Пра гербоўнік Каяловіча [1]
Тэадор Нарбут
Артыкул пададзены з каментарамі п. Жэготы з Малой Бераставіцы (прафесара Ігната Анацэвіча - Л. Л.)
Ксёндз-езуіт Войцех Каяловіч [2] склаў гербоўнік знатных літоўскіх родаў і правінцый, якія належалі Літве. Інфармацыю для яго Каяловіч з руплівай стараннасцю чэрпаў з даступных яму крыніц [3]. Узбагачаны багатым веданнем роднай гісторыі, ён меў нястомную ахвоту да працы і непрадузята, лаканічна і без дробязей выявіў і напісаў сваю працу і з манаскай сціпласцю згадаў свой род у артыкуле «Віюк», пад артыкулам «Бейнард» сам сябе назваў: Collector huius libelli (лац. «Збіральнік гэтай кнігі» - Л. Л.). Маляваў гербы, сярод якіх ёсць і арыгінальныя літоўскія, падаў генеалагічныя табліцы панаваўшых князёў і знакамітых фамілій. Артыкулы размешчаны ў алфавітным парадку, як і ў Нясецкага, да адных прыкладзены намаляваныя гербы, да другіх, калі інфармацыі няма, няма і гербаў. Каяловіч меў пад рукой Папроцкага [4] і Акольскага, з апошнім аўтарам быў шмат у чым нязгодны, бо той часта недарэчна хваліць розум і пладавітасць фамілій, падае лухту пра нешматслоўнасць нашага ліцвіна, які як быццам ніколі не кажа непатрэбных слоў. Усё, што Каяловіч знайшоў у крыніцах, ён падае добрай лацінай.
На жаль, аўтар жыў у сумныя часы, і толькі таму выданне літоўскага гербоўніка не мела поспеху. Пра спробы выдання гербоўніка мы перакажам па прадстаўленай нам копіі гістарычных нататак, знойдзеных у рэштках архіву аднаго з маёнткаў, набытых пасля Пацаў [5]:
«Альберт Каяловіч, рэктар калегіума (Kollegium Professоw. - Л. Л.) у Вільні, у св. Казіміра, задумаў надрукаваць свой гербоўнік літоўскіх родаў. Яго твор не толькі мае значны памер, ён яшчэ аздоблены шматлікімі гравюрамі і таму мае не малы кошт. Друкарня езуітаў ледзь стала на ногі пасля апошняга ўпадку Вільні. Грашовыя запасы айцоў езуітаў былі вычарпаны, даходаў са спустошаных вайной маёнткаў ледзь хапала, каб пракарміць братоў закона. Таму, не маючы падтрымкі з боку закона, аўтар шукаў мецэнатаў. З гэтай мэтай прысвяціў адзін са сваіх твораў [6] віленскаму біскупу Тышкевічу, які быў выдадзены друкам у 1650 г. Але з выданнем гербоўніка ўзніклі вялікія цяжкасці, якія не так проста было абысці. Бо выданне ў Гданьску ці за мяжой не магчыма было рэалізаваць належным чынам - гэтыя друкарні знаходзіліся далёка ад аўтара. Наш кс. Мікалай [7] рупліва дапамагаў Каяловічу. Тады падчас адкрыцця Трыбунала, мы прадставілі сабраным панам намер шляхетнага езуіта, нашага земляка, руплівага ў праўдзе знаўцу літоўскай геральдыкі. Біскуп падтрымаў намер, і было вырашана выдзеліць фундуш, які павінен быў пакрыць кошт друку гербоўніка. Але пры ўмове, што ён будзе перакладзены на польскую мову. Сам аўтар палічыў гэтую заўвагу слушнай і пагадзіўся. Біскуп Тышкевіч ўзяў справу пад сваю апеку. Аўтар, аркуш за аркушам, каб паспявала друкарня, сам пачаў рабіць пераклад. Выразаць гербы пагадзіўся выдатны мастак з Кёнігсберга. Праца пачалася ў 1656 г., але ішла даволі павольна, і калі біскуп у верасні захварэў, спынілася на некалькіх надрукаваных аркушах [8]. Тышкевіч памёр у канцы таго ж года і разам з ім памерла надзея на далейшую паступовую працу. Акрамя таго, і наш ксёндз Мікалай атрымаў з Вільні новае прызначэнне. А літоўскія паны з халодным вокам, сціснуўшы далоні, спасылаліся на ахвяраванні, якія яны як быццам зрабілі раней на карысць памерлага біскупа, і адмовіліся ад падтрымкі свайго геральдыста. Аднак Каяловіч не губляў надзеі выдаць гербоўнік на лаціне і вырашыў зрабіць гэта ў Гданьску. Ён працаваў над падрыхтоўкай чыставой копіі рукапісу, пра што сведчыў сам. Невядома, ці ўзнікла непрыняцце гэтага ў суайчыннікаў [9], якія маглі прадузята паставіцца да яго працы, ці Каяловіч больш працаваў над выданнем Літоўскай гісторыі, другую частку якой з-за смерці свайго выдаўца ў Гданьску, ён не смог надрукаваць [10], ці прыступіў да абавязкаў рэктара Полацкага калегіума, ці, што найбольш праўдападобна, гэтаму намеру перашкодзіў яго слабы зрок, перанапружаны начной працай.
Таму важная для нашага края, мазольная праца Каяловіча захавалася да нашых дзён толькі ў рукапісе [11] і заслугоўвае на тое, каб пра яе надрукаваць.
Пасля смерці Каяловіча два рукапісныя экзэмпляры гербоўніка засталіся ў езуітаў.
Адзін з іх езуіты падаравалі Кіеўскаму біскупу Андрэю Залускаму, гэты экзэмпляр знаходзіцца зараз у Пецярбургскай публічнай бібліятэцы. Ён напісаны неразборлівым почыркам з скарачэннямі і не з'яўляецца поўным.
Другі, перапісаны пасля скасавання закона езуітаў, дастаўся віленскаму кс.-біскупу Масальскаму, ён ёсць поўны і як быццам ужо выпраўлены для друку. З яго была знята копія, якая знаходзіцца ў віленскай бібліятэцы Сапегаў [12]. З гэтай копіі нехта зрабіў яшчэ адну копію, здаецца для Пулаўскай бібліятэкі. У 1744 г. невядомая рука зрабіла копію з экзэмпляра кс.-біскупа Масальскага, што бачна з надпісу пад тытулам гэтай копіі: «Diligenter ex ispsius autoris conscripto autographo descriptum Vilnae, Anno Domini 1744.» (лац. «Старанна напісана аўтарам сваёй рукой у Вільні ў 1744 г.» - Л. Л.) З гэтага экзэмпляра панам С. Д. (Сымонам Даўконтам - Л. Л.) знятая копія, якая была ласкава перададзеная для карыстанне мне.
Вось яе тытул: «A. R. P. Kojalowicz Soc. Jesu Theologi opus rarum et curiosum. De nobilitate Lituana et families hujus Magni Ducatus» (лац. «Рэдкая і цікавая праца А. Р. П. Каяловіча Тэолага закона езуітаў. Аб літоўскай шляхце і родах Вялікага Княства» - Л. Л.)
Пасля пераліку панаваўшых князёў і іхніх генеалагічных табліц, ёсць наступная прыпіска: «Divis Angelis Lituaniae custodibus et Sanctis ejusdem Patronis, Sacer. Nomenclator familiarum et Stemmatum Magni Ducatus Lituaniae et provinciarum ad cum pertinentum». («Анёлам боскім апекунам Літвы і святым яе заступнікам. Спіс родаў і радаводаў Вялікага Княства Літоўскага і ваяводстваў, якія да яго належаць» - Л. Л.).
У імя: «Imie Jezus, Imie Maryja».
Ніжэй: «Collectus et in ordinem digestus, opera diturna, P. Alberti Wiuk Kojalowicz Soc. Jes. S. Theol. Doct. ejusdemque in Alma Unversitate Vilnensi ol?m ordinarii Professoris. Descriptus Anno. 1658. Ad majorem Dei O. M. Gloriam et B. V. Mariae immaculate conceptue honorem». («Творы сабраныя і размешчаныя па парадку, P. Alberti Wiuk Kojalowicz Soc. Jes. S. Theol. Doct. таго ж Віленскага універсітэта, ардынарны прафесар. Напісана ў годзе 1658. У гонар большай хвалы Божай і Беззаганнага Зачацця Панны Марыі» - Л. Л.)
Тэкст кнігі змешчаны на вялікай паштовай паперы, напісаны чыста і займае 105 аркушаў выразным, вялікім і разборлівым почыркам. Гербы дакладна намаляваны пяром без колераў. Ранейшы перапісчык паставіў на сваім тытуле папярэджанне: тое, што знаходзіцца ў тэксце паміж двума знакамі §§, у першаснай копіі дапісана іншай рукой. Такіх месцаў 12. Артыкулы: «Ляшчынскі», «Лушкевіч», «Мінкевіч», «Асіпоўскі» і «Зыберг» належаць самому аўтару і дапісаны ім пасля. Іншыя: «Бжастоўскі», «Даўкша», «Гейштар», «Сцыпіо», «Вайніловіч» і «Копець», дапісаны ў першай палове XVIII ст., самае позняе ў 1728 г. Прычым артыкул «Копець» цалкам польскамоўны. Зрэшты, усе яны невялікія. Артыкул «Яцына» ўвесь на польскай мове, але без §. Верагодна, калі яго пазней перадалі аўтару, артыкул быў дададзены да тэксту без перакладу. Можна выказаць меркаванне, што артыкулы пра гэтыя значныя роды не былі дададзены да тэксту з-за нейкага адмоўнага стаўлення да іх езуітаў? Відочна, што Каяловіч, працуючы штодзень, дадаваў артыкулы па меры таго, як да яго прыходзілі крыніцы. Таму Нясецкі, які так сцісла карыстаўся працай Каяловіча, прапусціў 600 родаў [13] і мала сказаў пры тыя, якія з'явіліся толькі ў экзэмпляры 1658 г. У канцы рукапісу маецца збор намаляваных гербаў, якія належаць невядомым родам.
Мой рукапіс заканчваецца дадаткам з 13 аркушаў. Гэта пераробленая кніга «Miscellanea rerum ad statum ecclesiasticum in Magno Lithuaniae Ducatu pertinentia. Vilnae Typis academicis. Ao Dom. 1650.» [14] У асноўным рукапісе артыкулы прадстаўлены больш шырока, чым у дадатку, адны артыкулы дабаўлены, іншыя зняты і вельмі няшмат узята з ужо надрукаваных старонак. Спіс віленскіх біскупаў даведзены да Аляксандра Сапегі, які памёр у той самы год, што і аўтар, толькі крыху пазней, 21 снежня 1671 г. [15] Спіс жмудскіх біскупаў заканчваецца Мікалаем Пацам. У дадатку няма месцаў абазначаных знакамі §§. Гэта сведчыць аб тым, што Miscellanea дараблялася да апошніх дзён жыцця працавітага аўтара і была далучана да гербоўніка ў паўторнай аўтаграфічнай копіі.
Ці павінен заставацца толькі ў рукапісе такі выдатны, важны і амаль што незаменны твор для Літвы? Мы павінны імкнуцца выдаць яго друкам. Але варта паразважаць, друкаваць яго лацінай ці ў польскім перакладзе? Ці ў такім выглядзе, у якім ён ёсць сёння? Ці трэба выкінуць з яго тое, чым ужо скарыстаўся і што ўжо надрукаваў Нясецкі? [16] Ці выдаць толькі рэчы, прапушчаныя Нясецкім? Таму я звяртаюся па параду да аматараў гісторыі. Быў бы рады атрымаць ад іх ліст.
Тэадор Нарбут.
Пісаў 3 снежня1843 г.
у Шаўрах, Віленскай губерні,
Лідскі павет.
Рэдакцыя Тыгодніка выказвае шчырую ўдзячнасць выбітнаму гісторыку Літвы за тое, што ён абраў наша выданне пасярэднікам для збору меркаванняў асвечанай аўдыторыі.
[1] Narbutt T. O herbarzu Kojałowicza (Artykuł udziełony z dopiskami P. Żegoty z Malej Brzostowicy) // Tygodnik Petersburski. 1844. № 21. S. 136-138. Пераклад Леаніда Лаўрэша
[2] Альберт (Войцех) Каяловіч (Віюк-Каяловіч) (1609-1677) - пісьменнік, палеміст, гісторык. Доктар тэалогіі (1645 г.). У 1627 г. уступіў у ордэн езуітаў. У 1628-1632 г. вучыўся ў Віленскім і Нясвіжскім калегіумах, у 1634-1638 - на тэалагічным факультэце ў Віленскай акадэміі, дзе ў 1645 г. атрымаў ступень доктара тэалогіі і да 1658 г. выкладаў тут схаластычную тэалогію. У 1654-1655 гг. рэктар акадэміі, у 1662-1666 гг. прэпазіт (настаяцель) дома манахаў у Вільні. - Л. Л.
[3] Шкада, што не ўказаў гэтыя крыніцы. - Жэгота.
[4] Маецца на ўвазе гербоўнік Барташа Папроцкага - Л. Л.
[5] Notanda sui temporis, ab Anno 1648, in Chotce in Jezna. Нехта з Пацаў ці іх сакратароў, запісваў падзеі да 1664 г. Фрагмент падаецца даслоўна. - Нарбут.
[6] Пэўна Miscellanea («Рознае» - Л. Л.) - Нарбут.
[7] Невядома, хто маецца на ўвазе. - Нарбут.
[8] Гэтыя надрукаваныя аркушы, як бібліяграфічнай рэдкасцю, валодае вядомы знаўца рускай і польскай геральдыкі, сенатар К. М. Бараздзін. - Жэгота.
[9] Магутны род С. (верагодна, Сапегаў. - Л. Л.) быў абражаны занядбаннем яго паходжання ад Гедыміна. - Жэгота.
[10] «Гісторыя Літвы», першая частка якой выдадзена ў Гданьску ў 1650, другая - у Антверпене ў 1669 на лацінскай мове; «Летапіс Радзівілаў», выйшаў у Вільні ў 1653 на лацінскай мове. - Л. Л.
[11] Унізе тытула рукапісу, які я маю, дапісана: «Quod ne in lucem prodieret in patriam linguam translatum, quamvis jam experte esset mandatum typis, impedierunt non nuli Lithuani Proceres». - Нарбут.
[12] На пачатку майго асобніка маецца заўвага Яноцкага, Яноціна, vol. II p. 130, пра гэты твор. Потым паведамляецца пра лёс двух экземпляраў, пра які расказаў вышэй. Больш за тое, на другім асобніку, Каяловіч уласнаручна напісаў: «Incoepi scribere 1648 Vilnae; describere coepi 1658 Brestine, mense Martio, describere finivi Slonimi 1658 Sept. 10, ante prandium». - Нарбут.
[13] Нясецкі мала дбаў пра некаталіцкія роды. - Жэгота.
[14] У кнізе расказваецца пра падзеі хрысціянскай гісторыі Літвы. - Л. Л.
[15] Кс. Войцех Каяловіч памёр 6 кастрычніка 1677 г., жыў 68 гадоў. - Жэгота.
[16] Друк на польскай і лацінскай мовах будзе дорага каштаваць і абцяжарыць справу. Выданне на польскай мове ў значнай ступені было б паўторам Нясецкага. Выданне на лаціне было б карысным для вучонай Еўропы, якая не ведае літоўскай геральдыкі. - Жэгота з Малой Бераставіцы.