у меру паблажлівай усмешкай. Гэта далося яму нялёгка. Ён смутна здагадаўся пра мэту гэтага візіту: магчыма, Пекары - Палонія?
3
Вестры доўга вагаўся, ці варта яму ехаць. Фактычна, толькі размова ў брытанскім пасольстве перахіліла шалі.
Паўнамоцны міністр Сноў аказаўся даволі добра інфармаваным аб намаганнях, якія Вестры распачаў некалькі месяцаў таму. Гэта не стала вялікай нечаканасцю. Вестры мог здагадацца, што Сноў будзе сачыць за яго перамяшчэннямі. Тым не менш, Сноў не хаваў сваёй незадаволенасці дзеяннямі Вестры. У адзін момант, падмануты раскаяным выразам твару Вестры, Сноў перабраў і часткова паказаў свае карты. Ён прапанаваў пагадненне, падзел сфер уплыву і нават згадаў традыцыйныя сяброўскія сувязі, якія звязваюць Злучанае каралеўства са скандынаўскімі краінамі, тым самым падказваючы, якія катэгорыі аб'ектаў ён хацеў бы ўключыць у брытанскую сферу.
Вестры зрабіў выгляд, што абдумвае ўсё, што схіляецца да палюбоўнага вырашэння справы. Развітваючыся, Сноў зморшчыў свой мікраскапічны чырвоны носік, паправіў акуляры і яшчэ больш выцягнуў свой і без таго конскі твар - ён хацеў пажартаваць, але толькі зрабіў чарговую нязручнасць: спытаў, ці не збіраецца Вестры да Бурды. Палёгка, якой Сноў не схаваў ад адмоўнага адказу Вестры, вырашыла іх сённяшнюю сустрэчу.
Вестры даволі добра падрыхтаваўся да размовы з амаль прэм'ер-міністрам гэтай амаль што дзяржавы. Ён лёгка зразумеў сэнс намёку Сноў на скандынаўска-брытанскае сяброўства і сакрэт гэтай развітальнай палёгкі. Некалькі гадоў таму Бурда атрымаў значны крэдыт ад шведскага металургічнага канцэрна. Прыкладна ў той жа час ён набыў збанкрутавалую шахту ў Пекарах Шлёнскіх, мадэрнізаваў яе і ўвёў у эксплуатацыю. Грамадская думка не заўважыла б такога збліжэння падзей, калі б не некалькі прэс-рэлізаў, якія, захоўваючы неабходную ступень ананімнасці, звярталі ўвагу на трывожныя сімптомы скупкі айчыннай прамысловасці замежным капіталам з дапамогай падстаўных асоб з "амаль урадавых" колаў.
Гэтыя матэрыялы дазволілі Вестры дапоўніць і звязаць паміж сабой добра вядомыя дэталі палітычнай геаграфіі гэтай краіны. Сярод тузіна асабістых і групавых нянавісцей, якія складалі вяршыню Лагера Нацыянальнага Адзінства, значную ролю адыграла тая, якая звязвала Бурду з нейкім Ромбічам-Трымерам, шэрай вайсковай фігурай. Звычайна казалі, што гаворка ідзе пра жанчын. На гэты раз Вестры быў перакананы ў больш сур'ёзнай крыніцы. Менавіта Ромбіч пачаў распаўсюджваць чуткі пра Пекары. Цікава, адкуль ён іх узяў? У любым выпадку, ён нанёс Бурдзе сур'ёзны ўдар - ледзь не пазбавіў яго пэўнага міністэрскага партфеля.
У рэшце рэшт ён запісаўся да Бурды. Ён не ўсё разумеў у гульні Сноў, ды і ўласную дзейнасць ён да канца не ўяўляў. Аднак ён дастаткова доўга займаўся эканомікай, дастаткова часта меў справу з палітыкамі, каб зразумець, што ў пэўных выпадках дастаткова рабіць толькі тое, чаго не хацеў бы твой апанент.
Бурда прыняў яго холадна. Спачатку ён падазраваў, што Сноў ужо папярэдзіў Бурду аб гэтым візіте. Аднак неўзабаве зразумеў, што ў намесніка міністра былі іншыя прычыны для ягонага гневу, што ён, верагодна, яшчэ не цалкам разумеў, што азначала прозвішча Вестры ў апошнія месяцы. Гэта яму падыходзіла. Гэта дазваляла прадставіць шырэйшую перспектыву, вылучыць нацыяналістычныя і патрыятычныя аргументы, карацей кажучы, замаскіраваць прыкры смурод, які звычайна ўзнікаў у такіх размовах.
Ён пачаў з дэкларацыі: у гэты цяжкі гістарычны момант польская (ён падкрэсліў гэты прыметнік, каб развеяць любыя сумневы ў сваім нацыянальным усведамленні) эканамічная сфера хацела б усімі сіламі дапамагчы радзіме...
- Менавіта таму, пан міністр, я ўзяў на сябе смеласць заняць частку вашага бясцэннага часу, каб праз вас прадставіць ураду пэўную ідэю, якая, на маю думку, цікавая. Як мы ведаем, камуністы, напрыклад, не саромеюцца абвінавачваць міжнародны капітал, асабліва амерыканскі і часткова англійскі, у тым, што ён дазволіў Гітлеру прыйсці да ўлады і фінансуе яго да гэтага часу. І наадварот, нацыянал-сацыялісты сцвярджаюць, што зрынулі капіталізм у сваёй краіне і пры кожнай магчымасці выступаюць супраць амерыканскай плутакратыі. Дзе праўда? Праўда, як звычайна, ляжыць недзе пасярэдзіне. Няма сумненняў, што некаторыя амерыканскія банкаўскія дамы сапраўды ўклалі значныя сумы ў Германію, разлічваючы на тое, што Гітлер выратуе краіну ад камунізму і ўратуе іх інвестыцыі ў прамысловасць, асабліва ў рэйнскай вобласці, якія яны зрабілі раней...
- Ха, - прамармытаў Бурда, - прыемна чуць, што банкір падзяляе погляды камуністаў...
- Часткова, пан міністр, часткова. Камуністы таксама часам маюць рацыю, таму яны да гэтага часу такія небяспечныя. Ці змагаліся б мы, скажам, з анархістамі з такой адданасцю? Дурны вораг часам дапамагае...
- Ну, ну, прабачце, працягвайце...
- Але, камуністы забываюць, што свет высокіх фінансаў, іх сумнавядомы "міжнародны капітал", іх Сіці і Уол-стрыт сапраўды далёкія ад той згуртаванасці і адзінства, якія ім прыпісваюць камуністы. Што насамрэч на Алімпе высокіх фінансаў увесь час вядзецца жорсткая, бескампрамісная барацьба... І калі можна сказаць, што значны і ўплывовы сегмент амерыканскага капіталу сур'ёзна ўцягнуўся ў справу Гітлера, то можна таксама з упэўненасцю сказаць, што іншы сегмент, няхай сабе і слабейшы, але заўсёды варты ўвагі, зацікаўлены ў тым, каб перашкодзіць намерам першага.
- Вельмі цікава! - Бурда паглядзеў на Вестры. Здавалася, ён убачыў у гэтым позірку менш надутасці. - Калі ласка, калі ласка, я слухаю!
- Ну, пан міністр. Я ўжо сказаў самае галоўнае. Стратэгічная канцэпцыя як на далоні. Акрамя таго, я быў бы саманадзейным, калі б падумаў, што вы чуеце гэта ўпершыню. Аднак нам трэба тактычна гэта прапрацаваць. Нам трэба прыкласці ўсе намаганні, каб групы амерыканскіх капіталістаў, якія канкуруюць з нямецка-амерыканскай сферай, зацікавіліся Польшчай...
- Ну, у Гарымана ўжо шмат спраў з намі...
- Так, так! - махнуў рукой Вестры. - Гарыман, гэта вельмі добра. А акрамя таго, у нас тут усялякія французы, бельгійцы, швейцарцы... Але... скажам сабе праўду... міжнародны капіталіст не грашыць празмернай эмацыйнай прывязанасцю да краіны, куды ён уклаў свой капітал. Для вас не сакрэт, што з пачатку гэтага года польскія акцыі даволі значна падаюць у Бруселі, Парыжы і Цюрыху. Меншыя французскія канцэрны прадаюць свае акцыі польскіх чыгунак, шахтаў і заводаў. Скажу шчыра: часам яны прадаюць іх немцам...
- Э, вы перабольшваеце... - Бурда нахмурыўся, быццам пакутаваў ад мігрэні.
- Пан міністр, вам, напэўна, вядома, што зараз вядуцца перамовы аб перадачы немцам французскіх акцый чыгункі Гербы-Гдыня.
Гэта было так сфармулявана, што здзіўляцца ці адмаўляць было проста недарэчна. Можна было толькі развесці рукамі, а яшчэ лепш - адмахнуцца:
- Тым лепш, нам будзе лягчэй выцесніць немцаў з гэтай справы".
- Ну, не ведаю, - уздыхнуў Вестры, але холадна. - Французы будуць працягваць паводзіць сябе як уладальнікі ў адносінах да Польшчы.
- Ведаеце, мы даўно перасталі клапаціцца пра Францыю.
- Магчыма, і правільна. Ну, пан міністр, канцэпцыя простая: нам трэба арганізаваць новы прыток міжнароднага капіталу ў Польшчу...
- О, мой шаноўны пане!
- Ведаю, гэта няпроста. Але ёсць як мінімум два спрыяльныя моманты. Па-першае, рашучая антыкамуністычная пазіцыя ўрада. Амерыканскія капіталісты будуць спадзявацца, што іх грошы не будуць страчаны ў нейкай рэвалюцыі. У гэтым плане пазіцыя нашага ўрада адносна савецкай дапамогі надзвычай карысная. У Амерыцы англійскія манеўры па ўцягванні Расіі ў антыгітлераўскую кампанію не вельмі добра ўспрымаюцца. Па-другое, Польшча заўсёды мела рэпутацыю краіны, дзе можна прайграць, але можна і хутка, і значна выйграць. Новы крызіс, які наспявае ў Амерыцы з мінулага года, здаецца, больш спрыяе такім, скажам так, напаўавантурным планам...
- У прынцыпе, дарагі пане, у прынцыпе - я цалкам згодны. Але практычна...
- Гэта не проста ідэя, пан міністр. Мой банк прапануе сваё пасярэдніцтва. У нас, дзякуй Богу, ёсць сувязі ў Заходняй Еўропе, і, што больш важна, у Амерыцы. Тры выгады, як неадкладныя, так і доўгатэрміновыя. Па-першае, замежная валюта. Мы зможам хутчэй закупляць зброю і стратэгічную сыравіну, не чакаючы, пакуль французскі ці англійскі парламенты ўхваляць той ці іншы крэдыт для той беднай Польшчы. Па-другое, мы маблізуем сілы для абароны нашай краіны - магутнай! - якая зараз абыякавая ці нават варожая. Вы пагодзіцеся, спадар міністр, што амерыканскія ўладары звычайна неахвотна бачаць пагрозу сваім актывам. Прыводзячы іх сюды... вы разумееце?...
Бурда кіўнуў. Ён выглядаў даволі збянтэжаным.
- Па-трэцяе...
- О, гэта тая справа, якую Пуштанскі так ветліва з вамі абмеркаваў?
- Нішто не выслізгвае з-пад вашай увагі, пан міністр! - усміхнуўся Вестры. Афіцыйная частка скончылася, і Бурда даў яму магчымасць перайсці да канкрэтных дэталяў. - Вядома, аднак, польскія банкі нас мала цікавяць. Прамысловасць!
Ён глядзеў на Бурду, чакаючы далейшай падтрымкі. Бурда, аднак, маўчаў. Няцяжка было ўявіць, што адбывалася ў гэтай ссівелай галаве. Усыпіўшы так званае дзяржаўнае сумленне, міністр павінен быў спытаць: а што я ад гэтага атрымаю? Вестры дазволіў яму гуляць з гэтым пытаннем колькі заўгодна. Праз некалькі хвілін ён зноў пачаў:
- Мы зрабілі першыя крокі. Павінен прызнаць, што польская эканамічная сфера прадэманстравала вялікае разуменне патрыятычных намераў гэтай акцыі. Пан міністр, вядома, бачыць неабходнасць пэўных... што тут сказаць - ахвяр з боку польскай прамысловасці?
- Ахвяр? - Бурда ўзняў бровы.
- Ну, падчас мядзведжага рынку польскіх акцый мы не будзем прыцягваць амерыканскі капітал, патрабуючы цэн вышэйшых за тыя, што каціруюцца на замежных біржах... Наадварот, каб спыніць падзенне, мы павінны прапанаваць у гэтай першай атацы... канфідэнцыйна, вядома, канфідэнцыйна - такую цану, каб магчымасць вялікага прыбытку перавышала рызыку страт у выпадку пачатку вайны. Зразумелі, пане міністр?
Не выглядала, што зразумеў. Ён кіўнуў галавой, але так уважліва ўзіраўся Вестры ў вочы, што той вырашыў усё скончыць - выкласціся на поўную:
- Менавіта. Нашы прамыслоўцы выдатна гэта разумеюць. Мне ўдалося забяспечыць сабе нямала аб'ектаў у Лодзі, у Познаньскім ваяводстве і асабліва ў Шлёнску. Ёсць нават тыя, хто прымае злотыя. Я ганаруся тым, што належу да нацыі, якая праяўляе такую самаахвярнасць у такія часы. У гэтым выпадку, вядома, мы плацім на дзясятак ці каля таго працэнтаў больш. Магчыма, яны ўлічваюць кошт куплі замежнай валюты на свабодным рынку, або, магчыма, яны назапашваюць багацце ў выглядзе ювелірнага золата, дываноў ці карцін.
- Пачакайце хвілінку - на дзясятак ці каля таго працэнтаў? - Бурда неспакойна паварушыўся. - Дык колькі вы плаціце ў замежнай валюце?
- Гэта залежыць - залежыць ад аб'екта. - Вестры зрабіў шырокі жэст рукой. Больш не было чаго хаваць. - Разумееце, міністр: прамысловыя прадпрыемствы, асабліва дробныя, менш прывабліваюць тых... калі даруеце за выраз... амерыканскіх хамаў. - Але - і тут ён нават дазволіў сабе лёгкую ўсмешку, - але шахты, напрыклад, вугальныя, асабліва коксуючы вугаль, - самая аснова, сутнасць, першапрычына прамысловасці... і сучасная механізаваная шахта...
Ён даў такое дакладнае апісанне той "Палоніі" з Пекараў, што цяпер мог дазволіць сабе зноў змоўкнуць. Бурда злёгку пачырванеў, сціснуў вусны і дазволіў позірку блукаць па мудрагелістым узоры персідскага дывана. Нарэшце ён прамармытаў хрыплым голасам:
- Ну...?
- Ну, - уздыхнуў з палёгкай Вестры, - у такіх выпадках да пяцідзесяці працэнтаў...
Вочы Бурды загарэліся; ён пачаў уставаць з крэсла, але потым - магчыма, працверазеўшы ад хвіліны асцярожнасці - недаверліва спытаў:
- Ад намінальнай цаны?
- Пане міністр! - Вестры быў уражаны такой святой наіўнасцю; ён пачаў тлумачыць - лагодна і паблажліва, як хвораму дзіцяці: - Што да сярэдняга абменнага курсу за мінулы тыдзень - выбірайце - на парыжскай, брусельскай ці цюрыхскай біржы...
Энтузіязм Бурды так рэзка астыў, што тон пяшчотнай паблажлівасці больш не мог вытрымліваць. Ён дадаў не без ноткі іроніі...
- Я спадзяваўся, пан міністр, што вы абдумаеце абгрунтаванне гэтага манеўру, нават калі я выклаў яго даволі заблытана.
- Сапраўды, я абдумаў гэта.
- І час, міністр. Сітуацыя з сакавіка з кожным днём станавілася ўсё больш напружанай. І вось мы ўжо ў канцы жніўня; калі б я прыйшоў да вас два месяцы таму...
Бурда рэзка ўстаў.
- Шкада, што вы не паведамілі мне раней пра гэтую - ва ўсіх адносінах - цікавую акцыю. Ну, тады жадаю вам поспеху.
( Працяг у наступным нумары).
ІАГАН КРЫШТАФ ГЛАЎБІЦ, ВІЛЕНСКІ АРХІТЭКТАР XVIII СТАГОДДЗЯ
Матэрыялы да біяграфіі і творчасці*
Станіслаў Лоранц
4. Адначасова з будаўніцтвам касцёла св. Кацярыны ў Вільні Глаўбіц будуе касцёл Камандорыі рыцараў Мальтыйскага ордэна ў Сталовічах (мал. 14)
Камандорыя была заснавана тут у 1610 годзе Мікалаем Кшыштафам Радзівілам для свайго сына Жыгімонта Караля38, які паставіў драўляны касцёл Найяснейшай Панны Марыі і св. Яна Хрысціцеля, а потым, у 1639 годзе, мураваную ларэтанскую капліцу39. Будаўніцтва мураванага касцёла пачалося каля 1740 года тагачасным уладальнікам Сталовічаў, камандорам Мальтыйскага ордэна Міхалам Дамброўскім. Юзаф Фантана, якога ён наняў у якасці архітэктара і кіраўніка работ, пагадзіўся пабудаваць касцёл за 50 000 злотых, пры тым што заснавальнік забяспечваў цэглу і вапну40. З-за смерці Дамброўскага будаўніцтва на доўгі час прыпынілася, як мяркуецца, па віне Фантаны, і таму на яго месца нанялі Глаўбіца. У позве супраць Фантаны, пададзеным кс. Жулкоўскім у сакавіку 1743 года, ісцец згадвае, што Фантана пабудаваў "толькі траціну пачатага касцёла", а пасля скасавання з ім дамовы адмовіўся прадставіць эскіз усяго гмаха41.
У існым касцёле мы выразна адрозніваем працу Фантаны ад працы Глаўбіца. Да спадчыны Фантаны адносяцца гарызантальная планіроўка будынка і муры першага паверха, у тым ліку галоўны партал.
Раней пабудаваная ларэтанская капліца стаяла асобна ад драўлянага касцёла і яго званіцы42, але Фантана па восі галоўнага нефа ўключыў капліцу ў новы касцёл, за прэзбітэрыюмам, паміж нядаўна пабудаванымі сакрыстыямі і дапаможнымі памяшканнямі, размешчанымі ў пашырэннях бакавых нефаў. Глаўбіц не абмежаваўся працягам будаўніцтва ў рамках праекта Фантаны, але падрыхтаваў свой уласны праект для далейшага будаўніцтва, адрозны ад праекта Фантаны, у межах ужо існых сцен. Праца Глаўбіца ўключае верхнія ўзроўні касцёла, у прыватнасці, двухвежавы фасад, за выключэннем першага паверха, і ўнутранае ўбранне.
У 1870-х гадах, падчас пераўтварэння касцёла ў праваслаўную царкву, яго канструкцыя была зменена, фасад збарбарызаваны, інтэр'ер значна збяднеў з-за разбурэння бакавых алтароў і амбона. Інвентар царквы, складзены ў 1746 годзе, адразу пасля завяршэння будаўніцтва Глаўбіцам, дазваляе зрабіць прыблізную рэканструкцыю яе першапачатковага выгляду43. Дах касцёла і капліцы быў значна вышэйшы, пакрыты "чырвонай дахоўкай, рыфленай па кутах, зялёнай, глазураванай". Першапачатковая вышыня даху сведчыць, што ён прымыкаў да сцяны, што бачна на цэнтральным шчыце фасада з боку страхі. Вежы мелі тры ярусы, пакрытыя "ніжэйшымі і вышэйшымі купаламі, багата абабітыя бляхай, з вялікімі крыжамі сталярнай работы, з пазалочанымі разеткамі і прамянямі". Фасад быў упрыгожаны "калонамі, пастаментамі і вазамі, багата пакрыты бляхай, на вяршыні знаходзіўся пазалочаны крыж сталярнай работы". На даху меліся дзве сігнатуркі, адна над прэзбітэрыюмам, другая над капліцай, "абедзве багата пакрытыя бляхай".
Гэтая інфармацыя дапамагае зразумець накірунак зменаў Глаўбіца ў параўнанні з першапачатковым праектам і пацвердзіць высновы, зробленыя пры аналізе фасада. На шырокім першым ярусе фасада, спраектаванага Фантанай, Глаўбіц пабудаваў верхнія ярусы, канцэпцыя якіх характарызуецца выразнымі вертыкальнымі тэндэнцыямі. Тут ён быў вымушаны шукаць рашэнні, якія адрозніваліся ад яго рашэнняў з аднастайна аформленым, замкнёным фасадам касцёла св. Кацярыны. Ён вырашыў значна звузіць верхнія ярусы вежаў, над якімі, як вядома з інвентара, узвышаўся яшчэ і трэці ярус. Відавочна, улічваючы значную шырыню фасада, архітэктар палічыў гэта недастатковым, і таму замест сярэдняга, нізкага яруса, на якім устаноўлены купалы касцёла св. Кацярыны, ён спраектаваў высокія вежы "з ніжэйшымі і вышэйшымі купаламі", верагодна, тыповыя познебарочныя вежы з адкрытымі галерэямі. Іншае рашэнне гэтай ідэі можна знайсці крыху пазней у фасадзе базыльянскай царквы св. Сафіі ў Полацку, дзе для дасягнення стройнасці вежаў пры таксама шырокім фасадзе, які закрывае трохнефную царкву, самыя высокія ярусы вежаў былі значна звужаны і замест вежаў з адкрытай галерэяй зроблены два прамежкавыя мураваныя элементы. У выніку звужэння і, верагодна, у сувязі з гэтым, паніжэння вышыні верхніх паверхаў вежаў, карніз шчыта, які калісьці маскіраваў высокі двухсхільны дах, цяпер выступае над лініяй карнізаў вежаў. Гэта не мае аналагаў у іншых двухвежавых касцёлах Вільні і Віленшчыны з сярэдзіны XVIII стагоддзя. Трэба меркаваць, што з кутоў звужаных вежаў уніз спускаліся валюты44. Размяшчэнне гэтых валют, якія, напэўна, апраўлялі франтон фасада з бакоў, цяжка рэканструяваць. Віленскі касцёл місіянераў пераконвае нас, што архітэктар не заўсёды мог злучыць валюты шчыта і вежаў, калі пры праектаванні шчыта ён быў абмежаваны старымі сценамі касцёла.
У той час як ніжняя частка касцёла - справа Фантаны, верхнюю частку інтэр'еру трэба прыпісаць Глаўбіцу. Характэрным для яго ёсць паслядоўны вертыкалізм інтэр'ера касцёла, які выяўляецца ў адсутнасці якіх-небудзь гарызантальных падзелаў і ў моцным акцэнце на вертыкальных пілястрах. Глаўбіц таксама з'яўляецца аўтарам музычнага хора, пры гэтым ён паўтарыў у змененых прапорцыях план ранейшага хора старэйшын Віленскага евангеліцкага збору, а таксама аўтарам алтароў, з якіх захаваўся толькі галоўны алтар, а таксама зніклага зараз амбона і арганнай шафы. Тлумачэнне канцэпцыі вялікага алтара (мал. 15) можна знайсці ў вышэйзгаданым інвентары 1746 года: "Вялікі алтар мае два ярусы ляпніны з гіпсам, у ніжнім ярусе дзве гіпсавыя статуі Пана Езуса і св. Яна Хрысціцеля, у верхнім - Святога Духа, пасярэдзіне - адлітая галава св. Яна. Па баках знаходзяцца чатыры калоны, пафарбаваныя ў блакітны колер і паліраваныя, з гіпсавымі капітэлямі. У самым верхнім ярусе, у Славе - ваза з кветкамі, таксама ляпная". Гэтае апісанне дапаўняецца інвентаром 1793 года: "На ніжнім узроўні дзве статуі з гіпсу: св. Ян Хрысціцель, які хрысціць Пана Езуса ў Ярдане, у задняй частцы цымборыюм; на другім, верхнім узроўні, галава святога Яна з гіпсу на паўмісе...". Скульптура хрышчэння ў Ярдане, якая разбурана падчас перабудовы ў царкву, месцілася ў вялікай аркадзе ў бок Ларэтанскай капліцы, была цэнтральным і галоўным матывам вялікага алтара, што адпавядала назве царквы. Архітэктура і скульптуры алтара былі зроблены з белага стуку, а чатыры калоны - са стуку, па-фарбаванага ў светла-блакітныя колеры. Канструкцыя вялікага алтара Сталовіцкага касцёла з'яўляецца развіццём тыпу алтара Віленскага евангеліцкага збору, яго арнамент паўтарае матывы, вядомыя з евангеліцкага збору і касцёла св. Кацярыны. У прыватнасці, картуш з галавой святога Яна з'яўляецца варыянтам картуша ў надалтарным акне купала капліцы Божага Провіду, а вазы - варыянтамі алтарных ваз евангеліцкага збору.
Два алтары ля слупоў нефа: Найсвяцейшай Дзевы Шкаплернай і св. Антонія, а таксама алтар св. Тадэвуша ля ўваходу ў Ларэтанскую сакрыстыю, былі "двух'ярусныя, цеслярска-разьбярай работы", багата пазалочанымі і пасярэбранымі45. Разбураны падчас рэканструкцыі амбон быў "цяслярска-разьбярскай работы з пазалочаная каронай уверсе, а ў сярэдзіне Святы Дух з пазалочанымі прамянямі, зверху дасканалая сфера з крыжам, пафарбаваная ў блакітны колер з намаляванымі евангельскімі фігурамі" 46, " з багата пазалочанай разьбой" 47. Акрамя таго, у інвентары 1746 года пералічаны: новыя лавы пафарбаваныя ў арэхавы колер, "на кожнай панэлі маюць жоўтыя і чырвоныя зоркі", і новы арган, "пафарбаваны ў сіні колер пад мармур з залатымі пражылкамі, усе разьбяныя элементы … багата пазалочаныя, а некаторыя часткі пакрытыя срэбрам". Больш няіснае касцельнае начынне, распрацаванае Глаўбіцам, было дапоўнена "баптыстэрыем... круглай сталярнай работы... пафарбаваным пад чырвоны мармур... На вяршыні баптыстэрыя знаходзіцца статуя св. Яна Хрысціцеля, пафарбаваная ў алебастравы колер..." 48.
У Ларэтанскай капліцы ад ранейшага засталіся толькі сцены. Глаўбіц замест першапачатковай столі пабудаваў скляпенне і перапрацаваў увесь інтэр'ер. Паколькі ў капліцы захаваліся толькі сцены, я цытую апісанне, дадзенае ў інвентары касцёла ад 1746 года: "За Вялікім алтаром капліцы, нядаўна атынкаваная, пабеленая скляпеністая столь, пафарбаваная ў сіні колер з зоркамі, з жалезнымі кратамі ў цэнтры, на якіх вісіць крыштальная люстра з чатырма падсвечнікамі, з такім жа начыннем, як і ў касцёле49 ... Табулатура (форма запісу музыкі, тут табліца з запісам музыкі - Л. Л.) з кратамі адрамантаваная, з новым карнізам, на якім пазалочанае імя Марыі, выразанае з аблокамі, а аблокі пасярэбраныя. Табулатура з карнізам пафарбаваная пад мармур у розныя колеры, з пазалочанымі імем "Марыя" разьбяной работы ў аблаках, аблокі пасрэбраныя. Краты з ліштвамі пасярэбраныя, над якімі ў карнізе выказаны словы "Radiviliadas Tu Pia Virgo Rege". Распрацаваныя Глаўбіцам дубовыя дзверы ў капліцу з багатым латунным акуццем, якое захавалі да сёння, былі "пафарбаваны ў розныя колеры на белай аснове". У новым рымска-каталіцкім парафіяльным касцёле ў Сталовічах захоўваецца табернакль (даразахавальніца - Л. Л.), перанесены з Мальтыйскага касцёла, з галоўнага алтара Глаўбіца, згаданага ў інвентары 1746 года: "...разбяной работы, пазалочаны. In medio Imago Crucifixi (пасярэдзіне - выява Распятага)"...
Іншыя ўдзельнікі будаўніцтва Сталовіцкага касцёла невядомыя. Улічваючы непасрэднае кіраўніцтва Глаўбіца дэкаратыўнымі ляпнымі работамі ў Евангеліцкім зборы, а таксама знішчэнне скульптур алтара, цяжка з упэўненасцю сказаць, ці наймаў архітэктар майстроў ляпніны, якія працавалі з ім у Евангеліцкім зборы і ў касцёле св. Кацярыны. Гэтае пытанне, верагодна, можна вырашыць толькі шляхам выяўлення дадатковых архіўных матэрыялаў з гісторыі будаўніцтва касцёла50.
(Працяг у наступным нумары.)
* Пераклад Леаніда Лаўрэша.
38 Архівы Рымска-каталіцкага касцёла ў Сталовічах, Інвентар 1759 г.
39 Там жа. Інвентар ад 1733 г.
40 З. Рэўскі, Архітэктурная дзейнасць Варшаўскіх Фантанаў, Biuletyn Historji Sztuki i Kultury, тамсама. R. II. Варшава 1934. С. 267. Аўтар артыкула мяркуе, што тастамант Юзафа Фантаны ад 1739 г. быў пацверджаны ў 1741 г. пасля яго смерці. Тым часам ён пабудаваў касцёл у 1741-42 гг. па замове Дамброўскага і яшчэ быў жывы ў 1743 г. Таму можна меркаваць, што тастамант быў пацверджаны да яго працяглага знаходжання ў Сталовічах.
41 Дзяржаўны архіў у Вільні (Архівы гістарычных актаў), № 4755. воп. 203. Гл. Дадатак 4 у канцы гэтай працы. Дакумент быў ласкава прадстаўлены мне даследчыкам Віленскіх архіваў п. Эўзебіюшам Лапацінскім.
42 Архіў рымска-каталіцкага касцёла ў Сталовічах. Visitatio Ecclesiae Praepositalis Stwolowicensis, sub Titulo S: Ioannis Baptistae erectae, expedita... Anno Domini 1733 Die 2 Mensis Februarij... Ecclesia haec lignea iam aliquoties reparata... Erecta autem erat in figura crucis... (Візітацыя касцёла Сталовіцкага пад тытулам Святога Яна Хрысціцеля, пастаўленага... у год Панскі 1733, 2 лютага... Гэты драўляны касцёл ужо некалькі разоў рамантавалі... ён быў пабудаваны ў форме крыжа).
43 Архіў рымска-каталіцкага касцёла ў Сталовічах. "Інвентар касцёла і Сталовічскага пробаства, 1746 г, жнівень", падрыхтаваны пасля завяршэння новага будынка разам з унутраным абсталяваннем касцёла. Храналагічна гэта першы з інвентароў, якія захаваліся ў архіве. Наступныя інвентары 1759, 1765 і 1793 гадоў паўтараюць тэкст інвентара 1746 года з невялікімі дапаўненнямі. У інвентарах падрабязна цытуюцца дакументы аб падмурку і фундушах. Візітацыя касцёла 1733 года, цытаваная ў зносцы да гэтай працы (з апісаннем драўлянага касцёла, які ў той час усё яшчэ рэстаўраваўся, і з апісаннем ларэтанскай капліцы да рэканструкцыі Глаўбіцам), змяшчае наступную інфармацыю пра статую Маці Божай Ларэтанскай, вывезеную ў Расію ў 1915 годзе: "Intra crates in muro superius quam Cyborium habetur Statua B. V. Mae Lauretanae cum parvulo IESU, sculpta ex ligno ut asseritur allato ex Italia ab eodem Principe Radziwill Sierotka peregrinante. Supra caput tam B. V. quam Dni I, sunt coronae argenteae ad instar Pontificalium totae deauratae... In manu Statuae parvulae Dni I, pomum argenteum deauratum cum Cruce de super, utraque haec Statua contegitur oblongis vestibus infra scriptis...". Былы мальтыйскі касцёл дагэтуль выкарыстоўваецца праваслаўнай царквой. У 1934 г. часткова разабраны царкоўныя надбудоўкі, аднак будынак не быў прыведзены ў першапачатковы стан. Унутры захаваўся іканастас, ён закрывае былы вялікі алтар.
44 Валюта (італ.: voluta - завіток, спіраль) - пластычнае аздабленне ў выглядзе спіральнага завітка. - Л. Л.
45 Там жа. Інвентар 1746 г.
46 Там жа. Інвентар 1793 г.
47 Там жа. Інвентар 1746 г.
48 Там жа.
49 Там жа. Інвентар 1746 г. Пасярэдзіне касцёла вісіць крыштальная люстра з 12 падсвечнікамі, размешчанымі на трох узроўнях, на якім знаходзяцца крыштальныя фігуркі сіняга, жоўтага і белага колераў.
50 Каб дапоўніць інфармацыю пра гэты помнік, варта адзначыць, што на дарозе з мястэчка да касцёла маецца мураваная калона, на якой калісьці стаяла статуя святога Яна Непамуцкага, статую прыбралі расіяне. Яна не ўключана ў інвентар 1733 года, але зафіксавана ў інвентары 1746 года. З-за вельмі сціплай архітэктурнай формы калоны і пашкоджання скульптуры, немагчыма вызначыць, ці звязана яна з дзейнасцю Глаўбіца ў Сталовічах. Над вялікім акном на другім ярусе фасада знаходзілася памятная дошка, якая ў інвентары 1793 года згадваецца як "шліфаваны камень вылітым з волава з надпісам Заснавальнікі касцёла". Гэтую дошку прыбралі царкоўныя ўлады, у цяперашні час у Сталовічах яна не знойдзена.
Беларусы сустракаюцца з індзейцамі
Нашчадак індзейцаў прыязджае на Драгічыншчыну як дадому: Пратасевіч; з лістоў індзейцам-індзеяністам
(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-52 (105-156) (2024); № 1-45(157-201) за 2025 г.; № 7-8 (216-217) за 2026 г.).
У папярэднім, 170-ым выпуску серыі БСІ мы далі спіс адрасатаў у ЗША і Канадзе, якім мы накіравалі лісты або пастскрыптумы, што суправаджалі рассылку звароту Трохгоддзя Выгодскіх і стандартнага ліста - звароту з тлумачэннямі матываў. Гэта адрасавалася 52 даследчыкам праблем карэннага насельніцтва згаданых краін. Амаль усе з іх былі і карэннымі па паходжанні - мелі продкаў сярод абарыгенаў Амерыкі, уключаючы і Лацінскую (найперш маецца на ўвазе Мексіка), а таксама Гаваяў.
І амаль усе яны былі звязаныя з Departments of Native American Studies (NAS) або Departments of American Indian Studies (AIS) у розных штатах і правінцыях. Звесткі пра іх былі вынятыя для нас з адпаведнай базы дадзеных кіраўніком AIS Каліфарнійскага ўнівер-сітэта ў Лос-Анджэлесе Дуэйнам Шампанам (Duane Champagne).
ПРАТАСЕВІЧ Яніна (Янина Протасевич, Yanina Pratasevich, Protasevich) - журналіст, (фота)карэспандэнт "Драгічынскага весніка" ("Дрогичинский вестник"), ма-тэрыял якой пра незвычайную сямейную пару, з'явіўся, 2.06.2026 г. на virtualbrest.ru/news183822.php са спасылкай на "СБ. Беларусь сегодня". Пра Марыю (Мэры) Вераніку Дэвідсан (Mary Veronica Davidson), якую называюць унучкай індзейскага павадыра, мы ўжо пісалі ў артыкуле пра басаногага падарожніка Уладзіміра Несіна. Яна яго жонка і спадарожніца ў вандраваннях па свеце. " Ураджэнец Драгічынскага раёна прайшоў пешшу больш за 150 краін . Разам з жонкай з Канады яны ата-барыліся [обосновались] на радзіме мужа".
Яніна Пратасевіч
НАШЧАДАК ІНДЗЕЙЦАЎ - ЖОНКА БЕЛАРУСА. МАЮЦЬ ДОМ НА ЯГО РАДЗІМЕ - ДРАГІЧЫНШЧЫНЕ (1)
Пасля тысяч кіламетраў і сотняў дарог яны знайшлі месца, якое адчулі родным. Ураджэнец Беларусі Уладзімір Несін, які прайшоў пешшу больш за 150 краін, і яго жонка з Канады Марыя Вераніка, якая шмат гадоў раздзяляе з ім жыццё ў дарозе, купілі домік у вёсцы пад Драгічынам. І зараз пасля працяглых вандровак вяртаюцца менавіта туды - да прыгожай прыроды, спакойнага рытму жыцця і добразычлівых суседзяў.
Уладзімір Несін нарадзіўся ў вёсцы Папіна Драгі-чынскага раёна Брэсцкай вобласці, але дзяцінства і юнац-тва правёў у Казахстане, куды сям'я пераехала асвойваць цаліну. Пазней былі паўночныя будоўлі, трэнерская праца, узыходжанні ў горы і пешыя паходы па ўсім СССР. У 1996 годзе ён цалкам прысвяціў сябе падарожжам: хадзіў басанож з адным заплечнікам, начаваў у палатцы, вёў дзённік, здымаў відэа. У 1999-м, знаходзячыся ў Аўстраліі, атрымаў пашпарт грамадзяніна свету. Падчас адной з вандровак сустрэў сваю будучую жонку - грамадзянку Канады, унучку правадыра індзейскага племені. Вераніка прыняла яго лад жыцця і ўжо больш за дваццаць гадоў ідзе побач:
- Часам мне цяжка паверыць, што ён сапраўды хоча быць са мной дваццаць чатыры гадзіны ў суткі, але так і ёсць. Улад - моцны чалавек, і ён робіць для мяне вельмі шмат. Разам мы прайшлі столькі дарог! Але вельмі хацелася мець ціхую гавань, каб вяртацца туды пасля доўгіх вандровак.
Набыты ў 2018 годзе домік у вёсцы Залужжа - недалёка ад роднай вёскі Уладзіміра - просты. А вакол маляўнічая прырода, цішыня і спакой - усё, што асабліва цэняць муж і жонка. Вераніка ўспамінае:
- Убачыўшы ўпершыню наш дом, вельмі расчулілася. Ён так падобны да таго, дзе жылі мае індзейскія бабуля і дзядуля. Дрывяная печ у цэнтры нагадала дзяцін-ства: бабуля гатуе ў печы нешта смачнае. Я адразу адчула сябе як дома.
Вераніка прызнаецца, што яе здзівіла, наколькі даступнае жыллё ў Беларусі:
- Наш домік абышоўся прыкладна ў тры тысячы долараў. Такі ў Еўропе, Канадзе ці ЗША каштуе дзясяткі тысяч долараў. Кошты на нерухомасць там настолькі высокія, што сваё жыллё становіцца амаль недасяжнай марай. Электрычнасць у Беларусі недарагая. Газ, які мы падвялі да дома, у разы таннейшы, чым у іншых краінах. На сцяне ў доме Несіных вісіць вялікая карта з адзначанымі маршрутамі, дзе пара пабывала. Нядаўна муж і жонка вярнуліся з паездкі, якая доўжылася больш за паўгода і ахапіла шмат краін, у тым ліку Літву, Польшчу, Германію, Ліхтэнштэйн, Швейцарыю, Італію, Славенію, Грузію. У мінулым годзе сям'я набыла аўтамабіль, зараз падарожнічае на ім. Побач з домам Уладзімір змайстраваў невялікі гараж.
Па словах Веранікі, у іх ёсць выразны рытм года:
- Дарога застаецца важнай часткай нашага жыцця. Але бліжэй да лета мы з такім задавальненнем вяртаемся ў Залужжа. Займаемся гаспадаркай, прыводзім у парадак участак, сустракаемся з суседзямі.
(Заканчэнне будзе.)
Літ.:
864 Адамович А. "Хорошо быть женатым, оставаясь холостяком" / беседа корреспондента "АиФ" с писателем А. Адамовичем // Аргументы и факты. № 46-47 (нояб.). С. 1-2.
6942 Для чего нужна жена? // Теленеделя. 2002. 23-29 сент. С. 29.
3227 Норрис Ч. "Женщине удалось меня покорить" / интервью Ю. Нестеровича // Знамя юности. 1995. 8 дек.
Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.
Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.
Індзейцы , индейцы , Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Bielorrusia, Belarus; Алесь Симаков . Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 171].
Гульня-віктарына "Прыгоды на востраве кніг"
3 чэрвеня ў філіяле "Лідская гарадская бібліятэка №1" ладзілася гульня-віктарына "Прыгоды на востраве кніг", у якой прымалі ўдзел навучэнцы ДУА "Сярэдняя школа №17 г. Ліды". Вядоўца мерапрыемства пазнаёміла дзяцей з цікавымі казкамі, урыўкі некаторых з іх дзеці чыталі ўслых, праверылі свае веды ў віктарынах і загадках, нацешыліся прыгожымі музычнымі мелодыямі з любімых мультфільмаў.
Наш кар.
"Старых муроў адраджэнне"
1 і 2 чэрвеня ў ДУА "Лідская дзіцячая мастацкая школа мастацтваў" прайшоў абласны конкурс-пленэр імя Ф. Рушчыца "Старых муроў адраджэнне".
Дні былі насычанымі: першы дзень канкурсанты былі ў в. Ганчары, а ў другі рабілі замалёўкі г. Ліды.
Віншуем пераможцаў конкурсу і чакаем праз два гады зноў.
ТК "Культура Лідчыны".
"ВЕРАСЕНЬ" выйшаў на Замкавы гасцінец
6 чэрвеня Інструментальны ансамбль "ВЕРАСЕНЬ" настаўнікаў ДУА "Першамайская ДМШМ" прыняў удзел у культурна-турыстычным праекце "Замкавы гасцінец".
ТК "Культура Лідчыны".
Герб горада Ліды, наданы 17 верасня 1590 г.
