Радаводы шляхты Лідскага павету ВКЛ: Цэдроньскія гербу "Ястрабец" ў канцы ХVІІ-першай палове ХІХ ст.
Siarhiej Amielka in his article "The Genealogies of the nobility of Lida region: the clan of Cedronski of coat th th of arms "Jastrabiec" at the end of the 17 beginning of the 19 c." examines family papers of the Cedronski's, which were handed in 1832 for approval in nobility of Russian Empire. On the basis of these papers the genealogy of clan of th Cedronski is compiled from the end of the 17 th till the first half of the 19 th c.
Вялікая цікавасць у беларускім грамадстве да генеалогіі ўвогуле і да шляхецкіх радаводаў у прыватнасці, якая ўзнікла на агульнай хвалі інтарэсу да сваёй гісторыі яшчэ ў канцы 80-х-пачатку 90-х г. ХХ ст., ужо знайшла сваё адлюстраванне ў айчыннай гістарыяграфіі. Дзякуючы намаганням С.Рыбчонка і З.Яцкевіча, былі апрацаваны на падставе так званых "вывадовых" дакументаў радаводы наваградскай і халопеніцкай шляхты канца ХVІІІ-першай паловы ХІХ ст. [1; 2]. Лідская шляхта пакуль не дачакалася адпаведнай распрацоўкі, таму мы вырашылі звярнуцца да матэрыялаў па гэтай праблеме, якія захоўваюцца ў НГАБ у Горадні.
Сярод шэрагу "вывадовых" дакументаў першай паловы ХІХ ст. нашу ўвагу прыцягнула "Справа аб выяўленні шляхецкага паходжання роду Цэдроньскіх гербу Ястрабец", якая была складзена ў 1832 г. [3, а.1-2, 7-8]. Паводле яе, прашэнне аб прызнанні ў шляхецтве падалі браты Іван (Ян) і Людвіг Паўлавічы Цэдроньскія, якія валодалі дзедзічным маёнткам Буцішкі ў Лідскім павеце. Родапачынальнікам яны паказалі свайго дзеда Андрэя Антонавіча Цэдроньскага, землямера Ваўкавыскага павету, якому было нададзена шляхецтва на экстраардынарным сойме ў Варшаве ў 1767-1768 г. У якасці доказаў братамі былі прадстаўлены наступныя дакументы:
- Метрыка аб нараджэнні і хрышчэнні Андрэя Антонавіча Цэдроньскага, запісаная 30.ХІ.1690 г. у Любвіцкай парафіі і выданая з актаў згаданага касцёлу 25.VІІІ.1790 г.;
- Пажыццёвае пагадненне на фальварак Заборышкі ў Троцкім ваяводстве паміж маршалкам ВКЛ Ігнатам Агінскім і землямерам Ваўкавыскага павету А.А.Цэдроньскім і яго жонкай Зоф'яй Якавіцкай, складзенае 25.ІV.1758 г. і актыкаванае ў Гарадзенскім гродскім судзе 2.ХІ.1764 г.;
- Копія пастановы экстраардынарнага Варшаўскага сойму ад 5.Х.1768 г., выданая з актаў Віленскага павятовага суду 23.VІ.1832 г. за № 1571.
З апошняга дакументу вынікала, што Андрэю Цэдроньскаму, у ліку іншых асобаў, было нададзена шляхецтва, аб чым быў выдадзены адпаведны прывілей. Сапраўды, на сойме 1768 г. ён атрымаў набілітацыю і быў далучаны да польскага гербу "Ястрабец" [4, s.519; 5, s.69]. Апошні выглядаў так: "у блакітным полі залатая падкова канцамі ўверх, паміж якімі - залаты крыж, а над гелмам у кароне - кляйнот у выглядзе ястраба, які ў лапе трымае такую ж самую падкову з крыжам" [5, s.68]. Варта адзначыць, што арыгінальны набілітацыйны прывілей 1768 г. у Цэдроньскіх чамусьці не захаваўся.
А.А.Цэдроньскі пакінуў пасля сябе сына Паўла, які нарадзіўся 16.І.1754 г. у Эйшышскай парафіі. Як сведчыць пастанова Эйшышскага земска-павятовага суду, 3.ІV.1792 г. ён прынёс прысягу і заняў пасаду адваката. У 1794 г. Павел Цэдроньскі, ужо землямер Ваўкавыскага павету, набыў у Станіслава Марцінкевіча зямлю ў ваколіцах Міхнакелю, аб чым быў зроблены запіс у кнігах Эйшышскага земска-павятовага суду. У наступным годзе ён набыў у пісара Лідскага гродскага суду Яўхіма Нарбута фальварак Буцішкі з сялянамі (Канцылярыя Гарадзенскай казённай палаты 23.ІІ.1823 г. павядоміла, што за Паўлам Цэдроньскім лічыцца жчынскага полу 15 і жаночага 14 сялянскіх душаў.), што было зацверджана ў Лідскім павятовым судзе 12.Х.1795 г. У сувязі з гэтым, паведамленне "Slownika geograficznego…" аб тым, што ў 1865 г. маёнтак Буцішкі ў Лідскім павеце належаў нейкім Цэдроўскім наводзіць на думку або аб памылцы, або іншай форме напісання прозвішча Цэдроньскіх [6, s.254].
У 1814 г. адбылася нейкая судовая спрэчка паміж Іванам (Янам) і Феліцыянам Стаброўскімі з аднаго боку, і Паўлам Цэдроньскім і яго сынамі Людвігам і Янам - з другога, што было адзначана ў іх "вывадовай" справе. Далей з яе вынікала, што старэйшы сын Паўла Людвіг Станіслаў нарадзіўся 3.VІІІ.1785 г. у Эйшышскай парафіі, а яго брат Ян быў на 2 гады маладзейшы.
Гарадзенскі ДДС, разглядзеўшы вышэй згаданыя паперы, сваёй пастановай 23.ІІ.1823 г. прызнала род Цэдроньскіх у шляхецтве і прызначыла да залічэння яго ў І-ю частку Дваранскай радаслоўнай кнігі Гарадзенскай губерні.
- Малы гербоўнік Наваградскай шляхты./ Склад. С.А.Рыбчонак.- Мн.: БелНДІДАС, 1997.- 161 с.
- Яцкевіч З. Малы гербоўнік халопеніцкай шляхты.- Мн.: Беларускі кнігазбор, 1999.- 111 с.
- НГАБ у Горадні, ф.1144, воп.3, спр.3.
- Album armorum nobilium Regni Poloniae XV-XVIII saec.: Herby nobilitacji i indygenatow XV-XVIII w./ Wstep, oprac. i edycja B.Trelinska.- Lublin, 2001.- 875 s.
- Gorzynski S., Kochanowski J. Herby szlachty polskiej.- Warszawa, 1992.- 175 s.
- Slownik geograficzny krolestwa Polskiego i innych krajow slowianskich./ Pod red. B.Chlebowskiego.- Warszawa, 1900.- T.XV.- 640 s.
Czessław Malewski: Cedroński - h. Odrowšż pw. 23.II.1823 r. folwark Buciszki - parafia ejszyska.