Папярэдняя старонка: Ян Булгак

Біяграфія 


Дадана: 17-03-2000,
Крыніца: Паводле Ганны Каняста, Інстытут Адама Міцкевіча, Польшча.



Ян Булгак. Ян Булгак нарадзіўся ў 1876 годзе на Навагрудчыне ў вёсцы Асташын. Вывучаў філалогію ў Кракаве. Заснаваў у Вільні майстроўню, мэтай якой была фотафіксацыя помнікаў архітэктуры Вільні. У ягоным доме на плацы Э. Ажэшкі захоўвалася калекцыя з 10 тысяч фотаздымкаў, з іх каля 6 тысяч — Вільні і Віленшчыны. Калекцыя амаль што цалкам згарэла ў 1944 г. Удзельнічаў у 174 міжнародных выставах. Напісаў шмат прац па тэхніцы і эстэтыцы фатаграфіі, а таксама па краязнаўчай фатаграфіі. Памёр у 1950 г. у Варшаве. Булгак зацікавіўся фатаграфіяй выпадкова ў 1905 годзе. На яго лёсе як фатографа вельмі паўплываў наш зямляк Фердынанд Рушчыц, якога Булгак сустрэў у 1910 годзе. Рушчыц расстараўся дзеля Булгака, каб той стаў гарадскім фатографам у Вільні. Безумоўны мастацкі ўплыў Рушчыца на Булгака. Перад тым, як заняць пасаду Віленскага фатографа, Булгак выехаў у Германію, дзе прайшоў практыку ў вядомага дрэздэнскага партрэціста Хугана Эрфурта (Hugona Erfurth), падарожнічаў таксама па розных мастацкік суполках, дзе пазнаёміўся з сімвалістамі і імпрэсіяністамі з Францыі і Германіі. Булгак быў прадстаўніком мастацкай плыні, якая завецца піктаральнай. Гэтая плынь нарадзілася ў канцы 19–га стагоддзя, прымаючы эстэтыку імпрэсіянізму і працуючы з тэмамі пейзажу і архітэктуры. З 1919 па 1939 год кіраваў аддзяленнем мастацкай фатаграфіі факультэта мастацтваў Віленскага універсітэта імя Стэфана Баторы. Меў вялікі ўплыў на жыццё фотамастакоў Вільні, якое цалкам прыняло погляды Булгака на мастацтва. Гэты ўплыў абумовіў развіццё фатаграфіі як мастацтва на Віленшчыне і на тэрыторыі не толькі Заходняй Беларусі, але і ўсёй дзяржавы. Усё сваё жыццё звязаў з Вільняй і Віленшчынай, якія сталі галоўнымі тэмамі ягоных работ. Дакументаваў таксама помнікі і пейзажы іншых частак тагачаснай Польшчы. Большасць яго калекцыі паўстала ў 1912 – 1915 гадах, але нават падчас нямецкай акупацыі ў другую сусветную вайну не пераставаў фатаграфаваць. Вільню пакінуў у 1944 годзе пасля бамбардзіровак і пераехаў у Варшаву, дзе дакументаваў ваенныя разбурэнні і помнікі на захадзе Польшчы. Яго работы адрознівае незвычайная мастацкасць, уражлівасць, пачуццё пейзажу, а таксама ўменне карыстацца святлом, якое стварае клімат фатаграфіі. Крытыкі і фатографы звяртаюць увагу на тое, што Вільня, сфатаграфаваная Булгаком, нагадвае разагрэты сонцам паўднёваеўрапейскі горад, няма ў ім жыцця, няма людзей, крамаў, рэстаранаў, ёсць чыстая архітэктура, галоўная тэма ягоных прац – брамы, завулкі, дахі, прырода і святло. Калі і з’яўляецца сілуэт чалавека, то падпарадкоўваецца кампазіцыі, інтэгруецца з архітэктурай. У яго працах відавочнае захапленне амаль тэатральнай пастаноўкай кадра, адчуванне прапорцыі і прасторы, а перадусім святла, вывучэнне якога вельмі цікавіла Булгака. За фатаграфію “Радасць жыцця“, якая паказвала заценены пакой, у які пранікаюць промні сонца, атрымаў узнагароду на Міжнародным фатаграфічным салоне ў Варшаве ў 1937 годзе.
 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX