Наша слова.pdf № 27 (236), 26 жніўня 2026.
35 гадоў незалежнасці Беларусі
35 гадоў таму, 25 жніўня 1991 года, Вярхоўны Савет БССР абвясціў незалежнасць Беларусі.
Як гэта адбывалася?
Хроніка падзеяў 25 жніўня 1991 года.
Раніцай працягваецца надзвычайная сесія Вярхоўнага Савета БССР.
Да трыбуны ідзе сакратар ЦК кампартыі Беларусі Анатоль Малафееў, які мае імідж артадаксальнага камуніста і падтрымаў ГКЧП. Ён не быў дэпутатам ВС БССР, але быў народным дэпутатам СССР.
Дэпутаты Апазіцыі БНФ і Дэмклуба блакуюць трыбуну і фактычна зганяюць з яе Малафеева.
Пасля крыху больш чым паўгадзіннага перапынку Мікалай Дземянцей падае ў адстаўку з пасады старшыні Вярхоўнага Савета БССР. Далей сесію вядзе першы намеснік старшыні Станіслаў Шушкевіч.
Шушкевіч прапаноўвае "з канстытуцыйных пазіцый спакойна правесці сесію і закончыць яе", але дэпутаты БНФ і Дэмклуба выступаюць супраць завяршэння сесіі.
На плошчы перад Домам урада тысячы людзей. Іх галасы далятаюць у фае перад Авальнай залай.
Дэпутаты БНФ ізноў патрабуюць забараніць КПБ-КПСС, а таксама ізноў прагаласаваць за ўключэнне ў парадак дня сесіі пытання аб незалежнасці Беларусі.
Вярхоўны Савет прымае пастанову аб спыненні дзейнасці КПБ-КПСС на тэрыторыі Беларусі (прагаласавалі 212 дэпутатаў пры патрэбных 174).
Да мікрафона падыходзіць Зянон Пазьняк. Ён кажа, што рашэнне аб незалежнасці прыняла Украіна, іншыя рэспублікі, "і калі ў гэтай сітуацыі мы не прымем адпаведнага закона аб дзяржаўнай незалежнасці Беларусі, мы трапім у вельмі дрэннае становішча". Пазьняк гаворыць, што Расія і пры Ельцыне застанецца імперскай, што Ельцын, пагражаючы ўзняць цэны на нафту, займаецца шантажом.
Калі пачынаецца працэдура галасавання, за наданне Дэкларацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнага закона галасуюць 256 дэпутатаў, супраць - 0, устрымаліся - 0.
У 20 гадзін 8 хвілін Станіслаў Шушкевіч віншуе дэпутатаў і жыхароў Беларусі, якая з гэтага моманту зрабілася незалежнай краінай.
Дэпутаты выходзяць на плошчу, дзе перад людзьмі выступае Зянон Пазьняк, а Пётра Садоўскі спявае песню Купалы "Тры дарожанькі".
Гэтаму рашэнню спрыялі глыбокі крызіс Савецкага Саюза, рост нацыянальна-дэмакратычнага руху, палітыка перабудовы і пашырэнне рэспубліканскага суверэнітэту. Важнай прававой асновай стала Дэкларацыя, прынятая 27 ліпеня 1990 года. Яна абвяшчала вяршэнства беларускай Канстытуцыі і законаў на тэрыторыі рэспублікі, а таксама самастойнасць у вырашэнні ўнутраных і знешніх пытанняў.
Асаблівае значэнне мелі падзеі жніўня 1991 года. Пасля правалу путчу Дзяржаўнага камітэта па надзвычайным становішчы ў Маскве стала відавочна, што цэнтральная савецкая ўлада страціла здольнасць кантраляваць сітуацыю. У гэтых умовах пазачарговая сесія Вярхоўнага Савета 25 жніўня прыняла Закон аб наданні Дэкларацыі статусу канстытуцыйнага закона і пастанову аб забеспячэнні палітычнай і эканамічнай самастойнасці БССР.
Практычнае значэнне гэтых рашэнняў было надзвычай важным. Яны замацавалі вяршэнства беларускіх законаў над саюзнымі, стварылі прававыя ўмовы для фармавання ўласных дзяржаўных органаў, эканамічнай сістэмы, фінансаў, войска і знешнепалітычных сувязяў. Незалежнасць перастала быць толькі палітычнай ідэяй - яна стала асновай рэальнага дзяржаўнага будаўніцтва.
Паводле СМІ.
Не згубіце святло Духа Святога
21 - 22 жніўня ў Браславе прайшлі штогадовыя ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Валадаркі Азёраў. Сёлетні духоўны фэст праходзіў пад дэвізам "Трываць з Марыяй - Славіць Бога - Будаваць Супакой". Каб даверыць Маці Божай свае малітвы і надзеі, у старажытным горадзе на беразе азёр сабраліся вернікі з усіх куткоў Беларусі.
Санктуарый у Браславе - асаблівае месца для кожнага верніка Віцебскай дыяцэзіі. Менавіта тут, у галоўным алтары, знаходзіцца цудатворны абраз Маці Божай Браслаўскай. Паводле падання, гэты абраз з'явіўся на востраве Ліпіна возера Неспіш яшчэ ў XV стагоддзі. Праз яго заступніцтва вернікі атрымліваюць суцяшэнне і дапамогу. У 2009 годзе абраз быў урачыста каранаваны папскімі каронамі. Сам жа касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, помнік архітэктуры неараманскага стылю, пабудаваны ў 1824 годзе і перабудаваны ў канцы XIX стагоддзя, стаў санктуарыем у 1999 годзе, а ў 2024 - малой базылікай, адной з чатырох у Беларусі.
Таму ўжо з раніцы 21 жніўня тэрыторыя касцёла напоўнілася асаблівым прадчуваннем свята. Перш за ўсё тут чакалі пілігрымаў. Як паведамілі арганізатары, іх ў гэтым годзе ў Браславе сабралася больш за 180 з розных дыяцэзій і парафій.
Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч падзякаваў пілігрымам за тое, што яны пераадолелі шмат кіламетраў у імя веры. Сярод тых, хто прыйшоў пешшу, былі 125 чалавек з Глыбокага і 15 чалавек з Удзела. 30 пілігрымаў прыехалі са Смаргоні і Ліды. Былі і тыя, хто прыехаў на ровары - група пілігрымаў з Мёраў (12 чалавек) і Гудагая (1 чалавек). Іерарх асабліва ўзгадаў пілігрыма з Гудагая, які праехаў на ровары ажно 200 кіламетраў, каб пакланіцца Маці Божай.
Першым пунктам святочнай праграмы для ўсіх прысутных быў арганны канцэрт пад кіраўніцтвам дацэнта Уладзіміра Васільевіча Неўдаха, які традыцыйна штогод амаль што за тыдзень перад урачыстасцю прыязджае з Менска ў Браслаў, каб зладзіць летнюю школу касцельнага спеву. Музычнае прывітанне пад небам каля старажытнага касцёла стварыла настрой для галоўнай падзеі гэтага дня - урачыстай святой Імшы, якая распачалася ў 19.00.
Гэтая Эўхарыстыя стала асаблівай: падчас яе 70 кандыдатаў з розных парафій Віцебскай дыяцэзіі прынялі сакрамант канфірмацыі. Імшу ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. На набажэнстве прысутнічалі Генеральны вікарый Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі і Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.
Цэнтральнай кропкай Імшы стала гамілія біскупа Алега Буткевіча, якую ён прысвяціў дзеянню Духа Святога і Яго дарам.
Іерарх пачаў з таго, што канфірмацыя - гэта не кропка, з якой скончыўся нейкі перыяд падобна навучанню ў школе. Святар прыгадаў, што не аднойчы чуў, як учарашнія кандыдаты пасля прыняцця сакраманту канфірмацыі казалі: "Ну ўсё, сакрамант прыняў, можна далей спакойна жыць". Аднак Святое Пісанне паказвае нам, што з прыняццем Духа Святога чалавек толькі распачынае сваё сапраўднае сталае хрысціянскае жыццё.
У сваіх разважаннях біскуп звярнуўся да евангельскіх падзей. Ён нагадаў, як Езус Хрыстус пасля ўваскрасення з'явіўся апосталам са словамі "Прыміце Духа Святога!", перадаўшы ім ўладу прабачэння грахоў.
- Мы просім аб гэтым кожны раз, калі звяртаемся да Бога з малітвай "Ойча наш…", - заўважыў іерарх, нагадаўшы, што прабачэнне бліжняга - гэта ўмова і для ўласнага прабачэння.
Асобна біскуп спыніўся на сямі дарах Духа Святога: мудрасці, розуме, радзе, мужнасці, умеласці, пабожнасці і боязі Божай. "Боязь Божая - гэта не страх, які ёсць прыкметай граху, а павага перад Богам і прызнанне Яго аўтарытэту ў сваім жыцці", - патлумачыў пастыр. Ён заклікаў прысутных не проста атрымаць гэты дар, але дазволіць яму прарасці, як зерню ў глебе.
- Нам варта адкрыць сваё сэрца для дзеяння гэтай ласкі, гэтых дароў, - прамовіў іерарх.
Духоўная праграма першага дня урачыстасцяў прадоўжылася набажэнствамі да глыбокай ночы. Пасля набажэнства Акафіста, які выканалі святары і вернікі Грэка-каталіцкай Царквы, удзельнікі ўрачыстасцяў прайшлі Крыжовым шляхам, а пасля поўначы, ужо 22 жніўня, яны зноў сустрэліся на начной Імшы і па неасветленых вуліцах Браслава з паходнямі ў руках удзельнічалі у працэсіі з копіяй цудатворнага абраза Валадаркі Азёраў.
Удзень у суботу 22 жніўня, калі ў літургіі Касцёла адзначаецца ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі Каралевы, у дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Валадаркі Азёраў у Браславе прайшло святкаванне другога дня ўрачыстасцей, прысвечаных ушанаванню Марыі ў Яе цудадзейным абразе.
Бліжэй да поўдня распачалася цэнтральная падзея святкавання - урачыстая святая Імша, цэлебраваная на палявым алтары-караблі, дзе сваё пачэснае месца заняла копія цудадзейнага абраза Маці Божай Браслаўскай. Трансляцыю літургіі вёў тэлеканал "Беларусь 3" і "Радыё Марыя Беларусь".
Эўхарыстыю ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Яе адметнасцю стала прысутнасць на ёй прадстаўніка Папы Льва XVI у Беларусі Апостальскага нунцыя Ін'яцыё Чэфалія. Сярод іерархаў, якія прыбылі ў Браслаў, былі Генеральны вікарый Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі і Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. Канцэлебравалі Імшу некалькі дзясяткаў святароў. Асобна вылучаліся ў сваім адмысловым адзенні канонікі Віцебскага катэдральнага капітула. Прысутнасць семінарыстаў, дыяканаў, манаскіх асоб і шматлікіх па мерках нестабільнага надвор'я вернікаў стварала малітоўную супольнасць, якая праз заступніцтва Марыі аддае пашану Богу. На ўрачыстасці прысутнічалі таксама прадстаўнікі мясцовай улады - старшыня Браслаўскага райвыканкама Алена Міхайлаўна Бабінская і старшыня Савета дэпутатаў Ніна Антонаўна Кучынская.
На пачатку Імшы біскуп Буткевіч прывітаў усіх прысутных, асабліва вылучыўшы прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі. Ён узгадаў акалічнасць сёлетняга святкавання 35-годдзя адраджэння касцельных структур у Беларусі і абвясціў, што складае эўхарыстычную ахвяру ва ўсіх інтэнцыях удзельнікаў урачыстасці Маці Божай у Браславе.
Сваю гамілію пастыр распачаў ад радкоў, якія сёння ведае кожны жыхар Прыдзвіння, - афіцыйнага гімна браслаўскага санктуарыя:
"Валадарка азёраў блакітных,
Прад Табой на каленях стаім
І з пакорай узносім малітву:
Паяднай, Маці, з Сынам сваім!"
Гэты спеў, створаны напрыканцы XX стагоддзя ў працэсе адраджэння пашаны да цудатворнага абраза Браслава, стаў не проста літургічным тэкстам, а сапраўднай душой гэтага святога месца. Тэкст гімна спалучае пяшчотную прыгажосць блакітных браслаўскіх азёр і глыбокі хрысціянскі сэнс пакоры і малітвы аб яднанні з Богам. Дзякуючы гэтым рысам спеў па праву лічыцца духоўным сімвалам для ўсіх вернікаў Віцебскай дыяцэзіі.
Пасля гэтага ўзнёслага і хвалюючага моманту да прысутных звярнуўся Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Ін'яцыё Чэфалія. Ён падзякаваў вернікам за іх шматлікую прысутнасць на галоўнай святой Імшы ў санктуарыі і зазначыў, што Марыя "заклікае нас не паддавацца страхам цяперашняга часу, няпэўнасцям, што ахопліваюць свет, ранам, якія пазначаюць нашыя сем'і і нашае грамадства". "Не бойся! Не бойся верыць, не бойся спадзявацца, не бойся сведчыць пра Хрыста ў штодзённым жыцці!" - заклікаў іерарх.
Адносячыся да біблійнай падзеі Адведзінаў Паннай Марыяй святой Альжбеты, прамоўца назваў яе "жэстам, які падкрэслівае місіянерскую прыроду веры", і заклікаў прысутных да "евангельскага дынамізму" - "быць Касцёлам, які крочыць разам, які ўважліва слухае, суправаджае з міласэрнасцю, служыць са шчодрасцю, які (…) адкрываецца для патрэбаў Божага народа". Прадстаўнік Святога Айца заахвоціў удзельнікаў святкавання "берагчы прыгажосць вашай хрысціянскай традыцыі, багатай вернасцю, трываласцю і яскравымі сведчаннямі", але разам з тым клапаціцца "пра тое, каб вашая вера не заставалася толькі звычаем ці толькі спадчынай традыцыі, але каб стала жыццём".
- Беларусь мае патрэбу ў такіх хрысціянах, якія не абмяжоўваюцца толькі назіраннем, але са шчодрасцю прысвячаюць сябе агульнаму дабру, годнасці кожнага чалавека і міру, аб якім мы ўсе молімся,- падкрэсліў ён.
Нунцый пераказаў прывітанне Папы Льва XIV і яго апостальскае дабраслаўленне і дадаў: "Папа блізкі да вас, падтрымлівае вас і моліцца за Касцёл у Беларусі, каб ён і надалей быў знакам надзеі, еднасці і супакою".
Напрыканцы з пастырскім словам да прысутных звярнуўся біскуп Алег Буткевіч. Іерарх адзначыў, што, нягледзячы на несуцяшальныя прагнозы, удзельнікаў свята не заліло дажджом, а тое, што не паказалася сонца, ён назваў "урокам пакоры і ўдзячнасці" Нябеснага Айца. Словы падзякі, між іншым, пастыр скіраваў да айцоў сальватарыянаў, якія апякуюцца санктуарыем у Браславе, і браслаўскім парафіянам, якія гасцінна прымалі пілігрымаў у сваіх дамах. Запрашаючы на наступны Браслаўскі фэст, ён назваў дату яго правядзення - 20-21 жніўня 2027 года.
Апошняй часткай урачыстай святой Імшы было пантыфікальнае дабраслаўленне, якое ўдзяліў прадстаўнік Папы Льва XIV арцыбіскуп Ін'яцыё Чэфалія.
Тэкст: Жанна Мецяж, кс. Павел Эйсмант. Фота: Ірына Гайдамовіч / Catholic.by.
У Нябесную Беларусь пайшоў Аляксандр Мілінкевіч
Раніцай 11 жніўня памёр Аляксандр Мілінкевіч, беларускі палітык і навуковец.
Вядомаму беларускаму палітыку і навукоўцу было 79 гадоў. На выбарах 2006 года ён стаў адзіным кандыдатам ад праеўрапейскіх сілаў. Спакойны, інтэлігентны палітычны стыль Мілінкевіча кантраставаў з папулізмам, уласцівым шматлікім постсавецкім палітыкам.
Летась ён цяжка перанёс аперацыю, дактары змагаліся за ягонае жыццё і, былі спадзевы, што ён пайшоў на папраўку. Але смерць не адступіла. Гэта адбылося ў 7:15 раніцы.
Мілінкевіч нарадзіўся 25 ліпеня 1947 года ў Гародні. Паводле адукацыі ён быў фізікам: скончыў фізіка-матэматычны факультэт Гарадзенскага педагагічнага інстытута, пасля аспірантуры працаваў у Інстытуце фізікі Акадэміі навук БССР. У 1976 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю пра механізм генерацыі звышмагутных лазерных імпульсаў.
Яго навуковая кар'ера была звязана таксама з выкладчыцкай працай. Мілінкевіч працаваў у Гарадзенскім універсітэце, выкладаў і загадваў кафедрай Сеціфскага ўніверсітэта ў Алжыры. Стажыраваўся ва ўніверсітэце Манпялле ў Францыі і Каліфарнійскім універсітэце ў ЗША. Быў аўтарам каля 65 навуковых прац і манаграфій.
Аднак шырока вядомым у Беларусі Мілінкевіч стаў не як фізік, а як грамадскі дзеяч і палітык.
У 1990-1996 гадах ён быў намеснікам старшыні Гарадзенскага гарвыканкама, дзе адказваў за адукацыю, культуру, ахову здароўя, моладзь, спорт, СМІ, рэлігію, міжнародныя сувязі і захаванне гістарычнай спадчыны.
Асаблівае месца ў яго дзейнасці займала Гародня. Мілінкевіч заснаваў і ўзначальваў грамадскую арганізацыю "Ратуша", якая займалася развіццём горада і захаваннем яго гістарычнай спадчыны. Улады ліквідавалі арганізацыю ў 2003 годзе. Самы актыўны ўдзел прыняў у стварэнні Гарадзенскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны, увесь час падтрымліваў яе дзейнасць.
Мілінкевіч быў таксама краязнаўцам. У канцы 1980 х гадоў ён удзельнічаў у пошуках і знайшоў пахаванне апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Воўчыне. У Гародні ён арганізаваў рэстаўрацыю старажытнага вежавага гадзінніка на Фарным касцёле.
У 2001 годзе Мілінкевіч быў кіраўніком перадвыбарчага штаба Сямёна Домаша на прэзідэнцкіх выбарах.
Галоўнай палітычнай старонкай яго біяграфіі сталі прэзідэнцкія выбары 2006 года. На Кангрэсе дэмакратычных сіл у кастрычніку 2005 года Мілінкевіча абралі адзіным кандыдатам ад дэмакратычных сіл. Паводле афіцыйных вынікаў, на выбарах ён атрымаў 6% галасоў. У рэальнасці ён сабраў нашмат больш галасоў, таму выбары 2006 года скончыліся першым намётавым мястэчкам і народным перайменаваннем Кастрычніцкай плошчы ў плошчу Каліноўскага.
Гэтым жа імем потым назавуць спецыяльную стыпендыяльную праграму польскага ўрада, якая будзе дапамагаць адлічаным за палітыку беларускім студэнтам працягнуць адукацыю ў Польшчы. Мілінкевіч тады зрабіў шмат не толькі для таго, каб людзі адчулі магчымасць выбару, але ж і не кінуў у бядзе тых, хто пайшоў за ім і паплаціўся за гэта вучобай.
На самай справе Аляксандр Мілінкевіч ніколі не быў "барыкадным палітыкам", хаця менавіта на такі фармат часта ёсць попыт. Ён заняў сваю ўласную нішу інтэлігентнага, дасведчанага і прынцыповага палітыка, чалавека з глыбокім разуменнем Беларусі і яе еўрапейскай будучыні.
Пасля выбараў ён стварыў грамадскі рух "За Свабоду" і да 2016 года быў ягоным кіраўніком - роўна два тэрміны. І гэтым таксама ён задаваў новы палітычны стандарт, адрозніваўся ад многіх постсавецкіх партыйных лідараў.
У 2020-м ён праяўляў асцярожнасць, баяўся, што падзеямі маніпулюе Масква.
Аляксандр Мілінкевіч належаў да пакалення беларускіх інтэлектуалаў, для якіх навука, культура, мясцовае самакіраванне і палітыка былі часткамі грамадскага жыцця. Ён прайшоў шлях ад фізіка і выкладчыка да аднаго з найбольш вядомых прадстаўнікоў беларускай дэмакратычнай апазіцыі.
Аляксандр Мілінкевіч быў чалавекам, які надаваў вельмі вялікае значэнне развіццю польска-беларускіх адносінаў. Варта падкрэсліць, што Аляксандр Мілінкевіч быў ганаровым сябрам Саюза палякаў на Беларусі. Гэта сапраўды сімвалічна: адзін з найважнейшых беларускіх палітыкаў быў прыняты польскай меншасцю ў Беларусі ў сваю арганізацыю. Аляксандр Мілінкевіч назаўсёды застанецца сімвалам і патронам польска-беларускага братэрства. Ён надаваў гэтаму велізарнае значэнне, заўсёды падкрэсліваў, што Польшча і Беларусь, палякі і беларусы - найбліжэйшыя адзін да аднаго народы, і што гэтая ўзаемная салідарнасць павінна пастаянна намі кіраваць, каб мы ніколі пра яе не забывалі. За гэтую дзейнасць на карысць сяброўства двух народаў, хоць пасмяротна, прэзідэнт Польшчы ўзнагародзіў Аляксандра Мілінкевіча афіцэрскім крыжам "За заслугі перад Польшчай".
25 лістапада 2025 года Аляксандру Мілінкевічу рабілі аперацыю па выдаленні тромба, які закрываў 80% соннай артэрыі. Падчас аперацыі ўтварыўся моцны крывацёк, пасля чаго палітык трапіў у вельмі цяжкім стане ў рэанімацыю. Дактары ўвялі яго ў медыкаментозны сон і ўрэшце здолелі стабілізаваць сітуацыю. Але выздаравець ён ужо так і не змог.
Аляксандра Мілінкевіча пахавалі ў Варшаве на вайсковых могілках "Павонзкі". Памінальная служба адбылася ў галоўным касцёле Варшавы. Набажэнства гарманічна спалучала польскую і беларускую мовы.
На цырымонію прыйшлі беларускія палітыкі, грамадскія дзеячы і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці. У сваіх прамовах яны згадвалі Мілінкевіча як чалавека, які паказваў прыклад іншай Беларусі - дэмакратычнай, еўрапейскай і свабоднай.
Для многіх прадстаўнікоў маладзейшага пакалення Мілінкевіч быў адным з тых, хто прывёў іх у грамадскую і палітычную дзейнасць. І цяпер задача моладзі працягваць яго справу.
Светлая памяць!
Памерла Алена Таболіч
На 87 годзе жыцця памерла беларуская мовазнаўца і перакладчыца з англійскай мовы на беларускую, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Алена Таболіч.
Нарадзілася Алена Таболіч у вёсцы Горна Зэльвенскага раёна 15 красавіка 1940 года. Скончыла Зэльвенскую сярэднюю школу №1, пасля - Менскі інстытут замежных моў. Некаторы час працавала ў школе настаўніцай. У 2000-я гады ў складзе працоўнай групы з сямі мовазнаўцаў удзельнічала ў падрыхтоўцы "Стратэгіі развіцця беларускай мовы ў ХХІ стагоддзі" для Таварыства беларускай мовы. У 1989 годзе стала адной са складальнікаў "Англійска-беларуска-рускага слоўніка"; у 1995 годзе - "Кішэннага англійска-беларуска-рускага слоўніка". Выдала кнігі перакладаў "Срэбны дождж" (1999 г.), "Ліхтарык глогу" (2006 г.) і "Ryhor Baradulin. Ksty" (2006 г.). У кнігу "Срэбны дождж" увайшлі пераклады вершаў 29 амерыканскіх і англійскіх паэтаў. У кнігу "Ліхтарык глогу" ўвайшлі пераклады вершаў амерыканскіх і брытанскіх паэтаў на беларускую мову. Асобны раздзел склалі беларускія вершы ў перакладзе на англійскую, такіх паэтаў, як: Рыгор Барадулін, Данута Бічэль, Ларыса Геніюш, Міхась Скобла і Сяргей Панізьнік.
У 2004 годзе Алена Таболіч стала адной з 4-х укладальніцаў 2-га выдання "Англійска - беларуска-рускага слоўніка", якое падрыхтаваў навукова-метадычны цэнтр "Слоўнік" Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. Уклала ў тым слоўніку на 10 000 словаў дадаткі і словы з 8 апошніх літараў англійскага альфабэту ад S да апошняй Z. У дадатках падала спісы геаграфічных назваў, лічэбнікаў, няправільных дзеясловаў, скаротаў, мераў вагі і даўжыні. Таксама вывярала фанетычную транскрыпцыю слоўніка. У 2011 годзе выйшаў зборнік вершаў Сяргея Панізьніка "На ўсе вякі", які змяшчаў аднайменны верш-гашму 1970-х гадоў у перакладзе Алены Таболіч на англійскую.
У 2013 годзе перакладчыца стала адной з укладальніц "Англійска-беларускага слоўніка" на 60 000 словаў (765 старонак). У 2019 годзе пераклала на англійскую фотаальбом Анатоля Кляшчука "Пад небам Беларусі". Друкавалася ў рэспубліканскіх газетах і часопісах.
Светлая памяць!
135 гадоў з дня нараджэння аўтара "Ваяцкага гімна"
Беларускі пісьменнік, паэт, перакладчык, публіцыст, грамадска-палітычны дзеяч Макар Краўцоў (Касцевіч) нарадзіўся 18 жніўня 1891 года ў вёсцы Баброўня пад Скідалем.
Паходзіў з заможнай сялянскай сям'і. Сапраўднае яго поўнае імя - Макар Мацвеевіч Касцевіч. Псеўданім Макара Краўцова стаў данінаю памяці прадзедам, якія жылі з кравецтва, шыючы найлепшыя ў навакольнай акрузе кажухі.
Макара з самага дзяцінства вельмі вабілі кніжкі. Самым адметным у царкоўна-прыходскай школцы быў выкладчык спеваў і музыкі, які, караючы вучняў, біў іх па вушах смычком ад скрыпкі. Касцевіч такую пачостку зарабляў нячаста, бо авалодаў скрыпкаю вельмі добра. А мо і наадварот - таму і авалодаў, што часта атрымліваў па вушах ад педагога. Макар скончыў царкоўна-прыходскую школу ў вёсцы Галавачы (Гарадзенскі раён, непадалёк Скідаля), потым у 1910 годзе - Свіслацкую настаўніцкую семінарыю. Нейкі час працаваў у школе. З 1915 года ў час вайны Краўцоў быў у войску, пасля вайсковай вучэльні - на Паўночна-Заходнім фронце.
У лёсавызначальныя для краю гады ён як салдацкі дэлегат бярэ ўдзел у Першым усебеларускім з'ездзе, робіцца сябрам Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, уваходзіць у склад Беларускай вайсковай камісіі, што намагаецца стварыць дзеля абароны БНР нацыянальнае войска. Быў дэлегатам Першага Усебеларускага кангрэсу ў снежні 1917 года. Настаўнічаў у Менску ў 1917-18 гадах. Выкладаў на курсах беларусазнаўства пры Менскай гарадской думе. У 1918 годзе ўступіў у Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Удзельнічаў у працы Рады БНР у Менску і Гародні.
Краўцоў заявіў пра сябе як пра здольнага літаратара, якога заахвоціў цёплым словам у друку малады Максім Гарэцкі. У 1919 годзе менская газета "Беларусь" пад назовам "Ваяцкі гімн" публікуе Макараў верш "Мы выйдзем шчыльнымі радамі". Кампазітар Уладзімір Тэраўскі піша да яго музыку, і песня неверагодна хутка набывае велізарную папулярнасць, робячыся гімнам Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэты гімн спявалі, ідучы ў бой на бальшавікоў, слуцкія паўстанцы, у шэрагах якіх ваяваў і сам Краўцоў. У час гэтага вызвольнага паўстання займаўся справамі друку, быў загадчыкам паўстанцкай друкарні ў Клецку.
Пазней працаваў у Радашковіцкай беларускай гімназіі (1922-23). Жыў у Вільні. Рэдагаваў часапіс "Саха" (1923). З 1927 года актыўна ўдзельнічаў у працы Беларускага навуковага таварыства. З 1916 года друкаваўся у перыёдыках "Гоман", "Звон", "Беларускае жыцьцё", "Беларускія ведамасьці", "Беларусь", "Наша думка", "Маланка", "Грамадскі Голас", "Беларускае слова", "Сялянская ніва", "Беларуская культура", "Беларускі дзень".
Беларускія пісьменнікі, Макар Краўцоў злева
Карыстаўся таксама псеўданімам Язэп Святазар. Пераклаў на беларускую мову творы Аляксандра Купрына, Міхаіла Лермантава, Генрыка Сянкевіча, Льва Талстога, Мікалая Гогаля, Марка Твена.
Арганізоўваў у родных мясцінах беларускія канцэрты, спектаклі. Арыштоўваўся ўладамі Польшчы за нібыта пракамуністычную агітацыю.
У 1930-ых гадах адышоў ад літаратурнай творчасці. Не мог знайсці працы. Быў сябрам Галоўнай управы Таварыства Беларускай Школы ў 1936-37 гадах. У кастрычніку 1939 года працаваў у рэдакцыі газеты "Віленская праўда". Неўзабаве, арыштаваны бальшавікамі, загінуў у зняволенні ў беластоцкай турме. Найверагодней, закатаваны на допытах.
Пакінуў пасля сябе багатую літаратурную спадчыну, але яго галоўным творам назаўсёды застанецца "Ваяцкі гімн". У сям'і Макара Краўцова гучала толькі беларуская мова. Зоська Верас у лісце да Аляксея Пяткевіча ад 3 красавіка 1972 года адзначала: "…ён (…) быў жанаты з варшавянкаю… Жонка навучылася добра гаварыць па-беларуску і гаварыла мовай мужа доўга і пасля, як ён загінуў".
Месца пахавання невядомае. У Баброўні ў яго гонар і ў гонар Міхася Васілька пастаўлены памятны камень.
Паводле СМІ.
90 гадоў з дня нараджэння Генадзя Бураўкіна
Генадзь Мікалаевіч Бураўкін (28 жніўня 1936, в. Шуляціна, цяпер в. Тродавічы Расонскага раёна Віцебскай вобласці БССР - 30 траўня 2014, Менск) - беларускі паэт, дзяржаўны дзеяч
Нарадзіўся ў сям'і службоўца ільнозавода. Дзяцінства Генадзя прыпала на 2-ю сусветную вайну, калі пачалася вайна яму было пяць гадоў. Бацька - Мікaлaй Сцяпанавіч - партызаніў, потым перайшоў лінію фронту, ваяваў у дзейнай арміі, цяжка паранены пад Ржэвам. Маці - Феадосія Ягораўна - засталася з дзецьмі.
Генадзь Бураўкін успамінаў:
- Самае страшнае было наперадзе, калі зімой 1943-га года прыйшлі ў вёску карнікі, помсцячы сем'ям партызан і ўсім вяскоўцам. Карнікі выгналі людзей з хат, выстраілі перад кулямётам і доўга трымалі на холадзе. Мы стаялі на ўзгорку трыма радамі: першы рад мужчыны і дзяды, другі - заплаканыя жанчыны з малымі на руках і трэці - мы, каму шэсць - дзесяць - дванаццаць гадоў. На нас быў нацэлены кулямёт. Мы чакалі стрэлаў. Плачуць жанчыны, маўчаць дзяды. А стрэлаў усё няма. Пад вечар нас сагналі ў лазню на ўскрайку вёскі. Было цёмна і цесна. Для малых адвялі палок, мы сагрэліся на ім і пачалі валтузню, а маці нашы плакалі і чамусьці пачалі абдымацца. Я тады не ведаў, што дзверы лазні забіты цвікамі, што лазня абкладзена саломай і паліцаі пайшлі шукаць бензіну. Я тады многае не разумеў. Шчаслівы выпадак выратаваў людзей. Я не памятаю твару таго, хто вызваліў нас. Памятаю толькі, што гэта быў стары немец-салдат. Ён не ўмеў гаварыць па-руску і ўсё махаў рукамі ў бок лесу. Мы ўсе ўцяклі і выратаваліся.
Да восьмага класа Генадзь вучыўся ў Расонскай школе, потым у Полацку, куды пераехалі бацькі. Скончыў сярэднюю школу ў 1954 годзе. Паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта, скончыў яго ў 1959 годзе. У 1964 годзе ўступіў у КПСС.
Працаваць пачаў у часопісе "Камуніст Беларусі", потым перайшоў на радыё, затым быў загадчыкам аддзела і намеснікам галоўнага рэдактара ў газеце "Літаратура і мастацтва". У 1968-1972 гадах працаваў уласным карэспандэнтам па Беларусі газеты "Правда", у 1972-1973 гадах узначальваў рэдакцыю часопіса "Маладосць". З "Маладосці" перайшоў на пасаду старшыні Дзяpжкaмiтэтa БССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні (1978-1990). Пасада надала паэту высокі грамадскі і партыйны статус. Генадзь Бураўкін стаў дэпутатам Bяpxoўнaгa Сaвeтa БССР (1980-1990) і членам ЦК КПБ (1981-1990). Быў адным з ініцыятараў прыняцця Закона аб мовах. У 1990-1994 гадах быў пастаянным прадстаўніком БССР у ААН. Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар. У 1994-1995 гадах быў намеснікам міністра культуры і друку БССР. У 1995-2001 гадах працаваў у часопісе "Вожык".
Друкаваўся з 1952 года. Яшчэ ў школе пачаў пісаць вершы, некаторыя з іх апублікавала раённая газета.Творы Генадзя Бураўкіна вылучаюцца маштабнасцю вобразаў, дакладнасцю, прасветленасцю радка, гнуткасцю і мілагучнасцю слова. У зборніках "Майская просінь" (1960), "З любоўю і нянавісцю зямною" (1963), "Дыханне" (1966), "Жніво" (1971), "Выток" (1974), "Варта вернасці" (1978), "Пяшчота" (1985), "Гняздо для птушкі радасці" (1986), "Узмах крыла" (1995) і іншых раскрыў біяграфію пакалення, якое прайшло праз пакуты вайны, аднаўляла разбураны край, змагалася за справядлівасць, кахала. Паэзіі Бураўкіна характэрна арганічная сувязь з роднай зямлёй і гісторыяй, любоў да чалавека, роздум над жыццём, грамадзянскі тэмперамент, высокая духоўнасць, публіцыстычнасць, усведамленне адказнасці за слова. Лірыка яго задушэўная, адкрытая, споведная.
У 1997-1999 гадах быў старшынём ТБМ імя Ф. Скарыны. Пры ім газета "Наша слова" была перададзена ў Ліду, дзе выходзіла з 1997 да канца 2021 года, а цяпер выходзіць, як "Наша слова.pdf".
У 2000 годзе, сумесна з Радзімам Гарэцкім і Рыгорам Барадуліным, ініцыяваў і арганізаваў Усебеларускі з'езд за незалежнасць.
Член Беларускага ПЭН-Цэнтра, Рады беларускай інтэлігенцыі, Савета заснавальнікаў грамадскага навукова-аналітычнага цэнтра "Беларуская перспектыва".
З 2008 года кіраўнік назіральнага савета спадарожнікавага тэлеканала, які вяшчае на беларускай мове.
У цяжкім стане здароўя, за два тыдні да смерці, выказаў сваё галоўнае жаданне - убачыць выданне кнігі сваіх вершаў апошняга часу "Нагаварыцца з зоркамі". Апошнюю волю Генадзя Бураўкіна здзейснілі.
Памёр 30 траўня 2014 года. Пахаваны ў Менску на Усходніх могілках.
Паводле СМІ.
Дранікі з вышэйшай адукацыяй
На Гарадзеншчыне адкрылі новы культурна-адукацыйны цэнтр "Беларускі дранік"
Культурна-адукацыйны цэнтр адкрыл i ў Воранаве 22 жніўня ў дзень правядзення бульба-фэсту "Воранаўск i дран i к"
Чырвоную стужку каля ўваходу ў цэнтр перарэзалі старшыня Гарадзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта, старшыня Воранаўскага райвыканкама Аляксандр Часнойць, дырэктар раённага цэнтра культуры Ірына Камінская.
У некалькіх залах можна даведацца пра гісторыю з'яўлення бульбы на беларускай зямлі, атрымаць інфармацыю аб гатунках, якія вырошчваюцца ў гаспадарках раёна, азнаёміцца са шматлікімі рэцэптамі страў з дранай бульбы і жыхарамі Воранаўшчыны, якія захавалі ўнікальныя спосабы гатавання бульбы і данеслі іх да нашага пакалення. І, вядома, пакаштаваць гэтыя беларускія далікатэсы ў дэгустацыйнай зале, якая стылізавана пад сялянскую кухню. Галоўная страва на дэгустацыйным стале, вядома ж, знакамітыя "нацкія дзеруны" - унікальны рэцэпт з вёскі Нача. Яны гатуюцца з бульбы, дранай на вялікай тарцы, да іх дабаўляюцца белыя грыбы, яйкі, смятана і крыху мукі. Абсмажаныя блінцы запякаюцца ў печы ў гаршках у сметанковым соўсе. Як расказала намеснік дырэктара абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Наталля Рамановіч, унікальны рэцэпт "нацкiх дзеруноў" па праву стаў складовай часткай дассе, якое перададзена на папярэдні разгляд у камісію ЮНЕСКА для ўнясення ў Спіс сусветнай спадчыны. Таму Воранаўскі раён не выпадкова стаў сталіцай драніка і годна спраўляецца з гэтай місіяй. "
- Цэнтр пачне актыўна працаваць з 1 верасня, калі стартуе навучальны год і дзеці да нас пачнуць прыходзіць цэлымі класамі, - расказала Ірына Камінская. - Мы лічым важным вучыць маленькіх жыхароў раёна мясцовым кулінарным традыцыям, каб яны адчувалі сябе часткай многіх пакаленняў беларусаў, якія стагоддзі жылі на гэтай зямлі. Вядома, разлічваем, што цэнтр стане месцам прыцягнення турыстаў, ён уключаецца ў турыстычныя маршруты. А самай галоўнай задачай лічым захаванне нашых беларускіх народных традыцый, "спадчыны" нашай Воранаўшчыны.
Стравы з дранай бульбы, якія гатуюць у Воранаўскім раёне, унесены ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. А галоўнае ж тое, што яны не сталі проста часткай гісторыі, яны жывуць, з'яўляюцца на кожным стале, карыстаюцца вялікай папулярнасцю ў турыстаў і сталі сапраўдным смачным брэндам нашай Беларусі.
БЕЛТА. Фота Леаніда Шчаглова.
ЯЦВЯЖСКІЯ ЗАМАЛЁЎКІ
Станіслаў Суднік
За род наш яцвяжскі замоўлю я слова
Яцвягі
Мой род прайшоў дарогай цяжкай
І ў той дарозе ўсё згубіў,
Згубіў ён мову, песні, казкі
І імя сам сваё забыў.
Ды выжыў нейк і зноўку ўстаў,
І зноў над ім штандары славы,
І станавым хрыбтом ён стаў
Свабоднай новае дзяржавы.
Нас адмянілі ўсіх гісторый знаўцы,
А мы жывыя, мы вось тут,
Спяваюць песні зноў дайнаўцы,
Судавы родны праслаўляюць кут.1
Я іх бачу, як сёння, гэтых высокіх, штыўных мужчын-брунетаў сяла Сейлавічы Нясвіжскага раёна: Некрашы, Галоўні, Суднікі, Чарнюкі і многія-многія іншыя. Такія ж жанчыны - брунеткі, высокія, прыгожыя. Гэты тып беларусаў с.п. Уладзімір Караткевіч называў яцвяжскімі гракамі2. Яны там у Сейлавічах пра тых яцвягаў нічога не ведалі і не чулі, хоць і ляжаў, і ляжыць у капліцы каля сейлавіцкага касцёла ручнік з яцвяжскім арнаментам. Гэты антрапалагічны тып вельмі ўстойлівы. Хоць у выніку змешаных шлюбаў дзеці часта нараджаюцца светла-валосымі, але пад 16-18 гадоў яны вяртаюцца да вытокаў, і валасы са светлых становяцца, калі не чорнымі, то цёмна-каштанавымі.
Сейлавічы ляжаць на стыку старажытных цывілізацый. За 1-1,5 км на паўднёвы захад ад іх - дрыговіцкі курганны могільнік 11-13 стагоддзяў, а за 3 км на поўнач стаіць вёска Кунаса, чыя назва сугучна імені ўнука ці праўнука таго самага міфічнага Палямона.
Як там фармавалася насельніцтва Сейлавіч - асобнае пытанне, а тут мы толькі сведчым наяўнасць нашчадкаў яцвягаў у наш час, у канкрэтным месцы нашай сучаснай Беларусі.
Яшчэ алзін прыклад. Хлопцы з вёскі Дайнава на Лідчыне ніколі не ўнікалі традыцыйных боек на забавах і ніколі не ўцякалі. Палягуць усе, але ніводзін не пабяжыць. Таму іх проста стараліся не чапаць без прычыны. Тут ужо не пра знешні выгляд, тут пра манеру паводзін, характэрную для яцвягаў праз вякі.
Адкуль ёсць і пайшлі яцвягі
Для разгляду гэтай тэмы мы возьмем за аснову кнігу "Забытыя народы Еўропы" польскага аўтара Ежы Стрэльчыка3.
ЯЦВЯГІ
Нават назва народа, пра які ідзе гаворка ў гэтым нарысе, з'яўляецца прадметам дыскусій. Невядома, як яны сябе называлі, бо дастатковых доказаў з яцвяжскай мовы не захавалася. У польскай і русінскай мовах, а пазней і ў расейскай, мы часцей за ўсё гаворым пра яцвягаў, ятвягаў, ядзвінгаў або яцвенгаў. Гэтая назва ў розных варыянтах упершыню сустракаецца ў русінскіх крыніцах. Іх літоўскія браты часцей за ўсё называлі іх дэнова, дайнова, дэйнова, дайноўцы, а цяпер - афіцыйна - дайнава. У нямецкай тэрміналогіі яцвягі звычайна вядомыя як судовы (судавіты)4. У сярэднявечных польскіх крыніцах (вядома, лацінамоўных) з'яўляецца іншая назва: палексіяны (таксама палесіты), якую, верагодна, варта чытаць не як палешы ці падляшы (як часам думаюць), а хутчэй як палякшане (ад ракі Ленк, або Элк). Варта дадаць, што, хутчэй за ўсё, у многіх сярэднявечных крыніцах, аўтары, якіх не былі добра знаёмыя з этнічнымі адносінамі ў такіх аддаленых і малавядомых раёнах, яцвягі хаваюцца пад больш агульнай назвай прусаў ( прусы, прусіты і г.д.), і, разам з уласна прусамі, верагодна, таксама пад "вучонай", псеўдастаражытнай назвай гетаў.
Неадназначнасць і шматзначнасць тэрміналогіі абцяжарваюць магчымасць даць дакладную назву, але гэта зразумела. Не ўдаючыся ў тлумачэнне паходжання (этымалогіі) гэтых і іншых этнічных назваў, звязаных з яцвягамі, варта адзначыць, што некаторыя са згаданых насамрэч абазначалі толькі асобныя фракцыі, складовыя часткі яцвягаў і пашыраліся іх суседзямі, як гэта часта бывала ў іншых раёнах, па прынцыпе pars pro toto, на цэлае.
Паселішчы яцвягаў, хоць і з'яўляліся па сутнасці нязменнымі на працягу ўсяго перыяду іх гістарычна засведчанага існавання, вядомыя толькі прыблізна з-за адзначанага вышэй недахопу крыніц і недастатковай археалагічнай даследаванасці тэрыторыі. Шырока кажучы: яны займалі паўночна-ўсходнюю ўскраіну цяперашняй Польшчы і сумежныя тэрыторыі Літвы і Беларусі, прыкладна - тэрыторыю "Сувальскага Паазер'я з групай вігерскіх азёр як цэнтральнай часткай усёй тэрыторыі, г.зн. ад Нёмана на ўсходзе да Ленга на захадзе і ад ніжняй Шашупы на поўначы да Бебжы (Бабра) на поўдні" (А. Гейштар).
Кім былі яцвягі? Гэтая праблема ўжо цікавіла некаторых сярэднявечных і рэнесансных аўтараў. У 16-17 стагоддзях была высунута, напрыклад, ідэя аб тоеснасці з вядомымі са старажытных часоў языгамі - адгалінаваннем іранамоўных аланаў (сарматаў), якія, верагодна, у 1-м стагоддзі нашай эры пасяліліся паміж Дунаем і Цісай. Польскі гісторык Марцін Кромер, які быў першым ці адным з першых навукоўцаў, хто прыняў гэтую думку, напэўна, быў прывабленыы пэўным падабенствам племянных назваў: языгі - яцвягі і тым, што старажытныя языгі раптоўна і даволі таямнічым чынам знікаюць са старонак гісторыі напрыканцы антычнасці; ён выказаў здагадку, што яны эмігравалі або былі выцесненыя з Паноніі (гунамі?) і пайшлі "глыбей у Сарматыю". Вядома, у наш час у такія тэорыі ўжо ніхто не верыць. Цікава, што яе прыхільнікамі былі яшчэ ў канцы XVIII стагоддзя стваральнік "навуковай" польскай гістарыяграфіі - біскуп Адам Нарушэвіч, а ў XIX стагоддзі - выдатны вучоны і стваральнік навукі аб славянскіх старажытнасцях - Павел Юзаф Шафарык5. Думка пра тое, што яцвягі былі нашчадкамі старажытных языгаў, каштавала роўна столькі ж, колькі атаясамленне мазаўшанаў з яшчэ больш старажытнымі масагетамі (таксама ў гэтым выпадку можна было ўпарта ўпіраць на падабенства назваў). Вынаходлівасць і інтэлектуальная бесклапотнасць некаторых эрудзіраваных людзей эпохі гуманізму не мела межаў. Адзін з іх, Эразм Стэла (пам. 1521), верагодна, прыдумаў, а некаторыя пазнейшыя людзі, падобныя да яго (таксама ў Польшчы), ахвотна падхапілі гісторыю пра Відавута, першага правіцеля Прусіі ў рымскія часы, і пра яго сыноў, ад якіх павінны былі паходзіць асобныя прускія землі і народы. Відаць, сярод іх быў і Судо - эпонім Судавіі і судаваў.
Адно можна сказаць дакладна: яцвягі належалі да вялікай групы народаў, якія размаўлялі на балтыйскіх мовах. Тэрміны "балтыйскія мовы" (некаторыя навукоўцы настойваюць на форме "балтыцкія", што, аднак, сведчыць толькі пра чыста геаграфічнае месцазнаходжанне), і "балты" - гэта не гістарычныя паняцці, а катэгорыі сучаснай навукі, якія класіфікуюць і ўпарадкоўваюць старажытныя моўныя і этнічныя адносіны. Такім чынам, балты з'яўляюцца асобнай моўнай групай у межах так званай індаеўрапейскай сям'і, побач з такімі групамі, як славяне, германцы, кельты, ілірыйцы, фракійцы і іншыя. Нягледзячы на тое, што пераважная большасць лінгвістаў лічыць, што сярод індаеўрапейскіх моў балтыйскія мовы найбольш блізкія да славянскіх (што нават ляжыць у аснове тэорыі існавання так званай балта-славянскай супольнасці, якая папярэднічала падзелу балтыйскіх і славянскіх народаў), у гістарычныя часы моўныя адрозненні паміж балтамі і славянамі былі ўжо настолькі значнымі, што пра ўзаемаразуменне не магло быць і гаворкі. "Балтыйская" тэрміналогія, вядома, была прыдумана ў сувязі з назвай Балтыйскага мора. Сапраўды, найбольш агульнай характарыстыкай большасці балтыйскіх народаў было іх размяшчэнне на паўднёва-ўсходнім узбярэжжы Балтыкі. Аднак тут трэба адзначыць важны момант: тэрыторыя, заселеная народамі, якія размаўлялі на балтыйскіх мовах, г.зн. балтамі, была ў больш далёкім мінулым, у так званую перадгісторыю, значна больш шырокай, чым пазней, у "гістарычныя" часы, і ні ў якім разе не абмяжоўвалася балтыйскай зонай. Лінгвісты, якія могуць найбольш сказаць па гэтых пытаннях, сцвярджаюць, што балтыйскія мовы займалі значныя тэрыторыі Усходняй Еўропы прыкладна на пачатку нашай эры і пазней; аднак пазней іх арэал зведаў доўгатэрміновае скарачэнне, у першую чаргу на карысць славян, якія паступова выцяснялі балтаў з іх паселішчаў. Аднак, паколькі, як мы ўбачым, знаходжанне балтаў на Балтыйскім моры мае шаноўны, бо старажытны, радавод, незалежна ад пытання аб тым, дзе маглі знаходзіцца самыя раннія балцкія паселішчы (іншае важнае пытанне, але не з пункту гледжання тэмы гэтага нарыса), трэба меркаваць аб іх раннім знаходжанні ў пазнейшых гістарычна засведчаных балцкіх паселішчах. Такім чынам, трэба меркаваць, што "гістарычныя правы" балтаў значна больш аддаленыя ў часе, чым, напрыклад, славян, бо, як мы ўжо ведаем, апошнія, несумненна, пацвярджаюцца ў крыніцах толькі ў VI стагоддзі н. э.6, што азначае, што балты бесперапынна засялялі балцкія паселішчы прынамсі з пачатку нашай эры, а верагодна, і значна даўжэй.
У межах балтыйскіх моў лінгвісты вылучаюць дзве асноўныя групы: усходнюю і заходнюю. Да ўсходніх балтаў адносяцца летувісы, латышы і невядомыя, верагодна, рэліктавыя групы балтаў, якія пацверджаны ў крыніцах або ўстаноўлены на аснове назваў, пакінутых у славянізаваных раёнах, асабліва ў ваколіцах Гжайска (Гжацка) і Мажайска7. Летувіская8 і латышская мовы паспяхова перажылі ўсе нягоды і, як вядома, цяпер з'яўляюцца дзяржаўнымі мовамі Летувы і Латвіі. Мовы заходніх балтаў вымерлі ў розны час, таму мы ведаем іх толькі са старажытных запісаў. Да іх адносяцца мовы старажытных прусаў і ўласна яцвягаў. Паміж Відаваю і Нёманам яшчэ існавалі надбалтыйскія куршы, якія пазней, як мяркуецца, зніклі сярод латышоў і мову якіх часам разглядаюць як прамежкавую паміж заходне- і ўсходнебалцкімі. З заходнебалцкіх моваў найбольш вядомая пруская, бо захавалася шмат помнікаў пісьменства на ёй XV-XVI стст. У дачыненні да яцвяжскай мовы такіх запісаў няма, ад яе засталося толькі некалькі дзясяткаў асабістых імёнаў, якія згадваюцца ў іншых моўных крыніцах, хоць цяжкіх для дакладнай перадачы, але значна большая колькасць геаграфічных назваў, зафіксаваных у крыніцах, а таксама захаваныя ў "жывым выглядзе", у полі.
Пётр з Дусбурга, які напісаў у першай палове XIV стагоддзя гісторыю Тэўтонскага ордэна, і якому мы абавязаны базавымі ведамі аб апошнім этапе незалежнага існавання прусаў і яцвягаў, згадваў Судовію як адну, 9-ю, з 11 пералічаных ім прускіх зямель, побач з землямі Хелмінскай і Любаўскай*, Памязаніяй, Пагязаніяй, Варміяй, Натангіяй; Самбіяй, Надровіяй, Скаловіяй, Галіндыяй і Барсіяй, прыпісваючы кожнай з гэтых краін (акрамя першай) асобны народ, з назвай, адпаведнай назве краіны. Пішучы далей пра ўзброеныя сілы, якія знаходзяцца ў распараджэнні кожнага з гэтых народаў, ён адзначае: "Шляхетныя судовы пераўзыходзяць астатніх не толькі высакароднасцю звычаяў, але таксама багаццем і моцай. У іх 6000 кавалерыі і амаль незлічоная колькасць іншых [пешых] воінаў", што азначае, што яны перавышаюць на адну траціну па колькасці конскіх сіл "багатую і густанаселеную Самбію", якая, як мы даведаліся, магла выставіць 4000 вершнікаў і 40 000 пешых.
Вялікі польскі гістарыёграф XV стагоддзя Ян Длугаш неаднаразова згадвае яцвягаў у сваёй "Гісторыі Польшчы", відавочна лічачы іх асобным народам, хоць і роднасным іншым балтыйскім народам, пра што сведчыць інфармацыя, знойдзеная ў 1112 годзе:
"Яцвягі па нацыянальнасці, мове, рытуалах, рэлігіі і звычаях былі вельмі падобныя да ліцвінаў, прусаў і жмудзінаў. Яны таксама практыкавалі ідала-паклонства. Іх галоўным горадам і сталіцай быў замак і горад Драгічын".
Спакон веку балцкія народы мяжавалі з угра-фінамі на поўначы і паўночным усходзе. Іх блізкасць на іншых межах цяжка вызначыць у этнічных тэрмінах для больш ранніх перыядаў і залежыць ад вызначэння этнічнага складу пазнейшых польскіх зямель. Пачынаючы з ранняга Сярэднявечча, "галоўным" суседам балты сталі славянскія народы і іх дзяржавы, а ў Высокім Сярэднявеччы (XIII стагоддзе) з'явіўся яшчэ адзін сусед - немцы. Гэтая апошняя суседняя краіна аказалася асабліва злавеснай з цягам стагоддзяў, асабліва для прускіх і латышскіх народаў.
II
Даволі бясспрэчна, што першая відавочная згадка пра балтыйскія народы з'яўляецца ў працы "Германія" рымскага гістарыёграфа Тацыта ў канцы I стагоддзя н. э. Яны вядомыя там як аісты (Еsti)**. Тацыт уключае іх у лік немцаў, але паняцце "Германія" ў гэтага аўтара, як мы ўжо ведаем з раздзелаў пра венетаў і свебаў, настолькі шырокае, што нічога не кажа пра рэальны этнічны характар яе жыхароў. Фрагмент, які тычыцца эстыяў, нават для Тацыта даволі шырокі, але ў асноўным ён тычыцца бурштыну, які здабываўся на іх узбярэжжы - сыравіны, якая вельмі цанілася і шукалася ў Рыме. Паводле Тацыта, эстыі
маюць звычаі і адзенне свебаў***, але мова больш падобная да брытанскай****. Яны пакланяюцца маці багоў. Як сімвал сваёй веры яны носяць выявы дзікоў; гэта, замяняючы зброю і любую іншую абарону, абараняе паклонніка багіні нават сярод ворагаў. Яны рэдка выкарыстоўваюць жалеза, часцей дубіны. Яны пакутуюць з вырошчваннем збожжа і іншых зямельных прадуктаў больш цярпліва, чым можна было б чакаць. пасля звычайнай германскай ляноты. Але яны таксама шукаюць у моры, і адзіныя сярод усіх германцаў збіраюць бурштын на мелях і на саміх берагах, які яны самі называюць "глесум". (пер. С. Хамер.)
Нам яшчэ далёка, строга кажучы - амаль цэлае тысячагоддзе - да яцвягаў, але згадка Тацыта пра эстыяў вартая ўвагі, па-першае, таму што гэта першая відавочная згадка балцкіх народаў; па-другое, таму што яна, верагодна, тычыцца заходніх балтаў, пазней вядомых як прусы; і па-трэцяе, таму што яцвягі былі альбо адной з прускіх фракцый, альбо асобным народам, але цесна звязанымі з прусамі, непасрэдна суседнічаючымі з імі і часцей за ўсё падзяляючы з імі агульны лёс.
Мы абавязаны александрыйскаму географу Пталамею (II стагоддзе) неацэннай, хоць і супярэчлівай інфармацыяй, якую, хутчэй за ўсё, можна звязваць з прускімі народамі, а магчыма, нават з прамымі продкамі пазнейшых яцвягаў. У сваім шырокім трактаце, які, паводле яго ўласнага сцвярджэння і меркавання навукоўцаў, быў задуманы як каментарый да страчанай прамой карты ўсяго вядомага старажытнага свету, ён таксама апісаў, наколькі мог, раёны Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. На яго думку, рака Вісла ўтварала мяжу паміж двума вялікімі "правінцыямі": Вялікай Германіяй і Еўрапейскай Сарматыяй. Пералічваючы, як ён заяўляе, "меншыя" народы, якія насялялі Еўрапейскую Сарматыю, і пачынаючы з самай заходняй (і таму, так бы мовіць, непасрэдна на ўсход ад Віслы) іх першай мерыдыянальнай паслядоўнасці (катэны), ён спачатку згадвае гітонаў (готаў) "каля ракі Вісла, ніжэй за венетаў". "Ніжэй" азначае, па словах Пталамея, на поўдзень. Першая катэна праходзіць далей на поўдзень і не павінна нас тут цікавіць, але адразу пасля яе пералічэння Пталамей сцвярджае:
"Далей на ўсход ад згаданых, ніжэй за венетаў, жывуць галіндзяне, судзіны [і ставаны, аж да аланаў]".
Амаль усеагульна прызнаецца, што галіндзяне і судзіны Пталамея адпавядаюць прускім галіндзянам і судавам, або яцвягам, вядомым з сярэднявечных крыніц. Калі гэта сапраўды так, то гэтыя два балцкія плямёны былі б адзінымі з пазнейшых польскіх зямель, якія могуць пахваліцца адносна пэўным старажытным радаводам. Наша задача - прасачыць лёс яцвягаў; гісторыя іх значна больш вядомых суседзяў і сваякоў - прусаў - не мае, строга кажучы, дачыненне да тэмы. Аднак мы не можам цалкам ігнараваць іх з-за іх блізкага сваяцтва і падобнага гістарычнага развіцця, а таксама з-за таго, што прынамсі частка крыніц інфармацыі, якая тычыцца прусаў, асабліва ў перыяд, калі яцвягі былі яшчэ ў значнай ступені невядомыя, па ўсёй верагоднасці можа быць ужыта і да апошніх. Таму, пакідаючы ў баку менш важныя крыніцы, варта згадаць хаця б старажытнаанглійскі дадатак (інтэрпаляцыю) канца IX стагоддзя, уведзены англійскім каралём Альфрэдам Вялікім (871-899) або па яго ініцыятыве да яго перакладу познеантычнага (V стагоддзе) апісання свету (хараграфіі) Паўла Арозія. Інтэрпаляцыя, заснаваная, як сцвярджае аўтар, на апісанні смелага марака Вульфстана, уключае ў т.л.:
Вульфстан расказваў, як ён падарожнічаў з Хедэ [дацкі порт Шлезвіг-Хедэбы ля падножжа Ютландскага паўвострава], што ён прыбыў у Трусо за сем дзён і начэй... Славянскія землі былі ў яго справа... А ў нас былі славянскія землі справа аж да вусця Віслы. Гэтая Вісла - вялікая рака, і такім чынам аддзяляе Вітланд ад зямлі славян. Вітланд належыць эстыйцам. І гэтая Вісла цячэ з зямлі славян, упадае ў Эстыйскі заліў, і гэты Эстыйскі заліў мае шырыню не менш за пятнаццаць міль. З усходу рака Ільфінг упадае ў Эстыйскі заліў з возера, на беразе якога стаіць Трусо... Зямля эстыйцаў вельмі вялікая, і там шмат гарадоў, і ў кожным горадзе ёсць кароль. І там вялікая колькасць мёду і рыбы. І кароль, і магнаты п'юць кабылінае малако, а бедныя і нявольнікі п'юць медавуху. Паміж імі там шмат войнаў (пер. Г. Лабуда).
Далей ідзе больш доўгая і цікавая дыскусія адносна пахавальных звычаяў эстыйцаў (спальванне целаў), якую мы тут апусцім.
Сама назва "прусы" з'явілася нават некалькі раней, у ананімным помніку, вядомым усім даследчыкам гісторыі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы (як я ўжо згадваў, верагодна, напісаным у першай палове IX стагоддзя), часцей за ўсё згадваным у навуцы як "Баварскі географ" - насамрэч гэта нататка, якая апісвае "грады і землі на паўночным баку Дуная". У другой частцы запіскі, якая, на жаль, змяшчае шмат загадак, двухсэнсоўнасцей і, магчыма, непаразуменняў, пасля назваў Прысані і Велунзані, якія часцей за ўсё атаясамліваюцца з паморскімі Пырычанамі і Валінянамі, мы чытаем: "Брузі [маюць] у сваёй акрузе больш, чым ад Анісы да Рэйна". Хоць у гэтым выпадку "Географ" быў скупы на канкрэтныя лічбы, складаная і адсутная ў іншых выпадках фраза "ад ракі Энс да Рэйна" выклікае павагу да памераў тэрыторыі і ўскосна да значнасці гэтых брузі - прусаў. Дадзеныя "Баварскага географа" знаходзяць пэўнае пацверджанне ў другой палове X стагоддзя, калі тэрмін "прусы" зноў з'яўляецца ў крыху скажонай форме ў арабскім тэксце. Ён утрымліваецца ў апісанні Ібрагіма ібн Якуба, яўрэйскага дыпламата і падарожніка на службе ў халіфа Кардавы (у Іспаніі), які таксама, як усе, напэўна, ведаюць, з'яўляецца адной з першых і галоўных крыніц адносна Палянскай дзяржавы Мешка I. Ібрагім, верагодна, атрымаў інфармацыю пра Палянцкую дзяржаву і яе суседзяў падчас свайго знаходжання пры двары імператара Атона I ў Магдэбургу.
З Мешкам* мяжуе на ўсходзе Русь, а на поўначы Бурус. Паселішчы бурусаў ляжаць на беразе акіяна [Балтыйскага мора] . У іх адметная мова, яны не ведаюць моў сваіх суседзяў. Яны вядомыя сваёй адвагай. Калі войска сустракае іх, ніхто з іх не марудзіць, пакуль да іх далучыцца яго таварыш, а наступае, не зважаючы ні на каго, і сечэ мячом, пакуль не будзе забіты. Русы перасякаюць (і атакуюць) іх на караблях з захаду. На захад ад Буруса (ляжыць) Горад жанчын.
Бліжэй да канца X стагоддзя прусы (пруцы і інш.) і іх краіна згадваюцца ў крыніцах у сувязі з місіяй святога Войцеха/Адальберта, які прыняў пакутніцкую смерць у іх краіне 23 красавіка 997 года. Гэта непасрэдна прывяло іх у поле зроку лацінамоўнай Еўропы. Кантэкст падзей таксама сведчыць аб тым, што іх землі таксама трапілі пад поле зроку Палянскай дзяржавы, якая падчас уладарання Баляслава I Храбрага (992-1025) значна выйшла за польскія этнічныя межы. Праз некалькі гадоў, у сувязі з місіянерскай дзейнасцю святога Бруна з Кверфурта, і ў прыватнасці з яго пакутніцкай смерцю, з'яўляецца вестка пра тое, што гэта пакутніцкая смерць адбылася (у 1009 годзе), як запісвае летапісец Цітмар з Мерзебурга, недзе на мяжы Прусіі і Русі. Іншая сучасная крыніца, "Аналы Кведлінбурга" (Annales Quedlinburgen ses), вызначае месца пакутніцкай смерці Бруна як памежжа Русі і Літвы. Нягледзячы на тое, што назва яцвягаў не згадваецца ў сувязі са смерцю святога Бруна, такія абазначэнні месцазнаходжання, відаць, сведчаць аб тым, што яго місія была накіравана менавіта на зямлю яцвягаў і што яны былі адказныя за смерць місіянера. Насамрэч, назва яцвягі была зафіксавана раней, але ў русінскай крыніцы. Гэтая інфармацыя змяшчаецца ў найстарэйшым русінскім летапісе, які традыцыйна адносяцца да так званай "Аповесці мінулых гадоў" Нестара, у 6491 годзе ад стварэння свету, або 983 годзе хрысціянскай эры: "Уладзімір пайшоў супраць яцвягаў, і перамог яцвягаў, і ўзяў іх зямлю" - гэта самая ранняя згадка, якая непасрэдна тычыцца гэтага народа, хоць яна, вядома, змяшчаецца ў крыніцы, якая набыла канчатковую форму толькі ў XII стагоддзі.
Такім чынам на першым этапе мы не высветлілі, "адкуль ёсць і пайшлі яцвягі", але атрымалі наступную інфармацыю:
- 1-м стагоддзі н.э. Тацыт зафіксаваў у Прыбалтыцы мову падобную на брытскую (адна з кельцкіх);
- у 2-м стагоддзі н.э. Пталамей зафіксаваў племя судаваў у Прыбалтыцы;
- ёсць версія ўзнікнення назвы яцвягі ад назвы сармацкага племені языгі, якая сучаснымі навукоўцамі не прызнаецца;
- ёсць інфармацыя пра ўжыванне кабылінага малака ў Прыбалтыцы ў канцы ІХ стагоддзя;
- ёсць прыблізнае размяшчэнне пакуль прызнаных яцвяжскіх плямён.
(Працяг у наступным нумары.)
1 Станіслаў Суднік. Каб агеньчык не згас. Вершы, песні, пераклады, эпіграфы. Ліда. ПУП Пружмень". 2026.
2 Яцвяжскім граком с.п. Уладзімір Караткевіч назваў с.п. Валерыя Петрыкевіча з Дзятлава, які быў таго ж тыпу. Паводле ўспамінаў самога В. Петрыкевіча.
3 Jerzy Strzelczyk. Zapomniane narody Europy. Wydawnictwo Poznanskie. 2015. Выданне другое, папраўленае і дапоўненае.
4 Цяпер афіцыйна - судава, судавы. Немцы сутыкнуліся найперш з яцвяжскім племем заходніх судаваў і перанеслі іхнюю назву на ўвесь яцвяжскі этнас. С.С.
5 Pawel Jozef Szafarzyk.
6 Рэальна славяне знаходзяцца ў Еўропе з 6 ст. да н.э., але патрэбны быў доўгі час, каб з палескіх пушчаў і балотаў выйсці на гістарычную арэну. С.С.
7 Тут трэба выдзяляць паўднёва-ўсходнюю групу, якую складалі дайнава, нальшчаны, уласна літва Міндоўга. Сюды ж, напэўна трэба аднесці зямгалаў і латгалаў. С.С.
8 Тут лепш было б ужываць тэрмін жамойцкая, або, як звыкла казалі нашы продкі, жмудская. С.С.
* У гэтым выпадку інфармацыя Пятра з Дусбурга ўводзіць у зман, бо гэтыя землі былі заселены не прусамі, а палякамі. Аднак летапісец разумее пад "Прусіяй" усе землі, падпарадкаваныя крыжацкаму ордэну.
** Толькі ў Сярэднявеччы гэтая назва была перанесена на жыхароў сучаснай Эстоніі, якія ўжо не належалі да балтаў, а да ўгра-фінаў.
*** Паняцце свебаў - фундаментальна германскага народа або народаў - было вельмі неадназначным у старажытныя часы; Тацыт яшчэ больш ускладніў яго, выкарыстоўваючы ў геаграфічным, а не чыста этнічным сэнсе.
*** Нягледзячы на бездапаможнасць вялікага гісторыка ў лінгвістычных пытаннях, падкрэсліванне адметнасці эстыйскай мовы ад "свебскай" без пытанняў заслугоўвае ўвагі.
* Транскрыпцыя імёнаў і прозвішчаў з арабскай мовы, у якой адсутнічаюць галосныя, складаная. З-за друкарскіх цяжкасцей я апускаю сістэму дыякрытычных знакаў, прымаючы, версію выдаўца Т. Кавальскага як праўдападобную.
Станіслаў Суднік
БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Колеры, афарбоўкі і масці ў Лідзе і ў астатняй Беларусі
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Афарбоўкі і масці жывёлаў
Пароды сабак
Тувінская аўчарка
Не прызнана МКФ, Расія
Турэцкі акбаш
Не прызнана МКФ, Турцыя
Тыбецкі масціф
2 - Пінчары і шнаўцары, малосы, горныя і швейцарскія быдлагонныя сабакі, Тыбет
Тыбецкі спаніель
9 - Дэкаратыўныя і сабакі-кампаньёны, Тыбет
Тыбецкі тэр'ер
9 - Дэкаратыўныя і сабакі-кампаньёны, Тыбет (Кітай)
Тырольскі ганчак
6 - Ганчакі і рсваяцкія пароды, Аўстрыя
Тэдзі Рузвельт тэр'ер
Не прызнана МКФ, США
Тэнтэрфілд тэр'ер
Не прызнана МКФ, Аўстралія
Уіпет
10 - Харты, Англія
Уругвайскі сімарон
2 - Пінчары і шнаўцары, малосы, горныя і швейцарскія быдлагонныя сабакі, Уругвай
Усходнееўрапейская аўчарка
Не прызнана МКФ, СССР
Усходнесібірская лайка
5 - Шпіцы і прымітыўныя пароды, Расія
Фален
9 - Дэкаратыўныя і сабакі-
кампаньёны, Францыя
Фараонавы сабака
5 - Шпіцы і прымітыўныя пароды, Мальта
Фарфоравы ганчак (парселен)
6 - Ганчакі і сваяцкія пароды, Францыя
Фел-хаўнд
Не прызнаны МКФ, Англія
Філа бразілейра, ці бразільскі філа
2 - Пінчары і шнаўцары, малосы, горныя і швейцарскія быдлагонныя сабакі, Бразілія
Філа-таршэйра
Не прызнаны МКФ, Партугалія
Фінскі ганчак
6 - Ганчакі і сваяцкія пароды, Фінляндыя
Фінскі лапхунд
5 - Шпіцы і прымітыўныя пароды, Фінляндыя
Фінскі шпіц
5 - Шпіцы і прымітыўныя пароды, Фінляндыя
(Працяг у наступным нумары.)
В Е Р А С Е Н Ь*
Ежы Путрамант
Згукі Дня беларускага пісьменства ў Лідзе
Аповесць
Том першы
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Аркестр заіграў, і зала ажыла. Брэйва ўзяў на сябе ініцыятыву, становячыся на калені, падскокваючы, пляскаючы ў далоні і акуратна змяняючы кірунак. Крыся круцілася, яе сукеначка падымалася, час ад часу адкрываючы моцныя, круглявыя сцёгны і сінія трусікі. Патоцкі глядзеў на яе з лёгкім неахвотным адценнем, але неўзабаве мелодыя авалодала ім. Яна была паступова скончана, але тая самая, задзірыстая ад пачатку вярнулася цяпер у мінорнай танальнасці, становячыся смяротна, непераадольна сумнай, і ад гэтага смутку тым больш блізкай, адзінай, непараўнальнай. "Гэта, гэта якраз ёсць той мікроб!" - прамільгнула ў свядомасці Патоцкага. Гэтая жывасць і смутак. Гэтая ўяўная, непрыстойная, эпідэрмальная, пустая і вульгарная весялосць, назойлівая, націскала на яго вуха з сутаргавым грукатам барабана. І на смерць і жыццё, звязаныя з ёй гукі, стройныя, пранізлівыя, безабаронныя, усведамляючы ўсе мінулыя і будучыя пакуты, не адмаўляючы іх, прымаючы іх лёсы, ужо здзейсненыя, з іх бяздумнай згоды і волі, узважаныя ў пясочным гадзінніку надыходзячага часу, толькі бездапаможна і наіўна імкнучыся заглушыць іх, бо толькі заўтра ім наканавана будзе стаць целам. Сёння...
- Сёння! Сёння! Сёння! - закрычаў Брэйва, пралятаючы міма стала. Яго вочы блішчэлі бесцялесным бляскам, цела нібы схуднела, вырвалася з-пад смяротнага прымусу гравітацыі, паддалася непаўторнаму, адзінаму праву рытму і ўзнёсласці. Кавалерыст пераследваў яго дробнымі адразнымі крокамі, хуткасцю, якая асляпляла яго вочы. Яго чарняўка што хвілю адрывалася ад падлогі, але нават у паветры яна нібы знаходзіла апору і амаль прытупвала. Яе вочы расшырыліся, яна прыкусіла пухлую ніжнюю губу, і чорная мушка над губамі раптам набыла грацыёзны і неадольны выгляд. Трэці афіцэр, здавалася, адчайна чапляўся за сваю даму, пухлую саракагадовую жанчыну з тоўстымі сцёгнамі, магутным бюстам і, магчыма, трайным падбародкам, якая абапіралася правай рукой на сцягно, а левай сціскала яго ледзь не за карк, круцячы яго вакол, як пярынку. Мінейка з іншай жанчынай, зеленавокай шатэнкай з вострымі, дугападобнымі бровамі, танцавалі крыху скавана, баючыся ўпасці ў празмерную распусту іншых. А потым быў нейкі цывільны з шлагонаўскімі вусамі, і яшчэ адзін, няўмека з абвіслымі валасамі, і, магчыма, яшчэ тры, больш звычайныя, незаўважныя. І наймацнейшы ўплыў аказвалі нават не гэтыя пары; а нейкае пагойдванне, амаль бачнае ўсіх іншых за столікамі, тыя лысіны і гальштукі, дэкальтэ, мундзіры, небагатыя фамільныя каштоўнасці, пачырванелыя ад алкаголю рукі і шыі, вочы, што сачылі за танцорамі. Нават аркестр прытупваў нагамі, рытмічна схіляючы шыі, а афіцыянты - яны стаялі ў дзвярах, спыніўшы свой пастаянны бег з падносамі, каб не сапсаваць цырымонію.
Тэмп, тэмп нарастаў, твары пар расплываліся, як у юлаў, заставаліся толькі чорныя лініі броваў і чырвоныя вусны. Канец наступіў раптоўна, аркестр змоўк, нібы здзьмуўся. Яшчэ некалькі абаротаў, мёртвая танцавальная хваля. Пары вярнуліся, потныя і хістаючыся.
Столік сустрэў іх воплескамі, быццам пераможцаў. Вестры працягнуў келіхі. Танцоры кульнулі, перасохлыя знутры, сасмяглыя ад абэрачнай спёкі. Віно ўдарыла адразу. Вестры шалеў, мітусіўся вакол Крысі, але не забываўся і пра астатніх траіх, прыгалубленых, бесперапынна наліваў, крычаў на афіцыянтаў. Афіцэры працягвалі падымаць тосты, іх фантазія пачала разыходзіцца, і яны пілі зноў і зноў за здароўе дам і войска. Пасля шампанскага нейкі зласлівец дадаў чыстай гарэлкі з вермутам. Потым вярнулася чырвонае віно. Далей быў поўны балаган: шампанскае змешвалі з гарэлкай і півам, каньяк налівалі ў гарбату, хтосьці патрабаваў марожанага з вішнёвым лікёрам, каханыя, як быццам нічога не здарылася, узяліся за біфштэксы, а пузаты лысы еў бігас.
Тым часам аднавіліся звычайныя танцы, натоўп на паркеце павялічыўся. Патоцкі раптам зразумеў, што танцуе, што перад ім твар, які ён ужо недзе бачыў: вялікія чорныя вочы з доўгімі вейкамі, густыя бровы, амаль зрослыя разам, злёгку кірпаты нос, вельмі чырвоныя вусны. "Непрыгожая", - падумаў ён, адчуваючы, як яе цела ахінае яго, як добра пашыты касцюм, і зноў зірнуў на яе. "У яе шалёны тэмперамент", - адразу ж зрабіў выснову. Яна танцавала павольна, заплюшчыўшы вочы, без следу ўсмешкі, сур'ёзная, узіраючыся ў сябе, цешачыся кожным рухам, кожным дотыкам. "Адкуль я яе ведаю?"
- Як цябе завуць?
- Алена, - ціха сказала яна. Яна паглядзела на яго і заплюшчыла вочы, магчыма, каб схаваць іскру ўсмешкі. Ён прыціснуў яе бліжэй, прагна ўзіраючыся ў яе губы. У яе быў густы пушок над верхняй губой. "Тэмперамент", - зноў падумаў ён і заўважыў усмешку, якая ўжо з'явілася па вуснах, што яна прыглядваецца да яго з даволі падбадзёрлівай іроніяй. Яго ахапіла жарсць: "Я ёй пакажу". Святло якраз пагасла, каляровыя рэфлектары бегалі зялёнымі і чырвонымі плямамі па танцорах. Ён нахіліўся наперад і ледзь не прыкусіў яе злёгку прыадчыненыя вусны. Яна не варухнулася, але ціск яе цела яшчэ больш узмацніўся, быццам яна вось-вось страціць прытомнасць. Танга салодка працягвалася.
Потым ён зноў сеў за столік. Алена, Алена, што за дзіўнае імя? Украінка? Алена вярнулася на сваё месца; аказалася, што яна была трэцяй, той, каго не запрасілі на абэрак. Яе сяброўкі, тоўстая і зеленавокая з выскубанымі бровамі, шапталіся з ёй, нядбайна адбіваючыся ад прыставання афіцэрыкаў. Іх спадарожнік, лысы мужчына, ужо скончыў свой бігас і запіваў яго шампанскім. Брэйва, груба адшыты зеленавокай, прысеў да Патоцкага і зноў пачаў з ім размаўляць. Ён пахваляўся сваімі сувязямі ў Вярхоўным камандаванні.
- Папанцы! - пракрычаў ён незразумелае заклінанне, нахіліўшыся наперад і гледзячы Патоцкаму ў вочы. - Якія ў нас папанцы! Гэта будзе для іх неспадзяванка! На адлегласці двухсот метраў прабівае адзін-коска-тры! - Коска-тры! - настойліва паўтараў ён, гледзячы Патоцкаму ў вочы. - Вы разумееце, сенатар, што значыць коска-тры?
Патоцкі не зразумеў і зусім не шкадаваў пра гэта. Алена нарэшце расплюшчыла вочы і ўтаропілася на яго, відавочна ненасычаная танцам. Ён злавіў яе позірк, адхіліўся ад Брэйвы, які насядаў на яго. Ён ужо збіраўся ўстаць, пакліканы яе позіркам, калі яна павольна, нібы ў трансе, паднялася і рушыла да іх. Кароткі намёк на радасць прабег па ім, як іскра. Алена падышла да іх. Ён ускочыў, працягнуўшы рукі, але яна павярнулася да Брэйвы:
- Паручнік, вы яшчэ са мной не танцавалі!
Брэйва неахвотна ўстаў, нядбала ўзяў яе, і яны рушылі, але ён усё яшчэ паварочваўся да Патоцкага:
- Коска-тры, вы зразумелі?
Патоцкі стаяў бездумна. Другая вялікая параза канчаткова яго прыгняла. Здрадлівая Алена праплыла міма яго, прыціснутая магутным плячом Брэйвы.
- Коска-тры, папанцы, гэта вельмі важна! - бубніў ён, як завучанае.
- Не дуры! - Яе вочы зноў заплюшчыліся, а голас стаў яшчэ ніжэйшым. - Гэта не так важна.
- Неспадзяванка! - закрычаў Брэйва, смяротна пакрыўджаны. На ўсялякі выпадак...
Яны крутнуліся далей, паглынутыя захапленнем. Патоцкі зноў адчуў раптоўны прыступ агіды. Дзе Вестры? Нарэшце трэба было з ім пагаварыць. Вестры не было. Мінейка панура сядзеў і неахвотна хлябтаў нешта ружовае. Зеленавокая жанчына марна падладжвалася да яго. Крысі таксама не было. "Сукін сын!" - падумаў ён пра Вестры з неахвотай і зайздрасцю. "Ён ужо кудысьці яе пацягнуў". І плюгавая думка: з дзяўчынай яму ўдалося, таму, магчыма, ён будзе больш уступчывы мне.
Трэці афіцэр, Маркевіч, адчайна абараняўся ад таўстухі, якая спрабавала ўгаварыць яго на танец. Патоцкі паглядзеў на іх, каб вызваліцца ад гэтай справы з Вестры. Уся яго сімпатыя была да Маркевіча. Пся крэў, і гэты здаўся. Яна вяла яго за руку, як школьніка.
Яшчэ некалькі келіхаў. Прабелы ў памяці. Вестры, тры крокі за Крысяй. Брава, ён, мабыць, абарваў, раз'юшаны, бледны, ні на каго не глядзіць... Хто заўгодна. Шум, духата. Зеленавокая жанчына робіць рух да пярсцёнка.
- На памяць, - шапоча яна, наступаючы яму на нагу. Зноў танец, з ёй.
- Што ты сабе думаеш! - амаль крычыць яна. - Я сумленная жанчына, у мяне ёсць муж! - вырываецца, кідаючы яго пасярод залы. Што гэта з ёю?
- Вытры шчаку! - шыпіць Мінейка на Маркевіча, і той заўзята выцірае хусткай пачырванелую шчацінне барады, дзе здрадліва чырванее падвойны паўмесяц нечых гарачых вуснаў. Яго мажная заваёўніца нявінна пудрыць нос. Лысы мужчына ціха дакарае яе.
- Відаць, яе муж! - хіхікае Брэйва на вуха. - Калі мы пойдзем адсюль?
Бойка ля ўваходу. Афіцэр і два карпаратары кідаюцца адзін на аднаго, дама ў чорнай сукенцы спакойна назірае за імі.
- На дапамогу! - крычыць Брэйва, і Мінейку даводзіцца сілай усаджваць яго на крэсла.
- Калі...
- Ідзём! - змрочна мармыча Вестры.
Аркестр усё яшчэ грае, яшчэ некалькі пар валакуцца пасярод залы. Безнадзейна сумна. Яны выходзяць, дамы спачатку, кавалеры ззаду, спрабуючы быць першымі, падштурхоўваныя Вестры.
У гардэробе Брэйва і Алена хаваюцца ў кутку, перакананыя, што іх ніхто не бачыць. Ужо амаль світае, свежае паветра выклікае млоснасць.
Мінейка бярэ Крысю за руку, адмаўляючыся карыстацца машынай фундатара. Тоўстая жанчына і мужчына з лысінай як мага хутчэй залазяць у машыну. Вестры цалуе Крысю ў руку.
- Калі я табе калі-небудзь спатрэблюся... - кажа ён з націскам.
- Будзем спадзявацца, што не спатрэбіцеся! - перабівае яго Мінейка.
- Паручнік! - крычыць ён Брэйве, - перастань марудзіць!
Брэйва адскоквае ад Алены і зноў стукае абцасамі. Патоцкі залазіць у машыну, падпіхваны гаспадаром.
Пад'язджае нейкая машына, прабягае па іх асляпляльным святлом фараў і спыняецца. Нехта выскоквае. Афіцэры і іх спадарожніцы спрабуюць уцячы ад святла, прыкрываючы вочы рукамі.
- Што за балван тут дурэе. Выключыць! - крычыць Мінейка і раптам спыняецца.
- Паручнік! - грыміць гучны бас. - Да яснай халеры, хто дазволіў вам швэндацца з нейкімі...
- Пане, генерал, - заікаецца Мінейка. - Нарачоная...
- Мне пляваць на вашых нарачоных! У колькі гадзін цягнік? Дзе квіткі? Як вы смееце без дазволу...
- Пан генерал сказаў... мы павінны былі начаваць...
- На гаўптвахце будзеце начаваць. Залазьце!
Вестры, нібы сам чакаў гэтага загаду, уціснуўся ў машыну, і кіроўца паехаў. Бедны Брэйва цягнуўся за ім з дзвюмя жанчынамі, Крыся прыціскала хустку да твару.
- Дзякуй Богу, што ты не ў войску! - рэзка сказала тоўстая жанчына мужу. - Я б памерла ад сораму...
- Бачыш! - філасофскі сказаў лысы мужчына. - Ты не вельмі мяне цаніла там, у зале. З жанчынамі заўсёды так... - ён фамільярна звярнуўся да гаспадара. - Ім абы толькі мундзір...
Яна груба заклікала яго да парадку. На шчасце, яны жылі побач, на Воўчай.
- Было вельмі прыемна пазнаёміцца. Я - Кебысь, магістр права з гарадской управы.
Вестры ледзь не выпхнуў яго, злосна фыркнуўшы і ўладкаваўшыся ў кутку. Шафёр імчаўся па пустых вуліцах. Патоцкага зноў захліснула хваля непрытомнасці. Толькі штуршок у локаць.
Яны стаялі перад "Брыстолем", дзе ён спыніўся. Вестры выцягнуў яго з машыны. Раптоўны парыў сардэчнасці:
- Дзякуй, дзякуй, дарагі старшыня. Вы былі такія добрыя.
- Добра, добра, сенатар. Выпіце чорнай кавы.
- Усё так прыемна. Гэтыя хлопцы, гэтыя дамы, пан мае рацыю, польскія жанчыны наймілейшыя, ці не так?
Вестры прамармытаў нешта невыразнае, сціснуў яго руку:
- Мне пара...
- Час... час - гэта грошы, - механічна паўтарыў Патоцкі і раптам успомніў, чаму ён хацеў сустрэцца з Вестры. - Грошы, пан старшыня, менавіта ў гэтым і сэнс, - адцягнуў яго ад машыны. - Вы такія добрыя, ведаеце, у мяне праблемы ў Валожыне. Ці не маглі б вы мне дапамагчы... - і ён спыніўся.
- Што залатвіць? - нецярпліва спытаў Вестры. - Вы таксама прадаяце іх акцыі? Гэтыя патрыёты!
- Акцыі? Якія патрыёты?
- Ну і што? Трансфер у Швейцарыю? У Амерыку? Прабачце, валюту, можа, заўтра...
- Не, не! Куды зноў? - Патоцкі схапіў яго за руку. - Ніякага трансферу! Кароткатэрміновы крэдыт, на маёмасць, другая іпатэка...
- Ха, ха, ха! - раптам выбухнуў Вестры.
- На іпатэку? Што вы маеце на ўвазе? І гэта сапраўды кароткатэрмінова? Ха, ха, ха!
- Але так, год, максімум два...
- Ха, ха, ха! - захлынуўся Вестры. - Не можа быць! А больш доўгая не патрэбная? - Яго смех сціх. - Гэта цяпер нічога не значыць, мой пане. Тыдзень, хочаш? - Ён паляпаў яго па плячы і ўскочыў у машыну.
6
Цэлую палову дня, пасля абеду, блукаючы з адной канферэнцыі на другую, Бурда цягнуў за сабой гэтае пачуццё няўдачы, цяжкае і бясформеннае, як нястраўнасць. У яго не было часу пакапацца ў сваёй свядомасці; ён не ведаў, што было галоўнай прычынай - ці то каламутная вада задумы Вестры, ці то яго ўласная паспешлівая адмова ў справе Пекароў. Ён адчуваў толькі, што адбываецца нешта нядобрае, нешта, што падрывае псіхічны прытулак, у якім ён хаваўся ў апошнія некалькі месяцаў ён адчуваў, што страх і трывога, якія ахапілі жыхароў гэтай краіны з сакавіка, ды і самога Бурду, пачынаюць паражаць яго. Увечары ён усё ж такі вяртаўся дадому, знясілены, спяшаючыся ў адзіноту, каб нарэшце спакойна падумаць, і смутна баючыся таго, што ён выдумае.
Ён сеў за стол. Яшчэ на хвіліну адклаў звядзенне рахункаў з сабой: сыну, падпаручніку, павінен быў нешта напісаць у тую Бохню. Ён толькі пацеў над першым сказам, не ведаючы, што прапанаваць свайму адзінаму дзіцяці ў такой складанай сітуацыі, калі ў калідоры загрымеў знаёмы, гучны бас, сапраўды генеральскі.
Бурда не здзівіўся гэтаму візіту. Прысутнасць брыгаднага генерала Домб-Фрыдэберга ў сталіцы згадвалася і ў міністэрстве, і на вуліцы Нававейскай, з даволі недвухсэнсоўным каментаром: зноў старому перніку Напалеон не дае заснуць. Вядома, чарговая пілігрымка Фрыдэберга не магла прайсці без стуку, і да яго, Бурды, міністэрскай міласці.
На секунду ён раззлаваўся: нават не паспее дапісаць ліст. Потым яму мільганула ў галаве, што Фрыдэберг прыйшоў якраз, каб ліст можна было напоўніць чымсьці канкрэтным. Ён устаў, пайшоў насустрач распасцёртым абдымкам генерала, гераічна вытрымаў пацалункі з дубальтоўкі, кручэнне сармацкіх вусоў і ўсе іншыя дэталі рэпертуару Фрыдэберга: генерал з гадамі ўсё больш і больш сянкевічаў!
Яны сядзелі ў салоне. Нізкая лямпа на стале завастрывала рысы іх твараў, цені броваў закрывалі ілбы, вочы былі схаваныя - магчыма, на лепшае. Бурда ведае, з чым той прыйшоў, а значыць, манеўраваць няцяжка. Можна было скараціць яго ўступныя заявы.
(Працяг у наступным нумары.)
* Jerzy Putrament. Wrzesien. Ежы Путрамант. Верасень. Аповесць у двух тамах. Выдавецтва Міністэрства нацыянальнай абароны, Варшава, 1953 г. Першае масавае выданне. Тыраж: 75 000 асобнікаў. Пераклад Станіслава Судніка.
Apage!..1
Чэслаў Янкоўскі
Калі сыходзіш, сыходзь…
Не памылюся, калі прадкажу, што 20 лістапада, праз некалькі месяцаў, ад помніка Мураўёву на плошчы Напалеона, якая такі працяглы час называлася Дварцовай, не застанецца і следу.
Чаму я згадваю менавіта дату 20 лістапада? Таму што 20 лістапада па новым стылі ці 8 лістапада 1898 года па ранейшым, старым стылі, быў адкрыты помнік Мураўёву, які ў наш час цалкам прыбіраецца. І нам застаецца толькі назіраць, як апошняя фурманка са смеццем вось-вось прагрыміць па бруку, як абваляцца часовыя рыштаванні з агароджай, і нам будзе здавацца сном тое, што калісьці на гэтым месцы на плошчы амаль што трыццаць гадоў стаяў помнік Мураўёву.
Насамрэч, ён знік адсюль 12 (25) жніўня 1915 года, калі статуя, знятая з пастамента, была эвакуіравана самімі расійскімі ўладамі. Аднак пастамент усё яшчэ тырчаў у цэнтры плошчы, і квітнеў, як каласальная ружа... Нарэшце, і гэта знікне2. Магчыма, усяго праз некалькі дзён. Apage! "А кыш, а кыш!"... як казаў гусляр у Дзядах3.
Узвядзенне помніка Мураўёву ў Вільні і яго пышнае адкрыццё засталося амаль што незаўважаным за мяжой. Я меў магчымасць у гэтым пераканацца, бо працяглы час жыў у Эльзасе-Латарынгіі ў 1899 годзе. Там, у Труа-Эпі каля Кальмара, пасля вечара, праведзенага з вялікай групай французскіх ірэдэнтыстаў (тых, хто імкнуўся каб Эльзас вярнуўся ў Францыю - Л. Л.), эльзаскія патрыёты выказалі мне афіцыйныя спачуванні з нагоды ўсталявання расійскім урадам помніка Мураўёву ў Вільні.
- Ох, якія ж вы няшчасныя! Які ўдар! - у адной з дам на вачах былі шчырыя слёзы...
На што я адказаў:
- Паважаная пані! Мы вытрымалі Мураўёва жывым... Дасць Бог, перажывем і бронзавага.
І вось, мы перажылі. "Кляштар жыве даўжэй за прыёра".
*
Выклікае рэфлексію нават сам факт, што ўзнікла патрэба праз трыццаць з лішнім гадоў пасля "задушэння паўстання" ўстанавіць у Вільні помнік, каб Мураўёў як пагрозлівы палец указваў у неба.
Але... Мураўёў быў не ідэальным? Бо ўсё ж "на Літву" (як тады казалі) паслалі самага надзейнага чалавека, з самай жалезнай рукой. Імператрыца, калі ён выязджаў з Санкт-Пецярбурга, сказала з неапісальнай інтанацыяй у голасе: "Каб вы толькі змаглі ўтрымаць хаця б Літву!".
У такі крытычны момант Мураўёў у Вільні разглядаўся як апошняя надзея.
Міхалу Мікалаевічу графу Мураўёву ў той час споўнілася 67 гадоў. Ён добра ведаў польска-расійскія стасункі. У 1830-х гадах, перад паўстаннем 1863 года, займаў "пасаду" губернатара ў Гародні, ведаў "польскія інтрыгі", і, як выказаўся Селіванаў, "много содействовал усмирению Литвы". Існаваў нават падрабязны мемарандум, прадстаўлены гарадзенскім губернатарам імператару, у якім мы знаходзім думку, што паўстанне 1830 і 1831 гадоў было выключна бунтам духавенства і шляхты. Таму Мураўёў рэкамендаваў звярнуць пільную ўвагу на каталіцкае духавенства і рэлігійныя ордэны, якія аказвалі вельмі шкодны палітычны ўплыў на насельніцтва края. Прапаноўваў супрацьпаставіць ксяндзам адукаваных праваслаўных святароў. Далей рэкамендаваў "усилить и возвысить" у краі "рускую народность", рускую мову і як мага шчыльней пакрыць краіну рускімі карэннымі каланістамі і стараабрадцамі.
Мурав'ёў рэалізоўваў гэтую праграму ў Гарадзенскай губерні. У дадатак, ён вешаў, расстрэльваў, знявольваў, высылаў і паліў вёскі і засценкі, збіраў кантрыбуцыю. Ён лічыў, што чым больш жорсткімі будуць рэпрэсіі, тым хутчэй усё скончыцца. Несумненна, гэта быў яго метад, аднак пераканаў ён не ўсіх, не пераканаў нават самых заўзятых патрыётаў. Ацэнка "метаду" графа Мураўёва выявіла рознагалоссі сярод расійскай грамадскай думкі, нават тады, калі Мураўёў выступаў за цэласнасць і адзінства Расійскай імперыі. Вядома, не бракавала яму і прыхільнікаў. Бессмяротныя заслугі Мураўёва ўзносіліся да нябёсаў нават і ў паэзіі.
Некаторыя мемуарысты скардзяцца, што Мураўёў кіраваў у Гародні занадта нядоўга. Таксама нядоўга займаў ён і пасаду ваеннага губернатара ў Менску. У 1842 годзе Мураўёва адклікалі ў Санкт-Пецярбург і паставілі на чале камісіі па ўрэгуляванні дзяржаўных межаў, а ў 1849 годзе ён быў прызначаны ў Дзяржаўную раду. У 1856 годзе ён стаў старшынём Дэпартамента ўладанняў, а праз год атрымаў партфель Міністэрства дзяржаўных маёмасцяў. Вельмі актыўна ўдзельнічаў у сялянскай рэформе, прыхільнікам якой не быў.
Мураўёў прыбыў у Вільню 14 траўня 1863 года4. А праз паўгода ўжо можна было адклікаць гвардыю назад у Санкт-Пецярбург. Яна не была больш патрэбна...
Пасля задушэння паўстання Мураўёў нядоўга кіраваў у Вільні. Зноў жа, як і ў Гародні, надта нядоўга... Сам ён не лічыў сваю справу цалкам выкананай. У мемарандуме, прадстаўленым імператару 6 красавіка 1865 г., рэкамендаваў трымаць краіну на ваенным становішчы і не адмяняць самыя жорсткія часовыя меры яшчэ некалькі гадоў.
Граф Міхал Мікалаевіч памёр 29 жніўня 1866 г.
*
Ідэя ўсталяваць помнік Мураўёву ў Вільні з'явілася ў 1889 г. у генерал-губернатара Каханава. У пецярбургскіх сферах гэты праект атрымаў самае поўнае прызнанне. У сакавіку 1891 года Аляксандр III падпісаў акт аб зборы ахвяраванняў па ўсёй Расіі. Пазней сам імператар зацвердзіў макет помніка і яго месцазнаходжанне.
Тым часам у Вільні будаўніцтвам помніка займаўся спецыяльны камітэт пад кіраўніцтвам генерал-губернатара Каханава, потым Аржэўскага, прызначанага генерал-губернатарам 31 сакавіка 1897 года, і, нарэшце, Троцкага. У склад камітэта ўваходзілі губернатары: віленскі губернатар Грэвеніц, ковенскі Клінгенберг, некалькі маршалкаў шляхты, віленскі "галава" горада Рубцоў (пасля яго генерал Бертхольд), папячыцель Віленскай навучальай акругі Сяргееўскі...
Закладку падмурка з вялікай урачыстасцю адсвяткавалі 3 кастрычніка 1897 года. Але тое святкаванне немагчыма было параўнаць з помпай і святкаваннямі, якія разгарнуліся ў дзень адкрыцця помніка, як ужо згадвалася, 8 (20) лістапада 1898 года.
Сам імператар Мікалай II выказаў сваё найвялікшае задавальненне ў тэлеграме генерал-губернатару Троцкаму. На адкрыццё ў Вільню прыбылі два графы Мураўёвы - міністры юстыцыі і замежных спраў, тагачасны міністр унутраных спраў Гарамыкін, галоўны дзяржаўны кантралёр Філіпаў... і безліч розных дробных саноўнікаў і чыноўнікаў. З Масквы прыбыў рэдактар незабыўнай газеты "Маскоўскія ведамасці" Грынгмут і не менш памятны нам Камароў, рэдактар газеты "Свет".
Хапіла ўсіх.
Пасля трох стрэлаў з Замкавай гары, ад сённяшняга касцёла святога Казіміра, які тады быў кафедральным саборам, працэсія рушыла па вуліцах Вялікай і Замкавай, праз Тэатральную да Дварцовай плошчы. Міністр юстыцыі выступіў з грандыёзнай прамовай. (Вядома ж! Бо здзейсніўся суд гісторыі!)
Горад быў багата ўпрыгожаны. Генерал-губернатар Троцкі адразу пасля адкрыцця помніка зладзіў сняданак. Увечары ў ваенным клубе адбыўся адносна непрыкметны літаратурна-музычны канцэрт. І ўсё.
Граніт для помніка прывезлі з Фінляндыі. Несумненна, знойдуцца жыхары Вільні, якія помняць, як салдаты з чыгуначнай станцыі, па ранках, каб не перашкаджаць руху транспарту ўдзень, два дні кацілі гэты масіўны маналіт па бярвеннях.
Помнік спраектаваў скульптар Гразноў. Фігура, адлітая ў Санкт-Пецярбургу, была зроблена па мадэлі акадэміка Чыжова.
Грашовыя складкі ліліся з усёй Расіі. У спісе ахвяраванняў быў нават 1 рубель сціпла ахвяраваны калектывам ... прафесараў Дэрпцкага ўніверсітэта. Епіскап з зямелі далёкіх якутаў даслаў 30 рублёў. Няхай такія падрабязнасці нікога не шакуюць. Усяго было сабрана амаль 60 000 рублёў, а ўвесь кошт помніка склаў 42 033 рублі. Лішак выкарыстаны для папаўненне Мураўёўскага музея5.
А зараз, з уласных нататак, напісаных непасрэдна пад уражаннем іншага моманту.
Калі я прыбыў на плошчу Мураўёва 12 (25) жніўня 1915 года, каласальная чорная постаць віленскага сатрапа ўжо стаяла на зямлі6, за чырвона-жоўтым пастаментам, які зіхацеў залатымі літарамі на сонцы цудоўнага жнівеньскага дня.
Вакол пастамента ўзвышаліся рыштаванні. З вальцаў, што круціліся на ланцугах, да фігуры цягнуліся магутныя вяроўкі. Адна з іх як пастромак абвівала шыю сатрапа, другая некалькі разоў абвівала яго жывот, трэцяя падтрымлівала ногі. У апошні момант пад спіну фігуры падвялі яшчэ дзве вяроўкі, і калос пачаў павольна хіліцца на інжынерную платформу, з толькі што ўзятай немцамі Ковенскай цвердзі. Чорная фігура нахілялася надзвычай павольна, паэтапна. Спуск на платформу заняў цэлую гадзіну.
Працу выконвалі салдаты пад кіраўніцтвам гарадскіх тэхнікаў. Гледачоў было вельмі мала, магчыма, 20-30 чалавек з выпадковых мінакоў. Бадай, адзіным не такім выпадковым гледачом быў пан Вацлаў Гізберт-Студніцкі, віленскі архіварыюс, выключны знаўца і энтузіяст віленскай гісторыі7. Доступ за агароджу помніка не быў забаронены... вядома ж, асобам, якія выглядалі па-панску. Такім чынам, без якіх-небудзь пасведчанняў я прайшоў, каб заняць сваё месца побач з панам Студніцкім.
- Відаць, шаноўны пане, мы павінны прадстаўляць віленскае грамадства на гэтай урачыстасці.
Унутры агароджы, таксама непасрэдна перад помнікам, ужо стаяў высокапастаўлены вайсковец, казак. Ён спакойна фатаграфаваў кішэнным кодакам - піетызм ці проста запал калекцыянера? Не магу сказаць.
На платформе ляжала задняя сценка скрыні, у якой павінны былі перавозіць статую. Калі статуя лягла на яе, пачалі настаўляць бакавыя і сцены з верхам.
Быў поўдзень 12 (25) жніўня 1915 года.
*
Так пайшоў Мураўёў, а разам з ім цэлая эпоха ў жыцці і нашага края.
Яшчэ трохі, і на паверхні плошчы, якая 17 гадоў афіцыйна называлася "Плошча Мураўёва", не застанецца нават і следу ад помніка гвалту.
Sic erat in fatis - гэта хацеў лёс і sic transit gloria mundi - так праходзіць мірская слава.
На старых літаграфіях з альбома Вільчынскага ў цэнтры плошчы, адкуль зараз выдаляюць фрагменты помніка Мураўёва, бачны фантан. Магчыма, мы маглі б аднавіць яго? Няхай ціхім цурчаннем месяцовымі начамі фантан расказвае нашчадкам дзіўную гісторыю гэтай плошчы...
Cz. J. [ Чэслаў Янкоўскі] Apage!.. // Słowo. 1926. № 226.
Пераклад і каментаванне Лаўрэша Леаніда
1 "Apage" - лацінскі выраз, які часта выкарыстоўваецца ў кантэксце, блізкім да "сыходзь", "прэч" ці "адступіся". Частка біблейскага "Apage, Satana!" - "Адыдзі ад мяне, Сатана". У польскай мове можа выкарыстоўвацца наступным чынам: "Apage! Nie chcе ciе wiеcej widzie?!" - "Прэч! Я не хачу больш бачыць цябе!". - Л. Л.
2 Пастамент лёг у аснову помніка паўстанцам 1863 г. у Дубічах. - Л. Л.
3 У ймя Айца, Сына, Духа
Накладаем Божы крыж -
Непатрэбны хлеб, напоi,
Нас пакiньце вы ў спакоi.
А кыш, а кыш! - цыт. па: Дзяды, Мінск, 1999. Т. 1. С. 31. - Л. Л.
4 Быў генерал-губернатарам шасці губерняў, якія называліся Заходнімі, праз некаторы час яму дадалі яшчэ і Аўгустоўскую губерню.
5 Пра стаўленне да помніка з боку насельніцтва, яскрава напісала ў сваіх успамінах беларуская акторка і педагог Паўліна Мядзёлка: "Іду на Дварцовую плошчу ў шэры дом, што насупраць скверу з помнікам Мурав'ёву-вешацелю. Каля помніка шпацыруе ўзад і ўперад гарадавы. Я ўспомніла, што мне апавядалі аб гэтым помніку. Даўней не было тут гарадавога. Ён паявіўся пасля адной штукі, якую выкінула віленская моладзь. Набралі хлопцы ў бойні трыбухоў і кішок, ноччу абляпілі імі помнік з галавы да ног, а на пастамент вылілі некалькі бутэлек валяр'янкі. Зляцеліся са ўсяго горада сабакі да трыбухоў, а каты на пах валяр'янкі. І што там тварылася ля падножжа помніка, можна сабе ўявіць! З таго часу гарадавы днём і ноччу сцеражэ гэты помнік". - Л. Л.
6 Міхал Шымялевіч пісаў: "Бачыў асабіста, як у ліпені 1915 г., пры эвакуацыі маскалёў з Вільні, падымалі той помнік (Мураўёву - Л. Л.) з гранітнага пастамента, падвешаны на ланцугах да пастаўленага трохкутніка з тоўстых бетонаў. Потым бачыў тую самую статую ў Пецярбургу пад гмахам Музея артылерыі". - Л. Л.
7 Цікавую ролю гэты архіварыюс меў у беларускай гісторыі - менавіта бойка паміж Іванам Луцкевічам і Вацлавам Студніцкім у студзені 1916-га ў цукерні (кавярні) "Чырвоны Штраль", якая ў той час месцілася па адрасе: Георгіеўскі праспект, 12, прывяла да адыходу братоў Луцкевічаў ад краёвай ідэі, браты прыйшлі да высновы, што трэба арыентавацца не на аднаўленне Рэчы Паспалітай ці Вялікага Княства Літоўскага, а на стварэнне незалежнай Беларусі. Заўважу, што віленскі архіварыюс у 1920-30-я гг. Вацлаў Студніцкі, як і яго брат Уладзіслаў, абодва не былі агрэсіўнымі баевікамі, але былі гарачымі польскімі патрыётамі. Пісьменнік Юзаф Мацкевіч успамінаў пра іх: "Прафесар Уладзіслаў Гізберт-Студніцкі (у апошнія гады ён абмяжоўваўся толькі другой паловай прозвішча) родам быў з Лівоніі і ўсёй сваёй істотай належаў XIX ст. "Прафесарам" яго назвалі пазней па трох прычынах: па-першае, некаторы час ён выкладаў у віленскім Інстытуце вывучэння Усходняй Еўропы; па-другое, гэтае званне падыходзіла яму па ўзросту; па-трэцяе, ён быў па-прафесарску рассеяны. Аб яго няўважлівасці хадзіла мноства гісторый. У яго быў брат Вацлаў, віленскі архіварыюс. Таксама нізенькі, падобны на брата, нібы блізнюк, і таксама рассеяны. Аднойчы, пасля збору Таварыства сяброў навук, Студніцкія пераблыталі паміж сабой свае паліто. Іншых такіх жа кароткіх паліто больш у раздзявальні не было. Заўважылі яны гэта, толькі калі выйшлі разам і ўжо рухаліся ў паліцэйскі ўчастак падаваць скаргу аб крадзяжы паліто. Можа, гэта і анекдот: хто б з-за такога пайшоў у паліцыю? Але вось праўдзівы выпадак. Раз, калі Студніцкі ехаў на рамізніку, ён раптам нешта ўспомніў, спыніў рамізніка, сышоў і накіраваўся ў адваротны бок. Рамізнік павярнуў каня і паслухмяна рухаўся ўздоўж тратуара, мяркуючы, што гэта такі прафесарскі капрыз. Толькі на трэцяй вуліцы ён звярнуўся: "Паночак, а дакуль гэта будзе?" Узнік буйны скандал, бо Студніцкі быў упэўнены, што ўвогуле ні на якім рамізніку не ехаў. У рэдакцыю ён, бывала, з'яўляўся ў крухмаленым каўнерыку, але без прышпіленага гальштука...". - Л. Л.
Шыльда памяці расстралянага ксендза
На касцёле "Сэрца Езуса" ў ам. Сейлавічы Нясвіжскага раёна ўстаноўлена шыльда памяці пробашча гэтага касцёла ў 1938-1942 гг. Юзафа Даміняка, расстралянага нацыстамі ва ўрочышчы Гайкі ў 1942 г. Шыльда была выраблена яшчэ летась, але з-за рамонтных работ (мянялася страха, два разы маляваліся сцены) устаноўка шыльды на фасадзе некалькі затрымалася.
Вечная памяць пакутніку!
Наш кар.
Беларусы сустракаюцца з індзейцамі
Унікальныя эпізоды: Несін, Усціновіч Фернандэс, Чачот; лісты ў Лак-дзю-Фламбо да чыпева Алвіна Бабідаша
(Працяг, пачатак гл. у № 19, 22, 24, 27, 30-34, 36-48, 50-52 (2022); 1-52 (53-104) (2023); 1-52 (105-156) (2024); № 1-45 (157-201) за 2025 г.; № 1-45(157-201) за 2025 г.; № 7-8 (216-217), 23-26 (232-235) за 2026 г.)
Наш сябар па перапісцы Алвін Бабідаш, чыпева і справы БІТ
Гэта ўнікальны эпізод працяглай перапіскі з жыхаром рэзервацыі, якая прынесла немалую колькасць інфармацыі ў лістах і дадатках. Маем 14 лістоў ад Алвіна Бабідаша, надрукаваных на прынтары, і 17 канвертаў розных памераў, г.зн. 17 яго адпраўленняў. Сканіраваных лістоў да яго на асобных аркушах на гэты момант 9 (гэта не канчатковая лічба ўсіх тэкставых пасланняў да яго - кантроль паўнаты ўліку велізарнага масіву перапіскі з'яўляецца няпростай задачай, ёсць кароткія рукапісныя лісты, могуць быць не ўлічаныя, напрыклад, дадатковыя малыя нататкі, пасткрыптумы, якія захаваліся ў чарнавіках і ў копіях пад капірку).
Алвін паведаміў пра намер прыехаць у Менск і Гомель - апошняе таксама было б унікальным выпадкам, але не здзейснілася. Чаканне і надзеі, звязаныя з выказаным ім намерам, адлюстраваныя ў шэрагу лістоў да карэспандэнтаў у некалькіх краінах. Цытаванне некаторых з іх, да членаў БІТ, - ніжэй. Яны дадаткова інфармуюць пра фон і сітуацыю - у Гомелі і ў БІТ.
"БІТ - Каваш Б. Э. [Э. Бары Каваш, E. Barrie Kavasch], Брыджуотэр, 5.8.1993 № 106 (адпраўлена версія на англійскай мове).
Дарагая Бары:
Мы ўсё яшчэ памятаем пра вас. Мы шчыра ўдзячны за ўсе вашы лісты, усё, што вы нам прыслалі, і вашу публікацыю ў часопісе "Твары" [Faces].
Мы былі б вельмі рады, каб наша перапіска ўзнавілася. Сувязі паміж Беларуссю і Злучанымі Штатамі развіваюцца. Хаця БІТ атрымлівае цяпер зусім мала лістоў ад індзейцаў, адзін з іх, віскансінскі [ў той перыяд націск у слове Вісконсін пераносіўся на апошні склад для "гарманізацыі", "слоўнікавая" форма - вісконсінскі] чыпева, паведаміў, што збіраецца хутка наведаць нас.
Мы павінны быць разам.
Яшчэ і яшчэ раз дзякуй.
Шчыра, Святлана Калянковіч […]"
"БІТ - Шуканаву М.В., Жлобін 16.07.1993 № 68 на № 5 ад 6.07.1993.
Дарагі Мікола:
Як бачыш, машынку мы набылі. Кошт яе быў 68400 руб. Даўгі складаюць каля 21 тысячы.
Я крыху затрымаўся з адказам табе, але сапраўды ўсе дні праходзілі надзвычай занятымі справамі: пакупка машынкі, фінансавыя праблемы, аргкамітэт трохгоддзя Выгодскіх, развітанне ў Шарамецьева-2 з нашым прадстаўніком у Сан-Францыска, падрыхтоўка да сустрэчы госця з Віскансіна [Вісконсіна].
Якую менавіта перапіску па БІТ ты хацеў бы весці?
5 ліпеня атрымаў твой спіс літаратуры жлобінскай часткі нашай бібліятэкі. Дзякуй.
Абмяркуем гэта дадаткова.
З найлепшымі пажаданнямі А. Сімакоў".
"БІТ - Макарук С., В. Малешова 25.6.1993 № 62 на л. ад 15.6.1993
Света,
Яшчэ раз прашу прабачэння за затрымку з адказам у мінулы раз.
Навін даволі шмат. Твая ідэя запрасіць да нас індзейца патроху пачынае рэалізоўвацца. 16-га званіў з Амерыкі наш сябар, індзеец чыпева, і паведаміў, што ўбачымся ў ліпені. Ён наведае Менск і Гомель на нашаму запрашэнню. Калі ўсё атрымаецца так, як мы думаем, то гэта добрая нагода запрасіць у Гомель і членаў БІТ з усёй Беларусі. Разумею, што для дзяўчыны гэта будзе не зусім проста, але мы былі б рады ўбачыць і цябе. Думаю, спыніцца ты магла б у нашай былой старшыні.
Дарэчы, ты напісала "індэйцы". Адкуль узялася гэта форма? Цікава таксама, як правільна: Малешова ці Малешава і ці трэба ставіць кропку пасля "В" (Вялікае Малешова ці Вяліка-Малешава. […]
З павагай А. Сімакоў".
З ліста Алегу Жылінскаму 21.04.1993 №50: "Прыезд чыпева з Вісконсіна, калі ён адбудзецца ў поўнай адпаведнасці з планамі нашага сябра, - важная падзея, аб падрыхтоўцы да якой мы будзем цябе паведамляць" ("Приезд чиппева из Висконсина, если он состоится в полном соответствии с планами нашего друга, - важное событие, о подготовке к которому мы будем тебя извещать").
З ліста Генадзю Здаравенку (Орша), 1.07.1993 № 65: "У гэтым месяцы чакаем у госці (Менск і Гомель) індзейца чыпева з Вісконсіна" ("В этом месяце ожидаем в гости (Минск и Гомель) индейца чиппева из Висконсина").
Літ .:
12041 Thompson T. G., Governor, State of Wisconsin. Applications available for Wisconsin high school students to visit the Soviet Union this summer // Ho-Chunk Wo-Lduk (Tomah, WI). 1988. Apr. 1. P. 4.
8479 Hauptman L. M., McLester L. G. Chief Daniel Bread and the Oneida Nation of Indians of Wisconsin. Norman, OK, 2002.
НЕСІН Уладзімір (4) - яго жонка, напалову індыянка, былая медсястра ў Брытанскай Калумбіі, суправаджала яго і ў сярэдняй Азіі
Аўтары матэрыялу пра іх, падрыхтаванага ў Кыргызстане, - Аліна і Максім Кліменкі.
"Уладзімір Пятровіч расказаў, што зараз завяршаецца іх 9-месячнае падарожжа. Летась яны ўпершыню паспрабавалі іншы спосаб падарожжаў - на машыне, бо ў Веранікі баляць ногі. Яны прыехалі на машыне з Беларусі праз Сібір у Кыргызстан летась у кастрычніку. Тады Вераніка ўпершыню ўбачыла Ісык- Куль. Ёй спадабаліся горы, юрты, коні, кавуны, мёд, куруць, кумыс, ветлівыя людзі. Пакінуўшы аўтамабіль, яны пешшу 5 месяцаў падарожнічалі па Саудаўскай Аравіі, Арабскіх Эміратах, Амане. Цяпер зноў вярнуліся ў Кыргызстан і спыніліся ў сям'і В. Яшына і Н. Аслапоўскай у сяле Сасноўка Жайылскага раёна. З гэтай сям'ёй падарожнікі пазнаёміліся ў 2010 годзе, калі ішлі ў Таджыкістан па дарозе Бішкек-Ош. З таго часу яны сябруюць і тут спыняюцца. Далей плануюць ехаць у Беларусь, дзе прабудуць 3 месяцы".
З СЯРЭДНЕАЗІЯЦКАГА ІНТЭРВ'Ю МУЖА "УНУЧКІ ІНДЗЕЙСКАГА ПРАВАДЫРА"
- Калі Вы адчулі цягу да падарожжаў?
- У мяне заўсёды была жарсць да падарожжаў. Пражываючы ў Казахстане, наведаў усе савецкія сярэднеазіяцкія рэспублікі - Кыргызстан, Узбекістан, Таджыкістан. Тады ў Кыргызстане я быў першы раз. Мы ішлі па гарах ад Алматы і спусціліся да Ісык-Куля. Жывучы ў Ніжневартаўску, я абышоў іншыя саюзныя рэспублікі. А потым вырашыў пашырыць геаграфію сваіх вандровак, пачаўшы вандраваць пешшу.
Уладзімір Несін распавёў, што пазнаёміўся са сваёй цяперашняй жонкай Веранікай у Канадзе - па дарозе на Аляску. Яна прыняла лад жыцця свайго мужа і ўсюды ідзе за ім ужо 21 год. Размаўляюць яны на англійскай мове. У іх на дваіх 8 дарослых дзяцей ад папярэдніх шлюбаў: 4 - у Веранікі, 4 - ва Уладзіміра. Дзеці падтрымліваюць і разумеюць захапленне сваіх бацькоў, хаця знаходзяцца ад іх далёка.
- Колькі краін Вы прайшлі пешшу?
- Больш за 150 краін. Я перастаў лічыць краіны і кіламетры, калі прайшоў адлегласць, роўную чатыром экватарам - 160 тысяч кіламетраў. Мы з Веранікай не ўсюды ходзім пешшу: там, дзе няма людзей ці няма на што глядзець - перасоўваемся аўтаспынам. У асноўным з-за візы, каб паспець прайсці краіну да яе заканчэння. Таксама я дабіраюся гідрастопам, гэта значыць на спадарожных караблях.
- Чаму Вы ўсюды ходзіце басанож?
- Мне так зручна. Я заўсёды любіў хадзіць басанож. Мне падабаецца адчуванне сувязі з зямлёй.
- Як да Вас ставяцца людзі ў розных краінах, бачачы чалавека, які падарожнічае басанож?
- У розных краінах - па-рознаму. Але ў асноўным са здзіўленнем. Мне прапаноўвалі абутак разоў сто: мусіць, думалі, што страціў ці не магу сабе дазволіць яго купіць. Вераніка жартуе, што калі б я браў увесь абутак, які мне прапаноўвалі, то мог бы ўжо адкрыць абутковы сэканд-хэнд. Калі нельга было адмовіцца, а гэта было 3-4 разы, браў абутак, але потым каму-небудзь яго аддаваў.
- Як Вам удаецца абыходзіцца мінімумам? [Как Вам удается обходиться минимумом?]
- Усе дзівяцца двум рэчам: таму, што я заўсёды хаджу басанож, і таму, што жыву і падарожнічаю на сваю пенсію ў 200 долараў.
Калі я быў адзін, то жыў на 1 долар у дзень. Калі сустрэў Вераніку, і яна таксама стала атрымліваць пенсію, - на 3 долары на кожнага з нас. Гэта наш ліміт. Мы да гэтага абвыклі. Для нас гэта няцяжка, мы ў гасцініцах не спыняемся - расчышчаем месца дыяметрам 10 метраў, прыбіраем смецце, начуем у намёце блізка да вады, рыхтуем у кацялку. Пасля сябе абавязкова прыбіраем смецце. Адзін з маіх прынцыпаў - каб пасля нас было лепш, чым да нас. На 1 долар я заўсёды магу купіць кілаграм рысу, якога мне хопіць на 2 дні, і на астатнія - алей, гародніну, цукар. Усё неабходнае ў мяне ўжо ёсць.
Рыхтуем простую ежу: цыбулю з морквай смажым, дадаём рыс, заліваем вадой 1 да 2-х і варым. Атрымліваецца нешта кшталту плову.
Усе дзівяцца, як нам не надакучае кожны дзень есці адно і тое ж. Калі галодныя і ідзём цэлы дзень - усё смачна. Таксама людзі нас часта запрашаюць да сябе, даюць прытулак і ежу. У Арабскіх Эміратах ці мусульманскіх краінах, дзе ў культуры закладзена гасціннасць, нас запрашаюць у госці ў тыдзень 2-3 разы, у Еўропе - раз у месяц.
- Якія Вашы далейшыя планы?
- Хочам пабываць у Грэнландыі і Ісландыі, але там трэба "злавіць надвор'е" -лета кароткае, вятры моцныя. А таксама пабываць у "лёгкіх краінах" Еўропы - напрыклад, у Італіі. Я заўсёды думаў "лёгкія краіны" Еўропы пакінуць на потым, бо там лёгка хадзіць, заўсёды можна атрымаць дапамогу. Вераніка хоча пабываць на Алясцы.
Літ.:
4468 Клосов С. Кроссворд / сост. С. Клосов, г. Витебск // Народная воля. 1998. 24 окт. С. 3. (По горизонтали: 139. Мягкая обувь из кожи у индейцев Северной Америки.)
УСЦІНОВІЧ ФЕРНАНДЭС Ірына (Irina Ustinovich Fernandez, Ирина Устинович Фернандес) - мянчанка была сярод пяці асоб, якім 27.06.2026 г. Нацыянальная служба міграцыі Перу ўручыла Тытул перуанскага грамадзянства - іншаземцаў, якія пастаянна (не менш за два гады) жывуць у рэгіёне Куска. Іншыя "новыя перуанцы" на цырымоніі ў Куска - з Балівіі, Венесуэлы, Кубы і Турцыі. Яны атрымалі грамадзянства па падставе шлюбу - гэты механізм разлічаны на іншаземцаў, якія больш за два гады знаходзяцца ў шлюбе з грамадзянінам Перу і вырашылі пасяліцца ў краіне. "Падчас цырымоніі яны прынеслі прысягу на вернасць краіне, павагу да Канстытуцыі Перу і нацыянальных сімвалаў".
Ірына скончыла БДЭУ. З сярэдзіны 2010-х гг. у фэйсбуку Ірыны "ўсё часцей з'яўляюцца краявіды Перу".
Жарт сяброўкі Ірыны ў каментарыях "Ты ўжо стала падобная да перуанкі!" можна пракаментаваць так, што яна і без таго крыху падобная на лацінаамерыканскую метыску. "І чаму мне не вераць, што я з Беларусі".
У інтэрнэце звяртае на сябе ўвагу малады перспектыўны валейбаліст Даніэль Фернандэс Усціновіч (Daniel Fernandez Ustinovich) з каманды "Сан-Себасццян" (Куска). Да яго імя і прозвішча часам дадаюць слова (мянушку) "Руса" (Ruso).
Літ.:
5519 Куска // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 9. Мн., 1999. С. 57.
5284 Вызванный ливнями гигантский оползень в районе города Куско недалеко от развалин памятника древней культуры инков Мачо Пикчо [ТАК, правильно Мачу-Пикчу] […] (Перу) // Знамя юности. 1998. 3 марта.
4895 Теленеделя (Пят., 4 февр.) // Советская Белоруссия. 2000. 29. янв. С. 9, 10. ("Приключения на берегах Онтарио"; "Мировые сокровища культуры", "Куско - город инков [...]".)
ЧАЧОТ Генрых (Henryk Otton Czeczott) - рускі, савецкі і польскі вучоны (найбольш у галіне ўзбагачэння карысных выкапняў, арганізатар горна-абагачальнай прамысловасці ў CCCP); нарадзіўся ў Пецярбургу ў сям'і вядучага расійскага ўрача-псіхіятра (з Магілёўскай губерні, "мястэчка Прунст", Мсціслаўскі павет, або з блізкага памежжа, па той бок сучаснай беларуска-расійскай мяжы).
У 1914 г. падарожнічаў па ЗША і Канадзе разам з жонкай батанікам Ганнай (Hanna Czeczott; абодва яны паcля рэвалюцыі ўжо мелі адносіны да польскай навукі, прычым Ганна таксама мела карані на Крэсах, але ўкраінскіх: яна батанік, ураджэнка Пецярбурга, але бацькі з Валыні, бацькі - Грацыян Перацятковіч і Леаніда з Вільпішэўскіх, штучны інтэлект лічыць апошняе прозвішча "рэдкім беларускім", носьбіты апошняга прозвішча сапраўды фіксуюцца і ў Беларусі, асабліва на Гарадзеншчыне). М. Нікалаеў паведаміў у кнізе пра беларускі Пецярбург (2009): "Наведаў руднікі Пенсільваніі, Мантаны, Каліфорніі і Аляскі, старыя гарняцкія пасёлкі Кландайка ў Канадзе" (больш правільны націск - Клондайк (The Klondike, рэгіён у Yukon Territory), але правільная версія гучыць менш гарманічна). У архіве захоўваюцца яго "Дзённікі падарожжа па Паўночнай Амерыцы" ("Дневники путешествия по Северной Америке" або "Dzienniki podrozy po Ameryce Polnocnej"?).
С. Маркаў у свой славуты "Летапіс Аляскі" ўнёс толькі Ганну, без Генрыха: "Руская падарожніца Г. Г. Чачот у 1914 годзе збірала ўзоры раслін на берагах Юкана і ў наваколлях Нома".
Літ .:
4879 Lieutenant Zagoskin's travels in Russian America, 1842-1844: the first ethnographic and geographic Investigations in the Yukon and Kuskokwim valleys of Alaska / ed. by N. H. Michael. Toronto, 1967.
Алесь Сімакоў , даследчык беларуска - індзейскіх сувязей .
Ales Simakou (e-mail: davyde020@gmail.com), researcher of Belarusian-Indian (American Indian, Native American, Amerindian, First Nations) connections.
Індзейцы , индейцы , Indianie, Indians, indigenous peoples, indigenas, indios de America y Bielorrusia, Belarus; Алесь Симаков . Белорусы встречаются с индейцами. [Вып. 175].
Птушкай 2027 года стала шчурка-пчалаедка
Скончыліся выбары Птушкі 2027 года, арганізаваныя НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах, інфармацыйным рэсурсам "Смартпрэс"і кампаніяй "Дзікая прырода", паведамляе тэлеграм-канал "Дзікая прырода побач".
Шчурка-пчалаедка. Фота Віктара Выскваркі
Удзельнікі маглі прагаласаваць на пяці анлайн-пляцоўках да 23 жніўня ўключна за адну з чатырох птушак-кандыдатаў. Вынікі ўсіх пляцовак па кожным відзе складваліся.
Усяго сабрана 4172 галасы. І вось вынікі:
- 1 месца: шчурка-пчалаедка - 2165 галасоў.
- 2 месца: качка-чырка - 946 галасоў.
- 3 месца: чайка-рыбачка - 533 галасы.
- 4 месца: вялікі баклан - 528 галасоў.
Такім чынам, з вялікім адрывам у сёлетнім галасаванні перамагла шчурка-пчалаедка. Яна заменіць Птушку 2026 года - чорнага бусла. Шчурка заняла першае месца на кожнай пляцоўцы галасавання.
Шчурка-пчалаедка - чырванакніжная пералётная птушка. Гняздуецца ў норах, сустракаецца па ўсёй Беларусі, але часцей на поўдні. Колькасць паступова расце праз пацяпленне клімату. Галоўная праблема - разбурэнне гнёздаў у кар'ерах, таму важна своечасова выяўляць такія месцы і браць іх пад ахову.
Наступны год пройдзе пад крылом гэтай прыгожай птушкі - наперадзе асветніцкія і прыродаахоўныя акцыі.
Людзі не засталіся абыякавымі і да іншых кандыдатаў. Другое месца заняла качка-чырка - маленькая пералётная качачка, колькасць якой імкліва зніжаецца, а качараў дагэтуль легальна адстрэльваюць вясной. Нават нелюбімы многімі баклан атрымаў сотні галасоў падтрымкі, бо птушка не вінаватая, што прырода зрабіла яе выдатным рыбаловам. Але яшчэ нідзе бакланы не знішчылі ўсю рыбу, як гэта часам робіць чалавек.
Паводле СМІ.
Цэнтр Бярозаўкі ўпрыгожыў незвычайны кветнік са шклянымі кветкамі
У самым сэрцы Бярозаўкі Лідскага раёна з'явіўся незвычайны кветнік з яркімі шклянымі кветкамі. Аўтарамі арт-аб'екта выступілі мастакі і майстры ААТ "Шклозавод "Нёман".
Новая ўсталёўка адразу ж прыцягнула да сябе ўвагу гараджан, і майстры шклозавода спадзяюцца, што яна стане новым цэнтрам прыцягнення не толькі мясцовых жыхароў, але і гасцей горада.
ТК "Культура Лідчыны".
Герб горада Ліды, наданы 17 верасня 1590 г.
