Вiртуальная вандроўка па Лiдчыне, 2010 г.
Крыніца: pawet.net.
Вялiкае Мажэйкава, У пісьмовых крыніцах Вялікае Мажэйкава вядома з пачатку 16 ст. як фальварак у складзе Жалудоцкай воласці Трокскага ваяводства. З канца 16 ст. увайшло ў склад Лідскага павету. Да 1886 г. было цэнтрам Вялікамажэйкаўскай воласці. У 1690 г. вёска налічвала 184 дамы. У 1885 г. чыслілася 67 рэвізскіх душ.
Сядзібны дом - будынак простакутнай формы на высокім падмурку з высокім ламаным гонтавым дахам. Па абодвух баках ад сядзібы сімэтрычна стаялі два аднатыпных будынка прыслугі (левы і правы) знешне падобныя на сядзібны дом. Згодна з мясцовай традыцыяй у іх месцілася панцэрная харугва Хадкевічаў. У абодвух будынках былі стайні на 20 коней і памяшканні для вершнікаў. У 19 ст. абодва дамы былі перапланаваны пад жытло для прыслугі. У 1920 г. згарэў левы дом. Зруйнаваны сядзібны дом згарэў ў 1915 г. у гады 1-й Сусветнай вайны, захаваліся толькі дзве калоны агароджы і вялікая куча друзу.
Сядзібна-паркавы комплекс знаходзіцца на паўночнай ускраіне вескі. Адбудова сядзібы пачалася на пачатку 18 ст. пры Адаме Тадэвушу Хадкевічу . Комплекс аб'ядноўваў сядзібны дом, вялікі парк (10 га), адпачатку з трох бакоў акружаны пладовым садам, мураваную агароджу, флігель, гаспадарчыя пабудовы: сабакарня, лядоўня, два дамы прыслугі - левы і правы, лямус, вялікі склад, альтанка, капліца (пабудаваная ў другой палове 18 ст., на пачатку 20 ст. была рэстаўравана па плану архітэктара Тадэвуша Раствароўскага), фантан, млын, дзве сажалкі, побач с сядзібай вінакурня 1839 г. і піцейны дом.
Пра маёнтак артыкул у Спадчыне № 1-2 2001 г.
Касцёл у в. Ішчална.Мястэчка з канца 15 ст. упамінаецца як маёнтак Давонавічаў у Лідскім павеце. На працягу 17-18 ст. маёнткам і мястэчкам валодалі Лімонты, Вішнявецкія, Палупяты, Радзімінскія - Францкевічы, Кшыштоф Агінскі - стольнік Літоўскі. Да 19 ст. маёмасць Скарбек - Важынскіх. Гісторыя каталіцкай парафіі пачынаецца з 1515 г. У гэтым годзе падкаморым надворным Вялікага Княства, старастам Эйшышскім Андрэям Давойнам быў закладзены драўляны касцёл Св. Тройцы, на утрыманне якога ён ахвяраваў частку спадчыннай маёмасці. Згодна акта аб заснаванні касцёла ад 30 красавіка 1515 г. Ішчалнянскі маёнтак быў абавязаны пастаўляць касцёлу штогод дзесяціну са сваіх ніў, а ад сваіх сялян палову бочкі жыта з валокі, сцірту сена, рыбу тры разы на тыдзень, а таксама мёд і воск. Гэтым актам за касцёлам замацоўваліся 4 валокі і 12 моргаў зямлі разам з сажалкай. Узамен касцёл абавязваўся чытаць тры Святыя імшы на тыдзень. У 1755 - 1761 гг. замест драўлянага касцёла, на сродкі Іосіфа Вала, гарадзенскага харунжага, будуецца новы касцёл з цэглы, які захаваўся да нашых дзён. Ён пабудаваны на тым самым месцы, што і стары, мае аднолькавыя памеры і аднолькавую сістэму алтароў.
Артыкулы пра Ішчалну ў "Cпадчына" № 2-2000 і "Наша Слова" № 22 (708)
З паўднёвага боку Троіцкага касцёлу ў в. Ішчална знаходзіцца сонечны гадзіньнік.