Папярэдняя старонка: 2026

Наша слова.pdf № 26 (235) 


Дадана: 29-07-2026,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




Наша слова.pdf № 26 (235), 29 ліпеня 2026.

Юбілей нашай Цёткі

15 ліпеня споўнілася 150 гадоў з дня нараджэння беларускай грамадска-культурнай дзеячкі, пісьменніцы, асветніцы, педагога, выдаўца Алаізы Пашкевіч (Цёткі, 1876-1916).

Алаіза Пашкевіч належыць да таго пакалення беларускіх дзеячаў апошняй чвэрці XIX - пачатку XX стагоддзяў, якое ўнесла вялікі ўклад у айчынную культуру і літаратуру. У сваіх творах пісьменніца сфармулявала грамадскія ідэалы, выразна акрэсліла невычэрпны патэнцыял і веліч беларускага народа, гатоўнасць пераадольваць любыя перашкоды на шляху да лепшага жыцця.

Нарадзілася Цётка ў фальварку Пешчын Лідскага павета Віленскай губерні (цяпер Шчучынскі раён) у шляхецкай сям'і. Яна атрымала добрую хатнюю адукацыю і ў 1894 годзе паступіла ў Віленскае прыватнае вучылішча Прозаравай. Пасля заканчэння шасці класаў з 1901 года настаўнічала. А пасля вучылася на курсах Лесгафта ў Санкт-Пецярбургу, потым экстэрнам здала экзамены за поўны курс Аляксандраўскай жаночай гімназіі. Вярнуўшыся ў Вільню, Алаіза Пашкевіч працавала фельчарам у Нова-Вілейскай бальніцы. У час рэвалюцыі 1905-1907 гадоў Цётка арганізоўвала рабочыя гурткі, выступала з прамовамі па-беларуску на нелегальных сходах і мітынгах, пісала вольналюбівыя вершы. У траўні 1905 года яна была выбрана дэлегаткай ад віленскіх работніц на з'езд жанчын у Маскве. Каб пазбегнуць арышту, у канцы 1905 года эмігрыравала ў Галіцыю, якая тады была ў складзе Аўстра-Венгрыі. Жыла ў Львове, дзе стала вольнай слухачкай гуманітарнага аддзялення філасофскага факультэта Львоўскага ўніверсітэта. У 1906 годзе ў Жоўкве (каля Львова) у друкарні базыльянскага манастыра былі выдадзены зборнікі яе вершаў "Хрэст на свабоду" і "Скрыпка беларуская", у якіх выкарыстаны паэтыка фальклорных твораў, народна-песенная сімволіка (вобразы музыканта, скрыпкі, дудкі). Некалькі разоў Цётка нелегальна прыязджала ў Вільню, удзельнічала ў выданні газеты "Наша доля". З 1908 па 1909 год беларуска жыла ў Кракаве. Вучылася на гуманітарным аддзяленні Ягелонскага ўніверсітэта. Каб атрымаць навуковую ступень, напісала працу "Батлейкі на Беларусі і іх сувязь з польскай драматычнай літаратурай", потым - брашуру "Праграма для збірання матэрыялаў аб батлейках на Беларусі" (1910). Некаторы час Цётка знаходзілася ў Закапанэ (Польшча), дзе праходзіла курс лячэння ад туберкулёзу, выязджала ў Германію, вандравала па Італіі.

У 1911 годзе паэтка вярнулася на Радзіму. У Вільні актыўна ўключылася ў грамадска-асветніцкую дзейнасць. З тэатрам Ігната Буйніцкага выступала як актрыса ў розных кутках Беларусі (удзельнічала ў спектаклях "Па рэвізіі" М. Крапіўніцкага і "У зімовы вечар" паводле Э. Ажэшкі). У 1914 годзе ў Менску заснавала і рэдагавала першы беларускі часопіс для дзяцей і моладзі "Лучынка".

Падчас Першай сусветнай вайны Цётка працавала сястрой міласэрнасці ў Вільні, удзельнічала ў стварэнні дзіцячых прытулкаў, чытала педагогіку, гігіену і іншыя прадметы на беларускіх настаўніцкіх курсах. У пачатку студзеня 1916 года яна прыехала на пахаванне бацькі і засталася ў вёсцы. Лячыла землякоў у час эпідэміі тыфу, захварэла сама і 17 лютага памерла. На магіле пісьменніцы ў 1936 годзе быў устаноўлены помнік.

Літаратурнай дзейнасцю Цётка пачала займацца ў 1902 годзе пад уплывам творчасці Францішка Багушэвіча. Пісала пад рознымі псеўданімамі (Мацей Крапіўка, Гаўрыла, Гаўрыла з Полацка, Банадысь Асака, Тымчасовы і інш.). Самымі раннімі лічацца вершы "Лета" і "Восень" (датаваны 1902-1903 гг., упершыню апублікаваны ў зборніку "Скрыпка беларуская"). У іх па-майстэрску перададзены асобныя моманты вясковай працы, апісваюцца летнія ігрышчы і восеньскі кірмаш. У "Каляднай пісанцы на 1904 год" і "Велікоднай пісанцы" (1904) былі надрукаваны вершы "Мужыцкая доля", "Мужык не змяніўся", "Нямаш, але будзе", "Музыкант беларускі", прасякнутыя спачуваннем да цяжкай долі селяніна. Для яе твораў 1905-1907 гадоў характэрны публіцыстычная завостранасць, рэвалюцыйны пафас, прамоўніцкія інтанацыі, метафарычнасць і алегорыя. Вершы "Мора", "Хрэст на свабоду", "Вера беларуса", "Пад штандарам" заклікалі на барацьбу з царызмам.

Асобным перыядам у літаратурнай дзейнасці Цёткі сталі 1908-1914 гады. Сярод вершаў, напісаных у гэты час, вылучаюцца "З чужыны", "Грайка", "На магіле", "На чужой старонцы", "Арлы-брацця, дайце скрыдлы", "Сірацінка", "Вясковым кабетам", "Гаданне". У іх пераважаюць матывы грамадзянскай журбы і смутку, тугі па Радзіме.

Цётка з'яўляецца адной з пачынальніц беларускай прозы. Яе творы адлюстроўваюць цяжкі вясковы побыт ("Навагодні ліст", 1908), настроі студэнцкай моладзі ("Зялёнка", 1913), гаротны лёс дзяцей ("Міхаська", 1914) і іншыя. У кнігу "Першае чытанне для дзетак беларусаў" увайшлі апавяданні, загадкі, прыказкі, прымаўкі для юных чытачоў. Асобную старонку яе творчасці складаюць дарожныя нататкі і нарысы, што з'явіліся пад уражаннем падарожжаў у Італію, Фінляндыю, Швецыю і Германію.

Літаратурная спадчына Цёткі - яркая старонка ў гісторыі беларускай культуры. Яе самабытны талент заўважыў Янка Купала і ў 1907 годзе прысвяціў верш "Аўтарцы "Скрыпкі беларускай"".

Творы Цёткі перакладзены на рускую, украінскую, польскую, балгарскую, чэшскую, літоўскую, нямецкую і іншыя мовы. Да яе вобраза звярталіся многія прадстаўнікі айчыннай культуры і мастацтва. У гонар Цёткі пастаўлены помнікі ў Шчучыне, гарадскім пасёлку Астрына, вёсцы Хадзілоні Шчучынскага раёна, адкрыта мемарыяльная дошка ў Менску. Яе імем названа Астрынская сярэдняя школа (у 1982 г. там быў адкрыты музей), Шчучынская раённая бібліятэка, бібліятэка № 15 г. Менска, вуліцы ў Менску, Гародні, Лідзе, Маладзечне, Шчучыне.

***

Анекдот з вуліцай Цёткі ў Лідзе

У слаўныя і далёкія 80-90-я гады, калі раптам у краіне прайшлі альтэрнатыўныя выбары, у Лідскі гарсавет прайшло некалькі нацыянальнаарыентаваных дэпутатаў. Калі па краіне пайшоў рух па перайменаванні савецкіх вуліц, лідскія нацыянальныя дэпутаты таксама вырашылі надаць некаторым вуліцам імёны нацыянальных дзеячаў, у тым ліку, і імя Цёткі. Але супраць выступілі камуністы, якія заявілі:

- Нашто нам нейкая Цётка, у нас ужо ёсць Цэткін.

Ну здаецца б і ўсё. Можна смяцца. Аднак не - рана.

Справа ў тым, што і тады, і цяпер у Лідзе была і ёсць вуліца Алаізы Пашкевіч (злучае вуліцы Баграціёна і Гастэлы), але дэпутаты ці пра гэта не ведалі, ці Алаізу Пашкевіч з Цёткай не звязвалі.

Паводле СМІ.

Памёр Пётра Садоўскі

5 ліпеня памёр Пётра Садоўскі, беларускі мовазнавец, палітык і дыпламат. Яму было 87 гадоў.

Нарадзіўся Пётр Вікенцевіч 2 лютага 1941 года ў вёсцы Будзькаўшчына Полацкага раёна Віцебскай вобласці.

У 1953-1959 гадах вучыўся ў Менскім сувораўскім вучылішчы. Скончыў Менскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў. Валодаў нямецкай, англійскай, іспанскай і французскай мовамі.

Працаваў дацэнтам у ВНУ. Быў чальцом Прэзідыума і старшынём камісіі ў замежных справах Вярхоўнага Савета БССР і Рэспублікі Беларусь 12-га склікання. У часы парламенцкай дзейнасці быў сябрам фракцыі Беларускага народнага фронту.

3 чэрвеня 1992 года прызначаны Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Федэратыўнай Рэспубліцы Германіі; адстаўлены быў 28 кастрычніка 1994 года.

Пасля адстаўкі займаўся грамадскай і палітычнай дзейнасцю ў Беларусі. Да 2009 года быў сябрам сойму Партыі БНФ.

Аўтар кнігі ўспамінаў "Мой шыбалёт" (2008).

Удзельнічаў у акцыях супраць інтэграцыі з Расіяй, якія адбываліся ў Менску ў снежні 2019 года. Цэнтральным судом Менска ў рамках адміністрацыйнага працэсу быў прысуджаны да штрафу.

Паводле СМІ.

Мой зямляк кампазітар Антон Валынчык

На Беларусі няма ніводнага такога кутка, які б не меў сваіх слаўных сыноў ці дачок, імёны якіх навечна звязаны са сваёй маленькай радзімай. Сярод іх пачэснае месца на Слонімшчыне займае беларускі кампазітар, музыкант, харавы дырыжор, педагог, заслужаны работнік культуры Беларусі Антон Валынчык (1896-1985), які нарадзіўся 130 гадоў таму (23 ліпеня 1896 года) у вёсцы Мяльканавічы на Слонімшчыне. Сама вёска знаходзіцца недалёка ад Слоніма. Упершыню яна ўпамінаецца ў XVI стагоддзі як сяло, цэнтр Мяльканавіцкага войтаўства, дзяржаўная ўласнасць у Слонімскім старостве Вялікага Княства Літоўскага.

У 1852 годзе ў Мяльканавічах было адкрыта народнае вучылішча, якое скончыў бацька Антона Міхась Валынчык. У сям'і Валынчыкаў было некалькі сыноў. Адзін з іх - Антон - у 1910 годзе скончыў Жыровіцкае духоўнае вучылішча. Гэтае вучылішча рыхтавала хлопцаў на дзякаў, кіраўнікоў царкоўных хораў і настаўнікаў парафіяльных школ. Спевы і ігра на музычных інструментах былі там на першым месцы. Менавіта ў вучылішчы Антон Валынчык навучыўся добра іграць на скрыпцы.

Пасля заканчэння вучылішча, займаўся на двухгадовых настаўніцкіх курсах у Гародні. Там, у горадзе над Нёмнам, ён таксама браў урокі музыкі ў кампазітара Банькоўскага.

Калі пачалася Першая сусветная вайна, Антон Валынчык быў мабілізаваны на вайну. У вольны ад баёў час, малады салдат уладкаваўся яшчэ рэгентам вялікага салдацкага хору рускай арміі.

Калі сын знаходзіўся на фронце, ягоныя бацькі з роднай вёскі Мяльканавічы былі эвакуяваныя ў Курскую вобласць Расіі. Пасля вайны Антон паехаў да іх, але там яму не спадабалася, і ён хутка вярнуўся на Бацькаўшчыну. З цягам часу дамоў прыехалі і яго бацькі.

Па дарозе ў Беларусь, Антон спыніўся ў Ветцы і знайшоў працу на будоўлі ў аднаго багатага чалавека. Калі дом пабудавалі, ён вырашыў завітаць у Гомель. Вельмі хацелася хлопцу спяваць. Ідзе па Гомелі і бачыць цэркаўку. Зайшоў туды. Чуе - там спяваюць, але тэнары вельмі слабыя. Вырашыў ім дапамагчы. Непрыкметна зайшоў на клірас. Пасля будоўлі сам - брудны, замучаны. Усе ў царкве пачалі на яго пазіраць. А ён, як заспяваў!..

Пасля службы да Антона Валынчыка падышлі некалькі святароў і пытаюцца: "Хто ты такі?". "Проста рабочы", - адказвае Антон. Святары не вераць. "Вось мае рабочыя рукі", - паказвае ім юнак (З аўтабіяграфіі Антона Валынчыка, якая захоўваецца ў раённым музеі гісторыі Клеччыны).

Яшчэ некалькі хвілін з ім гутарылі святары, але канкрэтных прапаноў ад іх Антону так і не паступіла. Ён зноў вярнуўся ў Ветку. Працаваў там да зімы. А ў адзін з марозных дзён у горад на санях прыехаў святар і забраў Валынчыка ў Гомель. Яго прывезлі ў вялікі горад, напаілі гарбаткай і паклалі спаць. На другі дзень гаспадар кватэры, дзе начаваў Антон, апрануў яго ў свой касцюм і павёў у галоўнае ўпраўленне таварыства Чырвогага Крыжа. Там хлопец сустракае начальніка цягніка Чырвонага Крыжа, які яго нядаўна вёз са Смаленска ў Гомель. Гэты начальнік запрашае слонімскага юнака на працу статыстам ва ўпраўленне Чырвонага Крыжа. І Антон Валынчык з радасцю пагаджаецца.

Тут ён з цягам часу знаёміцца з харавым дырыжорам Аляксандрам Ягоравым, які пазней стане прафесарам Ленінградскай кансерваторыі. Гэтае знаёмства перарасло ў асабістае сяброўства, а работа ў хоры пад кіраўніцтвам Ягорава вельмі шмат дала Валынчыку як музыканту. Цікавыя сустрэчы ў Гомелі адбываюцца ў Валынчыка з кампазітарамі Туранковым, Аляксандравым і іншымі. У іх малады Валынчык вучыцца дырыжыраванню і музыцы ў цэлым.

У 1919 годзе Антон Валынчык вырашыў вярнуцца на родную Слонімшчыну. Але ў раёне Лунінца ён трапляе ў паласу ваенных дзеянняў, якія распачаліся паміж польскімі войскамі і савецкімі. А 10 ліпеня 1919 года Лунінец поўнасцю занялі палякі і юнак нечакана становіцца грамадзянінам іншай дзяржавы.

Там, у Лунінцы, Валынчык хутка атрымлівае дыплом настаўніка народных вучылішчаў і да 1924 года працуе ў прыватным рускім рэальным вучылішчы настаўнікам. Ён выкладаў спевы і адначасова быў рэгентам у мясцовай царкве. Менавіта ў Лунінцы Антон Валынчык пачаў больш сур'ёзна разважаць пра жыццё, Бацькаўшчыну, і пра родную мову і культуру. Ён палічыў сваім абавязкам дапамагаць беларусам, і найперш за ўсё беларускай моладзі, актыўна далучацца на свету нацыянальнай музыкі. І што рабіць гэта трэба на кожным уроку спеваў, на кожнай рэпетыцыі харавых гурткоў для дарослых. Рабіць цярпліва, настойліва і апантана. І ён старанна рабіў, працаваў, шукаў. З Лунінца пачаліся самыя актыўныя гады яго музычна-асветніцкай дзейнасці. Пра яго прафесійную педагагічную і музычную дзейнасць ведалі ўжо многія настаўнікі Заходняй Беларусі. А ў 1924 годзе дырэкцыя Клецкай беларускай гімназіі запрасіла Антона Валынчыка да сябе на працу. І ён пагадзіўся.

У Клецкай беларускай гімназіі

Клецкая беларуская гімназія была арганізавана і пачала сваю працу ў 1923 годзе ў Нясвіжы. Напачатку былі адчынены 4 класы. Гімназія знаходзілася на Альбянскай вуліцы ў доме Дылеўскіх. Першымі настаўнікамі гімназіі былі Рыгор Якубёнак, Франц Шнаркевіч, Вячаслаў Арэнь, Ганна Малойла.

Але ў Нясвіжы гімназія праіснавала толькі адзін год. У 1924 годзе яна перабралася ў Клецк. Спачатку гімназія знаходзілася ў доме Паповічаў у канцы Нясвіжскай вуліцы. Было адчынена пяць класаў. Дырэктарам гімназіі быў Рыгор Якубёнак. І тыя настаўнікі, якія працавалі ў Нясвіжы, таксама пераехалі ў Клецк, акрамя Шнаркевіча, які падаўся ў Вільню.

У 1926 годзе Рыгору Якубёнку ўдалося наняць памяшканне на Татарскай вуліцы, куды і пераехала гімназія. У ёй пераважна вучылася сялянская моладзь з ваколіцаў Клецка, а таксама вучні з Нясвіжскага, Баранавіцкага, Лунінецкага і Слонімскага паветаў. Невялікую колькасць вучняў складалі дзеці святароў і дзякаў.

У гімназіі існавалі літаратурны і драматычны гурткі, хор і аркестр. Тут вельмі часта ладзіліся розныя мерапрыемствы. Антон Валынчык першым чынам узяўся за арганізацыю хору. І яму гэта ўдалося. Хор налічваў 60 вучняў.

За тры месяцы працы Валынчыку ўдалося наладзіць у гімназіі першае выступленне хору. Дасканала выкананыя беларускія песні, пераважна самога кампазітара і дырыжора, мелі вялікі поспех. Пры дапамозе хору гімназія праводзіла шырокую нацыянальна-культурную працу як у самім Клецку, так і ў навакольных вёсках. А ў 1928 годзе Антон Валынчык арганізаваў у гімназіі яшчэ і струнны аркестр, які налічваў 50 чалавек. Часта арганізоўваліся канцэрты, выступленні, гастролі, а грошы папаўнялі пустую касу гімназіі.

Пяцігадовая праца ў Клецкай беларускай гімназіі для Антона Валынчыка была самым шчаслівым перыядам яго жыцця. "У мяне назаўжды ў памяці Клецкая гімназія. Там неяк усё было па-асабліваму, там выкладчыкі і навучэнцы жылі адной сям'ёй - душа ў душу. Якубёнак… гэта быў цудоўны, рэдкі, дзівосны, непараўнаны чалавек, папраўдзе родны бацька дзецям. Ён аддаў ім душу, час, сродкі, усе свае здольнасці, думкі і мары. Я з дзецьмі займаўся хорам, мы ставілі драмы, у гімназіі быў аркестр. Валодзя Гуль - кантрабасіст, актывісты хору - Мароз, Шыдлоўскі… Арэнь Барыс - цудоўны бас, Валя Тычына - альт… Але ў гімназію пастаянна прысылалі паганых інспектараў. Мэтай было закрыццё гімназіі. Памятаю, у 1929 годзе прыслалі з Віленскага кураторыума інспектара Мяноўскага - вельмі гадкага чалавека. Хадзіў на ўрокі, прыдзіраўся да дробязей, даводзіў выкладчыкаў да непрытомнасці. А я даведаўся, што ён украінец… І вечарам мы як далі яму канцэрт на паўгадзіны! Праспявалі і знакамітую "Кобзу" Давыдоўскага, і "Відзьма". Ну, і беларускія таксама: "Ліпы старыя", "Касцы" (Гэтую песню на словы Якуба Коласа называлі па-рознаму: "Касцы", "Ідуць касцы", "На сенажаці") (гэта мае), народных вельмі многа. Ведаеце, "Ліпы старыя" я пісаў у 1927 годзе, калі быў страшна хворы, з высокай тэмпературай, у стане трызнення. Лепшая мая рэч… А наконт Мяноўскага… Мабыць, здолелі мы яго праняць да душы. Ён нават расчуліўся і доўга дзякаваў. І галоўнае - ніякіх дрэнных наступстваў візіту! А наогул у гімназіі спявалі многа, ахвотна. Спявалі і мае: "Як на свет нарадзіўся Янка", "Зайшло ўжо сонейка", "За праўду", "Устаньце, хлопцы"… Усё ж такі гэта быў цудоўны час…", - прыгадваў у сваіх успамінах Антон Валынчык (Памяць. Клецкі раён: Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. Мн., 1999. С.205-206).

Напачатку 1990-х гадоў неяк пры сустрэчы запытаўся я ў слонімскага паэта Анатоля Іверса (Івана Дарафеевіча Міско, 1912-1999)) пра Антона Валынчыка. Тым больш, што паэт ў канцы 1920-х гадоў вучыўся ў Клецкай беларускай гімназіі. Іван Дарафеевіч, падумаўшы, пагадзіўся мне расказаць пра свае сустрэчы з Антонам Міхайлавічам. "Зіма 1929 года была снежная і марозная, - пачаў успамінаць Анатоль Іверс. - Я паехаў на вучобу ў Клецк. Выйшлі мы з цягніка на станцыі Ляхавічы і, узяўшы з сабой чамаданы, пайшлі шукаць падводу, каб даехаць да Клецка. Селі мы, двое выгнаннікаў з Віленскай беларускай гімназіі (Паэт Анатоль Іверс (1912-1999) летам 1926 года паступіў у Віленскую беларускую гімназію, але ў 1928 годзе ён быў выключаны з гімназіі за актыўную камсамольскую падпольную дзейнасць. Вучобу працягваў у Клецкай і Наваградскай беларускіх гімназіях, але закончыць поўны курс навучання польскія ўлады так і не далі - С.Ч.), у буду, наставілі каўняры і рушылі ў дарогу. У галаву лезлі невясёлыя думкі: як там сустрэнуць, ці прымуць? "Ідзіце на Слабадскую вуліцу, - адказаў дзядзька, - знойдзеце хату Івана Нікановіча, там будзе інтэрнат". Мы трапілі, як кажуць, з карабля на баль. Гімназісты вельмі ветліва сустрэлі нас, не далі нават як след абагрэцца і павялі на ёлку. У зале пачаўся канцэрт мастацкай самадзейнасці. Хор пад кіраўніцтвам настаўніка спеваў Антона Міхайлавіча Валынчыка выконваў цудоўныя, дагэтуль не чутыя беларускія песні "За праўду, за шчасце", "Як на свет радзіўся Янка" Янкі Купалы, "Ліпы старыя" на словы Якуба Коласа, "Я люблю густыя шумы", "Вечарам" на словы Уладзіміра Жылкі і іншыя. Гэтыя песні мяне тады заваражылі. Колькі ў іх было душэўнай прыгажосці! Але тады я яшчэ не ведаў, што музыку да вершаў беларускіх паэтаў напісаў Антон Міхайлавіч. І не ведаў таго, што ён быў маім земляком з вёскі Мяльканавічы Слонімскага павета…".

Цёпла і шчыра пра Антона Валынчыка прыгадваў і былы выкладчык беларускай мовы ў малодшых класах Клецкай беларускай гімназіі Аляксей Кішкель. Пра гэта згадваў у сваіх успамінанах заслужаны настаўнік Беларусі Апанас Цыхун: "Амаль кожны дзень мы (маецца на ўвазе Апанас Цыхун і Аляксей Кішкель - С.Ч.) сустракаліся. Кішкель мне вечарамі расказваў пра Клецкую гімназію. Успамінаў настаўнікаў, у тым ліку і Антона Міхайлавіча Валынчыка. Згадваў, у прыватнасці, як кіраваў той вучнёўскім хорам, якім вялікім аўтарытэтам карыстаўся Валынчык сярод беларускага насельніцтва" (Цыхун Апанас. Выкладчыкі Клецкай беларускай гімназіі // Наша слова, 1994, № 26).

У 1929 годзе Антон Валынчык развітаўся з калектывам Клецкай беларускай гімназіі і пераехаў у Наваградак.

Праца ў дзвюх гімназіях

Наваградская беларуская гімназія, куды пасля Клецка прыехаў працаваць Антон Валынчык, існавала з 1919 да 1934 года. Тэрмін навучання ў гімназіі быў 8 гадоў. У ёй выкладаліся беларуская, польская, французская, лацінская, нямецкая мовы, Закон Божы, гісторыя і геаграфія Беларусі і Польшчы, сусветная гісторыя і геаграфія, матэматыка, фізіка, хімія, прыродазнаўства, маляванне, спевы, ручная праца, фізкультура і іншыя прадметы. У сярэдзіне 1920-х гадоў у гімназіі навучалася каля 250 вучняў. Гімназія існавала на сродкі бацькоў, на ахвяраванні грамадскіх арганізацый, на адлічэнні з заробкаў беларускіх паслоў, за кошт вулічных збораў і г.д.

Беларуская гімназія ў Наваградку мела на мэце падрыхтоўку да паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, захаванне беларускай нацыянальнай самасвядомасці, павышэнне культурнага ўзроўню, павагі да народных звычаяў і традыцый. У гімназіі дзейнічалі самадзейныя харавы, вакальны, танцавальны, літаратурны, драматычны гурткі, аркестр, спартыўныя секцыі. Вучні выдавалі нават свой часопіс на шапірографе.

Вось там да 1934 года Антон Валынчык выкладаў спевы, а таксама арганізаваў хор і аркестр, бадай ці не самы найлепшы ў Заходняй Беларусі.

У чэрвені 1934 года польскія ўлады закрылі Наваградскую беларускую гімназію. Большасць яе вучняў паехала працягваць вучобу ў Вільню, а іншыя перайшлі вучыцца ў польскую гімназію імя Адама Міцкевіча. Перайшоў на працу ў польскую гімназію і Антон Валынчык. Але ён ад беларускасці ніколі не адыходзіў. Вядомасць і аўтарытэт яго так выраслі, што таленавітага кампазітара запрасілі ў Вільню праводзіць святы студэнцкіх хораў. Здавалася б, былі ўсе падставы замацавацца ў буйным культурным цэнтры. Але Антон Валынчык выбірае іншы шлях. Сумленне мастака падказвае яму неабходнасць пашыраць свае музычныя веды, і ён уладкоўваецца на вучобу ў Варшаўскую кансерваторыю пры Крамянецкім музычным ліцэі, дзе пад кіраўніцтвам вядомых майстроў Б. Рачкоўскага і К.Сікорскага чатыры гады вывучае "сакрэты" хормайстарскай справы, фалькларыстыку і гармонію.

У лютым 1925 года ў Варшаўскім універсітэце быў адкрыты багаслоўскі праваслаўны факультэт. Вялікае дачыненне да адкрыцця гэтага факультэта меў мітрапаліт Варшаўскі і ўсяе Польшчы Дзіянісій (Канстанцін Валядзінскі). Сам Канстанцін Валядзінскі быў рускім чалавекам, які скончыў Казанскую духоўную акадэмію. У 1924-1948 гадах кіраваў польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквой. Пасля адкрыцця праваслаўнага багаслоўскага факультэта ў Варшаўскім універсітэце, быў прафесарам гэтага факультэта.

Аднойчы да Дзіянісія завітаў Антон Валынчык і паказаў яму свае ўласныя царкоўныя музычныя творы з прапановай надрукаваць іх. Уладыка Мітрапаліт, спасылаючыся на тое, што не з'яўляецца спецыялістам у царкоўнай музыцы, адмовіў у просьбе Валынчыку. Пры гэтым Дзіянісій дадаў, што і так маецца шмат добрых царкоўных песнапенняў.

Але беларускі кампазітар і дырыжор не пакрыўдзіўся. Пазней, у першыя пасляваенныя гады, Антон Валынчык будзе выкладаць царкоўныя спевы ў Менскай духоўнай семінарыі ў Жыровічах. Вось толькі дзе падзеліся яго ўсе музычныя царкоўныя творы - пакуль невядома. Беларускі грамадскі дзеяч на эміграцыі Барыс Данілюк (1923-2011) з ЗША пры жыцці ў адным з лістоў да мяне паведамляў, што была інфармацыя аб тым, што частку гэтых твораў нехта выявіў у Вялікабрытаніі.

У родным Слоніме

З пачаткам Другой сусветнай вайны Антон Валынчык з сям'ёй пераехаў у родны Слонім. У горадзе над Шчарай ён пачаў працаваць настаўнікам спеваў у сярэдняй школе. Але падчас нямецкай акупацыі са школы зрабілі прагімназію і настаўніцкую семінарыю. І Валынчык, як выбітны майстра спеваў і музыкі, працаваў і ў прагімназіі, і ў настаўніцкай семінарыі.

У акупаваным немцамі Слоніме Антон Валынчык арганізаваў у Народным доме даволі вялікі і добры хор. Рэпертуар хору складаўся з кампазіцый самога Валынчыка, такія, як "Ліпы старыя", прыгожыя вальсы "Вось і паў ужо змрок", "Пусты ўлетку нашы сёлы", ды патрыятычныя і звычайныя песні, як "Устаньце, хлопцы, устаньце, браткі", "Ідуць касцы" і іншыя. "Апрача гэтых песень, удзельнікі хору спявалі творы іншых кампазітараў, такія як "Не пагаснуць зоркі ў небе" ці не Тэраўскага Уладзіміра, "Вясна, вясна жаданая" Міколы Равенскага, ды народныя - "А ў лузе каліна…", "Пайшоў мілы лужком, лужком…", "Чачотачка" - усіх не пералічыць. Быў таксама добры жаночы дуэт, што спяваў "Я люблю густыя шумы" на словы Уладзіміра Жылкі і цудоўную музыку ці не самога Валынчыка. Акрамя працы з хорам, Антон Валынчык выкладаў спевы ў Слонімскай настаўніцкай семінарыі, якая адчынілася, здаецца, напачатку 1942 года і праіснавала да 1944. Кіраваў Валынчык пры немцах і добрым царкоўным хорам у слонімскай Свята-Троіцкай царкве.

Пасля заканчэння вайны Антону Валынчыку ў Слоніме было жыць няпроста. Вельмі часта яго наведвалі супрацоўнікі НКУС. Што настаўніка і рэгента выратавала ад арышту - цяжка сказаць. Магчыма, сваякі і сябры, якіх на Слонімшчыне ў яго было шмат. А магчыма, віны ў слонімскага кіраўніка хораў і настаўніка спеваў ніхто так і не знайшоў. Але пасля вайны Антон Міхайлавіч шмат гадоў шукаў працы, у пошуках яе вандраваў па ўсёй Беларусі - працаваў у Маладзечне, Ашмянах, Горках, Менску, Пухавічах, Іўі, Лідзе, Гародні. Ён заўсёды быў пад пільным вокам КДБ. З часоў Клецкай беларускай гімназіі і да канца свайго жыцця кампазітар і дырыжор насіў кляймо нацыяналіста. Заслужаны настаўнік Беларусі Аляксандр Пасько, які жыў у Слоніме, прыгадваў, як сустракаўся з Антонам Валынчыкам у гады Другой сусветнай вайны і ў пасляваенны час. "У нашай сям'і пра яго вельмі добра адгукаліся. Ды й у Слоніме ўсе казалі пра Антона Валынчыка толькі шчырыя словы. Я памятаю яго падцягнутым, хударлявым, энергічным, ён любіў насіць карычневы плашч і капялюш. Мая родная сястра наведвала хор, якім кіраваў кампазітар. Гэта быў тыповы беларускі інтэлігент, вельмі сціплы, шчыры, размаўляў з намі па-беларуску. Мне здаецца, што ад рэпрэсій яго выратавалі самі выканаўцы. Ім шкада было арыштоўваць і ў чымсьці абвінавачваць гэтага таленавітага і апантанага музыкай чалавека", - сказаў Аляксандр Пасько.

У Маладзечне

У асабістым лісце па ўліку кадраў Антона Валынчыка, які захоўваецца ў архіве Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, запісана: 1939-1947 гады - працаваў у Слонімскіх сярэдніх школах і настаўніцкай семінарыі. 1947-1949 гады - мастацкі кіраўнік ансамбля славянскай песні і танца ў Ашмянах. 1952-1954 гады - мастацкі кіраўнік Пухавіцкага РДК. 1954-1955 гады - мастацкі кіраўнік сельскагагаспадарчай акадэміі ў Горках Магілёўскай вобласці. 1956-1957 гады - настаўнік спеваў у Пухавіцкай СШ і ў Талькаўскай СШ Менскай вобласці. 1957-1961 гады - хормайстар Менскага ансамбля песні і танца ў Маладзечна. З 1961 года - выкладчык кафедры спеваў і музыкі Гарадзенскага педінстытута імя Янкі Купалы (Гарадзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Асабістыя справы звольненых выкладчыкаў, 1973-1975, А-К. Т.1. Л. 207-257).

Найбольш плённа пасля вайны Антону Валынчыку працавалася ў Маладзечне. Ён так захапіўся сваёй працай, што ў вольны ад работы час адпраўляўся ў дарогу па Беларусі. Кампазітар і хормайстар ездзіў і хадзіў па вёсках і ўсіх, хто любіў музыку, клікаў у свой ансамбль у Маладзечна.

Аднойчы прыехаў у Пінск. Ідзе па адной з вуліц і чуе, аднекуль даносіцца песня. Цудоўны дзявочы галасок спяваў: "Ой, рэчанька, рэчанька…". Антон Міхайлавіч уважліва прыслухаўся і накіраваўся туды, адкуль лілася песня. Зайшоў ў маленькую кавярню і спыніўся каля ўваходу. Там нікога не было, акрамя адной дзяўчынкі. Яна прыбірала са сталоў посуд і спявала. Убачыўшы незнаёмага мужчыну, дзяўчынка збянтэжылася і спыніла песню. "Спявай, спявай. Гэта вельмі прыгожа", - сказаў ёй Антон Міхайлавіч. І яна зноў заспявала. А калі скончыла пець, ён звярнуўся да яе з пытаннем: "А можа ў наш ансамбль пойдзеш?". І дзяўчына пагадзілася.

Так папаўняўся калектыў у Маладзечне. Хутка ў ім было 40 юнакоў і дзяўчат, якія прыйшлі туды, як кажуць, з гушчы народнай. Праз некалькі месяцаў пасля таго, як Менскі міжабласны ансамбль песні і танца ў Маладзечна ўзначаліў Антон Валынчык, калектыў выступіў з першай праграмай. Потым былі паспяховыя выступленні па Беларусі, у Прыбалтыцы, на Украіне. І ўсюды ўдзяныя гледачы ўзнагароджвалі калектыў з Маладзечна апладысментамі і кветкамі. У той час Антон Валынчык атрымаў першую Ганаровую грамату за развіццё самадзейнага мастацтва рэспублікі і актыўны ўдзел у ім.

З песняй праз жыццё

З 1961 года Антон Валынчык стала жыве ў Гародні. У горад над Нёманам яго запрасілі выкладаць музыку і спевы ў Гарадзенскім педагагічным інстытуце імя Янкі Купалы (Загадам Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь № 474 ад 24 лістапада 2000 года Гарадзенскі педаганічны інстытут імя Янкі Купалы перайменаваны ў Гарадзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. - С.Ч.).

У архіўнай даведцы Гарадзенскага ўніверсітэта так і запісана: "Загадам № 46 ад 25 красавіка Антон Міхайлавіч Валынчык прыняты на працу на пасаду выкладчыка кафедры музыкі і спеваў з 16 красавіка 1961 года. Загадам № 127 ад 13 верасня 1961 года залічаны старшым выкладчыкам і прызначаны загадчыкам кафедры музыкі і спеваў з 1 верасня 1961 года".

У Гародні Антон Валынчык не толькі плённа працаваў загадчыкам кафедры музыкі і спеваў Гарадзенскага педінстытута, але адначасова з'яўляўся хормайстрам гарадзенскага народнага ансамбля песні і танца "Нёман", быў мастацкім кіраўніком Гарадзенскай народнай капэлы настаўнікаў.

Незабыўныя тыя часы былі ў жыцці гарадзенскіх калектываў, калі там за пультам стаяў Антон Валынчык. Высокая творчая патрабавальнасць хормайстра, уменне здабыць інтанацыйную чысціню спявання, дамагчыся сапраўднага гучання і ансамблевасці партый, глыбіня прачытання аўтарскай партытуры - усё гэта заўсёды вабіла тых, хто разумеў і любіў харавую музыку.

Багацце рэпертуару тых калектываў, якімі кіраваў Антон Валынчык - была адной з іх адметных рысаў. Каб упэўніцца ў гэтым, хочацца нагадаць хаця б рэпертуар той Гарадзенскай капэлы настаўнікаў, якой паспяхова кіраваў слынны маэстра. Там былі і бахаўскі хор "Сэрца, маўчы", і "Вячэрняя песня" Танеева, "Ухваленне прыроды" Бетховена, і "Что смолкнул веселия глас…" Чайкоўскага, цудоўныя творы Рымскага-Корсакава, Кюі, Шуберта, Манюшкі, Вебера, Расіні, не кажучы ўжо пра музыку Аляксандрава, Дунаеўскага, Хрэннікава, Фляркоўскага, іншых майстроў песні, а таксама шматзначны рэпертуар беларускіх аўтараў. Такому рэпертуару можа пазайздросціць і сёння не адзін прафесійны харавы калектыў. А песні Антона Валынчыка "Ліпы старыя" і "Касцы" на словы Якуба Коласа - гэта найярчэйшы ўзор харавой музыкі, у якой аўтар выступаў не толькі знаўцам сакрэтаў партытуры для ансамблевага спявання, але таксама тонкім мастаком, які выдатна пераўтвараў багацце народнай музычнай мовы ў строгі і дакладны па форме твор. Больш за 100 хораў, песень, апрацовак музычнага фальклору напісана ім. Нават самыя патрабавальныя прыхільнікі харавой музыкі не змогуць знайсці ў гэтай творчасці адхіленняў ад прафесіянальных законаў і мастацкага густу. Натхнялі кампазітара цудоўныя радкі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Пятруся Броўкі, Адама Русака і іншых беларускіх паэтаў, у творах якіх адлюстраваны прыгажосць роднага краю, самаадданая праца людзей, з якімі сутыкаў яго лёс. А колькі плёну было ад супрацоўніцтва Антона Валынчыка з самадзейнымі кампазітарамі, музыцы якіх ён першы даваў пуцёўкі на эстраду. Кампазітар шчыра і самааддана кансультаваў як хормайстар шматлікія харавыя калектывы Гарадзеншчыны. Тым не менш, з-за незразумелай нячуласці да Антона Міхайлавіча некаторых работнікаў і адказных чыноўнікаў за культурнае жыццё Гарадзеншчыны, ён рана пакінуў і Гарадзенскую капэлу настаўнікаў, і народны ансамбль песні і танца "Нёман".

Лепш за ўсё ў тыя 1960-я гады Антону Валынчыку працавалася ў Гарадзенскім педінстытуце. Працаваў ён шчыра і аддана, быў патрабавальны не толькі да студэнтаў і выкладчыкаў, але і да самога сябе. Ён любіў і цаніў у працы прафесіяналізм. Вось што згадваў пра Антона Міхайлавіча былы студэнт Гарадзенскага педінстытута журналіст Аляксей Дземідовіч: "Вядома, у мяне, як і ў бальшыні студэнтаў, многае пра Антона Валынчыка пралятала міма вушэй. Але тое, што тычылася музычнага мастацтва, то мяне яно не мінула. Бо калісьці мой бацька, вясковы музыка-самавук, не толькі навучыў мяне іграць на нямецкім трафейным гармоніку, але і перадаў з маленства любоў да музыкі, захапленне яе віртуозамі-майстрамі. Вось таму я, студэнт першага выпуску факультэта педагогікі і методыкі, з пачатку вучобы падыходзіў да ўсяго таго, што тычылася нашай музычнай адукацыі на факультэце, менавіта з гэтай бацькоўскай меркай. Да таго ж, з першага курса мне давялося яшчэ і працаваць на палову стаўкі лабарантам кабінета музыкі. Такім чынам, я быў у нейкай ступені і памагатым нашых выкладчыкаў, такіх цудоўных педагогаў як Павел Аляксандравіч Радаліцкі, Антон Міхайлавіч Валынчык, Вера Антонаўна Нісцюк і іншых. Калі першы з іх - Павел Аляксандравіч Радаліцкі быў, як на ўроках музыкі, так і на канцэртах самым ветлівым і абаяльным, то Антон Міхайлавіч Валынчык пры ўсёй яго справядлівасці, заўсёды прытрымліваўся дысцыпліны і патрабавальнасці да кожнага, хто прысутнічаў на яго лекцыях ці практычных занятках. Маэстра Валынчык лічыў, што музыку і песню ўсе павінны любіць так, як ён і не інакш. Таму на яго занятках проста сядзець і не слухаць, што казаў выкладчык, ды яшчэ сам загадчык кафедры музыкі і спеваў, нельга было. Калі ж знаходзіліся такія, хто проста бавіў час, гэта выводзіла педагога з раўнавагі, нават злавала яго. Тым не менш, Антона Міхайлавіча мы ўсе любілі. А калі ў музкабінеце заставалася якая вольная хвіліна, мы прасілі выкладчыка паіграць на скрыпцы і праспяваць якую-небудзь найбольш папулярную рэч са сваіх твораў. Лёгкая ўсмешка асвятляла яго, здавалася б заўсёды строгі твар, і Антон Міхайлавіч сваім ціхім, трохі сіпаватым, але шчырым голасам пачынаў, затым рабіў пройгрыш - і песня працягвалася да таго часу, пакуль такія радасныя хвіліны не перапыняў залівісты званок на калідоры… Яго скрыпку, як і аўтара песень, мы ўсе шчыра любілі… Як жа сёння хацелася б вярнуцца ў той нялёгкі, але шчаслівы малады час!..".

Два гады працы ў Гарадзенскім універсітэце для Антона Міхайлавіча не прайшлі марна. Загадам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 28 верасня 1963 года Антону Валынчыку было прысвоена ганаровае званне "Заслужаны дзеяч культуры Беларусі". У архіве Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы захоўваецца некалькі характарыстык на Антона Міхайлавіча Валынчыка, падпісаныя былымі рэктарам педінстытута Маркоўскім Д.С, сакратаром парткама (Антон Валынчык членам кампартыі ніколі не быў - С.Ч.) Крэнем І.П. і старшынём мясцкама Васільевым П.В. (Гарадзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Асабістыя справы звольненых выкладчыкаў, 1973-1975, А-К. Т.1. Л. 207-257).

Гэтыя характарыстыкі пісаліся на прысваення яму заслужанага дзеяча культуры Беларусі, на розныя ўзнагароджванні, на хадатайніцтва ў выканкам Гарадзенскага гарадскога савета дэпутатаў працоўных аб прызначэнні Антону Валынчыку персанальнай пенсіі рэспубліканскага значэння. Праўда, персанальнай пенсіі рэспубліканскага значэння Антону Міхайлавічу так і не далі. Тым не менш, давайце пачытаем адну з характарыстык на нашага слыннага педагога і кампазітара: "Антон Міхайлавіч Валынчык з'яўляецца выдатным спецыялістам сваёй справы, дасканала валодае методыкай выкладання, аддае ўсе сілы і веды для павышэння музычнай адукаванасці і культуры студэнтаў. З'яўляючыся загадчыкам кафедры, ён правёў вялікую працу па паляпшэнні выкладання музычных прадметаў і па павышэнню якасці працы гурткоў мастацкай самадзейнасці. Інстытуцкі хор, які ўзначальваў Антон Міхайлавіч, штогод выступаў на гарадскіх аглядах мастацкай самадзейнасці. Вялікую дапамогу аказваў А.М. Валынчык настаўнікам школ г. Гародні і вобласці ў справе павышэння іх тэарэтычнага і метадычнага ўзроўню ў выкладанні музыкі і спеваў. Добры знаўца харавога мастацтва, Антон Міхайлавіч унёс вялікі ўклад у развіццё музычнай культуры Заходняй Беларусі. Больш за 55 гадоў працоўнай дзейнасці ён прысвяціў служэнню свайму народу на ніве музычнай асветы.

Працуючы выкладчыкам музыкі ў настаўніцкай семінарыі, у сярэдніх школах, а потым у педінстытуце, з'яўляючыся мастацкім кіраўніком Беларускага дзяржаўнага міжабласнога ансамбля песні і танца, хармайстрам народнага ансамбля песні і танца "Нёман", харавой капэлы настаўнікаў г. Гародні і шэрагу харавых калектываў Слоніма, Менска, Маладзечна, Лунінца, Клецка, Мар'інай Горкі, Антон Міхайлавіч усе свае сілы і веды аддаў справе павышэння музычнай культуры беларускага народа. Многія калектывы вобласці, у тым ліку ансамбль песні і танца в. Збляны Лідскага раёна, народны хор вёскі Баранова Іўеўскага раёна, Дзяляціцкая народная харавая капэла сваімі поспехамі таксама абавязаны А.М. Валынчыку.

Антонам Міхайлавічам напісана каля ста музычных твораў. Гэта хары і песні на словы Янкі Купалы ("Зайшло ўжо сонейка", "За праўду" і іншыя), Якуба Коласа ("Ліпы старыя", "На сенажаці", "Не бядуй", "Устаньце, хлопцы" і іншыя), П. Броўкі і А. Русака ("Крочым наперад", "Слаўся народ беларускі" і іншыя), шмат апрацовак народных песень ("Ці свет, ці світае", "Купалінка" і іншыя). Многія з іх уваходзяць у рэпертуар лепшых харавых калектываў рэспублікі, у тым ліку Дзяржаўнага беларускага народнага хору пад кіраўніцтвам Г. Цітовіча, Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы БССР пад кіраўніцтвм Р. Шырмы. Два творы ("Ліпы старыя" і "На сенажаці") у выкананні харавой капэлы выдадзены ў грамзапісе. Гэтыя музычныя творы і песня "А зязюлька кукавала" увайшлі ў "залаты фонд" нашай краіны…" (Гарадзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы. Асабістыя справы звольненых выкладчыкаў, 1973-1975, А-К. Т.1. Л. 207-257).

І калі ў 1940-1950-х гадах Антон Валынчык не меў дзяржаўнай службы і быў незапатрабаваны як спецыяліст, то ў 1960-х гадах ён даказаў апантанай працай свае адносіны да педагогікі і беларускай культуры, хаця яму ўжо было нямала гадоў. У 1966 годзе ўпершыню за ўсё ягонае жыццё ў актавай зале Гарадзенскага педінстытута быў наладжаны творчы вечар кампазітара і дырыжора з нагоды 70-годдзя з дня нараджэння і 50-годдзя працоўнай дзейнасці. З юбілеем Антона Міхайлавіча павіншаваў і Рыгор Шырма тэлеграмай: "Шчыра віншую з днём 70-годдзя. Жадаю моцнага здароўя, асабістага шчасця і далейшых творчых поспехаў на карысць нашай Радзімы!".

Звольніўся па-асабістым жаданні з педінстытута Антон Валынчык ажно 1 сакавіка 1974 года ва ўзросце 78 гадоў. Праўда, зрэд часу яго клікалі на месяц-другі на працу ў інстытут і ён пагаджаўся.

Жыў Антон Міхайлавіч са сваёй жонкай Вольгай Данілаўнай і сынам Леанідам спачатку на Сацыялістычнай вуліцы, 66 у Гродне, а потым у сваёй невялікай двухпакаёвай кватэры на першым паверсе ў доме № 33 на вуліцы Ажэшкі. Вось як пра кампазітара ўспамінаў кіраўнік фальклорнага ансамбля "Гарадзенскія дударыкі" кампазітар і музыкант з Гародні Яўген Петрашэвіч:

"Першы раз з Антонам Міхайлавічам я сустрэўся ў Менску тады, калі быў яшчэ студэнтам. На адным з канцэртаў спяваў хор Валынчыка з Маладзечна. Пасля яго выступлення падняўся старшыня журы і папрасіў, каб яго хор праспяваў яшчэ раз свае песні. Гэта быў даволі рэдкі выпадак, каб журы некага прасіла выступіць зноў. Там я пазнаёміўся з Антонам Валынчыкам.

Калі ў Гародні я вёў свой прафсаюзны хор, яго наведвала і жонка Валынчыка Вольга Данілаўна. Гэта была даволі сімпатычная жанчына, добрай душы чалавек, нядрэнная спявачка.

Антон Валынчык у вольны час вельмі любіў нешта майстраваць. У яго было шмат розных інтрументаў, запчастачак, шрубікаў, гаечак. Любіў рыбалку, марыў злавіць у Нёмане сома. Ён ведаў, што недзе насупраць Каложы ў Нёмане ёсць яма і там вядзецца сом. Ён рабіў вялікія кручкі і часта туды хадзіў. А ці злавіў ён сома - я не ведаю. Рыбалка для яго была не проста захапленне, а там, на прыродзе, ён думаў музыку.

Антон Валынчык быў высокага росту, твар меў яркі, які лёгка можна было намаляваць.

Я бываў у яго дзвюхпакаёвай кватэры, мы шмат гутарылі пра наша жыццё. Але, напрыклад, пра сваё маленства ён не любіў прыгадваць. Ён быў больш замкнуты чалавек, індывідуаліст.

Антон Міхайлавіч вельмі прафесійна рабіў аранжыроўкі песень. Ён у добрых адносінах быў з кампазітарам Аляксандрам Шыдлоўскім, рабіў да яго песень аранжыроўкі. Неяк мне Валынчык расказваў, што, калі ён працаваў у Наваградскай польскай і беларускай гімназіях, дык напісаў музыку да санетаў. І ўсе выкладчыкі былі здзіўленыя гэтым, бо напісаць музыку да санетаў вельмі нялёгка.

У яго была вельмі вялікая калекцыя пласцінак і ён меў патэфон. На некалькіх пласцінках былі і яго песні ў выкананні капэлы Рыгора Шырмы. Але ён быў незадаволены самім выкананнем песень і якасцю запісаў. Чуў я, што гэтыя ўсе пласцінкі Антон Міхайлавіч перадаў Гарадзенскаму праваслаўнаму сабору. Але потым адтуль іх забраў адзін чалавек. Прозвішча і адрас гэтага чалавека я не ведаю. Дарэчы, Антона Валынчыка не вельмі любілі праваслаўныя свяшчэннікі, бо яго царкоўныя хары заўсёды былі лепшымі, чым сама дзейнасць гэтых свяшчэннікаў.

Антон Валынчык быў моцны харавік акадэмічнага складу. Мы вучыліся ў яго гэтаму прафесійнаму майстэрству. Зніклі кудысь і яго царкоўныя музычныя творы. Калі памёр Валынчык, жонка пераехала да сына на Украіну. Пра дачку я нічога не чуў...".

Дарэчы, Яўген Петрашэвіч перадаў мне дзве скрыпкі Антона Валынчыка. Адну я падараваў Слонімскаму раённаму краязнаўчаму музею. А адна знаходзіцца ў мяне, як памяць пра земляка.

Антона Валынчыка не стала 13 лістапада 1985 года.

Праца Антона Валынчыка адзначана высокімі ўзнагародамі. 28 верасня 1963 года кампазітару было прысвоена ганаровае званне "Заслужаны дзеяч культуры БССР". Ён атрымаў таксама Ганаровыя граматы Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, Міністэрства культуры БССР і Міністэрства вышэйшай і сярэдняй адукацыі БССР. 1 лістапада 2013 года на магіле Антона Валынчыка ў Гародні ўстаноўлены помнік. У 2016 годзе на будынку факультэта мастацтваў і дызайну Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы ў гонар дырыжора ўсталявана мемарыяльная дошка.

Сяргей ЧЫГРЫН.

Юбілей Ніны Баршчэўскай

Баршчэўская Ніна - беларускі мовазнавец, грамадскі і культурны дзеяч. Доктар філалагічных навук, прафесар.

Нарадзілася 29 чэрвеня 1956 г., у вёсцы Козлікі Гайнаўскага павета Беластоцкага ваяводства, Польшча.

Скончыла ліцэй з беларускай мовай навучання імя Б. Тарашкевіча ў Бельску Падляскім, вучылася ў Варшаўскім універсітэце на філалагічным факультэце (беларуская мова і літаратура).

Працавала на Кафедры беларускай філалогіі гэтага ўніверсітэта. Даследуе асаблівасці беларускай мовы.

Аўтар навуковых публікацый. Супрацоўнічае з Беларускай службай Польскага радыё (кіраўнік рэдакцыі).

Паводле СМІ.

Прафесар, які даследаваў беларускае словаўтварэнне

Мікалай Паўленка нарадзіўся ў Расіі. Са снежня 1943 года па жнівень 1949-га служыў у Савецкай Арміі. Будучы вайскоўцам, атрымаў сярэднюю адукацыю ў вячэрняй школе і паступіў на аддзяленне рускай мовы і літаратуры завочнага факультэта Белдзяржуніверсітэта. Праз год, дэмабілізаваўшыся, перавёўся на стацыянар.

У 1954 годзе Мікалай Паўленка, як лепшы выпускнік са схільнасцямі да навуковай работы, быў рэкамендаваны ў аспірантуру па кафедры рускай мовы і агульнага мовазнаўства. З кастрычніка 1957 года ён працаваў на гэтай кафедры выкладчыкам, старшым выкладчыкам, затым дацэнтам, прафесарам.

Кандыдацкую дысертацыю аб словаўтварэнні ў беларускай мове назоўнікаў пры дапамозе суфіксаў -ств- і -осць (-асць) абараніў у 1958 годзе. Словаўтварэннем актыўна займаўся і пазней, вынікам чаго з'явілася доктарская дысертацыя аб развіцці беларускага субстантыўнага словаўтварэння (фемінінатывы XIV-70-х гг. ХХ стст.), якую абараніў у 1979 годзе.

Пры жыцці Мікалай Паўленка апублікаваў звыш 130 навуковых прац. Найбольш значныя былі прысвечаны дэрываталогіі. Манаграфія "Нарысы па беларускаму словаўтварэнню: жаночыя асабовыя намінацыі ў старабеларускай мове" (1978) атрымала высокую ацэнку спецыялістаў. Ён з'яўляўся аўтарам вучэбных дапаможнікаў для студэнтаў ВНУ, суаўтарам хрэстаматыі па ўводзінах у мовазнаўства, якая выдавалася некалькі разоў.

У 1985 годзе Мікалай Паўленка быў камандзіраваны ў Чэхаславакію ў якасці дырэктара філіяла Інстытута рускай мовы ў Празе. Там нечакана і памёр.

Мікалай Паўленка не толькі на высокім прафесійным узроўні чытаў лекцыі ў БДУ, праводзіў практычныя і семінарскія заняткі, але і вельмі ўмела кіраваў навуковай работай студэнтаў і выпускнікоў. Некалькі яго аспірантаў паспяхова абаранілі кандыдацкія дысертацыі. Тысячы яго студэнтаў сёння працуюць у Беларусі і ў іншых краінах свету.

Мікалай Паўленка не абмяжоўваецца толькі вучэбнымі і навуковымі абавязкамі. Ён прымаў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці: з'яўляўся членам двух спецыялізаваных саветаў па абароне кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый, добрасумленна выконваў многія разавыя даручэнні, у прыватнасці па арганізацыі і правядзенні ва ўніверсітэце навуковых канферэнцый і сімпозіюмаў. Баявыя і працоўныя заслугі Мікалая Паўленкі былі адзначаны медалямі за ўдзел у Другой сусветнай вайне, Граматамі Міністэрства вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Беларусі.

Паводле СМІ.

БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

Станіслаў Суднік

Колеры, афарбоўкі і масці ў Лідзе і ў астатняй Беларусі


(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)


Афарбоўкі і масці жывёлаў

Пароды сабак

Славацкі чувач

1 - Сабакі-пастухі і быдлагонныя сабакі, акрамя швейцарскіх быдлагонных сабак, Славакія

Слюгі

10 - Харты, Марока

Смаландскі ганчак

6 - Ганчакі і сваяцкія пароды, Швецыя

Стабіхун

Не прызнаны МКФ, Галандыя

Стараанглійскі бульдог

Не прызнаны МКФ, ЗША

Старадатская выжла

Не прызнана МКФ, Данія

Стараіспанскі пойнтар

Не прызнаны МКФ, Іспанія

Старанямецкі сабака-пастух

Не прызнаны МКФ, Германія

Стафардшырскі бультэр'ер

3 - Тэр'еры, Англія

Сусэкс-спаніель

8 - Рэтрыверы, спаніелі і вадзяныя сабакі, Вялікабрытанія

Тазы

Не прызнана МКФ, Казахстан

Тайваньскі сабака

5 - Шпіцы і прымітыўныя пароды, Тайвань

Тайган (кіргізскі хорт)

Не прызнаны МКФ, Кіргізія

Тайскі бангку

5 - Шпіцы і прымітыўныя пароды, Тайланд

Тайскі рыджбек

5 - Шпіцы і прымітыўныя пароды, Тайланд

Такса

4 - Таксы, Германія

Тарньяк (тарняк)

2 - Пінчары і шнаўцары, малосы, горныя і швейцарскія быдлагонныя сабакі, Харватыя

Тоса-іну

2 - 2 - Пінчары і шнаўцары, малосы, горныя і швейцарскія быдлагонныя сабакі, Японія

Трансільванскі ганчак

6 - Ганчакі і сваяцкія пароды, Венгрыя

(Працяг у наступным нумары.)

В Е Р А С Е Н Ь*

Ежы Путрамант

Аповесць


Згукі Дня беларускага пісьменства ў Лідзе

Том першы

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)


Патоцкі фыркнуў і змоўк. Вестры, здавалася, быў цалкам задаволены сваёй няўдачай. Яны з'елі стронгу, заказалі пулярду і дэсерт. Вестры асабліва спадабалася чырвонае бургундскае; ён піў шмат і прагна. Віно паслабіла яго самавалоданне, ён стаў больш энергічным і, так бы мовіць, трохі меланхалічным.

- Скажыце, граф, што гэта за пошасць польскасці? Часам мне здаецца, што гэта нешта накшталт малярыі. Чалавек прыязджае сюды, як быццам нічога не здарылася, каб зрабіць нейкі бізнес, загрэбці грошы і паехаць у мірныя, культурныя краіны, каб пераварыць здабычу. Спачатку Польшча яму агідная. Гэтае варшаўскае грамадства, зацыкленае на розных замежных краінах, як некаторыя румыны. Гэтая беднасць, нядбайнасць, некампетэнтнасць і адначасова пыха. І адначасова, як я ўжо казаў, гэтае халуйства перад кожным замежнікам. Перад кожным! Да кожнага італьянскага жабрака тут ставяцца, як да ўдзельнага князя. І адначасова гэтая вера ў тое, што Польшча - цэнтр Сусвету... Бессэнсоўны, жывёльны патрыятызм. А разам з ім поўная адсутнасць палітычнага чуцця. Сваркі і звады паміж усімі і кожным. І адначасова ўзгодненае і зладжанае штурханне гэтай любімай радзімы да вялікай катастрофы. Адкуль гэта бярэцца?

- Думаю, вы маеце рацыю. Гэта малярыя.

- Сапраўды? Вы так думаеце? Малярыя?

- Ці жоўтая ліхаманка. Ці мае значэнне? Галоўнае, што ёсць нейкая хвароба.

- Ведаеце, - Вестры наліў сабе шампанскага, зрабіў глыток і ціха прыцмокнуў вуснамі, - часам мне здаецца, што яны - проста дзеці. Проста дзеці! - паўтарыў ён гучней і ўтаропіўся ў Патоцкага сваімі бліскучымі шэра-блакітнымі вачыма. - Ёсць, здаецца, мексіканскія саламандры, якія ўсё жыццё праводзяць у стадыі лічынкі. Можа, падобнае і з Польшчай? Проста лічынка нацыі, нешта ёй перашкодзіла, чагосьці не хапала, чагосьці было занадта, і нармальнае пераўтварэнне спынілася. Гэта тлумачыць непераадольную атракцыйнасць палякаў. Дзеці брудныя, нявыхаваныя, самаўпэўненыя, гучныя, імпульсіўныя, забыўлівыя, жорсткія. Але яны - дзеці. Палякі проста гуляюць - у войска, ва ўрад, у моцную дзяржаву. Як жа не ўсміхацца, гледзячы на іх выкрунтасы?

- Дзякуй за гэтыя ўсмешкі! А што, калі яны гуляюць з запалкамі?

Вестры зноў сербануў віна. Ён на хвіліну змоўк, пустым позіркам гледзячы ў твар Патоцкага.

- Выракі провіду незразумелыя, - нарэшце сказаў ён. - Часам тое, што здаецца абсурдным, раптам набывае глыбокі сэнс.

- Вы верыце?

- Таму што я ведаю, пра што кажу? Думаю, што так. Гэта зручна, і мне падабаецца камфортнае жыццё. Ну і што? Забраць гэтыя запалкі? Яны будуць плакаць і не павераць, што дрэнна гулялі. Дарослы досвед неперадавальны. Пакуль дзіця не апячэцца...

- Брр! Дзякуй. Я думаю, што я ўжо дарослая саламандра. Калі тыя мексіканскія нарэшце пераходзяць...

Вестры даволі дзіўна ўсміхнуўся:

- Так, пераходзяць. Яны становяцца дарослымі толькі для таго, каб памерці. Але ў вашым выпадку метафара не працуе. Вы зусім не прайшлі праз гэтую эвалюцыю. Больш за тое, здаецца, гэта вы ёсць тым тормазам...

- Я? Нічога сабе справа! Вы што, пачнеце мяне яшчэ і за абшарнікаў лаяць?

- У гэтай краіне было занадта шмат паноў Патоцкіх і недастаткова...

- Паноў Вестрых?

- Скажым так. Вось чаму тут не ўмеюць лічыць. Вы ж пагарджаеце лічбамі, ці не так? Святы, гісторыя, дуэлі, выкраданні, так? Хочаце - аддаеце мільён ні на што і ні за што. Не хочаце - не дасце ні капейкі...

- Вы жартуеце. Дарэчы, прызнаюся, што такія абагульненні зводзяць мяне з розуму. Не, не, не адступайце, такое здаралася. Пан старшыня, я вяду самы сціплы, самы рацыянальны лад жыцця. Мне агідныя начныя клубы, пітво, так званае вар'яцтва. Упершыню за многія гады я ў такой кнайпе. Мяне зрабілі сенатарам, ну цяжка, ды воля Божая. Але наколькі прыемнейшымі былі для мяне выбары ў Валожыне ў касу Стэфчыка. Гэта была справядлівая барацьба, я перамог свайго суперніка на некалькі галасоў - не купленых! - ён энергічна махнуў пальцам на ўсмешку Вестры. - Скажыце, дзе і як я перашкаджаю развіццю сваёй нацыі?

Вестры заплюшчыў вочы, наліў Патоцкаму віна і, не спяшаючыся з адказам, разгледзеўся па зале. Стала шумна і душна, сталы былі занятыя, за некалькі метраў ад іх з дзесятак чалавек таўкліся ў павольным, нудным танцы, афіцыянты балансавалі падносамі на ўзнятых руках, афіцэры за суседнім столікам былі ўжо моцна п'яныя, маладая дзяўчына з кірпатым носам смяялася, адштурхоўваючы іхнія рукі з кілішкамі і пішчала нешта накшталт: "Лютак ад'язджае са сваім генералам". Вестры доўга глядзеў на гэтую сцэну, пакуль Патоцкі зноў не пачаў:

- Ці вы верыце ў спадчынную адказнасць? Няўжо мы сапраўды павінны адкупляць грахі нашых продкаў?

- Паглядзіце на гэтых маладых людзей, - Вестры кіўнуў у бок афіцэраў. - Яны атрымліваюць па некалькі сотняў злотых. Яны прыйшлі сюды на вячэру, хоць у звычайнай кнайпе яны б атрымалі тое ж самае ў пяць разоў танней. Але ў гэтага месца ёсць рэпутацыя! За задавальненне ад нядбайнага паўтарэння пазней...: "Мы былі ў "Бенгаліі" - яны гатовыя заплаціць столькі, што пад канец месяца будуць галадаць. Гэтая паненка, напэўна, паддасца аднаму з іх, і толькі таму, што яны запрасілі яе аж сюды. У гэтым ёсць нотка сімвалізму. Пан, магнат ад дзеда-прадзеда, вядзе жыццё пустэльніка. Але легенда пра вашых продкаў захапіла тысячы такіх бедакоў. Яны думаюць, што такім чынам могуць зраўняцца з Патоцкімі. Шляхціц на загродзе...

Патоцкі паглядзеў на сваіх суседзяў. Паненка была даволі прывабнай, спартыўнай, апранута танна, але грацыёзна. Аркестр цяпер ператварыўся ў нешта жывое, шум узмацніўся, і Вестры мусіў амаль крычаць:

- Гэтая фатальная сіла засталася пасля вас! Глядзіце, як весяліцца Польшча! Хіба іначай гулялі вашыя прадзеды пры Станіславе Аўгусте? Акрамя таго, прызнаюся, гэтая маленькая дзяўчынка вартая граху. Хто ведае, ці не вынікаюць нашы нацыянальныя няшчасці з лішку прыгожых і прывабных жанчын, перад якімі самы разумны мужчына губляе галаву...

- Вось ваша чацвёртая гіпотэза пра заняпад Польшчы: малярыя, саламандры, землеўладальнікі і жанчыны. Вырашыце ўжо нешта нарэшце адно...

Аркестр раптам змоўк, як толькі Вестры пачаў гаварыць, і яго словы сталі непрыемна гучнымі:

- Што да мяне, я аддаю перавагу падаць з гэтай дзяўчынкай...

Ён абарваўся і павярнуўся. Побач з імі стаялі тры афіцэры з пахмурнымі тварамі. Адзін з іх, самы высокі, з глыбокім румянцам і прамым, зграбным носам, працягнуў руку:

- Вы, панове, абражаеце маю нарапчоную!

- Так, так, абражаюць! - прабурчалі двое іншых.

Патоцкі ўстаў, зняў акуляры, працёр іх і зноў надзеў.

- Гэта, напэўна, нейкае непаразуменне... - пачаў ён. - Якая нарачоная?

- Калі ласка, не прыкідвайцеся вар'ятам! - рэзка сказаў чырванатвары мужчына. - Мы ўсё чулі!

- Так, так, чулі! - зноў прабурчалі астатнія.

- Патрабую сатысфакцыі. Я паручнік Мінейка! - Ён працягнуў руку з візітоўкай.

- Лютак, не трэба! - прапішчала паненка, ускокваючы з крэсла.

- Гэта мае секунданты. А ты, Крыся, сядай!

- Але ж... - зноў пачаў Патоцкі.

- Ніякіх "але ж", - раўнуў Мінейка. - Калі ласка, не выкручвайцеся. Калі ласка, не будзьце тут баязлівымі, бо... - Ён зрабіў крок наперад і працягнуў руку, быццам збіраўся ўдарыць.

- Добрая гісторыя! Вестры пазяхнуў, усё яшчэ сядзячы за сталом. - Вырашайце тады, пан паручнік, каго вы выбіраеце на дуэль? Сенатара ці мяне? Я - Вестры.

Паручнік прыгас. Ён зірнуў на сваіх спадарожнікаў, але іх выразы былі яшчэ больш бездапаможнымі. Яны нават адступілі на паўкроку назад. Паненка, яна наогул уцякла. Патоцкі скарыстаўся замяшаннем.

- Я - Патоцкі. А гэта старшыня Вестры. Панове, сядайце, мы спакойна пагаворым.

Яны пачалі хістацца, Вестры гукнуў:

- Сядайце, сядайце, давайце вып'ем. Афіцыянт, Гайдсецкай! А дзе пані?

Ён устаў і ўзяў Мінейку пад руку:

- Вы нас пазнаёміце, пойдзем!

Мінейка няўпэўнена павярнуўся да нарачонай. Па дарозе ён прыхінуўся да вуха Патоцкага.

- Гэта той самы Вестры? Той, што з банка?

Патоцкі кіўнуў, ужо павесялеўшы. Мінейка неяк выпрастаўся, машынальна паправіў мундзір і цырымонна падышоў да дзяўчыны...

- Крыся, калі дазволіш...

Яна паспела напудрыць нос і лоб, і ад яе пахла нейкімі хатнімі парфумамі, напалову бэзам, напалову гваздзікай. Яны пацалавалі яе вялікую, моцную, але стройную руку. Вестры ўзяў яе пад руку і павёў назад, лёгка прыціскаючы да свайго боку. Ён быў на паўгалавы ніжэйшы за яе. Яны ўселіся пасля доўгага гандлявання - хто першы.

Пару хвілін размова не клеілася. Афіцэры сядзелі штыўна, як вучні на экзамене. Толькі першая бутэлька шампанскага трохі іх падбадзёрыла. Вестры крыкнуў:

- За здароўе, пані! - і яны трохі разварушыліся. Выпілі па-польску, адным глытком. Аркестр урэзаў нейкі факстрот, Вестры ўскочыў, папрасіў прабачэння ў Мінейкі і рушыў танцаваць з Крысяй. Астатнія назіралі, як яны круцяцца, Вестры амаль прыціснуўся да сваёй партнёркі, яго твар узбуджаны жаданнем, яна смяялася, адкінуўшы галаву назад, магчыма, ад празмернай радасці, магчыма, каб пазбегнуць занадта грубага пранікнення носа Вестры. Патоцкі лічыў, што гэта сапраўды агідна, калі людзі яго ўзросту дамагаюцца маладых дзяўчат, і тады ён баяўся, што Мінейка зноў будзе гатовы да чарговага прыступу рэўнасці, значна больш апраўданага цяпер, чым пятнаццаць хвілін таму...

- За здароўе арміі! - сказаў ён, дакранаючыся да яго шклянкі. - Мы п'ем, паручнік! Панове, за здароўе арміі! Вы - наша адзіная надзея!

Кампаньёны Мінейкі ўсталі. Крысціна вярнулася, Вестры, з цяжкасцю паспяваў за ёй, мітусячыся паміж сталамі.

- Што? - закрычаў ён. - За здароўе арміі? Я таксама! Тост несапраўдны, бо ён без нас! Афіцыянт, зрабі тое ж самае яшчэ раз, і хутчэй! Пані танцавала, як багіня, праўда? - звярнуўся ён да Мінейкі. - Табе пашанцавала. Такі скарб!

Зноў выпілі за здароўе войска. Нарэшце падпаручнікі разварушыліся. Адзін з іх, высокі, стройны, брунет, удаўся ў дыскусію з Патоцкім:

- Супакойцеся! Войска выканае сваю місію! У вас тут ўсялякія гісторыі. У цывільным жыцці. Але войска - мур, - ён сагнуў локаць і некалькі разоў паварушыў сціснутым кулаком. - Пан ведае?

- Вядома! - хутка запэўніў Патоцкі.

- Вы нічога не ведаеце! - усклікнуў чорны. - Вы... сенатар... Але вы цывільны чалавек. Я з Вярхоўнага Камандавання! Гэта, прабачце, з ГІСЗ. Але цяпер гэта не мае значэння. Таму я ведаю. Вы можаце падумаць, шчанюк, падпаручнік...

- Але адкуль, пан паручнік!

- Можа, вы думаеце, што я нічога не ведаю? Я ведаю. Ого, пане сенатар! Падпаручнік Брэйва з Камандавання ўзбраенняў нешта ведае. Але я не магу... вы разумееце...

- Вядома, вайсковая таямніца!

- Менавіта. Увага, вораг падслухоўвае! Ха, ха, ха! Ведаеце гэтую загадку? Ведаеце, з азонам? Ха, ха, ха! Бо паміж намі, вамі, сенатар, увесь гэты азон, вось што яны сабой уяўляюць, разумееце?... Вы не злуецеся? Мы не гаворым пра прысутных, гэта зразумела. Але ў цэлым, праўда?

Патоцкі надуўся і злёгку адышоў ад Брэйвы. Прыемны пасляшампанскі пад'ём выветрываўся ад навязчывых канфідэнцый гэтага, па сутнасці, смаркача. Брэйва шукаў яго позірку, заўважыў зрух і атакаваў з падвоенай энергіяй:

- О, вы ўжо пакрыўдзіліся. Прабачце, дарагі сенатар. Вы не можаце на нас злавацца. Мы, як птушкі ў вандроўцы, - ён загуў, - сёння тут, заўтра на заставе. Для нас няма руж! - ён прагрымеў на ўсю залу, перакрыкваючы праз аркестр.

- Паручнік! - суха сказаў Мінейка.

Брэйва ўскочыў і стукнуў абцасамі:

- Паручнік Брэйва слухае вас!

- Сядзець і не спяваць!

- Так ёсць, сядзець і не спяваць! - Ён сеў, уздыхнуў і выпіў яшчэ віна. - Строгі! - прашаптаў ён Патоцкаму на вуха, - мужык, хоць куды, але строгі. Ён мне - не брат і не сват. Ён у грунце рэчаў не можа мне загадваць. Ён тут праездам, з правінцыіі, прыехаў сюды са сваім старым пернікам. Старшы памочнік. Мужык, хоць куды, але няздара. Чулі, ёсць такі стары пернік, Фрыдэберг? Яўрэй, - прашыпеў ён па-сцэнічнаму, прама на вуха Патоцкаму. - Вось якія ў нас парадкі. Яўрэй - генерал, а я, Брэйва, паляк ад дзеда-прадзеда, і паручнік. І гэта ўсё ваша справа, сенатар, так, так, калі ласка, не адмаўляйце гэтага. Азон - гэта ваша справа. Вы ўсе па сутнасці жыдамасоны.

Патоцкі, у роспачы, азірнуўся, шукаючы падставу для ўцёкаў. Калі аркестр зноў заграў, ён ускочыў і пабег да панны Крысі. Вестры не паспеў апомніцца, як застаўся сам-насам з афіцэрамі. Ён назіраў за Патоцкім і пагражаў яму пальцам.

Да Патоцкага вярнуўся добры настрой. Ён паспрабаваў, быццам выпадкова, апусціць руку крыху ніжэй за талію і мацней націснуў на яе. Яна не пярэчыла; яна нахіліла галаву на плячо, і пасма развеяных ветрам валасоў дакранулася да яго шчакі. Раптоўны прыступ жадання звёў яму зубы. Ён страціў слых, яго штурхаў натоўп танцораў, а ён адчуваў толькі гэтае цела.

- Як цябе завуць? - спытаў ён здушаным голасам, потым успомніў, што ўжо тройчы называў яе па імені.

- Крыся! - усміхнулася яна. - А што, вам падабаецца?

- Калі б цябе звалі Кунегунда, мне б таксама спадабалася. Усё, да чаго ты дакранаешся, становіцца прыгожым. Ты як цар Мідас, разумееш?

- Такі грэк?

- Амаль. Усё, да чаго ён дакрануўся, ператваралася ў золата.

- Праўда? Які ён быў шчаслівы! Я так яму зайздрошчу. Але! Вы перабольшваеце, у мяне зусім не ўсё добра.

- У чым можа быць твая праблема? Такая маладая, такая прыстойная. І твой нарачоны малады і вельмі прыгожы. Ты даўно з ім знаёмая?

Крыся ўздыхнула і, напэўна, выпадкова, мацней прыхінулася да Патоцкага, потым прамармытала:

- Мы не можам ажаніцца.

- Чаму? Ён жанаты?

- Не, але паручнікам нельга. Хіба, каб у мяне быў пасаг...

- Не можа быць?

- Толькі, калі ён атрымае капітана. А гэта будзе няхутка. Хіба, каб была вайна, яна паскорыць павышэнне. Што вы думаеце?

- А табе б хацелася вайны?

- Напэўна, не. Бо яго зноў адправяць на фронт.

Яна зрабіла нявінны выгляд і перайшла да іншай тэмы:

- Гэты ваш сябар багаты?

Патоцкі неахвотна кіўнуў.

- Вельмі? Вось што пра яго кажуць. У яго павінна быць шчаслівае жыццё. Ён тут кожны дзень бывае. Тут так прыемна.

Яна заўважыла яго маўчанне і з сапраўды жаночай інтуіцыяй зразумела прычыну:

- І вы таксама?

- Не, зусім наадварот.

- Вы жартуеце? Вас завуць Патоцкі, праўда? Граф, ці не так? Так прыемна быць графам. Я ўжо чула ваша прозвішча. У школе. Яно гістарычнае, ці не так? Зараз, зараз, нейкая канфедэрацыя, толькі не магу ўспомніць, якая. Столькі іх трэба было вывучыць, канфедэрацый і паўстанняў. Нешта з фільма, напрыклад, актрыса. Батыцкая? Маліцкая? Абарская? Барская, так?

- Таргавіцкая, - прашыпеў Патоцкі скрозь зубы.

- Гэта ж не мае значэння, праўда?

- Скажам так, не зусім.

- Я так вам зайздрошчу! Але ж мы таксама са шляхты. Мая мама, з дому Культуржыцкая, таксама мела герб, але я не памятаю, які. Здаецца, гэта была падкова ці крыжык. Вы не ведаеце, які гэта герб? Шкада. Я так рада. Заўтра раскажу ў канцылярыі, што танцавала з графам, з самім Патоцкім, з тым, што з Таргавіцкай канфедэрацыі. Яны будуць у лютасці. Яны не могуць дараваць мне поспех. А хіба я вінаватая? Няхай паспрабуюць, калі змогуць, добра?

Хтосьці побач запляскаў у далоні: Вестры праціснуўся і крычаў: "Адскок". Крыся з радасным (ці так здалося Патоцкаму) віскам упала яму ў абдымкі.

Патоцкі вярнуўся да стала, разважаючы, як жа яму нарэшце адсюль выбрацца. Вестры выклікаў у ім агіду і рэўнасць. Хамства панавала на зямлі, толькі грошы мелі значэнне. Ён злаваўся на сябе за тое, што як блазен пачаў рабіць кампліменты гэтай тупой дзяўчыне, за тое, што тусаваўся з афіцэркамі, за тое, што прыняў запрашэнне гэтага лыка. Калі не можаш пазбегнуць бестактоўнасці дрэнна абранай кампаніі, павінен сядзець дома. І гэтая Таргавіца. Трэба было б пайсці.

Ён не пайшоў: ён не зрушыў сваёй справы з Вестры. Да чорта ўсё!

Брэйва раптам паляпаў яго па плячы:

- Сенатар думае? Гэта глупства, у каня вялікая галава, няхай думае за нас. Я разумею, разумею. "Каханне цябе згубіла і дзяўчыну. Дзяўчына пустая..." - зноў прагудзеў ён, а потым зноў змоўк, закліканы да парадку пранізлівым позіркам Мінейкі.

Вестры вярнуўся, зусім у захапленні, паклікаў афіцыянта, яны выпілі шампанскае, пачаставаліся плоскімі абваранкамі з ананасам, зноў выпілі. Панна Крыся адкінула галаву на падлакотнік крэсла, смяялася, заплюшчыўшы вочы, з жартаў Брэйвы і Вестры, якія нахіліліся да яе бліжэй і шапталі ёй на вуха, тручыся шчокамі аб яе развеяныя валасы. Суседнія столікі ўжо заўважылі гэтую вясёлую кампанію, асабліва бутэлькі з сярэбранымі галоўкамі ў вядры, якія скрыгаталі аб лёд. Патоцкі чуў кіданыя напаўголасам каментарыі, поўныя хутчэй захаплення і зайздрасці, чым іроніі.

Вестры наліваў келіхі, ламаў супраціў Патоцкага, выпіў з ім, нават пажартаваў з суседзямі, відавочна, выконваючы ролю "хлопца, хоць куды". Брэйва прамармытаў нешта пра недахоп жанчын і, падбадзёраны гаспадаром, прывёў цэлую кампанію - трох пань у сукенках з глыбокім дэкальтэ і пухлага лысага мужчыну ў пенснэ. Даставілі два новыя сталы, прыбылыя закрычалі:

- Хай жыве наша армія!

- На Берлін! - крыкнуў Брэйва ў адказ, і зала выбухнула апладысментамі.

- "Брыгаду!" - кінуў аркестру нейкі ротмістр кавалерыі ад уваходу. Капельмайстар, прызвычаены падпяваць гэтаму нумару, махнуў дырыжорскай палачкай:

- Устаць! Устаць! - прабегла па зале, крэслы заскрыпелі, калі іх адсоўвалі, аркестр грымнуў, і адразу ж быў заглушаны хорам узнёслых, хоць і нязграбных галасоў.

- Нам не патрэбна ваша прызнанне, - зноў пачаў кавалерысты, і аркестр, які ўжо сеў, устаў на ногі і з паўтактнай затрымкай трапіў у мелодыю. Яны праспявалі ўсе тры куплеты стоячы.

Патоцкі перажываў дзіўныя эмоцыі, што мяжуюць з агідай і пяшчотай. Алкаголь яшчэ не пераадолеў яго рацыянальнай вытрымкі: што гэта дзіцячае, што гэта бравада, што гэта п'янае дурнота. Але нешта ўнутры награвалася; істэрычныя мурашкі забегалі па спіне, а вочы сталі неверагодна вільготнымі.

Ён сеў як мага хутчэй; крэслы з грукатам адхіліліся пад сядзеннямі разгарачаных спевакоў, але калектыўныя эмоцыі яшчэ не былі вылітыя. На гэты раз Брэйва заспяваў:

- Маршал Сміглы-Рыдз, наш дарагі, адважны правадыр! - і ўсе зноў ускочылі. Але на гэты раз спявалі толькі некаторыя, яны скончылі на раз - два, мелодыя была сырой, слоў невядомага аўтара ледзь хапіла на адзін куплет. Патоцкі супакоіўся. Занадта рана.

Бо пасля такіх ўзнёслых спеваў, якія аб'ядналі трыццаць асобных груп за асобнымі сталамі, зала напоўнілася невыразнымі, але сяброўскімі пачуццямі; усе здаваліся адзін аднаму сваімі, вядомымі і знаёмымі. Вяртанне да звычайнага танцавальнага трэння апаганіла б гэты настрой. Брэйва хутка знайшоў выйсце:

- Абэрак!

Аркестр, здавалася, чакаў гэтага. Урэзалі з месца бадзёры найгрыш. Брэйва ўскочыў, пацягнуўшы Крысю за руку. Кавалерыст з другога боку стаў з маленькай, стройнай брунеткай. Адна з пань, якія прыплянталіся да Вестры, проста ўзяла трэцяга афіцэра, самага нявіднага. Мінейка рушыў з іншай.

(Працяг у наступным нумары.)

ІАГАН КРЫШТАФ ГЛАЎБІЦ, ВІЛЕНСКІ АРХІТЭКТАР XVIII СТАГОДДЗЯ

Станіслаў Лоранц

Матэрыялы да біяграфіі і творчасці

Прадмова да перакладу кнігі др. Лоранца

Раней я ўжо публікаваў выбраную падборку ўспамінаў Станіслава Лоранца (1899-1991) - мастацтвазнаўца, прафесара Варшаўскага ўніверсітэта, ганаровага члена многіх еўрапейскіх акадэмій, эксперта ЮНЕСКА1.

Гэтая кніга - пераклад вельмі важнай для нас кнігі Лоранца пра выдатнага віленскага архітэктара Іагана Крыштафа Глаўбіца. У сваёй кнізе "Іаган Крыштаф Глаўбіц. Віленскі архітэктар XVIII стагоддзя. Матэрыялы да біяграфіі і творчасці". Др. Лоранц успамінаў: " Падчас майго знаходжання ў Вільні мне ўдалося ўстанавіць, што гэты амаль невядомы раней архітэктар быў сапраўдным стваральнікам найвялікшых твораў барока і ракако ў Вільні і ваколіцах. Спраектаваў касцёл св. Кацярыны ў Вільні, перабудаваў інтэр'еры і аформіў цудоўныя алтары ў касцёле св. Яна, пабудаваў касцёл і кляштар у Беразвеччы, перабудаваў касцёл св. Саф'і ў Полацку і г. д. Гэта было маё вялікае адкрыццё, заснаванае на знойдзеных архівах. Ужо ў Варшаве, у 1937 г., у выдавецтве Варшаўскага навуковага таварыства я апублікаваў дысертацыю, прысвечаную Глаўбіцу" 2 .


Мастацтвазнаўца др. Лоранц вызначае некалькі галоўных, характэрных рыс стылю славутага віленскага архітэктара:

1. Напрыклад, у касцёле св. Кацярыны ў Вільні характэрныя асаблівасці стылю Глаўбіца бачны ў характары ляпнога дэкору капліцы Божага Провіду - часткі гэтага касцёла (дэкор паўтарае матывы, вядомыя па віленскім евангеліцкім зборы Глаўбіца) - арнаментальная ляпніна па геаметрычным узоры вакол чашы купала, вазоны на цокалях у пасах паміж вокнамі купала і ляпніна над вокнамі: "Дэкаратыўная арнаменталістыка першага перыяду Глаўбіца ў Вільні моцна і выразна скампанаваная з сіметрычных кампазіцый. Яскравым познебарочным адпаведнікам раннебарочнай геаметрычнай арнаменталістыкі скляпенняў … ёсць моцна прафіляваны геаметрычны арнамент скляпенняў на тынку ў евангеліцскім зборы, капліцы Божага Провіду ў касцёле св. Кацярыны, капліцы кармеліцкага манастыра і ў капліцы св. Барбары касцёла св. Яна. … У больш позні перыяд, пасля 1748/50 гадоў, характар арнаментацыі кардынальна змяніўся на карысць арнаменту ракако, стаў плоскім, больш маляваным, чым разьбяным, асіметрычнай формы".

2. Вертыкалізм фасадаў і інтэр'ераў. Гэта характэрная рыса можа выяўляцца ў паслядоўным вертыкалізме інтэр'ераў касцёлаў, пры адсутнасці якіх-небудзь гарызантальных падзелаў, з моцным акцэнтам на вертыкальныя пілястры.

3. У базыльянскай царкве св. Сафіі ў Полацку для дасягнення стройнасці вежаў самыя высокія іх ярусы былі значна звужаны і замест вежаў з адкрытымі галерэямі, зроблены два прамежкавыя мураваныя элементы. Для стылю Глаўбіца "асаблівае значэнне мае моцнае расчляненне шчыта фасада і арыгінальная форма вежаў, стрэлападобнасць якіх архітэктар часткова атрымлівае сродкамі, вядомымі па касцёле св. Кацярыны і касцёле ў Сталовічах. Як і ў касцёле св. Кацярыны, тут прысутнічаюць высокія вежы, нізкія паверхі з авальнымі вокнамі і чатырма вуглавымі валютамі, якія трымаюць вазоны. Роднасць з касцёлам у Сталовічах … выяўляецца ў звужаным верхнім ярусе вежаў нармальнай вышыні і зноў жа валютамі па кутах. У полацкай царкве архітэктар уводзіць новы, раней невядомы матыў - падымае вежы праз яшчэ адзін нізкі і звужаны паверх, у выніку чаго агульны сілуэт вежаў мае амаль што пірамідальную форму".

Ёсць меркаванне, што ў другой палове XVIII ст. у Лідзе, магчыма, па праекце віленскага архітэктара Глаўбіца, у стылі барока быў пабудаваны фарны касцёл Узвіжання Святога Крыжа, які дзейнічае да нашага часу.

Аднак аўтарства барочнага касцёла з'яўляецца спрэчным. Імя Іагана Крыштафа Глаўбіца часта згадваецца ў якасці меркаванага архітэктара касцёла не толькі ў навукова-папулярных даследаваннях, але таксама і ў навуковых артыкулах і энцыклапедыях. Імя гэтага найвыдатнейшага архітэктара віленскага барока згадваецца ў тастаманце біскупа Міхала Зянковіча ад 1761 г., у якім выканаўцам тастаманта рэкамендуецца пабудаваць новы касцёл у Лідзе. Здаецца, першым апублікаваў гэты фрагмент тастаманта біскупа з узгадваннем Глаўбіца Эўзебіюш Лапацінскі перад 1939 г.3

Біскуп Зянковіч памёр 23 студзеня 1762 г., а будаўніцтва мураванага парафіяльнага касцёла ў Лідзе пачалося толькі ў 1765 г. Праз два гады, 30 сакавіка 1767 г., памёр і Глаўбіц. У гэтым выпадку стылістычны аналіз формаў фарнага касцёла не можа быць эфектыўным інструментам, арыгінальнай засталася толькі канструкцыя прэзбітэрыюма 1765-1770 гадоў, астатнія ж часткі - фасад і бакавыя фасады сталі вынікам перабудоў з апошніх гадоў XVIII ст. Першапачаткова фасад меў дзве трохпавярховыя вежы, ніжнія часткі якіх захаваліся да нашых дзён. Варта таксама адзначыць, што ўжо праз сем гадоў пасля завяршэння будаўніцтва, касцёл знаходзіўся ў дрэнным стане, дэфекты пагражалі сур'ёзным пашкоджаннем або нават абвальваннем скляпення з-за выкарыстання дрэнных матэрыялаў і несумленнай працы муляроў. Праўда, і дзве іншыя пабудовы Глаўбіца абваліліся (вежы віленскіх катэдры і ратушы), але гэта, хутчэй за ўсё, адбылося не з-за адсутнасці прафесіяналізму ці халатнасці. Глаўбіц ніколі не прысутнічаў на будаўніцтве касцёла ў Лідзе, але калі б ён зрабіў праект, дык, безумоўна, хаця б зрэдку кантраляваў ход будаўнічых работ, вядома, толькі да сваёй смерці ў 1767 г.

Варта таксама адзначыць, што біскуп Зянковіч у сваім тастаманце толькі рэкамендаваў наняць Глаўбіца, і гэта патрабаванне выканаўцы не былі абавязаны выконваць. Нягледзячы на тое, што сума, выдзеленая біскупам (50 000 тынфаў і 7 500 чырвоных злотых) была даволі значнай, магчымасці падрадчыкаў і ў першую чаргу віленскага суфрагана Томаша Зянковіча былі, безумоўна, далёкімі ад тых, якія меў Міхал Зянковіч. І таму шанцы наняць Глаўбіца былі малымі.

Што можна сказаць пра стыль Лідскай фары?

Барочны галоўны фасад лідскага касцёла завершаны фігурным шчытом з трохвугольным франтонам і расчлянёны слаістымі пілястрамі. Пілястры, разам з высокімі арачнымі аконнымі праёмамі ў плоскіх ліштвах ствараюць рытміку бакавых фасадаў з вытанчана прафіляваным антаблементам.

Бакавыя вонкавыя фасады касцёла прарэзаны пілястрамі і маюць яўныя вертыкальныя тэндэнцыі. Але з-за адсутнасці вежаў, якія святыня страціла ў хуткім часе пасля заканчэння яе будаўніцтва, касцёл, у цэлым, не пакідае ўражання імкнення ўверх, але і не здаецца прыземленым, прыціснутым да зямлі, што было б натуральным для будынка, які страціў свае дамінанты - вежы.

Пра выгляд вежаў можна меркаваць толькі па адным панарамным малюнку Ліды, выкананым нейкім з вучняў Лідскай піярская школы, на якім мы бачым Лідскую фару з вежамі але без усялякіх падрабязнасцяў канструкцыі. Касцёл намаляваны ў праекцыі, пры якой контуры дзвюх вежаў зліваюцца ў адну, тым не менш, бачна, што вежы Лідскай фары не мелі стрэлападобнасці, уласцівай вежам касцёлаў Глаўбіца.

Алтар Лідскай фары падобны на іншыя алтары позняга барока ці ракако таго часу, але больш дэталёвы аналіз стылістычных асаблівасцяў лідскага алтара знаходзіцца па-за межамі маёй кампетэнцыі.

Леанід Лаўрэш.

1 Гл: Лоранц Станіслаў. Віленскі альбом (Наваградчына) // Наша слова.pdf № 23 (75) 7 чэрвеня 2023, № 36 (88) 6 верасня 2023; № 37 (89) 13 верасня 2023, № 38 (90), 20 верасня 2023, № 39 (91) 27 верасня 2023; № 40 (92) 4 кастрычніка 2023, № 41 (93) 11 кастрычніка 2023; № 15 (119) 10 красавіка 2024, № 16 (120) 17 красавіка 2024; № 17 (121) 24 красавіка 2024; Лоранц Станіслаў. Віленскі альбом: Скарочаны пераклад. (пер. Леанід Лаўрэш). 2026.

2 Лоранц Станіслаў. Віленскі альбом: Скарочаны пераклад. С. 54.

3 Гл: Lopacinski E. Wiadomosci o artystach Wilna i ziem okolicznych // Prace i Materialy Sprawozdawcze Sesji Historii Sztuki Towarzystwa Przyjaciol Nauk w Wilnie. T. 3. Red. M. Morelowski. Wilno, 1938/39. S. 327-328.

Беларусы сустракаюцца з індзейцамі

Ад прэм'ер-міністра да басаногага падарожніка: Газманаў, Кебіч, Несін, Рагожкін; з лістоў пра бізона і зубра

(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-52 (105-156) (2024); № 1-45 (157-201) за 2025 г.; № 1-45(157-201) за 2025 г.; № 7-8 (216-217), 23-25 (232-234) за 2026 г.)


Змяшчаем адзін з выходных лістоў, што аб'ядноўваюцца тэмай бізона і, натуральным чынам, зубра, - у роднасці гэтых жывёл і прычына таго, што яна прысутнічае ў значнай частцы нашай перапіскі з Паўночнай Амерыкай.


БЕЛОРУССКО-ИНДЕЙСКОЕ ОБЩЕСТВО - Директору заповедно-охотничьего хозяйства "Беловежская пуща", 225063, Каменецкий р-н, п/о Каменюки № 36 20.2.1991

Уважаемый тов. директор!

Мы заинтересованы в установлении контактов с сотрудниками Вашего хозяйства, прежде всего по программе параллельного изучения зубра и бизона.

Мы поддерживаем связи с Bison breeders ("бизо-новодами"), Северной Америки, объединенными в ассоциации, и получаем издания, посвященные разве-дению бизона, которые, по нашему мнению, являются исключительно важными и достаточные для аналогичного начинания с зубрами.

Хотели бы узнать, появятся ли в ближайшее время возможности для разведения зубра в коллективных хозяйствах или группами заинтересованных лиц. Представители нашего общества взялись бы за это дело.

Считаем необходимым начать мероприятия по созданию Советской ассоциации (общества) зубра.

Мы уже пытались связаться с "Беловежской пущей" через Вашу библиотеку (№ 173 от 6.12.1989).

С уважением С. И. Каленкович, член Совета БИО

Беларускі пераклад (цяпер):

БЕЛАРУСКА-ІНДЗЕЙСКАЕ ТАВАРЫСТВА - Дырэктару запаведна-паляўнічай гаспадаркі "Белавежская пушча", 225063, Камянецкі р-н, п/а Камянюкі № 36 20.2.1991

Паважаны тав. дырэктар!

Мы зацікаўлены ва ўсталяванні кантактаў з супрацоўнікамі Вашай гаспадаркі, перш за ўсё па праграме паралельнага вывучэння зубра і бізона.

Мы падтрымліваем сувязі з Bison breeders ("бізонаводамі") Паўночнай Амерыкі, аб'яднанымі ў асацыяцыі, і атрымліваем выданні, прысвечаныя развядзенню бізона, якія, на нашу думку, з'яўляюцца выключна важнымі і дастатковыя для аналагічнага пачынання з зубрамі.

Хацелі б даведацца, ці з'явяцца ў бліжэйшы час магчымасці для развядзення зубра ў калектыўных гаспадарках або групамі зацікаўленых асоб. Прадстаўнікі нашага таварыства ўзяліся б за гэтую справу.

Лічым неабходным распачаць мерапрыемствы па стварэнні Савецкай асацыяцыі (таварыства) зубра.

Мы ўжо спрабавалі звязацца з "Белавежскай пушчай" праз Вашу бібліятэку (№ 173 ад 6.12.1989).

З павагай С. І. Калянковіч, член Савета БІТ

Англійскі пераклад (цяпер):

BELARUSIAN - AMERICAN INDIAN SOCIETY - To Director of the Belovezhskaya Pushcha Game Reserve and Hunting Grounds, Kamenets District, P.O. Kamenyuki No. 36 20.2.1991

Dear Comrade Director,

We are interested in establishing contacts with your staff, primarily regarding the program for parallel study of European and American Bison [zubr and bison].

We maintain contacts with Bison breeders who united in an association, and receive publications on [American] Bison breeding, which we believe are extremely important and sufficient for a similar endeavor with European Bison.

We would like to know whether opportunities for bison breeding will arise in the near future on collective farms or by groups of interested individuals. Representatives of our Society would be interested in this matter.

We believe it is necessary to initiate measures to create a Soviet European Bison [Zubr] Association.

We have already attempted to contact Belovezhskaya Pushcha through your library (No. 173 of 6. 12.1989).

Sincerely, S. I. Kalenkovich, BAIS Council Member

Літ.:

6310 Эмар Г. Месть Красных Бизонов / [роман; пер. с фр.]; худ. В. Стащенюк. Мн., 1992.

7629 Морозова Н. Танцы плюс // Белорусская деловая газета. 2001. 6 апр. (Танец бизона, индейцы североамериканские.)

ГАЗМАНАЎ Радзівон (Rodion Gazmanov, Родион Газманов) - нарадзіўся ў Калінінградзе, савецкі і расійскі спявак, музыкант, паэт, акцёр, вядучы, тэлевядучы "Першага канала". Яго дзед Міхаіл, бацька спевака Алега Газманава, - ураджэнец вёскі Міхалкі Мазырскага раёна, бабуля, маці Алега, беларуска па дакументах, - Зінаіда, народжаная Альшулер, была з вёскі Кашаны (Крычаўскі раён).

У 2013 г. ён запісаў сумеснае відэа з ансамблем эквадорцаў "Yarik Ecuador". Музыканты ў традыцыйных перуанскіх і эквадорскіх касцюмах выканалі песню "Проціфазы" ("Противофазы"). Гэты музычны нумар можна ўбачыць на YouTube-канале Радзівона Газманава.

"Yarik Ecuador" - "этнічны індзейскі ансамбль", створаны ў 2003 г. з вулічных музыкантаў. Ярык у перакладзе з кечуа азначае ўспамін.

Літ.: 4556 Музыкальный энциклопедический словарь / гл. ред. Г. В. Келдыш. М., 1990.

КЕБІЧ Вячаслаў (Viachaslau Kebich) - ураджэнец вёскі Канюшаўчына, цяпер Валожынскі раён; як прэм'ер-міністр узначальваў дэлегацыю Рэспублікі Беларусь на Канферэнцыі ААН па навакольным асяроддзі і развіцці ў Рыа-дэ-Жанэйра (ЮНСЕД, UNCED - United Nations Conference on Environment and Development, Саміт Зямлі, Earth Summit, чэрвень 1992 г.). Удзел у саміце стаў адным з першых важных крокаў беларускай дыпламатаў пасля атрымання незалежнасці. Беларусь выступіла як адна з дзяржаў, што найбольш пацярпелі ад глабальнай тэхнагеннай катастрофы - прыярытэтам быў акцэнт на наступствах аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У час канферэнцыі кіраўнік урада падпісаў ад імя краіны Рамачную канвенцыю ААН аб змяненні клімату і Канвенцыю аб біялагічнай разнастайнасці.

Саміт Зямлі стаў лёсавызначальным для прызнання правоў карэнных народаў. На ім упершыню на сусветным узроўні была афіцыйна прызнана роля індзейцаў у абароне прыроды.

Карэнныя народы з усяго свету (у тым ліку Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі) прынялі ўдзел у паралельным форуме грамадскасці (Глобальны форум '92).

Дзякуючы іх актыўнасці, у выніковы дакумент саміту ("Парадак дня на XXI стагоддзе") увайшоў раздзел 26, які афіцыйна замацоўвае правы індзейцаў і абараняе іх традыцыйныя веды, экалагічныя практыкі і кіраванне землямі.

Удзел лідараў карэнных народаў дапамог прыняць Дэкларацыю Рыа, дзе ў прынцыпе 22 адзначана ключавая роля карэнных народаў і іх абшчын, суполак у адносінах да навакольнага асяроддзя.

Іракез Орэн Лаянс (Oren Lyons) арганізаваў прыезд дэлегацыі Канфедэрацыі іракезаў на канферэнцыю ў Рыа-дэ-Жанейра і быў запрошаны Морысам Стронгам, генеральным сакратаром ЮНСЕД выступіць перад нацыянальнымі дэлегацыямі.

Правадыр Орэн Лаянс: "Я нашу сілу майго брата, мядзведзя, на шыі. Я нясу пёры свайго брата, арла. Я воўк… Мы не выжывем, калі не будзем клапаціцца пра Зямлю. Магчыма, альтэрнатыва такая, што мы пойдзем і Зямля абновіцца - ачысцім рэкі, ачысцім ручаі і калодзежы. Я прашу прадпрыемствы [businesses] думаць не пра сябе, сваю нацыю і нават не пра свае сем'і, а думаць на сем пакаленняў наперад, думаць пра тых, хто глядзіць з Зямлі, тых, хто чакае сваёй чаргі жыць".

"У Рыа гучалі галасы рабінаў і імамаў, біскупаў і рошы [настаўнікі ў дзен-будызму], афрыканскіх каралеў-маці і амерыканскіх індзейцаў. Гэта быў наш голас, адзіны чалавечы голас, які прамаўляў праз многіх лідараў" (The voices of rabbis and imams, bishops and roshis, African queen mothers and American Indians were all heard in Rio. It was our voice, a one human voice, that spoke through many leaders).

Шаман (shaman) Сапаім Камаюра (Sapaim Kamaiura) сказаў: "Я вялікі знахар [medicine man]. Самы вялікі знахар [The biggest medicine man]. Мне няма з кім раўняцца. Мяне выбралі лясныя духі Амазоніі ў дзесяць гадоў. Яны навучылі мяне ведаць расліны. Я ведаю ўсе расліны. Я магу лячыць. Я размаўляю з раслінамі, а яны размаўляюць са мной. Медыцына белых людзей вельмі слабая. Мы гэтым не карыстаемся. Мы выкарыстоўваем травы і расліны. Індзеец ціхі і бесклапотны. Ён ніколі не нервуецца. У яго ніколі не баліць галава, як ва ўсіх вас у горадзе".

Літ.:

11166 Анохина В. В. Образы "мастера" и "бунтаря" в классическом европейском искусстве // Антология экологической мысли: западноевропейская цивилизация. Мн., 2003. С. 695-704.

4469 Мартынюк М. Кроссворд / сост. М. Мартынюк (г. Гомель) // Экологический вестник. 1994. Сент. № 39/127. С. 4. (По горизонтали: 29. Широко распространенное растение, которое коренные жители Америки - индейцы - называют "следом белого человенка".)

12257 Рогачевская М. С. Истоки эколо-гического сознания: Д. Г. Лоуренс и В. Ластовский // Славянскія літаратуры ў кантэксце сусветнай: матэрыялы Х Міжнароднай навуковай канферэнцыі, Мінск, 6-8 кастр. 2011 г. / пад агул. рэд. І. А. Чароты; рэдкал.: С. Я. Ганчарова-Грабоўская [і інш.]. Мн., 2011. С. 278-284.

9030 Санчас А. На сцяжцы вайны за экалогію / інтэрв'ю А. Новікава // Новы час. 2009. 26 чэрв. С. 20.

12677 Шумский К. А. Народные экологические знания белорусов: традиции и современность. Мн., 2021. (Мир глазами этнолога; "Так, например, классификация индейского племени сиу объединяет существа и предметы в три категории, связанные с небом, водой и твердой землей, а орел относится именно к последней. На первый взгляд, такая позиция орла совершенно непонятна, даже лишена здравого смысла".)

7519 Экология / подг. по материалам прессы // Газета Слонімская. 2002. 29 жн. № 273. (Ирокезы.)

НЕСІН Уладзімір (3) - адзін з эпізодаў сустрэч з індзейцамі тычыўся элемента, які падаецца індзейцамі і як частка "Wildlife" і асобна ад апошняга, як вельмі важнае, - "Fish".

Уладзімір Несін

РЫБАЛКА З ІНДЗЕЙЦАМІ

Наступным стаў больш-менш буйны горад Уайтхорс. Ён атрымаў сваю назву з-за ракі, яе пеністыя бруі здаліся камусьці падобнымі на грыву белага каня. У гэты дзень я даехаў да моста цераз раку Юкан, знаёмую ўсім па апавяданнях Джэка Лондана. Апошнія 200 км праехаў у раскошным чорным лімузіне. Кіроўца ехаў на замову і яму было сумна аднаму. Ён аказаўся ўкраінцам, народжаным тут. Ён даў мне свой адрас і высадзіў каля моста, дзе яго чакалі кліенты-японцы.

Перакусіўшы, я перайшоў мост і ўбачыў музей, дзе пазнаёміўся са служачай - мілавіднай маладой індыянкай. Яна паказала мне ўсе малалікія экспанаты, прысвечаныя культуры племені, што пражывае тут. Аказваецца, тут яшчэ нядаўна дзяўчыну, якая дасягнула палаваспеласці [половозрелости], адводзілі на паўмесяца ў тайгу, дзе яна ў адзіноце павінна была выжыць у будане без запасу прадуктаў. У 90% яны станавіліся ўмелымі жонкамі, у 10% станавіліся сытымі мядзведзі. Гэты звычай сышоў у мінулае, але, каб зусім не забыцца пра сваю культуру, тут кожны год арганізоўваюць лагер для падлеткаў-індзейцаў, дзе старэйшыя вучаць іх як разводзіць вогнішчы, разбіраць [разделывать] рыбу, майстраваць вырабы і снасці. Якраз быў час такога кэмпа, і я, дачакаўшыся канца працоўнага дня дзяўчыны, паехаў з ёю туды.

Лагер быў размешчаны ў лесе на беразе ракі, у ім жылі 7 дарослых і каля 15 падлеткаў, яны жылі ў стацыя-нарных палатках, але зараз усе былі на ўроку - вучыліся рыхтаваць рыбу для вялення. Урок праходзіў пад вялікім навесам, дзе гарэла вогнішча, адганяючы шматлікіх камароў. Інструктар - жанчына гадоў 50, даволі спрытна аддзяляла мяса ад шкілета. Ужо злёгку завялую рыбу студэнты падсмажвалі на вогнішчы і з апетытам елі.

Пачаставалі і мяне, але сухая, несалёная рыба не здалася мне далікатэсам, і я спытаў, чаму яны не вэндзяць яе. Яны адказалі, што іх продкі ніколі не рабілі гэтага, а ад вогнішча яна і так крыху пахне дымам. Так, але хіба параўнаеш гэта з сапраўдным вэнджаннем? Таму я вырашыў зрабіць ім падарунак, пабудаваўшы прымітыўную вяндлярню. Дзве гадзіны земляных работ, і - прымайце працу, браты-індзейцы!

Раніцай індзейцы раненька разбудзілі мяне і прапанавалі паехаць на рыбалку. Я не адмовіўся і не пашкадаваў: паўтары гадзіны на маторцы па вельмі прыгожых месцах, затым даставанне з сетак велізарных бардовых рыбін - гэта заснятае на маю відэакамеру. Вось толькі шкада, калі б'юць бедных рыбін драўлянымі молатамі [колотушками] па галаве.

Вярнуліся мы з добрым уловам, бо для індзейцаў іншыя ліміты на рыбалку і паляванне і нават падаткі, што, дарэчы, справядліва, але яны ўсяроўна незадаволеныя і недалюбліваюць белых, праўда, у меншай меры, чым індзейцы ў Штатах.

Развітаўшыся з лагерам (дарэчы, адзін дзяцюк [пацан], гадоў 12, усё парываўся сысці са мной, і аж заплакаў, калі яго не адпусцілі), я паехаў далей, і ўжо да вечара быў у мястэчку Доўсан, адсюль да мяжы Аляскі рукой падаць.

Літ.:

13325 Несин В. Канада: обиженный кот и рыбалка с индейцами: [путешествуем с Владимиром Несиным] // Драгічынскі веснік. 2017. 1 ліп. С. 15.

7658 Рыбаков В. Ловись, рыбка, большая и очень большая // Борисовские новости. 2000. 10 авг. (Раскраска индейца на боевой тропе; продолж. следует)

РАГОЖКІН Віталь (Vital Ragozhkin, Vitaly Rogozhkin) - ураджэнец Менска, галоўны трэнер футбольнага клуба БАТЭ (Барысаў) з чэрвеня 2026 г. 20.06.2026 г. у СМІ з'явілася інфармацыя, што за БАТЭ будзе гуляць футбаліст з Гандураса. І сапраўды, 26.06.2026 г. ён прыляцеў у Беларусь.

Яго зваць Эрык Пуэрта, поўнасцю - Эрык Амар Пуэрта Мурылья (Эрик Омар Пуэрто Мурильо, Erick Omar Puerto Murillo), ён ураджэнец Чаломы (Choloma), гулец "Платэнсэ" (Platense). Пераходзіць у барысаўскі БАТЭ "на правах гадавой арэнды з пер-шачарговым правам выкупу".

У сакавіку 2026 г. упершыню гуляў за зборную Гандураса - выйшаў на замену ў таварыскім матчы супраць Перу. На чэмпіянату свету 2026 г. Гандурас не трапіў. Гандурас на 66-м месцы, Беларусь на 98-м месцы ў рэйтынгу зборных ФІФА.

Літ.:

1884 Рощаховский В. Кто придумал мяч? // Зорька. 1989. 16 июня.

Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей.

Ales Simakou (e-mail: baicri@tut.by), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.


Індзейцы, индейцы, Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Bielorrusia, Belarus; Алесь Симаков. Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 174].

Жывая спадчына зямлі Лідскай

Сапраўднае свята народнай душы, традыцый і творчасці адбылося ў аграгарадку Ваверка!

У рамках Тыдня традыцыйнай культуры на Лідчыне прайшло свята "Жывая спадчына зямлі Лідскай", якое сабрала аматараў беларускай культуры, народнай песні, рамёстваў і шчырых сустрэч.

Госці свята змаглі акунуцца ў атмасферу беларускай аўтэнтыкі: пазнаёміцца з багатай культурнай спадчынай Лідскага краю, палюбавацца творчымі выступленнямі, наведаць выставы майстроў, адчуць цеп-лыню народных традыцый і сапраўдную гасціннасць.

Свята яшчэ раз даказала: наша спадчына - жывая!

Яна гучыць у песнях, жыве ў рамёствах, захоўваецца ў сэрцах людзей і перадаецца новым пакаленням.

Дзякуй усім арганізатарам, удзельнікам і гасцям за цудоўную атмасферу, яркія эмоцыі і любоў да роднай культуры! Няхай беларускія традыцыі квітнеюць, аб'ядноўваюць людзей і натхняюць нас на новыя сустрэчы!

ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX